Яраслаў Пархута Апошні гусляр

Апавяданне

Нават спецыялісты сцвярджалі: гусляра ўжо не сустрэнеш на Беларусі, бо гуслі ў нас даўно выйшлі з ужытку. Не верылася.

Думалася: ну як жа так? Яшчэ на пачатку стагоддзя, паводле даных этнаграфіі, былі ў нас і гуслі, і гусляры. I чаму яны зніклі? 3 якой прычыны?

I раптам, зусім выпадкова, дачуўся: пад Маладэчнам, на хутары, жыве гусляр. У яго ёсць і гуслі. Самаробныя. А іграе — заслухаешся! Казалі яшчэ: калі хочаш пабачыць апошняга гусляра і ягоныя гуслі пачуць — не марудзь. Чалавек даўно размяняў дзевяты дзесятак!..

I вось я на станцыі Уша. Распытваю ў тубыльцаў, як трапіць у няблізкае адсюль урочышча Сакаўшчына. Адны паціскаюць плячыма, другія тлумачаць: па шпалах трэба прайсці назад, у напрамку Менска, да пераезда, павярнуць направа, а тады ўжо падацца пагорыстаю і звілістаю дарогай ажно да вёскі Відзеўшчына, цэнтра саўгаса «Прагрэс», адтуль — да вёскі Уланаўшчына, але, не даходзячы крайняй сялібы, збочыць і не вельмі торнай сцяжынай ускрай лесу адмерыць яшчэ кіламетры два. Там, як бы на палянцы, пры пагорку, пад высознай бярэзінай і будзе хата дзеда Максіма, Такушэвіча па прозвішчу, Пятровіча па бацьку.

Прызнацца, усю тую дарогу побач з прадчуваннем незвычайнай сустрэчы жыло ўва мне і пачуццё зусім іншае. А раптам увялі ў зман? А раптам, калі ўсё тое і праўда, то мо спазніўся… Успаміналася чамусьці і купалава паэма «Курган», яе асобныя радкі, што запалі ў душу яшчэ з часоў школьных:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай…

Іду, але абапал дарогі — адзін лес. Бярэзіны, сосны, елкі. Там-сям трапляецца і чачотка ці, як яе яшчэ называюць, карэльская бяроза. А вось і масток. Пад ім прабягала рачулка. Меліяратары зрабілі сваю справу — рачулку выпрасталі, берагі перааралі. Вунь як высвечвае супесь!.. А пусткі? Прыдарожжа таксама не мела іх. А вось запусценне ў адным месцы разанула па вачах. Леваруч, не даходзячы Відзеўшыны, сіратліва пазірала на шлях пакінутая хата. Яшчэ нядаўна тут жыў нехта — і соткі абрабляў, і садок даглядаў, адным словам, гаспадарыў. Куды пераехаў чалавек? Уцёк у горад? Пакінуў абжыты кут па прымусу? Як там ні было, а садок здзічэў, лепшая зямля, што скарыстоўвалася пад грады, парасла пустазеллем. Сёлетні люты бясснежны — усё нібы на далоні… Журботна рабілася ад убачанага. Ды зноў яны — радкі з паэмы:

Акалічны народ гуслі знаў гусляра;

Песня-дума за сэрца хапала…

Дзед Максім! А ці яшчэ выходзіш на людзі з гуслямі сваімі? Ці запрашаюць цябе на хрысціны, вяселлі, запоіны? I ўвогуле, ці пачую твае гуслі-самагуды?

I сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед…

Гэта, як гаворыцца, штрых да партрэта гусляра таго, купалаўскага. А як выглядаеш ты, дзед Максім?

Таму і прыспешваю крок. Таму і не вельмі звяртаю ўвагі на дворышчы, на хаты, што абапал доўгай брукаванай вуліцы Відзеўшчыны. Таму і не зважаю на пругкі, з дамешкам крупянога снегу, вецер, што раптам ударыў у твар на пярэрве за вёскаю. Таму і не гляджу ўжо, якая там тая Уланаўшчына, а бачу толькі бліжнюю, крайнюю справа, хату і вузенькую сцежку-дарожку побач. Недзе там, у канцы сцежкі, і жыве ён…

Але што ж я забягаю самому сабе наперад. Усё ў свой час!..

