СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК
«ВАРЫЯНТЫ МОГУЦЬ БЫЦЬ»
Знайшоў свой вялікі артыкул пра небясьпеку беларуска-расейскай інтэграцыі, напісаны ўвесну 1997. Акурат тады БНФ кляймілі за нежаданьне хоць у нечым саступіць ў тэме ўзаемаадносінаў з расейскімі дэмакратамі – і я прааналізаваў, як жа гэтыя самыя расейскія дэмакраты і «прагрэсіўныя» камэнтатары глядзяць на Беларусь.
А глядзелі яны так, што былі гатовыя нават пусьціць кроў (у самым прамым, літаральным сэнсе) актывістам БНФ, калі тыя не пагодзяцца з інтэграцыяй: «Экстрэмізм паўсюль і заўсёды падаўляецца»! Ну проста падказка рэжыму з далёкага ўжо 1997-га!
Памятаю, рэдактар аднаго незалежнага менскага выданьня ў адказ на маю прапанову надрукаваць папярэджаньні пра намеры Крамля (падтрыманыя расейскіммі дэмакратамі), адказаў: «У страха глаза велики!». Артыкул надрукавалі толькі «Беларускія ведамасьці», якія выдаваў у Варшаве Зянон Пазьняк. Пакідаю тэкст гэткім, якім ён захаваўся ў электронным архіве, бяз карэктуры. Удакладню толькі, што ў той час камэнтуемыя мной асобы займалі прыкметнае месца ў абойме расейскай дэмакратычнай і экспэртнай эліты. Гайдукевіяч, які ўзгадваецца ў тэксьце – ня сын, а бацька (у сваёй нянавісьці да нацыянальнага Адраджэньня сын аказаўся дастойным таты).
=========================
Чарговае вясновае абвастрэньне інтэграцыйных сімптомаў адзначалася магутным патокам артыкулаў у расейскай прэсе. Аўтары публікацыяў адрозьніваюцца у сваім стаўленьні да Ельцына і Чубайса, да дэмакратыі, фашызму ды камунзіму, але ёсьць нешта і агульнае. І чым болей чытаеш расейскую прэсу — тым лепей разумееш, што гэтае «агульнае» для нас, беларусаў, палягае ў самым галоўным і прынцыповым.
«ЭРЗАЦУ НЯ ТРЭБА»
Кожны другі аўтар імкнецца перакагнаць сваіх чытачоў, што на Беларусі няма колькі-небудзь уплывовых праціўнікаў інтэграцыі з Расеяй.
«У адрозьненьне ад Украіны, дзе вядомыя даволі магутныя антырасейскія сілы,... на Беларусі нічога падобнага не існавала...Большасьць беларусаў заўсёды бачылі ў Расеі ня толькі брацкі народ, але і свайго абаронцу, і цягнуліся да яе» («Российская газета», 14 мая 1997).
Усе як адзін аўтары (мы прааналізавалі дзесяткі публікацыяў) перакананыя ў мэтазгоднасьці абьяднаньня — не цяпер, дык у перспектыве.
І тут — няма выключэньняў. Нават такі публіцыст, як Ота Лацыс (не толькі аглядальнік «Известий», але і сябра Прэзідэнцкага Савета), які вядомы сваім непрыняцьцем дыктатарскіх метадаў Лукашэнкі, — нават ён не ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць «абьяднаньня». У сваім артыкуле «Міражы геапалітыкі», зьмешчаным у «Известиях» 12 красавіка г.г., Лацыс падверг зьнішчальнай крытыцы праект саюзнага статуту і падтрымку Крамля «таталітарна-дыктатарскага рэжыму» Лукашэнкі. Аднак сама ідэя ў яго не выклікае пярэчаньняў: «гэта безумоўна карысна». «Беларусь — не іншароднае цела для Расеі, і выйгрыш ад зьліцьця відавочны: выйгрыш для эканомікі, абароны, культуры, а больш за ўсё — для штодзённага жыцьця звычайных грамадзянаў. Не павінна гэта нас пужаць, але толькі пры адной умове: калі абсалютна дабравольна і сьвядома пойдзе на гэта народ Беларусі...У праекце статута павінна быць чэсна сказана, што ў адзінай дзяржаве Беларусь можа быць рэальна вызначана толькі як субьект альбо некалькі субьектаў (па ліку вобласьцяў) Расейскай Федэрацыі».
