Гайто ГАЗДАНАЎ
ЛЁС САЛАМЕІ
Я пазнаёміўся з Андрэем яшчэ ў часы студэнцтва, у Парыжы. Ён быў досыць здольным чалавекам: некаторыя з яго малюнкаў былі вельмі высока ацэнены дасведчанымі людзьмі, якія звычайна ў сваіх ацэнках не памыляліся і якія прадракалі Андрэю бліскучую будучыню. Тыя дзве ці тры паэмы, якія ён напісаў за некалькі тыдняў, былі не менш выдатнымі, чым малюнкі. Неставала ў яго хіба толькі творчай або духоўнай сілы, каб давесці хоць што-колечы да канца, і час паказаў, што і тыя, хто ацаніў яго малюнкі, і тыя, хто лічыў цудоўнымі яго паэмы, жорстка памыліліся, але не ў сваіх развагах пра іх эстэтычныя вартасці, а ў тым, што Андрэю была наканавана бліскучая будучыня ў жывапісе ці літаратуры. Але ў тыя далёкія часы мы ўсе верылі ў будучыню, і Андрэй у гэтым сэнсе не быў выключэннем. Развагі пра мастацтва мелі ў ягоным жыцці вельмі значную ролю. Ды ўсё ж галоўнае месца ў яго існаванні займалі тыя бурлівыя пачуцці, якія ён быў схільны перажываць і якія адцяснялі пытанні мастацтва на іншы план.
Прыблізна ў гэтыя ж часы ў Лацінскім квартале і на Манпарнасе стала паяўляцца жанчына, якой было наканавана сыграць у жыцці Андрэя вельмі важную ролю. Калі яна аднойчы праходзіла па кафэ, падняўшы галаву і прама гледзячы перад сабой, адзін з нашых сяброў сказаў, што яна падобная на Саламею. З тых часоў ніхто з нас яе інакш і не называў. Між іншым, у гэтай прыкмеце было нешта вельмі дакладнае: збоку выдавала, што гэтая жанчына сапраўды нясе ў руках нябачны паднос. Яна была вельмі прыгожая. Прыгожая настолькі, што нават яе недарэчны грым (замест броваў у яе былі дзве тонкія лініі, намаляваныя чорным алоўкам, яны рэзка загіналіся ўгору), вусны яна фарбавала кармінам, у якім пераважаў фіялетавы колер. Нават гэты грым не ствараў таго жудаснага ўражання, якое ён павінен быў бы ствараць. Валасы ў яе былі пафарбаваны ў бледна-жоўты колер. Пазней, пазнаёміўшыся з ёй бліжэй, я даведаўся, што кожную раніцу яна шчыравала над сваім тварам не менш, чым акцёр, які грыміруецца перад выхадам на сцэну. Гэта, зрэшты, не перашкаджала ёй паўтараць, што яе знешнасць зусім не цікавіць. Але вядома, калі б усё абмяжоўвалася толькі яе выглядам, яна ніколі не мела б таго поспеху, які суправаджаў яе ўсюды, дзе яна з’яўлялася. Прозвішча яе была Martin (Марцін), па-французску яна гаварыла з памылкамі і акцэнтам. Martin яна была па мужу, якога мы ніколі не бачылі і пра якога дагэтуль нічога не ведалі. Калі гаворка заходзіла пра яго, яна казала, што яго больш не існуе, менавіта так — il n’existe plus, — хоць гэта зусім не значыла, што ён памёр. Сама яна па нацыянальнасці была румынкай, у дадатак, здаецца, з прымесямі цыганскай і яўрэйскай крыві. Яна паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Сарбоны ў якасці вольнаслухачкі, таму што, паводле яе слоў, у яе былі нейкія непаразуменні з атэстатам сталасці. Праз некаторы час я зразумеў, што гэтага атэстата ў яе ніколі не было і не магло быць, хоць яна і казала, што скончыла нейкую сярэднюю навучальную ўстанову ў Румыніі. Яна не ведала такіх рэчаў, як хуткасць святла, розніца паміж арыфметычнай і геаметрычнай прагрэсіяй, лагарыфмы або закон прыцягнення. Але ў галіне мастацтва ў яе былі пазнанні гэткія ж шырокія, як і нечаканыя. Зрэшты, яе цікавіла толькі гэта, усё астатняе здавалася ёй не вартым увагі. Грошай у яе было вельмі мала, жыла ў невялікай гасцініцы Лацінскага квартала. Адкуль атрымлівала тыя бедныя сродкі на жыццё, якія ў яе былі, таксама доўга было невядома, і толькі аднойчы зусім выпадкова высветлілася, што некаторую суму кожны месяц ёй дасылаў той самы былы муж, якога, як яна казала, не існавала. Ёй было ў гэтыя часы дваццаць два ці дваццаць тры гады.
Я думаю, адзінае, чаго яна зусім, здавалася, не выносіла — гэта прастаты. Прастата ў мастацтве або ў чалавечых адносінах ёй здавалася чымсьці зневажальна прымітыўным. Гэта выяўлялася нават у самых звычайных размовах — яна, напрыклад, ніколі не адказвала на пастаўленае ёй пытанне: «Ты будзеш заўтра ва ўніверсітэце?»
Яна, як быццам, была проста няздольная прама адказаць — так, буду, — ці не, не буду. Яна казала: «Чаму гэта цябе можа цікавіць?» альбо: «Хіба табе не ўсё роўна?» Таму нават нядоўгі час, праведзены з ёй, стамляў, нягледзячы на тое, што з ёй было калі-нікалі цікава пагаварыць.
