Празвінеў апошні ў гэтым годзе школьны званок. Ён быў больш працяглы і ўрачысты за звычайны, бо абвяшчаў аб надыходзе летніх канікулаў. Усе вучні, здавалася, з вялікім нецярпеннем чакалі гэтага званка. А вось калі ён празвінеў, разыходзіцца не спяшаліся.
Наадварот, высветлілася, што ўзнікла столькі неадкладных пытанняў, вырашыць якія можна было толькі сумесна, толькі ўсім разам. Дзеці разбіліся па групках і горача пачалі абмяркоўваць, як лепей і з найбольшай карысцю правесці летні адпачынак.
— Толік, а што мы цяпер будзем рабіць? — звярнулася да высокага, тонкага хлопчыка з шэрымі шустрымі вачыма Ніна Бурэйка, самая прыгожая дзяўчынка 7 «А» класа.
— А ты ў якім гуртку?
— Краязнаўчым…
— Увага! — крыкнуў Толік. — Усіх членаў краязнаўчага гуртка прашу застацца. Трэба абмеркаваць план нашага летняга падарожжа.
— А што там абмяркоўваць? — загаварыў прыземісты, шыракаплечы хлопчык Жэнька Караваеў. Ён увесь час трымаўся каля Толіка і быццам ахоўваў яго ад націску аднакласнікаў.— Сёлета нам трэба паехаць куды-небудзь далёка, напрыклад, у Белавежскую пушчу, або пабываць у Мінску, паглядзець, як аднаўляецца горад, наведаць Музей Айчыннай вайны…
— Перш чым ехаць так далёка, трэба пазнаёміцца з усім цікавым, што ёсць у сваім раёне, — запярэчыла Ніна Бурэйка.
— А што ж ты зробіш, калі наш раён зусім не цікавы. Руін старажытных будынкаў няма, курганоў таксама. Не ведаю, з чым ты будзеш знаёміцца, — настойваў на сваім Жэнька.
— Ну, ты ўжо занадта прыбядняеш наш раён, — накінуліся на Жэньку другія хлопчыкі і дзяўчынкі.— А аб тым, як робіцца вапна з крэйды, табе не цікава было б даведацца? А паход у Шэрвінскі лес, партызанскія зямлянкі…
— Дык я ж і кажу! Пра ўсё цікавае, што ёсць у нашым раёне, мы ўжо ведаем, а цяпер трэба пашырыць маштаб нашых паходаў.
— Жэнька праўду кажа! — падтрымалі некаторыя вучні Караваева. — Свой раён мы ўжо добра ведаем…
— Цішэй, хлопцы, — падняў руку Толік. — Маршрут паходу — пытанне важнае. Трэба абмеркаваць яго з усіх бакоў. Ёсць дзве думкі. Першая…
— Н-ніякіх дзвюх думак быць не можа! — пачуўся раптам з-за плячэй Толіка звонкі голас.
Усе павярнуліся. Перад імі стаяў Васілёк Крыловіч. Ён аднекуль прыбег і ўвесь абліваўся потам, а яго і без таго ружовыя шчокі яшчэ больш пачырванелі.
— Хто за табой гнаўся, што ты не можаш аддыхацца? — звярнуўся да яго Толік.
— Ніхто не гнаўся… Мяне падганяла незвычайная… навіна…
— Што яшчэ за навіна? — нецярпліва спытаў Жэнька. — Расказвай хутчэй.
— Пачакай, няхай крыху перадыхне, — запярэчыў Толік.
Толік заўсёды быў спакойны, разважлівы. Ён ніколі не гарачыўся, перш чым што сказаць, абдумваў, і за гэта яго вельмі паважалі ўсе вучні. А некаторыя, як, напрыклад, Жэнька Караваеў і Васілёк, проста былі ў захапленні ад яго і дапамагалі яму ва ўсім. Толік быў рэдактарам класнай насценнай газеты, а Жэнька і Васілёк — карэспандэнтамі. І трэба сказаць, што газета 7 «А» класа лічылася найлепшай у школе. Пачытаць і паглядзець, як яна аформлена, прыходзілі вучні і з старэйшых класаў. Адначасова Толік быў старшынёй краязнаўчага гуртка.
— Я знайшоў,— гаварыў ужо крыху спакайней Васілёк, — нейкія таямнічыя літары…
— Якія літары, дзе? — захваляваўся нецярплівы Жэнька.
— На будоўлі электрастанцыі… Маці паслала мяне набраць трэсак, там пачалі ўжо часаць бярвенні. Я пабег, набраў паўнюткі мех і хацеў ужо ісці дахаты. А потым мне захацелася ўзлезці на штабель бярвенняў і паглядзець з вышыні на нашу вёску.
— Хопіць, хопіць, — перапыніў яго Жэнька. — Занадта вялікі ўступ. Гавары аб справе.
— Ну дык вось, — працягваў Васілёк, — я залез на самы верх і раптам убачыў на адным бервяне нейкія таямнічыя літары.
— Якія літары?
— Я… я… яшчэ добра не ведаю…
— Дык чаму ж яны таямнічыя?
— Мне так здаецца.
— Васілёк заўсёды і ва ўсім бачыць незвычайнае і таямнічае, — абыякава махнуў рукой Жэнька. — Давайце лепш абмяркоўваць маршрут падарожжа.
— Не, ты пачакай, — перапыніў Жэньку Толік, — трэба ўсё дакладна высветліць.
— Вядома, трэба, вядома… — загаманілі і другія хлопцы і дзяўчаты.
— А ты скажы, дзе гэтыя літары знаходзяцца: бліжэй да камля ці да верхавіны? — спытаў Васілька Толік.
— А можа, іх дрывасекі выразалі? Якія-небудзь умоўныя знакі? — выказаў сваю думку Жэнька.
— Ды не! Яны зусім невысока, каля самага спіленага месца, і такія даўнія, што іх цяпер і разабраць цяжка, — даводзіў сваё Васілёк. — Таму я і лічу іх таямнічымі.
— Ну, добра, — сказаў Толік, — давайце сходзім, паглядзім.
— Ат, толькі час дарэмна патрацім, — недаверліва прабурчэў Жэнька. — Нехта нажом чырыкнуў па кары, а ён — таямнічыя літары…
Аднак, падпарадкоўваючыся большасці, пайшоў за сябрамі і Жэнька.
Вёска Ляхаўцы, дзе адбывалася гэтая падзея, у час вайны была амаль дашчэнту знішчана фашыстамі. Цяпер вёска адбудавалася і стала прыгажэйшай, чым была раней. Калгаснікі з зямлянак перасяліліся ў новыя дамы. Для дзяцей пабудавалі новую, двухпавярховую школу. У цэнтры сяла вырас прасторны клуб, побач з ім — будынкі сельскага Савета і ўрачэбнага ўчастка.
А вясной пачалося будаўніцтва калгаснай электрастанцыі. Сюды і прыбеглі школьнікі.
— Таямнічыя літары вось тут, наверсе, — паказаў Васілёк на самы высокі штабель бярвенняў.
— Ат, таямнічыя, таямнічыя, — насмешліва махнуў рукой Жэнька, — гаварыў бы проста: «нейкія літары».
— Але ж тут і сапраўды нешта напісана… — пачуўся зверху голас Толіка. Ён ужо сядзеў на верхнім бервяне штабеля і ўважліва разглядаў пацямнелыя ад часу літары…
Да Толіка на бярвенне пачалі адразу ж узбірацца ўсе хлопчыкі. Дзяўчынкі стаялі ўнізе і патрабавалі, каб ім абавязкова аб усім дакладвалі.
— Вось гэта не то «Г», не то «Т», — паказваў Васілёк, які ўжо сядзеў побач з Толікам.
— Гэта «Т», — выказаў думку Толік, — бо за ім ідзе «у», потым зноў «т», і атрымліваецца «Тут».
— А далей нічога не разбярэш, — уздыхнуў Васілёк.
— Пусці мяне, — папрасіў Жэнька, адхіляючы Васілька.
— Не пушчу… — заўпарціўся Васілёк.
— Гэта чаму?
— Ты ж нават не хацеў сюды ісці.
— А цяпер захацеў! — адказаў Жэнька і, адціснуўшы Васілька, нахіліўся над бервяном. — Вось гэты серпік, напэўна, азначае «С», а крыжык — «X», — здагадаўся ён, прыглядваючыся да літар.
— Разгаданы яшчэ дзве літары «с» і «х», — перадаў дзяўчынкам апошнія навіны Васілёк.
— Далей ідзе літара «А», якая зусім добра захавалася, — паведаміў Жэнька. — А за ёй «В» і зноў «А».
— Вось і атрымліваецца «Тут схавана», — падагуліў Толік.
— Ага, ага, цікава, — заёрзаў на бервяне Васілёк, — а што ж далей?
— Я ўжо разабраў наступнае слова, — радасна абвясціў Жэнька. — Вось паглядзі, Толік: гэта «П», а гэта, мабыць, «Р», хоць яно і не вельмі выразнае, а вось «А» — «пра»… «праца»… Значыць, калі прачытаць усё, атрымаецца: «Тут схавана праца».
— А што могуць азначаць гэтыя словы? — задуменна прагаварыў Васілёк.
— Хто ж яго ведае, — задумаўся і Толік, — тут яшчэ нешта напісана, толькі нельга разабраць, бо якраз гэтае слова трапіла пад распіл.
— Можа, геолагі што-небудзь знайшлі пад гэтым дрэвам і напісалі, каб не забыцца, — выгукнула знізу Ніна.
— Дык яны б проста напісалі: «Тут знойдзена нафта» ці вугаль, соль, а то «праца», — нездаволены такім тлумачэннем, запярэчыў Жэнька. — Можа, гэта чый-небудзь жарт?
— Не, гэта не жарт, — сказаў Толік. — Каб хто жартаваў, дык выразаў бы які-небудзь іншы надпіс, напрыклад: «Тут схаваны скарб» ці яшчэ што, а то — «праца». Шкада, што самае галоўнае слова, якое б нам усё растлумачыла, якраз перапілавана. Вось каб яго прачытаць!..
— Гэта немагчыма! — сумна адказаў Жэнька. — Тут засталіся адны вяршкі ад літар.
— А я думаю, магчыма! — не згадзіўся Васілёк.
— Але як, як? — захваляваўся і Толік.
— Трэба знайсці пень ад гэтага дрэва, вось як!
— Ды як жа ты яго знойдзеш, калі невядома нават, з якой дзялянкі бярвенні.
— Пра гэта даведацца няцяжка. Распытаем у тых, хто іх вазіў.
— Так, добрая ідэя! — згадзіўся Толік з думкай Васілька. — Сапраўды, трэба будзе распытаць, з якіх дзялянак вазілі бярвенні для электрастанцыі.
