Алесь МАРЦІНОВІЧ


"ТОЙ ЛЕЙТЭНАНТ МАЛАДЗЕНЬКІ..."


Нямала ў нашага цудоўнейшага паэта Аляксея Пысіна вершаў, але ў памяці маёй часта ўсплывае гэты:


Сцяжынкі лясныя стаптаны да дзір,

Сышлі ўжо грузды і апенькі.

Сустрэча з дубамі:

Вунь дзед-брыгадзір.

А той

лейтэнант маладзенькі.

Яшчэ ты кагосьці ўявіў і спазнаў

У дрэве з густымі брывамі.

Дняпроўская пушча з траншэй і канаў

Паўстала

братамі,

сябрамі.

Ўзнялася з трывожных узвеяных сноў,

Пад небам калыша балады.

Праходзіш нябачна світаннямі зноў

Праз маршы,

атакі,

блакады...

Зазімкам сняжыначка ўпала на след,

Цікуе вавёрачка з елкі...

Атлантамі ў неба —

задумлівы дзед,

І ты,

лейтэнант маладзенькі.


Прыгадваю яго тады, калі ўспамінаю Аляксандра Капусціна. Гэта яму, свайму сябру, калі адзначалася яго 60-годдзе, Аляксей Васільевіч прысвяціў гэты верш, што быў змешчаны ў жлобінскай раённай газеце. Месца менавіта такой першай публікацыі было ўзята невыпадкова: А. Капусцін нарадзіўся 12 лютага 1924 года ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна. Землякі вельмі шанавалі А. Капусціна, а ў 1983 годзе прысвоілі яму званне ганаровага грамадзяніна горада Жлобіна.

Аляксандр Пятровіч на ўвагу адказваў увагай. З задавальненнем пісаў пра сваіх знакамітых землякоў, у тым ліку і пра тых, хто быў не толькі нашым сучаснікам, а і жыў раней. З гэткім жа задавальненнем і наведваўся да іх. Нярэдка не толькі сам прыязджаў, а і запрашаў з сабой і сяброў-пісьменнікаў. Асабліва тады, калі адзначаў які-небудзь свой чарговы юбілей. У адной з такіх паездак пашчасціла ўдзельнічаць і мне. Тады адзначалася, здаецца, ягонае 70-годдзе. Выглядаў А. Капусцін не па гадах маладым, жыццярадасным. Калі б не ведаў пра яго ўзрост, то цяжка было б паверыць, што Аляксандр Пятровіч на той час ужо дасягнуў такога, больш чым сталага ўзросту. Дый нямала перажыў. Выступаў хораша, а гэта рабіць ён таксама ўмеў. Гаварыў шчыра — што ж, адкрытасць, даверлівасць яшчэ адна рыса ягонага характару. Але нямала сведчыць тое, што напісана ім. Гэта і не дзіўна.


Памяць не маўчала

У кожнага пісьменніка ёсць творы, якія шмат гавораць і пра яго самога, дый пра людзей, з якімі ён сустракаўся, і пра тое, як адбывалася фарміраванне ягонага характару, як праходзіў ён сваімі дарогамі — падчас няпростымі, складанымі, а можа, у чымсьці і супярэчлівымі. Нямала такіх твораў і ў А. Капусціна. Найперш тых, што ўзнаўляюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны — дзейнасць падпольшчыкаў, народных мсціўцаў, франтавыя будні ўчарашніх бязвусых юнакоў, якія адразу пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў уліліся (многія добраахвотна, не чакаючы прызыву) у рады дзеючай арміі. Канечне, у гэтых творах нямала народжанага аўтарскай фантазіяй, тыпізаванага, але на першы план усё ж выходзіць уласна перажытае, выпакутаванае.

Як, напрыклад, у апавяданні «Дождж». На карысць падобнага меркавання сведчыць ужо нават тое, што галоўнага героя завуць Алесь. Алесь і яго сяброўка Тоня паказаны ў час чарговай баявой аперацыі. Хоць, магчыма, «баявая аперацыя» сказана і загучна, але ж гаворка ідзе праз сямнаццаці-васямнаццацігадовых падлеткаў, якія ўжо неаднойчы «салілі» фашыстам. Гэтым жаданнем яны прасякнуты і цяпер: «У той раз яны паехалі пад Хальч — невялікую лясную станцыю на перагоне Жлобін — Гомель. Зноў «сваволіць» непадалёку ад ад сваёй вёскі нельга было. Гэта навяло б немцаў на думку, што дыверсантаў трэба шукаць тут, у Старой Рудні. А так — можа, у Хальчы яны жывуць, можа, далей, у Калыбаўцы ці Антонаўцы... Шукай у полі ветру».

Пісьменнік праўдзіва раскрывае ўнутраны свет маладых людзей, якія з рызыкай для свайго жыцця змагаюцца з ворагам, дакладна схоплівае і перадае іх душэўныя перажыванні. Не абыходзіць увагай ён і некаторыя сумненні юных герояў. Усё ж не на прагулку накіраваліся яны, а дзеля таго, каб помсціць ворагам. У такіх жа абставінах вайны кожны неасцярожны крок можа каштаваць жыцця. Таму такі абачлівы Алесь. Нямала пра яго гаворыць і тое, што якраз цяпер, у такі адказны момант ён па-сапраўднаму ўсведамляе сябе мужчынам, які задумваецца ўжо не толькі над уласнымі ўчынкамі і дзеяннямі, а і клапоціцца пра лёс іншага чалавека — хоць і смелай, але, па сутнасці, такой безабароннай (і перад самімі абставінамі, і перад лютасцю і недарэчнасцю вайны) дзяўчыны. Да таго ж у адносінах да Тоні ў Алеся яшчэ ў школьныя гады з’явілася першае, такое нясмелае, можа нават кволае каханне і разам з тым — яно шчырае, непасрэднае.

Наступае момант, калі здаецца, што небяспека, прынамсі, на гэты час, мінулася: «Немцы кіраваліся да Хальча. Агледзелі ўчастак і вярталіся на пост. Калі яны адышлі, Алесь кінуўся да падводы. Пад нагамі трэснуў сук, але гэта для яго ўжо не мела ніякага значэння — далёка, не пачуюць. Бег ён лёгка, быццам не дакранаўся зямлі, а ляцеў у паветры. Здаля махнуў Тоні рукой: «Хутчэй!» Цяпер неабходна як мага хутчэй зрабіць самае галоўнае, дзеля чаго, уласна кажучы, і ехалі за колькі вёрст, каб далей ад роднай вёскі паваліць як мага болей тэлеграфных слупоў: «Пілавалі яны хутка. Тонка звінела сталь, іржавае пілавінне пругка пырскала пад ногі. Пабычыўшы, што слуп ужо ледзь ліпіць, выхапілі пілу, перабеглі да другога. Потым да трэцяга, да чацвёртага, да пятага. Спыніцца б, перадыхнуць... Не, трэба хутчэй, хутчэй...»

Увачавідкі ўспрымаеш гэтае імгненне рызыкі, адвагі і адказнасці. Такое не прыдумаеш. Падобнае неабходна самому перажыць, адчуць душой, сэрцам. Да трапяткога болю ў ім, да парывістага дыхання, калі і радасць (удалося тое, што задумалася), і трывога (вось-вось гатовы з’явіцца немцы) зліваюцца разам. Спрацоўвае ўжо не толькі талент пісьменніка, а і сваю работу «выконвае» памяць. Яна ўзнаўляе колішняе, адбіраючы найбольш важнае, істотнае, асобныя эпізоды з дзясяткаў, дачыненне да якіх меў сам аўтар апавядання ў час барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.


