Зміцер ДАШКЕВІЧ

ЧАРВЯК

Я стаяў у “клетцы”. Гэта была адна з трох камер КПП-2 — 50 на 50 см, з цаглянымі сценамі і замест дзвярэй кратамі, якія гэтак жа адчыняліся і зачыняліся. Дзякуючы дызайнерскім асаблівасцям, буды гэтыя і называюць у народзе “клеткамі” ці “стаканамі”.

КПП-2, як і кожнае такое КПП у іншых лагерах, падзяляе жылую і працоўную зоны. Апроч камер для правапарушальнікаў, на КПП, перадусім, знаходзяцца: пакой дзяжурнага, дзе ўсталяваны электронныя прыборы кантролю калоніі; у выглядзе дзвярной рамы — металашукальнік, праз які мусяць праходзіць зэкі вяртаючыся з прамзоны. Ёсць тут яшчэ невялікі кабінецік, на сцяне яго вісіць пластыкавы макет зоны з усімі абарончымі рубяжамі: адначасова і пакой для інструктажу змены перад працаю, і перакусачная; а побач месціцца пакой для дагляду асуджаных, перад закрыццём у “стакан”. У пакоі гэтым, чамусьці, стаіць вялізны сейф.

— Што захоўваеце ў сейфе-та? — запытаў я неяк у кантралёра, каторы асабліва пільна там мяне распранаў.

— Паслядоўнасць растрэлу бандытаў пры надзвычайным становішчы, — ці тое усур’ёз, ці тое па прыколу заявіў мне даглядчык.

— Дык якія вам паслядоўнасці? — даў я ў сваю чаргу параду. — Шмаляйце ўсіх направа-налева і канцы ў ваду.

— Ну так, вады тут шмат, — загадкава пагадзіўся той.

Што мне было яшчэ казаць? Вады і сапраўды там шмат — зона стаіць у возеры. Віцебшчына — край блакітных азёраў.

— Трымай.

Я працягнуў з клеткі руку і зэк гэтак жа хутка паклаў нешта мне ў далонь ды тут жа выйшаў у шэрагу асуджаных, што вярталіся з працы ў зону.

Я расціснуў кулак—то былі тры шакаладныя цукеркі. Мяне ажно праняло: не тое, каб ад шакаладных пачастункаў (раздаваць якія невядома каму — гэта святатацтва для зэка), як ад разумення таго, што сярод гэтага шэра-чорнага натоўпу чалавекаў, усё ж, больш, чым тое можна было б меркаваць. Вось гэты—невядома хто,але не пабаяўся падтрымаць, хоць, безумоўна, ведае, што вокамгненна можа патрапіць у няласку і стаць побач, у суседнюю клетку.

— Што там перадалі табе? — адразу падскочыў малы вяртлявы кантралёр.

— Цукеркі.

— Хто перадаў?

— Не ведаю.

— Пакажы.

Я дастаў цукеркі з кішэні.

— Давай сюды.

— Ды ўжо не перапрацоўвай ты можа? — кінуў я спакойна, але з некаторым абурэннем.

— Я тут пакладу, — асёкчыся апраўдаўся Дзяніска, — непаложана.

— На, — непаложана, дык непаложана.

— Во, будуць наверсе, — і стаўшы на дыбачкі, ён паклаў непаложанае на дах майго стакану. — Па вызваленні забярэш.

Я прамаўчаў, даючы разумець, што забяру і без ягоных парадаў: дзе тое бачана, каб зэк шакалад мог забыць?!

Неўзабаве прыйшоў і мой вызваліцель — доўгі руды кантралёр з траха лупатымі вачыма. Адчыняючы клетку, ён з усмешкаю запытаў:

— Ну што ты, усё парушаеш?

— Канешне, — пацвердзіў я, выйшаўшы з камеры, і адразу згроб з даху цукеркі.

— Ты мо завязвай з гэтым?

— Не магу: парушаць рэжым — гэта маё крэда. І тут, і на волі.

— Раскруцяць жа.

— Ды кішка ў іх танка, — адсёк я ўпэўнена.

— Не, тут раскруцяць, павер мне, — паківаў той.

— Ну дык няхай і круцяць, у нас усё адно, за кожным вызваленнем ідзе арышт.

Пасля колькісекунднай паўзы рыжы зрабіў дапушчэнне:

— Тут ты мо і маеш рацыю.

— Гэта не я, гэта класік гулагаўскай прозы жыцця, — удакладніў я, ідучы ды выхаду, і кінуў на развітанне: — Давай!

— Сёння ўжо не завітаеш да нас? — падкалоў мяне кантралёр.

— Куды ж ужо на ноч? Заўтра мо, пасля “промкі”.

— Ну глядзі, нашыя апартаменты заўсёды радыя вас прыняць.

— Гэта не можа не абнадзейваць, Пятро! — падзякаваў я і выйшаў з КПП.

Перад адбоем я піў смачную гарбату са смачнымі шакаладнымі цукеркамі і думаў: “Дай Бог харошаму чалавеку здароўя і добрую жонку!”

Што такое “промка”? “Промка” —гэта галоўны інструмент перавыхавання зэка. Як падаткавікі маюць штомесяцовую разнарадку на колькасць злоўленых неплацельшчыкаў “мзды”, дзяржкантрольшчыкі — на колькасць выяўленых сабатажнікаў мадэрнізацыі і г.д., і г.д., так і турэмшчыкі маюць спушчаны з вярхоў план на адсотак перавыхоўванага кантынгенту, і адсотак не абы які — 100 працэнтных пунктаў. І няхай ніхто не думае, што гэта завялікія патрабаванні, бо зона іх не толькі выконвае, але і перавыконвае. Не, я не пра прыпіскі, усё адбываецца цалкам законна, па наступнай схеме. Выходзіць на промзону, да прыкладу, 10 зэкаў — гэта азначае, што ўсе яны перавыхоўваюцца і перавыхаваныя да рэшты вызваляюцца ўмоўна-датэрмінова ці, хаця б, “па званку”. Ужо маем 100 працэнтаў перавыхаваных. Праз колькі месяцаў— “дома” 9 з 10. Іх зноў перавыхоўваюць, зноў вызваляюць, і вось, маем мы —190%! Канешне, было б 200%, але адзін, пасля першага перавыхавання, баршчануў на волі “максімкаю” і ад перадозу аддаў душу сваю іншым выхавальнікам. Сапсаваў, паскуднік, паказнікі!

Таму, каб паказнікі не псаваць, усе павінны выходзіць на “промку”. Як там працуюць і ці працуюць увогуле —гэта іншая гаворка, а якая выніковасць —увогуле не адной дысертацыі тэма. Галоўнае — хадзіць, перавыхоўвацца. І я хадзіў, я ўмацоўваў справаздачнасць — каб турэмшчыкі мелі прэміі, каб былі сытымі і поўнымі сілаў на нялёгкую місію перавыхавання.

І заўтрашнім пагожым чэрвеньскім днём я ішоў на промку з самымі шчырымі намерамі пазмагацца за працэнтныя пункты — пазагараць. А дзень якраз выдаваўся сонечным, і пакуль неба дарыла такі шанец, я прыпальваў год не бачыўшую сонца скуру — скінуўшы кашулю, прагульваўся па пляцы.

Пляц — заасвальтаваная прастора метраў 20 на 50, якую атачаюць некалькі працоўных цэхаў прамзоны. На высокім ганку аднога з будынкаў, насупраць цэху ў якім знаходзілася мая працоўная кніжка, сядзеў на зэдліку нехта белы, быццам анёл ды пабліскваючы на сонцы схіліўся над кнігаю. Заўважыўшы мяне, белы чалавек махнуў рукой і нягучна, але дастаткова каб я чуў, гукнуў:

— Здароў!

— Здароў, — адказаў я, падышоўшы бліжэй.

Анёлам апынуўся сярэдняга росту, плячысты, жыццярадасны зэк з прасветленым шырокаскулым тварам, блакітнымі вачыма, над якімі чорныя бровы злучаліся ля самога носа, шырокаватыя ноздры якога маглі сведчыць аб характарнасці, а завяршаючы партрэт высокі лоб — аб мудрасці, ці аб заўчасным аблысенні. Закрыўшы невялічкае выданне Новага Запавету “Братоў Гедэонаў” светлы чалавек адказаў на мой запытальны позірк:

— Гэта я табе ўчора цукеркі перадаў.

— А-а, — працягнуў я. — Дзякуй. А то ж я і не пазнаў бы — хутка неяк усё адбылося.

— Не забраў кантралёр?

— Ты што, як мог ён так рызыкаваць здароўем? — пасміхнуўся я і дадаў сур’ёзней: — Не, проста ўзяў на захаванне.

— Ну дык добра, — кіўнула астрыжаная пад нуль галава белага зэка.

Я стаяў перад ім і глядзеў на цэх, разважаючы, чым тут маглі б займацца.

— Пякарня, — кіўнуў мне суразмоўца.

— Зразумела цяпер, а тое я думаю: “Што гэта такое: усе зэкі як зэкі — чорныя і чумазыя, а тут — белыя і чыстыя?” — патлумачыў я пра сваю цікаўнасць і запытаў, кінуўшы на Кнігу: — Веруючы?

— Так, канешне.

— “Канешне”, — паўтарыў я. Каму — “канешне”, а большасці б пуза толькі забіць ды чыфірнуць пад цыгарэтку.

— Так і ёсць.. — сумна прамовіў светлы чалавек, — але і на волі тое ж самое.

— Сапраўды, і на волі… — выдыхнуў я і задумаўся. — На волі толькі патрэбы іншыя.

Цяпер задумаліся мы абодва.

— Хадзіў у царкву па свабодзе? — перапыніў я паўзу, узгадаўшы аднога свайго сябра са шклоўскай калоніі, каторы перад зняволеннем наведваў пратэстанцкую царкву, потым сышоў у свет, а са свету, як і мае быць, — у месцы не гэтак аддалёныя.

— Спрабаваў, захаджваў пару разоў… І ведаў, адчуваў у сэрцы, што кліча Бог… але… ведаеш як яно бывае — свет праглынуў…

— Ведаю, — паківаў галавою я.

— І вось навука, — белы зэк абвёў рукою будынкі, — ізноў тут.

— Колькі ж табе вучыцца прапісалі?

— Дванаццаць.

— Н-да… дванаццаць, — пры агучванні такіх тэрмінаў не ведаеш што і казаць. — Гэта — ніколі.

— Зьміцер! — гукнуў ад майго цэху Віця — брыгадзір з зэкаў, да якога я быў прыстаўлены. Ці гэта ён да мяне быў прыстаўлены? Не ведаю, разабраць было цяжка.

— Нешта там хочуць, — кіўнуў я пекару. — Пайду пакуль.

— Паслухай, — спыніў ён мяне.

— Ну.

— Хацеў паразмаўляць з табою на адну тэму.

— Можна, — згадзіўся я, — тут жа суполка збіраецца ў царкву па нядзелях. Пойдзеш?

— Пайду.

— Дык во, сходзім, а пасля можна і пагаварыць.

— А ізалятар не выпішуць табе да нядзелі?

— Ну, мо, пратрымаюся на волі пару дзён, — выказаў я верагоднасць, усміхнуўшыся зэкаўскаму аксюмарану пра волю ў зоне.

Да нядзелі, усё ж, на свабодзе ўдалося пратрымацца. А 14-й, перад пачаткам служэння, я выйшаў з трохпавярховага будынку, у якім месціўся мой атрад, у “лакалку”. “Лакалкай” называюць своеасаблівы панадворак — агароджаную трохпавярховым прэнтам тэрыторыю вакол атрада, якая пазбаўляе зэкаў мажлівасці перасоўвацца па ўсёй зоне, лакалізуе іх, так бы мовіць, непасрэдна ля самай хаты. Як і любы плот у вёсцы якой, лакалка таксама мае весніцы, але тут — жалезныя, з тых жа прэнтаў, і на электрычных замках. Таму, у адрозненне ад панадворку уласнай хаткі, з панадворку зонаўскага зэк выйсці самастойна не можа — толькі пад суправаджэннем заўхоза атрада (з зэкаў) ці супрацоўніка калоніі.

Агледзеўшыся ў “лакалцы”, якая ў выходны сонечны дзень была падобна на ходнік сталічнага праспэкта перад Макдакам, я ўбачыў ля весніц пекара, каторы прыхіліўшыся да плота слухаў кагосці, актыўна жэстыкулюючага перад ягоным тварам. Белы чалавек сёння быў ужо гэткім ж шэра-чорным, але выдзяляў яго з агульнае масы такі ж прасветлены твар і яшчэ вялікая Біблія, якую ён, узяўшы рукі пад пахі, прыціскаў да грудзей.

— Вітаю, — прамовіў я цішэй, каб не перашкаджаць размове —у прыстойным калектыве гэта не прынята — і махнуў галавою: — Ідзеш?

Якраз у гэты момант пачалі выходзіць з “лакалкі” асуджаныя, што меліся ісці на служэнне, і пекар з заўсёднаю ўсмешкаю спахапіўся: — О, хадзем!

Мы тут жа выйшлі ў шэрагі іншых жадаючых асвяціць сёмы дзень.

Пакойчык, дзе збіраліся па нядзелях хрысціяне, знаходзіўся ў суседнім будынку, старым корпусе зоны — базыльянскім кляштары.Веруючыя, будуючы яго ў XVII стагоддзі наўрад ці маглі ўявіць, што сцены гэтыя будуць служыць людаедам бальшавіцкім, потым нацысцкім, потым ізноў бальшавіцкім, а ўрэшце рэшт стануцца самай жорсткай зонай Беларусі, дзе толькі ў некалькіх пакоях раз на тыдзень будзе дазволена маліцца.

Для таго ж, каб у пакойчык той патрапіць, трэба было загадзя падаваць замову адміністрацыі, якая складала спіс, і нядзельны паставы, каторы дзяжурыў на невялікім пятаку зону — выхадзе з двух “лакалак”, — правяраў, ці не праціснуўся сюды лішні — які-небудзь жадаючы прабрацца са свайго корпусу ў суседні да земляка на гарбату.

Адзін раз перад гэтым я ўжо быў на служэнні, якое праводзіў дыякан мясцовай пратэстанцкай суполкі, і якое наведвала штотыдня дзесяць-дванаццаць авец, з каторых некаторыя былі ўжо знойдзены. Гэтым разам нас таксама выйшла чалавек дзесяць. Кантралёр пералічыў паству па спісе, і я памкнуўся ўжо ісці за астатнімі, як заўважыў, што светлы чалавек стаіць са сваім таварышам на месцы ды гэтак жа прыціскае да грудзей Біблію, і таму я яго падахвоціў:

— Дык пайшлі!

— Не, я ж у праваслаўную, — адмоўна закруціў ён галавою.

— Праваслаўную? — утаропіўся я.

— Так.

— Ну… давай тады… мо як убачымся, — прамармытаў я і пасунуўся за сваімі адзінаверцамі, каторыя ўжо заходзілі ў суседні лакальны ўчастак кляштарскага корпуса.

Цікава, праваслаўны… І адкуль прыйшло мне, што пратэстант ён? Зрэшты, праваслаўны — і дзякаваць Богу — Хрыстос Адзін. Мо яшчэ пагаворым калі-небудзь — бліжэйшыя паўгода нікуды з зоны я не збіраюся.

* * *

— Можа давай у ніжнюю пасадзіш, каб не валачы кешары гэтыя.

— Не, Зьміцер, ніжнія цякуць там пастаянна, давай наверх, — адказаў на маю просьбу старэйшы змены, мой цёска прапаршчык Зміцер.

Прыйшлося цягнуць дзве торбы пажыткаў па вузкай жалезнай лесвіцы, якая пад вострым вуглом злучала адзіночныя камеры першага і другога паверхаў. Паставіўшы рэчы на падлогу, зробленую з навараных прэнтаў так, што можна было бачыць скрозь іх ніжні паверх, я спусціўся за матрацам. Гэтым разам прапаршчык падняўся следам за мною, адчыніў другую ад вугла камеру — 20-ую, і з усмешкаю прамовіў:

— Міласці просім!

— Дзякуй за сэрвіс!

Як толькі дзверы за мною зачыніліся, хуткімі ўдарамі ў сцены затарабаніў сусед — жыхар сярэдняй з пяці адзіночак на паверсе. Гэта быў маяк на сувязь, і я крыкнуў:

— Гавары!

— Хто заехаў?

— Дашкевіч.

— А-а… І што далі?

— Год.

— Нармальна… Ну дык з новым годам!

— Дзякуй, і табе не хвараць, — адказаў я, зацягваючы рэчы далей, углыб камеры. — Давай пазней перамовім, трэба раскласціся.

— Добра, — згадзіўся зэк з 21-й, — маякуй як што!

Для раскладвання, у прынцыпе, варыянтаў шмат не было: усёй адзіночкі маёй было метр ушыркі і два ў даўжыню. Адразу ля дзвярэй знаходзіўся пляскаты ўнітаз з кранам над ім. За эканамічным вынаходніцтвам унітаза-ўмывальніка мацавалася да сцяны яшчэ адна знаходка камуна-гулагаўскай інжынерыі — ложак-стол: жалезная нара, да якой знізу прывараны столік у 25 на 25 сантыметраў. Калі нара на дзень падымалася і прышпільвалася да сцяны — у хаце з’яўляўся столік, калі нара на ноч апускалася — столік знікаў. Побач з нараю быў увараны ў дол жалезны зэдлік, але аддадзім належнае, з прышрубаванаю на ім у часы “перабудовы” драўлянаю дошчачкаю. На ноч зэдлік знікаў таксама — на яго клалася нара. У сцяне насупраць дзвярэй была даволі вялікая, і тым больш для адзіночкі, фортка шырынёю амаль у шырыню самой камеры і вышынёю троху больш за метр. Пад вакном дзве шырокія трубы служылі батарэяй.

Такія адзіночкі вы не сустрэнеце ў Беларусі больш нідзе. Так сведчаць стрыжаныя. Гэта толькі тут, у былой, — адной з трох на ўсю краіну Саветаў, — зоне асобага рэжыму. Цяпер “асобікаў” сядзіць ў калоніі ўсяго тры камеры, а вось дзесяць адзіночак, для іх прызначаных, служаць усім “страгачам”.

