Нядаўна навукоўцы вынайшлі,
што на сьвеце ёсьць неслухмяныя дзеці.
Яны ўсё робяць наадварот.
Ім кажуць:
«Трэба мыцца» -
яны ня мыюцца.
Іх вучаць:
«Трэба вітацца» -
яны адразу ж пачынаюць не вітацца.
Навукоўцы прыдумалі, што такім дзецям
трэба даваць ня добрыя,
а бязглуздыя парады.
Яны ўсё зробяць наадварот,
і атрымаецца якраз правільна.
Гэтая кніжка для неслухаў.
Добрым дзецям чытаць забараняецца!
Калі раптам ты згубіўся,
Помні, дружа, што цябе
Адвядуць дамоў адразу,
Калі адрас назавеш.
Будзь хітрэйшы й разумнейшы,
Ўсім кажы: «Мой родны дом
Каля пальмы зь дзікай малпай
На Гавайскіх астравах».
Памятай: калі згубіўся
Ўсіх старайся надурыць,
Каб не змарнаваць магчымасьць
За мяжою пабываць.
Нічога і ніколі ты
Рукамі не чапай.
Ня ўблытвайся абы-куды
І ні ўва што ня лезь.
Убок ціхенька адыдзі,
Стань моўчкі у кутку
І гэтак нерухома стой
Да старасьці сваёй.
Хто ня скочыў аніразу
З парасонам праз вакно,
Той парашутыстам спрытным
Ў нас ня лічыцца пакуль.
Над натоўпам ўсхваляваным
Яму птушкай не лунаць,
І з нагой забінтаванай
У бальніцы не ляжаць.
Калі ўсёй сям'ёй купацца
Вы на возера пайшлі,
Не чапай мамулю з татам -
Хай на сонейку ляжаць.
Не крычы: «Дапамажыце!»,
Хай хвілінку адпачнуць.
Не турбуючы нікога,
Пастарайся патануць.
Лепшага няма занятку
Як у носе калупаць,
Бо надзвычай ўсім цікава,
Што там ёсьцека ў наздры.
А каму глядзець агідна,
Той няхай і не глядзіць -
Да яго мы ў нос ня лезем,
Не чапляецца няхай!
Калі мама вас засьпела
За ўлюбёнай вашай справай,
Ну хаця б за маляваньнем
Ў калідоры на шпалерах,
Растлумачце ёй, што гэта -
Ваш сюрпрыз на Дзень жаночы.
Называецца карціна:
«Мілай мамачкі партрэт».
Не чапай чужыя рэчы
Калі побач ёсьць чужыя.
Хай яны заплюшчаць вочы
Ці сыйдуць на пяць хвілін.
А сваіх чаго баяцца!
Пра сваіх свае ня скажуць.
Хай глядзяць. Хапай чужое -
Да сваіх яго цягні!
Ты пытаньнямі дурнымі
Галавы не забівай,
Бо тады яшчэ дурнейшы
Знойдзецца на іх адказ.
А калі дурных пытаньняў
Назьбіралася зашмат,
Лепш зьвяртайся да дарослых -
Ў іх няхай мазгі трашчаць.
Рэгулярна хадзіце
Ў тэатральны буфет.
Там пірозівы з крэмам,
Газіроўка-вада.
На талерках, як дровы,
Шакалядкі ляжаць,
І праз трубачку можна
Піць малочны кактэль.
Вы квіткоў не купляйце
На балкон ці ў партэр,
Папрасіце квіточак
Ў тэатральны буфет.
І прыйшоўшы дадому,
Прынясеце з сабой
Вы пад сэрцам дрыготкім
Ў жываце бутэрброд.
Калі дзяўчынка ты - трывай
Падножкі ды штуршкі.
І коскі падстаўляй усім,
Хто хоча таргануць.
Затое ты праз колькі год
Пакажаш дулю ім
І скажаш: «Фігушкі, за вас
Я замуж не пайду!»
Калі ты зь сябрамі разам
Выйшаў падурэць на двор,
Апрануўшы зранку новы
І прыгожы палітон,
То ня варта поўзаць ў брудзе
І качацца па зямлі,
Лазіць цераз агароджу
І чапляцца за цьвікі.