— Я магу гэта хутка высветліць, — прапанавала Ніна, — бо мой бацька быў брыгадзірам возчыкаў.
— А тады, — развіваў сваю думку Толік, — калі мы даведаемся, адкуль прывезена бярвенне, мы адпілуем кружок бервяна з літарамі і пойдзем шукаць патрэбны пень. Я лічу, што гэтыя літары маюць вялікае значэнне.
— Чаму?
— Паглядзіце, як крыва яны выразаны. Напэўна, чалавек, які іх выразаў, вельмі спяшаўся. А можа, ён быў цяжка паранены і хацеў перад смерцю перадаць людзям таямніцу, якую ён ведаў…
— Цяжка паранены?.. Адкуль ты ўзяў? — недаверліва спытаў у Толіка Жэнька.
— А ты паглядзі, як нізка літары ад зямлі, ля самага камля. Так і здаецца, што нехта выразаў іх седзячы або нават лежачы, — адказаў Толік. — Ты, Ніна, калі будзеш распытваць у возчыкаў пра дзялянкі, запытай, можа, яны што знаходзілі цікавае? Для нас гэта вельмі важна.
— Бачыш, Жэнька, — сказала Ніна, — а ты гаварыў, што за цікавым трэба ехаць за трыдзевяць зямель. Я думаю, што наша спрэчка цяпер вырашылася сама сабой. Так, Толік?
— Я і сам добра не ведаю. Параімся з Зінаідай Антонаўнай, ці варта ўсяму краязнаўчаму гуртку ісці расследаваць гэты надпіс.
— Аднак расследаваць яго трэба абавязкова! — сказаў Васілёк.
— Ну, тады пайшлі хутчэй да Зінаіды Антонаўны, — прапанаваў Толік.
Пераганяючы адзін аднаго, хлопцы і дзяўчаты кінуліся бегчы да сваёй любімай настаўніцы, з якой ім як мага хутчэй хацелася падзяліцца такой незвычайнай навіной.
Зінаіда Антонаўна рыхтавалася да чарговага збору атрада. Тэма збору была: «Значэнне лясоў для народнай гаспадаркі». Яна хацела, каб яе вучні, накіроўваючыся ў паход па роднаму краю, не толькі цікава адпачывалі, але папаўнялі свае веды, вучыліся любіць прыроду.
Зінаіда Антонаўна дапісвала апошнюю старонку канспекта, калі ў дзверы пакоя раптам пастукалі. Яна глянула ў акно і адразу падумала, што нешта здарылася, бо твары ў хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўсхваляваныя, расчырванелыя.
— Заходзьце, заходзьце, — запрасіла настаўніца вучняў, адчыніўшы дзверы.
— Добры дзень, Зінаіда Антонаўна! — прывіталіся дзеці.— Прабачце, калі ласка, што мы вас патурбавалі, але ў нас такая навіна… Мы знайшлі таямнічы надпіс, — загаварыла адразу некалькі чалавек.
— Пачакайце, пачакайце, не ўсе адразу. Хто знайшоў?
— Васілёк.
— Ну дык няхай ён і раскажа.
Васілёк расказаў усё па парадку — як ён пайшоў па трэскі, як убачыў літары. Зінаіда Антонаўна слухала вельмі ўважліва, а калі ёй расказалі, што ўдалося прачытаць літары, яна нават устала і ўсхвалявана захадзіла па пакоі.
— Ваша знаходка вельмі цікавая… Няўжо гэта паведамленне Сцяпана Казімірава?.. — у задуменні прагаварыла Зінаіда Антонаўна і моцна сціснула рукі.
— Якога Сцяпана? — не вытрымаў Васілёк.
— Гэта я проста так… Успомніла пра адно здарэнне яшчэ ў час вайны… Дык вось, я думаю, што можна прыняць прапанову Толіка і Васілька і паспрабаваць знайсці працяг надпісу. Толькі ўсім ісці не трэба. Даручым гэта Толіку, Васільку і…
— Мне! — папрасіўся Жэнька.
— Добра. Я згодна. Думаю, што для выканання гэтага вам хопіць аднаго дня. Дзялянкі, адкуль вазілі бярвенні, знаходзяцца блізка, самая далёкая кіламетраў за восем, і калі вы заўтра раніцай устанеце разам з сонейкам, то к вечару, я думаю, вернецеся. Не праспіце?
— Што вы, Зінаіда Антонаўна, — за ўсіх адказаў Толік. — Мы і лажыцца не будзем.
— Ну, гэта дарэмна. Перад паходам трэба добра адпачыць, каб быць бадзёрымі і выканаць даручэнне атрада.
— Выканаем! — урачыста запэўніў Васілёк.
Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам.
Так здарылася і з Жэнькам. Ён больш за ўсіх недаверліва адносіўся да таямнічых літар. Яму ўсё здавалася, што гэты нейчы жарт ці проста выпадковы надпіс. І калі ён прасіўся, каб і яго паслалі разам з Толікам і Васільком адшукваць другую частку літар, дык толькі таму, каб быць разам з сябрамі і потым пасмяяцца з Васілька.
Жэнька прыйшоў дадому, павячэраў і адразу ж лёг спаць. У хаце было ціха, і хлопчык пачаў ужо драмаць, але ў гэты момант бразнулі дзверы, і ў пакой увайшла маці. Ён пазнаў яе, не адплюшчваючы вачэй, па мяккай хадзе. Услед за ціхімі крокамі маці загрукаталі яшчэ нейчыя, цяжэйшыя — відаць, той чалавек быў у ботах.
— Адкуль жа будзе тое здароўе, — гаварыла маці,— калі гэткія пакуты прыйшлося перанесці. І ў голадзе, і ў холадзе сядзелі, вось яно цяпер і дае сябе адчуваць. А што ў яе прызналі?
— Сухоты.
Жэнька па голасу пазнаў і госцю — цётку Антаніну, суседку. Яна была яшчэ не старая, але моцна пасівелая. Такой яна зрабілася пасля таго, як фашысты ўгналі ў Германію яе адзіную дачку Аню. Пасля вайны Аня вярнулася, але была заўсёды задуменная і ціхенька кашляла ў рог хусцінкі. А ўчора цётка Антаніна завезла Аню ў бальніцу.
— Эх-хэ-хэ, — цяжка ўздыхнула маці,— няма на свеце нашага доктара Карнея Пракопавіча, а то б ён яе хутка вылечыў.
— Не, Людачка, сухоты не так проста вылечыць, няма яшчэ такога лякарства, каб выпіў і паздаравеў.
— А я кажу табе, што такое лякарства было ў Карнея Пракопавіча. Ён цэлую працу пра гэта напісаў. Ды вось бяда — забілі яго фашысты, а ўсе паперы з сабой забралі. Вось у тых паперах, мусіць, і быў сакрэт таго лякарства, бо пасля вайны чалавек з Мінска прыязджаў і ўсё распытваў пра Карнея Пракопавіча, як ён загінуў і ці не даваў каму схаваць якіх папер. Але так і паехаў ні з чым.
Жэнька раптам усхапіўся, як апараны. Паперы! Можа, гэта і ёсць праца доктара? Можа, гэта яна схавана пад тым дрэвам? Нават пачатак надпісу аб гэтым гаворыць: «Тут схавана праца».
— Мама, усё, што ты зараз расказала цётцы Антаніне, гэта праўда?
Маці здзіўлена паглядзела на сына:
— А ты што, яшчэ не спіш? Вядома, праўда. Але чаму гэта так цябе цікавіць? — спытала яна.
Адказу яна не пачула, бо Жэнькавага і духу ўжо не было ў хаце. Ён імчаўся да Толіка з такой хуткасцю, што аж у вушах свістала. А калі прыбег, то ўбачыў Васілька, які пабаяўся праспаць і прыйшоў начаваць да Толіка.
— Хлопцы! — усхвалявана загаварыў Жэнька. — Гэты надпіс невыпадковы і не жарт. Я ўсё ведаю… Ведаю нават, што далей напісана: «Тут схавана праца Долахава».
— Якога Долахава? — запытаў Васілёк.
— Доктара Долахава… Карнея Пракопавіча… расстралянага немцамі.
— Гэта таго самага доктара, які твайму брату аперацыю рабіў?
— Ага, таго самага.
І Жэнька расказаў сябрам усё, што ён пачуў ад маці.
— Калі так, дык мы павінны, чаго б ні каштавала, знайсці гэтыя паперы, — сказаў Толік.
— Вось толькі ці ўдасца нам знайсці той пень з працягам надпісу, — усумніўся Жэнька.
— Знойдзем, абавязкова знойдзем! — горача загаварыў Васілёк. — І мне здаецца, што тут няма нічога складанага. Кавалак бервяна з літарамі мы будзем прымерваць да кожнага пня, пакуль не знойдзем, з якога ён спілаваны… Ніна сказала, што возчыкі вазілі гэтыя бярвенні з Косінскай дзялянкі. Нічога цікавага яны не бачылі, толькі каля аднаго дрэва знайшлі нейкі стары бот. А тата Ніны, дзядзька Кастусь, казаў, што на Косінскай дзялянцы яшчэ ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення, быў знойдзены забіты партызан, і на ім быў чамусьці толькі адзін бот. Яго пахавалі ў брацкай магіле там жа, у лесе.
— Гэта ўсё вельмі важна, — зазначыў Толік. — Магчыма, мы за адзін дзень і не ўправімся. Трэба будзе застацца пераначаваць. Дык вы папярэдзьце дома, каб не хваляваліся.
— Тады давайце хутчэй рыхтавацца да экспедыцыі! — захваляваўся Васілёк і хацеў ужо некуды бегчы. Але Толік спыніў яго:
— Пачакай, трэба яшчэ намеціць маршрут. Да Шэрвінскага лесу, дзе знаходзіцца Косінская дзялянка, можна дабірацца па рэчцы і лесам, у абход балота. Дык які шлях мы выберам?
— Давайце паплывем на лодцы, гэта ж так здорава! — без доўгіх разважанняў прапанаваў Васілёк.
— Можна і на лодцы, толькі назад дабірацца супраць цячэння не так ужо і лёгка будзе, — запярэчыў Толік.
— А я думаю, гэта будзе ўсё ж лягчэй, чым цягнуць на сабе рукзакі з прадуктамі, ды яшчэ рыдлёўкі ў дадатак, — падтрымаў Васілька Жэнька.
— Добра! — згадзіўся нарэшце Толік. — На лодцы дык на лодцы. Толькі дамовімся: не ныць, калі ў паходзе цяжка давядзецца і мазалі будуць на ўсю далонь…
— Ёсць не ныць! — весела закрычаў Васілёк.
— А цяпер спаць! — даў каманду Толік. — На досвітку адчальваем.