Агледзеўшы гаспадарку сваю, я ўзяўся за выканне галоўнага рытуалу зэка — варкі гарбаты. Хоча зэк тое ці не вельмі жадае, але як толькі з’яўляюцца пад рукою кіпяцільнік і разетка, зэк абавязаны заварыць чорнай травы. Пры адсутнасці прыладаў для варкі, зэк мучыцца доўга не будзе: ён раскладзе вогнішча, сцягне агонь з неба ці яшчэ што-небудзь вынайдзе, але травы, чорнай як ягонае жыццё, заварыць.

Я расклаў нару, якую не замыкнулі — меў права карыстацца ёй і ўдзень, да ўступлення прысуду ў законную сілу я быў ў статусе падследчага і сядзеў у адзіночцы ва ўмовах агульнага рэжыму. Стала бачна, што пашпацыраваць тут ужо не атрымаецца — ад сцяны да нары заставалася сантыметраў трыццаць. “Ладна, яшчэ панашпацыроўваюся,” — думаў я раскручваючы на жалезным ложку тонкую сваю “вату”, на якую з гарачым кубкам у руках адразу прысеў і прыхіліўся да сцяны.

Цяпер можна было б нават выдахнуць, быццам пераадолеўшы самы цяжкі жыццёвы этап. Этап і сапраўды быў не з простых, але колькі іх зараз наперадзе, этапаў гэтых, і дзе канец іхні — ведае ўжо адзін толькі Бог. Таму раслабляцца не выпадала. Аднак так хацелася троху, але адысці ад рэальнасці, перавесці дыханне, забыць пра ўсё!.. Хаця б на гэтыя шэсць сутак. Шэсць сутак, якія я маю да новага этапу ў невядомасць.

“Здароў, Дзёня!”, “Дзёня, здароў!”, “Дзяніс, здаровенька!” — віталіся ПКТэшнікі, падымаючыся па жалезнай лесвіцы на шпацыр.

“Здароўкі!”, “Вітаю, сябры!”, “Здаровенька!” — адказваў зэк з 19-й, той вуглавой адзіночкі ля самае лесвіцы.

Так паўтаралася тры разы — у колоніі было тры камеры ПКТ, якія знаходзіліся ў суседнім будынку, што амаль прыліпаў да нашага — тут месціліся і мы, і прагулачныя дворыкі, таму ПКТэшнікі ішлі гуляць паўз адзіночкі.

Завёўшы на прагулку ПКТ, кантралёр падышоў да нашых камер і запытаў у 19-й: — Зараз на “ гулку” пойдзеш ці пасля абеду?

— Давай зараз, — адказаў надта папулярны арыштант з вуглавой.

— А ты? — адчыніў старшына вочка у маёй хаце.

— Давай таксама зараз, — пацвердзіў я, вырашыўшы падымацца, — чатырнаццаць гадзін сну, для першага разу, дастаткова. Ды хацелася таксама і з ПКТэшнікамі перасекчыся (некаторых з іх ведаў з часу сваёй адсідкі ў ПКТ) і карцела пабачыць, што ж за сусед у мяне такі аўтарытэтны.

Апытваць астатнія адзіночкі кантралёр не пайшоў — шасцярых прагулачных дворыкаў на ўсіх не хапала усё роўна, і змена ў любым выпадку вымушана была выводзіць на прагулку яшчэ адну партыю, замест таго, каб сядзець спакойна пасля абеду і пацягваць “купчык”.

Кантралёр завёў майго суседа і прыйшоў за мною.

— Пайшлі, — кіўнуў ён, адчыніўшы дзверы.

— Пайшлі.

Мінуўшы адзін невялікі пакой, які аддзяляў адзіночкі ад дворыкаў, я адчыніў дзверы на вуліцу і ступіў на дах. Так, такіх дзівосных дворыкаў для прагулкі няма нідзе: апроч таго, што яны на даху, дык яшчэ і сцен не маюць, замест якіх — краты, і таму можна не толькі пабачыць зэкаў з суседніх камер, але і назіраць за цудоўнымі краявідамі, якія адкрываюцца з даху: возерам, лесам, дарогаю за ім, а потым ізноў: возерам, лесам, прыгожымі домікамі дзіўнага краю блакітных азёр, кляштароў і зонаў.

— Здаровенька! — павітаўся я.

У адказ загучала некалькі галасоў. Я зайшоў у апошні дворык. Перада мною адзін быў вольны, у наступным гуляла чалавек шэсць, у іншых таксама соўгаліся шэрыя постаці.

— Ну як ты, Дзімыч, асудзіўся? — запытаў Віталя, адзін са знаёмых мне па ПКТ асуджаных.

— Дык дзякаваць Богу, асудзіўся.

— Ведаем мы ўжо, ведаем. Нармальна адважылі табе, мы тут не думалі, што столькі дадуць.

— Ды я і сам не думаў. Спачатку я не думаў, што пачнуць круціць; потым я не думаў, што раскруцяць; потым — што так адважаць, — я ўсміхнуўся. — А цяпер яно і сапраўды: далей лепш ужо нічога і не думаць.

— Да, бо ёсць у стацці чатыры–адзін-адзін пачатак, і няма ў ёй канца, — агучыў філасофію ўсіх парушальнікаў рэжыму адзін з зэкаў і, сустрэўшыся са мною позіркам, запытаў: — Памятаеш мяне?

Я паглядзеў на зэка, потым іншых агледзеў, большасць з каторых не ведаў — за тры месяцы пасля майго вызвалення з ПКТ кантынгент змяніўся амаль цалкам. Гэты ж твар быў быццам знаёмы, але ніяк не мог прыгадаць, дзе я яго бачыў?

— Не.

— Алег мяне, памятаеш: у каранціне, у “Горках”, гарбату мы пілі, фоткі я свае табе паказваў?

— Ага, было такое, — узгадаў я. — Ты прабач, не заўсёды прыгадаеш адразу — столькі гэтых турмаў-этапаў-зонаў. А ў “Горках”, што я там: пару дзён каранціна і — ў ізалятар, а потым як выйшаў, дык вас там ужо па атрадах раскідалі.

— Ну так, павалтузілі цябе. Але я сачу за табою! — рапартаваў Алег. — Чытаю ў “Народнай Волі” пастаянна. Ты — маладзец, я це гавару, руліш граматна.

— Граматна? — у дадзеным кантэксце такі выраз азначаў, што я сам сабе шукаю прыгодаў. — Век бы грамацейства гэтага не бачыць. Я проста не магу дазволіць перамалаціць сябе, ды яшчэ каб задарма, — патлумачыў я сваю грамату і дадаў рэалістычную ацэнку: — Канешне, могуць сажраць, але хаця б пару чалавек ды падавіцца.

Прайшоўшы пару разоў па клетцы, узгадаў я добрым словам беснаватую горкаўскую калонію і запытаў:

— А што, чытаюць такія газеты яшчэ ў “Горках”?

— З цяжкасцямі. Гэта ўжо як ты паехаў, блатныя хадзілі і забаранялі “Народную Волю”, “БелГазету” падпісваць. А не, каму — у мазгі, каму — “рамсоў” навешаюць, ты ж ведаеш, як яно там робіцца, калі хто супраць операддзела.

— Ага, троху сербануў.

— Ну во, сам не разумею — як выграб? — выказаў здзіўленне Алег і зацягнуўся цыгарэтаю. —Я ж там па справе пісаў ўсё, і ў “БелГазету” дасылаў некалькі разоў, але ў “Горках” не выпускаюць такое. Паскандаліў потым з блатнымі, далі паўгода ПКТ і адразу вывезлі. Ды і дзякуй Богу! Зараз, во, хоць даслаў у “Белку” дакуманты свае. Мо хаця б яны разварушаць што, бо спадзявацца ў гэтай дзяржаве няма на каго.

— Гэта так, спадзявацца можна толькі на скуру сваю, — згадзіўся я і вырашыў пацікавіцца яшчэ пра лёс аднога свайго завочнага сябра, каторы сербануў у “Горках” за мяне добра: — А што Ладноў Дзяніс, вызваліўся?

— Ну так, выйшаў з ПКТ і праз тыдзень— на волю.

— Дык а прыязджалі да яго з праверкамі?

— Былі нейкія, але ён пайшоў у адмову: не было такога, я — ні я.

— Як так? Яго ж там пры мне калацілі… Сіні як ізалента быў, — не мог зразумець я такой “адмовы”, узгадваючы тым больш, як лупілі Дзяніса на “прадоле” ізалятара і, каб не чутны быў ягоны дзікі роў, цягнулі па падлозе ў лазню. Лазня ж у “Горках” выконвае дзве функцыі: пакой для мыцця, дзе зручна раз на тыдзень адшараваць гразь; і пакой для біцця, дзе яшчэ зручней збіваць біялагічную адзінку пад назваю “зэк”: па-першае, ніхто не чуе, а па-другое, хутка змываецца кроў са сценаў і падлогі — толькі пару тазікаў вады і трэба.

— Ты што, не разумееш, што такое “дзявятка”? Гэта цябе там — ды яшчэ з адвакатам — пабойваліся. А так — праверка прыехала і ўехала, а людзям жыць потым як? Ды нават калі і пакажаш пабоі, — махнуў рукою Алег і задаў самае важнае пытанне: — як дакажаш, што ця блатныя з мусарамі валтузілі? А потым прыдуць блацюкі ў камеру, паламаюць косці і шчэ ў “петушатню” загоняць. І колькі там такіх выпадкаў было! Таму, каму гэта трэба, Дзімон?

— Н-да, сітуацыя вясёлая… — паківаў я галавою і выказаў найбольш для мяне і заўсёды незразумелае: — Самае парадаксальнае, што церпяць жа, рабы!.. Ды і з гэтымі, беснаватымі, ніхто нічога зрабіць не можа.

— Пастой, прыйдзе іхні час, павер ты мне. Адзін там ужо быў, вызваліўся, пасля знайшлі з паламаным хрыбтом. Хутка дадуць справаздачу і ванькі з петраковічамі, — упэўнена і пасміхаючыся сцвердзіў мой горкаўскі знаёмы, і настойваючы паўтарыў: — Час прыйдзе.

Нельга было не пагадзіцца з такою лагічнаю высноваю, аднак, у нашым выпадку, падалося мне неабходным удакладніць:

— Прыйдзе, але не таму, што нехта прыспешыць, а таму што ёсць жалезны закон быцця, які яшчэ ніхто не перахітрыў: што пасее чалавек, тое і пажне.

— Не, гэта таксама праўда, — кіўнуў Алег, закурваючы наступную. — Во, Кавалёва ж знялі.

— Да ты што, ён жа помнік?! — здзівіўся я, ўзгадаючы каларытнага персанажа — начальніка горкаўскай зоны Кавалёва, каторы такім шалёным лямантам гарланіў на мяне падчас выпісвання ізалятара, што я не мог разабраць ні слова, і толькі ягоны намеснік Лапатка перакладаў мне: “Пшол во-о-он!”

— Бывае і помнікі аб зямлю грукаюцца, — трапна адзначыў суразмоўца. — Але “чаму”, толкам ніхто там не ведае. Прыехала нейкая праверка на промку, быццам выявілі там процьму чорных схемаў, па якіх муцілі з мэбляй і лесам. Некалькі галоваў паляцела. Мо самі хутка некаторыя апрануць?! — Алег патрос рукою на грудзях робу.

Сапраўды, часам шанец апрануць робу выпадае і тым, хто сёння сам зэкаў у гэтую робу апранае, але толькі ў тым разе, калі заграбаў персанаж і не дзяліўся. А калі распіл адбываецца на ўсе лапы справу робячыя і яе кантралюючыя, дык схема жалезабетонная і стаіць доўга, вельмі доўга. Амаль вечна… “Дык няўжо хапугі ўсе такія, начальнікі зонаўскія?” — законна абурыцца хто-небудзь. Не, канешне, не ўсе — паўсюль ёсць людзі сумленныя. Але ж і з гэтага боку ўсё тое самое, што і з таго: улада, улада поўная, абсалютная і ніякім абскарджванням непадлягаючая. Як утрымацца ад гэткае ап’яняючае спакусы і ўсіх даброццяў з ёю звязаных? Ясная справа, гэта не дзесяць мільёнаў, але нават калі пару тысячаў рабоў пад тваім абцасам, як жа тут не абзавесціся сваім Кіраўніцтвам справамі?

— Пагулялі, і харош! — агучыў устаноўку зайшоўшы на дах прапар.

Салдацік-навабранец,каторы, кантралюючы нас хадзіў уздоўж дворыкаў, пачаў адчыняць адну з клетак з ПКТэшнікамі.

— Што, ужо ўсё? — абурыліся тыя, хаця і самі ведалі, што “усё”.

— А як хацелі? Усё па кодэксе: патрэслі касцямі паўгадзіны і — ў склеп свой.

Жыхары склепа спрачацца не збіраліся і вярталіся ў хаты, развітваючыся са мною і такім шануемым страгачамі чэлам з іншае адзіночкі, каторы гуляў у скрайнім ад мяне, першым дворыку. І калі ўсе выйшлі, я угледзеў, што суседам маім, Дзёнем, ёсць колішні знаёмы — белы пекар. Я радасна узняў далонь.

— Здароў!

— Здароў! — махнуў у адказ і светлы чалавек.

— Як гэта ты тут апынуўся? — прыкрыкнуў я зважаючы на чатыры клеткі паміж намі.

— О, доўгая гісторыя, — з незыходзячай з твару ўсмешкаю адказаў ён і запытаў кантралёра: — Не выводзяць нас яшчэ?

— Не, на агульных жа умовах — гуляеце гадзіну.

— Ды, на працы там… — хіба нехаця пачаў Дзяніс, — прыйшлося ўгаманіць аднаго.

— Гэта тая бойка? — прыгадаў я абмяркоўваемую апошнімі днямі між зэкаў падзею — рукапашную на прамзоне.

— Ну, — кіўнуў пекар, —не здолеў стрываць.

— Усяк жа бывае. Яно мо і не заўсёды правільна — трываць.

— Не, я ведаю: мяне Госпад вучыў цярпенню, пакоры. А я сарваўся.

Я сам сабе ўсміхнуўся : філасофія пакоры для Беларусі не нава. Многія памылкова (а мо і адмыслова) інтэпрэтуюць біблійны заклік упакорыцца Хрысту, як загад упакорыцца усяму і кожнаму. Не ведаю як каго, а мяне гэтая ідэалогія памяркоўных і талерантна-прыгнечаных, узведзеная некаторымі тэолагамі ў культ, прымушае праведна абурыцца і пасекчы апанента параю новазапаветных прыкладаў (найбольш падабаецца мне памяркоўны Павал, каторы першасвятару, загадаўшаму ўдарыць апостала па твары, кажа, чыста так па-памяркоўнаму: “Дык няхай ударыць цябе Бог, сцяна пабеленая!”(Дзеян.23:3) ), але тут абурацца ніяк я не мог: з аднога боку, было бачна, што Дзёня ўсё ж не з тых, хто чалавекам упакорвацца будзе, а з другога, нават, калі і патрапіў ён пад недарэчныя ідэі, але выказваўся з такім прасветленым абліччам, што мог я толькі ўсцешана ўсміхнуцца:

— Што ж за нягоднік збіў цябе са шляху?

— Ёсць там зэк адзін, камендант прамзоны.

— А гэта што? — такой зэкаўскай пасады чуць у калоніях мне яшчэ не даводзілася.

— Ды ніхто толкам і не ведае “што”, — махнуў рукою Дзёня. — Ходзіць буры такі ды ўсё кімсьці камандваць спрабуе. У асноўным муціць з кабелямі: кілаграмы на сябе закрывае, зэкам — па пару блокаў “Прымы”. А ў дадатак і жыць спакойна не дае: то жалеза забярэ, каб спортам не займаліся (ходзяць яны потым свае ж гантэлі ў яго выкупляюць); то не выпускае ў душ, пакуль зэк норму медзі не здаў. А калі няма кабеляў, дык што не мыцца зэку? — пекар спыніўся ў дворыку і паглядзеўшы на мяне дадаў: — Ты ж ведаеш у якіх умовах працуюць людзі, як цярпець такое?

Што адказаць Дзянісу я не ведаў — не хацелася мне яго засмучваць зусім: тыя ўмовы, у якіх працуюць у “Глыбокім”, дзе на промцы ёсць лазня ў 15-20 душавых кранаў і мыйся хоць кожны дзень — люксавыя, калі параўнаць з тым, што бачыў я хаця б у папярэдняй сваёй камандзіроўцы — у “Горках”.

Горкаўскія цэхі па дабычы каляровых металаў (у асноўным —медзі і алюмінія) з адпрацаваных кабеляў, умяшчаюць сотню-другую мурзатых твараў.

Перад пачаткам працы да цэха пад’язджае які МАЗ і вывальвае пад “лакалку” гарукабеляў, на якую зэкі тут жа кідаюцца з усіх бакоў і яна пераўтвараецца ў жывы арганізм: адзін цягне кабель, другі — зэка за нагу, трэці з чацьвёртым чысцяць лычы адзін аднаму — ідзе грамадзянская вайна, у якой кожны імкнецца заваяваць паболей здабычы

Пасля падбітыя ваякі цягнуць трафеі ў цэхі і — усе ў мазуце, саляры і шчэ якой гадасці — пачынаюць іх драць, здабываючы для радзімы каляровы метал. Тут нябёсы разраджаюцца дажджом (а дажджы неяк вельмі любяць цудоўную горкаўскую зямлю і дзікунскую горкаўскую калонію), і цэхі пераўтвараюцца ў вялікую душавую кабіну — зліва з даху палівае ўсё: чорных рабоў, кабеля, мазут і нават мусара якога, што зайшоў пракантраляваць медны руднік. А пячорныя людзі каменага веку, хоць у руках у іх прылады металёвыя, усё дзяруць, дзяруць, дзяруць: норма-та — 60 кг!

(Чытач, калі ты маеш дома адпрацаваны медны, алюміневы ці любы іншы кабель, ніколі, ніколі не здавай яго на пункт пераапрацоўкі! “Закапай яго!” — умаляюць цябе разам са мною ўсе зэкі Беларусі. — Не ўмацоўвай рабаўладальніцкі лад на Бацькаўшчыне!)