«Эрзацу не трэба. Патрэбны саюз сапраўдны» — падсумоўвае Ота Лацыс.
А вось, да прыкладу, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Уладзімер Лысенка, які ніколі не забываў падкрэсьліваць уласную прыхільнасьць да дэмакратыі ды агульначалавечых каштоўнасьцяў. «Гісторыя дае нам шанец» — сцьвярджае ён у артыкуле, надрукаваным 15 красавіка гэтага году газэтай «Труд».
Лысенка не абцяжарвае сябе пабудовай сафічных канструкцыяў кшталту «мы уважаем суверенное право братского народа», каб прыхаваць сапраўдныя мэты «інтэграцыі». Відавочна, яго не задавальняе не толькі садружнасьць, але — і канфедэрацыя. «Канфедэрацыя як форма саюза дзяржаваў, якія захоўвае суверэнітэт практычна ў поўным аб ёме, параўнаўча рэдка сустракалася ў гісторыі» —нагадвае Лысенка. Пасьля юрыдычнага аналізу падпісанага Ельцыным і Лукашэнкам пагадненьня ён робіць выснову, што «Саюз на сёняшні дзень як прававая зьява абьядноўвае ў сабе элементы канфедэрацыі і садружнасьці і некаторыя элементы федэратыўнай дзяржавы». Да элементаў федэрацыі аўтарам аднесеныя магчымасьць стварэньня ў межах Саюза выканаўчай вертыкалі і існаваньне агульнага, саюзнага грамадзянства, нягледзячы на захаваньне асобнага грамадзянства на Беларусі і ў Расеі.
Але ў падпісаных дакументах Лысенка справядліва бачыць патэнцыял стварэньня агульнай дзяржавы. «Ствараюцца ўмовы для пераўтварэньня Парламенцкага Сходуў прадстаўнічы заканадаўчы ворган Саюза, які будзе выбірацца непасрэдна грамадзянамі Саюза. Дзяржавы-удзельніцы створаць Суд саюза. Для вырашэньня прынцыповых пытаньняў далейшага разьвіцьця Саюза могуць адбывацца рэферэндумы у парадку і ў адпаведнасьці з заканадаўствам дзяржаваў-удзельніц. Такім чынам, размова ідзе ў перспектыве пра стварэньне адзінай дзяржавы».
Лысенка — не з плеяды пустых балбатуноў, гэта — чалавек справы.
«У цяперашні час мной ў Дзяржаўнай Думе падрыхтаваны федэральны канстытуцыйны законапраект „Аб парадку прыняцьця ў расейскую Федэрацыю і ўтварэньня ў яе складзе новага субьекту Фэдэрацыі“, — паведамляе дэпутат. — Гэты дакумент прадугледжвае ў адпаведнасьці з канстытуцыяй РФ (арт.65) парадак прыняцьця ў Расейскую федэрацыю новай дзяржавы на падставе міжнароднай дамовы паміж Расейскай Федэрацыяй і дзяржавай — субьектам міжнароднага права. Працэдуры прыняцьця могуць папярэднічаць рэферэндумы ў абодвух дзяржавах. Пры гэтым у дачыненьні да Беларусі, на мой погляд, варыянты могуць быць такія.
Першы: Беларусь уваходзіць у склад Расейскай Федэрацыі як раўнапраўны субьект.
Другі: Беларусь уваходзіць у склад Расейскай федэрацыі як асацыяваны сябра, з асаблівым статусам, больш высокім, чым маюць іншыя субьекты федэрацыі(асімітрычная федэрацыя).
Трэці: Беларусь і Расея ўтваораюць „раўнасубьектную федэрацыю“. Гэта значыць — прынцыпова новую саюзную дзяржаву з двума субьектамі. Пры гэтым Расея адначасна застаецца гэтаксама федэратыўнай дзяржавай („прынцып матрёшкі“, які палягаў ў падставе ўтварэньня СССР)».
