Смерць лесбіянкі Наталка Харытанюк

(Пяцьдзясят два крокі ў полацкіх лабірынтах)

Раман


ISBN 978-985-562-092-2


© Харытанюк Н., 2013

© Выдавец Логвінаў І. П., 2013


Рэдактар Валянцiн Акудовіч

Дызайн вокладкі Артур Вакараў


Любай цёці — з удзячнасцю


Смеючыся пагардліва

З сівізны галавы маёй,

Лесбіянка прыўкрасная

Задзівілась на іншую

Анакрэонт


Жыццё — гэта вайна густаў

Фрыдрых Ніцшэ


Частка першая. Уцёкі з Менску

29 снежня 2011 году


Дарога ў Полацак была цёмная ад гонкіх чорных ялін. Цёмная і, здавалася, бясконцая: змораная пераездамі, я некалькі разоў правальвалася ў сон, але ніяк не трапляла прачнуцца нарэшце ў Полацку.

Вуліцы ад вакзала да Сафійскага сабору, побач з якім працавала мая цёця, былі ўшчэнт занесеныя снегам, і, прадзіраючыся, я ледзьве трымалася на нагах. Ужо каля кірхі — зусім выбіўшыся з сіл — я зачапілася аб камень пад снегам і неяк бязважка апусцілася ў сумёт. Вераб’і тут жа — з-пад самага сумёту — лапатліва пырхнулі ў неба, я правяла іх позіркам і пабачыла, што неба над Полацкам было бяззорым: яно пнулася ў раку — Дзвіна ўпарцілася. І мне здалося, што мяне вось-вось расцісне — паміж небам і зямлёю. У чорным-чорным бяззорым Полацку. У гэты жуткі воўчы месяц. Калі нават вецер — цёмны снежаньскі вецер — прыхаваны, як смутак, у імглістай смузе. І я назаўжды застыну тут — у надвячоркавым сумёце — як інсекта ў цёмным і густым бурштыне, які павязуць далей па Дзвіне і выкінуць у бязмежны акіян.

“Лепш так,” — усміхалася я пераможна, лежачы ў снезе. Лепш так, чым упасці з лесвіцы дзе-небудзь у закутках вялікага Менску. Ці патрапіць пад нож звар’яцелай старой, што тэлефанавала мне, каб расказаць пра сваю нянавісць. Ці сустрэць напрарочаную мне блізкую смерць на самоце, у здымным пакойчыку ў менскай Лошыцы.

Версій пра тое, як прыйдзе гэтая напрарочаная смерць, у мяне было шмат — і я падоўгу магла перабіраць іх, лежачы ў сумёце. Але запалілася святло ў цёціным кабінеце. На фіранках з’явіўся яе цень. Я з апошніх сіл паднялася — і пайшла.

Факультэт, дзе працавала цёця, узвышаўся над набярэжнай і — падсвечаны ліхтарамі знізу — здавалася, вісеў у вечаровым тумане. Раней тут быў езуіцкі калегіюм — і мне падабалася думаць, што гэтымі ж сумётамі калісьці сюды прабіраўся і Ян Баршчэўскі. Я натрапіла на яго «Шляхціца Завальню» тут, у Полацку, калі мне было год трынаццаць і я прыехала на восеньскія вакацыі да цёці і дзядзі. Ужо тады, у гады сваёй ранняй маладосці, я была захопленая страшным. З якім шчасцем я блукала пад зацягнутым небам па гэтых шэрых вулках, уяўляючы зданяў і пярэваратняў — якія ўсе недзе тут, побач, і прыдумаліся.

Цяпер жа, калі я ўцякала ад невядомага праклёну, па цёмнай, безнадзейна імглістай вуліцы, мне падалося, што і сама я патрапіла ў адну з тых страшных гісторый. Як мыш у пастку.

З усяго змрочнага наваколля адно факультэт літасціва свяціўся тым вечарам, і жоўты ліхтар над яго ганкам, адкідаючы на сцены таўсманыя фігуры, абяцаў супакаенне.

Я паднялася па веснічках, пацягнула за клямку — але дзверы не паддаліся. Мае пальцы зусім скалелі і не слухаліся: таму я абяруч яшчэ раз пацягнула высокія дубовыя дзверы, з цяжкасцю адчыніла іх, стрэсла ледзяную корку з ботаў і ступіла ў цёплы ўніверсітэцкі калідор.

Унутры пахла зрэзанымі ялінамі. З нейкай аўдыторыі даносіліся прыемныя галасы, і я на хвіліну замёрла ў шчасці: тут я перачакаю гэтыя страшныя апошнія дні.

Магчыма, ад раптоўнай цеплыні пасля марозу, меладычнага голасу з аўдыторыі ці пераднавагодняга водару яловай смалы мне падалося, што я засынаю — проста так, стоячы ля вакна і гледзячы на бераг Дзвіны. Не засынаю нават, а кудысьці падаю. Векі раптоўна пацяжэлі, я прысела на сходы і паклала галаву на калені. А можа, на нейкую секунду я і прыснула — бо не пабачыла, як паўз мяне прайшло тое, што цяпер стала ценем у канцы калідора. І як тапелец хапаецца за саломінку, так я ўчапілася за цень — штосьці мне падказвала: ён аслоніць і ўратуе. Родныя цені і здані — дзеля іх я сюды і ехала. Яны мне цяпер здаваліся бліжэйшымі за незразумелую менскую рэальнасць. Яны адныя маглі вярнуць мне даўна згублены спакой.

Я ўталопілася ў цень, каб разгледзець хаця б нешта ў ім, пакуль ён канчаткова не знік, але вочы мае ўжо зноў заплюшчваліся, карцінка размывалася і мне было цяжка разабраць, што глядзела на мяне з універсітэцкай зеўры: вышуканыя снежныя ўзоры, сінія тыгры ці белая кабета.

Тут, сярод блізкіх полацкіх ценяў, я буду ў бяспецы, — усміхнулася я нарэшце камусьці невідочнаму за вакном.

І, можа быць, ні адзін з тых страшных знакаў, што атачылі мяне, не спраўдзіцца.


Частка другая. Падаючы ўглыб

Амаль год таму — год без трох дзён — мяне праклялі. І напрарочылі хуткую смерць. Году не міне, — сказаў стары голас па тэлефоне, — а цябе ўжо не будзе на свеце. У самы першы дзень новага дзве тысячы адзінаццатага году, а дзявятай ранку, мяне пабудзіў гэты страшны званок, а я не знайшлася нават, што адказаць. Проста павесіла слухаўку.

Я выцерабіла з памяці той званок ужо на наступным тыдні — калі прыйшлі праваслаўныя Каляды. І не згадвала да вясны, пакуль аднойчы ў сакавіку не атрымала ў падарунак кнігу аднаго аргентынскага мадэрніста і не раскрыла яе на выпадковай старонцы, каб пагадаць. Мне выпалі ўсяго чатыры словы — назва гісторыі — “Як правільна капаць магілу”. І я адразу прыгадала той праклён. Я паскардзілася цёці, з якой ехала тады ў купэ цягніка на Берасце, і яна прапанавала мне сваю кнігу — вясёлы раман ірландца Флэна О’Браяна “Архіў Долкі”, на якім гадаць было б нашмат бяспечней. У тым рамане таксама ідзецца пра смерць, але так па-ірландску і так жыццесцвярджальна, што я, не вагаючыся, узяла кнігу з рук цёці. Я ўжо чытала “Архіў” і ведала, што ў ім апавядальнік сустракаецца з Джойсам — але праз шмат год пасля афіцыйнай смерці пісьменніка — і высвятляе, што той, шукаючы цішыні і натхнення, імітаваў сваю смерць, а сам вярнуўся ў Ірландыю, пасяліўся ў маленькім мястэчку ля Дубліна і працаваў барменам у пабе. Я і сама хацела для сябе цішыні і спакою — таму і з’ехала з Берасця, і цяпер, нібы Джойс, хацела тэт-а-тэт размаўляць з ідэямі, перакладаючы іх з адной рукі ў другую — і, магчыма, калі-небудзь, нават на чалавечую мову.

На старонцы, на якой я выпадкова раскрыла кнігу, было ўсяго адно пытанне — “Хіба гэта не забойства?” Штосьці ўва мне сціснулася.

Тады ж я пачала перачытваць класікаў. Сцішыла рытм жыцця. Перастала пісаць у жывы дзённік. Але смерць не прыходзіла — і, хаця нейкі асцюк засеў у галаве, з часам я навучылася забываць пра той праклён. Дзень, а то і два запар, я магла пра яго не думаць. А калі згадвала, то суцяшала сябе адным: нехта мог проста памыліцца нумарам, а значыць і праклён — адрасаваны іншай — мяне абміне. Ды аднойчы, на самым пачатку гнілога менскага лета, я атрымала кароткае паведамленне на тэлефон.

Там было ўсяго тры словы. І гэтыя словы расхісталі мае нервы канчаткова — больш я ўжо напраўду не мела спакою да таго самага пераднавагодняга прыезду ў Полацак, з якога я пачала гэтую гісторыю. Дык вось, у тым пасланні нехта напісаў: “Кінуты бумеранг даганяе”. Тады ж мяне і пачаў ашайтаньваць мой архаічны жах. Тады ж і пасыпаліся на мяне ўсе іншыя знакі блізкай смерці.

Страшна расказваць, якія толькі знакі мне ні выпадалі. І ліпла іх да мяне — процьма. То сябры памыліліся і павіншавалі мяне з днём народзінаў на тры дні раней. То мне тры ночы запар снілася, як я — па локці ў крыві — сама сабе выдзіраю зубы. А ў верасні, калі я прыйшла на сваю першую працу ва ўніверсітэт, папярэдне дамовіўшыся, каб мне перанеслі пары з суботы на панядзелак, — я не знайшла свайго імя ў раскладзе на новы навучальны год: дыспетчары выцерлі маё прозвішча з суботы і забылі ўпісаць у панядзелак.

Я ціха застагнала.

Апошняй жа кропляй быў падарунак ад сяброў на Дзень святога Мікалая. Мілыя добрыя сябры ўрачыста працягнулі мне бутэлечку смірны — яшчэ калі я, не распрануўшыся, стаяла ў іх на ганку і атагравалася пасля доўгай падарожжы марозным надвячоркам. “Яна смачна пахне, Наталка”, — абвясцілі яны, хаця і не маглі ўцямна патлумачыць, што гэта такое: араб, які прадаў ім смірну ў далёкім Ізраілі, гаварыў на надта спецыфічнай ангельскай. А я ўжо пракручвала ў галаве калядную песенку пра золата, ладан і смірну, якія мудрыя з усходу прынеслі Ісусу: золата — як цару, ладан — як святару, а смірну — як таму, хто неўзабаве памрэ.

Неўзабаве, — пракаўтнула я. І тады ж нешта ўнутры мяне пракрычала: уцякай. Пакуль яшчэ не позна — бяжы адсюль. Схавайся ў самы далёкі, недасяжны, непрадбачаны ніякімі праклёнамі, забыты Менскам куток Беларусі.

І так я ўцякла.


Частка трэцяя. Кінутыя бумерангі

Я ўцякла першы раз у жыцці — ніколі раней я гэтага не рабіла. Я наагул не была баягузкай — часам ад маёй смеласці і рашучасці ніякавелі самыя дзёрзкія суперніцы. Часам — плакалі маёры і падпалкоўнікі міліцыі. Часам — у мяне прасілі літасці збітыя і пакладзеныя на лапаткі хлапцы. Але я — не прасіла літасці ні ў кога. Я ніколі не плакала. І ўжо, канечне, мне не было перад кім ніякавець.

Наталка, — сказалі мне аднойчы сябры, калі я была ў шостай класе, — ты самая смелая з нас — ідзі пагавары з тым сямікласнікам, — і паказалі на хлопчыка, што стаяў ля распраналкі і не прапускаў нас забраць курткі. Праз дзесяць хвілін сямікласнік ужо выцягся аб падлогу і ціха ляжаў, прыціснуты маім левым — самым моцным — локцем да коўзкага прахалоднага паркету.

У свае шаснаццаць я забаўлялася з тых, каго іншыя баяліся. Асабліва мне падабалася здзеквацца з аднаго маёра, які чакаў ад мяне і маіх сяброў рэвалюцыйных учынкаў і так і марыў нас на чым-небудзь затрымаць. Ён праслухоўваў нашыя тэлефоны — і мы гэтым карысталіся. Стоячы побач, утрох, у вільготным цёмным пад’ездзе берасцейскага сонечнага цэнтру, мы тэлефанавалі адно аднаму і прызначалі час і месца, дзе вывесім чарговую расцяжку. А пасля з-за рогу падпільноўвалі тых, хто прыходзіў. Запаміналі іх твары. Разглядалі раззлаваныя вочы маёра. Ці цягліцу падпалкоўніка, якая нервова хадзіла па ягоным твары, калі ён сіліўся разгледзець штосьці са сваёй схованкі. Каб пацвеліць іх яшчэ больш, мы зноў тэлефанавалі адно аднаму і віншавалі з вывешанай расцяжкай, распісваючы, як прыгожа яна лунае ў тым самым месцы, у якім стаялі ціхары.

У васямнаццаць мне надакучылі такія забавы: маёр пасівеў, і мне яго стала крыху шкада. Я помніла яго дотык, калі ён праваджаў мяне апошні раз у пастарунак. Здавалася, дотыкам ён нібы прасіў аб дапамозе. Але мне ў тыя часы, вядома, было не да таго. Акцыі працягваліся. Людзі сядалі ў турмы. Іншых звальнялі. Маёр па-ранейшаму паляваў на нас — ды ўсё ж штосьці змянілася ўва мне. Я яшчэ не разумела, што менавіта мяне насцярожвае, але: хіба яны там не бачылі, што маёр сівее, а нічога не мяняецца? Што гэта не часовая прыгода? Што ўсё гэта цягнецца з таго часу, калі я пайшла ў першую класу — і вось цяпер я на другім курсе ўніверсітэту.

Не ведаю нават, чаму я так доўга трымалася за сваё рэвалюцыйнае жыццё. Спачатку я не хацела сыходзіць, бо ў арганізацыю толькі-толькі прыйшоў прыгожы хлопец. Пасля мяне трымала адчуванне віны перад тымі, хто прыйшоў дзеля мяне. Пазней я зразумела, што праўдзівую асалоду ў арганізацыі мне прыносіла іншае: усё больш і больш новых сябраў падпадалі пад маю ўладу. Чароўны флёр гісторый — не заўжды праўдзівых — пра мінулыя подзвігі, туга за гераічным ці, можа быць, проста мае самыя дзёрзкія духі — нешта прымушала іх глядзець на мяне з захапленнем. І чакаць цуда. І я ім нават радая была абяцаць гэтыя цуды. Гэтая асалода і трымала мяне столькі часу ў нашай суполцы.

Вось толькі аднойчы, зусім выпадкова, я натрапіла на адну мудрую тоўстую кнігу: у кнігарні «Веды» я адкрыла першую разумную кнігу свайго жыцця — гэта была “Воля да ўлады” — і чамусьці набыла яе. Я чытала Ніцшэ ў свае далёкія васямнаццаць і разумела: дзіўная сіла над людзьмі, якую давала мне мая дзёрзкасць і рашучасць, не дасць мне шчасця. І адзінае сэнсоўнае, што я магла зрабіць з гэтай сваёй сілай над іншымі — дык гэта напісаць пра яе раман.

І я сышла з рэвалюцыйнага асяродку. Каб з такой жа адвагай кінуцца пазней у інтэлектуальны.

Але паміж першым і другім быў перапынак. Пачыналіся нулявыя гады, я бадзялася пасля заняткаў ва ўніверсітэце па Берасці — яшчэ не вольная птушка, але ўжо і не бездапаможнае птушаня. І на мяне заглядаліся мінакі на вуліцы. Магчыма, стрыжнем гісторыі майго станаўленне былі не расцяжкі і сцягі, не Ніцшэ. А дзясяткі закаханых у мяне хлапцоў і мужчын. І нават дзве кабеты. І, каб быць да канца шчырай, адна дзяўчына з майго курсу. Гэта магло б здавацца вясёлай прыгодай ці проста мілым успамінам — вось толькі ў жыцці гэта было сапраўдным кашмарам.

Я не ведаю, якое заклінанне я выпадкова прамовіла, што здарылася ў сусвеце з маімі зоркамі, але амаль адначасова — у той час, калі мне споўнілася васямнаццаць — трое хлапцоў з Лігі Змагання закахаліся ў мяне. Я ні пра што не падазравала, пакуль адзін з іх не знік. Праз некалькі месяцаў я сустрэла яго суседа і ён, гледзячы на мяне з дакорам, расказаў, як таго закаханага ў мяне хлопца збілі на горкі яблык. Тыя самыя людзі з арганізацыі: праз мяне ў нашай суполцы пачалася ціхая зацятая вайна. Нехта нацякаў на мае вядзьмарскія здольнасці. Я гэтага не пацвярджала, але і не зняпраўджвала. Палова дзяўчат арганізацыі пачалі мяне баяцца. І гэта стала апошнім штуршком: я сышла — каб не нашкодзіць яшчэ больш.

У тую восень я бадзялася па самых розных кампаніях Берасця: я прыйшла ў гарадскую каманду “Што? Дзе? Калі?”, далучылася да спірытычнай суполкі, нейкі час узначальвала феміністычную арганізацыю, каб падточваць яе лад знутры, занялася — таксама ненадоўга — аховай птушак (мне падабалася зазіраць паўз бінокль у вочы лебедзям: у кожнага з іх свой выраз вачэй — і гэта зачароўвала). Але паўсюль — у кожную новую кампанію — за мной цягнуўся той жа шлейф: то выкладчык літаратуры, то дырэктар банку, то хлопчык-арнітолаг з шэрымі дакорлівымі вачыма — хто-небудзь абавязкова ў мяне закахіваўся і ўсё мне псаваў. Яны сустракалі мяне з вучобы і праваджалі дадому. Чакалі раніцай ля пад’езду і прапаноўвалі падвезці. Аднойчы адзін з іх нават скраў мяне, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Іх галасы звінелі ў мяне ў галаве. Гэта пазней я вельмі жорстка парву з імі ўсімі, а напачатку я не баялася быць аплеценай чужымі жаданнямі і гісторыямі. Я смела кідалася ў новыя прыгоды. Тройчы пагаджалася ўзяць шлюб, кожны раз перадумвала. Цярпела. Блыталася.

Так мінула яшчэ тры гады. І доўжылася б, мабыць, да сёння, калі б аднойчы я не натрапіла на другую невыпадковую кнігу ў сваім жыцці — на “Пошукі згубленага часу”. Ловы момантаў, водараў, дотыкаў, якія знікалі ў мінулым, зачаравалі мяне неверагодна. І я марыла штодня вызваліцца як мага хутчэй ад усяго і дабрацца да Пруста. Я марыла спыніць час і — нібы пушка — прыляцець у францускі маёнтак стогадовай даўніны, сесці на вакно і — ні пра што не думаючы — распусціцца ў промнях летняга надвячорка. У рэшце рэшт, мне ўжо йшоў дваццаць другі год, а я так ні разу яшчэ не шукала свайго часу. Бо часу мне і праўду ні на што не хапала: мне бесперапынна званілі, запрашалі на спатканні, сустракалі пасля ўніверсітэту — і я ніяк не патрапляла дачытаць Пруста да канца. Мне бракавала часу. Мне бракавала жыцця — а тое жыццё, што я пражывала, здавалася, толькі выплывала кудысьці між пальцаў. І аднойчы веснавой раніцай гэта так мяне раззлавала, што я раз і назаўсёды вырашыла перарваць усе кантакты: змяніла тэлефон і прыняла рашэнне праз некалькі месяцаў паступіць у магістратуру ў Менск, на замежную літаратуру. Каб удосыць начытацца — і з’ехаць з роднага гораду.

Каб знайсці нарэшце свой час, які ўцякаў ад мяне там, у Берасці.


Частка чацвёртая. Эйфарыя першых радкоў

— Пра што ты марыш? — спытала мяне маці, дапамагаючы надзець на спіну вялікі падарожны заплечнік, калі я ад’язджала ў Менск.

— Пра дзіўны новы свет, — рамантычна адказала я.

— Хіба ён дзіўны — свет, у які сыходзяць вядзьмаркі, — пажартавала мама — і з гэтага пачалося маё новае, дарослае жыццё.

У Менск я не ўзяла ні адной спадніцы. Ні аднаго абцаса. Я абстрыгла сабе валасы і зрабіла чолку — каб выглядаць менш спакусліва. Адзінае, ад чаго я не змагла адмовіцца — гэта духі. Я ўзяла два свае ўлюбёныя водары: “Burblary”, які мне падарыў ў Лондане адзін выкладчык, і “Euphoria” — якую я набыла сабе сама. Яны мелі супрацьлеглы эфект: пасля “Burblary” пакой, здавалася, патанаў у цёплых промнях, я млела, патрапляла ў нейкі ціхі сонечны парк, выплывала на яркую паверхню. Гэта быў фантастычны зваблівы стан. Вось толькі сэнсоўнага я ў гэтым стане нічога зрабіць не магла. І тады прыходзіў час “Euphoria”. Яна дзейнічала павольна, але ашаламляльна. Ужо праз пяць хвілін водар дасягаў стадыі ап’янення: усё пачынала размывацца, прымаць незвычайныя формы, але я бачыла рэчы больш выразна ў такім стане, чым звычайна. Усё нібыта расплывалася і ў той жа час станавілася на свае мейсцы. Шум сціхаў — і я магла прыгожа думаць. Прыкрасць была ў тым, што ўжо на другі дзень водар прынюхваўся і не рабіў жаданага эфекту. Больш таго, ад яго магло стаць млосна. І ён вынурваў мяне дазвання — забіраў усе сілы. І тады трэба было вычэкваць дні — а то і тыдні, перш чым нанесці гэты водар на сябе зноў, з тым каб патрапіць нарэшце на жаданыя глыбіні.

У тыя дні ў Менску я насіла шырокія выцягнутыя ў лакцях швэдры і заўжды абдымала доўгі тэракотавы сшытак, у які, пад традыцыйныя пяцьдзясят грамаў сухога віна, запісвала штовечар першыя радкі свайго рамана пра тую самую дзіўную сілу над людзьмі, якой я хацела пазбыцца. Імі — гэтымі першымі радкамі — я, здаецца, і наклікала тую прыгоду, што здарыцца са мной у пераднавагоднім Полацку: вызваліўшыся ад дзіўнай сілы над людзьмі, я сама патраплю ў пастку. Але яшчэ нічога не ведаючы пра небяспеку гэтых першых радкоў, я набірала ў букінісце стос доўгачаканых кніг і ехала ў свой пакойчык у Лошыцы. У тыя дні я канчаткова развітвалася з магіяй, хай сабе і стыхійнай. І пераходзіла ў свет духаў.

У свеце духаў я шукала тую, ад чыйго імя я змагу напісаць кнігу. Кагосьці безразважнага і даверлівага. Трошкі неўважлівага. Няўпэўненага ў сабе і негрунтоўнага. Свайго антыпода. Чалавека, які, не вагаючыся, паддаваўся б чужой сіле. І мог бы прамаўляць тое, на што я — зухаватая і рашучая — была не здатная.

І вось у той самы час, калі я — смелая і адважная — у поўнай асалодзе, на раніцу пасля свайго першага Новага году ў Менску, разбіралася з ідэямі Ніцшэ, седзячы ў сваім здымным пакойчыку, абклаўшыся яго “Эсэ Хомо”, “Заратустрам” і “Па той бок дабра і зла”, зазваніў тэлефон. Сіплы старэчы голас сказаў мне тыя злавесныя словы пра блізкую смерць — “году не міне, а цябе ўжо не будзе на свеце” — і ўпершыню ў жыцці нешта надламілася ў мяне ўнутры: мне стала страшна.

Пазней я доўга разважала пра прыроду гэтага страху: чаму менавіта гэты праклён так мяне напалохаў — калі раней я сутыкалася штодня з нашмат горшым, і толькі смяялася з таго?

Цяпер я разумею: правільней было б спытаць — ці мяне ён насамрэч напалохаў? Ці, можа, я ўсяго толькі прыкіпела да свайго антыпода і ўпусціла ў сябе яе страхі? Ці — дакладней — навучылася бачыць у тых пагрозах сляды, што прывядуць мяне да яе — той, якая баіцца. А яна мне і была патрэбная. Каб дапісаць кнігу.

Магчыма, праклён — усяго толькі памылка, нехта проста пераблытаў нумар. Але што калі нехта і праўду помсціў мне? “Кінуты бумеранг даганяе”. Я кідала столькі бумерангаў за свае шчаслівыя гады маладосці ў Берасці — што і не пералічыць. Бо не была рахманай. Толькі ў каго я пацэліла? За цэлы год я так гэтага і не прыгадала. Але яшчэ менш я разумела іншае: адкуль ува мне ўзышоў і ўзбадыліўся гэты страх — які пераходзіў па начах у вусціш — і ад якога прадчуванне канца з набліжэннем Новага году толькі нарастала?

У такіх роздумах мінуў амаль увесь год. І калі заставалася ўсяго тры дні да канца году — і праклёну — мае нервы не вытрымалі: ахілёная забабоннай панікай, я дала лататы ў Полацак. Мне заставалася тры дні — да доўгачаканых курантаў, да новага жыцця, да выратавання. І ў Полацку, у гасцях у цёці і дзядзі, я спадзявалася пераседзець сваю смерць — прамінуць яе незаўважанай — і ўсплысці ўжо ў новым годзе, у якім будуць новыя законы і новыя прароцтвы.

Вы спытаеце: хто гэтая старая, што так бязлітасна мяне пракляла? А я вам скажу — пачакайце. Я буду адпомшчаная — і гэта галоўнае. А тады, калі я прыехала ў Полацак, я і сама яшчэ нічога не ведала. Толькі прадчувала немінучую барацьбу ўсімі сваімі нацятымі нервамі — нацятымі, як высыхлыя пялёсткі астраў у заснежаным полацкім садзе.

Гэтымі ж нервамі я адчула, што ў зеленаватай калідорнай паўцемры ўніверсітэту акрамя мяне ёсць нехта яшчэ.


Частка пятая. Інтэлектуальныя оргіі

Зялёныя фіранкі калідора скажалі звычную рэчаіснасць: каляровыя цені на падлозе, святло ліхтароў, што прабівалася сюды ўзорамі, і краявіды, якія адкрываліся адсюль. З вокнаў была відаць Дзвіна, накрытая бронзавым снегам. Здавалася, яна дыхала — берагі жылі сваім жыццем, завіваў вецер і ганяў над ракой шэрую кудасу. На гары стаяў Сафійскі сабор — і я падумала, што абавязкова ў апошні дзень гэтага злашчаснага году, у нядзелю, пайду туды паслухаць арган. Мне мусова было пачуць Баха, каб захаваць сіметрыю ў сваіх эмоцыях. Каб вярнуць сабе раўнавагу.

Я прыгледзелася ў зеленаватую паўцемру калідора: недалёка ад кабінета цёці стаялі дзве кабеты. Адна з іх была высокая і зграбная, на тонкіх абцасах, з пышнымі каштанавымі валасамі, другая ж выглядала як стары самотны панк: агрузлая, хаця і станістая, яна была апранутая ў пацёрты швэдар з кароткімі рукавамі, дутую камізэльку і шырокія штруксы. Неахайна раскіданыя па плячах светлыя валасы і кручаны-перакручаны мяты шалік на шыі дадавалі ёй нейкай адчайнай роспачы. Выдавала на тое, што яны спрачаліся, але неяк ціха і артыстычна. Адзінае, што я пачула, быў амаль паэтычны радок: “Сустрэча блізкая, як ніколі”. Я паглядзела далей — у амаль поўную цемру калідора — і сама сабе адзначыла: за імі і за мной з другога канца калідора сачыў нехта чацвёрты. Здаецца, гэта быў мужчына. І ён быў рыжым.

Каб дачакацца, пакуль яны сыдуць — бо не хацела трапляць ім на вочы — я падышла да люстэрка ў холе, дастала смірну, якую вазіла з сабой, і, удыхаючы яе вабны, але злавесны водар, забылася на нейкае імгненне. Я адчула, як моцна за гэтыя дні зраслася з той другой, якая ўмее баяцца. І што цяпер я мушу яе сустрэць наяве. Я зірнула ў люстэрка і згадала чыюсьці думку пра тое, што мы ў гэтым свеце — усяго толькі люстраны адбітак. Нешта іншае ў нас, акрамя нас саміх, мусіць быць сапраўдным. І вечным. У самой думцы мусіла быць нейкая лагічная памылка, адчула я, але дадумаць гэту думку да канца не паспела: нехта падышоў да мяне ззаду. Гэта была тая самая кабета з распатланымі светлымі валасамі, што спрачалася з прыгажуняй на калідоры. Мы сустрэліся вачыма ў люстэрку.

— Ну нарэшце, — ціха прамовіла кабета, зазіраючы ў адбітак маіх вачэй у люстэрку.

— Што — нарэшце? — не зразумела я.

— Такі прыемны водар, — паказала яна на бутэлечку — і яе голас здаўся мне надзвычай знаёмым і трывожным, але адразу прыгадаць яго я не магла.

