На вуліцы абласнога горада сустрэліся два чалавекі. Сустрэліся шумліва і радасна, абдымаліся, пляскалі адзін аднаго па плячы, трэслі рукі. Адразу відаць было, што гэта добрыя сябры і што не бачыліся яны, магчыма, шмат год. Забыўшыся на ўсё вакольнае, яны стаялі пасярод тратуара, і ўсе з усмешкамі абміналі іх — людзей заўсёды радуюць праявы сапраўднай дружбы.

— Пачакай, дай я на цябе пагляджу. Як ты трапіў сюды, Анатоль? Знімі акуляры, а то я не прывык бачыць цябе ў акулярах. Ах, чорт!

Той, якога бадай што можна было б назваць тоўстым — чырвонатвары, загарэлы чалавек у палатнянай кепцы, у ботах і галіфэ, якія шчыльна абцягвалі па-кавалерыйску крывыя мускулістыя ногі, — адступіў на крок і з камічным здзіўленнем аглядаў сябра з ног да галавы.

— Інтэлігент да мазга касцей! Акуляры... Капялюш. Ану, знімі капялюш. Лысіны няма? Няма. Але будзе. Будзе, браце, па ўсім бачу. Куды знікла твая сялянская закваска, Анатоль? Адрываешся ад зямлі, дружа...

Анатоль, больш стрыманы ў выяўленні сваіх пачуццяў, неяк вінавата ўсміхаўся і моргаў блізарукімі вачамі, нібы прасіў прабачэння за свой выгляд. А выглядаў ён сапраўды тыповым гаражанінам: бледнатвары, старанна паголены, акуляры ў пазалочанай аправе, карычневы гарнітур быццам толькі што з-пад праса, а на жоўтых чаравіках — ніводнай пылінкі.

— Не, ты скажы, якім чынам ты апынуўся тут. Ты ж быў недзе ў Гродні. У камандзіроўку прыехаў?

— Не, працую.

— У нас? Дзе?

— У абласной пракуратуры. Дзе ж больш працаваць юрысту!

— Охо-хо! — рагатнуў яго тоўсты сябра. — А дзе я працую? Юрыст! I даўно ты ў нас?

— Месяцы два.

— Два месяцы! Ну, гэта хамства з твайго боку, далібог. Два месяцы — і ні гугу. Ты што ж, не ведаў, што я тут, побач?..

Анатоль адным пальцам тыкнуў у дужку акуляраў і зноў неяк вінавата заморгаў.

— Ведаў. Чаму не ведаў! Жыць у вобласці і не чуць пра Сцяпана Ластаўку — нельга. Ты высока ўзляцеў. Здалёк відзён і чуцён.

Сцяпан задаволена зарагатаў на ўсю вуліцу, быццам праехаў па бруку на каваным возе — ажно ўзняліся вераб’і, што скакалі па брудным праездзе. А людзі спыніліся і здзіўлена паглядзелі на яго.

— Высока ўзляцеў Ластаўка! Ха-ха! Ты па-ранейшаму афарызмамі сыплеш. Жартаўнік. Не, брат, яшчэ невысока, яшчэ толькі набіраю вышыню... разгон... Да патрэбнай вышыні яшчэ далёка, — ён аглянуўся навокал, як бы шукаючы нечага ці запамінаючы месца. — Аднак трэба ж нам адзначыць недзе нашу сустрэчу...

Анатоль пераклаў свой новенькі жоўты партфель з адной рукі ў другую, потым заціснуў яго пад паху, нібы раптам спалохаўся, што можа згубіць.



— Я не магу, Сцёпа. Давай пасля. Увечары ты будзеш у горадзе? Я мушу ісці яшчэ ў пракуратуру. Няёмка.

Але Ластаўка падчапіў яго пад руку і амаль сілком цягнуў за сабой цераз дарогу ў той бок, дзе віднелася шыльда «Кафэ-рэстаран».

