Орлов Владимир (2) Краявiд з ментолавым пахам (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Краявiд з ментолавым пахам

Рукапiс, прысланы ў зялёным канверце

Цяпер, вядома, можна сцвярджаць што заўгодна: суадносiць дату на паштовым штэмпелi з загадкавай смерцю аднаго лiтаратара, якога ў тыя самыя днi знайшлi павешаным ва ўласнай кватэры; спрачацца, жаночай цi мужчынскай руцэ належыць буйны круглявы почырк, што не пакiнуў на прысланым мне пульхным зялёным канверце зваротнага адраса; строiць кпiны з маёй знаёмай, якая дагэтуль перакананая, быццам той канверт сапраўды захоўваў пах добрых ментолавых цыгарэтаў, хоць ускосныя дэталi дазваляюць датаваць рукапiс канцом 80-х цi самым пачаткам 90-х гадоў... Што да вядомага псiхiятра, якому я прапанаваў выступiць у якасцi эксперта, дык ён, вяртаючы гэтыя чатыры дзесяткi драбнютка спiсаных старонак, абмежаваўся цьмянай фразаю пра суму выпадковых велiчыняў, дзе дапускаецца лiтаральна ўсё. Магчыма, якраз згаданая акалiчнасць i схiлiла мяне да публiкацыi рукапiсу без усялякiх купюраў i каментароў.

Апошнiм часам я часта звяртаюся да свайго з'яўлення тут, у старой аднапакаёўцы, якая... Мне хацелася напiсаць нешта накшталт, "якая адыграла ў маiм жыццi такую ролю", аднак роля працягвае iграцца, i я магу памылiцца ў вызначэннi парадкавага нумара дзеi. Урэшце, сама зацяганая метафара тэатра выглядае тут недарэчнай, хоць я i маю падставы назваць гаспадара кватэры акторам. Але цяпер, калi падзеi таго дня, а праўдзiвей, той размовы, адрэстаўраваныя да паўтонаў i запiсаныя ў памяцi нiбыта на вiдэастужку, якую можна спыняць, адкручваць назад альбо пускаць на запаволенай хуткасцi, я магу сказаць, што актор ён быў кепскi. Ужо адзiн спалоханы ўздрыг, калi на кухнi ўключылася лядоўня... Альбо мiзансцэна з трэцяй параю ключоў... Хоць гэта яшчэ як паглядзець...

Ён стаяў вось там, каля майго адзiнага вакна. Няўжо ён iмкнуўся захiнуць сляды, пакiнутыя на падваконнi лапамi вераўчанае лесвiцы? А мо спадзяваўся схаваць iх ад самога сябе, як, дарэчы, i пакiнуты мне ў спадчыну прайгравальнiк? Наогул, цяпер мне здаецца, што - асэнсавана або iнтуiтыўна ён рухаўся па кватэры дакладна вызначаным маршрутам, што дазваляў не сарвацца i давесцi гаворку да канца, каб нiколi больш са мною не бачыцца.

Ён быў прыкладна майго веку, меў нервовы твар i раннюю сiвiзну. Я чамусьцi падумаў, што такiя людзi схiльныя да iнфарктаў. Дадаць да гэтага невыразнага партрэта мне, бадай, няма чаго. Ну, можа, яшчэ ягоную худзiзну, якую я, памятаецца, спачатку з прыхiльнасцю назваў сам сабе шляхетнаю.

Сустрэўшыся з iм на вулiцы, я прайшоў бы мiма - не пазнаўшы цi не захацеўшы пазнаць яго.

Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзiлася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзiлi зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў i цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Вiдаць, гарадская геаграфiя i сталася галоўным аргументам, бо ў тыя днi я меў цвёрды намер баранiць сваю адзiноту i найперш шукаў спакою.

- Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада.

- Мяне гэта не палохае. Вальтэр пiсаў, што лiтаратар павiнен жыць паблiзу мяжы, каб зручней было ратавацца.

- Вы лiтаратар? - не падтрымаў майго тону, але вiдавочна зацiкавiўся ён.

Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае iнкогнiта, я няпэўна кiўнуў. Згадка пра род маiх заняткаў, безумоўна, была лiшняю.

- У такiм разе... - з выцвiлай усмешкаю загаварыў ён i не скончыў.

Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалi ў ягонай кiшэнi, а брыжык з ключамi - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнiгамi i пастараўся запомнiць колькi непазбежных у такiх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак i талонаў на электрычнасць. Усе iнструкцыi былi прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталiся непералiчанымi. Яшчэ хвiлiну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота.

- Увосень парк проста чароўны. Асаблiва клёны...

Жывучы тут, ён павiнен быў ведаць, што гэта не зусiм парк, а - старыя лютэранскiя могiлкi, па якiх гадоў дваццаць назад праехалiся бульдозеры. Я не палiчыў патрэбным дзялiцца сваiмi ведамi i конча ўпэўнiўся, што размова здоўжыцца.

- Вы збiраецеся жыць адзiн? - запытаўся ён i папрасiў дазволу закурыць.

Просьба падкрэслiвала мой новы статус i таму спадабалася, пытанне - не.

Ён зняў з кнiжнай палiцы масiўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбiтым рогам i глыбокiмi пустымi вачнiцамi.

- Гэта для вас iстотна? - вярнуўся я да пытання, з кiм збiраюся жыць.

- Ва ўсякiм выпадку не ў такой ступенi, як для вас, - адказаў ён i, iмгненна ўсвядомiўшы абсалютна неадпаведную сiтуацыi рэзкасць, перапрасiў.

Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся i, спалатнеўшы, выпусцiў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапiла, каб уся мая ўквеленасць знiкла, i я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такi прылiў шкадавання, што не прыдумаў нiчога лепшага, чым паведамiць пра свой развод i прагу самотнага супакою.

- Як вы сказалi? Не хочацца пражываць чужое жыццё? - з дзiўнай iнтанацыяй паўтарыў ён i строс попел у адну з чортавых вачнiцаў. У ягоных тонкiх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка. - Ну, тады ў вас...

Трымаючыся сваёй завядзёнкi, ён абарваў фразу i нечакана выняў другi камплект ключоў.

- Ведаеце, я пакiну вам i iх. Магчыма, у вас усё-такi хто-небудзь з'явiцца.

Пасля маiх слоў пра пошукi спакою гэтае дапушчэнне выглядала не зусiм лагiчна, аднак значна больш нелагiчны быў яго наступны ўчынак. У нервовых пальцах з'явiўся ўжо трэцi брыжык з ключамi. Гаспадар патрымаў iх на далонi i працягнуў мне.

- Няхай усе ключы будуць у вас. Дакучаць вам вiзiтамi я не збiраюся. Калi спатрэбiцца, патэлефануеце. Цяпер толькi сакавiк, значыць, засталося... Не думаю, што вы заўважыце нешта такое...

Я спачувальна выслухаў яго няўцямна-блытанае мармытанне i не звярнуў на апошнiя словы амаль нiякае ўвагi. Што я павiнен быў заўважыць? Што ў яго праблемы з псiхiкай?

Апускаючы два дадатковыя камплекты ключоў у кiшэню, я не сумняваўся, што вiзавi адчувае з гэтае прычыны палёгку. Разгадка магла быць досыць простаю: цяжкiя ўспамiны, звязаная з кватэраю асабiстая драма... Цi не адтуль, падумаў я, i ранняя сiвiзна.

Якiмi наiўна-трывiяльнымi выглядаюць мае тлумачэннi сёння...

- Ну вось, здаецца, i ўсе фармальнасцi. - Патушыўшы ў вачнiцы ў чорта недапалак, ён падняўся з канапы, аднак няўпэўнены тон сведчыў, што запас дзiўнаватых пытанняў i прапановаў не вычарпаны.

У такiх сiтуацыях прадчуванне рэдка падманвае мяне. Ён прайшоўся ўсцяж сцяны з кнiжнымi палiцамi, правёў рукой па запыленых карэньчыках i, няўдала зрабiўшы выгляд, нiбы толькi зараз успомнiў штосьцi важнае, зноў загаварыў:

- Скажыце, у вас ёсць прайгравальнiк?

- Не, я аддаю перавагу магнiтафону.

- Прайгравальнiк таксама добрая рэч. - У ягоным голасе прысутнiчаў яўны водцень, просьбы.

- Вядома, - суха пагадзiўся я. Да мяне вярталася раздражненне.

- Я хачу пакiнуць вам прайгравальнiк. Лiчыце гэта падарункам.

Я стрымана падзякаваў i абвёў пакой вачыма, аднак неспадзяванага прэзента нiдзе не заўважыў.

Нiчога не ўдакладняючы, я выразна паглядзеў на гадзiннiк, потым на дзве валiзы з гаспадаровым скарбам i прапанаваў паднесцi iх да тралейбуснага прыпынку. Ён адмовiўся. Выкладзеныя за год наперад грошы давалi мне права зноў кiнуць падкрэслены позiрк на гадзiннiк.

Ён паважыў у руках валiзы i замiж таго, каб рушыць да выхаду, паставiў iх назад.

- Скажыце... вы любiце... Шапэна?

Цяжка было даць веры, аднак у яго словах мне пачуўся вiдавочны страх.

- Вы кампазiтар? - холадна ўдакладнiў я. Усе гэтыя неабавязковыя пытаннi з зацягнутымi пярэрвамi i загадкавай эмацыйнай падкладкаю iмклiва падвышалi градус майго раздражнення.

- Кампазiтар?.. Не зусiм. Я проста хацеў...

- У Шапэна мне падабаюцца прэлюдыi, толькi вельмi прашу нiчога больш мне не дарыць.

Адкуль я мог ведаць, што ў тыя хвiлiны было сказана самае iстотнае за ўвесь вечар?

Перад дзвярыма гаспадар яшчэ раз апусцiў валiзы на падлогу.

- Ён там, у шафе.

- Хто? - Ува мне падымаўся калючы клубок злосцi.

- Прайгравальнiк, - прабачлiва, нават лiслiва растлумачыў ён. - У сценнай шафе каля ложка.

Я адчуў тое самае, што i ў выпадку з ключамi: немаведама чаму ён хацеў пакiнуць гэты прайгравальнiк у старой кватэры.

Зачынiўшы нарэшце дзверы, я сеў за стол, паклаў перад сабою ўсе тры камплекты ключоў i з затоенай радасцю падумаў, што, прынамсi, год буду пазбаўлены вiзiтаў чалавека, што мае схiльнасць без дай прычыны дарыць прайгравальнiкi i пытацца, цi любiце вы Шапэна.

Назаўтра я прывёз на таксоўцы сумкi з рэчамi, а ўвечары адкаркаваў пляшку сухога херасу i аддаўся цiхамiрным лятункам аб тым, як за год перачытаю тут штабель чужых кнiг i напiшу адну сваю. Я прадбачыў, што атрымаецца зборнiк апавяданняў свабоднага саракагадовага чалавека, якi своечасова звёў падрахункi з мiнулым. Памятаючы Борхесава папярэджанне пра непрадказальнасць гэтага ўзросту для мужчыны наогул i для лiтаратара - асаблiва, зазiраць далей не хацелася.

Вiно скончылася нечакана хутка. Дапiваючы апошнi глыток, я сустрэўся вачыма з масянжовай стодкаю Шывы на кнiжнай палiцы. Гэтае чатырохрукае стварэнне i падкiнула мне iдэю правесцi ў новым жытле iнвентарызацыю.

Стараючыся не згадваць самога гаспадара, я прызнаў, што iнтэр'ер ягонае кватэры можа прэтэндаваць на пэўную неардынарнасць i найперш - дзякуючы сцяне, якую ад столi да падлогi займала мапа Эўропы. Прычым яна, гэтая жоўта-зялёна-брунатная з плямамi блакiту мапа, была не проста наклееная на тынк накшталт шпалераў, але ўзятая, нiбы жывапiснае палатно, у адмысловую драўляную асаду, што на пару пядзяў адступала ад паверхнi, ствараючы своеасаблiвую перспектыву. Мапа як быццам адкрывалася воку з шырокага вакна, куды злева не трапляла толькi Пiрэнейская паўвыспа, а справа - Уральскi хрыбет. Унiзе лiнiя абрэзу праходзiла прыкладна на шыраце Крыма, пад якiм уладкаваўся стол-кнiжка. Праваруч гэтага "вакна" цягнулася сцяна, цалкам занятая самаробнымi палiцамi з кнiгамi ды трыма тузiнамi пустых рознакалiберных пляшак з размаiтымi налепкамi, што захапiлi ўвесь верхнi ярус. На трэцяй зверху палiцы ў атачэннi дзесятка шматкалерных бляшанак з-пад пiва i атабарыўся чараваты шматрукi бажок з круцельскiм выразам на iльсняна-тлустым твары. Бажок пазiраў у сапраўднае вакно. Суседнi дом стаяў вельмi блiзка, i шчытная чорная штора, якая спадала нiжэй за падваконне, не выглядала лiшняй.

Годнае месца ў пакоi належала шырокаму ложку-канапе злева ад дзвярэй. Сцяну над ложкам закрывалi панелi з бардовай скуры. (Таго разу я не звярнуў увагi, што сям-там скура падрапаная нечым вострым кшталту кацiных кiпцюроў.) Збоку ад вакна, над спальным кутком, сцяну аздабляў гадзiннiк у драўляным корпусе з вакенцамi i вежачкамi. Праўда, сам гадзiннiк быў электронны i мераў час не стрэлкамi, а зялёнымi лiчбамi.

Не падымаючыся з ложка, можна было нацiснуць на некалькi ўштукаваных у панель жоўтых клавiшаў. Першая ўключала дабiты чорна-белы тэлевiзар, другая люмiнiсцэнтную лямпу над пiсьмовым сталом памiж вакном i мапаю, трэцяя вентылятар на столiку-кнiжцы, дзве наступныя сваiх функцыяў анiяк не выявiлi, а апошняя прынесла прыемную неспадзяванку: дзесьцi пры падлозе ўтульна запалiлася мяккая падсветка мапы. Калi патушыць астатняе святло, "вакно ў Эўропу" глядзелася асаблiва маляўнiча.

Дзверы пакоя мелi матавае шкло i адчынялiся ўсярэдзiну. Выхад у пад'езд вартаваў, седзячы на пыльнай антрэсолi, памаранчавы плюшавы сабачка. Я выйшаў на лесвiчную пляцоўку i нацiснуў гузiк званка. Сабачка заскакаў i зайшоўся вясёлым брэхам. Дзверы зачынялiся на ланцужок i на тры замкi. Я падумаў, што гэта занадта, i наважыў карыстацца двума. У сумешчанай з туалетам ваннай нiчога прыкметнага, апрача вялiкага павука, не сустрэлася.

Усё, што я пiшу зараз, можа здацца занудлiва-неiстотным, але я адчуваю неабходнасць зафiксаваць гэтыя дробязi, бо неўзабаве лiтаральна кожная з iх набудзе велiзарную значнасць.

Канец вечара быў далёка, i я прыступiў да больш блiзкага знаёмства з пакiнутымi аматарам Шапэна рэчамi.

У сценнай шафе пры ложку ляжалi дзве коўдры i дзве падушкi. На нiжняй палiцы стаяў прэзентаваны прайгравальнiк. Падбор кружэлак выглядаў досыць страката: Вiвальдзi, сярэднявечная лютневая музыка, "The Beatles", санаты Чурлёнiса, "Песняры" i два маленькiя дыскi дзiцячых казак. Запiсаў Шапэна насуперак чаканню не аказалася.

У дадатак да мапы i гадзiннiка ў кватэры прысутнiчала яшчэ адна рэч з прэтэнзiяй на арыгiнальнасць. Памiж дзвярыма i кнiжнымi палiцамi месцiўся акаваны меддзю куфар, зроблены, вiдавочна, не вясковым майстрам, а гарадскiм iмiтатарам, якому не хапiла густу, i ён прымалацiў на пярэднi бок пяць медных лiтараў: SEZAM. (Светлыя драпiны на фарбаванай драўлянай падлозе, якiя сведчылi, што гэтую частку абсталюнку - i няраз - падцягвалi да дзвярэй, я заўважу значна пазней.)

Куфар быў пад самае вечка наладаваны розным жалеззем i iнструментамi, паўзверх якiх ляжала вераўчаная турыстычная лесвiца з кiпцямi-зачэпамi. З выгляду яна наўрад паспела паўдзельнiчаць у сур'ёзных падарожжах. Пакруцiўшы знаходку ў руках, я змецiў заводскую налепку з даўжынёю - 10 м i механiчна адзначыў, што гэтага якраз хапае, каб спусцiцца па сцяне з майго трэцяга паверха.

Пакiнуўшы ў спакоi куфар, я заняўся кнiгамi. Перад сном заманулася пачытаць, i я зняў з палiцы лiмонавы том Акутагавы Руноске. Памiж старонак "Жыцця iдыёта" знайшоўся лiсток з вучнёўскага сшытка ў кратку. Дзiцячая рука фламастэрам намалявала на iм пяцiпавярховiк з жаночым тварам у вакне трэцяга паверха. Малюнак не меў у сабе нiчога незвычайнага, а вось надпiс мяне збянтэжыў i нават трохi занепакоiў.

