Ніл ГІЛЕВІЧ


ДЗЁННІК: ГОД 1997-ы


1-га студзеня. “Вось і яшчэ на год бліжэй...” Усю ноч глядзеў тэле — слухаў выдатных спевакоў Расіі. А па нашай праграме ўсё ішло проста бяздарна. А вечарам сёння ў “панараме” выпусцілі на экран — ад імя творчай інтэлігенцыі — двух песняроў вечнасці. Але ж і хітрыя хлопцы! Пры любой уладзе кароўку даіць будуць! Каб табе слова пра Беларусь і што яе чакае ў 1997-м!

2-га студзеня. Цэлы дзень рэдагаваў (па сутнасці, перапісваў нанава) артыкул “Да чаго і дзеля чаго вяртацца?” — апошні ў 1996-м, а можа — апошні палітычны артыкул наогул. Выкінуў усё, што датычыць эканомікі, пакінуў “незалежнасць, мову, гісторыю”.

Нешта са мной пачало нядобрае рабіцца. Як бы апусташаецца душа і з яе выходзіць хэнць жыць.

3-га студзеня. З ранку да ночы перадрукоўваў артыкул. Перачытаў. Усё адно шмат засталося эканамічна-сацыяльнага, пададзенага грубавата-фельетонна. Давядзецца скарачаць яшчэ. А пошта так і не прынесла віншаванняў ад тых, ад каго чакаў. Ні званкоў, ні пісем. Думаю, што гэта не так сабе. Не проста ад ляноты душэўнай.

4-га студзеня. Яшчэ ўчора пытаўся ў Ніны, ці не дарэмна я напісаў ліст расіянам — нешта ўзнікла сумненне. А сёння ў “ЛіМе” ён надрукаваны. Прачытаў разы чатыры — і супакоіўся. Не дарэмна! Я павінен быў яго напісаць! Павінен! Я не мог не напісаць яго! Хай ведаюць, што мы думаем пра іх красамоўныя заклікі да братэрства і іх рэальную палітыку.

Першы нумар “ЛіМа” падпісаны новым прозвішчам. А ўсё-такі агідна мне думаць пра гэту расправу над “ЛіМам” і над Гілём. Агідна!

Саюз пісьменнікаў за Беларусь не пастаяў. Балота! П’янае, гнілое балота! Панаваць ад гэтага часу цалкам пачнуць хітранькія.

Кепска на душы, вельмі кепска! Усе сілы на зыходзе. Відаць, “зыходныя” будуць і вершы, якія ў гэтыя першыя дні Новага пачаў пісаць.

Дамовіўся з Сярэдзічам, што пасля Каляд, 8-га, артыкул перадам яму.

9-га студзеня. Учора артыкул “Да чаго і дзеля чаго вяртацца...” аддаў Сярэдзічу — сказаў: не пазней як праз тыдзень надрукуе. Пішу вершы. Будзе невялічкая нізка пра... каханне. Самы час, самы раз!.. А можа — і сапраўды “самы”?

10-га студзеня. Пазваніў А.Русецкі. Вельмі хваліў мой ліст расіянам (“дакладна, востра, смела, справядліва”, “як заўсёды”, “з вялікім захапленнем прачытаў” і г. д.). Раней за яго адазваліся толькі Быкаў і Бураўкін. Генадзь — не спецыяльна, а ў размове — тэлефоннай — аб іншым. Быкаў, як і я, упэўнены, што ні адна расійская газета, нават самая раздэмакратычная, майго ліста не надрукуе. Я гэта ведаю даўно: увесь іх дэмакратызм канчаецца ўраз, тут жа, як толькі даходзіць да пытання аб незалежнасці Беларусі, аб дзяржаўнасці беларускай мовы, аб яе дзяржаўным панаванні ў нас і інш.

Званіў Мікола, сказаў, што заходзіў, каб даць устаноўкі, новы рэдактар “ЛіМа”. Крывіўся і кісліўся, бо “там — рвут и мечут”, асабліва ад паэмы “пра эпідэмію курынага смеху”. “Гнать из ЛиМа немедленно! Гнать!” (Міколу). Паэму безагаворачна прыпісваюць мне, у тым ліку і Н-еў. (“Дык гэта ўсе ведаюць!..”)

Бедны Мікола! Ці надоўга яго хопіць, каб не зламацца наогул? Наконт паэмы... ён быў неасцярожны, рыхтуючы мой арыгінал да друку: забыў, што ў “ЛіМе” ёсць гэныя самыя.

15-га студзеня. Артыкул у “Народнай волі” надрукаваны. Яшчэ раз расставіў усе кропкі над “і” наконт нацыянальнай палітыкі Крамля ў мінулым (СССР — КПСС) і сёння, і наконт тых халуёў-нікчэмцаў з ліку беларусаў, якія гэтай палітыцы слугуюць.

У прэсе і ў эфіры — толькі і размоў, што пра пасланне Ельцына наконт паглыблення інтэграцыі паміж РФ і РБ і канкрэтна — аб агульным аб’ядноўчым рэферэндуме. Спяшаюцца, пачвары! Баяцца ўпусціць час! Ведаюць, што час працуе не на іх.

19-га студзеня. Пазаўчарашняя сустрэча Л. і К. у Гомелі выклікала вялікую злосць у Маскве. Загудзелі, як патрывожаныя восы. Пралічыўся наш “стратэг”. Даюць яму зразумець, што ты, гэта самае, не вельмі. А то пасадзім на месца. Цікава было б ведаць, што канкрэтна сказаў нашаму Кучма. Няўжо не “ўрэзаў”?

Наконт майго артыкула пазванілі ажно... тры чалавекі, з іх пісьменнік адзін — М. Матукоўскі. Можна падумаць, што самі мае калегі пішуць і друкуюць такія артыкулы кожны дзень.

22 студзеня. Ужо колькі дзён правяраю стужкі з запісамі народных песень — на прадмет высвятлення якасці, бо запісы пераважна 70-х гадоў. У свой час у мяне іх прасіла Акадэмія — не аддаў, спадзяваўся, што спаркуюся з якім кампазітарам і выдам вялікі том з нотамі сам. Як бачу сёння, спадзяванні былі дарэмныя. Давядзецца ўвесь гэты скарб (каля 150 стужак) перадаць цяпер. Дарэчы, колькі там усяго песень? Калі на кожнай 10 — то паўтары тысячы. Але ж ёсць і па 20, і па 30 на адной стужцы. Значыць, мінімум тысячы тры? Буду прасіць, каб выдалі асобным томам з паметкай “З фонду (ці з архіву) Н.Г.”. Вядома ж, пасля таго, як гэты Н.Г.... Раней не зробяць. І праца не малая, і няма за што выдаваць.

Усе “жорсткія рамансы” і “гарадскія”, “псеўданародныя” песні здымаю са стужак — для задумы перарабіць іх у “Песні прапашчага” — задумы, якая мучае мяне ўжо гады два.

23-га студзеня. Тыфозная газетная вош папоўзала на старонках “Знамя Юнасці” і напаскудзіла мне і майму брату. Данос Гэнаму — з патрабаваннем неадкладна выгнаць Гіля з “ЛіМа” наогул, а то, ці бач, у намесніках рэдактара застаўся. Але ж і вош! Божа літасцівы, і чаму Ты дапусціў, каб іх столькі напаўзло да нас!

24-га студзеня. Было кепска — дык наце вам лепш! Узурпатар замяніў Бельскага... Замяталіным! Увесь друк Беларусі аддадзены ў рукі расійскага палкоўніка, які нават чытаць па-беларуску не ўмее. Усякае пачварства бачыў на гэтай няшчаснае зямлі — такога, здаецца, яшчэ не было. І што ж нас чакае? Што чакае беларускую кнігу?

Сёння ўжо адзінаццаты дзень, як мяне колюць — па два ўколы на дзень. Для падмацавання матора. Не магу сказаць, каб я пачуўся лепш. Відаць, спазніўся. Задыхаюся. Спірае ў грудзёх, у бронхах так, што іншы раз здаецца: ну вось і ўсё, не адпусціць.

Парадавала медсястра: зайшла з маёй “Незалежнасцю” (каб даў аўтограф для дачкі-настаўніцы) і сказала, як яна і многія іншыя сёстры, урачы не прымаюць і ненавідзяць Гэнага. Але ўсе баяцца і таму маўчаць.

25-га студзеня. Бачыўся і трохі пагутарыў з Зуёнкам. Расказаў мне, як ужо цэлы месяц людзі ад Цюцянькова вядуць падкопы, каб адабраць у пісьменнікаў Дом літаратара. Кожны дзень прыходзіць нейкі тып і патрабуе дакументы на права валодаць асабняком, які падарыў Саюзу Урад пры Машэраве і па настойлівасці апошняга.

Няўжо яны і на гэта пойдуць — адбяруць у Саюза пісьменнікаў яго ўласную хату?

Сёння — прэзентацыя новага часопіса “Всемирная литература”.

Якая ганьба! На рускай мове ў Беларусі нейкі “ўсесаюзны” (СНД-эўскі) часопіс! Ды — увесь з перадруку старых перакладаў, якія неаднойчы публікаваліся. Для каго і навошта? — розуму не прыкладу. Канкурэнт “Иностранке”? Смешна нават падумаць. І каму гэта прыйшло ў галаву — пры нашым жудкім фінансавым становішчы, калі катастрафічна скарачаецца выданне беларускіх кніг, часопісаў, газет.

