І. Успаміны Кіева

Радзіўся я, 25 ліпеня (дзень св. Якуба) 1840 года. Прынялі мяне з жалем і абразай: быў я калекі. Думалі, што або зара памру, як брат майго бацькі, каторы меў гэтае самае калецтва, або буду ідыётам, як Генрык Быкоўскі з Русаковіч, таксама трывусны. Тым часам я гадаваўся, і пастанавілі аддаць мяне ў гімназію ў Слуцак. Але і мне самому не хацелася і бацькам маім таксама не хацелася аддаваць калекага хлопца на кпінкі і здзекі равеснікаў; трэба было зрабіць спярша аперацыю, каторай тагачасныя дактары на Беларусі неяк баяліся. Слылі тады як аператары: Пірагоў, Кажанеўскі і Караваеў. Гэты апошні быў прафесарам Кіеўскага універсітэта, а да Кіева было і найбліжэй і найлягчэй дабрацца. Пачалі выбірацца ў Кіеў да Караваева, а ў гэтым часе разышлася чутка, што царыца, жонка Мікалая I, занядужыла на вочы, што маюць рабіць ёй аперацыю і што Караваева на вясну паклікалі ў Пецярбург. Дык едзем перад вясною, але ўжо коламі, па чарнігаўскіх растопах. Дарога ішла на Лоеў і Чарнігаў. Запрагалі ў адну карэту шэсцера каней, а пад фарысія1 — трое або чацвера, у каламажку, што ішла ззаду з нашай службай, запрэжана было пяцёра каней. Мы нідзе не загразлі, але бачылі карэты, цягнутыя некалькімі парамі валоў, і то на паштовым тракце (шосы яшчэ не было). На Дзесні, пад Чарнігавам разлітай на 10 вёрст, сарвалася бура, і паром наш занесла на нейкі бязлюдны груд2, дзе і прыйшлося нам начаваць. У Браварох уз'ехалі мы на шосу і пасля станулі над разлітым Дняпром. Мост тады яшчэ будаваўся: перабіраліся паромам.

Нестае ў мяне агня, каб апісаць мае тагочасныя дзіцячыя ўражанні, калі я ўбачыў Кіеў, а памятаю ўсё: і нейкага ваеннага старца, які раіў матцы маей,— думаючы, што яна сама едзе лячыцца,— не звяртацца да дактароў, але піць ваду з Днепра, бо святая; і аднаго з нашых фурманоў, вельмі харошага маладога русавалосага хлопца, каторы выказываў мне спачуццё, што мяне будуць «рэзаць»,— сягоння бы паказаў яго, каб ён быў гэткі малады і гожы, як перад 40 з гарой гадамі (было гэта ў 1852 г.). У канцы канцоў прыехалі на Ліпкі, там, дзе сягоння палац, а тады былі нейкія быццам «мінеральныя воды» і гасцініца. Доўга праглядалі нашы пашпарты, перш чым упусцілі нас у некалькі саўсім не элеганцкіх святлічак.

Назаўтра паехаў я з маім вучыцелем, п. Прыборам, да Караваева, каторы прыняў нас у універсітэце (затым прызнаеце мне, што я быў у Кіеўскім універсітэце!). Караваеў агледзіў мяне і аперацыю назначыў на другі дзень, у панядзелак. А панядзелак гэты прыпадаў у вялікім тыдні, 13 красавіка. Панядзелак і трынаццатае! Караваеў сказаў матцы, што хларафармаваць не будзе, «а хлопчык будзе крычаць». Я сказаў, што крычаць не буду. Здаецца, што Караваеў узяў за аперацыю 150 руб., Цэцурын — 50, а Кучэўскі — 25,— здаецца, што не болей. Надышоў панядзелак. А 10 гадзіне раніцай прыехаў Караваеў з Цэцурыным і студэнтам-медыкам п. Кучэўскім. Вынялі інструменты і зажадалі лаёвай свечкі, каб пацягнуць аб яе нажы. Я пачуў такое дакучлівае дрыжанне на ўсім целе, што выбег адліць ваду. Гэтага адразу ніхто не ўгледзіў, але скора агледзеліся, што мяне няма, і думалі, што я ўцёк, так што я, вяртаючыся, сустрэціў усіх аператараў, каторыя хацелі выходзіць. Вярнуў іх, сеў у крэсле з поручамі; мяне абвязалі сурвэткай, як да снедання. Аперацыя цягнулася 8 мінут. Ніхто мяне не трымаў, я сам рукі прыціскаў да поручаў крэсла. Мая матка сядзела ў суседнім пакоі і казала, што чула незвычайны шум у вушах і толькі пад канец пачула, як некалькі разоў нешта прыкра скрыгнула: мабыць, было гэта абрэзанне шпілек, удзетых у вусны. Як скончылася аперацыя, пачалі мяне хваліць за маю цярплівасць. Караваеў расказваў аб гэтым у клініцы. Прайшло пара дзён, і раптам уначы палілася з артэрыі кроў, падняўся перапалох. Мой вучыцель, п. Прыбора, павіпен быў ісці да доктара, але гэта даслоўна ісці, бо калі не памыляюся, то ў Кіеве было тады ўсяго панства — тры рамізу, а ў тых, што хадзілі ноччу, пыталіся пашпартоў, і хто не меў прыпадкам пры сабе пашпарту, садзілі ў халодную. Аб ліхтарнях на вуліцах яшчэ там ніхто не чуваў. Кроў лілася, а Прыбору не пускалі да Караваева, каторы жыў блізка каля універсітэту, здаецца, ў старане батанічнага саду. Па чатырох гадзінах кроў заматавалі. У два дні пазней, дужа рана, ізноў бухнула кроў; гэтым разам п. Прыбора знайшоў рэмізу, але Караваеў «уехал говеть». У каторую цэркву? — «Не могу знать». Аднак жа хутчэй, чым першы раз, прыбыла помач.