Паўцэнтнера алюмінію (гэта ж — цэлы воз!), канешне, здаць за змену нерэальна і ніхто ўстаноўку са столі ўзятую не выконвае. Падавалася б тады: навошта ўвогуле норма гэтая, хворымі людзьмі выдуманая? Аж не, людзі-та не хворыя, людзі — граматныя і добра прашараныя: норма для таго, каб любога і ў любую секунду можна было прыцягнуць у цугундзер за яе невыкананне.

Пасля працы пячорнаму рабу хацелася б прыняць не імправізаваны небам, а просты, штучны душ. І вось, заходзіць ён на ўмывальнікі — і што бачыць? На ўмывальніках ён бачыць чатыры ракавіны і тут жа, за невялікаю перагародкаю — чатыры, адна ля адной дзіркі (даруйце, даруйце мне дзеці, жанчыны, натуры тонкія і вытанчаныя — усе даруйце!), за дзень сотняю зэкаў заваленыя натуральнымі і ненатуральнымі выкідамі замучаных баландаю страўнікаў. У такой абстаноўцы мыйся як хочаш: тут — чатыры ракавіны, дзе ценяў восем, паздымаўшы кашулі, штурхаючыся, шаруюць далонямі па грудзях, а побач — дыміцца чатыры гары …

Я скажу дакладна, каб не быў я зэкам, каб быў я нармальным чалавекам і прачытаў такое, седзячы пры гальштучку за кампутарам, альбо ў газетцы, у халаціку разваліўшыся на канапе, не паверыў бы я і сам, што такое можа быць у IIIтысячагоддзі. Але, клянуся вам: так і ёсць! Абы толькі не “ехалі” вы правяраць мяне ў “Горкі”!

Ну і ці можна з такім дзікунствам параўнаць што-небудзь у свеце? Можа быць толькі канцлагеры ў Паўночнай Карэі.

Ізноў, хацелася б абурыцца: чаму рабы церпяць?! Чаму не патрабуюць наймінімальнейшых умоваў, якія адрозніваюць чалавека ад быдлоты?! Але, узгадваю я словы Алега пра наступствы для патрабуючых… і разумею, што і абвінаваціць няма каго: каб стацца свабодным, раб павінен быць гатовы развітацца са сваім рабскім жыццём. А гэтыя: хочуць хаця б неяк, але існаваць, думаючы, што, выбраўшыся з дзвюхтысячнай зоны ў дзесяцімільённую, яны будуць вольнымі.

— Як цярпець? — паўтарыў Дзяніс.

— Нельга цярпець, — згадзіўся я. — Але ж, церпяць.

— Я спакойна глядзець на такое не магу, — адрэзаў праўдашукальнік і, вытрымаўшы паўзу, працягнуў: — Неяк кажу яму: “ Што ты тварыш, ё-маё?! Ты з людзей маеш, дык дай жа і ім дыхаць!” Ён на нейкі час супакоіўся, а потым ізноў: панапрыдумваў “лакалкі” варыць каля цэхаў, каб зэкі не маглі з амбараў сваіх выходзіць нават паветрам падыхаць. У нас там, ля пякарні, таксама пачалі варыць клетку, а ён бегае ўсё і кантралюе. Я, гледзячы на рух такі, прыкалоўся: “Вам, — кажу, — і наглядчыкаў не трэба, вы тут самі гатовыя пазаварваць сябе з усіх бакоў у арматуру.” Ну і што ты думаеш? Пайшоў ён аперам наплакаўся, што хаджу я, маўляў, ды агітую зэкаў кіпішаваць супраць “лакалак”. Мяне выклікаюць, я ім тлумачу: “Якая мне розніца, вараць яны самі сабе наморднікі, дык няхай вараць — кожны ж вызначаецца перад начальствам як можа”. Ну троху прыкалоліся мы, ды пайшоў я з мірам.

А тут, праз пару дзён, рушым мы на абед з сябрам маім, Максам, і гэты насустрач: “Ну што, раздухарыла ця? Думаеш, адмазаўся?” — запытваецца нахабненька так і дадае сасмяшком: “Пачакай!” Але я ўжо не чакаў: даў раз у зубы і — з капыт небарака. Падняўся ды пабег. Макс кажа: “Ну што, пайшлі на “кічу” пераапранацца?” “Пайшлі,” — кажу. Ну і сапраўды, толькі мы пераапрануліся, за намі прыляцела ўжо змена. Далі нам спачатку па дзесяць сутак — ціпа не па форме адзення хадзілі па промцы, а потым Макса ў зону вызвалілі, мяне — на агульныя ўмовы ў адзіночку ды паабяцалі цягам месяца вывезці.

— І ў чым сэнс? — запытаў я, не разумеючы такіх падыходаў.

— Каб не было канфліктных сітуацыяў надалей, — патлумачыў добры пекар і па сумяшчальніцтву угамонвальнік борзых, — кагосьці з двух трэба вывозіць. Зрэшты, нармальна, зменім абстаноўку. Ва ўсім трэба шукаць станоўчыя моманты. Для мяне гісторыя гэтая — мажлівасць пераасэнсаваць рэчы некаторыя, гардыню сваю ўпакорыць, хаця б трошку цярпенню навучыцца…

Дзяніс задумаўся.

— На ўсё Ягоная воля. Хто я такі, Дзімон?

— Чалавек, —усміхнуўся я гэтаму простаму пытанню.

— Чарвяк я, — таксама з усмешкаю, але асвечанаю сумам абвесціў светлы чалавек. — Калі Ён так дапусціў, Ён ведае, што робіць.

Сапраўды, хто мы такія у гэтым валадарстве ценяў: чалавекі ці чарвякі? У такой дылеме сходу разабрацца было цяжкавата, і я пацвердзіў тое, у чым быў перакананы:

— Так, Ягоныя шляхі, не нашыя шляхі.

— Ну і самы пазітыўны аспект, — Дзёня строс сум і зноў заззяў, — з табою ўбачыліся.

— Да ты што, — сумеўся я. — Ці яно таго каштавала?

— Каштавала. Бачыш, які провід Божы: планавалі мы планавалі сустрэцца, а тут во — у адзіночках стрэліся.

Нейкі час пахадзілі мы туды-сюды па клетках сваіх, разважаючы над провідам Божым, пакуль не прыйшоў прапаршчык і за намі.

— Дзімон, — клікнуў Дзёня, калі мы былі ўжо ў адзіночках.

— Ну, — адказаў я, лежачы на нары, і нават на крык не пераходзячы — акустыка у будах нашых была такая, што можна было размаўляць праз сцены звычайным голасам.

— Маеш што есці?

— Перад судом хадзіў у атаварку, дык троху карамелек шчэ засталося, — адказаў я ды ніякавата самому стала ад гэткага сумнага падрахавання, і я натхнёней дадаў: — І паўпачкі маргарына!

— Дык я “заганю” табе па абедзе.

— Ды не, супакойся ты, табе б самому было.

— У мяне ёсць, — запэўніў сусед. — Мяне ж на агульныя ўмовы закрывалі з атрада, з усімі рэчамі, а перад кічаю паспеў я перадачу атрымаць ад мамкі.

— Дзёня, усё роўна неяк няёмка аб’ядаць цябе. Ты сам кушай, а я хутка на турме буду, там ад’емся да этапа.

Праз паўхвіліны Дзёня, з крыху засмучанай інтанацыяй, гукнуў:

— Паслухай, Дзімон, ты так не гавары. Я ж ад шчырага сэрца.

І хаця трэці закон зоны ніхто не адмяняў, але не пагадзіцца тут было ўжо нельга — гэта сапраўды засмуціла б чалавека, каторы жадае дапамагчы ў прастаце сэрца. І я, крануты шчырасцю добрага пекара, адказаў:

— Добра, сябар, давай пачастуемся!

Праз пару гадзін, па абедзе, раздатчык ежы выдаў мне суп з кашаю і перадаў ад Дзяніса, каторага карміў перад гэтым, пакунак. Я адразу, як ісцінны галадаючы, пачаў даставаць усё, што там было — о, сады Семіраміды! — цукеркі, кавалак сыра, каўбасы, маянэз, яблычкі, яшчэ нешта і нават піражкі самаробныя — выглядала на тое, што гулянка будзе ў мяне сёння да самае ночы.

— Дзёня!

— Так, Дзімон.

— Дай табе Бог здароўя і добрую жонку!

— Дзякуй, — засмяяўся Дзяніс, — кушай на здароўе!

Назаўтра мы дамовіліся ісці на прагулку пасля абеду, асобна ад ПКТ, каб можна было спакойна пагаварыць. Нас вывелі утрох: мяне, Дзёню і высокага бледнатварага зэка гадоў 30-ці — суседа з 21-й, каторы і віншаваў мяне з новым годам. Сусед гэты быў пастаянна навесяле і на радасцях ажно прыпрыгваў падчас хады, а калі спыняўся, каб што-небудзь паведаміць суразмоўцам, твар ягоны, не абцяжараны пакутнымі развагамі аб быцці, прыўкрасна лыбіўся і час ад часу падміргваў правым вокам.

— Санчоўс, дык і ты вырашыў прагуляцца? — звярнуўся да яго Дзяніс.

— Канешне, — правае вока міргнула, — трэба падыхаць восенню.

Так, надышоў першы дзень восені: быццам па каляндарным загадзе лес фарбуецца ў жоўта-барвовыя адценні, а паветра свяжэе. Мы стаялі, узіраючыся ў краявіды і паглынаючы першавераснёўскае хараство…

…А ў памяці паўставалі ўспаміны аб першым верасні: бесклапотнае дзяцінства: кветкі, ранец, новыя сшыткі і кнігі з натхняючым пахам друкарні, лінейка, першакласніца са званочкам у руках на плячы ў выпускніка. Чаго дасягнулі мы з тых далёкіх часінаў, якія патанаюць у восеньскім ранішнім тумане? —думаў, напэўна, кожны. Ці споўніліся летуценні дзіцячыя? Наўрад ці нехта з нас уявіць мог, што калі-небудзь першага верасня мы будзем выходзіць не на школьную лінейку, не ва ўніверсітэцкую аўдыторыю ісці будзем і не на працу на карысць Бацькаўшчыны, а як парушальнікі ўсіх рэжымаў гэтай Бацькаўшчыны, пасунемся са сваіх адзіночак у прагулачныя клеткі, радуючыся, што цэлых 60 хвілін дазволена нам глядзець на свабоду і дыхаць вольным першавераснёўскім паветрам.

— Эх, прыгажосць! — гукнуў Дзёня. — Глядзеў бы і глядзеў бы!

— Пакуль што гэта ўсё, што нам застаецца, — прыпрыгнуў Санчоўс.

— Нічога, загляне сонца і ў нашае ваконца, — абнадзеіў я.

— Калі ў маё загляне, Дзімон, — з сумам выдухнуў пекар, углядаючыся ў далягляд, — я і думаць не жадаю — наперадзе восем зімаў.

Мы пачалі шпацыраваць па клетках і я запытаў:

— І што, надзеі на перагляд ніякай?

— Па маім артыкуле, 139-м, і пісаць-та няма сэнсу, бо я ж мог выхапіць і 25-ку, і лоб зялёнкай.

— Да ты што? — здзівіўся я, спрабуючы ўявіць сабе светлага чалавека з зялёнкаю на лбе.

— Так, таму я і казаў табе, што яшчэ сарваўся. Але як па самой справе і тым, што ды як там было, дык я канкрэтна ўзгруз, аднак справу ніхто не перакваліфікуе і не перадаследуе… Таму — сядзець, Дзімон, трэба сядзець.

На маю просьбу расправесці пра справу, Дзяніс пачаў аповед.

—“Дзялюга” такая. Быў там у нас, у Паставах, чэл адзін, бандзюкаваты такі. Праўда, я і сам з тых. Па-першае, з маладосці так склалася — як далі мне ў 16 год “трошку” за хуліганку — ажно галава затрэслася —так і пайшло па накатанай. Па-другое, і гарадок у нас даволі бандзіцкі — да апошняга часу нават “абшчак” збіраўся на “жулікаў”, чаго ў Беларусі ўжо даўным даўно не бачана. І вось чэл гэты, Кірыл, судзімы-перасудзімы, спаліў машыну сяброў маіх, двух братоў. Потым ён чамусьці вырашае (відаць, каб разборак пазбегнуць) сплаціць за машыну ды просіць мяне звесці яго з братамі, каторыя судзімыя самі і таму заяву не падавалі. Ну, я звёў —прыйшлі мы разам да іх на хату. З чэламі гэтымі я, дарэчы, прайшоў агонь і воду і якіх толькі дзелюг не муцілі, і перакананы я быў у іх, як у самім сабе.

Карацей, сядзяць яны там на кухні і размаўляюць, а я ў іншым пакоі, з дзяўчынаю піўко папіваю. Чую тут, што нейкая спрэчка усчыняецца, я — туды. Высвятляецца, што яго не задавальняе кошт, які за машыну выставілі. Ну я, праўдашукальнік… ці што я там шукаў? Не ведаю. Прыгодаў на сваю… Кажу яму: “Ты не бурэй, скажы дзякуй, што з табой проста размаўляюць за тачку спаленую. Заплоціш столькі, колькі табе скажуць ”. Не ведаю, што перасмыкнула таго, але ён — за нож і на мяне, троху нават падрэзаў. Я, праўда, угаманіў яго адразу і на каня падсеўшы вымалаціў добра. Аб’ехаў той па сцяне пасля апошняй падачы і сіпіць: “Усё, Дзёня, харош. Я зразумеў.” Ну, зразумеў дык зразумеў. Я, яго больш не чапаючы, адразу зваліў адтуль. Выйшаў, кашулю зняў, кроў парасціраў па целу, потым анучу гэтую выкінуў і пайшоў дахаты. Назаўтра за мною прыязджаюць і садзяць у ізалятар часовага ўтрымання.

Справа ж, як я потым даведаўся, была ў тым, што пасля мяне дабілі браты чэла таго і павезлі закапалі. Следакі робяць экспертызу, высвятляецца, што Кірыла закапалі яшчэ жывога. Становіцца зразумела, што я ні пры чым і мяне з “кічы” вызваляюць пад падпіску. Тыя ж сядзяць і ім інкрымінуюць укрыццё цела; а я бяру ўсё на сябе, але настойваю на самаабароне, тым больш, што пабоі — парэзы — з мяне знялі таксама.

Аднак тут прыязджаюць следакі з вобласці, кажуць: “Э не, так не пойдзе: Дзёня хітры чэл — ён і сябе адмазвае, і вас з турмы выцягвае. Нас такі расклад не задавальняе.” Пераробліваюць яны экспертызу, і тая дае ўжо, што Кірыла закапалі мёртвага, а не жывога.

— Як жа так?!—абурыўся я, быццам бы першы раз чуў пра метады працы МУС РБ і як бы сам саспецамі фальсіфікацыяў не знаёмы быў ніколі.

— Ну як… — хмыкнуў Дзяніс, — у нас паўсюль аднолькава робіцца: следакам трэба гучнае злачынства ды каб пацяжэй, раскрыццё, нейтралізацыя бандытызму і, — як вынік, — статыстыка, зорачкі з прэміямі ды павышэнні. Вось знайшлі і справу, і бандыта: мяне закрываюць ізноў, а братоў вызваляюць і пачынаюць тыя грузіць мяне па-поўнай. Я ў жаху... Ды што зробіш? Ім сказалі: “Ці вам “25” — “вышка”, ці яго грузіце.” Ну і ўсё, даводзяць мяне па забойству да суду. А гарадок-та невялікі, усе усё ведаюць і зразумела— і суддзі,і пракурору, — што я не забіваў. Там і маці Кірыла на судзе пратэставала, заяўляючы, што забілі браты, а не я. Але ўсё было загадзя вырашана і мяне прыгаворваюць. У гэтым і прычына, што далі толькі дванаццаць па такім артыкуле.

Н-да, “толькі”… — адно і заставалася пахітаць галавою мне.

Колькі я слухаю такія сведчанні, столькі не стамляюся дзівіцца таму ўзроўню бясчынства, у якім усе мы жывем. І колькі іх такіх сядзіць, абвінавачванні на каторых высмактаныя з пальца ці ўвогуле выдуманыя хворай (і — прашаранай) фантазіяй следчых?..

Калі мяне закрывалі першы раз, у 2006, я быў перакананы, што пад прэсам у нашай дзяржаве знаходзяцца толькі палітычныя апаненты, але як толькі я агледзеўся навокал, з жахам зразумеў: пад прэсам у нас усё грамадства: бізнэсмены, чынавенства, моладзь — усе і кожны.

Ты можаш самастойна зарабляць і не крышуешся ціцянковічамі? — у турму! Ты малады, энергічны, няўрымслівы і недзе спатыкнуўся? Мы дапаможам табе знайсці жыццёвы шлях! — у турму! Ты кіраваў калгасам і не мадэрнізаваў вілы? — у турму! (А ён табе казаў: “Сядзеш!”) Ты быў у абойме і, асмялеўшы на нейкім фуршэце, сказаў усё, што ты пра яго думаеш? Тваё месца там — у турме! Але ў гэтым выпадку не наракай таксама: ты ведаў чорта лысага, якому служыш.

Можа скласціся ўражанне, што коцікі тут усе такія пушыстыя сядзяць і чыноўнікі-небаракі. Безумоўна, гэта не так — сядзяць і злачынцы. Але расклад, па назіраннях маіх, прыблізна такі: 1/3 трэба адсюль выгнаць адразу, другую 1/3 адшлёпаць па срацы і адпусціць каго да мамкі, а каго да жонкі. З астатняю 1/3 трэба разбірацца — недзе столькі, відаць, сядзець маюць, але і тое не па такіх вар’яцкіх тэрмінах.

Вось такая карціна маслам, на якой “палітычныя” пачуваюць сябе значна ўпэўненей, чым іншыя — за палітвязняў ёсць хаця б каму заступіцца: пра іх пішуць СМІ айчынныя і міжнародныя, па ім прымаюць петыцыі праваабаронцы ўсяго свету, вызвалення іхняга патрабуюць дзяржавы. А хто заступіцца за гэтых? Хто спатрабуе для іх вызвалення?