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

НЕ МОЖА

Словы, дзе хавалася трывога, а мо i роспач, належалi вiдавочна не дзiцёнку, хоць i былi напiсаныя буйнымi друкаванымi лiтарамi, што тоўпiлiся i, як сляпыя, натыкалiся адна на адну. Так мог пiсаць чалавек на моцным падпiтку альбо ў скрайняй расхваляванасцi.

Тут, безумоўна, таiлася нейкая загадка, i яе бударажлiвае адчуванне абяцала пераўтварыцца ў сюжэт, а потым у навелу.

Паляжаўшы колькi хвiлiнаў у цемры, я павярнуўся да сцяны-мапы i ўключыў падсветку. На жоўта-зялёнай прасторы хутка ўдалося знайсцi Парыж, а за iм Лондан i Стакгольм. Дом аддзяляла ад вулiцы такая адлегласць, што шум транспарту сюды не далятаў. Чорныя кропкi з назвамi эўрапейскiх сталiцаў зрушылiся з месца i закружылiся ў карагодзе. Я дрымотна нацiснуў клавiшу на панелi i, засынаючы, паспеў усцешана падумаць, якiя цiхiя вечары чакаюць мяне наперадзе.

Другi камплект ключоў спатрэбiўся нашмат раней, чым я меркаваў.

Я наняў кватэру ў сакавiку, а на пачатку наступнага месяца яна ўжо чула жаночы голас.

Як i абсалютная большасць такiх знаёмстваў, нашае - ад сустрэчы на стаянцы таксi да пакiнутага нумара тэлефона - было наборам банальных слоў i ўчынкаў. Праўда, тэлефон я даў свой - не столькi таму, што Наташа мне адразу спадабалася, як з прычыны беспрасветна здзеклiвага маўчання майго белага тэлефоннага апарата.

Я не цешыў сябе спадзяваннямi на прарыў гэтае блакады, але праз два днi тэлефон загаварыў Наташыным голасам.

Яна зрабiлася маёй у самы першы вiзiт сюды i потым прызнавалася, што вельмi праз гэта перажывала. У тыя днi нашы адносiны ўжо дазвалялi мне растлумачыць Наташы, што яна проста даверылася жаночай iнтуiцыi, а тая нашэптвала, што новы знаёмы не будзе трацiць час на дзеяннi, якiя адзiн ягоны сябар калiсьцi назваў танцам паўлiна. Мая сяброўка згадзiлася. Яе русая галоўка з дзвюма падкручанымi ля скроняў даўгiмi кудзеркамi ляжала ў мяне на плячы. Чорная штора захiнала нас ад дзённага святла i астатняга свету. З прайгравальнiка, якому пасля Наташынага з'яўлення я вызначыў месца на столiку каля мапы, лiлася лютневая музыка, а на падлозе пры ложку стаяла пляшка чырвонага вiна.

Наташа сказала, што нi ў чым не раскайваецца, i, не падымаючыся, напоўнiла шклянкi. За вакном быў травень, i на сажалцы каля былых лютэранскiх могiлак у шарую гадзiну пачыналiся жабiныя канцэрты.

Назваць той час шчаслiвым было б няшчыра. Як акрэслiць яго больш дакладна?.. Ён поўнiўся жыццёвай энергiяй. Ён быў падарункам лёсу, хоць часам я падазраваю, што таемныя сiлы, якiя неўзабаве зацягнулi мяне ў свой водаварот, усяго толькi вырашылi даць мне адпачынак перад блiзкiмi выпрабаваннямi.

У адрозненне ад некаторых лiтаратурных герояў я не жыў ад спаткання да спаткання. Ранiцой я сядаў за стол i пiсаў тры, а калi шанцавала, то i чатыры старонкi будучай кнiгi. За тыдзень чарнавiк апавядання звычайна быў гатовы, i, паводле старой звычкi, перад тым, як перапiсваць опус начыста, я чытаў яго сам сабе ўголас.

Апошнi аповед, праўдзiвей, ягоны чарнавiк, так i застанецца на стале непрачытаны...

Ну навошта гэтае недарэчнае "апошнi"? Хiба тое, да чаго я рыхтуюся, не дазволiць мне?.. Адкуль бяруцца сумневы, калi падарожжы не даюць для iх нiякага грунту? А можа, я толькi пераконваю сябе, старанна калекцыянуючы памысныя доказы i заплюшчваючы вочы на тое, што ўпарцiцца класцiся ў схему?..

Не, цяпер я павiнен вярнуцца ў той травень, да Наташы, да жабiных канцэртаў i бэзу на амаль вясковай суседняй вулiцы.

Калi не памыляюся, я яшчэ не згадваў, што пасля разводу звольнiўся са службы. Ганарару за папярэднюю кнiгу, па маiх падлiках, хапала не меней як на год-паўтара, а надаўжэй я даў сабе слова жыццё не планаваць.

Дык вось, ад ранiцы я пiсаў свае абавязковыя тры старонкi. Потым выпраўляўся на праходку, выбiраючы цiхiя вулачкi з дагледжанымi кветнiкамi, лавачкамi i аканiцамi. Памежным слупам памiж гэтымi вулiцамi i новым горадам служыў дзевяцiпавярховы дом з гастраномам, дзе я на зваротным шляху купляў пару бутэлек сухога вiна.

Мае дачыненнi з суседзямi абмяжоўвалiся знаёмствам з колiшнiм электрамантажнiкам Лёнем, якi будаваў высакавольтныя лiнii i, вярнуўшыся аднаго разу з камандзiроўкi, убачыў жонку ў абдымках у шчаслiвага супернiка. Лёня выгнаў нявернiцу з дому, а сам запiў, сарваўся з мантажнай мачты i атрымаў iнвалiдную пенсiю. Заходзячы пазычыць чарговую пяцёрку, Лёня паўтараў сваю гiсторыю ў розных варыянтах, але нiколi не забываў шляхетна адзначыць, што жонка здрадзiла яму не з першым-лепшым аматарам амурных прыгодаў, а з капiтанам далёкага плавання. Мне iмпанавала, што Лёня хутка развучыў, у якi час не трэба турбаваць памаранчавага сабачку, бо ён вартуе нас з Наташаю.

Сабачка вiтаў маю сяброўку такiм вясёлым брэхам, нiбыта чакаў яе разам са мною. Аднак неўзабаве ён ужо мусiў дэманстраваць радасць толькi пацеркамi бурштынавых вачэй, бо я ўручыў Наташы ключы.

Па яе прыходах можна было правяраць гадзiннiк. А палове пятай за ёю зачынялiся дзверы, а ў 16.35 мы ўжо любiлi адно аднаго. Пяцi хвiлiнаў якраз хапала на тое, каб выпiць келiх вiна i скiнуць з сябе ўсё, што перашкаджала лавiць доўгiя хвiлiны асалоды.

Наташа паходзiла са шчаслiвага племя тых жанчын, якiя нiколi не паўтараюцца i гэта не каштуе iм анiякiх намаганняў, таму што атрымлiваецца незалежна ад iх волi.

Яе з'яўленне не толькi змянiла мой распарадак, але i ўнесла разнастайнасць у рацыён, бо тая самая iнтуiцыя падказала ёй, што каханак мае таемныя схiльнасцi гурмана. Пасля таго як мы, вяртаючыся ў рэчаiснасць з першай блiзкасцi, дапiвалi ў ложку нашу першую пляшку вiна, Наташа iшла на кухню, каб згатаваць на вячэру што-небудзь цiкавейшае за маю дзяжурную яечню цi смажаныя калдунцы.

Кухня бачыла Наташу ў шлафроку, якi яна прынесла i акуратна павесiла на плечыкi ў адно з першых, яшчэ насцярожаных наведванняў. Я напiсаў "кухня бачыла" i падумаў, што выкарыстаў гэты выраз неасэнсавана, але зусiм не выпадкова. У тыя днi я нi за што не напiсаў бы так. Тады мая аднапакаёўка ўпэўнена вяла ролю звычайнай кватэры на гарадской ускраiне.

Ага, шлафрок. Той зялёны з буйнымi шыпшынавымi кветкамi шлафрок напачатку, я дагэтуль памятаю, укалоў мяне думкаю аб тым, дзе вiсела гэтая спакуслiвая апранашка раней.

Мне падабалася дапамагаць Наташы каля газавай плiты i збiраць на стол, у якi мы ператваралi дзве пастаўленыя пры ложку табурэткi. Новую сустрэчу нашых целаў афарбоўвала ўжо не вострае жаданне, а пяшчота ўзаемнага прыцягнення. Здаволiўшы першы раз смагу, цяпер мы як быццам дапiвалi пакiнутыя глыткi, каб запасу валодання адно адным хапiла да наступнае, заўтрашняй цi паслязаўтрашняй паловы на пятую.

Шлафрок займаў сваё месца ў шафе, калi электронны гадзiннiк у драўляным корпусе паказваў без чвэрцi восем. Па дарозе да тралейбуснага прыпынку я браў Наташу за руку i любiў раз-пораз злёгку сцiскаць яе сухiя цёплыя пальцы, адчуваючы iх адказ. Калi насустрач нам траплялася юная парачка, мая сяброўка вызваляла руку, гаворачы, што маладзёнам будзе смешна: такiя старэнькiя i трымаюцца за ручкi. Яна какетнiчала, бо i сама выдатна ведала, што абсалютная большасць гэтых жаўтаротых дзяўчатак магла б адно пазайздросцiць яе маладому, гнуткаму i такому таленавiтаму целу, якое, здавалася, мела намер нiколi не падпарадкоўвацца часу.

Асколак былога, ужо амаль чужога жыцця...

Бэзавы травень неўпрыкмет пералiўся ў язмiнавы чэрвень; у лiпенi Наташа з'ехала на два тыднi ў адпачынак, але такая доўгая ростань нiчога не змянiла: у прызначаны дзень я нецярплiва, як хлапчук, чакаў яе, i ключ павярнуўся ў замку роўна а палове пятай.

Усё пачалося напрыканцы жнiўня, калi ўслед за спёкаю некуды прапалi i цэлыя раi матылькоў-крапiўнiкаў, што яшчэ нядаўна акупавалi наваколле, залятаючы ў адчыненае вакно i бессаромна апускаючыся на нас, куды iм толькi заманецца.

Як нядаўна i як даўно гэта было!.. Часам я сапраўды адчуваю настальгiю па тым жыццi, але яна нагадвае настальгiю жыхара Атлантыды, якому пашчасцiла ўратавацца, калi ягоны мацярык загiнуў. Маё былое жыццё паглынулi хвалi. Напiсана, вядома, занадта прыгожа, каб быць праўдаю. Проста я адчуваю, што дарогi назад няма.

Але цi маю я права ўпэўнена сцвярджаць, што ўратаваўся?..

У любым выпадку я цудоўна памятаю дату здарэння, што сталася прадвесцем... Якi сэнс займацца пошукамi эўфемiзмаў? Прадвесцем прыходаў. Дакладнейшага тэрмiну я не знайшоў, як не вынайшаў i нiчога лепшага за падарожжы.

Падарожжы стануць другой стадыяй...

Прашу вас адкiнуць падазрэннi i не шукаць тут нiякiх сiмптомаў. Падрыхтуйцеся чытаць далей з большай увагаю, i гэта пераканае вас у поўнай яснасцi майго розуму, якую ён захаваў, насуперак усяму, што на яго абрынулася.

Таго дня на праходцы пасля трох ранiшнiх старонак мне ўспомнiўся мой гаспадар. Ужо паўгода ён не ашчаслiўлiваў мяне новымi падарункамi, не высвятляў, цi люблю я Шапэна, i наогул нiяк не нагадваў пра сябе, за што я быў яму бязмерна ўдзячны, як, дарэчы, i за прайгравальнiк, што аздабляў нашыя з Наташаю спатканнi.

Вынiкам гэтай прыгадкi сталi змены ў маршруце, якiя прывялi мяне ў музычную краму.

Я выбраў кружэлку "Led Zерреlin" з маёй улюбёнаю "Лесвiцай у неба", капрысы для скрыпкi Паганiнi i ўжо кiруючыся да выхаду, убачыў на стэлажы рамантычны профiль Шапэна. Памяць была напагатове: "Скажыце... вы любiце... Шапэна?" - "Мне падабаюцца прэлюдыi, але вельмi прашу нiчога больш мне не дарыць..." Тады я адказаў праўдзiва, а на дыску ў чорна-зялёным канверце, якi трымаў цяпер у руках, былi якраз яны, знакамiтыя "Дваццаць чатыры прэлюдыi" ад радаснага парыву першай да трагiчных басовых фiгурацыяў заключнай.

Дома я паслухаў "Лесвiцу ў неба" i паставiў Шапэна. Адварот кружэлкi пачынаўся з прэлюдыi No 15, якую Жорж Санд, нягледзячы на пратэсты Фрыдэрыка, называла "прэлюдыяй у кропельках". Гэтая пастаральная п'еса з рысамi накцюрна зноў прывяла мяне за пiсьмовы стол, натхнiўшы яшчэ на адну старонку чарнавiка.

Ад рукапiсу адарваў водар ментолавых цыгарэтаў. Дакладней, я пачуў яго трохi раней, але нейкi час пяро яшчэ бегала па паперы, а прыемны пах iснаваў на перыферыi ўспрымання, нараджаючы туманныя вобразы тонкай рукi, няярка падведзеных вуснаў, белай цыгарэты з пакiнутым памадаю ружовым колцам... Неўзабаве я адчуў лёгкае здзiўленне i падняў галаву. На тле кнiжных палiцаў плыла шызая пасмачка дыму. Крыху заiнтрыгавана я падышоў да расчыненага вакна i глянуў долу. Унiзе сядзеў на лавачцы былы электрамантажнiк Лёня, што зроду не курыў нiчога, апрача "Астры". Пасмачка знiкла з вiдавоку, ды пах аказаўся ўстойлiвым, нiбыта курылi дзесьцi зусiм блiзка, у суседнiм пакоi, якога ў мяне не было. Мне падумалася, што Наташы такiя водары маглi быць не да густу, i я на ўсялякi выпадак адчынiў дзверы на пляцоўку. З пад'езда звыкла цягнула катамi. Значыцца, вiнаватыя былi вакно i тутэйшая мудрагелiстая ружа вятроў.

Пачатак вечара не быў адметны нiчым, акрамя таго, што мы слухалi новыя кружэлкi, прычым на Шапэна часу не хапiла. Выдатна памятаю, што паставiў прэлюдыi на прайгравальнiк, аднак Наташа ўжо прычэсвалася перад нашым вялiкiм авальным люстрам, i я не стаў апускаць iголку на дыск.

Я вяртаўся ў тым настроi, якi Лёня навучыўся вызначаць абсалютна беспамылкова. Удзячны за атрыманую пяцёрку, ён пацягнуўся следам на мой трэцi паверх. На пляцоўцы Лёня закурыў, i я аўтаматычна адзначыў, што ў руках у яго пакамечаны пачак "Астры".

У гэты момант мне i здалося, нiбыта з-за дзвярэй чуецца музыка. Я напружыў слых i пазнаў "прэлюдыю кропелек". У першыя iмгненнi - цi то з прычыны бесклапотнага настрою, цi таму, што побач стаяў Лёня - адкрыццё ўспрынялося зусiм спакойна. Я крутануў у замку ключ, развiтаўся з суседам i апынуўся ў сваiм цесным калiдорчыку. У кватэры плавала заканчэнне музычнай фразы, i гэта, несумненна, быў прэлюд No 15. Толькi тут да мяне дайшла сутнасць таго, што адбываецца. Чуючы пад сэрцам непрыемны скразнячок, я рыўком адчынiў дзверы ў цёмны пакой i пстрыкнуў выключальнiкам.

У пакоi нiкога не было, прайгравальнiк моўчкi стаяў на месцы, але ў паветры пахла ментолавым цыгарэтным дымам. Я праверыў кухню, ванную i абедзве сценныя шафы, а потым сеў на непрыбраны ложак i засмяяўся.

Не скажу, каб мой смех прагучаў цалкам пераканаўча.

Музыка за дзвярыма, вядома, прымроiлася, але што было рабiць з пахам? Дзесьцi я чытаў пра спецыфiчныя нюхальныя галюцынацыi, аднак адкуль тады ўзялося блакiтнае воблачка на асноведзi чорнай шторы, якое цягнулася да прачыненае форткi?.. Цi не зашмат галюцынацыяў?

Я налiў поўную шклянку вiна i, выпiўшы яго маленькiмi глыткамi, заняўся аналiзам сiтуацыi.

Самым натуральным адказам на ўсе пытаннi была б нядаўняя прысутнасць у гэтых сценах чалавека з цыгарэтаю. Разам з тым такое тлумачэнне выглядала найбольш хiсткiм. Калi ў кватэры насамрэч хтосьцi знаходзiўся, ён меў усяго хвiлiнаў пятнаццаць памiж нашым з Наташаю адыходам i маiм вяртаннем. За гэты час аматар ментолавых цыгарэтаў павiнен быў, па-першае, нейкiм чынам трапiць у кватэру, а па-другое, паспець сысцi да майго прыходу. Але з якой мэтаю? Каб выкурыць цыгарэту i тым самым пакiнуць сведчанне свайго незаконнага ўварвання? Версiя выглядала досыць сумнеўнай, хоць i пакiдала прастору для далейшай распрацоўкi.