— Хто табе сказаў, што няёмка? Абедаў чалавек — выпіў сто грамаў. Каму забаронена? А начальніка твайго я ведаю — ён сам не адным квасам праганяе смагу. Не, скажаш? Мне вось яшчэ ў абком ісці, да першага на прыём. I то я не баюся. Няхай нават заўважыць. Няхай не вытрымае — скажа. Ён гэта можа! Дзядзька гэты, я табе скажу, прасцецкі, але розуму — палата... Прыжмурыцца так, ведаеш, і з гумарком спытае: «Што, клюнулі, Сцяпан Карнеевіч?» I што думаеш — буду адмаўляць, хавацца? Не! Узяў, скажу, Ілья Фаміч, сто грамаў, друга сустрэў, разам вучыліся, на адным ложку спалі... Як не адзначыць такі выпадак! Думаеш, не зразумее? Зразумее... Магчыма, скажа агульнавядомую і старую, як свет, ісціну: «Што ж, выпіць, канешне, не грэх, галоўнае — розуму не прапіваць». А што я розуму ніколі не прап’ю — у гэтым ён упэўнены. Дык чаму мне баяцца?

— Табе — безумоўна... — усміхнуўся Анатоль з хітра схаванай іроніяй, ветліва прапускаючы ў дзвярах сябра наперад: — Калі ласка... Тваё становішча іншае... А я — чалавек маленькі...

Кафэ было пустое, і яны, як гэта заўсёды бывае, калі вольных месц многа, добрую хвіліну разважалі, дзе лепей прымасціцца. Селі каля адчыненага акна. На двары верасень ужо даволі шчодра пазалаціў дрэвы, і на тратуар, на брук лажыліся лісты з ліпаў і каштанаў. Было незвычайна цёпла, нават горача. Уласна кажучы, Сцяпан не столькі шукаў больш утульнага месца, колькі — чысцейшага абруса. Але і на тым століку, за які яны селі, абрус усё адно быў брудны — па плямах на ім можна было чытаць усё меню рэстарана.

Сцяпан зморшчыўся.

— Калі гэта прывыкнуць людзі да культуры! — ён паклікаў афіцыянтку і грубавата патрабаваў замяніць настольнік. Дзяўчына наважылася пярэчыць, але глянула на Анатоля, убачыла, як ён адным пальцам паправіў свае пазалочаныя акуляры, плюснуў вачамі і далікатна зняў са стала свой новенькі партфель, і адразу пабегла на кухню. Праз хвіліну на стале ляжаў беласнежны накрухмалены абрус.

Сцяпан разгладзіў далонямі складку на ім і задаволена сказаў:

— Аказваецца, усё маюць, чэрці, але прывыклі, што наведвальнік наш непатрабавальны, прывык жыць па формуле, як у Чэхава — помніш? — «лопай — што даюць».

Анатоль ледзь прыкметна ківаў галавой у знак згоды і ўсміхаўся аднымі вачамі з-пад акуляраў.

Зрабіўшы заказ, Сцяпан раптам вярнуўся да таго, што Анатоль сказаў у дзвярах:

— Чалавек ты не маленькі — не прыбядняйся. Справа іншая, што мы — больш на віду. Нас цяжка падабраць, каб гаспадары былі; ніякі інстытут не падрыхтуе добрых старшынь... Але калі ўжо натрапілі на гаспадара, то яго падтрымліваюць, яго ведаюць ажно ў ЦК, з ім лічацца. Вунь такі, як Арлоўскі, на ўсю краіну грыміць. Мы — сіла... Мы кормім народ...

Анатоль зноў усміхнуўся, зноў тыкнуў пальцам у дужку акуляраў і неяк нясмела заўважыў:

— Я асабіста заўсёды лічу, што народ корміць... цябе... мяне... усіх. І ты пісаў так.

