ІВАН ШАМЯКІН
АХ, МІХАЛІНА, МІХАЛІНА...
Аповесць
Слухаючы яе першы раз у шумным кафэ пры абласной гасцініцы, я, як кажуць у нашым пісьменніцкім асяроддзі, «загарэўся тэмай» — падумаў: гэта ж гатовы сюжэт, у такім выглядзе жыццё рэдка дорыць яго нашаму брату. Але ў гісторыі не было канца. Яго трэба было прыдумаць. Гадзіны праз дзве пасля размовы я ўжо меў некалькі варыянтаў развязкі. Аднак хацелася ведаць, як такі заблытаны вузел развяжа само жыццё. А таму, прызнаюся, калі настойліва дамагаўся для яе прыёму ў сакратара абкома, то рабіў гэта не толькі ад шчырага жадання і грамадскага абавязку — памагчы чалавеку, але і з некаторага эгаістычнага меркавання — наблізіць фінал і пасля даведацца, які ён у жыцці, і параўнаць з маімі — ці ўдалося адгадаць? Што зробіш — прафесія часам вымушае да хітрасці!
К канцу дня мы з ёй былі ў прасторным кабінеце перад аўтарытэтным сталом, за якім сядзеў з выгляду вельмі просты чалавек — зусім не аўтарытэтны ў тым значэнні гэтага слова, да якога мы за пэўны час прывыклі.
Пятро Гаўрылавіч тады быў яшчэ новым чалавекам за гэтым сталом. Прыйшоў ён у абком з інстытута, з пасады рэктара. Натуральна, што не паспеў яшчэ набыць глыбакадумнай паважнасці, знарокавай стомленасці і рассеянасці ў размове з людзьмі. Акрамя таго, у інстытуце яму, відаць, нярэдка прыходзілася выслухоўваць споведзі такіх жа, хіба трохі маладзейшых, дзяўчат і жанок. Я па тэлефоне коратка пераказаў яму сутнасць таго, што пачуў сам ад жанчыны. Можа таму ён разглядаў яе сваімі блізарукімі вачамі праз акуляры з добрай увагай і шчырай цікаўнасцю, вельмі прыхільнай, неабражальнай, якая хораша супакойвае наведвальніка.
Але яе гэта, відаць, мала супакоіла.
Там, перада мной адным, яна ні на хвілінку не бянтэжылася, нават калі расказвала пра самыя інтымныя свае пачуцці і перажыванні. Гаварыла проста, натуральна, дзе з болем, дзе з абурэннем, а дзе і з гумарам, хоць смешнага ва ўсёй гісторыі мала.
А тут ніяк не магла пачаць сваю споведзь. Залішне доўга камечыла пацёртую дужку рыдыкюльчыка, глядзела долу на бліскучы паркет. Разы два глянула на мяне. Адзін раз так, быццам папрасіла: «Пачніце вы, скажыце што-небудзь. А то мне цяжка»; другі — з нейкай дзіўнай, больш інтымнай, чым дазваляла наша кароткае знаёмства, усмешкай.
Пятро Гаўрылавіч не прыспяшаў жанчыну. Разглядаў не толькі яе твар, але і рукі, пальцы, прыгожыя, аднак, ужо трошкі загрубелыя, як ва ўсіх вясковых настаўніц. Нарэшце, не вытрымаў, сказаў амаль афіцыйна:
— Слухаю вас, Міхаліна Казіміраўна.
Тады яна пачала расказваць. I ўжо ў першыя хвіліны я здзівіўся: гэта быў зусім іншы расказ, больш таго — другога чалавека. Не, яна расказвала тое ж самае, нават, калі хочаце, больш лагічна, паслядоўна і спакойна, толькі карацей — менш падрабязнасцей і менш здагадак пра думкі і намеры людзей, якія мелі дачыненне да яе лёсу. I менш даверлівасці, больш стрыманасці. Увогуле гэта натуральна: адна справа — расказваць пісьменніку, другая — сакратару абкома, у кабінеце, дзе сама абстаноўка прымушала да стрыманасці і нават да некаторай афіцыйнасці.
Я гэта разумеў. I аднак жа ніяк не мог вызваліцца ад уражання, што слухаю зусім другога чалавека, чую зусім другі расказ, падобны да першага толькі сваёй знешняй фабулай. Што здарылася — уцяміць не мог. Змяніўся настрой жанчыны? Ці можа за нейкія чатыры-пяць гадзін я сам так трансфармаваў гэты матэрыял, так «пераварыў», зрабіў «сваім», што дакладны паўтор, ды яшчэ ў другіх інтанацыях — ужо «не маё», чужое, інакшае, чым патрэбна мне. Але чаму ў кафэ я ўсяму верыў, а цяпер і раз, і другі, і трэці ўсумніўся ў праўдзівасці сітуацый, якія ўзнікалі на працягу яе своеасаблівай трагедыі, яе шчасця і бяды? А з’явілася адчуванне фальшы — і знікла жаданне пісаць. Ужо недзе напалавіне я слухаў яе амаль абыякава. Думаў: «Я зрабіў добрую справу, памог ёй сустрэцца з сакратаром — даволі; у мяне хапае іншых спраў, клопатаў, сюжэтаў».
Але — не! Я зноў паверыў ёй і зноў «загарэўся тэмай», калі яна так незвычайна, так шчыра выказала сакратару сваю просьбу.
Ішоў час, была другая работа, і гісторыя Міхаліны Казіміраўны, хоць я не раз успамінаў яе, ляжала ў маім творчым запасніку.
Мінула амаль два гады. Тое, што называецца ў нас творчай камандзіроўкай, занесла мяне ў адзін палескі раён. Я трэці раз сустрэўся з настаўніцай і пераканаўся, што яна не зманіла, даведаўся, пра той працяг яе радасці і гора, які можна бадай назваць канцом...
Цяпер я ўжо не мог не напісаць. Але з чаго пачаць? Безумоўна, з яе першага расказа...
У тую раніцу звычайнага будняга дня з’явілася ў мяне дзіўнае жаданне: надзець сваё найлепшае плацце і тую кофтачку, якую падаравала Антаніна Аркадзеўна. Кофтачку гэтую я вельмі берагла і надзявала толькі ў самыя ўрачыстыя святы, бо другой такой кофтачкі не было нідзе — яе звязала свякруха сама і звязала так, што жанчыны ахалі, калі ўпершыню бачылі гэты белы цуд з чорнай і чырвонай акаймоўкай; вочы ў іх загараліся зайздрасцю. Жонка сакратара райкома знарок прыязджала і прасіла Антаніну Аркадзеўну, каб тая звязала такую кофтачку ёй. Я была пры іх размове. Антаніна Аркадзеўна зачырванелася, разгубілася.
«Што вы, што вы, галубка. У мяне ўжо сляпыя вочы. Ды і звязаць так можна толькі раз у жыцці».
Сакратарысе, відаць, стала няёмка, што патурбавала такой недарэчнай просьбай заслужаную настаўніцу, і яна хуценька развіталася.
О, як мне было радасна чуць і назіраць гэта! Помню, я не ўтрымалася, абняла свякруху, пацалавала ў шчаку, хоць увогуле да такіх пяшчотаў не прывучана і не люблю іх. «Якая вы слаўная, Антаніна Аркадзеўна! Як я люблю вас!»
Яна ласкава адхіліла мяне, сказала:
— Не такая я добрая. Вучні лічаць мяне злоснай. Як бы ў цябе не было, як у таго Сашкі. Ён кажа: «Бабуська, я вельмі-вельмі люблю цябе». А праз хвіліну: «Баба, ты — бяка, не буду цябе любіць».
Сашка — мой сын, яму тры гадкі.
Але я люблю яе, сваю свякруху. I цяпер нават. Паважаю. Яна — разумны чалавек і сапраўдны педагог. Аднак не скажу, што ва ўсіх нашых адносінах была поўная шчырасць. Я трошкі баялася яе, бо адчувала, што пры ўсёй надзвычайнай дабраце і ласкавасці яна ставілася да мяне неяк насцярожліва, быццам таксама баялася, што я магу зрабіць нейкую непрыемнасць, калі не ёй самой, то Генадзю. Калі яна праўда баялася, то, як бачыце, недарэмна, было ў яе чуццё.
Надзець плацце, я адчувала, можна без тлумачэнняў. Генадзь напэўна ўвогуле не прыкмеціць: ён абыякавы і да свайго ўласнага ўбрання і да майго. Свякруха далікатна прамаўчыць. Мала што можа прыйсці ў галаву маладой жанчыне! Няхай пакрасуецца, калі ёй так захацелася. Але кофтачка... Тут не стрымаецца ўжо муж. Спытае. Бо кофтачку гэтую — матчын падарунак яго жонцы ў дзень вяселля — ён таксама бярог раўніва. I што я адкажу? Не магла ж я сказаць, што заўсёды, з малых год, з нецярплівасцю чакала сустрэчы з кожным новым чалавекам. Праўда, заўсёды мне здавалася, што новы чалавек прынясе нейкую новую радасць, яшчэ чуць больш падыме заслону, за якой — дзівосны, казачны свет. Відаць, гэта ў мяне ад таго, што я расла ў лесе, але на чыгунцы. Бацька мой быў пуцявы абходчык. Будачнік, як у нас кажуць.
Міма будкі штодня праносіліся цягнікі, у вокнах пасажырскіх мільгалі твары, з тамбураў таварных прыветліва махалі кандуктары. Але людзі гэтыя ніколі не маглі зайсці ў нашу будку. А мне так хацелася малой, каб хоць раз цягнік спыніўся і ўсе пасажыры, многа-многа людзей, зайшлі да нас у госці. О, якое б гэта было свята, здавалася мне! Колькі цікавага яны маглі б расказаць, паездзіўшы па свеце. У нашу будку ўвогуле рэдка хто заходзіў, яна была сярод пушчы, далёка ад вёсак. Наведваліся толькі суседзі — будачнікі, ляснік, зрэдку паляўнічыя, і ўлетку, калі збіралі чарніцы, у святочныя дні забіраліся ў такую далеч жанчыны. Яны такі праўда прыносілі радасць — незвычайныя расказы пра вясковыя прыгоды і здарэнні, якія здаваліся мне самымі цікавымі казкамі. У інстытуце, у гарадскім мнагалюддзі гэтае нецярплівае чаканне новых людзей, вядома, было прыглушана. А тут, у сельскай школе, яно зноў з’явілася.
Аднак... што пра мяне маглі б падумаць і муж і свякруха, каб я прызналася, што адзецца па-святочнаму мне захацелася таму, што сёння ў школе ўпершыню з’явіцца новы завуч, які толькі ўчора вечарам прыехаў з другога раёна.
Паводзіла я сябе ў тую раніцу, відаць, незвычайна. Можа, залішне была ўвішнай. Ці, можа, нечакана задумвалася, бывае са мной такое, зноў-такі пэўна ад ляснога маленства, ад чыгункі, на якой я магла нерухома стаяць гадзінамі і глядзець, як над нагрэтым насыпам плывуць хвалі мроіва, як скачуць праз рэйкі «зайчыкі», ці слухаць, як гудуць правады. Між іншым, гэтак жа, як хацелася, каб у будку прыйшлі новыя людзі, так мне хацелася ведаць усе словы, якія бягуць па дратах.
Мы селі снедаць. Антаніна Аркадзеўна не любіла неарганізаванасці, паспешлівасці, «перакусаў на хаду», як гэта робяць многія нашы калегі. Мы снедалі, абедалі, вячэралі грунтоўна, можна сказаць, урачыста, у зале — самым большым і светлым пакоі, за добрым сталом, засланым белым льняным настольнікам, з поўнымі прыборамі.
Я, як толькі выходзіла са спальні і казала свякрусе, якая ўставала раней: «Добрай раніцы, мама», — ужо здагадвалася, чый дзень яна рабіла — свой ці мой. Маіх дзён было менш, часам тыдзень і больш я была ў хатняй працы толькі добраахвотнай памочніцай. Але калі ўжо Антаніна Аркадзеўна вырашала, што дзень павінен быць мой, то давала мне поўную самастойнасць, сама нават не заглядвала на кухню... Я павінна была згатаваць снеданне, падаць на стол, прыбраць... У свае дні яна ніколі не прасіла дапамогі, хоць, праўда, рэдка адмаўлялася ад яе. Так яна прывучала нявестку да парадку, выхоўвала акуратную гаспадыню, добрую жонку свайму сыну. Я ж была дзікая, лясная. Мяне інстытут не вельмі «абгабляваў». Не вучылі ж нас там смачна гатаваць, прыгожа стол сервіраваць і культурна прыслужваць... мужу. Між іншым, мне доўга здавалася, што Генадзь яшчэ больш «сукаваты», чым я, што ён абыякавы да ўсяго гэтага педантычнага парадку, які завяла і падтрымлівала маці, што ён, як малое дзіця: дзе ні ступіць — зробіць беспарадак. Я не аднойчы думала пра свякруху: «Усіх яна ўмее выхоўваць, нават мяне так хутка «прыцёрла» да свайго густу і ладу, а ўласнага сына не здолела выхаваць».
Той дзень быў мой. Мне адной прыйшлося гатаваць снеданне, падаваць на стол. I гэта трохі сапсавала настрой: адчувала, што не паспею прыбрацца сама так, як хацелася. А тут яшчэ гэтая кофтачка
не давала спакою. Якую прычыну прыдумаць, каб надзець яе?
— Што з табой, Міхаліна? Нейкая ты сёння... узбуджаная,— і паглядзела на сына: ці не пасварыліся мы? Яна вельмі асцерагала нас ад сварак.
Генадзь еў і чытаў. Ён часта так рабіў. Адзін парушаў урачыстаснь трапезы. Гэта яго дурная звычка не падабалася і мне: я не раз казала, што ён падае дрэнны прыклад Сашку.
Генадзь дагэтуль, здаецца, нічога не чуў — так захапіўся часопісам. А матчына пытанне пачуў адразу і адказаў за мяне з паспешлівасцю, не пракаўтнуўшы страву:
— Гэта яна прамову рыхтуе ў гонар завуча. Урачысты панегірык.
Я засмяялася: словы мужа падказалі мне хітрую думку.
— Як ён, Геня, — ты ж сустракаў іх учора,— не сухар?
— Аляксандр Дзямідавіч? Здаецца, нічога... Не сухар.
— Жарты разумее?
Муж адарваўся ад кніжкі, паглядзеў на мяне. Усміхнуўся:
— Міка! Адна ты ўмееш пачынаць знаёмства з жартаў.— I прыгадаў, як мы з ім пазнаёміліся.
— А хіба дрэнна?
— Ну, нам не было калі яшчэ жартаваць. Памаглі згрузіць рэчы, выпілі на чамаданах па чарцы — і бывайце здаровы, уладжвайцеся самі. Мы ўсё-такі выхаваныя людзі. Інтэлігенты.
— А што калі мы з Маяй прывітаем яго на дзвярах? Мама, у каго з класікаў ёсць што-небудзь такое... на прыезд начальніка? Падкажыце. Оду якую-небудзь...
— У каго? Не ўспомню я адразу. Ты ж — літаратар.
— I я не помню. Ну, мы зімправізуем. Не пакрыўдзіцца?
Антаніна Аркадзеўна з ласкавым дакорам паківала галавой.
— Выдумшчыца ты, Міхаліна.
— А пакрыўдзіцца — адразу будзем ведаць, што за чалавек.
— Ён то не пакрыўдзіцца. Але што падумае пра вас Павел Адамавіч? — спытаў Генадзь.
Ёсць у нас дужа сярдзіты стары — фізік, які чамусьці проста, здавалася, ненавідзеў нас, маладых настаўніц. Толькі настаўніц. Жарты нашы часам псуюць яму настрой на тыдзень. Ён чмыхае, плюецца і нават даходзіць да таго, што скардзіцца на нас вучням, але зноў-такі толькі хлопцам са старэйшых класаў, якім завышае адзнакі, а ўсім дзяўчатам заніжае. За гэта мы яго моцна клявалі на педсаветах. Але ўвогуле сур’ёзна не злаваліся на старога жонаненавісніка, кпілі з яго дзівацтва, дражнілі, адным словам — забаўляліся.
Прыгадаў яго Генадзь — і я пляснула ў далоні.
— О, у такім разе мы абавязкова гэта зробім! Адразу двух зайцоў заб’ем! Трох! Пазнаёмім завуча з нашым «Анікумам».
Чаму «Анікум»? Адзін інспектар некалі сказаў пра Паўла Адамавіча: «Арыгінальны стары! Унікум!» А хадзілі плёткі, што стары тайком зазірае да сваёй кумы Ані. Нашы насмешніцы тут жа перакруцілі: замест «Унікум» — «Ані-кум».
Аднак, што гэта я расказваю дробязі?
Адным словам, я знайшла прычыну, каб здзейсніць сваё жаданне. Ва ўсялякім разе плацце, пасля такой размовы, магла надзяваць смела. А вось кофтачку...
Прачнуўся наш сын. Паклікаў мяне, як заўсёды,— гучна, настойліва:
— Ма-ма!
На Сашкаў кліч мы часта раней, калі ён толькі навучыўся гаварыць, кідаліся ўтрох. Але потым я паводзіла сябе больш стрымана і давала бацьку першаму нацешыцца сынам. Рабіла гэта не без хітрасці. Я трошкі раўнавала яго да Сашкі, калі гэта можна так назваць. I да маці. Калі Генадзь чытаў і клікала я, то пяць разоў, можа, трэба было паўтарыць, ці павысіць голас, каб адгукнуўся. А пакліча Сашка — адразу чуе, адразу кідаецца да сына. I калі маці кліча — адгукаецца хутчэй, чым на мой голас. Дробязь, але мяне гэта трохі крыўдзіла, ва ўсякім разе закранала не вельмі прыемна. За маю маленькую крыўду гэтую помсціў Сашка. Так было і ў тую раніцу.
