Па звычцы хацеў узяць шпрыц правай рукой, але яна ўжо амаль не слухалася. Паспрабаваў зрабіць высілак і авалодаць ёю, але ўсё было дарэмна. Цяпер Андрэй перастаў адчуваць нават плячо, невядомая зараза прабіралася ўсё вышэй. Нарастала злосць, напружанне. Трывога пераходзіла ў паніку. Эмоцыі перапляталіся ў жудаснае павуцінне, якое не дазваляла думаць спакойна. Некалькі хвілін пастаяў, спрабуючы хоць трохі супакоіцца, але гэта ў яго не атрымалася. Таму, кінуўшы ўсялякія спробы, паклаў шпрыцы, адзін за адным, у левую кішэню (добра, што ў медыцынскіх халатах яны даволі шырокія) і выйшаў, не замыкаючы дзверы.
Была ноч. Святло з-за перасцярогі вырашылі не ўключаць. Таму давялося ісці навобмацак, абапіраючыся анямелай рукой аб сцены. Не чулася ні гуку. Хоць, хутчэй за ўсё, астатнія, гэтаксама як і ён, неўзабаве ціха разыдуцца па прызначаных пакоях. Што адчувалі цяпер яны? Магчыма, былі ў падобным стане, а магчыма, для некаторых з іх гэта было ўжо не ўпершыню. Андрэй падняўся па бакавой лесвіцы, прыступкі якой менш за ўсё рыпелі, на трэці паверх, і прайшоў да канца калідора. Прызначаны яму пакой знаходзіўся злева. З кожным крокам сэрца калацілася ўсё мацней. Ужо ля самых дзвярэй ягонае біццё адчувалася ва ўсім целе.
Ніхто ў пакоі не мог прачнуцца, бо кожнаму пацыенту клінікі далі моцнае снатворнае. Але ён як мага асцярожней адчыніў дзверы ды пракраўся ўсярэдзіну. З акна на чалавека, які спаў, падала цьмянае святло вулічнага ліхтара. Гэта быў адзін з тых маладых медыкаў, пра якіх распавядаў Франка. Усё ягонае тулава мела зялёны колер і свяцілася, як цыферблат гадзінніка з люмінесцэнтнай фарбай. Ён важыў кілаграмаў трыста. Жалезны ложак ледзь трымаўся пад вагой цела маладога чалавека. Для яго ён быў такі маленькі, што рукі і ногі звісалі ў розныя бакі, амаль кранаючыся падлогі. Пры такім асвятленні відовішча было асабліва вусцішным.
Заціснуўшы карабок з запалкамі ў зубах, шоргнуў левай рукой ды запаліў невялікую свечку, што стаяла побач на століку. Як ні дзіўна, але цяпер рукі (дакладней, рука) не дрыжалі, сэрца перастала шалёна калаціцца, адчуваўся поўны спакой. Добра гэта ці дрэнна, Андрэй не ведаў. Асцярожна дастаў шпрыц. Вырашыў усё зрабіць як мага хутчэй, ні аб чым не задумваючыся. Аднак з першага разу трапіць у вену не змог, не атрымалася гэта і ў наступны раз. Праблема была не столькі ў дрэнным асвятленні, колькі ў нязграбнасці левай рукі. Ён звыкся ўсё рабіць правай, але цяпер яна зусім не слухалася. Да таго ж, рука маладога хлопца была настолькі тоўстай, што знайсці ў яго вену было надзвычай складана, бадай, немагчыма.
Твар чалавека выказваў ці то смяротную стомленасць ад усяго, што прыйшлося тут вытрываць, ці, хутчэй, стан, блізкі да поўнай абыякавасці. У думках Андрэя прамільгнула, як таўстун раптам прачынаецца і, спрабуючы яшчэ змагацца за сваё жыццё, сколатай шпрыцам рукой хапае за горла свайго ката. Калі яшчэ трохі памарудзіць, то цярпенне магло падвесці, а нядаўна дасягнуты спакой – знікнуць. Варта было перадыхнуць, на хвілінку прысесці ды сабрацца. Але ў пакоі не было іншай мэблі, апрача маленькага століка і ложка, на якім спаў малады чалавек. Сканцэнтраваўшыся, Андрэй зноў увёў іголку. Гэтым разам паспяхова.