— Ты мяне на слове не лаві. Вядома — народ... Хто гэта можа аспрэчваць? Любы прыхільнік культу асобы не адважыцца... Я проста не так сказаў... Добры старшыня калгаса, вядома, сіла, ад яго шмат што залежыць... Але галоўнае — народ, ён — тварэц свайго добрабыту. Я, брат, гэта вельмі добра разумею. Ты ж чытаў мой артыкул? Ведаеш, з чаго я пачаў у калгасе? Вось яно як!

Афіцыянтка прынесла заказаныя поўлітра гарэлкі і халодную закусь: кілбасу, селядца. Анатоль, як і пры заказе, зноў скрывіўся:

— Многа ты заказаў.

— Не палохайся, я меру ведаю. — Сцяпан наліў па першай чарцы. — Узялі!..

Анатоль падняў сваю чарку павольна, нават неяк урачыста і раптам загаварыў:

— Добра, давай... За народ... I за тое, каб мы, яго выхаванцы, яго служкі, ніколі не забывалі, што ён, народ, нас корміць і поіць.

У Сцяпана варухнулася брыво — ён здзівіўся такому красамоўству сябра: Анатолю, заўсёды такому ціхаму, сціпламу і дакладнаму, зусім не ўласціва была такая ўзнёсласць і паэтычнасць.

Анатоль выпіў сваю чарку, хутка закусіў селядцом і, пакуль Сцяпан быў заняты закускай, спяшаўся выказаць сваю думку:

— Прызнаюся, я спачатку здзівіўся, калі даведаўся, што ты і іншыя з вышэйшай адукацыяй пайшлі старшынямі... Мне здавалася, што гэта неразумна: рыхтаваць пятнаццаць-шаснаццаць год спецыяліста-юрыста, інжынера, і раптам — у калгас... А потым даведаўся, як ты працуеш, прачытаў твой артыкул і сказаў: правільна! Калі хочаш ведаць, то, можа, гэта і ёсць той подзвіг, пра які мы некалі гаварылі...

— А ты думаеш, мне лёгка было развітвацца з пасадай раённага пракурора? Я таксама думаў, як ты: вучыўся, атрымаў пасаду... А Клава як узбунтавалася: не паеду! Колькі слёз было! А цяпер — задаволена! Я і не думаў, што я — такі гаспадар! Сам дзіўлюся. Скажу табе шчыра: падабаецца мне быць такім гаспадаром... Кажуць, у каго эканоміка — у таго улада. Але не думай, што ўлада мне падабаецца. Не. — Сцяпан наліў па другой чарцы. — Па-чалавечаму прыемна, калі бачыш вынік сваёй працы не ў выглядзе папер, пратаколаў ці прамоў, а ў выглядзе засекаў са збожжам, бітонаў з малаком, капцоў з бульбай і рахунку ў банку...

Анатоль ціха і задаволена смяяўся і зноў першы ўзняў чарку.

— Вось за гэты хлеб, за малако і за рахунак з сямі лічбаў! — ён выпіў і, замест таго каб звыклым рухам паправіць акуляры, зняў іх зусім. Ад гэтага твар яго стаў маладзейшым і больш простым, магчыма, таму, што адкрыліся блізарукія, але добрыя ўлюбёна-ласкавыя вочы.— Ты — маланчына... Ты правільна пачаў... Адразу падумаў аб людзях... Галоўнае — клопат пра чалавека... Калі чалавек адчувае, што пра яго думаюць, што ўсё, што робіцца,— гэта для яго... дык ён горы пераверне... Здорава ў цябе сказана ў артыкуле!.. Смела... І прыклады якія! 3 хатамі, з агародамі... У нас не ўхмеюць так пісаць... Суха, казённа: «выканалі, перавыканалі, недавыканалі»...

