У Мінск цягнік прыйшоў у восем раніцы, і Васіль праз падземны пераход выйшаў на прывакзальную плошчу, шэрую ад густога цёплага туману, бруднага мокрага асфальту, масіўных змрочных сілуэтаў будынкаў. Стаў, прысланіўшыся плячыма да металічных парэнчаў, пазіраў на людзей, якія выбягалі з тунеля, штурхаліся, мітусіліся, кідаліся да стаянкі таксі, да трамвайнага і тралейбуснага прыпынкаў, і беглі так, быццам гэты трамвай ці тралейбус былі апошнія, і калі чалавек не ўшчэміцца ў яго, то свет перавернецца дагары нагамі...
У Васіля таксама жыў такі душэўны сверб — хутчэй уціснуцца ў трамвай ці тралейбус,— але ён перасіліў яго і застаўся стаяць ля парэнчаў, знешне спакойны і абыякавы да ўсяго, што тварылася кругом. Ён адчуваў, што мацнейшы за гэтых мітуслівых людзей, пераконваў сябе, што мацнейшы за іх, і таму можа паблажліва і звысака глядзець на ўсю іхнюю мураўіную валтузню. Васіль быў рослы — вышэй за метр восемдзесят, чуў нерастрачаную сілу ў жылаватым целе, і гэта неўвароткае здароўе маладога цела таксама паддавала яму смеласці. Ён хацеў, каб усе бачылі, што ён не баіцца горада, што тут ён — дома, але і па маленькіх, чуйна насцярожаных, як у дзікага кабана, вострых вачах яго, і асабліва па руках — даўгіх і вялікіх, якім ён не знаходзіў месца, і яны то сціскаліся ў набраклыя кулакі, то дрыготка гладзілі адпацелы метал парэнчаў — было відно, што ён не такі ўжо і спакойны, што і яму нечага боязна.
Ён прыехаў паступаць у інстытут, і як усе, хто прыязджае паступаць з сяла, прывёз з сабой трывогу і разгубленасць. I цяпер ён стаяў і чакаў, хаця і сам не ведаў, што чакаў...
Цяжэй за ўсё ў чужым месцы прыняць першае, хай і зусім дробязнае, рашэнне. У незнаёмым горадзе, дапусцім, сесці ў аўтобус ці зайсці куды-небудзь перакусіць, ці яшчэ зрабіць што-небудзь. Для Васіля Мінск быў чужым месцам, хоць сам ён і не хацеў прызнавацца ў гэтым. Прызнавацца не хацеў, але адчуў гэта адразу, як толькі апынуўся на плошчы: нікому не было ніякай справы да яго — хто ты, што ты, чаго прыехаў сюды і чаго тырчыш, як ёлупень, на гэтым вірлівым месцы. Васіль надта добра разумеў усіх гэтых людзей, што вывальваліся з тунеля і адразу кідаліся да трамваяў і тралейбусаў. Яны ведалі, што рабілі. Яны баяліся горада, незразумелага тлуму яго і мітусні і стараліся ўцячы ад усяго гэтага, схавацца — хай у той жа трамвай ці тралейбус.
Васіль шкадаваў, што не напісаў Валодзю, каб той сустрэў. Браценік па бацьку, Валодзя жыў у Мінску ўжо гадоў з дзесяць, працаваў прарабам. Клопатаў у яго і сваіх стае — і сям’я: сам, жонка, дзіця,— і работа, але нідзе не дзеўся б, сустрэў бы. У чамадане, які стаяў тут жа, ля ног, разам з падручнікамі па матэматыцы, фізіцы, «шпаргалкамі» па рускай літаратуры, была пляшка «сваёй» гарэлкі — так, на гасцінец.
Васіль у Мінску быў ужо адзін раз, гады з чатыры назад, і ведаў, дзе Валодзя жыве і як дабірацца да яго, ды што там дабірацца — жыў ён у самым цэнтры. Той раз яны былі тут з Раманам, малодшым Валодзевым братам; хадзілі па вуліцах, разявіўшы раты, дзівіліся на ўсё — на тралейбусы, на чорныя легкавушкі, на цырк, на планетарый. Якраз прыпала свята вызвалення — усюды сцягі, зелень, кветкі, музыка, людзі з ордэнамі, медалямі на грудзях. Бацьку б сюды, хай бы пачапляў свае, пазадаваўся. Увесь праспект ля плошчы Перамогі быў забіты людзьмі, і толькі пасярэдзіне яго — вузкі, як вулачка, калідор, і па ім ішлі колішнія камандзіры, партызаны, падпольшчыкі — і старыя, сівыя, і маладзейшыя. Яны ішлі ў гэтым вузкім людскім калідоры, стомлена і вінавата ўсміхаліся, а з бакоў на іх і пад ногі ім ляцелі кветкі. Васілю запомніўся маленькі сухі дзядок з арэхавай качарэжкай, у яго было тры ордэны на чорным пінжаку, ён ішоў і плакаў. Усе весяліліся, пад нагамі валяліся кветкі, а ён плакаў. Потым, калі людзі трохі паразыходзіліся, Васіль з Раманам прайшлі па тратуары да абеліска — глядзелі на партрэты, што на дашчаных, абцягнутых чырвоным шчытах стаялі абапал праспекта. Шчытоў было шмат, і партрэтаў было шмат, і як не пад кожным стаяла слова — «загінуў». Загінуў, загінуў, загінуў... Сталыя мужчыны, жанчыны, а болей — хлапчукі, такія маладыя, бязвусыя...
А вечарам яны глядзелі салют. I зноў адчувалі сябе весела і бесклапотна. Гэта было тады. Тады добра было.
У вірлівым натоўпе, што вывальваўся з тунеля, Васіль убачыў маладзенькую, белавалосую жанчыну з дзяўчынкай на адной руцэ і чамаданам у другой і рынуўся ёй насустрач. Усю дарогу ён ехаў у адным купэ з імі, і толькі тут, на вакзале, яны разлучыліся. Васіль хацеў памагчы ім сысці, але жанчына сказала, каб ён не чакаў іх, ім доўга збірацца, ды і чамадан іх не цяжкі, і ён падумаў, што, можа, яна хоча застацца адна. Цяпер ён узрадаваўся, угледзеўшы іх. Дзяўчынцы было гады два, і яна пазнала Васіля і разявіла роцік з ланцужком дробненькіх зубоў. Васіль узяў у жанчыны чамадан, і яны пайшлі да трамвайнага прыпынку. Яшчэ ў цягніку Васіль даведаўся, што жанчына з дачушкай едзе праведаць свайго мужыка, ён во ўжо болей года служыць у Мінску ў арміі... Васіль усміхнуўся: успомніў, як яна ноччу ўкладвала спаць сваю неслухмяную дачушку, гладзіла рукамі па ўсяму цельцу — грудках, жывоціку, ножках, гладзіла і расказвала-прыпявала: «Ласачка-ласачка, дзе была? — У бабкі.— Што рабіла? — Кросны ткала.— Што зарабіла? — Кусок сала.— Дзе паклала? — На паліцы.— А дзе сала? — Кошка ўкрала...»
Дачушка доўга не хацела спаць, і маці зноў і зноў пачынала: «Ласачка, ласачка...» Цяпер Ласачка ўтульна сядзела на руках у маці, адно круціла галоўкай па баках, а Васіль з жанчынай перакідваліся нязначнымі, абаім прыемнымі словамі.
— Дык перадавайце прывітанне свайму служываму.
— А няўжо ж... Шчэ каб прыраўнаваў! Ён у мяне на гэта скоры...
— Раўнаваць будзе, то і любіць будзе...
— Ён і так любіць...
Васіль і без гэтых яе слоў чамусьці ведаў, што любоў у іх ёсць і, мусіць, крэпкая і спакойная. Ён пасадзіў іх на трамвай, памахаў рукой, а пасля і сам узяў у рукі чамадан.
Дома быў Валодзя. Ён толькі што ўстаў і цяпер упарта муштраваў шчокі харкаўскай брытвай, крывіўся, нацягваючы скуру рукамі. Ён шчыра ўзрадаваўся, убачыўшы Васіля:
— Прыехаў усё ж! А я думаў, што ты даў труса.
— Прыехаць — прыехаў, а як паеду? Можа пасля першага экзамена падцісну хвост ды цішком назад, у сваё Дубно. Бацька ўсё тачыў, каб не мудрыў і ехаў да Шуры, паступаў на юрфак. Шура быў зімой, дакляраваў памагчы. А на якога д’ябла мне Казахстан іх, іх юрыдычны... Я ведаю: Шура, калі захоча, паможа, ды пайшлі яны. Прысталі, быццам я сысунок які, з калыскі ўчора вылез... Падаў на інжынерны, пагляджу, чым усё гэта пахне.
— I добра зрабіў. Да кожнага чалавека калі-небудзь прыходзіць пара, калі трэба стукнуць кулаком па стале, каб даказаць, што ты мужчына. I чым раней ты гэта зробіш, тым лепей.— Валодзя касіў вокам на Васіля і разам лавіў рукой, дзе яшчэ чаплялася шчаціна. Сказаў, што Люсі няма дома, з хлапцом паехала да сваіх у сяло, так што Васіль можа абкладацца кніжкамі і зубрыць свае формулы ці рашаць задачкі, пакуль не пасінее,— ніхто ні часу яго, ні заняткаў не ўрве, калі сам будзе пільнавацца, бо сам Валодзя дома бывае мала, а суседзі паехалі ў адпачынак.