У яе былі вялікія шэрыя вочы з нязменна сярдзітым выразам, і нават у яе смеху заўсёды чулася адценне нейкага незразумелага і, па сутнасці, беспрадметнага гневу. Мноства яе ўчынкаў вызначалася раздражняльнай непаслядоўнасцю. Яна дамаўлялася з кім-небудзь ісці ў кінематограф, па яе заходзілі ў гасцініцу, а яе не аказвалася дома, ці яна пакідала запіску — я перадумала. Абяцала прыйсці і не прыходзша. Але іншым яна ніколі не даравала ні непаслядоўнасці, ні недакладнасці. Ёй жа гэта часцей за ўсё даравалася — таму што ні ў каго з нас не ўзнікала сумнення ў тым, што за ўсёй гэтай раздражняючай яе знешняй непрымальнасцю павінен існаваць ці не можа не існаваць цэлы свет, эмацыянальная напружанасць якога была адначасова бясспрэчная і нястрымна спакуслівая. Трэба было толькі пераадолець гэтыя знешнія перашкоды. І дзеля таго, каб пранікнуць нарэшце ў гэты свет, гэта, вядома, варта было зрабіць.
Калі ў гэтым былі перакананыя не ўсе ці, дакладней, не ўсе былі перакананыя да канца, то Андрэй дзеля гэтага быў гатовы на любое выпрабаванне. Збоку можна было падумаць, што ён быў створаны толькі для таго, каб стаць яе ахвярай. З самага пачатку ўсталявалася тое, што вызначыла іх адносіны: ёй было дазволена ўсё, яму не даравалася ні адна памылка. Прычым памылкай магло быць усё: не тая інтанацыя, недастатковая хуткасць або дакладнасць адказу, недарэчны жэст — усё, што заўгодна. Ён аднойчы прыйшоў да мяне, увесь ззяючы, і сказаў, што Саламея нарэшце пагадзілася прыняць ад яго ў падарунак кнігу вершаў, выбар якой яна даверыла яму. Але калі я сустрэў яго на наступны дзень, ён быў змрочны, засмучаны і маўклівы.
— Якую кнігу ты купіў і ці спадабалася яна ёй? — спытаў я. Ён паціснуў плячыма, уздыхнуў і адказаў, што ён купіў ёй Верлена. Яна аддала яму кнігу, сказаўшы, што яна ёй не патрэбна, і папрасіла яго пры гэтым больш не прыходзіць да яе. Ён пайшоў ад яе ў роспачы, зусім не разумеючы прычыны такога раптоўнага і невытлумачальнага раздражнення. Кожны раз, калі ён званіў ёй па тэлефоне, яна, пазнаўшы яго па голасе, тут жа вешала трубку.
— Ды пашлі ты яе да д’ябла, — сказаў я яму, калі ён распавёў мне гэта.
— Гэткай эмацыянальнай магчымасці ў мяне няма, — адказаў ён. — Калі б ты ведаў яе лепш, то зразумеў бы чаму.
Мне было яго шкада, і я спытаў Саламею, чаму яна так жорстка абышлася з ім.
— Я хацела, каб ён купіў мне Heredia (Жазэ Марыя Эрэдзіа — французскі паэт), — сказала яна, — а ён, дурань, не мог здагадацца.
Я перадаў яму гэта. Тады ён купіў ёй некалькі кніг, у тым ліку Heredia, і пакінуў ёй пакет у гасцініцы. Праз два дні ён рашыўся зноў пазваніць ёй па тэлефоне. Ён стаяў каля апарата, глытаючы ад хвалявання сліну і чакаючы яе адказу. Яна сказала:
— Што ж ты так даўно не званіў і не заходзіў? Я па табе сумавала.
Калі ён першы раз абняў яе, яна дала яму аплявуху і сказала, што такой подласці яна нават ад яго не чакала і што паміж імі ўсё скончана. Пасля гэтага ён не спаў дзве начы. На трэці дзень увечары яна прыйшла да яго. У яго была невялікая кватэра каля Булонскага лесу, у якой ён жыў адзін. Яна ўвайшла, глянула на яго сваімі гнеўнымі вачыма і прагна яго пацалавала. Яна правяла ў яго ўсю ноч, а ўранку ён адвёз яе на таксі ў гасцініцу. Пасля гэтага, п’яны ад захаплення, ён заявіўся да мяне, разбудзіў і стаў крычаць, што я ніколі не зразумею, што я не магу сабе ўявіць, што гэта... Я позна лёг напярэдадні, мне вельмі хацелася спаць, акрамя таго, я сапраўды не разумеў, што магло прывесці яго ў такі стан. Калі ён нарэшце растлумачыў мне, у чым справа, я толькі сказаў яму:
— Ну, жадаю табе далейшага шчасця, мілы дружа, — і заснуў. Калі я прачнуўся, яго не было, але попельніца была поўная недакуркаў — ён, відаць, прасядзеў у маім пакоі гадзіны дзве, усё аднаўляў у памяці тое, што адбылося, і думаў аб сваім асляпляльным шчасці.