— Але, брат, мне ўдалося знайсці гэтае галоўнае звяно. Магчыма, што дапамагла наша прафесія... А што ты думаеш? Нашай прафесіі бюракратызм — злейшы вораг... Пракурор не можа кіраваць агулам... Наша работа канкрэтная: лёс чалавека... Я кажу — наша... Твая работа!.. Мая цяпер інакшая... Мне цяпер трэба думаць аб лёсе двух тысяч чалавек...

Сцяпан засмяяўся і, чакаючы гарачай стравы (халодную закуску ён усю з’еў), узяў анатолевы акуляры, пільна агледзеў іх і, начапіўшы на свой мясісты пачырванелы нос, паглядзеў праз іх на вуліцу, дзе ішлі людзі і шумелі на ветры ліпы.

— Што гэта яна нам адбіўных не нясе? Вось што, Толя, тэарэтычныя размовы — убок. Давай пяройдзем да практыкі. Ты скажы мне: калі ты будзеш маім госцем? Ці думаеш хавацца па-ранейшаму?

— Буду... прыеду абавязкова. Мне цікава паглядзець...

— Толькі таму, што цікава паглядзець? Ну, ты — свіння, Толя. Ты помніш, як я, — Сцяпан нахіліўся над сталом і круціў у руцэ акуляры,— цябе любіў, я цябе лічыў найлепшым сябрам... I ты будзеш у нас самы дарагі госць. Мы з Клавай цябе часта ўспаміналі... I калі я скажу Клаве, што бачыў цябе, яна мяне заб’е... сур’ёзна заб'е: чаму не прывёз? Ты ж, па сутнасці, наш сват... Гэта ж ты нас пазнаёміў... Помніш? Ты ўсіх жаніў... Як у песні той, усіх жаніў, а сам... Не, чакай... Што сам? Халасты, жанаты?

Анатоль хутка узяў з яго рук акуляры і схаваў пад імі вочы, якія пачалі збянтэжана моргаць.

— Халасты? Вось дык дзіва! Сапраўды — як у песні! А Ліза?

— Давай, Сцёпа, пра гэта — пасля як-небудзь, — Анатоль уздыхнуў і паправіў акуляры.

— Пасля, дык пасля. Але скажы, калі ты прыедзеш да нас?

— Прыеду.

— Калі?

— Цяжка сказаць...

— Не, ты скажы... Мы з Клавай павінны сустрэць цябе... Ведаеш, як мы сустрэнем цябе!..

— Навошта?

— Гэта не твая справа.

— Я напішу вам.

— Глядзі ж... Будзем чакаць... А не — самі да цябе прыедзем!

Нарэшце афіцыянтка падала вялікія, на ўсю талерку, румяныя кавалкі адбіўной свініны, духмянай, смачнай.

Сцяпан праглынуў сліну і задаволена засмяяўся:

— Во гэта лапці! Трэба ж па сто грамаў да іх!

— Многа, Сцёпа,— запярэчыў Анатоль, на якога адбіўныя зрабілі зусім іншае ўражанне.

— Нічога. Мне яшчэ ў абком ісці і то я не баюся. Ну, выпіў... Так і скажу: выпіў за сустрэчу з лепшым сябрам...

Яны выпілі яшчэ, і Сцяпан апетытна знішчыў сваю адбіўную. Убачыўшы, што Анатоль амаль не дакрануўся да яе, ён, адчуваючы крыху няёмкасць, непрыязна падумаў: «Інтэлігенцік... хлюпік»...

— Ты што — чэрава баішся адгадаваць? Бегай столькі, колькі я бегаю па полі,— ніколі жывата не будзе...

Анатоль ап’янеў, ён без патрэбы праціраў акуляры і без іх глядзеў на сябра добрымі, ласкавымі вачамі.

— Ты — герой, Сцёпа... Я разумею цябе... I я схіляю... схіляю галаву... Гэта — мужнасць... Мужнасць! Вучыўся, працаваў... Пракурор!... I раптам — туды, дзе ты больш патрэбны людзям... I артыкул твой мужны... Вось так... на поўны голас... Клопат аб людзях — галоўнае!.. Вядома, галоўнае! Чаму некаторыя гэтага не разумеюць? Хоць на словах усе разумеюць, на справе...

