Васіль БЫКАЎ

ПАТРУЛІ

Апавяданне

У нізкім мураваным пад'ездзе старога будынка-інтэрната стаялі два хлопцы. Адзін, Піліп Лапата — прысадзісты, дужы дзяцюк у чорным гарнітуры, пінжак якога аж напяўся на яго шырокіх плячах. Ён нецярпліва пазіраў маленькімі вочкамі на двор, відаць, кагосьці чакаў. Другі—абыякавы да непакою таварыша, Алесь Вострыкаў, спакойна і задуменна калупаў заплямленую, даўно нефарбаваную сцяну. На твары яго з драбнаватымі рысамі ляжала паныласць. Быў ён невялічкі, тонкі, у старэнькай аблезлай, але добра вымытай фэзээнаўскай форме. Калі нарэшце са двара паказаўся трэці, той, каго чакалі тут, Піліп загаварыў, і яго басавіты голас, нібы ў дзежцы, забумкаў пад нізкім скляпеннем пад'езда.

— Ну, чаго ты так доўга, Сёмка?

— Ат!—махнуў рукой Сёмка.—Няма кім падмяніць. Пайшлі!

Юнак быў відавочна раззлаваны нечым, і яны ўдвух з Піліпам падаліся на вуліцу. Алесь даў ім мінуць сябе і нетаропкай, сумнай хадой пабрыў следам за імі па вуліцы.

Сонца схавалася за дахамі, але яго няяркія бліскучыя промні яшчэ поўнілі спакойны блакіт нізкім святлом адвячорка. Там, угары, было светла, цёпла і ўтульна, і ў самым зеніце, быццам ладкуючыся на адпачынак, спыніла свой імклівы дзённы бег белая хмурынка. На зямлі ад нагрэтых камяніц патыхала духатой, пахла пылам; як звычайна ў суботу, на тратуарах тоўпіліся пешаходы, а спазнелыя аўтамабілі пакідалі за сабой устойлівы ў цішы пах адпрацаванага бензіну.

Алесь паныла ішоў за таварышамі і моцна крыўдзіўся. I .як было не крыўдзіцца, калі тыя хлопцы, з якімі ён бадай з год працаваў на адных рыштаваннях, жыў у адным інтэрнаце, сёння так пагардліва паставіліся да яго.

Уся справа пачалася адвячоркам, калі ад іхняй брыгады садзеяння міліцыі вылучаўся комсамольскі патруль. На гэта прызначылі двух: Піліпа Лапату і Сёмку Зубрыцкага. Трэцім упершыню сёння наказалі збірацца яму, Вострыкаву. Алесь пачысціў свой старэнькі фэзээнаўскі гарнітур, прышыў белы каўнерык, наваксаваў гамашы і, крыху ўзрушаны, чакаў часу выхаду. Але тут выявілася, што Сёмка і Піліп незадаволены трэцім супольнікам і не хочуць разам з ім ісці ў патрульства. Алесь, па-праўдзе кажучы, разумеў іх: для такой справы патрэбны быў бойкі, рухавы хлопец. Ён-жа, чалавек сціплы, не дужа смелы і не дужа моцны, з незнаёмымі трымаўся зважліва і пачціва і заўсёды гатовы быў уступіць сваё месца больш вартаму. Але вось больш вартага і не знайшлося сёння ў іхнім інтэрнаце. Усе пасля работы разыйшліся хто куды, у пакоях было пуста, і Алесь мусіў збірацца з Піліпам і Сёмкай, якія злавалі, што ў іхнюю кам» панію трапіў нежаданы чалавек.

Праўда, яны хутка забыліся на сваю злосць. Жвавы чарнавокі Сёмка шпарка сігаў па тратуары і, цікуючы між сустрэчных прыгожых дзяўчат, апавядаў нешта вясёлае, а Лапата слухаў і ляніва ўхмыляўся вузенькімі вочкамі на сваім дабрадушным санлявым твары. На Алеся яны махнулі рукой—ат, маўляў, няхай ідзе, калі хоча. А не хоча, дык няхай вяртаецца, бяда невялікая.

Але Вострыкаў не вярнуўся, а з самотнымі думкамі ішоў следам. Ды і чаго было вяртацца, калі ў інтэрнаце пуста і сумна. Блізкага сябра ў Алеся яшчэ не было, і ніхто яго не чакае там. Другія неяк зыходзіліся, разам працавалі, разам гулялі, а ён, ціхі, сціплы і непрыкметны, ад усіх заставаўся ўбаку. У сяброўства да яго ніхто не набіваўся, ды i ён асабліва не лез да іншых.