— Чый я чую галасок? — замілавана забубніў у зацямнёнай спальні Генадзь.— Хто мяне кліча?
Сашка адказаў сярдзітым дзіцячым баском:
— Адыдзі. Не цябе заву. Я маму заву.
Вось яна, тая маленькая сынава помста за няўвагу да яго мамы.
Я думала: «Як ты не падхалімнічай, як не дзьмухай на яго, не сюсюкай, а дзіця ўсё адно цягнецца да мяне, хоць я часам і шлёпанцаў даю».
— А мамы няма,— схлусіў Генадзь. Ход быў несумленны. Але і за гэта яму адплаціў Сашка — гучна паклікаў бабу. Антаніна Аркадзеўна была кінулася на кліч, але я ўтрымала яе.
— Дайце ім памірыцца,— сказала я.— Патомны педагог Качанок ніяк не можа зразумець дзіцячую псіхалогію. Не ўмее ён дружыць з Сашкам.
— Не, чаму? Калі яны застаюцца ўдвух, то гуляюць добра. Я назірала,— заступілася за сына маці.
— Значыцца, мы з вамі залішне песцім Сашку.
— Так. Я думала пра гэта. Выходзіць, адно — выхоўваць чужых і зусім другое — сваіх. Калі пачуцці перамагаюць розум, развагу...
Я адчула, што старой захацелася паразважаць на педагагічную тэму, яна любіла гэта, гаварыла падоўгу, але мне было сумна слухаць. Таму я перапыніла яе:
— Я надзену сёння кофтачку. Можна, мама?
Пасля прыгадвала, што першую фразу я сказала залішне рашуча. А дазвол папрасіла лісліва і нясмела, як малая. Нечаканы пераскок на зусім іншую тэму і гэтыя мае інтанацыі, відаць, проста такі ашаламілі Антаніну Аркадзеўну. Яна здзіўлена паглядзела на мяне. Але яна была псіхолаг, педагог, а таму тут жа схавала сваё здзіўленне, толькі пранікліва зазірнула мне ў вочы. I я прачытала ў яе вачах, тую ж трывогу, якую часам лавіла раней у словах, позірках, усмешках і ва ўсім штодзённым стаўленні свякрухі да мяне. Тады я не разумела, чаго яна баіцца.
— Якое ты дзяўчо яшчэ, Міхаліна. Табе яшчэ так хочацца падабацца? — свякруха ўсміхалася, але нявесела, і ў словах яе быў дакор.
У мяне запалалі шчокі. Зрабілася сорамна і... з’явілася злосць. Трохі не сарвалася з языка: «А вам хочацца, каб на мяне было брыдка глядзець?»
Але я схамянулася. Антаніна Аркадзеўна сама вучыла мяне адзявацца прыгожа, з густам, падбіраць па колеру сукенкі, кофтачкі, капялюшыкі. Яна адчувала колер, як мастак. Таму кінуць ёй такі папрок было б несправядлівай жорсткасцю. А я сама больш за ўсё ненавіджу ў людзях чэрствасць, душэўную грубасць. Не дай божа мне калі гаварыць людзям жорсткія словы, хоць мне такіх слоў сказалі нямала. Але я не крыўдую. I тады толькі на міг у мяне з’явілася нядобрае пачуццё да свякрухі. Ды я тут жа патушыла тую іскрынку. Панурылася, пачала збіраць са стала талеркі.
Антаніна Аркадзеўна зразумела сваю памылку і паправіла яе. Паднялася, ласкава абняла мяне за плечы.
— Ты нібы дазволу ў мяне пытаешся? Міхаліна, дзіця маё! Мне радасна бачыць цябе ў кофтачцы. Гэта — праца маіх рук. Як жа я магу не радавацца, што яна да твару табе і ты харашэеш у ёй? Ты дарэмна так шкадуеш яе. Для цябе я звяжу не адну...
Сашка памірыўся з бацькам. Яны дурэлі і рагаталі. Мы стаялі абняўшыся і слухалі іх, шчаслівыя ад замілавання.
Яны пайшлі ў школу раней, маці і сын. А я пакуль прыбрала на кухні, дала наказы няньцы, якая прыходзіла гуляць з Сашкам. А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Не, я не адчувала сябе пакрыўджанай. Праўда, помню, падумала, што завуч, мабыць, даўно ўжо ў настаўніцкай і з усімі пазнаёміўся. Не будзе ж новы чалавек прыходзіць пазней за ўсіх. А таму я напэўна буду знаёміцца апошняй. I добра. Чаго мне крыўдзіцца? Гэта, можа, нават цікавей, больш натуральна, прасцей. Жаданне сустрэць яго жартам здалося недарэчнай дзіцячай фантазіяй. Прыйдзе ж такое ў галаву! I такім жа недарэчным здалося жаданне адзецца незвычайна, па-святочнаму. Навошта? — падумала я.
I аднак усё-такі адзелася незвычайна: нацягнула сваё старое студэнцкае плацце. Не насіла яго гады чатыры. Пасля родаў яно не налазіла на мяне. Ды і тады яшчэ было цеснае, а таму — кароткае: у ім я стала падобна на вучаніцу. Чаму сярод добрага дзесятка розных убораў я выбрала гэтае — сказаць не магу, не ведаю. Напэўна ніхто, ніколі, ніякія псіхолагі не змогуць растлумачыць такія павароты ў нашай жаночай псіхіцы. Але, паверце, не на злосць свякрусе ці мужу я так зрабіла. Далібог. Не было ў мяне злосці. Не.
Зразумела, што зрабіла глупства, толькі ў настаўніцкай, калі ўбачыла, як паглядзела на мяне Антаніна Аркадзеўна. Вельмі яе ўразіла маё плацце. Пакрыўдзілася яна. Але, відаць, менш вінаваціла мяне, больш — сябе за сваё пытанне. Балюча ёй было. Гэта я адчула. I мне стала брыдка за свой учынак. Генадзь таксама паглядзеў на мяне са здзіўленнем і неразуменнем. Ды, здаецца, усе настаўнікі зганілі маё плацце, не разумеючы, чаму я, жанчына з густам, раптам так адзелася. Павел Адамавіч, «Анікум» наш, яўна знарок бессаромна разглядаў мае калені. Я мусіла схавацца за стол.
На маё шчасце, завуча яшчэ не было. Яго чакалі. Пра яго гаварылі. I мяне зноў апанавала хваляванне. Я пачала яго чакаць з такой жа нецярплівасцю, як у маленстве чакала кожнага новага чалавека, і з тым жа прадчуваннем, што з ім прыйдзе штосьці незвычайнае, радаснае. Сэрца як бы рвалася яму насустрач: білася мацней і мацней. Гарэлі шчокі,
I вось адчыніліся дзверы...
Я трохі не ахнула. Не, не бойцеся, ніякай нечаканай сустрэчы не адбылося, бо ніякіх рамантычных гісторый у мяне ніколі раней не было. Я ўпершыню ўбачыла гэтага чалавека. Ён быў звычайны. Мужчына год трыццаці, хударлявы, стройны, з выразным, але не сказаць каб прыгожым, проста так — сімпатычным, як кажуць жанчыны, тварам. Сэрца маё ёкнула і сарвалася з месца ад таго, што здалося: даўно-даўно і вельмі добра ведаю гэтага чалавека. Ён — з маёй мары, з той, дзявочай, калі ўпершыню пачынаеш думаць пра таго, хто павінен прыйсці ў тваё жыццё, узяць за руку і павесці за сабой, стаць бацькам тваіх дзяцей, пачынаеш уяўляць яго і ствараеш вобраз выдуманага абранніка.
Ён быў такі — Аляксандр Дзямідавіч. 3 мары. Генадзь не такі. Генадзя мне падаравала звычайнае жыццё. Я не марыла пра яго нават пасля таго, калі мы пазнаёміліся на трэцім курсе і пачалі сустракацца, хадзіць у кіно, у тэатр, на вечары. Я люблю людзей увогуле, мне цікава з кожным чалавекам, і мне цікава было з ім, з Генадзем. I я пераканала сябе, што люблю яго. Хіба я ведала, якая яна любоў? Праўда, калі на пятым курсе ён прапанаваў выйсці за яго замуж, я была трохі разгубілася і завагалася, папрасіла даць мне падумаць. Але дзяўчаты, мае сяброўкі па курсе, крычалі ад захаплення, а можа, ад зайздрасці: «Ліна, ты радзілася ў сарочцы. Такі хлопец! Золата! 3 такой сям’і! Само шчасце ідзе да цябе. А ты яшчэ думаеш! Дурная!» Прыкладна гэтак жа напісалі мне маці і старэйшая сястра, жонка ляснічага: «Пашлюць у такую глухамань, як наша, дык ніякага жаніха не знойдзеш. За трактарыста выйдзеш».
Калі нарадзіўся Сашка, я зусім упэўнілася, што люблю Генадзя, што інакшага кахання не бывае, не бывае і інакшага шчасця, як маё, што мары мае тыя дзявочыя — з кніжак, з дваранскіх раманаў, а не ад нашага жыцця, дзе ўсё куды прасцей.
Ажно — не, выходзіць, не прасцей.
Ён, завуч наш новы, спыніўся каля дзвярэй, неяк асабліва ўсміхнуўся. Ці, можа, мне з тае хвіліны пачало здавацца, што ўсё ў яго асаблівае? Прывітаўся.
— Добрай раніцы, калегі.— I сказаў: — Будзем знаёміцца. Але не называйце сябе. Я хачу сам пазнаць кожнага з вас. Мне расказваў пра вас Андрэй Пятровіч і тыя, з кім я пазнаёміўся раней. Цікава, усіх пазнаю?
Гульня такая многім спадабалася. Маладзейшыя настаўніцы прыветліва засмяяліся, ажывіліся. I тут жа паважна змоўклі, калі завуч праз увесь доўгі пакой пайшоў да старэйшай сярод нас.
— Антаніна Аркадзеўна? Без пафасу скажу: я рады, што буду працаваць разам з вамі. Ведаю вас даўно, чытаў вашы артыкулы, больш таго — выкарыстоўваю вашы думкі ў сваёй будучай дысертацыі. Каюся. Добры дзень вам, мой старэйшы таварыш,— ён затрымаў яе руку ў сваёй, глядзеў у вочы, сапраўды радасна ўсміхаўся.
Антаніна Аркадзеўна запунцавелася, як дзяўчынка, і разгубілася — не ведала, што адказаць. Нават падзякаваць забылася.
Ад таго, што завуч падышоў да яе першай і заслужаная настаўніца так разгубілася,— усім зрабілася хораша.
А мне стала і радасна і...страшна. Праўда, мяне скаваў страх... Раптоўна. Як токам ударыла — і ўсю паралізавала.
Завуч павярнуўся да нашага «Анікума», які, здавалася, не звяртаў ніякай увагі на гульню ў пазнаванне і, каб не траціць дарэмна час, праглядаў кантрольныя работы, ставіў дзяўчатам двойкі і тройкі, хлопцам — чацвёркі; пяцёрку атрымаць у яго было немагчыма. «На пяцёрку я сам фізіку не ведаю»,— адказваў ён на нашы папрокі.
— Павел Адамавіч?! — гэтак жа запытаў і сцвердзіў адначасова завуч.— Наш выдатны фізік. Самы прынцыповы чалавек. Таварышы расказвалі пра вас столькі добрага!
— Хлусіце вы! — выпаліў у адказ стары.— Нічога добрага пра мяне яны не маглі расказаць! Я не паненка, не трэба мне вашы кампліменты! Я вас буду цаніць па вашай рабоце, а не па расказах!..
Настаўніцы абурана загаманілі.
— Як вам не сорамна, Павел Адамавіч!
— Будзьце ж далікатным!
— Чаму вы думаеце, што пра вас маглі расказваць дрэннае?
— Не раўняйце па сабе!
Аляксандр Дзямідавіч не разгубіўся.
— А я і хацеў вам сказаць камплімент толькі за работу. Больш ні за што. А работа не з’яўляецца сакрэтам. Слава пра яе далёка ідзе. Я чуў пра вас, калі яшчэ вучыўся ў педінстытуце. Ад вашых вучняў.
Стары быў пакораны. Што ён мог адказаць на такія словы! Ды і Аляксандр Дзямідавіч паціскаў ужо руку настаўніцы — нашаму географу і астраному. Яе таксама пазнаў:
— Найдабрэйшая Марына Антонаўна...
Гэткі старамодны, амаль з дваранскіх часоў, эпітэт, ды па ім мы здагадаліся, што завуч ведае ўсё. Яна сапраўды вельмі добрая, Марына Антонаўна, з усімі сябруе, усім памагае, але славутая не дабратой, а здзіўляючым няведаннем свайго прадмета. Пасля некаторых яе «геаграфічных адкрыццяў» у Антаніны Аркадзеўны ледзь не здарыўся сардэчны прыступ. Яна па два дні вохкала і абуралася.
— Божа мой, якое дрымучае невуцтва! Дваццаць гадоў вучыць дзяцей і не ведаць, дзе востраў Калімантан і колькі кіламетраў мае акружнасць зямлі па экватары.
А Генадзь рагатаў; яго быццам цешыла і такое невуцтва немаладой настаўніцы і абурэнне маці, якая была ў школе, што даведнік — усё ведала, па ўсіх прадметах.
Мне, скажу шчыра, не падабалася, што за такі кароткі час завучу ўсё расказалі. Пра кожнага. А сустракаўся ён з мужчынамі. 3 Генадзем у тым ліку.
«Плеткары горшыя за баб»,— падумала я пра нашых мужчын са злосцю. Але ў той жа час было зусім неабыякава, што сказалі пра мяне. Хацелася, каб сказалі гэтак жа хораша, як пра свякруху маю. Хацелася пачуць нешта такое ж. Усе мы — як дзеці, бываем смешныя і наіўныя. Я разумела, што сама гульня гэтая ў пазнаванне — дзіцячая забаўка дарослых людзей, ухваляла Паўла Адамавіча, які абурыўся, але ўсё адно чакала, як дурная дзяўчынка, хвалявалася.
I проста спалохалася, калі Аляксандр Дзямідавіч сказаў нашай русічцы:
— А вас я не ведаю. Даруйце.
Яна, ціхая, сарамлівая, пакрыўджана пачырванеўшы, назвала не імя сваё і імя па бацьку, а прозвішча.
У мяне закалацілася сэрца. Пазнае ці не пазнае? Абураючыся супраць мужчын, што яны пра ўсіх расказвалі, я ў той жа час думала, што мне будзе абразліва і балюча, калі ён кіне вось гэтак жа: «А вас я не ведаю». Хацелася, каб ён ведаў мяне, ведаў усё. Тады напэўна скажа нешта асаблівае — як нікому. Радаснае, прыемнае. Інакш не можа быць. Ён павінен адчуць. Мне ўжо ніколечкі не было страшна, што нехта мог не зусім высока атэставаць мяне, як настаўніцу. Гэта стала другарадным. Галоўнае — у іншым: каб ён ведаў, адчуў, звярнуў увагу, сказаў нешта такое, што кажуць жанчыне,— словы, якія для другіх нічога не гавораць і нічога не значаць, якія разумеюць толькі двое.
Далібог, мне здалося, што пахіснуліся шафы і сцены, калі ён падышоў. А потым усё засланілі яго вочы, добрыя, карыя і трохі сумныя.
Ён сказаў:
— А вы — Мая, піянерважатая.
Усе засмяяліся. I — дзіўна — тое, што са мною ніхто не пазнаёміў яго завочна, не кранула мяне, наадварст — узрадавала. Генадзь сказаў гучна, як бы пакрыўджана:
— Гэта мая жонка — Міхаліна Казіміраўна. Яна вядзе беларускую літаратуру.
Тады збянтэжыўся ён, Аляксандр Дзямідавіч. Зачырванеўся, замаргаў, мармытаў прабачэнні і... доўга не выпускаў маёй рукі. А мне было прыемна, што ён трымае яе, руку. Мне раптам зрабілася весела, і я смяялася, разглядаючы зблізку яго твар — лоб, вочы, вусны...
3 гэтага пачалося. Але не думайце, што нешта здарылася назаўтра ці праз тыдзень. Не. Нічога не адбывалася амаль паўгода, да самай вясны. Праўда, у той дзень пасля работы, за абедам, Генадзь з неўласцівай яму нахмуранасцю і раздражнёнасцю спытаў:
— Што гэта ты ўбралася, як для спектакля?
Яшчэ на ўроку я адчула: паступова, як сілы да хворага, вяртаецца мая юнацкая гарэзлівасць. Ад гэтага было хораша, радасна. Я адказала Генадзю са смехам:
— Баялася ўпадабацца новаму завучу.
Ён, цяля такое, адразу палагаднеў ад маёй жартаўлівасці. Але Антаніна Аркадзеўна, безумоўна, зразумела больш. Яна спалохалася. Я ўбачыла гэта пазней, не ў той міг і не ў той дзень. Інакшай зрабілася яе насцярожанасць. Не, яна не асцерагала мяне. Яна пражыла жыццё, многа ўведала, яшчэ больш прачытала і разумела, што ад гэтага не ўсцеражэш. Горш яна не стала адносіцца, можа, нават лепш: у дробных сямейных спрэчках і канфліктах нашых з Генадзем часцей, чым раней, трымалася майго боку. Але хутка я ўцяміла, што робіць яна гэта не ад душэўнага збліжэння, а бадай што ад аддалення, адчужанасці. 3 чалавекам вельмі блізкім заўсёды паводзіш сябе прасцей і не баішся, што ён можа пакрыўдзіцца за нязгоду з яго думкай, за папрок, заўвагу, крытыку. 3 чужым, з госцем, напрыклад, трымаеш вуха востра: каб — крый божа! — чым не пакрыўдзіць. Так і яна, Антаніна Аркадзеўна. Яна задужа інтэлігентная.