Шмат пазней, імкнучыся сабе ўявіць, што, па сутнасці, вызначала тое непаслядоўнае жыццё, якое вяла Саламея і якое яна, калі магла, прымушала весці іншых, я прыйшоў да высновы, што гэта было жаданне не прымаць таго, што адбывалася, а ствараць тое, што павінна было адбывацца. Той, з кім яна пачынала нейкую размову, пра каго яна раней думала, павінен быў адказваць так, як яна сабе гэта загадзя ўявіла. Тое, што здаралася, павінна было адбывацца менавіта так, як гэта ўжо адбылося ў яе ўяўленні. У гэтым быў нейкі абсурдны і невылечны эгацэнтрызм: і для таго, каб ўчынкі і паводзіны чалавека адпавядалі яе ўяўленням, трэба было б, каб ён перастаў быць самім сабой і стаў бы чымсьці накшталт кнігі, якую яна напісала. Гэтак, вядома, быць не магло, яна гэта выдатна ведала і разумела, але гэта нязменна прыводзіла яе ў шаленства. Акрамя таго, яна ўпарта адмаўлялася ад адказнасці за свае ўчынкі і ад высноў, якія з іх маглі быць зроблены. Калі Андрэй, прыйшоўшы да яе на наступны вечар, паклаў ёй руку на плячо, яна скінула яе рэзкім рухам і сказала яму, што просіць ніколі больш гэтага не рабіць. Ён зноў упаў у адчай, стан, у які ён прыходзіў вельмі часта і вельмі лёгка. На гэты раз так доўжылася пяць дзён, пасля гэтага паўтарылася тое, што было ў яго на кватэры. Праз некаторы час ён зусім страціў уяўленне аб рэчаіснасці, нічога не ведаў і ні ў чым не быў упэўнены, акрамя таго, што без Саламеі яго жыццё не мае ніякага сэнсу. Гэта было ў пэўнай ступені дакладна: без Саламеі яго жыццё сапраўды не мела сэнсу. Але і з Саламеяй таксама — з чым ён, аднак, ніколі не пагадзіўся б.
— Ты, вядома, не той чалавек, які мне патрэбны, — сказала яна яму аднойчы. — Ты разумееш, той, каму я аддала б сябе ўсю, павінен быць перш за ўсё вышэйшы за мяне ва ўсіх адносінах. Я павінна была б увесь час адчуваць над сабой яго разумовую і фізічную перавагу. Яго разуменне мастацтва павінна быць беззаганным. Яго душэўныя рухі павялі б мяне за сабой. Гэта павінен быць чалавек, які вылучаецца сярод усіх астатніх. Ты разумееш? А што ты сабой уяўляеш? У цябе ёсць некаторыя здольнасці, але гэта і ўсё. Гэтага мне замала.
Праз некаторы час Андрэй атрымаў вестку пра тое, што ягоны бацька, які жыў у Тулузе, цяжка хворы. Андрэй паказаў Саламеі тэлеграму ад доктара і сказаў, што ён павінен ехаць у Тулузу і прыйшоў з ёю развітацца. Яна зірнула на яго сваімі сярдзітымі вачыма і сказала:
— Няўжо ты думаеш, што ў такія хвіліны я пакіну цябе аднаго? Няўжо ты мог сумнявацца ў тым, што я паеду разам з табой? Ты прадставіш мяне твайму бацьку як сваю нявесту.
Яна сапраўды паехала з Андрэем у Тулузу і правяла там два месяцы, пакуль бацька Андрэя не памёр ад раку печані. Яна праявіла незвычайную самаадданасць, не адыходзіла ад ложка хворага, не спала начамі — калі пасля пахавання, яна вярнулася ў Парыж, Андрэй быў гатовы зрабіць для яе ўсё, што б яна ні захацела. Я падумаў тады, што ён праўду казаў мне аднойчы, што Саламея здольная на ўсё, і ўчынкаў яе нельга прадбачыць.
Ён неяк сказаў ёй, набраўшыся адвагі: — Ты лічыш сябе разумнейшай за ўсіх, каго ты ведаеш? — Не, — сказала яна. — Сябе я не лічу асабліва разумнай. Я толькі лічу дурнымі іншых, ва ўсякім выпадку — многіх.
— Акрамя таго тэарэтычнага чалавека, які табе быў бы патрэбны?
— Акрамя гэтага чалавека, — сказала Саламея.
— Яна заўсёды лічыць, што робіць усё правільна і жыве менавіта так, як трэба, — сказаў мне пасля гэтага Андрэй, — і пераканаць яе ў іншым нельга.
Я ведаў пра яе тое, чаго не ведаў Андрэй. Тое, што адбылося ўчора, ні да чаго не абавязвала яе сёння. Нейкая значная частка душэўнага жыцця ў яе была проста атрафіраванай. У яе не было ўспамінаў. Сённяшні дзень, з надыходам цемры, сыходзіў у нябыт, і тое, што адбылося за гэты дзень, пераставала для яе існаваць. Яна вельмі любіла музыку, хоць была цалкам пазбаўлена музычнага слыху і не магла адрозніць адну мелодыю ад другой. Паслядоўнасць гукаў прыводзіла яе ў стан незвычайнага душэўнага ўзбуджэння. Але запомніць гэтыя гукі яна не магла. Яна забывалася на іх гэтак жа, як забывалася на свае пачуцці і сваё ўласнае жыццё і жыццё тых, хто быў з ёй звязаны і хто сыходзіў у мінулае, аб якім у яе не заставалася ўспамінаў.
***
Саламея і Андрэй пражылі разам некалькі гадоў. Яна шмат разоў з’язджа-ла і сыходзіла ад яго, ён пасылаў ёй тэлеграмы, доўгія, як лісты, затым яна вярталася, і ўсё пачыналася спачатку. Потым прагрымела вайна, Андрэй быў абілізаваны ў войска.
Перад тым, як нямецкая армія заняла Парыж, Саламея знікла. Андрэй быў у палоне ў Германіі. Я чуў ад аднаго з нашых таварышаў, што Саламея апынулася на поўдні, прыняла актыўны ўдзел у партызанскім руху, выйшла быццам бы ў час вайны замуж за яўрэйскага банкіра, адмовілася выехаць з ім з Францыі — і была забітая падчас сутычкі партызанскага атрада з фран-цузскай міліцыяй. Яе пахавалі ў брацкай магіле, недзе недалёка ад Манпелье.
Андрэй даведаўся пра гэта, вярнуўшыся з палону.