Каб ня бэсьціць і ня брудзіць
Свой прыгожы палітон,
Трэба, каб ён стаў старэнькім.
Гэта робіцца вось так:
Добра выпэцкайся ў брудзе,
Пакачайся па зямлі,
Пералезь праз агароджу,
Зачапіўшыся за цьвік.
Зробіцца старым і брудным
Твой прыгожы палітон,
І цяпер зусім спакойна
Можаш на дварэ дурэць:
Сьмела боўтайся у брудзе
І качайся па зямлі
Пералазь праз агароджу
І чапляйся за цьвікі.
Калі вырашыў па хаце
Ты на ровары пагойсаць,
А табе насустрач з ванны
Выйшаў тата пагуляць.
Ў кухню ты не паварочвай -
Ў кухні цьвердая лядоўня.
Тармазі у тату сьмела.
Ён даруе. Мяккі ён.
Ты гісторыю краіны
Сваёй роднай не вучы.
Ну каму, скажы, цікава,
Што даўным-даўно было?
Бо гісторыю самому
Можна лёгка прыдумляць
І расказваць потым байкі
Невукам такім, як сам:
«Жыў-быў ў Піцеры Скарына
І газэты друкаваў».
У жыцьці галоўнай справай
Можа стаць любая дробязь,
Трэба толькі цьвёрда верыць,
Што важнейшых спраў няма.
І тады не перашкодзяць
Вам ні холад, ні сьпякота,
У вялікім захапленьні
Розную рабіць лухту.
Біце палкай жабянятаў -
Гэта вельмі захапляльна.
Адрывайце крылы мухам,
Хай гуляюць пехатой.
Трэніруйцеся штодзённа,
І шчасьлівы дзень настане -
Вам ў якімсьці каралеўстве
Прапануюць катам стаць.
Дзяўчат ніколі і нідзе
Ня трэба заўважаць.
Ім кроку не даваць ступіць
Ніколі і нідзе.
Часьцей падножкі падстаўляць,
Зьнянацку іх пужаць,
Каб ясна зразумелі ўсе -
Ня трэба вам яны.
Сустрэў дзяўчынку, дык хутчэй
Паказвай ёй язык,
Каб не падумала яна,
Што закахаўся ты.
Калі раптам ты з бацькамі
Вырашыў пачаць вайну,
Пастарайся здацца маме, -
Тата не бярэ ў палон.
І, дарэчы, не забудзься
Ты мамулі нагадаць,
Біць палонных па азадку
Не дае Чырвоны Крыж.
Калі вырасьцеш вялікім,
Станавіся прэзідэнтам.
Бо файнейшае работы
Ў цэлым сьвеце не знайсьці:
Ў абавязкі прэзідэнта
Уваходзіць бег на лыжах,
Тэніс, на каньках катаньне
І гульня ў футбол-хакей.
Не пагаджайся ні за што
Ніколі і ні зь кім,
А хто пагодзіцца з табой -
Таго баякам кліч.
За гэта ўсе цябе пачнуць
Любіць і паважаць.
І будзе у цябе паўсюль
Сяброў сапраўдных шмат.
Калі ў кухні тараканы
Маршыруюць па стале,
Ну а мышы на падлозе
Зладзілі вучэбны бой,
Значыць, трэба на часінку
Кінуць барацьбу за мір
І распачынаць заўзята
Барацьбу за чысьціню.
Калі вырашыў ты зь сябрам
Па душах пагаварыць,
Сябра не хапай за гузік -
Вырвецца яшчэ, зьбяжыць,
І на памяць застанецца
Толькі гузік у цябе.
Сябру трэба даць падножку,
На падлогу заваліць,
Зьверху сесьці і тады ўжо
Па душах пагаварыць.
Калі ты прыйшоў у госьці,
Не здароўкайся ні зь кім,
Словаў «дзякуй», «калі ласка»
Анікому не кажы,
На пытаньні не адказвай,
Адвярніся ад усіх,
І тады цябе ня будуць
Называць балбатуном.
Калі здарылася нешта
Й вінаватых не знайшлі,
Не хадзі туды, іначай
Вінаватым будзеш ты.
