Алесь ЖУК
ДЗЁННІКАВЫЯ ЗГАДКІ
Ёсць такія святы. 1970-я гады
Перад Новы годам змыла зіму разам з усім яе снегам. І хрышчэнскіх марозаў няма, хаця ветрана, холадна. Толькі зранку закаламуцілася неба і пасля абеду вецер паспрабаваў закруціць мяцеліцу. Шкода толькі, што не надоўга, з малым снегам. Але і на ноч застаўся вецер, насупленае неба без ніводнай зорачкі.
Учора заходзіў у «Нёман» да Левановіча. Прымусіў упісаць у пачатак рэцэнзіі, хто такі Стральцоў, што абсалютна не патрэбна, ды і гэтак званая мая кароткая рэцэнзія на «Ядлоўцавы куст» больш падобна на разгорнутую анатацыю ці на добрае чытацкае слова, чым на рэцэнзію.
Там жа ў змрочнай баковачцы між сталоў сядзеў Макаёнак плячыма да акна, а збоч у адпрасаваным касцюме, гладка прычэсаны, фізічна здаровы паэт Браніслаў Спрынчан.
Няёмка, калі пры табе самім цябе пачынаюць хваліць, нават адзін на адзін, а не прылюдна. Макаёнак, мабыць, гэта зразумеў, калі я перавёў гаворку з маіх надрукаваных у «Нёмне» апавяданняў на Шамякіна, сказаў, што «Атланды і карыятыды» падпісаны ў набор, бо ведаў, што Макаёнак першым чытаў рукапіс. Тады і ён перавёў гаворку на сваіх, спытаўся, што плануюць на бліжэйшыя нумары. І Левановіч, і Спрынчан замітусіліся, пачалі паказваць планы, шматслоўна тлумачыць тое, што Макаёнак і не збіраўся запамінаць, махнуў рукою, пажартаваў: «Пакіраваў — і даволі!». На развітанне падаў руку ўсім. Супрацоўнікі пракаментавалі, што рэдактар хацеў паказацца, як кіруе. Я гэтага не адчуў. А яны самі паказаліся, зноў пачалі хваліць мае апавяданні, і трэба было альбо ісці па бутэльку, альбо адвітвацца.
Тэмпература каля нуля. Туман, удзень капае з дахаў. Атрымалася гнілая зіма, гнілое надвор’е. Снегу мала нават у лесе. Вавёрачка весела бегае з галінкі на галінку, з сасонкі на сасонку, быццам нябачнаю нітачкаю аблытвае дрэвы. На верандзе забітага на зіму дзіцячага чыгуначнага вакзальчыка свежага зялёнага колеру двое лыжнікаў націраюць маззю лыжы, вясёлыя і стройныя, ён і яна.
Учора быў у Вячаслава Адамчыка, нават крыху паназаляў яму: на стале ў яго многа ляжыць на чытку. Угаворвае пісаць нешта большае, чым апавяданні. Мне дзіўна было, калі сказаў: «Ніколі не лічыў самамэтай пісаць апавяданні. На іх вучыўся, каб пісаць нешта большае». Дарэмна вінаваціць Міхася Стральцова, што з-за яго я «засеў» на апавяданнях. А мне выпісваць усе атрыбуты рамана на сённяшні дзень сумна і нецікава, у рамане не абыйдзешся без абавязковых «радоў», ну аповесць, дык гэта вялікае апавяданне. Вячаслаў Уладзіміравіч прызнаўся, што раман пісаць пачаў даўно, нават адзін варыянт напісаў і выкінуў. Лічыць сваім абавязкам захаваць людзям тое, што ведае пра свой народ. Яшчэ гаварыў пра тое, што сябе трэба прымушаць, падганяць, трымаць у рамках. Пра нешта падобнае здагадваюся і сам, хаця пішу таму, што проста хочацца пісаць. Сказаў, што будзе пісаць раман на далей, будзе, атрымлівацца ён ці не...
Харошыя, соненыя і такія, як каханне немаладой жанчыны, добрыя вераснёўскія дні, такі моцны пах апалага лісту, які стаў прывычным, што толькі зараз, пішучы гэтыя радкі, спахапіўся, што ўжо палова месяца, што вось-вось пачнецца толькі шэрань ды дождж.
Як усё мяняецца ў жыцці, і адносна даволі хутка. Цяпер ужо немагчыма так, як зусім нядаўна: Лынькоў у «Векапомных днях» Казлову даў прозвішча Саколіч як вялікаму партызанскаму кіраўніку. І тады нават крытыкі літаратуры называлі ў сваіх работах літаратурнага героя жывым Васілём Іванавічам, а не Саколічам. Праўда, сам Міхась Ціханавіч называў сваё пісанне «апупеяй». Што ад яе застанецца ў будучым? Дзед Аўсей і Палашка, ці яшчэ што-небудзь?
Вярнуўся з нарады маладых пісьменнікаў з Масквы. Сама нарада мяне мала цікавіла, мая кніга ў перакладзе на рускую мову выйдзе ўжо ў наступным годзе, але пабыць там было цікава, пазнаёміўся з многімі цікавымі хлопцамі і з Расіі, і з іншых рэспублік. Слава Богу, камсамольцы не ўстроілі маладым пісьменнікам казарменнага рэжыму, хто лічыў патрэбным, той хадзіў на семінары, каго на любоўныя прыгоды цягнула з выпадку вясны, той большую ўвагу ўдзяляў гэтаму. Жылі ў чыстай акуратнай гасцініцы побач з Новадзявочым манастыром, па два чалавекі ў нумары, так што можна было ў сяброўскіх гаворках за чаркаю прабавіць і ўсю ноч, што і галоўнае на ўсіх такіх нарадах.
А тым болей, што я быў не проста ўдзельнікам нарады, але і кіраўніком беларускай групы. Якраз на гэтыя дні па часе ў Літве праходзілі Дні беларускай літаратуры. І старэйшыя нашы пісьменнікі, і сакратары Саюза пісьменнікаў ірванулі туды, дзе гасцінная і скварка, і чарка. Скончылася ўсё тым, што сакратары ЦК ЛКСМБ кіраўніцтва беларускай групай даручылі мне.
Кіраваць я там нічога не кіраваў, але часу вольнага меў, каб выхадзіць усе Новадзявочыя могілкі, пабачыць магілы тых вялікіх, хто там пахаваны, і якія хацеў пабачыць, пабыць і ў рэдакцыях, і ў ЦДЛе (Цэнтральным Доме літаратараў. — Рэд.) пасядзець.
Для многіх маладых пісьменнікаў, якія з’ехаліся з усяго Савецкага Саюза, нарада была не проста нагода пабачыць Маскву, але і атрымаць падтрымку ў друкаванні сваіх твораў у маскоўскіх часопісах, у выданні ў Маскве кніг — нарада мела паўнамоцтвы найбольш здольных рэкамендаваць і да друку, і да выдання кніг. Таму са сваімі маладымі пісьменнікамі прыехалі і Кайсын Куліеў, і Давід Кугульцінаў, і іншыя вядомыя нацыяналы, вадзілі хлопцаў і па рэдакцыях, і па выдавецтвах, знаёмілі з рэдактарамі і выдаўцамі за рэстараннымі цэдээлаўскімі сталамі, што давала на многа большыя шансы, чым рэкамендацыі ад імя нарады.
На нарадзе здараліся і анекдатычныя выпадкі пры ўсёй яе разрэкламаванай сур’ёзнасці.
Па нашай з Далідовічам творчасці на семінарах павінен быў выступаць выкладчык Літаратурнага інстытута, крытык, зямляк, які заўсёды з’яўляўся на гарызонце, калі прыязджалі беларусы, Аляксандр Мікітавіч Уласенка. Ён, вядома ж, прымаў і актыўны ўдзел у семінары. Кнігі нашы ён прачытаў, відаць, але даклад мудра рабіў, абапіраючыся на адно апавяданне. Ці то ён запіскі паблытаў, ці на памяць паспадзяваўся, але на семінары ў Далідовіча ён разбіраў маё апавяданне, на семінары ў мяне — яго. Ніхто гэтага, акрамя нас з Далідовічам, не заўважыў, але, як было заведзена не намі, дакладчыка трэба было частаваць. Заказалі мы з Генрыхам столік у рэстаране «Сафія», на чатырох, бо настаўнік захацеў пазнаёміць нас са сваім вучнем Барысам Лявонавым, які ў яго быў аспірантам і рыхтаваўся абараняць кандыдацкую.
Усё было ў звыкла маскоўсім стылі і так бы і прайшло, калі б падпіўшыя вучань і настаўнік не пачалі каціць бочкі на Быкава, ды яшчэ і ў стылі абразчыкаў «генеральска-ветэранскай» аглаблёвай крытыкі. Я спрабаваў аспрэчваць апанентаў, што не мела поспеху, тады Генрых Вацлававіч нечакана нават і для мяне прапанаваў кардынальны варыянт: паказаў нашым гасцям на дарогу ад стала да дзвярэй. Вось тут была мёртвая хвіліна: Уласенка абмацваў рукою ля крэсла свой абшарпаны аб’ёмны чорны партфель, з якім не разлучаўся, Лявонаў наліваўся чырванню, але праз хвіліну яны шыбанулі да дзвярэй пад здзіўленыя позіркі афіцыянтак.
Апошні дзень месяца. Дажджліва, ветрана і цёпла, нават «коцікі» на вербах выгортваюцца пад гэтаю вільгаццю, хаця пасля ночы яшчэ заставаўся мокры, сінявата-вадзяністы снег. У дзіцячым садзіку на шпакоўні на дрэве як ні ў чым не бывала святкаваў шпак, песню якога ў горадзе можна пачуць толькі прыслухаўшыся. Выжыў усё-такі, адолеў некалькі дзён з мяцеліцаю і — самае горшае — з марозам.
Пайшоў на збыт дзень, яшчэ незаўважна. Пачынае зацвітаць ліпа і цыкорыя. Лісце шуміць тугавата пад ветрам, ночы бываюць прахалодныя, думаеш, што няўтульна было б, каб заначаваў дзе ў лесе.
У горадзе раптам з’явілася многа прыгожых жанчын, можа таму, што зыходна пачало свяціць сонца.
— Калі не працую і прамінае дзень, адчуваю сябе такім падляцом... Вы то, хлопцы, можа, гэтага і не адчуваеце?
Гэта гаварыў Іван Антонавіч Брыль. Адчуваць гэта, як ён, можа, і не адчваем, але нейкае прадчуванне ёсць.
