Міхась Стральцоў


Свет Іванавіч, былы донжуан


У тэлефоннай будцы былі двое, і я ненавідзеў іх. Я стаяў і чакаў. Яны не звярталі на мяне ніякай увагі. Гэты вечар я ненавідзеў усіх, каму было семнаццаць, дваццаць год – не болей. Мусіць, мне ўсё ж не варта было званіць, і тое, што я стаяў ля будкі, за дзвярамі якой крычалі ў трубку нейкія жаўтароцікі ў ненатуральна белых кашулях, расшпіленых на верхні гузік, у адпрасаваных вузкіх чорных штанах, загарэлыя, з акуратна падстрыжанымі, такімі самаўпэўненымі патыліцамі, – яшчэ больш злавала мяне.

– Эй, вы, – сказаў нарэшце я, грукнуўшы кулаком у шкло будкі, – давай закругляцца! Дайшло?

Ніякай увагі. Чарнявага, шчуплага, з такім зайздросным рубільнікам, што хоць пазычай, гэта не абыходзіла. Другі – белабрысы, доўгі, што стаяў бліжэй да мяне, прыпёршыся плечуком да шкла будкі, толькі ленавіта плюснуў вачмі, выняў з рота цыгарэту і, цыркнуўшы слінай сабе пад ногі, напусціў на твар прытворна-ўважлівы, блазенскі выраз. Белабрысы здзіўляўся і не разумеў. Да яго яўна не даходзіла. Ён нават не паглядзеў на мяне. Мне так хацелася заехаць яму па юнай мордзе, але я вырашыў пачакаць. Навошта ты злоўжываеш цярплівасцю маёй, о Катыліна?

– Слушай, Люсь! Обеспечь, чтобы маман не поднимала шухер. У меня пластиночки – первый номер... Ну да – законно. Гуд бай! Лёньке трубку не давать? Бусделано!.. Салют! Когда я смогу принести свои бренные останки?

Цяпер я рашыўся: раз! два! тры! – тры з адцяжкай удары ў шкло будкі. I позірк – не, чалавеку такі позірк не вытрываць.

Яны нешта зразумелі. Белабрысы таргануў плячмі і паглядзеў на чарнявага. Той вешаў трубку. Яны выпроствалі плечы ў будцы і, нібы змовіўшыся, нібы па камандзе, прымалі незалежны выгляд. Я, не адводзячы позірку, глядзеў на іх. Ужо на тратуары белабрысы азірнуўся і праспяваў:

...но пока наоборот:

только чёрному коту и не везёт.

Ах, смаркачы, смаркачы, – дальбог, я такім не быў у свае семнаццаць год. Недзе толькі на трэцім курсе я адпусціў доўгія валасы – тады гэта было модна. I падняў каўнер курткі – гэта таксама, здаецца, лічылася, што няблага. Тады катастрафічна, увачавідкі вузелі ў хлопцаў штаны, затое так прасторна было плячам пад шырачэзнымі пінжакамі. Праўда, гэта ўжо мяне не датычыла. Доўгія валасы – няблага. I падняць каўнер – таксама. Я чытаў тады французскія раманы. Эміль Бландэ, Люсьен Рубампрэ... Галантны век, дасціпнасць. I скепсіс. «Страчаныя ілюзіі». Партрэт «бацькі ўсіх народаў» пыліўся ў інтэрнацкай шафе-кладоўцы. «Как мало пройдено дорог, как много сделано ошибок». Не было саладзейшай спакусы, чым журба. Я чытаў тады замежныя раманы. Шматпакутныя героі пад эпілог сыходзіліся на ласкавы агонь камінка. За апушчанымі шторамі выў халодны восеньскі вецер. Камінак быў узнагародай. Цаной былой неўладкаванасці і нягод. I нехта павінен быў першы сказаць: «А памятаеш?..» I больш нічога. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном...

Ах, я памыляўся, як я тады памыляўся, але, дальбог, я не быў самаўпэўненым, пошлым піжонам!

Мусіць, больш за ўсё мяне злавала, што такія вось жаўтароцікі, як гэтыя, маглі пазваніць ёй. «Слушай, Лорик, мы сейчас завалимся к тебе с Эдиком. Тосты, конечно, наши – твой выпивон. Поздравляем – это законно. Ты теперь уже старуха – девятнадцать как пить дать. Держи, старуха, хвост пистолетом». I горш за ўсё тое, што тут я нічога не мог зрабіць. Я адчуваў сябе бездапаможным, як сляпое кацяня. Можа, нават жабраком ля чужога парога. Мае трыццаць год адцягвалі мне плечы. Жабрацкая торба – лішнія дзесяць год. Я мог бы сядзець разам з усімі, але вось чамусьці павінен званіць. Навошта? Цябе запросяць зноў. I зноў ты адмовішся. I яна пакрыўдзіцца, асабліва цяпер, калі ў яе ўжо госці. I са злосці будзе танцаваць увесь вечар з якім-небудзь Эдзікам. «Ты дурань, – сказаў сабе я, – табе трэба быць там. I сядзець за сталом. Гэткім мудрым богам сярод легкадумных сатыраў. I аберагаць юную німфу. Ты лепшы, чым яны. На цэлых дзесяць год».

У тэлефоннай будцы задушліва пахла нагрэтай фарбай. Аўтамат глуха агрызнуўся, глытаючы манетку. Трубка была абыякава цёплая, з няўклюдна прычэпленым да яе стальным ланцугом. Трубка на ланцугу, як шалёны сабака.

Я націскаў на кнопку – аўтамат падключыўся сам. З гулам разбілася цішыня, і потым страшная, няўмольна безгалосая расхінулася пустата. Яшчэ потым шоргат і голас:

– Вера Фёдараўна ля тэлефона – хто гаворыць?

Які малады, высокі голас, няўжо – маці?

– Мне трэба Ларысу. Паклічце, калі ласка, Ларысу.

Я чуў нейкі шоргат, галасы, абрыўкі музыкі. Радыёла ці тэлевізар? Мне чамусьці хацелася, каб тэлевізар.

– Вы павінны былі прыйсці да нас на вечар? Вы спазніліся?

Які малады, упэўнены, цвёрды голас! Ларыса казала, што маці курыць. Значыць, мана, што ад курэння ў жанчын грубее голас.

– Не, я не спазніўся. Я не ведаў, што ў вас вечар... Ларыса дома?

– Яна пайшла з дяўчаткамі ў магазін. Па марожанае. Паслалі хлопцаў, а іх чамусьці доўга няма. Яны хутка вернуцца... Што ёй перадаць?

– Нічога не трэба. Я, можа, пазваню потым.

Я хлусіў. Ёй хапіла здагадлівасці не пытацца, хто звоніць. Хаця яна ўсё роўна не ведала мяне. Я бачыў неяк яе выпадкова ў горадзе. Яна была разам з Ларысай. Высокая, круглы падбародак, цвёрда сцятыя вусны і, здаецца, строгі пагляд. I разам з тым нейкая дзіцячая разгубленасць, ледзь не жаласлівасць у твары. Бацька, казала Ларыса, яе раўнаваў. «Ларыса, скажы маці, каб глядзела ў сваю талерку». Гэта аднойчы ў гасцях.

– Усяго добрага, – сказаў я і неспадзявана дадаў; – Вера Фёдараўна. – Выйшла неяк гулліва і нават пяшчотна. Не, трэба вешаць трубку. Усё.

– А можа, усё ж я перадам Ларысе, што...

Я павесіў трубку.

Я выйшаў на тратуар. У мяне чамусьці крыху кружылася галава. Я нібы ўсплываў на паверхню з-пад вады. Мяне, пагойдваючыся, страчала вуліца: дамы, людзі, дрэвы станавіліся на свае месцы і набывалі непазбежную, строгую пэўнасць, цяпер абыякавую да мяне. Я стаяў, раздумваючы, што рабіць далей. У грудзях было пуста. У галаве ляніва круцілася нешта накшталт: «Эх, Жэнька, Жэнька, Свет Іванавіч, маральна ўстойлівага халасцяка з цябе не выйшла – давядзецца зноў перакваліфікавацца ў донжуана».

Нічога не заставалася, як ісці дамоў.

Пачынала цямнець, і вуліца глушэла ад святла, ад хісткіх ценяў, ад дзіўнай маўклівасці тралейбусаў, за сінім шклом якіх неяк паволі, бяздумна рухаліся людзі, безгалоса смяяліся, невідушча глядзелі перад сабой. Аднекуль даляталі водгаласы слоў, шалясценне лістоты, наплывала прахалода, а потым да абмарачэння млява і соладка патыхала яшчэ неастылым асфальтам, парфумай, пылам, аброненым некім пад ногі марожаным. Ліхтары гарэлі асуджана-роўна, нібы не верачы ў сваё святло, і лістота ліп пад імі была непрыемна зялёная, халодна-яркая, і гэтак жа холадна пералівалася на захадзе над горадам палахліва-жоўтае, фіялетавае, бэзавае неба.

Было сіратліва і холадна ў мяне на душы.