— Забірайце, — паставіла я смірну на падвоканне і ўжо была заспяшалася прэч, але ў гэты момант за сценкай раздаўся незвычайны шум. Мы разам прыслухаліся — за сценкай відавочна нехта хрыпеў.

— Нехта стары, — здагадалася я.

— Вельмі стары, — пацвердзіла кабета — але зусім пры гэтым не здзівіўшыся.

Мяне ж здзівіла тое, што на нас з калідорнай паўцемры глядзела прыяцелька гэтай кабеты — цёмнавалосая прыгажуня, але так і не наважылася падысці бліжэй. Ды я і не хацела ўступаць у доўгія размовы, а таму, нічога больш не сказаўшы, сышла.

Я паднялася па бакавой лесвіцы, каб павітацца з галавой Сакрата, што стаяла між двума паверхамі. “Ведаю, што нічога не ведаю,” — прашаптала я. “І згодная, што памру найдурнейшай. Не пярэчу,” — замірылася я адразу з галавой. Каб не паўтарыць шлях гордага філосафа. Каб і мяне не судасіла тая ж пляга пыхлівага мудрыка.

Я наагул нічога паўтараць не хацела. І ў гэтым — інтрыга маёй гісторыі. У той снежань я ратавалася не толькі ад напрарочанай смерці, але і ад чужых гісторый. Мне здавалася, што я так шмат узяла на сябе, калі абяцала цуды і апляталася чужымі жаданнямі і мроямі, насычалася сваёй уладай над зачараванымі, што цяпер гэтыя мроі пачнуць рыфмавацца з маім жыццём. Яны ўсмакталіся ў маю будучыню — як атрамант у прамакальную паперу: і вызваліцца ад іх можна будзе, толькі заглушыўшы чужы шум сваёй мелодыяй. Адкупіцца ад іх можна — даўшы волю тым духам, што стукаліся сюды, да мяне. А каб іх пачуць, мне была патрэбная поўная цішыня. Без адзінай чужой кнігі. Без адзінага чужога радка.

У мяне была ўнутраная перакананасць у тыя дні, што калі я прачытаю яшчэ хаця б адзін чужы радок — у галаве маёй не застанецца месца ні для адной уласнай думкі. Кнігі сыпаліся на мяне за той год у Менску навалай, я праглынала ўсё, што іншыя прачыталі раней, але кожная кніга выцягвала за сабой наступную і, каб дабрацца да сутнасці, трэба было разыходзіцца тысячамі сцежак ад кожнага аўтара, і жыццё маё, у здымным пакойчыку ў Лошыцы, пачало нагадваць інтэлектуальную оргію.

— А я стамілася ад оргій, — пажалілася я цёці, калі нарэшце прабралася ў яе кабінет.

— Выпі кавы, — пяшчотна сказала яна, дастаючы дзве парцалянавыя філіжанкі з тонкімі блакітнымі ўзорамі.

Я расказала, пакуль кіпеў чайнік, пра тое, што спадзяюся ў Полацку вярнуцца зноў да сэнсоўнасці. Я пачала здалёк. За гэтыя некалькі пераднавагодніх дзён я мусіла,— казала я цёці, — набрыняць жаданым тонам раз і назаўсёды. Я прыехала сюды, каб сесці і дапісаць нарэшце сваю кнігу — раман пра паэтку, якая яшчэ не напісала ні аднаго верша, і якая штосілы прагне вызваліцца ад падступнай магіі — улады над людзьмі. А мінулае яе пераследуе.

— Але не толькі для гэтага, — здагадалася цёця.


Частка шостая. За кавай

Я ўздыхнула. Я ўжо гатовая была прызнацца ў галоўным — расказаць пра праклён і пра тое, што ён са мной зрабіў, бо дзеля гэтага я сюды і ехала — але чамусьці не наважылася. Замест гэтага я загаварыла пра сваю даўнюю крыўду:

— Ім не спадабаліся мае вершы.

Вось яно — што магло б выбіць мяне з жыцця і прывезці сюды — у полацкія сумёты. З рэдакцыі прыслалі кароткі адказ на вершы: мне параілі іх больш не пісаць, і паспрабаваць сябе ў прозе. Я чаплялася за гісторыю з вершамі — бо хацела адцягнуць размову пра блізкую смерць і ўцёкі ад праклёну. Цёцю, здаецца, гэтае прызнанне не ўзрушыла. Яна моўчкі наліла кавы і спытала, пра што былі мае вершы.

— Пра estrangement legitime, — горда адказала я.

— Пра лесбіянак? — чамусьці перапытала цёця. У яе голасе не было чуваць ні каліўца астуды — хутчэй, цікаўнасць і здагадка.

— Пра перамогі і паразы, — разгублена адказала я. На гэта цёця толькі задуменна выдыхнула і паказала на стол, нібыта тым яна мне нешта хацела патлумачыць. На стале ў яе ляжаў том Персі Бішы Шэлі, альбом невядомага мне мастака і аркуш паперы з нейкімі малюнкамі і надпісамі. Кнігу, як патлумачыла цёця, нехта замовіў на міжбібліятэчны абанемент з Менску, а яна па памылцы прыйшла на факультэт. Цёця не ўтрымалася і зачыталася Шэлі. На аркушы мне ўдалося разабраць толькі: “Сустрэча блізкая, як ніколі”. Тыя самыя словы, што я ўжо пачула на калідоры. “Што гэта?” — здзівілася я. “Лекцыя,” — цёця чамусьці сцішыла голас і прызналася, што ў гэтым семестры яна чытала гісторыю літаратуры — і цяпер яе лекцыі набліжаліся да часу духаў і жарсцяў — позніх рамантыкаў, якія ўжо паспелі пахаваць сваіх сяброў, а гэта значыла, што цяпер ім было ад каго пачуць пра пераход.

— Які пераход? — асцярожна спытала я цёцю і звярнула ўвагу на яе гэст: яна цёрла камень на сваім пярсцёнку. І яшчэ — я адзначыла — пярсцёнак яна надзела на ўказальны палец. Так, як надзяваюць маленькія дзяўчаты — відавочна, каб пярсцёнак быў усім бачны.

— Пераход на той бок. У нябачны свет.

— І ім што-небудзь перадалі — адтуль?

— Перадалі, — адказала цёця. — Вечнага пакарання няма.

Кава ўжо ўвабралася ў свой самы памарочлівы пах — пах цынамону і зімовых вулак Львова, каляднага вечара і блізкага шчасця. Але мы не спяшаліся яе каштаваць.

Цёця адхінула фіранкі і, гледзячы ў вакно, чамусьці сказала: “І гэта суцяшае, праўда?”

Я не магла глядзець у яе вочы ў той момант — так моцна яны гарэлі. Так моцна свяціла ў іх нейкая дзёрзкая думка. Я паглядзела на сцяну перад сабой — і пабачыла нешта новае, тое, чаго тут раней не было. Катану. Самурайскі меч.

— Што гэта? — моўчкі спытала я.

Цёця нічога не адказала. Яна акуратна — нібы выконваючы рытуал — зняла меч са сцяны і павольна намалявала ў паветры нейкі гіерогліф.

Я падумала, што жыццё дэкана і напраўду няпростае. Цёця ж, не апускаючы мяча, працягвала размову:

— І што менавіта ты не можаш дапісаць у сваёй кнізе, пакуль не апусцішся ў глыбіні? — спытала мяне яна, весела паглядаючы на нешта за вакном.

Я расказала пра чатыры пераплеценыя гісторыі ў сваім рамане, якія мусяць быць расказаныя адначасова — настолькі яны ўсмакталіся адна ў адну. Але наўрад ці хтонебудзь патрапіць расчытаць усе чатыры адразу. Ды калі іх расплесці і распавесці паасобку— усё будзе марна. Тады ўсё разваліцца.

— А навошта табе іх расплятаць? — шчыра здзівілася цёця.

— Хіба можна распавесці чатыры гісторыі адначасова і захаваць яснасць? — прастагнала я.

— Яснасць можна захаваць пры любых раскладах, — аж неяк занадта ўпэўнена ўсміхнулася цёця.

— Таму што няма вечнага пакарання?

— Таму што ёсць кава, — адказала цёця і нарэшце з усяе моцы махнула мячом. Меч глуха стукнуў аб яе працоўны стол, і дзясяткі папер падняліся адначасова ў паветра, каб пасля акуратна апусціцца ў два роўны стосікі. Было відаць: цёця ўжо даўна практыкавалася.

І вось цяпер — адчула я — самы латвы момант, каб загаварыць пра праклён. Я прыехала менавіта да цёці, бо ведала, што яна ў такіх пытаннях знаецца: калі яна, яшчэ зусім маладая, першы раз сама паехала на нашу гістарычную радзіму — на Галыччыну — тамтэйшая знахарка прызнала яе за сваю. Цёця пасмяялася і адмахнулася. І на гэтым, нібыта, скончылася вядзьмарская гісторыя цёці. Так гаворыць сямейная легенда, што скончылася. Я ж падазраю, што з гэтага ўсё толькі пачалося.


Частка сёмая. Блытаючы сляды

Многае ў цёці мне падаецца падазроным. Найперш, яе паводзіны з кнігамі. Нармальны савецкі чалавек не мог прачытаць столькі, колькі чытала яна за суткі, зачыніўшыся ў сваім пакойчыку, калі была яшчэ студэнткай. Усе ў сям’і ганарыліся ёй і не задаваліся лішнімі пытаннямі — як яна гэта робіць. У адной у мяне тады закралася сумненне — а што, падумала я, калі цёця гэтыя кнігі зусім не чытае, а сілай думкі ахоплівае ўсе сэнсы адразу, усяго толькі паглядзеўшы на іх? Я, тады яшчэ дашкольніца, пачала падазраваць, што змест кнігі цёця ведае, яшчэ не адгарнуўшы яе. А ў пакоі яна зачынялася толькі для блізіру, каб мы ні пра што не здагадаліся. Вось і цяпер, калі праз яе рукі праходзяць цэлыя плыні кніг, яна патрымае-патрымае іх у руках — праўда, вельмі пяшчотна — пасля адкладзе ў бок — а на наступны дзень ужо будзе ў дэталях расказваць пра гэтыя кнігі ў сваёй лекцыі.

Дзіўнай у цёці падавалася мне і яе манера дарыць падарункі. Яна даставала іх заўсёды з левай кішэні — і я часам не магла паверыць сваім вачам: як карціна, слоік мёду ці гліняны анёл, удвая ці ўтрая большыя за памер кішэні, маглі туды змясціцца.

Дзівіла мяне ў цёці яшчэ і тое, што яна, маючы такія схільнасці, не захацела пайсці далей — і авалодаць самай запаветнай, недасяжнай для іншых мудрасцю. Але аднойчы я здагадалася: цёця захацела. І нават прайшла вельмі далёка да гэтай самай мудрасці — ды там, унутры, яе нешта напалоха. І спыніла. Напалохала настолькі, што яна захацела схавацца ад такой рэчаіснасці, дзе ўсё можна перайначыць. Яна ўцякала з рэчаіснасці — нібы нехта бег адтуль за ёй — і шукала спосаб заблытаць за сабой сляды. Так цёця патрапіла ў кіно.

— Што возьмем дадому на вечар? — спытала яна, паказваючы на паліцы, застаўленыя дыскамі з малавядомымі мне фільмамі.

Цёця апекавалася клубам кіназнаўцаў універсітэту, і тут у яе была свая фільматэка. Штораз, калі я прыязджала да яе на выходныя, мы бралі нешта з гэтых фільмаў дадому паглядзець разам. Я прысела, каб агледзецца і выбраць: тут, сярод паліц з дыскамі, і праўду можна было схавацца.

У кіно цёця патрапіла пасля ўніверсітэту. Фармальна яна вучылася ў аспірантуры і пісала дысертацыю па кіназнаўстве — а таму, нібыта, і мусіла праводзіць большасць дзён у кінатэатрах. Насамрэч яна ў кінатэатрах хавалася. Там яна магла жыць у зусім іншых парадках. І не мець над імі ўлады. Яна глядзела самых дзіўных рэжысераў — і перажывала гэта як цуд, як фокус штукара — з радасным дзіцячым захапленнем. Аднойчы яна павяла мяне ў музей кіно, яна гаварыла рознымі галасамі, праводзячы мяне ад рэжысера да рэжысера, але калі я задавала пытанне — яна задумвалася, крыху збітая маёй інтанацыяй, і нічога не адказвала. Нібыта гаворка ішла не аб тым. Зусім не аб мастацтве. І тады я здагадалася: цёця так яшчэ і не выбралася з лабірынтаў кіно. І ёй там вельмі ўтульна.

Гэта мяне і спыніла цяпер: як жа ёй расказаць пра праклён і мае ўцёкі, калі сама яна — хаваецца?

— А што ты глядзіш цяпер? — спытала я бадзёра, каб не спакушаць саму сябе на гэтую цяжкую размову.

— Гляджу? — здзівілася цёця, крыху спалохана. — Кіно я ўжо тыдзень не гляджу — я рыхтуюся. — І моўчкі паглядзеўшы мне ў вочы, павольна прамовіла: — Да нас едуць маладыя літаратары.


Частка восьмая. У бібліятэцы труп

На факультэце мусіў адбыцца фінал конкурсу маладых літаратараў. Напярэдадні Новага году сямёра фіналістаў прыедуць на семінары і літаратурныя чытанні сюды, на бераг Дзвіны — і будуць чытаць свае трымценнікі.

— Трымценнікі? — не паверыла я.

— Так, конкурс быў прысвечаны страшнаму, і маладыя літаратары, у асноўным, дасылалі сюды гісторыі жахаў.

— Ты іх чытала?

— Чытала.

— І як? — мяне гэта чамусьці ўзбадыліла і развесяліла, і я спадзявалася, тут і цяпер, на некалькі страшных гісторый, каб забыць пра свой страх. А таленавіта палохацца я ёй й ўмела.

— Страшна — амаль усе яны адбываюцца ў Полацкіх лёхах ці на нашым факультэце, а напрыканцы факультэт і лёхі альбо спальваюць, альбо насяляюць цмокамі, альбо заліваюць Дзвіной, — сур’ёзна адказала цёця і апусціла вочы, нібы даючы знак: пра гэта лепш і не распытваць. “І яшчэ, — нібы папярэджвала мяне цёця, што не ўсё так зацугляна, як мне можа падавацца звонку, — сёння зранку ўжо прыехалі сябры журы. Прыехалі — і разбрыліся па факультэце. Іх немагчыма сабраць разам нават на абед —яны не размаўляюць паміж сабой,” — апошняе цёця сказала павольна і сцішана, а пасля пачала смяяцца, неяк стомлена і зацята. Пакуль не праступілі слёзы. Мне нават здалося, што смяецца яна з чагосьці іншага — ад нейкай безнадзейнасці.

— Не размаўляюць? — не паверыла я. Яна раптам зашаптала хутка і ўжо не так весела: “Не ўяўляю, як яны будуць выбіраць пераможцу — у іх зусім розныя густы. Адна — феміністка, Ганна Куліч. Другая — каталіцкая паэтка, Караліна Шыманоўская. Трэцяя, Радаслава Журовіч, піша ў паганскай традыцыі, хаця даўно ўжо нічога зусім і не піша. Чацвёрты — аўтар беларускіх дэтэктываў Віталь Глебка, уважліва сочыць за ўсімі трыма і ўвесь час нешта запісвае ў свой нататнік — што б хто пры ім ні сказаў”.

Я чамусьці не здзівілася такой расстаноўцы пазіцый. Здзівіла мяне ў словах цёці іншае — імёны гэтых крытыкаў і літаратараў. Я ўжо не першы год была ў беларускай літаратуры, чытала больш-менш рэгулярна некалькі літаратурных часопісаў, трапляла на літаратурныя вечары і чула безліч гісторый пра літаратурныя колы — але ні разу не чула імёнаў гэтых сябраў журы. І я ніколі не бачыла кніг пад аўтарствам хаця б каго з іх. Але, з іншага боку, ці трэба мне тлумачыць, што такое літаратурны канон? І што ў Беларусі іх прынамсі чатыры — а, значыць, цалкам верагодна, што адзін з гэтых канонаў я выпадкова прамінаю, а яго аўтары — прамінаюць мяне, і, магчыма, недзе побач са мной у менскіх кавярнях сядзіць і піша свой метафізічны дэтэктыў іншая Наталка, вось толькі надрукуе яна яго ў зусім невядомым мне выдавецтве, прадаваць яго будуць у кнігарнях, у якія я не заходжу, а абмяркоўваць — людзі, пра якіх я ніколі ў жыцці не чула. І нам наканавана было б ніколі не сустрэцца, ды толькі я наважылася перахітрыць свой лёс і, уцёкшы ў Полацак на тыя тры пераднавагоднія дні, пераблытала карме ўсе яе карты — і хто ведае, каго я цяпер толькі ні сустрэну і ўва што толькі ні ўблытаюся?

Пакаштаваўшы кавы, мы вырашылі пагадаць на гушчы, але не паспелі: толькі мы зрабілі па каўтку, як раптам па шыбах ударыла хваля дэцыбелаў: аднекуль з дворыка данеслася “Gaudeamus igitur”.

— Што гэта? — прысела я ад нечаканасці.

— Гадзіннік, — прадставіла цёця. І тут ва ўсім корпусе адключылася святло. Мы падхапіліся — цёця выбегла ў калідор, я ж падышла да вакна: ад снегу на вуліцы было святлей, чым у кабінеце. Сходы ўжо нехта пачысціў і на іх наноў па адной лягалі сняжынкі і нешта ў сабе закалыхвалі. Нешта такое, што развіхнула іх там, у аблоках, і прымусіла ляцець сюды, гойсаць у паветры, глядзець на нас. У такі шэра-сіні вечар, калі ад ракі цягне стылы вецер, нікуды не хочацца выходзіць — і я б з радасцю праседзела тут цэлы вечар, — падумала я. На вуліцы сапраўды нікога не было: і раптам — нехта выскачыў з вакна насупраць і пабег да ракі. Мне здалося, што выскачыў сіні звер — тыгар ці ягуар — і ў яго незвычайна гралі цягліцы па ўсім целе. Але гэта мог быць эфект ліхтара. І ён мог быць абсалютна рыжым. Вось тады я, здаецца, намацала правільны тон. Для гэтага воўчага месяца і настрою зажуранай смугі. Для свайго раману. Мне раптам здалося, што праклён, які вісіць нада мною — нечалавечы. Нейкая ірацыянальная сіла віравала вакол мяне і не хацела адпускаць. За што яна помсціла — я не магла ведаць, але калі я патрапляла вось у такія станы, як цяпер, мне здавалася: я набліжаюся да разгадкі. Я патрапіла ў гэты стан, калі спыняецца час, ці надыходзіць вялікі час і табе адкрываюцца многія ідэі, і паспрабавала ўявіць, як я пачну свой раман: “Дарога ў Полацак была цёмная ад гонкіх чорных ялін. Цёмная, і таму цяжка

было разабраць, хто імчаў па ёй разам з намі — сінія тыгры, прывіды ці ўсяго толькі снежныя ўзоры…”, але ў гэты момант святло зноў запалілася. Вярнулася цёця. Згарэлі пробкі, — патлумачыла яна, нешта прыгадваючы.

— Дапі сваю каву, — працягнула я кубак, ды раптам з грохатам разнасцежыліся дзверы і я ад нечаканасці выраніла філіжанку. Карычневая пляма расплывалася па двух тамах Персі Бішы Шэлі, цёця выглядала нешта ў малюнку гушчы, а чалавек у дзвярах пракрычаў:

— У бібліятэцы труп!


Частка дзявятая. На яе месцы мусіла быць я

Калі мы зайшлі ў бібліятэку, цяжка было пачуць ці пабачыць нешта ўцямнае: усе мітусліва перагаворваліся, спрабуючы зразумець, што адбылося. У залі было тлумна, і мяне пачынала ліхаманіць. Адзінае, што я магла разабраць выразна — гэта водар смірны. Густы водар ішоў аднекуль знізу. Я апусціла галаву — і пабачыла на падлозе тую самую кабету з калідора, якой я менш за поўгадзіны таму перадала сваю бутэлечку са смірнай. Яна ляжала выцягнуўшыся на падлозе, і яе непрычасаныя густыя валасы светлымі кудзёркамі, як быццам саванам, прыкрывалі яе твар і змейкамі распаўзаліся па бібліятэчнай кахлі.

Нехта адкінуў валасы з яе твару — і я пабачыла: упаўшы на нешта вострае, кабета рассекла сабе твар — ад рота да самай скроні. Дэкаратыўны ліхтар, які яна трымала ў руцэ, разбіўся на безліч аскепкаў — і як я ні паварочвала галаву, я так і не змагла прачытаць напісаныя на ім словы.

Я агледзелася: збор кніг звычайна дзейнічаў на мяне тэрапеўтычна. Кнігі супакойваюць. Нават адзін іх від. Але тым разам усё выглядала трывожна: фіранкі чырвонага колеру, цьмяная лямпачка высока пад столяй, поўны збор твораў Дастаеўскага. Калі я пабачыла гэты збор — нешта ўва мне перасмыкнулася. Я ведала: калі жыццё сутыкае мяне з Дастаеўскім — нешта кідае мяне ў роспач. Кожны раз, калі я чытала яго кнігі, я прыкіпала да яго раздраю так злашчасна, што губляла раўнавагу. Я не магла спыніцца — зачытвалася дастаеўшчынай, але ўсё брала надта блізка да сэрца. І ўшчэнт разгойдвала нервы. Настолькі, што злягала з хворымі нервамі на некалькі дзён — з тэмпературай, дэпрэсіяй і страшнымі прадчуваннямі. З трывожнасцю, якая прабіралася, здавалася, у кожную маю клетку. Вось і цяпер на мяне патыхнула чужымі жарсцямі — ад успамінаў пра яго кнігі, ад карціны, якую мы пабачылі ў бібліятэцы, ад скавытанняў завірухі за вакном, ад водару смірны. І мне здалося, што я станаўлюся закладніцай чыіхсьці змрочных мрояў, вязну ў немінучай знешняй бітве.

Мне стала млосна і трывожна — так, нібыта я ведала: мусіць здарыцца яшчэ нешта жахлівае.

— Сустрэча цяпер блізкая, як ніколі, — прыгадала я словы ахвяры і з жахам зразумела — на яе мейсцы мусіла быць я.


Частка дзясятая. Усплываючы на паверхню

Праз некалькі хвілін усе ўжо сабраліся ў бібліятэцы: старэнькая прафесарка, трое сябраў журы з Менску, лабарантка, універсітэцкі цясляр і мы з цёцяй. На падлозе ляжала цела светлавалосай камлюкаватай кабеты.

— Ганна Куліч — крытык з Менску, вядомая менская феміністка, што прыехала на конкурс у складзе журы, — прадставіла нам яе цёця. Агледзеўшы месца смерці, мы зразумелі, што нехта выбіў у яе з-пад ног драбіну, калі яна стаяла на самай апошняй прыступцы.

— Яна цягнулася па анталогію жаночага апавядання, — патлумачыў з веданнем справы аўтар дэтэктываў Віталь Глебка і паказаў нам на верхнюю паліцу, дзе не было іншых кніг акрамя той самай анталогіі. Я пагледзела на цела — яна, як растлумачыў усім пазней Віталь, перад смерцю паспела дапаўзці да паліц з кнігамі (і сапраўды — крывавы след цягнуўся за ёй па падлозе) і пальцам паказаць на кнігу. Нібыта пакідаючы знак, які падкажа нам, дзе шукаць забойцу. Усе нахіліліся прасачыць — на што паказвала нябожчыца. На ніжняй паліцы стаяла ўсяго адна кніга. “Франкенштайн” Мэры Шэлі.

Прафесарка шматзначна паглядзела на мяне: я ўсё яшчэ трымала аблітага кавай Шэлі.

— Але гэта Персі Бішы, — заспяшалася я нешта патлумачыць, ледзьве стрымліваючыся. Яна па-змоўніцку пахі

тала галавой і нічога не сказала: яна таксама сілілася суняць прыступ гістэрыкі. У гэты момант у залю зайшоў следчы і двое яго памочнікаў.

Я паспрабавала іх вачыма паглядзець на ўсіх прысутных: у далёкім куце, падалей ад цела, застыла ў вусцішы Караліна — каталіцкая паэтка з журы. У супрацьлеглым куце, ля вакна, горда выпрастаўшы спіну стаяла другая сябра журы, Рада, якая ўсім сваім выглядам паказвала, што яна ведае, каго мы маем падазраваць: скрыжаваўшы рукі на грудзях, яна спадылба глядзела на Караліну і нібы чакала, калі яе спытаюць, што яна пра ўсё гэта думала. Аўтар дэтэктываў — Віталь — не стаяў на месцы: ён хадзіў па перыметры бібліятэкі, за спінамі прысутных, і нешта занатоўваў. Ля цела мітусілася лабарантка: яна першая на яго натрапіла і цяпер па пятым коле пераказвала, як гэта было. Цясляр разглядаў зламаную драбіну і не глядзеў нікому ўвочы. Прафесарка з непрыхаванай цікаўнасцю разглядала следчага і яго памочнікаў: відаць было, што даверу яны ў яе не выклікалі.

І ў гэты момант я з сумам зразумела, што ўслываю на паверхню. Да плыткіх сэнсаў. Пакідаючы жаданы тон — інфернальнага падарожжа — там, на залатым дне. Куды можна патрапіць, толькі заглушыўшы ўсе чужыя шумы. Цяпер жа — я ведала — на паверхні, сярод звягу чужых жарсцяў, я патрапляю ў фантасмагорыю. І шкадаваць позна — тут, на паверхні, застаецца толькі смяяцца. Каб не было так балюча і безнадзейна.

Іншымі вачыма я паглядзела цяпер на цёцю — яна трымалася эфектна: стаяла ля вакна, глядзела на аблокі і пацірала пярсцёнак на ўказальным пальцы. “Толькі б яна зноў не ўявіла, што ўсё гэта — кіно”, — усміхнулася я, прыпусціўшы, што менавіта так цёця і развязвае ўсе задачы, якія жыццё ставіць перад дэканам.

— Знаёмцеся, — працягнула руку цёця, звяртаючыся да следчага, — гэта тыя самыя сябры журы.

— Мы знаёмыя, — далікатна перапыніў яе следчы.

Віталь пацвердзіў: менавіта следчы іх і сустрэў з цягніка. І ўважліва перагледзеў усе рэчы.

— Мусім быць пільнымі, — пацвердзіў следчы, зусім не збіты з тропу нашым здзіўленнем. — Значыць, сябры журы, — паважна расцягнуў ён, гледзячы на Раду, якая стаяла бліжэй за ўсё да яго. — Прыехалі спакушаць?

— Не спакушаць, а натхняць, — абурылася Рада.

— Спакушаць, — уздыхнуў ён. — Перацягваць у Менск, па адным. А пасля мы яшчэ дзівімся: куды яны ўсе пазнікалі?

— Яны выскокваюць праз вакно, — раптам пераможным тонам абвясціла цёця і адсунула гардзіны. Як Міс Марпл, якая, не выбіраючыся са свайго гароду, магла знайсці забойцу. Так і цёця цяпер — апярэдзіла ўсё следства і паказвала нам на канец ніткі, за які можна пацягнуць і разматаць гэты клубок. Следчы радасна заўважыў: вось і першыя падазраваныя. Мы ўсе падбеглі да вакна: з вокнаў супрацьлеглага крыла факультэта адзін за адным выскоквалі маладыя людзі.

— Гэта не падазраваныя, — заспяшалася прафесарка да вакна і затуліла перад намі гардзіны. — Гэта мой чацвёрты курс.

Усе вярнуліся да цела. І толькі цёця засталася стаяць ля вакна. Мне здалося, яна нешта лічыла.


Частка адзінаццатая. Пачынаючы з канца

Наступныя дзве гадзіны мы правялі ў кампаніі следчага і двух яго падначаленых. І вось што выходзіла: падчас забойства прафесарка чытала лекцыю, сябры журы былі разбегліся па розных кутах факультэта і сядзелі на самоце, зусім без аніякага алібі, яшчэ ў корпусе была лабарантка, якая акурат напярэдадні выйшла ў краму, і недзе ў іншым крыле факультэта — цясляр. І, зразумела, мы з цёцяй. Ні ў кога, акрамя прафесаркі, выходзіць, сапраўднага алібі не было — але следчы быў з Полацку, а тут манеры — на першым месцы: ён і віду не падаў, што падазрае кагосьці з нас — проста папрасіў пабыць яшчэ нейкі час побач з ім і нікуды не выходзіць.

Не ведаю, ці гралі вы калі-небудзь у мафію. Я — грала. Дажджыстым летнім полуднем у дзіцячым летніку “Зубраня”. Падчас фортак ва ўніверсітэце. На вечарынках. Але ў бібліятэцы над трупам — ніколі. У мяне ніколі не атрымлівалася правільна паказаць на мафію, у мяне наагул не атрымлівалася гуляць больш-менш па правілах — я іх не вельмі добра разумею. Так заўжды бывае, калі не даслухаеш, нешта прапусціш на самым пачатку — і ты ўжо назаўжды па-за правіламі. І вось тады, у бібліятэцы, мы ўсё адно што гулялі ў мафію — моўчкі зазіралі адно аднаму ў вочы, баючыся выдаць сябе нават самай нязначнай пераменай на твары, у той жа час шукаючы нейкія знакі на тварах іншых.