За ўсёю яго гаворкаю і пра непатрэбныя групоўкі, і пра вайну за пісьменніцкія пасады, і пра графаманства — яго вышэйшасць, бачыць ён шырока і аб’ёмна. Ёсць прыкрасць, што людзі разменьваюць марна тое дарагое, што яшчэ маюць, — час, забываюць пра кароткасць жыцця.
Як гаварыла мая бабуля ў свае 76, што быццам яшчэ і не жыла, толькі ўсё збірала-ся жыць, а жыць і часу амаль не засталося.
Чытаю рукапіс новае кнігі Брыля з «Ніжнімі Байдунамі», «Гуртавым». Паспрабуй пераключыся на рэдактарства, чытаючы гэтыя «Байдуны». Проста маеш асалоду пасля цэлых рукапісаў суцэльнае апісальнасці. Добра, што ёсць такія святы, ёсць мастацкая літаратура, якая ў любы час будзе прынята чалавекам як суладная і добрая шчырая душа-спадарожніца.
Радасна і за самога пісьменніка, што яму пры жыцці дастаўся хоць акрайчык і славы, і прызнання. Да многіх слава прыходзіла ўжо тады, як холадна, няўтульна канчаўся дзень жыцця.
Жорсткае, пачарнелае, паедзенае вусенню лісце шуміць на таполі пад ветрам так, што здаецца — дождж па шыбах.
Канец верасня, а стаіць цеплыня да трыццаці градусаў, людзі купаюцца.
Адну белую месячную вераснёвую ноч над пустымі палямі пабачыў нядаўна ў вёсцы. Велічная высокая месяцавая журба, у якой не варухнецца нават і ліст на дрэве.
Такою вечнасцю і жаданнем жыцця дыхнула ад гэтае цішыні і велічы, ад палявога спакою, што і сёння яшчэ пры ўспаміне шчыміць сэрца.
Назаўтра са стрэльбаю хадзіў па пустых палях, па слабенькай, толькі прарослай руні, на лужках страляў па качках.
А пасля абеду пад жоўтым асеннім сонцам ішоў да аўтобуса, потым ехаў да горада ў цеснаце, п’янаватай, бесталковай гаварыльні.
Пахаванне за пахаваннем. Дзесьці ў мінулым годзе пісаў па нечыйм заказе слоўца пра Міхася Лынькова, а сёння адстаяў ля труны. Усё робіцца неяк паспешна, і над труною гаварылі чамусьці па-руску.
Пражыў амаль тры тыдні з цудоўным спакоем, з чытаннем і невялікім пісаннем, з любоўю да сына і яго бесклапотным і светлым прыняццем гэтай любові. Калі чалавек шчаслівы, ён тады не ведае, што ёсць шчасце, пра яго ён даведваецца, калі шчася не стане, пачынае шукаць яго і рэдка калі знаходзіць.
Яшчэ раз чытаў «Млечны шлях» Кузьмы Чорнага. І думаў, што ні кароткія сказы, ні гэтыя частыя «было» — нішто не перашкода той сапраўднай мастацкай праўдзе, калі напісана спагаднаю і збалелаю душою. Адна з абавязковых і галоўнейшых адзнак сапраўднага мастацтва.
Цэнзура здымае з кнігі ў Пімена Панчанкі верш пра родную мову, знікла калыханка па-беларуску не толькі на тэлебачанні, але і па радыё. Збоку здзіўлена слухаюць, калі гавару з сынам па-беларуску. Няўжо дастаткова людзям толькі таго, што хапае, каб паесці і шмотку модную на сябе нацягнуць? А якім жа і як будзе мой сын без гэтае вечнае «журбы ў палях», без святыні ў душы?
На секцыі прозы, пачынаючы ад Міколы Лобана, узводзілі мяне ў ранг «маладога таленавітага». Толькі ад усяго гэтага хвалення, думаецца, і шкоды не будзе, і карысці. Работу трэба рабіць доўга, і будзе ўсякага, лёгкага і цяжкага, удач і няўдач, дай Бог, толькі здароўя і яснае галавы.
Выступаў на пісьменніцкім сходзе Яцко, намеснік старшыні Дзяркамдруку, і зусім сур’ёзна патрабаваў, каб мы самі, пісьменнікі, скарачалі колькасць выданняў на беларускай мове і больш выдавалася рускай класікі і дзіцячае літаратуры.
Міхась Ціханавіч Лынькоў, дажыўшы век, прасіў, каб прозвішча Броўкі і Лужаніна не было пад некралогам. Броўку, здаецца, упісалі па загадзе зверху, потым зрабілі яму пампезны творчы вечар, дзе ён ад расчуленасці і шчасця так загаварыўся, што назваў роднаю моваю рускую.
Лужанін на пару тыдняў залёг у бальніцу.
Хораша не здаецца зіма. Сёння раніцай нават дзесяць марозу, удзень пры сонцы сышло да нуля. І над усім гэтым роўна цярусіць снег, і ноччу гэтакі месяц скрозь снегавое сейва, гэтакая зажуранасць, як з «Зімовага сну» Бялыніцкага. Ажно душа баліць. Мучыць мяне такая пара, гэтая касмічная прыцішанасць, здаецца, што адарвалася душа і вісіць на адным валаску, трымціць.
Зашумеў вецер, пыл закружыўся над дарогаю, зашумела лісце, і ніхто не заўважыў, што зламалася лета. Было ўжо Купала — у каровы малако прапала, цяпер вось Пятрок — упаў лісток... Неўзабаве і жыццё ўкароціцца яшчэ на адно лета.
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі расказваў пра «Віленскіх камунараў». Іх знайшоў у Базыліянскіх мурах Янка Шутовіч і перадрукоўваў на машынцы, стукаючы адным пальцам, ужо зусім хворы, нямоглы. Расказваў яшчэ, як сам Максім у час высылкі, працуючы на будоўлі, не меў грошай на паперу, каб пісаць.
Сёння сапраўднае свята вясны, не толькі таму, што Першамай. Сонечна, цёпла, хоць і ветрана. Здаецца, што за адну ноч выгарнуліся ў цэлую капеечку зялёныя лісцікі на бярозах. Нават па-летняму спякотна.
Сяджу ў кампаніі людзей, слухаю пра тое, што ў іх дарослыя дзеці, думаю пра гады маіх субяседнікаў, пра час, які яны пражылі, — і ўсё гэта здаецца нерэальным для мяне, бо гэта так далёка, куды ў мяне не хопіць ні сілы, ні здароў’я дайсці. Быццам я пражыў ужо ўсё сваё жыццё.
Глянуў на лісток у календары — там 17 верасня, успомнілася: «Ты з заходняй, я з усходняй нашай Беларусі». Сёння пра гэтую дату чамусьці не надта любяць ўспамінаць.
Ужо другі тыдзень холад, да пяці градусаў раніцай. На нізкіх месцах замаразкі. А ліст зялёны. Многа зялёнага лісту, а першы жоўты ліст упусцілі ясені ды іржавеюць лістам над чырвонымі гронкамі рабіны. Мокры год, і ліст моцны. Два дні назад усю ноч паласаваў дождж з лютым ветрам, і ў бярозавым гаі паверх жаўталісту ляжыць на верасе зялёны ліст, збіты дажджом.
Ідуць асеннія грыбы. Ранняя восень.
Пасяліцца б у гэтую пару дзе-небудзь у лесе, каб у печцы гарэла, і кажушок быў на плячах, каб ціха было, ноч густая за акном стаяла, слухаць ноч і лес, чытаць і пісаць. І ведаць, што назаўтра можна выйсці да рэчкі ці да возера, дзе ажно да касцей дойме пасмурнаю халадэчю.
Як гэта проста і недасяжна.
Тыдзень назад ціскануў мароз, ночы месячныя-месячныя стаялі. Грыбы збіраў замёрзлыя, звонкія, пад густое шалясценне — сыпаўся буйны, збіты марозам ліст.
А ў палях у гэтую пару адвячоркам «печаль полей». І якім зелянцом адсвечвае вада ў возеры! А з таго боку, дзе захад, вада падцякла крывёю.
Учора вярнуўся з вёскі. Там вясна. Азёрныя разлівы ў лагчынах, ляцяць дзікія гусі. Ідзе бярозавы сок, удзень цёпла на прыгрэвах. Хочацца пажыць там, пры лесе, пры вадзе. Вечарам у мяккім чорным небе шчодра відаць зоркі, можна распазнаваць сузор’і. Там, здаецца, і чыталася б, і пісалася б...
Пасля таго, як пасля пракураных кабінетаў, сходак, сяброўскіх пасядзелак выязджаеш да лесу, у вясковую цішыню, кожны раз ловіш сябе на адчуванні — быццам не сваім жыццём увесь час жывеш.
Вячаслаў Адамчык расказваў, як будучы ў санаторыі ў Нясвіжы, стаяў амаль гадзіну пад дождыкам. Чакаў, што ж будзе далей з двума дзікімі качурамі, якія люта біліся з-за качкі. Бойкі да канца так і не дагледзеў, а качка, пакуль два біліся, збегала да трэцяга, які хораша пакракваў збоч, і той патаптаў яе.
І сам жартаўліва сказаў, што хоць ты напішы пра качуроў, пра старога чалавека, які падглядаў за імі, прамок, каб прастудзіцца.
І яшчэ расказваў, як падкраўся і падглядваў салаўя, калі той спявае. Расказваў са шчырым дзіцячым здзіўленнем.
Сёння схадзіў на Сляпянскае возера, нават злазіў у ваду, калі можна сказаць, пакупаўся. Вада ажно працінае холадам, здаецца, прасвідроўвае дзірачкі і зацякае ўсярэдзіну касцей. А дзеці, пасінелыя ад холаду, усё роўна плюхаюцца ў вадзе, як гусяняты.
Сасніўся сон: самалёт падаў на зямлю, і дамы развальваліся на тым месцы, і паволі, як у кіно, уставаў над зямлёй выбух. Але не гэта галоўнае. Сам я быццам аднекуль зверху бачыў усё гэта, і, галоўнае, былі шэра-карычневыя распушаныя на ветры мяцёлкі трыснягу. І раптам гэтыя шаўкавістыя мяцёлкі, якія пакалыхваліся хвалямі, пачалі ажываць, ператварацца ў шэрых, люта-вясёлых, імклівых ваўкоў, якія ажно высцілаліся на белым снезе ад бегу. Распушаныя, прыгожыя і жахлівыя ў сваёй імклівасці і няўмольнасці...
Сны звычайна забываю амаль адразу пасля таго, як прачнуся. Памятаю толькі некаторыя, яны часам паўтараюцца.