Паказалі па тэле бліц-інтэрв’ю з Зуёнкам і Жуком — на прэзентацыі. Ах, хлопцы, хлопцы! Што ж вы робіце? Нават не выказалі здзіўлення, чаму “Всемирная литература” на рускай мове. А ўвогуле — чаго вы туды пайшлі? Не разумееце, што гэта абраза для ўсіх нас і подлае шкодніцтва супроць беларускай літаратуры і культуры? Ну хоць бы хворымі прыкінуліся! Ніхто не асудзіў бы, і ласку б не страцілі, калі за яе боязна.

31-га студзеня. З раніцы гадзіны дзве “прабалантэсіў” з даўнім балгарскім знаёмым Ст. Паптоневым (у Сафіі — Стэфчо). Нібыта абавязковая афіцыйная сустрэча, у Пасольстве. Нібыта для балгарскага друку (пабачым!). Падпісаў мне аж чатыры свае новыя кнігі: тры — прозы, адна — паэзія. Выйшлі ў самы апошні час. У прыватных выдавецтвах. Заўсёды здзіўляўся незвычайнай энергіі і прабіўной сіле гэтага балгарына. Без году 70 — а ўсё такі ж жвавы, рухавы і неўгамонны. За жыццё нашпурляў, мабыць, каля сотні кніжак.

Напярэдадні ўвесь вечар прасядзелі ў Найдзена; перабралі ў памяці ўсіх маіх, яшчэ жывых, балгарскіх пабрацімцаў. Ужо іх не так і шмат засталося. І цікавасць мая да іх лёсу і іх краіны ўжо зусім-зусім “не тая”. Можна сказаць, амаль ніякая. Сорак гадоў улялёшчыў (з 1956). І што? Адна гарката на душы.

1-га лютага. Правёў ці не апошнюю “сваю” Раду ТБМ. Можа, перадапошнюю... На 14 красавіка назначылі З’езд ТБМ, на якім я вызвалюся (нарэшце!) ад пасады старшыні Таварыства. Рада дала на гэта згоду. А прасветліны ў справах ТБМ — аніякай! І хто будзе старшынёй, і што будзе з “Нашым словам” — невядома. Асабліва трывожыць лёс “Нашага слова”. Не дай Бог спыніцца выданне! А ўсё ідзе да гэтага. Эх, было б хоць трохі здароўя і сілы — яшчэ пазмагаўся б! На жаль, на жаль!..

14-га лютага. Быў (з Брылём і Шаранговічам) у гасцях у М. Чарняўскага — з нагоды яго ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. Адзін з самых найтыповых беларусаў, дакладней — беларускіх інтэлігентаў. Перакананасці і ўпартасці — дай Божа, колькі! Але і памяркоўнасці і абачлівасці — таксама.

20-га лютага. Быў у Нацыянальнай бібліятэцы на спектаклі тэатра Дзягілевай “Зніч” па маім рамане ў вершах “Родныя дзеці”. Спектаклем назваць гэта цяжка, звычайная дэкламацыя. У выкананні таленавітага артыста Міколы Лявончыка. Выступіў і аўтар. Уражанне, што слухачы чакалі менавіта яго: было шмат пытанняў, зусім пэўнага накірунку... Дзякаваць Богу!..

27-га лютага. Зноў спектакль “Любоў прасветлая” ў тэатры “Зніч” Дзягілевай. На гэты раз — у ДЛ. Народу — поўненька-шчыльненька, нават на прыстаўных крэслах. Значна лепш, чым у бібліятэцы, выступіў М. Лявончык. Цёзка А. Лявончык хораша граў на цымбалах. Добрае слова сказала Л. Рублеўская. Ну, а нарэшце — не менш гадзіны “працаваў” аўтар. Чытаў розных гадоў вершы, але пераважна найноўшыя, у тым ліку — злосныя, горкія, іранічныя. Было безліч запісак з залы. Позна вечарам пазваніў Коля і сказаў: “Я зноў перажыў пачуццё гонару за цябе. Толькі даў бы табе Бог здароўя!..”

5-га сакавіка. Доўгачаканы мой паэтычна-песенны вечар у музвучылішчы, арганізаваны А. А. Мурзічам, пры сардэчнай падтрымцы дырэкцыі, асабліва — завуча З. М. Такіх удалых, прыгожых, хвалюючых сустрэч, як гэта, было ў маім жыцці не так і багата. Навучэнцы пелі песні на мае вершы лепш, чым прафесіянальныя артысты. Вось з іх будуць прафесіяналы выдатныя. Якая таленавітая ідзе ў беларускую музыку моладзь і як ёй пашанцавала на выкладчыкаў! Было і маленькае застолле, дзе пераважала вясковая закуска старшыні калгаса з Гарадка А. Косарава, прысутнага таксама. Дарэчы, на вечары ў хоры выступіла ў якасці салісткі асірацелая ўнучка майго стрыечнага брата Генадзя — Насця Шаўцова.

16-га сакавіка. Радыё перадало вялікі кавалак з майго вечара ў музвучылішчы (запісала Галіна Шаблінская). Уяўляю, з якой “радасцю” начальства дало на гэту перадачу дазвол. Скора замяталіны пачнуць называць “ворагам народа”, і тады нават такія выхады ў эфір скончацца.

19-га сакавіка. Правёў сустрэчу з навучэнцамі і выкладчыкамі Алімпійскага вучылішча № 1. Прайшла не так, як восенню ў педвучылішчы, — трохі не тая публіка, але я баяўся, што будзе горш. Досыць сімпатычныя і інтэлігентныя маладыя людзі, слухалі з увагай і шчырай павагай, і нават пытанняў задалі некалькі...

21-га сакавіка. Нарэшце пабываў з “творчай справаздачай” у роднай Гайнаўскай школе.

Арганізаваў сустрэчу завуч школы У. Паплёўка, вельмі сімпатычны і перакананы беларус, бацька таго Іллі, што ў “Раніцы” надрукаваў ліст да мяне. Дзіўлюся, як дырэктар даў на гэту сустрэчу згоду. Каля 20 гадоў смеласці яму на гэта бракавала, каля 20 гадоў жылі ў Гайне, забыўшыся на земляка-паэта. Нават калі было прысвоена званне “народнага” — і не павіншавалі, і не запрасілі. Такой стала мая Лагойшчына — зямля Купалы і Бядулі, Далэнгі-Хадакоўскага і братоў Тышкевічаў... Горка, горка, горка думаць мне пра ўсё гэта. Ну, а “справаздача” прайшла паспяхова. Спачатку даў урок чытання малышні, а затым — сустрэча са старшакласнікамі, настаўнікамі і інтэлігенцыяй Гайны. Было хораша, цёпла і светла ад сардэчнасці, утульна для душы кожнага прысутнага... Доўга фатаграфаваліся на ўспамін — з кожным класам паасобна. Быў і мой аднакурснік В. Несцяровіч — каб напісаць у раёнку аб сустрэчы.

Усё выдатна, але, але!.. Я ж бы мог кожны год прыязджаць на Лагойшчыну з такімі “справаздачамі”. Камусьці было вельмі непажадана. “Не туды, не ў той бок думае наш зямляк!..”

26-га сакавіка. Было вельмі кепска Ніне, усю ноч мучылася, а раніцай выклікаў “хуткую”. Відаць, ад атручэння разгулялася печань і падстраўнікавая залоза. Дзякаваць Богу, стала лепш.

28-га сакавіка. Яшчэ адна сустрэча — з настаўнікамі і вучнямі школ Мінскага раёна. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, пасля прагляду імі выставы “І ўсё ж такі я веру”. Госці Музея трохі спяшаліся на аўтобус і таму сустрэча прайшла ў хуткім тэмпе. Але кветак і падзяк было вельмі шмат. Зноў і зноў думаю: якія выдатныя ў нас ёсць выкладчыкі Роднага Слова і якіх слаўных патрыётаў гэтага слова яны выхоўваюць! Гледзячы на іх, верыш: будзем жыць!

8-га красавіка. Зноў “Зніч”, зноў “Любоў прасветлая”. На гэты раз — на базавай сцэне Тэатра, у касцёле Алены і Сымона, у цокалі (першы раз там быў). Слухачы — навучэнцы Педагагічнага ліцэя (педвучылішча № 2). Не ведаю, адкуль узяліся сілы, але і вершы чытаў і адказваў на пытанні — на ўздыме.

9-га красавіка. Аказваецца, у Мінску два вучылішча Алімпійскіх рэзерваў — Рэспубліканскае і Абласное. Сёння выступаў у другім, там беларускае слова вядзе завуч Ірына Іосіфаўна, відаць, вельмі добрая настаўніца, і вельмі сімпатычная беларусачка. Пасля майго выступлення дырэктар сказаў такое слова пра госця, што не дай Бог яго пачуў бы які-небудзь замяталін. А сказаў чалавек просты — і гэта асабліва радуе. Душа сказала!..

Пасля абеду глядзеў сябе самога ў перадачы пра Багдановіча — у сувязі з выхадам яго аднатомніка ў серыі “Беларускі кнігазбор”, — як аўтар прадмовы. Скарыстаў рэдкую магчымасць падаць голас з экрана, і хоць трохі сказаў пра тое, чым была для Багдановіча Беларусь.