Я перайшоў на той бок вуліцы, дзе было менш людзей і магазінных вітрын, і агні ліхтароў пад невясёлай шпалерай цёмных ліп пазначылі мне дарогу дамоў, да пустой кватэры, якая не абяцала нічога, акрамя адзіноты, і два разы я прыбіваўся да людскога гурту на тралейбусных прыпынках, проста каб пакурыць, і зноў ішоў, і недзе ля гастранома нагнаў двух жаўтароцікаў, што кацілі перад сабой бляшанку кансерваў, як футбольны мяч: і зноў халодная злосць скаланула маё нутро. Я ведаў, што гэта дурная, несамавітая злосць, што ніхто не вінаваты і ніхто не паможа мне, але ўсё адно злаваўся і дзёрзка глядзеў сустрэчным у вочы, нібы ведаў за кожным самы найцяжэйшы грэх. Нейкія дзве пары ішлі наперадзе мяне. Адзін – даўганогі, сутулы, з высока пастрыжанай шылаватай галавой, заклаўшы рукі за спіну, сумаваў побач з кароценькай, порсткай дзяўчынкай; другі – цыганаваты, кучаравы, з сухарлявай, загарэлай патыліцай, на якой цёмна ільснілася западзінка-равок, нешта ўсё выдурняўся і рагатаў і незаўважна клаў руку на талію сваёй мажнай рыжаватай сяброўкі, на зіхотнае плацце з тафты, а тая ляніва паварочвалася цераз плячо і біла яго па руцэ, а ён смяяўся і клаў руку ўжо на плячо і пытаўся: «А сюды можна?» – і зноў рагатаў. Ах, якая была ідылія, чорт вазьмі, – я бачыў усё навылёт, я бачыў іх, калі яны застануцца ўдваіх, і, дальбог, я аддаў бы ім маю пустую кватэру – гэтай дзяўчыне і гэтаму нахабнаму хлопцу, няхай бы толькі ён быў нахабны да канца.

На рагу вуліцы я павярнуў налева – яны пайшлі далей. Мая вуліца спадала ўніз, да парку, і тут было зацішней, цямней – бледна свяціліся неонавыя лямпы. Я быў дома. Ступіў у цень тунеля і пад яго высокім скляпеннем пратэпаў у двор, зайшоў у пад’езд і падняўся на пляцоўку з ліфтам. Нейкая абыякавасць апанавала мяне. Злосць прапала. Я нічога не хацеў. Карабель прычаліў да берага, і ў ягоны борт ляніва біла стомленая хваля. Мяне закалыхвала адзінота. Я зайшоў у ліфт і паволі націснуў на кнопку паверха. Пагасла і зноў успыхнула святло. Ліфт плыў угору, і я быў адзін. Я закурыў. Я не ведаў, ці часта бывае з чалавекам, калі ён у трыццаць год заходзіць у тупік. Асабліва тады, калі вельмі старанна выхоўваў сябе ў юнацтве. Калі стараўся ўсё зразумець. I вельмі мала дзейнічаў. I таму не дасягнуў у жыцці нічога. Зрэшты, гэта глупства – дасягнуць. Мяне гэта, здаецца, ніколі і не вабіла. Я хацеў другога. На адной рачулцы я бачыў некалі рыбалова. Ён рабіў тое ж, што і я: гібеў з вудай на беразе, чакаючы паклёўкі. Розніца была толькі ў тым, што ў яго лавілася рыба, а ў мяне – не. Гэта цяжка было зразумець. Рыба сама ішла да яго. На ім быў стары парудзелы плашч, на галаве несамавітая кепка, на нагах – брызентавыя чаравікі. Пякло сонца, а яму было не горача. Я падкасаў калашыны, каб не замачыць штаноў,– для яго быццам не існавала вады, быццам рака была не рака, а люстраны паркет. Брызентавыя туфлі былі сухія. З плеценага кошыка, абкручанага анучай, ён даставаў параную бульбу, асцярожна разразаў яе, затуліўшы далонню, на маленькія кавалачкі і, нібы бласлаўляючы раку, таямнічым жэстам раскідаў крышаны ля берага. Потым, падкурчыўшы ногі, заміраў на камяні, што выступаў ля берага з вады, і чакаў. Як ні наглядаў я за ім, не мог падпільнаваць таго моманту, калі пачынаўся клёў: я бачыў толькі рыбіну, што трапяталася ў ягонай руцэ, і як страшэнна доўгім позіркам жылі прыглушана-цёмныя, глыбокія вочы.

Я нічога не разумеў. Пасля ўжо, калі зразумеў, я зразумеў не так і мала. Я зразумеў, што галоўнае не ў тым, каб дасягнуць, не ў выніку, які ўяўляецца проста як вынік, адасоблены ад усяго, а ў адпаведнасці гэтаму выніку нас саміх. У адпаведнасці мэты выніку. Звычайны падлешчык для таго рыбалова быў звычайным падлешчыкам, але, затрапятаўшы на далоні, ён мог быць і залатой рыбкай. Толькі перш за ўсё ён быў падлешчыкам. Удачы не было – была ўзнагарода за цярплівасць. I гэтая цярплівасць не прыніжала чалавека, як не прыніжалі ні стары парудзелы плашч, ні пацёртая кепачка, ні брызентавыя чаравікі. Галоўным быў спачатку не вынік, а паўната прадчування яго. Я спяшаўся, нерваваўся, я думаў пра падзею, вынік і не заўважаў, як мой унутраны голас глух, як удача пачынала здавацца цудам, а падлешчык – недасягальнай залатой рыбкай. Але не было ні падлешчыка, ні залатой рыбкі.

Мне трэба, вельмі трэба вучыцца цярплівасці.

Новую цыгарэту я ўжо закурыў у кватэры. На кухні. Я любіў гэтую кухню, бо тут гаспадарыла Міла. Чужая жонка, мужава жонка, якая заўсёды старалася зрабіць так, каб я адчуваў сябе ў гэтай кватэры, як свой, а не проста як кватарант-прыблуда. Кухня была тым месцам, дзе развіналіся на ўсю шыр зайздросныя Міліны здольнасці. Кухня была эмблемай кватэры, нават, калі хочаце, яе душой. I Міла была ідэальнай жонкай. Для мужа з такой жонкай ніколі не будзе існаваць праблемы кухні – у прамым і пераносным сэнсе. Ён можа прывесці дадому хоць сотню сяброў, і ўсе яны будуць накормлены, і яму, калі ён толькі не дурань і не бурбон, ніколі не засвярбіць язык сказаць, што ў жонкі малы адукацыйны цэнз, і што паміж высокай разумовай сферай і кухняй ляжыць невымерная бездань, і што яму, такім чынам, як паветра, не хапае высокаінтэлектуальных размоў. Урэшце, гаварыць з Мілай пра цэны на прадукты мне было цікавей, чым пра кібернетыку з яе кандыдатам-мужам.

Я сядзеў за сталом на кухні, і позірк мой незнарок упаў на разгорнутую палоску тэлеграмы, атрыманай два дні назад, – я ўзяў яе ў рукі і зноў прачытаў: «Почему не пишешь Что случилось Станислав Мила». Памятаю, на той дзень я пакрывіўся ад гэтага фамільярнага – Станіслаў: мы ніколі не звалі адзін аднаго па імені, а толькі па бацьку. Міла – іншая справа: з ёй мы былі на «вы», але затое, дзякуй богу, не пайшлі на гэтую камедыю з Мілай Пятроўнай і Яўгенам Іванавічам. I яшчэ мне здалося, быццам тэлеграму трэба чытаць інакш, неяк так: «Как поживают рыбы в аквариуме? Исполняешь ли ты мой наказ?» «Чорта з два, – падумаў я, – у мяне яшчэ зварыць мазгаўня, каб не карміць рыб сырым, дробна пасечаным мясам, як наказала ваша міласць. Ты б там, на паўднёвым сонцы, схуднеў на шэсць лішніх кіло, каб даведаўся, што я скора знайшоў дарогу ў магазін «Прырода» і перавёў тваіх рыбак на разгрузачную дзяржаўную дыету. Салют, Станіслаў Бацькавіч, цешцеся прыемнымі надзеямі».

Я трымаў лісток у руках, стараючыся ўявіць, як была паслана тэлеграма. Дурны, чаму я адразу не падумаў, што тэлеграму паслала Міла. Ну, вядома, яна, і знарок падпісала Станіслава Бацькавіча першым, і паказала тэлеграму яму, і здолела пераканаць, як гэта яна ўмее, што ім не абысціся без такой тэлеграмы і што гэта будзе прыемна мне, адзінокаму, беднаму, няшчаснаму халасцяку, і Станіслаў Бацькавіч, можа, расчуліўся і нават палічыў усю гісторыю з тэлеграмай найвялікшым актам чалавекалюбства.

Ах, Міла, Міла, харошая Міла, мужава жонка! Толькі цяпер я па-сапраўднаму адчуў, як не хапае мне яе, па сутнасці, можа, адзінай жанчыны, якая трэба была мне і якой трэба я, але пра тое ўжо мы, бадай, не скажам адно аднаму. Досыць і таго, што мы ведаем гэта. Не трэба, каб гэта перарасло нас. Няхай яно будзе з намі, як магчымасць, якой немагчыма здзейсніцца. Я мог бы ўзяць ад Мілы ўсё, каб захацеў, але дрэнна быць гусарам побач з мужам, які дзеля жонкі, хаваючыся, падбрывае валасы на грудзях. Аднойчы я здагадаўся пра гэта, і мяне з таго часу, калі думаю пра Мілу, не пакідае журба. А цяпер... Я любіў Мілу ў гэты момант, я нават чуў, як білася маё сэрца, мне хацелася, каб недзе там, у доме адпачынку, яна думала зараз пра мяне, і я верыў у сваю сілу праз ноч, адлегласць прымусіць яе думаць пра мяне. Я праверу гэта, калі яна вернецца, і асцярожна як-небудзь спытаю яе. А можа, кінуць усё і, пазычыўшы грошай, махнуць на поўдзень на дзень-другі? Такая вялікая бяда – пісаць пасля дырэктару музеума тлумачальную запіску, каяцца, што гэта легкадумнасць,– страціць свае восемдзесят рублёў і месца малодшага навуковага супрацоўніка, што я не меў намеру абразіць дружны музейны калектыў і што ў дадзеным выпадку толькі старанная праца ў будучым можа паставіць мяне на ранейшае месца ў гэтым калектыве. Эх!..