Сёння зранку марасіла, а пад вечар стала і сонца. Паўстаў прыгожы бярозавы лес на даляглядзе, але да яго не дайшлі. Грыбоў нямнога. Рыжыкі шчодрыя, яркія, але не частыя, і чорных груздоў няшмат.
У клёна з зялёным яшчэ лісцем адна толькі галіна барвовым агнём абпалена, ці не першы трывожны знак у лесе над зарослаю ўтравянелаю дарогаю, з чыстымі лужынамі вады.
Прачнуўся сярод ночы. Цішыня. На вокнх паклаў след мароз. Зямля белаватая ў святле ліхтароў ад невялікага снегу. Пачатак зімы, ледзяны холад ад умерзлае голае зямлі.
Прычытаў у Дастаеўскага: «Мне грустно было, что звание писателя унижено в наше время каким-то темным подозрением и что на писателя уже заранее, прежде, чем он написал что-нибудь, цензура смотрит как будто на какого-то естественного врага правительству и принимается разбирать его рукопись уже с очевидным предубеждением».
«Людзі, якія не ведаюць ні законаў мовы, ні гісторыі Беларусі, ні самой мовы — ні беларускай, ні польскай, ні рускай (жаргон, якім яны гавораць і пішуць, нельга назваць мовай), здолелі, на вялікі жаль, устанавіць правіла пісаць не Менск і не Наваградак, як пішацца ў рускіх, беларускіх, славянскіх летапісах, а «Мінск», «Навагрудак», гэта значыць — у польскім вымаўленні. І гэтыя людзі шчыра верылі, што змагаюцца гэтым мерапрыемствам з уплывам польскай мовы на беларускую».
Чытаючы Кузьму Чорнага, думаючы пра тое, як жаліўся ён, што заняты рознаю непатрэбнаю мітуснёю, маючы адзінае яснае жаданне, — пісаць — ведаў, што самае важнае. Да гэтага дайшоў Мележ. Гэта галоўнае.
Мароз пад дваццаць градусаў. Зіма пачалася на пачатку снежня, каб толькі не раскідалася пад новы год. Учора быў з сынам у лесе: прыгожа, снег лёгкі, лыжня не ўсюды яшчэ прабіта, сам нарэзваеш яе вострымі наскамі лыж.
Упоперак сцежкі — вялікая, меднастволая сапраўдная сасна. Корань, як купіна, вывернуты, і гэтакі малы на такое магутнае дрэва, няма ў ім стрыжня, каб глыбока ўвайсці ў зямлю. Як падала, легла на суседку, цёмнастволую сасну, якая расла ў цяні ад гэтае каралевы, сагнула яе.
Усё амаль як у жыцці чалавечым.
Падаюць старыя сосны таму, што малы вакол іх падлесак, а паадзіночку не могуць трымаць вецер. Дрэвы не вінаваты, што не падняўся маладняк, а ў людзей калі такое, то самі людзі вінаваты.
Ноччу снілася вайна, якую я проста не магу ведаць. Сніцца даўно і часта.
Быў у вёсцы. Восень. Чырвоная машына на вуліцы. Дагледжаны сам, жонка, дзеці. Ад’язджаем. Праз акно бабуля глядзіць. Сіняя хустка, старэчы журботны твар і вочы... Божа, вочы чалавека, які даўно змірыўся з думкаю, што адыходзіць і які так жалкуе на гэтым беражку, краёчку жыцця, і гэтак хочацца глядзець на гэты свой свет, няхай бедны шэра-асенні. А вочы ўжо амаль не свецяць, і перад імі найбольш шэрая пляма. Але светлая. Махаю ёй рукою, развітваюся, а яна гэтага не бачыць. Тая, што мяне маленькага гадавала. Глядзіць пакуль што ў свой белы свет, і так глядзіць, што душа крывёй абліваецца.
Быў бы я мастаком, як бы я гэта намаляваў! Гэтае вясковае жыццё, гэты краёк-беражок, гэту восень, гэтае такое роднае аблічча.
Пра літаратурныя сплетні не хочацца не тое што пісаць, але і думаць. Ёсць апошняя радасць — «Знак бяды» Васіля Быкава. Рэдактарская мая радасць, што ў газеце («Літаратура і Мастацтва». — Рэд.) ёсць артыкул Ігара Дзядкова пра аповесць, водгук, відаць, самы першы. Прывёз яму дадому. Нічога не сказаў, што ў нас усе паважаныя крытыкі былі так заняты, што тэрмінова напісаць не маглі — а трэба было неадкладна, пакуль не загаўкалі з падваротняў, — дзякуй Богу, адгукнуўся з Кастрамы па старым знаёмстве Ігар Аляксандравіч. Ён ужо мае аўтарытэт усесаюзнага крытыка.
Схадзілі з Адамчыкам у бальніцу да хворага Крапівы, ляжыць на трэцім паверсе, у дзявятай палаце, дзе паміраў некалі Мележ. Гэтак званы «люкс», невялічкая баковачка. Сам устаў, сеў на ложку. Бачыць зусім дрэнна. Пакуль прывыкаў да галасоў, блытаў нас. Што патрэбна, знаходзіць вобмацкам. Гаворыць, што амаль не бачыць. Але зблізку, водзячы носам па паперы, чытае. Губляюцца радкі, даводзіцца трымаць іх пальцам. Добрае здзіўленне, што Адамчык ведае травы, праўда, часам паўтараецца ў словах і апісаннях, а ў Шамякіна ёсць і быт, і дэталі, а вось галоўнага, вобраза Леніна, няма... Галава ў чалавека ясная, памятае ўсё. Хоча яшчэ дапісаць і п’есу, якую пачаў. «Хоць вы яе і не паставіце», — вось такое рэзюме з усмешкаю. Гэта ён паўтарыў потым і начальству, калі яно прыйшло наведаць яго.
Глыбокая восень, а такая цяплынь стаіць, што аж трывожна за такое доўгае і шчодрае цяпло.
Сяджу ў Каралішчавічах. Лес тут яшчэ сапраўдны, з магутнымі соснамі, прыцемак пад кашлатымі ялінамі. Яліны ўжо пазначылі на высечку, адкляймавалі і многія сосны. Новая дарога і так падрэзала лес блізка да будынка. Так хутка дабяруцца і да памятнае яліны, пад якой любіў адпачываць Колас. Наогул, запусценне, Каралішчавічы дажываюць свой век як Дом творчасці.
Перад ад’ездам сюды быў на бюро ЦК КПБ, дзе разглядалася пытанне аб кіраўніцтве СП БССР літаратурнымі перыядычнымі выданнямі. Яўген Іванавіч Танк дакладваў наогул, што надрукавана, што будзе друкавацца, што пайшло на ўсесаюзную арэну. Самы галоўны недахоп у працы аказаўся ў тым, што супрацоўнікі не сядзяць у рэдакцыі па восем гадзін. Пра матэрыяльнае забеспячэнне ні слова, пра тое, што бібліятэкі практычна ігнаруюць падпіску — нічога. Нікому з рэдактараў слова не далі. Потым збіралі зноў, каб канчаткова дапрацаваць пастанову. За гэты час зрабілі запыт у Маскву — там супрацоўнікі не выседжваюць цэлы дзень у кабінетах, і гэтае пытанне адпала само сабой, самі сабой зніклі і закіды наконт «мелкотравчатого национализма», пастанова атрымалася быццам і грунтоўная, але бескарысная, добра, што і шкоды ад яе не будзе.
Тут каралішчавіцкая зіма развальвецца зусім, лыжы скончыліся, па вечарах слухаю ўспаміны Рыгора Няхая пра вайну, пра пасляваенны час, пра іх пасляваенныя пасядзелкі з сябрамі за чаркаю — з Астрэйкам, Вялюгіным, Нагнібядой...
Прачнуўся ноччу, сеў за стол. За акном зімовая ноч, снегавое мроіва, на падваконніку, на фоне шыбін, неяк фантастычна стаяць эльвасы, пад адным з іх трыма зялёнымі лісцікамі ўзышла невядомая мне раслінка.
Некалі хораша пісалася ў такія ночы, асабліва ў лесе. Тады яшчэ не ведаў, што такое бяссонне, што такое боль у сэрцы. І цяпер яшчэ па інерцыі думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Чамусьці ўспомнілася, як у апошні прыезд дадому бабулька расказвала мне, што сасніла сон, быццам я яшчэ маленькі, адзеты ва ўсё белае, сабраўся ісці гуляць да цёткі Ганькі, якая ўжо была памерлая: «А я ведаю, што гэта такое, кінулася не пускаць і ноччу з палка ўпала на падлогу». І я ведаю, што гэта зусім ад старэчай нямогласці, ужо ўстаць сама не можа. Ляжыць і памірае. Ад гэтага сну расхвалявалася маці, знайшла мне пасажыраў да Мінска, каб адзін не ехаў: «Можа, у каго большае шчасце, разам з людзьмі едзь».
Чытаю ўспаміны пра Тургенева. Той, што на пачатку шляху горка гаварыў пра ролю пісьменніка ў рускім грамадстве як нейкага адшчапенца, ненармальнага, дажываў свой век у Францыі пры Віардо і не саромеўся гаварыць Фету пра тое, што вывезеная ім у Францыю дачка не можа нават сказаць па-руску «хлеб», «вада».
Зранку холадна, ветрана і дажджліва. Свежая зеляніна лісця на яблынях неяк цямнее, сталее ад гэтага дажду і холаду. Часта так у прыродзе задумана — у час цвіцення дажджы і холад. Каб вучылася выжываць будучае жыццё, якое яшчэ хоча толькі пачацца? Зараз бы дзе ў лес, у напаленую хату, быць аднаму, пісаць ці чытаць, глядзець праз акно на дожд і ад гэтага быць шчаслівым.
Надыхацца жытам. Сярэдзіна 1980-х гадоў
Тыдзень адхварэў на грып, потым з’ехаў у Каралішчавічы. Міколу Гілю па патрабаванні Валеры Грышановіча давялося пісаць тлумачальную ў ЦК наконт публікацыі Мальдзіса і рэцэнзіі Дубаўца на кнігу Семашкевіча, хаця, як прызнаўся мне па тэлефоне, так толкам і не разумее, што хочуць, каб патлумачыў. Тут відавочная прычына, яна не ў тым, што надрукавана, а ва ўсіх трох асобах.