— Ну, я пабег. Добрай ночы! — развітаўся Жэнька з сябрамі.
— Глядзі не спазняйся!
— Не спазнюся… — даляцеў Жэнькаў голас ужо з-за дзвярэй.
Жэнька не спазніўся. Калі ён прачнуўся, сонца яшчэ не ўзышло. Толькі на ўсходзе барвавела яркая зара. На дварэ было халаднавата; на траве, на лістах дрэў і кустоў віселі буйныя кроплі расы.
Жэнька хуценька памыўся, выпіў кубак халоднага малака, потым закінуў за спіну рэчавы мяшок, які падрыхтавала яму маці, і выйшаў на вуліцу.
Увечары маці, пачуўшы, куды яны збіраюцца, сказала:
— Ну што ж, едзь. Калі вы адшукаеце гэтыя паперы, вялікую справу зробіце… Толькі будзь асцярожны.
Калі Жэнька прыбег да Толіка, той ужо не спаў. Васілька нідзе не было відаць.
— Ну вось, а ты баяўся, што я прасплю, — пахваліўся Жэнька. — А дзе Васілёк?
— Пабег дадому адпрошвацца, а заадно Зінаідзе Антонаўне запіску аднясе: трэба папярэдзіць, каб нас сёння не чакалі. Ніхто ж не ведаў, што гэта да Косінскай дзялянкі трэба дабірацца.
— Не мог раней збегаць… — прабурчаў Жэнька.
— А мы з ім ужо на электрастанцыю схадзілі,— сказаў Толік.
— Навошта?
— Адпілавалі кавалак бервяна з надпісам. Учора ж не паспелі. Вось паглядзі…— і Толік паказаў Жэньку досыць шырокі круглячок.
— А-а, — збянтэжана працягнуў Жэнька. — Ну, тады…
…І вось па спакойнай рацэ плыве лодка. У лодцы трое — Толік, Жэнька і Васілёк. На дне ляжаць рукзакі, рыдлёўкі, Жэнькава плашч-палатка і круглячок з надпісам.
На вёслах сядзіць Толік. Жэнька ляжыць на носе і глядзіць, як лодка рассякае гладзь вады і як узнікаюць спачатку ледзь прыкметныя хвалі, як потым яны ўсё большаюць і большаюць і нарэшце зліваюцца адна з адной удалечыні.
Васілёк сядзіць на карме з кароткім вяслом у руках — кіруе.
Лёгка слізгаціць лодка. Міма праплываюць зялёныя берагі з густымі кустамі, нахілёнымі да вады вербамі…
Вецер наляцеў нечакана. Неба раптам зацягнула чорнымі хмарамі, паліў касы дождж.
На рацэ ўзняліся хвалі. Лодка з хлопцамі то высока ўзлятае на грэбень, то імкліва падае ўніз.
— Эх, добра! — налягаючы на вёслы, крычыць Толік і гарэзліва падстаўляе твар буйным кроплям дажджу.
— Не разумею, чаму ты радуешся, — бурчыць Жэнька, выглядваючы з-пад плашч-палаткі, у якую ён захутаўся з галавой. — Цяпер наогул перакулімся, і дзе там выратуешся ў такое надвор'е.
— Не перакулімся! — усё гэтак жа весела крычыць Толік і на ўсю моц налягае на вёслы.
— Давайце дзе-небудзь схаваемся ад дажджу, перачакаем, — прапаноўвае Жэнька.
— А дзе ты схаваешся? — пытаецца Толік. — У кустах? Там яшчэ горш прамочыць.
— Я ведаю, дзе можна схавацца, — сур'ёзна заўважае Васілёк.
У Жэнькі ў вачах надзея.
— Дзе? Кажы хутчэй! — прыспешвае ён.
— Давайце залезем у ваду, — гэтак жа сур'ёзна адказвае Васілёк. — Ні адна кропля нас не дастане.
— Балбатун, — злуецца Жэнька і яшчэ шчыльней захутваецца ў плашч-палатку.
Але летні дождж — не асенні. Як нечакана ён наляцеў, гэтак жа нечакана і спыніўся. І вось ужо зноў ласкава свеціць сонца, а па ледзь памутнелай пасля дажджу вадзе па-ранейшаму лёгка і ўпэўнена плыве лодка.
Хлопцы вяслуюць па чарзе. Але лепш атрымліваецца ў Васілька. Пад спрытнымі, моцнымі ўзмахамі яго рук лодка чамусьці вышэй задзірае нос і, здаецца, не плыве па вадзе, а ляціць у паветры.
Казачна прыгожыя асвежаныя дажджом пашы раскінуліся па абодва бакі рэчкі. І кветкі — жоўтыя, чырвоныя, сінія. Быццам нехта разаслаў па зямлі велізарны яркі дыван.
Без трывог і прыгод плылі гадзіны паўтары. Ужо збіраліся зрабіць першы прывал, як раптам да слыху даляцеў нейкі глухі шум.
— Што гэта? — насцярожана спытаў Жэнька.
— Парогі.— Толік ведае, ён плыве не першы раз.
— А як мы перабярэмся праз іх? — занепакоіўся Жэнька.
— Перацягнем лодку на вяроўках.
І вось парогі ўжо настолькі блізка, што відаць бурлівая, уся ў камяках белай пены, вада.
— Навошта ты так блізка пад'ехаў? — закрычаў Жэнька на Васілька, які сядзеў на вёслах. — Хочаш, каб лодку разбіла?
— Правільна, — падтрымаў яго на гэты раз і Толік. — Паварочвай да берага. Адсюль трэба цягнуць.
Абкруціўшыся вяроўкамі, напружваючы ўсе сілы, валакуць хлопцы лодку ўздоўж берага. Гэта сапраўды нялёгка. Бераг балоцісты, то адзін, то другі правальваюцца па пояс у багну. Усе трое брудныя, потныя. Вось Жэнька акунуўся ў кранутую ржой жыжку ледзь не па шыю.
— К чорту такое падарожжа! — не вытрымаў ён, калі з дапамогай сяброў выбраўся з багны. — Хто гэта выдумаў па рацэ плыць, дайшлі б і па сушы!
— Позна ўжо назад вяртацца, — перапыніў яго Васілёк. — Цярпі, казак, атаманам будзеш.
Нарэшце пад нагамі — цвёрдая глеба. Парогі ўжо ззаду, хаця і не вельмі далёка — чуваць, як бурліць у камянях вада.
— Прыва-ал! — дае каманду Толік. Пасля прывалу Жэнькава чарга садзіцца на вёслы. Хлопцы спускаюць лодку на ваду, і Жэнька выводзіць яе на сярэдзіну ракі.
Васілёк і Толік потым не раз дакаралі сябе за тое, што даверылі Жэньку вёслы адразу пасля парогаў, дзе цячэнне было яшчэ вельмі моцнае і вада ля берагоў круціла. Адсюль пасапраўднаму і пачаліся іх прыгоды.
Зрабіўшы некалькі ўзмахаў вёсламі, Жэнька кінуў іх і пачаў сцягваць з сябе куртку:
— Нязручна веславаць, трэба распрануцца.
У тую самую хвіліну, калі ён нарэшце працягнуў скрозь вузкі каўнер галаву, адно вясло выслізнула з уключыны і, падхопленае цячэннем, панеслася да супрацьлеглага берага. Арудуючы другім вяслом, Жэнька развярнуў лодку і пусціўся наўздагон. Толік, седзячы на карме, з усіх сіл дапамагаў яму. Але лодка не слухалася: яна трапіла ў вір і цяпер павольна кружылася на месцы.
— Эх ты, марак! — сярдзіта адштурхнуў Жэньку Васілёк.
Ён бачыў, што выпушчанае Жэнькам вясло падплыло да берага і, асцярожна развярнуўшыся, паплыло ўверх па цячэнню. «Да парогаў назад гоніць, — з трывогай падумаў ён. — Што, калі Жэнька перакуліць лодку?!» І тады Васілёк сам вырашыў узяцца за вясло. Жэнька ахвотна ўступіў. Але якраз у тую мінуту, калі яны мяняліся месцамі, лодка нахілілася, і ў адзін момант усе трое апынуліся ў вадзе.
«Так і ёсць, нясе да парогаў», — гэта было першае, што падумаў Васілёк. Толік таксама заўважыў небяспеку.
— Плывіце да берага! — крыкнуў ён, бачачы, што Жэнька кружыць на месцы, адшукваючы вачыма рукзак.
Да берага дабрацца не ўдалося. Цячэнне гнала ўсіх трох на маленькі зялёны астравок пад самымі парогамі. Толькі б не пранесла міма! Васілёк першы ўхапіўся за галіны лазы, што апусціліся да самай вады. Жэнька — за ім. Толік выбраўся на бераг апошнім: яшчэ раней ён заўважыў круглячок з надпісам, які праплываў міма, злавіў яго і таму мог працаваць толькі адной рукой — другая была занятая.
Некалькі хвілін ляжалі нерухома, расцягнуўшыся на траве, усё яшчэ не верачы, што ім удалося выратавацца. Вось яны, парогі,— рукой падаць. Не адна ахвяра на іх рахунку. Хлопцы ляжалі і моўчкі прыслухоўваліся да рову вады, моцна сціснутай камянямі.
Спачатку ўстаў Толік. Ён прайшоўся ўзад і ўперад па астраўку і толькі тут раптам убачыў на правым беразе, у выгіне ракі, нейкія дамы, агароджы.
— Хлопцы! — радасна крыкнуў ён. — Ды гэта ж Раднічанка. Адсюль да Косінскай дзялянкі, як і ад Бродаў, кіламетраў восем. Вось здорава!
— Што здорава, калі нам усё роўна трэба дадому вяртацца, — заўважыў Жэнька.
— Дадому? Навошта? — здзіўлена паглядзеў на таварыша Васілёк.
— А як жа? Лодкі няма, рыдлёўкі пайшлі на дно…
— Ну, дадому можна дабрацца пешшу, а рыдлёўкі дзе-небудзь знойдзем. У той жа Раднічанцы кожны дасць.
— А што есці будзеш? Прадукты ж патанулі…
Васілёк хітравата паглядзеў на Жэньку:
— Ну, ежы тут мільёны кубаметраў!
Жэнька не зразумеў яго жартаўлівага тону ці проста не паверыў, што Васілёк у такім становішчы можа жартаваць.
— Дзе ты бачыш ежу? Тут адна вада.
— А тона вады замяняе кілаграм хлеба, — у тон яму адказаў Васілёк.
Перабрацца на бераг ім у гэты дзень не ўдалося: як назло, ні адна лодка не праплыла міма, ні аднаго чалавека не бачна было навокал.