Ін’екцыя мусіла падзейнічаць праз дзесяць хвілін…
Цягнік прыбыў на станцыю Mińsk Mazowiecki. Прыпынак доўжыўся пятнаццаць хвілін. Таму Андрэй пакінуў торбы ды выйшаў пасмаліць, папярэдзіўшы суседзяў па купэ, што хутка вернецца. Разам з ім з вагона выйшла яшчэ некалькі пасажыраў, хто выкурыць цыгарэту-другую, а хто проста праветрыцца і расцерці цягліцы. Дамы, дрэвы і людзі яскрава выяўляліся на фоне астатняй прасторы. Дажджу пакуль не было, але густыя хмары ўжо зацягнулі неба так, што раніца нагадвала вечар. Яшчэ трохі – і мог хлынуць лівень. Стары будынак вакзала зачынілі на рамонт, таму многія чакалі свой цягнік з парасонамі напагатове.
Ужо менш як праз гадзіну цягнік прыбудзе ў Варшаву, а адтуль Андрэй пакіруе ў Познань, дзе яго абяцалі сустрэць і адвезці ў Мікушэва. Было дзіўнае пачуццё хвалявання, звязанае з нявызначанасцю. Ён жа нават не ведаў, чым там, у Мікушэва, будзе займацца і што гэта за незразумелая клініка. Калі б не Альгерд Францавіч – яго выкладчык і, як лічыў сам Андрэй, другі бацька – ён наўрад ці ўвязаўся б у гэтую авантуру. Але з іншага боку – адчуванне чагосьці новага, цікавага і нечаканага… Прадчуванне было настолькі вострым, нават дзіцячым, што вельмі хацелася хутчэй дабрацца да месца, як гэта бывае, калі нешта добрае мусіць адбыцца ў бліжэйшы час, ды не зусім уяўляеш, што менавіта.
Альгерд Францавіч, як бацька, настойліва пераконваў, што гэта выдатная магчымасць, якая выпадае адзінкам. Але ён не ўдакладніў, у чым заключаецца гэтая магчымасць, і тым больш па невядомай прычыне адмаўляўся тлумачыць, што гэта за месца. Навошта патрабавалася такая таямнічасць? Альгерд Францавіч заўсёды быў з ім сумленным, і гэткая загадкавасць здавалася нязвыклай. Была гэта псіхіятрычная клініка, шпіталь ці нешта іншае – ён толькі даваў расплывістыя адказы і ўсяляк ухіляўся ад канкрэтыкі, адзінае, прасіў Андрэя трымаць сваю паездку ў сакрэце. Магчыма, нічога канкрэтнага той не ведаў і сам, а мо хацеў зрабіць Андрэю прыемны сюрпрыз. У любым выпадку ён цалкам давяраў свайму настаўніку.
Пасля смерці маці Альгерд Францавіч стаў для яго другім бацькам. Напэўна, нават адзіным, бо свайго сапраўднага тату ён ніколі не бачыў. Маці пра яго не распавядала. Калі яна памерла, хлопцу было ўжо дваццаць чатыры гады, таму ў апекаванні ён асабліва не меў патрэбы, але і цалкам самастойным яго яшчэ нельга было лічыць. Альгерд Францавіч і раней ставіўся да хлопца па-асабліваму, а пасля гэтага стаў яшчэ больш уважлівым. Дапамог з пахаваннем, увесь час знаходзіў для Андрэя падпрацоўку, не кажучы ўжо, што ўсяляк прасоўваў і дапамагаў у акадэмічным асяроддзі. Таму і цяпер, атрымаўшы загадкавую прапанову стажыроўкі, ці то паўнавартаснай працы, Андрэй ні на імгненне не засумняваўся ў яго добрых намерах. А хваляванне, якое адчуваў цяпер, было хутчэй прыемным, чым страшным.
Да Варшавы дождж яшчэ не дабраўся, ці ўжо даўно мінуў гэты горад. На вуліцы было досыць цёпла і суха. Густыя плыні людзей хаатычна рухаліся ў розных напрамках. Хтосьці спяшаўся на працу, нехта вяртаўся з вучобы, а хтосьці проста сноўдаўся без мэты. Акрамя вакзала, Андрэй нічога не паспеў пабачыць. Але ён быў тут не ўпершыню. Апошні раз, калі падарожнічаў, прабыў тут цэлы тыдзень, ды з таго часу мінула гадоў пяць. Калі б не бракавала сродкаў, было б няблага затрымацца ў Варшаве яшчэ на некалькі дзён. Ды на гэта не хапала не толькі грошай, але і часу. Да адпраўлення заставалася дваццаць хвілін. Хуценька збегаў у бліжэйшую краму, каб набыць вады і чагонебудзь перакусіць у дарозе, а затым, выкурыўшы яшчэ адну цыгарэту, пакіраваў да свайго вагона.
