Францiшак Багушэвiч
Палясоўшчык
(Апавяданне старога леснiка)
Трэцi год ужо быў леснiком на графскай пушчы, хадзiў цягам па лесе, па оступах, па градах i ведаю, што мядзведзь ёсць то ёсць, але бог баранiў спаткацца аж да гэтага года; ды i цяпер не ведаю, цi вiдзеў я мядзведзя, цi не вiдзеў.
А вот як было: якраз у задушны дзень. Той дзень на ляпорт мы ўсе сабралiся. Прыйшлi рана, меўся лоўчы паляваць, ды штосьцi з жонкай пабiлiся, цi што, от так, яму было не да ляпорту, не да палявання, i пратрымаў нас да вечара без нiчым нiчога, а падвечар загадаў дроў нарубаць; так i да ночы звялося.
Ноч цёмная, мне дахаты трэба iсцi праз сваю пушчу, праз оступ; дарогi нiякай няма, iдзеш логам, пасля градой, а там iзноў оступ; праз ручаёк доўгая старая елка, можа ўжо гадоў сто ляжыць вываратня, i па ёй пераходзiм, бывала.
Якраз, даходзячы да той вываратнi, думаю сабе: "Вот, божа баранi, цяпер мядзведзь на спатканне..."
Аж шапка паднялася, аж сэрца ёкае, улез на вываратню, пугач негдзе стогне ў старым дубе, - яшчэ страшней стала...
Калi чую: вываратня аж калышацца, хтось iдзе з другога канца на спатканне. Так i ёсць, ён, мядзведзь, сапець, аж страх. А дожджык як з рэшата сыпе. А ведаю я, што мядзведзь палахлiвы, але ж i я не надта каб ад яго смялейшы. Дай, думаю, спалохаю я яго. Як зараву я па-мядзведжаму - уга! А ён - шабалдыхць у балота, а крыкнуў, як чалавек: "Ах!"
Лячу бардзей дахаты, цi не задраў ён маёй каровы? Не, цэла, дзякаваць богу, ходзе па гародчыку. Я ў хату шусць! "Жонка, кажу, мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука!" Калi жонкi i ў хаце няма, дзецi спяць, сучка ляжыць пад сталом, смалякi гараць на прыпечку, i бульба прэе. Што за прычына? Я туды, я сюды - няма жонкi; цi не павесiлася, думаю, са злосцi, што мяне няма, а яна тыкi злая. Калi пачакаўшы трохi i яна iдзець у хату - уся мокрая, а дрыжыць, як лiсток.
"Жонка, кажу, мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука".
"А божа ж мой, божа, гэта, кажа, пэўне той самы i мяне, спаткаўшы, хацеў задраць; як зароў, дык аж я ў балота па шыю ўляцела".
"Гдзе ж ты, кажу, яго спаткала?"
"На чортавай пералазцы (так завецца тая вываратня); iшла цябе спатыкаць, цi з двара дахаты клiкаць".
"А я, кажу, iшоў дахаты i на той пералазцы спаткаў мядзведзя i спалохаў яго, дык ён у ручай звалiўся".
"А можа то я была?"
"Вот, кажу, я бы цябе не пазнаў?.. То мядзведзь быў, пэўне. Вот ты дык можа мяне спаткала, а не мядзведзя".
"Але? Нябось, кажа, я добра прыгледзелася: i морда яго, i хвост кароценькi, i зароў як трэба, аж засмярдзела".
"А бадай цябе пярун спалiў! Давай, баба, бялiзну змянiць!"
Ну, так i будзе - нячыстая сiла, думаю, нас абое ў медзвядзёў перакiнула, а мы самi i не ведалi, бо i чаго ж мне па-мядзведжаму раўцi i ўсё рабiць, як мядзведзь са страху?..
Дык i хто яго ведае, цi вiдзеў я мядзведзя, цi не вiдзеў?..