Вечарам Толік дарэмна спрабаваў распаліць касцёр: запалкі намоклі і нізашто не хацелі загарацца. Жэнька прасачыў вачыма, як апошняя пераламалася напалам у Толіка ў руцэ, і, пацепваючыся ад холаду, сказаў:
— Значыць, без кастра начаваць будзем? І ў жываце бурчыць — есці хочацца.
Ён не лаяўся, не крычаў: адчуваў сябе вінаватым. Што праўда, то праўда — ні Толік і ні Васілёк, а ён упусціў тое злашчаснае вясло.
Надоўга запомнілася хлопцам ноч, праведзеная на востраве, пасярод ракі. Было холадна, да моташнасці хацелася есці. Тут бы самы час памаўчаць, але ці можа Васілёк супакоіцца? Пра што думае, пра тое і гаворыць:
— Я б зараз, напэўна, цэлага барана з'еў.
— Сырога? — нявесела жартуе Толік.
— Навошта сырога? Я б з яго такіх смачных, духмяных шашлыкоў з перцам і цыбуляй насмажыў!..
— А мне б цяпер талерку тлустага баршчу са смятанай — у імгненне б апаражніў,— прызнаўся Толік.
— Досыць вам, хлопцы, пра ежу размаўляць, — жаласліва папрасіў Жэнька.
— А табе што? Спі сабе, — адгукнуўся Васілёк.
Жэнька адразу ацаніў гэту мудрую параду: сапраўды, у сне, напэўна, не так есці хочацца. Ён заткнуў вушы пальцамі і ўжо хвілін праз пяць, салодка пасопваючы, спаў. Толік і Васілёк неўзабаве паследавалі яго прыкладу.
Раніца наступнага дня выдалася цудоўная. Калі хлопцы прачнуліся, прыгрэтыя промнямі сонца, якое паспела ўжо ўзняцца высока над гарызонтам, свет здаўся ім зусім не такім змрочным, якім выглядаў учора. Жэнька і той павесялеў. А калі Васілёк заўважыў лодку з двума рыбакамі, што накіроўвалася ў іх бок, ён нават паспрабаваў жартаваць:
— Гэта нават добра, Толік, што мы вашу лодку патапілі: памятаеш, ты казаў, што даўно трэба новую рабіць.
Аб астатніх стратах хлопцы стараліся не гаварыць.
Рыбакі, распытаўшы, як і што, перавезлі іх на бераг.
У Раднічанцы хлопцы ўзялі «з аддачай» пару рыдлёвак і кацялок для вады. На грошы, якія Толік прадбачліва захоўваў у скураным кісеце за пазухай, купілі хлеба, бульбы, крыху сала і рушылі ў дарогу.
Каб Жэнька зноў не захандрыў, паклажу размеркавалі «раўнамерна»: Толік нёс рыдлёўкі, Васілёк — круглячок з надпісам, а Жэнька — кацялок і кавалак тоўстага дроту з завостраным канцом, які ён прыхапіў каля раднічанскай кузні. Меркавалася, што гэтым дротам яны будуць прамацваць зямлю вакол пнёў, каб вызначыць, з якога боку капаць. А пакуль Жэнька прычапіў яго да пояса і, як сцвярджаў Васілёк, зрабіўся падобны на «сапраўднага мушкецёра».
Хлопчыкі ішлі па прасёлкавай дарозе, пакрытай мяккім, халодным пылам. Паабапал дарогі густой сцяной стаяла жыта. Час ад часу міма праязджалі машыны, і шафёры весела сігналілі ім.
Неўзабаве пачаўся і лес. Ад высокіх бронзавых хвояў і лапчатых ялін на дарогу падаў густы цень. Было ціха, толькі вясёлае шчабятанне птушак, што пераляталі з дрэва на дрэва, парушала лясны спакой.
Толік, які ўвесь час ішоў наперадзе, спыніўся.
— Вось тут дарога разыходзіцца, куды цяпер ісці: уперад ці звярнуць налева?
— Калі з Бродаў ісці, дык налева — Нінін бацька казаў. А тут, напэўна, напрасткі. Кіламетраў пяць яшчэ…
— Ой, хлопцы, а што, калі мы на граніцу прыйдзем? Тут жа зусім недалёка Польшча, — занепакоіўся Жэнька.
— Ну, да граніцы яшчэ ад Косінскай дзялянкі пятнаццаць кіламетраў,— супакоіў яго Толік.
Чым глыбей хлопчыкі ўваходзілі ў лес, тым больш цікавыя дрэвы пачалі трапляцца на іх шляху. Сустракаліся хвоі такой вышыні і таўшчыні, якіх на ўзлессі ніколі і не ўбачыш. Высокія елкі так шырока развесілі свае лапы, што пад імі ўтварыліся сапраўдныя шатры.
— Вось дзе ад дажджу добра хавацца, — сказаў Васілёк, паказаўшы на магутную старую яліну. — Будзеш сядзець, як у хаце пад страхой.
Яму ніхто не адказаў, і далей Васілёк ішоў моўчкі.
Запахла вільгаццю і прэлым лісцем. Цераз дарогу, высока задраўшы лычык, перабег шустры вожык. Васілёк быў пагнаўся за ім, але той спрытна шмыгнуў пад куст і знік. «Ну і няхай сябе», — падумаў Васілёк. Яго больш цікавілі птушкі. Вось і цяпер ён нават некалькі разоў спатыкаўся, бо часта заглядаўся на верхавіны дрэў, дзе ў густым лісці чуўся многагалосы птушыны хор.
Калі над галавой у хлопцаў пракрычала сваё не вельмі меладычнае «ку-ку» зязюля, Васілёк спыніўся і, задраўшы галаву, закрычаў:
— Зязюля-зязюля, колькі мне год? Жэнька таксама спыніўся і з цікавасцю стаў углядацца ў зялёнае лісце, але птушка кудысьці знікла.
— Эх, ты! — прабурчаў ён. — Дарэмна толькі напужаў.
— Яе не напужаеш, — адказаў Васілёк. — Гэта яшчэ тая птушка. Ведаеш, як яна птушанят выводзіць? Падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды, і ўжо іншыя птушкі за яе стараюцца — выседжваюць, выкормліваюць.
— Ну, гэта ты загнуў,— не паверыў Жэнька. — Якая такая птушка дазволіць ёй несціся ў сваім гняздзе?
— А яна ў гняздо і не лезе. Яна толькі аблюбуе яго, а потым пакладзе яечка дзе-небудзь непадалёк на зямлю і чакае. Як толькі гаспадары паляцяць куды-небудзь, яна адразу яечка ў дзюбу і да гнязда. Пакладзе разам з іншымі, а там паспрабуй разбярыся…
Толік не вельмі прыслухоўваўся да размовы сяброў. Ён думаў аб тым, як магла апынуцца праца доктара Долахава ў лесе пад дрэвам, калі толькі гэта яшчэ яна? А можа, там закапана наогул што-небудзь іншае, бо маці Жэнькі расказвала, што ўсе паперы доктара забралі немцы. Тут сапраўды нейкая загадка.
Між тым лес стаў прыкметна радзець, пачалі трапляцца высечкі. Васілёк першы заўважыў расшчэплены маланкай дуб на паляне і каля яго вялікія штабелі бёрнаў, якія не паспелі вывезці зімой.
— Ура! Косінская дзялянка! — закрычаў ён і кінуўся наперад.
Толік не падзяляў яго радасці. Ён назіркам аглядзеў дзялянку і злосна махнуў рукой. Было ясна, што знайсці патрэбны пень ім будзе цяжэй, чым яны думалі, бо дзялянка займала даволі вялікую плошчу і ўсе пні на ёй былі старанна ачышчаны ад кары. Толік ведаў, гэта — своеасаблівая лясная «гігіена». Пні ачышчаліся ад кары для таго, каб пад ёю не заводзіліся шкоднікі лесу. Кару здымалі сякерамі, і, вядома, разам з карой адшчэпліваліся кавалкі дрэва, а ад гэтага змянялася форма пня. Галлё ж складвалася ў кучы і спальвалася. Пад такімі кастрамі згарэла шмат пнёў. І хто мог быць упэўнены, што не згарэў якраз той пень, на якім быў працяг надпісу? Лясная гігіена калі і не зусім пазбавіла хлопчыкаў магчымасці адшукаць патрэбны пень, то ўсё ж значна ўскладніла задачу.
Жэнька адразу паў духам і ўжо гатовы быў наогул адмовіцца ад пошукаў.
— Нічога ў нас не атрымаецца, — сказаў ён.
— Чаму не атрымаецца? — Толік сурова звёў бровы.
— Хіба ты не бачыш, што з дзялянкай зрабілі? Паспрабуй знайдзі цяпер працяг надпісу.
— А навошта шукаць надпіс? Нам трэба знайсці толькі пень.
— Ну добра, а як ты знойдзеш пень?
— Знойдзем! Мы павінны яго знайсці. Прыйдзецца больш патраціць часу, вось і ўсё. А вы ўжо і насы павесілі. Адступілі перад першымі цяжкасцямі…
— Ну, хопіць, хопіць балбатаць, — спыніў яго Васілёк, — давайце лепей рабіць будан. — І першым пачаў шукаць зручнае месца.
Пабудаваўшы будан і нарыхтаваўшы лапак для пасцеляў, хлопцы паселі на траву і пачалі раіцца.
— Перш за ўсё, — сказаў Толік, — паспрабуем адшукаць патрэбны нам пень. Для гэтага будзем прыкладваць да кожнага пня наш кавалак з літарамі. Калі сустрэнем падобны, абкапаем яго з усіх бакоў.
— А на якую глыбіню? — пацікавіўся Васілёк.
— Мне здаецца, што трэба капаць чым глыбей, — выказаў думку Жэнька, — хоць на метр.
Дзіўны чалавек гэты Жэнька: толькі што ныў, гатовы быў усё кінуць і дадому ісці, а тут раптам сур'ёзна разважае, як лепш весці пошукі. І нічога быццам такога не здарылася, каб змяніцца яго настрою.
— А я думаю, — запярэчыў Толік, — хопіць і на паўметра, бо ранены або хворы чалавек не мог глыбока закапаць.
— Калі ж мы пачнем шукаць? — спытаў Васілёк.
— Зараз жа і пачнем, — адказаў Толік.
Лясная паляна жыла сваім жыццём. Няспынна, быццам маленькія казачныя матацыклы, стракаталі конікі. Абганяючы адзін аднаго, то ўзнімаючыся ўгору, то імкліва падаючы ўніз, ляталі рознакаляровыя матылі. Тук-тук-тук! — біў сваёй моцнай дзюбай у сухое дрэва дзяцел. З густой зялёнай травы выглядвалі сінія, жоўтыя і чырвоныя галоўкі кветак і рабілі паляну падобнай на вялізны прыгожы дыван. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка можна было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў.