Здаецца, званіў тэлефон.

Я ўстаў з-за стала і, не спяшаючыся, пайшоў у прыхожую, і калі ўжо здымаў трубку, здагадаўся, што гэта, можа, звоніць Ларыса, але чамусьці не ўзрадаваўся,– і гэта было нешта новае, і я ў думках пахваліў сябе: нават прыемна стала ад упэўненасці, што зараз, калі буду гаварыць з Ларысай, абавязкова знайду патрэбныя словы, каб, не абражаючы яе, сказаць тое, што можна і трэба сказаць мне, мужчыне, дзевятнаццацігадовай дзяўчынцы ў такі вось момант. Але трубка маўчала, я адно чуў, як у ёй цяжка калыхалася цішыня.

– Ало! Ало!

I зноў маўчала трубка, і я пачуў, як на другім канцы проваду нехта часта, непрыемна коратка дыхаў, – чорт ведае які дурань смяяўся з мяне!

– Гэта ты, Ларыса? Аддыхайся. Я цябе слухаю...

Нехта таропка, вельмі таропка палажыў трубку.

Містыка, нейкая чыстай вады містыка – не можа быць, каб гэта Ларыса. Урэшце, чаму яна павінна званіць? Мусіць, я перабольшваю, калі думаю, быццам што-небудзь значу для яе. Дзесяць год – высакаватая сцяна, і ёй, Ларысе, трэба станавіцца на дыбачкі, каб падаць праз яе руку. А навошта ёй станавіцца на дыбачкі? Каб паказаць мяне сваёй кампаніі і сваім бацькам? Але ж я ўжо вырашыў, што мне там няма чаго рабіць. А можа, я памыляюся, можа, трэба было інакш? Заявіцца, як належыць навуковаму супрацоўніку, нават калі ён і малодшы – гэтую дробязь у размове асцярожна абысці,– энергічна паціснуць Ларысінаму бацьку руку і, цвёрда зазірнуўшы ў вочы, назваць сябе. I абаяльна гэтак усміхнуцца і пажартаваць:

– Папярэджваю, Ферапонт Дармідонтавіч, другі тост пасля вас буду гаварыць я. I нават магу ўзяць на сябе ролю тамады, калі вы, вядома, не супраць.

Ферапонт Дармідонтавіч – фі! Як бы ён паглядзеў на мяне, каб я назваў яго гэтак? Ён падумаў бы, што я звар’яцеў. Але ціха! Па праву дарослага мужчыны я цалую ў Ларысінай маці руку (чаму не пацалаваць!). Вера Фёдараўна прыемна ўражана і крадком выцірае слязу. Ага! Ба, якія незнаёмыя ўсё абліччы! «Ну што ты, – прыходзіць на дапамогу Ларыса, – гэта ж вось Валік, памятаеш, я табе гаварыла, што ён... А гэта вось Валерка – ён умее шавяліць вушамі... Валерка, пакажы!..» Ідылія! I ў юнашы абступаюць мяне і пытаюць, якія я куру цыгарэты.

Папраўдзе, я баяўся не гэтага. Можа, больш за ўсё я баяўся пераканацца, што Ларыса – адна мая выдумка, міраж. Чаго я хацеў ад Ларысы? Можа, я нават думаў, што яна – маё выратаванне. Маладосць, шчырасць, непасрэднасць, чысціня. Што з яе дапамогай усё гэта вярну сабе і я. I абнаўлюся разам з ёю. (Які халаднавата чысты, строгі ў яе пагляд і якія чуйныя, акуратна зграбныя рукі – ідучы, яна трымае іх неяк трошкі перад сабой, самаўпэўнена чуйныя рукі, такія нейкія безуважна пагардлівыя да закасаных рукаўчыкаў летніка-плашча.) Я адкіну са свайго вопыту ўсю горыч, а лепшы мой вопыт перадасца ёй, і яна стане такою, якім хацеў, але не стаў некалі я. I, можа, я здолею зрабіць гэтак, што яна будзе разумець мяне. I тады...

Здаецца, зноў званіў тэлефон. Я вырашыў, што пачакаю, пакуль той, на провадзе, дасць трэці званок. I калі будзе чацвёрты, здыму трубку. Быў чацвёрты званок.

– Ало! Калі вы нешта хочаце сказаць, спяшайцеся – я слухаю.

I зноў выразна пачуў нечае дыханне і хацеў ужо раззлавацца і вылаяцца ў трубку, але нешта падказала мне, што трэба пачакаць.

– Спяшайцеся, у вашым распараджэнні дзесяць секунд.

– Гэта я, Лёня, – сказаў раптам нехта ў трубку, – а вы... дзядзя?

Чорт ведае што такое. Ды яшчэ нейкі дзіцячы голас.

– Лёня? Які Лёня?.. Скажы мне, калі ласка, Лёня, што табе трэба і дзе ты ўзяў мой тэлефон?

– А вы добры дзядзя і сварыцца не будзеце? Не будзеце, га?

Цудоўная магчымасць пахваліць самога сябе.

– Ці добры я дзядзя, не ведаю, але сварыцца не буду. Ну давай...

– Мне, дзядзя, сумна, і я сам выдумаў ваш тэлефон. Сядзеў, сядзеў і выдумаў. I яшчэ тэлефоны выдумаў, але яны не хацелі гаварыць, толькі піпіпкалі, і я іх забыў. А ваш я першы выдумаў...

– Ты харошы хлопчык, Лёня. Колькі табе год?

– Я ўжо вялікі, дзядзя, і ўвосень у школу пайду. Мне толькі не хапае двух месяцаў. Але тата з мамай кажуць, што ўсё роўна ў школу возьмуць. Праўда, дзядзя, возьмуць?

– Як табе сказаць, Лёня... Па-мойму, павінны ўзяць... А ты што – дома адзін?

– Тата з мамай на дачы. I я там быў, і наша Лілька. Я, дзядзя, там у нагу стрэмку загнаў. Ух, як балюча было!

– Ты харошы хлопчык, Лёня. Я ведаю, ты цярпеў...

– Я нават не плакаў, дзядзя. Нага ў мяне ноччу балела, ведаеце як: дорг! дорг! дорг! I гарачая была. Я ноччу ўстаў і на другой назе паскакаў на кухню напіцца вады. А мама прачнулася і на руках аднесла мяне ў пасцель. Мама ўсё думае, што я малы...

– Не, ты дарослы, калі ўмееш цярпець.

– А Лілька наша яшчэ больш дарослая, дзядзя. Яна ў тэхнікуме вучыцца. Толькі яна дзяўчынка, і мама кажа, што ёй рана дарослай быць. Лілька хацела ісці ў водны паход, а мама не пусціла. Лілька плакала і хацела з дачы ўцячы.

– Ну, брат, дрэнныя ў яе справы... А дзе цяпер яна?

– Вам я магу сказаць, дзядзя. Мне з ёй чыстая бяда. Да нас заўтра дзядзя Вася прыедзе, ну, татаў брат. А мы з Лількай пойдзем яго сустракаць. Дзядзя Вася не ведае, дзе наша дача стаіць... А Лілька хітрая: пакінула мяне дома аднаго, а сама з Толікам Сотнікавым пабегла ў кіно. Мама кажа, што гэты Толік дрэнны хлопчык. Калі ягоная мама ў бальніцы ляжала, дык ён да сябе дрэнных хлапчукоў вадзіў, і яны пілі віно і курылі. А потым Толік ключ ад кватэры згубіў і праз акно дамоў лазіў. Мама кажа, каб Лілька не сябравала з ім. А Лілька во не слухае. Буду цярпець, цярпець, а потым маме ўсё скажу...

– Яно дык так, браце, але ж ты, мусіць, ужо цукеркі, якія табе купіла Лілька, каб маўчаў пра кіно, даўно з’еў.

– I зусім не цукеркі, дзядзя, а зефір. Яна толькі абяцала, што цукеркі купіць, а купіла зефір. Трэба ён мне. Лілька яго сама з’ела.

– Ну, брат, тут трэба падумаць, што рабіць. Па-мойму, калі ты дарослы хлопчык, дык можаш і без Лількі прабавіць час. Плакаць ты не ўмееш, а цукеркі... што цукеркі – я дык іх вось ужо дзесяць год не ем. Есці цукеркі – адно зубы псаваць. Галоўнае, брат, сумаваць не трэба. Па-мойму, так.

– Я не буду, дзядзя, – сказаў ён. – Як Лілька прыйдзе, я вам пазваню. Пазваніць, дзядзя?

– Ведаеш што, – сказаў я, – кладзіся лепш спаць. Я сам вось пасяджу трохі, падумаю і таксама лягу спаць. Я таксама, брат, дома адзін. Куды нам з табой гнацца за Лількамі...

Можа, мне не трэба было так гаварыць. Я адчуў раптам, як ён там, у далёкай пустой кватэры, не па-дзіцячы пасур’ёзнеў, сцішыўся – навошта мне было так гаварыць? Мяне выдаў мой голас. Такая гэта атрута – дарослая туга.

– Будзем спаць, Лёня, – сказаў я весялей. – Спаць, спаць усім рабятам, спаць, спаць па палатах... Ведаеш гэтую песеньку? А то ёсць яшчэ... Плакса, вакса, гуталін – еў, не з’еў гарачы блін... Смешна, праўда?

– Ага, – сказаў ён узрадавана. – Я буду спаць, дзядзя. Спакойнай ночы.

– Спакойнай ночы.

Я палажыў трубку.