Мы стаялі так некалькі хвілін, нерухома, пакуль нарэшце прафесарка не падміргнула ў мой бок.

— Мне ён не падабаецца, — зашаптала яна сцішана: — Надта ўжо валасатыя ў яго рукі, — паказала яна на следчага і па-змоўніцку перапляла маю руку сваёй, — давядзецца самім даваць рады.

Яна падміргнула і аўтару дэтэктываў, Віталю Глебку, але той быў без акуляраў — і яе не зразумеў. Тады яна адшчыкнула кавалак ластыка і шпульнула акурат у ягоны карак.

— Індукцыя ці дэдукцыя? — з веданнем справы горача зашаптала яму на вуха прафесарка, калі той далучыўся да нас.

— Дэдукцыя, вядома, — паціраючы рукі ў радасным нецярпенні адказаў сябар журы, — у нас столькі слядоў. Вось пачнем хаця б з кніг.

— Але хіба гэта будзе не індукцыя? — здзівілася я. Сябар журы неяк стомлена паглядзеў на мяне і нічога не адказаў. У яго ўзросце такія пытанні могуць глыбока раніць.

— Я думаю, мы мусім пачынаць не з кніг, — уступіла я. — Што калі гэта чыстая выпадковаць, — гаварыла я, шчыльней прыціскаючы да сябе Шэлі. — Мы мусім пачынаць з канца. З матыву. Што атрымаў забойца? І каму смерць феміністкі магла быць выгаднай?

— Гаротная, — загаварыла прафесарка, нібыта і не слухаючы мяне, — яна так гераічна цягнулася да кніг, каб пра ўсё расказаць нам. І так адпакутавала за сваю карму.

— За якую карму? — не здагадваліся мы з аўтарам дэтэктываў.

— Як якую? Лесбіянскую, канечне, — горда выпрастала спіну прафесарка. У Віталя прыпадняліся бровы, але ён тут жа ўзяў сябе ў рукі. Я паглядзела на прафесарку: яна нешта яшчэ казала, але так ціха, толькі вусны варушыліся — ды я разабрала: — Лесбіянка-лесбіянка, — хітала галавой прафесарка, — і не яна адна, — шаптала старая і толькі локцем паказвала кудысьці ў бок.

У гэты самы час цёця, следчы і яго памочнікі слухалі паказанні лабаранткі, і мы, агаломшаныя здагадкай прафесаркі і не ведаючы, што яшчэ сказаць, падышлі да іх. Лабарантка ўжо акурат скончыла нейкі доўгі пасаж і — з загадкавым выразам на твары — выйшла. Пра што гэта яна? — спытаў сябар журы ў астатніх, што, відавочна, былі злёгку азадачаныя аповедам. Але ў Полацку манеры — на першым месцы, і ніхто адразу не сказаў, пра што гэта лабарантка і што яны падумалі пра яе. Следчы толькі коратка адрэзаў: “Пра праклён яцвягаў”.

— Якіх яшчэ яцвягаў? — спахмурнела Рада.

— Ух ты, — зноў, другі раз за гэты вечар, уздыхнуў з радасным нецярпеннем Віталь.

— Вы яшчэ не чулі, як яна расказвала нам пра ўніверсітэцкія лёхі і забытую ў іх мудрасць, — не вытрымала цёця. Аўтара дэтэктываў гэта чамусьці моцна ўразіла, ён нешта адзначыў сабе ў нататніку, а пасля пажадаў усім добрай ночы і, выйшаўшы, стхарыўся з таго боку дзвераў.

Мы яго бачылі.


Частка дванаццатая. Праклён яцвягаў

— Што за яцвягі? — прашаптаў Віталь, калі я, нікім не заўважаная, выскачыла на калідор і падышла да яго.

Мне, народжанай у Берасці, было крыўдна, што нашых яцвягаў яшчэ не ўсе ведаюць. “Плямёны гэта. Тыя самыя, што называлі сябе “крывымі вершнікамі”. Хаця я і не ўяўляю, чаму яны крыва ездзілі, мне прыемна лічыць іх сваімі продкамі,” — прызналася я Віталю.

— Ніякія не плямёны, — пачулі мы аднекуль з-за факультэцкай пальмы. Гэта была лабарантка: насцярожаная недаверам следства, яна вырашыла не сыходзіць адразу, а стхарыцца за вазончыкам, агледзецца ды прыслухацца: — Не плямёны гэта, а клас святароў, і крыва яны ездзілі, бо ведалі пра пасткі простых шляхоў. У іх нават тэорыя была пра выратавальны шлях убок альбо шлях, у якім сцежкі разбягаюцца ў розныя бакі — як жылкі на лісці клёну. Грэкі пасля натхніліся гэтай тэорыяй, дапрацавалі яе, але не дакладна перадалі на пісьме наш “клён” — вось і атрымалася ў іх тэорыя пра клінамэны.

— За што ж яны праклінаюць нас? — не зразумеў Віталь.

— За нашу заўчасную цікаўнасць. Мы ўвесь час думаем пра гэты свет, часам гаворым пра нябёсы. Але некаторых пачаў вабіць і той свет, — лабарантка паказала пальцам на падлогу.

— І яцвягам крыўдна? — спачувальна прашаптаў аўтар дэтэктываў.

— Ды не. У тым свеце затрымліваюцца несупакоеныя душы, тыя, хто наагул згубіў душу, альбо, як у нашым выпадку, там яшчэ могуць ахоўвацца тыя, хто ўцёк, а назад не паспеў вярнуцца. Вы ж ведаеце — цэлыя гарады часам перад небяспекай пад зямлю сыходзілі. І яны чакаюць там часу для свайго вяртання — спрыяльнага часу, калі можна будзе вынесці на свет захаваную веду.

— А некаторыя спрабуюць выцягнуць іх веду сюды, заўчасна, пакуль зямля яшчэ не гатовая да яе, і ўсё сапсаваць? — нарэшце зразумела я.

— Менавіта. Некаторых аж занадта вабіць той свет. Сваёй забытай мудрасцю. Якая можа даць нечаканую сілу — уладу над іншымі людзьмі. Іх гэта вабіць, і яны спрабуюць прашчыміцца і вынесці адтуль хаця б кавалачак забытай веды. Ад такіх яцвягі і бароняцца.

— Значыць, Ганна паквапілася на іх мудрасць? — здагадалася я.

— Паквапілася. Таму і памерла такой смерцю. Яе нібыта зрынулі. Прыцягнулі да сябе. З усёй моцы. Каб адсюль яна ўжо нічога не…

Лабарантка не паспела дагаварыць — яна падняла вочы і пабачыла: з расчыненых наросхрыст дзвераў у бібліятэку на яе страшна глядзела Рада. Лабарантка чамусьці спалатнела і спешна схавалася ў калідорнай цемры.

Я ж падумала: было б вельмі крыўдна, каб разгадка была такой. Містычнай. Мне хацелася, каб было — як у лепшых дэтэктывах свету. Мне хацелася прыватнага матыву. Жарсцяў і помсты за чалавечы ўчынак. Аж надта чалавечы.


Частка трынаццатая. Згублены момант

Трэці сябар журы — Караліна — сядзела ў каморцы, якой заканчвалася бібліятэчная заля, адна — ля вакна з расхінутымі фіранкамі.

— Я ведаю Ганну ўжо пятнаццаць год, — загаварыла Караліна першай, калі я падсела да яе, — мы пазнаёміліся на Дзядах. Мяне адразу ўразіў яе голас — такі лёгкі і нейкі няўлоўны. Але расказвала яна гэтым голасам зусім нечаканыя гісторыі — пра наша мінулае, пра подзвігі і перамогі, пра страхі, якім было ўжо па некалькі стагоддзяў. Тады яна была аточаная сябрамі. Увечары, калі мы сабраліся пасля мітынгу ў кагосьці дома, яна прызналася, што яе ўлюбёнай кнігай дзяцінства быў “Цімур і яго каманда”, — тут Караліна не вытрымала і гучна высмаркалася ў акуратную шаўковую хустачку. — Так яна і жыла — верачы ў сяброўтва. Упэўненая, што яе выратуюць з любой бяды. Упэўненая, што для яе здзейсняць цуд. Падставяць плячо — што б ні здарылася. Толькі ўсё гэта ў яе выходзіла неяк аднабакова. Верачы, што яе атачылі сябры і што яны паклапоцяцца пра яе — яна навучылася жыць непрыстасаванай. Адарванай ад усіх клопатаў. І сваіх, і чужых. Але сябры — таксама людзі, і яны сумуюць, калі пра іх не клапоцяцца.

Караліна змоўкла на хвіліну — было відаць, што гэтая старая крыўда разварушыла яе, і спыніцца ёй цяпер будзе цяжка. Яна заводзілася ў абразу і даставалася гістэрычных званочкаў у голасе.

Я ж разумела: Ганна і ёсць тая, каго я шукала. Знікомая ў жыцці і праяўленая кімсьці для мяне — пасля смерці. Той антыпод, чыім голасам я змагу расказаць гісторыю пра духаў, пра страшнае і пра кінутыя бумерангі. Гэта была яна — толькі як я магла наблізіцца да яе, цяпер, калі яна памерла.

— З часам засумавала і я — яе сяброўка, — працягвала ў гэты час Караліна. — І тады, праз год пяць пасля нашага знаёмства, яна пачала даліцца — пры гэтым не дакараючы ні словам. Проста сыходзіла ў сябе, ганарылася самотай, выстаўлялася самадастатковасцю. Замест таго, каб паклапаціцца пра тых, хто быў побач — яна прыдумала сабе нешта дзівацкае пра “помслівыя ногі”. Вымушаная дбаць сама пра сябе, без надзейных сяброў навокал, яна забараняла сабе нават марыць пра падарожжы, подзвігі і парыванні — яна больш не ездзіла далёка ад дому, не была за мяжой, не дазваляла сабе нават затрымлівацца ў цэнтры горада пасля васьмі вечара. І вось ад гэтага, нібыта, у яе пачалі балець ногі. Гэта была помста ног: за ўсе забароны і нерастрачанае жыццё.

— Як Русалачка, — прашаптала я, уражаная. — У яе быў голас, а ёй было гэтага мала.

— Так, — Караліна ўважліва паглядзела мне ў вочы і я зразумела: зараз яна прызнаецца ва ўсім. — І таму яна наважылася на гэтую сустрэчу, — павольна, выразна прамаўляючы кожнае слова, прашаптала Караліна і паглядзела кудысьці долу.

— Якую сустрэчу? — перапыніла я Караліну і адзначыла сабе, што яе гэта пытанне здзівіла.

Яна ж не паспела нічога патлумачыць — зайшла цёця сказаць, што мы можам вяртацца дадому, і момант быў згублены.


Частка чатырнаццатая. Горкі прысмак дакору

Па дарозе дадому тым вечарам мы з цёцяй маўчалі. Я думала пра незразумелую злашчасную для Ганны сустрэчу, пра русальчыны ногі і пра русальчын боль.

— Што гэта магла быць за сустрэча, пра якую Караліне нагадвала забітая? — нарэшце спытала я цёцю, калі мы прамінулі стары заснежаны ўніверсітэцкі сад.

Цёця засмяялася — крыху нервова, адзначыла я сама сабе — і сказала, што адзіная сустрэча, пра якую яна апошнімі часамі чытала — гэта сустрэча ў пераходзе.

— І яшчэ — папярэдзіла мяне цёця — нічога не расказвай пра сустрэчу прафесарцы.

— Чаму? — запыталася я. Цёця выдыхнула і штосьці замаўчала, а пасля — услых — дадала: — Каб марна не хваляваць. Такіх, як яна, мала. І нават не таму, што вы ўжо ніколі не прачытаеце столькі, колькі прачытала прафесарка. Бо вы не прытарнаваныя да такога. Ды гэта і не істотна — нават калі б прыдумалі спосаб загрузіць усе добрыя кнігі адразу вам у розум — гэта б не дапамагло. Вы ніколі не зробіце сваё сэрца такім.

— Якім?

— Складаным, і ў той жа час без лішняга росхрысту, — паспрабавала падабраць словы цёця, але бачна было, што гэта не ўсё. — Трэба доўга практыкавацца, каб зрабіць яго такім. Але калі гэта свядома рабіць і надта моцна прагнуць — усё роўна нічога не атрымаецца.

— Вы негрунтоўныя, — з нейкім дакорам скончыла цёця.

Што ў гэты момант здарылася, патлумачыць цяжка. Згадка, бы ток, працяла ўсё маё цела. Нехта, недзе мне ўжо казаў гэтыя словы. “Вы негрунтоўныя”. Нехта свой, з гэтага боку барыкадаў — таму і прысмак дакору быў асабліва горкі. Але хто гэта быў — цяпер я не магла прыгадаць. Замест гэтага я чамусьці паглядзела на свае ногі. І згадала рытм радка з “Адама Клакоцкага” пра чыстых прывідаў. І так мне і захацелася адказаць, як Францішак калісьці адказаў Багдану на закід пра тое, што яны ператварыліся ў чыстых прывідаў: мяне гэта цалкам задавальняе. Але хіба гэта не было б хлуснёй? Ці гэта мяне задавальняе — ніколі не быць да канца перакананай у чымсьці? Не магчы паглядзець шчыра і нецынічна хаця б на нешта ў жыцці — і паверыць у гэта ўсім сэрцам? У сяброўства. У вайну за празрыстасць. У геніяльнасць простай думкі.

Ці не для таго я прыехала сюды — каб навучыцца верыць ва ўсё гэта? І напісаць нарэшце свой раман. За размовай мы незаўважна дайшлі да дома са львамі — а адтуль ужо было вокам кінуць да дома цёці і дзядзі.


Частка пятнаццатая. Любімы дзядзя, які просіць забыць пра духаў

Дзядзя, фізік-практык, як ён сам сябе называў, ужо шмат год праводзіў свае даследаванні дома — на вялікім стале ў залі. Стол быў зацягнуты зялёным аксамітным абрусам, а пасярэдзіне на ім стаяла штосьці падобнае на лазер і нейкі празрысты камень. Дыямант, напэўна, вырашыла я сама для сябе. Яшчэ вельмі даўно — гадоў дваццаць таму, калі ўпершыню патрапіла ў гэтую кватэру.

— Ёсць чатыры агрэгатныя станы рэчываў, — патлумачыў мне тады дзядзя, калі я запыталася пра яго даследаванні, — вадкі, цвёрды, газападобны і плазменны. — Я спадзяюся вынайсці пяты.

І ўсе гэтыя дваццаць год, калі я прыязджала ў госці, я бачыла вялікі дыямант і лазер для эксперыментаў на стале ў вітальні. Дзядзя шукаў пяты стан рэчываў. А ў доме ад бясконцых эксперыментаў прыемна пахла вясной і надзеяй. Таму я вельмі здзівілася, калі зайшоўшы, не пабачыла ў залі гэтых прыладаў.

— Дык вы знайшлі пяты стан? — асцярожна спытала я дзядзю, шукаючы вачыма прыстасаванні для эксперыментаў.

— Анягож, — данеслася аднекуль з кухні. Я павярнулася да кухні, але ў гэты момант рыпнулі дзверы ў супрацьлеглым баку — у бібліятэку, і ў дзвярах паказаўся дзядзя.

На ім была шырокая шаўковая кашуля сіняга колеру. Як плашч чараўніка, — падумала я ў захапленні. Барада ж ягоная закручвалася кончыкам дагары — і выглядаў ён ад гэтага чыста як старажытны маг з персідскіх пустэльняў.

Дзядзя, нібы чытаючы мае думкі, прынес кубкі і сподачкі. Папрасіў пачакаць — і праз хвіліну на стале з’явіліся талеркі, на якіх панадна была раскладзена ўсякага роду дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў. Цёцю гэтае відовішча зусім, здавалася, не здзіўляла. Я ж, не падрыхтаваная да новай стадыі дзядзевых адкрыццяў, была моцна ўражаная.

Калі ж у дзядзі ў руках закрасавала бутэлька густога чырвонага віна, запарушаная пылам і плесню, — у мяне пацяклі слінкі і я пацягнула келіх да дзядзі.

— Налівай, — неяк падазрона бадзёра скамандавала цёця. — Мы будзем піць і, як у рамане, паступова п’янеючы, расказваць табе пра ўсё тое, пра што цвярозыя нервова маўчаць.

І тады цёця ўсё расказала дзядзю: і пра конкурс літаратараў, і пра чатырох сябраў журы, і пра труп у бібліятэцы, і нават пра першую версію следства — яцвяскую. Версія пра праклён яцвягаў моцна насмяшыла і цёцю і дзядзю. Кату забаўка, а мышцы згуба, — пракаўтнула я і не змагла нават усміхнуцца. Я надта добра ведала — што такое праклён. А ў такім месцы, у такі час, воўчым месяцам, здагадвалася я, можна было чакаць чаго заўгодна.

— Не будзем адразу адкідаць гэтую версію, толькі таму, што яна нам падаецца немагчымай, — сур’ёзна сказаў дзядзя, пабачыўшы, як я нервова скамячыла край абруса. — Але, — лагодней працягнуў ён, — табе і праўду варта вызваліцца ад абцугоў сляпой містыкі. Можа, упадзе яблык на галаву — і ты раптам нешта ўцяміш. А можа, ты так і памрэш — забабоннай і поўнай страхаў. Няясна. Цяпер лепш за ўсё пра гэта не думаць — лепш падумаць пра верагодныя версіі верагоднага следства.

— Па праўдзе, я нават хацела б, каб следства развязала гэтую гісторыю і высветліла, што забойца меў самыя зямныя, лагічныя, рацыянальныя і зразумелыя матывы, — сказала я. — Каб гэта было забойства дзеля спадчыны, як заўжды ў Агаты Крысці. Або каб гэта была самая звычайная рэўнасць — як у большасці спраў, якія вёў камісар Мегрэ. Каб абавязкова знайшлася істота з цела і крыві, якая саштурхнула Ганну з драбіны. Каб гэта не быў снежны прывід ці цень з мінулага, хай сабе і яцвяскага. Я вельмі гэтага хачу, але штосьці замінае мне ўсур’ёз разглядаць магчымыя версіі — смірна ў руцэ лесбіянкі, валасатыя рукі следчага ці трывожная ўсмешка прафесаркі — не ведаю, усё гэта адсоўвае рэчаіснасць далёка ад мяне — і дацягнуцца да яе цяпер немагчыма.

— Заўваж, ты ўжо выпіла пяць келіхаў віна, — усміхнулася цёця. — Чым болей келіхаў, тым далей рэчаіснасць — і ў гэтым мала містыкі.

На такую раптоўную рацыянальную заўвагу я чамусьці рассмяялася — мне стала нашмат лягчэй. Сцены памякчэлі — і я ўжо не баялася падаць у бязжальную зеўру свайго жыцця. Калі побач разумныя людзі, яны абавязкова знойдуць тлумачэнне ўсяму і спыняць гэтае падзенне.

Хаця мяне і збянтэжыла крыху тая інтанацыя, з якой цёця прамовіла слова містыка. Я ведала, што яна сур’ёзна ставіцца і да размоваў з духамі і да патайбочнага парадку — дык чаму ж яна збівалася на іронію, калі загаворвала пра такія рэчы? Гэтага я тады яшчэ не разумела. Гэта я пачынаю разумець толькі цяпер — калі сама спрабую расказаць гісторыю пра цені і прывіды з прошлага і паверыць сабе.

Я чамусьці зноў згадала Флэна О’Браяна і яго раман пра хлопца Міка, які гаворыць вар’яцкія размовы з Джойсам — праз год пятнаццаць пасля смерці апошняга — у бары, дзе непамерлы Джойс маскіруецца барменам. Толькі цяпер я зразумела ўвесь жарт О’Браяна: яны ж абодва ў бары і Мік пастаянна п’е — дык і ўсе праекты і гісторыі ажылага Джойса маглі быць яго п’яной фантазіяй. Мілы абсурд здымаў маску — і я, цяпер ужо зусім п’яная, на канапе ў полацкай вітальні, паціскала руку хуліганству шалёнага ірландца. Тут і цяпер — ён мне прадставіўся ў тым жа вобразе, толькі карцінка ўсяго рамана наблізілася і стала канкрэтная і яснай. Усё астатняе адступіла далей за сцены кватэры — і я, паспеўшы адзначыць, што ўвесь гэты год містычнага праклёну я і праўду шмат піла (і магчыма, разгадку трэба шукаць у гэтым), прыслухалася да размовы цёці і дзядзі.

Цёця падышла да следства з запалам — яна, як высветлілася, вынесла з бібліятэкі томік Мэры Шэлі і два тамы Персі Бішы Шэлі — і цяпер расклала іх на стале ды прапанавала вычытаць падказку, якую нам пакінула ахвяра.

Я рашуча адмовілася чытаць.

— Па-першае, я ачышчаю свядомасць і пазбягаю чужых літаратурных уплываў. А па-другое, я за дэдукцыю — мы мусім ісці ад матыва да забойцы, а не ад забойцы да матыва. Прапаную зразумець: за што яе забілі?

Тады цёця расказала дзядзю пра інтрыгу сёлетняга конкурсу. І пачала яна з сябраў журы: “Адна феміністка. Адна каталіцкая паэтка з вершамі пра кветкі дабра. Адна патрыётка, што піша ў паганскай традыцыі, — цёця загінала пры гэтым пальцы левай рукі. — І ўсе яны канцэптуальна варожыя. Кажуць, у іх былі скандалы і ў Менску, а ўжо тут, у Полацку, яны б да хрыпаты голасу адстойвалі свае густы і яшчэ невядома, ці скончыўся б конкурс мірна,” — выдыхнула цёця, пры гэтым пальцы на левай руцэ так і не растуліла — нібы хавала ў сціснутым кулаку нейкі сакрэт.

— А хто чацвёрты? — не даў сябе падмануць дзядзянавуковец.

— Чацвёрты? — перапытала здзіўленая цёця.

— Іх жа прыехала чатыры — сябраў журы?

— А, чацвёрты, — неахвотна прыгадала цёця, — аўтар дэтэктываў. Ну, ён ужо тут не да чаго, — пахітала яна ў адказ сваім думкам і схавала сціснуты кулак у кішэню.

Дзядзя ўважліва ўзважваў усё пачутае некалькі хвілін і нарэшце падсумаваў нашы сведчанні: на калідоры стаялі дзве кабеты, за імі пільнаваў рыжы хлопец, забітую ва ўніверсітэце ніхто не ведаў, акрамя сябраў журы і ўдзельнікаў, і толькі ў іх мог быць матыў. Але ўдзельнікаў яшчэ няма, — падвёў рысу дзядзя.

— Адзін ёсць, — падняла вочы цёця, — рыжы. Гэта наш студэнт — Міхал Галухоўскі, ён таксама выйшаў у фінал. Ён, о Божа, і мусіць быць нашым першым падазраваным, — падхапілася цёця. Дзядзя заўважыў, што спяшацца не варта і што ва ўсіх дэтэктывах самы відавочны падазраваны — ахвяра забойцы.

— Прыгадайце “Двайны грэх” Агаты Крысці, — пагадзілася я з дзядзем. — Забойца заблытвае следства, а значыць — пра рыжага хлопца ў калідоры, пра Міхала, трэба пакуль забыць.

Я падумала, што магчымасць была і ў цёці, яна ж выходзіла на калідор — даць рады са святлом, і акурат у тыя хвіліны была забітая Ганна. Але мне тут жа стала сорамна, і я сканцэнтравалася на сальцісоне, каб адагнаць гэтую думку. Змоўклі і цёця з дзядзем, занурыўшыся ў свае думкі.

Цёця ў гэты час — зварыўшы кавы — села за “Франкенштайна”. Я назірала за ёй і думала пра знакі, якія падкідае нам жыццё. Яны могуць напрарочыць нам нешта страшнае — і жыццё зменіцца ўжо ад аднаго толькі страху. А могуць і выратаваць. І я чамусьці расказала ім сваю даўнюю гісторыю пра тое, як сусвет гаворыць са мной здарэннямі і знакамі.

— Аднойчы на кніжнай выставе я затрымалася каля букініста, а ён мяне пытае: Хочаце дам вам кнігу, якая вас неўзабаве выратуе? Пры гэтым — ані намёка на дробнае жаданне падмануць. Мужчына суворы і задуменны. Дайце пагляджу, — кажа ён. Зазірае мне ў вочы. А пасля корпаецца ў кнігах, выбірае і працягвае — Андрэ Моруа “Лісты незнаёмай”. Гэта выглядае як запрашэнне ў Магічны тэатр. І яшчэ кошт — трынаццаць тысяч. Ну ўсё, — думаю я, — вось яна, містыка за паваротам. Пасля гэтага я прыходжу ў кавярню, бяру кавы і пачынаю чытаць гэтыя лісты. Адразу на першых старонках Моруа прыгадвае Поля Валеры. Ужо вельмі добра, — думаю я. Але дзе пасланне мне? І тут натрапляю на ліст пра карысць какецтва.

— Какецтва яшчэ нікога да дабра не даводзіла, — цяжка ўздыхнула цёця.

— Менавіта, вось над чым я даўно мусіла задумацца. Ясна, што ў Моруа ішлося пра дачыненні людзей. Але я падумала пра какецтва з жыццём. Я ж калісьці свядома адмовілася ад яго, — на гэта дзядзя моўчкі падняў келіх, салютуючы такое рашэнне. — Гэта была мая творчая канцэпцыя — не дражніць свет, каб ён мяне не злавіў. Я не затрымоўвалася на сваіх працах і больш за ўсё любіла падаваць заяву на звальненне. Больш за ўсё баялася, што свет паверыць, нібыта я гатовая застацца ў адной з яго масак. А цяпер вось — гэтая кніга на каленях і я думаю: ці, можа, насамрэч варта какетнічаць з жыцём? Што цяпер змянілася? Няўжо я цяпер хачу чагосьці ад жыцця настолькі, каб пагадзіцца на такую затху і нуду: рабіць выгляд, што стаць кімсьці — гэта напраўду так важна?

— І што — чагосьці праўду хочаш? — спагадліва запытаўся дзядзя.

— Не, зусім мне гэтага не хочацца, — глыбока ўздыхнула я.

— Толькі ці можна доўга пражыць так — калі ўсе знаёмыя і калегі думаюць, што ты ўсур’ёз, а ты ходзіш — з заявамі на звальненне ў сваім вялікім чорным заплечніку? — задуменна паглядзеў дзядзя на маю торбу. І на ўсякі выпадак удакладніў, дзе я цяпер працую.

Адказаць у чарговы раз, што я працую ва ўніверсітэце, я не паспела: у пакоі прагучаў сігнал смс-кі на маім тэлефоне. Я заспяшалася ў пакой, дастала тэлефон з торбы і адкрыла новае паведамленне.

Там было ўсяго адно слова: “Азірніся”.


Частка шаснаццатая. Дурному дурное сніцца

Калі я прачытала гэтую смс-ку, дасланую з нявызначанага нумару, у мяне схаладнелі рукі.

Перад вачыма адразу паўстала карціна падземнага свету, намаляваная лабаранткай. Несупакоеныя душы, што просяць іх не забываць. Просяць азірнуцца. І ў той жа час — караюць тых, хто набліжаецца надта блізка. Мне так і ўявілася вельмі старая кабета, у якой заместа валасоў — змеі: яна пільнуе выхад з падземнага свету, вабіць паглядзець на яе, падысці, запрашае зайсці да іх — не цурацца. І мужчына, які ўжо год дзевяцьсот сушыць сваю вечна вільготную падземную бараду ля вогнішча, у яе за спінай — а высушыць не можа. І адным сваім панурым позіркам астуджае ўсякую надзею на вяртанне.

І гэтыя двое цяпер зазіралі мне ў самую душу і нема крычалі азірнуцца. Але на што? — хацелася мне крыкнуць у адказ.

Пажадаўшы ўсім добрай ночы, я не пайшла спаць. Я села за пісьмовы стол і скінула вокам раскладзеныя на стале аркушы з занатоўкамі — я мелася дапісаць свой раман. Гэта быў адзіны спосаб прагнаць змрочныя думкі. Ды я не магла працягваць: мяне моцна бянтэжыў пачатак гісторыі пра паэтку, якая спрабуе вызваліць сваіх ахвяраў ад сваёй жа ўлады. Сама не разумею, чаму я выбрала пачаткам — спірытычны сеанс. Цяпер ён блытаў мне ўсе карты. І я не ведала, як вярнуцца да рэчаіснасці ў сваёй гісторыі. І да якой менавіта.

Стаміўшыся ад роздумаў над раманам, я заснула, і сон, які я пабачыла ў тую першую ноч у Полацку, усмактаў у сябе ўсё: трывогі мінулага году, пакуты забітай лесбіянкі, прадчуванне немінучага канца. Здавалася, ён разгарнуўся ў зеўру, якая ўвабрала ў сябе ўсе мае рэчаіснасці — і выбрацца цяпер з гэтага кашмару не было як і, самае жудаснае, не было куды.