У Кіеве пазнаў я сваіх стрыечных дзвёх сясцёр, незвычайна гожых, падрастаючых ужо дзяўчынак, ды брата Яраслава, крыху старшага за мяне, і маленькага Багдана. Дзядзькі мае жылі ў Кіеве дзеля выхавання дзяцей; ім зайздросцілі, што маюць лёгкую дарогу ў Кіеў: калі перавазіліся туды, то дзядзька мой загадаў пабудаваць байдак3, на каторы паставілі 4 каней, гэтулькі сама кароў і ў прапорцыі рознай іншай гаспадаркі, з патрэбнай мерай корму, а ў каюты памясцілі паноў і слуг, ну і паплылі, як у каўчэзе Ноя (гэта тады называлася, што падарожжа нічога не каштуе!). Дом у Кіеве яны мелі свой, дужа блізка ад універсітэту, здаецца, што на Володзімерскай вуліцы. Праходзіць трэба было міма самаго універсітэту і ісці далей; было пара дамоў мураваных, пасля вялікі драўляны дом Оскеркаў, а побач гэткі ж, толькі крыху менш, дом майго дзядзькі з вялікім пустым пляцам, каторы злучаўся ужо з полем. Поле не было засеяна і выглядала, як нейкі гарадскі выган. Цешыліся, што жывуць быццам у вёсцы, а было гэта ад універсітэту, як ад камітэту да Бернадынскага касцёлу ў нашым Слуцку, не далей. У гасцініцы «Мінеральных вод» менш было шыку, чым цяпер у Лейбіхі ў Слуцку, толькі гасцініца прытыкала да царскага саду, у каторым дзіўныя алеі вялі на бераг Днепра. Відокі там так дзіўныя, што хоць пасля я бачыў свету, адначэ відокі Кіева і яго хараство назаўсёды асталіся ў мяне ў памяці. Першы раз бачыў я там тэатр. Быў ён на Падолі мураваны, брудны, цесны і цёмны. Ігралі дзве нейкія штукі: польскую і расійскую, здаецца, што ў абодвых было мардабойства, і памятаю, што ў расійскай былі нейкія брыдкія словы. Рух на Крашчаціку, сколькі памятаю, не быў большы, як у Слуцку на Мастовай4 вуліцы ў тарговы дзень. У царскім садзе публікі збіралася многа, пагода служыла, ды і вясна там пачынаецца раней, як у нас. Усе ведалі аба мне і звярталі ўвагу. Я быў героем дня, што дужа патурала маёй амбіцыі. Хоць у тэатры ігралі штукі па-польску, але на вуліцах мовы польскай, даслоўна, не чуў, і ў гэтым, як і ў многа чым іншым, знайшоў я вялікую перамену, будучы ў Кіеве ў 1878 годзе.

Міла было б спамінаць тыя патрыярхальныя часы праўдзівага дастатку і на свой спосаб выгоды, каб не дзве асобнасці тых часоў: прагавітая, падозрывая ўласць (паліцыя, жандармерыя) і пастаянны на ўсе бакі свіст розаг. Нават з успамінамі гэтай падарожжы лучацца розгі: на тры дні перад выездам зрабіўся ў нас «судны дзень», выйшлі на яў нейкія плёткі. Некалькі асоб высеклі, між іншым таварыша падарожжы, маладога лёкая Яся. Дастаў ён каля 30 розаг, хоць я дужа яго жалеў, але не важыўся дапытвацца, за што, бо і сам у страшнай гразе быў трыманы. Людзі, аднак жа, з гэтым асвоіліся так, што гэта было тэмай кпінак і прыпінак. Ясь, напрыклад, казаў, што яму «мух ганялі», а сляды таго «ганяння мух» прывёз нават дамоў з Кіева, і кіеўскі «незабуд» трываў цэлы месяц. Расказваў ён, што зараз па экзекуцыі загадалі яму трымаць за ногі Магдалену, каторая ўвесь час, як яе білі, плакала, паказываючы яму ўсе свае «сакрэты». Што да Магдалены гэтай, то я пэвен, што там яе віны ніякай не было, але была гэткая прычына: жыў у нашым баку п. Пушчык, абывацель, расіец, эксдзекабрыст, скінуты з палкоўніка гвардыі ў салдаты (знача мучанік ідэі, сын свабоды). Гэты Пушчык5 расказваў апасля ў салоне вось як аб гэтай экзекуцыі: «Дагледзіў я, што з нейкага часу да кавы даюць мне заместа смятанкі — малако, і то штораз радзейшае. Доўгі час не прыбраўся я сказаць аб гэтым, але раз уначы не мог я спаць: боль раны (з тых часоў, як быў салдатам) страшэнна мне дакучала, а раніцай заместа смятанкі дастаю сівое малачко. Гэта мяне зазлавала. Дык, нічога не кажучы, кажу лёкаём (нават і імёны памятаю: Александру і Антону) склікаць усю бабскую службу ў кантору — кантора побач стайні, дзяўчаты на зазыў хлапцоў вясёла папрыбягалі, і тут пачалася расправа. Фурманы Сцёпка і Тодар як адлічылі кожнай па 50, то ўсё наладзілася, хоць, можа, азадкі схудлі, але малако патлусцела». Пан Пушчык расказаў з гумарам, і гэта ў той час трапляла ўсім да пераконання. Гэткія парадкі трывалі ў нас яшчэ цэлы год пасля нашай падарожжы ў Кіеў, а перамена на лепшае, якая пасля сталася, варта таго, каб яе апісаць у асобным раздзеле.