Паводле элементарнай логiкi, пранiкнуць у кватэру, маючы лiчаныя хвiлiны, найперш мог чалавек з ключамi. Адны ключы ляжалi ў мяне ў кiшэнi. Другiя Наташа трымала ў касметычцы. Трэцi камплект я паўгода таму паклаў у верхнюю шуфляду пiсьмовага стала.

Па дарозе да стала позiрк спынiўся на попелцы, што стаяла на палiцы памiж Шывам i томам Акутагавы. Аднарогi чорт супакоiў адсутнасцю якiх-небудзь слядоў попелу. Верхняя шуфляда таксама не падвяла. Я налiў сабе вiна i ўключыў тэлевiзар. Iшоў французскi дэтэктыў. Упэўнiўшыся, што ахвяра мёртвая, забойца спускаўся па аплеценай дзiкiм вiнаградам сцяне. Я адчынiў куфар. Вераўчаная лесвiца была ў наяўнасцi, аднак мне ўсё роўна захацелася пераключыць тэлеканал.

Наташын муж, знаходка ў касметычцы, выраб дублiкатаў ключоў еtс... Ад гэтай гiпотэзы я рашуча адмовiўся. Апрача ўсiх астатнiх "нацяжак", нi Наташа, нi яе муж не курылi.

Развагi непазбежна скiравалiся на гаспадара кватэры. Я пракручваў у памяцi нашу першую i адзiную размову, i яна мне ўсё больш не падабалася. Сцэна з ключамi... У дадатак да трох уручаных мне з такiм кранальным клопатам камплектаў, безумоўна, iснавалi яшчэ тры або нават трыццаць тры. А пытанне, цi адзiн я збiраюся жыць... Плюс асцярожны i, магчыма, тонка прадуманы намёк, што я магу заўважыць нешта такое...

Мною авалодала несамавiтае адчуванне таго, што мяне ўцягваюць альбо ў блазенскi розыгрыш, альбо, наадварот, у добра спланаваны эксперымент. У кожным разе становiшча выглядала, далiкатна кажучы, дыскамфортным, бо сцэнарый ствараўся без майго ўдзелу хаця б у якасцi кансультанта. Праўда, дзесьцi на ўзбочыне раз-пораз выплывала з туману тое дзiўнавата-спалоханае гаспадарова пытанне пра Шапэна, але якi, скажыце, здаровы розум здатны быў звязаць яго ў адзiн ланцужок з набытай сёння мною па ўласнай волi кружэлкаю ў чорна-зялёным канверце i, тым больш, з дымам ментолавых цыгарэтаў?

Як паказала надзвычай блiзкая, можна сказаць, затоеная за матавымi дзвярыма будучыня, якраз логiка i была тут найменш патрэбная.

Ладзячыся на сон, я ўпершыню зачынiў уваходныя дзверы на ўсе тры замкi. Я яшчэ не ведаў, што ў доўгай чарадзе наступных начэй гэтая акажацца цi не самай цiхамiрнаю.

Ранiца, як зазвычай, унесла ў вечаровыя ацэнкi свае карэктывы. Зрэшты, iншых высноваў, акрамя вiдавочнага - непасрэднага цi ўскоснага - удзелу ў гэтай таямнiчай гiсторыi майго гаспадара я ўчора так i не зрабiў. Дый сама таямнiчасць у сонечным святле ўвачавiдкi паблякла i атрымала аперэтачны выгляд.

Каля дванаццатай патэлефанавала Наташа. Яна не магла прыйсцi, што мяне крыху засмуцiла, але я даўно быў у тым узросце, калi адмена спаткання не здольная iстотна змянiць яркасць навакольных барваў. Паклаўшы трубку, я ўспомнiў, што паслязаўтра пятнiца, а значыць, Наташа, як заўсёды перад выхаднымi, затрымаецца ў мяне даўжэй i вынайдзе нешта арыгiнальнае не толькi на кухнi.

Пасля дзённай прагулянкi, я не напаткаў дома нiчога падазронага. Самым выяўным з пахаў быў смачны водар змолатай на ручным млынку кавы. Не скажу, што нервы канчаткова ўгамавалiся, аднак заглыбiцца ў пачаты рукапiс удалося без вялiкай цяжкасцi.

Павячэраўшы фiлiжанкаю кавы з лусцiкам, я зазбiраўся на шпацыр. Вечар вярнуў учарашняму здарэнню загадкавую значнасць, у вынiку чаго зборы адрознiвалiся ад звычайных. Найперш я наглуха зачынiў фортку, потым стаў пасярод пакоя i пастараўся запомнiць дакладнае размяшчэнне попелкi, масянжовага Шывы, раскладзеных на стале кнiг i старонак рукапiсу. Дзверы былi, як i, нанач, зачыненыя на ўсе тры замкi, а кiшэню джынсаў прыемна адцягваў падараваны Наташай паляўнiчы нож у скураной похве.

Маршрут руху таксама быў удакладнены. Былыя могiлкi з iх слаба асветленымi ваколiцамi выглядалi для позняга шпацыру месцам даволi спрэчным, затое адтуль я добра бачыў свой дом i вакно ў тарцы на трэцiм паверсе, якое пакiнуў з паднятаю шторай, каб адразу заўважыць святло.

Такiм чынам я бадзяўся па колiшнiх лютэранскiх кладах, дзе нейкiм дзiвам ацалеў адзiн перакулены i абымшэлы надмагiльны камень, i час ад часу са зручных кропак кiдаў позiрк на дом. Кожны раз у такi момант ува мне торгалася нейкая струна i злёгку перацiналася дыханне. Аднак маё вакно нязменна заставалася адзiным цёмным прастакутнiкам у сваёй вертыкалi, i хвiлiнаў праз сорак, настройваючы сябе на iранiчны лад, я рушыў дамоў.

Жнiвень лiчыў астатнiя днi, i пад нагамi ўжо траплялiся першыя кляновыя лiсты. Узбегла на памяць мая юначая навела, чый герой пiсаў каханай прызнаннi на залацiстых кляновых лiсцях. Ягоным правобразам быў сам аўтар, што пражыў з тых часоў два дзесяцiгоддзi i больш нiколi не пiсаў такiх лiстоў, хоць два цi тры разы яшчэ бываў закаханы i некалi -толькi ў iншым горадзе - вось так блукаў увечары па парку i чакаў, пакуль у суседнiм доме загарыцца вакно, святло якога прынясе радасць, што будзе хвалямi нарастаць на лесвiчных маршах, каб дасягнуць найвышэйшай адзнакi перад знаёмымi дзвярыма, за якiмi гучыць цiхая музыка i чакаюць гарачыя прагныя вусны. Таму закаханаму наканавана было стаць прататыпам чалавека, што сёння глядзеў на iншае вакно i чакаў калi не радасцi, дык хоць спакою ад таго, што яно застанецца цёмным, а за дзвярыма сустрэне цiшыня.

Музыку я пачуў на пляцоўцы другога паверха. Гэта быў прэлюд No 15, з якога, як я ўжо казаў, пачынаўся другi бок купленай напярэдаднi кружэлкi. "Кропелькi" гучалi мацней i выразней, чым учора.

Ногi зрабiлiся чужымi, як бывае ад высокае тэмпературы, але загаду падняцца яшчэ на адзiн паверх паслухалiся. "Вочка" ў дзвярах заставалася цёмным, ды за iмi безумоўна хтосьцi быў. Я зняможана прыхiнуўся да лесвiчных парэнчаў i паспрабаваў засяродзiцца.

Мелодыя скончылася. Цяпер павiнен быў загучаць адметны змрочным каларытам прэлюд No 16, аднак замест яго пасля кароткай пярэрвы зноў зазвiнелi "кропелькi". Я выняў нож, праверыў, цi лёгка ён выходзiць з похвы, i, трымаючы зброю ў левай руцэ, правую падняў да званка.

У тое самае iмгненне ў кватэры прачнуўся тэлефон. Пакуль ён з доўгай настойлiвасцю паўтараў званкi, сэрца паспела зрабiць падарожжа па ўсiм целе. Званкi зацiхлi адначасова з фiнальнымi акордамi прэлюдыi.

З таго боку дзвярэй запала глухая вусцiш. "Вочка" па-ранейшаму было цёмнае, але не iснавала нiякай гарантыi, што адтуль хтосьцi затоена не глядзiць на мяне, таксама сцiскаючы ў руцэ нож альбо нешта больш надзейнае. Нядаўнi намер нацiснуць на гузiк званка падаўся мне неабачлiвым. Бегчы да тэлефона-аўтамата, каб выклiкаць мiлiцыю, значыла дазволiць майму госцю без праблемаў падмазаць пяты. Я чамусьцi быў перакананы, што музыку Шапэна слухаў менавiта госць, а не госцi.

Выйсце падказаў грукат з размешчанай насупроць Лёневай кватэры. Сусед штосьцi майстраваў у калiдоры i, на шчасце, быў адносна цвярозы. Яшчэ больш дарэчным падаўся малаток у ягонай руцэ. Я экспромтам папрасiў паглядзець зламаны вентылятар i, не даючы Лёню пакiнуць дома малаток, падштурхнуў яго да сваiх дзвярэй. Левую руку я апусцiў у кiшэню з нажом, правая занялася ключамi. Трэба сказаць, левая чулася спакайней. Лёня зазначыў, што яму хапае аднаго замка i па-фiласофску дадаў, што, вядома, калi б iх было, як у мяне, тры, ён, можа, i не жыў бы цяпер адзiн, бо жонка з капiтанам далёкага плавання зачынiлiся б як след i не дазволiлi застукаць iх проста ў ложку. Ён меў права гаварыць, што хоча, абы трымаў малаток i быў гатовы па маёй камандзе пусцiць яго ў ход.

Калiдор сустрэў нас пустатой, пакой i кухня - таксама; вокны i форткi былi зачыненыя, дзверы на абедзвюх шафах - зашчэпленыя звонкi, але нос пачуў пах ментолавага дыму яшчэ раней, чым вока запрыкмецiла на фоне вакна свежы струменьчык дыму. Няпрошаны вiзiтант мог хавацца толькi ў ваннай.

- Лёня! - крыкнуў я, выхоплiваючы нож. - У ваннай хтосьцi есць! За мной!

Уключальнiк быў у калiдоры. Я тыцнуў у яго пальцам i рвануў дзверы.

З абодвух кранаў капала, а бачок над унiтазам сумаваў па сантэхнiку.

- Ну ты даеш... - пахiтаў галавою Лёня.

Я адкруцiў сiнi кран, вымыў слiзкiя ад поту рукi i, набiраючы ваду ў прыгаршчы, астудзiў твар. Затым павольна выцер яго ручнiком i напiўся. Наколькi магчыма, я адцягваў вяртанне ў пакой, бо ведаў, што там мяне чакае, прынамсi, адно, не лiчачы дыму, непрыемнае адкрыццё.

Адкрыццяў аказалася болей.

Разгорнутая кнiга на пiсьмовым стале кiнулася ў вочы яшчэ ў лiхаманцы ўварвання. Адыходзячы, усе кнiгi я пакiнуў закрытымi.

Рэвiзiя iншых кантрольных рэчаў выклiкала неадольнае жаданне плюнуць на заплачаныя наперад грошы i заўтра ж з'ехаць з гэтай кватэры, каб забыць i перастаўленага з трэцяй на чацвёртую палiцу iндыйскага бажка (на ранейшым месцы застаўся акуратны незапылены квадрацiк), i бязладна ператасаваныя старонкi рукапiсу, i - найперш - чортаву фiзiяномiю папяльнiчкi з напоўненымi попелам вачнiцамi.

Лёня адрамантаваў вентылятар i лашчыў позiркамi выстаўленую на стол пляшку каньяку. Я няроўна наскрыляў паляўнiчым нажом лiмон i налiў адразу па палове шклянкi. Усе тлумачэннi i спадзяваннi, якiмi я сябе закалыхваў, дазвання развеялiся, адкрыўшы голую праўду: хтосьцi з невядомым намерам пранiкае ў маю кватэру.

Без вялiкай ахвоты развiтаўшыся з суседам, я зварыў сабе кавы. Зайсцi госць мог праз дзверы, але якiм чынам яму ўдалося сёння непрыкметна выслiзнуць, калi вокны былi зачыненыя з сярэдзiны? Заставалiся сцены, падлога i столь.

Я ўзяўся метадычна прастукваць сцены i дзейнiчаў так старанна, што, калi дайшоў да мапы Эўропы, костачкi пальцаў налiлiся болем. Мапа здалася мне найбольш небяспечным месцам. Не, гэтая сцяна не адгукалася замаскаванаю пустатой, а выглядала падазронаю сама сабой - i нязвычнасцю ў якасцi часткi iнтэр'еру, i сваёй прасторавай перспектывай. Прастукаўшы кухню i калiдор, я заняўся падлогаю, а пасля, перастаўляючы табурэтку, уважлiва агледзеў столь. Калi не лiчыць павучка, што хаваўся за гадзiннiкам, нiчога адметнага я не знайшоў i, як нi дзiўна, прыняў гэты сумнеўны вынiк з пэўным задавальненнем. Гадзiннiк паказваў палову на першую, i ад мяне патрабавалася дапiць каньяк i завалiцца спаць.

Ноч прайшла спакойна. Мне снiлiся не таемныя наведнiкi, а мiнулае лета i Наташа, з якой мы займалiся любоўю на азёрным плыткаводдзi.

Я прачнуўся спустошана-лёгкi i пад свярдзёлкамi халоднага душу вырашыў не прадпрымаць абсалютна нiчога, а чакаць працягу падзеяў. Цi трэба казаць, што якраз гэтага працягу мне хацелася найменей? Я быў бы шчаслiвы, каб усе падзеi майго жыцця як мага даўжэй абмяжоўвалiся дзённымi сустрэчамi са сваiмi рукапiсамi i вечаровымi - з жанчынай, якая ўмела любiць не толькi ў снах. Дзякуючы бабулi я з дзяцiнства памятаў колькi малiтваў i ў тую ранiцу памалiўся за modus vivendi, якога прагнула мая душа.

Наступны дзень прамiнуў так, нiбы хтосьцi сапраўды пачуў малiтвы. Але цяпер я ўпэўнены, што насамрэч тая кароткая перадышка была дадзеная, каб падрыхтаваць мяне да новага кроку на ўжо вызначаным шляху.

На другi вечар пасля абстуквання кватэры i знаёмства з гадзiннiкавым павучком я таксама вяртаўся дахаты праз былыя могiлкi. У шатах старых клёнаў пасялiўся верасень, але вечары захоўвалi вернасць жнiвеньскай цеплынi, збiраючы на лавачках юныя парачкi.

На падыходзе да дому я зiрнуў на сваё вакно i быццам наляцеў на невiдочную сцяну: на ваконным тле вымалёўваўся светлы сiлуэт. Я да болю ў павеках заплюшчыўся i праз хвiлю асцярожлiва адкрыў вочы. Сiлуэт знiк. Я казаў сабе пра аптычны падман зменлiвага сутоння, аднак ува мне не знайшлося нiводнае клеткi, якая дала б гэтаму веры. Разам з тым я адчуў, як спелiцца рашучасць. Да пад'езда заставалася сотня крокаў. Я перайшоў на бег i апынуўся перад кватэраю меней чым за хвiлiну.

За гэтую хвiлiну мне ўспомнiлася, як некалi, пасля выхаду першых кнiжак, маё самалюбства любiла цешыцца выслоўем кагосьцi з лацiнаамерыканскiх мэтраў: я гуляю ў пiсьменнiка, i гульня можа стацца смяротнаю.

У суседзяў злева грымеў магнiтафон, i пачуць нешта з-за маiх дзвярэй было немагчыма. Вiдаць, гэтая акалiчнасць i надала мне мужнасцi. Не маючы з сабою нi нажа, нi якой iншай хаця б сiмвалiчнай зброi, я, не марудзячы, адамкнуў дзверы i пстрыкнуў калiдорным выключальнiкам. З зачыненага цёмнага пакоя даносiўся незразумелы роўны шум. Я набраў поўныя лёгкiя паветра i ўдарыў нагою дзверы. Святло запальвалася адразу за вушаком. На столiку ля мапы працаваў вентылятар. Узброiўшыся цяжкiм Шывам, я кiнуўся ў кухню...

Апрача мяне ў кватэры нiкога не было. Дакладней, апрача мяне, уключанага некiм вентылятара i паху ментолавых цыгарэтаў.

Была яшчэ пляшка каньяку. Я асушыў поўны вiнны келiх, спынiў вентылятар i заняўся праверкаю.

Вачнiцы папяльнiчкi зеўралi пустатой, затое сляды попелу мелiся на падлозе каля мапы, якую я зноў старанна абследаваў ад Лiсабона да Волгi. Наўрад цi я здольны быў адказаць на пытанне, што спадзяваўся знайсцi, бо мапа была наклееная на глухую сцяну, якая другiм бокам выходзiла на вулiцу.

Самым разумным выйсцем здалося вяртанне да сфармуляванага тры днi таму рашэння: пачакаць дадатковых фактаў.

Чаканне не здоўжылася: падзеi, перамiнаючыся з нагi на нагу, лiтаральна стаялi за дзвярыма.

Пасля вялiкай дозы каньяку я заснуў досыць хутка, але сон быў неглыбокi поўны няўлоўных вобразаў, абрыўкаў мелодый, трывожных шолахаў. Зялёная рыбiна свядомасцi плавала ў ваколiцах зыбкай мяжы сутонлiвай явы i сну. Штосьцi замiнала ёй апусцiцца блiжэй да дна, знайшоўшы спачынак у мяккiм багавiннi, i гэтае штосьцi пачынала акрэслiвацца ў цiхiм шэпце i лёгкiх кроках.