Лепш схавайся у куточку,
А пасьля ідзі дамоў
І пра тое, што убачыў,
Ты нікому не кажы.
Не купілі вам бацькі марозіва?
Не ўзялі ў кіно з сабою ўвечары?
Трэба на бацькоў тады пакрыўдзіцца
І сыйсьці бяз шапкі ў ноч халодную.
Ды ня проста так блукаць па вуліцах,
А ў дрымучы, цёмны лес адправіцца.
Стрэць ваўка там шэрага, галоднага,
Ў пашчу да яго патрапіць, ведама ж.
А бацькі, калі пра тое ўведаюць,
Закрычаць, заплачуць ды забегаюць,
Кінуцца адразу па марозіва,
Возьмуць у кіно з сабою ўвечары.
Паглядзі, што ў кожным доме
Адбываецца ўначы:
Павярнуўшыся да сьценкі,
Тата з мамаю ляжаць.
Вуснамі яны варушаць
У цямнюткай цемнаце,
І, заплюшчваючы вочы,
Пяткай торгаюць у сьне.
Ўвечары ісьці у ложак
Не згаджайся ні за што.
І не дазваляй нікому
Нават коўдру падтыкаць.
Ну няўжо табе ахвота
Лепшыя свае гады
Змарнаваць пад цёплай коўдрай,
На падушцы, без штаноў?
Калі хочаш ты спадабацца дарослым,
Дык зранку пачні хітраваць і дурэць,
Брыкацца, кусацца, туды-сюды гойсаць
І кленчыць сабе падарункі ва ўсіх.
Гарлай, бі талеркі і сьмецьце раськідвай,
А потым гадзінку вазьмі адпачні, -
Адразу расчулена мама і тата
Зь усьмешкай ласкавай пагладзяць цябе
І скажуць, што ты - залатое дзіцятка,
З табою гуляцца адна любата.
Калі ты прыйшоў на Елку,
Патрабуй свой падарунак.
Падлічы усе цукеркі,
Ці ня зьеў іх Дзед Мароз.
І яшчэ - ні ў якім разе
Не нясі дамоў прысмакаў.
Як наскочуць мама з татам -
Дык палову адбяруць.
Калі хочуць пакараць вас,
Бо паводзіліся кепска,
Ну, да прыкладу, у ваньне
Спрабавалі вымыць котку,
Не спытаўшыся дазволу
Ні у коткі, ні у мамы,
Прапаную дзейсны спосаб,
Як пазьбегнуць пакараньня.
Біцеся ілбом у сьцены,
Біце ў грудзі кулакамі,
Плачце, голасна крычыце:
«Ах, нашто ж я мучыў котку?!
Варты я сьмяротнай кары!
Ганьба! Ганьба мне і сорам!»
Роўненька праз паўхвіліны
Ўсе заплачуць разам з вамі,
Вас прабачаць і у краму
Пабягуць па шакалядку.
Вось тады спакойна котку
Вы за хвост цягніце ў ванну,
Бо нікому і ніколі
Не пажаліцца яна.
Скажам, у цябе ў кішэні -
Жменя смачных ледзяшоў,
А насустрач па дарозе
Верныя ідуць сябры.
Не пужайся, не хавайся
І ня кідайся ўцякаць,
Не запіхвай ўсе цукеркі,
Не разгортваючы, ў рот.
Падыйдзі да іх спакойна
І бязь лішняй балбатні
Хуценька дастань зь кішэні...
І падай сябрам руку.
Паздароўкайся зь сябрамі,
Трошачкі паразмаўляй.
Разьвітайся і пасьля ўжо
Як хутчэй бяжы дамоў
Каб цукеркі ўдома зьесьці,
Пад канапу, брат, залазь.
Пад канапаю дакладна
Не сустрэнецца ніхто.
Вазьмі густы вішнёвы сок
І белы мамін плашч.
Лі асьцярожна сок на плашч -
І будзе пляма там.
Цяпер, каб плямы не было
На маміным плашчы,
Плашч трэба цалкам абмакнуць
Ў густы вішнёвы сок.
Вазьмі вішнёвы мамін плашч
І кубак малака.
Лі асьцярожна малако,
І будзе пляма там.
