Валерый Гапееў Развітальная вячэра

сямейная драма

1

Дом быў не стары, высокі і светлы — абшаляваны і пафарбаваны знізу сіняй, пасярэдзіне — жоўтай фарбай, накрыты ацынкованай бляхай. Двор густа здзірванеў невысокай травой, па ёй, пэўна, было б прыемна прайсці басанож. Івану, які нёс вялізны баул сястры, захацелася зараз менавіта гэтага — зняць туфлі, шкарпэткі і адчуць мяккае казытанне травы на падэшвах ног.

Дзверы ў сенцы былі адчыненыя.

Зайшлі. Спачатку Іван, за ім, з меншым баулам, Надзея, яго сястра. Апошняй нясмела, употай хутка ўсё аглядаючы, увайшла Лена. Яна пагадзілася ехаць з Іванам цяпер, каб пазнаёміцца з яго бацькам, братам і сястрой — балазе, усе павінны былі сустрэцца ў гэты вечар.

Але хата была пустая. Іван патузаў ручку зачыненай другой паловы дома, зваліўся стомлена на канапу каля вялікага драўлянага стала, пакрытага лінялай кляёнкай.

— Ну, сястрычка, я за тое, што гэта цягнуў, палову з яго з'ем.

— Ага, еш, — Надзея сама апусцілася на стул, выцягнула з-за пазухі насавую мятую хустку, ацерла твар і шыю. — Трусы там жаночыя, паспрабуй на густ, раптам спадабаюцца.

— Якія трусы?

— Баваўняныя, 400 штук. Добрыя, якраз для баб вясковых. Хаця, і тваёй Лене можна нешта выбраць, там рэйтузы добрыя ёсць.

— А на якую халеру ты сюды столькі трусоў прыцягнула? — здзівіўся Іван.

— Не ў падарунак жа бацьку. Па вёсцы адвячоркам пабегаю — бабы расхапаюць.

— Ну, ты даеш! І тут сваё ўхопіш. Яе тэлеграмай выклікаюць, а яна трусамі гандляваць едзе, — папракнуў Іван сястру.

— А што там баця з яго тэлеграмамі? — адмахнулася Надзея. — Прыспічыла старому чагосьці ўсіх нас сабраць, сумна яму стала, вось і нарассылаў тэлеграм. Не відаць яго нешта… У агародзе дзе-небудзь. Чакае, пакуль выйдзем, дапаможам. На стол каб прыгатавалі, любіць жа на гатовае прыходзіць. Ох, давай, Лена, ставіць што, я тут не толькі трусы везла…

Надзея прынялася разбіраць адзін з баулаў. Лена, якая да гэтага стаяла каля дзвярэй, схамянулася:

— Так-так, мы таксама з сабою прывезлі вось, трохі… — і пачала мітусліва даставаць са сваёй торбы скруткі.

— Ды не мітусіся ты! — прыпыніла яе Надзея. — Паспеем. Кліма нашага яшчэ няма.

— Зараз прыкоціць Клім, на "Мэрсэдэсе" сваім, — упэўнена заявіў Іван.

Надзея ўздыхнула.

– І калі ж я на свае колы разжывуся? Цягну-цягну, а грошы як вада — раз і сплылі… Чуеш, Іван, выйдзі ты ў агарод, а то бацька вусны закусіць. Выглядзеў нябось, як мы ў хату заходзілі. Цяпер чакае.

— Добра, пайду, — адказаў Іван, з неахвотай паднімаючыся.

Жанчыны рыхтавалі на стол некаторы час моўчкі. Маўчанне парушыла Надзея:

— Даўно, ці што, жывяце разам?

— Мы не жывем разам, — адказала Лена збянтэжана. — У мяне пакой у інтэрнаце.

— Спіце хоць? — як аб самым простым спытала Надзея.

— А …навошта вам гэта ведаць? — Лена пачырванела.

— Ды ажаніцца гэтаму шалапуту трэба, — гаварыла Надзея, не гледзячы на Лену, з цяжкасцю рэзала селядзец. — Я гляджу, дзеўка ты нічога, ён кватэру толькі пабудаваў. А то, знойдзецца якая набрыдзь, абвядзе вакол пальца і без страхі над галавой пакіне. Ён такі…

— Мы неяк не гаварылі аб жаніцьбе…

— Цю-ю, зацяжарыць не ўмееш? З дзіцём не кіне — ён у нас сумленны.

— Я не жадаю… так.

— Ну, тады сказаць проста можна, што цяжарная. Маўляў, затрымка ў мяне месяц. А потым і адгаварыцца. Ды як заява ў Загсе, можна і па-сапраўднаму. І ўсе справы, — Надзея паставіла талерку з нарэзаным селядцом на сярэдзіну стала, як ставіла кропку.

— Як проста ўсё ў вас атрымоўваецца, — асуджальна зазначыла Лена.

— А чаго ўскладняць? Жыццё, яно простае: ухапіў — тваё, празяваў — хадзі галодны. Чапляцца трэба за шчасце сваё, пазногці ў кроў зрываць, а трымацца.

— Я так не ўмею, — Лена адказала цвёрда.

— Нічога, жыццё навучыць, — махнула рукой Надзея. — Папіхаешся вось як я: з двума дзецьмі, з мужам-п'яніцам — кіпцюры адрастуць. Як аднойчы няма чаго будзе дзецям есці даць — імгненна з’явяцца. Калі дзеці заплаканыя са школы прыходзіць пачнуць, таму што з іх там смяюцца за іх старыя адзёжкі — і іклы выступяць. Мне вось што трэба? Перахапіла чаго нашча, на вагоннай паліцы выспалася, мужык раз у месяц пакрэкча наверсе — і ўсё маё шчасце. А дзеці — гэта іншае. Для іх усё здабуду. Сябе сто раз прадам і сто адзін раз выкуплю, але ў іх і булка з маслам будзе, і адзенне не горш, а лепш, чым у іншых. Я ў дзяцінстве чорным акрайцам душылася, са старой мамінай спадніцы мне сукенку ў школу сшылі — хопіць. Хай яны людзьмі пажывуць.

— А яны? — Лена прысела на краёк крэсла. — Яны таксама будуць жыць для сваіх дзяцей? Вашы бацькі жылі дзеля вас. У чым тады сэнс усяго жыцця гэтага? Калі жыць дзеля сябе? Ці не трэба для сябе?

Надзея таксама села, задуменна працягнула:

— Бацькі, гаворыш… Маці, так, для нас і жыла. Хлеб за сталом не ела, у рукаў хавала ад бацькі, каб нам потым аддаць. А бацька… Мы за стол садзіліся, калі ён канчаў есці. І даядалі, што заставалася. Ён жа ў нас працаваў! А мы — не! І маці — не! Гэта ён так лічыў. У сельсавеце ён працаваў, пісарчуком нейкім, ці яшчэ кім. Восем гадзін адседзіць, прыходзіць дахаты — сто-о-омлены. Я яму боты сцягваю, Клім на рукі цёплай вадой палівае, маці на стол накрывае. Як жа — карміцель наш прыйшоў. Паеў — на канапу, паляжаць гадзінку. Хоць там пажар, а пасля абеду паляжаць было справай святой. А дзве каровы, пяцёра кабаноў, куры, качкі, гусі, агарод — гэта ж не праца… Ведаеш, я восені і цяпер баюся. Бульбы саджалі шмат, страшная гэта пара была — копка бульбы. Дзень крукам сагнуўшыся стаіш, да позняга вечара мяшкі цягаеш. Маці тварам чарнела за месяц. І сам бацька чарнеў, нас падганяў. Сябе ён на такой працы, калі капейку ўрваць можна было, не шкадаваў. А нас тым больш… Бізун ён з свайго старога рэменя сплёў. Ім нас і выхоўваў. Так хвастаў, што па месяцу сінякі не сходзілі. Усе атрымоўвалі.

— Усе? І… маці? — спалохана спытала Лена.

— Не, маці ён бізуном не хвастаў, — адмоўна кіўнула галавой Надзея. — Маці біў кулакамі. І толькі ў жывот. Каб слядоў не было. Кашуля дрэнна адпрасаваная, суп перасолены або проста сам не ў настроі — знаходзіў прычыну. Маці прыгожая была, а ён — смаркач побач з ёй, але заўсёды з сабою на розныя гулянкі цягнуў. Вось, маўляў, пазайздросце, якая ў мяне жонка прыгажуня. А дома біў неміласэрна пасля гэтых вечарынак. Чаго, курва, таму ўсміхалася? Навошта, сука, з гэтым танчыць пайшла? І звёў у магілу…

— Як звёў?

— Так і звёў… — Надзея замоўкла на хвіліну, працягнула: — А ёй жа толькі саракавы год пайшоў. Яшчэ прыгожая была і тварам, і целам. Мне тады акурат 16 споўнілася. Даўно ўсё як было…

2

Адкрыліся шырока дзверы, увайшоў упэўнена Клім, у строгім гарнітуры пад гальштукам, з “дыпламатам”.

— Добры дзень!

— Ай, выдатна, братка! — Надзея ўстала, падышла, каб абняць брата. — Вітаю!

Клім чуць памарудзіў, быццам у роздуме: абдымаць сястру ці не, але ўсё ж падставіў шчокі для пацалункаў, абняў.

— Ой, якім ты стаў! Прама прафесар, — Надзея, адступіўшы крок назад, агледзела з захапленнем Кліма. — Нездарма цябе маці ад бацькі хавала, каб ты не ў кароў чысціў, а кніжкі чытаў.