Хлопцы прайшлі люднай вуліцай, мінулі ўжо агорнуты вячэрняй цішынёю парк і падыйшлі да гаркомаўскага дома. Толькі тады, адчыняючы зялёныя дзверы ў мураванай браме, Ла­пата азірнуўся і ўбачыў Алеся, які ўпарта цягнуўся ззаду. Піліп знарок моцна грукнуў дзвярыма і ўвайшоў у двор.

Там ужо было шмат народу—навучэнцы школ ФЗН, студэнты педінстытута, чыгуначнікі і маладыя рабочыя заводаў, — яны сабраліся сюды і чакалі інструктажу. Трымаліся ўсе купкамі, сядзелі на ганку, уздоўж сцяны і нават на нізенькім штыкетніку, што стаяў ля брамы.

Увайшоўшы сюды, Алесь разгубіўся, не ведаючы, куды падацца. Ён убачыў сваіх, Сёмку і Лапату, якія ўжо размаўлялі з нейкім віхрастым у акулярах хлопцам. Алесь здалёк ваўкавата паглядзеў у іх бок, але не пайшоў туды, а, уздыхнуўшы, прыткнуўся ля штыкета, побач з групай гаваркіх студэнтаў.

Блізка за брамай гаманіла вуліца, шорхалі ногі па асфальту, і ў двор даносіліся ўрыўкі чужых вясёлых размоў. У двары таксама шумелі галасы, адчуванне нязведанай новай справы ўзнесла хлапечы настрой. Студэнты ўжо, відаць, не ўпершыню выпраўляліся ў патрульства і цяпер дасціпна фантазіравалі на тэму начных прыгод. Усе навокал гаманілі і смяяліся, прадчуваючы забаўныя падзеі, адзін толькі Алесь Вострыкаў, маўклівы і насуплены, сядзеў тут, на мулкім штакетніку, і дзёўб абцасам хамлачкі ўпартай да жыцця мураўкі.

Але вось той віхрасты ў акулярах, з якім размаўлялі хлопцы, выйшаў на сярэдзіну і сказаў, што трэба пастроіцца. 3 жартамі і вясёлымі кпінамі наконт свайго вайсковага спрыту моладзь падалася да яго і пачала нязграбна станавіцца ў шарэнгу. Алесь таксама ўстаў і, не ведаючы, дзе прыступіцца, стаяў зусім разгублены і чамусьці ніякавата моршчыў кароценькі, амаль дзіцячы нос. Ён пэўна стаў-бы дзе-небудзь на левым флангу, калі-б не пачуў баслівы го­лас Піліпа Лапаты:

— Вострыкаў, давай сюды!

I дзіўная справа душа чалавечая! Знаёмы лапатаў голас прагучаў сярод гоману, як неш­та сваё, блізкае і роднае. Алесь адразу адчуў, што трымацца воддаль і замкнёным у яго нестае моцы. Адчуваючы, як пацяплела ў душы, ён знарок паволі падыйшоў да хлопцаў і дзікавата яшчэ стаў у шэраг побач з Лапатам. Выроўніваючыся, хлопцы спачатку штурхаліся і сціскалі яго, паводзячы з боку ў бок, а потым неяк выпхнулі ў першы рад, дзе бы­ло вальней, і ён такім чынам апынуўся ля Сёмкі, які нядобра паглядзеў на яго.

Калі шум крыху ўгаманіўся і шарэнга як-кольвечы ўладкавалася на двары, віхрасты ў акулярах аб'явіў, што ён — начальнік штаба комсамольскіх патрулёў, і пачаў інструктаж. Ён сказаў, што ў горадзе здараецца шмат хуліганскіх учынкаў, што комсамол павінен выкараняць іх, і для таго прызначаюцца патрулі, у задачу якіх уваходзіць выяўляць хуліганаў і папярэджваць хуліганства. Дзесяткі з тры хлопцаў уважліва слухалі яго. Потым віхрасты разгарнуў спіс, што трымаў у руцэ, і пачаў размяркоўваць патрулёў па аб'ектах.