З хваляваннем падышлі хлопчыкі да першага пня, які па дыяметры падыходзіў да кавалка бервяна з літарамі. Прыклаўшы адпілаваны кружок да пня, яны ўбачылі, што ён мае зусім іншую форму. Падышлі да другога — зноў не той, які патрэбны. На агледжаных пнях Жэнька ставіў вугалем крыжык, каб больш да іх не варочацца. Трэці пень прымусіў хлопчыкаў задумацца: ён як быццам падыходзіў. Вырашылі абкапаць яго. За работу ўзяліся шчыра. Васілёк рыдлёўкай спрытна падкапваў дзёран каля пня і адкідаў убок. Толік абкапваў пень глыбей. Спачатку ішла шэрая сухая зямля, а потым паказаўся вільготны жоўты жвір. Пракапалі больш як на паўметра, але нічога не знайшлі.
Хлопцы пастаялі, падумалі, капаць далей ці не. Жэнька ўзяў дрот і пачаў ім поркаць зямлю каля пня. Дрот уваходзіў у зямлю лёгка, ні ў што не ўпіраўся. Пакінулі гэты і пайшлі да наступнага. Пні ўвесь час трапляліся то занадта тонкія, то занадта тоўстыя. Але вось хлопчыкі натрапілі, як ім здалося, якраз на той пень, які быў патрэбен. Пачалі абкапваць яго. Аднак вынік атрымаўся той жа. Абкапалі яшчэ некалькі. З кожным новым пнём работа ішла ўсё марудней і марудней. Васілёк ужо з цяжкасцю адрываў дзёран. Ён усё часцей пачаў паглядаць на свае рукі, на якіх з'явіліся вадзяністыя пухіры. Жэньку прыйшлося аддаць Васільку дрот, а самому ўзяцца за рыдлёўку. Нарэшце стаміўся і Жэнька. Толькі адзін Толік не адчуваў стомленасці, працаваў лёгка і, як здавалася, без усякага напружання. І пухіроў на руках у яго не было.
«Гэта таму, што ён займаецца спортам, — з зайздрасцю падумаў Васілёк, — і ўвесь час прападае ў калгасным садзе: разам з дзедам Анупрэем перакапаў усю зямлю вакол дрэў».
Толік заўважыў, што яго сябры стаміліся, і падаў каманду адпачываць. Хлопчыкі агледзелі сваю работу: каля паўтара дзесятка абкапаных пнёў — і ніякіх вынікаў.
Было нявесела. Нават гаваркі Васілёк змоўк. Ён з асалодай выцягнуўся ва ўвесь рост на духмянай траве пад размашыстай ялінай, не маючы сілы нават падняцца і прыняць шышку, якая муляла плячо. Прылёг і Жэнька. Толік жа ўзяў кацялок і некуды пайшоў. Доўга ён хадзіў ці не — ні Жэнька, ні Васілёк не ведалі. Васілёк прачнуўся ад таго, што яму ў твар пырскаў дождж. Ён падхапіўся і пачаў углядацца. Неба было чыстае, па-ранейшаму ярка свяціла сонца. Але тут ён убачыў «хмару». Гэта Толік абмакваў галінку ў кацялок з вадой і пырскаў цяпер на Жэньку.
— Вас ніяк не разбудзіць, — смяяўся Толік, — прыйшлося вадой ажыўляць.
— А дзе ты ваду знайшоў? — спытаў Жэнька.
— Тут непадалёк азярцо ёсць.
— Не шкодзіла б і асвяжыцца, — сказаў Жэнька.
— Не, не будзем траціць часу… Давайце перакусім і будзем капаць далей.
Пасля адпачынку рыдлёўкі здаліся яшчэ цяжэйшымі. Ныла ўсё цела, рукі не слухаліся, а спіна балела яшчэ горш. Праўда, так працавалі нядоўга. Праз колькі часу ў руках зноў з'явілася сіла, і работа пайшла шпарчэй.
За другую палавіну дня абкапалі яшчэ дзесяць пнёў, а вынікі былі ўсё тыя ж самыя.
Хлопчыкі задумаліся. Што рабіць? Можа, яны дарэмна трацяць сілы і час? Можа, хвоя з літарамі была спілена не на дзялянцы, а дзе-небудзь у іншым месцы, бо, ідучы сюды, яны сустрэлі па дарозе шмат адзіночных пнёў? Нарэшце Толік рашуча заявіў:
— Я лічу, што на паўдарозе нельга спыняцца. Мы абкапаем усе падобныя пні і калі нічога не знойдзем, то так і скажам: зрабілі ўсё, што маглі… А цяпер пайшлі купацца.
Толік пабег першы, за ім кінуліся Васілёк і Жэнька.
Азярцо было невялікае, але глыбокае.
Хлопчыкі раздзеліся і адзін за адным скочылі Ў ваду.
— Ану, хто мяне абгоніць? — крыкнуў Толік.
Жэнька і Васілёк, пырскаючыся і аддуваючыся, паплылі за Толікам. Хутка Толік пачуў знаёмае пф-пф-ф-ф: яго даганяў Васілёк.
Халодная вада як рукой зняла стомленасць. Вярнуліся вясёлыя і бадзёрыя. На вячэру вырашылі нічога не гатаваць, перакусіць хлебам з салам і запіць гарачым чаем.
Пакуль павячэралі — зусім сцямнела. На палянцы зрабілася вельмі ціха, толькі стракаталі неўгамонныя конікі. Паветра павільготнела, і на тонкіх сцяблінках травы, на вострых кончыках лісцяў пачалі з'яўляцца кропелькі расы.
— Ну, спаць, — сказаў Толік, — заўтра ўстанем разам з сонцам.
Усе трое залезлі ў будан і з асалодай разлегліся на пахучых яловых лапках. Жэнька і Васілёк заснулі адразу. Толік яшчэ доўга ляжаў, прыслухоўваючыся да начнога жыцця лесу.
А лес і сапраўды, быццам зрабіўшы перапынак на вячэру, зноў пачаў ажываць. «Кр-кр-кр! кр-р-р!» — недзе зусім блізка хрыпатым голасам закаркала варона. З супрацьлеглага канца ёй адгукнулася другая. «Ку-гу! ку-гу! ку-гу!» — раптам разнеслася па лесе. Толік ажно падхапіўся. Хто гэта? Але адразу супакоіўся, успомніўшы, што так крычыць пугач. Над самым буданом пачуліся цяжкія з прысвістам узмахі крылаў. «Напэўна сава вылецела на паляванне, — падумаў хлопчык. — На каго яна больш за ўсё любіць паляваць? Ага, на зайцоў.» І сапраўды, ці гэтай, ці другой саве трапілася здабыча, бо ў наступны момант пачуўся нейчы жудасны крык і трапятанне крылаў. Потым зноў надышла цішыня.
Хоць Толік быў і не палахлівы, але ўсё гэта адганяла сон. Турбавала і другое. А што, калі ўсе іх дамаганні знайсці паперы доктара акажуцца дарэмнымі? Маглі ж гэтыя паперы струхлець ці згінуць, так што ад іх і следу не засталося. Ва ўсякім выпадку першыя пошукі ў іх нешта няўдалыя. А Толіку так хацелася знайсці працу доктара. Ён успомніў сумны твар Ані, якая сядзела на возе, ад'язджаючы ў бальніцу, і сам сабе запярэчыў: «Не, калі іх хавалі ў зямлю, то, напэўна, добра запакавалі. Трэба шукаць». Падумаўшы так, Толік супакоіўся і хутка заснуў.
Назаўтра раніцай, як толькі праменні сонца асвяцілі верхавіны дрэў, Толік быў ужо на нагах. Сон прыемна асвяжыў хлопчыка, настрой быў бадзёры.
— Го-го-го! — гукнуў ён на ўвесь голас. — Пад'ём!
З шалаша высунулася чорная калматая галава Жэнькі. Ён вылез, пацягнуўся і адразу з кулакамі палез на Толіка.
— Чаго спаць не даеш? Раскрычаўся… Выбраўшы роўнае месца, яны схапіліся борацца. Ні адзін не ўступаў другому ні ў сіле, ні ў спрыце. Мінут пяць качаліся яны па траве, але пераможца так і не вызначыўся.
— Нічыя, — неахвотна прызнаў Толік і ажыўлена дадаў: — Вось гэта зарадачка, сон як рукой зняло.
Дабудзіцца Васілька было не так проста. Ён брыкаўся, нешта мармытаў і ўпарта не жадаў расплюшчваць вачэй. Толькі пасля таго, як на яго зноў папырскалі вадой, ён прачнуўся.
Умывацца пабеглі да возера. Вада здалася халаднейшай, чым учора ўвечары. Мыліся доўга, з асалодай.
— А мне падабаецца такое жыццё, — весела плёскаючыся, заўважыў Васілёк.
— Паглядзім, што ты пад вечар заспяваеш, як з пянёчкамі павалтузішся, — усміхнуўся Жэнька.
— Тое ж самае, што і цяпер, — самаўпэўнена адказаў Васілёк.
Пакуль мыліся, у кацялку на кастры закіпеў чайнік, загадзя пастаўлены Толікам. Хлопцы напяклі бульбы, на ражончыках падсмажылі сала і з вялікім апетытам паелі, напіліся чаю, у якім плавалі маленькія вугольчыкі. Калі скончылі снедаць, Толік скамандаваў:
— А цяпер за працу!
Зноў пачалі шукаць і абкопваць пні, па форме падобныя да кавалка бервяна з надпісам. Сёння Васілёк і Жэнька працавалі павольней, моўчкі і, калі, абкапаўшы пень, нічога не знаходзілі, таксама моўчкі браліся за другі. Гэтае маўчанне Толіку не падабалася. Ён разумеў, што сябры з кожным разам усё больш і больш не вераць у поспех справы. Але што ён мог зрабіць? Пераканаць, што яны абавязкова знойдуць паперы доктара, ён не мог, але адмовіцца ад пошукаў, не прыняўшы ўсіх мераў, Толік не хацеў.
Больш за ўсіх пакутаваў Васілёк. Слабейшы за Жэньку і Толіка фізічна, ён вельмі хутка стамляўся. Асабліва балелі нацёртыя да крывавых мазалёў рукі. Давала адчуваць сябе і спіна. Сагнуўшыся, ён не мог ужо разагнуцца.
Да абеду абкапалі дзесяць пнёў, і ўсё без выніку.
— Дарэмна мы, мабыць, капаем, толькі час трацім, — нерашуча сказаў Жэнька.
— Што? — Толік рэзка павярнуўся да сябра. — Калі ты так сумняваешся, можаш ісці назад. А мы з Васільком будзем адны капаць. Трэба ж разумець, як усё гэта важна, калі мы знойдзем працу Карнея Пракопавіча. Для навукі, ты ведаеш, якая гэта паслуга будзе? Ого!
