ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Карціна першая

Прасторны сялянскі дом. Чырванню адлівае бярвенне сцен. Усё тут устойлівае, трывалае, старамоднае. Каля левай сцяны даваенная канапа з круглымі падлакотнікамі, але з яркай сучаснай абшыўкай. Над канапай гіравы гадзіннік з боем і невялікае люстра. З аднаго боку ад яго ў рамачцы павялічаны фотаздымак дзвюх дзяўчынак гадоў па чатырнаццаць, з другога — у такой жа рамачцы фотаздымак трох маладых сялянак. Сцяна справа завешана рамачкамі з адзіночнымі і групавымі фотаздымкамі чырвонаармейцаў і камандзіраў, хлопцаў і мужчын у партызанскай вопратцы, жанчын, дзяўчат, падлеткаў. Некалькі рамачак без фотаздымкаў, але з надпісамі прозвішчаў па белым полі. Усярэдзіне гэтай галерэі два плакаты: «Родина-мать зовет!» і «Смерць нямецкім акупантам!» Сцяна, што насупраць, завешана шырмай у рамонкі. Каля сцен моцныя зэдлікі, шырокая лава.

Уваходзіць Арына. У руках паднос з гранёнымі чаркамі-паўшклянкамі. Адсунуўшы крыху шырму і заслаўшы белым абрусам доўгі дашчаны стол, яна расстаўляе чаркі па яго краях. Час ад часу ўдушліва кашляе. На вуліцы чуваць шум машыны. Арына зацягвае за сабой шырму. Уваходзіць усхваляваны Іван. Шпурнуўшы на канапу папку з паперамі, спрабуе прыкурыць цыгарэту, але запалкі ламаюцца ў дрыготкіх пальцах. Арына з-за шырмы неўзаметку назірае за ім.


Арына. Зноў нешта здарылася? (Выходзіць з-за шырмы.)

Іван (амаль крычыць). Здарылася?! Не, гэта не здарылася! Гэта ўсё па сістэме!..

Арына (зусім спакойна). Ну, а шумець навошта?..

Іван. Шумець?! Тут завыць можна! Заскуголіць!..

Арына (праз усмешку). Злоўжыванні ўладаю — былі, п’янства — было, у браканьерстве абвінавачваўся… Што на гэты раз?

Іван (з бездапаможнай усмешкай). «Сожительствую» з сакратаркай…

Арына. А бог цябе ведае. Сівізна ў галаву — д’ябал у рабро.

Іван (зноў злуе). Бог яго ведае?! Вось па гэтай самай схеме ўсе правяральшчыкі і пацеюць… Можна ашалець, з глузду з’ехаць — шостая камісія за чатыры месяцы! І хоць бы хто-небудзь спачатку следства правёў, а потым ужо абвінавачаннямі кідаўся!.. Дзе ўжо нам такая раскоша?! І што дзіўна, я, старшыня райвыканкома, народны дэпутат, скручваюся перад правяральшчыкам, як трус перад удавам, пачынаю абвяргаць лухту сабачую і даказваю, што не вярблюд, не ліхадзей, не п’яніца. А цяпер вось яшчэ і бабнік…

Арына (садзіцца побач з Іванам). Супакойся, бабнік. (Прыгладжвае яму ўскудлачаныя валасы, пакашлівае.)

Іван (крыху супакоіўшыся). А можа, на самай справе ў разгул ударыцца і па бабах матануць?.. Хоць раз апраўдаць давер добразычліўцаў.

Арына. Паспрабуй, толькі, баюся, не атрымаецца ў цябе гэты нумар.

Іван (задзірыста). А чаму гэта ў мяне не атрымаецца? У іншых жа атрымоўваецца, і на здароўе…

Арына. Заматаны ты, Ванечка, больш, чым трэба для дзела. А таму вельмі будзе своечасова і карысна матануць табе не па бабах, а ў чарговы адпачынак, і лепш, калі ўсёй сямейкай, ды ў круіз «вакол Еўропы»… далей ад сакратаркі.

Іван. У круіз сямейка паедзе без мяне.

Арына (насцярожана). Як без цябе?..

Іван. А раптам пацвердзіцца, што бабнік? А там Еўропа…

Арына. Няхай не хвалююцца, я папільную цябе ў Еўропе.

Іван. Між іншым, кніга мая таксама знята з плана… на ўсякі выпадак, а з фільма выстрыжаны кадры з маёй фізіяноміяй…

Арына. Сапраўды, змяя кусае не для сытасці…

Іван. А самае жахлівае, што я, здаецца, зрабіў сёння адкрыццё…

Арына. Чым жа табе яшчэ займацца, як не адкрыццямі…

Іван (устае з канапы, усхвалявана ходзіць). Разумееш, Арынка, ананімшчыкі і правяральшчыкі сыплюцца на маю грэшную галаву амаль адначасова з тым, як толькі я пачынаю актыўна абараняцца ці напорыста наступаць на паважанага сваячка.

Арына (здзіўлена). Ты хочаш сказаць?..

Іван. Я пакуль маўчу, а факты гавораць…

Арына. Нам яшчэ не хапала западозрыць у подласці блізкіх людзей! Ці, можа, ты не разумееш, што прызначэнне ананімных даносаў ва ўсе часы было ў тым, каб выклікаць падазронасць і сеяць варожасць? І, між іншым, не толькі і не столькі сярод сваякоў.

Іван. Я ж нутром чую!..

Арына. У гэтай справе нутро — дарадчык ненадзейны. І божа цябе барані апусціцца да ўзроўню прыватнага дэтэктыва! (Надрыўна кашляе і задыхаецца.)

Іван мітусіцца па хаце. Арына просіць вады. Іван выбягае і вяртаецца са шклянкай.

Іван (дапамагаючы Арыне легчы на канапу). Арыначка, любая, ну што ты?! Ну што ты?! Вазьмі вады! Выпі яшчэ! Яшчэ глыток… Ну вось… А зараз уздыхні. Глыбей, глыбей уздыхні… Малайчына. Вось бачыш… Ты прыляж… прыляж…

Арына (аслабеўшы). Дзякую, Ваня… І не палохайся так, зараз усё пройдзе. Усё пройдзе, Ваня. (Надоўга заціхае.)

Іван. Біць цябе некаму. Доктар, называецца — так запусціць прастуду… Другіх ускладненнямі палохаеце, а самі…

Арына. Ужо лепш. (Пераадолеўшы слабасць.) Усё добра… А калі шчыра, то ўсё вельмі дрэнна, Ванечка! (Спрабуе сесці. Іван дапамагае ёй.) Усё вельмі дрэнна, родны ты мой. (Бязгучна плача.)

Іван (перапалохана). Што дрэнна?! Чаму дрэнна?! Ты ж ніколі не хварэла, не скардзілася. Ну, а грып — у каго яго не было?..

Арына. Няма на каго скардзіцца — сама вінаватая.

Іван. У чым вінаватая?! Перад кім вінаватая?! (Злуецца.) Ты можаш сказаць толкам?

Арына. Калі я паставіла свой рабочы стол у рэагентным цэху, многія смяяліся. А ўсё аказалася зусім не смешным…

Іван (нецярпліва). Што не смешна?!

Арына. Я не магла зразумець, чаму ў такім цёплым цэху столькі прастудных захворванняў: ангіны, катары, бранхіты…

Іван. І ты сядзела ў цэху і прастуджвалася разам з усімі?..

Арына. Я не толькі сядзела. Я працавала разам з усімі. Спрабавала і без маскі, і без спецвопраткі, як многія. Праўда, усе па шэсць гадзін, а я на свае паўтары стаўкі.

Іван. Нічога не разумею…

Арына. Мне трэба была і працягласць часу, і большая канцэнтрацыя. Я не верыла ў прастуду як прычыну захворвання.

Іван (зразумеўшы). Ты ў сваім розуме?!

Арына. Я правяла мой эксперымент пры добрым розуме, але ў экстрэмальных умовах. Не ўяўляла толькі такіх сумных вынікаў.

Іван (устрывожана). Якіх яшчэ вынікаў?..

Арына (не слухае). А калі зразумела, што асцерагацца позна ўжо, то і не стала гэтага рабіць.

Іван. Чаго асцерагацца?!

Арына (не слухае). Захворванні не ад прастуды. Прычына аказалася ў рэагентах і ў парушэнні тэхнікі бяспекі. Мне «пашанцавала»: спачатку выйшла са строю некалькі матораў выцяжной сістэмы. Потым іх замянілі іншымі і нікому не сказалі, што яны слабасільныя. З цэха не выдалялася і паловы таго, што павінна было выдаляцца. (Удушша не дае ёй дагаварыць.)

Іван (у адчаі). Ты забіла сябе!

Арына. У медыкаў гэта называецца інакш. Потым я не думала… Замеры паветра рабіла наша Вольга. Я не ўяўляла, што яна можа пайсці на фальсіфікацыю. А пра маторы проста не ведала…

Іван (крычыць). Не думала! Не ўяўляла! Не ведала!.. Ты ж дарослы чалавек, урач!..

Арына. Не трэба крычаць.

Іван (не слухае). А што ж мне цяпер яшчэ рабіць?!

Арына. Кожны павінен рабіць сваю справу, і рабіць яе добра. Я сваю зрабіла…

Іван. Ты зрабіла глупства! Глупства! Глупства!

