«Просьба да жыльцоў, выходзячы, пакiдаць ключы на дошцы…» Не зважаючы на аб'яву, тэкст якой адмiнiстратар, былы сяржант iнтэнданцкай службы Пюмiле, вывеў з любоўю калiграфiчным почыркам, Ганзаг прабег мiма адмiнiстратаравага столiка i нiчога не пакiнуў на кручку з нумарам 23. I ўсё ж панi Пюмiле паспела высунуцца з акна i пачала абурацца на пацеху ўсяму кварталу:
— Я вас бачыла, пан Рабатэн! Ключ вы можаце пакiнуць сабе. Але я абяцаю, што вы будзеце сёння начаваць на вулiцы, калi не заплацiце.
Ганзаг зрабiў выгляд, быццам нiчога не чуў. Iнстынктыўна, а можа, каб сагрэцца, ён пабег. На вулiцы Тальб'як ён прамiнуў сваю «штаб-кватэру» «Кавярня аб'яднаных мастацтваў». Там, як звычайна да абеду, Бертран старанна шараваў кававарку, храмаваныя часткi якой адпацявалi i трацiлi свой бляск. Але, на жаль, у кiшэнях у Ганзага было пуста, а яго крэдыт скончыўся. Ён уздыхнуў, падняў каўнер пiнжака i нырнуў у пахмурны ранак, якi яму яшчэ трэба было неяк перажыць.
Iмжаў дробны лiстападаўскi дожджык, распускалiся чорныя кветкi парасонаў. Ганзаг адчуваў сябе спустошаным, хворым, змоклым i бездапаможным. Ён зноў падымаўся па вулiцы Тальб'як, ступаючы па самым краi тратуара i стараючыся не наступаць на шчылiны памiж плiтамi — старая звычка, якую ён набыў яшчэ тады, калi гуляў у класы. Яна зрабiлася ў пэўным родзе прафесiйным практыкаваннем i дадавала яму ўпэўненасцi ў нагах падчас яго кватэрных «вобыскаў».
На тым месцы, дзе вулiца Тальб'як выходзiць на плошчу Iталi, Ганзаг спынiўся ў нерашучасцi. Ён не ведаў нi што рабiць, нi куды iсцi. Упершыню ў жыццi ён пазайздросцiў тым, хто мае чыстыя шчокi, цёплую накiдку, добрыя туфлi i набiтае фасоляй бруха, як у палiцэйскага, што тырчаў пасярод вулiцы. Iмжа гусцела i ператварала «вожык» яго валасоў у мачалку. «Калi мне не ўдасца знайсцi справу або сябра, якi мне паможа, мне — гамон!» — бурчаў ён. Скурчыўшыся ў сваiм клятчастым гарнiтуры — учора яму ўдалася адна справа — ён панёсся галопам да плошчы Iталi, дабег да яе за тры хвiлiны, рэзка збочыў улева i апынуўся ля ўваходу ў метро, дзе можна было схавацца ад дажджу. «30 лiстапада. Дзень святога Андрэ», — прачытаў ён на дошцы ў кветкавым кiёску, што стаяў на рагу вулiцы Бабiё. «Свята майго старога!» — падумаў з глыбокай павагай Ганзаг, якi асiрацеў ужо больш як дзесяць гадоў назад. Ён машынальна паглядзеў на гаршкi з хрызантэмамi, якiя, нiбы баранчыкi, скупiлiся вакол кiёска. Ён апусцiў вочы яшчэ нiжэй i замiргаў ад здзiўлення.
— Во!
Не магло быць нiякiх сумненняў. Перад iм ляжаў бумажнiк, яшчэ зусiм сухi. Пэўна, яго згубiлi зусiм нядаўна. Сапраўдны. Не якi там лядачы кашалёк, скура якога аблуплiваецца праз тыдзень. Не. Сапраўдны бумажнiк, блiскучы, важны, напышлiвы. Адна яго замша i залатыя iнiцыялы каштавалi месячнага заробку вунь таго бухгалтара або тых дзвюх машынiстак, што ўваходзяць цяпер у метро, метраў за трыццаць адсюль.
Уладальнiк, пэўна, быў яшчэ недзе непадалёк. Хiтры шакал Ганзаг гэтым разам аказаўся на вышынi становiшча: каб не прыцягнуць да сябе ўвагi занадта рэзкiм рухам, ён не кiнуўся адразу ж да знаходкi. «Спакойна!» — скамандаваў ён сабе. Усмешка да вушэй змянiлася на самы абыякавы выраз. Аднак трэба было спяшацца. Ганзаг зрабiў крок наперад, дастаў брудную насоўку, пратрубiў туды носам некалькi нот i пасля, кладучы яе ў кiшэню, нiбы незнарок выпусцiў у зручнае месца. «Ах!» — прамовiў Ганзаг з талентам, вартым вялiкага артыста. Ён апусцiў руку па насоўку з цвёрдай упэўненасцю гаспадара, якi збiраецца падняць сваю маёмасць. Зрэнкi ў Ганзага ўспыхнулi дзiкай радасцю, жылы напружылiся ад нецярплiвасцi, i пальцы скурчылiся ў дзiравых туфлях… Але калi бумажнiк ужо слiзгануў у кiшэню, нейкi пiсклявы, як у еўнуха, голас тыцнуўся яму ў спiну:
— Няблага! Я б зрабiў тое ж самае.