А Дзёня, — сябра мой на турэмным шляху, — хто даможацца для яго справядлівага суду? Ці нарабіў ён на 12 без права на амністыю і датэрміновага вызвалення? (Па 139-м артыкуле амністыю не выдаюць і па замене рэжыму такіх не выпускаюць). І ўвогуле: які суд загляне ў душу? Які можа ўбачыць у вачох прагу да новага жыцця? Пад цяперашняй акупацыяй і разважаць пра тое не выпадае. Адбылося б гэта хоць пры незалежнай фемідзе, тады, мо, і сядзім не задарма.

— А што тыя два, што загрузілі цябе? — запытаў Санчоўс.

— Тыя па году ўзялі за сукрыццё цела і ўсё.

— Ты скажы мне, дзе яны мешкаюць — праз месяц я ўжо на волі, і перакажу ім за цябе прывітулькі.

— Супакойся, Санёк, — упікнуў Дзяніс, — ты ж збіраўся завязваць.

— Я яшчэ паспею, гадоў трыццаць мушу мець наперадзе, але за цябе, Дзёня, — і Санёк артыстычна грукнуў сябе ў грудзі, — я сплачу ім спаўна!

— Не трэба за мяне сплочваць, там кожны сам сваё сплаціў: у аднаго дзіця памерла, а другі патануў па п’янцы.

— Ну і правільна, што ж яны думалі — на дванаццаць год загрузіць чалавека невіноўнага!

— Але я ім, Санёк, зла не жадаў, я ўсё адпусціў. Проста так не бывае, каб рабіў ты злое, а спажываў добрае. Ды і не невінаваты я таксама — нарабіў “будзь здароў” у сваім жыцці, за што не адказваў. Таму вось цяпер і атрымоўваю сваё, ды нікога не віню: ні людзей, ні, тым больш, Бога, — Дзёня спыніўся і глянуў на мяне. — Шкада вельмі, што так позна разумеем многія элемантарныя рэчы!

— Позна, гэта калі ўжо ў дамавіне, — паправіў я сябра, — а пакуль у гэтым свеце, ніколі не поздна.

— Так-так яно так, — паківаў Дзяніс, — але як уяўлю сабе, колькіх можна было б пазбегнуць бедаў, каб раней прышоў у царкву. А лепш, каб з дзяцінства, — ён учапіўся за краты і патрос іх, — каб ніколі гэтага не бачыць!

— Не толькі табе хацелася б з дзяцінства, але як я, дык такіх людзей не ведаю, — я задумаўся і перабраў у памяці ўсіх знаёмых сваіх братоў і сясцёр і не знайшоў нікога, хто хадзіў бы ў царкву з дзяцінства — усе пакаяліся ў свядомым веку. Для хрысціянскай краіны такое было б дзікунствам, а для нашай — норма, галоўная прычына якой ляжыць на паверхні, і таму я дадаў: — Ды яно і не дзіва — выпальвалі зямлю пад нагамі з 17-году. Што тут гаварыць…

— Так, камуністы знішчылі духовасць, цара забілі! — згадзіўся ў праведным абурэнні Дзяніс і рэзка запытаў: — А хто такі цар?

— Хто? — цікава было даведацца мне.

— Гэта заступнік наш перад Богам.

“Так, усё зразумела”, — падумаў я. Але спрачацца было няможна і тут — з такой непасрэднасцю глядзеў на мяне цароў заступнік і прасіў згоды. Я зрабіў выгляд, што не разумею аб чым гаворка:

— Ты думаеш?

— Канешне ж! — здзівіўся неразумнасці маёй сябар. — Мы з табою хто, Дзімон?

На гэтае пытанне адказаць было прасцей — я ўжо ў ім трошку разабраўся і таму пацвердзіў:

— Чарвякі, Дзёня.

— Вось, а цар — хадатай перад Госпадам, ён адной малітвай мог адмаліць грахі ўсіх нас! А мы, усе разам, і аднаго цара не адмолім.

Я выдыхнуў. Усё ж, выходзіла на тое, што ў тэалагічную дыскусію прыйдзецца ўступіць . Гэта вам не тэорыя цярпімасці — тут усё сур’ёзней.

— Разумееш, Дзяніс, гэта неяк не вельмі па-біблійнаму, — асцярожна пачаў я. — Ісус сведчыць: “Што папросіце Айца ў імя Маё, Я вам дам.” Дык нашто нам яшчэ нейкія пасярэднікі і заступнікі? Ён ужо ёсць — Хрыстос, іншых быць не можа: “Прасіце Мяне ў імя Маё ці Айца ў імя Маё — і будзе вам!” — усё на гэтым.

Але Дзёня, як сапраўды праведнік, у тэалагічныя разборкі ўцягвацца не збіраўся і спакойна прамовіў:

— Я ведаю адно, Дзімон, я проста ніякі… Чарвяк я. Я такога нарабіў у сваім жыцці… Па такіх я па мурзачах прайшоў.

— Што гэта такое? — запытаў я пра новы тэрмін, не жадаючы тэалагізаваць таксама.

— Мурзачы? Гэта дно жыцця нашага: сэкс, наркотыкі і рок-н-рол. Ці па-нашаму: шлюхі, бырла і папса. Хаця, пры жаданні, і наркаты таксама хапала…

Дзяніс узбуджана пашпацараваў па дворыку, спыніўся, пільна на мяне глянуў і пытальна узмахнуў галавою:

— Ведаеш, як я жыў?

— Як? — узмахнуў і я.

— Па-поўнай! — адрэзаў ёй. — Калі рабіў нешта — рабіў на ўсю! Калі бухаў, дык так, каб да блявоціны! Калі ўмазваўся наркатой, дык так, каб “у саплях”! Калі па бабах… Карацей, на паўабарота не рабіў нічога. І таму цяпер я вырашыў: калі мяняць жыццё, дык мяняць ўсё і цалкам! Бо інакш — проста няма ніякага сэнсу. Ды і не атрымаецца інакш.

— Так, інакш не атрымаецца, гэта праверана. — засведчыў я. — У кожнага, скажу я табе, свае мурзачы ў гэтым свеце. Ты праз адны прайшоў, я — праз іншыя. Санёк, вунь, — кіўнуў я ў бок Санчоўса, — праз свае. Так, Санёк?

— Так, — пагадзіўся той, падскокваючы па хадзе.

— Але сутнасць, сутнасць-та — паўсюль адна і тая ж і, адпаведна, у кожнага свой цяжкі і няпросты шлях да веры, — хацелася падзяліцца мне асабістым і хаця б трошку, але абнадзеіць сябра. — Вось і я таксама на шляху гэтым, калі паспрабаваў у кучу сабрацца, заходжваў у царкву, таксама выразна разумеў патрэбу пераменаў, але прыходзіў вораг, абкрадаў мяне, і як я яму моцна не супрацівіўся — свет паглынаў… — Я ўздыхнуў, узгадваючы як шмат часу згубіў у бадзяннях сваіх і заставалася толькі пацвердзіць Дзёніна вызначэнне чалавечай сутнасці: — Адным словам, чарвякі мы, Дзёня.

— Чарвякі, Дзімон, — усміхнуўся і светлы чалавек.

— І я падумаў, — працягваў я, натхніўшыся Дзёнінай праўдай жыцця, якая і ў маім жыцці шмат што тлумачыла, — няхай так, няхай не стае сілаў падняцца, я буду тады паўзці, паўзці, каб толькі ў гэтай калюзе не валяцца. Яно ж не ўсім сходу лётаць дадзена! — пацепаўшы плячыма я кіўнуў Дзянісу. — Дык будзем, чарвякі, паўзці — мо калі і выпаўзем. Як ты мяркуеш, Дзёня?

— Выпаўзем, Дзімон, — цвёрда запэўніў Дзяніс. — Не можа быць, каб не выпаўзлі. І я цяпер думаю так, што нават гэтыя выпрабаванні дадзеныя нам, каб выпаўзлі. Ва ўсялякім разе мне, дык дакладна. І я дзякую Богу за гэтую “дванашку”: што яно такое ў параўнанні з тым, што я знайшоў Хрыста? Вось тут, у зоне, першы раз за 25 год адчуў сябе свабодным і шчаслівым? — Дзяніс пранікнённа паглядзеў на мяне. — Лічыш я вар’ят?

І хаця толькі з замілаваннем можна было глядзець у вочы Дзяніса, дыягназ трэба было ставіць.

— Так, вар’ят. Для тых, што ідуць ў пагібель, ты — вар’ят.

Я замаўчаў, але каб моцна не засмучваць светлага чалавека ды быць ужо да канца праўдзівым псіхатэрапеўтам, дадаў пасля паўзы:

— Але ты не думай, я і сам вар’ят для многіх.

“Не, такіх пасвячоных людзей, — думаў я лежачы на нары, — сярод усіх тых баракаў і камер, якія ўмудрыўся я прапаўзці, не сустракаў.” Як так атрымалася, што прыйшоў да гэткае высновы, сказаць цяжка. Можа раней кепска глядзеў? Можа быць. Хаця наведваў пратэстанцкую суполку і ў “Шклове”, і ў “Горках” паспеў перасекчыся з некаторымі, і тут вось заходжваў, але… неяк так выходзіла, што большасць свайго шукае. Нават так бывае, калі некаторыя з пачуццямі шчырымі, дый і тыя навывучваюць біблійных цытатаў з дакладным веданнем нумара раздзела і верша (за 5, 10 ці 15 гадоў-та!), бегаюць ўсё ды нешта адзін адному іншым даказваюць, спрачаюцца па прычыне і без яе.

Дайшло да таго, што пачаў я расчароўвацца ды многіх у сэрцы асуджаць. Асабліва калі бачу: у нядзелю ён на малітве прычашчаецца, а потым — цыгарэта ў зубах, і не магу яго ў натоўпе адрозніць ад любога іншага тонучага. О, тады я думаў, што стаю! “А калі ты думаеш, што стаіш, глядзі, каб не ўпаў!” (1 Кар.10:12)І я не проста ўпаў, я ў такі бруд зарыўся, што той, з цыгарэтаю ў зубах, у параўнанні са мною праведнік! Яшчэ адзін закон быцця: калі ты думаеш, што ты нешта, ты становішся нічым.

Потым, дзякаваць Богу, троху, але прасвятлеў: што патрабаваць ад таго няшчаснага, хто жыў ўсё жыццё ў цемры і толькі ў зоне, сярод ванітаў гэтых і нянавісці, адчуў побач промень сонца і хаця сляпы, аднак спрабуе да святла ісці? А калі так разабрацца, ці не ўсе мы ў зоне, дзе з аднаго боку надзіраючыя за табою, а з другога — жадаючыя выжыць? Ці мала нас такіх—у гэткай жа цемры? Ва ўсялякім разе я, дык дакладна. Так кажа Дзёня, гэты пасвячоны чарвяк, каторы свайго не шукае, нікому тэалогію не ўцірае, а ўпакорвае сэрца—толькі каб стаяць на праведным шляху, нават калі на ім і прыходзіцца угамоньваць асабліва борзых. Ну а з кім не бывае? Ва ўсялякім выпадку са мною, дык нават часта. Так кажа Дзёня, гэты пасвячоны чарвяк.

— Ты ведаеш, Дзёня, — гучна прамовіў я, заклаўшы рукі пад галаву і гледзячы ў столь.

— Ну, Дзімон, — адказаў Дзяніс.

— Можа няшмат, гады толькі чатыры пратуляўся я па розных камерах, а такіх праведнікаў, як ты, не сустракаў.

— Ды ладна, Дзімон, — выбачаючыся запярэчыў сябар. — Я проста ніякі перад Богам, чарвяк я.

— І я чарвяк. Але ты чарвяк не такі, ты — чарвяк праведны, — пацвердзіў я яшчэ раз і, узгадаўшы наш “сумесны” паход у царкву, вырашыў распавесці праваслаўнаму чарвяку свае першыя аб ім уражанні. — І разумееш якая справа, быў я перакананы спачатку, што ты пратэстант.

— Чаму? — з усмешкаю ў голасе перапытаў Дзяніс.

— Відаць, з-за Бібліі: і тады, калі мы ў царкву дамаўляліся ісці, чытаў ты яе, і потым бачыў я цябе пару разоў, — у памяці маёй паўстаў белы чалавек, пастаянна чытаючы Біблію на высокім ганку пякарні. — А тое ж многія нават не адкрываюць яе ды ўмудраюцца лічыць сябе веруючымі. У лепшым выпадку, калі трапляецца рэлігійны праваслаўны, дык чытае якіх-небудзь пустэльнікаў.

— Я таксама чытаю… — нібы засмуціўся Дзяніс.

— Гэта іншае, сябар, — паспрабаваў я мякка патлумачыць свае словы, — і я чытаю, і ўсё, што трапляецца пад рукі: і пратэстантаў, і каталіцкіх багасловаў і нават праваслаўных, каторыя даказваюць, што апроч як у праваслаўі збаўлення няма — нават у самых адыёзных аўтараў можна нешта знайсці для сябе. Таму, чытаць трэба ўсё, але не чытаючы Біблію чалавек не можа быць хрысціянінам. А гэта ўсё словы: праваслаўе, каталіцтва, пратэстантызм — Хрыстос не ствараў канфесіі. Я знайшоў Яго ў пратэстанцкім храме, ты — у праваслаўным, але гэта другасна, першасна — Біблія! — сцвердзіў я, ўжо стоячы на нары ля вакна і заклікаў сябра мяне падтрымаць: — Разумееш, Дзёня?

— Разумею, — сцішана прамовіў той.

— Біблія і малітва — рэчы, без якіх нельга быць хрысціянінам, — хацелася мне аптымістычней завершыць сваё казанне, але выйшла гэта з некатораю журботаю. З журботаю прамовіў я тыя два словы, бо і тады адчуваў, і разумею сёння, наколькі цяжка, а часам нават немагчыма трымацца такіх, падавалася б, простых арыентыраў: Бібліі і малітвы. Бывае не стае ніякіх сілаў, каб элементарна адкрыць Кнігу кніг, каб проста пагаварыць са Стваральнікам. Хаця, падумаць можна, ну якая тут праблема: адкрыў ды пачытаў, узняў рукі ды заклікаў Бога? Не ведаю, але часам гэта не проста праблема, а праблема сур’ёзная: чытаеш, а галава пустая, і, перагортваючы старонку, не разумееш нават, аб чым ты толькі што варушыў вуснамі; пачынаеш маліцца, а разумееш, што можаш толькі стагнаць. І тады пераконваеш сябе: ладна, давай хаця б выць — лепш так, чым ніяк. І выеш. А бывае, што пераконваеш, пераконваеш і пераканаць не можаш. І тады шукаеш, чым бы такім важным і лёсавызначальным заняцца. Адбываецца гэта нават у падсвядомасці, бо свядомасць баіцца табе прызнацца, што ўсе твае жыццёванеабходныя справы — гэта адно толькі прыкрыццё поўнага духовага бяссілля. І я, каб не быць у вачох Дзёні кімсьці, кім я не ёсць, хацеў было распавесці яму, як часта сам няверны ў тым, да чаго заклікаю яго, але тут да нашай міжкамернай евангелізацыі далучыўся Санёк:

— І што, так ужо ўсе Біблію чытаюць?

— Мала хто, Санёк, — уздыхнуў я, — вельмі мала.

— А астатнія, па табе выходзіць, — колка гукнуў ён у адказ, — няверуючыя?

Даваць цвёрдую ежу суседу майму было нельга — толькі малако, і таму я вырашыў не ўжываць радыкальных фармулёвак, а падрабязней патлумачыць.

— Санёк, — прамовіў я па-сяброўску, — навошта нам гэтыя спрэчкі? Вызначэнне веруючага дае сам Хрыстос. Ведаеш, што Ён адказвае на тваё пытанне?

— Што?

— Веруючы ў Мяне — гэта той, — гаворыць Ісус, — хто слухае словы Мае і выконвае іх. Дык вось цяпер скажы, як можа нехта быць веруючым, хто не тое, што не выконвае, але нават і не слухае?

— Не ведаю… але ж людзі кажуць, што вераць, — ужо без іроніі адказаў Санчоўс.

— Кажуць-та яны кажуць, — давялося мне паўтарыць, абдумваючы, чым бы секануць па гэтым “кажуць”, і тут жа прыгадаў, што самы падыходзячы меч ёсць у Якуба. — Але Біблія сведчыць: “Ты верыш? Добра робіш, але і бесы вераць ды дрыжаць!” Ты чуеш мову гэтую, Санчоўс?! — узвысіў я голас.

— Чую, — пакорліва адказаў той.

— Ну і ўдумайся тады: бесы таксама вераць! Але чым твая вера адрозніваецца ад бесаўской?

Санёк, відаць, ушчэнт заблытаўся ў філасофіі сучасных вернікаў, бо раздражнёна прамовіў:

— А фік іво ведае.

А я працягваў апеляваць халоднай зброяй:

—Таму і атрымоўваецца, што чалавек, каторы Біблію не чытае і не моліцца, каб чуць і выконваць Яго слова, мае такую ж веру як і бесы. Але людзям, Саня, — захоплены я ізноў падняў дыцэбелы, — так хочацца называць сябе веруючымі! Яны-та лічаць, што набываюць гэтым квіток ў Валадарства Божае! Аднак іх чакае сур’ёзны абломчык у той дзень, калі апостал Пётар, трымаючы у правай руцэ ключыкі, скажа ім:

“А вы хто?”

“Дык гэта, Пётра, мы ж веруючыя,” — адкажуць тыя.

Пятра, ясна рэч, нахабнасць такая здзівіць:“Ну-ка, ну-ка, давайце разбяромся,” — скажа ён, так, па-простаму, і, ўзяўшы ў рукі Пісанне, прачытае: “Кожны, хто прыходзіць да Мяне, —казаў вам Хрыстос, — і слухае словы Мае і выконвае іх” (Лк. 6:47),—згорне Кнігу Пётра на апошніх словах і паглядзіць на тых, з фальшывымі квіткамі ў руках.

“Цяпер вы — слухалі Ягонае слова?”

“Не”, — палыпаюць небаракі вачыма.

“А выконвалі слова?” — запытае апостал ізноў.

“Не”, — адно і застанецца адказаць тым, бо ніхто яшчэ не прыдумаў, як выконваць тое, што не чуеш і не чытаеш.

“Дык а якія ж вы веруючыя?” — будзе падведзена выснова.

“Ну во такія і веруючыя, Пётра!” — развядуць рукамі цуда-вернікі.

