Кастусь Тарасаў
Апошняе каханне князя Мiндоўга
Дачцэ Ганне
1
Напярэдаднi купалля ў лясах паблiзу ад мазавецкае мяжы прыпынiлiся на кароткi начлег перад наездам пятнаццаць тысяч коннай лiтвы i русi. Каб вецер не прынёс мазурам выратавальны для iх знак, абозныя на загад вялiкага князя забаранiлi кметам раскладаць вогнiшчы. Адзiны на войска агонь цеплiўся ля намёту Мiндоўга; каля гэтага вогнiшча радзiлiся ўдзельныя князi, якiя прывялi свае палкi i дружыны. Вялiкi князь даводзiў iм задуму наезду. Мiндоўг казаў, што яны мусяць адпомсцiць мазурам за iхны ўдзел у леташнiм сумесным з крыжакамi паходзе на прусаў i жамойць. Палкi мусяць пранесцiся смерчам праз мазурскiя вёскi i мястэчкi ў бок Плоцка i недзе ля Вiслы сустрэць войска князя Земавiта, калi той паспее яго сабраць...
Князёў ля агню, у крывавым полымi якога грэлася боства вайны, было разам з Мiндоўгам семнаццаць, усе яны, апроч вялiкага князя, былi паголеныя, як патрабаваў таго iхны малады ўзрост; сiвы, барадаты Мiндоўг выглядаў сярод iх дзедам, якi склiкаў моладзь для навучання поспеху i ўдачы на ўласным досведзе. Аднагодкi i старыя паплечнiкi князя даўно пайшлi з жыцця, у крузе з iм, шасцiдзесяцiпяцiгадовым, сядзелi iхныя сыны. За выняткам трох яцвягаў, усе даводзiлiся вялiкаму князю сваякамi, хоць i яцвяжскiя князi, пры жаданнi акрэслiць з iм роднасць, былi сваякамi па жонцы. Жамойцкi князь Трайнат быў сястрынiч, полацкi князь Таўцiвiл i вiцебскi князь Ердзiвiл - братанiчы, гальшанскi князь Гердзень - стрыечны братанiч, крэўскi князь Даўмонт, самы малады з князёў у гэтым паходзе, таксама пляменнiк, але траюрадны. Мiндоўг вылiчыў, што Даўмонту толькi крыху перайшло за дваццаць. Дзяволтаўскiя князi Люмбель, Лугайла i Гаторп сядзелi на такiх дробных удзелах, што сваяцтва патрабавала ўзгадкаў пра дзядоў трэцяга калена. Са сваякоў не было на гэтай вайсковай радзе толькi зяця, Шварна Данiлавiча, але ён вёў свой холмскi полк на мазаўшанаў па Бугу ад Берасця.
Вялiкi князь паведамляў цяпер тое, што раней трымалася ў таямнiцы: адначасна з iмi пойдуць на мазураў з поўначы прускiя дружыны Геркуса Мантуса. Iхная першая мэта - Цэханаў. Лiтва, жамойць i яцвягi рухаюцца на Вiзну i па Нарэву - на Пултуск. На сутоку Нарэва з Бугам яны сустрэнуцца з валынскай руссю Шварна, i напрыканцы паходу спаляць галоўнае гнездзiшча мазураў - Плоцк. А тады пойдуць дамоў з палонам i лупамi...
Мажлiва, нагадаў Мiндоўг пра лёс, нехта з iх не вернецца. Таму i трымаецца лiтва старадаўняга звычая паважнай размовы перад наездам, што хтосьцi назаўжды застанецца ў чужой зямлi, а хто - зараз невядома. Нехта адзiн цi некалькi з семнаццацi бачыць, слухае ўсiх i сам гаворыць з усiмi апошнi раз. Магчыма, гэта будзе ён, вялiкi князь Мiндоўг, цi малады Даўмонт, цi мужны Трайнат, цi зяць вялiкага князя Шварн, цi яцвяжскi ўладар Скамонд. Невядомасць лёсу вызначана для чалавека багамi. Пасля iхнага прысуду багiня смерцi ставiць на азначанае сэрца пячатку апошняга дня. Нiхто не гiне раней цi пазней часу, акрэсленага багiняй. Сёння яна значыць тэўтонскiх прыхвасняў - мазураў, i наезд засведчыць, каго з iх яна мецiла магiльным знакам...
Паляну, на якой стаяў намёт, гарэў агонь i радзiлiся князi, аточвала варта, а навокал днявала пяцiтысячнае наваградскае апалчэнне - самае вялiкае ў агульным войску i адданае Мiндоўгу. За плячамi князя сядзелi два верныя яму баярыны: наваградскi ваявода Сiрвiд Рушковiч i разанскi выгнанец Астап палявы ваявода ў паходах, найблiжэйшы князеў радца ў мiрны час. На гэтай сустрэчы абодва назiралi, каб нiхто з маладых князёў раптам не выцягнуў з похваў меч. I сам Мiндоўг, i абодва ваяводы ведалi, што з шаснаццацi князёў сама меней трое ненавiдзелi яго i пры зручным выпадку не марудзiлi б забiць, астатнiя прынялi б такi ўчынак без абурэння, а можа i ўхвалiлi. Але зручнага выпадку заўжды насцярожаны Мiндоўг не дапускаў. Наезд таiў небяспеку i для княжатаў. Вялiкi князь меў неаспрэчныя магчымасцi паставiць усялякi ўдзельны полк пад знiшчальны ўдар мазураў. Дзеля ўзаемнай бяспекi ў выправе Мiндоўгу i малым князям трэба было затойваць нянавiсць i непрыязнасць у сэрцы на будучыню. Але розум не заўжды адужвае пачуццi...
Вялiкi князь нагадаў маладым паплечнiкам, што вадзiў сваю лiтоўскую дружыну на мазураў яшчэ паўвека таму. Пэўна яму было тады менш гадоў, чым зараз Даўмонту. Iхныя бацькi таксама былi маладыя, i вось гэтаксама ўсе збiралiся ля вогнiшча паслухаць старэйшых князёў. Добрыя тады ладзiлi наезды, суцiшылi мазурскi запал, ад адных толькi словаў "Лiтва йдзе!", "Яцвягi йдуць!" праймала мазураў жахам. А потым Конрад, бацька iхнага цяперашняга князя Земавiта, бяссiльны абаранiцца сваiмi кметамi, запрасiў у памагатыя крыжакоў, падараваў iм землi, выдзелiў крэпасцi, i зноў пайшоў на яцвягаў. Летась разам з немцамi мазавецкiя палкi ўпершыню прыйшлi вынiшчаць жамойць, прусаў, дайнову. Ды моцна памылiўся князь Земавiт, братаючыся з белымi апанчамi: крыўда без помсты не жыве. Таму i пазначае мазураў у гэты час Мерцва. Мазоўша дапамагала крыжакам нiшчыць нашыя вёскi, цяпер ёй давядзецца паплакаць крывавымi слязьмi i заплацiць сваiм дабром...
Напамiнак пра лупы ажывiў непраглядныя твары князёў, якiя не маглi забыцца на нядаўняе сяброўства вялiкага князя з тымi самымi крыжакамi. Немцы падаравалi Земавiту яцвяжскiя Судавы, а хто гэта быў дараваў немцам Жамойць? Цi гэта не Мiндоўгава пячатка вiсiць на дарчай грамаце? Лепш не згадваць пра мiнулыя гады i сканалых князёў - тыя крыжакам такiх дарункаў не рабiлi. Яны, iхныя сыны, зараз самi iдуць у наезд, а найпершая мэта наезду - лупы. Што здабудуць - тым узмацняцца. Багатыя лупы - удача князёў, залог адданасцi палкоў, дзеля iх i рызыкуюць жыццём простыя кметы. Цяпер князi ўзважвалi i запамiналi, што жадае ўзяць сабе, што пакiнуць iм iхны важар. А Мiндоўг, бачачы ў вачах князёў хуткую змену злоснай нязгоды цi крыўды на ўхваленне, думаў, што зашмат у гэтай княжацкай зграi галодных ратоў. Няўжо ўсе жывымi прыйдуць з гэтай вайны, гадаў ён? Хоць бы трацiну з iх пабiлi мазуры, баронячы свае двары. Гэтыя саслабеюць, тыя знядужаюць - меншы клопат на ягоную галаву...
Задуманае пакаранне Мазоўшы патрабавала, апроч знiшчэння войска i руйнавання паселiшчаў, забраць конскiя табуны. Князi абумовiлi, што гнаць табуны будуць стаёўнiкi з iхных абозаў, а пасля паходу коней падзеляць адпаведна сiле прыведзеных палкоў, але чвэртку коней возьме Мiндоўгавы канюшы Сiпайла ў табун вялiкага князя. Абознiкi таксама вывозяць збожжа i сена. Рыцарскiя даспехi i зброя, узятыя ў бiтвах, застануцца пры тых, хто ўзяў; зброя, захопленая ў местах, пойдзе палкам, што бралi гарады, але чвэртка трапiць у збраёўню вялiкага князя. Таксама i Мiндоўг падзелiцца лупамi, якiя возьмуць яго лiтва i наваградская русь. Быдла, калi хто мае патрэбу, пагонiць сам, пры сваiх абозах.
Дамовiўшыся, што палон i абозы з лупамi для дзяльбы трэба зцягваць да Ваўкавыска, князi раз'ехалiся ў свае палкi i дружыны. Тут кметы ўжо разбiралi з вазоў браню i дзiды, мацавалi да сёдлаў паходныя торбы з запасамi харчу i пустыя мяхi пад здабычу. Хто вастрыў меч, хто правiў лук, а ўсё падрыхтаваўшы, клаўся спаць, каб досвiткам бадзёра сядзець на канi.
2
Ранкам пятнаццаць тысячаў наезду перайшлi на рысях мазавецкую мяжу. Трапяталi ў паветры чырвоныя сцяжкi сотнiкаў, калыхалiся пастаўленыя пяткай на стрэмя дзiды, i трывалыя лiтоўскiя конi паскаралi хаду пад рэзкiя выгукi кметаў - "Хо!", "Хо!". Неўзабаве пачалi сустракацца на шляхах войска мазурскiя паселiшчы, i аддзелы, што йшлi наперадзе, спяшалiся вычышчаць двары ад мужыкоў, гвалцiць дзевак i збiраць убогiя лупы - вопратку, посцiлкi, зерне, кажухi. Наступныя дружыны рухалiся далей, разыходзiлiся развiлкамi да такiх жа асуджаных на разбурэнне вёсак.
Удзень ваяры Трайната ўзялi Вiзна, дзе захоўвалася данiна навакольнага жыхарства плоцкiм касцёлам. Не марнуючы часу, кметы спустошылi засекi i клецi, разрабавалi каплiцу, вывелi коней, перабiлi бальшыню мужыкоў i, пакiнуўшы за плячамi зруйнаваны замак, скiравалiся на Пултуск.
Ды ўсiх не заб'еш. У нейкую шчылiну праслiзгвае ўдачлiвы мазур i нясецца галопам ад месца бойнi да блiжэйшага жылля з крыкам "Ратуйся! Лiтва! Наезд!", а адтуль разлятаюцца вестуны да суседзяў. Сярод такiх удачлiвых апынуўся вiзнаўскi кашталян Якуб. За два днi ён дабраўся да Плоцка, i князь Земавiт даведаўся, што прыйшлi наваградская русь i лiтва, а iншыя ўцекачы паведамiлi пра прускую навалу i пра русiнскiя палкi князя Шварна Данiлавiча. Рабуюць, рэжуць, гвалцяць, паляць, пасля iх - нi коней, нi кузнi, нi збожжа, нi стажка жывёле.
Земавiт пачаў збiраць войска, аднак хутка з'ехацца ўладары не маглi трэба было затоiць ў лясах сем'i, быдла, схаваць зерне i нажытак. Пацiху падыходзiлi дружыны з Завiслення, а ў абыход лiтоўскiх палкоў падкрадвалiся дробныя рыцарскiя аддзелы. Толькi праз два тыднi Земавiт здолеў вывесцi пад сваiм сцягам войска ў пяць тысяч коней, з якiм i пайшоў насустрач Мiндоўгу. Земавiтава жонка, княгiня Гертруда, засталася ў Плоцку, прыняўшы на сябе ўмацаванне замка i горада перад магчымай аблогай, калi бiтва раптам будзе прайграная i князю давядзецца хавацца за сценамi, пакуль не прыйдуць посiлкi з Малапольшчы. Рыцарскага аддзела Земавiт жонцы не пакiнуў, i абаронцамi Плоцка засталiся мяшканцы i навакольныя веснякi, што шчыльна панабiлiся ў горад. Чамусьцi iм верылася, што за плоцкiмi гароднямi пад крылом княгiнi прасцей уратавацца ад лiтоўскага лiха, чым дзе-небудзь у пушчанскiх гушчарах, на недаступных выспах сярод дрыгвы. Разлiкi, што на абарону польскiх хрысцiянаў ад паганскага нашэсця зараз жа вырушыць Ордэн, не спраўдзiлiся - немцы цi не былi падрыхтаваныя, цi не жадалi ваяваць Мiндоўга сiламi ордэнскiх братоў. Можа, яны i цешылiся з бедства мазурскiх земляў.
Заступiўшы шлях Мiндоўгу пяццю тысячамi войска паблiзу Варшавы, Земавiт меркаваў перамагчы: ягоныя рыцары былi апранутыя ў добрую браню, палова рыцарскiх лучнiкаў мела дальнабойныя кушы, за iх плячамi засталiся сем'i, яны паклялiся перад богам не адыходзiць. Князь зразумеў, што пераможаны, калi лава жамойтаў з баявым клiчам "Локiс! Прэнкi!" навалiлася на левае крыло, шалёныя яцвягi i полацкая русь Таўцiвiла i Ердзiвiла пачалi адцiскаць правае, а з тылу палкi Гердзеня i Даўмонта замкнулi атачэнне i з клiчам "Нальшча! Сокал! Бi!" выцiснулi мазурскую сярэдзiну пад стрэлы i мечы наваградцаў i лiтвы. Праз гадзiну мазавецкае войска трацiнай палегла на поле сечы, а бальшыня, бачачы двайную перавагу лiтоўскага ваярства, скарылася i пакiдала зброю. У палон трапiлi i князь Земавiт, i ягоны васемнаццацiгадовы сын Конрад. З лiтоўскiх князёў пацярпеў у бiтве толькi Мiндоўгаў пляменнiк, князь Ердзiвiл. Яго, працятага мазурскай дзiдай, паклалi на калёсы i павезлi ў абоз.
Палонных падзялiлi: знакамiтых i важных рыцараў, Земавiта i Конрада, узяў Мiндоўг, астатнiх, хто абяцаў выкупiцца, паразбiралi князi, а шараговы палон адразу атрымаў працу - капаць роў для забiтых. Яны i пачалi капаць абломкамi мечаў, назiраючы, як на залiтым крывёю полi, на дыване з лiтоўскiх i мазавецкiх мерцвякоў, распачалася жорсткая бойка сярод пераможцаў за каштоўную здабычу - шчыты, панцыры, шлемы, зброю. Нарэшце, брудная лаянка i мардабойства русi, лiтвы ды яцвягаў раззлавалi Мiндоўга, ён крыкнуў, што загадае павесiць усiх, каму свярбяць рукi. Ведаючы вернасць князя свайму слову, кметы хуценька рассеялiся, а мерцвякоў спрытна аблупiла наваградская дружына.
Вялiкi князь разумеў, што другое войска Мазоўша ўжо сабраць не здолее; заставалася папалiць галоўныя асяродкi мазураў i прымусiць Земавiта да падпiсання мiрнай дамовы. Захоча жыцця сабе i сыну - замацуе пячаткай любыя ўмовы. Апошняе Мiндоўг вырашыў выканаць пасля захопу Плоцка, адкуль меркаваў прывезцi Земавiтаву жонку i ягонага другога сына. Ваяводу Рушковiча з лiтвой i нальшанцаў князь выправiў на Вышаград, палку Шварна Данiлавiча загадаў iсцi на Чэрвiньск; сам жа Мiндоўг, даручыўшы Астапу ахову свайго палону, узяў маладога Конрада закладнiкам i павёў лiтоўскую русь i яцвягаў да Плоцка.
Атачаць горад, страшыць княгiню Гертруду забойствам яе сына перад замкавай брамай Мiндоўгу не давялося. Княгiня, ратуючы жыццё малодшага сына, палiчыла за лепшае не злаваць лiтву абаронай замкавых сценаў. Пакiнуўшы горад, яна разам з княжычам Баляславам паiмчала ў Кракаў прасiць дапамогi. Уцёкi княгiнi Гертруды пазбавiлi плоцкiх абаронцаў ачольнай волi, i горад скорана расчынiў вароты. Цiхмянасць мяшканцаў не ўратавала iх ад лютасцi пераможцаў. Яцвягi Скамонда прагнулi помсты: мазуры мусiлi зведаць на сабе тое, што зведалi яцвягi ад мазавецкiх наездаў на iхныя лясныя гарадзiшчы. Яцвягам было што прыгадаць на вулiцах Плоцка: смерць сваiх сямiдзесяцi князёў, згвалчаных выданнiц i маладзiц, народжаных iмi вырадкаў, якiх прыходзiлася кiдаць у багну, вогнiшчы замест вёсак, безлiч сваякоў, забраных мазавецкiмi ўладарамi для цяжкай працы ў сваiх гаспадарках...
Плоцкае жыхарства сустракала заваёўнiкаў стоячы на каленях, але гэтая пакорнасць абуджала ў яцвягаў замест лiтасцi лютасць: "Во хiтрыя морды! Стаяць авечкамi! Пахавалi скарб i дзевак!" I ваярства, што ўвесь паход марыла аблупiць мазавецкую сталiцу i спагнаць даўгi за зведаныя здзекi, кiнулася па дварах здзяйсняць свае намеры. Ксёндз касцёла Панны Марыi, якi спрабаваў святым крыжам спынiць уварванне паганцаў у асвячоныя сцены, быў узняты кметамi на дзiды i пад рогат таварышаў паляцеў, нiбы падбiтая варона, ў кучу гною. I гэты касцёл, i астатнiя тры былi дашчэнту абадраныя. Мужчын, што ратавалiся ў храмах, падзялiлi на дужых i нямоглых: першых пагналi ў абоз на працу, нямоглых i старых пазбiвалi да паўсмерцi. Маладых мазуранак адразу ж згвалцiлi; а якая з дзевак надта пужалася i прасiла злiтавацца, тую ганьбiлi мноствам, прымаўляючы дзеля большай знявагi: "Глядзi, як гэтая полька просiцца! Яшчэ хоча!" Маткам, што малiлi аб лiтасцi да iхных дачок, адказам былi кпiны: "Гэта што, не мiласць? Вашыя мужыкi нас забiвалi, а мы кожнай дзеўцы дзiця стараемся падараваць!" Па ўсiх падпамосцях, склепах, паддашках i гарышчах пераможцы прайшлiся, як мятлой. Урэшце абрабаваны, зняважаны горад запалаў; наваградцы i яцвягi доўга цiкавалi як адлюстроўваюцца ў Вiсле магутныя агнi. Адзiнае, аб чым шкадаваў Мiндоўг, былi ўцёкi княгiнi Гертруды уся мазавецкая сямейка магла цеснiцца ў ягоным кулаку i падпiсала б самыя ганебныя ўмовы мiру. Але i выратаванне Гертруды, суцяшаўся князь, абяцала карысць - дорага будзе каштаваць княгiнi выкуп з палону сына i мужа.