Клім паставіў асцярожна “дыпламат”, падышоў да стала, адкрыў бутэльку мінеральнай вады, наліў у шклянку і павольна выпіў, аглядаючы хуткім поглядам Лену.

– І ты, калі б вучылася, зараз не па рынках бы цягалася. А гэта што ў нас за госці?

— Бач, кот, учуў мяса! Я вось патэлефаную тваёй Зоі, раскажу, як ты на незнаёмых жанчын глядзіш, — падчапіла Надзея.

— Гляджу, як трэба на незнаёмых і сімпатычных глядзець сапраўднаму мужчыне. З захапленнем. А пазнаёміць у такіх выпадках ты абавязана.

— Ах, манеры! Ленка гэта. Але ты на каленкі яе не зыркай, гэтыя каленкі па іншых руках нудзяцца.

— Прыгожае імя — Алена. А калі каленкі аднаму прызначаныя, значыць, ад іншых вачэй іх трэба хаваць. Хіба не так?

— Не бянтэж дзеўку. А прыгажосць толькі дурні хаваюць. Гэта Івана нашага сімпатыя. Табе ятроўка будзе.

— А, Івана… — працягнуў нібы з расчараваннем Клім. — А дзе ж ён сам?

— На агародзе, з бацькам. Ідзі і ты, ды кліч у хату ўжо, стол накрыты.

— Ужо пайшоў, — Клім падняўся і выйшаў.

Лена, пасля таго, як за Клімам зачыніліся дзверы, нечакана спытала:

— Ён любімчыкам у маці быў?

Надзея села.

— Маці-то больш за ўсіх Ваньку любіла, ён у яе і пайшоў. Але Кліма яна берагла ад бацькі. Адчувала, што ён адзін з нас у людзі выйдзе. Яна аб гэтым марыла: каб мы былі пры грашах, пры чыстай працы. Клім вучыўся добра. Цямлівы ён… Усё разумеў і адносіны маці да сабе ўміг прыкмеціў. І выкарыстаў. Бацька з маці не лічыўся ніколі, але Кліма яна перад бацькам з такой лютасцю абараняла, што і той здаваўся. Вось і вырас… Ды што я табе распавядаю, будзе час самой усіх нас пазнаць.

— Вы мне ўжо ўсіх апісалі, — Лена ўстала, прайшлася па пакоі. — Чыста тут так, не верыцца, што мужчына адзінокі жыве.

— Ага, адзінокі! Ды ён наймае, каб яму прыбіралі, варылі і мылі. Пенсія ў яго — ого! Будзе ён табе падлогу мыць. У такім доме вялікім. Будзь ён пракляты, дом гэты! — нечакана закончыла Надзея з надрывам.

— Ой, як жа вы так…

— Закончылі ўжо ўсё, — загаварыла Надзея задуменна. — Маці гліну мясіла, нас са школы чакала — трэба было па лесвіцы гліну на гарышча падаць, комін печкі атынкоўваць. Не стала чакаць маці нас, сама палезла на гарышча… Іван у другую змену хадзіў, ды яму тады 13 было, ростам малы, слабы. Ён маці і знайшоў. Сарвалася яна з лесвіцы, вядро з глінай акурат на грудзі ўпала. Дактары гаварылі — памерла імгненна… Што ж яна нас не пачакала тады… Ну, здаецца, усё ў нас гатова? — рэзка змяніла яна тэму. — Дзе там мужыкі?

Яе слоў быццам чакалі — дзверы адчыніліся і зайшлі ўсе адразу: Клім, Іван і іх бацька, Сямён — высахлы, танклявы, увесь сівы, але гладка выбрыты.

— Бач, хутчэй стол ставіць, а яблыкі ў саду гніюць, сабраць няма каму. Грошы пад нагамі валяюцца… — выгаворваў Сямён дзяцей.

— Хопіць бурчаць, баця. Ці здаровы? — прымірэнча загаварыла Надзея.

Сямён сеў за стол, хуткім поглядам акінуў яго.

— Здароўе, здароўе… Чужыя людзі даглядаюць, здохну, хаваць не прыедзеце.

— Ну, тата, аб смерці рана думаць. Аб жыцці гаварыць трэба. Бачыш якая нявестка ў цябе будзе? — загаварыў Клім, прысеў за стол.

Сямён павярнуўся да Івана, які сеў побач з Ленай.

— Ажэнішся, значыць? За блаславеннем прыехаў?

— Мне тваё блаславенне не трэба. Не табе з Ленай жыць, — рэзка адказаў малодшы сын. — Ты дзверы ў другую палову адчыні.

— А ты што там забыў?

— А мне табе дакладваць, куды ў роднай хаце нагу паставіць?

— Хе-хе, роднай, — прыжмурыўся Сямён. — Мая гэта хата! Мая! Ты сабе кватэрку пабудаваў — гэта твая. А гэта — мая…

— З сабою ў магілу не панясеш.

– Іван, ты чаго гэта, як самавар, разышоўся? — папракнула брата Надзея. — Якая цябе муха ў саду ўкусіла? Садзіся, Іван. Клім, налівай. Тры гады не бачылася, толькі па тэлефонах, а сустрэліся і слова добрага не знайшлі адзін для другога.

— Паспеецца выпіць, — стаяў на сваім Іван. — Мне трэба ў святліцу спачатку.

Сямён дастаў ключы з кішэні, моўчкі адамкнуў дзверы ў другую палову хаты. — Ну, схадзі, схадзі. Ды не чапай там нічога, учора прыбіралася…

— Мне твайго дабра не трэба. Пойдзем, Лена, — запрасіў Іван сваю дзяўчыну.

Яны прайшлі ў другую палову хаты. Іван адразу ж падышоў да вялікага партрэта маладой жанчыны на сцяне — партрэту маці, зняў яго. Дастаў насоўку, працёр асцярожна шкло. Павесіў рамку на месца.

— Гэта маці, — сказаў ён Лене, павярнуўся да партрэта і загаварыў з ім, як з жывым чалавекам: — Добры дзень, мама! Ты прабач, што доўга не прыязджаў — закруціўся з гэтай кватэрай зусім. У мяне ўсё добра, мама. Вось, вырашыў ажаніцца. Яна дзяўчына добрая, мая Лена, ты сама, мама, убачыш. Так што слова, якое я табе тры года назад даў, я стрымаў. І ўнукі ў цябе яшчэ, значыць, будуць. Мы дваіх нарадзіць хочам. А як ты, мама? Сумна табе тут… Ты мяне прабач — я нікому не магу той праўды расказаць. І таму ненавіджу сябе з кожным годам усё больш. А яго ненавіджу так, што глядзець не магу. Але сказаць — нікому не магу. Быццам закляцце якое на мяне ён наклаў, калі крычаў мне ў твар, слінай пырскаў. “Не было мяне тут! Не было! Не было!”…Я трымаў тады цябе за руку, а рука халаднела. Мне здавалася, што і на самай справе нікога не было на свеце — толькі я, знямелы ад страху, і ты, якая памірае. Ці ўжо мёртвая. Дзесяць гадоў мне здавалася, што то быў страшны сон: ты на хісткай лесвіцы, з вядром гліны, а бацька ўнізе. Твая спадніца старая, лінялая да поўнай шэрасці, учапілася за цвік. Тканіна разышлася бязгучна, ад самога пояса, і ў прарэзе агалілася твая нага. У цябе былі прыгожыя ногі… Мама, ты прабач мяне, я хачу табе сёння прызнацца… Мы, людзі, памятаем не сам час, а падзеі ў ім: самыя яркія, самыя светлыя. Я памятаю, што быў зусім маленькім. Ты павяла мяне ў суседскую лазню. Калі ты палівала мяне голага там гарачай вадой, хвастала венікам па палку, мыла — я нічога не бачыў. Ды і цяжка было нешта ўбачыць у пары пры цьмяным язычку свечкі. А потым ты выцірала мяне ў прылазніку ручніком, які быў трохі жорсткі, але пах так цудоўна! У прымыльніку гарэла электрычная лямпачка, пераноска. Ад твайго цела ішла пара. У цябе на плячы, на левым, прыляпіўся лісток ад веніка. Мне карцела яго зняць, але раптам я зразумеў, што ён блізка ад тваіх грудзей. Я паглядзеў на іх і … мне, мама, стала сорамна. Пэўна, я быў тады сталей, чым здавалася табе. Я не мог глядзець на цябе, але я бачыў цябе, мама. Я тады зразумеў, якая ты прыгожая… Ты прабач мяне за тое, мама. Мне было сорамна. Сорамна ад таго, што мне хацелася глядзець на цябе…І я разумеў, што глядзець нельга… У цябе былі прыгожыя ногі, мама. І калі бацька ўбачыў, як агалілася адна, цалкам, ён закрычаў тады па-вар’яцку: “Чаго выставіла зад, сука!” І стукнуў ботам па лесвіцы. І пад табой суха стрэліла прыступка лесвіцы. Яна зламалася. І ты звалілася. Я ўбачыў гэта з акна… Ты прабач, мама, што толькі зараз расказваю ўсё гэта табе. Прабач, што столькі часу твой забойца ходзіць па зямлі… Мая Лена прывезла насенне кветак. Заўтра мы прыйдзем да цябе туды, на могілкі… пасадзім кветкі, і я цябе пазнаёмлю з Ленай. Ты адразу зразумееш, што яна добры чалавек. Ну, не самая сімпатычная, не такая прыгажуня як ты, але яна на цябе вельмі падобная. Душой. Ну, я пайду, а то ім там засмягла ад жадання выпіць. Да заўтра, мама…

Іван моўчкі ўзяў Лену за руку, ледзь пацягнуў. Яны выйшлі, селі за стол.

