Дзверы былi старыя, высокiя i цяжкiя. Адчынiўшыся нават на вузенькую шчылiнку, яны незадаволена, спаважна рыпелi: "хр-р-р-р-ы-iп" — быццам пратэставалi супраць парушэння iх старэчага лянотнага спакою. Фрузына некалi змазвала iх адмысловыя паржавелыя завесы, але дзверы, счакаўшы дзень-другi, зноў упарта пачыналi свой надакучлiвы хрып. I яна спакваля прывыкла да гэтага iх голасу, таксама, як i да выгiнастых медных ручак-поручняў, за якiя было няспрытна брацца, як i да сваiх нескладаных абавязкаў вахцёркi. Дый дзiва было не прывыкнуць, калi мiнуў ужо шосты год, як упершыню села яна за невысокай фанернай перагародкай у куце ля дзвюх доўгiх вешалак ды толькi i ведала глядзець, каб хто не вынес з будынка якi ўстаноўскi набытак.
Два разы ў дзень — уранку i ўвечары — таропка тупаючы па прыступках на ганку i ў вестыбюлi, адзiн за адным яе мiналi супрацоўнiкi ўстановы — занятыя справамi, заклапочаныя, сур'ёзныя людзi. Яна ведала ўсiх i, нават заплюшчыўшы вочы, магла ўгадаць кожнага па яго кроках, па тым, як ён адчыняў цi зачыняў дзверы або iшоў па лесвiцы. З'яўленне дырэктара Iвана Кузьмiча Фрузына пазнавала па яго аўтамабiлю, якi заўсёды раптоўна паяўляўся за акном насупроць ўстановы. Яна чула кароткi пошчак дзверцаў машыны, а затым праз нейкi час з працяжным асаблiвым скрыпам адчынялiся вялiкiя дзверы i ўваходзiў ён. Ён быў вялiзны, тоўсты i надзьмуты з твару, яго вельмi паважалi ўсе, а Фрузына баялася i таму першая казала "дзень добры". Iван Кузьмiч чамусьцi заўсёды незадаволена падцiскаў нiжнюю губу i толькi адным ледзь прыкметным рухам правага брыва адказваў на яе прывiтанне.
Пяць год узапар па два разы ў дзень Фрузына бачыла яго толькi такiм, iнакшым яго не ўяўляла — ён быў для яе загадкавы i далёкi.
Гэткiм жа далёкiм i незразумелым быў яшчэ таварыш Петрачэнкаў — вельмi худы, жоўты i надзвычай старанна апрануты чалавек. Фрузыне часам здавалася, што, апроч як выстаўляць напаказ свае адмысловай прыгажосцi гарнiтуры, палiто i паўпальткi, ён не меў iнакшых абавязкаў у жыццi. Паводзячы сюды-туды маленькай лабастай галавою, Петрачэнкаў праз тоўстыя шкельцы акуляраў усё аглядаў свае плечы, рукавы, грудзi i тонкiмi худымi пальцамi страсаў нябачныя парушынкi. Заўсёды ён быў заняты сабою, болей амаль нiкога не прыкмячаў i рэдка калi вiтаўся з Фрузынай.
Жанчын ва ўстанове працавала нямнога, i сярод iх самай прыкметнай была Нонка, маладая жонка немаладога i несiмпатычнага намеснiка дырэктара Дубчанкi. Зранку, калi пачыналi рыпаць дзверы, яна чутна была яшчэ здалёк, яшчэ з вулiцы, калi, дробна тупаючы абцасiкамi па шматлiкiх прыступках, узбягала на ганак. Маладзiца ўмела спрытна шмыгнуць у дзверы, здаецца, амаль не расчыняючы iх, заўсёды спазнялася, заўсёды спяшалася, але нiколi не прамiнала ветлiва ўсмiхнуцца вахцёрцы. Фрузына з прытоеным замiлаваннем глядзела ўслед: Нонка падабалася ёй, падабалася, як малодшая сястра, як прывабная i недасяжная жаночая прыгажосць.
Яшчэ нешта прыхiльнае ў сэрцы вахцёркi было да iнжынера Шаўрова простага, вясёлага i гаваркога чалавека. Зранку ў гэтым вестыбюлi ён звычайна з'яўляўся першы, бо жыў тут недалёка, за рагом ля аўтобуснага прыпынку. Па-гаспадарску прыстукнуўшы дзвярыма i выцiраючы аб дарожку падэшвы, ён жартоўна кiдаў жанчыне:
— Прывет, Фруза! Як жысць маладая?
Яна стрымана ўсмiхалася, сарамлiва, па-дзявочы азiрала яго паўнаватую, у шэрым гарнiтуры, постаць i апускала вочы. Здавалася Фрузыне, што iнжынер бачыў у ёй нешта патаемнае, захаванае, у чым яна неахвотна прызнавалася нават самой сабе, i ад таго ёй рабiлася няёмка.
— Не смуткуй вельмi — не бяда. Вось падшукаем табе жанiха, адгрукаем вяселле, i будзеш жыць-пажываць ды дзяцей нажываць, — казаў ён, узбягаючы па прыступках, азiраючыся i заўзята смеючыся шэрымi жвавымi вачыма.
Фрузына апускала вочы, разгладжвала на каленях спаднiцу, а потым уздыхала i доўга пазiрала ў акно.
Яна была адзiнокая, працавiтая жанчына, што не зведала нi ласкi, нi якой блiзкай чалавечай спагады ў жыццi. Адзiнай даступнай для яе радасцю была радасць працы. Яна працавала з маленства, як толькi начала памятаць сябе, а можа, нават i раней. Няньчыла братоў i сястрычак, пасвiла жывёлу, пасля жала, касiла, арала, секла дровы. У маладосцi яна магла падняць шасцiпудовы мех збожжа, усцягнуць на зруб бервяно, забратаць бадлiвага быка. Праца зрабiла яе моцнай, каржакаватай, засцерагала ад хворасцi, загартавала да нягодаў жыцця, але жаночай прывабнасцi, таго нечага патрэбнага i незаменнага, што вабiць мужчын, у яе, вiдаць, не было. Мiналi гады, яе сяброўкi павыходзiлi замуж, мелi дзяцей, а яна ўсё заставалася ў дзеўках i пакрысе старэла.
Адзiнокае жыццё прывучыла яе многа думаць, пiльна прыглядацца да людскiх адносiн i спраў. Часта ёй здавалася, што людзi бываюць несправядлiвыя да самiх сябе, не цэняць, не бачаць тое вялiкае ў жыццi, што так цанiла i чаго доўгiя гады прагнула яна.
З ёй разам працавала вахцёркай Драздова — сярдзiтая, знерваваная, абсыпаная дзецьмi нестарая яшчэ кабета. Заўжды яна была незадаволеная, раздражненая, лаяла ўвесь свет i асаблiва свайго мужа Арцёма, маўклiвага падатлiвага цесляра з будтрэста. Зрэшты, гэтак жа груба ставiлася яна i да дзяцей — усё крычала i скардзiлася, што гэтая сям'я спарахнiла яе маладосць. Фрузына, бываючы часам ва ўстанове ў яе дзяжурства, моўчкi без спачування слухала яе нараканнi на шматлiкiя турботы жыцця i думала, што гэтая жанчына проста не бачыць свайго вялiкага неацэннага шчасця. Нават маленькая частачка з таго, што гэтак дапякала Драздовай, магла б ашчаслiвiць Фрузыну. Яна нiколi не лаяла б мужа за тое, што той з палучкi прапiў з таварышамi якую дзесятку, што ён шмат курыць цi часам запознiцца з працы. Яна не сварылася б на дзяцей, маленькiх пяцi-сямiгадовых карапузаў, калi тыя, несучы мацi на працу сняданак, зазяваюцца на вулiцах i астудзяць ежу. Яна вельмi б даражыла гэтым цiхiм маленькiм шчасцем, калi б толькi яно было ў яе. Але iшлi гады, i нiхто яшчэ не сказаў ёй нiводнага слова пяшчоты, усе былi заняты сваiмi справамi, сем'ямi, i радасць толькi мроiлася ў яе далёкiх, недасяжных марах.