«Раскіс... Слабец... Трэба яго на кватэру адвесці... На работу яму паказвацца не варта. Дзе ён жыве?»



Калі разлічваліся, Анатоль палез у кішэню, але Сцяпан далікатна затрымаў яго руку і заплаціў адзін.

— Мая ініцыятыва — і я плачу... Запросіш ты...

Анатоль уздыхнуў.

— Я? Я жыву ў гасцініцы... Трэці месяц у гасцініцы,— ён неяк адразу, у адзін міг, як бы працверазеў: змоўк, заціснуў пад пахай свой партфель.

Сцяпан прытаіў уздых палёгкі: «Добра, што нікуды адводзіць не трэба... А можа і самому адпачыць у яго нумары? У абком не пайду... Не варта трапляць на вочы начальству ў такім выглядзе».

Развітваючыся ў вестыбюлі гасцініцы, Анатоль моцна сціснуў руку сябра і ціхім, з мальбою голасам папрасіў:

— Не зазнавайся толькі, Сцёпа.

Ластаўку гэта рассмяшыла, і ён зарагатаў на ўвесь будынак, ажно з цырульні выглянулі майстры з брытвамі ў руках і з мыльнай пенай на пальцах...

— Ідзі... кладзіся... А я ў абком. Не забывай — чакаю ў госці.


* * *

На двары ішоў снег — той добры першы снег, які ляціць лёгкімі пушынкамі, сцелецца роўна і прыносіць прыемны спакой і дрымоту. Стары калгасны бухгалтар раз-по-раз кляваў носам у тоўсты «гросбух». Яго памочніца з гарачымі шчокамі — хоць запалкі чыркай аб іх — паглядала на старога і лагодна ўсміхалася. У канцылярыі, чыстай, цеплай, якой шматлікія, відаць, нядаўна абноўленыя плакаты і дыяграмы надавалі нейкі ўрачыста-святочны выгляд, больш нікога не было. Толькі з кабінета старшыні, дзверы ў які былі прыадчынены, даносілася мармытанне і лёгкі свіст. Сцяпан Ластаўка і мясцовы фельчар, стары чалавек з лысай, падобнай на грушу, галавой гулялі ў шахматы.

Старшыня высвістваў нейкую імправізацыю, у якой чуліся асобныя матывы папулярных песень, высвістваў аднолькава роўна і пры ўдалым ходзе і тады, калі трапляў у цяжкае становішча. Фельчар, калі рабіў удалы ход і бачыў, што «праціўнік» задумаўся, нязменна спяваў бадзёра і гучна салдацкую песню —

Ой, ты зімушка, зіма,

ты халодная была!

Калі ж самому прыходзілася «варушыць мазгамі», ён адразу «мяняў пласцінку» і мармытаў па-ўкраінску:

Луччэ було б, луччэ було б не хо-о-дыты...

Луччэ було б, луччэ було б не ходыты...

Дзяўчына-рахункавод заглянула ў дзверы і паведаміла:

— Сцяпан Карнеевіч, відаць, зноў нейкі ўпаўнаважаны ідзе... з партфелем...

— Ах, чорт іх носіць... Спакою няма,— зморшчыўся старшыня.

Фельчар адразу ўзняўся.

— Здаешся? Не? Адкладзем. Давай на шафу пастаўлю.

— Дагуляем. Пехатой — драбяза якая-небудзь... нарыхтоўшчык, мусіць...

— Усё адно гульні не будзе, — фельчар асцярожна падняў дошку з фігурамі і паставіў на шафу, потым адразу нацягнуў на сваю галаву-грушу шапку з апушчанымі вушамі.— Я пайшоў.