Вядома, я і не думаў спаць, хоць і не ведаў, што можна было прыдумаць такое, каб лягчэй прабавіць час. Пайсці ў кіно? Купіць два білеты, прадаць адзін якой-небудзь аматарцы позніх сеансаў, калі захоча купіць, а то і запрасіць з сабой так. Я рабіў так некалі, у тую пару, калі прынцыпова не хацеў мець сваёй дзяўчыны, якую на вуліцы трэба было браць пад руку, знаёміць са сваімі сябрамі, сустракацца ледзь не штодзень, якой трэба было купляць марожанае і кветкі і абавязкова праводзіць дамоў, каб адстаяць з ёй свае паўгадзіны ў пад’ездзе. Я не хацеў тады, каб хто-небудзь меў на мяне правы. Мне трэба было, каб я мог прыйсці да яе, калі захачу, і каб яна не брала з мяне слова, што я абавязкова прыйду да яе яшчэ і заўтра. Тады ў мяне ўсё разладзілася з Эмай, хоць яна ніколі і не пыталася ў мяне, ці прыйду я да яе заўтра. Я купляў ёй марожанае і кветкі, хоць мне неабавязкова было прастойваць з ёй у пад’ездзе, бо мы тады ўжо скончылі інстытут, і яна працавала ўжо і жыла на прыватнай кватэры, дзе займала пакойчык з асобным ходам. I я працаваў ужо тады, і, здаралася, мы раніцай разам ішлі на работу, але ўсё адно яна ніколі не прасіла, каб заўтра на работу мы пайшлі разам таксама.

Не, сёння ў кіно мне не выпадала ісці: я даўно адчуваў, што перарос усё гэта. Аставаўся рэстаран, і я на момант уявіў сабе шырокую залу, залітую густа-залацістым, хісткім святлом, шызыя палосы дыму, стук нажоў аб металічныя падносы, напружаную, цёмную адчужанасць людзей, занятых, па сутнасці, адным і тым жа, тамліва-доўгія позіркі жанчын, узмахі рук, гаману, дурманлівы водар кухні. Я ішоў па зале, шукаючы свабоднае месца, падсвядома старонячыся кампаній з жанчынамі, і вось ужо нейкія падпітыя рабацягі махалі рукамі мне, і гэта азначала, што яны нядаўна прыйшлі сюды, перад тым ужо недзе добра паддаўшы, паспеўшы надакучыць адзін аднаму, – інакш не ўзрадаваліся б невядома чаму свежаму чалавеку. Я садзіўся за стол, яны налівалі мне, і я піў, бо адмаўляцца не мела сэнсу, а потым заказваў я, і пачыналася звычайная п’яная безладзь: доўгія поціскі рук, абернуты на абрус фужэр з півам, настойлівыя спробы наладзіць кантакты з суседнім сталом, крыўда на афіцыянтку, якая не хацела браць чарку. Я ўсё прадбачыў наперад – нічога арыгінальнага, самы банальны спосаб зглуміць вечар і назаўтра адчуваць сябе нібы апушчаным у ваду.

Не, і гэта сёння не падыходзіла мне.

Я закурыў цыгарэту: яна была туга набітая і гарэла дрэнна. Камячыў яе ў пальцах, пакуль не сплюшчылася і не стала мяккай, але ўсё роўна яна курылася дрэнна, і ў роце была ад яе такая саладкава-брыдкая горыч – я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак, калі выйдуць цыгарэты і будзе позні час, каб бегчы па новыя ў магазін. Сухі, гарачы махорачны дым востра заказытаў у носе, і неяк адразу праяснела ў галаве, і неспадзявана ўспомнілася далёкая восень, калі мы на першым курсе ездзілі ў калгас капаць бульбу. Аднаго дня быў дождж, і мы вымаклі на полі, прыбеглі да гаспадыні ў хату і распалілі грубку. Пад акном шкуматаў грушу вецер, перашчукаў і зноў усчынаўся дождж, сядзелі на складзеных пад хлявом дошках куры, а потым гаспадыня выйшла на двор і выліла ў карыта вядро мешанкі і адчыніла ў хляве вароты. Засакаталі, пазляталі з дошак і пабеглі, смешна валюхаючыся, да карыта куры, выскачылі з хлява два парсюкі, і большы пачаў адразу хламкаць з карыта, час ад часу злосна задзіраючы лыч, а меншы ўсё вішчаў, бегаў наўкол і не ведаў, як падступіцца да мешанкі. Сабака вылез з будкі і хадзіў па двары, бразгаючы ланцугом і да нечага прыслухоўваючыся. А мы тады ў хаце курылі махорку, і, памятаю, так хораша было ў мяне на душы, і такое выразнае, азначанае дарэшты было ўсё на двары, у агародзе, і так неяк па-сталаму весяліў душу разгоністы, косы бег ветру за акном, у полі, над якім туманна, кудзеліста, жвава снаваліся разлапістыя хмаркі, збіваліся ў купкі, цямнелі, расхінаючы раптам у небе акенца незвычайнай, густой сінізны. Мне было семнаццаць год у тую восень, і быў цяпер тут, у горадзе, бадай што адзін чалавек, з якім бы я мог пра гэта, каб захацеў, пагаварыць. Эма. Эма тады таксама была з намі ў вёсцы, і я ўжо ведаў, што пайду сёння да яе.

Я не супраціўляўся сабе, я нават падумаў, што Эме мог бы сказаць пра Ларысу, і яна зразумела б мяне, без асаблівай шкоды для сябе. Паміж намі было ўжо ўсё, што толькі магло быць, і больш нічога не будзе. Я ведаю гэта. Мы разышліся без крыўды – паміж мужчынам і жанчынай такое не часта бывае. Эма добрая дзяўчына: я з радасцю стаў бы сябрам яе мужа, калі б яна выйшла замуж, і мужу гэта нічым бы не пагражала. За мяне яна ніколі не выйшла б замуж: ёсць шмат такога, у чым мы вельмі ж падобны адно на аднаго. I ў Эмы даволі чуцця, каб зразумець гэта.

На вуліцы я паглядзеў на гадзіннік: было без пятнаццаці мінут адзінаццаць. Наогул, позна. I ў Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. Гэта была арыгінальная пара. Жонка не прызнавала за сабой ніякай ганьбы. Бяздзетным лічыўся муж. Даўняя спрэчка паміж зацікаўленымі асобамі вырашалася звычайна прочкамі. Сыходзіла жонка – быў вінаваты муж, сыходзіў муж – лічылася пераможанай жонка. Адным словам, вясёленькая гісторыя. Аднаго баюся я, што Эма, нагледзеўшыся такой сямейнай ідыліі, яшчэ на колькі год адкладзе замужжа. Наогул, мяне пачынае палохаць яе абыякавасць да ўласнага лёсу, і не разумею я, што трымае яе на той кватэры. Прывычка? Пагарда да дробязей быту? Не такое ўжо шчасце – адчуваць сябе запхнутай у куток. У літаральным сэнсе. Невялікі пакойчык з зашклёнымі дзвярамі ў калідор ды яшчэ абсталяваны па апошнім слове пенсіянерскай логікі. Сплавілі ў пакой усе лішнія рэчы. I выкінуць нічога нельга, каб купіць сваё. I цяпер Эма – вартаўнік пры складзе непатрэбных рэчаў. Заложніца сярод прапыленых, пабітых моллю канапак, гардзін і пуфаў з патрыярхальнымі пампончыкамі...

Ішло таксі, і я падняў руку.

Мы ехалі ахінутай прыцемкам вуліцай – на агні рэклам, на рдзянае мігценне стопсігналаў, і мне было відно, як машыны наперадзе гналі перад сабой у хісткім сутонні няўлоўна сінія, пудлівыя цені, і, не зважаючы на позні час, яшчэ калі-нікалі чутно было, як у шырокіх сутаргах шуму сцінаўся і выпростваўся горад. Я ўгледзеў нейкую жанчыну, што ішла напярэймы нашай машыне, ніколькі не прыспешваючы крок, і калі да яе аставалася ўжо метраў з дзесяць, я зразумеў, што яна нічога не бачыць перад сабой. Таксіст тармазнуў, і жанчына падняла галаву, ненатуральна цвёрда выпрасталася, а потым разгублена прыклала руку да лба. I высільвалася ўсміхнуцца.

– Эй ты, графіня, – крыкнуў таксіст, прачыняючы дзверцы, – вочы твае дзе? Якую сябе данясеш мужу?

I з ляскатам зачыніў дзверцы і чамусьці павесялеў. Намацаў рукой на шчытку кнопку прыёмніка – і палілася музыка, такія знаёмыя акорды: быццам над вадой калыхаўся туман, а праз яго ўсё намагалася і намагалася прабіцца сонца, і прабівалася нарэшце, паволі праганяючы змрок, паволі разліваючыся журблівым у сваёй нетаропкай упэўненасці святлом.

– «Паланез» Агінскага, – сказаў таксіст. – Класная музыка.

Ах, Міхал Кляофас, які ў цябе зайздросны лёс! Табе выдумалі прыгажосць, бездакорныя манеры, салодкае, хоць і нешчаслівае, каханне да нейкай кволай паненкі, і вечары за клавесінам, і яшчэ адзін, апошні вечар з ёю, ужо чужою жонкай, перад развітаннем з радзімай. Во і гэты таксіст, круглатварьт, малады яшчэ мужчына, не больш за сорак год, з густымі светлымі валасамі, з нізка напушчаным на шчокі мысікам бакенбардаў, са шрамам на падбародку,– во і гэты таксіст нахвальвае і твой «Паланез», і «Танец маленькіх лебедзяў», і яшчэ нешта, ну тое, дзе спяваюць: «Ах, зачем мы, горемычные, родились на этот свет?» Во, во, «Аскольдава магіла». Ён кажа, што цяпер не пішуць ні музыкі, ні кніг, як некалі, што тады пісалі дзеля душы, сядзелі ў маёнтках і пісалі, і таму музыка была – першы клас, а цяпер ён ведае аднаго пісьменніка, якому памагаў даставаць новыя скаты, і той пісьменнік прызнаўся яму, што трэба рамантаваць «Масквіча», а грошай няма і таму трэба хутчэй садзіцца за новую кніжку. I нібыта той пісьменнік падарыў яму адну сваю кніжку, але ён, таксіст, чытаць яе не стаў.