ІІ. Палажэнне сялян

Святой сваёй павіннасцю лічу апісаць палажэпне сялян, каторае ў першым раздзеле зачапіў нават неспадзявана для сябе.

Пасля таго як мы вярнуліся з Кіева, да канца лета былі мы яшчэ дома, гэта значыць у Калатычах. Перад пачаткам школьнага году пераехала мая матка разам са мной у Слуцак на пастаяннае жыццё, а бацька паехаў у ўлюблёнае сваё Грабова * (* Грабовы ёсць два ў Мозырскім павеце: «Вялікае» — калісь Абуховічаў і «Малое» — калісь Радзівілаў. Водка — старка, каторую прадаюць Карказовічы, паходзіць з Радзівілаўскага Грабова. (Прыпіс аўтара.)) ў Мозырскі павет. Стасункі з воласцю былі ўжо напярэдадні волі лепшыя; лагоднымі іх назваць няможна (за цара Мікалая лагоднасці не было), а толькі былі быццам патрыярхальныя. У Грабове было некалькі сялян-гаспадароў, людзей шанаваных і справядлівых, каторыя былі ў зажыласці з самім панам6,— то гэтым стрымлівалася крыху страшэнная самаволя намеснікаў. У Калатычах жа астаўся неагранічаным уладаром Кароль Булгак, казалі, банкарт7 «слаўнага» (?) Булгарына, з мясцовых сялян, чалавек малады, але злога характару,— і бяздольнікі завылі.

Пад канец зімы з'яўляюцца пасланцы ад калатыцкіх сялян, молючы ў маткі маей ратунку. Першай прыбьіла маладая, гожая дзяўчына, Куліна, каторую розгамі прымушалі да любові; ёй пазволілі астацца ў Слуцку і зара найшлі служ-бу, а другія дасталі на рукі нешта кшталтам «жалезных лістоў», каб ніхто не смеў і пальцам крануць аж да прыезду пані. Апрача гэтага, нарочны пасланец завёз ліст да майго бацькі, у каторым паведамлялася, што на Вялікдзень пры-едзем у Калатычы.

Тут скажу, што я першы раз бачыў уплыў духу надыходзячай волі: заместа адпору са стараны бацькі наступіла яго поўная згода парабіць уступкі сялянам. Запрасілі на нараду мясцовага пароха8, уніяцкага ксяндза Андрэеўскага, улажылі нешта кшталтам канстытуцыі, і з гэтага часу быт нашых падданых на вачах пачаў папраўляцца. Бог даў падрад некалькі ўраджайных гадоў, так што даходы ўтрое павялічыліся, новую прыкупілі вёску (Заполле), і тысяча «душ» людзей мелі працаваць на хлеб для маладога Ольдзі, каторы сягоння, пішучы гэтыя ўспаміны, павінен прызнацца, што не мае ані «буднага хлеба», ані страхі над галавой, ані нічога, апрача колькіх сваіх прыяцелёў: talis est mutatiuo retum9!

Услед пасля гэтага бацька мой пробаваў ачыншаваць10 сваю вёску Бубноўку (сягоння ўласнасць Фелькі Чарноцкага); хаця гэта спярша не аказалася практычным, бо было перадчасным, але сягонняшнія ўспаміны Бубноўскай чыняць славу памяці даўнейшага іхнага пана.

Растучы, я развіваўся, а перада мною што-раз харашэй рассцілаўся свет: на царскім троне сеў, слаўнай памяці, Аляксандр II, насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных яны не бачылі. Не стала бы паветра для подлых інстынктаў. Няхай цяперашняе пакаленне зайздросціць, што я на гэта глядзеў сваімі вачамі. Чэсць тагачаснай кіеўскай маладзёжы, каторая была дэмакратычнай і «хлопаманскай».


ІІІ. Мая кніжка

За найлепшых, якія памятаю, часоў жыў я ў Жэневе. Як вядома, гэта цэнтр пратэстантызму (Жэневу называюць кальвінскім Рымам, народ скрозь там кальвінскі11). Акружоны я быў вернымі самых разнародных сект, а калегі мае і прыяцелі былі найбольш масоны12. 3 каталікоў знаў толькі тамачнаго пароха кс. Меrmilad, пазнейшага кардынала, Антоняга Патка (паляк-эмігрант, слаўны зегармайстар, чалавек светлы, але пільнуючы перш за ўсё свайго рэмясла) і дзвёх старых паненак dе Sillonge, зродныя сёстры графа Кавура13, п'емонцкага міністра і пазнейшага тварца Італьянскай еднасці. Патэк быў у старане пры рэлігійных спорах, хоць нават ад папежа Піўса IX дастаў тытул графа; кс. Меrmilad і сёстры dе Sillonge былі з сабой здалёку, бо тады справа свецкай улады была sur lе tаріs14 і ксяндзу не ў спадобу былі зносіны яго парахвіянак з верхаводам італьянскай свабоды. Кавур бываў гэтаксама ў Жэневе, але інкогніта, як і ўсе, што там засталіся. Быў нават і [звер] Бобікаў, б. начальнік Кіеўскага округу, і, як звычайны старэнькі чалавечык, аціраўся аб іншых смяротнікаў. Візіты Кавура тлумачылі сабе масонскімі цэлямі, а мне здавалася, што там былі фінансавыя прычыны, зрэшты, я быў тады яшчэ мала што не рабёнкам. Кавур быў заўсёды вельмі заняты і акружэны людзьмі паважнымі, і раз толькі звярнуў на мяне ўвагу. Кс. Меrmilad слушна ці не слушна ў візітах Кавура бачыў нейкую проціпапежскую інтрыгу.