Яна часта казала людзям i самой сабе: кожнаму сваё, што каму на раду напiсана, таго не мiнеш. I яна пакрысе прывыкла да адзiнокага лёсу немаладой бабылкi, цешыла сябе людскiм шчасцем, радавалася чужой радасцю i бедавала з чужых бедаў. Свайго — нi добрага, нi благога, нi асаблiвых трывог — у яе не было.
Так яна пражыла б да канца сваiх дзён, каб не тыя акалiчнасцi лёсу, што нарыхтавалi нечаканы паварот на яе сцяжыне жыцця.
Аднойчы ўжо глыбокай снежнай зiмою, седзячы ля тых вялiкiх дзвярэй, яна запрыкмецiла, як у адным месцы рассохлiся старыя фiлёнкi, утварылася шчылiна, у якую прадзiмае вецер. Жанчына прыбрала з прыпола клубок з недавязанай рукавiцай i праз чорны ход пад лесвiцай выйшла на панадворак. Тут быў гараж, у вялiзных адчыненых варотах стаялi машыны, i Фрузына хацела ўбачыць каго са знаёмых шафёраў, каб папрасiць пакулля.
Аднак знаёмых нiдзе не было. Параскiданыя ля гаража на ўтаптаным, заплямленым снезе валялiся цяжкiя скаты, скрынкi, бочкi. Гарластая шаферская братва падалася, вiдаць, у сталоўку, толькi ў апошнiх дзвярах чуўся бразгат жалеза. Схаваўшы ў кiшэнькi ватоўкi астылыя на марозе рукi, Фрузына нясмела падышла да гэтых дзвярэй i спынiлася. У машыне з задраным угору капотам, перагнуўшыся цераз радыятар, калупаўся незнаёмы, нядаўна прыняты на працу шафёр, i яна звярнулася да яго з нясмелай сваёй просьбай.
Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруцiў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яё немалады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнiм рукавом успацелы лоб i спытаўся:
— Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправiць? А заўхоз дзе?
Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замiнаюць, у якога безлiч сваiх пiльных спраў, i яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабiне i, упэўнена ступаючы шырокiмi падэшвамi падшытых валёнак, накiраваўся ў будынак.
— Ану, дзе, паказвай.
Яна наказала тое месца, шафёр, усё нiчога не гаворачы, нешта прыстукнуў, нешта прыцiснуў, забiў цвiк i напаследак грукнуў кулаком у счарнелыя фiлёнкi.
— Ну вось, парадак. Цяпер не прадзьме.
Яна стала дзякаваць яму, ды за адным разам паскардзiлася, што пад акном падцякае батарэя, надакучыла ўжо выцiраць анучай, што колькi ўжо прасiла заўхоза, але таму не даходзiць, усё болей швэндаецца па пiўных, без ста грамаў не падступiшся. Дастаючы закурку, шафёр слухаў, глядзеў на яе сур'ёзным няласкавым позiркам i, зацягнуўшыся разы два, паабяцаў:
— Ладна, паправiм. Цяпер няма калi, а пасля абеду папраўлю. Напомнiш, цётка.
Напаследак ён, здаецца, усмiхнуўся ледзь-ледзь, аднымi толькi куточкамi вачэй i, пакiнуўшы ў вестыбюлi моцны, непрывычны тут пах махоркi, выйшаў. Ёй чамусьцi адразу зрабiлася вельмi самотна адной i захацелася яшчэ зiрнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, iшоў да сваёй машыны.
Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другi дзень i зноў, закурваючы, спынiўся ля Фрузыны, пазiраючы, як спрытна мiльгаюць у яе руках сталёвыя пруткi i ўвачавiдкi даўжэе, расце рукавiца.
— Ладныя рукавiцы будуць, — сказаў ён i, злёгку ўсмiхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокiя парэпаныя далонi.
Фрузына вязала рукавiцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, i цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.
— А што, падабаюцца? — спытала яна i нясмела ўзняла вочы. — Можа, звязаць вам, калi не маеце?
— Не, дзякуй, — сказаў шафёр. — Што толку з iх — на адзiн рэйс. Каб тут якiя скураныя i то — на тыдзень, не болей.
Яны зноў разышлiся, i зноў Фрузыне стала нiякавата адной — хацелася яшчэ пагаманiць з гэтым зважлiвым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецiкавая, дык цi будзе ён бавiцца з ёю?
Можа, праз тыдзень цi болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкi вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнiм пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кiламетр абходзiць пустку. Зiмой, праўда, можна было сцяжынкай перайсцi цераз роў з замёрзлаю ручаiнай i такiм чынам зрэзаць добры крук дарогi.
Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды i наблiжалася да шашы, цесна атуленай дамамi гэтай ускраiннай вулiцы.
Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккiм змрочным полагам вiсела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелi навокал будынкi, дрэвы, невыразныя плямы зямлi. Снег быў мяккi, мароз адпусцiў нанач, бралася на адлiгу, i было золка.
Жанчына зранку не была дома i цяпер спяшалася — на сконе дня прывычна вабiла хатняе цяпло, спакой i адпачынак. У кiрзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч — хлеб, селядзец, кiлаграм круп i ўсё гадала, каб як абысцiся гэтым якiх два цi тры днi i зэканомiць на дровы.
На шашы яе асляпiла святлом фараў, абдало грукатам i лязгам iмклiвых аўтамабiляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогi на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблiвай увагi — цi мала машын спыняецца на шашы — пастаяць, шафёры зробяць што трэба i паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кiшэнi ватоўкi ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна — ужо два днi яна не палiла грубкi, пахла нечым неабжытым i пакiнутым. Чагосьцi тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць i было ўсё прыбрана — i вузкi ложак з высока падбiтай падушкай i лебедзямi на танным дыванку на сцяне, i вымытая падлога, засланая наўскасяк палавiчком, i накрыты марляю посуд на невялiчкiм столiку. Яна прыслухалася — суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад i падумала, што трэба было б прапалiць у грубцы, каб былi насечаны дровы.
У гэты час у дзверы пастукалi.
Да яе рэдка калi хто заходзiў, i кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчынiлiся i ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зiму, ён быў увесь расхлiстаны — i паўшубак, i кашуля, i шапка, ссунутая на патылiцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала — гэта быў яе нядаўнi знаёмец, iх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступiў з нагi на нагу i, вiдаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:
— Добры вечар, гаспадыня. Цi не паможаце ў бядзе, так сказаць? Лiха на яе, машына занаравiлася — аднаму не справiцца.
Фрузына ўжо развязала хусцiнку, але зноў чамусьцi пачала закручваць на шыi рагi, пазiрала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, i сэрца жанчыны ў нейкiм недарэчным прадчуваннi хутчэй затукала ў грудзях.
— А што здарылася? — як мага спакайней спыталася Фрузына.
— Э, — здзiвiўся шафер, прыгледзеўшыся i толькi цяпер пазнаючы яе. — Гэта вы? Тут жывяце?
— Ды тут. Вось прыйшла толькi.
— А я гляджу — святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, — казаў ён ужо больш упэўнена i з прыкметнай iскрынкай радасцi ў голасе. Адталымi пляскатымi валёнкамi прагiнаючы маснiчыны, ён адышоў ад парога.
— Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мiнск ездзiў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль i вось не дацягнуў — кандэнсатар прабiла. А тут адзiн, машыну не кiнеш i завесцi нельга — хоць плач. Можа б, вы паглядзелi, каб не чапаў хто? Цi, можа, у гараж падскочылi б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда…
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесцi, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоi — не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.
— Што ж, калi трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?
— Кандэнсатар, там у Змiтрукова цi ў Цярэшчанкi спытаеш — дадуць, — казаў ён, выпраўляючыся за ёю. — Я i сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.
У яго голасе чулася вiнаватасць за тое, што турбуе, ён збiраўся выйсцi следам, але яна запрапанавала:
— А вы нiшто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калi што, дык у акно вiдаць.
Ён падзякаваў i застаўся, стомлена апусцiўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпiльваючыся, падалася ў горад — трэба было спяшацца, каб не зачынiлi гараж.
Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змiтрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковiнай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мiнула нямала. Калi яна зноў адчынiла свае дзверы, святло ў пакоi было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы iскрамi, трашчалi сукаватыя смалякi, што нерассечаныя гады два валялiся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакацiўшыся на шырока расстаўленыя каленi, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй i, звесiўшы долу заблытаныя валасы, цiхенька i мерна высвiстваў носам.
Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабiць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, i прысела на лаўцы.
Невядома, колькi мiнула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлi, пакiнуўшы груду зiхатлiвага вуголля. На сцяне пад столлю варушылiся густа-барвовыя водблiскi; схiленую голаў, плячо i рукаў чалавека залiло гарачай мiгатлiвай чырванню. Ад грубкi на ўвесь кут i паўстолi нерухома падаў вялiзны раскiдзiсты цень чалавека.
Раз-пораз пазiраючы праз акно на шашу i на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранiкалася цiхай жаласлiвай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў яе ўзрушаныя пачуццi, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася i прывычная шчымлiвая самота па сваiм няўтульным, неўладкаваным жыццi, пацiху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлiвала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуваннi, толькi цiхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.
Праз нейкi час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў i здзiўлена агледзеўся.
— О, ты ўжо? — прамовiў ён i ўзняўся. — Ну што?
— Вось прынесла, — сказала яна, устаючы з лаўкi i падаючы яму кандэнсатар. Але ён, вiдаць, адпачыў зусiм мала i, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы i пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.
— Ага, во добра… Ну дзякуй. А што гэта нiкога не чуваць, цi ты адна жывеш?
— Ды ўжо ж, адна, — адказала яна i ўздыхнула.
— А дзе ж твой… муж? — паволi вызваляючыся ад санлiвай знямогi, пытаўся чалавек. — Цi не было?
— Не было, ага, — пацвердзiла Фрузына.
Пасля яна таксама прысела на лаўку насупроць яго i раптам адчула сябе слабай, маленькай i нават у нечым вiнаватай ад гэтай стрыманай мужчынскай цiкаўнасцi.
Ён трохi памаўчаў, аб нечым задумаўшыся, жанчына ўсё пазiрала на яго, ледзь прыкметнага ў прыцемках дагарэлай грубкi, быццам чакала яго.
— Адной кепска, — сказаў ён, счакаўшы. — Цяжка адной… Гэта я ведаю…
Ён пачаў закурваць, прыпалiў паперкай ад вуголля, асвяцiўшы на момант зашчацiнены, зусiм не прывабны, але добры, спагадлiвы твар, а яна сядзела, стаiўшыся, ля акна i, бы злоўленая на якой несумленнай справе, баялася паварушыцца.
Накурыўшыся, ён кiнуў у печ недакурак, падышоў да яе, стрымана i далiкатна дакрануўся да яе пляча сваей заскарузлай далонню i пагладзiў:
— Цяжка адной, толькi што зробiш… Ну, не бядуй! Дзякуй за турботы… Так.
Калi ён выйшаў, Фрузына, не зашчэплiваючы за iм дзвярэй, таропка павярнулася да акна, прыцiснулася лбом да запацелай шыбiны i доўга пазiрала, як ён там поркаўся ў маторы, бразгаў капотам, тупаў ля машыны. Яна нiчога не думала, не выцiрала слёз, што няпрошаныя i нястрыманыя пацiху кацiлiся па шчоках, толькi глядзела ў прыцемкi ночы i не магла ўжо заглушыць роспачнай трывогi ў сваёй душы.
З таго зiмовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усмiхалася на жарты iнжынера Шаўрова, часцей выходзiла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калi-нiкалi, завiхаючыся ля машыны, ён кiдаў ей некалькi звычайных малазначных слоў, але — чула яна — ставiўся добразычлiва i ветлiва, зусiм не так, як другiя зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё — адчувала жанчына, што i ён не вельмi шчаслiвы, што добры i нечага лепшага ў жыццi хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвiшча — Пархомаў — ведала, што ён з Баранавiч, але цi сямейны, цi не было невядома.
Так у маўклiвай жаночай тузе мiнула зiма i наступiў першы месяц вясны сакавiк. Снег на вулiцах растаў, рэшткi яго вывезлi на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалi рэдкiя цяжкiя кроплi. У парках i за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кожным сонечным днём усё шырэлi, злучалiся адна з адной праталiны, налiвалiся пупышкi лазы i вербаў.
У жаночы дзень — 8 Сакавiка Фрузыне якраз быў выхадны, i яна, прыбраўшы зранку ў пакоi, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любiла такую работу, любiла прымерваць, прыкiдваць, каб зрабiць што як мага танней i лепей. З гэткiм жа стараннем яна ўзялася i цяпер, але спакваля неяк цiкавасць да работы пачала знiкаць. У думках усё часцей з'яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважлiва, не як другiя, паставiўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на каленi шыццё i затуманеным зрокам доўга пазiрала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалi зiмой ён ладзiў машыну. Чамусьцi ёй усё болей i болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлiвы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго — сям'я, дзецi. Урэшце, колькi ёсць i маладзейшых, i прыгажэйшых, а яна — саракагадовая баба, — нi хараства, нi шчасця — навошта каму такая? Але звыклае iмкненне да яго ўзгаралася з новай сiлай, i яна ўсё пазiрала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткiм сэрцам ды не магла.
Урэшце перад змярканнем яна трохi адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценнi, начала думаць аб iншым — аб людзях iхняй установы — трошкi ганарыстых, але нiштаватых супрацоўнiках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбiральшчыцах, вахцёрах. Успомнiлася, што чагосьцi радзей стала смяяцца Нонка — мусiць, нешта не ладзiцца ў яе замустве; усплыло ў памяцi, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узiмку хварэў на нейкi цяжкi грып Петрачэнкаў i як усе клапацiлiся i непакоiлiся аб iм.
I вось у такую хвiлiну ўспамiнаў-роздумаў, адкусваючы нiтку, яна незнарок зiрнула ў акно i спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака iшоў Пархомаў.
Ён, вiдаць, раней яшчэ прыкмецiў яе ля акна i цяпер здалёк усмiхаўся. У руках яго i пад пахай былi папяровыя скруткi. На iм непрывычна тапырыўся добры чорны гарнiтур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмi спалохалася, кiнулася да дзвярэй, пасля — да стала, скамячыла кавалкi тканiны, кiнула iх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусiм разгубiлася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нiчога не адказвала на гэты стук, толькi шаптала роспачнае "ай Божачка!", а ён усё ветлiва пастукваў i чакаў дазволу ўвайсцi.
Трохi счакаўшы, яна сцямiла, што трэба сустракаць госця, i, прыдушыўшы ў сабе сарамлiвую збянтэжанасць, адчынiла дзверы. Ён з усмешкай зiрнуў на яе, далiкатна пераступiў парог, зняў кепку i пачаў старанна выцiраць аб палавiчок забруджаныя чаравiкi.
— Дзень добры, гаспадынька. Са святам! З жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павiншаваць, бо я таксама адзiн…
Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзiцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды-туды. Ён, перш чым сесцi, паклаў пакункi, выняў з кiшэнi бутэльку гарэлкi, паставiў на стол. Фрузына здзiвiлася i спалохалася, не ведаючы, навошта гэта i што яно можа азначаць, але прыкiнулася, што не заўважае тае незвычайнасцi, i дрыжачымi ад хвалявання рукамi круцiла рагi хусцiнкi.
Ён быў нязвыкла прыбраны — пры гальштуку, паголены, нейкi вясёлы, не падобны на будзённага, запэцканага i сур'ёзнага Пархомава. Цi то з прычыны сваей прыўзнятасцi, цi мо разумеючы стан гаспадынi, ён нi аб чым не пытаўся, а ўсё гаварыў сам.
— Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з'езджу, добра, недалёка.
— Ого, недалёка, — упершыню ўсмiхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялiкiя нязграбныя рукi.