12-га красавіка. Адбыўся V з’езд ТБМ. Вызваліўся ад пасады старшыні, паколькі “дайшоў да ручкі”. Лейцы ўзяў Бураўкін. Памажы яму, Божа! З’езд так шчыра і горача дзякаваў мне за восем гадоў працы, што чуць не выбіў слязу з вока. А ў горле дык яна была — дакладна. Усё ж такі людзі ўсё разумеюць як трэба.

18-га красавіка. Хадзіў на пасяджэнне Рады “Бацькаўшчына”, двойчы браў слова. Размова ішла пра чарговы з’езд таварыства (у ліпені). Ці з’едуцца беларусы свету на З’езд — адзін Бог ведае. Так усё перамянілася ў жыцці! Відаць, з’езд будзе вельмі сціплы. Хацелі, каб я ўдзельнічаў у напісанні даклада для Дакладчыка. Давялося сказаць. што ніколі ў жыцці нікому дакладаў не пісаў, як і мне ніхто не памагаў пісаць таксама. Хацеў бы, кажу, з гэтым як-небудзь і дажыць да канца веку.

19-га красавіка. Глядзеў у Рускім тэатры спектакль па п’есе Дударава “У прыцемках” (“В сумерках”). Запрасіў аўтар. Спектакль глядзіцца і слухаецца, сучасны, актуальны, палітычна ангажаваны. Але чаму першая пастаноўка п’есы — на рускай мове? Помню, як сустрэліся мы з Б. Луцэнкам, і ён сказаў: узялі п’есу Дударава, будзем ставіць у арыгінале. Пытаю у А.А. “Чаму ж не паставілі?” — “Задавілі жывыя класікі сцэны”. “Не валодаем мовай так, каб яна гучала прыгожа”. “Адным словам — каб мову не пакрыўдзіць. З павагі да беларускага гледача і да яго мовы”. Дык нашто ж было абяцаць? Хай бы ўзялі п’есу купалаўцы!..

22-га красавіка. І зноў “Зніч”, і зноў “Любоў прасветлая”, і зноў нястомная Дзягілева і два Лявончыкі! У мінскай гімназіі № 1. У вялізнай зале (за сцэнай гудзелі халадзільнікі кухні). Гімназістаў процьма. Спачатку было адчуванне амаль правалу; асабліва, пакуль чытаў М.Л. (а ён быў стомлены і хворы). Але, на маё здзіўленне, столькі пасыпалася пытанняў-запісак, такая разгарнулася гаворка, ды палітычна актуальная, што ўрэшце я застаўся задаволены. Праўда, сабе сказаў: ну, усё! Баста! І надоўга. Вычарпаўся.

23-га красавіка. У хаце бяда і няспынны плач з галашэннямі. Ніна проста ўчарнела. Ліпе хацелі рабіць аперацыю, разрэзалі жывот, паглядзелі і зашылі: умешвацца ўжо няма сэнсу. “Звер” ужо з’еў усё. Страшна. Як гэта нечакана і якія ж мы, людзі, бездапаможныя!..

30-га красавіка. “Народная воля” апублікавала мой артыкул “Цынізм “апекуноў” і бяздумнасць прыстасаванцаў”. Першая палова яго —гэта першая палова майго даклада на З’ездзе ТБМ (агульнапалітычная, далей у дакладзе ішло пра сітуацыю ў таварыстве). Артыкул адрасаваны тым рускім, якія намагаюцца і нас зрабіць рускімі. Артыкул-водпаведзь. Артыкул-прысуд (мой, разумеецца). Паскрыгечуць зубамі браты-таварышы. Многія з іх усё яшчэ спадзяваліся... на нешта. А падстаў не было. Проста дрэнна, няўважліва мяне чыталі, кепска слухалі.

4-га траўня. Памёрла Ліпа. Усяго дзесяць дзён працягнула пасля “аперацыі”. Дзесяць жахлівых дзён! Яна здагадалася, што аперацыі не было, усё зразумела, страшэнна пакутавала ад болю і... чакала. Ну і вось — усё. Хаваць — з-за святаў — будзем толькі 7-га, у сераду. Ніна — уся ў горкіх клопатах.

7-га траўня. Развіталіся з Ліпай. На памінках давялося мне “весці рэй”. Усе ўніверсітэцкія яе знаёмыя бухгалтаркі гаварылі слёзна-шчыра — і над труной, і на памінках, усе яе вельмі паважалі і любілі.

Смерць Ліпы і мяне абрынула ў нейкую бездань — дзе і смутак, і боль, і страх. Зусім рэальны страх. Штось у душы надламалася. Гляджу на Ніну, на ўсё сваё жыццё — і агортвае мяне ўсяго Бог ведае што. Можа, і роспач. Ад усведамлення, што жыццё пражыта “не так”.

10-га траўня. Ездзіў у “маёнтак”, у сваё Наскае-Лупавінава. Пасадзіў дзве градкі бобу. Шчымлівая памяць вясковага маленства!..

19-га траўня. Быў на юбілейным вечары Г.А. Дзягілевай. На пачатку глядзелі яе монаспектакль пра каханне Івана Луцкевіча і Ю. Дубейкаўскай. Малайчына Дзягілева! Знайшла сябе ў гэтым цяжкім жанры — тэатры аднаго акцёра, пра што і сказаў я ў сваім прывітальным слове. Можна было б сказаць і так: яе жанр — прапаганда павагі і любові да роднай беларускай мовы. Самааддана робіць яна гэта, з вялікім шчырым натхненнем.

22-га траўня. Заўтра — яшчэ адзін чорны, ганебны дзень нашай гісторыі: у Маскве палітычныя выжлятнікі падпішуць Статут Саюза Расіі і Беларусі. Запраданцы даводзяць сваю гнюсную справу да канца. Няшчасная краіна, няшчасны, выкляты Богам народ!

Як голас пратэсту і праклёну апублікаваў у “Народнай волі” “Травеньскую кантату 1997-га года”. Думаю, што “Кантата” будзе мець розгалас.

Па абедзе быў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на адкрыцці выставы “Яны прайшлі па той вайне”. Давялося сказаць і там невялікае слова.

23-га траўня. Статут Саюза падпісаны. Пусты, вядома, дэкларацыйны, тым не менш — яшчэ адзін крок да ліквідацыі незалежнай Беларусі зроблены.

Але ж і нягоднікі! Але ж і халуі! Божа прамілы, няўжо ты не пакараеш іх?!

“ЛіМ” апублікаваў маю архіактуальную камедыю “Ахрэм і Тодар”. Цікава, ці зверне на яе ўвагу наша літаратурная брація?

28-га траўня. Розгалас ад “Кантаты” большы, чым я спадзяваўся. Было багата званкоў. Перадаюць мне газету, каб паставіў аўтограф. У Докшыцкім раёне перакаталі на ксераксе і распаўсюджваюць як лістоўку. Наладжваюць калектыўныя чытанні. Захапляюцца і зычаць аўтару здароўя.

29-га траўня. Першая паэтычная сустрэча ля помніка Купалу. Ініцыятары — БСДП (“НГ”) і ТБМ. Мяркуецца, што стануць традыцыйнымі. Народу было небагата (слабая рэклама, ды і холад сабачы). Прачытаў некалькі вершаў, у тым ліку — з “Травеньскай Кантаты”. Прынялі вельмі добра. Зразумеў, што “Кантату” многія ўжо чыталі. Падыходзілі, дзякавалі...

2-га чэрвеня. Дзень нараджэння Ніны. Шумнага застолля не будзе. Абыдземся самым сціплым варыянтам: толькі свае, найблізкія. Ніна яшчэ зусім не адышла ад перажытага, усё яшчэ плача і плача.

14-га чэрвеня. “Народная воля” апублікавала пяць вершаў. І зместам і духам — працяг “Травеньскай Кантаты”. Новае — удар па царкоўніках, якія ў нас выконваюць тую ж ролю, што і 150—100 гадоў таму.

А тым часам “падступаюць да горла” новыя вершы — відаць, для новай Кантаты.

28-га чэрвеня. Як гаварыў мой дзед: “Афул і з коптурам!” “Народная воля” змясціла яшчэ адну маю Кантату — “чэрвеньскую”. 7 вершаў. (У “Травеньскай” было 10.). Ды 5 асобна. Ды 5 у “ЛіМе”. 27 вершаў — за месяц з палавінай: і напісаў, і надрукаваў! Калі такое было? Аж нават няёмка трохі. Гэта — вельмі шмат. “Рвануў” — як Купала ў Акопах (не раўняючыся, вядома). Не астудзі, Божа!..

29-га чэрвеня. Азваўся Быкаў. Дужа хваліў мае вершы ў “Полымі” № 4. “Нейкі новы ўзыход у зеніт у цябе, — сказаў. — Як на другім дыханні... Ды такія чыстыя, светлыя, лірычныя...”. Кажа: “Браў “Полымя” з сабой у дарогу, у Германію, і ў вагоне чытаў...”

2-га ліпеня. Пазваніў Брыль, сказаў, што з цікавасцю прачытаў размову са мной у “ЛГ”. А я і не ведаў, што яна апублікавана (нарэшце! амаль праз паўгода!). Сказаў: “Невялікая публікацыя, бачна, што скарочана”.