Ды яшчэ хіба адно здарылася на другі дзень. Я надзела, ідучы ў школу, усё найлепшае. I кофтачку гэтую. Між іншым, у тую раніцу, здаецца, я прыкмеціла, што свякруха спалохалася. Мяне гэта толькі рассмяшыла і пацешыла.
Я трошкі была расчаравана, што ў настаўніцкую перад урокамі ён не з’явіўся, Аляксандр Дзямідавіч. Але потым была, як кажуць, узнагароджана. Мы сустрэліся ў калідоры пасля званка. Я ішла ў самы дальні клас. Відаць, ён не пазнаў мяне адразу, бо на твары яго адбілася здзіўленне: адкуль узялася яшчэ адна настаўніца? 3 усімі ж пазнаёміўся. А потым пазнаў — і яшчэ больш уразіўся. Збочыў, прытуліўся да сцяны, даючы дарогу, спыніўся.
Я сказала: «Дзень добры» і прайшла міма, але тут жа адчула, што ён стаіць і глядзіць услед. Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Я не ўтрымалася — аглянулася. Але, ён стаяў і глядзеў. Спалохаўся, як вучань, што робіць недазволенае. Сарваўся з месца, амаль уподбег кінуўся па калідоры да настаўніцкай. На перапынку я зазірнула ў расклад і ўбачыла, што ён мінуў клас, у якім быў яго ўрок.
Пасля я думала пра гэту нашу сустрэчу ў калідоры з гарэзлівай дзявочай весялосцю. А больш я ні пра што не думала. Праўда, мне проста было хораша, весела. Весела жылося, весела працавалася. I — далібог жа — за ўсе пяць месяцаў ні разу не з’яўлялася думка, што гэта — каханне і што яно можа разбурыць нашу сям’ю, зрабіць няшчасным Генадзя, Сашку, Антаніну Аркадзеўну... Адзін раз мне, праўда, стала страшна. Ляжала з мужам, ён цалаваў мяне, а я падумала пра яго, пра Аляксандра Дзямідавіча, захацелася, каб пацалаваў ён... Тады я спалохалася: што са мной робіцца? Можа цэлы дзень на душы брыдка было, быццам зрабіла штось дужа паганае, амаральнае... Ён жа жанаты, Аляксандр Дзямідавіч. Але. Мае двое дзяцей. Старэйшая дзяўчынка хадзіла ў першы клас, а хлопчыку ішоў усяго другі год. 3 жонкай яго, Любай, мы хутка пазнаёміліся. Сама яна за тыдзень з усімі перазнаёмілася — з настаўнікамі, з калгаснікамі, з упаўнаважанымі.
Я чула, як брыгадзір калгаса сказаў пра яе: «Баба-гром». Сапраўды, Люба адразу загрымела на ўсё наша вялікае сяло — на тысячу хат. Голас у яе быў басавіты, гучны. I сама яна мажная, дзябёлая, распаўнелая, вагою, напэўна, разы ў два цяжэйшая за свайго хударлявага мужа. Але з твару прывабная, такая бялявая, з амаль дзіцячымі блакітнымі вачамі і мяккімі лініямі, ніводнай жорсткай рысы. На твары яе як бы адбівалася паўнюткае шчасце, якое толькі можа мець жанчына.
Люба — заатэхнік. Адразу працаваць не пайшла, але ў праўленне калгаса з’явілася і рашуча сказала:
— Прывяду да ладу ў хаце, падгадую трохі Дзімку і прыйду да вас на ферму парадак наводзіць. А то парадку ў вас там малавата.
Старшыня мог пакрыўдзіцца, бо ферма лічылася лепшай у раёне. Але не пакрыўдзіўся. Далікатна адказаў, што заатэхнік у калгасе ёсць.
— Ведаю. Але ж яна — дзяўчына, несямейная. Ёй усё адно дзе рабіць. Мы з ёю дамовімся палюбоўна.
I ў праўленні неяк адразу пагадзіліся, што ў бліжэйшы час камандаваць фермай будзе гэтая «Баба-гром», што не ўзяць яе на працу будзе проста немагчыма.
Тыдні праз тры пасля прыезду «мадам Муліца» (так іранічна адазваўся Павел Адамавіч; ён адзін не прыняў запрашэння) наладзіла прыём. Гасцей гэтая жанчына ўмела прымаць. 3 размахам. Запрошаны былі ўсе настаўнікі і ўвесь актыў: старшыні калгаса, сельсавета, сельпо, урач, загадчык фермы, ляснічы. Набралася поўная хата. Гаспадыня ўсіх сустракала і праз пяць хвілін амаль усім казала «ты». Жанчынам дык пэўна ж усім. Здаецца, толькі з Антанінай Аркадзеўнай утрымалася ад такога панібрацтва.
Мне і «немцы» нашай Розе Абрамаўне Люба адразу загадала:
— Ах, якія вы інтэлігентанкі! Хоць дзьмухай на вас. Каторая вунь няхай надзене мой халат і злазіць у пограб, дастане сцюдзень. А другая пасвеціць. Памажыце. А то я запарылася. Яшчэ гэты пісюн з рук не злазіць,— і яна пяшчотна пацалавала хлопчыка.
Сталы ламаліся ад закускі — варанага і смажанага, сырога і печанага. А яна ўсё яшчэ выгружала з печы, з каморак, з шафаў — напоўненыя талеркі і міскі. Увішнаець яе здзіўляла. Завіхаючыся, яна не спускала з рук сына, з гонарам тлумачыла, што ён ні да каго, акрамя яе, не ідзе. Але відаць было, што ёй проста прыемна гэтак ва ўсіх ролях сваіх пакрасавацца перад гасцямі.
Такая яе бесцырымоннасць збянтэжыла Розу Абрамаўну. А мяне рассмяшыла. Мне спадабалася гэтая жанчына. Яе грубаватая прастата, натуральнасць. Яна нечым нагадвала маці маю. Мама таксама ўсім казала «ты» і п’яных будачнікаў сцёбала дубцом. I ніхто пасля на яе не крыўдзіўся.
Я накінула халат і палезла ў пограб. Там падзівілася багаццю: можа сотні дзве банак з рознымі саленнямі, варэннямі. Дамавітая гаспадыня!
За сталом яна таксама сядзела з малым на руках. I пільна сачыла, каб усе выпівалі да дна і елі як мага больш. Не выпіць у яе нельга было. Немагчыма. Яна не прызнавала ніякіх адгаворак — ні хворай печані Андрэя Пятровіча, ні хворага сэрца Марыны Антонаўны.
Усе пілі. I ўсе жартавалі. Люба ўмее «задаць тон», каб гулянка ішла весела. У такой бяседзе людзі хораша знаёмяцца і збліжаюцца. I раскрываюцца неяк па-новаму. 3 некаторымі я два гады разам працавала, а не ведала, хто на што здатны. Напрыклад, ціхмяны, маўклівы ў школе механік наш — выкладчык працы Іван Данілавіч выявіўся такім гумарыстам, што мы ўсе качаліся ад смеху. Ён усіх заразіў. Прыгоды розныя, анекдоты, здарэнні, праўдзівыя і тут жа, пэўна, выдуманыя, сыпаліся, як з мяшка. Мужчыны, калі падвып’юць, робяцца што дзеці: адзін перад адным паказваюць сваю дасціпнасць. Жонкам работа новая тады — прытрымліваць іх языкі.
Галоўная тэма такога п’янаватага зубаскальства, як заўсёды,— адносіны паміж мужамі і жонкамі, праблема, якую называюць «зірнуць налева».
Пасля нейкага анекдота ці здарэння, не помню, Люба сказала:
— 0, няхай бы мой Аляксандр паспрабаваў зірнуць налева, то, відаць, доўга не мог бы пацяміць, дзе права, дзе лева. Я яму шоры такія б наставіла... Во, калі ласка, калі табе вельмі хочацца круціць галавой, то круці: налева — на Дзімку, направа — на Гальку, а проста ўперад — на жонку... Назад хочаш глянуць — цешчу магу паставіць. Любуйся.
Сказала яна сур’ёзна, пагрозліва; многія жонкі робяць такія «прафілактычныя папярэджанні». Але прынялі яе словы рогатам. Я таксама смяялася. Наўрад ці з любіных грубаватых жартаў. Яны былі прычынай смеху, але не прычынай усяго майго настрою — узнёслага, гарэзліва-вясёлага, як ніколі, на такіх вечарынках. Звычайна я не люблю п’янак. Брыдка. А ў той вечар мне ўсё падабалася. I сярод усяго — падабалася, як паводзіў сябе Аляксандр Дзямідавіч. То прытвараўся, што дрыжыць перад сваёй суровай «палавінай», але праз пакорлівасць гэтую прасочваўся і пырскаў добры гумар. То раптам лёгка і проста, як дарослы дзіцячыя наскокі, як бы забаўляючыся, адбіваў яе папрокі і пагрозлівыя папярэджанні. Але самае прывабнае было, як ён умеў згладжваць жончыну вуглаватасць. Неяк так разумна, што і для яе не крыўдна, і нязграбны жарт яе, ад якога хтосьці чырванеў, рабіўся зусім прыстойным і па-сапраўднаму дасціпным.
Вось бадай усё, што прыгадваецца за ўсю зіму. Не, яшчэ адно, можа, самае галоўнае, але гэта ўжо было пад самую вясну, з гэтага па сутнасці пачаліся ўсе падзеі. Ва ўсякім разе, калі пра мяне цяпер кажуць, што я «страціла розум», то я сапраўды такі страціла яго менавіта пасля таго вечара, пасля Галіных слоў, вучаніцы маёй... Зноў-такі, здавалася б, такое глупства, на якое звычайнаму чалавеку, нармальнаму, як кажуць, не варта было б звяртаць увагі. Мала што выдумаюць вучні!
У нас у школе нядрэнны драмгурток. Многія гады ім кіравала Антаніна Аркадзеўна. Відаць, яна хацела падрыхтаваць сабе змену, бо ў першы ж год уцягнула туды і мяне. Свякруха не памылілася: тэатр мяне захапіў. Я спрабавала іграць яшчэ ў сваёй школе, але ў нас не вельмі ладзілася. А ў інстытуце чамусьці, сама не ведаю чаму, спявала ў хоры. Лаўраў не здабыла.
Цяпер жа менш вабілі акцёрскія ролі, а больш — рэжысёрская работа. Па маёй падказцы гурткоўцы загарэліся жаданнем паспрабаваць свае сілы ў класічнай драматургіі. Узялі «Чайку». I я ставіла яе пад кіраўніцтвам Антаніны Аркадзеўны. Працавалі з уздымам. Штовечар рэпеціравалі, хоць блізіліся экзамены.
На рэпетыцыі раптам пачаў прыходзіць Аляксандр Дзямідавіч. Спачатку вучняў бянтэжыла яго прысутнасць. А мяне — не. За колькі месяцаў мы, настаўнікі, звыкліся са сваім завучам, і ніхто яго не баяўся; хоць часта наведваўся на ўрокі, нікога ён не бянтэжыў, бо ніколі ні ў чым не праяўляў сваёй начальніцкай улады, заўвагі, разбор урока рабіў спакойна, тактоўна, па-таварыску. Таму і рэпетыцыю пры ім я правяла спакойна, не надаўшы асаблівай увагі яго прыходу — няхай паслухае, чым мы займаемся вечарамі. Але калі ён прыйшоў і другі раз і трэці, мяне апанавала нейкае дзіўнае радаснае хваляванне, і я працавала з тым душэўным уздымам, які, напэўна, ў вашага брата, пісьменніка, называеца натхненнем.
У той вечар мы рэпеціравалі чацвёрты акт, гэты трагічны фінал. Ніну Зарэчную іграла дзесяцікласніца Люда Шыцька, любіміца маёй свякрухі. Дзяўчына была энтузіястка, на ёй, па сутнасці, трымаўся ўвесь гурток, з восьмага класа сур’ёзна рыхтавала сябе ў актрысы, яна і ў вучобе ішла на срэбраны медаль. I сапраўды гэтым летам паступіла ў тэатральны. Але я ніколі не верыла, як і Антаніна Аркадзеўна, што з яе выйдзе таленавітая артыстка. Занадта халодная яна, усё — ад розуму, ад сілы волі, працавітасці. Няма лёгкасці пераўвасаблення, што, па-мойму, вызначае сапраўдны талент. I цеплыні душэўнай, пачуццёвасці не хапала. Безумоўна, дзіця яшчэ, пэўна і не кахала нікога, а тым больш не перажыла ніякай душэўнай драмы. Ведала пра гэта з кніг толькі. Адным словам, калі ў першых актах актрыса разумела Ніну, бо і сама гэтак жа імкнулася да славы... дзяўчынка самалюбівая!.. то апошняя сцэна ёй ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Помніце, Ніна раптам адчула, што з кожным днём растуць яе душэўныя сілы? «Я цяпер знаю, разумею, Косця, што ў нашай справе — усё адно, ці мы іграем на сцэне ці пішам — галоўнае не слава, не бляск, не тое, пра што я марыла, а ўменне цярпець. Умей несці свой крыж і веруй!» Не ўмела мая Люда сыграць усю гэтую сцэну так, каб ёй можна было паверыць. I не разумела, што я ад яе хачу. Нават расплакалася. Мне прыйшлося многа разоў іграць самой, паказваць. Вось так трэба, толькі так. Люда пэўна лічыла, што я іграю горш за яе, бо скептычна крывілася. Вельмі можа быць, што я іграла дрэнна, але трагедыю Ніны і яе жаданне пачаць новае жыццё, здаецца, перадавала. I каханне да Трыгорына: «Я люблю яго. Я люблю яго нават мацней, чым раней...»
Вось так мы рэпеціравалі. А ён, Аляксандр Дзямідавіч, сядзеў у зацененым куточку моўчкі і слухаў. Вучні, найбольш занятыя, пэўна і забыліся, што завуч прысутнічае, бо паводзілі сябе, як звычайна — шумна, незалежна. Адна я не забывалася. Не глядзела ў той бок, але кожны міг, кожную хвіліну, і тады, калі іграла сама, і тады, калі сядзела і сачыла за ігрой вучняў, адчувала яго позірк. Вочы яго як бы выпраменьвалі цяпло і ласкава, хораша гэтак, грэлі мяне.
Скончылася рэпетыцыя — ён не застаўся, неяк непрыкметна знік, пакуль мы слухалі разважанні нашага тэарэтыка Валодзі Кныша пра сістэму Станіслаўскага. Пасля Саша прызнаўся: баяўся, каб не прыйшлося застацца са мной адзін на адзін у пустой школе. За сябе баяўся.
Я распраналася ў настаўніцкай. Чамусьці затрымалася там, апранаючыся. А вучні спрачаліся ўсё яшчэ. Нарэшце, пачалі выходзіць. I я чую за дзвярамі ў калідоры голас Галі, дзесяцікласніцы, яна іграла Машу і, па-мойму, іграла лепш за ўсіх... Чортава лялька, што яна ляпнула! Цягнулі яз за язык!
— «Дзяўчаткі! Хлопчыкі! Аляксандр Дзямідавіч закаханы ў Міхаліну Казіміраўну. Далібог, клянуся!.. Як ён глядзеў на яе, каб вы пабачылі!»
Што са мной зрабілася! Я знямела і аслупянела. Ад нечаканасці. Ад радасці. I ад страху.
«Ён кахае! Кахае! Кахае! — спявала дурное жаночае сэрца.— Няўжо праўда кахае?» А розум аналізаваў, не даваў узляцець, адарвацца ад зямлі, да якой прывязвалі другія прыхільнасці, другія пачуцці і абавязкі.
Ужо зразумелі вучні. Разнясуць па сяле. А можа і настаўнікі таксама даўно ўжо зрабілі такое ж адкрыццё? 3 далікатнасці толькі маўчаць. Можа, таму падвоена ласкавай, добрай і ўважлівай стала Антаніна Аркадзеўна? Яна разумная і хітрая, у яе свой метад выхавання. А Генадзь, наадварот, з кожным днём становіцца больш раздражнёны. А што будзе, калі разнясецца плётка? Але ж я ні ў чым не вінаватая. Я ніводным рухам, ніводным позіркам не дала яму прычыны. Пяць месяцаў я да яго — як усе, і ён да мяне, як да ўсіх. I далей будзе так...
Не, далей не магло быць так. Праўду кажучы, я гэта зразумела тады, у пустой настаўніцкай. Я доўга там стаяла, бо раптам падумала, што ён чакае мяне недзе ў школьным двары, за майстэрняй ці за гаражом. I баялася выходзіць. Тады страх пераадолеў каханне, парыў душы. Але спакою мне ўжо не было. Я адчула гэта дома ў той жа вечар, і ў тую ж першую бяссонную ноч. 3 кім бы я ні гаварыла — з сынам, мужам, свякрухай, што б ні рабіла — думала пра яго. Думала штохвілінна. Баялася і чакала наступнага дня, каб хутчэй прыйсці ў школу і ўбачыць яго.
У школе, на шчасце, нічога не здарылася. Дзень прайшоў звычайна, як і тыя сто пяцьдзесят дзён дагэтуль. Толькі хіба Галя ды Люда сачылі на ўроку за мной з крыху залішняй дзявочай цікаўнасцю.
Але неўзабаве, перад самым Першым маем, здарылася такая нагода.
