Беларускай моладзі
сваю паэму прысвячаю.
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
І злучана быццё і небыццё, –
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
І выхаду шукаў
Адбітак родных з’яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
І гэты скарб, пазычаны, адбіты,
У сэрцы перажыты.
І росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар,
Дае пясняр.
На галіне
Пры даліне
Ліст на дрэве марна гіне:
Ліст зялёны, ды ўмірае.
Ліпа, матухна старая,
Ой, сыночка свайго скіне!
Ён пахілы,
Ён нямілы,
У сям’і не мае сілы:
Тым нялюбы, што адметны,
І браты з ім непрыветны –
Мусіць, лёс такі пастылы.
Пад каронай –
Парасонам
Ліпы пышнай і зялёнай –
Адзінокі колас жыта
Рос замкнёна і забыта,
Адарваны ад загона.
– Мілы браце!
Ў чужой хаце
Не нажыць табе багацця, –
Ліст сіротцы спагадае: –
І вясенька маладая .
Для цябе – у вечнай страце.
– Так, мне трудна –
Тут нялюдна,
Я тут згіну неабудна,
Ды твой, лісцік, лёс больш цяжкі:
Ты ў сваёй сям’і без ласкі,
Бы не родны, а прыблудны.
– Ото ж хлопец урадзіўся!
І ў каго ж удаўся ён?..
Ну, куды ты ўтарапіўся?..
Лепш бы ты не жыў, Сымон...
Уй, няўклюда, мухамора!..
Грэх адзін з ім, адно гора. –
Не адзін раз чуў папрокі
Ад бацькоў сваіх хлапчук.
А за што, за што нарокі?
З-за чаго той злосны гук?
І завошта б’юць малога
І чапляюцца чаго?
Ну, скажыце: што благога
У тых забаўках яго?
Хіба грэх складаць казанкі
Або песенькі? Чаму?
Але ж гэтыя спяванкі
Так і чуюцца яму:
«Я насыплю горку
Жоўтага пясочку;
Правяду разорку
Беленькім кіёчкам.
Шу-шу-шу! – пясочак
Шурхнуў залаценькі.
Пясок – мой дружочак,
Дробненькі-драбненькі.
На пясочку зайкі
Кідаюць слядочкі...
Ой, якія байкі
Баюць мне пясочкі!»
Хіба ж грэх казаць пра гэта?
Чаго ж сварацца бацькі?
Песняй сэрцайка сагрэта,
Казкай ясняцца дзянькі.
«Мусіць, я, дапраўды, ліха», –
Сам сабе сказаў Сымон
І чагось смяяўся ціха
Ды спяваў, званіў, як звон
Той стары, што са званіцы
Адбіваў таемны зык
Ды каціўся за крыніцы
І дзесь там жалобны нік.
А ён слухае – ні слоўка,
Бы застыне, бы засне,
І сама сабой галоўка
Заварушыцца, кіўне
У тахт нейкім дзіўным спевам,
Што звіняць вакол яго,
І ласкаючым павевам
Песціць, гойдае ўсяго;
Аж захопіць дух блазноце
Нейкі радасны парыў,
І ў самоце-адзіноце
Песні, байкі ён тварыў.
У яго быў свет цікавы,
Свае вобразы, жыццё,
І ў душы яго ўсе з’явы
Сваё мелі адбіццё.
Ён і рэха сваё кліча
І размову вядзе з ім...
Меў яшчэ ён такі звычай –
Гаманіць з сабой самім.
На смех хлопца падымаюць:
– Вось дурубала, даўбня!–
І ў патыліцу штаўхаюць,
Бы не хлопец, а шчаня.
А ён нават не заплача,
Толькі голаву прыгне,
Як яго рука лядача
Неспадзеўна штурхане.
Адбяжыць, бядак, у страсе,
Разважаць пачне тады:-
Можа ён у гэтым часе
Натварыў якой бяды?
