Якуб Колас Сымон-музыка

Беларускай моладзі

сваю паэму прысвячаю.

Аўтар

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

I злучана быццё і небыццё, —

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

І выхаду шукаў

Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.

I гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты.

І росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар,

Дае пясняр.

Частка першая

I

На галіне

Пры даліне

Ліст на дрэве марна гіне:

Ліст зялёны, ды ўмірае.

Ліпа, матухна старая,

Ой, сыночка свайго скіне!

Ён пахілы,

Ён нямілы,

У сям’і не мае сілы:

Тым нялюбы, што адметны,

І браты з ім непрыветны —

Мусіць, лёс такі пастылы.

Пад каронай —

Парасонам

Ліпы пышнай і зялёнай —

Адзінокі колас жыта

Рос замкнёна і забыта,

Адарваны ад загона.

— Мілы браце!

Ў чужой хаце

Не нажыць табе багацця, —

Ліст сіротцы спагадае: —

І вясенька маладая.

Для цябе — у вечнай страце.

— Так, мне трудна —

Тут нялюдна,

Я тут згіну неабудна,

Ды твой, лісцік, лёс больш цяжкі:

Ты ў сваёй сям’і без ласкі,

Бы не родны, а прыблудны.

— Ото ж хлопец урадзіўся!

І ў каго ж удаўся ён?..

Ну, куды ты ўтарапіўся?..

Лепш бы ты не жыў, Сымон…

Уй, няўклюда, мухамора!..

Грэх адзін з ім, адно гора. —

Не адзін раз чуў папрокі

Ад бацькоў сваіх хлапчук.

А за што, за што нарокі?

З-за чаго той злосны гук?

І завошта б’юць малога

І чапляюцца чаго?

Ну, скажыце: што благога

У тых забаўках яго?

Хіба грэх складаць казанкі

Або песенькі? Чаму?

Але ж гэтыя спяванкі

Так і чуюцца яму:

«Я насыплю горку

Жоўтага пясочку;

Правяду разорку

Беленькім кіёчкам.

Шу-шу-шу! — пясочак

Шурхнуў залаценькі.

Пясок — мой дружочак,

Дробненькі-драбненькі.

На пясочку зайкі

Кідаюць слядочкі…

Ой, якія байкі

Баюць мне пясочкі!»

Хіба ж грэх казаць пра гэта?

Чаго ж сварацца бацькі?

Песняй сэрцайка сагрэта,

Казкай ясняцца дзянькі.

«Мусіць, я, дапраўды, ліха», —

Сам сабе сказаў Сымон

І чагось смяяўся ціха

Ды спяваў, званіў, як звон

Той стары, што са званіцы

Адбіваў таемны зык

Ды каціўся за крыніцы

І дзесь там жалобны нік.

А ён слухае — ні слоўка,

Бы застыне, бы засне,

І сама сабой галоўка

Заварушыцца, кіўне

У тахт нейкім дзіўным спевам,

Што звіняць вакол яго,

І ласкаючым павевам

Песціць, гойдае ўсяго;

Аж захопіць дух блазноце

Нейкі радасны парыў,

І ў самоце-адзіноце

Песні, байкі ён тварыў.

У яго быў свет цікавы,

Свае вобразы, жыццё,

І ў душы яго ўсе з’явы

Сваё мелі адбіццё.

Ён і рэха сваё кліча

І размову вядзе з ім…

Меў яшчэ ён такі звычай —

Гаманіць з сабой самім.

На смех хлопца падымаюць:

— Вось дурубала, даўбня!—

І ў патыліцу штаўхаюць,

Бы не хлопец, а шчаня.

А ён нават не заплача,

Толькі голаву прыгне,

Як яго рука лядача

Неспадзеўна штурхане.

Адбяжыць, бядак, у страсе,

Разважаць пачне тады: —

Можа ён у гэтым часе

Натварыў якой бяды?

Мо зняважыў ён старога?

Мо на ўсіх пайшоў адзін?

