Не віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі талпою
За дабычай ходзяць.
На Ўкраіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хеўрай гаспадарыць
Над бедным народам.
Дзе заедзе, банкятуе
Сам ён, яго варта;
Ні старому, ні малому
Не спускае жартаў.
Калі ж дзе ўпадзе у вока
Хараство дзявоча, -
Абняславіць, абнячэсціць,
Бацьку плюне ў вочы.
Стогне змучана Ўкраіна,
К небу шле пракляцце,
Ды Патоцкага збаўляе
Хеўра і багацце.
Да сягоння жыве памяць
Аб злым гэтым дусе
На ўсёй чыста Украіне
І на Беларусі.
Ў сёлах, як клялі дагэтуль,
Так і праклінаюць,
У палацах яго толькі
Міла ўспамінаюць.
Аб прыгожай Бандароўне
І аб справах пана
Засталася у народзе
Песня здавен-даўна.
Ў слаўным месце Берастэчку -
Слаўны Бандарэнка,
Ў яго дочка - Бандароўна,
Пашукаць - паненка.
Хараства такога ў свеце
Не было, не будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.
Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі, яе вочы,
Гляне - свет яснее.
З плеч сплываюць яе косы,
Як бы сонца косы,
І іскрацца, як на сонцы
Брыльянцісты росы.
Рост высокі, стан павабны,
Ўся, як цень, павеўна,
Як ідзе яна, бывала, -
Набок каралеўна!
А сягоння ж выглядае
Лепей, як заўсёды, -
У карчомцы з казакамі
Цешыцца з свабоды.
У гульні сама рэй водзіць,
Весела міргае,
Задзіўляе усіх чыста,
Як зара якая.
Ой, гуляй жа, Бандароўна,
З вечара да ранку!
Цябе вораг ужо сочыць,
Сочыць на каханку.
К таму часу ў Берастэчка
К дружыне казачай
Прыблукаўся пан Патоцкі
З хеўраю лядачай.
Як пачуў ён у карчомцы
Зычную забаву,
Туды йдзе сваю бясчэсну
Паказаці славу.
Банкятуе з казакамі,
Мёд, віно п'е квартай,
К маладзіцам і дзяўчатам
Лезе смоллю ў жарты.
А найгорай к Бандароўне
Ён прыстаў абрыдна;
Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна.
Асцярожна, пан Канеўскі!
Будзе ліха, будзе,
Не забудзься, што сумленне
Ёсць і ў простым людзе!
Не папусціць ў крыўду славу,
Славу ды свабоду,
Хоць і дуж ты, і багаты,
Ды панскага роду.
Ох, патрапіць народ часам
За сябе ўступіцца, -
Зруйнаваць палацы вашы,
Вашай кроўю ўпіцца...
Лезе пан да Бандароўны,
Ўвесь гарыць, бы ў жары;
Тая, жартаў не пазнаўшы,
З'ехала па твары.
Жудка, жудка дым пажарны
Бухае уночы,
А жудчэй яшчэ у пана
Задымелі вочы.
Выгражае кулакамі
Ўсёй казачай брацці:
- Ўсе адказ дасцё мне зараз -
- Дочка, бацька, маці!
- Асцярожна, ясны пане,
З грозьбамі сваімі! -
Забурчала старшына ўся,
А моладзь - за імі.
Выбег з хаты пан Патоцкі
Зваць сваю дружыну,
А старэйшы людзі вучаць
Бедную дзяўчыну:
- Уцякай жа за пагодай,
Донька маладая,
Покі дзень засвеціць ясны,
Покі сіл хапае!
Пан з Канёва не даруе
Хараству тваёму,
Як не ўмее дараваці
Ён нідзе нікому.
Уцякала Бандароўна
Ў поле з цёплай хаты,
Абымала яе ночка,
А вецер крылаты
Расплятаў ёй косы буйны,
Песціў белы грудзі;
Болей жалю меў над ёю,
Як якія людзі.
Уцякала Бандароўна
Ды паміж платамі,
А за ёю тры гайдукі
З голымі шаблямі.