У гэтыя ж днi жамойць Трайната спусташала Ўяздаў, князь Даўмонт i Сiрвiд палiлi Вышаград, затое Шварн Данiлавiч не ўтрымаўся ад шкоды Мiндоўгу, ад дзiкунства, якое кiдала на вялiкага князя цень непрыстойнасцi i памяншала выкуп за ягоны палон - Шварн забiў Земавiта. А ранкам, ацвярозеўшы, хутка павёў сваiх русiнаў на Чэрвiньск, каб не каяцца перад цесцем. Мiндоўг зрываў злосць на Астапе - чаму недагледзеў? "Як упiльнуеш, - апраўдваўся разанец. Каму ж гэта ў галаву прыдзе палоннага князя мечам секчы!" - "Каму! раз'юшыўся Мiндоўг. - Зяцю майму! З чаго звар'яцеў?" - "П'яны быў, - тлумачыў Астап. - Сказаў Земавiту: "Што, мазурскi недабiтак, трапiў у сiло?" А той у адказ: "Не ў тваё, недавярак!" - I ўсё. Як пачуў пра недавярка - iмгненна здзiчэў!" Мiндоўг злосна ўздыхаў: "Ну, зяцёк! Ну, i дапамог!" - "Лёс, вiдаць, такi быў Земавiту, - вырашыў спаслацца на незямныя сiлы Астап. - Лёс нiхто не аспрэчыць!" - "Што пляцеш! - уз'юшыўся Мiндоўг. - Якi лёс? Гэта, што, лёс Шварн з вiном у галаве замест глузду? Забiў, а што карысцi? Земавiту было выкуплiвацца, прысягаць, што з немцамi парве. Усё пусцiў дымам. Дурань напiўся, мы ўдачу згубiлi!" Другой непрыемнасцю стала смерць Ердзiвiла ў абозе. З гэтай весткi князь крыху засмуцiўся i прамовiў Астапу: "Шкада! Я, калi ён быў малы, яго на руках трымаў, на канi вучыў сядзець. Не склалася ў яго са мной прыяцельства. Я на смерць яго пасылаў, ён на мяне вайной хадзiў. Нядоўга ён у Вiцебску пакняжыў. Вось гэта, Астап, сапраўды, лёс!" I забыўся на братанiча, разважаючы над вынiкамi недарэчнай гiбелi Земавiта. Увечары ён абвясцiў аб заканчэннi паходу.
Палкi заспяшалiся да Ваўкавыска, дзе iх чакалi абозы з лупамi i палон. Тут, атрымаўшы належныя долi табуна, жалеза i палонных, усе спехам развiталiся да наступнага наезду i шпарка павезлi набытак у свае двары.
Праз некалькi дзён вялiкi князь уязджаў у наваградскi замак. Перад брамай яго сустракалi княгiня Марта i два сыны. Кожнаму з сыноў Мiндоўг падараваў нажы, узятыя ў пасечаных iм асабiста польскiх рыцараў, а жонка атрымала ў падарунак срэбранае люстэрка з разрабаванай скарбнiцы плоцкага касцёла Панны Марыi. Даўшы жыхарсту паглядзець на мазавецкага княжыча, багатых мазураў i мазуранак, варта замкнула палон у замкавыя каморы. Яшчэ гадзiну чэлядзь зносiла ў клецi княжацкую долю здабычы. Мiндоўг у гэты час парыўся ў лазнi, здымаў з сябе стомленасць ад паходу. Увечары за святочным сталом ён апавядаў жонцы i дзецям пра ўдачы наезду, пра карысць, якую атрымае Наваградак ад разгрому мазураў, пра п'янае шаленства Шварна, помсту яцвягаў за бацьку Марты, выкуп, якi дашле за сына княгiня Гертруда, пра мазурскiя азёры i прыгажосць Вiслы каля горада Плоцка. Потым дзяцей адправiлi спаць, Мiндоўг застаўся з жонкай i пачаў лашчыць яе, i прызнаваўся, як моцна сумаваў па ёй у паходзе, а зараз шчаслiвы i кахае яе.
3
Ноч апускалася на Наваградак, i густы змрок ахутваў заслонай сну замак на ўзгорку, мураваную вежу, вадзяны роў, святыя дубы на паляне за ровам, царкву Барыса i Глеба, гарадскiя двары, глушыў зыкi, i ў гэты таямнiчы час прайшла скрозь замкавую сцяну i нячутна пракрочыла па двары суровая пасланка багоў смерць. Конi, адчуўшы яе, спужана заржалi, але яна не спынiлася каля iх, i тыя, супакоеныя, сцiхлi ля сваiх ясляў. Смерць увайшла ў княжы дом, дзе гарэла свечка, а на шырокiм ложы ляжаў князь Мiндоўг, чакаючы жонку, а Марта, стоячы ля сцяны насупроць мужа, глядзелася ў срэбнае люстэрка i расчэсвала косы.
На iмгненне ў пакоi дыхнула холадам, замiгцеў агеньчык свечкi i варухнулiся ценi. Княгiня Марта здзiўлена зiрнула на дзверы, i раптам здрыганулася, упусцiла грабеньчык, адчайна ўскрыкнула "Рэпiк!", i на вачах ашаломленага князя павалiлася на падлогу.
Марту паклалi на ложа, намаганнi склiканых знахарак нiчога не змянiлi, на твары княгiнi ўжо праступiлi знакi тагасветнасцi, i ўрэшце бабка, здольная чытаць такiя знакi, сказала Мiндоўгу, што ягоная жонка памрэ да свiтання.
На скронi Марты ўздрыгвала блакiтная жылка - адзiная прыкмета жыцця. Мiндоўг прытулiўся спiнай да сцяны, паклаў рукi на каленi i аддаўся смутку.
Горасць блiзкай разлукi з жонкай перанесла яго на дванаццаць гадоў назад, у зiмовы дзень, калi ён прыехаў да Вiшымунта Булевiча. Лютыя маразы трымалiся ў тую зiму, груганнё наскрозь прамерзла ў сваiх гнездзiшчах, снег зацвярдзеў, як маснiцы, ноччу i ўдзень рэзала вушы адчайнае выццё згаладалых ваўкоў. Вось у такi дзень яны скакалi да Булевiча, i лёс узнагародзiў яго Мартай. Толькi ўвайшла яна ў пакой, дзе яны грэлiся з дарогi, толькi ветлiвая ўсмешка асвятлiла ейны твар, толькi пачуў яе iмя - Веда, i ў iмгненне адчуў, што перад - ягоная жанчына, што з ёю ён будзе шчаслiвы. Праз месяц ён наехаў на Булевiчаў, забiў у баi Вiшымунта, забiў ягоных братоў Ердзiвiла i Спрудзейку, i забраў Марту да сябе, у Наваградак. I яна нарадзiла яму двух сыноў.
Згадаўшы пра дзяцей, Мiндоўг сказаў каморнiку прывесцi Рэпiка i Руклю.
Так склалася, што Марта была Вiшымунтавай жонкай. Дый калi б ягонаю жонкай была гарбатая i крывая старая, цi калi б наогул не меў жонкi, Вiшымунт усё роўна быў на гэтым свеце непатрэбны. Булевiчы былi асуджаныя на смерць у той дзень, калi наваградцы запрасiлi яго, Мiндоўга, баявым князем. У тым далёкiм ужо 1246 годзе Вiшымунта, пэўна, толькi пачалi лiчыць дарослым хлопцам i ўпершыню ўзялi ў наезд. Ён нiчога не ведаў пра Марту, яна - пра яго, а ён, Мiндоўг, ужо ведаў, што Булевiчаў прыйдзецца знiшчыць. Булевiчы княжылi ў Дайнове, а землi Дайновы былi патрэбныя яму. Межавыя камянi, якiя паставiў iхны дзед цi прадзед, апынулiся перашкодаю на яго, Мiндоўга, шляху. Згiнулi Булевiчы, яго сiла памножылася, i Веда перайшла ў ягоны дом.
Дзесяць гадоў ён адчуваў яе плячо, верыў ёй, радаваўся яе пахвалам, слухаў ейнае дыханне, яно супакойвала яго, яе любоў сцвярджала праўду ягоных учынкаў. Яна была яцвяжка i не баялася смерцi. Але памерцi, як ад удару нажом, за два крокi ад ложа, у трыццаць гадоў! Вось на яе скронях б'ецца жылка, але гэта ўжо не жыццё i не сон. Смерць абакрала яго, забiрае жанчыну, без якой ён будзе пакутаваць. На свеце шмат жанчын - прыгожых, лагодных, клапатлiвых, гатовых кахаць. Але надта мала такiх, каго багi надзялiлi душою княгiнi. Яго першая жонка, прызначаная яму бацькам, была дачкой цверскага князя. Яна пражыла з iм дваццаць гадоў, нарадзiла яму сына Войшалка i дачку, але нiколi не пачувала сябе шчаслiвай. I ён сябе з ёю таксама. Яе памяць была скiраваная на Цвер, да бацькоў, да нейкай цверскай царквы, дзе ў дзiцячыя гады яна самазабыўна i шчаслiва малiлася, а жанчына, якая не можа адхiлiцца ад мiнулага, не мае быць шчаслiвая, адчуваць радасць i радаваць блiзкiх. Ён быў ёй родны, але не стаў каханым. Можа, i родны не быў, а быў муж... Потым жонка захварэла i памерла, i чатыры гады ён жыў без княгiнi, а жанчыны, якiх ён запрашаў на ложак, не ўмелi закрануць душу. Пакiдаючы ўранку ягоны пакой, яны не заставалiся ў памяцi...
Прывялi сыноў. Рэпiк i Рукля падышлi да мацi. На iхных тварах Мiндоўг прачытаў, што iм страшна, - але мацi была жывая, яна спала. Спасцiгнуць, што адбываецца, якая страта iх чакае, зараз яны не маглi: Рэпiку дзевяць гадоў, Руклю - дзесяць. Праз месяц яны пачнуць сумаваць па мацi, а ноччу будуць снiць яе i плакаць.
Ды хто не бядуе, той не жыве...
Яна марыла ўбачыць сваiх унукаў, а ўжо не можа разняць павекi, каб паглядзець апошнi раз на Рэпiка, падобнага на яе, паглядзець на Руклю, падобнага на бацьку. У Рэпiка залацiстыя валасы, блакiтныя, вясёлыя, крыху хiтраватыя вочы. Рукля такi, якiм быў ён, Мiндоўг, паўвека назад - рухi ў яго iмклiвыя, у зялёных вачах, калi яго прымушаюць, шугае дзёрзкасць, ён любiць бiцца з аднагодкамi, старанна вучыцца царкоўнаму i лацiнскаму пiсьму, бо прагне пахвалы.
Мiндоўг паказаў сынам на лаўку, тыя селi i, на прыклад бацькi, застылi, аддаючыся змрочнай невядомасцi.
Для Марты ён быў не толькi князь i муж - ён быў удачай яе лёсу. I яна для яго была ўдачай лёсу - гэтая жанчына з яркiмi сiнiмi вачыма, залацiстай касой, не льняной, як ва ўсiх, а залацiстай, як паветра ў сонечны дзень. Марта здолела адхiлiцца ад мiнулага i таму сама стала шчаслiвая, i ён адчуваў сябе з ёю шчаслiвым. Яна ўгадвала ягоныя думкi, ён ведаў пра што думае яна. Не гаворачы ўголас анi слова, яны чулi адно аднаго. Вусны Марты зараз шчыльна сцiснутыя, яна не можа сказаць свой запавет, але ён ведае - яна шкадуе Рэпiка i Руклю, шкадуе сябе, асуджаную пакiнуць гэты свет, замак, гэтае ложа, шкадуе яго, свайго мужа, якога аточыць пустэча, горасць страты адзiнага сябра.
Было шмат ворагаў, што прагнулi ягонай смерцi. Яны злучалiся, прыводзiлi свае войскi, ён бiўся з iмi, уцякаў ад iх, вытрымлiваў аблогi ў лiтоўскiх цвердзях, яму здраджвалi, супроць яго малiлi сваiх багоў валыняне i немцы, татары i жамойты, а Марта заўсёды заставалася з iм, падтрымлiвала яго ў тым, процi чаго падымалiся злосныя тугадумныя малыя князi. Такая жонка блiжэй за роднага брата, раднейшая за бацьку. Бацька - мiнулае жыццё. Як уваходзiць чалавек у дарослыя гады, так i забываецца бацька, застаецца ў сваёй прошласцi i тваiм дзяцiнстве. У маленстве бачыш яго дужага i любiш яго, i марыш стаць гэткiм жа дужым, а потым бачыш яго сiвога, саслабелага i думаеш: час ужо бацьку адпачываць. I слова старэйшага брата таксама робiцца не ўказ, калi з'яўляецца ў цябе твая дружына. З бацькам, Даўгердам, а пазней са старэйшым братам Даўспрункам ён хадзiў у набегi на валынь i мазураў. Тады ён любiў Даўспрунка. Тады i брат любiў яго, як моцны сваяк любiць слабейшага. Але прыходзiць дзень, калi словы "старэйшы", "малодшы" страчваюць сэнс - што аднаму брату з таго, што другi брат раней з'явiўся на белы свет? Няважкая падстава для паслухмянасцi. Перад пачуццём, што ўлада павiнна быць тваёй, нiчога гэтая рознiца ў гадах не азначае i нiчым не абавязвае. Толькi мацi пра гэта нiколi не забываецца, памятаючы, каго першага, каго астатняга нарадзiла i ўзгадавала. Няма ў старэйшых братоў заслугi ў тым, што iх на год раней зачалi. Ён, Мiндоўг, быў малодшы, але атрымаў больш розуму, сiлы i волi. Багi так пажадалi! Каб ён нiкога не слухаў - нi старэйшых братоў, нi старэйшых князёў, а слухаў выключна сябе. Тых старэйшых князёў даўно няма на свеце, але яны напладзiлi безлiч нашчадкаў, дружыну дробных князёў, якiя адзiн аднаму зайздросцяць, адзiн аднаго не любяць, i ўсе разам ненавiдзяць яго. Гэтае княжае пустазелле ён прарэдзiў, частку яшчэ звядзе, а недабiтыя рэшткi заўжды схiльныя да пакоры. I Марта згаджалася, што вялiкаму князю iнакш нельга. Бо iнакш не атрымаць Руклю па бацьку наваградскi сталец.
Ён зiрнуў на дзяцей, яны засыналi. "Пакладзi iх, - сказаў князь каморнiку, - i ўсе iдзiце, хачу пабыць адзiн". Сыноў павялi, бабы i чэлядзь выйшлi. Князь застаўся з жонкай.
Зараз у яе апошняя пакута: развiтваючыся з жывымi, яна непакоiцца, як Рукля i Рэпiк, малыя дзецi, застануцца без яе? Хто паклапоцiцца пра iх, хто пашкадуе, хто суцешыць? Канюшыя? Бабкi? Ваявода Сiрвiд? Гаротна ёй, што яны застануцца сiротамi, бо не можа iхны бацька замянiць iм мацi, як бы нi намагаўся. Ён, князь Мiндоўг, вымушаны ад'язджаць, ачольваць войска, ставiць сябе пад магчымы ўдар меча, сякеры, яго можа наскрозь працяць болт з нямецкага куша. Нiхто не ведае, калi i дзе прызначана сустрэцца са смерцю. Хто мог падумаць, што Марце наканавана сёння ўначы? Цi магла яна сама днём думаць, што ноччу будзе памiраць. Прыцемкамi, калi ўзыходзiў маладзiк, i пазней, калi запалiлi свечку, калi яна ўзяла грабеньчык i распусцiла касу, яна не дапускала думкi, што ўсмiхаецца мужу i бачыць яго астатнi раз. Крык болю - i нiчога апрача ўспамiнаў. Ён ужо ўспамiнае, i гэтак будзе кожную ноч. Ён ляжа, дакранецца рукой пасцелi, i там, дзе заўсёды спала яна, - нiкога, халодная прасцiна. Старая кашчавая Мерцва не ведае лiтасцi, для яе ўсе ворагi. Яна помсцiць усiм, хто нараджае жывое. Ён быў шчаслiвы з Мартай, а Марта была шчаслiвая з iм. Старую Мерцву прыслалi забраць у iх радасць.
Раптам Марта адкрыла вочы. Мiндоўг нахiлiўся да яе, прачытаў у вачах нейкую просьбу, жаль, страх. Ён шаптаў: "Што, Марта, што?" але шчыльна сцiснутыя, абяскроўленыя губы жонкi не растульвалiся. Гладзячы яе рукi, ён пачуў горасны развiтальны ўздых i адчуў сябе адзiнокiм, асiрацелым, i заплакаў, што скончылася iхнае шчасце на гэтым свеце.
Князь выйшаў на двор. Высока над зямлёй мiгцелi вераснёўскiя зоркi. Прыжмураным вокам звера здаўся князю серп месяца. У гэтую цемру i холад адышла зараз Марта, пакiнуўшы Наваградак, замак, дзяцей i свайго мужа. Мiндоўг падышоў да карыта каля канавязi, нахiлiўся i апусцiў галаву ў ваду. Яна была халодная, i ў ёй растварылiся ягоныя слёзы. Мiндоўг абцёрся рукавом кашулi i сказаў цiха ўсiм, хто быў блiзка: "Памерла княгiня. Няма ў мяне жонкi".
У дом заспяшалiся рабiць сваю справу бабкi, пачалi сядлаць коней ганцы да сваякоў нябожчыцы i суседнiх князёў з весткай пра бяду, якая напаткала вялiкага князя i ягоных сыноў.
4
Старэйшы князеў сын Войшалк, у манастве - Раман, малiўся ў манастырскай бажнiцы, калi за парканам аб'явiўся бацькаў вястун. Пачуўшы пра смерць мачахi, Войшалк адгукнуўся звычнымi словамi: "Прымi, Божа, на спачын яе душу!" У тым, як гучалi гэтыя словы, чулася ягоная абыякавасць да бацькавай сям'i. Войшалк адпусцiў ганца, да перапыненай малiтвы не вярнуўся, а пайшоў у келлю, дзе аддаўся развагам цi варта iсцi за дваццаць вёрст у Наваградак на пахаванне? Нiчога з гэтай жанчынай яго не звязвала. Агульным у iх быў князь Мiндоўг ейны другi муж, ягоны бацька. Яна лiчылася ягонай мачахай, ён - ейным пасынкам, што заўжды дзiвiла яго недарэчнасцю, бо мачаха была маладзейшая за пасынка гадоў на дзесяць.
