Мікаэль Ніемі ПАПУЛЯРНАЯ МУЗЫКА ЗЬ ВІТУЛЫ

ПРАЛЁГ

Апавядальнік прачынаецца, узыходзіць на гару й выстаўляе сябе на сьмех на перавале Тхаронг Ля, з чаго й пачынаецца расповед

Начлег у пакоі зь бярвеньня выдаўся надзвычай халодным. Калі запішчаў мой дарожны будзільнік, я рыўком сеў, разьвязаў спальны мяшок і высунуў руку ў марознае вугольле ночы. Пальцы пачалі блукаць па негабляваных дошках падлогі, сярод запалак і пяшчынак; у шчыліны паміж масьніцамі задзімаў вецер. Урэшце я намацаў халодную плястмасу гадзіньніка ды націснуў на кнопку.

Нейкі час я ляжаў нерухома, у паўдрымоце, раскрыжаваны на камлюку, з рукою, пагружанаю ў мора. Цішыня. Мароз. Частае дыханьне ў разрэджаным паветры. Ва ўсім целе хаваўся фізычны боль, нібыта я ўсю ноч ляжаў і напружваў цягліцы.

У гэты момант я ўявіў, што памёр.

Цяжка апісаць, што я перажыў. Цела нібыта спустошылі. Я акамянеў, ператварыўся ў бясконца вялікі халодна-шэры мэтэарыт. А глыбока ўсярэдзіне, у паражніне, стаілася нешта чужароднае, даўгаватае й мяккае, нешта арганічнае. Чалавечы труп. Гэта быў ужо ня я. Я зрабіўся каменем, я проста ахінаў гэтую астылую форму, як велічэзны, наглуха зачынены гранітны саркафаг.

Гэта доўжылася дзьве, максымум тры сэкунды.

Пасьля я запаліў кішэнны ліхтарык. На цыфэрбляце гадзіньніка было 00:00. На адно жудаснае імгненьне я ўявіў, што час спыніў сваю хаду і яго немагчыма ўжо вымераць. Але пасьля зразумеў, што незнарок абнуліў гадзіньнік, калі спрабаваў адшукаць кнопку. На ручным гадзіньніку было 04:20. На спальным мяшку зьявіўся тонкі пласт шэрані. Хоць я ляжаў у памяшканьні, тэмпэратура, відаць, апусьцілася ніжэй за нуль. Сабраўшы волю, я вылез насустрач марозу, высьлізнуўшы па-зьмяінаму зь мяшка; я быў ужо цалкам апрануты й толькі засунуў ногі ў прамерзлыя паходныя боты. З крыху прыкрым пачуцьцём упакаваў у заплечнік свой пусты нататнік. І сёньня нічога. Ніводнага накіду, ніводнага кароценькага запісу.

Зьняў зь дзьвярэй мэталічны кручок і апынуўся ў ночы. Зорнае неба расчыніла перада мною сваю бязьмежнасьць. Па небасхіле, нібы човен, плыў паўмесяц, у сылюэтах вастраверхіх хрыбтоў бачыліся постаці гімалайскіх волатаў. Зорнае сьвятло было такім моцным, што, здавалася, арашала зямлю, прапускаючы вострыя белыя промні скрозь гіганцкае сіта. Я ўсьцягнуў на сьпіну заплечнік ды ўжо ад аднаго гэтага невялікага намаганьня пачаў задыхацца. Ад недахопу кіслароду перад вачыма замільгацелі іскры. Кашаль разьдзіраў глотку сухімі хрыпамі — 4400 мэтраў над узроўнем мора. Наперадзе прамалёўвалася сьцяжынка, яна стромка падымалася па каменным схіле гары й зьнікала ў цемры. Павольна, вельмі павольна я пачаў сваё ўзыходжаньне.

Перавал Тхаронг Ля, масіў Анапурна ў Нэпале. Вышыня — 5415 мэтраў. Я зрабіў гэта. Урэшце наверсе! Палягчэньне такое, што я, цяжка дыхаючы, кідаюся на сьпіну. Шчыкае ў нагах ад малочнай кіслаты, балюча сьціскае скроні — першая стадыя вышыннай хваробы. Дзённае сьвятло падаецца трывожна перарывістым. Раптоўны парыў ветру прадказвае пагаршэньне надвор’я. Мароз кусае за шчокі, і я бачу, як жменька падарожнікаў пасьпешліва закідваюць заплечнікі за сьпіну й пачынаюць спуск да Муктынатху.

Я застаюся сам-насам. Не магу пакуль прымусіць сябе пайсьці — яшчэ ня час. Усё яшчэ цяжка дыхаючы, саджуся. Абапіраюся на курган з камянёў, зь якога тырчаць, разьвіваючыся на ветры, вымпелы з тыбецкімі малітвамі. Увесь перавал засыпаны камянямі — стэрыльны жвіровы насып, ні расьлінкі. З абодвух бакоў уздымаюцца вяршыні — чорныя сырыя фасады зь нябесна-белымі леднікамі.

Парывы ветру пачынаюць прыносіць першыя сьняжынкі, якія хвостка б’юцца аб маю куртку. Нядобры знак. Будзе небясьпечна, калі сьцежку зноў занясе сьнегам. Я аглядаюся, але іншых турыстаў не відаць. Трэба сьпяшацца ўніз.

Але яшчэ зарана. Я ж ніколі раней у жыцьці не стаяў на такой вышыні. Трэба сьпярша разьвітацца. Камусьці падзякаваць. Ахоплены раптоўным парывам, я кідаюся на калені перад курганам. Адчуваю сябе крыху камічна, але, азірнуўшыся яшчэ раз, упэўніваюся, што я адзін. Імгненна згінаюся, як мусульманін, азадкам дагары, схіляюся тварам уніз і мармычу малітву падзякі. А ўнізе — літая жалезная пласьціна зь нейкім тыбецкім надпісам. Пісьмёнаў на ёй амаль не разабраць, але пласьціна выпраменьвае такую сур’ёзнасьць і духоўнасьць, што я схіляюся ніжэй, каб пацалаваць яе.

І ў гэты момант да мяне прыходзяць успаміны. Галавакружны спуск па тунэлі ў дзяцінства. Труба праз час, зь якой даносяцца словы перасьцярогі, але ўжо позна.

Я прыклеіўся.

Мае вільготныя вусны намёртва прымерзьлі да тыбэцкай малітоўнай пліты. А калі я паспрабаваў размачыць зьвязку языком, дык прымёрз і ён.

Кожнае дзіця ў Нарляндыі мусіць аднойчы з гэтым сутыкнуцца. Сьцюдзёны зімовы дзень, парэнчы мосту, ліхтарны слуп, зашаранелая жалязяка. Мае ўспаміны надзіва ясныя. Мне пяць гадоў, я прымёрз, лізнуўшы дзьвярны замок каля мосту ў Паяле. Сьпярша неймавернае зьдзіўленьне. Звычайны замок, які бесьперашкодна можна было пакратаць рукавіцаю або нават голым пальцам. Але цяпер ён ператварыўся ў д’ябальскую пастку. Спрабую крычаць, але з прымерзлым языком гэта ня так проста. Размахваю рукамі, спрабую вызваліцца сілаю, але боль такі, што кідаю гэтую ідэю. Ад марозу язык здранцьвеў, у роце — смак крыві. Страціўшы ўсялякую надзею, грукаю ў дзьверы й у адчаі выціскаю зь сябе:

— Ыыыыы, ыыы...

Тады зьяўляецца маці. Вылівае кубак цёплае вады, тая цячэ па замку, і вусны адмарожваюцца. Рэшткі скуры застаюцца на жалезе, і я даю сабе абяцаньне ніколі так больш не рабіць.

— Ыыыыы, ыыы... — мармычу я, а сьнег хвошча ўсё мацней. Ніхто ня чуе. Можа, калі хто з турыстаў яшчэ падымаецца, яны павернуць назад? Азадак тырчыць дагары, вецер усё ўзмацняецца й прадзімае мяне наскрозь. Рот пачынае пакрысе дранцьвець. Здымаю рукавіцы ды спрабую адагрэцца рукамі, пыхкаю сваім гарачым дыханьнем. Але ўсё дарэмна. Жалеза ўсмоктвае цяпло, але застаецца такім самым халодным. Спрабую падняць, сарваць зь месца жалезную пліту. Але тая прыкручаная намёртва й ня зрушваецца ні на ёту. Сьпіна пакрываецца халодным потам. Вецер прабіраецца пад куртку, і я пачынаю калаціцца ўсім целам. Нізкія хмары ахутваюць перавал туманам. Небясьпечна. Жахліва небясьпечна. Мне робіцца ўсё больш жудасна: мне наканавана тут памерці. Я ня здолею перажыць ночы, прымерзлы да гэтай тыбэцкай пліты.

Засталося толькі адно. Мне трэба адарвацца.

Ад адной толькі думкі робіцца млосна. Але я мушу пайсьці на гэта. Раблю пробны рывок. Адчуваю ныючы боль нават у корані языка. Раз... два... ііі...

Усё чырванее. Кроў. І такі боль, што я б’юся лобам аб жалеза. Ня пойдзе. Рот па-ранейшаму прыклеены да пліты. Ірвану мацней — застануся бяз твару.

Нож. Калі б у мяне быў прынамсі нож. Цягнуся нагою па заплечнік, але ён ляжыць за колькі мэтраў ад мяне. Ад страху сьціскае жывот, пухір гатовы апаражніцца ў штаны. Я расшпільваю прарэх і рыхтуюся памачыцца, як цялё, стоячы на карачках.

Але стрымліваю сябе. Здымаю зь дзягі паходны кубак. Напаўняю яго па самыя берагі мачою й выліваю пасьля на вусны. Мача струменіцца па твары, плавіць лёд, адно імгненьне — і я вызваляюся.

Так я прасікаў сабе шлях на волю.

Падымаюся. Час малітвы мінуў. Язык і вусны задзеравянелі ды сыходзяць крывёю. Але я магу прынамсі варушыць імі. І ўрэшце я магу пачаць свой расповед.

РАЗЬДЗЕЛ 1

— пра тое, як Паяла робіць крок у сучаснасьць, узьнікае музыка, а два малыя выпраўляюцца ўлегцы ў падарожжа

Здарылася гэта на пачатку шасьцідзясятых: наш раён у Паяле пачалі асфальтаваць. Мне было пяць гадоў, я стаяў і слухаў, як набліжалася тэхніка. Паўз наш дом прапаўзала чарада машынаў, якая дужа нагадвала калёну баявых танкаў. Яны пачалі капаць зямлю, разрываючы старую, усю ў ямінах, гравійку. Лета толькі пачыналася. Паўсюль уперавалку хадзілі мужыкі ў камбінэзонах, сплёўвалі жаваны тытунь, грукаталі жалезнымі кіямі ды нешта бурчэлі па-фінску, а мясцовыя жанчыны ўпотай глядзелі на іх з-за фіранак. Малому хлапчуку ўсё гэта падавалася надзвычай займальным. Бадзяючыся каля плоту, я ўзіраўся праз шчыліны паміж дошкамі ды ўцягваў у сябе выхлапы саляркі, спароджаныя гэтымі браняванымі пачварамі. Яны ўгрызаліся ў няроўную вясковую дарогу, нібыта ў гнілую падлу. Гліністая дарога зь безьліччу дробных калдобінаў, звычайна залітых дажджом, сьпіна са скураю, рабою ад восьпінаў, якая ў часе вясновай бездаражы мякчэла, нібы масла, а летам прысыпалася, як кусок мяса, сольлю, каб менш пыліла. Гравійка выйшла ўжо з моды. Яна належала мінуламу часу, таму, у якім нарадзіліся мае бацькі, але які яны ўрэшце захацелі пакінуць назаўжды.

У прастамоўі наш квартал называлі Вітулаянкя, што ў перакладзе азначае Похвіна багна. Паходжаньне назвы дакладна не вядомае, але яна, напэўна, зьявілася таму, што тут нараджалася багата малых. У шмат якіх хатах было пяцёра (часам нават больш) дзяцей, і гэтая назва сталася грубым ушанаваньнем жаноцкай плоднасьці. Вітулаянкю, або проста Вітулу, засяляла сельская бедната, сталеньне якой прайшло ў неўрадлівыя трыццатыя гады. Дзякуючы сваёй упартай працы й спрыяльнай каньюнктуры, яны здолелі выбіцца ў людзі, а пасьля пазычылі ў банку грошай на ўласны дом. Швэцыя квітнела, эканоміка расла, і ўрэшце прагрэс дакаціўся й да Турнэдален. Усё пачало разьвівацца настолькі хутка, што народ па старой звычцы адчуваў сябе па-ранейшаму бедным, хоць і жыў ужо досыць заможна. Часам зьяўляўся страх, што ў цябе вось-вось усё адбяруць. Кабеты, хаваючыся за пашытымі дома фіранкамі, з хваляваньнем думалі пра тое, як добра ў іх усё было. Яны мелі ўласны дом — для сябе ды сваіх нашчадкаў. У іх была магчымасьць купляць адзеньне, дзецям ужо ня трэба было хадзіць у абносках. У іх зьявіліся нават машыны. А цяпер вось ліквідоўвалі старую гравійку, і дарогу пакрывалі чорным, як нафта, асфальтам. Беднату апраналі ў чорную скураныя курткі. Так для іх закладалі шлях у будучыню — гладкі, як шчака. Па гэтай дарозе дзеці будуць ехаць на сваіх новых роварах, каб здабыць дабрабыт ды інжынэрную адукацыю.

Бульдозэры мукалі й раўлі. Грузавікі чэрпалі друз. Паравыя каткі ўтрамбоўвалі дарожнае палатно сваімі гіганцкімі стальнымі цыліндрамі з такою неймавернаю сілаю, што мне хацелася падсунуць пад іх сваю пяцігадовую ножку. Я кідаў вялікія камяні пад каток і выбягаў прасачыць, куды яны патрапілі, але ніколі ня мог іх знайсьці. Камяні зьнікалі нейкім чароўным чынам. Мяне гэта адначасова пужала й вабіла. Я клаў руку на разгладжаную паверхню. Тая падавалася надзіва халоднаю. Як такі шурпаты друз мог ператварыцца ў роўную прасьціну? Я шпурнуў відэлец з кухоннай скрыні, а пасьля сваю плястмасавы шуфлік — яны таксама бясьсьледна зьніклі. Я й сёньня ня ведаю, ці насамрэч яны ляжаць там пад дарожным палатном, ці папросту прапалі нейкім чароўным чынам.

Менавіта ў гэты час мая старэйшая сястра набыла свой першы прайгравальнік. Аднойчы, калі сястра была ў школе, я пракраўся ў ейны пакой. Ён стаяў на яе стале — цуд тэхнікі з чорнай плястмасы, малая бліскучая скрыня з празрыстым вечкам, за якім хаваліся дзівосныя кнопкі й рычажкі. Вакол яго валяліся бігудзі, губная памада й слоічкі зь лякам. Усё было мадэрновым — неапраўданая раскоша, — усё казала пра нашае багацьце й бестурботную ды заможную будучыню. У лякераванай скрыначцы ляжалі стосы картак з кіназоркамі ды квіткі з кіно. Сяструха пакідала іх пасьля кінасэансаў і ў ейнай калекцыі быў ужо вялікі пачак квіткоў з нашага мясцовага кінатэатру «Вільгэльмсан». На адваротным баку яна пазначала назву фільма, выканаўцаў галоўных роляў і ставіла фільму адзнаку.

На плястмасавай стойцы, якая нагадвала падстаўку для посуду, сястра выставіла свой адзіны сынгл. А я ўрачыста пакляўся, што ня буду нават на яго дыхаць. І вось мае пальцы ў нецярпеньні хапаюць пласьцінку, лашчаць бліскучую вокладку з выяваю маладога стылягі з гітараю. Чорная пасма валасоў спадае яму на лоб, ён усьміхаецца ды сустракаецца са мною позіркам. Акуратна, вельмі акуратна я выцягваю чорны вінілавы дыск. Асьцярожна адкрываю вечка. Спрабую ўзгадаць, як гэта рабіла сястра, і кладу пласьцінку на талерку. Так, каб дзірка сынглу патрапіла акурат на штырок. Пацеючы ад нецярпеньня, уключаю.

Талерка скаланулася й пачала круціцца. Гэта было вельмі захапляльна, і я суцішыў у сабе жаданьне зьбегчы прэч. Нязграбнымі хлапчуковымі пальцамі я схапіў гэтую зьмяю — чорную пругкую іглу — з атрутным зубам, цьвёрдым, як калыпок. Пласьцінка гудзе — і вось я апускаю іглу на яе.

Пачулася патрэскваньне, нібыта смажылі скваркі. І я зразумеў, што нешта зламалася. Я сапсаваў пласьцінку, і яна больш ня будзе граць!

— Бам-бам... Бам-бам...

Не, яна грае! Цяжкія акорды. І ўрэшце — ліхаманкавы голас Элвіса.

Я быццам аслупянеў. Забыўся глытаць сьліну, якая ўжо струменілася зь ніжняй губы. Мне зрабілася млосна, галава закружылася, я забыўся дыхаць.

Гэта была будучыня. Так яна мусіла гучаць. Музыка, якая нагадвала гуд асфальтаўкладчыкаў, іх бясконцы грукат, выцьцё сырэны, якая клікала да барвовага небасхілу асьветленага ранішнім сонцам.

Я нахіліўся й выглянуў у акно. Звонку на дарозе грымеў грузавік, і я ўбачыў, што ўкладваньне пачалося. Але гэта быў ня чорны глянцавы асфальт. Гэта быў асфальтабэтон. Шэры як пыл, гузаваты, гідкі асфальтабэтон.

Вось па ім мы, паяльцы, і мусілі каціцца ў будучыню.

Калі тэхніку ўрэшце вывезьлі, я пачаў рабіць першыя кароткія шпацыры па навакольлі. І з кожным крокам сьвет рос перад маімі вачыма. Нашая новая асфальтаваная дарога вяла да іншых асфальтаваных дарог, дзялянкі перад дамамі ператвараліся ў цяністыя паркі, агромністыя сабакі брахалі на мяне, бразгочучы жалезнымі ланцугамі. Чым далей я заходзіў, тым цікавейшым рабілася асяродзьдзе. Сьвет усё нідзе не заканчваўся, а толькі ўвесь час пашыраўся, і ў мяне закружылася галава, зрабілася амаль млосна, калі я зразумеў, што магу вандраваць вось так колькі заўгодна. Урэшце я набраўся сьмеласьці ды запытаўся ў таты, які мыў у гэты момант наша навюткае «вольва»:

— А зямля вялікая?

— Дужа вялікая, — адказаў тата.

— Але недзе ж ёсьць у яе канец?

— У Кітаі.

Ад такога простага адказу мне зрабілася лягчэй на душы. Калі ісьці досыць доўга, можна ўрэшце дайсьці да канца. І быў ён у краіне вузкавокага народу «дзыньчонг» на другім баку сьвету.

Стаяла лета, і было невыносна сьпякотна. Я лізаў ледзяное марозіва, якое ўжо запляміла мне ўсю кашулю. Выйшаў за межы нашага двара, пакінуўшы за сьпінаю бясьпеку. Раз-пораз азірнуўся, хвалюючыся, каб не заблукаць.

Я накіраваўся ў дзіцячы парк (насамрэч гэта была старая сенажаць, якая патрапіла цяпер ў сярэдзіну паселішча). Камунальнікі паставілі на траве арэлі; я плюхнуўся на вузкае седала ды пачаў бадзёра разгойдваць ланцугі, каб набраць хуткасьці.

Раптам я адчуў, што за мною назіраюць. На горцы сядзеў нейкі хлопчык. На самым яе версе, нібы зьбіраўся сасьлізнуць адтуль уніз. Але ён чамусьці не сьпяшаўся: нерухомы, як драпежная птушка, хлапчук пільна назіраў за мною.

Я насьцярожыўся. З хлопцам было нешта ня так. Ня мог ён там сядзець, калі я прыйшоў, — ён быццам матэрыялізаваўся з паветра. З абыякавым відам я працягваў разгойдвацца ды падлятаў ужо так высока, што ланцугі ў маіх руках пачалі зьвінець. Я заплюшчыў вочы й адчуў, як у мяне ад страху пачало сьціскаць жывот, калі арэлі паскаралі свой рух каля зямлі ды падляталі зноў уверх да сьвятла на другім баку.

Калі я расплюшчыў вочы, ён сядзеў ужо ў пясочніцы. Нібыта пераляцеў туды на крылах, бо я не пачуў ніводнага гуку. Ён па-ранейшаму пільна назіраў за мною, павярнуўшыся да мяне бокам.

Я замер, і арэлі пакрысе запаволіліся. Урэшце я скочыў, перакуліўся цераз галаву ды разьлёгся ў траве. Утаропіўся ў неба. Па-над рэчкаю гойсалі белыя аблокі. Яны нагадвалі вялікіх пухнатых авечак, якія драмалі на ветры. Калі я прымружыў вочы, то ўбачыў малых істотаў, якія рухаліся на ўнутраным баку павекаў. Чорныя кропачкі, якія паўзьлі па чырвонай плеўцы. Я мацней заплюшчыў вочы й адчуў, як у жываце пабеглі фіялетавыя акрабаты. Яны караскаліся адзін на аднаго, утвараючы ўзоры. Нават там былі розныя жывёлы, нават там быў невядомы мне дагэтуль сьвет. Да мяне прыйшла галавакружная здагадка: увесь сьвет складаецца з мноства скрутачкаў — адзін у адным. Праз колькі пластоў ні праходзь, за імі будуць усё новыя й новыя. .

Я расплюшчыў вочы ды ажно здрыгануўся ад нечаканасьці. Побач са мною ляжаў той хлопчык. Ён расьцягнуўся на сьпіне амаль усутыч, так блізка, што я адчуваў ягонае цёплае дыханьне. У яго быў надзіва малы твар. Сама галава была звычайнага памеру, а вось рысы твару месьціліся на зусім малой прасторы. Нібыта лялечны твар, прыклеены да вялікага рудога мяча. Выстрыжаныя няроўнымі жмуткамі валасы, на лобе — напалову адсохлая крывавая корка. Ён прымружыў адно вока, верхняе, у якое сьвяціла сонца. Ніжняе хавалася ў траве й было шырока расплюшчанае, у яго велізарнай зрэнцы я ўбачыў сваё адлюстраваньне.

— Як тваё імя? — пацікавіўся я.

Ён не адказаў. Нават не зварухнуўся.

Mikäs sinum nimi on? — паўтарыў я ўжо па-фінску.

Тут ён адкрыў рот. Усьмешкаю гэта не было, ён проста агаліў зубы. Жоўтыя, пакрытыя застарэлым налётам ад ежы. Ён засунуў мезенец у ноздру, астатнія пальцы былі такія вялікія, што не зьмясьціліся ў носе. Я зрабіў тое самае. Мы выцягнулі кожны сваю казюлю. Ён засунуў сваю ў рот і праглынуў. Я ж спыніўся ў нерашучасьці. Тады ён выхапіў у мяне казюліну ды праглынуў і яе.

Так я зразумеў, што ён хоча са мною сябраваць.

Мы селі ў траве, і мне таксама захацелася ўразіць хлопчыка.

— Можна паехаць куды заўгодна!

Ён напружана слухаў мяне, але я не быў зусім упэўнены, ці ён разумеў.

— Ажно ў Кітай, — працягваў я.

Каб даказаць сур’ёасьць свайго намеру, я накіраваўся ў бок дарогі. Дзёрзка, напусьціўшы на сябе пампэзную самаўпэўненасьць, каб прыхаваць нэрвознасьць.

Ён пайшоў за мною. Так мы дайшлі да жоўтага будынку пастарскай сядзібы. Пры дарозе мы ўбачылі прыпаркаваны аўтобус, на якім, без сумневу, прыехалі турысты, каб падзівіцца на лестадыянскую хату. Было сьпякотна, аўтобус стаяў з адчыненымі дзьвярамі, але кіроўцы не было відаць. Я ўскараскаўся па прыступках, пацягнуўшы за сабою хлопчыка. На адсырэлых сядзеньнях ляжалі курткі й валізкі. Мы забраліся ў самы канец і схаваліся за сьпінкамі крэслаў. Неўзабаве ў салён, цяжка дыхаючы й абліваючыся потам, пачалі ўцягвацца дамы сталага веку. Яны размаўлялі на нейкай мове, што нагадвала гаўканьне, і ўвесь час жаднымі глыткамі пілі з бутэлек ліманад. Пасьля да іх далучыліся яшчэ колькі пэнсіянэраў. Зьявіўся кіроўца, заклаў пад губу тытуню. І мы пусьціліся ў дарогу.

Мы сядзелі моўчкі ды толькі глядзелі вялікімі вачыма на краявіды, што праносіліся міма нас. Мы пакінулі Паялу — неўзабаве зьніклі ўжо апошнія дамы паселішча — і паехалі лясамі. Столькі дрэваў, проста безьліч! Міма нас у акне праносіліся старыя тэлефонныя слупы з парцалянавымі булавешкамі, зь якіх цяжкімі дугамі правісалі ад сьпякоты правады.

Мы праехалі яшчэ колькі кілямэтраў, калі нас урэшце заўважылі. Я выпадкова тузануў крэсла перада мною, і адна зь цётак, з друзлымі шчокамі, павярнулася да мяне. Я насьцярожана ўсьміхнуўся. Яна таксама мне ўсьміхнулася, пакорпалася крыху ў торбачцы ды вывудзіла адтуль нейкі дзіўны, пэўна палатняны, мяшочак з ласункамі. Нешта сказала, але я не зразумеў. Тады яна паказала ў бок кіроўцы ды запыталася:

— Рара?

Я кіўнуў, натужліва ўсьміхаючыся.

— Habt ihr Hunger? — зноў запыталася яна.

Не пасьпелі мы й вокам міргнуць, як трымалі ўжо ў руках лусьцяні з сырам.

Пасьля маруднай трасяніны ў аўтобусе мы ўрэшце спыніліся на вялікай паркоўцы. Усе пасьпяшаліся да выхаду а за імі і я са сваім сябрам. Перад сабою мы ўбачылі шырачэзны бэтонны будынак, з плоскім дахам і высокімі антэнамі, якія тырчалі на ўсе бакі. Удалечыні за калючым дротам стаялі аэрапляны. Кіроўца адчыніў люк багажніка й пачаў выгружаць валізкі. У нашай мяккасардэчнай цёткі было зашмат багажу, і яна жудасна нэрвавалася. На лобе пад капелюшом блішчэў пацеркамі пот, яна непрыемна прыцмоквала, прапускаючы праз зубы сьліну. Мы зь сябрам, каб аддзячыць ёй за лусьцяні, ухапілі цяжкую валізку й павалаклі. Мы спыніліся зь ёй у будынку дзе ўжо сабраліся пэнсіянэры ды ўзбурана гудучы й жэстыкулюючы перад сталом дыспэтчара выцягвалі свае паперы. Цётка ў форме цярпліва спрабавала навесьці парадак. Пасьля нас арганізаванаю групкаю правялі праз турнікет да самалёта.

Гэта мусіў быць мой першы палёт. Мы абодва крыху разгубіліся, але нейкая мілая жанчына, з карымі вачыма й залатымі сэрцайкамі ў вушах, дапамагла нам прышпіліць рамяні. Мой сябрук атрымаў месца каля акна, і мы з усё большым захапленьнем назіралі за тым, як пачынаюць раскручвацца бліскучыя лопасьці прапэлера, усё хутчэй і хутчэй, пакуль зусім ня зьніклі, ператварыўшыся ў адзіную нябачную кругаверць.

Мы пачалі рухацца. Мяне ўціснула ў крэсла, я адчуў шамаценьне колаў, пасьля лёгкі рывок — і мы адарваліся ад зямлі. Хлопчык як зачараваны тыкаў рукою ў ілюмінатар. Мы ляцелі! Далёка ўнізе распасьцёрся сьвет. Людзі, дамы й машыны сьціснуліся да лялечнага памеру — такія малыя, што зьмясьціліся б у кішэні. І вось нас ужо абкружылі хмары, белыя зьверху, але ўсярэдзіне шэрыя, як аўсянка. Мы праляцелі скрозь хмары, а пасьля яшчэ вышэй і вышэй, пакуль самалёт не наблізіўся да найвышэйшай нябеснай столі, і пачалі парыць, павольна, амаль непрыкметна.

Ветлая стуардэса пачаставала нас сокам, і гэта было надта дарэчы, бо мы ўжо дужа пакутавалі ад смагі. А калі нам захацелася ў прыбіральню, яна правяла нас ў малюсенькую кабінку, дзе мы па чарзе выцягвалі свае пісюны. Мача падала ў адтуліну, і я ўяўляў, як яна ляцела да зямлі, ператвараючыся ў дробны жоўты дожджык.

Пасьля мы атрымалі альбомы й крэйды. Я намаляваў крушэньне двух авіялайнэраў. Абскубаная галава майго сябра ўсё больш схілялася назад, і неўзабаве ён ужо спаў з шырока разяўленым ротам. Ад ягонага дыханьня запацеў ілюмінатар.

Пасьля доўгага пералёту мы прызямліліся. Пасажыры пасьпяшаліся на выхад, і ў гэтай мітусьні мы згубілі нашую цётку. Я запытаўся ў дзядка ў фуражцы, ці гэта быў той самы Кітай. Ён пакруціў галавою й паказаў у кірунку бясконца доўгага калідора, па якім праходзілі й зьнікалі людзі з валізкамі. Мы пайшлі па ім, і я яшчэ некалькі разоў ветліва пытаўся, пакуль нам не пачалі трапляцца людзі з раскосымі вачыма. Мне падумалася, што яны ўжо дакладна ляцяць у Кітай, таму мы прымасьціліся да іх і пачалі цярпліва чакаць.

Неўзабаве зьявіўся дзядзька ў сіняй форме й пачаў задаваць пытаньні. Нас чакалі непрыемнасьці — можна было прачытаць у ягоных вачах. Таму я стаяў і сарамліва ўсьміхаўся, робячы выгляд, быццам не разумею яго.

— Тата, — прамармытаў я, паказваючы некуды ўбок.

— Чакайце тут, — сказаў ён і пасьпешліва пайшоў.

Толькі ён зьнік, мы адразу ж пераселі на іншую лаву. Неўзабаве мы пазнаёміліся з чорнавалосаю кітаянкай у гетрах, якая гуляла з пацешным канструктарам. Яна расклала дэталі на падлозе й паказала, як можна збудаваць дрэва, верталёт або што заўгодна! Яна бясконца балбатала й размахвала сваімі тонкімі ручкамі, здаецца, яна сказала, што завуць яе Лі. Часам яна паказвала на суседнюю лаву, на якой сядзеў дзядзька са строгімі вачыма й чытаў газэту, побач зь ім была дзяўчына-падлетак з чорнымі, як крыло крумкача, валасамі. Я здагадаўся, што гэта была сястра дзяўчынкі. Тая ела сочны чырвоны фрукт і выцірала вусны аблямаванаю карункамі насоўкаю. Калі я падышоў, яна з сытым выглядам працягнула мне некалькі прыгожа нарэзаных фруктовым нажом кавалкаў гэтага фрукта. Ён быў такім салодкім, што ў роце ажно заказытала, — нічога смачнейшага ў жыцьці ня еў. Я падштурхнуў сябра, каб і ён пачаставаўся. Ён кайфаваў з паўзаплюшчанымі вачыма. На знак падзякі ён неўспадзеўкі выцягнуў запалкавы пачак, прыадчыніў яго й даў кітаянкам зазірнуць.

Там усярэдзіне сядзеў велічэзны жук з бліскучым зялёным панцырам. Старэйшая зь сёстраў паспрабавала скарміць яму рэшту фрукта, але жук узьняўся ў паветра. Глуха гудучы, ён праляцеў над усімі вузкавокімі людзьмі ў фатэлях, зрабіў кола над дзьвюма цёткамі са шпількамі ў валасах, якія ад зьдзіўленьня задралі галовы, абмінуў гару валізак, увянчаную нядбайна запакаванаю парай аленевых рагоў, і паляцеў далей калідорам пад самымі лямпамі ў той бок, адкуль мы прыйшлі. Мой сябар спахмурнеў, і я паспрабаваў суцешыць яго тым, што жук, напэўна, быў на шляху да Паялы.

У гэты самы момант ажыў дынамік, і ўсе замітусіліся. Мы дапамаглі дзяўчынцы скласьці канструктар у торбу для цацак і праціснуліся ў натоўпе пасажыраў праз турнікет. Гэты самалёт быў значна большы за папярэдні. Замест прапэлераў у яго былі вялізныя барабаны на крылах, якія, раскручваючыся, пачалі сьвістаць. Гук перарос у аглушальнае выцьцё, але прыцішыўся, калі мы ўзьняліся, да аддаленага гулу.

Мы прыбылі ў Франкфурт. І каб ня мой маўклівы спадарожнік, у якога прыхваціла жывот і які пачаў накладаць кучу акурат пад сталом, то мы, напэўна, мы, безумоўна, мы, без усякага сумневу, даляцелі б да Кітаю.

РАЗЬДЗЕЛ 2

— пра веру жывую й мёртвую, пра тое, як шрубы могуць выклікаць гвалт, і пра дзівосную інтэрмэдыю ў паяльскай царкве

Я пачаў таварышаваць з маім маўклівым знаёмцам і неўзабаве ўпершыню патрапіў да яго ў госьці. Высьветлілася, што ягоныя бацькі былі лестадыянцамі, пасьлядоўнікамі руху абуджэньня, заснаванага калісьці даўно ў Карэсуанда Лярсам Леві Лестадыюсам. У сваіх гнеўных пропаведзях гэты карчукаваты сьвятар лаяўся ня горш за іншага грахаводніка, выкрываючы п’янства й распусту, і рабіў гэта з такою сілаю, што адгалоскі тых пропаведзяў дакаціліся да нашых дзён.

Лестадыянцу недастаткова проста верыць. Мала проста прайсьці абрад хрышчэньня й сакрамэнту, мала выплачваць ахвяраваньні. Вера мусіць быць жывою. Аднойчы ў аднаго старога лестадыянскага прапаведніка запыталіся, як ён разумеў гэтую жывую веру. Сьвятар надоўга прызадумаўся, а пасьля глыбакадумна адказаў, што гэта тое самае, што падымацца ўсё жыцьцё ўгару.

Падымацца ўсё жыцьцё ўгару. Цяжка нават уявіць сабе такое. Вось ты бестурботна шпацыруеш па вузкай зьвілістай турнэдаленскай дарозе, скажам, з Паялы ў Муадасломпала. Атрымліваеш асалоду ад сьвежае зеляніны раньняга лета. Дарога бяжыць церазь бясконцы, манатонны сасновы бор, з балота патыхае цінай і сонцам. На ўзбочыне дзяўбуць друз глушцы, пасьля спалохана зрываюцца зь месца і, гучна б’ючы крыламі, зьнікаюць у парасьніку.

Урэшце ты даходзіш да першага пагорку. Заўважаеш, як шлях пачынае ісьці ўверх, як напружваюцца лыткі. Што за дробязь, думаеш ты, — гэта ўсяго толькі маленькі грудок. Там, уверсе, вельмі хутка, дарога зноў пабяжыць па сухой лясной роўнядзі зь белымі шапкамі ягелю паміж велічэзнымі стваламі.

Але пад’ём усё працягваецца. Ён куды даўжэйшы, чым ты меркаваў. Ногі стаміліся, ты запавольваеш хаду ды з усё большаю нецярплівасьцю чакаеш, калі ўжо пакажацца верхавіна схілу.

Але яе ўсё няма. Дарога бяжыць толькі ўверх ды ўверх. Лес такі самы, што й раней: лагчыны й парасьнікі, а паміж імі — выродлівыя высечкі. А пад’ём між тым працягваецца. Нібы хтосьці адарваў край зямлі ды пацягнуў яго за адзін бок. Падняў дальні ад сябе канец і падклаў нешта пад ніз, толькі каб напаскудзіць. І ты ўжо пачынаеш здагадвацца, што пад’ём будзе працягвацца ўвесь сёньняшні дзень. І заўтрашні таксама.

Ты ўсё ж упарта караскаесься па схіле. Неўзабаве дні ператвараюцца ў тыдні. Пачынае турбаваць боль у нагах, і ты незнарок узгадваеш у думках таго рукастага жартаўніка, які так спрытна задраў зямлю. Нельга не прызнаць — зроблена на славу. Але ж ўжо за Паркаёкі пад’ём, пэўна, скончыцца, бо ўсяму ж ёсьць свая мяжа. І вось ты ў Паркаёкі, а пад’ём так і ня скончыўся, і ты думаеш, што канец, пэўна, у Кітк’ёёкі.

Тыдні расьцягваюцца ў месяцы. Ты пераадольваеш іх крок за крокам. Выпадае сьнег. А пасьля сьнег растае ды зноў выпадае. І вось ужо паміж Кітк’ёёкі й Кітк’ёерві ты амаль што здаесься. Твае ногі дрыжаць, суставы ныюць, і вось-вось вычарпаюцца апошнія сілы.

Але крыху аддыхаўшыся, ты працягваеш сваё змаганьне. І ўжо хутка ты, напэўна, наблізісься да Муадасломпала. Часам табе, зразумела, трапляюцца вандроўнікі, якія ідуць з процілеглага боку. Яны бадзёра крочаць уніз па схіле на шляху ў Паялу. А некаторыя нават едуць на роварах. Сядзяць сабе на седалах ды нават пэдалі ня круцяць, так і дакочваюцца ў камфорце да самага канца. Тады, трэба гэта прызнаць, у цябе абуджаецца пэўны сумнеў, і твая душа разрываецца ад ўнутранай барацьбы.

Крокі робяцца карацейшыя. А гады так і мінаюць. Але цяпер ты ўжо блізка, вельмі блізка. І зноў выпадае сьнег — усё так, як мае быць. Ты ўглядаесься празь сьнежную завею і, здаецца, нешта бачыш. Быццам нешта мігціць там, крыху зводдаль. Лес пачынае радзець, расступаецца. За дрэвамі відаць хаткі. Гэта вёска! Гэта ж Муадасломпала! Ты намагаесься зрабіць апошні крок, кароценькі дрыготкі крок...

На паніхідзе сьвятар абвяшчае, што ты памёр у жывой веры. Усё зразумела. Ты памёр у жывой веры, sie kuolit elävässä uskossa. Ты дайшоў да Муадасломпала, мы ўсе сьведкі, а цяпер ты ўрэшце сядзіш на залатым багажніку Бога Айца й коцісься ў вечным палёце па схіле пад анёльскія сьпевы.

Высьветлілася, што ў хлопчыка было імя — маці звала яго Ніілам. Бацькі Ніілы былі дужа рэлігійныя. І ў іхняй хаце, нягледзячы на вялікую колькасьць дзяцей, заўсёды панавала гулкая, як у касьцёле, цішыня. Нііла меў двух старэйшых братоў і дзьвюх малодшых сясьцёр, яшчэ адно дзіця варочалася ў чэраве маці. І раз кожнае дзіця — гэта дар Божы, з часам колькасьць малых у хаце мусіла павялічыцца яшчэ больш.

Проста неймаверна, як усе гэтыя дзеці маглі так ціха паводзіцца. Цацак у іх было няшмат, дый тыя, зь нефарбаванага дрэва, збольшага змайстравалі старэйшыя браты. Зь імі малыя і гулялі, нямыя як рыбы. Тлумачылася гэта ня толькі рэлігійным выхаваньнем, бо тое самае назіралася і ў большасьці іншых турнэдаленскіх хатаў. Людзі проста больш не размаўлялі. Можа, праз сарамлівасьць, а можа, праз гнеў. Або, можа, проста таму, што ня бачылі ў гэтым патрэбы. Бацькі раскрывалі раты, толькі калі елі, а калі ім было што трэба, яны ківалі ці паказвалі пальцам, а малыя паўтаралі за імі.

Завітаўшы да Ніілы ў госьці, я таксама памоўчваў. Дзеці ўвогуле вельмі чулыя да такіх рэчаў. Я разуўся пры парозе й бясшумна на мяккіх кашачых лапках увайшоў у пакой, не падымаючы вачэй і крыху згорбіўшыся. Там мяне сустрэў рой нямых вачэй — з гушкалкі, з-пад стала, ад сэрванту. Дзіцячыя позіркі, якія то ўтаропліваліся ў мяне, то, наадварот, хаваліся; яны блукалі па кухонных сьценах і сасновай падлозе, але ўвесь час вярталіся да мяне. Я, наколькі мог, вытрымліваў іхнія позіркі. Тварык малодшай дзяўчынкі перакрывіўся ад страху, дзіцячы раток разявіўся, агаліўшы малочныя зубы, на вачах зьявіліся сьлёзы. Яна заплакала, але нават і плач ў яе быў бязгучны. Дзяўчынка толькі наморшчыла шчочкі ды ўчапілася пухлымі ручкамі ў матчыну спадніцу. Маці насіла хустку нават у хаце. Яна стаяла, пагрузіўшы рукі па локці ў кадку зь цестам. Ад яе моцных рухаў мука кружыла ў паветры, золатам успыхваючы ў сонечных промнях. Яна рабіла выгляд, быццам мяне там не было, — Нііла прыняў гэта як знак ухваленьня. Ён пацягнуў мяне да кухоннай канапы, дзе сядзелі ягоныя старэйшыя браты й абменьваліся шрубамі. А можа, гэта была нейкая гульня, мудрагелістае сартаваньне па розных скрыначках і аддзяленьнях. Неўзабаве яны пачалі ўсё больш злавацца, моўчкі вырываючы адзін у аднаго шрубы. Адна гайка ўпала на падлогу, і Нііла адразу ж схапіў яе. Старэйшы брат з маланкаваю хуткасьцю перахапіў ягоную руку й пачаў яе сьціскаць, пакуль Нііла ня страціў ад болю дыханьне й ня быў вымушаны выпусьціць гайку ў празрыстую плястмасавую скрыню. Тады маладзейшы брат перакуліў скрынку, і ўсё, што было ўнутры, з мэталічным звонам пасыпалася на драўляную падлогу.

На імгненьне ўсё замерла. Усе погляды скіраваліся да братоў, якія былі гатовыя вось-вось разгарэцца, як у кінатэатры, калі раптам захрасае стужка, пачынае чарнець, камячыцца, а пасьля — толькі белы экран. Я ўбачыў у іхніх вачах незразумелую мне нянавісьць. Адно імгненьне — і браты ўжо кінуліся адзін на аднаго, счапіўшыся за грудкі. На руках напяліся бугры, хлопцаў цягнула адзін да аднаго, як цяжкія магніты. Пры гэтым яны неадрыўна сьвідравалі адзін аднаго чорнымі, чарнейшымі за вугаль, зрэнкамі — два люстэркі, ушчыльную адзін супраць другога, адлегласьць паміж якімі павялічвалася да бясконцасьці.

Зьнячэўку маці шпурнула анучу. Яна паляцела са сьвістам праз кухню, як хвастатая камэта, пакідаючы за сабою тонкі шлейф мукі, і з пляскам уляпілася ў лоб старэйшага брата. Маці пагрозьліва чакала, павольна выціраючы з пальцаў цеста. У яе не было ніякага жаданьня прышываць увесь вечар гузікі да кашуляў. Браты зь неахвотаю расчапіліся. Падняліся й вышлі праз кухонныя дзьверы.

Маці падняла анучу, спаласнула рукі й вярнулася да цеста. Нііла сабраў усе шрубы ў плястмасавую скрынку й з задаволеным выглядам засунуў яе ў кішэню. Пасьля ён асьцярожна глянуў у акно.

Пасярод двара стаялі браты. Яны мэтадычна адвешвалі адзін аднаму ўдары ў сківіцу. Ад моцных удараў іхныя коратка стрыжаныя чарапы трэсьліся, як капусныя качаны. Але ні крыку, ні лаянкі не было. Аплявуха за аплявухаю — у нізкі лоб, па носе бульбінаю, моцныя ўдары па пунсова-чырвоных вушах. У старэйшага брата рукі былі даўжэйшыя, таму малодшы быў вымушаны падскокваць да яго, калі біў. У абодвух з насоў цякла юшка. Яна капала й пырскала на ўсе бакі, кулакі пачырванелі. А браты ўсё не спыняліся. Бац! Шмяк! Бац! Шмяк!

Нам далі соку й печыва з агню, з жару, такога гарачага, што мы, перш як жаваць, трымалі яго крыху між зубамі. Пасьля Нііла пачаў гуляць са шрубамі. Ён дрыготкімі рукамі высыпаў іх на кушэтку, і я здагадаўся, што Нііла даўно ўжо марыў павазіцца зь імі. Ён пасартаваў шрубы па розных аддзяленьнях плястмасавай скрыні, высыпаў на кушэтку, зноў перамяшаў і пачаў усё нанова. Я паспрабаваў быў дапамагчы, але заўважыў, што Нііла неяк занэрваваўся, таму я ў хуткім часе пайшоў дамоў. Нііла нават не азірнуўся.

На двары ўсё яшчэ біліся браты. Яны так утрамбавалі нагамі друз, што ён утварыў вакол іх насып. Аплявухі былі такімі ж шалёнымі, як напачатку, у вачах — тая ж нямая нянавісьць, толькі рухі цяпер былі больш стомленыя й запаволеныя. Кашулі намоклі ад поту. Акрываўленыя твары пашарэлі, прыцярушаныя зямлёю.

І тут я заўважыў, што браты зьмяніліся. Яны ўжо больш не былі хлопцамі. Сківіцы распухлі, з акрываўленых ратоў вытыркаліся іклы. Ногі зрабіліся карацейшымі й больш моцнымі, нібы мядзьведжыя сьцёгны, і так набухлі, што нагавіцы разышліся па швах. Пазногці счарнелі ды выцягнуліся ў кіпцюры. І тут я ўбачыў, што твары былі не ў зямлі, — гэта было шчаціньне. На сьветлых юначых шчоках прарастала зьвярыная поўсьць — цемра, якая спускалася па шыі ўніз, за пазуху.

Мне захацелася крыкнуць, каб іх папярэдзіць. Я неабачліва ступіў у іхні бок.

Яны рэзка спыніліся. Павярнуліся да мяне. Згрудзіліся, уцягнулі ў сябе мой пах. І тут я ўбачыў прагу. Голад. Яны прагнулі ежы, сьвежаніны.

Я адступіўся, карчанеючы ад страху. Браты зарохкалі, як дзікуны. Пачалі набліжацца, ідучы плячо да пляча, — два пільныя драпежнікі. Паскорылі хаду. Выйшлі за межы сваёй пляцоўкі. Заскрэблі кіпцюрамі аб жвір.

Нада мною вежаю павісла цемра.

Крык застыў у грудзях. Я пачаў вішчаць, як перапужаны парсюк.

Дзынь. Дзынь-дон.

Царкоўныя званы.

Боскія званы. Дзынь-дон. Дзынь-дон. На двары зьявіўся ровар, на ім сядзела істота ў белай вопратцы, ад якой сыходзіла зьзяньне; незнаёмец каціўся ў бялёсым воблаку сьвятла, націскаючы на званок. Ён моўчкі затармазіў. Схапіў зьвяроў вялізнымі кулакамі, падняў абодвух за шкірку й трэснуў лобамі, як два качаны, ажно пырскі пайшлі.

— Тата, — занылі яны, — тата, тата...

І сьвятло расьсеялася, і бацька шпурнуў сыноў на зямлю, і схапіў іх за ногі — па сыне ў кожным кулаку, — і пачаў цягаць іх па друзе, раўняючы іхнімі зубамі жвір, пакуль двор не зрабіўся зноў роўным ды прыгожым. Калі ён скончыў, абодва браты рыдалі — рыдалі ды зноў былі падобныя да хлапчукоў. А я пабег дамоў, панёсься так, што пяткі блішчэлі. А ў маёй кішэні ляжаў шруб.

Ніілавага бацьку звалі Ісак. Ён паходзіў з буйнога лестадыянскага роду. Яшчэ ў раньнім дзяцінстве яго пачалі вадзіць маліцца ў лестадыянскі малельны дом, дзе на цесных лавах, азадак да азадка, сядзелі вясковыя мужыкі ў цёмных сурдутах ды іхнія жонкі з хусткамі на галаве. Было так цесна, што часам вернікі, ахопленыя Сьвятым Духам, стукаліся лобамі аб сьпіны тых, хто сядзеў наперадзе, пачынаючы адбіваць паклоны. Сярод тых вернікаў сядзеў Ісак, хударлявы малы, заціснуты з усіх бакоў сваімі цёткамі ды дзядзькамі, якія пераўтвараліся на ягоных вачах. Дыханьне пачашчалася, паветра рабілася сапрэлым і вільготным, твары пакрываліся барвовымі плямамі, акуляры пацелі, з насоў пачынала капаць, тым часам сьпевы прапаведнікаў усё мацней скаланалі сьцены. Гэтымі словамі, гэтымі жывымі словамі нітка за ніткаю выпляталася мярэжа Праўды: карціны злачынстваў, здрады й грахоў, якія спрабавалі схавацца ў нетрах зямлі, але іх выдзіралі з карэньнем, як гнілую чарвівую рэпу, і трэсьлі імі перад вернікамі. Перад Ісакам сядзела дзяўчынка з коскамі, у паўцемры воблака яе валосься блішчэла золатам, з абодвух бакоў яе сьціскалі разгубленыя дарослыя целы. Дзяўчынка сядзела нерухома, прыціскаючы да сэрца ляльку, а вакол яе бушавала стыхія. Так жудасна назіраць, як плачуць твае маці й бацька. Бачыць, як твае дарослыя разумныя родзічы пераўтвараюцца на вачах, разбураюцца. Жудасна табе, такому малому, адчуваць, як на цябе капае пот, і вінаваціць ува ўсім сябе аднаго. Гэта мая віна, калі б я толькі быў крыху дабрэйшы. Ісак моцна сашчапіў свае дзіцячыя ручкі ў замок і адчуў, як там усярэдзіне нібы пабеглі мурашы. Калі я толькі расчаплю рукі, думаў ён, мы ўсе памрэм. Выпушчу мурашоў — нам канец.

І вось аднойчы ў нядзелю, калі мінула ўжо колькі гадоў падлетак Ісак, высокі й памужнелы, прыйшоў на вячэрню. Усё пайшло з дымам, шкарлупіна трэснула. Яму ўжо споўнілася трынаццаць, і ён адчуў у сваім жываце д’ябла, ды ў вялізным страху, большым за страх лупцаваньня, большым за інстынкт самазахаваньня, Ісак прыйшоў на сабор, абапёрся на сьпіны паплечнікаў пачаў хістацца ўзад і ўперад, а пасьля паваліўся носам на грудзі Хрыста. Над ягонымі грудзямі й цемем распасьцерліся крывавыя далоні — гэта было другім хрышчэньнем. Вось так усё й здарылася. Адчыніў Ісак крывавую скрыню ды патануў у грахах сваіх.

Ніхто зь вернікаў ня мог утрымацца ад сьлёз. Гэта быў вялікі момант. Яны сталіся сьведкамі клічу Ўсявышняга, які сваёй рукою накіраваў Ісака на шлях праўды, а пасьля пакінуў яго.

Ужо потым, калі ён нанова вучыўся хадзіць, калі стаяў там, разгублены, на дрыжачых нагах, яны падтрымалі яго. Ягоная таўстуха маці абдымала яго ў імя крыві Хрыстовай, арашаючы сьлязьмі ягоны твар.

Так быў паказаны Ісаку шлях прапаведніка.

Як большасьць лестадыянцаў, Ісак быў руплівым працаўніком. Узімку валіў лес, раньнім летам сплаўляў яго ракою, а астатні час працаваў на бацькоўскай гаспадарцы, даглядаючы каровак і небагаты агарод. Працаваў Ісак шмат, патрабаваў мала, цураўся гарэлкі, картачнай гульні й камунізму. Часам гэта выклікала на лесапавале пэўныя нязручнасьці, але Ісак успрымаў пагарду мужыкоў як выпрабаваньне сваёй веры; ён тыднямі маўчаў ды чытаў камэнтары Айцоў Царквы.

У сьвяты Ісак прымаў ачышчэньне малітвамі й лазьняю, апранаў белую кашулю й цёмны касьцюм. Яму ўрэшце дазволілі выкрываць перад вернікамі бруд і д’ябла, паражаць двухканцовым мечам — у імя Закону ды Эвангельля — усіх грэшнікаў сьвету, ілгуноў, распусьнікаў, малавераў, брыдкасловаў п’яніцаў хатніх тыранаў і камуністаў, якія як вошы пракраліся ў турнэдаленскую журботную даліну.

Малады, энэргічны, гладка паголены твар. Глыбока пасаджаныя вочы. Ісак па-майстэрску прыцягваў да сабе ўвагу публікі ды ўрэшце ажаніўся са сваёй паплечніцаю, сарамлівай і простаю, з пахам мыла, фінкаю зь мястэчка Пэла.

Але калі пайшлі малыя, Госпад пакінуў яго. Аднойчы ўсё проста сьціхла. Адказаў больш не прыходзіла.

Засталася толькі адна вялікая, бяздонная роспач. Журба. Ды яшчэ пакрысе пачала абуджацца злосьць.

Ісак пачаў грашыць — так, на пробу. Дробнае зьдзекаваньне са сваіх родных. Калі зразумеў, што з гэтым можна жыць, ён працягнуў зьдзекі. Калі занепакоеныя паплечнікі паспрабавалі зь Ісакам сур’ёзна паразмаўляць,ён апаганіў свае вусны блюзьнерствам. Яны сышлі ды больш не вярнуліся.

Але, не зважаючы на забыцьцё й пустэчу ў душы, Ісак па-ранейшаму лічыў сябе вернікам. Ён прытрымліваўся рытуалаў і гадаваў малых згодна зь Пісьмом. Толькі на месца Госпада ён паставіў сябе. Гэта была найгоршая форма лестадыянства, самая жахлівая й бязьлітасная. Лестадыянства бяз Бога.

На гэтай мерзлай глебе й гадаваўся Нііла. Як і іншыя дзеці, якія жывуць у варожым асяродзьдзі, ён ратаваўся тым, што рабіўся нябачным. Менавіта з гэтым я сутыкнуўся, калі мы ўпершыню сустрэліся на дзіцячай пляцоўцы, — зь ягоным уменьнем бязгучна перамяшчацца. З тым, як ён нібы зьліваецца з колерам асяродзьдзя, робіцца амаль непрыкметным. У гэтым Нііла быў тыповым турнэдаленскім стварэньнем. Ты ўвесь скручваесься, каб захаваць цяпло, і твая плоць з часам грубее, плечы дубеюць і карчанеюць, а праз гады пачынаюць балець. Крокі робяцца карацейшымі, дыханьне запавольваецца, і ад нястачы кіслароду скура пакрысе шарэе. Турнэдаленец ніколі не пабяжыць ад ворага — навошта? Ён проста скруціцца абаранкам і будзе чакаць, калі ўсё скончыцца. У публічных месцах ён заўсёды сядае ў дальнім канцы, такое часта можна назіраць на мясцовых культурніцкіх вечарынах: паміж залітаю пражэктарамі сцэнаю ды публікаю зеўрае прагал зь дзясятка пустых шэрагаў, а апошнія месцы забітыя напоўніцу.

Рукі Ніілы былі ўсе ў ранках, якія ўсё ніяк не зажывалі. Неўзабаве я зразумеў, што ён іх расчухвае. Нііла рабіў гэта машынальна, ягоныя брудныя пазногці нібы самі цягнуліся да ранак і разрывалі іх. Толькі нарастала новая корка, Нііла мацаў яе, адкалупваў і адкідаў яе куды заляціць. Часам яна трапляла ў мяне, а часам ён з’ядаў яе з брыдкім выразам твару. Нават ня ведаю, што было больш агідна. Калі мы былі ў мяне ў гасьцях, я прасіў яго не расчухваць рукі, але Нііла толькі зьдзіўлена глядзеў на мяне нявіннымі вачыма. І неўзабаве рабіў гэта зноў.

Але ўсё ж самым дзіўным было тое, што Нііла не размаўляў. Яму было як-ніяк пяць гадоў. Часам ён разяваў быў рот, каб, здавалася, загаварыць, — было нават чуваць, як у ягоным горле булькоча сьліна. Пасьля — харканьне, і здавалася ўжо, што корак урэшце вылеціць. Але Нііла нечага пужаўся й замаўкаў. Ён разумеў усё, што я яму казаў, таму праблема, бясспрэчна, была не з галавою. Але нешта ў ім замкнулася.

Напэўна, рэч была ў тым, што ягоная маці была зь Фінляндыі. Маўклівая па прыродзе жанчына, яна да таго ж належала да гэтай пакутніцкай нацыі, якую рвалі на шмацьцё і ў часе грамадзянскае вайны, і зімовай расейска-фінскай, і Сусьветнай вайны, у той час як яе сытая заходняя суседка Швэцыя гандлявала жалезнаю рудою ды ўсё багацела. Маці адчувала сваю непаўнавартасьць. Хацела даць сваім дзецям тое, чаго ня мела сама: яны мусілі зрабіцца сапраўднымі швэдамі, таму яна й хацела навучыць іх швэдзкай, а не сваёй фінскай мове. Але сама яна ледзь размаўляла па-швэдзку, таму збольшага маўчала.

У мяне ў гасьцях мы часта сядзелі на кухні, бо Нііла дужа любіў радыё. У адрозьненьне ад ягонага дому, у маёй маці радыё бубніла, як фон, увесь дзень. Што перадавалі, было не істотна: магла быць любая праграма — ад «Аўтарадыё» ці «Песень па заяўках» да званоў стакгольмскіх цэркваў, моўных курсаў ці трансьляцыі набажэнстваў. Сам я ніколі ня слухаў, у адно вуха ў мяне залятала, у другое — вылятала. Нііла, наадварот, атрымліваў, здавалася, неймаверную асалоду ад самога толькі гуку ад таго, што ў пакоі ніколі не павісала цішыня.

Аднойчы я прыняў рашэньне. Навучыць Ніілу размаўляць. Я перахапіў ягоны позірк, паказаў на сябе й сказаў:

— Мацьці.

Пасьля паказаў на яго, чакаючы рэакцыі. Нііла таксама чакаў. Тады я схіліўся наперад і сунуў палец яму паміж вуснаў. Ён разявіў рот, але заставаўся па-ранейшаму бязгучным. Я пачаў мяць яму горла. Ніілу заказытала, і ён адапхнуў маю руку.

— Нііла! — сказаў я, спрабуючы прымусіць яго паўтарыць. — Нііла, скажы Нііла!

Ён паглядзеў на мяне, як на ідыёта. Тады я ткнуў сабе паміж ног і сказаў:

— Пісюн!

Пачуўшы такую дзёрзкасьць, Нііла сарамліва ўсьміхнуўся. Я паказаў на свой зад:

— Дупа! Пісюн і дупа!

Ён кіўнуў і зноўку прыхіліўся да радыё. Тады я паказаў на ягоны азадак, дэманструючы, як зь яго нешта вылазіць. Нііла зьдзіўлена паглядзеў на мяне. Прачысьціў горла. Я замер, напружана чакаючы. Але ён усё маўчаў. Раззлаваны, я шпурнуў хлопчыка на падлогу ды пачаў яго трэсьці.

— Гэта завецца «гаўнячок»! Скажы «гаўнячок»!

Ён ціха вызваліўся з маіх абдымкаў. Кашлянуў і паварочаў у роце языком, нібыта разьмінаючы.

— Soifa, — урэшце сказаў ён.

У мяне сьперла дух. Я ўпершыню пачуў ягоны голас. Зусім не хлапчуковы, нізкі й шурпаты. Ня надта прыгожы.

— Што ты сказаў?

— Donu al mi akvon.

Ізноў. Я быў зусім зьбянтэжаны. Нііла размаўляў! Ён пачаў размаўляць, вось толькі я ня мог зразумець, што ён кажа.

З выглядам пераможцы Нііла падняўся, падышоў да ракавіны й выпіў шклянку вады. Пасьля ён пайшоў дамоў.

Здарылася нешта дзіўнае. У сваім маўчаньні, у сваім самотным страху Нііла пачаў ствараць уласную мову.

Бяз гутарак, без суразмоўцаў, ён выдумляў новыя словы, пачаў складаць іх разам і будаваць сказы. А можа; ня ён адзін? Можа, гэта было нешта глыбейшае, прыхаванае ў самых глыбінях мозгу пад дзірваном. Старажытная мова. Стары зьмерзлы ўспамін, які пачаў пакрысе адтайваць.

І ў адно імгненьне мы памяняліся ролямі. Ужо ня я, а Нііла вучыў мяне размаўляць. Мы сядзелі на кухні, маці была ў садзе, радыё балбатала.

— Ĉi tio estas seĝo, — сказаў Нііла, паказваючы на крэсла.

— Ĉi tio estas seĝo, — паўтарыў я за ім.

— Vi nomiĝas Matti, — паказаў ён на мяне.

— Vi nomiĝas Matti, — паслухмяна паўтарыў я.

Нііла энэргічна патрос галавою.

— Мі nomiĝas!

— Мі nomiĝas Matti, — паправіўся я. — Vi nomiĝas Niila.

Нііла ў нецярпеньні прыцмокнуў. У ягонай мове існавалі правілы, яна перарастала ў нашую ўласную прастору, дзе нас ніхто не чапаў. Мясцовыя хлопцы глядзелі на нас зь недаверам, зайздросьцілі, але гэта нам толькі падабалася. Маці з татам былі ўсхваляваліся, думаючы, што ў мяне праблемы з моваю, але доктар, да якога яны зьвярнуліся, патлумачыў, што дзеці нярэдка выдумляюць мовы ды што гэта неўзабаве пройдзе.

А ў Ніілы ўрэшце выскачыў корак з горла. Дзякуючы выдуманай мове ён пераадолеў свой страх і неўзабаве мог размаўляць і па-швэдзку, і па-фінску. Ён жа шмат што разумеў раней і назьбіраў у пасіве вялікі слоўнікавы запас. Трэба было толькі агучыць яго і напрактыкаваць цягліцы рота. Менавіта гэта, як выявілася, і было найцяжэйшым. Яшчэ доўгі час Нііла размаўляў досыць дзіўна: ягонае нёба зь цяжкасьцю змагалася з усімі швэдзкімі галоснымі й фінскімі дыфтонгамі, а вусны сплывалі сьлінаю. Зь цягам часу я навучыўся разумець Ніілу, але яму па-ранейшаму была больш даспадобы нашая сакрэтная мова. Так яму было больш камфортна. Калі мы на ёй размаўлялі, Нііла расслабляўся, і ягоныя рухі рабіліся лёгкімі й павольнымі.

Аднойчы ў нядзелю ў Паяле здарылася нешта незвычайнае. У царкве не засталося ніводнага пустога месца. Ішла звычайная імша, служыў яе, як заўжды, наш мясцовы пастар Вільгэльм Тавэ, і ў звычайныя дні месцаў было б колькі заўгодна. Але гэтаю раніцаю царква была бітком набітая.

Уся рэч у тым, што жыхары Паялы мусілі ўпершыню ўбачыць жывога, самага сапраўднага нэгра.

Усім было так цікава, што нават мае бацькі вырашылі прыйсьці, а іх у царкву й пернікам не заманіш, апроч хіба каляднай імшы. На лаўцы перад намі сядзеў Нііла — з бацькамі ды ўсімі сваімі братамі й сёстрамі. Толькі раз ён паспрабаваў быў павярнуцца ў мой бок, як адразу ж атрымаў ад бацькі ў карак. Усе ў залі шушукаліся й перашэптваліся — і службоўцы, і лесарубы, і нават жменька камуністаў. Усе размовы, зразумела, зводзіліся да адной тэмы. Усіх турбавала, ці ён насамрэч быў чорны, вугальна-чорны, якімі былі джазавыя музыкі на вокладках пласьцінак. Ці, можа, ён проста рудаваты?

Пачалі біць званы, і дзьверы рызьніцы расчыніліся. Зь іх выйшаў Вільгэльм Тавэ ў акулярах з чорнай аправаю. Адчувалася, што ён крыху нэрвуецца. А за ім! Таксама ў пастарскім адзеньні, але ў афрыканскім, з бліскучаю мантыяй, вось дык...

Чорны, як вугольле! Настаўніцы нядзельнай школы пачалі ажыўлена перашэптвацца. Нават не руды, а, хутчэй, сіне-чорны. Побач зь ім тупала старая дыяканіса, якая ўжо колькі гадоў таму прысьвяціла сябе місіянэрству, — уся ссохлая, з жоўтаю, як пэргамэнт, скураю. Мужчыны пакланіліся перад алтаром, жанчына зрабіла рэвэранс. А потым айцец Тавэ пачаў імшу ды павітаў усю вялікую паству — і найперш нашых гасьцей з далёкага, разьдзіранага войнамі Конга. Тамтэйшыя хрысьціяне мелі пільную патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, і сёньняшні збор без астатку мусіў пайсьці на карысьць нашых афрыканскіх братоў і сёстраў.

Пачалі адпраўляць службу. А ўсе ў залі так і вытрэшчваліся на нэгра й не маглі наглядзецца. Калі засьпявалі псальмы, усе ўпершыню пачулі голас афрыканца. Ён ведаў усе мэлёдыі — пэўна, там, у Афрыцы, сьпяваюць такія самыя псальмы. Нэгар сьпяваў іх на роднай мове з сапраўднаю глыбінёй і запалам, між тым як паства сьпявала ўсё цішэй і цішэй, каб чуць ягоны голас.

Неўзабаве надышоў час пропаведзі, і айцец Тавэ падаў знак. Тады здарылася нешта неверагоднае: нэгр, разам з дыяканісаю, узышоў на катэдру.

Паства ўсхвалявалася: гэта ж адбывалася ў шасьцідзясятыя гады, калі па-ранейшаму лічылася, што жанчына ў царкве мусіла маўчаць. Тавэ адразу ж патлумачыў, супакойваючы прысутных, што жанчына будзе толькі перакладаць. На катэдры зрабілася крыху зацесна, калі жанчына асьцярожна праціснулася й прымасьцілася каля мажнога чужаземца. З-пад яе капелюша ручаём ліўся пот. Дыяканіса ўчапілася ў мікрафон і пужліва агледзела публіку. Чарнаскуры акінуў спакойным поглядам царкву, у востраканцовым блакітна-залатым капелюшы ён падаваўся яшчэ больш высокім. Ягоны твар быў такі цёмны, што на ім былі бачныя толькі бліскучыя бялкі вачэй.

І вось ён пачаў гаварыць. На банту. Без мікрафона. Ён нібыта выкрыкваў словы, гучна й зазыўна, быццам шукаў кагосьці ў джунглях.

— Дзякуй табе, Божа! Дзякуй табе, мой Божа! — перакладала дыяканіса.

Тут яна выпусьціла з рук мікрафон і са стогнам пачала завальвацца наперад і, напэўна, звалілася б з катэдры, калі б нэгр не падхапіў яе.

Першым быў на месцы царкоўны вартаўнік. Ён пасьпешліва ўскараскаўся на катэдру закінуў хударлявую руку дыяканісы за сваю бычыную шыю й павалок яе да выхаду.