7-га ліпеня. Забягаў З.Х. Санько, знялі ў рукапісе зборніка “Ёсць зямля” пытанні і каля дзесятка вершаў, якія нечым яму не да душы, а таксама паэму “Не хварэй!”, аб чым асабліва не шкадую. Не дазваляе аб’ём, запланаваны выдавецтвам (60 старонак друкаваных, брашурка). Ды яшчэ і так Бог ведае, ці не сарвецца задума. Ці не спалохаюцца хлопцы. Тады, на сустрэчы, В. Багдановіч быў настроены аптымістычна...

Быкаў удружыў мне нумар “ЛГ” з маім матэр’ялам (у кіёсках я так і не знайшоў). Ну, вядома, скарацілі страшэнна, пакінулі бадай ці не адну чвэрць... Шкада! Хоць і пакінулі самае істотнае.

8 ліпеня. Хадзіў у бальніцу праведаць Конана. Не застаў: сусед сказаў, што пайшоў у бібліятэку, ён кожны дзень так робіць. Божа, падумаў, нават з бальніцы ўцякае на працу! Во ўжо дзе Чалавек-Працаўнік з вялікай літары! І інтэлігент. Але ж ёсць Бог. Выйшаў я з бальніцы на вуліцу, а насустрач — Конан! Трохі пагутарылі. Сказаў мне, што Званарова друкуе поўны тэкст размовы з Н.Г. у “Детской литературе”.

13-га ліпеня. Самая чырвоная дата нашага сямейнага календара. 40 гадоў, як мы пажаніліся. Адсвяткавалі больш чым сціпла. На вячэры былі Сяргей, Таня, Юра, Ірына... І ўсё... Мілая, мілая Ніна! Я ўжо табе не аддзякую за ўсё, што Ты зрабіла для мяне за гэтыя сорак гадоў, — хіба Усявышні аддзякуе? І ўжо не вымалю ў Бога даравання за ўсе глупствы, што прычынялі табе боль. Усявышні, здаецца, дараваць не хоча. Бо адкуль жа зваліліся на мяне гэтыя хваробы, што даводзяць часам да роспачы?

І гэта ў той час, калі столькі хацелася б яшчэ напісаць. П’есы, п’есы, п’есы! Калі за іх вазьмуся, Божа?

“Полымя” дало рэкламу ў сёмы нумар на мае “Песні прапашчага”. У пачатку жніўня я павінен іх здаць у рэдакцыю. Гэта будзе пачатак цэлай кнігі, калі хопіць духу. Хлопцы (Законнікаў і Пісьмянкоў) вельмі заінтрыгаваліся, калі я раскрыў ім усю задуму. А мне страшнавата, хоць тое, што ўжо наспявалася, здаецца, гучыць. Магчымасці “жанру” — сучаснага “гарадскога раманса” — бачу вельмі вялікія. У нас да гэтага песеннага фальклору яшчэ ніхто не дакранаўся. Вельмі рызыкоўная справа. Небяспека сарвацца ў прымітыў, у пародыю на “раманс”. Упершыню — не пішу, а наспеўваю. Як бард.

14 ліпеня. Хадзілі з Г.Д. Карпенкам да Я. Будзінаса, у яго офіс — наконт выдання зборнічка маіх найноўшых публіцыстычных вершаў. Ідэя гэта належыць Г. Д. — прыйшла да яго, калі прачытаў у “Народнай волі” маю “Травеньскую Кантату”. Ён жа знайшоў і фундатара, згоднага фінансаваць выданне. Я. Будзінас сустрэў ветліва, але спытаў: я буду выдаваць (а г. зн. браць усю адказнасць на сябе) ці толькі друкаваць, а выдаўцом-заказчыкам будзе нехта? Папрасілі яго знайсці такога выдаўца (з ліку тых, што самаліквідуюцца і ім “ужо не страшна”) або быць і выдаўцом і друкаром самому (узяць адказнасць за выданне на сябе). Мяркуючы па тым, як доўга расказваў ён пра цяжкае жыццё фірмы, як яго заціскаюць і душаць падаткамі, дзесяткамі рэвізій і іншых праверак, я зразумеў, што спадзяванне наша марнае. Асабліва баіцца ён блізкай перарэгістрацыі выдавецтваў. Адным словам, пачынаецца эпоха “пісання ў стол”, у прыскрынак.

20-га ліпеня. Быў на Лысай гары, у Яўгена Лецкі, на сустрэчы (застольнай) з амерыканскімі беларусамі. Былі таксама Шарэцкі, Шушкевіч і Бураўкін. Двойчы давялося ўзяць слова: “Расказвайце ў свеце праўду пра Беларусь!..”

Шарэцкі пахваліўся, што заканчвае публіцыстычную кнігу пра гістарычны шлях Беларусі. Заінтрыгаваў! А я ўсё не магу забыцца, як яшчэ зусім нядаўна, стаўшы спікерам, ён грымеў з трыбуны: “Нацыяналізму мы не дапусцім!”.

Туды і назад мы з Бураўкіным ехалі ў машыне Шушкевіча. За рулём быў гаспадар і цэлую гадзіну блукаў між дачамі, шукаючы пісьменніцкую Лысую гару. Хапіла досціпаў і смеху.

26-га ліпеня. Другі З’езд беларусаў свету адкрыў Р. Гарэцкі. Першым са словам прывітання выступіў В. Быкаў — коратка і... на гэты раз досыць фармальна, як дзеля адчэпкі. Пабыў ён толькі да перапынку, быў зусім не ў гуморы. Доўга гаварыў Б-н; далі слова для прывітання ад ТБМ, а на справе зрабіў садаклад аб становішчы мовы і Таварыства. Увогуле добра, але адным уразіў: “Паважаны А. Р., не падпісвайце вы паперкі, якія вам падсоўваюць саветнікі” і г. д. Карацей, цар — што трэба, а вось акружэнне ў яго дрэннае... Ах, як жа гэта знаёма мне! Яшчэ з тых часоў. Абавязкова — “закінуць наперад”, каб мець шлях да адступлення.

Я гаварыў другім пасля перапынку. Усё пра тое ж і вельмі катэгарычна. Ніякіх уступак ворагам беларушчыны і нашай дзяржаўнай незалежнасці!

Хораша — у гэтым жа духу — выступіў пасля мяне Іван Драч. Бліскуча і вельмі эмацыянальна гаварыў Аляксей Каўка. Гэтаксама — Юр. Хадыка. Былі і прамовы запрошаных канторай Л-кі (з Прыднястроўя, з Харкава). Настолькі антыбеларускія, што ў зале свісталі, крычалі, ляпалі — гналі прэч са сцэны. Бедны Гарэцкі з цяжкасцю супакойваў. Сам ён даклад зрабіў добры, з акцэнтам на гаротным становішчы беларускай мовы.

Вечарам з украінскімі гасцямі (Драч і Шакала) сабраліся ў сябра. Быў і Барадулін. Пасля якогась там кілішка, гаспадара “прарвала”. Аказваецца, іменна я заваліў яму пасля службы ў ААН кар’еру! Думаў, што ўдарыць — так люта крычаў на мяне. А я і думаць не дадумаўся б, што маю гэткую віну перад ім. Так і сказаў яму. Вечар быў сапсаваны канчаткова. Надакучыла за доўгія гады-дзесяцігоддзі бачыць яго пакуты з-за недасягнутай жыццёвай мэты і пры гэтым адплёўвацца ад бруду, якога я зусім не заслужыў. Так, я ніколі не браў да сэрца яго клопат пра кар’еру, думаў, для паэта наогул лепш без дзяржаўнай службы, сам вельмі пакутаваў у службовым ярме. Але іншым — не перашкаджаў.

27-га ліпеня. Закончыўся З’езд. Зноў выбраны ў Вялікую і Малую Раду “Бацькаўшчыны”. У канцы дня пайшоў з украінцамі — дзеля іх — на вячэру, аб чым вельмі шкадую. Дзікае п’янства галодных людзей. І я сярод іх — на роўных. Агідна!

Паехалі ў гасцініцу і пасядзелі гадзіну там за пярцоўкай. У суме выйшла занадта.

28-га ліпеня. Сёння Гэны прымаў групу дэлегатаў З’езду — тых, што ўхваляюць яго палітыку, яго курс на ліквідацыю дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Тэлепанарама паказала яго прамову. Паабяцаў перакроіць “Бацькаўшчыну”. І выдаў поўнаю мерай Нілу Гілевічу. Персанальна. Назваў “яркім прыкладам” паэта-палітыкана, які піша пасквілі на прэзідэнта, замест таго, каб... “Замест таго” — не можа, спісаўся, і наогул — бяздарны. Славіў Сталіна ў вершах. “Мы яшчэ разбярэмся, чаму такія ў падручніках, няма ім чаго там рабіць”.

Вось такім абзавёўся я страшным крытыкам. Цяпер ужо зусім зразумела, што мяне чакае ў бліжэйшыя гады, як будуць выдавацца мае кнігі і як будзе падавацца публічна маё імя. Калі ўвогуле не здарыцца самага горшага. Ну, што ж, не з мяне пачалося. Хай драпежаць. Іншым я ўжо не стану. І маўчаць не збіраюся. Пакуль жывы і не выпала з рук пяро.