I ўжо рупіць збочыць, прайсціся лапінаю сняжку, які нейкім цудам застаўся, не растаў у адлігу, рупіць наблізіцца да аброслых мохам крушняў, раскіданых пры саменькім лесе. Хто звалакаў-звозіў камяні тыя? Няйначай, дзяды і прадзеды нашы… Леваруч няма крушняў. Там як бы выган, як бы сейная лагчына. I сцежка — быццам напамін аб дарозе, што вяла праз палеткі збажыны да чалавечага жытла.

Зямля тут з суцэльных пагоркаў. На схілах лес — дзе мяшаны, а дзе выключна бярозавы ці сасновы. I толькі на ўсход — прагал. На канцы яго віднеецца крайняя хата Уланаўшчыны, крытая шыферам. Здалёк яна здавалася цацачнай. Далей — зноў ішлі аблесеныя пагоркі, як насыпаныя кімсьці курганы.

Хутар паказаўся раптоўна. Быццам з-за пагорка выбег — нейкі лахматы, натапыраны, абстаўлены рэдкімі прысадамі і нізкім учарнелым парканам, — і спыніўся ў нерашучасці: а што далей рабіць? Пасярод квактухаю масцілася прыземістая хата. Яна таксама ўчарнела, і толькі акенца давала знаць, што там яшчэ не пагасла жыццё. Справа ад хаты — хлевушкі, дрывотня. Ля аднае прыбудоўкі, бачу, рвецца з ланцуга сабачка і не перастае цяўкаць. Ён, відаць, заўважыў мяне і даваў знаць, як спраўна службу нясе. Але я зразумеў ягоныя хітрыкі, наблізіўся, сказаў, каб дарма не падымаў галасу, бо яго ніхто не спалохаецца. I сабачка змоўк, разгублена завіляў хвастом ды сціх.

У тым, што жыве тут Максім Такушэвіч, не было ніякага сумніву: усё сходзілася.


Дзед Максім — высокі, хударлявы, сівы, з белымі вусамі і блакітнымі вачыма. Ні даць ні ўзяць — купалаўскі гусляр! Толькі хіба тае барады бракуе. Сядзіць насупраць на лаве і, як ён мовіў, пра жызню сваю расказвае:

— Я і нарадзіўся ў гэнай хаце! — чуецца яго спакойны голас. — Бацька мой сюды ў прымы прыйшоўшы быў. Зямлі меў гектараў з дванаццаць. Ды яна не вельмі была — болей пад кустамі ды камянямі. Але неяк жыў. Калі дзеці падраслі, аднаго сына аддзяліў, другога ў свет паслаў, а мяне пры сабе пакінуў. Я з ім на гаспадарцы і калупаўся. А выпадаў вольны час — майстэркай рознай займаўся. Вокны рабіў, дзверы, шафы, сталы, сані, вазы… Яшчэ малатарні. Драўляныя. Дзе трэба жалезіна якая — сам і каваў яе. Марокі з малатарняю многа, але затое, як запусціш у работу, — ажно спявала. А парабілі калхозы, то ў калхоз і малатарню забралі. Файная была!.. I што з ёю зараз — не ведаю нават. Мо і спалілі дзе… Арфы таксама рабіў. Бывала, як прагоніш збожжа, — зернейка ў зернейка збіралася. I чысценькае… Ну, яшчэ каня падкаваць альбо плуга падправіць — таксама мая работа была… Калі агулам казаць, то я з малькосці ў рабоце. I зараз не магу без яе. 3 раніцы, як разварушышся, цалюткі дзень на нагах. А пад вечар паляжаць цягне. За ноч аддыхнеш, а зрання зноў за сваё.