— Малярыя, — прастагнала яна. Твар зрабіўся жоўта-бурага колеру, дыяканісу калаціла, і яна магла вось-вось страціць прытомнасьць. Яшчэ два чальцы царкоўнае рады ўзьняліся са сваіх месцаў, вывелі хворую з царквы ды пасадзілі яе ў аўто, якое на ўсіх парах памчалася ў лякарню.

Паства й нэгр засталіся сам-насам. Усе адчувалі сябе зьбітымі з панталыку. Айцец Тавэ ступіў быў наперад, каб узяць слова, але нэгр сыходзіць з катэдры не жадаў. Калі ўжо ён праехаў паўсьвету, дык з гэтым ён ужо мусіць справіцца. У імя Госпада.

Крыху паразважаўшы, ён зьмяніў банту на суахілі. Гэтая шматмільённая мова была, напэўна, пашыраная ў розных частках афрыканскага кантынэнту, але тут, у Паяле, яна, на жаль, была зусім невядомая. Адказам місіянэру быў пусты выраз на тварах. Нэгр зноў памяняў мову, гэтым разам на крэольскі дыялект францускай, але ён быў такім мудрагелістым, што нават настаўніца францускай не зразумела ні слова. Нэрвуючыся яшчэ больш, афрыканец вымавіў некалькі сказаў па-арабску. Пасьля ў роспачы паспрабаваў на флямандзкай мове, якой ён крыху нахапаўся ў часе сваіх экумэнічных падарожжаў па Бэльгіі.

Вынік — нулявы. Ніхто не зразумеў ніводнага слова. У гэтых глухіх краях дабіцца чаго-небудзь можна было толькі па-швэдзку або па-фінску.

У поўнай роспачы нэгр вырашыў памяняць мову апошні раз. Ён зароў так, што адгукнуліся рэхам арганныя хары, прачнулася цётка, якая была заснула, спалохана запішчала немаўлятка ды з шолахам перагарнуліся старонкі пастарскай Бібліі.

Тут з лавы падняўся Нііла ды крыкнуў яму ў адказ.

У царкве запанавала мёртвая цішыня. Уся паства павярнулася, каб паглядзець на бессаромнага блазьнюка. Бліскучыя бялкі нэгра зьвярнуліся да хлопчыка, але ў той момант Ісак яго ўжо рэзка ўсадзіў кухталём назад на месца. Афрыканец узьняў дагары сваю далонь — скура на тыльным баку была надзіва белаю. Ісак адчуў на сабе ягоны позірк і адпусьціў сына.

— Ĉu vi komprenas кіоп ті diras? — закрычаў нэгр.

— Мі komprenas ĉіоп, — адказаў Нііла.

— Venu ĉi tien, тіпа knabo. Venu ĉi tien аl ті.

Вагаючыся, Нііла праціснуўся ўздоўж лаваў і спыніўся ў праходзе. На імгненьне падалося, што ён хоча зьбегчы. Афрыканец паклікаў яго бліжэй, памахаўшы белаю далоньню. Пад пільнымі поглядамі паствы Нііла зрабіў некалькі дрыготкіх крокаў. Сагнуўшыся, ён нерашуча падышоў да катэдры — малы забіты хлопчык з выродліва абскубанаю галавою. Нэгр дапамог хлапчуку ўскараскацца па прыступках. Ніілу ледзь было бачна за краем, і афрыканец падняў яго на сваіх дужых руках. Ён трымаў хлопчыка, нібыта ягня. З дрыжаньнем у голасе афрыканец прадоўжыў перарваную пропаведзь:

— Dio піа, kiu aŭskultas niajn preĝojn...

— Айцец наш, Ты пачуў малітвы нашыя, — бойка пераклаў Нііла. — Сёньня Ты паслаў нам хлопчыка. Хвала Табе, Божа, хвала Табе...

Нііла разумеў усё, што казаў нэгр. Паяльцы слухалі як аслупянелыя, а Нііла пераклаў пропаведзь нэгра да канца. Між тым бацькі Ніілы, ягоныя браты й сёстры застылі як каменныя балваны зь перапуджанымі тварамі. Яны былі ў поўным шоку, бо разумелі, што перад іхнімі вачыма адбываўся Божы цуд. Шмат хто ў царкве рыдаў ад замілаваньня, усе былі кранутыя й расчуленыя да глыбіні душы. Радасны шэпт пранёсься па шэрагах і неўзабаве ахапіў усю царкву. Знак літасьці! Божы цуд!

Я ж нічога не разумеў. Як гэты нэгр мог вывучыць нашую таямнічую мову? Менавіта на ёй яны й размаўлялі, нэгр і Нііла.

Пра гэты выпадак шмат потым гаварылі, і ня толькі ў царкоўных колах. Яшчэ доўгі час тэлефанавалі з газэтаў і тэлебачаньня, каб узяць у Ніілы інтэрвію, але Ісак адмаўляў усім.

Сам я сустрэўся зь Ніілам толькі празь некалькі дзён. Пасьля абеду ён прашмыгнуў на нашую кухню, і выгляд у яго па-ранейшаму быў зацюканы. Мама прыгатавала нам лусьцяні, і мы пачалі жаваць. Часам Нііла неяк напружана прыслухоўваўся.

Як звычайна фонам балбатала радыё. Тут я быццам пачуў нешта знаёмае й дадаў гучнасьці.

— Ĝis reaŭdo!

Я ажно падскочыў. Нашая таемная мова! Кароткая мэлёдыя, а пасьля голас дыктара:

— Вы толькі што праслухалі наш сёньняшні ўрок эспэранта.

Урок эспэранта. Дык ён вывучыў мову па нашым радыё.

Дужа павольна я павярнуўся да Ніілы. Той задуменна глядзеў некуды ўдалячынь.

РАЗЬДЗЕЛ 3

— пра драматычныя падзеі на школьным сховішчы ды пра нечаканае спатканьне, якім мы забягаем далёка наперад

Па суседзтве зь дзіцячым паркам стаяў вялікі, падобны да шляхецкага маёнтку будынак зь безьліччу вокнаў уздоўж усяго фасаду. Гэта была старая рамесная школа Паялы, дзе на той момант яшчэ праводзіліся заняткі для дзяўчатак-падлеткаў па кухарстве й вязаньні. Навошта хадзіць беспрацоўнымі, калі можна атрымаць першаклясную адукацыю ў хатняй гаспадарцы. Каля школы, якую мы, малыя, празвалі Вязальнаю школаю, месьцілася старое, пафарбаванае ў чырвоны колер сховішча. Яго загрувасьцілі розным мэталяломам і старым школьным халусьцем, у якім мы ў дзяцінстве так любілі корпацца. З аднаго тарца сховішча дошкі крыху расхісталіся, і можна было залезьці ўсярэдзіну.

Стаяў сьпякотны дзень, было самае лета. Сьпякота цяжкою заслонаю павісла над нашым паселішчам, пах лугавой травы ў дзіцячым парку быў моцны, як гарбата. У адзіночку я, крадучыся, прабраўся да сьцяны сховішча. Трывожна аглянуўся, ці не ідзе наш школьны вартаўнік. Мы дужа яго баяліся. Бамбіза ў заляпаным фарбаю камбінэзоне, ён ненавідзеў усіх цікаўных дзяцей. Вартаўнік заўсёды зьяўляўся нечакана, нібы з паветра, і спапяляў нас сваім позіркам-радарам. На нагах у яго звычайна былі драўляныя чаравікі: у імгненьне вока ён скідваў іх і тыгрынымі скокамі наганяў сваю здабычу. Ніводны малы ня мог яшчэ ад яго зьбегчы, ягоныя пальцы абцугамі сьціскаліся на шыі ды адрывалі ахвяру ад зямлі, амаль аддзяляючы галаву ад цела. Я бачыў, як мой сусед, найкруцейшы пацан, рыдаў як немаўля, калі яго занесла на мапэдзе туды, куды ня трэба.

Але я ўсё ж вырашыў рызыкнуць. Сам я яшчэ ніколі ня быў у гэтым сховішчы, але шмат начуўся пра яго ад сьмельчакоў. Я моцна нэрваваўся ды ўвесь час аглядаўся па баках. Усё нібыта было спакойна. Я хутка стаў на карачкі, адсунуў дошкі, прасунуў галаву ў цёмны лаз і запоўз.

Пасьля сонечнага сьвятла я апынуўся ў апраметнай цемры. Вочы пульсавалі ад сьлепаты й цямрэчы. Я пэўны час пастаяў зусім нерухома. Пасьля пачаў пакрысе распазнаваць контуры прадметаў. Старыя паліцы, сьпісаныя школьныя парты. Зваленыя кучаю дровы, цагліны. Расколаты ўнітаз бязь вечка. Скрынкі са старою праводкаю ды ізалятарамі. Я асьцярожна пачаў усё аглядаць, спрабуючы не зачапіць чаго на шляху. Пахла сухасьцю, пілавіньнем, цэмэнтаваю рошчынаю ды яшчэ цёплым асфальтам ад разьмяклага на сонцы рубэройду на даху. Я сьлізгаў наперад, амаль плыў у прыглушанай цемры. Усё было аліўкава-зялёным, нібыта я апынуўся ў гушчары сасновага бору. Я быццам рухаўся сярод паснулых. Ціха дыхаў носам, адчуваючы, як пыл казыча ноздры.

Мае парусінавыя чаравікі бязгучна рухаліся па цэмэнтавай падлозе, як мяккія кашачыя лапкі.

Стоп! Нада мною ўзвышаўся волат. Я спужана адхіснуўся ад чорнай здані ў паўзмроку. Цела здранцьвела.

Але гэта быў не вартаўнік. А толькі стары ацяпляльны кацёл. Высокая й здаравенная браняваная жалязяка. Тоўстая, як базарная цётка, з агромністымі літымі заслонкамі. Я адчыніў самую вялікую. Зазірнуў у халоднае й чорнае, як ноч, чэрава. Ціхенька крыкнуў. Голас зазьвінеў усярэдзіне, удвая мацнейшы за мой. Топка была пустою. Жалезная дзева, з успамінамі пра агонь, што мардаваў калісьці яе нутро.

Я асьцярожна прасунуў галаву ў адтуліну. Памацаў крыху рукою ўздоўж сьценак і наткнуўся на камякі іржы, а можа, гэта быў попел. У топцы пахла жалезам, вокісам і старым гарам. Я крыху павагаўся, набіраючыся мужнасьці. А пасьля вужом шмыгнуў у вузкую адтуліну.

Усярэдзіне. Я стаяў, паўпрысеўшы ў яе круглым чэраве ў позе зародка. Паспрабаваў быў выпрастацца, але цюкнуўся галавою. Моўчкі прычыніў за сабою дзьверцы ды пачаў падцягваць іх да сябе, пакуль ня зьнікла апошняя кволая палоска сонечнага сьвятла.

У самым яе чэраве. Яна выношвае мяне. Абараняе ад небясьпекі, як цяжарная, засланіўшы сваімі куленепрабівальнымі жалезнымі сьценкамі. А я сяджу ўнутры, як яе дзіця. Мне зрабілася жудасна, ажно да мурашоў. Адчуваньне бясьпекі зь дзіўным дамешкам сораму. Нібы я парушыў нейкую забарону. Некаму здрадзіў, можа, сваёй маці. Я заплюшчыў вочы ды скруціўся абаранкам, сьціснуўшы галаву каленямі. Яна была такою халоднаю, а я — такім гарачым і юным, малы цьмяны вугельчык. Прыслухаўшыся, я пачуў яе шэпт. Слабы шолах, які даносіўся ці то зь люхты, ці то з абрэзу трубы, — ласкавыя, заспакаяльныя словы любові.

Раптам пачуўся грукат. У сховішча, цяжка тупаючы нагамі, уварваўся вартаўнік. Ён быў не на жарт разьюшаны ды абяцаў вырабіць пад арэх усіх нягоднікаў. Я затаіў дыханьне, прыслухоўваючыся да ягоных крокаў: як ён усюды гойсае, рухае мэблю, штурхае й кідае халусьце, быццам палюючы на пацукоў. Ён бегаў па ўсім сховішчы й лаяўся: пэўна, хтосьці зь Вязальнай школы мяне засёк і данёс. І «каб вас», і «perkele» — швэдзкія й фінскія праклёны так і сыпаліся зь яго.

Наблізіўшыся акурат да печкі, ён спыніўся й пацягнуў носам паветра. Быццам ён узяў сьлед. Я пачуў скрыгат мэталу й зразумеў, што ён абапёрся на печку. Адзінае, што нас цяпер аддзяляла, — тры сантымэтры чыгуннае скуры.

Сэкунды ператварыліся ў бясконцасьць. Пасьля — новае скрыгатаньне й гук крокаў, што аддаляліся. Зноў грукнулі ўваходныя дзьверы. Я застаўся сядзець. Чакаў у нерухомасьці, а хвіліны ўсё ішлі. Раптам я зноў пачуў гук драўляных чаравікаў. Вартаўнік толькі зрабіў выгляд, што сышоў, каб падвабіць да сябе дзічыну выкарыстоўваючы ўсё падступства дарослага чалавека. Але цяпер ужо ён здаўся й гэтым разам сышоў насамрэч — я чуў, як ягоныя ногі ўсё цішэй шоргалі па друзе, аддаляючыся ад сховішча.

Урэшце я наважыўся зьмяніць паставу цела. Суставы ламала, і я пхнуў засланку. Яна не паддалася. Я пхнуў мацней. Але засланку было не зварушыць. Мяне прабіў ледзяны пот. Страх перарос у паніку: вартаўнік, напэўна, незнарок апусьціў клямку. Мяне замуравалі.

Калі першае здранцьвеньне прайшло, я пачаў крычаць. Рэха ўзмацняла мой голас, я заткнуў пальцамі вушы й выў — яшчэ й яшчэ.

Але ніхто не прыходзіў.

Ахрыплы й зьняможаны, я зусім зьмяк. Я тут загіну? Памру ад смагі, ссохнуся ў сваім саркафагу?

Першыя дні былі проста жахлівыя. Цягліцы балелі, лыткі зводзіла сутаргаю. Сьпіна здранцьвела, бо я быў вымушаны сядзець круком. Я амаль звар’яцеў ад смагі. Выпарэньні майго цела кандэнсаваліся на закуродымленых сьценках, я чуў, як зь іх капае вада, і спрабаваў яе зьлізваць. У вады быў мэталёвы прысмак, і піць хацелася яшчэ больш.

На другі дзень мяне ахапіла стома. На доўгія гадзіны я правальваўся ў паўдрымоту. Пустэча сталася для мяне вызваленьнем. Зьнікала пачуцьцё рэальнасьці, я сьлізгаў у часавай прасторы ў салодкім забыцьці, разумеючы, што паміраю.

Калі я наступным разам прачнуўся, то ўбачыў, што мінуў ужо пэўны час. Зеленаватае дзённае сьвятло, якое працэджвалася скрозь вэнтыляцыйныя адтуліны, пацьмянела. Дні рабіліся карацейшымі. Ноччу было ўжо значна халадней, і неўзабаве зьявілася намаразь. Каб сагрэцца, я скакаў жабкаю, робячы адрывістыя кароткія рухі.

Зіму я амаль ня помню. Я скруціўся ў абаранак і збольшага спаў. Тыднямі я ляжаў у сьпячцы. Калі ўрэшце прыйшло веснавое цяпло, я адчуў, што падрос. Вопратка сьціскала мяне, падавалася малою. Добра павазіўшыся, я вызваліўся ад адзеньня і ўжо голым працягваў сваё чаканьне.

Паступова маё цела ўсё больш запаўняла гэтую абмежаваную прастору. Мінула, пэўна, некалькі гадоў. Ад маіх выпарэньняў сьценкі катла заржавелі, а мае ўжо даўгія валасы пакрыліся лускаю. Я ўжо больш ня мог скакаць, а толькі, як качка, хістаўся з боку ў бок. Калі б засланку й адкрылі, то я ўжо ня змог бы пралезьці праз гэты вузкі праход.

Зь цягам часу жыцьцё зрабілася амаль невыносным. Я ня мог ужо рухацца нават па баках. Мая галава была заціснутая паміж каленямі. Плячам не было куды расьці.

Некалькі тыдняў я думаў, што мне ўжо капут.

Урэшце надышоў усяму канец. Я канчаткова запоўніў сабою прастору. У топцы не ставала ўжо месца нават каб дыхаць, і я сутаргава хапаў паветра ротам. Але я ўсё рос ды рос.

Гэта здарылася ноччу. Ледзь чутнае храбусьценьне. Нібыта трэснула кішэннае люстэрка. Кароткая паўза, а пасьля — працяглы трэск са сьпіны. Калі я націснуў назад, сьценка паддалася. Прагнулася й распалася на безьліч дробных аскепкаў, і я патрапіў у сьвет.

Зусім голы, толькі што народжаны, я поўзаў сярод сьмецьця. Падняўся на непаслухмяных нагах і абапёрся аб паліцу. Са зьдзіўленьнем заўважыў, што сьвет неяк падрабнеў. Не, гэта я быў удвая вышэйшы! На пахвіне зьявіліся валасы. Я зрабіўся дарослым.

Звонку стаяла лютая зімовая ноч. Ня бачна ні душы. Я басанож пацерушыў подбегам на сьнезе цераз паселішча, усё яшчэ голы. На скрыжаваньні паміж гаспадарчаю крамаю ды кіёскам ляжалі чацьвёра падлеткаў — на сярэдзіне шашы. Здавалася, яны спалі. Я схіліўся бліжэй, каб разгледзець іх у вулічным сьвятле.

Адным з маладзёнаў быў я.

Было крыху ніякавата класьціся побач з самім сабою на абледзянелую шашу. Лёд апаліў мне шчаку, пачаў таяць і расьцякацца.

Я чакаў. Зараз яны ўжо прачнуцца.

РАЗЬДЗЕЛ 4

— пра тое, як вясковыя хлопцы пайшлі ў Старую школу, даведаліся пра паўднёвую Швэцыю, а таксама пра тое, як хатняе заданьне можа перавярнуць дагары нагамі ўвесь дом

Хмарнаю жнівеньскаю раніцаю прагучаў школьны званок, і я пайшоў у школу. У першую клясу. З урачыстым настроем увайшоў, маршыруючы, з матуляю ў высокі жоўты драўляны будынак, дзе разьмяшчаліся пачатковыя клясы, у старую школу, якой далі такое вычварнае імя — Старая школа. Нас накіравалі ўверх па рыплівай лесьвіцы ў клясу на верхнім паверсе, мы сьлізгалі па шырокіх зжаўцелых масьніцах, пакрытых тоўстым пластом бліскучага лякеру, і нас пасадзілі паасобку за старажытныя парты з адкіднымі вечкамі, пэналамі й выемкаю для чарніліцы. Паўсюль на партах можна было ўбачыць сьляды нажавых раненьняў, пакінутых шматлікімі пакаленьнямі вучняў. Матулі, адна за адною, сышлі, а мы засталіся. Дваццаць малых з хісткімі малочнымі зубамі ды пальцамі ў бародаўках. Хтосьці зь цяжкасьцю размаўляў, іншыя насілі акуляры, у шмат каго роднаю моваю была фінская, некаторыя гадаваліся пад кухталямі, амаль усе былі зацюканыя, паходзілі з працоўных сем’яў і ўжо з самага пачатку ведалі, што ім тут ня месца.

Нашай настаўніцы было за шэсьцьдзесят, яна насіла акуляры ў круглай стальной аправе, валасы сьцягвала на патыліцы ў пучок, зь якога вытыркаліся шпількі, а нос мела доўгі ды кручкаваты, што надавала ёй падабенства з савою. Нязьменнаю была ваўняная спадніца й блуза, да якой часам далучалася паўрасшпіленая кофта, а на нагах заўсёды былі мяккія чорныя боты, якія больш нагадвалі тапкі. Мякка, але рашуча яна ўзялася за выкананьне сваіх абавязкаў — сфармаваць з гэтых неачэсаных цурбаноў годных грамадзянаў швэдзкае дзяржавы.

Сьпярша мы ўсе мусілі выходзіць да дошкі ды пісаць свае імёны. Хтосьці мог, а хтосьці не. Зыходзячы з вынікаў гэтага навуковага тэсту настаўніца падзяліла нашую клясу на дзьве групы: першую й другую. У першую групу трапілі ўсе, хто справіўся з заданьнем: большасьць дзяўчатак клясы плюс пара хлопчыкаў зь сем’яў службоўцаў. А ў другую групу патрапілі ўсе астатнія, у тым ліку й я зь Ніілам. І хоць нам было толькі сем гадоў, да нас ужо прычапілі дакладны ярлык.

Наперадзе, пад самаю стольлю, віселі Літары. Жудаснае полчышча гаплікоў і палачак — ад адной сьцяны да другой. Гэта зь імі нам трэба будзе змагацца, іх мы будзем, адну за адною, класьці на лапаткі ў сваіх сшытках і прымушаць іх падаваць голас. Нам таксама выдалі асадкі, крэйды ў папяровай абгортцы, чытанку «Пра Лі ды Лю» ды цьвёрдую кардонную скрынку з пліткамі акварэлі, падобнымі да рознакаляровых ляндрынак. І адразу ж да працы. Лавы трэба было абгарнуць папераю, кніжкі таксама, і мы апантана зашоргалі рулёнамі цыраты, якую прынесьлі з дому, і заўзята заляскалі тупымі школьнымі нажніцамі. Напрыканцы мы прыляпілі расклад заняткаў пад вечкам парты. Значэньне ўсіх гэтых клетак было для нас таямніцаю, але расклад мусіў існаваць, бо ён быў часткаю Вялікага Парадку — і канцом дзяцінства. Для нас пачаўся шасьцідзённы тыдзень са школаю з панядзелка да суботы, а для сёмага дня існавала нядзельная школа, для тых, каму было мала.

Вялікі Парадак, такім чынам. Станавіцца ў шарэнгу перад дзьвярыма клясы на пачатку заняткаў. Хадзіць строем у школьную сталоўку пад правадырствам настаўніцы. Падымаць руку, каб запытацца. Падымаць руку, каб папрасіцца ў прыбіральню. Паварочваць аркушы дзірачкамі ў бок акна. Выходзіць з клясы, калі пачынаецца перапынак. Адразу ж вяртацца на месца, калі перапынак канчаецца. Усё рабілася на загад, які аддаваўся са спакойнаю швэдзкаю ветласьцю, і толькі зрэдку моцная рука настаўніцы хапалася за чуб якога гарэзы з групы нумар два. Настаўніца нам падабалася. Яна дакладна ведала, як зрабіць з нас людзей.

Побач з настаўніцкаю катэдраю стаяў руды пэдальны арган. Ён гучаў штораніцы: усе вучні зьбіраліся ў клясе, а настаўніца сядала на зэдлічак і пачынала націскаць на пэдалі. Яе тоўстыя лыткі ў бэжавых гольфах напружваліся, акуляры затуманьваліся, а маршчыністыя пальцы нязграбна пачыналі поўзаць па клявішах, беручы тон. Яна зацягвала дрыготкім бабскім сапрана, увесь час сурова косячы вокам, ці ўсе сьпяваюць. Праз старыя вокны прабівалася сонечнае сьвятло й цёплымі жоўтымі плямамі клалася на пярэднія парты. Пах крэйды. Мапа Швэцыі. Мікаэль, у якога нярэдка ішла носам кроў, і таму ён часта сядзеў закінуўшы назад галаву з папераю ў носе. Кенэт, страшэнны непаседа й гарэзьнік. Аніка, якая размаўляла шэптам і ў якую ўсе мы, хлопцы, былі закаханыя. Стэфан, які па-майстэрску гуляў у футбол, але які праз тры гады разьбіўся на сьмерць аб дрэва, спускаючыся на лыжах з гары. А яшчэ Турэ ды Андэрс, Эва ды Оса, Анна-Карын, Бэнгт і ўсе астатнія.

Паяла месьцілася на далёкай поўначы, таму мы заўсёды цягнуліся ў хвасьце. У атлясе Швэцыі самаю першаю ішла правінцыя Сконэ, надрукаваная ў надзвычай вялікім маштабе; яе ўсю сьпярэшчвалі чырвоныя рыскі, якія пазначалі шашы, і чорныя кропкі — населеныя пункты. За ёю ішлі астатнія правінцыі, у звычайным маштабе, і чым далей вы гартаеце старонкі, тым больш набліжаецеся да поўначы. А самай апошняй ішла Паўночная Нарляндыя — надрукаваная ў надзвычай малым маштабе, каб зьмясьціцца на старонцы, але вось рысак або кропак там бадай што не было. І амаль на самым версе мапы месьцілася Паяла, акружаная бураю тундраю, — вось там мы й жылі. Адгартаўшы атляс назад, можна было падумаць, што нашая самая паўднёвая правінцыя, Сконэ, не саступала памерам усёй Паўночнай Нарляндыі, толькі яна, халера, была ўся зялёная дзякуючы сваёй урадлівай глебе. Мінула шмат гадоў, пакуль я не навучыўся разьбірацца ў маштабах і не зразумеў, што Сконэ, уся гэтая паўднёвая правінцыя ад краю да краю, магла б зьмясьціцца паміж Хапарандаю ды Будэнам.

Мы мусілі зазубрыць, што вышыня Кінэкуле складае 306 мэтраў над узроўнем мора. А пра Кяймяваара, вышынёю 348 мэтраў не было ні слова. Мы скорагаворкаю паўтаралі назвы Віскан, Этран, Сьпюан і Галян або як іх там, чатырох самых паўнаводных рэк Паўднёвашвэдзкага ўзвышша. Прайшло колькі гадоў і я ўбачыў іх на свае вочы. Я мусіў спыніць машыну, выйсьці зь яе й працерці вочы. Мізэрныя канавы. Лясныя раўчукі, па якіх і бярвеньня ня сплавіш. Ня большыя за нашую Каўнісьёкі або Лівіёёкі.

Такой самаю чужароднасьцю веяла й ад культуры, якую нам навязвалі ў школе.

— Ці бачыў ты спадарыню Лісічку? — мусілі мы сьпяваць.

На гэтае запытаньне я мог дакладна адказаць «не». Ні спадара Ліса, ні якога іншага іхняга родзіча я не сустракаў.

Часам нам дасылалі з ашчадкасы часопіс «Шчасьлівая манетка», вокладку якога ўпрыгожваў іх вячысты дуб. Будзеце адкладваць грошы, і яны вырастуць да памераў такога вось дуба, вучылі нас. Але ў нашай мясцовасьці дубоў увогуле не было, таму наконт гэтай рэклямы меўся пэўны сумнеў. Тое самае датычыла й крыжаванак з часопісу: там часта траплялася высокае пірамідальнае дрэва зь сямі літараў. Слушны адказ — ядловец. Але ж мы дакладна ведалі, што ядловец — гэта кудлаты калючы куст, не вышэйшы за калена.

Музычныя заняткі былі рытуалам самі па сабе. Настаўніца ўсталёўвала на катэдры грувасткі прайгравальнік з бабінамі (велічэзную скрыню з рычажкамі ды кнопкамі), павольна ставіла бабіну й разьмяркоўвала тэксты песень. Пасьля пільна аглядала клясу сваімі савінымі вачыма — і ўключала. Бабіны пачыналі матаць магнітную стужку, і з дынамікаў гучала бойкая музычная застаўка. Пасьля чуўся бадзёры жаночы голас з моцным стакгольмскім акцэнтам. Радасна гукаючы, яна праводзіла свае ідэальныя музычныя заняткі! Вучні былі з музычнай школы ў горадзе Нака, і для мяне ўсё яшчэ не зразумела, чаму мы мусілі слухаць, як гэтыя паўднёўцы сьпявалі сваімі чыстымі анёльскімі галасамі пра нейкія першацьветы, пралескі ды іншую трапічную расьліннасьць. Часам хто-небудзь з вучняў Накі сьпяваў сола, ды, як на ліха, адзін з хлопцаў быў маім цёзкам.

— Мат’яс, прасьпявай, калі ласка, гэты ўрывак яшчэ раз, — ціўкала дама на стужцы, і хлапец пачынаў сьпяваць надзвычай звонкім, падобным да дзявочага сапрана. Усе ў клясе адразу паварочваліся, каб вытарашчыцца й пазьдзекавацца зь мяне. А самому мне хацелася праваліцца скрозь зямлю.

Праслухаўшы й разабраўшы як сьлед матэрыял з настаўніцаю, мы мусілі сьпяваць разам са стужкаю — нешта сярэдняе паміж Венскім хорам хлопчыкаў і трывожнаю сыгналізацыяй. Вочы настаўніцы пільна сачылі за клясаю: дзяўчаткі пачыналі ледзь чутна шамацець, як кволая траўка пад парывамі ветрыку. Мы ж, хлопцы, сядзелі нямыя як рыбы, і калі настаўніца накіроўвала свой радар у наш бок, мы пачыналі варушыць вуснамі, але ня больш за тое. Сьпяваць — гэта бабская справа. Knapsu, адным словам. Вось мы й маўчалі.

Зь цягам часу мы зразумелі, што нашая мясцовасьць насамрэч не належала да Швэцыі. Мы быццам трапілі туды толькі выпадкова. Паўночны атожылак, забалочаныя пусткі, дзе зрэдку трапляліся людзі, якія швэдамі былі толькі часткова. Мы былі не такія — крыху адсталыя, крыху неадукаваныя, крыху бедныя духам. У нас не было ні казуляў, ні вожыкаў, ні салаўёў. У нас не было знакамітасьцяў. Не было амэрыканскіх горак, сьвятлафораў, замкаў або шляхецкіх сядзібаў. У нас была хіба што безьліч камарэчы, турнэдаленскай лаянкі ды камуністаў.

Мы гадаваліся ў дэфіцыце. Не ў матэрыяльным — мы ўсё ж маглі пракарміцца, — а ў дэфіцыце самаідэнтыфікацыі. Мы былі нікім. І бацькі нашыя былі нікім. Нашыя продкі былі пустым месцам і ня мелі ніякага значэньня для швэдзкай гісторыі. Нашыя прозьвішчы немагчыма было перадаць на пісьме, нават вымавіць іх было складана тым нешматлікім выкладчыкам, што на кароткі час траплялі да нас з сапраўднай Швэцыі. Ніхто з нас не наважыўся напісаць на праграму «Да трынаццаці», бо яе вядоўца Ульф Эльвінг мог прыняць нас за фінаў. Нашыя вёскі былі залішне малыя, каб патрапіць на мапу. Мы нават ледзьве маглі самі пракарміцца й жылі на дзяржаўную дапамогу. На нашых вачах адбывалася выміраньне сямейнага земляробства, сенажаці зарасталі хмызьняком; мы сталіся сьведкамі апошняга сплаву дрэва па Турнээльвэн — больш ніколі ўжо там ня зьявяцца платы; на нашых вачах на зьмену сарака дужым лесарубам прыйшла адна сьмярдзючая дызэльная машына, і нашыя бацькі павесілі свае рукавіцы на цьвік і сышлі з дому: каб здабыць свой заробак, яны тыднямі не вылазілі з кірунскіх шахтаў. Мы горш за ўсіх у Швэцыі пісалі стандартызаваны тэст па швэдзкай мове. Мы ня ўмелі паводзіцца за сталом. Мы не здымалі, уваходзячы, шапкі. Ніколі не хадзілі ў грыбы, усяляк пазьбягалі гародніны, не праводзілі Сьвята ракаў. Не маглі весьці дыскусій, дэклямаваць вершаў, ня ўмелі запакоўваць падарункаў ды рабіць урачыстых прамоваў. Мы хадзілі, выварочваючы ступні. Мы размаўлялі па-швэдзку зь фінскім акцэнтам, хоць мы й не былі фінамі, а ў нашай фінскай мове чуўся швэдзкі акцэнт, хоць і швэдамі мы таксама не былі.

Мы былі нікім.

Існавала толькі адно выйсьце. Адзіная магчымасьць кімсьці зрабіцца ў жыцьці, няхай і кімсьці нязначным. Трэба было зьехаць. Нас рыхтавалі да гэтага з раньняга дзяцінства, пераконвалі, што гэта быў наш адзіны шанец у жыцьці, і мы падпарадкоўваліся. У Вэстэросе можна было ўрэшце выбіцца ў людзі. І ў Люндзе. У Сёдэртэльі. У Арвіцы. У Буросе. Гэта была ўсеагульная эвакуацыя.

Плынь уцекачоў, якая спустошыла наш край; але ўсё адбывалася, на дзіва, добраахвотна. Нябачная вайна.

Назад з поўдня вярталіся хіба што ў труне. Ахвяры дарожных здарэньняў. Самагубцы. А зь цягам часу да іх далучыліся й ахвяры СНІДу. Цяжкія труны апускаліся ў прамерзлую зямлю сярод бярозак на паяльскіх могілках. Зноў дома. Kotimaassa.

Ніілаў дом стаяў на адной з самых старых паяльскіх вуліцаў, адкуль адкрываўся прыгожы від на рэчку. Прасторная, добра пабудаваная хата канца мінулага стагодзьдзя зь вялікімі вокнамі ўздоўж усёй сьцяны. Калі прыгледзецца, можна заўважыць на фасадзе стык: да дому зрабілі прыбудову. Усё яшчэ захаваліся дзьве трубы ад дзьвюх розных печак: дом быў завялікі, каб абагравацца адною топкаю. У час росквіту лестадыянства дом быў натуральнага шэрага колеру, але ў саракавыя гады яго зрабілі чырвона-бурым зь белымі аконнымі рамамі. Ды яшчэ — па апошнім патрабаваньні моды, каб дом не нагадваў разрослую адрыну, — адпілавалі ў яго па краях бярвеньні, на вялікі жаль сапраўдных знаўцаў даўніны ды эстэтаў. З боку ракі да хаты цягнуліся сенажаці, якія вякамі шчодра ўгнойваліся рачным глеем у час паўнаводзьдзя й былі таму багатыя на сакавітую траву, ад якой каровы так і наліваліся малаком. Менавіта тут і спыніўся адзін зь першых пасяленцаў некалькі стагодзьдзяў таму, зьняў зь сябе паходны клунак і пабудаваў тут сядзібу. Але ўжо колькі часу сенажаці стаялі някошаныя. Паўсюль тырчаў хмызьняк. Змрочнасьцю, заняпадам дыхала гэтае месца. Было нейкім няўтульным. Ад яго цягнула сьцюжаю, нібыта ад чалавека, пакрыўджанага ў дзяцінстве, які прытаіў гэтую злосьць у сабе.

Старая адрына захавалася, але зь цягам часу яе перабудавалі ў сховішча й гараж. Заняткі толькі скончылася, і я праводзіў Ніілу дамоў. Мы на дзень памяняліся роварамі. Нііла ўзяў мой, наварочаны, зь мяккім седалам і вывернутым стырном. А я каціўся на ягоным «рэксе». «Рэкс — лёгкі як кекс!» — крычалі звычайна малыя нягоднікі-трэцякляснікі ўсьлед Ніілу. Як толькі мы прыехалі, Нііла зацягнуў мяне ў адрыну.

Па крутых, вырубленых сякераю сходах, адпаліраваных за стагодзьдзе нагамі, мы прабраліся зь Ніілам на гарышча. Тут панавала паўцемра — вечаровае сонца ледзь прабівалася скрозь малое зашклёнае акенца. Наўкола валяліся халусьце ды сапсаваная мэбля, іржавая каса, эмаляваныя вёдры, скруткі палавікоў, прапахлыя цьвільлю. Мы спыніліся каля бакавой сьцяны. Перад намі ўздымалася гіганцкая этажэрка, застаўленая кніжкамі ў рудых зацёртых пераплётах. Павучаньні, часасловы, жыціі сьвятых як па-швэдзку, так і па-фінску — кніжкі грувасьціліся адна на адной. Столькі кніжак, сабраных у адным месцы, я бачыў хіба што ў нашай школьнай бібліятэцы! У гэтым было нешта ненатуральнае, амаль агіднае. Кніг было зашмат. Хто здужае некалі іх прачытаць? І навошта яны былі тут, схаваныя ад усіх у адрыне, нібыта несьлі на сабе нейкі сорам?

Нііла расчыніў свой ранец і выняў адтуль чытанку «Пра Лі ды Лю». Мы мусілі прачытаць урывак, Нііла нядбайна прагартаў яго сваімі нязграбнымі хлапчуковымі пальцамі. Засяроджана пачаў выціскаць зь сябе гук за гукам, зь неймавернаю цяжкасьцю складаючы іх у словы. Пасьля яму надакучыла, і ён з трэскам загарнуў кніжку. І раптам — я нават ня сьцяміў, як гэта адбылося, — з усёй моцы шпурнуў яе са сходаў. Прызямліўшыся на грубыя масьніцы, кніжка разьляцелася на часткі.

Я зь недаверам паглядзеў на Ніілу. Ён усьміхнуўся, на шчоках зьявіліся пунсовыя плямы, а доўгія іклы рабілі яго падобным да ліса. І тут ён выхапіў з гіганцкай этажэркі катэхізіс, даволі малую кніжку ў мяккім пераплёце. Гэта выклік — ён шпурнуў уніз і яе. Тонкія шаўковыя аркушы зашамацелі ў паветры, як лісьце, яшчэ да падзеньня. Наўздагон ім паляцела пара зборнікаў, грувасткія рудыя камякі, якія з трэскам чмякнуліся вобзем, згубіўшы свае вокладкі.

Нііла паглядзеў на мяне з шалёным агеньчыкам уваччу. Адчуваючы, як сэрца моцна калоціцца ў грудзях, я таксама схапіўся за кніжку. Шпурнуў яе — і ўбачыў, як некалькі аркушаў выпырхнулі зь яе, не пасьпела кніжка дзеўбануцца аб іржавую барану. Вось пацеха! Мы так разышліся, што пачалі хапаць кніжкі без разбору разахвочваючы адзін аднаго: рабілі закручаныя кідкі, шалёныя футбольныя пасы, ажно гуло па кутах, і душыліся са сьмеху спустошваючы кніжныя паліцы.

Зьнячэўку зьявіўся Ісак. Шырачэзны ў плячах, як барэц, нямы й змрочны. Ніводнага слова, толькі грубыя мясістыя пальцы, якія ўзбуджана дрыжэлі, расшпільваючы рамень. Гнеўным жэстам ён паказаў мне на дзьверы. Я рынуўся ўніз, як баязьлівы пацук. А Нііла застаўся. Калі за мною прычыніліся дзьверы, я пачуў, як Ісак пачаў лупцаваць.

На імгненьне я падымаю вочы ад дзёньніка, які пачаў весьці ў Нэпале. Электравік падыходзіць да Сундбюбэргу. Ранішнія гадзіны пік, пах змакрэлага адзеньня. У мяне ў партфэлі, у скураной папцы, ляжыць дваццаць пяць правераных вучнёўскіх сшыткаў. Лютаўская золь, а праз чатыры месяцы ў Паяле кірмаш. Мімаходзь гляджу ў акно. Высока над чыгункаю ляціць чарада качак, з узрушаным гагатаньнем наварочваючы кола за колам.

Мае думкі вяртаюцца назад у Турнэдален. Разьдзел пяты.

РАЗЬДЗЕЛ 5

— пра нерашучых ваякаў, мясцовыя групоўкі ды пра майстэрства пратоптваць лыжныя спускі

Кожны дзень, калі ў Вязальнай школе заканчваўся апошні ўрок, натоўп шаснаццаці-сямнаццацігадовых дзяўчат праходзіў паўз наш дом. Файныя дзеўкі! Былі шасьцідзясятыя — тоны макіяжу, накладныя вейкі, ультракароткія спадніцы ды вузкія цыратовыя боты. У нас зь Ніілам зьявілася звычка забірацца на сьнежную гурбу перад маім домам і назіраць адтуль за дзяўчатамі. Яны групкамі праходзілі паўз нас, нешта абмяркоўваючы, без капелюшоў нават у самае лютае надвор’е, каб не сапсаваць фрызуры. Дымілі як паравозы, пакідаючы за сабою моташна салодкую сумесь паху парфумы ды попельніцы — гэты пах мяне й сёньня заводзіць. Часам яны віталіся з намі. Мы дужа бянтэжыліся й рабілі выгляд, што занятыя пабудоваю сьнежнай крэпасьці. У сем гадоў у нас ужо фактычна меўся пэўны інтарэс. Назваць яго юрлівасьцю, вядома, нельга — гэта была, хутчэй, нясьцерпная пяшчота. Я з асалодаю прылашчыўся б да іх, пацалаваў. Прытуліўся б да іх, як кацянё.

Як бы там ні было, мы пачалі закідваць іх сьнежкамі. Пэўна, каб даказаць ім, што мы мужыкі. І як ні дзіўна, гэта спрацавала. Здаравенныя шаснаццацігадовыя валькірыі пужліва разьбягаліся, як статак аленяў, з румзаньнем і лямантам, абараняючыся касмэтычкамі, як шчытамі. Яны проста шалелі. А мы нават не ўтрамбоўвалі сьнежкі ды кідалі іх сьвечкаю, таму рэдка траплялі ў дзяўчат — мяккія сьнежныя камякі нясьпешна прызямляліся, як махнатыя белыя рукавіцы. Але гэтага ставала, каб зрабіць на іх уражаньне. З намі лічыліся!

Так працягвалася некалькі дзён. Адразу пасьля заняткаў мы, як звычайна, падрыхтавалі добры боезапас. З такою камандаю, як у нас, мы пачуваліся сапраўднымі вітульскімі ваяводамі, такімі бравымі вэтэранамі, што атрымалі баявое заданьне на варожым кантынэнце. У нас ажно жываты зводзіла ад нецярпеньня. Гэтыя баі набліжалі нас да тых салодкіх імгненьняў пра якія мы пакуль маглі толькі здагадвацца. З кожнаю новаю бітваю вырасталі нашыя пеўневыя грабеньчыкі.

І вось паказаліся дзяўчаты. Некалькі групак, на невялікай адлегласьці адна ад адной, па пяць-дзесяць у кожнай. Мы прытаіліся за вялікім сьнежным завалам, падпускаючы іх бліжэй. У нас усё было прадумана. Мы звычайна прапускалі першую групку, а пасьля залуплялі ім сьнегам у сьпіну, у той час як астатнія дзяўчаты рэзка тармазілі перад намі. Паніка й перапалох! І вядома, захапленьне нашым мужчынскім учынкам.

Сядзім схаваныя ды чакаем. Усё бліжэй чуем дзявочыя галасы, іх пракураны кашаль і хіхіканьне. Як па камандзе ўскокваем. У кожнага ў правай руцэ па сьнежцы. Дзяўчаты віскочуць, і мы, як два гнеўныя вікінгі, кідаемся за імі. І толькі мы зьбіраемся запусьціць ім у сьпіны свае сьнежкі, як заўважаем, што адна зь дзяўчат не пабегла. Стаіць за колькі мэтраў ад нас. Доўгія сьветлыя валасы, размаляваныя вочы. Пільна глядзіць на нас.

— Яшчэ адна сьнежка, і я заб’ю вас, — прашыпела яна. — Надаю кухталёў — хадзіць ня зможаце. Адлупцую так, што родная маці не пазнае...

Мы нерашуча апусьцілі сьнежкі. А дзяўчына яшчэ раз пагрозьліва на нас паглядзела й пайшла даганяць сябровак.

Мы зь Ніілам так і стаялі. Апусьціўшы вочы. А ў душы прыхавалася пачуцьцё нейкага гіганцкага жахлівага непаразуменьня.

Дзяцінства паяльскіх хлапчукоў не магло абысьціся без удзелу ў байцовых групоўках. Менавіта празь іх мясцовыя дзецюкі высьвятлялі паміж сабою адносіны. Уцягваліся ў групоўку малыя пяці-шасьці гадоў, а выходзілі зь яе, маючы чатырнаццаць-пятнаццаць.

Гэтыя групоўкі ўзьнікалі прыблізна так. Двое малых пабіліся. Андэрс надаваў кухталёў Нісэ, і Нісэ разроўся. Ня буду паглыбляцца ў прычыну сваркі, спрадвечную варожасьць або міжродавыя звады. Адзін хлопец усяго толькі надаваў другому, і абодва пайшлі дамоў. Вось тут і пачынаецца ланцуг.

Пабіты хлопец, то бок Нісэ, адразу ж расказвае пра бойку свайму старэйшаму на два гады брату. Той ходзіць па раёне ды глядзіць пільным вокам, а напаткаўшы Андэрса, дае яму ў адплату кухталёў. Андэрс з плачам бяжыць дамоў ужо да свайго, на чатыры гады старэйшага брата. Той ходзіць па раёне ды глядзіць пільным вокам. А напаткаўшы або Нісэ, або ягонага брата, дае ім як сьлед кухталёў ды яшчэ грозіць ім наўздагон. (Пасьпяваеце сачыць?) Пацярпелы Нісэ коратка перадае сутнасьць канфлікту свайму на пяць гадоў старэйшаму стрыечнаму брату, і той дае кухталёў самому Андэрсу, ягонаму брату ды яшчэ іхнім сябрукам-целаахоўнікам, якія суправаджаюць іх па раёне. На шэсьць гадоў старэйшыя браты абодвух сябрукоў Андэрса ходзяць па раёне ды глядзяць пільным вокам. Нісэ коратка перадае сутнасьць канфлікту сваім астатнім братам, кузэнам ды іншыя родзічам, расказвае, хто каму надаваў і ў якім парадку — тое самае адбываецца й ў лягеры Андэрса. Перабольшаньні з мэтаю прапаганды дапушчальныя. Робяцца энэргічныя спробы прыцягнуць на свой бок васямнаццацігадовых стрыечных братоў і нават бацькоў, але тыя заяўляюць, што ім гэтыя разборкі малечы да аднаго месца.

І так усё ішло. У найвялікшыя групоўкі ўцягваліся таксама аднаклясьнікі, суседзі ды ўсе магчымыя сябрукі, асабліва калі завадатаі жылі ў розных раёнах. Тады Вітулаянкя білася з Паскаянкяю, Страндвэген ішоў на Тэхас, і вайна разгаралася.

Працягвацца такія бойкі маглі ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў. Але звычайна яны доўжыліся пару тыдняў і разьвіваліся па вышэй апісаным сцэнары.

Сьпярша, такім чынам, ішоў этап тумакоў: раздаваліся аплявухі, малыя румзалі. Пасьля наступаў этап пагрозаў: старэйшыя хлопцы хадзілі па раёне ды глядзелі пільным вокам, а малыя затойваліся. Калі большым трапляўся хто з малечы, мала тым не здавалася. Менавіта гэты этап пужаў мяне больш за ўсё — гэты адвечны страх на шляху са школы да адноснай бясьпекі дома. Усё завяршалася этапам раззбраеньня, калі ніхто ўжо больш ня мог або не жадаў памятаць усе гэтыя мудрагелістыя расклады й адгалінаваньні, і справу аддавалі забыцьцю.

Але гэтаму папярэднічаў этап тэрору. Зімовы вечар. Ты імчыш на санках да шапіка, каб купіць аднакронавы скрутак ласункаў. Шарэе. Рэдкія сьняжынкі сыплюцца зь неабсяжнага шэра-блакітнага неба й бліскацяць зоркамі ў сьвятле ліхтара. А ты імчыш сабе паміж сьнежнымі валамі, празь сілу расьсякаючы палазамі сьвежы сьнег, а з Кірунскага тракту даносіцца віскат сьнегапрыбіральнай машыны, якая пракладвае сабе шлях скрозь сьнежныя завалы. Зьнячэўку там, на скрыжаваньні, зьяўляецца нехта са старэйшых хлопцаў. Чорны сылюэт старшаклясьніка. Ён набліжаецца, ты запавольваеш санкі, спрабуючы сьцяміць, хто гэта. Ты зьбіраесься павярнуць, але за сьпінаю ўжо раптам стаіць яшчэ адзін хлопец. У цемры ты ня бачыш, хто гэта, але ён, прынамсі, вялікі. Цябе, малога з санкамі, абкружаюць. У цябе ніякіх шанцаў — застаецца толькі спадзявацца. Уціскаеш галаву ў плечы ды набліжаесься да першага, які ўважліва цябе разглядае, між тым з вулічных ліхтароў сыплецца сьнег, а ягоны твар схаваны ценем, і тваё сэрца замірае ў грудзях. Ты спрабуеш падрыхтавацца: сьнег за каўняром, па ўсёй сьпіне ды нават у нагавіцах, ад аплявухаў, здаецца, лопаецца чэрап, шапка закінутая кудысьці на бярозу, сьлёзы, соплі ды прыніжэньне. Ты дранцьвееш, як цяля на бойні, а хлопец падыходзіць усё бліжэй. І вось ён стаіць перад табою, і ты мусіш затармазіць. Ён дужы, як дарослы мужык, а ты яго не пазнаеш. І ён запытваецца, чый ты будзеш, а ты прыгадваеш, што ў паселішчы цяпер дзеюць ня менш як тры групоўкі, якія ты нэрвова перабіраеш у галаве, а пасьля адказваеш, хто ты, і спадзяесься, што ўгадаў. А хлопец хмурыць бровы ды зьбівае зь цябе шапку. Пасьля кажа:

— Лічы, пашэнціла!

Ты атрасаеш шапку ад сьнегу й коціш далей на сваіх санках. І марыш хутчэй зрабіцца дарослым.

Блізіўся канец зімы, і самыя лютыя маразы ўжо мінулі. Дні па-ранейшаму былі кароткія, але ў абедзенны перапынак мы маглі ненадоўга ўбачыць сонца, якое крывавым памяранцам завісала над заінелымі дахамі дамоў. Мы пілі сьвятло прагнымі глыткамі, і гэты вогненна-жоўты сок напаўняў нашыя душы радасьцю жыцьця. Мы быццам выбраліся зь берлагу, прабудзіліся ад зімовай сьпячкі.

У гэтую пару мы зь Ніілам вырашылі апрабаваць Лестадыянскі спуск. Як толькі скончыліся заняткі, мы нацягнулі на сябе свае драўляныя лыжы з драцяным мацаваньнем і пайшлі кароткаю дарогаю цераз парк. Было ўжо цёмна, лыжы сантымэтраў на дваццаць правальваліся ў глыбокі рыхлы сьнег. Нііла пракладваў лыжню, а я ішоў за ім — дзьве няясныя здані ў паўзмроку. Наводдаль, каля лестадыянскага малельнага дому, пад самае неба ўздымаліся разлапістыя елкі, высокія, як царкоўныя вежы. Сьвятыя маўклівыя волаты, чые думкі ўздымаліся вышэй за нашыя.

Звонка кляцаючы лыжамі, мы перасеклі Лестадыянскі тракт; ужо запаліліся ліхтары. У імгненьне ўскараскаліся на чарговы сьнежны насып і сьлізганулі ў цемру, якая крута спускалася ўніз да ракі. Моўчкі пранесьліся каля бюста Лярса Леві. Ён пільна ўглядаўся скрозь бярозы, на ягонай макаўцы красавалася сьнежная шапка. Неўзабаве ліхтары засталіся далёка за намі, але было ўсё адно ня так цёмна. Сьвятло адбівалася ў безьлічы крыштальных сьняжынак, яно расло й расло, і вось ужо вялікім покрывам ахутвала зямлю. Вочы прызвычаіліся пакрысе да цемры. Перад намі адкрыўся спуск уніз, які доўгаю галавакружнаю стужкаю сыходзіў да ракі. Але па ім пакуль нельга было катацца: мы амаль па пояс вязьлі ў мяккім сьнезе. Тады мы паставілі лыжы папярок і пачалі ўтоптваць сьнег. Перастаўляючы лыжы, мы крок за крокам рухаліся ўніз з гары. Утрамбоўвалі сьнег, прасавалі яго ўсёй сваёй дзіцячаю вагою, пракладаючы вузкі фарватэр празь сьнежныя завалы, уніз да самай рэчкі праз увесь доўгі схіл. Мы працавалі плячо ў плячо, пот струменіўся пад вопраткаю. Калі мы ўрэшце дайшлі да нізу, павярнулі адразу назад. Мы працягвалі ўтрамбоўваць, падымаючыся тым самым шляхам, з асьлінаю ўпартасьцю ступаючы па сваіх сьлядах. Яшчэ больш спрасоўвалі сьнег, робячы яго як мага больш роўным і цьвёрдым.

Вось мы ўрэшце наверсе. Прыйшлі туды, адкуль пачалі сваю непасільную працу. Стаім на дрыготкіх нагах, хапаем ротам паветра, а перад намі ляжыць гатовы ўтрамбаваны спуск. Шырокая роўная вуліца, пабудаваная тысячай лыжных утрамбоўваньняў. Мы становімся поплеч, я й Нііла. Узіраемся ў цемру. Схіл зьбягае ўніз і зьнікае ў зманлівым змрочным сьвеце мараў, нібыта лёска ў палонцы. Няясныя цені, ціхія рухі ўглыбіні. Тонкая ніць паглыбляецца ў сон. Мы пераглядваемся. Схіляемся тады наперад, робім упор лыжнымі бамбукавымі палкамі. І адначасова зрываемся ўніз.

Адарваліся. Сьлізгаем уніз. Імчымся віхурай у ноч. Храбусьціць сьнег. Мароз абпальвае твар. Два распараныя хлопцы, два гарачыя цэпэліны, кінутыя ў лядоўню. Усё шпарчэй і шалёней. Нясемся поруч, разявіўшы раты, усмоктваючы ў гарачыя дзіркі зіму. Клясна ўтрамбавана, проста супэр! Калені нібыта спружына, а ногі — упоры, шчыльна зашнураваныя ў лыжныя боты. Цела разрывае ад шуму, хуткасьць дасягае межаў немагчымасьці, сьнег сьлепіць маланкаю, вецер гудзе ўвушшу, мільгаценьне.

І вось яно! Жудасны гром скаланае лёд Турнээльвэн ажно да Пэраяваары, і паветра трашчыць, як люстэрка. Мы пераадолелі гукавы бар’ер. Нябёсы зрабіліся цьвёрдымі ды крохкімі, нібы з друзу, і мы зрынуліся зь іх адначасова. Мы валімся плячо ў плячо, два гарачыя дымлівыя ядры, і з-пад кожнага ўздымаецца вялікая сьнежная хмара, ляжым з распрастанымі рукамі, а палкі тырчаць уверх, скіраваныя ў космас, кожная да сваёй зоркі.

РАЗЬДЗЕЛ 6

— пра тое, як старая карга села па правы бок Госпада Бога, і пра тое, якою рызыкоўнаю бывае дзяльба зямных багацьцяў

Ёдкім веснавым днём Ніілава бабуля пакінула наш тленны сьвет. Застаючыся ў цьвярозым розуме да апошніх хвілінаў, яна нямоглым шэптам паспавядалася ў сваіх грахах, пасьля лізнула аплатку кончыкам рудога, як пячонка, языка ды арасіла перасохлыя вусны віном. Пасьля сказала, што бачыць перад сабою сьвятло, а яшчэ анёлаў, якія п’юць з каўшоў ражанку; калі яна сканала, цела палягчэла на два грамы — столькі важыла яе несьмяротная душа.

Ha ulosveisu, адпяваньне для бліжэйшых родзічаў, сабраліся ў той самы дзень. Сыны пранесьлі нябожчыцу ў адкрытай труне нагамі ўперад праз усе пакоі ў хаце, каб старая магла разьвітацца з домам; сьпявалі псальмы, пілі каву і ўрэшце пакінулі нябожчыцу ў маразільнай камэры моргу.

Пасьля пачалі склікаць на само пахаваньне. Паяльская тэлефонная лінія распалілася дабяла, а паштовыя службы пачкамі рассылалі запрашальныя па Норботэне, Фінляндыі, паўднёвай Швэцыі, Эўропе ды іншых частках сьвету. Бабуля, наколькі здужала й пасьпела, засяліла сваімі нашчадкамі зямлю. Дванаццаць дзяцей нарадзіла на сьвет, па ліку апосталаў, і, як апосталы, выправіліся яны ўва ўсіх магчымых кірунках. Адныя жылі ў Кіруне ды Люлео, другія — непадалёк Стакгольму хтосьці — у Вэкша й Крыстыястадзе, Франкфурце й Місуры, а яшчэ ў Новай Зэляндыі. Толькі адзін зь іх застаўся ў Паяле — Ніілаў бацька. І ўсе яны сабраліся на пахаваньне, нават бабчыны абодва памерлыя сыны, — так расказвалі пасьля ў царкве празорлівыя цёткі. Яны казалі, што яшчэ ў часе першай псальмы яны дзівіліся, што гэта за хлопцы стаяць ды моляцца каля труны, пасьля толькі заўважылі, што ад іх сыходзіць нейкае сьвячэньне, а целы лунаюць на цалю над падлогаю.

А яшчэ там былі ўнукі ды праўнукі з усяго сьвету дзіўна й прыгожа апранутыя стварэньні, якія размаўлялі на ўсіх магчымых дыялектах. Унукі з Франкфурту мелі нямецкі акцэнт, а амэрыканскія й новазэляндзкія балбаталі на сумесі швэдзкай мовы з ангельскаю. Адзіныя з маладога пакаленьня, хто размаўляў яшчэ па-турнэдаленску былі Нііла ды ягоныя браты зь сёстрамі, але яны сядзелі збольшага моўчкі. У паяльскай царкве панавала вялікая сумесь розных моваў і культураў — відавочны доказ таго, наколькі плодным магло быць чэрава адной турнэдаленскай кабеты.

Разьвітацца са старою каля труны пажадалі амаль усе, ды на словы не скупіліся. Прысягалі, што нябожчыца працавала ў поце чала, жыла ў ахвярнасьці ды малітвах. Цягала й падымала, падымала й цягала, даглядала каровак ды малых, грэбла сена бадай ня горш за кабылу з трайною бараною, саткала пяцьсот мэтраў дывана, назьбірала тры тысячы каўшоў ягадаў, выцягнула з калодзежа сорак тысячаў вёдзер вады, насекла лесу адпаведна маштабу сапраўднай высечкі ў тундры, а з памытай ёй бялізны можна было скласьці гару велічынёю зь Юпуку, без адзінай скаргі яна цягала бочкі зь дзярмом з выграбной ямы, а бульбу закідвала ў бляшанае вядро так, нібы страляла зь фінскага кулямёта. І гэта было далёка ня ўсё.

Апошнімі гадамі, каля яна ляжала прыкаваная да ложка, старая перачытала Біблію ад вокладкі да вокладкі васямнаццаць разоў — натуральна, у старым фінскім перакладзе, не запаганеным атэістамі з навамодных камісій трактаваньня Бібліі. Слова Напісанае, вядома, не ідзе ні ў якое параўнаньне са словам Жывым, якое высякалася двухбаковым мечам у часе набажэнства, але калі час усё адно дазваляе, чаму б і не пачытаць.

Як звычайна бывае на ўрачыстых пахаваньнях герояў-турнэдаленцаў, прапаведнікі збольшага казалі пра пякельныя пакуты. Яны малявалі жудасныя карціны вогненнай вугольнай ямы, дзе грэшнікі ды малаверы смажыліся, як тыя скваркі, у смале на распаленай дабяла патэльні, а сам д’ябал пратыкаў іх трызубцам, каб сьцякаў сок. Народ на лаўках хрысьціўся; асабліва ўразіліся бабчыны дочкі, з хімічнымі завіўкамі ды ў навамодных прыкідах, — зь іх так і ліліся кракадзілавыя сьлёзы, а іхнія закаранелыя мужы занепакоена круціліся на сваіх месцах. Аднак цяпер ім даецца шанец адным махам разьнесьці насеньне раскаяньня й літасьці амаль па ўсім зямным шары, і было б проста недаравальна не паспрабаваць. Да таго ж бабуля пакінула пасьля сябе сшытак з нататкамі, дзе ў дэталях апісала, якім мусіла быць пахаваньне, каб у пропаведзі было шмат павучаньняў і ў меру Эвангельля. І ніякіх танных індульгенцый направа й налева.

І вось урэшце, калі расчыніліся дзьверы нябеснае брамы ды хары анёлаў напоўнілі паяльскую царкву сваім салодкім дабратворным дыханьнем, зямля скаланулася, а бабулю прынялі ў Мясьціну Боскую, — вось тады цёткі ў хустках задрыжэлі, расплакаліся й кінуліся абдымацца, у імя цела й крыві Хрыстовай, а на катэдры ды ў праходах царквы запахла сьвежаскошаным сенам, і ўвесь будынак адарваўся ад фундамэнту на паўсантымэтра, а пасьля з гулкім грукатам пляснуўся назад. А прававерныя ўбачылі таксама сьвятло, райскае сьвятло, накшталт таго, якое можна ўбачыць, прачнуўшыся зьнянацку ціхаю летняю ноччу, калі ты на міг расплюшчваеш вочы й бачыш у акне мяккі водбліск паўночнага сонца — адно кароткае імгненьне скрозь сон, а пасьля ты зноў заплюшчваеш вочы. А прачнуўшыся раніцаю адчуваеш, што з табою здарылася нешта вялікае ды неверагоднае. Можа, гэта любоў.

Пасьля пахаваньня ўсіх запрасілі ў дом на каву зь печывам. Настрой адразу неяк палепшыўся, усе ажывіліся. Бабуля была цяпер у Ісуса. Можна было ўздыхнуць спакойна.

І толькі Ісак быў па-ранейшаму пануры ды стрыманы. Ён блукаў па доме ў старым касьцюме прапаведніка, і хоць душа яго даўно ўжо закаранела, аднак усе спадзяваліся пачуць ад яго прынамсі пару словаў каля труны маці. Пакаяньне блуднага сына. Да яго, мажліва, прыйдзе абуджэньне — і не такое яшчэ здаралася на пахаваньні бацькоў, калі сьмерць і тленнасьць яшчэ бліжэй на адно пакаленьне падпаўзаюць да тваёй скуры. Рука Божая распаленым жалезам пранізвае закаранелае сэрца й растапляе ў ім лёд, і зьяўляецца Сьвяты Дух, і ўсе грахі праз пакаяньне выцякаюць з сэрца грэшніка, як памыі з бруднага збана, а пасьля даруецца яму пакаяньне, і робіцца той збан Боскаю пасудзінаю, зь якой струменіцца духмяны ялей.

Дзеці частаваліся сокам і печывам. Нас малых было так шмат, што мы елі па чарзе. Нііла пачуваўся няўтульна ў сваёй туга зашпіленай сьвяточнай кашулі. Дзядзькі ды цёткі, як зграя чорных крумкачоў, усё сядзелі ды крумкалі, мы між тым вырашылі выбегчы на двор. Хлопцы зь Місуры пайшлі за намі. Блізьняты гадоў васьмі, апранутыя ў касьцюмчыкі з гальштукамі. Паміж сабою яны размаўлялі па-ангельску, а мы зь Ніілам па-турнэдаленску, хлопцы часам пазяхалі — уплывала зьмена часавога поясу — і курчыліся крыху ад холаду. Абодва былі коратка стрыжаныя пад марскіх пехацінцаў, і ў іх былі такія самыя рудыя валасы, як у іхняга амэрыканскага бацькі, ірляндца з паходжаньня. Было бачна, што яны былі ўсё яшчэ агаломшаныя сустрэчаю са Старым Сьветам і каранямі сваёй матулі. На дварэ быў травень, а сьнег яшчэ не растаў, і на рэчцы ляжаў лёд. На бярозах пакуль не было лісьця, леташняя пажухлая трава блякла жаўцела на лузе, яшчэ нядаўна засыпаным сьнегам. Яны пераступалі з нагі на нагу ў сваіх лякаваных ботах і асьцярожна аглядаліся, ці не затаіўся дзе які палярны драпежнік.

Мне было цікава, і я завёў зь імі гутарку. На гаркавай амэрыканска-швэдзкай гаворцы яны распавялі пра тое, што на шляху ў Паялу яны рабілі перасадку ў Лёндане й бачылі там бітлоў. Што за хлусьня, сказаў я ім. Але яны ў адзін голас запэўнілі нас, што бітлы праехалі паўз іхні гатэль на вялікім «кадылаку» бязь верху, а дзяўчаты на вуліцы сыходзілі крыкам. Усё гэта здымалі на стужку з грузавіка, які ехаў за імі.

Блізьняты, дарэчы, нешта там набылі. З папяровага пакету яны выцягнулі пласьцінку з ангельскім цэньнікам.

— Бэатлес, — пачаў я чытаць па складах. — Роскн рол мусіс.

— Rock’n’roll music, — паправілі яны з усьмешкаю маё вымаўленьне. І працягнулі пласьцінку Ніілу.

— It’s a present Нашаму cousin.

Нііла схапіў пласьцінку абедзьвюма рукамі. Як зачараваны выцягнуў круглы вінілавы дыск і ўтаропіўся на філігранныя дарожкі. Ён так асьцярожна трымаў пласьцінку, нібыта баяўся, што тая расколецца ў руках, як далікатная ледзяная пласьціна, якую здымаеш з замерзлага вядра з вадою. Толькі гэтая пласьціна была чорнаю. Чорнаю, як грэх.

— Kiitos, — прамямліў ён. — Дзякуй. Фэнк ю.

Ён падняў дыск і панюхаў плястмасу, пасьля павярнуў да вясеньняга сонца, і дарожкі заблішчэлі. Блізьняты весела пераглянуліся. У галовах яны ўжо пракручвалі гісторыю пра спатканьне зь дзікім народам, якую распавядуць сваім сябрам у Місуры, падсілкоўваючыся гамбургерам ды пацягваючы колу.

Нііла расшпіліў пару гузікаў на кашулі ды схаваў пласьцінку пад адзеньнем, бліжэй да цела. Ён крыху павагаўся. Пасьля махнуў блізьнятам, каб тыя ішлі за ім у кірунку гасьцінца. Павёў іх празь сенажаць паміж апошнімі паўрасталымі гурбамі бруднага сьнегу, а я, зацікаўлены, пайшоў за імі.

Каля сьцёкавай канавы мы спыніліся. Упоперак дарогі была ўкапаная вялікая бэтонная труба. Схіліўшыся, мы заглянулі ў яе ды ўбачылі белую пляму сьвятла на другім баку. Брудна-шэрая веснавая вада цякла па трубе ды з плёскатам вылівалася каля нашых ног у даўгаватую затоку. Паблізу кучаю забруджаных прасьцінаў раставалі ды абсоўваліся сьнежныя гурбы. Нііла паказаў у сярэдзіну каламутнага ручая.

— Прэзэнт, — з прыязнасьцю сказаў ён блізьнятам.

Яны нахіліліся. Адразу каля паверхні ляжалі вялікія сьлізкія камякі. Наблізіўшыся, мы ўбачылі, як усярэдзіне нешта капошыцца. Там варушыліся маленькія чорныя зародкі. Паблізу ў цёмнай завадзі мітусіліся ўжо гатовыя апалонікі.

— З могілак, — коратка сказаў Нііла.

Блізьняты з сумневам паглядзелі на мяне, а я паспрабаваў растлумачыць, пра што казаў Нііла.

— Калі сьнег растае, вада працякае цераз труны, — вяшчаў я замагільным голасам, — і прыносіць душы нябожчыкаў сюды.

