Янка Сіпакоў Падары нам дрэва


Блуканне па іншасвеце

Пад нагамі ў мурашоў

— Зірні, зірні, што гэта такое? — здзівілася Юля.

Яны сядзелі пад яблыняю на коўдры, пасланай на маладую зялёную траву, і паўтаралі хімію — рыхтаваліся да прадметных залікаў і неўзабаўных выпускных экзаменаў у школе. Але вучыць ужо нічога не хацелася — больш думалася не пра выпускныя, а пра ўступныя экзамены ва універсітэт, куды яны разам збіраліся паступаць: яна — на біяфак, ён — на гістарычны факультэт.

У Радзіма не ўсё было добра з хіміяй, — не, хлопец ведаў яе, але не на пяцёрку — і таму ён вельмі сур'ёзна адносіўся да заняткаў з выдатніцай Юляю, для якой гэты прадмет, здаецца, быў самы лёгкі.

Збіраўся разам з імі ісці яшчэ і Губашлёп — так усе ў школе звалі Юрася Кулету — але яны ўцяклі ад яго ў калгасны сад: Кулета вельмі любіў пагаварыць і з ім наўрад ці ўдалося б адкрыць падручнікі. Але хутчэй за ўсё яны ўцяклі з іншае прычыны — проста ім захацелася пабыць удваіх…

Была надзіва дружная вясна, усё ў прыродзе аж буяла ад цвету — амаль адначасова зацвілі травы, краскі, кусты, дрэвы: над самымі іхнімі галовамі навісалі буйныя ружавата-крамяныя кветкі яблынь, непадалёку пеніліся бела-белыя вяночкі вішань і бела-зеленкаватыя пялёсткі груш, якія пахлі чысцінёю і свежасцю, зводдаль да іх даносіўся п'янлівы водар бэзу і калакалушы, што цвілі ў лагчыне, у надрэчных кустах. Вачам было аж жоўта ад дзьмухаўцоў, з-за якіх, здавалася, не відаць і самой травы, неяк роўна і ціхамірна, пералятаючы з кветкі на кветку, гулі пчолы.

— Ну зірні ж ты хутчэй! — ужо спалохана, нецярпліва закрычала Юля, і тады Радзім, усё яшчэ не спяшаючыся, падняў вочы ад падручніка і зірнуў туды, куды паказвала яна.

Над імі вісела штосьці вялізнае і пачварнае, яно ўвачавідкі рабілася яшчэ большым, яшчэ страшнейшым і яшчэ пагрозлівей махала сваімі вялікімі, нібы пластмасавымі, крыламі.

Хоць ён і адчуў, як, падымаючыся, трашчаць на галаве ад страху кароценькія валасы, якія не паспелі адрасці,— ваенкамат, нібыта ўпэўнены, што хлопец не паступіць, адразу ж пасля экзаменаў намерваўся забраць яго ў армію і загадзя падстрыг пад нулёўку — усё ж імкнуўся не падаваць выгляду, што і яму самому жудавата.

— Дык гэта ж пчала, — няўпэўнена, але спакойна, разважліва адказаў ён, спрабуючы заспакоіць Юлю, а заадно і самога сябе.

— А чаго яна такая вялікая?! Радзічак, мне страшна! — Юля ўскочыла на ногі, схапіла за руку Радзіма, змусіла ўстаць і яго: яны саступілі з коўдры, адбегліся крыху ўбок — абы толькі не вісела, не гуло над самымі галовамі гэтае страшыдла.

Яны, узяўшыся за рукі, як скамянелыя, стаялі на адным месцы, толькі вачыма азіраліся па баках і ніяк не маглі зразумець, што вакол іх адбываецца.

Усё, як звар'яцелае, расло, падымалася ўгору. Выпроствалася і вялізнымі шурпатымі зялёнымі пасамі шыбавала ў неба трава. Да дзьмухаўцоў, нібы да вялікіх сланечнікаў, яны, каб і хацелі, не змаглі б зараз дацягнуцца — перад вачыма былі толькі іхнія тоўстыя, як тое бярвенне, ствалы. Яблыня, пад якою яны стаялі, так вырасла ў неба, што яе галіны хісталіся недзе аж ля самага сонца, а тоненькі яшчэ нядаўна камель зрабіўся суцэльнаю пакарабачанаю, пукатаю сцяною, якая засланіла сабою ўсё на свеце.

Недзе знікла крылатая пачвара, якая іх напалохала, — пчала, мусіць, паляцела сваёю дарогаю. А на тым месцы, зверху, крыху збоку ад іх, высока-высока вісела ўжо, як хмара, нешта вялікае-вялікае, яно засланяла паўнеба, і ў ім цяжка было пазнаць тую коўдру, на якой яны толькі што сядзелі.

Маладая, густая, як шчэць, трава знікла, зрабілася рэдкаю, зараз ад травіны да травіны было так далёка, як у высечаным, прарэджаным лесе ад дрэва да дрэва. Ды і сама трава стала падобнаю на дрэвы: вока ўжо не брала шырокія каснікі лістоў, якія хісталіся так высока. Коўдра ляжала на моцных травінах, якія падпіралі яе, і знізу было дзіўна бачыць, як яна правісае там, дзе травіны зламаліся.

Значыць, усё, што было вакол іх, увачавідкі, імкліва расло, падымалася ўгору, а яны як усё роўна танулі ў зямлю, нібы апускаліся ў яе ўсё ніжэй і ніжэй — быццам уціскаліся ў зусім ужо блізкую глебу. Яна была зараз перад самымі вачыма: пясчынкі, якіх толькі што не заўважалі, крупінкі, што нядаўна рыпелі пад нагамі, павырасталі ў вялізныя валуны і горы рыхлай, сітаватай зямлі — яны былі між іх, як між сапраўдных гор у цясніне, і ад гэтага рабілася яшчэ страшней, пачынала кружыцца галава.

— Радзімачка, што з табою?! — закрычала раптам Юля.

Ён злякнуўся, зірнуўшы ў яе вочы: такі ў іх трымцеў жуд. Агледзеў сябе і нічога дзіўнага не ўбачыў: усё было, як і раней, на месцы — рукі, ногі, галава…

— Што са мною? — насцярожана перапытаў ён.

— Ты маленькі, маленькі… Як муравейка… Радзім зірнуў на Юлю. Яна была гэткая ж малая.

— І ты не большая, — здзіўлена прамовіў ён. — Сама як казурка…

Значыць, падумаў хлопец, кожны з іх бачыць, як на вачах змяняецца іншы, а сябе ўяўляе ўсё тым жа, ранейшым: вялікім, недасяжным для травы і мурашоў.

І яшчэ Радзім зразумеў, што гэта не дрэвы і травы раслі і падымаліся ўгору, не пясчынкі і крупінкі зямлі большалі так, што здаваліся валунамі, а гэта яны самі імкліва змяншаліся і змяншаліся, нібы ўточваючыся ў дол.

Каля іх ужо варушыліся, кешкаліся, поўзалі вялізныя мурашы, казюлькі, чарвякі, жукі. Яны перарасталі іх, балюча і непрыемна церліся сваімі шурпатымі бакамі, касцянымі надкрыллямі, ліпкаю скураю, нахабна, быццам якіх казявак абшарвалі з усіх бакоў, вывучалі здаравеннымі тоўстымі, валасатымі вусамі, што варушыліся каля самага твару, тыцкаліся ў рукі, якімі людзі спрабавалі засланіцца, а то і абыякава, нават грэбліва адпіхвалі ўбок — як нейкую нязначную перашкоду, якая неспадзявана трапілася на іхнім шляху і замінае ісці.

Жукі і казяўкі ўсё павялічваліся і павялічваліся, неўзабаве яны ўжо хадзілі над імі, вышэй іх — менавіта хадзілі, а не поўзалі. Зараз Юля і Радзім гэта добра бачылі на ўласныя вочы і змушаны былі ўвесь час асцерагацца, стараніцца, каб тыя не наступілі на іх сваімі калматымі нагамі. Цяпер ужо яны бачылі толькі аброслыя валасамі жучыныя ногі, што пераступалі праз іх, ды брыдкія, рыфлёныя падпуззі, якія, непрыгожа валюхаючыся, праплывалі, сунуліся над імі. Побач паўзлі вялізныя чарвякі, выгіналіся здаравенныя сараканожкі, падграбаючы пад сябе зямлю, — нібыта знарок выграбалі яе з-пад іхніх ног, і ім, каб утрымацца, каб не ўпасці, даводзілася балансаваць і рукамі, і нагамі.

— Трымай мяне, Радзімачка! — пахіснуўшыся, закрычала Юля.

Хлопец ужо хацеў памагчы ёй, падтрымаць другою рукою, але замінаў падручнік па хіміі, які ён, разгублены, усё яшчэ невядома чаму трымаў у руцэ. Радзім пашукаў яму месца і, не знайшоўшы, усё ж не кінуў яго, а засунуў сабе пад папругу.

Аднак і вольнымі рукамі нічога не паспеў зрабіць. Якраз паміж ім і Юляю вырас вялізны камень, які толькі што быў пясчынкаю, і іхнія сплеценыя, здавалася, назаўсёды рукі аказаліся на ім — валун як падпёр іх. Камень усё рос і рос і неўзабаве падняў абаіх над зямлёю — яны ўжо віселі на сашчэпленых руках па розныя бакі ад валуна.

Руцэ было балюча, вострыя шурпатасці каменя ўпіваліся ў скуру, ён ведаў, што Юлі яшчэ болей балюча — сам ён хоць у сарочцы, а яна ж у лёгкай безрукавай кофтачцы, — але ўсё роўна не адпускаў яе рукі. Аж да таго часу, пакуль нехта невідомы, здавалася, сілаю расслабіў яго далонь — быццам адагнуў хто пальцы — і Юліна рука выслізнула з ягонай.

— Юля! — у роспачы закрычаў ён.

Зачапіўшыся за каменны выступ, падцягнуўся на руках і пачаў лезці на гару, але сарваўся і, падаючы ўжо ўніз, злавіў вухам, як з-за каменя, нібы з нейкай далёкай-далёкай далечыні данеслася ціхае, амаль нячутнае слова — ён больш здагадаўся, чым пачуў гэта:

— Жэўжык!

Юля паклікала Радзіма мянушкаю, якая прыклеілася да яго з дзяцінства і якую любіла па патрэбе і без патрэбы паўтараць дзяўчынка — як кажуць, хто каго любіць…

Зваліўшыся з каменю, Радзім падвярнуў руку, але ўсё роўна, не зважаючы на боль, пачаў караскацца на глыбу — трэба ж было выручаць Юлю. Аднак камень тым часам зрабіўся сапраўднаю непрыступнаю скалою — ні ўзлезці на яе, ні абысці збоку.

Лез ён на валун доўга, здаецца, цэлую вечнасць. І ўсё ж, садраўшы да крыві рукі, ногі і калені — ад штаноў, ад сарочкі засталося адно толькі ашмоцце: так падраліся яны, — нарэшце апынуўся на самай вяршыні гары і жахнуўся: перад вачыма ляжала роўнае плато, і колькі ні ўглядайся па баках, нідзе не было яму канца-краю — пясчынка ператварылася ў сапраўдную несхадзімую зямлю, а ён сам — у пясчынку на ёй.

І гэтая зямля ўсё вырастала, усё большала пад ім, а ён усё змяншаўся — нібы правальваўся ў колішнюю пясчынку… Неўзабаве камень як усё роўна раструшчыўся, Радзім упаў у нейкую шчыліну, і цемра атуліла яго з усіх бакоў.

Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася і пашыралася. Праз нейкі час пасвятлела, але ўсё роўна каля сябе Радзім нікога і нічога не бачыў — здавалася, што толькі ён адзін існуе ў гэтым пустым і гулкім бязмежжы.

Потым пачалі з'яўляцца маленькія, як мачыны, крупінкі, якія вольна плавалі ў паветры. Ён, нібы зачараваны, глядзеў, як і яны ўвачавідкі большаюць, павялічваюцца ў памерах, і яму здавалася, што бачыць усё гэта ў сне. Калі крапінкі ператварыліся ў вялізныя, лёгкія, нібы пустацелыя, шары, якія павольна рухаліся ў прасторы, ён зразумеў, што сам ужо настолькі зменшыўся, што бачыць малекулярную будову свету, а гэтыя вось шары — ніякія не шары, а самыя звычайныя атамы. Зразумеўшы гэта, успомніў пра школу, экзамены, усміхнуўся: во будуць здзіўлены і аднакласнікі, і настаўнікі, калі ён ім раскажа, што на свае вочы бачыў самую тайніцу прыроды — атамную будову пясчынкі, мог колькі хочаш любавацца атамамі і нават дакранацца да іх рукою.

Радзім пачаў ужо назіраць за паводзінамі атамаў, вывучаць іх рух, здаецца, нават разглядзеў электроны, што кружыліся каля атамнага ядра, як раптам убачыў, што якраз на яго імчыцца — нібы выстраліў хто, нібы трасірная куля — яркая, святлівая крапка. Інстынктыўна паспеў адсланіцца, крапка прайшла побач, але, рэзка адхінаючыся, ён выцяўся галавою аб атам, і той, як гумовы, паляцеў быў убок — сарваўся з арбіты, — але нейкая свая неадольная сіла неўзабаве зноў вярнула яго на ранейшае месца.

Ад другой такой крапкі святла не змог адвярнуцца — не паспеў нават падумаць, як гэтае яркае і вострае, быццам стрэмка, святло ўпілося ў яго. Чакаў, што будзе балюча, але святло прайшло праз яго без болю — хлопец нічога нават не адчуў, а, азірнуўшыся, убачыў, што святлівая крапка, быццам нічога і не здарылася, ляціць ужо, здаляючыся, за ім, ззаду яго. І тады ён заўважыў, што крапак гэтых дужа многа і што прабіваюць яны не толькі яго, а ўсё, што трапляецца на іх шляху, нават атамы, за якія яму напачатку хацелася хавацца. І перастаў адхінацца, хоць, шчыра кажучы, было боязна, непрыемна — стрэмкі ляцелі прама ў вочы, праходзілі праз сэрца, траплялі ў самы рот. Здагадаўся, што святлівыя гэтыя пылінкі — не што іншае, як нейтрына, якія і ў тым свеце, у тым звычайным вымярэнні пранізваюць навылёт і чалавека, і сцены, і ўсю зямную кулю — недзе чытаў, што для іх няма ніякіх перашкод. Тут іх столькі многа, а на зямлі за імі палююць ужо дужа даўно, але злавіць ніводнай нейтрына пакуль што нікому не ўдалося — людзі будуюць глыбока ў гарах браніраваныя склепы, але нейтрына, як хітрая, вопытная невідзімка, лёгка абмінае гэтыя чалавечыя пасткі і не трапляе ў іх.

Потым крапкі нейтрына пабольшалі, ператварыліся ў плямкі святла, якія, нібы ўспышкі пражэктара, асвятлялі яго ўсяго і знікалі.

Але такое нашэсце нейтрына было часовае.

Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася, разрэджвалася. Зараз ужо рэдка калі трапляўся яму адзінокі атам ці ўдалечыні, як сполах маланкі, пралятала нейтрына.

Калі над ім, над самаю галавою, праплыў вялізны, нібы дырыжабль, шар атама — яму давялося нават сагнуць галаву, каб той не зачапіўся за яе, але ён усё роўна працягнуўся па валасах: калі б хлопец не быў падстрыжаны, атам згарнуў бы ўвесь чуб наперад, на самыя вочы, — тады Радзім зразумеў, што і ў свеце атамаў, у мікрасвеце ён зараз вельмі маленькі.

І тады ж заўважыў, што пад нагамі ў яго ўжо нічога няма, што ён проста так вісіць у паветры. І адчуў, што не мае ні цела, ні вагі, што ад яго асталіся толькі думка ды энергія, якія ўжо таксама, здаецца, плаваюць у паветры, але самі па сабе, без яго.

Разумеў, што ўсё яшчэ змяншаецца, і дзівіўся гэтаму: як можа змяншацца тое, чаго ўжо няма?!

І да якога часу можа змяншацца яно — чалавеку нельга змяншацца да бясконцасці, бо недзе абавязкова павінен быць канец, пасля якога… Дзіўна, а што можа быць пасля канца?!

Значыць, цела ў яго зараз не было, але думка ўвесь час помніла яго памеры, памятала рукі, ногі, твар, і варта было яму толькі падумаць пра іх, як адразу тыя ж рукі пачыналі, здавалася, варушыцца, і ён, як і раней, рабіў з імі ўсё, што хацеў.

Калі цела яго наблізілася, мусіць, да самай крытычнай мяжы, Радзім адчуў нейкую халаднаватую трывогу, нейкае хваляванне і прымус, нібыта нехта невідомы ўсё тое, што ад яго засталося, сціснуў, як спружыну, у адну маленькую-маленькую кропку, ды так моцна, што ён нават на нейкую хвіліну страціў прытомнасць, а потым той жа «нехта», здаецца, вывернуў яго, быццам пальчатку, навыварат, навонкі, і яму адразу стала светла-светла, лёгка-лёгка, радасна-радасна, і ён убачыў, што высока вісіць над нейкаю бязмежнаю голаю зямлёю і паволі, як усё роўна надзьмуты паветраны шар альбо адарваны асенні ліст, апускаецца на яе. І яшчэ яму здалося, што павялічваецца ў памерах і набывае ранейшыя формы, — ён не толькі ўжо адчуваў, але і бачыў свае рукі і ногі і мог дакрануцца да іх, паварушыць імі.

Зварухнуў плячыма, памацаў сябе, нават ушчыкнуў, каб праверыць, ці жывы. Далоні наткнуліся на падручнік па хіміі, які, нягледзячы на ўсе ператварэнні і выварочванні, застаўся там, куды ён яго і запіхнуў,— пад папружкаю. Зразумеў, што жывы целам і душою, і супакоіўся.

Апускаўся ён ціха і паволі, далёкая зямля набліжалася вельмі спакваля, амаль незаўважна, і таму яму часам здавалася, што не зніжаецца, а проста вісіць у паветры і будзе так, нібы пачэплены на які кручок, вісець заўсёды.

Разглядаў з вышыні зямлю, і яму рабілася страшна, куды ён апускаецца: зямлі, той зямлі, якая вабіць, якая цвіце і буяе, шчыра кажучы, не было, а пад ім невыразна шарэла нейкая голая непрытульная пустыня. І як ён ні ўглядаўся, і куды ні кідаў свой позірк, — вочы нідзе не маглі зачапіцца хоць за якое дрэва, за якую хату, сцежку, ужо не кажучы пра што-небудзь жывое. Праўда, калі пустыня пабліжэла, Радзім пачаў распазнаваць на ёй былыя, даўно перасохлыя рэчышчы, руіны вёсак і гарадоў, разараныя калісьці прамавугольнікі, дзялянкі, лапіны палёў і сенажацяў.

Тое, што зверху здавалася шэраю пустыняю, зблізку аказалася нагрувашчваннем нейкіх каменных глыбаў, сярод якіх нельга было прыкмеціць нават самых нязначных прыкмет жыцця.

Доле было цяжка дыхаць: паветра разрэджанае, яго не хапала, ды і тое, што асталося на гэтай планеце, мусіць, пасля нейкай разбуральнай вайны, брыдка пахла, смуродзіла, і ад яго адразу ж пачало пяршыць у горле.

Радзім цвярдзей стаў на зямлю і пачаў азірацца па баках. Ад роспачы, адчаю і бязвыхаднасці хацелася закрычаць, загаласіць, завыць — адзін, зусім адзін на гэтай бязлюднай зямлі. Хто і навошта яго выкінуў сюды? І што яму зараз рабіць, які шукаць паратунак?

А дзе Юля? Яна ж таксама, мусіць, адна, і таксама ў роспачы. Можа, яна дзе-небудзь непадалёк? Што ты! У гэтым свеце ім хутчэй за ўсё ніколі не давядзецца сустрэцца… І ўсё ж ён будзе шукаць яе.

На зямлі было ціха-ціха… Уяўляеце, як можа быць ціха, калі няма ніводнага дрэва, каб раптам зашапацець лісцем, ніводнай рэчкі, каб забулькатаць бруёю каля камення, няма нават птушкі, якая б магла нечакана залопаць крыллем, спалохаць, пралятаючы непадалёку, няма травы, каб ціха і пяшчотна прашумець пад лёгкім узвеем.

І раптам у гэтай цішыні Радзім нібыта наяве пачуў нейкі шолах, нейкі рух, як усё роўна пошум ветру, а затым — далёкі і нямоцны піск, падобны на піск мышаня ці на працу невідомага радыёперадатчыка. Усё гэта праз якую хвіліну заціхла, але ён адразу з непрыемнасцю адчуў, нібыта ля яго нехта з'явіўся, і нібыта той «нехта» яго вельмі ўважліва разглядае. Зноў азірнуўся, але зноў жа нікога не ўбачыў — навокала было пуста і гола, як і да гэтага. І ад таго, што вочы нікога не бачылі, а розум падказваў, што побач нехта ёсць, рабілася яшчэ страшней і вусцішней.

І ўжо зусім непрыемна стала тады, калі самі сабою пайшлі ногі, калі ён, насуперак сваёй волі і жаданню, накіраваўся менавіта ў іншы, чым хацеў сам, бок, — ці то хто клікаў яго, ці то ўжо нават вёў за сабою.

Радзім ішоў, цягнуўся па голай бязлюднай пустыні, а яму здавалася, што ідзе па Месяцы. Вельмі ж усё тое, што бачыў вакол сябе, нагадвала месячныя краявіды, якія ён памятае па тэлевізійнай перадачы, дзе паказвалі высадку касманаўтаў на Месяц: пазбаўленая жыцця прастора, нейкія кратары, нагрувашчванне камянёў, ад якіх сягаюць доўгія цені.

І цішыня, ад якой, здавалася, можна было звар'яцець. Таму, калі раптам непадалёку ад свайго ж цяжару сарваўся з невысокай стромы камень і, гулка коцячыся ўніз, нарабіў грукату, ён, шчыра кажучы, спалохаўся, але і ўзрадаваўся — гэтыя гукі парушалі даўкую цішыню і стваралі хоць нейкае падабенства жыцця.

Цяжка было ісці па пыльнай зямлі. Але яшчэ цяжэй было дыхаць. Неўзабаве ён ужо зусім задыхаўся без паветра, часта спыняўся, каб перавесці дух. Той, хто невідома вёў яго, нібыта дазваляў яму садзіцца, нават класціся ў пыл і пясок, і пакуль хлопец адпачываў, цярпліва чакаў, калі ён паднімецца і зноў пойдзе далей.

Уперадзе нешта шырока і ярка блішчэла, але нават гэта яго, стомленага, ужо не цікавіла.

Урэшце стома і разрэджанае паветра зусім адабралі ў яго апошнюю сілу, і ў той час, калі ўсё гэта здарылася, ён ужо не ішоў, а поўз па зямлі, абыякава, тупа гледзячы ў пыл, які адзін толькі і быў перад вачыма.

Калі, паўзучы, нечакана стукнуўся галавою ў нейкае шкло і тое ўсё зазвінела і захадзіла ходарам, ён падхапіўся на ногі і што было моцы — дзе ўзяўся ў зняможанага такі спрыт! — кінуўся наўцёкі ад небяспекі. Радзім разумеў, што можа быць, калі пабітае шкло пачне раптам падаць, асыпацца на яго зверху.

Але шкло не пабілася. Ён стаяў і толькі няўцямна глядзеў на суцэльную шкляную сцяну, якая вось так нечакана вырасла перад ім. Яна далёка, здавалася, бясконца, сягала налева, гэтак жа бязмежна шырылася направа, высока-высока ўзнімалася ў неба і недзе там, у самым зеніце, паката закруглялася на дах.

За сцяною, як усё роўна адрэзаная шклом, пляскалася вада, і сонца дзіўна, пярэстымі плямкамі, зіхацела ў ёй — калі б у нейкі іншы час, гэтым дзівам можна было б доўга любавацца.

Пакуль ён стаяў, спрабуючы разабрацца, што тут і да чаго, нечакана само сабою адчынілася акно, якое хлопец напачатку не заўважыў, і адтуль высунулася нейкая рука, падобная ці то на шуфель, ці то на лапату. І не паспеў Радзім апамятацца, як гэтая рука падграбла яго разам з зямлёю і пылам — ён не ўстояў на нагах, сеў на яе, — і хапатліва, спяшаючыся прасунула праз акно, пранесла над вадою, паставіла на дол за ёю і адразу ж зачыніла на ўсе зашчапкі фрамугу — нібыта нехта баяўся, каб чагосьці лішняга не ўпусціць сюды ці, наадварот, нечага патрэбнага не выпусціць.

Падары нам дрэва

Радзім здзівіўся — тут, за гэтым шклом ужо віравала жыццё! Хадзілі, смяяліся, гучна гаварылі радасныя і вясёлыя людзі, ездзілі, хоць і рэдка, конемашыны і конеаўтобусы, працавалі крамы. І толькі дрэў і птушак, колькі ні прыглядаўся, так і не ўбачыў: зямля тут была, пэўна, не для дрэў, нейкая аплаўленая і мёртвая, гэткая ж, як і за штучнаю сцяною, а птушкі, мусіць, пад шклом жыць не могуць. А як хацелася ўбачыць іх пад празрыстаю шкляною столлю, як, успамінаецца, некалі ў прасторнай хароміне новага аэрадрома, калі ляцеў з чарнобыльскай зоны — іх, школьнікаў, везлі на поўдзень, у Крым, — бачыў і цешыўся галубам і вераб'ям, што крылялі ў зале чакання пад дашчаным купалам будыніны. Але ні птушак, ні дрэў тут не было. Яны, мусіць, могуць жыць толькі супольна: дзе адны, там і другія. А наразь такое немагчыма…

Пакуль ён раздумваў, што рабіць — стаяць на месцы ці ісці чаго-небудзь, каго-небудзь шукаць, да яго падышлі двое, сталі леваруч і праваруч і годным споківам запрасілі ісці разам з імі.

Людзі былі нармальныя, гэткія ж, як і на зямлі, тыя ж мелі ногі, рукі, галовы, вочы, а таму ён не спалохаўся іх, а, наадварот, супакоіўся: не могуць жа такія, як і ён сам, людзі зрабіць яму нешта кепскае. Хаця хто яго ведае — цяпер і на зямлі сталася так неспакойна, што ў лесе бывае лепей сустрэць звера, чым чалавека.

Дзіўна, пад шклом Радзіму дыхалася зусім лёгка — перастала пяршыць у горле, чыстае паветра супакойвала грудзі: не было ў ім таго брыдкага смуроду, якім даводзілася душыцца толькі што.

Радзім ішоў і любаваўся ахайнымі, падмеценымі і палітымі вадою вуліцамі, акуратненькімі хатамі, дамамі, камяніцамі, з густам апранутымі людзьмі. Сярод іх яму ў сваёй простай сарочцы з закасанымі рукавамі, у звычайных картовых штанах было нават няёмка: адзенне, калі ён лез на камень і падаў з яго, падралася і звісала лахманамі, а таму выгляд у яго, канечне ж, быў не вельмі прывабны.

Па дарозе ім сустракаліся дзіўныя збудаванні, дзе ніхто не жыў, але ў якіх угадваліся нейкія падобныя на людзей постаці. Радзім яшчэ не ведаў, што гэта такое, але яму чамусьці здавалася, што бачыць ён тутэйшыя помнікі. Як потым і пацвердзілася, гэта былі помнікі будаўнікам зямлі.

Нарэшце яны падышлі да цікавай самабытнай будыніны з аднаго толькі шкла. Бачыце: пад шклом — новае шкло. Руская матрошка, дый годзе! Шкло непразрыстае, і за ім нічога нельга ўбачыць. Кожны, хто заходзіў за яго, хаваўся, як за шырмаю.

Адзін з Радзімавых праважатых застаўся з ім, а другі пайшоў за шкло. Неўзабаве ён вярнуўся і ўсё тым жа далікатным споківам запрасіў іх абодвух у памяшканне.

Усе трое ўвайшлі ў нейкую прасторную залу, сцены якой, здавалася, былі сабраны з адных люстэрак. Час ад часу люстэркі паварочваліся, і ў іх то тут, то там адлюстроўваліся нейкія людзі.

А ў памяшканні ніякіх людзей не было. Неўзабаве зніклі і тыя двое, што суправаджалі яго.

Ён застаўся адзін сярод шкла. І ўсё ж яму падалося, што за ім, вывучаючы, сочаць сотні невідомых вачэй, і ад гэтага было вусцішна — адчуваў, што нават скура ўзялася гусінымі папурышкамі.

Спачатку чуваць былі толькі нейкія шорахі, а потым пачалі прарывацца і словы. Разабраць жа нічога Радзім не мог, бо мова была чужая, словы незнаёмыя, і таму ён стаяў і маўчаў, хоць разумеў, што ў яго штосьці пытаюцца. Пачуў быў некалькі нямецкіх слоў — мову германцаў яны вучылі ў школе, і ён яе крыху ведаў,— але не паспеў адказаць ды і збаяўся, разумеючы, што тады ўжо ўсю размову давядзецца весці па-нямецку. Загучалі іншыя, зусім незразумелыя словы, і тады ён здагадаўся, што яны шукаюць мову, на якой можна будзе з ім пагаварыць. Праз нейкі час Радзім выразна пачуў пытанне на рускай мове.

— Кто вы, наш гость? Здравствуйте!

Ён адразу ж з радасцю адгукнуўся на знаёмыя словы.

— Здравствуйте!

Той жа час знікла какафонія гукаў, павярнулася адно з люстэрак у сцэне, і ў ім з'явіўся прыстойны твар маладога чалавека ў касаваротцы. Ён прыязна ўсміхнуўся Радзіму і спытаў:

— Мы — зэмы. А вы — русский?

— Нет, я белорус.

Адразу ж малады чалавек знік, люстэрка перавярнулася, захінулася, і зноў пачуліся словы розных моў — нібыта хто перамотваў касету. Нарэшце нешта шчоўкнула, адкрылася іншае люстэрка, і ў ім з'явіўся прыгожанькі тварык дзяўчыны, мусіць, яго равесніцы. Сэрца ў яго аж ёкнула: Юля! Дзяўчына вельмі была падобна на аднакласніцу, а таму ён нават не сумняваўся, што так лёгка і проста знайшоў яе!

Тым часам дзяўчына на чысцейшай беларускай мове загаварыла да яго:

— Прабачце, калі ласка, што мы прывіталі вас не на вашай роднай мове. Будзьце ласкавы, паведаміце, раскажыце нам, хто вы, адкуль вы, абмалюйце сваю краіну, з якой вы наведаліся да нас. Нам будзе вельмі цікава пачуць і пра вас, і пра ваш цудоўны край.

Ён стаяў і маўчаў. Пачынаў ужо злавацца, толькі не разумеў на каго — на сябе, ці на дзяўчыну. Калі гэта і праўда Юля, то навошта яна выдурняецца, добра ведаючы, што іх клас не вучыў беларускай мовы, а калі ўсё ж не яна, то як растлумачыць гэтай незнаёмай дзяўчынцы, што ў іхняй акрузе і блізка не было ніводнай беларускай школы, а ў рускіх ад роднай мовы і літаратуры вызвалялі ўсіх, хто жадаў.

Ужо адчуваючы, што гэта, канечне ж, не Юля, — іначай адкуль жа ў Юлі чырвоныя валасы?! — здагадваючыся, што робіць недарэчнасць, усё ж адважыўся спытацца:

— Юля, гэта ты?

Дзяўчына зніякавела, паглядзела на яго, як на ненармальнага, хоць і здзівілася, але стрымалася, узяла сябе ў рукі, усміхнулася:

— Мяне завуць Оя. Дык мы чакаем вашага аповяду пра родны край, пра сваю зямлю.

— Я вас не панімаю, — раздражнёна, нібы назло каму, адказаў Радзім.

— Як не разумееце? — здзівілася дзяўчына. — Не разумееце, чаго ад вас хочуць ці не разумееце, што вам гаварыць? Вы што, і праўда не ведаеце роднай мовы?!

— Не ведаю, — насуперак усяму і ўсім — і сабе, і ёй — горда адказаў ён.

— Вы не вывучалі сваёй мовы?! — разгублена перапытала дзяўчына, спадзеючыся, што яна ўсё ж абчулася ці нешта не так зразумела, што хлопец зараз паправіцца, запярэчыць.

Але ён зацята стаяў на сваім:

— Не вывучаў.

— А вы ведаеце, што ў нас той, хто не шануе родную мову, лічыцца дзяржаўным злачынцам і адразу ж аддаецца пад суд? — пыталася дзяўчына ў яго і адначасова слухала кагосьці іншага, прыклаўшы, як нашы тэледыктаркі, да вуха тэлефон. Той іншы, мусіць, штосьці пытаўся ў яе, дзяўчына адказвала:

— Немагчыма! Ён жа — нямко… Сваёй мовы не ведае!

І ў той жа момант пачалі паварочвацца амаль усе люстэркі ва ўсіх чатырох сценах, а ў іх з'явіліся здзіўлена-зацікаўленыя твары, быццам усе, хто сачыў за ім нябачна, цяпер увачавідкі захацелі зблізку паглядзець на такое дзіўнае дзіва — на чалавека, які не ведае роднай мовы.

Дзяўчына зноў паднесла да вуха тэлефон, і Радзім, здаецца, сам адчуваў, як той, невідомы, быццам рэжысёр гэтага спектакля, падказваў штосьці Оі.

— А што ў вас за кніга? — ужо кладучы тэлефон, спыталася дзяўчына.

Ён, шануючы вывіхнутую руку, дастаў з-пад папружкі падручнік і абыякава адказаў:

— Хімія.

Дзяўчыну як уджаліў хто. Яна падхапілася, зноў паднесла да вуснаў мікрафон, спалохана закрычала ў яго:

— Таля-маля! Таля-маля!

Радзім не зразумеў, што здарылася. Адначасова заварушыліся ўсе люстэркі, пачаўся нейкі шум, тупат, крык — нібыта мноства людзей бегла кудысьці, уцякала. Умомант зніклі ўсе адлюстраванні ў люстэрках, і нават Оя таропка выбралася з-за стала.

Усе некуды хаваліся, усе спалохана крычалі:

— Таля-маля! Таля-маля! Таля-маля!

У шкляным памяшканні, дзе ён стаяў, зрабілася ціха-ціха — як усё роўна перад гэтым у пустыні: ні шолаху, ні пошуму, ні гуку.

Цішыня ціснула на вушы, стаяць вось так, нічога не ведаючы, і не разумеючы, што вакол цябе адбываецца, было непрыемна, але ён усё ж стаяў і чакаў.

І нарэшце пачуў крокі, а пасля і ўбачыў таго, хто ішоў да яго, — гэта быў адзін з тых зэмаў, якія сустрэлі Радзіма адразу ж за шкляною сцяною. Набліжаўся ён вельмі асцярожна, абачліва. У руках трымаў нейкія яркія, рубінавыя, падобныя на ружы, кветкі. Ён выстаўляў іх далёка наперад — ці то сам баяўся незнаёмца, ці то наадварот паказваў яму, што хвалявацца няма чаго: ён усяго толькі падорыць кветкі.

Калі Радзім працягнуў абедзьве рукі, каб узяць ружы, ён і сам не заўважыў, як кветкі ў той жа момант абвіліся вакол запясцяў.

Гэта былі, канечне, не кветкі. Гэта былі наручнікі. Радзім не пачуў нават пстрычкі — так лоўка зашчапіліся яны на руках.

Адразу ж аднекуль з'явіўся і другі канвойца, і зэмы зноў далікатна, тактоўнымі жэстамі паказалі, куды яму трэба ісці.

Значыць, яго арыштавалі і павядуць зараз, пэўна ж, у турму. За што арыштавалі, ён не разумеў — ці то за тое, што не ведае роднай мовы, ці то за тое, што прынёс сюды падручнік па хіміі, які хутчэй за ўсё тут лічыцца падпольнаю літаратураю. А можа, і ўвогуле за што-небудзь зусім іншае.

Хлопец пакуль не ведаў, што «таля-маля» тут непрыстойная лаянка.

Не ведаў, што мясцовыя вучоныя ўжо даказалі, што сама хімія і ёсць нячыстая сіла.

Калі раней, як канвойцы вялі яго па горадзе, людзі амаль зусім не звярталі на незнаёмага ніякай увагі, то зараз, толькі ўбачыўшы яго, толькі зірнуўшы на ружы, яшчэ здалёку ўсе кідаліся ўрассыпную і з крыкамі: «Таля-маля! Таля-маля!» хаваліся, хто куды можа.

Цікава, што палохае іх і чаго яны баяцца?

Турмою аказаўся невялікі, зноў жа шкляны куб, але празрысты-празрысты — усё ў ім відаць як на далоні. Усярэдзіне яго таксама ўсё было шкляное — лаўкі, табурэткі, сталы, нават ложак. Радзім спачатку вельмі асцярожна садзіўся на лаўкі і клаўся на ложак, усё прыслухоўваючыся, ці не трашчыць дзе шкло, — каб паспець падхапіцца, калі яно пачне пад ім раптам крышыцца.

Але шкло было моцнае, яно вытрымлівала яго, і ён паволі пачынаў усё больш і больш смялець — ужо з усяе сілы, не баючыся і не прыслухоўваючыся, гэпаўся на ложак ці соўгаў, як хацеў і куды хацеў, табурэткі.

Тут жа, на шкляным крэсле, ён знайшоў сарочку і штаны — яны былі такія ж, як і ягоныя, толькі зусім новыя. Зразумеўшы, што зэмы хочуць, каб ён пераапрануўся, Радзім, азіраючыся па баках, зняў сваё ашмоцце і адзеў усё іхняе.

У шкляным кубе адчуваў ён сябе вельмі няўтульна і нязручна — не было куды схавацца: ці ты сядзіш, ці ты ходзіш, ці ты спіш, ці яшчэ што-кольвек робіш, — усе цябе бачаць, увесь час ты навідавоку.

Здаралася, каля куба збіралася нямала разявак, якія, хоць і баяліся «талі-малі», але ўсё ж хацелі яго разгледзець зблізку — асабліва злоўжывалі гэтым дзеці! — і тады ён адчуваў сябе нібы ў звярынцы, а ад мноства вачэй на яго находзіла нейкая агрэсіўнасць, азвярэласць, якія пасля змяніліся апатыяй і абыякавасцю.

Тады за куб выходзіў наглядчык турмы, просты, крыху дзікаваты дзед, якому, як кажуць, з рук у рукі перадалі канвойцы Радзіма, нешта казаў да людзей — відаць, сарамаціў іх — і тыя, хаця і нехаця, неахвотна, але ўсё ж паступова разыходзіліся.

Гэты дзед сядзеў часцей за ўсё каля расчыненых у яго пакой дзвярэй і ўсё гаварыў, гаварыў і гаварыў — мусіць, расказваў яму нешта, а што — зняволены, канечне ж, не мог зразумець. Здаралася, ён і засынаў пад гэтае дзядзькава бубненне, а калі прачынаўся ўночы, чуў, што той усё яшчэ гаворыць. Але часцей за ўсё, хоць і не разумеючы нічога, Радзім слухаў — наглядчык гаварыў так эмацыянальна, смяяўся, уздыхаў, плакаў, махаў рукамі, моршчыўся, уздымаў бровы, што слухаць яго, нават не ведаючы мовы, было цікава.

Аднаго разу у куб нечакана зайшла Оя. Хоць валасы ў яе на гэты раз былі зялёныя, Радзім пазнаў дзяўчыну адразу, бо добра запомніў па тым першым допыце, на якім яна назвала яго таля-маля. Да таго ж здавалася, што ён бачыў яе колькі разоў перад гэтым за шклом — то яна, не спяшаючыся, гледзячы ў яго бок, праходзіла каля куба, то стаяла на другім баку вуліцы і, не асабліва вытыркаючыся, асцярожна назірала за ім здалёку.

Тады яго здзівіла, што валасы ў яе кожны раз былі іншага колеру — то зялёныя, то чырвоныя, то блакітныя, — а потым, паназіраўшы за тутэйшымі жанчынамі з свайго жытла, зразумеў, што іхнія валасы маюць здольнасць мяняць афарбоўку проста на вачах.

І вось цяпер Оя прыйшла ў самую турму. Наглядчык ветліва і ласкава сустрэў дзяўчыну, добра да яе гаварыў, ні ў чым не пярэчыў, дазволіў ёй зайсці да вязня ў шкляны пакой.

Оя, як высветлілася потым, і праўда была ягонай равесніцай. Яна, амаль як і яны з Юляю, таксама скончыла сёлета школу і паступіла ўжо ў Шкляны універсітэт, які вывучаў касмічныя мовы. Сярод шматлікіх моў сусветаў, галактык дзяўчына выбрала для вучобы менавіта беларускую, якую ведала ўжо нават у школе, — таму яе і запрасілі на размову з Радзімам, калі ён назваўся беларусам.

Дзяўчына прынесла з сабою ў турму ладны стосік нейкіх кніжак. Зноў жа з апаскаю падышла бліжэй, паклала кнігі на шкляны столік, сказала:

— Чытайце. Вучыце. Гэта мае падручнікі па вашай мове, — яна быццам засаромелася, зачырванелася яшчэ болей і дадала: — А то ж ганьба такая… Ведаеце, у нас не разумеюць, як гэта можна жыць і не ведаць роднай мовы… Пытаюць, як вы размаўляеце між сабою без сваіх слоў?

Оя гаварыла далікатна, таму ён не крыўдзіўся на яе. Міжволі зірнуў на рукі, на жалезныя рубінавыя ружы, якія моцна сціскалі запясці, і нічога не адказаў. Дзяўчына перастрэла ягоны позірк, супакоіла:

— Усё будзе добра. Я вам паспрабую памагчы. Неўзабаве яны ўжо былі на «ты» і размаўлялі як даўнія добрыя знаёмыя, — быццам Оя вучылася ў яго школе і ў яго класе. Хоць у калідоры сядзеў наглядчык і, раз-пораз прыкладаючыся да нейкай чорнай, закопчанай конаўкі, глядзеў на іх, гаворачы сам з сабою, яны ўжо на яго не звярталі аніякай ўвагі.

Оя зняла з ягоных рук наручнікі, пад якімі аж зачырванелася садраная там-сям скура, далікатна вадзіла пальчыкам па ранках, і ад гэтага яму было шарготка і адначасова прыемна-прыемна — аж пачынаў дыбіцца пушок на руках.

— Слухай, Оя, а за што мяне ўсё ж пасадзілі сюды? За тое, што я не размаўляю на роднай мове?

— Не толькі за гэта. Але і за гэта. Разумееш, у нас чалавек, які выракся сваёй мовы, лічыцца… як бы табе мякчэй сказаць… лічыцца злачынцам. Але, калі б твая віна была толькі гэткаю, то цябе б, канечне, пасадзілі сюды, але наручнікі табе не адзявалі б, — яна знарок, не асцерагаючыся кінула рубінавыя ружы на шкляны стол — тыя, моцна бразгочучы, затрымаліся на самым крайку, ля стосіка кніг.

Наглядчык, пачуўшы грукат, замоўк, насцярожыўся, уважліва паглядзеў на іх, а потым махнуў рукою, заківаўся, зноў загаварыў сам з сабою.

— Дык а за што ж мне адзелі іх? — Радзім вачыма паказаў на рубінавыя ружы.

— За хімію!

— Чаму вас так напалохаў мой школьны падручнік па хіміі?

— Ведаеш, каб табе ўсё расказаць і каб ты ўсё зразумеў, я павінна нагадаць сёе-тое пра нашу краіну, пра яе нядаўнюю гісторыю…

Оя прысела на краёк яго шклянога ложка, задумалася.

— Разумееш, наш край яшчэ зусім нядаўна быў квітнеючым ва ўсіх адносінах. Гэтаму спрыяла і само геаграфічнае становішча: у нас не было вельмі марозных зімаў і дужа спякотных летаў, у нас расла бульба і спеў вінаград, у нас былі чыстыя рэкі і такія ж крыштальныя азёры. Шумелі густыя лясы, поўныя птушак і жывёл. Людзі былі шчаслівыя і вясёлыя — было дзе жыць, было што есці. Яны нават і не падазравалі, што ў краіне з'явілася частка змоўшчыкаў. Яны прыкінуліся хімікамі і пачалі сваю чорную патаемную працу — пачалі шукаць атруту на зямлю і людзей. І пакуль людзі разабраліся, што і да чаго, яны многа паспелі зрабіць.

Оя дрыжэла, нібы ад холаду. Радзім узяў яе за руку, пагладзіў пальцы, сказаў:

— Супакойся.

Крыху памаўчаўшы, Оя гаварыла далей:

— Спачатку яны загубілі нашы палі — сыпалі на іх шкодныя хімічныя ўгнаенні, труцілі ядахімікатамі і іншай нечысцю. Затым загінулі рэкі — уся ж гэта брыда сцякала ў рэкі і азёры і труціла і іх саміх, і ўсё, што было ў іх. Пасля знішчылі траву, лясы, падчыстую ўсе дрэвы — яны не перанеслі кіслотных дажджоў. І вось зніклі ўсе птушкі — птушка ж жыве альбо на зямлі, альбо на дрэве. А ў нас і тое і другое было ўжо заражонае — і дрэва, і нівы на той час зрабіліся міжвольнымі забойцамі. І вось прыйшла чарга чалавека — як яму выжыць, калі ўсё вакол яго заражонае, калі нават тое, што на полі і на лузе — нельга есці: адна хімія!

Яна заплакала. Зноў замоўк стары. Уважліва паглядзеў у іх бок, але ўбачыўшы, што яе ніхто не крыўдзіць, што плача яна сама па сабе, пацягнуўся рукою да конаўкі.

— Оя! — усклікнуў узрушаны Радзім. — Ты ж не пра сябе расказваеш, а пра нас! Вось гэткая бесталач цяпер робіцца ў нас. Паліваюць ядахімікатамі жывога чалавека.

— І вы маўчыцё? — спыталася дзяўчына. Ён зірнуў у яе вочы: у іх стаялі слёзы.

— Не маўчым. Пішчым! Але толку з гэтага… Колер Оіных валасоў увачавідкі мяняўся — з зялёных яны рабіліся зноў чырвонымі-чырвонымі…

— А ў нас, калі пачалі паміраць людзі, успыхнула паўстанне супраць хімікаў.

— А пры чым тут хімікі? Гэта ж палітыкі вінаватыя. То ж яны заўсёды скарыстоўваюць тое, што робяць вучоныя. Да прыкладу, адкрыцці. Адкрыў нешта разумны чалавек, глядзіць, а каля яго працы ўжо чорт завіхаецца — загадвае яму, што далей рабіць. Хоць сама навука і ад бога, але да яе часцей за ўсё чэрці падсуседжваюцца.

Яна слухала Радзіма ўважліва, не перапыняла і пачала гаварыць далей толькі тады, калі ён скончыў.

— Паўстанне было жорсткім — адступаць людзям не было куды: і там смерць, і там смерць. Шмат людзей загінула. Некаторыя хімікі былі забітыя падчас паўстання, некаторых паслалі на гільяціну пасля яго, шмат хто ўцёк у іншыя краі. І вось так у Зэміі на асталося ніводнага хіміка. Гэтая прафесія, нават адно гэтае слова стала ў нас страшным — яго з тых часоў усе баяліся вымаўляць.

— І таму ўсе так спалохаліся, калі я па недасведчанасці сваёй вымавіў яго? — усміхнуўся Радзім. — Нават ты збегла з экрана. І ты баялася?

— Канечне, у нас жа гэтым словам палохаюць дзяцей. Як у вас чортам. Таля-маля — перакладаецца, як «хімік-сатана» ці яшчэ: «нячыстая сіла». Вось таму і рукі твае зашчапілі рубінаваю ружаю. Гэта ў нас лічыцца самаю вялікаю абразаю. Бо кайданы Рубінавая Ружа адзяваюцца толькі на самых небяспечных злачынцаў.

— Ого, дык я — злачынца, самы люты ваш вораг? Мяне могуць расстраляць?

— Не смейся — усё можа быць.

— І ты прыйшла да мяне, такога страшнага злачынцы, у турму. Чаму?

— Таму што ведаю: ты ніякі не злачынца. Злачынцам зрабіла цябе я. Магла і прамаўчаць, не сказаць уголас, якая кніга ў цябе за поясам. А я — таля-маля, таля-маля!..

Оя адхінула з вачэй пасму валасоў — яны ўжо былі зараз блакітныя.

— А што цяпер са мною будзе?

— Не ведаю. Ведаю толькі, што я сама буду памагаць табе. Я ж адна разумею тваю мову…

- І няўжо ў вас ва ўсёй краіне не засталося ніводнага хіміка?

— Здаецца, не засталося. Хаця вось жа дзед Жыў, твой наглядчык. Цяпер ён ветэран таго паўстання і ўдзельнік руху супраць хімікаў. Хоць сам быў напачатку такі ўжо заўзяты хімік! А потым убачыў, куды яго вядуць хцівыя прайдзісветы, і пайшоў супраць іх. Толькі ён, мусіць, і застаўся з удзельнікаў таго змагання. А зараз мы ў яго самога спытаемся…

І яна крыкнула нешта дзеду, загаварыла да яго пасвойму. Дзед Жыў падняўся з табурэткі — у яго пакоі, дарэчы, таксама ўсё было шкляное, — падышоў да дзвярэй і, гледзячы на Радзіма, пачаў нешта тлумачыць.

— Дзед кажа, што ён і праўда апошні з паўстанцаў, што хваробы і старыя раны даканалі ягоных баявых сяброў. І яшчэ ён гаворыць, што кожны дзень расказвае табе, як яны ваявалі, як перамаглі. Шкада, што ты не ведаеш нашай мовы. А то табе б дома, у тваёй краіне, многае з таго, што расказвае дзед Жыў, магло б спатрэбіцца.

— Памажы мне вывучыць вашу мову…

— Добра. Але пасля таго, як ты вывучыш сваю.

— Ведаеш, — нібы не пачуўшы яе, разважаў далей Радзім, — мне цікава не толькі, як яны паўсталі, але і тое, як людзі, даведзеныя да адчаю, змаглі пабудаваць вось гэтую шкляную дзяржаву. Там жа, за ёю, за шклом, пустэльня, смерць…

Раптам дзед Жыў неспадзявана ўгледзеўся ў стол, спалохана кінуўся да яго, спяшаючыся схапіў Рубінавыя Ружы і спрытна, як і тыя папярэднія канвойцы, зашчоўкнуў іх на Радзімавых запясцях. Дакорліва паглядзеў на Ою, паківаў ёй пальцам і тады паціху падаўся ў свой пакой. Оя ўслед яму нешта яшчэ гаварыла, але ён адказваў ёй неахвотна, не адварочваючыся.

Дзед Жыў сеў на табурэтку, зноў прыгубіў штосьці са свае чорнае конаўкі, зноў пачаў ківацца, загаварыў — мусіць, і гэты раз расказваў пра паўстанне і пра сваіх сяброў.

— Ніхто не ведае, што ён п'е. Кажуць, нейкую атруту, нейкую дурную горкую ваду. А ён ніколі не раскрывае сакрэтаў яе прыгатавання. Сам робіць, сам і п'е. І нікому нават паспытаць не дае. Кажа, што і яна памагала губіць нашу зямлю, а таму сакрэт гэтай злой вадкасці ён забярэ з сабою ў магілу.

— Мне здаецца, я разумею, што гэта за вадкасць, — пачаў быў гаварыць Радзім, але Оя двума пальчыкамі сваімі сашчапіла яму вусны, папярэдзіла: маўляў, маўчы — быццам і сама яна нешта ведала.

Дзед Жыў адчуў, што гавораць пра яго, насцярожыўся, а потым супакоіўся, убачыўшы, што яны маўчаць, і зноў загаварыў сам з сабою.

І тады Радзіму міжволі здалося, што дзед — такі ж вязень, як і ён сам. Відаць, нягледзячы на вялікія заслугі ў паўстанні, усё ж яму не даравалі ранейшую сувязь з таля-малямі, і гэтая яго сённяшняя праца выглядала ўсяго толькі як ганаровае зняволенне, як магчымасць безвыходна трымаць старога ў шкляной турме…

Цяпер Оя прыходзіла да Радзіма як не кожны дзень, здымала з яго рук жалезныя ружы — цікава, нягледзячы на спалох, з якім дзед Жыў той раз кінуўся адзяваць наручнікі, цяпер ужо ён не звяртаў на іх ніякай увагі.

Радзім размінаў рукі, Оя гладзіла тыя мясціны, што былі пад наручнікамі,— паступова зацягваліся, сыходзілі і раны, нацёртыя жалезам, і сінякі, якія засталіся з таго часу, калі ён падаў і зноў лез на каменне, — а потым яны садзіліся займацца беларускаю моваю.

Урокі гэтыя Радзіму надзіва падабаліся — Оя так цікава расказвала яму пра яго ж родную мову, пра яе высакароднасць і чысціню, пра яе прыгажосць і мілагучнасць, што ён палюбіў гэты, калісьці такі сумны і такі нудны, здавалася, прадмет і зараз ужо з нецярпеннем чакаў кожнага новага прыходу дзяўчыны. Праз нейкі час урокі роднай мовы зрабіліся штодзённымі, а яму ўсё роўна было мала і гэтага: Радзім ніяк не мог дачакацца Оі, каб нагаварыцца па-свойму. Цяпер свая мова для яго стала жыццём, і ў гэтым жыцці галоўнаю была Оя. Яна праз мову нібы вяртала яму радзіму, той свет, па якім ён пачынаў ужо сумаваць.

У перапынках, калі, стаміўшыся ад урокаў, яны адпачывалі, Оя расказвала яму пра сваю радзіму. Пыталася, ці спадабалася яна яму.

— Жыць можна, — адказваў ён. — Рай, у параўнанні з тым, што за шклом…

— Але ведаеш, і гэты наш шкляны рай — таксама прывідны, часовы. Кіне хто каменьчык у шкло — і ўсё разляціцца. Паветра выйдзе, атрута зойдзе. Трэба нешта рабіць, нешта шукаць. — Оя задумалася, відаць, меркавала, як яму даходлівей растлумачыць. — Разумееш, мы жывём толькі на тым, што схавалі пад шкло. Нічога не паступае да нас звонку, і нічога мы адсюль не выпускаем… Ты ж ведаеш пра кругазварот вады ў прыродзе? Дык вось такі кругазварот адбываецца ў нас з усім — з зямлёю, з ядою, з вадою, з паветрам. Дыхаем адным і тым жа паветрам, п'ём адну і тую ж ваду. Па некалькі разоў. Затым усё ачышчаецца, і мы зноў дыхаем, п'ём, ядзім. Бачыў, колькі ў нас высільваецца ачышчальных станцый? Яны пакуль працуюць дакладна, але мне часам бывае боязна: а раптам што здарыцца? Тады і шкло не паможа… Нашы вучоныя стараюцца шмат і шчыра, каб як мага меней залежаць ад гэтых станцый, каб зрабіць наша жыццё самастойным, каб спадзявацца не толькі на шкло. Сяго-таго яны ўжо дамагліся. Скажам, вада. Мы ўжо ўмеем ствараць ваду! Ствараць паветра навучыліся раней. Ведаеш, як кепска, немагчыма жыць, калі няма вады, няма паветра. А сёння мы ўжо дыхаем. І ў нас ёсць возера, якое падаравалі вучоныя. Мы беражом яго як толькі можам. Ты не бачыў гэтую нашу радасць?

Радзім падумаў, што менавіта да славутага возера хутчэй за ўсё ён і прыбіўся напачатку, што гэта, мусіць, і была якраз тая, падораная зэмам, вада, праз якую пераносіла яго незвычайная, быццам шуфель, рука, але адказаў няпэўна:

— Хто яго ведае, можа, і бачыў. Спадзяюся, што мы яшчэ ў ім пакупаемся.

— Вар'ят! — жахнулася дзяўчына. — Якое глупства ты гаворыш! Возера ж для нас святое…

Оя памаўчала — толькі з-пад зялёных валасоў, што пасмаю спадалі на лоб, таямніча бліснула блакітнае-блакітнае вока, — задумалася, нібы на штосьці адважваючыся, а затым схамянулася і, спяшаючыся, загаварыла:

— Ваду мы пачынаем рабіць, а вось з зелянінаю пакуль што нічога не атрымліваецца. Бачыш, якая ў нас шэрая зямля? І як ёй не стае такіх, як у вас, дрэў і травы!

— І птушак таксама, — дадаў ён.

— Не, птушкі нам пакуль што лішнія, — запярэчыла яна. — Разумееш, птушкам, каб жыць, трэба неба з воблакамі, зялёныя дрэвы і чыстая зямля. Ні аднаго, ні другога, ні трэцяга даць мы ім сёння не зможам: няма! Да таго ж паветра… Ведаеш, яго нам самім не хапае. Не выжывем, калі будзем яшчэ дзяліцца ім з птушкамі…

Радзім, уявіўшы, як птушкі, цэлыя чароды птушак, адбіраюць у яго паветра, пачаў напраўду задыхацца — нібыта іх і на самой справе шмат наляцела, набілася пад шкло. Оя не заўважыла гэтага — яна якраз задумліва глядзела некуды ўдалячынь, — а потым, усміхнуўшыся, сказала, як спыталася:

— Ты, мусіць, дзівішся, што ў нас такія кароценькія, аднаскладовыя, двухскладовыя імёны? Чаму, як ты думаеш? А ўсё тое ж паветра віною. Мы прыдумалі такую эканомію, калі нам было вельмі цяжка, — каб лепш расходаваць паветра, калі гаворым.

— Нічога сабе эканомія! Тут вы эканоміце, а коней пад шклом вунь які статак трымаеце. Колькі яны з'ядаюць вашага паветра, не лічылі?

— Коней ты не чапай. Коні ў нас таксама святыя. Як у Індыі каровы.

— Святыя? А чаго ж яны тады цягаюць аўтобусы і тралейбусы, калёсы і аўтамабілі?

— Мы такім чынам спалучаем два пачаткі — духоўны і матэрыяльны. Коні ў нас святыя, але яны не дарэмна ядуць наша паветра, — яны жывуць нашымі клопатамі.

Оя памаўчала. А потым, мусіць, адважылася на тое, галоўнае, дзеля чаго яна і пачала гэтую размову:

— Слухай, падары нам дрэва! Такое, як у вас! Зялёнае-зялёнае… З пошумам лісця…

Ён нічога не адказаў. А што ён мог адказаць? Як ён мог падараваць дрэва такой зняможанай зямлі?

Оя зразумела гэта і адразу ж перавяла размову на іншае:

— Радзім, ты ўжо вельмі добра размаўляеш на сваёй роднай мове. Віншую! Наступны раз мы возьмемся за нашу. Ведаеш, я шчыра хачу, каб ты хутчэй змог пагаварыць з Жывам. Ён кажа, што ты яму дужа спадабаўся.

І праўда, цяпер Радзім не адчуваў ніякай насцярожанасці, падазронасці з боку наглядчыка. Рубінавыя Ружы ляжалі амаль заўсёды на стале — зняволены нават ўночы спаў без іх, вольна раскінуўшы рукі.

А аднойчы пасля заняткаў Оя, папярэдне пагаварыўшы з дзедам Жывам, — ласкава зазіраючы яму ў вочы, далікатна гладзячы яго па плячы, — узяла за руку Радзіма, і яны прашмыгнулі каля вартоўні і вартаўніка, які зрабіў выгляд, што нічога не бачыць, — нават адвярнуўся ў другі бок.

Па дарозе, хоць ён і дапытваўся, куды яны ідуць, Оя нічога не тлумачыла.

— Сам убачыш, — адно ўсміхалася зэмка.

На волі, між незнаёмых людзей яму ўжо было крыху ніякавата — пасля турмы вуліцы здаваліся цеснымі, шумлівымі, люднымі, і ён толькі асцерагаўся, каб крый бог не таўхануць, не зачапіць каго. Не хацелася, каб нехта глядзеў, разглядаў і яго самога. Але людзі былі занятыя сваімі клопатамі, да таго ж і ён нічым не вылучаўся між імі,— калісьці Оя прынесла ў турму яшчэ адны штаны (трыко ў абліпку) і нейкі світэр — традыцыйнае адзенне зэмаў,— і ў гэтым адзенні ён ужо быў, як свой, а таму ніхто не звяртаў на іх з Ояю ніякай увагі.

Яны ішлі хутка — Оя вельмі спяшалася, мусіць, баялася, каб іх не перанялі і не вярнулі раней часу ў турму, — і ён не паспяваў разгледзець тое, што бачыў вакол сябе. Адно ён зразумеў, што ўсё ў гэтым горадзе ды, пэўна, і ва ўсёй краіне — шкляное. Са шкла былі хаты і крамы, агароджы і тратуары. Многія шкляныя пліты былі трэснутыя, і ступаць на іх было боязна, як на тонкі, нямоцны яшчэ лёд. Таму ён стараўся ісці не па тратуары, а побач з ім, па звычайнай шэрай зямлі.

Шкляныя былі аўтобусы і трамваі, і толькі коні, што, фыркаючы, цягалі іх, былі сапраўдныя, зямныя.

Дзяўчына прывяла яго на нейкі пагорак, на якім ужо было шмат людзей. Усе яны, нібы ў храме, стаялі на каленях і глядзелі ў адзін бок — як маліліся ўсё роўна. Там, куды глядзелі зэмы, Радзім нікога і нічога не ўбачыў: позірк натыкаўся на шкляную сцяну, за якой недзе ўдалечыні відаць былі цёмныя, непрыветлівыя, суровыя горы, якія чамусьці не хацелася бачыць — такія голыя і жудасныя былі яны.

Оя, прайшоўшы каля ўкленчаных, і сама стала на калені. Каля яе апусціўся на зямлю і ён. Зірнуўшы ўніз, куды глядзела дзяўчына, Радзім убачыў ваду.

— Гэта наша мора, — шапнула яна. — Пакланіся яму.

Мора, якому ўсе пакланяюцца, на самай справе было невялікаю лужынаю, налітаю да самай шкляной сцяны, якая, нібы кавалак празрыстага лёду, адразала ваду. За шклом ужо нічога не было, і ён, успомніўшы, як стаяў з таго боку, пашкадаваў, што не меў тады часу, а так бы з-за сцяны можна было добра разгледзець, нібы ў марскім акварыуме, усё возера ў разрэзе — ад паверхні да самага дна.

Каля вады стаялі дрэвы. Зялёныя-зялёныя. Убачыўшы іх, Радзім здзівіўся: Оя просіць: «Падары нам дрэва», а дрэвы ж у іх ужо растуць. Але потым, прыгледзеўшыся, зразумеў, што дрэвы гэтыя, як і ўсё ў Зэміі, шкляныя — вунь як звініць на іх зялёнае шкляное лісце!

Адсюль само возера яму было кепска відаць, але, паважаючы маўклівую ўрачыстаць і стоеную, напятую цішыню навокал, ён не варушыўся і сам — рабіў выгляд, што таксама замоўк у шчырай споведзі да вады.

І вось тут раптам, зусім нечакана з'явілася перад ім яна, Юля. Яе прывідная, туманная, светлая выява ўзнікла спачатку на фоне чорных удалечыні гор. Яна ўсё большала і большала, набліжалася, пакуль нарэшце, бесперашкодна мінуўшы шкло, не спынілася непадалёку. Стаяла неяк дзіўна, як вясёлка — ці то на беразе, ці то на самой вадзе — і не танула. Хоць вусны яе былі сцяты, Радзім усё ж пачуў Юлін голас:

— Чаму ты не шукаеш мяне, Жэўжык?

І ў гэтым пытанні было столькі крыўды і дакору, што ён аж перасмыкнуўся.

Мусіць, нешта адчула Оя і таксама пачала трывожыцца.

— Пайшлі,— шапнула яна Радзіму і паднялася з каленяў.

Ён жа ўсё яшчэ стаяў укленчаны. Чамусьці захвалявалася і Юля. Яна, паволі, як усё роўна яе хто падняў, адарвалася ад зямлі і паціху, злёгку пагойдваючыся, пачала здаляцца, мінула шкляную сцяну, нібыта яна для яе ніякая не перашкода, і паплыла ў бок цёмных гор. Ён праводзіў Юлю позіркам аж да таго часу, пакуль яна маленечкаю хмаркаю не затрымалася ля самай высокай вяршыні, а затым, быццам перавалілася за гару — як яе пацягнуў хто — і зусім знікла.

Радзім нехаця ўзняўся з каленяў і пайшоў услед за Ояю — пайшоў у сваю шкляную турму.

Вяртаючыся, ідучы па вуліцах за Ояю, ён, нібы наўздагон ёй, шчыра расказваў зэмцы пра ўсё — і як яны з Юляю вучылі хімію, рыхтуючыся да экзаменаў, і як раптам пачалі змяншацца, і як глыба, якая яшчэ нядаўна была звычайнаю пясчынкаю, расшчапіла іх рукі, і як ён пасля гэтага згубіў аднакласніцу.

— А я ўсё гэта чула, — і яе валасы зрабіліся аранжавымі-аранжавымі.

— Чула? Дык дзе яна? — аж падскочыў да зэмкі Радзім.

— Хто яна? Ах, дзяўчынка твая… Не ведаю.

— А хто ведае? — настойваў, дапытваўся свайго ён.

— Ніхто. Разумееш, мы ўкралі цябе. У Дурбудаў. Усе маніпуляцыі з табою рабілі яны. І ты павінен быў трапіць у Дурбудзію. А мы перахапілі цябе. Нашы вучоныя вылічылі, што з табою павінна быць яшчэ і дзяўчына, але яе ва ўсёй папуляцыі нашых планет ніхто пакуль не можа знайсці.

Оя нейкі час ішла моўчкі, а затым журботна так патлумачыла:

— Ведаеш, вы з ёю можаце жыць побач, але ў розных вымярэннях. Можа, ты вось зараз знаходзішся на яе вейцы, а можа, яна стаіць у гэты час на тваёй далоні і, склаўшы рукі рупарам, крычыць на ўсю папуляцыю — кліча цябе. Ва ўсім свеце чуюць, а ты — не. Бо гэта ісціна: тыя, што жывуць у розных вымярэннях, ніколі не змогуць сустрэцца між сабою, не змогуць убачыць адно аднаго, пагаварыць.

Радзім зірнуў на свае далоні, быццам і напраўду спадзяваўся каго-небудзь на іх убачыць, але Оя вярнула яго на зямлю:

— Так што не шукай Юлі, Жэўжык…

Ён страпянуўся, затрывожыўся — адкуль яна ведае ягоную школьную мянушку? Можа, таксама пачула. Але нічога не адказаў зэмцы. Відзежа, якая нечакана з'явілася яму ля возера, усё стаяла перад вачыма, і хлопец чамусьці, насуперак словам Оі, верыў, што калі ён убачыў і пачуў Юлю, то яны па часе, нягледзячы на розныя вымярэнні, змогуць усё-ткі сустрэцца з ёю.

Усю астатнюю дарогу да турмы яны маўчалі. Оя была чымсьці дужа не задаволеная, нават раззлаваная — яна і не хавала свайго раздражнення. Заняты думкамі пра Юлю — дзе яна? што з ёю? яна ж, ты чуў, крыўдуе: «Чаму ты не шукаеш мяне?» — не асабліва лез у размову і ён.

Оя прывяла яго ў шкляны куб, кораценька сказала нешта наглядчыку — дзед Жыў, быццам прачнуўшыся, вытрашчыў вочы, нібыта ён нічога дасюль не бачыў і не чуў, паківаў на дзяўчыну пальцам: ці ж то жартачкі — нявольніка выпусціла! — і, паспешліва развітаўшыся, знікла за шклом.

Больш яна ў турме не з'яўлялася. Радзім нудзіўся адзін, спрабаваў гартаць падручнікі па чужой мове, якія загадзя прынесла Оя, але нічога ў іх не змог зразумець: усё было такое далёкае, чужое, незнаёмае, што не знаходзілася нават за што зачапіцца. Паклікаў быў дзеда Жыва, каб хоць у чым з яго дапамогаю разабрацца, але і той таксама нічому не даў рады — вачамі і пальцамі мову не растлумачыш.

Выпадкова дзед Жыў убачыў на яго стале «Хімію», пачаў гартаць яе, разглядаць, натрапіў на формулы і схемы, на табліцу Мендзялеева — і, нібы забыўся на ўсё на свеце, нібы ўсё для яго перастала існаваць, упіўся вачыма ў кнігу. Так і праседзеў ён у Радзімавым пакоі увесь дзень і ўсю ноч, здаецца, ні разу не схадзіўшы да свае чорнае конаўкі, каб глынуць з яе чорнай вадкасці,— прачынаючыся ўночы, Радзім бачыў, што дзед Жыў, адарваўшыся ад формул, глядзіць няўцямна некуды ўдалячынь: ці то задумаўся над імі, шукае рашэнне, ці то ўспамінае тыя далёкія часы, калі сам яшчэ быў таля-малем і калі ўсе хімікі знаходзіліся ў вялікай пашане — яны ратавалі народ ад голаду.

Пад раніцу ціхенька, азіраючыся, нібы баючыся, што на яго нехта будзе нападаць, каб нешта адабраць, дзед Жыў з «Хіміяй» у руках пайшоў на сваю палавіну шклянога куба і ўжо зараз зусім не звяртаў ні на што ўвагі — цэлымі днямі ён крукам сядзеў над кнігаю, рашаў формулы, штосьці падлічваў і зноў схіляўся над падручнікам, амаль зусім забываючыся на сваю конаўку — мусіць, кніга гэтая была для яго найлепшым наркотыкам.

У адзіноце Радзім нудзіўся ўсё больш і больш, не ведаючы, чым яму заняцца.

У невялічкім дворыку турмы, які быў прызначаны для праходак вязняў, ён вытаптаў усю зямлю — усё хадзіў і хадзіў, не спыняючыся, удоўж і ўпоперак, думаючы пра свой незайздросны лёс: навошта яго тут трымаюць? Што будзе далей?

Часам яму хацелася падняць камень, пабіць, памалаціць усе шкляныя сцены сваёй вязніцы і выйсці з яе. Але куды выйдзеш? У новую вязніцу з такімі ж самымі сценамі. Паб'еш і гэтыя, а далей што? Там жа, ён ведае, голая пустыня, там няма як дыхаць — кожны, хто выйдзе, задыхнецца без паветра.

І раптам зусім выпадкова ён знайшоў сабе занятак.

Прагульваючыся, хацеў дастаць з кішэні насоўку, якую вышыла і падаравала яму на дзень нараджэння Юля, — рукі ў яго цяпер былі ўвесь час вольныя: дзед Жыў, заняўшыся «Хіміяй», зусім забыўся на вязня — пальцамі наткнуўся на нейкае цвёрдае каліва, дастаў яго і абыякава хацеў кінуць пад шкляную сцяну — гэта было ўсяго толькі не патрэбнае тут яблычнае семка. Аднак нечакана ў вушах паўтарылася, як успомнілася, Оіна далікатная просьба: «Падары нам дрэва», і ён, усё яшчэ, здавалася б, безуважна гледзячы на карычневае семка, ужо ведаў дакладна, што будзе з ім рабіць.

Хуценька апусціўся на калені, пасярод двара пальцамі разгроб, узрыхліў зямлю, закапаў у яе семка, схадзіў у цэлю, набраў там у шклянку вады і, выйшаўшы зноў, паліў тое месца — а раптам семка і напраўду прарасце?

І дзіва дзіўнае — яно прарасло той жа дзень! Спачатку паказалася дзюбачка плёнчыка, затым з'явіліся два лісточкі. Радзім увачавідкі бачыў, як расце парастак, як ён большае, цягнецца ўгору, як на ім з'яўляюцца галінкі, і ад гэтага было крыху ніякавата: няўжо гэта наяве, а не ў сне?

Відаць, зернетку спадабалася зямля, а можа, наадварот — зямлі спадабалася зернетка… Якая розніца! Галоўнае, — што ў яго расце дрэва, якое ён неўзабаве зможа падараваць Оі.

На другі дзень у двары ўжо шумела густым зялёным лісцем вялікае дрэва — яму аж цесна было ў шкляных сценах! На трэці дзень яблыня зацвіла. Яна цвіла сем дзён і сем начэй. Божа мой, якая гэта была прыгажосць — бела-зялёная яблыня на фоне шэрай і сумнай зямлі!

Неўзабаве яблыня сваёю моцнаю кронаю, сваім неўтаймоўным цветам узламала, узняла на сабе шкляную столь — тая друзам асыпалася на дол — і, выпрастаўшы галіны, вольна і шырока зашумела над турмою.

Адарваўшыся ад табліц і формулаў, нарэшце заўважыў яблыню дзед Жыў. Ён як услупянеў. Доўга глядзеў не міргаючы, доўга нічога не мог зразумець. Спалох у яго ніяк не праходзіў. І ўсё ж ён перасіліў страх, падышоў да яблыні, памацаў рукою кару, пагладзіў яе, шурпатую, даланёю, затым вярнуўся да Радзіма і, паказваючы на дзіва пальцам, усё нешта пытаўся: га-ха? га-ха?

Радзім зразумеў: дзед пытаецца, што гэта такое, і растлумачыў яму:

— Дрэва.

— Дэва! Дэва! — нібы ўспомніўшы штосьці, узрадавана, усхвалявана некалькі разоў паўтарыў стары, з павагаю зірнуў на хлопца, прыклаў руку да сэрца, нізка пакланіўся Радзіму і выйшаў з турмы да людзей.

Справа ў тым, што ўжо некалькі дзён вакол шклянога куба, у якім, як у вазоне, расла яблыня, збіраліся натоўпы цікаўных зэмаў. Усе стаялі, як зачараваныя, глядзелі на гэты цуд і маўчалі — нават дзеці, якіх было тут многа, трымаліся ціха і не сваволілі, не гарэзавалі. Самыя цікаўныя аставаліся і на ноч, нібыта ім не хапала дня, а ўраніцы зноў тут было аж цесна ад вачэй.

Пасля шчодрага цвету з'явілася шмат завязі. Яблыкі раслі, большалі, наліваліся, спелі, як кажуць, не па днях, а па гадзінах.

Некаторыя зэмы зусім асмялелі: з натоўпу пачалі вылучацца самыя рызыкоўныя, яны падыходзілі вельмі блізка і нешта гаварылі да яго — яму здавалася, што людзі, гэтак жа, як калісьці Оя, просяць дрэва. І ён пераканаўся, што гэта так, калі неўзабаве то ў адным, то ў другім канцы плошчы, як на мітынгах, пачалі гучаць настойлівыя выкрыкі:

— Падары нам дрэва!

Вось тады па яго і прыйшлі. Прыйшлі тыя самыя канвойцы, якія і прывялі Радзіма ў гэтую турму. Адразу ж, насварыўшыўся на дзеда Жыва, зашчапілі на руках вязня Рубінавыя Ружы, якія да гэтага без патрэбы ляжалі на шкляным стале, і павялі. Куды, навошта — гэта ён не ведаў, а канвойцы не маглі растлумачыць. Але тое, што на яго адзелі наручнікі, гаварыла ўжо, мусіць, само за сябе: нічога добрага яму хутчэй за ўсё чакаць не варта. Відаць, ва ўсім вінавата яблыня — выгадаваўшы яе, ці не парушыў ён нейкіх тутэйшых законаў?

Вялі яго доўга крывымі, вузкімі вуліцамі і завулкамі — нібы пятляючы. Нарэшце спыніліся каля якогасьці шклянога, здавалася, невагомага шара, які быццам сам сабою вісеў у паветры — гэта пасля ўжо Радзім заўважыў тоненькую, але, відаць, моцную ножку, што трымала яго над зямлёю. З шара ў адно імгненне спусціўся трап, які іх адразу ж, як эскалатар, завёз усярэдзіну гэтага дзіўнага збудавання. Не паспеў Радзім як след агледзецца, як ужо стаяў адзін пасярод парожняга скляпеннепадобнага, нібы станцыя метро, памяшкання.

У прыгожым крэсле, што шыкоўна віднелася ў глыбокай нішы, сядзеў самавіты мужчына — гэта потым ужо ён разабраўся, што бачыць не крэсла, а сапраўдны трон, а на ім сядзіць не нейкі там звычайны чалавек, а сам Верхавод зэмаў — Яго Мосць.

Побач з ім, на ніжэйшым і сціплейшым крэсле сядзела дзяўчына. Прыгледзеўшыся, Радзім не адразу пазнаў Ою: валасы яе на гэты раз былі паласатыя — пасма жоўтых, пасма зялёных, пасма блакітных, а вочы чырвоныя-чырвоныя. Зірнула яна, і яму здалося, што з вачэй шуганула трывожнае полымя. Оя паглядзела на Радзіма, як на чужога, як на незнаёмага, і ад гэтага ў яго яшчэ мацней сціснулася сэрца: значыць, ён правільна здагадваўся — паслаў Верхавод па яго не проста так.

Яго Мосць пачаў штосьці гаварыць. Оя адразу ж пераклала яму:

— Падыдзі бліжэй, о Вялікі Беларус!

Ён гаварыў павольна, а таму Оі было вельмі лёгка перакладаць. Радзім уважліва ўслухоўваўся і ў ягоны голас, і ў голас Оі, усё яшчэ чакаючы чагосьці дужа непрыемнага для сябе. Але Верхавод быў далікатны з ім, і гэта супакойвала.

— Даруй нам, о Вялікі Беларус, што мы цябе так негасцінна сустрэлі і нават зняважылі Рубінавымі Ружамі.

Нам здалося, што ты — таля-маля, а для гэтай нечысці самае адпаведнае месца на нашай зямлі — турма. І мы шчыра рады, што памыліліся. Падыдзі ж да мяне, я сам хачу зняць з цябе вярыгі.

Радзім падышоў да трона, выставіў рукі. Яго Мосць доўга корпаўся ў Рубінавых Ружах, але ў яго нічога не атрымлівалася — што тут дзіўнага: самі ж верхаводы не кожны дзень адзяваюць ці здымаюць кайданы.

— Дазвольце дапамагчы? — адважылася Оя і, маючы вопыт — яна ж ужо вызваляла яго рукі,— вельмі хутка зняла наручнікі. Радзім толькі адчуў, якія ў яе халодныя рукі.