29-га ліпеня. Занёс Сярэдзічу сваю прамову на З’ездзе беларусаў свету. Хачу, каб ведалі маю сённяшнюю пазіцыю — нязменную! — і тыя, хто на З’ездзе не быў. Ніводзін жа сродак масавай інфармацыі і слова не сказаў, пра што гаварыў гэты раз Н. Г.

2-га жніўня. “Звязда” апублікавала маё кароценькае слоўца пра Янку Брыля. Вядома, пра гэтага майго старэйшага сябра я мог бы сказаць многа — і як пра пісьменніка, і як пра чалавека; абмежаванне вымушанае — прасілі не больш паўтары старонкі. Пра Брыля-пісьменніка паспрабаваў сказаць нешта істотнае, самае галоўнае.

4-га жніўня. Занёс у “Полымя” — па ранейшай дамоўленасці з Законнікавым — першыя 10 вершаў з кнігі “Песні прапашчага”. У пакоі рэдактара заспеў В. Казько. Пасвяціў і яго ў сваю рызыкоўную задуму. Давялося некалькі рэчаў прачытаць-праспяваць уголас. Усе — і Законнікаў, і Казько, і Пісьмянкоў — ухвалілі і задуму і выкананне. (Казько: “Такога Гілевіча яшчэ не чытаў, гэта нешта новае...”). І ўсё ж — вельмі-вельмі трывожна. Хоць нутром адчуваю — шлях верны.

5-га жніўня. Ездзілі з Р. Гарэцкім віншаваць Янку Брыля. У яго Крынічнае, дакладней — на яго хутар, каля Крынічнага. Былі з намі і Г.Р. з Н.І. Паехалі, на жаль, акружным шляхам, праз Мір, ад Турца ўвесь час перапытвалі дарогу і блукалі. Янка, хоць і моцна стомлены ўчарашнім днём (госці з Мінску, з Карэліч, шумелі да поўначы), шчыра ўзрадаваўся нашаму прыезду. Колькі гадзін прабегла няўзнак у нязмушаных цікавых гутарках — спачатку ў двары пад векавою ліпай, а затым — у хаце. У кампаніі з Брылём не засумуеш. Дача яго не Бог ведае што — звычайная хата, адно што цагляная. У мансардзе — больш чым сціплы яго рабочы габінэт, да таго ж — цемнаваты; там і ложак, дзе ён адпачывае (увесь ніз у доме заняты дзяцьмі і ўнукамі). Ад кіраўніцтва дзяржавы віншавальную тэлеграму Брылю прыслаў Лінг, але Янка вельмі хвалюецца, каб не дай бог задумаў узнагародзіць яго Гэны. Сказаў, што падрыхтаваў — на такі выпадак — адкрыты ліст Гэнаму з тлумачэннем, чаму ён адмаўляецца ад ягонай ласкі. Я стараўся пераканаць Янку, што ён непакоіцца дарэмна: ніякай узнагароды яму не будзе: “Ты кепска ведаеш гэтых людзей. Іх нянавісць да беларускай інтэлігенцыі такая лютая, што не пакідае для розуму ні трохі месца, асляпляе іх канчаткова”. Бачна, што Янка не хацеў бы, каб дайшло да публічнага ліста. “Я не за сябе баюся, — сказаў, — а за дзяцей і ўнукаў”. Ну, так, за сябе і я ўжо не баюся, але і ў мяне ёсць сын, і ён ужо церпіць з-за бацькі. Успомнілася: калі В. Тарас прыпісаў мне атрыманне ласкі ад Гэнага — я тут жа абвергнуў гэта ў газеце.

Сёння “Народная воля” апублікавала маё выступленне на З’ездзе. Выдатна! Мне сядзець як мыш пад памялом нельга.

Па дарозе да Брыля, у машыне, Р. Гарэцкі расказаў падрабязна, як Гэны прымаў 28-га групу “беларусаў”. Кожнаму ўручыў гадзіннік “ад прэзідэнта РБ” і даў ім шыкоўны абед. А Гарэцкага на сустрэчы абразіў, сказаў: гэтыя гарэцкія, баршчэўскія і іншыя (дзіўна, што Р.Г. сцерпеў і не бразнуў дзвярыма! От ужо беларусы!).

14-га жніўня. Нейкія няплённыя дні! Ужо больш тыдня нічога не раблю, ні радка не напісаў. Адно трохі чытаю. Ночы бяссонныя, з-за чаго ўдзень непрацаздольны. Штодня езджу за “горад”, памагаю Ніне саліць агуркі. Буду лічыць, што гэта адпачынак.

16-га жніўня. Дзень прайшоў на Лагойшчыне, у Рудні, у летніку “Яднанне”, дырэктарам якога Я. Лецка. Ён і запрасіў, і арганізаваў сустрэчу дзяцей з маёй міласцю. Сам ён паехаў зусім хворы, атручаны грыбамі. За рулём быў мастак У. Крукоўскі, пасажырамі — Купава і Шатэрнік (у летніку іх дзеці). Вяла сустрэчу нястомная і ўсюдыісная Ан. Хатэнка — як заўсёды лірычна і ўзнёсла. Гадзіны дзве гаварыў, чытаў, ды яшчэ з гадзіну падпісваў кнігі (у асноўным “Талісман” і “На высокім алтары”).

17-га жніўня. Ці не прагучыць яшчэ адна “Кантата”? Нечакана папёрлі задумы новых іранічна-злосных і горкіх вершаў. А думаў, што ўжо ўсё — за вершы доўга не вазьмуся: выгаварыўся, адспавядаўся, памаўчу хаця б да восені.

1-га верасня. Сказаў слова і прачытаў верш перад школьнікамі на плошчы Коласа — у гонар Новага навучальнага года і Дня ведаў. Падпісаў колькі дзесяткаў кніг, у тым ліку Першы том Збору твораў. Думаў, дзеці самі куплялі, аж гэта іх узнагародзілі ў школе за выдатную вучобу. Былі Зуёнак і Далідовіч. Дадому прынёс вялізны ахапак кветак.

6-га верасня. Былі з Нінай на вячэры ў пасла Балгарыі Марка Ганчава, у Драздах, у кафэ. Толькі Ганчавы і мы. Даведаліся, што прыязджала Мінка Найдэнава, на астатак багажу (сам Найдэн, відаць, з крыўды на Марка і наогул — не паехаў). Мінка нам не пазваніла нават. Чаму? У нас — трыццаць пяць гадоў дружбы.

Гутаркі за сталом не адбылося. У мяне такі настрой, што на па- бочныя, чужыя праблемы мяне не хапае — увесь у нашым беларускім горы.

А павінен быў я сёння быць у Клецку — у гонар Дня пісьменства і друку! Настойліва запрашалі — і я даў згоду. На вялікую сустрэчу ў Доме культуры. Ажно запрашалі людзі, якія не ведалі, што ўжо мяне запрашаць нельга, і галоўны клецкі вертыкальшчык сустрэчу адмяніў, аб чым і паведаміла мне ўчора Ядзвіга Пятроўна з БП СПБ. Так што — пачалося! У Лагойску “адчыталі” завуча з Гайны, што наладзіў сустрэчу са мной (у маёй роднай школе!), у Клецку адмянілі наогул. Няцяжка прадбачыць, што яшчэ мяне чакае, што яшчэ абрынецца на мяне (а то і на маю Ніну Іванаўну).

10-га верасня. Званіў Зм. Санько, каб я тэрмінова зрабіў анатацыю на зборнік “Ёсць зямля”. Зраблю, вядома, а вось калі зборнік выйдзе, і ці выйдзе ўвогуле, — не ведаю, дагэтуль пэўнасці няма.

З музея Я. Купалы запрасілі на вечарыну П. Панчанкі, падкрэслілі, што вельмі просіць сям’я Панчанкі, Зоя Кірылаўна. Гатоў бы з вялікай радасцю прыняць удзел у вечарыне, але ж яна назначана на 30.09. А хто ж будзе ў гэты дзень у мяне дома прымаць гасцей — у гонар дня нараджэння раба Божага Ніла?

16-га верасня. У сем раніцы выехаў у Зэльву — па просьбе Г.А. Дзягілевай, — вярнуўся ноччу. Адбыліся там, на Зэльвеншчыне, тры сустрэчы, — у Дзярэчынскай СШ, у Залацеўскай СШ, у раённым Доме культуры. У ДК Зэльвы прыйшло не больш як 30 чалавек. І ніводнага “вертыкальшчыка” вышэй за пасаду загадчыка аддзелам культуры. Гэта — на сустрэчу з Народным Паэтам Беларусі! Калі, у якія часы нешта падобнае магло быць? Бедная Дзягілева са сваім “Знічам” (вылеціць у трубу!), бедны Ніл Гілевіч, бедная Беларусь!