У Каралішчавічах старыя Улашчык, Грахоўскі і Мікола Лобан. Ён цяжка хворы. Сівенькі чубок-стрэшка, акуляры, усмешлівасць. Балоневая лёгенькая куртачка. Трэба дапамагаць яму і апрануцца і распрануцца. Прымае гэта як належнае, але дапамогі не просіць. І ўсё ж моцная чалавечая натура — трымацца, не здавацца: перад люстрам дрыжачаю рукою папраўляе свой сівы чубок перад тым, як зайсці да людзей у сталоўку. Здаецца, зусім нядаўна гойсаў з намі на многа маладзейшымі па каралішчавіцкай лыжні.
Юбілейны вечар Гогаля. Пра тое, як праходзіў, варта пяра самога Мікалая Васільевіча. Вечар рыхтаваў Дом літаратара як шараговае мерапрыемства.
Але ў ЦК даведаліся, што вечар у Кіеве праводзяць як вялікае мерапрыемства, з прысутнасцю палітбюро Украіны. Таму ў нас на вечары будзе А. Т. Кузьмін (сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі. — Рэд.) і Н. Л. Сняжкова (намесніца Старшыні Савета міністраў БССР. — Рэд.). Дадзена аўральная каманда студэнтамі запоўніць залу. Пісьменнікаў амаль нікога, не прыйшлі рэдактары выданняў — не ведалі пра прысутнасць высокага начальства. Адным словам, вадэвіль з чынамі і падчынкамі.
Пазваніў Кузьмін — к пяці гадзінам быць у яго. Кабінет поўны людзей, нарада па дому 28 на Інтэрнацыянальнай. Гэта былы дом купца Саламонава, дзе ўпершыню была пастаўлена «Сялянка» Дуніна-Марцінкевіча. Гэтую пастаноўку тэатразнаўцы лічаць пачаткам нацыянальнага беларускага тэатра. Быў пачаты рамонт дома, у час якога абвалілася сцяна. Збіраюцца разбурыць яго зусім, бо падмурак слабы, бутавы, аднаўленне будзе дорага каштаваць і г. д. Аргументаваў усё гэта галоўны архітэктар Грыгор’еў, нават нейкія выпіскі з архіваў прыводзіў. Яго падтрымлівае партыйны сакратар горада Валерый Пячэннікаў, яшчэ адзін «гарадскі галава». Нават патрабуюць спагнання на аўтараў артыкула «Выбух» Дзянісава і Пазьняка, які быў надрукаваны ў «ЛіМе» (А. Жук у той час быў яго галоўным рэдактарам. — Рэд.). І Дзянісаў, і Пазьняк, і Мальдзіс, і нават заўсёды паслухмяны міністр культуры Міхневіч за тое, што дом трэба захаваць. Антановіч (загадчык аддзела культуры ЦК КПБ. — Рэд.) са сваімі філасофскімі вывертамі спрабуе збіць з тропу Мальдзіса, маўляў, калі тэатр месціўся ўвесь час у ратушы і толькі нейкага паўгода ў доме купца Саламонава, то дом нельга лічыць помнікавым. Сняжкова гнула сваю лінію: шмат робіцца па захаванні культурнай спадчыны, гэтага ніхто не хоча бачыць, а з-за асобных выпадкаў падымаецца непатрэбны гвалт. Маецца на ўвазе «Выбух», публікацыя пра стан помнікаў у Віцебску. Праўда, прызнала, што там прарэагуюць на яе.
Як і прынята ў нас, будзе створана камісія, якая праверыць і сапраўднасць здымкаў Дзянісава, усе астатнія акалічнасці.
Улады на баку Грыгор’ева, на сумленні якога разбурэнне Нямігі. Што яму яшчэ нейкі дом Саламонава, калі і гарадское начальства не супраць мець на гэтым месцы шклобетонны «слупок» з сучаснымі кабінетамі для чыноўнікаў? Пакуль тыя камісіі будуць засядаць, узгадняць, дом паціху разваліцца сам па сабе ці ўціхара і дапамогуць. Паднятая хваля абурэння інтэлігенцыі таксама заціхне.
Пасля нарады Антановіч выгаворваў мне, што без іх ведама надрукаваў артыкул, чым падняў цэлую хвалю, цяпер шукаюць арганізатараў калектыўнага пісьма студэнтаў, і ўвогуле аўтары артыкула мелі на ўвазе не абарону нейкага яўрэйскага дома, а ідэалагічна-правакацыйныя мэты. Гэты «Выбух» мне прыпомняць яшчэ не адзін раз.
Новая прыгода. Супрацоўнік аддзела прапаганды ЦК З. выклікаў да сябе Валодзю Марука, які працуе ў газеце «Звязда», і катэгарычна патрабаваў заўтра ж прынесці рэпліку на публікацыю вершаў у «ЛіМе» Валянціны Коўтун паўгадовай даўнасці за тое, што там часта сустракаюцца словы «крыж», «свечка» і г. д. Аднам словам — царкоўшчына, папоўшчына і суцэльнае цемрашальства. Марук пісаць пра гэта адмовіўся, прыйшоў і расказаў мне. У той жа дзень З. выклікаў і мяне да сябе. Паказаў выразку з газеты, пакрэсленую чорнай ручкай. Запатрабаваў тлумачальную, якую я прынёс яму назаўтра. Напісаў, што словы ўжываюцца не ў культавым сэнсе, што вершы лірычныя самі па сабе, інтымныя і ніякага там цемрашальства няма. Шкода, што панёс сам, трэба было паслаць па пошце. У гаворцы З. глыбокасэнсоўна намякнуў, што не можа сказаць, адкуль усё ідзе. Я і так ведаю, што ў першую чаргу ад ягонага шэфа Савелія Паўлава (загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. — Рэд.), калі і не ад самога З. Тым не меней, той жа З. зноў выклікаў Марука да сябе і пагражаў выключэннем з партыі, што выжануць з работы і выкінуць назад у «раёнку», бо ён не меў права расказваць пра гэты «наезд» Сяргею Законнікаву. Марук агрызнуўся: а чаму З. не заўважыў аналагічныя вершы Коўтун у часопісе «Беларусь», якія былі надрукаваны адразу ж за артыкулам самога З.?
Урэшце ўся гэтая тузаніна з публікацыяй у «Звяздзе» была спынена А. Т. Кузьміным, які палічыў непатрэбным мець лішнія згрызоты з творчай інтэлігенцыяй.
Пасля гэтага Савелій Паўлаў пазваніў Сяргею Законнікаву: калі яшчэ раз станет на маёй дарозе, я табе хрыбет зламлю, не такім ламалі, крывёю будзеш харкаць.
Пазаўчора выклік у ЦК да Івана Іванавіча Антановіча. Па даручэнні Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна вёў гаворку пра тое, каб лішне не лез, не нарываўся на пытанні помнікаў, мовы, некаторых пытанняў гісторыі і г. д.
Гаворка спакойная, без наездаў, у пажадальным плане, без канкрэтных спасылак і зачэпак. Хаця зачэпка вядомая: артыкул Дзянісава і Пазьняка «Выбух» пра лёс будынка, дзе ўпершыню была пастаўленая «Сялянка». Артыкул атрымаў рэзананс.
А перад гэтым званіў намеснік Паўлава Гаўрыіл Міхайлавіч Конанаў. Сказаць і намесніку, і супрацоўнікам, каб пазбягалі друкавання Дубаўца, Вячоркі... Сказаў, што «ёсць думка зачыніць друк для маладых нацыяналістаў».
З панядзелка захаладала, хаця яшчэ сама жнівень. Паўночна-заходні вецер, неба ў хмарах. Непрыемныя халодныя дажджы, якія сіноптыкі называюць кароткачасовымі. Жаўцізна на бярозах, на ліпах. Гэта не ад восені, ад сухаты.
Бяруць лён. Авёс гатовы. Канюшына даспявае на насенне. Ажно не верыцца, што нейкі тыдзень назад было Палессе. Добрых дзесяць дзён гарачыні нават у цяні. Белы пясочак на беразе Случы перад упадзеннем яе ў Прыпяць, падмыты павадкам дуб у вадзе, раскошная дубрава. Быў з малым Алёшкам. Летняя раскоша, рыбалка. Хаця тут, у Віці Казьковай Вільчы, Случ не на многа шырэйшая, чым памятаю яе дзіцем у Слуцку. Там, у Вільчы, не адчуваў бяссоння, а вярнуўся дадому і зноў пачынаю трызніць, а не спаць.
У другой палавіне ночы пайшоў дождж, густы, спорны. Ляжаў і слухаў дождж. Жнівень. Восень. Туман. Іржышча. Мая пара. Не стае душэўнай раўнавагі.
Звечара чытаў дзявяты том Мележа. Ужо вядомае мне ў асноўным. У дзённіках ніякай дробязнасці. Балючыя думкі за літаратуру, культуру. Бачыў і адчуваў, як хвароба мяшчанства раз’ядае людскія душы.
Горка ўяўляю, што і ў асабістым жыцці ён быў адзінокі. Недзе ў глыбіні душы адчуваў і разумеў патрэбнасць робленай ім работы, што ніхто не збярэ і не выдасць яго «Жыццёвыя клопаты» без яго. А «разумныя» асуджалі, што падчышчае астаткі пісанага, выдаўцы чынілі перашкоды і «ўразалі», а развязка была ўжо зусім блізка... Ад Мележа думкі перакідваюцца на Караткевіча...
Пераглядаў «Былое і думы» Герцана, якога высока цаню як пісьменніка. Усё ж ён быў рэвалюцыянер ад забяспечанага жыцця. «Деньги — независимость, сила, оружие. А оружие никто не бросает во время войны, хотя бы оно было и неприятельское, даже ржавое. Рабство нищеты страшно, я изучил его во всех видах, живя годы с людьми, которые спаслись в чем были от политических караблекрушений. Поэтому я считал справедливым и необходимым принять все меры, чтобы вырвать что можно из медвежьих лап русского правительства».
Пазаўчора мароз ад трыццаці за ноч скінуўся да плюсавой тэмпературы, пайшоў такі густы снег, як фіранку з марлі павесілі.
Учора нарада ў Кузьміна. Ініцыятар Паўлаў. Сутнасць яго выступлення ў тым, што рэдактарам трэба быць уважлівымі, каб крытыка не пераходзіла межы і не давала падстаў каментатарам радыёстанцыі «Свабода». А калі каменціруюць, то гэта ўжо мінус у рабоце рэдакцый, не хапае пільнасці і чуцця. І яшчэ — барані Божа мусіраваць тэму, што беларускае лепшае за рускае, ці тым больш падымаць на шчыт старажытнасць Беларусі і яе перавагі над масковіяй.