Страшна нават апісваць. Я прысніла, што стаю ва ўніверсітэцкім калідоры, сама, каля галавы Сакрата. Мне неяк жудасна і трывожна — і я чакаю чагосьці страшнага. Зазіраю ў вочы галаве — думаю, можа, гэта яна мусіць ажыць і мяне напалохаць. Але небяспека мяне чакае з іншага боку: на лесвіцы стаіць Караліна — каталіцкая паэтка з журы. У яе на шыі — нітка сініх перлінаў. І кожная перліна — блішчыць-пераліваецца. І я спрабую палічыць іх, але збіваюся. Тады я дакранаюся да іх і, перабіраючы пальцамі, лічу. На трынаццатай перліне нітка рвецца і перліны ўроссып скачуць па сходах. Я спрабую сабраць іх, але наступаю на перліны, падварочваю нагу і падаю на сходы. Як Аліса, я доўга падаю кудысьці долу і нават думаю, што вось ён — канец. Толькі канца ніякага нідзе няма. Я мякка апускаюся на залатое дно цемры і бачу, як Караліна сядае каля мяне, гладзіць мае валасы і плача.

Я нават скрозь сон паспяваю адзначыць сабе, што яна надта блізка да мяне прытуляецца. Дакладна лесбіянка, — разумею я, дзівячыся празарлівасці прафесаркі. Ды раптам яна нахіляецца да майго вуха і шэпча мне такое, ад чаго дыханне займае. “Сустрэча цяпер блізкая, як ніколі — Ганна не змагла цябе правесці, я правяду, — кажа яна і кладзе мне руку на вусны, — пакляніся, што нікому не скажаш”.

Я адкрываю рот, каб паклясціся, але нічога сказаць не паспяваю — нечалавечая сіла выхоплівае Караліну з майго сну і сінімі лапамі валачэ кудысьці ў цемру.

— Я нікому не скажу, — шапчу я ў адказ Караліне, перш чым расплюшчыць вочы. А можа быць, я і крычу гэтыя словы — гэта ж кашмар і нехта ў ім меў сінія лапы. Хутчэй за ўсё, крычу, бо ў пакой прыбеглі перапалоханыя цёця і дзядзя.

— І ведаеце, што самае крыўднае? — сказала я цёці і дзядзі, калі запалілі святло і кашмар адступіў. — Самае крыўднае, што я абяцала Караліне нічога нікому не казаць — а тут жа вам усё і расказала. Што цяпер будзе?

Калі за цёцяй і дзядзем зачыніліся дзверы, мне здалося, што я пачула “Дурному дурное сніцца”.


Частка сямнаццатая. Цёцін метад

30 снежня

Стоячы пад душам уранку я спрабавала не думаць ані пра свой сон, ані пра ўчорашнюю смс-ку, і з усяе сілы канцэнтравалася на падзеях недапісанага раману. Ён быў пра маладосць. Пра маладую паэтку, якая больш не хоча карыстацца сваёй уладай. Я таксама была маладая. І паэтка. І нейкая з бясконцых маіх перамог вярталася цяпер — на шалёнай хуткасці — вусцішным бумерангам. “Маладосці пісаць пра маладосць — сама менш, безгустоўна,” — прыгадала я словы з “Доктара Фаўстуса”.

Але што з таго — што безгустоўна?

Ці ўсё ж — даверыцца парадку і рацэям яснага розуму такіх, як Адрыян Леверкюн? Пайсці яго сцежкай, памятаючы, што творчасць рызыкуе вычарпацца — і толькі гэты падораны ясна кім парадак гарантуе парыванні і азарэнні?

— Незразумелы парадак страшнейшы за хаос, — паўтарыла я некалькі разоў як мантру, каб супакоіць сябе і зноў выцерабіцца на сваю сцежку. Дзе ўсё было няясна, але сэнсы заўжды былі побач. Сляды багоў яшчэ праглядаліся на зацярушаных снегам сцежках. Дзе пахла кавай і надзеяй.

Кава мяне ўжо чакала ў залі на вялікім стале пад нізкай кітайскай жырандоляй, калі я выйшла з душу. Надзеі на спакойны зацішны дзень не было ніякай.

Цёця, сабраная і задуменная, сядзела ў фатэлі ля акварыюма з рыбкамі і нібыта з імі размаўляла. Калі я села і яна пасунула бліжэй да мяне сподачак з гарачымі тостамі, я заўважыла, што рукі ў яе дробна трусяцца. І тады я звярнула ўвагу на яе вочы — яны былі чырвоныя, як быццам ад бяссоннай ночы.

— Ты што — прачытала ўсю кнігу за нач? — не паверыла я.

— Я прачытала яе звечара, — далікатна ўдакладніла цёця, — а далей я ўсё ўзважвала.

Цёця зноў пакруціла на ўказальным пальцы пярсцёнак з блакітным каменем, у якім ранішні промень свяціўся глыбей, чым можна было сабе ўявіць. І чамусьці спытала: “Ты верыш у тое, што мастацтва можа быць усяго толькі гульнёй спалучэнняў?”

— Не, — катэгарычна адказала я, упіўшыся вуснамі ў сакавітую хурму.

— І я не веру, — пагадзілася цёця, з асцярогай гледзячы на тое, як я заглынала рэшту вялікага фрукта. — Мастацтва невычэрпнае, каб залежаць ад выпадковасцяў. Але ў нашым дэтэктыве надта шмат выпадковых супадзенняў.

— Думаеш, пакуль Ганна памірала, яна паспела прыгадаць сюжэт рамана, правесці паралель са сваім забойствам і яшчэ даўмецца паказаць нам на гэты раман як на ўліку?

— Не, — катэгарычна пахітала галавой цёця. — Я думаю, што на якую б кнігу Ганна ні паказала, мы б і там змаглі расчытаць намёк на верагоднага забойцу. Вось толькі наш дэтэктыў — не літаратура, а самае сапраўднае жыццё. І яго немагчыма пераігрываць кожны раз новымі камбінацыямі.

— А што з кнігай? — пацікавілася я, ужо больш ад азарту. — На які след адпраўляе нас яна?

На гэта пытанне цёця чамусьці пасур’ёзнела і — нібы шкадуючы мае нервы — не стала адказваць. Замест гэтага яна пахітала дакорліва ў мой правы бок, да якога я, скрывіўшыся ад раптоўнага болю, прыціснула локаць.

— Я прыдумала для цябе танка:

Калі ты памрэш, над магілай тваёю напішуць фарбай: яна надта любіла аранжавую хурму.

Цёця засмяялася, а мяне скаланула згадка пра смерць. Мне стала несамавіта ад такога раптоўнага перападу настрояў. Кату жарцікі, а мышы… Я пацягнулася да кавы — як па суцяшэнне — але ў гэты момант цёця рэзка ўпілася рукамі ў фатэль і спалохана прашаптала: “Ключы”.

Ключы, пра якія прахапілася цёця, былі ад яе кабінета. І яна іх учора забыла ў тым самым кабінеце на стале. А гэта значыла, што часу на каву ў нас не было ніякага — мы мусілі бегчы ратаваць кабінет. Страшна было нават падумаць, ад чаго мы мусілі яго ратаваць. Тады, у дзень прыезду маладых літаратараў.


Частка васямнаццатая. Ператрус

Калі мы пабачылі расхрыстаныя дзверы кабінета, нам стала ясна: тут ужо нехта пабываў. Нешта пабывала. І гэта былі не маладыя літаратары.

Яны на такое не спрамагліся б проста фізічна: усе шафы і палічкі былі разваленыя нейкім вялікім гострым інструмантам, фіранкі і гардзіны паабдзіраныя, а кнігі і паперы павыкіданыя на падлогу. Здавалася, кожную кнігу перагледзелі асобна — нібыта шукаючы нешта ў сярэдзіне. І яшчэ — у кабінеце цяпер павільгатнела і запахла цвіллю.

Падняўшы ўсе кнігі і расклаўшы іх стосамі на стале, цёця заявіла: знік Персі Бішы.

Вочы яе ў гэты момант былі заплюшчаныя — яна відавочна на нешта наважвалася. Затым яна знайшла на падлозе сярод друзу і папераў свой самурайскі меч і падняла яго. Спачатку медытатыўна, а ўжо праз хвіліну ўтрапёна цёця пачала маляваць ім не вядомыя мне гіероглівы ў паветры.

А-а, — пераняло ў мяне дыханне ад нечаканасці, калі меч прасвісцеў ля самага вуха.

Ха, — выдыхнуў нехта, замест мяне, з-за паваленага вазона з пальмай.

Частка дзевятнаццатая. Да следства далучаецца прафесарка

— Ха, — голасна і цяжка выдыхнуў нехта з-за пальмы і тут жа расчыхаўся. Гэта была прафесарка.

— Страшна падумаць, каго яны тут шукалі, — зазірнула яна ў вочы цёці — неяк бязжальна і амаль кпліва.

— Хто — яны? — цёця прытуліла меч да сцяны і падняла вазон з пальмай.

— Нехта мокры, — паціснула прафесарка плячыма: маўляў, гэта яе мала цікавіла. Што яе напраўду цікавіла — дык гэта стос файлаў, які яна сціскала ў руках.

— Пакуль усе спалі, я тут нешта накапала, — хітра падміргнула яна нам, склаўшы файлы веерам і схаваўшы за ім сваю трывожную ўсмешку.

У адказ мы не знайшліся, што і сказаць.

— Гэта творы фіналістаў. Маладых літаратараў, — патлумачыла мне цёця.

— Дай ім Бог здароўя, — нібы пагадзілася з ёй прафесарка. — Гэта магло быць апошняе, што чытала забітая,

— уздыхнула яна і надзела акуляры.

Прафесарка занурылася ў чытанне і, здавалася, нават не чула, што мы ёй казалі. Прыемна было глядзець на яе за чытаннем: яна гарэла і захлыналася нейкай маладой радасцю. Цёцю гэта чамусьці непакоіла.

— Але што сэнсу, — уступіла грамчэй цёця, — гэтыя фіналісты яшчэ нават не паспелі прыехаць.

— Вы кепска ведаеце моладзь, — чмыхнула прафесарка.

— А вы як быццам гуляецеся ў дэтэктыў.

— Усё жыццё — гэта дэтэктыў, — няспешна і разважліва выдала прафесарка, гледзячы на цёцю паўзверх акуляраў. — Мы шукаем разгадку самаму цёмнаму пытанню, а заадно і забяспечваем усё жыццё сабе алібі. Ды толькі ў рэшце рэшт, там, яно ўжо нікога і не цікавіць. Дарэчы, пра алібі. А куды вы выходзілі з кабінета ў час забойства?

— А адкуль вы ведаеце, што я выходзіла? Вы ж былі на лекцыі.

— Была — ды не ўвесь час, — падміргнула і засмяялася тая. І працягнула цёці ўжо прачытаныя тэксты. Каб нічога не адказваць, цёця таксама занурылася ў творы фіналістаў.

Здавалася, кожны наступны твор падабаўся прафесарцы больш за папярэдні, і яна ўжо забыла, навошта чытае іх. Ды раптам на апошнім твар у яе выцягнуўся. Яна нешта прашаптала. Мне здалося — “Сукін сын” — але я не стала ўдакладняць. Нарэшце яна падняла на нас вочы і прашаптала, балюча сціснуўшы маю руку: “Прывядзі яго да мяне!”

Мне няпроста было здагадацца, пра каго яна. “Пра рыжага, — усміхнулася цёця, зазірнуўшы ёй цераз плячо ў тэкст, — ён даслаў на конкурс не трымценнік, як усе, а верш пра Страшнае. Жудасны верш пра вусціш герояў, якія перажылі свой час і засталіся на самоце і з адчуваннем віны. І гэта відавочна ўстрывожыла прафесарку”.

Вызваліцца з рук прафесаркі цяпер — таксама было няпроста: давялося адгінаць кожны яе палец паасобку.

— Прывяду, — сказала я, каб супакоіць прафесарку, і чамусьці, выходзячы ды азіраючыся на гэтую звар’яцелую старую, папрасіла цёцю даць мне той яе блакітны пярсцёнак, які здаваўся глыбейшым, чым ён быў. Камень на ім нагадаў мне пра Сініх Тыграў — гісторыю Борхэса аб тым, як няпроста навучыцца жыць побач з няясным. А мне гэта было цяпер важна як ніколі. Здавалася, прымірэнне з непраяўленым было маім адзіным шанцам даць рады немагчымаму ліпкаму страху, які высмактаў мяне, як вуж, дазвання за гэты год. Тым больш што гэтае непраяўленае было ўвесь час побач, нюхала мяне, ведала мяне і мае сны навылёт.

І ў той самы момант, калі я надзявала пярсцёнак, з грукатам разнасцежыліся дзверы і лабарантка пракрычала: “Прыехалі!” З канца калідора данесся тупат ног — і мне стала ясна, што гэта — маладыя літаратары.

Мы зачынілі дзверы і заспяшаліся ў іншы канец калідора.


Частка дваццатая. Наезд маладых літаратараў

Мы з цёцяй паспелі схавацца ў актавай залі, куды кіраваліся маладыя літаратары, за фіранкай у прахоне сцяны, які паступова звужаўся і пераходзіў у стары лаз. Адсюль, з лазу, што вёў ад актавай залі — у самую катавальню, як любіла жартаваць цёця, — нам было зручна назіраць за тымі, хто заходзіў і сядаў на лавы. Фіранка ў лаз была доўгая і цяжкая — праз шчыліну можна было смела глядзець у залю, нас жа — ніхто не бачыў, бо і не здагадваўся пра існаванне такой хованкі.

— Самі такія, — сказала цёця тэлефону, калі пагледзела, што пішуць у інтэрнэце пра забойства ў полацкай бібліятэцы. Тэму падхапілі вядомыя заходнія парталы — і ўсе яны, не чакаючы вынікаў следства, пераканана паведамлялі, што Ганну забілі менавіта за яе сэксуальную арыентацыю.

— Гэта ў іх там на далёкім захадзе — застылая мараль, — пакрыўдзілася цёця. — А ў нас усё зменлівае і рухомае, — абурана паціснула яна плячыма.

— Проста ты іх у вочы не бачыла, гэтых лесбіянак, так? — паспрабавала пажартаваць я.

— Каго я не бачыла, — сур’ёзна ўздыхнула цёця і загаварыла раптам павольней, нібы для ўтаемнічэння, — гэта ў іх на далёкім захадзе людзі пнуцца прабрацца за межы полу і расы. І ўзросту і цела. А мы бярэм сілу са сваіх абмежаванняў, — сказала цёця і пахітала галавой у бок маладых літаратараў.

— Хто — мы? — спытала я для пэўнасці.

— Канфуцыянцы, канечне, — пажартавала цяпер цёця. Мне так здалося, што пажартавала, хаця мяжу сур’ёзнасці і легкаважных лёстачак у інтанацыях цёці я ніколі не магла намацаць дакладна.

Часам мне самой удавалася маскіраваць гэтую мяжу ў сваіх інтанацыях, і тады сумоўцы патраплялі ў пастку сваіх уласных чаканняў і рацэяў на мой конт, а гэта мяне заўжды цешыла. Так здарылася, напрыклад, з двума нарвежскімі хлопцамі, стрыечнымі братамі, якія тым летам прыехалі ў Менск на выходныя — нібы здзяйсняючы страшна дзёрзкі і адважны ўчынак. Наш супольны сябар з Лондану папрасіў правесці для іх экскурсію, але гісторыя іх мала цікавіла. Усе пытанні былі скіраваныя так, каб пачуць нешта страшнае пра наша жыццё тут і спалохацца. І вось мы загаварылі за лёс геяў і лесбіянак — у іх і ў нас. Старэйшы з іх горда заявіў, што ў Нарвегіі дазволеныя гомасэксуальныя шлюбы, і запытаўся, ці праўда, што ў нас часта збіваюць геяў. Я запэўніла гасцей, што не часта і што ў нас, наогул, манеры — на першым месцы. “Ды і як іх будуць біць, калі яны берагуцца і звычайна называюцца стрыечнымі братамі,” — пажартавала я. Але нарвежцаў гэты жарт насцеражыў. Рэшту вечара яны даводзілі, што іх мамы сёстры, а яны — напраўду стрыечныя браты.

— І хто наогул вырашыў, што Ганна была лесбіянкай? — перапыніла мае згадкі цёця.

— Прафесарка.

— Тады ўсё ясна, — засмяялася, зноў неяк нервова, цёця.

— Ты даўно ведаеш прафесарку? — пацікавілася я.

— Усе тут яе даўно ведаюць, але яна нас — яшчэ даўней. Здаецца, яна ніадкуль не прыязджала, а вечна была тут. Прафесаркай. Ды толькі яна не заўжды была такой, — цёця нібы апраўдвалася за свой смех. — Усё лепшае, што ў нас ёсць, — ад яе.

— А адкуль ў яе такая страшная ўсмешка?

— Кажуць, калісьці даўно, адразу пасля аспірантуры, ёй тады не было яшчэ і трыццаці, яна закахалася ў нашага супрацоўніка. Але безнадзейна: ён быў жанаты.

— І яна не ўцякла разам з ім? — здагадалася я.

— Нехта лічыць, што ёй тады не хапіла адвагі. Ці веры. А мне здаецца, ёй не хапіла пачуцця гумару.

— Хаця вясёлага ў гэтай гісторыі мала.

— Мала, — пацвердзіла мае здагадкі цёця. — Ён спіўся, выпаў з усіх кампаній і больш пра яго ніхто нічога не чуў. Адзіны след ад гэтай гісторыі застаўся на твары прафесаркі.

— Трывожная усмешка?

— Так. Нібыта ўсмешкай яна спрабавала запоўніць пустату, завершыць тое, што не давяла да развязкі. Яна хацела так вярнуць сабе лёгкасць і безразважнасць — без якіх сэнсу ад яе розуму і гонару няма ніякага. Лёгка і не вагаючыся, яна заўжды казала ўсё, што думала — не робячы ніякіх зніжак, нікога не шкадуючы. Але і катэгарычнасць сваю — якая пакінула яе на самоце і з адчуваннем віны — яна не змагла давесці да канца. З часам яна пачала стрымлівацца, не выказвацца там, дзе трэба было асадзіць глупства ці безгустоўнасць, моўчкі чырванець за іншых. Настаў новы час — не яе — і яна спадзяецца, што хтосьці іншы давядзе гэтую яе катэгарычнасць — гэту вайну з размаляванай малпай свету — да канца. Ад гэтага, па-мойму, яе ўсмешка і стала страшнай.

— Ад такога чалавека можна чакаць чаго заўгодна, — пагадзілася я з цёцяй і неабачліва абапёрлася рукой аб мур ля ўваходу ў лаз. Нешта ў гэты момант зарыпела, заварушылася — ды цёця хуценька націснула на патаемную цагліну, і ўсё зноў спынілася.

— Гэта механізм езуітаў, — з гонарам паказала цёця на цагліну ў сцяне, да якой я выпадкова прытулілася. — Націснеш на яе раз — намёртва зачыняцца дзверы ў лаз,” — засмяялася цёця і пасвяціла тэлефонам на шурпатую цагліну.

На цагліне я спрамаглася разабраць чатыры словы: “Тут быў Іван Іванавіч”.


Частка дваццаць першая. Нічога не расказвай следчаму

І раптам фіранка адхінулася. Гэта зноў была лабарантка — яна шукала нас ужо хвілін дваццаць, каб мы зрабілі штонебудзь з маладымі літаратарамі. Тым больш, што дваіх з іх ужо згубілі. А астатнія расцярушыліся шукаць тых згубленых.

Цёця рахмана пайшла наперад за лабаранткай, а я няспешна выйшла на калідор, каб знайсці прафесарку: мне не давала спакою думка пра тое, як мінулае не адпускае гэтую кабету. Кабету, якой ужо было за восемдзесят. За восемдзесят — а колькі дакладна, ніхто ўжо і не ведаў.

Мінулае не адпускала і мяне. І я жарсна захацела развязкі — якой бы яна ні была. Але цяпер — а не тады, калі ніхто не зможа прыгадаць мой узрост.

Прафесарку не давялося доўга шукаць — яна стаяла ля дзвераў, нібы наўмысна падчэкваючы мяне, прытуліўшы вуха да сцяны. Я чамусьці вырашыла не расказваць ёй усяго, што ведала — так утрапёна глядзела яна на мяне: я не расказала ёй, што напярэдадні смерці Ганна сварылася з Каралінай, што Ганну нешта ўзбіла ў ятру, і яна чымсьці, нейкай блізкай сустрэчай, пагражала Караліне — хаця мне і карцела. Не расказала я ёй і пра размову з Каралінай у маім сне. Прафесарка мяне апярэдзіла: больна сціснуўшы мне локаць, яна прашаптала ў самы твар:

— У мяне гатовая першая версія: Ганна кахала Караліну, а Караліну гэтая гісторыя правакавала. Магчыма, Ганна яе нават шантажавала. І Караліна пазбегла ганьбы — яна стрэсла сваю былую каханку з драбіны, — прафесарка зрабіла глыбокі ўдых і ўталопілася ў вакно.

— Некаторыя лічаць, што Ганна — выпадковая ахвяра, — паціснула я плячыма, каб не выдаць свайго хвалявання, — што ўсё гэта праклён муроў.

— А я думаю: Караліна адзіная мела матыў, яна хацела адчапіцца ад заляцанняў Ганны і спіхнуць усё на праклён муроў. Таму тая і паказала на Шэлі.

— А пры чым тут Шэлі? — спытала я.

— Шэлі, — урачыста паўтарыла прафесарка. — Раман, на які паказала Ганна перад смерцю, — пра каго ён?

— Пра Віктара Франкенштайна, а не пра тое пачварнае стварэнне, якое ўсе чытачы чамусьці і згадваюць як Франкенштайна, — згадала я мудрасць з універсітэцкага семінара.

— Вось, — як быццам паставіла кропку ў гэтай размове прафесарка.

— Што — вось? — не зразумела я.

— Франкенштайн не проста стварыў пачвару. Галоўнае — ён яе прыручыў, — павольна выдала прафесарка — так, нібы гэта мусіла мне нешта патлумачыць. — Як Ганна — Караліну.

— І чаму вы думаеце, што Ганна кахала менавіта Караліну?

— А каго яшчэ — Раду? Пабойся Бога. Хаця і з ёй не ўсё чыста — але да Рады я дабяруся пазней. Той, каго кахала Ганна, быў сярод нас, ён Ганну і забіў. Каханне яе забіла, — падсумавала прафесарка.

— І яшчэ, — папярэдзіла мяне прафесарка, спешна сыходзячы і не звяртаючы ўвагі на мае заўвагі, — нічога не расказвай следчаму.


Частка дваццаць другая. А там я — у сваёй лепшай сукенцы

Тут жа на калідоры, не паспела прафесарка дагаварыць, нас і заспеў следчы з двума падначаленымі: яны абвясцілі, што ў іх цяпер ёсць новая ўліка — і папрасілі прайсці разам з усімі ў бібліятэку.

— Пазнаеце? — спытаў памочнік следчага, паказваючы мне фотаздымак. На здымку была я — у сваёй лепшай сукенцы. Пяць гадоў таму, калі я толькі-толькі зрабіла сабе хімічную завіўку. На здымку я была рыжая і смяялася. Хаця кім і калі менавіта быў зроблены здымак — гэтага я не ўяўляла.

— Пазнаю, — задаволена ўсміхнулася я.

— А цяпер чытайце тут, — ён павярнуў здымак: на адвароце маім почыркам было напісана: “Азірніся”.

— Што гэта? — не пазнавала я.

— Вы і раскажыце. Ваш здымак, ваш почырк, знойдзена ў Куліч у нататніку. Што яно там рабіла?

— Гэта нейкае непаразуменне. Я нічога такога не памятаю.

— А вы падумайце, — выдыхнуў задаволены памочнік следчага і зацягнуўся цыгарэткай.

Думаць было цяжка — як слова з смс-кі, якую я атрымала напярэдадні, патрапіла на мой стары фотаздымак? Ці ведала Ганна мяне? Чаго насамрэч хоча следчы?

— Вось ён, — падумала я, — бумеранг, які вяртаецца. Каму я магла падпісаць такое? Я — тая, што наважылася развітацца з уладай над людзьмі і ніколі не азірацца на сваё дзёрзкае мінулае.

Ад хвалявання ў мяне пацямнела перад вачыма — каб хаця крыху ачысціць свядомасць, я дастала маленькую зграбную флягу, якую заўжды вазіла з сабою і якую я абачліва паспела напоўніць каньяком яшчэ звечара, і зрабіла некалькі каўткоў.

Я змоўкла.

Старэйшы следчы таксама маўчаў і скептычна глядзеў на ўсё, што адбываецца. Яму было ўжо каля пяцідзесяці, у яго была прыемная манера ціха, але ўпэўнена гаварыць, схіліўшы галаву на правы бок. І я падумала, што калі б ён пры гэтым яшчэ складаў рукі на жываце — то цяперашняя сцэна выглядала б чыста як са старога кіношнага дэтэктыва. І ён, нібы пачуўшы мае думкі, задуменна счапіў рукі, амаль па-жаночы, абхапіўшы свой выразны паважны жывот.


Частка дваццаць трэцяя. Пасьянс раскладзены

Следчы прызнаўся, што ўсё гэта падаецца яму пустым. “Пустое,” — паўтарыў ён, гледзячы мне ў вочы. “Затха і нуда — гэтыя вашыя апраўданні. І нашы ўлікі,” — паважна расцягнуў ён для свайго памочніка, чым крыху мяне супакоіў. “Праклён муроў — вось што гэта такое. І калі яны не выедуць адсюль — будзе горш”, — грозна сказаў ён, хітнуўшы ў бок сябраў журы, нібы ўбіў цвік ва ўсю гэтую справу — па самы капялюшык.

—Але як гэты праклён працуе? — здзівілася я, хаця і адчула небывалую палёгку.

— Хутчэй за ўсё, гіпноз, — з веданнем справы ціха сказаў следчы.

— Які гіпноз? — непрыхавана скептычна і нават груба перапытала камлюкаватая Рада.

— Такі гіпноз, — аўтаматычна вырвалася ў мяне трохі рэзка, хаця я і не хацела нікога асадзіць.

— Вы што — усе павяр’яцелі? — цепанула тая плячыма. — Мазаіка складаецца як двойчы два: пачынаецца конкурс, на які ў члены журы запрошаныя творцы — людзі з дыяметральна супрацьлеглай паэтыкай. Распальваецца вайна ставак і аўтарытэтаў. Усё заканчваецца смерцю феміністкі. Пры чым тут, на халеру, праклёны, яцвягі і гіпнозы?

Следчы прысеў побач з ёй і неяк мякка, ціха спытаў:

— А гэта не ў вашым інтэрвію адной беларускай газеце Ганна называецца беспрынцыпным літаратурным крытыкам, у якога няма ні густу ні куражу?

Рада склала рукі на стале перад сабой і задуменна выдыхнула: “У маім”.

— Вось бачыце, — яшчэ больш лагодна вымавіў следчы. І чамусьці дадаў: — Толькі не хвалюйцеся.

— Як гэта не хвалюйцеся? Мы так ніколі злачынцу не знойдзем, — абурыўся аўтар дэтэктываў Віталь. — Не можам жа мы ўсур’ёз насіцца з версіяй пра прывідаў, яцвягаў і ўсякую чартаўшчыну.

— Чш-ш, — перапыніў яго следчы і з дакорам пахітаў галавой: — Вы ўсяго другі дзень у нашых краях, і вас яшчэ чакае столькі сюрпрызаў.

Спакойныя інтанацыі следчага расхвалявалі Віталя канчаткова, і ў яго затрусіліся рукі. Каб суцішыць хваляванне, ён інстынктыўна пацягнуўся да кнігі, што ляжала перад ім, разгарнуў яе на сярэдзіне — гэта быў “Франкенштайн” Мэры Шэлі, які цёця паспела падкласці назад у бібліятэку. Кніга раскрылася на ілюстрацыі ажылай пачвары, і гэта выбіла апошні лапік зямлі з-пад ног аўтара дэтэктываў — цяпер ён сам перадаў кнігу ў рукі следчаму.

— Пагадайце мне на кнізе, следчы, — адгукнулася ў гэты момант старэнькая прафесарка. І патлумачыла: — Вельмі люблю зазіраць за фіранку. Дзвесце пяцьдзясят сёмая старонка.

— Што вы, — ветліва астудзіў яе энтузіязм следчы, — па такой кнізе? Гэта не вельмі своечасова.

— А чаму не своечасова? Я вось даўно ўжо хацела прызнацца — знакі нас ратуюць. І гатовыя нам шмат расказаць, калі ўмець іх расчытваць.

Прафесарка падняла рукі — і ўсе пабачылі, што на стале перад ёй ужо быў раскладзены пасьянс. Я са здзіўленнем абнаружыла, што на картах — голыя мужчыны. Як далёка маё крэсла да стала, — пашкадавала я і змусіла сябе не цягнуць шыю. “Я бачу забойцу, — выдыхнула прафесарка нарэшце, — і гэта не Караліна. Гэта — не жанчына, гэта — ён, і ён — рыжы!”

Следчы прыгледзеўся шчыльней да яе:

— А што, вы казалі, у вас было за алібі? — прысеў ён бліжэй і цяпер ужо страшна зірнуў прафесарцы ў самае вока.

Прафесарка ссунулася, нічога не адказаўшы, і дэманстратыўна схавала карты ў кішэню.