Страх зусім прайшоў. Яму стала лёгка і спакойна, — калі сам Верхавод хоча зняць наручнікі, баяцца няма чаго.

— Цяпер ты самы вольны між нас чалавек. Ты выгадаваў нам дрэва, пра якое мы так марылі. Бо ведалі, што толькі з дапамогаю дрэва выйдзем са свае турмы — на волю, за шкляныя сцены, у мёртвую пустыню. Дзякуй табе, о Вялікі Беларус, і хвала і слава тваім рукам ва ўсім нашым царстве. Дарэчы, а каму ты падорыш гэтае дзіва, гэтае дрэва?

— Ваша Мосць! Я вельмі ўсцешаны вашаю дабрынёю і ўвагаю да мае сціплае асобы. Але даруйце мне, няўдзячнаму, — гэтае дрэва я хацеў бы падарыць вось ёй, — і паказаў на Ою. — Яна навучыла мяне маёй роднай мове і дапамагла палюбіць ваш шкляны рай і ваш загадкавы народ.

Верхавод засяроджана слухаў яго. Нават не гледзячы ў той бок, Радзім адчуваў, што Оя спалохана назірае за ім, — так горача было яго твару.

— Канечне, — праз нейкі час, пасля доўгага роздуму, загаварыў Верхавод, — я не сумняваўся, што ты падорыш дрэва мне. І таму, разумееш, крыўдна, што выбраў ты не мяне. Але ведаючы, што кожная жанчына заўсёды заслугоўвае самага найлепшага падарунку, я дару табе і ўхваляю тваё рашэнне.

— Ваша Мосць! — нешта хацела запярэчыць Оя, але Верхавод не даў ёй дагаварыць.

— Так што прымай, о Цнатлівая Душа, варты цябе падарунак.

Ён зноў задумаўся, памаўчаў. Потым загаварыў весялей:

— Я спадзяюся, што гэтае дрэва не апошняе. Чамусьці веру, што вы ўдваіх навучыце нашу зямлю шчодра раджаць іх, а нашым людзям падкажаце, як гадаваць сады.

Зноў задумаўся, паглядзеў у акно. А правільней — на сцяну, бо ўся сцяна ў гэтым памяшканні і была акном. Радзім і сам зірнуў туды, куды глядзеў Яго Мосць, і здзівіўся, што шкло было празрыстае-празрыстае, хоць знадворку яно здавалася зусім непраніклівым і праз яго нічога не праглядалася.

— Ідзіце ж і засяляйце нашу зямлю дрэвамі! — Яго Мосць падняў рукі ўгору, нібыта вось зараз натхняў іх на працу. — Няхай яны дораць нам паветра, у якое мы можам паклікаць нават птушак, — тады і з імі нам не будзе цесна. Хай у нас будзе многа паветра, якім мы, адкрыўшы ўсе вокны і фрамугі, можам падзяліцца з пустыняю, што загнала нас пад шкло.

Оя ўстала з крэсла, падышла да Радзіма, і яны накіраваліся ўжо да выхада. Але нечакана зэмка ўзяла яго за руку, тарганула і азірнулася. Азірнуўся і ён — Верхавод стаяў усё ў той жа паставе і нешта гаварыў да іх. Дзяўчына перакладала:

— О, Вялікі Беларус, даруй, што я забыўся распытаць пра твой край і твой народ.

Адсюль, здалёку, ужо ад выхада было няёмка адказваць, і яны з Ояю зноў падышлі да трона.

— Наш край — багаты і цудоўны, а нашы людзі — шчырыя, працавітыя, сумленныя, спагадлівыя, дабрадушныя, даверлівыя. Але ім, скарыстоўваючы вось гэтыя цудоўныя якасці, увесь час не даюць працаваць, не даюць магчымасці жыць так, як яны хацелі б і маглі б. У нас ужо нават пачала з'яўляцца думка, што мы камусьці замінаем, што нехта хоча атруціць нас, вынішчыць…

Пачуўшы такое, Яго Мосць здзівіўся, апусціў галаву і доўга маўчаў. Потым загаварыў, але ўжо было відаць, што звяртаецца ён не да Радзіма, а да Оі. Дзяўчына не перакладала нічога з таго, што гаварыў ён.

Ужо калі яны, яшчэ раз развітаўшыся, выйшлі на вуліцу, Радзім спытаўся:

— Што ён гаварыў?

— Гэта ён да мяне звяртаўся. Прасіў як найхутчэй навучыць цябе нашай мове — яму вельмі цікава пагутарыць з табою пра тое, што ты толькі што згадаў.

Калі падышлі да турмы, убачылі вельмі шмат людзей, што сабраліся ля яе, — цікаўныя натоўпы разявак з усіх бакоў акружылі шкляны куб і, задраўшы галаву, зачаравана глядзелі на дрэва, якое, шырока раскінуўшы галіны, высока і вольна шумела ўгары. І дзіва дзіўнае, ветру ніякага не было — які там вецер пад шкляным дахам! — а яно шумела!

Оя, нешта гаворачы людзям, расчышчала праход для іх абаіх, і толькі дзякуючы гэтаму яны змаглі падысці да самай турмы.

Шкляны куб быў амаль поўнасцю раструшчаны дрэвам. Дзед Жыў пакуль што туліўся на сваёй палавіне шкляной вязніцы, але было відаць, што і тут яму не ўдасца ўседзець, — дрэва неўзабаве запоўніць сабою і гэтую прастору. Дзед Жыў быў усхваляваны, разгублены, і выходзіць адсюль, з турмы, ён ведаў, не мае права, і тым больш аставацца тут было ўжо не толькі недарэчна, але і небяспечна.

Дрэва пладаносіла! Яно было ўсыпана вялікімі, чырванабокімі, спелымі яблыкамі, якія аж згіналі галінкі,— яны былі такія прыгожыя, што аж здаваліся ненатуральнымі. Але дастаць да іх, каб адшчыкнуць, было немагчыма — такая высокая вырасла яблыня. Тады Радзім увайшоў у сваю вязніцу па шкле, якое хрупацела пад нагамі,— яно нападала, калі яблыня разламала сваёю кронаю шкляную столь, — падышоў да дрэва і падэшваю чаравіка моцна выцяў па ствале. Ствол не вельмі каб моцна, але ўсё ж завібрыраваў, затрымцеў, аднак крона страсянулася добра, і долу пасыпаліся спелыя яблыкі. Яны шпокалі на падлогу вязніцы, прабівалі шкло дзедавай вартоўні, і той адно толькі захінаўся рукамі, ратуючыся ад іх. Яблыкі падалі і па-за турмою, сыпаліся на галовы здзіўленых людзей, і тыя, напалоханыя, крыху адбегліся ад дрэва. Яблыкі былі такія спелыя, што большасць з іх разломваліся ад удару аб зямлю.

Яму нясцерпна, аж да звону ў вушах, захацелася яблыка! Ён нецярпліва нагнуўся, падняў вялікі крамяны плод і, абцёршы даланёю, спяшаючыся адкусіў ад яго ладны кавалак.

Яблык быў смачны-смачны — на Зямлі Радзім такіх смачных не сустракаў. Ён увесь быў вельмі сакаўны, і рот адразу ж напоўніўся прыемным вінна-салодкім сокам.

Радзім, не зважаючы ні на кога, спяшаўся есці — адкусваў памногу, глытаў непражаванае — такую насалоду ён меў ад яблыка. Калі з'еў увесь і, вытрасшы семкі, абсмактаў агрызак, тады толькі заўважыў, што за ім вельмі ўважліва назіраюць дзед Жыў і Оя, якія таксама зайшлі да яго ў вязніцу.

Радзім доўга не думаючы падняў два самыя прыгожыя яблыкі, што ляжалі побач, і, зноў жа абцёршы іх, падаў Оі і дзеду Жыву. Оя ўзяла свой адразу, а дзед доўга разглядаў яблык на Радзімавай далоні і ўсе ніяк не мог адважыцца прыняць яго.

— Еш, — усё яшчэ трымаючы перад дзедам руку з яблыкам, сказаў ён Оі.

Дзяўчына спачатку недаверліва глядзела на яблык, потым апасліва, баязліва, з асцярогаю ўкусіла яго, зморшчылася, пасмакавала, паплямкала вуснамі. Адкусіла яшчэ раз, і ён убачыў, як дзяўчына здзівілася: яна нават самой сабе не паверыла, што гэтае невядомае дзіва ёй спадабалася.

Оя таксама даела яблык да семак, выкалупала іх і абсмактала агрызак — усё рабіла, як і ён.

Дзед Жыў хоць і ўзяў з Радзімавай рукі яблык, есці яго не спяшаўся — спасцярожліва круціў у руцэ, разглядаў. А за ім напружана сачылі тысячы вачэй. І калі ён усё ж адкусіў яблык, пачалося штосьці неверагоднае.

Усе тыя, хто нядаўна, спалохаўшыся, адбегліся ад яблыні, зноў вярнуліся пад дрэва, кінуліся хапаць яблыкі і, выціраючы іх далонямі не горш за яго — сачылі, як рабіў гэта чужынец, — пачалі насцярожана, але з цікавасцю адкусваць іх. Пераводзячы позірк з твару на твар, Радзім бачыў, што яблыкі зэмам спадабаліся. Праз нейкі час яны ўжо з асалодаю храбусцелі імі, напоўніцу набівалі раты сакаўною смакатою і, адно выкідаючы цёмна-карычневыя семкі, з'ядалі ўсё засаб — нават агрызкаў не аставалася.

Яблыкаў на зямлі было многа. Радзім міжволі перавёў позірк на яблыню — цікава, а ці вісіць яшчэ на ёй што, ці, можа, усё пападала?

Дрэва аж чырванела ад пладоў: не было ніякага знаку, што ён абтрасаў яго.

Сярод амаль суцэльнага чырвонага колеру — аж лісця не відно! — ён не адразу заўважыў дзве рубінавыя крапкі ў кроне, але потым яго ўсё ж нешта насцярожыла, вярнула вочы назад, і ён, прыгледзеўшыся, напраўду ўбачыў на самай макавіне наручнікі Рубінавыя Ружы. Як яны трапілі на дрэва — загадка: ці то іх ускінуў хто на крону цяпер, ці то калі дрэва было яшчэ маленькае, яно само падчапіла іх галінкаю і, вырастаючы, узняло на такую вышыню.

Але адкуль яны з'явіліся тут? Яго ж Рубінавыя Ружы, якія здымаў з дапамогаю Оі сам Верхавод, засталіся там, у палацы. Значыць, гэта нечыя іншыя наручнікі? Чые?

А можа, іх тут, у гэтай турме, было двое? Для яго і для дзеда Жыва? Але ж ён ніколі нічога такога не бачыў у дзедавай вартоўні.

Абвёўшы яшчэ раз позіркам разламаную, раструшчаную турму, Радзім забедаваў — дзе ж ён зараз будзе жыць? Раней не турбаваўся пра гэта — хоць і ў вязніцы, хоць і шкляны, але ўсё ж у яго быў ложак. А дзе зараз прытуліць галаву, калі дрэва начыста зруйнавала, разбурыла яго турму?

І не паспеў ён так падумаць, як адразу ж з двух бакоў з'явіліся тыя самыя канвойцы, якія ўвесь час узнікалі тады, калі Радзіма трэба было некуды праводзіць, — яны як усё роўна і зараз падслухалі яго думкі. Заўсёды такія маўклівыя і засяроджаныя, строгія і недасяжныя, непахісныя, на гэты раз яны былі зусім іншыя: уважліва, нават лісліва зазіралі яму ў вочы, далікатна ўступалі месца перад сабою, шмат і ветліва гаварылі. Ён, дзівячыся гэтай перамене і гэтай увазе канвойцаў, спытаўся ў Оі:

— Пра што яны гавораць? Што іх так уразіла?

— Яны кажуць, што ты — вельмі вялікі чалавек, Яго Мосць таксама пасмакаваў ужо яблык, і ён яму вельмі спадабаўся. Хваліў цябе. Загадаў падабраць табе лепшы палац у краіне. Ён сам растлумачыў канвойцам, што ты цяпер ужо не нейкі там таля-маля, а паважаны ў краіне чалавек. І табе ўсюды будзе аказвацца самая высокая пашана — такая ж, як і яму. Яго Мосць, як ён і казаў, спадзяецца з тваёю дапамогаю выйсці за шкляныя сцены нашай турмы…

Канвойцы, запабягаючы перад ім, паказваючы рукамі дарогу, бо самі ішлі следам, павялі Радзіма ў новае яго жытло.

Шкляны куб, дзе месцілася вязніца, стаяў на самай плошчы, пасярод яе. Яны, абмінаючы яго, абыходзячы людзей, што былі на плошчы, накіраваліся на супрацьлеглы бок. Там, крыху ўглыбіш, віднеўся вельмі прыгожы, сабраны з фігурнага шкла дом, што быў пабудаваны з выдумкаю, з архітэктурнымі знаходкамі. Ён, такі дзівосны, стаяў на голай шэрай зямлі, і таму кожнаму было відно, як не стае яму зялёнай травы на падворку, шумлівых дрэў над шкляным дахам, а каля веснічак — якога-небудзь маленькага гаваркога ручайка.

Разам з ім у ягонае цяперашняе жытло зайшла і Оя — паласкавелыя канвойцы, якія ўсё яшчэ ветліва ўсміхаліся яму, засталіся на вуліцы, каля дзвярэй.

Дом быў прасторны, пакояў зашмат — хоць ты які інтэрнат стварай! — і агледзеўшы ўсё гэта бязмернае жытло, ён падумаў, як холадна і няўтульна будзе тут жыць. Спадабаўся больш-менш невялічкі пакойчык з нядрэнным відам на плошчу, дзе заўсёды віравалі людзі, з якімі, як яму здавалася, будзе не гэтак самотна: агарнуў сум — падыходзь да акна, і ты ўжо нібы далучаешся да тых, хто ходзіць па вуліцы, нібы блукаеш разам з усімі.

Радзім падвёў Ою да акна.

Яно было шырокае, на ўсю сцяну — па сутнасці, як і ў Ягамосцевым палацы, уся сцяна і тут была акном — і таму здавалася, што ты знаходзішся не ў хаце, а на вуліцы — адсюль усё было відно як на далоні.

Вечарэла. Плошча вакол яго былой турмы усё яшчэ была запоўнена людзьмі. Адны смачна храбусцелі садавінаю, другія цярпліва чакалі, калі ўпадзе менавіта ягоны яблык, — плады пераспелі і цяпер ужо ападалі самі. Адсюль, зверху, было добра відаць, як людзі, што былі бліжэй, хапалі яблыкі і адразу ж адыходзіліся ўбок.

А над усім гэтым, шырока раскрыліўшы галіны, узвышалася вялікае, магутнае, зялёнае-зялёнае дрэва — крона яго сягала аж за плошчу, і пераспелыя плады падалі нават на шкляныя дахі прыпляцавых дамоў.

Радзім паклаў руку Оі на плечы.

— Гэта ж тваё дрэва, — ціха прамовіў ён. — Я падарыў яго табе.

— А навошта мне?

— Дык ты ж прасіла. Памятаеш: «Падары мне дрэва»?

— А ты ведаеш, што сваёю няўвагаю вельмі пакрыўдзіў Яго Мосць. Гэта дрэва ягонае…

— Гэта дрэва тваё… — выдыхнуў Радзім і прыгарнуў Ою яшчэ бліжэй да сябе.

І ў гэты час з-за самай высокай галінкі яблыні выплыла штосьці невыразнае, падобнае на светлае воблачка, якое ўсё расло і расло, набліжаючыся да іх. Калі воблачка спынілася перад самым акном, Радзім пазнаў у ім Юлю — яна, нічога не гаворачы, адно толькі ківала галавою і з дакорам, з асуджэннем глядзела на яго.

Оя вяла сябе нязмушана, і яму спачатку падалося, што яна не бачыць гэтай відзежы, але, калі воблачка, змяніўшы абрысы, зацёршы твар Юлі, паволі пачало здаляцца, а затым і зусім знікла за зялёнаю кронаю яблыні, зэмка, нават не гледзячы ў той бок, спакойна, як пра штосьці даўно вядомае, сказала:

— Я ж табе ўжо тлумачыла: яна знаходзіцца ў зусім іншым вымярэнні і вы з ёю ніколі не зможаце сустрэцца. Тое, што ты бачыў, гэта не Юля, гэта ўсяго толькі штамп яе. Разумееш, матрыца… — Сцепануўшыся як ад холаду, яна дадала: — Я пайду ўжо… А ты адпачывай. Натаміўся ж за дзень…

І выйшла з пакоя.

Ён яшчэ крыху пастаяў ля акна, паглядзеў на дрэва — яму здалося, што ён увачавідкі бачыць, як яно расце і шырыцца, — нават падумаў, што хутчэй за ўсё заўтра галіны дастануць да яго шыбін, а пасля разабраў ложак, які стаяў менавіта ў гэтым пакоі, і, стомлены, змораны, лёг спаць. Ложак тут ужо быў не шкляны, гэта яму спадабалася, і ён, нічога не асцерагаючыся, зручней умасціўся на ім і адразу ж заснуў.

Прачнуўся Радзім рана — разбудзілі галіны, якія і напраўду дараслі да акна і ўжо шкрэбліся ў шыбы. Ён пругка ўскочыў з ложка і падышоў да акна. І адразу аслупянеў. Плошчы не было! На яе месцы віравала зеляніна, там, унізе, буйнелі такія густыя і непралазныя зараснікі, з-за якіх нават не відно было людзей, — ці то зеляніна хавала іх, ці то яблыневы гушчар начыста выцесніў з пляца зэмаў — усіх да чалавека.

Ён спяшаючыся апрануўся і выскачыў з пакоя, каб бегчы хутчэй на плошчу. І нечакана ледзь не збіў з ног Ою — яна выходзіла з суседняга пакоя.

— І ты начавала тут? — здзіўлена спытаўся ён.

— Ага, — сціпла адказала дзяўчына.

І, бачачы, што Радзім нічога не разумее, патлумачыла:

— Яго Мосць загадаў і мне жыць у тваім шыкоўным палацы…

І каб ён не падумаў чаго-небудзь лішняга, сарамліва апусціла вочы долу:

— Ён хоча, каб ты хутчэй навучыўся нашай мове…

— Хадзем! — не даўшы Оі дагаварыць, хлопец, узрушаны тым, што нядаўна ўбачыў, схапіў зэмку за руку і зноў пацягнуў за сабою ў пакой, да акна. — Зірні, што робіцца!

Мора зеляніны шумела над плошчаю. Не было відно і турмы — яна таксама патанула ў гэтым віры жыцця. Нават асабліва не задумваючыся, было зразумела, адкуль з'явіліся такія джунглі — гэта папрарасталі тыя семкі, якія шчыра выкалупвалі зэмы з яблыкаў і абыякава кідалі пад ногі, на зямлю.

Што тут рабілася! Дрэвы ўзыходзілі, раслі, цвілі, пладаносілі. Яблыкі асыпаліся, разбіваліся аб зямлю, тут жа прарасталі і зноў раслі, цвілі, пладаносілі.

І дрэвы, і зямля нібы пазвар'яцелі: яны засумавалі, стаміліся адно без аднаго і цяпер апантана цешыліся з таго, што нарэшце разам.

Оя ўзрадавана глядзела на неўтаймоўны яблыневы сад, на зялёныя джунглі ўнізе, а ён спалохаўся: гэта ж катастрофа, якая скінецца такой жа самаю, а можа, яшчэ большаю бядою, чым тая, на якую асудзілі зэмаў таля-малі — дрэвы ж пры такой урадлівасці зямлі і спрыяльнасці клімату могуць так бескантрольна распладзіцца, што выжывуць нават людзей!

І тады ўвесь іх шкляны рай хрусне і асыплецца друзам, як ужо хруснула турма на плошчы толькі ад аднаго дрэва. А хіба шкло ўтрымае такі напор зялёнага хларафілу?

— Хадзем хутчэй туды! — Радзім зноў схапіў Ою за руку і хацеў бегчы разам з ёю на плошчу, але яна заўпарцілася.

— Навошта? Ты ж падарыў мне дрэва, а значыць, і ўсё, што ля яго вырасла. Дай палюбавацца зелянінаю…

— Оя, разумееш, гэта страшна.

— Страшна? Што ты — гэта прыгожа.

І ўсё ж, як яна ні ўпіралася, ён сілаю пацягнуў яе са шклянога палаца.

На плошчы адбывалася нешта неверагоднае. Увачавідкі раслі дрэўцы — яны аж шуршалі, сутыкаючыся, змешваючыся кронамі, лісцем. Адусюль да плошчы спяшаліся людзі, яны хапалі, выдзіралі з зямлі дрэўцы і, не атрасаючы карэнне ад зямлі, беглі ў розныя бакі, каб як мага хутчэй пасадзіць іх ля сваіх хат і сядзіб. Ён бачыў, з якой прагавітасцю глядзелі людзі на зарослую плошчу, на тыя дрэўцы, якія неслі ў руках, і пачынаў разумець, як засумавалі зэмы па зеляніне.

Людзі вырывалі, выкопвалі дрэўцы, як крадучыся, — быццам разумелі, што робяць нешта небяспечнае, што самі нясуць дадому сваю бяду: яны ж, калі разрастуцца, патрушчаць і хаты, і хлявы, запалоняць, як пустазелле, усе гарады і сцежкі, узламаюць вуліцы.

Ён з жахам уявіў сабе нават заўтрашнюю раніцу — прачнуцца людзі, а з хат выйсці не змогуць: дзверы не адчыніць — за адну ноч дрэвы зробяць іх вязнямі ў сваіх жа хатах.

Напалоханы гэтымі думкамі, ён з краю няўцямна пачаў затоптваць у зямлю, вырываць дрэвы, якія яшчэ былі кволыя і мяккія, як трава, — нібы збіраўся палоць сад.

— Што ты робіш?! — закрычала на яго Оя. — Не чапай!

Ён і сам разумеў, што вядзе сябе недарэчна, — хіба так уратуеш зэмаў ад бяды?!

Зніякавеў, пакінуў займацца глупствам, спытаўся:

— Слухай, а дзе дзед Жыў!

— Вой, — войкнула дзяўчына, — ён жа ў турме застаўся. — Радзім адчуваў, што і яе пачала апаноўваць трывога. — Можа, яго дрэвы задушылі… Хадзем вызваляць!

Шкляной турмы ўжо не было відаць і адсюль — месца, дзе яна стаяла, паглынула зеляніна. І ўсё ж Радзім, нічога не адказаўшы Оі, моўчкі пачаў прадзірацца праз гушчар — помніў, у якім баку трэба яе шукаць. За ім, адхінаючы галінкі, якія заміналі, ішла Оя.

Прадзіраліся яны доўга і цярпліва. Але калі падышлі блізка, не пазналі нават таго месца, дзе стаяла турма. Шклянога дома ўжо не было, яго начыста раструшчылі дрэвы.

Ледзь адшукалі яны і дзеда Жыва. Ён, мусіць, напіўшыся горкай вады, спакойна спаў пад лісцём у вузенькім праходзе між маладых дрэўцаў, што выраслі з яго ж семкаў, якія ён сам выкалупваў з агрызкаў. Радзім і Оя доўга расхіналі ўсюды лісцё — так шукаюць на градах агуркі,— пакуль, нарэшце, не ўбачылі старога.

Доўга будзілі яго, доўга ён, заціснуты дрэвамі, крэкчучы і нешта бубнячы сабе пад нос, выбіраўся з цеснага ложа, доўга тлумачыла яму Оя, што тут заставацца надалей небяспечна, а ён, паказваючы на зеляніну, пярэчыў, штосьці задаволена даказваў і смяяўся — відаць, ён, як яшчэ нядаўна і сама дзяўчына, не верыў, што дрэвы, якіх яны столькі чакалі, могуць прынесці ім шкоду.

І ўсё ж дзед Жыў пайшоў услед за імі. Папярэдне, праўда, ён вярнуўся да свайго лежыва, апусціўся на калені, доўга мацаў рукамі, шамацеў у лісці, пакуль не знайшоў конаўку з горкай вадою. І толькі пасля гэтага ён устаў з каленяў і пачаў даганяць іх.

На ўскраіну яблыневага лесу яны выйшлі той жа самаю сцежкаю, якую толькі што праклалі самі і якая не паспела зарасці зноў.

Куды падзець дзеда Жыва, Радзім нават не задумваўся — канечне ж, ён будзе жыць разам з імі ў палацы, які падараваў яму сам Верхавод. Хоць ён і разумеў, што гэты прытулак таксама для ўсіх іх часовы, — яблыневы сад дарасце і да палаца і, вядома ж, раструшчыць і яго…

З палаца, з таго самага пакоя, з якога вельмі добра відна плошча, Оя, а разам з ёю і дзед Жыў захопленымі вачамі глядзелі на дрэвы, любаваліся зелянінаю, а ў яго ўсё большала і большала трывога і нават з'яўляліся роспач, безвыходнасць: трэба нешта рабіць, трэба ратаваць ад дрэў людзей і зямлю. Яны ж зараз захопяць усю прастору, праб'юць сваімі верхавінамі шкляную столь, выпусцяць на волю, у нежыццёвую пустыню такое патрэбнае тут, у зашклёнай зямлі, паветра. І народ загіне!

«Што рабіць?! Нешта ж трэба рабіць. Нейкае выйсце ёсць», — ліхаманкава думаў ён, але галава была як парожняя і нічога вартага ў ёй не з'яўлялася.

— Чаму ты не радуешся? — убачыўшы яго заклапочанасць, спыталася Оя. — Ты ж падарыў нам тое, пра што мы марылі стагоддзямі. Дрэвы! Зеляніна! Сад! Дзякуй! — і, прыгарнуўшыся да яго, ласкава пацалавала ў шчаку. — Радуйся!

І тут жа да Радзіма кінуўся дзед Жыў. Стары абедзвюма рукамі ціснуў яму рукі, трос іх — відаць, і ён дзякаваў за такі цудоўны падарунак. Рукі ён трос Радзіму, але гаварыў да Оі. Яна перакладала.

— Дзед гаворыць, што трэба адразу ж ісці да Яго Мосці і прасіць, каб падымаў народ на вельмі вялікую справу. Трэба, каб людзі неслі яблынькі не да сваіх хат, не сабе пад вокны, а каб выносілі за шкляныя сцены, у мёртвую, нежывую пустыню і там саджалі іх. Няхай растуць! Ажыве пустыня, стане, як і раней, зялёнаю, і нам тады не спатрэбяцца ні вось гэтыя шкляныя сцены, за якія загнала нас бяда, ні гэтая цесная прастора, якая зрабілася нашаю вязніцаю…

«Божа мой! Гэта ж тое, што трэба — выйсце! — падумаў Радзім. — І як жа я сам не дадумаўся да такога! Яно ж, гэтае рашэнне, ляжала на паверхні. Дзякуй, дзед Жыў! Ты выратаваў сябе, а заадно і мяне. Уяўляеш, што б зрабілі са мною зэмы, калі б шкляны горад хруснуў, як цацачны, а дрэвы пачалі душыць людзей?!»

Цяпер жа яму знайшоўся паратунак: нават калі дрэвы раструшчаць шкляны горад, людзі застануцца жыць. Яны выйдуць у пустыню, дзе ўжо тыя ж дрэвы зробяць чыстае паветра.

Усяго гэтага ён не сказаў, а толькі падумаў. Узрадаваны, што выйсце знойдзена, схапіў Ою за абедзве рукі.

— Пайшлі!

— Куды?

— Да Яго Мосця. Няхай хутчэй дазваляе людзям выходзіць з дрэвамі за сцены горада. «Усе на азеляненне пустыні!» — як не крыкнуў ён нешта падобнае на лозунг роднай зямлі, і Оя паглядзела на яго, як на дзівака.

Дзед Жыў, здаецца, нават не заўважыў, што яны зніклі,— ён заварожана глядзеў у акно і сам сабе ўсміхаўся.

Яны збеглі на першы паверх і каля выхада зноў заўважылі тых самых канвойцаў, якіх Яго Мосць падарыў яму як сяброў. Цікава, калі заходзілі сюды, ахоўнікаў яны не бачылі — мусіць, некуды адлучаліся.

Каля іх ужо стаяла нешта падобнае ці то на аўтамабіль, ці то на ракету. Два стаеннікі, запрэжаныя ў калясніцу, нецярпліва білі капытамі — яны гатовыя былі везці ракету ў любым накірунку.

— Што гэта такое? — спытаўся Радзім.

Оя, паказаўшы вачыма на цыгарападобную машыну, загаварыла штосьці да ахоўцаў. Тыя, ветліва ўсміхаючыся ёй, штосьці адказвалі — былі сама ўвага і далікатнасць. Гэта, здаецца, падабалася дзяўчыне — у адказ ім яна ўсміхалася таксама. Праз нейкія час Оя патлумачыла:

— Яго Мосць падарыў табе самаход. Такі ж, як і ў яго самога.

— А навошта ён мне?

— Дык гэта ж зручна.

— Дзякуй. Але я люблю хадзіць пешкі,— усміхнуўся ён і сказаў: — Пайшлі!

Аднак канвойцы-ахоўнікі рашуча заступілі яму дарогу. Яны не дазвалялі прайсці і ветлівымі жэстамі запрашалі ў машыну. Радзім прасіў Ою растлумачыць ім, што яны пойдуць да Яго Мосця пешкі, што на такой доўгай машыне, ды яшчэ з коньмі нязручна круціцца па вузкіх і кароткіх, вуліцах, але ахоўцы былі непрыступныя — толькі на машыне, толькі на машыне…

З імі згаджалася і Оя.

— Разумееш, — разважала яна, — Яго Мосць падумае, што ты не паважаеш яго, грэбуеш падарункам, які ён зрабіў табе ад шчырага сэрца. Давай першы раз з'ездзім у палац, пакажам, што мы прынялі яго падарунак, а потым будзем хадзіць, а гэтая цыгара няхай стаіць у нас пад вокнамі.

— А коні?

— Пра коней няхай яны думаюць, — паказала Оя на ахоўцаў.

Дзяўчына ўгаварыла яго, і ен хоць і з вялікаю неахвотаю, але ўсё ж згадзіўся лезці ў машыну.

Машына была для гэтага шклянога горада завельмі шыкоўная. Адзін ахоўнік сеў за руль, даруйце, за лейцы, другі гэпнуўся побач з ім, а Радзім з Ояй сціпла ўладкаваліся на прасторным заднім сядзенні — месца там хапіла б і яшчэ для дваіх, такіх як яны, пасажыраў.

Ахоўнік адною рукою — другая ляжала на стырне — тузануў лейцы, коні паціху пайшлі, машына, як усё роўна завялася, нячутна кранулася з месца і, прымінаючы коламі парасткі новых яблынь, якія падыходзілі ўжо да самага ганка, няспешна выруліла на вуліцу.

Вуліца таксама паспела зарасці маладзенькімі яблынькамі. Яны сцябалі па бамперы, шаргаталі па днішчы, згіналіся, але не ламаліся і ззаду, адразу ж за коламі, як гумавыя, выпрамляліся зноў.

На вуліцах быў вялікі рух, і таму ахоўцы не вельмі разганялі коней, каб выпадкам каго-небудзь не падбіць. Людзі мітусіліся, хадзілі туды-сюды: хто кіраваўся яшчэ толькі на плошчу, а хто ўжо, шчаслівы, бег адтуль з маленькім дрэўцам.

Зэмы заўважалі яго, пазнавалі, задаволена ўсміхаліся і ветліва махалі яму рукамі — як усё роўна якой славутасці ці самому Верхаводу. А ён саромеўся гэтай увагі і не адказваў на прывітанні.

Оі ж гэта падабалася. Ён зірнуў адным вокам на яе задаволены твар, і яму стала радасна за яе: ці многа чалавеку трэба, каб быць шчаслівым!

І раптам Радзім, яшчэ нічога не разумеючы і не бачачы, адчуў, што машына спынілася, стаіць на месцы. Яму напачатку здалося, што гэта нехта з асабліва шчырых прыхільнікаў кінуўся над самыя колы, каб выказаць прышэльцу сваю ўдзячнасць, а ахоўцы затармазілі, баючыся на каго-небудзь наехаць. Але перад машынаю нікога не было, а тыя зэмы, што ішлі наўзбоч, таксама спыніліся, параскрывалі раты і са здзіўленнем назіралі, што тут адбываецца.

Радзім вачыма пашукаў коней, аднак каля машыны іх не ўбачыў — яны, адпрэжаныя, валакучы за сабою лейцы, ішлі ўжо вольна далёка наперадзе: хто іх і калі выпраг — невядома.

Нечакана цыгарападобная калясніца, у якой яны сядзелі, нібы натурлівы конь, узвілася, стала на заднія колы. Пад машынаю нешта зашыпела, загуло, і не паспеў Радзім апамятацца, як ужо зразумеў, што яны ляцяць проста ўгору пад самую столь.

Адразу ж наперадзе ў іх, перад ветравым шклом, штосьці залопала, зашуршэла, нібыта раскрываўся які парасон. Той жа час вачам стала цёмна, як усё роўна іх нешта засланіла. Хутчэй за ўсё гэтае «нешта» лёгка прабіла шкляную столь — Радзім паспеў схаваць галаву сам, а Оіну прыгнуў адзін з канвойцаў — і яны выразна пачулі, як па парасоне залопалі кавалкі разбітага шкла, як тыя са звонам пасыпаліся на зямлю.

Як толькі ракета вырвалася з-пад шклянога даху, яна адразу ж прыняла гарызантальнае становішча, па баках у яе з'явіліся элегантныя срабрыстыя крылы, якія шырыліся ад самага ветравога шкла, і павольна, нібы ў беспаветранай прасторы, паплыла над нежыццёваю пустыняю.

Радзім і Оя, бледныя, напалоханыя, сядзелі ціха, не варушачыся. Абодва ахоўцы цяпер, здаецца, не звярталі на іх ніякай увагі — былі занятыя палётам, напружана сачылі за прыборамі, і таму толькі той, што быў побач з пілотам, зрэдзь калі кідаў позірк у іх бок, каб пераканацца, што яны сядзяць на месцы, пакуль што не выпалі і не згубіліся.

— Спытай у іх, куды мы ляцім, — як прайшоў крыху спалох, папрасіў ён Ою.

Але ўбачыўшы, што зэмка сядзіць ні жывая і ні мёртвая і не можа з пераляку нават вымавіць слова, змоўк і сам і з нейкім лёгкім галавакружэннем пачаў разглядаць шэрую і нецікавую пустыню, якая, нежыццёвая і непрывабная, паволі праплывала пад імі.

Азірнуўся назад. Убачыў, як здаляецца ўпісаная ў горы і ў пустыню вялізная цяпліца, пад якой — цэлы горад, а магчыма, і не адзін, а некалькі гарадоў, уся краіна. Адсюль, здалёку, ужо добра акрэсліваліся нейкія шары, кубы, сферы, паўсферы, рашэцістыя дахі, якія зблізку, пад шклом, нельга было разгледзець.

Падумаў, што калі б хто-небудзь з зямлі вось зараз мог убачыць іхні палёт, яго, канечне ж, здзівіла б прыстасаванне, на якім яны ляцелі: аўтамабіль, з самымі сапраўднымі коламі, што бездапаможна вісяць у паветры, але ён ужо, як птушка, махае крыламі, абапіраючыся на разрэджанае паветра, а спераду, нібы наморднік, узбіўся на радыятар стальны парасон, з дапамогаю якога ракета прабівала шкляны дах.

Аднак ніхто з зямлі іх не бачыў,— пустыня пад імі была бязлюдная, нежыццёвая: ніводная казяўка ўнізе не парушала дрымотнага спакою пяску. Упасці на яе было страшна.

Тым часам пілоты дасталі адтуль, дзе ў машынах звычайна бываюць запальнічкі для прыкурвання, маленькае перагаворнае прыстасаванне, па чарзе з некім ажыўлена перамаўляліся, заклапочана нешта абмяркоўвалі. Радзім хацеў быў спытацца ў Оі, пра што яны гавораць, але ўбачыўшы, што дзяўчына ўсё яшчэ не прыйшла ў сябе, сядзіць, нібы сонная, не стаў яе чапаць.

Праз нейкі час ракета пачала зніжацца. Спачатку Радзім падумаў, што, можа, выявіліся якія непаладкі і чакаецца змушаная пасадка, але ўбачыўшы, як спакойна маніпуліруе рычагамі і нейкімі тумблерамі пілот, зразумеў, што зніжаюцца яны свядома.

Нарэшце ракета дакранулася коламі да зямлі, праехала крыху па нечапаным пяску і зарылася носам у высокі пясчаны бархан. Пілоты, былыя канвойцы, а цяпер ахоўцы, моўчкі выйшлі з машыны — лятальны апарат стаў ужо зноў звычайнаю машынаю, нават крылы пахаваў,— адышлі далей у цень ад бархана, паслалі нейкую латніну пад сябе і ўлегліся на пясок.

Раскатурхаў і ён Ою. Яны таксама вылезлі з машыны.

Бязлітасна пякло сонца. Пясок быў гарачы, і ад яго дыхала такою спёкаю, што гарачыня, як ватаю, забівала рот. Не было чым дыхаць: і паветра разрэджанае, і сквар невыносны.

Радзім з Ояю таксама адышліся пад бархан, у крыху прыцененае месца. Ахоўцам стала не відаць іх, і яны заварушыліся, не выходзячы асабліва з ценю, пасунуліся, каб захопленыя былі навідавоку — хоць адсюль, канечне ж, нікуды не ўцячэш, але ўсё ж спакайней, калі бачыш украдзенае.

Сквар быў неймаверны, яму хацелася зняць сарочку, але ён не рабіў гэтага — ведаў, што сонца тады сасмаліць, спячэ зусім.

Злодзеі — ён ужо разумеў, што яго зноў укралі, толькі не ведаў навошта — ляжалі пад барханам і, раз-пораз пазіраючы ў іх бок, спакойна, ціхамірна гаманілі, смяяліся.

Оя, здаецца, ачомалася, зразумела, што з імі здарылася, але сядзела на пяску і, абыякава гледзячы ў пустыню, здавалася, ні на што не звяртала ўвагі. Радзім жа бачыў, што яна ўважліва слухае выкрадальнікаў. Каб не перашкаджаць ёй, прыхінуўся да бархана, сядзеў ціха і маўчаў. І толькі калі пясок зверху тоненькім ручайком нечакана пацёк яму за каўнер, паварушыўся, і гэта нібы абудзіла Ою. Яна павярнулася да яго.

— Ведаеш, пра што яны гавораць? Гэта ж таля-малі. Разумееш, то ж трэба так спрытна прыкінуцца зэмамі, што нават Яго Мосць паверыў у гэта і ўзяў да сябе на службу. Зараз яны наўзахапкі расказваюць адзін аднаму, як абдурылі нас, пацяшаюцца над Яго Мосцю.

Оя гаварыла гучна, — не баючыся, што таля-малі яе пачуюць. А калі і пачуюць, усё роўна нічога не зразумеюць: беларускай жа яны не ведаюць.

— Слухай, а давай мы будзем вучыць тваю мову, — нечакана прапанаваў Радзім. — Усё роўна ж няма чаго рабіць.

Але Оя не згадзілася.

— Не час, хлопча, — ледзь перавяла яна дыханне.

Гаварыць ёй было цяжка, яна задыхалася — разрэджанае паветра сушыла ў роце, яго не хапала, а гарачыня, якая дыхала ў твар ад распаленага пяску, здаецца, абпальвала горла, набівалася ў лёгкія, закладала бронхі. І яму цяжка было дыхаць, ён таксама задыхаўся. Радзіма пачынала апаноўваць падсвядомая трывога. Зірнуў у той бок, дзе ляжалі людзі, што выкралі іх і прывезлі ў гэтую пустыню, — яны і самі задыхаліся, хапалі ратамі паветра, як рыба, выкінутая на бераг. Ізноў падумалася, што самаход іхні сапсаваўся, што яны змушана селі ў гэтае пекла пяску, памагчы ім няма каму, і таму, відаць, так і давядзецца тут паміраць — сонца высушыць іх, пясок засыпле трупы і толькі вось гэтая дзіўная ракета-аўтамабіль, нібы нейкі вар'яцкі помнік, яшчэ доўга будзе паказваць тое месца, дзе яны пахаваны, пакуль і на яе, нарэшце, не наступіць які-небудзь бліжэйшы бархан.

Яму хацелася хоць чым-небудзь дапамагчы Оі, але як гэта зрабіць, ён не ведаў. Што можна знайсці для дапамогі тут, дзе, апрача пяску, нічога няма?!

Пасунуў дзяўчыну яшчэ далей у цень і, пальцамі асцярожна дакранаючыся да яе вуснаў, хацеў зняць пясчынку, што прыліпла да верхняй губы. Оя не адсланілася, а наадварот падалася наперад, пацерлася вуснамі аб яго пальцы, а затым даверліва прыхінулася гарачаю шчакою да Радзімавай далоні, нібы шукала спагады і абароны.

Абое яны дыхалі цяжка, задыхаліся.

Радзім, разумеючы сваю бездапаможнасць, не вытрымаў Оінага позірку, адвёў вочы, у адчаі ўгледзеўся ў нейкае зусім выцвілае ад сонца неба… І аж скалануўся. Ці не галюцынацыі гэта пачынаюцца ў яго? Далёка-далёка, пры самым гарыстым небасхіле, ён убачыў невялічкае воблачка, якое, усё павялічваючыся і павялічваючыся, злёгку пагойдваючыся, імкліва набліжалася ў іхні бок. Амаль той жа час, як з'явілася воблачка, пачуўся дзіўны гул, які быццам бы выходзіў з нейкага незразумелага рухавіка. Воблачка і рухавік? Бог ведае што! Ён прыслухаўся ўважлівей і зразумеў, што гул да воблачка не мае ніякіх адносін, — воблачка ляцела з аднаго боку, гул ішоў з іншага, але і тое і другое набліжалася менавіта сюды, да іх.

Калі аблачынка была ўжо зусім блізка, ён зноў пазнаў у ёй Юлю. Яна спынілася непадалёку ад іх у небе, пастаяла крыху над зямлёю, моўчкі, але дакорліва пахітала, як і папярэдні раз, галавою. Радзім інстынктыўна выцягнуў руку з-пад Оінай шчакі і падхапіўся, каб бегчы да Юлі. Гул жа ўсё набліжаўся. Неўзабаве зусім побач нешта затрашчала, заскрыгатала, і воблачка-Юля, нібы спалохаўшыся шуму, уздрыгнуўшы, сарвалася з месца і хутка-хутка, нібы ўскрыленая птушка, паляцела туды, адкуль і з'явілася. Ён правёў Юлю вачыма аж за небасхіл, шкадуючы, што зноў не сустрэліся, і толькі тады агледзеўся: што тут, маўляў, робіцца?

Амаль каля іхняга аўтамабіля на невялікім бархане стаяў аграмадны шкляны шар. Ён быў вельмі падобны на лятаючыя талеркі, якія, Радзім памятае, малявалі на зямлі ў газетах і часопісах. Каля яго ўжо хадзілі нейкія людзі ў вялікіх, таксама шкляных, шарах, а з талеркі выходзілі усё новыя і новыя незнаёмцы. І яны былі ў гэткіх самых празрыстых скафандрах. Некаторыя мелі іх і ў запасе, трымалі шары яшчэ і ў руках.

Вакол тых, што прыляцелі, мітусліва бегалі іхнія выкраданцы. Яны спяшаючыся надстаўлялі пад шары галовы, хацелі, каб ім хутчэй іх надзелі, але назолаў адпіхвалі рукамі і нешта раззлавана гаварылі ім, тлумачылі.

— Ведаеш, пра што яны гамоняць? — перасільваючы задышку, спыталася Оя. — Кажуць, маўляў, чаго вы спяшаецеся, мы ж прыляцелі не па вас, а па іх. І на нас паказваюць.

Людзі са шклянымі скафандрамі ў руках ужо ішлі да іх. Выкрадзеныя падняліся з пяску. Радзім дапамог устаць на ногі Оі, яны стаялі поплеч і чакалі, што з імі будуць рабіць. Касманаўты, як іх сам сабе назваў Радзім, падышлі Да іх і адразу, неяк хутка і лёгка, абоім адначасова, надзелі на галовы такія ж, як і ў саміх, шкляныя шары. Радзіму здавалася, што яны, дужа вялікія і цяжкія, будуць ціснуць на плечы, але скафандры, як выявілася, былі амаль невагомыя, і зусім не адчувалася іхняга цяжару. Касманаўты нешта прывінцілі, нешта ўзялі на зашчапкі. Націснулі нейкія кнопкі і адышліся да гурту, дзе такія ж шары ўжо надзявалі і былым іхнім ахоўнікам.

Радзім адразу адчуў, як лёгка стала дыхаць. Убачыў радасныя вочы Оі, заўважыў, як яна ўпершыню за апошні час усміхнулася, і ўзрадаваўся: тыя, што прыляцелі за імі, прывезлі апараты для дыхання ў беспаветранай прасторы, і цяпер ужо, канечне, ім гэтая мёртвая пустыня не пагражае.

Людзі ў шарах выглядалі смешнавата: унізе тоненькія, а зверху на плячах у кожнага матляюцца вялікія, шкляныя, круглыя, як колбы, пузыры. Шары былі настолькі грувасткія, што было нават дзіўна, як гэта людзі, ходзячы так блізка адзін ля аднаго, не стукаюцца імі, не судакранаюцца пры сустрэчах.

Усе — і тыя, хто іх выкраў, і тыя, хто прыляцеў па выкрадзеных, — пастаялі яшчэ крыху каля машыны-ракеты, пра нешта пагаварылі, параіліся. Відаць, абмяркоўвалі, што рабіць з аўтамабілем, які, канечне ж, хоць талерка і такая вялікая, усё роўна не ўмесціцца ў ёй, — а потым забралі штосьці з сігары, перанеслі ў шар, затым прыйшлі і па іх. Першымі прапусцілі ў талерку Радзіма і Ою, а за імі спакойна, не спяшаючыся зайшлі і ўсе іншыя. Дзверы самі сабою бясшумна зачыніліся.

Іх пасадзілі ў мяккія крэслы, расселіся самі, і шар гэтак жа бясшумна, як зачыняліся і дзверы, падняўся над зямлёю і паляцеў. Адкуль толькі і браўся той грукат, ад якога закладала вушы, калі ён набліжаўся і садзіўся ў пустыні?! Відаць, увесь той шум астаецца вонкі, а кабіна ад яго вельмі добра абаронена.

Шар, мусіць, каб знарок паказаць ім свае вартасці, некалькі разоў мяняў накірунак — спыняўся ён лёгка і ляцеў у любы бок нязмушана, — а затым, набраўшы патрэбную вышыню, паляцеў наперад імкліва і прыгожа.

Ляцелі хутка. Унізе мільгалі барханы. Радзім глядзеў на пустыню, такую няўтульную, нежывую і, наслухаўшыся зэмаў пра каварнасць, хітрасць, хцівасць, несумленнасць таля-маляў, не зважаючы на тое, што па іх прыляцелі нармальныя, нават далікатныя людзі, з жахам думаў пра сустрэчу з гэтымі нягоднікамі на іхніх сцежках і дарогах.

Зямля ўнізе ўвачавідкі змянялася. З жоўтай, пясчанай ператваралася ў шэрую, камяністую, а яшчэ нядаўна спякотныя яе колеры рабіліся ўсё больш і больш халоднымі.

Таля-малі

Таля-малі сустрэлі іх вельмі прыязна, нават гасцінна і ўрачыста. Яшчэ толькі пралятаючы над Талямаліяй, Радзім заўважыў нейкі вялікі рух на незнаёмай, зусім шэрай зямлі. Зверху людзей не было відаць, толькі калыхаліся вялікія, круглыя скафандры, яны засланялі рукі і ногі, а таму здавалася, што гэтыя шкляныя шары рухаюцца самі сабою.

На аэрадроме ўжо стаялі, роўна выстраіўшыся, шыхты, — мусіць, ганаровая варта, ужо іграў вялікі зводны аркестр. Іх сустракалі, здаецца, як самых паважаных гасцей. Калі іхні шар знізіўся і, зрабіўшы круг, нарэшце, гэпнуўся на нейкі зялёны штучны дыван, да яго адразу пачалі надыходзіць людзі. Бясшумна рассунуліся дзверы, Радзіма і Ою і на гэты раз прапусцілі чамусьці першымі.

Людзі, якія прыйшлі іх сустрэць, вітаючы, шчыра махалі рукамі, але яны ўсё роўна спускаліся па прыступках няўпэўнена і насцярожана. Ужо калі яны ступілі на зямлю, з натоўпу выйшаў адзін чалавек, падышоў да іх і сказаў:

— Мы шчыра вітаем цябе на роднай зямлі!

Оя пераклала яму вітанне даслоўна, але ён не паверыў ёй, падумаў, што ачуўся і папрасіў паўтарыць яшчэ раз.

— Мы шчыра вітаем цябе на роднай зямлі,— незадаволена прагаварыла Оя, — дзяўчыне не спадабалася, што ёй не вераць.

Не, Радзім і сам, канечне ж, разумеў, што зэмка ўсё пераклала правільна, але вось гэтае «цябе» і «на роднай зямлі» вельмі збянтэжыла хлопца — выкралі і яшчэ пацяшаюцца, пра нейкую родную зямлю, нягоднікі, гавораць!

Пасля, крыху падумаўшы, Радзім супакоіўся: зэмы ж яго звалі «таля-малям», і ён ужо сам адклікаўся на гэтую мянушку. Ды і прыляцеў жа новаспечаны таля-маля не куды-небудзь, а да таля-маляў, дык чаго ж крыўдзіцца… Канечне, прыляцеў на родную зямлю! Як свой да сваіх. Як хімік да хімікаў.

Хаця які з яго хімік! У школе яму хімія чамусьці не ішла: аднавалентны, шматвалентны…

Памятае, як аднойчы ў хімічнай лабараторыі ён, праводзячы дослед на ўтварэнне газаў, так начадзіў, што настаўніца аж рукамі замахала: «Хопіць, хопіць, Яснавец, сядай хутчэй, а то ты ўжо і так надыміў, што ў класе нічога не відаць».

Успомніўшы гэта, ён усміхнуўся, а тыя, што сустракалі, узрадаваліся і запляскалі ў далоні — падумалі, што ён задаволены іхнім прыёмам.

Таля-малі былі зусім не страшныя. Яны здаваліся яшчэ больш кантактнымі, сяброўскімі, нават шчырэйшымі, чым самі зэмы. Думка пра іх як пра бязлітасных вылюдкаў, была, канечне ж, перабольшаная — гэта зэмы такім чынам спрабавалі кожнага запалохаць таля-малямі.

Шкляныя скафандры зусім не заміналі гаварыць. Наадварот, яны былі так дасканала абсталяваны, што ўзмацнялі ўсе гукі, дапамагалі размове: словы рабіліся яшчэ больш гулкімі і выразнымі.

Калі цырымонія сустрэчы была закончана, калі пайшоў аркестр, які да гэтага іграў маршы, калі нейкі таўстун скруціў дываны, па якіх ішлі яны з Ояй да натоўпу, калі высокі і доўгі — худы-худы! — таля-маля пачаў падмятаць пасля мітынгу чыстую і так зямлю, замятаючы, як на пагранічнай паласе, нават сляды, да іх падышлі іхнія, яшчэ зэмаўскія канвойцы і сказалі — ці то загадалі, ці то папрасілі:

— Паехалі.

Радзім азірнуўся, але ніякай машыны паблізу не ўбачыў, таму і здзівіўся: а на чым жа яны збіраюцца ехаць?

І той жа момант пад ногі яму пляснуліся дзве невялікія хвалькі, якія адразу скаціліся ў жывыя, круглыя, рухавыя, нібы ртуць, кроплі-шарыкі, і не паспеў ён агледзецца, як убачыў, што імкліва кудысьці ляціць: кроплі круціліся пад ім так хутка, што аж чыркалі аб падэшвы і награвалі іх — нават праз абутак ён адчуваў, як горача робіцца нагам.

Побач на такіх жа кроплях-роліках імчалі Оя і ахоўцы. Зямля была роўная, голая, цвёрдая, нібы ўтрамбаваная, нідзе не расло аніводнага кусціка, а таму нішто не замінала іхняму руху.

Каля нейкага шклянога будынка, вельмі ж падобнага на колбу, яны спыніліся, шарыкі выкаціліся з-пад ног і невядома дзе зніклі. Ён ужо цупка стаяў на зямлі.

Толькі ў фае будынка заўважыў, што астаўся з адным канвойцам, — Оі і другога таля-малі побач не было.

Яго адразу ж абступілі людзі. Яны ўсміхаліся, паціскалі яму рукі, нешта гаварылі. Радзім нічога не разумеў, адно ў трывозе азіраўся вакол, нервова шукаючы, каб хто пераклаў тое, што гавораць, і гучна клікаў:

— Оя! Оя!

Бачыў, што таля-малі здзіўляюцца, што ім гэта не падабаецца, што яны не задаволеныя ім.

Яго запрашалі ў залу паседжанняў, але Радзім не ішоў — ён, маўляў, без перакладчыка нічога не разумее. Дамогся ўсё ж, каб сюды прывялі дзяўчыну, і толькі тады, узяўшыся за рукі, прыціснуўшыся шарам да шара, яны ўвайшлі ў залу паседжанняў.

Таля-малі ўсё яшчэ крычалі ім штосьці ўслед.

— Што яны крычаць? — спытаўся ён у Оі.

— Яны кажуць, што ты іхні сябра, іхні высокі госць. А я вораг, бо зэмка. Таму я павінна быць у іншым месцы.

— Дарэчы, а дзе ты была?

— Здаецца, у турме, — ледзь паспела адказаць яна, бо ўжо да іх падышлі таля-малі.

Радзіма папярэдзілі, што на сустрэчу з ім сабраўся ўвесь Важны Савет Талямаліі. Прыйшлі нават абодва кіраўнікі дзяржавы — і прэзідэнт і прэм'ер-міністр. Значыць, хлопца і сапраўды тут маюць за вельмі высокага госця і хутчэй за ўсё хочуць дамагчыся ад яго чагосьці дужа сур'ёзнага.

Зала была ярка асветлена. Над круглым сталом ужо боўталася шмат шкляных шароў — твараў не было відно, бо святло, адбіваючыся ад шкла, рабіла іх амаль непраніклівымі, нібы парожнімі. Ім паказалі на вольныя месцы, і Радзім, толькі сеўшы, пачаў аглядацца — шукаў, дзе ж знаходзяцца самыя галоўныя таля-малі. Але стол быў вельмі круглы, і знайсці за ім нейкі прэзідыум было немагчыма. Убачыўшы паважных, сур'ёзных, самавітых людзей, якія сядзелі злева ад яго, Радзім падумаў, што гэта і ёсць кіраўнікі дзяржавы, і чакаў, што гаварыць пачнуць адтуль. Але загаварылі якраз з другога боку. Павярнуўшыся на голас, ён не паверыў, што менавіта справа сядзяць правадыры, — там людзі былі не такія важныя ды і адзеннем яны асабліва не вылучаліся. Да таго ж яму здалося, што гэтых людзей ён ужо недзе бачыў. Пачаў успамінаць і ўспомніў, што сустракаў іх на аэрадроме: вось той, што зараз гаворыць, згортваў дыван, а той, што ўважліва яго слухае, падмятаў пыл пасля сустрэчы. Ён заёрзаў на месцы, пачаў недаверліва азірацца па баках: няўжо вось гэтыя звычайныя, прымітыўныя на выгляд людзі і ёсць самыя важныя асобы ў Талямаліі?

— Супакойся, о вялікі наш госць, — убачыўшы і адчуўшы Радзімаву разгубленасць, усміхнуўся таўстун, якога ён запомніў па дыване. — Усё правільна: я — прэзідэнт, а ён, — і паказаў на тонкага, худога чалавека, — прэм'ер-міністр.

— Прабачце, — нясмела загаварыў Радзім. — Але ж я вас бачыў на аэрадроме: вы дыван згортвалі, а прэм'ер-міністр пыл падмятаў.

— Усё правільна, наш вялікі хімік. У нас ніякая праца не лічыцца заганнай — ні для прэзідэнта, ні для прэм'ер-міністра.

Прэзідэнт задумаўся, крыху памаўчаў, а потым загаварыў зноў:

— А ў гэтым нам дапамаглі зэмы, — і таўстун сурова зірнуў на Ою; яна сцялася, затрымцела ўся і астатняе перакладала ўжо дрыжачым голасам. — Тады, калі яны знішчалі нас пад корань. Калі кожны з нас быў асуджаны на смерць. Мы павінны былі неяк выжываць, ратавацца. Таму светлыя нашы галовы, лепшыя нашы людзі, каб заблытаць, перамагчы зэмаў, рабіліся дворнікамі, лёкаямі, вадавозамі. Бо разумных, моцных зэмы знішчалі ў першую чаргу. Вучоных таксама.

Ён паварушыў галавою ў шары, шар захістаўся, і прэзідэнт стрымаў яго рукою.

— А ў чым мы былі вінаватыя? У тым, што любілі навуку больш за жыццё і аддавалі ёй усё, што маглі? Але ж, мусіць, так заўсёды бывае: нехта шчыра служыць навуцы, а нехта прысвойвае яго працу. Часцей за ўсё нячысцік стаіць побач з вучоным і чакае, калі той што-небудзь прыдумае. Тады крадзе адкрыццё і ўцякае, каб зрабіць атамную бомбу ці вось так знішчыць зямлю, як знішчылі нягоднікі Зэмаўшчыну і Талямалію, скарыстаўшы нашы веды.

— Даруйце, — звярнуўся ён да Важнага Савета, — разгаварыўся я сам, а мы сабраліся паслухаць вось гэтага хлапца з незнаёмай нам Беларусі. Дарэчы, а дзе нашы героі? Мы ж думалі ўручыць ім сёння ўзнагароды за подзвіг.

У залу запрасілі іхніх канвойцаў. Што гаварыў, віншуючы іх, вешаючы ім на шыі нейкі цяжкі ордэн на зялёнай істужцы, прэзідэнт, Оя яму не перакладала. Калі Радзім папрасіў аб гэтым, зэмка, спяшаючыся, пераказала — вы, маўляў, наша гордасць, вамі можа ганарыцца нацыя, гэта выкраданне веку. Выкрадальнікі дзякавалі ў адказ і былі вельмі шчаслівыя ад такой увагі і пахвалы.

Радзім ужо і сам здагадваўся, навошта яго выкрадалі, і таму не здзівіўся, калі прэзідэнт пачаў пра гэта гаворку:

— Ты ўжо, мусіць, зразумеў, хлопча, убачыў, як мы змагаемся са сваёю бядою, якую выгадавалі сваімі рукамі і сваімі галовамі. Калі яшчэ не паспеў — не хвалюйся: пажывеш з намі, прыгледзішся, разбярэшся. Многае нам ужо ўдалося. Узяць хоць бы тое, што вакол нас варожае жыццю асяроддзе, а мы жывём. Знайшлі новы сродак руху па мёртвай зямлі, хай пакуль што і доследны, у некалькіх экземплярах. Ты ж сам мог яго ацаніць — з аэрадрома цябе пракацілі якраз на гэтым кроплемабілі. Але мы лічым, што нашу зямлю выратуе толькі дрэва: яно дасць нам і паветра, і новае асяроддзе. Мы ведаем, што ты, хлопча, зрабіў зялёнаю ўсю Зэмаўшчыну. Яблыневыя сады там папаламалі ўсе шкляныя сцены і дахі і ўжо вырваліся ў пустыню. Пустыня пачынае зелянець! Таму мы шчыра просім цябе: падары і нам дрэва! Многае мы зрабілі, многае навучыліся аднаўляць, а вось сканструяваць дрэва не можам. Ведаем усе яго сакрэты, аднак нічога не атрымліваецца. І зараз уся наша надзея на цябе.

Цяпер задумаўся Радзім. Калі Оя скончыла перакладаць, ён апусціў нізка галаву і доўга маракаваў, як не пакрыўдзіць таля-маляў і ўсё ж сказаць ім, што падарыць дрэва ён не зможа.

Не, не таму, што наслухаўся ад зэмаў пра вялікую віну таля-маляў за ўсё, што здарылася з іхняй зямлёю, а толькі з тае прычыны, што ў яго няма ніводнага зернетка, якое можна б было пасадзіць у нежывую зямлю.

Калі Радзім растлумачыў усё гэта шаноўнаму Савету, адразу ж са сваіх месцаў падхапіліся толькі што ўзнагароджаныя канвойцы і стрымгалоў, стукаючыся шарамі, пабеглі хуценька ў дзверы. Неўзабаве яны вярнуліся назад. Радзім убачыў, што кожны з іх трымае ў руках па яблыку — чырвонаму, спеламу, сакаўному.

Члены Важнага Савета, якія былі засмуціліся ад яго слоў, адразу павесялелі і ўзрадавана запляскалі ў далоні.

Выкрадаючы Радзіма, канвойцы не ведалі, што красці трэба было не так яго, як менавіта вось гэтыя плады, цёмна-карычневыя семкі з якіх і гэтую краіну могуць зрабіць шчасліваю. А яблыкі, высветлілася, аказаліся ў іх выпадкова: як ехалі па вуліцы, яны нападалі з дрэў у машыну, потым, у пустыні, канвойцы забралі іх у талерку, якая прыляцела за імі.

Убачыўшы яблыкі, задаволена ўсміхаўся і ён сам — таля-малі яму спадабаліся, і Радзім ужо шчыра хацеў ім дапамагчы: а калі ёсць яблыкі, неўзабаве будзе і яблыневы сад!

Радзім узяў з рук аднаго канвойца спялейшы яблык, абцёр яго рукавом, адкусіў і пачаў са смакам есці сакаўную, прыемна-салодкую мякаць.

Усе прысутныя жахнуліся — толькі бедаваў, што няма яблыка, каб падарыць ім дрэва, а зараз, калі той з'явіўся, ён з'ядае яго, знішчаючы, як ім здавалася, апошнюю надзею азеляніць Талямалію. Тыя, што былі бліжэй, нават памкнуліся да хлопца — каб адабраць яблык.

Радзім адчуваў, бачыў гэты амаль жывёльны жах дэпутатаў, але не звяртаў на іх ніякай увагі — спакойна, не спяшаючыся даеў яблык, вытрас, выкалупаў на далонь спелыя семкі, выкінуў у сметніцу агрызак, узяў у руку і другі яблык.

— Я гатовы працаваць, — калі даеў і другі плод, сказаў ён. — Толькі пакажыце, калі ласка, дзе вам патрэбен сад.

Яму адказаў не прэзідэнт, а прэм'ер-міністр — калі той устаў у повен рост, яшчэ выразней стала бачна, які ён худы і доўгі.

— Добра, добра, — задумліва згадзіўся высокі.— Мы вас стрымліваць не будзем. Мы самі зацікаўлены, каб як найхутчэй зазелянела наша зямля. Ідзіце і працуйце. Поспехаў! Вам зараз пакажуць месца, ужо даўно адведзенае пад нацыянальны парк.

І не паспеў прэм'ер-міністр сесці, як у іх бок накіраваліся двое дужых хлопцаў. Радзім думаў, што яны ім пакажуць, куды ісці, але таля-малі наблізіліся да Оі, сталі з двух бакоў і рукамі, вачыма загадалі дзяўчыне ісці з імі.

— Куды вы яе берэце? — здзівіўся Радзім, і Оя пераклала ягонае пытанне.

— Як гэта — куды? — не паверылі сваім вушам канвойцы. — У турму!

— Тады і мяне забірайце разам з ёю, — рашуча сказаў ён, стаў поруч з дзяўчынай і выставіў наперад рукі — як для наручнікаў.

Дужыя хлопцы разгубіліся — зараз яны не ведалі, што рабіць. Радзім спакойна растлумачыў свае паводзіны, але не хлопцам, а самому прэзідэнту:

— Без яе я не змагу вам падарыць дрэва, — і дадаў: — Яна будзе мне памагаць.

Прэзідэнт запытальна зірнуў на прэм'ер-міністра.

— Добра, добра, няхай памагае, — неяк адразу згадзіўся той, нават усміхнуўся, але тут жа пастражэў, спахмурнеў і папярэдзіў: — Але калі ў вас нешта не атрымаецца, калі вы не падорыце нашай краіне зялёны парк, мы будзем ведаць, што гэта хітрыкі зэмаў, і тады табе, хлопча, — лёгка перайшоў ён на «ты», — давядзецца адказваць за ўсё разам з ёю.

Ужо на вуліцы Оя ласкава прыхінулася сваім скафандрам да ягонага, з пяшчотаю прамовіла: «Дзякую!». І не сабрала зноў вусны, яны нейкі час заставаліся растуленымі,— як для пацалунку. Радзіму самому чамусьці вельмі захацелася дакрануцца да іх сваімі губамі, і ён, забыўшыся на скафандр, ірвануўся да яе — аж затрашчала шкло: яму нават здалося, што скафандр раструшчыўся і ўжо асыпаецца друзам пад ногі. Але той, хоць і трашчаў, быў пакуль цэлы. Тады ён нечакана і для сябе, і для Оі схапіў дзяўчыну за талію і пачаў гарнуць да сябе. І чым мацней прыціскаў яе, тым далей і далей былі іхнія галовы — шкляныя шары, здаецца, знарок і былі прыдуманы, каб не даць іхнім вуснам сустрэцца.

Ужо чацвёра ахоўнікаў — двое новых, Оіных, таксама далучыліся да ранейшых — ніякавата глядзелі на ўсё гэта: не ведалі, ці ратаваць дзяўчыну, ці наогул адвярнуцца, каб не замінаць іхняй радасці.

Яму і самому пасля было няёмка за гэтую сваю слабасць, але той момант Радзім не змог стрымаць сябе.

Зямля, адведзеная пад будучы нацыянальны сад, нічым не адрознівалася ад іншай — шэрая, камяністая, аплылая, як пасля пажару, нават не агароджаная: навошта адгароджваць адну няўдобіцу ад такой жа няўдобіцы побач.

Самі таля-малі жылі пад зямлёю. Там у іх былі кватэры, ярка асветленыя вуліцы, кафэ, кандыцыянеры, чыстае паветра. На зямлі яны нічога не будавалі. І выходзілі на паверхню рэдка — скажам, толькі вось у такія незвычайныя дні, калі з'ўляліся дужа важныя госці. Тады тыя, хто сустракаў іх, адзявалі скафандры і пакідалі на нейкі час свой падземны рай.

Пра гэта ім расказвалі ахоўцы, але саміх Радзіма і Ою таля-малі пад зямлю не пускалі. Мусіць, не давяралі, баяліся, што яны ўведаюць іхнія сакрэты і перададуць зэмам.

Паставілі пасярод задуманага сада шкляны шар — такі ж, як і іхнія скафандры, толькі вельмі вялікі, дзе яны і жылі разам з чатырма ахоўнікамі. Радзім разумеў, што такое жыллё само па сабе і ёсць ужо турма, але не зважаў на гэта — працаваў многа і шчыра. Памагала рабіць зямлю і Оя, а таксама ахоўцы — яны прыносілі аднекуль ваду, дзяўблі ламамі дол, пераціралі цвёрдыя глыбы ў руках.

Вельмі замінаў працаваць нейкі дужа моцны вецер. Спачатку ён дзьмуў у адзін бок, потым пераварочваўся і дзьмуў у другі. Затым зноў накірунак мяняўся. І так кожны дзень і кожную ноч.

— Што гэта за вецер? — спытаўся неяк Радзім у ахоўцаў.

Тыя сумеліся ці нават, як яму здалося, спалохаліся і, насцярожана азіраючыся па баках, шэптам, амаль у адзін голас адказалі:

— Гэта ж Цмок. Ён жыве ў Жалезным Хаосе і крадзе наша паветра. Высмоктвае ад нас чысцейшае, а выдыхае нам сваё, бруднае.

— Туды, — пачуўшы гаворку, далучыўся да яе і ранейшы канвойца — ён ужо быў смялейшы і не прыкрываў рот рукою, — на Жалезны Хаос, да Цмока ў госці ў нас высылаюць злачынцаў,— і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — І адтуль ніхто ніколі не вяртаўся…

І цяпер ніхто не вяртаецца, — задумліва, нібы сам сабе, зазначыў адзін з новых ахоўнікаў.

Заняты клопатамі, Радзім не звярнуў на гэта асаблівай увагі — вецер яму замінаў, але не настолькі, каб перашкаджаць працы.

Напачатку яму здавалася, што і тут, як у Зэміі, усё будзе лёгка і проста. Не паспее ён укінуць у зямлю зярняты, як яна адразу ж пачне падымацца, варушыцца, той жа час пакажуцца парасткі, і неўзабаве яны выбухнуць, разрастуцца ў купчастыя дрэвы.

Ён нават, толькі што ўкінуўшы зярняты ў глебу, пільна прыглядаўся, каб не прапусціць таго моманту, калі яны возьмуцца прарастаць, але зямля не варушылася, і Радзім з нейкаю падсвядомаю вусцішнасцю зразумеў, што такога віравання зеляніны, як у Зэміі, тут не будзе.

Не з'явіліся ўсходы ні на другі, ні на трэці дзень. З неспакоем пазіраў штораніцы на зямлю ён сам, з трывогаю кідала вокам то на раллю, то на яго Оя, нават канвойцы і тыя не хавалі сваёй заклапочанасці: што ж будзе, як зярняты не прарастуць?!

Але зямля заставалася ўсё тая ж — шэрая, голая, пустая, і ніводная дзюбачка нават кволага, бледнага парастка так і не асвятліла яе.

Канечне, уся прычына ў самой зямлі. Яна ж тут так разбурана, знішчана, што чакаць ад яе нейкага ўраджаю недарэчна.

Радзім ужо бачыў, як, застаўшыся на паверхні, прымудраецца жыць у гэтых немагчымых умовах усё жывое. Магчыма, і ў жывёл тут ёсць свае падземныя паселішчы, але калі яны выходзяць з глыбінь зямлі, іхняя фантазія сягае нават далей за чалавечую.

Ён, да прыкладу, бачыў рыбіну, якая сама сабе рабіла ручай — выпускала перад сабою ваду, а праплыўшы, збірала яе, ды так акуратна, што на зямлі не заставалася ані кропелькі — вада нават не паспявала змачыць зямлю — і нанава пырскала яе наперад. Так і плыла.

Бачыў, як нейкая незнаёмая яму жывёліна, вельмі падобная на вавёрку, толькі маленькая, знаходзячыся ўсярэдзіне вялікага зялёнага круга, паволі круціла яго лапкамі, і той слаўся ёй пад ногі травяністым дыванком, на якім яна паслася, — пакуль жывёліна аб'ядала траву пад нагамі, зверху нарастала новая. Перпетуум-мобіле харчавання, вечны рухавік узнаўлення ежы, дый годзе!

Але ж гэта сведчыла: зеляніна можа тут расці, толькі трэба адшукаць, што менавіта ёй замінае.

Як добра, што ён высадзіў не ўсе зярняты, што астатнія пакінуў на другі заход. Не можа быць, каб семкі не прараслі! Ён зараз будзе садзіць па зярнятку і назіраць. Ён выратуе Талямалію! Ён падорыць ёй дрэва! Падорыць цэлы сад дрэў!

Але нечакана яго выклікалі на Важны Савет. Прэзідэнт краіны быў больш строгі, чым першы раз. І ўсе дэпутаты таксама. Прэм'ер-міністр чамусьці адсутнічаў. Аказваецца, яго ўжо знялі за тое, што вельмі горача падтрымліваў Радзіма і што лёгка згадзіўся аддаць яму ў памочніцы зэмку. Пра гэта ён напачатку яшчэ не ведаў, але ўбачыўшы, якія суровыя ўсе прысутныя, зразумеў, што паклікалі яго сюды не для прыемных размоў.

Не паспеў Радзім сесці, як над сталом прэзідыума неяк вельмі рашуча матлянуўся скафандр прэзідэнта.

— Ну, якія вашы поспехі? — строга спытаўся ён.

— Пакуль ніякія, — адказаў хлопец. — Але я… Прэзідэнт не даслухаў яго, перапыніў:

— Я ж вас папярэджваў: зэмы — хцівыя і каварныя людзі. І нават аднаго іхняга шпіёна дастаткова, каб загубіць любую справу.

— Не, зэмы тут не вінаватыя, — адказаў ён і зірнуў на Ою, якая хоць і сумеўшыся, але перакладала ўсё, што гаварыў прэзідэнт.

— А хто ж тады вінаваты?

— Відаць, зямля.

— А што, у зэмаў іншая зямля? А там жа, як мне перадалі толькі што, уся пустыня зарасла дрэвамі. Усё цвіце і зелянее.

— Я хачу, каб і тут было тое самае…

— Хацець мала. Трэба зрабіць. А я перакананы, што зэмы зрабіць гэта табе не дадуць. Вось яна не дасць, — і рэзка тыцнуў пальцам у бок Оі.

— Што вы гаворыце?! — абурыўся Радзім. — Яна мне якраз памагае. Ды зразумейце вы, што ні яна, ні іншыя зэмы не вінаватыя. І я не вінаваты. Зямля вінавата. Трэба ажыўляць зямлю, будаваць яе нанава…

— То мы ж якраз і мелі надзею на тваё дрэва, — раззлавана перапыніў яго прэзідэнт і адразу ж загаварыў да прысутных.

Гаварыў ён вельмі хутка, Оя не перакладала ні слова, і таму Радзім сядзеў, нічога не разумеючы. Здагадваўся толькі, што зараз вырашаецца ягоны лёс, бо ў гаворцы бралі ўдзел амаль усе парламентарыі. Яны спрачаліся, ажыўлена штосьці даказвалі адзін аднаму і прэзідэнту.

— Ведаеш, — нарэшце ціха загаварыла да яго Оя, — яны лічаць, што ты злачынца, што знарок не хочаш падараваць ім дрэва, гневаюцца і патрабуюць саслаць цябе на Жалезны Хаос. І там… — хацела яна яшчэ нешта дадаць, але прэзідэнт, пачуўшы шэпт, так грозна зыркнуў на яе з-за шкла скафандра, што дзяўчына на паўслове асеклася.

Парламентарыі ўсё яшчэ абмяркоўвалі ягоны лёс, а ён сядзеў, ужо абыякавы да ўсяго, што адбывалася навакол: на Жалезны Хаос, дык на Жалезны Хаос, абы толькі адразу — ці туды, ці сюды. Ён вельмі не любіў вось такой няпэўнасці — а хто яе, скажыце, любіць?! — і толькі жадаў, каб Важны Савет хутчэй скончыўся.

Час цягнуўся, чакаць стала невыносна. Нервовае напружанне было вялікае, а таму, відаць, яго агарнула нейкая несусветная дрымота, з'явілася вяласць, кудысьці далёка-далёка самі сабою адсунуліся гукі, яны ўжо нібы люлялі яго, і ён, сам таго не чакаючы, моцна заснуў.

Прачнуўся ад нейкіх незразумелых кухталёў — Оя таўхала пад бок — і доўга ніяк не мог уцяміць, дзе ён знаходзіцца і што ад яго хочуць. Лыпаў вачыма, няўцямна азіраўся па баках. Нарэшце зразумеў, што да яго гаворыць сам прэзідэнт.

— Мы ведаем, што ты вінаваты, — голас таўстуна, які яму раней здаваўся дабрадушным, цяпер быў скрыпучы, непрыветлівы і бязлітасны. — Але мы пакуль што не будзем цябе караць Жалезным Хаосам. Мы даём табе магчымасць выправіцца, апраўдаць сваю віну. Дазваляем яшчэ адзін месяц, — і запытальна паглядзеўшы на Радзіма, паўтарыў: — Роўна месяц ты можаш праводзіць свае эксперыменты. Калі не выгадуеш за гэты час дрэва, тады ўжо не толькі мы, Важны Савет, але і ўвесь народ Талямаліі будзе ведаць, што ты зэмаўскі шпіён і робіш усё нам на шкоду. Што ж, тады крыўдуй на самога сябе — Жалезны Хаос абавязкова запросіць цябе ў госці.

Ён змоўк. У мікрафоне прэзідэнта нешта трашчала і шыпела, і гэта раздражняла Радзіма. Потым усё сціхла, быццам нехта адключыў той мікрафон, і неўзабаве зноў пачуўся халодны і з'едлівы голас таўстуна:

— А тваю перакладчыцу, хітрую зэмку, мы б і сёння паслалі на Жалезны Хаос. Але ж у яе ёсць яшчэ тут праца — навучыць нашай мове. Бо калі зэмкі не будзе, мы з табою не зразумеем адзін аднаго. Так што дзесяць дзён на вывучэнне мовы, а тады — альбо ты будуеш нам дрэва, альбо зэмка дачакаецца цябе на Жалезным Хаосе.

Мова таля-маляў не цяжкая, яна — дыялект зэмаўскай, а таму дзесяці дзён ім хапіла. Апошнія заняткі былі шчымлівыя, засмучаныя, трывожныя — яны ведалі пра хуткае расстанне, і таму з кожным днём рабіліся ўсё больш сумнымі і больш ласкавымі адно да аднаго.

У канцы тэрміну яны ўжо амаль нічога не вучылі, а, моцна прыціснуўшыся скафандрамі, узяўшыся за рукі, моўчкі сядзелі побач і неяк асуджана глядзелі адно аднаму ў вочы. Оя часам падбадзёрвала яго, а заадно, мусіць, і сябе, усміхалася яму, але ён бачыў, колькі каштуе ёй гэтая ўсмешка — у вачах дзяўчыны стаялі слёзы.

Калі тэрмін вучобы скончыўся, у іхні шар прыйшлі таля-малі, зрабілі яму экзамен, пыталіся, правяралі і, зразумеўшы, што чужынец збольшага ведае мову, а астатняе, маўляў, давучыцца самастойна, у размовах, забралі з сабою Ою і зніклі. Радзім з ёю не паспеў нават развітацца. Хаця, шчыра кажучы, яны развітваліся ўсе гэтыя дзесяць тужліва-зажураных дзён і начэй.

Цяпер ён застаўся адзін. Удваіх усё ж было спакайней і надзейней — было да каго хоць агукнуцца словам, параіцца. А зараз — адзін на ўсю Талямалію!