Бегла поле і другое,
Ўзбегла і на трэцце,
Ды ўжо сілы не хапае
Далей так ляцеці.
Ой, няшчасна Бандароўна,
Адпачні часіну,
Памаліся за сябе ты,
За сваю Ўкраіну!
На сырой прыляж зямельцы,
Атулісь касою,
Няхай сэрцайка дзявоча
Прыйдзе да спакою.
Думай думкі, што чыніці
У бядзе паганай,
Калі панскія служакі
Прывядуць да пана!
Не прыйшлося спачываці
Доўга Бандароўне, -
Наляцела, адшукала
Дзікая пагоня.
З дзікім смехам учапілісь
За косы і рукі,
Пацягнулі нешчасліву
На вялікі мукі.
Ночка цёмная глядзела
Ды цямнейша стала,
Адна зорка мігацела -
І тая прапала.
Хто галубку убароніць,
Ўсцеражэ ад згубы,
Як няўбачна пападзецца
Ў каршуновы дзюбы.
Вырве сэрцайка няшчаснай,
Вып'е кроў чырвону,
Застануцца толькі косці
На зямліцы соннай.
Застанецца памяць толькі
Ў стадзе галубіным,
Што ім выдзер хтось галубку
Крыважадным чынам...
Прыцягнулі Бандароўну
К пану у святліцу,
Як праступніцу якую
Ці як чараўніцу.
Ўбор дзявочы абарваны,
Зблытаныя косы,
Ў вочках толькі рдзяцца слёзы,
Як улетку росы.
Ці то слёзы з крыўды страшнай
Ці з бяссільнай злосці,
Што к чужынцу без пытання
Прывялі у госці.
І стаіць яна прад панам,
Як калінка тая,
Што у лузе, над ракою
Вецер пахіляе.
Сабірае у галоўцы
Думанькі дзявочы,
Глядзіць смела, ані моргне,
Ворагу у вочы.
Пасадзіў пан Бандароўну
У куце на лаве,
Як бы тую маладую
У вясельнай славе.
Застаўляе стол дубовы
Сытаю ядою,
Мёд, віно ў жбанах б'е пенай,
Як бы мора тое.
Яшчэ мала: пан вяльможны
Клікае музыкаў,
Знаць, заход вялікі робіць
Ён к гульні вялікай.
Не чакае Бандароўна
Тут сабе пацехі
І не верыць панскай ласцы
І ў панскія ўсмехі.
Ручкі белы заламала,
Звесіла галоўку,
А тым часам пан Патоцкі
Выйшаў у бакоўку.
І прыносіць ён стуль стрэльбу,
Куляй набівае,
Ў рукі ўзяў і Бандароўну
Голасна пытае:
- Ну, што воліш сабе выбраць,
Пышная паненка:
Ці ў бяседзе засядаці
Вось пад гэтай сценкай
І са мною піць, гуляці,
Ночкі каратаці?
Ці навекі косці парыць
У зямельцы-маці?
Затраслося помстай сэрца
У грудзі дзявочай,
Спахмурнелі чорны бровы,
Заіскрылісь вочы.
- Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсць і славу
Прадаваць з табою.
Сваё золата, палацы
Застаўляй сабе ты,
Сам заморскае віно пі
І насі саеты.
Пі, гуляй з сваёй раўнёю,
Покі ваша сіла, -
Бандароўне больш да твару -
Чымся ты - магіла.
Не прадасць яна дзявоцтва,
Як ты, пан, сумленне;
Твае ўгрозы ёй не страшны,
Не страшна цярпенне.
Перад панам тым з Канева
Смела дзеўка стала,
Смела гледзячы у вочы,
Смела адказала:
- Дужы ты з сваім багаццем,
А я сілы большай, -
За мной праўда і народ мой,
За табой жа - грошы!
Чым з табою піць, гуляці,
Ночкі каратаці, -
Лепш навекі косці парыць
У зямельцы-маці!