— Ды не, — замяўся Жэнька, — капаць трэба, толькі давайце адпачнем крыху.
Пасля гэтай размовы хлопчыкамі зноў авалодала рашучасць давесці пачатую справу да канца. Яны вырашылі добрасумленна абкапаць усе «падазроныя» пні, хоць бы на гэта спатрэбіўся цэлы год.
— Ты пра Марэсьева думай, — параіў Жэньку Васілёк, — тады табе лягчэй будзе.
— Я ведаю, пра каго думаць, — буркнуў Жэнька і са злосцю ўсадзіў у зямлю «дрот-разведчык», як яго празвалі хлопцы, каля наступнага пня. Дрот упёрся ў нешта цвёрдае.
— Вось тут капайце! — загадаў Жэнька. — Дрот у нешта ўпёрся.
— Можа, у камень.
— Магчыма.
Толік пракапаў неглыбокую ямку ў тым месцы, дзе паказаў Жэнька, і рыдлёўка таксама ўпёрлася ў нешта цвёрдае. Тады Толік стаў на калені і пачаў разграбаць пясок рукамі.
— Нейкае жалеза! — усхвалявана ўскрыкнуў ён.
— Дзе, дзе? — захваляваўся і Васілёк. — Пакажы мне хутчэй.
Хлопцы рукамі раскапалі большую ямку і выцягнулі адтуль пазелянелую снарадную гільзу, да якой прыліп жоўты пясок.
— Снарад! — спалохана крыкнуў Васілёк. — Асцярожна, можа ўзарвацца!
— Які табе снарад? — дакорліва сказаў Жэнька. — Гэта ж толькі гільза ад яго.
Хлопцы ачысцілі гільзу ад пяску і ўбачылі, што яна моцна закаркавана драўляным круглячком, абматаным анучай.
— Знайшлі, знайшлі! Ура! — закрычалі Жэнька і Васілёк. — Давай, Толік, хутчэй паглядзім, што ў сярэдзіне.
— А як гэтую гільзу адкаркаваць? — пакруціў галавой Толік. Ён пацягнуў за анучку, але яна лёгка адарвалася.
— Дай я! — папрасіў Жэнька.
— Не, дай лепш мне свой дрот, — папрасіў Толік, — я ім паспрабую.
Вострым канцом дроту Толіку нарэшце ўдалося расшчапіць драўляны круглячок, якім была заткнута гільза, на дробныя кавалкі і павыцягваць іх па аднаму.
У хлопчыкаў замерла сэрца. Толік перакуліў гільзу ўверх і патрос. Адтуль выпала запісная кніжка ў скураной вокладцы. Тады ён асцярожна адхіліў вокладку, і на яго твары адбілася вялікае здзіўленне.
— Што там? Што там? Прачытай уголас! — закрычаў Жэнька, стараючыся цераз Толікава плячо зазірнуць у кніжку.
«Запісная Сцяпана Казімірава, партызана», — прачытаў Толік.
Хлопцы здзіўлена пераглянуліся.
— Ну і ўляціць вам ад Зінаіды Антонаўны! — раптам пачулі яны голас за сваімі плячыма.
Усе трое спалохана азірнуліся. Перад імі стаяў спацелы Віця Капусцін. Адной рукой ён трымаў веласіпед.
— Гэта чаму нам уляціць? — запытаў Васілёк.
— І ты не ведаеш чаму? — абурана загаварыў Віця. — Ні слова не сказалі, пакінулі нейкую бязглуздую запіску — і змыліся. Пападарожнічаць ім захацелася! А там, у Раднічанцы, Жэнькаў рукзак вылавілі і лодку вашу падабралі на беразе. Як загадаеце разумець? Добра яшчэ, ад рыбакоў дазналіся, што вы жывыя засталіся, а то б не мяне, міліцыю на вашы пошукі паслалі б…
— Толькі і ўсяго? — Жэнька паблажліва пахлопаў Віцю па плячы. — Гэта яшчэ паўбяды, калі ўлічыць, што даручэнне атрада мы выканалі.
— Разгадалі таямнічы надпіс? — усхвалявана запытаў Віця.
— Разгадалі, ды не зусім. Мы толькі што знайшлі запісную кніжку Сцяпана Казімірава.
— А што ў гэтай кніжцы? Якія запісы?
— Яшчэ не ведаем. Ты нам перашкодзіў. Мы паспелі глянуць толькі на першую старонку.
— Сцяпан Казіміраў, Сцяпан Казіміраў,— успамінаў Віця, — недзе я чуў гэтае прозвішча.
— І я, — адазваўся Васілёк.
— Мы чулі гэтае прозвішча ад Зінаіды Антонаўны, — удакладніў Толік. — Памятаеце, калі мы гаварылі ёй пра знойдзены надпіс, яна сказала: «Ці не Сцяпана Казімірава гэта паведамленне?»
Хлопцы пачалі перагортваць кніжку. Тут былі самыя разнастайныя запісы, адрасы, вытрымкі з прачытаных кніг. Але больш за ўсё было апісанняў баявых эпізодаў. Пазнейшыя запісы нагадвалі дзённік з абазначэннем дня, месяца і года. Хлопцы змаглі прачытаць толькі некаторыя сказы і сярод іх такі: «паўзу ўжо другі дзень».
Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Але на апошняй старонцы зусім выразна быў відаць запіс, зроблены вялікімі няроўнымі літарамі:
«…Людзі, зрабіце ўсё, каб адшукаць працу доктара Долахава. Яна знаходзіцца пад старым дубам, што стаіць па дарозе з вёскі Ляхаўцы на станцыю. Я ўсё зрабіў, каб выратаваць гэтыя каштоўныя паперы, але ў мяне не хапіла сілы…
Сцяпан Казіміраў».
Прачытаўшы гэтыя радкі, хлопчыкі спахмурнелі. Некалькі хвілін яны стаялі моўчкі. Кожны з іх уявіў сабе мужны вобраз незнаёмага, відаць, цяжкараненага партызана, які, не маючы сілы дапаўзці да вёскі, слабеючай рукой піша свой запавет, хавае запісную кніжку ў гільзу ад снарада, старанна закаркоўвае яе і закопвае ў зямлю пад дрэвам. Потым на дрэве вырэзвае нажом надпіс: «Тут схавана праца Долахава» і паўзе далей…
— Дык што будзем рабіць? — звярнуўся Васілёк да Толіка.
— Як што? — здзівіўся Віця Капусцін. — Зразумела, цяпер дадому, перададзім Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку, а потым знойдзем той самы дуб і адкапаем паперы доктара.
— Шукаць дуб нам не трэба, — запярэчыў Жэнька, — не раз на станцыю і хадзілі і ездзілі. І цягацца туды-сюды таксама няма патрэбы. Жартачкі! Амаль сорак кіламетраў. Зробім так: Віця павязе Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку, а мы пойдзем да дуба і адкапаем паперы доктара.
— Дык сёння ж мы не паспеем нічога зрабіць, — сказаў Васілёк, — вунь ужо сонца дзе.
— Вядома, не паспеем, — зірнуўшы на сонца, згадзіўся Толік. — Зараз гадзіны тры. Пакуль адпачнем як след і дойдзем да дуба, — а да яго яшчэ кіламетраў шэсць, калі не болей, — ужо і на вечар возьмецца. Але я таксама лічу, што назад у Ляхаўцы вяртацца не варта…
— Дык вы зноў будзеце начаваць у лесе? — захваляваўся Віця.
— А што? Ты ж бачыш… Жывыя і здаровыя. Нічога нам не зробіцца, калі пераначуем і яшчэ адну ноч. Хлеб і сала ў нас ёсць, — адказаў Васілёк. — Скажы Зінаідзе Антонаўне і ўсім астатнім, каб не турбаваліся. І наконт рукзакоў скажы, — дадаў ён, — што, маўляў, не захацелі цягнуць лішні груз і пакінулі ў Раднічанцы на захаванне.
— Ну добра, — даў нарэшце згоду Віця, — заставайцеся. Толькі каб заўтра былі дома.
— Будзем, будзем, нікуды не дзенемся, — адказаў Жэнька.
— Ну, тады шчасліва! Ні пуха вам, ні пяра! — сказаў Віця і сеў на веласіпед, а хлопцы доўга махалі яму ўслед рукамі.
Спачатку ехаць было цяжка. Колы веласіпеда наязджалі то на шышку, то на сук ці корань, а часам траплялі ў глыбокія раўчукі.
Выехаўшы на дарогу, веласіпед пакаціўся шпарчэй. Віцю хацелася хутчэй паведаміць Зінаідзе Антонаўне і аднакласнікам радасную навіну.
Уся дарога заняла ў яго гадзін пяць. Віцю чакалі. У Зінаіды Антонаўны сабраўся амаль увесь клас.
— Ну дзе яны? Што з імі? — пасыпаліся да Віці пытанні.
— Хлопцы жывыя і здаровыя, і вось што яны знайшлі,— сказаў Віця і падаў Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку.
— Што гэта?
— Запісная кніжка партызана Сцяпана Казімірава.
— Сцяпана Казімірава? — Зінаіда Антонаўна раптам збялела і схапілася за грудзі.— Сцёпа, дарагі Сцёпа… — прашаптала яна.
Усе прыціхлі. Глядзелі на Зінаіду Антонаўну і нічога не разумелі. Хто гэты Сцёпа і чаму іх настаўніца, заўсёды вытрыманая, раптам так расхвалявалася?
Зінаіда Антонаўна тым часам пачала шпарка перагортваць старонкі кніжкі, але прачытаць што-небудзь таксама не змагла.
— Яе трэба прасушыць спачатку, — сказаў Віця. — Мы глядзелі, там лісты пасклейваліся і літары парасплываліся.
— А дзе ж Толік, Васілёк і Жэнька? — справіўшыся з хваляваннем, запытала Зінаіда Антонаўна.
— Яны засталіся ў лесе. Паперы доктара Долахава, пра якія піша Сцяпан Казіміраў, схаваны не на Косінскай дзялянцы, а пад старым дубам, што па дарозе на станцыю. Вось яны і пайшлі адкопваць іх. Заўтра ўвечары абяцалі вярнуцца.
— Зінаіда Антонаўна, а хто такі Сцёпа Казіміраў? — не вытрымала Ніна. — Вы яго і тады ўспаміналі, калі нашы хлопцы знайшлі надпіс на бервяне.
— Хто такі Сцёпа Казіміраў? Гэта чалавек, аб якім можна было б напісаць цэлую кнігу.
— Раскажыце, раскажыце нам пра яго! І пра доктара Долахава таксама… — закрычалі разам усе.