ІХ «АСНОЎНЫ КАЛІДОР»
З усіх аргумантаў на карысьць «інтэграцыі» найбольшую цікавасьць, як нам падаецца, уяўляюць аргуманты менавіта эканамічныя. Іх каштоўнасьць у тым, што яны цалкам абвяргаюць той самы стэрэатып, які спачатку Кебіч, а потым Лукашэнка ўбівае у галовы наіўных беларусаў. А менавіта: што без Расеі Беларусь прападзе. Мяркуйце самі.
«Беларусь у шэрагу галінаў мела лідарства і была донарам для шмат якіх іншых рэспублік, даючы штогод у агульны бюджэт суму, эквівалентную 3 мільярдаў даляраў».
А вось меркаваньне губернатара Смаленскай вобласьці, па сумяшчальніцтву — намесьніка старшыні парламенцкага сходу супольнасьці Анатоля Глушанкова: «Да гэтага часу ў Расеі 80 адсоткаў трактарнага парку — трактары, выпушчаныя менскім трактарным заводам. Па транспартным калідоры праз Беларусь праходзіць 70 адсоткаў усяго расейскага экспарту-імпарту». І далей: «Стварэньне мытнага саюзу з Беларусьсю ў выніку скаардынаваных дзеяньняў мытнікаў за дастаўкай тавараў ужо прынесла Расеі даход каля 1,5 мільярда даляраў ЗША». На жаль, губернатар не падлічыў ці не пажадаў падлічыць, каолькі пры гэтым губляе Беларусь. Нарэшце, спадар Глушанкоў сьцьвярджае: «Са стварэньнем Саюза адпадаюць страты на абарудваньне 1239 кіламетраў мяжы. А на кожны кіламетр трэба не менш як 3-4 мільярды рублёў!». («Российская газета», 7 мая 1997).
Навогул, у эканамічна адсталай, жабрацкай Расеі цяжкі эканамічны стан часьцей успрымаецца не як перашкода заможнаму жыцьцю грамадзянаў, а як прыкрая сьцяна на шляху ваенна-імперскіх амбіцыяў. Ім увесь час здаецца, што нехта зьбіраецца іх атакаваць, заваёўваць і гэтак далей.
Аляксей Ківа: «Калі абарончая лінія будзе перанесеная з межаў Беларусі на 700 кілометраў на Усход, у раён Смаленска, то мы сваю краіну ўжо не абаронім, нават маючы першакласную паветраную абарону» .
У выпадку, калі б пагадненьне аб саюзе сарвалася, ды яшчэ і Лукашэнка быў бы адпраўлены ў адстаўку — Расею, перакананы Аляксей Ківа, чакае сапраўды апакаліптычная будучыня. А менавіта: на Беларусі «ліквідуецца уся магутнейшая ваенная інфраструктура, якая была створаная за савецкія часы і на народныя грошы, альбо — перадаецца непасрэдна ў рукі НАТА. Мы апынаемся не проста ў дурннях, а ў драматычным становішчы. Трэба ствараць новую ваенную, найперш супрацьпаветраную інфраструктуру, а грошай як не было, так і няма».
«Што нам дзяліць?» — з прэтэнзіяй на рыторыку пытае ў «Расейскай газэце» (12 красавіка 19970 прэзідэн маскоўскага фонду «Палітыка» Вячаслаў Ніканаў. Спадар Ніканаў з«яўляецца, паміж іншым, родным унукам Вячаслава Молатава (на працягу дзесяцігоддзеў быў бліжэйшым паплечнікам Сталіна), які ўвайшоў ў гісторыю знакамітым пактам Молатава-Рыбентропа. Канечне, сын за бацьку не адказвае, тым болей — унук за дзеда. Але вось нядаўна ў нямецкім друку быў зьмешчаны артыкул пра нашчадкаў гітлераўскіх паплечнікаў — сёньня яны перажываюць «комплекс віны» перад народамі, якія былі вырачаныя іх продкамі на канцлагеры і газавыя камеры. Падобна, што ў нашчадкаў сталінскіх наркомаў — іншыя комплексы.