Хацеў ужо брацца за працу, але яму сказалі пачакаць — трэба спачатку прайсці перападрыхтоўку: у іх, маўляў, ёсць славутыя вучоныя, нехта з іх пачытае Радзіму лекцыі пра ўзаемасувязь біялагічных і хімічных працэсаў, пра магчымасць стварэння новых арганічных злучэнняў і сістэм з небывалымі ўласцівасцямі. А што, калі раптам менавіта гэта дапаможа хлопцу збудаваць дрэва?!

Прафесар, які прыйшоў да яго ў шар, быў, мусіць, сапраўдны вучоны — задумлівы, абыякавы да ўсяго, засяроджаны толькі на сваіх думках. Адзенне для яго не існавала — апрануты ён быў як усё роўна які бомж ці жабрак: кашуля зашпілена не на тыя гузікі, пінжак зашморгнуты нейкаю вяровачкаю, а адзіная цэлая пятля абы-як накінута на аплік.

Здавалася, ён нікога і нічога не заўважае — нават Радзіма, дзеля якога якраз і прыйшоў сюды. Адразу ж, адно толькі павітаўшыся, ён расклаў перад сабою нейкія кнігі, рукапісы, манускрыпты і пачаў:

— Біялагічныя сістэмы паказваюць, якой фантастычнай разнастайнасці рэакцый, якой складанасці здольная дасягнуць сістэма арганізаваных малекул.

Ён і зараз, здаецца, не заўважаў Радзіма, гаварыў сам для сябе і пераконваў самога сябе.

— Я думаю, што біялогія можа даць хіміку добры матэрыял. Паміж малекуламі, што жывыя арганізмы навучыліся ствараць у ходзе эвалюцыі, адбываюцца такія рэакцыі, якія мы яшчэ не ўмеем узнаўляць у лабараторыях, а часцей за ўсё не можам нават і зразумець. Аднак гэта таксама хімія.

Прафесар часта падымаў рукі, папраўляў скафандр, які вельмі ж нязграбна трымаўся на яго плячах. Было відаць, што гэты шкляны шар замінае яму, што прафесар не прывык да яго — мусіць, вучоны ніколі не выходзіў з падзямелля і скафандр адзеў ці не ўпершыню.

— Прывяду прыклад: адна з функцый фотасінтэзу раслін заключаецца ў тым, каб выпрацоўваць кісларод з дапамогаю вады, для чаго патрэбен каталізатар, здольны стымуляваць гэтую чыста хімічную рэакцыю. Ролю гэтага каталізатара бяруць на сябе бялкі, якія ўтрымліваюць атамы марганцу. Але ніхто не ведае, як пабудаваныя гэтыя ўчасткі малекул і якім чынам іх можна ўзнавіць. Вось тыповы прыклад таго, як біялогія паказвае хімікам на існаванне своеасаблівай рэакцыі, гэта значыць, напрамак, у якім варта весці даследаванні.

Прафесар хадзіў па пакоі, заклаўшы рукі за спіну — акурат як настаўнік гісторыі Цыбулька там, на зямлі, у іхнім класе. Ён глядзеў перад сабою, не плюскаючы вейкамі, нікога і нічога не бачыў — ягоны позірк ніколі не спыняўся на Радзіму, быццам яго тут і не было.

— Хімік звычайна мае два аб'екты працы: па-першае, гэта структура рэчыва, якое ён стварае, а па-другое — і гэта вельмі важна — атрыманне з дапамогаю такой структуры пэўных уласцівасцяў гэтага рэчыва. Такім чынам, пераход малекулярнай хіміі да супермалекулярнай, якой мы зараз займаемся, азначае пераход ад вывучэння структур і ўласцівасцяў да вывучэння сістэм і функцый. Нашы намаганні скіраваны на тое, каб кантраляваць механізмы ўзаемадачыненняў, іх трансфармацыі, аб'яднання, распазнавання адно адным. Бо якраз дзякуючы гэтаму яны могуць выконваць значную колькасць разнастайных функцый, больш інтэгральных, чым функцыі ізаляваных малекул.

«Божа мой, як гэта ўсё сумна!» — думаў Радзім. І навошта яму слухаць такую цягамоціну! Яму, хто ў школе не любіў хімію. А заадно і хімічку, якую называў толькі Табліцай Мендзялееўнай. Яна ведала пра гэта і адказвала хлопцу тым жа самым — непрыязнасцю.

Як яму хацелася зараз збегчы куды-небудзь са свайго гулкага шклянога шара, як ён збягаў у школе з урокаў хіміі!

Спачатку Радзім, як прыкладны вучань, ціха сядзеў за сталом, моршчыў лоб, рабіў выгляд, што ўважліва слухае, а пасля, зразумеўшы, што прафесар не звяртае на яго аніякай увагі, пачаў уставаць, хадзіць па пакоі, займацца сваімі справамі. Падыходзіў да стала, разглядаў прафесаравы паперы, нават корпаўся ў іх — дарэчы, выразкі былі як усё роўна з нашых зямных газет, — гартаў іх, чытаў, але прафесар нібы не бачыў гэтага — безуважна хадзіў па пакоі і, заняты толькі сваімі думкамі, чытаў лекцыю.

— Хімік мае свае перавагі перад біёлагам ужо таму, што тое, што змяшчаецца ў прабірках у гэты канкрэтны момант, не абавязкова павінна знаходзіцца ў жывым стане. Гэта азначае, што ён можа дазволіць сабе значна большыя эксперыменты. Дарэчы, малекулы, якія складаюць жывую матэрыю, — гэта толькі частка ўсяго комплексу малекулярнага свету, які адкрываецца перад намі і ў які мы можам увайсці з любога боку.

— Пан прафесар! Пан прафесар! — загаварыў да вучонага Радзім, але той нібыта і не чуў яго.

Радзім паспрабаваў свістаць. Свіст тут атрымліваўся цікавы — відаць, добра рэзаніравала шкляное памяшканне, форма самой колбы, у якой ён жыў. Але прафесар і на свіст не звярнуў ніякай увагі.

Тады хлопец увогуле выйшаў з колбы, патупаў каля яе, зноў вярнуўся, а прафесар усё хадзіў і хадзіў, усё развіваў і развіваў сваю тэорыю:

— Адзінае, што абмяжоўвае хіміка, дык гэта фундаментальныя законы фізікі. Але ўсё роўна колькасць сістэм, якія ён можа пабудаваць такім чынам, практычна бясконцая. І калі сёння існаванне некаторых рэчываў ці іх уласцівасцей ужо маецца на ўвазе, то несумненна будзе адкрыта яшчэ мноства іншых, пра якія пакуль мы і не падазраём.

І тут Радзіма як ударыла — хлопец аж скалануўся, нібы ад холаду, — нечаканая здагадка: ды гэта ж не чалавек, гэта ж робат, звычайны камп'ютэр!

Насмеліўшыся, калі прафесар ішоў насустрач, Радзім падбег да яго і з усяе сілы ўшчыкнуў за руку: ці закрычыць ад болю? Прафесар не закрычаў, аднак спыніўся і няўцямнымі вачыма паглядзеў на хлопца.

— Вы што-небудзь хацелі спытаць? — нарэшце, калі здзіўленне трохі прайшло, вымавіў ён. — Вам штосьці незразумела?

Пачуўшы звычайны чалавечы голас — дык прафесар жа не камп'ютэр! — Радзім узрадаваўся.

— Ага, — хуценька, каб не перарваўся кантакт, загаварыў хлопец. — У мяне ёсць да вас пытанне. Вось вы ўсё ведаеце. У вас такая глыбокая навука. Скажыце, навошта вам мае яблыні?

— Як гэта — навошта? — разгубіўся прафесар. — Каб аднавіць зямлю. Каб выйсці, урэшце, на паверхню.

— А чаму вы не пабудуеце, не сканструюеце яблыню? Самі?

— Не атрымліваецца, — шчыра прызнаўся прафесар. — Быццам зачаравана, — і, крыху падумаўшы, дадаў: — Гэта зэмы…

Божа мой! Такі розум і такая лухта! Зэмы, ці бачылі вы, вінаватыя. Праўду на зямлі кажуць, што вялікія вучоныя ў жыцці паводзяць сябе, як малыя дзеці. Вераць ва ўсё. Дзеці вераць, бо многае не ведаюць. А яны ж усё ведаюць! І ўсё роўна вераць. А можа, якраз таму і вераць, што столькі ведаюць, што разумеюць — усё можа быць.

— Скажыце, а пад зямлёй у вас добра?

— Вельмі.

— Дык навошта вам выходзіць на гэтую скалечаную, атручаную, спечаную зямлю?

— Хлопча, — прафесар далікатна дакрануўся сваёю худою, касцістаю рукою да яго пляча і паўтарыў: — Хлопча, нічога ты ў нашым жыцці не разумееш, — крыху падумаў і дадаў: — Ведаеш, Схема-2, у якой мы жывём, канечне ж, забяспечвае нас усім, што трэба чалавеку. У нас пад зямлёю ёсць свой акіян і свая савана, сваё балота і свая пустыня, свой лес і свае рэкі. Харчуемся мы тым, што самі выгадуем, дыхаем паветрам, якое ўжо тысячы разоў прайшло праз нашы лёгкія, праз ачышчальныя сістэмы. Але ж гэты наш свет і гэтае наша жыццё — штучныя. Разумееш, мы ў сваёй краіне — заложнікі.

Прафесар задумаўся, нібыта зноў вярнуўся ў самога сябе.

— І разумееш, хлопча, — праз нейкі час загаварыў ён зноў,— што будзе з усім нашым жыццём, якое мы схавалі пад зямлю, калі раптам выйдуць са строю сістэмы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць усёй нашай Схемы-2. Уся шматграннасць нашага жыцця ператворыцца ў грудок праху, у камячок звычайнай слізі. А мы хочам не штучнага, а натуральнага жыцця.

Гэта ўжо быў паўтор — такое ён чуў раней у Зэміі.

Прафесар уважліва-ўважліва паглядзеў на Радзіма, нібы хацеў поглядам дашукацца яго душы, а затым уздыхнуў:

— Вось навошта нам, хлопча, твая яблыня.

— Даруйце, прафесар, але вы ўвесь час гаварылі пра Схему-2. А дзе Схема-1?

— А ты на ёй стаіш. Схема-1 — гэта знішчаная наша зямля…

— Навошта ж вы яе знішчалі? Вы ж самі гэта зрабілі…

— «Самі! Самі!» — раззлавана паўтарыў прафесар. — Ты ў гэтым нічога не разумееш, а таму не маеш права нас абвінавачваць…

Ён заплюшчыў вочы, замоўк — відаць, спраўляўся са сваім раздражненнем. Праз нейкі час сцепануўся, адплюшчыў вочы, разгладзіў абедзвюма рукамі штрыфелі пакамечанага картовага пінжака нейкага дапатопнага фасону, перашпіліў гузік, прайшоў каля Радзіма, вярнуўся, пастаяў ля стала і, унурыўшыся ў свае паперы, загаварыў, як і да гэтага, — спакойна і раўнадушна:

— Таму я не буду здзіўлены і ўражаны, калі аднойчы навучацца ствараць сістэмы, якія будуць мець уласцівасці жывых арганізмаў і якія ў той жа час не будуць з'яўляцца арганізмамі ў іх сучасным вызначэнні…

Прафесар зноў хадзіў з кута ў кут па колбе — хаця якія ў колбы куты! — і зноў гаварыў безуважна, абыякавым голасам, і зноў не заўважаў Радзіма.

Хлопец ужо не слухаў яго — ён ведаў, што гэтыя навуковыя тэорыі не памогуць яму прымусіць зернетка прарасці і зазелянець.

Прафесар хадзіў па пакоі, а ён, чуючы яго мерныя, спакойныя крокі, думаў пра што-небудзь сваё.

Думаў пра таля-маляў. Не можа ж быць, каб яны знарок знішчылі край зэмаў, а затым, выгнаныя з Зэміі, разбурылі, атруцілі, знявечылі і сваю зямлю. Яны ж такія разумныя — бачыш, як мудра гаворыць прафесар! — хацелі для Талямаліі зрабіць нешта добрае, а атрымалася вось такая загуба.

Самі сябе пад зямлю загналі. Не можа быць, каб яны такое і планавалі. Значыць, яны хацелі як найлепш, а нейкі нячысцік і напраўду стаяў побач і ўсю іх працу забіраў і аддаваў нягоднікам.

Успамінаў Ою. Асабліва калі заняткі канчаліся, калі выходзіў прафесар, а ён аставаўся сам-насам з канвойцамі ў гэтай халоднай шкляной колбе на нежыццёвай і няўтульнай зямлі, на якой, колькі ні ўглядайся, не ўбачыш нічога, за што можна зачапіцца воку.

Ён сумаваў без Оі і ў час заняткаў. Усё ж ім разам было весялей і цяплей. Дзе яна зараз? Што робіць? Ці саслалі яе на Жалезны Хаос, ці, можа, гаруе, дзе-небудзь на гэтай зямлі — у сваёй турме?

«Оя! Оя! — міжволі паклікаў ён. — Дзе ты?»

У той жа час далёка-далёка на небасхіле з'явілася белая крапка. Яна паволі набліжалася, расла, і ён з нецярпеннем і ў той жа час з нейкаю трывогаю чакаў яе.

Крапка, наблізіўшыся, ператварылася, як і папярэднія разы, у воблачка, яно прайшло праз шкло колбы і спынілася якраз пасярэдзіне памяшкання.

— Юля! — ускрыкнуў ён.

Яна, як і заўсёды, з дакорам паківала галавою, тужліва паглядзела на яго. Прафесар, усё ходзячы і цягнучы сваю казань, некалькі разоў прайшоў праз яе, як праз туман.

Значыць, яна была бясцелая і ніхто, акрамя яго, дзяўчыны не бачыў.

Радзіму стала сорамна: вось ён сумуе, кліча сюды Ою, з якою і праўда пасябраваў, але зусім забыўся пра Юлю, якую яшчэ на самым пачатку, калі камень раз'яднаў іх рукі, пакляўся шукаць, пакуль не знойдзе.

— Юля, даруй! — кінуўся ён да дзяўчыны, але яна паволі скранулася з месца, гэтак жа паволі паплыла, мінула шкляныя сцены колбы.

Ён, адчуваючы, як шчыміць і калоціцца сэрца, назіраў за ёю, аж пакуль яна зноў не ператварылася ў крапку, а затым і зусім не знікла за небасхілам…

Гэтую ноч ён не спаў. Успамінаў той дзень, калі яны рыхтаваліся да апошняга экзамена і калі вось так, ашаломленыя, нічога не разумеючы, змушаны былі расстацца.

Што з ёю? Дзе яна? Магчыма, ёй яшчэ горай, чым яму. І што значаць гэтыя яе хітанні галавою — яна асуджае яго ці нешта яму гаворыць, падказвае?

Новае наведванне Юлі расхвалявала Радзіма зусім, і цяпер ужо на занятках ён быў яшчэ больш няўважлівы да таго, што тлумачыў яму прафесар, і толькі чакаў, калі ўся гэтая вучоба скончыцца.

Прафесар знік гэтак жа нечакана, як і з'явіўся. Не развітаўшыся, не сказаўшы, што яго лекцый болей не будзе.

Калі пра заканчэнне вучобы яму паведамілі канвойцы, ён узрадаваўся і адразу ж, у першую раніцу, пабег у нацыянальны сад, на дзялянку, дзе так даўно не быў.

Зямля і зараз была там чорная і пустая.

З самага краю выкапаў зернетка, узяў яго ў пальцы і паклаў на далонь, уважліва агледзеў з усіх бакоў. Яно было вільготнае, набухлае, з наліплаю зямлёю, але парастка, як ні ўглядаўся, ён не ўбачыў. Што ж не дае семку распукнуцца і прарасці, што замінае яму? Чаму яно, ужо зусім гатовае да жыцця, ніяк не можа адважыцца пусціць парастак?

Разважаючы над гэтым, разумеючы, што пакуль у яго няма ніякага намыслу, як памагчы зернетку, ён зноў закапаў яго ў зямлю, праўда, ужо ў другім месцы — а раптам яно там зможа знайсці сабе ўсё, што трэба для таго, каб узысці? Помнячы, якое вільготнае было семка,і бачачы, якая вільготная зямля, падумаў, што трэба, мусіць, меней паліваць, каб зернеткі, так і не праросшы, не згнілі.

Краем вока ўбачыў, што непадалёку ад яго на сваіх градках завіхаюцца і канвойцы, — тыя, што выкралі іх з Зэміі. Радзім і раней заўважаў іх тут, але вось толькі зараз да яго дайшло, што і яны займаюцца тым жа, што і ён сам, відаць, нават дубліруюць яго. Яны таксама пасеялі семкі і гэтак жа нецярпліва чакаюць усходаў. Хутчэй за ўсё яны вывезлі з Зэміі не толькі тыя два яблыкі, якія аддалі яму, і цяпер правяраюць хлопца на шчырасць: ці напраўду ён хоча падарыць Талямаліі дрэва.

А што, калі раптам іхнія зярняты прарастуць, а ягоныя — не?!

З жахам думаючы пра гэта, ён усё ж адважыўся схадзіць туды, каб хоць зводдаль зірнуць на іхнюю дзялянку. Хацеў выдумаць нейкую прычыну — не прыдумаў, і ўсё ж пайшоў, спадзеючыся, што нешта знойдзецца па дарозе. Але і па дарозе нічога не знайшлося вартага, ды гэта ўрэшце і не спатрэбілася — канвойцы, не даўшы сказаць ніводнага слова, насустрач яму грозна спыталіся:

— Чаму не ўзыходзяць дрэвы?

— Не ведаю, — шчыра паціснуў плячыма Радзім. Хлопец прыдзірліва агледзеў дзялянку канвойцаў — зямля была перакапана, узрыхлена не горш, чым у яго самога, — але ніякага парастка і тут не ўбачыў. Дзіва, але ён узрадаваўся, што і гэтая дзялянка голая і няплодная, чорная і пустая! Аднак ахоўнікі засмуцілі яго зноў:

— Гэта ты зачараваў яе? — і вачыма паказалі на зямлю.

— Не, я не ўмею чараваць.

— Нічога, хутка мы разбярэмся, што ты ўмееш, а чаго не ўмееш, — пагрозліва зазначылі таля-малі, і ён адчуў — аж холад пайшоў па спіне, — што пагроза гэтая рэальная.

Аднак неўзабаве, неяк раніцою, калі ён яшчэ спаў, у ягоную колбу шумна ўбеглі радасныя-радасныя канвойцы і з крыкамі: «Ёсць!», «Ёсць!» падхапілі яго з ложка і пацягнулі вонкі, на сваю дзялянку.

Калі яшчэ здалёку на чорнай зямлі Радзім убачыў зялёную крапку, ён ледзь не самлеў, ногі яго зрабіліся ватныя і не хацелі ісці.

Адно зернетка на ўробленай дзялянцы і праўда прарасло. Яно, мусіць, прарэзалася ўначы і да раніцы паспела выштукавацца ў маленькае дрэўца.

Ён, дрыжучы ад страху, рабіў выгляд, што радуецца разам з ахоўнікамі,— нарэшце Талямалія займела сваё дрэва!

Канвойцы шчыра, як дзеці, павесяліўшыся каля свайго дрэва, пацягнулі Радзіма да ягонай дзялянкі. Але зямля тут, як і да гэтага, была чорная і пустая — на ёй не свяцілася ніводнага парастка.

Гэта яшчэ болей напалохала хлопца. Цяпер ужо ён ведаў, што ў яго не засталося ніякай надзеі ўратавацца ад Жалезнага Хаосу. Асабліва пасля таго, як недзе па абедзе дрэва нечакана завяла, лісточкі яго паскруціліся і, зялёныя, апалі на зямлю.

Ахоўцы хадзілі злосныя і незадаволена, пагрозліва пазіралі ў ягоны бок — ён, ён вінаваты, не трэба было дрэва паказваць ягоным нядобрым вачам!

Надвечар па яго прыйшлі — канечне, каго ж яшчэ, як не яго, абвінаваціш ва ўсім, што здарылася! Канвойцы былі новыя, зусім незнаёмыя яму. Завялі яго таксама ў нейкае недагледжанае памяшканне. Тут, у адрозненне ад ярка асветленай залы пасяджэнняў Важнага Савета, было цёмна і змрочна — адзінае, запыленае акно пад самай столлю амаль зусім не прапускала святла. Каля дальняй, супрацьлеглай сцяны ён ледзь разгледзеў трох чалавек — значыць, тройка! — і зразумеў, што яго прывялі ў суд. Той, што сядзеў, пасярэдзіне — хутчэй за ўсё суддзя, — адразу ж, як толькі Радзім увайшоў, лагодным і прыемным голасам спытаўся:

— Скажыце, калі ласка, як вы можаце растлумачыць, што дрэва ўзышло якраз у людзей нявопытных, а ў вас, хто ведае ўсе сакрэты яго вырошчвання, нічога не атрымалася?

Радзіма падвёў вось гэты даверлівы, амаль сяброўскі тон, і ён, падыходзячы бліжэй да суддзяў, пачаў быў шматслоўна разважаць:

— Ведаеце, калі гаварыць шчыра, то ўсё гэта выглядае…

Яго перапынілі. Голас на гэты раз быў ужо іншы — строгі, як загад:

— Стаяць на месцы! Адказваць на пытанні коратка!

— Тады я нічога не ведаю, — заўпарціўся Радзім.

— Можа, скажаце, вы таксама не ведаеце, — голас станавіўся ўсё з'едлівей і з'едлівей, — чаму загінула дрэва, якое ўжо нарадзілася і жыло?

— Не ведаю…

— Не прытварайцеся. Раскажыце суду, якім чынам вы забілі наша дрэва. Вы знайшлі для яго яд?

— Навошта шукаць яд? — зазлаваў Радзім. — Яго ж прасцей зламаць ці, урэшце, выдраць з коранем.

Яму было крыўдна. Ён сам хацеў, вельмі хацеў падараваць таля-малям дрэва, а яны, бач, у чым яго абвінавачваюць — у забойстве яблынькі.

— Але ж вы не зламалі дрэва і не выдралі з коранем. А як забілі?

— Нічога я не забіваў,— упэўнена адказаў Радзім. — І ні ў чым не вінаваты.

— А мы не сумняваемся, што гэтае злачынства зрабілі вы. За што і будзеце пакараны. Нас толькі цікавіць, як вы гэта рабілі і навошта? Гіпноз? Унушэнне? Сурокі? Ці, можа, падсыпалі чаго ў зямлю? Ці, можа, чым апырскалі?

— Нічога я не рабіў! — як не крыкнуў Радзім.

— Не сазнаецеся? Ну і не трэба. Мы самі ведаем, што вас купілі зэмы. Колькі срэбранікаў далі?

Радзім зацяўся і ўжо зусім не адказваў на пытанні — маўчаў. Разумеў, што ўсе доказы цяпер супраць яго і нешта тлумачыць ці проста апраўдвацца няма сэнсу.

А голас усё абвінавачваў:

— Кожнаму вядома, што дрэва — такая ж жывая істота, як і чалавек. Але ж безабароннае. Тым болей, калі яно маленькае. То ж як дзіцятка. А вы паднялі руку на жывое… На гэтае дзіцятка… Страшны вы чалавек!

Радзім ужо не рэагаваў ні на што. Стаяў, няўцямна глядзеў сабе пад ногі і маўчаў.

Думаў: во як тут за дрэва змагаюцца!

Успамінаў: а колькі дрэўцаў сам папаламаў на зямлі!

— Можа, ва ўсім гэтым вінавата зэмка, якую мы ўжо адправілі на Жалезны Хаос? Хутчэй за ўсё яна ўнушыла вам гэтае забойства, а вы проста выканалі яе волю? Як зомбі, як наёмны забойца?

І раптам сюды, у памяшканне суда, убеглі радасныя людзі і што ёсць сілы закрычалі:

— Ён памёр! Ён памёр!

Суддзі, спяшаючыся, ледзь стрымліваючы сябе, хуценька абвясцілі прысуд:

— Саслаць забойцу дрэва на Жалезны Хаос — навечна.

І тут жа ўсхапіліся з-за сталоў, паднялі рукі ўгору, як і ўсе, закрычалі:

— Ён памёр! Нарэшце ён памёр!

Калі ахоўнікі вывелі Радзіма з памяшкання суда, яму здалося, што ўсе таля-малі, адзеўшы скафандры, выйшлі ад радасці з-пад зямлі. Амаль пустая заўсёды прастора зараз была запоўнена людзьмі. Яны весяліліся, смяяліся, танцавалі. Крычалі:

— Ён памёр! Ён памёр!

— Хто памёр? — адважыўся спытацца ў ахоўнікаў Радзім.

— Ён! — адказалі тыя, але ўбачыўшы, што хлопец так нічога і не зразумеў, патлумачылі: — А ты хіба сам не адчуваеш, хто памёр?

Радзім прыслухаўся, прыгледзеўся і сапраўды зразумеў, што нешта змянілася. Нечага яму ўжо не хапала…

«А во яно што! — нарэшце разабраўся ён. — Дык ветру ж, які дзьмуў сюды-туды, не стала. Вецер, значыць, памёр».

І ахоўнікі, адчуўшы, што ён усё зразумеў, закрычалі яму як не ў самыя вушы:

— Цмок памёр! Памёр Цмок!

Праз натоўпы шчаслівых людзей канвойцы павялі яго да другой турмы — туды, дзе рыхтуюць на Жалезны Хаос.

«У выгнанне цябе адправяць сёння ўночы», — сказалі яму.

Ён ішоў, глядзеў на радасных людзей і думаў, што ўсюды, мусіць, вось такія непрыемныя мерапрыемствы адбываюцца ўночы: у нас, на зямлі, ноччу расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, а тут во таксама ноччу высылаюць на нейкі Хаос, адкуль не вяртаюцца.

І яшчэ ён думаў, што абавязкова пашукае на Жалезным Хаосе месца, дзе жыў Цмок, і паспрабуе разабрацца, за што яго так не любілі і ад чаго ён урэшце памёр.

І яшчэ думаў, што страшна, мусіць, жыць, ведаючы, што, адно толькі пачуўшы пра тваю смерць, вось так будуць радавацца і весяліцца людзі.

Жалезны Хаос

Было цёмна хоць вока выкалі.

Усё вакол яго дрыжэла і скрыгатала, шкрэблася і ляскала; па днішчы соўгалася і бразгала нейкая жалязяка; аднекуль зверху даносіўся тонкі, віскатлівы і надакучлівы, як зубны боль, гук — здавалася, што там у маленечкую дзірачку пад ціскам урываецца тугое, спрасаванае паветра. Лятальны апарат, куды Радзіма ў цемры запіхнулі сілком, быў, мусіць, стары і дабіты, і таму хлопец адно толькі баяўся, каб ён не разваліўся ў паветры. Радзім не ведаў, не разумеў, як і дзе яны знаходзяцца, не ведаў, колькі яны ўжо ляцяць і колькі яшчэ будуць ляцець, але цвёрда, пэўна і ведаў, і разумеў, што вязуць яго на Жалезны Хаос.

Ён нічога не бачыў вакол сябе і адно толькі па тым, што побач час ад часу нехта варушыўся і ўздыхаў, здагадваўся, што ў самалёце не адзін, што разам з ім ляціць яшчэ нехта — ці то канвойца, ці то такая ж ахвяра, як і ён сам.

Сядзець было нязручна, зацякалі рукі і ногі, але паварушыцца ён не мог: нешта — ці то сядзенне, ці то клетка — было такім вузкім, што не давала прасторы для самага нязначнага руху. Колькі гадзін, а можа, ужо і дзён, яны ляцелі, Радзім не ведаў — у самалёце было цёмна, вокны нават не абазначаліся, а ў такой цемры паспрабуй разбярыся, дзень цяпер ці ноч за гэтымі бразгатлівымі сценкамі.

Ён ці то драмаў, ці то проста так сядзеў у якімсьці здранцвенні, што не пачуў, як самалёт, знізіўшыся, завіс над зямлёю, і толькі здрыгануўся, апамятаўся, калі пад ім рассунулася днішча і нейчая бязлітасная нага з сілаю піхнула яго ў гэтую дзірку.

Радзім упаў на груд жалезнага ламачча, ён зразумеў, што гэта жалеза, па тым, як яно заляскала і забразгатала, затым яго цела правалілася ў нейкую яміну і завісла на скафандры, яміна была вузкая, і шкляны шар у яе не праходзіў. Вісець так было непрыемна, і ён паспрабаваў чапляцца рукамі за вострыя жалезныя абрэзкі, пруты, каб выбрацца на паверхню, але яны, патрывожаныя, загайдаліся, рассунуліся, скафандр слізгануў між імі, і Радзім праваліўся яшчэ глыбей, на самае дно яміны.

Было вельмі цёмна, здаецца, яшчэ цямней, чым у самалёце, і таму ён не стаў выбірацца з гэтае проймы, а вырашыў даседзець тут да відна, а калі пасвятлее, тады ён і разбярэцца, што да чаго.

Усеўшыся зручней на жалеззе, ён абмацаў сябе — канечне, падаючы, крыху пабіўся, але не надта балюча: і самалёт, мусіць, завіс нізка над жалезным ламаччам, і другі раз, калі вісеў на скафандры, падаць давялося не вельмі каб звысака.

Сядзець было холадна: і тое жалеззе, на якім прымасціўся, настыла марозіла седаўку, і холад ад таго, што грувасцілася ля яміны, лез у спіну і ў грудзі.

Радзім падняўся і, стоячы ў гэтай цемры і халадэчы, злаваўся на таля-маляў: то ж трэба — знайшлі злачынцу! Ды хоць бы пагаварылі па-чалавечы, як след разабраліся… Дык не — забойца, і ўсё. І вось сюды, на Хаос, саслалі… Не, праўду казалі зэмы: таля-малі страшныя, жорсткія, бязлітасныя людзі. І добра, што ў яго нічога не атрымалася з гэтымі дрэвамі. Самі знішчылі зямлю, самі няхай і жывяць яе… А то знайшлі дурня: падары ім дрэва… А гэта вы не бачылі! У злосці Радзім скруціў тры пальцы ў знаёмую камбінацыю і тут жа засаромеўся сваёй выхадкі.

Цяпер ён ненавідзеў таля-маляў і думаў, як бы гэта ім адпомсціць за знявагу і здзек. І адразу ж сумна пярэчыў самому сабе.

Адпомсціць? Гаворыш ты, хлопча, абы-што. Як вязень, асуджаны на смерць, можа адпомсціць, па сутнасці, недасяжным для яго ворагам? Да іх жа не дайсці, не даехаць… І твая крыўда застанецца вось тут — распятаю на гэтым Хаосе… І згніе, спарахнее разам з табою, і асыплецца тленам на твае ж косці…

Раптам уверсе, над галавою, пачуўся тонкі, назойлівы, як і ў самалёце, гук. Ён прыслухаўся. Гук быў аднастайны, надакучлівы. Ішоў, здаецца, са скафандра. «Муха!» — адразу падумаў ён. І тут жа ўсумніўся: «А можа, пчала?» Не, хутчэй за ўсё муха. Пчала, помніцца, гудзе крыху не так. Муха лятае ў яго скафандры!

Спачатку яму гэта спадабалася: усё ж не адзін, усё ж побач лятае нешта жывое. А потым, крыху падумаўшы, засмуціўся.

Дык вось якія яны нягоднікі, гэтыя таля-малі! Цяпер яму зразумела, навошта яны адвінчвалі скафандр і нешта ў ім поркаліся, папраўлялі. Яны запусцілі ў яго муху!

Чакай, чакай, а навошта? О, хлопча, хіба ты не разумееш? Муха — твой вораг! Твая смерць! Яна ж таксама дыхае і таксама забірае паветра. І хоць ёй, здаецца, гэтага паветра трэба не так ужо і многа, усё ж у цеснай, закрытай прасторы ўсялякае насякомае — твая смерць навырост: скафандр разлічаны толькі на адну асобу…

Муха пагула яшчэ крыху, пагула, а потым сцішылася. І той жа час ён адчуў, што яна ходзіць па галаве, блытаецца лапкамі ў валасах. Яму было казытліва, непрыемна — муха, мусіць, вялікая, — хацелася скінуць яе з валасоў, але як гэта зрабіць?

Адвінціць скафандр, вытрасці муху і зноў завінціць? Не, на такое ён не адважваўся, баяўся што-небудзь парушыць, не так зрабіць. Крый бог сапсуе сістэму жыццезабеспячэння. А скафандр жа не толькі невядома адкуль і невядома з чаго генерыруе паветра, а яшчэ і жывіць яго нейкай невядомай энергіяй, якая бог ведае адкуль бярэцца…

Ну і таля-малі, ну і шэльмы! Мала ім таго, што і так ужо саслалі хлопца на верную пагібель, дык яшчэ і паздзеквацца з яго захацелася — муху, бач, падсадзілі!

Муха ў валасах яго раздражняла, і ён пахітаў галавою. Насякомае ўзляцела, палятала крыху перад вачыма і села на вуха. Было шлакотна, ён зморшчыўся і ўжо хацеў паварушыць вухам, каб сагнаць яе, але перадумаў — трэба лепей, імгненна прыціснуўшы вуха да скафандра, паспрабаваць задушыць яе…

Ён рэзка матлянуў галавою, але муха той жа час загула ўжо з другога боку — ці то яна ўзляцела раней узмаху, ці то вуха так і не змагло дакрануцца да шкла. Толькі, ударыўшыся аб жалеза, трывожна зазвінеў скафандр, і Радзім, каб не разбіць яго, стараўся не рабіць зноў такіх рэзкіх рухаў.

Радзім разумеў, што не маючы магчымасці памагчы сабе рукамі, змагацца з насякомым яму давядзецца доўга і зацята, але ж ён таксама ведаў, што застацца ў скафандры павінен толькі адзін — на дваіх паветра не хопіць.

А муха, нібы ведаючы, што яна для чалавека недасягальная, здаецца, дражнілася з ім — гула ці то перад носам, ці то недзе за шыяй, ці то садзілася на вочы, хадзіла па вейках. У цемры ён зусім не бачыў яе і вызначаў, дзе яна, толькі па гудзенні ды яшчэ па лапках, што казыталі там, куды муха садзілася.

Раптам насякомае села на вусны. Радзіму здалося, што вось зараз расправіцца з ёю, і ён тут жа моцна сціснуў вусны. Падалося нават, што між імі трапіла яе крыло. І той жа час ускрыкнуў ад болю.

Не, канечне ж, гэта была не муха, а пчала. Ён здагадваўся, што джала, вялікае і вострае, усё яшчэ тырчыць у губе, а яду ў ім столькі, што ён, здаецца, апёк абедзве губы і яны абедзве апухаюць.

А пчала лятала, як і да гэтага. Адно гула яна цяпер нібыта весялей і насмешлівей. А на зямлі ж кажуць, што пчолы, уджаліўшы, паміраюць!

Цешачыся сваёю беспакаранасцю, яна запаўзла ў Радзімава вуха і дзелавіта шуршэла там, нібы чагосьці шукаючы. Радзіму было да жуду невыносна, ён, здавалася, вар'яцее, але хлопец усё ж цярпеў, не варушыў галавою — ад болю, відаць, забыўся, што ў пчалы бывае толькі адно джала, і ўсё чакаў, калі яна ўджаліць зноў.

Час цяпер ужо ён не помніў, не сачыў за ім. Барацьба з насякомым захапіла яго ўсяго. Радзім не ведае, колькі дзён ці месяцаў мінула з таго моманту, калі ён пачуў гэтае гудзенне, і ўстрывожыўся.

Што ён ні рабіў, колькі ні прыкладаў намаганняў, пчала жыла. Нейкі час яму нават здавалася, што таля-малі яшчэ больш жорсткія, як ён думаў,— маўляў, яны пусцілі ў ягоны скафандр несмяротнае насякомае!

І ўсё ж ён перамог пчалу.

Неяк, калі яго лоб быў зусім блізка да шкла і калі насякомае неасцярожна ўшчамілася ў гэты цесны прасвет, яму нічога не аставалася, як толькі прыціснуць лоб да скафандра і крыху пацерціся ім аб шкло. На гэты раз пчала не паспела ўзляцець.

Радзім адчуў нешта халоднае, ліпкае, непрыемнае на сваім твары, яму адразу ж захацелася сашкрэбці ўсё гэта са скуры, і ён раз'юшана пачаў церціся лбом па скафандры. Але чым больш ён цёрся, тым болей размазваў гэтую ліпкую, смярдзючую масу і па лбе, і па сценках скафандра. Калі ўсё гэта засохла, з'явілася адчуванне, што на чало нехта наклаў нейкі пластыр, і цяпер, як толькі ён наморшчваў скуру, увесь лоб сцягвала, казытала, нібы насякомае ажыло і зноў поўзае па твары.

Было непрыемна, але ён цярпеў: цяпер у скафандры Радзім быў адзін і дзяліць паветра яму ні з кім ужо не даводзілася.

Толькі зараз, сцішыўшыся і супакоіўшыся, хлопец успомніў пра час і падумаў, што ў гэтым жалезным завале сядзіць ён ужо даўно. Яму было холадна і зябка — жалезнае ламачча напаўняла холадам не толькі цела, але і душу. А цемра ўсё не рассейвалася, не радзела — было гэтак жа цёмна і чорна, як і напачатку: нічога не відаць пад самым носам, а што цябе акружае, можна адчуць, даведацца толькі рукамі — навобмацак.

Паволі ў яго пачынала з'яўляцца думка, што ўвогуле ён марна чакае світання — на Жалезным Хаосе хутчэй за ўсё не бывае дня, а ўвесь час пануе вось такая густая ноч. Ад гэтай здагадкі яму рабілася яшчэ халадней, і ён глыбей уцягваў шыю ў каўнер лёгкай сарочкі, якая цяпер, здаецца, не грэла зусім.

Што рабіць? Сядзець у гэтай цемры і чакаць? Але чаго чакаць, колькі чакаць? А калі раніца не прыйдзе сюды ніколі? Можа, Жалезны Хаос якраз і славуты тым, што тут знішчылі самае галоўнае — святло.

Радзім непрыемна перасмыкнуўся і пачаў выбірацца з ямы. Асцярожна намацаў бліжэйшую жалезіну, павагаў, пакратаў яе, потым падцягнуўся, трымаючыся за востры край, на руках — яна, здаецца, трымалася моцна. Але калі ўзлез наверх, усё раптам загрымела і забразгатала, усё, распаўзаючыся, пасунулася ўніз, і ён у адзін момант зноў апынуўся на дне ямы.

У другі раз спрабаваў выбірацца больш асцярожна — доўга намацваў настылае жалеза, доўга прымерваўся перад тым, як стаць нагою, доўга шукаў, куды зрабіць наступны крок.

Калі падняўся, здаецца, на самы верх кучы, зразумеў, што з ямы пакуль яшчэ не выбраўся. Цягнучыся рукою ўвышыню, каб зачапіцца за што-небудзь, ён натрапіў пальцамі на нейкую ручку. Радзім з надзеяй схапіўся за дзяржанне, моцна ўчапіўся, сціснуў яго ўсёю даланёю і завіс на ім перад тым, як падцягнуцца і лезці вышэй.

І раптам ручка паволі, са скрыпам пачала апускацца ніжэй пад цяжарам ягонага цела. І — о, дзіва! — па меры таго як апускалася ручка, наваколле Жалезнага Хаосу ўсё святлела і святлела. Праз нейкі час ён ужо, прызвычаіўшы вочы да цемры, не мог, не зажмурваючыся, глядзець на святло — яго сляпілі сотні, тысячы лямпачак, якія засвяціліся па розныя бакі ад ягонай кучы.

Да яго слыху даносіліся бразгат, рыпенне, скрогат жалеззя — усё наваколле, здавалася, прачнулася, заварушылася, загуло, быццам вялікі механічны завод. Калі ручка апусціла яго на жалеза, яму здалося, што яно само сабою дыбіцца, падымаецца, спрабуе ўстаць. І не паспеў ён як след астояцца на нагах, як падэшвы слізганулі па ўжо нахіленых лістах бляхі, і Радзім, выпусціўшы дзяржанне з рук, паляцеў уніз. Яшчэ падаючы, паспеў убачыць, як імкліва, нібы заведзеная, нібы на спружынах, вярталася ў сваё папярэдняе становішча ручка і супакойвалася жалеза — клаліся на свае ранейшыя месцы істоты, вельмі ж падобныя на зямных робатаў.

Калі Радзім упаў, зноў стала цёмна і ціха. Толькі зрэдзь дзе зручней укладалася жалеза ці ссоўвалася на зямлю тое, што, патрывожанае, дрэнна вісела.

Убачанае вельмі ўразіла. Значыць, Жалезны Хаос не мёртвы, ён проста выключаны. Гэта хутчэй за ўсё нейкі склад, нейкая звалка мёртвых робатаў, у якіх хтосьці адабраў энергію. Яны мёртвыя, але яны і жывыя. І ён цяпер іхні правадыр і валадар — ядзерная кнопка, як казалі на зямлі, знаходзіцца зараз у яго руках: дастаткова толькі яму знайсці ў цемры і яшчэ раз павярнуць ручку, як увесь Хаос заззяе і ажыве, і робаты пад яго «мудрым кіраўніцтвам» будуць рабіць тое, што ён ім загадае.

Але чапаць у другі раз ручку Радзім пакуль што не спяшаўся: і лезці да яе высока, і падаць адтуль не хочацца — ён адчуваў, як саднела пасадраная на руках і нагах скура.

Трэба пакуль адседзецца, разабрацца, што і да чаго, падумаць, што рабіць далей.

Ён сцішыўся, супакоіўся. І раптам аж здрыгануўся — што гэта за насланнё! У скафандры зноў нешта гуло, звінела. Няўжо другая пчала?! Няўжо і яна будзе даймаць яго?

Радзіму нават здалося, што насякомае ўжо ходзіць па валасах. Ён, каб хутчэй сагнаць яго, пахітаў галавою. З валасоў ніхто не ўзляцеў, аднак у скафандры ўсё роўна штосьці звінела. Праўда, звінела яно і танчэй, і далікатней за пчалу.

Радзім наморшчыў лоб — нібыта каб пераканацца, што задушаная пчала не аджыла, — адчуў засохлую корку, пакратаў языком джала, якое ўсё яшчэ тырчала ў апухлай губе, пачаў варушыць яго і варушыў да таго часу, пакуль яно не вывалілася з ранкі.

А зык у скафандры не праходзіў: невідомае насякомае ўсё яшчэ, нібы жалячыся на што, гуло і звінела.

Хлопец уважлівей прыслухаўся да гэтага гуку, і яму здалося, што ён чуе — больш здагадваецца, чым чуе, — быццам яму хтосьці загадвае:

«Уключыце сінюю кнопку… Уключыце сінюю кнопку…»

Што гэта з яго нехта здзекуецца, ці што? «Сіняя кнопка… Сіняя кнопка…» А як яе, гэтую сінюю кнопку, убачыць у такой непраніклівай, пракаветнай цемры?!

Пачаў пальцамі, далонямі вадзіць па скафандры, шукаючы тую кнопку. Націскаў, уключаў усё, што траплялася пад рукі, і прыслухоўваўся: ці не тая? ці не абзываецца хто?

Але ў скафандры было ціха. І толькі калі ён намацаў ці не апошнюю ўжо кнопку — недзе ззаду, уверсе скафандра — у ім нешта гучней зашуршэла і праз гэтае шуршанне прарэзаўся, нарэшце, нейчы незнаёмы голас. Ён доўга не мог зразумець, што гэта гаворыць Оя, — такі быў чужы і нязвыклы яе голас.

— Радзім, ты мяне чуеш? Гэта я, Оя. Ты таксама ўжо тут, на Жалезным Хаосе?

Ад радасці, што чуе Оін голас, у яго перасела ў роце, зашэрхла ў горле, і ён не мог вымавіць ніводнага слова.

— Чаго ты маўчыш? — затрывожылася дзяўчына і яшчэ больш спалоханым голасам спыталася: — Радзім, ты мяне чуеш?

— Чую, — нарэшце вымавіў ён.

— А чаму не адказваеш?

— Ад радасці. Рады, што я тут не адзін, ужо нармальным голасам загаварыў ён і адразу ж спахапіўся, што гаворыць нешта не тое: дзяўчыну саслалі сюды, на гэтае жалеззе, а ён радуецца… Не радавацца трэба, а думаць, як яе выбавіць адсюль!

І каб неяк выправіць, прыхарошыць няёмкасць, спытаўся:

— Табе не холадна?

— Холадна, — адказала Оя, і ён адчуў, як яна там, дзесьці далёка-далёка ад яго, сцялася ўся. — Слухай, а гэта не ты толькі што ўключаў святло на Хаосе?

— Я.

— Я так і падумала. Убачыла, як засвяцілася ўсё навокал, і здагадалася, што ты ўжо тут. Дарэчы, а на чым цябе прывезлі?

— Не ведаю. У цемры не разглядзеў. Але нешта дрымцела і бразгатала.

— Той жа самы драндулет, з якога скінулі і мяне.

— Ты не пабілася? — ласкава спытаўся ён.

— Пабілася. Руку садрала. Нагу падвярнула. Кульгаю. Ён нават сам здзівіўся, што яго нечакана агарнулі пяшчота і замілаванне, — яму вельмі хацелася вось зараз ласкава, далікатна дакрануцца да яе, пагладзіць.

— А дзе ты цяпер знаходзішся?

— Недзе непадалёк ад Цмока.

— Ты думаеш, я ведаю, дзе гэта? Дарэчы, а што сталася з Цмокам? Калі я яшчэ быў у Талямаліі, калі мяне вялі на суд, раптам сціх вецер, усе выйшлі на вуліцы і плошчы, крычалі, радаваліся: «Цмок памёр! Памёр Цмок!» Як ён памёр, ты не ведаеш?

— Ведаю. Я яго задушыла…

— Ты? Задушыла Цмока? Як?

— Проста выключыла рубільнік. Бо Цмок — гэта ўсяго толькі вакуумная ўстаноўка, якая працуе ў пераменным рэжыме.

Яны, засумаваўшы адно па адным, гаварылі і не маглі нагаварыцца. А хутчэй за ўсё не змаўкалі, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца, што на Хаосе кожны з іх не самотны: тут ёсць каму гаварыць і ёсць каму слухаць!

— Пачакай, а сам ты дзе знаходзішся?

— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Радзім і дадаў: — Там, дзе было асветлена. Ты ж бачыла?

— Бачыць то бачыла, але ж святло было ўсюды, — яна замоўкла, задумалася, а затым папрасіла: — Слухай, а паспрабуй яшчэ раз уключыць рубільнік. Каб я разабралася, дзе ты.

Ён і сам пра гэта думаў, яму і самому карцела зноў пацягнуць за тую магічную ручку, каб нанова ўбачыць, як раптам пачне падымацца ўвесь Жалезны Хаос. Але ж і стрымлівала яго нейкая боязь і асцярога: а што будзе, калі на гэты раз ён не здолее ці не паспее выключыць рубільнік? Таму Радзім пачаў як бы апраўдвацца, разважаць:

— Табе здаецца, што гэта лёгка — узяў і ўключыў. Ты ж зблізку не бачыла, што тут рабілася.

— Бачыла. Тут таксама паўставалі нейкія жалезныя монстры. Але ўсё роўна ўключы, давай яшчэ раз паглядзім, што будзе.

І Радзім адважыўся. Ён яшчэ болей асцярожна, як перад гэтым, палез па жалезным ломе да рубільніка. Дабраўся да яго з іншага боку і доўга мацаў па жалезе, пакуль нарэшце не натрапіў на ручку. Уключаць не спяшаўся — адчуваў, як ці то награецца ад яго далоні стылае жалеза, ці то наадварот яно само студзіць руку. Стаяў і чакаў. Ведаў, што зараз пачнецца, калі паверне рубільнік.

— Чаго ты не ўключаеш? — нецярпліва дапытвалася Оя.

Радзім паспрабаваў адпіхнуць ад сябе дзяржанне, але нічога не атрымалася. Ручка не краналася з месца, яна як усё роўна заржавела. Тады Радзім скочыў уніз і, як і перад гэтым, завіс на дзяржанні. Рубільнік павольна, з рыпеннем, паддаючыся яго вазе, пачаў апускацца. Цяпер ён ужо вельмі пільна сачыў за тым, што рабілася навокал.

Паступова напальваючыся, разгараліся ўсё ярчэй і ярчэй лямпачкі, святло іх неўзабаве стала вельмі яркае, яно ўжо перашкаджала яму глядзець, але Радзім, хоць і жмурачыся, з жахам назіраў, як навокал яго ўстае, са скрогатзм і бразганнем, жалеза. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэта паднімаліся робаты, што Жалезны Хаос хутчэй за ўсё калісьці быў краінай робатаў, якая нейкім чынам загінула. Заржавелыя монстры ўставалі, азіраліся, варушыліся, спрабавалі нават ісці ў ягоны бок. Дзіўна, з усіх бакоў толькі туды, дзе вісеў ён. Яму было жудасна бачыць, што імі запоўнена ўся прастора, што яны ўжо нібыта вітаюцца адзін з адным, нешта паказваюць на яго рукамі, падобнымі на штэпселі, і ці то ўсміхаюцца, ці то злуюцца — адным словам, шчэраць зубы.

Здавалася, што робаты ажыўляюць адзін аднаго, падтрымліваюць, дапамагаюць падняцца. Падкручваюць адзін аднаму гайкі, умацоўваюць шарніры, мяняюць лямпачкі. Хтосьці вунь паўзе ўжо з працягнутай наперад рукою-штэпселем да разеткі, а хтосьці, пачапіўшы шнур на кій, таксама спяшаецца хутчэй знайсці сабе крыніцу сілкавання.

Захапіўшыся відовішчам, Радзім і не заўважыў, што ўжо стаіць на жалезнай панелі,— адкуль яна з'явілася, не памятае, — а да яго твару цягнецца нейкая жалезіна.

Гэтая страта пільнасці ледзь не каштавала яму жыцця. І ён застаўся жывы толькі таму, што ў апошнюю хвіліну зразумеў, што сам стаіць на плячы робата, які паспеў падняцца на ногі, а да яго шыі набліжаецца не нейкая там жалезіна, а самая звычайная рука робата з двума пальцамі — штэпсельнаю вілкаю.

Радзім спалохаўся і той жа момант адпусціў, адпіхнуў ад сябе ручку рубільніка — тая аж ляснула, становячыся на сваё месца.

Рука робата халодным пальцам чыркнула па хлопцавай шыі і заціхла. Сам робат здрыгануўся, нібы скідваючы чалавека з пляча, — Радзім і на самой справе не ўтрымаўся і паляцеў уніз. І ўжо упаўшы, у поўнай цемры, пачуў, як грымнуў вобзем і сам робат — на шчасце, у другі ад Радзіма бок, бо на хлопца паляцела, мусіць, падгрэбенае нагамі дробнае жалеззе.

Пасля яркай успышкі святла цемра цяпер здавалася яшчэ больш чорнаю. І цішыня пасля такога скрогату і бразгатання была як усё роўна несапраўдная. Цела, пабітае, а дзе-нідзе і садранае, саднела. Радзім абмацаў сябе, каб пераканацца, што ніякіх пераломаў няма, і тут жа схамянуўся: чаму маўчыць Оя?

У скафандры было ціха, калі не лічыць нейкага трэску, шуму, шоргату, што сведчыла — мікрафон уключаны. І ўсё ж ён правёў абедзвюма рукамі па скафандры, каб яшчэ раз пераканацца, што той цэлы, нідзе не трэснуў і не пабіўся, калі Радзім упаў на зямлю.

І раптам яму здалося, што ў скафандры хтосьці ўздыхнуў ці то нават застагнаў.

— Оя, гэта ты? — захваляваўся Радзім. — Дзе ты падзелася? І чаму маўчыш?

У скафандры было ціха, толькі ўсё гэтак жа назойліва патрэскваў уключаны мікрафон.

— Оя! Оя! — нібы прадчуваючы нешта, закрычаў Радзім і не помнячы сябе пачаў грукаць кулакамі па скафандры — так малоцяць на зямлі па тэлефонным апараце, калі той раптам сапсуецца.

Але Оя маўчала. Прайшоў нейкі час, пакуль нарэшце яна адгукнулася — яе голас быў слабы, далёкі і крыху безуважны — нібыта яна менавіта вось зараз вярталася ў прытомнасць.

— Што з табою? — дапытваўся Радзім.

— Я не магу ўстаць.

— Чаму, Оя?

— Таму што адзін з робатаў схапіў мяне за нагу…

— Дык робаты ж зноў памёрлі.

— Але ж гэты, перад тым як грымнуцца вобзем, паспеў сашчапіць на маёй назе свае халодныя металічныя рукі…

— І ты не можаш іх разняць?

— Не магу, Радзімачка.

— Што ж рабіць?

— Шукай мяне, — застагнала яна.

— А як я цябе знайду? — занепакоіўся хлопец. — Я ж не ведаю нават, у які бок ісці.

— І я не ведаю.

— Шкада, што ты адключыла Цмока. Я па шуму б здагадаўся, дзе ты. А можа, на якую хвіліну ўключы яго зноў.

— Не магу. Робат дужа цяжкі, і я не толькі не дапаўзу з ім да Цмока, але і проста павярнуцца, паварушыць нагою не маю магчымасці. Знайдзі мяне хутчэй… Мне холадна, страшна і балюча…

Радзім маўчаў, думаў.

— Слухай, — нарэшце ажывіўся ён. — А ты паляпай жалезам па жалезе. Я пачую і пайду на грукат.

— Пачакай крыху, — яна, мусіць, шукала якую жалязяку, а ён падрыхтаваўся ўважліва слухаць — наструніўся ўвесь, каб не прапусціць ніводнага гуку.

— Знайшла? Ужо ляпаеш? — праз нейкі час спытаўся ён.

— Ляпаю.

Але, як ён ні ўслухоўваўся, нічога не чуў: значыць, Оя была вельмі далёка ад яго.

— Не чую, але ты час ад часу ўсё роўна ляпай.

— Навошта?

— Можа, бліжэй буду — пачую.

Устаў, агледзеўся ў цемры, нібы выбіраючы, куды, у які бок падацца. Падумаў, а навошта выбіраць, калі сам не ведаеш, дзе знойдзеш тое, што шукаеш.

Намацаў нагою вольную ад жалеза зямлю і паволі пайшоў наперад. Выстаўляў рукі перад сабою, ногі сунуў вельмі асцярожна, баючыся ў што-небудзь ударыцца, аб што-небудзь выцяцца, што-небудзь зваліць на сябе. Ішоў і ўсё прыслухоўваўся — а раптам дзе грукае жалезам Оя?!

Ісці было цяжка, увесь час замінала нагрувашчанае жалезнае ламачча. Радзім ведаў, што гэта не ламачча, — помніў, як усё паднялося і ажыло, калі ён уключыў рубільнік. І зараз, абыходзячы жалеза, ён разумеў, што абыходзіць пераможаных, заціхлых робатаў — дзе нагу, дзе руку, дзе галаву, — і ад гэтай думкі рабілася вусцішна: а што, калі нехта з іх дапаўзе да рубільніка? Дзе тады і як схаваешся?

Ад гэтай думкі ды яшчэ ад таго, што не ведае, ці правільна, ці ў той бок ідзе, праймаў холад, пачынала калаціць і з'яўлялася жаданне вярнуцца назад. Але куды назад? Але навошта назад? Зноў у тую яму пад рубільнікам? І зноў сядзець і чакаць? Чаго чакаць? Колькі? Ды і Оя пакутуе… Трэба шукаць!

Скафандр маўчаў. Нават не хрыпеў, не трашчаў — як усё роўна быў адключаны. Радзім затрывожыўся яшчэ мацней — яму падумалася, што Оя зноў страціла прытомнасць, а можа, там здарылася нешта і страшнейшае.

Ён, спалохана націскаючы на сінюю кнопку — запомніў, дзе яна знаходзіцца, — што ёсць сілы закрычаў:

— Оя! Оя! Што з табой?

— Нічога, — праз нейкі час спакойна адказала дзяўчына. — Проста я задрамала, — крыху памаўчала зноў, затым пацікавілася сама: — А ты чаго гэтак раскрычаўся? Што-небудзь здарылася?

— Не, я за цябе хвалююся. Ты маўчыш, і я бог ведае што падумаў.

— Што?

— Што да цябе дацягнуліся і іншыя робаты…

— Дык яны ж мёртвыя.

— Але… — хацеў запярэчыць ён, аднак перадумаў і той жа час перавёў размову на іншае: — А ты хоць ляпаеш там?

— Што, ты хочаш, каб я і ў сне ляпала?

— У сне не трэба. А зараз, калі прачнулася, паляпай.

— Добра, — згадзілася Оя.

Але як ён ні прыслухоўваўся, ніякіх гукаў не пачуў. Значыць, Оя была яшчэ далёка. Пастаяў крыху, падумаў, а затым рашуча пайшоў зноў у цемру, натыкаючыся на ногі, абыходзячы галовы, чапляючыся за рукі робатаў.

У поўным змроку ісці было цяжка, нязручна, але ён, настойліва намацваючы зямлю, ішоў і ішоў наперад. Аднаго разу нават упаў — паставіў нагу на нейкую жалезіну, тая, нібы жывая, прыўзнялася, крутанулася — здалося, была гэта нейчая рука, — і ён спіною паляцеў на другую, моцна выцяўшыся аб яе — цяпер яму падумалася, што нехта падставіў нагу, бо і гэта ламачына ажыла і заварушылася. Радзім спалохаўся, падхапіўся і кінуўся бегчы — яму ўявілася, што ўсё гэтае жалеззе вось зараз падымецца, устане і жывым робатам накінецца на яго. Спяшаючыся, неабачліва наступіў на слізкія лісты жалеза, тыя рассунуліся, і ён упаў зноў.

Цяпер Радзім ужо не спяшаўся падымацца. Сядзеў і супакойваў самога сябе: «Ціха, ціха, куды ты імчышся, куды бяжыш? Не гарачыся. Так можна і галаву разбіць». Успомніўшы пра галаву, абмацаў з усіх бакоў скафандр — ён быў тут такі ж важны, як і галава, — і адчуўшы, што на ім няма яшчэ расколін, супакоіўся.

Падумаў, ён нарабіў столькі шуму, тут так бразгала і грымела жалеза, што каб дзе блізка была Оя, яна, канечне, пачула б гэты грукат. Сядзеў і прыслухоўваўся, ці не абзавецца яна?

Але навокал было ціха-ціха.

Значыць, ніхто яго не пачуў.

Ну а што, калі б Оя і пачула? Як бы ён зразумеў, дзе яна? Як бы зэмка магла падказаць яму, куды ісці? Яны ж тут ніякіх арыенціраў, каб прывязацца, не ведаюць, ды, каб і ведалі, як іх убачыш у гэтай цемры?!

І раптам яму прымроілася, што недзе блізка, зусім побач, ляпае жалеза… Узрадаваўся, насцярожыўся, прыслухаўся… Спытаўся: «Оя, гэта ты?», але ніхто яму нічога не адказаў.

А жалеза і праўда ляпала…

Ён падхапіўся і, адно толькі стрымліваючы сябе, каб не пабегчы, каб зноў не ўпасці, кінуўся на гэты гук.

Дзіўна, але колькі ён ні ішоў, гук не мяняўся, быў усё такі ж, як і на самым пачатку, — не грамчэў, не мацнеў, не рабіўся выразней…

І ўсё ж, здаецца, ён наблізіўся да таго месца, адкуль чуўся гук. Ступіў яшчэ колькі крокаў і спыніўся. Яму памроілася, што наперадзе нехта ходзіць. Таго, хто ходзіць, ён не бачыў, а крокі з аднастайным бразганнем чуў выразна.

— Оя, гэта ты? — зноў спытаўся Радзім, хоць і ведаў, што гэта не зэмка: як яна будзе хадзіць з робатам на назе?!

Адразу ж спыніўся і той, хто тупаў,— перастала ляпаць жалеза. Нечакана ў тым баку загарэлася лямпачка — невялікая, круглая, як вока, — і Радзім больш адчуў, чым пачуў, нейчы настойлівы загад:

«Хто вы? Хто вы? Уключыце сувязь. Уключыце сувязь. Кнопка справа. Кнопка справа».

У цемры, там, дзе стаяў незнаёмы, загарэліся новыя лямпачкі — зялёныя, сінія, аранжавыя.

Радзім уключыў кнопку, якую яму загадалі, і чакаў, што будзе далей. Імкнуўся быць спакойным, хоць і адчуваў, як падымаюцца на галаве валасы.

— Хто вы? Хто вы? — усё дапытваўся незнаёмы. Хлопец ужо зразумеў, што перад ім робат, але, у сваю чаргу, спытаўся:

— А вы хто?

— Я — тутэйшы. Я — робат. А ты — чалавек?

— Чалавек, — усяго толькі і змог адказаць ён робату, а сам задумаўся: ну як можна растлумачыць гэтай машыне, хто ён, адкуль, як апынуўся тут і што цяперь робіць на Хаосе?

— А ну яго! — раптам сам сабе сказаў робат — Радзіму нават здалося, што ён махнуў сваёю жалезнаю рукою, — і загаварыў звычайным чалавечым голасам: — Я ведаю цябе. Ты — чалавек, які выключыў энергію.

— Не, я яе ўключаў.

— Ага, спачатку ўключаў. А потым — выключыў. А ты ведаеш, што на Жалезным Хаосе выключэнне энергіі лічыцца злачынствам і вельмі строга караецца. На табе, чалавек, двайная віна: ты двойчы выключаў энергію. І двойчы ўчыняў умор, знішчаў нашу папуляцыю. Вось яны, мае браты і таварышы, ляжаць вакол цябе мёртвыя. І ты, ты забіў іх! Хто табе даруе такі злачын?!

Пачуліся зноў крокі, заляпала жалеза — мусіць, нейкая дэталь адпаялася і бразгала пры хадзе. Радзіму здалося, што робат спяшаецца якраз у ягоны бок. Хлопец паспешліва адбегся назад — як ты будзеш бараніцца, калі ён раптам зграбе цябе ў свае абдымкі?!

Робат, зразумеўшы, што чалавек баіцца яго, задаволена зарагатаў:

— Не ўцякай ад мяне. Я нічога кепскага не магу табе зрабіць — я ж прывязаны, — крыху памаўчаў, а пасля зноў засмяяўся. — Памятаеш, як у вас сабак каля будак навязваюць? Вось так і я навязаны. Толькі па крузе хадзіць магу.

— Чаму?

— Таму што ваш сабака на ланцуг навязаны, а я — на шнур. А шнур у мяне кароткі. Штэпсель у разетку — і хаджу. Захачу адысціся далей — штэпсель з разеткі выцягну. І памру, як астатнія памёрлі.

— А як ваша разетка працуе? Усё ж абясточана.

— Гэта мой сакрэт. Мне хлопча, трэба думаць пра сваю папуляцыю. Пра тое, як яе выратаваць.

— А адкуль вы ведаеце пра нашых сабак? — ужо зусім асмялеўшы, спытаўся Радзім.

— Як гэта — адкуль? — хутчэй за ўсё паціснуў плячыма робат. — Ад дурбудаў. У іх былі сабакі, і яны навязвалі іх вось так каля будак.

Вочы да цемры не прызвычаіліся, і Радзім, адно толькі чуючы робата, не бачыў, які ён — малы ці вялікі, незвычайны ці падобны на нашых, зямных.

— А хто гэта такія — дурбуды?

Робат нібыта задумаўся. Ен падышоў зусім блізка да хлопца — Радзім нават пачуў, як напяўся туга нацягнуты шнур.

— Дурбуды — гэта людзі. Такія ж, як і ты, — пачаў здалёку тлумачыць робат, і Радзім, чамусьці адчуўшы, што ён зараз раскажа яму ўсё, уважліва слухаў і не перапыняў яго. — Раней гэта была іхняя зямля. Жылі чалавекі, працавалі. Радаваліся і смяяліся. Дык не ж, заманулася ім выдумаць нас, робатаў. Каб дапамагалі ім. Выдумалі. Спачатку мы дурбудам падабаліся — робатаў, маўляў, можна абдурыць, у іх няма ніякай хітрасці. Працуюць па схеме. Яны толькі імітуюць чалавека, казалі. Але ім недаступна наша мысленне, сцвярджалі…

Залязгала жалеза — робат зноў пайшоў па крузе.

— Пакуль мы рабілі тое, што яны нам загадвалі, мы былі харошыя. Два пальцы ў разетку, і жывеш… Сыты і ў камфорце. Ніякіх клопатаў з намі. А як толькі мы захацелі жыць самастойна, перасталі ім падпарадкоўвацца — яны адключылі энергію. І знішчылі ўсю папуляцыю, — робат, мусіць, ішоў цяпер па другі бок ад разеткі, голас яго быў слабей чуваць, і Радзіму даводзілася напружвацца, услухоўвацца ў яго. — А дурбуды самі па сабе недалёкія людзі. І як толькі яны зразумелі, што мы робімся разумнейшымі за іх і што хутка не яны, а мы будзем кіраваць усім — і імі, натуральна, таксама, — неўзлюбілі нас і ўзненавідзелі. І пачалі з намі вайну, — робат змоўк, але неўзабаве, не ўтойваючы сваёй радасці, зноў загаварыў: — Ну і натапталі ж мы іх… Ну і патаўклі! Пад намі, пад робатамі,— адны косці. Многа-многа дурбудаўскіх касцей…

Робат, абышоўшы разетку кругам, набліжаўся зноў да Радзіма. Хлопец, каб лепей чуць яго, страціўшы пільнасць, зусім наблізіўся да вытаптанага круга.

— Вось тады дурбуды і адключылі энергію, — робат падышоў зусім блізка і стаў амаль поплеч — Радзім нават чуў пах жалеза і нейкага прымітыўнага масла, якім яно было змазана. — Вось з таго часу мы і ляжым, іржавеем. І толькі вось ты патрывожыў нас, і мы зразумелі, што яшчэ жывыя, хоць і нерухомыя. Пройдзе нейкі час, і мы, зусім праржавелыя, станем непрыгоднымі, не зможам падняцца на ногі, а наша папуляцыя знікне назаўсёды… Але ж ты дапаможаш нам стаць жывымі!

І маланкава — не паспеў Радзім апамятацца ці адказаць што — ягоную руку моцна, нібы наручнікі, сашчапілі жалезныя пальцы робата. Той накінуўся на яго знянацку, як хітры павук, які, стаіўшыся, чакае, прыкідваецца мёртвым, а тады імгненна кідаецца на сваю ахвяру. Радзім інстынктыўна моцна рвануўся ўбок, пацягнуўшы за сабою і робата, ды так крута, што, мусіць, вырваў нават шнур з разеткі. Пра гэта Радзім зразумеў, калі яны абодва ўпалі на зямлю, калі адчуў, як слабее і слабее робатава рука, як самі сабою расціскаюцца ягоныя пальцы.

Сваю руку Радзім вызваліў лёгка — здавалася, што сам робат дапамагаў яму гэта рабіць.

Але ўсё ж рука балела — падаючы, робат балюча заламаў яе назад. І сам да таго ж моцна наваліўся на Радзіма, прыціснуў яго сваім цяжкім жалезным целам.

Радзім паспрабаваў вылезці з-пад робата, але яму гэта не ўдалося. Тады ён пачаў спіхваць яго з сябе рукамі — той быў дужа цяжкі — кавалак мёртвага жалеза! — і таму ніякія намаганні не мелі поспеху. Нарэшце, пакрысе раскалыхаўшы робата, хлопцу ўдалося перакаціць мерцвяка на другі бок. Жалеза крыху прыўзнялося, і Радзім, хоць і з цяжкасцю, выцягнуў з-пад яго ногі.

Сеў верхам на заціхлага, нерухомага, але яшчэ цёплага робата і задумаўся. Бачыш, як ён перахітрыў чалавека!

А што б было, калі б не вырваўся з разеткі шнур? Канечне, робат рабіў бы ўсё, каб змусіць Радзіма ісці да рубільніка і ўключыць яго.

Але як бы ён гэтага дамагаўся? Ён жа навязаны. І яго воля, і яго прастора, і нават яго жыццё вымяраецца толькі даўжынёю шнура. Там, дзе канчаецца провад, канчаецца і яго жыццё. Як вось і зараз…

Ды ён бы нешта прыдумаў. Ты ж бачыш, які ён кемлівы. Бачыш, як нечакана схапіў за руку. А трымаючы цябе побач з сабою, ён, канечне, знайшоў бы выйсце. У яго ж свая схаваная, аўтаномная крыніца энергіі, як бачыш, ёсць. Засталося толькі навучыцца яе накапляць і пераносіць. Словам, вынайсці акумулятар…

Раптам Радзім здрыгануўся: нечакана забразгатала жалеза — хутчэй за ўсё гэта рука, якая нязручна легла пры перакочванні, з'ехала і ўпала яму на калені. Радзім спалохаўся, падхапіўся на ногі, скінуў далаўкі руку, але адчуўшы, што робат ляжыць — ціхі і нежывы, як і да гэтага, — супакоіўся.

Дык што ж яму зараз рабіць з ім?

Пакінуць вось такога, мёртвага, сярод гэтага жалезнага ламачча? І ён неўзабаве заржавее, хоць і змазаны нейкім самаробным маслам, і тады ўжо ўся гэтая папуляцыя ніколі не падымецца, не ажыве. Але хто ты такі, каб адымаць апошнюю надзею на выратаванне ў гэтага жалеза? Хто такі?

І навошта табе ўмешвацца ў іх жыццё? У іх спрэчкі з дурбудамі? Зрабі так, як і было да цябе. Падключы да разеткі гэтага робата. Няхай ходзіць па крузе вакол сваёй крыніцы энергіі і думае. Няхай сам вынаходзіць акумулятар. А калі хочаш, можаш і падказаць.

І тут жа, уявіўшы, як адразу падымецца ўсё і ажыве, як немагчыма будзе яму ўратавацца ад жалеза, Радзім перасмыкнуўся: не, вучыць робата, як рабіць акумулятар, ён не будзе — няхай сам дадумаецца.

А вось падключыць робата да разеткі ён абавязаны. Каб ніякім чынам не ўплываць на жыццё папуляцыі. Хадзіў па крузе да яго, няхай ходзіць і пасля яго.

Але як гэта зрабіць? Ён жа такі цяжкі, а да разеткі давядзецца цягнуць.

Падышоў да разеткі, намацаў у цемры шнур, нацягнуў яго — не хапала з паўметра. Вярнуўся да робата, паспрабаваў валачы яго. Але, нават прыўзняўшы крыху ногі, не змог скрануць мерцвяка і з месца. Тады Радзім пачаў каціць яго. І гэта было цяжка, аднак нешта ўсё ж крыху выходзіла — разгайдаўшы робата, Радзіму ўдалося перакуліць яго на другі бок. Адпачыўшы, ён перакаціў жалеза яшчэ раз.

Калі адчуў, што ўжо хопіць каціць, выпрастаўся, выцер з ілба нот даланёю — бачыш, як угрэўся, аж у пот кінула! — і прысеў на робата: ці то міжволі, ці то свядома, каб абразіць у апошні раз жалеза — маўляў, праз хвіліну я буду цябе баяцца, а вось зараз сяджу на табе і што захачу, магу з табою зрабіць.

Радзім падняўся, падышоў да разеткі. Перад тым як уторкнуць у яе штэпсель, пастаяў, падумаў — як усё роўна рабіў нейкую вельмі важную справу, на якую трэба асмеліцца, адважыцца. Затым паспешліва ўторкнуў два пальцы штэпселя і той жа момант хуценька адбегся ад разеткі — У другі бок ад таго месца, дзе ляжаў мярцвяк.

Робат, ажыўшы, падымаўся паволі — удалечыні рыпела жалеза, крахтаў ён сам. Калі ўжо, мусіць, стаў на ногі зусім — у тым баку ўсё заціхла, — Радзім адважыўся загаварыць да яго:

— Ну што, не атрымалася?

— Пакуль не атрымалася, — зусім спакойна згадзіўся з ім робат. — Але дужа не радуйся. Я настойлівы. І ў мяне абавязкова ўсё некалі атрымаецца…

— Калі?

— Магло б і сёння.

— А цяпер калі?

— Не ведаю. Але буду працаваць. І павер мне, я сам дайду да рубільніка. І ўключу яго. Бачыш, колькі я жалеззя паназбіраў? Адбягуся, схаплю што-небудзь — і зноў да разеткі імчуся. Я яшчэ не ведаю, на што яно спатрэбіцца, але няхай будзе… І я прыдумаю, як запасіць энергію, каб быць незалежным ад разеткі. Я ўключу рубільнік!

Забразгатала жалеза, і Радзім зразумеў, што робат ідзе ў яго бок. І хоць ён і так ужо быў далёка ад круга, па якім хадзіў той, усё ж спасцярожліва адышоўся яшчэ далей — каб нельга было дастаць. Робат спыніўся, мусіць, непадалёку — зноў вельмі запахла жалезам і разагрэтым машынным маслам. А можа, гэта ўжо пахла і ад яго самога — набраўся пахаў, як каціў робата і сядзеў на ім.

— Слухай, а навошта ты ўключыў мяне? Ты ж ведаеш, калі я дайду да рубільніка, калі ажыўлю суродзічаў, яны цябе пакараюць як злачынца. А па-простаму — затопчуць. Ты ж іх загубіў.

— Але ж я ажывіў цябе, — перайшоў на «ты» Радзім.

— Ты разлічваеш на маю дапамогу? Аднак тады ўжо я нічога не змагу зрабіць. Мяне проста ніхто не паслухае.

Зноў залязгацела жалеза — мусіць, робат пайшоў па крузе далей.

І раптам нечакана зашуршала ў скафандры, а потым пачуўся Оін голас:

— Радзім, дзе ты дзеўся?

— А я тут дарогу да цябе распытваю, — узрадаваны, што загаварыла Оя, засмяяўся ён.

— У каго?

— У аднаго чалавека.

— У каго, у каго?

— У жалязякі.

— Хто гаворыць? Хто гаворыць? — адразу стаўшы камп'ютэрам, занепакоіўся, пачаў дапытвацца робат. — Хто на сувязі?

— Чуеш, у мяне дапытваюцца, хто ты.

Оя, відаць, нічога не разумела, не ведала, радавацца ёй ці засмучацца, што на гэтым халодным Жалезным Хаосе апрача іх дваіх з'явіўся яшчэ хтосьці трэці.

— Радзім, з кім ты гаворыш? — хвалявалася яна.

— З жывым робатам, — і адчуваючы, што яна ўсё роўна нічога не разумее, не стаў тлумачыць, паабяцаў: — Я табе потым раскажу.

Робат стаяў — жалеза не бразгала — і слухаў, нібыта і ён чуў усё тое, што гаварыла Оя ў скафандр Радзіму.

— Гэта зэмка, — упэўнена, нібы сам сабе, нарэшце сказаў робат. — А я думаў, што нехта з Дурбудзіі…

— Адкуль ты даведаўся, што гэта зэмка?

— Па мове. У Дурбудзіі і Талямаліі не так гавораць. Толькі зэмы так вымаўляюць «г».

Пачуўшы такое, Радзім здзівіўся. І задумаўся: цікава, яны з Ояй гавораць па-беларуску, а робат іх разумее. Ды і з ім Радзім гаворыць па-свойму, той адказвае яму, канечне ж, па-свойму, а ў скафандры ён зноў жа чуе сваю беларускую мову.

— А дзе зэмка цяпер? — нечакана спытаўся робат.

— Недзе каля Вялікага Цмока, — адказаў Радзім.

— А, дык гэта яна задушыла нашага Цмока! — злосна закрычаў раптам робат і, мусіць, затупаў нагамі — жалеза загрымела яшчэ грамчэй. — Значыць, і яна перад намі вінаватая.

Потым задумаўся:

— Во таля-малі, відаць, радуюцца, — і тут жа спахапіўся: — Пачакай, пачакай… Дык яна ж зэмка, а радасць робіць для таля-маляў — сваіх ворагаў! Нешта я нічога не разумею…

Робат яшчэ памаўчаў, а тады зноў спытаўся:

— А ты куды ідзеш?

— Да яе.

— Дык ты ж не ў той бок кіруешся.

— А куды трэба?

— Якраз туды, адкуль ты прыйшоў. У бок Дурбудзіі трэба ісці.

— А што Дурбудзія там, дзе Вялікі Цмок?

— Ага. За Вялікім Цмокам яна. Там і катапульты стаяць.

— Катапульты? А што гэта такое?

— Дзівак ты. То ж як ваш аэрадром. Садзішся, націскаеш кнопку… І праз нейкі час ты ўжо ў Дурбудзіі. Там усе катапульты на Дурбудзію скіраваны, — і крыху падумаўшы, дадаў: — Толькі трэба ўмець прызямліцца, каб носа не разбіць.

— А да Вялікага Цмока адсюль далёка?

— Далёка. Як па-вашаму, дык трэба ісці тры дні і тры ночы.

— А па-вашаму? У вас жа дня няма — усё ноч.

— Па-нашаму проста: ідзі, пакуль не дойдзеш.

— А як арыентавацца ў цемры?

— Раней, калі быў жывы Цмок, мы арыентаваліся па ім. Па яго дыханні. А як ён памёр, не ведаю. Хаця… Слухай, а ты ўключы рубільнік, і я пакажу табе, куды трэба ісці.

— Не, — усміхнуўся Радзім, — гэтую радасць — растаптаць мяне — я не падару табе. Сам уключай.

Радзім хоць і адчуў, што работ здзекуецца з яго, пацяшаецца і задзіраецца, усё ж не злаваўся на навязанага небараку.

Намацаўшы ў кішэні зярняты, якія бярог для новых пасеваў у Талямаліі, ён узяў у пальцы тры семкі і сказаў:

— Я вось тут пакладу, каб ты мог дастаць, зярняты, з якіх, калі захочаш, выгадуеш дрэвы. Як уключыш рубільнік.

— Добра, дзякуй, палажы, — упэўнена адказаў робат, нібыта зусім не сумняваўся, што гэта напраўду здарыцца.