17-га верасня. У 12.00 быў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі М. Танку на доме, у якім ён апошнія 19 гадоў жыў. У сцэнарыі было запісана, што дошку адкрываюць народны пісьменнік І. П. Шамякін і старшыня СПБ В. Зуёнак. Прадстаўнік Мінскага ГВК так і аб’явіў. Аказалася — І.П. Шамякіна няма — спазніўся! Выйшла замінка. У натоўпе загукалі: “Ніл Гілевіч! Народны паэт Ніл Гілевіч!” Прадстаўнік падышоў да мікрафона і абвясціў: “Ніл Сымонавіч Гілевіч”. Так я быў “уганараваны” — адкрыў Дошку Максіму Танку. Пасля мне далі і слова, да якога я дома трохі і рыхтаваўся. Казаў пра Максіма Танка як пра вялікага паэта не толькі ў беларускім, але і еўрапейскім і нават у сусветным маштабе. Здавалася б — зусім у духу афіцыйнай ацэнкі. Аднак вечарам беларускае тэле, даўшы добрых мінут пяць на гэту ўрачыстасць, нават не паказала мяне — ні як я адкрываю Дошку, ні як я выступаю са словам пра Танка. І пасля гэтага будуць гаварыць пра адсутнасць гвалту над свабодай слова ў Беларусі.

Пасля адкрыцця Дошкі быў на сустрэчы з настаўнікамі г. Мінска ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Сустрэча аказалася на рэдкасць цікавай, слухалі як любімага чалавека, іншы раз нават са слязамі на вачах (калі чытаў вершы пра маму).

19-га верасня. Двайная радасць: у “ЛіМе” восем маіх вершаў, і ў заўтрашняй “Народнай волі”, якую ўжо мне далі ў рэдакцыі, — шэсць. Усе напісаны ў верасні. І гэта яшчэ не ўсё: некалькі вершаў у стадыі завяршэння, якія хачу прапанаваць “Звяздзе”. Даўно не было такога ўраджаю! Але што скажуць тыя, што прачытаюць?

20-га верасня. Быў на спектаклі па п’есе Аляксея Дударава “Князь Вітаўт”. Робіць моцнае ўражанне. Сказаў Дудараву: яшчэ пяць такіх п’ес — пяць такіх спектакляў — і беларусы будуць ведаць сваю дзяржаўную гісторыю ў яе самых важных, вузлавых момантах. А гэта тое, чаго беларусам усё яшчэ страшэнна не хапае.

30-га верасня. “Звязда” дала чатыры вершы ў гонар маіх дзвюх шасцёрак (66!). Вельмі рад, што не памесціўся пяты (“Песня курдаў”), бо позна заўважыў, што ў яго тэкст трэба ўмешвацца, грубую рыфму выкідаць вон. На шчасце — не памесціўся, і цяпер я яго падшліфую.

Прыходзілі з Музея гісторыі беларускай літаратуры — Л. В. і З. Л. З кветкамі і цукеркамі. Заходзіў Матукоўскі. Пачаставаў і яго віном. Вельмі рэзка ён крытыкаваў В.Р. — за “убейства тэатра”. “Правільна ты ў свой час казаў мне: ён угробіў тэатр, які перастаў быць і нацыянальным і акадэмічным”. Так, я гэта казаў, і не раз, многім казаў, таму ж І. І. Ваш-чу яшчэ ў 1992 годзе. Ну і што? “А Васька слушает да ест”. Некаму вельмі трэба, каб Купалаўскі тэатр — наш нацыянальны гонар — быў угроблены. Матукоўскі забраў у мяне пераклад камедыі М. Эрдмана “Самазабойца”: мае намер дабіцца яе пастаноўкі ў тэатры. Варта было б! Дарэчы, як пачынаў Эрдман у 20-х, будучы зусім маладым (“Мандат”, “Самазабойца”), і да чаго пазней скаціўся (“Веселые ребята”, “Смелые люди” — яго сцэнарыі). Божа ты мой, што рабіла сталіншчына з пісьменнікамі, з мастакамі!..

Вечарам было застолле. Адны свае — родзічы. Шмат пілі і елі. Было ўтульна і весела. На жаль, імяніннік па-ранейшаму сілы свае не разлічвае. Мог бы за пляменнікамі — як за камсамолам — і не гнацца.

1-га кастрычніка. Учора віншавальных званкоў мне было нашмат больш, чым я разлічваў. Апрача мінскіх, званілі сябры і знаёмыя з Докшыцаў, з Хойнікаў, з Маладзечна, з Кушлянаў, з Віцебску, з Жодзіна... Пазваніў і вельмі сардэчна павіншаваў (і вельмі пахваліў вершы!) Васіль Быкаў. Хораша пагаварылі. А вечарам прыйшлі Марка Ганчаў і Ан. Вярцінскі. Абодва з жонкамі. “Сустрэча прайшла ў шчырай сяброўскай атмасферы”, так, здаецца, пішуць у друку. Анатоль чытаў уголас мае апошнія вершы. Дзякую, дружа! Можа, і яшчэ што накрэмзаю.

2-га кастрычніка. Выступіў з віншавальным словам (па сутнасці — зусім не святочным) на ўрачыстым закрыцці конкурсу “Крыштальны журавель” (педагагічнае майстэрства настаўніка). Паказальны факт: 20 пераможцаў і сярод іх — ніводнага выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Па гэтых прадметах майстроў не знайшлі. Добра ж шукалі!

А 14-й ужо быў на геафаку БДУ — па просьбе Л.У. Хрышчановіч. Сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі. Цягнулася каля дзвюх гадзін. Было шмат сур’ёзных пытанняў. Студэнты дэкламавалі мае вершы. Уражанне самае добрае: будзем жыць! Моладзь (геафака!) настроена вельмі патрыятычна.

4-га кастрычніка. Закончыўся З’езд настаўнікаў. На душы — сумна і горка. Гэны цынічна заявіў, што Ш. сам не хоча пакідаць турму — і ў зале дружна зарагаталі і запляскалі. Настаўнікі!

Ніводнаму дзеячу беларускай культуры слова не далі. Ці былі яны ў зале наогул? Ніводнага патрыятычнага пісьменніка не запрасілі. Не патрэбны. Быў адно Бураўкін, але як кіраўнік ТБМ, і яму слова не далі, хоць і прасіў. Ні ў дакладзе, ні ў адной прамове пра беларускую літаратуру — ні слова. Пра галоўны прадмет маральна-эстэтычнага выхавання! Успомніў выдатнае слова Твардоўскага на з’ездзе настаўнікаў Расіі. Якія ж сілы стаяць у нас на чале асветы, адукацыі, культуры — і куды яны могуць завесці нашу няшчасную школу?

8-га кастрычніка. Юбілейны вечар Панчанкі (80). Пайшоў, канешне. Вялікая зала ДЛ перапоўнена. У асноўным — студэнцкая моладзь. Перад пачаткам сутыкнуўся з Бураўкіным. Аказваецца, ён вядучы вечара. Не прапанаваў мне выступіць, чым я быў вельмі здзіўлены. Ён жа чытаў мае артыкулы пра Панчанку, ведае пра нашы ўзаемаадносіны (асабліва пасля публікацыі лістоў П.Е. да мяне). Такой бяды, думаю, праглынём. Выступяць без мяне выдатныя паэты і пісьменнікі. Аж выступіў адзін Аўрамчык. І ўсё! Ні Быкаў, ні Барадулін, ні Зуёнак, ні Вярцінскі, ні Сіпакоў... Тут я і не стрываў, і калі Бураўкін выйшаў закрываць вечар — сам папрасіў у залы слова. Папракнуў упачатку, што арганізатары вечара на мяне забыліся. Затым гаварыў пра чорныя сілы, супроць якіх усё жыццё змагаўся Панчанка, пра тое, што галоўны матыў яго паэзіі — Боль. Боль, боль і боль — ва ўсіх вершах ад сярэдзіны 50-х да канца яго жыцця. Амаль за кожным радком — Боль. І яго палымяны гнеў — таксама ў Болю. Зала ўспрыняла маё выступленне найлепшым чынам, з доўгімі авацыямі — аж вельмі няёмка было. І што ж? Вылез Бураўкін і даў мне адлуп: “Ніякіх чорных сіл у СП (?) няма, а ўсіх паэтаў у праграму вечара не ўставіш — ёсць законы жанру, кампазіцыі... ” Так і сказаў. Аказваецца, бяздарны, абразлівы для памяці Панчанкі вечар, — па законах жанру! Аказваецца, я меў на ўвазе нейкія “чорныя сілы” ў СП! Ну, Бураўкін, ну маніпулятар! Пазнаю, пазнаю, цябе, таварышок!..

10-га кастрычніка. Кончыў перадрукоўваць п’есу “Паданне”, вычытаў і папрасіў пляменніка Сашу завезці ў Міністэрства культуры — сёння апошні дзень конкурсу. Праз гадзіну ўжо шкадаваў, што палез у гэту “кучамалу”. Як уявіў, колькі там прымае ўдзел маладых ваўкоў, у тым ліку таленавітых, зразумеў, што зрабіў, на ганьбу сівой галаве, глупства. Паквапіўся, што называецца. Калі ўжо рызыкаваць — дык трэба змайстраваць рэч адмысловую.

13-га кастрычніка. Цэлыя дзве гадзіны гутарыў, перасыпаючы “прозу” вершамі, са студэнтамі і выкладчыкамі педагагічнага каледжу. Уражанне ад аўдыторыі — самае лепшае. Ёсць беларуская моладзь, ёсць! Ёсць маладая нацыянальная інтэлігенцыя, будучыня нашай культуры! На зло ўсім нягоднікам-далакопам — будзем жыць!

А яшчэ думаў, вярнуўшыся дадому, пра тое, як шмат залежыць ад кіраўніцтва навучальнай установы, ад педагагічнага калектыву. Паздароў, Божа, цябе, Аркадзь Адамавіч, і тваіх паплечнікаў!