У Паўлава хвора, неяк аж расшырана блішчаць вочы.
Перад выхаднымі званок з ЦК таго ж З.: вось вы далі інфармацыю пра вечар эсперантыстаў, яны там свой гімн спявалі, а гімн у нас адзін, а кіраўнік іхні сіяніст замаскаваны. Аказваецца, у Доме культуры будтрэста беларускае таварыства эсперантыстаў, якое афіцыйна існуе пры палацы Белсаўпрофа, правяло ўрачысты вечар да юбілею стварэння эсперанта. Яны маюць свой ВІА, на мове эсперанта і свой гімн саспявалі. Аўрал, крамола. Ну няхай жывуць гэтыя эсперантысты, ды не думаю, што іх і разганяць будуць. А вось жа начальнікі ад друку «бдзяць», вышукваюць. І рэдактару «Вячоркі» перапала...
Сяджу ў Каралішчавічах, зімна, снежна, бязлюдна. Тут Авяр’ян Сафронавіч Дзеружынскі, які называе сябе «князем Каралішчавіцкім», бо сядзіць ужо тут амаль паўгода. Стары Мікола Улашчык прыехаў з Масквы, піша кнігу пра сваю родную вёску, яшчэ ёсць Люба Турбіна з сястрой. Вось і ўвесь кантынгент. Ці не апошні гэта каралішчавіцкі сезон? Няма лыжні, няма і лыжаў. Ходзім на прагулкі з Улашчыкам, Мікалай Мікалаевіч расказвае ўспаміны, а я слухаю.
Яшчэ ўспамін пра невядомага мне акадэміка Сямёна Вальфсона. Ён, будучы прафесарам, працаваў у БДУ, потым у наркамаце асветы. З-за невялікага росту яго завочна звалі Сёмачкам. Прынцыпова не гаварыў ні слова па-беларуску.
Да яго на прыём прабіўся настаўнік са Строчыцаў. Граміла, твар губаты, бандыцкі. Маленькі Сёмачка за сталом. Настаўнік тлумачыць: сшыткаў няма, падручнікаў няма, алоўкаў няма. Сёмачка — няма і не будзе. Настаўнік падняўся, за ножку крэсла — і аб сцяну. Сёмачка пад стол. Крэсла рассыпалася на кавалкі. Сёмачка вылез з-пад стала:
— Ну что вы такой нервный? Мы с вами можем договориться.
Настаўнік атрымаў запіску і потым усё патрэбнае на складзе. У трыццатыя гады Сёмачка пачаў пісаць «куды трэба», пайшоў у акадэміі навук угору па службовай лесвіцы, стаў і акадэмікам.
Калі пачалася вайна, з усім назбіраным дабром вырашыў падацца ў эвакуацыю самастойна. Наняў фурманку, напакаваў яе куфэркамі і разам з жонкаю рушыў у дарогу. Дзесьці за Смалявічамі з’ехаў у лясок пераначаваць. І адтуль больш не выехаў, і ніхто яго больш не бачыў. Відаць, кінулася некаму ў вочы дабротна напакаваная фурманка.
Над лесавою дарогаю ад вялікага снегу амаль да долу нахілены вяршынямі мала-дыя бярозкі, ідзеш як скрозь тунэль. Гэтыя дрэвы не разагнуцца болей. Верхнія галіны пачнуць цягнуцца ўгору, кожная маючы сябе за дрэва, і сваім цяжарам абарвуць карэнне і пакладуць ствалы на зямлю, і прападзе гэты гаёк без свайго карэння.
Падумалася і пра нас саміх, якія пішам і мкнем у неба вечнасці і ў класікі, амаль не маючы карэння.
Зноў чарговы тарарам. На першай паласе далі здымак скульптуры Шатэрніка «Векапомнае»: жанчына-славянка з мячом, які апушчаны ўніз вастрыём, глядзіць у далячынь. На ручцы мяча белая галубка.
Намесніца загадчыка культуры Паўла Пятроўна Украінец на Міколу Гіля (у той час намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і Мастацтва». — Рэд.) ажно нагамі тупала: «Навошта на першую паласу далі гэтую Рагнеду?!». Аказваецца, скульптура спачатку называлася «Рагнеда», яе мастакі нават хацелі паставіць у Заслаўі. Вядома ж, ім гэтага не дазволілі. Цяпер са змененай назвай скульптура трапіла на выстаўку «Мы будуем камунізм».
Званілі яшчэ і чыноўнікі з міністэрства, і з таго ж аддзела культуры ЦК.
У іх цяпер ужо ад перпалоху за свае пасды імя Рагнеды гучыць як лаянка.
Марозік ноччу пад пятнаццаць. Удзень сонечна, марозік лёгкі. Сонца нават прыгравае ў зацішку. Вечарам неба чыстае, зялёнае, а ноччу густое і зорнае. Лёгка можна чытаць сузор’і, якія я ўжо пачынаю забываць. Каб памятаць сузор’і, на неба трэба глядзець пастаянна.
Учора ў ашчаднай касе сустрэў жонку Кулакоўскага. Пераафармляла на сябе ўклад. Даверанасць падпісана галоўурачом, напісана рукой лечачага доктара. На выхадзе спытаўся ў яе, як Аляксей Мікалаевіч. Адказала горка і коратка — інсульт.
А за тыдні два бачыў яго. Стаяў у скверыку перад домам. Вечарэла, сонца і марозік, вада на ноч пачала падмярзаць на тратуары. Пагаварылі пра рэцэнзію на яго, якую Шамякін усё не можа напісаць. Дапамог перайсці яму цераз лядок да сухога тратуара. Саромеўся дапамогі, але не адмовіўся. Падтрымка яму была патрэбна. Пакуль гаварылі ўжо на тратуары, спрабаваў адзець пальчатку на руку — і не мог. Правая рука ўжо тады валодала дрэнна. Зноў жа з сарамлівай пакорлівасцю згадзіўся, каб адзеў пальчатку на руку. Каб правёў дадому, адмовіўся, сам дойдзе, пастаяць яшчэ на паветры хочацца. А адвячорак быў малады, вясновы, нават святочны.
Чамусьці тады згадаў, як Іван Пятровіч Шамякін расказваў, што чытачы востра ўспрымалі вобраз Бародкі з яго рамана «Крыніцы». Вобраз гэты адышоў у нябыт хуткім часам, як і сам той раман. На «Дабрасельцаў» Кулакоўскага рэагавалі па-іншаму: з рэдактарскай пасады знялі, кнігай выдаваць аповесць забаранілі, пісьменніцкі хрыбетнік чалавеку зламалі.
Прайшоў пісьменніцкі з’езд з неспадзяваным вынікам для мяне. На другі дзень, калі я збіраўся пасля галасавання пад’ехаць у рэдакцыю падпісаць да друку палосы, у пакойчыку для прэзідыума затрымаў Кузьмін. Прыселі да невялікага століка, закурылі.
— Жук, пойдёшь секретарём Союза.
—Аляксандр Трыфанавіч, у мяне і свае каламуты хапае, — толькі і знайшоўся адказаць.
— Ну, тут пожиже будет, да и не совсем твоя.
У пакойчыку недарэчы з’явілася Паўла Пятроўна Украінец. Кузьмін устаў, патушыў цыгарэту.
— Ну, так как?
— Калі на пленуме будзе названа мая кандыдатура, у хамут біць не стану.
А я то ведаў, што перад гэтым гаворка папярэдняя ў ЦК была з некалькімі чалавекамі, болей таго, пагаворвалі, што некаторым з іх пасада нават была і паабяцана і яны чакаюць яе. Добра, што хоць мяне ні на якія гутаркі не цягалі, і я свабодна нават і ў гэты дзень з сябрамі пацягваў шампанскае, мог і мацнейшае, але непадпісаная газета не дазваляла.
Арганізацыйны пленум Саюза вёў А. Т. Кузьмін. І кандыдатура мая была названа і пленумам зацверджана.
Ужо ў новым статусе трэба было вячэраць з пасланцамі на з’езд ад кіраўніцтва СП СССР. Потым праводзіць іх да цягніка.
З нейкай палёгкай думаецца, што не трэба будзе хадзіць у тыя знаёмыя калідоры, у той кабінет, пісаць тлумачальныя наконт «нацыяналізму»...
Скончыўся нейкі адрэзак у маім жыцці.
Сонечнае маладое лета. І непрыемнае адчуванне, што ўсё навокал атручана. На старонках усесаюзнай прэсы найперш ці ў Маскве не трапляе ў страву радыяцыя. Тэма раскручваецца на поўным сур’ёзе. Пра засыпаную радыяцыяй Беларусь ні слова. Напісалі з радасцю, што, слава Богу, вецер тады дзьмуў не на Маскву, а на Беларусь. І чаго хвалююцца? На крамлёўскія сталы радыяцыя не трапіць. Там посуд мыюць нават не хіміяй, а гарчычным парашком.
У Маскве памерла Канстанцыя Буйло. Легенда беларускай літаратуры, чалавек яшчэ з дзевятнаццатага стагоддзя. І няма каму з нашых тытулаваных у паэзіі паехаць і сказаць слова над магілай. Знайшлася добрая і адкрытая душа — Мікола Федзюковіч. Ён не забыўся, што, жывучы ў Маскве, заходзіў да яе і яна яго прывячала.
У шостым нумары «Маладосці» толькі зараз прачытаў мудры верш Ніны Мацяш «Засцярога». З горыччу падумаў — як наша крытыка не ўмее падхапіць такое золата і вынесці, данесці да чытача, бо народ не можа зрабіць гэта сам ад непавагі да сваёй мовы.
Другі дзень ідзе даўно патрэбны дождж пад бульбу, якая пачынае зацвітаць. Ячмень засвятлеў вусам, а знізу яшчэ і зялёнае праглядае. На пагорках ён бедны, амаль зусім спелы. Жытнёвае поле адно амаль усё жоўтае, а другое зялёнае яшчэ. І адно і другое патапталі дажджы і вятры, быццам хмары пакачаліся з боку на бок па палетках. Пшаніца на пагорках абазначылася амаль спелым зернем, у лагах зялёная яшчэ. Наогул палі, калі зірнуць на іх зверху, падобныя на акварэлі з няўлоўнымі пераходамі колераў і адценняў, якія мяняюцца пры самым лёгкім павеве ветру. Хутка яны будуць гатовы легчы пад жаткі камбайнаў, ад іх застанецца толькі іржышча, а потым і асенняе ворыва. Даспявае лета.