3

— Ну, усім наліта? — бадзёра загаварыла Надзея. — Давайце за сустрэчу!

Сямён браў ежу рукамі, еў, смачна прыцмокваў.

— Бач, як цары есці сталі. Каўбаса, рыбка вэнджаная, гарэлачка заморская.

— Раз у год можна і паесці смачна, — адгукнулася Надзея. — Ды і што тут такога? Ці ж не для таго ўсе гэта робяць, каб людзі елі? Налівай па другой, Клім, ды давайце па справе гаварыць. Чаго, дзед, тэлеграмамі ўсіх сабраў? Што стрэслася?

— Так, так, — Сямён адкінуўся на спінку крэсла, пакалупаўся пазногцем у зубах. — Пагаворым зараз, пагаворым.

— З гэтай штукай лягчэй гутаркі весці і справы рабіць, — рагатнуў Клім, наліваючы гарэлку.

— Як жа, як жа, — ускінуў вочы Сямён на Кліма. — Гэтая штука дапамагае… Нават званні навуковыя атрымоўваць.

— Што… Што ты гэтым жадаеш сказаць, тата? — замёр Клім. — Гарэлка навуцы перашкода…

— Як сказаць, як сказаць… Гарэлка — яна ўсюды гарэлка. Мне за гарэлку аруць і сеюць, жнуць і дапамагаюць. Ды і вам яна дзверы вось да гэтай каўбасы адчыніла. Так жа, Надзька?

— Ты аб чым, баця? — разгублена спытала Надзея.

— Так, аб тым усё, аб гарэлцы. Яна выдатна і табе дапамагае.

— Ну, дапамагае. Узімку за прылаўкам без яе нікуды. У цягніку правадніцы даць трэба… Ох, ды ці мала каму…

— Ну, за тваё здароўе, тата! — Клім падняў кілішак.

— Хе, здароўя мне жадаеш. Глядзі, як бы смерці маёй не захацеў.

— Чаго мне табе смерці жадаць? — папярхнуўся Клім.

— Хто яго ведае, хто яго ведае, — мякка загаварыў Сямён. — Вы, дзеткі мае, думаеце я вас сюды навошта паклікаў? Дакладна, Клімушка, аб заўтрашнім пагаварыць. Аб маім, аб вашым. Чаго гэта мяне павінны чужыя людзі даглядаць?

— Сам жа наняў! — абурылася Надзея. — Магла б і я раз у тыдзень прыязджаць.

— Ну, чаго табе дачушка сябе трудзіць, ездзіць. Я лепш сам да цябе прыеду. Жыць.

— Як жыць? Назусім?

— Пакуль не памру, — пацвердзіў Сямён. — Я вас гадаваў, даглядаў, пара і доўг аддаць.

— Ты даглядаў? — Надзея адышла ад разгубленасці. — Ды я ад шчаўя аднаго па вясне крывавым паносам пакутавала! Хлеба чорнага ўдосталь не ела. А зараз ты мяне папракаць тым будзеш? Ну ды чорт з табой — ідзі, жыві, але толькі дом гэты тады мой, і “жыгуль”, які ў хляве дзесяць гадоў іржавее, — мой. І пенсіі палову ты мне аддаваць будзеш. Вось тады будзеш у чыстым, накормлены і дагледжаны.

— Бач, як дачушка мяне любіць. Хе — хе…

— Той любоўю, якой і ты мяне любіў! — раз’юшылася Надзея, стала казаць з крыўдай: — Мая спіна па гэты дзень твой бізун памятае. Мне назаўтра фату апранаць было, а ты мяне, у лазню заскочыўшы, голую адхвастаў, не пасаромеўся нават. Я сваю першую шлюбную ноч у сарочцы праляжала, праплакала, мужу не магла нічога патлумачыць. А завошта? На штанах тваіх спехам прас пакінула.

— Ты ледзь хату не спаліла! — закрычаў Сямён.

— Але ж не спаліла! — цвёрда ўступіўся за сястру Іван.

— Бач ты, абаронца! А ты бацьку ў сваю кватэру на якіх умовах прымеш? — хутка спытаўся ў Івана Сямён.

— Ні на якіх. Я табе магу толькі ў адным шляху дапамагчы — на могілкі.

Усе, акрамя Сямёна, уздрыгнулі. Калі яшчэ пасля слоў надзеі заставалася хоць кропля спадзявання, што вячэра пройдзе міралюбіва, то цяпер стала зразумела, што гэта не вячэра…

— Нянавісці, нянавісці ж колькі, — быццам з ухвалай зазначыў Сямён. — І завошта жа ты мяне так ненавідзіш?

— Забыў?

— А чаго забываць? — паціснуў плячамі Сямён. — Што ў інтэрнат цябе не аддаў? Што грашыма, калі вучыўся, не дапамагаў? Дык былі ў цябе ўжо памагатыя — Надзька, вось.

— Не то ўспомніў! — з пагрозай выціснуў скрозь зубы Іван.

— Ну, хопіць вам, — перабіў Клім, спадзеючыся вярнуць мір за стол. — Калі ўжо так востра ўзнялі пытанне, прыязджай, тата, да мяне. Наконт хаты і аўтамабіля, думаю, пытанне можна вырашыць па справядлівасці. Хто бацьку дагледзіць, той, лічу, мае на гэта права…

— А кім гэта пабудавана? На чые грошы? — Надзея нават прыпаднялася на крэсле.

— На мае, дачушка, на мае, — зазначыў Сямён.

— Гэта дакладна, на твае, — згадзілася Надзея. — Маці ты на працу не пускаў. Дык ты ж ад нас гэтыя грошы забіраў, мы ж у абносках хадзілі, бульба ды малако — уся ежа. Мяса раз у год, на Вялікдзень елі. Што выгадоўвалі, ты ўсё здаваў. І сёння ты гаварыць станеш, што толькі табой хата пабудавана?

— Мной, дачушка, мной.

— Вось што, бацьку вырашаць, каму хату пасля смерці пакінуць, — умяшаўся Клім. — Узяліся дзяліць спадчыну пры жывым гаспадару.

Сямён раптам рэзка склаў кукіш, абвёў ім дзяцей.

— Вось вам хата!

Склаў кукіш на другой руцэ, і яе рэзка выкінуў наперад:

— А вось вам “жыгуль”! З’елі? Прадаў я ўжо машыну, цю — цю! Ага! І хату прадаў! Праз тры дні тут новы гаспадар будзе.

— Як прадаў?

— Хату маці?

— А грошы дзе?

Гэтыя воклічы яго сыноў і дочкі зліліся ў адзін ускрык здзіўлення і роспачы. Потым хвіліну стаяла цішыня. Сямён сам наліў сабе гарэлкі, выпіў, не спяшаючыся закусваў.

— Бач, разагналіся, — загаварыў ён цяпер спакойна. — А жыць я буду там, дзе захачу. Магу ў кожнага па чарзе.

— Няма ў мяне месца, — не хаваючы крыўды загаварыла Надзея. — Двое дзяцей, кватэра двухпакаёвая.

— Не выганіш жа, калі прыеду. Не выганіш…

— Выганяць не буду. Толькі… — Надзея задумалася і нехаця працягнула: — Я ў раз'ездах часта, а дзеці цябе і забылі ўжо з-за тваёй такой гасціннасці. Могуць не пазнаць. А дзверы чужому яны не адкрыюць, навучаныя.

— Вунь як… — працягнуў, быццам з радасцю, быццам чакаў менавіта такога адказу, Сямён і звярнуўся да старэйшага сына: — А ты, Клім, так салодка слаў… Пусціш бацьку роднага на парог?

— Бачыш, бацька… — Клім нервова пакруціў пусты кілішак у руцэ, памарудзіў. — Мы з'яжджаем на тры месяцы за мяжу, а кватэру ўжо здалі кватарантам. Капейка лішняя не памяшае. Хто ж ведаў…

— Нічога, я з кватарантамі пажыву.

— Мы здавалі ім кватэру на ўмовах, што яны будуць гаспадарамі гэтыя тры месяцы. Я не магу іх выгнаць. Грошы яны заплацілі наперад, — ужо цвярдзей заявіў Клім.

— Ну, тады мне да малодшага прыйдзецца падацца, — крутнуўся Сямён разам са крэслам да Івана. — Новая нявестка абходжваць будзе. А я ёй падарунак вясельны за тое зраблю.

— Прыходзь — я цябе з лесвіцы спушчу, — сказаў Іван амаль весела.

— Вось як! Во, выгадаваў дзетак. І вады перад смерцю не пададуць, — пляснуў сябе па калене Сямён. Здавалася, апошнія словы дзяцей яго толькі больш весялілі.

— Прыязджай да мяне, добра. Але каб пенсію я атрымоўвала, — звярнулася да бацькі Надзея, нешта як падлічваючы.

— Таргавацца, значыць? — хітра прыжмурыўся Сямён.

У яго гэтых прыжмураных вачах, спакойным і адначасова яхідным голасе, падспудна адчувалася нейкая ўтоеная ад іх усіх пагроза. Надзея адчула гэтую пагрозу сваім бабскім пачуццём першая, і першая ж вырашыла хоць нешта змяніць:

— Мне гандляваць не прывыкаць. Толькі дзяцей маіх ты аб'ядаць не будзеш. І плату я з цябе за мыццё браць буду, як ты з мяне ў дзяцінстве браў. Я табе за кожны кавалак хлеба нешта зрабіць павінна была. Вось і ты мне плаці. Рабаваць не буду. Вазьму, колькі трэба. Астатняе — тваё.