Ганзаг здрыгануўся. Ён павярнуўся i быў гатовы супрацiўляцца. Вораг, калi меркаваць па яго рэплiцы, быў не палiцэйскi, а хутчэй канкурэнт. Ён аказаўся чалавечкам з сiвымi валасамi, з шэрымi вачыма i ў сваiм вялiзным шэрым халаце нагадваў тэлеграфiста, рамеснiка або кладаўшчыка з «Прызюнiка».
— Добрая справа, га?
— Якая справа? — холадна спытаўся Ганзаг.
— Ну… гэты бумажнiк. Я таксама яго бачыў. Ты мяне апярэдзiў.
Нечаканы канкурэнт стаяў, нiбы не зважаючы на дождж, ад якога халат пакрываўся цьмянымi плямамi, увесь час кашляў i пляваўся густой i жоўтай слiнай. Нарэшце, аддыхаўшыся, ён прапанаваў:
— Ну дык што… падзелiм?
Ганзаг не адказаў i на ўсялякi выпадак адышоў на некалькi крокаў. Дзякуй богу, кветачнiца нiчога не пачула, i ўладальнiк не паяўляўся. Засталося толькi адшыць старога. Але той схапiў Ганзага за рукаў i вымавiў па складах:
— Мне хо-пiць трэ-цяй часткi.
Ганзаг зноў нiчога не адказаў i пайшоў унiз па вулiцы Бабiё, спадзеючыся пазбавiцца ад праследавальнiка. Але той не адставаў нi на крок i ўжо пачынаў выказваць нецярпенне:
— Я згодзен на трэцюю частку. Але калi ты i далей будзеш прыкiдвацца iдыётам, я хутка запатрабую палову.
Тады Ганзаг, якi ўжо пацеў ад злосцi, рэзка спынiўся i працяў старога позiркам, нiбы чаргой са спаранага кулямёта.
— Палову чаго? I вам не сорамна? За каго вы мяне прымаеце? Цi вы не бачыце, што я iду ў дом нумар 38?
Усе ў XIII акрузе ведаюць, што ў доме нумар 38 на вулiцы Бабiё знаходзiцца палiцэйскi ўчастак квартала Мэзон-Блянш. Ганзаг Рабатэн сумысля гаварыў голасна. Баючыся скандалу i ўскладненняў, чалавек у шэрым халаце пацiснуў плячыма i адступiў:
— Яшчэ паглядзiм!
— Няма чаго глядзець! — крыкнуў Ганзаг, рашуча павярнуўся i матануў напрасткi да ўчастка вiхлястай, няроўнай хадою, як ходзяць хлапчукi з прадмесцяў, каб паказаць рашучасць сваiх намераў.
Аднак ён не быў занадта ўпэўнены. «Абы толькi не натрапiць на каго-небудзь, хто мяне ведае! — думаў ён. — Мяне ўжо двойчы „накрывалi“ на вулiцы Бабiё». Ён асцярожна азiрнуўся i ўбачыў, што шантажыст, як i раней, iдзе за iм, гатовы зноў дамагацца сваёй часткi або выдаць яго. Не, яму нi ў якiм разе нельга было iсцi да сакратара камiсара або да каго-небудзь з яго намеснiкаў. Гэта было занадта рызыкоўна.
На шчасце, пад сцягам, мокрым i брудным, як ануча, якой толькi што мылi посуд, выстукваў чачотку ад холаду палiцэйскi. Ганзаг прыгледзеўся — ён бачыў яго ўпершыню. Пакiнуўшы свайго ўчэпiстага праследвальнiка на тратуары па той бок вулiцы, Ганзаг перайшоў дарогу, падкрэсленым рухам сунуў руку ў кiшэню, дастаў адтуль прамавугольны прадмет i падаў яго вартавому.
— Шэф, — голасна сказаў ён, — вось гэта я толькi што знайшоў на плошчы Iталi, ля ўваходу ў метро.
Палiцэйскi аддаў чэсць, узяў бумажнiк, разгледзеў яго з усiх бакоў, сунуў памiж папер адубелы палец, пакруцiў галавой i з павучальным выглядам сказаў:
— Гэта добра, мой дарагi, добра, што вы так зрабiлi. Але трэба, каб вы паднялiся на другi паверх i напiсалi заяву.
— Мне няма калi, — ажыўлена запярэчыў Ганзаг. — Патрон паслаў мяне па неадкладнай справе. Я прыйду праз гадзiну.
— Добра, — адказаў палiцэйскi. — Але не забудзьцеся, што вы маеце права на ўзнагароду. Мiнiмум дзесяць адсоткаў па закону. Пакiньце мне ваша прозвiшча i адрас.
Ганзаг хвiлiну вагаўся. Потым зусiм спакойна сказаў па лiтарах.
— Ларно, Л-а-рно… Вулiца Сэн-Дыяман, дом № 35. Бывайце, шэф.
— Добра, — паўтарыў палiцэйскi. Яму вiдавочна не хапала фантазii.
— Гм, — паспеў яшчэ сказаць Ганзаг.
Ён прыставiў два пальцы да скронi, нiбы аддаючы чэсць, i, пакуль палiцэйскi хаваў у кiшэню свой блакнот, набраў хуткасць i пабег рыссю да плошчы Iталi. Ён горда абмiнуў чалавека ў шэрым, нiбы прыкаванага да тратуара. Той адказаў яму пагардай на пагарду i працадзiў праз гнiлыя зубы:
— Святы Ёлуп, малiся за нас!
