Ніл Гілевіч
Год дзевяноста восьмы. Выбраныя старонкі дзённіка
1-га студзеня. Вось і пачаўся Новы. Сустракалі... ніяк. Іванаўна, ушчэнт выматаная і заматаная, не стала нават чакаць “віншавання”. А я не стаў слухаць. У 24.00 выпіў кілішак, пайшоў у свой пакой і гадзін да трох карпеў над “Лодачкамі” (можа, гэту назву і пакіну).
“Звязда” надрукавала мае “Сем тэзісаў незастольнай прамовы”, але — дзе і як надрукавала! Адразу і не знайшоў. Толькі як у другі раз, праз колькі гадзін, узяўся праглядаць газету... “Цётка, а во яно ё!” Але ж і пастараліся! Ты бач, як страх пад скуру пайшоў!.. Вельмі шкадую, што пісаў. Па просьбе ж. Уважыў Таццяну Антонаву.
5-га студзеня. У 16.00 быў у Балгарскай Амбасадзе, доўга гутарылі з Маркам, пасля далучылася і Ані. Гаварылі пра сітуацыю ў іх краіне, пра ўзаемаадносіны паміж пісьменнікамі ў Сафіі (паміж СП і Садружнасцю, адным з заснавальнікаў якой і быў Ганчаў). Адкрыў для сябе, якая страшная ў сям’і Ганчавых крыўда на Джагарава, Ані аж закіпала нянавісцю, калі заходзіла аб ім. Божа прамілы! А мы ж былі з ім у сяброўскіх адносінах, і колькі ён дабра мне зрабіў... Доля — сябра ўсёй балгарскай паэзіі, не творчасці аднаго-двух. Адчуў, што Марка занепакоены наступлением да мяне інфармацыі з СПБ, які ў руках яго незычліўцаў. Так, чаго добрага, і я ўцягнуся ў міжусобіцу.
7-га студзеня. Калядаваў у Стасевічаў. Добрыя, мілыя людзі. Эпікурэйцы. Аптымісты. Нават весельчакі. А я — зануда. Слухаў іх песні і прыпеўкі — пад гармонік. Так бы і жыць, халерачка! Чытаў ім свае “песні прапашчага”. Уразілі. Першае публічнае чытанне.
8-га студзеня. Вечар правёў у Ганчавых, на кватэры, як і дамаўляліся. Ані спецыяльна для мяне (а чакалі і Ніну) згатовіла адмысловую “шкембе-чарбу”. Не еў, бадай, гадоў дваццаць. Гаварылі ўсё пра тое ж — у працяг папярэдняй сустрэчы. Ужо чатыры гады, як Марка і Ані тут, а мы так рэдка бачымся, ад выпадку да выпадку. Дзіўнаваты ён чалавек, “барсукаваты” трохі. Але рэч не ў гэтым. А ў тым, што стала з Балгарыяй у маёй душы. Як усё трагічна перайначылася! Сказаць жа ім — не магу. Як і Найдзену.
9-га студзеня. Напісаў Ліпскаму артыкульчык пра “смех” — для зборніка аўцюкоўскага фальклору. Трохі сядзеў над “Лодачкамі”. Заўтра пачну рэдагаваць “Запіскі розных гадоў”. Абяцаў Наркевічу і “ЛіМу”. Пачну з “ЛіМа”. Пэўнасці наконт “Звязды” — пасля таго! — не маю.
13-га студзеня. Быў на рэдкалегіі “Полымя”. Дзялілі прэміі. Абмяркоўвалі план на паўгода. Выступіў з прапановай больш друкаваць моцнай публіцыстыкі. Каваленка рэзка крытыкаваў артыкул Дубаўца, іншыя (Федарэнка, Пісьмянкоў) таксама. І я далучыў свой голас.
23- га студзеня. “ЛіМ” апублікаваў першую палавіну “Запісаў” (назву трэба мяняць). Пазванілі адно Брыль і Матукоўскі. Брыль спытаў, чаму не ў “Полымя” аддаў я гэту эсэістыку. А таму — каб не злоўжываць. “Полымю” прапаную “Лодачкі”.
27-га студзеня. Адвёз у выдавецтва “Полымя” рукапіс “Наканаванага”. Доўга гутарылі з рэдактарам Ірынай Львоўнай (мая былая студэнтка Проніна, унучка А. Моркаўкі, пра што са здзіўленнем дазнаўся ад Брыля). Склаў я гэты том, можа, як ніякі іншы — любоўна. А гарантый, што выйдзе — ніякіх. Хоць дагавор і падпісаны. Але што ў эпоху цыганшчыны дагавор!..
30-га студзеня. У “ЛіМе” - заканчэнне маіх “Запісаў”, сярод якіх і водпаведзь “ліквідатарам літаратуры савецкай эпохі”. Пазваніў... здаецца, адзін Прыходзька. Іншыя, хоць і ўсе, ведаю, згодныя са мной, не абазваліся. Страшна. Боязна. Тэлефон на ўліку. “Кантактуецеся!” Лепш не рызыкаваць.
Пры сустрэчы пісьменнікі ўсё яшчэ ўдакладняюць: ці я выйшаў з Саюза пісьменнікаў, ці толькі з Рады і Прэзідыума. І ўсё шукаюць: дзе тут і што тут, апрача відочнага і зразумелага.
2-га лютага. Ездзіў у “Вожык”. Пасядзеў крыху у Б-на. Нешта зусім не так гаворым, як калісьці. Зусім не так!.. А будзе і яшчэ горш. Прадчуваю.
Пачалі званіць наконт аўтарства “Лысай Гары” — у сувязі з маёй публікацыяй у “ЛіМе” за 30-га. Я гэтага чакаў. Прымусіў многіх прызадумацца. Відаць, і беднага “К. Я-ча”.
3-га лютага. Накупляў газет. У тым ліку і “Белоруссию”. А ў ёй... размова дробнага куслівага ненавіснічка беларушчыны Аўруціна з... Бураўкіным. Вось гэта сюрпрыз! І якая ж ліхая доля загнала яго туды, у гэту антыбеларускую газету? І не згідзіўся? Ды яшчэ і апраўдваецца, што не русафоб, і што па-руску гаворыць без беларускага акцэнту, і што за “Всемирную литературу” і наогул — усяго на ўсяго супроць хамства (а што прадаюць Беларусь, ліквідуюць нашу незалежную дзяржаву — пра гэта ўжо ні слова!). Ну, што ж! Усё вяртаецца на “кругі свая”. І ад гэнага акенца — таксама.
6-га лютага. А. М-іч апублікаваў у “ЛіМе” кароткі водгук на маю кніжачку “Маладое бестурботнае...” Звярнуў увагу, што пачатак стылю “Родных дзяцей” — там, у “паэмах” з педвучылішча. Канечне ж, там!..
Рыхтую (чышчу стылістычна) новыя кавалкі старых запісак — для “Звязды”. Назву дам: Роздумы, рэплікі, згадкі.
11-га лютага. Выйшла, нарэшце, у Багдановіча, кніжыца “Ёсць зямля” — самая трагічная з усіх маіх паэтычных кніг. Па запрашэнню Санько ездзіў у выдавецтва. Далі мне 50 экз. — адну шостую ад усяго тыражу. Так, наклад — 300 экз. Як год назад у Еўтушэнкі (чытаў недзе). Выйшла брашуркай, тоненькая, але — культурна, зграбненькая, з густам аформлена. З 80-ці вершаў — 60 пра наш няшчасны лёс, пра мову, пра наша супроцьстаянне ворагам беларушчыны. Напэўна, яе паяўленне ў свеце адрыгнецца мне, дый моцна.
13-га лютага. Абакумоўская ў “Рэспубліцы” за 11.02 “з’ела з кішкамі” Раеўскага, і не толькі. Дасталося і Міністэрству. Не сумняваюся, што пад дыктоўку М-га. Надумаў і я выказаць сваё набалелае пра наш Нацыянальны Акадэмічны. Можа, і дарэмна лезу ў гэту не сваю парафію, але ж і прамаўчаць немагчыма. Шмат гадоў насіў у душы крыўду і злосць на замаскаваных ворагаў нашай культуры, нашага гонару і славы. У што ператварылі лепшы тэатр краіны!..
Але ж і шанцуе нам на дзяржаўных кіраўнікоў-апекуноў культуры! І адкуль яны толькі бяруцца гэткія?!.
19-га лютага. Ужо амаль кляўся, што больш не пайду на публічныя сустрэчы з чытачамі. А перад просьбай настаўнікаў — не ўстаяў. Пайшоў, у абласны інстытут удасканалення, да Грудзінскага. Вядома, з настаўнікамі гутарыць цікава. Іх таксама вельмі хвалюе лёс нашай мовы, пра гэта было шмат пытанняў да мяне. Пыталі і аб праграмных творах, як “Родныя дзеці”. Закупілі 30 асобнікаў маёй новай кніжыцы — усім зрабіў на ўспамін надпіс. Чытаў шмат вершаў. Нібыта і ўсё добра. Людзі слухаюць, выказваюць павагу, нават захапленне. Дык чаму ж тады зноў і зноў працінае думка, што раблю не тое, трачу астаткі дзён сваіх — на мітусню, а не на працу.
3-га сакавіка. Прыехаў Ст. Паптонеў. Мелі доўгую гутарку, якую ён запісваў (пяром; магнітафонам, ці дыктафонам не карыстаецца). Хоча апублікаваць у нейкай газеце, у якой супрацоўнічае (“Зара”?). Сказаў яму нямала праўды пра сённяшняе палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі, пра лёс беларушчыны і пра мой настрой. Хацеў бы пабачыць, як ён усё гэта падасць. Праліў крыху святла і на перамены, што адбыліся ў душы “першага і галоўнага беларускага балгарыста” (“О тебе у нас ходят легенды, ты легендарная личность в Болгарии!” Ну-ну!..).
4-га сакавіка. Быў у выдавецтве “Полымя”, утрэслі — канчаткова — усе пытанні па рукапісу “Наканаванага” (Божа, шэсць гукаў а!). Усе — на ўзроўні рэдактара І.Л., а што скажуць вышэй? Вельмі баюся, што пасля экзекуцыі ў “Мастацкай літаратуры” могуць прыняць подлыя санкцыі і ў Міністэрстве адукацыі і зняць заказ.
5-га сакавіка. Выступіў на прэзентацыі “Боскай камедыі” у перакладзе Ул.Скарынкіна, у прысутнасці пасла Італіі і многіх нашых, каго ўшанаваў гонарам перакладчык. Па заканчэнні У. С. сказаў: “Каб не Вы, дык і не было б чаго слухаць, Вы ўратавалі сітуацыю”.
12-га сакавіка. Перадаў Г. Вагнеру (па яго просьбе) даўно абяцаныя вершы для сюіты і паэмы (?). На тэму — прырода, родная зямля, чалавек, поры года. Хваліўся, што стараецца пісаць толькі на беларускія вершы.