Ён паблажлівы, праставаты і адначасова самаўпэўнены, гэты таксіст.

Я разумею: у яго свой новенькі дом недзе на ўскраіне горада, і халадзільнік, і тэлевізар, і на двары сабака на ланцугу, і школьнік-сын іграе на нейкім інструменце, і жонка, якую ён прывёз некалі ў горад аднекуль з-пад Плешчаніц, ужо начамі не спіць, думаючы, як бы ўладкаваць дачку ў школу з англійскай мовай навучання. А ў мяне няма пакуль ні ўласнага дома, ні «Масквіча», дык чаму мне не заступіцца за сучаснасць? I я кажу яму, што не, ён памыляецца, што і кніжку таго пісьменніка трэба прачытаць, і што мастацтва наогул належыць народу, і што, калі есць тэлевізар, можна не хадзіць у кіно, і што цяпер кожны ведае, што Шэкспір – гэта галава, і Аркадзь Райкін – галава таксама. I што ён, гэты незадаволены таксіст, можа запатрабаваць, калі захоча, у любога кампазітара песеньку пра зялёны агеньчык свайго таксі ды і наогул пацікавіцца, калі той кампазітар апошні раз быў у камандзіроўцы.

Ён не пагаджаецца са мной, злуецца, і яму раптам пачынае не падабацца дым цыгарэты, якую я куру, і ён кажа, што многа нас такіх бывае ў яго за дзень і калі кожны стане... Адным словам, я тушу цыгарэту і маўчу, а ён выключае прыёмнік. На развітанне я падаю яму рубель, і ён бурчыць, што не зможа знайсці дробязі на здачу, але я маўчу і не думаю вылазіць з машыны: мне цяпер ужо зусім не хочацца ўласнымі рукамі пакласці цагліну ў той мураваны скляпок пры садзе, якога яму, відаць, адно не хапае, каб цалкам пераключыцца на жыццё для душы.

Я чакаў, і ён пачаў адлічваць здачу, усім сваім выглядам выказваючы пагарду да мяне, знарок вышукваючы, я бачыў гэта, адны медзякі. Ён шырока кінуў мне іх на далонь і адразу ж выключыў у таксі верхняе святло – і гэта была зноў пагарда, і тады я сказаў, што грошы, наогул, любяць падлік, і папрасіў, каб ён усё ж уключыў святло. Ён, мусіць, не чакаў ад мяне такой настырнасці, бо адразу ж, паспешліва ўключыў святло: цяпер ужо я паволі, знарок паволі пералічваў медзякі, вырашаючы, даць адзін з іх яму на чай ці не. Потым я падумаў, што дастаткова правучыў яго, і толькі дазволіў сабе падкрэслена далікатна развітацца і, не спяшаючыся, зачыніць з другога боку дзверцы. Ён газануў так моцна, што ледзь не заглух матор: машына рванула з месца, суха стрэліўшы ў мяне дымам. Цяпер я не зайздросціў пасажыру, які пасля мяне сядзе да яго.

Неспадзяваная прыгода крыху развесяліла мяне, і толькі перад дзвярамі Эмінай кватэры я ўспомніў, што ўжо даволі позна і што, мусіць, гэта нядобра так знянацку парушаць сумленна заслужаны пенсіянерскі спакой ды яшчэ падымаць з пасцелі тую пару, асабліва калі яны, можа, якраз памірыліся цяпер і не наракаюць адно на аднаго, хіба, можа, на лёс ці на бога. Пазваніўшы, я ўслухоўваўся ў цішыню за дзвярамі і ўзрадаваўся, калі ў калідоры неўзабаве нехта гучна зашлэпаў: дзверы нечакана адчыніліся, мне ў твар ударыла святло, і я міжвольна адступіў убок. На парозе стаяла нейкая высокая, як падалося мне, жанчына – можа, такою рабілі яе доўгі, з таліяй ледзь не пад пахамі, халат і маленькая галава, абкручаная нанач хусткай , з-пад якой неяк бездапаможна наіўна вытыркваліся вялавата-ружовыя, прыплюснутыя вушы. Жанчына войкнула і захінула халат на грудзях і, перагінаючыся, дробна патэпала ў заліты святлом калідор, неяк прама, нягнутка стаўляючы ногі, учапілася за ручку дзвярэй, што вялі, мусіць, у залу, і, ужо супакоеная, востра глядзела на мяне. Мне было смешна, я моўчкі ступіў за парог: у жанчыны цяпер быў той непрыемна пэўны, аголены выраз твару, калі чалавеку ўсё роўна, што думаюць пра яго.

– Эма дома? – як мага абыякава спытаў я, і жанчына раптам, нібы спахапіўшыся, павяла плячом і моўчкі схавалася за дзвярамі. Бог ведае што хацела яна гэтым сказаць: мусіць, зноў у яе сышоў муж, і яна паказвала, што наогул не хоча мець справу з нашым братам.

Добра, што якраз выйшла Эма, і мне спадабалася, што яна не здзівілася, убачыўшы мяне, заўсміхалася і неяк трошкі манерна падала руку.

– Ах, Жэнік, – сказала яна, – які ты смешны! Ты сёння не выпіў, не?

– И вот за подвиги награда, – знарок журботна сказаў я.– Чаго ты не радуешся? Чаму глыбакадумна не кажаш: лепш позна, чым ніколі? Навошта расчароўваеш мяне?

– Я цябе не бачыла цэлую вечнасць...

Яна ўсміхалася, трошкі ленавата ўсміхалася, як заўсёды, і жмурыла вочы, схіляючы набок галаву, і, дальбог жа, неяк закахана глядзела на мяне, і мне было гэта прыемна. Толькі нейкая перамена была ў ёй, але якая, я не мог адразу вызначыць.

– Заходзь,– сказала яна і расчыніла дзверы, і я прытрымаў іх рукой, другой узяў яе за плечы і асцярожна падштурхнуў у пакой... Яна стаяла пасярод пакоя, усміхалася, жмурачы вочы, і ўсё глядзела на мяне: мне нават стала няёмка. Я сапраўды даўнавата быў у яе і, мусіць, адвык ад яе, ад яе звычкі ўсміхацца і трошкі пераболылваць у манерах – я цяпер успамінаў гэта, і чамусьці ўпершыню падумалася, што яе звычка ўсміхацца – мусіць, ад блізарукасці. Дзіўна, раней гэта ніколі не прыходзіла мне ў галаву, ды і акуляраў у яе ніколі не бачыў.

– Ты сёння ў плацці, – сказаў я.

– Ты смешны, дальбог, смешны... Хаця...

Відаць, яна здагадалася, чаму я так сказаў. Яна не любіла плаццяў і ніколі не насіла іх. Акрамя як, здаецца, на першым курсе. Цёмнае плацце з карункавым каўнерыкам, з высокімі плечыкамі. I яшчэ шырокі пояс з блішчастай фігурнаю спражкай. Тады гэта было модна. Ці, можа, наадварот, тады яе не цікавілі моды. Высокія плечы ёй не пасавалі. У яе і без таго былі высакаватыя, вузкія плечы, і трошкі даўгаваты стан, і вузкаватыя клубы, і стройныя маленькія ногі.

– Сядай, – сказала яна і сама села на канапу. – Сядай, калі хочаш, да стала... Я так стамілася сёння...

Я маўчаў. Яна зрабілася нейкай другой, непрыемна і нават нецікава ленаватай. Вочы не смяяліся больш, яна жмурыла іх, але яны не смяяліся, і, можа, ад таго ў яе моршчыўся лоб. Я сеў у крэсла, пазыркаў вачмі па стале, шукаючы попельніцу, – яе не было. Эма бачыла, што я шукаю попельніцу, але маўчала. Я падсунуў да сябе нейкую пустую накрыўку ад памады і закурыў.

– Дай і мне, – папрасіла Эма. Я кінуў ёй цыгарэту і карабок: яна смешна лавіла іх, саставіўшы локаць у локаць рукі перад грудзьмі. – Я была сёння на возеры. Вядома, пасля работы. Людзей – процьма. I нейкія артысты выступалі проста на пляжы. Па-мойму, гэта смешна. Уяўляеш?

– Уяўляю. Ты была адна?

– ...такі банальны ваш брат. Нідзе не схавацца. I лічаць сваім абавязкам не даваць сумаваць. Божа, але як гэта робіцца!..

– Ну навошта так? Тое-сёе мы ведаем і пра вас...

– Дальбог, хоць вазьмі і напішы кішэнны дапаможнік па знаёмству з жанчынай на вуліцы, у тралейбусе, на пляжы... Жах!

– Зрабі гэта лепш у сябе на радыё... Аўдыторыя і Ўсё такое. I слава... Ты ж, здаецца, яшчэ не перастала марыць пра персанальныя перадачы...

– Не смейся... Чаму ты не паступаеш у аспірантуру? Ну, не захацеў тады, але цяпер?

– Ведаеш, давай лепш не будзем...