Спадар Ніканаў гуляе, як гаворыцца, у адкрытую. «Я лічу, што Беларусь уяўляе для Расеі інтарэс з эканамічнага боку найперш як наш асноўны транспартны і трубаправодны калідор. Ужо цяпер ільвіная доля нашага зьнешнего гандлю з Захадам ажыцьцяўляецца праз Беларусь. Безумоўна, такі інтарэс павінен быць галоўным для расейскага кіраўніцтва ў працэсе аб яднаньня. Я не бачу нічога дрэннашга ў тым, што ў „Газпраму“ ёсьць на Беларусі інтарэсы. На самой справе „Газпрам“ з яўляецца адным з важнейшых інтарэсаў расейскай зьнешней палітыкі, які ўплывае на палітычную сітуацыю ў тых краінах, зь якімі ён супрацоўнічае, наўрад ці меней, чымсьці наш МЗС».
Спадар Ніканаў адзначае, што ў інтэграцыі «плюсоў нямала. Гэта перш за ўсё аблягчэньне стасункаў з Калінінградзкай вобласьцю. Акрамя таго, павялічваньне эканамічнай прасторы, як правіла, заўсёды лічыцца карысным для дзяржавы».
«...І КАЛІ Я СЁНЬНЯ ЧУЮ, ШТО НЕЛЬГА ДАПУСЬЦІЦЬ КРЫВІ...»
Але «эканамічных» ці «стратэгічных» аргументаў — недастаткова. Паколькі ў вачах пэўнай часткі расейскай інтэлегенцыі імідж Лукашэнкі не мае, то робяцца спробы імідж гэты ўпрыгожыць. І тут фаназія — невычэрпная.
Лукашэнка адпраўляе сотні людзей за краты, аддае загады на зьбіцьцё безабаронных старых, дзяцей жанчын?
«Можна па-рознаму ставіцца да асобы Лукашэнкі,можна нават вельмі моцна яго не любіць. Аднак... пры ўсіх парушэньнях праў чалавека і свабоды прэсы, якія маюць места быць на Беларусі, на сумленьні Лукашэнкі няма крыві сваіх суайчыньнікаў». Што ж — гісторыя пакуль не знайшла доказаў, каб Ленін, Гітлер і Сталін уласнаручна кагосьці растрэльвалі. Сотні ахвяраў амапаўскіх ублюдкаў з пераломамі, раненьнямі, чэрапна-мазгавымі траўмамі,— гэта, відаць, яшчэ не адносіцца да катэгорыі «крыві».
Такіх пасажаў шмат, але ўсе яны ніякавеюць перад спробай Аляксея Ківы апраўдаць сімпатыі Лукашэнкі да Гітлера. «Будучы ў Германіі, ён, відавочна, жадаў крыху аблегчыць цяжар віны немцаў як нацыі за злачынствы гітлерызму (бо шмат якія беларусы да гэтага часу недаверліва ставяцца да немцаў). Трапіўшы ў цяжкую сітуацыю, ён не знайшоў адэкватнага зь яе выйсьця, што безумоўна зрабіў бы больш вопытны палітык». Спрабуючы выкруціць «інтэгратара нумар адзін» са становішча, зь якога выкруціцца ўжо немагчыма, Ківа нават не пацікавіўся фактамі — інтэрвью «Хандэсблад» Лукашэнка даваў не ў Нямеччыне, а ў Менску (а хай бы нават і ў бункеры Гітлера — што гэта мяняе?).
Ківа не абмяжоўваецца ўгаворамі. Ён канстатуе існаваньне «праблемы меншасьці, хай нават і вельмі нязначнай, якая супраць саюза. Бо па-сапраўднаму дэмакратычным грамадзтва лічыцца не толькі тады, калі лёс краіны свабодна вырашае большасьць, але і тады, калі ў максімальна магчымай ступені ўлічваюцца інтарэсы меншасьці».