Я прахапiўся, быццам ад дотыку, i iнстынктыўна схапiў пакiнутага на падлозе Шыву. Лiчбы ў драўляным вакенцы гадзiннiка сцвярджалi, што iшла другая гадзiна ночы. Штора засталася неапушчанай, i ў пакоi было дастаткова светла.

Стаiўшы дыханне, я пасунуўся на сярэдзiну ложка, каб убачыць дзверы ў калiдор. Цяпер заставалася крыху нахiнуцца наперад. У рэдкiм цемрыве ўзнiклi размытыя абрысы матавай дзвярное шклiны.

Каб Шыва быў жывой iстотаю, наступная хвiлiна сталася б для яго апошняй. Мая рука сцiснула стодку з нечалавечай сiлаю: з таго боку дзвярэй прамiльгнуў выразны цёмны цень.

Праз некалькi ўдараў сэрца шкло зноў пацямнела.

Страх туга спавiў ногi i замарозiў волю. У абладзе такой усеабдымнай жуды я апынуўся аднойчы ў дзяцiнстве, калi, начытаўшыся нанач у пустой кватэры навелаў Праспэра Мерымэ, прачнуўся сярод ночы, i, як эпiлог вусцiшнага сну, да мяне працягвала рукi Венера Iльская, дакладна такая, як у кнiзе: з плямамi пацiны i лацiнскiм надпiсам САVЕ АMАNTЕM* на ўзножжы.

* Сцеражыся той, што цябе пакахае (лац.).

Параўнанне таго начнога жаху з дзiцячым паўсном-галюцынацыяй я, вядома, знайшоў пазней. А тады ўсё ж удалося адарвацца ад ложка i зрабiць крок да дзвярэй. Левая рука намацала выключальнiк. Паляўнiчы нож ляжаў на адлегласцi трох крокаў, якiя я пераадолеў шалёным звярыным скачком.

З нажом у правай руцэ i бажком у левай я стаяў перад дзвярыма, фiзiчна адчуваючы, як хтосьцi стаiць за матавым шклом. Дзверы адчынялiся з калiдора ў пакой, значыцца, той хтосьцi меў яўную перавагу, бо мог са сваёй цемры напасцi раптоўна. Я ведаў, што ў такiх выпадках развагi адно нашкодзяць, а таму з ваяўнiчым крыкам "А-а-а!" таргануў дзверы на сябе i вылецеў у цёмны калiдор...

Мой нож увайшоў у пустату. Кухоннае вакно сцераглi ўсе шпiнгалеты, а дзверы на лесвiчную пляцоўку апрача замкоў ахоўваў сталёвы ланцужок. Тое, што з дапамогаю хiтрамудрай прылады ланцужок можна скiнуць, уваходзячы ў кватэру, хоць i з цяжкасцю, але дапускалася, аднак магчымасць накiнуць яго, выходзячы ў пад'езд, выглядала цалкам нерэальнай. Тым не менш хтосьцi пабываў не толькi ў калiдоры i ў кухнi, але i ў пакоi: не перавандравала ж аднарогая чортава галава з кнiжнай палiцы на лядоўню сваiм ходам, загрузiўшыся па дарозе попелам ад некалькiх цыгарэтаў, што напоўнiлi кухню насычаным пахам ментолавага дыму.

Праўда, я здзiўлена адзначыў, што пах, пры ўсёй таемнасцi свайго з'яўлення, дзейнiчаў на мяне супакойлiва, бо ўпарта не хацеў асацыявацца з кiм-небудзь накшталт наёмных забойцаў. Я хутчэй паверыў бы, што цыгарэту курыла жанчына...

Якая жанчына? Што ўмее праходзiць праз сцены?..

Налiваючы каньяк, я падумаў, што, калi гэта не скончыцца, я маю рэальныя шанцы спiцца. Захацелася зiрнуць на сябе на пачатку гэтага рызыкоўнага шляху, i я падышоў да авальнага люстра над куфрам. На першы погляд, нiчога асаблiвага ў маiм аблiччы не заўважалася. Сiвая пасма на правай скронi магла, дапусцiм, з'явiцца раней. I ўсё ж узнiкла адчуванне, што ў гэтым рослым чалавеку ў зялёнай начной пiжаме прысутнiчае новая якасць... Нацадзiўшы трэцюю порцыю каньяку, я адшукаў адказ: чалавек у люстэрку меў большае падабенства не з пiсьменнiкам, а з яго персанажам.

Гэтае назiранне нечакана прыйшлося мне даспадобы. Ёсць такая псiхалагiчная гульня-рэкамендацыя: у цяжкай сiтуацыi трэба ўявiць, што дзейнiчаць зараз будзеце не вы, а створаны вашай фантазiяй чалавек, з якiм вы - каб захаваць дыстанцыю для кiравання двайнiком - атаясамляеце сябе толькi да пэўнай мяжы.

Я загадаў свайму двайнiку класцiся i iранiчна сачыў, як ён хавае пад падушку нож. Мы з дублёрам выпiлi аднолькавую колькасць каньяку, аднак я быў прыкметна цверазейшы i даў яму каманду перакласцi падушку на процiлеглы край ложка, каб трымаць дзверы ў сектары агляду.

Ён лёг, нейкi час пазiраў у цемры на бялёсую шклiну, а потым, дзякуючы спiртному i нескладанай гульнi, правалiўся ў сон. Гэтым разам насамрэч правалiўся: сон быў глыбокi i глухi, быццам падарожжа ў закiнутых сутарэннях, дзе не мiльгане нi сонечнага промня, нi агеньчыка i нават не чуваць, як падаюць са скляпенняў кроплi.

I раптам уладная сiла падхапiла мяне i, пранесшы праз немаведама колькi паверхаў, апусцiла на ложак у пакоi, дзе пахла цыгарэтным дымам.

Нож быў выхаплены з-пад падушкi ў той самы момант, а мо i раней, чым я ўбачыў за дзвярыма туманлiвы цень.

Цень памарудзiў i растаў у калiдорным мораку.

Далей я дзейнiчаў, як робат: першым чынам кiнуўся да куфра i адным махам падцягнуў яго ўсутыч да дзвярэй. У наступнае iмгненне я заўважыў, што ў пакоi ўжо гарыць святло i абедзве мае рукi ўзброеныя.

- Хто ты? I што табе трэба? - гучна сказаў я да матавага шкла, здрыгануўшыся ад гукаў уласнага голасу.

Дзверы маўчалi. Злева, з таямнiчай прасторы люстра на мяне касавурыўся чалавек з паляўнiчым нажом i схопленай за галаву iндыйскай стодкай. Нас зноў зрабiлася двое, i сцiснутая ўва мне да ўпору спружына злёгку аслабла. Калi не лiчыць палахлiва прашмыгнулага па лiштэўцы прусака, дзверы не выяўлялi нiякiх прыкметаў небяспекi.

Вочы прымагнiцiла падлога. Адтуль, дзе стаяў куфар, па брунатных маснiцах пралеглi да дзвярэй свежыя драпiны. Тут не было нiчога звышнатуральнага, i я не адразу сцямiў, чаму не магу адвесцi ад iх позiрк.

Не, вочы не падманвалi: па фарбаваных дошках у тым самым накiрунку, да дзвярэй, iшла цэлая дарожка старых слядоў. Куфар перацягвалi сюды i раней!

Цяпер я зразумеў прызначэнне вераўчанае лесвiцы. Замацаваўшы яе металёвыя лапы, можна спусцiцца з вакна на дол. Вось адкуль узялiся тыя глыбокiя ўмяцiны на падваконнi!..

Памылкi быць не магло: я не першы, каго завабiлi ў гэтую пастку!

Адчуўшы поўную нервовую знясiленасць, я ўзгадаў, што ў аптэчцы ёсць снатворнае.

Першай заўтрашняй вястункаю рэальнасцi сталася думка пра вар'яцтва. У ёй было мала ўтульнага, але меўся i станоўчы момант: усе здарэннi атрымлiвалi тлумачэнне, а мне заставаўся паход да псiхiятра.

Але, ледзьве звесiўшы з ложка ногi, я мусiў паставiць на гэтым варыянце крыж, бо нi драпiны на маснiчынах, нi яшчэ красамоўнейшыя сляды жалезных лапаў на падваконнi i не думалi знiкаць.

Дык кiм жа быў гаспадар кватэры? Ахвяраю тутэйшай д'ябальшчыны? Яе сцэнарыстам цi рэжысёрам? У нашай сакавiцкай размове я выкопваў доказы на карысць i першай, i другой версiяў. Прычым адзiн i той жа аргумент, у залежнасцi ад ракурсу, i там, i тут выглядаў пераканаўчым. Напрыклад, рэакцыя на лядоўню. Жах, якi няма змогi схаваць? А мо чалавек з нервовым тварам i ранняй сiвiзной па-акторску прафесiйна ўжыўся ў ролю?

Я адшукаў вiзiтоўку з яго тэлефонам. Ахвяра цi паляўнiчы, у любым выпадку ён паводзiў сябе несумленна, i набiраць ягоны нумар было нiжэй маёй годнасцi. Апрача таго, затэлефанаваць значыла б прызнацца ў сваiм страху, магчыма, падараваць яму радасць. Памiж маiмi разважаннямi прыткнулася i падазрэнне, што нi такога нумара, нi чалавека з такiм iмем проста не iснуе.

Вярнуць куфар на месца ў параўнаннi з iмклiвым начным манеўрам аказалася значна цяжэй. Перад тым як адчынiць дзверы, я паслухаў прастору за iх ненадзейным бар'ерам. Шостае пачуццё падказвала, што зараз пагрозы няма. Я прыслухаўся да самога сябе i ўзяўся, куток за кутком, вычышчаць павучынне начнога страху.

За каваю зноў прыгадаўся гаспадар кватэры з яго худзiзною i бязглуздымi, як тады здавалася, пытаннямi, што цяпер набылi злавесны цёмны сэнс. Шапэн i прайгравальнiк безумоўна былi не апошнiмi звёнамi гэтага ланцуга таямнiцаў.

Шапэн, музычная крама, прэлюд No 15... У густой смузе блiснуў вогнiк. Я выйшаў з кухнi i ўважлiва паглядзеў на прайгравальнiк. У душы змагалiся два аднолькава моцныя жаданнi: першае - паставiць "прэлюдыю кропелек" i другое неадкладна занесцi апарат з кружэлкаю ў камiсiёнку цi, яшчэ прасцей, пакiнуць яго дзе-небудзь на паркавай лавачцы.

Як вы здагадалiся, я выбраў першае.

У тую хвiлiну я паабяцаў сабе, што не дазволю страху захапiць уладу, i зрабiў першы крок насустрач... Мне хацелася напiсаць "насустрач Ёй", аднак тут гэта будзе занадта рана i не скажа вам нi на драбок болей за папярэднюю фразу.

Я проста зрабiў крок да прайгравальнiка, падняў празрыстую пластыкавую накрыўку i, паставiўшы дыск, апусцiў iголку.

З маленства, калi гэта адбывалася яшчэ чыста iнстынктыўна, я слухаў класiчную музыку менавiта так: апусцiўшы павекi i трошкi прыцiснуўшы iх вялiкiмi пальцамi сашчэпленых рук. Такая пастава, пэўна, здзiўляла маiх суседзяў у канцэртных залах, але мне, аматару, якi не атрымаў музычнае адукацыi, заўсёды дапамагала авалодаць мелодыяй i напоўнiць яе асацыяцыямi i вобразамi, што ўзнiкалi на экране ўнутранага зроку.

Вобразы прыходзiлi самыя розныя. Парк з палацавым ансамблем у духу палотнаў Барысава-Мусатава i Бакста... Крыгi на восеньскай рацэ... Сонечны ўзлесак з чырвонымi пацеркамi сунiцаў...

Таката i фуга рэ мiнор Баха нязменна выклiкалi на гэтым экране старыя лiпавыя прысады i закрыты экiпаж, з якога выходзiць маладая жанчына ў бэзавай сукенцы. У далечы прысадаў з'яўляецца мужчынская постаць. Яны iдуць, потым бягуць насустрач адно аднаму, жанчына апынаецца ў яго на руках, ён кружыць яе пад вячыстымi дрэвамi, але на ўсёй радасцi гэтых дваiх ляжыць пячатка нязбытнага трагiзму.

Накцюрнавыя iнтанацыi прэлюда No 15 прыносiлi мне, можа, не самыя арыгiнальныя вобразы i гукi вясёлага плачу вясновых ледзяшоў. Нягледзячы на нервовую наструненасць, так здарылася i цяпер. Кропелькi дазвiнелi, i iголка ўзнавiла першыя акорды прэлюда No 16.

Вось тады, па-ранейшаму седзячы з заплюшчанымi вачыма, я i пачуў пах ментолавых цыгарэтаў. Я гатовы быў прысягнуць, што нiякiх староннiх гукаў, апроч музыкi, увесь гэты час у пакоi не было: не адчынялiся дзверы з лесвiцы, не рыпела маснiчына перад уваходам у пакой, не чыркалi запалкi i не пстрыкала запальнiчка...

Я, не варушачыся, падняў павекi. Над пiсьмовым сталом мудрагелiста перапляталiся дзве блакiтныя пасмы дыму.

Так я высветлiў сувязь ментолавага паху i музыкi Шапэна.

Дзеля чысцiнi эксперымента я яшчэ двойчы ўключаў прайгравальнiк, ставячы прэлюды, а потым - "Led Zерреlin". У першым выпадку струменьчыкi дыму павiслi ў тым самым месцы, над сталом, узнiкнуўшы - я не заплюшчваў вачэй - як быццам нiадкуль. На "Led Zерреlin" рэакцыi не было.

Напiсанае трохi раней слова "эксперымент" тут уяўляецца перадчасным. Перыяд эксперыментаў ляжаў наперадзе. А тады я рашуча i назаўсёды адпрэчыў жаданне тэрмiнова з'ехаць з кватэры, махнуўшы рукой на аплачаныя i непражытыя паўгода. Я думаў ужо не столькi пра неабходнасць супроцьстаяння страху, як пра свой абавязак лiтаратара, якi сутыкнуўся з невядомым.

Калi ва ўмоўлены час зазванiў тэлефон, я зусiм спакойна пагаварыў з Наташаю i выйшаў купiць дзве традыцыйныя пляшкi чырвонага вiна.

Была, я ўжо казаў, пятнiца, таму Наташа не паглядала на гадзiннiк i мы змаглi заняцца любоўю другi, а потым i трэцi раз, запiўшы яго глытком каньяку, бо вiно ўжо скончылася.

Калi я вярнуўся з тралейбуснага прыпынку, мяне не сустрэлi нi музыка, нi ментолавы пах, нi попел у чортавых вачнiцах, i я нават пасмяяўся з версii, паводле якой госцi гiпнатызавалi мяне каля дзвярэй i такiм чынам прымудралiся шмыгануць у пад'езд.

Ложак захоўваў Наташыны пахi. Усё падводзiла да думкi, што непасрэдна майму жыццю нiхто не пагражае. Я падмiргнуў Шыву, якi стаяў на звычайным месцы, i зняў з палiцы том Акутагавы, той самы, што гартаў тут у першы вечар. Складзены ў дзве столкi лiсток вучнёўскага сшытка з дзiцячым малюнкам жаночага твару ў вакне ляжаў, як i раней, памiж старонак "Жыцця iдыёта". Я разгарнуў яго i задуменна перачытаў надпiс:

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

НЕ МОЖА

Коўдра зберагла цеплыню нашых целаў. Каб хутчэй заснуць, я хацеў скарыстацца, як i ўчора, паслугамi двайнiка, але ўрэшце выбраў звыклы, неаднаразова правераны з вясны сродак: выклiкаў у памяцi Наташу, павярнуў яе да сябе цёплай спiнкаю i моцна абняў пад пашкi.

Ранiцою я прачнуўся ў накураным пакоi з пачуццём падрыхтаванасцi да самага неспадзяванага. З гэтага i пачаўся адлiк дзён, якiя я ўмоўна назваў перыядам эксперыментаў.

Эксперыменты - часам з досыць значнымi перапынкамi - доўжылiся ад спалення вiзiтоўкi майго гаспадара да першага сну, якi яшчэ не стаў сапраўдным падарожжам.

Але не буду спяшацца, як не мае права нiчога прапускаць чалавек, што вядзе бартавы журнал, калi карабель адхiлiўся ад курсу i яго чакаюць альбо адкрыццё новых земляў i трыумф вяртання, альбо гiбель i забыццё.

Так, эксперыменты пачалiся пасля спалення вiзiтоўкi з тэлефонам i адрасам гаспадара. Я ўспрыняў гэта як сiмвалiчны акт, заклiканы пацвердзiць маю рашучасць - калiсьцi з такой самай змрочнай слодыччу я расклаў ва ўнiверсiтэцкiм скверы маленькае вогнiшча з лiстоў аднакурснiцы.

Вы памыляецеся, калi мяркуеце, што ў аснове маiх дзеянняў ляжаў нейкi грунтоўна распрацаваны лагiчны план. Я зыходзiў з таго, што ў алагiчных умовах любая сiстэма непазбежна дасць збой, а таму трэба разлiчваць на iмправiзацыю. Карацей кажучы, я заняў кругавую абарону i, намацваючы ў працiўнiка слабое месца, ладзiў вылазкi адразу на ўсiх напрамках.