У купэ, акрамя яго, знаходзілася толькі жанчына з малым. Таму было гады чатыры. Ён апынуўся на здзіўленне ціхім, спакойна сядзеў і разглядаў кніжку з малюнкамі. У Андрэя таксама была з сабой кніга, якую спадзяваўся пачытаць у дарозе, але, нягледзячы на сваю любоў да чытання, за ўвесь час падарожжа нават не дастаў. Не тое, каб яна была нецікавая, проста зусім не хацелася чытаць ды пра штосьці думаць. У дарозе з ім амаль заўсёды такое здараецца. Нярэдка ён чытае ў грамадскім транспарце, на хаду, шпацыруючы па горадзе, часам седзячы ў кавярні, але падчас доўгай дарогі Андрэй зусім не мог узяцца за чытво. Можна было сябе прымусіць, і ён рабіў такія спробы, але ў выніку прыйшоў да высновы, што кнігі можна чытаць (менавіта чытаць) толькі добраахвотна. Таму Дэ Куінсі са сваёй «Споведдзю ангельца, які ўжывае опіум» застаўся там, дзе і быў – у правай бакавой кішэні торбы.
Намагаўся заснуць, рабіў спробы дастаць Дэ Куінсі, але ў выніку, пакінуўшы рэчы, пайшоў у вагонрэстаран ды замовіў бутэльку піва з бутэрбродам. Вырашыў расслабіцца і рабіць тое, што хочацца, пакуль ёсць такая магчымасць, а не вымотваць сябе чытаннем, развагамі ды нейкімі планамі. Хто ведае, мо неўзабаве часу адпачыць зусім не будзе. За суседнім столікам па-нямецку размаўляла маладая пара. Андрэй не вельмі добра валодаў нямецкай, зразумеў толькі, што яны плануюць на два дні спыніцца ў Познані, а пасля вернуцца ў Берлін. Астатнія елі і пілі моўчкі, нават калі сядзелі па некалькі чалавек за столікам. Пасля піва вельмі захацелася закурыць, але ў мясцовых цягніках такая асалода забаранялася.
Таму ён, каб падыміць у фортку прыбіральні, у мэтах канспірацыі прайшоў некалькі вагонаў.
Затым вярнуўся і набыў яшчэ піва. За вокнамі было ўжо цёмна, толькі месцамі праступалі агеньчыкі навакольных дамоў. Паступова пасажыры вагонарэстарана пачалі разыходзіцца. Ён застаўся адзіным кліентам, але афіцыянты ўжо прыбіралі і збіраліся самі. Андрэй зразумеў, што хутка канцавая, таму, дапіўшы піва, вярнуўся ў сваё купэ. Маці з малым прайшла да дзвярэй вагона. Дынамік абвясціў, што цягнік прыбывае на канцавую станцыю «Poznań Główny». Хутка ён будзе ўжо там, у клініцы Мікушэва. Усё стане вядома, а загадкавая нявызначанасць знікне. Да таго ж, магчыма, па дарозе атрымаецца штосьці высветліць у намесніка галоўнага доктара, які павінен яго сустрэць.
Даведаўшыся, дзе знаходзіцца аўтобусны прыпынак, Андрэй затрымаўся каля бліжэйшай крамы. Хацелася перад чарговым ад’ездам яшчэ крыху папаліць, спакойна і без спешкі. Магчыма, трохі спозніцца, ды некалькі хвілін нічога не зменяць. Цыгарэта ішла досыць лёгка, як гэта бывае пасля алкаголю. Хлопец глыбока зацягваўся і выпускаў дым у розныя бакі, назіраючы за тым, як густая субстанцыя павольна растваралася ў цемры. Зацягнуўшыся апошні раз, ён рушыў да прызначанага месца. Не даходзячы да прыпынку, заўважыў, што побач стаяла некалькі машын, і толькі адна чырвонага колеру. Андрэй параўнаў запіс у сваім нататніку, але ён не супадаў з нумарам, які прадыктаваў яму Альгерд Францавіч.