«З нас двух большы ёлуп не той, на каго ты думаеш…»
Гэтак разважаў Ганзаг, якi праз пяць хвiлiн сядзеў ужо ў зацiшным кутку «Кавярнi аб'яднаных мастацтваў». Перад iм блiшчала шклянка з малочна-белым «перно» i красаваўся бумажнiк з залатымi iнiцыяламi.
W.K., W.K… iнiцыялы гэтыя належалi не карэннаму жыхару. Гэта напэўна быў нейкi чужынец, што цешыла Ганзагаў патрыятызм, а таксама ягонае прафесiйнае сумленне: добра, калi ёсць нават самае маленькае апраўданне. W.К.! Добры густ i тонкая дасцiпнасць падказвалi: чаму не W.С.? Каб расцягнуць прыемнасць, Ганзаг не спяшаўся пачынаць падрабязны агляд. I мёны на «W» сустракаюцца рэдка. Ёсць Валiс — так звалi дзеўку, якая пераспала з каралём. Але не, бумажнiк належаў мужчыну. Вiльгем. Ганзаг мог закласцiся, што гэта быў Вiльгем. У яго батальёне служыў адзiн Вiльгем, эльзасец, якi мог выжлукцiць дзесяць шклянак абсенту запар.
— Бертран, налi мне яшчэ!
З асцярогi Ганзаг закрыў свой скарб рукамi. Пакуль Бертран налiваў, ён так сцiснуў рукой бумажнiк, што аж зарыпела. Як толькi гаспадар устаў да кававаркi, Ганзагавы локцi ўзнялiся, i бумажнiк паявiўся зноў. Сербануўшы са шклянкi, новы ўладальнiк павольна i асцярожна распачаў даследаванне.
Спачатку — дробязi. Ганзаг трымаўся такога прынцыпу: стрымлiваць эмоцыi i пакiдаць прыемныя сюрпрызы на закуску. Маленечкая кiшэнька на маркi аказалася, вядома ж, пустая. Пустое было таксама аддзяленне на бiлеты ў метро: усе кiшэннiкi ведаюць, што вынаходлiвасць тых, хто робiць бумажнiкi, выкарыстання на практыцы не мае. Побач з бiлетамi на аўтобус — тры газетныя выразкi, падатковая квiтанцыя, два бiлеты ў кiно i зубачыстка. Вiзiтная картка нейкiм дзiвам апынулася ў кiшэньцы, спецыяльна ёй прызначанай. Зрэшты, яна належала не W.K. Гэта была прывабная вiзiтка, на якой значылася: Жулi Сэшрэ, дыпламаваная медсястра, уколы па выклiку. Ён сунуў два пальцы ў другую кiшэньку — па паперы. Але перш чым перайсцi да больш сур'ёзных рэчаў, Ганзаг дапiў сваю шклянку i заказаў яшчэ адну.
На стале з'явiлася трэцяя шклянка «Перно», i агляд прадоўжыўся. Спачатку Ганзаг двума пальцамi выцягнуў пасведчанне асобы пад нумарам 2579367. Далей яго чакала расчараванне: гэта быў не Вiльгем, а Вiльям, а прозвiшча «дэ Керфаўэ» даводзiла, што гэты чужынец на самай справе быў брэтонскага паходжання. «А ўрэшце, мне на гэта напляваць!» — буркнуў Ганзаг, саграваючыся. Уваткнуўшы нос у фатаграфiю з пячаткай прэфектуры, ён заўважыў, што тып гэты, брэтонец ён цi не, морду меў несамавiтую. Далей агляд паскорыўся. Вадзiцельскiя правы, «шэрая картка», талон «С»… гэтыя паперы можна было прадаць, яны безумоўна зацiкавяць каго-небудзь са знаёмых — «спецыялiстаў» па аўтамабiлях. Ва ўсiх паперах гаварылася аб прафесii Вiльяма дэ Керфаўэ — сэнс яе зводзiўся да прыназоўнiка «без». Ганзаг пагардлiва ўсмiхнуўся — у яго было правiла: чалавек павiнен выбраць або працу, або авантуру. Атрымлiваць асалоду без рызыкi i намаганняў — вось што было адзiнай, бясспрэчнай амаральнасцю. Аднак, калi гэтаму Керфаўэ не хапала прынцыпаў, то ўжо густу яму хапала. За гэта сведчылi чатыры фатаграфii з апошняй кiшэнькi. Пра першую, на якой была трохi пераспелая, хоць i шыкоўна прыбраная дама, нельга было што-небудзь сказаць. Хутчэй за ўсё гэта была мацi, удава дэ Керфаўэ. Але тры астатнiя проста ашаламлялi! Голая дзяўчына са спiны, у фас i ў профiль, была проста незвычайная! Расчырванелы ўжо Ганзаг выпiў залпам трэцюю шклянку i клiкнуў гарсона:
— А цяпер нясi абсент!
З унутранай кiшэнькай болей нельга было цягнуць. Ганзаг загадаў сабе апошнюю загадку: колькi грошай, мяркуючы па таўшчынi, магло ў ёй быць? Калi гэта соценныя бiлеты, дык магло б пацягнуць тысяч на пяць або шэсць. Калi тысячныя — на пятнаццаць або дваццаць. Ганзаг адкрыў кiшэньку, лiхаманкавым рухам страсянуў бумажнiк i высыпаў на стол усё, што ў iм было.
— О, божа, вялiкi фармат!