Я не бачыў яго каля дзесяці гадоў. Калі я выпадкова сустрэў яго ў Пары-жы, не адразу пазнаў: ён пастарэў, злысеў, змяніўся. Але ён пазнаў мяне. Мы ўвайшлі з ім у кафэ, гэта было на Вялікіх бульварах. Ён адразу загаварыў пра Саламею, сказаў, што ездзіў шукаць яе магілу і не знайшоў.
— Нават гэтага суцяшэння ў мяне няма, — сказаў ён. — Як яна загінула, пра што думала ў апошнія хвіліны, чыё імя ўспамінала?
— Ты быў на вайне, — сказаў я. — Як можаш ставіць такія пытанні? Ты ведаеш, што ў гэтых абставінах людзі часцей за ўсё не паспяваюць ні пра што падумаць і не згадваюць ніякіх імёнаў.
— І мяне не было побач з ёй!
— Гэта не твая віна.
— Навошта я цяпер існую, я не вельмі ведаю.
Каб перамяніць размову, я задаў пытанне, што ён робіць. На яго твары з’явіўся выраз агіды.
— Што такое? — спытаў я.
— Я шчыра шкадую, што не загінуў там, як загінула яна, — сказаў ён. — Я вяду ганебнае жыццё.
— Гэта на цябе мала падобна.
— Разам з тым гэта так. Калі б ты ведаў, што я раблю, ты б адмовіўся падаць мне руку.
— Ты заўсёды быў схільны да перабольшання, — сказаў я. — Я гэтаму паверыць не магу. Што ў тваім жыцці ганебнага?
Ён патлумачыў мне, што ў час вайны ён страціў усё, што ў яго было, і цяпер вымушаны зарабляць на жыццё. Ён доўга шукаў працу, пісаў артыкулы пра мастацтва і рэцэнзіі на кнігі, але грошай, якія ён гэтым зарабляў, ледзь хапала на ежу. І тут яму зрабілі прапанову, на якую ён пагадзіўся.
— Гандаль жанчынамі, ці што?
— Не, — сказаў ён, — яшчэ горш. Тыя, хто гандлююць жанчынамі, ты разумееш, гэта прафесійныя мярзотнікі. Я не хачу сказаць, што я іх апраўдваю. Але яны жывуць у сваім уласным пракажоным свеце, ім кожную хвіліну пагражае турма, допыты ў паліцыі, грамадская пагарда і гэтак далей. Я раблю працу не менш подлую, чым яны, але з той розніцай, што мне нішто не пагражае.
— Што ж ты робіш, у рэшце рэшт?
Ён зноў зморшчыўся ад агіды і сказаў:
— Я пішу словы для песенек і куплеты для аперэтак. Ты разумееш? Успомні нашы ўніверсітэцкія гады, Малармэ, Валеры, Рыльке. І пасля гэтага...
— Але акрамя гэтага ты што-небудзь пішаш? Для сябе?
— Я спрабаваў, я не магу, — адказаў ён. — Я настолькі пранікся зараз гэтай аперэтачнай пахабшчынай і гэтым ідыятызмам, што адчуваю сябе хранічна атручаным.
Потым ён паглядзеў на мяне з адчаем і сказаў: — Ты ўяўляеш сабе, што сказала б Саламея, калі б яна была жывая?
Пра гэта ён, вядома, шмат думаў, — што сказала б Саламея.
Але для яго цяперашняга жыцця, акрамя пражытых гадоў і неадступных ўспамінаў пра Саламею, характэрна тое, што і раней было адной з галоўных яго асаблівасцей: ён жыў не так, як хацеў, і не рабіў нічога, каб змяніць сваё жыццё. Па сутнасці, нішто не прымушала яго абавязкова займацца тым рамяством, якое ён лічыў ганебным. Але зрабіць намаганне, неабходнае для таго, каб пазбавіцца ад гэтага, ён не мог.
***
У яго, увогуле, нічога не засталося: ні тых смутных спадзяванняў на ней-кую будучыню ў мастацтве, якія былі ў яго ў маладосці, ні таго сэнсу жыцця, які перадвызначала для яго Саламея. І, вядома, для чалавека з яго эстэтычнымі поглядамі тое, чым ён вымушаны быў займацца, здавалася апошняй ступенню падзення. Цяжка было спадзявацца, што зараз, у ягоным узросце, ён раптам пачне іншае жыццё. У гэтым яму перашкаджалі, у прыватнасці, успаміны пра Саламею: ніякая іншая жанчына не магла заняць яе месца. І паколькі прайшлі гады і гады з таго дня, калі яны рассталіся, і ўспаміны пра яе заставалася такімі, якімі яны былі ў самым пачатку, то здавалася відавочным, што гэта ўжо не магло змяніцца. Я даведаўся праз некаторы час, што ён напісаў пра яе цэлую кнігу. Ні адно выдавецтва не прыняло яе, таму што Саламея была апісана так наіўна рамантычна і так фальшыва, што гэта рабіла ўсю кнігу пра яе зусім непераканаўчай.
Я думаў, вядома, і пра Саламею. Што засталося ад яе? Нашы ўспаміны пра яе і гісторыя яе трагічнай гібелі, пра якую ў свой час пісалася ў газетах, але якая цяпер была забытая, як амаль усё, што адбывалася ў гады вайны. Але ўсё ж такі, думаючы пра Саламею, можна было тэарэтычна меркаваць, што толькі смерць спыніла яе на тым шляху, які ёй быў наканаваны, і які, быць можа, быў бы бліскучым. І вядома, калі б яна была жывая, то і жыццё Андрэя склалася б інакш.