Хутчэй, паводле ўзросту ён мог быць для яе старэйшым братам цi мужам. Але яна нарадзiла яго зводных братоў, якiя падыходзiлi яму ў дзецi. I хрысцiлася яна ад немцаў разам з мужам, калi князь Мiндоўг прымаў каралеўскую карону. А ў грэцкую веру не ахрысцiлася, хоць i стаiць блiзка замка старадаўняя з каменя адноўленая царква святых Барыса i Глеба. Мужава воля: загадаў - ахрысцiлася. Але хоць i не праваслаўнай веры, ды ўсё ж хрысцiянка, i Госпад не вырачацца яе: усё ж мацней за князя яна ў Iсуса Хрыста ўверавала i год таму ўпрошвала мужа не расхрышчвацца i не руйнаваць драўляную лацiнскую бажнiцу ў Наваградку. Так тая i засталася стаяць пры дарозе пустая, без сагнанага святара, напамiнкам пра хрышч наваградскай лiтвы, некаторыя, што паспелi ўвераваць, туды ходзяць, на крыж лацiнскi самi моляцца. Не радавалася Марта адыходу князя ў старадаўнюю цемру. Зноў павыпаўзалi з розных шчылiнаў паганскiя старызны сядзяць на камянях, пеўням галовы скручваюць, у курыных вантробах знакi пра лёс чалавечы шукаюць. Груган якi са страху каркне - для iх вестка ад багоў, так растлумачаць, што ўсю ноч даверлiвы прасцяк дрыжыць. Магчыма, гэтая Марта разумнейшая за свайго мужа была, цягнула яго да Бога, ды не здолела - надта ўпарты князь Мiндоўг. Цяпер Госпад яе на вечны спачын прымае. Нялёгка ёй было пражыць дзесяць гадоў з другiм сваiм мужам, якi першага забiў, а яе, удаву забiтага, прыняў пад свой дах. Божа, уздыхнуў Войшалк, даруй iм усiм, хто блукае ў цемры, падкажы iм шлях да Твайго святла. I мы малой сваёй сiлай будзем Тваё слова несцi да тых, хто здольны зразумець. Ды няшмат здольных, бальшыня - авечкi бязглуздыя, iдуць туды, куды пастух гонiць. А пастух для iх - князь Мiндоўг, сам Хрыста выракся, каб сумленне за грахi не грызла. Дык нашто iсцi ад спакойнай малiтвы, чыстага свайго скiта, ад брацii ў бацькавы паганскi замак? Пахаваюць Марту i без яго.
Так вырашаўшы, Войшалк пакiнуў келлю дзеля гаспадарчай справы. Манастыр быў малады, пазалетась закладзены iм i архiмандрытам Елiсеем блiзка Нёмана, каб i лесам сюды хадзiлi i па вадзе маглi прыплыць. Усё ў манастыры рукамi брацii зроблена, а брацii разам з iм, iгуменам, усяго пяцёра. Памiж малiтвай, беднай трапезай ды кароткiм сном iнакi ўвесь час у працы. Хто працаваць не любiць, таго i Бог не можа палюбiць. Войшалк узяў сякеру i пайшоў за агароджу высякаць кустоўе, каб шырылася навокал манастыра чыстае поле. На стук сякеры прыцягнулiся астатнiя iнакi, i да прыцемкаў чысцiлi лес. Сабраўшы ў кучу галлё, запалiла брацiя агонь, i доўга ў маўчаннi ўсе вакол вогнiшча стаялi, кожны пра сваё смуткуючы. Ужо дагараў касцёр, калi Войшалк падумаў, што i жонку сваю нябожчыцу князь Мiндоўг, саступаючы просьбам куразабойцаў, можа адправiць на неба з дымам, як патрабуе дзедаўская вера. А Марта, няхай i лацiнскай веры, усё ж была хрысцiянка. I палон, якi князь прывёў з мазурскага наезду, таксама могуць часткаю спалiць на агнi дзеля захавання старажытнага звычаю. А палонныя, хоць i мазуры, але ж хрышчоныя.
Гэтая асцярога запала ў душу, i ранкам Войшалк, адчуваючы ўскладзеную на яго Богам адказнасць, вырашыў пайсцi развiтацца з Мартай i ўберагчы нябожчыцу i палякаў ад знявагi, калi князю параяць учынiць такое дзiкунства ягоныя замкавыя ведзьмары. Войшалк памалiўся, з'еў лустачку хлеба, папiў вады, узяў кiй i выйшаў за манастырскую брамку. Накрапваў халодны дождж. Неба зацягнулi цёмныя хмары без адзiнага прасвету. Дажджыла ўсю ноч - лясная дарога раскiсла, уздоўж яе, нiбыта рэчка, цягнулiся лужыны. Iсцi паўдня да Наваградка дажджом ды па вадзе не хацелася. Святыя месяцамi так хадзiлi, паспрабаваў блаславiць сябе на паход Войшалк, але i запярэчыў сабе, што не крыж веры нясе бацьку, а малое спачуванне i параду не грашыць вогнiшчам. Пойдзе пешшу - прыйдзе мокрай варонай. Ён вярнуўся, асядлаў каня, накрыўся апанчой i зарысiў у бок Наваградка.
Вузкая лясная дарога пятляла сярод пагоркаў цi ўзбiралася на iх там, дзе ў нiзiнах стаялi балоты. Паветра было насычана пахам папарацi. Лес нiбы вымер: нi голасу птушкi, нi шолаху звера. Усе пахавалiся ў свае гнёзды, дуплы, норы, логавы, чакаючы лепшага надвор'я. Сыдзе вада, зямля будзе трымаць пахi, i тады выйдзе на след зайца лiсiца, скочыць на касулю рысь, пачне ўпартае паляванне на дзiка воўчая дружына...
Гэтае замiрэнне ў лесе, заспакойваючы шолах дажджу выклiкалi ў князя хваляванне, ён адчуваў глыбокую пашану да таямнiцаў Творцы. Падымаючыся на верхавiну ўзгорка i бачачы далёкае восеньскае шматквецце пушчы, Войшалк спыняўся i ўважаў прыгажосць свету. Божа, удзячна думаў ён, ты мяне прасвятлiў. Хто я быў раней - ашалелы, крыважэрны звер. Хадзiў бы ўвесь свой век чорнымi сцяжынамi, ад двара да двара, сек бы галовы, як рабiў у маладыя гады. Злейшага ворага для людзей тут не было, чым я. I горшых ворагаў для мяне не было, чым iншыя людзi, тут народжаныя. Такую асалоду меў ад душагубства, так прагнуў адымаць жыццi, што нават бацьку вусцiшна рабiлася думаць, каго на свет нарадзiў. Хоць сам i быў за прыклад. А мацi плакала аба мне перад старадаўняй цверскай iконкай. Сумавала, што ў пекла патраплю i буду там вечна гарэць за такiя грахi. Iкона тая, падараваная ёй бацькамi пры ад'ездзе да Мiндоўга, вiсела на покуцi, i гарэў заўжды перад ёй маслены агеньчык.
Але i бацька, князь Мiндоўг, i ён, сын нячулы, глядзелi на воблiк Iсуса, на той iконе ўвасоблены, як на рэч жаночай гаспадаркi, накшталт калаўрота, за якiм мацi сядзела зiмовымi вечарамi разам з iншымi жанчынамi. Не мог князь Мiндоўг сесцi за праснiцу, не мог ягоны сын Войшалк ткаць ручнiк за кроснамi. Ужо пазней, калi давялося бацьку ў Наваградку хрысцiцца ў грэцкую веру паводле дамовы з тутэйшым баярствам i здабываць сродкi на каменную Барысаглебскую бажнiцу, дык iншым разам i ён побач жонкi нешта мармытаў перад тым абразам, нахiлiўшы галаву. Мацi шаптала шчырую малiтву, а што было зместам бацькавага мармытання перад вобразам Збавiцеля i ўяўляць не хочацца. Нiводнай малiтвы не ведаў i не вучыў апроч "Божа, дапамажы мне!". Цяпер iконка тая ў сястры, у Холм разам з ёй пераехала, калi бацька аддаў сястру за Шварна дзеля замацавання мiру з галiчанамi пасля некалькiх гадоў вайны. А цяпер бывае, так ужо хацелася б памалiцца разам з мацi, пастаяць на каленях перад тым старажытным абразом, ды не вяртае Госпад на зямлю тых, каго прыняў у нябесныя Свае гарады. Там адпачывае iхнае сэрца ад болю, перажытага на гэтым свеце сярод невiдушчых...
Войшалк глядзеў на хмары, мысленна прасякаў глыбiнi неба i дасылаў Госпаду свой шэпт: "Божа мiласцiвы, даруй мне маю нячуласць да той, каго ты прызначыў нарадзiць мяне на гэты свет. Каюся перад мацi. Супакой яе, Божа, калi яна не чуе раскаяныя словы свайго сына. Цяпер усё тое спаўняю, што хацелася ёй пры жыццi ўбачыць: малюся, узгадваю яе, непачутую, незразумелую нi мужам, нi сынам..."
Святыя малiтвы мацi былi пачутыя на нябёсах, бо ён, Войшалк, усё ж займеў зрок духоўны. Спраўдзiлiся тыя нашаптаныя над ягонай душой маленнi, калi ён засынаў, а мацi сядзела над iм i малiлася, i напявала яму, i марыла ўголас аб ягоным шчасцi, ягонай славе i дапамозе яму ад сiлаў анёльскiх. Вось i здзейснiлася: зрубiў ён манастыр, ходзiць у царкву, шануе Нараджэнне i Ўваскрэсенне Хрыстова, ды мацi нiчога ўжо не бачыць i не можа шчаслiва пастаяць побач з iм. Цяпер ён iгумен Раман. Манах. А манах, тлумачыў яму ў Паланецкiм манастыры старац Пархомiй, азначае па грэцку - адзiнокi. Сам сабе гаспадар, толькi Богу слуга. Усе людзi рабы Божыя, ды не ўсе слугi яму. Бо манах служыць духоўна, а людскае жыццё адмаўляе. I таму суконны клабук больш моцны, чым шлем, i больш шанаваны. Хто шлем носiць, той далей, чым на палёт стралы, нiчога не бачыць. Поспеху сваiх крывавых учынкаў радуецца. Нiкчэмная гэта радасць - несцiся наперадзе, наставiўшы дзiду, каб iншай iстоце, Госпадам створанай, жалезная вастрыё ў грудзi ўсадзiць. А вось у рыззi, з кiем у руцэ, з мiрам на сэрцы - так апосталы хадзiлi невiдушчых у вiдушчых абарочваць. А сляпыя iмчаць на конях, у браню апранутыя, у шлемах з лiчынамi, у пальчатках, уцяжараных жалезам. Сам так гойсаў па наваградскiх i лiтоўскiх пуцявiнах, i браню апранаў, i глядзеў на ўсё скрозь дзве вузкiя шчылiны ў каванай лiчыне надта пыхлiвы быў, нiчога пра сiлу духоўную не разумеючы. Адурвае ўлада меча, як вiно, i цяжка ацверазець ад ап'янення крывёй...
Выехаўшы з лесу, Войшалк убачыў за паўвярсты наперадзе ў полi з дзесятка два вершнiкаў пры зброi. Усе былi ўкрытыя накiдкамi i разгледзець што там за людзi Войшалк не мог. На скрыжаваннi дарог конныя спынiлiся i пачакалi яго. Зблiзку Войшалк пазнаў нальшанцаў i сярод iх жонку крэўскага князя Агну. Самога Даўмонта Войшалк сярод вершнiкаў не прыкмецiў. Павiталiся, паехалi разам. Нальшанцы, прамоклыя да нiткi, ахвоты да размовы не выказвалi, а можа стрымлiваў iх ад пытанняў яго манаскi клабук. Не свой - чужой веры. З iхнага цёмнага гледзiшча - здрайца. Маўчала i княгiня, што ехала развiтацца з сястрой. Прыглядаючыся да Агны, перахапiўшы позiрк сiнiх вачэй, Войшалк уразiўся падабенству малодшай сястры да Марты. Хто не бачыў абедзвюх разам, падумаў ён, не паверыць, што такое магчыма. Нiбы блiзнятка. Хутчэй павераць, што Марта ажыла. Такiя ж самыя твар, вочы, позiрк. Прыгожая маладзiца. Пашанцавала Даўмонту. Ён не ўтрымаўся сказаць княгiнi:
- Ты на сястру надта падобная.
- Так, - згодна кiўнула Агна, - толькi я на дзесяць гадоў пазней нарадзiлася. Бацька жартам дакараў мацi, што аднолькавых дзевак нараджае.
Войшалк ведаў, што ейны бацька, яцвяжскi князь, загiнуў у бiтве з мазурамi. I мацi тады ж забiлi пры аблозе iхнага гарадзiшча. Вiдаць, i Агна пра гэта прыгадала, i гутарка абарвалася. Ды i пра што распытваць чалавека, якога заклiкаў у дарогу смутак...
У горадзе Войшалк найперш паехаў да магiлкi мацi каля царквы. Тут ён апусцiўся на каленi i пераказваў свае раскаяныя словы, узгадваючы дзень, калi замест капца, цяпер зарослага травой, тут зеўрала яма i шамацелi аб дамавiну развiтальныя жменькi зямлi. Тады i князь Мiндоўг тут сумаваў. А заўтра будзе стаяць над магiлай другой жонкi. Усё праходзiць, падумаў Войшалк, праўда ў Бiблii напiсана. Адпакутавала сваё мацi. Адпакутавала сваё на гэтым свеце i Марта. Што ў яе на сэрцы рабiлася, калi князь Мiндоўг яе мужа забiваў? Сам удавой зрабiў, сам жонкай назваў. Цяпер сам пахавае. А цi любiла яго Марта? Цi прыцярпелася? Цi першага мужа цярпела? А можа нi першага, нi другога не любiла, а толькi дзетак сваiх, Рэпiка i Руклю. Сыноў яна ў сваiм улоннi вынасiла, у пакутах нарадзiла, а што муж? За першага бацькi аддалi, другi гвалтам узяў. Цяпер ён зноўку ўдавец, толькi ўжо стары...
Шкада стала Войшалку бацьку i двух сваiх малалетнiх братоў, i ён пайшоў у замак сказаць кожнаму словы суцяшэння.
Яму падказалi, што бацька ў каменнай вежы. Па стромкай лесвiцы Войшалк падняўся на другi паверх.
У князевым пакоi панавалi сырасць i змрок. Дзве байнiцы ў таўшчэзнай сцяне былi зачыненыя аканiцамi, праз трэцюю цадзiлася цьмяным промнем святло шэрага дня, а з чацвёртага боку аддзяляла пакой ад сходаў дубовая сцяна з непраломнымi акаванымi дзвярыма. Князь Мiндоўг сядзеў за сталом са сваiм радцам, разанцам Астапам. "Спачуваю табе, бацька, - сказаў Войшалк. - Шкада мне тваю жонку". Князь уздыхнуў i пачаў расказваць, як раптоўна Марта сканала. "Яна i хацела так, - казаў ён, - Заўсёды гаварыла: добра б памерцi ходзячы, а лежачы, у доўгiх пакутах, не хачу". - "Ходзячы лепш, - пагадзiўся Войшалк, ды не час ёй быў памiраць". - "Жыць ды жыць, - кiўнуў Мiндоўг, - але ж вось як у сечы: раз - i няма чалавека. Размаўлялi, валасы расчэсвала, спаць збiралася, i раптам гукнула: "Рэпiк!" - i ўсё, адышла, толькi сэрца адлiчвала апошнiя хвiлiны". - "У смерцi не спытаешся, - задуменна адгукнуўся Астап. - На дварэ бабiна лета прамiнула, а яна сваё бабiна лета не пражыла. У прыгожых нядоўгi век".
- Сястра яе прыехала, - паведаў Войшалк, пакiдаючы без увагi цьмяныя словы разанца.
- Гэта добра, - сказаў князь. - Дажджом ехала. Бачыш, i неба плача, шкадуе Марту...
Размова на гэтым вычарпалася. Размаўляць пра нешта iншае было не да месца, ды i не было пра што. Чым заняты i заклапочаны Войшалк у манастыры, Мiндоўга не цiкавiла, i нашто яму было пытацца. I Войшалк не спытаў пра бацькавы справы. Вярнуўся з наезду жывы, прывёў палон, пабольшыў табун, набiў каморы лупамi - усё як раней. Калi ёсць што на сэрцы - сам паведае. Абодва спусцiлiся ўнiз i пайшлi ў пакой, дзе ляжала нябожчыца.
5
Пад вечар выпала хвiлiна, калi на кухнi сышлiся разам Мiндоўг i тры браты. Рэпiк i Рукля тужлiва пазiралi на пустое месца побач з бацькам, дзе звычайна садзiлася мацi. Гэтая незанятая частка лаўкi цяпер азначала разбурэнне iх гнязда, нейкую сiлу, супроць якой усе былi бяссiльныя, пралом, з якога цягнула холадам i смуткам. Войшалку было тужлiва, што ягоныя браты - далёкiя ад яго падлеткi: ён нават не можа памалiцца разам з iмi аб вечным спачыне iх мацi. З бацькам яго разлучаюць розныя, як святло i змрок, жаданнi i справы. I нiколi яны, чацвёра, нават калi скажуць адны i тыя ж словы, не зразумеюць адзiн аднаго. Пэўна, i ўбачыцца зноў iм наканавана на чыiмсьцi наступным пахаваннi. А Мiндоўг, пазiраючы на трох сваiх сыноў, пра iх не думаў, а сумаваў аб жонцы: цi даўно Марта кармiла тут яго i дзяцей, а цяпер ляжыць i па ёй галосяць. Князь прыгадаў, што яе сястра ўвесь дзень няетая, i паслаў Рэпiка па цётку. Хутка ўвайшла Агна, i апынулiся яны ўсёй раднёй разам, толькi дачкi князя Мiндоўга, роднай сястры Войшалка, не было з iмi, але яна i не магла прыехаць на пахаванне з далёкага Холма. Села Агна на краi стала, але неяк адразу паменшала суму, нiбы аднавiўся на кароткi час неабходны чын жыцця. Агна прамаўляла: "Ты паеш, Рэпiк! Падсiлкуйся, Рукля!", i голас яе гучаў падобна да голасу Марты.
Войшалк прыкмецiў, што i бацька падбадзёрыўся.
- Дзе пахаваеце? - падступiўся ён да важнай для сябе справы.
- Ну дзе, каля царквы, - адказаў князь. - Марта хацела блiжэй да царквы. I калi апошнюю волю шаптала, не забылася наказаць.
- А што, - здзiвiўся Войшалк, - была апошняя воля?
Мiндоўг чамусьцi пакрыўджана паглядзеў на яго i кiўнуў.
- А пра што казала сястра? - спыталася Агна.
- Яшчэ не час выконваць, - адказаў князь. - Вы не пытайцеся. Сам скажу, калi час надыдзе.
- Калi ж надыдзе? - зацiкавiўся Войшалк, адчуваючы ў бацькавых словах затоеную небяспеку.
- Заўтра! - вычарпальна i незадаволена, нiбы дакраналiся да ягонай святынi, сказаў князь.
Усе памаўчалi, нiбыта не выяўляючы сваёй цiкаўнасцi да таямнiцы.
- Мазураў нiкога не вызвалiш у памяць Марты? - не забыўся Войшалк на свой абавязак.
- Пры чым яны да яе? - адхiлiў такую магчымасць Мiндоўг. - Няхай парадуюцца, што накормяць, калi што застанецца.
У Войшалка iншых пытанняў не было, i зноў усе сядзелi моўчкi.