— Ну добра, я раскажу вам пра тое, што ведаю, — згадзілася Зінаіда Антонаўна. — Мы разлучыліся з ім ужо незадоўга да прыходу нашых войск. А пра апошнія дні Сцёпы, я думаю, нам раскажа яго запісная кніжка.
— Вы ведаеце, — пачала Зінаіда Антонаўна, — што наша вёска Ляхаўцы знаходзіцца даволі далёка ад тракту, чыгуначнай станцыі і населеных пунктаў. Вакол яе на дзесяткі кіламетраў раскінуўся лес. Да ўз'яднання заходніх абласцей Беларусі з усходнімі ўвесь гэты лес і зямля належалі пану Вышамірскаму. Сям'я ў пана Вышамірскага была невялікая: сам пан — маленькі, рыжы, гарбаты чалавек з чырвонымі вачыма, якія заўсёды слязіліся, пані — высокая, хударлявая жанчына з пабітым воспаю тварам, і два панічы: Антэк і Ромусь. Антэк служыў у польскім войску. Ён быў даўгі, худы, як і маці, і ногі ў яго былі нібыта прыцёртымі адна да другой. Ромусь быў падобны на бацьку: такі ж рыжы і з такімі ж чырвонымі вачыма.
Звычайна пан Вышамірскі жыў у Варшаве. Сюды, у вёску, ён прыязджаў толькі на лета.
Астатні ж час вялікі двухпавярховы дом з калонамі і верандай, абвітай дзікім вінаградам, пуставаў. У ім жылі панскі аконам і дзесяткі са два паляўнічых сабак.
У верасні 1939 года, калі савецкія войскі падыходзілі да Ляхаўцаў, усе Вышамірскія ўцяклі за граніцу.
Як вольна тады ўздыхнулі людзі! У першы час нават не верылася, што не трэба гнуць больш спіну на пана. А хутка і жыццё пайшло інакшае. У Ляхаўцах арганізаваўся калгас. У былым маёнтку пана Вышамірскага адпачывалі і лячыліся дзеці: там стварылі санаторый.
Але нядоўга вольна пажылі ляхаўчане. На Савецкі Саюз вераломна напалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Разам з імі ў Ляхаўцах з'явіўся і Антак. Фашысты пакінулі яго тут начальнікам паліцыі раёна. Яшчэ праз колькі часу прыехаў і сам пан Вышамірскі з жонкай і рыжым Ромусем. Пан адразу ж загадаў сялянам вёскі Ляхаўцы заплаціць за карыстанне маёнткам, зямлёй, а таксама лесам і лугам. Сяляне ж і не думалі плаціць. Тады Вышамірскі звярнуўся за дапамогай да свайго сына Антака. І вось аднойчы раніцой у вёску на матацыклах прыехалі паліцэйскія на чале з Антакам, акружылі яе, людзей выгналі на вуліцу. Перад імі, пагражаючы рэвальверам, выступіў Антак.
— Рахунак майго бацькі,— пісклявым голасам крычаў ён, — справядлівы рахунак! Вы карысталіся нашай зямлёй, лугамі, лясамі і за ўсё гэта павінны заплаціць! Калі вы не заплоціце па добрай волі, то я прымушу вас сілай! Прымаю толькі золата, срэбра і каштоўныя рэчы!
Ніхто з ляхаўчан нават не паварушыўся.
— Ах, так! — запішчаў паніч. — Тады я сам…
Разам з двума паліцэйскімі ён знік у бліжэйшай хаце.
Рабавалі яны аж да паўдня, не мінулі ніводнай хаты.
Як потым стала вядома, пан Вышамірскі са сваім сынам-бандытам зрабілі тое ж самае і ва ўсіх іншых вёсках, якія былі падначалены Антаку.
Праўда, гэта ім так не сышло з рук. Аднойчы ўначы загарэўся панскі маёнтак. Калі перапалоханыя жыхары маёнтка выбеглі на вуліцу, пачулася аўтаматная чарга. Пані Вышамірская была забіта, а пан цяжка паранены.
Назаўтра зноў прыехалі паліцэйскія. Як звяры, урываліся яны ў хаты і выганялі людзей прыкладамі аўтаматаў. Выстраіўшы ўсіх на вуліцы, Антак пачаў допыт. Ён падышоў да школьнага вартаўніка дзеда Івана — адзінага мужчыны, які ў той дзень застаўся ў вёсцы.
— Гэта ты падпаліў маёнтак?
— Не, не я… — адказаў дзед Іван.
— А хто?
— Не ведаю.
Антак са злосцю выцяў дзеда па галаве бізуном і перайшоў да допыту жанчын. Ён спыняўся па чарзе каля кожнай жанчыны, крычаў, біў, пагражаў расстрэлам, патрабуючы прызнання. Але жанчыны адказвалі, што яны нічога не ведаюць.
Не дазнаўшыся, хто падпаліў маёнтак і забіў матку, Антак адабраў дзесяць чалавек заложнікаў і загадаў пагрузіць іх у машыну. Калі паліцэйскія пачалі выконваць загад свайго начальніка, узняўся плач і лямант.
— Цішэй! — зароў Антак і стрэліў угару з рэвальвера. — Калі заўтра да дванаццаці гадзін ночы ніхто з вас не прыйдзе і не скажа, хто падпаліў маёнтак, заложнікі будуць расстраляны!
Начальнік паліцыі сеў у кабіну грузавой машыны з арыштаванымі заложнікамі і паехаў. Спераду і ззаду машыны ехалі на матацыклах паліцэйскія.
Жанчыны не пераставалі плакаць. Толькі дзед Іван сядзеў спакойна і пыхкаў люлькай, хоць паліцэйскія павезлі з сабой у якасці заложніцы і яго ўнучку.
— Супакойцеся, кабеткі,— суцяшаў дзед Іван жанчын. — Нашы заложнікі хутка вернуцца.
— Як жа яны вернуцца?
— Іх вызваляць…
— Хто ж вызваліць?
— Знойдуцца добрыя людзі,— ухіліўся дзед ад адказу, — я паслаў да іх паведамленне.
— Як?.. Кім? — дапытвалася адна жанчына, у якой паліцэйскія забралі дзве дачкі.— Усе ж нашы вяскоўцы былі тут.
— Каго паслаў — сакрэт…
Дзед Іван казаў праўду: гадзіны праз тры ўсе заложнікі вярнуліся ў вёску. Людзі з усіх бакоў кінуліся да іх:
— Хто вас вызваліў?
— Партызаны! — адказалі яны. Зінаіда Антонаўна расказвала так цікава, што ніхто і не заўважыў, як падкраўся вечар і змрок запоўніў пакой. Настаўніца ўстала, шчоўкнула выключальнікам. Ад яркага электрычнага святла многія нават зажмурыліся.
Вучні нецярпліва глядзелі на Зінаіду Антонаўну, чакаючы працягу расказу, але настаўніца аб чымсьці задумалася і маўчала.
— Зінаіда Антонаўна, а вы ведаеце, хто паведаміў партызанам, што ў вёску зноў прыехалі фашысты? — не вытрымала Ніна.
— Ведаю.
— Хто? Скажыце! — зашумелі дзеці.
— А вы слухайце далей.
Яшчэ ў першыя дні вайны ў хату калгаснай даяркі, удавы цёткі Насты, зайшоў хлопчык гадоў чатырнаццаці. Ён папрасіў напіцца. Цётка Наста глянула на яго, і сэрца яе балюча сціснулася. Хлопчык быў худы і такі стомлены, што ледзь стаяў на нагах. Яго жоўтыя чаравікі зусім парваліся, з іх выглядалі распухлыя, пазбіваныя пальцы.
— Куды ж ты ідзеш? — ласкава запытала цётка Наста.
Хлопчык паказаў рукой на ўсход і ціха прагаварыў:
— Хачу ў Маскву як-небудзь прабрацца.
— А адкуль ты?
— Я, цётачка, ад самай Гарынскай заставы іду…
— А дзе ж твае бацькі? — працягвала дапытвацца цётка Наста.
— Бацька ваюе, а маці загінула… Мы выехалі на машыне, але па дарозе нас разбамбілі.
У цёткі Насты на вачах з'явіліся слёзы. Жанчыне стала вельмі шкада гэтага, не па гадах сур'ёзнага хлопчыка з вялікімі сінімі вачыма. Яна яго накарміла, потым нагрэла вады і прапанавала памыцца.
— А хто ж у цябе ў Маскве? — спытала цётка Наста, калі хлопчык сабраўся мыцца.
— Бабулька ў мяне там… Мы ўсе да 1939 года жылі ў Маскве. Я там і нарадзіўся. А потым тату перавялі на граніцу, ён вайсковец.
Цётка Наста цяжка ўздыхнула.
— Ох, вайна, вайна! Усё жыццё перавярнула, колькі людзей гіне… Ну, ідзі, сынок, мыйся.
Гаспадыня выйшла. Хлопчык, не спяшаючыся, распрануўся, акуратна склаў сваё адзенне, наліў у шырокую, яшчэ зусім новую балею вады. Ён мыўся асцярожна, каб не наплёхаць, а скончыўшы мыцца, выцер анучай падлогу, выліў ваду і запытаў у цёткі Насты, дзе ў іх калодзеж.
— А навошта табе калодзеж?
— Хачу вады ў балею нанасіць, каб не рассохлася.
Цётцы вельмі спадабаўся гэты ўважлівы, акуратны хлопчык, і калі ён, адпачыўшы, сабраўся ісці, яна проста сказала:
— Куды ж ты пойдзеш? Заставайся ў мяне, сяк-так перажывём гэтую навалу, тады да бабулі вернешся, бацьку знойдзеш…
Хлопчык задумаўся. Відаць было, што яму вельмі хацелася ісці на ўсход, да сваіх. Але, глянуўшы на свае ашчэраныя чаравікі, паварушыўшы сінімі распухлымі пальцамі ног, ён толькі цяжка ўздыхнуў.
— Дзякую, цётачка, — ціха адказаў ён. — Калі можна, дык я застануся. Вы не думайце, што я гультай. Я працаваць буду — дровы калоць, ваду насіць — усё, што трэба.
У час свайго цяжкага, пакутлівага блукання хлопчык не адзін раз назіраў жудасныя сцэны здзекаў фашыстаў з савецкіх людзей. І цяпер, калі ён бачыў чалавека ў зялёным фрэнчы з фашысцкім знакам на рукаве, яго адразу ж ахоплівала пачуццё гарачай нянавісці да ворагаў. Гэтае пачуццё яшчэ больш умацавалася пасля здзекаў Антака з сялян вёскі Ляхаўцы.
Хлопчык не ведаў, хто падпаліў маёнтак пана Вышамірскага, і шчыра зайздросціў тым невядомым героям. Але неўзабаве яму давялося не толькі пазнаёміцца з тымі людзьмі, хто адпомсціў пану, але і самому прыняць непасрэдны ўдзел у барацьбе з паліцэйскімі.