Нііла знайшоў стары іржавы слоік з-пад кавы. Блізьняты зь цікаўнасьцю разглядалі вірлавокіх апалонікаў у калюжыне.

— Анёлы, — патлумачыў Нііла.

— Так, калі назьбіраць іх, яны ператворацца потым у анёлаў і паляцяць на неба.

Адзін з блізьнятаў узяў слоік і пачаў расшнуроўваць свае лякаваныя боты. Другі крыху павагаўся, але потым узяў прыклад з брата. Яны сьпешна сьцягнулі шкарпэткі й касьцюмныя нагавіцы са стрэлкамі, застаўшыся ў сваіх мехаватых амэрыканскіх кальсонах, і басанож сталі каля засьнежанага краю калюжыны. Дробнымі, нерашучымі крокамі яны пачалі ўваходзіць у сьлізкую золь. І неўзабаве лоўля душаў ішла ўжо напоўніцу. Халодная вада даходзіла ім ужо да сьцёгнаў. Ад марозу іх пачалі праймаць дрыжыкі, але ў паляўнічым азарце яны нават не заўважалі гэтага. Неўзабаве яны зь пераможным крыкам узьнялі над галавою слоік, дзе ўжо пляскалася некалькі чорных апалонікаў. Вусны іх між тым пачалі сінець.

Раптоўна з трубы вымыла яшчэ адзін цёмны, сьлізкі камяк, які з шумам пляснуўся ў лужыну.

— Бабуля! — закрычаў Нііла.

Адзін з блізьнятаў адразу ж сунуў рукі ў ваду й пачаў шукаць. I тут ён пасьлізнуўся ды ўпаў. Галава зьнікла пад сьлізістаю гладзьдзю. Брат-блізьнюк схапіў быў яго, але таксама не ўтрымаўся ды, узмахнуўшы рукамі, боўтнуўся ўсьлед. Пырхаючы й цяжка дыхаючы, абодва выпаўзьлі на бераг; яны так адубелі, што ледзь здолелі падняцца на ногі. Але ў траве стаяла бляшанка, у якой плавалі апалонікі.

Мы зь Ніілам моўчкі стаялі, уражаныя такой адвагаю, а блізьняты між тым спрабавалі апрануцца. Яны так калаціліся ад холаду, што мы мусілі дапамагчы ім зашпіліць гузікі на кашулі. Яны зьнялі кальсоны ды выкруцілі зь іх ваду, пасьля — кожны сваім элегантным чарапахавым грэбнем — вычасалі з валосься сьмецьце. Іхнія вочы заблішчэлі, калі яны зазірнулі ў кававы слоік. У ім плавала й выгіналася з добрую жменю хвастатых апалонікаў. Апрануўшыся, браты з задаволеным відам працягнулі нам свае адубелыя рукі.

— Thank you! Дзякуй! Kiitos!

З бляшанкаю ў руцэ яны пайшлі ад нас да дому, нешта з захапленьнем абмяркоўваючы па-амэрыканску.

У той жа самы дзень пачалася дзяльба спадчыны. Сваякі дачакаліся заканчэньня рытуалаў, і калі сьвятар і суседзі ўрэшце сышлі, зачынілі наглуха дзьверы ад пабочных. І вось прадстаўнікі розных галінаў, адгалінаваньняў і адпачкаваньняў сабраліся ў прасторнай кухні. Дакумэнты выклалі на стол. Павыцягвалі з торбаў акуляры ды начапілі іх на бліскучыя ад поту насы. Пракашляліся. Змачылі вусны вострым жорсткім кончыкам языка.

І пакацілася.

Трэба зазначыць, што бабуля ўсё ж пакінула тастамэнт. Ён быў запісаны ў старым сшытку й быў усёахопным, калі не сказаць больш. Старонкі былі ўздоўж і ўпоперак сьпісаныя ейнаю дрыготкаю рукою рознымі, часам супярэчлівымі падрабязнасьцямі. Той і гэты атрымаюць тое й гэтае пры такіх вось умовах. Але старая рыхтавалася да свайго скону прынамсі апошнія пятнаццаць гадоў і мела да таго ж капрызны нораў, таму старонкі сшытку кішэлі выпраўленьнямі, выкрэсьліваньнямі й дапаўненьнямі, да таго ж быў яшчэ прычэплены асобны аркуш зь незразумелымі зноскамі. Некаторых родзічаў яна то пазбаўляла спадчыны, то давала пасьля зноў, і так некалькі разоў. Хтосьці мог атрымаць спадчыну толькі пры выкананьні пэўных умоваў: напрыклад, калі яны ў прысутнасьці родзічаў прызнаюць жывую веру ды зракуцца Зялёнага зьмея або перад усёю пастваю ды Ісусам павіняцца ў тых грахах, што зрабілі за доўгі час — і якія бабуля падрабязна апісала. Увесь тэкст неаднаразова завяраўся подпісамі ды пячаткамі, за выняткам, на жаль, таго важнага аркуша. Да таго ж тастамэнт быў напісаны на турнэдаленскай мове.

Толькі чытаньне тастамэнту ў душнай хаце заняло пару гадзінаў. Кожнае слова мусіла перакладацца на швэдзкую, афіцыйную фінскую, ангельскую, нямецкую й пэрсыдзкую мову, бо дачка з Вэкша выйшла замуж за імігранта-суніта. Ня менш складанасьцяў выклікалі ўрыўкі пра веру. Галоўнай умовай атрыманьня спадчыны было прызнаньне жывой веры, а для большасьці турнедаленцаў жывою вераю было лестадыянства. Супраць такога тлумачэньня выступілі суніт, зяць-габрэй з Новай Зэляндыі ды франкфурцкая дачка, якая перайшла ў баптызм, — усе яны па чарзе заявілі, што іхняя вера была такая самая жывая, як і ў астатніх прысутных. А малодшы брат бабулі з Улацьці грамавым голасам паведаміў, што ён заходні лестадыянец, таму ён і ёсьць самы правільны хрысьціянін з усяго таварыства, што выклікала адразу буру пратэсту з боку ягонага кузэна з галіны ўсходніх лестадыянцаў яшчэ аднаго са Збору Першанароджаных і пары вернікаў старой традыцыі. Цётка зь фінскай галіны лестадыянства ўмомант прыйшла ў экстаз, liikutuksia, пачала шалець і скакаць, ажно засьмярдзела потам. Астатнія далучыліся да яе — на ўсялякі выпадак — і прызналі свае грахі; яны размахвалі рукамі, рыдалі, абдымаліся й падалі ніцма на ходнікі.

Урэшце падняўся Ісак і раўнуў на ўсіх па-швэдзку ды па-фінску, каб заткнулі свае пашчы. Траюраднага брата — п’янтоса з Кайнуласьярві — злавілі на гарачым, калі той паспрабаваў сваёй рукой уставіць у тастамэнт некалькі словаў і выкінулі з хаты вон. Ваяўнічы настрой пакрысе зьнікаў, і пасьля чарговай сэрыі пратэстаў і абвінавачаньняў усталявалася напружанае перамір’е. Некаторыя патрабавалі занесьці ў пратакол, што яны павініліся ў сваіх грахах і прызналі жывую веру, што й было зроблена пасьля галасаваньня.

Пасьля чытаньня тастамэнту ўсе канчаткова й цалкам заблыталіся. Міралюбны інжынэр з Упсалі, які займаўся там распрацоўваньнем вылічальнай машыны, прапанаваў запісаць тастамэнт з усімі папраўкамі й дапаўненьнямі на пэрфакарту і, адпрацаваўшы яе некалькі разоў з дапамогаю лёгікі, падзяліць спадчыну па справядлівасьці. Усе родзічы адразу ж заявілі, што паўднёвец, ummikko, дзясятая вада на кісялі, мусіць перш-наперш заткнуць сваю вялікую ляпу, калі абмяркоўваюцца такія важныя сямейныя справы. Пасьля браты, сёстры, стрыечныя ды траюрадныя сваякі разьбіліся на невялікія групкі для выпрацоўваньня супольнай тактыкі. Усе шушукаліся ды перашэптваліся. Асьцярожна намацвалі глебу рашэньні прапаноўваліся ды адкідваліся, альянсы складаліся й разбураліся, парлямэнцёры сноўдалі з больш ці менш прыхаванымі пагрозамі паміж узбуранымі кланамі. Двое мужыкоў выйшлі разам на двор, каб адліць, і вярнуліся падазрона ўзбадзёраныя. Усе пераглядваліся. Закасвалі рукавы на кашулях. Пісар з рэдзенькім валосьсем пастукаў асадкаю аб кубак і заклікаў усіх да ўвагі. Народ, цяжка дыхаючы ды шыкаючы адзін на аднаго, пачаў падцягвацца да стала.

Кхм... Гэрммм...

Пісарчук, як чалавек бесстароньні, прапанаваў падзяліць усю спадчыну, а менавіта агульны кошт дома, усіх гаспадарчых забудоваў, дзялянкі, хатняй маёмасьці, банкаўскіх рахункаў да яшчэ невялікай часткі лесу, на сто сорак тры роўныя долі, без уліку калаўрота, які належаў суседцы.

Шум абураных галасоў.

Засядацель, адстаўны мытнік, папрасіў унесьці ў пратакол адну заўвагу. На ягонае, магчыма, нязначнае, але ў найвышэйшай ступені непрадузятае меркаваньне, папярэдні аратар не ўлічыў дадатак на асобным аркушы, трэці абзац, які датычыць падзеньня й маральнага разбэшчваньня паўднёвай Швэцыі, а таму дом і гаспадарчыя забудовы мусяць адысьці да сына Ісака, а ўсю астатнюю маёмасьць належыць падзяліць пароўну толькі паміж родзічамі, прапісанымі ў Паяльскім муніцыпалітэце.

Лямант узмацніўся.

Суседка была запыталася пра калаўрот, але яе бесцырымонна абарвалі.

Адзін з пляменьнікаў, шахцёр з Кіруны, заявіў, што ягоную мясцовасьць наўрад ці можна прылічыць да паўднёвай Швэцыі і да таго ж ён мае лецішча ў Сатаярві, і таму патрабуе, каб у пратакол унесьлі, што жыве ён у Паяле.

Тады другі пляменьнік, з Кіексьяйсваары, заўважыў, што шаноўны, пэўна, забыўся пра разьдзел на старонцы чатырнаццаць, у якім кірунскія шахты называліся Паўночным Бабілёнам і гаварылася, што іхнім працоўным гарэць навечна ў пекле, і дадаў, што незаконная пабудова ў Сатаярві нічога не мяняе.

У гэты момант кузэн-п’янчужнік кінуў у дзьверы палена, патрабуючы, каб яго ўпусьцілі ў хату.

Габрэй схапіў суніта за каўнер, але атрымаўшы тумака, зваліўся на фатэль-гушкалку. Абодва крычалі ды мацюкаліся, а іхнія жонкі стаялі побач і перакладалі. Ахвотных узяць слова рабілася ўсё больш, і стук пісаравай асадкі патануў у гаме.

Ня дзіва, што ўрэшце падняўся кулак. Вымыты з урачыстай нагоды працоўны кулак, які раптам выскачыў, як грыб з чорнай, добра ўгноенай глебы. Ён вібраваў на сваёй тоўстай ножцы, круціўся на ўсе бакі, як галава пугача. Гэта было накшталт папярэджаньня. Што цярплівасьці ўжо больш не стае.

У імгненьне вырас яшчэ адзін яго сваяк. А потым яшчэ адзін. Усе пачалі адначасова крычаць і піхацца. Лаяліся й мацюкаліся на ўсіх мовах і дыялектах, ланцугамі загрукаталі пагрозы, а сьцены старой хаты затрэсьліся, як муры Бабілёнскае вежы.

І панеслася.

З павагі да бліжняга я спынюся на гэтым моманце. Не буду апісваць ані мардабою, ані драпаньня пазногцямі, ані юшкі на кашулях, ані палёту ўстаўных сківіцаў, ані разьбітых акуляраў, ані вераломных штурхялёў пад азадак або мёртвага заціску на горлы. Я адмаўляюся пералічваць прылады, што трапілі пад гарачую руку: патэльню, крэсла, гумавы бот, шуфлік, сабачую міску й сямейную Біблію на фінскай. Я прапускаю ўсе блюзьнерскія выразы й лаянку, у першую чаргу зь невычарпальнай крыніцы турнэдаленскага фальклёру — усе тыя абвінавачаньні ў дурасьці, выродлівасьці, кровазьмяшэньні, прыдуркаватасьці або ў сэксуальных адхіленьнях, якія сыпаліся з вуснаў родзічаў, якія дайшлі да стану афэкту.

Скажу толькі, што гэта была геена вогненная.

РАЗЬДЗЕЛ 7

— пра рок-музыку, яе ўплыў на прыгожы пол і пра тое, як небясьпечна ўваходзіць бяз стуку

Увечары Нііла прыйшоў да нас, прыціскаючы нешта да грудзей пад кашуляю. Ён усё яшчэ быў у парадным адзеньні ды ніяк ня мог адысьці ад сустрэчы з натоўпам родзічаў. Пасьля шэрагу пагрозаў падаць на крыўдзіцеляў у суд, у адказ на якія рабіліся сустрэчныя заявы, родзічы прыкінулі, якіх грошай ім будуць каштаваць адвакаты, і вырашылі не выносіць сьмецьця з хаты. Дазволілі інжынэру з Упсалі падрабязьней расказаць пра пэрфакарты. Расьпіваньне алькагольных напояў у межах дваровай тэрыторыі строга забаранілі. У паяльскай лякарні заклеілі плястырам надзіва вялікую колькасьць людзей, якія незнарок пасьлізнуліся й пабіліся. Акуляры ды ўстаўныя сківіцы як маглі паправілі з дапамогаю ізаляцыйнай стужкі ды клею.

Сяструхі дома не было, і мы прабраліся ў ейны пакой. Расшпіліўшы кашулю, Нііла выцягнуў адтуль чорны, як крыло крумкача, сынгл. Я ўрачыста паклаў яго на прайгравальнік і апусьціў іголку. Дадаў гуку. Пачулася лёгкае патрэскваньне.

Трэск! Грымнуў гром. Разарвалася парахавая бочка й разьнесла на кавалкі пакой. Не было чым дыхаць, нас шпурнула на сьценкі й размазала па шпалерах, а ўсё ў хаце закружылася й завярцелася. Мы сядзелі прыштампаваныя, як маркі, уся нашая кроў перацякла ў сэрца, сабралася ў барвовы камяк, а пасьля схлынула й панеслася ў розныя бакі, рынула ў рукі ды ногі — чырвоныя дзіды крыві па ўсім целе; мы хапалі ротам паветра, як дзьве рыбіны, выкінутыя на бераг.

Прайшла вечнасьць, пакуль кружэньне спынілася. Паветра з шоргатам уцягнулася назад у пакой праз замочную шчыліну, а мы пляснуліся аб падлогу дзьвюма разьмяклымі аладкамі.

Rock’n’roll music.

«Бітлз».

Проста фантастыка!

На пэўны час мы страцілі дар мовы. Проста ляжалі й сплывалі крывёю, спустошаныя й шчасьлівыя, пасярод аглушальнай цішыні. Пасьля я ўзьняўся ды завёў нанова.

І зноў тое самае. Неверагодна. Гэтая музыка не магла быць зямным стварэньнем.

Яшчэ раз.

Акурат у гэты момант у пакой ураганам уляцела сястра. Яна была такая разьюшаная, што ўпілася ў мяне пазногцямі ды закрычала на ўсё горла, ажно жуйка вылецела ў яе з рота й заляпіла мне ў вока. Якога ляха мы рабілі ў яе пакоі, малыя серуны, і дзявочая рука ўзьнялася была над намі, каб нанесьці сьмяротны ўдар каратэ.

Але раптам сяструха спынілася. Яе апярэдзіла музыка. Яна ўвайшла ў яе, як набухлы чэлес, распырскваючы вакол сябе чырвань. Гэта была чароўная карціна: мы, тры застылыя ў розных паставах зьвяркі, ды малы хрыпаты грамафон.

Калі пласьцінка дайграла, сястра сама паставіла яе з пачатку. Такая гэта была мэлёдыя. Можна было слухаць яе бясконца.

Увечары таго ж дня мы зь Ніілам паехалі на роварах да ракі. Мы заехалі на высачэзны мост, празь які праходзіла шаша, і пачалі наварочваць кругі па вузкай бэтоннай пляцоўцы, якая злучала далёкія берагі.

Усю рэчку яшчэ скоўваў лёд. Але цёплае сонца растапіла ўжо сьнегавыя завалы ў лесе, з прыгоркаў пабеглі маленькія крывяносныя ручаі, пракраліся ў агромністую ледзяную труну, сілаю напоўнілі цела вязьня. Напяліся цягліцы, зноў застукала адталае сэрца.

І вось, у глыбокім працяглым уздыху пачынаюць уздымацца, сьціснутыя мэтроваю тоўшчаю лёду, грудзі ракі, яе лёгкія й сасуды напаўняюцца жыцьцём, як у цыркача, якія вызваляецца з путаў. Рака пачынае супраціўляцца, пакрысе выціскаючы на паверхню тысячы тонаў вады. Ідзе змаганьне, нябачнае, схаванае ад вачэй, нібы ў сьне. Паверхня пачынае выгінацца, малады вязень усё расьце, пакуль гарачы кацёл не запоўніўся ягоным мясам і цягліцамі.

Яшчэ паўцалі.

Ты пакуль гэтага ня бачыш, але ўжо прадчуваеш. Мажліва, дзякуючы руху паветра або паветранаму ціску, праз дрыжаньне горных вяршыняў у марыве сьвятла ці дзякуючы сылюэту крумкача, які нечакана зрываецца зь месца, а можа, праз тое, як пачынаюць скаланацца бэтонныя апоры мосту й напружана блішчыць вада.

Удых. Расталы сьнег. Крумкач зноў чагосьці спужаўся.

І вось яно ўрэшце. Дзьве кароткія пстрычкі. Ледзяная паверхня з трэскам лопаецца, празь белую роўнядзь прабягае расколіна. Булькатаньне чорнай вады. Гром, яшчэ расколіны, хвацкія ўдары сякеры па лядовым люстэрку. Паверхня выгінаецца аркаю ды расколваецца. Усё прыходзіць у рух, ажывае. Уся гэтая неабсяжная мармуровая падлога.

Адно імгненьне — і рака ўздымаецца на восемдзесят сантымэтраў. Тонуць берагі, чорныя вадзяныя лапы ўздымаюцца ўверх. Гіганцкія шматтонныя крыгі крышацца, напіраюць адна на адну ў жудаснай таўханіне. Яны ўздымаюцца з вады як мокрыя кіты, а пасьля з хрыпам пагружаюцца ў глыбіню. Налазяць адна на адну нібыта кантынэнты, трашчаць, мукаюць, выюць. Бадаюць лобам апоры мосту, з аглушальным звонам расколваюцца на ледзякі. Такога гуку больш нідзе не пачуеш: траскатня, воплескі, бурленьне, шамаценьне, перазвон, буханьне — і ты стаіш, патануўшы ў гэтай музыцы. У самай яе сярэдзіне.

Неўзабаве зьяўляюцца жыхары навакольных вёсак. Паркуюцца каля мосту й сьпяшаюцца далучыцца да нас, выстройваюцца шэрагамі ўздоўж жалезных парэнчаў — старыя дзяды й кабеты, хлопцы, дзяўчаты й малыя, якіх моцна трымаюць на руках. Сваякі й суседзі, знаёмыя ды нават мясцовыя пустэльнікі — усе зьбіраюцца тут, быццам рака прабегла па ваколіцы, заклікаючы народ, нібыта ўсе атрымалі нейкі сыгнал.

Людзі проста стаяць й дзівяцца. Што можна яшчэ дадаць? Проста глядзяць і слухаюць, адчуваючы, як дрыжыць пад нагамі чуйны бэтон. Як бясконцаю плыньню праносяцца ледзяныя глыбы, канца краю не відаць, як яны няспынна б’юцца й ломяцца. Урэшце заўважаеш, як пачынае варушыцца сам мост, вызваляецца са свайго месца ды як велізарны ледакол імчыцца напралом уверх па плыні. Ты стаіш на яго носе, а ён зь неймавернай апантанасьцю прарываецца наперад празь ледзяныя грамадзіны, пачынаючы сваю доўгую займальную вандроўку.

— Rock’n’roll music! — крычу я Ніілу.

Ён разумее.

Калі табе аднойчы адкрылася сіла музыкі, дарогі назад ужо няма. Гэта як упершыню падрачыць. Ужо ня зможаш спыніцца. Ты адчыняеш капсулу, і зь яе вырываецца магутны пеністы струмень, такі моцны, што выбівае ў цябе з рук дзьверы, вырывае іх з жалезных завесаў — толькі дзірка зеўрае. Памятаеце, як у фільмах пра падводнікаў: глыбінная бомба трапляе ў лодку, і закуродымленыя маракі кідаюцца да воданепранікальнай перагародкі, каб задраіць люк, але шалёны вадзяны струмень раскідвае іх, як бездапаможныя трэскі.

Музычная школа Накі была, наадварот, як боўтаньне на пяску.

Усё адно, што высілкі старой кашчавай настаўнічкі пачатковых клясаў, якая водзіць перапэцканай у крэйдзе рукою па наглядным дапаможніку, намагаючыся растлумачыць хлопцам тэхніку мастурбацыі. А напрыканцы ўсаджваецца за пэдальны арган і сьпявае павучальны гімн ананізму.

Нііла завітваў у госьці ўсё часьцей і заўсёды прыносіў з сабою пласьцінку. Дзякуючы ёй мая сястра нечакана выявіла свае чалавечыя рысы й дазволіла слухаць пласьцінку на ейным прайгравальніку; сама яна таксама падсаджвалася й слухала разам з намі. Музыка нас нават нейкім чынам зблізіла, ва ўсякім выпадку сяструха пачала разумець, што не да скону жыцьця ж мне заставацца смаркачом. Часам заходзілі ейныя сяброўкі. Сядалі на ложак, на падушкі на падлозе — ачмурэнныя дзеўкі-старшаклясніцы, ад якіх сыходзіў дурманлівы водар ляку для валосься й жуйкі. Грудзі вытыркаліся з-пад абліпальных швэдрыкаў. Вочы, падведзеныя чорнаю тушшу. Яны фліртавалі са мной ды Ніілам — маляўкамі, шчанюкамі — і пакеплівалі з нас, так што мы бянтэжыліся й чырванелі. Пыталіся, ці ёсьць у нас дзяўчаты. Ці мы калісьці цалаваліся. Расказвалі, як трэба вадзіць языком, было досыць брыдка, але адначасова зьяўлялася амаль юрлівасьць, хоць тады нашая сэксуальнасьць была яшчэ на стадыі сьпячкі, і мы мала што разумелі ў адносінах з процілеглым полам.

Аднойчы ў выходныя, калі бацькі паехалі на футбольны стадыён на розыгрыш аўто, мы зайшлі ў пакой сястры бяз стуку. Дзяўчаты завішчалі. Паміж імі на падлозе стаялі бутэлькі зь півам, поўная авоська. Мы хацелі былі змыцца, але сяструха ўцягнула нас у пакой і рашуча замкнула за намі дзьверы. Яна паабяцала, што, калі мы толькі ўздумаем паклёпнічаць, яна нас так адкалашмаціць, што мы падавімся сваімі малочнымі зубамі, а пасьля адцягае за чубы так, што мы загадзя аблысеем, ды яшчэ павыцягвае з нас кішкі сваімі чырвонымі вострымі кіпцюрамі, а пасьля будзе доўга падсмажваць нас паяльнаю лямпаю, з дапамогаю якой бацька звычайна шкіпінарыць лыжы, — ды шмат яшчэ такога ж кшталту.

Каб выратаваць сваё жыцьцё, я прыкінуўся дурнем — гэта звычайна спрацоўвае ў турнэдаленскім асяродзьдзі — і прамармытаў, што сідар, маўляў, яны ж могуць піць колькі ўлезе. Дзеўкі тады зарагаталі што дурныя ды запатрабавалі, каб і мы зь імі выпілі, каб мы зрабіліся суўдзельнікамі, — гэта быў адзіны спосаб заткнуць нам глоткі. Яны адкаркавалі бутэльку ды падселі так блізка, што асьветленыя валасы заказыталі мне шчаку ды я адчуў на сабе іхняе цёплае дыханьне й водар парфумы. Адна зь дзяўчат моцна, нават жорстка, трымала мяне за шчокі, другая паднесла бутэльку — і я адкрыў рот. Яна так наблізілася, што я адчуў дотык яе мяккіх грудак, я адхіліўся назад як немаўля з пустышкаю ды пачаў смактаць і піць, піць і зноў смактаць, як з вострай жаночай цыцкі.

Піва на смак нагадвала сена. Яно захрасала ў горле, пенілася й шыпела. Я паўляжаў, гледзячы ў прыгожыя размаляваныя вочы дзяўчыны, сінія як азёры. Ёй было ня менш як чатырнаццаць, і яна зь пяшчотаю ды цеплынёю глядзела мне ў вочы. Мне хацелася застацца там, заснуць у ейных абдымках — у мяне ажно праступілі пякучыя сьлёзы. Заўважыўшы гэтае, яна асьцярожна адсунула бутэльку. Я пасьпеў усмактаць у сябе палову, а дзяўчына наблізілася да мяне сваімі фарбаванымі вуснамі ды раптоўна пацалавала мяне.

Дзяўчаты зацюгакалі. А сяструха нечакана адарыла мяне пяшчотнаю ўсьмешкаю. У мяне закружылася галава, і я прыхіліўся да сьцяны. Ніілу прымусілі дапіць рэшту піва, ён доўга змагаўся і заслужыў радасныя воплескі. Цяжка дыхаючы, Нііла расшпіліў кашулю й выцягнуў адтуль сваю пласьцінку. Пасьля ён падсеў да мяне, а сяструха ўключыла прайгравальнік.

Дзяўчаты проста пашалелі.

Мы ставілі пласьцінку разоў можа, дваццаць.

А я прыхіліўся да Ніілы ды адчуваў, як мяне ажно расьпірае ад шчасьця.

Пасьля мы стаялі на двары, і нас зьлёгку калаціла. Зь яснага неба на зямлю прыйшла вечаровая прахалода, ноч мусіла быць сьцюдзёнаю. Нііла стаяў і саромеўся, хацеў пра нешта запытацца, але ніяк не наважваўся. Урэшце ён прыцягнуў мяне да гаражу. Прычыніў дзьверы як мага цішэй, а пасьля зашаптаў мне ў вуха:

— Як яна гэта рабіла?

Я абхапіў ягоныя плечы.

— Выцягні язык, — сказаў я. — Не, ня так далёка.

Ён засунуў язык назад, пакінуўшы толькі кончык, круглы, мокры й ружовы. Я высунуў свой. Мы крыху пастаялі так, цалкам нерухомыя. Пасьля я нахіліўся ды пацалаваў яго ў салёныя хлапчуковыя вусны.

РАЗЬДЗЕЛ 8

—у якім змайстравалі плянку, раскрылі рот і ў якім упершыню адбыўся выхад на сцэну

Шасьцідзясятыя набліжаліся да свайго скону, ва ўсім сьвеце адбываўся бурны росквіт поп-музыкі. Бітлы зьезьдзілі ў Індыю ды навучыліся граць на сытары, Каліфорнію апанавалі «дзеці кветак» і псыхадэлічны рок, а Брытанія закіпала ад групаў кшталту «The Kinks», «Procul Hanim», «The Who», «Small Faces» і «The Hollies».

Але няшмат з гэтага дабіралася да Паялы. Сяструха што толькі ні рабіла, каб не адставаць ад модных тэндэнцый: працягнула паміж соснамі на пустыры медны дрот замест антэны, каб прымаць сярэднія хвалі, і лавіла «Радыё Люксэмбург» на наш стары лямпавы радыёпрымач. Часам яна езьдзіла ў Кіруну або Люлео, каб убачыць «The Shanes» з Туалуваары, якія ў 1966 годзе выступалі разам зь бітламі, або «Hep Stars», калі іхні шлях выпадкова праходзіў праз паўночную Швэцыю, але перш як паехаць, сястра заўсёды атрымлівала ад маці доўгі інструктаж за закрытымі дзьвярыма.

Ад Паялы было далёка да сьвету. І калі швэдзкае тэлебачаньне пачало ўрэшце паказваць, хоць і рэдка, эстрадныя канцэрты, мы ўбачылі стары запіс выступу Элвіса Прэсьлі. Што зробіш, выбіраць не даводзілася. Я сядзеў, згараючы ад нецярплівасьці. Сястра зьняла зь лінзы экрана ахоўную фанэру ды загадзя ўключыла тэлевізар, бо мусіў прайсьці пэўны час, пакуль усё нагрэецца, як хлеб у печцы, і экран пачне сьвяціцца. Электрычныя сыгналы пасылаліся з Какнэскай тэлевежы ды пачыналі свой зьвілісты шлях праз усю краіну. Рэтрансьлятары прымалі сыгналы ды перадавалі іх да наступнай станцыі, усё далей і далей, і вось урэшце, як вялізны цяжкі таварняк, гружаны жалезнаю рудою, сыгналы даходзілі да канчатковай станцыі — паяльскай тэлемачты на гары Юпука — і пераўтвараліся ды гарохам сыпаліся ў чорна-белыя тэлікі.

І тут мы бачым яго. Элвіса. Яшчэ да Нямеччыны, куды яго адправілі ў армію, на самым піку сваёй кар’еры, падцягнуты мужны юнак з крывою ўсьмешкаю, чорны блішчасты чуб і ногі, гнуткія, як ёршык для посуду. Бацька чмыхнуў і дэманстрацыйна сышоў у гараж. Маці засталася й рабіла выгляд, нібы вязала, але насамрэч не магла адарваць погляду ад гэтага потнага самца ў чорнай скураной куртцы. Сястра грызла ўвесь вечар свае чырвоныя пазногці й доўга яшчэ ляжала бяз сну, рыдаючы ў падушку. А я захацеў гітару.

Наступнага дня, вярнуўшыся са школы, я спусьціўся ў сутарэньне, дзе бацька зазвычай сталярнічаў, і выпілаваў з кавалку фанэры нешта накшталт гітары. Прыбіў да яе дошку як грыф. Замест струнаў нацягнуў гумкі. Ды прывязаў яшчэ вяроўку, каб павесіць гэтае стварэньне на плячо.

Адзіным месцам, дзе я пачуваўся спакойна, быў гараж. Я пракрадаўся туды, каб мяне ніхто ня бачыў, станавіўся, шырока расставіўшы ногі на бэтоннай падлозе, і акідваў поглядаў акіян гледачоў. Я чуў крыкі ды ўяўляў, як тысячы дзяўчат зь візгатам напіраюць на сцэну. Тады я пачынаў граць «Jailhouse Rock», які ведаў даўно на памяць дзякуючы сяструшынай пласьцінцы. Паспрабаваў павільваць задам. Адчуў, як музыка пачынае набухаць у мяне ўсярэдзіне, моцная й салёная. Тады я схапіў рулён туалетнай паперы, уявіўшы, што гэта мікрафон, і адкрыў рот. Пачаў сьпяваць. Але песьня была бяз гуку, бо я толькі варушыў вуснамі, акурат як на нашых музычных занятках у школе. Я грымасьнічаў пад музыку, якая гучала ў маёй галаве, адстукваў такт, падскокваў і з такою сілаю адбіваў акорды, што ад маёй фанэрнай гітары ішоў трэск.

Зьнячэўку нешта пстрыкнула, і я спыніўся, не на жарт перапалоханы. На імгненьне я пераканаў сябе ў тым, што візгат публікі даляцеў ажно да царквы. Але я быў у гаражы адзін і неўзабаве зноў пагрузіўся ў свой фільм. Я патанаў у авацыях, абкружаны сьвятлом сафітаў і гоманам публікі. Ногі падгіналіся, сцэна качалася пада мною, і я выгнуўся ўсім целам назад, нібыта пранізаны спазмам.

За сьпінаю стаяў Нііла. Як драпежны зьвер ён пракраўся ў гараж і моўчкі назіраў за мною бог ведае колькі часу. Я здранцьвеў ад сораму. Чакаў, што ён пачне зь мяне зьдзекавацца, размажа як муху па сьцяне.

Толькі аднойчы пасьля мне давялося перажыць такое пачуцьцё аголенасьці. Здарылася гэта ў цягніку паміж Будэнам і Эльвбюнам, у прыбіральні. Я толькі што аблягчыўся ды стаяў са спушчанымі нагавіцамі, каб падцерці зад, як дзьверы раптам адчыніліся з таго боку, і кандуктарка папрасіла паказаць білет. Яна сьцьвярджае, што пастукалася — чорт яе за нагу!

Нііла сеў на перакуленае вядро ды ў задуменьні пачаў чухаць калена. Пасьля нерашуча запытаўся, што я такое рабіў.

—Іграў — прамармытаў я, яшчэ больш зьбянтэжаны.

Ён яшчэ крыху пасядзеў моўчкі, пазіраючы на маю нязграбную гітару з фанэры.

— А можна й мне? — прамовіў ён урэшце.

Спачатку я падумаў, што ён сьмяецца зь мяне. Але пасьля са зьдзіўленьнем заўважыў, што ён гаварыў сур’ёзна. У мяне як камень з душы зваліўся, я павесіў Ніілу фанэрыну на плячо й паказаў, як трымаць. Ён пачаў пераймаць мае рухі, як я толькі што пераймаў рухі Элвіса. Нііла паспрабаваў качацца ўзад-уперад.

— Нагамі таксама трэба віхляць! — даў я інструкцыі.

— Навошта гэта?

— Дзеўкам падабаецца!

Ён раптам неяк зьбянтэжыўся.

— Тады трэба, каб ты сьпяваў.

Я нядбайна паднёс рулён туалетнай паперы да вуснаў і бязгучна пачаў грымасьнічаць, трасучы галавою. Нііла незадаволена паглядзеў на мяне.

— Не, ты насамрэч сьпявай!

— Ты што, упаў?

— Давай!

— Не, не магу!

— Можаш, для дзевак! — сказаў Нііла па-фінску. Я зарагатаў, і паміж намі пранеслася нібыта гарачая іскра.

Вось так усё й пачалося, у нашым гаражы ў атачэньні лыжаў, шуфляў і зімовых пакрышак. Нііла граў, а я адкрываў рот і спараджаў гукі. Хрыплыя, пранізьлівыя або падобныя да буркаваньня. Я галасіў пеўнем і пішчаў, брахаў горш за сабаку — гэта быў першы раз, калі я наважыўся засьпяваць.

Мінулі два тыдні, і неяк падчас перапынку я абмовіўся, што мы заснавалі поп-гурт. Нам і насамрэч так падавалася, мы ж штодня прыходзілі ў гараж пасьля школы, і нашыя мары пра радаснае жыцьцё разьдзьмуваліся як велізарныя шматкаляровыя балёнікі. Я заўсёды пакутаваў ад зьніжанага інстынкту самазахаваньні ды меў да таго ж залішне балбатлівы язык, таму словы пра наш гурт проста высьлізнулі зь мяне.

Сэнсацыя разьнеслася па школе з маланкаваю хуткасьцю. Гэта ж была, вы памятаеце, Паяла шасьцідзясятых, і ня трэба было ніякіх сусьветных навінаў. Нас зь Ніілам абкружылі шчыльным колам (быў абедзенны перапынак), з усіх бакоў на нас кідалі пагардлівыя погляды ды абвінавачвалі ў ілжы. Кола сьціскалася ўсё шчыльней, і ўрэшце заставалася толькі адно выйсьце. Нас прымусілі выступіць на «Вясёлай гадзіне».

Як на ліха, настаўніца падтрымала прапанову. На ейную просьбу школьны вахцёр адкапаў недзе стары грамафон, а сам я пазычыў употай у сястры ейную пласьцінку з «Jailhouse Rock». Мы мусілі разыгрываць пантаміму і я ўзяў у адной зь дзяўчатак скакалку, каб сьпяваць у яе ручку замест мікрафона.

Яшчэ калі мы рэпетавалі на перапынку, я зразумеў, што нас чакае фіяска. Прайгравальнік захрасаў на сарака пяці абаротах, таму ўключыць яго можна было толькі на трыццаці трох або сямідзесяці васьмі. Такім чынам, пласьцінка гучала або як тыбецкі пахавальны марш, або як Дональд Дак на цыркавым манэжы. Мы абралі Макдака.

Прагучаў званок, і ўсе ў клясе расьселіся па месцах. Нііла мёртваю хваткаю ўчапіўся ў фанэрыну, а ў ягоных вачах чытаўся панічны страх. Нe пасьпелі мы яшчэ пачаць, як хлопцы прыняліся кідаць у нас гумкі. Я абхапіў ручку скакалкі ды падрыхтаваўся да сьмерці. Настаўніца хацела была прадставіць наш нумар, але мне падумалася, што лепш пакончыць з усім як мага хутчэй, і я апусьціў іголку.

Музыка панеслася наўскач. Мы затрэсьліся што дурныя! Падлога выгіналася пад нагамі, а цяжкая ігла дзюбала няшчасную пласьцінку як дзяцел. Нііла так нэрваваўся, што ногі адмаўляліся яго слухаць: ён бесьперапынна губляў раўнавагу, стукаўся аб настаўніцкі стол, штурхаўся са мною, а напрыканцы з грукатам урэзаўся, адступаючы назад, у школьную дошку ды пагнуў падстаўку для крэйды. Гуляць дык гуляць, вырашыў я, бо горш усё адно ня будзе! Замест таго каб бязгучна адкрываць рот — пласьцінка ўсё адно іграла так, нібыта трэсьлі скрыню зь цьвікамі, — я закрычаў на дамарослай ангельскай. Я так пранізьліва залямантаваў, што хлопцы нават скончылі кідаць у нас гумкі, адначасова я сачыў за тым, каб Нііла не разьнёс, падскокваючы, прайгравальнік. Ігла ўвесь час захрасала, таму песьня ніяк не магла дайграць да канца. Нііла раптам здрыгануўся так, што вяроўка на ягоным плячы разьвязалася, і ў выніку гітара паляцела ў насьценную мапу, выдрапаўшы здаравенную шчарбіну на абсягах Фінляндыі, дзесьці ў раёне Ювяскюлі, і толькі тады да мяне данёсься крык настаўніцы, ледзь чутны ва ўсім гэтым ляманце. Урэшце, заблытаўшыся ў скакалцы, Нііла паваліўся на мяне, як падстрэлены лось, і мы разам наляцелі на прайгравальнік. Ігла адскочыла ўбок, і ўрэшце запанавала цішыня.

Мы ляжалі як дровы. Нііла зусім запыхаўся: ён уцягваў у сябе паветра, а вось выдыхнуць ніяк ня мог, так ён надзімаўся й надзімаўся, ледзь лёгкія не парваліся ад напругі. Я адчуў у роце салёны прысмак крыві. А цішыня была такая, што можна было б, напэўна, пачуць пырханьне пацука.

Пасьля дзяўчаты пачалі пляскаць. Нерашуча, але з ухвалаю. Хлопцы забурчэлі ад зайздрасьці, а я атрымаў у галаву вялікі камяк гумкі.

Тады я падумаў, што можа ня так ўсё і было правальна.

Наступныя дні былі проста шалёныя. Калі пра ўсё даведаліся дома, Ніілу добра адлупцавалі, але ён трымаўся малайцом і сказаў, што гэта было таго варта. Мне таксама давялося нацярпецца ад сяструхі, калі яна ўбачыла сваю разьбітую пласьцінку. Я ледзь здолеў выратавацца, пагадзіўшыся на жорсткую кабалу: я мусіў аддаваць сястры ўсе свае кішэнныя грошы цягам наступных тыдняў.

Мяне больш зьдзівіла рэакцыя дзяўчат. Як большасьць хлопцаў майго веку, я быў сарамлівы ды лічыў сябе гэтакім вырадкам — з кудлатымі валасамі, бульбінаю замест носа ды хударлявымі, як палкі, рукамі. І тут на нас пачынаюць заглядацца дзяўчаты. То кінуць незнарок вокамгненны погляд з чаргі ў школьнай сталоўцы, то адораць нясьмелай усьмешкаю, схаваўшы пасьля вочы ў сваё рукадзельле. Нас запрасілі гуляць разам у гумку, і мы, памуляўшыся, пагадзіліся. Зайздросьлівыя хлопцы называлі нас бабнікамі. Усё гэта дужа нас бянтэжыла й пужала.

Між тым мы па-ранейшаму прыходзілі ў гараж, дзе выконвалі песьні, што я чуў па радыё, а пасьля граў па памяці. Нііла скакаў з фанэрынаю, а я сьпяваў. У мяне пачало атрымлівацца ўжо значна лепш, асабліва, калі я перастаў так моцна напружваць горла, а сьпяваў замест гэтага на поўныя грудзі. Мой голас адужэў, і яго гучаньне нават часам нагадвала музыку. Нііла тады загадкава ўсьміхаўся ды па-сяброўску стукаў мне па плячы. У перапынках паміж песьнямі мы часта абмяркоўвалі сувязь паміж дзяўчатамі ды рок-музыкаю, пілі «Merry», адчуваючы моцнае хваляваньне.

Праз пару тыдняў сытуацыя дасягнула свайго апагею, калі адна зь дзяўчат, што жыла на Страндвэген, запрасіла нас на вечарыну. Падсілкаваўшыся ліманадам і попкорнам, усе пачалі гуляць у «бутэлечку». Не пасьпелі мы зь Ніілам зьбегчы, як на нас ужо наваліліся й зацалавалі, і я мусіў чатыры дні хадзіць разам з адною дзяўчынаю, але пасьля адшыў яе й вярнуў назад каралі, латунны пярсьцёнак і фотаздымак, дзе яна апранула карункавую блюзу й намазалася матчынаю памадаю.

Але неўзабаве ўсё скончылася. Дзяўчаты знайшлі сабе больш цікавыя аб’́екты — старэйшых хлопцаў з шостай клясы. Мы зь Ніілам нечакана патрапілі ў аўтсайдэры, і, каб неяк рэабілітавацца, думалі выступіць зноў на «Вясёлай гадзіне», але атрымалі безапэляцыйную адмову ад настаўніцы. Я сунуўся быў да адпрэчанай сяброўкі, але атрымаў ад варот паварот. Неспасьцігальная рэч — жыцьцё.

РАЗЬДЗЕЛ 9

—у якім нашыя героі робяцца вучнямі сярэдніх клясаў і не бязь цяжкасьцяў засвойваюць тэхніку ігры на гітары

Скончыўшы тры клясы ў Старой школе, большасьць з нас, смаркачоў, навучыліся чытаць і лічыць, і прыйшоў час пераходу ў сярэднія клясы паяльскай Цэнтральнай школы, будынак якой нагадваў жоўтую цагляную скрыню, нібыта зь дзіцячага канструктару. Новы навучальны год пачаўся з кампаніі за здаровыя зубы. Пэўная рацыя ў гэтым, так бы мовіць, была: апошні візыт да стаматоляга выявіў у мяне шэсьць, а ў Ніілы дзевяць дзірак у зубах. Ня лепш было і ў астатніх вучняў, і мясцовыя чыноўнікі мусілі вылучыць дадатковыя сродкі ды замовіць у Лінчопінгу яшчэ адзін грузавік з амальгамаю. Пасьля нас групамі заводзілі ў канцылярыю, дзе мы мусілі жаваць адмысловыя таблеткі, якія фарбавалі наш зубны налёт у жудасны чырвоны колер, а пасьля, стоячы перад люстэркам, мы мусілі старанна чысьціць зубы пад пільным наглядам доктаркі. Жых-жых-жых, ня менш як дзесяць разоў па адным месцы. Ня ведаю, дзякуючы гэтай працэдуры ці, можа, проста паласканьню з фторам, але за ўсю сярэднюю школу ў мяне не зьявілася ніводнай новай дзіркі.

Дантысты пачалі, натуральна, заўважаць, што сьвідраваць даводзіцца ўсё радзей, і неўзабаве знайшлі для сабе новы занятак і ўзяліся за зубныя скобы. Штотыдзень новы небарака кіраваўся ў стаматалягічны кабінэт, дзе яму набівалі рот плястмасаю й жалезным дротам. Толькі ў зуба назіралася маленечкае klinkku, адхіленьне, як яго адразу ж пачыналі выпраўляць. Для мяне такім зубам стаўся ікол, які ўсё ніяк не жадаў стаць «на зважай». Проста жах, колькі мне давялося набегацца зь ім у мясцовую стаматалёгію. Доктарка, з заклапочана зморшчаным лобам, бралася за абцугі ды з усёй моцы зацягвала стальны дрот, і мая галава ажно зьвінела. Як толькі я выходзіў з кабінэту, адразу ж паслабляў дрот сваім роварным ключом, і так да наступнага разу. Часам да нас прыяжджаў Спэцыяліст — лысаваты дзядзька зь Люлео. Адрозьненьне было толькі ў тым, што ён зацягваў яшчэ мацней і ад ягоных пальцаў несла тытунём, калі ён калупаўся ў маім роце.

Сярэднія клясы — падлеткавы ўзрост, блізілася пара высьпяваньня. На перапынках можна было ўбачыць, што нас чакала. Шасьціклясьнікі, разьбіўшыся па парачках, трымаліся за ручкі й цалаваліся. Дзеўкі ўпотай палілі, хаваючыся за рогам школы. Макіяж рабіўся штогод агрэсіўнейшым. Нас гэта толькі пужала: навошта ўсё гэта робіцца? Няўжо й ты таксама зьменісься? Напэўна, бо ўсярэдзіне цябе — і ты гэта адчуваеш — пасьпявае зерне. Яно ўжо набрыняла, і неўзабаве ты згубіш самакантроль.

Нам паўтаралі, што ведаць замежныя мовы карысна, таму мы пачалі вывучаць ангельскую, а нашая родная фінская гучала на школьным двары ўсё радзей. Я пачаў запісваць ангельскія шлягеры, якія чуў па радыё ў «Топ 10». Усё яшчэ ня маючы свайго ўласнага магнітафона, я мусіў перапісваць тэксты песень, колькі пасьпяваў, падчас наўпроставай трансьляцыі. Словаў я яшчэ ня ведаў і запісваў фанэтычна, пасьля завучваў усё на памяць і выконваў перад Ніілам у гаражы. Песьні былі кшталту «Олью нідыс лаў» і «Эвайтэ шэйд офпэйл».

Нііла прыйшоў у дзікае захапленьне. Хто мяне навучыў ангельскай?

— Я сам, — адказаў я легкадумна.

Нііла крыху падумаў. У наступнае імгненьне ён прыняў дзёрзкае рашэньне. Ён навучыцца іграць на гітары.

У свайго дзядзькі я пазычыў акустычную гітару, якую той купіў на адпачынку ў Балгарыі. Потым пачалося шаленства: паездка ў музычную краму ў Люлео, каб набыць ноты для пачаткоўцаў; уводзіны ў містычную навуку гармоніі; кароткія непаслухмяныя хлапчуковыя пальцы; лічбы й кропачкі, якія мусілі ўтвараць мэлёдыю, але не жадалі гэтага рабіць; новыя спробы спасьцігнуць містычную навуку гармоніі; варожая атмасфэра ў Ніілавым доме, якая прымусіла яго практыкавацца ў нас у гаражы, а з надыходам зімовых маразоў перабрацца ў бойлерную, дзе мы мусілі падкладваць пад струны вату, каб мае бацькі не пачулі нас і не пачалі нудзець; першы акорд — мі мінор, быццам нехта скача па бляшаным даху; другі акорд — ля мінор, нібыта скачуць ужо ўдваіх; мае сьпевы пад акампанэмэнт Ніілы, калі ягоныя паўзы паміж акордамі, здаецца, расьцягваюцца ў бясконцасьць, і я завісаю, задыхаючыся, на паўслове; поўная адсутнасьць гумару ў Ніілы ў гэтым дачыненьні, што неаднойчы прыводзіла да рукапрыкладзтва; мая поўная няздольнасьць, нават зь дзясятага разу, угадаць назву першай мэлёдыі, якую Нііла ўрэшце вывучыў і маё ратаваньне пасьля гэтага, калі я ледзь пасьпеў адскочыць убок ад гітары, якая грукнулася потым на цэмэнт.

Я патрапіў у дужа няёмкую сытуацыю перад Ніілам, бо навучыўся граць на гітары куды хутчэй. Пальцы ў мяне доўгія ды спрытныя — гэта сямейнае. Мяне нават самога бянтэжыла, як лёгка бегае па грыфе рука, нібы павук, караскаецца па струнах і проста выплятае павуціньне акордаў Нііла яшчэ й першага чыстага акорду не сыграў, як я ўжо развучыў «House of the rising sun», a пасьля здабыў абходным шляхам падручнік па барэ й паглыбіўся ў чароўныя джунглі акордаў. Нііла заўсёды пакідаў гітару ў сутарэньні, і як толькі за ім закрываліся дзьверы, я адцягваўся напоўніцу.

Але перад Ніілам я, натуральна, сваімі дасягненьнямі пахваліцца ня мог. Ён бы проста ня зьнёс удару. Ужо нават у гэтым узросьце ў Ніілы пачалі зьяўляцца першыя вестуны тыя змрочных дэпрэсій, якія раптам напаўнялі яго нянавісьцю да сябе. Увесь астатні час Нііла быў нумар адзін: з пыхлівым, фанабэрыстым выглядам ён мог сыграць поўную байду й не заўважыць гэтага — яго ж чакала грандыёзная будучыня. Я часам паджартоўваў зь яго: браў гітару ды наўмысна памыляўся ў акордах, тады Нііла так гучна хмыкаў носам, што ажно выляталі соплі. Прызнаюся, у гэтыя моманты я быў гатовы раскрыцца, бо й майму цярпеньню ўсё ж ёсьць межы. Але я стрымліваўся, хоць гэта й каштавала мне неймаверных высілкаў.

У сярэдніх клясах некаторыя хлопцы пачалі жаваць тытунь. Можна было раптам заўважыць на джынсах круглы сьлед ад бляшанкі з тытунём, а на перапынку адчуць дужа спэцыфічны пах, нібы ад моцнае гарбаты. Нязвыклыя да тытуню, хлопцы ўмомант хмялелі ды хадзілі з пашыранымі зрэнкамі. Яны сядалі звычайна ў куце ды ладзілі на занятках балаган, а пасьля выпаўзалі ў калідор і спрабавалі прыцягнуць да сябе ўвагу дзяўчат, абзываючы іх жабамі й прастытуткамі. Пасьля фізкультуры ў душы хлопцы дэманстравалі адзін перад адным свае чэлесы. Пачалі хадзіць чуткі, што нехта ўжо трахаўся. Нас, астатніх хлопцаў, такія хуткія зьмены дужа напалохалі — можа таму, што мы самі яшчэ не пачалі разьвівацца, а можа, праз нашую агульную сарамлівасьць. Нашыя старыя прыяцелі, такія ж хлопцы, як мы, зьнячэўку пачалі дурэць ад тытуню й гармонаў. Зрабіліся накшталт наркаманаў — гарачлівыя, непрадказальныя. Інстынктыўна мы пачалі абыходзіць іх бокам.

Чым часьцей яны жавалі тытунь, тым больш агіднымі яны рабіліся для дзяўчат. Тытунь паміж зубамі, бурыя плямы на пальцах, запляваныя клейкімі камякамі сьцены прыбіральні й рукамыйнікі. На занятках тытунь быў забаронены, але ім было начхаць. Хіба што перад пачаткам уроку яны больш тонка раскатвалі ў роце тытунь.

Аднойчы аднаго з такіх хлопцаў нечакана выклікалі да дошкі. Небарака забыўся, што мусіў выступаць з вусным спавешчаньнем. Усе сядзелі й чакалі, што будзе. Толькі адкрые хлопец рот — настаўнік адразу ж яго застукае ды прабярэ як сьлед; такія сцэны заўсёды выклікалі павышанаю цікаўнасьць. Хлопец не на жарт перапалохаўся. Ён ажно зьбялеў і пачаў трэсьціся. А пасьля нешта замармытаў. Уся кляса прыціхла, чакаючы працягу. Хлопец ледзь разяваў рот, і настаўнік патрабаваў, каб той гаварыў гучней. Небарака падпарадкаваўся, але адначасова паднёс да вуснаў паперку.

— А што гэта ў нас у роце, не тытунь? — запытаў настаўнік.

Хлопец заматляў галавою.

— Ты, пэўна, ведаеш, што гэта забаронена?

Хлопец пасьпешліва кіўнуў.

— Праверым!

Хлопец стаяў як слуп, пакуль настаўнік прыпадымаў ягоную верхнюю губу. Прайшло некалькі сэкундаў. Пасьля яго на зьдзіўленьне адпусьцілі й дазволілі сесьці на сваё месца. Ніякіх крыкаў ці вымоваў, ніякіх пагрозаў выклікаць бацькоў або адправіць на сур’ёзную размову да дырэктара.

Усе былі адначасова расчараваныя й зьбітыя з панталыку. На перапынку хлопца абкружыў натоўп аднаклясьнікаў — усім было цікава, што здарылася. Ён нясьпешна абвёў усіх вачыма.

— Я праглынуў — ціха адказаў ён. Пасьля гэтую гісторыю яшчэ доўга абмяркоўвалі ў школе.

Ужо ў шостай клясе сталася відавочным, што ў Ніілы ёсьць пэўныя праблемы зь дзяўчатамі. І справа была зусім ня ў тым, як ён выглядаў хоць ён, вядома, той яшчэ быў прыгажун: фінскі нос бульбінаю, шырокія скулы, валасы, якія ўвесь час ільсьніліся ад тлушчу мый іх ці не. Ён быў сухарлявейшы за мяне і, можа, больш нязграбны, нехлямяжы. Але нічога агіднага ў ім не было. Ад яго, наадварот, сыходзіла нейкае лёгкае сьвячэньне: нейкая прыхаваная энэргія рвалася зь яго вонкі, нібы зьвер у клетцы, шукаючы выйсьця. Патаемным агнём гэта, вядома, не назавеш — было ў ім, хутчэй, нешта цёплае ды ўражлівае. І яно пачынала прарастаць у ім, дзяўчаты гэта заўважалі: у Ніілы была воля, быў хрыбет, які разрастаўся, як карэньне.

Дзяўчаты сягоньня розныя ёсьць. Шмат хто шукае апору: ім падавай хлопцаў, якія падымаюцца зь першымі пеўнямі, могуць трымаць у руцэ гаспадарчую прыладу й зброю, будуюць уласную хату на бацькоўскім надзеле ў Антысе ці Яргайсе ды скародзяць бульбяное поле дзядзькаваю бараною. Такія гаспадарлівыя дзеўкі звычайна глядзелі на Ніілу зь непрыязнасьцю. Мне давялося неаднаразова назіраць гэта за гады нашага знаёмства. Нііла адпуджваў такіх дзяўчат сваім маўчаньнем і блукаючым поглядам, ці што яшчэ горш — напускною фанабэрыстасьцю. Я спрабаваў навучыць яго хоць бы асноўным выкрутам лавеласа (ня тое каб у мяне самога быў вялікі досьвед у гэтай справе, але такім адсталым, як Нііла, я ўсё ж ня быў). Асноўнае правіла — выбіраць тых дзяўчат, якім ты падабаесься. Неверагодна, але факт: заўсёды знойдзецца дзяўчына, якая будзе хоць бы крыху табою цікавіцца. Вось на такіх і трэба рабіць стаўку. Нііла ўвесь час рабіў наадварот: заўсёды ўмудраўся закахацца ў дзяўчат, якія рабілі яму балюча. Такіх, якія ніколі не глядзелі ў ягоны бок, якія зьдзекваліся зь яго пад рагатаньне сябровак, такіх, якія былі або занадта прыгожыя, або залішне жорсткія ды гулялі зь ім, як котка з птушанём. Мне было балюча глядзець на яго. Увесь час на заднім пляне былі іншыя дзяўчаты, ня мой тып, вядома, але ўсё ж. Дзяўчаты, якія хацелі страціць глебу пад нагамі. Якім карцела рызыкнуць, учапіцца пазногцямі за бок стромкае скалы, з галавою нырнуць у зорнае неба. Дзяўчаты з тонкаю душой ды багатым унутраным сьветам, яны запісваюць вершы ў свой дзявочы дзёньнік, думаюць пра Бога й садамазахізм, яны чытаюць дарослыя кніжкі ды гадзінамі сядзяць на кухні, слухаючы, як іхнія дзядзькі спрачаюцца пра палітыку. Вось такое б яму дзяўчо. Хуткасьпелую й моцную дзяўчыну-камуністку, напрыклад, з Аарэаваары.

Усё ж гэта адбывалася яшчэ да пачатку сэксуальнай рэвалюцыі. Разьвітаньне зь дзяцінствам і пачатак полавай сталасьці, калі на зьмену сяброўскім адносінам і статкаваму інстынкту прыходзіць герархія, якая грунтуецца на прывабнасьці. Нязграбныя палахлівыя дзяўчаткі маглі ўмомант ператварыцца ў даўганогіх прыгажунь з высокімі скуламі. А малыя хлапчукі з пухнатым валосьсем і сьмешнымі ямачкамі на шчоках — у насатых бабуінаў з драпежнымі ікламі. Які-небудзь маўклівы хлопец з Эркхэйкі мог зьнячэўку разгаварыцца й разьвіць у сабе небывалы чароўны шарм, а вось якую-небудзь дзяўчынку-рагатушку з Паялы магла, наадварот, апантаць незразумелая дэпрэсія, якая пакрысе ператворыць яе ў чалавека, зь якім ніхто больш ня хоча лічыцца.

Сам я быў з тых дзяцей, чый вонкавы выгляд з часам рабіўся толькі страшнейшым, а вось прыцягальнасьць, наадварот, узмацнялася. А Нііла страчваў ня толькі вонкавую прывабнасьць, але й рабіўся больш невыносным у зносінах, таму музыка засталася ягонай адзінай аддушынай у жыцьці.

Каб дапамагчы, я прапанаваў яму адну простую хітрасьць: пры знаёмстве зь дзяўчатамі думаць пра сьмерць. Надзіва эфэктыўны сродак, які ня раз ў жыцьці выручаў мяне самога. Ну, вось, пражыву я некалькі дзясяткаў нікчэмных гадоў і памру. Маё цела навечна ператворыцца ў тлен. Тое самае здарыцца й зь дзяўчынаю; мы перамяшаемся зь зямлёю ды зьнікнем. Праз тысячу гадоў усё, што мы мелі ў жыцьці, усе нашыя патаемныя мары й самыя жудасныя страхі — усё гэта спарахнее й разьвеецца з попелам. Дык якая мне тады розьніца, адмовіць яна мне ці не? Хай сабе фанабэрыцца ды сьмяецца мне ў твар! Дзякуючы гэтай суровай пазіцыі я дасягнуў небывалых вышыняў на любоўным фронце: наважваўся, напрыклад, заляцацца да небясьпечна прыгожых жанчын, і некаторыя зь іх, дарэчы, адказвалі мне ўзаемнасьцю.

Гэта была бадай што адзіная парада, якой Нііла па-сапраўднаму паслухаўся. І пачаў думаць пра сьмерць часьцей, чымся пра дзяўчат. Карацей кажучы, зрабіўся зусім невыносным. Неўзабаве яму спатрэбіцца мая дапамога, але пакуль мы зь ім пра гэта яшчэ ня ведалі.

РАЗЬДЗЕЛ 10

— пра няпрошанага начнога візытанта, пра рухомы шкілет з дарамі ды пра ратаваньне зь пераплёту

Дзесьці ў маім целе пстрыкнуў выключальнік, і падарожжа пачалося ўсур’ёз. Палавое сталеньне. Гэта было ў другім паўгодзьдзі шостай клясы, нічога асабліва драматычнага не адбывалася, толькі я пачаў зьнячэўку ўсьведамляць, што нешта мяняецца. Не ў арганізьме — вонкава я заставаўся пакуль такім жа, — а ў галаве. Нешта ў ёй адбывалася, нібы хтосьці там пасяліўся. Хтосьці падобны да мяне, але ўсё ж не такі. Я зрабіўся капрызным і не заўсёды мог з гэтым нешта зрабіць. Ды яшчэ нецярплівым, сам ня ведаючы чаму. Зусім нечакана, проста ашаламляльна для мяне самога, я страшэнна зацікавіўся сэксам.

Быў канец апошняй чвэрці шостай клясы. Я ляжаў пасьля заняткаў дома ды гартаў эратычны часопіс. Я купіў яго ўпотай у Люлео, бо мяне там ніхто ня ведаў і не пачаў бы даймаць. Нішто так не напружвае, як шматзначныя погляды, якія кідаюць на цябе ў мясцовай краме саракагадовыя цёткі з хіміяй, якія знаёмыя з тваёй маці ды бацькам і чые дочкі-прыгажуні вучацца ў паралельнай клясе. Купіць парнаграфічны часопіс — прызнацца ў сваёй сэксуальнай заклапочанасьці. І тым самым ты агаляеш сябе перад імі, адчуваеш сваю недасканаласьць і пачынаеш тады чырванець перад касаю ды запінацца.

Нечакана ён зьявіўся ў маім пакоі. Я ўздрыгануўся ды адшпурнуў часопіс, пасьля імгненна падцягнуў да сябе калені, каб не было бачна, што ў мяне стаіць.

— Халера, я думаў, гэта маці!

Нііла не адказаў. Ён, як заўжды, бязгучна прасьлізнуў у пакой і стаяў цяпер нерухома каля сьцяны. Каб не паказваць, што я саромеюся, я вырашыў, што лепшай абаронаю будзе нападзеньне. Не цырымонячыся, я разгарнуў перад ім часопіс на фотцы тыдня. Чорны карункавы станік, эратычны погляд і чырвоныя боты на высокім абцасе.

— Павесь яе дома над ложкам, — холадна сказаў я.

Ад такой неверагоднай думкі Ніілу ажно перасмыкнула. Але ён ніяк ня мог адарваць ад дзяўчыны вачэй. Ён ня выявіў жаданьня ўзяць часопіс у рукі, таму я прагартаў яго перад ім — фотку за фоткаю.

— Глянь, яна прывязала яго. А тут, бачыш, Нііла? Гумовае адзеньне! А вось гэты ліст, напэўна, ад цябе: «Я згубіў цнатлівасьць ў царкоўным летнім лягеры».

Я бачыў, што Нііла ўжо закіпае. Між тым ён сядзеў з халодным безуважлівым выглядам, не страчваючы годнасьці. Галава зьлёгку дрыжала, нібы ён з усёй моцы напружваў цягліцы шыі. Чым больш ён палохаўся, тым менш у мяне заставалася сораму нібы той пераходзіў да Ніілы. Задаволены, я ўсунуў газэціну яму ў рукі.

— Выберы сабе дзеўку, Нііла! З часопісу! Каго б ты хацеў?

І тут ён пачаў задыхацца. Зваліўся на крэсла ды гучна выдыхнуў, пасьля заваліўся наперад, нібы яму што балела, — ня самая дзіўная рэакцыя для турнэдаленскага хлопца, якога прымушаюць выказвацца. Нііла пракашляўся ды праглынуў сьліну, каб язык урэшце стаў у роце на месца.

— Бабуля... — пачаў быў ён, але замаўчаў.

— Ну, што там зь ёй? —паспрабаваў я дапамагчы Ніілу.

— Яна... Яна памерла...

— Так, ведаю. Памерла, і ўжо даўно.

— Але яна вярнулася!

Цяпер, калі корак урэшце выскачыў з ягонага горла, Нііла змог расказаць мне ўсю гісторыю, голас ягоны пры гэтым хрыпеў і зрываўся. Ніілу крыху палягчэла на душы, а вось я не на жарт перапужаўся.

Бабуля пачала зьяўляцца прывідам. Пасьля больш як трохгадовай адсутнасьці на гэтым сьвеце яна вярнулася ў свой дом. І хоць пахавалі яе згодна з усімі лестадыянскімі традыцыямі, спакою яна так і не знайшла.

Першы раз яна зьявілася Ніілу расплывістаю плямаю, накшталт тых сьветлавых кропак, што могуць раптам узьнікнуць у куточку вока. Неўзабаве ён пачаў яшчэ адчуваць лёгкі павеў, быццам нехта на яго дыхае. Зь цягам часу яна прыняла больш выразную форму, набракла ды нават пачала выдаваць гукі. Паступова яна заняла сваё ранейшае месца ў сям’і. Як стары рассохлы човен, яна павольна спускалася на здранцьвелых нагах з гарышча. Ноччу яна панадзілася сядаць за кухонны стол і вячэраць, яна таўкла бульбу з моркваю ў рэшце супу, ператвараючы іх у шэрую кашку, якую пасьля з шумам уцягвала ў сябе. Ад яе ішоў невыносны смурод. Саладкаваты пах бабскага поту, зьмешаны з затхлым водарам замагільнага сьвету.

Дзіўна было толькі, што, акрамя Ніілы, ніхто на яе ўвагі не зьвяртаў. Аднойчы бабка, стоячы пасярод кухні, пачала лавіць мух, а пасьля расьціснула іх сваімі зжаўцелымі пальцамі ды закінула ў чыгунок з запяканкаю, які стаяў на стале. Усе, акрамя Ніілы, працягвалі з апэтытам есьці.

Нііла жыў у пакоі на друтім паверсе разам са старэйшым братам Юганам. Брат з-за хуткага росту моцна стамляўся, таму спаў як забіты. Спаў Юган па-мужыцку — цяжкім, глыбокім сном, з храпам; а вось Нііла, наадварот, спаў вельмі чуйна.

Некалькі дзён таму Нііла спаў і бачыў дужа рэалістычны сон. Дужа рэалістычны, паўтарыў ён, зьлёгку пачырванеўшы, і я здагадаўся, што яму сьнілася. Але вось пасярод салодкіх мараў да Ніілы данёсься сыгнал перасьцярогі, і ён імгненна расплюшчыў вочы.

Амаль ушчыльную над Ніілам схілілася бабка. Ейны твар сказіўся ад шалёнага гневу, з разяўленага бяззубага рота вывяргаліся бязгучныя праклёны, а на Ніілаў твар капала едкая сьліна. Нііла так пранізьліва закрычаў, што Юган на момант перастаў храпці ды перавярнуўся на другі бок. Але здань ужо зьнікла.

Сёньня ноччу ён таксама прачнуўся. Гэтым разам старая ўпілася ў ягоную шыю пазурамі. Халоднымі як жалеза. Яна пачала душыць, але ёй не ставала моцы; ахоплены панікаю, Нііла ўсё ж здужаў вызваліцца. Да самага сьвітанку ён прасядзеў, зачыніўшыся, у прыбіральні, з запаленым сьвятлом і фінкаю для абароны. Нііла пачуў скрыгат у замочнай шчыліне, а пасьля з-пад дзьвярэй пачало прасочвацца сьветлавое воблака, якое, аднак, зьнікла, калі Нііла папырскаў на яго гарачаю вадою.