Пяцідзесяцігадовы юбілейны вечар Бураўкіна ў Віцебску, поўная зала людзей, удзячная, уважлівая. Добрае неказённае слова сакратара Расонскага райкама. Святочна і нават крыху пышна. Потым вячэра ў рэстаране, музыка, песні. Барадулін развесяліўся, станцаваў польку з артысткамі, а потым і «Лявоніху»...
Назаўтра зранку дарога на Мінск. Туман за самыя Бешанковічы, спыніліся ў лесе, на беразе азерца. Быкаў маўклівы і задумёны, амаль не прымаў удзелу ў снеданні, абмежаваўся толькі франтавой чарачкай, карміў з рук паляўнічага сабаку, які прыблукаў к нам. На памяць засталіся здымкі Уладзіміра Крука. А за Бярэзінскім запаведнікам выглянула сонца, і на лагойскіх пагорках такая залатая восень адкрылася! Уздых Васіля Уладзіміравіча і ўслых ціха сказаныя самому сабе словы: «Осень, ты которая в жизни моей?». Само сабой вырвалася аднекуль з душы. Я сядзеў ціхенька, баючыся патрывожыць яго сумоту.
Перад Мінскам заехалі ў «Партызанскі Бор» паснедаць. Там афіцыянткі пазналі Васіля Уладзіміравіча, частавалі нейкім сваім фірменным напіткам, зробленым на мёдзе і на травах. І Васіль Уладзіміравіч пакрысе павесялеў, пачаў расказваць пра гродненскія прыгоды Піліпа Пестрака, Аляксея Карпюка. Расказваў весела, добразычліва, ужо і на вуліцы, на прыдарожнай абочыне, пад цёплым восеньскім сонцам. Потым змоўк і нечакана сказаў, што ёсць адчуванне: быццам некага не хапае тут з намі. Прымоўклі, кожны падумаў пра сваё, я пра суседзяў па адным доме — Караткевіча і Семашкевіча... Потым нібы каб згладзіць гэтую хвілінку, Васіль Уладзіміравіч пачаў расказваць, як ляцеў па гэтай дарозе праз Бараўляны на сваё «Волзе», у якой сапсаваўся карбюратар, перагрэты матор не глохнуў і пры выключаным запальванні, тармазамі спыніць машыну не ўдавалася... Пры гэтым прызнаваўся, хто вадзіцель з яго наогул быў «ахавы», таму ўрэшце ён і адмовіўся ездзіць на машыне.
Сёння са мной сыгралі харошы спектакль. Пазваніў Валера Скварцоў і сказаў, што ёсць даручэнне схадзіць на ўрачыстасць да 50-годдзя філармоніі. У сем гадзін іду ў філармонію з адрасам і з кветкамі, сяджу ў прэзідыуме. Але мне ніхто і не збіраўся слова даваць і мае віншаванні слухаць. Выйшаў з прэзідыума пасля ўрачыстай часткі і не ведаў, куды тыя кветкі дзець і адрас. Пакінуў у файе на століку разам з іншымі адрасамі — не адзін я такі аказаўся.
І смех, і грэх, і нават ніякай злосці за змарнаваны вечар.
Бондар збірае подпісы пад пісьмом у ЦК, дзе громіць кіраўніцтва Саюза за бяздзейнасць. Больш актуальнай тэмы няма, чым унутраныя разборкі. Ні з мовай няма, ні з выданнем кніг, ні з тыражамі часопісаў — ад чаго непасрэдна залежыць развіццё літаратуры.
У сувязі з гэтым згадваецца шляхта, якая сеймікавала і тады, калі ўжо нават не было чым голы зад прыкрыць. Але ў шляхты хоць шабелькі яшчэ заставаліся, а на нашых літаратурных сейміках давядзецца толькі бабскімі спадніцамі махаць. Хаця, калі ёсць «спадніцы», то да іх і прыспаднічнікі знойдуцца.
Пісаць для народа. А дзе той народ і што напісаць для яго такое, каб змог схамянуцца, на сябе аглянуцца? Яго нават Чарнобыль не схамянуў. Насельніцтва — гусі дамашнія, якім хоць нешта, але ў карытца будзе насыпана. А з’явіся ў гэтай чарадзе дзікі, лятучы, самі заклююць і абскубуць, каб лётаць не мог.
На стале абвестка на партыйны сход. Першы пункт «Аб пераадоленні інертных з’яў у сучасным літаратурным працэсе». (Дакладчык доктар філалагічных навук П. Дзюбайла).
Гучыць як пародыя не толькі на сам партыйны сход, але і на ўсю аб’яўленую ў краіне перабудову.
Вецер. Мароз. Бясснежжа. Але, відаць, надвор’е будзе мяняцца, таму адчуваю сябе разбітым, стомленым. Учора зранку ездзіў запісвацца на тэлебачанні, потым да вечара сядзеў на рабоце. Пачаў крыху адыходзіць толькі цяпер, к гадзінам адзінаццаць вечара.
Учора пазваніла жонка Мележа наконт выдання збору твораў Івана Паўлавіча ў Маскве. Аказалася, што там ніхто нічога не плануе, нават і пра пісьмо з нашага Саюза аб выданні збору твораў у Маскве быццам чуюць упершыню.
Усё ж удалося высветліць, што рыхтуецца да выдання шасцітомнік Шамякіна. Наконт яго ніякіх пісем не пісалася. Нябожчык можа пачакаць і да наступнай пяцігодкі. Пазвоніць яшчэ раз Лідзія Якаўлеўна — што і як гаварыць ёй?
Гілевіча выклікалі «наверх». Вярнуўся і даў каманду назаўтра сабраць прэзідыум. На прэзідыум прыбыў загадчык аддзела культуры ЦК Яўген Вайтовіч і Анатоль Бутэвіч. Кастусь Кірэенка патрабуе растлумачыць — з-за чаго гэты аўральны збор? Калі наконт заявы Віктара Казька аб яго вызваленні ад пасады сакратара — то гэта рабочае пытанне.
І кола закруцілася. Ці ёсць у ЦК пісьмо, якое арганізоўвала Таіса Бондар? Пісьмо ёсць. Патрабуюць зачытаць яго. Зачытваюць. Там паўстароначкі машынапіснага тэкста з агульнымі абвінавачваннямі і чалавек пятнаццаць падпісантаў. Я звярнуў увагу, што на пісьме няма штэмпеля агульнага аддзела ЦК, значыць, яно не зарэгістравана, а таму фількіна грамата.
Шамякін не адстае ад Ніла Сымонавіча: «Ніл, дык ты ж падаваў дзве заявы, каб цябе вызвалілі ад пасады. Дзе яны?».
— Ну няма іх больш, Іван Пятровіч. Паклікалі наверх і сказалі, што мне яшчэ трэба папрацаваць. І я працую.
— Дык як жа так, га? — шчыра вырвалася ў Івана Пятровіча.
І так валтузіліся некалькі гадзін, урэшце вырашылі, што нечарговы пленум збіраць не патрэбна, а на чарговым абмеркаваць работу сакратарыята па выкананні рашэнняў пісьменніцкага з’езда. А тое пісьмо ў ЦК неяк само сабой выпала ў асадак. Адным словам — перабудова ў дзеянні.
Пахаванне Кастуся Кірэенкі ў Саюзе пісьменнікаў, у каміннай залі. Ён з твару чысты, не змучаны доўгай хваробай і цяжкай канчынай. Генадзь Бураўкін расказаў, што ён пазваніў на радыё, папрасіў запісацца без чаргі, тлумачыў, што ідзе ў бальніцу класціся, што можа не ўспець. Прыехаў, запісаўся — і па дарозе са студыі ў машыне яго і не стала. Гавораць, што доктар не адпускала з кабінета, прымушала легчы. Не лёг. На пахаванні сына яго старэнькая маці...
На агульным сходзе вылучэнне кандыдатуры ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР ад нашага Саюза пісьменнікаў.
Брыль сваю кандыдатуру зняў адным сказам:
— Таварышы, хоць я і стары ўжо, але ж яшчэ не страціў адчування гумару.
Ехаў дадому і не мог надыхацца пахам жыта праз адчыненае акно машыны. Думаў, што пайду ў поле, надыхаюся, і перастане балець у грудзях.
А ноччу навальніца, потым лівень, і назаўтра ўвесь дзень дождж. І ніякіх пахаў, толькі мокры пах дажджу, ды яшчэ і не па-летняму халоднага.
Высакосны год. 1990-я - 2000 г.
Сама залатая восень. Дарогаю з вёскі ў горад машыну разоў з пяць палівала дажджом. А за паласой дажджу пачыналася сонечная паласа, і дзікія грушкі ў лесе збоч дарогі, здавалася, аж сцякалі з долу барваю.
Скарынаўскі вечар у Оперным тэатры. Многа месцаў пустуе, а на Саюз пісьменнікаў выдзелілі толькі 25 запрашэнняў. Мне білет «дастаў» Толя Жалязоўскі (празаік, старшыня Літфонда. — Рэд.), і на прыём таксама. У новай гасцініцы «Беларусь» накрыты фуршэтныя сталы, шампіньёны ў соусе на далікатэс. На пачатак гарэлкі пакрысе наліта ў кілішкі, а потым дзяўчына ходзіць з паўбутэлькаю пад фартушком і пакрысе падлівае жадаючым. Праўда, на «прэзідыўмным» фуршэтным стале спіртное стаіць у бутэльках. Вечар жа праводіцца на ўрадавым узроўні, прыём таксама.
Учора пахаванне Міхала Дубянецкага (кнігавыдавец, пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч; памёр 3 верасня 1990 года. — Рэд.). Пахмура, дожджык, жур-ботна. Бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі, жалобная музыка. Быкаў з сумам сказаў:
— Як нязменна: калі добры чалавек памірае — дождж і на зямлі панура.
І яшчэ словы Васіля Уладзіміравіча пра «што новага чуваць?».
— Нічога новага чуць не хочацца, бо калі новае, то зноў нейкая брыдота.
Што датычыць нашага суверэнітэту і самапавагі. Мы пішам пісьмо старшыні Саўміна, тлумачым, што падтрымка нашых літаратурных перыядычных выданняў была б канкрэтным дзеяннем па ажыццяўленні культурнай, моўнай праграмы ў рэспубліцы.
У нашай цэнтральнай газеце, лічы, атрымалі адказ. Кіраўніцтва Вярхоўнага Савета краіны жаліцца, што ў дзяржавы грошай на культурную праграму, на праграму па беларускай мове няма, а таму на месцах трэба шукаць унутраныя рэсурсы і грошы пералічваць на рахунак Таварыства мовы. Сёння гэта гучыць як заява, што культурную, моўную праграму можна не выконваць, што гэта справа не дзяржаўная і не абавязковая, а аматарская, добраахвотная.