— А якое там далёка? Тры-чатыры кiламетры — не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? — спытаўся ён i агледзеў пакойчык. — Што, цячэ? — кiўнуў ён на мокрую пляму ў столi. — Рамонту дабiвацца трэба, а то што ж гэта такое — жаночае свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзiрка, трэ паглядзець. Э, ды i падлога тут рук просiць. Пераслаць бы, калi яшчэ лагi не згнiлi, а то што ж?
Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкiя прылады — блiшчасты партабак з папяросамi, запалкi. У пакоi прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, i ад гэтага паху Фрузыне чамусьцi стала лягчэй i весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабiць, i, счакаўшы колькi хвiлiн, пачала даставаць са стала сякi-такi посуд.
Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскiя справы, пра парадкi ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завiхалася ля стала — дастала гуркоў, дробнымi кольцамi парэзала каўбасу з пакунка, абчысцiла селядца. Да гарэлкi, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставiла талеркi, напаследак дастала шклянку i невялiчкi кiлiшак. Пархомаў добра не адмытымi ад мазуты пальцамi ўзяў кiлiшак, пакруцiў у руках, незадаволена адставiў убок.
— А што ж гэта? Хiба большай няма?
— Няма, — схлусiла яна, зноў прысоўваючы кiлiшак. Ён з жартоўнай падазронасцю зiрнуў на яе i ўзяўся за бутэльку.
— Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, — запрасiў ён. Яна паслухмяна i няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпiлi — ён паўшклянкi, яна са свайго кiлiшка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка i пацiху жавала. Першы кiлiшак узняў у ёй цэлы рой добрых, iмклiвых пачуццяў, адразу стала радасна i светла, але яна хавала гэта ў сабе i толькi ўсмiхалася. Ён ветлiва падсоўваў ёй талерку з каўбасой i, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
— Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, i сала ўвакурат.
Пасля яны выпiлi яшчэ…
Нiколi ў жыццi ёй не было так хораша i па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпiтага i з'едзенага i з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзiўся з ёю. Ён нешта гаварыў i гаварыў усё, але яна дрэнна ўнiкала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваiх пачуццяў цiхага шчасця ад прывабнай цеплынi блiзкай чалавечай душы.
Урэшце, вiдаць, наеўшыся i напiўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеркi, адчынiў партабак. Яна, поўная замiлавання да гэтага чалавека, усё пазiрала на яго памаладзелы ўпарты твар, якi заставаўся па-ранейшаму разважны i цвярозы, быццам гарэлка не мела нiякай улады над iм. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку блiжэй да яе табурэткi i раптам проста, упэўнена, але зусiм не груба i не абразлiва прыгарнуў яе да сябе.
I яна не вырывалася, не супрацiўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсiм целам, прыцiснулася да яго шырокiх, разагрэтых хатнiм цяплом i гарэлкай грудзей i ўтулiла ў яго пiнжак свой гэткi ж гарачы твар. Ён моўчкi i моцна тулiў яе, гладзiў па плячах сваiмi шорсткiмi далонямi, а яна, здавалася, гатова была памерцi за тыя хвiлiны незвычайнага, нiколi не зведанага шчасця чалавечай блiзкасцi. Нейкая хваля шчаслiвай бяздумнай знямогi ахапiла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух i панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе…
Уранку, ледзьве памыўшыся i дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся i пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, i скупа сказаў на развiтанне:
— Ну, будзь здарова. Не смуткуй, нiчога. Харошая ты, праўда.
Яна начала наводзiць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялi ўзнёслыя, радасныя адчуваннi ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткi просты i гэткi цудоўны чалавек на зямлi. Ёй вельмi прыемна было адчуваць, што яна, — як i ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдалiца, а таксама вось прывабная i любая мужчыне, што ён аддаў ей столькi пяшчоты i шкадуе яе. Ураз знiкла тая застарэлая маркота, якая ў адзiноце гэтулькi год дапякала ёй, — Фрузына адчула незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, — здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.
З гэтымi новымi радаснымi адчуваннямi яна прыйшла на працу, змянiла ў вестыбюлi Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнiкi i не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю iмклiвую энергiю. Як заўсёды, за акном бразнулi дзверцы i паўз яе, важна сапучы, прайшоў Iван Кузьмiч. Яна павiталася з iм, але ўжо не тым палахлiвым голасам, а з нейкай годнасцю i незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацiнаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, i ён не здаўся ёй сёння такiм недасяжным i далёкiм, як заўсёды. I калi, адстукаўшы абцасiкамi на ганку, у вестыбюль з'явiлася Нонка, Фрузына не вытрымала i на прывiтанне ветлiва адказала:
— З мiнулым святам вас, Нона Васiльеўна!
Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслiвых вачэй усмiхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спынiўся, загаманiў з ёю, нешта вялiкае бруiла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, i жанчыне карцела падзялiцца з людзьмi радасцю, толькi дзялiцца не было з кiм.
З таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы — па-дзелавому строгi, заклапочаны, нават трошкi няласкавы — як i ўсе. Яна не падыходзiла ўжо да яго, як раней, толькi вiталася пры сустрэчах — i ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася мiж iмi, трэба берагчы ад старонняга вока, i не таму, што хтосьцi можа перашкодзiць iм, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелi, калi ў яго i ў яе супадалi выхадныя, прыбiрала ў пакоiку, апранала сваю сiнюю з мярэжкамi сукенку i садзiлася ля акна. Ён заўсёды прыходзiў перад вечарам, часам прыносiў бутэльку, а болей iшоў так. Яна ўсё па-ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоi, трымаў сябе роўна i ўпэўнена. Пакуль яна гатавала на дваiх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток i ладзiў што-кольвечы па гаспадарцы — замасцiў дзiркi ў падлозе, затулiў дах, паправiў лаўку на прызбе. Суседкi перашэптвалiся i хiтра ўсмiхалiся, сноўдаючы на панадворку, але яна не саромелася iх. Наадварот, яна цiха таiла ў сабе стрыманую жаночую гордасць, гордасць за сябе i за чалавека, якi стаў поруч з ёю.
У доўгiя гадзiны пяшчотнай блiзкасцi яны болей маўчалi. Ён часта прытульваў яе да сябе, гладзiў, зрэдку ўздыхаючы — здагадвалася яна — шкадаваў яе. Ён амаль нiколi не казаў нiчога пра свае пачуццi, нi пра сям'ю, якая, яна ўжо ведала, была ў яго ў Баранавiчах. Хоць ёй i вельмi хацелася ведаць пра ўсё гэта, але яна не пыталася, каб не парушыць чым свайго нечаканага, няпэўнага, толькi трошкi зведанага шчасця. Яна вельмi берагла i вельмi баялася за тое шчасце — чула яе душа, што яно кволае i кароткае, як усё неспадзяванае, цудоўнае…
Тым часам прыйшоў сонечны квяцiсты май. Зранку над горадам зiхацела чыстае блакiтнае неба, над сценамi тулiлiся сiнiя ценi, на рагу пачалi прадаваць газiроўку. Петрачэнкаў апрануў клятчасты, бы шашачная дошка, скошаны ў плячах пiнжак, Нонка ляскатала ў асляпляльна белых басаножках на вострых абцасах. Ля ганка ўстановы былi дзве вялiкiя клумбы, i на iх, ледзьве прарэзаўшыся з зямлi, чысцюткай сiнявой стракацелi анюцiны вочкi.
Аднаго ранку, счакаўшы, пакуль перастануць рыпець дзверы i ўсе супрацоўнiкi разыдуцца па кабiнетах, Фрузына ўзяла пад лесвiцай палiвачку, набрала ў бочцы вады i выйшла палiць клумбы. Пасля застылай засенi вестыбюля на сонечным угрэве вулiцы было цёпла i ўтульна. У Фрузыны, як i ўсе гэтыя днi, было добра i спакойна на сэрцы. Тая ўзрушаная радасць, што спачатку поўнiла яе i бруiла ў ёй, спакваля саступiла месца роўнаму замiлаванаму пачуццю, — так хацелася пражыць жыццё, i шкадаваць не было б чаго.