Праз год пасля маёй сустрэчы з ім, падчас падарожжа па Італіі, я пасяліўся на некаторы час у Фларэнцыі. Я жыў на Via del Proconsulo, у маленькім пансіёне, з гаспадаром якога вечарамі вёў доўгія размовы. Ён быў пажылы італьянец, які гаварыў са мной на той мове, якую ён шчыра лічыў французскай, але якая на самай справе ўяўляла сабой вынік яго асабістага творчага намагання і была аднолькава далёкая і ад італьянскай, і ад французскай, нагадваючы, аднак, і тую і другую адначасова. Ён распавядаў мне пра сваіх суседзяў — уладальніка кніжнай крамы, гаспадара кафэ, пра сваіх пастаяльцаў, пра жыхароў Фларэнцыі наогул; ён казаў пра лёс Італіі і нават пра мастацтва, якое, на яго думку, перастала існаваць прыблізна ў першай палове сямнаццатага стагоддзя. Ён загаварыў аднойчы аб тым, што вайна прымусіла многіх фларэнційцаў пакінуць родны горад, з якога пры іншых абставінах яны ніколі не паехалі б, не захацелі б рызыкаваць сваім жыццём у чужых краінах — у халоднай Расіі, у гарачай Афрыцы, у Францыі. Ён распавёў мне пры гэтым гісторыю таго шаўца, які жыў недалёка ад яго пансіёна і ў якім ён быў сталым кліентам. Шавец гэты нарадзіўся і вырас у Фларэнцыі, і яму ніколі не ўступала нават у галаву думка, што ён можа пакінуць сваю вуліцу і свой горад. Такі выдатны шавец і такі добры чалавек. І вось, падчас вайны, ён быў мабілізаваны і трапіў у тыя атрады італьянскай арміі, якія акупіравалі поўдзень Францыі. Пасля паражэння Італіі ён паступіў у нейкі французскі партызанскі атрад, дзе быў цяжка паранены. Толькі праз некалькі гадоў, калі вайна скончылася, ён, нарэшце, вярнуўся ў Фларэнцыю. З Францыі, паміж іншым, ён прывёз з сабой францужанку, гэтага таксама было яму не трэба, у Фларэнцыі досыць італьянак. Але ён ажаніўся на сваёй францужанцы і вярнуўся да той шавецкай справы, якую ніколі не павінен быў бы кідаць. Жонка яму дапамагае. Яна старэйшая за яго, раней шавецкага рамяства зусім не ведала, але цяпер навучылася добра працаваць.
— А што ж яна рабіла ў Францыі?
— Была, відаць, бедная адзінокая жанчына, — сказаў ён. — Ёй пашанцавала, яна знайшла чалавека з добрым рамяством, ён нядрэнна зарабляе, у мінулым годзе яны нават ездзілі на мора ўлетку. Вось, глядзі, як склаўся лёс гэтых людзей. Ён мог бы ніколі адсюль не выязджаць, яна б дажывала сваё самотнае жыццё ў Францыі. Яму б не хапала яе, ёй не хапала б яго. Але ад таго, што Мусаліні ўступіў у вайну таму, што лічыў сябе нейкім італьянскім Напалеонам, наш шавец апынуўся ў Францыі і яна прыехала ў Фларэнцыю, пра якую да гэтага яна, можа быць, нічога не ведала.
Верагодна, я быў значна меней схільны да філасофскай рэфлексіі, чым гаспадар майго пансіёна, таму што гісторыя фларэнтыйскага шаўца не зрабіла на мяне асаблівага ўражання. Любая дэталь у скульптуры Мікеланджэла, у бронзе Данатэла або Бенвенута Чэліні здавалася мне бясконца больш важнай у гісторыі чалавецтва, чым тая ці іншая вайна, смерць таго ці іншага дыктатара і доля іх сучаснікаў, у тым ліку фларэнтыйскага шаўца і ягонай жонкі. Я думаў тады пра іншыя рэчы і, у прыватнасці, пра тое, што кожны раз, калі я вырываўся з таго жыцця, якое вёў і якое было абмежавана колам нязначных, у сутнасці, ідэй і ўяўленняў, і вярнуўся да сузірання карцін Цінтарэта або Бацічэлі або статуй Мікеланджэла, я ўпадаў у стан звышнатуральнага і трагічнага захаплення, у параўнанні з якім усё астатняе здавалася зусім нязначным.
Я ішоў аднойчы ўвечары па горадзе, без пэўнай мэты, думаючы пра гэта, і раптам успомніў адну з размоў, якая ў мяне была з Андрэем шмат гадоў таму. Мы ішлі з ім тады па бульвары St. Michil, была празрыстая вераснёўская ноч. За некалькі дзён да гэтага ён вярнуўся з Венецыі, дзе пабываў упершыню, і распавядаў мне пра свае ўражанні. З усяго, што ён бачыў, яму больш за ўсё запомніліся тады — Ян Хрысціцель Данатэла і «Узнясенне» Цінтарэта.
— Высокі жабрак у бронзавых складках сваіх лахманоў, якога нельга забыць, — казаў ён. — І «Узнясенне». Ты разумееш: мноства крылаў анёлаў, якія ляцяць уверх, і ў сярэдзіне гэтага нястрымнага руху Хрыстос, якога ўзносяць на неба. Якім жудасным геніем трэба было быць, каб стварыць такія рэчы. Пасля гэтага пачынае здавацца, што жыць так, як ты жыў да гэтага часу, больш нельга.
— Мне заўсёды здаецца, што жыць так, як мы жывём, нельга, — сказаў тады я. — Можа быць, тое, што ты бачыў у Венецыі, толькі падкрэслівае, робіць гэта разуменне больш выпуклым, калі хочаш. Але калі ты ўспомніш аб тым, што ты думаў да паездкі ў Італію, ты ўбачыш, што ты ведаў гэта ўжо раней.