- А ведаеце, - вырашыла парушыць журботнае маўчанне Агна, - мне Веда жыццё аднойчы ўратавала. Гадоў пяць цi шэсць мне было. У малiннiку гадзюка падпаўзла i ўкусiла. Тады Веда кавалак шчыкалаткi з ранкай змяiнай зубамi, як абцугамi, выдрала, на ўсё жыццё рубец застаўся, напамiнак ад яе пра выратаванне. А мне страшна было, ведала, што ад гадзюкi памерцi можна. А Веда атручанай крывi набярэ рот i на траву выплюне. Усе яе потым хвалiлi, а мяне, калi ачуняла, мацi пабiла, каб пад ногi глядзела...
- I мяне ратавала, - адгукнуўся Мiндоўг. - Чуццё мела на злыдняў. Едзем якой дарогай, а на раздарожжы яна кажа: нельга, князь, направа ехаць, бяда там чакае. Пасылаю кметаў разведаць - сапраўды, засада затоiлася. А калi была вайна з Данiлам Галiцкiм, i ганялiся за намi русiны i Ердзiвiл-нябожчык, дык, ведаеце, як мы цябе, Рэпiк, i цябе, Рукля, ратавалi? Я наперадзе з мечам, яна ззаду, вас абодвух пад пахi, павады ў зубах, яшчэ i молiцца, каб конь нагi не зламаў. Не ўсякi кмет так паскача... I няма яе. Ужо не паскача. Хоць бы хто мне сказаў, што гэта такое - смерць. Жыве чалавек, кахае, пяе, клапоцiцца - i некуды адыходзiць. Куды? Толькi ты не кажы, - спынiў ён Войшалка, прыкмецiўшы жаданне таго нешта патлумачыць, - ведаю я пра нябёсы вашыя, рай, грахi i святых. Толькi ўсё гэта з чужых словаў пераказваюць, на ўласныя вочы нiхто не бачыў, нiводзiн чалавек адтуль назад не прыйшоў. Што ў нашай дзедаўскай веры, што ў вашай, што ў немцаў - усе роўны век жывуць i аднолькава памiраюць. А куды потым? Цi ўбачымся калi? Марта верыла, што ўсе сустракаюцца там, наверсе. Цяжка гэта мне ўявiць, ды хачу, каб гэтак было. Можа, i мы з ёй там убачымся... Ну добра, - абарваў сябе князь, - на памiнках усё прыгадаем. Хлопцам трэба хоць крыху адпачыць...
Агна выйшла разам з дзецьмi.
Войшалк i Мiндоўг засталiся за сталом. Абодва зноў доўга маўчалi, i моўчкi разышлiся. Мiндоўг пайшоў сядзець пры Марце, а Войшалк у камору - саснуць.
Здавалася Войшалку, што як ляжа на салому, дык адразу правалiцца ў сон, а прылёг - не йдзе сон. Прывiдзелася Марта з цягучай невядомасцю сваёй апошняй волi, а ўслед пачалi паўставаць у памяцi вобразы людзей, якiя даўно сканалi. Чамусьцi ён пачаў лiчыць iх, загiнаючы пальцы, i гэты лiк, узрастаючы, пераходзiў з рукi на руку, пакуль не збiўся. Ён успамiнаў iх i дзiвiўся, што пра некаторых прыгадвае ўпершыню пасля iхнай смерцi, а iх ужо гадоў дзесяць цi болей як няма. Некаторых i згадваць не мелася падставы - некалi прайшлi яны каля яго цi хвiлiну скакалi побач, i нiколi нiводнаму з iх ён не сказаў анi слова, але вось зараз iхныя твары выразна паўставалi з мiнулага. Нашто яны абудзiлiся? Нашто прыйшлi ў гэты начны час i стаяць перад вачыма - нi яго сябры, нi ягоныя ахвяры?
Узгадаўшы пра сяброў, ён i ўбачыў iх - iнакаў Паланецкага манастыра, дзе правёў тры гады. Першы год было цяжка перажыць - няпроста з князёў у манахi навяртацца. А прыйшлося зведаць гэтакую навуку. Закладнiкам пакiнуў яго ў сябе князь Данiла Раманавiч пасля прайгранай Мiндоўгам вайны. Мiндоўг саступiў Наваградак ягонаму сыну Раману, а Ваўкавыйск i Слонiм, яго, Войшалка, удзелы, таксама Раман узяў. Лiчылася толькi, што над Раманам князь Мiндоўг вяршэнствуе, а на справе давялося князю Мiндоўгу тры гады ў родных Ашмянах i Вiльнi сядзець. I сястру тады аддалi за Раманава брата Шварна. I раней не надта разумны, стаў Раман гэткi ганарлiвы, што пашлюбаваўся з аўстрыйскаю герцагiняй i ў нейкi Нейбург да сваёй жонкi ад`ехаў. Як апошнi дурань - у прымы. Ды нядоўга прымака, якi прагне паваладарыць, там цярпелi, ладзiлiся забiць, i мусiў ён разам са сваёй немкай уцякаць у Наваградак.
Ды ўжо тут княгiню з iмем Гертруда, з нямецкiм крыжам, ды з аддзелам крыжацкай аховы прыняць не захацелi. I князь не тутэйшы, i жонка з чужыны - з чаго ж iм кланяцца? Тут за час ягонай аўстрыйскай вандроўкi князь Мiндоўг узмацнiўся. Рамана адразу паланiлi i трымалi ў каморы, пакуль Данiла сына не выкупiў. Не пайшлi на карысць князю Раману чужыя ўдзелы. А для яго, Войшалка, з Божае волi, лiха дабром абярнулася. Блага было ў манастыры першы год, але прасвятлiў яго старац Пархомiй. Шырокi свет вачам адкрыўся. I пыха знiкла: на досвiтку з iнакамi ўставаў, i малiўся, i двор мятлой падмятаў, i дровы для печы з лесу на спiне цягаў, а перапiсваць з святых кнiг за шчасце сталася. I за тры манастырскiя гады адзвычаiўся ад княскае хлуснi. У скiце не схлусiш няма каму. Зiрне табе ў вочы Пархомiй - скрозь зямлю правалiцца ахвота, калi схлусiў, скура гарыць ад сораму. А тут брыдка ад бацькавых хiтрыкаў. З веры ў веру скача, як па купiнах лiс за падраненай качкай. Чаму, пытаеш, бацька, ты зноў у дзедаўскiя звычаi? А таму, што рыцары падманулi, узялi больш супроць дамовы. Добра, ваюй з iмi, але нашто Хрыста выракацца? Немцы ж не выракаюцца, i палякi таксама, i русь валынская. Адзiн князь Мiндоўг. Не, трэба, маўляў, iнакш жамойць не падтрымае. I яцвягi, i прусы. А куды ж яны падзенуцца, гэтыя жамойты, яцвягi ды прусы? Надыдзе час - i яны хрост прымуць, не маюць iншага выйсця, усе вакол iх прынялi. Бо ў крыжы праўда i сiла. Выракся, i што, лепш стала? Прыйдзе Божае Нараджэнне - зноў мужыкi замест замiлавання, замест шчырай малiтвы перад крыжам, начэпяць на свае морды ўсялякiя там казлiныя, мядзведжыя лiчыны, кажухi вывернуць - i з торбамi па дварах будуць бадзяцца, рознае глупства пра Каляду спяваць. Вось i ўся дзедаўская вера. Жылi ў цямрэчы i колам iх толькi з цямрэчы выганiш...
Войшалк устаў i выйшаў на двор. Стаяла сырая бязмесячная ноч. У разрывах аблокаў бачылiся рэдкiя зоркi. Пасярод двара гарэў агонь. Каля яго ён убачыў Астапа, якi зачаравана ўтаропiўся на полымя. Гэты сын разанскага князя-братазабойцы i выгнаннiка не падабаўся Войшалку, але Мiндоўг быў прыхiльны да яго, магчыма, давяраючы яму болей як чужынцу, для якога няма iншага апiрашча, апроч князя. Убачылiся i iншыя людзi: ваявода Сiрвiд блукаў па замкавым двары, то знiкаў у ценю, то ўзнiкаў, як прывiд, у чырвоных водблiсках агню. Каля брамавай вежы нудзiлася варта, i вартавы пiльнаваў каморы з мазурскiм палонам.
Мала хто спаў гэтай ноччу; чэлядзь, ураднiкi совалiся па двары, не маючы занятку i не маючы правоў на сон i адпачынак. Толькi што стаяў ля агню Астап, але ўжо знiк у цемры, а навакол вогнiшча сабралiся нальшанцы. Сiрвiд падышоў да iх i спытаў пустое, але прыязна: "Што, халаднавата, вiдаць, у каморы?" Даўмонтаў ваявода Скурка адказаў: "Нешта трывожна!"
Пачуўшы пра трывогу, адгукнуўся з цемры гаваркi Астап:
- Так, трывожна на сэрцы. Заўсёды трывожна, калi знаёмы i блiзкi чалавек памiрае. Вось зараз дзесьцi за трыста вёрст таксама нехта памiрае, мы пра яго i не думаем: памiраеш, ну памiрай, нам што да гэтага. А калi побач з намi ды вядомы нам шмат гадоў - надта трывожымся. Можа, самi смерцi баiмся. Калi задумацца, што ў тым страшнага да сваiх бацькi i мацi iсцi? А вось хочацца жыць тут, на грахоўным свеце, у лепшы не спяшаемся. Дзiўна! Нядоўгi ў чалавека век, праўда, iгумен Раман? - звярнуўся ён да Войшалка.
- Чаму ж нядоўгi? - сурова не пагадзiўся Войшалк. - Ты ж, Астап Канстанцiнавiч, быццам яшчэ жывы. А хiба мала табе гадоў? - I асудзiў: - Чаго жалiцца! Богу i аднаго дня нашага жыцця хопiць, каб вырашыць, хто атрымае жыццё вечнае.
- Можа i гэтак, - ухiлiўся ад згоды Астап i неакрэсленым кiўком на некага дадаў: - Каму жыццё вечнае, каму пакуты вечныя! Хто што заслужыў! А ўсё адно век наш нядоўгi, iгумен Раман, што нi кажы.
Войшалк i не стаў казаць. Скардзiцца гэты разанец, што век нядоўгi. Хто ж вiнаваты? Цi не ягоны бацька роднаму брату век скарацiў? Усё страцiлi ў сваёй Разанi, з полаўцамi па стэпе гойсалi, цяпер нанова жыццё пачынае - вось i нядоўгi. Зайздросны ён да чужой удачы, падумаў Войшалк. Ды што Богам прызначана, ад таго нiякi палавецкi конь не ўратуе. Хрыстос трыццаць гадоў пражыў - не скардзiўся, што век нядоўгi. А пусты чалавек сто пражыве - i мала яму, не хапiла.
Ён не прыкмецiў, як каля яго апынуўся бацька. Усе пацiху, паадсоўвалiся, яны засталiся каля агня ўдвух.
- Не магу, Войшалк, прыняць, што яе няма, - сказаў Мiндоўг. - Нiколi не думаў, што буду хаваць Марту. Заўсёды быў упэўнены - яна мяне пахавае. Хоць бы з-за рознiцы ў гадах раней памру. Цi з вайны прывязуць укрытага рагожай. Цi пляменнiкi Таўцiвiл, Ердзiвiл зарэжуць на ловах зiмой. Таўцiвiл пакуль што не зарэзаў, Ердзiвiл памёр, ужо не зарэжа. Вось стаю жывы. А ўсё дагары нагамi. Сэрца балiць. Быццам мне палову сэрца адсеклi. Ведаеш, мы ж без словаў адно аднаго разумелi. Яна мае думкi ўгадвала. Я разважаць пачынаў, а яна ўжо рашэнне называла. За дзесяць гадоў аднойчы толькi пасварылiся. Пэўна, я памыляўся. Эх, як нашае жыццё хутка прамiльгнула! З тваёй мацi нас бацькi ажанiлi. За мяне яе глядзелi, за мяне дзядзькi на заручыны ездзiлi. Упершыню на вяселлi жонку i ўбачыў. Нiхто i не пытаў, цi падабаецца яна мне, цi хачу яе ў жонкi. I яе не пыталi. А Марту я сам знайшоў. Убачыў, сэрца ўскалыхнулася, сцiснула - не магу без яе, смуткаваць буду, калi з Вiшымунтам застанецца. А цяпер яна з богам, а я зноў адзiнокi. Сумны гэта занятак - жонак сваiх на той свет праводзiць. Можа, i я неўзабаве пайду за ёй услед. Тады ты, як памру, бяры ўладу i нiкому не вер. Бяры ўладу, рыззё гэтае на тырчок у камору, кальчугу паверх кашулi насi, не здымаючы, i ажанiся. Каму можна верыць - дык гэта жонцы i дзецям, пакуль у гады не ўвайшлi. А калi жонка памiрае, дык i не застаецца нiкога побач. Чужыя ўсе, у кожнага свой клопат на ўме, свая хiтрасць. Вось стаяць, - бацька кiўнуў у бок ваяводы i варты, - адданыя яны мне, так. А таму адданыя, што iншага няма, каму iхная адданасць патрэбная. Я сыду, ты прыйдзеш, табе будуць адданыя. А калi чужынец тут уладкуецца, ён сваiх прывядзе, а гэтых выставiць цi задушыць. Вось на чым вернасць ураднiкаў трымаецца. А з жонкай - як iголка з нiткай. Калi ў Варуце нас яцвягi ды русiны асаджалi, усё мы з Мартай зведалi. I страх, што заб'юць, i брыдкасць, што трэба падкуплiваць немцаў, i сваю перамогу. Не магу сябе зараз у адзiноце ўявiць. Адно - першым памерцi, другое - сiрацець i канца свайго веку ў турбоце чакаць. Нiколi яшчэ мне так сумна не было. Ужо ўсiх сваiх братоў i сясцёр пахаваў, i бацьку, i мацi, i тваю мацi... А кажу праўду: такога смутку на душы не было. Можа, заўтра захопяць мяне справы, i здымецца боль, але гады мае не тыя, каб назад не азiрацца. Што ў мяне наперадзе - анiчога: ну, яшчэ ў адзiн наезд выправiцца, дзяцей падняць. Гады праз тры ў сядло без парабка не сяду. Ты, калi раней памру, братоў даглядзi, а потым можаш зноў у свой манастыр, калi захочацца. Яны без цябе адны моцна не стануць, не дадуць iм братанiчы... А ты рашучы, няхай лепш наш род усiмi тут ўладарыць, чым над намi нехта са сваякоў падымецца...
Войшалк стаяў нямым слухачом, ведаючы, што не чакае бацька нi спачування, нi пытанняў; маўчы i зважай, калi табе сэрца адкрываюць. Рэдка гэта здараецца. У яго з бацькам першы раз за жыццё.
6
Ранак перад пахаваннем Войшалк правёў за малiтвай у Барысаглебскай царкве. Дамавiну з Мартай прынеслi на могiлкi папаўднi. Зноў накрапваў дождж, твары ва ўсiх былi мокрыя, не зразумець - слязьмi цi дажджом абмытыя. Бабы старанна галасiлi, а калi дамавiну паставiлi на край магiлы, пастаралiся адзначыць князеў смутак такiм галашэннем, нiбыта самi былi асуджаныя легчы побач княгiнi ў сырую зямлю. Ад хрыплых адчайных распеваў - "Ой, на каго ты нас пакiнула...", "Ой, неба плача, дзеткi-сiрацiнкi адны застаюцца, нiхто iх не пашкадуе...", "Ой, на каго ты мужа свайго пакiнула. А як яму жыць без цябе, а хто яму слова скажа, хто яго сустрэне..." у Войшалка калола ў вушах i сэрца ныла ад раздражнення: нi папа, нi адпявання бацька дзеля нябожчыцы не пажадаў - адны гарластыя старыя, толькi душу рвуць. Дзецi заразiлiся нястрымным плачам i кiнулiся да труны клiкаць мацi. Агна ўпала на каленi каля сястры. Нават Мiндоўг не ўтрымаў слязы пад надрыўнае гараванне наваградскiх плакальшчыц. Бабы пагаласiлi яшчэ з чвэртку гадзiны i ўрэшце зацiхлi, як зацiхае агонь пад шамаценне дажджу.
Кiнуўшы жменьку пяску ў магiлу i перахрысцiўшы труну, аб якую грукалi камякi зямлi, Войшалк з могiлак паехаў у манастыр...
А праз два днi наведаў скiт нечаканы госць - Астап Канстанцiнавiч - i ашаламiў Войшалка весткай, што вялiкi князь на памiнках жонкi трэцi раз ажанiўся.
I пераказаў падрабязнасцi гэтага iмклiвага дзiўнага вяселля. Пачыналiся памiнкi як заведзена; пад пагрозай шыбенiцы нiхто на свеце не здолеў бы здагадацца, чым яны завершацца. Памiнаць князь пачаў таксама па-чалавечы: уцiраў слязу, жалiўся, што не стала ў дзяцей мацi, у яго - жонкi, ва ўсiх княгiнi. Казаў, што ўсе людзi яе аплакваюць, i багi на небе плачуць, гэта iхныя слёзы дажджом пралiваюцца - такая цудоўная была душа ягоная жонка. Потым сказаў: можа, яна з намi зараз i чуе нас. Няхай ведае, што мы аб ёй смуткуем i заўсёды будзем смуткаваць. Потым прыгадаў, як любiла сыноў i як усiх людзей шкадавала. I папрасiў усiх памянуць нябожчыцу ўдзячным словам. Ну, усе i старалiся, расказвалi, магчыма, хто i выдумляў, каб спадабацца князю. Так услаўлялi i ўзносiлi, што вялiкаму князю хоць кладзiся ды памiрай з гора ад такое страты...
Ён усе пахвалы выслухаў, усiм дзякаваў за добрую памяць аб жонцы, а потым сказаў пiўнiчаму: "Налi! Апошняю волю княгiнi мушу выканаць!" Усе, зразумела, вушы навастрылi - пра што тая воля, можа, каму якi дарунак перад смерцю прызначыла, можа, iм што якое з яе апошняй волi перападзе? Князь узняў келiх i раптам жорстка, так што ўсе напужалiся, паведамiў народу, што багi дазволiлi яму пачуць запавет жонкi, i лепш ён памрэ, чым яго парушыць. А запавет такi. Пакiдаючы гэты свет, княгiня Марта загадала апошнiм шэптам: "Хачу, каб мая любая сястра Агна, якая мне жыццём абавязаная, стала прыёмнай мацi маiх сыноў Руклi i Рэпiка i тваёй, князь, жонкай! Тады будзе мне спакойна на тым свеце, ведацьму, што дзеткi мае пад надзейным даглядам!"...
Скажу табе, iгумен Раман: такая цiшыня за памiнальным сталом настала, як на моглiцах узiмку. Усе здранцвелi. Усялякае на гэтым свеце здаралася, усялякае людзi бачылi, i я розныя дзiвы бачыў, але такога, здаецца, яшчэ не было, каб на памiнках вяселле гуляць. Калi б наадварот было - на вяселлi памiнкi, дык усiм звычнае: часцяком здараецца, што пасля вяселля трэба некага хаваць, хто занадта напiўся цi моцна пабiўся. А тут i сватоў не было, i пра маладую не чулi - жывога князя жонку замуж узялi.
- Далей што? - спытаў Войшалк, адчуваючы, як сцiскае яму галаву абручом боль.