Сямён замоўк надоўга, сядзеў, схіліўшы галаву дадолу і ўбок. Потым загаварыў, і кожнае яго слова гучала ўсё гучней і пагрозлівей:

— Ну, дык вось што я вам скажу, дзеткі мае. Я нечаму за жыццё навучыўся. І вас добра ведаю. Добра… Вось вы ў мяне дзе ўсе! — ён сціснуў кулак, выставіў яго высока ўверх. — Тут! Ты, Клім, тут. І ты, Надзька, тут. І ты, Іван, тут. Тут усе. Усе. І нікога адгэтуль не выпушчу.

4

— Што ты жадаеш гэтым сказаць, бацька? — нервова спытаў Клім.

— Табе сказаць? Ну, давай, ты першы… Вучоным, значыць стаў? Працу напісаў, прэмію атрымаў. Хе, хе, добра. А хто такі Сяргей Пушкароў, памятаеш? Дакладна, дакладна, вы з ім разам у аспірантуры былі, і сюды вось, у хату гэтую, разам прыязджалі. Любіў выпіць Сярожка, любіў. І пагаварыць любіў. Ох, светлая галава была ў хлопца. Шмат ён мне чаго нарасказваў. Звычка ў яго была — як вып'е, так распавядае, як распавядае, так абавязкова малюе нешта, піша. Каб мне, старому, зразумела было. Ой, шмат мне ён распавядаў! А колькі папер для мяне змараў, колькі ён начамі тых папер перапсаваў! А я ўсе тыя паперкі, ім спісаныя, захаваў… А далей што было, нагадай, Клім? — Сямён прыжмурыўся, глядзеў на сына, як глядзяць на трапіўшую ў пастку здабычу.

— Што было, што было… Спіўся Сяргей, у аварыю патрапіў, — нехаця сказаў Клім.

— Дакладна. Усё дакладна, — у згодзе паківаў галавой Сямён. — А ў каго ён у пакоі да трэціх пеўняў гарэлку піў? Хто яму наліваў? Ай, вялікая сіла — гарэлка. Не да ідэй стала светлай галаве. А гэта ты, Клім, яго спайваў. І ў той вечар, калі ён разбіўся, ты частаваў сябра свайго. Моцна частаваў. Чаго маўляў, не выпіць, у мяне заначуеш, за руль не сядзеш. А потым ты быццам за бутэлькай пайшоў, ды заадно і сваёй знаёмай дзеўцы патэлефанаваў — прыходзь тэрмінова. І прыйшла дзяўчынка. Па твайму званку прыйшла, а не сама, як ты Сярожку сказаў. Ён, зразумелая справа, не захацеў вам перашкаджаць. Адправіў ты яго, у вусцілку п'янага. Ён і з'ехаў. Назаўжды з'ехаў. А паперы яго засталіся. У цябе засталіся, у мяне засталіся. Калі праз паўгода ты са сваёй працай на вяршыню славы сваёй падняўся, купіў я часопіс той разумны з тваёй пісанінай. Нічога я там не зразумеў, але параўнаў з Сярожкінымі паперамі… Украў ты! Нябожчыка абабраў! — Сямён перайшоў на крык. — Усё прахам у цябе пойдзе, калі я свае паперкі, Сярожкай спісаныя, пакажу, дзе трэба!

Кліма як кантузілі гэтыя словы бацькі. Ён некалькі раз адчыняў рот, каб загаварыць, але толькі праз хвіліну маўчання ў яго атрымалася выціснуць з сябе:

— Ды як… Як ты смееш мяне ў чым вінаваціць? Што ты разумееш у навуцы? Што ты ўвогуле ведаеш аб маіх справах?

— Смею, смею, — спакойна ўжо і ўпэўнена адказаў Сямён… — Я не разбіраюся — іншыя разбяруцца.

— Ты… ты… — У Кліма не знайшлося слоў, ён падняўся і моўчкі выйшаў з хаты.

— Куды? — наўздагон кінуў яхідна Сямён. — Тэлефанаваць пайшоў, каб кватаранты не спяшаліся? Ідзі-ідзі…

— А ты гад… — пасля хвіліннай цішыні працадзіў скрозь зубы Іван.

— Маўчы, да цябе чарга не дайшла, — адмахнуўся як ад мухі Сямён.

— Мяне не возьмеш, я сяброў не спайваў.

— А цябе і браць не буду. — Сямён быццам задумаўся на хвіліну, працягнуў: — Лена твая, яна па бацьку Антонаўна? Котова Алена Антонаўна, а?

— Што? — Лена здрыганулася.

— Не чапай Лену! — Іван прыпадняўся на крэсле.

— А я і не чапаю. Пакуль не чапаю. А магу і спытаць: чым ёй яе юнацтва запомнілася, што найбольш узрушыла… Потым спытаю, прыйдзе чарга… Я вось пакуль з дачушкай пагаварыць хачу.

— Ну, я чым саграшыла? — імкнучыся захаваць самавалоданне, загаварыла Надзея, але голас выдаў яе, задрыжаў.

— Што, няма граху за душой? Пакапайся ў душы, пакапайся, можа на дне там што і ляжыць… Насцю Дворыну памятаеш? — рэзка выгукнуў Сямён.

І Надзея раптоўна, быццам стукнулі яе, асунулася.

— Памятаю…

— Мне табе расказаць, як ты да яе двух грамілаў падаслала даўгі выбіваць, і што з гэтага выйшла?

— Я ніякіх грамілаў не засылала… — пабялеўшы выгаварыла Надзея. — Не думала, што так выйдзе… — з горыччу прадоўжыла яна. — У мяне рэйс зрываўся, я сама без грошай была, а яна хавацца ад мяне кінулася.

Сямён сеў прама, зноў стаў калупаць у зубах каравым доўгім пазногцем.

— Хавалася яна, гэта дакладна. Тут у нас, у вёсцы і хавалася. У хляву, побач з каровай. Бо ёй гэтыя грамілы, як там яны завуць, лічыльнік уключылі.

— Я іх не пасылала! Я іх у вочы не бачыла! — у роспачы закрычала Надзея.

– І гэта дакладна, — кіўнуў Сямён. — Табе іншы знаёмы. Той, да якога ты звярнулася, ды за гарэлачкай угаварыла дапамагчы доўг вярнуць.

— Няпраўда, — выціснула Надзея скрозь зубы. — Не так усё было! Не дакажаш…

— Дакажу, дакажу… — упэўнена працягнуў Сямён. — Насця да мяне забягала грошай пазычыць. Цябе згадвала, гаварыла, што забіць яе могуць. Грошай я ёй не даў — з дзяцінства гэтую шалахвостку ведаў.

— Ніхто Насцю не забіваў…

— Гэта так. Сама павесілася, — згадзіўся Сямён. — Толькі яе перад гэтым ох як білі. Балюча білі. І такое з ёй вытваралі, такое вытваралі… Усё я праз шчылінку бачыў. Старая адрына, шмат у ёй шчылінак. І чуў я ўсё. Дзве тысячы з яе пыталі. А з тым лічыльнікам і ўсе чатыры. Паперы ёй падсоўвалі, каб падпісала. А яна адмовілася, крывёй плявалася. Яны ёй дзень тэрміну далі, з'ехалі. А яна, адразу пасля гэтага, пятлю зрабіла, на шыю накінула, ды і скокнула. І хруснулі пазванкі… Імгненна, стала быць памерла, не мучылася…

Іван амаль ускочыў з крэсла, навіс над сталом — збялелы, напружаны, закрычаў:

— Ты бачыў? Ты, гад, глядзеў, як яе білі і гвалтавалі, глядзеў, як яна робіць пятлю, вешаецца? Ты не паклікаў на дапамогу, не спыніў яе, не паклікаў маці? Ты не гад. Ты горшы…

— А чаго ў чужое жыццё лезці? — абыякава зазначыў Сямён, не звяртаючы ўвагі на “гад”. — Жыццё ў кожнага сваё, кожны ім распараджацца вольны.

Іван не садзіўся на месца.

— Але Надзьку ты гэтым не возьмеш, на яе сумленні мо і ёсць смерць Насці, але ёй за гэта перад Богам адказваць, а не перад людзьмі.

Сямён хітра прыжмурыўся:

— Вось тут якая закавыка атрымоўваецца: тых, хто Насцю катаваў, да гэтай пары шукаюць. А Надзька можа і ведае, як на іх выйсці. Я ў хаце Насцінай маці, калі перапалох падняўся, паперку адну падняў, запіску ад Надзькі.

— Дзе яна? — амаль ускрыкнула Надзея.

Сямён не адказаў на гэты выкрык, спытаў, прыжмурыўшыся:

— Так памятаеш, дачушка, як ты ў той запісцы Насці пагражала, што ноймеш каго-небудзь, і яны даўгі з мёртвай выб'юць? Я паперку гэту ў міліцыю аднясу. Павінюся, што доўга трымаў, дачка ўсё ж мая. А зараз вось жадаю ўсё па законе. Вось ты ў міліцыі і раскажаш, каго ты наняла. А якое ў цябе жыццё пачнецца пасля гэтага — табе лепш ведаць.

— Не наймала я нікога! — адчайна ўскрыкнула Надзея, і панікла, са слязамі ў голасе дадала: — Мяне ж заб'юць. Ты смерці маёй жадаеш?

— А па мне лепш мёртвай дачку аплакаць, чым жывую.

— З якім бы задавальненнем я… — выціснуў праз зубы Іван, нахіліўся яшчэ больш да бацькі.

— Што? Забіў бы мяне? Рукі кароткія! — рагатнуў Сямён, ані не выказаўшы непакою.