Мо зняважыў ён старога?
Мо на ўсіх пайшоў адзін?
І не ведае нічога, –
Ні праступку, ні прычын.
Так, і праўда: непадобны
Быў Сымонка на другіх:
Гэта быў хлапчук асобны.
У яго вачах жывых
Думка нейкая бліскала,
Утаропіцца, глядзіць,
І на губках смех, бывала,
Заблукае, задрыжыць;
Пазірае і ўнікае –
Так аддасца марам ён
Ды знячэўку запытае:
– Чаго, мама, стогне звон? –
О, звон гэты быў цікавы,
Незвычайны звон, стары.
Пра якія ж гэта справы
Ён там бомкае ўгары?
Чаго так у засмучэнні
Будзіць там тыя лясы?
І Сымонка ў захапленні
Ловіць звону галасы,
Бо як толькі звон зазвоніць,
Як завойкае ўвышы, –
Адгукнуцца, загамоняць
Струны ўсе яго душы.
Сэрца ў хлопчыка заб’ецца,
Сам увесь ён задрыжыць,
І сама душа, здаецца,
Услед звону паляціць, –
Так узрушыцца хлапчынка,
І тады, нібы праз сон,
Штось мільгнецца на хвілінку,
Але што – не ўцяміць ён
І не можа даць назовы,
Што чуваць у тых званох,
Бо ўлавіць там сэнсу мовы,
Адгадаць яе не мог,
Але чуў ён, чуў душою,
Сэрцам чуткім і жывым
У тым звоне штось такое,
Што жыло і ў ім самім.
Ды ніхто не знаў тых струнаў,
Патайных ніцей душы,
Што злучаюць гук пярунаў
З немым голасам цішы;
Бо і ў той цішы зацятай
Есць і голас і свой твар,
Разнастойны і багаты,
Поўны музыкі і чар.
Бедны хлопчык быў загнаны,
У бацькоў нялюбы сын,
Бо відочныя заганы
І меў толькі ён адзін.
Не такі, як усе дзеці,
Нейкі вырадак, дзіўны,
Нёс віну за ўсё на свеце,
Вінаваты без віны.
З ім і дзеці не дружылі,
Не прымалі да гульні,
І ў самоце прахадзілі
Веснавыя яго дні.
І любіў ён адзіноту,
Бо так лепей было жыць:
Тут ён мог сабе ў ахвоту
Песні пець і гаманіць.
Вось улетку дык раздольна:
Выйдзе з хаты ў поле, луг;
Цёпла ўсюды і прывольна,
Сонца многа, чысты дух.
На каменьчык сядзе ў збожжы,
Не схіснецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам спеў прыгожы,
Як жытцо загаманіць,
Як зазвоняць, заіграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
І галоўкай заківаюць, -
Засмяюцца васількі.
Спеў у сэрцы адклікаўся,
І так дробненька было,
Што Сымонка сам смяяўся,
Ўсё смяялася, цвіло.
Заміраў тады хлапчынка,
І здавалася яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
І аб чым шуміць ячмень,
І чаго спявае ўголас
Мушка, конік, авадзень,
Што ўгары над срэбрам жыта
Пяе жаваранак той
Так прыгожа-самавіта,
І зачым у высь блакіту
Ідзе ветрык пехатой,
У высь тую, дзе хмурынкі
Над зямлёй плятуць вянкі...
Ці ж не мілыя часінкі?
Ці ж не слаўныя дзянькі?
Замляваў увесь Сымонка,
Як увосень жураўлі
Крык музычны роняць звонка
Над прасторамі зямлі.
Шнур жывы, загнуты крукам,
Ледзь чарнеецца ўгары,
І ўсё стада з -смелым гукам
Журавель вядзе стары;
Плыўка, згодна ходзяць крылы,
Як адно, у тахт адзін –
Пакідаюць край свой мілы,
Родны кут глухіх лядзін.