І толькі Караліна так нічога і не сказала за ўсю сустрэчу. “А вы як, — пацікавіўся ўжо тонкім стомленым голасам Віталь, — вы ў прывідаў верыце?”

— Я іх не баюся, — выпрастаўшы спіну, адказала Караліна. Неяк тэатральна.

— І правільна. Чаго нас баяцца? — усміхнуўся следчы, вытрымаўшы паўзу. Ён не адводзіў пры гэтым вачэй ад Караліны.

Тады ж я ўпершыню зразумела, што мяне так непакоіць у следчым: ні я, ні хто іншы не называў яго іначай, як следчым. Мы не ведалі яго імя. Ён так і не прадставіўся нам.

Не прадставіўшыся і на гэты раз, ён выйшаў з бібліятэкі. Следам за ім выйшлі і яго памочнікі.


Частка дваццаць чацвёртая. Маёр Вайтовіч мяне даганяе

Жарт следчага пра прывідаў зноў разгайдаў мае нервы: прывіды мінулага, бумерангі, якія я кідала, праклён — усё гэта навалілася на мяне, і я з апошніх сілаў спрабавала даць рады рэшткам сваіх рацэяў. Хто мог быць гэтым прывідам, што помсціў мне? Нехта чужы, з таго ж боку, з якога і следчы, каму я блытала карты — і хто цяпер блытае мае межы. Кінуты бумеранг даганяе. Даганяе, — пралунала ў маёй галаве, і раптам перад вачыма паўстала карціна з мінулага:

— Дагнаў, — радасна, хаця і задыхаўшыся, прахрыпеў маёр Вайтовіч.

— Дагналі, — пагадзілася я, нават не спрабуючы вызваліцца ад яго рукі на плячы.

Мы спыніліся ля касцёла. Гэта было ў Берасці. У канцы вясны. Я бегла ад яго, пасля адной з акцый у падтрымку Герояў, — і ўцякла б, але з касцёлу пачалі выходзіць людзі, і мне стала няёмка: а раптам — сярод іх мае суседзі, і яны пабачаць, як я ўцякаю ад міліцыянта. І я паддалася.

Я прыгадала нашу сустрэчу на наступны дзень, перадапошнюю, пасля тых маіх няўдалых уцёкаў. Мы пабачыліся ўжо пасля суду — імжаў дождж, маёр чакаў на мяне ля выхаду з судовай залі. Разгляд справы тады спынілі проста падчас паседжання — міліцыя заблыталася ў сведчаннях, іх словы пярэчылі занатаванаму ў пратаколах — гэта мяне і выратавала. “Лавілі, лавілі, ды не злавілі,” — зухавата сказала я тады Вайтовічу. “Не злавіў,” — адказаў ён, але зусім без злосці, а хутчэй з нейкай тугой ці то нават просьбаю ў голасе. Ды хіба мне тады, у той мой апошні год у Берасці, быў час разважаць пра голас маёра?

І як на каруселі, перад вачыма пранесліся твары, сустрэчы, падзеі таго году, і гэтая кругавець спынілася на нашай самай апошняй сустрэчы. Я ўжо паступіла ў Менск. Маёр, вядома, заставаўся ў Берасці. Ён стаяў пад ліпамі — зноў чакаючы мяне. Сцяты. Мокры. Нават без парасона.

— Што з вамі здарылася пасля ўсяго таго? — спытала я маёра. — Што было далей?

— Далей? — у маёра непрыемна засвяціліся вочы.

— Калі я з’ехала ў Менск, што было з вамі?

— Не было ніякага далей, — пасля паўзы прызнаўся маёр.

— Праз мяне? — здагадалася я.

— Праз цябе, — горка выдыхнуў ён.

Толькі гэтым разам я прыгадала ў яго інтанацыях новае адценне — як ні дзіўна, гэта было захапленне. І тады я зразумела — голас з маёй зухаватай маладосці, які шукаў мяне ў гэтым годзе, мог не мець нічога супольнага з бяссільнай пакрыўджанасцю кабеты. У ім магла быць безнадзейная пяшчота забытага мужчыны. Мужчыны, а не кабеты, як я спачатку падумала. Гэта мог быць голас маёра Вайтовіча, якому калісьці я пераблытала столькі карт у Берасці. І пра якога я ўжо паспела ўшчэнт забыць.

— Кінуты бумеранг даганяе, — стомлена выдыхнула я і патэлефанавала ў Берасце хлопцам з Лігі Змагання. Хлопцы сказалі, што маёра ўжо амаль год як няма сярод жывых.

Нямую цішу ў гэты момант разарваў трывожны ўніверсітэцкі званок.


Частка дваццаць пятая. У чаканні катарсісу

Нарэшце гэтая пара, поўная трывог і страху, скончылася. Званок заспеў мяне каля бібліятэкі, у якой усё яшчэ сядзелі старэнькая прафесарка, Караліна, Рада, апошні сябар журы — Віталь, і цясляр, які з’явіўся адразу пасля сыходу следчага, нібыта, каб усталяваць новую драбіну. Цяпер ён выкладаў нам сваю тэорыю, разглядаючы зламаную драбіну.

— Самагубства, — канстатаваў ён. — Драбіна была загадзя падпілаваная, — ён паказаў на акуратныя надпілы на ўнутраным баку дошак, — і тая кабетка не магла не адчуваць гэтага. Трэ было яшчэ ладна паскакаць на драбіне, каб даламаць яе канчаткова і ўпасці.

Усе тут жа ўважліва паглядзелі на цесляра. Падазронасць следчага перакінулася і на нас.

— Як вас зваць? — пацікавілася я.

— Завіце мяне майстрам, — урачыста прадставіўся ён і затрымаў свой позірк на маёй руцэ — пярсцёнак з Сінім Тыграм, які я ўзяла ў цёці, патрапіў пад промень і ззяў на зімовым сонцы.

— І я яе разумею, — ціха дадаў майстар, памаўчаўшы. — Што можа быць горш злашчаснай прыкіпеласці — неўзаемнай жарсці?

Віталь наблізіўся і пагрозліва засоп ля самага вуха цесляра, нешта выглядаючы ў яго руках.

— Хіба немагчыма зразумець чалавека, які сябе забівае, бо, напрыклад, не можа бачыць свайго каханага ў абдымках іншай? — азірнуўся цясляр на Караліну.

Мне было гэта зразумела як нікому іншаму — але я замаўчала сваю думку. Ды і навошта было нешта казаць — цясляр ужо пазнаў ува мне аднадумцу: ён так глыбока зазірнуў у маё правае вока, што мне здалося — ён пабачыў у ім усе замоўчаныя пытанні. І чамусьці ўсміхнуўся. А я не магла забыць выраз гэтага свідруючага шэрага вока.

— Ёсць і такі варыянт, — уздыхнула прафесарка. — Пакуты маладога Вертэра.

— Тады застаецца толькі зразумець, каго і ў чыіх абдымках яна не магла бачыць, — падвёў рысу Віталь, як на мяне — пануры варызга, і абвёў усіх прысутных пільным позіркам.

— Хіба гэта цяпер нешта значыць? — умяшалася я.

— Загінуў чалавек — кагосьці ж трэба прызнаць вінаватым, — абурыўся Віталь.

— Вінаватым — ды не той віной, — паглядзела на яго прафесарка. — Я ж па-за падазрэннямі? — удакладніла яна на ўсякі выпадаак. — Дык вось, у грэкаў было такое паняцце — гамарція — страшная віна, але не злодзея, а вартага чалавека. І калі мы ўсё правільна разумеем, і пабачым гэтага няшчаснага героя, і пачуем яго гісторыю, то ўсіх нас чакае сапраўднае ўтаемнічэнне — катарсіс.

— Катарсіс — ачышчэнне, а не ўтаемнічэнне, — паправіў яе не вельмі элегантна Віталь.

— Каму — як, — пахітала галавой прафесарка і не стала нічога яму тлумачыць.

— Усё адно вінаватага чакае пакаранне. Хаця б там, пасля смерці. Вечнае пакаранне, — нервова ўставіў Віталь.

— Няма вечнага пакарання, — надта гучна адказала я. Нешта ўнутры мяне адказала, я нават не паспела падумаць, навошта. І тут жа пашкадавала: з дзвераў на мяне глядзеў рыжы студэнт. Ён ішоў калідорам у гушчы маладых літаратараў, і, здавалася, мае апошнія словы так уразілі яго, што ён не мог ні ісці далей, ні хаця б нешта сказаць. Так і стаяў некалькі імгненняў уталопіўшыся ў мяне. Аж мароз па скуры. І зноў я адзначыла: яго вочы свідруюць мяне наскрозь, нібы шукаюць адказ на нейкае замоўчанае пытанне. І вочы ў яго — таксама шэрыя.

У той момант цясляр, усталяваўшы новую драбіну і абвясціўшы, што ў яго скончыўся працоўны дзень, знік. Следам за ім нарэшце пачалі разыходзіцца і ўсе іншыя з бібліятэкі.

— Толькі нічога не кажы следчаму, — папрасіла я Караліну, калі мы развітваліся, збітыя з панталыку словамі цесляра. А яна і не збіралася — яна так глядзела на закрытыя за ім дзверы, што здавалася — яна хоча таксама ў нечым прызнацца. Але хвіліна была згубленая — і яна нічога так і не сказала.

Калі я паклала руку на клямку, каб зачыніць за намі дзверы, то са здзіўленнем пабачыла: на пярсцёнку — у калідорнай паўцемры — праглядаўся малюнак. Я паднесла пярсцёнак бліжэй да вачэй і пабачыла: з сіняга пярсцёнка на мяне глядзела шэрае вока. Вялікае і ўважлівае вока Майстра.


Частка дваццаць шостая. Рэдкі талент — не задаваць лішніх пытанняў

— Хадзем, Наталка, — знайшла мяне каля бібліятэкі цёця, — даўно час абедаць.

Яна абвясціла, што есці мы будзем у самай выкшталцонай рэстарацыі Полацку, якую яна напярэдадні адкрыла для сябе. Называецца “Ўкраінская хата”. Яна некалькі год абмінала гэтае месца, бо само слова “рэстарацыя” здавалася ёй безгустоўным.

— Але аднойчы я зазірнула туды, і так і прысела на лаўку, уражаная, — расказвала цёця. — Там спявалі “Ой лэтілы дыкі гусы…”

Я перапыніла цёцю — з-за яе спіны на нас уважліва глядзела старэнькая прафесарка — і ў яе вачах выразна чыталася жаданне расказаць нам нейкі сакрэт. А я была моцна галодная. Таму я пацягнула цёцю наперад, падалей ад прафесаркі і новых сакрэтаў — і праз некалькі хвілін мы ўжо няспешна ішлі паўз засыпаную снегам мастацкую галерэю, імглістымі полацкамі сцежкамі, у поўнай цішыні. Ля ювелірнай майстэрні мы збочылі налева — і там цёця на хвіліну затрымалася. Мне здалося: яна панюхала паветра. Там жа мы ледзь не збілі з ног таго самага цесляра, што рамантаваў драбіну ў бібліятэцы — высветлілася, што ён і на праўду Майстар — ювелір. І працуе ён у гэтай крамцы, а цяпер выйшаў на двор папаліць.

— Як незвычайна, — прыгледзелася да яго цёця, — у нас вы цясляр, а тут ювелір?

— C’est la vie, — усміхнуўся добразычліва той. — Такія часы.

Майстар у гэты момант узяў мяне за руку і паднес пярсцёнак да промня — той зайграў промнямі і засляпіў усім вочы. На душы раптоўна стала чыста і спакойна. “Такі камень навучыць жыць побач з няясным — і альбо выцісне страх перад няясным, альбо назаўжды ахутае гэтым страхам,” — прашаптаў Майстар — нібы віншуючы і падбадзёрваючы.

Тады цёця — не ведаю навошта — расказала яму, што мы ідзем ва “Ўкраінскую хату” на абед. Ён прызнаўся, што ніколі не чуў пра такую рэстарацыю ў Полацку. Адзінае, што ёсць у тым кірунку — бар “Маністы”, але пра яго амаль ніхто не ведае ў Полацку. Гэта, нібыта, крыху насцеражыла цёцю, і далей мы йшлі моўчкі.

— Што ні чалавек — то свой густ, — сказала я, калі мы зайшлі па дошцы, надзетай на вяртугу, у першую залю рэстарацыі: заля была круглая і высокая, на яе сценах віселі металічныя ланцугі і фотаздымкі ўтрапёнага танцора, у цэнтры самотна стаяў чорны стол і два простыя крэслы. І як гэта магло нагадваць камусьці ўкраінскую кухню, здзівілася я, але вырашыла даць кавярні шанец: агледзецца, прачытаць меню — і, можа быць, зразумець задумку дэкаратара.

— Спакойна, — суцешыла мяне цёця, — гэта яшчэ не “Ўкраінская хата”. Гэта — новая кавярня, — цёця паказала на шыльду за вакном і засмяялася, — называецца “Пераход”. Тут трэба правесці інспекцыю, — цішэй сказала яна, цішком кідаючы позіркі ў розныя бакі кавярні. — Мы толькі вып’ем аперытыф — і пойдзем на абед далей.

Прайшоўшы ў наступную залю, трохкутную, я агледзелася — на ўсіх сценах віселі рэпрадукцыі карцін пра каханне. І раптам — ля століка злева — скульптура: “Амур і Псіхея”. Я спынілася каля яе, як зачараваная. Цёцю гэта ўразіла: Радэн, — сказала яна. У голасе было чуваць захапленне. Мной.

— Ды не, — патлумачыла я, — гэтая скульптура ўжо аднойчы стрэліла ў маім жыцці. Не я яе выбірала. Яна мяне.

І я расказала пра выкладчыцу гісторыі мастацтва з нашага ліцэю. Ларысу Паўлаўну Шварц.

— Маленькая, па-добраму звар’яцелая, неяк яна заахвоціла мяне ажыўляць скульптуру Радэна “Амур і Псіхея”. Запрасіла да сябе ў каморку, напаіла гарбатай з цукербродамі і прапанавала сыграць Псіхею на конкурсе ажыўлення карцін і скульптур.

— Цукербродамі? — не зразумела цёця.

— О, у яе была цэлая тэорыя пра дэградаваную цывілізацыю тортаў і пірожных — і яна частавала нас толькі цукербродамі: батонам з намазаным наверх хатнім варэннем. Дык вось, мне няёмка было прызнавацца, што я не бачыла гэтую скульптуру, таму я, не вагаючыся, пагадзілася яе ажыўляць. Ларыса Паўлаўна паглядзела на мяне з павагай. Адзначыла добры густ. Замоўкла. На наступны дзень я паехала ў абласную бібліятэку, папрасіла альбом Радэна і ледзь не спаўзла пад стол: Амур і Псіхея там цалкам голыя. Я, вядома, адмовілася ад сваёй ролі. Сказала, што перадумала. Што так няёмка.

— Ларыса Паўлаўна абразілася, — далікатна здагадалася цёця.

— Зусім не. Я сустракала яе і пасля ліцэю — і кожны раз яна спрабавала ўцягнуць мяне ў небяспечныя авантуры.

— Прыўкрасна, — выцягнула цёця.

— За што я ёй усім сэрцам удзячная, — пагадзілася я.

— Аднойчы познім восеньскім вечарам я сустрэла яе ў тралейбусе, і яна пераканала мяне паехаць з ёй да канца ды пайсці ў далёкі закінуты польскі домік на беразе Мухаўца, недалёка ад крэпасці, на сустрэчу з Вангай.

— З якой Вангай? — не зразумела цёця.

— Не задавай лішніх пытанняў. Я не задавала — і ты не задавай. Пасля гісторыі з Радэнам не хацелася яе зноў расчароўваць. І я паехала. У пакойчыку, куды яна мяне прывяла, ужо сабралася дзіўная публіка: святар, некалькі студэнтаў, сур’ёзныя кабеты з высокімі фрызурамі, двое мужчын у пінжаках з гальштукамі. Вангу я сярод іх распазнала лёгка — яна сядзела з нагамі на стуле і весела назірала за астатнімі. Ёй было гадоў пяцьдзясят і яна магла патрапляць “туды”.

— У пераход?

— У пераход, — пацвердзіла я і паднялася следам за цёцяй: мы ўжо дапілі свой аперытыф — кактэйль Сцікс — і мусілі выпраўляцца далей. Але на выхадзе, каля скульптуры Радэна, цёця затрымалася і сказала, што вельмі цэніць гэты талент — не задаваць лішніх пытанняў:

— Некаторыя пытанні вымушаюць добрыя думкі ўцякаць з галавы — і што тады рабіць? Як іх вярнуць назад? Няма такіх пытанняў, якія б змаглі вярнуць думку назад — такой, якая яна была напачатку.

Выйшаўшы, мы чамусьці патрапілі не на вуліцу, з якой заходзілі ў кавярню, а ў крыты дворык. У якім было, праўда, светла і цёпла, хаця ні вокнаў, ні якіх-небудзь прасветаў нідзе не было відаць.


Частка дваццаць сёмая. Перапыненая размова пра галоўнае

Калі мы прыйшлі нарэшце ва “Ўкраінскую хату” і апусціліся ў мяккія фатэлі, усё навокал, здавалася, пацяплела. Нават сцены, на якіх віселі грацыёзныя старасвецкія гравюры, памякчэлі.

Я паглядзела на стол — і ўсё канчаткова стала на свае месцы. Я нават забыла, пасярод якога заблытанага дэтэктыва мы пачыналі гэты звар’яцелы дзень: мы яшчэ нічога не паспелі замовіць, а нам ужо прынеслі па келіху гарачага віна, а затым боршч з пампушкамі і на дэсерт, да гарбаты і ўзвару, тварог з макам і запечаныя яблыкі. І пасярэдзіне стала, парэзаная на сакаўныя лустачкі, ляжала яна — мая ўлюбёная аранжавая хурма.

— Але адкуль вы ведалі пра хурму? — спытала я афіцыянта, які бязгучна падышоў да нашага стала.

Ён ціха і задаволена ўсміхаўся, паціраючы рукі. Гэтае яго паціранне рук прыцягнула маю ўвагу, штосьці мне не спадабалася, але я не паспела зразумець — што: афіцыянт элеганта нахіліў галаву і сказаў: “А мы запамінаем густы сваіх кліентаў.”

— Але я не ваш кліент, — занепакоілася я. — Мяне тут ніколі не было.

— Не было? — амаль пакрыўджана, з дакорам, спытаў афіцыянт і паказаў вачыма на сцены кавярні.

Я агледзелася: усё тут нагадвала мілую майму сэрцу Галыччыну. Куды мы ездзім толькі на вялікія святы да сваякоў. І дзе нам заўжды так добра.

Больш я нічога не пытала ў афіцыянта: я прытулілася да макагончыка на падвоканні, замяшала ўзвар з зялёнай гарбатай і гатовая была праседзець так цэлы вечар. У вялізным фотаальбоме пра помнікі Львоўшчыны, што ляжаў на падвоканні каля нашага століка, я знайшла Золачыўскі раён — адкуль мая маці і цёця родам — і доўга-доўга ўглядалася ў здымкі муроў. Думала пра ганебную сентыментальнасць, з якой столькі кпіла, і ў якую тут так соладка занурылася. Пра тое, што свет не чорны і не белы. І ўсё так наблытана, а я — шпіён у гэтым Паўночным доме, і адзіныя мае пропускі сюды — вывучаная беларуская мова і штогадовыя вакацыі, ад ранняга дзяцінства, у Полацку, куды цёця пайшла замуж. Чамусьці чулліва падумала пра арабаў у Парыжы і туркаў у Берліне. Але тут жа прагнала гэтую думку: розніца ў тым, што мяне ўсе тут прымаюць за сваю.

Таму я так люблю і шкадую вудзі-алэнаўскага Зэліга.

— Як дзіўна пачувацца маргіналам у сваёй жа краіне, — нібы адгукнулася маім думкам цёця.

— Пра што гэта ты?

— Пра лесбіянку.

— А ты хіба не адчуваеш сябе маргіналам, калі цябе называюць украінскай ведзьмай? — не вытрымала я.

— А мяне так не называюць, — абурана сказала цёця і разгубілася. Ды пачала нешта прыгадваць. Пасля яна спрабавала патлумачыцца, ды я не слухала: я заўважыла — за трэцім столікам ад нас, так, што мы не маглі яго адразу заўважыць, бо сядзелі спінай да яго, абедаў той самы рыжы студэнт Міхал. Ён акурат у гэты момант надкусваў вялікую катлету па-кіеўску — не парэзаўшы яе, а накалоўшы на відэлец, адзначыла я з сумам — але ўвесь час уважліва глядзеў у наш бок. Калі б я была неўраўнаважанай, — спакойна падумала я, — я б вырашыла, што ён за намі сочыць.

Міхал у гэтае імгненне безабаронна падняў вочы — крыштальна чыстыя і даверлівыя. І я адразу зразумела — ён не мог забіць. “Вы мяне ўразілі, — прызналася я, калі падышла і схілілася над яго столікам, — тым вершам пра лебедзяў у восеньскім парку, і пра бясконцую вайну ў сэрцы, — у гэты момант у мяне з пляча споўз шалік і ўпаў карункамі на пальцы Міхала. Здавалася, яго ад гэтага працяла токам, але я працягвала: — Я таксама вучуся з ёй жыць — і не задыхацца”.

— Гэтая вайна ніколі не спыніцца, — ціха сказаў Міхал, паглядзеўшы на свае пальцы. — Але як жыць — не вызваліўшыся ад нянавісці? — спытала я.

Ён яшчэ нічога не адказаў, а цёця ўжо на мігах клікала мяне назад.

— Прафесарка вас ужо шукае, — паспяшалася я папярэдзіць Міхала. — Яна не можа дараваць вам, што вы напісалі такія прыгожыя вершы. І яшчэ — яна па картах нагадала, што забойца — рыжы.

Міхал трошкі разгублена схапіў мяне за руку, але я нічога не адказала: пра паэзію, як і пра вечнае, я была ўпэўненая, нельга гаварыць доўга. Адзін радок, паўза, выразны позірк — гэтага дастаткова.

Замест адказу я чамусьці ўсміхнулася Міхалу сваёй самай бязлітаснай усмешкай — усмешкай, якой я ўжо многіх паланіла. Калі б я толькі ведала, што сама гэтым разам апынуся ў палоне — то, мусіць, не затрымлівалася б каля таго Міхала. І, вядома, не прасіла б расказаць мне пра гэтае месца.

— Самае каштоўнае тут — кнігі, — паказаў Міхал рукой на сцяну насупраць нас. Я прыгледзелася: кніг нідзе не было — адно віды Галыччыны. Горныя лугі. Старыя цэркаўкі. Смэрэкы.

Міхал прайшоў у канец залі, адхінуў цяжкую фіранку у дзвярным прахоне — усе ў гэты момант паглядзелі на яго — а ён, неяк аж занадта дэманстратыўна, моўчкі, аднымі толькі вачыма, паклікаў мяне.

Я падумала, што там усяго толькі кухня — аж за фіранкаю аказалася яшчэ адна заля. Я не наважылася падысці — але і сысці таксама не магла. Стаяла перад ім — як зачараваная.

— Дык яго ж няма? — спахмурнеў Міхал.

— Каго? — не зразумела я.

— Вечнага пакарання.

У гэты момант перад намі вырасла вялікая цёмная фігура з пустой талеркай у руках. Гэта была цёця. Яна тройчы пастукала пазногцем па талерцы — і я прахапілася. Нібыта абудзілася ад сну.

— Усё прастыне, — трывожна гледзячы на студэнта, зашаптала мне цёця і павяла назад да нашага століка. Але пра што мы з Міхалам гаварылі — яна чамусьці пытаць не стала.


Частка дваццаць восьмая. Вызваленне ад абцугоў містыкі

— У Менску мы ходзім у кавярню “Брута”, — загаварыла я першая, калі мы даелі боршч, — там фантастычныя завертуны са шкваркамі і грыбны суп. А падчас сесіі мы бралі там сабе закрытую піцу, журавінавую галарэтку пад вяршкамі і самую моцную каву. І ведаеш, чым заканчваўся кожны такі выхад у кавярню?

— Ведаю, — дакорліва пахітала галавой цёця, перасмыкнуўшы плячыма, і падсунула мне талерку з пампухамі.

Перш чым пакаштаваць пампух, я запыталася пра тое, што непакоіла мяне найбольш — пра пярсцёнак, які цёця называла ў множным ліку — Сінія Тыгры.

— Чаму на ім праявілася шэрае вока — ледзь заўважнае, ды ўсё ж — калі я сыходзіла з Бібліятэкі? І галоўнае — чаму гэтае вока такое падобнае да вока ювеліра?

Пра тое, што ў Міхала — рыжага студэнта — такое самае вока і што ён гэтак жа ўважліва глядзеў на мяне, я чамусьці змаўчала.

— Легенда кажа, што гэта ўнутранае вока сапраўднага Майстра — таго, што не прамяняе няяснае ў сваім жыцці ні на што і ні за што. Таго, хто гатовы жыць на мяжы з вар’яцтвам. Магчыма, гэту легенду прыдумалі вар’яты, якія не прыходзяць да цяму сярод сваіх камянёў, сваіх Сініх Тыграў — каб, крый Божа, ніколі іх не пералічыць Але гэты камень і праўда многага вымагае ад таго, хто яго надзявае.

Таму — будзь асцярожная, — усміхнулася загадкава цёця.

Мяне ж яе ўсмешка — загадкавая і няясная — устрывожыла не на жарт і я сарвала пярсцёнак са сваёго пальца. Я вярнула яго цёці, бо не гатовая была гуляцца са светам навослеп.

— Не хачу я больш думаць пра цьмянае і патайбочнае. Я хачу, каб усё было ясна і зразумела. Як раней, — апошняе я сказала, ледзь не расплакаўшыся.

— Як хочаш, — паціснула цёця плячыма і схавала пярсцёнак.

Я моўчкі занурылася ў ежу, каб перачакаць гэтую хвалю дурнога настрою, і пераключыла сваю ўвагу на афіцыянта, у якога ўжо паспелі запацець шкельцы акуляраў. Штосьці ў ім было не так. І нават не парык, надзеты на левы бок. А хутчэй жаданне схаваць усю сваю галаву ў плечы. Пад маім цяпер пільным позіркам. І незвычайныя пульхныя рукі на стале — якімі ён амаль пяшчотна абхапіў чыйсьці кухаль.

Перахапіўшы мой позірк, афіцыянт — без лішняй ахвоты — падышоў і паставіў кухаль перада мной. Я панюхала напой — водар нагадаў мне лясныя зёлкі, добра прагрэтыя ліпеньскім сонцам на сасновай ігліцы.

— Пані трошкі парушыла правілы светламаскіроўкі ў пераходзе, — ціха — і нават паблажліва — сказаў афіцыянт ды хітнуў галавой у бок Міхала.

— А што ў вас там? — асцярожна спытала я.

— Туды, у прынцыпе, нельга, — неяк павучальна сказаў ён. І ўжо больш прыязна дадаў: — Можна толькі тым, хто сам сабе дазваляе.

Сытая і палагаднелая, без пярсцёнка, я з усмешкай глядзела на афіцыянта і страшна радавалася яго словам. Можна тым, хто сам сабе дазваляе. Усё можна. І раптам я адчула, што хачу менавіта гэтага — дазволіць сабе забыць ірацыянальныя страхі апошніх дзён. Пасмяяцца з іх. Ліпкая мокрая містыка — сілай волі я вырашыла вызваліцца ад яе раз і назаўсёды. Такое рашэнне мне нават здалося адзіна натуральным — у гэтай вясёлай залі, гэтым сонечным зімовым днём. І я загадала сабе забыць пра смску, пракляты званок і лесбіянку. І нават зрабіла тры каўткі з кухля з дзіўным напоем, каб пасалютаваць саму сябе.

— Прыспеў час, — абвясціла цёця, нібыта адказваючы сваім думкам, і, падымаючыся, паспела прыхапіць надкусаны вялікі яблык са стала. Каву мы зноў так і не пакаштавалі — цёця пацягнула мяне з рэстарацыі раптоўна і нечакана. Нібыта сама толькі што згадала пра нейкую пільную справу.

Мы выйшлі з цёплай залі на мароз — і мне стала раптам так млява і хораша. І яшчэ лепей было ад таго, што сонца ўжо спускалася за Дзвіну і рыплівы снег зазіхацеў у той самы момант надвячоркавым радасным бурштынам.

Для чаго прыспеў час — я так і не здагадалася. Але лішніх пытанняў гэтым надвячоркам я таксама не збіралася задаваць. І ціха — толькі снег рыпеў пад нагамі — пайшла следам за цёцяй.

Ужо на выхадзе з рэстарацыі мяне чакала непрыемнае адкрыццё: не паспелі мы зрабіць і пяці крокаў — дабраліся толькі да Экалагічнага музею — як мне на галаву абрынуўся аскепак ледзяша.

Сам лядзяш — цяжкі і вялікі — праляцеў у некалькіх сантыметрах ад маёй галавы.