Цяпер, каб плямы не было
На маміным плашчы,
Плашч трэба цалкам абмакнуць
У рондаль з малаком.
Вазьмі густы вішнёвы сок
І белы мамін плашч,
Лі асьцярожна...
Калі вы вакно пабілі,
Не сьпяшайцеся прызнацца.
Пачакайце, - раптам грымне
Грамадзянская вайна.
Артылерыя ўдарыць,
Шыбы выляцяць усюды,
І ніхто крычаць ня будзе
З-за пабітага вакна.
Бі сяброў безь перапынку
Кожны дзень па паўгадзіны,
І твая мускулятура
Будзе цьвердай, як камень.
А магутнымі рукамі,
Калі прыйдзе грозны вораг,
Зможаш ў цяжкую хвіліну
Ты сяброў абараніць.
Ты ня мый ніколі рукі,
Шыю, вушы, альбо твар.
Бо занятак гэта марны,
Бессэнсоўны і дурны.
Зноў забрудзяцца па часе
Рукі, шыя, вушы, твар.
Дык нашто тады старацца,
Час і сілы марнаваць?!
Стрыгчыся, хадзіць ў цырульню
Абсалютна непатрэбна -
І бяз гэтага пад старасьць
Аблысее галава.
Ты не дазваляй ніколі
Ставіць градусьнік сабе,
Не глытай ні ў якім разе
Ні пілюль, ні парашкоў.
Хай баляць жывот і зубы,
Горла, вушы, галава,
Лекаў не прымай ніякіх,
І ня слухай дактароў.
Сэрца спыніцца заўчасна,
Ды затое аніхто
Ні гарчычнік не прылепіць
І ня зробіць страшны ўкол.
Калі ў больніцу патрапіў
І ня хочаш там валяцца,
Пачакай, пакуль ў палату
Дзядзя доктар зазірне.
Укусі яго - і тут жа
Скончацца твае пакуты,
Выпішуць цябе адразу,
І паедзеш ты дамоў.
Калі мама вам у краме
Набыла адну машынку
І астатняе ня хоча,
Ўсё, што бачыць, набываць,
Станьце проста, пяткі разам,
Рукі у бакі растаўце,
Адкрывайце рот шырока,
Голасна крычыце: «А!»
І калі з гандлёвай залі
З крыкам «Людцы, памажыце!»
Прадаўшчыцы разьбягуцца
І усе пакупнікі,
Вось тады дырэктар крамы
Падпаўзе і скажа маме:
«Забірайце ўсё бясплатна,
Толькі хай ён замаўчыць!»
Матуля родная вядзе
Да лекараў зубных?
Ня трэба літасьці чакаць,
Дарэмна сьлёзы ліць.
Маўчы, нібыта партызан,
І сьцісьні зубы так,
Каб не змаглі расьціснуць іх
Сто лекараў зубных.
Калі ты застаўся дома
Без бацькоў, зусім адзін,
Прапаную пагуляцца
У цікавую гульню,
Што завецца «Сьмелы кухар»
Ці «Адважны кулінар».
Сэнс гульні у гатаваньні
Самай рознай смакаты.
Прапаную для пачатку
Гэткі просьценькі рэцэпт:
Трэба ў новенькія туфлі
Выліць маміны духі,
Потым густа іх намазаць
Файным крэмам дарагім.
І, папырскаўшы алеем
З чорнай тушшу напалам,
Кінуць ў суп, каторы мама
Згатавала на абед.
Паварыць у рондлі з супам
Роўна семдзесят хвілін.
Вынікі гульні пабачыш,
Як дарослыя прыйдуць.
Калі сябар твой найлепшы
Пасьлізнуўся і упаў,
Пакажы на сябра пальцам
Ды хапайся за жывот.
Хай ён з лужыны пабачыць -
Не сумуеш ты зусім,
Бо сапраўдны друг ня будзе
Засмучаць сваіх сяброў.
Калі ты яшчэ ня цьверда
Выбраў у жыцьці дарогу,
І ня ведаеш, як лепей
Свой працоўны шлях пачаць.
Трушчы лямпачкі ў пад'ездах -
І табе ўсе скажуць «дзякуй».