Што я мог ёй адказаць? Тады, пасля інстытута, мяне сапраўды пакідалі ў аспірантуры. Але я выпрасіў свабодны дыплом. I кніжная навука, і замежныя раманы агорклі мне. Я адчуў, што нічога не ведаю ў жыцці. Гэта было балюча. Я баяўся і стараніўся людзей. Я не ведаў, як сябе паводзіць між іх. Я быў нехлямяжы, сарамлівы і гарачліва, затоена хварэў на самалюбства. I я выпрасіў сабе свабодны дыплом. Мне хацелася простага, звычайнага жыцця, хацелася згубіцца сярод людзей, і я ўладкаваўся на працу ў камунгас. Тое, што ў мяне быў дыплом, я ўтаіў. Адукацыю запісаў: дзесяць класаў. Прапіска ў мяне была сталая: тады яшчэ ў студэнтаў была сталая прапіска. Я высаджваў на вуліцах дрэвы, фарбаваў дахі, а зімою разграбаў снег – хацеў быць толькі рабочым, і больш нічым. У мяне не было сям’і, і мне падабалася такую-сякую капейку ад такой-сякой левай работкі пускаць на круг. Мне хацелася ва ўсім быць мужчынам: я не адмаўляўся ад гарэлкі пасля віна і, наадварот, ад віна пасля гарэлкі, і выпіваў запар па два вялікія куфлі піва – раней мяне кідала ў дрыжыкі пры адной думцы аб ім. Калі-нікалі я хадзіў у бібліятэку: было прыемна гартаць часопісы, не спяшаючыся чытаць што-небудзь, – мінімум духоўнага спажытку, неабходны і прыемны, як папяроса пасля абеду. I яшчэ мяне пачалі цікавіць жанчыны. Не ведаю, ці быў у мяне талент да гэтага. Я проста адкрываў для сябе маленькія ісціны: можа, яны даліся мне лёгка, але ўсё ж я ведаю, што не такія і простыя яны. Пасля мне надакучыла ўсё гэта – і выпіўкі, і спатканні, ці, можа, я нават збаяўся за сябе – і перамяніў работу. I стаў былым студэнтам, былым донжуанам, былым рабочым. З пасведчаннем малодшага навуковага супрацоўніка аднаго не вельмі тлумнага музеума.

Аспірантура... Што аспірантура? Я, можа, і не забыўся пра яе. Але з нейкага часу мне вельмі складанымі пачалі здавацца некаторыя ісціны, і я забыўся ўжо, як трэба дысертабельна афармляць іх. Мне цяпер хацелася б да ўсяго дайсці самому, але я не ўпэўнены, ці хопіць у мяне цярплівасці, сілы волі, нарэшце, каб зрабіць гэта. Я нічога не ведаю пакуль, нічога не ведаю...

– Глупства гэта ўсё, – кажу я Эме. – Я зноў хачу жыць. Проста жыць. («Можа, сказаць пра Ларысу? ») Як тады, пасля інстытута.

– У тваім узросце людзі жывуць ужо дзеля сям’і.

– Ты хочаш сказаць, што мне трэба жаніцца?

– Хаця б...

– Тады ты, можа, скажаш і з кім? Якая ў яе кватэра, хто цесць і які характар у цешчы?

Я злаваўся. Мне надакучылі ўжо гэтыя размовы пра жаніцьбу. Калі табе трыццаць год і ты не зрабіў да гэтага часу тое, што зрабілі іншыя, кожны лічыць сваім абавязкам апекаваць над табой, паблажліва жартаваць і наогул шкадаваць цябе. Але навошта, каб яшчэ і Эма? I каб гэта сапраўды цікавіла яе, але ж я ведаў, што яна не можа думаць, быццам жаніцьба – найлепшы выхад для мяне. I што гэта нібыта важна. З халасцяка можна пакпіць, можна паблажліва паляпаць яго па плячы; з жанчынай, калі ёй трыццаць год, пра замужжа не гавораць. I гэта, па-мойму, яшчэ горш. А можа, Эма, гаворачы пра мяне, гаворыць пра сябе?

– Ты вось казала пра возера. Ты была там з ім?

Я знарок спытаў так, бо чамусьці раптам падумаў, што ён, той малады рабочы хлопец, здаецца, спартсмен, пра якога нехта гаварыў мне і якога Эма нібыта брала з сабой нават у кампаніі з так званымі інтэлектуальнымі выпіўкамі, – на іх ён моўчкі сядзеў пры ёй, загадкавы і спакойна насцярожаны, як целаахоўнік, – можа, ён і ёсць тое галоўнае для яе, чаго я не ведаю і не магу зразумець. I, можа, ён для яе, як для мяне Ларыса?

– Ты позна надумаў пра яго спытаць, – сказала Эма.

– Па-мойму, мы даўно дамовіліся не дакучаць адно аднаму такімі пытаннямі.

– Але ж ты спытаў...

– Ты захацела мяне ажаніць.

– Калі так, то ён для мяне не існуе.

– I не існаваў? Раней – таксама?

– Я цяпер бачу, – сказала яна ціха, – што гэта была банальная гісторыя. Проста... ён у турме...

– Ён заступіўся за цябе, набіў некаму морду і... – Я адчуваў, што гэта не так, але ж мне трэба было сказаць нешта.

– Не, самыя банальныя махінацыі з аўтамабілямі. Капеечны бізнес. Страхавалі старыя машыны, абдзіралі іх, завозілі кузаў у лес і званілі ў міліцыю. Даставалі ці кралі запчасткі. I яшчэ там нешта... Банальна... Ён адтуль нават не напісаў мне.

– Глупства ўсё гэта. Па-мойму, не варта і перажываць... Ведаеш, чаго я ішоў да цябе? Мне захацелася нагаварыць. Успомніць студэнцкія гады. Чамусьці мне падалося, што гэта важна. Помніш наш першы камсамольскі сход? Мы былі ў калгасе на бульбе. А потым абіралі ў садзе яблыкі. I нехта з хлопцаў набраў сетку тых яблыкаў і прынёс дамоў на кватэру. Гэта было чэпэ.

– Чакай, чакай, хто ж гэта?

Здаецца, мне ўдалося зацікавіць яе. Яна ўстала з канапы, каб патушыць цыгарэту, нервова скамячыла яе ў маёй накрыўцы ад памады, села зноў на канапу, падкурчыўшы ногі і неяк здзіўлена гледзячы на мяне.

– Хіба ты забылася? Колька-масквіч. Хоць ніякі ён быў не масквіч. Мы даведаліся пасля. Аднекуль з Падмаскоўя. Памятаеш, тады, на бульбе, ён у капе саломы яшчэ чытаў Ясеніна, і гэта таксама не падабалася нам. Валодзя Дзямешка, дзетдомавец, той, што пасля інстытута падбіў хлопцаў паехаць на Далёкі Усход,– на сходзе здорава за гэта адсцябаў яго. I Васька Столін. Ведаеш, што дзіўна. Тое, што Васька быў год на дзесяць ці болей старэй ад нас, былы партызан, а думаў і адчуваў так, як мы.

– Васька быў харошы хлопец. Таварыскі, бескарыслівы. Ён недзе цяпер на раёне. Мне нехта казаў.

– Ага, на раёне. Я ж летась бачыў яго. Быў там у камандзіроўцы. Няўдала неяк усё склалася ў яго. Жаніўся адразу ж пасля інстытута. Ты ведаеш, у яго ўжо чацвёра дзяцей. I ўсё дзяўчаткі. Жонка ў школе. I сам ён спачатку выкладаў. А пасля заеўся з дырэктарам. Не ведаю за што. Наогул, у яго нейкая манія справядлівасці. Ён стаў накшталт раённага донкіхота. Усё нешта выкрывае, усё з кім-небудзь ваюе. Са школы пайшоў і ўладкаваўся ў канторы «Саюздруку». Тады, як я быў там, рабілі ў яго рамонт. Другі ўжо месяц. Ты ўяўляеш, гэта ў раёне. Ён са сваім табарам абеды варыць на дварэ. Нават палатку нейкую паставіў. Я кажу: што ты робіш, дзівак? Не ведаеш, як трэба дагаворвацца з людзьмі? Прынцыпова, кажа, не буду і не хачу. Няхай хоць да зімы робяць рамонт. А тады я іх выведу на чыстую ваду. Ты ўяўляеш, ён у іх там за дзівака. А я і яго разумею, і тых раённых людзей. I зло непрываблівае, і дабро, калі яго аж занадта, можа апрыкраць больш, чым зло. Чаму гэта так бывае? Шкада мне стала Ваську. Прапіў я з ім са злосці ўсе камандзіровачныя і хутчэй паехаў адтуль.

– А я не ўяўляю, як ён там жыве, у раёне. Адвыкла я. Дома, у вёсцы, не магу пражыць больш за два дні. Гэта дрэнна, скажы.

– Не ведаю. Гэта, можа, таму, што ты жанчына... Слухай, я ўсё думаю пра тое, якія мы былі тады. Ідэалізм, рамантызм, наіўнасць... Ружовыя акуляры... Смешна, вядома. Але мне чамусьці таго часу шкада. Пасля нас перавярнулася ўсё. Мы былі, здаецца, прадапошнім курсам, які проста перасеў са школьнай парты за інстытуцкі стол. Мы скончылі інстытут, а на нашы месцы прыйшлі другія, з вытворчасці – порскія, грубаватыя, самаўпэўненыя,– на чорта ім быў наш ідэалізм? Ды мы і самі не ведалі, што рабіць з ім. Прэч, прэч ранейшае, нам трэба было паверыць у сябе. Ты мне цяпер не скажаш, што гэта так проста і лёгка. I я не скажу. Ёсць такое паняцце – пераломны ўзрост. Мне здаецца, ён зацягнуўся ў нас. У мяне, у цябе, можа. Не ведаю яшчэ ў каго. Аспірантура тут не выратуе. Мне трэба зноў паверыць у ідэалізм. Не ў той, ранейшы, а можа, у другі нейкі, які не замінаў бы жыццю і жыццё якому не замінала б таксама. Зноў наіўна?.. Чаму ты маўчыш?