Адкуль у мяне схільнасць да музыкі, пытаеце, і чаму з гуслямі судзьбу звязаў? А чорт яго ведае!.. Малым яшчэ быў, то, помню, балалайку зрабіў, скрыпку, нейкія цымбалы… Але якая то музыка была! Я ж і дзесяці гадочкаў не меў тады. Аднак іграў… Сказаць, каб ад бацькі ўсё тое пераняў, — не скажу. Ён добрай майстэркі не мог рабіць, не тое каб іграць. Ага. Дык пра сябе. Вось так, мала-памалу, і раптам зрабіў сабе гуслі. Хадзіў некалі тут па вёсках стары гусляр. Я гуслі ўбачыў і зрабіў. I строй неяк саздаў свой. Не пайму і зараз, як гэта ў мяне палучылася. Ніхто ж не вучыў! Строй гэны — самадумны. Нідзе такога не ўчуеш болей. А потым пайшло! I зрабіў я гусляў за жызню сваю парадачна. Колькі, пытаеце? Шмат! Штук з пятнаццаць будзе. А мо і болей. У каго ахвота да музыкі з’яўлялася, таму і аддаваў. Адны гуселькі нават сыну Мікалаю зрабіў на памяць. А гэныя, апошнія, сабе пакінуў…

Дзед Максім устае з лавы, падыходзіць да камода, апускаецца на калені, шарыць рукою недзе там, паміж камодам і сцяною, і, нарэшце, дастае адтуль гуслі. Яны адразу падалі голас — быццам нечаму ўзрадаваліся. I тут жа сціхлі. Гаспадар вяртаецца на сваё месца, апускае гуслі на калені, кажа: — Во!..

Я ніколі не бачыў гусляў, не даводзілася і чуць іх. Таму рупіла адразу ж папрасіць, каб пайграў, каб паказаў, на што здатны яны. Але стрымліваю сябе, не перабіваю старога. I ён працягвае свой аповяд спакойна, не спяшаючыся:

— Гэныя гуселькі рабіў доўга. Пакуль загатоўкі здабыў, пакуль высушыў, пакуль выштукаваў — час прайшоў. Аднак спраўныя атрымаліся. Праўда, яшчэ не абыграліся як след, на мель струны не сталі, але нічога — абкатаюцца!..

Павёў рукою па струнах, нібы зноў іх абудзіў на хвіліну, і доўжыў:

— Як і з чаго раблю гуслі? Паслухайце! Мо згадзіцца. Не вам, то некаму… Плечы, гэта тое, што падыспадам, якія хочаш могуць быць — бярозавыя, ясінавыя, кляновыя. У гэных — асінавыя. Бо асінавыя найлучча, я прызнаў. Самы лепшы звук даюць. I рабіць з асіны лягчэй. А бакі ды крывулю гэную найлепей з чачоткі рабіць. Грудзі — толькі з елкі. I то не абы з якой. Каторая гадзіцца, каторая не — я ўжо на пні знаю. Пагляджу — і ўсё тут. Еслі ў гушчары сядзіць, — слой мае густы, і гуслі глухавіць будуць. А каторая не пустаполлі, альбо ў хвойніку асобна стаіць ды сукоў мала мае, ды па фасоўні гладкаватая — вот гэткая гадзіцца! Рагавая елка тожа не пойдзе. У яе слой цвёрды, звуку не прапускае. Белая — тожа не тое. Яна замяккая і, галоўнае, звук таксама глушыць. Найлепшая елка, прызнаў я, каторая слой не густы мае, рэдкаваты — прымерна ў міліметар. Калі такую расколеш і ўбачыш упоперак слаёў драбнюсенькія рысачкі, падобныя на іголачкі, — вось такое дзерава самы раз на музыку. Спляжу, парэжу на плашкі, пашчапаю, абдзелаю траха рубанкам да таўшчыні, якая мне трэба, і сушу. Падсохне — тады ў ваду. Памачу — і зноў сушу. Не пашкодзіць, калі і два, і тры разы памочыш і высушыш. Во якая пракціка!.. А як усё пад рукою і гатовае, — бяруся маракаваць. У той палавіне хаты ў мяне настаяшчая майстроўня. Варштат ёсць таксама. Без яго нічога ж не зробіш. Трэба і ўшчыміць дошку, і абрэзаць, і абстругаць, і склеіць. На паветры ж не зробіш усяго гэтага!.. А струны? Струны таксама самаробныя. Каторая з кабелю тэлефоннага, каторая з каната. Нават самая таўстая, басовая, — свае работы. Узяў сталёвую струну і накруціў на яе медны дрот. Вот і атрымалася. Бо дзе ж ты купіш струны тыя? I бачыць не бачыў у продажы…

На гэты раз ён прабег па струнах пальцамі абедзвюх рук і мелодыю, што нарадзілася пад імі, не заглушыў далонямі, а нібы адпусціў на волю, сказаўшы:

— Я іграю тое, што прыходзе да мяне. Бо грамаці нотнай не вучаны.