Дапаможаш ты народу
Электрычнасьць зьберагчы.
Каб павыганяць з кватэры
Розных мух ды камароў,
Ты сьцягні з вакна фіранку
І круці над галавой.
Ўніз пападаюць карціны,
Тэлевізар, тэлефон,
Паляцяць вазоны долу,
Люстра бразьне аб паркет.
І ад грукату такога
Разьлятуцца камары,
Ну а мухі, ашалеўшы,
Кінуцца у вырай ўсе.
Калі вырашыў ты зранку
Без заўвагаў дзень пражыць,
Хуценька залазь у шафу
І хавайся ў цемнату.
Там няма матулі з татам,
Толькі татавы штаны.
Там ніхто крычаць ня будзе:
«Нельга! Перастань! Ня руш!»
Там ня будзеш назаляцца
І ня будзеш замінаць,
Безь ніводнае заўвагі
Зможаш цэлы дзень пражыць.
Пабіцца вырашыў, тады
Слабейшых выбірай.
Мацнейшы можа здачы даць -
Нашто табе яна?
Чым меншы той, каго ты б'еш,
Тым весялей глядзець,
Як уцякае, плача ён
І «мамачка!» крычыць.
Калі ж старэйшыя прыдуць
Малечу бараніць,
Сам уцякай і горка плач
І «мамачка!» крычы.
Калі хочаш, каб татуля
Назаўсёды звар'яцеў,
Раскажы яму праўдзіва,
Што учора ты рабіў.
Калі ён пры гэтым зможа
Утрымацца на нагах,
Дык пра заўтрашнія пляны
Ты яму распавядзі.
Калі з выглядам вар'яцкім
Тата песьні запяе,
Тут жа ў хуткую зьвяртайся.
Тэлефон 103. (адзін-нуль-тры)
Калі ты гуляў у шапцы,
І кудысьці шапка зьнікла,
Не хвалюйся, маме ўдома
Можна нешта нахлусіць.
Ды маніць прыгожа трэба,
Каб ў вялікім захапленьні,
Сьцішыўшы дыханьне, мама
Доўга слухала хлусьню.
Наманіўшы-нахлусіўшы
Пра загубленую шапку,
Што яе ў няроўнай бойцы
Злосны адабраў шпіён,
Пастарайся, каб мамуля
Не хадзіла абурацца
У замежную выведку -
Там яе «не зразумейт».
«Трэба зь меншымі дзяліцца!
Трэба ім дапамагаць!»
Гэта правіла заўсёды
Помніце, сябры мае.
Вы яго сястры старэйшай
Ціха-ціха паўтарайце,
Каб малодшы брат пра гэта
Анічога не пачуў.
Калі рукі за абедам
Вы запэцкалі салатай
І стыдаецеся пальцы
Аб настольнік[1] выціраць,
Апусьціце непрыкметна
Іх пад стол і там спакойна
Вашы рукі выцірайце
Аб суседскія штаны.
Калі ты ў сваёй кішэні
Ні капейкі не знайшоў,
Лезь ў кішэню да суседа -
Відавочна, грошы там.
Калі твой сусед па парце
Моцна кашляе і чхае,
Абдымі яго - і ў школку
Ты ня прыйдзеш тыдні два.
Каб кароткіх замыканьняў
Ў родным доме не было,
Ты, выходзячы з кватэры,
Захапі з сабою прас,
Пыласос, электраплітку,
Тэлевізар і таршэр.
Лямпачкі вазьмі таксама,
Занясі ў суседні двор.
Але больш надзейна будзе
Перарэзаць правады,
Каб ва ўсім мікрараёне
Тут жа вырубіць сьвятло.
І з упэўненасьцю, горда
Можаш ўсім тады сказаць:
«Ад кароткіх замыканьняў
Я зьбярог свой родны дом!»
Калі, мыючы сыночка,
Зразумее раптам мама,
Што яна заместа сына
Мые нечую дачку...
То ня трэба нервавацца,
Ну хіба так гэта важна -
Ўсе аднолькавыя дзеці,
Калі брудныя яны.
Як састарэеш, то хадзі
Заўсёды пехатой.