Жанчына палiвала, стараючыся ступаць як мага асцярожней, каб не парушыць цудоўнага хараства гэтых мiгатлiвых, як зоркi, кветак, i ўсё думала, думала пра яго — незвычайнага гэтага Пархомава. Ён ужо тыдзень як быў у камандзiроўцы, таму ёй не было каго сустракаць нi дома, нi на панадворку ўстановы, заставалiся толькi думкi, успамiны, розныя меркаваннi.
У гэты час адчынiлiся дзверы, i прыбiральшчыца Ганка, санлiвая, леная дзяўчына, чухаючы бок, прамовiла:
— Цётка Фрузына, вас Петрачэнкаў клiчуць.
У яе адразу нядобрым прадчуваннем здрыганулася сэрца, але яна знешне спакойна выйшла з клумбы, паставiла на асфальт палiвачку i, паправiўшы на грудзях брошку, нетаропка пайшла ў будынак. Яна ўзнялася на другi паверх i, прыпынiўшыся ля чорных дэрмацiнавых дзвярэй, нерашуча пацягнула ручку.
Петрачэнкаў пiсаў. На яе прыход ён нават не ўзняў свайго акулярыстага твару, толькi буркнуў: "Ага, зараз". Апроч яго, тут яшчэ за трыма сталамi сядзелi людзi — усе былi заняты сваiмi справамi i, здавалася, не звярталi на яе нiякай увагi. Фрузына стала ля петрачэнкаўскага стала i з хвiлiну чакала, усё робячы здагадкi, якая патрэба прымусiла гэтага чалавека клiкаць яе.
Напiсаўшы, што трэба было, ён пачаў поркацца ў паперах на стале i, нiбы аб якой простай будзённай справе — надвор'i цi нясвежай вадзе ў графiне, задаў пытанне, ад якога ў яе пахаладзела ўнутры.
— Слухайце, Сямашка, цi праўда, што вы таго… з шафёрам гэтым, як яго?.. З Пархомавым?
Петрачэнкаў коратка блiснуў акулярамi, а яна, счырванелая i збянтэжаная ад гэтай бессаромнай праматы, стаяла i пакутна ламала свае непрыгожыя пляскатыя пальцы.
— Га? — зноў запытаўся гэты выглянцаваны чалавек. — Вiдаць, плёткi, праўда?
Яна нiколi не хлусiла нiкому, нiколi не апраўдвалася, калi была вiнавата, i, хоць цяпер была здзiўлена i абражана гэтай бесцырымоннасцю, сказала:
— Ну, а што? Ну, ён прыходзiць калi…
Петрачэнкаў варухнуў брывамi, здзiўлена пераглянуўся з некiм за яе спiной, крыва ўсмiхнуўся i загаварыў прыкра i нудна:
— Прызнацца, не чакаў такога… здзiўляючага сваёй класiчнай праматой адказу… А вы ведаеце… што такiмi сваiмi… ганебнымi, я сказаў бы, паводзiнамi кiдаеце цень неблагачыннасцi, так сказаць, на ўсю ўстанову, вось… Вам вядома, што гэты ваш, як яго… Пархомаў мае сям'ю, так сказаць, да якой ён нейкiм чынам павiнен захоўваць свой абавязак. Вось. I цяпер, у свеце вашага недвухсэнсоўнага прызнання, я як старшыня мясцкома буду вымушан не абмежавацца гэтай гутаркай, а прыняць, так сказаць, дзейсныя меры, з тым разлiкам, каб…
Да яе дрэнна даходзiў сэнс гэтых слоў, яна да болю ў душы адчувала толькi, што сталася нешта агiднае, нешта ганебнае i што яна вiнавата ў нечым. Затуманеным зрокам жанчына глядзела цераз лысаватую голаў гэтага чалавека праз акно на панадворак, там вiдаць быў канец гаража, апошнiя вароты, дзе стаяла машына Пархомава. Цяпер гэтыя вароты былi зачынены. I ёй стала вельмi сумна ад таго, што яна адна i што ёй за дваiх трэба прымаць гэты цяжкi удар. З прыкрым адчуваннем нейкай так i не зразумелай вiны Фрузына неўзабаве спусцiлася ўнiз на свае месца ля вешалак i прысела, абапершыся на падаконнiк.
Жанчыне нават стала дзiўна, як гэта яна не прадбачыла, што яе могуць абвiнавацiць, зняславiць. Пасля горкiх калючых слоў Петрачэнкава было ясна, што людзi не даруюць ёй гэтай блiзкасцi да Пархомава, але зноў жа — у чым была яе вiна, Фрузына так i не магла зразумець. Хiба яна дабiвалася чаго, хiба на што благое падбiвала Пархомава, хiба чаго злачыннага жадала ад яго?
Нейкi агiдны цень запаў у яе душу, i жанчына ўсё не магла зразумець, каго тут вiнавацiць — сябе цi Пархомава, — ад гэтага было вельмi тлумна i прыкра. Змаркатнелая, яна ледзьве дачакалася вечара i, так i не разабраўшыся ў сабе, ад крыўды немаведама на каго i завошта, цiха паплакала, iдучы дадому.
На другi ранак пасля тае размовы з Петрачэнкавым яна сядзела ў вестыбюлi i баязлiва чакала дзевяцi гадзiн, калi пачнуць зыходзiцца людзi. Першы, як, бадай, заўсёды, з'явiўся iнжынер Шаўроў, як заўсёды, ён старанна выцер ногi i кiнуў ей:
— Прывет! Ну што? Як жысць?
Яна нешта новае ўлавiла ў яго тоне i насцярожылася, сцiснулася нутром, чакаючы якой нетактоўнасцi. I ён не замарудзiў — выпалiў цi то жартам, цi ўсур'ёз, бы пра якую дробязную справу:
— Кажуць, ты ўжо гэтае самае… жанiха знайшла. I недалёка, толькi сямейнага, так сказаць. Што ж, брава, брава.
Сiгаючы цераз прыступкi, ён узнiмаўся па лесвiцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хiснулася столь, скрывiлiся калоны — ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхiнуўшыся да падаконнiка, i ўжо амаль не прыкмячала i не вiталася нi з кiм — нi з Iванам Кузьмiчом, якi нават не зiрнуў у яе бок, нi з Петрачэнкавым, якi сёння чамусьцi ўважлiва агледзеў яе халодным позiркам бялёсых вачэй, нi з Нонкай, якая падкрэслена ветлiва i са смяшынкай у вачах павiталася з ёю. Фрузыне было вельмi крыўдна i на сябе, i на людзей, i на ўвесь белы свет.
Увечары таго дня вярнуўся з камандзiроўкi Пархомаў.
Праз акно пад лесвiцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калi ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, i яе сэрца зноў, як некалi, у час яго першага прыходу, нязладна забiлася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынiлася ля акна, пачакала трохi, пакуль ён уладкуецца з машынай, i пасля, з намаганнем перастаўляючы ногi, пайшла да варот.
Ён зняў акумулятар i анучкай выцiраў яго клемы, але, пачуўшы крокi, адразу ўстрывожана азiрнуўся. Вiдаць, нешта кепскае азначылася на яе твары, бо шафёр адразу ўстрапянуўся i выпрастаўся. Фрузына, прыкмецiўшы гэта, спрабавала няўдала ўсмiхнуцца i, павiтаўшыся, сказала:
— Ведаеш, мяне Петрачэнкаў выклiкаў. Лаяў… Пытаўся, цi праўда, што ты да мяне ходзiш?
— Што? — не зразумеў ён. — Што? А скуль ён ведае? На яго запыленым, змораным твары мiльганула трывога.
Фрузына патупiла вочы.
— Ну… А ты што? Што ты сказала?
— А што мне было казаць? Сказала, што прыходзiш…
— Дурнiца! — Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. — Хiба так можна? Эх, ты!..
Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставiўся да гэтае справы, i ў жанчыны стала пуста i самотна ў душы. Страцiўшы надзею i сiлу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай i ўжо не стрымлiвала роспачных слёз, што душылi яе. Побач рыпелi дзверы, хадзiлi людзi, нешта казалi, пыталiся, але яна не глядзела нi на кога, не адказвала, не слухала.
Наступiлi гаротныя днi.