Зноў прабег пальцамі па струнах і на гэты раз даў ім поўную волю. I яны загаманілі. Загаманілі так, што, здавалася, толькі тае хвіліны і чакалі, каб расказаць пра сябе і пра тое, што бераглі ў сабе мо не адзін дзень. Хата ўраз напоўнілася гукамі. У іх было нешта спрадвечнае, запаветнае і надзвычай зямное. То чуўся подых вясновага ветру, то пошум баравін, то перазвон рачулак. I раптам у той подых, у той пошум, у той перазвон уліваюцца журботныя ноткі, нябачным вэлюмам агортваюць душу, прымушаюць задумацца. Нібы дзед Максім усё, што жыве ў ягонай душы, спрабуе пераліць у тваю, і ад таго робіцца табе неяк вусцішна. I сум, і роздум, і радасць — адначасова пасяляюцца ў сэрцы…

А якія лёткія рукі ў дзеда Максіма! Пальцы, вузлаватыя ад паўсядзённай сялянскай працы, нястомна бегаюць па струнах, вышукваючы патрэбны гук і дорачы яго табе нібы з выклікам: а дай ты такога фору, калі можаш!.. А не можаш — то слухай!..

I я слухаю. Слухаю і ўспамінаю скрыпача з роднай вёсачкі, дзядзьку Касцюка, які мог зрабіць сваёю скрыпкаю гаваркога чалавека — негаваркім, вясёлага — задумлівым, няшчаснага — хоць на хвіліну шчаслівым. Але гэта яму не адразу ўдалося. Напачатку, калі набыў скрыпку, не клеілася. Кінуўся да бацькі майго ды кажа: Іванавіч, дай рады! Скрыпка бытта глухая. Абудзі!..

Бацька іграць не мог нават на бубне, аднак музыку любіў, па-свойму разбіраўся ў музычных інструментах, па-свойму і цаніў іх. Узяў ён у рукі скрыпку, пакруціў, пастукаў пальцам то ў «грудзі», то ў «плечы», дрынкнуў струною, прыслухаўся, цмокнуў і сказаў: калі Касцюк дазваляе, так і быць — паспрабую абудзіць… Разаслаў пасярод хаты гуньку, прынёс калодку і адным ударам аб яе разбіў скрыпку. Я тады спалохаўся не на жарты: разляцелася ж на кавалачкі! Але па тым, як ён спакойна збіраў абломкі, зразумеў: відаць, так трэба. Шмат дзён потым маракаваў бацька над скрыпкаю, складаючы тыя трэсачкі ды склейваючы іх. Нарэшце скрыпка адноўлена. I хоць праглядаліся рубцы і на выгляд была не вельмі, але які голас набыла! I пайшоў тады дзядзька Касцюк з вёскі да вёскі — слугаваць людзям…

— Пашукаю нешта іншае, — чую нібы скрозь сон словы дзеда Максіма.

Цяпер ён перабірае струны паволі, быццам сапраўды шукае між імі новую мелодыю, тое, што патрабавала зараз душа ягоная, тое, чым хацеў усцешыць і мяне. I я зноў апынуўся ў палоне новых гукаў.

Струны — пелі. Кожная па-свойму. Іншая падасць голас і адразу сціхне, быццам да чаго прыслухоўваецца. Іншая гамоніць даўгавата, усё адно як хоча расказаць пра сваё, толькі ёй вядомае, адвечнае, важнае. Іншая гаворыць не спяшаючыся, разважліва, нібы з разлікам пераканаць у нечым, запаланіць надзейна, адразу і надоўга. Яшчэ жывеш тым, што падарыла табе струна папярэдняя, а суседняя возьме раптам і перапыніць дарогу ёй, і пахваліцца сваім — маладым і задорным, і пакліча за сабою твае думкі, тваё сэрца — усяго цябе. Іншая, насуперак усім астатнім, як пакрыўджанае дзіцяня, возьме і раптам заплача. I тады плач той падхоплівае ці не ўся іхняя сямейка, і чуцён ён доўга — надрыўны і няўмольны. А потым нібы хто супакоіць тое дзіцяня, і яно ўжо смяецца і смех свой разлівае далёка наўкол. I здаецца ўжо: ты не ў хаце сядзіш, а ідзеш палявою дарогай, а над табою — трапяткі жаваранак. Але той жаваранак — толькі на нейкую хвіліну… Заместа яго раптам узялі і зашчабяталі гаваркія ластаўкі. Яны шчабечуць-расказваюць пра сваю радасць нястомна.