Учора вечарам у банкетнай залі гасцініцы «Беларусь» прэзентацыя кнігі «Тэхна-логія бізнесу» і адначасова прадстаўленне творча-вытворчага цэнтра «Паліфакт», пры якім дзейнічае і выдавецкая група «Прадпрымальнік». Нарадзілася ўсё гэта ў Маскве, дзейнасць разгортваецца і ў нас. Прыехалі прадстаўнікі расійскага Вярхоўнага Савета, вядомы публіцыст Генадзь Лісічкін і іншыя знакамітасці. З нашых прысутнічае С. С. Шушкевіч, невядомыя мне чыны з Вярхоўнага Савета і Саўміна.
Працуе тэлебачанне, кніжны кіёск з дэфіцытнымі дэтэктывамі. Потым прэс-канферэнцыя пад шампанскае. Жонкі чыноўнікаў у гэты час глядзяць паказ мод.
Потым шчодра накрытыя сталы, каньяк, гарэлка, шампанскае. Сыгралі напачатку паланэз Агінскага, потым загучалі амерыканскія блюзы. Пад іх працягваецца паказ жаночых строяў, чамусьці летніх, хоць цяпер позняя восень. Падпітыя мужыкі круцяць шыі ўслед лёгка апранутым маладзенькім дзяўчатам. Потым пачынаюцца і танцы...
Арганізуе ўсё гэта і камандуе Яўген Будзінас. Ён у гэтым толк ведае, і калі ўжо запрасіў, — напоіць пад завязку. Час неабмежаваны, магчымасці таксама. На ўсё ёсць згода, і надалей будзе, будзе і папера, і паліграфічныя магчымасці — гэта тыя друкарні, якім нявыгадна друкаваць нашы часопісы.
Мы паціху сышлі з хлопцамі, калі баль сама разгараўся, таньчыць пайшлі ўсе на поўную выкладку. Нам заўтра трэба быць у рабочай форме. Часопісы стаяць.
У кніжным выдавецтве разлікі павінны рабіцца па новых стаўках, але не робяцца, бо ў пастанове не запісана, адкуль узяць грошы. А міністэрства і тых выдзеленых на беларускую кнігу не пералічае, круціць імі. Так што ў суверэннай беларускай дзяржаве на правах беднае сіраты беларускасць.
Беларускія сродкі масавай інфармацыі. Калі ўзяць колькасць беларускіх выданняў на рускай мове, іх аб’ёмы, тыражы і мільённыя затраты на іх выданне ў суадносінах з беларускамоўнымі выданнямі, беларускамоўныя — кропля, якая пры дэмакратах стала меншая, чым была пры камуністах.
Поўня гэтага спякотнага жніўня ноччу затуманеная, зажураная, зажаўцелая. Хоць ты збярыся ды ідзі ў поле гуляць пад ёй. Толькі поля тут няма. Раніцы харошыя, на лістах ягадніку дробненькія кропелькі расы. Трава сухая. Сёлета жнівень амаль без росаў. У дзевяць гадзін раніцы ўжо душна.
Пімена Панчанку сёння давезлі ў рэанімацыю ў стане комы. Анатоль Вярцінскі і Сяргей Законнікаў паўдня шукалі па горадзе лякарства для Пімена Емяльянавіча. Дало нейкае малое прадпрыемства, якое прадае яго толькі за валюту. Ахвяравалі Народнаму паэту, і тое добра. А чыноўнікі з запасаў Лечкамісіі не ахвяравалі.
У пісьме (першым) беларускага народа вялікаму Сталіну былі персанальна адзначаны два дзеячы, якія выйшлі з нетраў кампартыі Беларусі:
Яднаў Кагановіч у Гомелі сілы,
У Віцебску сілы згуртоўваў Яжоў.
Пасланне школьнікі павінны былі завучваць напамяць, пазней без прозвішча Яжова. А аўтары вершаванага пераказу пісьма беларускага народа былі адзначаны граматамі ЦВК і СНК БССР. Гэта Купала, Колас, Александровіч, Броўка, Глебка, Харык.
У рэанімацыі сучасная медсястрычка ці санітарка заявіла Пімену Емяльянавічу Панчанку, што гэтакіх выжыўшых з розуму старых трэба трымаць не ў бальніцы, а ў доме для ненармальных. Гэта сказана чалавеку, якога толькі што вярнулі з таго свету на гэты і пакуль што яшчэ трымаюць. Так што ці трэба быць паэтам, ды яшчэ і народным.
Доктар у рэанімацыі сказаў нам з Сяргем Законнікавым: хлопцы, трэба, каб ваш сябра сам пачаў есці, а інакш уся работа была марная. Хоць хвост селядца каб палізаў, чырвонага сухога віна ўзяў у рот, кроплю каньяку. Схадзілі ў магазін, купілі і сухога віна, і каньяку, і селядца. У гэты час да Пімена Емяльянавіча прыйшла жонка Зоя Кірылаўна. Адмаўляўся, не хацеў нічога браць у рот, а потым запатрабаваў, каб і мы з доктарам выпілі з ім. Доктар аднекваўся: на дзяжурстве, але вымушаны быў выпіць. А Пімен Емяльянавіч прыкрыкнуў на Зою Кірылаўну: што ты даеш мне дэсертную лыжку, доктар сказаў — сталовую.
— Ну я табе дам дзве дэсертныя, чаго ты хвалюешся?
Хутка адчулі, што ён ужо стаміўся, і следам за доктарам пакінулі палату.
Пазаўчора адбылася сустрэча паноў Шушкевіча і Кебіча з беларускімі пісьменнікамі. Сустрэча прайшла ў былым будынку ЦК, у зале паседжанняў бюро. Бюро ўжо няма, і не ўвесь пісьменніцкі прэзідыум запрасілі. А толькі сакратароў, рэдактараў і некалькіх пісьменнікаў. Як і ў старыя часы, пісьменнікі жаліліся на жабрачы стан літаратуры, мовы. Як і раней, ім указвалі, што трэба рабіць (Яфрэм Сакалоў раней рэкамендаваў Васілю Быкаву лепш бычкоў гадаваць). Цяпер парэкамендавалі не лезці ў палітыку, а займацца сваімі справамі (ісці ў школы і дзеткам мову і літаратуру выкладаць, якую як прытоптвалі зверху, так і прытоптваюць). І яшчэ кіраўнічы сын пісьменніка наківаў пальцам: не думайце, што дзяржава будзе вас утрымліваць. Рынак ёсць рынак, мецэнатаў шукайце. А і сам не ведае, ці дажыве яшчэ да таго рынку і да таго часу, пакуль нацыянальныя міліянеры-мецэнаты нарастуць.
Затое ў заключэнне ўручылі Рыгору Барадуліну дыплом Народнага паэта, а Івану Чыгрынаву медаль Скарыны. Усё ж праявілі клопат.
Мудрыя Купалавы радкі, у якія яшчэ гады напісаныя:
Куды не глянеш — людзі, людзі.
Куды не глянеш — шэльмы, шэльмы.
Куды не глянеш — б’юцца ў грудзі,
А значыць: правільныя вельмі.
На сённяшні час — адзін да аднаго.
Трынаццатага (жніўня. — Рэд.) у дзень памяці Якуба Коласа, збор на яго магіле. Людзей не меншае ў параўнанні з мінулымі гадамі, нават болей.
Нехта прыгадаў, што ў дзень памяці Купалы ў касцёле была адслужана служба, чаму б такое не зрабіць і цяпер. Думку падтрымліваюць і тыя, хто некалькі гадоў назад, будучы пры ўладзе і пры пасадзе, ніколі б не дапусціў такога.
Даніла Канстанцінавіч на прапанову адказаў коратка і катэгарычна, што бацька ніколі не быў набожным чалавекам, і праз трыццаць сем гадоў пасля яго смерці ўстройваць у даніну модзе малебны ён не будзе.
Зранку сонца, а потым туман, ціхі, асенні, грыбны. У лесе шэрыя радоўкі, роўненькія, чысценькія. Цэлае вядро. У вялікім і сапраўдным лесе павінны пайсці баравікі, хаця ў людзей у вядзерцах найболей бабкі і чырвонагаловікі.
Азірнуўся сам на сябе і жахнуўся: паспрабаваў прысесці — і не змог. Адчуў, які я хворы ўвесь ад галавы да кончыкаў пальцаў на нагах. Быццам робат, які доўга быў на дажджах і ўвесь заіржавеў. Падумаў пра пакуты Пімена Емяльянавіча Панчанкі, у якога ўсё збалелае цела, а нутро яшчэ жыве. А што душа, адчуваючы ўсё гэта? Відаць, пакутуе, але хоча трымцець на гэтым свеце.
Старыя прымаўкі добра пераіначваюцца і на сучасны лад. Што датычыць нашых кіраўнікоў, то старая прымаўка ў новай рэдакцыі можа гучаць і так: «Скажы, хто твой памочнік ці саветнік, і я скажу, які ты кіраўнік». Па гэтай прыкмеце ў нас дзіўная рэч атрымліваецца: большасць і памочнікаў, і саветнікаў у нашых кіраўнікоў — былыя апаратчыкі кампартыі.
Чытаю мемуары пра сярэбраны век у рускай літаратуры і спрабую спасцігнуць, які магутны культурны ўклад жыцця быў, што потым абрынулі, і гэтулькі дзесяцігоддзяў разбуралі — і колькі спатрэбіцца, каб стварыць новы ўклад. А ў нас толькі крыкі і абяцанні, як на плошчах у сямнаццатым і пасля яго.
Гэта напісана А. С Пушкіным: «Зависеть от царя, зависеть от народа — не всё ли нам равно? Отчета не давать...».
Бог болей не жыве на Беларусі, на Беларусі жывуць Яфрэмы са сваімі свінакомплексамі і ўсімі сваімі свінымі рыламі. А свінням і свінячы лёс, і свінячая доля, і хлеў замест вольнага поля.
Падкінуліся маразы. Прагноз у газетах на бліжэйшыя дні, а дакладней ночы — да мінус трыццаці і нават болей. Шкадую, што не магу паехаць у вёску.
Наконт нашых плачаў, што ў нас няма сапраўднай літаратурнай крытыкі, што ўзровень яе даволі нізкі. «Состояние критики само по себе показывает степень образованности всей литературы». Гэтак думаў Пушкін і, хутчэй за ўсё, не памыляўся.