Я жыў у старой кальвінкі пані Fоmіо dе КоІіgnу, дзе таксама наймала кватэру і англічанка метадыстка n. Roberts; яна-то і падарыла мне кніжку, каторая 40 блізка гадоў заўсёды знаходзіцца пры мне. Кніжка гэта — «Аб наследаванні Хрыста». Дзівіць мяне крыху, чаму гарачая апосталка метадыстаў, якой была mis Roberts, выбрала для мяне якраз гэтае выданне «Наследавання», дзе на канцы памешчана каталіцкае набажэнства; ці яна хацела гэтым выказаць перад каталікамі сваю бесстароннасць, ці, можа, сваю пашану для перакладача кс. Lammenjer, каторы разам з dе Моntalenbertam, нашым шырока вядомым прыяцелем, былі ў сварцы з Апостальскай Сталіцай, як лішне вольнадумныя людзі. Канец канцом удзячан я вельмі mis Roberts за тое, што яна мне дала гэту кніжачку. Агульна прызнаю яе архітворам мыслі і літаратуры: я ў ёй знайшоў многа думак, каторыя ўмацовывалі мяне ў цяжкіх момантах майго жыцця, якіх было шмат на маей жыццёвай дарозе. Аўтар яе, напэўна, невядомы: адны думаюць, што св. Таmas а Кеmріs, а навейшая навука даводзіць, што напісаў яе нейкі ісландскі мніх невядомага імені.

Сколькі ж гэта архітвораў не можа назваць сваіх тварцоў?!


IV. Мой дзед

Дзед мой бачыў Робесп'ера

Адвакатам і акторам,

Ды не думаў, што кар'ера

Яго зробіць дыктаторам.


Дзед мой Юзеф Абуховіч граф Бандзінелі, мабыць, ніколі не бачыў Рабесп'ера; калі быў у Парыжы і Версалі як шамбеляна16 польскага двара, то гэта будучая знамянітасць сядзела недзе яшчэ ў Аррас. Калі ж закіпела рэвалюцыя і Робесп'ер выплыў наверх, то дзед мой быў на іншым становішчы: спярша быў жаўнерам пад Касцюшкам17, а пасля, як баніта18, выняты з-пад права, пад прыдуманым прозвішчам тры гады быў фурманам у ваяводзіхі Хадкевічыхі на Падолі: «talis est mutatiorerum». Мабыць, з тых часоў ці, можа, і раней завязаліся нейкія асаблівыя стасункі з Пулавамі і сям'ёй князёў Чартарыйскіх. Дзед-нябожчык аб сваёй мінуўшчыне ніколі нам не расказваў — тое, што мы ведалі аб ім, то толькі недзе са стараны,— але ведаю, што ён старасвецкія сямейныя памятнікі адаслаў у Пулавы, з Пулаў атрымліваў і розныя весткі. Калі я ў 1860 гаду быў прадстаўлены кн. Адаму Чартарыйскаму, то ён, 90-летні старац, пачуўшы маю фамілію, быццам ажывіўся і спытаў: «Сын шамбеляна?» — «Унук, міласцівы князю».— «Так, Юзеф Абуховіч, мусі, даўно ўжо не жыве, ён старэйшы быў за мяне»,— і з гэтымі словамі быццам ізноў асунуўся. Каб гэта і не быў князь Адам, то ўсё ж такі з такім паважным старым чалавекам нельга было адважыцца нахрапам распытывацца аб падробніцах з мінуўшага; дык захаваў я сваю цікавасць да якой-колечы шчаслівейшай зручнасці, каторая ўжо не надарылася, хаця пасля не раз, нават часта, бачыў я старога князя. Калінка мне казаў, што, яшчэ мяне не знаючы, чуў разгаварываючага князя Адама з сваёй сястрой княгіняй Віртэмберскай (аўтаркай «Ріеlgrzymек z Dоbrоmila»19, як маю фамілію яны ўспаміналі ў нейкай вясёлай гутарцы, але аб што ішло — не памятаў, а калі я быў у Парыжы — княгіня ўжо не жыла. Можа, нейкія дагэтуль нязнаныя памятнікі кінуць святло з таго кавалка жыцця і паступкаў майго дзеда.


V. Мая жонка

4/ІV 190420. Сягоння раніцай скончыўся 21 год ад смерці маей жонкі. Сем не споўна гадоў трывала гэтае нешчаслівае пажыццё. Палажэнне было цяжкое, а дамовы спакой руйнавала інтрыганка, вельмі падобная да старой паненкі Вікторыі. Нябожчыца жонка мая была асоба добрая, гожая, вельмі мілая і ветлая ў стасунках з людзьмі. Спевам сваім кожнага магла абваражыць. Вартая была лепшай долі, чымсьці тая, якую яна мела: я яе ніколі не любіў і шмат чаго выкідаю сабе...

Мне перш за ўсё трэба было спазнаць сябе і ніколі не жаніцца або пайсці на грашовы інтарэс і забяспечыць сабе і бацькам быт, да каторага само сабой былі мы ўсе прывыкшы.

У дамовым пажыцці я быў жорсткі і карысны. Матэрыяльныя няўдачы з аднэй, а інтрыгі з другой стараны атруцілі нам жыццё...

У тваіх руках, божа, суд справядлівы...