Пакуль называліся незнаёмыя прозвішчы і вызначаліся месцы, Алесь пазіраў на начальніка штаба і паціху слухаў, як шавяліўся збоку (яго сусед Сёмка. Ён усё перашэптваўся нешта з Лапатам і хіхікаў нямаведама чаго. Алесь не паварочваўся і не ўнікаў у іхнюю весялосць.

Нарэшце дайшла чарга і да іх. Віхрасты выйшаў на сярэдзіну шэрага і зачытаў:

— Дзесяты будтрэст: Лапата, Вострыкаў, Зубрыцкі. Будзеце патруляваць па вуліцы Пяісчанай і ля інтэрната цагельнага завода. Звернеце асаблівую ўвагу на клуб завода. А хто старшы ў вас?

Начальнік бліснуў акулярамі, нібы стараючыся ўбачыць у шэрагу будаўнікоў старшага, але тыя стаялі маўклівыя і не ведалі, хто ў іх старшы.

— Што, няма старшага?—перапытаў ён.— Ну вось... Вострыкаў і будзе ім.

Алесь збянтэжана зірнуў на начальніка шта­ба, не ведаючы яшчэ, жартуе той, ці сапраўды загадвае яму. Але пакуль хлопец гадаў аб ягоным намеры, віхрасты ўжо зрабіў адзнаку ў сваім cnice.

— Я не старшы,— запярэчыў Алесь.— Я не ўмею.

Аднак начальнік штаба толькі ўсміхнуўся.

— Ну, што вы? Зможаце, гэта нескладаная справа.

Алесю зноў стала ніякавата, праўда, ужо з нейкай іншай прычыны, чым раней. Лапата ззаду прыціх тады, а Сёмка неяк адразу насцярожыўся. Алесь не бачыў, але, стоячы по­бач, адразу адчуў гэта. Начальнік тым часам падаў яму чырвоную нарукаўную павязку старшага патруля і зноў паўтарыў, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Так нечакана для сябе Алесь зрабіўся старшым. I толькі калі віхрасты перайшоў да іншых, паверыў, што ўсё гэта адбылося ўсур’ёз і канчаткова.

Нарэшце ўсе справы былі скончаны. Хлопцы ў двары парушылі строй, з гамонкай і мітуснёй збіраючыся разыйсціся па сваіх вуліцах, калі віхрасты зноў узняў руку:

— Адну хвіліну, таварышы! На мінулым тыдні ў горадзе з'явіўся рэцыдывіст, нехта па мянушцы Фараон. Калі дзе хто заўважыць гэтага бандзюгу, то даць сігнал абавязкова. Міліцыя на яго ўжо справу мае.

Двор пачынаў пусцець, хлопцы адзін за адным выходзілі, скрыпаючы дзвярыма. Алесь, не звяртаючыся да таварышаў, як кольвечы сам завязаў на рукаве канцы павязкі і зірнуў на хлопцаў.

Яны стаялі збоч ад яго і пазіралі на новага начальніка. Лапата, як заўсёды, заклаўшы рукі ў кішэні, ледзь варушыў сваімі белаватымі вейкамі. I хто ведае, што было ў тым яго позірку? Сёмка-ж неяк стрымана ўсміхаўся, але, здаецца, у жвавых чорных вачах яго хавалася насмешка. I хоць у Алеся прапала ўжо ўся крыўда на хлопцаў, гэтая ўсмецша неяк стрымлівала яго ад канчатковага збліжэння. Усё-ж хлопец, узяўшы на сябе пэўны клопат за справу, знарок проста, нібы між імі нічога і не здарылася, сказаў таварышам:

— Ну што? Пайшлі.

— Лавіць Фараона?—перапытаў Сёмка і з'едліва ўсміхнуўся.

— Пойдзем,— няпэўна адазваўся Лапата, і яны выйшлі на вуліцу.

Сёмка і Піліп усё трымаліся поплеч, толькі крочылі ззаду, падкрэслена прапусціўшы наперад старшага з павязкай. У людской цеснаце яны ішлі ля магазінаў. Алесь трошкі пакасіў вокам у бок люстраной вітрыны і аж не пазнаў там сябе. За тоўстым шклом у нагу з ім рухаўся белатвары хлопец у чысценькім выпрасаваным гарнітуры, і на яго рукаве ўрачыстай чырванню ззяла павязка. Крышачку саромеючыся за сваё незаслужанае старшынство, Алесь ішоў нетаропкім, важным крокам, як ходзяць патрулі-салдаты, і з сур'ёзнай мінай углядаўся ў постаці сустрэчных.