Сябар сябру давярае

Пачалася ж гэтая барацьба для А. Капусціна ў чэрвені 1942 года, калі ён арганізаваў у сваёй роднай вёсцы камсамольска-маладзёжную падпольную групу. Аднадумцаў знайшоў сярод колішніх школьных сяброў, з якімі перад вайной вучыўся ў Жлобінскай дзесяцігодцы. Падштурхнула да таго, што нельга далей сядзець склаўшы рукі, ягоная старэйшая сястра Вера. Вось што ўспамінаў ён пра гэта ў сваім нарысе «Нас вадзіла маладосць»:

«Аднойчы мы ... капалі на гародзе бульбу. Яна (Вера. — А. М.), увогуле не замкнутая дзяўчына, на той час усё маўчала. Напоўніўшы сваё вядро, разагнулася, тыльным бокам далоні адкінула з ілба пасму валасоў, уважліва паглядзела на мяне.

— Не, братка, не быць на нашай зямлі фашыстам, не быць, — сказала нейкім пагрубелым, нібы не сваім (а голас у яе быў звонкі, спеўны) голасам».

Пасля, калі з сябрамі Мішам Таўсцялёвым, Юркам Хількевічам праходзіў міма бярозавага крыжа, пастаўленага гітлераўцамі на магіле забітага іхняга салдата, А. Капусцін не прамінуў недвухсэнсоўна заўважыць: «Прыгожы крыж, але яму чагосьці не хапае». Не здагадваўся, што Міша і Юра гэтыя ягоныя словы ўспрымуць заклікам да канкрэтнага дзеяння. Неўзабаве хлопцы павесілі на крыж дошку, на якой дзёгцем напісалі, што ўсіх ворагаў чакае гэткая ж бясслаўная смерць.

Само сабой у А. Капусціна ўзнікла думка аб стварэнні падпольнай групы. Тым больш, што сякі-такі арганізатарскі вопыт ён меў: калі вучыўся ў школе, з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі, а ў першыя дні вайны ў вёсцы ўзначальваў групу народнага апалчэння.

Познім вечарам сябры сабраліся на яго кватэры. Юрка, Міша і яшчэ адзін сябрук Сяргей. Вырашылі даць клятву на змаганне з ворагам, а тэкст яе аднагалосна даручылі напісаць самому ініцыятару. Калі тэкст быў гатовы, па прапанове А. Капусціна, хлопцы, прамаўляючы яго, левую руку паклалі на разасланую на стале чырвоную хусцінку, якую яго сястра перад самай вайной купіла ў Жлобіне. Недзе праз два тыдні ў групу залічылі Веру і Тоню Войстрыкаву. Яны таксама прынялі прысягу.

Ніхто з іх і не ведаў тады, колькі давядзецца кожнаму пражыць. Сяргей, ужо ў партызанскім атрадзе, прастудзіўся і памёр. Юрка загінуў на фронце. Недарэчна пайшла з жыцця Тоня Войстрыкава. Яна пачала агітаваць у групу сябровак і стала паказваць ім, як абыходзіцца з пісталетам. Рабіла гэта неасцярожна, таму прагучаў стрэл. Баючыся, што гітлераўцы расстраляюць маці (чутка пра гэта пайшла па вёсцы), а таксама непакоячыся аб правале падпольнай групы, дзяўчына скончыла жыццё самагубствам, выстраліўшы з таго ж пісталета сабе ў скронь.

Пасля прыняцця прысягі разыходзіліся па адным, каб не падгледзела іх хіжае вока, каб злы чалавек ні пра што не даведаўся. І як ні цяжка было гэта рабіць, стрымлівалі радасць. Яшчэ б! Усіх іх аб’ядноўвала адна, няхай і не такая вялікая, але гэткая важная тайна. Не адкладваючы надоўга, узяліся за справу. Напачатку трэба было распаўсюдзіць як мага болей лістовак, каб расказаць людзям праўду пра тое, што дзеецца ў ваенным тыле і на далёкім фронце. Найчасцей тэксты лістовак складаў сам А. Капусцін, а перапісвалі потым іх ягоныя сябры. Рабілі гэта ноччу, пры свечках, загадзя завесіўшы вокны коўдрамі, каб ніхто нічога не бачыў, альбо, схаваўшыся дзе-небудзь, днём. І левай рукой спрабавалі пісаць, і друкаванымі літарамі.

Калі ж надараліся вольныя хвіліны, А. Капусцін любіў пабыць сам-насам. Ішоў за ваколіцу, туды, дзе далёка наперадзе неба быццам злівалася з зямлёй, ператвараючыся ў нешта цэласнае, адзінае, непарыўна звязанае. Далеч клікала, вабіла да сябе. Але адначасова прымушала і супыніцца. Палюбавацца хараством наваколля, сабрацца з думкамі. Нязменна ў такія моманты прысутнічала адна і тая ж: «Калі закончыцца гэтая ненавісная вайна і зноў можна будзе жыць спакойна, мірна». Але былі і іншыя думкі. Мройныя, што вярталі назад. І ў даваеннае юнацтва, і яшчэ далей — у маленства.


Сяргей Ясенін і савецкія ... селекцыянеры

Не памятаў ужо дакладна, у якім узросце, хутчэй за ўсё яшчэ ў малодшых класах, упершыню адкрыў для сябе непаўторнасць паэзіі Паўлюка Труса. Неяк познім вечарам прыйшоў з хаты-чытальні бацька, трымаючы ў руках невялічкую кніжачку.

— Во, добра, вершы Паўлюка Труса! — сказала маці.

Яна на той час займалася на курсах лікбезу, таму адразу папрасіла:

— Прачытай, калі ласка што-небудзь!

Саша таксама з нецярпеннем дадаў:

— Пачытай, татка, пачытай!

Яго, відаць, больш зацікавіла прозвішча паэта — нейкае нязвыклае і разам з тым такое простае. Наскае... А вершы адразу запаланілі шчырасцю, лірычнасцю. Радкі клаліся лёгка і хутка, адразу запаміналіся. З той часіны і нарадзілася ў А. Капусціна любоў да паэзіі П. Труса. Нездарма аўтабіяграфічныя нататкі «У свеце цудоўным і трывожным» ён пачаў менавіта з гэтага прызнання: «Як цудоўная казка, як дзіўны свет чароўных слоў увайшло ў маю дзіцячую душу: «Падаюць сняжынкі — дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном...»

Пасля была паэзія Аляксандра Пушкіна. Зноў красамоўнае прызнанне: «Памятаю, той зімой так незвычайна салодка ўзрушыла мяне і пушкінскае: «У лукоморья дуб зеленый, златая цепь на дубе том...» А потым «прыйшоў» да А. Капусціна Сяргей Ясенін. «Прыйшоў» ён да яго, як і да многіх прадстаўнікоў ягонага пакалення (ды хіба толькі ягонага, апальным паэтам ён з’яўляўся недзе ажно да сярэдзіны пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, дый тады не надта ахвотна трапляў у выдавецкія планы) забаронены.

Спачатку з вершамі С. Ясеніна яго пазнаёміў аднафамілец Мікола Капусцін, які ўжо вучыўся на рабфаку ў Мінску і на канікулы нязменна завітваў у родную вёску. Аднойчы ў коле вясковых хлопцаў і дзяўчат, сярод якіх былі і школьнікі, ён прадэкламаваў некалькі вершаў С. Ясеніна. Творы ўразілі многіх, у тым ліку і А. Капусціна. Іншай думкі прытрымліваўся сакратар камсамольскай ячэйкі Міхась Кузьмін. Дзейнічаў ён хутка, як гэта і рабілася ў трыццатыя гады. Назаўтра сабраў камсамольцаў у адным з пакояў сельсавета. А. Капусціну даручыў знайсці Міколу і таксама запрасіць яго.

Мікола ахвотна згадзіўся. І не толькі прыйшоў, але і гэтым разам прадэкламаваў С. Ясеніна. Калі М. Кузьмін пачуў: «Я теперь скупее стал в желаньях. Жизнь моя, иль ты приснилась мне? Словно я весенней гулкой ранью проскакал на розовом коне», не прамінуў кінуць: «Упадніцкія настроі! Песімізм».