— Хопіць рук!

Іван рэзка кінуўся праз стол, схапіў рукамі бацьку за горла.

5

Лена тут жа схапілася ззаду за пінжак Івана:

— Ванька, Ванечка, не трэба!

На дапамогу Лене кінулася і Надзея, з бабскім надрыўным лямантам:

— Ванечка! Ванечка! Пакінь ты яго, не бяры грэх на душу!

Іван адпусціў рукі, яго пасадзілі. Сямён пацёр шыю, нічуць не здзівіўшыся нападам на яго, ён і бараніцца не спрабаваў, загаварыў адно з лёгкім здзіўленнем:

— Ты глядзі! А задушыў бы! Э, недаацаніў я цябе… Бач ты які!

— Я адгэтуль цяпер з'еду, калі цябе ў зямлю закапаюць, сказаў Іван, падкрэсліваючы кожнае слова:

— Дык забі ды едзь! Чаго чакаць?

І тут Надзея раптам забожкала з падвываннем:

— Божа, ды што ж гэта такое? Божа, ды людзі вы ці хто? Вы ж родныя! А-а-а Божа ж мой…

Так, з падвываннем яна вылезла з-за стала, пайшла, калыхаючыся ў другую палову хаты. За ёй паднялася і пайшла Лена, гукнула за сабой Івана. Той таксама вылез з-за стала.

Сямён нібы не бачыў гэтага, пацягнуўся за бутэлькай. Наліў, выпіў, стаў ціха есці.

Надзея сядзела на старой канапе, апусціўшы галаву на калені. Плечы яе сутаргава ўздрыгвалі. Плакала яна моўчкі. Іван стаяў ля дзвярэй, нібыта каравуліў каго. Лена села на крэсле побач з Надзеяй, нясмела кранулася яе пляча.

Надзея ўзняла на яе заплаканы, чырвоны твар:

— Ды хіба ж так можна? …Ох, як з гэтымі торбамі па рынках пацягаешся, па цягніках, па вакзалах — чаго толькі не наслухаешся, чаго не перажывеш… Куды ад гэтай злосці дзецца, чым ад нянавісці прыкрыцца, за што ад зайздрасці схавацца, дзе зневажанне ператрываць? Адно ўсяму месца — сям'я. На крылах дахаты ляціш, а зойдзеш — калені падгінаюцца… Нешта не то ў мяне… Муж папівае добра, ды і гуляць на боку стаў, чую. Дочкі грубіяняць, насы на парозе вернуць, кажуць: смярдзіць ад цябе… Усіх у мяне з імі гутарак: як справы, ды дай грошай. З бацькам і то яны больш размаўляюць. Чужая я ў сям'і стала. А чаму? Я ж сябе не шкадую, усё ім цягну: і ежу, і адзежу. Прымаць сталі, як належнае. І забылі, як некалі абарванымі хадзілі, забылі, як бульба вараная была на абед і смажаная на вячэру. Бядней жылі, ды неяк дружней. Там няма мне супакою, і тут вайна. Ой, а хіба ж хацелася, каб так выйшла? Хіба ж так бачылася? Вось прыехала б з дзецьмі ды з мужам, братоў ды ятровак сустрэла, дзеда з бабай гасцінцамі ды ўнукамі папесцілі б. Лазню б напалілі, стол у саду накрылі. Сядзелі б за вялікім сталом — усе-усе. І ўспаміналі самае добрае. Смешнае. Каб весела было, радасна… Ёсць жа ў кагосьці такое?

— Не ведаю, — ціха адказала Лена. — Думаю, што калі ўсё максімальна па праўдзе, то такога не будзе. У кожнага чалавека сваё бачанне, нехта крыўдлівы больш, нехта больш амбіцыйны, нехта славалюбівей.

— Я веру — у некага ёсць, — пераканана адказала Надзея. — Ёсць такая сям'я. Там дзеці між сабою сябруюць, маці і бацьку паважаюць. Там любоў ёсць, паміж усімі любоў. Там рады адзін аднаму проста таму, што рады, што хочацца ім родныя твары бачыць. Эх, сустрэць бы такую сям'ю! Я б спытала ў іх — як? Як жыць, каб жыццё ў радасць было? Ты ведаеш, як?

— Не, я не ведаю… — разгубілася Лена, і асцярожна спытала: — Скажыце, а з Насцяй… Гэта праўда?

— Праўда… Я потым даведалася. Дачка ў яе ёсць. Муж яе забраў, як развяліся. Яна праз суд яе запатрабавала, калі… Словам, калі ад алкагалізму вылечылася. На адвакатаў моцна патрацілася. У мяне заняла, хацела зарабіць адразу многа, ды тавар не пайшоў, прагарэла… Зноў у некага грошы заняла, ды на мытні яе затрымалі — левы тавар. Ну, ад усіх хавацца стала, запіла зноў. Я яе вылавіла, кажу: кінь піць, паехалі са мной, станеш на рэалізацыю, патроху ўсё наладзіцца… Яна адно на бутэльку пазычыла і пайшла. А тут да мяне адзін на рынку падышоў. Чуў, гаворыць, вашу гутарку. Давайце разам. Яна, аказваецца, і яму павінна была суму куды большую, і яшчэ некаму. Я і пагадзілася. Адно сказала, хатні адрас яе ды адрас маці. Думала, прыстрашаць яе — пачне думаць галавой, а не гарэлкай.

— Хай бы прадала яна сваю кватэру і разлічылася. Чаго ж хавацца?

— Маці яна таму што, — уздыхнула Надзея. — Дачцэ кватэра будзе. А так… Яны што жадаеш, падпісаць прымусяць. Паяльнік вось усунуць… ды ўключаць. Усё падпішаш, калі пачнеш знутры смажыцца… І саму б у рабства прадалі. За даўгі ў нас папросту прадаюць. І не шукае ніхто. Села ў цягнік, а не сышла. Ужо не адна так прапала… У Бога мне за Насцю даравання доўга вымольваць.

— А дачка Насціна з бацькам жыве? — спытала, абы каб нешта спытаць, Лена.

— У бабулі дачка Насціна. У гэтай вёсцы. Бацька яе ажаніўся праз два месяцы пасля Насцінай смерці. А падчарка яго новай жонцы не спадабалася. Я бабу навучыла, каб не пусціла свалату тую ў кватэру Насціну. Ну, цяпер во кватэру здала, грошы дачцэ Насцінай на рахунак кладу. Яшчэ ад сваіх заробкаў дабаўляю штомесяц. Апранаю… Што ёй тут баба купіць добрае. Разумная дзяўчынка расце. І быццам разумее, чаго я так аб ёй пякуся…

— Вазьміце бацьку да сабе, — нечакана прапанавала Лена.

— Ох, і дурнічка ж ты яшчэ! — Надзея ўсхліпнула. — Куды ж яго вазьму?!

— Ён вам родны бацька, яго кроў у вас цячэ, — працягнула Лена. — А ў вас да яго жалю ніякага. Ён хутка стане хворым і нямоглым…

— Цьфу на цябе, дурнічку… У каханні ты мо і разумееш што, а вось нянавісці вучыцца трэба. Кроў родная… Дурасць. Маці мяне хоць народзіць, грудзьмі выгадуе. А гэты… Любіць мне яго за тое, што з маёй маці за дзевяць месяцаў да майго нараджэння спаў? У маёй кватэры два пакоі, дзеўкі дарослыя амаль. А я яго характар ведаю… У мяне ж там пекла сапраўднае будзе…

— Бацька там ваш адзін застаўся… — змяніла тэму Лена.

— Ды ціха ж… Але, не сядзець жа тут вечна, — паднялася Надзея з канапы. — Пайшлі…

У пакой яны зайшлі адначасова з Клімам, які вярнуўся са двара. Клім упэўнена прайшоў за стол, сеў на сваё месца, загаварыў роўна:

— Я тут, бацька, падумаў, у мяне нядрэнная думка, мне здаецца, ёсць. Хату ты прадаў, машыну прадаў — справа твая. Я хачу табе і ўсім прапанаваць такі варыянт: прыязджай жыць на маё лецішча. Хата там вялікая, выгоды ёсць, праўда палова з іх у двары, але вада, газ…

— З ваўкамі ў лесе жыць, тваё дабро вартаваць? — прыжмурыўся Сямён.

— Зусім не — круглы год там шмат людзей жыве старэчага ўзросту, — запярэчыў Клім. — Спакайней, чым у горадзе, вось і з'язджаюць. А мы ўсе разам ноймем табе туды каго ў абслугоўванне. Я не думаю, што табе ў гарадской кватэры будзе лепш.

— Добра гаворыш, добра… — Сямён падпёр шчаку кулаком, прыжмурыўся.

— Ну, вось, давайце вып'ем ды забудзем на ўсе калатнечы. Бо свае ж мы людзі ўрэшце! — прыкметна ўзрадаваўся Клім

— Выкруціўся, брацік! — з'едліва зазначыў Іван, але ніхто не звярнуў, ці пастараўся не звярнуць увагі на яго словы.

Сямён адхіліў працягнуты яму Клімам наліты кілішак.

— Пачакай, пачакай, потым піць будзем. Я хачу паслухаць, што там Надзька вырашыла…

— Прыязджай ды жыві, — стомлена і абыякава махнула рукой Надзея. — Адно толькі, каб па сумленнаму: па паўгода ў кожнага. Або як Клім вось гаворыць. Можа так і лепей за ўсё будзе. Складземся разам ды ноймем каго, каб штодзень наглядала…

— Дзякуй, дзякуй, дачушка, па сэрцы мне твае словы. Ну, а ты, малодшы, чым пацешыш?