Усе ведалі яго слабасць — боязь начальства. Стары кідаў усё і сыходзіў нямаведама куды, як толькі дазнаваўся, што ў вёску прыехаў хто-небудзь з раёна ці з вобласці. Таму старшыня груба пажартаваў:

— Схавайся за грубкай, Яўменавіч, а то сустрэнешся тварам у твар.

Госць стукаў ужо ў калідоры, відаць, абіваў з ботаў снег. Фельчар, насунуўшы шапку на вочы, нырнуў у дзверы і нават не зачыніў іх за сабой. I тады на парозе з’явіўся госць — чалавек у паліто з шэрым каракулевым, быццам яшчэ заснежаным, каўняром і гэтакай жа шапцы. На двары вочы яго прывыклі да бляску снегу, і цяпер ён з напружанасцю ўглядаўся праз акуляры ў поўзмрок пакоя. Але шкельцы акуляраў, напэўна, адразу запацелі, як толькі на іх дыхнула цеплынёй, і чалавек мусіў зняць іх.

Сцяпан пазнаў Анатоля і, радасна выгукнуўшы, пайшоў насустрач, абняў сябра.

— Толя! Вось нечаканасць!.. Ты са станцыі? Чаму ж ты не паведаміў? Я пад’ехаў бы...

— А мне сказалі, што дарога ідзе лесам. I мне захацелася прайсці па лесе... I сапраўды, я даўно не меў такой прыемнасці... Снег... Цішыня... Хораша!

— Паэт ты! Таварышы, гэта мой лепшы сябра... Аднакурснік... Анатоль Пятровіч... — сказаў Сцяпан бухгалтару і дзяўчыне-рахункаводу. Ён шчыра ўзрадаваўся прыезду Анатоля: сумна ў доўгія зімовыя вечары ў вёсцы.

Анатоль ветліва паціснуў прысутным рукі.

— Распранацца я цябе не запрашаю,— мітусіўся Сцяпан.— Гайда да мяне! Эх, як узрадуецца Клава! А я ўжо быў страціў надзею, што ты прыедзеш... Клава папракае: «Дрэнна ты запрашаў»...

Анатоль паклаў на стол па-ранейшаму новенькі, быццам толькі што з магазіна, жоўты партфель, прысеў каля бухгалтарскага стала, працёр хусцінкай акуляры.

— А ведаеш... не крыўдуй... я папрасіўся сюды, каб наведаць цябе. Але ёсць і справы...

— Якія справы! — засмяяўся Сцяпан.— Злодзеі ў нас перавяліся — судзіць няма каго. Усе справы — на пасля... Не сакрэт — што за справы?

— Не, не сакрэт. Ажыццяўляючы пракурорскі нагляд, хочам праверыць становішча дзяцей-сірат, якія на патранажы...

Сцяпан неяк дзіўна хмыкнуў, але выразу твару яго ў гэты момант Анатоль не ўбачыў, бо той, апранаючы паліто, адвярнуўся. Аднак Анатолю не падабаўся гэты гук, і ён, тыкнуўшы пальцам у дужку акуляраў, спытаў:

— Ты — што? Лічыш, што гэта няважная справа?

— Ды не, усякая справа важная. Але калі казаць пра тое, наколькі яна тэрміновая... Давай адкладзем яе на заўтра.

— А можа лепш сёння, Сцёпа? Тут усяго ў вас тры чалавекі,— пасяброўску шчыра і проста папрасіў Анатоль і расшпіліў партфель, каб дастаць патрэбныя паперы.

— Што-ж... Сёння, дык сёння. Галя! — звярнуўся старшыня да дзяўчыны-рахункавода.— Бяжы да маёй жонкі і перадай: будзе абедаць дарагі госць... Каб на стале была індзюшка і ўсё, што ёсць у хаце...

Анатоль дастаў паперы.

— Вось тут першая... Лапатка Люба... дванаццаць год.