Вось гэта пашанцавала! Хто б мог спадзявацца на такую ўдачу. Лёс бясконца спрыяў яму: побач з даволi вялiкiмi купюрамi было дзесяць бiлетаў па дзесяць тысяч. Яны былi зусiм новенькiя, i iх прызначэнне было зразумелае з цыдулкi, якую Вiльям дэ Керфаўэ да iх прышпiлiў:
«Дарагая, не ведаю, а каторай гадзiне ты павiнна вярнуцца з падарожжа. На ўсялякi выпадак я зайду сёння ўранку. Нарэшце я сабраў тыя самыя сто тысяч франкаў, цярплiва эканомячы на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi. Я табе прынясу iх разам з фатаграфiямi, знятымi надоечы ўвечары. Калi я цябе не застану, я пакiну гэтую запiску на начным столiку i зайду пасля абеду яшчэ раз. Я выкраiў сабе два вольныя днi. Цалую. — Вiльям».
— Дарагая! — прашаптаў Ганзаг лагодным голасам, падняўшы шклянку. — За тваё здароўе!
Шклянка дрыжала ў руцэ. Яму рабiлася то холадна, то горача, ён смяяўся i пацеў ад захаплення. Яго радасць, яго здзiўленне, думкi, няпэўныя i каламутныя, як дно шклянкi, мяшалiся i блыталiся.
— Патрэбныя! На што патрэбныя гэтыя сто тысяч? Каб паклапацiцца пра маленькага Ганзага… Бертран, «крывавую Мэры»!
Бертран налiў, скоса глянуў на грошы, прыкрытыя рукавом. Ганзаг выпiў «крывавую Мэры», вырашыў, што ў ёй не хапае гранатавага сiропу, заказаў яшчэ адну i палiчыў, што гэтым разам не хапала «перно». Ён запатрабаваў, каб яму прынеслi бутэлькi, i сам пачаў змешваць. Сумесь здалася яму дасканалай. Пасля ён з урачыстым выглядам адаслаў Бертрана да стойкi i заняўся сваiмi дробнымi справамi… Значыць, так. Дакументаў у яго больш няма — свой бумажнiк ён аддаў палiцэйскаму. Але ён напэўна атрымае яго ў Бюро знаходак. Ларно, яго сябар, а часам i кампаньён, не будзе крыўдзiцца за тое, што Ганзаг пакарыстаўся яго прозвiшчам. Наадварот! Гэтаму нягоднiку залiчыцца сумленны ўчынак… Якi добры аргумент будзе мець яго адвакат, калi яму спатрэбiцца расчулiць суд!
Ну вядома ж, прадбачаючы такi ж самы выпадак, Ганзаг мог дазволiць сабе займець такiя ж рэкамендацыi… Але пра гэта няма чаго i думаць! Сто франкаў яшчэ можна было б вярнуць, але ж не сто тысяч! Вярнуць. Гэтым словам усё сказана.
З нейкiм неспакоем — невядома чаму — Ганзаг пералiчыў грошы. Павольна. Паважна. Трохi астыўшы. Нейкi чарвяк тачыў яго. «Лепш мне больш не пiць „крывавай Мэры“, — падумаў ён. — Гранатавы сiроп занадта салодкi, ён мяне разморвае». Пасля знайшоў больш сур'ёзнае тлумачэнне: «Сто адзiнаццаць тысяч пяцьсот франкаў. Вось гэта грошы, няма чаго i казаць! Але па сутнасцi яны знойдзены, не зароблены. Я не люблю несумленнай гульнi. Лёгкасцi трэба сцерагчыся. Спачатку знаходзiш бумажнiк, потым гэта пачынае падабацца, з часам губляеш звычку рызыкаваць i канчаеш збiраннем недакуркаў». Ганзаг мог абвясцiць гэта ўголас… Ён быў зусiм не такi, якiм яго ўяўлялi сабе суддзi, гэтыя нiкчэмныя людзi, у брыжах i каўпаках. Яны давяраюць толькi звесткам: аб судзiмасцi Ганзага. Чалавек, у якiм тояцца вытанчанасць i далiкатнасць — вось кiм ён быў. Элегантны. Але не шыкоўны, бо шыкоўнасць па рыначных цэнах заставалася яму пакуль што недаступнай.
Ганзаг уздыхнуў. Гранатавы сiроп разморваў яго далей. Божа ж мой, i сапраўды на пусты жывот Рабатэн быў усяго толькi няшчасны зладзюжка з прадмесця. Але пiтво надавала яму пэўную дабрачыннасць. Пасля шостага «перно» ён ужо марыў пра вiлу за горадам, пра пантофлi, пра спакойную пасаду, пра маленькiх Рабатэнаў, пра маральнасць. Каб стаць сумленным, яму трэба было напiцца. Шкада толькi, што, каб пiць, пакуль што патрэбны грошы, i Ганзаг павiнен быў здабываць iх спосабам… ну але, спосабам менш высакародным за яго мэты, у якiя нiхто не хоча паверыць.