Нііла адхіліў каўнер кашулі — барвовы рубец ішоў цераз усю шыю, нібы хтосьці зацягваў на ёй вяроўку. Было падобна да адмарожаньня — палоска адмерлай скуры.

Я слухаў Ніілу, і мне рабілася ўсё больш вусьцішна. Калі ён скончыў, я хацеў быў нешта сказаць, суцешыць яго, можа, неяк падбадзёрыць. Але ня змог. Твар у яго быў спустошаны ды безжыцьцёвы, як у старога.

— Проста неверагодна, — прамармытаў я.

Галава Ніілы затрэслася яшчэ больш. Тады ён выцягнуў старую пласьцінку «Бітлз» і перадаў мне. Ягоная спадчына, коратка паведаміў ён, іншых каштоўнасьцяў у яго не было.

Я папрасіў яго замаўчаць, але адчуў, як мяне пачынае ахопліваць непрыемнае пачуцьцё. Па маіх нагах папоўз страх, і я мусіў рэзка падняцца.

— Можаш застацца ў мяне нанач.

— Нанач, — прашаптаў ён, нібы слова страціла ўсякі сэнс.

Я сказаў, што гэта было адзінае выйсьце. Як толькі ўсе заснуць, Нііла мусіў вылезьці з акна, спусьціцца па пажарнай лесьвіцы ды пераначаваць у маім пакоі. А на сьвітанку, калі небясьпека міне, мог вярнуцца да сябе. Калі будзем весьці сябе асьцярожна, бацькам — ні маім, ні ягоным — нічога казаць ня трэба.

Пасьля трэба будзе здабыць рыдлёўкі, разрыць магілу на паяльскіх могілках і пратнуць завостраным сасновым калом сэрца старой вядзьмаркі.

Тэлевізара ў Ніілы не было, таму яму відавочна ставала асноўных агульнаадукацыйных ведаў, і ён наадрэз адмовіўся. Я і сам разумеў, што ня так усё проста, нават цяпер увесну, калі ночы рабіліся ўсё сьвятлейшымі.

У такім выпадку заставалася толькі адно. Мы абодва ведалі, што гэта мусіць здарыцца. Хто-небудзь з нас мусіў урэшце прапанаваць гэта. Першым быў я.

— Нам трэба ісьці да Русьсі-Юсьсі.

Нііла спалатнеў. Заплюшчыў вочы. Схапіўся за шыю, нібыта вісеў у пятлі.

Русьсі-Юсьсі быў адным з апошніх сапраўдных карабейнікаў у Турнэдалене й самым вусьцішным чалавекам у нашай мясцовасьці. Гарбаваты, падобны да крумкача стары, скурчаны як леташняя бульбіна, зь пячоначнымі плямамі на шчоках. Кручкаваты, нібы дзюба, нос, бровы зрасьліся, а вусны былі як у дзяўчыны — чырвоныя, пухлыя й вільготныя. Па характары Русьсі-Юсьсі быў зьедлівы, злапомны ды помсьлівы. З такімі звычайна пазьбягаюць знаёмства.

Паклаўшы кардонную валізу на багажнік, гэтае пудзіла калясіла па акрузе на сваім дамскім ровары. Ён увальваўся ў кухні з помпаю важнага службоўца, высыпаў на стол шнуркі, ланцугі, лясьёны, гузікі, насоўкі, лёзы, шпулькі ды пасткі для пацукоў. Але ў самай глыбіні валізы, у адмысловым аддзяленьні, ляжаў асобны тавар, які й рабіў Русьсі-Юсьсі такім запатрабаваным ды проста доўгачаканым госьцем. Гэта былі слоічкі з рудою глейкаю мазьзю, якая па-турнэдаленску завецца nopat. Экстракт абуджаў юрлівасьць нават у самых млявых баб і вылечваў слабасьць у самых безнадзейных мужыкоў. Хадзілі чуткі, што зельле варылася з адмысловых грыбоў, якія Русьсі-Юсьсі зьбіраў на поўначы Фінляндыі, і, мяркуючы па расказах сьведак, грыбы былі, пэўна, галюцынагенныя.

Юсьсі нарадзіўся ў канцы мінулага стагодзьдзя ў Фінляндыі, якая на той час была расейскаю правінцыяй. Ён быў пазашлюбным сынам дваровай дзеўкі, якая выгадавала яго ў нянавісьці да ўлады й да ўсіх тых памешчыкаў, якія маглі без усялякіх для сябе наступстваў гвалціць сваіх наймітак. Яшчэ хлопцам, у 1918 годзе Юсьсі ўзяў удзел у грамадзянскай вайне на баку чырвоных. Пасьля разгрому ён, як і шмат хто зь ягоных братоў у няшчасьці, зьбег у наваствораны вырай для ўсіх працоўных — Савецкі Саюз. Але неўзабаве пачаў лютаваць Сталін: у кожным замежніку бачылі цяпер шпіёна, таму Юсьсі арыштавалі ды адправілі ў працоўны лягер у Сібіры. Там сабралася шмат фінскіх і турнэдаленскіх братоў-камуністаў, якія спрабавалі ўпэўніць сябе ў тым, што яны сталіся ахвярамі жудаснага непаразуменьня, якое мудры бацька народаў Іосіф у хуткім часе выявіць, і тады іх вокамгненна вызваляць, прынясуць урачыстыя прабачэньні ды ўшануюць іхнія заслугі.

Сярод ягоных сукамэрнікаў быў адзін стары лапар з Кольскага паўвострава. Яшчэ да зьняволеньня ён вельмі змарнеў: на месцы лапарскіх паселішчаў зьявіліся тады калгасы, нічога, вядома, благога пра Сталіна, але ўсё ж майстрам аленегадоўлі ён ня быў. Стары небарака адчуваў, што хутка сканае, а раз спаў на адных нарах зь Юсьсі, то вырашыў зрабіць таго сваім пераемнікам. На сумесі саамскай, фінскай ды расейскай ён дрыготкім шэптам расказваў Юсьсі пра чароўныя сілы й здарэньні. Пра гаеньне язваў ды вяртаньне звар'яцелым розуму, пра статкі аленяў, якія цудам пазьбеглі воўчых зубоў. Там былі словы. І яшчэ былі вочы, якія, нібы два яечкі, луналі ў паветры, а іхні ўладальнік ляжаў між тым, накрыты шкурай аленя. Там была кроў, якая зацякала назад у рану, пакуль на скуры не заставалася толькі белая адмеціна. Карацей кажучы, была магчымасьць выбрацца адсюль.

Доўгімі марознымі начамі стары лапар навучаў Юсьсі, як таму зьбегчы ды такім чынам зьберагчы ў час смуты гэтую старажытную мудрасьць, бо ў будучыні яна, бясспрэчна, спатрэбіцца.

— Як сканаю, — хрыпеў стары, — пакладзі мяне ў сумёт. Пачакай, пакуль не здранцьвею. Думаю, чакаць табе давядзецца ня так доўга, пакуль я цалкам акамянею. Тады ты мусіш адламаць у мяне мезенец зь левай рукі — там я сабраў усю сваю сілу. Выломлівай палец і адразу ж праглынай, пакуль ахоўнікі цябе ня ўбачылі.

Неўзабаве стары памёр, ён быў такі кашчавы, што ягонае цела заскрыгатала, калі Юсьсі яго павалок. Юсьсі зрабіў так, як казаў стары, і засунуў цела ў сібірскую лядоўню. З храбусьценьнем адламаў брудны мезенец, не марудзячы запхнуў яго ў рот і праглынуў. І з таго часу яму ніколі ўжо ня быць ранейшым.

Юсьсі дачакаўся красавіка, калі зіма ўрэшце пачала адступаць. Момант быў самы прыдатны: шарон быў цьвёрды й лёгкапраходны. Пакуль вартаўнікі па старой завядзёнцы аддаваліся сэнтымэнтальным размовам, па-чорнаму п’ючы гарэлку, Юсьсі вырашыў падацца на ўцёкі. Тады ён чароўным чынам ператварыўся ў жанчыну. І вось яна выйшла. Брудная, у лахманах, але такая прыгожая. Яна сьціпла пастукалася ў дзьверы вартоўні. Зачарованыя ейнымі салодкімі словамі, яны накінуліся адзін на аднаго ды біліся, пакуль іхнія кулакі ды твары не патанулі ў крыві. Шлях на волю быў адкрыты. З двума кавалкамі ссохлага хлебу й лязом ад нажа яна пачала сваё доўгае падарожжа ў Фінляндыю.

Наступнай раніцы вартаўнікі зладзілі бязьлітаснае паляваньне на ўцякачку. Але калі салдаты былі насьціглі яе, яна ператварыла іхні пах так, што іх разадралі на шматкі іхнія ж уласныя сабакі. Зь мяса забітых яна зрабіла сабе добры запас правіянту і, надзеўшы іхнія лыжы, менш як за два месяцы дабралася да мяжы, дзе перапаўзла пад калючым дротам на фінскі бок. На ўсялякі выпадак яна таілася, праходзячы цераз усю Фінляндыю, прабіралася скрозь самы гушчар лесу, пакуль не дайшла да ракі Турнээльвэн. А там, на другім яе беразе, яна й спынілася. У швэдзкай частцы Турнэдален.

Толькі цяпер, калі яму ўрэшце нічога не пагражала, Русьсі-Юсьсі вырашыў ператварыцца назад у мужчыну але гэта было ня так проста. Прайшло ўжо зашмат часу. Таму ён і мусіў хадзіць да скону ў спадніцы. Звычайна — у доўгай ваўнянай, але па сьвятах ён пераапранаўся ў прыгажэйшую, чорную. Акрамя таго, ён звычайна пакрываў свае сівыя кудлы хусткаю, а калі займаўся хатняю гаспадаркаю, апранаў яшчэ й даматканы фартух, але нават самы прапалы вясковы грубіян не наважваўся выскаляцца на гэты конт. Замест гэтага ўсе звычайна адводзілі погляд і саступалі Русьсі-Юсьсі дарогу, калі ён з шалёнымі вачыма каціў на сваім ровары, заваліўшыся наперад і дзіка разгойдваючыся з боку ў бок — толькі спадніца разьвівалася. Вядзьмарка з мужыцкім басам, біцэпсы, як у лесаруба, але ўся пранізаная нейкаю жаноцкаю выкрутлівасьцю.

Быў ясны веснавы вечар. Мы высьлізнулі на двор і пасьпяшаліся да Ніілавага дому. За рогам адрыны стаяў трохколавы мапэд старэйшага брата. Нііла адамкнуў яго ды пакаціў па леташняй пажухлай траве ў бок утрамбаванай сьцежкі. Калі мы адышлі так далёка, што нас не пачулі б з дому Нііла завёў рухавік. Мапэд чхнуў сіняватымі выхлапамі. Я ўладкаваўся ў прычэпе. Нііла паставіў першую хуткасьць і няўпэўнена павёў мапэд па грунтоўцы. Пакрысе мы разагналіся ды, бразгочучы й выпускаючы клубы дыму з двухтактавага рухавіка, пратарахцелі цераз усё паселішча.

Мы вырашылі ехаць па старой грунтоўцы па другім баку ракі, бо там было ня так шмат машынаў, на той выпадак, калі дарожная паліцыя выставіць свае патрулі. Расьліны пачалі жывіцца сокамі зямлі — неўзабаве лета залепіць зялёную аплявуху. У моху дагнівала леташняе лісьце, на голых бярозах набухлі пупышкі, а на сонечным баку канавы павылазіў хвошч, выгляд якога надта нагадваў выцягнутыя тарчма мужчынскія чэлесы. Ад талага лёду вада ў рацэ разьлілася ды падавалася сінявата-чорнаю. Мы ехалі ўверх па рацэ, бразгочучы па вузкай грунтоўцы, уздымаліся на стромкія ўзгоркі, а пасьля каціліся ўніз па скалістых схілах, праносіліся паўз бурлівыя ручаі ды зарослыя маладым асотам балотцы. Я паўляжаў у прычэпе, а мае грудзі напаўняліся веснавым сокам і духмянаю жывіцаю. Зь нізінаў пачало цягнуць вечароваю прахалодаю, і я адчуваў, як яна пакрысе забіраецца мне пад кальсоны. Толькі аднойчы на нашым шляху сустрэлася машына: нейкі хлопец вырашыў праверыць свой мадэрнізаваны «амазон» і на рэкорднай хуткасьці прамчаўся па простым адрэзку закінутай дарогі каля Аўт’ябрунскага мосту. Калі ён пайшоў на нас, друз загрукатаў па мапэдзе. Ад нечаканасьці я ўскочыў, а гэты зух нават не адарваў вачэй ад сьпідомэтра, як шалёны пранёсься паўз нас зь Ніілам.

Мы перабраліся цераз рэчку па аўтамабільным мосьце ды працягнулі шлях па больш шырокім, заасфальтаваным шасэ на Кіруну. Паўз нас праплылі паплавы ды чырвоныя дамкі мястэчак Эркхэйкі ды Юханп’еці, а пасьля зноў пайшоў лес. Часам па-за грувасткімі стваламі дрэваў праблісквала люстраною стужкаю рака. Лежучы на сьпіне, яна глядзела ў сьветлае веснавое неба, па якім цягнуліся клінам пералётныя птушкі.

Урэшце мы збочылі на выбоістую лясную дарогу. Мапэд падскокваў і завальваўся ўбок, спускаючыся па спадзістым прыгорку, а лес між тым радзеў і рабіўся ўсё больш празрыстым. Напрыканцы мы выехалі да ракі, на беразе яшчэ ляжалі рэшткі лёду. Далей ішлі бясплодныя лугі, раней адваяваныя ў тундры, але цяпер зарослыя асінкамі й карлікавымі ялінамі. Крыху вышэй на пагорку, на бясьпечнай адлегласьці ад вясеньняга паўнаводзьдзя, стаяў стары зруб. На пашарэлых сьценах чарнелі вачніцы шыбаў. Ля ганку стаяў дамскі ровар.

— Ён дома, — нэрвова прамямліў я й вылез з прычэпу. Азадак пабольваў пасьля працяглага падарожжа. Нііла заглушыў рухавік, і навокал зрабілася адразу ж неверагодна ціха. На слабых нагах мы мінулі двор і падняліся на ганак. У акне заварушыліся фіранкі. Я пастукаў і, хвалюючыся, пацягнуў на сабе рассохлыя дзьверы. Мы ўвайшлі.

Русьсі-Юсьсі сядзеў за сталом. На ім быў зашмальцаваны фартух, калісьці белага колеру, а на галаве — нядбайна завязаная рудаватая хустка, з-пад якой выбіваліся ільсьняныя сівыя кудлы даўжынёю да пляча. У кухні стаяў устойлівы старэчы пах — кіслы задушлівы смурод, сумесь падгарэлага малака ды тухлага мяса. Там быў таксама пах, які можна сустрэць ва ўсіх хатах у Турнэдалене: ледзь чутны прыпах, які ідзе зь землянога склепу ды ад тканых дарожак, — прыпах вільгаці й заплесьнелай воўны. Калі ўжо пах галечы пражывіў хату наскрозь, яго ўжо ня зьнішчыць ніякімі рамонтамі.

No nykkös tet tuletta. Hy, вось вы й прыйшлі.

Ён паказаў на накрыты стол, на якім іх ужо чакалі два кубкі з гарачаю каваю. Ён нейкім чынам адчуў, што мы да яго едзем. Насьцярожана паглядаючы спадылба, мы пачалі ўцягваць у сябе каву, якая мела нейкі дзіўны прысмак кіслай калодзежнай вады.

Падпарадкаваўшыся грубаму загаду Нііла, запінаючыся, расказаў сваю гісторыю па-фінску. Усё, пачынаючы ад бабулінай сьмерці тры гады таму й заканчваючы яе вусьцішным вяртаньнем і падступнымі спробамі задушыць Ніілу ў ложку. Русьсі-Юсьсі задуменна чухаў шчаціньне сваім кашчавым указальным пальцам. Адрослы пазногаць быў ахайна заточаны пілкаю. Па баках засталіся рэшткі чырвонага ляку.

Калі мы змоўклі, стары неяк дзіўна на нас паглядзеў. Ягоны позірк акамянеў, вочы зрабіліся шклянымі й нерухомымі. Твар зморшчыўся, нібы завязаны ў вузел. А пасярод маршчынаў пачалі пашырацца зрэнкі, якія раптам зазьзялі, як чорныя адтуліны дубальтоўкі. Левая рука пачала дрыжаць, а мезенец закруціўся ва ўсе бакі, нібы флюгер, пакуль не застыў, адтапыраны ўбок. Пакрысе ягоны твар зьмякчэў і зрабіўся фіялетавым ад уздутых на скуры венаў. Мы не асьмельваліся нават варухнуцца.

— Ёсьць адзін сродак, — сказаў па-фінску спакойны й надзіва прыгожы голас.

Старэчага бражджаньня больш ня было. Замест яго мы пачулі дзівосна цёплы й мяккі альт. І раптам мы ўбачылі жанчыну. Яна была там увесь час, толькі хавалася пад вонкавай абалонкаю. Цяпер яна нібы схілілася наперад за цёмным люстэркам, націснула на паверхню й разгладзіла знутры зморшчыны старога. Перад намі была прыгажуня. Прывабныя жаночыя вусны, высокі й роўны лоб, бровы дугою, пранізьлівы й такі маркотны погляд.

— Ёсьць адзін сродак, — паўтарыла жанчына й на імгненьне змоўкла, павярнуўшыся крыху. — Старая карга мусіць сысьці пад зямлю... Вядзьмарка згіне, калі ў яе адрэзаць чэлес...

Яна замаўчала. Усё яе доўгае цела здрыганулася — так ападае са старой яліны сьнег. З вуснаў прарвалася прыглушанае шыпеньне, і мы адхіснуліся, адчуўшы на сабе смуроднае дыханьне. Паступова да нас вяртаўся Русьсі-Юсьсі. Ён падаваўся стомленым, яго біла дрыготка, ён абхапіў сябе рукамі.

— Пераначуйце ў мяне, — сказаў ён умольным голасам, і мы ўбачылі чалавека, які невыносна пакутуе ад самоты.

Мы адмовіліся так ветліва, наколькі маглі.

— Вы застаняцеся, каб вас!.. — патрабаваў ён, усё больш раздражняючыся, і ягоныя кусьцістыя бровы сышліся ў адзін непралазны зарасьнік.

Мы падзякавалі й дапілі каву, пасьля падзякавалі яшчэ раз і яшчэ, паступова падбіраючыся сьпінаю да дзьвярэй. Русьсі-Юсьсі падняўся зь месца ды пайшоў за намі. На вільготных вуснах зьявілася прыязная ўсьмешка, рукі пацягнуліся да нас, каб абняць. Мы тузанулі дзьверы ды рынуліся да мапэда. Ускараскаліся на яго, ахопленыя непадробным жахам. Не заводзіцца! Як Нііла ні націскаў на пэдаль — нічога. Рухавік быў мёртвы. Я паспрабаваў падштурхнуць. Русьсі-Юсьсі спускаўся з ганку ў жаночых тэпцях, ягоны погляд умольваў нас.

— Пачакайце... Толькі памацайце крыху...

Раптам я адчуў на сваім карку ягоныя вострыя пазногці. Яны ўпіліся ў мяне, нібы кіпцюры, і папаўзьлі па сьпіне.

— Hiiri tulee... Ідзе пацук...

Уніз на ягадзіцы. Я рэзка павярнуўся. Ягоны рот быў ужо нада мною, вялікі й вільготны, як мяшок, твар залівала сьліна — я патану. Так мокра, залішне мокра...

Ён павольна лашчыў мяне, не адрываючы ад мяне погляду. Ён мусіць заўважыць. Ён мусіць убачыць, што я не хачу!

Я пачаў вырывацца. Ён прыціснуў мяне яшчэ шчыльней. А рука ўсё блукала й блукала.

Пасьля ўсё прарвалася вонкі. Маскі больш не было. Паліліся сьлёзы, заліваючы твар. Ён не хаваў іх, проста стаяў, выстаўляючы на паказ свой боль, і чакаў, каб я яго выратаваў. Але мяне там не было. Ён перагнуўся папалам, разьвярнуўся ды паплёўся назад у хату.

У тое самае імгненьне завёўся рухавік. Асьцерагаючыся пагоні, мы ўмомант перасеклі двор і памчаліся да прасёлкавай дарогі. Лес ахінуў нас супакаяльным змрокам, высока ўверсе ў вечаровым сонцы паблісквалі верхавіны дрэваў. Я з усяе моцы ўхапіўся за бакавіны прычэпа, каб мяне ня выкінула на хуткасьці. Адчуваў як спадае напружаньне, як ад грудзяў адыходзяць пакрысе курчы.

— Свабода! — закрычаў я, заглушаючы шум рухавіка. Нііла збавіў хуткасьць. У роце па-ранейшаму заставаўся смак старога ды ягонай ёлкай кавы, і я сплюнуў у друз, што пралятаў паўз нас. Мапэд пакрысе запавольваўся, і мы кацілі ўсё павольней і павольней, пакуль урэшце не спыніліся зусім. Рухавік заглух, і зрабілася ціха. Я паглядзеў запытальна на Ніілу. З адсутным выразам на твары ён глядзеў у бок бліжэйшага павароту.

— Гарыць, — сказаў ён.

Я нічога не зразумеў. Нііла заварушыў сківіцамі, нібы нешта жаваў, і я пачуў, як заскрыгаталі ягоныя зубы.

— Нам канец, — канстатаваў ён, ледзь варочаючы языком. Зьлез зь седала ды ціхенька пайшоў на дыбачках. Уніз у канаву, хістаючыся на ўсе бакі.

— Стой! — закрычаў я ды кінуўся быў наўздагон. Толькі тут я заўважыў, што ледзь магу ступіць на зямлю. Яна апусьцілася сантымэтраў на дзесяць, і я ўсё ня мог дацягнуцца да яе нагамі. Не было за што схапіцца пры хадзе, таму я мусіў няўпэўненымі крокамі сьлізгаць над зямлёю нібы на лыжах. Нііла быў ужо далёка ў лесе. Я ўхіляўся ад галінаў, але ўсё ж наскочыў на карлікавую бярозу, якая ледзь не зьбіла мяне з ног.

— Нііла, пачакай!

Ён стаяў, вырачыўшыся на сваю левую руку, нібы на нейкае чужое, варожае стварэньне, якое прысмакталася да ягонага цела.

— Чырвань, — сказаў ён.

Цяпер і я гэта ўбачыў. З-пад ягоных пальцаў прабіваліся языкі чырвонага полымя. Нііла тузануў рукою — ад яе аддзяліліся шматкі скуры ды падпалілі вопратку. Я пачаў спалохана аглядацца. Залішне позна. Увесь лес быў агорнуты полымем. Нас абкружыў моцны, але зусім бязгучны лясны пажар. Нііла меў рацыю: нам канец. Але было ўсё ж так прыгожа! Так чароўна прыгожа! Забыўшыся на страх, я пачаў плакаць ад замілаваньня, захацеў прытуліцца да якога-небудзь дрэва ды абдымаць яго, пакуль нас не праглыне агонь. Колеры згушчаліся й шырыліся. Зь верхавін дрэваў на нас сыпаўся яскравы дождж — сонечна-жоўты, залаціста-чырвоны, крывава-барвяны, фіялетавы. Я яшчэ вышэй узьняўся над зямлёю ды мусіў ухапіцца за Ніілу, каб зусім не зьляцець. Галава падавалася лягчэйшаю за рэшту цела ды цягнула мяне ўверх, як балёнік. Полымя ўсё разгаралася ды ўжо абступіла нас з усіх бакоў. А мы стаялі там, як дзьве счарнелыя трубы, і чакалі, калі прыйдзе боль.

У гэты момант Нііла выцягнуў нож. Маленькі бліскучы нож, плоскі, як рыбка. Правёў пазногцем па лязе. Я падняў вочы, і сэрца маё схаладнела ад жаху, люты мароз скаваў усе мае суставы, хоць агонь лізаў маю скуру. Я быў нібы лядзяк у чане зь мясным булёнам, а на паверхню ўсплывалі бурбалкі.

Перад намі стаяла старая карга. Ніілава бабка. Злавесна хіхікаючы, яна наблізіла да нас свой бяззубы рот — ссушаная здань у пахавальным саване — і распасьцерла рукі, нібы хочучы абняць. Жоўтыя пальцы-абцугі цягнуліся па горла. Нііла зрабіў выпад, але яна перахапіла ягоную руку з хуткасьцю гадзюкі, моцна ўчапілася ў яе й павольна заламала назад. Яна ўвесь час рагатала, а з рота капала сьліна, шыпячы, як каўбасны тлушч у полымі. У роспачы Нііла замахнуўся вольнаю рукою ды ўчапіўся старой у валасы. З усёй моцы ён ірвануў сівы густы пук. Бабка завыла ды ўпілася кіпцюрамі Ніілу ў горла. Адчула, як шалёна пульсуе ягоная кроў — малая перапужаная птушка, — і націснула яшчэ мацней.

Яна нібы пруса ціснула: раз — і толькі мокрае месца застанецца. Нііла закруціў ужо бабчыны валасы ў абаранку. Я паспрабаваў быў расьціснуць ейныя пальцы, але клюшні старой ланцугамі ўпіліся ў горла. Нііла хапаў ротам паветра, бязгучна крычаў, вочы наліліся крывёю. Тады ён адчайна рвануў валасы ўбок. Хрась! Пук валасоў адарваўся, нібы клок пустазельля, і паляцеў разам з рэшткамі гнілой скуры. Зь дзікім ровам яна выпусьціла горла ды кінулася шукаць свае валасы. Нііла злаўчыўся ды сарваў зь яе балахон. Пад ім нічога не было. Дзьве маршчыністыя нагі старой кабеты, а паміж імі чарнеў куст валосься. А ў сярэдзіне гэтага куста сядзела нешта брыдкае. Чэлес. Ён быў жывы. Выгінаўся нібы зьмей. Накідваўся на Ніілу ды пляваўся. Нііла схапіў яго за гузаватую галоўку моцна сьціснуў і адным ударам адсек чэлес каля самага кораня.

У тое ж імгненьне старая разявіла рот. Праз вогненнае мора пранёсься шалёны ўраган, і зямля раскрылася пад нагамі старой. І пачвара пачала зьнікаць у моху нібы хто ўцягваў яе зьнізу за ногі. Па пояс, па грудзі, яшчэ ніжэй, па горла. Але жудасны лямант старой змоўк не раней, чым зямля цалкам схавала ейны аблыселы чэрап.

Нііла застыў з крывавым чэлесам у руцэ. Я з агідаю дакрануўся да яго чорных пругкіх прожылак. Абцінак быў яшчэ жывы й рабіў спробы вызваліцца. Але Нііла не адпускаў.

А пасьля ўсё скончылася, пасьля насунулася цемра. Пасьля ўрэшце сьціх пажар.

Мы прачнуліся, скурчаныя ў моху, і адчулі, што зьмерзьлі як сабакі. Нас абкружаў лес, шэры ды ёдкі. Запэцканы нож ляжаў непадалёк, але чэлес зьнік бязь сьледу.

—Nopat, — прастагнаў Нііла.

Я кіўнуў увесь калоцячыся ад холаду. Стары чорт падмяшаў нам яго ў каву. У магільным маўчаньні мы рушылі ў адваротны шлях. Некалькі разоў мы мусілі спыняцца, рабілі паходнае вогнішча, марачы ўрэшце апынуцца ў сваіх цёплых ложках.

Мінуў тыдзень, і на нашых лабках зьявілася першае валосьсе.

РАЗЬДЗЕЛ 11

— дзе два роды цьвердалобых гуляюць вясельле, у часе якога мераюцца сілаю ды парацца ў лазьні

Мой бацька быў з маўклівай пароды. Ён паставіў у жыцьці тры мэты і, выканаўшы ўсе тры, пачаў выпраменьваць нейкую самазадаволенасьць — зь цягам часу яна раздражняла мяне ўсё больш. Па-першае, яму хацелася быць моцным, і праца на лесанарыхтоўцы наліла ягоныя цягліцы сілаю. Па-другое, ён жадаў дасягнуць фінансавай незалежнасьці. І па-трэцяе, ажаніцца. Цяпер, калі ўсё гэта спраўдзілася, надышла мая чарга несьці гэты факел далей, і з кожным новым днём я ўсё мацней адчуваў на сабе ціск. Так ці інакш, дрыньканьне на гітары не асабліва шанавалася маім бацькам. Затое ён мог даць мне самую тупую пілу ды прымусіць пілаваць дровы, каб я разьвіў свае плечы. Часам бацька правяраў, ці не ўхіляюся я, тады ён выцягваў наперад сваё вялізнае падбародзьдзе, падобнае да драўлянага чаравіка, і насоўваў брыль фуражкі, якая ледзь трымалася на ягоным нізкім спусьцістым лобе. Як і шмат хто з турнэдаленцаў, ён меў досыць кволую расьліннасьць на твары, таму шчокі ў яго былі пухлыя й бялёсыя, амаль дзіцячыя, а ў сярэдзіне гэтай дзежкі тырчаў нос. Ён нагадваў радыску, якую пачалі выцягваць і скрывілі, — мне заўсёды хацелася ўчапіцца за яе ды выправіць.

Бацька моўчкі назіраў, як я пілую ды абліваюся потам. Урэшце ён працягваў да мяне сваю пяцярню, вымяраў мае біцэпсы двума пальцамі ды шкадаваў, што я не нарадзіўся дзяўчынкаю.

Сам бацька быў сапраўдны бамбіза, як і васьмёра ягоных братоў: усе яны мелі шырачэзныя плечы ды магутную бычыную шыю, якая вытыркалася сьпераду бугром, і таму браты падаваліся крыху гарбатымі. На жаль, я ня шмат з гэтага атрымаў у спадчыну, інакш я, прынамсі, пазьбег бы зьдзекаў якія дазвалялі сабе нападпітку мае сваякі на сямейных гулянках. Але збольшага мускулы ў мяне ўсё ж былі амаль як бацькавы — вынік цяжкае фізычнае працы з трынаццацігадовага веку. Раней усе пачыналі з працы ў лесе. Узімку да зьнямогі валілі дрэвы, каб выканаць нарад. З надыходам вясны сплаўлялі лес рэчкаю, нарыхтоўвалі сена, вырубалі пад пасевы лес і асушалі балоты, каб атрымаць некалькі кронаў ад дзяржавы, а пасьля, у свой вольны час, кожны з братоў вырубіў сабе па хаціне, уручную пілуючы па начох дошкі. Такое жыцьцё загартавала іх ня горш за сталь з кенгіскіх руднікоў.

Малодшы з маіх дзядзькаў Вільле, доўгі час хадзіў бабылём, і мала хто думаў, што ён ужо калі ажэніцца. Вільле неаднаразова езьдзіў сватацца ў Фінляндыю, але кожны раз вяртаўся без улову, і ўсё ня мог зразумець, што ён рабіў ня так. Пакуль ягоны сусед ня даў яму неяк парады:

— Табе трэба купіць аўто.

Вільле так і зрабіў — ён купіў старэнькае «вольва». Пасьля зноўку выправіўся ў Фінляндыю ды адразу ж там заручыўся — і толькі дзіву даваўся, як ён сам не дадумаўся да такой простай рэчы.

Вясельле гулялі падчас вакацый у самае лета, і бацькоўская хата напоўнілася сваякамі. Мне ўжо было амаль трынаццаць, і я мусіў упершыню сядзець за адным сталом з дарослымі. Сьцяна з маўклівых мужыкоў — плячо ў плячо, як каменны маналіт, а паміж імі, нібы кветкі на скале, іхнія прыгожыя фінскія жонкі. Па старой завядзёнцы ніхто з сваякоў не прамовіў ані слова. Усе чакалі ежы.

Трапэза пачалася з сухіх хлябцоў з ласосем. Кожны госьць пераварочваў хлеб дзірачкамі ўніз, а пасьля ўжо намазваў масла. Мазаць трэба эканомна — так вучылі іх бедныя бацькі. Пасьля ішлі сьвежанарэзаныя лустачкі салодка-салёнага ласося, употай налоўленага сеткаю паблізу Кардысу. Ледзяное піва. Ніводнага лішняга камэнтару. Толькі маладыя, якія сядзелі на чале стала, заклікалі гасьцей браць яшчэ. Сківіцы-жорнавы з храбусьценьнем перамолвалі хлябцы, шырокія сьпіны згорбіліся, бровы насупіліся — усе сканцэнтраваліся на ежы. Кухаркі, нанятыя на сьвята, выцягвалі са склепу стравы й бутэлькі. Маці маладой, якая жыла ў фінскай частцы Колары й добра, такім чынам, ведала ўсе мясцовыя звычаі, заявіла, што ніколі ў жыцьці ня бачыла, каб працоўныя мужыкі елі так мізэрна мала, пасьля чаго ўсе ўзялі па новай порцыі.

Потым на стале зьявіўся чан, у якім дымілася й булькатала мясная зацірка: мяккія кускі аленіны, якія прыемна лашчылі нёба, залацістая рэпа, салодкая духмяная морква ды жоўтыя кубікі бульбы — усё гэта плавала ў сакавітым булёне, які меў смак поту й лясоў; тлушч расплываўся па паверхні, нібы колы ад удару харыюса ў рачной затоцы бязьветранаю ноччу. Тут жа паставілі выварку са сьвежазваранымі мазгавымі косткамі. Канцы костак адпілавалі, а побач паклалі драўляныя палачкі — калупай сабе тлустую кашку знутры; шэрыя мазгавыя трубачкі мелі такі далікатны смак, што ажно раставалі ў роце. Ніхто з мужыкоў не ўсьміхаўся, але яны, відавочна, павесялелі ды з палёгкаю ўздыхнулі, калі ўбачылі знаёмую ды такую смачную ежу, ёй можна было добра набіць пуза ды атрымаць порцыю сілы й бадзёрасьці. На сямейных урачыстасьцях, асабліва на вясельлі, заўсёды знойдзецца які-небудзь надзейны й разумны сваяк, у якога зьявяцца прыдуркаватыя ідэі наконт таго, што належыць і было б пажадана зрабіць: пачне частаваць усіх травою, называючы яе салатай, або рознымі падліўкамі са смакам мыла, або пакладзе залішне відэльцаў каля талеркі ды падасьць на стол напой пад назваю віно, такое кісла-горкае, што вусны зводзіць, і ты гатовы ўсё аддаць за глыток масьлёнкі.

Госьці разам запрацавалі лыжкамі. Гучнае сёрбаньне радавала кухарак да глыбіні душы. Раты напаўняліся салёным булёнам, узгадаванай у лесе дзічынаю, караняплодамі, якія ўвабралі ў сябе сокі роднай зямлі; на стол выплёўваліся храсткі ды жылы, з костак высмоктваліся мазгі, а з падбародзьдзяў гасьцей капаў тлушч. Кухаркі, зьбіваючыся з ног, разносілі талеркі зь ячменнымі булкамі — толькі зь печы, — якія захавалі водар бярозавага дыму; хлеб быў яшчэ такі гарачы, што на ім плавіліся кавалачкі масла, выпякаўся ён з мукі з нарляндзкага ячменю, сасьпелага на ветры, пад сонцам і моцнымі дажджамі, сытны хлеб, ад якога сківіцы ў селяніна застывалі ў незямной асалодзе, вочы закочваліся дагары, а кухаркі толькі ганарліва пераглядаліся паміж сабою ды пасьмейваліся, страсаючы муку са сваіх спрытных рук.

Падышоў час для першай чаркі. Бутэльку нясьпешна ды асьцярожна вынесла старая кухарка, найменш набожная з усіх. Мужыкі перасталі есьці, потым, пакруціўшыся з боку ў бок, выпусьцілі газы і, выцершы з падбародзьдзя рэшткі ежы, праводзілі рэліквію поглядам. Згодна з інструкцыямі бутэльку ўнесьлі закаркаваную, але цяпер, на вачах усіх прысутных, корак пачалі адкручваць — ахоўнае кольца трэснула, і ўсе зразумелі, што іх будуць частаваць сапраўдным фабрычным алькаголем, а не якой-небудзь самагонкаю: было відавочна, што гаспадары не паскупіліся на пачастункі. Бутэлька ўся запацела, госьці з пашанаю маўчалі, і толькі кроплі, як ледзяныя пацеркі, дзылінькалі аб сьценкі шклянак. Заскарузлыя пальцы абхапілі малыя заінелыя чарачкі. Малады адпусьціў братам сваім усе грахі, пасьля чаго ўсе разам адкінуліся назад і заглынулі халодную дзіду глыбока ў глотку. Па шэрагах гасьцей пранёсься ўздых, а самы гаманкі з мужыкоў вымавіў «амэн». Кульгаючы зь цяжкою бутэлькаю, старая наліла гасьцям па другой. Маці маладой абурана зараўла сваім басам, што яе зусім не зьдзіўляе, што ва ўсёй фінскамоўнай акрузе яе дачка не магла парадніцца з больш пераборліваю ў ежы сям'ею, і што, калі хто раней ня ведаў, ежу трэба есьці ротам, пасьля чаго кухаркі ўцягнулі новыя чыгункі з гарачым мясам і мазгавымі косткамі, і ўсе наклалі яшчэ па порцыі.

Мужыкі выпілі па другой, а зь імі й жанчыны. Акрамя тых, хто быў за стырном. Насупраць мяне сядзела страшэнна прыгожая фінка з Колары. У яе былі карыя, амаль арабскія вочы ды чорнае, як крыло крумкача, валосьсе. Яна відавочна была з саамскага роду, а на грудзях у яе блішчэла вялізная срэбная брошка. Яна ўсьміхнулася мне, агаліўшы свае вострыя белыя зубкі, і перадала мне палову сваёй чаркі. Яна ня вымавіла ні слова, а толькі паглядзела на мяне, адкрыта й дзёрзка, амаль пагрозьліва. Усе мужыкі застылі — лыжкі з супам завісьлі ў паветры. Бакавым зрокам я ўбачыў, што бацька хоча мяне спыніць, але я ўжо пасьпеў схапіць чарку. Тонкія пальцы жанчыны матыльком пырхнулі па маёй далоні, і мне зрабілася так хораша, што я ледзь не праліў гарэлку.

І ўрэшце мужыкі загаманілі. Упершыню за ўвесь дзень паміж імі пачалося нешта кшталту размовы. Напэўна, мерзлату ў іхнім роце растапіла гарэлка, і першаю тэмаю для абмеркаваньня было, ці пачне небарака ванітаваць, ці проста падавіцца й выплюне гарэлку на абрус — бо выгляд у яго такі мізэрны й зялёны. Бацька ўжо напалову падняўся, каб пакласьці ўсяму гэтаму канец, не зважаючы на пагрозьлівыя погляды братоў, і я зразумеў, што мне трэба дзеяць як мага хутчэй.

Я рэзка закінуў галаву ды праглынуў усё разам, прыблізна як мікстуру. Гарэлка пацякла ўніз па целе, як мача струменіцца празь сьнег; мужыкі заўсьміхаліся. Я нават не закашляўся, а толькі адчуў у жываце пякучы агонь, і мне дзіка захацелася ванітаваць, але я сябе нічым ня выдаў. У бацькі быў незадаволены выгляд, але нічога ўжо ня зробіш, а ягоныя браты заявілі, што хлопец, пэўна, усё ж зь імі адной крыві. Пасьля яны пачалі хваліцца неверагоднай устойлівасьцю свайго роду да алькаголю, грунтоўна падмацоўваючы гэтае цьверджаньне маляўнічымі гісторыямі ды эпізодамі. Вычарпаўшы пасьля працяглых дыскусій тэму, яны перайшлі да абмеркаваньня небывалай трываласьці нашага роду ў лазьні й прывялі ня менш грунтоўныя доказы. Аднаго з мужыкоў адразу ж паслалі растапіць лазьню, і ўсе, дзівячыся самі сабе, пачалі абмяркоўваць, чаму такая простая думка прыйшла да іх толькі цяпер. Пасьля гэтага размова пайшла аб проста неверагодным таленце нашага роду да цяжкае фізычнае працы, слава пра які шырылася па абодва бакі мяжы, і ў доказ таго, што гэта не пустыя выхваляньні, сваякі пачалі прыводзіць найбольш прыстойныя з тых гісторый, якія хадзілі пра нас у народзе.

Сваякі з боку маладой пачалі выяўляць прыкметы лёгкай незадаволенасьці. Найперш двое бамбізаў, якім ужо даўно карцела ўвязацца ў размову. Урэшце самы красамоўны зь іх раскрыў сваю глотку ўпершыню за гэты вечар зь іншай мэты, як паесьці. Пасьля чаго зьдзівіў усіх сваім зьедлівым камэнтарам наконт сваякоў, якія шмат вылузваюцца й дазваляюць сабе пры людзях несьці ўсякую лухту. Бацька з братамі праігнаравалі гэты выпад і паглыбіліся ў гісторыю пра аднаго іхняга продка, які цягнуў на карку мех мукі на паўцэнтнэра, а яшчэ чыгунную печку й хворую жонку ў дадатак і ніводнага разу за сорак кілямэтраў ня скінуў паклажы, нават калі спыняўся адліць.

Кухаркі прынесьлі цяпер вялізны паднос з гарою розных хатніх ласункаў. На ім былі пшанічныя булачкі, мяккія, як дзявочыя шчочкі, белыя храбусткія цесткі, сакавітыя сьмятаньнікі, хрусткія завітушкі, цукровыя булкі ў яечнай глязуры, румяныя пончыкі, слоеныя пірагі з чароўным начыньнем з касьцяніцаў — і гэта толькі невялікая крыха ўсяго! Пасьля прынесьлі поўныя па самыя берагі міскі з узьбітымі вяршкамі ды разагрэтае марошкавае сочыва, якое захавала смак сонца. Усе загрукаталі, разьбіраючы парцалянавыя кубкі; вугольна-чорную каву разьлівалі з грувасткіх кафэйнікаў, кожны зь якіх мог наталіць смагу вялікага царкоўнага прыходу. Залатыя галовы адмысловага сыру да кавы, ня меншыя за зімовыя шыны, выкочваліся на стол, а за імі й найгалоўнейшы далікатэс усёй гэтай кулінарнай пышнасьці — кавалак вяленай аленіны. Спачатку адразалі лустачку аленіны, налівалі кавы, падмешвалі ў яе сыру ды клалі паміж вуснаў кавалачкі белага цукру. Пасьля дрыготкімі пальцамі асьцярожна пералівалі каву ў сподак і з асалодаю сёрбалі дар Царства Боскага.

Я выпіў кавы, і млосьць прайшла. Усё нібыта праясьнілася. Імглістая хмара зьнікла, і перад вачыма раптам адкрылася ўся прыгажосьць краявіду. Mae вочы нібы ператварыліся ў два гарачыя яйкі, і я заўважыў што бычыныя галовы братоў пачалі раптам разьдзьмувацца да неверагодных памераў Кава мела ўжо іншы смак, счарнела й загусьцела. Мне жудасна хацелася павыхваляцца. Потым мяне разабраў сьмех, і я ніяк ня мог спыніцца, ён узьнікаў дзесьці ўнізе жывата ды рваўся адтуль вонкі. I тут мой позірк упаў на прыгожую фінку, і я падумаў пра яе ўлоньне — зусім мімаволі — і пачаў амаль трызьніць ейнаю прыгажосьцю.

Міе uskon että poika on päissä. Здаецца, хлопчык ап’янеў — сказала яна па-фінску грудным, хрыплаватым голасам.

Усе зарагаталі, а зь імі я сам, ледзь не зваліўшыся з крэсла. Пасьля, пажаваўшы вяленай аленіны з сырам і расплюхаўшы па стале каву, падумаў, што вось я ўрэшце круты пацан. Маці маладой скардзілася на вераб’ёў за сталом, якія ніяк не хацелі есьці, і ўсё дзівілася таму, як увогуле ў такіх пераборлівых мужыкоў атрымлівалася размнажацца, а такога грэбаваньня турнэдаленскай шчодрасьцю яна ўвогуле ня бачыла з тых часоў, як швэдзкі кароль адмовіўся выпіць чарку ў Воякале. Усе адразу ж узялі дабаўку. На што маці маладой злосна заявіла, што калі госьці й далей будуць так мізэрна есьці, з адной толькі ветлівасьці, тады яны могуць засунуць усе гэтыя булкі ў іншую дзірку бо й ейнае цярпеньне не бязьмежнае. І хоць жываты ва ўсіх ледзь ня лопаліся, а рамяні былі зашпіленыя ўжо на апошнюю дзірачку усе госьці наклалі сабе па новай. А пасьля яшчэ. І яшчэ. Пакуль урэшце не прыйшоў канец. Ніхто з гасьцей ужо больш ня мог зьесьці ні дробкі.

Тады прапанавалі яшчэ каньяку. Большасьць адмовілася, за выняткам некалькіх фінак. Але калі б, зь іншага боку засталася гарэлка, ад яе адмаўляцца б ніхто ня стаў, бо kirkasta ня толькі не патрабуе месца ў страўніку, але й мае цудоўную ўласьцівасьць спрыяць страваваньню й добраму гумору а яшчэ праганяе млявасьць, якая звычайна наступае пасьля ўдалай трапэзы. Малады чарговы раз кіўнуў найменш набожнай старой, і тая зьнікла на кухні з усімі пустымі бутэлькамі. Калі яна вярнулася зь імі назад, бутэлькі пасьпелі нейкім чароўным чынам зноў напоўніцца, але калі я пацягнуўся па шклянку бацька так лупцануў па маёй руцэ, што яе як агнём праняло.

Нехта раптам аднавіў гутарку, так нядбайна ўсімі закінутую, і браты імгненна далучыліся да яе. Прыгадалі, як аднойчы ў дзеда пасьлізнуўся на ўежджаным шаране конь, і як тады яму давялося цягнуць на сабе воз з дровамі, куды ён яшчэ ўклаў і стрыножанага каня. А яшчэ як іхні стрыечны брат, калі меў гадоў восем, здужаў адцягнуць лодку ўверх па плыні за дзевяноста кілямэтраў, ад Матарэнкі да Кенгісу. Нагадалі пра тое, як бабчына цётка пайшла ў ягады і, напаткаўшы там мядзьведзя, забіла яго сякераю ды завалакла дамоў мяса, загарнуўшы яго ў шкуру. Пасьля пра братоў-блізьнятаў, якіх мусілі прывязваць па начох да ложка ў арцельнай хаце, каб тыя ў адзіночку не павысякалі дашчэнту ўвесь лес паблізу Аарэаваары. А таксама пра стрыечнага брата, якога ўсе лічылі прыдуркаватым і таму нанялі за палову мужыцкай аплаты плытагонам, і як ён першаю ж ноччу са сваёй уласнай ініцыятывы прачысьціў стомэтровы затор каля Торынэну. Бо так ужо павялося ў нашым родзе, што ўсе ў нас як адзін дужыя, трывалыя, упартыя, цярплівыя ды, галоўнае, сьціплыя працаўнікі — іншых такіх ва ўсім фінскім асяродзьдзі не адшукаеш. За што браты гучна чокнуліся ды аддаліся ўспамінам пра тое, як карчавалі агромністыя валуны, асушвалі бязьмежныя балоты, як вытрымлівалі найцяжэйшыя выпрабаваньні на цягавітасьць у войску, як аднымі рукамі цягнулі заглухлы грузавік трыццаць кілямэтраў паміж Пісыньемі ды Рыстымэлаю, як у рэкордны тэрмін скошвалі неабсяжныя лугі, як нашыя сваякі ўдзельнічалі ў бязьлітасных бойках і выходзілі зь іх пераможцамі, як адным ударам кулака забівалі ў стол пяціцалевы цьвік, як абганялі на лыжах паўднёвы цягнік, і пра ўсе астатнія непераўзыдзеныя подзьвігі, якія толькі можна было зьдзейсьніць пры дапамозе сякеры, матыкі, плуга, пілы, рыдлёўкі, бараны ды вілаў.

Усе зноў паднялі чарку. Ня менш праславіліся й жанчыны нашага роду за свой талент даіць кароваў, зьбіваць масла, ткаць палотны, зьбіраць ягады, пячы хлеб і грэбці сена — што таксама прывяло да ўсталяваньня непераможных рэкордаў сярод мясцовых жанчын. Ні ў якім іншым родзе, акрамя нашага, нельга было знайсьці больш працавітых і ўпартых баб. Мужыкі хваліліся яшчэ й тым, што выбіралі сабе ў жонкі менавіта фінак — гнуткіх, як вярбовыя пруты, трывалых, як паўночныя алені, ды прыгожых, як бярозкі каля блакітных азёраў, а яшчэ ў іх былі здаравенныя дупы, якія зь лёгкасьцю ды ахвотаю нараджалі ім дзяцей-здаравякоў.

Сваякі з боку маладой сядзелі між тым моўчкі, на фінскі манер, і, слухаючы ўсю гэтую балбатню, пачыналі пакрысе раздражняцца. Урэшце самы мажны й лысы зь іх, Ісма, падняўся ды заявіў, што столькі глупства па-фінску ў гэтай мясцовасьці яму не даводзілася чуць з часоў экстрэмісцкага руху ў Лапуа. Тады мой бацька заўважыў у нетыповай для сябе зьедлівай манеры, што ўсё сказанае тут было агульнапрызнаным фактам і што, калі хто са сваякоў зайздросьціць або адчувае сваю недасканаласьць, ён першы гатовы выказаць ім свае шкадаваньні.

Ісма працадзіў скрозь зубы, што ніхто ў сьвеце ня здольны скасіць за раніцу некалькі гектараў травы, назьбіраць за тры гадзіны некалькі соцень літраў марошкі, ніводная істота з крыві й плоці ня можа забіць здаравеннага лася адным ударам кулака, а пасьля зьдзерці зь яго шкуру ды разабраць тушу вечкам ад табакеркі. Дзядзька Эйнары, старэйшы з братоў, з хмурым выглядам заўважыў, што забіць лася — гэта яшчэ нішто ў параўнаньні з усімі іншымі бяспрыкладнымі подзьвігамі, якія наш род зьдзейсьніў кулакамі, і ня ў меншай ступені гэта датычыць вясельляў і найперш розных там выскачак, якія зашмат разяўляюць ляпу ды абвінавачваюць прыстойных людзей у ілжы. Ён бы шмат чаго мог яшчэ дадаць — так у яго разьвязаўся язык, калі б ня жонка, якая закрыла яму рот далоньню. Тут Ісма выклаў на стол сваю руку. Агромністую, як тэлеграфны слуп. Ён заўважыў, што бойкі — досыць рызыкоўны й ненадзейны сродак памерацца сілаю, а вось барацьба на руках хутка й безапэляцыйна пакажа, хто мацнейшы.

На імгненьне ўсе заціхлі. Пасьля браты падняліся як адзін, мой бацька таксама, ды, як разьюшаныя мядзьведзі, пайшлі напралом да супернікаў. Урэшце скончылася гэтая балбатня, урэшце можна было працоўнаму чалавеку трохі разьмяць свае навярэджаныя цягліцы. Першым на месцы быў Эйнары, ён скінуў пінжак, аслабіў гальштук і закасаў рукаў. Рука ў яго была амаль такая самая шырачэзная, як і ў Ісма. Кухаркі сьпешна прыбралі са стала ўсе кубкі й шклянкі. Мужыкі сышліся, рукі счапіліся, як абцугі. Адно імгненьне — і іхнія целы скалануліся, твары наліліся крывёю. Завязалася барацьба.

Ужо з самага пачатку было бачна, што супернікі б'юцца як роўныя. Рукі падымаліся, як два пітоны з рухомымі галовамі, якія мёртваю хваткай учапіліся адзін у аднаго. Дробная, ледзь прыкметная дрыготка перадавалася сталу, а зь ім і сасновай падлозе. Здаровыя, як шафы, сьпіны сагнуліся й застылі ў напружаньні, цягліцы набухлі, як цеста на дражджах, на счырванелых чарапах набраклі чорныя вены, пот пачаў павольна капаць з кончыкаў насоў. Браты цясьніліся вакол, гарлапанілі й лаяліся. Ішлося пра гонар сям’і, яе славу й годнасьць, трэба было раз і назаўжды навучыць сватоў павазе. Супернікі крычалі ня менш. Раптам кулакі здрыгануліся й пачалі нахіляцца ўбок. Усе яшчэ больш загарлапанілі. Пасьля рывок — і кулакі завісьлі ўжо з другога боку. Мужыкі нецярпліва падскоквалі на месцы, давалі парады, разьміналі свае ўласныя цягліцы, нібыта гэта магло нейкім чынам дапамагчы. Калі ўсе зразумелі, што барацьба можа цягнуцца бясконца доўга, агульнаму цярпеньню прыйшоў канец. Гармоны бурлілі ды рваліся вонкі, працоўныя рукі сьвярбелі ад гультайства. Увокамгненьне на стале вырас лес заскарузлых ствалоў, якія качаліся з боку ў бок пад моцным ветрам. Адно за адным дрэвы валіліся, нібы зьмеценыя ўраганам, і з грукатам падалі, прагінаючы пад сабою стол. Пераможца задаволена хмыліўся ды прымаў наступны выклік. Азарт перадаўся й кабетам: яны пачалі крычаць і гарлапаніць. Некаторыя ж добра выпілі, а іншых п’яніў дух тэстастэрону ў паветры. Неўзабаве дзьве старыя фінкі ўвязаліся ў перацягваньне на пальцах, пасыпаючы адна адну старамоднымі, амаль забытымі праклёнамі. Упіраючыся наскамі чаравікаў у масьніцы, старыя енчылі ды скрыгаталі ўстаўнымі сківіцамі, адна зь іх нават насікала ад натугі, але ўпарта працягвала барацьбу, плёскаючыся ў лужыне, якая разьлілася пад яе шырачэзнымі спадніцамі. Пальцы ў старых былі маршчыністыя, пакрытыя бурымі плямамі, але ўчэпістыя, як кавальскія абцугі. Маладая заявіла, што ў жыцьці ня бачыла рук, мацнейшых за гэтыя, бо гэтыя кабеціны й карову падояць, і мужыка; уся жаночая палова падхапіла гэтую думку ды з энтузіязмам пачала прыводзіць доказы таму, што жанчыны ў іхнім родзе куды спрытнейшыя за мужчынаў — у трываласьці, лоўкасьці, упартасьці, цярплівасьці, беражлівасьці, у тэхніцы збору ягады ды ва ўстойлівасьці супраць хваробаў. Вось таму жанкі й лепшыя за ўсіх гэтых мужыкоў! Адна кабета, Хілма, урэшце перамагла, зрабіўшы такі шалёны рывок, што не ўтрымалася на нагах і прызямлілася на азадак, не зламаўшы, аднак, шыйку таза, з чым яе ўсе й павіншавалі. Не на жарт распаліўшыся, старая пачала выклікаць на бой мужыкоў, калі ўвогуле тут такія былі, наконт чаго ў яе быў пэўны сумнеў. Між тым мой бацька ды астатнія мужыкі былі занятыя ўдзелам у нялёгкім, але прэстыжным сямейным чэмпіянаце, які меў такую мудрагелістую сыстэму паўфіналаў, што неўзабаве ўсе канчаткова заблыталіся ды пачалі горача спрачацца. А пасярэдзіне гэтай мужыцкай хеўры працягвалі барацьбу Эйнары ды Ісма. Дзядзька Хоакані загадаў кабеце заткнуцца: у нашай зямной мясьціне гэта было галоўным бабскім абавязкам, асабліва ў прысутнасьці мужыкоў. Тады Хілма яшчэ больш разахвоцілася ды пхнула яго сваім неабсяжным бюстам так, што дзядзька ледзь ня ўпаў, і прапанавала яму пасмактаць ейную цыцку, калі ў яго не было чым заняцца. Усе бабы заржалі як жарабіцы, а дзядзька Хоакані заліўся чырваньню. Пасьля ён адказаў, што згодны цягацца з Хільдаю на пальцах, калі тая вып’е чарку. Старая была набожнаю, таму адмовілася. Яны крыху паспрачаліся. Урэшце, закіпаючы ад злосьці, Хілма наліла поўную шклянку першаку, асушыла яго ды выставіла свой доўгі палец. Усе прыціхлі ды ў жаху паглядзелі на старую. Лестадыюс двойчы перакуліўся ў труне на паяльскіх могілках. У поўным зьдзіўленьні Хоакані ўставіў свой здаравенны палец у ейны крук, каб паказаць, хто тут гаспадар. Мажная, але прысадзістая цётка адарвалася ад падлогі, ды павісла ў паветры, як фінская рукавіца, але пальца ўсё ж не расчапіла. Тады дзядзька Хоакані паставіў яе на зямлю ды пачаў замест гэтага выкручваць палец. Хілму кідала ад сьцяны да сьцяны, але яна ніяк не здавалася. Раззлаваны Хоакані вырашыў спыніцца й падумаць. Тут кабета як адкінецца назад усёй сваёй вагою — палец у Хоакані расьціснуўся, а старая зноўку плюхнулася на азадак. Усе бабы радасна загарлапанілі, ажно сьцены задрыжалі. Сама ж Хілма па-ранейшаму моўчкі сядзела на падлозе. Урэшце ўсе захваляваліся, ці не насамрэч яна зламала гэтым разам шыйку таза, бо такою ціхаю старая была толькі аднойчы, калі ёй пад наркозам выдалялі вальляк. Тады яна расьціснула сківіцы ды вялікім струменем выпусьціла з рота гарэлку. I пад аглушальныя авацыі яна пабажылася, што не праглынула ні кроплі.

Я блукаў у гэтай таўханіне ды падумваў, як бы мне яшчэ больш захмялець, але так, каб не заўважыў бацька. Урэшце знайшоў недапітую бутэльку ды панёс яе разам з пустымі шклянкамі, робячы выгляд, нібы дапамагаю кухаркам. Неўпрыкмет высьлізнуў у сенцы. Там у паўцемры я заціснуў нос і пачаў адсёрбваць гарэлку.

У гэтую хвіліну нечыя моцныя рукі абхапілі мяне за грудзі. Бутэлька высьлізнула з рук. Нехта стаяў, прыціснуўшыся да мяне, і дыхаў Перапужаны, я хацеў быў вырвацца, але мяне ўжо моцна трымалі за талію.

— Адпусьці, — захныкаў я, —päästä minut!

У адказ мяне паднялі ды падтрэсьлі, нібы шчанюка. Нешта заказытала мне твар. Валасы. Доўгія цёмныя валасы. Пасьля сьмяшок — і мяне са стукам апусьцілі на зямлю.

Гэта была яна. Такая мяккая навобмацак. Нібы котка. Я ўсё чакаў, што яна ўвап’ецца зубамі ў маю шыю. Яна цяжка дыхала ды ўсьміхалася вільготнымі вуснамі. Потым яна расхінула на мне кашулю ды сунула туды руку.

Так хутка, што я не пасьпеў нічога зрабіць. Тут я адчуў ейнае цяпло. Яна пяшчотна лашчыла мяне, ласкавыя пальцы намацалі маю смочку.

— Ты робісься юрлівым, як вып’еш? — запыталася яна па-фінску ды, не чакаючы адказу пацалавала ў вусны. Ад яе пахла парфумаю ды сьвежым потам, а язык меў смак Ienkkimakkara, паляўнічай каўбаскі. Стогнучы, яна ўсё шчыльней прыціскалася да мяне — проста неверагодна, што жанчына можа быць такою моцнаю.

— Я прыкончу цябе! — шаптала яна. — Будзеш распускаць язык, і я цябе заб’ю!

Яна ўвокамгненьне расшпіліла мой прарэх — і я й выдыхнуць не пасьпеў, як яна ўжо выцягнула з нагавіцаў майго набрынялага малога. З такой самай хуткасьцю яна задрала сваю спадніцу й сьцягнула зь сябе майткі. Я дапамагаў — майткі былі ўсе мокрыя. Яе скура блішчэла бельлю, а ногі былі доўгія, як у ласіхі, а паміж імі — чорны кудлаты куст. Я ведаў, што калі толькі крану яго — буду пакусаны. Працягваючы лашчыць мяне, яна пачала была рассоўваць ногі, як усё раптам ірванула: сьвет нібы ўзарваўся, разьляцеўся на мокрае шмацьцё, заліўся чырваньню ды пяшчотаю, а фінка вылаялася, апусьціла спадніцу ды сьпешна зьнікла ў кухні.

Я быў яшчэ такі малы, што кончыў бяз спэрмы. Мой сябар абвяў, а ўсярэдзіне застаўся толькі яркі ўспамін, нібыта я пасікаў на электрапровад. Зашпільваючы нагавіцы, я думаў пра тое, што ніколі не наважуся зайсьці на кухню.

У наступны момант дзьверы з грукатам расчыніліся, і мужыкі ўваліліся ў сенцы, тупочучы, як статак аленяў. Усе былі настолькі п’яныя, што ледзь трымаліся на нагах і мусілі хапацца за сьцены. Замыкалі працэсію Эйнары зь Ісма, якія неахвотна пагадзіліся на нічыю; у барацьбе ў іх так спляліся пальцы, што давялося сілаю разьнімаць. Бацька крыкнуў, каб я далучаўся, — надышоў час вызначыць героя-пераможцу ў лазьні. Уваходныя дзьверы расчыніліся, і мужыкі з радаснымі крыкамі павысыпалі на двор; неўзабаве па навакольлі разьнеслася цурчаньне тузіна цяжкіх мачавых струменяў. Дзед апаражняўся даўжэй за ўсіх, і ягоныя сыны не прамінулі паджартаваць зь яго ды пацікавіліся, ці ня соплі сьцякалі ў яго з канца так павольна. А можа, дзед падхапіў яшчур, калі песьціўся зь цёлкаю? Ці гэта ў яго апошні патрон у рулі захрас? Дык яму тады трэба дзірку прачысьціць сьпіцаю. На што дзед панура адказаў, што са старых, вядома, зьдзекавацца можна, але ж не з калекаў, а пасьля дадаў, што ён бы лепш тады вымазаў свой хрэн у дзёгаць ды пер’е, чымся нарабіў такіх ёлупаў-сыноў.

Лазьня была зрубленая па-старому — курная хата зь бярвеньня; яна стаяла крыху наводдаль, на выпадак, калі хто незнарок пусьціць пеўня. Сьцяна над дзьвярыма была чорнаю ад сажы. Трубы не было, дым з каменкі мусіў выходзіць праз тры дымаходы ў сьценах. Мужыкі пачалі распранацца: адныя вешалі вопратку на цьвікі, іншыя — складалі на драўляных лавах звонку; між тым камары проста ашалелі. Дзед, як гаспадар і галоўны лазеншчык, увайшоў першым і выграб зь печы апошні жар у бляшанае вядро. Пасьля ён выплюхнуў некалькі каўшоў вады на агромністую каменку, каб ачысьціць паветра. Пар узьняўся ўверх, падхапіў усё сьмецьце, што патрапіла ў паветра зь печы, і выцягнуў яго празь дзьверы й тры дымаходы. Напрыканцы дзед скінуў з палкоў мяшкі, якія абаранялі дрэва ад сажы ды заткнуў дымаходы анучамі.

Натоўп мужыкоў унёс мяне ў лазьню ды адціснуў у куток на самым версе. Добра пахла смалянымі дровамі; калі я прытуліўся да сьцяны, то вымазаўся ў сажы. Палкі, як зьнізу, так і зьверху, наколькі мажліва займалі белыя мужыцкія азадкі. Тыя, каму месцаў не хапіла, мусілі сесьці на падлогу, і яны яшчэ доўга скардзіліся, што ім выпаў лёс, яшчэ горшы, чымся патрапіць у пекла замест выраю. Камарэча шэраю хмараю завісла ў дзьвярным праёме, але ў лазьню ўлятаць не наважвалася. Апошні прычыніў за сабою дзьверы, пакінуўшы звонку летняе вечаровае сьвятло, і ў лазьні зрабілася нечакана цёмна. Усе адразу сьціхлі, прасякнутыя нябесным таемствам.

Пакрысе вочы прывыклі да цемры. Печка ірдзела, нібы алтар. Цеплыня ахінала цябе, як вялікі зьвер. Дзед схапіў драўляны коўш, нешта мармычучы сабе пад нос. Мужыкі пакруціліся на палках, распрасталі плечы, нібы рыхтуючыся да пакараньня. Драўляныя лавы жалобна зарыпалі пад іхнімі задамі. Дзед нясьпешна акунуў коўш у калодзежную ваду, пасьля зь неверагоднаю дакладнасьцю жвава выліў дзевяць каўшоў на камяні: адзін пасярэдзіне, па адным на кожны рог ды яшчэ па адным па цэнтры кожнага боку. З шалёным шыпеньнем на нас рынуўся пар, а на зьмену яму прыйшоў жар. Мужыкі застагналі ад асалоды. Па плячах, сьцёгнах, лабках і лысінах струменіўся пот, выступала соль і сьвярбела скура. З цэбра дасталі размоклы бярозавы венік і пачалі падсушваць яго на гарачых камянях. Лазьня напоўнілася водарам сонца й лета, а мужыкі загадкава заўсьміхаліся й шчасьліва заўздыхалі. Малады выхапіў венік і стогнучы пачаў перыць сябе па баках. Дрыготкім голасам ён запэўніў усіх, што гэта лепей за сэкс, пасьля чаго ўсе мужыкі нецярпліва закруціліся. Дзед выліў яшчэ дзевяць каўшоў на тыя самыя месцы, што й першы раз. Пар рынуўся ў лазьню, як добры смачны кухталь. Стогны ды ўздыхі ўзмацніліся, і ўжо некалькі мужыкоў пачалі клянчыць венік, а то скура ўжо так сьвярбіць, што можа незнарок лопнуць. Малады неахвотна аддаў венік і прапанаваў паклікаць сюды на дапамогу кухарак, бо ніхто іншы не лупцуе vihta больш жорстка, чым старыя бабы. Ад плясканьня веніка на ўсе бакі ляцелі пырскі поту. А дзед усё паддаваў, мармычучы сабе пад нос, дым клубіўся, нібы дух. Хтосьці паскардзіўся на холад у лазьні, дадаўшы, што ў такой сьцюдзёнай löylyä яны даўненька ўжо ня парыліся, — гэта быў зразумелы ўсім знак, што тэмпэратура ў лазьні наблізілася да найвышэйшай мяжы. Жар быў такі ж бязьлітасны, як лестадыянская малітва. Мужыкі прыхіналіся, працівіліся жару ды ўпіваліся шчасьцем. На дзяснах зьявіўся прысмак крыві. Мочкі вушэй гарэлі, пульс калаціўся барабанным дробатам. Толькі з лазьні для сьмяротных прачыняюцца дзьверы ў вырай, прастагнаў нехта.