- Ну што, знямелi, зразумела, усе, як нябожчыкi, гуку не чутно, хто ж рот адкрые, - сказаў Астап, - а нальшанская княгiня паднялася i ў вочы князю Мiндоўгу выгукнула: "Я тых словаў не чула i такую волю не прымаю!" I пайшла клiкаць сваю ахову, на каня сядаць, ехаць дамоў. А ваявода Сiрвiд клiкнуў замкавую ахову. Падобна, што трымаў сотню напагатове, можа, князь з iм папярэдне дамовiўся, мяркуючы атрымаць нязгоду стаць новай жонкай. Сiрвiд крычыць нальшанцам: "Кiдайце, хлопцы, зброю, калi жыць ахвота!" А княгiня iм: "Не кiдайце!" I Мiндоўг выйшаў: "Тут я гаспадар, а не мая жонка! Схавайце мечы i прэч адсюль!" А тыя: "Як нам наша княгiня загадае!" А тая: "Не скарайцеся! Абаранiце мяне!" I замест прыстойных памiнак - сеча на замкавым двары, лютая злосць, кроў. А тых кравянаў - паўтара дзесятка. Атачылi iх, дзiдамi колюць, мечамi б'юць, ботамi плюшчаць. А на гэты шум, лямант, ляск мечаў мазуры пачалi грукаць у дзверы. Падманулiся, што гэта iх палякi ратуюць, з-за iх бiтву вядуць. Крычаць у адтулiны: "Ксёнжэ Конрад тутай!", "Тата! Ванда тутай!". Нейкiя Лешкi ды Мешкi: "Естэсьмы жывы! Збiце клудку!". Мiндоўг мечнiку Радвайлу кiўнуў: просяцца - адчынi. Той засаўку зняў, дзверы расчынiлiся, мазуры скопiшчам вывалiлiся, на вачах слёзы шчасця - уратаваныя, наесцiся можна, не прыдзецца выкуп плацiць, а замест волi стаiць процi iх мядзведзь Радвайла з мечам i такiя ж каржакаватыя кметы з дзiдамi. Гэтак зрабiлася iм страшна, што самi ў камору сваю задам уляцелi. Вось такiя памiнкi атрымалiся, iгумен Раман: адны памiнаюць, другiя крывёй мыюцца, iншыя з мазурскага глупства рагочуць. Потым кравянаў параненых на калёсы пакiдалi, за браму выкацiлi - едзьце дадому. А княгiню Агну ў пакой Марты павялi i замкнулi.
- Чаго ж ты ад мяне чакаеш? - спытаў Войшалк, гледзячы ў вясёлыя вочы разанца. - Не проста ж ты ехаў пра смяротныя грахi чалавечыя мне паведаць?
- Пераканаў бы ты, iгумен Раман, вялiкага князя, каб адпусцiў жонку Даўмонта.
- А сам не спрабаваў? Князь, я ведаю, твае парады прымае.
- Ты сын, - коратка адказаў Астап, не тлумачачы чаму не хоча сам аспрэчваць князя ў гэтай справе.
- Сын бацьку не ўказчык. Сам ведаеш.
- Кроў можа пралiцца!
- Чыя? - спытаў Войшалк.
-Хто ж ведае? Чыя-небудзь! - не насмелiўся ўдакладняць iмёнаў Астап.
- Ну, скажу бацьку: кроў можа пралiцца. А князь спытае: хто можа пралiць? Паведай, я таго наперад заб'ю, каб не пралiў. I што мне адказаць? Што я ды Астап Канстанцiнавiч крывi чалавечай шкадуем? Нiколi нiкога не забiлi апрача мух ды блашчыц. А сам, скажы шчыра, цi даўно ты кроў пралiваў? - нагадаў Войшалк.
- Тое ў наездзе.
- Лiчы, што i тут наезд.
- Я магу так лiчыць. А як бог палiчыць?
- Скуль мне ведаць? - адказаў Войшалк. - А табе тым болей. Цi ты ведаеш, як вырашыць бог? Чарвякi мы з табой, Астап, перад Богам, жменька зямлi. Ты ж праваслаўны, як i я. Памалiся, каб Госпад Бог неразумным утлумачыў. Як будзе, так будзе!
I, кажучы "як будзе, так будзе", Войшалк зразумеў, што бацька не хоча мiру з Даўмонтам, а шукае вайны. Не адступiцца князь Мiндоўг, бо здзiвiў свет наўмысна. Шмат грахоў ўчынiў за жыццё - новых ужо не страшыцца. Хоча прыбраць да рук Нальшчу, як прыбраў раней Лiтву ды Дайнову. Таму асуджаны князь Даўмонт i гальшанскi князь Гердзень. Iм цi загiнуць, цi ўцякаць. Пакiнуў князь Мiндоўг пры сабе Агну не толькi дзеля дагляду пляменнiкаў. У Крэўскiм удзеле, можа, гады праз тры Рэпiк будзе валадарыць. Калi ж Даўмонт не скарыцца, не сцiхне, як мыш перад катом, жонку сваю пачне патрабаваць - яму смяротны вырак ад вялiкага князя за знявагу волi багоў. Вяшчуны прызамкавыя дзеля князевай ласкi i ўхваляць. А не ўхваляць - iм галовы паскручваюць, як яны курам. Сам Даўмонт стане вiнаваты: хочаш жыць - не кiдайся на ражон. Хацела Нальшча даўнiны, дзедаўскай веры, мнагажэнства - атрымайце.
7
Упiхнуўшы крэўскую княгiню ў спальню ейнай сястры, кметы зачынiлi на засаўку дзверы, i стук засаўкi, як кляймо палону, раз'юшыў Агну. Яна схапiла ўслончык i з крыкам "Я вам не мазурка! Не мазурка! Не мазурка!" пачала бiць услончыкам у дзверы. Пустыя сенцы адгукалiся на грукат рэхам. Нехта з аховы за дзвярыма просьбiтна пракрычаў: "Княгiня, суцiшся. Галава балiць!" Гэтае прызнанне ўзмацнiла яе лютасць, але ўслончык не вытрымаў i распаўся на часткi. Пагрукаўшы ў дзверы абломкамi, яна пачала шукаць што-небудзь цяжэйшае i нарэшце агледзела пакой. Пячная топка знаходзiлася ў сенцах, нi сякеры, нi вiлак, нi другiх важкiх, пад яе сiлу, прыладаў у хаце не было. Невялiкае, на тры вянцы, акно закрывала дубовая рама з апраўленым у волава круглым тоўстым шклом. Разгледзець праз яго, што робiцца на дварэ, не давалася. Агна захацела выбiць шкло, але люстэрка i грабеньчык, што ляжалi на падваконнi, нагадалi ёй пра сястру...
Усё ў пакоi трымала сляды нядаўняй прысутнасцi тут Марты: у куце стаяў куфар з яе адзеннем, вiсела на тырчцы яе свiтка, мiж печчу i сцяной чакаў зiмовых вечароў яе калаўрот, шырокае ложа было засланае посцiлкай, якую нiхто, апроч Марты, саткаць не мог - гэта быў iхны сямейны яцвяжскi ўзор, з-пад посцiлкi бачныя былi воўчыя шкуры. Яна прысела на ложак, утаропiлася ў запыленыя маснiцы, i сцята чакала выратавання. Прыняць за сапраўднасць тое, што адбываецца, яе розум не мог. Яна ўспамiнала ранак, дарогу на могiлкi, труну каля магiлы, плач дзяцей, жальбу Мiндоўга на пачатку памiнак, пiўнiчага са збанам вiна - i з гэтага моманту ўсё парушылася: з вуснаў Мiндоўга гучала нейкая дзiкая воля сястры, з камораў выскоквалi ўзброеныя кметы, Скурку працялi дзiдай, лямантавалi ў сваiх цёмных каморах мазуры. Ёй прыгадаўся малады кмет з аховы, ён ехаў побач яе з Крэва, яна памятала ягонае iмя Вiцень. Яго звалiлi на зямлю, i пяцёра Мiндоўгавых парабкаў кiнулiся на яго i з размаху пачалi бiць ботамi па галаве, грудзях, спiне, у твар, то разам, то ў чаргу, пакуль той не перастаў варушыцца. Вось, сястра, якiя памiнкi па табе ўчынiў твой муж, думала Агна. З якiм жа зверам бяспамятным ты жыла дзесяць гадоў! Ты ад яго пайшла на вечны спакой, мяне ўзялi паланянкай. У тую ж хвiлiну. Нават дзевяць дзён не вытрываў. Сяджу замкнёная ў тваiм пакоi, на тваiм ложку, на шкурах, дзе ты спала, радзiла сыноў i памерла... Агна зайшлася плачам, i разам са слязьмi пакiнулi яе сiлы. Яна прылегла на посцiлку i страцiла прытомнасць...
А калi ачулася, убачыла князя Мiндоўга, якi сядзеў на лаўцы каля акна, чакаючы яе абуджэння.
- А-а, чакаеш, - адзначыла яна. - Ну што, калi дасi мне ад'ехаць?
- Нiколi! - адказаў князь.
- Я не чула гэтай волi, - хрыпла прамовiла Агна. - Можа, ты ўсё выдумаў цi ў сне прыснiў. Мой муж - князь Даўмонт. Ты не можаш узяць мяне ў жонкi. Няхай Даўмонт вырашае - адпусцiць мяне да тваiх сыноў цi сваiх заводзiць.
- Не Даўмонту перарэшваць тое, што багi вырашылi, - аспрэчыў Мiндоўг. Малады. Новую жонку знойдзе. А табе жыць тут.
- Не хачу жыць тут! - з нянавiсцю крыкнула Агна. - Хачу да сябе, у Крэва. Табе лепш пабаяцца, князь Мiндоўг. Заб'е цябе Даўмонт.
- Сорак гадоў, Агна, мяне гэтакiя даўмонты забiваюць, - пасмiхнуўся князь. - Баяўся б - князем не быў. Сам магу забiваць, павер. Спрачацца са мною не трэба - не пераспрэчыш. Я вырашаю. Я ўжо вырашыў. Я - валадар, князь над малымi князямi. Даўмонт цябе не возьме. Няхай паспрабуе... Хiба я ў яго дзяцей мацi забраў? Яны плачуць з гора, як мае? Яны там адны без цябе, а ты тут без iх? Калi там чакаюць цябе твае дзецi - iдзi, трымаць не буду. Дык ёсць у цябе з Даўмонтам дзецi цi не?
- Нашто я табе? - заклiкала князя да розуму Агна. - Сотнi жанчын вакол цябе. Шчаслiвыя будуць жыць тут, тваiх сыноў даглядаць.
- Можа, яны i будуць шчаслiвыя, - сказаў Мiндоўг, - але мне яны не патрэбныя. А ты патрэбная, бо дзецi Марты - твае пляменнiкi, ты ж iхная цётка... Вось чаму. А яшчэ - ты надта падобная да сястры. Не трэба дзецям прызвычайвацца да чужога чалавека. I мне таксама. Лёс, Агна, так захацеў, а я насуперак лёсу не хаджу.
- А не прыехала б я, - выказала Агна свой апошнi довад, - што б ты тады рабiў?
- Не ведаю, - адказаў князь. - Ты ж прыехала. Значыць, лёс! Адпачывай!
Мiндоўг выйшаў у сенцы, пакiнуўшы дзверы адчыненымi. Агна зразумела, што далей як да замкавай брамы яе не пусцяць.
8
Вестка пра падзеi ў Наваградку на дзень апярэдзiла поезд з параненымi, i калi яны з'явiлiся ў Крэве, Даўмонт ужо ведаў, як ён быў зганьбаваны Мiндоўгам, колькi ягоных ваяроў пабiлi наваградскiя кметы на смерць i колькi параненых вяртаюцца ў Крэва на вазах. За доўгае княжанне Мiндоўга кожны лiтоўскi князь прывучыўся чакаць лiха ад вялiкага князя. Калi хто з князёў жадаў узгадаць нейкiя страшныя загадкавыя злачынствы з блiзкай даўнiны, дык найперш узгадваў, што Мiндоўг спрычынiўся да забойства свайго старэйшага брата Даўспрунка. Хоць не бачыў нiхто, знiклi сведкi, ды беспадстаўна пагалоска не ходзiць. Стары воўк забраў у родных пляменнiкаў Жамойць, пазабiваў князёў Дайновы, палову князёў Лiтвы i Нальшчы. Дык хiба пасля гэтакiх крывавых учынкаў уразiць некага ягоны чарговы грэх - захоп чужой жонкi, да таго ж сваячкi. Жонка - не жыццё, не адзiная. Нават калi б Мiндоўг забiў Агну, спасылаючыся на апошняю волю сястры, Даўмонт менш быў бы ўражаны. Але такая вытанчаная, са спасылкай на багоў, хiжасць уразiла Даўмонта. Гэта ж трэба прыдумаць: ужо багi аб iм клапоцяцца, каб да смерцi не ведаў нуды! Усю ноч яму ўяўлялася, як стары князь усё хiтра абставiў, каб трымаць Агну пры сабе, дзеля сваiх пацехаў i прыгляду за сынамi. Нiбы не ў ягоным сэрцы гэтая подлая задума нарадзiлася, а гэта багi на небе сышлiся на раду i вырашылi яму на карысць. Марта iхную волю прашаптала, а князь багоў шчыра шануе, iхны загад змушаны выканаць нават процi свайго жадання. А хто не верыць - няхай сходзiць дазнаецца праўды на той свет да Марты цi за хмары да багоў.
Больш за ўсё дапякала Даўмонту, што ён не хацеў пускаць Агну на пахаванне сястры, прадчуваючы нейкую бяду. Трэба было цвёрда сказаць: "Не! Забудзь!", а ён, шкадуючы жонку, намагаўся яе ўгаварыць. Жаласлiвасць - тая ж здрада. Злiтуйся над ворагам - ён цябе заўтра заб'е. Пашкадуй жонку - яна прызвычаiцца браць перавагу слязьмi. Ён пашкадаваў - i зганьбаваны. Сляпы i глухi - вось так яны размаўлялi апошнi раз. "Хiба не бачыш, - казаў ён, - багi памылiлiся: маладую жанчыну ўзялi, старэчу не прыкмецiлi. Гэта правiльна?" - "Гора гэта, Даўмонт. Яна ж не апошняя з маiх родных, - упарцiлася Агна. - Як жа мне з сястрой не развiтацца?" - "Мiндоўг многiх можа пахаваць разам з тваёй сястрой, - казаў ён. - Магу на мечы паклясца, нiхто з князёў не прыедзе. Нiхто яму не верыць. Усе ведаюць, што ўмее ўкусiць, як гадзiна. Можа, i праўду кажуць, што ваўкалак. Крывi не вып'е - дрэнна спiць" - "Ну, праўда, - пагаджалася яна, табе ў Наваградак нельга". - "I табе нельга, - пераконваў ён. - Цi падымеш сястру? Паплакаць i тут можна". - "Не развiтаюся- спакою мне не будзе". "Добра, - саступiў ён. - Але з памiнак - сюды. Нi дзевяцiн, нi саракавiнаў. Згодная?" - "Добра, - абяцала яна. - З памiнак адразу дамоў!" I - нi атрада, нi жонкi! На памiнках пракляты крыважэрца i дзеўбануў...
Усю ноч Даўмонт стагнаў, бачачы перад вачыма нянавiсную морду вялiкага князя, ягоныя бляклыя балотныя вочы, ягоных дагодлiвых баяраў i кметаў, якiя рагаталi з ганьбы Даўмонта, пакiнутага без пары, i ўхвалялi спрыт князя, якi гэтак шпарка знайшоў сабе маладую, без дзяцей жонку. I бачылiся варта, прыстаўленая да Агны, i два малалетнiя гадзяняцi, для якiх цётка ператварылася ў матку, i вяселле на памiнках, i смех кметаў, i рысiная ўсмешка Мiндоўга. Усё гэта безлiч паўтаралася, круцiлася ў яго перад вачыма, як млынавыя крылы...
Лепш Мiндоўг забiў бы яго, як дванаццаць гадоў таму забiў мужа Марты, маладога Булевiча. Забiў - i той не ведаў, не адчуваў, не пакутаваў ад болю, што ягоная жонка становiцца жонкаю злачынцы i забойцы, цяжарыць ад яго, родзiць, хрысцiцца разам з iм у веру немцаў, носiць i родзiць другое гадзяня i задаволеная, i смяецца, i кахае свайго новага гаспадара. А яго вялiкi князь не забiў. Можа, задумаў забiць пазней. Цi хоча, каб ён, Даўмонт, сам закалоў сябе нажом. Цi напiўся, як напiваўся ягоны шалёны Войшалк, ды кiнуўся секчы ўсiх, хто сустрэнецца на двары, на вулiцы, на дарозе, каб утапiць свой боль у чужой крывi. Гайсаць па дарогах, пакiдаючы за сабой расколатыя галовы невiнаватых, а потым убачыць ладны сук, развязаць пояс, зрабiць пятлю i павесiцца. Цi пайсцi ў нейкi манастыр, малiць бога аб пакараннi забойцаў i малiцца пра любоў памiж людзьмi, чым заняўся Войшалк, калi змянiў iмя i княжы пас на лахманы. Быў Даўмонт - стаць якiм-небудзь Данiлам. Але ж усе ведаюць i памятаюць, хто ты ёсць, - ад прошласцi не схаваешся...
Досвiткам ён адчуў, што страчвае розум. Узнiк i не пакiдаў ягонага дома прывiд Агны. Ён паглядзiць у кут - прывiд там, дакарае яго пакрыўджаным позiркам, ён зiрне на дзверы - Агна стаiць ля парога, нiбы толькi ўвайшла, ён паглядзiць на стол - яна насупроць сядзiць, у вачах слёзы адчаю. Ён пачаў клiкаць: "Агна! Агна!" - яна не адгукаецца, але кiвае, што чуе яго. I ён разумеў, што няма ў хаце Агны, а перад iм здань, але сэрца верыла ў гэты прывiд, жадала пачуць нейкiя словы, якiя ўсё вернуць у яснасць нядаўняга часу. Вострымi ўдарамi крывi ў сэрца прабiвалася ўсведамленне, што стары хцiвец усё перайначыў, i ўжо не будзе Агны каля парога, пры печы, за сталом, i ён не ўбачыць яе ўсмешкi, i не паўторацца iх начныя ласкi i радасцi. "Нашто паехала? - жахаўся ён. - Нашто пусцiў цябе?" Цень Агны не даваў адказу. Ён жывы, а жонка прызначаная ў нянькi сваiм пляменнiкам i ў жонкi iхнаму парадзiцелю. Яму застаўся цень жонкi. Пры яго, Даўмонта, жыццi, пры яго дужай сiле. Нiбыта ён памёр i засыпаны пяском.