Ганзаг глыбока ўздыхнуў, узяў яшчэ адзiн «перно» i раптам схамянуўся. Што? Нiхто не хоча ў iх паверыць? Ну гэта мы яшчэ паглядзiм! Гэты прайдзiсвет Ларно, гэты зануда Бертран, прыяцелi па «прафесii», i нават Пюмiле, гэтыя нiкчэмныя мяшчане, дабрачыннасць якiх канчаецца там, дзе пачынаецца беспакаранасць… Ён усiх iх здзiвiць, гэтых дробных iнтрыганаў. Ён сам сябе здзiвiць так, што будзе памятаць усё жыццё! I нягледзячы на iнстынкт, на прагу, на нейкую чорную мудрасць, якiя пратэставалi недзе ў глыбiнi душы, Ганзаг раптам знайшоў кучу аргументаў. Ён нiчога не трацiў. Анi шэлега. Ён спадзяваўся быў на дзесяць тысяч. А дзесяць адсоткаў па закону забяспечвалi яму нават больш за адзiнаццаць тысяч. Цi зарабляў ён калi адзiнаццаць тысяч сумленна i тым больш нiчога не зрабiўшы? Выпадак быў рэдкi, а дзень сiмвалiчны! — гэтак шчаслiва адзначыць свята святога Андрэ! Бацька Рабатэн, гэты гаротнiк, няздольны прынесцi анi кропелькi шкоды мiльярдэру, пэўна, перавернецца ў магiле ад задавальнення. Але, каб не аддацца спакусе, нельга было чакаць нi хвiлiны. Бо яму ўжо шкада было плацiць за пiтво з тых дзесяцi адсоткаў, што яму быў вiнаваты Керфаўэ.
Ганзаг неахвотна адклаў бiлет на пяцьсот франкаў, пасля паклаў паперы, фатаграфii i грошы ў бумажнiк, а бумажнiк у кiшэню. Нарэшце з цяжкасцю ўстаў.
— Трыста пяцьдзесят! — крыкнуў Бертран занепакоена.
— Рэшты не трэба! — адказаў Ганзаг, кiнуўшы грошы на стол. — Калi зойдзе Ларно i спытае пра мяне, — дадаў ён, — скажы, што я ў XVI акрузе.
— Добра, у XVI! — адказаў кемлiвы гаспадар, сам былы злодзей. Ён добра ведаў занятак сваiх клiентаў, як i кварталы, дзе яны пераважна «працуюць». Калi Ганзаг пахiстваючыся падышоў да дзвярэй, Бертран стрымана кiнуў: «Удачы табе!» i засмучана закiваў галавой. Гэта красамоўна казала пра тое, што ён ведае, у якiм стане цяпер чалавек, якi iдзе займацца сур'ёзнымi справамi.
Згодна адрасу, азначанаму ў паперах Вiльяма дэ Керфаўэ, Ганзаг праз гадзiну ўжо ўзыходзiў на шосты паверх раскошнага дома на авеню Анры-Мартэн. Ён шмыгнуў мiма кансьержкi — старая засцярога! — пагрэбаваў лiфтам i павольна падымаўся па сходах, размяркоўваючы вагу ступнi на ўсю прыступку, каб яна не рыпела. Ён ведаў, што асцярожнасць цяпер не патрэбна, але яму не ўдавалася добра зразумець, што ён падымаецца па гэтых сходах, укрытых дываном, з добрымi намерамi. Яму было вельмi нязвычна не адчуваць у сваiх кiшэнях цяжару адмычак, прыстасаванняў для ўзлому замкоў, разборнага лома для дзвярэй — ягонай уласнай вынаходкi, якая была вартая таго, каб экспанавацца на выстаўцы. На кожным паверсе ён рабiў кароткую перадышку, разглядваў вiзiтныя карткi, медныя шыльдачкi на дзвярах, званкi, а асаблiва розныя сiстэмы замкоў: спружынныя, «Ейль», «Блокту», «Вочкi». Ён ушаноўваў гэтых сваiх звычайных ворагаў позiркам знаўцы: гэтак жа глядзiць на фартыфiкацыйныя збудаваннi афiцэр, калi ён уваходзiць у крэпасць з прапановай аб перамiр'i. Але прозвiшчы жыхароў стаялi не на ўсiх дзвярах, i падняўшыся на шосты паверх, Ганзаг не знайшоў прозвiшча Керфаўэ. Ён збiраўся ўжо спусцiцца ўнiз i распытацца ў кансьержкi, але ў гэты момант з лiфта выйшла пакаёўка нейкiх заможных гаспадароў у фартуху i карункавым чэпчыку. Ганзаг абазваўся да яе, i яна вывела яго з няёмкага становiшча.
— Пан дэ Керфаўэ?.. Я пакаёўка ў яго.
Ганзагаў выгляд i пах перагару прымусiлi яе збянтэжыцца:
— Я, аднак, не ўпэўнена, цi пан…
— Я яго не ведаю, — сказаў рашучым тонам Рабатэн. — Я толькi знайшоў яго бумажнiк на вулiцы i прынёс.
— А! Тады заходзьце! — адказала дзяўчына з нейкай павагай, якая была Ганзагу як бальзам на душу.
Яна бразнула звязкай ключоў. Але перш чым паспела адчынiць, бясхiбны Ганзагаў позiрк занатаваў: ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай. Ключ ад засаўкi, прывешаны да першага, даваў дадатковыя звесткi: грабенчаты замок, якi можна адмыкаць адмычкай са сталёвага дроту. Дзверы адчынiлiся, i Ганзаг саступiў убок з ветлiвасцi цi, хутчэй, каб паспець прыкмецiць яшчэ адну дэталь. У iншых абставiнах яна вельмi б яго ўзрадавала: зашчапкi няма, дзве ручкi ўмайстраваныя ў глыбiню створак. Гэта робiць даступнымi нават самыя грозныя на выгляд дзверы. Раптам жаночы голас вярнуў яго да рэчаiснасцi:
— Адэль, я сто разоў вам казала, каб вы карысталiся службовымi сходамi!