Радзім паклаў зярняты на жалеза і адышоўся. Чуў, як туды пагрукаў робат, як ён шукаў семкі. Шукаў нядоўга — мусіць, бачаць робаты і ў цемры лепей, чым людзі. Сабраў зярняты — чуваць было, як рыпелі шарніры, калі нагінаўся, — выпрастаўся і панёс іх да разеткі — туды, дзе ўжо ляжала назапашанае жалеза, якому і сам ён не ведаў, як даць рады.

— Няхай ляжаць, — сумна ўздыхнуў ён, і Радзіму міжволі стала шкода яго.

— Ну, я пайшоў,— прымірэнча сказаў хлопец. — А табе я шчыра жадаю дамагчыся свайго.

— Дзякую. А куды ты пойдзеш? Аставайся тут. Я, чуеш, буду служыць табе. Я прывык ужо да цябе.

— Не магу. Я павінен ісці да Вялікага Цмока.

— Чаму?

— Каб выбавіць з бяды дзяўчыну. А потым разам будзем шукаць, як выбрацца адсюль.

— Тады бывай! — згадзіўся робат. — Намеры твае зразумелыя. Але ці можаш ты, скажы, паабяцаць мне невялікую паслугу — уключыць Вялікага Цмока?

— Паслуга вялікая. Не, уключаць Цмока я не буду. І хоць робат не задаў яму свайго пытання: «Чаму?», якое, канечне, было ў яго, як кажуць, на языку, Радзім разумеў, што той чакае адказу, і патлумачыў:

— Таму, што я не хачу ўмешвацца ў вашы справы. Самі сварыліся, самі і мірыцеся.

І пайшоў. Адчуваў плячыма, што робат моўчкі, тужліва і дакорліва глядзіць яму ўслед.

Ішоў і доўга яшчэ чуў аднастайны бразгат жалеза — мусіць, робат, усё журачыся і смуткуючы, пэўна, заклаўшы рукі за спіну, сагнуўшыся, згорбіўшыся, хадзіў не спыняючыся па крузе.

Калі ж Радзім сам-насам застаўся з гэтай халоднаю цемраю, калі ўжо не стала чуваць бразгату жалеза, яму зрабілася страшнавата: вочы так і не прывыклі да цемры, а вушам, ужо звыклым да размовы, зараз не ставала звычайнага голасу.

Маўчала і Оя, а таму ісці яму ў такой глухой цемры і пракаветнай маўклівасці было ніякавата. Да таго ж у галаву ўбілася трывожная думка, што ён, мусіць, так і не знойдзе Оі, але за гэты час згубіць і дарогу да робата, з якім бы ўжо на ўсялякі выпадак было б яму тут крыху весялей, — усё ж не аднаму паміраць у гэтым холадзе і змроку.

Упэўненасці, што ён ідзе ў правільным кірунку, не было, бо ўвесь час даводзілася абыходзіць вялікія і малыя кучы жалеза, абмінаць наваленых абы-як робатаў, наступаючы ім то на рукі, то на ногі, то на галовы.

Аднаго разу Радзім хацеў спраміць дарогу, узлез, каб хутчэй і лепей перайсці на невялікую, як яму здавалася, кучку жалеза, а яно аказалася пачаткам вялікага груда, які, патрывожаны, пачаў абсоўвацца, развальвацца, раз'язджацца і ледзь не пахаваў яго пад сабою — добра, што хлопец своечасова паспеў адскочыць убок.

Гэты абвал нарабіў столькі грукату і звону, што яму аж заклала вушы, і тая цішыня, што наступіла пасля, здалася яшчэ больш зацятаю і невыноснаю.

Добра, што неўзабаве, нібы здагадаўшыся пра яго настрой, азвалася Оя:

— Чаму ты зноў маўчыш?

— Я ж табе казаў, што распытваў дарогу да цябе.

— І распытаў?

— Ага. Я ўжо, здаецца, побач з табою.

— А ў мяне, мусіць, пачаў псавацца мікрафон. Я націскала на розныя кнопкі і выпадкова напала на перагаворы таля-маляў. Ёсць радасныя для нас навіны.

— Нават так? — не паверыў ён сваім вушам.

— Ага. Яны ўжо зрабілі цябе нацыянальным героем Талямаліі.

— Мяне? Паслаўшы на Хаос, на верную смерць? Праўду, мусіць, казаў мне толькі што робат: мы цябе спачатку пакараем, затопчам, а пасля помнік табе паставім.

— Не пацяшайся. Я кажу праўду. Пасля таго як нас вывезлі сюды, раптам зазелянелі ўсе твае дзялянкі. Папрарасталі ўсе зярняты, якія ты пасеяў. І так узяліся расці — мусіць, яшчэ шчырэй, чым у нас, у Зэміі…

— А ты ведаеш, што гэта твая заслуга? — крыху падумаўшы, спытаўся Радзім.

— Не ведаю, — адказала Оя. — Ды і ты нічога не выдумляй. Пры чым тут я?

— А пры тым, што ты задушыла Цмока. Ведаеш, чаму не прарасталі семкі? Цмок высмоктваў добрае паветра з Талямаліі, а туды напампоўваў аднекуль мёртвае, забруджанае, атручанае. Ці то вось з гэтага Жалезнага Хаосу, ці, можа, яшчэ адкуль. А як толькі Цмока не стала, зярнятам і парасткам знайшлося чым дыхаць. Вось яны і ўзяліся расці…

— Як бы яно ні было, аднак цябе, як героя, хочуць вярнуць у Талямалію. За табою паслалі ўжо транспарт. Спадзяюся, не той драндулет, на якім прывезлі нас сюды?

Радзім не адказаў на яе насмешку. Усміхнуўся сам:

— Добра, добра, няхай ляцяць. Я ім якраз пакажу сапраўдную гераіню.

— Цёмна ж — не ўбачаць…

— А мы на хвіліну рубільнік уключым.

— Паслухай… — нешта хацела яна сказаць яшчэ, але ў скафандры раптам затрашчала, зашумела, запікала, і Оін голас пачаў прападаць, а неўзабаве і зусім знік.

Радзім штосілы крычаў у свой мікрафон: «Оя! Оя!», але яна не адказвала, маўчала — значыць, яе перамоўнае прыстасаванне і напраўду сапсавалася.

Ён пачаў бязладна націскаць на ўсе кнопкі скафандра і нечакана натрапіў сам на нейкую размову — гэта, як зразумеў ён пасля, перагаворваліся тыя таля-малі, што ляцелі менавіта па іх.

«Хутка будзем над Хаосам. А дзе нам іх шукаць, ты не ведаеш?» — пытаўся адзін.

«Відаць7 там, дзе скінулі,— каля рубільніка», — адказваў яму другі.

«А ты думаеш, яны там будуць сядзець? Канечне ж, не. Тым больш што нехта з іх ужо дабраўся да Вялікага Цмока».

«Тады паляцім адразу да Цмока».

«Паляцім… Паляцім… А навошта было спяшацца везці іх на Жалезны Хаос, абвінавачваць у забойстве дрэў? Робім абы-што! То ворагі народа, то героі народа… Смешна! Усюды транспаранты, плакаты, лозунгі… «Хвала нашым героям!» А можа, тых герояў і ў жывых ужо няма. Глупства ўсё гэта!»

«Кінь балбатаць! Мы павінны вярнуць Талямаліі яе герояў».

Радзім раздражнёна выключыў кнопку, што была ля самага вуха. Папстрыкаў іншымі, шукаючы Оін голас, але яна маўчала, не абзывалася.

Пакрычаўшы яшчэ ў мікрафон, ён махнуў рукою і пайшоў шпарчэй — наколькі дазваляла нагрувашчанае жалеза.

Ішоў і думаў, што таля-малі, якія ляцяць па іх, ужо зусім блізка, яны будуць шукаць яго і Ою ці каля рубільніка, ці каля Цмока, і яму трэба спяшацца, каб паспець туды да іхняга прылёту.

І раптам пачуўся нейкі дзіўны гук — як усё роўна нехта ўздыхнуў, з асалодаю, на поўныя грудзі ўцягнуў паветра і, патрымаўшы яго ў роце, з шумам выдыхнуў назад. Праз нейкі час усё паўтарылася, і Радзім адразу ж, не вельмі задумваючыся, зразумеў, што гэта наноў ажыў і пачаў дыхаць на ўсю моц Вялікі Цмок.

Дыханне было вельмі выразнае, Цмок дыхаў ужо недзе зусім побач, і ён пайшоў на гэты шум.

Радзім ведаў, што Цмока, канечне ж, уключыла Оя, каб яму лягчэй было знайсці яе. Уяўляў, як узрадаваўся тут, на Хаосе, яго знаёмы робат і як засмуцілася ўся Талямалія, калі зразумела, што іх вораг зноў ажыў і крадзе, смокча, як і раней, іхняе паветра.

Цікава, а што гавораць пра гэта самі таля-малі?

Ён уключыў ужо знаёмую кнопку каля вуха і якраз натрапіў на перамовы тых, хто па яго ляцеў, з тымі, што засталіся на аэрадроме ў Талямаліі.

«Сітуацыя змянілася, — папярэджвалі з аэрадрома. — Яны ажывілі Вялікага Цмока. Парасткі гінуць».

«Значыць, яны зноў не героі, а нашы ворагі? — з'едліва ўдакладнялі з карабля, — відаць, той жа самы пілот, які перад гэтым здзекваўся са сваіх талямаляўскіх парадкаў.

«Усё можа быць».

«А нам што рабіць?»

«Ляцець. Выконваць заданне».

«Дык яны ж ворагі народа!»

«Ляціце і разбярыцеся на месцы. Калі што — вырашайце самі. А то яны, пакуль памруць сваёй смерцю на Хаосе, могуць яшчэ нам столькі клопатаў нарабіць».

Пачалі стукаць зубы — ці то ад страху, ці то ад холаду. Радзім выключыў кнопку і пайшоў хутчэй — трэба спяшацца, таля-малі ляцяць ужо недзе над Жалезным Хаосам.

І якое ж было яго здзіўленне, калі, ідучы на шум Цмока і нейкае бразгатанне жалеза, ён нарэшце ўбачыў — хутчэй здагадаўся, чым убачыў,— што Оя сядзіць на зямлі і клепіць, здаецца, па сваёй назе нейкаю жалезінаю.

— Оя, што ты робіш?

— Самавызваляюся, — мікрафон яе ўсё яшчэ не працаваў, але Радзім пачуў прыглушаны скафандрам голас дзяўчыны.

— А гэта не ты ўключыла Вялікага Цмока?

— Не. Ён сам уключыўся. Відаць, таму, што я вельмі хацела гэтага.

Радзіму зрабілася няёмка: замест таго, каб узрадавацца, што ўрэшце знайшоў дзяўчыну, ён адразу пачаў размову пра справы. Каб хоць трошкі павініцца, хоць і запознена, сказаў усё ж:

— Оя, я рады, што мы сустрэліся. А што гэта ты робіш?

— А хіба ты не бачыш? Нагу вызваляю.

Ён, канечне ж, у цемры нічога не бачыў, таму прамаўчаў.

— Разумееш, нейкі вельмі жывучы робат трапіўся. Я адну яго руку развінціла, — і Оя паклала Радзіму ў далонь халодныя і крыху макраватыя жалязякі — мусіць, пальцы робата. — А ён тады напружыўся і другою, неразабранаю рукою ўхапіў мяне зноў за нагу.

— Дык ён жа мёртвы, — хлопец высыпаў сабе пад ногі робатавы пальцы.

— Але ж бачыш, нейкім чынам змог назапасіць столькі энергіі.

— Ой, давай я табе хутчэй памагу, — спахапіўся Радзім, забраў з Оіных рук жалеза і пачаў абмацваць робатаву руку, шукаючы, як яе раскруціць.

І раптам Радзім у жаху адхапіў рукі — адчуў, як напружваецца жалеза. І той жа момант робат прыўзняўся ад зямлі і памкнуўся кінуцца да яго. Але тут жа абмяк, расслабіўся і заціх — відаць, гэта выходзілі апошнія астаткі акумуляванай энергіі.

Пасля гэтага Радзім ужо лёгка вызваліў Ою. Знайшоў шрубок, які сам сабою крыху адвінціўся, і разабраў другую руку робата. Калі яна бязвольна бразнулася на зямлю, ён прыняў з ног дзяўчыны тое жалеза, што асталося, і міжволі, ведаючы, як зацяклі яе ногі і як яны захаладалі, далікатна дакрануўся да іх, пачаў гладзіць і размінаць. Адчуў, як страпянулася і Оя, але раптоўна ўспомніўшы, што па іх ужо ляцяць таля-малі, ускочыў на ногі сам, падаў дзяўчыне руку, дапамог ёй падняцца.

— Оя, у нас няма часу. Сітуацыя змянілася, амаль словамі тых, што шукалі іх, загаварыў ён. — Нам трэба адсюль ратавацца. І як мага хутчэй.

— А што здарылася?

— Нас не павязуць у Талямалію як герояў, а пакараюць тут — як злачынцаў.

— Чаму?

— Таму што ўключыўся Цмок. І загінулі парасткі. Яны лічаць, што гэта зрабілі мы. Дарэчы, а як уключыўся Цмок? Пайду выключу яго зноў.

— Навошта?

— Няхай і ў Талямаліі растуць яблыні,— адказаў Радзім і накіраваўся да Цмока.

Падышоўшы, ніяк не мог знайсці рубільніка, бо ўпоцемку, навобмацак натрапіць на яго было амаль немагчыма. Пашкадаваў ужо, што падахвоціўся зрабіць гэта без Оі — яна ж выключала, яна ведае, дзе што шукаць, — але адступацца і клікаць на дапамогу не хацелася, таму ён моўчкі шукаў сам.

Вырашыў абысці Цмока кругом — можа, той выключальнік якраз знаходзіцца з другога боку. І не паспеў зрабіць колькі крокаў, як нейкая неадольная сіла падняла яго з зямлі і імкліва панесла наперад. Спачатку ён ніяк не мог зразумець, што і куды яго нясе, і толькі, калі сіла гэтая аслабла і ён плюхнуўся на дно нейкай аграмаднай жалезнай пашчы, здагадаўся, што трапіў якраз ў плынь вакуумнай устаноўкі, і Цмок, як яму здалося, з радасцю засмактаў яго.

На дне пашчы было ліпка ад мазуту, зверху на Радзіма штосьці падала, капала, даўка пахла разагрэтым машынным маслам — так звычайна пахне на вялікіх заводах, — а ён ляжаў і думаў, як адсюль выбрацца.

Але Цмок неўзабаве сам з той жа радасцю, з якой і заглынуў хлопца, выплюнуў яго — тая ж сіла падняла чалавека і выкінула ў цемру. Радзім хацеў хутчэй падхапіцца на ногі і што ёсць сілы ратавацца, бегчы куды-небудзь, у які-небудзь бок, але не паспеў — Цмок шумна ўдыхнуў паветра, і ён зноў апынуўся ў ягонай пашчы, на дне, у мазуце. Зараз ён ужо не думаў, як выбірацца — ведаў, што пры выдыху Цмок выкіне яго сам, і толькі рыхтаваўся, як лепей, хутчэй адбегчыся ўбок, калі апынецца на зямлі.

Але і на гэты раз яму не ўдалося адскочыцца — яго як усё роўна схапіў хто за руку на самым краі плыні і сілаю пацягнуў у пашчу Цмока.

Радзіму ўжо здавалася, што Цмок і напраўду жывы, што ён здзекуецца з яго, робіць усё гэта знарок. Колькі разоў заглынаў той яго, затым выкідаў вонкі і, не даўшы падняцца на ногі, зноў цягнуў у сваю пашчу.

Праз шум паветра Радзім, здаецца, чуў, як яго гукае Оя, як яна пытаецца: «Дзе ты? Дзе ты?», але яму не было як адказаць ёй — даводзілася ўвесь час сачыць, каб не вельмі балюча ўпасці на дно пашчы, а пасля, пры выдыху, мякчэй прызямліцца, не паламаўшы ні рукі, ні нагі.

Радзіму было боязна, каб і Оя, шукаючы рубільнік, не трапіла выпадкова ў тую ж, як і ён, плынь. Бо калі заглыне Цмок і яе, ім ужо ніколі не выбрацца з ягонай пашчы — хто ж выратуе іх тады?!

«Цмок, спыніся! Памры, Цмок!» — як не закрычаў Радзім, падаючы чарговы раз на зямлю. Упаў і ўжо не ўставаў, не ратаваўся — чакаў, калі паветра падыме і зноў панясе ў пашчу. Але паветра было ціхае, рахманае — ніхто яго не падымаў з зямлі.

«Божа, няўжо Цмок адгукнуўся на мой крык і перастаў здзеквацца з мяне?!» — здзівіўся Радзім.

Паляжаў, усё яшчэ не верачы ў выратаванне.

Навокал было ціха-ціха. Ад гэтай цішыні ламіла ў вушах. Цмок і праўда як памёр — не ўдыхаў паветра і не выдыхаў яго.

І ў гэты час зусім побач пачуўся голас Оі: «Радзім, дзе ты?»

Голас быў такі слабы, ціхі і невыразны, што нават здавалася: Оя знаходзіцца недзе далёка-далёка, а не за некалькі крокаў ад яго.

— Каля Цмока, — адказаў Радзім.

— І я ля яго. Не бойся гэтай пачвары. Я зноў яго задушыла…

Хоць у цемры не бачыў ні Цмока, ні Оі, ён усё ж уявіў сабе вялізнае жалезнае страшылішча з шырока раззяпленаю пашчаю, куды сам улятаў, нібы пушынка якая, і побач з ім маленькую, кволенькую Ою, якая стаіць ля гэтай аграмадзіны…

І яна, ці бачылі вы, яго задушыла…

Але ж Цмок і праўда не дыхаў!

Радзім таропка падхапіўся на ногі, крыху адбегся ўбок, каб не загрэбла зноў паветраная плынь, калі раптам ажыве Вялікі Цмок, а потым спакойна, ужо не спяшаючыся, пайшоў шукаць Ою.

Знайшоў ён дзяўчыну каля рубільніка. Яна стаяла і трымалася за ручку.

— Ведаеш, — адразу пачала Оя, — я зразумела, чаму Вялікі Цмок уключаецца сам, — голас яе быў усё той жа невыразны і далёкі, хоць Радзім стаяў побач і ягоная рука ляжала на яе. — Чуеш, як торгаецца рубільнік? Адключаны, ён сам паступова вяртаецца ў ранейшае становішча! Вялікі Цмок запраграмаваны на самаўключэнне! Таму ніхто і не мог яго дасюль перамагчы.

Радзім і сам адчуваў, як, нібы жывы, трымціць рубільнік, як ён, быццам пераадольваючы нейкае супраціўленне, пакрысе, але вельмі настойліва, падымаецца ўгору, намагаючыся ажывіць Цмока.

— А мы яго зараз пераможам назаўсёды, — упэўнена сказаў хлопец, нагнуўся, пашукаў чаго-небудзь пад нагамі, знайшоў нейкі дрот, адагнуў дзяржанне ўніз, да самага канца, і моцна прыкруціў ім ручку да слупка.

І якраз у гэты час крыху зводдаль ад іх у чорным непраніклівым небе пачуўся нейкі шум, грукатанне, лёскат — Радзім і не падымаючы вачэй — усё роўна нічога не ўбачыш, — ведаў: таля-малі ўжо тут, яны, шукаючы іх, прачэсваюць неба Жалезнага Хаоса.

— Хадзем хутчэй! — ухапіў ён Ою за руку і пацягнуў за сабою.

Оя паслухмяна бегла за ім.

Грукат і ляскат крыху пацішэлі — таля-малі, прачэсваючы Хаос, паляцелі, мусіць, далей, каб неўзабаве вярнуцца зноў, заняўшы новую паласу. Ён ведаў, што ўцячы ім усё роўна не ўдасца, — калі ў самалёце ёсць прыборы, якія бачаць і ў цемры, то іх, канечне ж, заўважаць, выявяць сярод гэтага ламачча.

Але ўсё ж бег сам і цягнуў за сабою Ою.

— Куды мы бяжым? — нарэшце спыталася дзяўчына.

— Разумееш, робат казаў, што недзе тут, за Вялікім Цмокам, ёсць нейкі аэрадром. Там стаяць катапульты, скіраваныя на Дурбудзію. Яны могуць нас выратаваць!

— Пачакай, пачакай, — аж спынілася Оя. — Аэрадром… Катапульты… Дурбудзія… Я чамусьці ўсё гэта ведаю… Мне як усё роўна падказвае хто дарогу… Пабеглі!

Цяпер ужо яна ўзяла Радзіма за руку і сама пайшла наперадзе. Яна зручней абмінала кучы жалезнага ламачча, з ёю ішлося спакайней і хутчэй — здавалася нават, што яны не ідуць, а ляцяць. І гэта было дарэчы, бо самалёт з таля-малямі, вяртаючыся на чарговы круг, прагрукатаў зусім блізка ад іх.

І праўда, Оя ішла так упэўнена, быццам яна ўжо тут калісьці была, — дзяўчына, мусіць, і напраўду ведала найкарацейшы шлях да аэрадрома.

Неўзабаве яна спынілася і выдыхнула:

— Паспелі.

Тут, здаецца, было трошачкі святлей — як усё роўна пачынала днець. У гэтым прывідным, ледзь улоўным святле ён убачыў нейкія доўгія-доўгія станіны, што ляжалі, прыгнутыя да зямлі.

Да бліжэйшай з іх адразу ж слізганула Оя. Дзяўчына рухалася так упэўнена і лёгка, умела пстрыкала нейкімі тумблерамі, кнопкамі, ручкамі, нешта адхінала, нешта совала-перасоўвала, нешта здымала і нешта адзявала, і ўсё ў яе так хораша атрымлівалася, што здавалася, што яна гэтым жыла і гэтым займалася заўсёды.

Талямаляўскі самалёт ужо ляцеў над імі. Мусіць, заўважыўшы іх, ён зменшыў хуткасць, а затым і зусім завіс над аэрадромам. Па станінах слізгануў пучок святла, выпушчаны з карабля…

Оя хуценька падбегла да Радзіма, схапіла яго за руку, пацягнула да станіны. Памагла яму залезці ў нейкую люльку, пасадзіла ў крэсла, што знайшлося там, і спяшаючыся націснула на кнопку. І пакуль, разганяючыся, падымалася высока ў неба гэтая станіна, ён паспеў яшчэ ўбачыць, як Оя кінулася да другой катапульты, пачала рыхтаваць і яе. І яшчэ ён помніць, што станіна паднялася дужа высока, вышэй за самалёт таля-маляў, і з усёю сілаю, нібы старажытная кідальная машына, шпурнула яго, як з прашчы, наперад, ды так моцна, што аж засвістала паветра і пачаў спераду награвацца скафандр.

А пасля ён нічога не памятае — самі сабою закрыліся вочы, і Радзім страціў прытомнасць.

У Дурбудзіі

Ачуўся ён ужо на зямлі.

Паварушыў рукою — варушыцца, зварухнуў нагою — слухаецца. І яшчэ не адплюшчваючы вачэй, узрадаваўся: значыць, жывы, не разбіўся, калі падаў на зямлю.

Адплюшчыў вочы, войкнуў і той жа час заплюшчыў іх зноў. У зрэнкі ўдарыла такое святло, што ім зрабілася вельмі балюча. Стала цёмна-цёмна, і яму нават здалося, што ён аслеп — як усё роўна хто кальнуў у вочы востраю іголкаю ці сцебануў па іх пугаю-драцянкаю.

Столькі часу прабыўшы ў поўнай цемры, вочы, канечне ж, трэба прывучаць да святла паступова, а не так, як гэта зрабіў ён: адразу ж напоўніцу адплюшчыў іх. Радзім нават уявіў, якімі вострымі — акурат цвічкі — сталі на той час яго зрэнкі. Праз нейкі час ён зноў паспрабаваў ледзь-ледзь растуліць моцна сціснутыя павекі, але і гэтага было дастаткова, каб вачам зрабілася непрыемна — святло шчодра шчамілася нават у такія вузенькія шчылінкі.

А дзе ж Оя? Ці паспела яна наладзіць сваю катапульту і своечасова націснуць на кнопку? Не маючы магчымасці агледзецца, ён, не расплюшчваючы вачэй, прыслухаўся.

Навокал стаяла даўкая, першародная цішыня. Паспрабаваў уключыць мікрафон, крыху пагукаў у яго: «Оя! Оя!», але той маўчаў. Маўчаў зусім — ні шораху, ні гуку, ні трэску. Радзім зразумеў, што скафандр хутчэй за ўсё не працуе. Ці не разбіўся ён? Павадзіўшы даланёю па шкле, пераканаўся: і праўда разбіўся — ён шапацеў увесь, як пабітае яйка…

Дык вось чаму папярэджваў яго робат, каб асцерагаўся, каб не пабіў носа, калі будзе прызямляцца. Мусіць, усе з катапульты падаюць вось так — тварам да зямлі. І каб не скафандр, відаць, дасталося б і ягонаму носу…

Радзім паволі прывучаў вочы да святла. Калі, спяшаючыся, адплюшчваў павекі крыху раней часу і больш, чым можна было, у вачах з'яўляліся цёмныя кругі, і яму даводзілася заплюшчваць іх і наноў пачынаць усё спачатку.

Вочы слязіліся ад святла, нібыта якраз промні выкрасалі слёзы, але ён усё шырэй і шырэй, не зважаючы на сонца і на кругі перад вачыма, якія па часе зрабіліся рознакаляровымі, адплюшчваў вочы і нецярпліва азіраўся — хацеў зразумець, куды ён урэшце трапіў.

Калі вочы прызвычаіліся да святла, калі яны дазволілі яму не асцерагаючыся глядзець на ўсё спрытна, хлопцу здалося, што трапіў ён у нейкі рай.

Была самая раніца.

Зялёныя-зялёныя, бучныя-бучныя дрэвы. Блакітнае-блакітнае неба. Чыстыя-чыстыя ручаі і рэчкі. Мурожная, ласкавая-ласкавая трава, ён з замілаваннем вадзіў па ёй далонямі. Цёплы, пяшчотны ветрык, да якога сама сабою горнецца кожная захаладалая на Хаосе клетачка яго цела.

І сонца, якога так многа, і яно такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу, і тая радасна адаграваецца ад цемры і холаду, якія столькі часу студзілі яго, былі не толькі вакол, але і ў ім самім — менавіта ў душы і сэрцы. Калі і набяжыць на сонца якая-небудзь невялічкая, светлая-светлая хмарка, — яе ніхто і не заўважыць: зямля і неба астаюцца ўсё такімі ж яснымі і ўрачыстымі.

Адразу, як толькі Радзім убачыў гэта хараство, яму здалося, што вярнуўся ў родную Беларусь, — такім сваім і знаёмым здалося яму ўсё, што адкрылася вачам. Але, разглядаючы ўважлівей краявіды, зразумеў, што гэта чужая зямля, хоць на ёй вочы і знаходзяць столькі свайго, роднага.

Вунь непадалёку шумяць высокія і шырокія вадаспады — вада, зламаўшыся на самым краі, здаецца, з заміранннем сэрца — такая ж вышыня! — падае ўніз і там разбіваецца аб лабатыя мокрыя валуны на мільёны пырскаў. З другога боку пагойдваюцца выносістыя, тонкія, востралістыя бамбукавыя зараснікі, якія сягаюць аж у самае неба, — і ветру асаблівага няма, а яны, тонкія, хістаюцца вельмі прыкметна. На небасхіле горда высяцца велічныя і крыху абыякавыя да ўсяго, што вакол іх, горы — зялёныя, у траве і дрэвах, знізу і белыя, у снежных шапках, што здалёку нагадваюць аблачынкі, каля самых вяршынь.

Адагрэты шчырым сонцам, Радзім радаваўся, што ўрэшце трапіў у гэты рай. Як засумаваў ён па траве і зеляніне, па сонцу і светлыні ў невыноснай цемры і ў холадзе, сярод нежыццёвых пустэльняў, між настылага жалезнага ламачча Зэміі, Талямаліі і Хаосу!

І раптам сярод гэтай ціхамірнасці яго як уджаліла што: а дзе ж Оя? Ён азірнуўся, уважліва агледзеў вакол сябе наваколле. Нідзе нікога не было відаць. Яму зрабілася яшчэ болей трывожна — дык дзе ж яна? Няўжо не паспела катапультавацца і яе зацягнулі на драндулет?

Ён хапатліва пачаў шукаць Ою. Пабегаўшы зблізку, падаўся у бок бамбукавага гаю. Тут ужо было крыху макрэй, не так суха, як на тым месцы, дзе ён прызямліўся. Хутчэй за ўсё непадалёку пачыналася балота. Яшчэ не дайшоўшы да зараснікаў, ён нечакана пачуў нейкі шэпт. Спыніўся, прыслухаўся — непадалёку і напраўду нехта штосьці шаптаў. Радзім падышоў бліжэй.

— Выйду я за вароты, — нарэшце разабраў ён, — гляну ў чыстае поле. У чыстым полі, на сінім моры стаіць дуб. Што на тым дубе? Залатое гняздо. Што ў тым гняздзе? Вуж-вужаніца і гад-гаданіца і ўсім вужам-гадам царыца. Не будзеш ты сваіх вужоў-гадаў збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць — паспешных, крапіўных, махавых, балатавых, гнаявых, падкалодных, межавых, земляных — не будзеш ты іх збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць. Будзе ехаць Пётр з Пярунам і з Маланнёю, Маланнёю будзе паліць. Пярунам вам будзе гразу даваць, на сінім камені галовы адсякаць. Вуж-гад, слівень-гад, гад-гадавіца, вуж-вужаніца, вазьмі сваё джала, вазьмі мой боль…

Оя — а гэта была, канечне ж, яна — прамаўляла беларускія замовы! Як звычайная вясковая цётка! І хоць ён усё пачуў і зразумеў, усё ж адсюль, не паказваючыся, спытаўся:

— Што ты там шэпчаш?

Оя скаланулася, яе напалохаў голас, але ўбачыўшы Радзіма, супакоілася:

— А, гэта ты? А мяне змяя ўкусіла. Вось я і ўспомніла вашы замовы…

Оя зноў нахілілася да нагі, прыклалася вуснамі да ранкі і пачала высмоктваць з яе яд.

— Ты ведаеш нашы замовы? — здзіўлена спытаўся ён.

— Я ведаю ваша ўсё: гісторыю і культуру, літаратуру і прыроду, геаграфію і этнаграфію, — з раздражненнем адказала яна. — Я ведаю нават, што пра нас з табою, пра нашы падарожжы і пакуты ў вашай літаратуры з'явіцца неўзабаве кніга… Але не распытвай у мяне зараз нічога. Памажы лепей.

Радзіму зноў зрабілася няёмка: дзяўчыну ўджаліла змяя, а ён стаіць, спакойна разважае пра нейкія дробязі і не спяшаецца памагаць ёй.

Ён тут жа кінуўся да Оі, падхапіў яе на рукі — сукенка знізу была мокрая, бо дзяўчына сядзела на гразкім месцы, — і панёс на сушэйшае.

Яму здалося, што з боку балота, за зараснікамі, нешта мільганулася, але ён не звярнуў на гэта асаблівай увагі.

Радзім нёс Ою, глядзеў на яе адкрыты твар — дарэчы, скафандра на ёй ужо не было: мусіць, таксама пабіўся пры прызямленні і адчуваў, як у душы нараджаецца нейкае неспатольнае замілаванне да дзяўчыны. Яму прыемна было глядзець ёй у вочы — блакітныя, як само неба, слізгаць позіркам па вуснах, поглядам дакранацца да валасоў, якія тут, пры святле, зрабіліся белыя-белыя, быццам лён, але яшчэ больш прыемна было адчуваць у руках, у далонях яе пругкае цела, якое трымцела, зараджаючы гэтым трымценнем і яго самога.

Радзім і сам не ведае, як і чаму, але раптам яго пацягнула да Оіных вуснаў, і ён пачаў нахіляцца да яе твару.

Звыкшы да скафандра, чакаў, што вось зараз шкло стукнецца ў шкло і не дазволіць яму пацалаваць дзяўчыну. Але скафандра ўжо не было, а таму ягоныя губы, не сустрэўшы перашкоды, адразу мокнуліся ў Оіны, растуленыя для пацалунка, вусны.

Оя сама абняла яго, прыгарнулася і пачала ўтрапёна цалаваць у вусны, у шчокі, у вочы. Ён разамлеў ад гэтай увагі, цёрся шчакою аб яе вусны, гладзіў рукою па валасах.

І раптам Оя ні з таго ні з сяго пачужэла, адхінулася і пачала адпіхваць ад сябе яго галаву. Ён, нічога не разумеючы, зірнуў ёй у вочы: што здарылася?

Дзяўчына глядзела кудысьці ў неба. Падняў галаву і ён, і тады ўбачыў, што нейкая аблачынка імкліва нясецца ў іх бок, — у ёй няцяжка было пазнаць Юлю.

Оя заварушылася і настойліва пачала выслабаняцца з ягоных абдымкаў.

Як толькі яна стала на зямлю, Юля адразу ж завярнулася, пачала здаляцца ў неба і неўзабаве зноў стала там непрыкметнаю хмурынкаю.

Оя села на купіну і пільна, уважліва занялася сваёю ранкаю, а ён стаяў побач і ўжо не адважваўся дапамагаць ёй.

— Бач ты яе, не супакойваецца, — сярдзіта, нібы сама сабе сказала яна, але было не зразумела, што зэмка мае на ўвазе: ранку ці Юлю.

Ён узняў вочы, угледзеўся на аблачынку, якая зноў стаяла ля самага сонца. І раптам фізічна адчуў, што на яго нехта глядзіць. Радзім рэзка павярнуў галаву і амаль вочы ў вочы сустрэўся з нейкім чалавекам, які стаяў непадалёку і разглядаў яго. Ён быў звычайны — тыя ж рукі і ногі, тыя ж вочы і вушы, той жа рот, — і Радзім адно толькі падумаў, што і ў Дурбудзіі жывуць такія ж самыя, як і ўсюды, людзі.

Чалавек, нават сустрэўшыся з ягоным позіркам, не адвёў вачэй, не паварушыўся: стаяў як укопаны і засяроджана разглядаў яго, чамусьці больш за ўсё лоб.

Раптам ён падскочыў — Радзім убачыў, што чалавек зусім босы, — ляпнуў сябе рукамі па калашынні караткаватых, нехлямяжых штаноў, развярнуўся ў паветры і з нейкім гартанным крыкам — хлопец не разабраў ніводнага слова — пабег за вялікі, як сапраўдная гара, пагорак, што ўзвышаўся па другі ад бамбукавых зараснікаў бок.

Неўзабаве адтуль, з-за ўзгорка, выбегла шмат людзей — іх, канечне ж, прывёў той першы. Усе яны беглі ў іхні бок і штосьці крычалі. Ён зноў жа не мог разабраць аніводнага слова.

— Ведаеш, пра што яны верашчаць? — убачыўшы, што Радзім высільваецца, каб нешта разабраць, прыйшла на дапамогу Оя. — Яны крычаць: «Ён вярнуўся! Ён вярнуўся!»

— Хто вярнуўся? — нічога не разумеючы, спытаўся ён.

— Відаць, ты, — усміхнулася Оя.

— А як ты іх разумееш? — задумаўся Радзім.

— Вельмі проста. Яны дабаўляюць да кожнага склада «дур». «Дур-ён дур-вяр дур-нуў дур-ся!» Ён вярнуўся! Ды што я табе тлумачу. Вы ж таксама ў дзяцінстве гэтак забаўляліся: «Кірку кір-ды кір-і кір-дзеш?» Куды ідзеш?

Тым часам многа людзей падбегла да Радзіма, акружыла яго. Тутэйшыя крычалі, радаваліся, смяяліся. Хоць яму і цяжка было напачатку разбіраць словы, адкідваючы «дур», аднак праз нейкі час ён ужо ўсё разумеў і без Оінай дапамогі. Яны галёкалі, заходзіліся крыкам, аж стагналі:

— Ён вярнуўся!

— Ой, ён вярнуўся!

— Ай, ён вярнуўся!

— Вярнуўся наш дарагі заступнік!

— Пакутнік! Яго зняволілі! Пасадзілі ў астрог! А ён вярнуўся!

Адны цалавалі яму рукі, якія, як і адзенне, яшчэ пахлі мазутам і машынным маслам Вялікага Цмока; другія, укленчыўшы, злізвалі з чаравікаў пыл, спяшаючыся, разбэрсвалі шнуркі, каб дабрацца да ягоных ног. І ўсе чамусьці з задавальненнем і замілаванасцю глядзелі на яго лоб, далікатна вадзілі па ім пальцамі, спрабавалі нават вуснамі прыкладацца да таго месца, дзе ён раздушыў пчалу.

— Мечаны вярнуўся! — радасна роў натоўп.

Праз нейкі час яго падхапілі на рукі і пачалі падкідаць угору.

— Дур-ра! — крычалі тубыльцы. — Дур-ра!

Зверху ён бачыў, што не асталася без увагі і Оя. Яе акружылі жанчыны, сярод якіх было і некалькі мужчын. Яны адзявалі ёй на рукі нейкія бранзалеты, пярсцёнкі, устаўлялі ў вушы і нават у нос колцы, завушніцы, на шыю вешалі даўгія і бліскучыя ланцужкі, каралі.

Паставіўшы яго на ногі, дурбуды ўзяліся за Ою. Яны падкідалі яе, крычалі:

— Хвала, хвала самай цудоўнай жанчыне — жонцы самага слаўнага чалавека!

І натоўп, аж шалеючы, выў:

— Дур-ра! Дур-ра!

Звінелі колцы, ланцужкі і іншыя бразготкі, начапляныя на дзяўчыну, а яны падкідалі яе з кожным разам ўсё вышэй і вышэй.

— Няхай жыве найпрыгажэйшая ў свеце жанчына!

— Дур-ра! Дур-ра!

Каля Радзіма раптам затрымаўся нейкі дзіўнаваты чалавек. Ён вылучаўся з натоўпу — і паводзіны яго былі крыху іншыя, і вочы не затуманеныя: яны глядзелі спакойна і засяроджана.

— Ненармальныя, — нібыта сам сабе прамовіў ён, але Радзім, хоць чалавек і глядзеў у другі бок, зразумеў, што гаварыў незнаёмец менавіта да яго.

Ён нічога на гэта не адказаў. Баяўся адкрывацца перад незнаёмым чалавекам: а раптам той знарок правакуе яго на такую небяспечную размову? Тым больш што хлопец ужо заўважыў: за ім настойліва назіраюць з натоўпа два-тры хутчэй за ўсё сакрэтныя агенты, — такія ўчэпістыя, халодныя, неміргаючыя вочы бываюць толькі ў іх.

Радзім міжволі зірнуў у той бок. І чалавек, што стаяў побач — ён, здаецца, і не бачыў гэтага погляду, — загаварыў зноў даверліва, як сам да сябе:

— Ага, правільна — гэта нашы сакрэтныя супрацоўнікі. Саксупы. Яны ў нас з пароды змей. Бачыш, вочы? Зірні, колькі ў іх пагарды, холаду. Яны, здаецца, як і ў гадзюк, зацягнуты тонкаю празрыстаю плеўкаю.

Дурбуд, мусіць, у мэтах канспірацыі ўсё яшчэ не глядзеў у яго бок.

— Грайка! Грайка! — крычалі людзі і падкідвалі Ою. — Дур-ра!

— Глядзі ты, яны нават сваю мянушку дзяўчыне прыдумалі,— Радзім прыняў гульню дурбуда і сам гаварыў, таксама не гледзячы на яго.

— І табе прозва знайшлася.

— А як яны мяне абзываюць?

— Пляшывым. Разумееш, зусім нядаўна намі ляйчыў сапраўдны дурань. Ён быў зусім пляшывы. І ў яго на лысіне была вось такая, як у цябе, метка…

— Дур-ра! Дур-ра! — крычалі дурбуды.

— Разумееш, нават я, толькі падышоўшы зусім блізка, убачыў, што гэта ніякая не метка, а самы звычайны бруд…

— Дур-ра! — неслася з усіх бакоў.

— Яны ж ніколі гэтага не зразумеюць. Таму і прынялі цябе за пляшывага. І радуюцца, што ён вярнуўся.

Яго новы знаёмы, разумны і, здаецца, шчыры чалавек, змоўк, абыякава абвёў вачыма саксупаў, адвярнуўся і яшчэ цішэйшым голасам, каб ніхто не пачуў, параіў:

— Так што беражы гэтую пляму. Глядзі, каб яна не атрэслася, ці, крый бог, сам выпадкова не сатры яе даланёю. Калі ўбачаць, што меткі няма, — табе канец. Пакараюць смерцю за падман, альбо ў самым лепшым выпадку сашлюць на другое паўшар'е…

Радзім заўважыў, што раптам неспакойна заварушыліся саксупы — ці яны, можа, нешта зразумелі, ці міжволі адчулі якуюсьці трывогу. Некаторыя нават падышлі бліжэй, а астатнія, хоць і засталіся на месцы, насцярожана глядзелі ў яго бок і пільна прыслухоўваліся.

Але тут дурбуды паставілі на ногі Ою і ўспомнілі пра яго. Зноў падхапілі на рукі, зноў пачалі гушкаць.

Калі Радзіма ў другі раз апусцілі на зямлю, да яго падышоў нейкі важны, надзьмуты чалавек — ён быў касалапы і хадзіў, як мядзведзь, заграбаючы зямлю нагамі, стаўляючы наскі чаравікаў усярэдзіну, адзін да аднаго. Чалавек нудным, глухім, невыразным голасам, глытаючы словы, прамармытаў сабе пад нос:

— Мы рады, што вы зноў вярнуліся ў Дурбудзію.

— Дур-ра! — закрычаў натоўп.

— А зараз я завязу вас на вашу вілу, — прадстаўнік улады пачаў запінацца, няёміцца. — Але пакуль вас з Грайкаю не было, яе захапілі беспрацоўныя… Вілу ўжо ачысцілі ад іх…

Пад'ехаў белы лімузін, падобны на зямныя ўрадавыя «ЗІЛы», саксупы ўвішна адчынілі перад імі дзверцы і яшчэ больш спрытна зачынілі іх, пасадзіўшы гасцей у машыну.

Лімузін скрануўся і, усё набіраючы хуткасць, паехаў за гару, туды, адкуль і выбеглі ўсе гэтыя людзі.

За гарою, нечакана ўразіўшы іх, перад вачыма разгарнуўся вялізны, сучасны горад з гмахамі-высотнікамі і звычайнымі прыземістымі пяціпавярхоўкамі. Радзім хацеў разгледзець горад лепей, але зрабіць гэта было немагчыма — спрэс па ўсёй дарозе, абапал вуліц стаялі натоўпы шчаслівых, узбуджаных людзей, яны махалі рукамі, рознакаляровымі сцяжкамі і крычалі:

— Дур-ра! Дур-ра!

Праз іх шчыльную сцяну ён не бачыў ні вуліц, ні самога горада.

Віла і праўда мела занядбаны выгляд: павалены плот, якім яна была абгароджана, паламаныя кветкі, павыбіваныя вокны… Ці, можа, усё гэта беспрацоўныя, жывучы тут, панарабілі міжволі, ці то яны, раззлаваўшыся, гэтак бунтавалі, калі іх высялялі адсюль прымусова.

Дурбуд-кіраўнік, які суправаджаў іх, развітаўся, нават не вылазячы з лімузіна, даючы зразумець, што ён тут самы вялікі начальнік — нават большы, чым сам пляшывы.

— Разумееце, — пырскаючы слінаю, загаварыў ён, — у мяне яшчэ шмат спраў не зроблена: трэба вырашыць лёс вайны з малрунамі, прыняць халабужскага пасла, правесці экзекуцыю на плошчы… Словам, я паеду. А вы пакуль адпачывайце, уладкоўвайцеся. Заўтра мы вас паклічам на Дзяржаўны Савет. І слуг, і ахову таксама заўтра дадзім.

І паехаў. Усе саксупы, якія сядзелі ў наступнай машыне, паехалі таксама. Ля агароджы яны асталіся толькі ўдваіх з Ояю.

Дзіўна, ці гэта ён на самой справе бачыць у ім пляшывага, ці то ён даўно зразумеў падман і адно толькі гуляе ў нейкую сваю гульню?

Оя адразу пацягнула яго ў будынак — вельмі нецярпелася паглядзець, што ж гэта за такое, віла пляшывага.

Нават нягледзячы на разор, які панаваў тут, было відаць — віла выбудавана раскошна: цудоўная сталоўка, выдатны кабінет, шыкоўная спальня. Па тым, што мелася ў спальні і як яна была абладжана, можна было зразумець: спальня — галоўнае ў жыцці той невядомай Грайкі, ролю якой цяпер даводзіцца выконваць Оі.

Яны хадзілі па прыгожых залах, пакоях, гасцёўнях, радаваліся і захапляліся багаццем і ўбранствам іх, але ім усё ж было тут холадна і няўтульна — відаць, уплывалі на настрой невымеценае смецце, друз і ашчэпкі, ашмоцце штор і нейкіх тканін.

— Пойдзем на вуліцу, — ціха папрасіла Оя.

— Я і сам хачу. Але ж, мусіць, нельга.

— А хто табе можа забараніць? Аховы ж няма. А ты цяпер бог тут. Бачыў, як цябе сустракалі?

— Хто яго ведае… — задумаўся Радзім.

— А што здарылася? Растлумач.

— Ведаеш, мяне паблыталі з пляшывым. Іхнім царом. Але ж падман можа адкрыцца…

— Тады нешта прыдумаем, — Оя ўхапіла яго за рукі.— А цяпер хадзем!

— А як твае ногі?

— Ужо не баляць.

— А змяіны ўкус?

— Я ж, ты бачыў, яд высмактала.

— А можа, гэта і не змяя, а вуж быў? — Радзім памаўчаў.— Але ж я не магу выйсці на вуліцу з плямаю.

— Давай сатрэм яе.

— Ты што?! Мне дурбуд раіў яе берагчы як вока. Без яе — канцы.

— Ну тады завязаць можна якою хусцінкаю. Пашукалі, нічога не знайшлі. На ложку раптам убачылі нейкі шырокі каснік. Ім Оя і завязала Радзіму лоб. Ён зірнуў у люстра і сам сябе не пазнаў — акурат паранены з забінтаванаю галавою. Яны выйшлі з вілы.

Па вуліцы ішлі павольна, не спяшаючыся. Да ўсяго прыглядаліся, усё вывучалі. Хоць горад, здаецца, быў такі ж, як і на зямлі, Радзім не ўсё ў ім разумеў.

Толькі выйшлі з дому і адразу натрапілі на сталага, сур'ёзнага, задумлівага чалавека з партфелем пад пахаю, які стаяў на нейкай драўлянай цаццы, падобнай на дзіцячую качалку, і няспешна разгойдваўся. Яны прайшлі ўжо яго, але потым Радзім вярнуўся, спытаўся:

— Што гэта вы робіце?

— А ты хіба не бачыш — іду.

— Дык вы ж стаіцё на месцы…

— Сам ты стаіш на месцы, а я іду, — і чалавек, працягваючы раскалыхвацца на качалцы, грэбліва адвярнуўся ад яго.

— І куды вы прыйдзеце?

— Куды трэба, — раззлавана адказаў дурбудавец і адсланіў яго рукою. — Слухай, сыдзі з дарогі і не замінай мне ісці.

Ён мог бы падумаць, што гэты абсурд — выпадковасць, калі б неўзабаве яны не сустрэліся з новым дзівам.

На аўтобусным прыпынку ўбачылі старэнькі, вельмі абшарпаны аўтобус. У ім было поўна людзей — як селядцоў у бочцы. Дзверы расчынены, і ў іх, не зважаючы ні на што, шчэмяцца ўсё новыя і новыя паязджане. Таўхаюцца, злуюцца, сварацца. Крычаць. А як жа не крычаць, калі аўтобус вось зараз кранецца, а на прыпынку яшчэ астаецца столькі жадаючых.

Праз нейкі час з аўтобуса сёй-той выходзіць, а на вызваленыя месцы напіхваюцца новыя сядакі: адны прыехалі на свой прыпынак і выходзяць, а другія толькі збіраюцца ехаць…

І тады Оя паказвае яму:

— Зірні, зірні…

Радзім глядзіць і жахаецца: аўтобус жа і без шафёра, і без колаў нават — восямі ён стаіць на нейкіх калодках!

— Дык яны ж не едуць, — разгублена, паказваючы вачыма на людзей у аўтобусе, кажа хлопец дурбуду, які побач чакае свае чаргі.

— Што вы, едуць, — адказвае яму дурбуд і задаволена смяецца. — Едуць, ды яшчэ як!

І праўда, час ад часу дзверы расчыняюцца, з іх выходзяць пасажыры, якія нарэшце дачакаліся свайго прыпынку, і заходзяць новыя, якім, канечне ж, ехаць далей. Праз нейкі час дзверы зачыняюцца, усе стаяць моўчкі і чакаюць, калі яны адчыняцца зноў.

І зноў мяняюцца паязджане. Пастаяць, пасядзяць, калі знойдуць месца ў перапоўненым аўтобусе, і выходзяць. Папраўляючы на сабе адзенне, скамечанае ў цеснаце, заклапочана спяшаюцца ў розныя бакі — кожны па сваіх справах: маўляў, прыехалі і пайшлі.

— Навошта яны заходзяць? І чаму выходзяць? — здзіўлена дапытваўся Радзім у дурбуда, за якім пакуль што ніхто так і не заняў чаргу.

— Заходзяць, каб ехаць, — цярпліва тлумачыў яму той. — А выходзяць, бо прыехалі. Дзіўны вы чалавек, — ён пачаў ужо гневацца, — гэта ж іх прыпынак, таму яны і выходзяць.

— Дык пасажыры ж нікуды і не ехалі…

— Ехалі! — упэўнена адказаў дурбуд і кінуўся да дзвярэй, якія зноў расчыніліся, — мусіць, аўтобус якраз падышоў да ягонага прыпынку.

Ён уплішчыўся паміж пасажыраў, прыціснуў да грудзей авоську і памахаў ім рукою — маўляў, я паехаў. Яны не сталі чакаць, калі дзверы зноў расчыняцца і ён выйдзе на «сваім» прыпынку, паціху пачалі адыходзіцца ад гэтага дзіўнага аўтобуса. Дурбуды разгублена, не разумеючы, глядзелі на іх — дзівакі, навошта ж ісці, калі можна пад'ехаць…

Радзім пачынаў ужо разумець, што ў Дурбудзіі ідзе нейкае сваё, нязвыклае, неверагоднае жыццё, якога ён пакуль што не мог усвядоміць.

Таму яны з Ояй усё хадзілі па вуліцах, зазіралі ў двары, сядзелі на лаўках у скверах. Зараз ён ужо ўсё часцей і часцей чуў ад яе: «Зірні, зірні!», а то і сам паказваў ёй усё дзіўнае, што бачыў на свае вочы…

Яны сядзелі ў скверы. Радзім загледзеўся на нейкага дзівака, які з вельмі задумлівым выглядам падыходзіў да абкладзенай дошкамі груды пяску — акурат дзіцячая пясочніца, — браў з яе пясчынку, асцярожна клаў на далонь, беражна нёс на супрацьлеглы бок алеі і не спяшаючыся страсаў у меншы грудок. Пасля распрамляўся, падыходзіў да стала, што стаяў пры самой кучцы, нешта казаў чалавеку, які сядзеў за гэтым сталом, усланым паперамі. Той штосьці запісваў у тоўсты сшытак, а чалавек зноў вяртаўся да большай кучы і зноў нагінаўся, каб узяць новую пясчынку…

Радзім загледзеўся на гэтага дзівака і не адразу зразумеў, чаго Оя тармосіць яго за рукаў. А яна паказвала яму рукою зусім у іншы бок, дзе ля стэнда стаяў малады чалавек і засяроджана, нібыта робіць нейкую вельмі важную справу, пляваў на Дошку гонару. І сам задаволена, радасна рагатаў са свайго выбрыку.

Оя паднялася, пацягнула Радзіма за руку, і неўзабаве яны былі ўжо ля стэнда, стаялі за спіною маладога чалавека.

Да дошкі быў прыклеены вялікі яркі плакат — здымак шматлюднай дэманстрацыі з рознакаляровымі сцягамі. Людзі зняты буйным планам, і таму нават на здымку была відаць іх рашучасць, мэтанакіраванасць.

— Чаму вы на іх плюеце? — адважыўся спытацца Радзім.

— А чаго ж яны дамагаюцца? — пытаннем на пытанне, нават не паварочваючы да яго галавы, адказаў малады чалавек. — Гэта ж толькі падумаць, чаго яны патрабуюць! Каб пачалі працаваць заводы і фабрыкі. Жах! Каб сяляне без страт сабралі ўраджай. Ганьба! А навошта нам той ураджай? Схадзіце вунь на суседні сквер і паглядзіце, што мы з гэтымі ўраджаямі робім.

— А што там?

— Сходзіце — самі пабачыце, — загадкава адказаў ён.

Прыгледзеўшыся больш уважліва да плаката, Радзім жахнуўся: на здымку ў шэрагах дэманстрантаў ён убачыў гэтага ж самага маладога чалавека са сцягам у руках — ён, аказваецца, пляваў на самога сябе.

— Што вы робіце?! Вы ж на сябе плюеце!

— Дзе? — дурбуд пачаў аглядаць сваю сарочку, штаны.

— Ды вунь на плакаце!

— А, на плакаце… Там ужо не я. Я сёння іншы, чым той чалавек, які тады быў на дэманстрацыі. Таму я магу на яго смела пляваць.

— А чаму іншы?

— Таму, што думаю па-іншаму. Асуджаю тое, што раней абараняў.

Радзім разгубіўся: хіба можа быць такое?!

— Ну, добра, — згадзіўся нарэшце ён, — плюй сабе. Але ж калі ты плюеш сам на сябе, дык хоць морду сабе выцірай. Зірні, якая яна ў цябе запляваная.

Дурбуд дурнавата раскрыў рот, наморшчыў лоб, задумаўся.

Радзім узяў за руку Ою і павёў яе па алеі — у той бок, куды кіўнуў галавою малады чалавек, калі гаварыў пра нейкае дзіва. Цікава, што ж там ён раіў ім паглядзець?

Ужо адышоўшыся крыху, азірнуўся — дурбуд рабіў зараз тое, што Радзім яму і параіў: паплюе-паплюе на здымак, а тады сам выціраецца, паплюе яшчэ і зноў па твары лапаю водзіць…

Суседнюю алею яны знайшлі вельмі лёгка — балазе яна была ўсяго толькі праз дарогу і быццам бы прадаўжала гэтую.

У цэнтры алеі, там, дзе звычайна робяць клумбы, нейкія людзі капалі нейкую яму — Радзіму напачатку нават і здалося, што яны якраз парадкуюць кветнік. Але падышоўшы бліжэй, убачыў, што гэта менавіта яма, — яна была ўжо глыбокая, землякопы стаялі ў ёй па грудзі, аднак пакуль не спынялі працы, капалі глыбей.

Каля ямы вуркатаў ужо грузавічок з нявыключаным маторам, ён пыхкаў, час ад часу ўздрыгваў і густа дыміў. І ўсё ж праз гэты дым і чад, праз невыносны пах бензіну яго нюх распазнаў нейкі вельмі знаёмы, вельмі духмяны і жаданы водар. Не, ён не памыліўся: пахла менавіта хлебам! І дзіўна, упершыню за ўвесь час яму захацелася есці. Да гэтага пра яду ён нават і не думаў: ці то падсілкоўваўся касмічнай энергіяй, ці то нейкі рэжым харчавання існаваў ужо ў самім скафандры, — а вось як толькі апынуўся амаль у зямных умовах і адчуў пах свежага хлеба, адразу ж захацелася есці.

Тым часам землякопы ўжо скончылі капаць яму — відаць, дасягнулі патрэбнай глыбіні,— вылезлі і, нават не атросшыся ад зямлі, пайшлі да машыны. Расчынілі дзверцы ў кузаве-будцы — адтуль яшчэ болей запахла хлебам, — выцягнулі скрынкі з караваямі і панеслі да ямы.

— Куды вы іх нясеце? — выскачыў ім на перахоп Радзім.

— У яму. Засыпаць будзем.

— Навошта?

— Таму што ўсе магазіны затавараны хлебам. Яго ніхто ўжо не бярэ.

— Што, усе сытыя, усе панаядаліся?

— Не, і галодных многа, але яны не могуць купіць.

— Чаму?

— «Чаму, чаму»… Таму што купіла няма. А хлеб у нас вельмі дарагі.

— Дык раздайце яго тым, хто галодны. А не закопвайце ў зямлю.

Дурбуды разрагаталіся. Яны смяяліся шчыра і доўга. І ніяк не маглі спыніцца.

— Ой, не магу! «Аддайце галодным»… Ой, трымайце мяне, а то я ўпаду. І адкуль ён толькі з'явіўся такі? Ой, не магу! Колькі ні закопвалі, ніхто не пярэчыў… А гэты знайшоўся… Адчапіся!

Радзім убачыў, што з дурбудамі гаварыць марна, — яны ніколі не зразумеюць яго. Таму ён схапіўся за скрынку, якую трымаў перад сабою бліжэйшы дурбуд, і пацягнуў да сябе. Тутэйшы трымаў скрынку моцна і ўчэпіста, а таму адабраць яе адразу не ўдалося. Пачалася валтузня. І гэта на самым краі ямы.

Радзім і сам не паспеў апамятацца, як пад ім абсунулася зямля і ён апынуўся на дне ямы, а зверху на яго пасыпаліся караваі хлеба. Хлопец угнуўся, але хлеб усё роўна балюча біў яго па спіне і па галаве. Адну буханку ён злавіў абедзвюмя рукамі — яна была яшчэ цёплая — не даў ёй выкачацца ў зямлю на дне ямы, і з ёю палез наверх па лесвіцы, якую не паспелі прыбраць далакопы. Оя падала яму руку, і з яе дапамогаю Радзім вылез на паверхню.

Каля ямы ўжо стаялі дурбуды — яны паспелі вярнуцца сюды з новымі скрынкамі хлеба.

— Пакладзі на месца, — тонам, які не дазваляе пярэчанняў, загадалі яму далакопы, вачыма паказваючы на каравай.

— Куды — на месца? — разгублена спытаўся Радзім.

— У яму!

— Дык гэта ж хлеб! Месца яго не там, а на стале.

— У яму! — яшчэ больш настойліва загадалі дурбуды. Ён пакруціў у руках каравай, хацеў адкусіць, але перадумаў, не стаў болей спрачацца з дурнямі — што ты ім дакажаш, усё роўна спіхнуць у яму разам з хлебам, — кінуў хлеб туды, куды загадалі. І толькі калі пачуў, як глуха, нібы аб вечка труны, грукнуўся бохан аб цвёрдую зямлю, яшчэ больш яскрава зразумеў, якое кашчунства робіцца.

— Ідыёты! — у злосці крыкнуў ён. — Вялікія ідыёты! І здзівіўся, што дурбуды, замест таго каб пакрыўдзіцца за абразу, наадварот вельмі ўзрадаваліся — калі ён, узяўшы за руку Ою, уходзіў адсюль, яны праводзілі яго ласкавымі позіркамі: былі шчаслівыя, што незнаёмы назваў іх ідыётамі.

— Ты хоць што-небудзь разумееш у гэтай Дурбудзіі? — спыталася Оя і чамусьці вызваліла сваю руку з ягонай.

— Пакуль не, — шчыра прызнаўся Радзім.

— І я таксама, — задумалася дзяўчына. — Мне падалося, што яны самі сабе страшныя ворагі, самі сябе ненавідзяць.

Яму ж здавалася, што нехта, злы і каварны, запраграмаваў іх, закадзіраваў, і яны цяпер насуперак сабе робяць бог ведае што — знішчаюць самі сябе.

Голад ужо даймаў яго.

— Оя, а ты есці не хочаш?

— Неа, — ягоным словам адказала яна.

— А я хачу. Разумееш, як пачуў пах хлеба, так і захацеў есці.

— Дык з'еш што-небудзь.

— Што і дзе?

— Не ведаю. А, зірні, во чарга нейкая. Можа, у сталоўку? У вас жа на зямлі ўсюды такія чэргі. Давай пастаім.

— Давай, — згадзіўся ён: калі і не паесць, то хоць даведаецца, па што ў Дурбудзіі бываюць чэргі.

Яны сталі ў самы канец чаргі: Оя наперадзе, ён за ёю. Чарга рухалася вельмі марудна, людзі стаялі моўчкі, засяроджана дыхалі адно аднаму ў патыліцу — і праўда як і ў нас на зямлі.

Дурбуды, мусіць, думалі кожны пра сваё, марудна, абыякава перастаўлялі ногі, поўнасцю аддаўшыся гэтаму бяздумнаму руху — здаецца, апрача яго, нічога на свеце для іх не існавала.

— Па што стаім? — спытаўся Радзім у чалавека, які сапеў перад Ояй, але той не толькі не адказаў яму нічога, а нават і не павярнуўся на яго голас.

Радзім хацеў быў прапанаваць Оі выйсці з чаргі, але цікаўнасць брала сваё: а што ж хочуць атрымаць гэтыя людзі, якія цярпліва стаяць у такой чарзе?

І потым пашкадаваў, што не зрабіў так, як думаў.

Хоць і марудна, але ўсё ж чарга рухалася. Неўпрыкмет яны разам з ёю мінулі вуліцу і ўзышлі на нейкі невысокі ганак пад стрэшкаю, затым уцягнуліся ў дзверы, прасунуліся, як і ўсе, па цёмным, зусім неасветленым калідоры, выйшлі ў нейкую вельмі асветленую залу, якая ўся была завешана пурпурнымі шаўкамі, прайшлі па ёй, увапхнуліся ў новыя, ужо бакавыя, дзверы, дзе было яшчэ больш цёмна, чым у папярэднім калідоры, — ці то так здавалася таму, што вочы ўжо звыкліся са святлом, ці то тут і напраўду не хапала асвятлення.

Гэты калідор быў яшчэ даўжэйшы за першы, і Радзім, трымаючы ў цемры Ою за талію, нібы баючыся, каб яе ніхто не схапіў, думаў, што не трэба было ім сюды, у чаргу, станавіцца, бо зараз ужо, як яму здавалася, выйсці адсюль немагчыма — адчуваў, што за імі таксама моўчкі і таксама задумліва тупае шмат людзей.

Калі ўбачыў, як далёка наперадзе замігцела святло, узрадаваўся, што, нарэшце, скончыцца гэтая ідыёцкая чарга, але дайшоўшы да віднаты, да дзвярэй, якія адчыняліся і зачыняліся за кожным чалавекам, выйшаўшы з іх, убачыў новую чаргу, у якую трэба было адразу ж станавіцца ад самага парога, бо выйсці адсюль можна толькі з чаргою.

Зноў усе стаялі ў патыліцу адно аднаму, зноў саплі, натужна дыхалі тыя, што тупалі за ім.

Праход зрабіўся яшчэ вузейшы: з двух бакоў ён быў абгароджаны цаглянаю сцяною, абвітаю хмелем, і цяпер, каб ужо і моцна захацеў, ніхто б не змог пакінуць гэтую ўтомную чаргу маўклівых людзей.

Неўзабаве праход яшчэ пацяснеў. Чарга ўцягнулася ў вузкую і нізкую, як нара, шчыліну, ісці па якой было дужа нязручна — рукі і плечы чапляліся за кепска, наспех абчасаныя каменныя сцены, а зверху навісалі над самаю галавою — часам даводзілася нагінацца — бясформенныя глыбы.

У тунелі зрабілася зусім цёмна. Толькі чуваць было, як шаркаюць па камяністай сцежцы ногі і зацята дыхаюць людзі — тыя, што ідуць за імі, і тыя, што ідуць паперадзе іх. Скляпенне рэзаніравала гукі, і таму здавалася, што ідзе людзей яшчэ болей, чым было іх на самой справе.

Хоць з бакоў нізка, каля самых ног, цьмяна люстранілі запыленыя светачы, ледзь пазначаючы сцежку, святлей ад гэтага ў шчыліне не рабілася — густы змрок, цесната і пыл, узняты столькімі нагамі, перахоплівалі дыханне, і ён ужо адчуваў, што трэба прыкладаць намаганне, каб проста і нязмушана дыхаць.

У тунелі раптам зрабілася зусім цёмна: ці то лямпачкі наўзбоч сцежкі перагарэлі, ці то іх тут па задуме і не павінна было быць.

Чарга ішла зараз ужо зусім павольна, бо людзі, каб не спатыкнуцца, уважліва абмацвалі нагамі зямлю.

— Ой, не магу! — нібы не сваім голасам закрычала раптам Оя, і ён адчуў, як закалацілася, задрыжэла пад ягонымі далонямі яе худзенькае, напятае цельца. — Не магу-у-у! — роспачна рыдала дзяўчына, і гэты яе крык запаўняў нару і, адбіўшыся ад сцен і ад столі, вяртаўся да іх яшчэ памацнелым.

Радзім абняў яе крапчэй і з усяе сілы прыгарнуў да сябе.

— Оя, табе страшна? Не бойся…

— Мне не страшна, — усхліпвала яна. — Я не магу выносіць гэтую пачвару…

— Якую пачвару?

— Чаргу-у-у! — завыла яна.

Чарга ж, як і да гэтага, засяроджана абмацвала нагамі выбоістую сцежку і паволі рухалася наперад. Ніхто не звярнуў увагі на гэты крык адчаю — быццам людзі ўвогуле не пачулі яго, хоць не пачуць рыданні Оі было немагчыма.

Ён ласкава гладзіў яе рукамі і адчуваў, як пад яго далонямі дзяўчына пакрысе супакойваецца, перастае плакаць і ўсхліпвае толькі па інерцыі.

— Не магу, — ужо спакайней паўтарыла яна, а потым неяк зусім нечакана, рэзка павярнулася да Радзіма тварам, абняла яго, і, мусіць, падняўшыся на пальчыкі, пацалавала хлопца ў самыя вусны.

Затым яшчэ мацней прыгарнулася да Радзіма, паклала яму галаву на грудзі, і хлопец адчуў, як паволі намакае сарочка: Оя ўсё яшчэ плакала.

І вось тут яму здалося, што нехта з'явіўся між імі, што хтосьці распіхвае іх убакі, не даючы дакранацца адно да аднаго. Ён здагадваўся, хто гэта можа быць, але неяк не верылася, што ў такую нару, пад такія скляпенні можна так лёгка трапіць. І ўсё ж яму здавалася, што і ў цемры ён бачыць перад сабою белае воблака…

Але гэта было не воблака. Гэта было святло. І ён, шчыра ўзрадаваўшыся, што ёсць моцы закрычаў:

— Нара канчаецца! Там — святло!

Дзяўчына хуценька павярнулася — дасюль яна ішла пяткамі наперад, — і яны паспрабавалі абагнаць тых, хто ішоў перад імі. Але абагнаць чаргу было немагчыма. Пярэднія ішлі, як і да гэтага, спакойна і павольна, а праціснуцца, пратачыцца паміж імі і сценкамі тунеля не ўдавалася з-за цеснаты: ён быў разлічаны толькі на аднаго чалавека.

Прыйшлося змірыцца з чаргою, з яе рухам і рытмам — людзі, не зважаючы на тое, што наперадзе з'явілася святло, ішлі да яго звычайнаю і абыякаваю хадою. І толькі ўжо зусім перад выхадам Радзім і Оя не вытрымалі і пачалі падпіхваць пярэдніх у спіны, змушаючы іх хутчэй ступаць, натыкацца на тых, хто быў перад імі. Яны, унёсшы сумбур у чаргу, усё ж выбеглі нарэшце з тунеля і аж зажмурыліся ад светлаты. Калі вочы прывыклі да святла, убачылі, што стаяць на нейкім шырокім пляцы, па якім паўзе чарга, а вакол пляца расце, цвіце, буяе столькі кветак, і ўсе яны такія прыгожыя і незямныя, што вочы аж разбягаюцца ад гэтай казкі. Радзіму нават здалося, што яны напраўду трапілі ў рай. Праўда, кветкі з усіх бакоў і нават зверху былі абгароджаны частаю сеткаю — як птушкі ці жывёлы ў вальерах — і гэта крыху псавала настрой і радасць ад такой неспадзяванкі: навошта турмаваць краскі — яны ж не вылецяць адсюль і без сеткі…

Тут чарга разыходзілася, людзі зноў жа спакойна і павольна набліжаліся да сеткі і гэтак жа раўнадушна, здаецца, нават абыякава разглядалі дзівосныя кветкі — лапушыстыя, яркія, шматкалёрныя, яны цвілі каля самай агароджы, а некаторыя нават вылазілі праз яе, — і потым гэтак жа задумліва кіраваліся да шырока расчыненых варот, — як яму здавалася, на волю.

Радзім хацеў адразу пайсці да дзвярэй, каб нарэшце вырвацца адсюль — нават Оя цягнула за руку да выхада, — але ўсё ж нешта стрымлівала яго і змушала пачакаць.

Ён хадзіў каля агароджы, любаваўся кветкамі, нагінаўся і нюхаў тыя, што шыкоўна цвілі на гэтым баку — відаць, праз сетку яны пралезлі пупышкамі,— і не спяшаўся ўходзіць. Разумеў, што пабачыць увесь кветнік можна, мусіць, толькі з гэтага пляца, які, пэўна, знаходзіцца якраз пасярэдзіне сада.

Прайшоўшы колькі разоў каля агароджы, пашыбаваў да варот — туды, куды ішлі ўсе. Ужо збіраўся ўздыхнуць на ўсе грудзі, але раптам, выйшаўшы за вароты, убачыў новую загародку, якая, усё звужаючыся, вяла людзей да яшчэ адной чаргі. Там ужо зноў шчыльна станавіліся адзін за адным людзі і, дыхаючы ў чужыя патыліцы, пачыналі новы, унармаваны рух.

Радзім яшчэ раз азірнуўся па баках і, убачыўшы, што ніякага іншага выйсця няма, пацягнуў Ою ў той бок, дзе ўжо нараджалася чарга.

— Не магу! — зноў застагнала Оя і пачала ўпірацца, зразумеўшы, што Радзім зноў вядзе яе ў людскі гурт.

— Трэба, Оя. Трэба, — ён адною рукою моцна трымаў дзявочую далоньку, а другою гладзіў па яе запясцю.

Радзім разумеў адно: чым раней станеш у чаргу, тым раней пройдзеш наканаванае.

Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэтую чаргу нехта пабудаваў знарок. Яго здзіўлялі вялікая дасведчанасць і розум таго дойліда, які ўсё гэта прыдумаў. Бачыш, як разумна і дакладна выстраіў: вось чарга на вуліцы, яшчэ ніхто нічога не ведае, але ўжо становіцца — цікава; потым гэтая пурпурна-ўрачыстая зала; затым цагляная сцяна, абвітая хмелем, як своеасаблівае спадзяванне, намёк на неўзабыўныя кветкі; пасля жудасная, цёмная і цесная нара, дзе нічога не відаць, дзе нават яму хацелася крыкнуць: «Не магу!»; а тады — такі неспадзяваны рай, што проста слепіць вочы сваёй казачнасцю, радасцю, шаленствам колераў…

Ён толькі не ведаў, каму і навошта спатрэбілася гэтая чарга, куды яна вядзе, чым канчаецца і што азначае.

Задумаўшыся, Радзім і не заўважыў, як чарга ўцягнулася ў даўгі-даўгі і, здаецца, бясконцы калідор, паабапал якога з двух бакоў былі дзверы. Яны не адчыняліся, мусіць, былі замкнёныя на ключ, і таму здавалася, што ніхто ў свеце не ведаў, што за імі знаходзіцца.

На дзвярах — нейкія шыльдачкі, нумары, нечыя прозвішчы. Але тыя, што ішлі паперадзе, глядзелі сабе пад ногі, нічога не чыталі, і толькі яны з Ояю старанна круцілі па баках галовамі, рупячыся ўсё прачытаць і ва ўсім разабрацца. Ою гэта, здаецца, вельмі зацікавіла — заняўшыся, яна ўжо не стагнала і не гаварыла: «Ой, не магу»…

І раптам, калі яны праходзілі каля чарговых, просценькіх, як і ўсе, дзвярэй, тыя нечакана самі сабою адчыніліся, з іх высунулася нечая рука, схапіла Ою за сукенку і ўцягнула ў прачыненую шчыліну. І не паспеў ён нават спалохацца і падумаць, як ратаваць дзяўчыну, тая ж рука, высунуўшыся зноў, згрэбла за рукаў Радзіма і з сілаю павалакла і яго.

Думалася, што там нейкае памяшканне.

Але памяшкання ніякага не было — сцены стаялі плоскія, як дэкарацыі, і за дзвярыма нічога яны не ўбачылі: проста апынуліся на вуліцы.

Спакойна, па адным, а то і купкамі, хадзілі людзі, ціхамірна шумелі дрэвы, на газонах зелянела, хоць і дрэнна, але ўсё ж падстрыжаная трава, а сцяна з дзвярыма, за якою зацята рухалася невідомая цяпер чарга, адсюль выглядала нават прывабнаю. Яна была як упрыгожанне якое, як самабытная дэкаратыўная застаўка, увітая сям-там хмелем, а то і ўпрыгожаная кветкамі, што раслі ў прымацаваных да перагародкі гаршчэчках.

— Вы? — здзівіўся Радзім, убачыўшы перад сабою таго самага іранічнага чалавека, які спрабаваў ім нешта растлумачыць яшчэ тады, як іх віталі дурбуды на месцы прызямлення. — А што вы тут робіце?

— Вас ратую.

— А як вы здагадаліся, што мы тут?

— Не здагадаўся, а згледзеў вас, — адказаў дурбуд. — Быў у ружарыі, бачу, нейкія дзівакі кветкі не з таго боку нюхаюць. Канечне ж, нетутэйшыя! Нават падміргнуў вам, але вы не звярнулі ўвагі. Мусіць, не прыкмецілі,— дурбуд крыху памаўчаў, падумаў.— А як вы апынуліся ў гэтай чарзе? — праз нейкі час спытаўся ён.

— Захацелася даведацца, за чым у Дурбудзіі стаяць чэргі,— адказала Оя.

А Радзім дадаў:

— І яшчэ нам здалося, што гэта чарга ў сталоўку. А мы ж галодныя.

— Галодныя? — задумаўся дурбуд. — Тады вы правільна стаялі.

— Дык што, гэта і напраўду чарга ў сталоўку?

— Не зусім так.

— А што тады робяць людзі, дыхаючы адно аднаму ў патыліцу?

— Працуюць.

— Стаяць у чарзе, і гэта ўжо значыць, што яны працуюць?

— А ў самым канцы чаргі ім выдаюць жэтон на пустую поліўку. За ўдарную працу.

— А хто прыдумаў такое глупства?

— Не спяшайся з вывадамі. Разумееш, у нас перабудова, страшэннае беспрацоўе. Трэба людзей нечым заняць. Вось і паставілі іх у чаргу. Каб не думалі ні пра што. Стаяць, нечым займаюцца, некуды ідуць… З'яўляецца ўяўнасць працы…

— А хто выдумаў чаргу?

— Пляшывы. Але вось пляшывага ўжо няма, а чарга асталася. Яна, як бачыш, і калматаму падабаецца… Калматы не разбурае яе, а накіроўвае сюды ўсё больш і больш людзей. І яны працуюць.

— Дзіўна, — задумалася Оя, — увесь народ паставілі адно за адным і гэта здзекліва называюць работаю. То ж злачынцы…

— Хадзем, — не даў ёй дагаварыць дурбуд. — А то вас і так ужо шукаюць. Прыйшлі ў палац, убачылі, што нікога няма, і забегалі. Бо назаўтра ў іх прызначаны пераварот. Цябе, Пляшывага, будуць вяртаць на трон, а Калматага — скінуць. Дарэчы, калматы сёння вяртаецца з замежнай паездкі. Пойдзем яго сустракаць?

— Я хачу есці…

— Ой, даруй, я і забыўся. То пайшлі хутчэй у сталоўку. У мяне якраз ёсць лішні жэтон.

Дурбуд рэзка павярнуўся і пайшоў паперадзе. Яны паспяшаліся за ім.

Ісці было прыемна. Паабапал сцежкі раслі кветкі, якія цешылі вочы, — відаць, гэта ўсё яшчэ былі ўскраіны ружарыя.

Яны з Ояю любаваліся прыгажосцю, а гаваркі дурбуд не замінаў ім гэта рабіць — ішоў паперадзе і маўчаў. Кусты руж змяняліся алеандрамі, кусты бэзу чаргаваліся з півонямі.

Радзім глядзеў на іх, і яму часам здавалася, што гэта ніякія не ружы, не алеандры, не півоні, а нейкія зусім іншыя, казачныя і дзівосныя кветкі, якія толькі звонку нагадваюць нашы зямныя.

Пахлі яны таксама па-іншаму, у іх было больш даўкасці і нават, калі хочаце, агрэсіўнасці,— яны быццам бы ад кагосьці ці ад чагосьці абараняліся, камусьці кідалі свой выклік.

Праз нейкі час на вочы ім пачалі трапляцца абадраныя людзі, якія стаялі між кветак з працягнутымі рукамі. Спачатку ён нават не зразумеў, што гэта жабракі і просяць яны міласціну. Але калі неўзабаве старцоў стала вельмі шмат, калі ім ужо даводзілася ісці праз шчыльныя шэрагі людзей у лахманах, тая радасць, якую абудзілі воля і кветкі, паступова пачала цьмець, пакуль урэшце не перакінулася ў адчай.

Асабліва ўразіла і яго і Ою, калі адзін з жабракоў кінуўся ім насустрач, упаў на калені, пачаў абдымаць за ногі дурбуда, просячы падаць яму, што зможа.

Дурбуд не разгубіўся, падняў жабрака з каленяў, паставіў ля сябе, а потым, не хаваючыся ад галоднага, пачаў корпацца ў яго ж старэнькай, залапленай торбе — жабрак адно толькі ўважліва сачыў за чужою рукою, — знайшоў там надкушаную лусту хлеба, якую, мусіць, падаў нехта раней, і з такім выглядам, быццам робіць несусветнае дабро, з важнасцю і самавітасцю, як усё роўна ён заўсёды займаўся дабрачыннасцю, падаў скібку папрасімцу.