Пра некаторыя з доследаў я ўспамiнаю са з'едлiвай усмешкаю. Ну, напрыклад, пра белыя з зялёным паскам пачкi цыгарэтаў "Рiеrе Саrdin", якiя я - то нераспячатаныя, то знарок пачатыя - пакiдаў, адыходзячы з дому, дзе-небудзь навiдавоку, як бы запрашаючы пачаставацца. Яшчэ наiўнейшым было нацягванне ў пакоi i ў калiдорчыку нiтак. Зрэшты, трэба зазначыць, што i нiткi, i цыгарэты заўжды заставалiся нечапаныя, што нiяк не ўплывала на з'яўленне цi адсутнасць у кватэры ментолавага паху. Пачак быў непачаты i тады, як я знайшоў свежы недакурак.

Папярэднiя радкi могуць павеяць на вас легкаважнасцю, ды такое ўражанне будзе бясконца далёкае ад рэчаiснасцi. Дастаткова сказаць, што я пачаў курыць. Гэта мела, праўда, i чыста практычны сэнс, бо, каб пазбыцца наслання з пахамi, я курыў толькi ментолавыя цыгарэты. Я ўступiў у гульню, але не ведаў нi яе правiлаў, нi ставак, хоць увесь час адчуваў, што стаўкi будуць высокiя.

Паўтараю, я дзейнiчаў непаслядоўна i навобмацак, аднак цяпер, калi дагарае кастрычнiк, эксперыменты паддаюцца сiстэматызацыi.

Першую iх групу я ўмоўна назаву тэлефоннай. Наогул, тэлефон паводзiў сябе бездакорна. Не лiчачы пары памылковых званкоў, ён гаварыў выключна грудным, з лёгкiм прыдыханнем Наташыным голасам. Мая сяброўка нi аб чым не здагадвалася, а дзякуючы майму курэнню не мела падставаў i для звязаных з ментолавым пахам падазрэнняў. Прызнаюся, што я пачуваўся досыць самазадаволена: я жадаў яе i, не зважаючы нi на што, рытуал нашых спатканняў не зазнаў анiякiх зменаў - ад дзвюх неадменных пляшак да выбару маршрутаў на падсветленай мапе Эўропы. Божа мой, якое гэта цяпер мае значэнне... Безумоўна, нельга было абмяжоўвацца адным назiраннем за тэлефонам. Я рэгулярна набiраў свой нумар з аўтамата ў час праходак. Кватэра адказвала доўгiмi гудкамi. Часам чулiся кароткiя, ды гэта нiчога не значыла, бо тэлефон быў спараны з суседскiм i, калi там размаўлялi, на маiм працаваў блакiратар. Разоў колькi я накручваў дыск тэлефона-аўтамата ў пэўных камбiнацыях: адлiчваў дзесяць доўгiх сiгналаў, якiм адпавядала роўна столькi ж званкоў майго белага апарата на куфры, вешаў трубку, зноў набiраў нумар i адлiчваў яшчэ дзевяць, наступным разам - восем, затым - сем... Я пасылаў свайму верагоднаму госцю сiгнал: падазраваю, што ты ў мяне, чаму б табе не адгукнуцца... Вынiк заўсёды быў аднолькавы.

На куфры я прыцiснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такiм зместам: хто б вы нi былi, прашу папярэджваць пра вiзiты загадзя, каб у нас не ўзнiкала двухсэнсоўных сiтуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталi i - пакiнулi без адказу.

Гэтаксама безуважна госцi паставiлiся да "забытых" на стале запасных ключоў.

Нiчога новага не паведамiў замаскаваны сярод кнiгаў мiнiяцюрны магнiтафон.

Найбольш казыталi нервы эксперыменты з дзвярным "вочкам". Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо iдучы праводзiць Наташу, я не выключаў у калiдорчыку святла, а вярнуўшыся, нацiскаў на гузiк званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнiк абзываўся насцярожана-вiнаватым брэхам, а я, мiжволi сцяўшыся, да болю ўваччу ўтароплiваўся ў "вочка", пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калi б хтосьцi выключыў святло або прынiк да "вочка" з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла нi разу.

Перад сном я таксама карыстаўся паслугамi "вочка", але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазiцыi. Накiнуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да "вочка" i аглядаў зведзеныя лiнзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседнiх кватэраў, пляцоўку i край лесвiчнага марша. Там было пуста, аднак колькi разоў у мяне ўзнiкала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважлiва, як я, у той самы момант хтосьцi глядзiць на мяне ў сваё "вочка", быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калi давяраць чуццю, мой контрназiральнiк знаходзiўся ў мяне за спiнай. Перамагаючы страх, я рэзка азiраўся i са змрочнай iронiяй казаў сам сабе: "Мой дом - мая фартэца".

Самую значную групу эксперыментаў складалi звязаныя з прайгравальнiкам. Адсюль цягнулася тонкая нiтачка хоць да нейкага тлумачэння сiтуацыi, закладнiкам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялiзаваўся ў пакоi, калi я купiў кружэлку Шапэна.

Я правёў з прайгравальнiкам сотнi разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруцiў кожны з маiх дыскаў; паставiўшы Шапэна, выходзiў з дому i раптоўна вяртаўся; пераносiў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнiкам, у ванную... Не сказаў бы, што ў вынiку я iстотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцiлася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнiкаў у кватэры толькi пры гучаннi прэлюда No 15. Разам з тым пад перазвон "кропелек" дым мог i не з'явiцца - наўпроставай залежнасцi доследы не выявiлi. Iншая рэч, што пад час астатнiх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю.

Пытанняў набiралася болей, чым адказаў.

Шукаць адсутныя адказы я паспрабаваў у сваёй бiблiятэцы.

Адна з кнiг, аўтара якой анатацыя рэкамендавала як вучня Алены Блавацкай, на некалькi вечароў завалодала маёй увагаю. Напачатку падалiся цiкавымi думкi аб тым, што сутнасць мужчыны ёсць каханне, аблiчча ж ягонае ёсць мудрасць, у той час, як сутнасць жанчыны - мудрасць, а аблiчча яе - каханне, i я нават наладзiў з Наташаю абмеркаванне.

З той самай кнiгi я даведаўся, што ў дадатак да вядомых органаў успрымання кожны з нас мае яшчэ сорак дзевяць, што ў сучаснага чалавека бяздзейнiчаюць, як, напрыклад, размешчанае на патылiцы трэцяе, празорлiвае вока.

Са значна большай сур'ёзнасцю я чытаў пра астральны, альбо тонкi свет, у якiм таксама, уадначас з прысутнасцю ў свеце фiзiчным, працякае чалавечае жыццё.

Дапусцiўшы, што я сплю, iначай кажучы, знаходжуся ў тонкiм свеце, я атрымлiваў шанец спрытна растлумачыць сiтуацыю. Але ж маё жыццё цякло ў свеце рэальным i адчувальным кожную хвiлiну - з менскай ускраiнай, з вечна нецвярозым Лёнем, са смакам вiна, з аксамiтам Наташынага цела... i з пахам ментолавых цыгарэтаў...

Тысячу разоў меў рацыю фiлосаф, што, даючы вызначэнне чалавеку, назваў яго iстотаю, якая да ўсяго прывыкае. Абстрагаваўшыся ад гэтага паху, я сказаў бы, што жыццё ў кастрычнiку вярнулася ў звыклае рэчышча. Мне ўдалося закончыць адно апавяданне i накiдаць эскiз другога. Пра не азмрочаную радасць спатканняў з Наташаю я ўжо згадваў.

Правёўшы сяброўку на тралейбус, я выбiраў такi зваротны маршрут, каб трымаць на воку сваё вакно, аднак нiчога падазронага нi разу не заўважыў. Спыняючыся на пляцоўцы памiж другiм i трэцiм паверхамi, а потым каля кватэры, я ператвараўся ў слых, ды нiякiх мелодыяў цi iншых гукаў з-за маiх дзвярэй не даносiлася. Зрэдку пах дыму ў кватэры меў большую насычанасць, чым тады, калi я выкурваў абавязковую цыгарэту перад адыходам. У такiм разе, распрануўшыся, я даставаў з пачка яшчэ адну. Аднак выпадалi вечары, калi ў гэтым не было нiякае неабходнасцi, i ўва мне мацнеў голас, якi пераконваў, што грудкi попелу ў вачнiцах у аднарогага чорта, гэтаксама як уключаны не маёй рукою вентылятар, ценi за матавым шклом i ўсё астатняе, калi i не прымроiлася мне, дык адплыло ў невараць. Здаралася, я толькi прыслухоўваўся да супакойлiвага голасу, а здаралася - з ахвотаю браўся дапамагаць яму, успамiнаючы просценькую параду Дэйла Карнэгi: пасадзiце непрыемнасцi ў купэ i адпраўце цягнiк ва ўчарашнi дзень.

Я занатоўваю дэталi так падрабязна, бо хачу - гэта ўяўляецца мне вельмi iстотным - намаляваць як мага дакладнейшы "партрэт" свайго тагачаснага псiхiчнага стану.

Кастрычнiк стаяў пагодлiвы i прыгожы. Мой унутраны ландшафт вярнуў сабе раўнавагу, i эксперыменты працягвалiся ўжо пераважна па iнерцыi. Я навучыўся на далёкiх подступах блакаваць няўтульную думку, што хтосьцi паралельна ставiць доследы нада мною i што мае ўласныя эксперыменты - толькi запланаваная частка ягоных, падпарадкаваных свайму рытму i свайму строгаму графiку.

Здаецца, я пiсаў, што перыяд эксперыментаў завяршыўся першым сном, якi не быў у поўным сэнсе падарожжам. Згадзiцеся, гучыць настолькi ж няўцямна, як i велягурыста. Эксперыменты падразумяваюць канкрэтыку i матэрыяльныя доказы, таму ўношу ўдакладненне: той перыяд завяршыўся недакуркамi са слядамi памады.

Зноў была пятнiца, дзень, калi мы з Наташаю належалi адно аднаму даўжэй, чым звычайна. Ад ранiцы церусiў дождж - надвор'е, якое яна любiла болей за любое iншае. Нам з ёю нiколi не бывала сумна нi за сталом, нi ў пасцелi, але ў дажджлiвыя днi мы, дзякуючы Наташы, як быццам пiлi ўсё з поўных келiхаў. Яе фантазiя абавязкова нараджала што-небудзь незвычайнае на кухнi. Яшчэ больш пiкантныя стравы падавалiся ў ложак, якi ў дождж мая сяброўка залiшне рамантычна называла каравелай.

Таго дня наш карабель пад акампанемент кропляў на падваконнi плыў наперад пад усiмi ветразямi...

Мы выбавiлiся з дому каля дзевятай гадзiны, але па дарозе пачалi пад парасонам цалавацца i, не згаворваючыся, павярнулi назад. Я трымаў Наташу за руку, глядзеў на мокрае цёмна-бурштынавае лiсцё пад нагамi i ўпершыню думаў, што ў нас з ёю ўсё можа атрымацца i тады, калi мне не трэба будзе праводзiць яе ўвечары на тралейбус.

У калiдоры мы, быццам сустрэлiся пасля доўгай ростанi, проста задыхнулiся ў пацалунку.

Я ўпэўнены: наша фiзiчная iпастась, самi чалавечыя целы, таксама надзеленыя дарам прадбачання i прадчування i бываюць чуйнейшымi за душы. У той вечар душы залагоджана драмалi, а целы... Целы, чуючы блiзкае расстанне, кiнулiся развiтвацца.

Наташа, сяброўка мая, ты не прачытаеш гэтых старонак, аднак, калi ўсё ж прычынiцца неверагоднае, ведай, што, як мы другi раз iшлi на прыпынак, iшлi, забыўшы парасонку, хутка, быццам уцякаючы, i я стараўся думаць, што ў цябе на твары не слёзы, а дажджавыя кроплi, у тыя хвiлiны ты не пачула ад мяне нiводнага хлуслiвага слова. Гэта праўда, нi з кiм да цябе я не адчуваў сябе настолькi мужчынам i настолькi самiм сабою...

Але праўда i тое, што здарылася, калi мы запалiлi святло.

Наташа паднялася з ложка i прайшлася па пакоi ва ўсёй раскошы свайго жаночага хараства.

На вiшнёвым кiлiме стаялi шклянкi, недапiтая зялёная бутэлька i попелка. Наташа перанесла шклянкi на пiсьмовы стол i вярнулася па чорта з адбiтым рогам. Я працягваў любавацца ёю i тады, калi яна, паставiўшы поўную недакуркаў попелку на край стальнiцы, павярнулася да мяне з нязвычна разгубленым тварам.

- Можна ў цябе запытацца? - Яе голас вiбраваў, як струна.

Я сеў.

- Ты фарбуеш вусны?

- Не разумею... - Надышла мая чарга разгубiцца.

- Тады адкажы, што гэта такое?

Яна выбрала некалькi недакуркаў, паклала iх на далонь i, як бы нечага баючыся, наблiзiлася да мяне.

Гэта былi пяць цi шэсць скураных ледзьве напалову або адразу патушаных цыгарэтаў "Рiеrе Саrdin" з трыма тонкiмi - параю залатых i пасярэдзiне iх зялёным - абадкамi, каля якiх густа пунсавелi сляды памады.

Я адчуў поўную бездапаможнасць.

- Зараз я табе ўсё растлумачу...

Я памкнуўся злавiць Наташу за руку, лiхаманкава вырашаючы, з чаго пачаць з Шапэна, з ментолавага паху, з ценяў за дзвярыма? - i да карэньчыкаў валасоў ненавiдзячы сябе за тое, што маўчаў пра гэта раней.

Наташа вырвала руку i спяшаючыся, рыўкамi апраналася.

- Не трэба мяне праводзiць! - выкрыкнула яна ў калiдоры.

Мы iшлi пад касымi струменямi дажджу, i я гаварыў пра яе голас, пра тое, што ў мяне нiкога, апроч яе, няма, што ў панядзелак буду чакаць яе званка, але ўвесь гэты час мяне не адпускала сцiшнаватая думка аб тым, што цi хто чакае мяне дома.

"Прэлюдыю ў кропельках" я пачуў на другiм паверсе.

Каб паставiць побач з пляшкай каньяку не адзiн, а два кiлiшкi, мне не хапiла зусiм мала. Шыва ляжаў на стале ў такой паставе, нiбы яго толькi што разглядвалi i ўжо не мелi часу вярнуць на палiцу. Выключыць прайгравальнiк паспелi, але ў попелцы дымела непатушаная цыгарэта. Усё сведчыла, што кватэру пакiнулi за некалькi секунд да майго прыходу, не выключана, што ў той момант, калi я ўстаўляў у замочную шчылiну ключ.

Цяпер я быў канчаткова перакананы: гэта былi не госцi i не госць, а госця.

Так, яна безумоўна была жанчынаю, прычым маладой, аб чым казалi не столькi яркая памада на цыгарэтавых фiльтрах i ўпершыню дамяшаны да ментолавага дыму тонкi водар дарагой парфумы, як прысутнасць у паветры чагосьцi iстотнейшага за самыя вытанчаныя духi. Паспрабую канкрэтызаваць... У паветры, у самiх яго малекулах, была, як пасля iмклiвай летняй навальнiцы, разлiтая непаўторна лёгкая азонавая свежасць.

Я зрабiў добры глыток каньяку i пацiкавiўся ў бажка, чыя рука трымала яго пяць хвiлiнаў таму. Шыва зразумеў нявымаўленае ўголас пытанне i паказаў рачынымi вачамi на лiмонавы том Акутагавы.

Сумневы развеялiся: на дзiцячым малюнку было маё вакно.

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

НЕ МОЖА

- крычалi буйныя лiтары-крывулi.

Я пiў каньяк, курыў цыгарэту за цыгарэтай i, не п'янеючы, адчуваў, што скупа адпушчаная мне перадышка скончылася: трэба рыхтавацца да нечага новага i не распускаць нервы, як мой невядомы папярэднiк, чыя дрыготкая рука вывела гэтыя сем роспачных слоў i, вiдаць невыпадкова, знайшла для iх схоўку ў "Жыццi iдыёта"...

Пасля паўночы я ўладкаваўся ў ложку так, каб, прачнуўшыся, бачыць матавыя дзверы, патушыў верхняе святло i, пакiнуўшы падсветку геаграфiчнай мапы, заплюшчыў вочы.

Як нi дзiўна, ноч выпала спакойная.

Я непрабудна праспаў да ранiцы, каб зноў адчуць у пакоi ўжо знаёмую азонавую свежасць. У адрозненне ад вечара ў паветры не плавала нi пасмаў ментолавага дыму, нi струменьчыкаў парфумавых пахаў - адны фiтанцыдныя ручаiнкi азону, як быццам ад мяне хвiлiну назад пайшла юная жанчына.

Я закрыў вочы i намогся ўспомнiць, што мне снiлася.