Спеўны голас чуўся з глыбiнi кватэры. Дзiўнае вымаўленне выдавала iншаземку, i Ганзаг, ап'яненне якога патроху праходзiла, а добрыя намеры з той жа хуткасцю слабелi, прымусiў сябе прыкiнуцца задаволеным. Гэты сумленны ўчынак будзе надзвычай добрай прапагандай для iншаземцаў. Вельмi збянтэжаны i ўражаны пышнасцю залы, багаццем кветак, забавак, рэчаў вельмi дарагiх i зусiм непатрэбных, ён стаяў як укапаны на дыване з пахмурным выглядам, якi, як ён лiчыў, адпавядаў чысцiнi намераў i дабрачыннасцi. У гэты самы час прафесiйны аўтаматызм усё ж дзейнiчаў далей, i, каб нечым запоўнiць чаканне. Ганзаг разглядаў унутраны ўклад памяшкання. Пакаёўка пайшла да гаспадынi па iнструкцыi, i да яго даляталi абрыўкi фраз, якiя гаварылiся цiхiм голасам. Ён выразна пачуў: «Нiчога не разумею!» — i такiм чынам зразумеў, што магутным людзям гэтага свету сумленнасць уваходзiць у абавязкi абслугi. Ён расчароўваўся. Але ў гэты момант пачуўся шэпт: «Iду, iду!», i Ганзаг усмiхнуўся, калi падумаў, што зараз выйдзе тая аголеная дзяўчына, якую ён бачыў на фотакартках у трох спакуслiвых ракурсах.
— Мая пакаёўка запэўнiвае мяне, што…
Новае расчараванне! Гэтая маса, уцiснутая ў вялiзны хатнi халат з ружовага шоўку, якая наблiжалася павольна, мернымi рухамi, высока несучы велiчныя грудзi, з якiх бiў пах парфумы, — гэта была салiдная дама з першай фатаграфii. Яна наблiжалася, напаўняючы сабой прастору, i Ганзагу здавалася, што ён меншае.
— Так, па… панi, — прамармытаў ён. — Я знайшоў бумажнiк вашага сына… на плошчы Iталi.
— Майго сына? — перапытала дама, здзiвiўшыся.
— Пана Вiльяма дэ Керфаўэ, — удакладнiў Ганзаг. — У пасведчаннi асобы былi ягоныя iмя i адрас.
Дама трохi адхiлiлася. Складкi яе шыi нацягнулiся, галава павярнулася ўправа, позiрк яе адбiўся ў венецыянскiм люстры, але яна не супакоiлася. Яна пачырванела. Але вельмi хутка, з вялiкай салоннай мужнасцю змянiла выраз твару i надала яму зычлiвасцi i цiкаўнасцi.
— Дык вы кажаце, што знайшлi гэты бумажнiк сёння ўранку на плошчы Iталi?
— Але, панi, сёння ўранку. Ён ляжаў на зямлi. Яго было добра вiдаць, i пан дэ Керфаўэ напэўна згубiў яго некалькi хвiлiн раней… Бо калi не, дык яго б ужо паднялi.
Гаспадыня насупiла бровы.
— Вось гэта ўжо дзiўна! — сказала яна i зрабiла крок назад, каб не чуць перагару ад Ганзага. — Мой муж на два днi паехаў на паляванне ў Салёнь.
Яе муж! Цяпер ужо Ганзаг зрабiў крок назад. Ён не ўмеў чырванець, але пот выступiў у яго на лобе. «Я выкраiў сабе два вольныя днi», — гаварылася ў Вiльямавай запiсцы. Там таксама гаварылася пра Чылiйку. Становiшча прасвятлялася. Чылiйка стаяла перад Ганзагам. Керфаўэ даў такое iмя гэтай тоўстай паўднёваамерыканцы, грашыма якой карыстаўся, каб песцiць дзяўчыну з трынаццатай акругi. Керфаўэ быў усяго толькi нечым накшталт сутэнёра, жабраком першага класа. Ганзагаў учынак, натхнёны пагардай да лёгкасцi i павагай да рызыкi, прыводзiў да парадоксу: ён спрыяў прайдзiсвету, якi жыве, кiруючыся процiлеглымi прынцыпамi. Вось што значыць быць тым, хто ты ёсць! Нават добрыя ўчынкi не ўдаюцца. Мала таго, непадкупны Ганзаг, якi толькi што меў выгляд лаўрэата прэмii Манцьёна, быў цяпер падобны на даносчыка. Даносчык! Ганзаг, якога нават палiцэйскiя нiколi не маглi прымусiць гаварыць.
— Мне шкада, — сказаў ён, каб неяк парушыць маўчанне. — Мне параiлi перадаць гэты бумажнiк у рукi ўладальнiку.
Гэтае «мне параiлi» гучала даволi няясна, але Ганзаг шукаў перш за ўсё шляхi да адступлення. Колькi будзе непрыемнасцi, калi ён аддасць бумажнiк жонцы! А зрэшты, нашто яго аддаваць? I Ганзаг, ужо амаль цвярозы, вырашыў перагледзець пытанне.
— Я зайду iншым разам, — сказаў ён.
Тоўстая дама анi не пакрыўдзiлася. Непарушная, як карыятыда, яна стаяла, уцiснуўшы галаву ў плечы, i быццам падтрымлiвала гмах палаца, якi вось-вось абвалiцца. Вiдавочна, яна надавала больш значэння не бумажнiку, а абставiнам згубы. Яна вымавiла з намаганнем:
— Божа мой, пане, вы можаце аддаць мне…
Яе перапынiла пабразгванне ключоў. Дзверы рэзка адчынiлiся.
— Пан дэ Керфаўэ! — усклiкнула пакаёўка.
— Мой муж! — вымавiла Чылiйка.