Снедалі, і Валодзя вучыў Васіля, як трэба здаваць экзамены. Галоўнае на экзаменах — цвёрдасць. Галоўнае, каб экзаменатар бачыў, што ты не смаркач які, а мужчына, што ты яго не баішся, бо ты ведаеш, чаго прыйшоў і што табе трэба. Адчувай сябе так, быццам ты раўня экзаменатару: седзіцё, гаворыце, ты гаворыш, ён слухае, так во, як мы з табой. Васіль засмяяўся, запярэчыў: добра так гаварыць тут, а возьмеш білецік у рукі — і не прыкмеціш, як затрымцяць каленкі, ды ў яго ніколі і не было гэткай порсткасці, у яго так: ведаю — дык ведаю, не ведаю, дык не ведаю. На глотку тут не возьмеш. Але Валодзя і тут не пагадзіўся: на экзаменах часта рэжуцца, асабліва жаўтароцікі, з-за страху. Ён, можа, і ведае білет, а язык, што ў заікі,— пыкае, мыкае, а экзаменатару што — заікаешся, значыць, не ведаеш, ідзі павучы, за дзвярыма цэлая рота чакае.
Валодзя гаварыў так упэўнена і цвяроза, што і Васіль пачаў верыць у яго аптымізм, у тое, што паступіць. А што? Вучыўся ён добра, усе прадметы ішлі роўна, хіба толькі яго самога больш цягнула да матэматыкі, з ёй ён быў на «ты», і не любіў хімію, заеўся з хімічкай, не жылі, а нервы пераядалі адно другому. Таму і тройку вывела — адну на ўвесь атэстат.
Васіль слухаў Валодзю, поўніўся ўпэўненасцю, што ўсё будзе добра. Вунь летась Валера Каждан паступіў і ніякім не быў медалістам, ніякім выдатнікам. Дык няўжо ж ён горшы за Валеру? Урэшце, пабачым, сказаў сляпы, як бязногі паскача. Трэба паступаць і паступіць. Гэта ж, браце ты мой, Мінск, Мінск, а не Дубно тваё.
Успомніўся Мінск — той, калі яны прыязджалі з Раманам. Яны ўтрох — Валодзя, Раман і Васіль хадзілі на канцэрт у завадскі тэатр. Сядзелі высока, на галёрцы. Васіль ніколі не бачыў такой вялізнай і прыгожай залы, столькі люстраў, столькі святла, столькі пражэктараў, і поўна людзей. I столькі дзяўчат, і зноў жа — прыгожыя, каб хто сказаў дома, што недзе іх столькі, ніколі не паверыў бы, сказаў бы, што набрахалі. Хоць Дубно і немаленькае сяло, двароў пад дзвесце, а колькі там тых дзяўчат, ды яшчэ каб такіх прыгожых. Праўда, пазней Васіль убачыў, што ў зале не ўсе такія ўжо і прыгожыя, проста на іх болей фарбы і пудры, чым на дубенскіх, і адчуваюць яны сябе вальней. Паглядзеўшы на кожную з іх, можна было падумаць, што толькі адна яна і ёсць у гэтай зале. Хоць за тыя два дні Васіль пабачыў усяго ўсякага, што здзіўляла і сваім размахам і навізной, але ў той вечар ён чакаў яшчэ нечага такога, што б канчаткова, як цвіком, прышпіліла яго сэрца да горада. I яно было — здзівіла і ашаламіла яго.
На сцэну — далёка, недзе там, унізе, як на дне ямы,— выходзілі артысты: чыталі вершы, спявалі, паказвалі балетныя, спартыўныя нумары. Усё гэта было прыгожа, з музыкай, але Васілю ўсё гэта было трохі знаёма — і па тэлевізары, і па раённым доме культуры — ён колькі разоў быў там... Пражэктары — чырвоныя, зялёныя, сінія, белыя — распаласавалі цёмную прастору залы, збегліся ў круг на сцэне, і ў гэты круг выйшаў дзяцюк. Здаровы, плячысты, з вялізнай грывай, у цесным чорным пінжаку і васільковых караткаватых штанах — з вузкіх калашын вылазілі моцныя, шырокай касці ногі ў вастраносых модных чаравіках. Во касталом быў бы, каб гуляў у футбол! Дзяцюк усміхнуўся зале, і ім, галёрцы, і аркестру, і ўсе ўбачылі яго буйныя, няроўныя белыя зубы, такія зубы перамелюць і камень, толькі давай! Ён заспяваў, і залу аглушыў магутны нерастрачаны бас. I Васілю падумалася, што якраз такім голасам трубіць восенню лось-самец, калі кліча лошу. Зала аж дрыжэла ад гэтага голасу-клічу. Дзяцюк скончыў спяваць, пакланіўся, і тады зараўла зала. Людзі паўставалі са сваіх месцаў, крычалі, пляскалі ў далоні. Асабліва стараліся маладзенькія дзяўчаткі, імі была забіта ўся галёрка, тупалі, крычалі «біс», «брава». Васіля здзівіла не песня — дзяцюк не спяваў, а крычаў, як у лесе,— а тое, што дзяцюк не пасаромеўся ў такіх кароткіх штанах выйсці на сцэну і нават руку не выняў з кішэні і што ўсе як павар’яцелі, прасілі яго спяваць яшчэ і яшчэ. Дзяцюк не адмаўляўся, відаць, і ён і арганізатары вечара чакалі гэтага. I тады Васіль зайздросліва падумаў: «Вось яно, сапраўднае жыццё! Трэба жыць так, як гэты дзяцюк, каб кругом цябе шалелі і раўлі. Што я, Васіль, што тое Дубно?!»
Васіль многа разоў успамінаў той вечар і дзецюка з няроўнымі зубамі і трубным ласіным голасам — здаровага, упэўненага ў сабе, з шырока расстаўленымі тоўстымі нагамі — вузкія калашыны штаноў аж закручваліся на іх. Ён стаяў так, быццам трымаў зямлю на плячах. Успамінаў і зайздросціў яму, хоць ні тады, ні пазней не разумеў, чым той юнак так упадабаўся людзям. Голасам? Дык такіх равуноў і ў іхнім Дубне нямала. Прыгожы? Зноў, на ім нічога такога не было. Сілай? Дык у іхнім калгасе ёсць хлопцы куды здаравейшыя...
Пасля снедання Васіль з’ездзіў у інстытут — паглядзець, як яно там і што, пацерціся сярод такіх жа, як сам, небаракаў-абітурыентаў. Таўклося іх шмат — і на двары інстытута, а яшчэ болей — у прахладным вестыбюлі, абстаўленым і абвешаным дошкамі з аб’явамі, і ў вачах ва ўсіх было нешта агульна-сумнае, нават у самых гаваркіх і вясёлых. Пазнаёміўся з двума хлопцамі з іхняй групы — Анатолем і Алегам. Абодва яны прыехалі з Віцебска, абодва валасацікі зарослыя, Анатоль — спакойны, але ўедлівы, з упарта сціснутымі губамі, Алег — няўцерпны балбатун і цынік. «Прывет, капітан!» — першае і любімае, што паўтараў ён,— трэба было ці не трэба. Нават тут, у вестыбюлі інстытута, ля дошак са спісамі, ён чапляў ледзь не кожную больш-менш прыгожую дзяўчыну. Яго назойлівая актыўнасць мела тое добрае, што адна з дзяўчат, каб адчапіцца, дала перапісаць задачку, якая была летась на ўступных экзаменах. Хлопцы аблазілі тры паверхі, пакуль знайшлі незанятую аўдыторыю, завалілі дзверы сталамі і ўзяліся за задачу. Васіль рашыў скора — звычайная геаметрычная задачка з прымяненнем трыганаметрычных функцый. Анатоль з Алегам ладны час біліся над ёй, пакуль Алег не здаўся: «Валачы сваё рашэнне». Пахваліў: «Трэба будзе сесці ля цябе. Бачу, ты задачы грызеш, як заяц капусту. Быў бы я рэктарам, я б за адно гэта прыняў цябе. А пакуль я яшчэ не рэктар, ды і сам усявышні ніколі не дапусціць гэтага, а ты не маеш часу чакаць — будзем рэалістамі, капітан, будзем паступаць».
Яны сядзелі на лаўцы ў інстытуцкім двары, задраўшы галовы, патыліцамі да выгнутай спінкі лаўкі, як апошняе ў печ укінуўшы. Не хацелася ні ўставаць, ні ісці — сядзець бы ды глядзець, як бягуць, тупацяць, ступаюць па сцежцы ножачкі, ножкі, ногі.
— Кажуць, што ў радыётэхнічным усіх, у каго патлы ніжэй загрыўка, не дапускаюць да экзаменаў,— сказаў Васіль.
— Брашы,— ляніва азваўся Алег.
— А могуць,— падтакнуў Васілю Анатоль.— Скажуць: альбо інстытут, альбо джунглі, малпападобнае існаванне.
— Перажывём, капітан,— Алег паказаў вачыма перад сабой на асфальтавую сцежку, па якой важна нёс умерана ўкормленае цела сярэдніх гадоў мужчына. Збоку яго церусіла тонкімі нагамі худзенькая дзяўчынка.— Даю на адсячэнне... шавялюру сваю, што вось гэты радзіцель на сто працэнтаў упэўнены, што яго беднае, слабое дзіця паступіць... Ён зрабіў усё, што мог, усё, што ад яго залежала. Загадчык райспажыўканторы, ці як яна там, ён яшчэ тры гады назад пачаў думаць, куды паступаць яго дачцы, і два гады рыхтаваў яе і сам рыхтаваўся... Я няпраўду кажу, Анатолька?
— Відаць, праўду.
— Відаць, праўду,— пацвердзіў і Васіль. Па саліднасці паставы, па важнасці і значнасці, напісаных на твары чалавека, было відаць, што якраз так яно і было.
— Слухай, Алег, а што, хіба твой стары не мог варухнуць пальцам, га? — Анатоль паглядзеў на Алега.
— Мог, ды не хоча. Кажа, паступай, а там пагляджу, на што ты варты... Паступай... Ха-ха!.. Пайшлі, Анатолька, вунь дзве чувіхі стаяць, закадрым? А якія ножкі, Анатолька? Закадрым. Рыхтавацца? Перастань. Што ты за адзін дзень зробіш? Не пад’еў, дык... Бач, і яны чакаюць, даю слова, нас чакаюць. Не хочаш... Ну што ж, ідзём рыхтавацца. Прабачце, дзяўчаткі, злы вепер нясе нас у розныя бакі. Але не трацьце надзеі, мы яшчэ сустрэнемся, абавязкова сустрэнемся. А зараз гуд-бай, мае мілыя, мае харошыя, мае кісанькі, мае... Ну, куды ты мяне цягнеш, пракляты?.. Дык да заўтра, капітан, да заўтра! — гэта ўжо было сказана яму, Васілю.