Спробу напаткала амаль поўная няўдача. На апушчаных павеках не ўспыхнула нiякага звязнага сюжэта. Але рэшткi сну, яго ледзьве ўлоўныя срэбныя валаконцы, яшчэ захоўвала само цела. Невыразныя, ужо засмужаныя ранiшняй рэчаiснасцю адчуваннi, прабiваючыся на ўзровень вобразаў, спрабавалi сказаць мне пра цёплыя ласкавыя рукi i хуткiя, падобныя да матыльковых дотыкаў, пацалункi. Мая iстота ведала: гэтыя базважкiя дотыкi мелi працяг, але ён ужо губляўся ў непрагляднай салодкай смузе...

Знешне тая субота не была адметная нiчым, апрача таго, штл Лёня напiўся да божай моцы i, пакацiўшыся па лесвiцы, зламаў руку. Я ж - зусiм не ў сувязi з гэтым - даў сабе слова не пiць нiчога мацнейшага за вiно.

Свой унутраны стан я акрэслiў бы словам "чаканне". "Штосьцi павiнна вырашыцца", - цвыркалi на абляцелым ясенi пад маiм вакном вераб'i. "Вырашыцца..." - падпявалi водаправодныя краны. I нават бязмоўны насценны гадзiннiк па-свойму нагадваў пра гэта, бо ў чаргаваннi яго зялёных лiчбаў знiкла абыякавая манатоннасць i завялася затоенасць.

Шостым пачуццём цi, можа, усiмi тымi сарака дзевяццю органамi ўспрымання, пра якiя чытаў у вучня Блавацкай, я прадчуваў... Што? Апрануць тое прадчуванне ў словы было немагчыма. Цяпер, узброены веданнем далейшага, магу сказаць канкрэтней: я падсвядома адчуваў, што трапiў у памежную паласу, у нейтральную зону, за якой ляжыць тэрыторыя з iншымi законамi.

Я чуў блiзкую прысутнасць Яе.

Прадбачу, што некаму захочацца паiранiзаваць з вялiкай лiтары, таму скажу, што ёй, лiтары, адведзена чыста функцыянальная роля. Вы не паверыце, мне дасюль невядома Яе iмя.

Хоць хутка, ужо хутка я даведаюся яго...

Але перанясёмся назад, у тую суботу.

Цэлы дзень я не мог знайсцi занятку, якi б мяне разважыў. Бязмэтна гартаў рукапiс. Паставiў кружэлку з запiсамi "Bеаtlеs" i амаль адразу памяняў яе... вы ведаеце, на што. Iголка гуказдымальнiка зноў i зноў апускалася на чорнае колца з прэлюдам No 15 рэ бемоль мажор, аднак нiякiх пахаў не матэрыялiзоўвалася, i ў гэтым я таксама ўгледзеў знак. (Забягаючы наперад, заўважу: з таго дня i да моманту, калi пiшу гэтыя радкi, у сценах маёй кватэры, менавiта ў сценах, нiчога трансцэндэнтнага больш наогул не прычынялася, хоць, як вы потым убачыце, такое сцверджанне i вымагае агаворак.)

Два цi тры разы званiў тэлефон. Слухаўка маўчала, потым на тым канцы сувязi клалi трубку. Найверагодней, нумар набiрала Наташа. Званкi на пэўны час занялi мае думкi, i я склаў для Наташы легенду пра суседку зверху, якой на ўсялякi выпадак даў ключы.

Увечары я, каб стамiцца, дайшоў пешшу да самага цэнтра. (Неўзабаве такiя доўгiя шпацыры зробяцца неадменнаю часткаю кожнага дня, бо цяжка будзе прыдумаць да начных падарожжаў лепшую iнтрадукцыю.)

Перад сном я ўпершыню пасля ночы з ценямi за матавым шклом не стаў зачыняць дзверы з калiдорчыка, а падушка засталася на сваiм месцы пад панеллю з клавiшамi. Я нацiснуў клавiш зялёнае падсветкi i, адчуваючы ў нагах лёгкае гудзенне ад пройдзеных кiламетраў, выцягнуўся пад коўдрай. Зялёныя лiчбы ў вакенцы электроннага гадзiннiка паказвалi поўнач.

Мы плылi па цёплай азёрнай затоцы. Я сядзеў на вёслах. Яна збiрала белыя лiлеi. Кроплi вады яшчэ не высахлi на кранутых алiўкавым загарам целах. Мы кiравалi да берага, але не возера, а - выспы. Сам лясiсты бераг сiнеў у гарачым мроiве далёка за намi.

Адтуль лодка везла трэцяга пасажыра - грака з перабiтым крылом. Мокрага i знясiленага. Яна выратавала яго на пачатку плавання. Цяпер птушка абсохла i, седзячы на носе за маiмi плячыма, уважлiва сачыла, як наблiжаецца суша.

Лодка шкрабанула па донным жвiры. Я саскочыў у ваду, схапiўшыся за ланцуг, выцягнуў нос на мылец i намерыўся дапамагчы сысцi на дол нашаму пасажыру. Грак не пагадзiўся. Ён сам нязграбна кульнуўся цераз борт i, вахлiкам валочачы па пяску пакалечанае крыло, пашкандыбаў у лазовыя зараснiкi.

Вiдаць, гэта было не возера, а вадасховiшча: на выспе мы знайшлi здзiчэлы яблыневы сад з кустамi спелых жоўтых парэчак. Адна, самая старая i разложыстая, яблыня расла наводшыбе. У яе засенi мы апусцiлiся адно перад адным на каленi. Тое, што адбылося потым, не хочацца давяраць словам, бо любое з iх пагражае дэвальваваць вышыню i суладнасць злiцця нашых целаў, якiя перапаўнялiся неўтаймоўным iмкненнем ператварыцца ў адно цэлае...

За вакном пачыналася нядзеля. Усе рэчы займалi законныя месцы, i ў кватэры абсалютна нiчым не пахла.

Сцвярджаць, што я прачнуўся свежы, як ранiшняя стакротка, было б няшчыра. Я ляжаў у ложку з адчуваннямi чалавека, якi выходзiць з наркозу. Праўда, услед за ўколам пацыент уцёк альбо яго перадумалi везцi ў аперацыйную, i спатканне цела са свядомасцю абышлося без болю, а было прыпраўленае адно галавакружэннем.

Фарбы сну не выцвiлi нi пасля кавы, нi ў час вылазкi да газетнага шапiка. Я сказаў бы болей: грак, якi падмятаў пясок хворым крылом з сiнiм водлiвам, а перш чым схавацца ў вербалозе, зусiм па-чалавечаму азiрнуўся на нас, гэты грак успрымаўся больш жыццёва рэальным, чым знаёмая кiяскёрка.

Мяне мучыла пытанне: няўжо ўвесь учарашнi дзень мая iстота чакала менавiта гэтага? Гэтага надзвычай рэльефнага i аб'ёмнага, я сказаў бы нават, гiперрэальнага, але ўсяго талькi сну? I, калi адказаць станоўча, што значылi ягоныя сiмвалы?..

Нiтку думак абарваў тэлефонны званок. Апарат адазваўся сваiм улюбёным голасам. Наташа абяцала прыехаць не пазней як праз паўгадзiны. У выхадныя мы нiколi не бачылiся. Я не меў прычынаў адмаўляцца, аднак упершыню ў гiсторыi нашых адносiнаў не сустрэў у душы ранейшае радасцi.

Паўгадзiны хапiла, каб схадзiць па вiно i адмовiцца ад змайстраванай нашармака байкi пра суседку з ключамi.

Наташа прыехала на таксоўцы. Я не збiраўся хлусiць, i адначасова не хацеў, праўдзiвей, проста не мог дазволiць сабе расказаць ёй пра Шапэна, ментолавы пах i астатняе. Вiр падзеяў укручваў мяне па сваёй спiралi ўсё глыбей, я ўжо належаў яму, але i ён, гэты вiр, належаў мне, ён таксама быў маёй уласнасцю, маёй таямнiцаю, якою я не меў намеру, а магчыма, i права нi з кiм дзялiцца.

Я быў удзячны Наташы, што яна нi аб чым не пыталася, i мог бы назваць сустрэчу нашых целаў вiхураю жадання i асалоды, але гэта была б палова праўды. Недзе злева, каля сэрца, я адчуваў востры крышталiк, якi мусiў растаць, аднак не прапаў i анi не страцiў сцюдзёнай вастрынi граняў.

Наташа надзела шлафрок, i мы пайшлi на кухню; потым палуднавалi i адкаркавалi яшчэ пляшку чырвонага, а там падкралася тая непазбежная хвiлiна, калi шлафрок шчыгульней прылёг да Наташынага цела, падкрэслiваючы ўсе ягоныя лiнii, каб здацца непатрэбным i лiшнiм...

А злева ад сэрца халадзiў крышталiк, i ў iм было закадзiраванае тое, што раздвойвала мяне: адна мая iпастась заставалася з Наташаю, а другая з лабараторнай цiкавасцю пазiрала на нас з пэўнай дыстанцыi, што вымяралася не прастораю, а часам. Я-першы любiў Наташу, а я-другi глядзеў на гэта, крыху, можа, усяго на колькi дзён, апярэджваючы час, i пачуццi мяне-другога не вешчавалi мне-першаму будучынi.

Разгадка раздваення хавалася дзесьцi побач, за блiжэйшым паваротам, i яна адкрылася, калi мая правая рука зноў абдымала Наташыны плечы, а левая ляжала там, дзе яна любiла ляжаць, адчуваючы пругкую падатлiвасць Наташыных паўшар'яў.

Сон! Адказ таiўся ў сённяшнiм сне, у лодцы з лiлеямi i выратаванай птушкай, у тым, што здзейснiлася на траве пад яблыняй, лiстота якой плавiлася i станчалася ў промнях высокага сонца...

Наташа здзiўлена расплюшчыла вочы, i мне давялося зрабiць намаганне, каб вярнуцца з зялёнае выспы на ложак.

Тады яна першы раз сказала, што можа застацца ў мяне да ранiцы. Паведамленне заспела мяне знянацку, але я адразу зразумеў, што не хачу гэтага. Стараючыся быць натуральным, я мякка папракнуў яе, што не папярэдзiла загадзя, бо сёння я ад'язджаю i паездку немагчыма адкласцi. Яна адвярнулася да сцяны.

Я-першы гладзiў яе па плечуку i, як дзяўчынку, угаворваў, што ўжо ў аўторак буду вартаваць яе крокi на лесвiцы, а я-другi назiраў за гэтай сцэнаю з недаверлiва кплiвай усмешачкай.

На прыпынку Наташа запыталася, калi ў мяне цягнiк. У 23.40, не задумваючыся, схлусiў я.

Каля паўночы зазванiў тэлефон. Пасля секунднага вагання, чамусьцi глянуўшы на сябе ў люстэрка, я з цвярозай адвагаю ўзяў трубку. Тая памаўчала i Наташыным голасам пажадала шчаслiвага падарожжа.

У тую ноч я адкрэслiў мiнуласць ад будучынi. Тыднi i месяцы, чыiм эпiграфам было Наташына iмя, цяпер належалi часу, якi магла злучыць з маiм толькi ўспышка кароткага ўспамiну, што ненадоўга пакiдае пасля сябе прыемны дымок.

Праз колькi дзён я знайшоў у паштовай скрынцы Наташын камплект ключоў i напалохаў iмi дрымотных жабаў у паркавай копанцы, якую ўжо бралiся шклiць лiстападаўскiя прымаразкi. Але гэта быў яшчэ не пастскрыптум да нашай гiсторыi. У сценнай шафе вiсеў зялёны з шыпшынавымi кветкамi шлафрок, i аднойчы я акуратна склаў яго ў полiэтыленавы пакет i "забыў" на прылаўку той самай камiсiйнае крамы, куды некалi збiраўся здаць прайгравальнiк.

Мой учынак быў прадыктаваны не хвiлiнным настроем, а меў важкiя прычыны, пра якiя скажу трохi пазней.

Ад моманту, калi я паставiў кропку ў папярэднiм сказе, прамiнула, паводле некаторых прыкметаў, не меней за чатыры днi. Гадзiннiк паводзiць сябе ўсё больш дзiўна, а iсцi да шапiка, каб купiць газету i даведацца, якi сёння дзень, мне зусiм неахвота. Такiх доўгiх падарожжаў у нас дагэтуль не здаралася. Не выключана, што мне трэба спяшацца i, не надта зважаючы на стыль i паслядоўнасць, засяродзiцца на галоўным.

Галоўнае - падарожжы.

Падарожжы з ёю, якiя зрабiлiся зместам i сэнсам майго быцця.

У ноч пасля разрыву з Наташай, калi я зразумеў, што не хачу злучаць разарваны час, мы вярталiся з Вiльнi праз Нарач, дзе дарога паўтарае мудрагелiстую канфiгурацыю ўзбярэжжа. Яна сядзела за рулём i, убачыўшы чараду лебядзяў, звярнула з шашы. Мы паслалi пры цiхай вечаровай вадзе абрус, якому наканавана было ператварыцца ў прасцiну. Белыя птушкi здзiўлена выцягвалi шыi i засталiся развiтальным уражаннем перад магутным усплёскам асалоды, якая здзеклiва смяялася з усiх чатырох вымярэнняў.

У другую з тых, першых начэй мы трапiлi на Палессе. Пераменлiва хуткая рака, чые берагi праплывалi паўз нашую маторку, верагодна, звалася Гарынню; над вадою, як звычайна ў тых мясцiнах, сядзелi з вудамi жанчыны, а ў прыбярэжным трыснягу я злавiў маленькую, як пяцiкапеечная манета, балотную жалвушку.

Час ад часу мы вячэралi ў невялiкiх рэстаранчыках, што ў апошнiя гады паадчынялiся ў былых гарадскiх падвалах. Памятаю мiнi-фантан з залатымi рыбкамi-тэлескопамi ў адным з гэтых зацiшных месцаў i мiнiяцюрную сажалку з парачкаю ракаў у другiм, дзе карцiна над утульна траскучым камiнам адкрывала перспектыву гатычных спiчакоў старажытнага горада. Дадому мы вярталiся пешкi альбо спынялi таксоўку, i першы дотык Яе рукi на заднiм сядзеннi ўжо абяцаў, ужо быў весткаю...

I той зiмовы вечар сярод бясконцай белай роўнядзi, над якой раз'ятраны вецер гнаў раўналежна зямлi рэдкiя, навостраныя, як iголкi, сняжынкi... А пасля - нечаканай радасцю - вялiкая сялянская хата, напаленая печ i пярына на гарачай чарэнi.

Стан, калi ўраннi я чуўся хворым, што пасля наркозу збег ад дактароў, ужо не паўтараўся. Я прачынаўся з разлiтай па целе салодкай лёгкасцю, i па венах бегла не кроў, а пералiвалася субстанцыя з зашыфраванай формулаю элiксiру маладосцi. Я адчуваў сябе бесклапотна, як у дзяцiнстве, калi мы ўсе яшчэ неўмiручыя.

А потым Яна знiкла, пакiнуўшы пустой спачатку адну маю ноч, пасля - другую i трэцюю. Напрыканцы тыдня сэрца зашчамiла такая нечалавечая туга, што я ўголас прасiў Яе вярнуцца, выходзячы з кватэры, пiсаў цыдулкi з адным толькi словам "Прыйдзi" i бесперастанку ставiў на прайгравальнiк кружэлку з прэлюдам No 15.

Тады я i пазбыўся Наташынага шлафрока.

Не думаю, што гэты мой учынак меў вялiкую вагу. Найверагодней, сапраўдную прычыну Яе адсутнасцi я нiколi не ўведаю. Аднак - Яна вярнулася.

Яна вярнулася да мяне, i з таго самага часу ранiшнiя абуджэннi страцiлi празрыстую дзiцячую бестурботнасць.

Але пакуль я павiнен паспець болей сказаць аб падарожжах, чые маршруты, сюжэты i працягласць дзень пры днi мянялiся, пераходзячы ў новую якасць.

Усе нашы вандроўкi пералiчыць ужо немагчыма. Выберу некалькi, пагатоў, пра некаторыя не магу сказаць нiчога акрэсленага, апрача таго, што нас заносiла неймаверна далёка ад гарадоў, пазначаных на маёй насценнай мапе, i наогул ад цывiлiзацыi.

Аднойчы яна спала на маiм плячы ў "Боiнгу", перад якiм вырастаў з акiяна фантасмагарычны айсберг Грэнландыi. Смуглявы сцюард прынёс плед, i я шэптам папрасiў яго самога захутаць маю спадарожнiцу, таму што баяўся, паварушыўшыся, разбудзiць яе.

Другi раз я чакаў Яе ў пустым бары з тузiнам высокiх круглых крэслаў. Яе доўга не было, i я чамусьцi згадзiўся патанцаваць з чарнаскурай барменкаю ў глыбока дэкальтаванай джынсовай сукенцы. Знячэўку шчокi ў маёй партнёркi з чорных зрабiлiся папялiста-шэрымi, i, павярнуўшыся ў танцы да дзвярэй, я ўбачыў у iх сонечным атворы Яе. У руцэ Яна трымала наведзены на нас дамскi пiсталет. Пасля мы пiлi з высокiх кухляў светлае пiва, а белы пiсталецiк ляжаў на стойцы побач з запальнiчкай i пачкам ментолавых цыгарэтаў. Яна села мне на каленi i сказала, што хоча любiць мяне проста вось тут, на вачах у чорнай спакуснiцы.