Як цвік, убіты па самы капялюшык, я прысела — бо ж гэта быў сапраўдны знак. Жыццё зноў гаварыла са мной знакамі, і тое, што яно мне спрабавала сказаць — не суцяшала: нечалавечыя сілы, пра якія я вырашыла не думаць і ў якія я намагалася не верыць, віравалі вакол мяне. Яны засмоктвалі мяне ў свой вір — а ўцякаць мне далей не было куды.


Частка дваццаць дзявятая. Нябачныя віры, альбо Загадка Эзры Паўнда

Вір наагул чакаў мяне даўна. Ад пачатку, калі можна знайсці пачатак чалавечага жыцця, канечне.

Мама казала, што менавіта на гэтым слове — вір — калі яна прамаўляла яго — я ўпершыню заштурхалася ў яе жываце.

Верачы ў знакі, якія пасылае нам свет і з дапамогай якіх мы можам наблізіцца да патайбочных парадкаў, пабудаваць хаця б нешта падобнае тут і цяпер — я доўгі час расчытвала якое-небудзь пасланне за гэтым знакам.

У мяне нічога не выходзіла: жыццё сапраўды закідвала мяне ў віры некалькі разоў, але я доўга не магла вытрываць там, у сярэдзіне, — і я вылузвалася з іх. Як магла.

Некаторыя літаратурныя магі, прачытала я пазней у Эзры Паўнда, сведчаць: выбрацца з гэтага свету — ці прабрацца сюды — можна вершкі на віры. Значыць, я так і не перакрочыла мяжу гэтага свету. Так і не навучылася адчуваць сябе не ў палоне — а вершкі. Самой стаць вірам.

— Вір нябачны — яго робіць бачным тое, што ён зацягвае ў сябе, — сказала мне мама, калі я з’язджала ў Менск. І параіла ў гэтай думцы шукаць сваё мудрае натхненне.


Частка трыццатая. Цёця атакуе — і міма

Па дарозе з рэстарацыі — а мы ішлі на факультэт, як высветлілася — цёця збольшага маўчала. Здавалася, яна дадумвае нейкую важную думку — ці то яна раптам пра нешта здагадалася, ці то расчытвала нейкія нябачныя мне знакі. Але рухалася яна нервова і хутка — чыста, як у французскім кіно сямідзясятых. Нешта падазронае было і ў тым, як яна спынілася каля ювелірнай майстэрні і зноў да нечага прынюхалася.

Цяпер у яе дакладна быў план.

Я ж увесь час сілілася прыгадаць, дзе я магла бачыць таго чалавека ў парыку, што падазрона паводзіў сябе ў рэстаране. Чамусьці я запомніла яго рукі — але што ў іх было такога асаблівага, гэтага я зразумець не магла.

Калі цёця спынілася каля ювелірнай майстэрні і пацягнула за клямку, я не здзівілася — на дварэ было мінус дваццаць, і я падумала, што цёця проста хоча пагрэцца і шукае якога прыхілішча. Мы зайшлі ў пустую майстэрню і агледзеліся.

Першая заля была невялікая, але з кожнага яе кута ззялі незямныя колеры: бліжэй да вакна стаялі палічкі з бурштынам, на іх падалі промні і ўвесь пакой ад гэтага заліваўся нейкай карамельнай слодыччу, ад якой цеплыня разыходзілася па ўсім целе, у самым цёмным куце віселі вырабы з каменю метамарфозаў — авантурыну, які мякка свяціўся цёмна-залатым пылам. Пакуль мы аглядаліся, да нас выйшаў сам майстар. Тут, у сваёй краме, ён выглядаў зусім іначай, чым там — на факультэце, дзе ён рабіў цесляром.

— Якога вы году нараджэння? — з нічога-ніякага раптам агаломшыла яго цёця.

Яшчэ не прадчуваючы ніякай бяды, майстар бясхітрасна прызнаўся, што ён з 1965. На гэта цёця, не марудзячы, адным ударам у шыю паваліла яго на зямлю. І выпісала ў паветры той самы кітайскі гіерогліф, які ўразіў мяне яшчэ там — у яе кабінеце. Я не паспела нават зразумець, што адбываецца, а цёця ўжо скруціла яго рукі загадзя падрыхтаваным дротам і засунула яму ў рот вялікі яблык, які яна абачліва вынесла з рэстарацыі.

Нават не запыхаўшыся, цёця абясшкодзіла майстра цалкам і — з пераможным выглядам — села на лаўку пад вакном. У бурштынавыя промні.

— Я ўсё зразумела зусім выпадкова, — нарэшце ўзялася яна патлумачыць гэта мне. — Там, у рэстарацыі. Афіцыянт у парыку падштурхнуў мяне да гэтай здагадкі: забітая паказвала нам не на кнігі. Шэлі тут не да чаго. Забітая паказвала нам сваю руку.

Цёця зрабіла шматзначную паўзу, прымружыла вочы, але я не магла прасачыць за ходам яе думкі, і ёй давялося тлумачыць далей.

— Яна паказвала нам руку, з якой забойца сцягнуў пярсцёнак, — на гэтым цёця злёгку пнула майстра нагой пад рэбры. — У кагосьці з маіх рамантыкаў ёсць гісторыя пра такога майстра: ён скрадае свае вырабы з тых, хто не варты іх насіць. Вырабы падаваліся яму настолькі каштоўнымі, што ён не мог з імі расстацца. І працягнутая рука забітай — знак.

— Але адкуль у Ганны пярсцёнак полацкага майстра?

— Я іх учора вадзіла на выставу ў Галерэю — там яна і набыла свой злашчасны пярсцёнак.

— Ты думаеш, майстар забіў Ганну, каб забраць той пярсцёнак?

— Упэўненая.

— Але пры чым тут афіцыянт з рэстарану? Як ён наштурхнуў цябе на гэтую здагадку?

— Рукі, — пераможна ўсміхалася цёця. — На яго прыпухлым пальцы выразна свяціўся след ад пярсцёнка — а самога пярсцёнка не было.

Майстар у гэты момант застагнаў. “Мне ён ад пачатку не спадабаўся — калі толькі прыйшоў прасіцца да нас на факультэт. Хаця б кім. Хаця б цесляром, — раз’ятрана працадзіла цёця скрозь зубы, — прашчыміўся, гад, да нас са сваёй драбінай — і на табе.”

Я паспрабавала ўступіцца за яго:

— Але чаму менавіта гэты? У горадзе ж мусіць быць некалькі майстроў.

— Іх у нас трое. Я праверыла па даведніку. Імёны мяне не цікавілі — я глядзела на гады нараджэння. Адзін з 1958га, другі — з 1961-га і вось гэты — з 1965-га. Сабака, бык і каза. І мне дастаткова было даведацца год нараджэння — каб зразумець, ці гэты здатны на забойства. Калі б выявілася, што ён з году сабакі, я б, можа, і завагалася, — сабакі не дастаткова вар’яты, каб забіваць дзеля мастацтва: жыццё для іх даражэй. Бык таксама выратаваў бы яго — быкі не дастаткова амбітныя. А вось каза — каза здольная на ўсё. І калі ён назваў год — 1965 — усё сышлося. Я нават пабачыла, як ён гэтымі рукамі здымаў з Ганны свой пярсцёнак — працмыга, — злобна прашаптала цёця, і пнула яго яшчэ тры разы пад рэбры. Той толькі застагнаў, бо ў роце быў глыбока запханы яблык.

— Але 1965 год — гэта год змяі, — палічыла я. Прыгожая схема распадалася.

— Змяі? — ад нечаканасці цёця пнула ювеліра яшчэ раз нагой. Але ўжо не так злосна.

— І яшчэ, — я прыгадала руку Ганны, у якой яна сціскала бутэлечку са смірнай: — Пярсцёнак быў пры ёй, калі мы знайшлі яе мёртвай — толькі перавернуты каменем унутар.

Я дастала яблык у майстра з рота. Цёця адвярнулася да вакна і паднялася з лаўкі — цяжка выдыхнуўшы. Майстар, прымружыўшы вочы, горда і абражана маўчаў.

Грозна бліснулі сінія камяні ў завушніцах на палічках. Мяне зноў апанаваў містычны жах.


Частка трыццаць першая. Адна душа на дваіх

Каля факультэта здарылася яшчэ адна непрыемнасць — і цяпер я ўжо не сумнявалася: сінія тыгры мяне даганяюць.

Мяне напалохала кабета з празрыстым пакетам у руках: яна ішла мне насустрач, і акурат у той момант, калі мы параўняліся, яе пакет падскочыў і, вырваўшыся з яе рук, упаў на снег ля маіх ног. У пакеце біліся дзве рыбіны. Як дзве душы, што часам раздзіраюць чалавека з сярэдзіны.

І мне прыгадалася гісторыя Ейтса пра двух людзей, у якіх была наадварот адна душа на дваіх: калі адзін з іх засынаў, другі прачынаўся. Іх сімвалам былі два чалавекі, якія на гачку неслі адну цяжкую рыбіну.Тады ж я зразумела, чаго мне так бракавала: мне не давала спакою тая мая другая праява душы.

Я не магла з ёй сустрэцца. Больш не магла — Ганну забілі.

Але дакрануцца да яе — яшчэ магла.

І раптам — рыбіна выскачыла з пакета. На снезе яна выглядала сіняю. Некалькі імгненняў я глядзела на тое, як яна назаўжды засынала — на зледзянелым сумёце. Як мая душа — пад цяжарам праклёнаў, — падумала я тады і не змагла ўпорацца з хваляю вантробнага жаху, які ўвесь гэты час круціўся вакол мяне — а цяпер пратачыўся ў сярэдзіну.


Частка трыццаць другая. Сустрэча цяпер блізкая — як ніколі

На факультэце нас чакала яшчэ тая праява: маладыя літаратары, пакуль ніхто не пачаў апекавацца імі, заапекаваліся самі сабой — яны пачалі гуляцца ў спайдэрменаў. Восем чалавек спрабавалі перасоўвацца па прыступках на выпрастаных руках і нагах. Па гістарычных сходах васямнаццатага стагоддзя. Побач з галавой Сакрата.

З усіх канцоў усіх калідораў даносіліся іх крыкі.

Як лебедзь крыламі, цёця забіла ў далоні — і з кожным ударам крыкі станавіліся цішэйшымі. І вось яны ўжо збіраюцца ля яе. Вось яна бярэ іх увагу. Спачатку кажа нешта выпадкова бадзёрае. Пасля, калі яны падцягнуліся бліжэй, пра нешта пытае і запрашае да сябе ў кабінет на каву. На развітанне цёця паспявае шапнуць мне голасам Рычарда Гіра: галоўнае, не губляць кантакт вачыма. І сыходзіць — затуленая стракатымі шалікамі і радаснымі гэстамі.

На сходах засталіся стаяць аўтар дэтэктываў Віталь і лабарантка. Мне чамусьці стала да болю страшна апынуцца на самоце ў гэты момант. І я загаварыла пра тое, што яднала ўсіх нас — пра следства. Якое, відавочна, нікуды не зварухнулася.

— Як выцягнуць гэтае следства на святло? За якую нітачку? — спытала я, сядаючы на сходы: каб паказаць, што размова мае быць працяглай. Толькі б яны не сышлі. Толькі б не пакінулі тут адну. Галоўнае — не губляць кантакт вачыма, — згадала я словы цёці.

Але Віталь не глядзеў у мой бок — галоднымі вачыма ён працінаў лабарантку. Яе белыя пухкія кудзёркі, як быццам сатканыя са снегу. Яе тонкія плечы.

Адзінай нітачкай разумення, за якую можна было б вывесці следства і якая магла б выратаваць нашу размову цяпер, была гісторыя пра майстэрства задаваць правільныя пытанні. Гэта была адна з маіх першых настаўніцкіх мудрасцяў, і я наважылася распавесці яе — каб так утрымаць Віталя і лабарантку каля сябе на гэтых вусцішных сходах.

— Група, якую мне даверылі сёлета ў верасні ва ўніверсітэце, слаба разумела ангельскую мову на слых, — пачала я і, відавочна, міма. — Ведаеце, гэта ўжо пакаленне цэнтральнага тэставання — і яны безнадзейныя. Выпрабаваўшы ўсе вядомыя мне метады, я прапанавала студэнтам неартадаксальны спосаб змагання са сваім няўцямам — я папрасіла іх не прызнавацца, што яны нечага не зразумелі. Ухапіцца хаця б за адно слова, хай сабе і нязначнае, і любым коштам падтрымліваць са мной размову пра пачутае. Абачліва падбіраючы фразы — каб сябе не выдаць. Я іх хацела навучыць маскіравацца.

Лабарантку апошнія мае словы відавочна зацікавілі, яна павярнулася ў мой бок — і я, цяпер ужо больш упэўнена, працягвала.

— Праца пачала спорыцца. Яны практыкавалі тактыку маскіроўкі на аўдзіраванні па іншых мовах — кітайскай і нямецкай. І гэта давала плён — выкладчыкі пачыналі іх хваліць, усе загаварылі пра раптоўны прагрэс, пра маю дзіўную новую методыку. Мне дзякавалі — напрыканцы семестра трэццякурсніцы нават падарылі каланхою ў квецені — пакрытую пяшчотнымі кветачкамі малінавага колеру. А цяпер, калі я згадваю пра гэты свой эксперымент, я бачу ў ім геніяльную метафару нейкага іншага разумення — у якім мудрыя людзі пагаджаюцца не пытаць адно аднаго надта глыбока, дазваляюць падмануць сябе. Толькі дзеля таго, каб у рэшце рэшт зразумець усё і цалкам.

— Рэдкі талент не задаваць лішніх пытанняў, — адказаў мне нарэшце Віталь і, пакуль я не паспела прыдумаць яшчэ аднаго пытання, — спешна падхапіўся і пацягнуў за сабой лабарантку. Кудысьці ў цемру факультэта.

З цемры даляцеў безразважны смех лабаранткі. І ўсё. Факультэт сціх.

Я засталася сама. Усё было — як у маім начным кашмары: я стаяла на сходах васямнаццатага стагоддзя, у прыцемках, недалёка — на паўпаверхі вышэй — была галава Сакрата, і я дакладна ведала: сустрэча цяпер блізкая, як ніколі.


Частка трыццаць трэцяя. Азірніся

Я паглядзела на другі паверх — падазраю: туды мяне цягнула галава Сакрата. Бо менавіта каля гэтай галавы я пабачыла ўва сне прадвесніцу сваёй смерці — Караліну — і яе сінія каралі.

Фройд казаў, што на ўчынкі чалавека штурхае альбо эрас, альбо танатас — прага кахання ці прага смерці. Мяне, відавочна, падштурхоўваў танатас.

Каля галавы нікога не было, але я не наважылася наблізіцца да яе. У вакне першага паверху палымнела сонца, стромкія берагі Дзвіны, здавалася, звінелі пад хрумсткім снегам, я загледзелася на іх — прагнучы пераняць нешта падобнае і на сябе, таксама стаць звонкай і грацыёзнай, а значыць, забыць пра ўсё: пра сябе, пра смерць лесбіянкі, пра свой вантробны страх. І раптам я прыгадала, як калісьці даўно я падоўгу разглядала гэтыя ж берагі на календары — мне здавалася, што фігура, якая патрапіла ў кадр, на тым беразе ракі — цалкам голая. Цяпер там нікога не было, і мне нават падумалася, што я засталася адзінай жывой істотай у гэтых лабірынтах ценяў і прывідаў мінулага. Ды ў гэты ж момант я пачула голас ззаду, які вырваў мяне з успамінаў і вярнуў назад — у трывожную рэчаіснасць:

— Ты і праўду верыш у праклён? — я азірнулася і пабачыла Караліну.

— І праўду, — адказала я, разглядаючы яе — яна была нейкая сумная і адхланёная, нібы ўсю ноч праплакаўшы. У вочы кінуліся яе сінія каралі, якія густа, у некалькі слаёў, абвівалі яе шыю. І тады я чамусьці расказала ёй пра праклён, ад якога я ўцякала з Менску, пра тое, як смерць амаль дагнала мяне — толькі не пацэліла, патрапіўшы замест мяне ў Ганну. І пра тое, што гэта не канец пакутам. Што наперадзе яшчэ самае страшнае — вось і каралі ўжо з’явіліся. Я іх баюся. Яны —

— Цс-с-с? — прашаптала Караліна. — Я іх не баюся. І ты не бойся, — і чамусьці засмяялася.

— Адкуль мой здымак у торбе Ганны? — спытала я пра тое, што палохала мяне цяпер найбольш. — І галоўнае — з такім надпісам: “Азірніся”, напісанае маім почыркам.

Сам паварот падзеяў нашага дэтэктыву здаўся мне абсурдным — гэта ж метафізічныя прыгоды, а не “Горад Зэро” ці жарты Хармса. І ў містыку я з усёй сілы спрабую не верыць — я ад яе адмаўляюся. Я не магу да канца прайсці яе шляхам. І таму зусім нічога не разумею ў гісторыі з маім здымкам у торбе Ганны.

— Містычнага тут мала, — адказала Караліна. — Я была побач, калі Ганна знайшла твой здымак. У рэдакцыі, куды ты прыслала свае вершы. І яна яго скрала. Вершы былі настолькі звар’яцелымі, што іх нельга было друкаваць, але яны натхнілі Ганну. Яна захацела пераняць твой выраз вачэй.

Караліна казала нешта пра тэорыю маскі, якой была апантаная Ганна. Маўляў, чалавек, які хоча пабачыць сваю душу, мусіць сустрэць свайго антыпода і прамовіць самае галоўнае пра сябе яго голасам. Як быццам апрануўшы маску.

— Ведаеш, працягвала яна, — часам здаецца, што дастаткова пераняць знешні выгляд — і пачувацца ты будзеш гэтак жа, як і той чалавек, якога ты імітуеш. Вось яна і загледзелася на цябе, каб пасля тваімі вачыма глядзець на свет — таму яна і напісала на адвароце, як напамін сабе пра сябе маладую, тую, што не ведала ніякіх межаў — “Азірніся”. І нават почырк яна паспрабавала зімітаваць твой.

— Яна думала: не ведаць сваіх межаў — гэта шчасце? — спытала я, выдыхнуўшы з палёгкай. — Па-мойму, межы — гэта паратунак: як без іх зразумець — хто ў табе гаворыць? — здзівілася я.

Караліна нічога на гэта не адказала.

— Бязмежнасць, — дадала я і гэта чамусьці здалося мне важным, — гэта не толькі цяжар. Яна яшчэ робіць літаратуру немагчымай.

— Амаль немагчымай, — перапыніла мяне Караліна. — Таму яна такая каштоўная для пэўных формаў душы.

Але не бязмежнасць цікавіла мяне цяпер найбольш. Цяпер мяне цікавіла, што за сустрэчу чакала Ганна тут, у Полацку? На што яна наважылася і што так палохала Караліну?

— Сустрэча з чытачамі, вядома, — сумна адказала Караліна. — Ганна пагражала раскрыць на ёй усе карты — а гэта мяне б моцна скампраметавала. Але я не забівала Ганну. І ты гэта ведаеш. Інакш бы не стаяла тут.

— Так, я думаю, што не чалавек забіў Ганну. Не чалавек, а нейкая ірацыянальная сіла. Якая мусіць забіць і мяне — вось і знак смерці ўжо з’явіўся, — я паказала на нітку перлінаў на яе шыі.

— Хочаш, я забяру гэты знак сабе — і нічога са мной не здарыцца? — усміхнулася легкаважна — з палёгкай? — Караліна.

— Не хачу, — толькі і паспела пракрычаць я (а можа, я гэта толькі прашаптала), але было позна — Караліна ўжо ірванула нітку так, што перліны разляцеліся па калідоры і заскакалі — звонка падаючы на сходы васямнаццатага стагоддзя. Караліна кінулася на іх — неяк адчайна весела. Яна, здавалася, не дакраналася да тых сходаў нагамі — нібы ляцела, і блакітны шалік яе лунаў — як крылы.

Якая сіла кінула яе на лесвіцу — у абдымкі маёй смерці? Я не была ўпэўненая, што і ў яе выпадку — гэта танатас: у апошняе імгненне я заўважыла, што на таліі ў яе — сіняя лапа. І яна цягне Караліну — з усяе моцы. Туды, дзе быў уваход у лёхі Верхняга Замку.

І яшчэ я заўважыла, што на галаву Сакрата апусцілася пёрка. Яно зіхатліва сінела пад яркімі апошнімі промнямі марознага полацкага надвячорка.

— І больш ніколі? — разгублена паглядзела я на драпежныя сінія перліны, якім не ўдалося схапіць Караліну.

— І больш ніколі, — адгукнулася нешта, нібы рэха, за спінай. Я яшчэ не паспела зразумець, чый гэта голас, а па скуры ўжо пайшлі дрыжыкі. І калі цяжкая старэчая рука апусцілася мне на плячо, я прыгадала, адкуль ведаю гэты голас: гэта быў той самы голас з тэлефона, які амаль год таму напрарочыў мне блізкую смерць.

— Кінуты бумеранг даганяе, — стомлена выдыхнуў чалавек за маёй спінай. — І я цябе дагнала. Абяцала — і дагнала.


Частка трыццаць чацвёртая. За што?

На дзіва, у гэтым голасе не было варожасці. Толькі дакор — на які мае права нехта свой. Нехта, чые інтанацыі я добра ведала — і ніяк не магла забыць.

Як асцюк, у маёй галаве заселі словы, прамоўленыя калісьці даўно з гэткай жа інтанцыяй. “Я цябе знайду”. І далей — з лёгкай кіслінкай у голасе: “Насуперак усім Ніцшам. Знайду”.

І я прыгадала тую ноч у шпіталі, калі мая адзіная суседка па палаце — спадарыня Вера — сказала мне гэтыя словы.

Мы патрапілі ў інфекцыйную бальніцу ў адну і тую ж ноч, амаль адначасова — з аднолькавымі сімптомамі. Ніхто чамусьці і не здзівіўся такому супадзенню: дзве беларускамоўныя пацыенткі з усёй бальніцы патрапілі ў адну палату — усе падумалі, што мы бабуля і ўнучка, якія разам атруціліся адным і тым жа нясвежым карпам. Ніхто і не падазраваў, наколькі зменіцца маё жыццё пасля гэтай выпадковай сустрэчы ў бальнічнай палаце, размовы да самага ранку і аднаго нявыкананага абяцання.

— Што казаў Пімен Панчанка пра беларускую мову? — запытала спадарыня Вера мяне ўжо праз хвіліну пасля знаёмства. І, відавочна, расчаравалася: я не толькі не ведала дакладнай цытаты, мяне рассмяшыла само пытанне. Я не верыла, што яна можа ўсур’ёз пра такое пытацца.

Яна падышла ўшчыльную, паглядзела спадылба. “Не ўсміхайся так. Мы з табой засталіся апошнімі, хто яшчэ трымае агмень. Мы не выпадкова патрапілі ў адну палату — з усяе лякарні нас, беларускамоўных, толькі дзве. Хіба гэта можа быць выпадковасцю — што мы цяпер тут?” Яна была перакананая, што ў нас ёсць місія — і мы мусім яе зразумець і абмеркаваць. Тут і цяпер. І пачаць дзейнічаць.

Апоўначы яна ўжо пералічвала імёны ўсіх журналістаў, якія цкавалі нашых літаратараў ў 1990-ыя гады, і хацела, каб я іх запомніла.

А першай я пацягнулася адчыніць фортку — яна мне не дала. Кругом ворагі, — патлумачыла спадарыня Вера.

Праз гадзіну яна спытала пра мае подзвігі ў Берасці — і я зрабіла самую страшную памылку. Я пачала расказваць ёй усё, што напрыдумлялася за апошнія гады — нешта ўпрыгожваючы, дадаючы рызыкі і зухаватасці ўсім нашым учынкам, прыдумляючы на хаду новыя подзвігі. Яна слухала — у поўнай асалодзе — і, здаецца, некаму хітала галавой.

Калі я скончыла свой аповед, пачала яна. Я тая, каго яна шукала, сказала задаволена мая суседка. Яна ўжо сорак год шукала чалавека, які змог бы так распавесці іх гісторыю — захоплена і праўдзіва.

— Чыю гісторыю? — пацікавілася я.

— Тых, хто паверыў у шчырасць простай думкі, — важна прамовіла спадарыня Вера. — Пра іх ты і мусіш напісаць. А я табе дапамагу. Гэтым мы зоймемся ўжо заўтра, — скончыла яна, — а пакуль — вось, — і працягнула мне газету “Роднае слова”.

— Што мы будзем з гэтым рабіць? — пацікавілася я, прадчуваючы нядобрае.

— Мы будзем слухаць. Бо ў нас няма акуляраў, а ты — чытаць, — заявіла кабета. Чаму яна казала пра сябе мы — я баялася нават здагадвацца, таму я пераняла з яе рук газету і прынялася за чытанне.

— Можа, адразу крыжаванкі? — прапанавала я і хутка пашкадавала: спадарыня Вера балюча сціснула маю руку.

А шостай, калі з радыёкропкі загучаў афіцыйны гімн і я паднялася сцішыць гук, яна скамандавала, каб я сядзела на месцы — дзяржаўныя праграмы распальвалі ў ёй нейкую першабытную ятру, яна чакала іх, яна імі натхнялася. І гэта ёй, відавочна, было для чагосьці патрэбна.

А сёмай мае нервы здалі — я прызналася, што мяне цяпер больш вабіць таямнічае слова “трансцэдэнтны”, Вялікі Час, метафізічныя маскі і рытуалы. Чым запавет Панчанкі і крыжаванкі ў газеце “Роднае слова”.

— Ты, безумоўна, таленавітая, але негрунтоўная, — адказала мне спадарыня Вера. — Ды гэта нічога — я дапамагу.

І ўжо лагодней дадала: “Вайну гэтую трэба давесці да канца — а калі не давядзеш, то і зусім не жыць табе, — на гэтых апошніх словах яна бадзёра штурхнула мяне ў плячо і ўсміхнулася.

Разумеючы, што мая суседка — вар’ятка, я пагадзілася выканаць яе заданне. Напісаць гісторыю Герояў і абавязкова надрукаваць яе. Да канца году. А яна будзе прыгадваць гісторыі для мяне. Мы будзем сустракацца час ад часу ў прысадах на Міцкевіча, дзе яна будзе штосерады ўвечары чакаць мяне на ўслончыку побач з бюстам Паэту.

У апошнюю гадзіну перад абыходам дактароў, калі яна стамілася і прыснула, я хацела прыдушыць яе подушкай. Але дактары з’явіліся раней — з добрай навіной: атручванне было несур’ёзным, нейкіх палачак, дзякуй Богу, не было, і мы маглі адпраўляцца дадому.

На развітанне яна папрасіла трымаць з ёй сувязь, прыходзіць па серадах у прысады. “Але калі толькі ты не выканаеш майго задання, — прыгразіла яна, — я сама знайду цябе. Насуперак усім Ніцшам — знайду,” — сказала яна і зазірнула мне ў вочы.

Вось і цяпер яна стаяла нада мной, трымала сваю жылістую руку на маім плячы і зазірала мне ў вочы — халодным шэрым паглядам.


Частка трыццаць пятая. Змяя, якая закусвае свой хвост

— Чаго вы хочаце ад мяне? — пракрычала я, не вытрымаўшы такога пільнага позірку.

— Ёсць рэчы, Наталка, якія можна дараваць чужым людзям, — павольна пачала спадарыня Вера. — Але нельга тым, хто з твайго лагеру. Я цябе папярэджвала — ты сама выбрала гэты шлях, — спакойна сказала яна і зрабіла крок наперад. Няўпэўнена зрабіла — так, нібыта яна кепска бачыла.

Можа, я і змагла б адскочыць незаўважанай ад яе і бязгучна выбрацца на волю — вось толькі яна чула мой водар. Я бачыла, як спадарыня Вера прынюхваецца, і ўжо шкадавала, што скарысталася сёння цёцінымі духамі.

Я схаваюся ад яе ў лазе, — зразумела я праз некалькі хвілін гэтай дзіўнай гульні ў коткі-мышкі. Лазе, які вядзе “адсюль і да самай катавальні”, як пажартавала калісьці цёця. Яна і сапраўды жартавала — бо той лаз у сцяне быў усяго толькі пятлёй, якая абвінала актавую залю па перыметры. Ці ведала спадарыня Вера пра гэта? І што значыла гэта сляпая пятля — змяя, якая закусвае свой уласны хвост — у планіроўцы езуітаў?

Змяя, якая закусвае свой уласны хвост — вось вяршыня дасканаласці літаратурнай формы, сказаў мне аднойчы амерыканскі прыяцель. Іншаму амерыканцу я б не дала веры — але гэты перакладаў Борхэса, і таму я запомніла яго словы. І вось цяпер гэтая дасканалая форма магла заглынуць мяне, зацягнуць у свой вір — як у палон — злучыўшы пачатак з канцом. Падпарадкаваўшы маё жыццё законам свайго жанру. Жанру, у якім парушаная раўнавага патрабуе расплаты. У якім любыя ўцёкі заканчваюцца вяртаннем. У якім няма месца негрунтоўнасці.

