Альгерд Бахарэвіч


Жлобін, meine Liebe


Ёсць на Беларусі такія гарады, адны назвы якіх здольныя выклікаць самы сапраўдны страх.

Напрыклад, Жло…

Можна не працягваць. Бо ўжо страшна. Там, дзе “жло”, наогул цяжка чакаць нечага добрага. Так працуе падсвядомасць, так цябе навучылі – баяцца словаў, якія пачынаюцца з нявіннага, насякомага “ж”, цалкам сабе высакароднага “л” і нейтральнага “о”. Чужая музыка замінае пачуць сваю, чужая музыка не выключаецца:

Жло-о-обін.

Сам ты жлобін. Шторазу ў дзяцінстве, бачачы гэтае слова, ты адчуваў да жыхароў Жлобіна спачуванне. Здавалася, што жыць у Жлобіне – вырак, прысуд. Што гэта на ўсё жыццё. Бедныя жлобінцы і жлобінкі (якіх у самім Жлобіне чамусьці завуць жлабінчанкамі) – як ім там, напэўна, цяжка, амаль гэтаксама, як сталічнаму дзіцю цяжка ўявіць, што нехта можа жыць не ў Мінску. Жалобны Жлобін, жудасны Жлобін. У Адама Глобуса ёсць апавяданне пад назвай “Прымусь сябе жыць у Лагойску” – але Лагойск ніколі не выклікаў такога ірацыянальнага жаху, у ягонай назве чуецца нешта лагоднае і лянівае. А паспрабуй быць лагодным у Жлобіне…

Паспрабуй наогул там быць. Жыць і хацець чагосьці.

Жлобін перастаў для мяне быць дэманічным у адначассе. У той момант, калі я ўпершыню ўявіў сабе маладую жанчыну, якая ідзе па ягоных восеньскіх вогкіх вуліцах – маладую прыгожую жанчыну з такімі выразнымі скуламі, быццам на твары яе заўжды ляжыць цень няяснай трывогі, жанчыну ў шыракаполым мужчынскім капелюшы і чорным даўгім паліто, з вачыма, у якіх заўжды лістапад. Яна не хацела тут жыць. Але яна жыла тут і пры гэтым заставалася сабой – яна была неаспрэчнай і моцнай, яна існавала насуперак Жлобіну, і дзякуючы ёй існаваў ён сам. Напаўняўся людзьмі і вуліцамі.

Жанчына з’ехала адсюль, а Жлобін застаўся. З таго моманту, як я ўявіў сабе гэтую жанчыну, мне больш ужо не чуецца ў ягонай назве нейкае там “жло”. Цяпер Жлобін гучыць ужо не пагрозліва, а, хутчэй маркотна – як енк таварнага вагона, што коціцца некуды па рэйках, пусты і безнадзейны. Калі б яна не з’ехала, я б ніколі з ёй не пазнаёміўся. Калі б яна засталася, я б ніколі не пабачыў Жлобін жыўцом.

Нам са Жлобінам, лічы, пашанцавала. А на нечы слых і Мінск гучыць злавесна. Гэтым уражлівым істотам так і карціць назваць Мінскам штосьці нядобрае. Блэк-метал-банду, напрыклад, або кніжку вершаў. А жлобінцы глядзяць сабе галівудскія фільмы і ні пра што такое не здагадваюцца.

Некалі горад меў іншае мяно – Злобін. Паводле адной з версій, так гэтае месца назвалі плытнікі, бо надта ўжо злыя былі тут дняпроўскія парогі. Злобныя – як тыя жлобінскія гопнікі. Калі так, дык дняпроўскія плытнікі былі не абы-якія паэты. Паспрабуй быць паэтам у Жлобіне. У Мінску кожны дурань здолее, а ты ў Жлобіне паспрабуй.

Ёсць і іншыя версіі – напрыклад, такая: на тэрыторыі, дзе пазней паўстаў нязлобны Жлобін, хаваліся беглыя сяляне і арыштанты. Сядзелі ў лесе і пужалі грыбнікоў і паляўнічых. Як пабачаць якога грыбніка, дык выскокваюць і давай яму пысы курчыць. Таму і назвалі гэтае месца Злобным. Проста нейкая беларуская Аўстралія.

Яшчэ ў шасцідзясятых ніхто не мог прымусіць сябе жыць у Жлобіне, апрача яго жыхароў. Жыхары скідвалі нечыстоты ў рэчку Чорначку, бо цэнтральнай каналізацыі не было, а заасфальтаваная была толькі адна вуліца – галоўная, Першамайская. Напэўна, прыкладна гэтаксама Жлобін выглядаў, калі ў ім у 1905 нарадзіўся пісьменнік Гірш Добін. Пан Добін паспеў пасядзець у сталінскай турме, пабыць у выгнанні, ацалець у мінскім гета, паваяваць у яўрэйскім партызанскім атрадзе, выпусціць кучу кніжак на ідыш і эміграваць у Ізраіль.

Але Гірш Добін – не галоўная жлобінская славутасць.

Першая галоўная славутасць у старым добрым Жлобіне – блэк-металургічны завод. Бээмзэ, калі на настаяшчай беларускай мове. Калі едзеш па Жлобіне, заўсёды думаеш, што палова горада тут – блэк-металургі. Суворыя людзі, якім не да жартаў. І праўда, чаго ў Жлобіне зусім не адчуваецца, дык гэта гуллівасці ці хаця б нейкай самаіроніі. Самы файны жлобінскі жарт: мясцовы начны клуб “ЖLONDON“ (уваход з каларадскімі стужачкамі – вольны).