Ён таксама ўстаў.
Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Прасторная, як пуня, з высокімі вокнамі і спіралямі белых плафонаў на высокай столі. У вокнах відаць былі срабрыста-зялёныя верхавіны таполяў. Вузенькія сталы-парты стаялі ў чатыры рады, ярусамі ўзнімаючыся да задняй сцяны. За сталамі, як качаны на градах, тырчэлі галовы. Мусіць, некаторыя і начавалі тут, каб заняць лепшае месца — далей ад строгіх вачэй экзаменатараў.
«I кожны спадзяецца, што лёс будзе паблажлівы да яго і што бог — яго-то няма, але тут можна памаліцца і самому чорту,— і што бог будзе літасцівы да яго. Кожны спадзяецца, што заваліць нехта іншы, хай заваляць усе, толькі б не ён ці яна»,— падумалася Васілю адразу, як толькі ён зайшоў у аўдыторыю. I неяк адразу стала няўтульна ў гэтай велізарнай хароміне. Ззаду і пасярод усе месцы былі занятыя — болей хлопцы і болей цывільныя, хоць шмат і салдатаў — зялёныя гімнасцёркі з пагонамі, як купіны, стракацелі па ўсёй аўдыторыі. Толькі спераду былі вольныя месцы, і Васіль сеў там, дзе стаяў,— побач з ярка-рыжай дзяўчынай. I твар у яе быў рыжы, і вочы! Вось ужо ўдружыў нехта золата дачушцы, дык удружыў!
Дзяўчына ўзрадавалася, што Васіль сеў побач. Перад імі стаяў усяго адзін стол, за ім яшчэ нікога не было.
— Усе ціснуцца назад. Я прыйшла даўно і села, як дурніца, бліжэй да дошкі,— даверліва загаварыла яна, ловячы Васілёў позірк.
Васіль бачыў, што дзяўчына таксама прыехала з вёскі. Па басаножках бачыў — старамодных, разношаных, гарадская ніколі не абула б такія. Рукі і шыя загарэлыя — да зацямнелай чырвані: так загарэць можна толькі на полі, дзе ўсё разам — і сонца, і вецер, і пот. Дзяўчыне, відаць, і боязна і нязвыкла было сярод столькіх людзей, і яна шукала, да каго б прыгарнуцца. Лёс паслаў Васіля, і яна ўстрапянулася, адчуўшы ў ім блізкую душу: яму, мусіць, таксама страшна, хоць па ім і не скажаш гэтага.
— Якая розніца, дзе гарэць — спераду ці ззаду,— абыякава адказаў ёй Васіль, азіраючыся кругом. Ён ужо злаваў на сябе, што закешкаўся дома і прыйшоў позна. Пашукаў вачыма Анатоля з Алегам, нідзе не знайшоў. «Запазніліся, капітан».
— Тут хоць бы і хацеў, не падгледзіш нічога,— зноў сказала дзяўчына, пазіраючы на Васіля.
«Чаго яна ўсё глядзіць на мяне, дурная нейкая, ці што?» — Васіль адвярнуўся. Дзяўчына дастала з насавой хусцінкі вузенькі лісцік паперы, складзены ў гармонік:
— Я выпісала асноўныя формулы, хай будуць пад рукамі.
Васіль скрывіўся:
— Ну, калі спадзявацца на гэту шпаргалку, лепей ужо было зусім не прыязджаць.
Дзяўчына адразу зардзелася, пунсовая стала, скоранька згамтала лісцік, выпрасталася ўся, каленкі сціснуты, рукі сціснуты.
Час блізіўся да дзевяці. Прыбеглі Анатоль з Алегам, убачылі Васіля, памахалі рукамі, але селі не ля яго, а далей, ля вакна. Столік перад Васілём з дзяўчынай занялі два салдаты: перад Васілём — круглая, як мячык, галава з акуратнымі, быццам намаляванымі, чорнымі вусікамі. Галава абярнулася, бліснула белымі зубамі:
— Кораш, угавор: памагаць адзін аднаму. Я першы рашу — павярнуся так, ты ўсё ўбачыш, ты першы — падкінь мне. Жывём?
— Жывём...
А як жа іначай. Хіба тут не так, як у школе? Там ён ніколі першы не выходзіў з класа, рашыў ці не рашыў. Каб не рашыў — такога не было ніколі, але заўсёды глядзеў, як там хлопцы. Толькі калі ўжо дырэктар навісне над каркам — нідзе не дзенешся. I то ўхітраўся прамакатку з рашэннем падсунуць каму-небудзь. Урэшце, будзе відаць. Можа, яшчэ сам запарыцца... I хоць Васіль падумаў пра тое, што можа і сам запарыцца, у душы ён не верыў у гэта, быў упэўнены, што ўсё будзе добра. Матэматыкі ён ніколі не баяўся, ну і... калі гэтыя салдаты думаюць напісаць, і гэтае дзяўчо са шпаргалкай, дык... Дарэчы, як яе завуць, трэба неяк памірыцца, а то шчэ падумае, быццам ён чорт ведае што...
— Дык як цябе велічаць, прыгажуня? Нам жа разам ваяваць,— спытаўся ў яе.— Мяне Васілём запісалі...
Дзяўчына сумна ўсміхнулася:
— А я Валя.
Пачуўся званок, і разам з ім расчыніліся дзверы і зайшлі экзаменатары. Было іх двое — мужчына і жанчына.
Усе ўсталі. Экзаменатары прывіталіся і адразу пайшлі між радоў, пачалі раздаваць паперу.
— Старайцеся пісаць чыста і акуратна... Усе падлікі весці толькі на той паперы, якую вам выдалі. Калі ў каго не хопіць ці хто сапсуе, што зусім не патрэбна, папрасіце, дабавім...— і гэтак далей, як дзецям у яслях: якой рукой браць лыжку, якой відэлец, аблівацца не трэба і міску на галаву суседу адзяваць таксама не трэба... Тлумачыў усё мужчына — у чорным касцюме, з сухім, як костка, белым тварам, на якім гэтак жа суха блішчэлі карыя вочы. «Калючы, відаць, і злы»,— падумаў пра яго Васіль, але без страху ці злосці, а той ужо ішоў перад першымі сталамі, мецячы рукой — першы варыянт, другі варыянт, першы, другі, аж пакуль не дайшоў да вакна. Твар спакойны, ніякай рэакцыі на рэплікі і жарты, якія сыпаліся то з таго, то з другога кутка. Здавалася, ён нічога не чуў, увесь — адна дзелавітасць, рабіў сваю, некім даручаную справу, рабіў роўна, паслядоўна, як робат, як запраграмаваны, і нічога, апрача гэтай праграмы, не ведаў і ведаць не хацеў, нічога не чуў і чуць не хацеў. Нават жарты і каламбуры, якія час ад часу зрываліся і з яго языка, не асвячалі ўсмешкай яго бяскроўныя губы. Відаць, і жарты гэтыя былі запраграмаваныя, як неабходны элемент экзаменацыйнага рытуалу. Быццам у гэтай зале не сядзела сотня чалавек, для якіх гэта кантрольная рашала вельмі многае. Цікава, ці жанаты ён, ці ёсць у яго сям’я? Павінна быць. I як жывецца з ім яго сям’і? Відаць, нясоладка. Сухар, чысты сухар, не тое, што яго напарніца... I сама стройная, і сукенка ў вялізныя кветкі вельмі да твару. I супакоіла: «Галоўнае — не хвалюйцеся. Лічыце, што рашаеце кожны ў сваёй школе. Думайце, што інстытут прападзе, калі вы не паступіце, не вы без яго, а ён без вас прападзе, і — максімум увагі да дробязяў. Вельмі часта памыляюцца якраз на дробязях. I яшчэ: спадзявацца толькі на сябе і верыць у сябе». Яна ўсміхнулася і зірнула на свайго строгага напарніка, ён быў у другім канцы аўдыторыі, і ён кіўнуў галавой, і зноў — каменная маска. Усё высушыла, забрала матэматыка. Яна дабралася і да твару — цвёрдымі гурбякамі тырчэлі скулы. Яна дабралася і да цела: пад чорным касцюмам угадвалася сухая постаць гімнаста.
Васілю дастаўся другі варыянт, яго суседцы — першы. Жанчына пачала запісваць на дошцы першы варыянт, мужчына адышоў да акна, адтуль добра праглядалася ўся аўдыторыя. «Чаму яны не разам запісваюць? Пакуль да майго варыянта дойдзе чарга, то ты свой рошыш»,— прашаптаў Васіль суседцы.
Яна паціснула плячыма. А яму ўжо не сядзелася, у яго ўжо ўсяліўся нейкі нервовы сверб. Як перад бойкай, калі бачыш, што без бойкі не абыдзешся, а праціўнік марудзіць, не рашаецца пачынаць першы. Васіль не любіў такіх хвілін, не любіў чакаць. Біцца дык біцца. I каб наблізіць сваю хвіліну, Васіль пачаў аўтаматычна рабіць чарцёж Валінага варыянта. Узяўшыся за работу, ён заўсёды спакайнеў, быццам цвярозасць прасвятляла галаву. Зрабіў чарцёж і адразу адчуў цёплы штуршок у грудзях: ужо ведаў, як рашаць задачу, і ведаў, што ход рашэння правільны. Хуценька пачаў пісаць на лістку. «Калі так, то не бяды...»,— зусім ужо смела падумаў ён, падсоўваючы Валі гатовае рашэнне. Яна хуценька — здавалася, нават і не пазірала ў яго бок — пацягнула яго лісцік па стале пад свае і гэтак жа хуценька і непрыкметна саўганула чысты лісцік назад — аддала даўжок — і ўдзячна ўсміхнулася яму. У гэты момант яна падабалася Васілю — нечым вельмі свойскім, таварыскім. Добра быць моцным і шчодрым!