16-га сакавіка. Хадзіў на сустрэчу ў СШ № 53 і 160 (сабралі разам класы 9-11). Як звычайна. Слухалі, задавалі пытанні. У сувязі з тым, што “якраз праходзім “Родных дзяцей”. Настрой той самы, як і “тады”: не тое раблю, не тое! Думаю, гэтым дапамагу ўратаваць родную мову і саму Беларусь?
17-га сакавіка. Быў на юбілейным вечары Ізі Харыка, па запрашэнні Л. Левіна. З прыемнасцю паслухаў удалы даклад А. Клышкі. Не стандартнае, асабістае, жывое слова! Як і заўсёды, уразілі мяне народныя яўрэйскія танцы і песні. А Левін сваё слова па-беларуску сказаў бадай што без ніводнай памылкі. Брава, Леанід Мендэлевіч!..
18-га сакавіка. Угаварыла мілейшая Дзягілева — схадзіў у СШ № 53 на сустрэчу, дакладней — на спектакль па “Родных дзецях”. У школе 2400 вучняў. Руская, але, мяркуючы па сустрэчы, адносіны да беларушчыны ў ёй паважлівыя. А настаўніцы роднай мовы таксама мілейшыя. Нават наладзілі раскошную “каву” з бальзамам. Са школы — ну, Дзягілева! — завезла не дамоў, а ў Чырвоны Касцёл, на чарговую сустрэчу. А каб ты была здаровая! Але на спектакль там не застаўся, выступіў упачатку — хвілін на 20 — і знік. У зале зноў жа былі адны гімназісты. Віталі вельмі горача.
19-га сакавіка. Днём дзве гадзіны прабыў у бібліятэцы імя Я. Купалы — на свяце дзіцячай кнігі. Там. скарыстаўшы момант, паскардзіўся Пазьнякову, што ўжо больш 10-ці гадоў “Юнацтва” не выдае кніг Ніла Гілевіча. Дырэктар Лукша мае добрую памяць. Як і многія іншыя “сябры” Беларусі і “творцы” беларускай літаратуры.
Вечарам, з 18.30 да 21.30 — у педагагічным універсітэце. Сустрэчу ладзіў Ул.Васілевіч. Сказаў: атрымалася нават лепш, чым мінулы раз (у снежні?). Падпісаў роўна сто асобнікаў кніжыцы “Ёсць зямля” (столькі У.В. узяў у выдавецтве): кожнаму не проста аўтограф, але і штось змястоўнае. Будучыя настаўнікі, кажуць — будзе дарагая памятка. Амаль дзве гадзіны падпісваў. Аж узмакрэў увесь. Запіскі-пытанні сведчаць, што студэнт “пайшоў” палітычна граматны і нацыянальна свядомы.
22-га сакавіка. Вечарам ездзіў у тэатр “Дзе-я?”, глядзеў спектакль па драматургічнаму жарту Ф. Аляхновіча “Баба і чорт”. Пераканаўся, што тэатр — ёсць, што мой зямляк Мікола Трухан — малайчына, што людзі ў яго калектыве — таленавітыя, і што трэба мне мець гэты калектыў на ўвазе. Пасля спектакля адбылася размова пра Аляхновіча (Сабалеўскі, Арлоў, Цвірка, Панізнік). Сказаў што-колечы і я, перш за ўсё — пра трагічны лёс драматурга і чаму такіх, як ён, знішчалі.
Гэта — вечарам, а днём — быў на мітынгу, каля Опернага, у гонар 80-годдзя БНР. Мітынг атрымаўся на славу, народу і сцягоў — мора. Найлепш выступіў
Багданкевіч (“власть в стране захватил человек очень низкой культуры, хам и невежда”). Добра гаварылі Шушкевіч, Баршчэўскі, Сідарэвіч і інш.
25-га сакавіка. Урачысты вечар у гонар 80-й гадавіны БНР (у палацы ВА “Сукно”). Пасля Быкава гаварыў я, у прамову ўставіў два васьмірадковыя вершы, якія выклікалі гарачыя воплескі. Увогуле, перажыў шчаслівыя хвіліны, бачачы, адчуваючы, як людзі (і не толькі маладыя) вераць у ідэалы БНР. Дамоў вярталіся з Быкавым у машыне актывіста БНФ (?), прадпрыемцы Ю. Бязрукага. А на вечары, як і ў нядзелю на мітынгу, не было ніводнага пісьменніка. Вось так!..
27-га сакавіка. Ідуць званкі наконт вершаў у “Народнай волі” (за 25.03). Вітаюць і віншуюць, віншуюць і зычаць. Дзякую, дарагія людзі! Калі будуць сілы, яшчэ я Роднай Беларусі паслужу. Толькі б быў літасцівы Бог!
Адвячоркам быў у Палацы Мастацтваў, на адкрыцці выставы “Палессе”. Нямала цікавых палотнаў. У асноўным — моладзь і нядаўняя моладзь. Дзяды амаль не выстаўлены. За маладых — радасна: таленавітыя, чэрці!
Доўга гутарылі з Шаранговічам. Падпірае час, калі я павінен “здаць” уступнае слова да яго юбілейнага альбома. Успомнілі, што маю кнігу “Зялёны востраў” ён афармляў, калі яму было 24. Гэта была “яго” другая кніга.
29-га сакавіка. Скончыў (як першы чарнавік) аднаактовую п’есу (камедыю!) “Пад коўдрай”. На сюжэт падштурхнула Ніна, невычэрпна дасціпная ў іроніцы. Праўда, трохі баюся, як успрымецца выкарыстанне ў камедыйнай сітуацыі гімнічнай песні М. Краўцова. Прадумаю яшчэ раз. Зрэшты, у Коласа п’яны Арцём у студні Марсельезу пяе.
30-га сакавіка. Схадзіў у “ЛіМ”, зняў з падборкі верш “Прысуд абвешчаны”, напісаны пад гарачую руку — у адказ на адну публікацыю у “НС” (у гэтым уся справа; свае ж ёлупні, можа, калі-небудзь паразумнеюць).
Вечарам пазваніў Быкаў — наконт кніжыцы “Ёсць зямля”, якую я падарыў яму на ўрачыстым вечары 25-га. Сказаў: “Можа, самая моцная твая кніга; купалаўскай вышыні і гарту; пасля Купалы ніхто так — усім сэрцам! — пра лёс Беларусі, пра наш лёс, не пісаў. А тым больш — ніхто так не піша сёння. Некалі, яшчэ ў Гродні, мне вельмі спадабаліся твае актавы... Ну, а цяпер — вось гэта кніга. Я проста дзіўлюся якойсьці незвычайнай шчырасці, напружанасці пачуцця, вастрыні думкі, само сабой — майстэрству”.
Ледзь не давёў, халерачка, да слёз, аж папрасіў яго спыніцца. Шчыра падзякаваў за такую своечасовую падтрымку.
Доўга гаварылі з Васілём пра справы літаратурныя ў нас і ў Маскве (расказаў мне, як там маладыя, постмадэрністы, бэсцяць “шасцідзясятнікаў”, абзываюць здраднікамі і да т. п. — Саша Сакалоў, Талстая і інш.), пра палітычную сітуацыю — таксама. Настрой у яго — як заўсёды. Не піша — нічога. Чытае. У асноўным — прэсу, “у якой, сказаў, адзін яд для душы; некалі была пустая, а цяпер — ядавітая”.
31-га сакавіка. Пазваніў у “Народную волю”, спытаў у сакратаркі, ці будуць заўтра мае сатырычныя вершы, у тым ліку — “Школьнікам Беларусі — каб ведалі”. Адказала: не будуць. Увогуле Сярэдзіч вярнуў іх сакратарцы разам з усім іншым, што “ў архіў”. Ніла Гілевіча — жывога! — у архіў! Брава, Сярэдзіч, брава! Не ведаю, дзе я іх апублікую, але такую сатыру здаваць у архіў рана, — гэта можна будзе рабіць тады, як не стане дыктатарскага рэжыму ў нас.
Ну, а ўвогуле — пачалося! “Звязда” два месяцы цыркае, як у насмешку, па староначцы ў два тыдні, мае “Роздумы”, хаця іх трэба было даць у адным нумары, а цяпер і “Народная воля” раптам крута павярнулася спіною... Што да апошняй — тут справа не ў баязлівасці Сярэдзіча, ён не з баязлівых, тут штось іншае...
9-га красавіка. Яшчэ адна сустрэча — у гімназіі № 12. Руская. Але родныя душы ёсць, і таму беларускі дух жыве.
10-га красавіка. І яшчэ адна сустрэча. На гэты раз — у Чэрвеньскім раёне, у школе ў Нежаўцы (Грабёнцы), у М. Барбука, майго былога студэнта. Былі беларусісты з усяго раёна. Даў спачатку урок для маленькіх — сам не чакаў, што так зацікаўлю і павяду іх. Настаўніцы ў захапленні. На сустрэчы ў зале, у час пытанняў, адна настаўніца крычала: “Вы — наш беларускі Пушкін!” Чуць супакоіў, халерачка.
11-га красавіка. Яшчэ адна сустрэча! Трэці дзень запар! Сёння — у роднай школе ў Гайне. Усё — як і мінулы раз. Вельмі-вельмі-вельмі! Новае — хораша чыталі вершы госця, а Ілля Паплёўка, сынок дырэктара, проста дасканала, як артыст. І яшчэ: старэйшыя (6-10) танцавалі народныя танцы, нашанскія, тутэйшыя. Здорава! Іграў ім — Кохан С.М. (мянушка — Касёк). 75 гадоў. Трэба як-небудзь зайсці да яго, наслухацца мелодый дзяцінства. У застоллі ён засыпаў усіх рознымі прыгаворкамі і старымі вершамі, у тым ліку — з “Цёркіна”.
Настаўніца Т. Дз. Кохан прысвяціла мне верш — лепшы з усіх прысвячэнняў, апрача Янішчыц. Зусім прафесійна, а галоўнае — шчыра.
Завёз школе яшчэ торбу розных кніжак.
13-га красавіка. Адвёз у выдавецтва карэктуру “Наканаванага”. Рэдактар кнігі, мілая ўнучка А. Моркаўкі, намякнула, як “круціць носам” загадчыца рэдакцыі; як парэзалі прадмову Ламекі — паказала моўчкі, тлумачачы адно вачыма (начальнік — побач, за суседнім сталом).
14-га красавіка. Заходзіў Конан. Думаў, я нешта важнае ведаю наконт з’езда пісьменнікаў, дакладней — новага кіраўніцтва СП, якое будзем выбіраць. А я нічога не ведаю, апрача таго, што каго ні выберы — справы нашы дрэнь. Узгадніў са мной спіс беларускіх сатырыкаў для анталогіі ў Польшчы.