— Я навучу цябе грунтоўнасці, — выгукнула старая і хацела была схапіць мяне за плячо. Ды я выгнулася ў апошняе імгненне і пабегла. Я скочыла за фіранку на сцяне — і патрапіла ў абсалютна цёмны лаз. Выкалі вока — цямней не будзе. Спадарыня Вера сапела ўсяго ў некалькіх метрах ад мяне — яна таксама зайшла ў лаз і ад нечаканасці спынілася. Я ж набралася роспачнай мужнасці і, не адрываючы рук ад муроў, рушыла наперад, так хутка, як толькі магла. Старая, відавочна, адставала — яна фыркала і чмыхала, усё далей і далей у мяне за спінай. Калі ж я нарэшце абышла ўсю залю па перыметры і выскачыла з лазу, рукі мае трусіліся, а ў вачах рэзала, ды я спрамаглася знайсці патаемную цагліну ў сцяне — з прывітаннем ад Івана Іванавіча — пра якую расказвала мне цёця, і націснула на яе: дзверы пачалі павольна зачыняцца. Настолькі павольна, што рот мой паспеў перасохнуць, а плечы схаладнець. Сэрца стукалася так гучна, што я ледзьве чула яе крокі — старая бегла да мяне і была ўжо зусім блізка, калі дзверы зачынілі выхад напалову. І вось я ўжо бачу яе абрысы, а шчыліна яшчэ — сантыметраў дваццаць — яна прасунецца. Пяць сантыметраў, а яна ўжо навалілася плячом на дзверы. Ды толькі дзе ёй даць рады з езуіцкім механізмам. Два сантыметры — і яе рука паспела ў апошні момант праціснуцца і ўхапіцца за маё плячо.

Заставалася адно — кусаць. Ды я завагалася.

Мне было балюча і страшна гэта рабіць — бо кусала я не ворага і не чужую мне руку. А руку сваёй паплечніцы. Вось толькі навошта яна так — праклінала мяне, называла негрунтоўнай, катавала думкай пра вайну, якую мусова давесці да канца?

Дык гэта яна? — пранеслася ў галаве думка пра забойства лесбіянкі. Яна, паўсляпая, кіруючыся толькі водарам і ценямі, пераблытала мяне з Ганнай. Яна віжавала за мной ад самага Менску. Яна забіла лесбіянку — думаючы, што забівае мяне.

Яна не пакідала мне выбару.

І я пераадолела ваганне — з усяе моцы ўпілася зубамі ў яе касцістую руку, пальцы расчапіліся, і я з палёгкай пабачыла, як замыкаюцца — намёртва — дзверы.

— Я здагадалася, — пракрычала я. — Ты забойца. Але цяпер ты ў палоне.

— У палоне — ты, — выгукнула старая. І яшчэ нешта крычала яна — але я ўжо не чула.

Часу разважаць не засталося — я мусіла бегчы ў лёхі Высокага Замку, туды, куды знікла Караліна. Але спачатку я мусіла зразумець, што здарылася.

Я прысела ў цемры на цагляную падлогу. За мурам былі ледзьве чуваць далёкія глухія крыкі. Не жаласлівыя, — радасна адзначыла я. А па-самурайску страшныя. Як замураваная котка Эдгара По, спадарыня Вера застанецца цяпер толькі дакорлівым рэхам у гэтай сцяне і ў маім сэрцы, — падумала я і вырашыла: нікому ніколі пра гэта не раскажу.

Пагрозлівыя завыванні яшчэ нейкі час даносіліся рэхам, калі я вярталася цёмнымі калідорамі да галавы Сакрата, а пасля я спусцілася ў другія лёхі — за Каралінай — спадзеючыся, што больш нічога ад спадарыні Веры не пачую.


Частка трыццаць шостая. Знікненне Караліны

Дзверы ў лёхі, у якія пабегла Караліна, паддаліся. Я не баюся — і ты не бойся, — згадаліся мне яе загадкавыя словы, і я, не вагаючыся, ступіла ў несусветную цемру: мне мусова было знайсці яе цяпер — хаця б для таго, каб пераканацца, што яна жывая.

Святла ад майго тэлефона хапіла, толькі каб зразумець, што лаз з кожным крокам пашыраецца. Не ведаю нават — адкуль у мяне ўзялася адвага наважыцца на гэты спуск. Магчыма, адвагі і не было. Магчыма, я рабіла гэта ад страху.

І раптам — наперадзе ля павароту замігцеў агеньчык. А на сцены ўпалі два цені. Я схавалася за выступ у сцяне і прыслухалася да размовы: гаварыў Віталь.

“Кажуць, гэтыя лёхі рыхтуюць для нас яшчэ шмат сюрпрызаў,” — выдавана павучальным тонам пачаў ён. Цень дзяўчыны выпрастаўся.

“Гэтыя лёхі, — утаемнічоным шэптам адказала дзяўчына, — могуць нас завесці далёка. Вельмі далёка,” — гэта быў голас лабаранткі, я пазнала дакладна.

— А ў якую залю вам хацелася б найбольш? — ласкава ўдакладніла яна. Віталь, відавочна, разгубіўся.

— У тую, дзе Час становіцца Вялікім — і дзе адкрываюцца ўсе ахаваныя ідэі адразу? — дапамагла яму лабарантка.

— Так, гэта была б самая цікавая заля.

— Я ведаю, дзе яна, я буду вашым правадніком, — прашаптала дзяўчына — так, што па спіне прабеглі дрыжыкі, і спытала, — а як вам апісанне смерці правадніка ў Ластоўскага?

Віталь прамармытаў нешта няўпэўнена ў адказ.

На гэта лабарантка толькі цяжка выдыхнула, і яны рушылі наперад.

Раней бы я не вагалася ў такой сітуацыі — я б пакінула дваіх на самоце і незаўважна выбралася назад. Але цяпер я не магла нічога з сабой зрабіць — я мусіла пабачыць хаця б яшчэ раз Караліну: каб пераканацца — мой праклён сапраўды больш нядзейсны. Каб пабачыць на свае вочы, што ні адзін волас не ўпаў з яе галавы і што тая сіняя лапа на яе таліі — гэта мая хворая фантазія. А старая змагарка, спадарыня Вера, адзіная злачынца, з плоці і крыві — абясшкоджаная.

І я навобмацак — ціха-ціха — рушыла наперад.

Напраўду, у поўнай цемры вузкага лазу я ўжо больш не была пэўная, што мяне вабіла больш — жыццё Караліны, заля Вялікага Часу ці эратычны шэпт, які вёў мяне ў тую залю? Раптам Віталь і лабарантка спыніліся. Здаецца, яны пачалі цалавацца. Яе рука — яна правяла даланёю па шурпатай сцяне. У Віталя заняло дыханне. З характэрнага шоргату можна было здагадацца, што яны пачалі горача абдымацца. А можа, нават апусціліся на пінжак.

Недзе ў глыбіні лазу — за Віталём і лабаранткай — я пачула крокі і зноў пабачыла сіні прывід: гэта, відавочна, была тая ж пачвара, што абвінула Караліну, калі яна кінулася насустрач маёй смерці.

Але прайсці за ёй мне не было як — наперадзе шлях загарадзілі Віталь і лабарантка. Я села ў цемры на зямлю і стаілася, чакаючы, калі яны сыдуць. Гэты інтымны досвед я не забуду ніколі: я чула, як пульсуе жылка на яе скроні. Як выцягваюцца цягліцы на ягонай шыі.

Я прытулілася да мура, заплюшчыла вочы — і раптам усё прапала. Закаханая парачка наперадзе, пошук Вялікага Часу, уцёкі, нізкая столя лазу.

Усё прапала, і перад вачыма нечакана паўстала зусім іншая карціна.


Частка трыццаць сёмая. Туды, дзе ўсё пачалося

Карціна, якая разгарнулася ў той дзень перад маімі вачыма, не выцерабіцца ў мяне з памяці ніколі. І я буду прыгадваць яе ў самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты свайго жыцця. Магчыма, я прыгадаю менавіта яе і ў самы апошні. Каб паглядзець Богу ў вочы. Наўпрост.

Седзячы ўглыбі падземных лазаў, я пабачыла, як на нізкім цёмным небе запалілася адначасова два сонцы — адно з іх упала і распырскалася ў безліч густых залатых кропляў. Кропля — цягучая і смаляністая, як калёная жывіца — упала перада мной і пачала імкліва выцягвацца ў дрэва. З дрэва вырасталі галінкі, з галінак — лісты. І ўсе яны цьмяна-празрыстыя, мядовых і бурштынавых адценняў. Ды раптам дрэва, застаючыся самім сабой, стала яшчэ і Ім.

Хто такі Ён — я не ведала. Дакладней, ведала вельмі добра, але што сэнсу? Веда сама па сабе — некаштоўная. Я адчувала, што нарэшце патрапіла туды, дзе ўсё пачалося. Дзе ўсё мае сэнс. Туды, адкуль усё, што было, выглядае недарэмным.

І яшчэ я ведала, што вось Ён, з усімі сваімі рукамілістамі, ззяннем і знітаванасцю — перада мной, але не ўсё так проста. Я адчувала спінай — за мной сочыць Яна. І Яе было вельмі шмат.

Я адчувала спінай Яе памарочлівую вабу — і, як алені ў дрыгве, — рахмана цягнулася да яе цеплыні. Толькі ў апошняе імгненне — ужо абняўшы Яе — я павярнулася да дрэва і паспела спытаць: а што ў вас там?

— Туды нікому нельга, — суцешыла Яна сваёй шырокай сакавітай усмешкай.

— Нікому, — пагадзіўся Ён спакойным блізкім голасам. — Толькі тым, хто сам сабе дазваляе.

І працягнуў мне галінку. Я не вагаючыся паклала далонь у адзін з самых шырокіх лістоў на гэтай галінцы — і адчула ў тое самае імгненне, як незямная сіла ірванула мяне і вырвала да сябе.

Мая рука ўсё яшчэ адчувала поціск Яго далоні, калі Ён блізка і ласкава прашаптаў над маім тварам: “Прачынайся”.


Частка трыццаць восьмая. Падземныя сцэны, у якіх не ўсе сэнсы рыфмуюцца

Гэта быў Міхал, — зразумела я, калі расплюшчыла вочы і прыгледзелася да асветленага ліхтаром твара.

— Навошта ты віжаваў за мной? — ледзьве вымавіла я — ад незямнога рукання, згубленай вабы і знойдзенай раўнавагі перад вачыма ў мяне ўсё плыло.

Міхал адказаў не адразу — спачатку ён паднес ліхтар да майго твару. І зноў яго шэрыя вочы, здавалася, свідравалі мяне.

— Мы не дагаварылі. Пра вечнае пакаранне. Я хацеў дагаварыць. — І памаўчаўшы: — Ты ўпэўненая, што яго няма — там, пасля пераходу?

— Я ўпэўненая. Пасля пераходу мы патрапляем не ў пэўнае месца, лепшае ці горшае, — пачала я, апусціўшыся на зямлю, бо мне цяпер больш за ўсё на свеце хацелася суцішыць свае напятыя цягліцы. — Нас чакае час. І калі загадзя парупіцца і зрабіць гэты час дасканалым — то ў ім не будзе ні пекла ні нябёсаў у тым выглядзе, у якім мы іх уяўляем — нейкім канкрэтным месцам. А значыць, і вечнага пакарання не будзе — бо нас не будзе дзеля чаго караць. І галоўнае — дзе караць, таксама будзе няясна. Бо ў дасканалым часе з намі заўсёды будуць вобразы прыгажосці. Мы зможам імі абараніцца. Ці асланіцца. — І памаўчаўшы дадала: — З табой яны будуць дык дакладна.

— Адкуль ты пра гэта ведаеш?

— Сама прыдумала, — бясхітрасна схлусіла я. Хаця не зусім і схлусіла.

Міхал усміхнуўся — так, нібыта ён не мог мне паверыць, але і прызнавацца ў гэтым не хацеў. У гэты момант у яго дагарэла апошняя запалка.

Я адчула яго частае неглыбокае дыханне зусім побач са сваім вухам. Што цяпер будзе? — толькі і пранеслася ў мяне ў галаве. Гэта яна — абавязковая эратычная сцэна ўсякага дэтэктыва? — падумала я, і ўсярэдзіне стала пуста і холадна. І зноў захацелася есці. Ды толькі гэта не дэтэктыў — рашуча запратэставала я. Гэтыя тры дні, якія я пражывала ў Полацку, не могуць быць перагранымі і прачытанымі наноў. Яны сапраўдныя, а значыць — у іх сэнсы не абавязаныя рыфмавацца, сцэны — быць паслядоўнымі ў сваім накале жарсцяў, а канцоўка не будзе звязаная з пачаткам. У іх не будзе жанравых межаў. У гэтых днях усе падзеі матываваныя не вядомым мне патайбочным аўтарам. Вось толькі які жанр ён меў на ўвазе, калі прыдумляў развязку?

На гэта адказаць сабе я не паспела — нехта гучна ўдарыў Міхала па галаве, Міхал спачатку асунуўся на калені, а пасля і зусім упаў ніц. Я ўглядалася ў цемру — і бачыла там толькі абрысы пачвары.

Калі пачвара засмяялася — павольна ўзбіваючыся ў высокія раскацістыя ноткі, я пазнала: гэта была звар’яцелая прафесарка.


Частка трыццаць дзявятая. Вайна густаў

Калі вочы прызвычаіліся да цемры і я дацягнулася да шыі Міхала, я адчула — венка на яго шыі пульсавала: ён быў жывы.

Прафесарка гладзіла мокрымі ці то ад слёз, ці то ад каньяка рукамі яго гарачыя шчокі, валасы. І гаварыла яшчэ больш няўцямна пра тое, што гэта прыйшла яна — вайна густаў. Вайна, якую яна чакала ўсё жыццё. І Міхал — герой гэтай вайны.

— Але чаму тады вы не даяцё яму давесці гэтую вайну да канца? — зразумела нарэшце я.

— Таму што вайну нельга даводзіць да канца. Я чакала яе. Гэтую вайну. Яшчэ тады, — махнула прафесарка галавой кудысьці назад. — І баялася. Я не ведала — якое месца заняла б я ў гэтай вайне. Але гэтае дзяўчо — з выпрастанай рукой. Лесбіянка. Гэты дакор у яе руцэ. Ты чуеш? — трэсла яна за каўнер Міхала. Але лёганька трэсла, бо ўжо была моцна п’яная.

— Гэта мая трагедыя, бо каб выратаваць цябе — я заб’ю цябе, — сказала яна нарэшце і замахнулася бутэлькай. Я не паспела ўзвіцца на ногі — каб спыніць яе, каб сказаць, што сапраўдны забойца ўжо абясшкоджаны — замураваны назаўжды недзе тут побач: бутэлька глуха звякнула аб галаву рыжага студэнта і пакацілася, не разбітая, па каменным калідоры.


Частка саракавая. Эротыка — праклён дэтэктываў

Прафесарка пахілілася і села — яна ўжо глыбока спала. Міхал жа ад такога ўдару пачаў пакрысе варушыцца і нарэшце ачуняў.

— А пра што пішаш ты? — спытаў мяне Міхал, вызваляючыся з-пад цела прафесаркі і працягваючы перапыненую размову. Нібы паўзы і не было.

— Пра адну паэтку, якая баіцца сваёй улады над людзьмі. Яе вельмі палохае бязмежнасць. Як бясформеннасць.

— А якія вершы ў гэтай паэткі?

І тады я прачытала яму свой верш пра тугу за самым недасяжным — за сапраўднымі межамі:

Цяпер, як і на скраю лета Я бачу сходы пад дрэвамі О шэры камень тых прыступак, Якія вядуць да кедраў

Кірлі не кідаюць ценяў На чорнае цела мора Хвалі не ведаюць межаў Пакуль далёка да ўсходу Золкам паўднёвым, пад кедрамі Ці хопіць ўсяго ўзбярэжжа, Каб заспяваць песню восені І вызваліцца ад бязмежжа?

— А што гэта за ўлада? — пацікавіўся Міхал, замест таго, каб задаць пытанне пра галоўнае — пра ўзбярэжжа і паратунак, які прыносіць восень.

— Ну, яна яшчэ зусім маладая — таму ў асноўным гэта ўлада над закаханымі ў яе хлапцамі. Міхал рэзка цепануў плячом.

— Разумею, — сказала я сумна, — гісторыя пра вызваленне ад улады старая як свет — і расказаць яе зусім наноў немагчыма: заўжды гэта будуць камбінацыі з аскепкаў чужых гісторый.

Ён памаўчаў, падумаў, а пасля рашуча дадаў:

— Няхай твая гераіня не вызваляецца ад гэтай улады. Пакуль сутыкаюцца чужыя краявіды — тое, чаго яна так баіцца, бязмежнасць, яе не атакуе.

Я чамусьці паабяцала Міхалу, што так і зраблю — не вызвалю яе ад гэтай улады. Мне здалося, што ён у мяне ў той самы момант закахаўся.

Усярэдзіне зноў стала пуста і страшна. І моцна захацелася есці.

— Пошук межаў, негрунтоўнасць. Гэта ўсё так па-нямецку, — хутка загаварыла я, абы адцягнуць такі цяпер блізкі момант эратычнага шалу. — Уся іх літаратура — гэта блуканні па калідорах раптоўных дэпрэсій. Хандкэ. Страшная паэзія бясформенасці. Ты сочыш за маёй думкай? Бясформенасці? Паэзія мусіць быць паратункам ад яе, гэтай паныласці, а не яе лабірынтам. У беларусаў ёсць шанец намацаць такі паратунак — акурат таму, што ў нас так шмат чужых краявідаў.

Я адчула, як Міхал крадзецца ў цемры ўсё бліжэй. Мусова было тэрмінова прыдумаць нешта яшчэ больш заблытанае, каб спыніць яго. Каб гэтая гісторыя не ператварылася на класічны ўзор дэтэктыва.

— Іх было так мала, хто рабіў крок далей і шукаў паратунку, — зашаптала я хутчэй. — Рыльке толькі прадчуваў, што паратунак недзе ёсць, але сам тануў у салодкай памароцы бясформенасці, нібы ў багне. Прарываліся толькі магі. Ейтс, Гесэ. Паратунак быў у магіі. Альбо ў віне. Нябожчык Флэн О’Браян — ён гэта разумеў.

— Што ты маеш на ўвазе — нябожчык? — перапытаў Міхал.

— Ну ён жа памер, — удакладніла я.

— З чаго ты ўзяла?

— У Вікіпедыі напісана.

— Больш ёй вер — Вікіпедыі. У мяне зусім іншыя дадзеныя, — рука Міхала ў гэты момант слізганула па маёй сукенцы. — Але гэта сакрэт, — Міхал падазрона паглядзеў на непрытомную прафесарку.

— Яна нічога не чуе, а калі і чуе, то ў яе стане — не запомніць, — адсела я далей, але цяпер яшчэ больш заінтрыгаваная.

У гэты момант, як на зло, заварушылася прафесарка: на яе і на нас пачаў сыпацца дробны друз. Выдавала на тое, што пацягнула скразняком — недзе зусім побач патыхнула свежым марозным паветрам, я пайшла на яго і зусім побач з намі пабачыла дваіх, што выбіраліся напаверхню. Яны таксама бачылі мяне — таму і спяшаліся. Нехта ў сінім і кабета, падобная да Караліны. Я пабегла, пачала ўзбірацца следам за імі па драбіне, якая была метраў з пяць, але ў гэты момант яны з усяе моцы абвалілі нейкі люк — і паўсюль стала зноў цёмна, хоць выкалі вока.

І зноў — уваччу засталіся толькі сінія плямы ад бачанага там, наверсе, супраць святла.

Добра калі б проста стала цёмна, але ад моцнага ўдару люкам зямля пачала абсыпацца і хруснула драбіна. У апошняе імгненне я паспела затрымацца за выступ у сцяне на некалькі імгненняў, а пасля, калі рукі стаміліся трымаць, шуганулася і моцна выцягнулася галавой аб нешта цвёрдае.

Упаўшы на зямлю, я не спяшалася расплюшчваць вочы: я прыслухоўвалася да свайго цела. Спрабуючы зразумець, ці ўсё цэлае, я, мусіць, крыху нават і заснула. А таму спрабавала не слухаць, што мне гавораць Міхал і прафесарка — бо хацела пачуць нарэшце нешта больш істотнае. Нейкі голас, які ўпарта прабіваўся да маёй свядомасці.

І раптам я пачула выразнае: прачынайся і ідзіце направа.

Я адчувала — гэты голас нас выведзе.

Дзіўна было — чула яго толькі я. І гэта быў голас дзядзі.


Частка сорак першая. На дапамогу прыходзіць дзядзя

Мы ішлі досыць доўга — вільготнымі вузкімі лёхамі, якія часам апускаліся так нізка да зямлі, што нам даводзілася паўзці. Як гэта дзіўна ні было — выйшлі мы з таго боку Дзвіны. Нас там ужо чакаў дзядзя — ён і адсунуў камень, пад якім было выйсце з лёхаў.

— Адкуль ты пра гэтыя лазы ведаў? — спытала я.

— А я тут што — не рос? — весела адказаў дзядзя.

— Але тут многія раслі — Арлоў, Баршчэўскі, Васючэнка — толькі яны ў полацкія лазы так і не дабраліся. — Чаму ж не дабраліся, — хітра ўсміхаўся дзядзя. —Дабраліся — таму і маўчаць.

Я ўжо нічога не разумела.

— Але як я змагла пачуць твой голас — там, у лёхах? —нарэшце сфармулявала я тое, што мяне больш за ўсё непакоіла.

— А памятаеш пра пяты стан рэчываў?

— Памятаю. Ты яго знайшоў. Але мы загаварыліся ўчора і я так і не спытала пра яго. Што гэта?

— Гэта пустата, — урачыста абвясціў дзядзя.

— Пустата? — не паверыла я такой простай думцы.

— Пустата, — паўтарыў дзядзя. І расказаў пра старажытных персідскіх магаў, якія разумелі: пустата поўніцца будучымі формамі, набрынялая сутнасцямі, звязвае адлегласці — а галоўнае, у ёй ніколі нічога не прападае. Нічога наагул згубіць немагчыма — можна толькі развучыцца гэта бачыць, перастаць адчуваць знаёмымі пачуццямі.

П’яная прафесарка, хітраваты Міхал і я, збітая з ног гэтым нечаканым прызнаннем дзядзі, — мы ўсе замёрлі, там, на цёмным снезе самага скраю году, на скраі часу і свету. І перад намі — удалечыні, за ракой — дзіўным відзежам уставала эпічная карціна, якую маляваў дзядзя. Ён расказваў нам пра падарункі і надзею, мудрасць і прытулкі — усё, што тоіцца для нас у пустаце.

— Чысты Праметэй, — нібы вітаючы з нечым, прашаптала прафесарка.

— У пустаце можна знайсці безліч скарбаў, — працягваў дзядзя, — адзін з іх — натхненне.

— Дзіўна, — падумала я, — мама таксама казала пра мудрае натхненне. Але шукала яна яго ў іншым — у вірах, з якіх паўстаюць нашыя светы. Дзядзя ж казаў пра пустату, у якую сыходзяць, але не знікаюць рэчы.

— А хіба пачатак не сустракаецца з канцом у рэшце рэшт? — адказаў на мае думкі дзядзя, нават не збіраючыся тлумачыць, як выцягваць будучыя і мінулыя формы з пустаты, у якой нічога не знікае.

Уражаная, я не заўважыла, як апусцілася ў сумёт, і доўга не магла даць рады сваім нагам ды падняцца. І раптам гэтая рука, працягнутая аднекуль згары — пульхная цёплая рука. Я ўхапілася за яе, спакваля выпрасталася — і пабачыла перад сабой следчага. Як ён апынуўся сярод нас — гэтага я таксама не ўяўляла.

— Пакараны Праметэй — цуд, на які варта паглядзець, — неяк дзёрзка сказаў ён, звяртаючыся да дзядзі. — Мы самі і гарым у тым агні, які распальваем, — хітра падміргнуў нам следчы і голасна засмяяўся. Дзядзю ж яго словы, відавочна, не спадабаліся — і ён заспяшаўся прэч.

Наўздагон следчы толькі і паспеў пракрычаць, што заўтра зранку чакае ўсіх нас для апошняй фармальнасці ў бібліятэцы. Для вочнай стаўкі.

Але заўтра было яшчэ так далёка, і я забылася на яго словы амаль адразу. Я цяпер магла думаць толькі пра пустату, цярушачы ватнымі нагамі за дзядзем — след у след — па бухматых пераднавагодніх сумётах.


Частка сорак другая. Знікненне паэтанеакласіка

Я думала пра пустату і пра цёцю, якую не бачыла з абеду і якую мы цяпер з дзядзем выправіліся шукаць. На факультэце яе не было — кабінет быў замкнуты і нідзе не гарэла святло. Дадому яна яшчэ таксама не вярнулася, бо тэлефон ніхто не падымаў. Яна магла ўсё яшчэ быць з маладымі літаратарамі — а гэта значыла, што яна магла быць дзе заўгодна.

— Хадзем, — раптам больш бадзёра сказаў дзядзя, панюхаўшы паветра.

Мы спусціліся да прыбярэжнай вулачкі, крыху прайшлі ў поўнай цемры і збочылі ў нейкі дворык. Адсюль быў бачны бераг ракі і чарада ценяў, якія мацалі сцежку на ледзяной паверхні Дзвіны і, відавочна, збіраліся такім чынам перабрацца на той бок.

За імі і за намі з нутраной часткі дворыка сачыла цёця. Тут — паміж “Братчынай” і саборам, на макаўцы валуна — яна і схавалася ад усіх.

— Чыста як ва «Ўлісе», праўда? — загаварыла яна першая, калі мы падышлі.

Я зноў паглядзела долу, на бераг і цені маладых літаратараў на рацэ — эратычнага ў гэтай сцэне было мала. Але хто ж ведае — што менавіта цёця прыгадвала з “Уліса” ў гэты момант. І ці не блытала яна яго з якой-небудзь іншай кнігай.

— Дваіх празаікаў знайшла па слядох, — стомлена падсумавала цёця вынікі дня, хітаючы ў бок ценяў на рацэ. — Яны ўжо кіраваліся за Палату, калі я іх пераняла. Паэтаэкспрэсіяніста я знайшла схіленым над абрысам забітай ў бібліятэцы, ён там і прастаяў — у поўным жаху — цэлы вечар. Апошняга прапажы — паэта-неакласіка — няма нідзе. Але і сіл у мяне ўжо ніякіх няма. Я нават дазваляю сабе думаць, што, можа, яго і не было? Паэта-неакласіка, тут, сярод нас?

Ад стомы цёця згубіла раўнавагу і ледзь не спаўзла з валуна. Тады яна прызналася, што гэтым вечарам бачыла сябе з таго боку ракі.

Мы з дзядзем насцеражыліся: нам абаім падалося, што цёця нешта шэпча. Што зноў у ёй прачынаецца вядзьмарская парода.

Я хуталася ў свой доўгі расхрыстаны палітон і разумела, што не хачу ніякай магіі і баюся гэтага шэпту. Я баюся вяртання ўлады, ад якой я прыехала хавацца аж у Полацак. Але таксама разумею, што ад расплаты за гэтую ўладу — за магію і перамогі — нікуды не ўцячэш. І я гатовая была — менавіта тады — яе прыняць без ніякіх ваганняў.

І яшчэ мне падумалася: перамогі ж могуць быць такімі рознымі. Магія паўстае ад вялікай нянавісці. Але яна паўстае і ад вялікай любові. І гэта думка чамусьці мяне супакоіла.


Частка сорак трэцяя. Хто аднойчы прачнуўся, той ужо не засне

— Што гэта за праклён, пра які казаў следчы? — спытала я нарэшце дзядзю, калі мы ўжо дабраліся дадому і дапівалі глінтвайн.

Дзядзя пасур’ёзнеў — бачна было, што і сам ён не ўсё разумеў у гэтай гісторыі.

— Ясна толькі адно: нашыя муры сапраўды кагосьці караюць, — сказаў ён нарэшце. — Нібыта хочуць вярнуць сабе былое жыццё — нібыта духі гэтых сцен не могуць супакоіцца, пакуль не адпомсцяць, не пакараюць — пакуль не заглынуць у сваю зеўру ўсіх ахвяр.

— Ахвяр? Ты сказаў у множным ліку? Хіба Ганна — не адзіная? Дзядзя шматзначна паглядзеў на цёцю.

— Значыць, цётка табе нічога не казала, — дастаў ён пляшачку з чымсьці паўпразрыстым, як снежаньская смуга, у сярэдзіне. Пры гэтым ён увесь час глядзеў на цёцю спадылба. — Налівай, — скамандаваў рашуча дзядзя, нібыта тое, што ён збіраўся расказаць, нельга было прамаўляць у цвярозым стане.