I той паром праз Ла-Манш... Мора моцна штармiла, i, пакуль мы мужна змагалiся з марской хваробаю, дзецi ў пасажырскiм салоне наладзiлi спаборнiцтва: хто дабярэцца ад дзвярэй да дзвярэй не завалiўшыся.

Здаралася, я пазнаваў свае ўлюбёныя мясцiны ў гарадах, дзе выпадала бываць раней: пляц каля Домскага сабора ў Рызе, шматкалёрныя мураванкi на вулiцы Лай у Талiне, замак у некранутым часам венгерскiм гарадку на мяжы з Аўстрыяй. Гэта значыла, маршруты вандраваннаў выбiрала не толькi яна, што, прызнаюся, супакойвала маё самалюбства, бо, хай сабе i ўскосна, сведчыла пра нашую роўнасць у адносiнах.

Я здымаў з палiцы кнiгу вучня Блавацкай i чытаў пра тонкi свет, якi не ведаў, што такое час i адлегласць. Дакладней, гэтыя паняткi нiбыта iснавалi i там, але - зусiм iнакш, i таму ў сне, альбо пераносячыся ў тонкi свет у нядрэмным стане, тысячы мiляў нескладана было пераадолець за секунду, зямное стагоддзе - зблытаць з iмгненнем, а iмгненне - з вечнасцю. Матэрыя таго свету, сцвярджала кнiга, настолькi эластычная, што чалавек стварае там думкаю ўсё, што заўгодна. Iншымi словамi, ён сам робiцца формаю ўласнай думкi, набываючы аблiчча, якое адлюстроўвае сутнасць ягоных жаданняў i iмкненняў - прычым усе гэтыя iлюзii ў тым iлюзорным свеце з'яўляюцца такiмi ж рэальнымi, як i рэчы ў свеце фiзiчным.

У кнiзе з пакiнутымi некiм закладкамi мяне прывабiла iдэя аб тым, што калi ў фiзiчным свеце чалавек можа схаваць сваю сапраўдную сутнасць, дык у тонкiм гэта немагчыма. Там чалавек трапляе ў тую сферу, што адпавядае яго духоўнаму развiццю, i той, хто прыходзiць туды свядома, вядзе асэнсаванае жыццё, у адваротным жа выпадку - працягвае такое самае iснаванне, як i на зямлi, нават не ўсведамляючы, дзе ён знаходзiцца.

Але ўслед за метафiзiчнымi развагамi мяне змушалi паверыць, быццам у тонкiм свеце не трэба гатаваць сабе ежы i турбавацца пра астатняе, бо тонкае цела атрымлiвае ўсё неабходнае, як толькi створыць ва ўяўленнi яго вобраз. Аўтар кнiжкi, вiдаць, не надта разлiчваў на вераемнасць удасканалення чалавечае натуры, бо не ўстрымаўся ад папярэджвання, што жыхары астральнага свету схiльныя злоўжываць дадзенымi iм бясконцымi магчымасцямi, а таму ён, гэты свет, загрувашчаны крышталёвымi замкамi i iншымi ўвасабленнямi зямных мараў.

Чым далей я чытаў, тым саркастычнейшая ўсмешачка змяiлася на вуснах. Да маiх падарожжаў гэты трактат меў прыкладна такое дачыненне, якое мелi да праўды сярэднявечныя фалiянты, чые аўтары абвяшчалi нашых продкаў аднавокiмi гiпербарэйцамi, асуджанымi бавiць жыццё ў вечных снягах i сумовiцца з белымi мядзведзямi.

Мяне спрабавалi пераканаць, нiбыта насельнiкi тонкага свету не маюць патрэбы ў сонечным i ў любым iншым святле, бо самi з'яўляюцца яго крынiцаю, а я не мог забыць, як мы з Ёю раскладалi вогнiшча ў начным лесе з усiмi яго схаванымi ў цемры шолахамi i страхамi. Мяне ўгаворвалi даць веры, што ў тым свеце iснуе агульная для ўсiх мова, а я выдатна памятаў, як у цеснай кавярнi, дзе мы, увайшоўшы з марозу, замовiлi па вялiкай шклянцы глiнтвейну, усе, апрача нас, гаварылi па-нямецку.

Над той кавярняю быў гатэльчык, i мы вырашылi там спынiцца. За вокнамi ўзвышаўся не крышталёвы замак, а заснежаны альпiйскi перавал; гаспадыня падавала на сняданак каву са свойскiмi вяршкамi, а ў прыбiральнi стаяў на палiчцы канцэнтраваны хваёвы дэзадарант, што ўзнiк там, як выглядае, зусiм не ў адпаведнасцi з жаданнем майго астральнага цела, бо я выбраў бы водар язмiну.

Яна любiла светлае вiно, i ў вясковай крамцы мы неспадзявана адкрылi пакаштаваную неяк у Вiльнi "Ларэляй" з яе халаднавата-вытанчаным букетам. Каб трапiць у крамку, трэба было паўгадзiны спускацца ўнiз, у далiну. Сцежка вiлася ўздоўж жывой i ўзiмку рэчкi, што, абсыпаючы падарожнiка срэбным пылам, абрывалася з уступу. Якраз там, каля вадаспаду, мне прыйшла ў галаву думка, што наш шырачэзны гатэльны ложак падымалi з далiны шрубалётам. Мы ведалi, што, пакуль прыйдзем назад, гаспадыня зноў заменiць у нумары ўсю бялiзну i туга прышпiлiць начышчанымi да бляску меднымi гузiкамi-булдавешкамi блакiтную накрухмаленую прасцiну.

Пра альпiйскi гатэльчык я павiнен падрабязней сказаць i з iншае прычыны. Пачынаючы з яго, нашы падарожжы ўвайшлi ў новую стадыю.

Тады на маёй ускраiне канчаўся лiстапад. Пасля фiлiжанкi кавы мяне пацягнула на вулiцу. Дзень быў па-зiмоваму стылы, на падмерзлай траве бялелi лапiкi снегу. Я здзiвiўся, што вулiцы нечакана пустэльныя, бо ўчора ўвечары, калi ўкладваўся спаць, была серада, значыцца, сёння - звычайны чацвер. Уражаны здагадкаю, я павярнуў да газетнага шапiка. Газеты на вiтрыне датавалiся суботай.

Адсюль вынiкала, што я прабыў у ложку не ноч, а два днi i тры ночы, роўна столькi, за якi час мы з ёю заплацiлi ў гатэлi. Падумаўшы: "у ложку", я не ўтрымаўся ад усмешкi.

Калi скажу, быццам мяне апанавала радасць, пакрыўлю душой. Але не было i боязi. Патаемна я ўжо чакаў гэтага.

Не маю часу ды i жадання перачытваць ранейшае, таму, пэўна, паўтаруся, згадаўшы, што думку пра вар'яцтва адкiнуў яшчэ да развiтання з Наташаю. Пра якое вар'яцтва магла iсцi гаворка, калi свет, куды я вяртаўся ранiцой, успрымаўся мною - у краме, у размове з сантэхнiкам або з Лёнем, што прыйшоў па чырвонец - цалкам адэкватна. Iншая рэч - наколькi мне хацелася вяртацца.

Але ў лiстападзе гэтая праблема яшчэ не выходзiла на першы план. Мне хапала ўсведамлення сваёй абранасцi i далучанасцi да таямнiцы. Часам я лавiў сябе на тым, што з пачуццём перавагi паглядаю на прахожых, а часам дазваляў сабе думаць аб перспектывах, якiя давалi мне падарожжы як лiтаратару.

Абуджэнне ў суботу заместа чацвярга сталася рысаю, за якой падзеi атрымалi iнакшы рытм i новую лiнiю руху. Удакладню, што гэтых лiнiяў было адразу некалькi i яны ўвесь час перапляталiся ў складаным узаемадзеяннi.

Пасля гiсторыi з горным гатэлем я купiў наручны гадзiннiк, якi паказваў таксама днi тыдня, i штовечар клаў яго на панель над ложкам, каб ведаць, у якi дзень вярнуўся. Новы гадзiннiк строга трымаўся традыцыйных правiлаў, чаго нельга было сказаць пра стары насценны. Стары пачаў выкiдваць конiкi. Не прамiнула i тыдня, як, седзячы ўвечары каля тэлевiзара, я не столькi ўбачыў, як бакавым зрокам адчуў, што з насценным гадзiннiкам не ўсё ў парадку. Мой хранометр у стылi рэтра паказваў 98.47. Секундная стрэлка наручнага гадзiннiка замерла на месцы. Я дачакаўся змены апошняй лiчбы ў драўляным вакенцы: 98.46. Тут у кватэру пазванiлi. Iдучы да дзвярэй, я паспеў падумаць, што, калi такое чынiцца з часам, зараз завiтае хто-небудзь з пазаўчарашняга цi паслязаўтрашняга дня. Магчыма, Лёня i з'явiўся адтуль, аднак ён хацеў са мной выпiць, i ўдакладнiць сапраўдны час Лёнеў намер анiякiм чынам не мог.

Пакуль я выправаджваў суседа, у вакенцы над ложкам выскачылi чатыры нулi.

З тае ночы маршруты падарожжаў пралягалi i ў прасторы, i ў часе.

Калi быць карэктным, дык вандроўкамi ў часе трэба прызнаць ужо некаторыя першыя спатканнi, бо, напрыклад, тады, як мы пад наглядам лебедзяў любiлiся на беразе летняе Нарачы, за вокнамi мае аднапакаёўкi кружылi белыя мухi. Цяпер жа гэтыя экспедыцыi зрабiлiся больш далёкiмi i рызыкоўнымi.

Неяк на вулiцы мой позiрк спатыкнуўся на вялiзным перадвыбарчым партрэце Лiндана Джонсана.

Дадам выпадак у пiўнушцы, дзе мы запiвалi гумовыя лусцiкi нясмачным цёплым пiвам, а прымацаваны пад столлю тэлевiзар паказваў футбольны матч з Бобi Мурам. У той вечар у пiўнушцы стралялi - праўда, не па людзях, а па футбалiстах на тэлеэкране. Здаецца, гэта адбывалася дзесьцi ў Лацiнскай Амерыцы, бо ангельцы выйгравалi ў зборнай Аргенцiны, а рэкламныя ролiкi iшлi пад мелодыi танга.

Здаралася, прыблiзна вызначыць час, куды нас закiдвала, дапамагалi мадэлi аўтамабiляў i адзенне сустрэчных.

Думаю, не памылюся, калi скажу, што мы не перасеклi мяжы XIX стагоддзя. За адным выняткам.

Я быў алхiмiкам i замураваўся ў лабараторыi для бяссонных пошукаў вялiкага магiстэрыя. Праз тоўстыя муры прабiвалiся прыглушаныя гукi вулiцы: грукат колаў па бруку, галасы царкоўных званоў, гоман развар'яванага натоўпу i крыкi на чэшскай мове. Гэта маглi быць i часы Гуса, i XVI цi XVII стагоддзi.

Са светам мяне злучала вакенца ва ўнутранай сцяне, да якога Яна прыносiла мне ў кошыку простую ежу i пляшку вiна. Вiно падтрымлiвала мяне, але адначасна распаляла агонь бяссiльнае лютасцi, што аднаго вечара дайшла да крытычнае кропкi. Я перакулiў перагонны куб i кiнуўся крышыць бутлi i бутлiкi з рэактывамi, а потым рушыў з кулакамi на неатынкаваныя вiльготныя сцены.

Вандраваннi рабiлiся ўсё больш разгалiнаванымi i складанымi ў сваiх акалiчнасцях: мы нiбы падымалiся па ўсходах, i на кожнай прыступцы чакала сустрэча з датуль нязведаным.

Мы вярталiся ва ўжо знаёмыя месцы i абставiны, шумна радуючыся старым сябрам i заводзячы новых, якiя прызначалi нам спатканнi ў летнiх кавярнях або запрашалi без лiшнiх цырымонiяў заходзiць дахаты. Я пражываў фрагменты дзесяткаў iншых жыццяў, прычым без права назваць iх чужымi, бо заўсёды быў не староннiм назiральнiкам кшталту кiнагледача, а дзейнай асобаю з крывi, плоцi i жывых чалавечых пачуццяў.

Я бываў маладзейшы за свой цяперашнi век альбо на некалькi гадоў старэйшы. Але я нязменна быў, i ў гэтым пераконвала з'яўленне рэчавых доказаў вандровак: манеты вартасцю 50 песетаў, каталiцкага крыжыка на срэбным ланцужку...

Гэта маглi быць не рэчы, але не менш вiдавочныя сведчаннi нашых пiлiгрымак. Знак, пакiнуты Яе вуснамi каля маёй левай смочкi. Да крывi збiтыя ў алхiмiчнай лабараторыi кулакi...

Убачыўшы запечаную на костачках пальцаў кроў, я знайшоў у згаданай вышэй кнiзе патрэбнае месца i з сарданiчным смехам перачытаў пасаж аб тым, што ў тонкiм свеце цела свабодна пранiкае праз сцены i любыя фiзiчныя перашкоды.

Асобна, далёка ў баку ад астатнiх, застаецца сон пра кажаноў.

Кажаноў было двое - большы i меншы.

Гэтыя iстоты, якiя наяве - з таго часу, як у дзяцiнстве адзiн з iхнiх супляменнiкаў спiкiраваў на маю кучаравую галаву - нiколi не выклiкалi ў мяне i падабенства сiмпатыi, там, у сне, успрымалiся без усякай гiдлiвасцi. Наадварот, iх палёт быў поўны бязгучнай грацыi i гармонii. Спярша яны лёталi паасобку, кружляючы вакол адно аднаго, быццам вялiкiя цёмныя матылi, потым меншы кажан, мабыць, стамiўшыся, падчапiўся знiзу да большага i той нейкi час вазiў яго. Затым успыхнула святло, i я асэнсаваў, што яны лётаюць у маёй кватэры. Я пiшу "яны", але насамрэч "яны" ўадначас былi i намi, мною i ёй. Я бачыў кажаноў збоку i ў той самы момант адчуваў свой уласны палёт - то лёгкi i iмклiвы, то павальнейшы, ды не менш прыемны, калi Яна чаплялася да мяне лапкамi.

Так, гэта была мая аднапакаёўка, дзе ўсё знаходзiлася на звычных месцах i дзе, разам з тым, прычынiлiся змены. У пакоя выцягнулiся сцены, бо знаёмыя рэчы выглядалi зверху, адтуль, дзе мы кружлялi, значна паменшанымi. I раптам я падняў вочы i згледзеў, што над намi няма столi, замест яе - фiялетавае неба з буйнымi негарадскiмi зоркамi.

Гэтае адкрыццё прымусiла мяне звузiць дыяметры кругоў, якiя ўжо выходзiлi за перыметр сценаў, i паступова апусцiцца ў iх калодзеж - да гадзiннiка ў пыльным корпусе i яшчэ нiжэй, да ложка з бардовымi, падрапанымi нечымi пазногцямi панелямi i столiка з дзвюх табурэтак, дзе стаялi шклянкi з вiном, памiж якiмi ўтульна ўладкаваўся пачаты зялёны пачак цыгарэтаў. З дасягнутага бяспечнага ўзроўню вышынi я скасiў вока ўгору i супакоена адзначыў, што зоркi ўжо захiнутыя столлю.

Як вы заўважылi, тут я ўпарта карыстаюся тэрмiнам сон, а не падарожжа. Так мне лягчэй адганяць трывожную думку, што сон з кажанамi быў пробнаю куляй.

Я нi пры якiх умовах не хачу развiтвацца са сваiм целам. Яна павiнна зразумець. Яна не можа не зразумець мяне, бо ўсё i пачалося з iх, з нашых целаў, якiя знайшлiся, выбралi адно аднаго з безлiчы былых i будучых варыянтаў.

З нашых целаў, што сталiся пасланцамi i разведчыкамi душаў.

Зараз я скажу пра тое, аб чым дагэтуль маўчаў.

Пакуль што нi разу я не спрабаваў даць вам пра маю спадарожнiцу хоць нейкае ўяўленне - намаляваць яе партрэт, акрэслiць характар.

Я не здолею зрабiць гэтага i сёння, бо Яна прыходзiла да мяне ў розных аблiччах - то зеленавокай шатэнкаю з круглай радзiмкаю пад брывом, то серабрыстай тонкаю бландзiнкай з кароткай "марсiянскай" стрыжкай, то... Навошта гэты пералiк з наборам зашмальцаваных эпiтэтаў, калi дзесяткi яе аблiччаў не змаглi схаваць таго, што гэта заўсёды была Яна - яе сунiчныя смочкi, яе бясконца знаёмыя пальцам хрыбеткi, яе лона, якое я называў iмем маленькага ласкавага звярка, яе вусны, якiя даводзiлi маю плоць да белага кiпення.

Памятаю, як у зiмовым альпiйскiм гатэльчыку, гледзячы ўраннi на яе цела, я малiўся, каб для гэтага цёплага палевага колеру, для даўгiх i тонкiх, але такiх моцных точаных ножак, для лiтых грудак з пяшчотнымi цёмнымi дзюбкамi, для бездакорнай спiны з раўнюткiм паскам пазваночнiка i дзвюх крутых, зробленых з жывога мармуру палавiнак там, дзе спiна губляе сваё найменне, каб для ўсяго, што я бачу, час спынiўся...