“Ну во ў такое і валадарства вам тады!” — скончыць праверку апостал-камень і леваю рукою ачысціць ад самападманваючыхся нябёсы, і зваляцца гэткія веруючыя ў сваё валадарства, дзе вераць і дрыжаць веруючыя бесы.

— Ну ты і нагаварыў, Зміцер, — уражана прамовіў Санёк.

— Ды я і сам у шоку, — адказаў я паўжартам і клікнуў на помач Дзёню: — Дзёня, ну скажы ты яму: так ці не?!

— Санчoўс! — крыкнуў Дзёня.

— Ну.

— Слухай Дзімона, ён кажа праўду.

Казанне скончылася дружным гогатам.

У гэткім духу бавілі мы тыя дні. Увайшло ў нас у парадак баўбатаць, лежачы на нары, доўга і аб усім. Бывала мы замаўкалі на гадзін пару, у асноўным, калі елі і спалі, і тады Санёк вылазіў на рэшку і выдаваў:

— Дзёня!

— Ну, — адгукнуўся ён.

— Завадзі баркас! — гучала патрабаванне, што азначала: “Давай-ка пабаўбочам пра што-небудзь!”

— Не, Санчоўс, не магу, — не згаджаўся Дзяніс, — у нас і так рты не зачыняюцца. Вось Дзімон паедзе, і я зусім завязваю з гэтым.

— Скажы вось, Дзёня, як мне выграбсці па вызваленні? — працягваў сваю лінію Санёк.

— Дык я адкуль ведаю, Санька? Я сам ніякія, чарвяк я. Так, Дзімон?

— Так, — адказваў я, — чарвякі мы.

Але, спатрабоўваючы духовых парадаў, Санёк, усё ж баркас заводзіў і уцягваў у яго нас усіх — гадзіну-другую мы разважалі над законамі быцця, час ад часу абменьваючыся пытаннем — адказам:

— Чарвякі мы, так, Дзімон?

— Так, Дзёня, чарвякі.

Ці:

— Чарвякі мы, Дзёня.

— Так, Дзімон, чарвякі!.

Калі ноч перавальвала за палову, мы ўгамоньваліся. Дзяніс перад сном перабіраў пацеркі і раўнамерна, ціха і прыгожа чытаў малітвы ў сваёй адзіночцы. А я слухаў. Слухаў і маліўся таксама. Правільней сказаць, у тыя мае дні якраз стагнаў, стагнаў, як піша Павал, уздыханнямі невымоўнымі.

Аднак Санчоўс вырашыў унесці разынку ў гэткае нашае спакойнае і размеранае жыццё. Справа ў тым, што надта ўжо захацелася курыць яму. Цыгарэты, занычкаваныя чынарыкі і мяцёлка былі пакураныя, а таму паўставала законнае пытанне: як жыць далей? Адным з варыянтаў для ўтрымоўваных у ШІЗА-ПКТ было наведванне санчасткі і варыянтам гэтым Санёк вырашыў скарыстацца.

У санчастку вёў кантралёр, і там за зэкам, як парушальнікам рэжыму і адбываючым дысцыплінарнае пакаранне, назіраў: каб не збег з-пад арышту, каб не перамаўляў з іншымі асуджанымі ў санчастцы ды каб ніхто і нічога не ўмудрыўся яму перадаць.

У зоне дзівакоў хапае, але каб збягаць з ізалятара зоны ў проста зону, дык нават там такіх не знойдзеш. Гэта ж не зона ў 200 тыс кмІ, у якой умудраюцца некаторыя па дарозе ў ізалятар выклікаць хуткую і даць потым дзёру з рук медработнікаў (ёсць пару такіх герояў у белапазіцыі); а куды бегчы ў зоне ў адну сотую кмІ? У якую дзірку не ўшчэмішся — і прыдуць, і за пятую кропку выцягнуць, і па пятай кропцы надаюць, і ў пуню ізноў закінуць. А вось каб перахапіць на санчастцы ў каго-небудзь курыва — свяшчэнная справа. Але гэта тады толькі, калі які спачуваючы гатовы пайсці на рызыку і усучыць зэку пару цыгарак. Часіны ж цяпер нялёгкія, цяжкія часіны — на аднаго жадаючага рызыкнуць знойдзецца дзевяноста дзевяць, якія ўжо ў мокрых портках.

Аднак тым разам Санчоўсу пашанцавала — напаткаў ён таго першага і перахапіў такі на дзянёк курыва. Ды толькі і ахова не дарэмна хлеб свой ела у той дзень — па вяртанні ў камеру сусед наш быў дагледжаны, цыгарэты знойдзеныя і адабраныя ў даход дзяржавы. І вось тут пачаўся цырк на дроце.

— Серы, ты не дурэй, дай цыгарэты назад, — спачатку ціха адчальваў баркас Санчоўса.

— Забаронена перадаваць цыгарэты, — таксама спакойна адказаў кантралёр.

— Ды што тут забароненага?

— Ты ж на ўмовах ПКТ у адзіночцы?

— Ну.

— Дык ведаеш сам, што нічога браць у асуджаных табе нельга.

— Да ты паслухай, — павялічваў баркас абароты, — пару цыгарэт — не злачынства!.

— Табе не злачынства, а мне — злачынства, — тлумачыў Сяргей. — Бачылі мы такіх: спачатку просяць, а потым у операддзел бягуць.

Тут Серы казаў праўду. Кантралёрам ён быў небядовым і з зэкаў кроў не смактаў. Раней, бывала, гатовы быў паспрыяць стрыжанаму ў якой дробнай бытавой справе: заплюшчыць вочы на тыя ж цыгарэты; дазволіць раздатчыку ежы перадаць з камеры ў камеру заварку гарбаты; не перашкодзіць выведзенаму з ізалятара ў душ зэку апрануць на сябе пасля памыўкі зменку — другую пару сподняй бялізны і шкарпэтак, каб зусім не акалеў пасінеўшы парушальнік рэжыму ў ШІЗАўскіх 10 градусах.

Усё ж, нават сярод гэтай сістэмы служачых ёсць некаторыя, што ўмудрыліся захаваць людзкасць. Але з кожным годам праяваў велікадушнасці назіраецца ўсё меней і меней. А прычына — шырокая агентурная сетка, з зэкаў, пераважна, навербаваная.

Вымаліць зэк цыгарэту ў кантралёра і сам жа яго ў операддзел закладзе; альбо, наадварот, нападхалімнічае якому-небудзь старлею, увойдзе ў давер, а потым раз — і пачак цыгарэт яму на стол, а цыгарэткі няпростыя, цыгарэткі з меткаю. І ідзе нічога непадазраючы супрацоўнік да начальніка операддзела, каторы невядома чаму выклікае пагаварыць, а опер, так, між словаў, кажа: “Дай, таварыш, закурыць, а тое забыўся свае”. Ліцёха, без задняе думкі дастае той самы пачак, працягвае оперу і на гэтым развітваецца не толькі з цыгарэтамі, але і са сваімі квартальнымі прэміяльнымі. Па гэтай жа схеме і многіх, многіх іншых прыгожых інтрыгах ідуць у топку усе: кантралёры, афіцэры, зэкі ўсіх рангаў і нават вальнячыя майстры з прамзоны.

Можа ўзнікнуць пытанне, а для чаго гэта зэку-сэксоту? А зэк за гэта атрымоўвае плюсік, а за назбіраныя плюсікі можна: стаць на ўзмоцненае харчаванне (самы шыкоўны бонус, асабліва калі няма каму “грэць”), атрымаць дадатковую пасылку, палепшыць бытавыя ўмовы ў атрадзе і… шмат, шмат, што яшчэ можна — абы плюсікі былі!

Таму небядовы хлопец Серы меў поўна прычынаў перастрахавацца. Аднак ці тое заўвага аб бегаючых у операддзел абразіла Санчоўса, ці прага атрымаць дозу некацінавага яду ўзяла верх над розумам, але завёў Санёк баракас па-поўнай:

— Да ты не ламайся …піп… дай ты …піп-піп… сюды цыгарэты …піп.

Па гуках было падобна, што Серы, спартовага складу хлопец, пачаў запіхваць суседа нашага ў камеру, на што той запратэставаў таксама:

— Давай паакуратней …піп-піп… а тое і ў адмашку магу пайсці …піп-піп.

— Ты, у адмашку? — пакпіў кантралёр. — Баюся ад цябе мала што застанецца.

— Усе вы …піп-піп… смелыя, як з дубінкаю ды па форме …піп-піп… а сустрэнеш вас дзе пад вуглом, сціскаецеся ў штонікі без памперсаў …пііііііііііп… — тут пакутуючы па нікаціну перайшоў ужо на персоны і апошнія словаформы, — калі ён канчаткова зразумеў, што цыгарэты будзе паліць нехта іншы, — былі асабліва брутальным, і Сярога абавязаны быў на іх рэагаваць:

— Ты …піп… за словы свае гатовы адказваць? — гаркнуў ён сваім басам.

— Я заўсёды адказваю, — ганарлівым тэнарком праспяваў з-за дзвярэй Саня-Тэрмінатар.

— Ну глядзі, — ужо спакойна адказаў Серы і сышоў.

Не паспелі мы з Дзёнем і падзівіцца, як чудзіць курыльшчык без баяну, аж загрукалі тут некалькі пар ботаў па жалезнай лесвіцы і зарыпелі дзверы Санінай адзіночкі.

— Выходзь! — крыкнуў Сяргей.

Санчоўс выйшаў моўчкі і ўсе рушылі ўніз, на першы паверх. Добрая гучнасць дазваляла нам чуць і тое, што адбывалася паверхам ніжэй. Прагучалі ўладарныя загады: “Да сцяны!”, “Ногі!”, “Шырэй!”, “Шырэй ногі!”, пасля чаго пачуліся пяшчотныя паляпванні гумавымі прыкурвальнікамі, а за імі ўдзячныя воклічы закурваючага Санчоўса: “А вой!”, “Да ты што!”, “Што ж вы творыце!”, “Харош, Серы!”

Мы з Дзянісам спачувалі як маглі — ледзь не плакалі рагочучы ад пуза.

— Во, той, што ў адмашку пайшоў! — крыкнуў я.

— Так, зараз яму находзяць! — падтрымаў Дзёня.

Серы ж спыніў працу і прыгадаў:

— Дык ты ж збіраўся за словы свае адказваць?

— Ты мяне не так зразумеў, Серы! — адказаў як мог за свае словы Санёк.

Пасля яшчэ некалькі свістаў перавыхавальніка ў паветры, якія сканчваліся лясканнем аб мяккія тканіны і па іх галашэннямі: “А-ёечкі!”, “А-ёй!”, “А-ё-ёй!”, перавыхоўваемы быў вернуты ў хату.

Мы з Дзянісам ажно заходзіліся:

— Ну што Санька, закурыў? — гагатаў Дзёня.

— Закуры-ы-ў…— працягла праскавытаў аматар тытунёвых смолаў, што нагадала мне застаўку да аднога са спеваў Вінцэнта.

— А мы казалі табе: папрасі прабачэнне, пакуль не позна, — нагадаў Дзяніс.

— Таблеткі на раз прапісалі ці яшчэ будзеш прымаць? — хахатаў я.

— Не, хопіць аднога разу… — стагнаў пацыент.

— Ну як што, гавары, — працягваў канцэрт па заяўках Дзяніс, — мы з Серым дамовімся, каб яшчэ пару рэцэптаў выпісаў!

— Мне б пакуль гэтыя пераварыць рэцэпты…

— Мо ўжо і з курывам завяжаш?

— Мо, Дзёня, і трэба, я ж збіраўся, — узгадаў раптам курэц аб сваіх намерах на новае жыццё.

— Глыбоцкая медыцына — самая лепшая медыцына ў свеце! — не стрымаўся я, каб не парадвацца за Санчоўса і айчынных паслядоўнікаў Гіпакрата.

— А як збочваць пачнеш, дык ты і на волі можаш звяртацца да Серага — за бюлетэнямі, — слушна параіў Дзяніс, — і пад’язджай ды заводзь баркас свой!

— Не, гэты баркас лепш не заводзіць, — ужо і сам праз стогн пасмейваўся ацалёны ад палення Санёк.

У перадапошні вечар знаходжання майго сярод блакітных азёраў, Дзёня клікнуў мяне:

— Дзімон, давай мо заварым што?

— Давай.

— Я вару каву, а ты?

— Дык і я каву, — згадзіўся я з выбарам.

— Тады праз дзясяць хвілін — “на рэшцы”.

— Дабро.

У зоне прапанова што-небудзь зварыць і папіць разам зусім не азначае, што нехта прагне спатоліць смагу. Зэк можа толькі што заправіцца кубкам заваркі, але калі падыдзе да яго таварыш і прапануе заварыць, ніколі не адмовіць. Прапанова: “Давай заварым!” азначае нішто іншае, як: “Сябар, давай-ка з табою пагаворым!” Рэдка якая гутарка ў зоне адбываецца без гарбаткі, якая дыміцца ў кругалі на стале барака ці на лаве лакалцы.

Вось і мы пасля прапановы папіць што-ніць разам, кожны ў сябе дома варылі пітво, а потым сустракаліся на лоджыі — “вылазілі на рэшку” — стаялі ля вокнаў у сваіх адзіночках і, пацягваючы гарачы напой, заводзілі баркас — разважалі аб долі нашай зэкаўскай, не забываючы і на матэрыі высокія.

— Дзімон, дык ты ведаеш, пра што я хацеў паразмаўляць з табой?

— Цікава, — уміхнуўся я, — няўжо мы пра гэта яшчэ не паразмаўлялі?

— Не, — без жарцікаў адказаў Дзяніс.

— Ну дык што там у нас на павестцы?

— Кітайцы.

— Да ты што?! — ледзь не падавіўся я.

— Так, і вось што ты пра іх думаеш?

Сутнасць пытання была зразумела. Я адкашляўся і агучыў адповедзь:

— А што пра іх думаць — старэючая, выміраючая нацыя.

— Як так? — здзівіўся ўжо Дзяніс. — А як жа правідцы… каторыя прадказвалі, што паглыне Русь жоўтая раса?

— Правідцы, Дзёня, пэўне памыліліся, — перавёў я на жарт і ўжо на сур’ёзе патлумачыў: — Першае — гэта аборты, якія з’яўляюцца часткаю дзяржаўнае палітыкі Кітая і таму ўстаноўка “адна сям’я — адзін дзіцёнак” вельмі хутка справу сваю зробіць. Другое, у Кітая няма ні ідэалогіі цэментуючай, што яшчэ можна ўбачыць на Захадзе, ні агрэсіўнай веры, пад сцягам якой ідзе Усход. Таму, сябар, забудзь жоўтых чалавечыкаў — ніякае небяспекі.

— А хто тады небяспека? — разгубіўся Дзёня.

— Ну… — пачаў было я, але надумаў гукнуць стырнавога баркасу: — Санёк, ты з намі?

— Так, ляжу тут на падлозе, — адказаў ён.

— Адпачывай, табе пасцельны рэжым карысны. Ты толькі прабач, што мы без цябе тут каву папіваем, — перапрасіў я і прышпільнуўся з курца: — каб ты таблеткамі не балававаўся, маглі б разам.

— Да ладна, я ўжо на свабодзе буду хутка заварваць і какаву з малаком, і што заўгодна, — весела адказаў Санёк, катораму пасля выпісаных рэцэптаў выпісалі яшчэ і дзесяць сутак ШІЗА. А пераведзены з ПКТэшнага рэжыму на ізалятарскі не меў права нічога мець пры сабе, апроч сродкаў асабістай гігіены.

— Дык вось, Дзёня, — працягваў я, — большая небяспека — мусульмане: маналітная вера, моцная на яе падмурку ідэалогія, здаровыя сем’і па дзесяць дзяцей; і педзікаў ніхто не жэніць, і дзетазабойства ніхто не ўзаконьвае.

— Гэта так, — прамовіў з сумам Дзяніс і троху падумаўшы, рашуча выдаў план: — Трэба неяк супрацьстаць ім!

Можна было толькі ўсцешыцца такою непасрэднасцю. Трэба аддаць належнае гарачым праваслаўным — паўстаць за сваю нацыю яны гатовы ў любую хвіліну дня і ночы. Узнікла палымянае жаданне падтрымаць брата па веры і запісацца разам з ім у добраахвотнікі, каб вырашыць праблему адным марш-кідком. Але перад гэтым хацелася зазірнуць і ў корань.

— Супрацьстаяць трэба, — пачаў я, — але пакуль мы дзяцей забіваем, а яны нараджаюць, любое нашае супрацьстаянне — фікцыя. Таму, сябар, толькі калі асабістым духовым адраджэннем. Хаця прагі да яго народ наш “веруючы” не праяўляе… — корань апынуўся не вельмі абнадзейваючым. Каб не было на душы так гаротна, вырашыў я пералічыць і станоўчыя аспекты: — Але растройвацца не трэба, Дзёня, няхай ідуць — трэба ж камусьці будзе засяліць нашу зямлю, і Еўропу гэту дэградуючую таксама. А ў нашым царстве, глядзі як добра ім будзе: нават сцяг мяняць не трэба — той жа чырвоны-зялёны і тут, ну мо толькі мову падправіць прыйдзецца, ды і тое таксама не нашую — нашую мы ўжо даўно за танны газ продалі. Дык якая нам розніцца, Дзёня? Няхай ідуць!

— Вось, Дзімон, а чаму мы так да мовы роднай адносімся? — падхапіў Дзяніс. — Яна такая ж у нас прыгожая…

— Прыгожая, Дзёня, прыгожая… Выхоўваюць нас такімі бяспамятнымі і бязроднымі… — з заўсёдным болем прамовіў я. А што было мне яшчэ казаць? Я зрабіў пару глыткоў моцнай кавы і задаў сябру рытарычнае пытанне: — Але там, дзе чалавек можа мовы выракчыся, дык чаму ён не можа выракчыся духовасці? Вось і жывем: адзін кажа, маўляў, каму ў век глабалізацыі трэба ваша мова, давайце “гаварыць нармальна”; а іншы гаворыць: каму ў век лібералізма трэба вашы сем’і, давайце жаніць гамасекаў. Таму, Дзёня, усё законна: духова — дэградуем, фізічна — выміраем.

Дзёня слухаць такое спакойна ўжо не мог і, абурыўшыся, знайшоў канцы:

— Усё гэта ачмурэнне ідзе да нас з Захаду, са Штатаў! У нас, на Русі, у праваслаўных,ніколі такога не было.