— У багадзельню ідзі. Там табе месца, — як адсек Іван.

— Гэта здаровага бацьку, пры жывых дзецях — у прытулак?

— Не хвалюйся, возьмуць, — з той жа злосцю працягнуў Іван. — А не, ды я з цябе за паўгадзіны дурня зраблю. Прыдушу вось падушкай, а потым ажыўлю. Факт правераны — нармальным не будзеш. Возьмуць у любую псіхушку.

— А ты зможаш… — задумаўся Сямён. — І рука не здрыганецца. Так, дзеткі, зараз, значыць, я гаварыць буду. Вы вось усе падабрэлі, хіба што Іван казырыцца. Ну, малодшыя заўсёды капрызныя… Што ты, нявестачка, мне сказаць жадала? — Сямён улавіў рух Лены.

— Я слухала, я сёе-тое пачала разумець. — Лена нацягнута стала каля стала і гаварыла роўна і ўпэўнена. — У мяне ёсць самы просты выхад з гэтай сітуацыі. Калі ўзнікае шмат праблем і адразу, трэба знайсці галоўную прычыну іх. І рашыць яе. Тут у кожнага праблема паўстала свая, але народжаная яна адным. Вашым, Сямён Карпавіч, рашэннем жыць у дзяцей. Трэба зрабіць так, каб рашэнне не было магчымасці выканаць.

— Чакай, чакай, кажаш задужа разумна, мне не зразумець, — нават лагодна ўсміхнуўся Лене Сямён. — Ад чаго тут што залежыць? Прасцей скажы.

— Проста? Вас трэба забіць.

6

Надзея коратка войкнула, заціснула рот рукой. Клім адкінуўся назад, вытарашчыўшы вочы. І толькі Іван спакойна калупаў відэльцам у талерцы.

Сямён неадрыўна глядзеў на Лену, уважліва, як вывучаў яе твар, потым устаў з-за стала:

— А ведаеш, Ванька, ведаеш, нявестачка, і на вас жа ўправа ёсць, — ён павярнуўся да расчыненага акна, што выходзіла ў сад, і крыкнуў:

— Грыня, заходзь ў хату!

Праз хвіліну ў дзверы асцярожна, з вінаватым выглядам зайшоў мужычок невядомага ўзросту, выскаліўся ва ўсмешцы.

— Вечар добры ў хату.

— Усё чуў? — строга спытаў Сямён.

— Дык, не глухі, чуў…

— Што Іван мне гаварыў? Што гэтая дзеўка прапаноўвала?

— Так чаго тут паўтараць? — затаптаўся Грыня. — Ну, забіць, значыць, каб…

— Вось і добра, — пляснуў яго па плячу Сямён. — Усё запомніў добра, трэба будзе — скажаш, каму трэба. На, вось, гарэлачкі заморскай выпі.

Сямён наліў гарэлку ў шклянку, працягнуў Грыню. Той выпіў прагна, пусціўшы з куткоў рота бягучыя струменьчыкі

— Дзякуй за пачастунак, — ужо адважней загаварыў Грыня. — А на памяць не скарджуся. Слова не вылеціць, як у тым магнітафоне.

Ён выйшаў, і ў хаце павісла пахавальная цішыня.

— Ты яго шпіёніць за намі паставіў? — выціснуў з сябе Іван.

— За табой толькі, за табой. — Сямён сеў за стол. — І калі што здарыцца… — Сямён пачаў гаварыць з пагрозай: — Хоць валасінка з маёй галавы не па маёй волі зваліцца — ты адкажаш. Так што маліся зараз Богу, каб здароўе ў мяне дужае было, і няшчасця якога не здарылася. А не — дык сядзець табе ў турме за забойства бацькі.

Іван сціснуў у руцэ кілішак з такой сілай, што той лопнуў.

— Ой, Іванка, парэжашся! — ускінулася Надзея.

— Хопіць, хопіць кіпяціцца, — устаў і рашуча загаварыў Клім. — Калі здарылася так, нічога не вярнуць. На тым і вырашым, што я прапаноўваў.

Сямён раптам сам устаў з-за стала.

— Ты сядзь, — рэзка загадаў ён Кліму, і той ад нечаканасці паслухмяна сеў. — Мяне тут забіць прапаноўвалі… Раз астатнія маўчалі і цяпер маўчаць, стала быць, амаль згодны. Так, пытаю? — выгукнуў ён рэзка, памаўчаў затоена, працягнуў: — Мяне забіць? Вы каго забіць жадаеце? Думаеце, бацьку нялюбага? Думаеце, нейкую праблему, пра якую гэтая смаркачка напляла, у зямлю закапаеце? Не-е-е. Вы сумленне сваё забіць жадаеце, у труну пакласці. Не бацька я вам — я сумленне ваша. Я — цёмны бок вашай душы. Той чорны бок, якога вам самім кранацца не хочацца. Страшна. Той бок, на які б вы забыцца хацелі, у сон яго ператварыць. Бо калі я ў зямлю — і хто яшчэ Кліма папракне, што ён злодзей? Хто Надзьцы скажа, што яна амаль забойца? Хто Ваньку засароміць, што ён баязлівец? Сядзі, — махнуў ён у бок Івана, які ўмомант напяўся. — Забіць бы ты мяне забіў, ды і з-за баязлівасці забіваюць. Забіў бы, ды нікому б не сказаў — завошта? Ты — баязлівец! Вось вы сабраліся, на смерць мяне аддаць гатовыя. Ды якое ж права вы маеце судзіць мяне? Хто без граху, хай кіне ў мяне камень — ёсць такое ў Пісанні. Мо яна кіне? — каравы палец Сямёна накіраваўся на Лену. — Дык яна ў пятнаццаць гадоў аборт зрабіла! Цыц! — спыніў ён зноў гатовага ўскочыць Івана. — Я ўсё ведаю… Судзіць мяне… Бач, хлебам мяне папракаеце, азадкамі адхлістанымі… А вы самі на што здольныя? Ты, Клім, дзеля свайго дабрабыту, нялюбую ў жонкі ўзяў, лепшы сябар у магілу з-за цябе пайшоў. Надзька на ўсіх людзей праз дзірку ў кашальку глядзіць, дзеля грошай і сорам, і зневажэнне трывае, з дзеўкі-прыгажуні ў брудную бабу ператварылася. Іван у баязлівасці жыве, і сёння пабаяўся сказаць, што яму ў святліцу зайсці трэба, каб перад партрэтам маці пастаяць. Ды не толькі ў гэтым прызнацца баіцца. І жыве. І сорамна яму, што баязлівец. Чым больш сорамна — тым больш баіцца, чым больш баіцца, тым больш сораму. А ў высакароднага гуляе. “З лесвіцы спушчу!” З лесвіцы мяне, старога, любы спусціць! І забіць можа кожны. І вы можаце. Вось ён я! — Сямён апантана ірвануў каўнер сваёй кашулі. — Біце! Закапаеце заўтра, раз'едзецеся — і ўсе справы. Але не выйдзе. Заб'яце — мёртвы я вам супакою не дам. Таму як грэх на грэх — два грахі. Крыж я ваш да апошняга дня вашага — вам яго несці.

Сямён скончыў ціха, нават сумна і цяжка сеў.

Цішыню парушыў Іван:

— Дзякуй, вочы мне адкрыў. Так, я баязлівец. Колькі часу я ў сабе гэтую страшную таямніцу нашу, зжыўся з ёй, як… Часткай маёй яна стала.

— А ты падзяліся, падзяліся часткай сваёй! А потым адкажы — чаго дзеля чапляўся за яе? — падахвоціў яго Сямён, нібы наперад ведаючы, аб чым будзе гаварыць яго сын. — Я табе падкажу — шкадаваў ты сам сябе. Пакутаваў і любіў сябе за свае пакуты. Ах, я штосьці ведаю, страшнае ведаю, але такі я добры, такі добры, што нікому не скажу, адзін пакутаваць буду. Шкадуйце мяне!

— Скажу… — не зусім упэўнена пачаў Іван, потым голас яго пасмялеў: — Паслухайце, ты брат, і ты сястра. Маці тады не спатыкнулася. Бацька… Ён быў тады дома. У яе парвалася сукенка, агалілася нага. Ён ашалеў, як убачыў. І стукнуў нагой па лесвіцы… Лесвіца калыхнулася, прыступка трэснула…

Усё маўчалі.

— Што ж вы… маўчыце? Ён — забойца! — разгублена закрычаў Іван.

— Ведала я гэта, Іван, — ціха загаварыла Надзея. — Пасля пахаванняў бацька ўсё расказаў. І Клім ведае.

– І вы маўчалі?!

— Па твайму, трэба было бацьку ў турму? — спытаў Клім і сам адказаў: — А завошта? Ён што, жадаў яе забіваць? Маці ў зямлі, а бацьку — у турму… А мы потым куды? Па дзіцячых дамах?

— Словамі вінаваць, душой апраўданне шукай, — падтрымала Кліма Надзея. — І так усё наперакасяк, чаго самім сябе ў труну заганяць? І потым: бацька што — хацеў? Ці ён тую прыступку зламаў? Кліма вучыць трэба было… Цябе вось на ногі ставіць. Адна я змагла б?

— Вось вырас Клім — вучоны! — выгукнуў Іван адчайна. — Навучыўся красці!