Арына. Не трэба так, Ваня. Я памятаю, як на выпускным вечары пасля прыняцця клятвы Гіпакрата ты сказаў: як было б хораша, калі б такія клятвы прымалі не толькі медыкі, але і настаўнікі, і юрысты, і вучоныя… (Памаўчаўшы.) Калі б яе яшчэ прыняў наш сваяк са сваімі памагатымі… Ва ўмовах безадказнасці адказных я павінна была…

Іван (перапыняе). Ты нікому нічога не павінна! (Крычыць.) Мы нічога ні ў кога не пазычалі!

Арына. Без мяне, Ваня, табе не даказаць. І калі б ты раптам сказаў, што не павінен ваяваць з тым, з чым ваюеш насуперак усім даносам, я перастала б паважаць цябе. (Мякка і сардэчна.) Перастала б, а я люблю цябе, Ваня. Я ўсіх вас люблю без памяці. І ты сыночкам нашым круіз не зрывай. Лепш, калі яны далей будуць… Мы з табою ўдваіх пагаруем, а яны… яны пасля ўжо…

Іван (у роспачы). Што ты нарабіла, Арыначка?!

Арына. Не панікуй. Можа, яшчэ ўсё абыдзецца… Мы з табой народ цягавіты. Выкарабкаемся. А мае аргументы табе спатрэбяцца.

Іван. А калі не абыдзецца?!

Арына. Тады аргументы стануць яшчэ больш пераканальнымі.

Уваходзіць Ганна. У яе руках талерка з маленькімі кавалачкамі чорнага хлеба.

Ганна. Што гэта вы нахохліліся? Няйнакш пасварыліся?.. (Адсоўвае шырму, раскладвае кавалачкі хлеба побач з чаркамі.)

Іван (здзіўлена). Што вы там калдуеце?..

Ганна. Памінкі ў нас сёння, Ваня…

Іван (разгублена). Якія яшчэ памінкі?..

Ганна. Па ўбіенных воінах, сынок, і душах нявінна загубленых.

Іван (амаль прастагнаў). Забыў?!

Ганна. Бачу, што не ўспомніў…

Іван (у роспачы). З-за гнюснага пра святое забыў…

Ганна. Я падказаць хацела, а бацька кажа: калі сам не ўспомніць, то і не трэба. А стол папрасіў дома зрабіць. Так што мыйся беленька, госці блізенька.

Іван (паказвае на стол). А чаму дома, а не каля магілы, як заўсёды?

Ганна. Да магілы цяпер і не даехаць, і не дайсці. На верталёце хіба…

Іван (здзіўлена). Як гэта не дайсці?..

Ганна (загадкава). Добрым пуцём, сынок, бог правіць, а ліхім чорт…

Уваходзіць Хазяінаў.

Лёгкі, зяцёк, на паміне, лёгкі. (Зацягвае шырму.)

Хазяінаў. Вітаю вас сардэчна, дарагія сваякі-родзічы, а ў першых страках любую цешчу. (Абдымае і цалуе Ганну, аддае ёй каробку цукерак.)

Ганна (прымае тон зяця). А мой жа ты свой, ды не родненькі…

Хазяінаў. За грыбочкі дзякую. Пойдуць для самых дарагіх гасцей. (Цалуе Арыне руку, перадае кветкі.) Вось каго вітаў бы хоць сем разоў на дзень. Усё цвіцеш, Арыначка, усё харашэеш (на Івана) гэтаму біруку на радасць, а чужым мужыкам на загубу. Не быў бы ў сваяцтве, злоўжыў бы службовым становішчам — не ўтрымаўся. (Падае руку Івану.) Трымай на дружбу. І чарвякоў капай. У пятніцу нанач едзем. Месца знаю…

Іван. Няўжо на дружбу?..

Хазяінаў. На ўзаемную.

Ганна. Дружба, дружба — цяжкая служба…

Іван. Не ўзяў з наскоку, рашыў зморам?.. Па-сваяцку?..

Ганна (Арыне). Пойдзем канон зробім, пакуль начальнікі прынюхаюцца. Бач, як натапырыліся.

Выходзіць разам з Арынай.

Хазяінаў (садзіцца, закурвае). Прызнаюся, ёсць і такі варыянцік… запасны…

Іван. Па запасному таксама не выйдзе…

Хазяінаў. Цяжка мне з табой, сваячок, цяжка.

Іван. Гэта, відаць, таму, што я яшчэ і старшыня райвыканкома.

Хазяінаў. Трэба высяляць людзей, Іван. І твае Крывічы і суседнія вёскі даўно пад знос. Мне зямля трэба, фронт работ. Я ж пад вамі даўно капаю. Пайду ў атаку — вазьму больш. Ты мяне ведаеш!

Іван. Ілья Міхайлавіч, Ілья Міхайлавіч, ну як ты зразумець не можаш, што крывічы ніколі нікому без бою зямлю сваю не аддавалі, а з боем тым больш. Хлеб на ёй у іх «насущный». Той самы хлебец, каторы «даждь нам днесь»… Павер слову, куды ні прыеду, у мужыка адна і тая ж малітва: абарані, старшыня, ніву хлебную і «избави от лукавого».

Хазяінаў. Гэта яны пры табе такімі набожнымі сталі.

Іван. Што ты, Ілья Міхайлавіч! З часоў дахрысціянскіх крывічы хлебу моляцца, зямлі і небу пакланяюцца, а зараз яшчэ і ў райком-выканком уверавалі, як у богазаступніка. Хіба мне, хто носіць імя іх першароднае, разбураць гэтую веру?..

Хазяінаў. Малайцом, Крывіч, малайцом… Выходзіць, твой хлеб — гэта хлеб, а той хлеб, што я раблю, быццам і не хлеб зусім?..

Іван. Арына толькі што расказвала, як ты яго пячэш і на чым замешваеш. Калом мне ў горле твой хлеб.

Хазяінаў. Голад не цётка. Праглынеш. А зямлю я цераз тваю галаву вазьму… калі па-сваяцку не выйдзе.

Іван. Цераз труп — магчыма, цераз галаву — не.

Хазяінаў (паднімаецца). Значыцца, не згаворымся…

Іван. Перажываю, але не здаюся.

Хазяінаў. Перажываеш?.. І на тым дзякуй.

Іван. Перажываю, што не звязаны мы з табой клятваю.

Хазяінаў. Якой яшчэ клятваю?..

Іван. Як у медыкаў. (Цытуе.) «Клянуся ўсімі багамі і багінямі, беручы іх у сведкі, чыста і непарочна пражыць сваё жыццё і правесці сваю справу. Мне ж, непарушна выконваючаму клятву, ды будзе дадзена шчасце ў жыцці і слава ва ўсіх людзей на вечныя часы…»

Хазяінаў (весела рагоча). Арыгінальны ты ў нас старшыня. І мужыку молішся, і ў Гіпакрата веруеш…

Іван. Ну, а ты хоць у што-небудзь веруеш?

Хазяінаў. У прамфінплан, паважаны, у прамфінплан я верую. І ў святы запавет: хутчэй, больш і дзешавей.

Іван. Не будзе нам славы на вечныя часы, калі мы так бяздарна будзем весці сваю справу. Не будзе…

Хазяінаў. Зараз табе будзе такі Гіпакрат, што сваіх не пазнаеш…

Уваходзіць Ганна. У руках бутэлька гарэлкі.

Вось гэта дзела: зяць на парог — цешча за бутэльку. Бадай што, гульнём…

Ганна (з-за шырмы). Гуляй, мамо, гуляй, тату, развярнулі свінні хату.

Хазяінаў. А мамаша ўсё прытчамі сыпле…

Прыбягае ўсхваляваны Шашаль.

Шашаль (мітусліва). Ілья Міхалыч, яны, здаецца, ляцяць!!! Вітаю вас, Іван Ігнатыч! Вось так, ляцяць. А куды дзенешся?

Іван. Хто ляціць?

Шашаль (здзіўлена). Як хто?! Ці вы жартуеце?

Хазяінаў. Нам Гіпакрат перашкодзіў. Далажы кіраўніцтву.

Шашаль. Сяджу, значыцца, мазгую — а куды дзенешся, — раптам так, маўляў, і так, у апарата памочнік генеральнага дырэктара Шашаль. А ён: на сувязі верталёт Фёдара Максімавіча. На сувязі верталёт Фёдара Максімавіча… Маць часная!.. А куды дзенешся?

Хазяінаў. Карацей, ён зараз будзе тут. Я толькі зразумець не магу, якім чынам наш папаша на борт верталёта зацясаўся.

Выходзіць з-за шырмы Ганна.

Ганна. Гэта я табе, зяцёк, пасля скажу, калі сам не здагадаешся.

Чуваць рокат верталёта. Усе, апрача Ганны, выходзяць з хаты. Шашаль вяртаецца і хапае са століка, што стаіць пад галерэяй партрэтаў, букет васількоў. Ганна забірае ў яго кветкі і ставіць зноў у вазу.

Шашаль. Міленькая мая, гэта ж Фёдар Максімыч!!!

Ганна. Таму і не мітусіся.

Шашаль. Фёдар Максімыч, разумееце?!