Той доўга і няўцямна глядзеў на яе, а затым узрадаваўся, засмяяўся і, задаволены-задаволены, з крыкам: «Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!» кінуўся цалаваць рукі дурбуда, які так ашчаслівіў яго. Радасць жабрака была настолькі шчыраю і непадробнаю, што Радзім з Ояю толькі пераглянуліся: яго частуюць ім жа самім нажабраваным хлебам, а ён радуецца!

— Што, дзіўна вам? — павярнуўшыся да іх, усміхнуўся дурбуд. — У нас вы яшчэ і не такое ўбачыце, — і, азірнуўшыся вакол, паказаў: — А гэты, бачыце, на сваёй машыне прыехаў.

Чалавек стаяў і, як руль, трымаў перад сабою, кола. Падышлі да яго, спыталіся:

— Навошта табе кола? Дурбуд разгубіўся:

— Гэта ж мая машына, я на ёй прыехаў…

— Машыны ў цябе няма і ніколі не будзе!

— А гэта тады што? — паказаў на кола, учапіўся за яго мацней і грэбліва адвярнуўся. — А пайшлі вы ўсе…

Каля сталоўкі галодных і ўбогіх было яшчэ болей. Яны стаялі так шчыльна, што амаль немагчыма было прабіцца да дзвярэй. І толькі вопыт і вынаходлівасць тутэйшага дапамаглі зайсці ўсярэдзіну будыніны.

У сталоўцы было цёмна і дымна, душна і тлумна. Пахла чымсьці прыгарэлым і нясмачным, але ён здзівіўся, што нават такія непрыемныя пахі расцвельваюць яго апетыт.

Дурбуд знік, а праз нейкі час ён зноў з'явіўся каля іх з дзвюма талеркамі якойсьці бурды і двума брускамі чагосьці шэрага, у чым Радзім, хоць і не без ваганняў, прызнаў хлеб.

Оя ад сваёй поліўкі адмовілася — мусіць, у яе засталася нейкая свая сістэма харчавання, — а ён, нават не пасмакаваўшы стравы, не разабраўшыся, пасоленая яна ці не, з асалодаю высербаў цэлую талерку. Адчуваў, што мала, што з'еў бы чаго-небудзь яшчэ, які кавалак мяса ці каўбасы, але дурбуд развёў рукамі — чым багаты, маўляў, тым і рады.

Оіна талерка таксама была парожняя: яе адразу ж выхапілі з рук галодныя людзі і, далёка не адыходзячыся, вылізалі за суседнім столікам.

У сталоўцы не было чым дыхаць, і таму Радзім першы накіраваўся да выхаду. Адна справа цярпець увесь гэты смурод, ведаючы, што цябе чакае пачастунак, а другая — задыхацца едкім чвырам, ні на што ўжо не спадзеючыся.

Выбраўшыся са сталоўкі, ён уздыхнуў на поўныя грудзі — хацелася як найхутчэй ачысціць лёгкія ад гэтага цяжкога, задушлівага паху. Паправіў каснік на галаве, каб выцерці пот пад ім, але дурбуд, які выйшаў разам з імі, параіў:

— Не чапай. Зрабі зноў, як было. А то цябе пазнаюць, і тады пачнецца.

— А можа, лепей зусім сцерці гэтую пляму? — нібы забыўшыся, што расказваў ёй Радзім, спыталася Оя.

— Ты што! — накінуўся на яе дурбуд. — Гэтая меціна яму ой як спатрэбіцца!

Оя паправіла стужку, старанна закрываючы знак. Дурбуд уважліва сачыў за гэтым, а калі дзяўчына апусціла рукі, ён яшчэ раз прыдзірліва агледзеў Радзімаў лоб, сам паправіў ражок касніка і сказаў:

— Ну, цяпер пайшлі.

— Куды? — у адзін голас спыталіся яны.

— На аэрадром, — патлумачыў ім дурбуд. — Сустракаць Калматага. Ён якраз сёння прылятае з замежнага візіта.

Сцежкаю, дзе траплялася ўсё меней і меней кветак — яны здаляліся ад ружарыя, — выйшлі на дарогу, якая і прывяла іх зноў у горад.

— Аэрадром на тым баку — патлумачыў дурбуд. — А я вас вяду самаю кароткаю дарогаю.

З гэтага боку горад здаваўся апусцелым, — відаць, усе пайшлі ўжо сустракаць прэзідэнта.

— У нас так прынята, — нібы адгадаўшы Радзімавы думкі, усміхнуўся дурбуд. — Мы ўсенародна і праводзім, і сустракаем прэзідэнта. Гэта ў нас як свята. Словам, калі мала хлеба, трэба, каб было паболей свят.

Яны ішлі павольна, нібы прагульваючыся. Ішлі так, як вёў іх тутэйшы, а ён чамусьці не спяшаўся.

— Паспеем, — зноў жа, быццам адчуўшы іхняе хваляванне, іхнія думкі, супакойваў Ою і Радзіма дурбуд. — Пабачыце гэты неверагодны спектакль.

Цяпер ужо на вуліцах горада ім сустракалася ўсё болей і болей людзей. Усе ішлі ў той жа самы бок, што і яны, — відаць, таксама кіраваліся ў аэрапорт.

Але з такою высноваю Радзім відавочна паспяшаўся, — шмат хто, не дайшоўшы да аэрадрома, зварочвалі ўлева і заходзілі ў шырока расчыненыя вароты нейкага вялікага круглага збудавання, звонку падобнага на стадыён. Радзім спыніўся, спытаўся ў дурбуда:

— А гэта што за хароміна?

Той загадкава ўсміхнуўся і, не гаворачы нічога канкрэтнага, спытаўся:

— Хочаце паглядзець? Тады давайце зойдзем.

І ўсярэдзіне гэтая пабудова нагадвала стадыён. Вялікае зялёнае падстрыжанае поле, а вакол — трыбуны, звычайныя дашчаныя лаўкі, якія амфітэатрам узнімаюцца ўсё вышэй і вышэй.

Каля ўвахода Радзім заўважыў нешта незвычайнае: чалавек са злосцю, не шкадуючы, сцябае другога чалавека, а той, замест таго каб бараніцца, уцякаць ад яго, наадварот бяжыць услед за дратаванкаю, даганяе яе, на бягу хапае за кончык пугі, нюхае, прыціскае, шчаслівы, да вуснаў — нібы, удзячны за пісягі, цалуе свайго самага лепшага сябра.

Гэта было настолькі дзіўным, неспадзяваным, паводзіны абодвух — і таго, каго б'юць, і таго, хто б'е, — былі такія незразумелыя, таму ён, убачыўшы, што сам ні ў чым не разбярэцца, запытальна зірнуў на дурбуда.

— Гэта ў нас месца для экзекуцый, — не гледзячы на яго, адказаў дурбуд. — Тут караюць усіх, хто правінаваціўся.

Кат усё яшчэ сцябаў сваю ахвяру, а вінаваты, радасны і задаволены, даганяў пугу і цалаваў яе кончык.

З'яўляліся новыя людзі, яны ўпэўнена заходзілі на стадыён і дзелавіта рассаджваліся на лаўках — відаць, ім падабалася сачыць за гэтым глупствам.

Зірні, зірні,— пацягнула яго за рукаў Оя і паказала пальчыкам зусім у другі бок. — І там, здаецца, дурні…

І праўда: там таксама адзін чалавек лоўка біў другога ёмкаю доўбняю, а той ад вялікай радасці і ўзрушэння ўсё хацеў абняць яе і прыціснуць да сябе.

Той, што біў, толькі што прамахнуўся, стаяў, злаваўся на няўдачу і незадаволена моршчыўся, а той, каго білі, узрадаваўшыся, што доўбня нарэшце нерухома стаіць зусім блізка, ля ног ката, расчулена абмацваў і абнюхваў яе з усіх бакоў.

Што гэта? Рабская пакорлівасць? Ачмурэнне? Атупенне? Удзячнасць? А хіба можа быць нейкая ўдзячнасць таму, хто цябе б'е? А можа, гэта простая цікаўнасць? Вар'яцтва нейкае!

У другі раз кат ужо не прамахнуўся — вінаваты сам хуценька падставіў пад даўбешку свой худы, шылаваты азадак.

Потым яны памяняліся ролямі: кат стаў на месца ахвяры, а ахвяра ўзяла ў рукі доўбню.

— Дурні,— нібы сама сабе прамовіла Оя.

— Ага, дзяўчынка, дурні,— гледзячы не на тых, што ўзаемна катаваліся, а некуды ўдалячынь, згадзіўся з ёю дурбуд. — У нас усе дурні. Гэта нашы імёны і прозвішчы.

— А як вы іх адрозніваеце між сабою? — пацікавіўся Радзім. — Калі ўсіх дурнямі называеце?

А тут нічога складанага няма. У нас ёсць свая градацыя, свая дакладная сістэма. І чым горш, тым лепей, чым смяшней тым паважаней. Вось, скажам, Проста Дурань. Гэта самая ніжэйшая ступень. З імі ніхто не лічыцца. Гэта — ізгоі. Затым ідзе Яшчэ Большы Дурань. Пасля: Самы Вялікі Дурань. А там — і Ідыёт. Зноў жа — Славуты Ідыёт. Самы Лепшы Ідыёт. Яго Вялікасць Ідыёт. Ёсць і Балбес Балбесавіч, Лапух Лапухавіч, Ідыёт Ідыётавіч. І крый божа вы нешта наблытаеце ў гэтай градацыі і, да прыкладу, Яго Вялікасць Славутага Ідыёта назавеце Проста Дурнем. Гэтага вам тут ніколі не даруюць.

Радзім успомніў, як узрадаваліся далакопы, што закопвалі хлеб, калі ён назваў іх вялікімі ідыётамі, а Оя, хітравата ўсміхаючыся, спыталася:

— А якая ж у вас па гэтай градацыі мянушка?

— Дзяўчынка, — дурбуд, здаецца, узлаваўся, — гэтыя высокія званні трэба заслужыць, яны проста так не даюцца. Іншы чалавек так высільваецца, усё сваё жыццё, як кажуць, кладзе, каб атрымаць к старасці хоць бы Дурня Першай Ступені… А я, дзяўчынка, нават звычайнай дробязі — Проста Дурня — не заслужыў.

— А як усё ж вас клічуць? — дапытвалася Оя.

— У мяне грэблівая, абразлівая мянушка — Разумны. А гэта, каб вы ведалі, самае крыўднае слова ва ўсёй нашай дзяржаве. І самае небяспечнае — за яго нават караюць. Бо гэта мянушка злачынцы. Словам, як у вас: вораг народа.

Ён павярнуўся і, апусціўшы галаву, пайшоў са стадыёна. Ім нічога не заставалася, як падацца ўслед за Разумным.

Радзім яшчэ раз азірнуўся на катаў і ахвяр — цяпер ён ужо не адрозніваў іх, ведаючы, што любы кат становіцца ў свой час ахвяраю і наадварот, — убачыў, што шмат хто ўсё яшчэ лашчаць сродкі экзекуцыі, і шпарчэй рушыў да варот.

Дурбуд, мусіць, і праўда пакрыўдзіўся на Ою: ён ішоў вельмі хутка, не звяртаючы на іх увагі, адно толькі бубніў сабе пад нос, але што, Радзім не мог разабраць, бо гаварыў туземец вельмі ціха.

Калі яны выйшлі на нейкую плошчу, дурбуд спыніўся, пачакаў, каб яны параўняліся з ім, а тады звярнуўся зноў жа да Оі:

— Дзяўчынка, я хачу табе паказаць, чым звычайна заканчваецца жыццёвая дарога для тых, хто не выслужыўся нават да Дурня Трэцяй Ступені.

Плошча была шырокая, прасторная. Пасярод яе ўжо стаяў якійсьці размаіты, нібы зводны, аркестр. Такія на зямлі звычайна іграюць на пахаваннях, — мусіць, і тут чакалася нейкае масавае мерапрыемства з музыкаю. Перад аркестрам узвышалася невялікая, зробленая, здаецца, назаўсёды, пляцоўка — хутчэй за ўсё для дырыжора. Яна была пакуль што пустая.

Народ паволі запаўняў плошчу. Бліжэй падышлі і яны. Неўзабаве сюды, аж да самага аркестра, пад'ехаў белы лімузін, з яго выйшаў нейкі чалавек і падышоў да музыкаў. Радзім прыгледзеўся да яго, і яму здалося, што чалавека ён ужо недзе бачыў. Падумаў, ці не той гэта важны начальнік, які сустрэў іх з Ояй за гарою, а потым на такой жа самай белай машыне падвёз да палаца.

Радзіму памроілася, што і той уважліва разглядае яго, тужачыся ўспомніць, дзе бачыў, а таму, пацягнуўшы Ою за руку, паспяшаўся схавацца за спіны людзей.

Усе раптам заварушыліся, пачалі азірацца, загулі:

— Вядуць! Вядуць!

Азірнуліся і яны. Да ўзвышэння двое дужых малайцоў у нейкай уніформе, апранутыя, як блізняты, вялі босага, бледнага тварам чалавека. Бледната здавалася яшчэ большай ад чорнага, строгага, нібы дырыжорскага фрака, у які быў апрануты чалавек.

Хутчэй за ўсё гэта і ёсць дырыжор, але Радзіму было незразумела, чаму ён босы, навошта яго сілаю, пад прымусам вядуць на гэту плошчу, да гэтага аркестра. Дырыжор упіраўся, што было яшчэ болей дзіўным: чаму яго вядуць, а ён не хоча, не ідзе сам?

Нейкія людзі прынеслі аднекуль высокі шост, уторкнулі яго ў дзірку на пляцоўцы, зробленую, здаецца, якраз для гэтага. І адразу, падпіхнуўшы на ўзвышэнне, пачалі прывязваць дырыжора да шаста.

Навошта яны яго прывязваюць? Толькі паспеў так падумаць, як тут жа, нібы ён падслухоўваў Радзімавы думкі, над ім нагнуўся дурбуд і зашаптаў:

— Ты памыляешся, калі думаеш, што будзеш прысутнічаць на канцэрце. Так у нас караюць смерцю. Караюць музыкай. І гэта не дырыжор, як табе здаецца, а асуджаны.

Тым часам дурбуды прывязалі чалавека ў фраку да шаста і самі адышліся.

І тут жа грымнуў аркестр. Ён іграў жахліва, нязладжана, сумбурна. Гэта была не музыка, а суцэльная какафонія. Без плаўнасці, без гармоніі: гукі то натыкаліся адзін на аднаго, заміналі адзін аднаму, то раптам заціхалі і тут жа выбухалі нечаканым, не да месца грукатам. Гучалі габоі, флейты, гармонікі, бубны, скрынкі, трубы… Божа мой, у якім жа несуладдзі паядноўваліся яны!

Назіраючы за аркестрам, Радзім раптам зразумеў, што ім усё ж нехта дырыжыруе. Зірнуў у той бок, куды глядзелі і музыкі, і зніякавеў: кіраваў аркестрам і праўда чалавек у чорным фраку, прывязаны да шаста!

Ён нецярпліва пераступаў босымі нагамі па памосце, падскокваў, ліхаманкава махаў рукамі. А ўсе яго рухі, кожны ўзмах рукі і выгіб цела лавілі аркестранты і стараліся як мага дакладней перадаць гукамі.

— Чаго ён танцуе? — спытаўся Радзім.

— Дык пад нагамі ж бляха, а яна гарачая, — адказаў дурбурд.

Так яно і было на самой справе: ахвяра дырыжыравала аркестрам! Яна сутаргава курчылася ў канвульсіях, а аркестранты ігралі яе пакуты.

— І дакуль яны будуць іграць? — спытаўся Радзім.

— Да самага канца.

— Што гэта значыць — да канца?

— Да яго смерці. Паступова рухі цішэюць, слабеюць, а разам з імі цішэе і сціхае музыка. З апошнім уздыхам чалавека замаўкае і аркестр. Але ж дурбуды ёсць дурбуды! Яны тут жа грымнуць на ўсю моц — аж сцены задрыжаць у суседніх дамах — марш «Радуйся!»

— Хадзем! — раздражнёна сказаў Радзім і першы пайшоў прэч з гэтай плошчы.

— А ты ведаеш, куды трэба ісці? У які бок? — пацікавіўся дурбуд, які рушыў услед за ім.

Радзім нічога яму не адказаў.

На вуліцы, за плошчаю было ўжо шмат людзей і ўсе яны цяпер ішлі ў адным кірунку — вядома, шыбавалі на аэрадром. Дарогу яму паказваць ужо не трэба было, таму ён не чакаў, калі дурбуд абгоніць яго і стане паперадзе — сам ішоў разам з усімі.

Праз нейкі час дурбуд усё ж дагнаў яго.

— Ну, цяпер убачыў, як мы жывём? Зразумеў? — зазіраючы яму ў вочы, спытаўся ён.

Радзім і на гэты раз прамаўчаў. Размашыста ішоў сярод іншых і думаў якраз пра тое ж.

Дурбудзія яго здзівіла і ўразіла. І чым больш ён разумеў яе жыццё, тым страшней яму рабілася: краіна сама сябе знішчае! Ён здагадваўся, што яна, відаць, ідзе па тым жа самым згубным шляху, які прайшлі перад ёю Зэмія, Талямалія, Жалезны Хаос. Яны ж таксама хутчэй за ўсё былі некалі вось такія квітнеючыя, а ў што ператварылі іх дурні: голая зямля, шэрая пустыня, горы мёртвага жалеза, дзе жыць можна толькі пад зямлёю ці ў штучных аазісах…

Гэта ж трэба дадумацца — яны абражаюцца, злуюцца, калі іх назавуць разумнымі, і радуюцца, калі ім прысвояць, да прыкладу, вельмі пашаноўнае тут званне — Ідыёт Першай Ступені.

— Слухай, хлопча, не крыўдзіся, я сур'ёзна гавару, — не адставаў ад яго ні на крок Разумны. — Паколькі яны прызналі цябе за Пляшывага, можа, і праўда не адмаўляйся. Вазьмі ўладу ў свае рукі і ратуй Дурбудзію. Хаця табе і браць нічога не трэба — уладу ж на дзяржсавеце заўтра яны самі ўручаць.

— А потым вернецца сапраўдны Пляшывы… Што тады будзе?

— Анічога не будзе. Проста арыштуеш яго, у турму пасадзіш. Скажаш, што самазванец.

— А народ?

— Народ «дур-ра» табе будзе крычаць.

Яны ішлі ў натоўпе, які цяпер вельмі пагусцеў, і нікога не баючыся гаварылі пра такія небяспечныя справы. Але іхняй размовы ніхто не чуў. Людзі ішлі радасныя і шчаслівыя, узбуджаныя і задаволеныя, яны жылі прадчуваннем свята, і гэтае свята — сустрэча з прэзідэнтам — было ўжо зусім блізка, а таму яны ні на кога не звярталі ўвагі, смяяліся і ажыўлена гаварылі самі.

— А ты ведаеш, што Дурыс Першы-калматы, які цяпер ляйчыць намі, пра нас за мяжою гаворыць? Што Дурбуды нягоднікі, тупіцы, мярзотнікі, што мы сволачы, падлюкі, гультаі, што мы не ўмеем працаваць, што мы брудныя і нікчэмныя.

— За мяжою? Пра свой народ? — не паверыў сваім вушам Радзім. — Які ён ні ёсць, але ж гэта свой народ. І прэзідэнты звычайна хваляць і абараняюць сваіх землякоў.

— А наш — ненавідзіць. Яны ж, — Разумны махнуў вакол сябе рукамі, нібы стараючыся захапіць у гэты круг як найболей людзей, — бягуць, спяшаюцца, каб не спазніцца, каб у час сустрэць свайго дарагога, усенародна абранага прэзідэнта.

Цяпер ужо людзі не ішлі, яны беглі трушком — відаць, самалёт павінен быў хутка прызямліцца.

Радзім бег разам з усімі, побач з Разумным. За імі спяшалася Оя.

Цяпер ужо натоўп бег зусім хутка, як кажуць, з усіх ног, людзі былі яшчэ больш узбуджаныя і шчаслівыя. Нарэшце яны зноў убачаць свайго дарагога і любімага правадыра!

— Такую зямлю спаскудзілі, сволачы, — нібы сам сабе гаварыў Разумны. — Такую зямлю…

— Дарэчы, а чаму вы не змагаецеся супраць усяго гэтага глупства?

— Я не змагаюся? Хлопча ты мой дарагі, ды я ж з турмы не вылажу. І вось зараз я на волі толькі таму, што твар змяніў. Але гэта часова. Думкі — не твар, не зменіш. Мяне высачылі саксупы і ідуць па следзе. Хутка арыштуюць…

— Дык чаму вы не сцеражэцеся, а ідзяце якраз туды, дзе вас могуць арыштаваць. Там жа, дзе сустракаюць прэзідэнта, заўсёды шмат саксупаў.

— А навошта сцерагчыся? Усё роўна, што я адзін зраблю? А іх жа, — Разумны зноў махнуў вакол сябе рукою, — ніхто ніколі ні ў чым не пераканае. Бачыш, якія яны шчаслівыя?

Ён крыху памаўчаў. Бег нейкі час, нічога не гаворачы, адно толькі загадкава ўсміхаўся. Затым, падбегшы зусім блізка да Радзіма, пачаў гаварыць яму як не на самае вуха — так, каб не чула нават Оя:

— А ведаеш, што іх больш за ўсё раздражняе. Не тое, што я хачу скінуць прэзідэнта, а тое, што я сцвярджаю, што ўсе мы жывём на звычайнай седаўцы. І аром на седаўцы, і дрэвы садзім на ёй, і чыгункі па ёй пракладаем… І ўсё на седаўцы. Я ім кажу пра гэта, а яны не вераць. Злуюцца. Абураюцца. Як? Наша цудоўная, квітнеючая краіна — і ўсяго толькі седаўка?! Таксама разумнік знайшоўся! У турму яго, згнаіць! І гнояць. А мы як жылі на седаўцы, так і будзем жыць. Незалежна ад таго, у турме я ці не. Бо і турма ж на седаўцы стаіць. Гэта ашаламіла Радзіма.

— А адкуль вы яе ўзялі? Седаўку сваю?

— Што, і ты не верыш? — зласліва спытаўся Разумны.

— Як бы вам сказаць…

— Нічога мне не трэба гаварыць. Але сам ты неўзабаве пераканаешся, што я кажу праўду. Словам, бяры заўтра ўладу. Я табе буду дапамагаць.

Іх абагнаў белы лімузін. Відаць, экзекуцыя на плошчы ўжо закончылася.

Па ўсім адчувалася, што аэрадром зусім блізка…

Праз колькі часу яны праціснуліся праз шырока, гасцінна расчыненыя вароты і далучыліся да людзей, якія прыбеглі сюды раней за іх і задаволеныя, у нейкім нервовым нецярпенні пільна сачылі за небам, каб крый божа не прапусціць таго моманту, калі між светлых аблачынак з'явіцца маленькая крапка самалёта, якая ўсё будзе большаць і большаць, пакуль нарэшце не чыркне коламі па бетоннай паласе.

Людзі, асабліва нафарбаваныя дамачкі, нібыта ў экстазе, закочвалі вочы, шапталі: «Ой, ён зараз прыляціць! Ой, ён зараз вернецца!» — і аж дрыжалі ад напружання.

Таму не дзіўна, якое вар'яцтва пачалося тут, калі хтосьці першы ўбачыў самалёт, а калі той урэшце сеў, ніхто і нішто ўжо не змог стрымаць да слёз расчулены натоўп — ні ланцугі міліцыянераў і салдат, ні жалезныя загародкі. Людзі ўмомант змялі ўсё гэта і той жа час апынуліся на лётным полі — самалёт падрульваў ужо да натоўпу, і многія сустраканцы апынуліся пад яго крыламі.

Народ у нецярпенні збіўся ў кучу, людзі стаялі блізка адно да аднаго, а таму абслуга доўга ніяк не магла падаць трап — дурбудаўцы не расступаліся перад ім.

Калі трап усё ж падалі, калі адчыніліся дзверы, калі на прыступку з цёмнага чэрава самалёта ступіў сам Дурыс Першы, людзі нібы звар'яцелі. Яны скакалі, махалі рукамі, крычалі: «Няхай жыве!», «Хвала!», «Дур-р-ра!».

Прэзідэнт, магутны і плячысты, стаяў і самазадаволена ўсміхаўся.

Пышныя валасы, калматыя бровы, ламаны нос. Маленькія свінячыя вочкі. Тупыя-тупыя — як у асла.

Вецер матляе калашынне яго штаноў (дарэчы, пашытых з дзяржаўнага сцяга), а здаецца, што гэта трасуцца ногі — ці то ад страху, ці то ад якога захворвання. І сам ён таксама хістаецца.

— Прэзідэнт п'яны? — спытаўся Радзім.

— Ага, — адказаў Разумны, — і п'яны, і дурны. Дурыс Першы глядзеў на сваіх падданых нейкім невідушчым, замутнёным позіркам.

Пастаяўшы вось так — мусіць, для фотакарэспандэнтаў — ён пачаў паволі спускацца на зямлю. Па тым, як ён перастаўляў ногі, як махаў рукамі, як асцярожна ступаў на ніжэйшыя прыступкі, Радзіму да ўсяго яшчэ здалося, што гэта не жывы чалавек, а ўсяго толькі робат. Каб поўнасцю пераканацца ў гэтым, ён, распіхваючы тых, што стаялі перад ім, пачаў прабівацца да прэзідэнта. І ўсё ж дапяў да самага трапа, і калі Дурыс Першы спусціўся на самую ніжнюю прыступку, ён незаўважна для іншых дакрануўся рукою да яго рукі — яна была халодная-халодная — і кіпцюрамі калупнуў скуру. Скура лёгка ссунулася, і Радзім убачыў пад ёю не косць, а жалеза, начыненае нейкімі правадкамі. Божа мой, так і ёсць — гэта не чалавек, а робат, абцягнуты звычайнай чалавечай скурай! Яны ўсяго толькі выкарыстоўваюць, эскплуатуюць жывую скуру!

Прэзідэнт не адчуў нават ніякага болю, не звярнуў увагі на яго кіпцюры. Ён асцярожна злез з апошняй прыступкі і, нібы не заўважаючы працягнутую да яго руку чалавека з белага лімузіна, які ўжо таксама быў каля трапа, — паспеў, бачыце, і на пакаранне музыкаю і на сустрэчу прэзідэнта! — пайшоў уздоўж самалёта. Чалавек з лімузіна закрыў ужо адкрыты для прывітання рот, паплямкаў губамі, пацмокаў ротам, нібы глытаючы падрыхтаваныя словы, паправіў некалькі валасін на галаве, перакінуўшы іх праз лысіну, і незадаволена, сумеўшыся, апусціў руку.

А прэзідэнт тым часам абышоў самалёт, і неўзабаве з другога боку пачулася нешта падобнае на шум вады. Той жа час дальняе кола самалёта зрабілася мокрае і з-пад яго пацёк ручай.

Прэзідэнт вярнуўся і, як нічога і не здарылася, сам падаў чалавеку з белага лімузіна руку, патрос яе, нейкім сінтэтычным, невыразным, як усё роўна ў яго была ўстаўная сківіца, голасам адказаў на прывітанне таўстуна і зноў палез па трапе наверх.

— А ў яго і праўда ўстаўная сківіца. І не адна, а дзве, — апярэдзіўшы Радзімава пытанне, сказаў Разумны і дадаў: — Неяк прыязджаў з візітам да нас у Дурбудзію кароль з дальняга замежжа. Дык вось Дурыс Першы на працягу ўсяго візіту — а гасцяваў той тры дні — усё расказваў пра свае сківіцы: як іх ламалі, як устаўлялі…

Людзі тым часам аж вар'яцелі ад шчасця, людзі скандзіравалі:

— Хвала! Хвала! Хвала!

На верхняй прыступцы Дурыс Першы спыніўся, неяк вельмі штучна, па-старэчы, топчучыся на месцы, павярнуўся, абедзвюмя рукамі расправіў густыя-густыя, калматыя-калматыя бровы — дарэчы, Радзім успомніў, што якраз такія бровы былі ў аднаго з кіраўнікоў на зямлі,— і без усялякай падрыхтоўкі пракрычаў:

— Няхай жыве беспрацоўе!

— Дур-р-ра! — узрадавана зароў у адказ шматтысячны натоўп, быццам прэзідэнт сказаў людзям нейкую вельмі прыемную навіну.

— Далоў бясплатныя адукацыю, жыллё, медыцыну! — Дурыс Першы свае лозунгі выкрыкваў з цяжкасцю, быццам варочаў у роце цяжкія камяні.

— Дур-р-ра! — зноў разнеслася над лётным полем, і ўсчаліся раптам такія воплескі, якія заглушылі нават рэактыўныя рухавікі самалётаў, што збіраліся ўзлятаць.

— Мы павысім цэны! Мы зробім вас жабракамі! — прыкладаючы шмат намаганняў, хрыпеў Дурыс, а ў адказ — тыя ж воплескі, тое ж:

— Дур-р-ра!

Радзім слухаў і назіраў за ўсім, што робіцца, і ніяк не мог зразумець гэтых людзей: ці то яны і напраўду лічаць «вялікімі дасягненнямі» ўсё тое, што ім абяцае прэзідэнт, ці то яны на самой справе бачаць, што ім рыхтуецца, але няшчыра падтрымліваюць глупства, спадзеючыся такім чынам выжыць у гэтай калатнечы.

А ўрэшце яму здавалася, што людзі загіпнатызаваныя, таксама робаты і выконваюць яны ўсяго толькі загады нейкага схаванага гіпнатызёра. Нежывыя, яны, як добра змазаныя машыны, механічна працуюць і не скрыпяць.

Міжволі заўважыў, што бліжэйшыя дурбуды, крычучы «дур-р-ра!» і радасна пляскаючы ў далоні, насцярожана назіраюць за ім. Канечне, будзеш дзівіцца, калі ўсе аж заходзяцца ад радасці, весяляцца, смяюцца, а ён адзін сярод такога натоўпу стаіць і нічога не робіць.

— Пляскай хутчэй у далоні і крычы «дур-р-ра!» — адчуўшы небяспеку, зашаптаў яму Разумны. — А то зараз цябе будуць трэсці. У нас гэта робяць, каб вытрасці словы з тых, хто маўчыць падчас святочных урачыстасцяў.

Ён і сам зразумеў, што трэба было паводзіць сябе, як і ўсе. Але ўжо было позна. Да яго падышлі два дужыя малойцы, схапілі за ногі, лоўка, нават у такой цеснаце, перакулілі ўніз галавою і пачалі трэсці — хто яго ведае, можа, і напраўду верылі, што зараз з яго пасыплюцца словы.

Радзіму было кепска, непрыемна, галава матлялася, кроў прылівала да скроняў, а яны ўсё трэслі і трэслі.

Зразумеўшы, што саксупы не пакінуць у спакоі, пакуль не загаворыць, Радзім пачаў прарэзліва крычаць «дур-р-ра!» і малаціць у далоні.

І гэтага хапіла. Дужыя хлопцы адразу ж перасталі яго трэсці, гэтак жа лоўка, як і перакулілі, паставілі зноў на ногі, і задаволеныя, што так хораша выканалі работу, адышліся ўбок.

І тут жа аслупянелі. Нейкі час яны стаялі, вырачыўшы вочы, і не маглі вымавіць ніводнага слова. Радзім таксама глядзеў на іх, па інерцыі крычаў «дур-р-ра», але ніяк не мог зразумець што іх здзівіла.

А хлопцы, пастаяўшы крыху вось так, у разгубленасці, раптам схамянуліся і ў адзін голас закрычалі:

— Ён вярнуўся! Зірніце, ён вярнуўся!

Тады толькі Радзім здагадаўся, што здарылася. Ён памацаў, павадзіў рукою па валасах і аж сцяўся ад жаху: касніка на галаве не было…

Абодва малайцы, якія толькі што трэслі яго за ногі, падбеглі бліжэй і пачалі гладзіць рукамі па метцы — пальцы іхнія былі потныя, і Радзім адчуваў, як яны размазваюць па ілбе тое, што звалася мухаю ці пчалою і назаляла яму ў скафандры.

Завішчалі жанчыны, што стаялі непадалёку:

— Ён вярнуўся! Ой, Мечаны вярнуўся!

Яны таксама кінуліся да Радзіма і, адпіхваючы адна адну, лаўчыліся пацалаваць яго метку.

— Ён вярнуўся! — зараз ужо неслася з усіх бакоў.

Дурыс Першы ўсё яшчэ выкрыкваў свае дзівацкія лозунгі, але людзі ўжо не слухалі іх, а, павярнуўшыся ў той бок, дзе стаяў Радзім, падымаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, каб лепей разгледзець Мечанага, які, нарэшце, вярнуўся.

Мужчыны ўжо хацелі падхапіць яго на рукі, каб падкінуць угору, але жанчыны не аддавалі ім Радзіма, цалавалі і цалавалі ў метку.

Цяпер ужо ўся ўвага была не Дурысу Першаму, а яму, Радзіму. Оі, надзіва, ніхто не заўважаў — жанчыны, здаецца, прызналі яе за сваю.

Бледны ўвесь, вельмі занепакоены, напружаны, стаяў зводдаль Разумны, але блізка не падыходзіў,— ён, мусіць, адзін ведаў, чым усё гэта можа скончыцца.

— Ён вярнуўся! Ён вярнуўся! — аж вар'яцелі навокал яго дурбуды.

Тыя, што былі далей, узбіраліся на розныя ўзвышэнні, якія толькі трапляліся пад ногі, каб лепей бачыць сярод натоўпу яго, не вельмі высокага ростам. Некаторыя нават узлезлі на трап, як не да самога прэзідэнта, а іншыя дапялі да крыла самалёта — іх там сабралася ўжо шмат, а лезлі ўсё новыя і новыя — і адтуль выкрыквалі сваё: «Мечаны вярнуўся! Мечаны вярнуўся!»

І ўсё ж яго вырвалі з жаночых рук і падкінулі ў паветра.

— Дур-р-ра! — зароў, заенчыў натоўп.

І ў гэты час штосьці здарылася. Нешта затрашчала, нібыта ўдарылі аўтаматныя чэргі, нешта бухнула, быццам непадалёк разарваўся снарад, нешта зашчоўкала, як адзіночныя стрэлы.

Людзі спалохаліся, замоўклі, разгубіліся — яго злавілі ўжо як не ля самой зямлі і паспешліва паставілі на ногі. Нешта здарылася, і дурбудам было ўжо нават і не да Мечанага. Усе скіравалі позіркі ў бок прэзідэнта, але на прыступках таго не было відаць.

— Забілі! Замах! — закрычалі людзі. Прыгледзеўшыся лепей, Радзім убачыў адно толькі боты Дурыса Першага, што вытыркаліся з-пад людскіх цел — відаць, саксупы, пачуўшы стрэлы, таксама падумалі, што гэта замах, узброенае нападзенне на прэзідэнта, і, ужо асабліва не асцерагаючыся, бесцырымонна павалілі Калматага на прыступкі і самі пападалі зверху, прыкрываючы яго сабою.

Спачатку нават здалося, што ўсе яны мёртвыя, што менавіта па іх і стралялі тыя, хто нападаў. Але неўзабаве, калі саксупы, не чуючы новых стрэлаў і выбухаў, паволі пачалі варушыцца і ўставаць, стала зразумела, што ніхто ні на каго не нападаў, ніхто ні па кім не страляў.

Прэзідэнт жа ўсё яшчэ ляжаў на прыступках, як нежывы: хутчэй за ўсё целаахоўнікі, падаючы на яго, паадрывалі ўсе правадкі, і ён, абясточаны, не мог цяпер нават паварушыцца.

Радзім не адразу ўбачыў прычыну перапалоху, а як убачыў,— ледзь не рассмяяўся: гэта ж усяго толькі, не вытрымаўшы процьмы навіслых людзей, адламалася крыло самалёта і разам з імі грымнулася на зямлю, а ўсім здалося, што гэта страляюць.

Ён, расслабляючыся, выцер спацелы лоб рукавом сарочкі і з палёгкаю ўздыхнуў. Але тут жа сцяўся ад жаху: «Што ж я нарабіў!»

Убачыўшы, што з прэзідэнтам нічога не здарылася, што ім самім нічога не пагражае, людзі паварочваліся да Радзіма, гатовыя зноў падкідаць яго і крычаць сваё любімае «дур-р-ра!». І тут жа здзіўлена, нічога не разумеючы, спыняліся і глядзелі на Радзіма так, быццам яны ўпершыню бачаць яго: пляму ж, метку, падобную на Афрыку на зямных геаграфічных картах, ён толькі што выпадкова сцёр рукавом, а без яе хто ж прыме за Мечанага?!

Дурбуды ужо зусім падазрона прыглядаліся да яго.

— Пачакайце, пачакайце, тут штосьці не тое: быў мечаны, а цяпер меткі няма… — здзіўляліся яны, няпэўна разводзячы рукамі.

— Не, гэта не Пляшывы, — сумняваліся адны.

— Канечне, не Мечаны, — пагаджаліся з імі другія. Людзі доўга вывучалі яго, пакуль нейкі ўважлівы — ці не з саксупаў? — дурбуд не закрычаў як рэзаны:

— Гэта ж самазванец! Ілжэпляшывы! Карайма яго на месцы!

— Карайма! — зараўло лётнае поле. — Дур-р-ра!

Тым часам памочнікі прэзідэнта і саксупы зноў падключылі да датчыкаў правадкі, пашчоўкалі нейкімі тумблерамі,— гэта таксама гучала, як стрэлы, — але яны ўжо нікога не палохалі.

Праз колькі хвілін Дурыс Першы заварушыўся, ажыў і пачаў падымацца на ногі сам, яму толькі злёгку, падтрымліваючы пад пахі, дапамагалі целаахоўнікі.

Робат нарэшце выпрастаўся, патаптаўся на месцы, каб стаць зручней, каб не ўпасці, і ўжо, відаць, хацеў выкрыкнуць чарговы заклік, але ў гэты час па прыступках да яго паспешліва ўзбег нейкі маленькі жвавенькі дурбудзік, нешта зашаптаў яму на вуха, паказваючы раз-пораз у Радзімаў бок. Прэзідэнт слухаў яго, забаўляючыся са сваімі густымі, калматымі брывамі,— ён то падымаў іх, то апускаў, то гладзіў даланёю. Выслухаўшы ўсё, што яму нагаварыў дурбуд, прэзідэнт пачырванеў, напружыўся, надзьмуўся і злосна, качаючы ў роце словы — відаць, заміналі сківіцы, — закрычаў:

— На другое паўшар'е ілжэпляшывага! І Пляшывага, як зловім!

Радзім зразумеў, што гэта яго так пакаралі, але сэнсу пакарання пакуль што не ведаў.

Адразу ж праз натоўп, збегшы з прыступак, да яго кінуліся двое ахоўнікаў, заламалі яму рукі і, пракладаючы між людзей дарогу, некуды павялі.

Цяпер ужо ён заўважыў і трэцяга — той распіхваў перад імі людзей, — а да гэтага саксуп, як высветлілася, непрыкметна стаяў побач і, канечне ж, сачыў за ім, чакаючы, у які бок усё павернецца: калі гэта і праўда Пляшывы, ён будзе яго ахоўваць, калі ж самазванец — дапаможа затрымаць.

Саксупы падвялі Радзіма да прыгожай белай машыны, вельмі ж падобнай да ўжо знаёмага яму дзяржаўнага лімузіна — нават падумалася, што тут на ўсю краіну толькі адзін вось гэты аўтамабіль. За рулём сядзеў, здаецца, той жа самы шафёр. Радзім, садзячыся ў машыну, ніякавата ўсміхнуўся яму — вось як, маўляў, бывае. А той у адказ падбадзёрваюча падміргнуў яму — маўляў, нічога, трымайся…

— Да вісячага моста! — грозна скамандаваў шафёру адзін з саксупаў, і той, нібы спалохаўшыся, рэзка рвануў машыну з месца. Па тым, як шафёр слухаўся іх, нічога не пярэчыў і ні пра што не распытваў, Радзім здагадаўся, што да вісячага моста вязуць яго высокія саксупаўскія шышкі.

Ехалі доўга і цяжка — нібыта па якой дрыгве. Машына зыбалася па дарозе, увесь час гонячы перад сабою, моршчачы, нібы хвалю, зямлю.

А дзень усё не канчаўся. «Які ж ён вялікі ў Дурбудзіі!» — падумаў Радзім. Усё стаяла, здавалася, на адным месцы сонца, усё свяціла і свяціла, ярка і чырвона. Ужо нават з'явілася думка, што яно тут ніколі не заходзіць.

Ехалі моўчкі. Маўчалі саксупы, паміж якімі ён сядзеў на заднім сядзенні, маўчаў і, ужо здавалася б, знаёмы шафёр — хутчэй за ўсё баяўся перад ахоўнікамі паказаць сваю ўвагу да самазванца.

Саксупы тым часам рыхтавалі нейкае пісьмо. Штосьці напісалі на шматку паперы, паклалі ў канверт, заклеілі.

А дарога ўсё не канчалася. Што ехаць яшчэ доўга, Радзім зразумеў, калі шафёр, перакінуўшыся колькімі словамі з саксупамі, з'ехаў на ўзбочыну, ад'ехаўся да невялікага ляска нейкіх незразумелых дрэў — лісцё ў іх пачыналася ад самай зямлі, ад самых каранёў,— спыніў машыну і адразу ж, паклаўшы галаву на рукі, што былі на рулі, заснуў. Захраплі з абодвух бакоў і саксупы.

Яму ж спаць чамусьці не хацелася. Ад няма чаго рабіць ён разглядаў дзівосныя дрэвы, у якіх не было ствалоў,— лісты, як кактусы, прымацоўваліся адзін да аднаго, і таму дзіўна было бачыць, што яны не згінаюцца, не звісаюць, а роўна, старчаком шугаюць угору.

Абводзіў вачыма далёкія краявіды, спрабаваў зблізку разгледзець мятлушак, якія ляталі перад самым шклом, але шкло было матавае, а таму праз яго нічога асабліва не ўдавалася разгледзець.

Ахоўнікі спалі моцна. Радзім падумаў, што яны хутчэй за ўсё не прачнуліся б, калі б ён паспрабаваў уцячы, але тут жа горка сам сабе ўсміхнуўся: а што будзеш рабіць, уцёкшы? Куды пойдзеш і чаго возьмешся шукаць?

Ою! Яна ж асталася адна сярод дурбудаў. На што ёй спадзявацца, як жыць паміж сапраўдных Ідыётаў Ідыётавічаў? Яна ж там такая адзінокая і бездапаможная.

Калі б не гэтыя думкі пра Ою, з якою яго разлучылі, калі б не клопат пра тое, як яна там адна, Радзім хутчэй за ўсё ўзрадаваўся б: то ж добра, што ён не будзе ўрэшце бачыць гэтай Дурбудзіі, гэтага абсурду, гэтых Дурняў Розных Ступеняў, якія здзекуюцца самі з сябе.

«А ты думаеш там, на Другім Паўшар'і, табе будзе лепей? Калі туды ссылаюць, то там, мусіць, ой як няхораша… — рыхтаваў ён сябе да самага горшага, але тут жа наноў злаваўся: — А няхай сабе і горай! Абы гэтых ёлупняў не бачыць!»

Заварушыліся саксупы. Прачнуліся самі і, паказваючы адзін аднаму на гадзіннікі, пачалі тармасіць і шафёра.

— Паехалі! — як толькі ён працёр вочы, строга загадалі ахоўцы, і шафёр, яшчэ пазяхаючы, паспешліва націснуў на газ, і машына рванулася з месца.

Куды яны едуць, як выглядае тое Другое Паўшар'е, ён, канечне ж, не ведаў і таму абыякава назіраў за ўсім, чакаючы, калі яго прывязуць куды трэба.

На месца прыехалі, як сонца было ўжо на захадзе. Ён здагадаўся, што дарога скончылася, калі машына спынілася ля нейкай вялікай упадзіны, ля самага адхоннага краю, калі з яе выйшлі саксупы і, размінаючы зацёклыя ад доўгага сядзення ногі і рукі, падышлі да нізіны, паглядзелі ўніз, зазірнулі ў будачку, што стаяла пры беразе, але нікога там не знайшлі, яна была парожняя.

Пачалі шчоўкаць рознымі тумблерамі, пакуль нарэшце нешта не залязгатала, заскрыгатала, забразгала, і з-пад будкі ў бок абрыву пасунулася раптам заржавелая жалезная лесвіца. Калі яна навісла над лагчынаю, саксупы спынілі механізм. Падышлі да машыны, паказалі, што трэба выходзіць. Радзім выйшаў і разам з ахоўнікамі падышоў да краю. Ахоўнікі сталі на лесвіцу, паставілі Радзіма між сабою, а шафёру паказалі рукамі, каб заняў іхняе месца ў будцы.

Праз хвіліну лесвіца зноў зарыпела, заскрыгатала і, паволі высоўваючыся, везла іх усё далей і далей ад берага. Хутка зменшыліся і сам бераг і машына, што засталася на ім, а лесвіца ўсё даўжэла і даўжэла. Зямля пад імі ўсё далела, правальвалася і правальвалася, а таму, стоячы на лесвіцы, амаль не маючы нічога пад рукамі, за што можна трымацца, боязна было глядзець уніз.

Нарэшце лесвіца падсунулася пад нейкі масток, што немаведама як і вісеў у паветры, — гэта потым ужо Радзім разбярэцца, што ён трымаецца на доўгім і тонкім стрыжні, замацаваным глыбока ў прорве.

Саксупы пераскочылі з лесвіцы на пляцоўку, махнулі рукамі на бераг, і там, хоць гэта было і далёка, шафёр убачыў іх і зразумеў — лесвіца адразу спынілася.

Адзін саксуп паказаў Радзіму на вераўчаную лесвіцу, якая пачыналася ад самай пляцоўкі і, прагінаючыся, цягнулася далёка-далёка, аж за небасхіл:

— Гэта адзіная дарога на Другое Паўшар'е. Іншых шляхоў туды няма.

І, апусціўшы вочы, відаць, крыху няёмячыся, дадаў:

— І як бы табе, чужаземец, не было балюча такое пачуць, я мушу ўсё ж сказаць: туды пакуль ніхто не даходзіў. І ніхто адтуль не вяртаўся.

Божа, чаму лёс такі не ласкавы да яго?! Толькі і чуеш: адтуль ніхто не вяртаўся, туды ніхто не даходзіў… А ён дойдзе! І вернецца! Так, як і з Жалезнага Хаосу вярнуўся. Чакай, чакай, а куды вернецца? У Дурбудзію?

Радзімавы разважанні перапыніў другі дурбуд:

— А калі табе ўсё ж удасца дайсці да Другога Паўшар'я, вось твае дакументы, — і падаў паперы, якія яны рыхтавалі яшчэ ў машыне.

— Тут усё напісана, — дадаў другі ахоўнік.

Радзім узяў у рукі канверт і рассеяна паклаў яго ў кішэню.

Ахоўнікі з двух бакоў, падбадзёрваючы, паляпалі яго па плячах, асцярожна сышлі на жалезную лесвіцу — тая аж прагнулася пад імі, завагалася — і пачалі махаць рукамі. Але на беразе — ці то гэтага не заўважаў шафёр, ці то там штосьці ў яго не атрымлівалася — лесвіца не скрыгатала і не рухалася, стаяла на месцы. Саксупы яшчэ ажыўленей пачалі махаць рукамі, пачалі нервавацца, аднак ад гэтага нічога не мянялася: шафёр, які быў у будцы, мусіць, і праўда не мог даць рады машыне.

Ахоўнікі штосьці спалохана крычалі яму, злаваліся, паказвалі — Радзім нават бачыў жах у іхніх вачах, — але лесвіца не рухалася. Іх неспакой і хваляванне перадаліся нават Радзіму, і цяпер ужо і ён перажываў, што лесвіца стаіць на месцы, з нецярпеннем чакаў, калі яна ўрэшце скранецца, быццам і сам збіраўся ехаць на бераг.

І таму з палёгкаю ўздыхнуў, калі яна раптам зарыпела і паволі пачала аддаляцца ад мастка. А потым, калі ўбачыў, як усё большае і большае бездань паміж лесвіцай і ім, яго аж скаланула, сэрца сціснулася ад адчаю і невядомасці: дык ты, дурань, радуешся, што яны ад'язджаюць, што пакідаюць цябе аднаго, падвешанага, нібы ў кашы якога аэрастата, над зямлёю, над пустатою?! І чым далей будка ўцягвала пад сябе лесвіцу, тым усё трывожней рабілася яму.

Калі ж саксупы саскочылі на бераг, калі з будкі выйшаў шафёр, пэўна, адключыўшы лесвіцу, калі ўсе яны селі ў машыну і тая ў адзін момант схавалася за пагоркам, яго агарнуў сапраўдны жах: адзін сярод усіх гэтых гор і пагоркаў, адзін над такою безданню.

Назад, да берага, адкуль прывезлі яго, дарогі няма, а наперадзе матляецца пад лёгкім ветрам вераўчаная лесвіца, доўгая і, здаецца, бясконцая, — вока не бачыць канца ёй, яна губляецца ў нейкім мройлівым засціле каля самага небасхілу.

На Другім Паўшар'і

Радзім пастаяў, з тугою паглядзеў у той бок, куды паехала машына з дурбудамі — усё ж, дзе ты хоць троху пажыў, туды цябе і цягне, — а потым павярнуўся і яшчэ з большым сумам доўга ўглядаўся ў лесвіцу, па якой яму, хочаш ці не хочаш, а давядзецца ісці.

Цяпер ён ужо дакараў сябе, што так неразумна распарадзіўся сваім лёсам. Жыццё ж у самыя рукі клала яму ўдачу, а ён, дзівак, адмовіўся ад яе: ну чаму б яму і напраўду не ўзяць у свае рукі ўсю ўладу ў Дурбудзіі?! Маляваў бы сабе кожную раніцу Афрыку на ілбе, нанач бы сціраў яе і паціху б правіў гэтаю краінаю — выконваў бы ролю таго, невядомага яму Пляшывага, які нарабіў тут столькі бяды.

Але ж ён бы гэтую ролю выконваў па-іншаму, па-свойму — можа б, і пераканаў дурбудаў, што жыць трэба не так, як яны жылі да гэтага. Можа б, яны і паверылі, што Дурань Любой Ступені — горш за любога Разумнага без ступеняў. Але ж зараз позна — што пасля бойкі кулакамі махаць! Яго ж выкрылі, пакаралі Другім Паўшар'ем — і цяпер ужо нічога не вернеш.

Сеў на дошкі, пасядзеў крыху, звесіўшы ногі ў самую бездань. Але неўзабаве ўстаў — сядзець было страшна, няўтульна: масток хістаўся разам са стрыжнем і бездань цягнула да сябе. Зноў пастаяў, абапершыся на парэнчу. Аднак ступаць на хісткую вераўчаную лесвіцу не спяшаўся — там, на Другім Паўшар'і, яго ніхто не чакаў.

І ўсё ж адцягвай ці не адцягвай, марудзь ці не марудзь, а ісці па гэтай лесвіцы ўсё роўна давядзецца. І ён махнуў рукою — маўляў, раней пойдзеш, раней прыйдзеш, якая розніца куды: калі трэба ісці, значыць, трэба. І ён ступіў на першую прыступку.

Лесвіца захісталася, але не вельмі каб моцна, і ён, трымаючыся за вераўчаную страхоўку, смялей зрабіў другі крок. Тут, прымацаваная да вышкі, лесвіца здалася зусім устойліваю. Але далей, калі ён трохі адышоўся ад мастка, яна пачала больш гайдацца, і яму даводзілася ўважлівей сачыць за сваімі крокамі, каб не сарвацца, каб дакладна патрапіць нагою на чарговую прыступку. Пад ягоным цяжарам лесвіца ўсё больш і больш прагіналася, і ён адчуваў сябе канатаходцам, хоць замест туга нацягнутага дроту пад нагамі ў яго была ўсяго толькі рухомая лесвіца. Але ж прорва пад ім была сапраўдная, і яна, канечне, была глыбейшая, чым пад самым смелым цыркавым рызыкантам.

Калі ён далекавата адышоўся ад вышкі, лесвіца так разгайдалася, што нельга было зрабіць нават кроку. Давялося яму спыніцца і чакаць, калі гайданка супакоіцца.

Цяпер ужо ісці было ўсё цяжэй і цяжэй. Зробіш колькі крокаў — лесвіца за гэты час паспявае так разгайдацца, што мусіш спыняцца і чакаць.

Замінала і сонца. Яно заходзіла якраз там, куды вяла лесвіца, і яго зыркія, калючыя промні сляпілі вочы. Ён часам заплюшчваў павекі і ставіў ногі навобмацак. Ведаў, што гэта рызыкоўна, але ўсё ж, нібы насуперак камусьці, зухаваў.

Радзім і не заўважыў, як аступіўся. Апамятаўся толькі тады, калі зразумеў, што, зачапіўшыся адною рукою за вераўчаную прыступку, ужо вісіць над безданню.

Ногі яго матляліся, раскалыхваючы яшчэ болей і так ужо разгайданую лесвіцу. Сонца і зараз рэзка свяціла ў вочы, не даючы іх адплюшчыць.

Радзім крыху падцягнуўся, намацаў другою рукою вяроўку і моцна ўчапіўся за яе. Паспрабаваў разгайдаць ногі, каб зачапіцца і імі за лесвіцу. Але ад гайдання лесвіца прыйшла ў такі рух, што стала боязна, каб яна не сарвалася ўвогуле.

Калі вяроўка супакоілася, ён паступова пачаў падымаць угору ногі, каб, як некалі залязаў на турнік, узабрацца цяпер на яе.

Яму здалося, што перад вачыма штосьці мільганула, і ён, усё ж зачапіўшыся за вяроўку, адплюшчыў павекі і ўбачыў, што ў цясніну надае нешта белае, шматок нейкай паперыны. Адразу здагадаўся: гэта пісьмо, якое далі яму саксупы і якое Радзім паклаў у кішэню штаноў. Яно выслізнула, калі ён падымаў ногі. Сочачы за пісьмом, хлопец расслабіўся, і нага, што ўжо наском трымалася за вяроўку, скаўзанулася з яе, і Радзім зноў павіс над безданню толькі на адных руках.

Пісьмо ўсё яшчэ падала ў цясніну. Яно пераварочвалася з боку на бок, кулялася, пырхала, а то і, як адарваны асенні ліст, кружылася над прадоннем. Толькі зараз да яго дайшло, якая пад ім глыбіня, калі пісьмо ляціць ужо колькі часу і ўсё ніяк не можа ўпасці на зямлю. Папера, вядома, планіруе марудна, але, мусіць, і чалавеку хопіць часу, каб некалькі разоў памерці ад жуду, пакуль не ўпадзе на дол.

Дасюль ён усё рабіў спакойна, без страху, і толькі зараз, міжволі зірнуўшы ў прадонне, адчуў, як пачалі слабець рукі, як яму зрабілася млосна, як закружылася галава. Адразу ж падняў угору вочы, каб не бачыць прадоння. Баяўся, што, калі не адвядзе іх ад глыбіні, абавязкова ўпадзе: не вытрымаюць рукі.

Агледзеўшыся, здівіўся: сонца, хоць яно, як і раней, усё яшчэ свяціла, але не сляпіла ўжо, як засланіў хто. На яркі дыск нібы найшла нейкая светлая хмарка. І гэтая хмарка стаяла не каля сонца, а была зусім блізка, побач з ім, над ім.

Той жа момант яна спусцілася яшчэ ніжэй, падплыла пад яго і, як дэльфін, выштурхнула на вяроўкі. І не паспеў Радзім асвойтацца, як хмарка зноў пачала здаляцца ў бок сонца. Яна плыла па лесвіцы, нібы ішла па ёй.

Не ведае, ці гэта было напраўду, ці гэта яму толькі здалося, уявілася, але ж ён і на самой справе ўжо стаяў на лесвіцы. Радзім не паспеў разгледзець аблачынку, аднак быў перакананы, што памагала яму Юля…

Ага, канечне ж, гэта была Юля. А правільней, не яна сама, а толькі яе энергетычны ці духоўны прывід. Хутчэй за ўсё Юля і праўда ўвесь час прысутнічае побач, назірае за ім, сочыць, але сустрэцца і пагаварыць яны ніяк не могуць, бо і на самой справе, як сцвярджае Оя, знаходзяцца ў розных вымярэннях.

Калі воблачка, нарэшце, знікла, нібы растварылася на небасхіле, ён сеў на вяроўкі і, трымаючыся дрыжачымі рукамі за страхоўку, глядзеў у той бок, куды яно паплыло.

Уявіў, што з ім адбылося, задумаўся, і яму стала няёмка, сорамна: Радзім зусім забыўся на Юлю і ўжо не шукаў яе! Цяпер ён сумаваў толькі па Оі, пра яе думаў, хацеў бачыць яе…

Але Юля шукала яго! І яму ўжо не хацелася, каб яна знікала. Шлях перад ім ляжаў доўгі і цяжкі, і таму як бы было добра, каб хоць хто-небудзь быў побач, хай сабе і ў выглядзе вось такога воблачка.

Усё ж страшна вісець, гушкацца на гэтай няўстойлівай лесвіцы, высока-высока над бяздоннаю прорваю, начыста адарваным ад зямлі і разумець, што ты тут зараз адзін на ўсю прастору і на ўвесь час, і калі з табою, крый божа, што-небудзь здарыцца, ніхто пра гэта не ўведае і ніхто не кінецца шукаць.

Радзім стараўся не глядзець уніз. Але прорва міжволі цягнула, вабіла, змушала, і ён не-не ды і скошваў вочы туды.

Пасля здарэння, калі Радзім ледзь не зваліўся ў прадонне, у яго ўсё яшчэ трымцелі рукі. Толькі цяпер ён пачынаў разумець, што магло здарыцца, і чаму яго папярэджвалі ахоўнікі. Маўляў, яшчэ ніхто не даходзіў да Другога Паўшар'я: вельмі ж хісткаю была гэтая дарога пакараных.

Зноў закружылася галава, і ён ніцма лёг на лесвіцу — баяўся зваліцца. Паляжаў, пакуль прайшла млявасць, а тады паступова пачаў адплюшчваць вочы. Хоць зараз ляжалася крыху надзейней, але ўсё ж глядзець уніз было страшна. Тым не менш ён, перасільваючы страх, разглядаў прадонне.

Яно было глыбокае-глыбокае. Да яго адхонна спускаўся левы бераг, каб неўзабаве зусім праваліцца стромаю цяснінаю, пакрытаю густым хмызняком, з-за якога нічога не відаць, — а што там на самым дне, а пасля зноў гэтак жа адхонна падымацца правым берагам, які ўзвышаўся, сягаў аж да самага небасхілу. Якраз туды, куды яму трэба ісці.

Вісячая лесвіца пад ім прагнулася, ён гайдаўся цяпер паміж двума гэтымі берагамі і думаў, што далей ісці будзе не так проста, як дасюль. Раней ён, не баючыся асабліва, ступаў на вераўчаныя прыступкі, а зараз увесь час давядзецца трывожыцца, што з іх можна сарвацца. Ды і глыбіня ж тут не такая, як на самым пачатку, ля самага берага…

Паляжаў яшчэ крыху нерухома, а пасля ўсё ж змушаны быў варушыцца, каб рухацца далей — знізу паддзьмувала нейкім смуродам, і яму хацелася хутчэй перайсці гэтую мясціну.

Паспрабаваў сунуцца не ўстаючы, паўзком. Але гэта было вельмі нязручна: вяроўкі мяліся, камячыліся, ногі блыталіся ў іх, рукі абапіраліся на прыступкі няўпэўнена, лесвіца раскалыхвалася яшчэ больш. Давялося падняцца на ногі і, не гледзячы ўніз, стараючыся не думаць пра тое, што пад ім, моцна трымаючыся за вераўчаную парэнчу, паволі, не спяшаючыся, кіравацца наперад.

Наперадзе смуродзіла яшчэ больш. Мусіць, унізе было нейкае гнілое балота, выпарэнні ад якога ўзнімаліся так высока. Ён час ад часу заціскаў нос, але ненадоўга. Дыхаць жа ўсё роўна трэба, а з заціснутым носам доўга не набудзешся, не надыхаешся.

Радзім быў якраз над самаю ўпадзінаю, калі смурод раптам знік начыста: ці то хлопец мінуў тую гнілую мясціну, ці то, можа, перамяніў свой напрамак вецер…

Сонца ўсё яшчэ сляпіла вочы. Але неўзабаве апошні промень слізгануў па твары, успыхнуў ярка-ярка, нібы ўзарваўся, і знік за небасхілам.

І адразу ж зрабілася цёмна — хоць ты вока выкалі. Не было ніякага шэрага вечара, адразу яго ахінула чорная ноч.

Па інерцыі паспрабаваў яшчэ ісці, але не змог намацаць наступнай прыступкі — так стала цёмна. Ён зразумеў, што давядзецца спыніцца і начаваць менавіта тут, на лесвіцы. Калі ледзь не ступіў міма прыступкі, сеў на тым месцы, дзе стаяў, і пачаў масціцца нанач. Масціцца асабліва не было як, ён проста лёг пасярэдзіне, каб вяроўкі трапілі пад галаву, пад спіну, пад ногі. Дастаў са штаноў шырокую папругу і прывязаўся ёю да лесвіцы, каб не зваліцца спрасоння, калі раптам на такой вышыні пачне круціцца.

Ляжаў з адплюшчанымі вачамі, але сон не ішоў. Дзіўна, гэта ж ён ужо столькі не спаў, і павінен быў адразу адключыцца, як толькі прылёг, аднак сну не было ні ў адным воку. Дзівак, пра які сон можна гаварыць, калі за гэты час на яго звалілася столькі эмоцый, узрушэнняў і на Жалезным Хаосе, і ў Дурбудзіі, і вось зараз, на вісячым мосце?

І ўсё ж змогшыся, ён задрамаў. І той жа час прахапіўся. Яму здалося, што драмаў не болей хвіліны. Нешта разбудзіла яго, насцярожыла, як усё роўна якую небяспеку адчуваў ён у сне.

Наструніўся, сцішана прыслухаўся. Лесвіца мерна пагойдвалася. Спачатку падумаў, што гэта памацнеў вецер, але тут жа запярэчыў сабе: не, вецер тут ні пры чым.

Па лесвіцы нехта ішоў! Яна гайдалася ў такт чыіхсьці крокаў! Ішоў нехта з Дурбудзіі, і ішоў якраз у яго бок.

Радзім сцяўся і пачаў чакаць. Уцякаць жа няма куды!

Па тым, як упэўнена чалавек ішоў па лесвіцы, ён зразумеў, што той, хто набліжаецца, добра бачыць і ў цемры. Калі гайданне зрабілася зусім моцным, хлопец скеміў, што невідомы зусім побач. Яму стала вусцішна, боязна, і ён зашэрхлым ад страху голасам спытаўся:

— Хто тут?

Лесвіца заторгалася яшчэ мацней, яго аж падкідала разам з ёю ўгору. Радзім здагадаўся, што незнаёмец бяжыць сюды. Паспешліва ссунуўшы папругу сабе на ногі, ён сеў і падрыхтаваўся да бойкі, калі той, хто бяжыць, раптам уздумае нападаць. Невідомы, гэпнуўшыся яму на калені, прытуліўся і ласкавым голасам выдыхнуў:

— Радзімачка!

Оя абдымала яго, гладзіла па валасах, цалавала ў шчокі і вусны, плакала, твар яе быў мокры ад слёз. Яна ўсё паўтарала і паўтарала:

— Я па табе так засумавала, так засумавала…

А лесвіца ўсё яшчэ гайдалася, па ёй і цяпер хтосьці ішоў. Радзім, прыслухаўшыся, спытаў у Оі:

— Хто там яшчэ?

— Дык гэта ж дурбуд, наш сябра.

І, не зважаючы на тое, што дурбуд набліжаўся, утрапёна лашчыла і лашчыла Радзіма. Хлопец чакаў, што вось-вось з'явіцца знаёмае воблачка, стане між імі і пачне распіхваць у бакі, але белай хмурынкі не было: відаць, Юля стамілася ратаваць яго…

Над імі ўжо стаяў Разумны. Радзім не столькі ўбачыў, як адчуў гэта.

— Здароў! — проста і звыкла павітаўся ён, хоць яны сёння ж, зусім нядаўна, развіталіся.

— Вітаю! — радасна азваўся Радзім і спытаўся: — А як вы апынуліся тут?

— Адчулі, што табе сумна аднаму, і прыйшлі.

— Не, я сур'ёзна пытаюся…

Оя ўжо здымала з яго ног папругу і, нібы не пачуўшы Радзімавага пытання, сакатала сваё:

— А хто ж гэта цябе прывязаў да лесвіцы? Сам? Няўжо сам? А навошта?

— Каб не зваліцца.

— Хіба можна адсюль зваліцца? — здзівілася дзяўчына і пачала танцаваць на лесвіцы.

Вяроўкі зыбаліся, трэсліся, падкідалі яго, і ён, учапіўшыся рукамі за поручань, закрычаў:

— Што ты робіш?!

— Нічога, — Оя перастала танцаваць. — Проста я рада, што зноў з табою.

— І я таксама. Але як вы ўсё ж апынуліся тут? Адказаў дурбуд:

— Як цябе арыштавалі і павялі, Оя кінулася да патлатага, а саксупы думалі, што яна зноў хоча адключыць у ім правадкі, і заламалі ёй рукі.

— Яны правільна думалі: гэтага я і хацела.

— А сам ты як сюды трапіў? — спытаўся Радзім у дурбуда.

— Я пабег выручаць Ою…

Хлопец хацеў прапанаваць усім адпачыць, прылегчы на лесвіцу і паспаць да раніцы, але раптам у вока кальнуўся першы промень сонца, і праз нейкую хвіліну яно асвятліла, радасна і святочна паружавіла ўсё навокал: прадонні і схілы гор, іхнія твары і вяроўкі, на якіх стаялі выгнаннікі…

Можа, ад ранішняга сонца, а можа, ад таго, што побач былі людзі, з якімі можна было перакінуцца словам, на Радзіма найшло раптам ціхае замілаванне, светлае супакаенне, і ён, забыўшыся, дзе стаіць і куды яму трэба ісці, расчулена прамовіў:

— Як прыгожа!

У Разумнага ж быў іншы настрой. Ён зацята, хмурна глядзеў уніз і нібы сам сабе, моршчачыся, гаварыў:

— Я ім кажу, а яны не вераць. Колькі ні тлумачу, хоць бы што. А і праўда ж, мы жывём на седаўцы. Вунь, зірні, злева, адкуль прыйшлі мы, адна палавінка, а справа, куды ідзём, — другая. Два паўшар'і, як кажуць мае суайчыннікі…

Радзім зірнуў уніз і, здаецца, сам напраўду зразумеў тое, пра што гаварыў дурбуд.

— Бачыш? — дапытваўся Разумны. — Седаўка! А яны мяне за гэта ў турмах гнояць.

— Не толькі за гэта, — запярэчыў яму Радзім. — Ты ж заадно яшчэ хочаш і законны ўрад зваліць.

— Які ён законны! — зазлаваў дурбуд. — Ты ведаеш, як Дурыс Першы прыйшоў да ўлады? Пляшывы на паўдня некуды ад'ехаўся, а ён сам сябе прывёз сюды, сам сабе нейкі Важны Савет стварыў і сам сябе кіраваць ім прызначыў. Дэмакратыя, кажа…

— Не можа быць! — здзівілася Оя.

— Можа, дзяўчынка, можа! У Дурбудзіі не такое здараецца, — Разумны задумаўся, памаўчаў, а тады загаварыў зноў: — А сам Пляшывы як кіраўнічае стырно выхапіў? Прывёз моцнай самагонкі, напаіў свайго сябра, тагачаснага прэзідэнта, а пасля п'янага ў міліцыю здаў. Той, ужо зняслаўлены, потым і не спрабаваў вяртаць сабе ўладу… Таму і табою лёгка было замяніць калматага. Я на цябе так спадзяваўся… А ты кажаш…

— Нічога я не кажу, — адказаў Радзім. — Ведаю толькі, што трэба, мусіць, ісці нам… А то стаім і мітынгуем…

— А куды спяшацца? Там жа нас ніхто не чакае. Нажывёмся яшчэ, нагаруемся… Ой, нагаруемся…

— Хіба там горш, чым у Дурбудзіі?

— Канечне, горш. Ссылка на Другое Паўшар'е — самае страшнае для мужчын пакаранне.

— Чаму?

— Таму што там мужчыны — гэта жанчыны, а жанчыны — мужчыны. І кіруюць усім жанчыны. Зразумеў?

Пакуль што ён нічога не зразумеў. А Оя ўхапілася за апошнія словы дурбуда:

— Дык гэта ж добра. Я вазьму вас абодвух да сябе ў гарэм.

— Не смейся, дзяўчынка, — строга зірнуў на яе дурбуд. — Так яно і на самой справе будзе. Цябе адразу могуць выбраць каралеваю.

— Тады я яшчэ лепей змагу вас абараніць. Так што смялей наперад! — падпіхнула яна ў плечы Радзіма.

Гэтак яны і пайшлі — наперадзе Радзім, пасярод Оя, а замыкаў іхнюю тройку Разумны, настрой якога ўсё падаў і падаў — ён станавіўся вельмі з'едлівым, злым, невыносным.

Ою ж, відаць, напраўду зацікавіла Другое Паўшар'е — яна спяшалася, яна як не бегла, падганяючы і яго, каб хутчэй убачыць той нечаканы рай для жанчын, дзе яны кіруюць мужчынамі.

Сонца цяпер не замінала ісці — узышло яно з другога боку і свяціла ім якраз у спіны.

Утраіх яны яшчэ болей расхіствалі вераўчаную лесвіцу, яна часам гайдалася зусім небяспечна — даводзілася прыстойваць і чакаць, калі супакоіцца.

Да таго ж памацнеў бакавы вецер, ён разгойдваў лесвіцу нават тады, калі яны спыняліся адпачыць. Неўзабаве скавыш стаў зусім моцны, і ім ужо даводзілася шмат прыкладаць намаганняў, каб утрымацца, каб ён не садзьмуў іх з лесвіцы.

Ою, як самую лёгкую, яны ўзялі з двух бакоў за рукі і моцна трымалі ля сябе, але вецер усё ж падняў яе ў паветра, і яна, хоць і трымаючыся за іхнія рукі, вісела па-за лесвіцаю, над прадоннем, і плацейка як не зрывалася з яе і трывожна, быццам напалоханая птушка, білася ў паветраных струменях.

Ён моцна трымаў дзяўчыну за руку, але зірнуўшы у Оіны вочы убачыў, што ў іх няма ніякай трывогі і страху. Ёй падабаўся гэты вецер і гэты палёт. Яна, шчаслівая, трымцела ўся, падстаўляла пад вецер грудзі, валасы, радавалася плыням паветра, якія абцякалі яе.

Больш за ўсё ўразіла Радзіма тое, што зэмка хацела, прагла, каб мужчыны адпусцілі яе рукі. Оя жадала нязмушана ляцець над гэтаю жахліваю прорваю!

Дурбуд, які таксама, мусіць, адчуваў яе жаданне, праз нейкі час расслабіў пальцы і адпусціў руку, аднак Радзім, уявіўшы, як будзе падаць, а потым глыбока-глыбока ў прадонні разаб'ецца гэтае кволенькае цельца, сціснуў Оіну далоньку мацней, таргануў яе да сябе, ашчаперыў дзяўчыну за тоненькі стан. Так і ўпалі яны на лесвіцу. Цяпер ужо Радзім адною рукою трымаўся за вяроўкі, а другою прыціскаў да сябе Ою.

Яна была незадаволеная, і ён, здаецца, пачуў, як зэмка ў злосці прашаптала: «Пусці!»

Твары іх былі зусім блізка, і Радзім убачыў, што Оіны вочы з гневам, а то і з нянавісцю глядзяць на яго: гэта ж ён адабраў такую радасць і асалоду — ляцець над безданню.

І нават калі вецер сціх, калі лесвіца супакоілася, калі яны падняліся і зноў пайшлі наперад, Радзім спіною адчуваў Оіну варожасць: яна ўсё яшчэ злавалася, што ён не адпусціў яе рукі…

Ішлі моўчкі і хутка.

— Куды мы спяшаемся? — парушыў напятае маўчанне Разумны. — Вунь жа і бераг ужо відзён.

І праўда, на небасхіле вымалёўваўся бераг. Хоць да яго яшчэ было далекавата, але ўжо на ім выразна віднеліся фігуркі людзей. Яны нібыта чакалі іх — стаялі там, дзе заканчвалася лесвіца, і, здаецца, махалі чымсьці над галовамі.

— Ну вось, — засмуціўся дурбуд, — нас чакаюць, а я толькі думаў прасіць вас не спяшацца. Адпачнём, думаў, пераначуем яшчэ раз на лесвіцы — усё ж, хоць і не на зямлі, але ж і не ў няволі. А тут не атрымаецца — збягуць і за рукі наверх усцягнуць.

І яны з трывогаю і хваляваннем пайшлі да берага…

Іх і праўда ўжо чакалі. Як толькі з хісткай лесвіцы ступілі на цвёрдую зямлю, тыя, хто сустракаў іх, дружна, як спартсмены, пракрычалі нейкае незразумелае вітанне:

— Ару! Ару! Ару!

І падышлі да іх. Гэта былі пастрыжаныя нагала мужчыны. Спартыўныя, стройныя — ні жывата, ні седаўкі — яны рухаліся ўпэўнена і прыгожа.

Людзі нешта дзелавіта пыталіся, нешта гаварылі самі, але ніхто з іх траіх не разумеў ні слова — мова іхняя была нейкая складаная і нават дзіўная.

Тады мужчыны, параіўшыся між сабою, не паварочваючыся, паклікалі пальцамі жанчын, што стаялі за імі. Адна з іх выйшла наперад і пачала перакладаць:

— Яны кажуць, каб вы зусім распрануліся. Трэба дакладна вызначыць ваш пол.

Падышлі да іх і астатнія жанчыны — яны былі тоўстыя, з вялікімі грудзямі, з ярка, нават вульгарна нафарбаванымі вуснамі. На тварах бялела пудра, кідаліся ў вочы густыя цені.

Жанчыны ўзяліся іх распранаць. Рукі іх былі не жаночыя — моцныя і шурпатыя. Тады ён заўважыў, што ўсе жанчыны чамусьці голяцца, — твары іх аж сінелі ад мужчынскай шчэці. І тут жа ўспомніў словы Разумнага: «Там усе жанчыны — мужчыны, а ўсе мужчыны — жанчыны».

Брытагаловыя падышлі бліжэй, прыдзірліва аглядалі іх, мацалі і ціскалі, а тыя, што іх распраналі, стаялі збоку і цярпліва чакалі далейшых загадаў.

Яны, усе трое, не хацелі разлучацца, прасіліся, каб іх пакінулі разам. Гэтая просьба выклікала ў брытагаловых спачатку здзіўленне, а затым гнеў і такое абурэнне што сасланыя не рады былі, што заікнуліся пра сваё жаданне.

Ою брытагаловыя жанчыны забралі да сябе — ім спадабалася яе хударлявасць. Па тым, як яны гаварылі з ёю, было відно, што гаспадыні Другога Паўшар'я прызналі дзяўчыну за сваю і адразу ж, як кажуць, надалі ёй роўныя з сабою правы: Оя ўжо зараз павінна была разам з імі вырашаць лёс мужчын, з якімі прыйшла сюды. Але зэмка, мусіць, яшчэ не зразумела гэтага, і таму жанчыны падзялілі іх без яе: дурбуда забрала адна з брытагаловых да сябе ў гарэм, а яго, Радзіма, аддалі ў пральню.

Але пра гэта ён даведаўся пазней. Спачатку яму ніхто не сказаў, дзе падзелася Оя, куды павялі дурбуда, куды вядуць яго. І толькі ў памяшканні, у якое яго ўпіхнулі і прыставілі да начовак, яму ўсё стала зразумела: чаны з бялізнаю, пара і вільготная духата, гафрыраваныя пральныя дошкі, аб якія да крыві сціраюць костачкі на пальцах мужчыны, мыючы жаночыя кофтачкі, трусікі ды начныя сарочкі.

Мужчыны тут былі не такія баязлівыя і прыніжаныя, як там, пры жанчынах — хоць і вусны ў іх былі нафарбаваныя, хоць і грудзі — жаночыя, усё ж яны па-мужчынску весяліліся і па-мужчынску смяяліся. І гаварылі на зразумелай мове — Радзім разумеў іх, яны разумелі яго.

— А чаму гэта вашы жанчыны так дзіўна гавораць? На якой мове? — спытаўся ён у суседа па пральнай дошцы.

— А ні на якой, — адказаў той. — Яны выдумалі сабе гэту мову.

— Як гэта — выдумалі?

— А так, выдумалі, ды і ўсё. Яны словы і чытаюць, і гавораць наадварот. Вось як цябе завуць? Радзім? Значыць, па-іхняму будзеш Міздар. Мяне завуць Цэр. А на іхняй мове я Рэц. Зразумеў?

— Паслухай, — пасля некаторага няёмкага маўчання, разумеючы, што робіцца недалікатным і выпытвае абы што, спытаўся нарэшце Радзім, — а чаму гэта ў вас, мужчын, такія вялікія, жаночыя грудзі?

— Раздаілі,— адным словам адказаў Рэц.

— Раздаілі? — жахнуўся хлопец. — Хто? Навошта?

— Жанчыны. Бачыш, у іх жа саміх грудзей няма. А дзяцей, якія хоць і рэдка, але ўсё ж раджаюцца тут, трэба каб нехта карміў. Вось мы і кормім.

— І ў вас ёсць малако? — вырачыў вочы Радзім.