Цяжка сказаць, як бы разгортваліся падзеі далей, калі б непрыкметна ў пакой не зайшоў старшыня калгаса Войстрыкаў. Ён аказаўся чалавекам разумным, а да ўсяго належаў да тых, хто разбіраўся ў сапраўднай паэзіі. Папрасіў яшчэ раз прачытаць урывак, які яму спадабаўся, а пасля прадэкламаваў на памяць: «Словно я весенней гулкой ранью проскакал на розовом коне» і дадаў: «Здорава!». На запытанне М. Кузьміна, а хіба бываюць ружовыя коні, жартам адказаў: «Могуць быць, савецкія селекцыянеры, калі спатрэбіцца, і такіх выведуць!»

Магчыма, і забыўся б гэты выпадак А. Капусціну, калі б пасля і сам ён ні далучыўся б душой да паэзіі С. Ясеніна. Адразу і назаўсёды. Не стрымаўся, падтакнуў Войстрыкаву: «Ага, здорава!» А пасля знаёмства з творчасцю П. Труса, А. Пушкіна, С. Ясеніна прыйшло і жаданне самому паспрабаваць пісаць вершы. У той жа аўтабіяграфіі чытаем: «Неўпрыкмет у маім вучнёўскім сшытку пачалі з’яўляцца свае рыфмаваныя радкі. Былі яны пра зіму і лета, пра піянерскі гальштук і варанога даўгагрывага каня».

Паэзія паэзіяй, але знаходзіў жаданне і час, каб паспяхова займацца па ўсіх прадметах — і гуманітарных, і дакладных. Ягоныя старанне і поспехі не засталіся незаўважанымі. Летам 1940 года па рашэнні Гомельскага абласнога аддзела народнай адукацыі жлобінскі школьнік А. Капусцін быў уключаны ў вучнёўскую групу экскурсантаў, якая накіроўвалася на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскву. Паездка, безумоўна, цікавая, а калі ўлічыць, што А. Капусцін быў адзіным прадстаўніком Жлобінскага раёна, то і ганаровая. Не мог, канечне, і думаць-гадаць, што неўзабаве давядзецца развітацца з паэзіяй.


Пераадольванне... самога сябе

Не сказаць, праўда, каб перадваенныя жлобінскія падлеткі, не адчувалі трывожнай атмасферы, што панавала на той час у краіне і нагадвала сабой пераднавальнічную. Але адна справа пра нешта здагадвацца, і зусім іншая на самай справе сутыкнуцца з суровай рэальнасцю. З ёю неабходна было звыкнуцца, успрымаць яе, як тое незваротнае, без чаго не абысціся.

Дарэчы, пра гэтыя свайго роду ўваходзіны ў вайну А. Капусцін праўдзіва расказаў у апавяданні «Бомба». Яно напісана ад першай асобы, больш за тое, героя-апавядальніка завуць Алесь, таму не даводзіцца сумнявацца ў пэўнай дакументальнасці асновы. Падзеі ж адбываюцца ліпеньскім ранкам сорак першага года, калі нечакана з’явіліся ў небе фашысцкія самалёты, якія «неспадзявана. развярнуліся над вёскай (Старой Рудняй. — А. М.), узялі кірунак на чыгунку, па якой у бок Жлобіна ішоў цягнік. Выстраіліся ланцугом, і з іх пасыпаліся бомбы».

Убачанае каго хочаш пазбавіць спакою, а тут жа юнак, нядаўні школьнік: «Ніколі ў жыцці не даводзілася мне адчуваць такога жаху, як тады: падалося, што бомбы ляцяць якраз на нашу хату. Гэта ж сыплецца мая смерць!.. Не памятаючы сябе, я кінуўся за плот, стаў шыцца ў лоўж з калючага галля сухой грушы, якую мы з сястрой спілавалі надоечы, шыўся, быццам мог там уратавацца».

Са здранцвення Алеся вывеў сябрук Сяргей Аскерка: «Вылазь ужо са свайго бамбасховішча...» Хлопцы накіраваліся туды, да пшанічнага палетка, дзе падалі бомбы, не пацэліўшы ў цягнік. Нечакана яны ўбачылі адну з іх, якая не разарвалася:

— Мо яна незараджаная? — сказаў я ў роздуме.

— Выдумляй. Што яна табе — стрэльба дзядзькі Сідара, з якой ён калгасны сад вартаваў?

— Ды ты паслухай. Нямецкія рабочыя, што з антыфашыстаў, замест толу ў бомбы сыплюць пілавінне. Зразумеў? І яшчэ запіскі розныя туды кладуць».

Цікаўнасць узяла верх над небяспекай, і Сяргей асмеліўся разабраць бомбу. Хіба ж думаецца пра небяспеку ў такім узросце, асабліва, калі хочаш упэўніцца ў пацвярджэнні правільнасці сваіх меркаванняў?! Аднак, як і трэба было чакаць, бомба была самая што ні ёсць сапраўдная. Не аказалася ў ёй ні пілавіння, ні запіскі ад нямецкіх рабочых, як таго хацелася сябрам. Больш за ўсё расчараваўся Сяргей. У Алеся ж з’явіліся свае думкі: «Я пазіраў на яго і не мог зразумець, чаго больш было ў маёй душы: радасці, што смерць абмінула яго, ці болю ад таго, што не спраўдзілася такая жаданая надзея».

Апошні эпізод у апавяданні нясе найбольш значную сэнсавую нагрузку. У ім, як у фокусе, бачацца падлеткі саракавых гадоў — з іх непадрыхтаванасцю да вайны і з жаданнем пераканаць — найперш саміх сябе — вайна гэтая антычалавечная. Не могуць жа людзі добрай волі, дзе б яны ні жылі, у тым ліку і ў самой Германіі, змірыцца з ёй, пагадзіцца з насіллем. Калі многае не пацвердзілася ў сапраўднасці, гэтыя падлеткі, не чакаючы прызыўнога ўзросту, па загадзе сэрца, сумлення і ўзяліся за зброю.


Калі смелы — страх мінае

Само ж ваеннае жыццё, а калі дакладней — баявое камсамольскае юнацтва неаднаразова сутыкала А. Капусціна з выпадкамі, якія самі па сабе маглі стаць сюжэтам захапляльных твораў. Хоць бы знаёмства з савецкім падпольшчыкам Уладзімірам Капусціным, ягоным аднафамільцам. Той, не з’яўляючыся ні таварышам Сашы, ні ягоным сваяком, раптам пачаў часцяком наведвацца ў іхнюю хату. Пасядзіць, пагаворыць. Аднойчы прапанаваў пазнаёміцца з лістоўкай. А. Капусцін падумаў, ці не правакацыя гэта?

Толькі звычайная цікаўнасць ды жаданне даведацца, што робіцца на фронце, пераадолелі страх. Тым больш, што адразу ўбачыў напісаны вялікімі літарамі загаловак «Весткі з Савецкай Радзімы». «Але ж Уладзімір працуе дзяжурным па чыгунцы, значыць, служыць фашыстам?» — не давала спакою думка. Той, бадай, здагадваючыся, што на душы ў Алеся, прапанаваў: «Калі хочаш, перапішы...»

З таго моманту і пачалі з’яўляцца ў наваколлі лістоўкі, якія распаўсюджвалі члены падпольнай групы пад кіраўніцтвам А. Капусціна. Пасля вайны ён даведаўся, што працаваў разам з яшчэ адным разведчыкам, у якога была мянушка Арол. Той дзейнічаў на тэрыторыі Рагачоўскага раёна. У. Капусцін жа меў мянушку Воран. На Жлобіншчыне доўга многія думамі, што ён, палітрук Чырвонай Арміі, здрадзіў Радзіме і служыў немцам.