Старшыня звярнуўся з немым запытаннем да бухгалтара. Той паціснуў плячамі і ў сваю чаргу звярнуўся да рахункавода, якая ўжо накінула кажушок і намервалася выходзіць.

— Лапатка Люба? Ды гэта ж унучка бабкі Лапаціхі. Во — побач тут... У той хацінцы, пра якую вы, Сцяпан Карнеевіч, казалі, што трэба раскідаць яе, каб не псавала выгляду вёскі.

Хацінка, хоць і была амаль у цэнтры вёскі, але стаяла адзінока. Суседнія хаты, вялікія і новыя, як бы грэбліва адступілі ад яе, як адсоўваюцца багатыя ад жабрака, адступілі ў бакі і высунуліся ўперад, а хацінка засталася недзе ззаду, на гародзе. Каля яе не было ні хлеўчука, ні паркана, адзінокае акенца на вуліцу глядзела з снежнай нішы сваімі белымі шыбінкамі. Снег, прыгожы, пушысты, заносіў сляды старой сцежкі, што вяла з вуліцы да хацінкі. Не мела гэтая сіраціна ні калідорчыка, ні сенцаў. Дзверы яе ад снегу і ветру прыкрываў прымітыўны буданчык з прытуленых да сцяны сасновых галін.

Сцяпан і Анатоль ледзь пралезлі ў шчыліну паміж сукаватымі галінамі.

Старшыня, не пастукаўшы, адчыніў дзверы. У хаце стаяў поўзмрок — шыбы зараслі тоўстым пластом інею.

— Хто там? — азваўся з печы танклявы дзіцячы галасок.

— Мы,— недарэчна адказаў Сцяпан, нібы гэтае «мы» адразу ўсё вытлумачвала.

Вочы паступова прызвычаіліся да поўзмроку, і Анатоль убачыў, што з-за коміна выглядае худы тварык з цікаўнымі вачанятамі. Уласна кажучы, убачыў ён адны гэтыя вачаняты ды нос, бо ўсё іншае на твары было закрыта вялікай белай хусткай.

— Гэта ты — Люба Лапатка? — спытаў Анатоль.

— Я. А што?

Анатоль не адказаў — «што». Ён убачыў белую пару, якую выдыхаў,— у хаце было холадна. Яшчэ тады, калі ён убачыў гэтую хаціну і асабліва сасновае галлё над дзвярамі, у душы яго ўзнікла нейкае непрыемнае пачуццё да Сцяпана. Цяпер гэтае пачуццё ўсё больш акрэслівалася. Ён ужо добра адчуваў, што гэта — злосць і гнеў. І разам з гэтым — боль, глыбокі душэўны боль, ад якога сціскала дыханне і рабілася салёна ў горле. Ён аглянуўся і ўбачыў у куце кучу бульбы. Ён нахіліўся і падняў адну бульбіну. Яна была мёрзлая. Невядома на што паклаў гэтую бульбіну ў кішэню. Гаварлівы старшыня маўчаў, відаць, таксама ўражаны выглядам хаты. На печы цяжка ўздыхнула старая, але самое яе не відаць было, толькі куча нейкіх рызманоў.

— Ты ў школу ходзіш? — спытаў у дзяўчынкі Анатоль глухім дрыжачым голасам.

— Хаджу. Але я тры дні не была... Бабуля захварэла... Яна слабенькая... Я ляжу з ёй і грэю... Баюся, калі я пайду, яна застыне і памрэ...

— А ў печы вы паліце?

— Учора палілі. Цётка Ганна прынесла бярэмак дроў, і мы палілі... Печка і сёння яшчэ гарачая... А вы з раёна?

— А чаму вы не возьмеце каня і не прывезяце дроў? — незадаволеным сухім голасам спытаў Сцяпан.

— А я прасіла ў вас, дзядзечка. А вы паслалі мяне да брыгадзіра. А ён кажа, што нас павінен забяспечыць сельсовет, што мы пенсію атрымоўваем...