— Так, але і не так, — сказаў ён, — і не тое. Тое, што мяне забівае, ты разумееш, гэта адначасовае і паралельнае існаванне такіх розных светаў і гэтая нясцерпная разнастайнасць адчуванняў, якіх ніякая сіла ўяўлення не можа злучыць у адно. Кожны з нас вядзе некалькі існаванняў, і тая велізарная адлегласць, якая іх падзяляе, для мяне незразумелая і страшная. Я не магу сябе ў гэтым знайсці.
Ён спыніўся і апусціў галаву — і збоку атрымлівалася ўражанне, што ўначы на бульвары стаіць чалавек, які ўважліва глядзіць на свае ногі. Потым ён падняў галаву і сказаў:
— Я не магу зразумець, што чалавек, які сочыць за разлівам сімфоніі, за тым, як яна расце і пашыраецца, потым раптам цудоўна звужаецца і вяртаецца да тых дзвюх нотаў, з якіх яна нарадзілася, — я думаю цяпер пра Пятую сімфонію Бетховена — гэты чалавек, які на працягу доўгіх хвілін жыве ў гэтым свеце і ў якога назаўсёды ўвайшоў гэты незвычайны рух гукаў — як можа гэты чалавек пасля гэтага, выйшаўшы з канцэртнай залы, спакойна вярнуцца да таго, што было да гэтага часу.
— Я не бачу ў гэтым непрымірымай супярэчнасці, — сказаў я.
— Я не кажу пра супярэчнасць, я не супастаўляю зразуменне мастацтва з іншымі чалавечымі пачуццямі, — сказаў ён. — Але мяне палохае адлегласць, што раздзяляе на розныя светы тую прастору, у якой я згубіўся калісьці даўным-даўно і ў якой я больш не магу знайсці сябе.
— Можа быць, геній, у прыватнасці, валодае здольнасцю адначасовага спасціжэння ўсіх гэтых розных светаў — той здольнасцю, якой арганічна пазбаўлены простыя смяротныя. Не пабудовы тэарэтычнай канцэпцыі, у якую з аднолькавым правам пайшлі б усе чалавечыя пачуцці ў іх неверагоднай разнастайнасці, — а нечага іншага — стыхійнага і беспамылковага разумення ўсяго гэтага.
— Можа быць, — прамовіў ён. — Але ў такім выпадку варта сказаць, што разуменне генія нам недаступнае. Не яго праявы, а яго прыроды.
Я ішоў цяпер па доўгай і вузкай фларэнційскай вуліцы. Была позняя ноч з нерухомым паветрам і зорным небам. Чвэрць стагоддзя таму назад, у Парыжы, калі мы гаварылі з Андрэем, тыя ж невырашальныя пытанні займалі маю ўвагу. Калі б мне сказалі тады, што мы пражывём дваццаць пяць гадоў, пройдзем праз разбуральную вайну, будзем сведкамі гібелі мільёнаў людзей — і пасля ўсяго гэтага зноў вернемся да тых жа пытанняў, я б не паверыў. Я б сказаў, што гэтага не можа быць, што нас чакае павольнае і натуральнае душэўнае здранцвенне, праз якое мы таксама павольна будзем ісці да смерці, усё будзе паступова губляць сваё значэнне — і пачуцці іншых людзей, і творы мастацтва, і прырода генія. Але гэта сталася не так. Кожнаму з нас быў дадзены ягоны асаблівы свет, законы якога не змяняліся ад часу. Таму цяпер у Фларэнцыі я думаў пра тое самае, пра што думаў тады ў Парыжы — з той самай бясплённай і безнадзейнай настойлівасцю. І якраз таму Андрэй вёў цяпер такое жыццё, адчуваючы агіду да таго, што ён рабіў, і думаючы пра тое, што сказала б Саламея.
***
Аднойчы ўдзень я ішоў спачатку па via Ghibellina, а затым звярнуў у вузенькую вуліцу, што адыходзіла ад яе пад прамым вуглом. Тут жылі вельмі бедныя людзі, якія займаліся збіраннем жалезнага хламу. Першы, каго я ўбачыў, быў смуглявы хлопчык гадоў пятнаццаці, які з выразам наіўнай радасці на твары нёс у руках некалькі заржавелых пружын з нейкай разламанай канапы. Праз вузкія ўваходы ў дамы былі часам бачны двары, заваленыя іржавым жалезам самага рознага паходжання. Дайшоўшы да сярэдзіны вуліцы, я ўбачыў майстэрню таго самага шаўца, пра якога мне распавядаў гаспадар майго пансіёна. Гэта быў шыракаплечы чалавек са смуглявай скурай: у недастатковым асвятленні — вуліца была цёмная — нерухомы ягоны твар мне здаўся падобным на бронзавы профіль. Насупраць сядзела ягоная жонка, тая самая жанчына, якую ён прывёз з Францыі. Калі я спыніўся каля акна, яна падняла галаву і зірнула на мяне — і я павінен быў зрабіць намаганне, каб не ўскрыкнуць ад здзіўлення. Я сустрэў знаёмы, абсалютна без змен, пагляд шэрых сярдзітых вачэй і пазнаў Саламею.
Я павярнуўся і хутка пайшоў да свайго пансіёна. Там я выклікаў пакаёўку і папрасіў яе аднесці запіску жонцы шаўца. У гэтай запісцы я прасіў Саламею прыйсці на наступны вечар, у сем гадзін, на вакзал, дзе я спадзяюся яе спаткаць.