Жлобін увесь час заняты – але не сабой.

Праўда, быў час, калі Жлобін праславіўся акурат сваімі лёгкімі норавамі.

Нядаўна ў букіністычным аддзеле кнігарні на мінскай Карл-Маркс-штрасэ ў вочы кінуўся нумар часопіса “Беларусь” за 1988 год. Адкрыццю БМЗ, пабудаванага аўстрыйцамі, у ім прысвечана ажно некалькі старонак. Узводзіць красу і сілу беларускай металургіі прыехала некалькі тысяч аўстрыякаў, для якіх быў арганізаваны цэлы гарадок. Неўзабаве ў замежных рабочых і інжынераў узніклі праблемы з міліцыяй. Бо пачынаецца ўсё з любві – нават такая няпростая з’ява, як будоўля завода, сведчыць карэспандэнт. З прадажнай любві:

“Пра Жлобін пісалі нядаўна ў некалькіх нашых газетах. Сэнс і пафас асабліва ўсхваляваных артыкулаў “Міраж” і “Грэхападзенне” зводзіўся да таго, што астравок часовага гарадка іншаземцаў ператварыўся ў прытон, вакол якога бушуюць страсці мясцовых і заезджых куртызанак. Да смачных, з “клубніцай”, апісанняў оргій аўтары дадалі характарыстыкі: “за прывабнай знешнасьцю хаваецца подленькая душа”, “усю іх мараль можна змясціць на адным банкноце”… Гэта пра ўдзельніц тых оргій. З’яўляюцца слушныя пытанні: што гэта вытвараюць іншаземцы на нашай тэрыторыі? Дзеля чаго мы цярпім гэты шалман?..”

Такія вось жлобінскія жарсці часоў перабудовы. Да гонару аўтара таго нарысу, ён тлумачыць, што насамрэч рабілі іншаземцы ў Жлобіне. Будавалі завод. А яшчэ выраблялі ў Жлобіне каўбасу – было там такое сумеснае прадпрыемства “Аўстрабел”. І дагэтуль знайсці жлобінца або жлабінчанку, якія валодаюць нямецкай, не праблема. Аўстрыйскі след. Не аўстра-венгерскі, вядома, але ўжо нешта, што лучыць усходні Жлобін з мілай майму сэрцу Еўропай. Хто ведае, можа, у нейкім Лінцы або Грацы, а мо і ў самой Вене сядзіць цяпер які-небудзь Ёзэф фон Бёзэн і ўздыхае, пераглядаючы старыя фотаздымкі:

“Шлопін, майнэ лібэ…”

Другая галоўная славутасць Жлобіна і галоўная нацыянальная меншасць – гэта, ясная рэч, звяры са штучнага футра. Іх у горадзе, бадай, не менш, чым беларусаў. На месцы тых звяроў я б зарэгістраваў грамадскае аб’яднанне і вылучыў бы ад гэтых бухматых нацменаў дэпутата ў гарадскую раду. А лепш двух. Зялёнага Льва і Сінюю Зайчыху. Чаму? Бо менавіта яны былі першымі жлобінцамі, якіх я пабачыў у сваім жыцці.

Памятаю як сёння: цягнік, у якім мы ехалі ў Крым, спыніўся на нейкім вакзале. І проста ў акно купэ палезлі яны – зялёны леў, які засланіў сваёй кіслотнай грывай назву станцыі, і сіняя зайчыха, вушы якой выраслі над галовамі пасажыраў, як лісце крымскай пальмы. Нехта прыкрыкнуў на іх – і звяры неахвотна пакінулі купэ. На пероне пад вокнамі стаяў цэлы натоўп такіх істотаў, паміж якімі заклапочана бегалі мясцовыя жыхары. Гэта цяпер вядома, што ў гісторыі горада былі такія часы, калі заробак жлобінцам і жлабінчанкам выдавалі футрам. І вось нехта з жыхароў здабыў выкрайкі – і бізнес расцвіў.

“А где твоя мама работает?” – пыталася ў сярэднестатыстычнага жлобінскага школьніка настаўніца, якая збірае звесткі пра сваіх апекаванцаў.

“На ігрушках”, – адказваў школьнік.

“На ігрушках” – у гэтым адказе было ўсё. Надзеі, расчараванні, цынізм, любоў, вера: цэлая філасофія жыцця, а наастачу і прыхаваная іронія, без якой не выжыць.

Хто б мог падумаць, што тыя пульхныя стракатыя звяры з ГУМаў і ЦУМаў, якіх у дзевяностых модна было дарыць дзяўчатам, – родам са Жлобіна, строгай, стрыжанай налыса сталіцы беларускай металургіі?

Сюды добра прыязджаць раніцай, калі ўсё падаецца такім павольным: рухі, словы, час… У Жлобіне прыгожы вакзал. Чыгунка – гэта тое, што не дазволіла Жлобіну падзяліць лёс большасці беларускіх мястэчак. Але сам ён – горад з нашых васьмідзясятых. Там і застаўся, там яго і трымае дзяржава. Калі думаеш пра Жлобін, неяк шкадуеш, што савецкая перабудовачная журналістыка адышла ў нябыт. Што ніхто ўжо не напіша пра гэты горад звяроў і людзей так, як ён гэтага заслугоўвае:

“Стаіць на прывакзальнай плошчы Жлобіна алебастравы помнік Леніну, пакрыты пазалотай. І калі па рэйках праходзіць цяжка нагружаны састаў, з трэшчын пазалочанай скарынкі сочыцца шэры пыл…”


Загрузка...