Маладосць ёсць маладосць. Надаралася, члены падпольнай групы дзейнічалі безаглядна, не думалі, чаго гэта будзе каштаваць і для іх саміх, дый для блізкіх ім людзей. Нездарма, азіраючыся на пройдзены шлях, А. Капусцін дзяліўся такімі развагамі: «Па юнацкай нявопытнасці, а часам і па легкадумнай саманадзейнасці мы, здаралася, дапускалі ўчынкі, якімі выкрывалі сябе. І ратавала нас толькі тое, што людзі не выдавалі: здагадваліся, бачылі, але маўчалі. Жылі ж мы сярод сваіх людзей, якія таксама ненавідзелі фашыстаў».

Адзін з падобных учынкаў... А. Капусцін з Мішам Таўсцялёвым паехаў на станцыю Салтанаўка, дзе яшчэ ў чэрвені сорак першага года згарэў склад сельпо. Вяскоўцы ведалі, што там засталася плаўленая, змешаная з зямлёй, соль і часта наведваліся туды. Набралі такой солі ў мяшок і Саша з Мішам, а яшчэ яны прыхапілі з сабой тармазны башмак, які валяўся побач. Хто-хто, а яны, якія выраслі каля чыгункі, добра ведалі, што пры дапамозе такога няхітрага прыстасавання, калі патрэбна, спыняюць рух цягніка. Значыць, калі башмак з’явіцца на рэйках там, дзе ніхто яго не чакае, крушэнне немінучае. Праз некалькі дзён задуму ажыццявілі. Паставілі тармазны башмак на адным з пуцей Жлобін — Гомель. Па дарозе назад трапілі пад дождж, таму вярнуліся дамоў не толькі змораныя, але і мокрыя.

Капусцін заснуў адразу, як бы праваліўся ў нейкую вялікую яміну. З абдымкаў сну яго вырваў голас фашысцкага паслугача, якога ўсе празвалі Гусачок, даўно забыўшы яго сапраўднае прозвішча. Той клікаў на чыгунку разбіраць завал — цягнік усё ж сышоў з рэек. Саша пачаў збірацца. Але тут Гусачок заўважыў яго мокры пінжак. Маці, адчуваючы, што бяды не абмінуць, хуценька растлумачыла:

— Гэта ж я пыл выбівала з пінжака, ды забылася яго ў хату забраць... Ноччу ж дождж пайшоў.

Такі адказ Гусачка як быццам задаволіў. Праўда, нездарма кажуць: адна бяда не ходзіць. Калі хлопцы, разбіраючы завал, сабраліся кінуць башмак — ён, як на тое ліха, ляжаў на самым бачным месцы — у яміну з вадой, перад імі, як з-пад зямлі, вырас Гусачок.

З хвіліны атарапеласці ўсіх вывеў голас А. Капусціна. Адкуль і смелаць узялася?! А мо смеласць гэтую і падказала выключнасць становішча? Як у народзе кажуць: ці то пан, ці то прапаў. Саша ўшчыльную наблізіўся да Гусачка і прама заявіў, не віляючы:

«— Калі што, запомні гад, знойдуцца людзі, якія табе не даруюць даносу!»

Пранясло... Як і неаднойчы праносіла, калі трапляў у смяротна небяспечныя сітуацыі, працягваючы барацьбу з фашысцкімі акупантамі ў партызанскім атрадзе імя С. Будзённага брыгады імя К. Варашылава. Народнымі мсціўцамі сталі многія з руднянцаў — і маладзейшыя, і людзі сталага ўзросту. Усіх аб’ядноўвала жаданне помсціць ворагу. І А. Капусцін добра ведаў і мог паручыцца за кожнага, як і яны за яго. Юрка Хількевіч, Міша Таўсцялёў, Барыс Андрушкевіч, Сяргей Каласоўскі, Міша Старавойтаў.


З партызан — на фронт

Гады партызанства сталі для А. Капусціна і пачаткам ягонай літаратурнай дзейнасці. Летам 1943 года ў падпольнай абласной газеце «Гомельская праўда» была змешчана яго першая карэспандэнцыя. Паведамлялася ў ёй пра тое, як разведчыкі атрада, нечакана трапіўшы ў варожую засаду, не разгубіліся. Дзейнічалі па ўсіх законах армейскага майстэрства. Кожны выбраў найбольш зручнае месца — балазе, мясцовасць дазваляла гэта — і закідалі фашыстаў гранатамі.

Для супрацоўніцтва з газетай А. Капусціна падахвоціў сам галоўны рэдактар яе Мікалай Пахомаў, які пабываў у атрадзе. Камандаванне і параіла яму пагутарыць з ім, бо ўсе ведалі, што спрабуе сёе-тое пісаць. Дый аўтарытэтам карыстаецца сярод таварышаў па зброі, з’яўляецца камандзірам аддзялення, хоць і не вайсковец.

Вызваленне Гомельшчыны, як вядома, пачалося ў 1943 годзе. У канцы яго скончылася і партызанства А. Капусціна. Колішніх народных мсціўцаў, якія падыходзілі па ўзросце, прызывалі ў дзеючую армію. Яму ж прапанавалі службу ў рэчыцкай міліцыі, што аднаўляла сваю дзейнасць. Прапанова радавала, але адначасова і засмучала. Радавала, бо ведаў, што яму і гэтым разам давяраюць, ускладаюць надзеі як на чалавека сумленнага, прынцыповага. Засмучала, бо ў той час, калі хлопцы з яго аддзялення праз некалькі дзён прадоўжаць барацьбу з ворагам, давядзецца знаходзіцца ў тыле ворага. Унутраны голас, канечне, спрабаваў пераканаць, што і тут лёгка не будзе. Давядзецца і пад кулі трапляць — усё ж нямала рознай погані за гады вайны развялося. Аднак перавагу браў разлік больш цвярозы: «Тваё месца на фронце!» Таму на адным дыханні напісаў рапарт аб адпраўцы на фронт. Зрабіў тое, што падказала сэрца.

Былі баі на 1-м Украінскім фронце ў складзе 140-й стралковай дывізіі. Была кантузія, быў тройчы паранены. І працягваліся, працягваліся франтавыя сцяжыны-дарогі...

Увесь гэты час А. Капусцін не развітваўся з паходным сшыткам у сіняй вокладцы, куды запісваў няхітрыя паэтычныя радкі. Нараджаліся яны па-руску. І таму, што доўга не чуў роднай мовы. І таму, што так напісанае лепей даходзіла да таварышаў, сярод якіх былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, а на фронце ўсіх аб’ядноўвала руская мова. Адзін з вершаў А. Капусцін прысвяціў сябру дзяцінства Міхасю Старавойтаву, які ў яго аддзяленні быў кулямётчыкам, другім нумарам ручнога кулямёта. Так і назваў твор проста, немудрагеліста — «Другу».


Два словы многае значаць

Шмат што з баявой біяграфіі А. Капусціна знайшло сваё ўвасабленне ў творах, напісаных параўнальна нядаўна, але зместам сваім звязаных з падзеямі, якія адбываліся тады, калі савецкія войскі, разграміўшы фашыстаў на роднай зямлі, вызвалялі краіны Усходняй Еўропы. З такіх твораў вылучаецца апавяданне «Два словы па-польску» — адзін толькі штрышок з мастацкага летапісу Вялікай Айчыннай вайны, які пішацца прадстаўнікамі розных творчых пакаленняў.

Сітуацыя, здавалася б, лакальная... Лёсы герояў таксама, не сказаць, каб нечым асабліва вызначаліся. Ды толькі за знешняй прастатой — глыбокі роздум мастака слова аб бесчалавечнасці вайны і вечнасці самога жыцця, якое, нягледзячы ні на што, працягваецца. Насуперак смерці, пралітай крыві, нявыплаканым слёзам доўжыцца і каханне, разгараючыся, распальваючыся з маленькіх іскрынак у зыркае цяпельца, здатнае сваім полымным святлом развеяць скруху, патушыць людскі недавер, знішчыць моўныя межы, калі справа тычыцца агульных памкненняў.