VI. «Граф Бандзінелі»

Я падпісваюся па маіх беларускіх творах «Граф Бандзінелі»: гэта прозвішча маей бабкі, апошняй з гэтага роду, каторы выдаў такую знамянітасць, як папеж Аляксандр III. Бачыў я на plet fond21 у залі «Трохсот» у палацы дожаў22 сцэну: цэсар прымушан пасці ў ногі папежу. Папеж стаўляе адну нагу на сагнутым карку цэсара і кажа: «Super aspidem et basiliscum ambulabo et conculcabo draconem et bovem»23. Расшалелы ў сваім паніжэнні дэспат кажа: «Пакараюся Пятру, а не табе». А тады Аляксандр III граф Бандзінелі, становіцца абодвымі нагамі на яго імнератарскай спіне і зычным кажа голасам: «Et Petri et mihi»24. 3 роду Бандзінеліх быў слаўны тварэц «Laokoona». У італьянскай бацькаўшчыне слыў гэты магнацкі род і прыбыў у Польшчу як амбасадар25 Неапалітанскі, за Яна III26. Гэты амбасадар неапалітанскі, уміраючы ў Варшаве, пакінуў сына, майго прашчура. Аляксандр граф Бандзінелі, падкаморы Дэрптскі, дзядзька маей бабкі, бачучы род свой угасаючым, усынавіў род Абуховічаў.

Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуццё нечага вялікага, сільнага... Чытаючы ж Пушкіна, мяне дзівіць пазыванне на яго афрыканскае паходжанне. Куплены за бутэльку рому «Арап Пятра Вялікага» — гэта пратопляста Пушкіна. «Нечага хваліцца» — скажа кожны. Але іначай разумее гэта псіхалогія маскоўская: «Памілуйце, Царскі Дзяншчык!..» Гэта быццам нешта сярэдняе між чалавекам і анёлам святым!

Не Сібір, астрог, не кнут —

I не цела цяжкі мукі,

Але дух народу струт...


VII. Міраслаўскі

Пазнаў я яго каля 1860 года ў Парыжы. На Раsrоqо dі Соmmеrо была чытальня з польскай сталовай Жукоўскага (здаецца, Янкі). Брыдкая дзіра, брудная. Там за маіх часоў сходзілася кампанія польскай дэмакратыі. Скандалаў там, аднак, не было, як некалі на гuе Таrаnnе. Сходкі былі саўсім прыятныя, а генерал Міраслаўскі забаўляў кампанію сваей зручнай і дасціпнай размовай. Быў гэта, само сабой, шарлатан, але вельмі сімпатычны. Асыпаў нас патрыятычнымі фразамі і страляў вострым гумарам у сваіх палітычных праціўнікаў. 3 выгляду быў незвычайна гожы, душаўкладны, так што на дэмакрата саўсім не выглядаў, хутчэй на актора, бо і быў-такі камедыянтам. Ен ўзяў многае на сваё сумленне, прыспяшаючы здарэнні 63 году27. Часцю апраўдвае яго тое, што край знаў ён толькі з расказаў нейкіх паноў сваякоў ды мяшчан варшаўскіх, каторыя самі ведалі мала аб краю ды баялі, як аб жалезным воўку, а толькі патураючы шляхце, слалі сабе сцежкі да кар'еры.

Людвік Міраслаўскі хоць тры разы быў дыктатарам: у Бадэні, у Неапалі і ў Пазнаншчыне, але грошы не збіраў. Жыў заўсёды скромна, зарабляючы лекцыямі, а па смерці пакінуў усяго 1700 франкаў; які-колечы пазнаншчык гэтулькі міліёнаў пэўне б, на яго месцы будучы, саббраў бы.

Міраслаўскі быў — гэта знача выказваў сябе — атэістам, але ў яго пакойчыку вісеў на сцяне абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Раз Фелікс Вратноўскі адведаў яго ў хваробе; прыціснуты болямі, пан Людвік голасна ўзываў ласкі Маці Божай. Калі мінуў прыступ боляў, Вратноўскі спытаў Міраслаўскага, што гэта мае значыць? Той выкруціўся жартамі, што ён заўсёды гатоў шукаць ласкі ў кожнай паненкі.

Міраслаўскі ў мутнай вадзе рыбы не лавіў, але затое заўсёды гатоў быў у муці сабраць жменьку гразі, каб кінуць у вочы сваім палітычным праціўнікам. Не гэткага крою павінны быць стаўпы народаў, уваскрасіцелі Бацькаўшчыны!


VIII. Дзве смерці (3 мая 1894 г.)

Зваліліся дзве навіны, як гром з яснага неба, аб дзвёх смерцях: п. п. Адам Перасвет Солтан і Марка Узлоўскі ўчора развіталіся са светам. Абодвы ў ваколіцах Слуцка пражылі свой век. Варта аб іх пагаварыць. Пан Адам паходзіць са слаўнага роду Перасвет Салтанаў гербу Сыракомля. Адвечным гняздом гэтай галіны Салтаноў былі і ёсць маетнасць Горкі,— даўней у павеце Рэчыцкім, а цяпер Бабруйскім над ракой Арэсай. Адам радзіўся ў першай чвэрці XIX сталецця, вучыўся ў слуцкай гімназіі. У гімназіяльныя часы хоць быстратой лішне не выдзяляўся, але меў нахіл да літаратуры. Прабаваў пісаць вершы, але, сустрэўшыся з вострай крытыкай на свае польскія «трэны»28, перакінуўся да пісання сатыры ў беларускай мове, што, трэба прызнаць, яму ўдавалася рабіць даволі гладка, аднак жа з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім. Вышаўшы з гімназіі, здаецца, што саўсім закінуў свае літаратурныя спробы, прынамсі, ніколі не ўспамінаў аб іх. Ажаніўся дужа малады з Стэфаніей Баранцэвічанкай, асобай вялікага духу, дужа тактычнай і незвычайнага розуму. Нябожчык Адам бачыў высшасць духовую сваей жонкі і сам рад стушовываўся перад ёй, але і жонка мела той такт, уласцівы людзям выдат-ным, што ніколі свайго Адама не дапусціла да непрыстойнай ролі «мужа пад пантофлем». Жыццё іх плыло ціха і шчасліва. Ад малых дзён памятаю, што заўсёды гаворэна аб Адаме як аб дужа добрым, але крыху цяжкаватым чалавеку. Жыццё пана Адама можна прыраўняць да дня, ужо ж буднага, але каторы раніцай загарэўся чырвонай зоркай і да канца пагодна сышоў.