19-га красавіка. Вялікдзень. Адзначылі 90-годдзе Марыі Захараўны. Ай малайчына цешча! Трымаецца — крэпенька, дай Божа і надалей. Дый з выгляду ніхто не дасць 90. Адно памяць аслабла. У сваім “тосце” сказала: “Гэтак мы з табой, сынок, ні разу ніколі не пасварыліся! Нават голасу на мяне не павысіў ні разу”. Што праўда — то праўда.
Парадокс эпохі. Атэіст Ніл Гілевіч у свой час дамогся (быў дакладчыкам на сесіі ВС), каб зрабіць выходнымі другі дзень Вялікадня і асеннія Дзяды, а Філарэт — адмяніў (кажу: Філарэт, бо без яго згоды не пасмелі б).
21-га красавіка. Вечар правёў у Шаранговіча, у майстэрні — для артыкула пра яго.
Нечакана для сябе рашыў выступіць на З’ездзе, пачаў пісаць прамову. Можа, апошнюю на пісьменніцкім форуме, а можа, будзе апошняя ўвогуле.
23-га красавіка. Закончыўся З’езд. Даклад З-ка быў лепшы, чым я чакаў. Маё слова было ацэнена авацыямі ўсёй залы (за выняткам, вядома). Настрой З’езда вызначыўся, і гэта сарвала намеры даць “нацыяналістам” бой: ваякі пахаваліся ў кусты, а хто і вылез (як Марчук), то ўжо без баявітасці. Нязваныя госці з Масквы (Бялоў, Ляпін, Бандарэнка) таксама пабаяліся — пасля ўбачанага — выходзіць за трыбуну і місію, дзеля якой ехалі, не выканалі. Востра выступіў Г.Б., але — супроць мішэні прыватнай (Замяталіна; стоўк на пя...душку), а гэта не страшна, асобу памяняюць — рэжым і курс застануцца тыя ж. Маю “тэму” падтрымалі У.Дамашэвіч і В. Ярац, трохі Д. Бічэль (супроць росту пальшчызны), а яшчэ Іпатава (як заўсёды — малайчына). Вось і ўвесь з’езд. Не, не ўвесь: добра прамовіў І.Жук з Гародні, а таксама А. Каско з Берасця. Абодва — дзецюкі што трэба! Дык у цэлым зусім не благі З’езд. За выняткам усяго трох пустых “балантэсін” — усё астатняе “Жыве Беларусь!”
24-га красавіка. Сталі вядомы вынікі галасавання на З’ездзе. У Раду не прайшлі: Бондар, Марчук, Пашкоў, Лукша, Савіцкі, Лашук, Скобелеў і... яшчэ нехта, бо “адсякалася” восем з 59 (трэба 51). Цікавая і вельмі паказальная раскладка галасоў. Вось так, шаноўныя. Падумайце, чаму і за што.
Па выбарах старшыні СП — супроць 74, кожны чацвёрты. Таксама — папярэджанне таварышу: мы ўсё ведаем, таму — глядзі! І зноў жа думай, чаму аж столькі супроць. Але... ці здольны таварыш думаць? Ягонае крэда вядомае: гуляць дык гуляць! Дзеля гэтага і лейцы ўзяў. Будзе гуляць ва ўсю — у тым ліку па краінах і кантынентах. Сумна і горка ад гэтага. Не знайшлося беларуса, каб стаць каля стырна Саюза, каб павесці яго курсам адраджэння, курсам Свабоды і Незалежнасці. Вось ад чаго і сумна. “Няхай госці на покуці, а мы — тут, з краю, каля качарэшніку!” Не знайшлося ні старэйшага, ні маладзейшага, хто б, ацаніўшы сітуацыю, праявіў пачуццё нацыянальнай годнасці і ўзяў на сябе адказнасць.
25-га красавіка. Яшчэ адна сустрэча — па просьбе Дзягілевай, у Чырвоным Касцёле, з гімназістамі. (З аўтазавода.) Размова адбылася досыць змястоўная, пытанні былі сур’ёзныя, што мяне найбольш радуе, бо толькі сур’ёзная моладзь арганізуе будучыню — сваю і сваёй краіны.
3-га траўня. Амаль тыдзень штодня ездзіў за горад — сёе-тое парадкаваў у сваім маёнтку, і, дзякаваць Богу, была хэнць шліфаваць “Чаравічкі”. (“Ці ўсё ж “Лодачкі”?)
4-га траўня. Гадавіна са дня смерці Ліпы. Ездзілі на могілкі, памянулі і ў хаце. Прачытаў прысутным верш яе памяці “Я вас любіла”.
5-га траўня. Навіна: нявыбраныя ў Раду СП заявілі пратэст, пісьмовы... Але каму? Хто можа адмяніць рашэнне З’езда? Л-ка? “Гэты можа!”
Учора аддаў сваю прамову “Народнай волі”, Сярэдзіч сказаў паставіць на пятніцу. Развітальны, адчуваю, акорд у жанры публіцыстычнай прозы. Хачу думаць, што для такога выпадку — не горшы. Канчаць “пшыкам” было б крыўдна.
12-га траўня. Аддаў Законнікаву “Лодачкі” — з тым самым страхам, як аддаваў сорак гадоў назад. Хоць і бачу пэўныя вартасці. Паэма прымыкае да ранейшых аўтабіяграфічных рэчаў (“Сто вузлоў...”, “Недзяленя”). Але жанрава адрозніваецца: гэта — хутчэй вершаваная аповесць, чым паэма. І напісана пераважна белым вершам. І — самая аўтабіяграфічная, выдуманага зусім мала. Можа, гэтым і дарагая мне — як памяць далёкіх часоў і памяць пра сястру, перад якою буду да смерці вінаваты.
19-га траўня. Нешта цяжкавата даўся мне артыкул пра Шаранговіча. Але, дзякаваць Богу, закончыў і перадаў В. П-чу. А ён пазваніў і паставіў найвысокую ацэнку: “Галя сказала: “Толькі Ніл Сымонавіч можа так напісаць”. Чытаем і перачытваем. Але страшнавата, што вялікі аванс мне выдалі...”
Ну, то дзякаваць Богу!
22-га траўня. Уважыў просьбу М. Ганчава і схадзіў на прыём з выпадку балгарскага свята — Дня пісьменства і культуры. Пісьменнікаў было... чалавек пяць (Вярцінскі, Законнікаў, Баравікова...). Прыставалі да мяне, каб нешта сказаў — катэгарычна адмовіўся. І ўвогуле... не трэба мне хадзіць на такія зборышчы. Вельмі нецікава. Як і 30 гадоў назад — пустыя дзяжурныя фразы таварыша Функцыянера. А ні-чо-га не змянілася!
Законнікаў сказаў, што чытаў маю паэму і плакаў. Дарагі мой Сярожа, мілая беларуская душа! Жыві доўга-доўга!.. Сказаў — паставяць “Лодачкі” ў вераснёўскі (мой!) нумар.
29-га траўня. Хацеў паехаць у свой церамок — і ўжо ад дзвярэй вярнуўся, так пачуўся нядобра. Цэлы дзень амаль нічога ў рот не ішло. Ды і ўчора таксама. Хацеў для апетыту глынуць кілішак — і ён не пайшоў. Надта цяжка дыхаць. А трэба пісаць даклад пра Гарэцкага, сёння званілі з музея, удакладнялі маю тэму.
У такім стане перадрукаваў новыя вершы — для “Звязды”, у панядзелак завязу.
30-га траўня. Пасля двух прыступаў болю ў грудзях, з аддачай у сківіцу і ў скроні, мяне забралі ў бальніцу. Дыягназ — інфаркт. Забрала другая брыгада хуткай дапамогі ў 20.30. Першая, якую выклікалі ў 4.00 раніцы, сказала: “Інфаркту няма, супакойцеся!” Спаў да 8.30, цэлы дзень быў як п’яны, сядзеў, ляжаў, чытаў “Гісторыю беларускай літаратуры” Гарэцкага, было блага. А ў 18.00 зноў разанула, як і ноччу. Тады цярпеў з 12-ці да 4-х, цяпер вытрываў толькі дзве гадзіны. Ні баралгін, ні ношпа, ні нітрагліцэрын не памаглі. У 20.00 Ніна выклікала брыгаду, з маёй згоды...
Зрабілі ўколы, паставілі кропельніцу, узялі кроў. Ціск — 150 на 100. Часова — у 407 палаце.
І нашто ж мне ўсё гэта — у такі час! Калі столькі працы!..
31-га траўня. “Перавезлі” ў адсек рэанімацыі. Ціск зваліўся, t° — 37,3. Узялі кроў. Кропельніца — гадзін на шэсць (нітрагліцэрын). Ранейшых боляў няма. Урач — Лія Антонаўна, вельмі ўважлівая. Колюць (у жывот, для разжыжэння крыві). Глытаю нейкія пілюлі. Сумна і тошна. Паслязаўтра — у маёй мілай Іванаўны дзень нараджэння. Вось паднёс падаруначак! Сёння яна была тут. З Сяргеем. Страшна перажываюць. А я думаю — усё абыдзецца.
1-га чэрвеня. Абедзве, зробленыя ўжо тут, у бальніцы, кардыяграмы (суботняя, начная, і ўчарашняя) паказалі, як я зразумеў, нешта трывожнае, але не самае горшае. Не абшырны. Ачаговы. Задача — не дапусціць абшырнага. Таму — найстрогі рэжым з усімі невыноснымі для мяне ганьбамі. Сэрца цэлы дзень на маніторы. Сусед па ложку — медык, к/н Ціханаў І.І., сын урача, які загадваў колісь гэтым адсекам, а цяпер — у Гарадзішчы, урач санаторыя. Былі Ніна з Сяргеем. Сказала: перапалохаў усю радню. Папрасіў Сяргея завезці вершы ў “Звязду”.
2-га чэрвеня. Была Ніна. Павіншаваў яе вершам, які напісаў учора. Сказала: званіў Быкаў, са спачуваннем і шкадаваннем, што не пабачымся, бо ад’язджае ў Фінляндыю. А мы дамаўляліся аб сустрэчы, каб пагутарыць (па маёй прапанове). Ну, што ж! Усё гэта яшчэ ад таго часу, усё яшчэ вынікі “размовы” ў лістападзе 1989 г., калі на абвінавачванне ў “віхлянні” (у газетах “Правда” і “ЛіМ”) я паказаў характар. Павінен быў праглынуць, а я — не той аказаўся. Не праглынулася. Сябрам! — са мною! — так! — нельга! Як бачна, яны гэтага не ведаюць.
Вазілі ў крэсле на УЗІ сэрца. Прарваўся да мяне (як даўні тут знаёмы) С.І. Грахоўскі. Падбадзёрыў.
3-га чэрвеня. Кожную раніцу ў наш адсек заходзіць галоўурач Кісель Я.М. Урачы мяняюцца. Стамляюся. Хочацца пабыць аднаму і памаўчаць. Усё больш думаю аб тым, як пражыў жыццё. Як па-дурному! А людзі думаюць...