Як жа прапаноўвае спадар Ківа ўлічваць інтарэсы гэтай «меньшасьці»?
«Калі не ўдаецца знайсьці рашэньне, якое б цалкам задавальняла меншасьць, дык воля большасьці зьяўляецца вызначальнай... І калі я сёньня чую, як некаторыя расейскія праціўнікі саюза, якія апранаюць адзеньні дэмакратаў, заяўляюць, што нельга дапусьціць крыві, бо Беларускі народны фронт гатовы пайсьці ў лясы, каб супраціўляцца абьяднаньню двух краінаў, дык адказваю: «...Экстрэмізм паўсюль і заўсёды падаўляецца».
Адкінуўшы стылёвыя навароты, гэты тэзіс сп. Ківы трэба ўспрымаць гэтак: «Вы кажаце, што не патрэбны саюз коштам крыві? Любым коштам, абы толькі саюз».
ПАМІЖ ЖЫЦЬЦЁМ І СЬМЕРЦЮ: АБІРАЮЦЬ СЬМЕРЦЬ
Агляд расейскай прэсы быў бы няпоўным, калі б мы пакінулі без увагі выступы ў ёй аўтараў з Менску. У гэтыя дні маскоўскія рэдактары не вызначаліся асаблівай пераборлівасьцю ў дачыненьне да аўтараў і іх іміджу. Падыходзіла ўсё — абы супраць незалежнасьці Беларусі.
Натуральна, у першых шэрагах — Сяргей Гайдукевіч, былы кебічаўскі памагаты, а сёньня — кіраўнік беларускіх «жырыноўцаў», ці, паводле ягоных уласных словаў, «самай масавай і структураванай, па-сапраўднаму цэнтрысцкай партыі Рэспублікі Беларусь — Ліберальна-дэмакратычнай партыі».
«Праціўнікаў інтэграцыі ў Расеі, ды і, напэўна, на Беларусі проста няма» — рапартуе палкоўнік Гайдукевіч. Праўда, раіць ён, «спачатку трэба зблізіць заканадаўства і палітычную практыку, прыйсьці да падбных „правілаў гульні“ у эканоміцы, і толькі потым аформіць усё гэта агульнай дамовай» («Независимая газета», 5 красавіка 1997).
Шкада толькі, што перашкаджаюць: «Беларусі Фонд Сораса і іншыя падобныя арганізацыі фінансуюць праекты, накіраваныя на прапаганду ідэалаў заходняга грамадзтва і разьвіцьцё беларускай мовы. У выніку ўсялякай мудрагелістасцьці атрымоўваецца гэтак, што фінансуецца ў тым ліку і непрымірымая апазыцыя».
Прафесар Георгі Антанюк з Акадэміі Навук Беларусі, у адрозьненьні ад лідара жырыноўцаў, выяўляе прэтэнзіі на аналітычнасьць.
Ён надрукаваў 24 красавіка г.г. у «Независимой газете» артыкул «Зьнешнія інтарэсы Расеі і Беларусі». Праўда, інтарэсы Беларусі ён звыкла разглядае праз прызму інтарэсаў Крамля. «Імкненьне прасунуць НАТА да расейскіх межаў, заахвочваньне памежных з Расеяй дзяржаваў да каньюнктурнага выкліку Расеі, жаданьне трымаць Расею на кароткім ланцугу маніпуляваньнем крэдытамі, інвестыцыямі, запрашэньнямі ў прыхожую альбо гасьцёўню заходнееўрапейскіх міждзяржаўныў арганізацыяў, імкненьне пазбавіць Расею сьфэраў уплыву нават ў межах былога СССР, асабліва ў Еўропе, і ізаляваць яе у ваенных адносінах шляхам адрыву ад яе еўрапейскіх членаў СНД як патэнцыйных саюзьнікаў, найперш Беларусі і Украіны, — яскравая праява правакацыйна небясьпечных адносінаў Захаду да Расеі», — піша доктар філасофіі, прафесар кафедры філасофіі Акадэміі Навук Беларусі Іван Антанюк.