“Ну во,— усміхнуўся я сам сабе,—не паспеў парадавацца я такому клопату за мову, як паляцела чарговая дзіда.” Такі наезд на Штаты трошку засмучваў: ЗША—любімая мая краіна. Пасля, канешне, Ізраіля. Але, калі я вытрываў святога Мікалая II, дык і тут трэба было трываць. Тым больш, як бы гэта так мякчэй мовіць, “нелюбоў” да Амэрыкі—гэта не праваслаўная канцэпцыя. Дзе ты не размаўляй у нас з чалавекам, у каторага баліць за духовую дэградацыю народа, абавязкова выявіш па Фарынгейту ад 33 да 212 градусаў нянавісці да Еўропы і ЗША—Садома і Гаморы сучаснасці. Безумоўна, некаторая аргументацыя ў такім стаўленні ёсць (асабліва, калі гаварыць пра Садом), але надзвычай павярхоўная, а болей тутэмоцыяў чыста на псіхалагічным узроўні—ненавідзець Захад нас вучаць ужо год сто. Мінімум. Гэтую нянавісць асуджаць нельга, гэтая нянавісць ратавальная: яна проста і хутка тлумачыць усе нашыя беды—раз; янаабсалютнапераконвае нас, што мы лепшыя за іх—два.

Не, праведны чарвяк зусім не дыхаў нянавісцю,ён проста трошку памыляўся, і таму я вырашыў акуратна сябра падкарэктаваць.

— Не зусім яно так, Дзяніс, калісьці ні ў нас не было дзікунства такога, ні ў іх. Але паглядзі: каталіцкая Польша—аборты і шлюбы гамасекаў забароненыя; пратэстанцкія ЗША—забароненыя ў 39-ці штатах з 50-ці. І там, заўваж, шмат палітыкаў нацыянальнага ўзроўню, каторыя імкнуцца забараніць дзетазабойства і шлюбы підарастаў шляхам правак у Канстытуцыю. Той жа Ромні, каторы цяпер балатуецца ў Штатах, пад палову Амерыкі падтрымоўвае яго, — цвёрдым голасам прамовіў я кожны сказ і прапанаваў:—А зараз давай нас возьмем: дзе ты бачыў такіх палітыкаў, каб у прэзідэнцкай праграме была прапісана забарона абортаў і садоміі? Вось табе, браце, і праведная Русь!

— Гэта нейкі жах, Дзімон… — пасля доўгай паўзы прамовіў ён.

— Гэта нават і не выказаць “што”, Дзёня.

— Санчоўс, ну а ты штодумаеш?

— А што тут думаць—як заўсёды імпэтна адгукнуўся той,—підарасаў—у топку, а жанчына…няхай сама вырашае—гэта ейнае асабістае жыццё і яе цела.

Так, наконт підарасціі ў турме нікому нічога даказваць не трэба. Хаця і тут ёсць свае нюансікі. Калі з таго боку зоны підараст—гэта і той, каго, і той, хто; дык з гэтага боку підарастам лічыцца толькі той, каго, а той, хто—гэта нармальны ціпа мужык, каторы за пару пачак “Прымы” проста спраўляе жывёльныя свае істынкты.

А з абортамі адмазкі з гэтага боку зоны гэткія ж алагічныя ды абсурдныя, як і з таго. Я, пачуўшы іх з вуснаў Санчоўса, нават саркастычна хмыкнуў,—паўсюль адно і тое ж. Чаму так? Мо таму, што і Сатана паўсюль адзін і той жа?

— Санёк…—выдыхнуў я, ужо нават троху стаміўшыся ад гэтай паўсюднай аднолькавасці,—калі б жанчына сама па сабе і рабіла аборт, дык была б хоць логіка ў тваіх словах. Ці мужанёк ейны каб рабіў ёй. На іх саміх і было б тады гэтае пракляцце. Але ж не, яны не робяць самі, яны ідуць да дзяржавы! А дзяржава гэта хто, Санёк?!—ужо і не заўважаў я сам, як павялічваў гучнасць—так хацелася мне выказаць набалелае хаця б гэтым сценам, —дзяржава—гэта ўсе мы! І таму кроў на ўсіх нас! І на ўсіх пракляцце:на дэпутатах найперш, прымаючых такія законы; на прэзідэнце, падпісваючым іх; як вынік—на ўсіх, хто такіх заканадаўцаў абірае; на медыцыне ўсёй, якая чалавеказабойствам займаецца…Ды на ўсіх, Санёк, на ўсіх! І замест таго, каб узняцца, мыадмахваемся:гэта асабістая справа жанчыны! І дзяржава—маўчыць—ёй таго і трэба! Цэрквысядзяць на месцы, баяцца іх згубіць!

Мы ўсе замоўклі. У мяне ад крыку нямога, які крычы, а не выкрычыш, усё ўнутры калацілася. І самае жахлівае было ў тым, што з адзіночак тых я мог дакрычацца да большае колькасці людзей, чым калі б галасіў на якой шматлюднай плошчы.

— Праваслаўе, Дзімон,—паправіў мяне Дзяніс,—і Філарэт заўжды катэгарычна выступалі супраць абортаў.

— Не выступаць трэба,Дзяніс!—крыкнуў я, усміхнуўшыся ў сваёй адзіночцы, —гэта мы з табою ўсё, што можам з нашых клетак, дык толькі супраць выступаць. А Філарэт не ў клетцы, і не пратэстант, якіх трымае дзяржава за ворагаў, і не каталік, якіх пабойваецца, а мае сур’ёзную ўладу, з якою мог бы, —зрабіў дапушчэнне я, але тут жа выправіўся,—ды не “мог бы”, але абавязаны, — і працягнуў: —зайсці ў кабінет да самадзержца і, ўмоўна гаворачы, адкрыўшы дзверы нагою, паставіць яго перад фактам: “Заўтра аборты будуць забароненыя!” А ён заместа гэтага абвешаў узурпатара з ног да галавы ардэнамі за духовае адраджэнне Беларусі! А ў чым адраджэнне, Дзёня? У тым, мо,што за 20 год тры мільёна дзетак абартавана?

Канешне, пытанне было ўнікуды—за што кіраўнік Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхатапаназавешваў на грудзі праваслаўнага атэіста кучу ардэноў,ніхто не скажа. Хаця я такія-сякія думкі на гэты конт меў, ды не хацеў згаршаць імі чыстае Дзёніна сэрца.

Было гэта, падаецца, у 2006-м, бо якраз тады выйшаў зварот Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта з нагоды 20-й гадавіны трагедыі на ЧАЭС. У звароце тым уладыка мільёнаў сямі праваслаўных пісаў пра дзве трагедыі нашага народу напрыканцы 80-х—пачатку 90-х. “Няўжо другая трагедыя,—падумаў я,—гэта развал краіны Гулагаў?” У такую выснову паверыць было ніяк нельга і я пра яе забыў. Але не так, каб назусім і імгненна ўзгадаў, калі надарыўся выпадак сустрэць аўтара (а было гэта,дарэчы, у тых жа любімых амерыканцаў — на прыёме па святкаванні 230-годдзя Дэкларацыі іхняе незалежнасці).

І вось, я нагадваю мітрапаліту пра той зварот і запытваюся: “Няўжо пад другой трагедыяй вы мелі на ўвазе СССР, гэтую турму народаў, якая, у тым ліку, і праваслаўных столькіх замардавала?!” — “Гэта наша гісторыя,” —адказаў мне з прыдыханнем былы “народны”дэпутат ВС СССР. У галаве маёй хаатычна забегалі усе прусакі, я быўшы пачаў нешта тлумачыць — даказваць пра людаедаў-камуністаў, але галоўны праваслаўны Беларусі быў непахісны. Я ўпаў у адчай і скарыстаў апошні аргумант: “Дык і Гітлер для Германіі — гэта таксама гісторыя, — сказаў я, — што зусім не сведчыць аб неабходнасці шкадаваць аб развале III Рэйху.” Філарэт ветліва, з яснымі — ці тое шклянымі — вачыма са мною развітаўся.

Дык калі можна шкадаваць аб руйнаванні Імперыі зла, якая толькі ў сябе дома вынішчыла больш, чым III Рэйх ва ўсім свеце, дык чаму б не прышпіліць ардэноў пару на грудзі таго, пры кім усяго толькі тры мільёна дзетак знішчылі? 19 мільёнаў на рахунку фашызма ва ўсім свеце, і — 19, 5 мільёнаў на рахунку камуністаў толькі ў сябе дома. (В.В. Эрліхман, “Страты народанасельніцтва ў XX”, даведнік, М., Выдавецтва “Руская панарама” 2004, 176 стр)

— А ці паслухаўся б той Філарэта? — паспрабаваў абараніць мітрапаліта Дзяніс.

— А куды б гэты той дзеўся? — іранічна перапытаў я і патлумачыў:—А не, медалі з ардэнамі—на стол! І будзь пэўны, што забараніў бы імгненна, бо з васьмюдзесяццю працэнтамі праваслаўных трэба ж заігрываць манарху—згубіць прыязнасць у вачах іхніх ніяк нельга, а тым больш у крызісны наш час, калі трон і так ледзь рыпіць. Але ж не, і першасвятар заігрывае, толькі з цэзарам, каб цэрквы будаваць, што пустуюць потым; каб шанавалі цябе валадары зямныя на ўсіх прыёмах. Славы хочацца, а ў рэшце-та рэшт, уся справа ў гэтым: “Славу людзей больш узлюбілі, чым славу Божую!”— эмацыйна завершыў я словамі евангеліста Яна, і пасля паўзы спакайней дадаў: — Што ж, яны сваё пажнуць, як пажалі іх папярэднікі, толькі тады гэта ўжо нікому не будзе цікава — тады нас, па ацэнках ААН, будзе паўтара-два мільёна пад канец стагоддзя. І гэта па ацэнках аптымістычных.

Я замоўк. Дзяніс маўчаў таксама. У цішы, ён уражана прамовіў:

— Страшна нават спаць класціся пасля такога.

— Ды я і сам у шоку,—давялося мне ўздыхнуць—так выклаўся я ў размове гэтай, што адышоў ад рэшкі і сеў на нару, трымаючы ў руках пусты кубак.—Але, Дзёня, пакуль ёсць пару-тройку чарвякоў, гатовых пуза пакласці, дык мо шчэ не ўмёрла надзея?

— Так, Дзімон, ёсць яшчэ ў нас надзея!—рашуча пацвердзіў праведны чарвяк.

— Тады трэба зарывацца ў нару, сябра, выспацца. Заўтра ж ужоапошні дзень я ў пенатах гэтых.

— Можа не паедзеш яшчэ?

— Паеду, Дзёня, інакш быць не можа. Ды і трэба ехаць, колькі ж можна лайдачыць тут?!—пасміхнуўся я. Людзі думаюць, што я тут пакутую, а я каўбасы жару і бакі вылежваю!

— Ды ладна, мог бы і адпачыць ужо троху,—заступіўся за мяне Дзяніс перад грамадскасцю.

— Я так наадпачываўся—далей няма куды. Тым больш, ведаеш, як змагар адзін казаў: “Стаміўся? Адпачні. Але пасля гэтага ты ўжо не будзеш рэвалюцыянерам!” А мне ж, Дзёня, хочацца яшчэ паслужыць Бацькаўшчыне.


Падняўся я, як заўсёды, па пад’ёму, а 5-й; а палове на 6-ю, як заўсёды, наеўся палажняковай кашы з Дзёнінымі каўбасамі і пірагамі; як заўсёды, ізноў лёг спаць; а 10-й, як заўсёды, мяне пабудзілі галасы ПКТэшнікаў, каторыя раз наццаць прывіталіся з Дзёнем, на што ён столькі ж разоў адказаў. Віталь, Алег і яшчэ нехта гукнулі вітанні мне і я з прасоння пракрычаў тры разы: “Здаровенька!”

Перад бяссонаю этапнаю ноччу трэба было б добра выспацца, і я намерыўся працягнуць рэалізацыю баявой задачы, але тут прыйшоў атраднік і выдаў вопісі, каб да абеда я перапісаў усе свае пажыткі. Раней я павярхоўна выконваў гэтае заданне, аднак бывала пару разоў так, што па прыбыцці на новае месца дыслакацыі рэчы, не запісаныя ў вопісі, вымаліся на склад калоніі, а адтуль забраць іх ужо нельга — толькі пры пераездзе ці вызваленні. А можна і не забраць — так знікла ўсё маё нажытае непасільнаю працаю дабро, калі выкідвалі мяне ў 2008-м са “Шклова”. Цяпер я стаўлюся да падрахавання маёмасці з усёй адказнасцю.

Пасля таго, як я ўсю раніцу адваяваў у баях з крывавым рэжымам, зрабіць столькі працы — за пару гадзін улічыць кожную нітку і тры разы зафіксававаць яе ў трох копіях вопісі, — было няпроста, але надзвычай неабходна — без гэтага ў новую атаку — чытай: на этап — мяне не пусцілі б.

Таму, па сваей глыбоцкай завядзёнцы, закіпяціў я салодкую гарбату, якую атрымаў яшчэ раніцою, засыпаў у яе сапраўдную заварку і распачаў бухгалтэрыю.

— Дзімон, ты як там?

— Усё пад кантролем, Дзёня. Вопісі дарабліваю—запарыўся, як пару вагонаў разгрузіўшы.

— Ну так, справа не з прыемных, — паспачуваў мне сябар і прапанаваў:—Мо заварым што на гулку?

— Дык давай. Што варыць будзем?

— Я завару каву, а ты стаканец вазьмі з сабою.

— Дамовіліся.

— І фотаальбом захаплю, паглядзіш на маіх.

— О, я таксама вазьму,—падтрымаў я ідэю, але ўзгадаў чыя змена працуе сёння і выказаў сумнеў, што атрымаецца ў нас фоткі прагледзець:—Толькі трэба будзе неяк дамовіцца з Жорам, каб у суседнія дворыкі завёў, бо гэты лёгка можа занаравіцца.

— Жору бяру на сябе, —запэўніў Дзяніс,—я з ім на адной назе.

Я засмяяўся.

— Ну глядзі.

На прагулку выходзілі мы ўдвох—Санёк на ўмовах ШІЗА на прагулку не меў права. Адчыніўшы дзверы на дах, я паспрабаваў зайсці ў бліжэйшы да Дзёні дворык, але Жора загадаў:

— Давай праз адзін.

Жора быў кантралёр — ды што кантралёр—чалавек, — вельмі моташны. Выдурваў ён галаву зэкам так, як ніхто іншы ў гэтай зоне.

Спыняў ён, напрыклад, брыгаду перад выхадам на працу і палову выправоджваў назад, у атрад, каб лепей выгольваліся—да бляску, а на саміх парушальнікаў рэжыму складаў рапарт за неналежны выгляд. Пяцідзесяцігадовыя зэкі потым апраўдваліся перад начальнкам: “Куды ж я выгалюся, мне шостыдзясятак, а не васемнаццаць годзікаў?! Ды станком, якому другі год.” І нават калі начальства разумела абсурднасць ці беспадстаўнасць рапартаў тых, прызнаць, што зэк мае рацыю — ніяк нельга — гэта ж пахісне аўтарытэт улады! Гэта ж кожны возмецца тады правы свае даказваць!—разважалі кіраўнікі рэжыму. А псіхалогія рэжымаўаднолькавая на ўсіх кантынетах. І хоць ты прывядзеш сведкам Ісуса Хрыста, рапарт супрацоўніка зоны/МУС/амапаі г.д., і г.д. на зэка—ісціна ў апошняй інстанцыі, і зламыснік павінен быць пакараны;таму старыкі пазбаўляліся перадач, сустрэч з роднымі, атаваркі і, абыякавыя, клыпалі да сваіх станкоў на прамзону. Усё адно — перадачы ім не было каму вазіць, на сустрэчы да іх не было каму ездзіць, атаварвацца ім не было за што.

Калі ж зэка трапляўся з характарам, а асабліва такі, каторы на ўмоўна-датэрміновае вызваленне не збіраўся і таму на парушэнні чхаць з Эйфелевай вежы — чытай: з ізалятара — Жору высылалі па месцы непасрэднага прызначэння, і тады Жорык куралесіў на ўсю — рапартаў пісаў столькі, у колькіх накірунках яго прасілі імгненна знікнуць. У такім выпадку зэк загружаўся на сутак 10-30 у пуню.

Апошнімі ж днямі пайшла такая пагалоска, што Жорж збіраецца не абы-куды, а за “вышкаю” (неў гуманны суд РБ, а ў Акадэмію МУС РБ). І ўжо самі кантралёры, сутаварышы ягоныя, скардзіліся парушальнікам: “Вось, цяпер Жора вам душу вымотвае, а стане праз пару год каляровым, будзе нам мозг гвалціць”,—круцілі яны пысамі і дадавалі рашуча:— “Трэба звальняцца!”

Неяк на прагулцы, пад час знаходжання майго ў ПКТ, пачуў я, як Жора аднаму са “злоснікаў” даказвае: “Я б тут і задарма працаваў—трэба ж камусці вас, бандытаў, ахоўваць!” І тады я ўжо сам не стрываў і выказаў бескарыснаму вертухаю ўсё, што я, злосны парушальнік рэжыму, аб ім думаю. Зрэшты не, не ўсё—адсоткаў дзесяць, але іх было дастаткова, каб Жора надзьмуўся, пачырванеў і заявіў, што на мяне будзе складзены рапарт і, адпаведна, я сяду ў ізалятар. Я парыраваў пачутым калісць ад бывалага: “Ды мне начхаць, Жора, я ў гэтых ізалятарах вырас!”

Вярнуўшыся тады з прагулкі ў камеру, я адкруціў назад, да сваіх 10%, праглядзеў іх, потым зноў назад прагнаў і рэтрансляваў яшчэ раз, і мне сталася сорамна. Каб хто старонні паслухаў тыя мае дзесяць адсоткаў, дык сказаў бы: “Няўжо гэты так можа?” Я пачырванеў яшчэ больш і вырашыў папрасіць у Жорыка прабачэння. Але як прасіць?—падумае, што баюся ізалятара.

