Адной з сама важных частак матэрыяльнай і духоўнай спадчыны кожнага народа з'яўляецца манументальнае дойлідства. Яно складае спрадвечнае асяроддзе чалавечага быцця, надае яму рукатворную прыгажосць і цеплыню.
Архітэктура па сваёй сутнасці ёсць матэрыяльнае ўвасабленне гісторыі грамадства. У ёй арганічна спалучаюцца прыродна-кліматычныя асаблівасці кожнага рэгіёна, узровень навукова-тэхнічнага патэнцыялу грамадства на пэўным этапе, эканоміка і ідэалогія дзяржавы, індывідуальныя мастацкія пошукі і народныя традыцыі. Таму менавіта на манументальным дойлідстве, як на трывалым грунце, базіруецца стылістычнае развіццё прафесійнага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У адрозненне ад іншых набыткаў нацыянальнай культуры архітэктурныя помнікі нельга адарваць ад роднай зямлі, вывезці, схаваць у чужых сховішчах. Дарэмна марыў Напалеон перанесці касцёл святой Ганны з Вільні ў Парыж! Архітэктурны помнік можна толькі знішчыць, зруйнаваць дашчэнту, не пакінуўшы слядоў, і такім чынам збядніць гістарычную памяць народа. Са стагоддзя ў стагоддзе рабілася гэта на зямлі беларускай. Ніводзін з эўрапейскіх народаў не панёс большых страт сваёй гістарычнай і мастацкай спадчыны, як наш народ. Край, знаходзячыся на мяжы заходне- і ўсходнеэўрапейскіх культурных арэалаў, розных філасофска-тэалагічных поглядаў, паміж моцных і прагных суседніх дзяржаў, пастаянна з'ўляўся аб'ектам палітычнай і ідэалагічнай экспансіі, а вельмі часта і ваеннай агрэсіі. У пажарышчах войнаў руйнаваліся гарады і мястэчкі, гінулі шматлікія помнікі нацыянальнай культуры і дойлідства, знікалі назаўсёды сляды стагоддзяў.
Але не толькі войны нанеслі непамерныя страты нашай архітэктурнай спадчыне. Не менш пацярпела яна ў мірныя часы. Прычынай таму сталі ўнутрыдзяржаўная нестабільнасць і нацыянальны ўціск, клерыкальная варожасць і атэістычны вандалізм, рэвалюцыйны запал і бездухоўны прагматызм, прафесійная некампетэнтнасць і злачынная безгаспадарнасць і г.д., і г.д.
На працягу шматвяковай гісторыі пашыралася тыпалагічная разнастайнасць архітэктурных помнікаў, мянялася іх роля ў жыцці грамадства. Розныя па тыпалогіі збудаванні: замкі, храмы, палацы, горадабудаўнічыя ансамблі — маюць свае адметныя архітэктурна-мастацкія асаблівавасці і сваю гісторыю. У фінале, аднак, гістарычны лёс многіх з іх знітаваўся ў агульную трагедыю варварскага знішчэння культурнай спадчыны беларусаў. Адпаведна адзначаным тыпалагічным групам помнікаў нацыянальнага дойлідства кніга тэматычна падзяляецца на чатыры раздзелы, якія напісаны рознымі аўтарамі, што дазваляе ўбачыць праблему іх гвалтоўнага знішчэння больш шырока і з розных пунктаў погляду.
Першы раздзел — «Загінуўшыя абаронцы» — прысвечаны старажытным замкам і ўмацаванням гарадоў Беларусі, меў намер напісаць вядомы гісторык і археолаг М. Ткачоў, які бачыў у іх «увасабленне гераізму і мужнасці народа, яго самабытнага таленту і каласальнай працы, укладзеных у справу абароны кроўных інтарэсаў роднай зямлі». Але заўчасная смерць таленавітага вучонага не дазволіла выканаць намечанае. Таму намі зроблены неабходныя для раскрыцця тэмы вытрымкі з апублікаваных прац даследніка, якія цалкам захоўваюць аўтарскі тэкст.
Да нашых дзён ацалелі толькі лічаныя помнікі гэтага найбольш пашыранага ў сярэдневеччы тыпу будаўніцтва, прычым яны або моцна перабудаваныя, або знаходзяцца ў напаўразбураным стане. Большасць жа поўнасцю загінула ў барацьбе з ворагам і часам.