Я адкаркавала пляшачку, як высветлілася, грапы, цёця пры гэтым падхапілася і, пажадаўшы ўсім добрай ночы, зачынілася ў спальні, а дзядзя расказаў мне наступнае:

— Вось ужо некалькі год запар на гісторыка-філалагічным факультэце знікаюць студэнты. Спачатку мы думалі: натуральны працэс, не пацягнулі, перадумалі. Але студэнты знікалі занадта сіметрычна і прадказальна: усе зніклыя займаліся археалогіяй, усе пісалі курсавыя пра Верхні Замак, ніхто з іх не прыйшоў на абарону сваёй курсавой. І — самае галоўнае — ніхто з іх не адказваў на нашыя званкі. Калі мы прыязджалі да іх дадому — студэнтаў было не пазнаць: ні адзін не глядзеў нам у вочы, нехта пасівеў, нехта змарнеў. І толькі праз некалькі месяцаў яны загаворвалі. І ўсе як адзін расказвалі пра страшную сустрэчу ў лёхах, куды яны — як матылі на агонь, нягледзячы ні на якія засцярогі — штогод сунуліся самастойна. Пра сустрэчу з кабетай. Шалёна прыгожай і павабнай. Яна прыцягвала іх да сябе, цалавала французскім пацалункам і — ласкава прасіла забіць яе. Калі яны адмаўляліся — яна ператваралася ў старую звар’яцелую кабету і выганяла іх прэч. З лёхаў. З муроў. З іх глуздоў, мабыць, таксама.

— Страшна сабе нават уявіць, што было б — каб нехта з іх наважыўся яе забіць, — перасмыкнула я плячыма.

— Забіўшы яе — той чалавек вызваліў бы яе ад нейкага страшнага старажытнага праклёну. Я так думаю, — дадаў дзядзя і паглядзеў на гадзіннік. Ужо было далёка за тры гадзіны начы.

— І вярнуў бы ёй згубленую ўладу, — дадала я, думаючы ўжо хутчэй пра сябе, а не пра фантастычную кабету з-пад зямлі. І раптам перада мной паўстаў завершаны і ўрачысты лабірынт свежай думкі: а што калі забойства Ганны ў Бібліятэцы звязана з гэтым дзіўным падземным рытуалам.

— А што калі Ганна — і ёсць той пярэварацень? Што калі яна дамаглася нарэшце свайго забойства і так выратавалася, выпаўзла на паверхню і выцягнула з сабой усё сваё патайбочнае войска? — выдыхнула я, пракаўтнуўшы грапы і пракруціўшы ў галаве яшчэ раз — з заплюшчанымі вачыма — доўгую, крыху няўцямную гісторыю дзядзі.

— Ну, — пачаў, паціснуўшы плячыма, дзядзя, але тут жа змоўк, уталопіўшыся ў зеленаватую бутэлечку на падвоканні. — Заўтра пабачым, — спакойна дадаў ён.

Я апошнім высілкам волі расплюшчыла вочы і зразумела, што сяджу на кухні адна. Келіх на стале таксама быў адзін, слядоў ад нашай начной бяседы не было ніякіх, а гадзіннік паказваў тры гадзіны начы.

Калі я пабудзіла цёцю і дзядзю і пераказала ім легенду, якую толькі што пачула, цёця спрасоння пасміхнулася: я ж казала — у нас тут весела. А дзядзя сур’ёзна пацікавіўся:

— Адкуль у табе гэта? Страх сурокаў, забабоны, гісторыі пра зеўры, праклёны і прывідаў?

— Вы не раслі на Берасцейшчыне, — сумна паглядзела я ў вочы дзядзю. — У нас кожная другая хата ў вёсцы — ведзьміна. Суседка Нюра нядаўна тры дні памірала, ніяк не магла памерці — пакуль яе сын не разабраў дах. Хлопец з іншага канца вёскі адным позіркам хату начальніка падпаліў — цяпер яго як пабачаць, дык усе расступаюцца, баяцца, што нашэпча. У нас нават жарты адмысловыя — людзі на сваіх парковачных месцах пішуць: не паркаваць — пракляну. І ім вераць.

— Я ведаю, ваша гісторыя ў маім сне, — працягвала я, стоячы ў начы, на фоне халоднай поўні ў незаштораным вакне, — не выпадковасць. Яна аб нечым мяне папярэджвае. Толькі як мне пасля такога заснуць? — спытала я ў роспачы.

— Хто аднойчы прачнуўся, той ужо не засне, — прашаптала мне ў адказ цемра, і я пабачыла, што цёця і дзядзя зноў моцна спяць.


Частка сорак чацвёртая. Апошні ранак старога году

31 снежня

Апошняя раніца году пачалася з сенсацыі — цёця выйшла са спальні і заявіла, што цяпер абсалютная пэўна ведае, хто забойца.

— Гэта Віталь — чацвёрты сябра журы, — цёця сказала гэта спакойна і рашуча — нібыта сумнявацца ці пераймацца цяпер не было ніякага сэнсу.

— Яму не пашанцавала са знакам задыяку? — пажартавала я, не даючы веры цёцінай гіпотэзе.

— Я прачытала яго апошні дэтэктыў — усё складаецца, — зачаравана прашаптала цёця.

— Дзе ты яго ўзяла? — пацікавіўся дзядзя, разліваючы нам каву.

— У лабаранткі.

Я млява — яшчэ сонна — пацягнулася па кнігу на канапе. У гэты момант я дала сабе слова — нарэшце канчаткова вызначыцца — і не верыць у немагчымае. У ірацыянальныя сілы. Вызваліцца ад сляпой містыкі. Раз і назаўсёды. Ад гэтага мне стала спакойна і лёгка.

Цёця пацягнулася па каву — гэтым разам яе рукі ўжо моцна трусіліся. І не дзіва: яна правяла дзве ночы запар за кнігамі і амаль без сна.

Кніга не хацела чытацца — надта дробны шрыфт і непрыемная папера прымусілі мяне адразу закрыць яе і паглядзець на вокладку. Тое, што я пабачыла на вокладцы, расплюшыла мне вочы на наша следства:

— Яго герой забівае бландынак, — прашаптала я павольна і з наканаванасцю.

На вокладцы сіні цень душыў светлавалосую кабету. Прыгадаўшы ўсю злашчасную сінь, якая пераследавала мяне на месцах злачынства гэтымі днямі, я склала два і два і паверыла: спадарыня Вера магла і не быць забойцам. Светлавалосую Ганну мог забіць маньяк-дэтэктыўшчык Віталь.

Я разумела: калі гэта так — то мы мусім бегчы на факультэт. На злом галавы. Шукаць Віталя, ратаваць лабарантку, спыняць праклён гэтага году, пакуль не прабілі куранты і ён не перабраўся ў наступны.

І часу на каву ў нас зноў не заставалася.


Частка сорак пятая. Бумеранг даганяе

Мы беглі зладжана і прыгожа. Дзядзя наперадзе, мы — крыху адстаючы, па бакох ад яго. Калі б не маньяк-забойца і яшчэ жывая ахвяра, пакінутая з ім на факультэце, я б, мусіць, спыніла свой аповед і зазірнула ў полацкі дворык. У адзін з маіх улюбёных старых полацкіх дворыкаў — дзе ўсё яшчэ стаяць турнікі, з якіх я падала ў дзяцінстве, вуркочуць каты, ад якіх я ўцякала ўсё жыццё, сядзяць бабулі — купкамі, пад дрэвамі — і прамаўляюць фантастычныя рэчы. Выхапленыя рэплікі, падслуханыя павучанні, пачутыя скаргі полацкіх бабуль — усё гэта бударажыць фантазію і нагадвае пра іншы парадак — той, што пануе па-за нашым светам ясных сувязяў і наступстваў.

— У нас маладыя жанчыны ў асноўным мруць, — пачула я на гэты раз, прабягаючы ля дому са львамі. Я спынілася, каб знайсці вачыма тую кабету, якая гэта прамовіла — а яна і так ужо ўталопілася ў мяне: сашчурыўшы левае вока і бесцырымонна разглядаючы мяне правым.

Ці не зарана я выраклася містыкі? — мільганула ў мяне ў галаве, і каб прагнаць гэтую думку — я заспяшалася за цёцяй і схапіла яе за руку.


Частка сорак шостая. Цёця атакуе другі раз — і зноў міма

На факультэце нам не давялося доўга шукаць Віталя — ён спаў у цёціным кабінеце, за сталом лабаранткі: галава на клавіятуры, ногі — на ссунутых разам фатэлях. Мы схіліліся разгледзець яго ўважлівей.

— Драпежнік, — выцягнула цёця, паказваючы нам на струменьчык крыві, што цёк у таго з рота па шчацэ і спыніўся недзе на паўдарозе.

— Вось і ўсё, што нам засталося.

Ад удару цёці Віталь выпрастаўся і выцягся галавой аб манітор. Непраглынутая вінаградзінка вывалілася ў яго з рота. А побач — на ссунутых фатэлях за сталом — падхапілася лабарантка, ды ад нечаканасці зачапіла вялікую кітайскую вазу з журавамі. Ваза разбілася на тысячы маленькіх друзачак.

Як і другая версія цёці.


Частка сорак сёмая. Чын і яснасць

— І я падумала: чын і яснасць — а ці могуць яны наагул ісці побач? — скончыла цёця і задуменна паглядзела на тых, што сабраліся ў яе кабінеце пераднавагодняй раніцай: лабарантку Вольгу, аўтара дэтэктываў Віталя і нас з дзядзем.

Мы чакалі прафесарку, Міхала, цесляра, Караліну і Раду. І самога следчага, вядома, які нам прызначыў спатканне. Пакуль мы чакалі, у нас завязалася непрадбачаная шчырая размова пра дзіўнасць гэтых дзён канца году — часу, калі паэзія праточваецца ў жыццё, а жыццё — у паэзію.

Цёця ўжо паўраніцы гаварыла пра дыялогі з духамі — якія ў гэтыя дні, калі абнуляецца час, прачыняюць заслону — да цябе самога. Пра Льва Афрыканца і Ейтса. Пра Паўнда і Міцкевіча. “Гэта падорыць жаданую яснасць,” — нібыта абяцала яна нам, нібыта запрашала саўдзельнічаць у нейкім рытуале з духамі.

Дзядзя пярэчыў ёй: духам давярацца не варта — галодныя і злыя, яны могуць прагрысці сабе дзюры ў тваю рэчаіснасць. І тады ты ўжо нічога ясна не пабачыш і не памяняеш. Цябе ўжо амаль не застанецца — гаварыць праз цябе будуць яны. Куды больш цікава самому шаманіць і зачароўваць — ствараць поле, задаваць свае сістэмы каардынат, у якіх твае сэнсы пачнуць рыфмавацца. Выносіць паэзію у жыццё, па-за вершы. Як гэтага хацеў позні Міцкевіч. А гэта і ёсць сапраўдная паэзія. Яна дазволіць табе ўбіцца ў жаданы чын. Для гэтага трэба больш адвагі — бо гэта самастойная паэзія. Хай сабе і менш ясная. Узгадай Юхнаўца.

— Разенкрэйцэры супраць спірытаў, — усміхнуўся Віталь. — А ты на чыім баку? — паглядзеў ён на Вольгу, хітра прымружыўшы вока.

— Як усякая кабета, я на баку тых, хто давярае духам. А да чыну ўзбівацца — гэта справа мужчын. Мы, жанчыны, і так нясем чын у сабе і заўжды гатовыя на подзвіг.

— Гатовыя, — пагадзілася я. — Тым больш што, памойму, злых духаў не бывае. Бываюць толькі несупакоеныя.

За сцяной у гэты момант нешта зарыпела.

Спачатку мяне апанаваў амаль містычны жах, але я тут жа прыгадала пра старую. Учора, вырваўшыся з яе ліпкіх абдымкаў, я пабегла ратаваць Караліну, пакінуўшы спадарыню Веру ў цёмных закутках старога полацкага лазу, а выхад намёртва зачыніла з дапамогай езуіцкага механізму. Не верачы да канца ў рэальнасць учорашніх падзей, я не наважвалася ні на які крок — так і працягвала моўчкі сядзець, уталопіўшыся ў навагоднюю ялінку ля стала цёці.


Частка сорак восьмая. Нап’емся — і знойдзем злачынцу

Ялінка памарочліва пахла ігліцай. Імбірныя кексы, пра якія цёця загадзя падбала, кава, сэрцы з пап’е-машэ на жывой ялінцы — усё гэта прымушала забыцца на замураваную старую, праклёны і прароцтвы мінулага году. І нагадвала іншыя ранкі перад новым годам: яблыкі, гарэхі, свечы, зіхатлівыя ланцугі на галінках, залатыя шары…

— Чыста як у вашай украінскай рэстарацыі, — паглядзела я на дзядзю.

— Якой рэстарацыі? — не зразумеў ён.

— «Украінская хата». Ну, той, дзе вісяць гравюры шаснаццатага стагоддзя, а на ўваходзе прывязаны пан філосаф — каб не ўцёк, — радасна ўдакладніла я.

— Няма ў Полацку такой рэстарацыі.

— Як жа няма? Адразу налева за ювелірнай майстэрняй.

— Там ужо некалькі год стаіць мая ўлюбёная кнайпа “Закон Гука”, — дзядзя насцярожана паглядзеў на мяне. А я падумала: куды ж вадзіла мяне цёця ўчора?

Як быццам пачуўшы мае думкі, Віталь спытаў:

— А вам не страшна, што калі давесці гэту думку да канца — уцелясніць паэзію чыну ў сваім жыцці — то з яго назаўжды прападзе невымоўнае?

— Не страшна. Страшна не прайсці свой подзвіг наскрозь і перажыць веліч. І застацца ў абдымках духаў — мацнейшых за цябе.

Апошнія словы прагучалі так урачыста, што ўсе сцішыліся — і ў гэты момант мы ўсе пачулі варушэнні з-за сцяны: на гэты раз замураваная кабета не цырымонілася і грукала ў сцяну з усяе моцы.

— Што гэта? — прысела разгубленая Вольга. Замест таго, каб прызнацца, я чамусьці ўпарта маўчу. Я не прызнаюся не толькі таму, што баюся помсты спадарыні Веры. Я маўчу ў нейкай хваравітай асалодзе, бо гэты патайбочны грукат дадае чагосьці невыносна-страшнага — і ў той жа час жаданага — нашай апошняй сустрэчы ў старым годзе.

У нейкі момант я бачу яе твар праз сетку вентыляцыі. У мяне халаднеюць далоні, і я гатовая ўжо ўсё расказаць — але не паспяваю: трывожную цішыню разрывае нерашучае і няўцямнае хрыпенне прафесаркі ў дзвярах.

Прафесарка зайшла, размахваючы зялёнай пляшкай бэхераўкі, і прапанавала прыспешыць развязку дэтэктыва і сустрэць нарэшце Новы год — да яго заставаўся адзін кароткі паўночны дзень. “Сыпіць разлапісты снег, а ў мяне між кніг акурат прычарэлася апошняя пляшачка, — падміргнула яна і голасна рассмяялася. — Нап’емся, і знойдзем злачынцу”.


Частка сорак дзявятая. Ваганні — прэч

Я, не вагаючыся, пагадзілася на прапанову прафесаркі. Пагадзілася і Рада, якую ўсё яшчэ дробна трэсла ад падзеяў мінулага дня. У знак прымірэння прафесарка ўзяла за руку і рыжага студэнта — яна пацягнула яго за сабой у кабінет і зачыніла дзверы.

Бэхераўка прыемна блішчэла ў маім кілішку.

Не выйшла, — усміхалася я той старой кабеце, што праклінала мяне вось ужо амаль год таму і што глядзела на мяне цяпер праз сетку вентыляцыі. Замураваная, як вантробны жах. Год мінае. Мінае — думала я. А я вось тут — жывейшая за ўсіх жывых.

Я заўважыла, што акурат на Міхале бэхераўка скончылася — і яму запаслівая прафесарка, неяк па-апякунску, наліла цёцінай слівовіцы. Я падняла келіх: за тое, што вечнага пакарання няма, — усміхнулася я ўсім прысутным. Рада весела — і крыху нервова — рассмяялася і перакуліла кілішак. Прафесарка не смяялася. Яна чакала нечага і напружана глядзела на дзверы.

— Аж гэта нехта з нас, — сумна пахітала яна галавой. У той самы момант па сцяне з таго боку, дзе мусіла ахавацца спадарыня Вера, чымсьці бухнулі.

Дзядзя яшчэ раз паўтарыў сваю думку пра небяспеку сувязяў з духамі.

— Мы самі і гарым у тым агні, які распальваем, — працытаваў дзядзя, неяк сувора паглядзеўшы на цёцю.

— Гэта таксама з Мэры Шэлі? — пацікавіўся Віталь.

— З Персі Бішы, — сумна ўздыхнуў дзядзя і паглядзеў на дзверы, нібыта ведаў, што зараз нехта зойдзе. Зайшоў следчы.


Частка пяцідзясятая. Вочная стаўка

Хаця не ўсе падазраваныя яшчэ прыйшлі — адсутнічала Караліна — следчы скамандаваў пачынаць вочную стаўку. Адразу было відаць: ён мае мала цікавасці да таго, што адбываецца. Ён нават тэлефон, які надрываецца, не міргнуўшы вокам, захутвае ў сіні плашч, бо гук адключаць, відавочна, не ўмее. Абы хутчэй усё скончыць.

Крыху п’яныя, усе прысутныя змрочна маўчаць і нечага чакаюць. Мне ўсё гэта не падабаецца — у такім стане яны могуць пачаць вінаваціць адно аднаго. Прафесарка — Міхала, які мог весці вайну густаў і забіць Ганну з эстэтычных перакананняў. Міхал — Раду, бо яна, у паганскай традыцыі, магла змагацца за правільную здаровую расу, у якой не было б месца лесбіянкам. Рада магла б напасці на Караліну, якую, відавочна, недалюблівала, і заявіць, што тую кампраметавалі заляцанні Ганны і што так Караліна хацела выратаваць сваю рэпутацыю. Караліна ж магла паказаць на каго-заўгодна, нават на мяне — бо, у рэшце рэшт, гэта мой здымак з подпісам ляжаў у торбе Ганны, калі яе забілі. Але Караліны не было — з учорашняга вечара яе так ніхто і не бачыў. Я ж маўчу, бо ведаю: сапраўдная забойца — спадарыня Вера — ужо пакараная, і нікому пра гэта ведаць не трэба.

Зрэшты, ніхто з нас так і не наважваецца загаварыць.

Тады бярэ слова следчы.

— Бачыць падобнае ў розных праявах — неверагодная асалода, — кажа ён. — Ад яе засынаеш. І, здаецца, усе мы спім, пакуль абвінавачваем адно аднаго, знаходзім нейкія знакі падабенства і сляды, якія маглі б кагосьці кудысьці прывесці. Каб прачнуцца — варта толькі штосьці ад чагосьці адрозніць. Пабачыць адценні ў гэтай нібыта суцэльна ружовай гісторыі. Але мы не можам. А калі і зможам, то пасля моцна аб гэтым пашкадуем: хто аднойчы прачнецца — той ужо не засне. Гэта цёмная справа — у ёй замяшаныя нечалавечыя сілы, праклёны, узоры. Не для нашага розуму гэта ўсё. Гэта гісторыя, у якой прачынаюцца духі. Сустрэча з імі цяпер блізкая як ніколі. І я лічу, што справу варта спыняць.

Спачатку мне смешна слухаць, як сталы і паважны мужчына выдае з сябе ахвяру полацкай містыкі. Я нават думаю: во лайдак — замест таго, каб заняцца працай і знайсці злачынцу, ён прыкрываецца духамі. Але ў галаве маёй рэхам паўтараецца яго “хто аднойчы прачнуўся, той ужо не засне”. Што? — не веру я сваім вушам. Я разумею: усё, што ён кажа — з той легенды пра кабету-пярэваратня, якая хоча, каб яе забілі і выратавалі ад полацкага падземнага палону, ад патайбочнага сну — з легенды, якую мне расказаў дзядзя. Ці, дакладней, якую я пабачыла ўва сне. Толькі адкуль следчы гэта ведаў — як ён мог падслухаць мой сон? Ці гэта я — падслухала ягоны?

І тады я звяртаю ўвагу на адценні — я бачу, што рукі ў яго — з рыжымі валасамі, а галава — лысая. Вось яшчэ адзін рыжы — пра якога сказалі карты, — здагадваюся я.

Вось яшчэ адзін, хто ведае пра нейкую блізкую сустрэчу, якой баялася і адначасова шукала Ганна. І ўсё пракручваецца ў галаве: Караліна, якая баялася, што Ганна нешта тут пры сустрэчы раскажа, выраз з Шэлі, які ўжывае следчы, сіняя лапа на таліі Караліны — і яе адсутнасць цяпер, сіні плашч следчага. Якога я і не думала падазраваць. Яго жаданне хутчэй усё скончыць — і не паглыбляцца ў следства.

— Вось забойца, — разумею я нарэшце, але не магу зварухнуцца з месца. Я разважаю сама з сабой, але давесці следства да канца і падхапіцца, каб спыніць яго — не падхопліваюся.

— Дзе Караліна? — шапчу я толькі, ледзьве чутна.

— Я ведаю, хто забойца. Гэта — ён, — абвяшчае ў гэты момант дзядзя, паказваючы на следчага.


Частка пяцьдзясят першая. Цёця атакуе ў трэці раз — і цэліць у вока

— Адкуль вы ведаеце? — радасна пытае Віталь дзядзю.

— Пустата, — нічога не тлумачыць той.

— Ясна. Дэус экс машына, — паціскае плячыма Віталь. — Так нецікава — гэта пярэчыць дэтэктыўнаму жанру.

— Але гэта вам не дэтэктыў, — абураюся я.

Дзядзя глядзіць з хваравітай цікаўнасцю толькі на следчага і, нібы працягваючы перарваную размову, звяртаецца да яго:

— Гэта ўсяго толькі змрочны трыюмф, чуеш? Акультная перамога абарочваецца чалавечай паразай, прыгадай, — правакуе ён, падыходзячы ўшчыльную да следчага і зазіраючы таму ў вока.

— А Праметэю, які яшчэ раз паспрабуе вызваліцца, — не вытрымлівае следчы, — узнагародай па-садысцку смачны пацалунак ад той, што яго ахоўвае, — трапляецца канчаткова следчы, упэўнены, што ён адбіў напад дзядзі.

— Вось толькі ахоўніца ягоная — таксама прыкутая, — выдыхае дзядзя і заяўляе ўсім прысутным, што следчы — выдатны знаўца паэзіі Персі Бішы Шэлі: ён толькі што працытаваў “Вызваленага Праметэя”, паэму, якую чыталі адзінкі і заканчэння якой амаль ніхто не памятае. Толькі апантаныя апакаліптычнымі імпульсамі гэтага жыцця. І Ганна, паказваючы перад смерцю на кнігу Шэлі — хай сабе і Мэры Шэлі — пакінула нам красамоўны намёк.

— Што было насамрэч між імі — мы не ведаем, — распалена працягваў дзядзя. — За якія старыя крыўды ён зрынуў Ганну з драбіны, як заманіў сюды, што выйграў ад яе смерці — мы не ведаем, ды гэта і неістотна. Следчы — яе забойца. І справа скончаная.

— Вельмі цікавая версія, — пераможна адказвае следчы, адступаючы ўсё далей ад нас і спыняючыся ўжо каля дзвераў. — Вось толькі ў вас ні доказаў, ні сведак няма.

— Ёсць, — у гэты момант выпадае сетачка вентыляцыі — і адтуль высалапліваецца скамечаны твар рыжай старой. Як сапраўдны Бог з машыны — з выбухам і грукатам.

Ніколі не думала, што так буду цешыцца яе з’яўленню. Мне нават здаецца, што і яна мне падміргвае, нібы кажа: Вера вярнулася! Нашага брата так проста не знішчыць. І я ўжо больш не вагаюся. Цяпер я дакладна ведаю, што спадарыня Вера не забівала. Я па вачах следчага бачу — гэта ён.

— Я бачыла. Я ўсё бачыла, — абвяшчае старая сваім сіплым, але гучным голасам. — Я тут ужо тры дні і тры ночы — і я многае бачыла.

Следчы ж, зусім, здаецца, не ўражаны, толькі ўсміхаецца, гледзячы на тое, як старая спрабуе прашчыміцца праз вентыляцыйнае акенца, і адчыняе дзверы, каб назаўжды сысці адсюль. Я не ўяўляю, як яго спыніць. Вось-вось зачыняцца дзверы — і мы яго больш не пабачым.

Я разумею, што мая воля — скутая, а гэта значыць: я канчаткова пераўвасобілася ў тую сваю супрацьлегласць, якую шукала ўвесь гэты раман. Супрацьлегласць — дзеля якой я і прыехала ў полацкія лабірынты, каб навучыцца баяцца і выгаварыць свой страх. Бо толькі яе голасам я магла расказаць гісторыю пра страшнае і не сфальшывіць. І не скаціцца ў буфанаду, фантасмагорую і суцэльную самаіронію. Я пераняла яе інтанацыі і позірк, навучылася думаць свае думкі на яе лад і бачыць свае ўспаміны яе вачыма, а гэта значыла — я вось-вось мусіла прарвацца да сябе сапраўднай.

Следчы ўжо збіраецца выходзіць, але цёця паспявае сарваць той самы сіні пярсцёнак з пальца, які я вярнула ёй учора ў рэстарацыі, шпурляе ім у следчага — і валіць таго з ног.

Цёця, не вагаючыся, кідаецца да паваленага следчага і ўдарам пад рэбры прымушае заскуголіць. Толькі б яна не памылілася ў трэці раз, — малю я Бога.

Следчы — з чырвонай юшкай на твары — радасна ўсміхаецца, нібы віншуе яе з чымсьці. Нібы не чакаў, што нехта наважыцца яго спыніць.

— Я ўсё бачыла, — працягвае старая з-за вентыляцыі. — Як ты гэта зрабіў. Калі. Чым блытаў сляды. Я не разумею толькі аднаго — чым табе не спадабалася тая Ганна?

— Чаму не спадабалася? — здзіўляецца следчы, падымаючы пярсцёнак і падносячы яго да вачэй. — Вельмі спадабалася, — цяпер ён глядзіць у пярсцёнак, але адчуванне такое, нібы ён працінае мяне сваімі замроенымі вачыма — колеру валуноў на стромкіх берагах Дзвіны. — Таму я і захацеў, каб яна засталася тут.

— Тут? — не разумею я.

— Тут — сярод нас, — следчы кідае вокам на прысутных, нібы ўбіраючы нас усіх у абдымкі. І пачынае ціха смяяцца.

Ціха і злашчасна — разам з ім — смяецца п’яная прафесарка, паглядаючы на мяне адным вокам праз зялёнае шкло пляшкі ад бэхераўкі. Смяюцца Майстар і Міхал — свідруючы мяне сваімі шэрымі ўважлівымі вачыма. Смяецца лабарантка — з выклікам і спагадаю адначасова.

І хаця бэхераўка ўжо цёпла расплылася па ўсім маім целе, разуменне прыходзіць адразу: я ў палоне. Як на апошні паратунак, я гляджу на вакно за ялінкай — ды вочы самі заплюшчваюцца, карцінка размываецца і мне становіцца вельмі цяжка разабраць, што глядзіць на мяне адтуль: вышуканыя снежныя ўзоры, сінія цені майго мінулага ці ўсяго толькі старыя полацкія здані.


Частка пяцьдзясят другая. Абуджэнне

Я прачнулася ад раптоўнай успышкі святла над галавой — запалілася лямпа і вырвала стол, сцяну перада мной і самурайскі меч на сцяне з беспрасветнай цемры. Я пабачыла, што сяджу ў цёціным кабінеце, сама, з яшчэ неастылым кубкам у руках.

— Усё гэта сон, — радасна здагадалася я. — Я толькі што прыехала ў Полацак — і ад стомы правалілася ў сон.

— Дурное дурному сніцца, — паўтарыла я словы цёці са сну і, пакаштаваўшы кавы, адчула, як пакрысе на душы становіцца ціха і радасна — так, як бывае перад прыходам гасцей: калі ўжо ўсё гатова, вось-вось пачнецца свята і застаецца толькі чакаць.

Неўзабаве рыпнулі дзверы — і з’явілася цёця.

— Перагарэлі пробкі, — прашаптала яна і падышла да вакна — нібы нешта ў ім выглядаючы. Яна трымалася так, быццам далей нас чакала грандыёзная прыгода. Мне ж цяпер хацелася зацішнага прытулку і поўнай яснасці ва ўсім.

— Мы збіраліся пагадаць на кававай гушчы, — весела нагадала мне цёця, дапіўшы адным каўтком сваю каву і перакуліўшы кубак на сподачак.

Без непатрэбных слоў я падышла да яе стала, узяла сподачак з разлітай на ім кававай гушчай і — не гледзячы на малюнак — акуратна, маленькай лыжачкай, сашкрэбла гушчу ў сметніцу.

— Больш ніякіх гаданняў, — павольна, з акцэнтам на кожным слове, заявіла я цёці. — У новым годзе — ніякай містыкі.

— Ніякіх страхаў, — яшчэ больш катэгарычна дадала я.

— Ніякіх зданяў, — выдыхнула я нарэшце, нібы ўбіла цвік — па самы капялюшык.

— І ніякай бэхераўкі, — паказала з дакорам цёця на зеленаватую пляшку, што вытыркалася з майго заплечніка.

— Ніякай, — пагадзілася я.

— Толькі вершы, — прашаптала я нарэшце сваё самае запаветнае жаданне на наступны год. Цёцю гэтае прызнанне чамусьці расчуліла і развесяліла.

Яна спагадліва ўсміхнулася, пацёрла свой пярсцёнак з Сінімі Тыграмі на ўказальным пальцы і, як быццам закляцце, ціха і ўрачыста прамовіла:

— Толькі вершы. Толькі магія. Толькі абуджэнні.

Загрузка...