Шнур знікае, тоне ў багне
Мора сіняга нябёс,
У прастор і хлопчык прагне:
Там другі, напэўна, лёс.
І ён доўга, нерухомы,
Там стаіць і ўсё глядзіць
У край светлы, невядомы,
Дзе знікала тая ніць
Вольных пташак на ўсю зіму...
Ну, прашчайце да вясны!..
Поле, неба прад вачыма,
І ўжо крыкі не чутны.
Так і жыў ён, гадаваўся,
Бы пры сцежцы той гарох:
Сам з сабою забаўляўся,
Бегаў, бавіўся ў палёх
І размовы вёў з жытамі
І складаў ён песні дню,
З матылькамі, бы з братамі,
Час дзяліў свой і гульню.
Несупыннай хваляй плыні
За парою йшла пара,
І прабіла час хлапчыне
Гнаць у поле са двара.
Ён праслухаў навучанку,
Як быць добрым пастухом,
Справіў пугу-павіванку,
Вузлы вывязаў гурком
І пагнаў авечкі ў поле
На папары і на ролі.
Ён цяпер глядзеў болыл стала:
Ён – асоба, пастушок,
Нават права меў на сала
І на цёплы кажушок.
Добра ў полі: волі многа
І прастору-шырыні,
Вабяць далі там малога,
Як прынадныя агні.
Што ёсць там, за тым, унь, гаем,
Дзе зляглі нябёс вянцы?
Новы край і край за краем
І краі ва ўсе канцы!
І снуецца думка тая,
Каб пашырыць свой прастор;
Думка ўсюды залятае:
За сяло, за хвалі гор
І на хмаркі кіне вока,
Што, як гусанькі, плылі,
Запытае, як далёка
Тое сонца ад зямлі.
Як глыбок той прастор немы,
І ці мерыў яго хто?
І адкажа па-сваему:
Вёрст напэўна будзе сто!
І яшчэ было чым міла
Тое поле хлапчуку,
Гэта тым, што дзед Курыла
Там яго трымаў руку.
Гэты дзед – пастух гуртовы,
Слаўны дзед, дзядок – душа,
Гаваркі, мастак на словы,
І любіў ён малыша!
Не смяяўся дзед з Сымонкі,
Не ўсчуваў яго ні-ні,
Частаваў з свае скарбонкі,
Бавіў цэлыя з ім дні.
Забяруцца ў цень пад грушу
І гаворку распачнуць.
Тут Сымонка сваю душу
Мог прад дзедам разгарнуць,
Запытаць пра сёе-тое
Дзедку добрага свайго,
Бо Сымон не меў спакою –
Ўсё цікавіла яго.
– Дзедка, чуеш: во – спявае!
Ці ж не чуеш, дзедка? вунь!
– Гэта здань твая такая:
Адхрысціся, хлопча, плюнь!
– Як то здань? А ты паслухай! –
Дзед схіляе галаву,
Шапкай круглай, аблавухай
Чуць не ўлазячы ў траву.
– Не, не чую! – Ото дзедка!
Мусіць, ты зусім аглух:
То ж спявае з кветкай кветка! –
Вочы вырачыць пастух,
На Сымонку пазірае:
– Ой, хітрэц! ото лайдак:
Чаго ён ні выдумляе!
Бач, знайшоў якіх спявак!
– Хіба ж краскі не спяваюць?
– А які ўжо іх там спеў?
Краскі голасу не маюць:
Пройдзе ветрыку павеў,
Закалышуцца – не ўчуеш...
Кінь ты, хлопча, мары сніць!
– Ат, дзядуня, ты жартуеш,
Каб малога падражніць!
– Ой, дзіўны ты, – дзед гаворыць
І пакруціць галавой,
А Сымон сваё гуторыць,
Гледзячы ўдаль прад сабой.
– Дзед, зірні: куды-та хмаркі
Унь ідуць, ідуць, як дым?