«Не такі і страшны чорт, як яго малююць»,— ужо спакойна і з нейкай гордасцю паглядзеў Васіль на экзаменатара ў чорным касцюме: ён стаяў на тым жа месцы. «Віжуй, віжуй, мо што і ўпалюеш».
Жанчына пачала запісваць і тлумачыць Васілёў варыянт.
Васіль прыслухоўваўся да ціхіх слоў жанчыны, сачыў за яе рукой, імкнучыся яшчэ да таго, як яна закончыць запісваць на дошцы ўсю задачу, злавіць ход рашэння, тое зярнятка, у якім хаваецца ўся задача. У кожнай задачы ёсць гэта зярнятка, расклюеш яго — усё астатняе — справа тэхнікі. «Зярнятка» — так гаварыў дырэктар школы, Кірыла Кірылавіч... «Дадзена прызма, у аснове якой... раўнабочная трапецыя. У прызму ўпісана піраміда... Ёсць двухгранны вугал граняў піраміды і асновы... Знайсці бакавую паверхню піраміды».
«Ну, што ж, пачнём. Памажы, божа... Х-ха, паможа, калі сам не можа... Геаметрыя з прымяненнем трыганаметрыі, правільней, стэрэаметрыя з прымяненнем трыганаметрыі. Здаецца, у школе яны рашалі нешта вельмі блізкае. Дзе тая печ, ад якой заўсёды пачынаюць танец? I гэта любіў гаварыць дырэктар. Ён увогуле любіў пагаварыць. Матэматыку ведаў добра, а пагаварыць любіў. Прынясі ў клас якую-небудзь галаваломку, і можаш быць спакойны: пакуль яе не расколюць, урока не будзе, і сам Кірыла Кірылавіч першы будзе ламаць мазгі. Дык дзе тая печ? Апафема? Без яе плошчу не знойдзеш... Гэта ўжо добра, ужо нешта ёсць. Нешта ёсць... Цікава, а што там за прыклады? Трыганаметрычнае ўраўненне, ага, зноў жа тоеснасць, не бяды, ага, і сістэма. Тут давядзецца папацець. I здорава папацець»...
Цяпер усё стала на сваё месца, усё было канкрэтнае, хоць і не да канца яснае. Васіль зрабіў чарцёж — і забыўся пра ўсё на свеце. Цяпер перад ім была толькі задача, з ім была толькі задача, яна сядзела ў ім, ён чуў яе сваім балючым нутром. Час адышоў ад яго і страціў сваю ўладную сілу, быццам яго і зусім не было. Васіль не бачыў, як між радоў хадзілі экзаменатары, не чуў, як яны выгаворвалі хлопцам за тое, што тыя перашэптваліся, як адказвалі на пытанні, і толькі па незразумелым раптоўным шуме за вокнамі і па цемнаце, што насунулася на аўдыторыю, здагадаўся, што на дварэ ідзе дождж. Але і гэты дождж не выклікаў у ім ніякіх эмоцый: дождж, як і ўсё астатняе, апроч задачы, быў недзе там, па-за яго цяперашнім жыццём.
Нарэшце, задача была рошана. Ура! Ура, ура! Васіль зірнуў на гадзіннік. Прайшло болей, чым паўтары гадзіны. Можна было перадыхнуць. Яшчэ раз праверыў рашэнне. Усё правільна. Праўда, нешта не давала спакойна радавацца поўнасцю, нешта прымушала сумнявацца ў стопрацэнтнай правільнасці рашэння. Васіль ведаў сябе, верыў сабе, і амаль ніколі гэта вера не падводзіла яго. Верыў свайму ўнутранаму барометру. I цяпер гэты барометр не маўчаў — трывожна мітусілася яго стрэлка па шкале...
Падышоў і стаў за плячыма экзаменатар. Васіль не адразу заўважыў, што той стаіць ззаду. А заўважыў, павярнуў вочы: хацелася ўведаць — як? Ці правільна? Праз каменную маску не прабівалася нічога. «Рашайце прыклады»,— прагаварыў экзаменатар. Васіль яшчэ раз зірнуў яму ў вочы — жаласлівым, як у пабітага сабакі, позіркам (як ён ненавідзеў сябе за гэты позірк!): ну, адно слова, ну, скажы, так ці не? Але экзаменатар паўтарыў — якіх намаганняў яму каштавала разарваць сцятыя шчэлепы! — «рашайце прыклады, у вас засталося мала часу». Цмокнуў ротам, быццам хацеў прачысціць у зубах, і пайшоў па праходзе далей. Цяпер ужо Васіль цвёрда ведаў, што ў задачы нешта не так. Але што? Што?! А можа нічога? Можа, гэта яму толькі здаецца? Ды і няма калі шукаць ужо гэтае «што». Трэба брацца за прыклады. Гарачы туман затлуміў галаву, дрыжалі рукі. «Толькі не панікаваць. Спакойна! — загадаў ён сабе, сціснуўшы зубы.— Спакойна!..»
Ураўненне і тоеснасць рашыў адразу, і ведаў, што рашыў правільна, уздыхнуў вальней. На сістэме заседзеўся даўжэй, але раскалоў і яе. Перапісаў на чыставік, пераправерыў усё. Яшчэ заставалася мінут пятнаццаць, зноў узяўся за задачу, праверыў чарцёж, рашэнне, і чым болей пераглядаў, пераправяраў, тым болей пераконваўся, што ў падліках памылкі няма. Зноў і зноў вяртаўся назад, каб пачынаць спачатку, і зноў усё ішло па знаёмым крузе. Так кружыць па адным і тым жа месцы чалавек, зблудзіўшы ў чужым лесе. Паверыўшы адзін раз, што дарога, па якой ён прайшоў першы раз, якраз і ёсць тая, па якой трэба ісці, і што яна адна можа вывесці з лесу, з кожным новым кругам ён усё болей упэўнівае сябе, што так яно і ёсць, і кружыць, кружыць, кружыць, пакуль не знясілее ці пакуль не напорацца на што-небудзь нечаканае, што ўразіць яго і паверне на якую-небудзь другую, можа, самую непрыкметную сцежку, а яна якраз і выведзе на бераг...
Званок, які абвясціў пра тое, што трэба здаваць кантрольныя, заспеў Васіля ўсё на тым жа крузе, сысці з якога ў яго ўжо не было ні сілы, ні часу. Спытаў адказ задачы ў аднаго, другога, трэцяга чалавека. Не тое. Не тое! Разбалелася галава. Трэба было выйсці на свежае паветра.
На дварэ было душна, быццам дождж і не прашумеў толькі што над горадам. Духата і чад ішлі з праспекта, там залівалі асфальтам тратуар — дымілася густая чорная маса, машына рассоўвала яе, каток трамбаваў. Васіля адразу абступіла цэлая плойма людзей самага рознага ўзросту: ад школьнікаў, ці абітурыентаў, такіх, як і ён сам, да дзядоў і бабак — усе яны запісвалі варыянты задач і прыкладаў. Васіль рассунуў іх, быццам гэта было што нежывое, і спыніўся ў нерашучасці: куды падацца? Ці адразу дамоў, ці пашлындацца па горадзе, каб выветрыўся ўвесь гэты чад? Прайшлі на вуліцу Анатоль з Алегам. Абодва размахвалі рукамі, перабівалі адзін другога, відаць было, што яны ўсё яшчэ там, са сваімі варыянтамі, і, відаць, іх яны ўсё ж рашылі.
Падышла Валя:
— Ну, як? Усё добра? I ў мяне таксама!
Радасць яе была такая адкрытая і шчырая, і рабацінне, якое ёй і ў галаву не прыйшло прыхаваць трохі, хоць падмазаць, падфарбаваць, навесці цень які-небудзь, яшчэ больш падкрэслівала гэту радасць, і Васілю стала прыкра з самога сябе. Раскіс, як баба.
Выйшлі на праспект і далей, па праспекце, дайшлі да Купалавага скверыка, прыселі на лаўку. Гаварыла Валя, а Васіль больш маўчаў, зрэдку ўтыкаючы слова-другое, усё такі ж яршысты, занозісты. Але цяпер Валя не баялася яго, яна сама была смелая, яна бачыла, што ўся грубасць яго — так, абы-што: цяля ў воўчай скуры.
3 непрыемным прадчуваннем ішоў назаўтра Васіль у інстытут. У невялічкім пакойчыку на трэцім паверсе за канцылярскім столікам тварам да дзвярэй сядзела маладая, прыемная жанчына. На століку ладным стосікам ляжалі экзаменацыйныя лісткі, яшчэ нейкія паперы, і да століка, загінаючы хвост на калідор, цягнулася чарга. Кожнаму не цярпелася хутчэй схапіць свой лісцік, зазірнуць у яго... Васіль у цуды не верыў, але ўсё ж хацелася, каб сёння яно было. Хаця б чацвёрка, чацвёрка з мінусам... Там можна было б яшчэ паваяваць, можна было б рвануць на вусным...