Ганна. І не хадзі ты ходырам перад нашым Хвёдарам.

Шашаль. Як вы сказалі?..

Ганна. Прывыклі, сказала, чужымі кветкамі сваю сцежку высцілаць.

Шашаль. Кашмар!!! (Выбягае.)

Ганна ідзе за шырму. Чуваць голас Ігната: «Заходзьце смялей, заходзьце». Уваходзяць Фёдар Максімавіч, Xазяінаў, Шашаль, Арына, Іван, Ігнат. Увагу Фёдара Максімавіча прыцягвае галерэя фотаздымкаў.

Фёдар (Ігнату). Які ж ты малайчына, камандзір. Тут жа амаль увесь першы атрад! Як табе ўдалося?! (Разглядае здымкі.)

Ігнат. З жывымі перапісваюся, а хто не жывы, у тых дзеці, сваякі засталіся. А ў гэтых (паказвае на рамачкі без фотаздымкаў) нікога і нічога не засталося — нашы ў асноўным, з Крывічоў. (Паказвае на фотаздымак з дзецьмі.) А вось гэтых малявак, бадай што, не прызнаеш?

Фёдар (разглядае здымак). Гэтых?.. Гэтых не.

Ігнат. Тыя самыя сіроткі, у якіх немцы кроў для салдатні бралі. А вось гэты лапавухі — цяперашні генеральны дырэктар будзе. (Ківае на Хазяінава.)

Шашаль. Неверагодна! (Фатаграфуе Фёдара Максімавіча і Хазяінава.) Ігнат Кірылавіч, адхініцеся, вы перашкаджаеце…

Ігнат. А вось гэта склязнё — Зінка Мухіна — акадэмік па цяперашнім часе. Дачка ўзводнага Тараса Мухіна. Шкада — не прыехала.

Фёдар. Не бядуй, я табе з ёю сустрэчу наладжу.

Ігнат. Без цябе яна мне не ў модзе. А цяпер глянь сюды. (Пераходзіць да здымка трох жанчын.)

Фёдар (здзіўлена і ўзрушана). Мама?! Гэта ж мая мама!..

Ігнат. Яна. А па баках жонкі мае — першая і другая.

Фёдар. Я ніколі не бачыў гэтага здымка…

Ігнат. Мы табе перазнімем.

Фёдар Максімавіч доўга глядзіць на фотаздымак, неўзаметку змахвае слязу. Шашаль заўважае гэта і цікуе, каб зрабіць здымак, але Ігнат бярэ яго пад руку і адводзіць убок.

Шашаль. У чым справа?

Ігнат. Як цябе завуць?

Шашаль. Шашаль… Памочнік, так сказаць, пры вашым зяці… А куды дзенешся?..

Ігнат. Тое, што ты Шашаль пры зяці — многія ведаюць. Завуць як?..

Шашаль. Дапусцім, Ізяслаў Ізяславіч.

Ігнат (амаль на вуха). Ізяслаў Ізяславіч, даражэнькі, мы вайну выйгралі. Дасць бог і надалей без памочнікаў абыдземся…

Шашаль. Вы так фармулюеце, што нібыта я супраць…

Ігнат. Як жа ты можаш быць супраць? Ты, Ізяслаў Ізяславіч, будзь «за», але не блытайся пад нагамі.

Шашаль. Гэтым кадрам цаны не будзе…

Ігнат. І не пасмей гандляваць кадрамі! (Ідзе да Фёдара Максімавіча.)

Фёдар (абдымае Ігната за плечы). Дзякую табе, добры чалавек, за сустрэчу. (Аглядае галерэю здымкаў, увесь дом.) Мне зараз здалося, што ў гэтым доме за сорак год нічога не змянілася. Нават занавеска тая самая… у рамонкі.

Ігнат. Занавеска другая, а рамонкі тыя ж. Даваеннай занавескай мы Тараса Мухіна перавязалі, калі яму мінай жывот вырвала. Як цяпер чую: не псуй, кажа, Кірылавіч, рамонкі, мне ўсё адно канец… Не хачу нічога тут мяняць. Вось канапу толькі перацягнулі па-моднаму ды квяцістаму…

З-за шырмы выходзіць Ганна.

Ганна. І дарэмна перацягнулі. Той скуры зносу не было. Добрага вам здароўечка, людцы. (Аглядае прысутных.) І камісар?! Воўк у лесе здохне — завярнуў-такі аглоблі і да нас.

Фёдар Максімавіч напружана ўглядаецца ў твар Ганны, але не пазнае.

(Да ўсіх.) Не пазнае?! Ды не на мяне ты, старую, глядзі, калі ўспомніць хочаш, а на канапу вось гэту. А яшчэ лепш за канапу. (Смяецца.)

Фёдар (як адкрыццё). Цётка Ганна! (Абдымае, цалуе.) Цётачка Ганна! Родная вы мая!

Ганна. Ну што ты, ну што ты, Федзечка, старую бабу цалаваць. Табе яшчэ і маладзенькая шчочку падставіць і ручку падасць. Як у тэлевізары з’яўляешся, я за кожным разам думаю: а мой жа ты саколік, і прыгожы, і разумны, і гады яму хоць бы што. (На Ігната.) Вось ужо ведаў мой дзед, каго сабе ў камісары выбіраць…

Ігнат. Ладна табе, маці, да начальства падлізвацца…

Ганна. А што мне падлізвацца? Я сама сабе начальства. А што люблю яго, дык у душы спытаўшыся, а не за пасады высокія. А вот ты, зяцёк, і памочнік твой пра канапу не ведаеце. Не пярэч, Федзечка, раскажу… Гэта ж на першым годзе вайны было. Нашы засаду за Крывічамі паміж азёр зрабілі, а немцаў напаўзло — біць не перабіць, нашы адыходзіць да лесу сталі. Глянула ў акно, а к хаце бяжыць нехта: то ўпадзе, то зноў устане. Адчыняю дзверы (на Фёдара Максімавіча), а ён на парозе — у адной руцэ аўтамат, а ў другой палка. Паклалі мы яго на гэту канапу, разулі, а крыві паўнюткі бот. Ручнік з абразоў — і бінтаваць, а страляніна ўжо за гумнамі. Хацелі ў пограб пад падлогу, а ты без памяці. Я ад страху аслабела: ні падняць, ні скрануць! Што рабіць?! (Да ўсіх.) Дык мы яго за канапу, а зверху анучамі усялякімі, фуфайкамі, кажушком. А як гіцлі на парог, я на канапу шасць і давай галасіць-прыгаворваць, і ўсё больш пра тыф. Немчура тыфусу і партызан аднолькава баялася… Ну, а к вечару яны ўсіх нас і расстралялі. Да сіласнай ямы вёску сагналі, і кулямёты кругом. Дзетачак меншанькіх першымі паставілі, а большанькіх — за імі, а ў трэці рад такіх, як Зойка і Надзька. Гэта яны, рыбачкі мае, на картачцы. У адзін дзень з мамай тваёй здымаліся, на Першае мая. І каля ямы мы разам аказаліся: я пасярэдзіне, а Даша і Паліна — жонка Ігнатава — па баках. Шапнула я Дашы: Федзю, кажу, твайго за канапай схавала. Абшчапіла яна мяне, загаласіла. А потым кажа: ты яго выратавала, я цябе выратую. І перада мною стала. У гэтую хвіліну і пачалося… Усіх паклалі — і маленькіх, і старэнькіх. А пад раніцу я з той крывавай ямы вылезла, руку перабітую хусцінкаю сцягнула, Максімавіча пад пахі — і ў сямейны лагер. Там пасля ўжо Вольгачку Ігнатаву знайшла. За дырэктарам цяпер наша Вольгачка. (Глядзіць на Хазяінава.) З ёй па лясах ды балотах і гаравала ўсю вайну. Ну, а пасля ўжо Ігнат нас знайшоў. Свая хата ў яго згарэла, дык ён пры нашых дзецях у маёй хаце і застаўся… Адзін мужчына на ўсё сяло. Дык мы яго старшынёю і абралі. Ну, а як сын (глядзіць на Івана) у выканкоме стаў, дык неяк няёмка бацькам камандаваць. Тады стары на пенсію…

Ігнат. Ладна, маці. Не пра нас сёння гаворка. (Адсоўвае шырму, ідзе да стала, адкаркоўвае бутэлькі.)

Уваходзіць Арына з міскаю канону[1] і лыжкамі. Вітаецца кіўком і раскладае лыжкі. Становіцца ціха. Чуваць толькі, як у чаркі ліецца гарэлка.

Ганна. Падыходзьце, родная, тут без пачастунку…

Ігнат (бярэ чарку). Памянём сяброў-таварышаў. (Глядзіць на фотаздымкі.) І пагаворым… Пагаварыць трэба, камісар… як бывала… перад боем… Можа, рассудзіш, можа, асудзіш, а можа, і наш бок возьмеш. А мы, крывічы, не падвядзём. З намі да канца можна.

Фёдар. Пагаворым, камандзір. (Бярэ чарку.)