І не ведае нічога, —

Ні праступку, ні прычын.

Так, і праўда: непадобны

Быў Сымонка на другіх:

Гэта быў хлапчук асобны.

У яго вачах жывых

Думка нейкая бліскала,

Утаропіцца, глядзіць,

І на губках смех, бывала,

Заблукае, задрыжыць;

Пазірае і ўнікае —

Так аддасца марам ён

Ды знячэўку запытае:

— Чаго, мама, стогне звон? —

О, звон гэты быў цікавы,

Незвычайны звон, стары.

Пра якія ж гэта справы

Ён там бомкае ўгары?

Чаго так у засмучэнні

Будзіць там тыя лясы?

І Сымонка ў захапленні

Ловіць звону галасы,

Бо як толькі звон зазвоніць,

Як завойкае ўвышы, —

Адгукнуцца, загамоняць

Струны ўсе яго душы.

Сэрца ў хлопчыка заб’ецца,

Сам увесь ён задрыжыць,

І сама душа, здаецца,

Услед звону паляціць, —

Так узрушыцца хлапчынка,

І тады, нібы праз сон,

Штось мільгнецца на хвілінку,

Але што — не ўцяміць ён

І не можа даць назовы,

Што чуваць у тых званох,

Бо ўлавіць там сэнсу мовы,

Адгадаць яе не мог,

Але чуў ён, чуў душою,

Сэрцам чуткім і жывым

У тым звоне штось такое,

Што жыло і ў ім самім.

Ды ніхто не знаў тых струнаў,

Патайных ніцей душы,

Што злучаюць гук пярунаў

З немым голасам цішы;

Бо і ў той цішы зацятай

Есць і голас і свой твар,

Разнастойны і багаты,

Поўны музыкі і чар.

Бедны хлопчык быў загнаны,

У бацькоў нялюбы сын,

Бо відочныя заганы

І меў толькі ён адзін.

Не такі, як усе дзеці,

Нейкі вырадак, дзіўны,

Нёс віну за ўсё на свеце,

Вінаваты без віны.

З ім і дзеці не дружылі,

Не прымалі да гульні,

І ў самоце прахадзілі

Веснавыя яго дні.

І любіў ён адзіноту,

Бо так лепей было жыць:

Тут ён мог сабе ў ахвоту

Песні пець і гаманіць.

Вось улетку дык раздольна:

Выйдзе з хаты ў поле, луг;

Цёпла ўсюды і прывольна,

Сонца многа, чысты дух.

На каменьчык сядзе ў збожжы,

Не схіснецца і маўчыць,

Ловіць сэрцам спеў прыгожы,

Як жытцо загаманіць,

Як зазвоняць, заіграюць

Мушкі, конікі, жучкі,

І галоўкай заківаюць, —

Засмяюцца васількі.

Спеў у сэрцы адклікаўся,

І так дробненька было,

Што Сымонка сам смяяўся,

Ўсё смяялася, цвіло.

Заміраў тады хлапчынка,

І здавалася яму,

Што ён знае, як травінка

Сваю думае думу,

Што гаворыць жытні колас,

І аб чым шуміць ячмень,

І чаго спявае ўголас

Мушка, конік, авадзень,

Што ўгары над срэбрам жыта

Пяе жаваранак той

Так прыгожа-самавіта,

І зачым у высь блакіту

Ідзе ветрык пехатой,

У высь тую, дзе хмурынкі

Над зямлёй плятуць вянкі…

Ці ж не мілыя часінкі?

Ці ж не слаўныя дзянькі?

Замляваў увесь Сымонка,

Як увосень жураўлі

Крык музычны роняць звонка

Над прасторамі зямлі.

Шнур жывы, загнуты крукам,

Ледзь чарнеецца ўгары,

І ўсё стада з — смелым гукам

Журавель вядзе стары;

Плыўка, згодна ходзяць крылы,

Як адно, у тахт адзін —

Пакідаюць край свой мілы,

Родны кут глухіх лядзін.