Калі пасля вайны мне сказалі, што яна забітая, я вельмі смуткаваў. Але гэта было нішто ў параўнанні з тым халодным адчаем, якое ахапіла мяне ў той вечар, калі я чакаў яе на вакзале. Паўз століка, за якім я сядзеў, праходзілі турысты, немцы, англічане, амерыканцы, французы, да мяне даходзілі іх словы, якія я чуў, але не разумеў іх сэнсу. Я бачыў перад сабой твар Андрэя — не таго злыселага чалавека, які пісаў цяпер словы для прыпевак і адчуваў агіду да самога сябе і сваіх кліентаў, а Андрэя дваццаць пяць гадоў таму, з яго далёкімі і захопленымі вачыма, і чуў яго словы: — Не, ты не можаш зразумець, ты ніколі не зразумееш. Не, гэта было занадта жорстка. Калі б Саламея была жывая...
Я думаў, што яна не прыйдзе. Але яна прыйшла. Калі яна наблізілася да майго століка і я ўстаў і падсунуў ёй крэсла, яна пільна паглядзела на мяне — так, быццам чагосьці баялася. Я не ведаў у яе гэтага выразу вачэй. Праглынуўшы сліну ад хвалявання, я спытаўся ў яе:
— Як усё гэта магло адбыцца?
Не адказаўшы на маё пытанне, яна спытала:
— Ён жывы?
— Жывы. Ён думае таксама, як думаў я да ўчарашняга дня, — што цябе забілі. Ён мала падобны цяпер на таго, якім быў да вайны, як ты не падобная на ранейшую Саламею.
— Ты знаходзіш, што я вельмі змянілася?
Не, вонкава яна змянілася менш, чым можна было чакаць. Яе твар ацяжэў, над ротам з’явіліся маршчыны, але яна была яшчэ прывабная.
— Я не меў на ўвазе знешнія змены. Але ты не адказала мне, як усё гэта адбылося. Паўтараю, мы ўсе былі ўпэўненыя, што цябе забілі на поўдні Францыі ў час вайны.
— Я была вельмі цяжка параненай, — сказала Саламея. — Я думала, што памру, я ў гэтым не сумнявалася. Потым адбылася звычайная сусальная гісторыя, ведаеш, як пішуць у дурных сентыментальных кнігах: мяне падабраў малады італьянец, данёс мяне да шпіталя і потым прыходзіў да мяне кожны дзень. Праз тыдзень доктар сказаў мне, што я застануся жывая.
Яна дастала цыгарэту і закурыла. Я ўспомніў, што раней яна не курыла.
— Ты памятаеш, што было ў час вайны? Для многіх людзей, у тым ліку для мяне, усё складанае знікла. Засталіся самыя простыя рэчы: голад, небяспека, страх смерці, холаду, болю, стомленасць і несвядомае разуменне таго, што ўсё ў жыцці проста і страшна. А тое, пра што можна марыць, гэта толькі цяпло, сон, ежа, бяспека, дах над галавой — што яшчэ?
— Так, так, я разумею, — сказаў я. — Але каменны век канчаецца.
— Калі мы потым прыехалі з ім у Фларэнцыю, — сказала яна, — вайна скончылася, небяспекі больш не было. Маленькія дзеці гулялі на вуліцах, свяціла сонца, было цёпла. Але ўсё, што было раней, перастала існаваць. Хіба ты не заўважыў, што таго свету, які быў да вайны, больш не існуе?
— Гэта можна было б сказаць, нават калі б вайны не было. Вядома, таго свету больш не існуе. Але той, які змяніў яго, не абавязкова павінен быць абмежаваны акном шаўца на вузкай вуліцы, якая выходзіць на via Ghibellina, і тым, што ўяўляе цяпер тваё жыццё. Варта было пражыць такое жыццё, прайсці праз такія выпрабаванні і ацалець — каб усё скончылася так? Мне здаецца, што ты заслугоўваеш лепшага.
— Ты ўпэўнены, што тое, пра што ты думаеш, лепшае?
— Не, — сказаў я. Можа быць, гэта мне ўяўлення нестае, але мне ўсё ж такі здаецца, што нельга больш скалечыць сваё існаванне, чым так, як ты гэта зрабіла. Я памятаю, што ў ранейшыя часы ты марыла пра іншае.
— А можа, шчасце ў тым, што табе ўдаецца абмежаваць сябе і зразумець, што галоўнае — гэта некалькі нескладаных рэчаў?
— Так жывуць дзясяткі мільёнаў людзей. Але ёсць іншыя, якім гэтага недастаткова.
Я паглядзеў ёй у вочы і раптам са здзіўленнем убачыў, што ў іх стаяў спакойны і абыякавы выраз, з тым лёгкім адценнем перавагі, які я ведаў раней, але які цяпер мне здаваўся недарэчным і незразумелым. Ранейшы адчай ахапіў мяне, я падумаў, што так гэтага пакінуць нельга. Я сказаў: — Я прапаную табе наступнае. Зараз мы выйдзем адсюль. Мая машына стаіць за вуглом. Я заеду на некалькі хвілін у пансіён і аплачу за пражыццё. У цябе ёсць якое-небудзь пасведчанне? Заўтра мы будзем на французскай мяжы. Заўтра ўвечары ты будзеш у Парыжы, а яшчэ праз тыдзень ты забудзешся пра ўсё, што папярэднічала твайму вяртанню.
— Не, — сказала яна. — Ты паедзеш з Фларэнцыі і вернешся ў Парыж без мяне.
— Ты катэгарычна адмаўляешся ехаць?
— Што я буду рабіць — у гэтым далёкім чужым горадзе?
Толькі ў першую хвіліну размовы з ёй я пачуў у яе голасе хваляванне, гэта было тады, калі яна спытала, ці жывы Андрэй. Увесь астатні час яна была спакойная — стан, які ёй быў цалкам неўласцівы раней.