Ігнат. Памянём забітых, памерлых, згарэўшых, павешаных, газам задушаных, у рэках патопленых, голадам замораных, на катарзе замучаных… Разведчыка нашага Міколку памянём, якога людаеды жывога пілою распілавалі. Дзетак нашых, мацярок і жонак успомнім…

Ганна. Іншы раз думаеш, калі б кожнаму ў асобку помнік паставіць…

Ігнат (перапыняе). Калі ў асобку, то поля пад хлеб не засталося б. Лесам абеліскаў зарасла б зямля. Можа, таму нашы з даўняга даўна і хавалі сваіх пад курганамі ды ў брацкіх магілах.

Ганна. Дарагой, ой дарагой зямліцай у нас хлебец танны.

Ігнат (памаўчаўшы). Схілім галовы над таварышамі нашымі, каго салдацкія раны да пары ў зямлю звялі. А ў тых, каму ў брацкіх магілах і пад курганамі солана і горка стала… (Глядзіць на Хазяінава.)

Іван. Можа, не трэба, баця?..

Ігнат (амаль крычыць). Не трэба?.. (Пасля паўзы, ціха, але цвёрда.) А ў тых, каму ў магілах і пад курганамі солана і горка стала, прашчэння папросім і клятву дадзім… (памаўчаўшы) і клятву дадзім берагчы сваю зямлю не толькі ў ліхі час, але і ў шчаслівыя дні!.. Жывым пажадаю добрага здароўя, доўгай памяці і чэснай старасці. Гэта я цябе маю на ўвазе, Хазяінаў…

Ганна. Нахазяйнічалі — глядзець моташна і паказваць сорамна.

Хазяінаў. Даруйце, але я не ўсё пакуль…

Ігнат. Спярша памянём, а пасля табе растлумачаць.

Ганна. Няхай ім усім свеціць вечная вечнасць. (Выпівае.)

Усе паднімаюць чаркі, а выпіўшы, следам за Ганнай адломваюць па маленькім кавалачку хлеба і заядаюць яго канонам, зачэрпнуўшы лыжкаю з агульнай місы.

Арына. Як мы радаваліся першаму рудніку! Людзі ведалі, што вялікае калійнае прадпрыемства — гэта ў першую чаргу вялікі хлеб. А хто не радуецца хлебу?.. Прайшло дваццаць гадоў. У нас сёння і вялікая вытворчасць, і вялікі горад. Людзі сардэчна назвалі яго Любаградам. Але зазірніце сёння ў вочы гэтым людзям, і вы не прачытаеце ў іх радасці. Вы ўбачыце ў іх насцярожанасць і трывогу. (Прыступ кашлю не дае ёй гаварыць.)

Ганна дае Арыне шклянку вады.

Ігнат. «Я ввел вас в землю плодоносную, чтобы вы питались плодами ее и добром ее, а вы вошли и осквернили землю мою и добро ее сделали мерзостью». Ты думаеш, мы гэта самі прыдумалі?.. Прарок Іерэмія сказаў…

Хазяінаў. Ну, вы ведаеце, са сваімі прарокамі… І наогул, я не раіў бы…

Ганна. Канечне, не раіў бы…

Хазяінаў. І вам бы, мамаша, іншых паслухаць.

Ганна. Ты, зяцёк, вядома, сядзіш высока і плюеш далёка, але і мы не ў кут рылам. А тое, што ты паехаў шырокім возам па вузкай каляіне, усякаму відно.

Хазяінаў. Фёдар Максімавіч, можа, нам перанесці месца сустрэчы? І даруйце мне за ўсё, што тут адбываецца.

Ігнат. Зяцёк, мілы, ды не табе гэта сустрэча зусім. Мне — сустрэча, а табе засада. Натуральная засада. Гэты від бою мне часцей за ўсё ўдаваўся. На лабавую атаку ў мяне сёння сілы няма, а манеўры ўсякія — падходы, абходы ды абхваты — не па мне. Лоб у лоб люблю, і знянацку. І ты, камісар, даруй, што на маю засаду каля магілы нарваўся. Я і іншых нашых там падпільноўваў, але, на жаль, іншыя вельмі асцярожныя сталі. А я пры табе, камісар, некаторых спытаць хацеў: з чалавечым сумленнем жыць далей будзем ці з якім іншым?! Яны, відаць, толькі цябе яшчэ паважаюць і баяцца. Паверыш, Фёдар, ні ў бога, ні ў чорта не веру і паміраць толькі таму баюся, што спытаюць яны мяне (глядзіць на галерэю здымкаў): як жа ты дапусціў, камандзір, каб косці нашы солевай жыжай заліло, лес над намі высах і птушкі змоўклі?! Я не змагу ім адказаць, камісар!

Фёдар. Хто-небудзь ведаў раней, што брацкую магілу і курганы праглынула балота?

Ігнат (пасля доўгай паўзы). У Крывічах новую прыпеўку-нескладушку прыдумалі: у Хазяіна цячэ, у Крывічах мокра, і каму якая справа, куды пырскі паляцяць.

Фёдар (Івану). Ты таксама не ведаў, старшыня?

Ігнат. А ў яго пра жывых клопат: то хата ў мужыка ў апраметную правальваецца, то кароўнік калгасны на дзве палавіны разломваецца, то вуліца трэшчыну дае. Бабы з перапуду ўголас, а мужыкі ў бога, душу і ў дырэктара маць… А старшыня наш добры ды ўступчывы, усё па-добраму стараецца. І замест таго, каб, каму варта, мазгі выправіць, сялян байкамі супакойвае: нічога, маўляў, бабанькі, не трэба панікі — гэта ўсяго толькі зямля над выпрацаванымі шахтамі па навуцы асядае-апускаецца, паколькі прырода не церпіць пустаты. А як гэта прырода такога гаспадара-хазяіна, як мой зяцёк, церпіць, таго ён бабам растлумачыць не можа, паколькі сам не ведае.

Хазяінаў (настойліва). Можа, хопіць, папаша?! Усяму ёсць мяжа!

Ігнат (зрываецца). Ты мне не сын! Ты вораг маёй і сваёй зямлі, і я аб’яўляю табе вайну. Інакш не будзе мне месца ў той магіле!

Ганна. Дагарэла, зяцёк, свечачка да полачкі…

Хазяінаў. А такой прымаўкі вы не ведаеце: не памарыўшы пчол, мёду не дабудзеш?..

Шашаль. Брава!..

Ігнат (надзвычай эмацыянальна). Ілья! Ілья Міхайлавіч! Таварыш Хазяінаў! Грамадзянін генеральны дырэктар!!! Я яшчэ магу зразумець Ізяслава Ізяслававіча і яго «брава», а ты ж мужыцкі сын! Гэта зямля паліта крывёю-потам і тваіх блізкіх! Ты ж вырас на яе вадзе і хлебе! Што ж ты з ёю робіш? Што ж ты за чалавек, Ілья Хазяінаў? Чаму ты такі спакойны і ўпэўнены? Хазяінаў, ты нахабна ўпэўнены!

Хазяінаў (смяецца). А ён у нас не такі ўжо і добранькі, як некаму здаецца. Бачыце, львом кідаецца.

Ігнат. Загубіць дзвесце квадратных кіламетраў такой зямлі! Яе ж на хлеб намазваць можна, зямельку нашу. А яна, безабаронная, корчыцца ў сутаргах, правальваецца, пакрываецца струпамі і крычыць нема ад болю і крыўды. Гэта каб на любаградскай зямлі і саланчак?! На той самай зямлі, у якую зярнятка кінь — клець з засекамі збожжа вырасце!

Фёдар (пасля працяглай паўзы). Вы рашылі не адказваць вашым апанентам, Ілья Міхайлавіч?

Хазяінаў. Гэта мела б сэнс, Фёдар Максімавіч, калі б мае апаненты былі менш эмацыянальныя і больш кампетэнтныя. Не крыўдуй, Іван Ігнатавіч, але табе, аграрніку, цяжка меркаваць аб праблемах горназдабыўной і хімічнай прамысловасці.

Шашаль. Аграрніку і зразумець нас цяжка, не толькі што судзіць…

Іван. Што рабіць, калі іншыя не судзяць?

Арына. Калі б з дня закладкі першага рудніка па ўсёй строгасці прымяняліся законы, многія па тры разы ўжо з турмы вярнуліся б. Але ў нас усе маўчаць і мала хто судзіць. Адны маўчаць з баязлівасці, другія са сціпласці, трэція з подласці, чацвёртыя з мудрасці, а солевая жыжа, пыл і газы, як ракавая пухліна, распаўзаюцца па зямлі і ў паветры і забіваюць усё жывое. А безадказнасць хімікаў не мае мяжы. Ім усё можна! У іх, бачыце, дзяржаўныя інтарэсы!

Шашаль. Уявіць сабе, дзяржаўныя. А куды дзенешся?

Хазяінаў. Паважаны Фёдар Максімавіч, мне страшэнна непрыемна за ўсё тое, што тут адбываецца, і я…

Фёдар. А мне, вы думаеце, прыемна?

Хазяінаў. Вы разумееце, што ў іншай абстаноўцы…

Ігнат. У іншай ты б ці сам збег, ці мяне выпер. А ў гэтай і дзвярыма не бразнеш, і мяне не вытурыш.

Ганна. На памінках ты ў нас, зяцёк. А на памінках і не шумнеш, і не тупнеш. (Выходзіць.)