Паміж іншым, гэты абзац — «яскравая праява» халуйскай лукашэнкаўскай «грамадзка-палітычнай» навукі, які вычарпальны паказвае ментальнасьць навукоўцаў, запатрабаваных «інтэграцыйным» часам. У гэтым тэксьце навукоўцы зь Беларусі толькі аднойчы ўзгадваецца Беларусь, затое Расея — аж пяць разоў.
Ну, а далей прафесар Антанюк імкнецца яшчэ раз пераканаць (каб, барані Бог, не адумаліся) расейскіх чытачоў ў тым, які добры тавар прапануе ім Лукашэнка. «Беларусь здольная стаць найбольш важным саюзьнікам Расеі. І у гэтым яе асаблівая каштоўнасьць для Расеі».
Падводзіцца цэлая «філасофія». «Беларусь з прычыны сваіх малых памераў (вядома, не ЗША, не Канада і не Кітай. Але не зашмат меней за Нямеччыну, Велікабрытанію, Гішпанію, і болей, чым Чэхія, Бельгія, Данія, Нідэрланды, Партугалія,Венгрыя, Аўстрыя. Швейцарыя, Грэцыя, — С.Н.), слабасьці (эканоміка яшчэ трымаецца — і гэта пасьля трох гадоў лукашызму! — С.Н.), геапалітычнага становішча паміж канкурэнтна магутнымі Захадам (пагодзімся -С.Н.) і патэнцыйна моцнай Расеяй (таксама пагодзімся — але гадоў праз дзвесьце. — С.Н.) не можа не быць у чыёйсьці сферы ўплыву. У яе невялікі выбар: альбо Захад, альбо Расея» — канстатуе аўтар, і мы зь ім тут зноў не будзем спрачацца.
Выбар такі ж самы, як у цяжка хворага: альбо жыцьцё, альбо — сьмерць. Але ў аўтара іншая логіка: «Паколькі Беларусь не валодае магчымасьцямі для цалкам самастойнага існаваньня (!!!), то ёй неабходна арыентавацца на найбольш выгодны з пункту гледжаньня яе доўгатэрміновых стратэгічных мэтай цэнтр уплыву».
Здагадаліся, на які? «У стратэгічным плане для забесьпячэньня жіцьцяздольнасьці Беларусі ёй выгодны цесны саюз з Расеяй».
А вось чаму — ніколі не здагадаецеся. Не з прычыны знакамітых «славянскіх братэрстваў» ды «мы всегда жили вместе». Бо саюз гэты «азначае пашырэньне жыцьцёвай прасторы Беларусі да Сахаліну, калі, канечне, Расея яго не згубіць». Агаворка слушная — і лепш бы прафесару параіць Крамлю заняцца ўласнымі губерніямі, якія, нягледзячы на часам і без таго гіганцкую геаграфічную адлегласьць ад сталіцы, ўсё больш рэзка заяўляюць пра жаданьне быць як мага далей ад Масквы.
Але сп. Антанюка цягне на іншае. "Беларусь атрымае магчымасьць прыкметна ўплываць праз гэты саюз на агульнасусветныя працэсы і мець сумесныя з Расеяй сьфэры ўплыву, што дазволіць зрабіцца Беларусі важкім суб"ектам міжнародных адносінаў. У перспектыве гэты цэнтр можа пашырыцца коштам іншых дзяржаваў СНД, у якім расейская дзяржава захавае роля ядра аж да поўнага зьліцьця ўсіх членаў». Вось, нарэшце, і выказаў прафесар сапраўдныя мэты «інтэграцыі».
«Беларусь моцна прыціскаецца Захадам ў палітычных, эканамічных ды іншых адносінах у значнай ступені з прычыны арыентацыі цяперашняй дзяржаўнай улады на саюз з Расеяй, — шкадуе Антанюк, — Будзе разумна, калі Расея кампансуе Беларусі такія страты эканамічнымі, палітычнымі, дыпламатычнымі, ваеннымі ды маральнымі сродкамі».