4-га чэрвеня. Медсястра Наташа, зусім маладзенькая, мінчанка, стараецца, гаворыць са мной па-беларуску. Хваліць настаўніцу беларускай мовы ў медвучылішчы В.І. Барташэвіч, маю былую студэнтку. Вось і пацвярджаецца: зерне падае не на камень. Хораша робіцца на душы ад думак пра нашу моладзь. Пастаў такую Наташу ў нармальныя нацыянальныя ўмовы — які быў бы свядомы беларускі “кадр”!
5-га чэрвеня. Прыходзілі Бураўкін і Матукоўскі. Генадзь расказаў як інкогніта знік з Мінску Быкаў: паехаў цягніком праз Маскву, а ўсе думалі — паляціць самалётам. Ні з кім не развітаўся, каб пазбегнуць непатрэбнай шуміхі.
Была мая сястрыца Света, страшна перажывае.
6-га чэрвеня. Ніна прынесла “Звязду” з вершамі. Аператыўна спрацаваў Наркевіч, малайчына!
7-га чэрвеня. Была Ніна. Яна выратуе мяне, а не эскулапы. Заходзіў Вярцінскі. З крыўдай і болем расказаў пра свята паэзіі на Свіцязі. Арганізацыйны ўзровень — нулявы. Людзі не прыйшлі, кучка дзяцей невялікая. Асабіста Вярцінскі чуецца абражаным, апляваным. Усё рабілася дзеля Р. Вазнясенскага.
Забягаў В. Вільтоўскі, з кнігай пра дзейнасць ПЭН. А прычым ПЭН? Я, дзякаваць Богу, там “не ко двору”, як некалі ў ЦК. У “Общей газете” — слова акадэміка Ліхачова. Колькі болю за лёс культуры, духоўнасці! Колькі пагарды да сучасных дзікуноў! І от гэта ўсё мне блізкае! Як шкадую, што знаёмства наша (некалі ў Кіеве) было “шапачнае”. Чуюся яго верным паплечнікам у змаганні за духоўны стан чалавека.
8-га чэрвеня. Глядзеў праф. Мрочак Аляксандр Генадзьевіч, кажуць, свяціла ў кардыялогіі. Сказаў мне: працэс ідзе на лепшае (паводле ЭКГ). Былі дзеўкі з музея гісторыі літаратуры (аж чатыры). Былі Коля з Марысяй. Гарачыня. Сонечны бок у корпусе. Ніна непакоіцца.
9-га чэрвеня. Перавялі ў палату 408 — у сувязі з рамонтам корпуса. Новы сусед — праф. Навумовіч Сямён Сцяпанавіч, вядомы траўматолаг, вельмі сімпатычны, сціплы чалавек. Маўклівы. Ляжыць з пнеўманіяй.
Акрэсліўся мой дыягназ: інфаркт міякарда, паражэнне задняй сценкі і “предсердия”.
Была Ніна і Св. Кліменценка.
10-га чэрвеня. Сяргей прынёс вентылятар, дыхаць стала лягчэй. Ніна злуецца, што не кажу ўрачам праўды пра стан свайго здароўя. Пачаў пісаць аўтабіяграфічны нарыс “Жыццё. Літаратура. Беларусь”. (“Па слядах перажытага”?)
11-га чэрвеня. Заходзілі (з кветкамі) выкладчыцы БДУ З.І. Бадзевіч і Саматыя І. Быў Вярцінскі. Быў Ліс. Арсень хацеў пра штось пагаварыць (так папярэдзіла Ніна), але пры Анатолю не наважыўся. Пісаў нарыс.
12-га чэрвеня. Заходзілі: Ніна, Сяргей, Матукоўскі, Саша (пляменнік). Урач Вольга Казіміраўна Даўгяла. Глядзела загадчык аддзялення Ал. Мік. Губар.
Ганю і ганю далей нарыс. Адчуў смак у працы.
13-га чэрвеня. Ніна прынесла газеты. У “Нашым слове” на першай старонцы паведамленне пра мой інфаркт (вялікая падзея!) і каментар да яго: прычына — паскудны артыкул рускага пісьменніка Бандарэнкі, які некалі быў амаль сябрам H.Г. Двайное глупства. Каб мяне можна было абваліць паскуднай пісанінай нейкага імпер-шавініста? Ну і ну! Уяўляць мяне такім слабаком? Ды не, мае мілыя! На інфаркт я працаваў, дакладней — шчыраваў усё жыццё, асабліва ж — апошнія гадоў дваццаць. Вядома, “памаглі” і паскуднікі, але ж не такія, як гэны маскоўскі выжла сваім выпадам. Дарэчы, і сябрам яго, канечне ж, я ніколі не быў. Мела месца знаёмства, не больш, і тое павярхоўнае. Ні гарэлкі, ні нават чаю з ім я не піў. А ягоны імпер-шавіністычны аскал адчуў на пачатку 90-х, адразу ж, як рухнула імперыя, — на публікацыях у “Литературной России” і “Современнике”.
Пазваніў Брыль, сказаў, што з цікавасцю прачытаў размову са мной у “ЛГ”. А я і не ведаў, што яна апублікавана (нарэшце! амаль праз паўгода!). Сказаў: “Невялікая публікацыя, бачна, што скарочана”.
14-га чэрвеня. Званілі Г.Дз. Карпенка (вечарам ад’язджае ў Польшчу) і I.В. Сцяпура, які сказаў: “Адзін мой сябра моліцца за Вас, — за Ваша змаганне за беларускую мову і супроць ворагаў беларушчыны”.
15-га чэрвеня. Як і ўчора, ніхто, апрача Ніны, не прыходзіў. Цэлы дзень гнаў нарыс. А ў 3.00 ночы прачнуўся ад моцнага болю ў жываце, пад лыжачкай. Прыйшлося клікаць дзяжурных: урача, сястру, нават хірурга. Сяк-так (два ўколы, фестал) угаманілі.
16-га чэрвеня. Званіў Бураўкін. Рэзка гаварыў пра Н-ва. А на з’ездзе першы прапанаваў яго на пасаду старшыні.
Гаварыў з маёй рэдактаркай Збору твораў. Сказала: том Другі — у камп’ютарнай без ніякага руху. Не набіраюць. Г. зн. дацягнуць так да канца года, каб перанесці на 99-ы.
17-га чэрвеня. Прыходзілі мае памочнікі з Камісіі ВС — Гамеза і Супей. Была Света і, вядома, Ніна. Як яна перажывае! А сама — хворая.
Вільтоўскі прынёс газету “Общая газета” з інтэрв’ю Салжаніцына. Нікому не верыць: ні прэзідэнту, ніводнай партыі. Усіх судзіць як ворагаў Расіі.
18-га чэрвеня. Зноў глядзеў праф. Мрошак. Задаволены. На наступным тыдні — у Гарадзішча. Праведала Галіна Дзягілева. Добра пагутарылі. Пра адно і тое ж: пра лёс нашай мовы. Надзеі на моладзь. Яе муж Леанід сказаў: усе выпускнікі мастацкай вучэльні пры Акадэміі мастацтваў і каледжа імя Ахрэмчыка абаранялі дыпломы на беларускай мове. Вось гэта і цешыць.
Забягала Света. Вельмі баіцца, каб мяне тут не ўхадокалі. Супакоіў. Для гэтага ёсць шмат спосабаў “лепшых”. А я веру ў чалавечнасць урачоў. І думкі не дапускаю. Ухадокаюць іншыя, і не тут. Цяпер гэта так проста.
19-га чэрвеня. Званіла Ніна. Усю ноч не спала: печань, жоўцевы, падстраўнікавая. І такая хворая пайшла на ДЭК. Як яе прымусіць да лячэння — не ведаю.
Званіў Матукоўскі, каб я папрасіў Кісяля наконт лепшага пакоя ў Гарадзішчы. Абыдзецца. Які дадуць — у тым і пабуду. Не вялікі пан.
Вадзілі па калідоры. Першы раз.
Разрастаецца мой нарыс. А ці будзе гэта цікава? Ці будзе ўзровень думання, асэнсавання сябе і часу?
Упершыню за ўвесь дзень ніхто не быў.
20-га чэрвеня. Па тэле паказалі падзеі ў Драздах. Нешта неверагоднае. Наўмысна ўсё гэта, каб парваць адносіны з цэлым светам і перастаць быць дзяржавай. Ужо немцы сказалі ўбірацца з Германіі пасольству РБ. Скандал нечуваны. Сорам і ганьба на ўсю планету. Як з такімі га...нюкамі мець справу, як паважаць? І калі ж пралупіць вочы беларускі народ?
Гнаў і гнаў далей свой нарыс. Цікава ўспамінаць далёкае, думаць пра перажытае, але і шчымліва.
21-га чэрвеня. Заходзіў і доўга сядзеў Гірыловіч М.П. Ён тут, у суседнім корпусе — з каменьчыкамі ў нырках. Вечарам была Ніна — расхвалявала расказам пра Церамок і Наскае-Лупавінава. Цэлы дзень гнаў нарыс. Перад сном чытаў Гумілёва. Першакласны майстар слова. Вершы філіграннай апрацоўкі. Мала такіх у Расіі. Але ж і люблю майстроў у паэзіі! Так жа, як не цярплю вершаў раскілзаных, не сабраных ні ў думцы, ні ў вобразе, ні ў радку.
22-га чэрвеня. Званіла Ніна: захварэла Сітланка. Відаць, радыкуліт. Заходзілі Сямешка Л.І. і Басава Г.І. — з ружамі і торбай фруктаў. Гаварылі пра філфак, пра БДУ, пра рэктара. Сядзеў над нарысам (дакладней — ляжаў з нарысам). Пакуль што спыняюся на загалоўку “Жыццё. Літаратура. Беларусь”.
23- га чэрвеня. Заходзіла Міцкевіч А.Ц. з унучкай Цінай (навучэнка ліцэя, трохі расказала пра сітуацыю там). Затым — тры актывісткі ТБМ з Ленінскага раёна Мінска, сярод іх мая былая студэнтка Любачка (прозвішча такое). Расказалі, як змагаюцца за мову. А малайчыны ўсё-такі нашы беларусачкі! На іх моцы трымаемся.
Былі Ніна і Таня. Званіў Марка Ганчаў, ад’язджае ў Сафію 26-га, у сувязі з скандалам у Драздах.
24-га чэрвеня. Зранку заходзіў Карпенка. Мае вельмі прадстаўнічы выгляд. Глядзіцца! Цягне на першага, у крайнім выпадку на другога. Добра пагаварылі. Мысліць рэалістычна і разумна. Вечарам едзе ў Кіеў — на сустрэчу з дэпутатамі Украіны. Званіў Р. Гарэцкі.
Заўтра пераязджаю ў Гарадзішча.