— Вырас… вучоны… — Клім пацягнуўся было да гарэлкі, але піць не стаў, узняўся за сталом. — Ты, тата, і на самой справе той самы чорны бок. Толькі не бывае нічога чорнага, у чым не было б белага, гэта я табе ўжо як вучоны кажу. Многа ты ведаеш, ды не ўсё. Украў я ідэю — няхай так! Па вялікаму рахунку — украў. А што яна — ідэя? Нуль. Пустое месца. Гук у паветры. Колькі яшчэ начэй я на яе патраціў, пакуль яна з голай дзеўкі царэўнай стала? А Сяргей без мяне па начах спіўся. Усё закінуў, ніякіх разлікаў не рабіў. Усе пражэкты будаваў: што ды як атрымаецца, як ён праславіцца, як прэмію атрымліваць будзе. А трэба было сядзець, лічыць, лічыць і лічыць да пацямнення ў вачах. Ён паклікаў мяне ў сааўтары, я пагадзіўся. І ўсе гэтыя чортавы разлікі рабіў. Дзень за днём, месяц за месяцам. Паўгода амаль. Ён прыязджаў, правяраў іх з большага, потым даставаў бутэльку… Так, я патэлефанаваў тады той дзяўчыне. Каб прыбраўся ён, п'яны, з пакоя. Не мог я яго бачыць такога: самаўлюбёнага генія, паблажліва пахлопваючага мяне па плячы: лічы Клімыч, лічы. Ён зваў мяне толькі так — Клімыч… Я ў яго чорнарабочы быў. Але не было ў мяне думкі той, што можа ён разбіцца. Не было! І не жадаў я яго смерці… І, не хацелася мне тут апраўдвацца, але ведалі ў акадэміі, чыя ідэя, хто якую ролю выконваў. Дарэчы, прэмію за работу цалкам маці Сяргея атрымала…

— Апраўдаўся, брацік! — з адчаем і нянавісцю выгукнуў Іван. — Дык ты святы! І што ажаніўся на жанчыне, цябе старэйшай, дзеля прапіскі сталічнай — святая справа!

Клім горка ўсміхнуўся.

— Дай Бог так другім жыць, як мы з Зояй жывем. Хай і тое праўда, што жаніліся мы па дамове: я каб прапіску атрымаць, яна — грошы. Ды бачыш — не разводзімся. І ў маёй кватэры новай разам цяпер жывем. Не прыгажуня яна, і за мяне старэйшая. А дзіця мы чакаем. Нашае дзіця. Зоя шчаслівая, што дзіця нарэшце народзіць. І я шчаслівы, што яно будзе…

— Зусім анёл! — пляснуў у далоні Іван. — Крыльцы намалюй сабе!

Клім нічога не адказаў, моўчкі выйшаў з-за стала, памацаў па кішэнях, выцягнуў цыгарэты і адышоў да адчыненага ў сад акна. Там закурыў.

— Трэба, пэўна, чайнік паставіць, — нечакана будзённа прагаварыла Надзея. — Схадзі, Леначка, там газпліта ў сенцах і чайнік на ёй. Кавы мо хто пап’е.

Лена паслухмяна ўстала з-за стала, пайшла, але прыпынілася на парозе пры першых словах Івана.

Ён загаварыў напачатку разгублена, потым закрычаў:

— Я не разумею… Я не разумею! Як жа вы так можаце! Каву зараз распіваць будзем? Ён забіў маці, ён гатовы зараз растаптаць нашы жыцці, зрабіць невыносным наша існаванне, а вы… Вы — спакойныя!

Яму ніхто не адказаў, і ён закрычаў далей, ужо са слязьмі ў голасе:

— Думаеце, я вас зразумею? Не жадаю. Разумець не жадаю, бо зразумець — напалову прабачыць. Прабачаць не жадаю. Ні цябе, — тыцнуў ён пальцам у Сямёна. — Ні цябе, Клім. Ні цябе, Надзька. Не прабачу вам за маці. Вы яе прадалі. Вы бацьку баіцеся. Вы баіцеся, што спакой ваш парушыцца, што нехта яшчэ даведаецца пра вашы цёмныя справы.

— Што ты вярзеш? Якія цёмныя справы? — з жалем сказаў ад акна Клім.

— Тыя самыя! Ты — злодзей! Бацька — забойца. Надзька ў смерці сяброўкі вінаватая!

— Ого! Разышоўся… — паблажліва загаварыў Клім. — А хто ты такі, каб усіх судзіць? Не цісне на лоб німб святога? Не? Тады чаго пра Лену сваю забыўся? Праслухаў, што там бацька казаў? Ці не верыш?

— Лена? — спатыкнуўся Іван, разгублена паглядзеў на дзяўчыну, быццам толькі што яе ўбачыў. — Што, ты праўда, рабіла аборт?

Лена сціснулася ля вушака дзвярэй, ціха адказала:

— Паспытала першы раз віна. Ажно дзве шклянкі выпіла… Нічога не памятала… Вось і скарыстаў суседскі хлопец момант. З ім пілі…

— Ты… Ты… — Іван не мог знайсці патрэбнае слова. — Чаму ты маўчала? Чаму не сказала мне?! — закончыў ён адчайным крыкам.

Лена паглядзела на яго ўмольна:

— Але ад таго, ведаеш ты ці не, я ж не раблюся іншай! Я такая, як была да гэтага вечара, гэтых слоў, такая і пасля іх!

— Не, ты не такая… — Іван адмоўна пакруціў галавой. — Ты — ілгала мне. Ты хавала ад мяне праўду!

Лена нечакана ўспыхнула, быццам адважылася на нейкі адчайны крок.

– Ідзі ты к чорту! Ты ў мяне пытаўся пра аборт? Ты пытаўся, дзе і пры якіх абставінах я страціла цноту? Я сказала табе, што было ў мяне ўжо з мужчынам, хоць ты і гэтага не пытаў.

— Але ты павінна… Ты павінна была мне ўсё расказаць! Мы ж збіраліся разам жыць! Нельга жыць, нешта бруднае хаваючы адзін ад другога! — упэўнена казаў Іван, а па шчацэ яго пакацілася адзінокая бліскучая кропля. — Нельга! Ты ілгала мне…

— Ну, ты ўжо зусім! — выгукнуў Клім. — Хочаш ведаць — дык спытай. Чаго яна павінна расказваць табе пра свае дзявочыя праблемы і болі, што даўно забыліся? Каб ты іх калупаў пры зручным выпадку? Мая Зоя з мужчынам год жыла, дык мне ёй допыты наладзіць па кожнай ночы: як было і ці са мной лепш ці з тым?

— Я ў цябе не пытаю! Ты як хочаш жыві, а я буду жыць…

— А ты будзеш жыць праведнікам! — перабіў Клім Івана. — Глядзі, не здужаеш. Не такі лёгкі гэты шлях.

— Я здужаю, — адказаў Іван, з пагардай гледзячы на Кліма. — І вы мяне ў свой бруд не запэцкаеце.

— Цьфу, дурань, — сплюнуў у кут ля печы Клім, дастаў яшчэ адну цыгарэту. — Хто цябе ў што пэцкае?

— Ванька, Ванька, супакойся, — стала ўшчуваць Надзея. — Ну не трэба ж так…

— А ты мяне не вучы! — агрызнуўся Іван. — На тваёй душы — смерць Насці.

Надзея захлюпала носам, паднесла да вачэй насоўку, якую ўжо пастаянна трымала ў руцэ.

Нечакана ад дзвярэй загаварыла Лена. Ціха, але так жа роўна, як і прапаноўвала забіць Сямёна:

— Ваня, а цябе ж сястра ад 13 год глядзела. За маці табе была…

— Ніхто мне маму не заменіць! І нішто вашы душы чорныя не адмые, хоць вы цяпер такімі добранькімі выглядаць хочаце.

– І маю нішто не адмые? І мая душа… чорная? — гэтак жа спакойна спытала Лена.

— Чорная! Ад ілжывасці!

Лена павярнулася, выйшла ў сені. У поўнай цішыні было чутна, як чыркнула запалка, зашыпеў газ, а потым успыхнула полымя.

— Хутка закіпіць, — вярнулася Лена з сянец, прайшла і спакойна села за стол.

Іван нейкі час засяроджана глядзеў у цэнтр стала, потым высока ўзняў галаву і загаварыў надрыўна:

— Нельга такое прабачаць. Не прабачу. І вы яшчэ ўспомніце. З гэтага моманту няма ў мяне больш бацькі, няма брата, няма сёстры, няма нявесты. Запомніце гэта.

— Ну, пакутуй далей, — быццам абыякава зазначыў Клім. — Расстаўся ты з адным болем, знайшоў другі…

Надзея заплакала:

— Божа, ды што жа гэта такое…

Іван, цвёрда ступаючы кароткі адрэзак — ад кута пакоя да дзвярэй — выйшаў у сенцы, потым на двор, прайшоў праз акно. Ішоў, гледзячы толькі прама перад сабой.

Лена стаяла хвіліну ў нерухомасці, закусіўшы вусны, потым схапіла ля стала сваю сумку і кінулася з хаты.

7

Клім усё гэтак жа паліў у акна. Адну цыгарэту за другой. Надзея безуважна сядзела за сталом, падпёршы галаву рукой, ледзьве прыкметна калыхалася.

— Вось, значыць, было ў мяне два сына, а стаў адзін… — загаварыў Сямён.

Ніхто не адклікаўся.

— Так-а… — працягнуў Сямён. — Ну, ён сваю долю атрымаў ужо…

— Ты пра што, бацька? — не паварочваючыся, спытаў Клім.

— Пра долю спадчыны гавару, — адказаў Сямён.

Ён цяжка ўстаў з-за стала, прайшоў у святліцу, вярнуўся праз хвіліну.