Ў трамвай ня пніся - ўсё адно
Там сесьці не дадуць.
І зараз мала ёсьць дурных,
Каб месца саступаць,
А покуль станеш ты стары -
Ня будзе іх зусім.
Калі блізка ля дарогі
Вы гуляеце ў футбол
І, паслаўшы мяч ў вароты,
Раптам чуеце сьвісток,
Не крычыце: «Гол!», магчыма,
Гэта міліцыянер
Засьвісьцеў, бо мяч патрапіў
Не ў вароты, а ў яго.
Пераходзячы дарогу,
Не сьпяшайся пад трамвай.
Пачакай на сьветлафоры,
Ці ня зьявіцца адкуль
«Газік» хуткай дапамогі -
Езьдзяць лекары на ім.
Хай саб'юць цябе, а потым
Самі будуць лекаваць.
Калі ворагаў ты хочаш
Пабароць адным ударам,
Ні ракеты, ні патроны
Не патрэбныя табе.
Ськінь да іх на парашуце
(заканчэньне сам прыдумай)
Ворагі цераз гадзіну
Самі рынуцца ў палон.
А калі пусты радочак
Ты ня хочаш сам запоўніць,
Прапаную варыянты,
Выбірай сабе любы.
Ськінь да іх на парашуце:
Меншую сваю сястрычку,
Тату, маму і бабулю,
Дырэктрысу роднай школы,
Педсавет у поўным складзе,
Рухавік ад «Запарожца»,
Стаматолагаў дзясятак,
Капрызуліка Арцёма
Альбо Яначку Папову,
Сок са школьнага буфета
Ці «Бязглуздыя парады»...
Ворагі цераз гадзіну
Самі рынуцца ў палон.
Калі мама есьці кліча,
Пад канапаю хавайся.
Сьцішся там, каб не адразу
Тата з мамаю знайшлі.
А калі за ногі будуць
З-пад канапы валачы,
Выдзірайся і кусайся,
Усчынай сапраўдны бой.
Калі сілаю дастануць
І пасадзяць ўсё ж за стол,
З кубка выверні гарбату,
Вылі на падлогу суп.
Рот далонямі зацісьні
І са столка падай ўніз.
Падкідай уверх катлеты,
Хай да столі прыстаюць.
І з павагаю празь месяц
Людзі скажуць пра цябе:
«З выгляду худы і дохлы,
А характар - быццам сталь!»
Калі вырашылі першым
Стаць у шэрагах народу,
Ні за што не даганяйце
Тых, хто сьпераду ідзе.
Бо празь пяць хвілінаў з крыкам
Рынуцца назад ўсе бегчы,
Вы тады натоўп ўзначальце
І бяжыце як хутчэй.
Да бацькоў тваіх у госьці
Цёця нейкая прыйшла
І дарослыя размовы
Вельмі важныя вядзе?
Трэба ззаду непрыкметна
Падыйсьці да цёці, потым
Гучна крыкнуць проста ў вуха:
«Стой! Здавайся! Хэнде хох!»
І калі са стула цёця
Зь перапуду загрыміць
І гарбату ці какаву
На сукенку разалье,
То, напэўна, вельмі гучна
Будзе мама рагатаць,
Ну а тата ў захапленьні
Сам пацісьне вам руку.
Потым возьме вас за плечы
І кудысьці павядзе.
Там, напэўна, вельмі доўга
Тата будзе вас хваліць.
Ты у спэцыяльным сшытку
Падрабязна пазначай,
Хто каго на перапынку
Як далёка пасылаў.
Зь кім настаўнік фізкультуры
Піў кефір ў спартовай залі
І што тата ноччу маме
Ціхім голасам шаптаў.
Калі гострыя прадметы
Вам патрапілі на вочы,
Пастарайцеся ў сябе іх
Як мага глыбей ўтыкнуць.
Так на прыкладзе уласным
Зможаце пераканацца
Ў тым, што гострыя прадметы
Трэба ад дзяцей хаваць.
Да адказу патрабуюць?
Што ж, умей трымаць адказ.
Не дрыжы, ня хныч, ня мямлі
І вачэй не апускай.
Скажам, запытала мама:
«Хто тут цацкі раськідаў?»