25-га чэрвеня. У Гарадзішча праводзіла Ніна. А сама ледзь трымаецца. У чатыры раніцы вырвалі зуб мудрасці, у дзяжурнай бальніцы, — не магла далей трываць болю. Колькі ў ёй цярпення і мужнасці! І гэтак праз усё жыццё.
Размясцілі ў люксе. З тэлефонам. Гэта выдатна. Уважылі. Умовы для адпачынку, г. зн. для працы, найлепшыя. Сёння ж пагнаў далей Нарыс.
Мой урач — В.П. Каралёва, яна ж — начмед санаторыя, вельмі мілая жанчына, па-беларуску сячэ — аж ад зубоў адскоквае.
26-га чэрвеня. Цэлы дзень і да позняй ночы гнаў далей Нарыс.
Званіла Ніна. Вырваны зуб усё яшчэ баліць. А ўсе думкі — як я тут. Такая яна, жаночая душа, калі жанчына ад Бога.
27-га чэрвеня. Прыязджаў Сяргей, прывёз чыстай паперы і газеты. Зноў працаваў апантана. А перад сном — Гумілёў: у захапленні! Прафесіяналізм, майстэрства — таксама талент, бо — густ і гушчыня пісьма, гушчыня думкі.
29-га чэрвеня. Двойчы хадзіў гуляць. Агледзеў дачу Матукоўскага, зусім побач з санаторыем. Усе дачы належалі Саўміну, павыкуплялі іх сабе за капейкі.
Зноў і зноў чытаю геніяльнага Гумілёва.
30- га чэрвеня. Прыязджала Сітланка (так наш бацька вымаўляў імя дачкі — замест Святланка).
Глядзеў па тэле, які скандал адбыўся ў Швейцарыі — на прэс-канферэнцыі ў нашага.
1-га ліпеня. Узяў у бібліятэцы кнігі, у тым ліку пра Сталіна — Антонава-Аўсеенкі, Яна Грэя і Льва Троцкага. Буду чытаць, паперы часова адкладу на потым.
2-га ліпеня. Быў на канцэрце самадзейнасці. Досыць хораша хор жанок выканаў песню “Зямля Беларусі, старонка мая”. Праўда, ні музыка-кіраўнік, ні харысты не ведалі і не сказалі чый тэкст. Але для мяне была прыемная нечаканасць.
6-га ліпеня. Усе апошнія дні чытаў узятыя кнігі. Прыязджала Ніна. Урач абяцае прадоўжыць на 5 дзён маё тут лячэнне.
7-га ліпеня. Прыязджалі Р.Г. і Г.Р. Гарэцкія. З імі і Ніна. Прагаварылі амаль пяць гадзін — за чаем. У асноўным — пра Акадэмію і акадэмікаў. Там — палітычнае балота. Няма нацыянальнай акадэміі, няма! Як угробілі ў 1930-31 — так і не адрадзілася. Атмасфера там зусім не патрыятычна-беларуская. Да таго ж — інтрыганства, падседжванне, падкопы і плёткі. Гэта і зразумела: няма аб’ядноўчай ідэі, супольнай вялікай мэты, супольнага гонару за Навуку Айчыны. Р. Г. трохі змагаецца, але... так мала яму падтрымкі! Расказаў, як яго рыхтавалі на прэзідэнта ў 1992 (Барысевіч і інш.), і як ён даў згоду, і як напярэдадні ўсё перайгралі - усё-такі нацыяналіст: не дапусцім, каб кіраваў акадэміяй! Гэта — у самым-самым беларускім 93-м годзе!
Званіў Цумараў — наконт абяцанай мною прадмовы да зборніка “ТБМ. Матэрыялы і дакументы”. Ён — складальнік. Трэба, пакуль тут, напісаць, каб не затрымаць кнігу.
8-га ліпеня. Званіла Ніна, сказала, што мой том у серыі “ШБ” падпісаны ў друк, у жніўні — па словах рэдактара — павінен выйсці. Пазваніў Брылю, ён гэтыя дні ў Мінску. Трохі пагаварылі. Пахваліў маю кніжыцу “Ёсць зямля”, сказаў, што многія вершы пазначыў “крыжыкам” (плюсам).
Божа, хоць бы хутчэй узяць у рукі той школьны том — каб пераканацца, што яшчэ не зусім задушылі.
10-га ліпеня. Прачытаў Троцкага. Таленавіты літаратар. І галава! У 1939-м пісаў, бачыў, разумеў — як у 1989-м ці ў 1998-м. Як далёка да яго таму рабому грузіну! А вось жа — з’еў яго Коба! Выходзіць, не трэба быць мудрым, а трэба быць подлым — і подласць праложыць дарогу табе!..
Пісаў сямірадкоўі. Вечарам глядзеў канцэрт трох геніяльных тэнараў: Сарэраса, Дамінга і Павароцці. Апошні мне выварочвае душу найглыбей.
11-га ліпеня. Чытаў кнігу “Переписка на исторические темы” — пра левых эсэраў, пра Махно, пра Калчака, пра 2-ю ўдарную армію... Як шкада, што ў свой час не было такіх праўдзівых кніг! Ад крыўды плакаць хочацца.
Глядзеў футбол і зразумеў, чаму выйгралі харваты. Бо — вялікія патрыёты сваёй Радзімы. Палавіна перамогі забяспечана гэтым. І чаму не могуць сёння выйграць беларусы.
12-га ліпеня. Дапрацоўваў пачатыя ўчора сямірадкоўі. Прачытаў кнігу Я. Грэя пра Сталіна. У параўнанні з айчыннымі аўтарамі — слабавата; як у пераказе, як з другіх рук, павярхоўна.
Тэле паведаміла: 131-го беларускага дзяржаўніка не будуць пускаць у Еўропу, у тым ліку — першых асоб. З-за тых самых Драздоў. Такога яшчэ не было ў свеце! Пахне разрывам дыпламатычных адносін.
Прыехаў С.І. Грахоўскі (ён тут бывае штогод). Хадзілі, гутарылі — усё аб тым жа. Пачытаў у “Знамя юности” аповесць Я-ва пра “ўсенароднаабранага”. Ганьба! Які герой — такая і аповесць.
13-га ліпеня. Цэлы дзень пісаў прадмову да кнігі “ТБМ”. Уручыў Г.Ю. Чырко “Сказ пра вяртанне паэту любасці к божаму свету”.
Прыязджала Ніна. Адзначылі наш дзень, 41-ю гадавіну. За чаем. Заўтра — дадому. Развітваюся з гэтым утульным кутком, з гэтымі мілымі людзьмі.
14-га ліпеня. Забраў з Гарадзішча Колеў Максім. Заязджалі ў Наскае-Лупавінава: надта засумаваў па ім.
Рэдагаваў прадмову да кнігі “ТБМ”, давялося зрабіць істотныя ўстаўкі, хачу напомніць чытачам сёе-тое.
Чытаў прэсу. Сумна і страшна. Чым жа ўсё гэта кончыцца? Парвуць адносіны з Беларуссю — і што? Застанецца адно — стаць губерняй Расіі? Уладзе толькі гэта і трэба. Да гэтага ўвесь час ідзе.
16-га ліпеня. Гутарыў з Пісьмянковым, яго бацька мой равеснік (на шэсць дзён старэйшы) і таксама цяпер ляжыць з інфарктам. “Лодачкі” ідуць у 9-м нумары. Папрасіў унесці ў паэму праўкі, якія я тым часам зрабіў.
Званіў Бураўкін, сказаў, пойдзе да старшыні РВК ваяваць за памяшканне ТБМ, якое ў нас адбіраюць. Божа прамілы! І колькі ж яны будуць здзекавацца з нашай мовы і з нас?!. Калі Ты іх пакараеш самай страшнаю карай?!
Заходзіў Цумараў. Забраў прадмову. Пагаварылі пра кнігу, пра кампазіцыю, пра дадаткі. Будзе выдатны зборнік.
17-га ліпеня. Глядзеў, як хавалі косці, нібыта царскія, у Санкт-Пецярбурзе. Уражанне... нейкае страшнае. Што такое — гэта Расія? Нейкі суцэльны кашмар і суцэльная містыка. Сінод і Алексій ІІ не прынялі ўдзелу. Ну, няхай сабе! Але — які сэнс гэтай акцыі? Цар у час смерці ўжо не быў царом, быў радавым грамадзянінам. Чаму — хаваць, як цара? Каб засведчыць сваё пакаянне? Ці толькі дзеля гэтага? А хто пакаецца за мільёны забітых і замучаных ва ўсіх Гулагах? Думаю, што ідэя-сэнс тут іншая. Сэнс — нам патрэбен цар-імператар, манарх, мы былі і ёсць імперыя. Сэнс — ніколі не павінен адрадзіцца бальшавізм і камунізм, бо мы ўжо амаль канчаткова ўсталявалі капіталізм (хоць і дзікі, мафіёзны, разбойны). Сэнс — наперад толькі з Богам, дакладней — з праваслаўем, як і 150 гадоў назад. Так што — сэнсу хапае.
19-га ліпеня. Напісаў адкрыты ліст прэзідэнту НАН Вайтовічу. Напісаў, бо — маўчаць не магу, а губляць мне ўжо няма чаго.
Шліфаваў сямірадкоўі. Набярэцца звыш дваццаці. Палітычная — для “Народнай волі”, астатнія — не ведаю, куды. Хіба зноў у “ЛіМ”? Але няма Пятровіча, хварэе, бедны. А аддаваць Гілю не хацелася б...
23-га ліпеня. Сярэдзіч праявіў звышаператыўнасць: 20-га, у панядзелак, занёс яму “Ліст”, а ўчора, 22-га, Ліст ужо ў газеце, ды на першай паласе, на месцы перадавога артыкула. Брава, Язэп Паўлавіч! Цяпер — надрукуй і вершы, не задрыжы, што яны вельмі вострыя. Буду адказваць за сябе сам. Сказаў так у думках — і пакінуў рэдактару на стале сямірадкоўі.
25-га ліпеня. Сяджу ў Наскім-Лупавінаве. Дацягваю сямірадкоўі. Хачу вызваліцца ад іх, каб вярнуцца да Нарыса, ці да Роздумаў, ці да Песень прапашчага... Шкадую, што калі ў аўторак сутыкнуўся ў выдавецтве, на лесвіцы, з Марчуком — не сказаў яму сёе-тое па-мужчынску... Ці бачыце, супакойвае, што да Новага года мой Другі том выйдзе. Новаспечаны гаспадар беларускай літаратуры. Дыктуе ўжо сваю волю. Прыйшоў — і зрэзаў мой Збор твораў на два тамы. Пасля выхаду Першага! Нечуваны гвалт. А я яшчэ віншаваў яго з юбілеем і з прэміяй, даруй мне, Госпадзе!.. Ну, нічога. Гэтае падлюкоўства я вытрымаю. Нават са сваім інфарктам. Павінен вытрымаць! Вунь якія званкі ідуць — на публікацыю “Ліста” Вайтовічу.