— Вось яна, спадчына, — Сямён згроб шырокім махам рукі з боку стала талеркі, відэльцы, паклаў акуратна дзве нятоўстыя пачкі даляраў. — А гэта — вашы долі: твая доля, Клім, твая, Надзька.

Надзея доўга глядзела на грошы, асцярожна кранулася аднаго пачка, быццам баючыся абпаліць руку:

— Гэта за хату?

— Ну, за хату, за машыну, са сваёй пенсіі сабралася, — ахвотна адказаў Сямён.

— А Ваньцы?

— Што ты за яго перажываеш? — падышоў да стала Клім. — Ён жа ясна сказаў, што ні бацькі, ні сястры, ні брата ў яго з гэтага часу няма.

— Дурны ён, — уздыхнула Надзея.

— У яго ўзросце гавораць не аб дурасці, а аб інфантыльнасці. Яго прывучылі да жалю — шкадавалі і шкадавалі. Калі перасталі шкадаваць — ён вырашыў гэта рабіць сам. Надзеў на сябе вянок пакутніка і паспрабуй, знімі…

— Гэта я вінаватая — трэба было раней яму аб усім расказаць, — заспрачалася Надзея. — Думала, забыў ён ужо ўсё.

— Ну, вы сабе спрачайцеся, а вырашаць мне, — зазначыў Сямён. — Усім пароўну. А Ваньцы… Я грошы паклаў на рахунак яго крэдыту, што ён на кватэру браў. Усё, стала быць, няма сэнсу спрачацца. Бярыце грошы. І маці помнік сёння пастаўлены. Вось…

Клім нехаця ўзяў грошы са стала, трымаў у руках.

— Навошта ж было вось так? Камедыю ламаць? — папракнуў ён бацьку.

— Трэба, значыць, — упарта адказаў Сямён. — Табе не зразумець… Не так часта вы ў сярэдзіну самі сабе зазіраеце. Каб памяталі.

— Што памяталі?

— Што не святыя.

— А я і не забываўся.

— Ведаеш, бацька, — задуменна загаварыла Надзея, — а гэта ж першы раз ты дзецям грошы проста так даеш… І ўнукам ніколі не даваў. Гасцінцаў не дарыў…

— Што, каб добрым дзедам за падарункі лічылі? Ці добрым бацькам, што грошы дае? — выскаліўся Сямён. — Такога бацьку ўсякі палюбіць, да такога дзеда ўнукі — уга — прыляцяць! А як няма грошай? То і на халеру такі стары, праўда? Э-эх… Не хачу любоў купляць. Ні дзяцей, ні ўнукаў. Што меў — усё адразу аддаю. Больш не пытайце.

Надзея моўчкі згарнула грошы ў скрутак і звыкла саўганула яго за пазуху.

Раптам стала ясна, што ў іх сустрэчы пастаўленая апошняя кропка. Цяжкая цішыня вісела так доўга, што стала амаль фізічна адчувальная.

— Усё, значыць, — ціха прагаварыў Сямен. — Работы ля дома няма, едзьце сабе.

— Я начаваць не застануся, — адказаў Клім. — Заўтра вар'яцкі дзень, трэба збірацца ў дарогу. І Зоя хвалюецца. Пакуль даеду…

— Мо, возьмеш мяне з сабою? — нерашуча папыталася Надзея.

— Баулы гэта твае? Ты ж гандляваць ехала? — здзівіўся Клім.

— Ды будзь ён пракляты, гандаль гэты, — Надзея паднялася, азірнулася на сядзеўшага моўчкі за сталом Сямёна. — Баця, ты калі да мяне прыедзеш? Заўтра, пазаўтра? Ці нам з Клімам лецішча яго прыгатаваць адразу?

— Можа і так… Можа і так, — ціха прагаварыў Сямён, ачуўшыся ад сваіх думак. Прыеду. Хутка…

— То патэлефануеш. Са стала прыбраць?

— Не трэба. Я яшчэ пасяджу, — спыніў Сямён Надзею, якая ўзялася было збіраць посуд.

Надзея падхапіла адзін баул, другі ўзяў Клім. Яны прайшлі да парога, спыніліся.

— Да пабачэння, — нягучна развітаўся Клім.

— Спакойна начаваць, баця, — пажадала Надзея.

— Едзьце, — прамовіў Сямён, не паварочваючы галавы.

На вуліцы завуркатаў матор, потым стала ціха-ціха, і гарэлка, ліючыся з бутэлькі ў шклянку, булькала гучна, запрашальна.

На гэта булькатанне ціха адчынілася дзверы, і гэтак жа асцярожна, як і раней, зайшоў у пакой Грыня.

— Гэта… Як бы гэта, трошкі дадаць, а, Сямён Карпавіч?

— Праходзь, садзіся, — не азіраючыся, запрасіў Сямён, паставіў на бок стала напоўненую гарэлкай шклянку, паказваючы Грыню яго месца.

Той шмыгнуў за стол, хутка адпіў паўшклянкі, агледзеў талеркі, нясмела пацягнуўся за закускай.

— Бяры, даставай, — Сямён падсунуў да яго талерку з каўбасой і вяндлінай. — Вось і жыццё прайшло… — загаварыў ён сам сабе. — Трэба ж, здавалася — вон колькі гадоў наперадзе. І як яны хутка праляцелі. А што зрабіў? Хату вось пабудаваў, ды не ўнукі родныя ў ёй гуляцца будуць. Чужыя людзі. Не прадай — перасварацца. Лепш самому дзяліць. Калі бацька дзеліць — заўсёды справядліва. Галоўнае — пароўну. Усім — пароўну…

Ён падняў галаву дагары, доўга глядзеў на ўбіты ў бэльку крук.

— Бач, трывала сядзіць. Колькі гадоў сядзіць? На другі дзень, як Надзька нарадзілася, ты, Грыня, калыску прынёс і крук гэты ўбіў. Маці печ паліць і Надзьку калыша…

— А? — праглынуў Грыня, ўтаропіўся на бэльку. — Вы гэта пра што, Сямён Карпавіч?

— Ды пра жыццё, — незразумела адказаў Сямён. — Дзеля чаго трэба было жылы цягнуць з сябе? З жонкі? З дзяцей? Эх, жыццё, што ж ты не падказала, як цябе пражыць? Пражыў вось, быццам і не жыў. Навошта жыў, навошта дзяцей хвастаў, навошта грошы збіраў? На вяроўку ці шмат трэба было? А і за гэта зганяць… Дурныя людзі: чаго ім да чужых жыццяў? Нельга, гавораць, жывым у магілу класціся. Пакутуй — а жыві. Няма сэнсу — а жыві! Дзеля чаго? Навошта, я вось цябе пытаю? — звярнуўся ён да Грыні, не стаў чакаць адказу, адказаў сам: — А каб ім, здаровым, жыццё труціць. Каб не забываліся, што будуць самі старымі і хворымі. І не столькі табе гэтыя пакуты, колькі ім. Так?

— Ага, — адгукнуўся Грыня, які пачуваў сябе смялей пасля выпітага. — От, Сямён Карпавіч, Антон Мішчын доўга паміраў. Ногі адняліся, адна рука ледзь варушылася. То што дзеці? Кожную раніцу прыходзілі і заглядвалі: а можа ж ужо памёр? От як…

— Ты ідзі! — нечакана ўладна загадаў Сямён Грыню. — Выпі яшчэ вось, ідзі і забудзь усё, што я табе раней гаварыў, і што ты сёння чуў! Чуеш, забудзь!

Грыня паспешна наліў сабе сам, хутка выпіў, схапіў у руку кавалачак хлеба, вяндліны і выслізнуў з-за стала, асцярожна, нібы шкляныя, зачыніў за сабою дзверы.

Сямён сядзеў нерухома хвілін колькі. Потым выйшаў у сенцы, вярнуўся з новенькай вяроўкай. Сарваў абрус са стала, паляцеў на падлогу посуд, закускі, бутэлькі. Сямён спакойна сеў на канапу і пазіраючы на бэльку і крук у ёй, стаў няспешна вязаць пятлю.

8

Выехалі на шашу, і Надзея кранула Кліма за руку:

— Глядзі, вунь Ванька стаіць з Ленкай сваёй. Прытармазі…

— Там яшчэ жанчына з імі… — Клім прыцішыў ход.

— То фельчарка наша, — пазнала Надзея жанчыну, якая стаяла побач з Ванькам і нешта яму расказвала.

Клім прыпыніў машыну насупраць стаяўшых. Ванька нават не глянуў на аўтамабіль. А Лена спуджана нахілілася да адчыненага акна і выгукнула ў твар Надзеі:

— У вашага бацькі рак!

— Што-о-о? — Надзея хутка адчыніла дзверы, выйшла з машыны. — Дзень добры, Ягораўна, — павіталася з фельчаркай. — Гэта вы сказалі?

— Я, — вінавата кіўнула фельчарка. — Тыдзень таму абследаванне ў вёсцы рабілі. У Сямёна Карпавіча дзве вялізныя, з кулак, гулі пад пахамі. Рак лімфатычных залоз. І хутка прагрэсіруе…

— Яму сказалі?

— Сказалі… Ён і сам здагадаўся. У мінулым годзе ваш сусед памёр ад такой жа хваробы. Чарнобыль адгукаецца. Зона ж… — стала тлумачыць фельчарка. — Уколы раблю вось… Для падтрымкі…

Надзея хвіліну стаяла, маршчынячы лоб у нейкім цяжкім роздуме і раптам скаланулася, кінулася да аўтамабіля з роспачным крыкам:

— Клім! Разварочвай, Клім! Разварочвай!..

Загрузка...