У гэтым апавяданні А. Капусцін таксама ішоў ад перажытага. Адчувальна прысутнасць не толькі самога апавядальніка, але і колішняга юнака з далёкіх і незабыўных ваенных гадоў: «Мы ўжо каторы дзень мясілі салдацкімі кірзачамі расквашаны суглінак нешырокага бальшака — нашу часць перакідвалі пад Жэшуў. Ішлі ў зацятым маўчанні, было толькі чуваць, як ліпка чвякалі падэшвы па раскоўзанай дарозе ды зрэдку сярдзіта бубнеў даўгалыгі сібірак Сцёпка Варламаў, які лаяў і надвор’е, і дарогу, і праклятага бандыта Гітлера».

На вайне многае нечакана, калі не ўсё... Нечаканай была і гэтая сустрэча на кватэры гасціннага паляка з яго дачкой Вандай, якая, як бачна з твора, аднолькава спадабалася і самому сібіраку Сцёпку Варламаву, і апавядальніку, дарэчы, імя яго, як і пісьменніка — Алесь. Гэткім жа раптоўным было і развітанне — загады не абмяркоўваюцца дый ідуць гэтыя загады часта зверху. А далей...

Збег абставін, ужо ракавых. Гіне Сцёпка, прамовіўшы напаследак словы, якія амаль аднолькава гаварылі ці не ўсе франтавікі, заўчасна адыходзячы з жыцця — «Вось не дайшоў я да іхняга логава. Ты дайдзі...» Аднак у свядомасці Алеся застаюцца і іншыя словы, два словы, напісаныя Вандай па-польску. Такія чужыя, не зразумелыя і гэткія свае, чутыя, бо ён здагадваецца, пра што яны. Як і ў сапраўдным мастацкім творы, у апавяданні прысутнічае тая недасказанасць, што і вылучае высокапсіхалагічную прозу з шэрагу літаратурных падробак пад само жыццё, дый пад літаратуру таксама.


Свая тэма, уласны падыход

Пасля дэмабілізацыі А. Капусцін у 1945 годзе быў выбраны сакратаром Жлобінскага райкама камсамола, з 1946 па 1965 год працаваў у органах юстыцыі. За гэты час завочна скончыў Мінскую юрыдычную школу, гістарычны факультэт тагачаснага Гомельскага настаўніцкага інстытута імя В. П. Чкалава, Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве.

Майстэрства, вядома, прыйшло не адразу. У рэшце рэшт, як, бадай, да кожнага, хто вырашыў прысвяціць сябе літаратуры. Першае апавяданне А. Капусціна «Калгасны конюх» было змешчана ў «Гомельскай праўдзе» ў лістападзе 1948 года. Назва хутчэй за ўсё для звычайнай карэспандэнцыі, але віны ў гэтым самога аўтара не было. А. Капусцін назваў свой дэбютны твор інакш — «У нядзелю ўвечары», але ў рэдакцыі чамусьці палічылі, што новы загаловак лепшы. Не будзем забываць, які то быў час і як патрабавалі ад літаратуры праўдзівага адлюстравання сацыялістычнай рэчаіснасці, а на самай справе штурхаючы яе на шлях глянацавання, бесканфліктнасці.

Гэтых рыфаў не адразу пазбегнуў і А. Капусцін. Чаго не бракавала яму, дык добрага ведання жыцця. Так ужо атрымлівалася, што сюжэты твораў як бы нараджаліся самі сабой. Але неставала літаратурных стасункаў, часам даводзілася як бы «варыцца» ва ўласным саку. Таму з вялікім задавальненнем ехаў на семінар маладых пісьменнікаў, што праходзіў у верасні 1955 года. На ім запомнілася выступленне народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, які прачытаў урывак са сваёй паэмы «На шлях волі», а затым сфатаграфаваўся з «семінарыстамі». Сярод іншых, маладых тады празаікаў і паэтаў, і ён, А. Капусцін. На семінары разам з ім былі тыя, чые творы сёння добра ведаюць аматары беларускай літаратуры — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Янка Сіпакоў, Васіль Зуёнак... А яшчэ запомніліся разгляды твораў, якія рабіў Іван Мележ. Да напісанага маладымі аўтарамі ён ставіўся патрабавальна і аб’ектыўна. Гэта надавала ім упэўненасці, жадання і далей пісаць, улічваючы заўвагі, раскрываючы свой талент.

З падобнай упэўненасці і нарадзілася першая кніга прозы А. Капусціна «Суд ідзе» (1959). Змест яе склалі аповесць «На крутых паваротах», а таксама шэраг апавяданняў, сюжэты якіх аўтару падказала яго судовая практыка. Не сказаць, аднак, каб аўтару ўдалося адразу пераадолець своеасаблівае супраціўленне фактычнага матэрыялу, выйсці з палону схематычнасці. Тым не менш, было відочна: А. Капусцін знайшоў сваю тэму, да якой на той час не часта звярталіся іншыя пісьменнікі.

У наступных кнігах «Мерай закона і сумлення», «Суд вырашыў» адбывалася далейшае ўжыванне ў тэму. Калі чытаеш лепшыя з гэтых апавяданняў пад агульнай назвай «Запіскі суддзі Верасава» (атрымалася свайго роду аповесць у навелах), то ловіш сябе на думцы, што перад табой паўстаюць не проста складаныя жыццёвыя характары, а менавіта лёсы людзей. Так, людзей, хоць пісьменнік і расказвае пра многіх з тых, хто спатыкнуўся, а то і ўчыніў злачынства. Але А. Капусцін далёкі аднабакова падыходзіць да таго, што адбылося, ён імкнецца разабрацца ў тым, што ж рухала чалавекам у той ці іншы момант. І гэта Аляксандру Пятровічу ўдавалася, таму ягоныя творы прыцягвалі чытацкую ўвагу не толькі цікавымі, а і часам неардынарнымі сітуацыямі, што і бывае тады, калі адбываецца парушэнне закона, а і тым, наколькі пільна прыглядаўся пісьменнік да сваіх персанажаў, зазіраючы ў самую душу іхнюю, спрабуючы разабрацца ў паводзінах тых, хто парушыў закон.


Бяда прыходзіць, калі яе не чакаеш

Жыццё падказвала новыя тэмы, але яно ж неспадзявана падставіла і падножку. Перажыванні ваенных гадоў, цяжкія раненні, кантузія не прайшлі бясследна — пачало здаваць сэрца. Спачатку не звяртаў на боль асаблівай увагі, не верылася, што ў такім узросце — і сарака няма! — хвароба зваліць. А яна, няўмольная, у канцы 1960 — пачатку 1961-га ўсё ж паклала ў ложак.

І калі знаходзіўся ў бальніцы, і калі вярнуўся дамоў, зразумела, было не да таго, каб нешта пісаць. Адзінае жаданне не пакідала, надавала сіл выстаяць: «Жыць!» У цяжкія хвіліны одуму прыгадвалася найбольш памятнае з ваеннай біяграфіі — і з той часіны, калі быў падпольшчыкам, і з партызанства, і, вядома, ажывалі ў памяці франтавыя ўражанні. У такія моманты, калі, як быццам, сам час не тое што спыняўся ў сваёй хадзе, а паварочваў назад, каб пачаць адлік дням, месяцам, гадам у зваротным накірунку, міжволі прыходзілі і словы даўняй, дадзенай на пачатку баявой маладосці, прысягі.

«Клянуся!» — цяпер гэта набывала зусім іншы сэнс, таксама значны, але куды больш асабісты. Ён, А. Капусцін, як бы знаходзіўся адначасова ў дзвюх асобах. Пакутаваў, змагаўся з хваробай пасталелы чалавек, які ўжо нямала пабачыў на сваім веку. Разам з тым, нябачна прысутнічаў і той ранейшы, рамантычна акрылены, бескампрамісны юнак. І гэты першы даваў клятву не толькі сабе сённяшняму, цяперашняму, а і колішняму.