Злева, за беленай фігурнай агарожай, стаіўся стары парк. Тут быў глухі бок яго. Дрэвы стаялі паніклыя ў цішы, і між іх галля ўжо гусцеў змрок. На слупах запаліліся ліхтары, але было яшчэ відно, i ix святло марна таяла ўгары, цьмяна асвятляючы толькі блізкае вецце дрэў. У канцы вуліцы залаціста-палевым бляскам святлеў заходні ўскраек неба, аздоблены нізкай барвовай хмурынкай.

Хлопцы ішлі і ішлі ў напрамку тае хмурынкі, і ўжо ззаду засталіся людныя вуліцы і шматпавярховыя дамы. Лапата і Сёмка нешта перагаварыліся і жартавалі між сабой, а Вострыкаў пільна глядзеў па баках. Ён па-ранейшаму адчуваў сябе не зусім ёмка ў гэтай новай ролі. Праўда, тут, на ўскраіне, дзе прахожых было меней, ён неспакойнеў, а дагэтуль усё здавалася хлопцу, што сустрэчныя з іроніяй і кпінамі пазіралі на яго і, пэўна, думалі: «Вось найшоўся яшчэ ўпарадкавальнік, блазан гэткі!» Асабліва дапякалі яму няпэўныя адносіны таварышаў. Была-б гэта якая іншая справа, менш сур’ёзная, дык ён кінуў-бы турбавацца і трымаў-бы сябе куды вальней. Але зараз ён быў галоўным тут, ад яго залежала дзейнасць патруля. I ён адказваў за яе перад гаркомам комсамола. Хлопец адчуваў гэтую адказнасць і хацеў выконваць свае абавязкі як мага лепш.

На скрыжаванні двух пыльных нябрукаваных вуліц ім сустрэліся двое юнакоў. Добра апранутыя, у шэрых гарнітурах з белымі каўнярамі паверх пінжакоў, яны шыбавалі пасярэдзіне вуліцы, трымалі ў роце цыгаркі і адмыслова лаяліся. Увесь іх выгляд быў нахабны і сведчыў, што хлопцы не прывыклі зважаць на чые-небудзь заўвагі. Алесь ведаў, што з такімі чапляцца — не абыйдзешся без сваркі. Другім разам ён паціху прамінуў-бы ix, і нават зараз яму вельмі карцела зрабіць гэта. Але абавязкі — ёсць абавязкі, і, неяк пераадолеўшы нерашучасць, ён спыніўся на асветленым ліхтаром месцы.

— Хлопцы, трэба цішэй, — як мага спакайней сказаў ён. Юнакі спынілі лаянку і, падазрона ўглядаючыся, збочылі да яго. Лапата i Сёмка адсталі ад свайго старшага крокаў на дваццаць I, размаўляючы, шпацыравалі па тратуарьт. Апрача іх на вуліцы, здаецца, не было нікога.

— Што трэба, блазан?

Гэта прамовіў пярэдні, нізкарослы таўсцяк. Ён насупіў бровы і, выцягшы з кішэні рукі, пагрозліва наблізіўся да Алеся. Другі, суту­лы і высокі, змрочна аглядаючы яго, таксама падыйшоў і стаў з другога боку.

Алесь адчуў сябе ніякавата ад такога пагрозлівага намеру, але прыкідваючыся, што не прыкмячае нічога незвычайнага, цвёрда сказаў:

— Мы—комсамольскі патруль. Прашу трымаць сябе культурна.

— Ха! Патруль!—гыркнуў высокі, і яны насмешліва пераглянуліся.— Дык што табе, па песнях заехаць?

Але тут падыйшлі Сёмка і Лапата і моўчкі, з гатоўнасцю дапамагчы, сталі ззаду. Хуліганы, відаць, зразумелі, што на баку патруля не толькі законнасць, але і сіла, i бокам падаліся далей. Ужо адыйшоўшы, яны вылаяліся i зніклі ў змроку вуліцы.

Патрулі пайшлі далей. Абапал вуліцы цягнуліся нізкія аднапавярховыя дамы. У асветленых вокнах часам з'яўляліся жаночыя постаці, папраўлялі фіранкі, ці завешвалі ix. К ночы моцна пахла бульбоўнікам з гародаў і нечым смажаным, што рыхтавалася на вячэру... Алесь крыху хваляваўся ад не вельмі прыемнай першай сустрэчы і вырашыў цяпер трымацца разам. Лапата і Сёмка ішлі моўчкі. Потым Лапата сказаў:

— Аднак ты, гляджу, зубасты.