У суседнім раёне геолагі шукалі нафту. I пайшла гаворка, нават у газеце прамільгнула, што адна скважына дала фантан. Вучні загарэліся: з’ездзіць паглядзець! Нейкія сорак кіламетраў — гэта ж рукой падаць. Дырэктар доўга адбіваўся: вясна, дарога гразкая, машына старая... Але вучні хутка даведаліся ад шафёраў, што дарога нішто. Урэшце вырашылі ехаць. Выбралі па некалькі чалавек з класа — лепшых, бо машына адна. Узначальваць паездку павінен быў палітэхнізатар наш Іван Данілавіч. Ён жа — аўтамеханік — і павядзе машыну. Дагледзіць за вучнямі і расказаць ім, што трэба, пра нафту і пра ўсё іншае даручылі Алегу Барысавічу, нашаму маладому матэматыку, эрудзіту, «хадзячай энцыклапедыі», як мы называлі яго жартам, і мне, літаратару. Мяне, праўду кажучы, выбралі таму, што ў гэты дзень не было маіх урокаў: вы ж ведаеце, гадзіны на родную літаратуру скарачаюць з году ў год, хутка нам трэба будзе мяняць прадмет.
Я радавалася паездцы не менш за вучняў: зноў-такі сустрэчы з новымі людзьмі, уяўлялася мне,— з цікавымі, бо з людзьмі гэтай рамантычнай прафесіі — з геолагамі — ніколі яшчэ знаёміцца не прыходзілася.
Але ў раніцу назначанага для паездкі дня нас чакала расчараванне: захварэў Іван Данілавіч. Ён, на здзіўленне ўсяму сялу, пачынаў купацца ў красавіку. Колькі год яму гэта сходзіла, і за ім усталявалася слава загартаванага чалавека. А тут пасля першага купання схапіў запаленне лёгкіх. Вучні чуць не плакалі ад роспачы. Бегалі, каб угаварыць каго-небудзь з калгасных шафёраў, але ў калгасе час гарачы — пасяўная! Дачакаўшыся сваіх пасыльных і ўбачыўшы па іх тварах, што вярнуліся яны ні з чым, мы панура стаялі каля машыны. Хлопцы нявесела жартавалі і ціха скланялі дырэктара, які не дазволіў нікому з іх весці машыну. «На якое ж ліха мы яе вывучалі тры гады, калі нам не давяраюць руля!»
— Чаго захацеў — руля! Табе цялячы хвост круціць нельга даверыць.
— Алег Барысавіч! Давайце каманду: у паход! Ногі на плечы...
— А што? Праўда! Чаму нам не пайсці пехатою? Толькі, вядома, без дзяўчат.
— Ох, героі якія! Вы хучэй за нас языкі высалапіце. Задавакі!
— Калі Міхаліна Казіміраўна згодна пайсці, то возьмем і вас.
— Згодна! 3 такімі лыцарамі — хоць на край свету,— засмяялася я.— Але з умовай, што вы без мяне пераадолееце адну маленькую перашкоду: угаворыце Андрэя...
Хлопцы скіслі, бо добра ведалі, што дырэктар і слухаць не будзе, адразу ж пагоніць усіх на ўрокі. А ісці ў класы ў такі сонечны красавіцкі дзень, цёплы, радасны, нікому не хацелася. Сарвалася паездка — хоць памянташыць языкамі.
Ды раптам у гараж, дзе мы стаялі вакол машыны, прыйшоў Аляксандр Дзямідавіч. Усе падумалі: завуч з’явіўся, каб паслаць на ўрокі. Але на здзіўленне нам, ён моўчкі праверыў, як замацаваны ў кузаве лаўкі, павярнуў ключ запальвання, паглядзеў на прыборы, падняў капот, у маторы пакорпаўся і сказаў, як заўсёды коратка:
— Сядайце, паедзем.
Ніхто з хлопцаў слова не вымавіў — так гэта было нечакана. Ніхто дагэтуль, мабыць, і не ведаў, што завуч водзіць машыну.
Натуральна, што я, адзіная настаўніца, павінна была сесці ў кабіну. Гэта само сабой разумелася з самага пачатку. Але калі я села побач з ім, то адразу адчула, як затахкала сэрца. Закалацілася проста. Ад радасці, ад страху? Не ведаю. Ведала адно: нешта мусіць здарыцца. Падумала, што гэтаму трэба перашкодзіць. Спыніць машыну, пакуль едзем па вёсцы, міма нашага дома. Навошта мне, калі едзе сам завуч? Як узрадуецца Сашка, што я вярнулася:
«У цябе няма ўлокаў?»
«Няма, няма, мой маленькі. У мяне вольны ўвесь дзень, і я буду з табой. Мы пойдзем на рэчку».
«I ў лес».
«I ў лес».
«I зловім зайчыка... Маленькага, такога», — і пакажа ручкамі.
«Ты мой зайчык! Ты мой слаўны! Ні на каго я цябе не прамяняю, ні на якія паездкі».
Праўда, я думала так, гаварыла з сынам. А машына імчалася. I я не спыняла яе. Сядзела, як зачараваная. Чым? Можа, яго рукамі, якія лёгка ляжалі на абаранку. Замільгалі бярозы пры гасцінцы, такія святочныя, вясёлыя, з малюсенькімі, нават яшчэ не зялёнымі, а нейкімі жаўтаватымі лісточкамі. А потым — лес. Але мне было не да любавання веснавым хараством. Вялікі лес ад нас далёка, кіламетраў за пятнаццаць. Да яго мы пэўна паўгадзіны ехалі, калі не больш. Аднак я не помню, гаварылі мы што адно аднаму ці ўвесь час маўчалі. Здаецца, гаварылі нешта пра вучняў, пра дарогу... Але я не помню... Я ўжо не думала ні пра Сашку, ні пра Генадзя. Ні пра што. Я чакала таго невядомага, што павінна здарыцца. Я не ведала, што гэта будзе: слова, ці яго рука ляжа на маю, ці ён павернецца, выпусціць руль, і мы ўрэжамся ў дрэва... Усё адно. Я чакала, як у гарачцы. Здаецца, мяне нават трохі ліхаманіла.
Дарога пайшла гразкая, выбітая грузавікамі. Матор натужна роў, машыну кідала і трэсла. У кузаве галёкалі і рагаталі вучні, іх падкідвала, як мячы.
I тады яно здарылася.
Ен нахіліўся, амаль узлёг на абаранак грудзьмі і, пільна ўглядаючыся ўперад, прашаптаў:
— Міхаська...
Я ўстрапянулася, як злоўленая птушка. Так мяне клікала толькі адна маці. I ніхто больш. Мне вельмі падабалася гэтае простае, ласкавае хлапчуковае імя. Мама таксама часцей называла поўнасцю — Міхаліна, дома і ў школе ўсе мяне называлі Міхалінай. Дзяўчаты ў інстытуце адкінулі першую частку і зрабілі — Ліна. Генадзь адкінуў «Ліна» і перавёў глухое «х» у «к» — Міка. Яму падабалася, а мне не вельмі: здавалася чужым, замежным. Цяпер, калі я вырасла, выйшла замуж, мама рэдка казала Міхаська, толькі калі выказвала пяшчоту. Я, можа, гады два ўжо не чула гэтага свайго імя. Натуральна, што я ўстрапянулася і... замерла тут жа: а што далей?
Машына забуксавала ў гразі. Ён пераключыў скорасць. Матор захліпаўся ад натугі. У кабіне зрабілася горача. Чуць выскачылі з лужы на драўляны насціл грэблі. Зноў затрэсла, падкінула. Зноў загалёкалі хлопцы, завішчалі дзяўчаты. Ім весела. Вясна, падарожжа і... ніякіх турбот...
I тады ён сказаў ціха-ціха:
— Я люблю...
Быццам вельмі моцнага, п’янкога і незвычайна салодкага віна каўтнула я. Закружылася галава і захацелася смяяцца. Але я маўчала, аддаўшы вочы дарозе.
Ён паўтарыў гучней:
— Люблю...— і як бы задыхнуўся і яшчэ ніжэй схіліўся над рулём.
Я маўчала. Ён паклікаў нясмела, вінавата:
— Міхаліна Казіміраўна...
Я павярнулася, падарыла яму ўсю цеплыню вачэй сваіх і сказала сур’ёзна, з трапятаннем:
— I я... і я...
Тады ён засмяяўся. I я таксама. Напэўна абаім нам зрабілася вельмі хораша. Лёгка і проста. Аб тым, што нас чакала наперадзе, мы, безумоўна, тады не думалі. Мы нібы перадужалі цяжкую перашкоду, якая раздзяляла, і цяпер зблізіліся, зрадніліся. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце, пра самыя патаемныя і самыя інтымныя рэчы, як могуць гаварыць толькі вельмі блізкія людзі.
Машына выскачыла з гразі на сухую дарогу. Скончыўся малады лісцвянік — алешнік ды асіннік, і пачаўся стары бор — рэдкія сосны адна ў адну, аблітыя сонцам.
Хлопцы гукнулі «ўра!» Мне здалося, што гэта яны нам, нашаму прызнанню, радасці. I я зноў засмяялася. I ён, Саша, засмяяўся. Але, Саша... Я тут жа ўпершыню гэтак звярнулася да яго. Атрымалася натуральна, быццам не завуч сядзеў побач, а мой малы Сашка. Яго гэта так кранула, што ён на нейкі міг забыўся на руль, схапіў руку маю, пацягнуў, каб пацалаваць.
— Міхаська...
Машыну павяло ў бок, на сосны. Ён паспеў крута выраўняць яе.
Ап’янелыя ад вясны, бору, траскі і гэткіх віражоў, раўлі ад захаплення хлопцы. А мы, супакоіўшыся нарэшце, пачалі гутарыць проста, па-дамашняму, пра ўсялякія прыемныя дробязі: пра вучняў, пра настаўнікаў... Толькі двух чалавек не ўспаміналі: Генадзя і Любу. Мы без змовы забыліся на іх. Свет для нас дваіх існаваў без усяго таго, што магло быць перашкодай нашаму каханню, нашай душэўнай блізкасці.
Ніякага нафтавага фантана мы не ўбачылі. Шчыліну даўно заткнулі. Засталіся рэшткі буравога абсталявання, масляністыя плямы на пяску ды... заспаны і сярдзіты дзед-вартаўнік, які чамусьці трымаў у сакрэце, як ваенную тайну, куды перабраліся геолагі. Вучняў такая карціна засмуціла, але нас з Сашам ніколькі. Нам нават ад гэтага было весела, што фантана няма. Ды і ці быў ён? Ці было ўсё іншае да гэтага дня?
Каб паездка не была дарэмнай, Алег Барысавіч прапанаваў з’ездзіць на Прыпяць — паглядзець разліў. Мы падтрымалі з радасцю. Яшчэ б! Мы паехалі б хоць на край свету, бо ў кабіне былі двое, як у космасе, ніхто не замінаў нам, і ніхто нічога благога не мог падумаць.
Дабраліся да Прыпяці. Дарога была нялёгкая. Але нам, чым даўжэй, тым лепш. Выехалі на пясчаны пагорак, з якога адкрыўся абшар залітага вадой лугу. Вучні кінуліся па касагоры ўніз да вады. I Алег Барысавіч. А мы засталіся. Мы стаялі за машынай, нябачныя. I ён абняў і пачаў цалаваць мяне. Горача... Казаў ласкавыя, непатрэбныя словы. I я цалавала яго і казала такія ж словы. Аднак у нейкі міг мне зрабілася сорамна, што мы вось так цалуемся, хаваючыся за машынай. I, здаецца, упершыню я падумала пра Генадзя, пра майго маленькага Сашку. Вырваўшыся з абдымкаў, я пайшла за вучнямі. Твар гарэў, і, напэўна, ад пацалункаў прыпухлі вусны. Я баялася набліжацца да вучняў. Яны клікалі мяне, а я рабіла выгляд, што не чую, і ішла ўбок па сухім грудзе, што далёка, можа, да самай Прыпяці, жаўцеў пяском пасярод мора іскрыстай вады.
Назад мы ехалі моўчкі, як вінаватыя. I трэба сказаць, я была
ўдзячна яму за гэтае маўчанне. Яно таксама збліжала нас: аднолькавыя перажыванні, пачуцці... На паўдарозе Аляксандр Дзямідавіч даў весці машыну дзесяцікласніку Валодзю Багуну, а сам палез у кузаў. I гэта таксама было тактоўна і хораша. Размова з вучнем, простая, немнагаслоўная (хлопец трохі бянтэжыўся), неяк супакоіла, адвяла ад думак пра маё каханне, пра тое, чым яно можа скончыцца.
Але дома мне стала страшна. Антаніна Аркадзеўна была добрая, клапатлівая. Нагрэла вады, прыгатавала святочную вячэру. Генадзь кпіў. Ён яшчэ раней выказваўся скептычна пра гэтую нашу паездку і цяпер быў задаволены, што мы нічога не ўбачылі. Лашчыўся Сашка. I я сказала сабе: «Усё! Нічога не было і нічога не будзе! Усё застанецца ў маім сэрцы, назаўсёды пахаванае».
Але паклікаў ён — і я на ўсё забылася, на ўсе свае зарокі. Ён шапнуў мне ў школьным калідоры:
— Міхаська, я чакаю цябе сёння за рэчкай, у бярэзніку.
I я пабегла, як васьмікласніца на першае спатканне, — са страхам, з нецярплівым трапятаннем, з радасцю і болем.
Потым мы сустракаліся колькі разоў, вось так хаваючыся ў дальніх пералесках. Хованкі такія не абражалі — была ў іх рамантыка і рызыка. Навокал красавала вясна, лясы поўніліся каханнем. I мы адарваліся ад зямлі і ўзляцелі ў неба. Здарылася тое, што непазбежна павінна было здарыцца, калі двое, не юныя ўжо, вось так кахаюць. Пасля хвілін салодкага ап’янення прыйшла цвярозасць. Яшчэ лежачы на яго гарачай руцэ, я без страху, без панікі, без расчаравання і раскаяння, але вельмі сур’ёзна, як ніколі раней, падумала:
«Бясконца так прадаўжацца не можа. Раней ці пазней нас выкрыюць. I што тады?»
Я спытала ў яго:
— Саша, а што далей?
Ён не адказаў адразу. Маўчаў доўга. Я здагадалася, што ён думае пра тое ж самае і, можа, нават больш пакутліва, больш сур’ёзна. I мне чамусьці зрабілася сумна і балюча. Я сказала:
— Давай з’едзем куды-небудзь. Я вазьму свайго Сашку...
Ён устрапянуўся.
— А я?..
Не даказаў, не выказаў усяго... Але гэта і непатрэбна было. Хіба не зразумела, што ён гэтак жа думаў пра сваіх дзяцей? I як я не магла пакінуць свайго Сашку, так і ён не мог пакінуць сваіх Дзімку і Гальку. Не любіць жонку, пакахаў другую... Але для яго гэтае каханне — не радасць, а трагедыя. Не той ён чалавек, каб лёгка ўсё пакінуць, на ўсіх забыцца, дзеля дзяцей ён гатовы несці свой крыж да скону жыцця.
Другая жанчына магла б папракнуць: «Навошта ж ты спакусіў мяне?» Я не кінула ні слова папроку. Завошта? За тое, што даў мне хоць кароткую радасць? Наадварот, я, здаецца, пакахала Сашу за гэтую яго чалавечую слабасць яшчэ мацней. I сябе не ўпікала, не карала. Што адбылося — таго не вернеш. Але не думаць пра тое, што чакала і мяне і яго, не магла. Сказала:
— Тады нам не трэба сустракацца... Я не магу так. Саша, мілы, зразумей, не магу вось так хавацца, хлусіць. Я ўсё жыццё пражыла сумленна. Баюся я, што не вытрымаю і ва ўсім прызнаюся Генадзю. Што тады будзе?..
Ён зноў доўга не адказваў. Моўчкі глядзеў на неба, дзе загараліся зоркі.
«Няма яе, зоркі нашага шчасця»,— сумна думала я.
— Мне будзе цяжка. Мне вельмі нялёгка ад Любінай любві,— ён уздыхнуў і тут жа быццам спалохаўся жонкі: — Не, я нічога дрэннага пра яе не кажу. Яна цудоўная маці, гаспадыня...
Я перапыніла яго, сказала:
— I мне будзе цяжка.
— Я разумею цябе,— з болем адказаў ён.
— I я разумею цябе, Саша. А таму няхай наша каханне застанецца такім у нашых сэрцах, яго ніхто не забрудзіць. На большае ў нас не хапае мужнасці...
— Не хапае,— сумна згадзіўся ён.— У мяне не хапае.
— Ведай, Саша, родны мой: я кахаю на ўсё жыццё. Пакліч — і я прыйду. Але не сюды! А цяпер — усё! — і я імкліва паднялася.
Ён спрабаваў затрымаць — я не спынілася.
Расплата прыйшла не адразу — тыдні праз два пасля гэтага апошняга нашага спаткання. Відаць, той, хто высачыў нас, меў нейкае сумленне і доўга вагаўся, не адважваўся ўнесці разлад у дзве настаўніцкія сям’і. Але ўрэшце ўсё-такі спакусіўся. Кажуць, што высачыў нас калгасны брыгадзір, сам п’янюга і бабнік. Для мяне гэтыя два тыдні, можа, былі самыя пакутлівыя ў жыцці. Я як бы развітвалася з каханым назаўсёды, развітвалася доўга, пакутліва: кожны дзень бачыла яго і кожны дзень адчувала, як мы паволі аддаляемся адно ад аднаго, каб ніколі не быць разам, ніколі не зведаць радасці гарачых абдымкаў, пацалункаў, блізкасці. Адначасова карала сябе за здраду Генадзю, з якім лёс і наш сын парадніў на ўсё жыццё. Кажуць, пакахаўшы другога, жанчына пачынае ненавідзець мужа, які звязвае яе. Не, я да Генадзя не адчувала ні нянавісці, ні агіды. Я проста шкадавала яго. I сябе. Разоў колькі парывалася прызнацца яму. Спыняў мяне не столькі страх — што пасля будзе са мной? — колькі думка пра тое, што адбудзецца ў сям’і яго, Аляксандра Дзямідавіча. Люба, з яе няўрымслівай бесцырымоннасцю і грубасцю,— гэтыя якасці яе раней падабаліся і смяшылі — цяпер стаяла перада мной страшнай зданню адплаты. Я халадзела ад аднае думкі пра «Гром-бабу». Гэта было як прадчуванне.