Ігнат. Сядзі і смуткуй… хоць для прыліку. А то сяло скажа: харахорыўся, як дурань на памінках. (Фёдару.) Павер, камісар, я не заманьваў бы цябе на засаду, калі б мяне хоць у адным месцы да канца паслухалі. Бяда! Адсядзелі начальнікі вушы.

Іван. Слухаць-то нас слухалі. І паперы нашы чыталі, часам спачувалі, іншы раз нават сумленна, але гадамі нічога не рабілі, каб навесці элементарны парадак там, дзе беспарадак — злачынства, злачынства супраць зямлі і людзей, якія на ёй жывуць тысячагоддзі і на Луну перасяляцца не збіраюцца.

Арына. Навошта ім Луна? Лунныя ландшафты ў любаградцаў за агародамі.

Хазяінаў. Фёдар Максімавіч, калі гэту безадказную дэмагогію спыніць нельга, дазвольце мне некалькі слоў па сутнасці…

Фёдар. Я тут не старшынствую. На памінках я… І становішча маё адрозніваецца ад вашага толькі тым, што я ў даўгу неаплатным перад людзьмі гэтай зямлі, ды і за вас, як генеральнага дырэктара, адказваць павінен. Даруйце, што перапыніў.

Хазяінаў. Безумоўна, Фёдар Максімавіч, калійная вытворчасць, на жаль, мае хвастовую гаспадарку. І гэтыя самыя хвасты многае губяць, ствараюць лунныя ландшафты. Але давайце паглядзім на рэчы спакойна, рэальна, без эмоцый. Калій, што мы дастаём з-пад аднаго гектара ворыва, губіць гэта ворыва, і губіць бадай што назаўсёды, але… Але ён жа дае на другіх гектарах такую прыбаўку да ўраджаю, якую той загублены гектар даў бы толькі за пятнаццаць тысяч гадоў. За пятнаццаць тысяч гадоў! Гэта ж палачка чарадзейная! Гэта ж настольніца-самабранка!..

Шашаль. Можа, нашым апанентам здаецца, што ад гэтага можна адмовіцца на карысць такой мілай нашаму сэрцу фауны і флоры Любаградскага прамраёна? А куды дзенешся?..

Іван. Вам Любаградчына — прамраён, а нам яшчэ зямля бацькоў і калыска цэлага народа! І ад гэтага сапраўды нікуды не дзенешся.

Шашаль. Не трэба спекуляваць на пачуццях цэлага народа, тым больш што ён вас на гэта не ўпаўнаважваў. Даруйце, Ілья Міхалыч…

Хазяінаў. Я яшчэ хацеў дадаць, што калійная вытворчасць самая бясшкодная з усіх вытворчасцей.

Арына. А вось цяпер я скажу «брава»!

Іван. Відаць, якраз таму на палях вакол абагачальных фабрык і прамысловых пляцовак не расце трава, сохнуць сады, у азёрах і рэках вымерла ўсё жывое, не з’яўляецца зерне ў грэчкі і завязь у бульбы.

Ігнат. Пры такіх нормах, як на нас льюць і сыплюць, хутка не толькі ў бульбы і грэчкі, але і ў баб завязі не будзе.

Хазяінаў. Даруйце, але мы ніколі не дапускалі і не дапускаем перавышэнняў гранічна дапусцімых канцэнтрацый прамысловых выкідаў. А дапусцімыя дапускаюцца медыцынай. Так што па лініі нараджальнасці ўсё будзе ў норме.

Арына. Пабойцеся бога, калі нічога іншага ўжо не баіцеся! Фёдар Максімавіч, паглядзіце іх нормы.

Фёдар (бярэ ў Арыны і чытае паперку). «За суткі прадпрыемствы аб’яднання выкідаюць у атмасферу да… тон солевага пылу, сернага ангідрыду, вокіслаў азоту, вугляроду, хлор-іёну і іншых хімічных рэчываў. Забруджанасць атмасферы над горадам і навакольнымі вёскамі перавышае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі ў…» Адкуль у вас гэтыя звесткі?

Арына. Здабылі ў лабараторыі «Любаградкалія» агентурным шляхам.

Шашаль (Хазяінаву). Яна зноў падсядзела Вольгу Ігнатаўну.

Ігнат. Звярні ўвагу, камісар, на рэзалюцыю: «Для сведення». І літара «Д». «В дело», значыцца. А на самай справе — не «в дело», а на цвік. Паперу, як бачыш, напісала мая дачка Волька — яна ў свайго мужа лабараторыю аховы прыроды ўзначальвае, — рэзалюцыю налажыў зяць Ільюша, а на цвік яе накалоў памочнік Ізяслаў.

Хазяінаў. Пры ўсіх нашых канцэнтрацыях смяротнасць у раёне і горадзе, наколькі нам вядома з афіцыйных, а не агентурных звестак, за апошнія дваццаць год не павялічылася.

Арына. Але нараджальнасць таксама… І, можа, якраз таму, што ў нас сталі расці салёныя грушы. Нармальная прырода такога не толькі не ўмела, але і не ведала. Нешта ж выклікала мутацыйныя змены генетычнага апарату клетак раслін. І яшчэ: у рэагентным цэху дапушчана злачыннае парушэнне аховы працы.

Хазяінаў. На гэта ў вас няма і быць не можа ніякіх доказаў.

Арына (праз удушлівы кашаль). На жаль, яны ў мяне ёсць… Загадчыца лабараторыі ці не рабіла, ці фальсіфікавала кантрольныя замеры на забруджанасць паветра амінамі. Відаць, страх згубіць прэмію перамог грамадзянскую адказнасць і прафесійны гонар.

Хазяінаў. Вы ненавідзіце Вольгу…

Ігнат. Будзь жа ты мужыком, Ілья!..

Ганна прыносіць тэлефон.

Ганна. Каторы з вас Караед? Нехта Караеда пытаецца.

Хазяінаў. Можа, Шашаля?

Ганна. Можа, і Шашаля… (Выходзіць.)

Шашаль бярэ трубку, слухае.

Прыступ кашлю ў Арыны становіцца такім моцным, што яна ў суправаджэнні Івана выходзіць.

Ігнат (Фёдару Максімавічу). Здаровая з выгляду баба, а прастуды баіцца, як дзіцё малое… Проста дзіва…

Фёдар (думаючы пра іншае). Дзіва… дзіва…

Шашаль кладзе трубку і нешта шэпча Хазяінаву.

Хазяінаў. А што ты мне шэпчаш? Ты ўсім скажы…

Шашаль. Не, няхай бы лепш Ігнат Кірылавіч сам сказаў. Ён іх пасадзіў, яму і карты ў рукі. А куды дзенешся?

Фёдар. З вамі не засумуеш. Праясні, Ігнат Кірылавіч, калі не сакрэт.

Ігнат. Які там сакрэт? Пра гэта ўсё наваколле ведае. Задумаў Хазяінаў чыгунку к новаму камбінату будаваць. Вечарам думаў, а раніцай папярок агурочнага поля бульдозеры пусціў, кюветы працягнуў, слупкі паставіў. Зяць у мяне рашучы, не тое што сын. Ну, а мы таксама за сябе рашылі пастаяць. Цяпер зламыснікі даюць паказанні пракурору, а дэпутацкая камісія падлічвае страты.

Хазяінаў. Вось так, Фёдар Максімавіч, мы і працуем з мясцовымі ўладамі…

Шашаль. Неверагодна!.. Праектантаў яны маглі ўзяць, маглі затрымаць, маглі, нарэшце, і пасадзіць — вольнаму воля, а куды дзенешся, — але навошта было вырываць слупкі і бульдозерам запрасоўваць кюветы? Гэта ж чыгунка, а не брукі. Падумаеш, памялі гуркі?! А ў нас павінны стаяць два руднікі, а тысячы шахцёраў валяюць дурня і мацюкаюць дырэктара і вышэй…

Хазяінаў перапалохана ўскоквае з месца, каб перапыніць Шашаля.

Уваходзіць уся ў слязах Ганна.

Ганна. Ігнатка, Федзечка, ёй так блага, так блага, што і не ведаю! Калі не даць ратунку, захлынецца, і ўсё тут. Абвяла ўся лісточкам…

Ігнат і Фёдар таропка выходзяць за Ганнай.

Хазяінаў (шыпіць). Вы ідыёт, Шашаль! Вы пень неабчэсаны, а не памочнік! Як вы маглі? Як вы смелі ляпнуць пра спыненне руднікоў?! Гэта ж бюро! Катастрофа!

Шашаль (перапалохана). Ілья Міхалыч, даражэнькі, каб у мяне радыятар пацёк, калі я хацеў. Каб мне кожны дзень госці, калі я наўмысна! Мне і ў галаву не магло прыйсці, што гэтыя змагары-абаронцы выкарыстаюць перад Фёдарам Максімавічам такі жалезны аргумент, як спыненне руднікоў! (Хапаецца за галаву.) Ай! Ай! Ай!.. І пасля гэтага Шашаль павінен думаць аб прахіндзеях нешта добрае?!

Хазяінаў (без злосці). Знікні з маіх вачэй.

Уваходзіць Ігнат.

Ігнат. Вось гэта ты правільна робіш.

Шашаль. Я думаю, што гэта спрэчна.

Хазяінаў. А вам я гэтага ніколі не дарую!

Ігнат. Чаго «гэтага»?