Алесь не ўцяміў, была гэта пахвала ці дакор, ці мо’ толькі насмешка і адказаў, думаючы пра тых нахабнікаў:

— Ix трэба было як след прабраць.

— Затрымаць ды ў штаб адвесці,— сур’ёзна зазначыў Лапата.

Сёмка, усё штось скептычна ўсміхаючыся, сказаў:

— Што з імі валэндацца? Набіць-бы каркі ды і ўсё. Я-б ім паказаў!

Ужо бадай добра сцямнела, калі яны прыйшлі на вуліцу Пясчаную. Гэта была звычайная на ўскраіне вуліца — ціхая, з невялікімі прыватнымі домікамі, садамі і гародамі. Між дамоў цягнуліся высокія платы, над імі ў зорным небе чарнелі вішнякі і ў дварах ляз­гал! ланцугамі сабакі. Хлопцавы камашы мякка ступалі па ўтаптанай мураве, дзе пасвіліся ўдзень шматлікія гусіныя статкі. У канцы вуліцы згрувасціліся баракі, павеці і абапальныя карпусы цагельнага завода.

Высокае, цёмнае неба заззяла безліччу мігатлівых іскрынак. Няроўнай паласой праз зорныя абшары рассыпаўся Млечны шлях. Пасля гарадскога тлуму тут, на ўскраіне, было неяк незвычайна ціха і глуха. Здалёк даносіліся толькі гудкі паравозаў на станцыі, ды на гарадскіх вуліцах бліскалі фары аўтамабіляў — іх далёкае святло палахліва блукала па сценах будынкаў.

Хлопцы прайшлі між змрочных нямых карпусоў цагельнага завода, мінулі інтэрнат. Усюды было спакойна. Вокны ў будынках ярка свяціліся, часам бразгалі дзверы, і з фортак выляталі гукі радыё. У прысадзістым доўгім будынку клуба, відаць, ішло кіно. Сіняватыя промні, быццам нацягнутыя трапяткія струны, снавалі там у цемнаце над галовамі гледачоў. Патрулі спыніліся перад вокнамі, зазірнулі на экран, і Сёмка раптам узгарэўся жаданнем:

— Давайце паглядзім, — прапанаваў ён Піліпу. Алесь прыкмеціў, што Сёмка чамусьці не размаўляў з ім і звяртаўся да аднаго Лапаты. Разважыўшы, што гэтая благая спра­ва — глядзець кіно, калі яны прызначаны патруляваць, старшы запярэчыў:

— Ну, нельга так. Трэба хадзіць.

— Вось мне яшчэ камандзір знайшоўся! — злосна асек яго Сёмка. — Нельга, нельга!.. Хадзем, Піліп, нас пусцяць.

Але Піліп таксама адмовіўся, i яны зноў пайшлі назад ранейшым шляхам. Цяпер ужо ззаду ішоў Сёмка. Ён пакрыўдзіўся ці раззлаваўся i не размаўляў ні з кім.

Так яны патрулявалі на Пясчанай і апынуліся ў пачатковым пункце свайго маршруту. Час набліжаўся да поўначы. Вокны ў дамах ўжо гаслі патроху, і ўскраіну ўсё мацней апаноўвала начная ціша. Патрульства канчалася, і Алесь нават пашкадаваў, што нічога так і не здарылася ў гэты вечар. Пакрысе ён ужо асвоіўся з новымі абавязкамі і хацеў, каб яшчэ што-небудзь здарылася, каб была якая карысць ад яго намаганняў.

У канцы вуліцы яны спыніліся ля воданапорнай калонкі. 3 яе загнутай трубы ціхенька цурчэў у цемры тоненькі струменьчык, iхлопцы па чарзе напіліся сцюдзёнай вады, потым пастаялі крыху.

— Ну што, бадай, хопіць на сёння? Пайшлі дамоў, — сказаў Сёмка, кінуў і затаптаў акурак.

— Яшчэ-б трэба на цагельны наведацца, — запярэчыў Алесь.

— Ат, што там хадзіць! Усюды спакойна.

— Але-ж там сеанс хутка скончыцца.

— Мне ўжо надакучыла бадзяцца, — стаяў на сваім Сёмка. — Пайшлі, Піліп!