Там так добра, вольна, ярка,
А яны ідуць. Ці ім
Надта горача ад сонца?
Ці іх гоніць хто адтуль?
Ці ім блага там бясконца?
І скажы, дзядок, адкуль
Хмаркі гэтыя выходзяць?
– Эх, дзівак ты! – кажа дзед. –
Што за мыслі ў цябе бродзяць?
Так утворан гэты свет:
Грэе сонца, ходзяць хмары,
Носяць снег і дождж і гром,
Ночкай вынікнуць стажары[1],
І бяздонныя амшары
Зоркі выецелюць руном
Ды на поўдзень ад паўночы
Шлях праложаць без прысад,
А куды, куды ён крочыць,
Хто адкажа табе, брат?
Вее вецер і сціхае,
Як увойдзе ў берагі;
Па зіме вясна ўбірае
Твар зямлі, лясы, лугі;
І прачнецца ўсё дазвання,
Жыццё ўзбудзіцца ў зямлі,
І без нашага пытання
Колас вырасце ў раллі. –
Хлопчык слова не прароніць,
Дзеду ў вочы ён глядзіць
І галоўку чуць прыклоніць,
Не варушыцца, маўчыць.
– Не, дзядок! не тое, дзедку!
А ты вось скажы: чаму
Вецер песні пяе ўлетку,
Плача ж жаласна ўзіму?
– Схамяніся, бог з табою!
Унь ужо аб чым спытаў! –
І круціў дзед галавою,
І плячыма паціскаў.
– Вось дык хлопец! скуль узяўся?
Не, сапраўды ты дзіўны:
Ці разумным ты прыўдаўся,
Ці з уроды ўжо дурны?
Не: з цябе, відаць, штось выйдзе...
Кінь ты гэтую думу –
Усё будзе ў сваім відзе,
Сам пазнаеш, што й чаму.
Вось каб ты вучыўся змаля,
Кніжку ў рукі б даць табе! –
Дзед і хлопчык замаўкалі,
Кожны думаў па сабе.
Раз Сымонку давялося
Чуць, як граюць дудары,
І яму тады здалося,
Што да гэтае пары
Ён дзіцятка быў дурное,
Што не жыў ён, а блукаў,
Што цяпер пазнаў ён тое,
Чаго шчыра так шукаў.
Слухаў хлопчык тое гранне,
Пад сабой не чуў зямлі,
Бо ў тых зыках чаравання
Спевы ўласныя плылі,
Струны сэрца ў ім дрыжалі,
Як дрыжыць блісканне зор
У надземнай цёмнай далі,
І музыкам падпявалі
І ляцелі на прастор
У салодкім заміранні
Ясным зоркам на спатканне.
Дудары ўсё перайгралі,
Дальш у свет яны пайшлі,
А ў душы яшчэ спявалі
Зыкі дзіўныя, плылі,
Разрасталіся й далёка
Душу вабілі сабой
І няслі яе высока
Над гаротнаю зямлёй.
Зыкі душу напаўнялі,
І, куды б ён ні пайшоў,
Над ім гралі і спявалі
Дуды, песні дудароў.
Разоў пяць губляў авечкі,
Шкоды ў полі нарабіў,
Здрасаваў шнуроў тры грэчкі,
Вератнік[2] аўса прыбіў!
І за тое ж дасталося
Ад суседзяў, ад бацькоў.
Многа выцерпець прыйшлося
Папіханак, кулакоў!
Толькі ж хлопчык не чуў болю,
І не тым занят быў ён:
Зыкі смутку, песні волі
Чуў хлапчук з усіх старон.
І цяпер, як непрытомны,
Стаў на гонях і стаіць,
Як выгнаннік, як бяздомны,
Што не мае дзе схіліць
Галаву сваю сірочу,
І надзей у ім няма.
Сам хлапчук не знаў, што хоча,
Дзе, аб чым яго дума.