Гаварылі мала. Кожны быў заняты сваімі думкамі, ва ўсіх былі напружаныя, застылыя позіркі. Васіль павольна набліжаўся да стала. Усё проста. Называеш прозвішча, жанчына перабірае стосік, знаходзіць твой лісцік, спачатку сама глядзіць у яго і сама аб’яўляе: «выдатна», «добра»...— і ўсміхаецца, быццам сама атрымала гэтыя пяць ці чатыры балы... «Тры» яна нікому не гаварыла, але таксама ўсміхалася, падбадзёрвала: нічога страшнага, усё яшчэ наперадзе... Перад Васілём стаяў салдат, «кораш». Ён усміхнуўся Васілю, кіўнуў галавой: «Жывём?» — «Жывём». Падышоў да століка. Жанчына знайшла яго лісцік, разгарнула, усміхнулася, працягнула. «Відаць, пяць адхапіў. Малайца»,— падумаў Васіль. I губы салдата раз’ехаліся ва ўсмешцы. Салдат бярэ лісцік, але жанчына раптам ускрыквае: «Ой, тут, мусіць, нешта не так!» — хапае лісцік назад, прыціскае да стала. Твар у салдата набракае чырванню, але голас спакойны і роўны: «Ну, што вы... Двойка? Гэта яшчэ не канец свету. Я так і ведаў. А тут, бачу, вы ўзрадаваліся... Шут яго ведае, думаю... Не перажывайце... Не гэта галоўнае. Галоўнае, што я заўтра буду дома. Во там будзе перапалох. Нікому нічога не пісаў, усе ведаюць, што яшчэ месяцы тры барабаніць, а тут я — здравія жалаю! Ну, не трэба»...— салдат дакрануўся да рукі жанчыны, павярнуўся і пайшоў. Жанчына спахапілася, пачала таропка перабіраць лісты, знайшла Васілёў... Ну канешне, тры! А ты нечага чакаў. 3 нічога, брат, нічога не бывае...
Васіль стаяў на лесвічнай пляцоўцы ля акна. У адзін бок прыступкі спускаліся, у другі — падымаліся. Як мурашкі па ствале дрэва, па лесвіцы няспыннымі раўчукамі беглі, спяшаліся людзі — адны ўгору, другія ўніз. Хлапчукі, дзяўчаткі. Але шмат і людзей сталых і старых — у капелюшах і без капелюшоў, з лысінамі і без лысін. Яны лавілі вачыма па баках, прыглядаліся да ўсяго і да ўсіх. Ужо ж, гэтыя не паступалі. Нечыя таты і мамы. Васіль і ўчора бачыў іх, і заўчора, яны дзяжурылі і на калідорах, і на дварэ. Тады Васілю было ўсё роўна, тырчаць і хай тырчаць, а цяпер раптам зачарвівела злосць. Чаго вы тут тырчыцё? Панавісалі на падваконніках, як вараннё, сноўдаюць па калідорах — тут і без вас хапае кашы... Разам са злосцю засаднела і шкадаванне, зайздрасць, што з ім ніхто не прыйшоў. Хай бы хоць пастаяў тут, і то было б лягчэй. Бацьку дык і ў галаву не стукнула б ехаць з ім разам: хіба сам маленькі?
Спусціліся Анатоль з Алегам:
— Ну як, капітан?
— Траяк, капітан.
— То пайшлі, гульнём, капітан. Не ўзялі ў касманаўты, возьмуць у ракетчыкі. А?
— Ды не, капітан. Калі-небудзь пасля...— Васіль махнуў рукой.
Збегла ўніз Валя, завярнула да Васіля.
— Ну, што? — а па самой відаць, што ўсе пяць адхапіла.
— Добра,— адказаў Васіль.
— Ну і слава богу... I ў мяне пяцёрка, аж не верыцца... Каб не ты, я не ведаю, як бы выблыталася.— Яна аж трымцела ад шчасця.
Дзверы. Спіной да іх і да ўсіх, хто заходзіць, сядзіць экзаменатар. Малады, круташчокі, з густой шчацінай «бокса». Ён нават не павярнуўся, калі зайшоў Васіль, і Васіль паўз яго прайшоў наперад, каб той убачыў яго. Нейкую хвіліну пазіралі адзін на аднаго: Васіль, чакаючы, што скажа экзаменатар, той — проста так, думаючы нешта сваё, далёкае ад экзамена і ад Васіля. Кіўнуў галавой на другі столік, правей. Там былі раскіданы білеты. За гэтым — яшчэ адзін рад вузенькіх столікаў. За трыма сядзелі дзве дзяўчыны і салдат, адзін хлопец сядзеў перад экзаменатарам. Гэта яго гаворку перабіў Васіль сваім прыходам. Васіль узяў білет, знайшоў сабе столік. Экзаменатар павярнуўся да хлапца: давай далей...
Білет у Васіля быў лёгкі, ён нават не чакаў, што тут могуць быць такія лёгкія білеты. Лінейная функцыя, яе графік і ўласцівасці, тэарэма Піфагора — «дзякуй, стары, што некалі жыў і мудрыў, бач, зноў сустрэліся, а я думаў, што развітаўся з табой назаўсёды»,— вызначыць інтэрвалы ўзрастання і ўбывання функцыі, рашыць ураўненне... Білет-то лёгкі, але Васіль запісаў на паперы ўвесь адказ: так будзе надзейней.
Пакуль Васіль рыхтаваўся, адказалі некалькі чалавек — хлопец, салдат, дзяўчына. Яе адказ Васілю не спадабаўся: мямліць, мусоліць, у функцыях — ні ў зуб нагой, відаць, не выцерабіцца, Кірыла Кірылавіч даўно ўжо ўляпіў бы дваяка: «ты мне жвачку не жуй, гавары канкрэтна»... А як гэты?.. Відаць, паставіў траяка, бо выскачыла весела. Каб дваяка — завыла б. Хм, здаецца, неблагі хлопец гэты экзаменатар. I малады, можа гадоў якіх дваццаць пяць ці дваццаць шэсць. А ўжо...
У аўдыторыю зайшла дзяўчына — высокая і, як бы сказалі ў Дубне, пародзістая. Толькі валасы белыя-белыя, мочаныя-вымачаныя, аж непрыгожа, і зусім кароценькая спадніца. «Дурнеюць яны, ці што? I ногі крываватыя»,— падумалася Васілю. Дзяўчына аддала заліковы ліст, узяла білет і села перад экзаменатарам на другі столік. Не паспела надумацца што-небудзь, як дзверы зноў адчыніліся, і ў аўдыторыю зайшоў высокі сутулаваты чалавек, таксама малады, відаць, нядаўні баскетбаліст, з цёмнымі прыжмуранымі вачыма. Узяў крэсельца, сеў побач з экзаменатарам, паздароўкаўся за руку. «Адзін прымаеш?» — «Пакуль адзін. У Іванавіча жонку ноччу на «хуткай» забралі, апендзікс. Павінны аперыраваць, дык недзе ў бальніцу пабег, можа яшчэ надыдзе».— «А-а-а... Жыццё ёсць жыццё. Ніколі не ведаеш, што цябе чакае за вуглом — даўбешка ці букет кветак...» — Ён абабег позіркам аўдыторыю, сустрэўся вачыма з дзяўчынай, што толькі што зайшла. Яны нічога не сказалі адно аднаму — дзяўчына высокаму, а высокі дзяўчыне, нават нічога нельга было заўважыць у гэтай мімалётнай, можна лічыць, выпадковай сустрэчы позіркаў, але Васіль мог паклясціся, што яны ведаюць адно другога, што між імі нешта ёсць.
Высокі ўзяў у рукі ведамасць, ускінуў бровы: «Слухай, ды ў цябе адны выдатнікі! Віншую!» — «А што?» — неяк стомлена адказаў экзаменатар. Нешта не спадабалася яму ў пытанні высокага...— «Нічога,— высокі ўжо трымаў у руцэ экзаменацыйны ліст, і зноў Васіль мог пабажыцца, што гэта быў ліст дзяўчыны, якая толькі што зайшла, нахіліўся да круглатварага, пачаў нешта шаптаць на вуха. Дзяўчына, што адказвала, змоўкла на паўслове. «Вы давайце, працягвайце, я чую,— падагнаў яе экзаменатар і тут убачыў, што на іх пазірае Васіль, падаўся наперад: «А вы чаму нічога не робіце?» — «Я падрыхтаваўся»,— адказаў Васіль.— «Ну што ж, зараз пабачым»,— папярэдзіў, быццам на нешта непрыемнае намякнуў, экзаменатар і павярнуўся да высокага. Высокі паклаў экзаменацыйны ліст перад ім. Той кіўнуў галавой. Можа проста так кіўнуў, але Васілю падалося, што гэта было не проста так. «А ты сёння гуляеш?» — «Дзе там, у трыццаць сёмай прымаю. Ну, шчэ ўбачымся». Высокі кіўнуў галавой, устаў і, не глянуўшы ні на кога, выйшаў... Усё гэта — як ён прыйшоў, перагаварыў з экзаменатарам і пайшоў — усяго якую хвіліну заняло, але Васіль адчуў, што за гэты час у аўдыторыі здарылася нешта вельмі важнае, быццам прамільгнуў нейкі чорны цень і сваім чорным крылом зачапіў і яго, Васіля.
Неўзабаве за даўгім з аўдыторыі выйшла дзяўчына, што адказвала. Васіль устаў.
— Вы пачакайце,— экзаменатар вяла кіўнуў на яго пальцам, пазіраючы на дзяўчыну.
— Цяпер жа мая чарга,— Васіль кашлянуў: у горла быццам пылу набілася...
Дзяўчына скоранька згрэбла са стала свае лісцікі, пайшла да экзаменатара.
— Вось і добра. Адкажа таварыш,— экзаменатар паказаў на дзяўчыну,— а потым вы. Пачынайце,— даў дазвол дзяўчыне.