Ну, заклік запозьнены — Расея адзіная зь еўрапейскіх дзяржаваў прызнала Лукашэнкаўскі рэжым. Праўда, сп. Антанюк раіць Крамлю крыху падфарбаваць дыктатуру, пераканаць Лукашэнку пайсьці на «аслабленьне (заўважце — не поўнае сказаваньне, а ўсяго толькі аслабленьне! — С.Н.) дзяржаўнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі».
Выглядае, што «інтэграцыя» — ідэя-фікс для прафесара; паводле ягоных разважаньняў, усе краіны, навогул усе жывыя істоты толькі тым і заклапочаныя, каб з некім «інтэгравацца»: «Адна з найбольш уплывовых грамадзка-палітычных сіл у краіне — Беларускі Народны Фронт у значнай ступені з той прычыны не атрымаў да гэтага часу масавай падтрымкі, што ягоны духоўны лідар Зянон Пазьняк выспавядае ідэю самастойнага разьвіцьця Беларусі, у той час як усе яе суседзі імкнуцца з кім-небудзь інтэгравацца».
Без каментароў.
І тым ня менш, вышэйпрыведзеная агаворка пра Сахалін, які можа «адкалоцца», сьведчыць, што прафесар Антанюк не пазбаўлены ў нейкай ступені таленту інтуіцыі і прадбачаньня. «Калі якая небудзь уплывовая сіла Беларусі, да прыкладу, БНФ, прапануе абгрунтаваную і ўзгодненую з Захадам праграму ўваходжаньня Беларусі ў Еўрапейскі саюз ў НАТА, — папярэджвае ён Крэмль, — то яна можа атрымаць такую масавую падтрымку насельніцтва, якая здольная будзе канкураваць з «усходняй палітыкай» Аляксандра Лукашэнка. Еўрапейскі саюз — гэта таксама вялізная, да таго ж, у адрозьненьне ад Расеі, адбудаваная жыцьцёвая прастора. Арыентацыя Беларусі на ўваходжаньне ў ЕС і НАТА мела б свае перавагі, асабліва з пункту гледжаньня бліжэйшай перспектывы. Захад гатовы аказаць Белпрусі разнастайную матэрыяльную дапамогу бязвыплатна, ільготнымі крэдытамі, інвестыцыямі, высокімі тэхналогіямі, сучасным узбраеньнем, ваеннай абаронай, што здолее паскорыць пераадоленьне зяцяжнога глабальнага крызісу і істотна кампенсаваць страты, якія яна (Беларусь -С.Н.) панесла бы ад абмежаваньня сваіх адносінаў з расіяй, у тым ліку і ад наўмыснага супраціўленьня апошняй такой пераарыентацыі Беларусі. У выпадку масіраванай падтрымкі Захаду і правядзеньня шырокай антырасейскай прапаганды ўнутрыпалітычнымі сіламі Беларусі магчымае адносна бязбольнае пераадольваньне наўрад ці здольнага быць паслядоўным супраціўленьня Расеі празаходняй пераарыентацыі Беларусі».
Не выключаю, што гадоў праз пяць за гэты абзац цяперашні прафесар будзе прасіць «акадэміка».
ЛЕБЯДЗІНЫ СЬПЕЎ
Прыкметна, што прыхільнікі аб яднаньне не асабліва настойваюць на правядзеньні рэферэндуму — і нават наадварот. Уладзімер Лысенка: «Мяркую, што з рэферэндумам пра аб яднаньне нельга спяшацца, паколькі гэта занадта каштоўная хзбрая, каб страляць ёй «ухаластую». Яна павінна быць выкарыстана на рашаючым этапе аб яднаньня, якім, бясспрэчна, з яўляецца пераход да федэратыўнай дзяржавы».