Пархомаў болей да яе не прыходзiў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаiўся ён да шафёрскай кампанii, сядзеў, курыў, размаўляў нароўнi з усiмi. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па-ранейшаму iмкнулася да яго, нi ў чым не вiнiла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывiць, хлусiць, ашукваць яна не ўмела.
Ёй было вельмi пакутна ў адзiнокiя ночы ў сваiм пакойчыку — думаць, уздыхаць, успамiнаць нядаўнiя, поўныя хмельнага шчасця, днi. Часта яна зноў адчувала сябе вельмi адзiнокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней i нясцерпней, чым у ранейшыя разы.
I тады аказалася, што яна будзе мацi.
Спачатку Фрузына вельмi спалохалася ад тае навiны — яе ахапiў жах, калi яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзi. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навiсла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з'явiлася новая думка, што вельмi дзiвiла яе: у яе будзе дзiця — свая маленькая родная iстота, самая важная i самая дарагая ў жыццi. Яна прыпомнiла знаёмых суседскiх дзяцей, блiзнятак Драздовай, i неспадзявана яе ахапiла супярэчлiвая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступiцца са сваiмi нуднымi пропаведзямi, што будуць насмешкi i сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелi перад новай вялiкай радасцю мацярынства.
I Фрузына пакрысе супакоiлася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой — у час паесцi, не заседжвацца начамi, у меру хадзiць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы — яны так патрэбны ёй будуць тады, як з'явiцца ён. Жанчына зноў, як калiсьцi ў шчаслiвую пару яе адносiн з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як i ўсе задаволеныя жыццём людзi. Пра свой новы стан яна не сказала нiкому, як мага глыбей тоячы свае надзеi. Яе цяпер вельмi цiкавiлi дзецi, i яна часта, iдучы дадому, спынялася дзе ў скверы i падоўгу пазiрала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках мацi.
Так iшоў час, i надышла пара, калi людзi пачалi прыкмячаць перамены ў яе аблiччы. Неяк у час зменкi Драздова ўважлiва, з падазронасцю паглядзела на яе закруглелы жывот i з заўсягдашняй грубаватай праматой, уласцiвай гэтай жанчыне, спытала:
— Што гэта ты растаўсцела? Цi не дзiцёнак? Фрузына сканфузiлася, затулiла далонямi жывот, але хiба можна было ўтаiць тое, што адбывалася ў ёй? I, зразумеўшы гэта, яна ўсмiхнулася са стрыманай шчырай радасцю ў вачах i паведамiла, як найвялiкшую сваю таямнiцу:
— Ага, дзiцёначак.
— Ах, каб ты правалiлася! — са знарочыстай злосцю загаманiла Драздова. Што ж гэта ты дапусцiла сябе, не ў час агледзелася? Трэба ж было раней, цяпер жа можна i нядорага… Ах, каб цябе!..
— Навошта? — зразумеўшы, пра што кажа жанчына, сказала яна. — Хай.
— Хай?! — здзiвiлася тая. — Вось дык гунора! Хай! Што ты сабе думает, баба? Як жа так можна? Не замужам i хай! Ты думаеш, гэта што — дзiця? Гэта катарга, жызнi сваёй няўзлюбiш, свет праклянеш! Гэта ты ненавучаная, вядома. А я ўжо шасцярых вырадзiла, хай iм дно з прарэхай — дзецям гэтым. Праз iх да часу ў магiлу ляжаш…
Фрузына маўчала, папраўляючы на сабе кофту, пакарацелую наперадзе спаднiцу. Трэба было б пашыць што шырэйшае, вальнейшае, але яна шкадавала грошай, дый навошта? Яна не саромелася, нi ад каго не таiлася, яна ўжо зжылася з думкай аб сваiм маленькiм i да часу яшчэ ганарылася iм.
А Драздова нiяк не магла ўгаманiцца i кожную ранiцу, сустракаючыся з ёю (пэўна, i за вочы таксама), лаяла ўсё яе дурасць, а яшчэ болей Пархомава.
— Ах ты, зладзюга, каняга няшчасны! Што нарабiў бабе! — не зважаючы на людзей, што праходзiлi мiма, злосна лапатала яна за сваей перагародкай. — Я яму вочы выдрала б, фiзiяномiю расквасiла. Папомнiў бы ён мяне, вырадак пракляты. Не, я гэтага не даравала б так цiха-гладка. Што стаiш? — крычала яна на Фрузыну. — Iдзi да дырэктара, да мясцкома, хай яго, нягоднiка, жанiцца прымусяць.
Але яна не iшла нi да кога, нiкому не скардзiлася, на Пархомава яна проста забылася сярод сваiх новых турбот. Праўда, яна разумела, што крыху памылiлася ў iм, што залiшне панадзеялася на яго прыхiльнасць да яе, але хiба ён учынiў ёй што кепскае? Усе, што датычыла яго ў яе ўспамiнах, было добрае i светлае, i калi ён перамянiўся да яе пасля, дык што ж… Ведама ж, яна не нявеста, дый ён не якi там жанiх. Адным словам, крыўдаваць, злавацца на яго Фрузыне, здавалася, не было за што. I яна жыла сама па сабе, як i да яго, жыла марамi аб маленькiм, — цяпер ужо ёй не страшна была адзiнота i не дужа патрэбны i Пархомаў.
Але хоць яна i замкнулася ў сабе, у сваiх надзеях i клопатах, людзi ўсё ж не перасталi турбаваць яе. Жонка Пархомава, вiдаць, нешта дачулася ў Баранавiчах i неўзабаве балюча нагадала аб сабе. Аднойчы ў пагодны дзень, толькi што заступiўшы на дзяжурства, Фрузына захацела нечага выйсцi i ў тых скрыпучых дзвярах спаткалася з дырэктарам. Жанчына спаважна саступiла ўбок, павiталася, iмкнучыся як найхутчэй размiнуцца. Але дырэктар, невыразна буркнуўшы нешта на яе "дзень добры", нечакана спынiўся, перахапiў у руцэ жоўтую папку i, гледзячы зверху ўнiз, з затоенай пагардай у строгiх вачах сказаў:
— Ага, дарэчы, таварыш Сямашка, што гэта ў вас з Пархомавым? Жонка лiст прыслала, судом пагражае. Яго я ўчора зволiў па ўласнаму жаданню, але вы што сабе думаеце?
I, нахмурыўшы касмылявыя крутыя бровы на выгаленым укормленым твары, ён утаропiўся ў жанчыну i чакаў, што яна скажа. А Фрузына раптам адчула, што ёй замiнаюць рукi, пачала церабiць аборку кофты на вялiкiм ужо жываце i гатова была правалiцца ў зямлю ад гэтага яго дапытлiвага позiрку. Ёй зрабiлася млосна i крыўдна, у горле захраслi ўсе словы, i яна нiчога не магла адказаць, толькi думала, каб як перабароць сябе, не хвалявацца, бо гэта шкодна яму, маленькаму. Добра, што дырэктар не настойваў, пастаяў троху, паўзiраўся ў яе збянтэжаны твар i, пакруцiўшы галавой, падаўся да лесвiцы.
Толькi б не хвалявацца, толькi б стрымаць сябе, незаплакаць — патрабавала яе мацярынская рупнасць i пасля, калi яна зноў вярнулася да свайго акна, i на другi дзень — дома, калi ёй давялося ўчуць, як, сабраўшыся на прызбе за рагом, абгаворвалi яе суседкi. Яна прымушала сябе аглухнуць да ўсяго благога, фанатычна школiла сваю волю, каб не раздражняцца нiчым, не хвалявацца ад людской нядобразычлiвасцi.
Так мiнула лета i пацiху начала ўсталёўвацца восень. Фрузына даношвала апошнiя месяцы, ёй было трудна штурхацца ў аўтобусах, i яна ўсё часцей з працы i на працу хадзiла пехатой. Водпуску яна не брала — нiхто ёй не прапаноўваў таго, а прасiць у яе не хапала адвагi. Усё ёй здавалася, што яна нечым не дагадзiла людзям, нешта зрабiла не так, i ад таго хацелася як мага меней трапляць iм на вочы i турбаваць iх. Добра, што на дварэ стала халадней, пачалiся нудныя восеньскiя дажджы, i яна апранула фуфайку, каб меней вылучацца сваёй цяжарнасцю.