Агеньчык ля піліпавага твару ўзгарэўся ў цемры, потым патух, і Піліп сказаў з нечаканай прыкрасцю ў голасе:

— Што-ж, аднаго Алеся пакідаць, ці што? Трэба патруляваць, калі прызначылі.

Сёмка крута павярнуўся да яго і ўраз насцярожыўся, пэўна, пакрыўджаны адказам. —

— Што, мо’ хочаш падзяку з ім зарабіць?— з’едліва сказаў ён, гатовы, відаць, пасварыцца.

— Нашто падзяку, — спакойна адказаў Піліп.— Проста трэба прайсці.

— Ну і ідзі! — с а злосцю кінуў Сёмка хутка пайшоў ад ix.

Алесю не спадабалася гэта, але ён не спрачаўся. Сёмка быў разумнейшы, байчэйшы за яго i з усякай сваркі заўсёды выходзіў пераможцам. Алесь-жа вельмі не любіў сварыцца i часта ўступаў крыклівым, нават тады, калі праўда была на яго баку. Яму цікава было толькі: чаго гэта Сёмка, звычайна такі актыўны ў комсамольскіх спра­вах, гэтак занатурыўся сёння. I паступова ў Алеся выплыла думка, ці не яго старшынство таму прычынай? Калі так, то які дзівак та­ды гэты Сёмка! А Лапата вось, здаецца, іншы, куды прасцейшы i зразумелы, — такса­ма новая рыса ў чалавеку, бо Піліп i Сёмка даўно сябравалі і многія лічылі, што ў ix роўныя характары.

Застаўшыся ўдвух, Алесь і Піліп моўчкі пастаялі крыху, потым Лапата сказаў, такса­ма, відаць, думаючы пра Сёмку:

— Раззлаваўся дурань.

— Давай, Піліп, хутчэй пойдзем, а то сеанс скончыцца, — сказаў Алесь, і Піліп, зразумеўшы таварыша, згодна налёг на хаду. Праз колькі часу хлопцы зноў уваходзілі на тэрыторыю цагельнага завода.

Кіно ўжо скончылася. Ля клуба чулася гамонка. У розных кірунках разыходзіліся людзі. У цемры блішчэлі ручныя ліхтарыкі.

I раптам аднекуль данёсся жахлівы крык:

— А-а-й! Ратуйце! Людзі!

Гэты крык і словы скаланулі хлопцаў. Алесь устрапянуўся і кінуўся бегчы проста на го­лас. За ім — Лапата.

I тут насустрач ім вынырнулі цьмяныя постаці. Яны набліжаліся да патрулёў, гучна тупаючы нагамі. I толькі, калі ззаду ў другі раз пачуўся прарэзлівы жаночы крык, Алесь зразумеў, хто гэта ўцякаў. Але на нейкі мо­мент ён разгубіўся і, відаць, спазніўся. Покуль хлопец што-кольвечы сцяміў, трое ўцекачоў ужо міналі ix, і тады раптоўна, ахоплены нейкай ледзянячай душу трывогай, Алесь дзікім голасам крыкнуў:

— Стой!!! — і што было сілы кінуўся ўслед.

Куды прапаў Лапата, ён і не заўважыў на­ват. Пэўна той падаўся туды, дзе здарылася няшчасце. Ды ў першае імгненне Алесь і не зважаў на яго адсутнасць. Ён імчаў, што аж нагам было балюча, і сэрца, захлынаючыся, калацілася ў грудзях. Але ўцекачы, пэўна, ведалі, што ў іхніх нагах — іх паратунак, і таксама добра імчаліся па цёмнай вуліцы. Нейкі час адлегласць між імі і Алесем амаль не скарачалася. Алесь бачыў, а хутчэй адчуваў у цемры толькі прыгнутую постаць задняга ўцекача, пярэднія-ж хутка зніклі, відаць, пахаваліся недзе.

Узрушаны жудасцю здарэння, Алесь наважыўся абавязкова дагнаць злачынцу. Ён не думаў, як здолее затрымаць яго, не ведаў, ці хопіць у яго сілы і смеласці зрабіць гэта. Ён толькі адчуваў сваю адказнасць за яго затрымку, і гэтае адчуванне зараз было мацней за ўсе іншыя пачуцці.