Яна, Люба, уляцела да нас коршакам. Увечары, калі ўсе былі дома — Антаніна Аркадзеўна, Генадзь. Слухалі па радыё канцэрт. Ой, як яна лаялася! Як груба і брыдка! Не ў цяпліцы расла я, не ў інтэлігенцкай сям’і, розных людзей бачыла і розныя сваркі і лаянкі чула. Але такой... Які бруд яна вылівала на маю няшчасную галаву! Я проста аслупянела, анямела, хоць і думала раней пра такую кару і як бы рыхтавалася да яе. Ніводным словам я не адказала на яе знішчальны залп.
Генадзь глядзеў на мяне, ашаломлены больш, чым хто, такім нашэсцем і такімі жахлівымі абвінавачваннямі яго жонкі, якую ён нават ні разу сур’ёзна не прыраўнаваў — не было прычыны. Не ведаю, як выглядала я, але ў яго быў выгляд, варты жалю, бездапаможнаразгублены. Ён маліў мяне вачамі: «Скажы, што няпраўда гэта ўсё!»
Далібог жа, я шчыра шкадавала мужа. Для такога самаўлюбёнага і ўпэўненага чалавека гэта быў страшны ўдар. Як горны абвал на галаву.
Пакутлівую кару для ўсіх нас спыніла — дзякуй ёй! — Антаніна Аркадзеўна.
— Не крычыце, калі ласка! — сурова загадала яна Любе.— Вы не на базары. Вядзіце сябе прыстойна. Мы не прывыклі да такіх слоў... Пра ўсё можна сказаць па-чалавечаму...
Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца.
— Я вяду сябе прыстойна. А вось яна... Нявестка ваша... Няхай раскажа, як заманіла чужога мужа ў лес. Эх ты, настаўніца! Бессаромныя вочы твае! Табе што — свайго не хапае?
— Ідзіце адсюль, прашу вас,— ветліва, але настойліва папрасіла раз’юшаную жанчыну Антаніна Аркадзеўна.— Вы сваё зрабілі і — калі ласка... Мы самі разбяромся.
— Не разбярэцеся вы — я разбяруся! Я за сваё — горла перагрызу! — пагразіла Люба, аднак выйшла, злосна грукнуўшы дзвярамі.
Не ведаю, колькі цягнулася маўчанне — секунды ці мінуты. Не ведаю, што рабілі яны, маці і сын, якія твары ў іх былі. Я не глядзела на іх. Не таму, што баялася. Не. I не сказаць, што была ў тым утрапенні, прастрацыі, калі робішся абыякавым да ўсяго на свеце. Таксама не. Я глядзела ў акно, у цёмны сад, які нядаўна адцвіў: чамусьці прыгадвалася маладая трава, усыпаная пялёсткамі; думала, што бадай цяжэй за ўсё будзе развітвацца з садам. Я палюбіла гэты добры сад і аддала яму нямала працы і клопату. Сад любіць Сашка. Ад успаміну пра сына сціснулася сэрца. Я падумала, што яго прыйдзецца забіраць соннага. I яшчэ падумала пра другога Сашку: што можа з ім зрабіць гэтая жанчына, якая пераконана, што муж — яе ўласнасць і адна яна мае права на яго любоў? О, уласнік! Ён сапраўды можа перагрызці горла за сваё.
— Ну... што скажаш, дарагая мая жоначка? — пачула я незнаёма-хрыплы, але знаёма-здзеклівы Генадзеў голас.
Не адказала. Падумала, што ў Сашы ніколі не можа быць такога голасу. Генадзь гэтак жа здзекліва размаўляе і з вучнямі, калі бывае не ў гуморы. Маці не раз казала яму, што так гаварыць з людзьмі нельга, гэта абразліва. Але мяне ў той міг ён не мог абразіць.
— Маўчыш? — павысіў ён голас.
Я павярнула галаву і... не ведаю чаму... усміхнулася.
О, як апякла яго мая ўсмешка! Ён аж падскочыў. Заенчыў:
— Яна яшчэ ўсміхаецца! Мама! Ты паглядзі! Яна ўсміхаецца!..— Ён выплюнуў такое ж брыдкае слова, якое паўтарала Люба, падбег і... ударыў мяне па твары.
Тады закрычала Антаніна Аркадзеўна:
— Не смей! Не смей! Я не дазволю, каб мой сын біў жанчыну! Не дазволю. Ганьба! Ганьба! Завошта яна будзе любіць цябе? Ты сам... сам ва ўсім вінаваты! Сляпы, самаўлюбёны эгаіст! — яна закрыла твар рукамі, села і заплакала.
Генадзя проста ашаламіў такі паварот:
— Мама! — амаль захныкаў ён, як хлапчук, на нейкі міг забыўшыся нават пра мяне і пра ўсю драму.
Я пайшла ў спальню. Захутала соннага Сашку ў коўдру. Чула, як Генадзь тэатральна стагнаў:
— Божа! Завошта? Завошта? Што я зрабіў? Чаго ёй не хапала? Ганьба на ўвесь раён!
Мяне амаль рассмяшыла, што больш за ўсё ён баіцца ганьбы на ўвесь раён. Я дык ніколечкі не баялася ніякай ганьбы, хоць ведала, што людзі асудзяць у першую чаргу мяне. Ну, і няхай...
Калі я выйшла з Сашкам на руках, ён, Генадзь, здзівіўся і, відаць, не на жарт спалохаўся.
— Ты куды? — ён і не падумаў, што я пайду, павінна адразу ж пайсці, што інакш і не можа быць.
Ён лічыў, што ўсё застанецца па-ранейшаму. Ён змірыўся б, я ведаю, нават падсвядома, у патаемных кутках душы, радаваўся б, што я правінілася і цяпер цалкам залежна ад яго, і напэўна з асалодаю штодзённа сек бы папрокамі, як той мужык вінаватую бабу дубцамі.
— Ты куды? — перапытаў і, нарэшце, зразумеўшы, што я зусім сур’ёзна хачу пайсці ад яго, закрычаў: — Не дам! Сына не дам!
Разбуджаны Сашка расплюшчыў вочкі, сонна паклікаў:
— Мамка.
— Пакладзі сына! Мой сын! — крычаў Генадзь.
Зноў яго адхіліла маці, сярдзіта загадала:
— Не крычы! Спалохаеш дзіця,— і спакойна папрасіла: — Не гарачыся, Міхаліна. Раніца за вечар мудрэйшая. Хіба мала месца ў гэтым доме? Не трэба гарачыцца, дзеці. У жыцці ўсё бывае. Трэба разабрацца спакойна.
Я паківала галавой: не, не магу. I яна, старая разумная жанчына, сумна адступіла, каб прапусціць мяне да дзвярэй.
Я пайшла да нашай нянькі — да цёткі Уліты, удавы, жанчыны, па-вясковаму разуменню, дзікаватай: не па-сялянску няўвішнай, павольнай, аскетычнай у сваіх патрэбах, але надзвычайна акуратнай і чыстай. У сяле так яе і называлі — Уліта Чыстая. Я спачатку нават думала, што прозвішча ў яе такое. За чысціню Антаніна Аркадзеўна і ўпрасіла яе, каб яна паняньчыла Сашку. А пасля адзінокая жанчына так палюбіла нашага хлопчыка, што, калі і не трэба было, у выхадныя дні, улетку, усё адно наведвалася па колькі разоў на дзень.
Уліта ўжо спала, але нашаму з Сашкам позняму прыходу не здзівілася. Яшчэ адна яе асаблівасць: нічога яе не здзіўляла, і нічога і нікога яна не баялася. Я думаю, што ў гэтай малапісьменнай жанчыны выхавана найвышэйшая культура пачуццяў, да якой большасць з нас яшчэ не дарасла.
— Пасварыліся? — спытала яна так, быццам сварка ў нашай сям’і была звыклай з’явай. А гэта ж не так, мы ніколі не сварыліся. Здаралася, што Генадзь бурчэў, я ўспыхвала, як запалка, але заўсёды побач была разважлівая, разумная Антаніна Аркадзеўна.
Я не адказала Уліце. Што я магла адказаць у той міг? Яна сказала, укладваючыся на падлозе, бо ложак адступіла нам з Сашкам:
— Нічога, памірыцеся. Мілыя сварацца — толькі цешацца. Твой,— Уліта ўсім казала «ты»,— хоць ціхі, а мой нябожчык, бывала, з кулакамі лез. А нічога — жылі.
Вось тады мне захацелася заплакаць. Усю бяссонную ноч я бязлітасна карала сябе: чаму я не такая, як іншыя жанчыны? Пэўна, я брыдкая, разбэшчаная эгаістка. Не думаю пра блізкіх сваіх, разбіваю жыццё Генадзю, які так упэўнены, што ашчаслівіў мяне, жаніўшыся... А галоўнае — Сашка. Яго, маленькага, які нічога не разумее, адрываю ад бацькоўскай ласкі, ад бабулі, якая так хораша ўмее выхоўваць... Пакутлівая гэта была ноч. Першая такая і не апошняя.
А ўзышло сонца — і я неяк нечакана і дзіўна супакоілася. Быццам абтрэсла з сябе ўсё, адагнала, як дурны сон, напілася ранішняй расы і... распусцілася, як бутон, заззяла маладосцю і бадзёрасцю. О, гэтыя пераўтварэнні і павароты ў маёй душы — да чаго яны давядуць!..
Пайшла ў школу, як нічога не было. I зусім не баялася сустрэцца з Генадзем, з ім — Сашам. I што яны сустрэнуцца — таксама не баялася. Але яны не прыйшлі — ні той, ні той... Аляксандр Дзямідавіч тыдзень не хадзіў — захварэў. Пасля з’явіўся з пабляднелымі сінякамі і загаіўшыміся драпінамі.
Я ўвайшла ў настаўніцкую і адразу ўбачыла па тварах сваіх калег, па іх настрою, што Люба папрацавала як мае быць, што яна і не думала нават, каб хоць крыху стаіць ад людзей сваю драму, наадварот, раззваніла па ўсім сяле, паскардзілася дырэктару, сакратару партарганізацыі, а неўзабаве я даведалася — і вышэй: у райана, у райком. Яна не мела і кроплі літасці не толькі да мяне, але і да свайго мужа, да сваёй уласнасці, якую хацела такім чынам утрымаць, зберагчы.
Настаўнікі былі ашаломлены, што я прыйшла вось такая, па-святочнаму адзетая, прыгожая, амаль вясёлая. Магчыма, гэта была мая памылка. Іх шакіравала. Яны не ведалі, як на мяне глядзедь, што казаць, нават мае лепшыя сяброўкі — Роза Абрамаўна і Мая. Адзін Павел Адамавіч, наш дзівак «Анікум», безумоўна, на злосць усім, быў са мной, як ніколі раней, добры, ласкавы, жартаваў. Не, не толькі на злосць. У яго свае перакананні, якія ён пасля выказваў мне...
Усе астатнія настаўнікі трывожыліся, што няма Аляксандра Дзямідавіча. Ён — старшыня камісіі. Ішлі экзамены. У восьмых і адзінаццатым. А дзесятыя яшчэ займаліся.
Я пайшла ў дзесяты «Б», мой любімы клас, з якога большасць нашых акцёраў. Пайшла да званка, бо ўрока ў той дзень майго не было. Захацелася паглядзець: ведаюць вучні? Ведалі. I, мабыць, абмяркоўвалі гэтую сенсацыю, бо ўсе былі ў класе і збянтэжыліся, калі я ўвайшла. Не чакалі. Я не думала казаць ім што-небудзь. А тут не вытрымала. Сказала:
— Я ведаю, што вы чулі і яшчэ пачуеце, і праўду і плёткі. Плётак будзе больш, як заўсёды пры такіх гісторыях. Вы ўжо дарослыя людзі, і мне хочацца, каб вы ўмелі разабрацца і зразумець без абывацельскіх забабонаў... Ведайце адно, адну праўду ва ўсім гэтым: я кахаю Аляксандра Дзямідавіча.
Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Я падумала, што паводжу сябе не зусім натуральна, тэатральна неяк, пэўна, ад нервовай узбуджанасці. Ці не лепш мне схавацца, як Генадзю, і не выходзіць з маленькай і чысценькай хаты, пакуль не ўтаймуюцца етрасці? Але вельмі хацелася пабачыць Сашу. Як адчувае сябе ён? Няхай бы хоць адным позіркам падбадзёрыў сваю гаротную каханую! Больш мне нічога не трэба ад яго.
Яго чакалі. Уся камісія. Экзамен жа! I ўсе цікаўныя: як павядзе сябе гэты спакойны, паважны чалавек? Да яго пайшоў сам дырэктар. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што Люба сапраўды зрабіла яго хворым.
Я гуляла з адзінаццацікласнікамі ў валейбол. I бачыла, адчувала, як з усіх акон — не за гульнёй! — а за мной, толькі за мной адной, сочаць дзесяткі вачэй! I тыя, што чакалі экзаменаў. I тыя, што былі на ўроках. Сярод мноства вачэй — вочы Антаніны Аркадзеўны. Яе позірк я сапраўды такі адчувала ўсёй істотай. I сцялася, спалохалася, як вінаватая школьніца, калі старая настаўніца выйшла са школы і наблізілася да пляцоўкі. Я зразумела, што свякруха хоча пагутарыць са мной, і баялася гэтай размовы, баялася, што яна папросіць ці нават загадае вярнуцца дадому, і я, слабая, скаруся яе разумнай і хітрай уладзе. А мне хацелася бунтаваць, як ніколі ў жыцці. Бунтаваць супраць усіх канонаў, законаў, традыцый, супраць людзей і абставін, якія стварылі людзі. Было і радасна і страшна ад гэтага свайго нечаканага бунтарства.
Антаніна Аркадзеўна паклікала мяне:
— Міхаліна, калі ласка, на хвіліначку.
Я завагалася: ісці ці не ісці?
Але на пляцоўцы застылі дзве каманды. Глядзелі на мяне. Чакалі. Вучні... Я не магла пры іх не адгукнуцца на такую спакойную просьбу заслужанай настаўніцы. Што б ні здарылася — ёсць педагагічны такт. Нарэшце, падумала я, трэба прайсці праз усе выпрабаванні — нагаворы, угаворы, пагрозы, праклёны... і выстаяць!
Антаніна Аркадзеўна сказала мне ціха і тактоўна:
— Міхаліна, дзіця маё, ты як п’яная. Нельга так. Ты кідаеш выклік усім — настаўнікам, калгаснікам. Я разумею: гэта ад нервовай узбуджанасці. Але людзі не зразумеюць. Ідзі дахаты.
— Да якой? — тут ужо сапраўды з выклікам спытала я.
— Да Сашкі,— адказала яна.
I я скарылася. Не, дадому не пайшла, але на валейбольную пляцоўку не вярнулася. Пайшла на гарод, дзе працавалі дзевяцікласніцы, палолі памідоры і гуркі.
Роза Абрамаўна падпільнавала, калі я была адна, у баку ад людзей, падбегла са спалоханымі вачамі.
— Міка, дарагая, што ж гэта будзе?
— Нічога не будзе,— адказала я.
— Каб ты пачула, што пра цябе кажуць.
— Калі ласка, прашу: не трэба перадаваць, што пра мяне кажуць. Я сама ведаю...
Яна збянтэжылася. Ёй хацелася паспачуваць. Шчыра. Я не прыняла спачування. Не магла прыняць, бо не адчувала сябе ні пакрыўджанай, ні няшчаснай. I з тае хвіліны лепшая мая сяброўка пачала патроху аддаляцца, пазбягаць мяне, замыкаючы ланцуг ізаляванасці. Праўда, у яе хапіла тактоўнасці не парываць адразу. Яна яшчэ колькі разоў наведвалася да мяне, але ранейшай шчырасці паміж намі не было. Дружба астывала, халаднела.
3 гарода мяне паклікаў дырэктар, наш добры Андрэй Пятровіч, які ні разу, колькі я ведаю яго, не ўзвысіў голасу ні на вучня, ні, тым больш, на настаўніка. Ён толькі што вярнуўся ад завуча. Я ведала, што ён хадзіў да Сашы, а таму ішла з нейкім новым страхам. Ва мне дзіўна ўжываліся ў тыя хвіліны бунтарства і... страх. Але страх трымаўся, пакуль была невядомасць — што скажуць, што зробяць? Прасвятліліся мае адносіны з людзьмі — страх знікаў, а бунтарства, наадварот, расло.
Андрэй Пятровіч сядзеў у сваім кабінеце, як кажуць, што хмара: пануры, згорблены, рэдкія сівыя валасы ўскудлачаныя, як у хлапчука пасля бойкі; дыхаў цяжка, быццам прабег з канца ў канец нашага расцягнутага на тры кіламетры сяла. На прывітанне маё не адказаў. Сесці не запрасіў. Я села сама. Яго гэта, відаць, здзівіла і абурыла. Ён зірнуў з-пад ілба, адкашляўся і глухім голасам, з маленнем і пагрозай спытаў:
— Мілая мая, што вы робіце?
— А што я раблю?
— У нас зрываюцца экзамены...
Я хмыкнула:
— Ад нашага кахання?
Ён не чакаў такой дзёрзкасці і доўга глядзеў на мяне са здзіўленнем і няўцямнасцю: маўляў, што зрабілася з жанчынай?
— Вы яшчэ смеяцеся?
— А чаму я павінна плакаць? Ад таго, што прыйшло каханне?