Немач хоць не хутка, але адступіла. Прыйшло жаданне зноў узяцца за пяро. Па-ранейшаму выкройваў вольны час, ахвяраваў і выхаднымі днямі. Лягчэй стала, калі ў 1965 годзе пачаў працаваць загадчыкам аддзела газеты «Гомельская праўда». Лягчэй у тым сэнсе, што займаўся любімай творчай справай, хоць часу ўсё роўна неставала. Пісаць для душы выпадала рэдка і тады, калі перайшоў на працу ў рэдакцыю навукі і культуры Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА).


З’явілася другое дыханне

Па сутнасці, новы этап у творчасці А. Капусціна пачаўся, калі ён звязаў свой лёс з «ЛіМам». На пасаду адказнага сакратара штотыднёвіка яго ў 1973 годзе рэкамендавалі Максім Танк і Іван Шамякін, тагачасныя кіраўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі. М. Танк, як вядома, тады з’яўляўся старшынёй праўлення СП БССР, а І. Шамякін — першым намеснікам старшыні. У сваёй рэкамендацыі яны не памыліліся. І на пасадзе адказнага сакратара, і на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара (з 1974 года) Аляксандр Пятровіч праявіў сябе і вопытным журналістам, і добрым арганізатарам. Умеў згуртаваць людзей, аб’яднаць іх агульнай задумай. Дый у калектыве прыйшлася даспадобы таварыскасць, чалавечнасць новага кіраўніка.

Новыя ягоныя кнігі «Размова ў дарозе», «Скажу праўду», «Белыя гусі лета прарочаць» і іншыя засведчылі, што талент уступіў у такую пару, калі пішацца лёгка, з’яўляюцца новыя значныя задумы і хутка знаходзяць сваё адпаведнае мастакоўскае вырашэнне. Прыхільна былі сустрэты чытачамі, крытыкай такія зборнікі прозы пісьменніка, як «Цвіў бэз, іграла скрыпка», «На хвалях Нявы», «Белыя гусі лета прарочаць»...

Працаваў Аляксандр Пятровіч плённа. Так актыўна, нібы ў яго з’явілася другое творчае дыханне. Сапраўды, так бывае нярэдка, калі пісьменнік, дасягнуўшы паважанага ўзросту, азіраючыся на пройдзены шлях, спяшаецца выказаць тое, чаго дагэтуль не паспеў сказаць, але яно не дае спакою, патрабуе споведзі. Тады цяжка адарвацца ад пісьмовага стала. Асабліва, калі разумееш, што часу, адпушчанага табе Усёвышнім, па днях менее і менее. Пасля таго ж, як з’явілася штосьці новае, абавязкова ўзнікае жаданне падзяліцца сваёй радасцю з тым, каму давяраеш, хто, у чым упэўнены, зразумее цябе, падзеліць тваю радасць.

Калі прыйшоў творчы вопыт, А. Капусцін ўсё часцей пачаў звяртацца да гісторыі свайго краю, родных мясцін. Падобную цікавасць ён праяўляў і раней. У прыватнасці, калі вучыўся ў Маскве, рэгулярна наведваў Дзяржаўную бібліятэку СССР імя У. І. Леніна, часта працаваў у архівах. І так з дня на дзень, на працягу некалькіх месяцаў. Збіраў звесткі, што тычыліся жыцця Жлобіншчыны ў розныя гістарычныя перыяды. Адзін з нарысаў — «Рэвалюцыйныя падзеі ў Жлобіне», калі вярнуўся на радзіму, апублікавала раённая газета «Камуніст». Але многае заставалася ў блакнотах, чакала свайго асэнсавання. Нарэшце, А. Капусцін задумаў шэраг мастацка-дакументальных аповесцей.

У аповесці «Салёная раса» расказаў пра капітана Баталава, якому ў жніўні 1941 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Батальён пад яго камандаваннем больш як месяц стрымліваў наступленне фашыстаў пад Жлобінам. На Жлобіншчыне праславіўся і генерал-лейтэнант Леанід Пятроўскі. Шэсцьдзясят трэці стралковы корпус пад яго камандаваннем у сярэдзіне ліпеня сорак першага перайшоў у контрнаступленне. Воіны фарсіравалі Днепр, вызвалілі Жлобін і Рагачоў, а таксама многія малыя населеныя пункты. Аповесці пра Л. Пятроўскага і яго баявых саратнікаў можна назваць «Салдаты першай перамогі». Менавіта на Жлобіншчыне ці не ўпершыню гітлераўцы павінны былі адступіць на такім вялікім адрэзку фронту. Чырвоная Армія не проста стрымлівала іх націск, а вызваліла акупіраваную тэрыторыю.


Праўда бывае і рэзкай

Не было такога выпадку, каб мой старэйшы сябра (а для мяне Аляксандр Пятровіч быў не толькі аўтарытэтным творцам, літаратарам, а і, не пабаюся гэта сказаць, блізкім чалавекам, сустрэчы з якім заўсёды чакаеш з нецярпеннем), завітаўшы да мяне ў «ЛіМ», дзе я тады працаваў, шчыра ўсміхнуўшыся, задаволена прызнаваўся:

— А ведаеш, я напісаў...

Далей гаворка ішла ці то пра апавяданне, ці то пра гумарэску, а часам і пра накіды да аповесці. Тут жа прапаноўваў прачытаць колькі старонак, спісаных буйным почыркам. Не скажу, што я ахвотна згаджаўся. Толькі зусім не па ляноце. Тады лічыў, дый цяпер у гэтым перакананы, што падобнае чытанне пры самім аўтары, неяк скоўвае цябе, асабліва, калі адчуваеш, што сам ён настроены на тое, каб пачуць ад цябе ўхвальныя словы. Калі ўсё ж згаджаўся што-небудзь пачытаць з прапанаванага ім, Аляксандр Пятровіч з хваляваннем сачыў, як я роздумна ўзіраўся ў старонку за старонкай, чакаючы маёй думкі аб прачытаным. Ахвотна згаджаўся штосьці падправіць (а гэта найчасцей тычылася дробных стылявых момантаў), пытаўся, у якое выданне гэты твор лепш прапанаваць. Хоць аднойчы пайшоў незадаволены.

Магчыма, і не трэба было мне так рэзка выказваць свае заўвагі пра адну яго гумарэску. Аднак на гэтую рэзкасць мяне, па сутнасці, настроіў сам А. Капусцін. У той дзень я быў нешта не ў гумары, дый неўзабаве трэба было ісці на рэдакцыйную планёрку. Таму, калі Аляксандр Пятровіч, прапанаваў мне прачытаць свой твор, я адмовіўся, сказаўшы, што няма часу. Капусцін працягваў настойваць. І тады я, як кажуць, псіхануўшы, пачаў гумарэску чытаць. На жаль, яна, як зразумеў, прабегчы паўстаронкі, яму не ўдалася. Іншым разам я б пастараўся змякчыць свае заўвагі. А тут мяне «панесла». Аляксандр Пятровіч такога водгуку, зразумела, не чакаў. Ён пачырванеў і ціха сказаў:

— Па-твойму слаба...

— Не проста слаба, — вырвалася ў мяне, — а...

Пасля гэтага прагучала «моцнае» слова. Пакрыўдзіўшыся, А. Капусцін падняўся і пайшоў. Пасля гэтага мне, канечне, стала не па сабе, але праходзілі дні, аднак яму я не тэлефанаваў. Як і ён мне. Толькі недзе праз паўгода Аляксандр Пятровіч зноў з’явіўся ў рэдакцыі «ЛіМа». Абодва мы зрабілі выгляд, што нічога не адбылося, і, як ні ў чым не бывала, працягвалі размаўляць у тым жа духу, як неаднойчы.