А вось палітолаг Ніканаў — супраць рэферэндума па іншых прычынах. «Рэферэндум павінен адбывацца, калі гаворка ідзе пра стварэньне новай дзяржавы. Паколькі ж у статуце і падпісанай Дамове гаворыцца толькі пра такое інтэграцыйнае ўтварэньне, якое недацягвае нават да планкі Еўрапейскага саюза, дык магчыма рашэньне пытаньня шляхам падпісаньня дамовы. У той жа час у Пагадненьні аб супольнасьці Расеі і Беларусі, якое падпісанае летась 2 красавіка, ёсьць артыкул 17. Які прадугледжвае, што ўсе наступныя пытаньні пераўтварэньня Садружнасьці вырашаюцца шляхам рэферэндуму. Я лічу, што прасьцей і лепей сёньня падпісаць дамову аб адмене 17-га артыкула мінулагодняй дамовы і зьняць гэтую перашкоду».
На мове інтэгратараў гэта завецца — «ліквідацыя ўсіх і ўсялякіх перашкодаў на шляху да славянскай еднасьці».
Усе падкрамлёўскія аналітыкі раюць Ельцыну сьпяшацца. Уладзімер Лысенка: «Гісторыя дае і расейцам, і беларусам унікалльны шанец стварыць на дабраахвотнай падставе новую саюзную дзяржаву, да якой непазьбежна пацягнуцца і іншыя народы. Не згубіць бы гэты благачынны шанец».
Вячаслаў Ніканаў: «Аляксанд Лукашэнка можа пайсьці тым жа палітычным курсам, што і ягоны кіеўскі калега Леанід Кучма... Як вы разумееце, у гэтым выпадку, складуцца вельмі неспрыяльныя умовы для функцыянаваньня на тэрыторыі рэспублікі расейскіх СМІ, «беларусізацыя» моўнай палітыкі, пераарыентацыя на цэнтральнаеўрапейскіх суседзяў«.(Тут Ніканаў памыляецца: не дзеля таго Лукашэнку прасоўвала Лубянка).
Дарэчы, вельмі паказальны момант: «беларусізацыя» моўнай палітыкі ў суверэннай дзяржавай бачыцца масквічам не як нармальная, лагічная з ява, не як рэалізацыя спрадвечнага права карэннай нацыі, — а як вельмі непажаданы працэс.
І тут распектабельны маскоўскі палітолаг салідарны з менскім «жырыноўцам» Гайдукевічам, які хацеў бы спыніць фінансаваньне беларускамоўных праграмаў любымі сродкамі — нават паскардзіўшыся, што гэта ўзмацняе апазыцыю.
Нарэшце, Аляксей Ківа: «Сітуацыя ўскладняецца тым, што на баку беларускіх непрымірымых, якія ўсё болей і болей цягнуцца да экстрэмізму, стаяць антырасейскія сілы з іншых сумседніх краінаў. Так, 25 красавіка на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі у Кіеве лідараў Беларускага Народнага фронта на чале з Зянонам Пазьняком і Руха на чале з Вячаславам Чарнавілам было заяўлена пра дапамогу Руха беларускім народафронтаўцам. Пры гэтым Пазьняк заявіў, што ягоны фронт рыхтуецца „да рэвалюцыйнага перавароту з мэтай зьвяржэньня рэжыму Лукашэнкі“ (пакінем дакладнасьць цытаваньня на сумленьні Ківы. — С.Н.). А тое, зь якім націскам і размахам здольныя працаваць украінскія нацыяналісты, добра вядома. Значыць, гаворка ідзе пра падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту. Пра адхіленьне прэзідэнта, якому вялізная большасьць беларусаў аказала зусім нядаўна давер».
Уладзімер Лысенка: «Калі доўга цягнуць з канфедэратыўным саюзам, дык ён, як і Садружнасьць незалежных дзяржаваў, можа пераўтварыцца у „паміраючага лебедзя“, якога ўсе шкадуюць, але ніхто не жадае дапамагчы яму дастойна жыць (не гаворачы ўжо пра працьвітаньне)».
Танальнасьць гэтых перадасьцярогаў — ад агрэсіўна-панічных да сінтэментальных — паказвае, што самі «інтэгратары» падсьвядома прадчуваюць: хаду гісторыі ня спыніш. І зусім не «прыхільнікі саюза» будуць вызначаць лёс Беларусі.
Прага, вясна 1997.