Не, перапрашаць не выпадала. Вось каб я ведаў, што не напіша рапарт, тады б выбачыўся. Але гэты не мог не напісаць, і я пачаў рыхтавацца да дзесяцісуткавага сну на падлозе: адклаў рушнік, мыла, зубную пасту са шчоткаю, рулон туалетнай паперы паболей, што будзе служыць падушкаю, апрануў цяплейшыя шкарпэткі, ізняў лішнюю адзёжу—у ізалятары дазволена мець на сабе толькі споднюю бялізну, лёгенькую аж празрыстую баваўняную кашулю і гэткія ж штонікі. Ну і, у поўным зборы, чакаў калі за мной прыйдуць. Прайшоў той дзень, за ім наступны, потым мінуў яшчэ адзін, і я зразумеў, што Жорык рапарт не напісаў і ў ізалятар я не еду. Я нават абрадваўся: цяпер мог не выходзячы за межы гардыні павініцца. Трэба было толькі падлавіць момант, каб сам насам. І адзін такі я напаткаў, але…так і не сказаў шмат разоў абдуманых словаў.І не тое, каб з-за пыхі, як з-за нейкае сарамлівасці… А мо гэта і ёсць пыха?

Пачуўшы ў жоровай манеры выкананую забарону гуляць нам у суседніх дворыках, я ўжо збіраўся пару адсоткаў выдаць, але тут жа, узгадаўшы нясплачаны Жору даўжок, асёкся, закрыў рот і пачаў тусіць па клетцы, разумеючы, што гаварыць не маю права і прасіць Жоржа бяссэнсоўна.

— Жора, дык дворыкі ж вольныя, давай мы побач пагуляем, — папрасіў спакойна, але трошку абурана Дзяніс.

— Нельга, — няўмольна адказаў той.

— Ды не прасі ты, Дзёня, гэта ж — Жора, — кінуў я Жорына імя як абразу.

— Не, я Жору ведаю іншым, ён нармальны, добры чэл, — не пагадзіўся Дзяніс, прамаўляючы гэтую характарыстыку нам абодвум і павярнуўся на кантралера. — Жора, я ж памятаю цябе харошым хлопцам, як ты яшчэ працаваць прыйшоў: на пякарню да нас завітваў, па-людску мы заўседы з табою, і ты з намі. Калі цябе абазлілі некаторыя, дык ты ж на ўсіх не адыгрывайся, — Дзяніс спыніўся і, счакаўшы, дадаў з усмешкаю: — Тым больш на нас з Дзімонам, мы ж чарвякі ды і толькі.

Жорык нешта прабурчэў у адказ, а мы, засмучаныя, пачалі туды-сюды шпацыраваць. Было шкада, што апошняя мая прагулка ў “Глыбокім” выходзіла так няўдала: вось і фотак паглядзелі, вось і кавы папілі, вось і паразмаўлялі па-людску на развітанне — недзе так разважалі мы.

І тут Жора, ён самы, адчыняе суседнюю з Дзянісам клетку, потым маю і ківае мне:

— Пераходзь.

Гэтым ён агаломшыў так мяне другі раз і канчаткова. А я ўжо амаль стаўся зэкам!.. А выходзіць, каб змякчыць сэрца любога ў свеце “Жоры”, насуперак эмоцыям трэба вось так, па-Божаму: “Жора, я ж памятаю цябе харошым хлопцам! Ты добры, нармальны чэл, Жора! Давай па-людску, Жора, — мы ж проста чарвякі ў гэтым свеце!”.


— Усё ж, Дзімон, суперскі дзянёк сёння! — абвесціў Дзяніс, адліўшы палову кавы са свайго стакана ў мой.

— Суперскі, Дзёня, — адсёрбнуў я гэтага вугальнага колеру пітва і вымушаны быў дапоўніць з усмешкаю: — І кава суперская, заўсёды такую варыш?

Дзёня падняў на святло стакан і, ўглядаючыся ў яго, спрабаваў вызначыць, колькі кілатон прыпадае на паўстакана гэтага чорнага эліксіру.

— Ну, раз на дзень можна, —урэшце быў завершаны ім спектральны аналіз.

— Раз на дзень—так. —Хаця ты ведаеш, каву не піў зусім, лічы да год трыццаці.Гэта ўжо каханая прывучыла мяне да арыстакратыі.

— О, фоткі ўзяў?—падхапіў Дзяніс.

— Канешне,—я дастаў з кішэні фотаальбом і перадаў яго праз краты.

— Твая?—тыкнуў ён пальцам у фота Насценькі.

— Мая! — з гонарам адказаў я. Зэкі заўсёды так адказваюць на гэтае пытанне — такая танальнасць азначае, што хоць ты і ізгой грамадства, але яшчэ камусьці патрэбны ў гэтым свеце.

— Прыго-ожанькая! — працягнуў Дзёня — І колькі ёй?

— Дваццаць два толькі споўнілася.

— Пастой, —Глянуў на мяне ён. —А табе?

— Во, трыццаць адзін ляснуў па рэбрах.

— Дык ты нармальны чэл!

— Ну дык да, —усё яшчэ працягваў лыбіцца я.

— Як яе?

— Анастасія.

— Прыгожа, — гэткім жа ўзнёслым голасам, як і ў мяне, адказаў ён і запытаў: — Я так і не зразумеў, вы жанаты?

Лыбіцца я перастаў і ўздыхнуўшы адказаў:

— Не.

— А што так?

Я набраў поўныя грудзі паветра і пачаў апавядаць гісторыю, па матывах якой яшчэ напішу лірычны кінасцэнар і вазьму “Оскара”.

— Справа такая Дзёня: канчаткова я ўсвядоміў, што не магу жыць без яе, калі быў ужо ў турме. У прынцыпе, за гэта я ёй найперш і ўдзячны, — я ўсміхнуўся і ўдакладніў: — Турме. Але, калі мы вырашылі ў “Горках” распісацца, высветлілася, што няма ў мяне пашпарту. Мы: туды-сюды, — давай шукаць яго, і знаходзім канцы ў КДБ — канфіскавала гэб’ё ў аднаго нашага сябра, па справе аб мітынгах. Як ён ў таго апынуўся?..—пацепаўшы плячыма запытаўся я сам у сябе.—Я і цяпер рады ня дам. Давай мы пісаць чэкістам, але тыя ўрубаюць свой звычайны рэжым — “дурачок”: ці не адказваюць на запыты нашыя, ці адказваюць нейкую ахінею, накшталт: “Не можам высветліць месцазнаходжанне.”

— Як жа так? —абурыўся сябар, разам са мной суперажываючы .

— Я і сам не ведаю, —развёў я рукамі.—Дурню плюй у вочы, а ён кажа: дождж ідзе. Так і гэтыя: я ім—дакуманты аб тым, дзе пашпарт і па якой справе імі ж канфіскаваны, а яны мне: дождж ідзе. Плюнуў я на іх канчаткова і вырашыў рабіць у “Глыбокім” новы. Але і ў гэтых дождж: ня можам рабіць новы, пакуль ты маеш стары—замкнёнае кола. “Бог з ім,— разважылі мы,—на ўсё Ягоная воля, трошку пачакаем”,— я ўздыхнуў і рэзка запытаў: —Але тут што, Дзёня?

— Што?

— Раскрутка, вось што! —радасная іронія тут якраз пасавала. — І я так прыкінуў, што маю ўсе шанцы да года 37-га катацца па камандзіроўках…

— Чаму да 37-га?—спыніўшыся, утаропіўся ў мяне Дзёня.

Спыніўся і я — трэба было тлумачыць прынцып функцыянавання беларускага султанату.

— Таму, браце, што Саня да Колі. А Колі 35 будзе ў 37-м. На Русі ж нашай, — захацелася мне па-сяброўску прышпільнуцца з Дзёні — а мо і з сябе таксама — як прынята? Прыходзіць на трон новы самадзержац і старым палітзэкам дае амністыю. Карацей,—перайшоў я на сур’ёзны лад,—раскручваць-та могуць бясконца, і таму свабоды чакаць ужо ніяк не выпадала. Давай я скандаліць, каб рабілі пашпарт мясцовыя. Марозілі яны, тармазілі як маглі, і, у рэшце рэшт, разам з позваю на новы суд выдалі мне новы пашпарт. І цяпер вось падалі мы дакуманты ў загс, якія таксама прытрымоўвалі да ўпору.

— А якая ім тут розніца? — Дзяніс нахмурыўся: ён не разумеў падыходы, па якіх жэняць у нашай краіне маладафронтаўцаў.

Трэба было прыгадаць і аб назве султанату.

— Дзёня, дзе мы жывем з табою? БССР! Усе і ўсяго баяцца! Такое ўражанне, што цень ўласны ўбачыўшы, кожны з іх абдзелацца гатовы тут жа, па месцу. Яны, відаць што, — зрабіў я адзінае мажлівае дапушчэнне ў тэатры абсурду, — думаюць, калі распішуць нас, дык гэтая ячэйка рэвалюцыі пахісне асновы рэжыму.

— Дык загс прызначыў роспіс?— зусім расхваляваўся мой сябар.

— Прызначыў,—кіўнуў я і адвёў позірк на возера,—на 6-е.

— Ну дык распішыцеся!

— Дзёня, 6-е—заўтра, а сёння мяне вывозяць.

— Да ты што?!—Дзяніс у роспачы не меншым за мой ляпнуў сябе па сцёгнах.

— Во так. У іх жа павязана ўсё. Дый і ў загсе сядзяць трасуцца, і гэтаксама гатовыя да ўсяго. Таму… на новым месцы ўжо ажэнімся, мо ў “Мазырах” якіх, —нявесела скончыў я і паспрабаваў усміхнуцца:—Ды не будзем аб сумным. Давай твае фоткі глянем.

Дзяніс перадаў мне праз краты фотаздымкі і я пачаў іх гартаць.

— Ты?—на фотцы стаіць з вудаю ля ровара белабрысы хлопчык.

— Я!—Дзёня задаволена тыкнуў сябе пальцам у грудзі.

— Рыбак?

— Ну, захапляўся да малалеткі.

— Я таксама рыбак, —пацьвердзіў я з каменным тварам.

— Так?—абрадаваўся рыбалоў, адшукаўшы сваяцкую душу.—Рыбак рыбаку, як родны брат брату. Асабліва, калі пасярод акіяну плывуць яны ўдвух на адзінокай льдзіне ў вір.

— Так!—я ўжо ледзь не кляўся.—Рыбачу па прынцыпу: рыба плавае па дну, не злавіць це ні адну.

Пакуль Дзёня супакойваўся (мне-та смяяцца не было чаго з такое рыбацкае долі), я разглядаў фотку, на якой гэты ж рыбак з прыгожаю жанчынаю сярэдняга веку стаялі на тле вясковае хаты і квітнеючых яблынь.

— Матуля твая?

— Так, — вочы Дзяніса напоўніліся замілаваннем і сумам. — Гэта мы каля нашай хаткі, што пад самымі Паставамі, — ён усміхнуўся і працягваў: — Цікавая гісторыя з домам гэтым звязана. Я яшчэ зусім малы быў, мы з маці ехалі на машыне дахаты з Віцебску, ад цёткі. І тут, каля дарогі, на ўскрайку вёскі стаіць пустуючы дом, а побач—самотны сад. Я ўпрасіў мамку спыніцца і натрэсці троху яблык, бо свайго саду ці вёскі якой у нас не было. Набраў я поўную запазуху белага наліву, іду да машыны і хрушчу яблыкам, а яны такія сакавітыя, што ажно мёд цячэ па барадзе… і кажу я матулі, як было б добра такі домік мець! І, уяві сабе, яна яго набыла праз год! Вось тыя яблычкі, якія ты ўпадабаў, якраз з гэтага саду.

Я таксама ўсцешана паківаў галавою, узгадваючы, што адзін мядова-сакавіты яблык я яшчэ пакінуў на начны перакус у сталыпіне.

Дзёня ж строс з сябе рэшткі суму і радасна запэўніў:

— Як сустрэнемся на волі, я цябе абавязкова запрашаю, разам з Анастасіяй! Заедзем, цяпельца раскладзем…

— Гуся засмажым!—усплыла мроя і перада мною.

— Так, ёсць там гусі, суседкія.

— Не, Дзёня, суседскіх не трэба— мы яго даесці не паспеем.

— Ну што ты!—як бы абурыўся Дзяніс, але з усмешкаю:—Мы ж дамовімся.

— А, калі дамовімся, дык добра, —зацвердзіў я суседскага.—Што ў нас там яшчэ да гуся?

— Хлеба я напяку, — пекар аж прыўзняўся, — гарбаткі заварым… Ды і хопіць, што яшчэ нам, зэкам, трэба?! — Дзяніс мне моргнуў: — Узгадаем адзіночкі…

— “Чарвяка” з “баркасам”… —сам сабою напрасіўся працяг думкі.

Мы стаялі моўчкі, узіраючыся ў блакіт небасхілу, на якім праплываючыя аблокі малявалі гуся ў яблыках, напечаны Дзёнем хлеб, чорную гарбатку, што дыміць на драўляным стале, над якім раскінулі свае шатры старэнькія, але яшчэ моцныя яблыні…

— Хто гэта?—паказаў я на шатэнку гадоў 17-ці.

— Была сяброўка ў мяне адна…—выдыхнуў Дзёня.—Пазнаёміўся я з ёю за месяц да арышту. Перад гэтым я два гады, з самае малалеткі з іншаю сустракаўся, нават распісвацца збіраліся. Але нешта расварыліся мы троху, і пайшоў я налева, пазнаёміўся якраз вось з гэтай шатэнкай, Вікай. І хаця мы былі знаёмыя толькі месяц, ваявала яна за мяне пасля арышту дзень і ноч, — Дзёня паглыбіўся ў мінулае і я яму не перашкаджаў. Мы моўчкі прайшліся пару разоў па сваіх клетках і сябар працягваў.

— Жанчыны, скажу я табе, гэта незвычайныя людзі! — усклікнуў ён. — Калі прымае яна рашэнне — усё, няхай не трапляюцца на дарозе — ідзе львіца, якая будзе рваць за цябе направа-налева ўсё і ўся. Вось так і гэтая. Падавалася б: ну хто я ёй такі? А мяне толькі закрылі, яна—тут як тут: на наступны ж дзень адчыняюцца ў хаце дзверы і кажа мне начальнік “кічы”: “Выходзь, прыйшлі да цябе!” Я падумаў, следак мо які. Заводзяць у пакой, а там—яна! Ты прыкідваеш?!

Я не адказваў—прыкінуць было цяжка нават відаўшым віды. Дзёня распавядаў далей:

— Кідаецца на шыю мне, плача: “Дзянісанька, вырвемся!”, “Буду чакаць!”, “Жыць не магу!” Я такі шакаваны быў… Мамка яшчэ не паспела зразумець, дзе я і што, а гэтая імгненна! І ўзялася яна па поўнае праграме: год і перадачы цягала, і мамку маю падтрымоўвала, і па сведках бегала, і па следаках — усё даказвала: “Вы ж ведаеце, ён невінаваты!” Падняла на ногі нават сваю маці. А ейная маці, ведаеш хто?

— Хто?

— Пракурорша!—крыкнуў Дзяніс і патрос рукою ў паветры.—І пракурорша, каторая мяне на малалетку закрывала!

— Во ты выдаеш…—уразіўся я такім паваротам і запытаў: —А тая што, з якой распісвацца меліся, кіданула?

— Яна, —сябар мой уздыхнуў, —апынулася, што была цяжарная.

— Н-да… проста нейкая санта-барбара.

— Так, Дзімон, але я потым даведаўся. Яна, відаць, не магла дараваць мне здраду, ды ўжо сувязі са мною не шукала. Бацькі ёй кажуць: “Рабі аборт!”, але яна не зважаючы ні на што, адмовілася. Дык, падумай ты сабе, выгналі з дому!

— Час ад часу не лягчэй,—уздыхнуў і я—усё ж, падобна было болей на тыповую трагедыю па-савецку.—І што?

— Нарадзіла усё-ткі. Потым выйшла замуж, за вайскоўца, харошага хлопца—я яго ведаю—сына ваенных таксама. Нарадзіўся ў іх яшчэ адзін дзіцёнак. Урэшце, і ейныя бацькі шчаслівыя, і ягоныя.

— Рэдкі выпадак…

— Дзякаваць Богу, Ён уладкаваў.

— Ну а Віка?—мяне ўжо вельмі цікавіў працяг турэмнага раману — такога сімвалічнага для нашага веку.

— Віка вяла за мяне няроўны бой да самага прысуду. А потым зляпіў я з ёю расход, — выдаў Дзяніс трагічную канцоўку ўзнёслага аповеду, але зрабіў гэта даволі спакойным тонам.

Я ўтаропіўся ў сябра—мне хацелася, каб усё завершылася каханнем “да смерці” —і са здзіўленнем запытаў:

— Навошта?

— Да ты што, Дзімон…—махнуў рукой Дзёня.—Маладая дзеўка, усё жыццё наперадзе, а тут я— і “дванаццатка”… Ды як падумаў я таксама: сядзі і потым заганяйся: дзе яна? з кім?.. І я адпісаў ёй з “кічы”, што ўсё, сканчваем гэтую любоўна­-турэмную рамантыку. Так бы, ведаеш, мо і не асмеліўся б, але быў у аднаго чэла гераін, і мы пару дзён—“у саплях”, ну вось я вырашыў і яе вызваліць, і сябе. Віка, праўда, доўга не згаджалася; матуля яе вельмі палюбіла і наракала на мяне потым, што дурань я такі-сякі…Але што вырашана, тое вырашана, — завершыў Дзяніс скрыгатнуўшы сківіцамі.

— Ну ты чэл канкрэтны…—уражана прамармытаў я.

— Нядаўна замуж выйшла, — працягваў прыхільнік радыкальных рашэнняў, — але ў нас добрыя адносіны: піша мне, падтрымоўвае, нават дапамагае маёй матулі перадачы збіраць… хаця і прайшло столькі год, ды яшчэ пасля таго, як я яе выправадзіў. Можаш сабе ўявіць, які чалавек?

На гэтае пытанне можна было толькі паківаць галавою—я і мог сабе ўявіць, бо прыклады — і іх шмат — перад намі, і не мог, бо розумам чалавечым такое спасцігнуць нельга.