Шнур знікае, тоне ў багне

Мора сіняга нябёс,

У прастор і хлопчык прагне:

Там другі, напэўна, лёс.

І ён доўга, нерухомы,

Там стаіць і ўсё глядзіць

У край светлы, невядомы,

Дзе знікала тая ніць

Вольных пташак на ўсю зіму…

Ну, прашчайце да вясны!..

Поле, неба прад вачыма,

I ўжо крыкі не чутны.

Так і жыў ён, гадаваўся,

Бы пры сцежцы той гарох:

Сам з сабою забаўляўся,

Бегаў, бавіўся ў палёх

I размовы вёў з жытамі

I складаў ён песні дню,

З матылькамі, бы з братамі,

Час дзяліў свой і гульню.

II

Несупыннай хваляй плыні

За парою йшла пара,

I прабіла час хлапчыне

Гнаць у поле са двара.

Ён праслухаў навучанку,

Як быць добрым пастухом,

Справіў пугу-павіванку,

Вузлы вывязаў гурком

I пагнаў авечкі ў поле

На папары і на ролі.

Ён цяпер глядзеў болыл стала:

Ён — асоба, пастушок,

Нават права меў на сала

I на цёплы кажушок.

Добра ў полі: волі многа

I прастору-шырыні,

Вабяць далі там малога,

Як прынадныя агні.

Што ёсць там, за тым, унь, гаем,

Дзе зляглі нябёс вянцы?

Новы край і край за краем

I краі ва ўсе канцы!

I снуецца думка тая,

Каб пашырыць свой прастор;

Думка ўсюды залятае:

За сяло, за хвалі гор

I на хмаркі кіне вока,

Што, як гусанькі, плылі,

Запытае, як далёка

Тое сонца ад зямлі.

Як глыбок той прастор немы,

I ці мерыў яго хто?

I адкажа па-сваему:

Вёрст напэўна будзе сто!

I яшчэ было чым міла

Тое поле хлапчуку,

Гэта тым, што дзед Курыла

Там яго трымаў руку.

Гэты дзед — пастух гуртовы,

Слаўны дзед, дзядок — душа,

Гаваркі, мастак на словы,

I любіў ён малыша!

Не смяяўся дзед з Сымонкі,

Не ўсчуваў яго ні-ні,

Частаваў з свае скарбонкі,

Бавіў цэлыя з ім дні.

Забяруцца ў цень пад грушу

I гаворку распачнуць.

Тут Сымонка сваю душу

Мог прад дзедам разгарнуць,

Запытаць пра сёе-тое

Дзедку добрага свайго,

Бо Сымон не меў спакою —

Ўсё цікавіла яго.

— Дзедка, чуеш: во — спявае!

Ці ж не чуеш, дзедка? вунь!

— Гэта здань твая такая:

Адхрысціся, хлопча, плюнь!

— Як то здань? А ты паслухай! —

Дзед схіляе галаву,

Шапкай круглай, аблавухай

Чуць не ўлазячы ў траву.

— Не, не чую! — Ото дзедка!

Мусіць, ты зусім аглух:

То ж спявае з кветкай кветка! —

Вочы вырачыць пастух,

На Сымонку пазірае:

— Ой, хітрэц! ото лайдак:

Чаго ён ні выдумляе!

Бач, знайшоў якіх спявак!

— Хіба ж краскі не спяваюць?

— А які ўжо іх там спеў?

Краскі голасу не маюць:

Пройдзе ветрыку павеў,

Закалышуцца — не ўчуеш…

Кінь ты, хлопча, мары сніць!

— Ат, дзядуня, ты жартуеш,

Каб малога падражніць!

— Ой, дзіўны ты, — дзед гаворыць

I пакруціць галавой,

А Сымон сваё гуторыць,

Гледзячы ўдаль прад сабой.

— Дзед, зірні: куды-та хмаркі

Унь ідуць, ідуць, як дым?

Там так добра, вольна, ярка,

А яны ідуць. Ці ім

Надта горача ад сонца?