Не менш трагічны лёс напаткаў манументальнае культавае дойлідства Беларусі. Гэта з'явілася вынікам шматвяковай палітычнай, эканамічнай і ідэалагічнай барацьбы ўнутры вышэйшых свецкіх і рэлігійных пластоў грамадства, выкліканай адсутнасцю ў беларусаў дзяржаўнага суверэнітэту і адзінага веравызнання. У раздзеле «Зруйнаваныя святыні», складзеным аўтарам гэтых радкоў, паказана, што аб'ектам мэтанакіраваных рэпрэсій у Беларусі з'яўляліся культавыя ансамблі розных канфесій. Такім чынам умацоўваліся сацыяльныя пазіцыі прыхільнікаў процілеглых рэлігійных ці атэістычных перакананняў. У розныя часы ахвярамі былі праваслаўныя і вуніяцкія цэрквы, пратэстанцкія зборы, каталіцкія касцёлы, сінагогі, мячэці, а ў савецкі перыяд — яны ўсе разам. Між тым за кожнай з разбураных святынь стаяла цікавая, часта гераічная рэлігійная гісторыя, важная сацыяльна-асветніцкая функцыя, выдатны архітэктурна-мастацкі вобраз, які спалучаў семантыка-сімвалічную праграму сваёй канфесіі, мясцовыя традыцыі храмабудаўніцтва і багацейшы сінтэз мастацтваў. Без перабольшання — пералічыць усе ахвяры проста немагчыма. Таму намі прыведзены найбольш характэрныя, калі можна так выказацца, «жыція» помнікаў сакральнага дойлідства, «закатаваных» за апошнія два стагоддзі.
Час ці не поўнага знішчэння помнікаў палацава-сядзібнай архітэктуры і садова-паркавага мастацтва яшчэ больш лакалізаваны і абмяжоўваецца амаль што толькі XX стагоддзем. У раздзеле «Па колішніх маёнтках», напісаным мастацтвазнаўцам А. Кулагіным, адлюстравана, як у пажарышчах сусветных і грамадзянскай войнаў, у ліхалецці рэвалюцыйнага і пострэвалюцыйнага часу сцяклі ў нябыт асяродкі нацыянальнай свецкай культуры, грамадзянскай самасвядомасці, шляхоцкага менталітэту. Многія са спаленых, разрабаваных, занядбаных сядзіб былі ў мінулым калыскай беларускай інтэлігенцыі, ачагамі барацьбы за нацыянальную незалежнасць, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі нашага, але і суседніх народаў.
У апошнім раздзеле кнігі «Гарады і час», аўтарам якога з'яўляецца тэарэтык горадабудаўніцтва Ю. Чантурыя, разглядаюцца прычыны і вынікі знішчэння архітэктурных ансамбляў гістарычных цэнтраў старажытных гарадоў і мястэчак Беларусі. Акрамя аб'ектыўных фактараў, абумоўленых працэсам паступовага фарміравання гарадскога асяроддзя, тут яскрава выступаюць і суб'ектыўныя, такія, як валюнтарызм адміністрацыйных улад, гістарычны манкуртызм шэрага архітэктараў-прафесіяналаў і г.д. Асабліва цяжкім для старажытных гарадоў стаў савецкі час. Для іх абярнуліся трагедыяй залішне радыкальныя ідэі сацыяльнага пераўтварэння і ўрбаністычнага прагрэсу. Па генеральных планах «сацыялістычнай рэканструкцыі» гарадоў маляўнічыя вузкія вулачкі спрамляліся і выроўніваліся. Шматпавярховая, зробленая «пад лінейку» забудова нахабна ўрывалася ў гістарычныя архітэктурныя ансамблі, зневажаючы іх кампазіцыйныя дамінанты, відавыя перспектывы і сілуэт. Наўмыснае сціранне гістарычнай памяці відавочна ў знішчэнні старажытнай тапанімікі гарадоў. Прагматызм і вульгарная ідэалагізацыя прывялі нас да татальна абязлічанага гарадскога асяроддзя.
Дзеля вяртання гістарычнай праўды аўтарамі зроблена спроба ўзнавіць, хаця б у зрокавых вобразах, толькі невялікую частку страчанага, найбольш яскравыя вехі мінулага. З гэтай мэтай выкарыстана шмат архіўных і літаратурных крыніц, навуковых прац папярэднікаў, графічных матэрыялаў рознага паходжання: старажытных карт, планаў і гравюр гарадоў, абмерных чарцяжоў архітэктурных збудаванняў, выкананых рознымі ведамствамі і ўстановамі, малюнкаў, фотаздымкаў, паштовак з выявамі знішчаных пазней помнікаў. Для некаторых з іх па пісьмовых інвентарных апісаннях розных часоў зроблены гіпатэтычныя графічныя рэканструкцыі.
Гэтая кніга прысвечана памяці ўсіх тых навукоўцаў, краязнаўцаў, аматараў даўніны роднага краю, хто рупна працаваў на ніве вывучэння гісторыі беларускага дойлідства. Толькі дзякуючы іх шчыраму захапленню нацыянальнай культурнай спадчынай, навуковай аб'ектыўнасці, генетычна засвоенаму мастацкаму густу, аўтары гэтай працы маюць магчымасць адкрыць перад чытачом многія яскравыя старонкі нашай гісторыі, страчаныя, здавалася б, назаўжды.
Тамара Габрусь