Не стрымліваюся, пытаю:

— Гэта ваша музыка, Максім Пятровіч? Зірнуў на мяне, варухнуў белым вусам, прамовіў:

— А чыя ж? Ува мне заўсягды нешта пяе. Ці ўдзень, ці ўвечары, ці ўранні… Іншы раз лягу спаць, а заснуць не магу — здаецца, што ў вушах сам воздух іграе. Во, думаю, каб і мне гэтак! Устану, вазьму гуслі, пашукаю-пашукаю — і выходзе музыка! Добра нават выходзе!..

Ён зноў зірнуў на мяне і падсумаваў:

— Я чуў некалі такую гісторыю. Даўным-раздаўным сам цар Давід на гуслях іграў! Рашыў тады: а я хіба зломак? I дамогся свайго. Іграць магу нават не гледзячы на струны. Іграю, калі гуслі да мяне так і калі гэтак, наадварот, значыць. Мне ўсё адно — і басамі яны да мяне, ці галасамі. Рукі самі струну патрэбную знаходзяць…

I, нібы сказанаму ў доказ, павярнуў гуслі басамі да сябе. Пачуўся раздумлівы, нават маркотны найгрыш. Не абрываючы мелодыі, паскардзіўся:

— Памру, і ўсё маё пойдзе са мною… А чаму б культурнікам нашым, школцы не прыслаць каго да мяне. Казаў жа не раз: хто хоча вучыцца на гуслях — прыходзьце. Каб хоць! I не думаюць нават. Бо як жа! У іх цяпер магнітафоны ўсялякія, брынкалкі розныя… А каб гуслі — дык не…

Рыпнулі дзверы, і ў хату, услед за гаспадыняй, бабкай Ксеняй, увайшлі пара белых казлянят і шэры каток. Замэкалі, капыткамі зацокалі казляняты і — у запеч, пад ложак. А каток сходу ўзляцеў на шафу і адтуль толькі вачыма паблісквае.

Гаспадыня павіталася са мною нехаця, а мужу кінула:

— До брэнкаць! У магазін збегаў бы. Мо хлеба прывезлі. А то, пакуль збярэшся, раскупяць…

Дзед Максім нібы не пачуў папроку:

— Не любя музыкі, — прамовіў ціха. — А калі ў настроі — слухае-слухае ды раптам скажа: до-обра!..

Паказаў вачыма на запеч, на шафу, маючы на ўвазе казлянят і катка, дадаў:

— I яны таксама глухія да гусляў. Во сабака іншы то спец на гэта! Быў у мяне адзін… Бывала, сяду пайграць, а ён — падвывае. Памагае, значыць. Тон вядзе, як мае быць. Даволі ўдала мелодыю цягне. А Жулік, — хітнуў галавою на акно, — бездар! Кусацца толькі майстар. Не спусціш і з ланцуга. Чужога каго ўбачыць — адразу да ног кідаецца, каб на яго воўк…

Апранаючыся, дзед Максім не пераставаў хваліцца сваім:

— Я ўжо казаў: не толькі гуслі рабіў. Усё, што ў хаце, таксама сваімі рукамі… Камода з чатырма шуфлядкамі, шафа для адзежы, лавы, стол… А вунь — зборны ложак. Тамары, дачцэ, раблю. Паўзірайцеся, якія фацэтныя дошкі! А з чаго, ведаеце? 3 лазы! Каторая балотлівая. У яе камель тоўсты. Дык я раскалоў, вычасаў плашчакі, абгабляваў і во як глядзіцца. Ні даць ні ўзяць — пад арэх!

У сенцах дзед Максім прапанаваў:

— А давайма зазірнём сюды!