«Ну, цяпер усе на месцы!» — сказаў сабе Ганзаг.
Вiльям дэ Керфаўэ не спяшаючыся зачынiў дзверы i падышоў з натуральным выглядам. Так, гэты хлопец умеў трымацца. Нiчога штучнага ва ўсмешцы, анi ценю вагання ў рухах. Яго вытанчанасць, занадта саманадзейная, каб быць сцiплай, дадавала яму натуральнасцi: расшпiленае шырокае падарожнае палiто адмятала ўсе падазрэннi, каўнер кашулi быў такi белы, такi чысты, што адразу выклiкаў давер. Ён вымавiў бездакорным, трохi засмучаным, але даволi абыякавым тонам:
— Я быў вымушаны вярнуцца, Эвiта. Уявiце сабе, што я згубiў…
— Ваш бумажнiк… на плошчы Iталi! Я ведаю. Гэты пан толькi што нам яго прынёс.
Карыятыда набыла горды выгляд. Яе голас гучаў урачыста. Але Керфаўэ i сапраўды меў талент. Ганзаг сунуў руку за пазуху, i пан Вiльям зразумеў, што бумажнiк быў яшчэ там. Нiчога яшчэ не было страчана. У гэткiх выпадках трэба толькi гаварыць, што прыйдзе ў галаву.
— Вы бачыце, Эвiта, што б нi казалi, гэтая краiна застаецца краiнай сумленных людзей. Плошча Iталi!.. Я шукаў гэты бумажнiк паўсюль! Я разабраў сядзеннi ў машыне, я вярнуўся ў гараж, я распытаўся ў кансьержкi. Плошча Iталi! Я нават больш i не думаў пра яе, i аднак я больш нiдзе не мог яго згубiць — менавiта там я спынiўся, каб купiць гваздзiкоў. Пэўна, заплацiўшы, я сунуў гэты чортаў бумажнiк мiма кiшэнi. Я спяшаўся…
Ганзаг убачыў, што тоўстая Эвiта пачынае ўсмiхацца. Ды ён сам разявiў рот ад захаплення! Каб зручней было хлусiць, Керфаўэ выкарыстоўваў i праўду. Ну, вядома, ён згубiў бумажнiк, купляючы кветкi, але кветкi былi не ёй. Аднак выдатны Вiльям iмправiзаваў з красамоўнасцю, якая сведчыла пра добрую падрыхтоўку:
— Я спяшаўся… У апошнi момант я заўважыў, што не ўзяў буйнога шроту. Прыкрая хiба, бо мне маглi патрапiцца дзiкi. Зброевыя крамы адчынялiся пазней, i я вырашыў, зрабiўшы круг, заехаць у Шуазi, дзе жыве гэты заўзяты паляўнiчы, вы яго ведаеце — мой кузен Ражэ… Я спадзяваўся пазычыць у яго некалькi патронаў. Мне здалося, што з майго боку будзе далiкатна, калi я запасуся букетам ягонай жонцы…
Заблытаўшыся ў сваiх меркаваннях, шчаслiвая таўстуха расплылася ва ўсмешцы. Яе невычарпальны муж заводзiў сваё апавяданне яшчэ далей, каб яго ўжо нельга было праверыць.
— Добра, што мне ў галаву прыйшла думка набраць бензiну каля Шуазi. I яшчэ лепш, што я сунуў руку ў кiшэню перш, чым мяне абслужылi. Во б меў я тады выгляд!
Апраўданы i нявiнны Керфаўэ добра ведаў, што любы каментарый сапсуе яго легенду. Таму ён павярнуўся да Ганзага i, не даючы нiкому i рота разявiць, загаварыў саладжавым голасам:
— Сапраўды, пане, я i не ведаю, як вам аддзячыць. Страта грошай, чорт iх бяры, — справа не смяротная. Страта папер — гэта ўжо горш, але заўсёды можна атрымаць дублiкаты. Аднак самы каштоўны мне сам бумажнiк. Ёсць падарункi, якiя…
Ён не скончыў фразы i з пяшчотай паглядзеў на жонку. Тая сцiпла прабуркавала:
— Мой дарагi!
Ганзаг хмурнеў. Керфаўэ быў майстар, але гэта было ўжо занадта. А жонка з усiмi яе грашыма была не хiтрэйшая за тых шлюх, якiя слухаюць развесiўшы вушы ўсялякага прайдзiсвета, якi абдзiрае iх да нiткi. Прыгожанькi дуэт! Проста чароўная сцэна, дзе невялiчкая роля адведзена яшчэ аднаму iдыёту, якi, як толькi напiўся, даў свайму анёлу-ахоўнiку ўвесцi сябе ў зман i пайшоў аддаваць грошы, якiя самому былi патрэбныя. Але што зроблена, тое зроблена. Чорт з iм! Аднак трэба было з гэтым канчаць. Ганзаг раптоўна запусцiў руку за пазуху, дастаў бумажнiк i падаў яго ўладальнiку, выцiснуўшы з глыбiнi горла:
— Вось ваша рэч! — Пасля, з пагардай: — Калi вы хочаце праверыць…
Ахвяра была прынесена. Не вельмi спяшаючыся, але i не марудзячы, Керфаўэ ўзяў сваю маёмасць, сунуў яе ў кiшэню i адказаў з трохi напышлiвай знявагай:
— О, я вам цалкам давяраю!
Наступiла маўчанне. Маўчанне, якое ахалоджвае недарэчны запал i нагадвае пра тое, што прыйшоў час развiтацца. Калi Керфаўэ загаварыў зноў, голас яго гучаў ужо не так урачыста.