Калі першая бура пачуцьцяў уляглася, пачалі абмяркоўваць розныя мадэлі лазьняў. Усе пагадзіліся з тым, што курныя лазьні значна лепшыя за дрывяныя печы ды за электраагрэгаты. Апошнія асабліва жорстка высьмейвалі — іх абзывалі тостэрамі ды вагоннымі радыятарамі. Некаторыя з уздрыгам прыгадалі сухія пыльныя духавыя шафы, у якіх ім давялося сядзець у паўднёвай Швэцыі. Пасьля адзін мужык расказаў, як парыўся ў юрмліенскім горным гатэлі: печ там была нарвэская й дужа нагадвала дапатопную цэнтрыфугу. Каменка была з камароў нос, і месца там было ня больш як для двух камянёў, дый тое, калі адзін зь іх паставіць старчма. Яшчэ адзін мужык з жахам прыгадаў, як тры месяцы адпрацаваў на будоўлі на Готляндзе. I ён ніводнага разу ня змог там памыцца, бо культура лазьні яшчэ не прыйшла ў тыя дзікія мясьціны. Замест гэтага народ ляжыць там у так званай ваньне ў бруднай вадзе.

Дзед, перастаўшы на нейкі час паддаваць жару, папракнуў сыноў, што некаторыя зь іх і самі ўсталявалі электрапечы ў сваіх новых дамах і што, такім чынам, турнэдаленская культура цяпер асуджаная на хуткае выміраньне. Абвінавачаныя сыны ў сваё апраўданьне сказалі, што электракаменкі яны купілі ў Фінляндыі, а там яны, маўляў, неперасягнутай якасьці, зусім ня горшыя за сваіх дрывяных калегаў, і што яны атрымалі найвышэйшую адзнаку — пяць бярозавых венікаў зь пяці — у фінскім лазьневым часопісе «Саўналехці». На што дзед з хмурным відам адказаў, што электрычнасьць — самае дурное вынаходніцтва, якое прыйшло да нас з паўднёвай Швэцыі, ад яго марнеюць і чалавек, і жывёла, а працоўны люд — мужыкі й бабы — робяцца кволымі ды нямоглымі, яны горш пераносяць холад і ня бачаць больш у цемры, дзеці ж глухнуць ад шуму ды адмаўляюцца есьці тухлую ежу, — адным словам, ідзе вынішчэньне турнэдаленскай трываласьці ды цярплівасьці, бо ўсё цяпер у шалёным тэмпе робіцца машынамі. Неўзабаве ўжо й баб за нас будзе перыць электрычнасьць, бо занятак гэты як-ніяк потны й цяжкі, а ўся такая праца цяпер лічыцца старамоднаю.

Дзед зноўку заняўся каўшом, не жадаючы слухаць сыноў, якія кінуліся запэўніваць яго ў тым, што яны з той самай дужай фінскай пароды. Замест гэтага дзед назваў іх гультаямі, бо менавіта такімі яны й былі цяпер, а Турнэдален запаланілі розныя knapsut і ummikot, жанчынападобныя інтэлігенты, і што больш за ўсё ён шкадуе аб тым, што ня драў як сьлед сыноў, пакуль яны былі малыя. Цяпер ужо позна. Ніхто больш не разумее па-сапраўднаму, што такое лазьня — лазьня, дзе ты нарадзіўся, дзе нарадзіліся твае бацькі, дзе абмывалі ды апраналі ў апошні шлях тваіх родзічаў, дзе kuppari пускалі кроў хворым, дзе рабілі дзяцей і дзе з пакаленьня ў пакаленьне людзі ачышчалі сябе пасьля будзённай працы.

Голас ягоны здрыгануўся, і са сьлязьмі ў вачах дзед сказаў сынам, што жыцьцё — гэта адна халадэча й боль, здрада, хлусьня й глупства. Узяць хоць бы рэвалюцыю, якую ён чакае з часоў дарожнага страйку 1931 году. Калі яна, халера ясна, урэшце прыйдзе, можа, хто чуў пра яе ў акрузе?! Толькі аднойчы зьявілася ў яго спадзяваньне — калі ён прыехаў за правізіяй у фінскую частку Колары й там у краме «Валінта Фрыбэрг» у таўханіне мімаходам убачыў Іосіфа Сталіна з прадуктовым вазком, да краёў поўным мясам. Але, відаць, да нашых мясьцінаў рукі ў яго не дайшлі.

Дзеду працягнулі бутэльку, і ён пачаў суцяшаць сабе напоем, пырснуўшы сьпярша на печ. Нас абдало сівушнымі парамі. Дзед пусьціў бутэльку па коле, выцер рукою нос і заявіў, што ўсё гэта бздура і яму ўсё адно хутка паміраць. Але ён такі застаўся камуністам — няхай усе гэта зарубяць сабе на носе, — і калі ён, паміраючы, пачне лепятаць нешта пра адпушчэньне грахоў і Хрыста, дык гэта будзе трызьненьне й маразм, і няхай яму тады залепяць плястырам рот. І ён узяў з усіх абяцаньне ў прысутнасьці сваякоў і сьведак. Бо страх перад сьмерцю быў нічым у параўнаньні са страхам зьехаць з глузду ды патрапіць у паяльскую лякарню, дзе ты будзеш ляжаць і трызьніць перад шырока адчыненымі дзьвярыма.

Пасьля дзед паддаў дзевяць разоў дзевяцьцю каўшамі, а мужыкі, ныючы, пачалі злазіць зь верхніх палкоў, гаворачы, што ім трэба адліць, і толькі самыя загартаваныя засталіся на месцах, нягледзячы на велізарныя пухіры на абпаленых плячах. Дзед усумніўся ў тым, што гэтыя смаркачы — насамрэч ягоныя сыны. Пасьля ён адклаў коўш і сказаў, каб яны безь яго даводзілі спаборніцтва да фіналу, бо яму ўжо надакучыла зь іх кпіць і дыхаць іхнім смуродам. З годнасьцю ён сышоў уніз з палка ды пачаў намыльвацца каля цэбра зь цёплаю вадою. Ён мыў па-дзедаўску толькі тры самыя значныя месцы: лысіну жывот й машню.

Надышоў час жорсткай разьвязкі. Урэшце абодва роды змогуць памерацца сілаю. Эйнары пачаў паддаваць жару а астатнія толькі скардзіліся на халадэчу. Як звычайна, барацьба мела збольшага псыхалягічны характар. Робячы расслабленыя позы, мужыкі спрабавалі пераканаць астатніх, што ім было хоць бы хны, што ім нават і ня горача і што яны зь лёгкасьцю могуць прасядзець так колькі заўгодна. Эйнары выліў поўнае вядро на гарачыя камяні ды зноў набраў вады. Яшчэ адзін шалёны заход. Першыя фіналісты пасьпяшаліся ўніз і рухнулі, задыхаючыся, на падлогу. Дзед пачаў паліваць іх халоднаю вадою. Пар лупцаваў іх па сьпінах, абпальваў лёгкія. Яшчэ адзін ня вытрымаў. Астатнія сядзелі як цурбаны са шклянымі вачыма. Адзін пачаў хістацца ды ўпаў бы, калі б яго не падхапілі. Больш пару — мацнейшая пакута. Заходзячыся кашлем, нібы вось-вось пачне ванітаваць, зьлез з палка й бацька. Засталіся толькі Эйнары зь вядром і лысы Ісма, які сядзеў, ківаючы галавою. Пераможаныя зьбіліся ў кучу на падлозе, чакаючы фіналу. Ісма амаль ужо страціў прытомнасьць, але ўсё ж трымаўся малайцом і не здаваўся. Пасьля чарговага каўша ён уздрыгваў усім целам, як бездапаможны баксёр, які набліжаецца пакрысе да накаўту. Эйнары хапаў ротам паветра, і коўш дрыжаў у ягонай руцэ. Твар зрабіўся барвовым, тулава небясьпечна нахілілася. Яшчэ адзін коўш. І яшчэ. Ісма здушана закашляў, па падбародзьдзі пацякла сьліна. Абодва пачалі калыхацца ды, каб не зваліцца, схапіліся адзін за аднаго рукамі. Раптам Эйнары скалануўся й рэзка заваліўся ў бок Ісма, той таксама рухнуў. Нібы дзьве зьмярцьвелыя тушы, яны з грукатам паваліліся на ніжні палок і так і засталіся ляжаць, не расьціскаючы абдымкаў.

— Нічыя! — крыкнуў нехта.

Толькі тады зь цёмнага кута на верхнім палку з аблезлаю скураю выпаўз я. Усе зьдзіўлена ўтаропіліся ў мяне. Моўчкі я пераможна ўскінуў кулак.

Трыюмфальны крык скалануў закопчаныя сьцены лазьні, а я тым часам рухнуў на калені, і мяне званітавала.

РАЗЬДЗЕЛ 12

— пра нялёгкую сэзонную працу, качаргу на суседзкім надзеле ды няшчасны выпадак, выкліканы нядбайным стаўленьнем да сваіх абавязкаў

Шэрым хмарным травеньскім днём у Паялу з боку Корпіломбала прыйшоў бадзёры сухарлявы мужык. За сьпінаю ў яго вісела старамодная салдацкая торба, галава чужынца з кароткімі сівымі валасамі была пабітая непагадзьдзю ды нагадвала рунічны камень. У Наўрысаха ён спыніўся, выскаліўся на сьвінцовае неба й зрабіў пару глыткоў з паходнай флягі. Пасьля пастукаўся ў найбліжэйшую хату. Калі дзьверы адчыніліся, незнаёмец павітаўся з гаспадарамі на ламанай фінскай мове зь нейкім экзатычным акцэнтам. Мужчына прадставіўся Гайнцам, сказаўшы, што ён зь Нямеччыны, і запытаўся, ці не здаецца дзе-небудзь паблізу якое закінутае лецішча.

Прагучала некалькі тэлефанаваньняў, і ўжо да вечара Гайнцу знайшлі дрэнна ўцепленую драўляную хату на ўскрайку вёскі. Гаспадыня, удава, якая выжыла з розуму, за апошнія гады нацягала ў хату сена й зямлі для кветніка, таму падлогу давялося добра памыць кіпнем з мылам, каб немец пагадзіўся там жыць. Яму прынесьлі матрац і парцалянавы посуд, паклалі ў буфэт крыху прадуктаў, павесілі фіранкі, а на двары пакінулі запас дроваў. За дадатковую плату яму прапанавалі падключыць электрычнасьць. Гайнц аднак адмовіўся: быў ужо травень, і электрычнасьць яму была без патрэбы, бо ночы будуць сьветлымі да канца жніўня.

Лазьню ж ён, наадварот, агледзеў з ахвотаю. Тая стаяла на ўзьлеску, пашарэлая ад часу, з закопчанымі дзьвярыма. Гайнц шырока расхінуў іх. Уцягнуў носам паветра. Адчуў лазьневы дух, і ягоны твар асьвятліла сумная ўсьмешка.

— Sauna, — прамармытаў ён на сваёй экзатычнай фінскай. — Я ня парыўся ў лазьні ўжо бадай больш за дваццаць гадоў!

І ў той самы вечар, седзячы ў засадзе зь Ніілам, мы назіралі як ён галышом пабег да Турнээльвэн, на якой яшчэ плавалі апошнія льдзіны, нырнуў, даплыў да сярэдзіны ракі ды павярнуў назад. Пасьля ён выйшаў на бераг, сіні ад холаду ды са скурчаным чэлесам, зрабіў некалькі гімнастычных рухаў і толькі тады паскакаў назад у цяпло.

Наступным днём на мытным складзе Гайнц набыў сьпісаную друкарку, старую чыгунную «Гальду». Паставіў яе на ганку, а пасьля сеў і некалькі гадзінаў барабаніў па ёй, любуючыся лугамі, на якіх усходзіла сакавітая зеляніна, і слухаючы звонкія трэлі краншнэпаў.

Але хто ён насамрэч? Што ён тут рабіў? Неўзабаве пра загадкавага незнаёмца папаўзьлі розныя чуткі. Гайнц, напэўна, былы эсэсавец, які ў часе вайны служыў у Фінляндыі. Менавіта тады ён і вывучыў фінскую мову ды палюбіў лазьню. У канцы вайны, калі ягонай роце давялося адступаць ад фінскай арміі на поўнач празь фінскую частку Турнэдалену, прыгажосьць тутэйшай прыроды зрабіла на Гайнца незабыўнае ўражаньне.

Адступаючы, немцы спалілі ўсё. Такі быў загад, тактыка выпаленай зямлі. Кожную хату й падворак, вёску за вёскаю, нават бажніцы, залівалі бэнзінам, пакуль усё ў акрузе не ператварылася ў мора агню. Уся паўночная Фінляндыя выгарала дашчэнту. Гайнц прыклаў да гэтага руку. А цяпер ён вярнуўся, каб занатаваць свае ўспаміны.

Так казалі. Гайнц між тым трымаўся асобна. У спартовых шортах выходзіў на кароткі шпацыр, пад хіхіканьне малых, якія падглядалі з кустоў, рабіў салдацкія практыкаваньні на двары, а пасьля сядаў за друкарку ды выдаваў аркуш за аркушам у строга адведзены для пісаньня час.

Адзіным, што яму замінала, былі пацукі.

Хата проста кішэла імі. У старой удавы было, несумненна, некалькі катоў, але калі яе забралі ў вар’ятню, для пацукоў настала вольніца. Яны добра пачуваліся сярод сьмецьця, зьвілі гнёзды ў матрацы, прагрызьлі лазы ў падлозе ды пладзілі нашчадкаў. Гайнц паскардзіўся гаспадарам, і яны пазычылі яму старога вясковага ката, які, аднак, пры першай жа магчымасьці зьбег дамоў. Ідэю з пацучынай атрутаю Гайнц адпрэчыў: шмат якія пацукі здохлі б у сваіх хованках пад падлогаю ды прасмуродзілі б пасьля ўсю хату.

Неяк вечарам, у першы тыдзень летніх вакацый, я ўпотай назіраў за тым, як Гайнц сядзіць на ганку й стукае па сваёй машынцы. Грукат стаяў, як ад дапатопнага матацыкла. Я пракраўся ўздоўж сьцяны дому, спыніўся каля рога й пачаў асьцярожна падглядаць. Ён сядзеў да мяне ў профіль. Доўгі, востры, крыху сагнуты нос, акуляры ў стальной аправе й невялікая хмара ачунялай ад зімы машкары, якая вісела над ягонаю галавою, быццам німб са старых успамінаў.

— Tule tänne sinä! Хадзі сюды, — сказаў ён па-фінску, працягваючы друкаваць.

Я аслупянеў, баючыся варухнуцца.

— Tule tänne! — паўтарыў Гайнц ужо загадным тонам. Ён больш ня стукаў па машынцы, зьняў акуляры ды ўтаропіў у мяне свой стальны позірк.

Я выйшаў на слабых нагах. Стаяў там, як байструк, якога засталі за ганебнаю справаю.

— Я буду даваць паўкроны за пацука, — сказаў ён.

Я не зразумеў. Адчуваў, што выглядаю дурным і напалоханым.

— Тут разьвялося шмат пацукоў, — працягваў Гайнц. — Увесь час пішчаць і скрабуцца — спаць не даюць.

Ён паглядзеў на мяне, ацэньваючы, падняўся з рыпучага крэсла ды падышоў бліжэй. Я не варухнуўся і, нягледзячы на страх, адчуваў нават нейкую ўрачыстасьць.

Ён належаў да тых людзей, да якіх хлопцы звычайна ставяцца з пашанаю. Спрытным рухам Гайнц дастаў руды, з пахам дарагой скуры гаманец і выцягнуў адтуль банкноту на дзесяць кронаў. Патрымаў яе перад маім носам, зусім нерухома, нібыта гэта быў гіганцкі матыль. Купюра была навюткая, бяз згінаў, такую ня часта ўбачыш. Як гэта толькі ёй удалося праехаць цераз усю Швэцыю бяз шкоды? Стары кароль у профіль прымружыў вока. Шэра-срэбны колер, тонкія, як валасок, лініі, высакаякасная папера з вадзяным знакам, які сінее на прасьвет. І раптам за гэтаю купюраю мне ўбачылася нешта іншае — электрагітара. Сапраўдная электрагітара, і толькі мая.

Я ўзяў грошы. Баючыся скомкаць, я ня стаў запіхваць купюру ў кішэню. Я нёс яе дамоў асьцярожна заціснуўшы паміж вялікім і ўказальным пальцамі, каб не згінаць.

Як усе вясковыя хлопцы, я добра ведаў, як можна забіць пацука. Кладзеш каля сьцяны чышчаную сырую бульбіну, а сам стаіш непадалёк з палкаю. Ціха й цярпліва чакаеш, пакуль пацук не выпаўзе з нары. Тады забіваеш яго. Калі адшукаеш сьвежую пацучыную нару, наліваеш туды некалькі вёдзер вады. Як пацук пачне тануць і пасьпяшаецца вонкі, тут ты яго й дзеўбанеш.

У першы дзень я забіў такім спосабам тры пацукі, на наступны — два. Гайнц заплаціў мне са свайго пухлага скуранога гаманца, але выгляд у яго быў незадаволены. На ягоны погляд, мае мэтады былі старамоднымі ды неэфэктыўнымі. У той жа дзень Гайнц набыў у паяльскай гаспадарчай краме восем пастак са стальнымі спружынамі, удар якіх перабіваў пацукам хрыбет. Я навучыўся ставіць пасткі, каб не адбіць сабе пальцаў, і начапіў на кручкі кавалачкі сала, агрызкі сыру ды ўсё, што трапіла мне пад руку.

Наступнаю раніцай я знайшоў шэсьць забітых пацукоў. Сёмая пастка засталася некранутаю, а восьмая спрацавала, але была пустою. Я выкінуў пушыстыя трупікі ў лесе ды зноў паставіў пасткі. Вярнуўшыся ўвечары, я знайшоў яшчэ чатырох пацукоў. Гайнц задаволена агледзеў адрэзаныя хвасты, адразу ж заплаціў і сказаў працягваць гэтую справу.

Увесь наступны тыдзень я прыходзіў правяраць пасткі двойчы на дзень: раніцаю ды вечарам, і сярэдні ўлоў складаў каля дзесяці пацукоў. Я ўвесь час пераносіў пасткі на новыя месцы: у буфэт, камору на гарышча, — а яшчэ ставіў іх звонку, пад ганкам або за дровамі. Тушкі забітых пацукоў былі надзіва вялыя — мяккія футравыя камякі зь перабітымі хрыбетнікамі ды сплясканымі рэбрамі. Часам здаралася, што востры стальны клямар прабіваў у скуры дзірку адкуль фіялетавым багавіньнем выпаўзалі кішкі. Тады ўжо трэба было набрацца мужнасьці ды начыста адмыць пастку. Праца ёсьць праца, нават калі яна гідкая.

Па начах у хаце зрабілася, натуральна, цішэй. Але не на сто адсоткаў. Колькі б пацукоў я ні забіваў, на зьмену прыходзілі іншыя, нараджаліся новыя, на месцы забітых зьяўляліся госьці.

Да таго ж зьявілася праблема, што рабіць з трупамі. Ліса не магла зьесьці ўсе, і хутка могільнік пачаў ужо добра сьмярдзець. Неўзабаве ўвесь узьлесак запаланілі вароны. Яны звычайна прыляталі на досьвітку, крычалі ды аглушальна каркалі, высьвятляючы сваю мудрагелістую варанячую герархію, і не давалі спаць яшчэ горш за пацукоў. Гайнц прынёс з адрыны лапату ды наказаў мне выкапаць падалей у лесе яму, куды б я выкідаў пацукоў.

Было між тым самае лета. Над абшарамі птушыным прапэлерам вісеў жаўранак, у асіньніку сьвісталі й цьвяліліся шпакі, сітаўка цягала гнуткіх чарвякоў з бульбянога поля, а ластаўкі чысьцілі свае пёркі мэталёвага колеру. А ў гэты час пад зямлёю з галавакружнаю хуткасьцю пладзіліся пацукі.

Зь цягам часу я ўсё больш даведваўся пра пацучыныя звычкі. Шмат хто лічыць, што пацукі — дурныя хаатычныя стварэньні, якія спалохана ды бесталкова снуюць туды-сюды. Але пакуль я адшукваў месцы для пастак, я знайшоў некалькі пацучыных сьцежак. Іх звычайна ня так проста адшукаць — ледзь прыкметныя зьвілістыя тунэлі ў леташняй траве каля самай зямлі. Пацукі маюць уласныя дарогі, як мурашы й людзі, і неўзабаве я зразумеў, што калі на такой сьцежцы паставіць пастку, у яе амаль гарантавана патрапіць пацук. Такім чынам, каб лепей абараніць хату ад пацукоў, трэба замініраваць іх транспартныя шляхі.

Гэтая тактыка працавала, аднак, напалову. Пасткі мелі адзін значны канструктыўны недахоп: злавіўшы аднаго пацука, яны робяцца бясьпечнымі, пакуль ізноў іх не паставіш. А за гэты час пацукі маглі бяскарна прашмыгнуць у хату. Крыху падумаўшы, я прапанаваў Гайнцу адну ідэю. Ён з энтузіязмам яе прыняў.

Мы пазычылі ў суседа некалькі памятых ацынкаваных вёдраў. Я закапаў іх у стратэгічна важных месцах акурат на пацучыных сьцежках такім чынам, каб край вядра быў на адным узроўні зь зямлёю. Пасьля я напалову напоўніў вёдры вадою. Зьверху я паклаў тонкім слоем жорсткую траву ды лісьце, каб усё выглядала як мага натуральней.

Наступнаю раніцай я прыйшоў паглядзець. У першым вядры было шэсьць пацукоў. Яны боўталіся ў вадзе, ня здольныя ні дастаць да дна, ні ўскараскацца наверх, пакрысе абясьсілелі ды патанулі. У другім вядры ляжала пяць трупаў. А ў трэцім — яшчэ сем. Апошняе вядро працякло, і па ягоным дне скакалі два перапужаныя акрабаты — іх я расьціснуў абцасам. Дваццаць тушак, проста фантастыка! З пастак я выняў яшчэ чатыры, таму калі я адрэзаў хвасты ды прад’явіў іх Гайнцу ён з ахвотаю заплаціў мне ажно дванаццаць кронаў. Ягоны вузкі рот расьцягнуўся пры гэтым ва ўсьмешцы, якая зусім не вязалася з хмурым тварам, нібы воўк паспрабаваў расьсьмяяцца. Мёртвых пацукоў я закінуў у яму, дзіравае вядро замяніў на новае, а пасьля раздабыў яшчэ некалькі бодняў і слоікаў ды ўкапаў іх у адпаведных месцах.

Наступныя тыдні далі неверагодны ўраджай. Безьліч пацукоў трапляла ў ваду, яны скрэблі кіпцюрамі сьценкі вёдраў, слабелі й танулі. Патанулыя пацукі выглядалі значна больш прыемна за раздушаных у пастках. Сьпярша сама іх колькасьць выклікала ў мяне агіду — пара кіляграмаў штодня. Але я прызвычаіўся. Дапамагала таксама думка пра грошы, якія падалі ў маю бляшаную скарбонку, — грошы, якія ўсё выразьней прымалі абрысы гітары.

Цяпер ужо Гайнц ня мог не заўважыць посьпехаў нашай пацучынай вайны. Цішыня ў хаце парушалася толькі зрэдку, калі якому-небудзь малому сьмельчаку шэнціла перайсьці цераз міннае поле. Але й тады небарака звычайна трапляў у адну з пастак у хаце ўжо наступнага дня. Ганс пачаў высыпацца, друкарка грукатала як стары кулямёт, а ўся вэранда прапахла сродкам ад камароў, якіх была ўжо цьма. Часам Гайнц вымаў з машынкі аркуш і вагнэраўскім голасам зачытваў урывак, каб праверыць рытм і гучаньне тэксту. Эмацыйна стрыманая, але моцная проза пра паходы ды ваенныя пераходы, суровыя карціны зімовых баёў у Фінляндыі, мароз і вострая ігліца ў коўдры, месцамі грубы салдацкі гумар, салодкія мары ў смуродных казармах і часам рамантычныя ўстаўкі пра фінскіх прыгажунь, якія кормяць параненых герояў або лашчаць шчаку нямецкага салдата ў цемры палявой сталоўцы.

Між тым я працягваў удасканальваць мэтады лоўлі. Напрыклад, я заўважыў, што вёдры можна было не хаваць пад травою. Пацукі туды ўсё роўна траплялі. Думаю, яны проста не пасьпявалі прытармазіць — несьліся сваёй сьцежкаю ды правальваліся ў вядро, хоць адтуліна ў ім і не была прыкрытая. Аднак старыя маршруты яны больш не выкарыстоўвалі, бо ўсе іх знаўцы пакрысе загінулі. Пацукі пракладалі новыя сьцежкі, і мне даводзілася высочваць іх і ўвесь час перасоўваць вёдры.

Яма ў лесе зь неверагоднаю хуткасьцю запоўнілася пацукамі. Я засыпаў яе ды выкапаў новую. Неўзабаве яна таксама была поўная. Магілы разрывалі лісы: яны даставалі паўзгнілыя тушкі ды расьцягвалі іх на ўсе бакі. Неўзабаве пацучыныя жываты напоўніліся лічынкамі мухаў, якія кішэлі пад тонкаю скураю. Сонца таксама падмагло, і калі вецер ішоў зь лесу, нягледзячы на адлегласьць можна было адчуць салодка-кіслы моташлівы смурод.

Гайнц знайшоў выйсьце. Ён выцягнуў каністру й да краёў напоўніў яе бэнзінам. Я рэгулярна насіў яе ў лес і апырскваў яму палівам. Пасьля кідаў уніз запалку. З глухім уздыхам агонь ахопліваў груду целаў, і яны згаралі ў амаль нябачным полымі. Скуркі апальваліся ды пачыналі трашчаць, вусы скурчваліся й плавіліся, з вачніцаў выскоквалі мурашы ды загараліся, дрыгаючы лапкамі, лічынкі выгіналіся ды спрабавалі ўпаўзьці, але з шыпеньнем смажыліся ў полымі, кукалкі лопаліся, а недаразьвітыя сьляпыя гнаявыя мухі сутаргава дрыгалі мяккімі цельцамі. Дым быў чорны й густы, і смурод поўсьці ды запечанай крыві адразу ж нацягваўся ў вопратку, калі я падыходзіў залішне блізка. Дым уздымаўся сярод верхавін дрэваў, як злавесны дух, як бог вайны, як разрослая цень кашчавай, якая паступова аддалялася ды распускалася ў паветры, пакідаючы толькі прысмак тлустай сажы на языку. Калі агонь дагараў, я прысыпаў яму зямлёю ды мохам, а зьверху прывальваў цяжкімі камянямі, каб нават лісам не захацелася туды лезьці.

Я мусіў думаць пра грошы. Так было лягчэй. Лічыў хвасты, зьбіраў іх у вязанкі ды атрымліваў за іх купюры ад шаноўнага спадара, які па вечарах сядзеў на ганку ды пацягваў каву. Усяго толькі сэзонная праца. Ня горшая, скажам, за ачыстку прыбіральняў у паяльскім кэмпінгу.

Пасьля вячэрняга агляду пастак я звычайна сядаў у хаце ды заводзіў старэнькі бабіньнік, на які я запісаў найлепшыя мэлёдыі з «Топ 10». З салодкаю дрыготкаю слухаў я чароўныя, дзівосныя гукі электрагітары — то рэзкае мяўканьне, то воўчае выцьцё, а то гук бормашыны або стракатаньне мапэда на прасёлкавай дарозе. Я няблага пераймаў яе гучаньне на сваёй акустычнай гітары. А ў гэты момант на сядзібе ў ваду трапіў першы пацук. Вось ён паплыў. Паплыў. Паплыў.

Аднойчы раніцай у сярэдзіне ліпеня я наткнуўся на пацучыную сьцежку нябачнай дагэтуль шырыні. Яна праходзіла ад лесу да бульбянога поля, уздоўж неглыбокай канавы, і была добра схаваная ў траве. Тут і там у яе ўліваліся іншыя сьцежкі ад хаты й прыбіральні, ды ўрэшце яна ператваралася ў неверагодна шырокую шашу. Добра пратаптаная вуліца, галоўная пацучыная магістраль. Я ішоў па ёй, згараючы ад нецярпеньня. Уздоўж адрыны, усё яшчэ да паловы заваленай зьляжалым сенам. Тут я спыніўся. Ад адрыны цягнулася яшчэ адна сьцежка. Амаль такая самая шырокая. Я мог паклясьціся, што раней яе там не было. Сьцежка абгінала камень, спускалася ў западзіну ды падымалася з другога боку. І там, за колькі мэтраў да бульбянога поля, абедзьве сьцежкі аб’ядноўваліся. Зьліваліся ў адну агромністую шматпалосную магістраль.

Я зразумеў, што рэч была ў бульбе. На полі зелянела высокае бацьвіньне: калі ўдаву паклалі ў шпіталь, яе сваякі працягвалі даглядаць бульбу, і вось цяпер пад зямлёю сьпелі жоўтыя сопкія клубні. Пацукі бегалі на поле ды жывіліся бульбаю ночы напралёт. Чмякалі й грызьлі, а пасьля трухалі паціху з набітым чэравам у свае хованкі.

Нельга марудзіць ані хвіліны. За паўгадзіны я адшукаў іржавы бэнзінавы бак, а пасьля ледзь не да вечара правазіўся зь ім, каб расьпілаваць на дзьве паловы. Цяпер заставалася толькі закапаць. Пасярэдзіне магістралі. Зямлю я загружаў у вазок ды цягнуў у лес. Добра ўпарыўшыся зь ямаю, я мог урэшце апусьціць туды бак і прысыпаць па краях зямлёю. Пасьля я пачаў цягаць ваду — вядро за вядром, пакуль не запоўніў бак напалову.

Ужо вечарэла, друкарка даўно змоўкла, на ганку нікога не было. Сьціскаючы ў руцэ хвасты злоўленых за дзень пацукоў, я пастукаў у дзьверы ды зайшоў.

Гайнц быў заняты зборам рэчаў. Пасярод пакою стаяў заплечнік, а на крэслах і на стале ляжала вопратка. Гайнц пасьпешліва сунуў мне грошы ды сказаў, што мусіць на тыдзень з’еьдзіць у Фінляндыю, каб пакапацца там у архіве. Яму трэба было дазнацца пра ўнутраны лад вясковага жыцьця, якім ён быў да таго, як вёску спалілі, а таксама прагледзець сьпісы насельніцтва. У сваіх творах Гайнц ставіўся да падрабязнасьцяў дужа акуратна — так мусіць рабіць кожны праўдзівы пісьменьнік, але, на ягоную думку шмат хто гэтым грэбуе, асабліва маладыя празаікі. Гайнц запытаўся, ці не пагляджу я за хатаю.

Я згадзіўся, і Гайнц паказаў мне, дзе будзе ляжаць ключ. Між тым я раптам адчуў невялікую млосьць. Боль сьціскаў галаву падпахі здранцьвелі. Пэўна, набліжалася навальніца. Я выйшаў на ганак і ўбачыў, як зь фінскага боку на нас рушыла віхравая навальнічная хмара. Яна нагадвала слуп дыму з вугольнае ямы, толькі шырэйшы й мацнейшы. Пачулася прыглушанае вуркатаньне, як ад полчышча рускіх танкаў. Гайнц таксама выйшаў і стаў побач. Нечакана ён паклаў руку мне на плячо, амаль па-бацькоўску. Паветра зрабілася цяжкім, дыханьне запаволілася. На лобе праступіў пот. З чорнай гушчы хмараў залатымі рыбкамі выскоквалі бліскавіцы.

— Зірні! — паказаў на неба Гайнц.

У колькіх кілямэтраў ад нас у неба ўзьняўся слуп дыму. Дрэва, лясны гай? А можа, дом? Няўжо гарэў дом? І ў адно імгненьне навальнічная хмара ператварылася ў дым ад пажараў, усю Фінляндыю ахапіла полымя, яна гарэла ў пякельным агні. Гайнц застыў у нерухомасьці. Халодныя шэрыя вочы глядзелі кудысьці ўдалечыню. Як дзьве круглыя манэты. Ён зьлёгку прыгладзіў рукою кончыкі вусоў. Адна з валасінак адарвалася. Ён узяў яе вялікім і ўказальным пальцамі, і ягоны погляд вярнуўся ў сучаснасьць. Валасінка была жорсткай і курчавай, як спаленая запалка. Ён моўчкі скруціў яе. Пасьля адпусьціў і яна зьнікла сярод успамінаў.

Зь першаю кропляю дажджу мяне пачало трэсьці. Вярнуўшыся дамоў на ровары, я рухнуў на кухонную канапу ды падцягнуў калені да падбародзьдзя, каб яны ня стукалі аб падлакотнікі. Калі загрукатала навальніца, маці прычыніла ўсе вокны й дзьверы ды выцягнула з разэтак усе штэпсэлі. Змрочная навальнічная хмара павісла над нашым домам. Дождж загрукатаў па даху, пачаў паліваць сшарэлыя аканіцы. Зноў грымоты. Я нацягнуў на сябе коўдры, і мяне то калаціла, то ліхаманіла. Маці прынесла вады й самарынскай солі, бо яна мае неверагодныя гаючыя ўласьцівасьці, нават большыя за тыя, што звычайна пішуць на пакунку. Нягледзячы на гэта, мая гарачка ўзмацнялася з кожным ударам грому. Непагадзь прыціснула наш край сваёй мокраю ступнёю з такою сілаю, што мая галава была гатовая выбухнуць. Зьяўляліся дзівосныя карціны: вядзьмаркі з агністымі абрысамі павольна плылі ў паветры. Яны трымалі ў руках нажы, якімі адразалі адна ад адной лусьцінкі, тонкія, як выразаныя лялькі. У нясьпешным танцы яны абціналі адна адну, зьліваліся разам з адрэзанымі кавалкамі або іншымі вядзьмаркамі так, што іхнія целы ўвесь час мяняліся. Гэта была моташлівая, агідная сцэна, але спыніць яе было немагчыма. Нібы хтосьці кіраваў маім мозгам, нібы ў маім целе пасяліўся нейкі паразыт.

Маці рабіла выгляд, нібы ўсё нармальна, але сама выпраменьвала трывогу. Спрабуючы схаваць гэта ад мяне, яна бадзёра ўсьміхалася, але ніжняя губа пры тым моцна адтапырвалася, і за ёй можна было ўбачыць бліскучую сьлізістую абалонку. Яна была ўжо ў тым веку, калі скура на твары пачынае абвісаць, як залішне вялікі швэдар. Калі яна сьмяялася, скура сьцягвалася ў клубок зморшчынак, і маці рабілася падобнаю да пянька, а іншых выразаў твару яна не выкарыстоўвала. Затое ў яе былі прыгожыя валасы — ярка-каштанавыя, густыя, даўжынёю ніжэй за пояс. Калі маці начэсвала іх пышней і адзін з завіткоў спадаў ёй на твар, яна нагадвала кіназорку.

Мяне ўзялі дрыжыкі. Маці выйшла ў гасьцёўню, каб разьвесьці ў печы агонь, нягледзячы на тое, што была сярэдзіна лета. Пэўны час я чуў, як яна ломіць бяросту ды грукоча качаргою. Пасьля зрабілася неяк дзіўна ціха.

Кухня асьвяцілася яркім сьвятлом. Нібы сонца прабілася скрозь хмары. Але за вакном па-ранейшаму ліў дождж. Перасільваючы боль, я сеў на канапе. Зьдзіўлена прыгледзеўся ды ўбачыў, што зьзяньне ішло з гасьцёўні.

— Што гэта? — закрычаў я, але адказу не было. Не адчуваючы пад сабою ног, я паплёўся на сьвятло.

Перад печчу стаяла маці — з качаргою ў руцэ, нібы фэхтавальніца са шпагаю. Сьвятло ішло зь печы. Жоўта-белае, нясьцерпна яркае.

— Назад! — закрычаў я.

Маці зрабіла невялікі крок назад, але сьвятло рушыла за ёю. Зь сярэдзіны печы выплываў вогненны шар. Ён іскрыўся, як распаленае дабяла жалеза, і зьлёгку падскокваў, нібы па хвалях. Скалатнуўшыся, шар замер на адным месцы, перад самаю качаргою. Раптам я ўбачыў, як засьвяцілася маці. Вакол яе галавы зьявілася блакітнае зьзяньне. Валасы падняліся ды тырчалі ва ўсе бакі.

— Кінь! Кінь качаргу!

Але маці нібы загіпнатызавалі. Яна толькі крок за крокам адыходзіла назад, адводзячы качаргу ўбок. Але шар не адступаў. Маці павяла качаргою шпарчэй, але шар прыцягвала як магнітам.

— Кінь яе, халера!

Замест гэтага яна пачала вярцець качаргою. Раскручвала яе, як кідальнік молата, спрабуючы скінуць з качаргі чужынца. Але той як прыклеіўся. Яна завярцела шпарчэй, ажно засьвістала паветра. Па качарзе пабеглі маленькія іскры. Але шар па-ранейшаму сядзеў на вастрыі. Цяжка дыхаючы ды разявіўшы рот, маці працягвала накручваць абароты. Неўзабаве вакол яе ўтварылася кола, сьвяты німб, электрычная дуга. Маці ўжо не магла спыніцца. Круціла качаргу так, што сьвістала й гуло ўвушшу пакуль па ўсім пакоі не распаўзьліся блакітныя агеньчыкі.

Маці завярцелася яшчэ шпарчэй. І яшчэ. Пакуль не дасягнула мяжы чалавечых магчымасьцяў.

Тады яна расьціснула руку. Качарга з шарам адляцела ўбок. Цюкнулася аб сьцяну — бэмц! Ад грукату вушы скруціліся ў трубачку, на нас паляцелі трэскі. А пасьля цішыня.

Мяне адкінула на падлогу. Я зь цяжкасьцю падняў поўную гуду галаву ды атрос з валасоў сьмецьце. Маці так і сядзела на азадку з раскінутымі нагамі ды расьцягнутыму малое «о» ротам. Мы зразумелі, што засталіся ў жывых. Падняліся на ногі ды, спатыкаючыся, падышлі да сьцяны.

У ёй зеўрала дзірка. Агромністая скразная дзірка, нібы хтосьці прабіў сьцяну кулаком. А качарга бясьсьледна зьнікла. Яе не было ні ў пакоі, ні на траве перад хатаю, і мы доўгі час лічылі, што яна нейкім чынам дэматэрыялізавалася.

Але ўжо ўвосень яна нечакана знайшлася. У самай глыбіні суседзкага куста парэчак за два дамы ад нас, іржавая ды скручаная ў шніпер.

Я вымераў дакладную адлегласьць. Дзевяноста восем з паловаю мэтраў. Сусьветны рэкорд па кіданьні молата сярод жанчын.

Непагадзь сьціхла, а я ўсё ня мог падняцца з ложка. Гарачка не адступала яшчэ два дні, а пасьля перайшоў у галаўны боль. Суставы дранцьвелі, вочы не пераносілі дзённага сьвятла, а горла зрабілася рыхлым і нібы пакрылася лускаю. Цела здавалася цяжкім, як жалезны карабель, які падбілі варожыя тарпэды, і цяпер ён павольна апускаецца ў марскую бездань. Я ледзь мог прыпадняць руку ды амаль ня мог глытаць. Як павялося ў Турнэдалене, мы як мага радзей зьвярталіся да лекараў: гэта ж быў верны сродак паскорыць сваё пахаваньне. Замест гэтага бацька пайшоў да суседкі, якая мела лекавую кніжку на фінскай мове ды магла паставіць дакладны дыягназ: мэнінгіт, адзёр, сянная ліхаманка, рак мозгу, заўшніца або дзіцячы дыябэт. Пасьля пачаўся кашаль і катар, і было ўжо ясна, што я захварэў на летні грып. На сапраўдны грып з болем у насаглотцы, але збольшага — бясьпечны. Нііла прыйшоў быў мяне праведаць, але разьвярнуўся яшчэ ў дзьвярах, ледзь адчуўшы пах хваробы.

Прыйшла пара летняй сьпякоты. Навальнічны фронт нарабіў у атмасфэры дзірак, сьпярэсьціў неба дажджамі ды расчысьціў шлях для кантынэнтальнай сьпякоты з Сібіры. Паветраны ціск рэзка падняўся, а самое паветра павісла над намі агромністым шатром зь ярка-блакітным дахам і нерухомаю сьпякотаю. На балотах клубіліся гіганцкія камарыныя хмары, канатны паром няспынна перавозіў пасажыраў на пляж на востраве Эсісаары, а казіно «Альтэнбург» разьмясьціла свой залаціста-чырвоны салён пасярод поля — ціры, «аднарукія бандыты» ды іншыя атракцыёны, на якіх прасаджвалі свае грошы мясцовыя падлеткі. Дырэктар казіно — з голым торсам, валасатым, як у старога кудлатага мядзьведзя, і ў каўбойскім капелюшы на сівой грыве — разгульваў па сваім валадарстве ды зазываў гасьцей:

— Пастаў пятак на дзесяць нумароў! Выйграй дзесяць пятакоў з нумара!

Але я ў гэты час ляжаў у хаце, зь мяне ручаямі цёк пот, і я прасіў, каб каля ложка пакінулі гарлач з вадою. Я ўсё піў і піў, але мог выціснуць зь сябе пасьля толькі некалькі бурых кропляў мачы. Твар ацёк і расплыўся ад зялёнай сьлізі, якую я спрабаваў зь сябе высмаркаць, але толькі расьцёр да крыві нос. Часам браўся быў за гітару, але мяне адразу ж прабіваў пот, і пачынала круціцца галава. Замест гэтага я драмаў. Слухаў глухое гудзеньне чмяля, які патрапіў у пакой і спрабаваў цяпер прарвацца празь сетку супраць камароў у той час самі камары лезьлі звонку, тыркаючыся ў сетку сваімі шаблямі.

Пакрысе прастуда адступала. Аднойчы раніцаю, калі сонца толькі пачало прыпякаць, я сеў на ложку ды пацягнуўся па гарлач. Жадна выпіў ваду й змахнуў кроплі з куточкаў вуснаў.

І тут я ўспомніў. Тое, што ў часе хваробы хавалася на задворку памяці, адціснутае гарачкай і кашлем.

Я рыўком узьняўся ды пачаў апранацца. Са спальні даносіўся бацькаў храп. Я бясшумна выбраўся вонкі ў яркае дзённае сьвятло. Паспрабаваў прыгадаць, колькі я так праляжаў колькі мінула дзён. Зь нядобрым прадчуваньнем я пакаціў на ровары да дома немца.

Пах можна было адчуць яшчэ з дарогі. Задушлівы. Моташлівы. З прыбліжэньнем ён толькі ўзмацняўся.

Рабіўся больш салодкім і брыдкім. Я заткнуў нос рукою. Убачыў бульбяное поле, яго высокае бацьвіньне. Адрыну й пацучыную сьцежку. Каністру з бэнзінам.

Ужо ў трыццаці мэтрах я пачаў задыхацца. Набраў поўныя грудзі паветра й бегма мінуў апошні адрэзак.

Шэрая каша. Іх было столькі, што іх тушы грудзіліся адна на адной.

Я схіліўся, і мой цень накрыў бак. Успышка бліскавіцы — падняўся густы рой мух. Я адразу ж адхіснуўся, але пасьпеў заўважыць, што ўнутры бака ўсё калыхалася. Выгіналася хвалямі. Жывы дыван зь лічынак.

У шоку я паплёўся на луг. Маё цела здрыганулася. Паспрабаваў ачысьціць глотку, пасьля пабег, спатыкнуўся. Пачаў сплёўваць у дзьмухаўцы, дужа хацелася ванітаваць, але ніяк не атрымлівалася.

Урэшце я сабраўся з духам і скінуў зь сябе боты. Сьцягнуў мокрыя ад поту шкарпэткі. Абвязаў іх вакол носа й рота. Шкарпэткі сьмярдзелі, але ўсё ж маім потам. Нягледзячы на адчай, я прымусіў сябе падняцца.

Я адшукаў тачку й пачаў напаўняць яе зямлёю. Трэба засыпаць гэтую брацкую магілу. Больш нічога не застаецца. Усё закапаць. Пахаваць пад зямлёю ды больш ніколі не ўспамінаць.

Напоўніўшы тачку, я набраў поўныя лёгкія паветра ды пакаціў яе да бака. Дыхай у шкарпэткі ды рабі сваю справу. Не думай. Проста зрабі ўсё як мага хутчэй.

Калі б толькі не адна рэч.

Грошы.

І насамрэч, калі глянуць на справу цьвяроза й практычна, хоць гэта было й ня проста. Бочка была забітая грашыма. Гара манэтаў па паўкроны. А я іх мушу пахаваць.

Я апусьціў тачку. Прызадумаўся. Пасьля з адчайнаю рашучасьцю кінуўся ў адрыну па граблі. Зрабіўшы глыбокі ўдых, падышоў да бочкі. Тыкнуў граблямі ў калатушу, зь якой узьняўся рой мух. Пакалупаўся й выцягнуў некалькі пацукоў. Скура на іх трэснула, і зь яе малочнымі кроплямі пачалі выцякаць на траву лічынкі. Стрымліваючы млосьць, я адбег, каб набраць сьвежага паветра. Схапіў нажніцы для стрыжкі авечак і нацягнуў на сябе старую пару працоўных рукавіц. Пасьля прымусіў сябе вярнуцца.

Зблізу можна было ўбачыць усе падрабязнасьці. Не, не магу. Гэта вышэй за мае сілы.

Я ляжаў ніцма на ўзьлеску ды адчуваў, як да мяне вяртаецца ліхаманка. Грошы! Трэба думаць пра грошы! Там пацукоў семдзесят, ня менш. А мо нават і ўсе восемдзесят! Памнажаем на паўкроны ды атрымліваем сорак звонкіх, самых сапраўдных кронаў.

Гэта ж мая праца. Так і ёсьць, мая сэзонная праца.

Новы кідок да бака. Чык, паўкроны. Чык, крона. Тушкі — у памыі, а самому адбегчы ды падыхаць.

Адна крона. Чорт, толькі адна. Каб іх усіх.

Зноў за граблі. Чык, паўтары кроны.

Смурод пранікаў у глотку? пакідаў смак тухляціны ў роце.

Чык, дзьве кроны. Дзьве з паловаю.

Калі б толькі так не сьмярдзела.

Чатыры кроны. Пяць. Шэсьць з паловаю.

Хопіць табе ўжо, халера, спыніся!

Справа ішла неверагодна марудна. Сьвяжэйшыя тушкі былі яшчэ цьвёрдымі. Іншыя — развальваліся на кавалкі. Малыя лапкі з вострымі кіпцюрамі, жоўтыя бліскучыя разцы. Акрамя пацукоў? у пастку патрапілі й некалькі велізарных, памерам з котку неймаверна распухлых палёвак. Яны плавалі ў дзіўных позах, здранцьвеўшы ў жудаснай барацьбе са сьмерцю.

Спатрэбілася ўся раніца, каб запоўніць першае вядро. Робячы кароткія перапынкі, я зацягнуў яго ў лес. У вядры ўсё пенілася й булькатала. Я перакуліў яго ў яму. Вярнуўся да бочкі.

У меншых вадзяных пастках ахвяраў было ўжо ня так шмат, але яны былі такія самыя паўзгнілыя. А тыя пацукі, што патрапілі ў мэханічныя пасткі, былі скусаныя мурашамі ды пачалі ўжо падсыхаць. Я біўся над імі большую частку дня, адчуваючы, як ліпне да цела прапахлая смуродам вопратка. Спустошыў у яму яшчэ адно вядро. Вярнуўся, жых-жых. Нешта заказытала ў рукавіцы — выцягнуў адтуль некалькі лічынак. Мухі таўкліся перад вачыма, абляплялі з усіх бакоў. Калі б у мяне толькі была якая шапка. Вядро за вядром. Убок — і падыхаць. Усё далей паглыбляюся ў бочку.

Урэшце засталася толькі шэрая махнатая калатуша на самым дне. Я паварушыў яе граблямі ды — якое шчасьце! — адшукаў чатыры хвасты, дзьве кроны, а прыгледзеўшыся, знайшоў яшчэ адзін — паўкроны за ўважлівасьць.

Напрыканцы я прыкаціў тачку зямлі, перакуліў яе ў бочку ды ўтрамбаваў паверхню лапатаю. І вось ад крывавай бойні не засталося амаль ні сьледу. Толькі голая земляная пляма, якая неўзабаве мусіць зарасьці травою.

Мяне зноў пачало трэсьці, калі я, хістаючыся, пайшоў шукаць каністру. Засталася адна апошняя справа.

Яма ў лесе была перапоўненая. Зьмесьціва апошніх вёдраў расьцяклося па высахлым гольлі. Мухі воблакам узьняліся былі ў паветра, але неўзабаве зноў апусьціліся, накрыўшы яму валасатаю коўдраю, і прыняліся адкладаць яйкі ў нагрэтую сонцам жыжку. Смурод ад трупнай яміны, у якой разбухалі ды множыліся мільярды мікробаў, стаяў проста нясьцерпны.

Я мусіў зноў адбегчы, каб набраць сьвежага паветра. Адкруціў крышку каністры ды панюхаў. Бэнзін амаль прачысьціў мне ноздры — такі салодкі й моцны пах. Я сабраўся з духам: апошняе намаганьне, і ўсё будзе гатова. Тады можна будзе з усім гэтым разьвітацца ды забыць.

Ледзь не трацячы прытомнасьці, я паліваў трупы бэнзінам, пырскаў на іх, тапіў. Нібы спраўляў нейкі абрад, нібы хацеў загладзіць віну, выправіць памылку. Я чыркануў запалкаю ды кінуў яе ў яму. З глыбокім, жаласным стогнам кучу ахапіў агонь. Патрэскваючы й храпучы, полымя ўзьнялося пад неба празрыстым слупам. Агонь перакінуўся на кусты паблізу задымілася гальлё. Я спрабаваў зьбіць полымя нагамі. Пасьля заўважыў, што праліў на сябе бэнзін і што полымя падымаецца ўжо на нагавіцах да каленяў. Я закрычаў, кінуўся на зямлю ды пачаў сьцягваць зь сябе нагавіцы. Яны зачапіліся за боты, якія таксама ўжо гарэлі. Ліхаманкава дрыгаючы нагамі, я скінуў боты ды пачаў зьбіваць полымя голымі далонямі.

Добра заняўшыся ў яме, полымя прынялося выпальваць сухую лясную расьліннасьць. Агонь ахапіў ужо ўсе кусты навокал. Я адламаў бярозавую галіну ды пачаў прыбіваць ёй языкі полымя, але агонь няўмольна распаўзаўся па сушняку. Неўзабаве ён перакінуўся на дрэвы. Я рабіў адчайныя спробы спыніць катастрофу. Нечакана лес зашамацеў ад ветру — лёгкі брыз пацягнуўся ў бок вогнішча. Гэта агонь пачаў ўсмоктваць у сябе кісларод, дыхаць на поўныя грудзі; вецер зрабіўся мацнейшым, а языкі полымя пачалі караскацца па кронах дрэваў. А ў самай глыбіні, у эпіцэнтры пажару гарэў крэматорый.

Я застыў агаломшаны. Агонь распаўзаўся па лесе з ашаламляльнаю хуткасьцю, перакідваючы свае факелы з дрэва на дрэва. Ахоплены страхам, я зноў схапіўся за бярозавую галіну спрабуючы затушыць агонь, але з кожнаю хвілінаю катастрофа толькі разрасталася.

— Пажарныя! — прыйшла да мяне думка, і я хацеў быў пабегчы па падмогу. Але ўсё ж застаўся, нібы нешта мяне стрымлівала; я ўсё біў і біў галінаю, ужо задыхаючыся ад дыму. Агонь няўмольна пракладваў свой шлях праз узьлесак, як бурная лінія фронту. Вось задымілася пуня, і неўзабаве яе было ўжо ня выратаваць. Вецер дзьмуў у бок лецішча. Іскры сыпаліся дажджом усё бліжэй. У зямлю ўтыкаліся вогненныя іголкі. Неўзабаве яны падпалілі прасмалены дах.

Гэта была ўжо вайна. Дзікі зьвер вырваўся з клеткі ды пачаў лютаваць. І ва ўсім гэтым быў вінаваты я, толькі я адзін.

У гэты момант зьявіўся Гайнц. Вочы акругленыя. А ў іх — паніка.

— Рукапіс! — закрычаў ён і пацягнуў на сябе дзьверы. Ужо гарэла столь, з хаты валіў густы дым, але Гайнц кінуўся ўнутр. Ён мусіў увайсьці — і ён рынуўся ў полымя. Але вярнуўся з пустымі рукамі, вочы пачалі сьлязіцца, і ён быў вымушаны адступіць. Зноў ускочыў у хату, цяпер ужо скрозь дым прабівалася полымя, і можна было ўбачыць жоўтыя водблескі. Гэтым разам Гайнц выскачыў, сьціскаючы ў руках ахапак аркушаў. Ён моцна прыціскаў іх да грудзей, як малое дзіця, і кашляючы апусьціўся на траву.

Я падышоў да Гайнца. Смуродны, перапэцканы сажаю, у адных майтках. А ў кулаку я сьціскаў зьвязку гнілых хвастоў. Я зьвязаў іх па дзесяць, каб было прасьцей падлічыць. І пракантраляваць.

— Сто восемдзесят чатыры штукі, — вымавіў я, запінаючыся. — Дзевяноста дзьве кроны.

Гайнц перавёў на мяне пустыя вочы. Пасьля схапіў зьвязку са сьмярдзючымі хвастамі ды гнеўна закінуў яе ў акіян полымя.

— Гэта ўсё ты вінаваты!

Ніякага скуранога гаманца. Ніякіх грошай. Ніякай гітары.

У поўнай роспачы я выхапіў зь ягоных рук паперы ды закінуў у полымя. А пасьля пусьціўся наўцёкі, панёсься што было моцы.

Гайнц ускочыў на ногі з рыкам параненага зьвера. Паспрабаваў быў зноў кінуцца ў хату, але мусіў гэтым разам адступіць.

Калі ўрэшце прыбылі пажарныя, Гайнц сядзеў на накрыўцы калодзежа — стары стомлены салдат — і горка плакаў.

РАЗЬДЗЕЛ 13

— пра новага настаўніка музыкі зь вялікім пальцам пасярод рукі ды пра знаёмства зь юным талентам з Кіхланкі

У сёмай клясе нам далі новага настаўніка музыкі. Звалі яго Грэгер, і прыбыў ён з поўдня, са Сконэ, — рослы вясковы губашлёп са зьнявечанаю праваю рукою, зь якой шківам зрэзала пальцы. Застаўся толькі вялікі палец, які вытыркаўся з далоні вялікаю крывою бульбінаю. Зрабіўшыся калекам, Грэгер быў вымушаны перавучвацца, і вось цяпер навасьпечаны магістар музыкі патрапіў у Паялу. Нам было цяжка разумець ягоную мову. А так ён быў дабрадушным балакам з крыху дзіўнаватым гумарам. Я ніколі не забуду ягонага першага ўроку, калі ён зайшоў у клясу, хаваючы руку ў кішэні ды пачаў картавіць на сваім дыялекце:

— Вас вітае ствагэньне з пальцам пасягод гукі!

Дэманстрацыйна, з разьлікам на шокавы эфэкт, Грэгер выняў з кішэні абрубак рукі. Мы з жаху ажно здрыгануліся. Ён пакруціў рукою, і пад пэўным вуглом мы ўбачылі, што ягоны вялікі палец з валасатымі косткамі нагадвае мужчынскі палавы орган. Толькі больш кашчавы, выродлівы й неверагодна рухавы.

З Грэгерам у Паяле зьявілася небывалая навіна: дванаццаціхуткасны гоначны ровар. Надзіва экстрэмальная й бескарысная рэч — са скураным, жорсткім, як камень, седалам і апонамі таўшчынёю з цыгару, да таго ж на ровары адсутнічалі пырскавікі ды багажнік. Выгляд у ровара быў амаль непрыстойны, зусім голы. Апрануты ў чырвоны спартовы камбінэзон, Грэгер ракетаю праносіўся па навакольлі, пужаючы баб і мясцовых малых і правакуючы «Хапарадзкую газэту» на артыкулы пра сустрэчу з НЛА. А яшчэ Грэгер даводзіў да шаленства сабакаў. Рэч была, магчыма, у тым, як ён пах — нейкія паўднёвыя мікробы ў кішэчнай флёры. Калі Грэгер імчаў паўз іх, сабакі проста шалелі. Зрываліся з ланцуга ды велізарнаю зграяй несьліся з пранізьлівым брэхам за роварам, пераадольваючы мілю за міляю. Пасьля аднаго пробнага заезду ў Корпіломбала Грэгер прывёз за сабою двух норботэнскіх шпіцаў, аднаго ганчака, дзьвюх лаек ды яшчэ пару дварнякоў. Яны ажно закіпалі ад смагі крыві. Грэгер прытармазіў каля паліцыі, і на яго адразу ж накінуўся смаляна-чорны лябрадор, які быў у гэтай гістэрычнай зграі за важака. Грэгер падпусьціў сабаку бліжэй, а пасьля цюкнуў яго ў нос сваім элегантным роварным чаравікам так, што лябрадор завішчаў і кулём адляцеў да сваіх сябрукоў. Грэгер з годнасьцю ўвайшоў у аддзяленьне паліцыі. Дзяжурнаму давялося прывязаць усю зграю да парэнчаў мосту, акрамя лябрадора, якому спатрэбілася дапамога вэтэрынара. Увесь астатак дня да аддзяленьня пад’яжджалі мужыкі з суседніх вёсак, і моўчкі забіралі сваіх кудлаў. Пасьля гэтага выпадку Грэгер зрабіўся мясцоваю знакамітасьцю.

Спрачаліся ў народзе таксама пра тое, якую можна разьвіць на такім агрэгаце хуткасьць. Стафан зь дзявятай клясы неяк расказаў нам, як ён, толькі што перабраўшы свой мапэд, вырашыў праверыць яго на хуткасьць на дарозе ў Кенгіс. Ад напружаньня хлопец схіляецца над стырном, матор шалёна раве, а мапэд імчыць з хуткасьцю ня менш як шэсьцьдзесят два кілямэтры, можаце яму паверыць. Тут за сьпінаю зьяўляецца Грэгер. Некалькі разоў бадзёра крутануў пэдалямі, лёгкім пёркам пранёсься каля мапэда й зьнік за наступным узгоркам.

Іншы вынаходлівы хлапчук зь Вітулаянкі арганізаваў незвычайнае пары. Грэгер мусіў спаборнічаць са школьным аўтобусам, які ехаў у Каўнісваару. Аўтобус, вядома, ня славіўся асабліваю хуткасьцю, але ўсё ж. Хлопец махляваў са стаўкамі, зьдзіраў бессаромныя грошы за камісію, але зрабіў сваю справу: народ паставіў грошы, а Грэгер пагадзіўся пацягацца з аўтобусам.

Гонка мусіла адбыцца ў сераду напрыканцы верасьня. Як звычайна, аўтобус спыніўся на заднім двары Цэнтральнай школы, і ў яго заваліў натоўп вучняў. Кіроўца аўтобуса, які нічога ня ведаў пра гэтае спаборніцтва, націснуў на газ і ў тое ж імгненьне заўважыў, як збоку пранеслася нейкае чырвонае стварэньне.

Наступным разам усе ўбачылі чырвоную фігуру ў Мукакангасе. Ён стаяў, выцягнуўшыся каля патрульнай машыны, а аўтобус між тым пранёсься міма. Адзін з паліцыянтаў запаўняў блянк, а другі спрабаваў адагнаць дручком агрэсіўна настроеную лайку.

У раёне Юпукі Грэгер зноў паказаўся. Аўтобус ужо добра разагнаўся, але чырвоны вэлясыпэдыст нібы прыклеіўся да яго ды ўсё паддаваў. На наступным схіле ён націснуў на пэдалі й вырваўся наперад, а ўсе вучні ў захапленьні закрычалі. Кіроўца аўтобуса зьбянтэжана пацёр нос, ня верачы сваім вачам.

Праз восем кілямэтраў Грэгера ўбачылі зноў: ён стаяў на ўзбочыне ды мяняў камэру на заднім коле. Раз-пораз ён замахваўся насосам, адганяючы ад сябе назойлівую лісіцу.

Больш з аўтобуса яго ня бачылі. Вучні прыціснуліся да задняга акна, углядаючыся ўдалечыню праз бруднае шкло. Аднак дарога была пустая. За шклом праносіліся забалочаныя лугі й лясы, да Каўнісваары было ўжо рукою падаць. Урэшце наперадзе замаячыў дарожны знак, і ўсе зразумелі, што цуду ня будзе.

Тады ўдалечыні паказалася кропка. Чырвоная фігурка. Карабель, які павольна набліжаўся — але надта ўжо павольна! У гэты самы момант пачуўся грукат і перад аўтобусам выпаўз трактар. За стырном — нейкі стары грыб. Ні на каго не зважаючы, стары руліў пасярод дарогі, і кіроўца аўтобуса быў вымушаны прытармазіць і пачаў сыгналіць. Трактар крыху збочыў. Аўтобус пачаў абгон, маючы ў запасе ўсяго толькі пару сантымэтраў. Машыны цалкам перакрылі дарогу. А чырвоны вэлясыпэдыст падбіраўся між тым усё бліжэй.

Трактар гудзеў як шалёны.

— Грэгеру ні за што не пасьпець!

А вось і дарожны ўказальнік. Каўнісваара. Толькі шлях перакрыты, ніяк не аб ехаць.

— Вось ён! — крыкнуў Томі зь сёмай клясы.

Збоку, у канаве, замільгацела нешта чырвонае. Кінулася напралом цераз хмызьняк, друз. Пранеслася ўздоўж аўтобуса. І вырвалася наперад — у тое самае імгненьне, як у вокнах праплываў дарожны ўказальнік.

На сэкунду нас усіх нібы паралізавала. Было цяжка паверыць сваім вачам. Пасьля раздаўся радасны крык вучняў:

— Паўднёвец перамог!

Укормленая лайка зьбіла з ног цётку, якая несла вядро ягадаў, і, шалёна брэшучы, кінулася наўздагон за чырвонаю плямаю.

У Грэгера была яшчэ адна незвычайная здольнасьць. Ён валодаў турнэдаленскім дыялектам. Кожны паўднёвец аўтаматычна лічыўся ў нас ummikko, то бок чалавекам, няздольным размаўляць на мове слаўных воінаў і герояў; аднак да нас пачалі даходзіць дзіўныя чуткі з розных незалежных крыніцаў. Старыя дзяды й бабкі бажыліся, што гадзінамі размаўлялі з гэтым гаркавым паўднёўцам на meän kieli.

Грэгер быў вясёлым дзядзькам і, як усе паўднёўцы, меў вычварную патрэбу ў зносінах з новымі людзьмі. Праехаўшы моўчкі некалькі дзясяткаў кілямэтраў на сваім цудзе-ровары, ён зазвычай спыняўся ў якой вёсачцы, каб пабалакаць зь мясцовымі жыхарамі. На поўнае зьдзіўленьне мужыкоў і кабет з Антысу, Кардысу, Пісыньемі, Сайтаровы, Ківіярві або Колары, да іх неўспадзеўкі падлятаў нейкі потны марсіянін і без усялякай прычыны заводзіў размову Ён з такою хуткасьцю мянціў языком, што ажно пырскаў сьлінаю. Словы былі незнаёмымі, але на ўсялякі выпадак яму адказвалі, што нічога ў яго купляць ня будуць.

Пасьля вяскоўцы са зьдзіўленьнем заўважылі, што могуць яго разумець. Проста неверагодна! Нешта балбоча сабе незразумелае, ды яшчэ гукі ў яго такія, што толькі сп'яна вымавіш! Але калі яму адказвалі «joo varmasti» або казалі «niinkö», гэты чужынец усё зьлёту разумеў.

Таямніцу раскрыў адзін стары мытнік, які ў маладосьці праслужыў пару гадоў на поўдні Швэцыі, у Гэльсынгборгу і быў таму адным з тых нешматлікіх турнэдаленцаў, якія ведалі як турнэдаленскую мову так і паўднёвашвэдзкі, сконскі дыялект. Зусім выпадкова, прыехаўшы па справах у Юханп’еці, ён напаткаў у лаўцы Конрада Мякі нашага Грэгера, які трашчаў пра нешта з параю пэнсіянэраў. Мытнік прытаіўся ўбаку ды пачаў употай уважліва слухаць. Пасьля ён самым бесстароньнім і падрабязным чынам падзяліўся з усімі зацікаўленымі сваімі назіраньнямі. Па старой звычцы ён запісаў усё пачутае — я сам бачыў ягоныя запісы — і падмацаваў яшчэ сваім подпісам і подпісамі дваіх незалежных сьведак.

Дакладна вызначана, што суразмоўнік Г (Грэгер) падчас размовы гутарыў на сконскім дыялекце мяккага характару, за выключэньнем шэрагу турнэдаленскіх лаянкавых выразаў (гл. дадатак 1), вымаўленых збольшага з фанэтычнымі памылкамі. Як ні дзіўна, ягоныя суразмоўцы А, Б і В (два мужыкі й кабета) у часе размовы гаварылі выключна па-турнэдаленску. Заслугоўвае зьдзіўленьня той факт, што разьвіцьцё размовы мела пры гэтым цалкам лягічны характар і абодва бакі, здавалася, бесьперашкодна разумелі адзін аднаго. Парадак тэмаў размовы:

1. Нядаўнія дажджы й замаразкі.

2. Рост бульбы ў канцы лета, смакавая перавага міндалевай бульбы перад круглаю, уплыў багатых ападкаў на гніеньне бульбы.

3. Летні пакос, колькасьць і якасьць стагоў, а таксама ўплыў позьняй вясны на пажыўныя ўласьцівасьці сіласных кармоў.

4. Пагалоўе жывёлы ў вёсцы, кармы для малочных кароваў у старыя часы й цяпер, мэханізацыя сельскай гаспадаркі, а таксама дзе можна таньней набыць трактар — у Швэцыі або Фінляндыі.

5. Багаты ўраджай выродлівай морквы, якая нагадвае чэлес, і ці было гэта капрызам прыроды, ці перасьцярогаю Творцы ў дачыненьні моладзевых дыскатэк.

6. Спадзяваньні на паляпшэньне надвор’я ды разьвітальныя фразы.

У навуковых мэтах мытнік спыніў Грэгера ў дзьвярах лаўкі ды нэўтральным тонам запытаўся па-фінску, колькі часу:

—Mitäs kello on?

— I вам таго ж! — ветліва адказаў Грэгер.

З усяго вышэй пералічанага мытнік зрабіў наступныя высновы.

Грэгер не валодаў фінскаю моваю (за выключэньнем той перакручанай лаянкі — дадатак 1, як ужо сказана). Ня больш разумелі па-сконску й пэнсіянэры. Загадкавае паразуменьне паміж суразмоўцамі можна было б патлумачыць дзьвюма прычынамі: жэстыкуляцыяй Грэгера, такой эмацыйнай і лёгка зразумелай, а таксама яго досыць багатымі ведамі ў сельскай гаспадарцы.

Сын мытніка, мовазнаўца з Умео, пачаў пісаць дысэртацыю на тэму «Білінгвальныя зносіны ў мультыкультурным асяродзьдзі паўночнаскандынаўскіх краінаў», але сьпіўся ды так і не дапісаў гэтай працы.