Адкажы, што гэта тата
З тузінам сваіх сяброў.
Ты пабіўся зь меншым братам?
Ўсім кажы: «Ён сам пачаў,
Біў мяне нагой па шыі,
Лаяўся, як той бандыт».
Запытаюць, хто на кухні
Ўсе катлеты пакусаў -
Адкажы, што кот суседскі,
А, магчыма, сам сусед.
Як бы ты ні нагарэзіў,
Падрыхтуй на ўсё адказ.
За свае правіны кожны
Мусіць тлумачэньне даць.
Калі вырашылі цьверда
Самалёт сагнаць на Захад,
Ды ня можаце прыдумаць,
Чым пілотаў напужаць,
Вы са сьвежае газэты
Ім урыўкі пачытайце,
І яны куды заўгодна
Разам з вамі паляцяць.
Дражніцца лепш за ўсё з вакна,
Зь вялікай вышыні.
Няблага з танка падражніць
Альбо з браневіка.
Калі ж давесьці хочаш ты
Людзей да горкіх сьлёз,
То файна будзе іх тады
Па радыё дражніць.
Госьць кубак з кавай упусьціў?
Ня біце госьця ў лоб.
Наліце новы кубак, хай
Спакойна каву п'е.
Калі яшчэ раз кубак госьць
Упусьціць са стала,
Дастаньце шклянку і туды
Наліце каву зноў.
Калі ж ў гасподзе вашай госьць
Ўвесь посуд пераб'е,
Дык давядзецца за каўнер
Гарачай кавы ўліць.
Калі вас па тэлефоне
Нехта дурнем абазваў
І, адказу не счакаўшы,
Кінуў слухаўку хутчэй,
Набярыце тут жа нумар
З выпадковых іншых лічбаў
І таму, хто вам адкажа,
Так скажыце: «Сам дурны!»
Ты адрэсу роднай школы,
Дзе пашэньціла вучыцца,
Быццам множаньня табліцу,
Добра-добра завучы.
І калі ты выпадкова
Раптам стрэнеш дыверсанта,
Дык яму адрэсу школы
Неадкладна назаві.
Не сумуйце, калі ў школку
Выклікаюць раптам маму
Альбо тату. Без сумневаў
Клічце ўсю сваю сям'ю.
Хай прыходзяць дзядзькі, цёткі,
А яшчэ - стрыечны брацік,
Калі ёсьць у вас сабака,
То прыводзьце і яго.
Калі вырашыў сястрычку
Толькі жартам напужаць,
А гаротная па сьценцы
Уцякае басанож,
Значыць, жартачкі такія
Не даходзяць да яе,
І таму ня варта класьці
Ў тапці ёй жывых мышэй.
Калі з хлопцамі сястрычку
Ты застукаў на двары,
Не сьпяшайся маме з татам
Ўсё пра гэта расказаць.
Вось калі бацькі сястрычку
Будуць замуж аддаваць,
Жаніху шапнеш на вуха
Ўсё, што знаеш пра яе.
Калі раптам за табою
Злосны гоніцца натоўп.
Распытайся падрабязна,
Хто пакрыўдзіў іх і чым,
Пастарайся ўсіх суцешыць,
Кожнаму параду даць,
Толькі бег не запавольвай -
Небясьпечна для жыцьця.
Вы не крыўдуйце на таго,
Хто вас рукамі б'е.
І не лянуйцеся яму
Падзячыць кожны раз
За тое, што з апошніх сіл
Ён б'е рукамі вас,
Хаця у рукі мог бы ўзяць
Цагліну ці дубец.
Сябар твой на нарадзіны
Цябе ў госьці запрасіў?
Пакідай прэзенты ўдома,
Бо спатрэбяцца пазьней.
Лепш сядай бліжэй да торта
І ні зь кім не размаўляй,
Бо пакуль паразмаўляеш,
Ўсе цукеркі паядуць.
Дробныя бяры кавалкі,
Каб лягчэй было глытаць.
Не хапай салату жменяй -
Ў лыжку ўлезе значна больш.
А гарэшкі і цукеркі
У кішэню, брат, хавай.
Толькі сочыва ня трэба -
Цяжка будзе даставаць.