Прайшло яшчэ хвілін пяць, ён азіраўся па баках, але іншага аўтамабіля чырвонага колеру так і не з’явілася. Не было яго і ў наступныя пятнаццаць хвілін. Андрэй папытаў у людзей. Высветлілася, што гэта не адзіны прыпынак, з якога адпраўляюцца аўтобусы на Мікушэва. Пайшоў на іншы, але і там нікога. Ён не ведаў, што рабіць далей. Некаторы час панічна бегаў паміж аўтобуснымі прыпынкамі, спрабуючы знайсці патрэбную машыну. Наўрад ці яна спазнялася на сорак хвілін, хутчэй за ўсё яны проста размінуліся. Вырашыў трохі пачакаць, а затым на аўтобусе самастойна дабрацца да Мікушэва. Папярэдні аўтобус адправіўся чвэрць гадзіны таму, бліжэйшы, і апошні на сёння, будзе толькі праз гадзіну.
Спрабуючы трохі развеяць напружанне, Андрэй выправіўся ў кароткі шпацыр. Далёка ад вакзалу не адыходзіў, каб не згубіцца і не прапусціць свой аўтобус, ды і з торбамі спакойна не пагуляеш. Ізноў узнікла лёгкае хваляванне. Невядомасць дапаўнялася тым, што ўсё пайшло не так, як планавалася. Андрэй спадзяваўся, што ў рэшце рэшт усё складзецца добра – ён прыедзе і без усялякіх праблем возьмецца за працу. Дабрацца да Мікушэва – гэта палова справы, трэба яшчэ знайсці будынак, у якім месцілася клініка. Толькі як гэта зрабіць ноччу, асабліва калі няма ў каго запытаць.
На прыпынак вярнуўся за дваццаць хвілін да адпраўлення, але маленькі аўтобус з надпісам «Mikusheva» ужо стаяў напагатове. Андрэй са сваімі торбамі ўціснуўся ў дзверы ды спытаў пра канчатковы пункт прызначэння. Добрай ідэяй было ўдакладніць пра палац у пасажыраў, сярод якіх маглі знаходзіцца мясцовыя жыхары. Надышоў час адпраўлення, а іншых пасажыраў, акрамя яго, так і не з’явілася. Тады Андрэй паспрабаваў даведацца хоць нешта ў кіроўцы.
– Прабачце, вы часам не ведаеце, ці ёсць у Мікушэва палац ці нешта падобнае?
– А вы што, на экскурсію вырашылі схадзіць, або да нерухомасці прыглядаецеся? – усміхнуўся кіроўца.
– Не, гэта я так, проста спытаў.
– Ага, ёсць нешта такое.
– А ці далёка ён знаходзіцца ад прыпынку?
– Метраў трыста прама, і вы ўбачыце браму.
– Я магу заснуць. Пабудзіце, калі ласка, як прыедзем.
– Вядома. Не хвалюйцеся, назад бясплатна я вас не павязу.
– Дзякуй.
«Ну, ужо хоць штосьці», – падумаў Андрэй. Разам з пробліскам аптымізму прыйшла і моцная стомленасць. Таму ён паклаў галаву на торбу ды амаль адразу ж заснуў.
У яго даўно ўжо развілася звычка спаць па шэсць гадзін. Клаўся каля адзінаццаці вечара і прачынаўся а пятай раніцы. Хацелася паспець як мага больш.
Да таго ж у пяць раніцы, калі большасць людзей яшчэ спіць, жыццё ўспрымаецца зусім па-іншаму. Падсілкаваўшыся бутэрбродам і гарбатай, Жыль сядаў у сваё любімае крэсла і пачынаў чытаць што-небудзь з нядаўна прыдбанага. Яго дзённая норма была каля двухсот старонак. За месяц паспяваў прачытаць чатырнаццаць-сямнаццаць кніг, а гэта прыкладна сто дзевяноста за год. Бліжэй да дзявятай гадзіны ён збіраўся ды ішоў на Сэн-Жэрмэн у Кафэ дэ Флор. Спачатку сядзеў за столікам на вуліцы, піў моцную каву ды назіраў за людзьмі, што праходзілі побач. Затым перабіраўся ўсярэдзіну, каб узяцца за справу. Для яго гэта было накшталт працоўнага месца, дзе ён напісаў свае папярэднія тры раманы.
Для многіх кафэ, дзе шумна і шмат людзей, здаецца непрыдатным месцам для працы такога кшталту. Але не для Жыля. Ён не мог доўга заставацца ў сваёй кватэры. Не таму, што даўно жыў адзін і пакутаваў ад адзіноты, але таму, што адразу пачынаў разбэшчвацца ды не мог сканцэнтравацца на галоўным. Увесь вольны, а таксама працоўны час ён спрабаваў праводзіць у цэнтры горада, гуляючы па парку ці седзячы ў кафэ, дзе заўсёды адчуваўся дынамічны рытм, які асабліва неабходны, калі ты сам сабе начальнік ды самастойна вызначаеш, калі і колькі табе варта працаваць.