— А як жа! Пачакай, пачакай, вось пажывеш троху, прывыкнеш, а тады і цябе раздояць. Што, ты думаеш, я заўсёды быў такі? Не! Напачатку я быў большы сухляк, чым ты. А цяпер, бачыш, каго з мяне зрабілі? Тут цэлая брыгада па раздойванню працуе. Ды што я табе расказваю! Хутка сам усё ўбачыш і зразумееш…

У пральню зайшла брытагаловая. Усе мужчыны змоўклі, уткнулі вочы ў тазікі, пральныя дошкі, у чаны, дзе кіпяцілася бялізна — зрабілі выгляд, што занятыя працаю. Але як толькі яна выйшла — была нядоўга: узяла, што трэба, і пайшла — зноў узняўся шум і гоман.

Рэц, які таксама нейкі час маўчаў, зноў загаварыў:

— А ведаеш, якія тут мужчыны ў пашане? Тыя, у каго самыя вялікія грудзі і тоўстыя седаўкі! А жанчыны — наадварот. Калі плоская-плоская, як дошка, — тады яна каралева прыгажосці…

— Ты раскажы яму, як тут адну Міскаю выбралі,— ад суседняга тазіка павярнуўся да Рэца чалавек з ярка-малінавымі вуснамі, але не даў таму ўставіць ніводнага слова, расказаў усё сам. — У яе зусім грудзей не было. Ну, яе тут на рукі. Носяць і радуюцца: ах, якая прыгажуня, ах, якая каралева! А потым разабраліся — дык гэта ж мужчына! У турму тую «каралеву» запёрлі. І цяпер яшчэ сядзіць.

— У нас так, — дадаў Рэц. — Усе жанчыны хочуць мець маленькія грудзі, але не ўсім удаецца іх зменшыць. А калі не ўдалося — значыць, і яны ўжо ніжэйшы гатунак, і з імі ніхто не лічыцца, і іх, як і нас, у пральні пасылаюць.

Рэц узяў з тазіка навалачку, намыліў яе, пацёр у руках, памаўчаў, затым аднымі вачамі паказаў:

— Бачыш вунь тую прачку, што працуе праз два тазікі ад цябе? Улева, улева зірні…

Радзім уважліва паглядзеў туды і не зразумеў, навошта яму паказваюць яе: прачка нічым не адрознівалася ад усіх астатніх.

— А гэта, разумееш, між нас, мужчын, сапраўдная жанчына. Дзівачка! Яна не захацела адмовіцца ад грудзей.

Жанчына і ў пральні была велічная, мела прыгожы стан і прыгожы бюст, які выгадна вылучаўся сярод аплыўшых фігур раздоеных мужчын. Яна была паглядная, чароўная — і праўда, навошта ёй псаваць сябе, каб усяго толькі стаць падобнай на гэтых бясполых брытагаловых дошак, якія правяць Другім Паўшар'ем.

— Затое вось і пакутуе між нас, — задумліва ўздыхнуў Рэц.

Прычоска ў яе была прыгожая і элегантная, не тое, што ў мужчын — нічога не паробіш, вопыт, жанчына ёсць жанчына! — і вусны яна фарбавала далікатна і з вялікім густам. Гэта адразу кідалася ў вочы нават тут, у тлуме, духаце і мыльных выпарэннях пральні.

— А ў нас нават мужчына ёсць, які застаўся мужчынам, — гледзячы ў сваю балею, пахваліўся Рэцаў сусед і патлумачыў: — Не раздоены.

— Я хачу яго пабачыць. Пакажыце, дзе ён?

— Не можам.

— Чаму?

— Ён у турме.

Пачуўшы пра гэта, Радзім вырашыў для сябе, што і сам не дасца на глум і здзек брыгаталовым. У пральні працаваць ён, канечне, будзе, бо нідзе не дзенешся, але рабіць з сябе жанчыну, фарбаваць вусны і гадаваць жаночыя грудзі не дазволіць. Няхай лепей і яго, як таго непакорнага мужнага мужчыну, садзяць у турму.

Радзім разумеў, што ўсё тое, што робіцца на Другім Паўшар'і, разлічана на самазабойства. Мужчына, колькі б яго ні раздойвалі, не народзіць дзіця. Ды і жанчына, якая пахваляецца, што яна — мужчына, таксама не для жыцця. Значыць, нехта свядома запланаваў іх на звод. Хто і навошта?

Ішлі дні за днямі. Усе яны былі занятыя працаю — ад цямна да цямна ў пральні, і толькі ночы аставаліся вольныя.

Начавалі ў стагах сена, што шчодра панастаўляны вакол пральні: іх, мусіць, і складалі тут толькі для начлегу.

Сена было свежае і духмянае, і Радзіму, народжанаму ў вёсцы, гэта падабалася — спаў ён у стагах як забіты.

Некалькі разоў асабіста да яго прыходзіла наглядчыца, маўчала, прыглядалася, але пакуль што нікуды не клікала, нічога ад яго не патрабавала.

Ён жа чакаў. Чакаў, калі і з яго пачнуць рабіць жанчыну.

І не прайшло і тыдня, як яго паклікалі. Вялі доўга. Пераходзілі вуліцы, чакалі на скрыжаваннях, прапускаючы транспарт, міналі плошчы. Нарэшце, спыніліся перад нейкім нязграбным будынкам, які звонку нічым асабліва не вылучаўся між іншымі,— быў абшарпаны і недагледжаны. Аднак усярэдзіне ўсё блішчэла і зіхацела. Чысціня і парадак зусім не адпавядалі знешняму выгляду, а далікатнасць і ўмеранасць ва ўсім гаварылі пра бездакорны густ таго, хто тут жыў. Праўда, яму здалося, што ўсюды завельмі многа розных вышываных дробязяў — яны, акуратненька разасланыя, ляжалі і на сталах, і на ложках, і на крэслах, — але гэтыя пелярушкі не заміналі агульнай чысціні і парадку, а наадварот падкрэслівалі іх.

Непрыемнае ўражанне на яго рабілі мужчыны, якія, здавалася, без усялякай патрэбы сноўдаліся па калідорах — усе нейкія ахайныя, дагледжаныя, не падобныя на раздоеных, але ўсё ж апранутыя з лёгкай жаночай вытанчанасцю — банцікі, каснічкі, кветачкі…

У пакоі ж, куды яго прывялі, усяго гэтага не было. Ён быў абстаўлены без усялякіх упрыгажэнняў, празмернасцяў, нават крыху аскетычна. У глыбіні пакоя, каля самага акна стаяла невялікая, акуратненькая канапа, а на ёй хтосьці сядзеў — здаецца, брытагаловая.

Калі Радзім зайшоў, яна не пачула і не ўбачыла — глядзела ў другі бок і нешта шаптала сама сабе. Хлопец прыслухаўся.

— Запалю я свечку, — разабраў ён, у начной цемры, пакланюся ёй тройчы аддана і скажу словы замоўныя: «Ой вы, духі замоўныя, вялікія, светлыя, злыбяду ад кахання адводзячыя, вы пачуеце мяне, вас упрошваючую, не тушыце свечку, мной запаленую, я паліла яе з чыстай душою: не чужога мужа прыманьвала, не чужога жаніха прыхаджвала. Запаліла дзеля каханага, мне самім лёсам суджанага. І малю я вас, духі светлыя, надзяліце агонь вашай сілаю, сілай добраю, усепранікальнаю, ад пагібелі кахання абараняючай. Запаліце агонь у сэрцы любага, асвятліце ў ім усе злучыны, пасвяціце да самага донейка — чую, там ляжыць ільдзіна стылая — рэўнасць лютая злой разлучніцы. Растапіце тую льдзінку калючую, ёй слязой вярніце гаручаю».

Скончыўшы замову, брытагаловая заўважыла Радзіма, сумелася, падхапілася з канапы і, спяшаючыся, накіравалася да яго — худая, невысокая, з голаю галавою.

Брытагаловая падышла бліжэй, узяла яго за рукі.

— Дзень добры, Радзім, — сказала яна, і толькі тады хлопец пазнаў яе — гэта была Оя.

Дзяўчына радавалася сустрэчы, а ён яшчэ пакуль што не разабраўся ў пачуццях — нязвычна было бачыць яе без валасоў.

Оя, не выпускаючы ягоныя рукі са сваіх, павяла Радзіма да канапы, села сама і пасадзіла яго побач з сабою. Радзім маўчаў — нешта зламалася ў ім, і ён ужо не мог размаўляць з Ояй так нязмушана і шчыра, як раней.

Хлопец моўчкі абвёў пакой вачыма. Яна перахапіла гэты позірк, сказала:

— Я тут жыву.

Радзім угледзеўся на адзінокую жоўтую ружу, што стаяла ў вазе на століку пры канапцы.

— А што гэта тут столькі мужчын ходзіць? З банцікамі?..

— То ж мой гарэм.

— Гарэм? Твой? — зніякавеў Радзім.

— Разумееш, — апусціўшы вочы тлумачыла Оя. — Тут так прынята. Па-іншаму нельга. І чым больш мужчын у тваім гарэме, тым большая да цябе ўвага, тым больш цябе паважаюць. Я была паспрабавала адмовіцца, але ўбачыла, калі зраблю гэта, мяне пасадзяць у турму. Ці самае лепшае — пашлюць да вас, прачак.

Радзім усё яшчэ глядзеў на ружу.

— То і прыходзь, — не зводзячы вачэй з пялёсткаў, сказаў ён.

— Радзімачка, ты многае не разумееш. Я ж і цябе хачу забраць з пральні.

— У свой гарэм?

— Ага. Я ўпрасіла валадарку, і яна дазволіла. Так што ты можаш аставацца тут. Гэта будзе твой пакой.

— Мой пакой у тваім гарэме?

— Не злуйся і не задзірайся. Я не карыстаюся ніякімі паслугамі мужчын. Яны існуюць самі па сабе, і ніводзін з іх нават не заходзіў у маю спальню.

— І мяне ты далучыш да таго статка, што з банцікамі і касічкамі?

— Не, ты будзеш жыць, як сам захочаш. Разумееш, я проста хачу вызваліць цябе ад цяжкой працы.

— А калі я сам не хачу вызваляцца?

— Гэта твая справа. Але ж у цябе іншага выйсця няма. Што, ты ўсё жыццё будзеш стаяць над пральнаю дошкаю? У пральні? Мыць жаночыя панчохі?

— Дзіўна, ты стала такою… практычнаю, — хацеў сказаць «цынічнаю», але пабаяўся абразіць дзяўчыну.

Яна ж зразумела ўсё так, як ён і думаў.

— Не, не цынічнай. Проста, я прымаю жыццё такім, якое яно і ёсць. А ты што, хочаш перарабіць яго?

— Паспрабую.

— Нічога ў цябе не атрымаецца.

— А ў цябе?

— У мяне ўсё атрымліваецца. Мяне заўтра выбіраюць у Савет Брытагаловых. І Валадарка робіць сваёй намесніцай…

— І ты радуешся? А чаму? Памятаеш, як дурбуд на поўным сур'ёзе сцвярджаў, што Другое Паўшар'е — гэта другая палавінка седаўкі. І ты рада, што будзеш амаль валадаркаю седаўкі? Ты ж бачыш, што тут яшчэ большы дурбуд, чым у самой Дурбудзіі. Раздойваць мужчын, фарбаваць ім вусны, плоіць валасы і чапляць на іх розныя банцікі, каснічкі? Няўжо ты не разумееш, якое гэта глупства?! А жанчыны? Прызнаваць жанчынаю толькі тады, калі яна страціць усё жаночае? І караць, садзіць у турму толькі за тое, што мужчына хоча застацца мужчынам, а жанчына — жанчынаю? То ж абсурд, святатацтва! Няўжо ты гэтага не разумееш? Дарэчы, а дзеці? Дзе дзеці Другога Паўшар'я?

— Не бачыла. Валадарка кажа, што сям'я, дзеці — гэта ўсё лішняе. Чалавек сам сабою павінен жыць і радавацца на зямлі. А дзеці перашкаджаюць гэтаму.

— Наадварот, у нас спрадвеку ведалі, што якраз дзеці памагаюць і жыць, і радавацца. Толькі з дзецьмі прыгажэе чалавек — і мужчына, і асабліва жанчына. Як ты гэтага не разумееш?

— Разумею. Ты хочаш, каб у нас было дзіця? І я таксама хачу…

Яна нахілілася да яго, абняла за плечы — ласкава-ласкава. Правяла пальчыкамі па ягоных вуснах. Прыціснулася яшчэ бліжэй. Прашаптала:

— Родны мой, я хачу нашае дзіця. — Оя дрыжала ўся — нібыта ёй адразу зрабілася вельмі холадна. — Я хачу дзіця, — прасіла яна.

Яму здалося, што ён зноў убачыў знаёмае воблачка. Яно стаяла на фоне акна і нікуды не рухалася. Трошкі пагойдвалася — як усё роўна ківала, нібы і ў ранейшыя з'яўленні, галавою.

Ён асцярожна зняў Оіны рукі са сваіх плячэй, адхінуўся і парывіста ўстаў. Хацеў падысці да акна, але воблачка ўжо знікла: колькі ні ўглядаўся, нідзе яго не было відаць.

Оя сядзела на канапе, унураная і зацятая.

— Ты з ёю ніколі не сустрэнешся, — ускінуўшы на яго вочы, сказала зэмка, і ён адчуў у яе голасе злосць і раздражненне.

Радзім вытрымаў яе погляд, яе словы.

— А ты памажы нам сустрэцца, — ціха папрасіў ён. Яна задумалася. Доўга сядзела, як каменная, і маўчала. Затым рашуча згадзілася:

— Добра, няхай будзе па-твойму — памагу.

Але тут жа ўпала на канапу, закрыла твар рукамі і расплакалася.

Ён увогуле не выносіў жаночага плачу — заўсёды было шкода кабет, — а гэтыя ж слёзы ліліся нібыта па яго віне. Падсеў да Оі, пачаў ласкава гладзіць па мокрым твары — супакойваў дзяўчыну. Тая і праўда неўзабаве перастала хліпаць, уздрыгваць, сцішылася, супакоілася — як усё роўна заснула.

— Зразумей, Оя, я павінен знайсці Юлю. Мы з ёю трапілі ў такую бяду. А я быццам ужо і не шукаю яе, быццам змірыўся са стратаю…

Зэмка маўчала. Але Радзім адчуваў — яна не спіць і ўважліва слухае тое, што ён гаворыць.

— Разумееш, нашы бацькі верылі, не сумняваліся, што мы з Юляй пажэнімся. І мы, здаецца, таксама. А ты мяне клічаш у свой гарэм…

Оя маўчала — ні пярэчыла яму, ні згаджалася з ім.

— Дзіўна, але ты так лёгка прыняла ўвесь гэты абсурд і не супраціўляешся яму. Не змагаешся з ім, — удакладніў ён. — «Валадарка сказала», «Валадарка паабяцала»…

— Радзім, перастань, — нарэшце не вытрымала дзяўчына. — А жаданне нарадзіць ад цябе сына — хіба гэта не пратэст? Ты ж ведаеш, што нарадзіць тут дзіця — гэта ўжо злачынства. Тым больш ад каго? Ад прачкі! То ж яшчэ большая віна…

О божа мой! Седаўка, сапраўдная седаўка! Хіба ж можна яшчэ дзе-небудзь дадумацца да такога: нарадзіць дзіця — гэта злачынства?!

І ўвогуле яму здавалася дзіўным усё, што робіцца ў мясцінах, дзе ён пабываў. Асабліва ў Дурбудзіі і вось тут, на Другім Паўшар'і. Часам нават думалася, што хтосьці хітры і каварны, схаваўшыся ад разумнага вока невядома дзе, робіць усё, каб ішлі на звод людзі і на загубу зямля.

Сляпыя яны ўсе, ці што? Закопваць хлеб і тут жа жабракаваць? Стаяць у вечнай чарзе і думаць, што ты працуеш? Садзіцца ў аўтобус без колаў і быць перакананым, што едзеш? А дзеці? Што значыць не раджаць дзяцей? Няма дзяцей — няма будучыні. Ёсць сёння, але няма заўтра. А для таго, каб нарадзіць, патрэбна толькі жанчына. Мужчына, колькі ты яго ні раздойвай, колькі ні завівай яму валасы і не фарбуй вусны, дзіця не народзіць. Карміць можа, а нарадзіць — не! Няўжо яны гэтага не разумеюць? Радзім падняўся з канапы. Оя ўсё ячшэ сядзела.

— Можа, застанешся? — няўпэўнена спыталася яна. — Калі ты не хочаш дзіця, жыві проста так. Як мы і жылі з табою і ў нас, у Зэміі, і ў Талямаліі…

Ён быў рашучы:

— Не, я пайду.

— Куды? У пральню?

— Ага.

— Але ж калі ты не застанешся ў маім гарэме, з цябе пачнуць рабіць жанчыну. Ты будзеш упарціцца. Ведаеш, тады…

— Ведаю, тады мяне пасадзяць. Дарэчы, у турме ўжо, мне сказалі, сядзіць адзін такі, як я. Вось мы і выйдзем разам з ім з турмы.

— Якім чынам?

— Ты дапаможаш…

Яна апусціла вочы, крыху памаўчала, а потым страсянула галавою, нібыта рашаючыся на штосьці важнае, сказала:

— Добра, я цябе правяду.

І было незразумела: гэтае «добра» прагучала як згода, ці то яно проста адносілася да жадання хутчэй правесці госця.

Оя паднялася з канапы і хутка пайшла да дзвярэй — ён ледзь наспяваў за ёю.

Праважатыя — раздоеныя мужчыны — сядзелі на верандзе, падмалёўвалі вусны, гулялі ў карты: цярпліва чакалі яго. Оя перадала ім Радзіма, падпісала нейкую паперку, што была ў руках аднаго з іх, і хлопца зноў павялі ў пральню. Яна ж стаяла на верандзе і глядзела яму ўслед.

Ён адчуў гэта і павярнуўся. Оя тут жа збегла з ганка і кінулася да яго.

І ў гэты час штосьці адбылося з зямлёю. Яна рэзка паднялася ўгору, затым гэтак жа рэзка падалася назад, а пасля пачала паволі нахіляцца. Пакуль нахіл быў не вельмі вялікі, Оя ўсё бегла да яго. Яна яшчэ паспела дабегчы да Радзіма, схапіць за руку, але ў гэты час зямля стала зусім старчаком, і яны, як ні спрабавалі ўтрымацца, як ні чапляліся за яе, пасунуліся ўніз. Спачатку сунуліся так, як звычайна дзеці з'язджаюць зімою з горак, а потым, не маючы магчымасці трымаць раўнавагу, пачалі куляцца.

Аднак долу ўпалі мякка — не пабіліся, не злякнуліся: ён нават стаў на ногі. Оя таксама гэпнулася на ногі, але не ўтрымалася, упала, і яму давялося падымаць яе.

Дзіўна, але колькі ён тут ні падаў, усюды — і ў Зэміі, калі прызямляўся ў пустыні, і на Жалезным Хаосе, калі падаў на кучу жалеза, і ў Дурбудзіі пасля катапульты, і вось зараз, на Другім Паўшар'і,— як бы ён ні ляцеў, як бы ні куляўся, на ногі заўсёды станавіўся па-кацінаму і так плаўна, што здавалася: яго нехта падтрымлівае і ратуе ад бяды. Можа, і праўда нейкая сіла апекавалася ім, а можа, проста ў гэтым вымярэнні іншае прыцяжэнне, якое ля самай паверхні запавольвае палёт.

Яны з Ояй усё яшчэ трымаліся за рукі. А навокал сыпалася і сыпалася тое, што нядаўна яшчэ стаяла на зямлі, жыло і расло там. Усё падала павольна, і таму, калі нешта ляцела на іх, быў яшчэ час засланіцца ці ўцячы з небяспечнага месца.

Радзім бачыў, як падаюць тазікі і мокрая бялізна, нейкія абломкі, бляшанкі, камяні, як коцяцца раздоеныя мужчыны і змужычаныя жанчыны, і радаваўся, што нарэшце закончылася вар'яцтва на Другім Паўшар'і, знік асбурд тамтэйшага жыцця, а разам з ім і ўвесь сэнс гэтай дурной цывілізацыі.

Уявіў, што робіцца цяпер на Першым Паўшар'і, у Дурбудзіі, як і там усё ляціць і сунецца ўніз, як хутка ўпадзе, калі яшчэ не ўпаў, і сам прэзідэнт, як раз'яднаюцца ўсе правадкі ў галоўнага дурбуда — Дурыса Першага, але ніхто не кінецца іх злучаць — калі загінула краіна, навошта і каму патрэбен прэзідэнт?!

Дзіўна, вось жылі людзі, будаваліся, сяліліся, сварыліся, весяліліся, засмучаліся і думалі, што іхняе жыццё вечнае, — а вечнасць гэтая можа быць і ў адным імгненні,— але варта было толькі седаўцы падняцца, як усё разбурылася, разламалася, знікла.

Які разумны ўсё ж быў дурбуд — ён вылічыў і зразумеў седаўку. Дзе ён цяпер? Можа, як і яны, скаціўся куды, жывы і здаровы, а можа, ляжыць дзе між абломкаў, стаптаны абвалам.

А можа, жыхары абодвух паўшар'яў і самі прадчувалі гэты канец, бо калі думаць пра жыццё, хто ж будзе рабіць усе тыя глупствы, якія чыніліся і ў Дурбудзіі, і тут, у краіне жанчын?!

Да яго толькі цяпер дайшло, што раптоўна знікла цэлая папуляцыя людзей, што жылі тут, бо на седаўцы хутчэй за ўсё ніхто не ўтрымаўся. І вось тыя, хто застаўся жывы пасля такога землятрусу, апынуліся на чужой зямлі голыя і босыя. Як пачынаць жыццё, з чаго?

І хто, скажыце, упэўнены, што і гэтая зямля не акажацца яшчэ адною, чарговаю седаўкай? Значыць, усё ў свеце часовае, ненадзейнае. Адсюль і абсурд жыцця. Яшчэ раз будавацца, каб неўзабаве з'ехаць, зваліцца зноў? І так увесь век? Век чалавека і век жыцця? Век зямлі і век неба?

Дык і само ж жыццё тады абсурд, калі яно залежыць ад такой дробязі: заварушыцца ці не заварушыцца седаўка.

Ён стаяў і ўслухоўваўся, як усё яшчэ сунуліся і шамацелі апошнія друзачкі, што затрымаліся сама даўжэй, і думаў, які ж мізэрны і бездапаможны чалавек, калі яго можна абразіць спачатку дурнотаю, а потым і вось такім землятрусам.

Адчуваў, што ў яго думкі ўслухоўваецца і Оя.

Іншае вымярэнне

Было дзве зямлі. Адна ціхамірна ляжала пад нагамі, а другая, якая толькі што перанесла землятрасенне, строма ўздымалася перад ім. Радзім падняў вочы ўгору, але колькі ні глядзеў, нідзе не ўбачыў канца гэтай глухой сцяне.

Ногі яшчэ дрыжэлі ад страху, яму хацелася да чаго-небудзь прысланіцца, каб супакоіцца і сабрацца з думкамі, але прысланяцца да ўздыбленай зямлі ён не стаў — штосьці незразумелае стрымлівала яго.

І Радзім не здзівіўся, калі сцяна раптам заварушылася, пайшла ўся хвалямі і пачала паволі адсоўвацца, — значыць, землятрус яшчэ не закончыўся, ён усяго толькі заціх на нейкую хвіліну. Аднак, крыху адсунуўшыся, зямля зноў спынілася і супакоілася.

І хоць сцяна ўжо не варушылася, Радзім усё роўна падсвядома разумеў, што стаяць тут небяспечна. Ён падышоў да Оі, узяў яе за руку і, нічога не гаворачы, павёў у другі бок — як можна далей ад падазронага месца.

Яны ішлі між рознага друзу, што ссунуўся, з'ехаў з уздыбленай зямлі, і яму было дзіўна, што нават далекавата ад землятрусу ім усё яшчэ сустракаліся сляды яго разбурэння: зламаныя дрэвы, высаджаныя вокны, кавалкі асфальтаванай дарогі.

Але людзей нідзе не было. Відаць, людзі за доўгі час жыцця і існавання на седаўцы навучыліся адчуваць, калі адбываюцца такія землятрусы, і ўжо ведалі, як ад іх ратавацца: куды хавацца, за што трымацца, каб не ўпасці, не ссунуцца ў прадонне, як ссунуліся яны, новенькія і нявопытныя.

Ішлі доўга і цяжка. Пераходзілі нейкія ўпадзіны, падымаліся на нейкія ўзгоркі і гарушкі, зноў спускаліся ў лагчыны… Ішлі ўцэла, без усялякіх дарог і сцяжынак і таму здавалася, што канца гэтаму шляху ніколі не будзе.

— А куды мы ідзём? — нарэшце спынілася Оя. — І навошта?

Ён і сам разумеў, што, калі няма нейкай канкрэтнай мэты, увесь гэты іхні рух — бязглуздзіца. Але што рабіць? Сядзець і чакаць? Але навошта сядзець і чаго чакаць? Гэта ж яшчэ большая бязглуздзіца! Трэба варушыцца, трэба нешта шукаць. А раптам ім трапяцца людзі, якія абжылі і гэтую зямлю — не можа ж быць, каб такая прастора ды была нежылою, неачалавечанаю.

— Ідзём наперад, — адказаў дзяўчыне Радзім. — І не задумвайся — толькі рух уратуе нас.

Аднак людзей так яны пакуль што і не сустрэлі. Нават слядоў іхняга існавання нідзе не было відаць.

Неўзабаве падышлі да вялікага блакітнага возера. Абагнулі яго з левага боку — тут было зручней ісці — і ўзняліся на стромы, высокі, абрывісты бераг. Прадраліся праз зараснікі дзіўных дрэў,— яны, вялікія, тоўстыя, слаліся да зямлі, былі, як трава, прамыя і зусім не мелі лістоў,— і выйшлі на самы край абрыва.

Якая прыгажосць адкрылася перад імі! Возера здавалася яшчэ больш вабным: светлыя, бялёсыя колеры каля самага берага, далей — блакітныя-блакітныя, з вясёлкавымі разводамі, а якраз пасярэдзіне цямнела глыбокая, як вір, круглая пляма. Відаць, там была самая глыбіня, самая яма, і таму вада над ёю выдавала цёмнаю і бяздоннаю.

Возера і праўда было незвычайнае — як усё роўна нехта заслаў яго слюдою. Ветру не было, але дрэвы самі сабою варушыліся.

Яны пасядзелі каля возера, адпачылі крыху. Оя хацела яшчэ пабыць тут — такая ж прыгажосць! — але ён рашуча падаў ёй руку, дапамог падняцца і пацягнуў за сабою:

«Пайшлі, пайшлі, пайшлі». Куды і навошта спяшаўся, Радзім і сам не ведаў, але яму здавалася, што спяшацца трэба абавязкова, бо наперадзе іх чакае штосьці вельмі важнае. Оя ж марудзіла, быццам яна ўжо ведала тое, пра што здагадваўся ён, і баялася, не хацела яго набліжаць. Перад імі ляжала раўніна.

Але так толькі здавалася. Неўзабаве яны дайшлі да глыбокай і шырокай упадзіны, доўгай, на ўсю раўніну канавы, якую ні з аднаго боку нельга абысці. Спускацца было лягчэй, а вось падымацца, караскацца на другі, стромы, бераг даводзілася на чацвярэньках. І толькі прайшлі крыху па роўнай зямлі, як перад імі зноў узнікла такая ж самая ўпадзіна. За ёю — трэцяя, за трэцяй — чацвёртая…

Яны добра-такі натаміліся, калі, нарэшце, скончыліся гэтыя равы і перад імі ўзнік лес. Ён быў такі ж бязлісты і гонкі, як і той, што рос над возерам, толькі дрэвы здаваліся вышэйшымі, больш палеглымі і пакручанымі, раслі яны гусцей.

Адно ўвайшоўшы ў лес, Радзім спыніўся ў нерашучасці — збаяўся, што праз яго ім не ўдасца прадрацца. Ды калі і прадзярэшся, невядома, што там за ім? А можа, за лесам — новыя равы і новы хмызняк? А можа, яшчэ горш — балоты…

— Не, балот, здаецца, тут няма, — адказала яму Оя, і ён аж перасмыкнуўся: яна і праўда чытала яго думкі!

Раптам і гэтая зямля пачала падымацца. Яна ўсё касабочылася і касабочылася, пакуль зноў жа не стала старчаком — ён, падаючы, ледзь паспеў учапіцца абедзвюма рукамі за верхавіну бліжэйшага дрэва. Яно было гнуткае, спружыніла. Радзім гайдаўся на ім уніз нагамі, адчуваючы, як слабнуць, расшчапляюцца рукі і як выслізгвае з іх макушка.

Убачыў, што непадалёку гэтак жа, як і ён, гайдаецца на суседняй лясіне Оя.

І ў гэты час штосьці агромністае, цёмнае, як ноч, засланіла ўсё на свеце, і не паспеў ён апамятацца, як адчуў, што яго сашморгваюць з лясіны, — як усё роўна нехта ўзяў у два пальцы і, спяшаючыся, сцягвае ўніз. Пальцы гэтыя, грубыя і шурпатыя, моцна сціскалі яго, і хоць яны асцерагаліся, каб не раздушыць тое, што варушылася між імі, яму ўсё роўна было балюча, не хапала паветра — ён пачаў задыхацца. Гэтае нешта, што Радзіму здавалася пальцамі, несла яго ўсё вышэй і вышэй.

Нарэшце ўвышыні стала светла-светла — палец быццам адсланіўся — і хлопец убачыў акурат над сабою тое самае блакітнае возера, якім яны зусім нядаўна любаваліся. І не адно, а нават два — аднолькавыя, міндалепадобныя, блакітныя, акаймаваныя дрэвамі.

Азёры былі жывыя — яны разглядалі, вывучалі яго!

Дзіўна, не ён быў над імі, а яны над ім, але вада з іх чамусьці не выцякала, не вылівалася.

Уся зямля — з азёрамі, з лясамі, з нейкімі гарамі, равамі і ямамі цяжка навісла над ім, нібыта не толькі азёры, а ўсё, што было на ёй, вывучала яго. І ён чамусьці ўявіў сябе маленькаю божаю кароўкаю, якую, здаралася, лавіў на зямлі, садзіў на палец і разглядаў, пакуль яна не дапаўзе да самага высокага месца і, распайстрыўшы, вызваліўшы крылы, не падымецца ў паветра.

Азёры вывучалі яго доўга, а потым пачалі здаляцца і неўзабаве зусім зніклі. А ён, як усё роўна садзьмуты чым, паляцеў уніз.

Ляцеў доўга, але плаўна. І на гэты раз, упаўшы, зусім не пабіўся. Упаў у нейкую глыбокую яміну, з якой вытыркалася тоўстая, як слановая нага, вяроўка. З цяжкасцю выбавіўся наверх і, стомлена і роспачна, паваліўся на зямлю, раскінуў рукі і як не закрычаў ад бездапаможнасці.

Дык што ж яму і праўда рабіць?! Ён зусім не разумее гэтай дзіўнай зямлі, якая можа ўздыбіцца, стаць раптам сцяною, ці вось так, як толькі што, навіснуць над табою зверху. І што гэта за зямля такая, што на ёй няма людзей? Дзеля каго яна і навошта?

Угледзеўся ў неба, быццам хацеў зразумець і яго.

І раптам высока-высока ўбачыў невялікую крапку, якая ціха, паволі апускалася з вышыні.

Гэта была Оя.

Яна зніжалася так паволі, што здавалася, нехта невідомы падтрымлівае яе ў паветры.

Неўзабаве дзяўчына лёгенька гэпнулася каля Радзіма, нахілілася над ім, узрадавана сказала:

— А вось і я!

Ён таксама ўзрадаваўся, што Оя зноў побач, шчыра ўсміхнуўся і, не ўстаючы, пажартаваў:

— Рады вітаць вас! Ад імя тутэйшых.

Яна была нейкая вельмі ўзбуджаная, ёй хацелася хутчэй выгаварыцца:

— Ведаеш, я зразумела, дзе мы знаходзімся. Гэта здарылася, калі мяне, як і цябе, нехта разглядаў. Блакітнымі азёрамі. Перада мною з'явіўся быццам нейкі экран, і я ўвачавідкі ўсё ўбачыла. Ведаеш, мы трапілі ў краіну веліканаў! — нарэшце выпаліла яна.

Гэта было так цікава і нечакана, што Радзім аж прыўзняўся на локаць.

— А ведаеш, па чым мы толькі што ішлі? — спяшалася расказваць яна. — Па твары велікана! Ён на той час спаў. І ніякія гэта не азёры былі, а сапраўдныя веліканавы вочы! І абрывісты бераг, зарослы лесам, гэта ўсяго толькі яго бровы. А равы, з якімі ў нас было столькі клопатаў,— гэта маршчакі. Звычайныя валасы нам здаліся лесам. На валасінах мы з табою і віселі…

— Што ты выдумляеш?

— Разумееш, нехта мне дапамог атрымаць энергетычны злепак гэтых мясцін і людзей, што жывуць тут. У вельмі паменшаным выглядзе. Мы шукаем людзей, а знайсці нікога не можам. Бо ходзім якраз па чалавеку. Людзі вакол нас ёсць, але ў іх іншыя маштабы.

— А дзе мы знаходзімся цяпер?

— Пачакай, дай я разбяруся, — адказала Оя і ўгледзелася, як яму здавалася, у пустату. — Ведаеш дзе? На чаравіку велікана! Непадалёк ад дзірачак, куды ўцягваюцца шнуркі.

Дык вось куды ён, аказваецца, упаў! У дзірачку ад шнуркоў! І, чапляючыся за шнурок, выбіраўся адтуль.

— А ты нас бачыш?

— Ага. Але мы маленечкія-маленечкія — як казяўкі. Хацеў і ён уявіць той энергетычны злепак, які бачыла Оя, але ў яго гэта не атрымлівалася.

Няўжо і праўда вось гэтая шырокая прастора, вось гэтае несхадзімае поле — усяго толькі паверхня чаравіка? І куды ты толькі не пойдзеш, і колькі ні стомішся ісці — усё будзе ён: велікан, велікан, велікан? Яго ногі, яго рукі, яго плечы, яго галава? Яго валасы, урэшце?

— Значыць, дурбуд казаў праўду, — задумаўся Радзім.

— Пра што ты? — зіркнула на яго Оя.

— А пра тое, што яны і на самой справе жывуць на седаўцы… Цікава, ці ссунулася Дурбудзія ўніз? Ці, можа, і там навучыліся выжываць у землятрусы? Як твае брытагаловыя? — ён усё яшчэ злаваўся на Ою, што яна прыняла абсурд Другога Паўшар'я і ўжо збіралася кіраваць нават ім.

Памаўчаў, падумаў.

— А што робіць наш велікан?

— Здаецца, бэз ламае.

Радзім ужо даўно заўважыў, што зверху нешта сыплецца — як вялізныя пялёсткі,— але не далятае да іх, падае зводдаль, і таму быў спакойны: ніякай небяспекі ў гэтым не было.

— А велікан адзін?

— Ты што! Іх многа. Яны ходзяць, стаяць, сядзяць на лавачках.

— Сядзяць на лавачках? Дзе?

— Каля хат.

— І хаты ёсць?

— Ага. І іх шмат. Усе яны двума радамі ідуць удалячынь.

— А між імі вуліца?

— Ага. Нейкая дарога…

— Дык гэта ж маё Дабрынёва!

— Веліканы і веліканшы з кветкамі ў руках ідуць да нейкай прыгожай двухпавярховай будыніны пад ліпамі…

— Дык гэта ж мая школа! — нарэшце закрычаў ён. — Наша школа! А насупроць яе вялікая хата з бляшаным, пафарбаваным у зялёны колер дахам?

— Ага. І студня каля яе.

— Дык гэта ж наша хата і наш калодзеж! А веліканы і веліканшы, што ідуць з кветкамі ў руках, — мае аднакласнікі. Мусіць, у нас сёння выпускны вечар! Я хачу туды, да іх!

Оя разрагаталася — яна смяялася доўга і шчыра.

— Супакойся, — усё яшчэ смеючыся, нарэшце, загаварыла яна. — Супакойся. Ты проста забыўся пра розныя вымярэнні. Вы ніколі не зможаце не толькі паразумецца, але нават і пагаварыць. Яны проста цябе не заўважаць. А ты іх таксама не зможаш убачыць, ахапіць цалкам. Падумай, як ты гэта зробіш, калі нават чаравік велікана табе здаецца несхадзімаю зямлёю? І каб толькі дайсці, напрыклад, да яго наска, ведаеш, колькі часу трэба? А каб дабрацца да вёскі? А потым — да тваёй школы?

Ён і сам бачыў усю сваю безнадзейнасць, безвыходнасць, але ж яму вельмі хацелася да аднакласнікаў, у родную школу. Тым болей што ўсё гэта, як кажуць, было пад рукою — ён быў у сваёй вёсцы і заставалася ўсяго толькі дробязь: зраўняцца з імі, зрабіць адпаведным, выправіць маштаб.

— А я ўсё ж пайду.

— Куды?

— Да іх.

— Не смяшы мяне. Ты разумееш, што пакуль ты туды дойдзеш, не толькі выпускны скончыцца, але і аднакласнікі састарацца, а то і ўвогуле паўміраюць.

— Я ўсё роўна пайду!

— А як ты збіраешся з чаравіка саскочыць? Вось дойдзеш да края, а тады што?.. Такая ж вышыня…

— Неяк будзе. Скажы мне, у які бок трэба ісці, каб трапіць да школы.

— Якраз да наска чаравіка, — растлумачыла Оя, а тады ўспомніла, што ў яго няма энергетычнага злепка і ён не бачыць, дзе тая пятка, дзе той насок, паказала яму рукою: — Вось сюды ідзі.

І тут велікан нібы пачуў яго: зямля раптам пад імі заварушылася, зноў скасабочылася — ён ледзь утрымаўся, каб не ўпасці, каб устаяць на нагах. Уся глыба пачала нечакана падымацца ў паветра, ды так высока, што яму здалося: падымаюцца яны ў самае неба.

А нага падымалася ўсё вышэй і вышэй, і яму ўжо было страшнавата адсюль, з такой вышыні, глядзець уніз. Трымаўся сам і адною рукою падтрымліваў Ою — тая, напалоханая, сцяўшыся ад спуду, моцна прыціскалася да яго.

Велікан пайшоў!

Калі, падняўшыся высока, нага пачала апускацца, зрабілася яшчэ страшней. Тое, што ім здавалася зямлёю, падала рэзка, імкліва, і ад гэтага аж займала дух, перахоплівала дыханне, рабілася холадна-холадна там, дзе было сэрца, — як усё роўна ў самалёце, які падае ў паветраную яму. У вушах свістаў вецер, цела аж адрывала ад чаравіка, і таму даводзілася трымацца яшчэ мацней за ўсё, за што можна было зачапіцца.

Нарэшце чаравік стаў на зямлю. Удар быў моцны — добра, што яны ўжо не стаялі, а ляжалі ніцма, ашчаперыўшыся рукамі, а то хутчэй за ўсё зваліліся б долу. Зрабілася адразу цёмна — чаравік, мусіць, узняў воблака пылу, і той заслаў сабою ўсё навакол.

Ляжаць на чаравіку было страшна і нязручна, але ўжо крыху зразумеўшы і асвоіўшы ягоны рух, яны пачалі супакойвацца, прылаўчацца да крокаў велікана.

Той некуды ішоў. Шпарка, упэўнена.

— Куды ён нясе нас? — спытаўся Радзім, калі можна было перавесці дых: пакуль велікан, паставіўшы адну нагу, уздымаў другую, на чаравіку ўсталёўваўся адносны спакой.

— Ты ведаеш, ён наламаў бэзу і ідзе да школы, — адкашляўшыся ад пылу, адказала Оя.

І ў гэты час яны зноў узляцелі ў неба. І, затаіўшы дыханне, чакалі, калі пачнуць зніжацца. Дзіўна, але яму ўжо цяпер нібыта стала падабацца тое адчуванне, якое з'яўлялася, калі яны ляцелі да зямлі,— у ім было штосьці нязвыклае, рызыкоўнае і прыцягальнае.

— Оя, — папрасіў Радзім, — ты мне расказвай, што бачыш на вуліцы, паабапал вуліцы.

— Хаты бачу. Чакай, чакай, мне здаецца, велікан заварочвае на нейчы падворак.

— А як выглядае хата, да якой ён ідзе?

— Ведаеш, вельмі прыгожая. Усё тут — і вокны, і ліштвы, і франтоны, і дзверы, і веранда — упрыгожана разьбою…

— Дык гэта ж Юліна хата! — крыкнуў Радзім, а для Оі патлумачыў: — Яе бацька — вядомы народны разьбяр. Ён любіць дрэва, і дрэва любіць яго. — А дзе наш велікан?

— Ён павярнуў да лавачкі…

— Чакай, чакай… Раскажы, як ён выглядае. Якія ў яго валасы?

— Белыя-белыя, як лён. І зачэсаныя на адзін бок.

— А вочы?

— Ты ж сам бачыў — блакітныя.

— А і праўда бачыў. Забыўся. Нос бульбінаю. Памятаеш, ён нам здаваўся вялікаю гарою?

— Ага, бульбінаю. І вусны таўсматыя…

— Дык гэта ж Юрась Кулета! Губашлёп! Мой аднакласнік.

Сказаў, што аднакласнік, а пра тое, што ён яшчэ і яго супернік, змоўчаў.

І праўда, Юрась, гэтак жа, як і Радзім, быў закаханы ў Юлю. Усюды чапаў яе, на танцах і дыскатэках заўсёды хацеў быць бліжэй да абранніцы. А Юля, здаецца, больш увагі аддавала Радзіму — нават іхнія бацькі ўжо зваліся між сабою сватамі. Аднак Юрась усё роўна не адступаўся.

Дык значыць Кулета ідзе на Юліну лавачку? Чаго? Юлі ж няма ў Дабрынёве! А можа, яна вярнулася? І яны прызначылі сустрэчу?

Радзім аж скалануўся ад абурэння. Падумаў у гневе: «Я яму пакажу, губашлёпу!» І тут жа сумеўся: а што ён можа зрабіць? Што паказаць? Ён, кузурка, вось гэтаму велікану?

Толькі паспеў так падумаць, як зямля, гэта значыць, Юрасёў абутак, страсянулася, здрыганулася, і ён, паслабіўшы ўжо крыху ўвагу, не ўтрымаўся, падляцеў угору, зноў упаў на чаравік і скаціўся па ім доле — Юрась, мусіць, зачапіўся наском за камень, альбо тупнуў нагою, атрасаючы пыл.

Не ўтрымалася і Оя. Яна таксама, як і Радзім, кешкалася на зямлі, спрабуючы выбрацца з пылу, які быў ім як не па самыя плечы.

Пакуль яны выграбаліся на цвярдзейшае, была нейкая мэта, а калі выбраліся на цупкую зямлю наўзбоч дарогі, дзе яшчэ не расла трава, але ўжо не было і пылу, убачылі смяхотнасць сваіх намаганняў.

Усё, што б яны ні зрабілі зараз, не мела аніякага сэнсу.

Ісці да лавачкі, дзе ўжо, канечне ж, усеўся Юрась? Але навошта? Ну добра, дойдзе ён, напрыклад, да тае лавачкі. А далей што? Як узлезці на яе? Ну, дапусцім, узлезе. А потым? Сядзе паміж Юрасём і Юляю, калі яна дома і калі выйшла да губашлёпа? Ну сядзе, ну і што? Пачне гаварыць? А яго ніхто не пачуе! Пачне варушыцца? А яго ніхто не ўбачыць! Яшчэ задушыць хто, калі сядзе неспадзявана зверху…

Ісці да школы, дзе сёння выпускны вечар? Дзівак! Глупства ўсё гэта! Па-першае, дойдзеш ты туды, можа, і праўда праз некалькі гадоў. А па-другое, навошта? Каб падзякаваць настаўнікам за вучобу? Але як ты, кузурка, паразумеешся з імі?!

Аднак і стаяць на месцы, нікуды не ісці і нічога не шукаць — таксама глупства. Яшчэ хто-небудзь растопча ці расцісне кола якой выпадковай машыны ці калёс.

І ўсё ж трэба ісці да лавачкі! Няхай сабе ён нічога не зможа зрабіць, не зможа перашкодзіць сустрэчы, але ж нейкі сэнс у гэтым будзе: ён знойдзе Юлю! А Радзім жа столькі яе шукаў і ў Зэміі, і на Жалезным Хаосе, і ў Дурбудзіі.

— А ты ведаеш, твой губашлёп трымае ў руках букет бэзу. Відаць, прынёс Юлі,— перапыніла яго роздум Оя, і ён зразумеў, што яна і напраўду сочыць за яго думкамі, ідзе ўслед за імі.

Па дарозе ім ўжо сталі трапляцца нейкія вялізныя-вялізныя калёсы, агромністыя, як бочкі, вёдры, лапаты, саўкі.

Яны ішлі, як ім здавалася, шпарка, але лаўка нібыта сама сабою адсоўвалася, здалялася — да яе было яшчэ вельмі далёка.

І раптам Оя ні з таго ні з сяго ўпала сама, паспела крыкнуць і яму: «Кладзіся!» Той жа час нешта засланіла ўсё неба — стала зусім цёмна. Выціснула дашчэнту паветра, не было нават чым дыхаць. Зрабілася страшна — а што, калі гэтае «нешта» замуравала іх назаўсёды?

Паварушыўся, натрапіў рукою на нейкую сцяну, паспрабаваў яе адсунуць — дзе там! Сцяна нават і не скранулася. Папоўз у другі бок, думаў выбрацца там, але неўзабаве ўпёрся ў такую ж самую сцяну. І тады, калі ён ужо гатовы быў закрычаць ад адчаю, тое, што чорным небам накрыла іх, раптам паднялося ўгору, і зноў стала светла-светла. Непадалёку ад сябе Радзім убачыў Ою і, узрадаваўшыся, што ўжо можна нармальна дыхаць, удыхнуў паветра на поўныя грудзі і спытаўся:

— Оя, а што гэта было?

— Разумееш, гэта быў звычайны чаравік. Ім наступілі на нас. І мы аказаліся ў выемцы абцаса.

— А ты дзе была?

— Побач з табою. У суседняй выемцы. Ледзь паспела адкаціцца ў выемку. А то б…

Яна не дагаварыла. Памаўчала троху, а тады дадала:

— Я табе сказала, што гэта быў звычайны чаравік. Але ён-то якраз незвычайны. Гэта Юлін абцасік! Яна на нас наступіла. Як ішла да лавачкі. Зараз Юля садзіцца побач з Юрасём. Бярэ з яго рук букет бэзу… Разглядае. Шукае шчасце — пяціпялёсткавую кветку…

Оя падрабязна расказвала яму пра ўсё, нібыта знарок хацела пазлаваць яго. Радзім моўчкі, сціснуўшы зубы і кулакі, слухаў яе. І ніякавеў ад бездапаможнасці — а што ён можа зрабіць?! І Кулета, зірні, які нягоднік. Рады, што яго няма, і вунь што творыць. Ды і Юля таксама ладная. Бач ты яе, кветкі ад гэтага губашлёпа бярэ, шчасця шукае… Дык навошта ж яна тады ўсюды да яго белаю хмаркаю з'яўлялася? Пачакай, а можа, гэта тут, у роднай вёсцы, не яна?

— Яна, Радзім, яна, — не чакаючы пытання адказала Оя. І ў гэты час неба зноў пацямнела. Ён, баючыся, што на

іх зноў нехта наступіць, прыгнуў да зямлі Ою і ўпаў побач з ёю сам. Але неба ніжэй не апускалася і не закрывала іх. Яму нават здалося, што яго нехта разглядае: ён адчуваў гэта спіною. Павярнуўся, каб убачыць — хто, але нічога, апрача вялізнай глыбы, што навісла над імі, не разабраў.

Канечне, гэта быў хтосьці з веліканаў. Ён, мусіць, заўважыў, што нешта варушыцца на зямлі, і зараз прыглядаўся, вывучаў, дзівіўся.

Пасля яшчэ больш пацямнела з правага боку, і не паспеў ён разабрацца, чаму пацямнела, як нехта асцярожна-асцярожна ўзяў іх у два пальцы — абоіх разам, — падняў вышэй і апусціў на нейкую новую плоскасць.

— Яны пасадзілі нас на далонь і разглядаюць.

Потым іх перасаджвалі з рукі на руку і ўсё разглядвалі. Адны, хто быў больш далікатны, бралі асцярожна і ласкава, а іншыя — груба і бесцырымонна страсалі на далонь: ім было гэта балюча і непрыемна, але супраціўляцца яны, безабаронныя, не маглі.

Куды іх толькі не саджалі! І на пальцы, і на цаўё лапаты, і сабе на галаву, і на травіны, і на суквецці. Садзілі і ў краскі і закрывалі іх там пялёсткамі. У красках і так вельмі душна, але калі закрывалі пялёсткі, там увогуле не было чым дыхаць. Канечне, ён сам гэтага не бачыў, а пра ўсё, што з імі адбываецца, расказвала яму Оя.

Потым іх пасадзілі на калёсы і некуды павезлі. Але неўзабаве спыніліся і пацягнулі назад, каб праз нейкі час рушыць наперад. Яму здавалася, што, на здаровы розум, у гэтых дзеях не было аніякага сэнсу, але хто яго ведае, можа, ён і памыляўся. Часам здараецца і такое: глядзіш збоку — анічога не разумееш, а чалавек перакананы, што робіць вялікую справу.

• Так і вазілі іх веліканы сюды-туды на калёсах. Калёсы былі агромністыя, Радзім з Ояй згубіліся на іх, здаваліся яшчэ меншымі, чым на самой справе. Нечыя пальцы ўсё забаўляліся з імі: то возьмуць і перасадзяць на драбіну і вязуць, прытрымліваючы; то ўмосцяць пасярод калёс; то падсцелюць травы, каб мякчэй было сядзець, а ім ад гэтага бадылля яшчэ мулчэй робіцца.

Урэшце, яму гэта так надакучыла, што ён падгаворваў ужо Ою саскочыць з калёс, але яна не згадзілася: высока, ды і, саскокваючы, можна было патрапіць пад колы.

— То ж яны забаўляюцца, — усміхнулася Оя.

— Хто гэта — яны?

— А ты яшчэ не здагадаўся? Гэта ж дзеці. Гуляюць у свае гульні. Калёсачкі катаюць, савочкі ў іх ляжаць, вядзерцы стаяць. А тут і мы замест ляляк ім трапіліся. Вось яны і заняліся.

— Ага, заняліся. У мяне ўжо бакі баляць ад іхняга занятку. А хіба яны не бачаць, што мы — людзі?

— Не, не бачаць. Кузуркі, думаюць.

— Кузуркі, кузуркі… Гэта ж, відаць, Юліны меншыя сястрычкі. Атрымаюць яны ў мяне, як вярнуся. А што яны гавораць? Ты чуеш?

— Чую.

— А чаму я нічога не чую? Я як глухі ўсё роўна: такая цішыня навакол…

— А ўсё ж каля нас аж грыміць і гудзе ад іх шалу, галёкання. Але гэты гул паверсе ідзе. Да нізу не даходзіць. А я ўсё роўна чую чамусьці.

— Ну дык што яны гавораць?

— Пацяшаюцца з тваёй Юлі і Губашлёпа. Згаворваюцца ісці да лавачкі, каб сагнаць іх.

— А яны ўсё яшчэ сядзяць на лавачцы?

— Сядзяць.

— Абдымаюцца?

— Не. Ён хоча яе абняць, а яна не даецца.

Оя ўважліва, пільна паглядзела на Радзіма. Ён вытрымаў гэты позірк і нічога не сказаў, прамаўчаў — навошта ёй ведаць пра яго пачуцці.

— Губашлёп цябе абгаворвае. Кажа, што ты некуды збег, бо баяўся экзамена па хіміі. А ён во не збаяўся і добра здаў, хоць у годзе вучыўся на адны двойкі.

— Але ж Юля ведае, куды я збег. Мы ж з ёю трымаліся за рукі, пакуль пясчынка не разлучыла нас.

— Яна слухае Губашлёпа і толькі ўсміхаецца.

— А як Юля вярнулася назад? У ранейшае вымярэнне? Яна пра гэта не расказвае?

— Не расказвае. Але гаворыць: «Мы патанулі кудысьці ў зямлю. Але калі я вынырнула, вынырне і ён». Гэта значыць, ты…

Радзім уявіў сабе, як і ён будзе вынырваць на паверхню — спакойная-спакойная вада і раптам — буль-буль-буль — з'яўляюцца бурбалкі, а потым паказваецца і галава, — усміхнуўся. Оя ж падумала, што ён усміхаецца з іншае прычыны, — бачыш, Юля помніць, думае пра яго. Яна засумілася, зацялася, зрабілася зусім маўкліваю. На ўсе яго роспыты, што там, на лавачцы, адбываецца, нічога не адказвала. Калі ён усё ж даняў сваімі пытаннямі, Оя, адвярнуўшыся ўбок, нейкім ціхім і сумным, як усё роўна вінаватым, голасам прамовіла:

— Яна чакае цябе, — і ўздыхнула. — Яна кахае цябе. Радзім не ведаў, як у такой сітуацыі паводзіць сябе, — супакойваць дзяўчыну, суцяшаць яе? Але як супакойваць і чым суцяшаць? Маніць, што ён не хоча сустрэцца з Юляю? Але ж гэта будзе непрыстойна. Хоча, хоча, хоча сустрэцца! І ён абавязкова сустрэнецца з ёю!

Думаў так, але нічога не гаварыў. Маўчала і Оя. Яна толькі журботна глядзела некуды ўдалячынь. А потым нечакана, парывіста кінулася да яго і ашчапіла Радзіма рукамі за шыю. На сваіх губах ён, збянтэжаны, адчуў яе гарачыя, ласкавыя вусны. Яны шапталі:

— А я, дурнічка, сама закахалася ў цябе…

Яе шчокі былі мокрыя — Оя плакала. Ён зразумеў, што яна плача, калі дзяўчына далікатна пацёрлася шчакою аб яго шчаку.

Радзім і сам здзівіўся, калі падсвядома адчуў, што яму гэта прыемна, — значыць, і ён не абыякавы да зэмкі, якая аказалася звычайнаю, такой жа самаю чулліваю, як і нашы беларускія дзяўчаты.

Здзівіўся, што і яму хочацца прыгарнуць яе да сябе, выцерці слёзы, правесці даланёю па шчацэ, што так прыціснулася да ягонай. Але ён марудзіў — нешта замінала яму. Радзім стаяў з апушчанымі рукамі і маўчаў. Оя шчымліва, пяшчотна, нібы развітваючыся назаўсёды, зноў дакранулася да ягоных вуснаў — хлопец заўважыў, якія яны салёныя ад слёз — і яе рукі, усё яшчэ сашчэпленыя на Радзімавай шыі, пачалі слабець, разыходзіцца.

— І ўсё ж, — ледзь пачуў ён, — я памагу табе, мой каханы, сустрэцца з Юляю…

І ў гэты час штосьці здарылася. Іх разлучылі, і, здаецца, пальцы, якія груба ўхапілі яго, перавярнулі ўніз галавою і некуды панеслі. Было нязручна, было балюча, кроў прылівала да галавы, у вушах шумела — ці то ад гэтай прыбольшанай крыві, ці то ад ветру. Ён паспрабаваў паварушыцца, каб, калі ўдасца, перавярнуцца, але пальцы трымалі так моцна, што пра гэта не было чаго і думаць.

Другая рука кудысьці панесла Ою. Дзяўчына паспела яшчэ папярэдзіць Радзіма:

— Дзеці падарылі нас старэйшай сястры. Яны садзяць нас на Юліну завушніцу, — пачуў ён апошнія словы, і ўсё раптам знікла: і сама Оя, і яе голас.

Жыццё на завушніцы

Спачатку ён і нагамі, і рукамі адчуў штосьці халоднае-халоднае — здалося нават, што зноў трапіў на Жалезны Хаос. Тут было гэтак жа, як і там, настыла, зябка і цёмна.

І калі цемра неўзабаве знікла — пальцы, пасадзіўшы Радзіма на завушніцу, той жа час адсланілі святло, — а вось холад застаўся. Па тым, як адразу востра запахла жалезам, Радзім здагадаўся, што ў Юліных вушах сёння, мусіць, просценькія завушніцы з мельхіёру, якія яму заўсёды падабаліся сваёю вытанчанасцю — кветка, выкаваная з цяжкога матэрыялу, была лёгкая і нават не верылася, што яна жалезная. Але пацвердзіць сваю здагадку нічым ён не мог — стаяў пасярод нейкай глыбокай упадзіны і далей яе берагоў нічога не бачыў.

Ды і агледзецца таксама не паспеў — адразу ж адчуў, што з ім штосьці адбываецца. Здаецца, ён зноў пачаў змяншацца — зразумеў гэта па тым, што ўсё вакол яго вырастае памерамі, а ён сам нібыта ўплішчваецца — усё глыбей і глыбей — у завушніцу.

Успомніў, колькі ён ужо за час сваіх прыгод змяншаўся: нават, калі, здавалася, змяншацца не было куды і не было як, усё роўна знаходзілася такая магчымасць. І дзіўна, чым болей Радзім змяншаўся, тым здаваўся самому сабе яшчэ больш вялікім і моцным.

Не, гэта яму не толькі здавалася, гэта было на самой справе: чым меншым ён цяпер рабіўся, тым большым выглядаў сярод усяго, што ўзнікала вакол яго. Асабліва такое стала відавочным, калі ён раптам апынуўся — як усё роўна саскочыў аднекуль туды — у якімсьці вялікім і тлумным горадзе, сярод невядомых яму людзей. Радзім быў завялікі і для людзей, і для дамоў — гараджане, што мітусіліся, як мурашкі, пад нагамі, задзіралі галовы і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва.

О гэтая скрыўленасць часу і прасторы, гэтае другое, ці ўжо трэцяе вымярэнне! Толькі што ён быў маленечкаю кузуркаю сярод веліканаў, ніяк не мог перайсці ад краю і да краю чаравік, не мог убачыць цалкам чалавека, а зараз ужо на яго самога глядзяць як на волата і, мусіць, прыкідваюць, ці ўдасца з ім як-небудзь паразумецца.

Падумаў: вось і цяпер нехта хутчэй за ўсё пазірае на завушніцу, але не ўяўляе, нават сцяміць не можа, што на ёй ёсць гарады і мітусяцца людзі. Ды ён і сам раней не думаў пра гэта, а каб хто сказаў такое, абурыўся б: завушніца, як завушніца, пра якое жыццё на ёй вы гаворыце?!

На шчасце, ніякіх непаразуменняў з гэтымі людзьмі ў Радзіма не ўзнікла. Да яго зусім блізка падышоў нейкі чалавек, зірнуў знізу ўверх, пачаў штосьці гаварыць.

Але хлопец нічога не чуў. Тады незнаёмец, зразумеўшы, што стараецца ён марна, палез рукою за спіну і нібыта ўключыў якую кнопку. І на вачах пачаў расці, шырыцца, таўсцець — як усё роўна яго надзімаў хто. Неўзабаве ён зраўняўся ростам з Радзімам. Руку, што націскала кнопку, сунуў у Радзімаву далонь, прывітаўся:

— Здароў.

— Здароў! — адказаў яму Радзім.

— Ну як?

— Аніяк, — усміхнуўся хлопец.

Чалавек гэты быў такі свойскі, і гаварыў ён так проста і нязмушана, быццам яны ведалі адзін аднаго вельмі даўно. Тварам і паставаю ён быў падобны на Кастуля, губашлёпавага бацьку, гаваруна і кампанейскага дзядзьку, і таму Радзіму было проста з ім гаварыць — якраз так бы ён гаварыў з любым вясковым мужчынам.

— Вітаю цябе, хлопча, у вар'яцкім доме! — між тым усміхнуўся яму новы знаёмы.

— Дзе, дзе? — перапытаў Радзім. — У вар'яцкім доме, кажаце?

— Ага. Але ты вельмі не перажывай і не палохайся, — убачыўшы, што хлопец змяніўся з твару, збляднеў і наструніўся, супакоіў яго дзядзька. — Тут сабраны лепшыя людзі нашай краіны. А сапраўдныя вар'яты якраз на волі, там, за сценамі нашага дома.

Радзім аглядзеўся, абвёў вачыма збудаванні.

Гэта і праўда, мусіць, быў вар'яцкі дом. Ён вельмі ж нагадваў турму: адгароджаны ад астатняга свету тоўстымі, высокімі, цаглянымі сценамі, паверсе якіх ішоў калючы дрот, сам змрочны і няветлівы, ён палохаў сваімі мурамі і скляпеннямі. Убачыўшы, што Радзім яшчэ болей разгубіўся, дзядзька развёў рукамі:

— Даруй мне, хлопча, што я цябе выкраў сюды. Спадабаўся ты мне. А ў мяне якраз няма талковага памочніка. Таму я даўно прыглядаюся да цябе, сачу за табою. Вось мне і здалося, што толькі ты паможаш нам, — дзядзька абвёў позіркам турэмныя сцены, паказаў рукою. — А да іх ты неўзабаве прывыкнеш. Людзі ў нас усе прыстойныя, разумныя. Ты пасябруеш з імі і праз нейкі час не будзеш заўважаць муроў.

— А вы хто тут будзеце? — хоць і па-свойску, але ўсё ж няўпэўнена, нясмела спытаўся Радзім.

— Я? Я тут Галоўным Вар'ятам працую, — адказаў дзядзька і патлумачыў: — Пасада ў мяне такая…

Пачуўшы гэта, Радзім яшчэ болей разгубіўся. Ён не ведаў, як сябе паводзіць з незнаёмцам, што думаць пра яго: ці то дзядзька напраўду нармальны чалавек, якога сілаю схавалі ў вар'яцкі дом, ці, можа, ён на самой справе вар'ят, але гаворыць так, што адразу не разбярэшся, хворы ён ці здаровы.

— Не бойся мяне, хлопча, — убачыўшы Радзімаву разгубленасць, загаварыў да яго дзядзька. — Ніякі я не вар'ят. Такім хочуць мяне бачыць сапраўдныя вар'яты. А тут, за мурамі, вельмі тактоўныя і праніклівыя людзі абралі мяне нават Галоўным Мудрацом.

— Дык а за што вас сюды… пасадзілі? — асмеліўся нарэшце спытацца Радзім.

— Разумееш, хлопча, я люблю сваю краіну. Цяжка нам жывецца, нялёгка дыхаецца. Даймаюць нас нейкія непрадказальныя патопы, землятрусы. Затым гады такога спакою, што аж вушы закладае ад цішыні. І хоць бы ветрык які варухнуў паветра. А пасля зноў — ураганы, ліўні, якія змываюць усё на свеце…

Каля іх ужо сабралася шмат людзей. Яны, маленькія-маленькія, з цікавасцю назіралі, як гаворыць Галоўны Мудрэц з нейкім веліканам, — задзіралі галовы, дакраналіся, дацягваліся рукамі да яго калашыння, абмацвалі чаравікі. Далёка-далёка ўнізе, каля яго ног жыхалі машыны, на ўзроўні пояса ляталі птушкі, а над галавою — самалёты: некаторыя праляталі нават перад самымі вачыма.

— Дык вось я і хацеў разабрацца, хто мы такія і адкуль мы. Хацеў знайсці нейкія законы, нейкія залежнасці, паводле якіх жыве наша цывілізацыя. Вывучаў, вылічваў, супастаўляў. Задумаўся, да прыкладу, чаму суседнія краіны называюцца так дзіўна. Самі мы жывём у краіне За. А каля нас — іншыя дзяржавы: Вуш, Ні, Ца. Мы быццам бы пачынаем нейкае слова. Склаў назвы краін. «Завушніца» атрымалася. Значыць, наша планета Завушніцаю завецца! Сказаў пра гэта Каралю № 121. «Што?! — азвярэў той. — Мая Вялікасць не жадае жыць на нейкай там Завушніцы!» І вось я апынуўся тут.

Радзіму здалося, што самалёт ляціць якраз яму ў твар. Ён адхінуў галаву і машынальна махнуў перад сабою рукою. І зразумеў, што збіў, як камара, самалёт, калі ўбачыў, што той пачынае падаць на зямлю. Добра яшчэ, што паспеў падхапіць яго на далонь, а то потым, прыняўшы на душу такі грэх, — столькі б людзей загінула, бо самалёт быў пасажырскі! — усё жыццё пакутваў бы ад гэтага. Узяў самалёт у пальцы, падняў яго вышэй і адчуўшы, як той трымціць у руках, сілячыся вырвацца, каб паляцець, адразу адпусціў яго. Радзім бачыў, з якой радасцю, вызваліўшыся з няволі, самалёт вырульвае на свой маршрут.

— Вось так я стаў Галоўным Вар'ятам краіны За, — Мудрэц нейкі час маўчаў, уважліва сочачы, як забаўляецца хлопец з самалётам, і загаварыў зноў толькі пасля таго, як ён адпусціў аэробус на волю.

«І тут Дурбудзія!» — сам сабе падумаў Радзім, але ўголас не сказаў гэтага, бо яго ніхто ўсё роўна не зразумеў бы: доўга давялося б тлумачыць, што і да чаго.

— Кароль, кажаце, пасадзіў вас сюды?

— О, кароль у нас арыгінальны. Ён толькі і гаворыць: «Мая Вялікасць хоча», «Мая Вялікасць думае», «Мая вялікасць лічыць». Іншага ад яго і не пачуеш. І вось табе маеш: усе нармальныя людзі ў вар'яцкім доме, усе ненармальныя — разам з ім, на волі.

— А чаму ненармальныя?

— Ну хіба нармальны чалавек вытрымае такое? Скажам, той жа кароль. Ён прымушае ўсіх пляваць на сябе, а пасля, апляваны з ног да галавы — харкаўцы звісаюць і з кароны, і з валасоў, цякуць па твары, целяпаюцца і на адзенні,— ходзіць між падданых і хваліцца перад імі: зірніце, колькі я медалёў заслужыў… І смаркачы — таксама для яго медалі.

— А ён пляшывы?

— Пляшывы.

— І метка ў яго на лысіне?

— І метка ёсць. А адкуль ты ведаеш?

— Ведаю, што вы паддаліся нячысцікам, а ўладу ў вас захапілі адны пляшывыя.

— Не, у нас і патлаты быў. Праўда, таксама конікі выкідваў. Ёдзе куды-небудзь на сустрэчу з народам, а за сабою сто вазоў медалёў і ордэнаў вязе. Сваіх. Начапляюць там на пінжакі, развесяць па горадзе — маўляў, во які ў нас заслужаны прэзідэнт.

Блізка каля Радзімавай галавы зноў ляцеў самалёт. Радзім двума пальцамі злавіў яго і крыху прытрымаў — захацелася зноў адчуць, як ён трымціць усім целам, усім корпусам, вырываючыся, нібы нешта жывое, з рук. Гэта заўважыў Мудрэц, насупіўся, сказаў:

— Не ўмееш, хлопча, карыстацца дадзенаю табе сілаю. Тут жа выставіў да Радзіма рукі, адною, як і ў самога сябе, павадзіў у яго за спіною, нешта ці то падумаў, ці то нават сказаў, і хлопец адразу адчуў, што зноў вібрыруе і змяншаецца. Калі ён зрабіўся такі, як і ўсе, яму гэта нават спадабалася: дасюль адчуваў нязручнасць, што сам вялікі, а ўсе астатнія — маленечкія, а зараз, як падраўняўся, знаёміцца стала прасцей. Мудрэц зменшыўся і сам.

— Злуешся? — спытаўся ён.

— Наадварот, удзячны вам, — адказаў Радзім. — Я не люблю вылучацца. Хачу быць як і ўсе.

— За гэта ты мне і спадабаўся. Пайшлі, я табе пакажу сваю лабараторыю.

Лабараторыя Мудраца была падобная на сярэдневечную келлю. Усюды стаялі і ляжалі — і на стале, і на крэслах, і нават на падлозе — нейкія старадаўнія прыборы, кнігі, рукапісы, а на сценах віселі шматлікія графікі і схемы. У кутку Радзім заўважыў ці то ложак, ці то тапчан і здагадаўся, што тут, у лабараторыі, Мудрэц і спіць.

— Не вельмі каб багата, — заўважыўшы, што хлопец разглядае яго келлю, як усё роўна апраўдваючыся, зазначыў Мудрэц. — Але жыць можна. Затое ніхто тут мне не перашкаджае. А там жа не далі б працаваць: кожны вар'ят усюды свой нос суне: а што робіш, а навошта, а з якой мэтай?

Крыху памаўчаў.

— Хаця і тут бывае. Вунь мой сябра, выдатны вучоны. Хваліўся сваёй лабараторыяй. І не ведаў, што як толькі ён уключае рубільнік, да яго адразу ж падключаюць гільяціну: ён міжволі рэжа галовы невінаватым. Як толькі сябра даведаўся пра гэта, звар'яцеў. Яго хуценька забралі на волю. І дзе ён цяпер — не ведаю.

На гэты раз Мудрэц маўчаў доўга. Каб хоць неяк вывесці яго з роздуму, Радзім спытаўся:

— Вы тут жывяце?

— Ага, — схамянуўшыся, адказаў той. — І ты таксама будзеш тут жыць. І будзем мы з табою наперад складаць табліцы мяркуемых патопаў і землятрусаў. Разумееш, я ў нечым памыляюся. Усё, здаецца, разлічу, усё ўзважу і прадумаю. Праз тыдзень будзе патоп! Мы падрыхтуемся, пазачыняемся, чакаем, а патопу няма і няма. Тады кароль і абражае мяне: «Дурань ты, а не Мудрэц!» А пасля, калі ўсе супакояцца, павераць, што патопу не будзе, калі паадчыняюць усе закрыўкі, раптам абрушваецца такі лівень…

Радзім разумеў, што і яму складаць гэтыя графікі таксама будзе цяжка: патоп бывае на завушніцы тады, калі Юля, не зняўшы ўпрыгожанняў, будзе купацца, а як ён угадае, калі ёй захочацца ў ваду?!

Скажам, землятрусы ўгадаць крыху лягчэй. У іхняй вёсцы танцы бываюць раз ці два на тыдзень, звычайна ў суботу, альбо ў нядзелю, вось тады, мусіць, і пачынае ходарам хадзіць зямля пад нагамі ў людзей з краіны За, калі Юля пойдзе, да прыкладу, полечку ці рускага.

А Мудрэц усё скардзіўся.

— Бываюць у нас і гады засухі. Свеціць сонца і свеціць. Не заходзіць зусім. Усё выпаліць, бывае, да голай зямлі. І людзі аж салавеюць ад спёкі. Але я ніяк не магу зразумець перыядычнасць гэтай бяды і прычыну таксама…

Радзім ведаў прычыну. Засуха на Завушніцы, відаць, пачыналася тады, калі Юля здымала ўпрыгожванне і клала яго на падаконнік. А ў акно свяціла сонца! Ён сам, калі часам дакранаўся да завушніцы, дзівіўся, якая яна была гарачая: нельга ўзяцца рукою! Зразумела, як горача тады бывае людзям на ёй — быццам у скварні.

Так пачаліся будні жыцця на Завушніцы. Радзім шкадаваў, што няма побач з ім Оі, якая б, дзякуючы свайму загадкаваму энергетычнаму злепку, магла б расказаць, што зараз робіць Юля і дзе знаходзяцца яны самі. Але дзіцячыя пальцы, якія паасобку садзілі яе і яго на Завушніцу, відаць, развялі іх у розныя бакі, і яны хутчэй за ўсё апынуліся не толькі ў розных месцах, але і ў розных дзяржавах: ён — на За, а яна — ці ў Вуш, ці ў Ні, ці ў Ца.

— Ведаеш, хацеў я разам з табою ўкрасці сюды і тваю дзяўчыну. Але ў мяне гэта чамусьці не атрымалася. Я змушаны быў яе адпусціць.

— Якую дзяўчыну? — не ведаючы, пра каго Мудрэц гаворыць, спытаўся Радзім.

— Ну тую, з якой ты хімію вучыў. Але ўвесь матэрыял раптоўна пачаў супраціўляцца. Упершыню большае не хацела змяшчацца ў меншым, а меншае — не сутыкалася з большым…

Во яно што! Цяпер Радзіму стала зразумела, чаму Юля вярнулася дадому. І яшчэ хлопец здагадаўся, што Вялікі Мудрэц не ведае, што Завушніца, на якой існуе столькі дзяржаў і жыве столькі людзей, належыць не каралю № 121, а ўсяго толькі Юлі, яе вуху.

А як, скажыце, яна можа знікнуць у сваёй жа Завушніцы? На чым тады тая будзе трымацца? Юля пачне змяншацца, а разам з ёю зменшыцца і сама Завушніца, куды дзяўчыне трэба ўваходзіць… Рэбус!

Жыццё на За ішло сваім парадкам. Людзі ўжо прывыклі да Радзіма, яны ведалі, што ён з Мудрацом заняты папярэднімі разлікамі зненавідных стыхійных бедстваў, і цярпліва чакалі вынікаў. Час на За быў не такі, як на Зямлі, але дыскамфорту ад гэтага Радзім не адчуваў.

— Сумуеш па Беларусі? — аднойчы, перапыніўшы працу, ні з таго ні з сяго спытаўся раптам Мудрэц.

— Сумую, — шчыра прызнаўся Радзім.

— Я гэты час многа цікавіўся тваёю Радзімаю. Прагледзеў усе крыніцы, якія толькі былі ў нас, — Мудрэц крыху памаўчаў, падумаў і, уздыхнуўшы, сказаў: — Прыгожая і добрая яна, твая радзіма, — і дадаў: — Па такой нельга не сумаваць…

У Радзіма аж зашчаміла сэрца — радасна, калі вось так чужыя людзі гавораць пра твой край.

Яму ж, шчыра кажучы, пакуль што не было калі сумаваць: за гэты, як яму здавалася, кароткі час ён пабываў у столькіх экзатычных краінах, пабачыў столькі людзей і пазнаў столькі дзіваў, што і пра радзіму, і пра сваю вёску яму не было калі ўспамінаць. І ўсё ж вось зараз, як толькі Мудрэц загаварыў пра гэта, у Радзіма затрымцела душа і ён адчуў, як стаміўся ад змушанага падарожжа.

Яму вельмі захацелася дадому. Захацелася проста адчыніць свае веснічкі, зайсці ў сваю хату, легчы на сваю канапу, глядзець у сваё акно… Дадому!

Пачакай, а куды гэта дадому? Ён жа і цяпер, лічы, дома. Калі добра ва ўсім разабрацца.

Цяпер Радзім знаходзіцца на завушніцы. Завушніца — на Юліным вуху. Юля — недзе ў хаце ці каля яе. Хата ў роднай вёсцы, а вакол — уся любімая Беларусь, па якой ты сумуеш…

Дык жа выходзіць, што ён і зараз там, куды імкнецца, па чым сумуе! Аднак Беларусь, яго вёска, сама Юля для гэтай краіны За, для гэтых людзей, што насяляюць яе, — як далёкая-далёкая галактыка. Яны, можа, і здагадваюцца, што такая галактыка ёсць, што За ўваходзіць туды, але вось убачыць яе ўсю, зразумець, спасцігнуць хоць думкаю, не могуць.

Дзіўна было ведаць, што і іх таксама не заўважаюць. Можа, і цяпер глядзіць хто-небудзь на завушніцу, але і ў думках нават не ўяўляе сабе, што на ёй у гэтую самую хвіліну віруе такое жыццё…

Мудрэц перакладаў на стале нейкія выразкі з газет, нейкія паперы. Падаў адну Радзіму:

— Пачытай.

Радзім угледзеўся ў яе.

«Па вытворчасці трактараў (95,5 тысячы ў год), — чытаў ён, — Беларусь значна апярэджвае Вялікабрытанію, Італію, займаючы ганаровае месца ў групе сусветных лідэраў трактарабудавання. Паперадзе яе толькі Японія (156 тысяч) і ЗША (106 тысяч)».

Цікава, а ён пра гэта і не ведаў. У школе толькі тое і рабілі, што ўбівалі ў галовы думку пра адсталую і забітую Беларусь. Відаць, трэба было апынуцца так далёка, а правільней — так глыбока ад свайго краю, каб даведацца пра гэта.

Вочы нецярпліва бегалі па радках:

«Мінеральных угнаенняў Беларусь здабывае ў паўтары разы болей, чым Францыя, амаль удвая апярэджвае ФРГ і ўтрая — Англію і Японію. Сярод еўрапейскіх краін рэспубліка толькі ад Італіі адстае па выпуску хімічных валокнаў і нітак. Затое па вытворчасці масла ў паўтара разы пераўзыходзіць італьянцаў, а таксама японцаў».

— Я не ведаю гэтых краін, — задумліва загаварыў Мудрэц, — але калі з імі параўноўваюць вас, то яны хутчэй за ўсё нечага вартыя…

— Ага, — патлумачыў яму Радзім, — гэта самыя багатыя капіталістычныя краіны.

Сказаў і сам адчуў, што Мудрэц, пэўна, не зразумее яго, — адкуль яму ведаць, што гэта такое: «капіталістычныя краіны», «сацыялістычныя краіны».

— Багаты твой, хлопча, край, — гледзячы кудысьці паўз Радзіма, — нібыта ён якраз бачыў тое, пра што гаварыў,— ціха прамаўляў Мудрэц. — І народ твой добры. Але зламыснікі хочуць знішчыць яго. І хітра гэта робяць. Дабрадзеямі прыкінуліся. А самі ўсе намаганні прыкладаюць, каб вы павыміралі. Рупяцца, каб хутчэй памерлі старыя, а малыя — каб увогуле не нараджаліся. А таго, хто насуперак ім усё ж радзіўся, — дурнямі, рабамі паробяць. Спояць і затаўкуць. Старым не даюць есці, адабралі ў іх лекі — памірайце хутчэй. Маладыя маці баяцца раджаць, бо трывожацца, што не будзе чым карміць дзяцей. Ды і ў раддом жа цяпер не пойдзеш — дорага. А большасць дзяўчат і маладух увогуле затлумленыя наркотыкамі, сексам, вар'яцкімі песнямі і музыкаю. Дзе ім ужо да сваёй жаночай радасці, да дзяцей. Самая лепшая цяпер для іх праца — прастытуцыя…

Мудрэц, прыжмурыўшыся, усё яшчэ глядзеў у адну кропку па-за Радзімам — як ўсё роўна чытаў гэтыя думкі з якога-небудзь ліста, выстаўленага здалёк.