Ён не ведаў, што з ім стала –
Сэрца поўніў нейкі спеў,
Думка дзесь не тут блукала,
Дух як бы кудысь зляцеў.
– Эй, Сымон... Заснуў, ці што ты?
– А, то ты... Ах, мой дзядок!..
– Дзе ж авечкі... Ой, блазнота...
Ну, й дадуць табе, браток! –
Тут Сымон ахамянуўся,
Бегчы кінуўся кулём.
– Стой! куды ты?.. Не ачнуўся!
Унь авечкі, за аўсом! –
«Збілі хлопца зусім з тропу,
Як ён рух яшчэ схаваў?
Б’юць, як цэпам тым па снопу!» –
Дзед з сабою разважаў.
– Ну, што думаў, брат Сымоне?
– Ах, дзядуня, любы мой!
Дудары тут шлі сягоння...
Як жа гралі! а-ё-ёй!
– Дудары? – стары спытаўся:–
Гм!.. дык унь што... пачакай!
Ты, відаць, не просты ўдаўся,
Дам табе я нешта... грай!
Вось, пакуль што, мой бядача,
Дудку дам табе я ў дар:
Ты – музыка, брат, няйнача,
Будзеш некалі дудар. –
Расхінуў тут дзед халат
Ды з кішэні-бакавушку
Выняў дудку-весялушку
І зайграў на гэты лад:
«Свінні ў рэпе,
Свінні ў рэпе,
Парасяты ў грэчцы,
А музыка
Без языка
Каля печы трэцца!..»
І яшчэ дзед разоў пару
Спрытна пальцамі прабег.
У Сымонкі ў вочках, твару
Бегаў ціхі-ціхі смех.
Ен, працягшы сваю ручку,
Вочак з дзеда не спускаў.
– На, Сымоне, маеш штучку!
Грай здаровы! – дзед сказаў.
Як бы дар які там з неба,
Дудку тую ўзяў Сымон.
– Намачыць яе, брат, трэба:
Галаснейшы будзе тон.
Непрыхільны, як сіротка,
Не прыласканы нікім,
Ведаў хлопчык, як салодка
Жыць вось так, сабой самім.
На Сымонку даўно ў хаце
Ўсе махнулі ўжо рукой.
Не радзіцца б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой
У куточках, дзе спрадвеку
Беднасць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У знявазе чорнай, здзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы моцныя, рука,
Дзе рот лішні на прымеце,
І так топчацца сям’ёй, –
Лепш бы там не жыць на свеце
Дзеткам з чуткаю душой!
І Сымонка чуў і бачыў,
Як крыўляліся дзядзькі,
Ведаў, што ў сям’і ён значыў;
Нават родныя бацькі
Папракалі сына хлебам
Пры абедзе за сталом.
Ён – завала, ён – нязгрэба,
Ён радзіўся гультаём!
Горка стане бедачыне,
Не прыхіліцца нідзе,
Тады толькі жаль астыне,
Як пажаліцца дудзе.
На прыволлі, сеўшы ў полі,
Смутна стане хлопчык граць;
Льюцца, таюць зыкі болю,
Аж калоцяцца, дрыжаць
Ды заплачуць, затрасуцца,
Капнуць дробнымі слязьмі,
То ўгару яны памкнуцца,
То зноў нікнуць па зямлі
І жалобна заміраюць
Немай жальбаю глушы,
То зноў ціха зачыняюць
Гоман сэрца і душы.
– Ось, глядзіце, здольна грае,
Як дудар той запраўскі!
Так, галубкі, выцінае,
Што рве сэрца на кускі. –
Смутак жнеек тых апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выяўляць, –
Так жа грае ён прыгожа,
Серп застыне ў іх руках
І павісне жменька збожжа
На разогнутых плячах.
Але дудка замірае,
Як бы той дзявочы ўздых,
І паволі заціхае
У прасторах дзесь пустых.