Адчыніў дзверы ў другую палавіну хаты і, тупаючы паперадзе, тлумачыў:

— Майстроўня мая…

Сапраўды, куды ні ступі — усюды брусы, дошкі, плашкі. Пры сцяне, бліжэй да акна, — варштат. Паблізу яго — такарня. А на падлозе — апілкі, стружкі, абрэзкі. Як усё гэта нагадвае колішнюю сталярню майго бацькі! Але слухаю, што кажа гаспадар:

— I варштат, і такарня — самаробныя. Служаць спраўна і даўно. Што хочаш і зробіш, і вытачыш. Габэлькі — таксама свае работы. I жалязкі да іх… Бо куплёнае нічога не вартае… А гэныя — ажно ліжуць дошку, як пацягнеш. I стружкі-габлюшкі ляцяць — толькі свішчуць!.. Вунь і жорны сам рабіў. Камяні, праўда, у аднаго чалавека дастаў, бо не было чым выбіць іх. I, скажу вам, добрыя жорны былі. Колькі перамалолі збожжа — не злічыць. А цяпер — гуляюць… Во! — спахапіўся гаспадар. — У мяне яшчэ і кузня е. Хадзем, пахвалюся і ёю.

Выйшлі на панадворак, і тады толькі дзед Максім дастаў з кішэні муштук (вядома, самаробны!), на хаду ўправіў цыгарку і, нібы апраўдваючыся ў нечым, прамовіў:

— На фронце навучыўся, каб на яго ліха. За вайну ад радавога да камандзіра кулямётнага рашчота дайшоў. Паранілі колькі разоў. Выжыў. Справіўся. А з табакаю аніяк не спраўлюся…

Нарэшце спыніўся:

— Во яна, кузня мая. Бачыце?

Гляджу, і не бачу аніякай кузні.

— Ды во яна, у доле! — удакладняе гаспадар. — Не было дзе, то ў бліндажы прыспасобіў.

Цяпер толькі здагадваюся, што пры пагорачку, дзе віднеецца жоўты жвір, нібы ў зямлянцы, з якой знялі дах, і месціцца дзедава кузня. Падыходжу бліжэй. Абрэзак рэльса. Ціскі. Горан. Побач валяюцца ржавыя жалязякі — невялікія і нішто сабе. Чарнее ў куточку горбачка вугалю.

— Малая кузенка, але…

Я яго разумею.

Чалавек працы, самабытны майстар, паслугамі якога карысталіся некалі многія, ён і зараз не сядзіць склаўшы рукі. Ля горна, у пяску, зусім свежыя аплавіны шлаку, вакол рэльса-кавадла — сінім лускавіннем паблісквае акаліна. Усё гэта — сведчанне ягонай ненатольнай душы.

— Закінь мяне на які хочаш востраў — не прападу.

Зноў разумею дзеда Максіма. Вядома, выйсце знайшоў бы! Як усё жыццё знаходзіў тут, на хутары. Некалі ж побач і зямельку араў, і засяваў, хоць адорвала мізэрным ураджаем. Потым і соткі, і грады пры хаце меў. Нават зараз пару лапікаў абрабляе. Вядома, у далечыні той змайстраваў бы сабе і гуслі. Ды пяялі б яны пра гэты вось край, пра гэтае вось неба, пра гэтае сонца, што спрабуе выскачыць з-за хмары, — пра любую сэрцу радзіму. Інакш бы не змог, уцёк бы з самага экзатычнага вострава.

Кажу пра гэта Максіму Пятровічу, і ён пагаджаецца:

— Пра востраў я так, да слова. А калі чэсна, то ніхто ніколі нікуды не змог перасадзіць мяне адсюль. Як вунь тую бярэзіну, што на панадворку…

Спускаліся ад кузні моўчкі.

— Аднак, мне пара, — прамовіў напаследак дзед Максім, — а то, сапраўды, могуць раскупіць хлеб…

I пайшоў ад хутара ў вёску, трымаючы пад пахаю зрэбную торбачку, пайшоў напрасткі, сцяжынаю, пратаптанаю паўз калодзезь у нізовінцы, паўз аблесены суседні пагорак, пратаптанаю не кім староннім, а ім самім і не за дзень, не за два — за доўгія гады жыцця свайго.


1989, люты

Загрузка...