Васіль не слухаў, што там гаварыла дзяўчына,— скоранька, быццам пазнілася на цягнік ці яшчэ куды, усяго якія дзве хвіліны. Яму ўжо было на ўсё напляваць, і на тое, што добрага бала і тут яму не бачыць, як сваіх вушэй. Урэшце, ён даўно змірыўся з гэтай думкай і прывалокся сюды з-за ўпартасці: не хацелася думаць, быццам ён такі ёлупень, што нават экзамен па вуснай матэматыцы не можа здаць. Ён ведаў, што экзамены — тое ж паляванне. Паляўнічы з узведзенымі куркамі і набітым пантранташам — і чарада дурных цецерукоў. Яны пачулі чужыя крокі, чужы шоргат і ўзарваліся — пад самым носам у паляўнічага. Якое маленькае крылле і які цяжкі зад, проста цягне да зямлі! I колькі трэба лапатаць гэтым крыллем — чакаць, пакуль лясне стрэл. Паляўнічы ведае, што нельга страляць адразу, як толькі цецерукі ўзарваліся, трэба счакаць, даць ім трохі адляцецца — веер рассейвання шроту прама прапарцыянальны адлегласці. Зноў тая ж матэматыка. Ці фізіка? Нястройны ланцуг цецерукоў забірае ў які-небудзь бок, за ім паварочваецца і паляўнічы, не губляючы цвёрдасці пад нагамі — для стрэлу — і не губляючы з мушкі выбраную ахвяру. Васіль ведаў, як гэта робіцца, сам не раз хадзіў на цецерукоў і заўсёды ведаў, удалы ці няўдалы быў стрэл; пасля стрэлу мог нават і не правяраць, пацэліў ці не пацэліў. Так з цецерукамі. А ён не цецярук. Не-а, ён не цецярук.
Васіль быў спакойны, такі спакойны, якім мог быць, трымаючы ў кішэні па меншай меры дзве пяцёркі. Адказваў роўна, дзелавіта і бачыў, што яго адказ падабаецца экзаменатару. Урэшце, можа яму здалося, што падабаецца. Былі два дадатковыя пытанні — Васіль і на іх адказаў. Экзаменатар падсунуў да сябе ведамасць, узяў Васілёў экзаменацыйны ліст, зірнуў у яго, насупіўся: «А чаму тут у Вас?» Ён не сказаў, што «тут», але Васіль яго зразумеў. Адказаў: «Не так рашыў задачу» і адчуў сябе цецеруком, пад чорным дулам. Ведаў, што для паляўнічага наступіў самы ёмкі момант, каб націснуць на курок: раней было блізка, пазней — можа быць далёка.
— Значыць, не так рашылі... Ага, добра... Тады сфармуліруйце мне яшчэ... м-м-м... тэарэму Безу.
Цяпер яны пазіралі адзін аднаму ў вочы. Вочы ў экзаменатара былі нейкія рознакаліберныя: адно чыста блакітнае, другое — з карычневай кропкай ля зрэнкі. Кропка быццам плавала ля зрэнкі, зацяняла яе. «Абы-што лезе ў галаву»,— мільганула думка, а ўголас Васіль сказаў:
— Тэарэму Безу мы не праходзілі.— Ён ведаў, што некалі і недзе жыў такі матэматык і што яго тэарэма ёсць у канцы падручніка, але яны не праходзілі яе...
— Дарэмна вы не праходзілі. Доказ тэарэмы ведаць не абавязкова, па праграме не абавязкова, а фармуліровачку трэба было б... Ды і доказ таксама...— Экзаменатар узяў ручку, нешта напісаў на Васілёвым лістку, працягнуў яго Васілю.
Васіль узяў ліст, падышоў да дзвярэй, потым павярнуўся:
— Скажыце, калі будзе Ваша ласка...
Экзаменатар жвава павярнуўся да яго.
— А... што Вы паставілі ёй? — Васіль матануў галавой за дзверы.
— Каму — ёй? — не хацеў разумець экзаменатар.
— Ну, гэтай, што адказвала перада мной.— Васіль уважліва глядзеў на экзаменатара, яму цікава было глядзець на яго.
Экзаменатару стала мулка на крэсле;
— Што зарабіла, тое і паставіў.
Ага, што зарабіла,— успомніў ён. Цяпер ужо націск быў на слова «зарабіла», і недвухсэнсоўны намёк быў на гэтым слове. Васілю стала смешна:
— А зарабіла кусок сала...
— Якое сала? Не разумею...— Экзаменатар і праўда не разумеў, пры чым тут сала.
Васіль растлумачыў:
— Ёсць такая песенька, забаўлянка, ёю дзяцей забаўляюць. Каб не плакалі. «Ласачка, ласачка, дзе была, у бабкі, што рабіла, кросны ткала, што зарабіла, кусок сала, а дзе сала, кошка ўкрала».
— А-а-а, дык гэта забаўлянка! — засмяяўся і экзаменатар.— Усё можа быць, усё можа быць,— і павярнуўся назад, да стала.
Васіль выйшаў на калідор, адтуль — на двор, адтуль — на вуліцу. Стаў, няўцямна пазіраючы на людзей, што цяклі па вуліцы, абміналі яго, і не заўважаў іх.
— Часці праціўніка, панёсшы цяжкія страты, адкаціліся на зыходныя рубяжы...— словы гэтыя данесліся аднекуль здалёк, нехта гаварыў грубым вясёлым голасам, на ўсю вуліцу, але што Васілю да іх... У яго ёсць пра што думаць. На душы было так пагана, як яшчэ ніколі не было.
Васіль стаяў пасярод тратуара. За спіной была металічная агарожа, за ёй — зеляніна двара, праз якую прасвечваўся будынак. Будынак інстытута.
— Часці праціўніка, панёсшы цяжкія страты...— голас пачуўся над самым вухам, і Васіль павярнуў галаву. Гэта быў Валера Каждан, во чорт, гэта ж трэба...— Прывітанне вяскоўцам, якія наіўнымі лбамі стараюцца прабіць дзверы ў камяніцы навукі! — Валера смяяўся, ціскаючы Васіля ў абдымках. I Васіль узрадаваўся яму так, як, мусіць, не радаваўся нікому. Валера быў свой хлопец, яму нічога не трэба было тлумачыць.
— Зрэзаўся? — ужо сур’ёзна і са спачуваннем спытаў ён.
— Угадаў,— адказаў Васіль, з непрыемнасцю адчуўшы, як дрыжыць голас. Адвярнуўся.
— Тады шуруем да мяне,— яны ўжо ішлі па праспекце, віляючы ў людскім мурашніку.— Гэта проста шчасце, што мы з табой сустрэліся. Па-першае, я на канікулах і ў Мінску не павінен быць. Я ў будаўнічым атрадзе, а гэта кіламетраў за дзвесце адсюль. Будуем кароўнік саўгасу. Спецбрыгада... А па-другое, нават калі б я быў у Мінску, дык і тады шанцы на нашу сустрэчу можна лічыць нулявымі... I ўсё ж мы сустрэліся. Мяне хлопцы прыслалі, каб я атрымаў грошы, гэтая штука патрэбна ўсюды, і трэба ж было, каб ты выйшаў на вуліцу якраз тады, калі я сабраўся ісці адсюль. Прызнайся: ты стаў тут спецыяльна, каб я цябе ўбачыў?
— Слухай, Валера, ты, часам, не захварэў? — перабіў яго Васіль.
— Не, а што?
— Мне падалося, што ў цябе недзяржанне...
— Ах, гэта. Ха-ха-ха! Студэнты гэта не лічаць за хваробу. Наадварот, мудрыя кажуць: «Я гавару — значыць, жыву...»
Яны былі недзе за вакзалам, за пуцямі, у ціхім, чыста местачковым раёне горада — вузкія, зусім вясковыя вулачкі з аднапавярховымі дамамі, з гародамі, кветнікамі і садамі. Сядзелі ў невялікім, зацененым кустамі бэзу і язміну пакойчыку, мусіць, адны на ўвесь дом — даўгі і нізкі, як стадола. На прыпёртым у куток століку стаяла пляшка чырвонага віна, дзве такія ж, але выпітыя ўжо, стаялі пад сталом. I Васіль, і Валера былі ажыўленыя, балбаталі, што каму налезе на язык, церабілі рукамі адзін аднаго. Адышоў, зніякавеў той боль і прыкрасць, што яшчэ нядаўна чуў Васіль, хоць нейкая гаркавасць, як адразу пасля выпітага віна, сядзела ў ім. Ён расказаў Валеру і пра сённяшні экзамен і пра кантрольную. Яму гэта карцела, яму, мусіць, трэба было нанава перажыць усё, што было з ім за гэтыя дні, каб больш не ўспамінаць пра гэта. А можа яму проста хацелася, каб нехта пашкадаваў яго.
Валера спачатку быццам і не слухаў яго, а калі Васіль расказаў, як рашыў задачу і перадаў Валі, а на сваім варыянце папух, Валера, як шалёны, усхапіўся на ногі, забегаў па пакойчыку, потым гупнуўся на ложак і зарагатаў дзікім рогатам, дрыгаючы нагамі. Васіль добра ведаў Валеру, таму спакойна глядзеў, як той шалеў, заходзіўся ад рогату. Пасля і сам пачаў смяяцца. Нарэшце, Валера сеў на ложак, выцер слёзы і, заціснуўшы калені рукамі, утаропіўся ў Васіля. Пакуль ён смяяўся, уся п’янка з яго выветрылася, як і не піў зусім, так цвяроза ён глядзеў на Васіля, потым прыставіў палец да віска, патачыў ім.
— Дурань ты — аброслы, нямыты, закаржанелы, першабытны пячорны дурань. Рашыць задачу і...— Валера аж застагнаў.
Васіль таксама працверазеў трохі, хоць ён і не быў п’яны, проста туман нейкі, ачмурэнне было ў галаве, і яму надта не спадабалася гэта цвярозая Валерава гаворка, быццам Васіль і праўда быў дурань дурнем.
— Дык гэта ж быў не мой варыянт, разумееш, не мой! — закрычаў ён. Васіль ужо шкадаваў, што расказаў усё Валеру.
— Не мой, не мой... А чаму не твой? Толькі таму, што ты сеў на другое месца? А калі б ты сеў на месца гэтай Валі, то ён быў бы твой? Законна твой? — Валера памаўчаў трохі, даючы і сабе і Васілю супакоіцца, усміхнуўся паблажлівай усмешкай: — А ты ведаеш, браце, што людзі плацяць за тое, каб паступіць у інстытут? Ведаеш? Не? То-та. Плацяць!.. I добрыя грошы. А ты — «не мой варыянт». Так гаварыць могуць толькі дубенцы, дубовыя дубенцы...