3-га жніўня. Аддаў у “ЛіМ”, Шніпу, сямірадкоўі — ажно дваццаць адно. Усе пісаліся ад душы і сэрца, нязмушана, доўга выношваў і доўга шліфаваў, некаторыя перарабляў па шмат разоў. Так баюся, Госпадзе, што трачу густ і крытэрыі, што перамагае старэчае нестрыманне, перад якім адступае самакрытычнасць!.. Толькі б не дакаціцца да лёгкага і неабавязковага пісання, да графаманіі!..
4-га жніўня. Знялі маніторчык з сэрца, з якім прахадзіў суткі, яшчэ 27-га, а толькі сёння ўрач паглядзела яго паказанні; на шчасце, як любяць гаварыць урачы: нічога страшнага. Інфармацыя з сэрца — неблагая.
5-га жніўня. Глядзеў і слухаў праф. Гарбачоў Ул. Вас. Добра пагутарылі. Каб не чарга за мною — дык бы і яшчэ з гадзіну. Як мне паводзіцца, чым не злоўжываць, якія рэжымы вытрымліваць... А галоўнае — нечаканая маральная ін’екцыя: “Мы вас вельмі шануем, чытаем вашы вершы і артыкулы, у нас дома ёсць вашы кнігі...”. Стары чалавек (а ён, мабыць, ці не мой равеснік) хлусіць не можа, не павінен.
6-га жніўня. Учора сябры Рады СП хадзілі на гутарку да начальніка дзяржавы. Аж 32 чалавекі! Ну, чыноўнікі з апарата СП, зразумела, не маглі не пайсці. Галоўныя рэдактары выданняў — і іх можна зразумець. Хоць і пры адной умове — не рэптыльнічаць! Між іншым, С.З. не было, узяў тэрмінова адпачынак. Правільна! Малайчына. Ну а якая ж худая доля пагнала некаторых вельмі вядомых не-чыноўнікаў і не-рэдактароў? Ах, хлопцы, хлопцы! І што ж гэта вы робіце? Да каго вы пайшлі? На якую размову? Каму нешта тлумачыць і даказваць? Каму? Таму, хто паспеў за чатыры гады сотні разоў напляваць кожнаму з вас у душу? Напляваць у душу цэламу народу, дзецьмі якога вы ёсць?..
7-га жніўня. Заходзіў у “Звязду” па “зайчыкі”, заглянуў і да Наркевіча. Спытаў, чаму так рассыпалі, па кавалачку ў тыдзень, маю цэласную падборку роздумаў і згадак; не ўспрымаецца, кажу, па кавалачку. Збянтэжыўся Ул. Б. “Ну вы ж ведаеце сітуацыю...” “Што, пытаю, наконт мяне ў прынцыпе вам былі заўвагі, папярэджанні?” Моўчкі кіўнуў галавой. Папрасіў мяне што-небудзь прыносіць.
А што ж прыносіць? Што пасля гэтага прыносіць? Лірычныя смешачкі? Ды жа не да смеху, дарагія мае! Няшчасце вялікае здарылася на нашай зямлі — пасля такіх радасных узыходаў.
Заглянуў і ў “ЛіМ”, каб спытаць у Міколы, што пісьменнікі гавораць пра гістарычную сустрэчу. Сказаў, бачыў толькі К., дык плюецца і кусае сябе за локці, што пайшоў. Меў, кажа, нейкую маленечкую долю спадзявання. Нават разумны і ўдумлівы К.! Дык а чаго хацець ад іншых — менш удумлівых?
8-га жніўня. Па “Свабодзе” В. Аксак каментавала адказ прэзідэнта НАН РБ А. Вайтовіча Н. Гілевічу, апублікаваны ў “Народнай газеце” 6-га чысла. Малайчына. Першы раз я застаўся задаволены перадачай, што датычыць маёй міласці. Водпаведзь Вайтовічу дала выдатную. Калі я ўчора прачытаў яго “Адказ” (газету прынёс Грахоўскі), мне стала і сумна, і сорамна. Сорамна за беларускіх вучоных, за Акадэмію, за ўсё, што робіцца ў нашай краіне. Сорамна і крыўдна. Не за тое, што прэзідэнт НАН адрынуў маю прапанову-просьбу наконт беларускай мовы ў беларускай Акадэміі, — у гэтым я не сумняваўся, ці амаль не сумняваўся, і пісаў “Ліст” хутчэй для ўсёй інтэлігенцыі (каб задумалася!), чым для аднаго прэзідэнта НАН.
Крыўдна за грамадзянскую пазіцыю, за ўзровень разумения праблемы, а дакладней, прычын вялікага гора нашага, ды і за этыку акадэміка таксама. Ён абзывае мяне крыклівай вясковай бабай (між радкамі) — за тое, што душа крычыць ад нясцерпнага болю. Ён глядзіць на маё гора з вышыні. Ён дае мне адлуп. Ён абараняе гонар акадэміі і акадэмікаў. Акадэмікаў, якія не думаюць і не дбаюць пра гонар нацыі.
9-га жніўня. Па “Свабодзе” — гутарка з Бураўкіным і Мальдзісам наконт “гістарычнай сустрэчы” і яе эвентуальных вынікаў. Адам... як і заўсёды раней: будзем пазітывістамі, як некалі, у ХІХ ст., палякі, будзем рабіць канкрэтныя культурныя справы, і навуковыя, і асветніцкія — у тых умовах, якія ёсць. Без пратэсту, без змагання, у згодзе з тымі ўладамі, якія ёсць. Генадзь гаварыў лагічна, прынцыпова, пераканаўча, па вялікаму рахунку, — усё было б выдатна, калі б не адна “дробязь”: калі б не рабіў выгляду, што сапраўды спадзяецца на магчымасць паўплываць у патрэбным кірунку на Правадыра. Ты занадта разумны, Генадзь, каб дапускаць такое. Значыць, сапраўдная прычына твайго ўдзелу ў сустрэчы — іншая, і я яе ведаю. Ах, Бураўкін, Бураўкін! Як бы гэта яшчэ трохі пажыць і пабачыць, што будзе.
10-га жніўня. Быў на УЗІ сэрца. Трэшчынка зарубцавалася. Уся ж бяда мая — у страшным атэрасклерозе. Ад яго — усе недамаганні, усе пакуты.
Ужо каторы дзень запар пішу “Песні прапашчага”. Адна, здаецца, удалася. А надвор’е ўсё тое ж — сыпе і сыпе, і сыпе. Да таго ж і холадам дыхнула. Заўчасна, вельмі заўчасна.
Учора вечарам глядзеў кусок сустрэчы з Правадыром. Лепш бы не глядзеў. Божа прасветлы! І дзе ж Твая мудрая воля?!. Няўжо так і давядзецца сысці ў магілу, не дачакаўшыся “залацістага яснага дня”?
14-га жніўня. “ЛіМ” надрукаваў мае сямірадкоўі — аж дваццаць адно! Памойму, ніколі такой колькасці вершаў за адзін раз я не абнародаваў — нават і ў мініяцюрных формах. Усе напісаны ў бальніцы і ў Гарадзішчы на далечванні, і іх можна было б падаць пад загалоўкам “інфарктныя”.
А тым часам пішу патроху “Песні прапашчага”. Сеў макам на “жабраку” — ніяк не вырулюю сюжэт: чым кончыць эпізод?
16-га жніўня. Ездзілі з Нінай у Слабаду, пакланіліся родным магілам. 21-га будзе 20 гадоў, як памерла мама. Памянулі ў Сашы, на яго фазэндзе. Паўспаміналі, пагаварылі. Заходзілі да сястры Ліны, да брата Міколы — у кожнага свае клопаты, свае радасці і беды. Агульная ж бяда — заняпад і дэградацыя чалавека, жыцця, Бацькаўшчыны. Чалавек плюе на чалавека. Усеагульнае наплявацельства. Да могілак у Слабадзе больш паўкіламетра ішлі па свежай раллі — прыблуда-трактарыст заараў дарожку. Нават ад родных магіл адразаюць чалавека — каб не мог дайсці. У барацьбе за ўраджай, за будучы хлеб, аб чым кожны дзень аж разлягаецца беларускае тэлерадыё.
Пазваніў Ул. Васілевіч, выказаў сваё захапленне сямірадкоўямі. Казаў, чыталі разам з маці Аленай Сямёнаўнай, доўга гаварылі пра раба божага Ніла і зычылі яму здароўя. Дзякую, дарагія сябры! Можа ж Бог будзе міласцівы і не пакрыўдзіць.
17-га жніўня. Званіла з Таргуноў Г.П. Корсак — кажа, прачытала і паперачытвала сямірадкоўі і вось не магла стрымацца, каб не пазваніць. Заадно, кажа, перачытала і “Крынічаньку”, “маю любімую паэму”. Расказала, як яна прапагандуе там, у Докшыцкім раёне, паэзію Н.Г. Колькі ў мяне добрых, верных, шчырых сяброў! І па ўсёй Беларусі, і далёка за яе межамі. Жыві і радуйся, чалавеча, і не наракай на лёс.
Напісаў ліст І. Пташнікаву — пад свежым уражаннем ад “Трох пудоў жыта” — апавядання, якое варта добрага рамана. Малайчына, зямляк!
Узяў у Пісьмянкова карэктурныя лісты “Лодачак”. Сказаў мне, што дзяжурны па нумары А.К. — “самы строгі ў нас крытык” — вельмі ўпадабаў гэту рэч.
20-га жніўня. Званіў Пташнікаў, дужа ўсхваляваны маім лістом, шчыра дзякаваў, пагаварылі трохі пра лёс нашай вёскі, нашага народа ўвогуле. Александрына і Сельвестра з “Трох пудоў жыта” — увасабленне гэтага лёсу. Страшнага, трагічнага. Для мяне асабіста расказанае ім — суцэльны боль. Не ўдакладняў, але маю падазрэнне, што Сельвестра — гэта мой родны дзядзька Аляксандр Гілевіч, які праз жонку Гілену Пташнік стаў сваяком Пташнікаў у Задроздзі і, такім чынам, пасваячыў мяне з Іванам. Дзядзька, якога я так і не пабачыў ні разу, — у 37-м яго схапіў хапун, косці, напэўна, у Курапатах. Па тым, як Іван узрадаваўся майму лісту, адчуў, што, відаць, і яму не надта перападае добрай сяброўскай увагі ад калегаў. Такія мы, беларусы, інтэлігенты ў першым калене, барсукі ў норах.
Званіў беларус Рудакоў з Сібіры, на жаль, мяне не заспеў.
24-га жніўня. Аддаў Сярэдзічу тры вершы-песні з кнігі “Сюжэты”, працяг “Прапашчага”. Усё яшчэ не маю пэўнасці, ці трэба мне гэта рабіць — пісаць гэтыя песні. Але ж раблю нязмушана; наспеўваю іх, ходзячы па лесе, на памятныя з маленства мелодыі.