— Зямля ваша, хлопча, некаму спадабалася, — нявесела закончыў свае разважанні Мудрэц. — Спатрэбілася нейкаму д'яблу зямля ваша, але без людзей. Даверлівасць вас загубіць, за сваю дабрату вы загінеце.

Радзім слухаў яго ўважліва, не перапыняў.

— Ды і ў нас, хлопча, не лепей, — усё яшчэ суміўся Мудрэц. — Не мёд, як ты кажаш. Быццам пазвар'яцелі людзі. Адабраў бог розум. І гэты злыдзень… — Мудрэц не гаварыў, але хлопец зразумеў, што ён мае на ўвазе караля № 121.— Дарэчы, ты ж яшчэ не быў у горадзе. Схадзі, падзівіся, як мы жывём на волі…

Калі Радзім выходзіў з вар'яцкага дома, калі за ім з цяжкім і напружаным рыпеннем зачыняліся масіўныя жалезныя дзверы, ён яшчэ не ведаў, што неўзабаве будзе бегма бегчы сюды назад.

Першае, што яму кінулася ў вочы адразу за варотамі,— гэта цесната. Здаецца, усе людзі былі на вуліцах, ніхто нідзе не працаваў. Адны, абшарпаныя і абадраныя, хадзілі сюды-туды па вуліцах з нейкімі наскрозь дзіравымі палотнішчамі і сцягамі; другія, збіўшыся ў цесныя кучкі, цярпліва стаялі на мітынгах і слухалі ўсіх, хто б што ні гаварыў. Радзім, пастаяўшы ў некалькіх натоўпах, зразумеў, што хоць прамоўцы вярзуць розную лухту, усе іх горача і зацікаўлена падтрымліваюць.

Каля якогасьці афіцыйнага будынка стаяў ладнаваты, падобны на збітых у кучу авечак, гурт людзей у зусім падзёртым адзенні. Ашмоцце матлялася на ветры, спадала да самай зямлі. Амаль ва ўсіх іх былі з сабою торбы: у адных яны віселі праз плячо, у другіх — па дзве крыж накрыж, а трэція трымалі іх у руках, размахвалі імі.

Радзім далучыўся да іх, прыстояў. Паслухаў, пра што яны гавораць. Жабракі выкрыквалі лозунгі:

— Патрабуем у сто разоў павысіць цэны!

— Волю зладзеям і спекулянтам!

— Хочам казіно і бардэлі!

Радзім спытаўся ў бліжэйшага жабрака:

— А чаго вы хочаце?

— Прыёму, — абыякава адказаў той.

— А што на тым прыёме? — лез у душу Радзім.

— Вілы будуць выдаваць, — усур'ёз адказаў жабрак і грэбліва адвярнуўся — падумаеш, не ведае нават, па што яны стаяць тут.

— Вілы? Якія вілы?

— Самыя сапраўдныя. Двухпавярховыя.

— Усім? — Радзім здзіўлена абвёў вачыма вялікі натоўп.

— Усім! І бясплатна!

— А дзе, калі не сакрэт, знаходзяцца тыя вілы?

— Недзе на поўдні, каля цёплага мора. Усе мы раптам станем багатымі. І машыны ў нас будуць! — пераможна зірнуў на яго жабрак.

Людзі складалі рукі як для малення, рабілі якіясьці аднолькавыя рухі.

— Што, яны моляцца?

— Не, гэта ў нас такія апладысменты. Мы пляскаем самі сабе, а таксама нашаму дарагому і любімаму, найсвятлейшаму каралю № 121.

Радзім пастаяў яшчэ крыху з імі, але на ганак афіцыйнага будынка ніхто не выходзіў, і ён пайшоў далей.

Яму ўжо стала ніякавата на вуліцы. Сустракаліся людзі — нейкія атупелыя, зачумленыя, змрочныя, дэградзіраваныя, і хлопцу было боязна за краіну, якую давёў да такога стану найяснейшы кароль № 121.

Захацелася зноў у вар'яцкі дом, за тоўстыя, непрыступныя муры і цяжкія вароты, дзе спакойна жывуць і спакойна працуюць прыгожыя душою і розумам людзі. Асабліва пасля таго, як сустрэўся з натоўпам п'яных. Яны неслі ў руках бутэлькі гарэлкі, пілі на хаду з рыльца і не закусваючы гарланілі песні. П'яныя перагарадзілі яму дарогу, пачалі прыставаць.

— Выпі з намі!

— Хлопцы, я не п'ю, — пачаў быў апраўдвацца Радзім, але яны не слухалі яго.

Нейкі таўстун — як удоўж, так і ўпоперак — прыставаў больш за ўсіх:

— Як гэта — не п'ю?! Мы ж п'ём за здароўе шаноўнага караля № 121. Ты што, не хочаш выпіць за нашага вялікага і мудрага? Ты што, не жадаеш яму здароўя? Доўгіх год жыцця? Можа, табе ўвогуле не падабаецца наш кароль? Чаму ж ты тады і сам не п'еш за яго светласць, і нам не даеш выпіць?

— Мне падабаецца, — хлусіў ён, — ваш кароль, але не падабаецца гарэлка.

— А мы яму зараз сілаю заллём! — да яго падскочыў худы і чорны з твару чалавек і ўчэпіста схапіў за руку.

П'янтосы пацяшаліся:

— А ён, відаць, з вар'яцкага дома збег.

— Не, яго якраз трэба туды здаць.

— Што вы! Толькі на гільяціну! Ён жа абразіў нашага шаноўнага караля.

Хоць п'янтос і трымаў яго сваёю касцістаю рукою вельмі моцна, усё ж Радзім вырваўся і штосілы пабег назад, у бок вар'яцкага дома, дзе за турэмнымі мурамі толькі што адчуваў сябе так спакойна… Баяўся, што паваляць, ухапіўшы за шчэлепы, разявяць рот і напраўду нальюць гарэлкі, а то, такія п'яныя, яшчэ затопчуць ці прыб'юць.

Натоўп кінуўся быў за ім, але неўзабаве адстаў — Радзім бегаў няблага і ў школе па фізкультуры ў яго былі адны пяцёркі.

П'яныя то адсталі, але яны справакавалі жабракоў. Тыя, убачыўшы, што ўсе некуды бягуць, кінуліся ўслед за імі. Нехта, нібы падбухторваючы іх, крыкнуў: «Там вілы даюць!», і гэтага было дастаткова, каб дружна сарваўся ўвесь гурт і пабег услед за Радзімам.

На бягу жабракі паспявалі выкрыкваць: «Патрабуем павысіць цэны!», «Няхай жыве беспрацоўе!». Радзім, раз-пораз азіраючыся, бачыў, як целяпаюцца ў розныя бакі іхнія жабрацкія, худыя без міласціны, торбы.

За імі кінуліся іншыя людзі, і праз нейкі час услед бег ужо як не ўвесь горад.

Радзім не ведае, што і было б, каб прадбачлівы Мудрэц своечасова не выйшаў за вароты. Ён загадзя прычыніў крыху іх, упусціў хлопца, вывернуўся сам і таропка зачыніў наноў, адразу ж зашчапіўшы на ўсе крукі і завалы, — брамнік адно стаяў збоку і назіраў, як добра ў яго ўсё атрымліваецца.

Натоўп, быццам марская хваля, зламаўся, разбіўся аб муры вар'яцкага дома, але не супакоіўся. Жабракі і іншыя гараджане, што далучыліся да іх па дарозе, дружна крычалі: «Вілы нам!», «Дайце нам вілы!» і доўга не разыходзіліся.

Мудрэц, пачуўшы гэтыя крыкі, зморшчыўся:

— Во чаго захацелі! Вілы ім трэба! Чакайце, кароль дасць вам вілы… Але тыя, якімі гной з хлява выкідаюць…

Зашчапіўшы вароты, яны спакойна пайшлі ў мудрацову келлю: ведалі, іх ніхто і ніколі не зламае. Вароты былі моцныя, іх зрабілі, каб абараніцца ад тых, хто сядзіць усярэдзіне, а яны, ці бачылі вы, наадварот ратуюць гэты дом ад усіх, хто можа пагражаць з вуліцы, з волі.

Зноў пайшлі звычайныя будні. Яны сядзелі з Мудрацом над схемамі, над графікамі, падлічвалі кожны дзень, кожную гадзіну, каб як мага дакладней прадказаць патопы, засухі і землятрусы. І зразумець, чаму раптам так пацямнела — кожны дзень прыцемкі, вечаровая шэрань.

На волю яму ўжо не хацелася — і зараз, як толькі ўспамінаў пра той выхад, яго адразу пачынала калаціць і трэсці: то ж трэба, ледзь не трапіў пад гільяціну!

Успомніў пра Ою, падумаў: «Дзе яна?»

І, нібы працягваючы свае думкі, прамовіў уголас:

— Дзе яна?

— Хто? — у сваю чаргу, спытаўся Мудрэц. — Оя ці Юля?

— Оя.

— А я думаў, што ты шукаеш Юлю, — расчаравана прамовіў Мудрэц і дадаў: — Разбярыся, хлопча, дакладна, хто табе трэба.

І праўда, дзіўна ў яго неяк атрымліваецца. Ён хоча дадому, хоча хутчэй сустрэцца з Юляй. Але замест таго, каб шукаць яе, ён толькі тое і робіць, што шукае Ою. І хоць часцей за ўсё гэта не яго віна, усё ж правільна гаворыць Мудрэц — трэба разабрацца.

— Оя? — перапытаў стары. — Оя цяпер знаходзіцца ў краіне Ца. Яна там узначальвае народны рух у тваю абарону. Гэты рух трасе ўсю краіну. Праходзяць мітынгі і дэманстрацыі пад лозунгам: «Свабоду Радзіму!» Усе лаюць нашага караля № 121 за тое, што ён дэспат, тыран, парушае правы чалавека, гноіць у вар'яцкім доме ні ў чым не вінаватага чалавека. А кароль і да сёння яшчэ не ведае, што ты ў нас — ты ж ні па якіх дакументах не праходзіш, не лічышся.

— А яна далёка адсюль, тая краіна Ца?

— Далёка. Праз дзве дзяржавы ад За. І ўсё ж Оя ў бліжэйшы час збіраецца наявіцца сюды, каб пагаварыць пра цябе з каралём…

Мудрэц задумаўся, памаўчаў.

— Прывык я да цябе, хлопча, — нарэшце, уздыхнуў ён. — Цяжка мне будзе развітвацца з табою. Але ж давядзецца. Як кажуць, узятае трэба пакласці на месца. Вось скончым разлікі, дапаможаш крыху аблегчыць наша жыццё, і я адпушчу цябе дадому. Табе і там дужа многа працы знойдзецца. І тваю ж зямлю таксама бараніць трэба…

Радзіму было ўжо шкода Мудраца, рупіла неяк памагчы яму, але ж вельмі хацелася і дадому — можа, яшчэ і на выпускны вечар паспее. Ды і ва універсітэт рыхтавацца час ужо. А ён жа, здаецца, забыўся нават тое, што ведаў.

— Я таксама прывык да вас, — прызнаўся і Радзім.

— І ўсё ж дом ёсць дом, Радзіма ёсць Радзіма, — у голасе Мудраца было многа суму. — Я не буду цябе трымаць, хлопча. Вось складзем графікі…

І раптам Радзіма як працверазіў хто. Ён нечакана зразумеў, што ўся гэта складаная праблема на самой справе вельмі простая.

— Паслухайце! — як не закрычаў хлопец. — Ну і дзівакі ж мы з вамі. Нездарма тут жывём.

Крадком зірнуў на Мудраца: ці не пакрыўдзіўся — жарт гэты яму самому здаўся грубаватым. Але той слухаў уважліва, і па ім не было відаць, што стары крыўдзіцца.

— Адтуль, з дому, я памагу вам лепей! Бо ўсё, разумееце, такое простае, як і ўсё мудрае. Ваша зямля — гэта Юліна завушніца. Значыць, толькі ад Юлі залежыць ваш лёс. Адпускайце мяне хутчэй дадому, я сустракаюся з Юляю і забіраю ў яе завушніцу! І ўсе вашы нягоды на гэтым канчаюцца. Я ўсё буду рабіць так, як вам падабаецца. Трэба вам дожджык — вадой папырскаю, трэба цеплыня — на сонца пакладу. І абяцаю вам беражна абыходзіцца з вашаю зямлёю. Не дапушчу ніякіх землятрусаў.

Мудрэц аслупянеў: і праўда, усё геніяльнае — найперш простае. Нейкі час ён маўчаў — абдумваў Радзімавы словы, — а потым, калі ўва ўсім разабраўся, усё зразумеў, узрадавана засмяяўся, кінуўся да хлопца, пачаў ціскаць яму абедзве рукі адразу:

— Я заўсёды думаў, што ты малайчына. І не памыліўся. Ты Галоўны Мудрэц, а не я…

З гэтага часу Радзім пачаў рыхтавацца дадому. Яны дэталёва абмяркоўвалі з Мудрацом ўсё, што ён павінен рабіць з Завушніцаю, каб вось на гэтай зямлі ўсім жылося добра: калі класці на сонца, калі апырскаваць вадою…

І чакалі Ою. Мудрэц казаў, што яна са сваімі прыхільнікамі ўжо каля самых граніц За.

І ўсё ж яна з'явілася знянацку. Радзім, хоць і ведаў, што Оя неўзабаве будзе тут, хаць і чакаў яе, усё ж сцепануўся, калі ўбачыў дзяўчыну.

Выгляд у яе быў рашучы, задзірысты і гнеўны — яна і зараз збіралася змагацца з усімі, хто будзе стаяць на шляху, замінаць ёй. Але сустрэўшыся вачыма з Радзімам, адразу зніякавела, сцялася і раптоўна стала ранейшаю безабароннаю дзяўчынкаю, худзенькаю і кволаю.

— Радзімачка! — радасна закрычала яна і кінулася да хлопца. Падбегла, ашчаперылася рукамі за шыю і, не зважаючы на тое, што побач стаяў Мудрэц, пацалавала яго ў вусны. — Як ты тут?

— Добра, — адказаў Радзім і таксама абняў дзяўчыну за худзенькія-худзенькія плечы: яе чамусьці стала яму дужа шкода.

— Цябе тут не мучаюць?

— Што ты! Мне тут хораша! Оя здзіўлена спыталася:

— Цябе кінулі ў вар'яцкі дом, і табе тут падабаецца? З цябе здзекуюцца, а ты рады?

— Оя, — ласкава гладзячы дзяўчыну па плячах, тлумачыў Радзім. — Вар'яцкі дом якраз там, на волі, а тут — добра. Сапраўдная воля тут.

— Нічога не разумею: воля ў вар'яцкім доме, а на волі — вар'яцкі дом? За што ж я тады змагалася?

— За маё вызваленне. І ты перамагла, Оя. Сёння Галоўны Мудрэц гэтай зямлі адпускае мяне дадому.

Оя яшчэ цясней прыгарнулася да яго.

— Я так чакала гэтай сустрэчы. І вось зноў нам трэба расставацца… Не, я не пакіну цябе! Я вярнуся разам з табою ў тваё Дабрынёва!

І тут жа сцішылася, сумелася, замоўкла. Праз нейкі час як не шэптам спыталася:

— А яна — там? Юля? Разумееш, я страціла магчымасць бачыць энергетычныя злепкі…

Радзім не адказаў ёй — толькі мацней прыціснуў да сябе, і Оя радасна-трывожна заціхла ў ягоных абдымках.

Маўчаў доўга, прыслухоўваючыся і да сябе, і да Оі. Затым рашуча сказаў:

— Яна там. Чакае мяне. І я ажанюся з ёю…

Развітваўся хлопец з Мудрацом шчыра і проста. Удакладнілі яшчэ раз, што, як і калі павінен ён рабіць з Завушніцаю — іхняй зямлёю, валадаром якой ён зараз робіцца.

— Аднак жа ты павінен не толькі памагчы нашаму народу, але і абараніць свой. Разумееш, яго з усіх бакоў так затумкалі, што ён і сам ужо не ведае, не памятае, што вялікі і горды, — Радзім убачыў слязінку, якая бліснула ў адным воку Мудраца. — Поспехаў табе, хлопча. Будзь шчаслівы на сваёй зямлі. Пакланіся ёй. Зямля ў цябе харошая. Любі свой народ. Ён таксама цудоўны. І яму, хлопча, пакланіся.

Мудрэц прыставіў да яго рукі, заплюшчыў вочы, засяродзіўся, нешта пашаптаў, памыліў губамі, а затым выставіў перад сабою далоні, дзьмухнуў на іх — Радзіму здалося, што ён і сам стаяў на гэтых далонях, і вось зараз яго як усё роўна садзьмула моцным ветрам і штосілы нясе ўвышыню.

Апамятаўся ён пад самым небам. Ціха, невагома, нібы пад столлю, вісеў пад ім — не падаў уніз і не ўзнімаўся яшчэ вышэй.

І раптам хлопца аж скаланула — нейчая рука нечакана дакранулася да ягонай. Ён адскочыў убок і ўжо адтуль паглядзеў: хто гэта?

Побач з ім плавала Оя.

Яны слізгалі знізу, як па лёдзе, па гладкай, слюдзяной — нідзе ні парушынкі! — паверхні, дакраналіся да яе рукамі, адчувалі спінамі, упіраліся галовамі.

І тады як усё роўна нехта выразна сказаў:

— Выпусці іх — яны ж вольныя.

Але неба не растулялася, не раскрывалася — яно нарывала вакол іх, як болька. У тым месцы, дзе яны прыклеіліся да яго, паверхня чырванела, іх саміх зацягвала нейкаю ліпкаю, як туман, вільгаццю. Ім ужо нічога не было відаць і не было чым дыхаць. І быццам зразумеўшы, што яны вось-вось могуць задыхнуцца, неба неўзабаве растулілася, прарвала і, нібы скабку, выкінула іх вонкі, на другі бок.

Яму здалося, што, як пальчатка, вывернулася сама абалонка: той бок, які быў усярэдзіне, стаў знешнім, а знешні апынуўся ўнутры.

Яны з Ояй апускаліся на зямлю.

Яшчэ з вышыні Радзім пазнаў сваю вёску. Школу з выносістымі ліпамі каля яе, луг з такою знаёмаю рэчкаю, каля якой пасвіўся статак.

Яшчэ над зямлёю Оя раптам затрэслася ўся і роспачна закрычала:

— Яна тут! Яна тут! Яна ідзе ў наш бок!

А як толькі гэпнуліся на сцежку, Радзім адразу заўважыў, што дзяўчына імгненна, на вачах змяншаецца, усё здаляючыся і здаляючыся ад яго. Ён кінуўся ўслед за ёю, пачаў даганяць, як мятлушку, нарэшце накрыў тое месца, дзе толькі што бачыў яе, — маленькую, бы кузурка, — але ўжо было позна: пад рукою нікога не аказалася. Адно з самых глыбінь зямлі да яго данеслася:

— Я не хачу вам замінаць! Я аддаю цябе ёй! Бо я кахаю цябе!

Голас быў нармальны, паўнагучны. У вушах усё яшчэ гучала: «Я кахаю цябе!», і ён няўцямна, з нейкім заміраннем сэрца — ведаў, што Оя ўжо ніколі не вернецца, — як вар'ят, глядзеў на тое месца ў зямлі, куды, быццам куля, утачылася, укруцілася яна.

Глядзеў і хацеў уявіць, дзе цяпер Оя, што з ёю. Можа, дзяўчына зноў вярнулася ў сваю Зэмію, а можа, — усяго толькі парушынка вось на гэтай парушынцы, што амаль невагома плавае ў сонечным промні.

Падняў галаву, агледзеўся, куды яго прызямліла.

Зачахлыя дрэвы. Высахлая трава. Разбураная зямля.

Успомніў: радыяцыя…

Стаяў ён пасярод лугу. Непадалёк пасвіліся каровы — скублі радыяцыйную траву. Каля іх Радзім угледзеў пастуха — той стаяў і ад няма чаго рабіць ляскаў пугаю. Прыгледзеўшыся пільней, пазнаў: дык гэта ж дзядзька Кастуль, Юрасёў бацька. Падышоў бліжэй і радасны, што нарэшце сустрэў знаёмага чалавека, расчулена павітаўся:

— Здароў! — абыякава адказаў той і не здзівіўся ягонаму з'яўленню, нават не спытаў, чаму яго гэты час не відно было ў вёсцы.

Ад хат ішла сюды пажылая жанчына з дзецьмі. Здалёку Радзіму здалося, што гэта цётка Ганна, Юліна мама — відаць, ім і Кулетам сёння выпала радоўка быць у полі. Калі яна падышла зусім блізка, Радзім павітаўся з ёю:

— Дзень добры, цётка Ганна!

Але жанчына, замест таго каб адказаць на ягонае прывітанне, вельмі шчыра рассмяялася:

— Жэўжык, ты што, звар'яцеў?! — крыху адсмяяўшыся, спыталася яна. — Мяне не пазнаеш?

Радзім стаяў, лыпаў вачыма і ніяк не мог зразумець, чаго яна смяецца.

— Я ж Юля, — зноў засмяялася жанчына.

— Юля?! — не паверыў сваім вушам ён.

— Юля, — усё гэтак жа спакойна адказала аднакласніца.

— А наш выпускны… — хацеў нешта спытацца хлопец, але Юля толькі махнула рукою:

— Які табе выпускны, Жэўжык! Столькі ж часу прайшло…

Хоць і нясмела, але Радзім усё ж падышоў да яе, узяў за руку, зазірнуў у вочы. Яна ж адвяла свой позірк, глянула ў бок дзядзькі Кастуля, рашуча вырвала далонь з ягоных пальцаў і нібыта з дакорам ціха сказала:

— Позна, Радзім. Позна…

А потым апусціла вочы долу і, мусіць, каб не чуў дзядзька Кастуль, яшчэ цішэй прамовіла:

— Я ж даўно замужам. За Юрасём. Ён трактарыстам працуе. А гэта ўсё губашлёпінкі мае родныя, — і яна абедзвума рукамі адразу паспрабавала прыгарнуць да сябе ўсіх дзяцей — іх, можа, было шэсць ці сем: і хлопчыкаў і дзяўчынак.

Яму чамусьці падумалася, што якраз яны, яе дзеці, нядаўна мелі яго за ляльку і гулялі з ім.

Дзядзька Кастуль, відаць, зразумеўшы ўсю далікатнасць размовы Радзіма з нявесткаю, здагадліва адышоўся ад іх, пайшоў на другі бок табуна.

Але ім усё роўна не было пра што гаварыць. Радзім глядзеў на гэтую распаўнелую пасівелую жанчыну і ніяк не мог даць веры, што гэта Юля.

І Юля, нібы здагадаўшыся, пра што ён думае, сама загаварыла пра гэта:

— Ты ж во застаўся такім маладзічком, а я, як бачыш, у старую бабу распаўнела. Мы ж цяпер з табою, як сын з маткаю.

Угледзелася ў яго, здзівілася:

— Зірні ты, а ў яго яшчэ і «Хімія» за поясам.

— А ты біяфак скончыла?

— Пра што ты гаворыш?! Мая старэйшая дачка на біяфаку вучыцца…

О гэтае скрыўленне прасторы і часу!

Успомніў пра Мудраца з краіны За і пра сваё абяцанне. Зірнуў на Юліна вуха: завушніц на ім не было. Яна перахапіла яго позірк, удзячна ўсміхнулася:

— Ты ўсё яшчэ мае завушніцы помніш?

— Я любіў іх. Дарэчы, яны вельмі табе ішлі.

— А Юрась ненавідзеў. Ведае, што яны табе калісьці вельмі падабаліся.

— А дзе яны зараз?

— Ён закінуў іх некуды. І не кажа куды.

Вакол бегалі Юрасёвы і Юліны дзеці. Яны чапляліся за матчыны ногі, хапалі яе за рукі, цягалі, тармасілі за плацце.

Пачуўшы гэтую навіну, Радзім зніякавеў: Губашлёп закінуў завушніцу! А там жа людзі! Жывыя людзі! Не, ён знойдзе тую завушніцу! Хоць гэта і будзе цяжка.

Ён дапаможа Мудрацу і яго народу жыць так, як яны хочуць!

Юля, страсянуўшы галавою, — мусіць, каб пышнейшымі сталі валасы, — ласкава, як раней, у школе, паглядзела на яго, зачырванелася, тут жа апусціла вочы долу і скрушліва загаварыла:

— Чаму ж ты не шукаў мяне, Жэўжык? А я начамі не спала, думала пра цябе, чакала… А то і сніла часам. То раптам убачу, што ты сядзіш дзесьці ў спякотнай пустыні, пад гарою гарачага пяску з нейкаю вельмі падобнаю на мяне дзяўчынаю і вы збіраецеся цалавацца… Спякота такая, а ім, ці бачыце, цалавацца карціць…

Юля ўсміхнулася, памаўчала, мусіць, успамінаючы далей свае сны.

— А ў другі раз сню, што лячу я над нейкаю прорваю. Ноч самая, цёмна вакол. І раптам бачу: ты над прорваю вісіш, матляешся, нагамі сучыш — вось-вось сарвешся і паляціш у прадонне. Я хуценька падляцела да цябе, руку табе падала, на нейкую вераўчаную лесвіцу паставіла — тая аж захісталася… Дзіўна так, як усё роўна зараз бачу той сон. А прорва такая глыбокая, цёмная, страшная…

Жанчына замоўкла, але хутка, нібы спахапіўшыся, уздыхнула:

— Позна, Радзім, позна…

— Ага, позна, — згадзіўся з ёю і Радзім, а сам думаў пра тое, што толькі што расказала Юля: значыць, яна і напраўду была, відаць, і ў пустыні, і над прорваю, і ля свяшчэннага возера зэмаў…

Далекавата, на дарозе, загрукатаў трактар. Ён напрамкі, праз поле спяшаўся сюды. Дзеці падбеглі да Юлі, абкружылі яе, загаварылі, перабіваючы адно аднаго:

— Мамка! Мамка! А вунь наш татка едзе!

Юля, як і ўсе сялянкі свету, прыклала руку да вачэй і з-пад далоні ўгледзелася ў той бок, у які паказвалі дзеці. Радзім убачыў у гэтым зручны момант, каб развітацца:

— Ну добра, Юля, бывай. Я пакуль што не хачу сустракацца з тваім Кулетам.

І пайшоў з лугу ў бок вёскі.

Цяпер ён ужо быў зусім вольны — Оя вярнулася ў Зэмію, у сваё вымярэнне, а Юля не дачакалася яго з падарожжа.

Ён быў вольны для нейкай вялікай ідэі, якую пакуль што яшчэ не разумеў і сам, але якая ўжо міжволі непакоіла яго і турбавала.

Нібы нехта знарок правёў яго праз Дурбудзіі, Жалезныя Хаосы і іншыя жахі, каб паказаць, што не трэба рабіць дома.

Але ж як сказаць свайму народу, што ён вольны і моцны, добры і мудры? Як абараніць яго ад зламыснікаў, якія пераконваюць усіх, што ён забіты і слабы?

Задумаўшыся, міжвольна ўсунуў рукі ў кішэні. Пальцы намацалі нейкую цвёрдую макулінку. Радзім дастаў яе, няўцямна пакруціў перад вачыма і выкінуў у траву. Прайшоў колькі крокаў, але тут жа спыніўся — пачакай, пачакай, дык гэта ж семка з зэмаўскай яблыні! Столькі яно бераглося ў кішэні, а тут, дома, ён узяў ды і выкінуў. А раптам гэта як талісман які — на ўсё жыццё, што наперадзе?! Яно ж з бацькавай яблыні, але прайшло разам з ім такія выпрабаванні…

Вярнуўся назад, знайшоў у траве семка. Зноў агледзеў яго, але на гэты раз ужо больш уважліва і зацікаўлена.

Семка паспела прарасці — пусціла маленькую, але магутную навырост дзюбачку.

Радзім асцярожна схаваў семка ў далоні.

Так, у далоні, ён прынёс яго да свае хаты і, пакуль не пасадзіў пад вокнамі, не разгінаўся, не падымаў вачэй ад зямлі.

Дрэва ўвачавідкі ўзялося расці…

Да Радзіма ўжо беглі з градаў бацькі, сыходзіліся аднавяскоўцы — паглядзець, што гэта хлопец робіць.

— Дзень добры табе! — павіталіся з ім.

— Дзень добры вам! — адказаў ён.

1994 г.

Прытчы і метафары

Ледавік і Джунгляня

Вада была бязмежная. Здаецца, і сонца, якое стаяла над самаю галавою, нідзе не бачыла яе берагоў — усюды толькі вада, вада, вада. Ціхая, спакойная, як шкло, паверхня.

А пасярод гэтай вады — вялізны, нібы авіяносец, карабель: на яго палубу можна было б прыняць адразу добрую тысячу цяжкіх самалётаў.

І на ўсю гэтую нямераную разлегласць, і на ўсю гэтую неабсяжную палубу — іх толькі двое: ён, велікан, які ў гэтых бяскрайніх прасторах таксама здаецца маленечкім-маленечкім, і пігмей, якога, асабліва не ўглядаючыся, можна і зусім не заўважыць.

Нікога няма ні на палубе, ні ў каютах, ні на капітанскім мосціку — карабель, здаецца, плыве сам сабою. А часам мроіцца, што ён і ўвогуле нікуды не плыве, стаіць на адным месцы пасярод вады — не чуваць, як працуюць машыны, няма за ім звычайнай пены і хваль, а пракаветная цішыня, што гусціцца навокал, быццам ватаю, закладае вушы.

Хоць бы якая птушка, хай сабе і здалёку, махнула дзе крылом.

Хоць бы якая рыбіна, хай сабе і невялікая, вынырнула дзе-кольвек побач, парушыўшы здзеклівы спакой вады.

Хоць бы які ветрык, хай сабе і ледзь улоўны, прашумеў над палубай, каб разрэдзіць гэтае даўкае маўчанне, якое невідома, але задушліва вісіць над караблём і вадою.

Аднак ужо які месяц навокал ні гуку, ні крыку, ні слова, ні шолаху.

Моўчкі ляжыць пігмей, маўчыць і ён, велікан. І дзіўна, пігмей, хоць ён і звязаны, нават і не паспрабаваў за гэты час паварушыцца, павярнуцца, вызваліцца — ляжыць і маўчыць.

Велікан, куды б ён ні адышоўся, усюды і адусюль бачыць адны толькі вочы пігмея — яны, вялікія-вялікія, здаецца, нават большыя за яго самога, усюды сочаць за ім — нібы ідуць следам. Адышоўшыся, пігмея ён не бачыць, а ягоныя вочы, якія быццам бы аддзяляюцца ад цела і даганяюць крыўдзіцеля, не даюць яму спакою.

У іх невыказны сум, журба, няўцешнасць, але і непрыхаваная нянавісць да велікана, А за што ж ахвяра будзе любіць свайго крыўдзіцеля?!

Вось ужо колькі месяцаў, як яны плывуць на гэтым караблі. Са спякотнага, задушлівага, пракаветнага лесу, дзе дрэвы падаюць адно на адно і гніюць самі сабою, дзе праз зараснікі няма як прадрацца, а паветра такое распаленае, гарачае, што ім няма як дыхнуць, плывуць у халодныя, ледзяныя айсбергі, дзе няма ніводнай травіны, а людзі жывуць у прасторных, гулкіх палацах, выдзеўбаных у льдзінах, і дзе яшчэ больш цяжка дыхаць: паветра замярзае перад самым ротам або нават у горле — не пракаўтнуць.

Велікан выконвае заданне вельмі вялікай дзяржаўнай важнасці. У звярынцы іхняй Лядовіі, а правільней — у людзінцы, бо ў клетках і вальерах там знаходзяцца не звяры, а людзі, не хапала якраз вось гэтага тыпу пігмеяў — дужа рэдкай, амаль зніклай папуляцыі. Гэта будзе апошні экспанат, і тады людзінец можа хваліцца сваёю калекцыяй перад усім светам.

Вось таму Ледавіка і паслалі па гэты экспанат. Канечне, заданне яму дасталося зусім лёгкае — што яму, велікану, могуць зрабіць прымітыўныя пігмеі са сваімі прымітыўнымі лукамі ды стрэламі?! У тым месцы, куды ўдзяўбнецца наканечнік, яму толькі засвярбіць…

Ён пры жаданні, пашукаўшы, памацаўшы рукамі пад дрэвамі, мог бы налавіць, нагрэбці колькі хочаш такіх экспанатаў, але ж яму загадалі прывезці толькі аднаго, вось ён аднаго і вязе.

Пігмей ляжаў у той жа самай позе, у якой і паклаў яго Ледавік яшчэ ля самага берага родных джунгляў. І вочы Джунгляня ўсё яшчэ глядзелі велікану прама ў душу.

І хоць яму было гэта вельмі непрыемна, няёмка, ён усё ж нагнуўся над пігмеем і пільна ўгледзеўся ў чалавека, якому цяпер ужо наканавана да смерці жыць у звярынцы. Само сабою падумалася: а ён жа ні ў чым не вінаваты — проста трапіўся яму пад далонь, калі Ледавік вадзіў рукамі пад дрэвамі, пад галінамі, пад лісцём. Мог бы трапіцца хто-небудзь іншы, а ён вось зараз збіраўся б на паляванне ці, наадварот, ужо нёс бы дадому якую-небудзь упаляваную на абед змяю.

Нахіліўшыся зусім нізка над палубаю, разглядаючы пігмея зблізку, Ледавік заўважыў, што Джунгляня дрыжыць.

Канечне, будзеш дрыжаць! Пігмей жа ляжыць на палубе зусім голы, на ім усяго толькі адна набедраная павязка, але хіба можа сагрэць чалавека адзіны ліст нейкага джунглевага дрэва, хай сабе ён вялікі і лапушысты!

Хоць над галавою стаяла спякотнае сонца, хоць Ледавіку было ўсё яшчэ дужа горача, нават душна, для пігмея ж, выхапленага з трапічнай духаты, цеплыні ўжо не хапала — карабель вельмі далёка адплыўся ад джунгляў, і тут быў іншы, намнога халаднейшы клімат. Ледавік сам успомніў, як яму не было чым дыхаць у трапічным лесе, як ён задыхаўся ад парнасці, душыўся гарачым, бы жар, паветрам на невялікіх палянах. Як спяшаўся злавіць пігмея, каб хутчэй зноў узбегчы на палубу карабля, які стаяў пры самым беразе Пігмеяніі — там можна было крыху адысці, аддыхацца, бо вада, якая давала хоць і маленькую, але ўсё ж прахалоду, была яму як збавенне.

Успомніў, куды яны плывуць, і яму яшчэ болей стала шкада Джунгляня. Уявіў, як гэтаму дзіцяці тропікаў будзе холадна, пакуль прывыкне да сцюдзёных, лядовых пакояў, дзе зімнай сцюжаю павявае і ад сцен, і ад падлогі, і ад столі, і нават ад сонечных промняў, калі сонца хоць і рэдка, але ўсё ж прабіваецца праз хмары, — у іх жа і сонца таксама халоднае!

Канечне, і яго, як раней іншыя экспанаты, што ўжо даўно жывуць у звярынцы, адразу адзенуць у цёплае футравае апранне, у яго клетцы-вальеры пачнуць падтрымліваць высокую тэмпературу — аж сцены будуць плавіцца і сцякаць на падлогу вадою, — але ж яму ўсё роўна, нават пры такой увазе, будзе холадна — калі не целу, то душы.

Пігмей дрыжаў ўсёю сваёю істотаю. Гэта толькі здалёку не відно было ягоных дрыжыкаў, а зблізку кожны мог убачыць, як таго калоціць, як трасе, нібы ў ліхаманцы, яго лядашчае, кволае цела — яно аж грукала аб палубу.

І раптам яму чамусьці здалося, што не ён пігмея, а якраз пігмей яго выкраў у Лядовіі і вязе ў рабства.

І нейкае вялікае-вялікае шкадаванне ці то да сябе, ці то да Джунгляня нечакана агарнула велікана, і на яго найшла нейкая незразумелая замілаванасць да гэтага дзіцяці лесу, якое ні ў чым не вінаватае, а пакутуе толькі таму, што собіла яму якраз трапіць пад руку чужынцу.

Ледавік, спяшаючыся, зняў з сябе куртачку і накінуў яе на пігмея — куртачка для таго была ўжо завельмі вялікая, яна заняла ладную лапіну палубы, і цяпер нават яму, велікану, які толькі што ўважліва разглядаў Джунгляня, стала незразумела, дзе яно стаілася і заціхла — пад крысом, пад каўняром ці, можа, пад рукавом. Меркаваў, што пігмей, ужо накрыты, удзячны яму, сцішыцца зусім, надыхае над куртачкаю паветра і пакрысе сагрэецца.

Але не паспеў ён так падумаць, як уся куртачка захадзіла раптам ходырам, і з-пад яе той жа час выкаціўся пігмей.

Вочы глядзелі на Ледавіка злосна і грэбліва, — тое, што ён накінуў на Джунгляня куртачку, здаецца, раззлавала і абразіла яго: ахвяра не хацела ніякай дапамогі ад свайго крыўдзіцеля!

Але гэтая злосць яшчэ болей расчульвала велікана, выклікала яшчэ большы давер да пігмея. Хоць яму, канечне ж, і не падабалася, што той столькі часу маўчыць — хай бы крактаў, мычаў ці, на крайні выпадак, уздыхаў, а то ляжыць і маўчыць. І нават вось зараз, узлаваўшыся, не выпусціў з сябе ні гуку — адкаціўся і зноў ляжыць, глядзіць, маўчыць.

Веліканы, кажуць, усе даверлівыя. А гэты, здаецца, быў яшчэ больш даверлівы, чым усе яны, разам узятыя.

Хоць да пігмея можна было і не падыходзіць — яго, хоць ён і адкаціўся, лёгка дастаць рукою і адсюль — Ледавік усё ж падышоў бліжэй, прысеў на ўсколенцы і пачаў паволі, не спяшаючыся развязваць вяроўкі, якімі, нібы сноп, было ўвязана Джунгляня. Спачатку развязаў ногі — пігмей нават і не паварушыў імі, ляжаў як нежывы.

Але калі развязаў і рукі, а той нават і не паспрабаваў падняць іх, каб размяць зацёклыя цягліцы — яны ляжалі, як і да гэтага, прыціснутыя да бакоў — велікан, уражаны, падумаў ужо, што, можа, і напраўду Джунгляня памерла ад няўцешнага смутку.

Аднак не, на яго з дакорам глядзелі ўсё тыя ж жывыя, поўныя смутку і нянавісці вочы.

Хоць у іх ужо і было нешта новае…

Пакуль Ледавік дзівіўся, раздумваў, спрабуючы ва ўсім разабрацца, раптам за спіною ў пігмея штосьці зашамацела, лопнула, шуганула, як стрэліла — што гэта крылы, велікан здагадаўся толькі тады, калі Джунгляня, нібы птушка, узвілося ў неба, хапатліва замахала імі і паляцела ў той бок, дзе застаўся родны бераг.

Велікан ачомаўся толькі зараз. Ён пашкадаваў ужо, што позна ва ўсім разабраўся і не паспеў своечасова хоць за што-небудзь схапіць Джунгляня.

Пігмей ляцеў цяжка і, здавалася, зусім не аддаляўся ад карабля. Ён напінаўся, натужна махаў крыламі — як усё роўна цягнуў за сабою нейкі дужа грувасткі груз…

І раптам Ледавік аж ускрыкнуў: ён здагадаўся, чаму так напінаецца і што цягне за сабою пігмей! Той, высільваючыся, спрабуе валачы за сабою карабель — сваю нядаўнюю турму! І вадаплаў, хоць і не вельмі паддаючыся яму, усё ж напачатку нібы нехаця запаволіў свой рух, потым спыніўся зусім, а пасля паціху пачаў сунуцца назад — якраз у той бок, куды ляцела і Джунгляня.

Больш таго, Ледавік заўважыў тоненькую, як павучынка, нітачку, якая нібыта злучала карабель з пігмеем. Хацеў адразу ж бегчы туды, каб разарваць яе, адарваць ад палубы, але, уражаны, не змог зрабіць ніводнага кроку — ногі яго былі звязаныя. Паспрабаваў узняць руку — і таксама не змог: і рукі яго зноў жа былі звязаныя. Тымі ж вяроўкамі, што асталіся пасля вызвалення пігмея. Відаць, пакуль велікан думаў, што і да чаго, пігмей паспеў расквітацца з ім, адпомсціць яму.

Але ж зараз штосьці трэба было рабіць.

Крыху падумаўшы, велікан сам нязграбна паваліўся на дошкі і пакаціўся ў той бок, дзе да палубы была прымацавана таямнічая нітка. І якое ж было яго здзіўленне, што на тым месцы нічога не аказалася. Дакаціўшыся, ён, падымаючы галаву, колькі разоў спрабаваў учапіцца за нітку зубамі, каб перагрызці яе, але зубы ні на што не натыкаліся, ні за што не чапляліся — нітка была прывідная: яна ёсць, і яе няма.

Але ж пігмей менавіта на ёй цягне такі карабель!

Каб лішні раз пераканацца, што гэта і праўда нейкі прывід, ён колькі разоў туды-сюды пракаціўся па палубе, там, дзе, як яму здавалася, павінна мацавацца нітка, але нічога пад сабою не адчуў, нішто яму не замінала.

Толькі тады Ледавік зразумеў, што ніякая гэта не нітка, а ўсяго толькі нейкі таямнічы промень, якім пігмей прывязаў да сябе карабель і які вытрымлівае — не рвецца! — такую нагрузку.

І засаромеўся: чаго ён мітусіцца? Супакоіў сам сябе: навошта яму перагрызаць гэты промень? Пігмей жа цягне карабель назад у джунглі… Няхай цягне!

Яму ж усё роўна нельга вяртацца ў сваю Лядовію без экспаната. А там, у джунглях, ён зноў зловіць пігмея. І ўжо, навучаны вопытам, не аднаго, а добрую сотню, а то і тысячу джунглянят. Каб іх хапіла не на адзін вальер, а на цэлы звярынец! І тады ў іх будзе самая вялікая экспазіцыя пігмеяў.

Няхай, няхай валачэ ў свае джунглі і яго, і карабель!

І засмяяўся, як самы шчаслівы ў свеце чалавек, і нават задаволена пацягнуўся аж да хрусту, пацягнуўся ў думках, бо пацягнуцца напраўду ён, звязаны, не мог.

Велікан забыўся, што не пігмей, а ўжо ён сам зараз нявольнік. Ці, можа, спадзяваўся за доўгую дарогу развязацца…

І яшчэ ён пакуль што не ведаў, што ў джунглях таксама вырашылі стварыць свой звярынец — людзінец веліканаў, там ужо абсталёўвалі клеткі і вальеры, а пігмей, які толькі што вызваліўся, цягнуў туды першы экспанат.

Кат

Яму было вельмі балюча.

Кат, мажны, рослы, пульхны, з тоўстым азадкам, з вялікім і мяккім, як гумовы мяч, жыватом, што ўпіраўся чалавеку як не ў самы твар, сцябаў яго не шкадуючы. Бізун з навязанаю на самым кончыку гайкаю са свістам рассякаў паветра і біў, не зважаючы, па чым трапляла — па спіне дык па спіне, па руках дык па руках, па галаве дык па галаве: спачатку балела там, куды пацэльвала гайка, а затым ужо саднела ў тым месцы, дзе да цела прыліпала, прыклейвалася, нібы гарачае жалеза, уся пуга, сплеценая ў некалькі столак з сырамятнай скуры. Добра адчуваўся тонкі дрот, устаўлены ў пугу — ад яго не ратавала ніякае адзенне, яно рассякалася, разлазілася проста на вачах.

Чалавек спрабаваў абараняцца, выстаўляў наперад рукі, але бізун ламаўся аб іх, гайка мяняла свой звыклы рух і яшчэ балючай біла па твары.

Спрабаваў ён таксама натаўчы кату ў ненавісны жывот, які нібыта знарок здзекліва тырчаў перад ім, але гэта было падобна на крык адчаю: кулакі вязлі ў жываце і потым адскоквалі ад яго, нібы ад гумовіка.

Чалавеку хацелася як-небудзь паваліць ката, пасіліць яго, але той вельмі цвёрда і ўпэўнена стаяў на нагах — як усё роўна нехта наліў у іх свінцу — і, не зважаючы на недарэчныя высілкі ахвяры, сцябаў, здаецца, яшчэ руплівей і з большаю асалодаю.

Кат маўчаў, абыякава глядзеў перад сабою лупатымі вачыма, не азіраўся па баках, і здавалася, што для яго нічога не існуе на свеце, апрача таго, каго ён павінен караць.

— За што?! — малоцячы кулакамі па жываце ката, крычаў чалавек, але яго як не чулі,— бізун сцябаў усё гэтак жа мерна і спакойна.

Можа, ён і напраўду нічога не чуў, бо галава ката была вельмі высока і голас ахвяры, схаванай пад жыватом, да яе хутчэй за ўсё не даходзіў.

— Людзі, памажыце! — прасіў чалавек тых, што праходзілі побач, хапаў іх за рукі, але яны незадаволена вырываліся і спяшаліся як найхутчэй адсюль знікнуць, уцячы — ці то баяліся ўліпнуць у нейкую непрыемную для сябе гісторыю, ці то асцерагаліся, каб самім не трапіць пад бізун з гайкаю.

Ён, дарэчы, ведаў, што ад гэтага ката няма ніякага паратунку, — пакуль не зробіць сваю справу, не выканае дадзеную яму работу, ад яго нікуды не ўцячэш. Прасіць яго, угаворваць, наогул гаварыць з ім немагчыма, марна — ён, здаецца, і глухі, і сляпы.

Чалавек ні ў чым не лічыў сябе вінаватым. Проста яго злавілі на вуліцы нейкія невядомыя людзі — ці то яны памыліліся, ці то ім і праўда нешта не спадабалася, але што — не сказалі,— прывялі сюды, да ката, далі таму ў рукі бізун, загадалі сцябаць, а самі пайшлі — мусіць, лавіць новых.

Кат біў усё мацней і мацней. Ужо зусім падралася на каснікі адзенне, яно ашмоццем звісала з цела, ужо ўся скура была ў крывавых рубцах ад пугі і ў сініх буграх ад гайкі, а злыдзень усё не спыняўся.

Аднак тое, што кат нічога не бачыць і не чуе, як высветлілася, было няпраўдаю: калі ахвяра паспрабавала ўхіліцца, выкруціцца ад удару, ён моцна згроб яе за руку і зноў паставіў на месца.

Чалавеку было балюча, і яму хацелася плакаць.

Але ён раптам зарагатаў. Пляснуў сабе па лобе і зарагатаў. Усе, хто на гэты час праходзіў побач, замест таго, каб уцякаць хутчэй, спыняліся і здзіўлена глядзелі на ахвяру — што гэта з ім здарылася: ці не звар'яцеў — яго б'юць, а ён рагоча.

Чалавек хапатліва лапаў сябе па кішэнях, нешта ў іх паспешліва шукаў. І ўсё рагатаў — як самы шчаслівы чалавек, які зразумеў нейкую вялікую таямніцу, вядомую толькі яму аднаму.

Але ў кішэнях, відаць, нічога не знаходзілася. Таму ён, усё яшчэ рагочучы, пачаў лапаць па пінжаку, што, падраны, звісаў каснікамі. Нарэшце яго далоні наткнуліся на вялікую-вялікую шпільку, якою было сашпілена разам крыссё пінжака, і ад радасці аж падскочыў. Ды так, што ўдарыўся галавою кату ў жывот, ад чаго ўзмах бізуна сарваўся і ўдар гайкі прыйшоўся якраз па седаўцы.

Чалавек зарагатаў яшчэ больш радасна і нязмушана, абняў, наколькі хапала рук, неабсяжны катаў жывот, прыхінуўся да яго шчакою і з вялікаю асалодаю ўваткнуў шпільку — скура была тоўстая, шпілька не лезла, але ён доўга і настойліва круціў яе, пакуль, нарэшце, не прапароў дзірачку.

Калі, выходзячы вонкі, зашыпела паветра, пакараны яшчэ мацней прыхінуўся вухам да жывата і, услухоўваючыся ў гэтае злоснае шыпенне, сам ціскаў ката, камячыў яму бакі, каб хутчэй яго спустошыць.

Калі абмякла і нежыццёва павісла рука ката, калі, балюча выцяўшы напаследак гайкаю, з яе выпаў бізун, які толькі што быў такі грозны і няўмольны, ён адштурхнуўся ад ката, што пачаў ужо асядаць, не спяшаючыся адышоўся ад яго і з нейкаю вялікаю злацешнасцю да крыўдзіцеля і гордаю павагаю да сябе стаяў і слухаў, як усё болей і болей шыпіць, нават свішча паветра — яно само пашырала дзірачку і ўжо вырывалася адтуль з неўтаймаванаю сілаю.

Калі монстр зусім зморшчыўся, а потым пачаў завальвацца на бок — дзе той і жывот падзеўся! — чалавек падышоў да яго, піхнуў нагою ў апалую гуму і ўзрадавана сказаў:

— Дык ён жа проста гумовы!

Людзі, якія стаялі побач і здзіўлена назіралі за тым, што тут робіцца, таксама паўтарылі за чалавекам:

— Дык ён жа ўсяго толькі гумовы! І пайшлі ўслед за ім.

Ён і сам пакуль што не ведаў, куды ідзе. І яны таксама не ведалі, куды іх вядуць. Але ішлі.

Утаймаванне ліфта

У высотным доме-хмарачосе нечакана для ўсіх жыхароў звар'яцеў раптам ліфт.

То ён знарок праскочыць патрэбны паверх, а пасля сам расчыніць дзверы на чужым і як не сілаю выштурхне чалавека не на сваю пляцоўку, а сам, парожні, з безразважным рогатам возьмецца катацца сюды-туды паміж паверхамі.

То ўпусціць чалавека, які спяшаецца пасля працы дадому, і возіць яго, не адчыняючы дзвярэй, аж пакуль той, пазлаваўшыся-пазлаваўшыся, пагрукаўшы кулакамі па чым толькі можна, не стоміцца і, змірыўшыся, бездапаможна не асядзе на падлогу.

То з зачыненымі дзвярамі зацята, як учадзелы, нідзе не спыняючыся, не прыстойваючы, носіцца ўверх-уніз — аж звініць жалеза, аж калоціцца лесвічная пляцоўка: як усё роўна яго пакрыўдзіў хтосьці.

Спрабавалі яго ўтаймаваць самі жыхары — нічога не атрымалася. Паклікалі ліфцёршу. Прыйшла маладая прыгожая дзяўчына, але што яна ні рабіла, ліфт не слухаўся і яе. Праўда, урэшце ён усё ж адкрыўся, а калі ліфцёрша мела неасцярожнасць зайсці ў яго адна, хуценька зачыніў дзверы і не выпускаў дзяўчыну аж цэлага паўдня. Рагатаў ён, вельмі дзіўна смяялася і дзяўчына — як усё роўна хтосьці казытаў яе…

Затым яна пачала плакаць. Мужчыны, спрабуючы вызваліць ліфцёршу, недарэчна бегалі па паверхах, націскалі на розныя кнопкі, але ліфт выпусціў яе толькі тады, калі сам захацеў. Спыніўся на адным з паверхаў, шырока расчыніў дзверы і выпіхнуў дзяўчыну на пляцоўку:

— Наце вам! Бярыце! — нібы выдыхнуў ён. Жанчыны, якія адразу ж сабраліся ля ліфцёршы, пачалі распытваць яе:

— Што, ён здзекваўся з вас?

— Ой, здзекваўся! — праз слёзы адказала ліфцёрша. — Ой, здзекваўся…

Жыхары, усе разам, думалі, меркавалі, як утаймаваць ліфт. Нехта падказаў, што трэба, мусіць, паклікаць міліцыю. У запале гэтай дзіўнай, непрадбачанай барацьбы ніхто не змог цвяроза разабрацца ці хоць бы ўсумніцца: пачакайце, а што ж тут зробіць міліцыя?

Вырашылі паклікаць — і паклікалі. Прыехала міліцыя — з дубінкамі, пісталетамі, рацыямі — пахадзіла па паверхах, аблаяла дурняў ды так ні з чым і паехала: ліфт жа не чалавек — яго не арыштуеш і на пятнаццаць сутак не пасадзіш.

Тады людзі ўспомнілі пра дактароў. Пазванілі ў псіхіятрычную бальніцу:

— Прыязджайце хутчэй! У нас тут адзін звар'яцеў. А хто звар'яцеў — не сказалі. Прыехалі. Цэлая брыгада

ў пад'езд увалілася. З утаймавальнаю сарочкаю, з вяроўкамі, з насілкамі.

— Дзе хворы? — пытаюцца.

А ўсе — хто пальцамі, хто галавою — на ліфт паказваюць.

— Во ён.

— Дзе, дзе? — нічога не разумеюць дактары. — У ліфце?

— Не, не ў ліфце, — адмоўна трасуць галовамі жыхары. — Сам ліфт!

Тут ужо і дактары разгубіліся. Яны думалі, што толькі адзін хворы, а тут, высвятляецца, цэлы пад'езд звар'яцеў. Плюнулі яны на ўсё, санітары скруцілі зноў насілкі ды і паехалі адсюль — усе ж хворыя ў адну машыну не ўлезуць, да таго ж і ўтаймавальная сарочка ў іх толькі адна…

А жыхары дома зноў засталіся сам-насам са сваёю бядою.

Ліфт, нібы разумеючы, што сюды прыехалі санітары з псіхбальніцы і таму трэба паводзіць сябе асцярожна, замоўк, затаіўся, сцішыўся, а калі тыя паехалі, зноў разышоўся: ездзіць і рагоча, ездзіць і рагоча…

Цяпер ужо ліфт хапаў чамусьці толькі адных жанчын, асабліва маладых дзяўчат. А мужчын і блізка не падпускаў да сябе. Калі ж хто з іх і прарываўся, калі і паспяваў падставіць між дзвярамі нагу ці прасунуць руку, ліфт з такою сілаю сціскаў створкі, што мужчына ледзь вырываўся сам.

Жанчыны пачалі абыходзіць вар'ята бокам, стараліся прабегчы каля яго як мага хутчэй — баяліся, што раптам адчыняцца самі сабою дзверы і ліфт уцягне іх у кабіну.

Але так рабілі толькі тыя, хто ведаў пра ліфтавы дзівацтвы. А хто не ведаў, жанчыны, якія не жылі ў гэтым пад'ездзе, траплялі ў пастку часта. Нічога не падазраючы, заходзілі ў кабіну, а потым, усё зразумеўшы, ніяк не маглі вырвацца: і смяяліся, і лаяліся, і плакалі.

У адной маладой пары, якая ішла ў госці якраз у гэты пракляты пад'езд, ліфт схапіў жонку, а муж з тортам у руках, замест таго каб сядзець за святочным сталом і піць гарэлку, як дурань, аж да паўночы бегаў па паверхах і крычаў, і злаваўся, і лаяўся, і пагражаў — а на каго, дзівак, крычаў, каму пагражаў і навошта?

Апоўначы ліфт спыніўся перад мужам і дазволіў яму ўзяць жонку — яна, стомленая, сядзела на падлозе і спала.

Аднаго дня тут выпадкова аказалася Маня Смачная — тоўстая, мажная, моцная, рашучая жанчына: яна, відаць, ішла ў госці да сястры, якая жыла ў суседнім доме. Пачула пра звар'яцелі ліфт і адразу ж накіравалася ў пад'езд:

— А давайце-тку мне яго сюды! Я гэтага вар'ята хутка ўгаманю!

Ліфт адразу ж адкрыў перад ёю дзверы і тут жа зачыніўся.

Усе насцярожана замоўклі. Стаялі, слухалі і чакалі, што будзе далей.

Спачатку з кабіны быў чуваць толькі смелы Манін голас:

— Я табе зараз пакажу! Я т-табе… Я т-табе… Як усё роўна Маня некага нечым сцябала.

Ліфт нейкі час стаяў ціха-ціха — нібы прыслухоўваўся да чаго.

Але раптам ён як сарваўся з ланцуга — заскрыгатаў, завішчаў, заторгаўся і стрымгалоў панёсся спачатку ўгору, потым гэтак жа імкліва кінуўся ўніз. А да слыху цікаўных жыхароў адно толькі даносілася:

— Я табе пакажу! Ану на дваццаты паверх! Ану на першы! Ану на дзесяты! Ану ў цокальны!

І што дзіўна — ліфт слухаўся яе, падпарадкоўваўся Маніным загадам.

Яна мучыла яго вельмі доўга. Калі ж сама спыніла ліфт і выйшла з яго свежая, задаволеная і гордая сабою, той стаяў, як заезджаны конь. Каб у ліфтоў быў язык, можна б было, убачыўшы гэтую карцінку, сказаць, што той стаяў, высалапіўшы яго.

Ліфт аж да вечара стаяў з разнасцежанымі дзвярыма і нікуды не ехаў — як усё роўна адпачываў. А ўвечары маладая маці паставіла ў кабіну калыску з немаўлём, а сама не паспела ўвайсці — ён хутка зачыніўся.

Людзі, што былі побач, анямелі: звар'яцелы ліфт адабраў у маці калыску, а ў ёй жа дзіця! Усіх адразу як паралізавала — жыхары пад'езда ведалі: адабраць у яго што-небудзь, што яму спадабалася, немагчыма. З жахам уявілі, як ліфт з малым у кабіне пачне зараз насіцца ўверх-уніз, як усё пачне калаціцца і скрыгатаць.

А ліфт павольна, амаль бясшумна скрануўся з месца і вельмі ціха пачаў падымацца ўгору. Гэтак жа павольна і асцярожна ён спусціўся ўніз і, не раскрываючы дзвярэй, зноў павёз дзіця ўверх.

Усе зніякавелі: ліфт, здаецца, люляў малога! Некаторым нават падалося, што ён спявае калыханку. Але гэта ўсяго толькі здалося — на самой справе песень не было. А ў тым, што ліфт люляе дзіця, ніхто не сумняваўся: ён яшчэ і да вар'яцтва так ціха і беражліва ніколі не ездзіў.

Малое перастала плакаць, яно пачало гугукаць — з ім і праўда нехта гуляў, забаўляўся.

Страх на тварах у людзей паступова пачаў мяняцца на добрую ўсмешку — і яны, як зачараваныя, слухалі гэтае гугуканне. Крыху супакоілася і маці. Яна хоць і нервавалася, але ўсё ж на вачах спакайнела: дзіцё жывое, не плача, з ім пакуль што нічога не здарылася.

Калі ліфт, нагуляўшыся з дзіцем, спыніўся і адчыніў дзверы, да яго адразу ж кінулася маці, а за ёю і ўсе іншыя, хто стаяў побач. Яны, таўхаючыся, замінаючы адно аднаму, выкацілі з кабіны каляску, а маці адразу ўзялася цалаваць і лашчыць немаўля.

Малое ж спакойна ляжала і ўсміхалася ўсё яшчэ ўзбуджаным людзям сваім мілым бяззубым раточкам.

А ліфт так і стаяў з разнасцежанымі дзвярыма — ён як усё роўна памёр: яму не хацелася ні зачыняць іх, ні з імі, незачыненымі, падымацца ўверх. Асмялелыя мужчыны заходзілі ў кабіну, націскалі на кнопкі, аднак ліфт ні на што не рэагаваў — стаяў і нібыта драмаў.

З гэтага дня пачалося яго паздараўленне. Праз які месяц у кабіну, ужо не баючыся, заходзілі і мужчыны, і жанчыны, і ён спакойна, паслухмяна, нават абыякава вёз іх на той паверх, на які ім трэба было. Праўда, адзін раз хвароба нібы вярнулася — гэта калі ў кабіну зноў зайшла маладая і прыгожая ліфцёрша, але яна чамусьці хуценька выскачыла на пляцоўку і болей да ліфта не падыходзіла.

А ў гэтай хваробе была вінавата якраз яна, ліфцёрша.

Дзяўчына адносілася да ліфта, як да машыны, а ён хацеў, каб з ім абыходзіліся як з чалавекам.

Ён любіў яе. Звычайнай чалавечай любоўю.

І ўся гэтая гісторыя здарылася пасля таго, як ліфт, каб яшчэ раз убачыць каханую, знарок сапсаваўся, а яна прыйшла сюды разам з нейкім рыжым тэхнікам, і ў яго ж кабіне той брыдка гаварыў да яе, непрыгожа паводзіў сябе, а пасля яны непрыстойна цалаваліся.

Вось тады ліфт і разышоўся, разбушаваўся — раўнаваў ён апантана, бурна, як і чалавек.

Потым ліфцёрша, нібыта штосьці зразумеўшы, паспешліва звольнілася і некуды знікла. На яе месца ўладкаваўся нейкі п'яніца. Яго зусім не цікавіў ліфт, ды і ліфту ён таксама быў непатрэбны.

Ліфт супакоіўся, амаль не псаваўся і сумленна выконваў сваю працу: зразумеў, што іншыя людзі ў яго нягодах не вінаватыя.

І праз нейкі час ужо ніхто не ўспамінаў не толькі ў пад'ездзе, але і ва ўсім горадзе, як звычайны ліфт адчуў сябе аднойчы жывым чалавекам…

Труба

У першыя дні гасцявання на гэтай чужой зямлі яго ўвагу прыцягнула доўгая жалезная труба, якая ляжала непадалёк ад Дома Урада, на пусташы, у бур'яне і адусюль, дзе б ён ні быў, кідалася ў вочы. Каля яе, асабліва перад уваходам, была ладна вытаптана трава, па чым можна было здагадацца, што труба не проста забытая, выпадкова кінутая кімсьці на пустэчы, а яна мае нейкі свой сэнс і як магнітам прыцягвае да сябе, мусіць, не толькі яго аднаго.

Не ведае чаму, але яму здавалася, што яна тут ці не самая галоўная: усюды ён чамусьці помніў пра яе, успамінаў пра яе, шукаў яе.

Таму як толькі яму ўдалося астацца на якую хвіліну аднаму, без прыгляду, ён, канечне, той жа час ужо быў каля трубы.

Трава і праўда была вытаптаная каля яе аж да зямлі — шмат хто, відаць, тоўкся тут да яго і, цікаўны, заглядваў у яе цеснаватае жарало.

Азірнуўшыся — ці бачыць хто? — ён і сам пальцамі ўзяўся зверху за няроўна абрэзаныя беражкі трубы, нагнуўся і зазірнуў у яе цёмную, нават чорную пройму. Труба была настолькі доўгая, што і на выхадзе нават маленькаю крапкаю не пазначалася святло.

Труба палохала сваім змрокам, холадам, глядзець у яе было вусцішна, нават жудавата, але той жа час штосьці моцнае, настойлівае і неадольнае насуперак волі змушала яго згінацца ўсё ніжэй і ніжэй, засоўваць галаву ўсё глыбей і глыбей у трубу — аж пакуль самі сабою не расшчапіліся пальцы і не адпусцілі беражкі.

Тады ён, ужо не раздумваючы, рашуча, на руках і каленях папоўз у вузкую дзірку, нібы ў пашчу якога звера.

І што было асабліва страшна: яму хацелася ў гэтую зяпу!

І той жа час, як толькі яго ногі ўвабраліся ў трубу, ён пачуў, што за ім ляпнула жалеза, нешта зашыпела і засквірчэла, быццам недзе побач працавала электразварка, а потым усё сціхла.

У трубе стала зусім цёмна. Ён здагадаўся, што нехта — а хто, бог яго ведае: калі аглядаўся, нікога ж нідзе не было відаць — прыставіў да ўвахода жалезны ліст і заварыў дзірку, у якую ён толькі што ўпоўз.

Вось цяпер толькі яго апанаваў страх.

Ён пачаў задыхацца — у трубе не хапала паветра, пахла паленым жалезам, акалінай, хацелася кашляць. І колькі ні ўглядаўся наперад, не было бачна нават намёку на святло — чорна, цёмна, хоць вока выкалі.

Няўжо яны і выхад заварылі?!

Ад такой думкі зрабілася яшчэ больш жудасна: гэта ж сапраўдная цэльнаметалічная труна! І ці намнога хопіць яму паветра, замураванага разам з ім у трубе?! Разумеў, што хутка ператворыць увесь кісларод у вуглякіслы газ і памрэ.

У роспачы пасунуўся назад і пачаў малаціць абцасамі па жалезе, якім заварылі ўваход. Жалеза грымела, труба рэзаніравала, што аж ламіла ў вушах, а ён усё малаціў і малаціў нагамі. Потым пачаў біць перад сабою кулакамі па трубе — грымела ўжо меней, да таго ж ён бачыў і разумеў сваё глупства: ты што, думаеш, кулакамі размалоціш жалеза?!

Прыслухаўся, а што робіцца на волі? Там было зусім ціха: ці то і напраўду ля трубы нікога не засталося — зрабілі сваю гнюсную справу і разышліся, — ці то яны там і шумелі, і гаварылі, але сюды, у запаяную, як кансервавая бляшанка, трубу ніякія гукі не даходзілі.

Яго разбірала злосць: навошта ім гэта? Запрасілі ў госці, так міла сустрэлі, так шчыра ўсміхаліся, а цяпер запаялі ў трубе?!

І тут ён усё ж разгледзеў далёкую-далёкую крапку святла і ўзрадаваўся: значыць, труба на выхадзе не запаяна! І памагаючы сабе локцямі, каленямі, нават наскамі і пяткамі чаравікаў, выгінаючыся, як уюн, усім целам, спяшаючыся папоўз на гэтую крапку.

Дыхаць было дужа цяжка, а паўзці яшчэ цяжэй: яму нават здалося, што труба да выхада звужаецца. Яна сціскала плечы, ім ужо было цесна зусім, яны выціралі ўсюды пыл — той, хоць і нябачны ў цемры, хутчэй за ўсё клубіўся навокал, запаўняючы сабою кожны зазор паміж ім і трубою, набіваўся ў нос, у рот.

Не, ён не памыліўся — труба к выхаду і праўда звужалася!

Затрывожыўся, што неўзабаве не пралезуць плечы, і ён тады зусім заткне сабою гэтую трубу, а паветра яму застанецца толькі тое, што перад ім. Пачаў спяшацца, бязладна тузацца, варушыцца, шкрэбціся рукамі і адчуў, што выбіваецца з сіл, — ці то ад страху, ці то ад лішняй мітусні.

«Пачакай, пачакай, — загаварыў сам да сябе і пачуў, якія глухія і чужыя яму словы паўтараюць сценкі,— што ж ты робіш? Зусім зняможашся, акволееш, і тады ўжо ніхто табе не дапаможа».

Ён паляжаў крыху спакойна, адпачыў. А затым паціху пачаў варушыцца зноў.

Поўз ён зараз вельмі марудна, але ўсё ж поўз. Хоць да святла ўжо было як рукою падаць, набліжаўся да яго госць дужа доўга. І калі ўжо засталося прыкласці апошнія намаганні, каб выціснуць сябе на волю, перад вачыма штосьці мільганула і ў трубе зноў зрабілася зусім цёмна.

«І тут заварылі выхад, нягоднікі!» — з прыкрасцю падумаў госць.

Памацаў, павадзіў рукою перад сабою, але ні на якую перашкоду пальцы не наткнуліся: значыць, дзірка хутчэй за ўсё засталася адкрытая. Значыць, не заварылі, значыць, пралаз вольны!

Крыху падсунуўся, зноў павадзіў рукою па трубе. Пальцы наткнуліся на шурпатае шво — яно было яшчэ гарачае… «О, — здагадаўся госць, — яны наварылі новую трубу! Падкацілі і наварылі».

Перапаўзаючы ў яе, ён ледзь не паапякаў далоні; адчуваў, як ад шва горача плячам, бакам, нагам — усё сваё цела трэба было прасунуць праз гэтае гарачае кольца.

Ужо калі ўвесь быў у новай трубе, яго, нібы пугаю, ударыла раптам нечаканая думка: а што, калі і гэта труба таксама звужаецца да выхада?! Тады ўжо напраўду нішто яму не дапаможа…

Хто і навошта здзекуецца з яго? І галоўнае — за што на яго так злуюцца тутэйшыя? Што ён ім кепскае зрабіў? Здаецца, яны самі спакусілі госця гэтаю трубою, зазвалі туды, а цяпер што хочуць, тое і вырабляюць.

Што ім ад яго трэба?!

Колькі ні прыглядаўся, як ні ўглядаўся, наперадзе ніякага святла і на гэты раз не ўбачыў. А можа, яны наварылі новую трубу, ужо загадзя запаяўшы ў ёй выхад?

Адчуў, што лоб і ўсё цела пакрываецца халодным потам — страх заўсёды выціскае з чалавека халодны пот.

Але ён усё ж змусіў сябе супакоіцца і пачаў настойліва, з сілаю праціскацца наперад — у яго не было іншага ратунку, як толькі паўзці да выхада.

Прадзіраўся па трубе з цяжкасцю — нялёгка даставаўся яму кожны сантыметр: даводзілася варушыць усімі цягліцамі, каб хоць крышку прасунуцца наперад.

Святла ўсё не было відно. Дыхалася ўсё цяжэй і цяжэй — ці то ад роспачных думак, ці то, і праўда, паветра станавілася меней: ён сам, змяншаючы прастору, спрасоўваў яго.

І раптам ён у штосьці ўпёрся галавою: труба з таго боку ўжо была нечым заткнутая! Памацаў рукамі, натрапіў на нешта круглае, абмацаў яго з усіх бакоў, затым пальцы намацалі нібыта вуха… Яму нават здалося, што перад ім звычайная чалавечая галава! Паспрабаваў піхаць яе даланёю, яна спружыніла, але не пасоўвалася ні на грам.

Тады ён пачаў шукаць плечы — калі ёсць галава, павінны ж быць і плечы — і неўзабаве знайшоў іх. Упёрся абедзвюма рукамі, але скрануць з месца таго, каму належалі гэтая галава і гэтыя плечы, і цяпер не змог: сам ад'язджаў па трубе назад, бо там, дзе ён прапоўз, было крыху шырэй.

Але куды і навошта ён піхае тое, чым забіта труба, што замінае яму паўзці далей?!

Ну добра, скране ён гэтае заткала. А далей што? А калі і другая труба да выхада звужаецца? Гэты корак заб'е зусім выхад, і тады, як кажуць, стойце, прыехалі: ні наперад, ні назад, бо туды, адкуль прыпоўз, вяртацца няма сэнсу, а наперадзе яго таксама нічога не чакае — з чалавекам жа, тым больш з мёртвым, у вузкай трубе не размінешся. Ды і зноў жа няма надзеі, што труба на выхадзе не заварана…

І ўсё ж у яго няма іншага выйсця, як толькі піхаць гэтае заткала, што нечакана з'явілася на яго шляху. Хто заткнуў ім трубу?

Уперціся не было ў што, і таму ногі саслізгвалі ўсё часцей і часцей. Пакутаваў ён вельмі доўга, аж пакуль заткала, здаецца, ледзь-ледзь скранулася. Ён прыціх, ляжаў і не варушыўся — не верыў і сам, што яму ўдалося скрануць яго з месца.

І правільна рабіў, што не верыў: у трубе нічога не скранулася з месца, а галава чалавека хутчэй за ўсё змяла шыю і ўціснулася ў плечы — чалавек, канечне ж, нежывы, і яго шыя зусім не трымае галавы.

Гэтая думка па-новаму яшчэ болей зачапіла яго, ад яе ён увесь сцяўся, скалануўся: ён запаяны ў адной трубе з мерцвяком! І гэты мярцвяк, упёршыся з ім галава ў галаву, не дае яму выйсці адсюль, робіць усё, каб і ён неўзабаве ператварыўся ў мерцвяка.

Госць моцна ўчапіўся ў плечы мерцвяка і раз'юшана, са злосцю пачаў круціць яго, нібы вывінчваючы з трубы. Рабіў гэта так доўга, упарта, зацята, што і сам не заўважыў, калі той скрануўся. А як убачыў, што мярцвяк пасунуўся, што ў трубе папрасторнела, узрадаваўся, як малое дзіця: труба ж, на шчасце, да выхада не звужаецца, а расшыраецца!

Цяпер ужо ён паспешліва піхаў перад сабою мерцвяка, лягчэй поўз да выхада і сам. Яшчэ болей павесялеў, калі ўбачыў, што ў зазоры паміж трупам і сценкамі трубы пасвятлела, — значыць, выхад з трубы, канечне ж, не завараны!

Гэта дало чалавеку, які ўжо збіраўся і паміраць у гэтай жалезнай труне, столькі сілы, што ён у адно імгненне дапхнуў мерцвяка да выхада, выштурхнуў яго з трубы і хуценька выпаўз сам.

Падымацца не спяшаўся: ляжаў у бур'яне і радаваўся волі.

Ён яшчэ не бачыў, што яго сустракаюць, што тут сабралася дужа многа людзей, і спалохана падхапіўся толькі тады, калі зусім непадалёк ад яго грымнуў аркестр.

Госць пакуль не ведаў, што ў гэтай краіне вось так, праз трубу, выбіраюць сабе кіраўніка дзяржавы, а таму стаяў, лыпаў вачыма і, нічога не разумеючы, углядаўся ў святочна апрануты натоўп, які з вялікаю ўвагаю і павагаю пазіраў на яго.

Да госця, стомленага, запыленага, бруднага — ён жа выцер сабою аж дзве такія даўгія трубы! — падышоў нехта з тутэйшых, пакланіўся яму і сказаў:

— Мы горача віншуем вас, наш шаноўны прэзідэнт! І надзеў яму на галаву карону.

Побач беражліва, таксама з пашанаю клалі на насілкі мерцвяка, якога ён толькі што выштурхнуў з трубы.

— А гэта хто? — спытаўся Прэзідэнт.

— Ён па другой трубе поўз вам насустрач, — невыразна адказаў тутэйшы.

— Навошта?

— Таксама, як і вы, хацеў стаць прэзідэнтам…

— Ніякім прэзідэнтам станавіцца я не хацеў! — раззлаваўся Прэзідэнт. — Я проста…

— Кіньце вы! — перапыніў яго тутэйшы. — Каб не хацелі, у трубу б не палезлі… Адным словам, мы віншуем вас з перамогаю на нашых прэзідэнцкіх выбарах!

І тут падышоў народ і пачаў шчыра віншаваць свайго новага Прэзідэнта.

Вялікі і Мудры

У свеце ішла самая жорсткая, самая крывавая, самая страшная вайна. Брат забіваў брата, суродзіч — суродзіча. Краіна ваявала краіну, мацярык знішчаў мацярык, планета пляжыла планету. Усюды валяліся забітыя, ніхто не прыбіраў іх, нікому яны не трэба былі, а ваўкі і шакалы, гэтыя міжвольныя санітары, не спраўляліся ачышчаць ад іх палі — драпежнікі, рассыцелыя на трупах, хадзілі не хаваючыся, нікога не баючыся, а з клыкоў іх тырчала чалавечына, а іхнія хіжыя морды ўвесь час былі ў цёплай чалавечай крыві.

Ад бамбёжак і артылерыйскіх абстрэлаў асядалі друзам прыгожыя дамы і цэлыя гарады, на вачах у знямелых людзей ператвараліся ў руіны жытло, масты, палацы, храмы, сады.

Дыхаць не было чым — паветра загусцела, у ім намножылася, сабралася больш дыму, гару, копаці, пораху, чым паветра.

Усе ваявалі супраць усіх, і ўсё змагалася супраць усяго.

А людзі ўсюды жылі харошыя. Прыгожыя, моцныя, разумныя. Яны былі працавітыя і зычлівыя, дружныя і спагадлівыя.

Хто ж раз'яднаў іх, хто абудзіў такую зацятую злосць і нянавісць адно да аднаго? Хто іх усіх, добрых і шчырых, перасварыў і завязаў у гэтай загубнай вайне, у гэтай разніцы, якая, усе ведаюць, ніколі не кончыцца і ў якой не будзе пераможцаў?

Няўжо яны не бачаць, што той, хто ўсё гэта робіць, злы і нядобры, подлы і каварны?!

Але пра Яго ўсе гаварылі з найвялікшым хваляваннем, з пашанотаю і павагаю. Адны называлі яго Вялікім і Мудрым Правадыром, другія — Асілкам, Волатам, Могучам, а трэція проста падымалі палец угору, быццам Правадыр, дырыжор усяго гэтага, як бог, жыве на небе, і, нібы ведаючы нейкую таямніцу, казалі ўзрушана:

— Ён!

Яму ж карцела абавязкова ўбачыцца з Вялікім і Мудрым. Ён быў нармальны чалавек, разумеў усё, што вакол адбываецца, і хацеў сустрэцца з Правадыром, а калі ўдасца — дык і пагаварыць з ім. Няўжо ён сляпы? Не бачыць нічога, што робіць?

Але ўсе, з кім ён гаварыў, у каго хацеў дапытацца, дзе можна знайсці Вялікага і Мудрага, адмахваліся ад яго, як ад назойлівай мухі, і, ці то зараджаючы гармату, ці то залазячы ў танк, ці то падчэпліваючы пад крыло самалёта ракету, на хаду, паспешліва кідалі яму:

— Што вы! Гэта немагчыма!

Вялікі і Мудры жыў недзе далёка, ніхто не ведаў, дзе пэўна, але ўсе ведалі, што ён ёсць, сочыць за ўсім і кіруе ўсім.

Ніхто ніколі не бачыў Правадыра, аднак усе верылі, што ён разумны і справядлівы, ва ўсім добра разбіраецца і хоча ўсім людзям толькі дабра. «Зла!» — хацелася крыкнуць яму ў адказ, але ён стрымліваўся, бо ведаў, што яго не зразумеюць: людзі ганарыліся сваім Правадыром!

Ніхто не хацеў яму памагаць, паказваць дарогу. Усе толькі паблажліва ўсміхаліся, гаварылі:

— Марны клопат. Вы не знойдзеце яго. Правадыр нікому не паказваецца, бо, як бог, недасягальны. І ніхто не ведае, зямля ці неба яго жытло.

І ўсё ж ён вырашыў знайсці Могуча: калі ёсць Правадыр, павінна ж быць у яго і нейкая хата…

Бомбы сыпаліся як не на самую галаву яму, а ён ішоў.