Граў Сымонка, а дзед слухаў
І ківаў у тахт яму,
Як бы ён з вялікай скрухай
Думаў нейкую думу.
– Добра граеш, хвацка граеш! –
Дзед, ачнуўшыся, казаў: –
І вялікі талент маеш!..
Я, брат, зразу адгадаў,
Што музыкам ты радзіўся...
Малайчына ты, Сымон!
Адно б толькі не пабіўся
І ты сам, як той твой звон. –
Здрыгануўся хлопчык злёгку,
К дзеду ціснецца бачком,
Такі шчупленькі ён, крохкі,
Вочкі ж бліскаюць агнём.
І хлапчынка не стрымаўся:
– Не, дзед, будзеш рагатаць...
Я даўно, дзядок, збіраўся
Дзеду нештачка сказаць,
Ды ніяк не прыбяруся,
Не асмелюся ніяк –
Смеху дзедава баюся!
– Эх, Сымон! ото дзівак!
Праўда: молада-зялёна!..
Ах, каб ты здаровы рос! –
Да сябе ўзяў дзед Сымона,
За плячук яго патрос.
– Ну, расказвай! кажы смела,
Мой музыка малады:
Што ў цябе там зноў наспела?
Можа песня для дуды?
– Вось што ўперад я спытаю:
Дзед! Ці чуе зямля боль,
Як па ёй саха крывая
Робіць боразны і роль?
Як зямельку конік топча,
Ці баліць ёй? ці чутно?
– Мудра ты пытаеш, хлопча, –
Проста слухаць мне дзіўно!
Не, не чуе, бо не жыва:
Хіба можа чуць пясок?
Заўсягды зямля маўкліва:
Як ні бі яе – маўчок! –
Змоўк Сымонка і прыгнуўся,
Цень задумы на ім лёг;
Ён у думках зноў замкнуўся
Ды скуб траўку каля ног.
– Не, дзядок: а мне здаецца,
Што яна такі жыва,
Бо адкуль усё бярэцца:
Краскі, дзерава, трава?
Ўсё з зямелькі, дзедка мілы!
Хто ж іх корміць, дарагі?
Хто дае ім моцы, сілы?
Як, з чаго растуць лугі?
І чаго зямля так сумна
Познай восенню, зімой?
І чаму прыветна, шумна
І так весела вясной?
Бо яна, відаць, штось знае,
Бо яна жыве, дзядок.
Ўсё жыве і душу мае:
Краска, дрэва і жучок...
– Хто ж яго, Сымонка, знае,
І не нам судзіць аб тым:
Гэта справа – патайная,
Не мне розумам дурным
Гэты белы свет тлумачыць,
Бо хто ж я? сляпы мужык!
Мо твой розум далей бачыць,
Мо ты ў праўду глыбей ўнік,
А стары ўжо, бач, дурнее,
Як за семдзесят залез.
– Ты зірні, дзед, унь чарнее, –
Паказаў хлапчук на лес, –
Пара хвоек так прыгожа, –
Ты прыгледзься добра к ім...
Ці не праўда, як не схожа
Адно дзерава з другім?
Тая хвоя, што пры полі,
Бач, стаіць як важны пан,
Разгарнуўшы на прыволлі
Свае лапы, бы каптан;
А другая, небарака,
Пахілілася наніз,
Стан пагнуўся, як кульбака,
І верх жудасна абвіс.
А чаму? У іх дзве долі –
Лёс няроўнага жыцця...
– Ну, Сымон: не чуў ніколі,
Каб тваіх гадкоў дзіця
Ды так мудра разважала,
Толькі ведаеш, браток:
Мне здаецца ўсё, што мала
Пажывеш ты, галубок,
Бо не любяць свет і людзі,
Каб іх тайнасці пазнаць,
Каб заглянуць у іх грудзі
І зняць тайнасці пячаць...
Ну, а што ж ты мне, старому,
Думаў, хлопчыку, сказа…