27-га жніўня. Хадзіў на выставу з пленэра Драздовіча, арганізаваную “Пагоняй”. Паслухаў, што кажуць пра партрэт Н.Г., выкананы маім новым маладым сябрам Алесем Філіповічам (для музея ў Гудзевічах). Чакаў большай пахвалы аўтару, бо мне партрэт падабаецца, лічу яго ўдалым, — хаця б таму, што вобраз амаль трагічны, у ім ёсць тое, без чаго сёння я быў бы не Я.
28-га жніўня. Выйшла “Народная воля” з маімі трыма вершамі-песнямі. Думаю, што ўражання не зробяць, бо мала хто адчуе, што іх трэба не чытаць, а спяваць — на падабраную мелодыю.
8-га верасня. Сорак гадоў сыну. Вечарам зойдзе, павіншуем. Сумленны, здольны, старанны навуковец, але — ходу не даюць, сын нацыяналіста, і сам вельмі абвострана ўспрымае нацыянальную трагедыю беларусаў. Балюча мне, што церпіць з-за бацькі, а было б яшчэ горш, калі б мы скіравалі яго пасля школы на філалогію. Падставы былі. Ён — прыродны філолаг, слова адчувае выдатна і родную мову ведае дасканала (чым і ганаруся).
Толькі што рэдактар Ірына Львоўна прынесла сігнальны экзэмпляр “Наканаванага”. Выйшла-такі доўгачаканая! Дзякаваць Богу! Цяпер хоць не так горка будзе ад таго здзеку, які чыніцца нада мной у “Мастацкай літаратуры”. Ужо я канчаткова пераканаўся, што і сёлета Другі том Збору не выйдзе. Можа, і зусім не пабачу. На тым Першым выданне і закончыцца.
15-га верасня. Што творыцца апошнім часам у Расіі — страх і жах! І адзін Бог-бацька ведае, чым гэта ўсё скончыцца. Верх бяруць ранейшыя партакраты, да ўлады прыйшоў хітры, асцярожны барсук Прымакоў (і вонкава барсук). Канца бедам у простых расіян не відаць. У нас таксама.
16-га верасня. Прачытаў у “Советской Белоруссии” стэнаграму (скарочаная, на жаль) размовы Правадыра з пісьменнікамі — членамі Рады. Беспрасветны тупік! Цемра цямрыстая! Нічога хоць бы трохі светлага чакаць не даводзіцца. У пытаннях мовы і літаратуры... трэба пачынаць з лікбезу. “Какая разница, на каком языке писать?...” Ну пра што пасля такога гаварыць?.. Не весялей і ад прамоў пісьменнікаў. У кожнага так ці іначай вылезла жаданне “не раззлаваць, не ўгнявіць, не сапсаваць адносін”. Ніхто з усёй рашучасцю не сказаў, што без мовы — усім нам амба, усяму народу і што калі не павярнуць на 180о нацыянальную палітыку — няма ніякага сэнсу ў такіх сустрэчах. Яны дапамогуць, як мёртваму прымочка.
18-га верасня. У “ЛіМе” ліст-водпаведзь Марчука Сярэдзічу. Але ж і ўзровень! Ва ўсіх адносінах. І ўсур’ёз заяўляе, што яго “раманы навек упісаліся ў гісторыю беларускай літаратуры”. Значыць, на такім узроўні будуць вырашацца і выдавецкія пытанні ў “Мастацкай літаратуры”. Аказваецца, я зусім не ведаў гэтага чалавека і ўскладаў надзеі на разумение, спрабаваў з ім сур’ёзна гаварыць.
Быў на выставе “Адной кнігі” і на прэзентацыі гэтай кнігі ў музеі — па запрашэнню аўтара ілюстрацый В.П. Шаранговіча. Выдалі “Пана Тадэвуша” шыкоўна. На трох мовах. Беларускі пераклад — Бітэля. Цікава будзе пачытаць, чаго ён варты. На выставе адчуў, што чыноўнікі ад культуры мяне не цураюцца, віталіся ветліва. Дадому вяртаўся з мастаком Ул. Тоўсцікам, вельмі сімпатычны мне чалавек. Сказаў, што ў Камітэце па прэміях цяпер няма з кім належна пагаварыць, асабліва непрыемныя паводзіны М.С.
24-га верасня. Апублікаваў у “Народнай волі” юбілейны артыкул пра С. Грахоўскага. Настрою пісаць яго не было ніякага, зусім не юбілейныя думкі ў галаве, але — прымусіла С. Кліменценка, не адчапілася, пакуль не вырвала згоду. Паколькі не па ўласным жаданні — дык і напісалася, відаць, не зусім тое, што чакалася. Ва ўсякім разе С.І. “дзякуй” не сказаў. Я засяродзіў увагу на адным моманце — на гулагаўшчыне. Можа таму, што на гэтым трымаецца ўся яго вядомасць і ўвесь аўтарытэт — не так на творчым, як на біяграфічным.
25-га верасня. Схадзіў на вечарыну С.Г. — з віном і закускай, — якую наладзіў Дом Дружбы. Настрою ісці не было, але, але... Казаць не збіраўся, паколькі выступіў у газеце і сёння па беластоцкім (варшаўскім — ?) радыё. Іпатава, аднак, падвяла гаворку да таго, што мусіў узяць слова для тоста і я. Нешта са мною сталася: не цікава на зборышчах. Можа — ад фальшывасці агульнай атмасферы ў зале, ад унутранай раз’яднанасці прысутных? Побач — аднадумцы, паплечнікі, і тут жа — чорт ведае хто яшчэ! Можа — ад унуранага душэўнага крызісу? Надта ж усё скаламуцілася ў сэрцы!..
На вечарыне новы рэдактар “Чырвонай змены” А. Карлюкевіч папрасіў стаць аўтарам яго газеты — у любым жанры. Даў згоду — на размову.
30-га верасня. Прыходзілі самыя блізкія сваякі — пасядзелі, пагаварылі. Прачытаў ім “Лодачкі”. На Алеся зрабіла моцнае ўражанне — ледзь не ўсхліпнуў. Сын, варты светлай памяці маці, маёй сястрыцы. Амаль 40 чалавек за дзень пазванілі — павіншавалі. Нават у круглыя даты не было такога. Што за прычына? Ды аказваецца — радыё ранічкай сказала пра мой дзень.
13-га кастрычніка. Заходзіла дачка паэта Алеся Жамойціна — Зарына. Вельмі слаўная студэнтачка! Думаю, што стане сапраўдным славістам. Падарыў ёй некалькі кніг на сербскай і славенскай мовах.
19-га кастрыічніка. Хадзіў на юбілейную ўрачыстасць БНФ — 10 гадоў ад заснавання. Ад выступления адмовіўся — усё па той жа прычыне, помнячы, як усадзілі нож і дагэтуль не павініліся. Няўжо Ю.В.Х (а менавіта ён запрашаў) не разумее, што ў агульны хор хваласпеву па адрасу “апосталаў” я ўключыцца не магу? А можа, ён усяго не ведае? Як БНФ не пусціў мяне ў народныя дэпутаты СССР і хацеў не пусціць у Вярхоўны Савет БССР (праз год, у 90-м) на Маладзечаншчыне? Дзякуючы камуністам прайшоў і зрабіў там, абраны старшынёй Камісіі, тое, што павінен быў зрабіць. Можа, нават і больш, — калі ўлічыць мае арганізацыйныя “здольнасці”.
20-га кастрычніка. Пабываў на мікравыставе Ул. Савіча. Надзвычай таленавітае выкарыстанне колераў! Але, але... Здаецца, гэта не маё. Мой Савіч — у “Родных дзецях”.
Думаў пра ўчарашнюю ўрачыстасць. Зашмат экзальтацыі, воплескаў, уставанняў, малавата аналізу і канкрэтных задач.
21-га кастрыічніка. Дзён дзесяць назад Г.Д. Карпенка папрасіў мяне ўвайсці ў аргкамітэт па падрыхтоўцы Кангрэса дэмакратычных сілаў (сказаў: трэба імя). Я даў згоду і вось сёння быў на пасяджэнні камітэта — у штабе АДП, на Судмаліса, 10. Памяшканне — звычайная 3-пакаёвая кватэрка, з адным прахадным пакойчыкам. Сабралася чалавек 15-17 (Хадыка, Шарэцкі, Грыб, Лугін, Пеціна, быў і Бураўкін). Усё выглядала, як... у падполлі, у часы падрыхтоўкі Кастрычніка, і ад гэтага мне было горка. Дэмакратычныя сілы не маюць прыстойнага месца, не маюць сродкаў, яны сапраўды загнаны, па сутнасці, у падполле. Не ўбачыў я і належнага аднадушша, гарачай зацікаўленасці і аптымізму. Карпенка трохі нерваваўся, а — не трэба, нельга. Спакой і ўпэўненасць патрэбны ўсім нам, сябры! На мінулым, першым Кангрэсе, слова для прывітання ўпачатку, на адкрыцці, меў Янка Брыль. Гэты раз Г.Д. прапанаваў: ці Гілевіч, ці Бураўкін, “паколькі Быкаў у Фінляндыі”. Так што калі і выпадзе гонар, дык дзякуючы “паколькі”. Але, здаецца, не выпадзе, бо Шарэцкі адразу раўніва запытаў: а ад імя каго гэта будзе прывітанне? Маўляў, калі б ён — дык ад імя Вярхоўнага Савета, а народны паэт — ад каго? І праўда, ад каго? Маеце рацыю, Сямён Георгіевіч.
Зразумеў, што моцна муціць ваду Статкевіч. Аказваецца, у 90-91-м ён быў у адной абойме з гэтым Шэйманам, які сёння...
Складаўся парадак дня Кангрэсу. Калі амаль падвялі рысу, я, не дачакаўшыся ад іншых, прапанаваў, каб была асобная рэзалюцыя аб незалежнасці Беларусі.
24-га кастрыічніка. “Чырвонка” змясціла мае адказы на пытанні, падрыхтаваныя І. Свірка (дачка паэта). На здзіўленне, “прайшло” ўсё, што я напісаў, у тым ліку і аб незалежнасці, і аб мове. Новы рэдактар першы экзамен вытрымаў, — буду лічыць так.
26-га кастрыічніка. Аддаў у “Звязду” артыкулец пра апавяданне Пташнікава. Сяму-таму гэта будзе недаспадобы, вельмі ж высока цаню яго майстэрства...
Перадаў Андрыевічу У.У. матэрыялы (лісты, фотаздымкі, кнігу) для музея Я.Янішчыц у Парэччы. Ах, Жэня, Жэня! Мілая Жэня!.. Як жа гэта мы, ёлупні, не ўгледзелі?!.
Званіў Ян Запруднік. Зайсці да мяне, відаць, не зможа. А шкада. Хацелася б пагутарыць — і не на хаду, а за сталом у хаце. Хоць малая надзея яшчэ ёсць.