Тады ён закрычаў, стукнуўшы кулаком па стале:
— Дурнота на вас найшла, а не каханне! Дурнота, мілая мая! Разбэшчанасць! Зажырэлі! Зазыкавалі! Сумленне страцілі! Чэсць! Сорам! Дай бабе волю!.. Трапілі б вы ў рукі добраму мужу, а не такому кісялю, як ваш...
— А вы дамастроевец, Андрэй Пятровіч,— сказала я з вясёлай усмешкай, уявіўшы, што было б, каб Генадзь паспрабаваў мяне паском навучаць. Дырэктару мае словы — што вядро халоднай вады: адразу сцішыўся, зрабіўся афіцыйна-сухім.
— Кахайце каго хочаце, але не выстаўляйце сваё каханне на паказ, вы не дзяўчынка, вы, дзякуй богу, маці ўжо, у вас дзіця... Ва ўсякім разе, як дырэктар, я не дазволю, каб вы дэманстравалі перад вучнямі, як гэта вы толькі што зрабілі... Яны — дзеці, а вы — педагог...
— Не лічыце дзесяцікласнікаў дзіцяткамі... Яны не ў цяпліцы раслі,— па-свойму бараніла я вучняў, але было крыўдна, што і ў маім любімым класе знайшоўся дробны шпіёнчык (відаць, нехта з дзяўчат), які ўжо так хутка данёс пра нашу размову.
— Дзе б яны ні раслі, але я не дазволю... Я забараняю вам рэпеціраваць «Чайку»...
— О-о!
— Можаце думаць пра мяне, што хочаце. Але я не жадаю, каб вы зараз, у вашым стане, з вашымі вельмі дзіўнымі поглядамі ўплывалі на вучняў. 3 заўтрашняга дня лічыце сябе ў летнім адпачынку.
Такая рашучасць і катэгарычнасць нашага ціхага добрага Андрэя Пятровіча ўтаймавалі на нейкі міг маё бунтарства. Яго хапіла толькі на тое, каб саркастычна падзякаваць і горда пакінуць кабінет.
А дома, у адзіноце, мне зноў хацелася плакаць. Добра, што са мной быў мой маленькі Сашка, радасць мая і пацеха, смяшлівы непаседа, вялікі фантазёр і бунтар — гэткі ж, як і маці. Мне здалося, што ён, Сашка,— не часцінка Генадзя і таго кахання, якога, напэўна, не было, якое мы, відаць, прыдумалі, а часцінка гэтага незвычайнага кахання, трагічнага і радаснага, якім я жыла.
Я цэлы дзень хадзіла з сынам па тых мясцінах, дзе мы сустракаліся з ім, з вялікім Сашам.
Уразіла, што Сашка за ўвесь дзень ні разу не папрасіўся да таткі. Я не злараднічала з гэтай прычыны. Мне сапраўды шкада было Генадзя, дарэмна ён так стараўся прывязаць сына, перацягнуць на свой бок.
Бабулю Сашка ўспамінаў, прасіўся да яе. I гэта было самае цяжкае — растлумачыць малому, чаму мы не можам пайсці ў «наш дом», у «наш сад», да бабусі...
Але пад вечар яна наведалася да нас сама — Антаніна Аркадзеўна. Убачыла яе — і зноў апанаваў страх: навошта яна ідзе? Угаворваць? Прасіць? Не, яна не ўгаворвала. Увогуле не ўспамінала пра нашу драму, быццам нічога і не здарылася. Расказвала пра экзамены — хто з вучняў як адказваў, хто куды хаваў шпаргалкі. Я была ўдзячна ёй за гэта. Але калі яна папрасіла дазволіць Сашку пайсці з ёй, я ўся скаланулася, падумала нядобразычліва:
«Во як ты пад’язджаеш да мяне, як хітруеш. Не!»
Але яна нібы прачытала мае думкі. Сумна ўсміхнулася:
— Не бойся. Ніхто ў цябе сына не адніме. Мне ты можаш паверыць? Пагуляе — і я прывяду назад.
Пра Генадзя — ні слова, пра тое, што яму хочацца пабачыць сына.
Ёй нельга было не паверыць. Каб яна патрабавала, я, безумоўна, узбунтавалася б. Але яна прасіла хораша, спакойна, і я дазволіла.
У той жа вечар я перажыла яшчэ адно, можа, самае цяжкае.
Прыйшла Уліта з калгаснай працы — з сенакоса: зарабляла на працэнты сена для сваіх коз. Удзень, калі я вярнулася са школы, яна адыходзіла добрая, ласкавая, а ўвечары — ну, проста плюнула на мяне позіркам. Слова не сказала. Праўду кажучы, я так і баялася гэтага: аскетка, праведніца, не даруе яна мне, калі пра ўсё даведаецца. Але спадзявалася на яе дабрату, міласэрнасць і разважлівасць. Заўсёды і на ўсё ў яе быў свой адменны погляд, свая думка. Ажно — не, на гэты раз перамагла людская, бабская. Калгасніцы, безумоўна, асуджалі мяне. 3 імі — і Уліта.
Я з жахам чакала, што яна вось-вось папросіць мяне са сваёй хаты. Куды я пайду? Але Уліта маўчала. Моўчкі палола грады, моўчкі даіла коз, напілася малака з чэрствым хлебам... Проста катавала сваім такім маўчаннем. А тут яшчэ Антаніна Аркадзеўна доўга не прыводзіла Сашку. Якія толькі думкі не лезлі ў маю разгарачаную галаву! Здавалася, што ўсе ўступілі ў змову, каб зламаць, скарыць мяне, прынізіць, растаптаць маё каханне. Але разам з падазронасцю рос бунтарскі дух.
«Не, не скорыце! Не зламаеце! Не паддамся! Не! Не! Але каб выстаяць, трэба не абараняцца, а наступаць».
Я лічыла, што ўжо «наступала», тады ў школе, калі гаварыла з вучнямі, з дырэктарам. Трэба такім чынам размаўляць і з гэтай старой манашкай. I я загадала, ветліва, але ўладарна, як гаспадыня, як рабіла гэта амаль тры гады:
— Уліта, схадзіце, калі ласка, за Сашкам да... Антаніны Аркадзеўны.
I — о, цуд! — жанчына паслухмяна і нават ахвотна пайшла. А вярнулася з Сашкам ужо інакшая, амаль ранейшая — гаваркая, добрая, хіба трохі больш стрыманая. Тады я спытала ў яе з інтымнай даверлівасцю:
— Уліта, можа вам непрыемна, што я пасялілася ў вас? Майце на ўвазе, што гэта, відаць, надоўга.
Яна ўздыхнула і адказала не адразу.
— Ох, дзеткі,— ніколі яна да мяне так раней не звярталася, і гэта чамусьці непрыемна кальнула.— Хацела я табе паказаць парог, калі пачула ад людзей... Ды Антаніна Аркадзеўна просіць: прытулі, кажа, паглядзі... Бог вас разбярэ! Гэта ж дзіва, каб свякруха за такую нявестку заступалася.
Не надта мне прыемны быў такі свякрухін клопат. Падазрона падумала: «Мабыць, яшчэ адна хітрасць, каб скарыць мяне, хітрасць разумная, прадбачлівая, якую магла прыдумаць толькі Антаніна Аркадзеўна». Але ў той жа час я не магла не адчуваць, што гэта — мацярынская хітрасць, для шчасця сына, унука — майго сына... I яна кранула мяне, расчуліла. Уночы я ціхенька плакала ў падушку. А раніцаю зноў быццам нанава на свет нарадзілася. I хацелася мне толькі аднаго: убачыць яго, майго Сашу.
Пайшла ў школу. Экзаменаў у той дзень не было. Займаліся толькі дзесятыя класы, і ў пакоях было пуста і ціха. Саша не з’яўляўся ў школу. Можа таму гэтая летняя пустэча здалася мне такой злавесна-змрочнай і агарнула балючым смуткам. Ён душыў, смутак, я задыхалася ў зацененай таполямі халаднаватай настаўніцкай, адчувала, што мне трэба бегчы адгэтуль і хутчэй — на сонца, на вецер, на рэчку. Ды, аднак, не магла зрушыць з месца, сядзела, як прывязаная, бяздумная, спустошаная...
Скрыпнулі дзверы — я падскочыла: ён! Не, Павел Адамавіч. Стары падышоў і працягнуў мне руку, чаго амаль ніколі не рабіў — за руку штодня не вітаўся, хіба толькі ва ўрачыстых выпадках, калі каго віншавалі ці калі з’язджаліся пасля летняга адпачынку і збіраліся на першы педсавет.
— Міхаліна Казіміраўна, хачу без сведкаў паціснуць вашу руку,— сказаў ён.— Вас асуджаюць, а я, паверце, у захапленні. Я, ведаеце, стары дзівак-дзівадла, але ўмею бачыць глыбей, чым другія. Пра вас я быў невысокай думкі, бо ніяк не мог разгледзець вашай любові да мужа і яго — да вас. Думаў: дзяўчо з сучасных, падхапіла культурненькага ды багаценькага і трымаецца рукамі і зубамі. Ажно вы вунь якая! Натуральная! Адно шкадую: што ён — не герой. Аляксандр Дзямідавіч. Не. Не герой.
— Не трэба пра яго так, Павел Адамавіч,— папрасіла я.— Мне не трэба ад яго ніякага геройства.
— А вось гэта ўжо талстоўска-бабская філасофія, прабачце мне. «Усім ахвярую дзеля таго, каго кахаю». А калі ён не варты такой ахвяры?
— Ён варты.
Павел Адамавіч незадаволена чмыхнуў, як заўсёды, калі яму нешта не падабалася. Чмыханне яго трохі развесяліла мяне. Я глядзела на сярдзіты твар, на рудыя пракураныя вусы, якія варушыліся, як у маржа... I тут нечакана з’явілася дзёрзкая думка.
— Павел Адамавіч, што вы скажаце, калі я папрашу вас зрабіць мне адну паслугу?
Ён зацікаўлена насцярожыўся.
— Перадайце запіску Аляксандру Дзямідавічу. Але так, каб... Разумееце?
Стары спачатку зрабіў вельмі здзіўленыя вочы, пасля зморшчыў твар і... заліўся бязгучным смехам.
— А што? I перадам. Пражыў жыццё, шмат чым займаўся, а ў такой ролі быць не прыходзілася.
Я тут жа ўзяла вучнёўскі сшытак і чырвоным алоўкам, якім выпраўляла і падкрэслівала памылкі, з ліхаманкавай паспешлівасцю дрыжачай рукой напісала:
«Саша, любы мой! Жыву думкамі пра цябе. Жадаю толькі аднаго: сустрэцца з табой. Няхай гэта будзе апошні раз. Прыходзь увечары туды, дзе мы сустрэліся першы раз. М.»
— Можаце прачытаць,— сказала я Паўлу Адамавічу, перадавдчы згорнуты лісток.
— Паверце, што я не стану чытаць. Павінен жа хоць у аднаго чалавека на зямлі жыць такі анахранізм, як рыцарства,— ён зноў засмяяўся.
Праўду скажу, не верыла я, што Саша прыйдзе, бо добра ўяўляла, як пільнуе яго Люба. Але чакала спаткання з такой нецярплівасцю, што недзе пад вечар у мяне, здаецца, пачалася гарачка. Паліла галаву, трэсла цела, як у ліхаманцы. О, гэты чэрвеньскі вечар! Я падумала тады, што яго ўвогуле не бывае. Які ж гэта вечар, калі змяркаецца недзе амаль апоўначы! Нават у сям’і, дзе ўсё ладна і мірна, і то ў такі час мужу нялёгка адлучыцца з дому, ды яшчэ калі жонка такая, як Люба.
Я так і не дачакалася, калі змеркнецца, каб пракрасціся за раку, у бярэзнік. Адвячоркам у маленькую і чысценькую Уліціну хатку заглянуў Павел Адамавіч. Не прасіла я, каб ён прынёс адказ і не чакала, што стары можа вось так проста зайсці. Але адразу зразумела: адказ! I рванулася насустрач:
— Ну, што? Павел Адамавіч, даражэнькі!
— Якія вы ўсе нецярплівыя, закаханыя. Манашкі тваёй няма? — агледзеўшыся, перадаў мне заклеены канверт. Я тут жа разарвала яго. Такі ж вучнёўскі лісток, гэтак жа паспешліва напісаныя словы, толькі простым карандашом:
«Міхаська! Радасць мая і гора маё! Люблю, люблю, люблю. I праклінаю сам сябе, што я такі бязвольны і слабы. Не магу так, як ты. Асуджай мяне, забудзь, каб я ўсё жыццё караў сябе. Я прыйду да цябе. Прыйду! Але не сёння. Не хачу, каб ты бачыла мяне сёння. Падаю да тваіх ног і цалую».
Не люблю я ні высокіх слоў, ні палымяных клятваў, а тым больш — тэатральных жэстаў. Я прагнала б прэч мужчыну, каб ён упаў перада мной на калені. Не трэба мне цалаваць ногі, каб даказаць любоў. Але не гэта мяне ўразіла. Я не чакала радасці, не спадзявалася на блізкае спатканне. I аднак ад такога пісьма мне чамусьці зрабілася вельмі балюча.
Павел Адамавіч, відаць, убачыў гэты боль на маім твары, бо спачувальна ўздыхнуў.
— Не прыйдзе. Я ведаю. Ён сказаў мне. Не герой! Не!
— Не трэба...— зноў папрасіла я.
— Не буду,— паабяцаў ён і зморшчыў твар.— А яна, фермерша! О, якая гэта тыгрыца, скажу я вам! Сатана, а не баба. Здагадалася-такі, што я не проста так прарваўся да яе мужа, падпільнаваўшы, калі яна выйшла з хаты. Не ад гарачай любові да яго, гаротніка. I трохі не дала мне па шыі. Выштурхала без усялякіх цырымоній. «Няма чаго, кажа, старым казлам лезці ў чужы гарод». Як вам падабаецца? — Павел Адамавіч пырснуў. Смех яго на міг развеяў мае маркотныя думкі.
Я спытала:
— Што ж яна, пад замком трымае яго?
— Горш. Так размалявала, што і хацеў бы... Эх, дзярмовы я рыцар! Даваў слова маўчаць...
Толькі тады я зразумела, што Люба зрабіла з Сашам. Жахнулася ад такога дзікунства! Абурылася. Пашкадавала, як маленькага, і, безумоўна, адразу даравала пісьмо. Яно набыло зусім іншы сэнс. I ад таго зноў зрабілася амаль хораша, лёгка. Уявіла, як Люба пагнала старога, і засмяялася ўголас:
— Дык, кажаце, чуць не атрымалі па шыі?
— Лічыце, што палучыў. Ва ўсялякім разе «старога казла» зарабіў.
— Прабачце, Павел Адамавіч, што з-за мяне...
— Прабачаю... I, між іншым, скажу вам па сакрэту, што і яе, тыгрыцу гэтую, я паважаю больш...— стары, безумоўна, хацеў сказаць «больш, чым яго» — Аляксандра Дзямідавіча, але асекся, успомніўшы, відаць, маю просьбу.— Калі ўжо ставіць за мэту — утрымаць сваё, дык трымаць трэба так, як яна, а не так, як гэты твой інтэлігенцік Генадзь... Малюск! Кісель, як кажа Андрэй Пятровіч...
Дзіўна, але мне было непрыемна, што ён такой думкі пра Генадзя, амаль гэтак жа непрыемна, як і тады, калі ён без павагі казаў пра Сашу. Я не думала пра мужа дрэнна, нічога кепскага яму не зычыла і пагаджалася, што ва ўсім вінавата адна я — мой характар, мая натура...
Пацягнуліся ціхія летнія дні. Настаўнікі раз’ехаліся. Ды і сустракацца мне з імі не хацелася. Хоць не — няпраўда. Калі Антаніна Аркадзеўна не з’яўлялася нешта з тыдзень, я адчула сябе кепска — адшчапенкай. А я люблю людзей і адзіноцтва для мяне, можа, самае страшнае. Ды і Сашка прасіўся да бабулі. А хіба магла я пайсці да іх сама? Атрымалася б, што прыйшла каяцца, падаць да мужавых ног. Карай, але злітуйся. Даруй грэх мой. Што-што, а раскаянне не з’яўлялася ні на міг нават тады, калі мне было асабліва цяжка.
Уліта, якая здолела ўтрымацца маўклівай, нахмуранай не больш як дні тры, пасля штовечар трубіла пра пакорлівасць мужу. Я ж цяпер магла пакарыцца толькі таму, каго любіла. А больш нікому — ні чорту, ні богу, ні мужу, ні свякрусе. Дзівілася з самой сябе, што столькі год пакаралася без любві.
Але я шчыра ўзрадавалася, калі Антаніна Аркадзеўна прыйшла зноў. Нават тое, што Сашка кінуўся ад мяне да яе і ўвесь час лашчыўся да бабулі, не кранула маёй рэўнасці, не спалохала, што сына могуць пераманіць хітрасцю. Дзіцяці трэба не толькі адна маці, яму трэба людзі, цэлы свет людзей, якія любілі б яго. Тады і ў малога будзе выхоўвацца такая ж любоў да людзей. Простую гэтую педагагічную ісціну я добра разумела. Я ўсё разумела. Але...
Антаніна Аркадзеўна зноў колькі дзён ніводным словам не нагадвала мне ні пра Генадзя, ні ўвогуле пра нашы адносіны. Ды я насцярожана чакала: чым жа скончыцца яе маўчанне? Нарэшце яна не вытрымала, спытала:
— Міхаліна, дзіця маё, я не старонні чалавек і маю права на такое пытанне: як жа яно будзе далей?