Драздова неяк змянiла свае грубаватыя адносiны да яе, не лаяла ўжо, нiчога не дамагалася. Аднойчы толькi, калi Фрузыне нешта занядужылася на працы, вахцёрка прагнала жанчыну дадому, накрычаўшы за яе няўвагу да сябе. Заадно яна палаяла i Пархомава, а таксама начала наракаць на сваю горкую долю, якая нiколi не дае ёй спакою.
Чаго Фрузына найбольш баялася, тое пачалося на працы. Зранку было дужа сцюдзёна, дзьмуў моцны вецер, яна не ўлезла ў перапоўненыя аўтобусы i цераз увесь горад iшла пешшу. Заступiўшы на дзяжурства, жанчына як села на табурэтку ля акна, так i не магла ўжо ўстаць. Ёй рабiлася горача, млелi ногi, але яна дужалася з немаччу i неяк дацярпела да абеду. Далей ужо трываць было нельга, i Фрузына зразумела, што прыйшоў той час.
Яна папрасiла прыбiральшчыцу Ганку падзяжурыць да змены, а сама асцярожнай, кволай хадою, мацаючы сцены будынкаў, выправiлася ў радзiльны дом. Добра, што iсцi было недалёка, хоць i вельмi трудна, i яна праз гадзiну з супынкамi дабралася туды.
Увечары яна радзiла. Радзiла без анiводнага крыку, без стогну, задушыўшы ў сабе ўвесь пякельны боль — яна ўсё не хацела турбаваць людзей. Дакторка пахвалiла яе за цярплiвасць, i, калi паведамiла, што нарадзiўся спраўны, нiштаваты хлопчык, Фрузына адразу забылася на пакуты.
Хлопчык абурана, гарласта крычаў, пакуль яго выносiлi прэч, i яна той раз на ўсё жыццё запамятала яго патрабавальны, характарны крык. Пасля яна ўбачыла яго маленькi ружаваты тварык з прыплюшчанымi вачанятамi i прагнай маленькай прысоскай на верхняй губе. Ссаў ён добра, жвава, смачна цмокаючы маленькiм роцiкам, i яна аж замiрала ад нязведанай мацярынскай асалоды.
У раддоме ёй было добра. Праўда, з дванаццацi гадзiн, калi ў калiдоры пачыналi бегаць санiтаркi, носячы перадачы, выклiкаючы парадзiх, яна адчувала цьмяны неспакой у душы. На ўсiх тумбачках у палаце ў спецыяльна прыгатаваных на тое вазах стракацелi кветкi, яе ж ваза стаяла пустая. Праўда, кветкi, розныя прысмакi зусiм не патрэбны былi жанчыне i нiчуць не турбавалi яе, вось хiба толькi людскiя вочы… Ад людзей цяжка ўтаiць, што ў сваей душы, суседкi ў палаце i сестры, вiдаць, разумелi ўсё, але маўчалi, не распытвалi, i яна за гэта была вельмi ўдзячна iм.
Але яна нiяк не магла пагасiць у сабе ўсё болей агартаўшай яе трывогi. Ёй прыгадаўся даўнi выпадак, што адбыўся некалi ў яе роднай вёсцы. То былi цяжкiя часы, калi толькi што скончылася вайна i з франтоў вярталiся салдаты. Усе, у каго хто-небудзь быў у войску, чакалi служывых, адна толькi Галена, маладая салдатка, не чакала свайго Яўхiма, якi ў шаснаццатым годзе склаў сваю галаву ў невядомай далёкай Галiцыi. Даведаўшыся аб тым страшным здарэннi, Галена дзён колькi несуцешна галасiла на ўсю вёску, а пасля запрагла буланага i паехала араць свой надзел.
Фрузына была тады зусiм маленькай дзяўчынкай, у ворыва насiла бацьку на поле яду i ўсё не магла зразумець, чаго гэтая маладзiца так мала арэ, а ўсё сядзiць у баразне ля плуга i плача. Аднак пасля нехта памог кабеце, яна супакоiлася, павесялела, а яшчэ праз нейкi час нарадзiла маленькую крыклiвую дзяўчынку. Фрузына добра памятае гэтую яе крыкушку ў плеценай зыбцы на бярозавай жардзiне — яна тады з другiмi дзецьмi не раз падбягала пад вокны глядзець на малую, што нарадзiлася без бацькi. На вёсцы гэтае нараджэнне стала незвычайнай падзеяй, аб iм з'едлiва i абразлiва гаварылi мужчыны, бабы i нават дзецi. Пасля здарылася такое, што страшна нават i ўспамiнаць. Дзед Пахом, свёкар Галены, круты, ваўкаваты стары, напiўшыся на нейкае свята, да паўсмерцi пабiў маладую ўдаву. Галена з паўгода пакашляла крывёй i памерла, i нiхто не шкадаваў яе, не апраўдваў. Нябогу пахавалi на краi могiлак, i яе курганчык неўзабаве зарос быльнягом, а вясковыя бабы пачалi ёю палохаць дзяцей.
Праўда, цяпер часы iншыя, але ўсё ж людзi бываюць розныя, хiба не знойдзецца хто пакпiць з адзiнокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклiчуць на мясцком i дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькi пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць — усё перажыць адной, адасобiцца ад людзей, жыць толькi iм, аглухнуць да ўсяго благога.
Папраўлялася яна добра i праз некалькi дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволiлi ўставаць, i Фрузына, сеўшы на ложку i захiнуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калi прывозiлi малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусiм падобных белых скруткаў на калясцы i, не могучы ўтрымаць замiлаванай радасцi, першая ўзнiмалася насустрач, кармiла i з вялiкай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалiлi яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу — 4800, i мацярынскае сэрца поўнiлася цiхiм гонарам. Нiколi яшчэ так не ганарылася яна ў сваiм жыццi. Гэта было сапраўднае, вялiкае шчасце.
I вось прыйшоў дзень, калi трэба было пакiдаць бальнiцу.
У апошнюю ноч ёй стала асаблiва неспакойна на душы. Звечара яна прыснiла непрыемны, благi сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася i ўжо болей не заснула да ранку. Ёй снiўся Петрачэнкаў, i дырэктар Iван Кузьмiч, i Шаўроў, быццам яны з'явiлiся ў раддом i злосна патрабавалi ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмi спалохалася, бо яе абвiнавачвалi ў крадзяжы дзiцяцi, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзiцёнак, яна чамусьцi не мела сiлы. I яна толькi пакутавала i бегала па пакоях, па вулiцах, хавала малога, а за ёй ганялiся людзi i атукалi, як у полi на воўка.
Яна не стрывала да канца гэтага страшнага вiдовiшча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На свiтаннi яна ўзнялася i стала клапацiцца, каб сабраць свае рэчы, званiла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замянiла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасiла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялiзну. Пасля яна стала чакаць, калi папрыходзяць дактары i напiшуць яе дакументы. Ёй было нiякавата ад таго, што нiхто не прыйдзе за ёю, што i ў апошнюю хвiлiну ёй не мiнуць украдкам кiнутых позiркаў сясцёр, санiтарак, — позiркаў, у якiх празмерная цiкаўнасць, здагадкi i прытоенае асуджэнне.
Час iшоў вельмi марудна. Мiнула ўжо i дзесяць, i адзiнаццаць гадзiн, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалi дакументы — даведку, што ў яе нарадзiўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывiўкi. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку i схавала за пазухай. Яна ўсё хадзiла па калiдоры i чакала, агорнутая клопатам, як данесцi малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купiць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапiла грошай.
Жанчына аж здрыганулася, калi сястра адчынiла ў калiдор дзверы i паклiкала яе апранацца. Там, у пярэднiм прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай — захутаная ў цёплы шалiк, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася насустрач Фрузыне знарок сярдзiтымi вачыма i загаварыла сваiм грубаватым голасам:
— Ну што, выхадзiлася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракi зiмуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён — твой крывапiвец? На вось, сабралi тут. На кватэру я не хадзiла — далёка, ну яе.