2-га лістапада. З брыгадай “Палымянцаў” (Законнікаў, Пісьмянкоў, Клышка і Саковіч) ездзіў у Радашкавічы, на “Белкераміку” — да старых знаёмых. Кіруе цяпер М.А. Справы ў іх ідуць нядрэнна, зарплата досыць ладная і рэгулярная. У “музеі” — яшчэ багацей і прыгажэй, як было пры Шаферу. Якая цудоўная прадукцыя! Вачэй не адвесці. Сустрэча — у зале — прайшла трохі фармальна, па дысцыпліне — па загаду дырэктара. Да таго ж трохі сапсаваў настрой сваімі графаманскімі “сцішкамі” пра адэному мясцовы пііт Сымон Белы.
3-га лістапада. Хадзіў на Судмаліса, на пасяджэнне аргкамітэта. Не магу сказаць, што праца ідзе зладжана і паспяхова. Баюся, што сапраўднага аб’яднання дэмакратычных сіл не адбудзецца і каша не зварыцца. У газетах выступаюць добра і здаецца — усе за адно, усе на адной пазіцыі. А тут — дробныя спрэчкі і расхэйдус. Для мяне — трата часу, бо я на сваім месцы зраблю больш.
4-га лістапада. Хадзіў на Раду СП — і шкадую. І ў Раду не трэба было лезці. “Мой час прайшоў”, — сам жа напісаў яшчэ да з’езду. Бесталкоўшчына і бедлам. Пытанні зусім не падрыхтаваныя, прэміі прысудзілі абы-каму, ніхто твораў не чытаў. Адным словам — як і ўсё ў дзяржаве. Затое “пасяджэнне” ў кавярні было на ўзроўні — як у былыя часы. Тут яшчэ рэгрэсу няма.
9-га лістапада. Гадзіны паўтары быў на выставе Г.Х. Вашчанкі (злавіў за хвост, сёння закрываецца). Гідам-экскурсаводам быў сам Г.Х. Уражанне — моцнае. Выдатны мастак. Беларускі, нацыянальны. Мой мастак. Прымаю і люблю.
11-га лістапада. Хадзіў на Раду “Бацькаўшчыны”. Абмяркоўвалі праграму “Беларусі — 2000 гадоў”. Як гэта кажуць — пагаварылі добра, праграму склалі. А як будзем ажыццяўляць яе — у гэткіх умовах — адзін Бог-бацька ведае. Ну але ж трэба нешта рабіць, не сядзець жа склаўшы рукі.
На Радзе падышоў В. Санько з “Хаты” і кажа: знайдзіце спонсара — і я за месяц выдам “Гэй, наперад! Гэй, назад!”. Мілы ты мой! Калі б я ўмеў шукаць фундатараў — ці ж бы мы аддалі табе рукапіс.
Паглядзеў у Мальдзіса “Гістарычны слоўнік Беларусі” Я. Запрудніка. Па-мойму, у яго не было добрых дарадцаў, бо шмат недаравальных ляпсусаў.
12-га лістапада. Трапіў у рукі чарговы нумар “Славянскага набата”, з якога даведаўся, што і Лойка — член ПЭНа, чаму нямала здзівіўся. Цікава: хто ж з вядомых не ў ПЭНе? Няўжо адзін Ніл Гілевіч?
13-га лістапада. “ЛіМ” перадрукаваў з часопіса “Детская литература” маё інтэрв’ю, у якім я ўпершыню публічна выказваю шкадаванне аб празмерным захапленні перакладчыцкай працай (было шмат лішняга, неабавязковага, у прыватнасці — уся проза). Горка, але назад не вернеш пакладзеных на гэта сіл і часу.
25-га лістапада. “Звязда” змясціла мой вершык “Я хацеў бы адно” — памяці Янішчыц. Так уціснулі пад артыкулам, што ледзь знайшоў. А артыкул... Божа прамілы, да чаго, да якога ўзроўню дазваляе сабе апускацца мой сябра?
26-га лістапада. Па просьбе Дзягілевай быў на сустрэчы з моладдзю ў бібліятэцы “Юнацтва” на вул. Прытыцкага. З радасцю пераканаўся, што гарачых патрыётаў беларушчыны ў нас больш, чым думаюць нашы незычліўцы. І што мы будзем жыць! Тон у бібліятэцы задае дырэктар Валянціна Сяргееўна. Малайчына! Выставу твораў госця зрабілі проста выдатную.
27-га лістапада. Дзень правёў у Барысаве, у педагагічным каледжы. Сустрэча прайшла найлепшым чынам. Амаль тры гадзіны цягнулася. А пасля яшчэ гутарка з настаўнікамі за абедам... Арганізаваў сустрэчу Валеры Васільевіч Захараў — вельмі абаяльны чалавек, — з тых, на кім і трымаецца на перыферыі беларускае слова, беларуская справа.
4-га снежня. Выйшаў “ЛіМ” з артыкулам пра выданне анталогіі аднаго верша “Агледзіны”. Папракнуў укладальніка за адсутнасць у ёй некаторых паэтаў. А цяпер думаю: калі б мяне не было ў “Агледзінах” — ніхто б і не заікнуўся, і не ўспомніў бы. А ні адна душа, а ні адзін сябра! Усё сышло б за “так і трэба”, за “нармальна”. Во каб цябе агні! — як любіла гаварыць нябожчыца-мама.
5-га снежня. Прачытаў прыпавесць Быкава “Камень”. Працяг “Вусатага” і “Трубы”. Алегарычныя сюжэты. Моцна, цікава. Хоць з пэўнага часу алегорый не люблю — як і ўсяго ўмоўнага, нерэалістычнага ў прозе. І не толькі ў прозе.
Апаўдні заходзілі В. Скалабан і Ю. Гарбінскі (з Варшавы хлопец, родам з Камаяў). Гарбінскі выдаў у Польшчы вялікі том пад назвай “Беларуская думка. ХХ стагоддзе”, які і прэзентаваў мне (ёсць там і фрагмент з майго артыкула). Цудоўнае і вельмі патрэбнае выданне!.. Шкада, што ён не меў з чаго выбіраць думкі Н.Г. Калі я падарыў яму “Любоў прасветлую” — ён аж ахнуў: не падазраваў, што ў мяне столькі напрацавана. Шкада, шкада! Калі б гэта мая кніга апынулася ў Варшаве тады ж, як выйшла (пачатак 1996-га), — напэўна я быў бы прадстаўлены ў томе Гарбінскага не паўтары старонкамі. Але ж я ўсё жыццё не ўмеў паклапаціцца пра сябе так, як умеюць іншыя. О, як яны ўмеюць!..
9-га снежня. Сустрэча ў Мінскай СШ № 2, дзе дырэктарам актывіст адраджэння Сядзяка. Арганізавала — сябра ТБМ настаўніца-пенсіянерка Соўпель Л.А. Усё было з павагай да госця. Вучні дэкламавалі мае вершы, пелі беларускія песні. Дырэктар, пад гітару, выканаў “Вы шуміце, шуміце...” (у мае школьныя гады такое было немагчыма — каб дырэктар спяваў перад вучнямі). Пасля — доўгая гутарка з настаўнікамі за чаем (без спіртнога!). Безліч пытанняў да мяне — і амаль усе на ўзроўні. Выснова — усё тая ж: з настаўнікамі трэба кантактавацца.
16-га снежня. Сустрэча ў Батанічным Садзе. Наладзіў В. Вільтоўскі. Былі і людзі з іншых акадэмічных інстытутаў. Але — мала. Увогуле — мала. Не трэба ў канцы года (справаздачы!) рабіць такія сустрэчы. Слухалі добра, пытанняў было не шмат. Закончылі ўсё мерапрыемства — у экзатычных умовах, пад лімонным дрэўцам, з лімонамі.
18-га снежня. Вечар акадэміка Р. Гарэцкага ў Музеі Я. Купалы. Выступалі Брыль, Вярцінскі (вершам), Зуёнак (вершам), Законнікаў (вершам). Сказаў і я два-тры словы пра гэтага слаўнага чалавека і сябра (прозаю). Пасля дзвюх гадзін віншаванняў яшчэ гадзіны дзве чаркаваліся. Дзіўлюся і радуюся невычэрпнай энергіі і бадзёрасці Радзіма Гаўрылавіча. Дык і справядліва: беларусам патрэбна не толькі мужнасць, мудрасць, прынцыповасць, але і дужасць, фізічная моц, вынослівасць.
25-га снежня. Адзін з самых чорных дзён года. Самы чорны з усіх. Правадыр падпісаў у Маскве здрадніцкія дакументы. Яшчэ адзін ганебны, подлы крок да поўнага заклания Незалежнай Беларускай дзяржавы...
26-га снежня. Пад уражаннем таго злачынства, якое адбылося ўчора, напісаў, у гневе і ярасці, верш “І спытае суд высокі”. Шліфаваў яшчэ два, пачатыя раней. Дамовіўся з Сярэдзічам, што ў панядзелак ранічкой занясу ўсе тры яму — у апошні нумар года.
29-га снежня. Выйшла “Народная воля” з маімі гнеўнымі радкамі, заходзіў у рэдакцыю, узяў пару экзэмпляраў нумара.
З’ездзіў у Лагойск, у бальніцу, дзе ляжыць, у рэанімацыі, наша бедная Ліна. Пабачыліся, пагаварылі. Ёй ужо трохі лепш. Урачы супакоілі мяне, сказалі: выкараскаецца, працэс абнадзейвае; праўда, дыябет вельмі ўскладняе справу.
30-га снежня. М-кі прыслаў навагоднюю паштоўку, а ў ёй, апрача віншавання, дзіўная просьба, прычым — амаль ультыматыўная: я павінен узяць на сябе ініцыятыву па адраджэнні “сяброўскага хаўруса чатырох”. Каб усё стала, як некалі было: каб збіраліся ў яго па святах як даўнія верныя блізкія шчырыя сябры. Ах Мікола, Мікалай! І дзеля чаго ж ты варушыш адбалелае? Мне было столькі нажоў у спіну, што ў сэрцы нічога не засталося, апрача горкага шкадавання за прыкрую памылку. Што ж да В.У. — Бог суддзя і яму, і мне. Больш надзейнага, чым Н.Г., паплечніка ў яго не было, але ў 1989-м ён няйначай як рашыў вызваліцца ад мяне. Чаму? Апрацавалі вялікія патрыёты беларушчыны і Беларусі, вялікія змагары за дэмакратыю. Дык што ж ты цяпер, дарагі М.Я., ад мяне хочаш? Я нікога не прадаваў і не прадаў. Ты пішаш: “В. стаў вельмі вялікім, а Г. увесь у перажываннях за пасаду, абяцалі і не далі”. Госпадзі памілуй! І гэта мне гаворыцца сёння — у дні, калі канчаткова прадаюць у няволю Беларусь!