Ды i было падобна на пахаванне. Дом стаў, як дамавiна, без выйсця. Ён не меў моцы пакiнуць хату. Ногi адмаўлялiся пераступiць парог. Прыкра i сорамна было з'явiцца на двары, убачыць святло, паказацца на вочы чэлядзi. Стары Мiндоўг сагнуў ягоную волю, зганьбаваў яго. З адбiткам такой знявагi на сэрцы нельга выходзiць да людзей. Ён быў для iх князь, гаспадар i абаронца, а князь, у якога забралi жонку падобны да падпасавiча, ў якога воўк скраў авечку, i той крычма крычыць, не могучы даць рады. Вось зараз у вачах людзей ён будзе такiм нядужым падпасавiчам. Хаця б нейкая важкая прычына: вайна, наезд, мазуры забралi жонку. А так непаважнае - паехала на пахаванне, змянiла сястру на князевым ложы, а пры печцы будзе княжычам гатаваць. А Даўмонту хто гатуе? А ён сам завiхаецца каля печы, вiламi гаршкi вымае. Воля, маўляў, такая была апошняя. Багi на небе вырашылi, каб ён сам сабе капусту варыў, а ягоная жонка iншаму... Няўжо Мiндоўг думае, што ён, Даўмонт, гэта прыме i з гэтым змiрыцца! Цяпер, каб выйсцi да сваiх кметаў i чэлядзi, каб ягоныя кметы пераканалiся, што горасць не зламала княжую волю, - ён мусiць ведаць сваю мэту, а гэтая мэта - забойства Мiндоўга. Нiшто iншае не можа вярнуць яму годнасць. Часу мала Мiндоўг стары. Ён мусiць забiць яго раней, чым той сканае. Пасекчы яго, бы качан капусты. Каб усе нальшанцы ведалi, што наваградскi князь пасечаны ў капусту. А калi б хто цiкаўны ў iх спытаў: "А хто яго пасек?", дык адказвалi б: "Гэта яго наш князь Даўмонт пасек!" Бо калi Мiндоўг сваёй смерцю памрэ, дык яму самому давядзецца перарэзаць сабе жылы, бо тады ён назаўсёды застанецца з плямай ганьбы на сваiм iменi i сваiм родзе. Узяць меч, зацiснуць рукаятку ў калодзе, вастрыё ўгару i кiнуцца на яго. I хто ж асуджае на такую дзiкую смерць? Крыжакi? Русiны? Не. Траюрадны стрый. Ён узяў Агну, абвясцiў пра жанiцьбу, пра гэта ведае цi будзе ведаць уся лiтва, лiтоўская русь, яцвягi i жамойты, i ў кожнай хаце з яго, Даўмонта, пасмяюцца. Мiндоўг сваё зрабiў, разлучыў яго з Агнаю. Значыць, трэба расстацца з Агнай, з яе ценем. Яна паехала i па дарозе памерла. Так ён мусiць думаць. Вярнуцца ў Крэва княгiняй ёй ужо немагчыма. Ён не можа вярнуць яе сёння. А заўтра - позна, яна ўжо Мiндоўгава. Паехала - i ў дарозе яе забiлi. Вялiкаму князю за разбой трэба адказваць жыццём.
Ён выйшаў на двор, калi прывезлi параненых. Што iх прывезлi, Даўмонт зразумеў па галасах чэлядзi. Чэлядзь i размаўляла голасна, каб князь пачуў i выйшаў з дому. Ён падышоў да воза, на якiм ляжаў Скурка. Ваяводу не забiлi, каб паказаць яму, Даўмонту, што маглi б забiць, ды злiтавалiся: глядзi на сваiх недарэзкаў i радуйся, што жывы.
- Княжа, - прашаптаў ваявода, - даруй!
- Не вiнiся, - адказаў Даўмонт. - Што мог - тое зрабiў.
Ён абышоў параненых, кожнаму сказаў суцяшальнае слова i доўга стаяў каля свайго ўлюбёнца Вiценя. Маладому кмету паламалi ботамi рэбры, выбiлi вока. Твар Вiценя быў перавязаны анучкай, з апусцелай вачнiцы сачылася кроў, з уцалелага вока цяклi слёзы
- Я не плачу, княжа! - апрадваўся Вiцень. - Гэта злосць мая плача!
- Нiчога, цярпi, Вiцень! - падтрымаў улюбёнца Даўмонт. Ён пагладзiў хлопца па мяккiх iльняных валасах. - Будзе i ў нас належнае свята. Возьмем кроў за кроў, вока за вока!
Ягоны абавязак даць пры людзях грозную клятву: што прагучала - тое трэба выканаць. Але даць клятву проста, стрымаць будзе цяжка. У яго пяць сотняў вершнiкаў, а Мiндоўг лёгка выставiць пяць тысяч. I ў любы дзень можа абрынуць сваю сiлу на Крэва i ўсю Нальшанскую зямлю. I пяць тысячаў конных ахвотна прыскачуць - кожны захоча пажывiцца ў суседзяў пры наездзе. Як адказаць такому ворагу? У якiм полi сустрэць? Якiмi мечамi перамагчы? Не праглядвалася нават у далечы гэткая магчымасць. А сэрца патрабавала неадкладнага адказу...
Даўмонт выйшаў з гарадзiшча i стромкай сцяжынай падняўся на Перунову гару. Зверху ён бачыў свой горад у лозе мiж пагоркамi, рассеяныя на iх валуны, замак пры Крэвянцы i ручаiне, два шэрагi хат, пабудаваных уздоўж дарогi, i далёка ва ўсе бакi ягоная зямля - парослыя верасам узгоркi, рэдкiя пералескi, палi, што кожны год нараджалi больш камянёў, чым жыта. На гэтыя палi ён выязджаў паляваць, сухi верас шамацеў пад капытамi коней, баявы сокал-рарэг злятаў з ягонай пальчаткi, уздымаўся ў неба i застываў чорнай кропкай пад аблокамi, выглядаючы затоеннага звера. На гэтую гару адвячоркам прыходзiлi яны з Агнай праводзiць сонца, глядзелi, як знiкаюць у вячэрнiм змроку далёкi лес, россыпы валуноў, Крэвянка, града пагоркаў, за якiя хавалася барвянае кола сонца, i былi шчаслiвыя. А цяпер яна i ён растаптаныя i няшчасныя... На гэтую гару прыходзiлi ягоныя бацька i дзед малiцца боству ваяроў перад адыходам на вайну i ў наезды, i ён таксама прасiў тут Перуна быць ласкавым да кметаў, калi заклiкалi нальшчу на вайну з крыжакамi i мазурамi. А цяпер тут, на святой гары, ён просiць у багоў дапамогi дзеля той бiтвы, у якой ён заб'е вялiкага князя Мiндоўга...
Ён лёг на зямлю i ўбачыў над сабой яснае неба. Успыхвала сярэбраным бляскам, праплывала памiж iм i аблокамi восеньскае павуцiнне. Ён зразумеў, што гэта знак, што нальшанскiя багi гатовыя выслухаць яго. I Даўмонт сказаў багам: "Вы ведаеце, што я невiнаваты. Вы ведаеце, што ў мяне праз подласць забралi маю жонку, маю пару. Я ведаю, што князь Мiндоўг схлусiў, мянуючы свае хiтрыя словы вашай воляй. Я ведаю, што вы можаце адняць удачу i даць удачу. Я ведаю, што вы можаце не даваць парады i можаце мудра параiць. Я князь гэтай усыпанай камянямi зямлi. Тут жыве няшмат людзей. Мая знявага кладзецца знявагай i на iх. Яны не хочуць жыць зняважанымi. А я не магу весцi гэтых людзей у бой з войскам князя Мiндоўга - назад вернецца жменька, i ўсе яны будуць параненыя, як ваявода Скурка, цi страцяць вока, як малады вясёлы Вiцень. Я не ведаю, дзе, калi i як здолею сустрэць свайго ворага i забiць. Маёй дружыны дзеля гэтага недастае. Але ёсць князi, якiя жадаюць таго ж самага, чаго прагну цяпер я. Ёсць полацкi князь Таўцiвiл, прагнаны Мiндоўгам з Жамойцi. Ёсць новы жамойцкi князь Трайнат, пастаўлены Мiндоўгам княжыць на землях, якiя сам падараваў немцам. Яны пакрыўджаныя, яны таксама жадаюць, каб вы дапамаглi даць перамогу пакрыўджанаму. Зараз я вазьму ў рукi па каменьчыку. I буду чакаць вашай парады - з кiм з гэтых князёў мне лепш злучыцца. Калi святло ўспыхне з левай рукi - з Трайнатам. Калi блiсне з правай рукi - з Таўцiвiлам. Калi павуцiнкi блiскануць з абодвух бакоў - звярнуся да абодвух князёў".
Сцiскаючы ў кулаках каменьчыкi, Даўмонт нерухома ляжаў, узiраючыся ў неба, дзе радзiлiся памiж сабой багi, вырашаючы будучыню i ўчынкi помсты. Раптам ярка блiснула сярэбраная нiць з левай рукi. Тады Даўмонт устаў, падзякаваў багам за клопат i пайшоў з Перуновай гары ў свой замак, ведаючы чаго чакаюць ад яго нальшанскiя багi.
9
Згадваючы лёс усiх вядомых ёй людзей i чутае пра незнаёмых, Агна не знаходзiла ў iхных жыццях нiчога падобнага на сваю бяду. Здаралася, дзвюх сясцёр браў у жонкi адзiн чалавек - адну ўслед за другой, але другая жонка была цi незамужняя перастарка цi ўдава з дзецьмi. Марта прыйшла сюды ўдавой. Няхай i не з ўласнае волi прыйшла, але не ад жывога мужа. Мiндоўг быў тады гадоў на дванаццаць маладзейшы. Марта нарадзiла двух сыноў, выняньчыла i ўзгадавала iх, гэта было яе шчасцем. У яе ж, Агны, усё iнакш. Мiндоўг стары: колькi б гадоў ён яшчэ нi пражыў, ён ужо старызна. Яе муж жывы, яна не ўдава, яна - забраная гвалтам жонка маладога прыгожага князя Даўмонта. Яе муж у Крэве, яна пры пляменнiках у Наваградку. У каго яшчэ ёсць два жывыя мужы? Ад першага не нарадзiла, нараджаць ад старога, нелюбага - дзiкунства; у кожным разе гэтае дзiця было б няшчаснае, нечаканы клопат для старэйшых братоў. Нават ад думкi, што можна зацяжарыць ад гэтакага старога ваўка, брыдка робiцца на душы. Мiндоўг наўрад цi падумаў пра гэта, з яго дастаткова двух наступнiкаў, ды i Войшалк можа ў любую хвiлiну скiнуць рыззё i апрануць княжацкую свiтку. Мiндоўг да яе не цягнуўся, як да Марты. Ён забiў ейнага мужа, высек увесь род Булевiчаў, каб стала ўтульным i бяспечным уласнае гняздзiшча. А цяпер ён не паварушыў пальцам. Ён не ваяваў з Нальшчай, не асаджаў Крэва, не бiўся з Даўмонтам, не зрабiў яе ўдавой, якую мае ўзяць пераможца...
Ён заўважыў яе, калi яна прыехала аплакаць сястру. Прыкмецiў каля труны i насмелiўся на злачынства: замест старэйшай сястры пакiнуць пры сабе малодшую. Тыдзень назад - ён муж Веды, цяпер муж Агны. Хлусiць стары Мiндоўг пра волю Веды, пра ейны запавет. Нiчога яна не шэптала, анiводнага гука, памерла ў непрытомнасцi, як кажуць бабкi. Ён прыдумаў за Веду гэтыя дзiкiя словы, калi яны вячэралi, i яна распавядала, як сястра ўратавала яе ад атруты гадзюкi. Нават перад вечным расстаннем не пашкадаваў сваю жонку, прычапiў да яе памяцi дурны жорсткi запавет. Веду ён узяў сiлай, яе - бессаромнай хлуснёй. Веда нарадзiла яму сыноў, яна ж гвалтам забраная iх даглядаць. Ды нашто iм цётка? Нашто iм брат, якi будзе ў падлетках тады, калi яны стануць дарослымi, сапраўднымi князямi, будуць мець сем'i i думаць пра будучыню ўласных сыноў. Калi Мiндоўг i не сканае да таго часу, ён будзе зусiм лядашчы, знядужаны дзед. Яны самi паўбраты Войшалку. Яна для ўсiх трох мачаха, для Войшалка - ужо другая, хоць ён сам старэйшы за яе гадоў на дваццаць, а Рэпiк i Рукля маладзейшыя на дзесяць гадоў. Гаротны лёс акрэслiў ёй стары князь: стаць новай Мартай, заняць яе месца ў наваградскiм замку, у княжых пакоях i на княжым ложы. Застаецца толькi змянiць iмя. Як Веда зрабiлася Мартай пасля хрышчэння ў нямецкую веру, так Агна можа зрабiцца Мартай, калi таксама ахрысцiцца. Хоць выгналi адсюль нямецкiх манахаў, але можна ахрысцiцца i ў царкве, каля якой Марту пахавалi. Была Агна - стане Марта. Тады поўная замена, нiбыта i не заходзiла сюды ў свае чорныя наведкi смерць: нi княжычам, нi людзям нават не прыдзецца прывыкаць да iншага iмя новай княгiнi i мацi. I падобная тварам на Марту, i апранацца будзе ў ейныя спаднiцу, кашулю i свiтку. Толькi вось як сэрца сабе вырваць, каб не балела, што з памяццю зрабiць, каб нiчога не памятала?
Вар'яцтва тое, што задумаў i ўчынiў бязлiтасны князь. У старэчым замарачэннi розуму. Не мусiць стары дзед трымаць яе, маладзiцу, за жонку. Хiба хацеў бы ён для сваёй дачкi мужа з такiм векам за плячамi? Сваю дачку дык аддаў за маладога Шварна. Не, ён апамятаецца, думала Агна. Аднаго дня сыдзе з яго гэтае насланнё. I ўяўлялася Агне жаданая развязка: да Мiндоўга вяртаецца цвярозы розум, ён саромеецца i адпускае яе да Даўмонта, а каб не сорамна было за жорсткi ўчынак, абвесцiць усiм, што здань памерлай жонкi сказала яму адпусцiць сястру ў Крэва. Цi Даўмонт дамовiцца з iм за якую-небудзь службу, i тады браму расчыняць, i яна паедзе дамоў, у Нальшчу, i жыццё вернецца ў ранейшую акрэсленасць. Застануцца пры старым бацьку яе пляменнiкi, застанецца пры сваёй старасцi i адзiноце пракляты Мiндоўг, яна зноў будзе крэўская княгiня, будзе гаспадарыць у сваiм замку, куды ўвёў яе тры гады таму пасля вяселля Даўмонт i дзе засталося ўсё, нават яе пасаг, скрыня з яе строямi i вясельным ручнiком, якi захоўваюць да магiлы.
Але мiналi днi, мiнуў тыдзень - i нiчога не адбылося. Мiндоўг не адумаўся, не засаромеўся, зацямненне з яго не сышло, а паехаў некуды ў пушчу; нiякай весткi ад Даўмонта i пра яго не прыходзiла; марна было i думаць выйсцi з замка праз зачыненыя вароты. I сядзець у адзiноце пад уцiскам бяды i жахлiвых думак неставала сiлы, ды i мусiлi не даваць. На трэцi дзень па ад'ездзе князя прыйшоў Сiрвiд, паклаў на стол ключы ад замкоў на клецях i каморах i сказаў, што яму трэба ехаць па справах, а ключы князь загадаў пакiнуць ёй: яна гаспадыня. А ўслед з'явiлася чэлядзь з паварнi па прыпасы для замкавай аховы i на полiўку для мазураў. Ходзячы з iмi па клецях, прасачыўшы, каб узялi патрэбнае, зрабiўшы тое, што звычайна рабiла ў сябе ў Крэве, адчула Агна, што адбылося яе ўладкаванне ў Наваградскiм двары: у вачах чаляднiц, у iхных размовах яна - княгiня, трымальнiца ключоў ад хлебных i мясных клецяў. I шчыльна было ў замку людзей. Здалёк, калi пад'язджала яна са сваёй аховай да Наваградка, памятала Агна, што здалася ёй Мiндоўгава крэпасць у чатыры разы большая за Крэўскую. Стаiць на вялiзнай гары, вышэйшай за Перунову гару ў Крэве, абкружаная ровам, на стромкiх схiлах iкламi тырчаць завостраныя калы, каменная вежа вышыней са стары дуб, перад брамай палова моста разборная, палова пад'ёмная на ланцугах, над брамай два ярусы клецяў з байнiцамi для лучнiкаў. Але i людзей тут процi Крэва пяцёра на аднаго. Незанятага двара малы круг пасярэдзiне замкавых пабудоваў. Ды i ён толькi ўначы пусты. А ўдзень усюды тоўпяцца людзi. Адна паўсотня варты каля брамы i на сценах, другая спiць у сваiх каморах, вазы з сенам, саломай рыпяць, другiя вазы вязуць гной са стайнi. У князевай вежы на адным паверсе пiсцы, на другiм варта, на трэцi камянi падымаюць, у клецях над брамай калаўрот скрыгоча, калi мост узнiмаюць, i пляскаюць ланцугi, калi мост апускаецца. У паварнi заўжды таўкатня, да ветру за стайняй заўсёды чарга, а ранкам з камораў нечыстоты выносяць i злiваюць у бочку, якую апаўдня вязуць за горад. А яшчэ ўдзень выпускалi з камораў палоненых мазураў i мазурак, i тыя, цiхмяныя, згаладалыя, блукалi па двары, чакаючы сваю штодзённую ежу няволi - пустую капусту. Толькi ўвечары, калi засыналi пляменнiкi, i можна было ад усiх адасобiцца. Але ў гэтай адзiноце душа пакутавала мацней, чым днём у мiтуснi. Удзень здавалася, што ноччу, у адасабленнi, ёй адкрыецца нешта такое значнае, што вызвалiць яе, але ў цiшынi ночы сэрца сцiскаў жах, а душа балела ад уласнай непапраўнай вiны - чаму не паслухалася мужа i прыехала сюды, пахавалi б Веду i без яе, праўду казаў Даўмонт. I праз год магла б прыехаць пастаяць каля магiлкi. А цяпер застаецца толькi тая надзея, што Даўмонт не сцерпiць i знойдзе, як яе вызвалiць. Князь вярнуўся толькi праз два тыднi i ў прыцемках прыйшоў да яе ў пакой пасядзець з Рэпiкам i Руклем. Лучына сумна патрэсквала. Мiндоўг чамусьцi пачаў успамiнаць для сыноў, але i ёй давялося выслухаць, аб сваiм дзяцiнстве. Прыгадваў, як часцяком увечары набiвалiся ў бацькаў дом баяры, а ён з братамi ляжаў на палацях, вось як яны зараз ляжаць, слухаў аповеды пра даўнiя паходы лiтвы, вылiчэнне продкаў да агульнага ўсiм князям прашчура князя Палямона, якi прывёў iх на Лiтву аднекуль з-за мора, а мацi частавала баяраў i дзяцей паранай рэпай - i такая тая рэпа была, цi здавалася, салодкая, што нiчога смачнейшага з тых гадоў ён не еў. Ды i не кожны дзень кармiла мацi рэпаю. А ў восем гадоў пасадзiлi на каня скакаць у сядле, i мечам дзядзькi i старэйшы брат вучылi бiцца. I моцна лупцавалi па спiне i нiжэй за памылкi. Казалi: зноў прамахнуўся, атрымай узнагароду - i плазам мечаў сваiх па спiне. На жываце часцяком даводзiлася спаць, бо на спiне не мог. А каб так жорстка не вучылi, не ўмеў бы абаранiцца, даўно б ужо забiлi. Але тады, калi гэтак бiлi, злаваў на ўсiх, у вочы кляўся: адпомшчу, калi вырасту...
- I што, ўдалося адпомсцiць? - спытала Агна.