— Канешне, цябе паслухаць, дык усё купляецца, усё прадаецца. Касцюм, мёд, інстытут. А па мне: прыехаў паступаць — паступай. Паступіў — тваё шчасце, а не хапіла шурупаў — свішчы дамоў.
— А што ты думаў? I прадаецца, і купляецца. Не ўсё, канешне. Але і не без гэтага. Я трохі ведаю. Адны, такія, як ты, едуць, здаюць экзамены, спадзяюцца на сябе, на бога: а можа, а раптам... А другія робяць гэта крышку іначай. Перш чым падаваць дакументы, шукаюць паралельных каналаў. Канешне, не для таго, каб нехта там за некага рашаў задачы, ці пісаў сачыненні, ці здаваў вусныя, не-е-е... Так, на ўсякі выпадак, каб нехта прыгледзеў, параіў, ну, можа, слова дзе закінуў... Прыязджае тата, ці мама, ці дзядзька там. Звоняць па тэлефоне, ідуць у рэстаран ці яшчэ куды... Нехта ведае чалавека, які будзе прымаць экзамены, ці чалавека, які знаёмы з чалавекам, які будзе прымаць экзамен. Словам, нехта яшчэ і дакументы не пасылаў, а экзамены ўжо здае.
— Ну, гэта па-твойму. А я думаю, што гэта трохі не так. Паступаюць жа людзі і вучацца і без блатаў. Была б толькі галава. Ну, вось ты, вазьмі сябе, паступіў жа. I вучышся. Ды ці толькі ты...
— Ну, я... Мне пашанцавала, набраў васемнаццаць балаў, нікуды не дзенешся... Слухай, ну а дзеўка яна хоць вартая, га?
— Якая дзеўка? — не зразумеў Васіль, а зразумеўшы, паціснуў плячыма: — Якая дзеўка, дзеўчанё нейкае рабое, але даволі прыемнае.
— Ну, хоць гэтым можна суцешыцца... А ведаеш што, пайшлі-тка мы і праўда да дзяўчат, тут недалёка жывуць, на суседнім пасёлку. Па-мойму, яны нікуды не паехалі.
Васілю было ўсё роўна, куды ісці і што рабіць. Віно зрабіла тое, што трэба было: затлуміла галаву, разгарачыла ўсяго. Паганага настрою быццам і не было, і бяда ўжо не была бядой: падумаеш, праваліў экзамен, ці мала правальваюць, на наступны год паступлю.
Пайшлі шукаць Валеравых дзяўчат. Дома іх не было, але гаспадыня сказала, што павінны скора прыйсці, і хлопцы пацягнуліся ў горад, шукаць яшчэ нейкіх Валеравых знаёмых, ды і тых не засталі, зайшлі ў магазін, узялі яшчэ пляшку віна і выпілі яго проста ў парку. Да доміка, дзе жылі дзяўчаты, вярнуліся позна ўвечары, калі гарэлі ліхтары і сырой прахалодай цягнула з садоў і гародаў. I Васіль, і Валера былі п’яныя, шмат малолі языкамі, чапляліся да ўсіх, хто сустракаўся па дарозе. Дзяўчат і цяпер дома не было, і хлопцы рашылі пачакаць іх пад плотам, што выходзіў на нейкую пустку са старой адзінокай яблыняй. Сядзелі, клявалі насамі. Потым Валера пайшоў у разведку і прапаў. Васіль чакаў-чакаў яго і сам не заўважыў, як задрамаў. Прахапіўся ад холаду і ад адчування адзіноты і доўга не мог зразумець, дзе ён і чаго. Час быў позні, зрэдку даносіўся гул машын, але Васіль не ведаў, куды яны едуць і ў які бок трэба ісці яму. Пайшоў паўз плот, каб выйсці на вуліцу: можа там убачыць Валеру. Плот змяніўся шчыльнай дашчанай агарожай, за якой пачыналася другая, з калючага дроту, і ўжо за ёй — вуліца. Але гэта была не тая вуліца, на якой яны з Валерам шукалі дзяўчат. Васіль звярнуў у другую — зноў не тая. Цяпер, пры цьмяным святле рэдкіх ліхтароў, усе вулачкі былі падобныя адна на адну, і ўсе дамы — на адзін манер, цёмныя і затоеныя, і платы нейкія аднолькавыя, і калі спачатку Васіль думаў, што трэба толькі выйсці на вуліцу, зірнуць на двор — і ён адразу пазнае той дом з парканам з тоўстых, пафарбаваных у карычневы колер дошак, то чым болей ён хадзіў і прыглядаўся, тым болей пераконваўся, што таго дома яму не знайсці.
Пераходзіў з вуліцы на вуліцу, і ніводнай душы, ніводнага чалавека не сустрэлася яму, каб можна было спытаць, дзе ён і куды яму ісці. Ён злаваўся на Валеру, бэсціў яго ўсімі брыдкімі словамі, якія толькі прыходзілі на памяць, але гэта мала памагала. Страх і адчуванне адзіноты падганялі яго. Здавалася, ён ужо ніколі не выйдзе з гэтага бясконцага лабірынта падобных адна на адну вулачак, якія непрыкметна перапляталіся, перасякаліся, пераходзілі адна ў другую. Нарэшце, Васіль рашыў пастукаць у які-небудзь двор, нічога з ім не зробяць, хай накрычаць, але пакажуць дарогу. Тыцнуўся ў варотцы, яны былі запёртыя — дзынкнула жалезам завала, і амаль адначасова са звонам разлёгся густы сабачы брэх. Сабака аж захлёбваўся. Васіль счакаў трохі — думаў, можа, выйдзе хто на голас сабакі. Не дачакаўся, пайшоў далей. Вулачка вывела да высокіх цагляных дамоў. На самым выхадзе да іх стаяла воданапорная калонка, і Васіль прыпаў да яе, націснуў на балдавешку. Напор вады быў моцны, вада рвала губы, але Васіль хапаў і хапаў яе, задыхаючыся і не маючы сілы адарвацца. Піў, а смага не праходзіла. Аддыхаўся, нагнуўся да калонкі яшчэ, праўда, цяпер ужо спакойна, піў, смакуючы, ловячы губамі не ўвесь струмень, а часцінку яго. Пакуль піў, абліўся ўвесь — і чаравікі, і штаны, і грудзі. Стала трохі лягчэй дыхаць. Пайшоў да цагляных дамоў. Іх была цэлая вуліца, і Васіль рашыў, што яна павінна вывесці на другую, больш шырокую, а там будуць машыны. Мінуў адзін, другі дом і раптам спыніўся, ашаломлены. Проста перад ім у праёме вуліцы, недзе далёка-далёка, як на краі свету, вісеў месяц. Зеленавата-медны, вялізны, круглы. Ён нядаўна ўзышоў, але свяціў моцна і свяціць яму пасаблялі вулічныя ліхтары. Васіль адчуў, як моцна і радасна забілася яго сэрца. Болей тыдня жыў у горадзе і ні разу не ўспомніў пра месяц. Хадзіў пад ім і не бачыў яго, быццам яго і не было зусім. А цяпер убачыў яго і ўзрадаваўся, як старому сябру. Неяк дзікавата было бачыць гэты круглы добры месяц над квадратнымі камяніцамі, і радасна было, што ён ёсць, што ён свеціць, жыве. Як і ў іх дома. Цяпер Васіль ведаў, што з ім ён не прападзе. Пайшоў уздоўж вуліцы, і праўда неўзабаве пачуў лёгкі шум і ўбачыў святло фар машыны. 3 узнятымі рукамі кінуўся напярэймы, і машына адразу спынілася, быццам і ішла спецыяльна па яго. Гэта была «Волга», акрамя шафёра, у ёй сядзеў адзін пасажыр. Васіль папрасіў падкінуць яго да цэнтра. Пасажыр з шафёрам пераглянуліся, адчынілі дзверцы. Машына зрабіла ўсяго адзін паварот і выскачыла на шырокую вуліцу, і Васіль пазнаў яе і ўсё гэта месца: яны ехалі па вуліцы, на якой жыў Валодзя. Васіля везлі дамоў. Аказваецца, ён круціўся ў нейкім паўкіламетры ад вакзала. Васіль папрасіў спыніць машыну, працягнуў рубля шафёру — не ведаў, як аддзячыць яго. Шафёр пакруціў галавой, засмяяўся, зноў пераглянуўся з пасажырам.
— А цяпер ведаеш, дзе стаіш? — спытаў, націскаючы на педаль счаплення.
— Што тут ведаць? Во ён, дом мой,— матануў галавой Васіль на свой пад’езд. Машына рванула наперад, бліснуўшы рубінавымі агеньчыкамі стопсігналаў.
Дзверы ў калідор і ў пакой былі незамкнёныя: Валодзя чакаў яго. 3 ім прасцей, ён усё зразумее. Цяжэй будзе дома, з бацькам.
Бацька ўбачыў Васіля, калі той падыходзіў да варот. Пара была падвечар, сонца ўжо зачапілася за вільчык хлява, адкінуўшы яшчэ светлы і душны цень на двор з адгароджанымі градкамі гуркоў, куды ўбілася курыца. Бацька выганяў яе, цаляючы цераз плот глыжамі. Курыца, як сляпая, насілася з аднаго кутка ў другі, плішчылася ў кожную шчыліну, але колікі ў плоце сядзелі густа і моцна, а сухія глыжы лупілі па лісці гуркоўніка ўсё бліжэй і бліжэй, наганяючы страх, і бедная курыца страціла ўсякую надзею выбрацца з гэтых праклятых град і толькі адчайна ўскрыквала, калі ля яе ўзрываліся, сеючы пылам, камякі зямлі. Нарэшце, яна і зусім ушчамілася ў шчыліну, рванулася выбавіцца — яшчэ болей засела, і тады ўжо аціхла, разявіўшы дзюбу. Якраз у гэты раз бацька ўладзіў ёй вялізным глыжом у хвост і разам з глыжом вынес за плот. Адкуль і спрыт у яе знайшоўся матануць па баразне ў бульбу... Тады бацька атрапаў рукі аб штаны і павярнуўся да сына, пільна ўглядаючыся ў яго. Той, не спяшаючыся, адчыніў варотцы, ступіў на двор, узяў варотцы на зашчапку, паставіў чамадан на лавачку ля гародчыка.