Хазяінаў. Засады, блакады ці як там яшчэ ў вас? Не дарую!

Ігнат. Разумны быў бы ты мужык, Ілья Міхайлаў, — каб не дурань. (Выходзіць на шум верталёта над домам.)

Шашаль. Можаце зняць з мяне галаву па самыя плечы, але я перакананы, што прамраёну патрэбен не аграрнік і тым больш не сваяк. Нам патрэбен старшыня з дзяржаўным мысленнем і шырокім палітычным кругаглядам. Іван Ігнатавіч — сухая галіна, і яе трэба адсекчы!..

Хазяінаў (нібы ўпершыню ўбачыў Шашаля). Ну і Шашаль!..

Шашаль (хітра). Не ну і Шашаль, а на тое і Шашаль. І гэтага старшыню я вазьму на сябе…

Чуваць гук верталёта.

Зацямненне.

Карціна другая

Кабінет Хазяінава. Стол з прыстаўкай. Злева столік для селектарнай устаноўкі і некалькіх тэлефонных апаратаў. Каля сцяны справа кніжныя шафы. Каля сцяны злева стол для пасяджэнняў. На сцяне карта-схема Любаградскага прамысловага раёна. Ніканаў нешта піша, Хазяінаў глядзіць у акно. Чуваць, як пад’язджае машына.


Хазяінаў. Здаецца, пад’ехаў…

Ніканаў. Добра, хоць не прымушае сябе чакаць.

Хазяінаў. Усе зануды пунктуальныя. Ты гэта ўлічы. І наогул трымай вуха востра. Становішча на рудніках ведае цудоўна. У свой час я па глупству ўзяў яго жонку санітарным урачом. Усе нашы прамашкі і недахопы ў яго на ўліку. У любую хвіліну ён можа абодвух закласці міністру ці яшчэ куды. Вось такі сваячок.

Ніканаў. Ён што ў цябе?..

Хазяінаў. Ён у мяне прынцыповы да немагчымасці.

Ніканаў. А як з інстынктам самазахавання?

Хазяінаў. Пазбаўлены начыста. І ўвесь час шукае амбразуру…

Ніканаў. Ну і няхай. Чаго ты перапалохаўся?!

Хазяінаў (з іроніяй). Шкада. Сваяк… як-ніяк.

Уваходзіць Іван. Вітаецца.

Ніканаў. Ну што, Ілья Міхайлавіч, як кажуць, «начнём, пожалуй…»

Хазяінаў. Прашу. (Запрашае за стол.) Як Арына?..

Іван. Дзякую, лепш.

Хазяінаў. Ну і цудоўна… Там Вольга тое-сёе хацела перадаць. Зазірні, як будзеш міма ехаць.

Іван. Дзякую.

Ніканаў. Ітак, Іван Ігнатавіч, першае, што нам давядзецца зрабіць, і аператыўна, — гэта выселіць людзей з небяспечнай зоны. Другое — разгледзець план першачарговага зносу тых васьмідзесяці вёсак, што аказаліся ў зоне інтэнсіўных выпрацовак. Наколькі мне вядома, асяданне паверхні з разломамі глебы значна прасунулася ў бок вадасховішча…

Іван. Я толькі што адтуль.

Хазяінаў. Тады табе ўсё ясна. Эвакуацыю трэба пачынаць неадкладна. Здарыцца горшае — дзесяткі вёсак за раз не схопіш.

Ніканаў. Як-ніяк, тысячы людзей.

Іван. Хіба эвакуацыя самая галоўная праблема? Эвакуацыя — гэта ўжо следства вашай работы. Дарэчы, безадказнай работы. Давайце ж глядзець у корань. Давайце разам думаць, як паправіць становішча, каб выратаваць зямлю, ваду, усю прыроду. Ну хочаце, я звярнуся да ўрада, у міністэрства? Папросім сродкаў, раскрыем карціну, дакажам, пераканаем. Нельга жыць адным днём!

Хазяінаў. Добры ты мой чалавек…

Іван. На добрых, кажуць, ваду возяць. Так што давайце афіцыйна.

Хазяінаў. Можна і афіцыйна. Толькі ты нам, Ваня, не расказвай казкі. Казачнікаў у нас і без цябе многа. Так што давай лепш пяройдзем да суровай рэальнасці.

Іван. Можна і да рэальнасці. (Цвёрда.) Але тады я папрашу цябе, Ілья Міхайлавіч, прадставіць райвыканкому бюлетэні стану паветра і вады, якія на працягу хоць бы апошняга года складала ваша лабараторыя.

Хазяінаў. І навошта яны спатрэбіліся райвыканкому?

Іван. Для супастаўлення с бюлетэнямі раённай санстанцыі, каб ведаць, як абстаяць справы не толькі ў прамысловай зоне, але і за яе межамі.

Хазяінаў. Ну, а за межамі навошта?

Іван. Буду дзяліцца навінамі з калегамі з сумежных раёнаў. Што тычыцца актаў аб аварыйных выкідах пылу і газаў, прарывах дамб і ўцечцы расолаў на палі, то з імі пазнаёміцца пракурор.

Хазяінаў. І які ультыматум ты нам сёння яшчэ заявіш, Іван Ігнатавіч?..

Іван. Заяўлю яшчэ, што ні адна аўтамашына і ні адзін вагон, калі яны не будуць належным чынам абсталяваны пад перавозку сыпкіх угнаенняў, праз тэрыторыю раёна не пройдуць, а дакладней — не змогуць адысці ад пагрузачных пляцовак.

Хазяінаў. Ну, гэта мы яшчэ паглядзім.

Іван. Распараджэнні міліцыі і ГАІ ўжо зроблены.

Ніканаў. Вы думаеце…

Іван (перапыняе). Не ўправіцца ГАІ — выведу людзей. Яны дапамогуць. Хопіць пасыпаць угнаеннямі дарогі і труціць палі. Баста!

Ніканаў (з цяжкасцю стрымліваючыся). І на якой жа падставе, дазвольце пацікавіцца, вы рашылі ўсё гэта правярнуць?..

Іван. Усё гэта, дазвольце вам зазначыць, мы правернем на падставе пункта «б» артыкула дзесятага статута Таварыства аховы прыроды, членам якога я састаю.

Ніканаў (рагоча). Не, у вас адзін не падобны на другога! (Выцірае слёзы смеху.) Даўно так не смяяўся…

Іван. У здаровым целе здаровы смех. Але справа ў тым, што акрамя членства ў Таварыстве аховы прыроды я яшчэ з’яўляюся членам ЦК і народным дэпутатам. І гэта акалічнасць мяне натхняе. А пункт «б» артыкула дзесятага гаворыць, што ўсе члены таварыства абавязаны: ашчадна адносіцца да прыродных багаццяў і прымаць усе магчымыя меры супраць парушэнняў Закона аб ахове прыроды. Карацей, з сённяшняга дня, з самай раніцы, мы пачалі працаваць з няўхільным выкананнем законаў, правіл, інструкцый і статутаў — ад статута Таварыства аховы прыроды да…

Ніканаў. Дарагі Іван Ігнатавіч, калі ў Англіі пачынаюць працаваць па правілах, вытворча-гаспадарчае жыццё ў краіне паралізуецца.

Іван. Дык гэта ж у Англіі…

Хазяінаў. Ну, вось што, пабалакалі, і хопіць смяшыць… У цябе ёсць прапановы па перасяленні людзей?

Іван. Маюцца. Але з вашымі не супадаюць.

Ніканаў. Падзяліцеся, калі не сакрэт.

Іван. Сакрэт у нас такі: людзей не чапаць, тым больш што іх некуды перасяляць, апетыты вытворчага аб’яднання ўмерыць, правы ўрэзаць, на заводскія трубы і іншыя крыніцы забруджвання накінуць моцны наморднік. Грамадскасць нам дапаможа.

Ніканаў (ускоквае). Чорт ведае што! Іншы раз думаеш: куды ты трапіў? Ці, можа, у вас тут партызанскі рух усё яшчэ працягваецца?! Вы што, усур’ёз наважыліся ўблытваць грамадскасць у гэту і без таго складаную справу?

Іван. Абавязкова! І паколькі мы тут лапаць не на руку адзяваем, а…

Ніканаў (перапыняе). Вы дзеці прыроды, а вам даўно пара стаць дзецьмі веку, XX веку, які патрабуе ад кіраўніка вашага рангу большай адказнасці і больш маштабнага мыслення.

Іван. Таварыш Ніканаў, ахова прыроднага асяроддзя і зямлі, на якой хлеб трэба вырошчваць, з’яўляецца ў нашай краіне прадметам сур’ёзнага клопату партыі, урада і ўсёй грамадскасці. Калі хочаце, пакажу, дзе пра гэта напісана… Учора на сумесным пасяджэнні бюро райкома і выканкома мы дамовіліся ў поўным аб’ёме выкарыстаць усе перавагі сацыялістычнай законнасці і сацыялістычнага метаду гаспадарання. А з тымі, хто дзяляцкім падыходам да справы зводзіць гэтыя перавагі на нішто, будзем змагацца ўсімі даступнымі нам сродкамі. Запэўніваю вас, усе дваццаць пяць тысяч сялян застануцца жыць там, дзе яны жывуць зараз. Ім некуды і нечага пакідаць зямлю продкаў. Вам жа гэту зямлю давядзецца адрамантаваць, і капітальна. Свінячыць на новых землях мы вам больш не дазволім!