14-га кастрычніка. Ездзіў на магілы родных. Убачыў — і заплакаў. Божа, і чаму я пры іх жыцці так мала даражыў імі! Так мала ўдзяляў ім душы і сэрца!

Доўга сядзелі ў Ліны. Паміналі, пілі. Тым больш, што сёння Пакровы.

15-га кастрычніка. З 11-ці да 14-ці — на сустрэчы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў БДМГБЛ-ы. Калі і адчуеш раптам, што хочацца жыць і што ёсць сэнс жыць — дык гэта ў такім выпадку, як сёння. Мілыя мае, дарагія мае, залатыя мае настаўнікі! Якое шчасце, што вас так многа — светлых, чыстых, сумленных, можа і наіўных, можа і празмерна рамантычных, але ж гэта сто разоў лепш, чым цынічныя прагматыкі.

16-га кастрычніка. Званіў Паўлаў У.А. з СП, сказаў, што 27-га пачнуцца Дні балгарскай літаратуры ў Беларусі, што прыедуць зноў Н. Вылчаў, Ст. Паптонеў... Божа прамілы! Добрыя гэта хлопцы, і хай жыве беларуска-балгарская дружба, — але што мне рабіць з сабою, са сваёй душой, якая ніколі ўжо не вернецца, не павернецца да майго балгарскага мінулага? Хоць бы быў жывы Андрэй Германаў, — можа б ён падказаў што мудрае?!

17-га кастрычніка. Хоць праз не магу, але ўсё ж схадзіў на спек­такль Бялыніцкага народнага тэатра “Канвеер”. Аўтар п’есы малады дра­матург Міхась Карпечанка, пастаноўшчык і выканаўца галоўнай ролі следчага — В. І. Ермаловіч. На маю думку — выдатны і вельмі патрэбны спек­такль.

Пасля пастаноўкі трохі затрымаліся на вечарыне ў гонар сталічнай прэм’еры. Быў В.Ф. Карамазаў, які папрасіў мяне “не варушыць мінулае”. Ды, здаецца, я і даўно забыў на тое. Быў і Я. Міклашэўскі, сказаў, што я пішу ўсё лепш і лепш. Дзякую, братачка! А С.І.Г. па дарозе дадому замучыў споведзямі аб сваіх крыўдах. У тым ліку на Вільтоўскага, які — яму “не даў, а сабе адхапіў”. У які раз давялося спытаць: “А вы хацелі б тры гады з дня ў дзень даглядаць бездапаможную Т.М. Гаўрук, — дзеля яе дохлай хрушчоўскай дзвюхпакаёвачкі?” У які ўжо раз!..

Пасля спектакля былая ЗК, знаёмая Сяргея Грахоўскага, чытала мне мае вершы — па памяці: “...сцерпяць людзі нашы ўсё — апрача несправядлівасці”. І на развітанне — ужо пасля вячэры — паўтарыла гэта ж. Дарэчы, гэты верш — “Нашы людзі” — апублікаваны яшчэ ў 1993 годзе (“Нар. газета”), я чамусьці не ўключыў ні ў зб. “На высокім алтары”, ні ў “Талісман”. Здаецца, і ў 2-гі том “Збору твораў”. Ці не дарэмна?

20-га кастрычніка. Цэлы дзень на канферэнцыі “Публіцыстыка Янкі Купалы”. Выступіў з дакладам “Пуб-ка Янкі Купалы і сучаснасць”, які закончыў пісаць толькі ў тры гадзіны ночы. Бачыўся і трохі перакінуўся словамі з Кіпелем (у прыватнасці, наконт сучаснай “Нашай нівы”, яе назвы; ён цалкам згодзен са мной, што гэта было неразумна, прэтэнцыёзна. Ведае ён і пра здзеклівыя адносіны “нашаніўцаў” да мяне). Зора Кіпель выказала мне сваё захапленне маімі публікацыямі ў абарону вольнай Беларусі і беларускай мовы. Ну, што ж, нарэшце пачынаюць адкрываць і разумець мяне Там, за акіянам. Падарыў Кіпелям першы том Збору твораў і “Любоў прасветлую”, якой яны асабліва ўзрадаваліся. Кіпель яе ўжо чытаў.

21-га кастрычніка. Працяг Канферэнцыі. Выступіў у дыскусіі наконт: а) куміраў Купалы, б) хто выкінуў Гаруна з “ЛіМБела”, в) наконт неадкрытых твораў Купалы і інш. Уражаны дакладамі маладых (Ус. Рагойша, Зм. Санюк) і маіх былых студэнтак (Л. Тарасюк, Г. Тычка).

Малайцы! Радуюся. І на душы трохі лягчэй робіцца. Не загінем!

22-га кастрычніка. Быў на вечарыне памяці А. Адамовіча. Добра гаварылі пра яго паплечнікі і вучні, асабліва В. Дашук. Пісьменнікаў у перапоўненай зале — 5-6, не болей. Ні Быкава, ні Барадуліна, ні Бураўкіна, ні Казько... Ну, Брыль — хворы, а астатнія?

Агульны тон прамоў: Адамовіч — вялікі, вялікі ва ўсіх іпастасях. Нават у той, што ён, апрача як крытыку (і то не ўсю) — па-беларуску не пісаў. Нават у тым, што памёр, спрачаючыся за маёмасць маскоўскага Літфонда, а не за Беларусь і беларускую мову. Зноў і зноў падкрэслівалі, што з Беларусі яго выгналі, але не кажуць: хто?.. Як на маё разуменне, дык гэта постаць трагічная. Рэдкі розум і крытычны талент, а да Беларусі — па-сапраўднаму, па самым вялікім рахунку — так і не дайшоў.

Вечарам з дому пазваніў Быкаву. Аказваецца, яму блага было, пры-ступ удушша, пайсці ў ДЛ, зразумела, не мог. Распытаў мяне пра вечарыну. Трохі пагаварылі пра “халеру ў Адэсе”. Настрой у яго — ніякі.

24-га кастрычніка. Быў на юбілейнай урачыстасці Нацыянальнай Бібліятэкі. Узровень — зусім не адпаведны. Божа мой! 75 гадоў галоўнаму цэнтру Нацыянальнай Культуры — і нават ніводнай кінакамеры, каб хоць адзін кадр зрабіць для тэлепраграмы! Для гісторыі. І для тысяч-тысяч чытачоў, якія праз экран змаглі б адчуць дух Свята Культуры, дух урачыстасці, святло і веліч Кнігі. У гэтым факце — як у кроплі расы свет — уся культурная палітыка сённяшняй “вярхушкі”.

Бачыўся (сядзелі побач) і трохі пагаварыў з Я. Вайтовічам. Ён усё яшчэ не траціць надзей, што мая кніжачка ў Літве выйдзе. Сказаў, нарабіла гвалту, даведаўшыся аб гэтым, нейкая Голубева — і ён спужаўся, і ўсё прытармазілася. Трэба вычакаць.

25-га кастрычніка. Ездзіў у Радашкавічы, на юбілей. Мітынг і ўсе відовішчы былі на плошчы. Змёрз — як цюцька. Выступаў — дрыжэла ўсё нутро і палясквалі зубы. Перадаў мясцовай бібліятэцы — у гонар юбілею — сем сваіх кніг, у тым ліку двухтомнік і “Любоў прасветлую”. Пра мяне там не забыліся, помняць добра і запрашаюць прыязджаць. Бачыўся з Альб. Іос. Дабранскім, трохі расказаў, як ён “арганізоўваў” маю перамогу на выбарах — у 1990. Я гэта адчуў і зразумеў яшчэ тады.

26-га кастрычніка. Заходзіла Кл. Ів. Бараноўская, аднакурсніца. Жыве на Віцебшчыне. І яна пацвердзіла тое, аб чым ужо мне паведамілі многія настаўнікі і выкладчыкі ВНУ: Ніла Гілевіча з вучэбных праграм тэхнікума выкінулі! Як сказаў бы Брыль: дагаўкаўся. Ды і дэмакраты пастараліся: дохлую паэму пра Луку-прэзідэнта падпісалі прозвішчам Ведзьмака Лысагорскага, а паколькі гэта імя прыкладаюць да мяне, дык і гэту “паэму” аднеслі на мой рахунак, хаця яна зроблена зусім не на маім узроўні, і мяне як паэта гэта абражае.

27-га кастрычніка. Спектакль “Не праклінай, што я люблю” ў Чырвоным касцёле. Гледачы — сябры Беларускай хаткі, дык атмасфера ў зале была самая цёплая. Пасля спектакля чытаў вершы. А пытанняў, што мяне здзівіла, амаль не было. Прысутнічалі С. Грахоўскі і М. Ермаловіч, абодва выступілі і прачыталі свае вершы, пра спектакль — толькі мімаходам. С. І. так і не набярэцца мужнасці паглядзець на мяне як на паэта іншымі вачыма — адно помніць, што ён старэйшы, што я быў “малады, кучаравы”. Пахваліў маю грамадзянскую пазіцыю, смеласць, актыўнасць і нават засцярог ад празмернай рызыкі (“са свайго горкага вопыту” — зазначыў).

Артыст Лявончык быў у выдатнай форме, і ўсё ж: як не супадаюць у многіх мясцінах яго і мае акцэнты, як па-іншаму многія-многія радкі “Дзяцей” вымаўляю я! Нічога не зробіш, у яго сваё прачытанне, на якое ён мае права.