Солтан не меў ворагаў, не меў іх і Марка Узлоўскі — «пястун павету», Марачкам да смерці празывавы. Арыгінальны ў манерах, адкрытага сэрца, шырокай веды, незвычайна здольны і добры, гэты чалавек на сваю бяду няўдачна ажаніўся. Двох людзей толькі знаў я, абдарэных такой памяццю, якую меў пан Марка Узлоўскі: Владыслава Войзбона і князя Дзівеева.


X. Літаратурнае апраўданне

Праглядаючы мае вершы, Франціш Багушэвіч зрабіў увагу, што ў мяне не ўсюды бываюць уласцівыя беларускай мове акцэнты. На гэта я яму адпісаў:


У гаворцы ёсць ружніца

Між маею і Тваей:

Маей — пушчы, Птыч граніца,

Ты — Панарскі салавей!..


Гэта значыць: у Беларусі ёсць многа асобных дыялектаў-гутарак, і ў гаворцы між Магілева над Днеправым Мозырам і Гродняй бывае вялікая розніца не толькі ў акцэнтах, але ёсць і многа цікавых правінцыяналізмаў. От, напрыклад, некалькі нашых палеска-беларускіх правінцыяналізмаў,— ручаюся, што іх у віленска-гродзенскай беларускай мове або саўсім не ўжываюць, або ўжываюць рэдка. «Нашчадзь» — патомства, будучае пакаленне; «нішком» — ціхачом, пакрыёму, хаваючыся; «плён» — расток, малады белы карэньчык пры зярне і шмат іншых.

Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб выказаць, што я хачу, каб пачулі мысль маю і каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства. I дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літаратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядомай яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа. У Францыі — спярша дыялект правінцыі Lanque d’Ос меў перавагу ў французскай літаратуры, а пазней Lanque d’Оui — цяперашняя французчына. Гэта трэба памятаць і нашым літаратарам і пурытанізмам не забаўляцца!


XI. Спас 20/VII 1904

«Прыйшоў Пятрок — апаў лісток; прыйшоў Ілля — апала два; прыйшоў Спас — усяму час».

Сягонняшні дзень умацаваўся ў маёй памяці: першы раз пачуў я, як да мяне сказана: «Дзеду, дзедку!» Было гэткае здарэнне: пад вечар зайшоў я да майго даўнага суседа, п. Сымона Легатовіча, і трапіў там на дажынкі. П. Сымон, маючы добрую грамаду работнікаў да аплаты і пачастунку, саваў каждаму ў рукі квіток на заробленыя грошы і, нічога не кажучы, ішоў далей. Пісьменнага ў гэтай грамадзе нікога не было, а я апынуўся між сялянамі, дык пачалі спярша па аднаму, пасля грамадой звяртацца да мяне: «Дзеду, дзедку,— прачытайце!» Ста-расць міла з гэтым павітаннем мне ўсміхнулася; збудзіўся добры гумар... Пайшоў шукаць я гожую паненку Маню Легатовічанку, каб «дзеўкі краснай ручкі белы» ўрачылі мой свежа атрыманы патэнт на старэчую павагу «Дзеда». Sclavus saltans33, а аднак неяк міла,— чую ў сабе славяніна. Народ рабочы заўзята танцаваў у слаўнай залі Зарэцкага палацу, брала ахвота і мне патанцаваць, але ўражанні былі іншага зместу.

Зарэчча памятаю з тых часоў, калі я быў такі маленькі, што прысмакі мне на крэсле, а не на стале стаўлялі. Пасля не быў там лет колькі-наццаць... Зарэчча — гэта толькі частка Глускага графства; атрымаў яго п. Кароль Нерэзыуш за дакананне вельмі цікавай справы, так званай эксдывізіі Глускай. Але, дзеля ўдзячнасці і пашаны да п. Кароля, раскажу аб ім асобна.

Герб Нерэзыушоў — гэта крыж і месяц маладзік — здаецца Сzоrуjа. Апошняя з гэтага дому Станіслава Легатовіч пыталася ў мяне, ці не ведаю чаго аб яе родзе. От жа: паводле апавядання самога Кароля Нерэзыуша, быў ён рэгентам пры Новагрудскім судзе, пасля нейкі час працаваў у натарыуса і ўзяў пасля смерці дзеда майго, Юзефа Абуховіча, справы і маетнасць. Дзед мой сардэчна яго палюбіў, а св. памяці бабка мая цярпець яго не магла. Было гэта каля 1825 года, часы былі добрыя, і п.Кароль, «Нарулёнкам» празываны ад дзеда майго, добра ўладзіўшы свае маёнткавыя справы, хацеў выкупіць ад маршалка Філіпа Абуховіча Капцэвічы, адвечную Абуховічаўскую маетнасць, каб толькі дзед мой гэту маетнасць ад яго прыняў і прыпаручыў яму справу належачага нам Стальянскага спадку34 па Бандзінеліх і зацверджанне графскага тытулу. Тут нахлынулі важнейшыя здарэнні: выбухла паўстанне. На Беларусі азбраіваліся і ла дварох муштраваліся (муштры адбываліся ў Маложэве, гэтая мясцовасць у хронікароў называецца Акунёўкай,— там Вітаўт35 пабіў татараў, цяпер Акунёўка — ручаёк, аддзяляючы ўрочышча Маложэва ад вёскі Акунёўкі). Нехта непатрэбны падгледзіў гэтыя прыгатаўленні і даў данос. Падазравалі ў даносе чыноўніка п. Міткевіча і генерала Гатоўскага, але гэты апошні быў чалавек шанаваны, хоць маскаль, і адкрыта агрызаўся з дзедам маім. Міткевіч такжа меў добрую славу, дык, мабыць, нехта трэці паспяшаўся асцерагчы ўласці. Пасля гэтага даносу прыказана было капітану Бехамо арыштаваць майго дзеда, што прыйшлося рабіць аружнай рукой, бо люднасць сялянская стала адпорна, за-барыкадавалася ў дварэ, з прыроды даволі недаступным, і пачалася страляніна. Забітых не было, але з абодвух старон некалькі душ ранена. П. Кароль скланіў тады дзеда да капітуляцыі, бо ўтрымацца доўга нельга было, а з глаўнага плацу падышлі непамысныя весткі. Забралі тады старычка падкаморчыца, і хоць жыў яшчэ гады чатыры, але свабоды ўжо не бачыў.