— А ніяк не будзе,— не задумаўшыся, адказала я. Гэтак жа, як Розе Абрамаўне. Такая мая пераконанасць уразіла і засмуціла свякруху. Яна доўга сядзела з такім выглядам, што мне здавалася: вось-вось паднімецца і, не развітаўшыся, не сказаўшы слова больш, пойдзе назаўсёды. I я трохі баялася гэтага. Не, яна не пайшла, розум у яе ўладарыў над пачуццямі. Памаўчаўшы, Антаніна Аркадзеўна сказала:
— Я ведаю сына лепш... У яго мяккае сэрца. Ён можа дараваць.
Я падумала чамусьці амаль з радасцю:
«А вось гэта ей падказаў не розум, а пачуцці. Мацярынскія».
I адказала:
— Антаніна Аркадзеўна, вы — разумная. Няўжо вы сур’ёзна думаеце, што пасля гэтага я буду больш паважаць Генадзя? Не кажучы ўжо пра любоў.
Яна ўздыхнула і сказала сурова:
— Вы — маладыя — эгаісты, задужа многа думаеце пра сябе і забываеце на дзіця. У вас — сын.
— Мяне такі папрок не можа крануць, бо гэта няпраўда. Я забываюся на Сашку?! Ды я начамі не сплю — думаю пра лёс сына. У мяне сэрца разрываецца. I дзеля Сашкі, толькі дзеля яго я гатова вярнуцца...
Свякруха ўстрапянулася, вочы яе бліснулі радасцю. Ды я тут жа пагасіла іх.
— Але з адной умовай... Простай... Каб наш саюз з Генадзем быў саюзам роўных і... вольных. Каб ён не паводзіў сябе ўладаром, як казалі раней, сваёй богам дадзенай палавіны. I каб ніколі нічым — ні словам, ні дзеяй — не абразіў гэтую маю любоў... Яна — святая... Для мяне... I, вы разумееце, я не дазволю, каб нехта караў мяне за яе... Згодзіцца Генадзь на такую ўмову?
Антаніна Аркадзеўна сказала без надзеі, упалым голасам:
— Пра гэта вы дамоўцеся самі.
— Згодзіцца,— упэўнена адказала я.— Але ніколі не выканае. Для гэтага хіба такая трэба сіла волі, як у Генадзя! I незалежнасць ад людской думкі. I душэўная культура. Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі... А я гэтага не сцярплю. Вы ведаеце мяне, Антаніна Аркадзеўна. Я зноў мушу перабірацца з Сашкам да Уліты. I тады ўжо для людзей будзе камедыя. А я не хачу камедыі! Не! Няхай лепш будзе драма!
Тады ж Антаніна Аркадзеўна прызналася, што з першага знаёмства я нечым спалохала яе, што яна дзіўна неяк і незразумела баялася мяне і праз гэта не любіла так, як павінна была палюбіць. А цяпер знікла боязь і з’явіліся зусім іншыя пачуцці. Якія — яна не растлумачыла. Але, помню, сказала:
— Сэрца маё часта поўніцца гневам і злосцю. За сына, за ўнука. Але паслаць табе праклёны, зычыць няшчасця я не магу. За штосьці, за што — сама не разумею, я пачала паважаць цябе. Не толькі Сашка, але і ты, віноўніца, прыцягваеш мяне. Можа, мне хочацца зразумець цябе. Можа, усцерагчы ад большай бяды.
I сказала яшчэ вось што:
— Добра. Няхай будзе драма. Але без усялякай хітрасці, я хачу папярэдзіць. Не дамагайся па-бабску яго... Ён — не герой.
Я скаланулася: словы Паўла Адамавіча. Няўжо расказаў? Такое здрадніцтва чалавека, якому даверылася, было б цяжка перажыць, яно скіравала б мой бунт супраць людзей. Не, на шчасце, падазронасць мая тут жа развеялася.
Аднак я паспела адказаць Антаніне Аркадзеўне:
— Для мяне ён герой. Адзіны. 3 усіх...
— Дзіця маё, яшчэ ў старажытнасці людзі казалі: любоў сляпая. Але... не абурайся, калі ласка, я зусім не намерана ганіць яго. Я хачу засцерагчы цябе не ад яго. Ад Любы... Май на ўвазе, што гэта жанчына не думае, што будзе ад яе ўчынкаў — камедыя ці трагедыя. Яна аднолькава здатная на ўсё.
Што Люба такая — гэта я добра ведала. I аднак падумала, што ўсё-такі свякруха хітруе — хоча нагнаць страху з адной мэтай: каб, напалоханыя, мы не рушылі далей, тады, магчыма, паступова выветрым любоў з сэрцаў і галоў нашых, і час, лепшы лекар, усіх верне на свае месцы. Старая ведала, што большасць такіх драм у жыцці завяршаецца знешне шчаслівым канцом: перадурэюць і ўтаймуюцца. Я не стала разбураць яе надзеі. Няхай спадзяецца.
Дзе-якія чуткі пранікалі і ў маю «цытадэль». Ва ўсякім разе я ведала, што Люба дамагаецца, каб мяне выгналі са школы. Спачатку я не баялася гэтага. Верыла ў сваіх калег: не пакрыўдзяць, завошта ім выганяць мяне? Вера мая ўмацавалася, калі Мая расказала, як абараняў мяне на педсавеце Павел Адамавіч, і дырэктар, наш добры Андрэй Пятровіч, нібыта згадзіўся з ім. Боязь і няўпэўненасць з’явіліся, калі аднойчы зусім неспадзявана я сустрэлася каля пошты з Любай.
— Ты шчэ тут? — закрычала яна на ўсю вуліцу і зноў сыпанула бруднымі словамі, пры хлопчыку маім, спалохала дзіця.— Ну, я буду не я, калі не выжыву цябе адгэтуль. Каб мая ўлада, я павесіла б цябе на гэтай вярбе, сучку такую.
О, гэта было жахліва! На маё шчасце, нікога блізка не было. Але ўсё адно, слова не вымавіўшы ў адказ, я схапіла Сашку на рукі і пабегла прэч ад гэтай страшнай жанчыны.
— А што — сорамна?..— зларадна крычала яна ўслед.
3 таго часу я пачала баяцца і яе асабіста і ўсяго таго, што яна можа зрабіць; перасцярога Антаніны Аркадзеўны набыла сур’ёзны сэнс. Можа праз гэтую боязь я не пайшла на спатканне, калі ён, Саша, паклікаў.
Дзён праз колькі, пасля маёй сустрэчы з Любай, у нядзелю, Мая, піянерважатая, прынесла мне яго пісьмо. Ён клікаў зараз жа, пасярод дня, за рэчку, у Сямёнаўскі бор.
Я не пайшла. А пасля шкадавала. I цяпер шкадую. Мне так хацелася пабыць з ім хоць хвіліну. Можа, у апошні раз. I ён, безумоўна, хацеў выканаць сваё абяцанне — прыйсці да мяне. Можа, у той дзень яму напаткалася адзіная магчымасць. А я не пайшла. Брыдка і дагэтуль ад думкі, што я пабаялася. Каго? Любы? Ды яна ж сама баіцца мяне!
Хоць у адзіноце, суме, а ўсё адно летнія дні ляцелі хутка. Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі, і я прыйду ў школу. Як павядзе сябе Генадзь? Застанецца ці перавядзецца ў другую школу? Я асабіста вырашыла: нікуды не паеду. 3-за прынцыпу. Каб не думалі, што лічу сябе вінаватай.
Мяне паклікалі ў школу раней, недзе ў канцы ліпеня. Прыехаў загадчык райана — Леанід Міхеевіч Аўсянік. Я ведала гэтага чалавека яшчэ з інстытута. Праўда, ён скончыў на два гады раней. Але яго ўсе ведалі ў інстытуце, бо ён быў актывіст, прафсаюзны кіраўнік. У раёне таксама хутка пайшоў угору. Адзін год папрацаваўшы ў школе, стаў інспектарам райана, а яшчэ гады праз два яго высунулі на загадчыка: малады энергічны кадр! Злосныя языкі на настаўніцкіх канферэнцыях пляткарылі, што Міхеіч мае трое любоўніц і бярэ з дырэктароў хабар... свежай рыбай. Сапраўды, усюды ён пахваляецца, што лепшы рыбалоў з усіх раённых кіраўнікоў, і, праўда, прывозіць самы багаты ўлоў — увесь актыў есць яго рыбу. Але, кажуць, што ніхто ніколі не бачыў, каб сам ён злавіў нешта большае за чырвонапёрку ці ёршыка.
Аўсянік быў у кабінеце дырэктара адзін. Ды і ўвогуле, здаецца, у школе нікога не было. Пуста, холадна. Пахла свежай фарбай, крэйдай, вільгаццю — не прасохлі яшчэ пасля пабелкі сцены. Сустрэў загадчык райана мяне прыветліва. Запрасіў сесці. А сам хадзіў па кабінеце, качаўся, як шар, кругленькі, тлусценькі, нечым вельмі задаволены, расчырванелы, у ззяючай бялюткай нейлонавай сарочцы. Абцасікі яго модных чаравікаў прыліпалі да пафарбаванай падлогі. Заставаліся сляды. Мне карцела сказаць, што не трэба хадзіць па ўсім пакоі, псаваць непрасохлую падлогу. Але той жа страх невядомасці зноў скоўваў. Я сядзела, як школьніца.
Ён абышоў вакол мяне, можа, разы тры, быццам прымерваўся, з якога боку лепш падступіцца. Сказаў добразычліва, лагодненька, але з афіцыйнага месца, зайшоўшы за дырэктарскі стол.
— Міхаліна Казіміраўна, абавязак мой нялёгкі, але служба вымушае. Аднак ніякіх маралей чытаць вам не збіраюся. Скажу адразу: многія людзі і педсавет... патрабуюць перавесці вас у другую школу. Куды-небудзь далей — так прасіла адна асоба...
Даведалася, як хочуць мяне пакараць,— знік мой страх. Не скажу, што весела, але я засмяялася:
— У ссылку, значыцца?
Аўсянік спружыніў на насочках сваіх завостраных, як ракеты, чаравікаў, таксама засмяяўся:
— У ссылку,— і выйшаў з-за стала.
— Завошта?
— Ну, гэта вы ведаеце лепш, чым я. Хоць — хе-хе — і мне вядома.
— Не. Я не ведаю...
— О, вы, як кажуць юрысты, не прызнаяце сваёй віны,— голас мяккі, проста аксамітны, шуршэў недзе ўжо ззаду. Патрэсквала фарба на падлозе — прыліпалі чаравікі; як таму гарачаму стаенніку, яму не стаялася на месцы.
— Хіба ёсць закон, які забараняе настаўніцы пакахаць?
Ён засмяяўся юрліва і яшчэ бліжэй ад мяне, над самым вухам.
— О, я разумею. Як чалавек, я ўсё разумею, Міхаліна... Вам нікуды не хочацца адгэтуль?
— Педсавет не мог патрабаваць, не пагаварыўшы са мной. Чаму не выслухалі мяне?
— Гэта правільна. Але некаторыя асобы дайшлі да парткома, да Васіля Іванавіча. Цераз маю галаву.
— I куды вы рашылі саслаць мяне? У Сібір? — ужо без жарту, са злосцю спытала я.
— О, не! — ён засмяяўся амаль у вуха мне.— Бліжэй. У Затонскую школу.
— Дзякую. Вы літасцівыя.
— Усяго на ўсяго за сорак кіламетраў.
— Вось за гэта і дзякўю, што не так далёка. Але нікуды я не паеду!
— О-о, я ў захапленні!.. I разумею Муліцу. Такой жанчынай нельга не захапіцца. Вы і мяне заваражылі... Але,— ён цяжка ўздыхнуў,— я — чыноўнік. Я мушу нагадаць, што існуе такая непрыемная рэч, як загад... Перавесці настаўніцу Жарчынскую...
Дзіўна ўразіла, што загадчык райана назваў маё дзявочае прозвішча. Я падумала, пра Генадзя: «Няўжо і ён прасіў, каб мяне перавялі? Мог прасіць, каб не пераводзіцца самому, не пакідаць утульнага дома, маму. Мамчын сынок!» — і мяне ахапілі абурэнне і злосць.
А маю задумлівасць Аўсянік вытлумачыў па-свойму. Я раптам пачула яго гарачае дыханне. Цяпер ён не гаварыў — шаптаў:
— Я разумею цябе, Міхаліна. Паехаць туды — значыцца, пазбавіцца ўсіх радасцей... Хто там ёсць у гэтай васьмігодцы? Старыя дзевы. А табе трэба прастор. Перад тваімі чарамі не можа ўстаяць ніводзін мужчына. Я зачараваны. Адзін твой ласкавы позірк, і я зраблю ўсё, што ты пажадаеш... Усё... усё,— рука яго лягла на маё плячо...
Я паднялася з крэсла павольна, азірнулася на акно. Ён мабыць падумаў, што зараз кінуся яму на шыю, і прыўзняўся на насочках, пацягнуўся да мяне. Я размахнулася і адвесіла яму аплявуху.
Ад нечаканасці Аўсянік войкнуў, як малы. Я злосна тыцнула кулаком у яго блішчастую фізіяномію. Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла костачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Ён не супраціўляўся, не закрычаў, не ўдарыў у адказ, не схапіў за рукі, каб стрымаць. Засланіўшыся рукамі, адступаў да дзвярэй. Адчыніў іх спіною і толькі тады, калі апынуўся ў калідоры, страшны, з перакошаным, ажно нейкім фіялетавым, тварам, прахрыпеў:
— Ну, ты мяне папомніш!
Нікога ў жыцці я не біла, хіба малая зрэдку цягала за чупрыну брата, а ён мяне. А тут як успомню, з якой злосцю і... асалодай я дубасіла гэтага выпеставанага парсюка, робіцца смешна і страшна. За сябе страшна — што магу так біць чалавека.
Мабыць ад усяго разам — ад крыўды, абразы, ад біцця гэтага — сама, там жа, у кабінеце, істэрычна разрыдалася, ніколі ў мяне такой істэрыкі не было. Можа гадзіну раўла, білася, як у ліхаманцы, усё ніяк супакоіць сябе не магла.
Дні праз тры наш добры Андрэй Пятровіч з вінаватым выглядам даў мне прачытаць загад райана. Пераводзілі мяне не ў Затон, не, далей, у суседні раён, сельскагаспадарчая тэрыторыя якога далучана да нашага.
Я паехала ў райана. Па дарозе, як кажуць, завяла сябе. Таму да Аўсяніка ўскочыла з ходу, амаль адпіхнуўшы сакратарку, якая з нехарактэрнай для яе рашучасцю хацела загарадзіць дарогу: «У Леаніда Міхеевіча нарада».
Як ён разгубіўся спачатку, гаротны Леанід Міхеевіч, калі ўбачыў мяне! Ажно ў самой у мяне астыў ваяўнічы запал. У яго сапраўды сядзелі чалавекі тры ці чатыры незнаёмых мне людзей.
Я сказала:
— Калі вы зараз жа не адменіце свой загад, я пайду і раскажу пра ўсё ў райкоме і пракурору.
Ён збялеў, але на імгненне. Не паспела я перавесці дыханне, як ён тут жа, як чараўнік, пераўтварыўся. Куды дзеліся яго разгубленасць, спалох! Заклаў рукі за спіну, прыўзняўся на насочках — бог і цар! Паважны, спакойны. Відаць, добра рыхтаваўся да майго прыходу, збянтэжыла яго толькі нечаканасць. Сказаў добразычліва, з усмешкай:
— Жарчынская, вам не да твару шантаж. Такой жанчыне! Ваша гордасць выклікала павагу. Не ўніжайцеся да шантажу. Паверце: загад — не мая ініцыятыва. Такога загаду ад мяне патрабаваў партком. Пагаварыце з Васілём Іванавічам!
Адразу ён абяззброіў мяне. Я зразумела, што весці вайну з Аўсянікам няма сэнсу, што мой расказ пра яго паводзіны сапраўды будзе прынімацца за шантаж. А шантажыст — горш за даносчыка. Я сама ненавіджу такіх людзей.
Пайшла ў партком. Там я не магла зайсці да сакратара з ходу. Не райана... Я ніколі не вызначалася смеласцю перад старэйшымі па чыне. Ды і не было ў мяне дагэтуль прычын мець справу з высокім начальствам. Дэкан факультэта, дырэктар школы, завуч — не вышэй. На маё шчасце, яны былі чулыя, сардэчныя людзі. Аўсянік — першы такі на маім шляху. Ён адзін не мог разбурыць маю веру ў чалавечую дабрату.
У прыёмнай мяне трымалі доўга. Сакратарка, непрыгожая жанчына ў гадах, далажыўшы пра мяне, не вельмі прыветліва запрасіла сесці і чакаць. Пра мяне тут ведалі, пра маю гісторыю. Але, безумоўна, ніхто не ведаў, што тварылася ў маім сэрцы! Аўсянік пастараўся — даў характарыстыку, можа, і не вельмі благую па іншых пунктах, але такую, каб на выпадак чаго застрахавацца: маўляў, ад такой жанчыны ўсяго можна чакаць. Сакратарка выйшла і адразу ж у прыёмную, нібыта па справе, пачалі заглядваць работнікі парткома, усё больш маладыя інструктары. Аглядалі мяне, як нейкую славутасць. Гэта пачало абражаць. Як хваля, узнімалася абурэнне, і я пачала баяцца за самую сябе — не нарабіць бы глупства!
Адзін малады інструктар гучна сказаў за дзвярамі:
— Не дзіва. У такую і я закахаўся б.
Гэта мяне развесяліла і супакоіла.
Да сакратара прыйшоў старшыня райвыканкома (я ведала яго), прывітаўся і таксама з цікавасцю агледзеў: што за птушка такая заморская? Другім прайшоў з выгляду сярдзіты малады чалавек у цёмных акулярах. Ён не прывітаўся і, здаецца, не праявіў ніякай цікавасці. Неўзабаве туды ж, за абабітыя карычневым дэрмацінам дзверы, прашмыгнуў і Аўсянік, спружынячы на насочках, самаўпэўнены, ззяючы. Весела кіўнуў мне, як бы падбадзёрваючы: маўляў, не гаруй, Міхаліна!