Аднак апошнім часам гэта не дапамагала. Прайшло крыху менш за месяц, а ён не напісаў і чвэрці ад задуманага. Падоўгу сядзеў над адной старонкай, выціскаючы па сказе для сваёй новай кнігі. Жыль ведаў, што праблема не ў рамане: задума была добрая. Проста яго раздзіралі сумненні, ці варта ўвогуле пісаць. Што ад гэтага зменіцца? Напіша ён яшчэ адзін раман ці дзесяць, але дзеля чаго? Магчыма, атрымае добры ганарар. І што? Магчыма, кніга зацікавіць многіх чытачоў, стане вельмі папулярнай. І што? Што далей? Жыля хвалявала, што пройдзе, напрыклад, гадоў дзесяць – і напісаў ён цяпер раман ці не – ужо не будзе мець аніякага значэння. Нават спадзявацца стаць найвялікшым пісьменнікам не мае сэнсу, не таму, што гэта нязбытная мара, але таму, што такіх сотні і тысячы: Дантэ, Дзюма, Дыкенс, Дастаеўскі і многія, многія іншыя. Чым горш быць такім самым, адным з сотняў і тысяч, напрыклад, інжынерам або доктарам?
Так праходзілі ўсе ўчора, сёння і заўтра. Раніцай яму не давалі працаваць меланхалічныя думкі і ўвесь дзень праходзіў марна, а ўвечары зноў узнікала жаданне паспець як мага болей, выкарыстоўваць кожную хвіліну. Ён планаваў наступнае сваё заўтра, але сёння зноў станавілася такім самым, як учора. Зрэдку ён наведваў галерэі і музеі, сустракаўся выпіць з некаторымі прыяцелямі. Але гэта, хоць і здаралася не вельмі часта, было як і ў мінулыя разы. Можа здацца дзіўным, але Жылю больш падабалася выпіваць аднаму. Толькі ў такіх выпадках ён клаўся позна ўночы, а падымаўся бліжэй да дванаццаці дня. Часам ён купляў бутэльку віна, бывала, больш, і, паралельна чытаючы ці слухаючы музыку, даходзіў да прыемнага стану, калі ўзнікала мноства ідэй і планаў. У адной руцэ ў яго была бутэлька, у другой цыгарэта, іх ён па чарзе падносіў да рота.
Падчас аднаго з такіх вечароў ён раптам усвядоміў, што існуе мноства месцаў, дзе ён ніколі не быў і шмат цікавых рэчаў, якіх ён ніколі не рабіў. У яго здарылася нешта накшталт азарэння. Ён не будзе ставіць перад сабой нейкіх маштабных, але па сутнасці бессэнсоўных, мэтаў: стаць вялікім пісьменнікам, разбагацець, дасягнуць улады, несці свету добрае або жудаснае. Усё гэта поўнае глупства. Ён хоча стаць звычайным геданістам, які атрымлівае задавальненне ад новых адчуванняў, новага досведу (ад новых ліній сюжэту ўласнага жыцця). Гэта так элементарна, але Жыль не задумваўся пра гэта раней. У яго з’явіўся стымул, жаданне. Ён будзе пісаць, але цяпер дзеля магчымасці ажыццяўляць задуманае гэтай ноччу.
Нягледзячы на выпітае, прачнуўся ён а пятай раніцы. Як заўсёды, паснедаў бутэрбродам і гарбатай. Затым сеў за чытанне ў сваё любімае крэсла. Бліжэй да дзевяці Жыль адправіўся на Сэн-Жэрмэн у Кафэ дэ Флор. Але не сеў за столік на вуліцы, каб папесціць сябе ды паназіраць за мінакамі, як гэта бывала раней, а адразу пачаў пісаць, выпіваючы каву кубак за кубкам. Словы на паперы з’яўляліся хутчэй і хутчэй. Яго рука рухалася рытмічна і хутка, як механізм станка. Героі, сюжэт, дыялогі рамана імгненна кампанаваліся ў яго галаве і адразу ж з’яўляліся на паперы. Ён нават не адрываў погляд ад стала, а ручку ад ліста паперы, каб замовіць яшчэ кавы, наўпрост паказваў на апусцелы кубачак пры з’яўленні афіцыянта. Калі Жыль вырашыў спыніцца ды трохі адпачыць, да яго падышоў адзін з работнікаў кафэ і сказаў, што ўжо зачыняюцца. На гадзінніку было дванаццаць ночы, рахунак паказваў пятнаццаць выпітых кубкаў кавы, а на стале ляжала сорак новых старонак рамана.