Урэшце яны апынуліся ў тым месцы, дзе была калонка і дзе яны яшчэ нядаўна стаялі ўтраіх. Алесь, сабраўшы ўсе сілы, паскорыў бег і ўхапіў злачынцу ззаду за яго адзежыну. Уцякач спатыкнуўся, i яны абодва з лаянкай пакаціліся па вуліцы.

— За... рэж... ах..., — задыхаючыся ад зморанасці хрыпеў валацуга. Алесь, падаючы цераз яго, ухапіўся за нешта мяккае, але атрымаў моцны штуршок у бок і скурчыўся ад болю, а той вырваўся і ўскочыў. Яны сутыкнуліся на нейкі вельмі кароткі момант, але хлопец паспеў адчуць яго моцнае пругкае цела і зразумеў адразу, што той намнога мацнейшы. Як цяпер быў патрэбны Лапата, але яго не чуваць было — навокал ляжаў сонны маўклівы змрок.

Устаўшы на ногі, злачынца адразу кінуўся наперад. Алесь, ледзь аддыхаўшыся ад зморанасці і болю ў баку, зноў кінуўся за ім. Крыўда, злосць і боль ахапілі яго істоту, і думка, што, не ўтрымаўшы злачынцу, ён ужо не зловіць яго, моцна спалохала хлопца. Усё-ж ён імчаўся следам і зноў ледзь не ўхапіўся за ўцекача. Але калі яго рука ўжо выцягнулася, той крута збочыў, і Алесь апынуўся перад пустой дзіркай у высокім плоце. А з другога боку плота чулася зморанае цяжкае дыханне і злосны, поўны нянавісці і лютасці хрып злачынцы...

— Ну ідзі, гад... калі... жыць надаела!

I бадай упершыню з таго часу, як ён пачуў той жахлівы крык на заводзе, хлопец зразумеў, якая небяспека пагражае i яму. А калі зразумеў, дык у адчуванне раптам пракраўся страх. У цемры за плотам ён адчуў лютасць раз'юшанага ўжо злачынствам чалавека і зразумеў яго рашучасць прыкончыць І другога, хто стаў на яго шляху да выратавання.

Але што было рабіць? Яго назначылі старшым комсамольскага патруля, усклалі пэўныя абавязкі, надзеі. I ці мог-жа ён пасля гэтага пакінуць злачынца, які ўчыніў мо' нават забойства? А што скажуць хлопцы, калі даведаюцца, што ён упусціў злачынцу толькі таму, што не хапіла смеласці. Не, тут была сіла, мацнейшая за страх, за пачуцце самазахавання — сіла таварыскага абавязку. 3 усіх людзей Совецкага Саюза Алесь Вострыкаў меў зараз самьгя найбольшыя магчымасці злавіць злачынцу, i ён не меў права не выкарыстаць ix.

«Але-ж ён так і ўцячы можа», — мільганула трывожная думка. I хлопец, усё яшчэ працяты жахам, на адно кароценькае імгненне перамог нерашучасць і рынуўся ў дзірку. Яго з'яўленне па той бок было якраз упару, бо злачынца ўжо шкрабаў па плоце, спрабуючы пералезці ў суседні двор. Алесь падскочыў да яго i што было моцы рвануў за ногі.

Але той не зваліўся, а моцна ўбрыкнуў нагамі. Ён балюча ўдарыў Алеся абцасам у лоб. Хлопец войкнуў ад болю і, знянацку пачуўшы свой голас, ухапіўся за яго, бы за падмогу:

— Сюды! — закрычаў ён. — Сюды, людзі!

Уцякач на плоце спяшаўся, аднак Алесь хапаў яго за ногі і цягнуў долу. Нарэшце ён зваліўся і накінуўся на хлопца.

У куце між платоў, на лапушыстай, пакропленай начной расой гародніне пачалася лютая барацьба. Злачынца некалькі разоў балюча выцяў хлопца. Алесь адбіваўся, біў, куды трапляла, але ён вельмі хутка адчуў, што перамога будзе не на яго баку. Уцякач кароткай спрактыкаванай хваткай паваліў хлопца і ўсім сваім цяжарам узваліўся на

яго. Адной рукой ён лаўчыў ямчэй ударыць, а другой хапаў за горла. Алесь круціўся пад ім, як мог, але ў яго вачах ужо разы са два бліснулі агністыя іскры i заняло дыханне. Нарэшце, з усяе сілы ўстрапянуўшыся, ухапіў зубамі варожую пяцярню, што дабіралася да яго шыі.