Ён жа праз хвіліну і паклікаў мяне. Шырока адчыніў дзверы, як перад ганаровым госцем:
— Прашу вас, Міхаліна Казіміраўна.
Я ведала нашага сакратара Васіля Іванавіча даўно, гады два ўжо. Ён часта прыязджаў у калгас, не мінаў школы. Гэта падабалася настаўнікам. I сам ён падабаўся. Просты, вясёлы, інтэлігентны. Любіў пагаварыць з людзьмі. На яго даклады клуб бітком набіваўся.
Чаму ён не захацеў пагутарыць са мной адзін на адзін, каб я магла раскрыць яму душу, вось так, як вам? Навошта яму было збіраць цэлае бюро? Я разумею: яго настроіў Аўсянік. Але чаму ў нас часта разумныя людзі слухаюцца Аўсянікаў? Я ведаю, што зрабіў гэты тып. Ён прадставіў мяне як небяспечную спакусніцу не толькі кіраўнікам, але і іх жонкам, а тыя, безумоўна, зрабілі належнае папярэджанне мужам і суровы наказ: ніякай літасці такой, як я!
Як толькі я ўбачыла гэтых чатырох «важно восседающих за столом мужей», то адразу зразумела, што ні шчырая споведзь, ні слёзы, ні просьбы мае не памогуць. Усё тут даўно вырашана і запісана.
Трое разглядалі мяне з той жа мужчынскай цікаўнасцю. А чацвёрты, малады, у акулярах, быў абыякавы да ўсяго на свеце.
Васіль Іванавіч спытаў афіцыйна, суха:
— Што вы хочаце,— зазірнуў у паперку і вычытаў маё прозвішча па мужу,— таварыш Качанок?
— Я хачу застацца ў сваёй школе. Завошта мяне, без маёй згоды, пераводзяць нямаведама куды?
— Вы скампраметавалі сябе ў гэтай школе.
— Чым?
— Вы не разумееце, чым? — шчыра здзівіўся Васіль Іванавіч.
— Не. Не разумею.
— Ну, ведаеце...— развёў ён рукамі.
— У Міхаліны Казіміраўны свой погляд на сям’ю, на каханне,— сказаў Аўсянік з добранькай усмешачкай.
— Погляды бываюць розныя, а маральны кодэкс у нас адзін,— аўтарытэтна і сурова, амаль пагрозліва, сказаў малады ў акулярах, зноў-такі не зірнуўшы нават на мяне.
— Вось іменна! — падхапіў сакратар.— Маральны кодэкс у нас адзін. А вы яго парушылі...
— Вашага пераводу, акрамя ўсіх другіх, патрабуе муж. I сам просіцца ў суседнюю школу. Ён спадзяецца...— кінуў Аўсянік самы важкі аргумент, пацвердзіўшы маю здагадку.
Больш мне не было чаго сказаць тады, акрамя аднаго:
— Я не паеду!
— Мы вас гвалтоўна не высылаем. Можаце пашукаць сабе другую работу. Ці ў другім раёне,— заключыў старшыня райвыканкома.
Аўдыенцыя закончылася, як пісалі ў старых раманах.
Пасля я лаяла сябе: трэба было ваяваць, бо другой такой магчымасці мне не даюць. Не хочуць слухаць, гаварыць. Я прыязджала ў аблана — там паціскалі плячамі, ветліва ўсміхаліся і адсылалі назад: няхай разбяруцца ў раёне. Пісала міністру — ён не адказаў. Я разумею: у міністра хапае больш важных спраў... Ужо мінае месяц, як пачаўся навучальны год, а я хаджу, як адшчапенец, без працы, без заробку... Завошта?
Гэтым ціхім, але вымаўленым з крыўдай, з болем «завошта» Міхаліна Казіміраўна скончыла расказваць сакратару абкома. Пятро Гаўрылавіч ні разу не перапыніў жанчыну, выслухаў да канца, сур’ёзна, уважліва.
Я пісаў ужо, што расказвала яна ў абкоме далёка не так падрабязна, як перадаю гэта я, пасля трох незабыўных сустрэч з ёй і праз два гады пасля першых двух, не раз прапусціўшы матэрыял цераз сваю творчую прызму. А яна, гэтая прызма, як і фізічная, пераломлівае святло падзей, характараў і ўтварае спектр — гаму фарбаў.
У расказе Міхаліны Казіміраўны сакратару ўся сцэна з Аўсянікам у школе, якую яна мне аднаму ў кафэ расказала з усімі дэталямі, з дыялогам, была дакладна вось такая: «Пасля сур’ёзнай размовы ён, Аўсянік, пачаў заляцацца да мяне. Я абурылася, пагразіла, што раскажу людзям і жонцы яго». I так — шмат што, без падрабязнасцей.
Я разумеў яе стрыманасць, тактоўнасць і дабрату: нікога асабліва не падвесці, нават Аўсяніка. Але ад гэтай сцісласці трацілася ўражанне той незвычайнай шчырасці і праўдзівасці, што так захапілі мяне раніцай. Я астываў.
Маю цікавасць абудзіла... паўза. Маўчаў Пятро Гаўрылавіч. Разглядаў гэтую дзіўную жанчыну — не з цікаўнасцю, не,— а з нейкай паглыбленасцю, па-бацькоўску строга і ласкава,— інстытут навучыў яго быць уважлівым да такіх гарачых сэрцаў і галоў. Думаў, жадаючы пэўна асэнсаваць яе ўчынкі з вышыні свайго жыццёвага вопыту. А яна глядзела на мяне, прасіла позіркам: «Падтрымайце. Скажыце што-небудзь. Вы ж чулі, як я дрэнна тут расказала, не так, як вам».
Мне хацелася яе падтрымаць. Хіба не з гэтай мэтай я прывёў яе сюды, у абком? Раніцай я проста гарэў, абураўся супраць чэрствасці, бюракратызму раённых маралістаў. А тут, у прахалодным афіцыйным кабінеце, дзе са сцяны на нас трохі насмешліва глядзеў найвялікшы тэарэтык паходжання сям’і, яе мінулага і будучага, Энгельс, я раптам падумаў:
«Пра ўсё ты расказала вельмі шчыра. На дзіва. А вось пра тое, чаму табе так хочацца застацца ў гэтай школе, нічога выразнага я не пачуў ні тады, ні цяпер. Прынцып? Жаданне даказаць сваё права на такое каханне?»
Я падумаў, а Пятро Гаўрылавіч сказаў дакладна тое ж самае:
— Я вас, Міхаліна Казіміраўна, вельмі ўважліва слухаў. Усю вашу споведзь. I, паверце, разумею... Ну, можа, не ўсё. Пастарэў,— ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся.— Але ўсё ж... Аднаго я толькі не разумею. Па маёй, прабачце, логіцы вам самой трэба прасіцца ў другую школу. Чаму вы так настойліва дамагаецеся, каб застацца ў гэтай?
Яна адказала не адразу — як бы сумелася, нервова зацерабіла дужку рыдыкюльчыка.
Цяпер ужо я загадваў ёй вачамі:
«Будзьце шчырай да канца».
— Спадзеяцеся памірыцца з мужам? — спытаў Пятро Гаўрылавіч.
— Не! — рашуча і катэгарычна адмовіла жанчына такую перспектыву.
— То чаму ж?
Міхаліна Казіміраўна падняла галаву, паглядзела на сакратара даверліва і ў той жа час баязліва. Такой я не бачыў яшчэ яе, такога яе позірку, паставы.
— Я люблю яго. Я люблю яго яшчэ мацней. Пакіньце мне адзіную радасць — штодня бачыць яго.
О, як яна сказала гэта, людзі добрыя! Мяне што токам ударыла. Мяне проста ашаламіла такая яе просьба. I я зноў загарэўся, бо зноў паверыў у незвычайную сілу яе запозненага, а таму амаль трагічнага кахання. Вядома ж, бязлітасна і несправядліва пазбавіць яе гэтай адзінай радасці. Цяпер я баяўся, што сакратар не зразумее, і гатовы быў кінуцца, каб падтрымаць жанчыну.
Пятро Гаўрылавіч доўга маўчаў, таксама, мабыць, здзіўлены. Пасля паківаў галавой, усміхнуўся.
— Ну, скажу вам, умееце вы ашаламляць... шчырасцю... нават такіх сівых зуброў, як мы з Іванам Пятровічам. Ці то ў вас гэта непасрэднасць, амаль дзіцячая, ці... акцёрская здольнасць... Але паспрабуйце пераўвасобацца, як кажуць. Сядзьце на маё месца. Магчыма, я здолею пераканаць таварышаў з раёна, каб вас пакінулі ў гэтай школе. Але ж я сапраўды ўжо, як бачыце, сівы зубр. Пажыў, пабачыў... I ведаю, паверце, што такое каханне, так сказаць, сілу яго ведаю. Вы не хочаце вяртацца да мужа. Я разумею і не збіраюся пераконваць вас, хоць па свайму становішчу абавязаны быў зрабіць гэта. А ён, ваш каханы, трымаецца сям’і. Сям’я ёсць сям’я. Зноў-такі не збіраюся даказваць вам, што гэта такое. А ў вас зноў пачнуцца тайныя сустрэчы. Зноў скандалы, бо ад людзей схавацца нельга. А вы — настаўнікі, працуеце з дзецьмі...
— Не будзе сустрэч! Нічога не будзе! Клянуся вам! — горача і зноў-такі вельмі шчыра выгукнула Міхаліна Казіміраўна, перапыніўшы павольныя разважанні сакратара.— Ніхто дрэннага слова не скажа пра мяне. Калі ласка. Прашу вас. Хочаце, я напішу вам клятву, абяцанне? Урачыстае.
Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і яна змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея. Паглядзела на мяне з маленнем:
«Памажыце!»
Я супакоіў яе ўсмешкай: усё будзе добра.
Гэтак жа, як я паверыў, што такая жанчына стрымае слова, я паверыў і ў тое, што Пятро Гаўрылавіч не здолее адмовіць,— добрая душа, у якой трывала жыве вера ў людзей. Ды, здавалася мне, пасля такога шчырага прызнання проста немагчыма не задаволіць яе просьбы. Пэўна, у любога «сухара» сэрца адтаяла б.
Пятро Гаўрылавіч паскроб алоўкам за вухам: нялёгка, маўляў, сядзець у гэтым крэсле, якія толькі праблемы не прыходзіцца вырашаць, якую толькі адказнасць не браць на сябе за другіх людзей!
Павярнуўся да мяне, сказаў з усмешкай:
— Паверым?
— Паверым, Пятро Гаўрылавіч.
— Глядзі. На тваю адказнасць.
— На маю.
Міхаліна Казіміраўна апусціла вочы, стаіла дыханне, баялася паварушыцца.
Сакратар, яшчэ раз уздыхнуўшы, зняў трубку тэлефона.
Амаль праз два гады я паехаў глядзець нашу нафту. Не тыя разведвальныя скважыны, якія шукалі вучні Міхаліны Казіміраўны. Тады пра гэтыя скважыны хадзілі легенды, але ніякіх фантанаў не было. Цяпер жа сапраўды ў знаёмых мне з маладосці мясцінах білі фантаны, і чорная кроў беларускай зямлі ўлівалася ў артэрыю «Дружба», злівалася з нафтай далёкай Башкірыі і цякла да братоў-палякаў, чэхаў, каб даць жыццё іх машынам.
Прызнаюся, маючы ўяўленне аб нафтаразведцы і промысле па нашых неглыбокіх, але эфектных кінафільмах, я, падобна тым вучням, марыў убачыць хоць адзін фантан, які біў бы высока ў палескае неба. Відовішча! Але першы ж геолаг, з якім я пазнаёміўся, высмеяў такое маё ўяўленне. Толькі людзі тэхнічна няграматныя, нядбайныя аварыйшчыкі могуць дапусціць такі фантан, які пры тым ціску, які даюць рэчыцкія скважыны, быў бы катастрофай.
На скважынах, дзе ішла разведка, стаялі знаёмыя з кінафільмаў буравыя вышкі, гудзелі магутныя дызелі, і людзі, бурыльшчыкі, абыякавыя да ўсялякіх экскурсантаў, былі заняты цяжкай і аднастайнай працай.
На скважынах, якія ўжо давалі прамысловую нафту, наогул нічога не было, акрамя невысокіх калонак з сярэбраных труб. Па іх нафта цякла ў трапы, дзе ад яе аддзяляўся газ, і далей — у велізарныя срэбраныя рэзервуары. На промысле малалюдна. Але хлопцы, прафесія якіх мае гучную і амаль рамантычную назву — аператары, больш гаваркія, чым разведчыкі, бо работа ў іх ціхая і чыстая — сачы за манометрамі, бяры пробы пеністай нафты ў піўныя бутэлькі ды аднось у лабараторыю, дзе дзяўчаты вызначаюць працэнт парафіну і іншых прымесяў.
Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты.
Цікава. Усё цікава. Але, на жаль, сюжэты — яны не палыхаюць накшталт гэтага факела, які відаць за многа кіламетраў, асабліва ўначы, не валяюцца вакол буравых і не фантаніруюць з глыбінь зямлі разам з нафтай. Яны — у глыбінях чалавечых характараў.
Знайсці сюжэтныя характары, дабрацца да іх бывае гэтак жа цяжка, як да нафты. А часам іх знаходзіш зусім выпадкова, як залатыя самародкі.
Вось чаму, не знайшоўшы пакуль што сюжэта на буравых і нафтапромысле, я зноў прыгадаў Міхаліну Казіміраўну. Заглянуў у запісную, каб успомніць сяло, дзе яна працуе. Спытаў — ці далёка? Зусім блізка — кіламетраў пятнаццаць усяго.
А хто з нашага брата стрымаўся б ад такой спакусы — заглянуць, даведацца, чым скончылася гэтая незвычайная гісторыя, як само жыццё «развязала» складаны вузел, завяршыла сюжэт?! Праўда, адчуваю, што дастанецца мне ад крытыкаў. Пэўна, не адзін з іх абурыцца: «Ездзіў чалавек у творчую камандзіроўку на нафтапромысел, а піша пра што?.. Жах! Пра любоў ды яшчэ пра якую!.. Каюся і схіляю сваю грэшную галаву: біце, мае даражэнькія сябры, такая ваша прафесія і такая наша доля».
...Прайшлі дажджы, і мая «калымага» ў двух палявых лашчынах добра пабуксавала. Вясна таго года была зацяжная, халодная, спачатку, у красавіку, сухая, а потым — дажджлівая. Ішлі апошнія дні мая, а тут, на Палессі, яшчэ цвілі сады, і жыта толькі выходзіла ў трубку.
Намучыўшыся ў гразі, запэцкаўшы машыну, запэцкаўшыся сам, я быў пашкадаваў ужо, што паехаў. Пераканаў сябе, што не можа яна так доўга заставацца там; калі не выжылі, сама ўцякла далей ад грахоў.
На краі сяла я спыніўся каля гурбы школьнікаў. Спытаў:
— Хлопцы, дзе жыве настаўніца Міхаліна Казіміраўна?
Чакаў, што дзеці пераглянуцца, паціснуць плячамі. Магчыма, хтосьці ўспомніць: «Была такая, але даўно ўжо няма яе. Паехала». Не. Хлапчукі ўсёй чарадой кінуліся да машыны.
— Дзядзька, мы пакажам! — і бесцырымонна, як шпакі ў дупло, палезлі ў машыну, на задняе сядзенне. Не паспеў я аглянуцца, як іх набілася туды чалавек сем, а перад адчыненымі дзверцамі яшчэ стаяла цэлая чарга. Я ўзмаліўся.
— Браточкі! Хопіць! Хопіць! А то горка заплачуць мае рэсоры,— і асцярожна, каб каторы не трапіў пад кола, зрушыў з месца. Адзін з маіх нечаканых пасажыраў сур’ёзна спытаў:
— Дзядзька, а вы хто?
— Касманаўт,— пажартаваў я.
— Ого-о, касманаўты такія не бываюць.
— Якія?
— Такія.
Хацелася, каб у сваёй дзіцячай непасрэднасці яны па-вясковаму ахарактарызавалі мяне: чаму я не магу быць касманаўтам. Чакаў, што зараз нехта адкажа: «тоўстыя», ці, можа, яшчэ што-небудзь, больш трапнае. Не, змаўчалі.
— Ну, якія? — дапытваўся я.
— Старыя,— адказаў будучы вялікі дыпламат, выручыўшы сваіх сяброў.
Я зарагатаў і хацеў быў пачаць даказваць, што я зусім не стары яшчэ, што гэта ім, у іх восем-дзесяць год, так здаецца. Але хлопцы хорам закрычалі:
— Стоп! Вось тут! Тут! Да гэтай хаткі рулюйце.
Я збочыў з дарогі, што праторана пасярод вуліцы, на зялёны майскі мурог.
За пышным кустом бэзу, які яшчэ цвіў, і двума маладымі ліпкамі хацінка з адным акном на вуліцу ледзь была бачна.
Я падумаў з нечаканым смуткам: «Значыцца, не сышлася з мужам. Па-ранейшаму жыве ва Уліты». I мне ўпершыню стала шкада гэтай жанчыны. Але ў той жа час было і другое пачуццё — прафесійнае задавальненне. Калі я часам расказваў пра маю гераіню сваім сябрам, некаторыя заключалі: «Нічога, памірыцца з мужам. Нікуды не дзенецца». Мне ж, прызнаюся, чамусьці не хацелася, каб яна стала на калені перад мужам, такі фінал быў бы да банальнасці звычайны, і створаны мной вобраз пэўна адразу распаўся б, паблекнуў.