— Яшчэ раз дзякую вам. Я не ведаю, што б мы маглi вам зрабiць, каб засведчыць нашую…
Слова «ўдзячнасць» так i не прагучала. Цi могуць багацце i раскоша быць удзячнымi рызманам? Удзячнасць заўсёды выказваецца па ўзыходнай лiнii, а не наадварот.
— Як бы мы маглi?.. — неахвотна пачала гаспадыня. — Вiльям, мне здаецца, што звычайна ў такiх выпадках…
Здавалася, што ў гэтым доме часта не канчалi фразы. Але муж падтрымаў жонку:
— Мне вельмi няёмка… Грашовая аддзяка! Самi словы гэтакiя ж недарэчныя, як i рэч, якую яны азначаюць. Я не хацеў бы вас пакрыўдзiць, пане…
Ён напружана паглядзеў на Ганзага, i той усё зразумеў. Грашовая аддзяка? Немагчыма было ўдакладнiць яе памер, не адкрыўшы велiчыню сумы ў бумажнiку. Сумы грошай, «цярплiва (а значыць, употай) сэканомленых на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi». Плакалi яго дзесяць адсоткаў! Невядома, што яго стрымлiвала: гордасць цi «склад розуму», далiкатнасць цi «вернасць прынцыпам» — справа была не ў словах. У любым выпадку Ганзаг, якi бярэ, але не жабруе, быў няздатны пратэставаць, таргавацца або шантажыраваць.
— Пакiнем гэтую справу, — сказаў ён сурова. — Мне нiчога не трэба.
Керфаўэ таксама больш нiчога не патрабаваў. Некалькiмi фразамi ён нiбы запакаваў i перавязаў стужачкай гэтае высакароднае адмаўленне:
— Мне вельмi няёмка, але я вас добра разумею. На вашым месцы я б зрабiў тое ж самае. Сумленнасць аплочваецца сама па сабе. Ёю нельга гандляваць… Цi магу я, прынамсi, ведаць ваша iмя?
— Не, я не хачу, каб мяне ведалi.
Ганзаг адказваў усё больш суха. Ён выходзiў з сябе, але нiчога не мог зрабiць. Гэтыя людзi рабiлi сваю справу. А ён зробiць сваю. «Ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай…» А чаму не? Яго сумленне сапраўды звычайна аплочвалася само па сабе! На сто адсоткаў.
— Урэшце, калi вам калi-небудзь штосьцi спатрэбiцца — рэкамендацыя цi якая-небудзь дапамога — не вагайцеся. Паслуга за паслугу. Мы маем пэўныя сувязi.
Гэтымi словамi Керфаўэ кампенсаваў няпэўную маральную перавагу Ганзага i аднавiў здаровыя сацыяльныя адносiны.
— Яшчэ раз дзякуй, мой дружа!
I, не зважаючы больш на Ганзага, ён бесцырымонна прадаўжаў.
— Прабачце мне, Эвiта, я выйду патэлефанаваць. Я паеду ў Салёнь паслязаўтра. А сёння ўвечары…
Ганзаг, якi ўжо падыходзiў да дзвярэй, уважлiва прыслухаўся.
— …Сёння ўвечары мы пойдзем у тэатр.
— Да пабачэння, панове! — сказаў Ганзаг, неяк хiтра расцягнуўшы апошняе слова.
Абое Керфаўэ зняважлiва кiўнулi.
Наступнага дня, прыблiзна ў гэты самы час Ганзаг сядзеў за столiкам кавярнi перад цэлым стосам сподкаў — адпаведна лiку выпiтых шклянак — i дзесяты раз перачытваў рубрыку апошнiх падзей у паўдзённым выпуску «Пары-Прэс». Праўду кажучы, ён нават не чытаў, а расказваў яе на памяць, бо ўжо не вельмi добра бачыў:
«ПРАЗМЕРНАЯ СУМЛЕННАСЦЬ! — У адсутнасць пана i панi дэ Керфаўэ нехта невядомы прабраўся сёння ноччу ў iхнюю кватэру на авеню Анры-Мартэн i ўкраў каштоўнасцяў на вялiкую суму. Знiкла таксама шмат грошай, якiя пан дэ Керфаўэ пакiнуў у скрынцы сакрэтнiка.
Цiкавая падрабязнасць: ранiцай таго ж дня пан дэ Керфаўэ згубiў бумажнiк з гэтымi грашыма на плошчы Iталi. Бумажнiк быў вернуты нейкiм маладым чалавекам, якi адмовiўся ад узнагароды i знiк, не назваўшы нават свайго прозвiшча. Камiсар Цюмань, якому даручана весцi следства, мае сумненне адносна шчырасцi гэтага сумленнага ўчынку, якi мог з'явiцца нагодай для азнаямлення з укладам кватэры…»
— Гэта няпраўда! — бурчаў Ганзаг, абураны скептыцызмам камiсара.
Але восьмая шлянка «перно» колеру маладога лiсця ўжо ўзбуджала ў iм расткi дабрачыннасцi. Пiтво, як звычайна, замест таго каб падвойваць прадметы ў ягоных вачах, падвойвала ягоную душу. Ён апусцiў нос i прачытаў апошнi сказ:
«…Палiцыя шукае гэтага сумленнага чалавека, якi адчыняе дзверы злачынцам».
— Бертран, «крывавую Мэры»! — крыкнуў Ганзаг i на нейкi час зноў адчынiў перад сабой дзверы ў сумленнасць.