Сам Грэгер, калі пра гэта заходзіла гаворка, толькі рагатаў. Такія ўжо яны, гэтыя паўднёўцы, рагатуны.

У першы дзень сваёй працы ў школе Грэгер правёў інвэнтарызацыю музычных інструмэнтаў: дырыжорскія палачкі зь бярозы для кожнага вучня; два тамбурыны (адзін зь іх трэснуты); два трохкутнікі; адзін драўляны ксыляфон, на якім бракавала ля й фа-дыезу; маракас, зь якога сыпаліся семкі; гітара з трыма струнамі ды адна зламаная бубнавая палачка. А ў якасьці раздатачнага матэрыялу меўся песеньнік «Давай сьпяваць!: Ч. 1» ды зборнік «Родныя песьні» Уляфа Сёдэр’ельма.

— Што за халеггга! — буркнуў Грэгер.

Ніхто не пасьпеў і рота раскрыць, як Грэгер вытрас са школьнага бюджэту грошы, пра існаваньне якіх ніхто нават і ня ведаў, і купіў бубны, электрабас, электрагітару ды ўзмацняльнік. А яшчэ зусім навюткі прайгравальнік. На наступных занятках нечакана высьветлілася, што Грэгер па-майстэрску грае на гітары. Агромністыя пальцы левай, здаровай, рукі бегалі па грыфе гітары, нібы валасаты амазонскі павук, між тым як самотны палец правай высякаў акорды: і паменшаныя, і стрыманыя, і фляжалеты, — лёгка, нібы гуляючы. Потым ён перайшоў на блюзы ды пачаў імітаваць нэгрыцянскія сьпевы — для паўднёўца гэта, несумненна, было не складана. Пасьля выканаў душашчыпальнае сола, тузаючы струны пазногцем замест мэдыятара. У нас ажно сківіцы паадпадалі.

Калі заняткі скончыліся, мы зь Ніілам засталіся ў клясе.

— Мне ніколі так не сыграць, — панура сказаў Нііла.

Грэгер адклаў гітару ўбок.

— Выцягні рукі! — загадаў ён.

Нііла падпарадкаваўся. Грэгер таксама выцягнуў свае перад сабою ды агледзеў пальцы.

— Лічы! — загадаў ён.

І Нііла палічыў. Шэсьць пальцаў.

— А колькі ў цябе самога?

— Дзесяць.

Можна, вядома, і так глядзець на рэчы.

Заўважыўшы, што мы цікавімся музыкаю, Грэгер дазволіў нам брынчаць на перапынках. Нііла з круглымі вачыма пачаў мацаць электрагітару ды прыйшоў у захапленьне ад таго, як лёгка было націскаць на струны. Сам я ўчапіўся ў электрабас і са зьдзіўленьнем адчуў, што ён адцягвае мне плячо, нібы цяжкі маўзэр у кабуры. Пасьля я ўрубіў абодва ўзмацняльнікі. Нііла занепакоена запытаўся, ці ня ўдарыць яго праз струны токам. Я адказаў, што хвалявацца няма чаго, бо струны ж ізаляваныя адна ад адной.

І мы пачалі граць. Гэта быў сапраўдны драйв, хоць нашая ігра была проста жахліваю. Але з гэтага моманту нашая музыка зрабілася нейкім чынам больш сапраўднаю. Спачатку самапальная фанэрына ў гаражы, пасьля скрыпучая акустычная гітара ў падвале, а цяпер — сапраўдныя рэчы! Бліскучы ляк, хромавыя анкеры ды кнопкі, лёгкае гудзеньне дынамікаў. Гэта было крута! Гэта ўжо не дзіцячыя гульні.

Нашаю першаю задачаю было навучыцца трымаць рытм. Спачатку паасобку, што было ня так ужо й лёгка. Пасьля — разам, што было яшчэ складаней. Наступнаю задачаю было навучыцца мяняць акорды. І найлепш — адначасова. Не губляць пры гэтым рытму. А пасьля — папярэдні акорд.

Тыя, хто калі іграў, зразумеюць мяне. Спатрэбілася шмат часу, каб нашае дрыньканьне пачало ўрэшце нагадваць музыку.

Грэгер часта заставаўся паслухаць і даваў нам сяброўскія парады. Найбольш нам дапамагаў ягоны неверагодны спакой. Як, напрыклад, тым разам на абедзенным перапынку, калі мы вучыліся пачынаць адначасова. Грэгер раз за разам пачынаў адбіваць такт, але я заўсёды ўступаў на «тры», а Нііла — на «чатыры». А пасьля — наадварот. Напрыканцы, калі мы ўрэшце пачалі адначасова на «чатыры», Грэгер сказаў, што насамрэч трэба пачынаць на «раз». На другі «раз». Той, якога ўголас не вымаўляюць.

— Раз, два, тры, чатыры — (і!).

Нііла буркнуў, што геніем матэматыкі ён ніколі ня быў. У адказ Грэгер выцягнуў скалечаную руку ды папрасіў Ніілу падлічыць абрубкі.

— Чатырох не хапае, так што маўчыце, — міралюбна сказаў Грэгер, — падымаю палец і — паехалі!

Як ні дзіўна, гэта спрацавала. Упершыню мы пачалі як трэба. Нават і сёньня, калі я чую лічэньне, у мяне перад вачыма паўстае зьнявечаная кукса Грэгера.

Мы практыкаваліся ўсю восень. Выкарыстоўвалі кожную вольную хвілінку. Перапынкі, форткі ў занятках, заставаліся пасьля школы. І вось неяк у абедзенны перапынак у нас урэшце атрымалася нешта падобнае да блюзавага акампанэмэнту.

Грэгер паслухаў і пахвальна кіўнуў галавою.

— Так трымаць! — падбадзёрыў ён нас.

Адчыніў дзьверы. У клясу нясьмела ўвайшоў хлапчук: мяккія рысы твару на лоб зьвісае доўгая пасма валасоў. Ён не падымаў на нас вачэй. Толькі адкрыў выцягнуты футарал, які прынёс з сабою. Усярэдзіне футарал быў абабіты чырвоным плюшам. Сваімі доўгімі пальцамі хлапец выцягнуў чырвона-белую электрагітару падключыў яе да аднаго з узмацняльнікаў і наладзіў гучнасьць. Пасьля пад наш акампанэмэнт ён сыграў такое сола, што ў мяне сэрца ледзь ня вырвалася з грудзей, гэта быў лямант, напоўнены скрухаю ды смуткам. Узьняўся такі гуд, што ажно задрыжэлі шыбы. Гук ягонай гітары быў нейкі асаблівы, нязвыклы для нас: яна надрывалася, выла, гула. Як разгублены чалавек. Хлопец пераключыў нешта на скрынцы, прыкручанай да гітары, і яна завыла зь яшчэ большым надрывам. Пасьля ён выканаў сола. Гітара шалела й лютавала, завывала дзікім зьверам — хто мог чакаць такога ад трынаццацігадовага малакасоса! Пальцы ляталі паміж струнамі, мэдыятар узрываўся аглушальнымі каскадамі гукаў, вуха ўжо не пасьпявала за музыкаю — мы слухалі яе сэрцам, целам, усмоктвалі праз скуру. Напрыканцы ён зрабіў нешта, чаго я ніколі раней ня бачыў. Ён скінуў зь сябе гітару ды паднёс яе да дынаміка, і гітара засьпявала сама сабою — заскрыгатала надрыўным шэптам, завыла воўкам і залілася флейтай адначасова!

Хлопец раптам усьміхнуўся. Мяккаю, амаль дзявочаю ўсьмешкаю. Адкінуў назад свой бялявы чубок і выключыў узмацняльнік. У яго былі фінскія, празрыста-блакітныя вочы.

— Джымі Гэндрыкс, — коратка сказаў ён.

Мы расхінулі фіранкі. Зь дзясятак вучняў, згрудзіўшыся плячо да пляча, шчыльна прыціснуліся насамі да акна. Музыка пракацілася па ўсёй школе.

Грэгер летуценна паглядзеў на нас.

— Ну, вось, сябры, гэта пачынае ўжо нешта нагадваць! Пазнаёмцеся з Холгеры.

Я павярнуўся да Ніілы ды з прадчуваньнем нядобрага шапнуў яму:

— Яны ж, халера, зь яго ўсю душу выцягнуць.

— Чаго? — перапытаў Грэгер.

— Не, нічога.

Менавіта ў старэйшых клясах пачыналі цкаваць не на жарт. Паяльская Цэнтральная школа тых часоў была проста жудасным выпрабаваньнем для тых, хто хоць бы чымсьці вылучаўся на фоне астатніх. Пабочнаму назіральніку магло, вядома, паказацца інакш. Спакойнае паселішча, шараговая школа. Каля дзьвюх соцень навучэнцаў. У калідорах — стрыманае маўчаньне, можна нават сказаць пакорлівасьць.

Насамрэч у нас меліся небясьпечныя вучні. Пачаўшы пакрысе буяніць яшчэ ў сярэдніх клясах, цяпер яны расквітнелі напоўніцу. Рэч была, магчыма, у полавым сталеньні. У лішку гармонаў. У трывозе ды адчаі.

Яны з асалодаю ставілі сінякі: заціскалі ахвяру ў цёмны кут і білі цьвёрдым каленам у сьцягно або пад зад. У мяккія часткі. Небарака курчыцца ад болю, адварочваецца, а яны стаяць і шчэраць зубы. Іншым разам схаваюць у руцэ цыравальную іголку, ты ідзеш побач, а яны ўтыкаюць яе табе пад вопратку, глыбока ў скуру. Яшчэ іх забаўляла біць з размаху ў плячо так, што боль не праходзіў пасьля гадзінамі.

Гэтыя каты нутром чулі сваю ахвяру. Яны адразу ж вылучалі белых варонаў, адсартоўвалі адзіночак, летуценьнікаў з чулаю душою, залішне разумных. Адною зь іхніх ахвяраў быў Ганс, маўклівы хлопец, які збольшага кантактаваў зь дзяўчатамі. Перасьледнікі ўсталявалі татальны кантроль над ягоным жыцьцём і запалохалі да такой ступені, што ён больш не наважваўся сам выходзіць у калідор. Ён спрабаваў схавацца за сьпінамі сяброў, трымацца ў самай сярэдзіне статку, як слабая антылёпа. Толькі праз шмат гадоў, калі ён зьехаў у Стакгольм, ён змог адкрыць сваю гомасэксуальнасьць.

Другой ахвяраю быў Мікаэль. Таксама нясьмелы й замкнёны ў сабе хлопец, які ня мог адказаць. Ён быў не такі, як усе, было бачна, што й сам ён так лічыць. Неяк падчас заняткаў, калі настаўнік працы выйшаў з клясы, Мікаэля абкружыла цэлая банда. Пад правадырствам Уфэ, галоўнага садыста клясы, яны прыняліся выпрабоўваць на сваёй ахвяры прыёмы задушэньня. Уфэ павольна сьціскаў прапахлымі тытунём пальцамі кволую шыю — усё мацней і мацней, пакуль небарака не заквакаў жабаю. Аднаклясьнікі стаялі й глядзелі, але ніхто й слова не сказаў. Замест гэтага ўсе назіралі зь відавочнаю зацікаўленасьцю. Вось што, значыцца, адбываецца, калі цябе душаць! Глянь, як у яго вырачыліся вочы! Неўзабаве яшчэ некалькі хлопцаў захацелі паспрабаваць. Ім нават ня трэба было ўтрымліваць сваю ахвяру: хлопца ўжо паралізавала ад жаху. Чорт, ён зараз пачне ванітаваць, лепш яго, пэўна, адпусьціць. Можа, хто-небудзь яшчэ? Давай паспрабуй! Глянь на «батаніка», што, перапужаўся? Рукі сюды, ніжэй, тут не сасьлізгвае. Кх-кх, кх-кххх! І ты давай, ён усё роўна нікому ня вякне! Сьмешна, што за шыя, такая кволая, халера!

Настаўнікі, напэўна, здагадваліся, што адбывалася ў калідорах, але не наважваліся ўмешвацца. Некаторым і самім даставалася. Адну настаўнічку з паўднёвай Швэцыі сыстэматычна даводзілі да гістэрыкі, і яна штораз са сьлязьмі на вачах выскоквала з клясы. Вучні пагардліва хмыліліся ёй у вочы, што б яна ні казала, адмаўляліся выконваць заданьні, хавалі ейныя кніжкі, рабілі непрыстойныя заўвагі, бо яна была ня замужам, падкідвалі ёй у торбу парнаграфічныя здымкі ды шмат яшчэ чаго такога ж кшталту. У гэтую гульню ўцягвалася ўсё больш і больш вучняў, як толькі ім падварочваўся шанец: Зусім звычайныя хлопцы й дзяўчаты. Мае аднаклясьнікі. Заводзіліся з паўабароту, іх ажно расьпірала зь сярэдзіны. Часам паветра распалялася да такой ступені, што ў клясе было цяжка дыхаць.

Як толькі я пачуў сола Холгеры, адразу зразумеў, што хлопца чакаюць непрыемнасьці. Вось такія хлюпікі звычайна й робяцца ахвярамі катаў тыя, хто залішне вылучаецца з натоўпу. Я й раней бачыў яго ў школьных калідорах, але асаблівай увагі не зьвяртаў. Ён быў крыху дзіклівы, аднак даволі ветлівы. Адзін з тых вясковых ціхоняў, якія пераважна трымаліся паасобку зьбіраліся групкамі ў кутах і нешта мармыталі адзін аднаму па-фінску. Яны заўсёды пачуваліся няўтульна ў Паяле, раённым цэнтры. Холгеры расказаў мне пра цяжкасьці, зь якімі ён сутыкаўся ў першыя тыдні кожнага навучальнага году. Усе тры летнія месяцы ён размаўляў па-фінску а тут раптам трэба перабудоўваць мозг на швэдзкую. Першыя два тыдні ён блытаўся ў словах, гарадзіў памылкі, таму самым надзейным было маўчаць.

Холгеры жыў у Кіхланкі, і мы часта стаялі разам на прыпынку чакаючы аўтобус. Мы гаварылі звычайна пра музыку. Я пацікавіўся, адкуль ён умее граць на гітары, а Холгеры адказаў, што гітара была бацькава. Той памёр некалькі гадоў таму, але што дакладна зь ім здарылася, Холгеры не хацеў расказваць. Самымі яскравымі дзіцячымі ўспамінамі было, як ён сядзіць у бацькі на каленях і слухае, як той грае заліхвацкія песьні, як весела выкрыквае словы, ахоплены п’яным запалам, як выцірае сьліну з вусоў, падстрыжаных манікюрнымі нажніцамі, а пасьля частуе сына ляндрынкамі. Калі бацька памёр, гітара засталася вісець на сьцяне. Холгеры зьняў яе аднойчы, перабраў пальцамі струны, і яму падалося, што ён чуе татаў голас, які ляціць аднекуль з глыбіні лясоў, дзе бацька знайшоў урэшце свой спакой.

Маці Холгеры выйшла датэрмінова на пэнсію — здалі нэрвы, — а сын застаўся для яе адзінай уцехай у жыцьці. Таму калі Холгеры захацелася электрагітару ды ўзмацняльнік, маці адразу ўсё набыла, хоць у яе самой грошай не ставала нават на вопратку ды абутак.

Як і я сам, Холгеры гадзінамі сядзеў перад радыё. Ставячы пальцы на сваё разуменьне, ён іграў сольныя партыі ды быў у сваім фантазійным сьвеце сапраўднаю супэрзоркаю, геніяльным выканаўцам, перад якім публіка слупянела ў захапленьні. Гэта стварала ў нашай групе пэўныя праблемы. Ніілу трэба было яшчэ шмат пацець на сваёй гітары, каб навучыцца хутка мяняць акорды. Холгеры быў куды спрытнейшы ў тэхніцы, але, з іншага боку, быў глухі да таго, што рабілі астатнія. Ён пачынаў або залішне рана, або са спазьненьнем, і амаль ніколі ня ўпісваўся ў мэлёдыю. Я спрабаваў быў па-сяброўску паразмаўляць зь ім на гэты конт, але ён або ня слухаў або толькі загадкава ўсьміхаўся. Холгеры быў з тых людзей, каму цяжка быць простымі. Ён нібы карункі выплятаў са сваёй музыкі. Просіш яго ўзяць ноту, а ён табе акорд, падстроісься пад ягоны акорд, а ён табе адразу рыф, прыйшоўся даспадобы рыф, як Холгеры кідае яго й выдае сола або робіць пераход у іншую танальнасьць. За ім немагчыма было ўгнацца. Першы час Нііла адчуваў да Холгеры непрыязь — рэч, вядома, была ў зайздрасьці, — але разам з тым ён разумеў, што бяз гэтага хлопца нам не абысьціся.

Нярэдка па вечарах Холгеры сядаў на рассоўную канапу ў сябе ў Кіхланкі й даставаў гітару памерлага бацькі. З-пад ягоных хлапчуковых пальцаў пачыналі вялізнымі матылямі вылятаць акорды. На лёгкіх крылах яны падымаліся над крэсламі й канапамі, падляталі да печкі, на якой булькаў чыгунок з бульбаю, кружыліся над насьценным календаром, ківачом і тканым пано, над газэтнаю выразкаю з партрэтам каралеўскай пары ды выяваю куміра моладзі Гонкена Гольмквіста, прынюхваліся да хлеба й збаноў на стале, імкліва ныралі да начнога гаршчка й веніка, праносіліся каля школьнага ранца й гумавых ботаў, падымаліся зноўку ўверх, да маці ў фатэлі, рабілі кола над ваўняным клубком і сьпіцамі ў жвавых руках, пасьля кідаліся да вазонаў з кветкамі — бягоніі ды цешчынага языка, — падымаліся да акна, мімаходам глядзелі на паплавы, бярозы й пяшчотнае вечаровае сонца, праляталі каля швейнай машынкі, побач з драўлянаю скрыняю радыётрансьлятара, каля адзежнай шафы са скрыўленымі дзьвярыма, а пасьля зноў вярталіся ў гітару у змрочную сьвідравіну, каля выхаду зь якой ужо цясьніліся новыя матылі — у чаканьні падарожжа.

РАЗЬДЗЕЛ 14

— пра дзікую сутычку ў паяльскім калектары ды пра тое, як мы неўспадзеўкі атрымалі бубнача

Не зважаючы на заклікі Лестадыюса ды перасьцярогі Міністэрства аховы здароўя, нягледзячы на шматлікія горкія прыклады сярод сваіх родных і знаёмых, некаторыя з маіх аднаклясьнікаў панадзіліся выпіваць па выходных. Турнэдален належыць да таго гарэлачнага геаграфічнага поясу, які цягнецца праз усю Фінляндыю й заходзіць углыб Расеі, таму галоўнаю справаю нашых старшаклясьнікаў у вольны час было надрацца. У часе перапынкаў гэтыя выпівохі-пачаткоўцы, якія знайшлі ўжо свой шлях выратаваньня, прапаведвалі сябрам «Эвангельле 0,75», а дрэнны прыклад, як вядома, заразны.

У гэты час хлопцы з Каўнісваары пачалі распускаць чуткі пра тое, што яны зь лёгкасьцю перап'юць каго заўгодна ва ўсім Норботэне. Доказы прыводзіліся бясспрэчныя. Летась яны завіталі ў Еліварэ й Кіруну ды перапілі там усіх сваіх субутэльнікаў, нават юнакоў з прасьпіртаваных шахцёрскіх сем’яў, у якіх у родзе былі яшчэ й чыгуначнікі, а калі ўжо гэтыя не ўстаялі, які ўвогуле можа быць сумнеў.

Каўнісваарцы зарваліся ўрэшце канчаткова: казалі, што гатовыя кінуць выклік кожнаму, хто ўсумніцца ў іхняй перавазе. Крыху паразважаўшы, паставіць нахабнікаў на месца вырашылі два браты з Паскаянкі. А яны лічылі сябе ня толькі добрымі знаўцамі выпіўкі, але й майстэрскімі арганізатарамі, таму браты надумалі абвесьціць «запойны» чэмпіянат раёну.

Навіна хутка дайшла да ўсіх моладзевых груповак у акрузе. Правілы былі простыя: юнацкі чэмпіянат, удзельнікі не старэйшыя за дзявятую клясу. Навіна кацілася між тым далей: спаборніцтва абмяркоўвалі ўжо ў аўтобусах, за гульнёю ў покер і нават у спартовых сэкцыях. Прадстаўляць сваю мясцовасьць мог толькі адзін удзельнік, таму сьпярша прайшлі жорсткія адборачныя спаборніцтвы. Неўзабаве, вечарам пятніцы на пачатку кастрычніка, прыйшоў час самога фіналу.

Спаборніцтва мусіла адбыцца ў старым паяльскім калектары. У той час ён стаяў каля абрыву ракі непадалёк бажніцы — чырвоны цагляны будынак, прасякнуты ледзь чутным, але ўсё ж выразным пахам лайна. Таму мясцовая братва аблюбавала калектар для таго, каб гатаваць брагу: скрозь патаемны люк на даху яны прабіраліся на гарышча, у свой зацішны куток. Там біклагі з бражкаю маглі бесьперашкодна прэць днямі, бо дражджавы пах перамешваўся з клаачным водарам.

Я сябраваў з паскаянскімі братамі, таму пагадзіўся дапамагаць ім з рыхтаваньнем пры ўмове, што нам зь Ніілам дазволяць папрысутнічаць на чэмпіянаце. Мы зьнесьлі біклагі ўніз і напоўнілі іх вадою; выраб самой брагі даверылі больш дасьведчаным таварышам. Пякарскія дрожджы й цукар, а ў некаторыя пасудзіны — нават бульба ды разынкі. Закваску пакідалі на пару тыдняў каб тая настаялася ды набралася водару й мацунку. Ачышчэньне самагону было не для братоў з Паскаянкі. Праўда, трое хлопцаў зь іхняга кварталу гналі свой напой пад фірмоваю назваю «ХіЛаГу» (у гонар саміх сябе) і нават з самапальнаю этыкеткаю, але сівухі ў ім было столькі, што валасы старчма станавіліся. Старэйшы брат, які больш кеміў у тэхніцы, таксама паспрабаваў аднойчы выгнаць самагон, употай змайстраваўшы апарат у сваёй рамеснай вучэльні. Агрэгат ён паставіў на пліту ў гаражы, але недастаткова шчыльна прыкруціў трубкі, таму пары этанолу загарэліся ды ўся гэтая чартаўня ўзьляцела ў паветра. У лякарні хлопец патлумачыў, што свае шматлікія апёкі ён атрымаў, калі перакуліў на сябе чыгунок з гарачаю бульбаю, а што да дражджавога паху на адзеньні, дык гэта ад мамчынай закваскі, якую ён на сябе выліў, каб астудзіцца. На памяць пра гэтую гісторыю ён атрымаў мянушку Бохан ды бурыя плямы на безвалосай руцэ.

Пасьля гэтага інцыдэнту браты сышліся на агульным меркаваньні, што гнаць самагон недарэчна: гэта ж поўнае глупства, у якім няма ніякага сэнсу ды якое да таго ж пагаршае смак і разбурае найкаштоўнейшы вітамін В. Сапраўдны мужык мусіць паважаць брагу, толькі пры такой умове можна было ўдзельнічаць у чэмпіянаце.

Мы дачакаліся вечара, калі калектарная апусьцела — працоўныя ня мелі ніякага ўяўленьня пра спаборніцтва.

Пад аховаю начной цемры чарада хлопцаў — каля дзесяці чалавек — пачала спускацца праз слыхавое акно. Усе сабраліся на захламленым гарышчы, патанулым у зьедлівым смуродзе. Удзельнікі селі ў кола на падлозе. Пачалі пільна разглядаць адзін аднаго.

Хлопец з Корпіломбала меў прышчавы лоб, на які мэлянхалічна зьвісаў чорны чуб. Удзельнік зь Юнасуанда ўвесь час хмыліўся, выпінаючы ніжнюю губу, — тыповая рыса для прадстаўнікоў ягонага раёну. У хлопца з Тэрэндэ быў падбародак зь ямкаю ды адвіслы нос бульбінаю. Прэтэндэнт з Муадасломпала, зь цёмнымі авечымі космамі на галаве, увесь час нэрвова сплёўваў. Паялу такім чынам, прадстаўляў Бохан — граміла зь нізкім лобам і блакітнымі, крыху раскосымі вачыма. Акрамя таго, удзельнічала яшчэ пара вясковых хлопцаў. Хлопец зь Ляйньё меў амаль што богабаязны выгляд — бледны, з пужлівымі й вялізнымі, як у лані, вачыма. Торынэнскі хлопец меў агромністыя, як у лесаруба, далоні, якія не вязаліся зь ягонымі непрапарцыйна тонкімі, недаразьвітымі ручкамі, а ягоны вуграваты нос, падавалася, быў увесь аблеплены гнюсам. Выбраньнік Каўнісваары, які лічыўся фаварытам спаборніцтва, быў адным з найлепшых мясцовых лыжнікаў на доўгія дыстанцыі — танкагубы бамбіза, са схіленым наперад торсам; яшчэ калі ён быў чатырнаццацігадовым падлеткам, то здужаў заняць адзінаццатае месца ў абласным забегу ў Шэлефтэа, а ягоныя лёгкія не саступалі ў аб’ёме трактарнаму колу. Падтрымаць удзельнікаў прыйшло з паўтузіна іхніх землякоў, якія мусілі сачыць, каб усё ішло паводле правілаў.

Малодшы брат Бохана, Эркі, з урачыстым выглядам адкаркаваў першую біклагу. Нізкарослы, але моцна зьбіты васьміклясьнік праславіўся як зацяты баец, майстар кулачнага бою. Убачыўшы пеністую брагу, ён адчуў такую смагу, што пачаў патрабаваць, каб яго ўзялі дадатковым удзельнікам. Але яму адмовілі, бо ў Паялы ўжо быў свой удзельнік. Эркі пачаў тады напіраць на тое, што ў яго саамскія карані, пералічыў усіх сваіх продкаў, пакаленьне за пакаленьнем, і з выклікам патрабаваў, каб Бохан пацьвердзіў ягоны радавод. Урэшце сышліся на кампрамісе: Эркі мусіў удзельнічаць як прадстаўнік лясных саамаў з Сатаярві, а ягоныя абавязкі памагатага на турніры пераходзілі да нас зь Ніілам.

Мы адразу ж пачалі разьліваць брагу. Я нахіляў біклагу, а Нііла разносіў кубкі. Усе вокамгненна выпілі ў поўным маўчаньні. Неадкладна выпілі па другой. Бадзёрае бульканьне й хлюпаньне. Кубак нумар тры. Калі апустошылі й яго, спатрэбіўся кароткі перадых, каб адрыгнуць і набіць пад губу сьвежага тытуню. Удзельнікі касавурыліся адзін на аднаго й мармыталі пад нос, што слабейшай брагі яшчэ трэба пашукаць і што ў іхняй мясцовасьці такі напой немаўляты з бутэлечкі смокчуць. Заўзятары ды назіральнікі дамагліся права правесьці дэгустацыю. Я адсёрбнуў глыток — і ў мяне нібы сырая бульбіна ў горле захраснула. Брага нагадвала дражджавы настой для цеста ды была, халера, надта моцнаю.

Тут народ нецярпліва нагадаў мне пра мае абавязкі ў гэтай даліне скрухі, і я прыцягнуў і адкаркаваў наступную біклагу. Дзеля справядлівасьці я стараўся наліваць у кубкі пароўну, а Нііла сачыў за тым, каб усе выпівалі. Настрой пачаў відавочна выпраўляцца. Неўзабаве маўчаньне зьмянілася на жвавае балбатаньне па-турнэдаленску. Больш за ўсіх радаваўся, бадай, Эркі, бо яго дапусьцілі да ўдзелу праз ласкавы дазвол астатніх, і ён кінуўся дзякаваць усім пэрсанальна, паціскаючы кожнаму руку, пакуль Бохан не папрасіў яго заткнуцца ды не парушаць спартовай канцэнтрацыі.

Як звычайна бывае, ап’яненьне прынесла з сабою самыя дзівосныя мэтамарфозы. Хлопец з Компіломбала засьвяціўся ясным сонейкам і пачаў травіць непрыстойныя показкі пра настаўнічак. Юнасуандзец, нахмурыўшы бровы, пачаў скардзіцца на тое, колькі нацыстаў было ў суседніх вёсках ў трыццатыя гады; сьцяміўшы, што гэта быў камень у ягоны агарод, хлопец з Тэрэндэ прыгадаў зьвесткі наконт колькасьці прыдуркаў у Юнасуанда. Хлопец зь Ляйньё, забыўшыся ўмомант на сваю набожнасьць і сарамлівасьць, прапанаваў згуляць партыю ў покер па кроне на кон. Каўнісваарскі ўдзельнік зьедліва пацікавіўся, калі гэта лестадыянцы зь Ляйньё зрабіліся такімі азартнымі. На што муадасломпалец, напусьціўшы на сябе таямнічасьці, пачаў апавядаць, што рэч была ў крыві францускіх каралеўскіх асобаў, якія інкогніта наведвалі нашыя землі ў XVIII стагодзьдзі. Прадстаўнік Торынэну адказаў, што, паводле ягоных зьвестак, Муадасломпала больш славіцца сваімі крывавымі вэндэтамі ды ўсеагульным кровазьмяшэньнем. Бохан зноў раўнуў, каб усе заткнулі свае пашчы, пасьля чаго ўсе пачалі ганіць Pajalan piksipojat зь іхнім навамодным глупствам наконт зьліцьця муніцыпалітэтаў (у адзін, Паяльскі), ад чаго гэтыя надзьмутыя паяльцы пачалі лічыць, быццам яны нешта зь сябе ўяўляюць.

Пасьля двух новых кубкаў настрой зрабіўся яшчэ больш непрыязным. Адначасова аргумэнты рабіліся менш доказнымі, а мова страчвала сваю выразнасьць. Адзіны, хто ўсё яшчэ захоўваў весялосьць, хлопец з Корпіломбала, нечакана ўзьняўся са свайго месца. Ён, вядома, дужа выбачаецца, але мусіць пакінуць турнір, бо яму раптам неверагодна закарцела паперыцца, і ён запытаўся, ці няма ў нас тут у Паяле якой цёлкі без забабонаў. Эркі ў падрабязнасьцях апісаў шлях да дому нашай састарэлай матэматычкі ды, хітра ўсьміхаючыся, пажадаў лавеласу ўдачы. Астатнім падумалася, што прыйшоў час разьвязаць бойку, але сьпярша трэба было адліць і як сьлед раззлавацца. Схадзіўшы да ветру, усе нечакана пачалі пакутаваць ад нясьцерпнай смагі, і мы зь Ніілам не марудзячы вярнуліся да сваіх абавязкаў.

Павекі пацяжэлі ды не хацелі падымацца. Язык набрак у роце. Бражныя выпарэньні напоўнілі пакой кіслым балотным смуродам. Юнасуанда й Тэрэндэ абмяняліся вялымі кухталямі, пасьля чаго рухнулі ў абдымкі адзін аднаго ды так і адключыліся. Ад гэтае сцэны муадасломпалец дзіка зарагатаў, а пасьля схапіў пустое вядро ды пачаў ванітаваць. Пасьля чаго голасна заявіў, што патрабуе працягу спаборніцтва, але неўзабаве ён таксама заснуў і галава ягоная бязвольна абмякла на грудзях. Каўнісваарскі хлопец пагардліва фыркнуў — што ўзяць з гэтых пачаткоўцаў.

Яшчэ пара новых заходаў. Удзельнік зь Ляйньё сам ня верыў, што столькі пратрымаўся: усе ягоныя родзічы былі шчырымі вернікамі, а ён сам пачаў піць так нядаўна, што яшчэ не пасьпеў нават прызвычаіцца. Прадстаўнік Торынэну разьлічваў на сваю спадчыннасьць, ён пачаў пералічваць усіх выпівохаў у сям’і ды пасьпеў налічыць ужо з два тузіны, калі раптам заваліўся на бок ды так і застаўся ляжаць.

Нііла выцягнуў яшчэ адну біклагу. Бохан ды каўнісваарац зласьліва пераглянуліся, нібы два змардаваныя баксэры, і сынхронна выпілі. Заставаўся яшчэ хлопец зь Ляйньё ды Эркі, якога не гняло суперніцтва, і ён па-ранейшаму піў дзеля асалоды. Бохан часткова страціў дар мовы ды мог цяпер спараджаць толькі галосныя гукі. У каўнісваарскага хлопца, у сваю чаргу, узьніклі праблемы са зрокам: кубак ён мог убачыць, толькі прымружыўшы адно вока. Ён скарыстаўся, аднак, са сваёй вэрбальнай перавагі над астатнімі ды зацягнуў амаль без запінак, песьню паяльскіх страйкаў. Тады хлопец зь Ляйньё прапанаваў усім камуністам каціцца ў свае ўлюбёныя сібірскія сьнягі, а пасьля пачаў сьцьвярджаць, што Ленін быў у інтымных зносінах са Сталіным і што Маркс, без сумневу, далучыўся б да іх, калі б не пасьпеў памерці. Потым ён яшчэ раз са зьдзіўленьнем адзначыў як кайфова было грашыць і што ён пачаў бы значна раней, калі б ведаў Напрыканцы, шчасьлівы й задаволены, ён ціхенька прытуліўся да сьцяны ды заснуў не памаліўшыся на ноч.

Заўзятары, адчуўшы хуткае заканчэньне, пачалі падбадзёрваць сваіх удзельнікаў. Трое, з Каўнісваары, паходзілі зь сем’яў з традыцыямі дарожных страйкаў ды сталіністамі. Яны памоўчвалі, пакуль былі цьвярозыя, а выпіўшы, загарлапанілі, што камуністычнае п’янства ўзмацняе мяцежны дух і завастрае аргумэнты ды што нідзе больш ня ўбачыш такіх вясёлых папоек, як на сходах «Чырвонай моладзі». Падтрымаць Паялу прыйшлі двое — з Наўрысаха й Паскяянкі; абодва лічылі сябе сацыял-дэмакратамі, таму атмасфэра значна абвастрылася. Калі Бохан і каўнісваарац атрымалі па новым кубку, каўнісваарскія заўзятары пачалі пагражаць супернікам расправаю ў традыцыйным парадку: спачатку ў ход пайшлі смачныя турнэдаленскія параўнаньні, потым — наўпроставы тэкст, пасьля — пагрозьлівыя жэсты ды напрыканцы — задзірлівыя погляды. Некалькі ўзмахаў рэвалюцыйным молатам — і сацыял-фашысты засікаюць крывёю. Паяльцы тады зьедліва пацікавіліся, што гэтыя рэвалюцыянэры зрабілі карыснага для гісторыі нашай мясцовасьці, акрамя ўзарваньня аўтобуса непадалёк Кегнісу ды маханьня рэвальвэрамі ў далёкіх лясных старожках. На што каўнісваарская банда закрычала ў адказ, што такое могуць малоць толькі языкі тых, хто ліжа дупы начальнікаў, і што сёньня дух працоўных такі самы моцны, як і раней. У апошні момант паміж ваяўнічымі групоўкамі падняўся Эркі ды ледзь варочаючы языком, але з хітрынкаю ўваччу заявіў, што хоць яго даўно ўжо й цягне да камунізму, але тусоўкі «арлянят», асабліва з дармавым сокам і тартамі, яму таксама даспадобы, і таму ён пакуль яшчэ канчаткова ня вызначыў сваёй палітычнай прыхільнасьці. Абедзьве хеўры кінуліся яго дубасіць, каб накіраваць на верны шлях, а я між тым зноў напоўніў усе кубкі.

Бохан быў вымушаны сядзець, прытуліўшыся да сьцяны, каб ня ўпасьці. У хлопца з Каўнісваары цяпер дваілася ўваччу нават калі ён прымружваў вока, ды яшчэ павекі трэба было ўвесь час падтрымліваць пальцамі. Абодва прыціхлі. Яны ўжо мінулі мяжу болю, і атрута сеяла цяпер толькі сьмерць і паралюш. Рука каўнісваарца раптам абвісла, вока заплюшчылася. Настала поўная цішыня. Але ў той момант, калі ўсе палічылі справу вырашанаю, хлопец гучна абвесьціў, што калі ягоная армія выйшла з-пад кантролю, яму спатрэбіцца староньняя дапамога. Тады адзін зь ягоных сябрукоў паднёс кубак да ягоных вуснаў і перакуліў у цёмную бездань. Бохан, у сваю чаргу больш не рэагаваў на запытаньні, бо канчаткова аглух, але мову жэстаў ён па-ранейшаму ўспрымаў. Ён змог самастойна падняць кубак, але з глытаньнем было ўжо складаней — ён мусіў ліць паціхеньку і вадкасьць сама, булькочучы, зацякала ў горла. Тады я прапанаваў абвесьціць нічыю. Але каўнісваарскія заўзятары абурана адказалі, што яны не такія баязьліўцы, каб аддаць гэтым паяльскім прахвостам перамогу, якая была ўжо ў кішэні.

Я зноў напоўніў кубкі. Іх апустошылі такім самым чынам. Я пачаў настойваць, не на жарт занепакоены, каб перамогу падзялілі на дваіх, бо абодва прэтэндэнты страцілі прытомнасьць. На што каўнісваарцы, прыпадняўшы павека свайго героя, паказалі, што зрэнкі ня толькі не закаціліся, але й палалі прагаю перамогі. Пасьля зараўлі Бохану ў вуха, ці будзе ён працягваць, і прапанавалі адкрыць рот, калі ён згодны. Бохан разявіў пашчу, і ўдзельнікі выпілі па новай.

Спустошыўшы й гэты кубак, яны перасталі зусім падаваць прыкметы жыцьця. З абодвух бакоў рабіліся спробы вярнуць фаварытаў да прытомнасьці. Бохан абмяк у ненатуральнай позе, а каўнісваарскі прадстаўнік заходзіўся сьлінаю. З маёй ініцыятывы мы паклалі іх бокам, выявіўшы пры гэтым, што абодва пасьпелі абмачыцца.

Між тым Эркі, запінаючыся, патрабаваў дабаўкі. Як і брат, ён амаль страціў дар мовы, але я ўсё ж зразумеў, чаго ён хацеў, і паднёс яму кубак. Эркі выпіў, а пасьля вымавіў па-фінску, але зь нейкім дзіўным замежным акцэнтам, што кубак запойнага чэмпіянату дастаецца лясным саамам з Сатаярві.

Заўзятары з Каўнісваары ды Паялы павярнуліся да мяне. Я, у сваю чаргу, павярнуўся да Ніілы. Ён кіўнуў і пацьвердзіў, што ўсё сыходзіцца. Эркі выпіў на адзін кубак больш за астатніх. Эркі, ледзь варочаючы языком, з ухмылкаю абвесьціў, што ніколі ў жыцьці так не напіваўся. Сацыяліст ён або камуняга — гэта ён вырашыць апасьля, бо цяпер яму трэба, шчыра кажучы, адліць.

Мы зь Ніілам дапамаглі Эркі выбрацца на дах. Зломленыя каўнісваарцы засталіся й пачалі з роспачы выпіваць, абмяркоўваючы нядаўнія выпадкі самагубстваў. Тут Бохан пачаў ванітаваць, і паяльцы, заўважыўшы гэта, прачысьцілі яму рот, каб хлопец не задыхнуўся. Кісла-салодкі прыпах паведаміў пра тое, што ў народу пачалася ўжо срачка. Пераможаны каўнісваарац выглядаў падазрона белым, але ўсе верылі, што моцнае сэрца лыжніка не падвядзе. Астатнія храплі як сьвіньні— хто з расплюшчанымі, хто з заплюшчанымі вачыма — у шчасьлівым няведаньні наконт заўтрашняга дня.

А каля сьцяны калектару прымасьціўся Эркі, размалёўваючы восеньскую ноч дымнымі мазкамі. Я шчыра павіншаваў яго зь перамогаю, і тут мне ў галаву прыйшла адна ідэйка. З урачыстым выглядам я абвесьціў, што ў якасьці пераможцы моладзевага чэмпіянату Эркі чакае прыемны дадатковы прыз, а менавіта — месца бубнача ў самым пэрспэктыўным моладзевым рок-гурце Паялы.

Нііла адкрыў быў рот, але я пасьпеў штурхнуць яго ў бок, і ён прамаўчаў. Эркі адказаў, што бубнавых палачак ён нават і на фота ня бачыў. Але я супакоіў яго тым, што калі ўжо ён можа ўпраўляцца ў такім стане зь пісюном, дык і з бубнаваю палачкай справіцца. Эркі так затросься ад сьмеху, што струмень паляцеў у розныя бакі, — на тым і пагадзіліся.

У наступны панядзелак на абедзенным перапынку адбылося нараджэньне нашага рок-гурта. Мне гэты дзень запомніўся з шэрагу прычынаў. Хоць з нашага чэмпіянату мінула ўжо два дні, Эркі ўсё яшчэ змагаўся з бадуном. Гэта яшчэ нічога ў параўнаньні зь ягоным братам Боханам, які кожны раз, ванітуючы, бажыўся, што завяжа, і ён насамрэч завязаў — на некалькі тыдняў. Хлопец з Каўнісваары змагаўся з наступствамі паводле жорсткай праграмы практыкаваньняў: ён бегаў па гіганцкіх балотах у бацькоўскіх гумавых ботах, набіўшы іх для цяжкасьці камянямі, калоў дровы напераменку то праваю, то леваю рукою, а яшчэ скруціў з ровара седала, каб не адпачываць без патрэбы, і езьдзіў так у паяльскую школу, дыхаючы ўдвая радзей.

Калі Эркі даведаўся, што іграць трэба ажно дзьвюма палачкамі, ён хацеў быў ужо біць адбой — гэта ж удвая больш, чымся дамаўляліся. Напрыканцы ён здаўся ды зь неахвотаю ўсеўся за школьныя бубны, учапіўся за палачкі, быццам гэта былі сякеры, і з усёй моцы пачаў дубасіць па літаўрах. Усё закружылася ў тарнада: штатывы, талеркі ды астатнія прыбамбасы. Эркі замер на хвіліну з адсутным выразам уваччу. Пасьля з упэўненасьцю канстатаваў, што бадун нібы пачаў адпускаць. З энтузіязмам сабраў назад бубны ды паўтарыў спробу, але вынік быў такім самым разгромным. Між тым ад галаўнога болю не засталося амаль што ні сьледу. Казырна! Яшчэ хвілінку пайграць, дык тады, можа, і трэсьці перастане, і ў пот кідаць ня будзе.

Я ўзяў басуху ды паспрабаваў унесьці хоць якую складнасьць у ягоны амаль нулявы рытм, а Нііла з Холгеры запаўнялі паўзы гітарамі. Пра прытрымліваньне танальнасьці ў нас і гаворкі не ішло — да гэтага было яшчэ далёка. Эркі, здавалася, зусім забыў пра нашае існаваньне: перакошаныя вочы, высалаплены язык, разьдзьмутыя шчокі. У яго, такім чынам, зь першага разу атрымалася зрабіць такі самы дэбільны выраз твару, які бывае ва ўсіх прафэсійных бубначоў падчас ігры, хоць астатні час яны выглядаюць як нармальныя людзі.

Без папярэджаньня, у самы разгар сола Холгеры, Эркі нечакана кінуў палачкі ды пачаў расшпільваць рамень. Мы зьбянтэжана змоўклі. Эркі сказаў, што рок-музыка — самая ачмурэнная штука з тых, што ён спрабаваў у жыцьці, уключаючы п’яныя гулянкі ды ананізм. З асалодаю ад сэксу ён, праўда, параўнаць ня можа, бо сам не спрабаваў, але ён усё ж думае, што гэта поўная бздура — бо ўжо залішне рэклямуюць гэтае траханьне.

Я папрасіў яго сыграць яшчэ раз, толькі цяпер ужо з зададзенаю частатою. Эркі крыху павагаўся, але сыграў усё ж зноў. У выніку атрымалася яшчэ горш — нібы ў пекле спрацавала сыгналізацыя. Ад бубнаў на ўсе бакі паляцелі шчэпкі, на скураным пакрыцьці зьявіліся яміны, вінты на штатывах разбоўталіся, а самі штатывы разваліліся на часткі. Я глянуў на Ніілу. Той пакруціў галавою. Такой нерытмічнай, нечалавечай какафоніі мы й блізка не выконвалі. Холгеры ўжо пасьпеў адключыць гітару ды пачаў складваць яе ў футарал. А за ім ўсьлед і Нііла. Сам жа я пачаў думаць, як нам ветліва адшыць Эркі, каб не пакрыўдзіць яго. Сказаць, што ганаровая ўзнагарода была толькі на адзін дзень? Чаму б і не. Ён проста ня так усё зразумеў.

Эркі, аднак, мяне апярэдзіў. Ён падняўся, ды не пасьпеў я й слова сказаць, як ён ужо выйшаў з клясы, кінуўшы нам з напускным спакоем «убачымся».

У наступны момант з-за дзьвярэй данёсься зларадны рогат. Ціхі й трыюмфальны. Празь дзьвярны праём я ўбачыў, як на Эркі наваліўся Уфэ са сваім сябруком Ёўка. Яшчэ некалькі ягоных паплечнікаў стаялі побач. Двое рынуліся да Холгеры ды кінулі яго на падлогу зрабіўшы захват за шыю.

— Ну, што, сысункі! — зласьліва зашыпелі яны.

Я не на жарт перапужаўся. Жывот уцягнуўся, сасуды сьціснуліся, рыхтуючыся прыняць удар. Няма нічога горшага за няведаньне. Калі ты ня можаш ведаць, колькі часу працягнуцца зьдзекі гэтым разам. Колькі сінякоў ты атрымаеш. Як балюча будзе. Ці пасьпее прыйсьці Грэгер.

За дзьвярыма пачуўся крык. Пранізьлівы лямант. Што гэтыя сукі робяць там з Эркі? Каб толькі не нажом!

У гэтую сэкунду мне хацелася памерці. Пасьля я ўбачыў, як яны адпаўзаюць па падлозе. Як Ёўка тупа моргае вачыма, а зь ягонага раздрапанага да мяса брыва ручаём цячэ кроў. Уфэ таксама плаваў у лужыне крыві ды енчучы зьбіраў у ёй аскепкі пярэдніх зубоў.

Паплечнікі адступілі назад, спалатнелыя ад страху. Эркі, пакульгваючы, вярнуўся ў клясу, зь ніжняй губы й падбародка сачылася кроў.

— Больш яны чапляцца ня будуць, — спакойна сказаў ён.

РАЗЬДЗЕЛ 15

— пра тое, як пасьля лазьні язык урэшце вызваліўся з кайданоў, ды пра тыя рэчы, якія абавязаны ведаць кожны малады чалавек

У маёй сям’і цяплілі лазьню кожны суботні вечар — традыцыя, якая, напэўна, прыйшла да нас яшчэ з паганскіх часоў. Апошнім часам, калі ў сястры адрасьлі цыцкі, яна парылася адна, а пасьля яе заходзілі я, маці й бацька. Мы напускалі жару, löylyä і пацелі ды церліся мылам, каб ачысьціцца ад бруду й сала, зьдзіралі старую скуру, дралі вяхоткаю сьпіны ды чырванелі, як разабраныя тушкі зайцоў. Галоўнае правіла ў лазьні — не псаваць паветра. Гэтая мудрасьць таксама перадавалася ў спадчыну з пакаленьня ў пакаленьне, таму лепш ёй не пярэчыць, бо інакш могуць і з лазьні вышпурнуць.

Напрыканцы паддавалі яшчэ больш жару, так што рашчыняліся нават змылкі, і калі ты ўрэшце апалоскваесься крынічнаю вадою, то цела робіцца такім чыстым, што і ўявіць сабе складана.

Аднак гэтым вечарам усё пайшло інакш. Пасьля я зразумеў, што бацька ўсё сплянаваў загадзя — нешта ўвесь час вітала ў паветры. Нэрвовасьць. Мы ўселіся ў прылазьніку, дзе ў куце стаяла пральная машына. Маці пасьпешліва сышла, было відавочна, што яна хацела пакінуць нас адных. У бляшанай печцы ўтульна гарэлі, патрэскваючы, палены. Адно дужа ўпартае яловае палена абсыпала падлогу вугольчыкамі, і бацька тушыў іх мокраю ступнёю. Мы засмажылі па кавалку каўбасы ды з асалодаю пачалі есьці, папаўняючы ў целе запасы солі, якія выйшлі ў лазьні з потам. Бацька расправіўся са сваім півам і пачаў зьмешваць гарэлку зь ліманадам. За ўвесь гэты час ён ня вымавіў ані слова.

У звычайны дзень я сышоў бы, пакінуўшы бацьку самога. Я ведаў, што ён любіць адзіноту: можа гадзінамі сядзець перад печкаю ды глядзець на агонь, тоячы маркотныя думкі ў сваім угорскім сэрцы. Але гэтым разам я адчуваў нешта новае. Гэта была тая інтуіцыйная сувязь, якая ўзьнікае паміж бацькам і сынам, калі яны пасядзяць пэўны час моўчкі. Тады яны ператвараюцца ў двух самцоў, прынюхваюцца да поту адзін аднаго, прыслухоўваюцца да дыханьня. Ты напружваеш цягліцы, а пасьля расслабляесься, і скрозь скуру й кроў да цябе даносіцца прыглушанае бурчаньне страўніка. Ты робісься арганікаю. Агаляесься. Сьціраеш з лоба зморшчыны ад будзённых фразаў.

Бацька кашлянуў, каб прачысьціць горла, але некалькі хвілінаў сядзеў моўчкі. Зноў кашлянуў, нібы разьмінаючы язык. Выпіў. Я падкінуў у агонь новае палена. Паглядзеў на запацелую шклянку з халодным напоем.

— Цяпер, калі ты ўжо дарослы... — пачаў ён урэшце па-фінску.

Я не адказаў. Падумаў, што шчаціньня ў мяне пакуль яшчэ няма, але я пачаў грубіяніць, дый ступні значна павялічыліся, — першыя прыкметы ўзмужненьня.

— Ты, напэўна, часам задумваўся... Задаваўся пытаньнямі...

Я глянуў на бацьку ды са зьдзіўленьнем убачыў, што ў яго ўздрыгваюць жаўлакі.

— Пытаньнямі пра жыцьцё... пра людзей... Цяпер, калі ты ўжо падрос, табе трэба ведаць...

Бацька перапыніўся ды зноў выпіў, увесь час пазьбягаючы глядзець мне ў вочы. Я вырашыў, што ён будзе чытаць мне лекцыю пра сэкс. Прэзэрватывы ды ўсё такое.

— Гэта мусіць застацца паміж намі. Мы можам давяраць адзін аднаму. Як мужчына мужчыну.

І ён першы раз перавёў на мяне позірк і паглядзеў мне ў самыя вочы. Я кіўнуў. Ён зноў перавёў погляд на агонь.

— Мой бацька, а значыцца твой дзед, быў у маладосьці бабнікам. Таму ў мяне ёсьць два зводныя браты, — не разводзячы каніцелі сказаў ён. — Яны майго веку, і ў іх ёсьць свае малыя. Такім чынам, тут у Паяле жывуць пяць тваіх дваюрадных родзічаў пра якіх ты нічога ня ведаў і тры зь іх — дзяўчынкі, ты мусіш іх ведаць, каб пазьбегчы кровазьмяшэньня.

Ён пералічыў іх. Адна зь іх вучылася ў паралельнай клясе ды была даволі сымпатычнаю.

— Цяпер наступнае. У нашым раёне жывуць дзьве сямейкі, якія нарабілі нам шмат зла ў свой час і якіх ты ў далейшым мусіш ненавідзець. Адзін выпадак сягае сваімі каранямі ў 1929 год, у ілжэсьведчаньне на судовым працэсе, а другі — датычыць паплавоў, якія сусед бацькі тваёй прабабкі падманам забраў у нашай сям’і ў 1902 годзе. За абедзьве гэтыя несправядлівасьці ты будзеш помсьціць усімі сродкамі, як толькі падвернецца шанец, пакуль гэтыя паскуднікі не павіняцца й за ўсё не заплацяць, а яшчэ пакуль на каленях не падпаўзуць прасіць прабачэньня.

Бацька зрабіў мне кароткія ўводзіны ў хітраспляценьні нашай варожасьці цягам шматлікіх гадоў. Там былі звароты ў суд і сустрэчныя пазовы, падробленыя даведкі, хабары службовым асобам, а яшчэ рукапрыкладзтва, лісты з пагрозамі, пашкоджаньне маёмасьці, спробы шантажу, а аднойчы быў нават выпадак, калі ў нас выкралі пэрспэктыўнага паляўнічага сабаку ды зрабілі яму прарэзы на вушах, як аленю ў статку. І нішто не магло спыніць жорсткія выхадкі гэтых шаленцаў. А самым жудасным было тое, што нашыя ворагі распускалі пра нас усялякія чуткі ды груба перабольшвалі маштаб тых нешматлікіх процідзеяньняў, на якія мы пайшлі. Таму я мусіў цяпер трымаць вуха востра на танцах ды іншых публічных зборышчах, дзе я самым падступным чынам мог зрабіцца аб'ектам помсты ў якім там цёмным куце або кустах.

Ён назваў мне прозьвішчы гэтых сем’яў, а яшчэ падрабязна пералічыў усе адгалінаваньні, хто з кім ажаніўся, бо ў асобных выпадках яны мелі ўжо новыя прозьвішчы, але кроў у іхніх жылах была такая самая атрутная. Тут мне таксама трапілася знаёмае імя — хударлявага вясковага хлопца зь дзявятай клясы, якому да мяне быццам і справы не было. Бацька патлумачыў, што менавіта так яны сябе й паводзяць — робяць выгляд бяскрыўднай авечкі ды ўсыпляюць тваю пільнасьць, пакуль ты не павернесься да іх сьпінаю. Не адзін наш продак, атрымаўшы нажавыя раненьні ды пераломы, горка пашкадаваў пра сваю даверлівасьць, запэўніў мяне бацька.

Я завучыў усе імёны, а бацька дапытаў мяне пасьля, каб я нічога не забыў і не прабачыў ворагам толькі праз сваю ляноту. Бацька піў і рассылаў праклёны, а я мусіў падтакваць яму ды разам зь ім пырхаць і выношваць падступныя пляны. Ён прапанаваў мне зрабіць кар’еру ў гарадзкой адміністрацыі, бо на такой высокай пасадзе можна такога нарабіць, да таго ж бяскарна, а калі яшчэ з розумам ажаніцца, праз сваіх сватоў можна так пад гэтых клятвапарушальнікаў і хапугаў падкапацца, што жыцьця ім ня будзе ў нашай мясцовасьці.

Бацька ўжо больш ня зьмешваў зь ліманадам, а пачаў адсёрбваць гарэлку з бутэлькі. Цяпер ён перайшоў на тэмы больш агульнага зьместу. Раз я ўжо неўзабаве зраблюся працоўным мужыком, я мушу ведаць імёны тых, хто быў штрайкбрэхерам у часе дарожнага страйку 1931 году ды страйку на лесасплаве ў Аланэн Кіхланкіёкі ў 1933 годзе; таксама тых, хто быў нацыстам — у Тэрэндэ, Антысе ды нават у самой Паяле; яшчэ імёны даносчыкаў — сярод іх былі й такія, хто па-ранейшаму лічыў сябе сацыял-дэмакратам, а сам у часе Другой сусьветнай вайны пасылаў нашых братоў-камуністаў у Стурсьенскі канцлягер, каб іх расстралялі там, калі Гітлер наложыць лапу на Швэцыю. Яшчэ бацька сказаў, хто зь іх павініўся, а хто не, і дадаў, што сваякам апошніх было б няблага нагадаць пра гэта, калі падвернецца добры выпадак.

Бацька назваў мне прозьвішчы натоўпу сваякоў, якія трэба было помніць, і зноў сярод іх патрапілі імёны маіх школьных таварышаў. Бацька лічыў, што трэба паўтарыць усе імёны, што мы як сьлед і зрабілі. Пасьля ён у агульных рысах расказаў мне гісторыю працоўнага руху чаму напрыклад, некаторыя злапомныя сацыялісты яшчэ й сёньня абыходзяць бокам «Хапарандзкі весьнік» і «Норботэнскі кур’ер», чаму трэба хадзіць ва ўнівэрсамы «Консум», а не ІСА, а таксама чаму па-ранейшаму людзі ставяцца зь недаверам да мытнікаў, лесьнікоў, выкладчыкаў вучэльняў і лестадыянцаў.

Пасьля бацька перайшоў да разьдзелу кур’ёзаў і пераказаў мне гісторыю сэкты Корпэлы — дэталёва, з імёнамі ўсіх замешаных родзічаў. Ён што дурны рагатаў, калі расказваў, як тыя, чакаючы крышталёвы каўчэг, размалёўвалі сабе інтымныя часткі, а пасьля скакалі й лаяліся горш за лесарубаў, замест «трахацца» яны казалі «есьці», бегалі з аленевымі рагамі на галаве, сядлалі адзін аднаго, напіваліся брагі, а пасьля накладалі ў штаны ў машыне паліцыі, карацей кажучы, весяліліся так, як толькі можна было на невялікія вясковыя прыбыткі.

Ад зьдзіўленьня ў мяне акругліліся вочы — бацька, напэўна, жартаваў зь мяне, бо я ўпершыню чуў пра такую сэкту. Бацька дадаў, што ён нават зьмякчыў расповед, астатняе ён раскажа, калі я памужнею ў сэксуальным пляне.

Турнэдален проста зьмяняўся перад маімі вачыма. Па ўсёй мясцовасьці, ад чалавека да чалавека, працягваліся цяпер тонкія нябачныя лёскі. Яны ўтваралі моцнае, вялізнае павуціньне з чалавечай нянавісьці, юрлівасьці, страхаў і ўспамінаў. Чатырохмерная сетка, ліпкая павуціна якой цягнула свае ніты ў мінулае, у будучыню, апускалася пад зямлю да памерлых і падымалася ў нябёсы да яшчэ не народжаных, — пад уплыў яе сілавога поля патрапіў і я, хацеў я гэтага ці не. Яе моц і прыгажосьць пужалі мяне. Да гэтага я быў дзіцём, а бацька адкрыў мне на ўсё вочы. На мае карані, культуру — можна называць гэта як заўгодна, але гэта было маё.

Напрыканцы бацька расказаў пра нашыя ўласныя грашкі. Сярод нашых сваякоў былі п’янчугі. Таму ён пакуль мне не налівае, я мушу дачакацца паўналецьця, тады ўжо магу пачынаць труціцца алькаголем; выпіваньне — няпростая навука, якая патрабуе майстэрства й сталага падыходу. А калі мне гарэлка пачне раптам падавацца смачнаю — тут ужо беражыся! Для звычайных людзей гарэлка мае ўласьцівасьць прыносіць цяпло й вясельле, застаючыся між тым горкаю ды дурною. Але бацька неаднойчы чуў ад забулдыгаў, што ім даспадобы сам гарэлачны смак, таму й захрасьлі яны ў гэтай дрыгве.

Да таго ж некаторыя з нашых сваякоў, як напіваліся, зусім шалелі. Але й тут складана што наперад казаць, пакуль сам не паспрабуеш, але ведаць усё ж трэба, бо калі ў цябе слабая ўстойлівасьць да піва, дык і штраф табе могуць уляпіць, і нажом пырнуць, і ў хапарандзкую каталажку засадзіць. Таму спачатку мне трэба будзе напіцца на самоце, зачыніўшыся ў сваім пакоі. І калі ў мяне раптам зьявіцца непераадольнае жаданьне з кім-небудзь пабіцца, тады мне лепш ніколі не выпіваць у прысутнасьці іншых. Тады мне застанецца адно: зь юнацтва вучыцца хадзіць на танцы ў цьвярозым стане — гэта, вядома, неверагодна складана, але ўсё ж магчыма.

Пасьля бацька пачаў пералічаць усіх вар’ятаў у нашым родзе. Некаторых зь іх я сустракаў, адзін сядзеў у вар’ятні ў Еліварэ, яшчэ адзін — у Пітэо. На мэдычнай мове гэта завецца шызафрэніяй і нібыта перадаецца ў спадчыну. Хвароба можа зьнячэўку праявіцца ў васямнаццацігадовым узросьце зь вядомых прычынаў. Адна зь іх — нешчасьлівае каханьне, і бацька даў мне параду берагчыся замарочаных дзевах, якія баяцца сэксу. Ня хочуць яны пускаць у свае пячоры, дык і ня трэба губляць час на ўгаворы, лепш зрабіць паводле бацькавага рэцэпту: знайсьці сабе сьмелую вясковую бабу са здаравенным азадкам.

Другая прычына вар’яцтва палягае ў разважаньнях. Бацька настойліва заклікаў мяне паменш паглыбляцца ў роздумы, а думаць толькі пра самае патрэбнае, бо задуменнасьць — небясьпечная звычка, якая прыносіць зь цягам часу ўсё больш і больш шкоды. У якасьці лячэньня бацька мог параіць цяжкую фізычную працу: чысьціць сьнег, сячы дровы, бегаць на лыжах і гэтак далей, — бо разважаньні звычайна нападаюць на мужыка, які валяецца на канапе або нейкім іншым чынам адпачывае. Бацька таксама раіў прачынацца зь першымі пеўнямі, асабліва на выходных і пасьля п’янак, калі ў галаве пачынаюць раіцца самыя жудасныя думкі.

І галоўнае — не пачаць задавацца рэлігійнымі пытаньнямі. Пра Бога, сьмерць і сэнс жыцьця — усе гэтыя думкі надзвычай небясьпечныя для маладой неакрэплай псыхікі, у гэтым зарасьніку было лёгка зьбіцца са шляху й давесьці сябе да поўнага вар’яцтва. Усе гэтыя разважаньні можна спакойна адкласьці да старасьці, калі ўжо будзеш лепш загартаваны, з моцным шкілетам, да таго ж і вольны час у цябе будзе. Да канфірмацыі стаўся, такім чынам, як да чыста тэарэтычнай рэчы, завучы пэўныя тэксты ды рытуалы, але залішне ў іх не паглыбляйся.

Аднак самым небясьпечным грахом, наконт якога бацька мяне асабліва папярэджваў, было чытаньне кніг, бо яны адныя маглі затуманіць розум вялікага натоўпу людзей. Гэтая дурная звычка яшчэ больш укаранілася ў цяперашнім пакаленьні, і бацька быў невымоўна ўдзячны таму, што я пакуль не выяўляў такой схільнасьці. Вар’ятні былі проста перапоўненыя аматарамі кніг. Калісьці яны былі такімі самымі, як ты ці я, — фізычна здаровымі, бесклапотнымі, ураўнаважанымі ды задаволенымі жыцьцём. Але вось яны бяруцца за чытаньне. Часта зусім выпадкова. Прастуда, некалькі дзён у ложку. Прыгожая вокладка — чаму б не пачытаць. І вось ты ўжо падсеў як наркаман. Дзе першая кніга, там і другая. А за імі трэцяя ды чацьвертая — і ўсе гэтыя зьвёны складаюцца ў адзіны ланцуг, які вядзе наўпрост у чорную бездань шаленства. І ты ўжо ня можаш спыніцца. Гэта нават горш за наркотыкі.

Дапушчальна чытаць, і тое зь вялікай асьцярожнасьцю, кніжкі, якія чаму-небудзь цябе вучаць, напрыклад, даведнікі або інструкцыі па рамонце. Небясьпека хаваецца ў мастацкай літаратуры — вось дзе нараджаюцца ды буйнеюць думкі. Якога чорта! Такі шкодны й небясьпечны тавар мусіць прадавацца пад строгім дзяржаўным кантролем, пасьля спраўджваньня дакумэнтаў, у абмежаванай колькасьці ды толькі паўналетнім асобам.

Тут зьверху маці паклікала нас вячэраць. Мы абгарнуліся ручнікамі ды пачалі падымацца па лесьвіцы. Пахіснуўшыся, бацька выцяўся нагою, але, здавалася, болю не адчуў.

А я ўжо больш ня быў малым хлапчуком.

РАЗЬДЗЕЛ 16

—у якім злога мужыка валяць у сьнег, а ягоную жонку частуюць халодным малаком

Ніілаў бацька, Ісак, біў сваіх сыноў, каб запаволіць іхняе разьвіцьцё. З кожным годам ён біў іх усё мацней. Запоі Ісака здараліся цяпер часьцей і цягнуліся ўсё даўжэй. У цьвярозым стане ён быў пануры, непрадказальны й раздражняльны. Ён бавіў час тым, што разьвешваў па ўсіх кутах хаты правілы паводзінаў і мэтадычна караў хатніх, калі выкрываў парушэньні.

Сам Ісак лічыў сябе невымоўна справядлівым. Як усе дыктатары, ён часта скардзіўся на тое, якім цяжкім было бярэмя ягоных абавязкаў і якімі няўдзячнымі былі ягоныя хатнія, бо ён ведаў, якія беды чакаюць дом, калі ён сканае, а гэты дзень, прадчувае ён, прыйдзе ўжо хутка. Як усе алькаголікі, Ісак часта разважаў пра сьмерць. Ён жадаў яе, гразіўся ёю ды баяўся яе больш за ўсё на сьвеце. Чым больш лядашчым ён рабіўся, тым мацней апаноўвалі яго гэтыя думкі. Ісак часта сядаў за кухонны стол і, разаслаўшы газэты, прачышчаў паляўнічую стрэльбу. Правяраў спраўнасьць мэханізмаў, разьбіраў і змазваў, падносіў рулю да вока ды глядзеў, як сьпіраль нарэзкі ідзе ў бясконцасьць. Калі ў такі момант яму трапляўся пад руку хто з хатніх, Ісак абавязкова заводзіў размову пра тое, як трэба будзе падзяліць спадчыну, які быў ягоны ўлюблёны псалом і пра тое, якая цытата зь Бібліі магла б, на ягоную думку падысьці да нэкралёгу. Дзеці прывыкалі, як маглі, да гэтай думкі, але яна так і засталася для іх жудаснаю. Калі бацька адсутнічаў даўжэй, чым звычайна, яны заўсёды знаходзілі сабе справу ў сутарэньні, у гаражы або на гарышчы. Іх цікавіла толькі пытаньне, ці прыйшоў урэшце канец, але яны ніколі не задавалі яго ўголас. Калі бацька лупцаваў іх рукой або папругаю, ягоныя вочы кудысьці зьнікалі, чарнелі, як вачніцы чэрапа. Ісак быў ня з гэтага сьвету ён ужо часткова спарахнеў і быў адною нагою ці то на небе, ці то ў пекле. Такім вострым было ягонае пачуцьцё абавязку й справядлівасьці, што Ісак мог біць і рыдаць: зьбіваць сваіх дзяцей са сьлязьмі ўваччу біць, распаляючыся ад пачварнага агню, які ён называў любоўю.