Зэк і жанчына — самая загадкавая, дзіўная і неспасцігальная сфера турэмнага жыцця (а можа быць і ўсяго жыцця пад нябёсамі). І якіх толькі лёсаў не сустрэнеш! Яму даюць “25-ку” за забойства палюбоўніцы, з якою ён паралельна жыў, а яна даруе ўсё, выбіваецца з апошняе моцы, але збірае перадачы, ездзіць на спатканні… піша, плача, свята чакае.

А колькі едуць у зону браць шлюб з зэкам, каторага ведаюць толькі па некалькіх лістах перапіскі ці двух-трох забароненых размовах па мабільніку?.. Не спыняе нічога: ні кот у меху, ні калючы дрот вакол месца жыхарства абранніка, ні 5, 10…25 год, якія гэтаму кату-абранніку пад аховаю аўчарак трэба пражыць. І гэтак жа свята будзе плакаць, пісаць, ездзіць і … чакаць, чакаць, чакаць. Уявіць жа, каб на гэтую ахвяру душы быў здольны мужчына — ніяк нельга. Не, такое,канешне, мусіць недзе быць, але я пакуль не бачыў.

А нават такое часам сустрэнеш, калі выправоджвае яе зэк (ці вызваліць жадае, як Дзёня, ці найграўся кот з гэтаю мышкаю і палюе ўжо на іншую), а яна шчэ ўмольвае і спадзяецца.

Не, розумам чалавечым такое спасцігнуць нельга, такое можна спасцігнуць толькі душою.

— А цяпер пішашся з якою?—запытаў я пасля хвіліннага маўчання.

Дзяніс усміхнуўся і ўсцешана адказаў:

— Пішуся, ёсць адна дзяўчына, Марыя. У Ельску жыве, ведаеш?

— Ведаю, — кіўнуў я, узгадваючы адну з двух сваіх малых радзімаў. — А як пазнаёміліся?

— Адрас даў яе стрыечны брат, з якім я тут разам год на пекарні працаваў, а цяпер ён ужо на свабодзе.

— І што, пра адносіны не размаўлялі яшчэ?

— Размаўлялі, я ёй напісаў пра сваё бачанне сям’і, пра веру. Яна ва ўсім згодна,але са шлюбам мы вырашылі пачакаць.

— Чакаць? — даўся дзіву я. — Табе колькі яшчэ сядзець, Дзёня?

— Восем. Да званка. Гады два мо і “адкушу”.

— Во, восем! Ці шэсць —у лепшым выпадку. І ты кажаш: чакаць? Ну вось я, амаль два адчакаў і што?—прыгадваў я свой досвед. —Адарві—і выкінь! А ты збіраешся восем год зарыць. Калі ёсць пэўнасць, трэба рабіць адразу. А калі няма… — я пранікліва паглядзеў на сябра, — дык мо лепш ні ёй не тлуміць розум, ні сабе?..

Перад самым абедам заляскаў ля маёй каморкі ключнік і, адчыніўшы дзверы, прамовіў:

— Пайшлі.

— Куды? — я начапіў феску і ўскочыў ў туфлі.

— Там убачыш,—быццам бы інтрыгуючы, адказаў кантралёр.

На волі такога кшталту адказ сапраўды можа інтрыгаваць, але ў турме — толькі напружваць. І як не пераймацца? Ідзеш і не ведаеш куды: да любімага чалавека, каторы прыехаў на спатканне ці — да следака,каторы прыпёрся падшыць на цябе яшчэ пару паказанняў. Пасля шматлікіх паўтораў, эмоцыі, пры руху ў невядомасць, прытупляююцца, але не тое, каб зусім ужо — хаця б трошку, але сэрца будзе адбіваць усхвалявана: тух-тух, тух-тух, тух-тух — а раптам убачу зараз каханую? — думае яно.

Мяне прывялі ў суседні, прылеплены будынак. На прадоле ізалятара з аднога боку месцяцца камеры ШІЗА і ПКТ, а з другога стаіць драўляны прамавугольны стол, які выкарыстоўвае повар падчас кармёжкі камер. Цяпер жа на ім стаяла тыповая торба “у клетачку”, сімвал двух катэгорыяў чаўнакоў у нашым сацыялізме — тых, што возяць у іх па рынках свой тавар, і тых, што цягаюць у іх па этапах усю сваю маёмасць. Ля кешара гаманілі рэжымнік і дзве маладыя жанчынкі — бландзінка і брунэтка — супрацоўніцы з г.зв. “свіданак” — пакояў для каротка- і доўгатэрміновых сустрэчаў зэкаў з роднымі.

— Правярай, — суха прамовіў рэжымнік і сунуў мне аркуш паперы, на якім я адразу пазнаў почырк Настачкі — клапатлівыя пальчыкі спісалі цэлую старонку пералікам прадуктаў.

— Насценька пераказвала прывітанне, казала, што вельмі кахае, сумуе, чакае, —узнёсла выгаварыла кожнае слова брунэтка.

— Дзякуй вам вялікі,—адказаў я крануты, бо яна ж зусім не абавязана была пераказваць мне вітанні, але вось жа, зрабіла гэта і нават так пяшчотна. Добрыя сэрцам супрацоўніцы заўжды суперажывалі нашай з Насценькаю барацьбе за мой пашпарт ды шматлікім нашым спробам прарвацца да загса і стацца, нарэшце, мужам і жонкаю.

Перавярнуўшы на стале аркуш, я напісаў на адваротным баку стандартныя словы, якія ўжо так даўно не прамаўляў: “Перадачу атрымаў цалкам, прэтэнзіяў няма”.

— Дык вы пра-аве-ерце,—расцягнула гукі бландзінка.

— Я вам веру, —усміхнуўся я, ставячы дату і подпіс.

Зэк рэдка калі правярае перадачу па спісе. Калі табе яе прыносяць, ты ўсхваляванымі рукамі, што трасуцца ад радасці, хутка драпаеш пяць словаў, дату, подпіс і цягнеш скарб у сваю павуціну. Радасць жа складаецца з дзвюх частак: пяшчотнае радасці — ты напоўнены пачуццём удзячнасці за клопат і вестку ад любімых, і галоднае радасці — ты напоўнены пачуццём удзячнасці за ежу. Тое, якая з частак радасці пераважае ў агульнай эйфарыі залежыць ад таго, колькі год сніцца табе гусь у яблыках. Гэтым разам рукі ў мяне трэсліся больш ад пяшчотнае радасці, але, каб не даеў я раніцою Дзёніны гасцінцы, пераважала б радасць галодная. Бо для зэка, а перадусім зэка-злосніка (злосна парушаючага ўсталяваны парадак адбыцца пакарання), ежа — гэта адвечнае летуценне і адвечная праблема.

Уся перавыхаваўчая сістэма “нэагулагу”— зонаў і турмаў ДВП (Дэпартамента выканання пакаранняў) МУС РБ, заснаваная на тым, што зэк заўсёды павінен быць галодны, не зважаючы нават на тое, што паводле судовага выраку мне забаранілі колькі там год дыхаць вольным паветрам, а не пазбавілі права есці.

У СІЗА, калі ты знаходзішся ў статусе падследчага і маеш права на безлімітную атаварку і перадачу ў 30 кг штомесяц, з галадаморам сустракаешся рэдка, толькі калі сядзіш у вялікай хаце, дзе ўсе прадукты ў цябе хутка павыпрошваюць. У зоне ж голад — гэта дыягназ. Выключэнні здараюцца толькі тады, калі ты атрымаў перадачу і пару тыдняў вядзеш з сябрамі разгульны лад жыцця. Вось як я з Дзёнем, патрапіўшы на ягонага “кабана”. Увесь жа астатні час ты сядзіш на “палажняковай” пайцы.

Што такое “палажняк” — сказаць цяжка, бо ў кожнай зоне мадыфікацыя баланды залежыць ад таго, колькі дзясятак пар рук цягне з зэкаўскага катла. Нават калі недзе нейкім цудам не цягнуць надзіральнікі, будуць цягнуць зэкі (таму месца каля катлоў з мясам, цыбуляю і часныком каштуе найбольш плюсікаў). Вельмі сумняюся, ці мог бы ты наесціся, каб нават па тых нормах накладвалі табе ў шлёмку, а пасля таго, як самыя ласыя кавалкі з бакаў выцягнутыя, шансаў перамагчы ў няроўнай бітве з голадам — ніякіх.

У цывілізаванай краіне пазбаўленне права хоць раз на дзень, але наесціся, назвалі б катаваннем, а ў нас гэта горда імянуюць “перавыхаваўчым працэсам”. Гэты перавыхаваўчы працэс, каб на “агульным рэжыме” ты меў чатыры перадачы па 30 кг у год, а на “строгім” —дзве. Каб ты мог атаварвацца ў зонаўскай крамцы на пару даляраў у месяц. І тое, будзеш мець ты на ўсё гэта права толькі тады, калі ходзіш перад гарантам рэжыму на дыбачках. Калі ж ты нешта недзе пікнуў, калі гузік не зашпіліў на кашулі, галодная смерць грукаецца ў твае дзверы, часцей за ўсё — дзверы ізалятара, бо за кожную правіну перад рэжымам ты разлічваешся перадачамі, атаваркаю, сустрэчамі з роднымі, а калі пазбавіць цябе ўжо няма чаго — едзеш у ШІЗА, на ізалятарскую баланду.

Вось такія асноўныя рысы “перавыхаваўчага працэсу”, хаця і не сустракаў я яшчэ ніводнага, каго б гэткімі метадамі перавыхавалі. Відавочна, што эфектыўнасць такіх падыходаў разумеюць і рэжым утрымоўваючыя, але ні ў кога і не стаіць такой задачы: нешта людскае выхаваць у чалавеку. Задача ў тым, каб кожнае імгненне адчуваў ты, што ты раб, каторага толькі з ласкі Галоўнага рэжымніка кормяць пару разоў на дзень “палажняком”. І ўсе гады, пакуль ты жарэш гэтую падачку, ты павінен ўбіваць у падкорку сваю, што каб мець да шлёмкі баланды яшчэ і костку, ты мусіш хадзіш на дыбачках і зашпільвацца на ўсе гузікі.

— Куды вазілі? — гукнуў Дзёня, калі дзверы за мною зачыніліся.

— Насценька прыязджала,—радасна адказаў я.

— Во! — здзівіўся сябар.—Ні на крок ад цябе.

— І каб ты ведаў, колькі ўжо год — ні на крок, дык не паверыў бы. Я часам сам не разумею нават, хто больш гэтыя мае тэрміны матае—я ці яна?

— А што, такая хуткая свіданка ў цябе?

— Да ты што, Дзёня, не для таго раскручвалі, каб потым свіданкі выпісваць, —уздыхнуў я з сумам.—Дазволілі ёй толькі перадачу перадаць.

— Н-да, зусім табе няпроста, гляджу я… — разгублена зазначыў Дзяніс, пачаўшы, відаць, разумець, што працуюць тут па персанальных падыходах. — Звычайна, калі прыязджае да каго-небудзь дзяўчына, дык кароткую сустрэчу дазваляюць, а можна нават і на доўгатэрміновую дамовіцца.

— Гэта казка не пра нас.

— Дык я яшчэ дзіўлюся, як табе перадачу дазволілі з такімі раскладамі.

— Я ж як падследчы цяпер, пасля раскруткі,—патлумачыў я,—дык 30 кг на месяц маю. Толькі і я не думаў, што ўжо ў зоне магу атрымаць, але, бачыш ты, і сюды прабілася, клапатлівая… — прамовіў я, і сам яшчэ не разумеючы, як такое адбылося: — Ірвану цяпер у атаку з поўным баекамплектам.

— А калі этап?—схапіўся Дзяніс.

— А палове, недзе, на першую.

— Было б класна разам паехаць.

— Ну, было б прыкольна, — ўсміхнуўся я, не першы раз адчуўшы, як пачуццё вялікае прыязнасці напаўняе мяне да гэтага чалавека.

— Мо і я яшчэ паеду?

— Не, Дзёня, табе б вопісі ўжо прынеслі. Таму, пакуль што, стартую я адзін.

— А куды едзеш?—усчаміўся і Санчоўс.

— Дакладна не ведаю, але, хутчэй за ўсё, у Мазыр.

— Паведамілі табе?

— Не…але якія яшчэ варыянты? — хмыкнуў я. — У беснаватых “Горках” быў, у “Глыбокім” выхапіў, засталося толькі ў “Мазыр” пракаціцца — канцлагер, кажуць, там яшчэ той.

— Я ж у “Мазыры” першы тэрмін сядзеў,—нечакана выдаў Санчоўс.

— Да ты што! І як там?

— У зоне рэжым такі, што не прадыхнуць, але ж, ты “пад дахам” пастаянна будзеш? — удакладніў экс-мазырчанін, у перакладзе на цывільную мову запытваючыся: “Будзеш па ШІЗА/ПКТ сядзець?”

— Толькі так, —цвёрда запэўніў я.

— Дык там будзе табе добра, —тут жа была дадзена мне раскладка. — Кічу там “грэюць” нармальна, “курыць-варыць” у кожнай хаце. І сам будынак новы, 2004 году — ўсё па еўрастандартах і са шклопакетамі.

Як толькі пачуў я гэтае дзівоснае апісанне будучыні сваёй, імгненна сэрца выкінула ў артэрыі гадавую дозу эндарфіна і замілаванне жыццём хваляю накрыла мяне з галавы да ног — я ўявіў сабе шклопакеты ў ізалятары і па еўрастандартах мягенькую драўляную падлогу, на якой могуць з’явіцца неблагія шанцы перажыць будучую зіму, бо яшчэ адну глыбоцкую, з пяццю пад’ёмамі на ноч на 20-30-хвілінную зарадку (каб не здохнуць ад холаду) я мог бы ўжо і не выцягнуць.

— Санёк!—задаволена гукнуў я. — Ты натхніў мяне неймаверна! “Курыць-варыць”, праўда, сто год мне не трэба, а вось Біблію хацелася бы неяк адваяваць.

— Там у кожнай хаце, — спакойна заявіў Санёк інтанацыяй усёведаючага, якая вызначаецца крыху ганарлівым тэмбрам.

— Ды не можа быць!— я ўжо ледзь не шалеў ад радасці.

— Точна табе кажу!

— Во ё-маё! Сядзеў бы і сядзеў бы ў такім санаторыі!

— Хе-хе,—гагатнуў добры сусед.—Ну дык пасядзіш.

Перад вечэраю я разлічыўся з зонаю — здаў матрац, падушку, коўдру, дзве прастыні, навалачку, алюміневы “кругаль”. Вызваліўшы шконку падняў яе да сцяны, усеўся на з’явіўшымся зэдліку ды пачаў да Насцюлечкі “этапны” ліст, які меўся працягнуць на сталыпінскіх нарах, а завершыць у “Віцебску” і адтуль жа даслаць. (Пры пераездах люблю пісаць храналагічныя пасланні.)

— Дзімон, а ты ведаеш што я зрабіў?—клікнуў тут мне Дзёня з пэўным выклікам.

— Што?—падыграў я.

— Падумаў я аб словах тваіх, на вас, вось, з Анастасіяй паглядзеў, і напісаў сваёй.

— І што напісаў?

— Так і так, пішу, Машанька, давай можа вызначымся мы з табою ў планах нашых і стасунках. Каб не было гэтае няпэўнасці. Ці давай распішамся, ці з мірам усё скончым… Яшчэ раз нагадаў пра погляды свае на жыццё; пра тое, што сям’ю можна стварыць толькі на падмурку Хрыста. А калі, інакш, дык лепш і не ствараць —нічога добрага не выйдзе.

Дзяніс агучыў сваё рашэнне раўнамерна і спакойным тонам, але і з некаторым у голасе хваляваннем — словы гэтыя, відавочна, абдумваў ён не аднойчы.

— Гэта ты правільна, — я паклаў асадку і падняўся — хацелася падтрымаць сябра. — І з каштоўнасцямі, канешне, трэба вызначацца адразу. Каб у адным духу быць.

— Так, бо наглядзеўся я на сем’і гэтыя, без Бога —сканчваецца ўсё трагічна. Я нават па сваіх бацьках гляджу: жылі сабе жылі, а потым — раз, і разышліся…—Дзяніс самотна ўздыхнуў і пасля некалькісекунднай паўзы эмацыйна працягваў:—Дык у нашых бацькоў хаця б нейкую мараль закладалі! Раней для дзяўчыны пацалавацца з хлопцам было неймавернай дзеяй, а паглядзі, што цяпер робіцца?! Цяпер яна з класа ўжо 8-га такое вытворвае, што і казаць сорамна. Калі мне прыносіць хто ў барак газеткі гэтыя жоўценькія, ганю прэч. Бо неяк узяўся раз чытаць, як там дзяўчынкі ў чатырнаццаць выпісваюць, дык сам сяджу і чырванею ад сораму. І вось ствары тут сям’ю, што гэта будзе?

— Нармальны будзе мурзач!—весела усклікнуў Санёк.

— Бачна, усё ж кепскавата цябе падлячылі, — абурыўся недарэчнай рэплікай Дзёня і запытаў: — Ты сам хацеў бы сям’ю такую?

— Ды ладна, Дзянёк, я ж прышпільнуўся,—паспрабаваў выправіцца той, разумеючы, што жарт не да месца.— Ясная справа, каму такое трэба?

— Вось і мне не трэба.

— З іншага боку, Дзімон,—памаўчаўшы, звярнуўся да мяне Дзёня.—Я як пагляджу на сябе…я ж сам—ніякі! Што я вырабляў? Як жыў?.. Такіх наўчыняў я дзеяў у сваім жыцці, яшчэ і пакруцей, чым тая, з чатырнаццаці каторая. Дык і не ведаю, ці апраўдаюся калі-небудзь ад гэтага, і ці можна ўсё гэта калі-небудзь выправіць?! — пытанне прагучала рэзка і з нейкім нават адчаем, патрабуючы, як я падумаў, якой-небудзь рады.

— Дзёня,—звярнуўся я да сябра з усмешкаю, якое ён не мог бачыць, але павінен быў чуць у маім голасе, — ты не думай толькі, што ты нейкае выключэнне ў гэтым свеце. Я магу за сябе сведчыць: я — такі ж самы, ды яшчэ і бруднейшы, бо ты сваё жыццё аплакаў і пачаў жыць новым, а я колькі аплакваў, а потым яшчэ горш рабіў.

Загрузка...