Ці іх гоніць хто адтуль?

Ці ім блага там бясконца?

I скажы, дзядок, адкуль

Хмаркі гэтыя выходзяць?

— Эх, дзівак ты! — кажа дзед. —

Што за мыслі ў цябе бродзяць?

Так утворан гэты свет:

Грэе сонца, ходзяць хмары,

Носяць снег і дождж і гром,

Ночкай вынікнуць стажары[1],

I бяздонныя амшары

Зоркі выецелюць руном

Ды на поўдзень ад паўночы

Шлях праложаць без прысад,

А куды, куды ён крочыць,

Хто адкажа табе, брат?

Вее вецер і сціхае,

Як увойдзе ў берагі;

Па зіме вясна ўбірае

Твар зямлі, лясы, лугі;

I прачнецца ўсё дазвання,

Жыццё ўзбудзіцца ў зямлі,

I без нашага пытання

Колас вырасце ў раллі. —

Хлопчык слова не прароніць,

Дзеду ў вочы ён глядзіць

I галоўку чуць прыклоніць,

Не варушыцца, маўчыць.

— Не, дзядок! не тое, дзедку!

А ты вось скажы: чаму

Вецер песні пяе ўлетку,

Плача ж жаласна ўзіму?

— Схамяніся, бог з табою!

Унь ужо аб чым спытаў! —

I круціў дзед галавою,

I плячыма паціскаў.

— Вось дык хлопец! скуль узяўся?

Не, сапраўды ты дзіўны:

Ці разумным ты прыўдаўся,

Ці з уроды ўжо дурны?

Не: з цябе, відаць, штось выйдзе…

Кінь ты гэтую думу —

Усё будзе ў сваім відзе,

Сам пазнаеш, што й чаму.

Вось каб ты вучыўся змаля,

Кніжку ў рукі б даць табе! —

Дзед і хлопчык замаўкалі,

Кожны думаў па сабе.

Раз Сымонку давялося

Чуць, як граюць дудары,

I яму тады здалося,

Што да гэтае пары

Ён дзіцятка быў дурное,

Што не жыў ён, а блукаў,

Што цяпер пазнаў ён тое,

Чаго шчыра так шукаў.

Слухаў хлопчык тое гранне,

Пад сабой не чуў зямлі,

Бо ў тых зыках чаравання

Спевы ўласныя плылі,

Струны сэрца ў ім дрыжалі,

Як дрыжыць блісканне зор

У надземнай цёмнай далі,

I музыкам падпявалі

I ляцелі на прастор

У салодкім заміранні

Ясным зоркам на спатканне.

Дудары ўсё перайгралі,

Дальш у свет яны пайшлі,

А ў душы яшчэ спявалі

Зыкі дзіўныя, плылі,

Разрасталіся й далёка

Душу вабілі сабой

I няслі яе высока

Над гаротнаю зямлёй.

Зыкі душу напаўнялі,

I, куды б ён ні пайшоў,

Над ім гралі і спявалі

Дуды, песні дудароў.

Разоў пяць губляў авечкі,

Шкоды ў полі нарабіў,

Здрасаваў шнуроў тры грэчкі,

Вератнік[2] аўса прыбіў!

I за тое ж дасталося

Ад суседзяў, ад бацькоў.

Многа выцерпець прыйшлося

Папіханак, кулакоў!

Толькі ж хлопчык не чуў болю,

I не тым занят быў ён:

Зыкі смутку, песні волі

Чуў хлапчук з усіх старон.

I цяпер, як непрытомны,

Стаў на гонях і стаіць,

Як выгнаннік, як бяздомны,

Што не мае дзе схіліць

Галаву сваю сірочу,

I надзей у ім няма.

Сам хлапчук не знаў, што хоча,

Дзе, аб чым яго дума.

Ён не ведаў, што з ім стала —

Сэрца поўніў нейкі спеў,

Думка дзесь не тут блукала,

Дух як бы кудысь зляцеў.