Хазяінаў. Крывіч, Крывіч…

Ніканаў. Калі я правільна вас зразумеў, крывічы застануцца жыць у адрамантаванай зоне, а мы, у сваю чаргу, закрыем руднікі, паколькі яны дымяць і пыляць.

Хазяінаў. А я стану на карачкі і на чале мнагатысячнага калектыву шахцёраў следам за крывічамі накіруюся ў лес, назад «к естествонному состоянию», к першабытнаму, так сказаць, спосабу жыцця і тым самым забяспечу поўную гармонію ва ўзаемаадносінах з прыродай.

Іван. Сам можаш хоць у лес, хоць у балота, а мнагатысячны калектыў пойдзе сваёй дарогай. Яна ў яго дакладна вызначана.

Уваходзіць Калун-Каралевіч.

Калун. Прывітанне. Кумпанія, як той казаў, не велька, але бардзо пожондна… Дазвольце прычаліць?

Хазяінаў. Міласці просім! Міласці просім!

Калун. Пападзешся, дык папросіш. (Вітаецца з усімі, садзіцца.)

Хазяінаў (Ніканаву). Знаёмцеся. Раман Дзямідавіч Калун, так сказаць, правяраючы таварыш…

Калун (Падае руку). Калун-Каралевіч.

Ніканаў. Вельмі прыемна… Ніканаў.

Калун. Каму, панімаеш, прыемна, а каму і не. (Глядзіць на Івана, садзіцца.)

Уваходзіць Шашаль.

Шашаль. Па-першае, Ілья Міхалыч, санстанцыя апячатала сталоўку на першым рудніку — нібыта вада не такая; па-другое, усе аўтамашыны, каторыя без крыш і з дзюркамі, вярнуліся і разгружаюцца — на ўсіх дарогах гаішнікі. А па-трэцяе, тая самая станцыя патрабуе ў трохдзённы тэрмін адрамантаваць пылаўлоўнікі на фабрыцы трэцяга рудаўпраўлення, інакш апошняя, як яны пішуць, будзе закрыта, а вінаватыя прыцягнуты… Дазвольце, я выйду і паведамлю, куды належыць. (Выходзіць.)

Хазяінаў. Закрыць фабрыку?! Ты разумееш, што робіш?! У нас і так два руднікі стаяць.

Іван. І гэта нядобра. Руднікі павінны працаваць… і па правілах. (Ніканаву.) Што іх, міністэрства для праформы піша?

Ніканаў. Здзіўляюся, як вы можаце праяўляць такую несур’ёзнасць у такой крытычнай сітуацыі?! Вытворчасць на мяжы паралічу!

Іван. Іменна ў гэтай экстрэмальнай сітуацыі мы прыменім законы, інструкцыі, правілы і прымусім, каго варта, паважаць іх. Любы з вас можа паспрабаваць адмяніць санкцыі раённых улад і ўзяць усю адказнасць на сябе. Не хаваю, мае разлікі грунтуюцца на тым, што вы не возьмеце на сябе нічога. Карацей, вы пабаіцеся ўзяць на сябе хоць што-небудзь.

Ніканаў (стрымана, але цвёрда). «Любаградкалій» — саюзнае прадпрыемства, і вы тут не зарывайцеся! Я папярэджваю: не зарывайцеся!!!

Іван. А мы тут што, не саюзныя?! Ці вы хочаце, каб я ў вашага міністра высветліў, хто з нас больш саюзны?

Ніканаў (перапалохана). Вы мяне не так зразумелі.

Іван. Я вас зразумеў…

Ніканаў. У краіне адзінаццаць калійных прадпрыемстваў. І становішча ўсюды аднолькавае. Адны і тыя ж праблемы. І міністр усё гэта ведае.

Іван. Міністр будзе ведаць усё (падкрэслена), калі мы яму даложым. Інтарэсы краіны патрабуюць, каб становішча на хімічных прадпрыемствах змянілася, і не толькі ў нас, а ўсюды, дзе хімія пагражае здароўю людзей і губіць прыроду.

Хазяінаў. Сваячок мой, Ваня, ты чаго наогул хочаш? Чаго дамагаешся?..

Іван. Я хачу, сваячок мой Ільюша, каб да вышэйшых нацыянальных мэт сацыялізму, як то: рост эканамічнага і навукова-тэхнічнага патэнцыялу, павышэнне ўзроўню жыцця народа, умацаванне абароны краіны — прыбавіць яшчэ адну мэту — ахову і абарону прыроды. Абарона краіны і абарона прыроды — сёння важнейшай задачы няма!

Ніканаў. Між іншым, у нашым міністэрстве…

Іван (перапыняе). У вашым міністэрстве ўздрыгваюць ад адной толькі думкі пра магчымасць жорсткага кантролю за хімічнай вытворчасцю. Хіба вы па-гаспадарску ведзяце здабычу? Вы рабуеце зямлю, як налётчыкі: што ў мяшок, а што пад ногі. Грабяце, што бліжэй ляжыць і што сёння ў дэфіцыце. Ваш спосаб здабычы зямных багаццяў — знайшоў, раскапаў, хапануў зверху і далей бегчы, а там хоць трава не расці. І трава не расце. Гледзячы на самавольства, якое вы творыце на сваёй зямлі, мімаволі прыходзіш да вываду, што грамадская прагнасць, калі яе эксплуатуюць па-дзяляцку, можа быць такой жа разбуральнай, як і прагнасць прыватніцкая… Я прыйшоў да цвёрдага пераканання, што сёння для нас няма нічога больш небяспечнага за дзяляцтва, раўнадушша і чыноўную тупасць. Каб іх перамагчы, пераадолець, трэба быць…

Ніканаў (перапыняе). Як жа многа вы сабе дазваляеце.

Іван. Гэта яшчэ і таму, што вы, дарагі Пётр Савіч, ужо колькі год да нас прыязджаеце, на ўсё глядзіце і ніколі нічога сабе не дазваляеце. А разам мы маглі б зрабіць многае.

Калун. І паводзіш ты сябе абуральна, Крывіч.

Іван. У нас рознае ўяўленне пра абуральнае.

Ніканаў. У ЗША ўзровень забруджанасці асяроддзя на калійных прадпрыемствах у дзесяць разоў вышэй за наш. А куды дзенешся?

Іван. А калі яны здуру павялічаць забруджанасць у сто разоў? Не, для мяне гэта не аргумент. Ад таго, што ў іх неграў б’юць, нам радасць не вялікая.

Ніканаў. Паважаныя барацьбіты за чысціню! Нам патрэбны ўгнаенні!

Іван. А нам яшчэ патрэбны парадак на прадпрыемстве, а не бардзель.

Ніканаў (абурана). Ну, ведаеце!..

Іван. У вас жа няма складаў, няма пад’язных дарог, няма сапраўдных пагрузачных пляцовак, вы не зрабілі належных, запраектаваных ачышчальных збудаванняў, ні на ёту не змянілі дапатопную варварскую здабычу руды і захаванне адыходаў. Палова дабра застаецца ў шахтах: дзевяноста пяць працэнтаў спадарожных калію мінералаў і матэрыялаў ідзе ў адвал, у рэкі, на палі, у атмасферу. Эканомячы рубель, вы губіце мільёны. Вось ваш, Пётр Савіч, метад гаспадарання.

Хазяінаў (узрываецца). Так! Так! Так!.. Усё так і было! Усё так і ёсць! Мы сапраўды гонім! Мы ціснем і выціскаем! Мы працуем — як у вайну! А на вайне як на вайне: і разбураем, і знішчаем, і нешта губляем. Але пры ўсім пры гэтым мы здабываем. І не мыльныя пузыры, а дадатковы, вялікі, да зарэзу неабходны сёння хлеб! А гэта значыць і мяса, і малако, і валюту! Так! Валюту, без якой… Ды што гаварыць?! А вы закусілі цуглі і прэце без паняцця…

Ніканаў. Усвядоміць не можаце, што дзякуючы менавіта гэтым камбінатам мы самі хлеб ядзім і з суседзямі дзелімся. Хіба вам, старшыні раённага выканаўчага камітэта, мы павінны тлумачыць, як школьніку, што хлеб — гэта зброя, і, можа быць, самая моцная, а наш гандаль ім — гэта барацьба за сяброў, за саюзнікаў, за ўмацаванне нашых пазіцый на кантынентах! Ці, можа, вы думаеце, што ва ўмовах, калі некаторыя занадта бойкія прэзідэнты аб’явілі паход, ваенны паход у абарону сваіх «жыццёва важных інтарэсаў», у нас іх няма, гэтых інтарэсаў?! Хлеб — праблема стратэгічная! І калі б мы празявалі ў свой час са здабычай угнаенняў, то сядзелі б зараз на паўгалодным пайку. Ці чачавіца ўжо забылася?! Ужо не помніцца?!

Хазяінаў. Яго паслухаць — дык сёння трэба пазакрываць руднікі, шахты, кар’еры, каб не псаваць ландшафты…

Ніканаў. Нам патрэбны ўгнаенні, і мы будзем расшыраць іх здабычу! Усё!!!