Гэта нязменна было Яе цела, якое выпраменьвала ў прыцемку мяккае святло i плавала ў iм, лягчэйшае за касмiчную бязважкасць i адначасова па-зямному важкае i поўнае сакавiтасцi нагрэтага сонцам ананасавага яблыка. Яе святло было часткаю гэтае цеплынi, яго эманацыяй i не мела нiчога агульнага з прывiдна-халодным свячэннем з аблуднае кнiжкi пра тонкi свет.

Характар? Ён таксама быў пераменлiвы, як Яе твар, як паверхня рэчкi, што павольна плыве ў одуме i раптам прачынаецца, становiцца капрызлiва-гарэзнай, б'ецца ва ўтравелыя, парослыя жабiнымi вочкамi берагi, а за павароткаю, за купчастай алешынай зноў робiцца элегiчна-сцiшанай, набiраючыся сiлы i ўпэўненасцi перад доўгiм перакатам. I ўсё гэта - з падводнымi плынямi, з падступнымi бохатамi i страказiнымi затокамi - тая самая чыстая лясная рэчка.

Здаецца, збiваюся на сентыментальнасць... Зрэшты, я пiшу зусiм не лiтаратурны твор.

Але як, сапраўды, назваць гэты рукапiс? Супроць дэфiнiцыi "запавет" пратэстуе ўся мая iстота. Дзённiк? Дыяруш? Падарожныя нататкi? Справаздача пра экспедыцыю?

Я выконваю абавязак лiтаратара, а астатняе - жанр i, так бы мовiць, канчатковы дыягназ - будзе вызначана без майго непасрэднага ўдзелу, магчыма, якраз у тую хвiлiну, калi вы дойдзеце да гэтай старонкi.

Яе iмя? Я даў Ёй iмя пасля першых вандровак, аднак не хачу называць яго тут, бо напраўду дасюль не ведаю яго.

Хiба гэта варта ўвагi ў параўнаннi з тым, што Яна - мая жанчына.

А гэта я ведаю з такой самай дакладнасцю, як тое, што я мужчына, што мне 42 гады i кожны новы дзень наблiжае мяне да падарожжа, якое станецца найдаўжэйшым, да падарожжа, дзе Яна набудзе нязменнае аблiчча i нарэшце назаве сваё iмя.

Я яшчэ не гаварыў, што кожнае вандраванне канчалася блiзкасцю. Нават там, у нязнаным горадзе i стагоддзi, дзе я быў алхiмiкам i ў паўднёвазаходнiм куце маёй каменнае цэлi са здзеклiвай размеранасцю крапала вада. Калi я ў роспачы накiнуўся на сцены, Яна выняла пад вакенцам, праз якое падавала мне ежу, некалькi цаглiнаў i апынулася ў разгромленай лабараторыi, каб змазаць мне арнiкай параненыя рукi i стаць маёй на мулкiх тапчагах каля няроўнай сцяны з зялёнымi ўзорамi цвiлi.

Мы любiлi адно аднаго ў гатэлях i прапахлай карыцаю белай мураванцы над морам, да якога вялi роўна трыццаць дзве высечаныя ў скале прыступкi. Нашыя целы перапляталiся, злiваючыся ў адну шматрукую, шматногую i шматвокую iстоту, на шырокiх i вузкiх ложках, на пухкiх пярынах i праседжаных канапах з колкiмi вусамi спружынаў, у фатэлях i на вагонных палiцах, у цемры i перад уважлiвымi люстрамi ў старадаўнiх асадах, якiя ўмелi паказаць самыя патаемныя куточкi гэтага салодкага вар'яцтва. Я не паверу, што Яна забыла тое купэ, i столiк, на якiм ляжалi яе локцi, i сонечных зайчыкаў, што скакалi па аголенасцi веснушкаватых плечукоў, i круглыя вочы старога з роварам на чыгуначным пераездзе.

Яна магла аддацца мне ў самым нечаканым месцы. Аднойчы гэта была пляцоўка агляду над агнямi рэкламаў начнога горада. Другi раз - цёмны мiжгароднi аўтобус з рэдкiмi соннымi пасажырамi на пярэднiх сядзеннях.

Словы бываюць бездапаможныя i нiколi не перададуць усёй пранiзлiвай асалоды першага дотыку i таго, як сrеsсеndо распускаецца кветка перарывiстага дыхання i як яна ападае пялёсткамi ўскрыкаў.

Нiколi раней у мяне не было жанчыны, здольнай падараваць такiя пералiвы асацыяцыяў i адчуванняў. Калi вы чулi пра Гераклiта Эфескага, вам няцяжка будзе здагадацца, як я перафразаваў у дачыненнi да маёй спадарожнiцы яго знакамiтае выслоўе.

Кожная новая блiзкасць была падарожжам у падарожжы. Калi нашыя целы авалодвалi левiтацыяй... Калi, трымаючы Яе ў абдымках, я iмчаў па рацэ, па яе рацэ, у лёгкiм вастраносым каноэ... Калi неспатольнасць яе вуснаў нараджала жаданне раздваiцца i растраiцца, каб зведаць Яе даастатку...

Калi адчуваў, як рэгенеруюцца мае адмерлыя яшчэ ў дзяцiнстве i, напэўна, найлепшыя клеткi...

Не выключана, што я ўжо пiсаў пра гэта; тады паўтару: несканчоная чарада падарожжаў нагадвала ўзыходжанне - ад простага да больш складанага, ад зразумелага - да таго, што трэба проста ўзяць на веру.

У гэты шлях калiсьцi даўным-даўно мы выправiлiся ў лодцы з уратаванай птушкай...

Старажытныя iндыйцы валодалi iсцiнай: найпаўней спасцiгнуць адна адну душы могуць толькi ў злiццi сваiх зямных абалонак.

Неяк мы iшлi па вясновай вулiцы насустрач паўднёваму ветру. Нашы рукi не дакраналiся, але ў мяне ўзнiкла пачуццё, што я ўзяў Яе за руку, што раз-пораз, дзелячыся цеплынёй, датыкаюцца нашы плечы, i я зразумеў: гэта ўзаемапранiкаюць мая i яе аўры.

Яна сталася першай жанчынаю, што падаравала мне адчуванне Вечнасцi. Яно ўзнiкала, калi рытмы дзвюх iстотаў паступова i няўхiльна злiвалiся ў адзiн суладны рытм, якi ўключаў у сябе ўсе астатнiя мелодыi сусвету i, пульсуючы, замяняў сабою сам гэты сусвет, каб узарвацца сляпучай успышкаю, што нязменна абуджала мяне ў iншай рэальнасцi.

Так, кожная блiзкасць з Ёю пераносiла мяне ў мае чатыры сцяны. Блiзкасць была бiлетам назад, але з аплачаным зваротным шляхам - з маёй рэчаiснасцi ў ейную, дзе нас падпiльноўвалi новыя адкрыццi i новыя ўспышкi, што вярталi ў свет, якi я меў усё меншае права называць сваiм.

Жыццё падзялiлася на дзве часткi, i першая сцiскалася, як шчыгрынавая скура.

Аднае ранiцы я з радасным, зусiм нястрашным страхам усвядомiў, што незнаёмы горад, адкуль я вярнуўся, больш рэальны - навобмацак, на пахi i на смак, - чым адлiжная графiка заключных снежаньскiх дзён за адзiным вакном майго пакоя.

Цяпер амаль кожны дзень - нiбыта яны, днi, змовiлiся мiж сабою - прыносiў чарговае сведчанне, якому свету я прыналежу мацней i мацней.

Я згадваў ужо рэчавыя доказы падарожжаў, што пачалi з'яўляцца пасля альпiйскага гатэля. Iх калекцыю адкрывала светла-лiловая кветка, часцiнка сухога букета з бяссмертнiкаў i макавых галовак, якi стаяў на столiку ў нумары, чыю палову займаў той самы неабсяжны ложак, што паднялi з далiны шрубалётам.

А ўчора ўраннi я апынуўся дома з гадзiннiкам, на якi паглядаю, пiшучы гэтыя радкi. На iм няма нiводнае лiчбы: тры стрэлкi рухаюцца непасрэдна над вантробамi механiзма, а той непрыкрыта анатамуе матэрыю часу, прымушаючы ўладальнiка вызначаць гадзiны i хвiлiны пераважна iнтуiтыўна. Я не стаў бы iсцi ў заклад, што кожная з трох стрэлак заўсёды мае аднолькавую хуткасць. Вiдаць, я болей упэўнены ў адваротным.

Такi падарунак Яна зрабiла мне ў турэцкiх кварталах Заходняга Берлiна, куды ўвечары турыстам рэкамендуюць не завiтваць. Мы рызыкнулi, i нiчога надзвычайнага з намi не прычынiлася, хоць я i палiчыў за лепшае спынiць таксi i адарвацца ад кампанii маладых туркаў, што дружна выйшла следам за намi з пiцэрыi, пагатоў, Яна была тым разам з серабрыстай "марсiянскай" фрызурай. Асаблiва мне не спадабаўся той высокi, са шнарам на левай шчацэ, бо кожны ягоны позiрк як быццам зрываў з Яе частку адзення. У таксоўцы я ўздыхнуў з палёгкаю, а Яна, здаецца, з не меншай палёгкаю, зацягнулася цыгарэтай.

Калi не памыляюся, я пiсаў пра новы гадзiннiк. Дапускаю, што тут больш дарэчным будзе вызначэнне "компас", i з абсалютнай дакладнасцю магу сцвярджаць, што мне даспадобы назiраць за каляровымi жывымi шасцярэнькамi трыма сiнiмi, дзвюма чырвонымi i некалькiмi залацiстымi - назiраць i здагадвацца, якая зараз гадзiна i паводле якога часу.

Сёння на вулiцы, каля паштамта, я спаткаў былога аднакурснiка, i ён падаўся стварэннем значна менш рэальным за таго рослага турка.

Тэлефон у кватэры звонiць неверагодна рэдка (звычайна блытаюць нумар), але калi пра мяне знячэўку ўспамiнаюць у нейкай рэдакцыi, я здзiўляюся глыбей, чым калi б патэлефанавалi з той пiўнушкi, дзе футбольны заўзятар разрадзiў абойму ў тэлеэкран над стойкаю.

Днямi я зноў знайшоў лiсток з дзiцячым малюнкам i каструбаватымi лiтарамi, i мне зрабiлася шкада iх аўтара. Потым падумалася, што ён таксама меў магчымасць падарожнiчаць з Ёю, i наведала невядомае раней пачуццё, якое не магло быць нiчым iншым, апрача рэўнасцi. Розум казаў, што нельга раўнаваць да мiнулага, да таго, што адбывалася да "нашай эры", але я зманю, сказаўшы, быццам не мучыўся i не трапляў пад уплыў думак, што гаспадар маёй кватэры быў не першы i не ягоная рука пакiнула лiсток з малюнкам. Напэўна, iх было шмат тых, хто здаваў i наймаў цiхую аднапакаёўку i вандраваў з Ёю...

Як вы бачыце, атрутнае насенне рэўнасцi давала ўсходы...

Яна павiнна быць толькi маёй.

Я не буду пакiдаць такiх, як мой папярэднiк, распiсак у бездапаможнасцi i з сумнеўным падтэкстам хаваць iх памiж старонак "Жыцця iдыёта".

Каб не быў лiтаратарам, я б з задавальненнем вызвалiў сябе ад пiсання тэксту, якi вы чытаеце. Але мая прафесiя - слова, i мой намер цвёрды захаваць ёй вернасць да самага канца.

Будзе несумленна прамаўчаць яшчэ пра адно, даволi, на першы погляд, дзiўнае здарэнне. Сёння, пасля той выпадковай сустрэчы паблiзу паштамта, мне заманулася праехацца на лiфце. Жаданне ступiць у кабiну, нацiснуць на кнопку i пачуць, як за плячыма са шматзначным гудам сыходзяцца палавiнкi дзвярэй, апанавала настолькi, што праз пяць хвiлiнаў я ўжо заходзiў у пад'езд найблiжэйшага дома, якi мусiў мець лiфт.

Лiфт аказаўся старамодным, яго дзверы зачынялiся пафарбаванай у зялёны колер звычайнай металёваю ручкай. З дзiцячай нецярплiвасцю я ўтапiў у панель сцёрты кубiк з нумарам самага высокага паверха, i старая, спярэшчаная ад падлогi да столi непрыстойнымi надпiсамi кабiна, падстукваючы на стыках, папаўзла ўгору.

Магчыма, вас таксама калi-небудзь пераведвала жудлiвае адчуванне, што паводзiны лiфта, ва ўладзе якога вы апынулiся, выходзяць за рамкi iнструкцыяў i ён падазрона жвава набiрае разгон, пагражаючы не толькi не выпусцiць вас на патрэбнай пляцоўцы, але i наогул падняцца вышэй за апошнi паверх. Такое пачуццё часам узнiкае i ў вагоне метро, асаблiва калi напярэдаднi прачытаеш якую-небудзь аповесць пра цягнiк, што не выйшаў з горнага тунеля. Але ў метро вакол людзi, i прадчуванне iмавернасцi прарыву гэтай рэальнасцi не вельмi выразнае.

У замкнёнай капсуле лiфта, зазвычай сам-насам з сабою, пачуццё такой верагоднасцi ў мяне абавязкова абвастралася i нярэдка стварала ў грудзях зону пякучага вакууму. Калiсьцi з усяго гэтага вырасла маё апавяданне пра чалавека, што вёў з лiфтам небяспечныя гульнi, пакуль той не падняў яго да кватэры, за дзвярыма якой героя чакаў ягоны двайнiк.

Не, сёння я не сустрэўся нi з двайнiком, нi ўвогуле з нечым звышнатуральным i згадваю гэты выпадак выключна дзеля паўнаты карцiны.

Педантызм - не мая рыса, аднак я iмкнуся не прапусцiць нiчога iстотнага, а таму павiнен занатаваць яшчэ адну немалаважную дэталь. Рэч у тым, што я не проста не ведаю Яе iмя. Вяртаючыся з падарожжаў, я не магу яго ўспомнiць. Я мушу пакуль скарыцца i з тым, што не здольны, нават у агульных рысах, аднавiць нашы размовы. У памяцi затрымлiваецца адно ўспамiн пра голас - малады i абвалакальны, надзелены талентам iмгненна зрабiць утульным любое месца, дзе мы апынаемся.

У такiм разе мяне можна абвiнавацiць у тым, што, называючы рэальнасць падарожжаў жывейшаю за гэтае жыццё, я самому сабе супярэчу. У сапраўднасцiне. Проста iснуе зона, уваход у якую будзе вольны, калi я зраблю апошнi крок. Вельмi прыблiзна гэта можна параўнаць з адчуваннямi чалавека, якi ведае, што неўзабаве да яго вернецца страчаны слых. Як там, у вершы:

I брамка ў сад

адчынiцца сама,

як соннiк

на старонцы зачытанай...

Адначасова з гэтымi нататкамi напiсаны мiнiмум неабходных лiстоў. Iх разашле адзiн з нешматлiкiх знаёмых, якi не забыў майго тэлефоннага нумара.

Яна папярэджаная: я гатовы.

Магчыма, гэта адбудзецца не адразу, i я запасаюся вытрымкай.

У кагосьцi з фантастаў ёсць такая навела. У горадзе ствараецца турбюро, дзе запрашаюць наведаць iншую планету - усiм падобную да нашай, але, як пераконваюць турыстычныя праспекты, яшчэ не кранутую злом зямной цывiлiзацыi. Герой бярэ бiлет у тую зялёную iдылiю i разам з астатнiмi ахвотнiкамi сядае ў аўтобус, якi прывозiць iх не на месца старту касмалёта, а на звычайную лясную галявiну. Заместа камфортнае пачакальнi - спехам збiтая са свежых дошак стадола, негабляваныя лаўкi i пасыпаная пiлавiннем падлога. Людзi цярплiва чакаюць i нарэшце пачынаюць здагадвацца, што iх класiчна абвялi вакол пальца. Герой далучаецца да тых, хто патрабуе адчынiць выхад. Вярнуўшыся ў аўтобус, ён бачыць, як стадолу залiвае блакiтнае святло. Людзi кiдаюцца назад, але за дзвярыма з крывых аполкаў iх сустракаюць пустыя лаўкi.

Я не вярнуся ў аўтобус.

Не буду рабiць выгляду, быццам мяне не займае пытанне, застанецца мой ложак пустым цi на iм знойдуць маё цела. Вам вядома, якi варыянт задавальняе мяне болей.

Сёння я выняў з кнiгi вучня Блавацкай апошнюю закладку: "У момант смерцi, калi свядомасць ужо знаходзiцца ў тонкiм свеце, а розум працягвае дзейнiчаць яшчэ ў фiзiчным целе, чалавек за некалькi секунд пражывае ўсё сваё зямное жыццё".

Гэта не пра мяне.

Я заўсёды лiчыў, што прыз любога падарожжа - вяртанне. Я хачу калi-небудзь вярнуцца. Можа, гэта здарыцца ў адным з нашых падарожжаў, i разам з Ёю я выкуру тут рытуальную цыгарэту з зялёным паскам на фiльтры.

Мой рукапiс наблiзiўся да канца.

У мяне настрой, як перад ад'ездам у далёкую вандроўку.

Зараз я пастаўлю на прайгравальнiк кружэлку Шапэна i лягу.

Я не ведаю Яе iмя, але адчуваю, што вельмi хутка, магчыма, нават у гэтую ноч, пачую яго.

Загрузка...