Чытаю, ці дакладней — перачытваю дзённікі Міхаіла Прышвіна. Абсалютнае бачанне і разуменне, хто і што ёсць Сталін і што можа быць наперадзе. А ў дзённікі запісваў і старанна хаваў іх. Можа, гэтае разуменне і дало магчымасць выжыць і не апынуцца ў той страшнай малатарні. А звяртаўся ж да Троцкага з просьбай дапамагчы ў друкаванні «Мирской чаши». І атрымаў заключэнне, у якім аповесць прама была названа контррэвалюцыйнай. Відаць, упору ўцёк у лес і пачаў «пісаць пра сабачак», як потым сказаў той жа Сталін.
Яшчэ з дзённікаў Прышвіна.
«Уметь жить — это значит так сделать, чтобы ко всем людям без исключения стоять лицом, а не задом.
Уметь умереть — это значит сохранить лицо своё перед Господом. Лицо своё удержать как лицо в последнее мгновение жизни».
І яшчэ запіс. «Тагор в Москве! Вот приехал из Индии смотреть, а я не хочу из Сергиева ехать в Москву. Тут много личного. Тагор богатый, я нищий. У него народ, в который он верит, у него школа. У меня народ как бы исчезающий.»
З аўторка да пятніцы ў вёсцы. Было і марозіку крыху, і крыху адлігі, а з вечара нават і памяло было, напытлявала крыху мякенькага снегу. А назаўтра і чыста, і сонечна, прыгрэў, якога хапіла, каб закапала са стрэх, якіх цяпер ужо няма, а толькі дахі.
На ўсю вёску толькі чатыры вучні, і тыя з аднае сям’і. За цэлы дзень можна не ўгледзець на вуліцы чалавека, калі няма патрэбы выходзіць з двара.
Прыход у рэдакцыю Васіля Быкава. Прынёс апавяданне. Зроблена дабротна, выпісана. І выбар тэмы выдатны. Ноч, машына крытая, ці не з надпісам на баку «Хлеб». Дарога ў Курапаты, да жоўтага пясочку. Добрая назва «Жоўты пясочак». Сярод тых, каго вязуць расстрэльваць, ёсць усе — і былы буржуй, і паэт, і камуніст, і селянін, і чэкіст, і рабаўнік. Першы нумар (у той час А. Жук быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». — Рэд.) будзе чым пачаць. І навіна прыемная: шэсць з паловай тысяч падпіска, болей, чым у папярэднім квартале.
Пазаўчора паездка ў Цімкавічы на адкрыццё Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага (музей быў адкрыты для наведвальнікаў у 1994 г. — Рэд.). Праз пяцьдзясят гадоў пасля смерці пісьменніка «ўзнагарода знайшла героя» — музей стаў дзяржаўным. Дасюль існаваў пры школе, настаўнікі хадзілі на станцыю вагоны разгружаць, каб узвесці будынак. Зінаіда Іосіфаўна Раманенка, ініцыятар стварэння музея, прыехала таксама. Старэнькая ўжо, у старэнькім вынашаным паліто.
І пастарэўшая ўжо, але даволі рухавая і жвавая дачка Чорнага Рагнеда Мікалаеўна. Звадзіла нас на магілы бацькоў Чорнага.
Парадавала арганізацыя і адносіны да адкрыцця і саміх музейных работнікаў, і мясцовых улад. Лена Мікалаеўна Скрыган, апошні першы сакратар Капыльскага райкама, прыехала таксама. І вячэра ў старыцкім рэстаране на беразе возера гасцінная, без лішняй выпіўкі.
І прыемная начная дарога да Мінска ў лёгенькім тумане.
Чамусьці люблю начныя дарогі, пустэльнасць на іх, утульнасць у цяпле машыны.
Апошнія вершы Анатоля Вялюгіна ў «Полымі», па-майстэрску чаканныя, простыя і мудрыя, і быццам здзіўленне, што вось такое магло здарыцца з ім: хвароба, якая вядзе за сабой смерць. А вершы надзіва — як сляза чыстыя, горкія і такія патрэбныя.
Заходзіў у рэдакцыю Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Сказаў проста, што хвароба ў мяне відна на твары. Успомніў сваё, перасцярог наконт цыгарэты, чаркі і яшчэ ад лішніх хваляванняў, параіў не рабіць рэзкіх рыўкоў да адыходзячага аўтобуса. Згадаў Алеся Адамовіча, яго ўзрушэнне ў тым маскоўскім судзе, што каб не яно, то жыў бы яшчэ Алесь Міхайлавіч. Ён шкадуе яго. Яшчэ сумна гаварыў, што з нашым народам нічога нельга змяніць у грамадскім жыцці. Ён будзе слухацца тых, хто стаіць пры ўладзе, а вяршыць лёсы будуць тыя, хто стаіць за гэтай уладай. Добрае і сумнае ўражанне сённяшняга дня.
У «Звяздзе» пісьмо Івана Шамякіна да прэзідэнта з клопатам пра лёс беларускай мовы і літаратуры. Сумна ад гэтага пісьма і яшчэ больш ад таго, што толькі адзін Іван Пятровіч уголас абазваўся пра лёс мовы і пісьменніцтва, нават і сам Саюз пісьменнікаў прамаўчаў...
Раніца, баляць суставы так, што і на ногі станавіцца не хочацца. Адгарнуў Блока і ў «Возмездии» наткнўся на радкі:
Не также ль и тебя, Варшава,
Столица гордых поляков,
Дремать принудила орава
Военных русских пошляков.
Калі Варшаву прымусіла драмаць, то Беларусь у свой час проста растаптала.
Учора да абеду Вярхоўны Савет за нейкіх пяць хвілін праштампаваў рашэнне аб працягу паўнамоцтваў Цэнтрвыбаркама да выбрання дэпутатаў усіх узроўнеў, а другім пунктам прыняў пастанову, што выкананне абавязкаў старшыні ўскладваецца на намесніка, гэта значыць на мяне. Ніколі і прысніцца не магло, што к пяцідзесяці гадам мяне ўвяжуць у палітычныя гульні. Супроцьстаянне Вярхоўнага Савета і прэзідэнта я назіраю і ведаю, што ў бліжэйшы час ніякіх выбараў адбывацца не будзе.
Світанне, а дакладней досвітак, ранні, а сонца да нас з-за лесу засвяціла толькі пасля шасці гадзін. Дразды пачалі раскашаваць яшчэ да сонца, іх сёлета цэлая плойма, і, без сумнення, ягады яны сёлета «дагледзяць» дашчэнту. Чалавека яны не баяцца.
Спадабалася чытаць публіцыстыку Генрыха Бёля больш, чым яго прозу.
«Слова действительны, это мы узнали на собственной шкуре, слова могут подготовить войну, могут спровоцировать её, но не всегда слова могут восстановить мир. Слово, предоставленное бессовестному демагогу, чистейшему тактику, оппортунисту, может стать смертельным приговором для миллионов людей; машина, формирующая общественное мнение, может стрелять словами, как пулемет пулями: четыреста, шестьсот, восемьсот в минуту; любая, слишком чётко классифициророванная группа сограждан может быть словом обречена к гибели».
Учора, васямнаццага кастрычніка дзевяноста шостага года на імя С. Г. Шарэцкага адвёз на сесію Вярхоўнага Савета заяву, што з сённяшняга дня спыняю выкананне абавязкаў намесніка старшыні Цэнтрвыбаркама і выходжу з яго складу. Сеў у машыну і з палёгкай паехаў у вёску. Згодна заканадаўству, адстаўку не могуць не прыняць.
За ноч вырашыла зрабіцца зіма. Раніцаю пяць градусаў марозу, зямля злёгку зацярушана сняжком. Пасля абеду пайшоў большы снег, вецер халодны, вільготны.
У апошнія дні адбыўся прэзідыум, дзе мяне рэкамендавалі на пасаду галоўнага рэдактара «Нёмана», адбылася гутарка (1997 год. — Рэд.) з міністрам Бельскім, дзе я паставіў свой подпіс на кантракце, на якім яшчэ ні даты не былі прастаўлены, ні подпісу самога міністра не было.
Мароз і халады не адпадаюць, і ніяк не закончыцца гэты пракляты высакосны год...
Учора званок Дранько-Майсюка. Просьба адказаць (для часопіса «Крыніца». — Рэд.) на тры пытанні: якімі галоўнымі падзеямі пазначана мінулае тысячагоддзе, дваццатае стагоддзе і чым засведчыць сябе ў гісторыі чалавецтва першае стагоддзе новага тысячагоддзя. Трэба ж і сапраўды быць вясёлым чалавекам, каб у сённяшняй неразбярысе і жыццёвым бедламе думаць пра такое. Адкажу так: заслуга прамінулага тысячагоддзя ў тым, што прыйшло да чалавецтва ў друкаваным выглядзе яго вялікасць Слова ў выглядзе Кнігі, прыемна, што да гэтага дачыніўся беларус Скарына. Дваццататае стагоддзе застанецца адметным таму, што чалавецтва пераступіла парог у Космас. Наступнае стагоддзе адзначыцца шэсцем па планеце панамерыканізму, і небеспаспяховым.
Міністэрскае чынавенства па-свойму паклапацілася пра наш уваход у новую эру: абяцала выдзеліць на часопіс мільярд, а выдзеліла 350 мільёнаў, і тыя дойдуць да нас пасля Новага года. Радуйцеся, святкуйце. Часопіс стаіць, яго не хочуць друкаваць у доўг.
На ноч, прапусціўшы грунтоўны ўступны артыкул Аверынцава, чытаў вершы Мандэльштама.
Век мой, зверь мой, кто сумеет
Заглянуть в твои зрачки
И своею кровью склеит
Двух столетий позвонки?
Як нельга пісьменніку бегчы ў жыцці! Ён робіцца тады нейкім зашораным, свету божага не бачыць. Два дні пабыў на бальнічным, няспешна ішоў у паліклініку і з радасцю ўгледзеў на дымчатай цяньшаньскай ялінцы і пад ёю, дзе і сняжку зусім мала, чародку звычайных вераб’ёў. Пры гэтай перадзімовай беднасці, яны, нашатыраныя ад холаду, а таму быццам і вялікія, шэрыя, з карычневым пер’ем на крыльцах, глядзяцца, як зімовыя кветкі.
На Беларусі наўрад ці дзе на вясковых могілках знойдзеш надпісы па-беларуску. Па гэтым можна меркаваць, што Беларусь даўно ўжо пахавала сябе як нацыю. На амерыканскай зямлі надпісы на магілах беларусаў па-беларуску.