Снарады разрываліся то справа, то злева, а ён ішоў.

Атамныя выбухі скаланалі зямлю не так ужо і далёка, яркія сполахі сляпілі вочы, а ён ішоў.

Пытаўся ва ўсіх, каго сустракаў, дзе знайсці Вялікага і Мудрага, але ўсе адказвалі яму аднолькава:

— Не ведаем.

І потым сам усё зразумеў: дзівак, ён жа не там шукае — хіба ж Вялікі і Мудры будзе сядзець на перадавой, дзе сыплюцца на галаву бомбы, а вочы слепяць атамныя ўспышкі? Канечне ж, ён знаходзіцца не тут, а недзе далёка-далёка, у глыбокім тыле, дзе не чуваць выбухаў і нішто, апрача сонца, не слепіць вочы.

У глыбокі тыл яго вывезлі на ваенным верталёце.

Ляцелі доўга, пакуль не завіслі над нейкім лугам. Суправаджальнік няпэўна махнуў рукою: «Недзе там. Шукайце!», спусціў вераўчаны трап, па якім ён і злез на траву.

Калі верталёт, падняўшы трап, паляцеў, той, хто шукаў Правадыра, не сыходзячы з месца, агледзеўся.

Справа была рэчка, наперадзе, на колькі брала вока, зелянеў луг, а злева шумеў крыху змрачнаваты лес. Паколькі нідзе не было відаць ніякіх пабудоў, ён, крыху пастаяўшы, паволі пайшоў у бок лесу — мусіць, і праўда, пошукі лепш за ўсё трэба пачынаць з лесу: якраз там, каб схавацца, мог выбраць сабе месца пад жытло Вялікі і Мудры.

І ён не памыліўся. Яшчэ здалёку ўбачыў высокі плот, якім быў абгароджаны ўвесь лес, а падышоўшы бліжэй, разгледзеў і калючы дрот, які ішоў паўзверх дошак.

Знайшоў дзверы ў плоце і вельмі доўга грукаў у іх. Але, на жаль, ніхто не адклікаўся яму, не падаваў голасу. Не было чуваць ніякага гуку, ніякага шолаху, і яму ўжо здалося, што ўвесь гэты вялікі, акальцаваны плотам лес мёртвы.

Аднак праз нейкі час з таго боку, за дзвярыма усё ж пачуліся крокі, і веснічкі адчыніў нейкі заспаны, няголены і непрычасаны чалавек. У прачыненыя дзверы ён убачыў у глыбіні лесу вялікі белакаменны шыкоўны палац, які вельмі ж хораша ўпісваўся ў зеляніну дрэў і травы, і спытаўся:

— Ці магу я пабачыць Вялікага і Мудрага?

— Яго тут няма, — адказаў Заспаны.

Яму ж здавалася, што яго падманваюць, — якраз тут і павінен быў бы схавацца Правадыр — у гэтым лесе, у гэтым палацы.

— А вунь тая святліца не яго?

— Не, не яго.

— І лес не яго? І плот не яго?

— Не яго. Наш Вялікі і Мудры нікога не баіцца і ні ад кога не хаваецца. Ён жыве на адкрытай прасторы, яму не патрэбны парканы і калючы дрот — ён ненавідзіць агароджу.

— А тут хто жыве?

— Тут жывуць тыя, што ўсяго баяцца і ад усяго хаваюцца.

Ён паверыў чамусьці ў словы Заспанага — той, здаецца, не маніў. Спытаўся:

— А дзе мне шукаць Правадыра?

Заспаны вельмі ўважліва, прыдзірліва, неяк пільна і ўчэпіста паглядзеў на яго і, быццам бы ўжо даверліва, адказаў:

— Недзе там шукайце.

І зноў жа невыразна махнуў рукою ў бок лугу і паўтарыў:

— Недзе там…

І адразу зачыніў дзверы.

Толькі цяпер у глыбіні ляску вякнуў сабака — дзіўна, чаму той маўчаў, не азываўся, калі ён малаціў кулакамі ў дзверы і размаўляў з Заспаным?

З гэтаю невыразнаю і непатрэбнаю думкаю ён, угнуўшы, унурыўшы галаву, ішоў па вялікім і, здаецца, несхадзімым лузе. Ніякіх арыенціраў на ім не было, пабудоў — таксама, луг быў чысты і бязмежны, і таму спадзявацца тут на сустрэчу з Правадыром не даводзілася.

А ён ужо нават падрыхтаваўся да высокай, інтэлектуальнай размовы з Вялікім і Мудрым і ўжо ўяўляў, як у белакаменным палацы яны сядуць дзе-небудзь ля каміна і будуць доўга гаварыць пра тое, што адбываецца ў іхнім Сузор'і, і чамусьці верыў, што пераканае Могуча і нешта зменіць.

Задумаўшыся, ён спачатку і не зразумеў, што гэта з ім хтосьці размаўляе. Але ўсё ж спыніўся, агледзеўся — не, здаецца, нікога нідзе не відно. І тады той, хто гаварыў да яго, зноў спытаўся:

— Ты шукаеш мяне?

Чалавек яшчэ раз пільна азірнуўся навокал, але і на гэты раз нікога не ўбачыў.

— Я шукаю Вялікага і Мудрага, — адказаў ён і дадаў: — Таго, хто кіруе нашым Сузор'ем.

— Я і ёсць Вялікі і Мудры, — з гонарам адказаў нехта. — Я кірую ўсімі Сузор'ямі.

— А дзе ты? — гледзячы сабе пад ногі, спытаўся чалавек.

— Ты на мяне глядзіш.

Чалавек уважлівей прыгледзеўся да травы пад нагамі і тады на крыху палыселым, нібы аб'едзеным авечкамі, грудочку ўбачыў чарвяка.

— Ты — чарвяк?! — уражаны, здзівіўся чалавек і не ўтрымаўся, зарагатаў: — Ты — чарвяк!

— Я — Вялікі і Мудры Правадыр! — яшчэ з большым гонарам, нават неяк фанабэрыста адказаў Чарвяк.

Чарвяк! Дык вось хто кіруе ўсімі войнамі ў Сузор'ях! Дык вось хто забівае суродзічаў, разбурае гарады, сутыкае мацерыкі і планеты! Чарвяк! Самы звычайны чарвяк! Пачакай, а які ж ён звычайны? Такі маленькі… Ды гэта ж абрубак, уцінак! Так і ёсць, абсяканец! Хутчэй за ўсё нехта лапатаю перасек яго напалам. Чарвяк! Кавалак чарвяка! Сляпы, пачварны вырадак!

Чалавек, хуценька нагнуўшыся, хацеў схапіць чарвяка за хвост, але той паспеў ужо ўтачыцца ў зямлю. Чалавек пачаў разграбаць, шырыць дзірачку, аднак гэта была марная праца: чарвяк пайшоў у глыбіню і невядома ў які бок.

Аднекуль з глыбіні, нібы з якога чэрава, пачуўся здзеклівы, пераможны рогат.

— Каго ты хочаш перамагчы? — пацяшаўся з зямлі чарвяк. — Ка-го-о-о?!

Той жа час здрыганулася зямля — мусіць, ад недалёкага атамнага выбуху. Вайна набліжалася і сюды — чарвяк, пэўна, помсціў камусьці і за гэтую сустрэчу з нармальным чалавекам.

Атамная бомба ў любую хвіліну магла разарвацца і над непрыкметным, нібы аб'едзеным авечкамі, грудком зямлі. Над якім стаяў чалавек і ў які схаваўся чарвяк.

Сад

Кожную раніцу ён прыходзіў сюды з лапатаю. Але брацца за працу не спяшаўся. Уторкваў лапату ў зямлю, садзіўся каля яе на камень, даставаў кісет з табакаю, крэсіва, скручваў цыгарку, прыкурваў яе і, пра нешта думаючы, доўга і зацята курыў — ці то яму адразу не хацелася пачынаць працу, ці то наадварот хацелася аднаму даўжэй пасядзець на камені. Цыгарка колькі разоў тухла, ён, цмокаючы губамі, раскурваў яе наноў, і ўсё сядзеў, курыў, думаў. А можа, і ўвогуле нічога не думаў — проста радаваўся асалодзе вось так сядзець, курыць і маўчаць.

Потым падымаўся, не спяшаючыся здымаў пінжак, акуратна клаў яго, выбраўшы чысцейшае месца, на камень, павольна закасваў рукавы ў сарочцы, падкасваў калашынне штаноў, даставаў з зямлі лапату, прыдзірліва глядзеў на бліскучае, высліжанае аб дзірван лязо, праводзіў па ім пальцам і, пераканаўшыся, што яно вострае, што лапата добра наточана, ціха, павольна ішоў у сад. Там ён таксама доўга, заклапочана выбіраў месца і нарэшце пачынаў капаць.

Капаў ён старанна і рупліва.

Калі яма была гатовая, ён мераў цаўём яе глыбіню, раўняў беражкі і зноў закурваў. Затым браў лапату падпаху і нетаропка ішоў у бліжэйшы лес. Там ён затрымліваўся надоўга, а калі выходзіў з лесу, на плячы ў яго ўжо ляжала прыгожая купчастая яблынька з вельмі густым, жыццядайным карэннем, — ён зноў жа спакваля, рупліва выбіраў яе сярод лясных красунь.

Шкада, што нікога не было побач, а то, калі б хто ўбачыў, як шчыруе, святадзеіць ля ямы чалавек, зразумеў бы, якая гэта для яго радасць — садзіць яблыню!

Ён распраўляў ёй карэнне, пульхніў пад ёю зямлю, разгладжваў лісточкі, паварочваў яе і так, і сяк, паглядаючы раз-пораз на сонца — каб кожнай галінцы было ўтульна і сонечна.

Дзядзька закапваў яблыньку, рабіў каля яе ствала невялікае паглыбленне, каб не сцякала вада, браў вядро, якое стаяла непадалёку, і ішоў да рэчкі.

Паліваў яблыньку і толькі пасля гэтага адкасваў калашынне, абтрасаўся ад пылу і зямлі і ішоў да каменя. Там адкасваў і рукавы сарочкі, ускідваў на плечы пінжак, садзіўся на камень і даставаў капшук з махоркаю.

Курыў і глядзеў на яблыню — ужо любаваўся ёю.

І так кожны дзень, з дня ў дзень. Усе сто гадоў, а можа, і болей ён прыходзіў сюды і ўпарта садзіў штораніцы па яблыні.

Уяўляеце, які павінен быў бы быць на гэтым месцы сад — сто гадоў усё-ткі ж!

Але саду ніякага не было. Раніцою дзядзька садзіў яблыньку, а ўвечары ці, можа, уночы хтосьці прыходзіў сюды, вырываў яе з зямлі, абтрасаў карэнне і некуды зносіў.

Тут жа аставаліся адны ямкі, якія можна было пазнаць толькі па крыху запалай, мякчэйшай зямлі. Замест саду дрэў тут атрымаўся вялікі «сад ямак».

Аднаго разу, здаецца, ужо ў новым стагоддзі, яму ўсё ж захацелася прасачыць, зразумець, убачыць, куды дзяюцца, дзе знікаюць яго яблыні, і ён застаўся начаваць у сваім садзе.

Сядзеў на звыклым, высліжаным ім жа самім камені, курыў, чакаў.

І вось яшчэ завідна, яшчэ і не сцямнела добра, калі ён нечакана ўбачыў нейкага чалавека, які імкліва, размашыста ўвайшоў у яго сад, падышоў да яблыні, толькі што раніцою пасаджанай, і ўзяўся за яе ствол. Дзядзька хацеў закрычаць: «Што ты робіш?!», але ўсё ж стрымаўся — цікава было паглядзець, што будзе далей.

Гэты Хтосьці беражліва, лёгка дастаў яблыньку з зямлі — зямля ж яшчэ не зляжалася, была рыхлаю, — асцярожна абтрос карэнне, загарнуў яе ў нейкі мяшок, паклаў дрэўца на плячо і пайшоў назад — туды, адкуль і прыйшоў.

Дзядзька не крыкнуў, нават не азваўся, а назіркам пайшоў услед за злодзеем — балазе, можна было ісці незаўважаным, бо якраз ужо зусім сцямнела.

Ішлі ўсю ноч. Нараніцу, калі ўзышло сонца, яны ўзабраліся на нейкую не дужа высокую гарушку, якая спрэс была засаджана дрэвамі.

Злодзей прайшоў амаль увесь сад і там, дзе ён ужо канчаўся, пачаў садзіць яблыньку — ямка была гатовая, яе ён падрыхтаваў, мусіць, загадзя.

Пры святле і сонцы дзядзька ўжо добра разгледзеў злодзея — ён вельмі быў падобен на яго самога. І садзіў дрэўца гэтак жа рупна і беражліва, як і сам садоўнік: паварочваў саджанец доўга перад тым, як пасадзіць, шукаючы яму самае зручнае і ўтульнае месца.

І тады садоўнік, разгледзеўшыся, пазнаў свой сад. Вось жа ён, плён ягонай працы за сотню гадоў! Такі сад! Яго сад!

Адны яблыні ўжо састарэлі, але ўсё яшчэ былі плодныя, жывыя, другія — у самым саку, як не ламаліся ад пладоў, а трэція — напрыканцы, вось тут, дзе яны стаялі, яшчэ толькі набіраліся сіламоцы і рыхтаваліся прыняць на свае плечы спелыя яблыкі.

Садоўнік падышоў да злодзея.

— Што ж ты робіш, нягоднік?!

— Цябе ратую, — абыякава, нібыта ён даўно ведае садоўніка, нават не павярнуўшы галавы на голас, адказаў злодзей.

— Крадзеш мае яблыні і яшчэ здзекуешся з мяне. Такі сад украў!

— Не, я не здзекуюся і саду ў цябе не краў: і сад твой, і цябе я праўда ратую. Бо там, дзе ты садзіў сад, хутка землятрус будзе… Усё знішчыць.

Памаўчаўшы, злодзей паказаў рукою ў глыбіню саду. Садоўнік, зірнуўшы туды, убачыў прыгожы, як цацка, дом — яблыні паапускалі на яго дах свае абцяжараныя пладамі галіны.

— І дом гэты таксама твой.

— А ты хто, такі добры?

— Я твой бог.

Яны абняліся і пайшлі праз сад — сцежкаю да новай хаты садоўніка.

І ў гэты час здрыганулася пад нагамі зямля.

— Чуеш, там землятрус пачаўся, — сказаў бог.

Яны замоўклі — ішлі па садзе і доўга маўчалі. Зямля здрыганулася зноў.

— А навошта ты мяне выратаваў? — спытаўся чалавек.

— Буду паказваць цябе людзям. Як прыклад упартасці і настойлівасці. Сто гадоў рабіць марную працу… Здавалася б, марную… Не, Садоўнік, ты варты самага найлепшага музея. І гэтым музеем будзе твой сад і твая хата.

Бога раптам не стала.

А каля саду ўжо спыніўся і нецярпліва бібікаў аўтобус, — ён прывёз у музей першых экскурсантаў.

Гара

Гара пайшла сама сабою.

Яшчэ ўчора яе спакой здаваўся вечным і непарушным: на ёй, на яе ніжніх схілах пасвіліся каровы, коні і авечкі, стаялі хаты, дзеці па крутых, пратаптаных між зараснікаў сцежках лазілі яшчэ вышэй, сягалі аж туды, дзе ўжо хадзілі толькі дзікія жывёлы, і ніхто нічога не баяўся, ніхто нічога не прадчуваў.

Таму ўсе здзівіліся, калі гара раптам пачала выпінацца, вырастаць і неяк зверху насоўвацца над імі.

Спачатку пасыпаліся зверху камяні, жарства, перамешаная са снегам. Потым пачалі ссоўвацца ўніз выціснутыя з расколін дрэвы — яны сунуліся і вершалінамі, і карэннем наперад, сунуліся доўга, паволі, чапляліся за дрэвы, што раслі ніжэй, завісалі на іх, аж пакуль не падалі гэтыя вываратні.

Пасля пачалі лопацца і хаты — як семкі на агні. Развальваліся сцены, каціліся па кустах бёрны, сунулася ўніз усё, што яшчэ нядаўна было хатаю, і ўжо там, ля падножжа, гара павольна, не спяшаючыся, наступала на іх, падмінала пад сябе.

Гара ішла нетаропка, але настойліва і ўпарта. Здавалася нават, што яна коціцца па зямлі, як дарожны каток, і накрывае сабою ўсё на свеце.

Звяры, жывёлы ўцякалі ад гэтай гары — мусіць, гнаў іх звычайны інстынкт. Яны, збегшы ці скаціўшыся ўніз, спяшаліся як мага хутчэй адбегчыся адсюль — адчувалі, што тут затаілася вялікая небяспека.

Людзі ж за доўгі час наіўнай веры ў тое, што чалавек — валадар прыроды, мусіць, назусім страцілі гэты інстынкт. Яны нікуды не ўцякалі і нічога не рабілі, каб уратавацца, — проста стаялі і няўцямна глядзелі на ўсё, што адбываецца навокал.

Гара скідвала і іх, як дрэвы і хаты, уніз і гэтак жа раўнадушна, спакойна падмінала пад сябе: спачатку яшчэ відны былі то рука, то нага, а праз нейкае імгненне ўсё ўжо знікала пад гэтым няўмольным катком.

А яны, некалькі чалавек, усё ж паспелі разам з жывёламі адбегчыся ад гары. Дабеглі да недалёкай вёсачкі і спыніліся, каб агледзецца і прыдумаць, што рабіць далей.

Гара ж няўмольна набліжалася і да гэтай вёскі. Вось яна ўжо дайшла да крайніх хат. Ім было жудасна бачыць, як знікаюць пад ёю хаты і сады.

А людзі і тут не ратаваліся. Як хто араў у полі, так і астаўся з канём і плугам пад гэтаю глыбаю, хто стаяў з вёдрамі каля студні, так і астаўся стаяць там — яго і засыпала зямлёю. Нават здавалася, што людзі такія спакойныя і абыякавыя да свайго лёсу, што яны кімсьці загіпнатызаваныя альбо кіруюцца аднекуль збоку, — такімі ж раўнадушнымі перад сваёй смерцю могуць быць толькі ненармальныя людзі.

Яны ж, тыя, што ўцякалі, мусіць, былі нармальныя: бачылі ўсё, разумелі і хацелі неяк уратавацца!

Нармальныя беглі перад гарою і, азіраючыся, бачылі, як руйнуе ўсё перад сабою, як падмінае, прасуе ўсё, што сустракаецца на шляху, гэты вялікі-вялікі, нібы трамбавальны, каток.

Калі ён дакаціўся і да горада і з неймавернаю лёгкасцю пачаў трушчыць, як цацачныя, машыны, самалёты, цягнікі, высотныя дамы, Нармальныя зразумелі, што ад гэтай гары не ўцячэш, — усё роўна яны некалі стомяцца, здарожацца, упадуць, і яна зноў жа ці то абыякава, ці то з радасцю, што нарэшце дагнала, наступіць на іх і падамне пад сваё ненаеднае чэрава.

Хацелі неяк абысці гару. Але яна была дужа вялікаю, засланяла ўвесь небасхіл, да таго ж усё расла і расла, шырылася і шырылася, таму Нармальныя зразумелі, што зрабіць ім гэта не ўдасца: такую гару, як лёс, немагчыма абысці!

Ім заставалася толькі адно: павярнуцца тварам да гары і прыняць няроўны бой — паспрабаваць узлезці на вяршыню, прабегчы праз яе і спусціцца, саскочыць на зямлю на тым баку — ужо за ёю.

Сабраўшыся ў гурт — да іх далучылася яшчэ некалькі чалавек, жыхароў гэтага горада, — Нармальныя паспешліва пачалі радзіцца, як лепей узлезці на гару — яна няўмольна кацілася ўсё бліжэй і бліжэй.

Нехта сказаў, што трэба дабегчы да самага высокага небачоса і з яго, з салярыя, паспець ускараскацца на вяршыню.

І ўсе адразу, той жа час кінуліся шукаць высотнік. Горад быў забудаваны аднымі небачосамі, таму шукаць такога дома доўга не давялося.

Усе, хто рашыў ратавацца, кінуліся да ліфтаў, каб паспець выйсці на дах да таго, як падыдзе сюды гара. Людзі ж, што жылі ў гэтым і суседніх дамах, глядзелі на іх як на дзівакоў, круцілі пальцамі ля скроняў і займаліся, як заўсёды, сваімі звычайнымі клопатамі — яны і не думалі ўцякаць.

Нармальныя паспелі да падыходу гары падняцца і выйсці на дах, у салярый.

Напружанасць была вельмі вялікая. У людзей яшчэ аставалася крыху часу, і яны з нецярпеннем і страхам сачылі, як набліжаецца гара, прыглядаліся да яе, шукаючы, за што лепей зачапіцца, калі яна будзе зусім побач…

Калі гара сваім крутым бокам упёрлася ў небачос і той аж захістаўся, Нармальныя пачалі хапацца хто за што: хто за камень, хто за дрэва, хто за куст, хто за выступ.

Не ўсім пашанцавала — некаторыя адразу ж сарваліся і з жудасным крыкам паляцелі ўніз, але многім усё ж удалося зачапіцца, і яны паспешліва і спрытна — мусіць, страх даваў ім і сілу, і спрыт — пачалі караскацца на вяршыню.

Ім трэба было спяшацца — гара і напраўду круцілася, і таго хто не паспее ўзлезці, яна і зараз магла скінуць сабе пад ногі.

Яны спяшаліся, а гара, здаецца, спяшалася яшчэ болей — як усё роўна ёй было непрыемна, што нехта ўзлез на яе, і яна хацела як найхутчэй атрэсціся ад людзей.

Тое, што людзі, караскаючыся і зрываючыся, праходзілі, гара, круцячыся ў другі бок, зводзіла на нішто: Нармальныя ніяк не маглі адысціся ад краю прадоння. Сілы многіх пакідалі, і яны, не змогшы паспяшацца, бегчы хутчэй, ужо, здавалася, выратаваўшыся, ускараскаўшыся на вяршыню, зрываліся і падалі ў прадонне.

Неўзабаве на гары яны асталіся толькі ўдваіх — Ён і Яна. Відаць, мясцовыя людзі нешта ведалі, калі, бачачы, як Нармальныя хочуць уратавацца, глядзелі на іх, бы на дзівакоў.

І ўсё ж яны, мінуўшы самую высокую вяршыню, беглі наперад. Спыняцца не было як — гара, як толькі спынішся, верне цябе ў ранейшае становішча, і ўсё давядзецца пачынаць спачатку.

А гара і праўда круцілася як гіганцкі дарожны каток. Ім пачалі ўжо трапляцца ўпрасаваныя ў зямлю і каменне дрэвы, бярвенні, аўтамашыны, а то і людзі — то руку ўбачыш, то нагу.

Нармальныя задыхаліся, але ўсё ж не спыняючыся беглі і беглі наперад.

Дабраліся да краю, зірнулі ўніз і жахнуліся: з гэтага боку гара была такая ж абрывістая, як і з таго, адкуль яны прыбеглі.

Гара, якая невядома адкуль і невядома куды рухалася, зрэзала, знесла, як вялікі бульдозер, усё, што было перад ёю: вёскі і гарады, дрэвы і меншыя горы.

Цяпер там, за гарою, садзілі іншыя дрэвы.

Там ужо будавалі іншыя хаты.

Там узводзілі іншыя гарады.

Там цвілі іншыя кветкі.

Там жылі іншыя людзі.

Нармальныя з адчаем глядзелі ўніз і ніяк не маглі вырашыць, што рабіць. Разумелі: па такой стромай скале ў новае жыццё, канечне ж, не злезеш.

Жанчына, убачыўшы, што іх зноў ужо аднесла ад краю, замітусілася, загаласіла, хуценька кінулася наперад і, чапляючыся рукамі і нагамі за выступы, хапатліва пачала спускацца ў прадонне. Аднак гара не пускала яе туды: на колькі жанчына апусціцца ўніз, настолькі яна падыме яе зноў. Гара нібы выштурхоўвала Нармальную з прадоння!

Ён хацеў падаць жанчыне руку, але не паспеў дабегчы: пакуль стаяў, яго далекавата аднесла ад краю.

Як яна сарвалася, не бачыў. Пачуў толькі працяглы, бы выццё, крык і ўбачыў, як над прадоннем матлянуліся яе распушчаныя валасы.

Ён застаўся адзін. І ў яго яшчэ быў сякі-такі выбар.

Альбо ўслед за жанчынаю кінуцца да краю прадоння і, чапляючыся за дрэвы і камяні, паспрабаваць злезці, а правільней — проста разбіцца.

Альбо нікуды не бегчы, стаяць на адным месцы, і тады гара сама падкоціць яго да другога краю і скіне сабе пад ногі.

Быў і яшчэ адзін варыянт: ісці! Ад аднаго прадоння да другога. Не адыходзячыся ад аднаго і не даходзячы да другога. Проста ісці. Ісці вечна. Пакуль будзе каціцца гара.

Але — куды ісці?

І галоўнае — навошта?

Навошта?! А хоць бы для таго, каб жыць!

На Маналы

Хочаш ці не хочаш, але яму абавязкова трэба ехаць на Маналы. Усё ў ім — і душа, і цела — супраціўляецца гэтай паездцы, усё шукае хоць маленечкую зачэпку, каб не ехаць, каб астацца дома. Аднак…

Яшчэ ўчора ён пачуваўся зусім хворым, у яго балела горла, была высокая тэмпература, і ён на гэта меў ціхую, прытоеную надзею — ніхто яго, хворага, нікуды не пашле.

Але сёння, колькі ні тыцкаў тэрмометр пад паху, той, нібыта сапсаваўшыся, быццам назло настойліва паказваў адно і тое ж: трыццаць шэсць і шэсць. Не паверыўшы яму, знайшоў новы тэрмометр, аднак і гэты быццам зашкаліла, быццам у ім загусла ртуць: трыццаць шэсць і шэсць!

Нічога не паробіш — трэба збірацца.

Збіраўся ён вельмі доўга, марудна, нібыта ўсё яшчэ на нешта спадзеючыся. Доўга шукаў плячак, доўга выбіваў яго ад пылу. Затым паволі, не спяшаючыся, вайстрыў нож, правяраў вайстрыню і на вока, і водзячы пальцам па лязу. Пасля знайшоў вяроўку, паторгаў яе за канцы, спрабуючы, ці моцная, ці парвецца, а пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, скруціў яе і разам з нажом наклаў у плячак — не разумее чаму, але яму сказалі, каб абавязкова ўзяў з сабою менавіта нож і вяроўку.

Узяўшы яшчэ сёе-тое, закінуў плячак за спіну, паклаў на руку плашч — дарога ж будзе далёкая, і хутчэй за ўсё ці то ад дажджу ці, можа, ад холаду давядзецца неяк ратавацца — пайшоў, зноў жа вельмі павольна, на аўтобусны прыпынак.

Бачыў і разумеў, што спазняецца, але кроку не прыбаўляў: калі і не паспее на гэты апошні аўтобус, то ў яго будзе хоць нейкая адгаворка, чаму не прыехаў у той дзень, як загадалі.

На прыпынак прыйшоў пазнавата — аўтобус павінен быў ужо даўно пайсці. Але ён яшчэ не пайшоў. І нават пакуль што не прыйшоў. «Спазняецца», — казалі людзі, нервова круцячы па баках галовамі. Пасажыры нерваваліся, а ён радаваўся: то ж добра, што аўтобус не пойдзе! Мусіць, сапсаваўся… Ага, на сёння такое не дзіва: няма запчастак, няма бензіну, няма таго, няма гэтага… Апошнім часам ён амаль што і не хадзіў.

А тут, як назло, хоць і са спазненнем, але ж прыйшоў. А правільней, прыкульгаў — ён быў такі дабіты, амаль увесь паламаны, так тарахцеў і бразгатаў, што ў яго боязна было лезці, але ён усё ж, сцяўшы зубы, пайшоў у расчыненыя дзверы.

Думалася, што аўтобус сапсуецца, разваліцца па дарозе і не даедзе да прыстані. Ён сядзеў і, моцна ўчапіўшыся за поручні, чакаў, калі гэта здарыцца.

Але аўтобус усё ж давёз яго да прыстані! Спыніўся і фанабэрыста адчыніў перад ім адным дзверы — сюды ён ехаў ужо толькі адзін: маўляў, вось я які!

Прыстань была амаль што пустая. На моры якраз разбушаваўся вялікі шторм, і ўсе караблі і караблікі, учапіўшыся за бераг, баяліся адыходзіцца ад яго.

Яму ж трэба на той бераг, на аэрадром, а дабрацца туды, ён ведаў, ніякім іншым транспартам, як толькі караблём, нельга.

Ужо ледзь не закрычаў ад радасці, удзячны шторму, як да яго падышоў чалавек у строгай марской форме і спытаўся:

— Вы не на Маналы?

— На Маналы, — яшчэ нічога не разумеючы, адказаў ён.

— Тады хадземце. Цеплаход на Маналы адпраўляецца праз пяць хвілін.

Толькі цяпер ён заўважыў, што ля прыстані стаіць гатовы да адплыцця цеплаход, таксама старэнькі і абшарпаны, і нецярпліва, упарта кідаецца грудзьмі на высокія хвалі.

Як толькі па хісткім трапе ён узышоў на палубу, цеплаход адразу ж даў развітальны гудок і адплыў ад берага.

Пасажыраў на палубе не было відаць — іх і плыло мала, і ўсе яны былі ў каютах, каб не рызыкаваць: у такі шторм можа змыць у адкрытае мора.

Карабель натужна ўзбіраўся з хвалі на хвалю. Часам у яго агаляўся вінт, і тады лопасці круціліся ў паветры ўхаластую, а часам носам ныраў у аграмадную хвалю, і тая накрывала цеплаход, як кажуць, з галавою — з мачтаю!

І ўсё ж, калі ўжо амаль усе пасажыры, змучаныя марскою хваробаю, сінія, зялёныя, бледныя, ляжалі на падлозе, карабель торкнуўся носам у супрацьлеглы бераг.

Ён не спяшаўся на аэрадром, хацеў проста пахадзіць па зямлі, каб крыху адпачыць ад шторму, ад карабля, але тут зноў жа да яго падышоў незнаёмы чалавек і спытаўся:

— Вам на Маналы?

Таксі давезла яго да аэрадрома імгненна.

Над аэрадромам, над лётным полем стаяў дужа густы туман, воблачнасць была вельмі нізкая — хмары, здаецца, чапляліся нават за самалёты, што, як мокрыя куры, моклі на зямлі,— ішоў праліўны дождж, і ён ужо напраўду паверыў, што самалёт не паляціць.

Але аэраплан, як толькі чалавек увайшоў у салон, адразу ж выруліў на ўзлётную паласу.

Узляцеў ён, не зважаючы на туман, нізкую бачнасць, лёгка і проста. Ляцеў таксама смела, хоць вакол жыхалі маланкі, свяціліся яркія разрады, дзьмуў моцны бакавы вецер, ад чаго тонка вібрыравала і вагалася крылле.

Садзіцца было яшчэ цяжэй, чым узлятаць. Ужо колькі разоў самалёт зніжаўся як не да самай зямлі, але зноў узлятаў угору, бо ўнізе нічога не было відно — воблакі паўзлі па самай узлётнай паласе.

Ён ужо быў больш чым упэўнены, што самалёт вось зараз развернецца і паляціць назад, на свой аэрадром, але лётчыкі зноў і зноў заходзілі на пасадку, рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб пасадзіць лайнер.

І нарэшце ім гэта ўдалося — самалёт чыркнуў коламі па самым краі пасадачнай паласы. Каб ледзь-ледзь раней — быць бы бядзе: колы б угрузлі ў раскіслую ад дажджоў зямлю і ён бы перавярнуўся.

Спяшацца не хацелася і тут. Зайшоў у памяшканне аэрапорта, сеў на лаўку, каб пабыць аднаму, каб адцягнуць сустрэчу, якая, ён адчуваў, будзе яму непрыемнаю.

Але тут да яго зноў падышоў чалавек:

— Вы не на Маналы?

— На Маналы.

— Тады пойдзем. Я вас крыху падвязу. Бо пешкі ісці вам доўга давядзецца.

Праз нейкі час шафёр збочыў налева, на дарогу, якая бралася на гару, спыніўся і адчыніў дзверцы.

— Мне — сюды. А вам прама.

Ён ішоў па раскіслай ад дажджоў дарозе — здавалася, адзін на ўвесь свет — і думаў, што вось цяпер і напраўду адзін: хоча ісці — пойдзе, не хоча — зверне з дарогі пад елку, раскладзе агонь і будзе грэцца каля полымя колькі захоча.

Але яго даганялі ўсё новыя і новыя машыны, а шафёры зноў жа заклапочана пыталіся:

— Вы на Маналы?

І бралі яго ў кабіну, а калі яна была занятая — садзілі ў кузаў і везлі наперад. Ехалі разам, колькі маглі, а тады ссаджвалі зноў на дарогу, але яго праз нейкі час падбіралі іншыя машыны.

Калі адна машына засела, ён, бачачы, як яна ўсё глыбей і глыбей, па самую вось закопваецца ў зямлю, ужо не хаваў сваёй радасці — гэта ж была ці не апошняя магчымасць не даехаць да Маналы.

Але шафёр па рацыі выклікаў цягач, і той, падчапіўшы машыну, лёгка вывалак яе з твані, а потым цягнуў да самага горада.

У Маналы яго ўжо чакалі.

— Вы мяне выклікалі? — спытаўся ён у чалавека, які хадзіў, заклаўшы рукі за спіну, па прасторным кабінеце.

— Выклікаў.

Верхавод яшчэ нейкі час моўчкі пахадзіў па кабінеце, а затым спытаўся сам:

— А нож вы ўзялі?

— Узяў. А навошта ён?

— Трэба зарэзаць вунь таго нягодніка, — і паказаў пальцам у кут, дзе на падлозе ляжаў звязаны чалавек. — Ідзіце і зарэжце.

— Я? Зарэзаць чалавека? Што вы! Не пайду! Не буду я нікога рэзаць!

— А я вам загадваю!

— А я не буду! — закрычаў ён.

— Вяроўку вы ўзялі? — ціха, спакойна, не павышаючы голасу, спытаўся Верхавод.

— Узяў,— паспакайнеў і выкліканы.

— Пакажыце.

Ён зняў плячак, пакапаўся там, дастаў вяроўку і падаў яе Верхаводу.

Тут жа аднекуль, як усё роўна яны выраслі з-пад зямлі, з'явілася трое малайцоў, яны яго ж вяроўкаю звязалі пакліканага і кінулі на падлогу побач з тым чалавекам, якога ён павінен быў зарэзаць.

— А што мне зараз рабіць? — ужо лежачы, наіўна спытаўся ён.

— Чакаць, калі знойдзецца нехта трэці, хто зарэжа вас абодвух.

Ён ляжаў і аж дрыжаў ад гневу, абурэння і адкрытай ісціны, пра якую, канечне ж, здагадваўся і раней: зла ў жыцці болей, чым дабрыні.

Яно часта так бывае: калі на нешта добрае, то і аўтобус паламаецца, і карабель не паплыве, і самалёт не паляціць, і чалавек ніколі не даедзе туды, дзе яго чакае радасць.

А як на што дрэннае — усё і едзе, і плыве, і ляціць… І абавязкова, насуперак яго жаданню, давядзе чалавека да болі.

Мусіць, каб паказаць яму, які ён слабы, бязвольны і безабаронны.

Спатканне

Упершыню за столькі гадоў ростані ім дазволілі гэтае спатканне. Яны сядзелі ў розных турмах: ён тут, у сваёй, айчыннай, а жонка — у іншай, чужой і вельмі далёкай адсюль. Тыя, хто дазваляў гэтую сустрэчу, патаемна спадзяваліся, што вязні, узрадаваўшыся магчымасці ўбачыць адно аднаго, шчыра разгаворацца і міжволі выдадуць нейкія таямніцы, якіх якраз і не стае ў абвінавачванні.

Але яны маўчалі. Як падышлі да сплеценай з калючага дроту сеткі, якая разгароджвала іх, як сталі адно насупраць другога, як угледзеліся адно аднаму ў вочы, так і знерухомелі, так і застылі, нібыта муміі.

Стаяць, не варушачыся, глядзяць, не міргаючы.

Стаяць мінуту, пятую, дзесятую.

Глядзяць паўгадзіны, глядзяць гадзіну…

Першай захвалявалася, занепакоілася ахова. Яна падазрона пачала паглядаць на вязняў, перашэптвалася і ківала ў іхні бок галовамі. На варту нібыта напаў нейкі страх, яе быццам паралізавала.

— Яны нічога не гавораць! — нібыта скардзячыся камусьці, у жаху паўтаралі ахоўнікі.— Яны маўчаць!

А муж і жонка прагна глядзелі адно аднаму ў вочы, і ў гэтых паглядах і праўда было штосьці незвычайнае, незямное, нават жуднае: глядзелі яны не як людзі, а як нейкія незямныя істоты. Здавалася там, між імі, імклівелі, хадзілі нейкія няўлоўныя для іншых імпульсы, хвалі, а само паветра так спрасавалася, накалілася, што было нават боязна падыходзіць да вязняў блізка — яно магло спапяліць кожнага.

— Яны глядзяць у вочы і маўчаць! — яшчэ больш заводзілася ахова.

Усе бегалі і мітусіліся без толку. Усім здавалася, што перад імі адбываецца штосьці зусім неверагоднае, жудаснае — вязні глядзяць і маўчаць!

І тады больш разумныя і больш назіральныя з ахоўнікаў нібы зразумелі штосьці.

— Ды іх ужо тут няма, — няўпэўнена, нават не верачы сабе, здзіўлена разводзілі рукамі відушчыя. — Яны ж ужо на волі…

Ім пярэчылі:

— Не выдумляйце! Яны ў турме. Вунь стаяць. Кожны можа пераканацца, зачапіць іх.

— Не, няма. Яны ўцяклі адсюль.

— А хіба можна ўцячы з нашай турмы?

— Яны ўцяклі астаўшыся… Гледзячы адно аднаму ў вочы…

Такое тлумачэнне многім было незразумелае. Ахоўнікі пачалі спрачацца яшчэ мацней, і ў пакоі для спатканняў зрабілася зусім шумна.

На шум з'явіўся сам начальнік турмы.

— Адставіць спатканне! — адразу ж скамандаваў ён. Але вязні не скрануліся з месца — стаялі вочы ў вочы і, як раней, маўчалі.

Тады начальнік турмы аддаў новы загад:

— Зараз жа развесці зняволеных і вярнуць у камеры! Загад — ёсць загад. Яго трэба выконваць. Адразу ж да вязняў кінулася некалькі наглядчыкаў. Яны з двух бакоў падбеглі да сеткі і з сілаю схапілі Яго і Яе за рукі, спрабуючы іх заламаць, але тут жа ў жаху адбегліся назад: вязні, як толькі да іх дакрануліся, асыпаліся да ног пылам.

Значыць, і праўда, у турме іх ужо не было. Тут засталося толькі цела, а душа кожнага даўно вызвалілася — з таго часу, як сустрэліся позіркі.

Такую сілу мае каханне. І прага волі — таксама.

Начальнік турмы паспрабаваў быў аддаць яшчэ адзін загад:

— Злавіць і пакараць!

Але выконваць яго ніхто не кінуўся. Ды і сам ён, відаць, зразумеўшы, што сказаў глупства, не патрабаваў выканання: і праўда, як можна злавіць і пакараць тое, што ўжо не мае цела?

Выратавальны круг

— Ратуйце!

Гэты крык быў такі выразны, такі спалоханы і адчайны, што яго нельга было не пачуць. Хоць і ішоў ён здалёку, ад няблізкага мора, на яго б адгукнуўся кожны — пры чым тут адлегласць, далечыня, калі топіцца чалавек і яму трэба дапамагчы!

Падарожнік пачуў крык надвечар, і хоць быў зусім стомлены дарогаю, усё ж звярнуў з утаптанай гравійкі на ўтравелую сцежку і прыспешыў крок — канечне ж, трэба спяшацца, бо там чакаюць тваёй дапамогі!

Яшчэ не ведаў, як і чым будзе дапамагаць, але спяшаўся.

І ўсё азіраўся па баках, спадзеючыся ўбачыць хоць што-небудзь, што б згадзілася там, на беразе.

Ужо, мусіць, ля самага мора яму сустрэлася нейкая пабудова, на сцяне якой — ён убачыў гэта здалёку — вісеў выратавальны круг, быццам нехта падрыхтаваў яго знарок. Падарожнік узрадаваўся і, яшчэ не дабегшы да будынка, збочыў са сцежкі і па траве, напрамкі кінуўся да яго. Сарваў з цвіка круг і з ім паімчаўся да мора — цяпер ужо яму было чым ратаваць тапельца!

Але выбегшы на бераг, ён спыніўся, як стрыножаны конь, стаў і стаяў быццам укопаны, на месцы. Круціў галавою ва ўсе бакі і не ведаў, што яму рабіць.

Усё мора было забіта людзьмі. Яны кішэлі ў ім, нібы рыба ў нераце. І ўсе тапіліся, і ўсе цягнулі рукі ўгору і, вырачыўшы ад страху вочы, крычалі:

— Ратуйце!

Адны, задыхаючыся, захлынаючыся вадою, стараліся, як маглі, трымацца на плаву, другія — высока падскоквалі, прагнучы зусім выскачыць з вады, хоць пасля танулі яшчэ глыбей, трэція пускалі ўжо бурбалкі…

Убачыўшы Падарожніка з выратавальным кругам у руках, усе кінуліся плысці да берага, паспешліва, таропка малоцячы па вадзе рукамі. Ускаламучанае мора запенілася — яно як быццам закіпела. Мацнейшыя тапілі пад сабою слабейшых і па іх спяшаліся да выратавальнага берага — плылі нават па галовах.

Бераг быў вельмі стромы, абрывісты, непрыступны — па ім не выберашся з вады. Але людзі ўсё ж плылі да скалы ў надзеі першымі схапіць выратавальны круг, калі Падарожнік кіне яго ў возера.

І Падарожнік разгубіўся: людзей многа, а круг толькі адзін.

Каму яго кінуць?

Канечне ж, дзіцяці. Але ж дзяцей у вадзе дужа многа — вунь як яны целяпаюцца ў возеры, трацячы апошнія сілы, — і аднаго круга на ўсіх не хопіць. Ды і мацнейшыя мужчыны, тыя, што яшчэ ўпэўнена трымаюцца на вадзе, але ўжо звар'яцелі ад страху, канечне ж, перахопяць круг — бачыш, як яны высока выскокваюць з вады, як драпежна махаюць рукамі?

А можа, вунь тым дзяўчатам, у вачах якіх столькі жаху. Яны ж будучыя маці, народзяць новых дзяўчат… Але каторай кінуць? Як выбраць з іх адну? Ды і адкуль ён ведае, каму з іх сама болей варта дараваць жыццё?

А можа, гэтым во хлопцам, прыгожым, моцным, спартыўным — такія ж атлеты не лішнія любому народу, — а то і яны не доўга змогуць пратрымацца на вадзе, неўзабаве саслабнуць і пачнуць тануць.

А можа, вось гэтым старым, якія абняліся па-брацку нібы перад канцом і спяваюць — мусіць, былыя маракі — сваю развітальную матроскую песню. Няхай бы яшчэ пажылі — хапіла на іх век і дурноты, і войнаў.

А колькі хіжых рук ужо цягнецца да яго!

— Кінь мне! — крычаць адны.

— Не, мне! — пярэчаць ім другія.

— Не ім, а мне! — патрабуюць трэція. Падарожнік зусім змогся. Стаяў з кругам у руках, глядзеў, як віруе каля яго мора, слухаў, як тысячагалосы хор стогне: «Ратуйце!», а сам усё ніяк не мог вырашыць, каму кінуць круг. І ўжо нават злаваўся на самога сябе: навошта браў гэты злашчасны круг?!

І раптам ззаду ў яго грымнуў нейчы грубы голас:

— Чаго стаіш, дурань? Кідай ім хутчэй выратавальны круг!

Нечыя моцныя рукі вырвалі круг і шпульнулі яго ў возера. І вырываючы, шпурляючы, так таўханулі Падарожніка, што той не ўтрымаўся — стаяў пры самым беражку! — і паляцеў у возера.

Хто яго спіхнуў, Падарожнік, стоячы да незнаёмага спіною, не ўбачыў. Ен зваліўся на нейчыя галовы і нейчыя рукі і, толькі калі яны расступіліся, адчуў, як вада, намочваючы адзенне, падымаецца па целе.

Ён з жахам глядзеў, як на тым месцы, куды ўпаў круг, завірыла вада, як да яго нецярпліва пацягнуліся рукі, як у надзеі выратавацца спяшаліся сплывацца туды людзі з усяго мора.

Неўзабаве на тым месцы пачалася бойка, мацнейшыя па спінах суродзічаў беглі да выратавальнага круга, але людзі, што былі пад імі, танулі, а разам з імі ішлі пад ваду і яны самі.

Праз нейкі час на выратавальны круг панавалілася, панасядала столькі людзей, што ён ужо не змог іх усіх утрымаць і разам з тапельцамі пачаў асядаць на дно.

Калі патануў круг, калі схаваліся пад вадою і тыя «шчасліўчыкі», што не хацелі пакідаць яго, усё яшчэ спадзеючыся выратавацца, калі на тым месцы пайшлі толькі бурбалкі, а потым вада стала чыстаю і спакойнаю, тады тыя, што пакуль што засталіся на паверхні, у яшчэ большым жаху і адчаі закрычалі:

— Ратуйце!

Голас Падарожніка быў вельмі слабы, і яго ў гэтым крыку ніхто не адрозніў, не пачуў. Ды і на беразе ўжо нікога не было.

Тамагаўк

Страх апанаваў усю краіну.

Людзі, сустракаючыся на вуліцы, замест прывітання астрашана казалі адно аднаму:

— А яна ўжо ляціць!

І калі нават нечым займаліся, нешта рабілі па гаспадарцы ў хаце ці на двары, у полі ці ў градах, яны ўсё роўна думалі пра тое, што яна ўжо ляціць.

У школах, на ўроках, у поўнай цішыні сачынення ці, скажам, самастойнай працы і то падхопліваўся раптам хто-небудзь з дзяцей і спалохана крычаў:

— А яна ўжо ляціць!

Косіць мужчына сена, а потым успомніць, зразумее, што гэта ўжо нікому не трэба, кідае касу і ідзе абы-куды з поплава:

— Яна ж ужо ляціць!

Доіць жанчына карову, але, так і не выдаіўшы, падымаецца і бяздумна ідзе куды-небудзь з хлява, не ўзяўшы з сабою даёнку з малаком: каму трэба цяпер тая даёнка і тое малако!

— Яна ж ужо ляціць!

Цалуюцца закаханыя, а тады нечакана халадзеюць, замаўкаюць на вуснах вусны, робяцца абыякавымі, нежывымі вочы — навошта гэты пацалунак?!

— Яна ж ужо ляціць!

— Ага, яна ўжо ляціць. І неўзабаве ўпадзе на іхнюю краіну, накрые яе, і ўжо тут нікому нічога не трэба будзе.

Балістычная ракета з самаю вялікаю і моцнаю нейтроннаю начынкаю набліжаецца да іх, свідруе, дзіравіць неба, каб неўзабаве ўпасці на іх галовы, а яны яшчэ косяць, дояць і цалуюцца!

Але ж і думаюць. З таго моманту, як стала вядома, што ракета ўзляцела, усе ў гэтай краіне ліхаманкава ўзяліся думаць, каб папярэдзіць катастрофу, каб выратаваць і самую краіну, і яе народ.

Што можна зрабіць?! Яна ж ужо ляціць!

Часу было вобмаль, ён так спяшаўся, што, здавалася, нават чутно, як хапатліва чакаюць секунды, аднак ніхто нічога не прапаноўваў — звычайна ў такім паспеху немагчыма думаць: думкі блытаюцца, мітусяцца, таўкуцца, і ніяк не можна засяродзіцца на чымсьці адным.

І раптам у нейкай далёкай-далёкай напаўразбуранай неперспектыўнай вёсачцы нейкае зусім малое дзіця, якое толькі навучылася гаварыць, прамовіла адно толькі слова:

— Тамагаўк…

І гэтае слова пачула ўся краіна.

Тамагаўк! Канечне ж, тамагаўк! Як яны самі не дадумаліся… Тамагаўк!

Самыя светлыя розумы тут жа ліхаманкава пачалі шукаць, як выкарыстаць прынцып тамагаўка для выратавання, — ракету трэба неяк спыніць і па яе ж арбіце вярнуць назад: туды, адкуль яна і ўзляцела. Але і ў іх гэта не атрымлівалася — замінала мітусяніна.

А тое ж самае дзіця не сунімалася. Яно па-даросламу разважала далей — як усё роўна чытала па кніжцы:

— Трэба насустрач чужой ракеце паслаць сваю. Але яна павінна быць мацнейшай, павінна прыклеіцца да яе і, пасіліўшы, пацягнуць назад.

«Разумна! — падумалі светлыя галовы. — Няхай узарвецца там, дзе яе ўзгадавалі».

Хутка падрыхтавалі самую моцную ракету, прыдумалі, як яна будзе прыклейвацца да чужой, і запусцілі ёй насустрач. А самі заселі за лакатары — балазе лакатары тут, у краіне, што жыла ў пастаяннай трывозе, былі, як у нас тэлевізары і дазіметры, у кожнай сям'і. Неспакойна чакалі — калі ж… калі ж… А як убачылі, што іх ракета прыклеілася да чужой і змусіла яе рухацца назад, запляскалі ў далоні, закрычалі «ўра!».

Людзі выйшлі на вуліцы. Спявалі і танцавалі. Гучала музыка. Грымеў салют.

— Мы выратаваліся! — радасна крычалі святочныя натоўпы.

А малое не супакойвалася:

— Дык а там жа, куды паляцела ракета, таксама людзі… Чаго мы радуемся?

— Тыя ж людзі першыя хацелі нас знішчыць, — апраўдваліся старыя. — Яны нягоднікі.

— А цяпер нягоднікі мы. Мы паслалі на іх загубу.

— Дык загуба ж іхняя. Яны яе зрабілі.

— Але ж паслалі яе на іх мы…

Калі малы надакучыў, яму проста нашлёпалі па седаўцы і выправілі на вуліцу. І самі выйшлі таксама.

Там весяліўся, радаваўся свайму выратаванню ўвесь народ.

Высока ўверх узляталі феерверкі, лопаліся петарды, круціліся над самай зямлёю зыркія, як электразварка, бенгальскія агні.

Народ святкаваў сваё выратаванне.

Ніхто яшчэ не ведаў, што там, куды цяпер ляціць ракета, знайшоўся таксама мудрэц, стопяцідзесяцігадовы стары, які прыдумаў тое ж самае, што і дзіця, і іхняя новая ракета вось-вось прыклеіцца да ранейшых, і яны, усе трое, пачнуць дужацца ў нейтральным небе…

Няўжо такі тамагаўк вечны?

Усяго толькі прывітанне

Яна адчула, што нехта за ёю пільна назірае — глядзіць збоку, але вельмі і вельмі настойліва. У гэтай чужой краіне ёй не хацелася заводзіць знаёмствы, хацелася астацца непрыкметнай, незаўважнай сярод людскога натоўпу, і таму яна, не бачачы, не цікавячыся, хто сочыць за ёю, не падымаючы вачэй, адвярнулася да акна.

Праўда, і раней мужчыны, сустрэўшыся з ёю на вуліцы, кідалі на яе зацікаўленыя, нават захопленыя позіркі — тут ёй замінала свая ж прыгажосць: які мужчына абыякава, раўнадушна пройдзе ля самой харашыні! — але вось так нахабна на яе, здаецца, ніхто не глядзеў.

Час быў позні, а тралейбус, хоць і перапоўнены паязджанамі, не спяшаўся. Ішоў паволі, спакойна. Спакойныя былі і людзі ў ім: ніхто ні з кім не гаварыў, кожны стаяў сам па сабе, ці то чытаючы кнігу, ці то ўнурыўшыся ў свае думкі.

І толькі яна не магла супакоіцца — спіною, шыяй, патыліцаю, валасамі адчувала ўсё той жа настойлівы позірк.

Падняла вочы, зірнула ў асветленае акно і незадаволена перасмыкнулася — з шыбіны на яе, не хаваючыся, глядзелі вельмі выразныя чужыя зекры. Яны знайшлі пройму між галоў і цяпер узіраліся так, быццам хацелі нешта сказаць.

Канечне, ёй гэта не падабалася.

Яна адразу перавяла позірк з акна на дзверы і зноў сцялася ад нечаканасці — з маленькіх шыбак, устаўленых у дзверы, на яе глядзелі ўжо дзве пары адных і тых жа вачэй.

Ёй захацелася хутчэй выйсці з тралейбуса, але людзей было столькі, што нават думаць пра гэта не выпадала.

Жанчына хвалявалася, а паязджане стаялі спакойна, не заўважаючы яе мітусні — па-першае, мітусня была толькі ў душы, яна не выходзіла навонкі, але калі б нават і стала відавочнаю, якая ім усім справа да яе хвалявання!

Яна адвяла вочы ад дзвярэй і, каб выратавацца ад нахабнага позірку, угледзелася ў столь — там жа няма шкла! Але і на белай, нібы палакаванай пластмасавай столі іх вочы зноў жа сустрэліся. Праўда, хоць не так выразна, хоць больш размыта, але яна і тут убачыла ягоны позірк. І той жа час зноў перавяла вочы на акно…

Чаго ён сочыць за ёю? Што яму трэба? Што ён хоча ад яе?

Напачатку самога твару жанчына не бачыла. Бачыла толькі вочы, якія ўзіраліся ў самую душу. А тут раптам, пільней разглядаючы акрэсленую выяву на шыбіне, зразумела, што яна гэты твар аднекуль ведае, чамусьці помніць. І яшчэ заўважыла, што чалавек, які сочыць за ёю, пакрысе, вельмі павольна, але ўсё ж набліжаецца да яе. Выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб пасунуцца бліжэй.

Што ён хоча сказаць ці зрабіць?!

Пачала ўспамінаць, перабіраць у памяці, дзе яна магла бачыць гэты твар.

І тады ўспомніла, што з гэтым чалавекам нейкі час разам вучылася ва універсітэце яшчэ ў сваёй краіне. Хоць і займаліся яны ў розных групах, але зрэдзьчасу сустракаліся на агульных лекцыях. Ён, здаецца, нават сімпатызаваў ёй, аднак пасля першага курса кудысьці знік зусім.

Значыць, гэта зямляк. Свой чалавек. Але якраз сваіх землякоў яна баялася і не хацела з імі сустракацца.

А зямляк усё набліжаўся. Марудна, але настойліва. Яна ўжо нават чула яго блізкае дыханне. Зірнула яшчэ раз у шыбу, і яе вочы зноў наткнуліся на ягоныя: яны былі зусім побач.

«Трэба бегчы!» — у адчаі, разумеючы, што зрабіць гэта нельга, падумала яна, і той жа момант ён, як усё роўна пачуў яе думкі, гучна прывітаўся:

— Добры вечар, спадарыня!

Прывітаўся на сваёй мове, якой тут ніхто не ведае. Аднак усе паязджане надзіва дружна павярнулі да яго галовы. І толькі адна яна не павярнулася — стаяла як глуханямая: лічыла, што паязджане падумаюць, паколькі не ведае незнаёмай мовы, значыць, свая.

І гэтым выдала сябе.

Паязджане тут жа ўсе павярнуліся да яе.

— Гэта яна! Гэта яна! — хорам закрычалі тыя, што ехалі, і адразу схапілі яе за рукі.

У тралейбусе зрабілася шумна. Людзі ажывіліся, загаварылі ўсе разам — быццам бы гэта ўжо быў іншы тралейбус…

Яе тут шукалі даўно. Пра яе пісалі газеты, паведамляла тэлебачанне.

Яна была віжоўкаю.

І ён таксама быў віж. Здрадзіўшы сваёй краіне, ён служыў зараз чужой. І «добры вечар» даў толькі каб выдаць яе.

А хацелася б думаць, што прывітаўся ён па святой прастаце…

Насуперак

З ім штосьці адбывалася, але што, ён ніяк не мог зразумець.

Раптам вельмі захацелася схадзіць у Сяміколернае. Сто гадоў не быў там, і нічога, жыў сабе і без яго, а тут так заманулася, гэтак закарцела, што ён, збегшы з працы — адпрошваўся ў шэфа, але той не дазволіў: працы многа, маўляў, не паслухаешся — звольню, — адразу ж пайшоў у тое Сяміколернае. І не пайшоў, а пабег!

Але з паўдарогі вярнуўся. Ужо ў далечыні былі відаць паралелепіпеды хмарачосаў, высокія званіцы і спічастыя збудаванні невядомага прызначэння, над якімі прыгожа згіналіся яркія вясёлкі, ствараючы сваё, другое шматколернае неба над горадам, а ногі нечакана самі сабою павярнуліся ў іншы бок і павялі яго назад — тою ж дарогаю, якую ён толькі што прайшоў. Спачатку спрабаваў яшчэ ўпарціцца, супраціўляцца — да Сяміколернага вунь жа рукою падаць! — аднак ногі былі няўмольныя: толькі назад, і ўсё!

Чаго спяшаў наперад — не разумеў, чаго ідзе назад — таксама не ведае. Але ідзе!

Па дарозе на вочы яму трапіўся табун коней, што пасвіліся непадалёку, і ён так расчуліўся, што адразу ж звярнуў на ўзбочыну — захацелася тую хвіліну пагладзіць іх па храпах, прытуліцца да грыў шчакою.

Але як толькі дайшоў да самага бліжняга каня, чамусьці імгненна схапіў яго за ноздры і пачаў штосілы, з усяго размаху біць кулаком па храпе — конь ускідаў галаву ўгору, ён, учапіўшыся за грыву, павісаў на ім і ўсё малаціў і малаціў па касці, не адчуваючы, не зважаючы на тое, што ўжо баліць рука.

Прыбег конюх, ледзь адцягнуў яго ад каня, а ён сам, як толькі адарваўся ад конскай грывы, абмяк, зніякавеў і заплакаў. І тады конюх, які збіраўся, пэўна, надаваць яму тумакоў, выпусціў дзівака з рук, адно толькі злёгку паддаў каленам у тое месца, на якім сядзяць, ды і пайшоў прэч.

А ён паплёўся на дарогу.

І што дзіўна, як толькі ступіў на гравійку, ногі зноў пайшлі на Сяміколернае, але, быццам ацяміўшыся, праз нейкі час замарудзілі крок, спыніліся, а затым запылілі ў бок дому.

Ён ішоў як у самнамбулічным сне, і гэты касцёр каля невялічкай рэчкі ўбачыў ужо тады, як параўняўся з ім.

Свяціла бязлітаснае сонца, стаяла спёка, задуш, ён увесь абліваўся потам, але яму чамусьці вельмі захацелася да агню. А калі падышоў да самага вогнішча, яго аж закалаціла — так захацелася ў сам агонь. Дзіўна, розум і зараз вяла супраціўляўся, а ногі вялі ў полымя.

І ён, як калісьці пакараныя пакутнікі, узышоў на гарачае вуголле і пачаў таптацца па ім босымі нагамі — быццам хацеў затаптаць агонь. Паабярнуў каструлі і чыгункі, што віселі над вогнішчам, і пакуль разгубленыя турысты стаялі і, нічога не разумеючы, лыпалі вачыма, ён выйшаў з полымя і, нібы пылаючы факел, павольна, не спяшаючыся пайшоў да ракі. Прайшоўшы яе ўброд — рака была неглыбокая, — выйшаў на другі бераг і зноў знайшоў дарогу.

Ішоў далей і ўсё ніяк не мог зразумець, чаму ў яго паапечаныя рукі і ногі, абсмаленыя валасы, прагарэлае адзенне, — значыць, усё, што рабіў перад гэтым, ён не ведае і не помніць.

Калі з'явіўся на працы, шэф, не зважаючы на такі жахлівы выгляд падначаленага, з вялікаю злосцю і абурэннем накінуўся на яго:

— Выганю! Звольню! Раздушу! Па сцяне размажу! Ён топаў нагамі, махаў пад самым носам кулакамі, і падначаленаму хацелася даць яму здачы, нагаварыць кепскіх слоў, сказаць усю праўду і пра яго працу, і пра яго кіраўніцтва, але замест гэтага ён насуперак сабе мямліў нешта невыразнае, цьмянае:

— Я вельмі паважаю вашу думку. Мне вельмі падабаюцца вашы справядлівыя патрабаванні… Я захоплены вашай шчырасцю, дабратою і справядлівасцю…

Пачуўшы такое, шэф зніякавеў. І паласкавеў той жа час — нават усміхнуўся яму:

— Ну добра, добра, заставайся. Я таксама цаню тваю працу. Ты мне таксама падабаешся…

І вось тут яго насуперак логіцы і сітуацыі — у краіне ж беспрацоўе! — як кажуць, прарвала:

— А ты мне не падабаешся! І твая праца таксама! — крычаў ён і топаў нагамі яшчэ грамчэй, чым шэф. — Ты не ўмееш ні працаваць, ні кіраваць! Ты проста няўдачнік! І нягоднік!

Шэфу было цяжка адразу патушыць шчырую ўсмешку. Яна яшчэ нейкі час заставалася на твары, пакуль ён не ўправіўся з ёю поўнасцю, а вось з голасам саўладаў хутчэй і ледзяным тонам выдыхнуў:

— Вы звольнены!

І дзіўна: падначаленага гэта не засмуціла, а наадварот узрадавала. Трэба, мусіць, было заплакаць, а ён зарагатаў.

Не толькі шэф, але і ён сам не разумеў, што з ім робіцца.

А рабілася самая звычайная ў звычайным жыцці рэч: за яго тленнае цела ўсяго толькі змагаліся дзве душы.

З іхняга жыцця

Гэта і праўда былі невыносныя пакуты.

Жыць сярод тых, хто табе не падабаецца, кожную раніцу прачынацца пад непрыемную валтузню, цэлы дзень слухаць надакучлівыя, знелюбелыя размовы і не мець магчымасці пайсці адсюль.

Назіраць, як зусім непадалёку весела і шчасліва, як там радуюцца і смяюцца, разумець, што з імі і табе было б хораша — і ў той, і ў той, і ў той вунь купцы, — але не мець магчымасці далучыцца да іх.

І самае галоўнае: бачыць яго кожны дзень, любавацца ім, аднак не мець магчымасці сустрэцца.

І ведаць, што такое назаўсёды — пройдзе і год, і дзесяць, і сто гадоў, але для іх нічога не зменіцца: яны ўсё гэтак жа будуць стаяць на тым жа самым месцы, будуць глядзець адно на аднаго, а сустрэцца так і не змогуць ніколі.

Ёй здавалася, што і ён увесь час глядзіць у яе бок, гэтак жа, як і яна, чакае раніцы, каб хутчэй убачыць яе.

Самотны позірк яго даводзіў Анібару да найвышэйшага хвалявання і адчаю. Але чаму самотны? Каля яго ж столькі прыгажунь! Зазіраюцца на яго, дакранаюцца да яго, шэпчуць штосьці яму… Няўжо і ён самотны сярод тлуму, адзінокі сярод натоўпу, журботны сярод агульнай радасці і весялосці?

А можа, яна ўсё гэта выдумляе? Можа, ён абыякавы да яе? А ёй усяго толькі здаецца?

Няма на што скардзіцца і Анібары. Яна і сама, здаецца, распешчана ўвагаю: усе захапляюцца ёю, заглядваюцца на яе, прапаноўваюць руку і сэрца. Гатовы выканаць любое яе жаданне…

Але ёй гэта непрыемна! Ёй трэба толькі ён і ніхто болей!

Раніцою, з першымі промнямі сонца Анібара ў думках вітаецца з ім, а з апошнімі — развітваецца. Ды і ў начной цемры ўсё ўглядаецца ў той бок, дзе ён стаіць, стараецца ўбачыць хоць яго абрысы. І чакае, калі пачне развідневаць, каб зноў сказаць яму: «Добрай раніцы!» І пераканацца, што ён і сёння глядзіць у яе бок.

Не, ніхто, апрача яго, ёй не патрэбен!

Справа стаяць прыгожыя маладыя асілкі, якія ўсяляк спрабуюць завалодаць яе ўвагаю, а яна глядзіць толькі наперад.

Злева штосьці нашэптваюць ёй не менш дастойныя прыгажуны, але яна зноў жа глядзіць наперад.

Перад ёю вымахаў высокі і статны кавалер — быццам знарок: каб засланіць каханага, — аднак яна і праз яго глядзіць усё туды ж — наперад.

Маладыя пасміхаюцца з яе, старыя абураюцца, асуджаюць — бач, нешта выдумала сабе і пакутуе, — а яна глядзіць наперад і не можа наглядзецца.

— Час ідзе, — кажа ёй адзін зычлівец.

— А мы старэем, — глыбакадумна дадае другі.

— І ніколі таго, пра што ты марыш, не будзе, — нібы між іншым заўважае трэці.

А яна адмахваецца ад іх і ўсё чакае. Хоць і сама не верыць, але чакае.

Тую ноч яна моцна спала. Нават не чула, калі разбушавалася бура. Прачнулася ад нейкага незразумелага дотыку — нібыта хтосьці дакрануўся да яе мокрага стану. Падпоўз у цемры і дакрануўся. Мокры дотык, але прыемны.

Быў моцны вецер. Ён, учапіўшыся за лісцё, гнуў яе, расхістваў ва ўсе бакі, і яна не супраціўлялася гэтаму. Не памятае, як вецер адарваў ад зямлі,— толькі пачула, як затрашчала карэнне, — і панёс наперад.

Яе мара збывалася! Яе каціла да Буда! Праўда, паспрабаваў быў затрымаць кавалер, што раней вырас перад ёю, але яны разам з ветрам справіліся і з гэтаю перашкодаю.

Вецер нарэшце прыкаціў яе да Буда. Анібара ўзрадавалася, абняла яго сваімі галінкамі і прашаптала:

— Родны, як я чакала гэтага моманту…

Буд доўга маўчаў, а потым шчыра прызнаўся:

— А я не чакаў.

— Як? Ты ж увесь час глядзеў на мяне! Буд зноў памаўчаў.

— Я глядзеў не на цябе, — злосна растлумачыў, пачакаўшы. — Я любаваўся той, што стаяла за табою.

Што? Ён любаваўся суседкай? Хіба можна ёю любавацца?! Скрыўлены стан, зламаныя галіны, рэдкае, непрыгожае лісцё…

— Я любаваўся не табою, — яшчэ раз паўтарыў Буд і абыякава адпіхнуў яе ад сябе.

— А я — табою, — пачула яна раптам аднекуль збоку.

Непадалёку стаяў Нёлк. Гэта ён гаварыў. Яна памятала, што той стаіць побач з каханым, але зусім не звяртала на яго ўвагі — ён для яе проста не існаваў.

— Гэта ж я і буру пачаў,— тлумачыў Нёлк. — Каб цябе забраць сюды…

Анібара маўчала, нічога не пыталася. А Нёлк усё роўна працягваў:

— А ведаеш, як я гэта зрабіў? Паварушыў адным лістком — скранулася крыху паветра. Паварушыў дзесяццю — яно зашумела. А калі ўсёй кронай зашумеў — пачаўся вецер. Ён вырваў цябе з зямлі і прыкаціў сюды.

Яна і на гэты раз нічога не адказала.

Ужо ўзыходзіла сонца. Анібара адчувала, як сушыць яно карэнне. І яшчэ адчувала, што пад ёю варушыцца зямля, — Нёлк шавяліў карэннем, прыкочваючы яе бліжэй да сябе.

І раптам яе аж скаланула: Буд ішоў туды, дзе толькі што, перад бураю, стаяла яна! Ён асцярожна выбіраў з зямлі свае карані, клаў іх наперад і, зачапіўшыся за што-небудзь, паступова выцягваў сам сябе з ямы і цягнуў па траве волакам.

Як? Ён ідзе да гэтай Апіл? Да крывабокай, абскубленай Апіл?

Ёй раптам усё зрабілася непатрэбнае і абыякавае — і бура, і Нёлк, і нават сам Буд. Але яна тут жа схамянулася: не, яна яго нікому не аддасць! І ўсё зноў пачынаецца спачатку, вяртаецца на кругі свае: ён і яна, як і раней, будуць стаяць адно насупроць аднаго…

Не, яна знойдзе спосаб зноў дабрацца да Буда! І Нёлк, калі кахае, паможа ёй у гэтым. Абавязкова паможа. І яна стане паміж ім і Апіл. Няхай выбірае…

Усе яны яшчэ не ведалі, што Апіл не зводзіць вачэй з Нёлка.

Што ж, і ў людзей, гэтаксама, як і ў дрэў, бывае такое: ён любіць яе, яна любіць другога, а другі любіць трэцюю…

Барацьба

Драндулет, якім ён дабіраўся сюды, на гэты далёкі сакрэтны аб'ект, дзе згадзіўся, нават даў падпіску адпрацаваць тры гады, разваліўся яшчэ па дарозе: спачатку пачаў даваць перабоі, захлынацца матор, пасля сапсавалася сістэма кіравання, а затым, калі мэта была ўжо зусім блізка, адляцела, як адрэзанае, пярэдняе кола.

Таму апошнія кіламетры давялося ісці пехатою.

Аб'ект быў у страшэнным запусценні. Да яго ніяк немагчыма было падысці: усё навокал зарасло бур'янам і нават праз бетонныя пліты колішняй сцежкі прарасла густая, высокая, як лес, трава — мясціна тут вільготная, балоцістая, што вельмі спрыяе росту раслін.

Непадалёк убачыў заржаўленую, але добра накляпаную касу, якую нібыта знарок хто ўторкнуў для яго касільнам у зямлю, зразумеў, што і праўда спярша трэба было б абкасіць падыход да аб'екта, але рабіць гэта не спяшаўся.

Першы камар укусіў яго, калі ён даставаў з кішэні цыгарэту і запалкі. «Во дробязь пузатая, — усміхнуўся чалавек. — На каго ты нападаеш?! Я табе зараз пакажу, нягоднік!»

Забіў ён камара лёгка і проста. Пляснуў, нават не прыцэльваючыся, даланёю па шчацэ, і той зваліўся мёртвы ў траву.

Другі ўжо ўкусіў больш балюча. Уткнуў так, як звычайна ў паліклініках колюць кавалачкам ляза, калі бяруць на аналіз кроў з пальца. «Бач ты, — ужо задумаўся чалавек, — такое малое, а так джаліць. Цікава, хто яму, гэтай драбязе, даў такую моцную іголку і такую сілу, што ён так лёгка працінае тоўстую, грубую чалавечую скуру?! Хабаток — усяго толькі тоненькі і, здавалася б, кволенькі валасок, а бач ты яго, як лязом, рэжа».

Забіваючы і гэтага камара, чалавек заўважыў, што іх панасядала на яго дужа многа: яны апанавалі ўжо і твар, і рукі.

— Вось я вам зараз, — усё яшчэ спакойна ўголас сказаў чалавек і прыкурыў цыгарэту.

Ад дыму і праўда камароў паменела. Але гэта толькі спераду. Ззаду, дзе не было дыму, іх, здаецца, яшчэ паболела. Яны паўпіваліся ў шыю, джалілі нават праз сарочку і пінжак.

Ён пачаў махаць рукамі — ліхаманкава, хапатліва, бязладна, спрабуючы забіваць насякомых яшчэ на падлёце, яшчэ ў паветры. Забіваў чалавек іх шмат, але камары як усё роўна звярэлі ад гэтага і нападалі яшчэ большымі плоймамі.

Дыму ад цыгарэты было ім мала, і яны ўжо, не зважаючы ні на што, лезлі ў вочы, у вушы, у нос, у рот. Ён выплёўваў іх з рота, змахваў з вачэй, выкалупваў з вушэй, з носа, варушыў плячамі, круціўся сам, а яны ўсё лезлі і лезлі. Урэшце зламаў ладную алехавую галіну, махаў ёю, ганяў вецер над галавою, сцябаў сябе па плячах, але і гэта не дапамагала: камары знаходзілі зацішнае месца на целе і ўпіваліся ў яго так, што аж хацелася крычаць ад болю.

Тады ён успомніў пра касцёр і ўзрадаваўся: ага, трэба хутчэй класці вогнішча — і дыму будзе многа, ды і ў агонь жа яны дужа не палезуць.

Хуценька пачаў збіраць трэскі, хвою, сухія сучкі, кару. Пакуль сабраў, пакуль распаліў вогнішча, камары шэрым бухматым покрывам абселі яго ўсяго — ужо нельга стала адрозніць, дзе цела, а дзе яно прыкрыта адзеннем.

Калі па-сапраўднаму задыміў касцёр, насякомыя, здаецца, разляцеліся, пакінулі яго ў спакоі, але варта было яму зноў трошкі адысціся ад дыму, каб прынесці, да прыкладу, новыя сырыя галінкі, як яны апантана, цэлаю хмараю наляталі на яго. Кідаючы галлё ў касцёр, чалавек соваў рукі ў самы дым і радаваўся, бачачы, як камары дружна, спяшаючыся ўзлятаюць з апухлых ужо рук і разлятаюцца ў розныя бакі.

Пакуль што ён яшчэ нічога не баяўся. Страшна яму стала крыху пазней, тады, калі, злаўчыўшыся, падкраўшыся, даланёю накрыў на руцэ, можа, цэлую сотню камароў — ніводзін не ўзляцеў! — а затым старанна, сціснуўшы ад помслівай асалоды зубы, расцёр іх.

Адняў далонь і жахнуўся: уся рука была чырвоная ад крыві — як усё роўна хто парэзаў яе.

— Дык гэта ж мая кроў! — у адчаі закрычаў чалавек. — Мая! Бачыш, колькі яны, гэтыя малечы, тваёй крыві выцягнулі і выпілі? Бачыш?! І калі ад іх не абараніцца, яны ж высмакчуць з цябе ўсю кроў! Усяго цябе высмакчуць. Адна шкурка астанецца. І ты, магутны чалавек, памрэш ад гэтай драбніцы. Памрэш жывы і здаровы. А яны, камары, будуць жыць!

Чалавек спяшаючыся, мітусліва пачаў шукаць, што яму рабіць. Напалоханы, нічога разумнейшага не прыдумаў, як ускочыць у вогнішча.

— Папалю! — зароў ён. — Усіх папалю!

Пакуль таптаўся ў полымі, спяшаючыся знішчыць усіх — да аднаго! — камароў, не заўважыў, што загарэліся штаны, пінжак. Загарэліся чамусьці са спіны. Зразумеў гэта позна, калі пачало прысмальваць ужо нават і цела.

Ён як ашалелы выскачыў з вогнішча і кінуўся качацца па траве, каб збіць з сябе агонь. Агонь то ён патушыў, але ад гэтага яму лепей не стала: штаны знізу згарэлі зусім, а на голых нагах матлялася толькі ашмоцце, пінжак перагарэў на дзве часткі, ад яго асталіся толькі рукавы ды плечы, выгарала ззаду нават сарочка, адкрыўшы камарам паапечаную спіну.

І яны тут жа абселі яе, схавалі, нібы абгарнуўшы сабою, голыя ногі. Кусалі, джалілі, рэзалі, ужо не хаваючыся, не аглядаючыся, — як хацелі.

Яго ж адчай быў бязмежны. Што рабіць? Як абараніцца? Дзе выратаванне?

— Каса! — раптам успомніў ён і загарлаў на ўвесь свет. — Каса! Вось што выратуе мяне!

І праўда, каса — вельмі ёмкая зброя. Чалавек з касою — грозны і абаронены. Скажыце, які дурань будзе нападаць на таго, хто трымае ў руках вострую касу?! Той жа толькі махне ёю — і ў любога пакоціцца галава з плячэй. Але то людзі. А гэта ж камары… — Я пакашу іх усіх!

Чалавек ужо і падбег да касы, ужо і выцягнуў кассё з зямлі, узяў у рукі, пачаў махаць ёю па хмарах камароў…

Аднак тут жа разгублена апусціў лязо долу, змрочна вылаяўся.

Вось ты, такі моцны і непрыступны, стаіш з касою. Не падыходзь — зарэжу! Цябе ўсе, здавалася б, павінны баяцца, абыходзіць бокам — як можна далей ад бяды.

А камары, хоць ты і махаеш касою, не баяцца, яны зноў і зноў налятаюць на цябе, напіваюцца тваёй крыві і ўступаюць месца іншым. Што камарам твая каса?! Для іх яна зусім не страшная. Ці ты махай ёю, ці ты рэж, ніводзін камар усё роўна не трапіць пад яе вострае лязо. Ды і зноў жа, хіба ты будзеш ганяцца з ёю за кожным камаром? Каб адрэзаць яму галаву ці крылы?

Якую галаву, якія крылы?!

Ён са злосцю кінуў вобземлю касу, збольшага абтросся ад камароў і спяшаючыся, стрымгалоў кінуўся назад, да свае машыны — у яго яшчэ была на яе хоць маленькая, але ўсё ж надзея.

І ўсе камары, здаецца, паляцелі ўслед за ім.

Па дарозе ён падабраў кола, якое адвалілася, паднёс яго да машыны, паспрабаваў прыладзіць, прыкруціць назад, але гэта было немагчыма, — яно не звінцілася, а зрэзалася начыста.

Чалавек кінуў яго, піхнуў нагою, яшчэ раз агледзеў машыну, шукаючы, дзе б схавацца ад камароў, але ўбачыўшы, што ў ёй не схаваешся — машына была зусім адкрытая, — сплюнуў на руль і паціху, ужо не спяшаючыся і не зганяючы з сябе камароў, пайшоў па дарозе, па якой, поўны надзей, нядаўна прыехаў.

Чалавек ведаў, што камары заядуць яго, і тым не менш быў спакойны. Ён зразумеў, што змагацца з камарамі не варта, бо ўсё роўна іх не пераможаш.

Можна перамагчы аднаго камара. Можна сотню, тысячу, мільён…

Але ўсіх камароў, увесь народ камарыны не пераможаш.

Хоць чалавек і мацнейшы за камара.

Загрузка...