- Хiба за навуку помсцяць? - адказаў пытаннем князь. - Яны ж дзеля дабра. Я не помслiвы, - дадаў Мiндоўг.
Агна слухала i разумела, што не патрэбна яна Рэпiку i Руклю як мачаха, мiнулi iхныя тыя гады, калi неабходная малым мацi цi цётка. Зараз iм дзядзька патрэбны. Каб вучыў конна ездзiць, трапна стрэлiць, бiцца мечам. I бязлiтасна лупцаваў за памылкi. А яна гэтак бiць няздольная. Даўмонта князю трэба было паланiць замест яе. Цi князя Трайната. Нахлусiў стары князь на памiнках перад мноствам сведкаў, не пасаромеўся сваю сiвiзну абразiць. Адно пабаяўся: абвясцiць нiбыта апошняю волю Марты, калi яна яшчэ на стале ляжала. Раптам расплюшчыла б вочы i выкрыла: "Не хлусi, князь, маёй сястры!" А з магiлы хоць крычы - нiхто не пачуе.
Неяк уначы яна прачнулася ад пачуцця, што ўсiх iх чакае няшчасце. I яе, i злоснага Мiндоўга, i ягоных сыноў. Так ёй ясна ўбачылiся непазбежныя бедствы, што нават не ўзнiкла боязi: чаго не пазбегнуць - таго сэрца не страшыцца. Ляжала з расплюшчанымi вачыма i бачыла скрозь цемру часу новыя накрэсленнi iхнага лёсу: не будзе iм доўгага жыцця - iх усiх заб'е Даўмонт. Яе, магчыма, пашкадуюць, бо невiнаватая i паланянка, а малых i старога ўсiх пасякуць, не даруе Даўмонт гэтакага здзеку. I, можа не самога Мiндоўга першага заб'юць, а спачатку на ягоных вачах сыноў зарэжуць, Рэпiка i Руклю, каб жахнуўся бацька такому канчатку сваiх подлых учынкаў. А ўжо потым i яму сякерай па карку...
Назаўтра, калi Мiндоўг зайшоў на кухню, Агна зiрнула на яго i ўпэўнiлася ў думцы, што князь зажыўся. Сiвы, валасы на галаве парэдзiлiся, перапаўзлi ў бараду, жорсткi твар у глыбокiх зморшчынах, скура старая, сцямнелая за доўгi век - яе новы муж i, калi паверыць iлжывым клятвам, сястрой для яе абраны i прызначаны. Нашто яна яму, не ўтрымалася зноўку спытаць яна Мiндоўга. Людзi сыходзяцца ў пары, каб род працягваць. А ты трох наступнiкаў маеш. Цi хочаш яшчэ аднаго - замест унука ад Войшалка? Князь здзiвiўся i разгублена адказаў, што пакуль не меў часу над гэтым разважыць.
- Князь, - спытала яна, - я шмат думаю пра волю сястры, i ўдзень, i ноччу, iншае проста на розум не йдзе. Цi правiльна ты зразумеў яе волю? Можа, яна не гэтага хацела? Табе, кажуць, семдзесят гадоў. Мне - дваццаць. Рознiца - век. Руклю твайму дзесяць, мне дваццаць. Як бачыш, гады амаль роўныя. Можа, Марта жадала, каб я стала яго жонкай, ды ты не даслухаў?
Мiндоўга гэтая нечаканая прапанова ўразiла. Ён застыў, намагаючыся зразумець яе сэнс. I кавалак мяса на нажы нерухома павiс у паветры, блiзка ад адкрытага рота. Яна бачыла зжаўцелыя князевы зубы i думала: як стары конь стаў Мiндоўг, зубы выдаюць старасць, недарма каня па зубах выбiраюць. У Даўмонта белыя, у яе белыя - яны маладыя, у iх жыццё наперадзе, а ў вялiкага князя зжаўцелi ад часу i ўсё адно трэцi раз хоча ажанiцца.
Хвiлiну доўжылася князева зняменне. Магчыма, ён упершыню падумаў пра жанiцьбу сына цi пра сваю старасць, цi пра вынiкi трэцяга шлюбу. Нарэшце, ён скiнуў мяса з нажа, абцёр нож аб хлеб i ўклаў у похвы.
- Не! - цвёрда адказаў ён. - Што Марта шаптала, тое ўсе i пачулi. Ты для Руклi i Рэпiка - цётка. Мне - жонка, iм - другая мацi. Не заведзена ў лiтвы з роднымi цёткамi жанiцца.
- Шмат чаго ў лiтвы i ў нас не заведзена, - запярэчыла Агна. - Хiба з чужою жонкаю жанiцца заведзена? У мяне ўсё ж муж жывы. Усе ведаюць, што гэтак, як ты зрабiў, людзi не робяць. Чаму ж за роднага пляменнiка на жаданне ягонай мацi, маёй сястры, iсцi нельга?
- Таму што жадання такога не было. I быць не магло.
- Не было дык не было, - пагадзiлася яна паверыць. - Няхай так, - i выказала наступную прапанову: - Вось у цябе мазуркi сядзяць, ты за iх грыўнi чакаеш.
- Чакаю, - адказаў князь. - Толькi, не грыўнi, а зброю. А што?
- Няхай Даўмонт мяне выкупiць. Назавi яму цану. I табе будзе карысць, i мне шчасце.
- Я што, па-твойму, збой з лесу? - пасмiхнуўся Мiндоўг. - Украў цябе дзеля грошай? Трымаю на саломе? Ты зачынена ў клець? Няетая сядзiш? Твая сястра была тут княгiня, i ты - княгiня. Разумееш? Мы з табой сям'я, дзве зоркi - Лель ды Палель. Як я табой таргавацца магу? Вось калi здарыцца бяда, ты ў палон трапiш, - дадаў Мiндоўг, - тады, не сумнявайся, выкуплю, колькi б нi замовiлi.
- Дык што, не вызвалiцца мне ад цябе, пакуль хто вайной не прыйдзе?
- Табе ад злосцi трэба вызвалiцца, - параiў Мiндоўг.
- Хто, князь, з нас больш злосны, - спытала Агна, - ты цi я? Хiба гэта ты ў мяне ў палоне мардуешся?
- А ты не мардуйся! - сказаў князь i выйшаў з пакою, так нiчога не з'еўшы.
10
Здзеклiвую Агнiну прапанову стаць жонкай Руклi князь Мiндоўг прыгадаў увечары, калi ў адзiноце клаўся спаць. Адразу знiкла санлiвасць, бо ўявiўся хударлявы Рукля ў абдымках налiтай здароўем Агны, на княжым ложы, i гэтае вiдовiшча адлюстравала недарэчнасць выказанага Агнаю меркавання. Злосны жарт зрабiць Руклю ейным мужам. Замест пасагу - былы муж з навостраным нажом у халяве. Нашто дзiцяцi такая жонка? Даўмонт ужо безумоўна звар'яцеў бы, калi б справа абярнулася гэткiм вынiкам. Не патрэбны ёй уладаром дзесяцiгадовы пляменнiк. Не, не бывае такой бязглуздзiцы нават у жаночай галаве, казаў ён сабе, гэта яна прыдумляе кпiны, каб мяне злаваць. Даўмонт жывы, вось што не дае ёй спакою. Хоць, што ёй было з яго? Колькi там, два цi тры гады пасля вяселля пражылi, а дзяцей не завёў. Цi не ўмее, цi багi працiвяцца, не жадаюць, каб Даўмонтава племя пладзiлася. А тут родныя пляменнiкi, яна тут вялiкая княгiня. А што ў той Нальшчы? Чакай з дня на дзень, калi аўдавееш. Што, Даўмонт прырасцiў сабе зямлi, хоць колькi ўмацаваўся? Сядзiць на ўдзеле па бацьку. Што далi, тое мае. Такiх у Нальшчы пяць князёў поседам сядзяць. Адна мара - жыць цiха, як мыш у падполлi, каб кот не палашчыў. Маўляў, гэтак дзяды жылi. Узiмку наезд, улетку наезд - каго-небудзь абабралi, лупы па дварах развезлi, брагi напiлiся, гароху наелiся, пуза пагладзiлi i на печы залеглi спiну грэць - лiтоўскае шчасце...
Хiба адбiлiся б ад Бурундая, калi б не было моцнага Наваградка? Уселiся б на карак татары, як у Разанi сядзяць, калi б не яго, Мiндоўга, адзiная валадарная воля. Змянiлася жыццё за апошнiя дваццаць гадоў гэтак неспадзявана, як раней за стагоддзi не мянялася. Толькi дурны можа сумаваць аб прыяцельстве дробных князёў у тыя дзедаўскiя часы. Тыя дзяды пра татараў не ведалi, пра немцаў краем вуха пагалоскi чулi. Такiх магутных ворагаў нiколi Лiтва не мела. Што ў параўнаннi з iмi наезды мазураў цi русiнаў? Наедуць - праз год атрымаюць наезд у адказ. А паспрабуй сваiмi крэўскiмi, кернаўскiмi, гальшанскiмi дружынамi на татараў наехаць! Цi на крыжацкiя замкi! Няхай паспрабуе Даўмонт сваiмi пяццю сотнямi хоць бы Наваградак аблажыць. Што застанецца ад яго праз гадзiну? Пачастунак груганам ды лужына крывi.
Уся бяда малых людзей у тым, думаў Мiндоўг, што яны дрэнна кемяць, марудна думаюць пра самае важнае ў жыццi. Чаму немцы лёгка прусаў падпарадкавалi? Бо мелi прусы восем старэйшых князёў, а вялiкага памiж сабой абраць не здолелi. I нiхто з васьмi не наважыўся стаць вялiкiм ды iншых сваiм мечам сабе падначалiць. Пры патрэбе - забiць. I на Лiтве так вялося, пакуль ён, Мiндоўг, не вырашыў, што стане вялiкiм князем. I насуперак агульнай нязгодзе, перашкодам, мноству ворагаў стаў. Было ў яго трыста ашмянскiх кметаў. Цяпер дваццаць тысяч садзяцца ў сядло, калi ён аб'яўляе паход. Ён - першы вялiкi князь Лiтвы. Ён i Полацак здолеў прыяднаць, i землi дрыгавiчоў. Ён першы вялiкi князь Лiтвы i Русi. Але пра што, пра каго ён, вялiкi князь, змушаны думаць пасярод ночы? Пра якiхсьцi Даўмонта, Гаторпа, Любеня, пра iх дробныя крыўды, iхную зайздрасць, iхную братнюю нянавiсць, непрыязнасць да зменаў. Цяжка з тымi, у каго глузду ў галаве менш, чым пыхi. Забiць iх - вось тады думаць пра iх не прыдзецца. А калi шкадуеш iх забiваць - яны сваё месца не ведаюць, злуюць, востраць мечы, ад iх жа i абараняцца трэба не менш пiльна, чым ад крыжакоў.
Але, праўду кажа Агна, Даўмонт жывы, i жывыя прыязныя да яго Гердзень ды iншыя нальшанскiя ўладары. Хоць кожны з iх паасобку яму не пагроза i наогул нiкому не пагроза, але зграя груганоў i лiса па полi ганяе... "Ён жывы!" Хiба гэта надта разумны доказ? Ну, жывы. Пакуль што жывы. Ягонае шчасце. Няхай парадуецца - зноўку жанiх. Але калi жывы Даўмонт перашкаджае Агне адчуць сябе гаспадыняй Наваградскага замка, значыць, Даўмонту лепш не жыць. Дзяцей не мае. Калi возьме каго ў новыя жонкi заўтра, дык дзiця захныча праз год. А калi за гэты год Даўмонт загiне, дык крэўская зямля адразу далучыцца да Наваградка. Ды хоць i дзiця будзе, што з гэтага вынiкае? Яшчэ адзiн няшчасны на белым свеце. Можна i мечам Нальшчу прылучыць. Хоць заўтра. Даўмонт уцячэ i будзе дадзяваць наскокамi на межах. I ўся гэтая зграя дробных гаспадароў у Дзяволтве i Жамойцi, пазбягаючы гэтакай долi, злучыцца, каб шкодзiць Наваградку. Таму лепш iсцi зведаным шляхам - збiраць iх разам у паход, а ў бiтвах заўсёды частка князёў гiне, i частка iхных палкоў гiне, крыўдаваць няма на каго - каму жыць, каму крумкачоў кармiць, пазначае Мерцва. Хто застаўся жывы - усё адно знядужаны. А хто загiнуў - той пасля хаўтураў забыты. Як Ердзiвiл-небарака. Хто сёння аб iм прыгадвае? Быў - i няма. Тое ж i з Даўмонтам можа здарыцца. Не прыйдзецца слухаць скаргi, што жывы. Ну, жыў, а цяпер ляжыць у полi, невядома дзе яго маглiцу шукаць. Удава. Няўжо лягчэй зробiцца на душы, калi паведамяць, што Даўмонта немцы цi валыняне забiлi? Тады, як заведзена, роспачна паплакаць - i выкраслiць з памяцi. Маўляў, што зробiш - вораг забiў! Вольная! Можна без болю ў сэрцы замуж iсцi. Не сваёй воляй лёс мяняю, а гэта сякера нямецкая цi валынская змянiла. Немцаў клянiце, мяне шкадуйце... Што мужчынская памяць, што жаночая - нядоўгi час жыве. I ўжо тады, як у людзей прынята, - радуйся жонка новаму мужу, выконвай усе абавязкi, як сястра твая дванаццаць гадоў выконвала. Не, далёка пакуль Агне да княгiнi, калi так адчувае. Марта мацнейшая была...
11
Князь Трайнат атрымаў вестку аб смерцi Мiндоўгавай жонкi ў той дзень, калi Марту пахавалi. З гэтакiм жа спазненнем ён даведаўся пра жанiцьбу свайго роднага дзядзькi, якую той учынiў пасля трэцяга памiнальнага кубка. Вестка пра ганьбу, што абрушыў Мiндоўг на маладога Даўмонта, прынесла Трайнату задавальненне. Ашчаслiвiў яго дзядзька сваiм нечаканым глупствам. У найлепшым сне не магла прыснiцца такая ўдача. Цяпер ён без клопату атрымлiваў надзейнага паплечнiка супраць старога Мiндоўга. Можна лiчыць, радаваўся Трайнат, што Мiндоўг сам вырашыў пакласцi галаву на калоду. Застаецца ўзняць сякеру. Даўмонт шчаслiва i падыме, i апусцiць. Больш зацятага забойцу для сябе Мiндоўг ужо не падрыхтуе. Дарэмна паклёпнiчаюць тэўтонскiя рыцары, што ў жамойтаў дрэнныя багi. Вось сведчанне, што яны клапатлiвыя пра свой народ: абрыдзеў жамойцкiм багам iх шматразовы здраднiк, i падштурхнулi яны яго да шаленства. Забраць у жывога князя жонку - зразумела, не навiна, але каб спарахнелы дзядзька забiраў сабе жонку ў пляменнiка, такога паданнi лiтвы i жамойцi не ведаюць. Нездарма кажуць: сiвiзна ў галаву - чорт у рабрыну. Прыдзецца князю Мiндоўгу плацiць за старэчы юр. Неабачлiвы стаў стары князь - гэтак рызыкаваць з-за спаднiцы.
Трайнат бачыў баявы тапор Даўмонта над галавой вялiкага князя i пасмiхаўся, прадчуваючы магчымыя змены для сябе пасля вынiшчэння Мiндоўгава роду. Так прыемна было пра гэта марыць, што нi аб чым iншым i не думалася. Найчасцей думка была такая: само па сабе нiчога не зробiцца. Трэба беднаму Даўмонту дапамагчы, падтрымаць яго, адной сваёй крэўскай дружынай яму Мiндоўга не адолець. Як ён бязлiтаснага крыўдзiцеля заб`е, калi не мае магчымасцi падступiцца. Гэта ж будзе тое самое, што ў адзiночку паляваць на воўчую зграю - з`ядуць. Думка пра забойства дзядзькi з кожным днём мацнела, укаранялася ў сэрца i ўрэшце патрабавала дзеянняў. Найперш неабходна было пагутарыць з Даўмонтам, перасцярэч ад паспешлiвасцi i акрэслiць свае ўмовы. Разлiчваць на княжы стол у Наваградку Даўмонт не мусiў, але ягоная помста апраўдвае гвалтоўную змену вялiкага князя - нехта ж павiнен заняць апусцелае месца. Нiхто не зможа дакараць Даўмонта i называць яго злачынцам. Мiндоўг зганьбаваў Даўмонта, таму Даўмонт пакараў Мiндоўга. Усё адпаведна старадаўняму святому закону. Шмат хто зараз на гэта будзе спадзявацца. Мiндоўг, зразумела, таксама ведае лiтоўскiя законы, ведае, што стварыў сабе смяротнага ворага. Iмя "Даўмонт" будзе для яго знакам небяспекi, ды павiнна стаць iмем ягонай смерцi. А тое, што на месца старога Мiндоўга сядзе моцны Трайнат, нiхто не аспрэчыць. Правы на стол вялiкага князя ў Трайната сапраўдныя: ягоная мацi - родная Мiндоўгава сястра. Хiба толькi Таўцiвiл пачне раўсцi, як у карак уджалены, што ён - сын брата Мiндоўга, а ягоны бацька быў старэйшы, а па мацi не лiчыцца, а Трайнатавы бацька жамойт Вiкiнт, дык няхай Трайнат i сядзiць на жамойцкiм удзеле i не зазiрае на большае. Ды хто яго, дурня няўдачлiвага, будзе слухаць, хто за iм пойдзе? У Рызе ад немцаў хрысцiўся, у Полацку ў царкву пабег перахрышчвацца. Ну, i хадзi з крыжом на шыi, як вол з ярмом. Князi Нальшчы, Дайновы, Дзяволтвы i тут на Жамойцi падтрымаюць яго, Трайната, бо адной веры, маладзейшы i мае сiлу. Усiм Мiндоўг пёры з хвастоў выдзiраў. Падабалася на нямецкi лад уладарыць: гукнуў - спяшайся выконваць. Мне, маўляў, карона нямецкая галаву аздабляла, розуму дадала. У каралях пабываў, Рукля недарослы у каралевiчах. Генрык - так яго нямецкiя святары ахрысцiлi. А малодшага, Рэпiка, - Андрэем. Каралевiч Генрык для Наваградка, князь Андрэй для Жамойцi. А тое, што раней усю Жамойць немцам граматай падараваў, - пра гэта памятаць не варта. Гэта, маўляў, у часе вайны давялося дараваць. Ваенная хiтрасць. Каб выжыць. Каб Данiлу Галiцкага перасiлiць з дапамогай рыцарскiх посiлкаў. Па трэцяе калена абразiў жамойтаў тою дамоваю. Пакуль ён жывы, Жамойць пры iм. I ўсе, хто на Жамойцi жывуць, таксама. А пасля яго скону - жамойць iдзе пад немца, самi тады з крыжакамi разбярэцеся. Цi яны з вамi разбяруцца, як з прусамi. Усю жамойць у залежнасць ад свайго веку прывёў. Выгадна стала для жамойтаў, каб жыў ды жыў, канца века не ведаў. Хiтры быў дзядзька Мiндоўг... Чаму ж Наваградак не падараваў? Цi Вiльню? Цi сваё родавае ашмянскае гарадзiшча з прылеглымi землямi? Бо не сцярпела б баярства наваградскае i вiленскае, калi б падараваў князь iхныя землi ды iх самiх немцам. I вежа каменная не ўратавала б ад смерцi. Задушылi б пасамi. Што iм ды яму да жамойтаў - далёка ад Наваградка iхныя землi, няхай немцы iх цiснуць i б'юць, не шкада...