Як усе пісьменнікі, А. Капусцін вельмі радаваўся, калі рухалася справа з выданнем чарговай кнігі. Праўда, трэба быць шчырым, радасці гэтай з развалам Савецкага Саюза з кожным годам менела: дзяржаўныя выдавецтвы, якія дагэтуль былі высокарэнтабельнымі (канечне, не за кошт беларускамоўнай літаратуры) пачалі ледзь трымацца на плаву. Тым не менш, новыя кнігі ў Аляксандра Пятровіча выходзілі. Ужо названыя «Цвіў бэз, іграла скрыпка» — у «Мастацкай літаратуры» і «На берагах Нявы» — у выдавецтве «Юнацтва» пабачылі свет з прысвячэннем. На першай з іх стаяла «Табе, слаўны Жлобін, у юбілей пяцісотгоддзя». З’явіўся і чарговы ягоны зборнік у «Бібліятэцы часопіса «Вожык», не кажучы пра кнігі, што выдаваліся ў Жлобіне.

Да кніжкі ў «Бібліятэцы...» я напісаў невялічкую жартаўлівую прадмову, накшталт таго, што А. Капусцін з тых людзей, якім ад нараджэння ўсё жыццё ...хочацца. Меў на ўвазе, канечне, літаратурную творчасць. Праўда, рэдактар зборніка Нэла Тулупава ўсё ж асобныя месцы «змякчыла». Але такой бяды. Я і не да гэтага прывык.


Як я быў... Міколам Гамолкам

У той жа «Бібліятэцы часопіса «Вожык» першая гумарыстычная кніга Аляксандра Пятровіча «Чалавек з пазіцыяй» выйшла яшчэ ў 1975 годзе. Я таксама пісаў да яе прадмоўку. Праўда, тыя, хто знаёмы з ёю, могуць запярэчыць, што пад гэтым невялічкім уступным словам пазначана іншае прозвішча. Сёй-той нават і аўтара назаве — Мікола Гамолка. Цяпер, калі прайшло столькі часу, магу сказаць праўду.

Сапраўды, прадмоўку пісаў я, а ніякі не Мікола Гамолка. Але хто я быў на той час?! Звычайны крытык-пачатковец. Кніг не выдаў, ніякіх званняў не меў. У тым сэнсе, што кандыдатам не быў, дацэнтам, ці прафесарам — тым больш. У Саюз пісьменнікаў Беларусі прымаць мяне не збіраліся. Хіба такія маюць права пісаць прадмоўку для сур’ёзнага выдання? Прынамсі, у рэдакцыі «Вожыка» былі перакананы, што не маюць. Пасля гэтага і задумаліся мы з Аляксандрам Пятровічам, як уратаваць становішча.

На наша шчасце, напісаную мною прадмоўку нікому не паказвалі. Значыць, выйсце было ў тым, каб знайсці такога пісьменніка, які згодзіцца пад ёй паставіць сваё прозвішча. Тады і ўспомніў А. Капусцін пра свайго сябра М. Гамолку.

Мікола Іванавіч, даведаўшыся, у якой сітуацыі мы апынуліся, засмяяўся, а пасля сказаў тое, чаго мы ад яго чакалі:

— Згодзен. Толькі...

— Што толькі? — ледзь не ў адзін голас запталіся мы.

— Каб ніхто нічога не ведаў.

— Маўчу, — адказаў я, бо, у сваю чаргу, Міколу Іванавічу давяраў, дый у мяне з ім таксама былі прыязныя адносіны.

Працяг гэтага творчага «супрацоўніцтва» аказаўся такім, як нам з А. Капусціным і хацелася. Прадмоўка «М. Гамолкі» «вожыкаўцам» спадабалася. Кніжка А. Капусціна «Чалавек з пазіцыяй» выйшла ў вызначаны тэрмін. Мікола Іванавіч атрымаў ганарар. І немалы па тым часе. Добра помню, што гэта было прыкладна 25 рублёў.

Падыходзіць да мяне А. Капусцін: так і так, маўляў, што рабіць будзем. І сапраўды — што?! Як быццам ганарар і мой, але ў той жа час ён і не мой. Пагадзіліся на тым, што паклічам Міколу Іванавіча (з атрыманымі грашыма, вядома) і пойдзем у рэстаран «Лета», які тады знаходзіўся каля трамвайнай лініі, насупраць дзіцячага парку імя Максіма Горкага. Вечар правялі цудоўна: хапіла і на гарэлку, і на закусь. А гэта яшчэ адно сведчанне таму, як «цяжка» жылося ў так званыя «застойныя часы». Асабліва творчым работнікам.


Шлях да апошняй кнігі, ён самы цяжкі

А вось апошнюю сваю кнігу «Усяму беламу свету», рукапіс якой прапанаваў выдавецтву «Мастацкая літаратура», А. Капусцін чакаў з такім вялікім нецярпеннем, як, бадай, ні адну папярэднюю. Спачатку ўсё было добра. Справа з падрыхтоўкай рукапісу да выдання рухалася як быццам няблага. Але з кожнай нашай новай сустрэчай у Аляксандра Пятровіча аптымізму менела. Нарэшце, ён паведаміў мне, што кнігу паабяцалі выдаць толькі пры ўмове, калі будзе сабраны неабходны тыраж. І тут жа па сакрэце прызнаўся, што землякі-жлабінчане гатовы пасля выхаду кнігі выкупіць значную частку яе тыражу.

— Тады ўсё ў парадку, — запэўніў я яго.

— Будзем спадзявацца.

Спадзяванне, на жаль, аказалася марным. Праз колькі часу высветлілася, што абяцанне землякоў А. Капусціна забраць частку тыражу ягонай кнігі, — не выйсце. Яе ж трэба спачатку надрукаваць, а сродкаў на гэта ў «Мастацкай літаратуры» неставала.

— І ўсё ж выйсце ёсць, — абнадзеіў я Аляксандра Пятровіча.

— Праўда? — узрадаўся ён і тут жа папрасіў: — Кажы хутчэй, якое?

— Вы ганаровы грамадзянін Жлобіна?

— Ты сумняваешся ў гэтым? — ён паспрабаваў усміхнуцца.

Не зважаючы на гэта, я прадоўжыў:

— Чаму б вам не звярнуцца да кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў. Тым больш, што сярод іх ёсць і такія, якія ўпэўнена стаяць на нагах. Няўжо яны не знойдуць колькі мільёнаў, каб перавесці іх на рахунак выдавецтва «Мастацкая літаратура»?

Аляксандр Пятровіч уважліва, не перабіваючы, выслухаў маю прапанову. Адчувалася, што яна яго зацікавіла. Аднак нічога пэўнага наконт гэтага не сказаў, толькі на развітанне прамовіў:

— Трэба падумаць.

Праўда, калі мы зноў сустрэліся, ён да гэтай размовы не вяртаўся. Падумаўшы, што і выхад на жлобінскія прадпрыемствы аказаўся марным, каб ні раніць Аляксандра Пятровіча сваім напамінкам, нічога пытацца пра гэта не стаў. Так было яшчэ пры некалькіх нашых сустрэчах. І толькі праз колькі месяцаў высветлілася, што А. Капусцін усё ж звярнуўся па дапамогу да сваіх землякоў. А расказаў ён мне пра гэта падчас нашай апошняй сустрэчы.

Што ёй наканавана стаць апошняй, канечне, ніхто з нас у той час пра гэта не здагадваўся. У рэшце рэшт так бывае заўсёды. Сустрэўся, пагаварыў з кім-небудзь, а потым, калі яго не стала, прытым раптоўна, пачынаеш прыгадваць некаторыя дробязі, якія тады, пры той сустрэчы, маглі б насцярожыць, калі б да ўсяго аднёсся больш пільна, прыгледзеўся больш уважліва.