Роля парламентара не прайшла п. Каролю насуха: казак, не пазнаўшыся на яго тагды святым і недатыкальным характары, сперазаў яго чатыры разы нагайкай, за што казака высеклі, а п. Каролю так з'яднала гэта маскоўскую стар-шызну, што яго прызналі адміністратарам ад правіцельства над маетнасцямі майго дзеда. 3 апякунства п. Нерэзыуш вывязаўся як найсумленней. Дзед мой вызнае гэта ў тэстаменце36 і запісвае свайму «Нарулёнку» тысячу дукатаў.

У гэтым часе сталася нейкая таемная справа, аб пачатках каторай магу толькі дадумвацца і дзеля гэтага буду гаварыць толькі аб скутках37 яе.

Быў нейкі чалавек, бацька мой з нейкай трывогай называў яго «Пёровіч», а Нерэзыуш — «Пёрка, каторага я здаў у рэкруты», але гэнае пёрка, відаць, было ўстрэмлена ў нейкае балючае месца, бо п. Кароль не будаваў свайго палацу ў Зарэччы датуль, пакуль не даведаўся, што Пёркі ўжо няма на свеце. Сяляне яго вельмі ждалі, нейкія надзеі загараліся ў іх пры ўспамінах аб ім, але ўсё гэта пакрыта было таемнасцю. Пёровіч, уцёкшы з салдатаў, укрываўся; — начамі ён часам прыходзіў да майго бацькі, што зазвычай было прычынай вялікага перапалоху. Казаў заўсёды, што памсціцца на панох. Каля Солетнік часцей паяўляўся і там ён загінуў. Расказваюць: утапілі яго па загаду майго дзядзькі. Быў гэта, мабыць, чалавек незвычайны, калі, будучы банітам, вынятым з-пад права, праз 20 гадоў трымаў у гразе амаль цэлы павет. I хоць паходзіў з сялян, але быў чалавекам вельмі адукаваным, уроды гожай, мілы і красамоўны. Захаванне між сялянамі меў незвычайнае. Насіўся з нейкімі рэфарматарскімі планамі і для сваёй справы еднаў прыхільнікаў між сялянамі толькі. Па смерці Пёровіча яго рэфарматарскімі планамі зацікавілася жандармерыя, было следства. Сяляне адчапіліся нічога не веданнем, шляхта не рада ішла на гутаркі аб сваім ворагу. Следства скончылася зданнем ў салдаты двох нічым нявінных сялян. Расказвалі сяляне ў вялікай тайніцы аб нейкіх «граматах», недзе пераховываных у вучнёў Пёровіча. За год 10—15 справа гэта саўсім заглохла.

Па дойсцю да поўналетнасці бацькі майго п. Нерэзыуш злажыў з сябе павіннасць апекуна над Абуховічаўскімі маетнасцямі і прыняў інтарэсы маршалка Рудзееўскага (гэтага роду не трэба мяшаць з Радзееўскімі). П. Кароль ажа-ніўся з Ідаліей Юдыцкай, апошняй дзедзічкай38 Глуска. Ключ Глускі быў Юдыцкімі вельмі абдоўжан і перайшоў ужо некалькі эксдывізій, але п. Кароль дагледзіў, што першая з гэтых эксдывізій, на каторай апіраліся ўсе пазнейшыя, мела нейкія нефармальнасці і не была зацверджана. Ён падняў гэтае пытанне і даў довад да ўтварэння эксдывізіі папраўчай Глускай. Учасце ў ёй прынялі людзі вельмі часамі падозрэнай славы, як Юзеф Свіда, Ігнат Тукало (цётачна-Зродны брат маей бабкі Альжбеты з Венцлавовічаў Естковай. Естко — экслегіяніст, каторы здабыў на вайне разам з лаўрамі Напалеонскімі грамад-ную суму наполеондараў) — і іншыя, а найгоршым быў маршалак Бжозоўскі, банкарт аднаго з Юдыцкіх, каторы адпрысягнуў праўнасць скрыптаў39 натуральнага свайго бацькі, выданых ахмістрыні Бжозоўскай, гэта значыць, сваёй матцы, аб каторых агульнавядома, што былі фікцыйныя. Гэты Бжозоўскі быў бацькам знанага за нашых часоў Міхаіла Бжозоўскага (рожд. са Здзехоўскай), каторы слыў з бясчэльнасці і досціпу. Хацеў яго адзін раз дакарыць п. Юзеф Свіда і, папярэдзіўшы аб гэтым чысленую кампанію, кажа да ўхадзячага Бжозоўскага: «Як маешся, пане Юдыцкі?» — «Здароў, гадуюся, пане Ванковіч!» — адказаў Бжозоўскі. Мне здаецца, што лепей зрэзаць не можна! Прыпамінае мне гэта анекдотку, чутую ў Францыі: кароль Генрых IV сустрэў нейкага шляхціца, саўсім да сябе падобнага, дык, стукаючы яго па плячу, пытаецца: «Скажы, васпан, ці твая матка была пры дварэ майго бацькі?» Шляхціц адказвае: «Не, найяснейшы каралю, мой бацька быў лёкаем пры яе міласці каралеве, матцы вашай міласці».