I быццам адчуў Даўмонт, хто пра яго думае i хоча пабачыцца - у двор да Трайната прымчаў з Крэва ганец з прапановай аб сустрэчы. Добры будзе з Даўмонта князь, ацанiў прапанову Трайнат, не памылiўся каму замест Мiндоўга ў Наваградку валадарыць. З першымi маразамi князi з'ехалiся ў пушчы. Сэнс спаткання нагэтулькi абодвум быў зразумелы, што, не пятляючы, адразу дамовiлiся пра галоўнае: Трайнат сваiм войскам дапамагае Даўмонту адпомсцiць, а Даўмонт сваёю дружынай дапамагае Трайнату ўзяць Наваградак. Як i калi гэта здарыцца, не абмяркоўвалi; вырашылi проста - пры зручным выпадку. Магчыма такi выпадак надарыцца зiмой цi ўвесну, залежна ад непрадказальных варункаў раптам хто наедзе, i Мiндоўг склiча войска цi сам выправiцца куды з дробным аддзелам аховы. Можа, на ловы. Калi i куды - не прадбачыш. Галоўнае - быць напагатове, чакаць вызначаны час. Багi вызначаць i падкажуць. Рысь у засадзе па некалькi дзён чакае сваю ахвяру. Не спiць, не варушыцца. Вось i нам трэба затоена сядзець. Няхай наваградскi князь мяркуе, што крыўду сцярпелi i перад iм скарылiся. Маўляў, што зробiш процi волi вялiкага князя, процi яго вялiкай сiлы - сiла салому ламае. Трэба хiтраваць, усыпляючы ягоную пiльнасць, замерцi перад скачком, i да гэтай змовы нiкога да апошняга дня не далучаць. Хто не любiць Мiндоўга, той сам на гэтых ловах далучыцца. Прыкладам, полацкi князь Таўцiвiл пажадае прыгадаць роднаму дзядзьку, як ад падасланых забойцаў уцякаў, у балотах, нiбы тая жаба, хаваўся. Але цяпер i яму анi слова. Бо здольны зрабiць, каб нi сабе не было i нiкому. Ад зайздроснага дурня ўсяго можна чакаць...
Заняла сустрэча гадзiну, але цалкам перакроiла Транатавы настрой жыцця: цярплiвае чаканне скону Мiндоўга змянiлася на ўзрушанае чаканне дня расправы з дзядзькам i заняцця Наваградка. Вырашаная незалежнасць ад веку Мiндоўга адкрыла iншую прастору для клопату i задумаў.
Вечарамi, калi збiралiся ў доме госцi i чэлядзь - i хто праў, хто пяяў, хто шчапаў лучыну, хто займаў увагу жахлiвымi цi вясёлымi казкамi, - князь Трайнат глядзеў на жонку, дачку, чаляднiкаў i думаў: "А ў хуткiм часе не тут, а ў Наваградскай вежы будзем вечарамi сядзець. Усе яны са сваiмi кроснамi, калаўротамi, песнямi ды казкамi туды перамесцяцца. А тут, у Кернаве, малодшы князь сядзе - мяне слухаць, з немцамi бiцца. А хутчэй, не князь, а намеснiк, каб не займалi галавы небяспечныя мроi пайсцi тым жа шляхам, якiм ён, Трайнат, у Наваградак прыйшоў. Шкада роднага дзядзьку забiваць, не надта добрая справа, ды па-iншаму ў вялiкiя князi не трапляюць. Мiндоўг сваё пражыў. Калi ён сам памрэ, дык Войшалк на памiнках можа расчулiцца, скiне чорны клабук з галавы, насуне бацькоўскую карону - цяжка будзе зняць. Цi наваградцы памiж сабой пашэпчуцца i паставяць Руклю, каб урады свае пры сабе захаваць. Няма выбару. Шкада не шкада, а забiць трэба. Багi паклапацiлiся, усё наперад пралiчылi i акрэслiлi, ужо мсцiўца вечарамi вострыць на каменi меч...
Наводзячы размову на абмеркаванне сямейнага жыцця Мiндоўга, Трайнат задаволена слухаў, як жонка i бабы ганьбавалi князя Даўмонта, што цiхмяны i лёгка праглынуў крыўду - забралi жонку, а ён як бязрукi. Што мы з вамi ведаем, пярэчыў тады Трайнат, можа ён i радуецца гэтаму. Мiндоўг сабе ягоную ўзяў, а ён сабе маладзейшую, некранутую знойдзе. Ды i што ён здольны зрабiць Наваградак узяць у аблогу сваiмi сотнямi? Хутка дружыну яго спластуюць, як жончыну ахову спластавалi. Праўда, пагаджалiся з iм, калi цвяроза паглядзець, дык лепш будзе зноў абабiцца. А потым зноў у вялiкага князя Мiндоўга жонка памрэ, смяяўся Трайнат, i зноў ён Даўмонта халасцяком пакiне. Зноў Даўмонт вяселле згуляе, зноў у Мiндоўга жонка памрэ... Усе душылiся рогатам. Нявесела цяпер князю аднаму начамi мерзнуць, кплiва шкадавалi Даўмонта бабы: малады, а на печцы адзiнока, як зломак, ляжыць, старыя нянькi ежу гатуюць. Не пазайздросцiш Даўмонту: калi вырашыў Мiндоўг яго са свету зжыць, дык зжыве...
Адно блага, думаў Трайнат, што цяжка да Мiндоўга падступiцца. Абкружыўся баярамi ды кметамi - не праломiшся да яго. Калi куды выпраўляецца - наперад нiкому не адкрывае. Чужога чалавека ў сваю службу пры двары не бярэ. Трэба сярод яго блiзкага атачэння нявернага цi пакрыўджанага чалавека пашукаць, цi вернага цяпер, але здольнага здрадзiць князю, калi нешта атрымае для палепшання сваёй долi. Заўсёды знойдзецца ахвотнiк паскудства ўчынiць... Сярод баяраў i ўраднiкаў наўрад цi хто пагодзiцца. Яны больш, чым маюць пры Мiндоўгу, ад новага князя не атрымаюць. Iм i зручна, каб Мiндоўг, як крумкач, доўга жыў i доўга валадарыў. Яны пры яго ўладзе заможныя, вышэй не ўздымуцца, дык нашто iм рызыка з гары на падлогу падаць... А вось кмет просты, якi марыць у сотнiкi трапiць... Цi чаляднiк, якому абрыдла ваду ў князеву лазню насiць. Паабяцаць яму, што будзе свечнiкам i двор атрымае. Яму i рабiць нiчога не трэба ўласнымi рукамi - шапнуць толькi трэба ў падстаўленае вуха, куды князь збiраецца ехаць ды з якой аховай. Павiнны быць паблiзу Мiндоўга такiя людзi. Захацеў бы Мiндоўг, дык i тут падобных мярзотнiкаў знайшоў, i пры Даўмонце таксама нехта такi ходзiць. Усюды яны ёсць - хто слабы, хто хцiвы, хто злапомны. Але дробнага занятку людзi баяцца сваё жыццё на кон ставiць. Можа, i рады былi б узляцець, ды крылы курыныя, успудзяць князя цiкаўнасцю ды жахам у вачах. Могуць i прызнацца са страху ў сваiх задумах i марах. Не, з драбязой чалавечай дамаўляцца - сябе прынiжаць. Ураднiка трэба знайсцi, хто мае давер з канюшых каго, мечнiк, крайчы, ваяводы... Ведаючы ўсiх мiндоўгавых ураднiкаў, кожнага ў думках узважваючы, Трайнат не бачыў нiводнага, хто пагадзiўся б увайсцi з iм у змову. Радвайла пабаiцца, ваявода Сiрвiд лепш памрэ за свайго князя, чым здрадзiць... Вось калi толькi гэты разанскi выгнаннiк, Мiндоўгаў радца, захоча? Блiжэй за ўсiх стаiць, сваякоў тут не мае, па родавай княжай звычцы на высокае месца мусiць зазiрацца. Трэба будзе з iм сустрэчу наладзiць, пазначыў сабе на будучыню Трайнат. Калi большага хоча - адгукнецца. А тыя, што першыя ў полымя не палезуць, потым прыбягуць падтрымаць, калi справа будзе зробленая. Занадта доўга Мiндоўг пры ўладзе - шмат каго крыўдзiў. А зараз не ўсiм спадабалася, як князя Даўмонта абразiў. Смешна яно смешна, бо не сам у пастку нагой патрапiў, ды ёсць што ўзважыць. Калi жонку сваю iмгненна сцер з памяцi, дык што пра баяраў казаць? Прыб`е кожнага, як камара. Вядома, крэўскага князя няма чаго шкадаваць - сам дазволiў сваёй бабе залезцi ў воўчае логава. Няхай i кусае сябе за локаць. Але пераканалася кметства на гэтым Мiндоўгавым жарце, што саслабеў iх вялiкi князь, шалее ад старасцi, значыць, захiстаўся яго княжы сталец. А моцнага наступнiка не мае: Руклю яшчэ дужэць гадоў сем, Войшалк у манастырскай каморы княжыць. Нiхто сваё жыццё за iх класцi не пабяжыць.
12
З усiх ураднiкаў вялiкага князя Агна адчувала прыхiльнасць толькi да разанца Астапа. Яна бачыла, што ён шкадуе яе. Астатнiя глядзелi з той абыякавасцю, якое вартая бяспраўная сваячка гаспадара. Чужая двару i Мiндоўгу, яна не магла iм нашкодзiць цi быць карыснай. Сястра памерлай княгiнi, цётка княжычаў, перахожая жонка паводле запавету, няпрагная да ўлады - усё гэта абяцала мала карысцi ад прыяцельства. Мiндоўгава атачэнне трымалася з ёю ветлiва, вiталася пры сустрэчы, жадала здароўя пры развiтаннi ў тых выпадках, калi выпадала сустракацца на двары цi разам сядзець за сталом. Князева жонка што князева маёмасць: лепш да яе не прыглядацца i надта блiзка не падыходзiць. Жывая яна цi хварэе, пакутуе цi радасная - не нашая справа, не любiць лiтва тых, у каго вока на чужую маёмасць вострае, а язык доўгi.
Прыветлiвы, гаваркi разанец мог за чвэртку гадзiны больш запытаць i расказаць, чым санавiтыя ўраднiкi за тыдзень. Жаласлiвых словаў Астап не казаў, але позiрк у яго быў сяброўскi. Зойдзе ў паварню, пажартуе, пра нешта спытаецца, нешта раскажа - вось i спачуванне. Iншым разам ён апавядаў свае прыгоды з мiнулага жыцця. З асобных успамiнаў Астапа даведалася Агна, што ён з разанскiх князёў. Бацька ў мяне быў лiхi, казаў Астап, старэйшага брата i пяцёх дваюрадных на застоллi пасек, але ў полi бiтву не вытрымаў i давялося яму ўцякаць у стэп. З полаўцамi доўга мы сябравалi, разам з чарнiгаўскiм князям на Галiч бiць Данiлу хадзiлi. У чарнiгаўцаў Астапу не надта шанцавала з-за бацькi, якому не магло даравацца братазабойства, у Наваградку пашчасцiла - князь Мiндоўг за бацьку яго не дакараў, узяў да сябе. Дзякуй богу, уладкаваўся, а мог у татараў у палоне сядзець, як iншыя разанскiя сваякi, кабылiнае малако ў даёнку надойваць. А сям'я? А якая сям'я? Тая сям'я там згубiлася, згiнула ад татарскiх арканаў цi згарэла, калi горад палiлi. Не засталося следу. Прыгадваюцца ў снах, казаў Астап. Я i не бядую дужа. Як у нас кажуць: не страшыся, браце, на той свет прарвёмся, на небе сустрэнемся. Там з першай сям'ёю зноў i сыйдуся. Тут жыццё грахоўнае i нядоўгае, нядоўгае i жорсткае: каму дужа шанцуе, каму наадварот. Я ўдачлiвы, знарокам хвалiўся Астап. I жывы, i князь Мiндоўг двор мне падараваў, што пасля забiтага баярына застаўся, а пры дварэ - жонка з дачкой, зараз ужо ад мяне сына нарадзiла. I будавацца не давялося, усё гатовае - хата, двор, дзеўка, стайня, хлеў, каморы, само прыйшло ў рукi. Калi ад сваiх i ад полаўцаў уцякаў - адчайваўся, здавалася, сэрца парвецца ад горасцi i няўдачы, памру ў сядле i звалюся пад капыты. А цяпер думаю: як бы яшчэ пражыць гэтулькi, колькi пражыў, сына выгадаваць, вялiкi дом зрубiць. Колькi месца займаў на ўслоне, гэтулькi i буду займаць, але вось, паказацца трэба, што не лыкам шыты. Людзi любяць, калi спiну перад iмi згiнаюць. Iншы яшчэ i ацэньвае, наколькi чалавек перад iм нахiлiўся - глыбока цi схiтраваў, у пашану цi не ў пашану яму згiнае свой хрыбет. Сам калiсьцi так глядзеў, а цяпер шмат перад кiм нахiляюся. Магу табе сказаць, не надта гэта прыемная справа кланяцца.
- А мне як быць, Астап? - спыталася Агна. - А што ты можаш? Бог цярпеў i нам вялеў. Лепш жонкай быць, чым цёткай на столаку пры печцы, - адказаў ён.
- Брыдка мне тут жонкай быць.
Астап уважлiва паглядзеў на яе:
- А як з князёў у слугi? А сястры, тваёй, думаеш, лёгка было?
Усiм не соладка, думала Агна, ды якая ж ад гэтага палёгка? Астап сюды сам прыскакаў i шчаслiвы, што двор займеў. Марту ўдавой прывялi. А ёй што тут рабiць? Штодзённа пiльнаваць, каб не аб'ядала князя ягоная чэлядзь, шчасцiць Мiндоўга думкай, што не народзiць сястра памерлай жонкi братоў Руклю i Рэпiку? Падумаўшы так, яна вырашыла, што даўмелася падставы гвалту над сабой: баяўся, пэўна, Мiндоўг баяўся, што ў Руклi з'явяцца сястрынiчы i некалi, праз гады, ўзнiкне небяспека сутычак мiж iмi. Можа, неаднойчы яны з Мартай пра гэта меркавалi i тая гэтаксама баялася? Але iх жа трэба нарадзiць было, гэтых братоў, думала Агна. I чаму браты? А раптам дачок яна нарадзiла б князю Даўмонту? Якая ж ад дзевак пагроза Руклю? I наогул ад сваякоў па кудзелi? Яны ж Даўмонтавiчы былi б, дзедзiчы Нальшчы. А пакуль наогул дзяцей няма. Няўжо для Мiндоўга i куст уначы - мядзведзь?
Ад тужлiвага наваградскага жыцця найшла на Агну бяссонiца, усю ноч магла яна праляжаць, не забываючыся нi на хвiлiну. Аб адным i тым думалася, адно i тое ж прыгадвалася. Ад паўтарэння i думы надакучылi, i ўспамiны сталiся цьмяныя. Прыгадвалiся мацi i бацька, прыгадвалася, што iх забiлi мазуры, i яна думала - так было iм наканавана. А ёй наканавана цiха памiраць у пакоi сястры. Але ўсiм прызначана багамi адказваць за кожную благую справу. Мазуры забiвалi яцвягаў - мазураў шмат пазабiвалi. Немцы вёскi i людзей палiлi - iх за гэта ў вогнiшча кiдалi. Так i Мiндоўгу прыйдзе час пацярпець за яе пакуты.
Неяк удзень яна прыснула i прыснiўся ёй сон. У сне нальшанцы захапiлi наваградскi замак. Яна бачыла, як Скурка прыбiў дзiдай да варотаў брамы ваяводу Сiрвiда, i той вiсеў, перабiраючы нагамi. А на версе каменнай вежы Даўмонт i Вiцень разгойдвалi старога Мiндоўга за рукi i ногi, а разгайдаўшы, падкiнулi ў паветра, i князь паляцеў унiз з крыкам жаху, i глухi ўдар паведамiў ёй, што яе вызвалiлi. Яна зiрнула з вежы ўнiз - там, у замкавым рове, у бруднай лужыне, ляжаў Мiндоўг, наскрозь працяты астрогамi. А потым Даўмонт i яна скакалi знаёмай дарогай у Крэва, у свой родны дом. А ззаду скакала ахова, Вiцень, Скурка, вясёлыя кметы. Добры сон, думала яна, калi абудзiлася. Толькi нiкому нельга яго пераказаць: раз'юшыцца Мiндоўг ад такiх прадбачанняў, выправiць людзей забiць Даўмонта. I застаўся сон ейнай таямнiцаю. Можа, ён прарочы, думала Агна, можа збудзецца...
Пасля дзядоў, калi дажджы змянiлiся маразамi i прыпарушыла зямлю снегам, пазначаючы блiзкi канец пакутлiвага для яе года, пачула Агна ад чаляднiц змрочную для сябе вестку - Даўмонт шукае новую жонку. Нiбыта ўжо пасылаў сваiх ураднiкаў глядзець дачку Гаторпа, i да яцвяжскага князя Скамонда ездзiлi ад яго шукаць нявесту, можа яшчэ куды выпраўляў людзей. Сэрца не дазваляла Агне ў гэта паверыць. Прыгадваючы Крэва, Перунову гару, дзе ўдвох часцяком праводзiлi сонца, дом, свае рэчы ў доме, печ, ложа, пакрытае ейнаю посцiлкай, яна не магла ўявiць, што ў гэтым доме замест яе будзе жыць, гаспадарыць, спаць, сустракаць Даўмонта, хадзiць разам з iм на Перунову гару iншая жанчына. Я ж жывая, думала Агна. Хiба Даўмонт ўдавец? Што яны вырабляюць? Мiндоўг бярэ мяне за ўдаву. Даўмонт шукае жонку, быццам аўдавеў. Яны абодва здурэлi. Агна вырашыла спытацца ў Астапа - цi праўдзiвыя чуткi, што князь Даўмонт скарыўся, забыў на яе i пасылае людзей на агледзiны выданнiц.
- Ходзiць пагалоска, - адказаў разанец, - што ездзяць па дварах ягоныя мечнiк i лоўчы. Можа, што i выездзяць. А можа i не. Небагата гожых дзевак у княжых дамах. Ён, сама разумееш, абы каго прывесцi не можа. Я гэтак скажу табе: лепш яму хутчэй ажанiцца. Усiм было б спакайней - i вялiкаму князю, i Даўмонту, i табе.
Пацверджаная Астапам горасная вестка дашчэнту абязволiла Агну. Нiчога не змянiлася з бабiнага лета, наперадзе яе чакала непраглядная нуда, яна не ведала чым абнадзеiцца, дзе шукаць сабе апiрышча. У душы збiралася журба, усе жаданнi ўсохлi, усё здавалася непатрэбным, чужым, бязрадасным. Вось я зрабiлася што голае дрэва зiмой, думала Агна, сухастоiна, ссекчы мяне трэба.