І пры нашых сустрэчах, што папярэднічалі гэтай, Аляксандр Пятровіч выглядаў ужо, зразумела, далёка не колішнім «лейтэнантам маладзенькім». Канечне, гады бралі сваё. Ды толькі і цяпер, на адлегласці часу, магу пацвердзіць тое, што неаднойчы казаў самому А. Капусціну, а ў сувязі з ягоным 70-годдзем зазначыў і ў матэрыяле пра яго, змешчаным у «ЛіМе»: ён па-ранейшаму выглядаў маладжавым, падцягнутым. Ды гэта нельга было не заўважыць, калі ён адчуваў сябе добра.

Калі ж зайшоў да мяне ў «ЛіМ» пасля доўгага перапынку, яго было не пазнаць. Нейкі сутулены, без пастаяннай іскрынкі ў вачах. Наадварот, у іх прачытваліся сум і журбота. Твар быў бледны, хваравіты. Аляксандр Пятровіч цяжка дыхаў. Мабыць, здагадаўся, што гэта не прайшло для мяне незаўважна.

— Давялося ў бальніцы паляжаць, — сказаў, цяжка ўздыхнуўшы.

— Чаму не патэлефанавалі? — здзівіўся я, бо заўсёды, калі Аляксандр Пятровіч трапляў у так званую «лечкамісію», стараўся паведаміць мне.

— Я не ў «лечкамісіі» ляжаў.

— А дзе?

— Сэрца прыхапіла на дачы.

Дача яго знаходзілася ў Пухавіцкім раёне. Таму, калі ягоная жонка Эмілія Іванаўна выклікала «хуткую», А. Капусціна завезлі ў раённую бальніцу.

— І доўга там былі?

— Тры дні.

— Можа б яшчэ паляжалі?

— А што там рабіць? — павесялеў Аляксандр Пятровіч і дадаў аптымістычна, з упэўненасцю на лепшае: — Здароўе паправіцца, а ў мяне такая нагода для радасці, — прадаўжаючы ўсміхацца, ён палез у сваю скураную папку і выцягнуў з яе стос паперы: — Гэта дзякуючы табе.

— Дзякуючы мне? — здзівіўся я, здагадваючыся, што ў руках А. Капусціна нейкая карэктура. «Няўжо кніга «Усяму беламу свету»? — мільганула ў мяне думка.

— А каму ж яшчэ! — працягваў Аляксандр Пятровіч. — Ты ж падказаў мне звярнуцца па дапамогу да землякоў. І вось, калі ласка, забраў сёння карэктуру. Малайцы землякі мае! — з гонарам прамовіў ён, называючы прадпрыемства, якое перавяло грошы выдавецтву «Мастацкая літаратура» на выданне яго кнігі. Паведаміў і пераведзеную суму і паабяцаў: — Як толькі выйдзе, падпішу табе.


Сэрца не вытрымала...

Не падпісаў... А дагэтуль дарыў з аўтографамі ўсе свае кнігі, што выходзілі на працягу нашага сяброўства, якое пачалося ў 1973 годзе, калі А. Капусцін прыйшоў на працу ў «ЛіМ». На апошняй ягонай кнізе, праўда, таксама стаіць даравальны надпіс, але зрабіла яго Эмілія Іванаўна Капусціна — дарагая, любая ягоная жанчына, жонка, якую ён кахаў усё сваё жыццё надзвычай моцна і аддана.

І ў сваёй апошняй кнізе Аляксандр Пятровіч піша пра дарагія сэрцу мясціны, адштурхоўваючыся ад уражанняў падчас наведвання землякоў, згадвае перажытае ў гады вайны. Гэта ўгадваецца па дакладных рэаліях з таго часу, ва ўменні тонка адчуць унутраны стан учарашніх партызан і франтавікоў, якім у сённяшнім жыцці даводзілася нялёгка. І не толькі матэрыяльна, а і маральна. Ім балюча было з-за таго, што ідэалы, за якія яны змагаліся, многімі абясцэньваліся. Тым самым у творах прысутнічае яшчэ адна тэма — маральна-этычная, што знаходзіла водгалас ва ўсім, што А. Капусціным пісалася.

Гэтую сваю кнігу Аляксандр Пятровіч чакаў з такім нецярпеннем, як, бадай, ні адну папярэднюю. Быццам прадчуваў, што яна будзе ў яго апошняй. Тады, як паказаў мне карэктуру, мы неўзабаве развіталіся: ён хацеў уладзіць у Саюзе пісьменікаў сякія-такія справы да пачатку сходу, які неўзабаве меўся адбыцца. Угаворваў пайсці разам, але такога жадання ў мяне не было. Прычына гэтага нежадання была ў тым, што на той час рэдка якое мерапрыемства, што праходзіла ў Доме літаратара, абыходзілася без палітыканства.

Што і гэтым разам ўсё адбывалася менавіта так, неўзабаве ўпэўніўся і я. Усё ж-такі праз некаторы час, як мы развіталіся з А. Капусціным, я вырашыў наведацца ў Дом літаратара. Не ведаю, чаму нечакана ўсё ж з’явілася такое жаданне. Магчыма, узнікла нейкае нядобрае прадчуванне? Можа, і так, але катэгарычна сцвярджаць не бяруся.

Зайшоў у Дом літаратара, пачаў падымацца на другі паверх, але толькі ступіў у фае, як пераканаўся, што адбываецца тое, што і павінна было адбывацца. Праз адчыненыя дзверы, што вялі ў залу, чуліся шум, выкрыкі, на сцэну адзін за адным ірваліся «праўдалюбцы».

Увайшоў у залу, агледзеўся па баках: хацелася ўбачыць Аляксандра Пятровіча. Але яго не заўважыў, таму пайшоў назад. А ў гэты час А. Капусціну было блага. Вельмі блага. Несумненна, што яму з абвостраным пачуццём сумленнасці, балюча было ад усведамлення таго, што самыя лепшыя намеры зводзяцца да навешвання адзін аднаму палітычных бірак, зноў назіраецца непрыманне чужых думак і меркаванняў. Таму і паспяшаўся да выхаду.

Паспеў з цяжкасцю дайсці да вестыбюля, у якім паваліўся на падлогу. Тэрмінова выклікалі «хуткую». Аднак яна ехала да Дома літаратара ажно трыццаць хвілін. І гэта ў той час, калі падстанцыя яе знаходзіцца за некалькі соцень метраў ад яго.

Так 16 кастрычніка 1996 года і стала апошнім днём у жыцці Аляксандра Пятровіча.


* * *

Калі пішуцца гэтыя радкі, за акном — зіма. Кажуць, што яна сёлета — ранняя. Не, зусім не раняя. Проста мы прывыклі апошнім часам, што яна затрымліваецца, а тут наступіла своечасова. Ведаю, як бы ўзрадаваўся яе прыходу А. Капусцін. Адразу ўзяў бы лыжы і паспяшаўся ў лес, які быў непадалёку ад яго дома, што па вуліцы Гамарніка ў Мінску. А адпачыць на прыродзе ён любіў. З ранняй вясны, калі прагрэецца вада, — да позняй восені плаваў. А зімой, канечне ж, лыжы. Здавалася, што яго, нягледзячы на перажытае — у гады вайны, хопіць яшчэ не на адзін год.

Здавалася...

Хораша цяпер у лесе. Марозна, свежа. Так прыемна блукаць, удыхаючы све-жае паветра. А яшчэ міжволі ажываюць у памяці радкі А. Пысіна, прысвечаныя Аляксандру Пятровічу:


Зазімкам сняжыначка ўпала на след,

Цікуе вавёрачка з елкі.

Атлантамі ў неба —

задумлівы дзед,

І ты, —

лейтэнант маладзенькі.


Астатняе ж — у кнігах самога А. Капусціна, якія так шмат могуць расказаць пра тое, як гэты маладзенькі лейтэнант праз усё сваё жыццё застаўся салдатам. Тым салдатам, які годна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а, узяўшыся за пяро, упісваў свае старонкі ў сучасную беларускую літаратуру.

Загрузка...