Але, вяртаючыся да Нерэзыуша і эксдывізіі, скажу, што п. Кароль з гэнай мутнай вады ёмкую рыбу вылавіў: суд абмінуў крэдытароў Юдыцкіх, Фастовічы выдзеліў Бжозоўскаму, а Зарэчча асталося для п. Рудзееўскай і перайшло да Нерэзыуша невядомым нейкім парадкам,— кажу невядомым, бо памятаю гэткую справу.

Зімою 1847 года адбывалася вельмі пышнае вяселле панны Анелі Естко, дачкі Якуба. Была гэта багатая едыначка, свецка адукаваная, саўсім прыстойная. Я спадзяваўся для яе бліскучай партыі, тым часам яна выйшла за Оттона Ёдку; чалавек ён быў не быстры, але добры. Пан Якуб Естко быў гэта чалавек багаты, паважаны і з шырокімі стасункамі, меў нейкі вышэйшы ўрад ад выбараў і быў пры гэтым адным з глаўных мецэнатаў Едноты Кальвінскай; меў сваякоў, прыяцелеў і знаёмых даволі, дык і паклікаў усіх на вяселле сваёй едыначкі. Сярод марозаў і бур вельмі вострай зімы 47-га года тры, нават чатыры губерні Беларускія рушылі на вяселле ў Турына, у Ігуменскі павет. Біскуп номінат мінскі кс. Рава прыехаў даваць шлюб. Між іншым быў гэта адзін з найбольш агранічаных ксяндзоў у Мінскай дыццезіі40. Цар Мікалай хацеў яго канечна зрабіць біскупам і тры разы прадстаўляў Сталіцы Апостальскай, але дармо. На шлюбе кс. Рава меў мову, пачынаючуюся ад слоў: «Рука руку мые, а якая ж міласць ёсць між рукамі? Нага нагу падпірае, а якая ж міласць паміж нагамі?» і г. д.

Дык вяселле Турынскае было вельмі гучнае. Паўтараста асоб з розных старон сабралася, і цэлы тыдзень банкетавалі, да нядаўна яшчэ можна было чуць розныя аб ім успаміны. Само сабой, калі далей буду спісываць свае ўспаміны, то яшчэ калісь нешта аб гэтым вяселлі напішу, бо мела яно шмат чаго цікавага з абычаёў вясельных даўных, што цяпер ужо пазабыты. На вяселлі былі і бацькі мае. Была такжа і грабіна41 Юдыцкая з дачкой сваёй, паняй Рудзееўскай. Так мая матка, як і пані Юдыцкая, былі Есткоўны з дому і сустрэліся ў Турыне па доўгім часе разлукі з сабой. Вяртаючыся з вяселля, заехаліся яны ў Калатычы і тут найнеспадзяванне для сябе даведаліся, што Зарэчча не іх уласнасць, а што яно належыць да Нерэзыуша.


XII. Дзяды

Увосені народ наш святкуе паганскае яшчэ свята Дзядоў. Хрысціянізм заўсёды шанаваў гэтае свята, каторае ўлівала народу веру ў бяссмерце душы. Вёскі, не зважаючы на непагадзь, пануючую ў гэтым часе, маюць святочны выгляд. Сцены ў гасподах вымыты да бела, каб душы дзядоў маглі з уцехай прыбліжацца да вокан і ўглядацца радасна на бяседуючых сваіх нашчадкаў. Мыслі кружацца і налятаюць, як чалавек аб гэтым падумае: можа гэтаксама на-лятаюць і кружацца наўкол духі дарагіх нашых нябожчыкаў? Dе Сhаtеаubriand42 заклінае цені каралёў французскіх, каб не падходзілі да занечышчанай магілы ў S-t Dеnіs і каб не заглядалі ў змарнаваную бацькаўшчыну. Загадвае каралю засягаць муравы вясковых магілак.

Сягнуўшы мыслю, сколькі ж гэта бачыцца сяліб сягоння апаганеных, сколькі ж гэта дзядоў не мае па што заглядаць у дамовыя вогнішчы?! Сколькі ж гэта дзядоў не пазнала б сваёй нашчадзі на тэй зямлі, дзе спачываюць іх косці! Я, дзеля пашанавання сягонняшняга вечару дзядоў, выйшаў на мост, каб падумаць аб памёршай радзіне і прыяцелях. Я саўсім спакоен, нішто маіх думак не трывожыць. Няхай жа думкі мае будуць трызнай хаўтурнай дзедаўскай, маім антэнатам43.

Прыпамінаецца мне адно здарэнне з далёкай маей мінуўшчыны. Было гэта ў Францыі, з паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі пячоныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае lе vin сhaud44. Гэта апошняе так гумар успасобіла, а часы былі поўны ясных надзей, што пастанавілі мы зрабіць ваенную муштру, і то не пяхоты, а кавалерыі. Каждае крэсла сталася жэрабцом, капітан Ільдэфонс Коссілоўскі (эмігрант) прыняў каманду, а Валер'ян Калінка, пазнейшы ксёндз і гісторык, гарцаваў наперадзе нас. Суседкі мае думалі, што дом зваліцца, а было гэта на чацвёртым паверсе. Назаўтра меў я візыту паліцыі, але я ўвесь гэты гармідар вытлумачыў як рэч абрадавую, патрыятычную, і на гэтым вышло ўсё.

Загрузка...