Іван (вельмі спакойна). А нам яшчэ патрэбы дысцыпліна, адказнасць і парадак на прадпрыемстве. І мы гэтага парадку даб’ёмся!

Ніканаў. Пры ўсёй маёй павазе да вас, вы ўсё ж толькі старшыня райвыканкома, якому, дарэчы, вытворчае аб’яднанне не падведамаснае. І не вам…

Іван (перапыняе). Як не нам?! А каму ж, калі не нам?! У вас скончыцца камандзіроўка, і вы паедзеце. На жаль, вы не звезяце з сабой наш боль і наш сорам перад людзьмі з-за вашай безадказнасці… І апошняе: або вы разам з дырэкцыяй вытворчага аб’яднання мяняеце адносіны да справы, або я раблю дэпутацкае запытанне на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета. Запэўніваю вас, што рыхтавацца да гэтага мы будзем грунтоўна.

Уваходзіць Шашаль.

Шашаль. Даруйце, але…

Хазяінаў. Што на гэты раз?..

Шашаль. Цесць, Ілья Міхайлавіч.

Хазяінаў (злуецца). Які яшчэ цесць?..

Шашаль. Ваш, Ілья Міхайлавіч.

Хазяінаў. Пачакае цесць. Знайшоў час.

Уваходзіць Ігнат са стосам кніг.

Ігнат. Ты не спяшайся, Ілья Міхайлаў. Прынёс я тут табе сачыненні Маркса-Энгельса, таварыша Леніна Уладзіміра Ільіча і акадэміка (глядзіць на вокладку) Фёдарава Е. К. Таксама галавасты таварыш і за прыроду здорава піша. Калі, кажа, не адумаемся, то прападзём. (Кладзе кнігі на стол.) Можаш чытаць дома, можаш на рабоце. А то іншы (ківае на шафы) і Марксам, і Энгельсам кабінет абставіць, а да самай пенсіі ніводнай кніжкі так і не адгорне. А на пенсіі ўжо…

Хазяінаў. Што яшчэ?!

Ігнат (вымае з планшэткі і выкладвае на стол дакументы). Яшчэ ўпаўнаважыла мяне раённая дэпутацкая камісія як старэйшыну перадаць табе копіі іскаў і актаў. Вось гэты за сады, у якіх зараз аер расце; а гэты — за дарогу праз агуркі, зноў жа — за кароўнік, што нядаўна разламаўся, за грэчку, што зерня не дала, за бульбу, што не завязалася. За рыбку, якую ты ў возеры жыўцом засаліў, і бор, у якім вожыкі дохнуць і сасонкі сохнуць, я табе рахунак днямі прынясу. У нас па гэтай справе асобная камісія працуе. Так што…

Рэзка звоніць тэлефон. Шашаль бярэ трубку.

Шашаль (з трывогай). Вас, Ілья Міхайлавіч. (Падае трубку.) Пракурор, здаецца… А куды дзенешся?

Хазяінаў. Слухаю. Хазяінаў… Добры дзень. (Праз паўзу.) Мне з рэчамі, з бялізнаю ці так?.. І на тым дзякуй. (Кладзе трубку.) Кажа, пакуль што праходжу па справе ў якасці сведкі. (Да Івана.) Ну, я пайшоў. Прынясі, Іван Ігнатавіч, перадачу як сваяк, калі я затрымаюся. (Выходзіць.)

Іван (Шашалю). Я прасіў вас, Ізяслаў Ізяслававіч, падрыхтаваць мне матэрыялы.

Шашаль (са здзекам). Міленькі вы мой, пасля выпадку ўцечкі інфармацыі ўсе матэрыялы перададзены на захаванне ў архіў.

Іван падыходзіць да тэлефона, набірае нумар.

Іван. Аляксандр Адамавіч, вазьміце ў Хазяінава ўсе неабходныя паперы, пакуль іх Шашаль не папсаваў. Ужо? Ну і цудоўна. Пакуль. (Кладзе трубку.)

Ніканаў. Вам не здаецца, Іван Ігнатавіч, што вы перайгралі?

Іван. Мы не іграем. Мы працуем па правілах і сумленні, чаго і вам жадаем.

Ніканаў (мнагазначна). М-м-да… (Выходзіць.)

Калун. Мне з табой пара пагаварыць, Крывіч.

Іван. Абавязкова, Раман Дзямідавіч.

Калун. Тады сядай. У нагах праўды няма.

Іван (садзіцца). А ў чым ёсць?

Калун. І не задавай мне цяжкіх пытанняў. Гэта я рабіць буду… (Вымае з партфеля стос папер.) Пішуць тут на цябе, панімаеш. А колер твару мне твой не падабаецца. Хварэеш ці выпіваеш?..

Іван (ківае на паперы). Вось гэта ўсё на мяне?..

Калун. І на цябе, і на іншых. Учора, напрыклад, аднаго мастака запрашаў. Дзівакаваты такі таварыш. Карцінкі малюе, чорт ведае што на іх лепіць, а думае, што геній. Геніяў, панімаеш, развялося, няма куды дзяваць. Коні ў яго чырвоныя, бабы голыя, мужыкі кулакаватыя — ні народнасці, панімаеш, ні рэалізму. А даход мае будзь здароў… Запрасіў я пэцкаля, пазнаёміліся, гутарым. І раптам ён мне пытанне: а вы, Раман Дзямідавіч, усе мае карціны бачылі? Іт… думаю, нахабнік. Але спакойна так кажу, што мне вось гэта (ківае на паперы) да глыбокай старасці не перагледзець, а ты хочаш, каб я за тваімі абстрактнымі бабамі ганяўся. Я ў цябе, кажу, перад вайной нешта бачыў, але ўжо не памятаю — што. І не ўспамінайце — хмыліцца, — і я, і вы пасля вайны нарадзіліся. Гумарны такі нахабнік… Зачытваю я, панімаеш, «цялегу», што на яго «народныя мсціўцы» накаталі.

Іван. Хто, хто?..

Калун. Гэтыя, каторыя ад імя народа ў інстанцыі без подпісаў пішуць.

Іван. Зразумела.

Калун. Уважліва так слухае, а потым кажа, што ўсё гэта, маўляў, не пра яго напісана. А я жартую: што напісана пяром і так далей, а дапамагчы табе не здолею, хоць я і Калун. Жартую так, а ён кажа, што ў кожнага свой жанр, вось мы і малюем — хто карцінкі, а хто даносы. А вы, маўляў, на тое і Калун, каб тонка разабрацца, хто лепш малюе. А на ананімкі, кажа, я не рэагую… Парваў пісьмо, падняўся і пайшоў, не развітаўшыся. Вось так, панімаеш. Інтэлігенцыя… Глянеш у анкету — з лапцюжнікаў вахлак, а туды ж, у творчыя асобы… На цябе таксама напісалі. Сам будзеш чытаць ці я ўслужу?

Іван. Дзякую, лепш ужо сам…

Калун (падае пісьмо). Тады дуй уголас, я на слых лепш бяру…

Іван. Не ўжо, гэтай асалоды вы ад мяне не дачакаецеся.

Калун. Як уважаеш, як уважаеш. (Корпаецца ў паперах, пакуль Іван праглядае пісьмо.) Моцна сфармулявалі таварышы.

Вельмі спакойна Іван ірве ананімку на дробныя шматкі. Калун назірае за ім.

Худа табе будзе, Крывіч. Казённыя паперы рваць не паложана.

Іван. Бог не выдасць… І ніколі больш не называйце мяне на «ты».

Калун (з націскам на «ты»). І ты ў творчыя інтэлігенты?..

Іван. Самі навучылі… Шчасліва заставацца, Раман Дзямідавіч.

Калун. Да хуткай сустрэчы, Іван Ігнатавіч.

Іван выходзіць, але тут жа вяртаецца, набірае нумар тэлефона.

Іван. Ардынатарская?.. Зноў наконт Арыны… Крывіч… Добра. Дзякую. Пазваню пазней…

Калун. Што-небудзь сур’ёзнае з жонкаю?

Іван (нібы не чуе пытання). Хацеў спытацца, што з мастаком было?

Калун. Распранулі да нагавіц і вызвалілі мастака…

Іван. І што, больш не малюе?

Калун. Хто?

Іван. Мастак.

Калун. Ад пасады вызвалілі. Цяпер няхай малюе.

Іван. Дзякую.

Калун (з хітрай усмешкай). А што, калі я заўтра да цябе на вёску заеду?

Іван. А чаму б і не заехаць? Я і лазню натаплю…

Калун. А чаму б нам і генеральнага дырэктара не запрасіць?

Іван. З Шашалем?

Калун. А цябе голай рукой не бяры.

Іван. Голай не бяры. (Высыпае на стол кавалачкі ананімкі.) Гонар маю! (Выходзіць.)

Калун. Ні халеры ты, братка, не маеш. А ў мяне дзве копіі засталіся (вымае дзве паперы): адна з «Правды», а другая з «Известий».

Уваходзіць Шашаль.

Во работа, панімаеш, не тое што ў цябе, караеда.

Шашаль. Нешта трэба рабіць, Раман Дзямідавіч…

Калун. Ты яшчэ павучы Рамана Дзямідавіча. (Выходзіць.)

Зацямненне.

Загрузка...