28-га кастрычніка. Быў на сустрэчы з балгарамі — удзельнікамі Дзён балгарскай літаратуры і мастацтва ў Беларусі. Пайшоў з цяжкім сэрцам, вярнуўся дадому яшчэ з цяжэйшым. Як жа гэта ўсё ў маім жыцці атрымалася? Як я мог так неразумна распарадзіцца сабою? Навошта мне яны — усе гэтыя людзі, калі бачу і ведаю, што яны на службе расійскай палітычнай паліцыі і працуюць дзеля свайго хлеба, што ўсе яны за Саюз і за ліквідацыю незалежнай Беларусі!..

6-га лістапада. Пазванілі з пасольства Турцыі: незадаволены маім вершам пра курдскіх патрыётаў, сказалі, што курдскія сепаратысты могуць скарыстаць яго ў антытурэцкіх мэтах.

Ну і ну! Яшчэ не хапала мне клопату! Патлумачыў, што гэта паэзія, што курды ў вершы — хутчэй метафара, бо верш нельга вырываць з кантэксту маёй палітычнай лірыкі ў абарону нашай свабоды, у абарону незалежнай Беларусі. Тым не менш, прыслалі мне брашуру пра курдскі экстрэмізм у Турцыі — каб ведаў і не пісаў абы-што!..

13-га лістапада. Быў на сустрэчы з настаўнікамі Міншчыны — у абласным ІПК. Наладзіў сустрэчу гарачы сябра беларускай літаратуры, стары мой знаёмы М. У. Грудзінскі. Як і заўсёды, размова была шчырая, даверлівая. Добрыя, мілыя людзі — беларускія настаўнікі. Вось толькі Бог долі не дае — ні ім, ні мне, ні ўсёй нашай няшчаснай Беларусі.

17-га лістапада. Хадзіў у МГБЛ на адкрыццё выставы П. Панчанкі. Давялося сказаць слова пра П.Е. (у кампаніі з Вярцінскім, Зуёнкам, Законнікавым). Выстава — удалася: цікавая і змястоўная (аўтары — Л. Макарэвіч і Р. Чысты, мастак). Добрую справу робіць Музей!..

26-га лістапада. Вёў вечар Я. Коласа ў ДЛ, прысвечаны 115-й гадавіне паэта. Сказаў і сам слова — не вельмі ўдалае, бо не сабраўся з думкамі. Перад гэтым цэлую гадзіну гаварыў для радыё пра Жэню Янішчыц, — так неразумна сумясціў на адзін вечар і тое і другое. Хіба пасля ўспамінаў пра мілую Аўгіньку я мог засяродзіцца душой і думкамі на нечым іншым?

29-га лістапада. Хадзіў на ўрачыстасць: “600 гадоў пасялення татараў на Беларусі”. Лепш бы не хадзіў. Нават і з татарскага свята ў родным Мінску выйшаў апляваны, прыніжаны і абражаны! Божа прамілы, што ж гэта такое робіцца? У прэзідыум Вечара пасадзілі 10 чалавек — татары, рускія, украінец, яўрэй — і ніводнага беларуса! Амаль 2 гадзіны гаварылі прамоўцы, хвалілі другую Радзіму татараў Беларусь, дзякавалі беларускаму народу — і ніводнага слова беларускага! Ніводнага! У сталіцы дзяржавы! Гучала руская мова, татарская, турэцкая, польская — і ні слова беларускага!.. Нават лапаць з Іўя на “великом и могучем” выказаўся!.. Тры гады назад такога свінства не было б! Не пасмелі б! А сёння...

Назад вяртаўся з Гарэцкімі, зайшоў (пад вялікім націскам) да іх, смакавалі настойку (спецыялітэт Г. Р.), пілі чай. Добра пагутарылі. Быў і М.М.І. са Смаленска. Цікавы хлопец.

5-га снежня. Быў запрошаны на сёння: у Маладзечна на юбілей бібліятэкі, на Хельсінскі Камітэт у Мінску, на Раду “Бацькаўшчыны”, — нідзе не змог быць па стану здароўя. Хваробы не адпускаюць. Проста ў роспачы.

Выйшаў № 10 “Полымя” з маімі “Песнямі прапашчага”. Ці будуць успрыняты — адзін Бог ведае. Можа, і не будуць. Маладымі дык напэўна. Трэба ведаць “гэны” фальклор, а моладзь яго не ведае.

6-га снежня. Занёс у ЛіМ вершы, ажно 12, у тым ліку — сямірадкоўі. Апошнія ў гэтым годзе. Міколу вельмі спадабаліся. Б. Бур’ян вы­сока ацаніў мае “Песні прапашчага”, сказаў — эксперымент цікавы і ўдаўся, “хітры мужык” і “паэт-майстар” спалучыліся. Званіў Матукоўскі, таксама хваліў “Песні”.

12-га снежня. Быў на вечары У. Содаля, у музеі Купалы, зачытаў ягоны ліст да мяне з лютага 1957 года, з Мурманска. Ліст вельмі ўразіў прысутных. У 19 гадоў хлопец страшна перажываў за лёс беларускай мовы, беларускай школы. І выказаў свой боль мне — тады яшчэ маладому паэту, аспіранту.

Ці не апошняе маё публічнае — пры людзях — выступленне? Не толькі ў гэтым годзе, а наогул. Здаецца, досыць. Усё! Ніякіх прамоў. Ніякіх сустрэч. “На гэта звалі” — як любіць гаварыць Ніна. Усё!..

Званілі — раніцай — з “Беларускай маладзёжнай”, выказаўся наконт візіту расійскіх пісьменнікаў, наколькі яго мэта (аб’яднанне Саюзаў) засмуціла мяне.

17-га снежня. Аддаў Н. Семашкевіч рукапіс Другога тома. Цалкам перакантаваць не атрымалася, давялося вярнуць “Родных дзяцей”; адным словам, пакінуць у ранейшай кампазіцыі, адно толькі вершы абарваць не 93-м, як было, а 92-м (1977—1992). Значыць, калі ўвогуле не з’ядуць (а небяспека зусім рэальная!), то ў том трэці ўвойдуць вершы і паэмы 1993— 1998, у тым ліку кніга “Песні прапашчага”, паэмы “Не хварэй” і “Лодачкі” (над апошняй патроху працую).

Вечарам з пачуцця сімпатыі пайшоў на канцэрт барда А. Атаманава, хоць чуўся кепска. На жаль, узроўнем вечара расчараваны. Хлопец псуецца, пераймае горшае з сучаснай эстрады, танныя вульгарныя прыёмы пазабавіць публіку (“ну-ка носікам аб носік цярнёмся!”). А сур’ёзныя сучасныя песні не прагучалі (грамадска-палітычныя). Неблагі голас даў Бог, але, але!..

19-га снежня. “ЛіМ” апублікаваў маю падборку. Гэтым і закончыў свой паэтычны год. Сямейнікі, чыйму густу давяраю, ухвалілі. Што скажуць чытачы і сябры? — пабачым. Зрэшты, падборка тыпова мая, без нічога асаблівага.

23-га снежня. Сталі вядомыя вынікі конкурсу п’ес. Мне не дасталося нічога. Нават заахвочвальнай... Як і трэба было чакаць. Ну, нічога! Шкадую толькі, што ўдзельнічаў, што палез у гэты “рынак”.

24-га снежня. Атрымаў з Балгарыі пачак газеты “Български писател”. У газетах — маё выступленне ў СПБ на сустрэчы з балгарскай дэлегацыяй, інтэрв’ю і вершы “Сон”, “Мне столькі хочацца табе сказаць...” у перакладзе Алекавай... у вельмі ўдалым... Проста здзіўлены. Інтэрв’ю магло б быць больш змястоўным і сур’ёзным, асабліва першая палавіна. Гаварыў не для друку, для самой журналісткі.

У газетах — шмат цікавага з сучаснага літаратурнага жыцця Балгарыі, аб настроях пісьменнікаў, аб ідэалагічнай барацьбе (так, так!) у іх шэрагах. А імёны на старонках — у большасці знаёмыя. І фотаздымкі. Як усё-такі моцна ўросся я ў балгарскую літаратуру!.. І ад гэтага яшчэ больш горка і сумна.

27-га снежня. Наткнуўся на том Ластоўскага. Доўга гартаў, чарнеючы ад гневу на катаў-забойцаў. Успомніў і вечар у яго гонар у ДЛ, на пачатку лістапада. Пакуль я гаварыў пра яго — з болем, з жалем, — разоў пяць мяне перабіваў дзікім дурным крыкам адзін паэт. К. Цвірка не вытрываў, падхапіўся, крыкнуў: “Правакатар! Прэч!”. Між іншым, даўно заўважана: ён крычыць толькі ў час маіх выступленняў, ператварае залу ў балаган тады, калі я гавару або вяду вечарыну. Персанальна прыстаўлены?

Публіцы ў той раз я сказаў: “Бачыце: травілі, гналі пры жыцці, затравілі, знішчылі, паўвека хавалі ад людзей спадчыну, — мала! І мёртвага абражаюць, і мёртваму не даруюць! Вось што значыць у Беларусі любіць Беларусь і жадаць ёй свабоды!..”

Загрузка...