– Не ведаю, можа, ты кажаш і праўду. Я таксама... думала неяк так... пра сябе... Я толькі не ўмела ці не адважвалася абагульняць... Ты ўмееш думаць. Я ведаю. Ты заўсёды быў такі.

Яна гаварыла паволі, блытаючыся ў словах, але я адчуваў, што ўнутрана яна спяшалася, нібы старалася як найхутчэй адбыць непрыемную чаргу, і, можа, ад гэтай сваёй разгубленасці сказала камплімент, няўдалы і недарэчны камплімент, думаў я, – хіба я гаварыў дзеля гэтага? Я змоўк і адчужана, нібы ўпершыню, паглядзеў на яе. I мне цяпер стала зразумела тая перамена, сэнс якой адразу не выснаваўся для мяне: яна памажнела, але нейкай той знябытлівай, сіратлівай памажнеласцю, што кладзе на чалавека адбітак не зразумелай нават яму самому трывогі і разгубленасці. I яшчэ гэтае плацце – пляжнага крою паласатае плацце з расклёшаным нізам, з каўнерыкам на манер як у жакеціку. Плацце было трохі зашырокае і неяк па-няўклюднаму апрошчвала, зблажала яе. Мяне брала шкадаванне. Навошта я прыйшоў сёння да яе? Адкуль мне было ведаць, што нешта перамянілася, надламілася ў ёй, што не мне ад яе, а ёй ад мяне па-сапраўднаму трэба было б чакаць палёгкі? А што сказаў я ёй? Кінуўся ў нейкія чуллівыя разважанні – каму ад гэтага лепш? Ёй не трэба гэтага. Яна жанчына, яна прывыкла і адчуваць, і думаць канкрэтна. Сёння я не памочнік ёй. Сёння я вельмі сабой заняты. Мне трэба яшчэ прыйсці да яе. Урэшце, гэта добра, што я сёння прыйшоў. Я падумаю. Мне трэба прыйсці яшчэ.

– Я пайду, – сказаў я. – Прабач, што зайшоў так позна.

Я ўстаў з-за стала. Яна, не зварухнуўшыся, сядзела на канапе – я падышоў да яе. Узяў за плечы і па-стараўся ўсміхнуцца.

– Уставай, – сказаў я. – На тваім месцы я перамяніў бы кватэру. Час ад часу гэта трэба рабіць. Мы не ўяўляем нават, як многа значыць для чалавека новае месца. Павер мне.

Я падняў яе з канапы за плечы і асцярожна паставіў перад сабой. Яна не баранілася, не супраціўлялася, пакорліва стаяла, апусціўшы рукі. Я гладзіў яе валасы. Мне не трэба было рабіць гэта, і праз хвіліну я жартаўліва адштурхнуў яе ад сябе.

– Пайду.

На душы ў мяне было горка.

– Чакай, – схамянулася Эма. – Я забыла табе прапанаваць... Ну хаця б кавы. Хочаш? I яшчэ недзе ў мяне ёсць каньяк.

– Не, лепш я пайду. Позна. Лепш другім разам калі.

Шчыра кажучы, я адчуваў, што сёння мне не зашкодзіла б выпіць. Але, бадай што, не тут і не з Эмай. Мне цяпер найлепш падышла б мужчынская кампанія. Толькі вось рэстараны, мусіць, закрываюцца ўжо, і каб цяпер трапіць туды, трэба яшчэ падумаць, як спадабацца швейцару. Не, на сённяшні вечар выпіўка выключаецца. Мне трэба яшчэ ўсё вырашыць з Ларысай. Адна ідэя мільганулася ў мяне ў галаве. Але перш я павінен быў зноў знайсці таксі.

– Я пайду. Не праводзь, – сказаў я Эме. – Зайду пасля.

Яна ўсё ж праводзіла мяне ў калідор да дзвярэй. Я таропка збег уніз па лесвіцы, у пад’ездзе ледзь не збіўшы з ног нейкую закаханую парачку, і апынуўся на вуліцы. Я спыніўся. Вуліца тут была глухаватая, і нельга было разлічваць на тое, каб спыніць таксі. Я ўспомніў, што непадалёк адсюль трамвайная лінія і калі дайсці да яе, блізка будзе перакрыжаванне з кафэ на рагу вуліцы – і недзе там, пастаяўшы, можна чаго-небудзь прычакаць. I нават тое-сёе ўспомніць, бавячы час. Там, у кафэ, некалі пазнаёміўся я з афіцыянткай, з якой ледзь не закруціў быў раман. Але ў той афіцыянткі былі халодныя, незразумела халодныя рукі; праз увесь першы вечар, калі мы пайшлі з ёю ў кіно, я не змог адагрэць іх. I я збег ад яе, а пасля і блізка баяўся падыходзіць да таго кафэ. Мне было і прыкра, і нядобра, і сорамна. Прыкры ўспамін. Я чамусьці шкадаваў цяпер тую афіцыянтку, вельмі востра шкадаваў, нібы абышоўся з ёю так нядобра толькі ўчора. Хваля нейкай незразумелай шкадоблівасці найшла на мяне. Я ўспомніў раптам пра таго хлапчука, Лёню, што званіў сёння мне, і зноў пашкадаваў, што не дазволіў яму яшчэ раз пазваніць мне. А можа, ён званіў? Можа, не прыходзіла доўга тая Лілька і ён не лажыўся спаць?.. Нічога, нічога, надта не перажывай, стары, усё будзе добра – заўтра ён пазвоніць табе. Ва ўсіх будзе добра, – паглядзіш. Вернецца Лілька, прыдумае што-небудзь для сябе Эма – ты паможаш ёй. Толькі трэба давесці ўсё да канца з Ларысай. Паставіць кропку, і ўсё. Не трэба ні міражоў, ні ілюзій, ні юных німфаў, – не трэба ганяцца за хімерамі. Трэба ўзяць сябе ў рукі.

На вуліцы з трамвайнай лініяй сталі пападацца таксі, але ні адно з іх не ўзяло мяне. Гарэў зялёны агеньчык спераду машыны, але таксі не спынялася, і я злаваў, пакуль не здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. I я тады стаў выбягаць наперад кожнай легкавой машыне, і адна спынілася – гэта было якраз таксі, у якім на заднім сядзенні, забіўшыся ў куток, насцярожана туліўся нехта сухарлявы і маленькі ў цёмным простым плашчы. Я сеў побач з таксістам, і мы паехалі, і не паспелі мінуць, можа, якіх два кварталы, як той, на заднім сядзенні, папрасіў спыніцца і хуценька сунуў у далонь таксісту плату, якую, мусіць, даўно ўжо адлічыў. Таксіст, не глянуўшы, апусціў яе ў кішэню, праверыў за насцярожаным пасажырам дзверцу – ці добра зачыніў, і мы зноў паехалі. Таксіст дастаў пачак папярос і намагаўся закурыць, але ў яго гэта дрэнна выходзіла, і ён сказаў:

– Наступі!

Я патрымаў у руках пачак, і ён дастаў папяросу, прыкурыў ад маёй запалкі і заклапочана пачухаў стрыжаную патыліцу. Ён быў маладзей за мяне, лабасты, бязбровы, з вузкім унізе тварам, якому надавалі нейкую хлапечую няўклюднасць адтапыраная верхняя губа і кароткі падбародак?

– Ехаць куды?

– Чыгуначная, сем, насупраць аптэкі.

– Ага, ведаю той дом. Жывеш?

– Не, даўно не бачыў. Хачу паглядзець.

– Ну, ну...

Ён, мусіць, падумаў, што я жартаваў. Але я не казаў больш нічога, і ён змоўк, і так мы маўчалі, аж пакуль не прыехалі пад той дом, і я папрасіў яго спыніцца якраз насупраць балкона.

– Так, – сказаў я. – Цяпер трэба пасігналіць. Раз, два, тры... Як гучней.

Дзверы на балкон былі расчынены: люстра ззяла пад столлю, чулася музыка, але, мусіць, не з гэтага, што з балконам, пакоя, а з бакавога. Каб танцавалі, не было чуваць.

– Мы павінны тут некага ўзяць?

– Не. Пасігналь, друг, прашу. Нічога страшнага – тут не праспект.

Ён пачаў сігналіць: трэба сказаць, стараўся ён добра. I вось на балконе паявіўся жаўтароцік, а за ім другі, з круглатварай дзяўчынай, – яна ўсё чаплялася за хлопцаву руку. Я прачыніў дзверцу і пачаў наглядаць.

– Воўка, – сказаў другому першы, – машыну калі-небудзь бачыў? Глядзі! Во гэта і ёсць машына.

– Што, што? – знарок грозна пасунуўся той на яго, прыціснуў грудзьмі да балкона і, крэкчучы, стаў нагінаць яму галаву. Дзяўчына аж заходзілася ад прытворнага смеху і вісла ў свайго хлопца на плячы. Але ім скора надакучыла гэта, і, перагнуўшыся цераз балкон, яны сталі цікаваць за намі.

– Эй, таксіст, – крыкнуў той, што выйшаў з дзяўчынай, – горад Рыо-дэ-Жанейра прыгожы – скажы?

– Які ён таксіст! Ён вадзіцель калгаснай кабылы.

– Хлопчыкі, я зараз скокну з балкона. Хто за мной?

– Пасігналь яшчэ, – папрасіў я таксіста.

– Дурнота, – сказаў ён. – Розуму на капейку, а прыкідваюцца на рубель.

Пакуль ён сігналіў, яны гарлапанілі там, на балконе, а потым адразу сціхлі, як толькі мы перасталі сігналіць. Таксіст выйшаў з машыны і пачаў нечага прыглядацца да дзверцы, адчыняў яе і зноў зачыняў.