Анатоль больш не мог трываць. Ён прарывіста, з гукам, падобным на ўсхліпванне, уздыхнуў і, нічога больш не сказаўшы, выйшаў з хаты.

Калі Сцяпан дагнаў яго на вуліцы, дзе ўсё ўрачыста ззяла ад снежнай белізны, ён прашаптаў з болем і гневам:

— Якая ганьба! Ганьба!

Сцяпан узяў яго пад руку, быццам намерваючыся падтрымаць на слізкім месцы:

— Дарагі мой, згадзіся, што за ўсім не ўгледзіш, усяго не ўбачыш... Ёсць больш важныя справы...

Анатоль вырваў руку, павярнуўсй да Ластаўкі, сарваў свае акуляры і, размахваючы імі, амаль крыкнуў:

— Знесці гэтую хаціну, каб не псавала выгляду,— пра гэта ты падумаў, гэта ўбачыў. А хто там жыве? Як жывуць гэтыя людзі? За два гады ты не здолеў убачыць. Гэта табе няважна. У цябе ёсць больш важныя справы. Крычаць ва ўсіх газетах, што галоўнае ў тваёй працы — клопат пра чалавека. Вось твае клопаты! Дэмагог!

На другім баку вуліцы спынілася жанчына, прыслухоўваючыся, што гэта так абурана кажа незнаёмы старшыні. Сцяпан убачыў жанчыну і настойлівым шэптам папрасіў:

— Не крычы. Людзі чуюць.

Анатоль махнуў рукой і шпарка пайшоў па вуліцы. Сцяпан ішоў ззаду — след у след, здзіўлена ківаў галавой і ўсміхаўся, як усміхаюцца дарослыя з учынкаў дзяцей.

Каля калгаснай канцылярыі ён зноў спыніў сябра — спытаў жартаўліва-іранічна:

— Што-ж, таварыш пракурор, цяпер і ў госці не пойдзеш?

Анатоль крута павярнуўся, вочы яго бліснулі з-пад акуляраў, на шкельцы расталі сняжынкі, затуманілі іх, і ён бачыў Сцяпана як бы здалёк.

— Есці тваю індзюшку? Не, не пайду! Як прайсці ў сельсовет?

— За тым вунь калодзежам — направа. Там убачыш.

— Дзякую.

Анатоль не развітаўся, не падаў рукі, павярнуўся і паншоў далей.

Сцяпан таксама не знайшоў, што сказаць. Ён стаяў і глядзеў услед сябру, які ўсё аддаляўся ў снежную каламуць.

Снег усё гусцеў і хутка засыпаў сляды. Калі Анатоль павярнуў у завулак, Сцяпан раптам адчуў боль у сэрцы і цяжкі смутак на душы. Што гэта? Чаму? Ён прыслухаўся... Яшчэ поўгадзіны назад было так лёгка, спакойна, весела. Ён гуляў у шахматы і ні пра што не думаў. «Глупства ўсё гэта... Наіўны ідэаліст... Інтэлігенцік. Залатыя акуляры начапіў... Садзіся на маё месца... паглядзім, як ты пакіруеш... як паклапоцішся пра ўсіх... Што я, нянька?»

Але дарэмна ён супакойваў сябе. Адчуванне, што ён страціў нешта вельмі дарагое, вельмі каштоўнае, усё расло. Што ён страціў? Дружбу? А хіба яму так неабходна была гзтая дружба? Хіба не была яна проста прыемным успамінам аб далёкіх студэнцкіх гадах? Ды што ж ён страціў? А можа знайшоў? Знайшоў нешта нязвыклае, незвычайнае, ад чаго спачатку становіцца страшна?

Снег гусцеў... Сцяпан Ластаўка падняў каўнер паліто і нерашуча, павольна, аглядаючыся, паклыпаў у той самы бок, куды імкліва пайшоў Анатоль.



Загрузка...