Тут як стрэліў пан Канеўскі
Ў лева яе вуха, -
Стала наша Бандароўна
І нема, і глуха.
Палілася кроў чырвона,
Сэрца абамлела,
Павалілась на зямельку,
Як бярозка бела.
Парасплеценыя косы,
Як тыя галінкі,
Леглі пасмамі хваліста
Тут жа ля дзяўчынкі.
Толькі з крыўдай аднальковай
Вочы пазіралі,
Як бы ўсіх пытаць хацелі:
За што пакаралі?
Дый заглянулі, знаць, крэпка
Ў ворагава сэрца:
Пан Патоцкі ўжо не рад стаў
Сам сабе і дзеўцы.
Праклінае сам самога
І такую ночку;
Кліча бацьку, кліча матку,
Каб забралі дочку.
Як прыходзіў Бандарэнка,
А з ім - Бандарыха,
Галасілі над дачушкай,
Галасілі сціха.
Ой, ламалі свае рукі
Стары са старою:
- Налажылась донька наша
За ўсіх галавою!
Забіралі бацька, маці
Родную дачушку,
Неслі ціха, асцярожна
Сваю мёртву служку.
Дзе йшлі з ёю, кроў чырвона
Капала паволі
І блішчэла па ўсёй сцежцы,
Як раса на полі.
Як прынеслі Бандароўну
Да святліцы новай,
Палажылі памаленьку
На лаве дубовай.
Прыбіралі, як да шлюбу,
Ў белю і вэлёны,
Запляталі буйны косы
Ў каснікі чырвоны.
Пазлацістыя на пальцы
Персцяні ўздзявалі,
У замшовы чаравічкі
Ножкі абувалі.
З руты-мяты ёй вяночак
Вілі у дамоўку,
Як карону каралеўне,
Клалі на галоўку.
Збілі з дошак габляваных
Белу дамавіну
І складалі ў ёй няшчасну
Забіту дзяўчыну.
Спіць сном вечным Бандароўна
І болей не ўстане,
А над ёй пяюць старыя
«Вечна спачыванне».
Неспакоен пан Патоцкі
У сваёй правіне,
Што ўчыніў такую крыўду
Ні пра што дзяўчыне;
Хоча грэх свой чым загладзіць
І віны убавіць;
Бандароўну хоць па смерці
Думае праславіць.
Ён спяшыць на баль хаўтурны,
Пыхай паганяны,
Шоўкам кажа абіваці
Гроб той дзераўляны;
Шоўку, золата, атласу
Браці, колькі хваце,
Кутасамі залатымі
Труну абчапаці.
Загадаў капаці яму,
Мураваці з мура,
Каб магілкі не размыла
Ні вада, ні бура.
Загадаў слаць да магілак
Сцежку дыванамі
І пасыпаць дываночкі
Белымі цвятамі.
Як панеслі Бандароўну
На вечна хаванне -
Загадаў іграць музыкам
Сумнае ігранне.
Як спушчалі Бандароўну
На той свет вялікі,
То яшчэ сумней зайгралі
Панскія музыкі.
Пахавалі Бандароўну
У вянку і ў белі,
Толькі думак украінцам
Пахаваць не ўмелі.
Шмат цярпець народ умее,
Ўмее ж і памсціцца,
Як дадзене вельмі крыўда,
Як зло разгасціцца.
Весць аб смерці Бандароўны
Скрозь пайшла, як мора,
Зашумела Украіна -
Гора панам, гора!
Бандарэнка сходы кліча,
Ўсім аб крыўдзе кажа;
Войска сільнае збірае,
Роўна сіле ўражай.
Задымелі у пажарах
Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
На лугі, на скібы.
Дарма рэзь стрымаць казаччу
Войска шле Варшава, -
Шмат казацтва нацярпелась -
Бітва йдзе крывава.
Колькі выцекла крыві йшчэ,
Не будзем казаці,
Бо крывёй сваёю роднай
Трэ было б пісаці.
З долі ж горкай Бандароўны
І з таей часіны
Засталіся толькі казкі,
Песні ды ўспаміны.
1913