Выпіўшы, Ісак крыху ажываў. Ягоныя шчокі ружавелі, перасохлыя сасуды напаўняліся жывільнаю вільгацьцю, і па ім ізноў беглі плыні. Тады ён мог сьмяяцца, атрымліваць асалоду ад першай чаркі, прагнуць жанчын, харчу й грошай. Адначасова ў ім абуджалася зайздрасьць. Найперш да сыноў, якія штогод рабіліся ўсё мацнейшымі. Больш за ўсё даставалася Югану старэйшаму сыну, які бліжэй за астатніх стаяў да пачатку дарослага жыцьця. Ісак зайздросьціў таму, што ў ягонага сына неўзабаве будуць свае дзяўчаты, маладыя ласкавыя каханкі, што гарэлка ня шкодзіць ягонаму маладому арганізму, што Юган пачне хутка сам зарабляць грошы, на якія будзе жыць і ўпівацца ўсімі зямнымі радасьцямі, у той час як яго, Ісака, будуць жэрці магільныя чэрві. Юган часта зьяўляўся Ісаку ў сьне: падыходзіў да бацькі, разьдзіраў яму рот і пачынаў ціснуць на ягоныя гнілыя зубы, пакуль тыя зусім не разбоўтваліся. Так хлопец праходзіў адзін за адным усе зубы, пакуль не заставалася адна голая дзясна, плоская й крывавая, як зьнявечаная далонь Хрыста.

Полавая сталасьць мацнейшая за сьмерць. Як парастак, які прабіваецца скрозь асфальт, як грудзі, на якіх лопаецца кашуля, як дрыгаценьне крыві, якая перамагла алькаголь. У глыбіні душы Ісак жадаў сьмерці сваім сынам. Але на гэтым жаданьні ляжала табу, і ён замяніў яго лупцаваньнем, бязьлітасным лупцаваньнем, доўгім расьцягнутым катаваньнем. Але сыны, на ягоны жаль, усё расьлі.

Аднойчы раньняю вясною, калі Югану было ўжо шаснаццаць і Ніілу трынаццаць гадоў, бацька загадаў ім ехаць у лес. Пакуль шарон быў яшчэ цьвёрды. Трэба было перацягнуць да дарогі некалькі зьвязак дроваў, якія Ісак загадзя адабраў для топкі ды якія абышліся яму досыць танна. Ісак пазычыў у суседа сьнегаход, на якім імчаў цяпер па бездарожжы, аб'яжджаючы карчы й купіны, а ззаду на санях скакалі сыны, паціраючы далонямі абветраныя шчокі. Было бачна, як яны перагаворваюцца, касавурачыся часам на бацькаву сьпіну, але словаў чуваць не было, бо яны патаналі ў шуме рухавіка.

Дзень выдаўся сонечны. Сьвятло тонкімі прамянямі прасочвалася скрозь сасновыя кроны, паблісквала й пералівалася ў крышталях сьнегу. Бароды лішайнікаў і шмацьцё кары, сарваныя веснавым ветрам, пакрысе ўплаўляліся ў сьнежны шарон. За ноч мароз умацаваў паверхню сьнегу, і цяпер яго можна было рэзаць пальцам і падымаць вялікімі пластамі. А пад імі ляжаў сьняжок, лёгкі, як пудра, і такі рыхлы, што можна было праваліцца ў яго па пояс.

Ісак паддаў нагою засьнежаную зьвязку дроваў, адшукаў рыдлёўку ды загадаў Югану разграбаць сьнег. Ды дадаў, каб пасьпяшаўся, бо інакш да адлігі ня ўправіцца, калі сыны будуць марудзіць — тады ім мала не пакажацца, ён абяцае!

Юган спакойна прыняў рыдлёўку й прымасьціў яе каля дроваў. Пасьля сьцягнуў зь сябе рукавіцы ды жалезным кулаком рашуча стукнуў бацьку ў правае брыво. Ісак пахіснуўся ды зваліўся ніц. Ягоны крык рэхам адгукнуўся ў маўклівым лесе. Юган працягваў наносіць удары — па носе, у сківіцу, па скулах. Нііла, як дамаўляліся, схапіў бацьку за ногі ды пачаў біць яго пад дых. Без усялякіх дубінаў, голымі рукамі з вострымі касьцяшкамі, моцныя хлапчуковыя кулакі дубасілі й дубасілі. Ісак зьвіваўся й роў як кракадзіл. Ягонае цела, праламаўшы тонкі шарон, правалілася ў сьнежную пудру. Ісак дзіка сукаў рукамі, рот быў забіты сьнегам. Пацякла кроў, цягучая й чырвоная, вочы заплылі. А сыны ўсё не спыняліся. Ісак адбіваўся, абараняўся — цяпер ён змагаўся ўжо за сваё жыцьцё. Ён схапіў Ніілу за горла ды націснуў. Юган заламаў бацьку мезенцы, Ісак ускрыкнуў і расьціснуў пальцы. Ён ужо цалкам пагрузіўся ў сьнег і боўтаўся цяпер на дне, як тапелец, у белай пене. Новыя ўдары — яшчэ мацней і мацней, кавалак жалеза пад кавальскім молатам, распаленая дабяла жалязяка, якая з кожным новым ударам усё цьмянее, робіцца цямнейшаю, шэраю ды стылаю.

Урэшце стары бацька перастаў супраціўляцца. Цяжка дыхаючы, хлопцы падняліся й падышлі да краю сьнежнага правалу. Стары застаўся ляжаць на дне свайго сьнежнага берлагу, над ім стаялі сыны — два сылюэты на фоне неба. Схіліўшыся над ямаю, яны глядзелі ўніз і ціха перашэптваліся, як два сьвятары над магілаю. Сьняжынкі раставалі ды зноў замярзалі на зьмярцьвелым твары старога.

— Здаесься? — крыкнуў яму Юган высокім ломкім голасам.

— Ідзіце ў дупу! — прахрыпеў Ісак і харкнуў крывёю.

Тады сыны саскочылі ў яму. І ўсё пачалося нанова. Яны білі свайго старога бацьку так, што па тварах струменіўся пот, расквасілі ягоную прапітую пысу, выбілі астатнюю жыцьцёвую сілу з гэтага карыта, зламалі яго раз і назаўжды.

— Здаесься?

Тут бацька зарыдаў. Ён падвываў і ўсхліпваў на дне сваёй магілы, не асьмельваючыся больш зварухнуцца. Тады сыны выбраліся зь ямы, склалі вогнішча ды натапілі сьнегу ў абкуродымленым кацялку, каб зварыць кавы.

Калі яна закіпела ды выпаў асадак, а на суседніх дрэвах пачалі зьбірацца цікаўныя ронжы, прывабленыя кававым пахам, тады сыны выцягнулі старога бацьку зь ямы ды паклалі яго на аленевую скуру. Усунулі ў акрываўлены рот кавалак цукру ды паднесьлі да вуснаў турку. І пакуль Ісак, жаласна прысёрбваючы, піў каву, Юган прыглушаным голасам казаў яму, што, калі стары яшчэ хоць раз падыме руку на каго з хатніх, яны яго абавязкова заб'юць.

Усе наступныя дні яны чакалі помсты. Замыкалі дзьверы, каб бацька неўспадзеўкі не ўвайшоў у іхні пакой, пакуль яны спалі, яны схавалі затвор ад стрэльбы ды стараліся не пакідаць на вачах нажы. Першыя дні, пакуль бацька не ўставаў з ложка, маці даглядала яго, паіла ражанкаю ды чарнічным кісялём, мяняла плястыры. Яна кідала на сыноў нямыя погляды, але ніколі не пыталася ўголас, бачыла, што тыя пазьбягаюць заходзіць у пакой. Маўчаў і сам Ісак. Утаропіўшыся ў пабеленую столь, ён разглядаў расколіны — сумятню тонкіх чорных ліній, якія перапляталіся, раздвойваліся, а пасьля зьнікалі. Яны разьбягаліся сьцяжынамі ў далёкія нязьведаныя мясьціны. У сваіх пакутах Ісак гадзінамі вандраваў па гэтых сьцежках. Праходзіў хаты, падворкі, знаёміўся з насельніцтвам, запамінаў назвы вёсак. Ішоў за ручаямі, выпрабоўваў рыбацкую ўдачу, прабіраўся лясамі, багатымі на ягады й дзічыну, падымаўся на невысокія горы ды захапляўся пэйзажам. Урэшце Ісак выбраў месца, дзе хацеў бы дажываць свой век, і зрубіў хату з сасновага бярвеньня. І вырашыў жыць там пустэльнікам. У яго былі мяса, рыба й дровы, каб растапіць печ. Зіма была доўгаю, але ён да гэтага прывык, затое лета было асьляпляльна сьветлым. Толькі дзьве рэчы адрозьнівалі ягонае новае жыцьцё ад старога. Па-першае, тут не было камарэчы. Нават на неабсяжных балотах, дзе пад цяжарам ягадаў гнуліся да зямлі залатыя кулачкі марошкі, не сустрэнеш ні камара, ні гнюсу, ні авадня, ні гіза — чароўны лясны край, бяз джалаў і ўкусаў.

А па-другое, там не было грахоў.

Гэтае адкрыцьцё патрэсла Ісака да глыбіні душы. Ён урэшце патрапіў на неба. Як ні шукаў, а зла там не знаходзіў. Прырода давала жыцьцё й забірала яго, зьядала ды сама рабілася ежаю пад бясконцым ціскам голаду й сьмерці. Але гэта было змаганьне безь віны, яно ня несла шкоды. Прырода дыхала вакол Ісака, была ў ім, працякала скрозь яго. Ня трэба больш адчайвацца. Змагацца за жыцьцё, намагаючыся ўсплыць на паверхню. Проста адкрый свае чакры ды жывіся зялёным жыватворным паветрам.

Вось так, неўспадзеўкі, Ісак другі раз у сваім жыцьці сустрэўся з Богам.

З часам Ісак акрыяў і зноў зрабіўся злым — інакш і быць не магло. Але ён больш не заікаўся пра самагубства. І больш не асьмельваўся біць дзяцей, бо ведаў, што сыны выканаюць сваю пагрозу. Замест гэтага зусім нечакана для сабе Ісак убачыў пэўны сэнс у тым, каб быць старым.

Пазьней, калі сыны вырасьлі ды пакінулі бацькоўскі дом, Ісак паспрабаваў быў узяцца за старое ды зьбіць жонку, але ўбачыў, што тая ўжо не была ранейшаю, бо не задумваючыся адказала яму тым самым.

Замест гэтага Ісак суцяшаўся тым, што пачаў ганяць сьмецяра, спрачацца з інспэктарамі на тэхаглядзе, разьмяжоўвацца з суседзямі й дасылаць у розныя інстанцыі скаргі ды патрабаваньні кампэнсаваць страты. Але зь яго атрымаўся ня дужа здольны змагар за справядлівасьць, і нават ягоныя блізкія не асабліва цікавіліся ходам справаў.

Апоўзень закрануў усю сям’ю. Рэльеф мясцовасьці памяняўся й набыў новыя абрысы. Ніілава маці, якая ўсё жыцьцё прысьвяціла вывучэньню абходных манэўраў, неспадзявана атрымала свабоду дзеяньня. Ня ведаючы, чым сябе заняць, яна сышла ў дэпрэсію. Без гаспадара яна пакутавала ад самоты. Дзеці спраўляліся цяпер самі, і ёй ужо ня трэба было быць ані пасярэднікам, ані грушаю для біцьця. Вайна скончылася, і яна ня ведала, як ён жыць далей.

Цяпер, калі ў яе ўрэшце зьявіўся час, каб заняцца сабою, пачалі вылазіць розныя болькі. Нечакана ў доме загучаў яе нерашучы голас, рыпучы й манатонны, як старое рассохлае кола. Толькі яна разявала рот, як зь яго з пранізьлівым сьвістам выляталі нудныя шматкі пылу, яны клаліся кучамі пад ногі, пакуль урэшце не завальвалі цябе па пояс, і ты ўжо ня мог хадзіць. З малодшымі дзецьмі, дочкамі ды меншым сынам, суладзіць было ўжо ня так проста. Яны ўрэшце наважыліся расьці ды ўсё больш аддаляліся ад гэтага затхлага месца. Маці ахінала дзяцей сваім дыханьнем, накрываючы іх з галавою шэраю заслонаю, але дзеці разрывалі яе ды цягнуліся тварам да сонца. Маці зьмяніла тактыку ды пачала вінаваціць дзяцей ва ўсіх сваіх хваробах і пакутах. Яна ўсё нудзела й нудзела, дзень за днём, пакуль дзеці не засталіся аднойчы безабароннымі. Павуцінка за павуцінкаю абляпіла яна іх сеткаю, і яны ўжо амаль не маглі варушыцца. Яны рвалі павуціньне, кусалі яго сваімі малочнымі зубамі. Але вызваліцца не маглі.

Юган, які быў цяпер за гаспадара дому, ніяк ня мог зразумець, што адбывалася. Ісак не жадаў займацца выхаваньнем гэтых ашалелых дзяцей і казаў, што такое адбываецца з кожным чалавекам, чые спадчынныя заганы не знайшлі ўтаймаваньня. Увесь дом нібы пакрыўся плесьняю ды расколінамі. Праз шчыліны ў падлозе з дому выцякала ўсё вясельле й радасьць, якія пасьля пакрысе скісалі. Як ні дзіўна, усім не ставала біцьця. Біцьця, а за ім прабачэньня.

Урэшце Юган прыйшоў да маці ды сказаў:

— Шукай сабе працу!

Маці адразу спалатнела ды запытала сына, чаму ён жадае ейнае сьмерці — яна ж такая разьбітая ды хваравітая.

— Шукай сабе працу! — паўтарыў Юган.

Яна адмовілася, сказаўшы, што ён выстаўляе яе на сьмех: каму патрэбная неадукаваная баба?

— Будзеш прыбіральніцаю, — адказаў сын, — нянькаю, сядзелкаю.

Не адказаўшы, маці павалілася на канапу ды пачала задыхацца й хрыпець у астматычным прыпадку. Малыя на падлозе перасталі гуляцца, Ісак прыціх у гушкалцы. Маці курчылася й задыхалася. Нііла пабег быў да тэлефона, каб выклікаць «хуткую дапамогу», але Юган спыніў яго. Моўчкі прынёс зь лядоўні пакунак малака. Падышоў да маці ды выліў малако ёй на галаву. Яно палілося па твары, пабегла па грудзях, спадніцы, па яе мясістых нагах. Тлустае ды густое. Толькі ледзяное.

Маці, забыўшыся на свой нядаўні прыступ, задрыгалася, як немаўля, і рэзка ўскочыла на ногі. І першы раз у жыцьці заляпіла Югану звонкую, размашыстую аплявуху.

— Шукай сабе працу! — трэці раз паўтарыў Юган.

Маці адчула, як у далоні запульсаваў гнеў, яна ўсё яшчэ адчувала рух таго ўдару — ад рукі праз плячо да цягліцаў сьпіны. Яна ў зьдзіўленьні пачала паводзіць целам і, чырванеючы, азірнулася вакол сябе. Боль некуды зьнік.

РАЗЬДЗЕЛ 17

—у якім распальваюць сьвяточныя вогнішчы, здабываюць зброю ды прызначаюць узнагароду за галовы двух лясных стралкоў

З узростам я пачаў лепш разумець, чым жыве Паяла. Я ўбачыў, што паселішча падзяляецца на некалькі раёнаў, кожны зь якіх меў сваё неафіцыйнае імя кшталту Наўрысаха, Страндвэген або Цэнтар. Новы раён атрымаў трапнае імя Тэхас, забудову вакол старога калектару за характэрны пах ахрысьцілі Паскаянкяю, Гаўністаю дрыгвою, а квартал, дзе я жыў, называлі, як я ўжо казаў, Вітулаянкя, то бок Похвіна багна.

У кожным раёне былі свае дваровыя банды й свае верхаводы. Зносіны паміж групоўкамі маглі насіць які заўгодна характар: ад духу сяброўства ды супрацы да канкурэнцыі, бразганьня зброяй ды адкрытай вайны. Кволая раўнавага, калі можна так сказаць. Два раёны маглі часам аб’яднацца супраць аднаго. А часам усе маглі біцца супраць усіх.

Наш раён займаў, бадай, першае месца паводле колькасьці дзяцей, таму мы ўсе былі ўцягнутыя ў спрэчкі паміж групоўкамі. Ухіліцца было немагчыма. Мы маглі біцца на прэстыжных хакейных матчах, абараняючы гонар раёну на пасялковай дарозе пад сьвятлом ліхтароў. Хадзіць было найлепш пад самымі ліхтарамі, дзе было найсьвятлей. Сьнежныя камякі былі замест штангаў, а гурбы — замест бартоў, клюшкі пад левую ці правую руку, набытыя ў краме гаспадарчых тавараў або пазычаныя ў старэйшага брата, тэнісны мяч або абшарпаная шайба, ніякіх шчыткоў і ніякіх табе арбітраў толькі дзясятак-паўтара смаркачоў зь непераадольнаю прагаю да перамогі.

Да ліку 2:2 гульня ішла звычайна так сабе. Жорсткі прэсінг, вокамгненныя праходы, спробы гуляць у пас, якія найчасьцей заканчваліся кідком наўздагад — шукай пасьля гэтую чортаву шайбу ў гурбе! Хтосьці называў сабе Уфэ Стэрнэрам, хтосьці — Стысэ або Лільпростам. Або Філам Эспазыта, які прабіў жалезны шчыт на канадзкім тэлебачаньні.

А вось мы бачым першую разьдзьмутую губу. Гэта цэнтравы са сваёй даўжэзнаю клюшкаю, якая на паўмэтра тырчыць за сьпінаю, неспадзявана напаткаў чыюсьці сківіцу. Малочныя зубы вытрымалі, а вось крыві — мора. У выніку драматычнага галасаваньня — выдаленьне.

Адкрыўся, кідок — атрымліваеш штурхель ад суперніка. Ляціш носам у сьнег. Неспартовы сілавы прыём! Падымаесься й даеш штурхель у адказ. Жорсткія спрэчкі. Гол! На жаль, не залічаны — нехта перасунуў штангу. Пратэсты. Сустрэчныя абвінавачаньні. Шайба ляціць у пахвіну. Небарака скуліць ад болю. Штрафны ўдар, яшчэ кідок. Шайба ледзь не трапляе ў пысу. Удар локцем. Штурхель у гурбу. Падножка. Удар у сківіцу.

І вось ужо неўзабаве дзесяць падшыванцаў коўзаюцца ў сумёце, набіваючы раты сьнегам, а адзінокі гулец заганяе ў браму шайбу за шайбаю ды, выгуляўшы зь лікам 100:3, на самоце цягнецца дамоў засьнежанаю зімоваю вуліцаю.

Яшчэ адным заняткам было раскладаньне сьвяточных вогнішчаў. Зьбіраць матэрыял пачыналі адразу пасьля Новага году, калі з дамоў выкідалі ялінкі. Усё паселішча наваднялася раптам малымі, якія цягнулі на сваіх санках касматыя яловыя лапкі. Асноўная гонка ўзбраеньняў ішла паміж Паскаянкяю ды Страндвэгенам: абодва мікрараёны прылягалі да ракі, дзе можна было паліць вогнішчы хоць да нябёсаў. У гэтым і была сутнасьць спаборніцтва — раскласьці найвялікшае вогнішча.

На елкі зазвычай накладалі ўсё, што магло гарэць. Пустыя кардонкі з крамаў, старыя бярвёны, аўтамабільныя апоны, плястмасавыя вёдры, мэблю, малочныя пакеты, зламаныя лыжы, фанэру, боты ды — уявіце — школьныя падручнікі. Увесь час у логава ворага засылаліся шпіёны, якія дакладалі сытуацыю ды параўноўвалі.

Бывала, што кралі нешта з чужых вогнішчаў.

Часам даходзіла й да гвалту, хоць і ня так часта, як на хакейных матчах. Найчасьцей выбіралі тактыку прыхаваных пагрозаў, бралі ўпартасьцю ды хітрасьцю.

Можна было, напрыклад, павялічыць вышыню вогнішча, калі выцягваць яго дагары. У самых экстрэмальных выпадках яны ператвараліся ў вогнішчы-забойцы, якія хісталіся на вятры, як хмарачосы, а пасьля маглі разваліцца ды накрыць сабою пятнаццаць-дваццаць гледачоў. Аднак звычайна някемлівыя дарослыя пасьпявалі перакуліць кучу яшчэ да таго, як яе падпальвалі.

Аднойчы здарылася, што адна хеўра — у поўнай роспачы — употай падпаліла вогнішча канкурэнтаў усяго за пару дзён да сьвяткаваньня Вальборга, Вальпургіевай ночы. Гэта была сапраўдная падстава, і нікому ўжо й не хацелася глядзець на вогнішча пераможцаў.

І вось ты ўрэшце стаіш на сьнезе перад ахопленаю полымем кучаю сьмецьця, запускаеш фаервэркі ды назіраеш, як некалькі месяцаў працы сыходзяць з дымам. Вось яна — узнагарода. Ды яшчэ дзьве ракеты, для набыцьця якіх скідваліся ўсёй бандаю ды прыпасьлі цяпер на дэсэрт, каб запусьціць у зусім ужо цёмнае неба. Яны ўзьняліся ўвышыню дзьвюма палаючымі сьцяблінкамі, якія раскрыліся ў небе яскравымі гронкамі. Прыйшла вясна. Цяпер ужо бясспрэчна.

У старэйшых клясах для круцізны трэба было мець пнэўматычную стрэльбу. Я клянчыў яе ў бацькі некалькі месяцаў, пакуль ён урэшце не набыў — старую ды падрапаную. Яна паліла так, што слуп паветра адкідваў мне чуб, калі я страляў, а куля так і не магла вылецець з рулі. Сытуацыя, аднак, крыху выправілася, калі я абкруціў рулю ізаляцыйнаю стужкаю, а пасьля яшчэ падцягнуў спружыну, але ў сьмяротную зброю мая стрэльба так і не ператварылася. Пасьля школы я звычайна страляў па мішэні, якую вешаў на гаражныя дзьверы. Наладзіць прыцэл так і не ўдалося, таму я мусіў цаляць крыху вышэй і лявей. Бацька таксама аднойчы паспрабаваў, але спахмурнеў, калі ўсё ніяк ня мог патрапіць, і абвінаваціў ва ўсім дальназоркія вочы.

З гэтымі стрэльбамі дваровыя банды зрабіліся яшчэ больш дзікімі ды шумнымі. Орды потных узрушаных хлопцаў зь перапэцканымі каленямі цягаліся па раёне, сікалі — хто далей — ды малявалі на сьценах чэлесы, вучыліся новым лаянкавым выразам і ўвогуле пракудзілі як толькі маглі. Банда — гэта крута! Банда — гэта моц! І калі адна хеўра ўрэшце натыкалася на другою, такую самую ўзброеную ды гарачую, вынік мог быць толькі адзін. Паветраная вайна.

Каб дарослыя не заміналі, ваенныя дзеяньні пераносіліся за раку, у бяскрайнія лясныя масівы. Мне да чорцікаў хацелася ўступіць у войска, толькі я ня ведаў, ці возьмуць. Я толькі перайшоў у сёмую, старшаклясьнікі празвалі мяне «куранём», мапэду ў мяне не было, дый стрэльбай я пахваліцца ня мог. А вось Ніілу пашэнціла: стрыечны брат пазычыў яму сваю гэдээраўскую помпавую вінтоўку страшэннай забойнай сілы. Зь яе Нііла прабіваў ліст ДСП, між тым як мая куля й шчарбіны не пакідала.

Аднойчы пасьля абеду мы вырашылі зрабіць вылазку на фронт. Закінуўшы стрэльбы за сьпіны, мы асядлалі ровары ды паехалі за стары мост. Неўзабаве рэчка й паселішча зьніклі з вачэй, з усіх бакоў нас абступаў густы бор. Мы праехалі лесапілку, збочылі на выбоістую лясную дарогу, а пасьля схавалі ровары ў гушчары зарасьніку. У лесе панавала жудаснае маўчаньне. Дзесьці непадалёк праходзілі баявыя дзеяньні, а лес падаваўся спакойным і ціхамірным. У паветры пахла восеньню. Грыбы распасьцерлі свае вільготныя рудыя капелюшы, аблюбаваныя чарвякамі. Я закінуў у рот некалькі перасьпелых чарніц ды ўцягнуў у сябе вадзяністы сок.

Раптам пачуўся сухі трэск, і з галавы Ніілы зьляцела кепка. Пакуль нябачны стралок ладаваў наноў, я крыкнуў, што мы ня ворагі, мы толькі добраахвотнікі. Тады з дрэва спусьціўся хлопец і зь вінаватым выглядам патлумачыў, што палец нібы сам сасьлізнуў, што зь яго ўзяць — мазгоў няма. Мы пайшлі вузкаю сьцежкаю ды неўзабаве былі ўжо ў лягеры, дзе вакол вогнішча сядзелі зь дзясятак хлопцаў, яны пілі каву ды смакавалі тытунь. Большасьць зь іх былі на год-два старэйшыя за нас, у некаторых былі камуфляжныя курткі й ваенныя шаломы. Яны сплюнулі карычневую кашку ды скептычна зьмералі нас позіркам. Іхні верхавод, які меў мянушку Генэрал, здаравенны бамбіза з Паскаянкя з пушком пад носам, тыцнуў пальцам у бок сасны з шышкамі за дзесяць мэтраў ад нас. Я прыцэліўся, адвёўшы рулю крыху лявей ды вышэй. І зьбіў шышку зь першага стрэлу. Нііла, не пасьпеўшы яшчэ набіць руку на новай вінтоўцы, прамазаў. Другі стрэл — і зноў не. Тое самае з трэцім. Хлопцы пачалі скаліцца ды прапанавалі Ніілу валіць адсюль. Чацьверты стрэл — не пацэліў. Нііла пакрыўся потам. Генэрал ужо быў на канях і крыкнуў, каб Нііла каціўся дамоў да мамкі. Нііла моўчкі заладаваў стрэльбу. Прапампаваў паветра, яшчэ. Усё стаяў і пампаваў, не зважаючы на зьедлівыя сьмяшкі. Пасьля ён стрэліў у бок вогнішча. Пайшоў звон. З прадзіраўленага кацялка двума рудымі струменьчыкамі ў агонь пацякла кава.

Хлопцы толькі раты разявілі. Яны не міргаючы глядзелі на Ніілаву стрэльбу. На кававы струмень, які з шыпеньнем выцякаў на гарачыя вуглі. Пасьля адзін з хлопцаў выклікаўся быў расправіцца зь Ніілам, але рэзка перадумаў, бо Нііла пасьпеў ужо заладаваць вінтоўку ды пачаў пампаваць паветра.

— Заўтра прынясу вам новы кацялок, — спакойна сказаў Нііла.

Генэрал сплюнуў у агонь. Урэшце кіўнуў галавою. Нас прынялі ў каманду.

Пасьля мы заселі ў прыбярэжных кустах, усёю бандаю — нямыя й нерухомыя, трымаючы ўвесь час раку пад прыцэлам. Ворагі прыйшлі на дзьвюх лодках, доўгіх і зграбных турнэдаленскіх маторках. Шэсьць хлопцаў у адной, сем — у другой. Усе ўзброеныя ды ўсе, акрамя двух рулявых, цэліліся ва ўзьлесак. Пра засаду яны ня ведалі, але на ўсялякі выпадак былі напагатове. Падбіраліся ўсё бліжэй і бліжэй. Вось збавілі ход, абышлі камяні.

Было толькі адно правіла — не страляць у твар. А вось па азадку або ў сьцягно — колькі заўгодна! Пасьля доўга будзе сьвярбець, ды яшчэ й здаравенныя сінякі застануцца. Мы паглядвалі на Генэрала. Той па-ранейшаму ляжаў нібы мёртвы. А ворагі між тым былі ўжо так блізка, што мы маглі прачытаць рэклямны тэкст на іхніх кепках. Падвесныя маторы заглушылі, лодкі сьлізганулі па вадзе, тыцнуліся ў бераг і спыніліся. Хлопец на карме падняўся, каб ступіць на зямлю.

Генэрал стрэліў. Акурат хлопцу ў сьцягно. Тады мы ўсе грымнулі залпам. З зарасьніку вылецеў сьвінцовы рой восаў і пачаў джаліць ворага. Небаракі галасілі ад жаху й болю. Ну, і далі ж мы ім жару! Яны адстрэльваліся. Амаль ня гледзячы, а пасьля запусьцілі ўрэшце свае маторкі. Залп за залпам. Пякучыя зьмяіныя ўкусы па ўсім целе. Праціўнікі распласталіся на дне, каб схавацца за пляншырам. Лодкі павольна адчальвалі, сыходзячы прэч. А нас разабраў дзікі рогат, і мы, трымаючыся за бакі, пачалі катацца ў моху.

Яны сышлі на бераг за дзьвесьце мэтраў вышэй па рацэ. Некаторыя кульгалі. Мы зарагаталі яшчэ гучней, а пасьля павярнулі ў лес, каб падрыхтавацца да новых атак.

У нас мелася пэўная стратэгія, прынамсі спачатку. А пасьля мы ўжо проста стралялі ды бегалі, а ў спакойныя часіны хаваліся ў багуне. Я стараўся трымацца бліжэй да Ніілы. Ад ягонай агнявой моцы мне рабілася крышачку спакайней. Страляў ён, аднак, горш за падсьлепаватага дзеда і амаль ніколі не цаляў, што, зь іншага боку, было да лепшага. Вось мы ляжалі ды спрабавалі аддыхацца пасьля чарговага марш-кідка, прыкрываючы рот рукою, каб прыглушыць гук. Цікава, дзе нашыя сябры? Углядаесься ў лясны змрок — адтуль чуваць нейкая мітусьня й стрэлы. У другім баку чуліся крыкі, перабежкі.

— Давай туды, — прашаптаў я.

Але Нііла штурхануў мяне ў бок. За некалькі крокаў ад нас стаялі чатыры ворагі, трымаючы нас на мушцы. Яны ўхмыляліся, мы павольна падняліся зь зямлі. Я апусьціў сваю стрэльбу на мох. Нііла ж сваёй ня кінуў.

— Кінь пушку ня тое я табе яйкі адстрэлю! — загадаў самы рослы з хлопцаў.

Нііла спалатнеў ад жаху. Ніжняя сківіца пачала дрыжэць. Я па адным расьціснуў ягоныя пальцы, якія сутаргава ўчапіліся ў прыклад. Тут я пачуў ягоны шэпт:

— Толькі стрэліш і...

— Кладзі вінтоўку на зямлю! — зароў цыбаты зрывістым голасам, нагледзеўшыся амэрыканскіх фільмаў пра копаў.

Я рабалепна кіўнуў. Павольна схіліўся зь Ніілаваю стрэльбаю. І тут нечакана для ўсіх я стрэліў гэтаму хрыпатаму акурат у пахвіну.

Ён узвыў як зьвер. Рухнуў на зямлю. Стрэлы грымелі нам наўздагон, а мы пятлялі як зайцы. Я адчуў пякучы боль у ягадзіцы. Нііла, пасьпеўшы яшчэ схапіць маю стрэльбу ускрыкнуў і схапіўся за плячо. Затое мы на свабодзе, мы выдалі трыюмфальны кліч ды несьліся напралом праз зарасьнікі, не заўважаючы, як гальлё хвошча нас па твары.

Пасьля гэтага выпадку наш аўтарытэт толькі вырас. Хрыпатаму выцягвалі кулю кончыкам фінкі. А за нашыя зь Ніілам галовы прызначылі ўзнагароду — два пачкі цыгарэтаў таму, хто зможа нас злавіць.

Браць палонных было, дарэчы, адною з галоўных забаваў на вайне, хоць, напэўна, і найскладанейшаю. Аднойчы нам зь Ніілам пашэнціла ўзяць аднаго са страндвэгенскіх, калі ён толькі прымасьціўся пад елкаю ды пачаў тужыцца. Чуткі пра Ніілаву помпавую стрэльбу разышліся ўжо па ўсім навакольлі, і Нііла дужа пераканаўча запэўніў хлопца, што калі той не здасца, то яму адстрэляць дупу. Дрыготкі й зьбялелы, небарака нацягнуў на сябе нагавіцы, нават не падцёршыся. Пасьля мы адвялі яго ў наш лягер. Вось было радасьці! Хлопцу закруцілі рукі назад і ягонымі ж уласнымі матузкамі прывязалі да сасны, а пасьля перайшлі да абавязковых катаваньняў. Па завядзёнцы Генэрал круціў складным ножыкам перад носам ахвяры, усяляк пагражаючы ды запалохваючы. І тым, што ягонага сябручка падкароціць, і што ў мурашнік голым задам пасадзіць, — пужаў, адным словам, рознаю лухтою, пра якую чытаў у коміксах. Захныкае палонны — справу, лічы, зрабіў. Далей за гэта звычайна не заходзілі. Бо баяліся, што ім пасьля адпомсьцяць, ды яшчэ больш жорстка, калі яны самі патрапяць у палон.

Аднойчы мы паланілі ваяводу варожага войска. Мы скруцілі яму рукі вяроўкаю, а другі яе канец перакінулі цераз тоўсты сук высока на дрэве. Пасьля нацягнулі вяроўку так, што ён мусіў стаяць на дыбачках, ды так і пакінулі, запіхаўшы яму ў рот уласныя ж прапахлыя потам шкарпэткі. Мы ж думалі, што ён зможа сам неўзабаве вызваліцца. А ён ня змог. Увечары ягоная маці затурбавалася, дзе падзеўся сынок. Зрабіўшы некалькі тэлефанаваньняў, ягоныя сябрукі сьцямілі, што здарылася. Між тым пачало ўжо вечарэць. Зьвязаліся з нашым атрадам, і мы патлумачылі, як знайсьці тое месца, і неўзабаве некалькі хлопцаў выправіліся на пошукі з кішэннымі ліхтарыкамі.

Адшукаць месца было далёка ня проста. Быў змрочны восеньскі вечар — цёмна, хоць вока выкалі. Да таго ж хлопец ня мог крычаць са шкарпэткамі ў роце. Усе дрэвы падаваліся аднолькавымі, сьцежкі зьбягалі з-пад ног, абрысы пэйзажу расплываліся. Вецер узмацніўся, і шолах ды шамаценьне заглушалі ўсе астатнія гукі. А пасьля яшчэ пайшоў дождж.

Верхавода адшукалі гадзіны недзе празь дзьве. Ён абмачыў да таго часу ўсе нагавіцы. Калі вяроўку абрэзалі, хлопец абваліўся, як куль мукі. Калі ў яго з рота выцягнулі кляп, першае, што ён вымавіў была клятва прыкончыць гэных вырадкаў.

На некалькі дзён абвесьцілі часовае перамір’е, каб супакоіліся жарсьці. Потым я сам патрапіў у пастку. Мяне, як антылёпу, аддзялілі ад статку ды пачалі паліць у сьпіну, пакуль я ня кінуў стрэльбы ды не закрычаў, што здаюся. Чорт, як балюча! Усе ногі пакрыюцца барвовымі сінякамі. Але я ўсё ж стрымліваў сьлёзы, а хлопцы пачалі абмяркоўваць, хто атрымае пачак цыгарэтаў. Іхні важак прыціснуў мяне нагою да зямлі ды сказаў, што цяпер я адведаю таго ж, праз што ён сам нядаўна прайшоў. Ухмыляючыся, ён перакінуў вяроўку цераз моцную сасновую галіну. Пасьля сьцягнуў зь мяне шкарпэтку ды памачыўся на яе, пакуль тая наскрозь не прамокла. У мяне перасохла ў горле, ад жаху ўсё закруцілася перад вачыма. Я падрыхтаваўся да катаваньняў. Што б яны яшчэ ні прыдумалі, не зараву! Я вытрымаю, буду трывалым, што б яны ні рабілі! Паспрабуй толькі збаяцца, халера!

У гэты момант воддаль пачуўся нейкі шум. Адзін з вартавых закрычаў, што пачалася атака. Важак на імгненьне завагаўся, гукі бою чуліся між тым усё бліжэй.

— Бяжы! — крыкнуў ён і наставіў на мяне стрэльбу. Ягоныя паплечнікі зрабілі тое самае. Задыхаючыся ад болю, я ірвануў зь месца. Панёсься, кідаючыся з боку ў бок. Кулі барабанілі па маім целе ды пяклі агнём.

— Мазілы, мазілы! — крыкнуў я, ледзь стрымліваючы плач, і спалохана азірнуўся.

У гэты момант стрэліў верхавод. Я ўпаў. Рухнуў ніцма, зваліўшыся на сьпіну ў мох. Паспрабаваўшы расплюшчыць вочы, я зразумеў, што асьлеп.

— Не страляйце! — крыкнуў хтосьці.

Наступ спыніўся. Пачуліся крокі. Чэрап гудзеў як барабан. Боль, цемра. Я абмацаў твар. Гарачы й мокры.

— Чорт! — вылаяўся нехта. — Прынясіце вады!

Вакол мяне сабраўся натоўп — я чуў, як хлопцы гучна дыхаюць, добра прабегшыся па лесе.

— Я асьлеп, — сказаў я, адчуваючы, як ваніты падыходзяць да горла.

— У вока патрапіла, чорт! Крыві — проста мора!

Мне працягнулі мокрую анучу каб я выцер кроў. Я сеў — і кроў пацякла яшчэ шпарчэй. Яшчэ прамачыў анучаю. Асьцярожна пакратаў рукою.

Ахоплены панікаю, я заміргаў, але ўсё было як у тумане. Пацёр мацней. Зрок ужо крыху вяртаўся. Тады я выціснуў анучу і вада заструменілася па твары, прамываючы яго ад крыві. Заміргаў. Заплюшчыў адно вока. Пасьля другое. Якое шчасьце, я магу бачыць! Тут я адчуў, як на пераносьсі расьце гуз.

Куля патрапіла мне акурат паміж вачэй. А асьлеп я ад крыві.

Баі спынілі на канца дня. Нііла сумеў выкалупаць кулю распаленаю шпількаю, а дома я сказаў, што мне ў твар патрапіў камень з-пад грузавіка. Рана неўзабаве зацягнулася, а шнар застаўся.

Пасьля гэтага выпадку я завязаў з паветранымі войнамі.

РАЗЬДЗЕЛ 18

— пра дрыньканьне на гітары ды іншыя больш ці менш мужчынскія заняткі

Наш першы публічны выступ адбыўся на ранішнім зборы ў актавай залі паяльскай школы. Стаяў ёдкі лютаўскі дзень. Ранішнія зборы мелі самую ўзьнёслую мэту: сагнаць разам усіх старшаклясьнікаў, каб цягам дваццаці хвілінаў надаць ім маральнасьці, павысіць духоўнасьць і ўмацаваць школьны калектыў. Напэўна, гэтая ідэя дабралася да нас з поўдня Швэцыі, зь якой-небудзь канфэрэнцыі дырэктараў, але зь цягам часу яна пачала больш нагадваць seura, ранішнюю імшу. Ролю прапаведніка выконваў або Гэнрык Пэкары, ахайна прычасаны й вечна заклапочаны настаўнік прафарыентацыі, або Свэн-Эрык Кліпмарк, наш дырэктар з аксамітным позіркам, — абодва спрабавалі накіраваць на праведны шлях усіх грэшнікаў, якія пэцкалі надпісамі сьцены, плявалі жаваным тытунём, ламалі шафкі ў распранальні, білі бутэлькі, рэзалі парты або іншым чынам павялічвалі артыкулы выдаткаў для мясцовых падаткаплацельшчыкаў. Думаю, было б прасьцей прыструніць нас, калі б яны скарысталіся з багацьця турнэдаленскай мовы або прыстрашылі маладых боўдзілаў лупцаваньнем і пажыцьцёвым калецтвам, бо менавіта да такіх мэтадаў выхаваньня мы прывыклі зь дзяцінства.

Часам арганізоўваліся музычныя імпрэзы. Кантар Ёран Турнбэрг адважна граў на піяніна прэлюдыю Баха, зусім не зважаючы на поўную абыякавасьць публікі. Пакуль сьпяваў школьны хор дзяўчатак, іхняя сівавалосая кіраўніца Біргіта Сёдэрбэрг спрабавала як магла не зьвяртаць увагі на сьвіст сэксуальна заклапочаных дзевяціклясьнікаў. Быў яшчэ хлопец з Пэраяваары, які дзьмуў у сваю трубу з сапраўдным азьвярэньнем самазабойцы ды так фальшывіў, што нават настаўнікі давіліся са сьмеху сьлінаю. Хлопец, аднак, перажыў гэта й зь цягам часу зрабіўся настаўнікам музыкі.

Прыйшла пятніца, пацаны зь дзявятай клясы, пазяхаючы, уселіся на апошні шэраг, гучна рыгалі ды кідаліся гумкамі. Астатнія вучні запоўнілі пярэднія шэрагі. Сцэна была схаваная ад публікі заслонаю. Кіраўніцтва школы дазволіла Грэгеру зрабіць ранішні збор на свой густ, калі ён намякнуў, што ў яго ёсьць ідэя наконт моладзевай ініцыятывы й творчасьці. Толькі калі б хто падышоў ушчыльную да заслоны, мог бы пачуць дзіўнае прыглушанае гудзеньне электрычнасьці.

Вучні падрыхтаваліся цярпліва выседзець, а можа, і асьвістаць — ужо як карта ляжа. Настаўнікі праціснуліся на стратэгічна важныя пазыцыі. Стрыжаны пад нуль і бясстрашны настаўнік гісторыі Гунар Ліндфорс заняў абарону каля апошняга шэрагу ды пачаў абмацваць залю сваім рэнтгенаўскім поглядам, гатовы выцягнуць шкодніка за каўнер.

З урачыстым выглядам Грэгер падняўся на сцэну ды стаў перад заслонаю. Нуль увагі. Настаўнікі зашыкалі. Балбатня ды хіхіканьне ўсё працягваліся, як звычайна. Настаўнікі з пагрозаю паглядзелі ў бок самых злосных бунтаўнікоў. Хтосьці з выклікам зарагатаў, кагосьці ахапіў кашаль, паміж крэсламі пакацілася, грукочучы, пустая бутэлька, хтосьці пачаў гучна рваць паперу.

Грэгер падняў над сабою зьнявечаную руку. Ня кажучы ні слова, пагразіў вялікім пальцам, а пасьля зьнік за сцэнаю.

Тут мы й пачалі:

— Чус летмі ісаматэ рокэнрол м’юсык!

Тых, хто сядзеў на апошнім шэрагу, адкінула на сьпінкі крэслаў. Астатнія зьдзіўлена вылупіліся на захінутую заслону. Тая гайдалася ды ўспушвалася, як сапсаваная кансэрва.

— Рокэнрол м’юсык! Іф ю ўона лав вітмі!

Стоячы ў паўцемры за заслонаю, мы грымелі як сапраўдныя шаленцы. У Эркі здалі нэрвы, і ён пачаў біць па ўсім, што рухалася, — і вось мэлёдыя панеслася ўжо ўдвая хутчэй, чым трэба. Нііла ўзяў акорд ня ў той танальнасьці, а пасажы Холгеры гучалі так, нібыта ў труну забівалі цьвікі. А наперадзе. Каля мікрафона. Стаяў я.

Я не сьпяваў — екатаў. Рык лася ў шлюбны пэрыяд. Перадсьмяротны крык лемінга. Ну, як хочаце, халера, так і называйце! Самі таго ня ведаючы, мы вынайшлі панк за некалькі гадоў да яго нараджэньня. Песьня дасягнула свайго апагею, недзе так, бо сказаць, што яна «скончылася», нельга, бо Эркі ўсё лютаваў на бубнах з адсутным выразам твару, і я зноў схіліўся над мікрафонам:

— Чус летмі ісаматэ рокэнрол м’юсык!

Яшчэ раз. Заслону так і не паднялі. Паспрабаваў падыграць на басе ў тон бубнаў, але ігра Эркі перайшла ўжо ў нешта кшталту эпілептычнага прыпадку. Нііла ўрэшце патрапіў у танальнасьць, але спазьняўся цяпер на два такты. А Холгеры выконваў сола для іншае песьні: ён нават і не заўважыў, што мы ўсё яшчэ ігралі першую.

— Чус летмі ісаматэ...

Па трэцім коле. Грэгер у паўцемры ліхаманкава змагаўся з канатамі й драпіроўкамі. Эркі барабаніў з такім аглушальным шумам, што я ня чуў свайго голасу. І вось урэшце заслона папаўзла ўверх, і нас асьляпіла пражэктарамі. А з залі на нас глядзела ўся нашая чортава школа, і я схіліўся да мікрафона й зароў «Чус летмі ісаматэ» — цяпер ужо чацьверты раз.

Здарылася неверагоднае: Нііла ўступіў без спазьненьня. Ён іграў усьлед за Эркі, да іх далучыліся й мы з Холгеры. І як цягнік па рэйках, мы прамчаліся праз усю песьню, а на заключным акордзе піхнулі Эркі, і ён рухнуў з крэсла.

І цішыня.

На няцьвёрдых нагах я пайшоў у бок кулісы, але мне замінаў шнур мікрафона — у гэты момант я жудасна захацеў эміграваць. Мазгаўня гула як бразготка. Грэгер схапіў мяне за плечы. Разьвярнуў. Нешта сказаў, але я не пачуў, аглушаны літаўрамі Эркі.

Падняўшы вочы, я ўбачыў. Яны пляскалі ў далоні. Уся перапоўненая заля. Вучні пляскалі ў далоні, як выглядала, цалкам добраахвотна, а некаторыя дзяўчаты, якія пабывалі на поп-канцэртах у Люлео ды ведалі, што трэба рабіць, нават крычалі «біс».

Неўзабаве публіка пачала разыходзіцца, а мы так і стаялі на сцэне, не разумеючы, што ўсё ж здарылася. Ужо тады, пасьля нашага першага канцэрту нас ахапіла пачуцьцё спустошанасьці, якое музыканты адчуваюць пасьля кожнага выступу нейкая затоеная нуда. Эркі заявіў, што ў яго правал у памяці, але ўсё цела гарыць, нібы ён парыўся ў лазьні. Грэгер буркнуў, што шнур заслоны трэба пафарбаваць люмінэсцэнтнаю фарбаю. Усё яшчэ агаломшаныя, мы пачалі перацягваць інструмэнты назад у музычную клясу.

Водгукі пасьля былі самыя розныя. Посьпехам гэта наўрад ці было, але мы ўсё ж зрабілі незабыўнае ўражаньне. Лестадыянцы адразу ж павыскоквалі з залі, затое хлопцы на задніх шэрагах перасталі кідацца жаванаю паперай у лысіну матэматыка. Некаторыя нашыя прыяцелі нават расшчодрыліся на найвышэйшую для турнэдаленцаў пахвалу:

— Ну так, нармалёва.

Іншыя ж казалі, што такой лухты ня чулі з тых часоў, як на ранішнім зборы выступала гарманістка са Сьёну, і дадавалі, што наступным разам паабразаюць нам струны. Было крыху няёмка чуць, што другая песьня некаторым спадабалася больш. Былі таксама й тыя, хто лічыў найлепшаю трэцюю песьню, не, усё ж першую. Але нікому, наадварот, не спадабалася чацьвертая мэлёдыя — той адзіны раз, калі мы сыгралі правільна. Нам не ставала сьмеласьці прызнацца, што мы гралі адное й тое чатыры разы, проста на розных стадыях панікі. Некалькі дзяўчат-васьміклясніц запалі на Эркі, бо ад яго, на іхні погляд, сыходзіла наймацнейшае выпраменьваньне, іншыя закахаліся ў нашага прыгажуна Холгеры. А вось Грэгер, наадварот, атрымаў ад угневанай пэдагагічнай рады школы жорсткую крытыку за мастацкую безадказнасьць.

Такім чынам, мы збольшага абышліся малым коштам.

У Турнэдалене вынаходлівасьць заўсёды ішла поплеч з барацьбою за выжываньне. Тут паважаюць, не, нават абагаўляюць спрытнага сталяра, які можа вырабіць з дрэва што заўгодна — ад ножыка для масла да падлогавага гадзіньніка; або лесасека, у якога заглух рухавік і які змог праехаць дзевяць кілямэтраў на сьнегаходзе на сумесі валяр'янкі з самагонам; або бабку, якая безь вядра назьбірала трыццаць кіляграмаў марошкі ў свае па-хітраму складзеныя панталёны; або хлопца, які правёз церазь мяжу гадавы запас цыгарэтаў у братавай труне (калі ўжо той умудрыўся памерці на фінскім баку); або ўдаву кантрабандыста, якая так па-майстэрску разрэзала каня, што ейныя сыны змаглі правезьці яго праз швэдзкую мытню ў скрутках на стырне ровара, а пасьля сшыць — конь ажыў і яго выгодна прадалі. Праўда, апошняя гісторыя здарылася ў саракавыя, мяне тады яшчэ на сьвеце не было.

Адзін з прыкладаў кемлівасьці па-турнэдаленску — заўзятыя рыбакі. Сэнс жыцьця для гэтых мужыкоў — бур і лом, блясна й донка; узімку яны рыхтуюць мушку на ласося, летам іхнія кішэні набітыя стракозамі, матылямі ды сьляпымі рачкамі; на рыбалку яны ходзяць куды ахвотней, чымся ў ложак да бабы; яны валодаюць чатырнаццацьцю спосабамі вязаць вузлы ды толькі адною сэксуальнаю позаю; яны ўкладаюць тысячы кронаў у кожнага злоўленага імі ласося замест таго, каб купіць яго за бесцань у краме; ім больш па душы мокнуць у дзіравых балотных ботах, чым сядзець зь сям’ёю за сьвяточным сталом; яны не дасыпаюць начамі, разбураюць свае шлюбы, іх звальняюць з працы, яны забываюцца на гігіену, закладаюць свой дом, плююць на дзяцей, калі толькі пачуюць, што нехта нібыта бачыў на Ёкфальле харыюса.

Такія самыя зацятыя — турнэдаленскія будаўнікі. Неспакойныя ды нецярплівыя мужыкі, ня дужа ахвочыя да размовы — увесь час некуды сьпяшаюцца, а вочы так і бегаюць. Толькі калі ў іхнія рукі трапляе малаток, яны робяцца нармальнымі людзьмі, нават могуць сказаць некалькі мілых словаў сваім жонкам, праўда, рот будзе набіты цьвікамі. Проста неверагодна, колькі мужык пасьпявае пабудаваць за жыцьцё. Хату з абораю — раз плюнуць! Прыбіральню ды лазьню — з аднаго ўдару! Крыху павазіўся — гумно й дрывотня! Адрына й клуня — ух, добра ідзе! А пасьля яшчэ гараж, будка, паветка для ровара ды хатка для малых!

Прыблізна ў гэты момант жыльлёва-камунальныя ўлады выносяць пастанову, што ўчастак ужо цалкам забудаваны. Мужык робіцца неўтаймоўным, кіслым, як воцат, пачынае крычаць на малых, п’янствуе, пакутуе на бессань, лысее, штурхае нагою сабаку губляе слых і зрок, пачынае прымаць валякардын на ўказаньне еліварскага лекара, а пасьля няўцешная жонка нечакана атрымлівае ў падарунак недабудаваную пляцоўку для адпачынку.

І ўрэшце можна пачынаць усё спачатку.

Лецішча, лазьня, сарцір, дрывотнік, будка для сабакі. Кароткі перапынак — і рыбны сьвіран, варыўня, альтанка, камора для інструмэнту гаўбец і лялечны дамок для малых. Пасьля ўсе прыбудовы. Падымацца зь першымі пеўнямі ўсё лета, працаваць сякераю, стукаць малатком — што за жыцьцё!

Але гады ідуць, і неўзабаве здараецца непазьбежнае: надзел забудаваны. І вось ужо камунальныя чыноўнікі засядаюць у сваёй канторы, сьцяўшы зубы, і разглядаюць аэраздымкі. А мужык робіцца ўсё менш ветлым — ажно жах бярэ, і яго вось-вось пакіне жонка.

Але тут раптоўна прыходзіць час рамонту. Пераслаць дах, замяніць пілавіньне на шклавату зрабіць у гасьцёўні камін, заставіць мэбляю гарышча, пабудаваць пакой для адпачынку ў сутарэньні, абнавіць на вокнах абкітоўку усё адцерці ды перафарбаваць, замяніць убудаваныя шафы, паслаць дывановае пакрыцьцё, замяніць краны й ракавіны, ачысьціць лазьню ад плесьні, пабудаваць тэрасу й гаўбец, зашкліць альтанку.

А пасьля — усё гатова. Пасьля — нічога ўжо ня зробіш. Пасьля — усё дабудавана, тваё стварэньне дасканалае, і ты ўпустую цягнесься па малаток, а твая жонка разумее, што выйсьця няма. Цяпер застаецца толькі еліварская вар’ятня.

Але тут прыходзіць рэформа правілаў аб гаспадарчых прыбудовах.

Проста неверагодна, колькі прыбудоваў можна зьмясьціць на адным надзеле. І ўсё можна пачынаць спачатку. А сямейнае жыцьцё зноў напаўняецца нейкаю цеплынёю ды спакоем, нечым, што нават можна было б назваць любоўю.

А вось наш рок — рэч зусім іншая. Карысьці ў ім аніякай. Ніхто, нават мы самі, ня бачыў у ім сэнсу. Нікому не было ў ім патрэбы. Мы проста ігралі, раскрывалі нашыя сэрцы ды вызвалялі зь іх музыку. Старэйшае пакаленьне лічыла, што гэта прыкмета сьпешчанасьці ды лішку вольнага часу, што маладыя проста ўжо шалеюць ад дастатку ды пускаюць грошы на вецер. Так заўсёды бывае, калі моладзь не занятая працаю. Атрымліваецца лішак. Лішак энэргіі, які круціцца ў целе ды павышае крывяны ціск.

Напачатку мы шмат разважалі зь Ніілам наконт таго, ці можна аднесьці выкананьне року да knapsu. Гэтае слова па-турнэдаленску азначае «бабскі», такім чынам, выключна бабская справа. Можна сказаць, што роля турнэдаленскага мужыка зводзіцца да аднаго. Ня быць knapsu. На першы погляд усё проста й зразумела, але ўсё насамрэч ускладняецца рознымі мудрагелістымі правіламі, на вывучэньне якіх могуць спатрэбіцца гады, і мужыкі, што пераехалі з поўдня, могуць добра адчуць гэта на сваёй скуры.

Некаторыя заняткі ёсьць knapsu паводле прыроды, таму мужыкам іх трэба пазьбягаць. Да іх адносяцца замена фіранак, вязаньне, ткацтва, ручное даеньне кароваў, паліваньне кветак ды іншыя такія справы. Іншыя заняткі можна бясспрэчна назваць мужчынскімі: валіць дрэвы, паляваць на лася, рабіць зрубы, сплаўляць лес і біцца на танцах у клюбе. З даўніх часоў сьвет быў падзелены на дзьве паловы, і ўсе ведалі сваё месца.

Але тут прыйшоў дабрабыт. А зь ім зьявіліся сотні новых справаў і абавязкаў, якія перамяшалі паняткі ды ўсіх заблыталі. Панятак knapsu разьвіваўся цягам стагоддзяў у самай глыбіні народнай падсьвядомасьці, пэўныя азначэньні проста не пасьпелі сфармавацца. За выключэньнем некаторых сфэраў. Рухавікі, напрыклад, — справа мужчынская. Прычым рухавікі на паліве — у большай ступені, чым рухавікі электрычныя. Такім чынам, аўто, сьнегаходы ды бэнзапілы — ніяк ня knapsu.

Але ці можна мужыку шыць на швейнай машынцы? Узьбіваць электраміксэрам вяршкі? Даіць кароваў даільным апаратам? Вымаць бялізну з пральнай машыны? Ці можа сапраўдны мужык прапыласосіць сваю машыну ды ня страціць пры гэтым годнасьці? Тут ёсьць над чым падумаць.

А іншыя навамодныя рэчы — яшчэ горш. Ці ня будзе, напрыклад, knapsu есьці абястлушчаны маргарын? А паставіць электрапеч? А выкарыстоўваць гель для валасоў? Мэдытаваць? Плаваць з маскаю? Выкарыстоўваць плястыр? Зьбіраць за сабакам лайно ў пакунак?

Да таго ж кожная вёска мела яшчэ й свае правілы. Гасэ Аляталё зь мясцовасьці Тэрэндэ расказаў мне, што ў ягонай вёсцы зь нейкай дзіўнай нагоды лічылася knapsu падгінаць халявы на гумавых ботах.

Грунтуючыся на ўсім гэтым, усіх нас, мужыкоў, можна падзяліць на тры групы. Да першай адносяцца сапраўдныя самцы. Гэтакі вясковы маўчун, стрыманы, пануры й нешматслоўны, з нажом за поясам і запасам грубай солі ў кішэні. Ягонага антыпода вельмі лёгка пазнаць — гэтакае жанчынападобнае стварэньне. Такі мужык бясспрэчна knapsu, расьпешчаны старэйшымі сёстрамі ды непрыдатны ні ў лясной талацэ, ні ў паляўнічай камандзе. Затое ён добра ладзіць з жывёламі, а таксама з жанчынамі (за выключэньнем самога сэксу), таму ў былыя часы ён часта рабіўся лекарам або шаптуном.

Трэцюю групу складае шматлікая сярэдзіна. Да яе адносіліся й мы зь Ніілам. Тут ступень knapsu вызначалася пэўнымі ўчынкамі. Ставала, напрыклад, такой бяскрыўднай рэчы, як насіць чырвоны капялюш. Тады можна на тыдні патрапіць на вяршыню шкалы knapsu і быць вымушаным біцца й выконваць розныя безразважныя рытуалы; каб выцягнуць сябе пакрысе з дрыгвы knapsu.

Рок-музыкаю займаюцца, несумненна, часьцей мужчыны. Паводле свайго духу яна агрэсіўна-мужчынская. Кожны пабочны назіральнік з ходу аднясе, такім чынам, рок да нябабскай справы. На гэтае, аднак, можна запярэчыць, што дрынканьне на гітары нельга назваць сапраўднаю працаю. Адзін дзень у лесе — і хлопец пачне сікаць крывёю. Сьпевы таксама лічыліся не мужчынскаю справаю, прынамсі ў нашай мясцовасьці ды прынамсі ў цьвярозым стане. А па-ангельску яшчэ горш — для вымаўленьня трэба залішне мяккі язык для грубых фінскіх сківіцаў; гэтая мова такая абрузлая, што толькі дзяўчаткі атрымліваюць па ёй «пяцёркі»; нейкі цягучы вадзяністы сьлімак, мокрае дрыготкае жэле, вынаходніцтва астраўлянаў, якія ўсё жыцьцё таўклі пад нагамі ціну, ня ведаючы ні барацьбы, ні голаду, ні марозу; гэтая мова — для гультаёў, траваедных хлюпікаў, абібокаў, ніякай пругкасьці вымаўленьня, нібы ў роце боўтаецца адрэзаная з чэлеса плоць.

Тады мы, вядома, былі knapsu. Бо ня граць мы не маглі.

РАЗЬДЗЕЛ 19

— пра дзяўчыну на чорным «вольва», хакейныя пляцоўкі ды здаравенныя азадкі, а таксама пра тое, чым можна пазабавіцца ў Паяле

Наш другі канцэрт адбыўся ў Каўнісваары, у мясцовым Доме культуры, дзе праводзілася сустрэча «Чырвонай моладзі». Пра ўсё дамовіўся Холгеры: у яго была знаёмая дзяўчына ў кіраўніцтве, адна з тых трыццаці, якія стаялі перад сцэнаю ў палестынскіх хустках, з чубкамі ды круглымі акулярамі ды адбівалі такт сваімі вастраносымі ботамі. Трэба адзначыць, што сустрэлі нас досыць добра. З нашага дэбюту ў актавай залі прайшло ўжо некалькі месяцаў, і мы пасьпелі лепш сыграцца. Дзьве песьні мы напісалі самі, астатнія былі хітамі, якія я навыдзіраў з «Топ 10». Прыйшлі некалькі старых піянэраў, яны зь цікаўнасьцю спыніліся ў дзьвярах. Але адразу ж разьвярнуліся ды зьніклі, акрамя аднаго старога, якога кантузіла яшчэ ў маладосьці на вайсковых зборах. Ён стаяў, разявіўшы рот, і штохвіліны папраўляў на галаве фуражку ды ніяк ня мог зразумець, навошта гэтая чортава моладзь марнуе столькі электрычнасьці.

Пасьля апошняй песьні сяброўка Холгеры пачала пляскаць і папрасіла сыграць на біс. Яе падтрымалі іншыя. Мы ўсё яшчэ былі на сцэне, і я зьбянтэжана паглядзеў на Эркі ды Ніілу. Мы ўжо сыгралі ўсе песьні, якія ведалі.

Тут данёсься вой. Холгеры! Ён стаяў перад самым дынамікам, урубіўшы гучнасьць на поўную. Па залі пранёсься электрычны гул, у вокнах задрыжалі шыбы. Потым Холгеры зайграў. Адзін, зь дзікім зьвярыным енкатам. Публікі ён больш ня бачыў. Ён апусьціўся на калені, абапёрся гітараю аб падлогу ды пачаў трэсьці яе перад варонкаю дынаміка, нібы забойца сваю ахвяру. Драпаў струны. Мэлёдыя была нейкая знаёмая. Яна накатвала абрывістымі хвалямі, быццам праграма з далёкай радыёстанцыі, але была ўсё ж споўненая моцы. Мы трое ва ўсе вочы глядзелі на Холгеры. Ён лёг на сьпіну. Моцнымі рыўкамі пачаў падкідваць гітару ўгару. Вочы паўзаплюшчаныя, на лобе кроплі поту. Пасьля ён закінуў галаву назад і заіграў зубамі. Тую самую надзіва знаёмую мэлёдыю.

— Гэндрыкс! — загарлапаніў мне ў вуха Нііла.

— Лепш! — крыкнуў я ў адказ.

Толькі тады я зразумеў, што ён іграў. Гімн Савецкага Саюзу, які грымеў так, што трапяталі старэнькія сьцены драўлянага Дому культуры.

Пасьля да нас на сцэну падымаліся людзі ды цікавіліся нашаю палітычнаю арыентацыяй. Холгеры сядзеў зь летуценнай усьмешкаю на вуснах, а дзьве дзяўчыны спрабавалі між тым усесьціся яму на калені. Сам я нарваўся на дзеўку зь дзіўна падведзенымі арабскімі бровамі. Ейныя чорныя валасы блішчэлі так, нібы іх макнулі ў чарніліцу. На іх фоне прыпудраны твар падаваўся зусім белым. У ейным выглядзе было нешта лялечнае, нібы дзяўчыну абгарнулі ў тонкі цэляфан. Цела хавалася пад мехаватым мадэрновым балахонам, але плаўныя рухі выдавалі яе. Паглядваючы на мяне, яна пакачвала клубамі, лёгкімі асьцярожнымі рухамі. І я ўбачыў перад сабою жанчыну, голад. Яна моўчкі працягнула руку, павіталася як дарослая ды ўсьміхнулася, агаліўшы малыя вострыя зубкі. Поціск рукі ў яе быў моцны, як у хлопца.

Потым мы сабралі інструмэнты ды ўзмацняльнікі. Дзед у фуражцы хадзіў і, нявінна ўхмыляючыся, правяраў, ці адрасьлі ў дзевак грудкі. Касірка дала нам па лусьцяні з каўбасою ды адлічыла з касы пяцьдзясят кронаў ганарару.

— Ты ў Паялу?

Гэта была яна, чарнавалосая. Мы выйшлі на ганак, яна падняла каўнер курткі.

— Цябе падкінуць? — не адставала яна.

Кіўнула ў бок дарогі. Я падняўся ды неахвотна пайшоў за ёй. Дзяўчына спынілася каля чорнага бліскучага «вольва».

— Бацькава машына.

— Клёва, — сказаў я.

У наступнае імгненьне мы ўжо імчалі па дарозе. Азадак крыху мёрз на фатэлі, ветравое шкло пацела ад гарачага дыханьня. Я ўключыў вэнтылятар і дадаў цяпла — за акном была халодная вясновая ноч. Сустрэчная машына гучна прасыгналіла й міргнула фарамі. Дзяўчына крыху павазілася зь пераключальнікамі, пакуль не адшукала патрэбны, і пераключыла з дальняга сьвятла на бліжняе.

— Табе ж няма яшчэ васямнаццаці?

Яна не адказала. Адкінулася на сьпінку, не адымаючы рукі ад скрынкі перадач. Дзяўчына трымалася сярэдзіны дарогі, заінелая шаша шалёна праносілася пад нашымі коламі, фары выхоплівалі на ўзбочынах вялікія сьнежныя гурбы. Балоты зацягнуў шчыльны блакітны шарон.

— Крута быць камуністкаю? — запытаў я.

Яна пачала шукаць кнопку радыё. Машына пакрысе кіравалася ў кювэт. Я закрычаў, і дзяўчына рыўком выраўняла машыну.

— Ня трэба хвалявацца, — сказала яна, — я за стырном ня першы дзень!

Яна выбрала старую шашу з Аўт’ё да Паялы. Калі пачаўся просты адрэзак дарогі, яна ўціснула газ да самага нізу. Рухавік завярцеўся, завыў і мы ў імгненьне набралі хуткасьць. Мароз лізаў машыну ледзяным языком, пакрываючы капот і шыбы намаразьзю, вецер абдзімаў холадам гарбаты верх «вольва».

— Тут часта выскокваюць алені.

Дзяўчына зарагатала ды яшчэ мацней націснула на газ. Я зразумеў, што ёй падабалася палохаць. Калі я цяпер яшчэ й рамень бясьпекі зашпілю, яна вырашыць, што перамагла. Замест гэтага я згрупаваўся, стараючыся пры гэтым рабіць бестурботны від, а сам ўсё ўглядаўся ў крайнія дрэвы, увесь час гатовы да ўдару.

Доўга пакорпаўшыся з радыё, яна ўрэшце знайшла фінскую радыёстанцыю. Танга ў міноры, нейкая жанчына сьпявала пра каханьне й журбу. Машына пераляцела цераз прыгорак і панеслася па зьвілістай дарозе, пакідаючы за сабою маркотны дымок. Нібы ў гэтай марознай прасторы раставала сэрца кагосьці, а за ім цягнуўся крывавы сьлед. Я ўпотай паглядаў на дзяўчыну. На яе профіль, ледзь бачны ў цемры, на акруглае падбародзьдзе, пухлыя вусны, задзірлівы фінскі носік. Мне захацелася да яе дакрануцца. Пацалаваць.

— Чым можна заняцца ў Паяле? — запыталася яна.

— Халера яго ведае, — адказаў я.

Мы ўжо праяжджалі Манганьемі, машына са сьвістам набліжалася да старога мосту. З-за лесу паказаліся агні вёскі, па роўнядзі рэчкі разьлівалася срэбнае сьвятло. Дзяўчына ня збавіла хуткасьці, нават калі па вузкім мосьце на нас панеслася агромністая фура. Машыны разьехаліся за некалькі мілімэтраў адна ад адной — нават «Хапарандзкі весьнік» не пралез бы. Дальнабойнік шалёна засыгналіў, а дзяўчына нават брывом не варухнула.

— Ёсьць што сёньня ў кіно?