Крыху прагуляўшыся, Жыль вярнуўся дамоў. Ён быў моцна ўзбуджаны. Прыліў энергіі і радасці змяшаліся ў эйфарычны кактэйль. Жыль здолеў бы працаваць усю ноч і напісаць яшчэ столькі ж. Яму зноў хацелася ствараць. Пісаць кнігу або новую карціну – зараз для яго гэта было неістотным. Проста меўся вялізны запас фізічных і творчых сіл. Але ён разумеў, што такі стан можа апынуцца зманлівым. Нельга было цяпер высільваць сябе да апошняга, патрабаваўся запас сілы на наступныя дні, каб хутчэй дапісаць раман і аднесці яго ў выдавецтва.
― Мы на месцы, падымайцеся.
– Ужо прыехалі?
– Так. Не мог вас абудзіць. Пачаў падумваць, што памерлі, – пажартаваў кіроўца.
– Прабачце, вельмі стаміўся, даўно ў дарозе. Так значыць, сто метраў прама?
– Трыста. Там будзе агароджа, за якой парк, ідзіце ўздоўж. Там усё зарасло, таму глядзіце ўважліва, каб уваход не прапусціць.
– Ага, дзякуй вам вялікі. Да пабачэння.
– Да пабачэння. Будзьце асцярожныя.
– Дзякуй.
Дзверы адчыніліся, і адтуль хлынула халаднаватае паветра. Пасля сну было асабліва зябка, па скуры пабеглі дрыжыкі. Вуліца практычна не асвятлялася, толькі далёка зялёным колерам свяціў ліхтар, што трохі здзіўляла (чаму менавіта зялёны?). Аўтобус развярнуўся ды з’ехаў у зваротным кірунку, а Андрэй пайшоў прама. Было ціха, нават сабакі не брахалі. Узнікалі сумневы, што тут наогул хтосьці жыве.
Агароджа парку цягнулася досыць далёка. Уваход знайшоў не адразу, давялося хадзіць туды-сюды некалькі разоў, а гэта давалася цяжка з яго багажом. У рэшце рэшт, ён знайшоў дзверы, якія былі трохі ўбаку ад высокай, закрытай з унутранага боку брамы. Прайшоўшы некалькі метраў па сцежцы, Андрэй убачыў удалечыні за дрэвамі абрысы велізарнага дома. Сцяжынка злілася з дарогай, якая ішла ад галоўных варот. Справа ад гэтай дарогі знаходзілася возера, велічыню якога было складана вызначыць уночы.
Перад Андрэем паўстала загадкавая, амаль містычная карціна. Падыходзячы бліжэй, змог разгледзець, што вялізны дом і ёсць тая самая клініка. Будынак амаль не асвятляўся. Дзесьці за ім знаходзіўся ліхтар, чыё цьмянае святло падала з-за вугла. На прыступках, па баках ад дзвярэй, стаялі шкляныя ёмістасці з запаленымі свечкамі. На шырокім ганку быў столік, за якім задуменна сядзеў чалавек, чый твар ён пакуль не мог разгледзець. Па меры набліжэння, рысы выяўляліся выразней і Андрэй заўважыў, што незнаёмы глядзіць яму проста ў вочы. Ці то ад пільнай увагі, ці ад хвалявання, хлопец ледзьве не паваліўся, аб нешта спатыкнуўшыся. Каб згладзіць няёмкасць, Андрэй адразу пачаў гаварыць, не паспеўшы падняцца на ганак.
– Добры вечар! Маё імя…
– Андрэй? Так, я ведаю. Мы чакалі вас сёння на вакзале, – адказаў малады мужчына ў прыгожым чорным касцюме.
– Мы з вамі, напэўна, выпадкова размінуліся. Выбачайце, што прымусіў вас ездзіць дарма…
– Нічога, у любым выпадку мне трэба было ў Познань па справах. Добра, што змаглі самастойна да нас дабрацца. Як даехалі, напэўна, вельмі стаміліся?
– Дзякуй. Не, не вельмі, толькі спаць крыху хочацца.
– Есці таксама? – ён паказаў на талерку з вялікім кавалкам мяса і бульбай. – Разумею, што ў вас нямала пытанняў і, магчыма, некаторыя рэчы вас могуць здзіўляць. Та…