— Эй, Сымон… Заснуў, ці што ты?

— А, то ты… Ах, мой дзядок!..

— Дзе ж авечкі… Ой, блазнота…

Ну, й дадуць табе, браток! —

Тут Сымон ахамянуўся,

Бегчы кінуўся кулём.

— Стой! куды ты?.. Не ачнуўся!

Унь авечкі, за аўсом! —

«Збілі хлопца зусім з тропу,

Як ён рух яшчэ схаваў?

Б’юць, як цэпам тым па снопу!» —

Дзед з сабою разважаў.

— Ну, што думаў, брат Сымоне?

— Ах, дзядуня, любы мой!

Дудары тут шлі сягоння…

Як жа гралі! а-ё-ёй!

— Дудары? — стары спытаўся —

Гм!.. дык унь што… пачакай!

Ты, відаць, не просты ўдаўся,

Дам табе я нешта… грай!

Вось, пакуль што, мой бядача,

Дудку дам табе я ў дар:

Ты — музыка, брат, няйнача,

Будзеш некалі дудар. —

Расхінуў тут дзед халат

Ды з кішэні-бакавушку

Выняў дудку-весялушку

I зайграў на гэты лад:

«Свінні ў рэпе,

Свінні ў рэпе,

Парасяты ў грэчцы,

А музыка

Без языка

Каля печы трэцца!..»

I яшчэ дзед разоў пару

Спрытна пальцамі прабег.

У Сымонкі ў вочках, твару

Бегаў ціхі-ціхі смех.

Ен, працягшы сваю ручку,

Вочак з дзеда не спускаў.

— На, Сымоне, маеш штучку!

Грай здаровы! — дзед сказаў.

Як бы дар які там з неба,

Дудку тую ўзяў Сымон.

— Намачыць яе, брат, трэба:

Галаснейшы будзе тон.

III

Непрыхільны, як сіротка,

Не прыласканы нікім,

Ведаў хлопчык, як салодка

Жыць вось так, сабой самім.

На Сымонку даўно ў хаце

Ўсе махнулі ўжо рукой.

Не радзіцца б лепш дзіцяці

З такой чуткаю душой

У куточках, дзе спрадвеку

Беднасць лютая гняце.

Цяжка жыць у цемнаце,

У знявазе чорнай, здзеку,

Дзе адбітак свой з-за хлеба

Накладае талака,

Дзе так пільна праца трэба,

Плечы моцныя, рука,

Дзе рот лішні на прымеце,

I так топчацца сям’ёй, —

Лепш бы там не жыць на свеце

Дзеткам з чуткаю душой!

I Сымонка чуў і бачыў,

Як крыўляліся дзядзькі,

Ведаў, што ў сям’і ён значыў;

Нават родныя бацькі

Папракалі сына хлебам

Пры абедзе за сталом.

Ён — завала, ён — нязгрэба,

Ён радзіўся гультаём!

Горка стане бедачыне,

Не прыхіліцца нідзе,

Тады толькі жаль астыне,

Як пажаліцца дудзе.

На прыволлі, сеўшы ў полі,

Смутна стане хлопчык граць;

Льюцца, таюць зыкі болю,

Аж калоцяцца, дрыжаць

Ды заплачуць, затрасуцца,

Капнуць дробнымі слязьмі,

То ўгару яны памкнуцца,

То зноў нікнуць па зямлі

I жалобна заміраюць

Немай жальбаю глушы,

То зноў ціха зачыняюць

Гоман сэрца і душы.

— Ось, глядзіце, здольна грае,

Як дудар той запраўскі!

Так, галубкі, выцінае,

Што рве сэрца на кускі. —

Смутак жнеек тых апране,

Разагнуцца і стаяць,

Як Сымон на дудцы стане

Жальбу сэрца выяўляць, —

Так жа грае ён прыгожа,

Серп застыне ў іх руках

I павісне жменька збожжа

На разогнутых плячах.