— Нешта ж рана,— сказаў, падышоўшы, бацька.
— Прыйшла пара, дык і прыехаў.
Бацька тузануў яго за рукаў:
— Заваліў?
— Заваліў, ну і што?
— Нічога, сынок. Маладзец.— Бацька хацеў гаварыць спакойна і не змог, сарваўся на крык.— Дзесяць годзікаў у с... трубілі — кніжкі, сміжкі, адзявалі, кармілі, а ён цяпер — «заваліў, ну і што?».. Яму «ну і што»!
— Не крычыце, не баюся,— Васіль рвануў руку і пайшоў у хату. Бацька зайшоў за ім.
— Надта смелы стаў. Ці не зарана? Яшчэ ўсё носіш бацькава — і на плячах, і на нагах, і ў галаве...
— Не, у галаве то не бацькава, можаш не радавацца...
— Яно і бачна... Казаў жа, прасіў: едзь да Шуры... Там то паступіў бы, ён — не ты, памог бы... Дык не, свайго захацелася... Цяпер радуйся — наеўся!..
— Наеўся не наеўся, плакаць не буду... Дзе мама? — Васіль зайшоў на кухню, зірнуў за комін.
— Дзе ж ёй быць — на полі. Сынку трэба грошыкі, дык хто ж шлунне ірваць мусіць? Бацька з маткай... А ён хай раскатае...
— Не ный, надаела! Тут і без твайго ныцця хапае! Дужа я нараскатваў тваіх грошай,— закрычаў раптам Васіль з-за кухоннай перагародкі.
Бацька змоўчаў, сеў на лаўку. Васіль дастаў са шкафчыка гладыш з кіслым малаком і прыпаў да яго, не зважаючы, што малако цякло па барадзе і капала на падлогу. Напіўся, выцер губы далонню, выйшаў з-за перагародкі, стомлена апусціўся на лаўку, утаропіўшы вочы ў акно. Яно выходзіла ў гародчык з кветкамі, цёмны ад перадвячэрняга ценю, і вачам добра было глядзець туды.
Маўчалі. Васілю цяжка было нават рот разявіць, а бацьку хоць і карцела, але цярпёў, пакуль было цярпенне. Потым загаварыў — ціхім, з жаласліваю нотаю, голасам:
— Ну што ж, праваліўся, дык праваліўся. Мусіць, не нашаму цяляці ваўка з’есці. Сёння ўжо не трэба, насячы хаця дроў, а заўтра ранічкай пабяжыш з касой у Стаськоў Рог, кусты паабкошваеш. Трава там добрая, густая, капы са дзве, а то і тры адаб’еш. За раніцу не паспееш — надвячоркам дакосіш... Толькі абкасі кругом, каб хто не ўпёрся.
— Не пайду я туляцца па кустах,— панура адказаў Васіль, не паварочваючы галавы.
— Чаму гэта не пойдзеш? I што гэта за зык на цябе сёння ўссеў, што-та з табой робіцца? — зноў пачаў злавацца бацька.
Васіль адарваў вочы ад акна, зірнуў на яго, зморшчыўся:
— Ніхто не зыкуе, тата. Я кажу, што ў кусты не палезу — ні ранічкай, ні надвячоркам. Падзеляць, тады палезу, а так, як воўк, крадком — не. Хочаш — сам ідзі, а я не хачу. Пайду стагаваць ці шчэ што рабіць, работы хопіць...
— Ну, сынок, ты мяне парадаваў сёння. Пацешыў... Я табе гэта прыпомню,— бацька ўстаў з лаўкі, выйшаў за дзверы, але не зачыніў іх, прасунуў галаву назад, доўга ўзіраўся Васілю ў вочы, быццам бачыў першы раз.— У-у-у, гадзіна! Выгадаваў на сваю галаву...— прастагнаў адтуль і ляснуў дзвярыма так, аж зазвінелі шыбы. I звінелі яны доўга, надакучліва доўга, Васілю падалося, што гэта звініць не шкло, а муха ўпёрлася недзе ў павуціну...
Як і ў той раз, поезд у Мінск прыйшоў у восем гадзін. Па тым жа падземным пераходзе — тут нічога не змянілася за год, хіба толькі адвалілася колькі абліцовачных плітак, ды ў двух месцах на столі рудзелі пацёкі — прабілася вада,— Васіль выйшаў на прывакзальную плошчу. Павярнуў налева, да прыземістага будынка з касамі паяздоў дальняга следавання. Людзей ля кас было мала, і ён управіўся скора. Ехаць дык ехаць, да Шуры дык да Шуры... У яго яшчэ заставалася дзве вольныя гадзіны, але да Валодзі ён рашыў не паказвацца: так будзе лепей. Укінуў чамадан у аўтаматычную багажную, а сам пайшоў у горад.
Дзень меўся быць ясны, сонечны. Зусім нядаўна па вуліцах прайшлі палівальныя машыны, і асфальт курыўся, яркай зеленню блішчэлі лісты прысад. Горад быццам пабыў у лазні і цяпер сушыўся, падставіўшы сонцу мокры твар. Людзей на вуліцах было шмат, людзі спяшаліся, толькі ў гэтай паспешцы не было вакзальнай суматохі. Васілю неяк шкада стала, што самому яму не трэба нікуды спяшацца. У яго нават ёсць лішнія пара гадзін, і ён не ведае, што з імі рабіць.
Зусім натуральна, калі чалавеку чаго-небудзь не хапае. Грошай не хапае, часу. Вечна чалавеку нечага бракуе, чалавек — не бог. Але горай, калі ў чалавека завяліся непатрэбныя яму рэчы. Тут ужо нешта не так, нешта не тое. Ну, рэчы можна каму-небудзь сплавіць. Заўсёды знойдуцца людзі, што збіраюць чужыя рэчы,— на свеце поўна дзівакоў. А што рабіць, калі ў чалавека лішні час? Яго не прадасі, не збудзеш. Ён твой, як цень, ён заўсёды з табой. Бывае, што яго не адчуваеш, і гэта добра, гэта шчасце; бывае, яго не хапае, і гэта таксама добра, а вось калі яго лішка і калі чалавек гэта пачынае адчуваць... Гэта непрыемнае адчуванне, як напамінак пра хваробу. Летась, калі Васіль прыязджаў сюды паступаць, кожная хвіліна ў яго была на ўліку, і тады было добра... Прыязджаў паступаць... Васіль усміхнуўся: даўно, вунь як даўно было ўсё гэта!.. I так недарэчна скончылася... Не рашыў задачку, не задачу, а задачку, сярэднюю лінію зблытаў з перпендыкулярам. Дома ён рашыў яе назаўтра ж па прыездзе і рашыў за нейкія пяць хвілін, а тут... Цяпер пра ўсё гэта Васіль успамінаў без жалю і болю, як пра даўнюю хваробу. Перабалела — і як і не было. Перахварэў, і ўсё. Праўда, разам з папраўкай прыйшлі цвярозасць і сум — абавязковыя рубцы ўсё той жа хваробы. Кожная хвароба — гэта боль, а ўспамін пра боль заўсёды сумны.
Цікава, ці паступіла Валя? Канечне, паступіла... Добра было б сустрэць яе. Ён часта ўспамінаў пра яе дома, думка гэта нават стала надакучлівай. Нават збіраўся, калі будзе мець час, заехаць у інстытут. Яе-то не ўбачыць: лета, усе раз’ехаліся, але даведацца, ці вучыцца яна, зможа... Яму гэта трэба было ведаць, для самога сябе ведаць...
Васіль ішоў, думаў, разважаў сам з сабой, а на душы было трывожна. Не шкода было гэтага горада, які яшчэ летась ён лічыў сваім, родным, абжытым. Шкода было нечага другога. Можа, самога сябе?..
Падышоў да стадыёна, да рэкламных аб’яў — і спыніўся, утрапёны. 3 афішы, вясёлы і задаволены, на яго пазіраў знаёмы твар. Гэта быў той самы артыст, якога яны з Валодзем і Раманам некалі слухалі ў завадскім тэатры. Тая ж шыракаротая ўсмешка, тыя яс няроўныя зубы. I тая ж нахабнаватая ўпэўненасць на твары. Ён быццам смяяўся з Васіля, быццам гаварыў:
— Едзеш? Уцякаеш? Давай, едзь... А я застануся...
Васіля аж скаланула. Усё роўна як яго злавілі на нечым зладзейскім. Стаяў перад афішай, на двары была душная раніца, а між плячэй стала холадна. «Не-а, нікуды я не паеду. На злосць табе не паеду...» Рашыў так і ўзрадаваўся свайму нечаканаму рашэнню. «А ты давай, спявай. Пацяшай людзей. Пацяшай...» — сказаў афішы ўжо зусім весела і цвёрда. Але перш чым зноў заявіцца да Валодзі, захацелася зірнуць на інстытут, быццам ён мог куды дзецца, быццам мог знікнуць.
Інстытут нікуды не дзеўся, стаяў на тым жа месцы, такі ж шырокі, масіўны. Толькі тратуар недалёка ад варот пераразала канава з горамі свежай, вывернутай са дна жоўта-чырвонай зямлі — не прайсці. Давялося даваць кругаля: ісці назад, на другі бок вуліцы, зноў наперад і зноў пераходзіць вуліцу...
«Ну і дзівакі. Толькі летась залівалі асфальт, а цяпер усё ўспаролі, трубы нейкія пракладваюць. Быццам няможна было зрабіць гэта тым разам»,— падумаў Васіль, і думка гэта засела ў галаве, як зачапілася за нешта, і ніяк яе нельга было адчапіць, хоць Васіль і стараўся забыцца пра яе. Цяпер у яго былі ўжо другія клопаты.