Яна сунула ў рукi Фрузыне тугi скрутак — коўдрачка, прасцiнкi, сiняя шаўковая стужка. Жанчына здзiвiлася: чыё ж усё гэта?
— Бяры, бяры, — папiхнула яе Драздова. — Сабралi тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотнi. Я сваiх пару пялёнак загарнула — спатрэбiцца.
— Дзякуй, — сказала Фрузына i прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмi жаласлiва на душы — i да сябе, i да iх, што не забылiся, не пагрэбавалi…
— Ну iдзi, iдзi, паказвай свайго крывасмока, — падштурхнула яе Драздова.
Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавiтае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, i ўсё пазiрала на дзверы, прыслухоўвалася — адтуль у першы свой шлях па зямлi павiнен быў выйсцi сын, яе ўцеха i яе вялiкае шчасце ў жыццi.
Вельмi занятая, рухавая i заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукi i развiталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхiнула ражок прасцiнкi — ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькi ружовы камячок. Драздова таксама зiрнула пад прасцiнку.
— Спiць? Iш ты, Пархом халерны. Ну ладна, расцi. Дай сюды, я…
Яна бесцырымонна забрала яго з рук мацi, спрытна ашчаперыла, штурхнула нагой дзверы, i жанчыны выйшлi на вулiцу.
Пакуль яны iшлi глухаватымi завулкамi, Фрузына паступова набiралася лёгкага радаснага забыцця. Ёй было добра — зноў тонкай, памаладзелай, перанёсшай труднае ў жыццi; радасна, што прыдбалася ў жыццi блiзкая, дарагая iстота, частачка яе жыцця; прыемна, што вось Драздова — заўсёды зласлiвая Драздова — гэтак дарэчы ўслужыла ёй.
А вахцёрка iшла крыху наперадзе i ўсё нешта прыгаворвала малому — нешта знарочыста сварлiвае. Фрузына даўно ўжо прывыкла да гэтага яе тону i цяпер неяк асаблiва выразна адчувала ў iм i спагаду, i пяшчоту, якiя заўсёды былi старанна захаваныя пад гэтай знешняй яе незадаволенасцю. Яшчэ Фрузына вельмi ўдзячна была Нонцы i Шаўрову. Адчувала яна, што шматлiкiя пакуты неяк зблiзiлi яе з людзьмi, далi, вiдаць, ёй нейкае няпiсанае права на людскую прыхiльнасць.
Падыходзячы да iх установы, Драздова нечакана павярнула ўбок, да ганка.
— Iдзi, пакажам твайго крыкуна. Хай паглядзяць. А то — Фрузына такая, Фрузына сякая… Iдзi, iдзi, чаго там, — прыкрыкнула яна на жанчыну, калi тая нерашуча спынiлася на вулiцы.
Фрузына збянтэжылася: ёй вельмi няёмка было несцi туды дзiця, але Драздова ўжо адчыняла нязладныя дзверы. Нiчога не заставалася рабiць, i яна вымушана была пацягнуць за тыя медныя ручкi-поручнi. Дзверы працяжна прарыпелi, бы прывiталiся са старой знаёмай, i гэты iх рып душэўным болем працяў нутро жанчыны.
У вестыбюлi было цёпла, да iх адразу прытупала ў скрыўленых валенках Ганка. Драздова, прымасцiўшыся ля батарэi, начала расхутваць малога.
— Во, глядзi, якога мужыка займела баба. А то думалi, што Фрузына горш за людзей. Вунь як пазяхае, пражора! Толькi есцi давай, — прыгаворвала яна, спрактыкавана разгортваючы пялёнкi.
Заўважыўшы навiну ў парозе, аднекуль з калiдораў прыбеглi дзве прыбiральшчыцы, угары на лесвiцы дробна застукалi абцасiкi, i цераз поручнi нагнулася кучаравая галава Нонкi.
— О, што там у вас робiцца? — гукнула маладзiца i зноў заляскатала абцасiкамi, збягаючы ўнiз.
— Ой, якi маленькi, якi карапузiк, дайце мне, дайце я, — загаманiла яна, беручы малога i няўмела прытуляючы яго да сябе.
Фрузына вельмi баялася, каб ён часам не выпаў як на падлогу, яна ўсё падстаўляла рукi, непакоiлася за кожны яе лiхаманкава-радасны рух. А Нонка ўсё хапала малога, шугала, прыцiскала да сябе — дзiва было, колькi таiлася пяшчоты ў гэтай жанчыне.
У той час у вестыбюлi аднекуль з'явiўся Шаўроў. Як некалi, у даўнiя часы, ён здалёк басавiта гукнуў Фрузыне:
— Прывет, Фрузына! Як жысць маладая, вясёлая? О, я гляджу — з прыбаўкай цябе! Ну, маладзец, — казаў ён, падыходзячы да яе ў сваiм шархоткiм чорным плашчы. — Дайце ж i мне патрымаць чалавека.
Ён узяў маленькi скрутачак, асцярожна шугнуў яго ўгору-ўнiз, i малое неспакойна заварушылася.
— Харош, харош, гвардзеец, — радасна ззяў вачыма iнжынер. — Як жа назваць яго? — спытаў Шаўроў i паўзверх жаночых галоў зiрнуў угору. На лесвiчнай пляцоўцы, нерашуча занёсшы нагу на нiжэйшы прыступак, стаяў Петрачэнкаў.
— Эй, Петрачэнкаў, хадзi сюды!
Фрузына на момант спалохалася: ёй прыгадаўся сон i здалося, што Петрачэнкаў, як некалi, пачне дакараць яе. Але старшыня мясцкома руплiва заклаў пад стракаты пiнжак такi ж стракаты гальштук i, асцярожна намацваючы прыступкi, паслухмяна пайшоў унiз. На яго заўчасна абвялым, нездаровым твары з'явiлася не то вiнаватая, не то цiкаўная ўсмешка.
— Вось глянь, — казаў да яго iнжынер, — чалавек! Што, брат? Жыццё жывое творыць, цi не праўда?
Усё ўсмiхваючыся, Петрачэнкаў падышоў да людзей, агледзеў малога, якога ўсё варушыў iнжынер, здаецца, упершыню з цiкаўнай павагай паглядзеў на Фрузыну. Праўда, ён не дакрануўся да яе сына, але ад яго зважлiвасцi ў Фрузыны паспакайнела ўнутры.
— Ну, што ж, чалавек, канешне, факт, гэта безумоўна, — паводзячы блiшчастымi акулярамi, зазначыў ён i, яшчэ, паўсмiхаўшыся, дадаў, кажучы Фрузыне: — Вы вось што, Сямашка… Напiшыце заяву ў мясцком… Рублёў гэтак на трыста… I яшчэ дырэктар сказаў, на яго "Пабедзе" адвязуць вас. Так што пехатой не iдзiце.
I Фрузына нечакана адчула, як разлiлася па яе целе хваля нейкага цёплага шчымлiвага пачуцця. Хвалюючыся i ўжо не збiраючыся супакойваць сябе, яна ўпершыню начала спавiваць таго, хто здабыў ёй гэткую прыхiльнасць людзей. Драздова гэты раз адступiлася ад жанчыны, не памагала, толькi пiльна назiрала за яе яшчэ няўмелымi рухамi, тоячы на вуснах ледзь прыкметную ўсмешку. Шырока i шчыра, бы разумеючы штось таемнае, усмiхаўся Шаўроў, спагадлiвая весялосць свяцiлася ў марудлiвых вачах Ганкi i на тварах дзвюх прыбiральшчыц. Адна толькi Нонка чамусьцi згубiла сваю нядаўнюю радасць, спахмурнела i, насупiўшы тонкiя броўкi, патупiлася.
Ап'янелая ад вялiкага шчасця, Фрузына, аднак, не прыкмячала нiчога, старанна затульвала малога i сарамлiва ўсмiхалася. Упершыню за шмат год жыцця адчула яна сябе чалавекам — нароўнi з усiмi людзьмi.
1958 г.