Але дудка замірае,

Як бы той дзявочы ўздых,

I паволі заціхае

У прасторах дзесь пустых.

Граў Сымонка, а дзед слухаў

I ківаў у тахт яму,

Як бы ён з вялікай скрухай

Думаў нейкую думу.

— Добра граеш, хвацка граеш! —

Дзед, ачнуўшыся, казаў: —

I вялікі талент маеш!..

Я, брат, зразу адгадаў,

Што музыкам ты радзіўся…

Малайчына ты, Сымон!

Адно б толькі не пабіўся

I ты сам, як той твой звон. —

Здрыгануўся хлопчык злёгку,

К дзеду ціснецца бачком,

Такі шчупленькі ён, крохкі,

Вочкі ж бліскаюць агнём.

I хлапчынка не стрымаўся:

— Не, дзед, будзеш рагатаць…

Я даўно, дзядок, збіраўся

Дзеду нештачка сказаць,

Ды ніяк не прыбяруся,

Не асмелюся ніяк —

Смеху дзедава баюся!

— Эх, Сымон! ото дзівак!

Праўда: молада-зялёна!..

Ах, каб ты здаровы рос! —

Да сябе ўзяў дзед Сымона,

За плячук яго патрос.

— Ну, расказвай! кажы смела,

Мой музыка малады:

Што ў цябе там зноў наспела?

Можа песня для дуды?

— Вось што ўперад я спытаю:

Дзед! Ці чуе зямля боль,

Як па ёй саха крывая

Робіць боразны і роль?

Як зямельку конік топча,

Ці баліць ёй? ці чутно?

— Мудра ты пытаеш, хлопча, —

Проста слухаць мне дзіўно!

Не, не чуе, бо не жыва:

Хіба можа чуць пясок?

Заўсягды зямля маўкліва:

Як ні бі яе — маўчок! —

Змоўк Сымонка і прыгнуўся,

Цень задумы на ім лёг;

Ён у думках зноў замкнуўся

Ды скуб траўку каля ног.

— Не, дзядок: а мне здаецца,

Што яна такі жыва,

Бо адкуль усё бярэцца:

Краскі, дзерава, трава?

Ўсё з зямелькі, дзедка мілы!

Хто ж іх корміць, дарагі?

Хто дае ім моцы, сілы?

Як, з чаго растуць лугі?

I чаго зямля так сумна

Познай восенню, зімой?

I чаму прыветна, шумна

I так весела вясной?

Бо яна, відаць, штось знае,

Бо яна жыве, дзядок.

Ўсё жыве і душу мае:

Краска, дрэва і жучок…

— Хто ж яго, Сымонка, знае,

I не нам судзіць аб тым:

Гэта справа — патайная,

Не мне розумам дурным

Гэты белы свет тлумачыць,

Бо хто ж я? сляпы мужык!

Мо твой розум далей бачыць,

Мо ты ў праўду глыбей ўнік,

А стары ўжо, бач, дурнее,

Як за семдзесят залез.

— Ты зірні, дзед, унь чарнее, —

Паказаў хлапчук на лес, —

Пара хвоек так прыгожа, —

Ты прыгледзься добра к ім…

Ці не праўда, як не схожа

Адно дзерава з другім?

Тая хвоя, што пры полі,

Бач, стаіць як важны пан,

Разгарнуўшы на прыволлі

Свае лапы, бы каптан;

А другая, небарака,

Пахілілася наніз,

Стан пагнуўся, як кульбака,

I верх жудасна абвіс.

А чаму? У іх дзве долі —

Лёс няроўнага жыцця…

— Ну, Сымон: не чуў ніколі,

Каб тваіх гадкоў дзіця

Ды так мудра разважала,

Толькі ведаеш, браток:

Мне здаецца ўсё, што мала

Пажывеш ты, галубок,

Бо не любяць свет і людзі,

Каб іх тайнасці пазнаць,

Каб заглянуць у іх грудзі

I зняць тайнасці пячаць…

Ну, а што ж ты м…

Загрузка...