Злачынца замычэў ад болю, пакінуў Алеся і зноў рынуўся наўцёкі. Але хлопец не адставаў. Абодва яны выскачылі на вуліцу, i тут бандыт моцным размашыстым ударам выцяў Алеся па твары.

У вачах Алеся бліснуў, нібы лопнуў, нейкі жоўты вогненны шар, ён адчуў, што страціў апору, але ўсё-ж не выпускаў з рук забойцу. Вочы яго раптам заплылі слязьмі ад болю і пякучай крыўды. А той другі раз і трэці ўдарыў па галаве, потым яшчэ і яшчэ. Алесь на­рэшце выпусціў яго адзежыну і нема закрычаў. Падаючы ніц, ён яшчэ замахнуў рукой і з апошняе сілы ўхапіўся за нагу свайго ворага, ад чаго той зноў спотырч пляснуўся аб зямлю. У гэты момант хлопец пачуў недалёкія галасы, тупат ног і... страціў прытомнасць.

Хутка навокал загаманілі людзі, нехта падняў Алеся з зямлі. Ён, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй, пазнаў змораны лапатаў голас і, зірнуўшы, заўважыў, што з неба свяціў акрайчык месяца, адна палова вуліцы стулілася ў цяні, а ля другой на відным месцы некалькі цьмяных постацей валтузіліся са злачынцам.

Алесь паволі пераступіў з нагі на нагу і, кульгаючы, падаўся да людзей. Патрывожаная начным здарэннем, вуліца ажывала. Аднекуль з’яўляліся людзі, у веснічках стаялі здзіўленыя поўапранутыя жыхары.

Нарэшце, калі міліцыянер і Лапата звязалі злачынцу, рукі, афіцэр міліцыі бліснуў на мо­мант у твар затрыманага кішэнным ліхтарыкам і здзіўлена вымавіў:

— Эге! Ды гэта-ж Фараон! Вось як ты трапіў да нас!

Алесь пачуў гэтае знаёмае імя і аж уздрыгнуў ад страху. Але палохацца цяпер не было чаго. Бандыта моцна трымалі. Наўкол узбуджана гаманілі людзі, і з ix гамонкі Алесь дазнаўся, што гэты рэцыдывіст нажом тарнуў нейкага чалавека, які, казалі, наўрад ці выжызе ад раны.

Бандыта пэвялі, а да Алеся падыйшоў усхваляваны, змораны Лапата.

— Ну, як ты? — цяжка дыхаючы, запытаў ён. — Не параніў ён цябе?

— Ды не, — адказаў Алесь. У яго душы адразу павесялела ад чуласці таварыша, а боль i слабасць, здаецца, адразу сталі меншымі.

— А я аж напалохаўся, калі ты знік. Думаў, можа забілі цябе.

Яны зноў пайшлі поплеч за натоўпам, які цягнуўся за міліцыянерамі. На заходняй палове неба з усёй моцы свяціў спазнелы маладзічок і ззялі зоры, а на ўсходняй, ужо разганяючы мігатлівую цемру, плыло іншае святло — там нараджаўся ранак.

У Алеся балела ў баку, балела левая нага i слабасць знясільвала цела. Піліп цяпер не адыходзіў ад яго і, убачыўшы, што хлопцу цяжка ісці, сказаў:

— А ты абапірайся на мяне.

Алесь паклаў на яго плячо сваю руку i гля_ нуў у твар. У прыцемках ён не ўбачыў піліпавага позірку, але, бадай, i не трэба было нічога бачыць. Узаемнае добрае імкненне адзін да аднаго яны разумелі без слоў.

— Што, вельмі баліць нага? — пытаў Піліп. — Давай я цябе паднясу, калі хочаш. Бярыся!

Алесь аж засаромеўся ад гэтай шчырасці, але сказаў, што дойдзе сам: нага баліць, толькі не вельмі.

Яны яшчэ памаўчалі, кожны паасобку ду­маючы аб сваім, і тады ўпершыню ў іх нарадзілася нешта блізкае, цёплае ў іх адносінах. Потым Піліп сказаў:

— Аднак ты смелы, брат. Ціхі, маўклівы, а нішто...

— I ты таксама... справядлівы.

— А ты не ведаў? — пажартаваў Піліп.— Ды вось мы і спазніліся.

Алесь удзячна зірнуў на яго, іх позіркі сустрэліся, i абодва яны шчасліва засмяяліся.


Загрузка...