— Ты забываеш пра час, мой дружа, — сказала яна, устаючы. — Тое, у чым ты жывеш, гэта рух ценяў. Ад таго, якім ты быў раней, не засталося самага галоўнага, і ты ўпарта адмаўляешся гэта прыняць. Ты хочаш павярнуць час назад — гэтага не можа нават Бог. Калі б я паслухала цябе і з’ехала з табой у Парыж, я б страціла тое, што ў мяне ёсць цяпер, і засталася б у пустаце, якую нельга запоўніць ніякімі ўспамінамі. Правядзі мяне дадому. Таму што цяпер у мяне, ці ведаеш, ёсць дом? Раней у мяне яго не было, я не ведала гэтага паняцця.
Мы выйшлі з вакзала. Я некаторы час ішоў моўчкі. Потым я сказаў, паўтараючы яе словы:
— «Страціла б тое, што ў мяне ёсць». Іншымі словамі, суседства чалавека, які не разумее адной дзясятай таго, што разумееш ты?
— Калі я ўбачыла цябе ў акне, гэта мяне ўразіла, — сказала яна. — І я ведала, што ты не зразумееш таго, што я табе скажу. Можа быць, ты зразумееш гэта пазней. Але для гэтага трэба, каб ты ўявіў сабе зусім іншы свет, якога ты не ведаеш і ў якім я жыву.
— Гэта нейкая літаратура.
— Не, літаратура ў мяне скончылася, — сказала яна. — Літаратура — гэта ў цябе. І да таго часу, пакуль ты ад яе не адкараскаешся, ты не зразумееш таго, што трэба.
Мы дайшлі з ёй да вугла via Ghibellina.
— Ты яшчэ памятаеш назвы французскіх вуліц? — сказаў я. — Rue de Vaugirard, rue Monsieur le Prince, rue de Tournon, rue de Buci, boulevard St. Germain, rue de Saints Peres?
— Так, успамінаю, — сказала яна. — Але тых, хто там жыў у гэты час, больш не існуе. Да пабачэння.
Яна прайшла некалькі крокаў, потым вярнулася і сказала:
— Я не так з табой развіталася.
Яна прыціснула на секунду свае чужыя вусны да маіх вуснаў і пайшла. Я глядзеў ёй услед — яна захавала сваю прамую гнуткую хаду, за якую яе назвалі Саламеяй. Потым я вярнуўся на вакзал. Затым прыехаў адтуль у свой пансіён і праляжаў да поўначы, не засынаючы, упарта сочачы за тым, што яна назвала рухам ценяў, — без якога яна жыла цяпер, а я не мог сабе ўявіць свайго існавання.
Калі я вяртаўся ў Парыж, я ўсё ўспамінаў размову з Саламеяй. Усё, што яна казала, не магло вытлумачыць таго непапраўнага ператварэння, якое з ёй адбылося. Тое, што я лічыў яе недахопам, гэта адсутнасць успамінаў, цяпер ратавала яе: калі б яна памятала тое, што было раней, яна не магла б так жыць.
Яе ператварэнне, як мне здавалася, адбылося таму, што яна ўбачыла перад сабой смерць. Дайшла да яе і потым адчула жывёльную радасць вяртання да жыцця. І вось адзіныя абставіны, пра якія яна не забылася, былі менавіта тыя, калі яна зразумела гэты зварот да жыцця, якім яна была абавязана маладому італьянцу. Апошні твар, які яна бачыла перад сабой, калі думала, што памрэ, гэта быў ягоны твар. І першы, які яна ўбачыла ўжо іншымі вачыма, калі яна адчула, што будзе жыць, гэта быў ягоны твар. І гэта быў самы моцны і адзіны ўспамін, які вызначыў і яе ператварэнне, і яе цяперашняе жыццё. Інстынкт самазахавання заслаў перад ёй усё, што было раней, і вось чаму маё з’яўленне ў вітрыне яе так ўзрушыла, як яна сказала. Тое, што я ёй прапанаваў — вярнуцца ў Парыж, — вядома, было немагчыма, таму што гораду, дзе яна раней жыла, у яе цяперашнім жыцці не заставалася месца. Я думаў і пра тое, што Андрэю, вядома, нельга будзе распавесці пра Саламею; ён вырашыў бы, што гэта вынік трагічнага непаразумення або здрады. Але гэта не было ні непаразуменнем, ні здрадай. Гэта была смерць. Не Саламеі, якая жыла цяпер на маленькай вуліцы, што выходзіць на via Ghibellina, а таго свету, часткай якога яна была для нас, якога больш сапраўды не было, але без таго прывіднага ўспаміну, без якога мы не ўяўлялі сабе нашага існавання.
Я сустрэў Андрэя зімой у невялікім кафэ на рагу rue le Buci і Bouleard St. Germain, куды я зайшоў, каб выпіць кавы. Ён быў такі ж сумны, як заўсёды, і цяпер мне было яго асабліва шкада, таму што я так выразна памятаў тую вераснёвую ноч у Фларэнцыі, калі я расстаўся з Саламеяй. Мы размаўлялі з ім пра розныя рэчы, потым ён зноў вярнуўся да таго, што было да вайны, зноў загаварыў — гэта было непазбежна — пра Саламею і сказаў:
— Табе гэта, можа быць, здасца сентыментальнасцю, але я б усё ж проста хацеў ведаць, дзе яе магіла. Ты ведаеш, што я шукаў яе і не знайшоў.
— Мабыць, таму, — сказаў я, — што ў цябе пра гэта былі няправільныя звесткі і ты шукаў яе не там, дзе трэба.
Пераклад з рускай Міхася КЕНЬКІ.