Я ня быў у гэтым упэўнены. Што б яшчэ такога можна прыдумаць? Успомніў, што адзін з маіх аднаклясьнікаў трымаў у бойлернай трусоў. Ён скормліваў ім паўзгнілую гародніну з «Консуму» — там яе ўсё адно б выкінулі.

Часам можна было ўбачыць, як трусы сікалі. Што за дзяцінства, падумаў я.

— Можна паглядзець на хакейную трэніроўку нашай спартовай сэкцыі. У выходныя яны гуляюць сэрыю матчаў супраць Эта-Куйва.

Я паказаў ёй, што сьпярша трэба ехаць уперад да крамы Артура, падобнай да скрыні з-пад абутку, пасьля павярнуць направа ды ехаць так да цэнтру ўздоўж малой гандлёвай вуліцы, паўз абутковую краму «Хар’юхахта», краму канцтавараў, цырульню Лярсана, пякарню Вэнбэрга, шапік Мікаэльсана ды кандытарскую Ліндквіста. Каля школы мы павярнулі ды адшукалі праезд да хакейнай пляцоўкі. Прыпаркаваўшы машыну, якая ўрэшце прагрэлася, мы пайшлі па пратаптанай сьцежцы да катка.

Трэніроўка ішла поўным ходам. Бамбізы ў латах і жоўта-чорнай форме наварочвалі па катку колы, адпрацоўваючы задні ход. Трэнэр Стэнбэрг, барадаты паліцэйскі, які нядаўна пераехаў у Паялу дзьмуў у сьвісток і, падбадзёрваючы гульцоў крычаў немым голасам:

— Толькі паспрабуйце, гаўнюкі, зразаць на паваротах, толькі паспрабуйце! А ну хутчэй, чырвоныя вырадкі!

Пасьля яны пачалі разаграваць галкіпэра жорсткімі, бязьлітаснымі ўдарамі, гульцы выстрэльвалі ды калацілі сваімі наварочанымі клюшкамі, а брамнік у сваёй масцы-чэрапе ды латах стаяў нібы асуджаны на сьмерць, і атрымліваў сіняк за сіняком. Некаторыя шайбы, са сьвістам пераскокваючы цераз борцікі, выляталі на лужок — колькі будзе шчасьця малым, калі сыдзе сьнег.

— Лупяні яму, чорт цябе за нагу й тваю бабулю! — гарлаў Стэнбэрг, які па-сапраўднаму рупіўся аб моладзі ды з уласнай ініцыятывы арганізаваў для падлеткаў трэніроўкі ў кожнай вёсцы ў радыюсе некалькіх дзясяткаў кілямэтраў.

Пасьля пачаўся пробны матч. Гульцы былі яшчэ зусім сырыя ды неабчасаныя, яны бралі хутчэй імпэтам, чымся стратэгіяй. Яны дзёўбаліся аб борцікі, поўзалі на азадку, а па шайбах лупілі так, што клюшкі трашчалі. Доўгавалосы форвард адной з камандаў начапіў дапатопны падбароднік і нагадваў аўчарку ў намордніку. Ён скіраваў усю сваю немалую цяглічную масу ў разгон і папёр з усёй сілы праз флянг абароны, так што тая пасыпалася, як статак аленяў, гнаны цягніком. А вось валоданьне шайбаю было не на вышыні. Але ён зарыентаваўся й даў своечасовы пас назад, пасьля чаго абаронцы прабілі шайбу ў пралом. На другім баку пляцоўкі гуляў хударлявы бляндын з вокамгненнаю рэакцыяй. Калі ўкідвалі шайбу, ён дранцьвеў, нібы яшчарка, а пасьля ягоная клюшка бліскавіцаю выстрэльвала па гумовым мэтэарыце.

Мы стаялі на сьнежнай гурбе за борцікам і нейкі час сачылі за гульнёю. Я падсунуўся крыху бліжэй, нібы ненаўмысна, і нашыя курткі даткнуліся. Дзяўчына жавала гумку, выдзімаючы бурбалкі, і дурманліва пахла лякрыцаю. Я заўважыў, што яна курчыцца ад холаду ды хутаецца ў сваю палестынскую хустку.

— Зьмерзла?

— Крыху.

— Можа... Мой сябар трымае трусоў...

— Што за дзяцінства, — сказала яна, намотваючы гумку на палец.

Мне б замест гэтага абняць яе. Цяпер ужо позна. Я адчуваў сябе недарэкам. Захацелася зьбегчы дамоў і папрактыкавацца перад люстэркам. Дзяўчына заўважыла маю зьбянтэжанасьць. Крыху зьмякчылася, пачала сачыць за гульнёю, робячы выгляд, што ёй цікава.

— Ім трэба вучыцца гуляць у адзін дотык, — сказаў я, — як расейцы. А яны больш, як канадцы. Ідуць напралом, бачыш. Хакей лесарубаў.

Я паглыбіўся на пэўны час у аналіз ігры, пачаў хваліць бліскучую тэхніку расейцаў, якія здымаюць на трэніроўках з клюшак крук і гуляюць адною «трубою». Неўзабаве ўбачыў, што яна занудзілася. Між тым я й сам пачаў мерзнуць.

— Можна паглядзець на гімнастыку для хатніх гаспадынь.

Яна кіўнула ды надоўга затрымала на мне погляд. Потым рэзка апусьціла вочы, быццам перапужалася, што выдала сябе. Я адчуў, як сэрца закалацілася ў грудзях, і паскорыў крок — спартовая заля была ўсяго за дзьве сотні мэтраў ад катка.

Дзьверы ў жаночую распранальню былі незачыненыя. Мы прасьлізнулі ўсярэдзіну. З залі даносіўся грукат джазу, які рэхам ляцеў са школьнай магнітолы.

Пахла селядцом і пакостам, як ва ўсіх старых спартовых залях: застаялы пах катаваньняў цягнуўся ад лінаў, гімнастычных коней і кольцаў. Плюс яшчэ кіслая сумесь поту ды спэцыфічнага жаночага паху. Паўсюль на круках вісела адзеньне: мехаватыя нагавіцы з начосам, спадніцы велічынёю з шацёр, квяцістыя сукні, калготкі для пахудзеньня, купалы станікаў, большыя за маю шапку. На падлозе ў лужынах талай вады стаялі прадуктовыя авоські ды бліскучыя торбачкі, стаптаныя боты, валёнкі й вастраносыя боцікі.

Я на дыбачках пракраўся да дзьвярэй залі. Мяне асьляпіла сьвятло. Тут раптам будынак скалануўся ад землятрусу, бэлькі задрыжалі. Цёткі практыкавалі скачкі ўвышыню. Божухна, як калыхаліся іхнія целы! Цыцкі пляскалі, як мяхі з мукою, а пузы — большыя за апоны — успухалі, як дражджавое цеста. На шчасьце, цёткі былі не ў ладах з музыкаю, бо калі б яны ўсе скакалі ў такт, падлога дакладна праламалася б. Наступным практыкаваньнем быў бег з падскокам вакол залі: уздоўж швэдзкіх сьценак загрукатаў статак сланоў, трасучы сваімі грузнымі сьцёгнамі. Зь цётак градам ліўся пот, сьцякаючы з двайных падбародзьдзяў у лагчыну паміж грудзямі, а на нагах сьвяціліся чырваньню варыкозныя вены. «Нахіл, яшчэ нахіл», — скамандавала кіраўніца, стоячы за магнітолаю, і сорак здаравенных рук нахіліліся ўбок, як бярозы ў буру. «І раз, і два, нахіл уперад» — і дваццаць неабсяжных азадкаў, якія напладзілі з добрую сотню малых, закалыхаліся ў паветры. Пот зь ягадзіцаў струменіўся па тоўстых баках, зьедліва запахла мачою. «Пад’ём і скок-скок» — пайшлі скакаць убок, выпінаючы клубы. Тут, зразумела, не абышлося без сутыкненьняў, неверагодных па сваёй масе ды энэргіі. Цёткі двухтоннымі бомбамі падалі ніцма, ляжалі на лякаваным паркеце, боўтаючыся ва ўласным поце, а пасьля падымаліся спачатку на карачкі, потым на ногі — нязломныя ды непакорныя. У залі стаяў пах балотнай гнілі ды клімаксу. Першабытная сумесь сьмерці й народзінаў — распаленыя жанчыны.

Дзяўчына схапіла мяне ззаду за валасы. Запусьціла тонкія азяблыя пальчыкі. Я здрыгануўся ўсім целам. У мяне падкасіліся ногі, і я быў вымушаны сесьці. Яна сасьлізнула мне на калені ды выплюнула жуйку. Яе зрэнкі пашырыліся й чарнелі, як дзьве палонкі. Я пачаў лашчыць яе падбародак, ледзь дакранаючыся, павёў пальцам па скуле, падняўся да пекнага вушка. Уцягнуў у сябе пах ейнага твару. Заплюшчыў вочы й дакрануўся да ейнае скуры. Шчокі, адтаўшы, пачалі палаць. Дзяўчына задыхала глыбей. Я адчуваў вуснамі ейную ўсьмешку. Мы расшпілілі курткі. Прыціснуліся целамі. Яе грудкі былі такія юныя, вострыя. Я абхапіў яе рукамі, прыціснуў да сябе з вачыма, поўнымі сьлёзаў, адчуваючы, як шчасьце хлынула ў мяне плыньню. Быць разам. Разам зь дзяўчынаю!

Неўзабаве ейная рука была ўжо пад маім швэдрам. Халодная як лёд, але мяккая, як само каханьне. Рука пачала пяшчотна лашчыць маю сьпіну, і мускулы салодка скалатнуліся. Ейныя рухі паскорыліся, зрабіліся больш нецярплівымі. Яна зьлёгку ўшчыкнула. Шкрабанула пазногцямі.

— Магу я... Можна мне з табою...

Замест адказу дзяўчына запусьціла руку ў мае нагавіцы. Пасьля вёрткаю мышкаю заказытала мне бакі, сьцёгны, шмыгнула да пахвіны. Я напружыўся.

— Не хвалюйся, — са сьмехам сказала яна, агаліўшы свае белыя зубкі.

Я хацеў быў сказаць, што ў мяне там і валасоў амаль не было, — каб не расчараваць яе, — але яна мяне апярэдзіла. Дзяўчына спрытна абхапіла маё дабро, нібы павук аплёў сваю ахвяру. Моцна ўхапілася за набраклы чэлес. Усё, злавіла, ужо не зьбяжыш. Адначасова яна пачала цалаваць мяне, прасунуўшы ў мой рот свой салёны, як кроў, язык. У мяне ўсё закружылася перад вачыма, я пачаў мацаць ейныя грудзі, але неяк груба ды нязграбна. Дзяўчына адкінула мяне назад, на драўляную лаўку. Сьцягнула зь сябе джынсы. Мне хацелася палашчыць яе, але яна адштурхнула маю руку.

— У цябе рукі потныя, — груба сказала дзяўчына ды пхнула мяне на лаву.

Я распластаўся на сьпіне. Яна ўселася на мне, як вартавы парадку. Зводдаль чуўся грукат сланоў.

— Ты такая... такая мілая... — нясьмела мямліў я.

Заплюшчыўшы вочы, яна прагна апусьцілася на мяне. Я пагрузіўся ў вільготную бездань. Цёплую й мяккую, як падушка. Выгінаючыся па-зьмяінаму, яна пачала разгойдвацца на мне ў павольным і пяшчотным танцы, у якім нешта расло між намі, узмацняючыся з кожным мігам. Карціна, фарбы якой усё чырванеюць, пакуль палатно цалкам не зацягнецца вільготнаю плеўкаю. Я таксама рухаўся, адчуваючы, што вось-вось згублю прытомнасьць. Яна паскорыла тэмп і пачала надрыўна енчыць. Яна зрабілася зусім дзікаю ды неўтаймаванаю, як сабака, які шалёна перыць канапу. Я заткнуў ейны рот рукою, але так і ня змог заглушыць крыку. Пранізьлівага, як у коткі.

— Ціха, нас пачуюць! — крыкнуў я ёй і адчуў, як мая скура пачала раптам нацягвацца. Успушвацца. Націсьні — і хлыне кроў. Я паспрабаваў высьлізнуць, але дзяўчына не выпускала. Пачуцьцё разрасталася, мацнела. Нібы казыталі нажом, пакуль раптам не прадзіравілі наскрозь. Ейныя валасы шчыльнаю заслонаю закрылі мой твар. Цёмныя хмары. Набухлыя крываваю плоцьцю.

І вось. Так, так, так! Увесь сьвет разьлятаецца на кавалкі, і з чорнай навальнічнай хмары праліваецца дождж.

Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў у дзьвярах цётку. Тыповая гара тлушчу з Похвінай багны. Вочы вырачаныя, валасы з пэрманэнтам зьліпліся, з носа на падбародзьдзе струменіцца пот. Я быў упэўнены, што яна закрычыць. Пакліча сваіх сябровак, і тыя пачнуць нас лінчаваць. Яны прыціснуць нас да зямлі сваімі стокіляграмовымі целамі ды будуць высьвятляць, ці не кішэньнікі мы. Хто-небудзь абавязкова скажа: «Kulli pois!» А пасьля адна з гэтых лясных саамак перамеле мае яечкі ў мясны фарш, як аленю-самцу са зьбялелымі ад болю вачыма.

Перапужаўшыся, я выцягнуў свайго малога. Пакуль я пасьпешліва нацягваў нагавіцы, цётка скептычна аглядала майго здохлага бобіка. З залі па-ранейшаму даносіўся жудасны слановы грукат.

— Шмат шуму зь нічога, — з ухмылкаю сказала яна.

Цётка сербанула вады з жалезнага крана, гучна пусьціла газы ды вярнулася ў залю. Пах гною з хлява перасьледаваў нас да самага выхаду.

Дзяўчына села ў «вольва» ды кінула «пакуль». Я ня даў ёй зачыніць дзьверы.

— Убачымся заўтра? — запытаў я.

Яна абыякава глядзела перад сабою, шчыльна сьціснуўшы вусны.

— Можа скажаш хоць бы, як цябе завуць?

Яна крыху пакорпалася ды завяла матор. Пасьля паставіла на першую хуткасьць і пачала вырульваць. Я бег разам з машынаю, чапляючыся за дзьверы. Дзяўчына паглядзела на мяне сваімі вялікімі цёмнымі вачыма. І раптам яна скінула маску. Тая проста лопнула. Рассыпалася на часткі, а пад ёй зеўрала адна вялікая крывавая рана.

— Я з табою! — закрычаў я ў роспачы.

Яна націснула на газ, і дзьверы высьлізнулі з маіх рук. Добра прабуксоўваючы, машына панеслася пад вулічнымі ліхтарамі, падымаючы з-пад колаў віхры сьнежнага пылу. Шум матора гучаў усё слабей, пакуль урэшце зусім ня змоўк.

Пэўны час я стаяў як у сьне, пакуль мяне не працяла думка. У яе нават не было ключа запальваньня. Яна скрала машыну. Боль усё глыбей запускаў свае ледзяныя карані ў маё сэрца: у гэты момант я зразумеў, што ніколі больш яе ня ўбачу.

РАЗЬДЗЕЛ 20

— пра тое, як гулялі на дне народзінаў ды сьпявалі гімн Турнэдалену, як зьявіліся паляўнічыя ды як чатыры падлеткі глядзелі на зоры

З гадамі мой дзед вёў усё больш адасобленае жыцьцё. Ён любіў сядзець на самоце; а з таго часу, як бабуля спачыла, дзед пачаў пазьбягаць людзей. Ён жыў асобна ў сваёй халупе, вёў гаспадарку ды марыў толькі пра адно: памерці ў роднай хаце. Калі прыходзілі яго адведаць, дзед выглядаў ветлівым, але быў між тым стрыманы. У дом састарэлых? Ні за што на сьвеце! Мы можам выкінуць гэтае глупства з галавы. Няўжо ў хаце не прыбрана? Яму добра й аднаму.

Але спыніць бег часу дзед усё ж ня мог, і неўзабаве прыйшоў той лютаўскі дзень, калі старому споўнілася семдзесят. Родзічы мелі згрызоты сумленьня, што нячаста заходзілі да яго, і сышліся на тым, што яны зробяць старому баль на ўвесь сьвет. Няблага было б папоўніць сямейны альбом параю ўрачыстых здымкаў, пакуль стары зусім ня страціў розуму.

Спатрэбіўся пэўны час, каб угаварыць самога дзеда — сьвята ўсё ж ня толькі для яго самога, а для сваякоў. Нічога не падазраючы, стары спакойна назіраў за рыхтаваньнем да фэсту. За тыдзень да сьвята родзічы адскрэблі хісткія масьніцы ад застарэлага поту, адцерлі ходнікі шампунем, на зімовым марозе адмылі трухлявыя вокны тэхнічным сьпіртам, ачысьцілі дзедаў пахавальны гарнітур ад сродку супраць молі, адмылі абажуры ад наліплага тлушчу, замянілі цыраты, прапыласосілі ва ўсіх кутах, дзе наткнуліся на неверагодныя кучы павуціньня й дохлых мухаў, усё халусьце вынесьлі ў адрыну, расставілі абутак ненатуральнымі шэрагамі ды ўзорамі, перасунулі ўсе рэчы ў камодах і шафах, прычым пераблыталі ўсё так, што самі нічога не маглі знайсьці. Дзед ужо неаднойчы пашкадаваў, што пусьціў гэтых інтэрвэнтаў у свой дом, ён скардзіўся ды лаяўся з усімі, але тут, як на падлодцы, калі ўжо сеў, дык мусіш цярпець да канца.

Дзень народзінаў прыпаў на пятніцу. Нам зь сястрою дазволілі прапусьціць школу і мы ўсёй сям’ёю паехалі да дзеда з самай раніцы. Дзень выдаўся ясным, мінус дваццаць — марознае, але сухое й бязьветранае надвор’е, вокны машыны пакрыліся шэраньню, а з дрэваў зьвісалі вострыя ледзяшы. На небе гасьлі апошнія ранішнія зоркі. Па-над лесам узьнялося блакітнае зьзяньне. Бацька прыпаркаваўся на пераараным двары, мы захрабусьцелі па крупчастым сьнезе ды атрэсьлі каля ганку ногі. У сенцах шалёна забрахаў стары сабака. Ён напалову асьлеп і набыў дурную звычку кусацца, таму пакуль дзед адчыняў я на ўсялякі выпадак узброіўся венікам.

— Tekkös sieltä tuletta? А, гэта вы тут? — адказаў дзед па-фінску, робячы выгляд, нібы не чакаў нас. Маці працягнула яму кветкі, якія хавала ад марозу пад паліто, бацька паціснуў дзеду руку й павіншаваў, а я ў гэты момант шугануў венікам старую кудлу, якая кулём скацілася з ганку ды заскавытала.

Мы селі моўчкі за стол — было чуваць, як у пакоі цікае ківач. Халупа выглядала незвычайна ўрачыста. Дзед сядзеў у гушкалцы, зашпілены пад самае горла каўнер ўразаўся ў маршчыністую шыю, дзед нэрвова паправіў гальштук. Усё выглядала штучным і здранцьвелым, як і мусіць быць на вялікіх урачыстасьцях.

Да абеду пачалі падцягвацца дзядзькі зь сем’ямі, і на стале зьявіліся вялікія тарты, упрыгожаныя вяршкамі. Нехта пачаў варыць каву ды разьліваць яе па тэрмасах, а мы зь сястрою дапамагалі намазваць масла на лусьцяні, а зьверху клалі сакавітыя кавалачкі засмажанай у печы ласяціны. Іншыя выкладалі на падносы сьвежасьпечаныя булачкі, якія напоўнілі ўсю хату духмяным водарам карыцы, ванілі ды какавы.

Кволае лютаўскае сонейка ўрэшце прыўзьнялося над сьнежным сумётам, і зімовы дзень заіскрыўся. Удалечыні пасьвіўся невялікі статак паўночных аленяў, яны раскопвалі капытамі сьнежны покрыў і выцягвалі леташнюю траву. Пара аленяў ляжала ў лагчынках, падагнуўшы пад сябе ногі, каб захаваць цяпло, — толькі цёмныя галовы тырчалі з-пад сьнегу. Стары сабака нават не глядзеў у іх бок, замест гэтага ён забег за рог хаты ды абнюхваў жоўтую праталіну ў сьнезе, куды хадзіў мачыцца дзед; чародка сініц абляпіла прышпілены кавалак сала. Усё навакольле патанала ў бялявым сьвятле тундры, якое сыходзіла ад паўночнага сонца — такога халоднага, нібы яго паказвалі ў кіно.

У другой палове дня пачалі сьцякацца новыя госьці. Машыны цяпер стаялі ня толькі на двары, але й наўкола. Тыя, хто жыў непадалёк, прыкацілі на сьнегаходах, а двое ўвогуле перайшлі цераз лугі на лыжах. І вось урачыстасьці пайшлі поўнаю хадою. Госьці ўселіся за двума накрытымі сталамі; высушаныя дзядкі са сьлязістымі вачыма ды намерзлымі ледзяшамі на бровах і зацягнутыя ў квяцістыя сьвяточныя сукенкі круглыя бабкі з рукамі, важкімі, як іржаныя хлябы. Пілі каву са сподачкаў, закусвалі лусьцянямі з ласяцінаю ды булачкамі. Каб было цёпла, старую печку распалілі дабяла, і на цётак нахлынулі ўспаміны пра старыя часы, калі дома пяклі тонкія хлябцы.

Калі ўсе ўзялі дабаўку вырашылі, што надышоў урэшце час для каньяку. Пакупную бутэльку адкаркавалі, і бацька абнёс ёй усіх гасьцей. Чаркі напаўняліся пад ухвальныя кіўкі, а аўтамабілісты прыкрывалі чаркі рукою. Усе крыху ажывіліся. Маці пачала разразаць тарты ды раскладаць іх па сподках. Усе госьці падняліся ды прасьпявалі здравіцу, а сам дзед застаўся сядзець у сваёй гушкалцы, абліваючыся потам. Бацька падліў яму каньяку каб і дзед крыху павесялеў. Пасьля госьці, зрабіўшы ўрачысты выраз твару прасьпявалі дзеду імянінную песьню на ламанай швэдзкай мове. Ад усяго гэтага падхалімства дзед неяк стушаваўся ды схаваўся за букетамі кветак. Потым яму загадалі паглядзець падарункі. Яны ўвесь час ляжалі нераспакаваныя, каб госьці не падумалі, што толькі дзеля гэтага й ладзіўся фэст, — разумная прадбачлівасьць у нашай турнэдаленскай мясцовасьці. Дзед нязграбна разьвязваў праклятыя вяроўкі, пакуль мой дзядзька ня зьлітаваўся ды не прынёс яму puukko, фінскі нож. Тады дзед спрытна ўспароў глянцавую абгортку, нібы шчупака трыбушыў і выцягнуў шкляную статуэтку лася, разьбяны кухонны гадзіньнік на батарэйцы, кандытарскую лапатку з турнэдаленскага срэбра, сувэнірны алавяны кубак, карункавыя абрусы, даматканае пано з ланцужком, каб павесіць на сьцяну, шыкоўны набор для галеньня, гасьцявую кнігу з дублёнай аленевай скуры, полаг з марскіх ракавінак, дзьвярную шыльдачку з выпаленым надпісам «Вітаю!» і шэраг іншых бескарысных рэчаў. Дзед сказаў па-швэдзку, што гэта ўжо «празьмернасьць, празьмернасьць», што, бясспрэчна, трапна характарызавала ўсе гэтыя каштоўныя, але непатрэбныя цацкі. Ніхто з родзічаў не наважыўся падараваць дзеду насамрэч патрэбную рэч: калун або глушыльнік для машыны, бо інакш дзед мог падумаць, што яны лічаць яго нікчэмным гаспадаром.

Бліжэй да вечара ў дзедаву хату завітала чалавек дваццаць з краёвай рады; паважныя цёткі й дзядзькі ветліва павіталіся зь дзедам за руку, як сапраўдныя швэды. Некаторыя трымалі ў руках кветкі ды прыгожа надпісаныя паштоўкі. Падсілкаваўшыся лусьцянямі ды тортам, яны павыцягвалі песеньнікі ды засьпявалі дрыготкімі, крыху віскатлівымі галасамі швэдзкія народныя песьні яшчэ са школьнага рэпэртуару, вядомыя шлягеры, оды родным палям і лугам. Бацька падліваў гасьцям каньяку, прадбачліва абмінаючы лестадыянцаў. Напрыканцы ўсе зацягнулі гімн Турнэдалену, пранікліва й працягла:

Будзь блаславёны, Турнэдален,

Палярны, мілы сэрцу кут!

Я іншай долі не жадаю —

Радзіўся і памру я тут.

Некаторыя старыя так усхваляваліся, што пусьцілі сьлязу. Дзед таксама раптам памякчэў, куточкі вачэй пачырванелі, чарка ў руцэ затрэслася, так што маці мусіла ўзяць яе ў дзеда. Яшчэ момант, і ўся хата, падавалася, зарыдае. Асабліва, калі апошні куплет засьпявалі па-фінску, сэрца нібы апусьцілася ў страўнік, і на душы зрабілася вільготна й горача.

Пасядзелі крыху, зажурыўшыся. Далі душы напоўніцца фінскімі пакутамі, прыгадалі ў цішыні ўсё ліха, што напаткала сям’ю апошнім часам, усе бязьлітасныя ўдары лёсу, усіх малых, што нарадзіліся ўбогімі, усіх звар'яцелых юнакоў, увесь голад, усю галечу, усіх адвезеных на бойню коней, усіх сухотных і паралюшных, усе неўрадлівыя гады, усе няўдалыя спробы кантрабанды, усе пакуты й зьдзекі з боку ўладаў і шляхты, усіх самагубцаў, усіх здраднікаў і штрайкбрэхераў, усе тыя выпадкі, калі нас аблапошвалі, усіх бязьлітасных настаўнікаў і скнарлівых домаўладальнікаў, усіх, хто патрапіў у чорны сьпіс, усіх працоўных, якія паехалі на дапамогу Сталіну, але замест падзякі атрымалі кулю ў галаву, усіх паганых дзясятнікаў, усіх садыстаў, усіх тых, хто сьпіўся, хто патануў у часе сплаву ці каго заваліла ў шахтах, усе сьлёзы, усе раны, увесь боль і зьнявагу, што напаткалі наш няшчасны род на цярністым жыцьцёвым шляху.

А на дварэ сьвінцовае зімовае зьмярканьне павольна перайшло ў цемру Палярная зорка зьвісала зь неба, як лядзяш. Вакол яе мігцела безьліч сьветлых кропачак, між тым мароз узмацніўся яшчэ на пару градусаў. Зь лесу замерзлага й застылага, не даносілася ані гуку. Нейкая вусьцішная ціша запанавала над тайгою, над гэтымі неабсяжнымі лясамі, што цягнуліся па ўсёй маланаселенай Фінляндыі, працягваліся на бяскрайніх расейскіх раўнінах і празь яшчэ большую Сібір даходзілі да самога Ціхага акіяну — нерухомыя лясныя абшары, абцяжараныя сьнегам і марозам. Глыбока ў расколінах высачэзных ялін пухнатымі камякамі цясьніліся сініцы. І ва ўсім навакольлі толькі гэтыя маленькія цельцы пульсавалі цяплом — тук-тук, тук-тук.

Раптам з кухні данесьліся ўсхваляваныя галасы. Паляўнічыя! Набліжаецца каманда паляўнічых! Старшыня краёвай рады ўскочыў на ногі ды шчыра, але пасьпешліва падзякаваў за гасьціннасьць, а дзед паабяцаў падараваць яму свае старыя браканьерскія восьці — усё адно ён цяпер дрэнна бачыць у цемры. Перакуліўшы кубкі на сподках дном дагары, госьці сьпехам начапілі на сябе кажухі ды імгненна выпарыліся з хаты. Засталася толькі пара-тройка суседзяў і пэнсіянэраў ды яшчэ бацькавы браты, якія больш не саромеліся лаяцца й квасіць гарэлку.

Тут з ганку данёсься тупат, дзьверы з грукатам расчыніліся. У хату ўвалілася дзясяткі з два маўклівых мужыкоў. Іхні правадыр сказаў:

— Ну, здарова ўсім!

Яны моўчкі расьселіся за сталамі ды запытальна на нас паглядзелі. Самаму малодшаму было крыху за дваццаць, старэйшы разьмяняў ужо восьмы дзясятак. Шмат хто даводзіўся нам сваяком.

Падалі духмяны хлеб, торт і каву, а пасьля паднялі чаркі ды правялі ў апошні шлях каньяк, пацікавіўшыся пры гэтым, навошта французы ўпарта фарбуюць сьпірт у карычневы колер і псуюць яго натуральны смак.

Верхавод паляўнічых падняўся ды распачаў урачыстую прамову — пакуль мужыкі не пасьпелі яшчэ пачаць буяніць. Ён запэўніў усіх, што на дзеда як паляўнічага ў яго ніякіх нараканьняў няма. Пакуль дзед яшчэ не зьдзяцінеў, а калі ўжо гэта зь ім здарыцца, дык пакінем дзеда за кухара, а хлопцы няхай мяса здабываюць. Пакуль ніякіх прыкметаў маразму няма, паўтарыў правадыр, з глузду яшчэ дзед ня зьехаў, але калі ён толькі дасьць слабіну, дык сядзець яму ў хаце! Будзь ты хоць старым пердуном, а ўсё ж мусіш бачыць розьніцу паміж, скажам, ласём і аўто, інакш няма чаго табе па лесе са стрэльбаю цягацца — вось у чым розьніца паміж нашаю камандаю ды некаторымі іншымі ў акрузе.

Паляўнічыя сурова кіўнулі, правадыр адпіў глыток і працягнуў. Старому, такім чынам, яшчэ пад сілу пацягаць стрэльбу дзед трымаецца пакуль малайцом, вытрымае дождж і сьцюжу, але не дай бог яму зьдзяцінець! Тады ўжо яму лепш біць газамі з-пад коўдры ў сябе на канапе. Бо хоць пакуль яшчэ сымптомаў і няма, гэта ўсё толькі справа часу мазгі ўсё адно папаўзуць набакір, і тады ўжо кранты — ты, дзед, зарубі гэта сабе на носе!

Пасьля гэтай прачулай прамовы дзеду падаравалі памятны кубак, на якім выгравіравалі імёны ўсіх удзельнікаў паляўнічай каманды разам з сабакамі. Некаторыя імёны былі з памылкамі, бо мужыкі зрабілі промах і зьвярнуліся да гравэраў у Люлео, а там ня шыбка разьбіраюцца ў фінскіх прозьвішчах, затое ім удалося атрымаць зьніжку за якую набылі бутэльку са зьмесьцівам.

Дзед зазначыў, што прычына, пэўна, была не ў гравэрах, а ў саміх мужыках, якія напісалі імёны як курыца лапаю, а сам ён быў у выдатнай фізычнай форме, нароўні з васямнаццацігадовымі, зрок, маўляў, у яго, як у арла, а слых такі, што пачуе, калі ласіха за сотню мэтраў пёрне, і што ўвогуле, калі ўзяць да ўвагі ўсе зьнішчаныя гарэлкаю клеткі мозгу дык яшчэ невядома, хто першы зробіцца маразматыкам. Пасьля гэтага дзед падзякаваў за бутэльку асабліва за яе зьмесьціва, бо іншай выпіўкі ў хаце ўжо не засталося, а калі, маўляў, прыкончым і яе, дык будзем частавацца каваю рэшту вечара.

Мужыкі ажно скалануліся. Дзед накапаў кожнаму па напарстку, і бутэлькі як не было. Агаломшаныя, ледзь ня плачучы, мужыкі паднялі свае чаркі ды выпілі. Ён нас падманвае. Стары скнара! Дарма мы вырваліся ўрэшце з дому ад жонак.

Пакасавурыўшыся ўбок, дзед падаў бацьку знак. Бацька моўчкі адкінуў вечка падпольля ды зьнік у цемры. Таксама хутка ён вынырнуў і са звонам бухнуў на стол бутэлькі. Па дзьве ў кожнай руцэ. А дзед зайшоўся ад сьмеху.

— Ну, вось, хлопчыкі, трымайце ласункі! — рагатаў дзед, схапіўшыся за жывот.

Мужыкі з палёгкай уздыхнулі, нехта нават усхліпнуў. І каму якая справа, што на бутэльках няма крамных этыкетак. Урэшце пачнецца вэрхал!

Вось яно шчасьце. Надрацца. Захмялець. Напіцца да сьлепаты й глухаты ў кампаніі верных сяброў удалечыні ад бурклівых баб. Нарэзацца так, каб хрэн стаў тарчма, а язык так абмяк, што віўся б у роце, як сьцяг на ветры. Асушыць бутэльку, і адразу ж на стол новую, ня трэба скнарыцца, вымяраць лінейкаю, ня трэба плаціць у якой чортавай карчме, а пасьля застацца без граша ў кішэні ў паўцьвярозым стане, спрабуючы сьцяміць, куды гэта пазьнікалі твае субутэльнікі.

Неверагодная раскоша. Не які-небудзь там хутаранец, што абсмоктвае скурку ад сала ды ёлкае зерне, а ўдачлівы паляўнічы перад гарою гарачага мяса. Заліць сабе вочы, надрацца ў дым, налізацца як сьвіньня, нічым сябе ня стрымліваючы, каб хоць адзін раз у жыцьці ня думаць пра заўтрашні дзень.

Тыя жанчыны, што яшчэ не сышлі, у тым ліку й маці, спахмурнелі, адчуваючы набліжэньне Суднага дня, і падняліся з-за стала. Мужыкі ў адзін голас пачалі іх запэўніваць, што яны сваю норму ведаюць, але языкі ў іх ужо былі раздвоеныя — ажно да самой гартані. Сястра таксама сабралася дамоў, бо добра ведала, што да яе будуць лезьці, і я мусіў дамываць замест яе посуд. Мужыкі пачалі зь мяне пакепліваць, называць knapsu ды запытваць, чаму ў мяне такія малыя цыцкі. Я адгыркнуўся ды прапанаваў ім панюхаць у сябе паміж ног.

Неўзабаве пачуўся шум матора, і, выглянуўшы на двор, я ўбачыў, што пад’ехала нашая група. Нііла, Эркі ды Холгеры прыбылі на старэнькім «вольва-дуэце», іх падвёз мой стрыечны брат. Я дапамог выгрузіць узмацняльнікі, гітары й гэтым разам абмежаваны набор бубнаў. Мы паставілі апаратуру бліжэй да печы, каб інструмэнты крыху прагрэліся перад падключэньнем. На жаль, у Грэгера не атрымалася вырвацца: ён чакаў нейкага важнага тэлефанаваньня, але ён, магчыма, далучыцца пазьней.

Паляўнічыя дайшлі ўжо да той кандыцыі, калі ўзьнікае патрэба ў душэўных размовах. Мужыкі пачалі травіць байкі, выхваляцца ды расказваць непрыстойныя показкі ўжо ня толькі па-фінску, але й па-швэдзку. Адзін з мужыкоў, закаціўшы вочы, зацягнуў баляду пра адважнага разбойніка Росва Роапэ, а пасьля перайшоў да «Дзікай ружы», не зважаючы на просьбы сябрукоў не сьпяваць корпэланскіх песень — не вярэдзіць успамінаў.

Бацька ўжо таксама добра набраўся. Захістаўся, пачаў адступацца, размахваючы пустымі бутэлькамі, і ледзь не патрапіў у адчынены склеп. Мужыкі дзіка зарагаталі, а бацька пасыпаў праклёнамі таго прыдурка, які не зачыніў люк, забыўшыся, што гэта быў ён сам. Напрыканцы ён перадаў пустыя пляшкі мне. Я асьцярожна спусьціўся ўніз на гнілых сходах, у нос ударыла вільгацьцю й холадам. У склепе пахла волкім пяском і бульбаю. На драўляных паліцах стаялі слоікі з марошкавым і брусьнічным сочывам, рэшткі марынаванага ласосю, некалькі скрыняў зь півам, слоікі з квашанаю салакаю ды бочка зь селядцом. На зямлі быў высланы драўляны насьціл, на якім і стаялі бутэлькі з гарэлкаю. Я ўпотайкі пераліў крыху ў бутэльку з-пад ліманаду, каб падсунуць яе пасьля хлопцам.

Калі першая партыя паляўнічых выйшла на двор адліць, мы перабраліся да печкі. Я ўторкнуў у разэтку трайнік, спадзеючыся, што пробкі вытрымаюць. Калі падключылі прамерзлыя калёнкі, у дынаміку нешта пагрозьліва пстрыкнула. Нііла з Холгеры настройвалі гітары, а Эркі сеў на зэдлік, паставіўшы перад сабою малы бубен і талеркі. Я ўставіў штэпсэль мікрафона ў запасное гняздо на ўзмацняльніку ды кашлянуў, каб прачысьціць галасавыя зьвязкі.

Мужыкі скоса паглядвалі на нашы маніпуляцыі. Аднак калі Нііла зайграў акампанэмэнт на тры чвэрці, яны значна расслабіліся. Усе пазналі стары фінскі вальс, які мы развучылі ў гонар імяніньніка:

— Oi muistatkos Emma sen kuutamoillan, kun yndessä tansseista...

Адсунуўшы чаркі ўбок, мужыкі сядзелі й слухалі. Фэст акурат дасягнуў той ступені, калі ўсіх апанавала журба, і музыка прыйшлася акурат дарэчы. Я сьпяваў павярнуўшыся да дзеда, той зьбянтэжана адводзіў погляд.

— Oi Emma Emma, oi Emma Emma, kun lupasit olla mun...

Пасьля мы сьпелі фінскую баляду «Хутаранка». Усе так расчуліліся, што запацелі вокны. Напрыканцы мы сыгралі «Сэрэнаду Эркхэйкі» — працяжны мінорны вальс, дзе Холгеры выканаў такое чульлівае сола, што зарыдалі б і камяні.

Пасьля мужыкам захацелася з намі чокнуцца. Паводле турнэдаленскай завядзёнкі пра сам выступ не сказалі ні слова: пустая хвала вядзе ў выніку да будаваньня паветраных замкаў і руйнаваньня надзеяў. Але па вачах было бачна, што ім спадабалася.

Мы ўселіся ў дальнім куце ды пачалі адсёрбваць з бутэлькі з-пад ліманаду. Паляўнічым, наадварот, захацелася крыху разьмяцца. Мінуўшы першую фазу атупеньня, мужыкі пачалі шпацыраваць па доме й гутарыць. Адзін зь іх паклікаў нас да сябе й пачаў распытваць пра нашыя палітычныя погляды. Яшчэ адзін пацікавіўся, ці насамрэч цяперашнія дзяўчаты такія юрлівыя, як пра іх пішуць у «Вечаровай газэце». На першае пытаньне мы адказалі ўнікліва, а што да другога, пра дзяўчат, дык ім ва ўсе часы хацелася аднаго й таго ж, толькі яны віду не паказваюць, пакуль ня ўвойдзеш у іхнія пячоры. Тады мужык працягнуў свае назойлівыя роспыты ды пацікавіўся, ці ёсьць у нас дзяўчаты, ці любяць яны гэтую справу ды як часта мы трахаемся. І хоць нам было на яго начхаць, ён упарта хацеў дазнацца пра ўсе мажлівыя падрабязнасьці.

Мяне ўжо крыху разьвезла, і я выцягнуўся на двор. Каля сьнежнай гурбы ў задуменьні стаялі два мужыкі, сілячыся прыгадаць, ці яны ўжо адлілі, ці толькі зьбіраліся гэта зрабіць. Вырашыўшы, што толькі зьбіраліся, яны выцягнулі свае замшэлыя пісюны. Выявілася, што яны мелі рацыю, бо неўзабаве пачулася цурчаньне. Адзін з мужыкоў навёў свой струмень вышэй на гурбу, вырашыўшы пабіць рэкорд, да яго далучыўся й другі. Мой малады пухір быў разьдзьмуты, як перакачаны футбольны мяч, і я зь лёгкасьцю перамог абаіх. А пасьля яшчэ паставіў свае ініцыялы пад рэкорднай адмецінаю. Мужыкі адразу спахмурнелі ды паабяцалі абмазаць мне дзёгцем яйкі. Тады я заключыў свае ініцыялы ў рамку ды для пераканальнасьці ўмацаваў свой рэкорд, а толькі мужыкі вырашылі напхаць мне ў кальсоны сьнегу, як мяне ўжо й сьлед прастыў.

Набліжалася другая фаза атупеньня. Канчатковая й мяккая, як белы саван сьмерці. Да мяне прычапіўся нейкі бамбіза — сапраўдны мядзьведзь — і пачаў мне нешта расказваць. Трымаючы мяне за плячо, ён з самым сур’ёзным выглядам нёс ўсялякую лухту, а налітыя крывёю вочы круціліся, як два чмялі. Але разабраць, што ён казаў, было немагчыма. Ягоны язык зь цяжкасьцю варочаўся ў роце, а словы нібы чаўкалі па гліне. Нехта з маладых паляўнічых, якому карцела паспрачацца, пачаў супярэчыць здаравяку, але й ягоныя аргумэнты не вылучаліся асабліваю выразнасьцю. Неўзабаве яны ўжо горача спрачаліся, хоць і не разумелі ні слова з таго, што казаў апанэнт.

Тыя, хто яшчэ ня страціў дару мовы, скардзіліся на смагу. У роце нібы наждаком прайшліся, кроў застаялася ў сасудах, вусны зьліпліся, а цягліцы ссохліся, як вэнджанае мяса. Адгукнуўшыся на крык самотніка ў пустэльні, я нырнуў у склеп, забраў апошнія бутэлькі ды выставіў іх на стол. Мужыкоў было не стрымаць — калі ты ўжо пакаціўся з гары, ты ўсё адно ўпадзеш! Хай гарыць яно гарам, сьвішча так, каб вушы закладала! Сапраўдны мужык — oikea mies — ані сьмерці не баіцца, ані трохдзённага пахмельля.

Нііла з Холгеры ўжо таксама налізаліся. А па Эркі, хоць ён і піў больш за астатніх, нічога бачна не было. Ён вёў размову пра рыбалоўныя мушкі з адным маладым паляўнічым, які ўжо ледзь мог расплюшчыць вочы ды сядзеў, пускаючы соплі на рэдзенькія вусы. Яны дамовіліся апрабаваць адно месца на рацэ Тэрэндэ, бо што можа быць лепш, чым сядзець на беразе бурлівай нарляндзкай ракі ды смажыць толькі што злоўленага харыюса тут жа, на начным вогнішчы. Хлопцы чокнуліся ды прасьлязіліся. Якое гэтае лета ўсё ж прыгожае, дасканалае й вечнае! Палярнае сонца па-над краем лесу, празрыстыя барвовыя аблокі. Ані ветрыку. Запруда гладкая, нібы люстэрка, ніводнай хвалі. І толькі часам у гэтым незямным спакоі павольна праплывае харыюс. А вось у цішыні ў ваду падае начны матыль. Захрасае ў цягучай вадзе сваімі напудранымі крыльцамі. Яго падхоплівае плынь і нясе сярод камянёў і пены. А над верхавінамі ялін у клубах цёплых выпарэньняў гойсае птушыная кампанія. Усё гэта ты бачыш, седзячы ў тонкай часавай расколіне — у летнюю ноч, калі ты нібы ўздымаесься па-над тонкаю заслонаю, што падзяляе два сьветы.

Старэйшыя з мужыкоў, тыя, каму было ўжо пад семдзесят-восемдзесят гадоў пачалі пакрысе абмякаць на крэслах. Бацька, хоць і сам ужо ледзь трымаўся на нагах, крыху за іх перапужаўся ды зьвярнуўся да мяне на мове, якая больш за ўсё нагадвала турнэдаленскі дыялект нямецкай. З жэстыкуляцыі я, аднак, усё зразумеў, і мы разам з бацькам паднялі самага старога й сухарлявага дзеда пад пахі. Ён быў надзіва лёгкі і амаль не супраціўляўся, калі мы ўсаджвалі яго на кухонную канапу — пасярэдзіне, утульна прыхіліўшы яго да сьпінкі. Два іншыя дзяды былі круглейшыя ды важылі паболей — іх мы рассадзілі па баках. Дзяды на імгненьне ачунялі, па-савінаму завухкалі, але неўзабаве зноў праваліліся ў сон, так і седзячы ў радок. Патыліцы адкінуліся на сьпінку канапы, сківіцы адвісьлі. Яны сядзелі, разявіўшы раты, як малыя птушаняты, зь бялявымі лысінамі й маршчыністымі шыямі. Я ўсеўся насупраць іх і пачаў быў шпурляць ім у раты кавалкі цукру, але, убачыўшы грозны погляд бацькі, перастаў.

Дзед вярнуўся пасьля шпацыру за рог хаты. Мача выцякала так павольна, што дзед адмарозіў сабе пальцы, і цяпер ён пасылаў праклёны старасьці зь яе жорсткімі жартамі. У дзедаву адсутнасьць мужыкі зрабілі жудаснае адкрыцьцё. Гарэлкі больш не было. Мае дзядзькі й частка паляўнічых, ледзь варочаючы языкамі, склікалі надзвычайнае паседжаньне. Яны перабралі ў памяці самых вядомых мясцовых самагоншчыкаў, прыгадалі стан сваіх уласных сховаў і разгледзелі варыянты вынасу гарэлкі такім чынам, каб не пабудзіць сваіх баб. Нехта заўважыў, што час быў яшчэ дзіцячы й бэнзазапраўкі яшчэ адкрытыя. Можна набыць там тэхнічнага сьпірту разьвесьці яго з пшанічнаю мукою, а пасьля працэдзіць цераз кававы фільтар — напой атрымаецца ня толькі з градусам, але й прыдатны да піцьця і, без усялякага сумневу бясьпечны для мужыка з моцным сэрцам. Адзін з паляўнічых прапанаваў скінуцца ўсім на таксоўку да Фінляндыі, там у Колары ёсьць начная крама, дзе можна затарыцца півам, колькі машына ўцягне. Мытнікаў ён, маўляў, ведае, таму калі што, дык можна запрасіць і іх на гулянку. Усім гэтая прапанова спадабалася, бо фінскае піва лічылася найлепшым сродкам ад пахмельля. Яшчэ мужыкі замовілі прывезьці кіслага хлеба з piimä, сыроваткаю, і зьняць фінскіх дзевак, калі патрапяцца па дарозе.

Тады дзед падняўся з важным выразам і дастаў трохлітровы плястмасавы бітон. Сур’ёзным голасам загадаў, каб у яго набралі вады. Адзін з суседзкіх дзядкоў да берагоў напоўніў бітон халоднаю вадою, а мужыкі зьбянтэжана глядзелі на дзеда. А той з урачыстым выглядам паставіў бітон у камору ды запытаў у кампаніі, ці добра яны ведаюць Біблію. Усе прамаўчалі, палічыўшы, што дзед зьехаў з глузду.

— Ці ёсьць тут вернікі? — упарта паўтарыў дзед.

— Не-а, — прамармыталі некаторыя з мужыкоў.

Тады дзед адкрыў камору й выцягнуў бітон. Зрабіў глыток і перадаў яго па коле, мужыкі таксама адсёрбнулі — адзін за адным. Калі ўсе выпілі, мужыкі як адзін закрычалі, што дзед сапраўдны Ісус, ён нават большы за Ісуса, бо той ператвараў ваду ў віно, а наш дзед — у самагон. Вядома, напой быў няхітры ды меў масьляністы прысмак, але, зь іншага боку, што можа быць карысьней за сівуху зь яе наборам мікраэлемэнтаў і храмасомаў. І толькі адзін я прыкмеціў, што зьмянілася ня толькі зьмесьціва бітона, але й колер яго накрыўкі, але я вырашыў прамаўчаць, каб не разбураць узьнёслага настрою.

Тут пачаў завальвацца з зэдліка стары мажны сусед. Падскочыўшы да яго, я ледзь пасьпеў яго падтрымаць, каб ён не дзеўбануўся скроньню аб падлогу. Разбудзіць яго не ўдалося, і я, узяўшы суседа за шчыкалаткі, перацягнуў яго бліжэй да сьцяны, каб ён не валяўся пад нагамі. Небарака між тым зусім абмяк. Я падклаў яму пад галаву газэтаў, на выпадак, калі той пачне ванітаваць. У гэтае самае імгненьне заснуў яшчэ адзін дзядок: зьвесіў галаву на грудзі, седзячы ў гушкалцы. З рота на кашулю шакалядным струменьчыкам выцякаў тытунь. У дзеда быў такі сьмешны выгляд, што малады паляўнічы з рэдзенькімі вусікамі ажно затросься ад рогату. Я й сам ня мог стрымаць сьмеху, гледзячы, як гэтыя п’яныя кныры блукаюць па хаце, рохкаюць адзін з адным, абліваюцца, сілячыся выпіць, выпаўзаюць на сьнег у адных шкарпэтках, зацягваюць песьні зь перакошанымі вачыма, плюхаюцца на зады ды корпаюцца сярод ходнікаў, як кракадзілы. Разам з рэдкавусым мы перанесьлі перапэцканага тытунём дзядка на падлогу ды паклалі побач зь першым. Тая самая працэдура напаткала й аднаго з маіх дзядзькаў, які абмяк у сьцюдзёных сенцах у малельнай позе, — ён заняў трэцяе месца на падлозе. Яны ляжалі там адзін пры адным, як сьвіныя тушы, а мы так рагаталі, што складаліся напалам ад сьмеху. Пасьля маханулі сівухі, чмыхнулі, а прамачыўшы горла, зноў зарагаталі.

Бацька занепакоена паказаў у бок трох дзядкоў на кухоннай канапе. Тыя спалатнелі ды не варушыліся. Ён папрасіў мяне праверыць, ці не памерлі яны яшчэ. Я падышоў да канапы й паспрабаваў намацаць пульс на запясьцях з набухлымі сінімі венамі. Нічога. Хоць не, зьлёгку пульсуе.

Трасучыся ад холаду, увайшлі Нііла й Холгеры, ад іх несла ванітамі. Яны папрасілі кавы, каб пазбавіцца ад пякоткі, і я працягнуў ім тэрмас. Тут я заўважыў, што рэдкавусы больш не рагоча. Крыху заваліўшыся ўбок на сваім крэсьле, ён хроп, дакладна як старыя дзяды, зь якіх ён толькі што сам кпіў. Яшчэ хвіліна, і ён дакладна зваліўся б, таму я падхапіў яго пад пахі ды паклаў яго ў радок зь дзядкамі — маладога й ружовашчокага побач з замшэлымі вэтэранамі.

Адзін мужык вырашыў выклікаць таксоўку падпоўз да тэлефона й замовіў. Другі падышоў да мяне ды загаўкаў нешта ў вуха — гук быў такі, нібы шчанюк абсмоктваў костку. Праз пэўны час да мяне дайшло, што ён просіць патэлефанаваць ягонай жонцы, каб яна завезла яго дамоў. Я запытаўся пра нумар тэлефона, але ня змог зразумець, што ён казаў. Тады я адшукаў ягонае імя ў тэлефонным даведніку ды прыціснуў слухаўку да ягонага вуха. Пасьля восьмага гудка цётка ўрэшце адказала — яна, відавочна, была ўжо ў ложку й спала. Мужык рабіў усе намаганьні, каб засяродзіцца:

— Яххх... ыжжж... тышшш... быыы...

Жонка грукнула слухаўкаю, хоць голас яна, напэўна, пазнала. Тут ужо ў мяне таксама зямля паплыла пад нагамі, і я пайшоў да Ніілы. Ён сядзеў з паўзаплюшчанымі вачыма, прыхіліўшыся вухам да транзыстара, які шыпеў. Нііла мог чуць галасы нябожчыкаў на сярэдняй хвалі, і ён толькі што атрымаў пасланьне па-турнэдаленску. Па голасе ён пазнаў памерлую ўвосень цётку, якая шаптала яму:

— Paska... Paska... Лайно... Лайно... —пасьля голас таямніча змоўк. Я пажартаваў, што на небе, пэўна, доўгая чарга ў прыбіральню, але Нііла зашыкаў на мяне. Ён працягваў слухаць, утаропіўшы мутныя вочы ў радыё.

— Пачакай, тут ужо нехта іншы!

— Нічога ня чую.

— Эспэранта! Яна кажа... пачакай... што... я памру...

У гэты момант пад’ехала таксоўка. Пара мужыкоў, якія яшчэ трымаліся на нагах, зь цяжкасьцю нацягнулі на сябе кажухі ды, хістаючыся на ўсе бакі, выйшлі з хаты. Трэці, карчакаваты мужык, знакамі паказаў мне, што хоча да іх далучыцца. Падтрымліваючы пад руку я асьцярожна зьвёў яго з ганку й вывеў на засьнежаны двор. Напаўдарозе мужык нечакана працягла, па-конску захроп. Цела раптам абмякла, нібы праколатая апона. Ногі ў мужыка падкасіліся, і ён рухнуў на зямлю, быццам у яго разьмяк хрыбет. Я паспрабаваў быў падняць яго на ногі, але куды там. Вага ня менш як цэнтнэр — мех з крывёю й мясам.

Я намацаў пульс. Мужык зьнепрытомнеў, цалкам перамясьціўся ў іншае вымярэньне. Распасьцёртая туша дымілася на сьцюдзёным сьнезе, як мясное рагу. Таксоўка чакала на халастым ходзе; я схапіў мужыка за ногі ды паспрабаваў поцягам адвалачы гэтую гару сала да машыны. Кашуля на ім закасвалася ды тармазіла. На голай сьпіне раставаў сьнег, але мужык не прачынаўся нават ад холаду. Ён быў цяжкі, як нябожчык. Урэшце я здаўся ды махнуў таксісту каб той не чакаў. Стогнучы, пацягнуў цела назад у хату. Я сьлізгаў, пыхкаў, адчуваючы, як па сьпіне ліецца пот. Сантымэтар за сантымэтрам. Мужык не памёр — я бачыў, што з рота й носа ў яго валіць пар. Тонкі павойны струменьчык падымаўся ў сьвятле ліхтароў — уверх да зораў на вугольным небе.

Я мусіў зрабіць перапынак. І ў тое самае імгненьне, як я падняў галаву, перад маімі вачыма ўспыхнула паўночнае зьзяньне. На небасхіле вырасталі й пераліваліся смарагдавым сьвятлом вялізныя фантаны, пабліскваючы агнямі, пеніліся марскія хвалі. Па небе заскакалі чырвоныя сякеры, наразаючы пластамі фіялетавае, бліскучае ў разрэзе мяса. А зьзяньне між тым разрасталася, ажывала ўсё больш. Хвалі фосфару закручваліся ў шалёныя віры. Пэўны час я стаяў нерухома, назіраючы за гэтым цудам. Мне нават падалося, што зь нябёсаў даносіўся ледзь чутны сьпеў кшталту фінскага салдацкага хору. Голас паўночнага зьзяньня. А можа, гэта быў гудок таксоўкі, які рэхам пранёсься па марознай роўнядзі. Прыгажосьць такая, што мне захацелася ўпасьці на калені. Такая раскоша, такая незямная веліч! Нясьцерпна моцныя ўражаньні для сарамлівага, п’янаватага турнэдаленскага юнака.

Нехта грукнуў дзьвярыма. Спатыкаючыся, да мяне падышоў Эркі ды пачаў расшпільваць нагавіцы. Я зазначыў, што пад ягонымі нагамі ляжаў п’яны мужык. Эркі са зьдзіўленьнем пагадзіўся, што я маю рацыю, зрабіў некалькі крокаў назад і паваліўся набок. Утульна разваліўшыся на сьнезе, Эркі выцягнуў пісюн і адліў там жа, дзе ляжаў. Шчасьліва заплюшчыў вочы. Ня сьпі, халера, узмаліўся я ды сыпануў яму сьнегу ў пысу. Эркі пачаў гразіць расправаю, але на ногі ўсё ж падняўся. Удваіх мы зь вялікімі намаганьнямі перацягнулі старога хрэна ў хату й паклалі яго крайнім у гэтым неверагодным шэрагу целаў на падлозе.

Дзед з бацькам сядзелі за кухонным сталом зусім спалатнелыя. Заікаючыся, паведамілі, што старыя на канапе спруцянелі. Я падышоў да іх і памацаў на кожным зь іх пульс. Іхнія лысіны схіліліся ў розныя бакі, а скура зжаўцела й была нібы з воску.

— Насамрэч спруцянелі, — сказаў я.

Дзед чартыхнуўся — зацягаюць цяперака па розных інстанцыях — і заплакаў па-дзедаўску, шморгаючы носам так, што соплі закапалі ў шклянку. Бацька пачаў урачыстую, але блытаную прамову пра тое, што значыць для фіна памерці гераічнаю сьмерцю, згадаўшы ў першую чаргу самагубства, вайну, сардэчны прыступ у лазьні ды алькагольнае атручваньне. Такім чынам, гэтыя тры ўстрыманыя ды глыбокапаважаныя родзічы вырашылі гэтым вечарам зрабіць супольнае падарожжа праз Браму Славы...

Адзін зь дзядкоў, хударлявы, які сядзеў пасярод канапы, раптам расплюшчыў вочы ды запатрабаваў гарэлкі. Бацька спыніўся на паўслове й заміргаў вачыма. Дзед перадаў сваю залітую соплямі шклянку — яе зьмесьціва, расплюхваючыся, зьнікла. Я ледзь не зваліўся з крэсла, рагочучы зь іхніх перакошаных твараў, і сказаў, што фэст, несумненна, атрымаўся на славу, калі нават нябожчыкі пачынаюць глушыць гарэлку.

Ва ўсёй хаце паступова запанаваў спакой. На падлозе ў радок ляжалі мужыкі ў тым самым выглядзе, як я іх пакінуў, прыціснутыя глухою алькагольнаю комаю. Некаторыя поўзалі па хаце, як чарапахі, млявымі, запаволенымі рухамі. Нііла сядзеў прытуліўшыся да сьцяны, ягоны твар зусім зьзелянеў. Ён стараўся трымацца роўна й часам адсёрбваў з каўша са сьцюдзёнаю вадою. Побач у позе зародка ляжаў Холгеры ды тросься. Амаль усе прыціхлі ды пагрузіліся ў свае думкі, а печань адчайна змагалася з атрутаю, ды як мухі дохлі клеткі мозгу. Эркі ледзь не навярнуўся са свайго крэсла, але зачапіўся курткаю за сьпінку ды ўтрымаўся. Усё ніяк ня мог сьцішыцца толькі адзін жылаваты шасьцідзесяцігадовы паляўнічы: абапёршыся на стол, ён рабіў гімнастычныя махі нагамі. Выцягваў іх наперад, уверх, адводзіў убок, робячы мудрагелістыя ўсходнія ўзоры. Яму ніхто не замінаў: усе ведалі, што ён заўсёды так робіць нападпітку.

Я ўсім нутром адчуваў, што ап’яненьне набліжалася да свайго апагею. Аднекуль з глыбіні цела падымаўся шум, а я сядзеў як зачараваны й глядзеў, як дзед выпісвае нагамі фігуры. Сьвята скончылася, хоць было яшчэ не пазьней за адзінаццатую гадзіну вечара. Паляўнічым спатрэбілася менш як чатыры гадзіны, каб выпіць па літры на рыла, і ніхто нават не ванітаваў, што кажа пра доўгія й упартыя практыкаваньні.

За акном пачуўся шум машыны, па шпалерах загуляла сьвятло фараў. Неўзабаве ў сенцах грукнулі дзьверы. У пакой уваліўся Грэгер і, убачыўшы мяне, крыкнуў:

— Скачыце ў машыну! Едзем!

Пасьля ён застыў. Павольна павярнуўся кругом, бязгучна сузіраючы грандыёзную батальную сцэну.

Я растрос сваіх сябрукоў, мы перацягнулі інструмэнты ў машыну й паехалі. Грэгер нешта весела насьвістваў, бубнячы па стырне, пакуль мы не папрасілі яго змоўкнуць.

— Хлопцы, — сказаў ён з усьмешкаю, — я пгаседзеў увесь вечаг за тэлефонам. Загаз вам тгэба будзе папгацаваць!

— Чаго?

— Каб вывучыць новыя песьні!

— Песьні? — як дурныя паўтарылі мы.

Грэгер толькі засьмяяўся.

— Я дамовіўся пга вашыя пегшыя гастголі. Пага школаў, адна канцэгтная пляцоўка ды аматагскі фэстываль у Люлео.

Мы прытармазілі каля школы. Грэгер адчыніў пустую музычную клясу і мы ўцягнулі ўзмацняльнікі. Мы ўсё яшчэ ніяк не маглі апамятацца ад такой навіны, таму, калі Грэгер паехаў мы вырашылі застацца ды пайграць. Гучаньне было жудасным, але музыка ішла з сэрца — сырая й шурпатая, як і мы самі. Нііла выдаваў свае дамарослыя рыфы, а ў мяне пайшла імправізацыя, і ў пэўны момант я пачуўся сапраўднаю рок-зоркаю. Гітара ў Холгеры разладзілася ад марозу, пальцы крыху здранцьвелі, можа акурат таму ў яго атрымліваліся казачныя сола — скрыўленыя й перакошаныя рыкі, звонкія пералівы й раскаты. Напрыканцы мы сыгралі наш хіт — «Rock’n’roll music» — ня менш як дзесяць разоў. I толькі калі Эркі разьбіў у трэскі абедзьве бубнавыя палачкі, мы ўрэшце спыніліся.

Была ўжо трэцяя гадзіна ночы. Вуліцы Паялы, ахутаныя зімоваю цемраю, даўно апусьцелі. Мы ішлі дадому ў кволым сьвятле ліхтароў, сьнежны пыл хрусьцеў пад нашымі нагамі. Мароз прабіраўся ў лёгкія, на вушы ціснула перадсьвітальная ціша. Кончыкі пальцаў шчымелі ад вострых струнаў.

— Нам трэба зваліць, — сказаў Нііла, — зьехаць куды-небудзь.

— У Стакгольм! — сказаў Эркі.

— У Амэрыку! — выгукнуў Холгеры.

— У Кітай, — сказаў я. — Аднойчы я абавязкова туды патраплю.

Было надзвычай ціха. Нібы ўсе ў паселішчы замерзьлі. Мы ішлі пасярэдзіне дарогі, учацьвярых у адзін шэраг. Машынаў не было. Уся Паяла, не, увесь сьвет ляжаў нерухома. З жывых засталіся толькі мы, чатыры гарачыя сэрцы ў самым глухім закутку марознай тайгі.

Мы спыніліся на галоўным паяльскім скрыжаваньні, паміж шапікам і гаспадарчай крамаю. Намі авалодалі сумневы, быццам мы адчулі, што прыйшлі да мэты. Нібы менавіта адсюль пойдзе новы адлік. Мы павярнуліся ды агледзеліся па баках. Дарога на захад вяла да Кіруны. На поўдні ляжаў Стакгольм. На ўсходзе былі Эвэртурнэо й Фінляндыя. А чацьвертая дарога выходзіла на пакрытую лёдам раку — Турнээльвэн.

Крыху пастаяўшы, мы выйшлі на сярэдзіну дарогі й селі. Нібы змовіўшыся, мы паклаліся на скрыжаваньні, пасярод шашы. Выцягнуліся на сьпінах і паглядзелі на зорнае неба. Машынаў было не чуваць, усё застыла. Мы ляжалі поплеч і выдыхалі ў касьмічную прастору. Адчувалі, як ледзяны холад працінае азадад, лапаткі. Урэшце мы, у поўнай згодзе з жыцьцём, заплюшчылі вочы.

На гэтым заканчваецца наш расповед. Дзяцінства, юнацтва, пачатак нашага жыцьця. Пакінем іх тут. Чатырох хлопцаў, якія ляжаць на сьпіне на скрыжаваньні дарог, скіраваўшы свае позіркі да зораў. Я стаю нерухома побач і назіраю за імі. Дыханьне робіцца глыбейшым, цягліцы расслабляюцца.

Яны ўжо сьпяць.

ЭПІЛЁГ

Адзін-два разы ў год, калі мяне пачынае нясьцерпна цягнуць дамоў, я выпраўляюся ў Паялу. Прыяжджаю надвячоркам, выходжу на новы, падобны да цыркавога шатра мост цераз Турнээльвэн. Спыняюся на самым версе ды гляджу на паселішча, на востры сьпічак драўлянай бажніцы. Адводжу погляд і бачу, як уздоўж усяго гарызонту цягнуцца лясы, як на гары Юпука паблісквае маячок тэлевежы. У мяне пад нагамі бяжыць магутная рака, нястомна рухаючыся да мора. Прыглушаны плёскат вады паступова вымывае з вушэй трывожны гарадзкі шум. Разам са зьмярканьнем мяне пакідаюць няўрымсьлівасьць і непакой.

Мае вочы блукаюць па завулках Паялы. Ажываюць успаміны, і я згадваю людзей, якія, як і я, зьехалі адсюль; усплываюць назвы й імёны. Вось Паскаянкя зь яе Кангасамі, Карванэнамі, Зэйдліцамі ды Самуэльсанамі. А там Тэхас і ўсе ягоныя Вальбэргі, Гроты, Моаны ды Лехта. А вось раён Страндвэген — Вільгэльмсаны й Мартыкалы, Эя ды Турнбэргі. І ўрэшце Вітулаянкя зь яе Ідфердамі, Крэку, Палаваара, Муатка, Пэкары, Пэрту ды шмат-шмат кім яшчэ.

Я абапіраюся на халодныя парэнчы мосту й задумваюся над тым, што сталася зь імі ўсімі. Зь людзьмі, якіх я некалі ведаў, людзьмі, зь якімі я жыў адным жыцьцём. Думкі на хвіліну спыняюцца на маіх сябруках юнацкай пары. Холгеры вывучыўся ў гімназіі на інжынэра й займаецца цяпер мабільнаю сувязьзю ў Люлео. Эркі зрабіўся прарабам і вырабляе цяпер паліўныя гранулы на камбінаце LKAB у Свапаваара. Сам я выкладаю швэдзкую мову ў Сундбюбэргу, але ніяк не магу пазбыцца нуды, нейкай затоенай журбы.

На шляху дадому я праходжу могілкі. У мяне няма з сабою кветак, і я проста затрымліваюся на хвіліну перад магілаю Ніілы. Адзінага з нас, хто аддаў музыцы ўсю сваю душу. Насамрэч аддаў.

Апошні раз мы сустрэліся на Паяльскім кірмашы — ён прыляцеў зь Лёндану ды ўсё расчухваў у задуменнасьці ранкі на запясьцях. А ноччу мы выправіліся на рыбалку на Лапэакоскі. Ягоныя зрэнкі звузіліся да памеру кропкі, і ён паўтараў усё як заведзены:

— Крыгаход, Мацьці, памятаеш, як мы стаялі на мосьце ды глядзелі на крыгаход. Ачумець, які быў крыгаход...

Вядома, я памятаю крыгаход, Нііла. А яшчэ двух хлопцаў і самаробную гітару.

Rock’n’roll music.

Смак хлапчуковага пацалунку.

Загрузка...