– Што там такое? – спытаў я.

– Прыватнік адзін, разява, пацалаваў. На павароце. У стаяк дзверцы гваздануў. Каб не туды – прашыла б наскрозь... Адкручваўся, не хацеў чырвонец на рамонт даваць. Ды міліцыі збаяўся, каб не наскочыла...

– А ў самога што?

– Фару паплюшчыла трохі. Ярунда! Нават лямпачку не пабіў. Паедзем, ці што?

– Зараз паедзем.

Няхай бы гэтыя, што на балконе, хутчэй ужо ішлі. Урэшце, не падслухоўваць жа, не вывіжоўваць прыехаў я сюды. Там, у Эмы, калі мільганулася думка пра таксі, спакусліва памроілася мне развітанне. Банальнае развітанне, як у старым рамане, хіба толькі з умоўна пралітай слязой. Прапылены пілігрым стаіць ля чужога парога. I ніхто не пазнае яго. Нават яна. I ніхто не ведае, што тут разбіта ягонае сэрца... Шкада... Рамантыка разладжвалася; якая там рамантыка, калі во гэтыя вісяць на балконе, падбіваючы на зусім не сентыментальныя пачуцці. I яна не выходзіць на балкон.

– Ларыса! Ларыса! – крыкнуў раптам нехта на балконе, і ў мяне ёкнула сэрца. – Ідзі сюды!

– Не крычы, – сказала дзяўчына. – Яны там са Светкай мыюць на кухні посуд... Пайшоў бы памог.

– Мярсі! Я згодзен, але толькі з табой...

– Паедзем? – зноў спытаў таксіст.

– Паедзем? А хто сказаў, не паедзем? Мы ўжо едзем, – сказаў я. Рамантыка разладжвалася. «Яны там са Светкай мыюць на кухні посуд». Рамантыка канчаткова разладжвалася... Ну што ж, няхай будзе горш для яе.

– Газуй! – сказаў я, і мы паехалі.

– Смаркачы, – загаварыў таксіст. – Яны сапсавалі табе ўсё. Хто і хацеў пачуць сігнал, падумаў, што прыехалі да гэтых... Што ў іх, выпіўка там?

– Відаць.

– У мяне ў гэтым доме знаёмы быў. Жыў тут. Пасля развёўся з жонкай, нават кватэру пакінуў ёй. Але ў нядзелю, як падап’е, заўсёды прыязджаў сварыцца. На таксі яго сюды вазіў.

– У мяне другое,– сказаў я.– Доўга расказваць. Калі-небудзь другі раз.

Як толькі паехалі, мне раптам абыякавае стала ўсё: Ларыса, тыя яе жаўтароцікі, няўдалае развітанне,– мне проста хацелася дамоў. Справа зроблена, і ўсё. Даволі. Хопіць на гэты дзень. Ларыса... Што Ларыса? Ніхто мне не паможа, калі не памагу сабе сам... Мне проста хацелася дамоў. Але мне не шанцавала, вельмі не шанцавала, як на злосць: мінут на пятнаццаць нас затрымаў чыгуначны пераезд, а потым мы не змаглі завярнуць у адну вуліцу – там быў перакапаны брук, і нам давялося рабіць круг і ехаць на вакзал, дзе, нягледзячы на позні час, была яшчэ чарга на таксі і стаялі на доўгай пустой плошчы, выстраіўшыся ў рад, палівачныя машыны. Мы выкіравалі адтуль на праспект, пустынны і нейкі асабліва шырокі цяпер, скупа прывіднены жаўтлява-зялёным святлом, і ехалі амаль сярэдзінай асфальтавага палатна, абганяючы нячастыя ўжо аўтобусы і тралейбусы. А потым завярнулі ў маю вуліцу, хоць мне можна было выйсці і на праспекце, – я разлічыўся з таксістам і пайшоў, не чакаючы, пакуль ён развернецца, каб ехаць назад.

I зноў быў ліфт, была непрыемная расслабленасць ва ўсім целе – і потым зноў я сядзеў на кухні і перачытваў Міліну тэлеграму, але цяпер яна чамусьці не кранала мяне і нават не хацелася думаць, навошта паслала яе Міла. Ну паслала, ну і што? I падпісала яшчэ Станіслава Бацькавіча, а я вось сяджу ў іхняй кватэры,– ну і што далей? I, наогул, навошта я тут? Хто я пры іх: друг дома, бедны сваяк, кватарант-нахлебнік ці проста кватарант? Мне заўсёды было прыемна думаць, што я тут, як свой. Міла, пэўна, і хацела, каб так было, але што думае пра гэта Станіслаў Бацькавіч і што ён наогул павінен думаць пра мяне,– чаму гэта заўсёды было мне ўсё роўна? Ах, як гэта дасціпна: раіць Эме перамяніць кватэру і не бачыць, што самому, можа, даўно пара ўжо з’ехаць адсюль.

Я згроб са стала тэлеграму, скамячыў яе і кінуў у вядро для смецця. У роце ў мяне было пагана, горка, і я надумаў, што сёння больш не трэба курыць, а лепш хутчэй бы легчы спаць, – вось хіба не зашкодзіла б перад тым залезці ў ванну. I я, не спяшаючыся, напусціў у ванну вады... Я ляжаў, заплюшчыўшы вочы, слухаючы, як аднастайна, напорна б’е з-пад крана шумлівы струмень, і цела маё паступова прывыкала да гарачыні, і я не хацеў ні пра што думаць, акрамя хіба таго, што мне прыемна. Шумела вада, ішоў час, і ўсё тое, што яшчэ нядаўна здавалася значным, турботлівым ці балючым, адступіла некуды і ўжо не мела ўлады нада мной, і калі я праз колькі часу вылез з ванны і, седзячы за сталом, піў гарачы, крута завараны чай, было адчуванне, нібы я другі раз нарадзіўся на свет. Затуманіліся, запацелі ад пары, нібы заінелі, на кухні вокны, і мне здавалася, што на дварэ зіма, што я не ў горадзе, а недзе ў вёсцы: прыйшоў з лазні па рыплівай ад марозу, мутнавата-іскрыстай сцежцы, бо яшчэ шыза, малінава гарыць над лесам халоднае неба, – кінуў у сенцах мяккі, распараны, вострапахучы венік, адчыніў дзверы ў хату, дзе ярка ўскідваецца на камінку агонь і кіпіць на трынозе чыгунок з вадой, куды ўжо маці кінула вехцік сухога малінніку... I вось я сяджу за сталом і п’ю чай, і блакітна адсвечвае замерзлае акно, і гуляюць па хаце пудлівыя, вясёлыя цені... Хораша!

Але што гэта? Ах, звоніць тэлефон... Тэлефон? «Дык гэта ж, мусіць, Лёня!» – думаю я і, устрывожаны, бягу ў прыхожую, здымаю трубку і адразу кажу:

– Лёня? Што там такое, Лёня? Яшчэ не прыйшла Лілька?

I мне ў адказ цішыня, – нейкая незразумелая цішыня, і я адчуваю, што нешта сказаў не так і што не тое, што я чакаю, мне хочуць сказаць, але я нічога не разумею, і мне пакутліва цяжка. I потым голас, такі знаёмы, трошкі разгублены голас,– як яму цяжка перайначыць сябе:

– «Гэта я, Чырвоная Шапачка, – сказаў Шэры Воўк бабуліным голасам».

– Ларыса? Адкуль ты звоніш, Ларыса? Ты яшчэ не спіш?

– Я ў горадзе... Званю з аўтамата. Што гэта ў цябе там... за Лілька?

– Лілька? Аднаго хлопчыка сястра. Ты ўсё роўна не зразумееш... Я потым раскажу...

Я не чакаў гэтага званка: я быў разгублены і па-дзіцячы, па-дурному рады, – о, хоць бы не паказаць ёй гэтую радасць!

– Я праводзіла гасцей... I цяпер у горадзе. Блізка ля твайго дома... Чаму ты не прыйшоў? Я табе званіла. Дзе ты быў?

– Блукаў па горадзе і аплакваў свае дзевятнаццаць год... Ты цяпер адна? Дзе мы сустрэнемся? Я зараз прыйду цябе праводзіць...

– Бедны мой, – сказала яна, – табе, можа, было сумна? Хочаш, я прыйду пад твой дом? Я скора... Тут блізка. А потым ты правядзеш мяне дамоў. Згода?

Яна павесіла трубку.

Я раптам адчуў прыемную, да абмарачэння, да кружэння ў галаве, слабасць. Можа, гэта таму, што нядаўна з ванны. Цела маё было лёгкае, як пушынка. I яшчэ я адчуваў свой твар. Я адчуваў, што ён сумны. Я радаваўся, а твар быў сумны, ён нібы застыў. Тады я ўключыў у прыхожай святло, падышоў да люстра і глянуў на сябе. З туманнага шкла мяне адчужана і сур’ёзна вывучалі нерухома сухія, нязвыкла светлыя вочы, і свіціўся бледнаю маскаю твар, схуднелы, з нейкай хваравітай кволасцю ў рысах твар. «Ну што, сумуем? – сказаў я ўголас.– Трэба ўсміхацца. Паспрабуем усміхнуцца – ну давай!..» I я ўсміхнуўся: мне здалося, што затрымцела шкло, у ім тарганулася, калыхнулася бледная маска, а потым кругла, зіхатліва-мякка праступіў твар, і на ім ажылі, заіскрыліся, пацямнеўшы, паглыбеўшы, вочы...

«Вось так, – сказаў я сабе, – вось так, Свет Іванавіч, былы донжуан».

У мяне шырока гохкала сэрца, і я быў па-дзіцячы, па-дурному разгублены і шчаслівы.



1965


Загрузка...