На другі дзень пасля таго, як згарэў маёнтак, цётка Наста паслала хлопчыка ў лес па галлё. Хлопчык дайшоў да ўзлесся і прыслухаўся: ён пачуў трэск матацыклетных матораў. Праз хвіліну ўбачыў, як прамчаліся чатыры чорныя трохколавыя матацыклы, у якіх сядзела па тры паліцэйскія. Ззаду ехала грузавая машына, у якой побач з шафёрам сядзеў начальнік паліцыі.
«Зноў Антак да нас едзе! — з жахам падумаў хлопчык. — Трэба папярэдзіць людзей», — і ён з усіх ног кінуўся бегчы назад у вёску.
Не даязджаючы да вёскі, матацыклісты спыніліся. З машыны вылез Антак і пачаў нешта тлумачыць. Пасля гэтага адзін матацыкл з паліцаямі паехаў направа ад вёскі, другі — налева. «Акружаюць», — падумаў хлопчык. Астатнія паехалі проста ў вёску. Прыпынак матацыклістаў даў магчымасць хлопчыку крыху апярэдзіць іх.
— Цётка Наста, цётка Наста! Зноў Антак прыехаў,— ледзь выгаварыў ён.
— Бяжы да дзеда Івана. Ён прасіў, як што здарыцца, паведаміць яму.
Калі Сцёпа прыбег да дзеда, той сядзеў і правіў стары бот.
— Дзядуля, Антак прыехаў!
— Што?
Дзед Іван устаў і глянуў у акно.
— Вось што, — ён павярнуўся да хлопчыка: — Я табе давяраю вялікую справу. Ты пойдзеш да дзядзькі Мірона і паведаміш яму, што да нас прыехалі паліцэйскія.
— А хто такі дзядзька Мірон?
— Камандзір партызанскага атрада, наш абаронца.
— А як мне яго знайсці?
— Я табе раскажу.
Дзед Іван растлумачыў, як знайсці атрад дзядзькі Мірона, і хлопчык пабег. Праз хвіліну азірнуўшыся, ён убачыў высокую постаць дзеда Івана, які ішоў па двары ў суправаджэнні двух паліцэйскіх.
Балюча сціснулася сэрца хлопчыка. Ён бег спачатку гародамі, потым кустамі да лесу. Але як ён ні спяшаўся, усё ж такі, пакуль знайшоў партызан, прайшло значна больш часу, чым ён разлічваў. Таму дзядзька Мірон са сваім атрадам парашыў напасці на паліцэйскіх не ў вёсцы, а зрабіць засаду на дарозе.
Паліцэйскія не чакалі засады і вельмі разгубіліся, калі раптам у матацыкл, які ехаў першым, з-за кустоў паляцела граната і ўслед за выбухам пачуўся сухі трэск стрэлаў.
Грузавая машына спынілася. Антак, які сядзеў побач з шафёрам, дрыжачымі рукамі адчыніў дзверцы і кінуўся ў кусты. Паліцэйскія, убачыўшы, што іх начальнік збег, таксама пабеглі ў лес, адстрэльваючыся. Але ўцячы ўдалося нямногім.
— А як прозвішча хлопчыка, які паведаміў партызанам аб налёце паліцэйскіх? — перапыніў расказ Зінаіды Антонаўны Віця Капусцін.
— Казіміраў, Сцяпан Казіміраў…
— А-а-а! — усклікнуў Віця. — Гэта той Казіміраў, чый дзённік знайшлі нашы хлопцы?
— Той самы, — адказала настаўніца.
— Зінаіда Антонаўна! А якое дачыненне мае Сцяпан Казіміраў да папер доктара Долахава? — спытала звеннявая Каця Спірыдонава.
— Так, так… — падтрымалі яе і другія вучні.— Раскажыце нам яшчэ пра доктара Долахава і яго паперы.
— Добра, слухайце…
Аднойчы ў жнівеньскую ноч у дзверы хаты настаўніцы Людмілы Андрэеўны, Жэнькавай маці, нехта нецярпліва пастукаў. Гаспадыня ўсхапілася. Хто б гэта мог быць? Зноў фашысты? Прыслухалася. Не, тыя б'юць у дзверы ботамі або прыкладамі аўтаматаў. Гэта нехта іншы. Яна хуценька апранулася, запаліла газоўку і падышла да дзвярэй.
— Хто там?
— Адчыніце, гэта я, — пачуўся за дзвярыма хрыплаваты голас.
— Хто гэта?
— Доктар Долахаў.
Жанчына, спяшаючыся, пачала адбіваць далонню завалку.
Карней Пракопавіч быў добры знаёмы Людмілы Андрэеўны. Адразу ж пасля ўз'яднання заходніх абласцей Беларусі з усходнімі па Ляхаўцах пайшла чутка, што ў іх вёску прыедзе доктар. «Не можа гэтага быць, — спачатку не паверылі людзі,— у нашай вёсцы будзе доктар?» Гэтага ж раней ніколі не было. Аднак чутка спраўдзілася. Аднойчы ў Ляхаўцы прыехаў на аўтамабілі невысокага росту, пажылы, але вельмі рухавы чалавек у пенснэ. Гэта і быў доктар Долахаў. Ён застаўся жыць на кватэры ў Людмілы Андрэеўны. Карней Пракопавіч даведаўся, што мясцовыя жыхары лечаць сухоты асобым грыбком. Грыбок гэты жыве на кары дубовых дрэў, якіх шмат расло паблізу ад Ляхаўцаў. Доктар вырашыў дасканала вывучыць лячэбныя ўласцівасці грыбка і незадоўга да вайны выехаў у Мінск, дзе да яго паслуг была добра абсталяваная лабараторыя.
…І вось доктар Долахаў вярнуўся.
Упусціўшы госця ў хату, Людміла Андрэеўна запёрла дзверы і, зайшоўшы ў пакой, разгублена сказала:
— Карней Пракопавіч, як жа вы, чаго ж гэта вы… Тут жа фашысты лютуюць…
— Ведаю! — сказаў доктар, распрануўшыся і прысеўшы на крэсла.
— Ды што ж вы тут будзеце рабіць? Карней Пракопавіч зірнуў на акно, якое было завешана коўдрай, потым на Людмілу Андрэеўну.
— Вы пытаецеся, што я буду рабіць?.. Я прыехаў сюды, каб… змагацца з ворагам.
Ён адпароў падкладку ў крысе пінжака і дастаў адтуль лісток паперы.
— Гэта заклік падпольнага абкома, — урачыста паведаміў ён і аддаў лісток Людміле Андрэеўне. Яна хуценька ўзяла яго, прагледзела і сказала, светла ўсміхаючыся:
— Я ўжо чытала… — потым ціха дадала: — Партызанскі атрад у нашым раёне ўжо створаны…
— Ведаю, — усміхнуўся і Карней Пракопавіч. — А я ў гэтым атрадзе буду лекарам. Мяне накіраваў падпольны абком партыі…
— Гэта добра, вельмі добра, — узрушана загаварыла настаўніца. — А як у вас справы з доследамі над супрацьсухотным грыбком?
— З доследамі? — перапытаў доктар. — Калі будзе магчымасць, буду іх працягваць. Дзеля гэтага я і папрасіўся ў атрад, які базіруецца каля нашай вёскі, каб быць бліжэй да дубовага лесу, так сказаць, маёй сыравіннай базы.
— Вам лепш было б у Маскву паехаць і там працягваць доследы, — заўважыла Людміла Андрэеўна.
— Тут я патрэбен больш, асабліва цяпер, калі разгараецца партызанская барацьба.
— Яно і праўда, — кіўнула галавой настаўніца.
Карней Пракопавіч выняў з кішэні хустачку і працёр ёю пенснэ.
— Людміла Андрэеўна, а дзе тут жыве дзед Іван? — спытаў доктар.
— Дзед Іван, школьны вартаўнік?
— Так.
— Я вас заўтра раніцой завяду да яго. А цяпер павячэраем.
— Не, не, дзякую. Мне трэба ўбачыць яго зараз жа.
— Ну, тады пойдзем. Яны апрануліся і выйшлі.
Ноч была светлая, і ісці вуліцай Людміла Андрэеўна пабаялася. Яны пайшлі агародамі.
— Вось жыццё настала, — напаўголаса паскардзілася настаўніца. — Па сваёй роднай вёсцы без страху прайсці нельга. Колькі людзей гіне ні за што. Ох, як цяжка жыць стала…
— Праўда, Людміла Андрэеўна, — таксама ціха адказаў Карней Пракопавіч. — Толькі хіба савецкія людзі баяцца цяжкасцей?
Яны падышлі да хаты, якая стаяла крыху наводшыбе. Настаўніца асцярожна пастукала ў акно пакоя, дзе жыў дзед Іван. Праз некаторы час пачуўся голас:
— Хто там?
Людміла Андрэеўна назвала сябе. Дзед Іван адчыніў дзверы. Яны зайшлі ў хату. Убачыўшы доктара Долахава, дзед Іван радасна і доўга трос яму руку.
— А мы вас ужо даўно чакаем, — сказаў дзед.
— Хіба вас папярэдзілі?
— Так. Людміла Андрэеўна, — звярнуўся дзед да настаўніцы, — паклічце, калі ласка, сюды Сцёпу.
— Добра.
Людміла Андрэеўна выйшла.
— Хто гэты Сцёпа? — спытаў Карней Пракопавіч у дзеда Івана.
— Гэта хлопчык тут адзін ёсць. З Масквы сам. У цёткі Насты жыве.
— А навошта вы яго клічаце?
— Ён праводзіць вас у атрад. Праз яго я і трымаю сувязь з атрадам. Вельмі кемлівы хлопчык. Сам я не хадок ужо, а да атрада няблізкі свет, — сказаў дзед Іван, быццам апраўдваючыся.
— А хто ўзначальвае атрад? — спытаў Карней Пракопавіч.
— Мірон Іванавіч Дубатаўка.
— Гэта той Дубатаўка, што працаваў старшынёй калгаса?
— Ён, ён… Толькі цяпер яго завуць дзядзька Мірон. Наш дзядзька Мірон фашыстам вядомы. Праўда, у яго яшчэ малавата людзей, але атрад бадай кожны дзень папаўняецца…
Ціха адчыніліся дзверы, і ў хату ўвайшлі Людміла Андрэеўна і Сцёпа.
— Ну вось, будзьце знаёмы, Сцяпан Казіміраў,— прадставіў Сцёпу дзед Іван. — Наш самы малады партызан.
— Прыемна, прыемна, — паціскаючы руку хлопчыка і ўсміхаючыся, гаварыў Карней Пракопавіч. — А ты ваўкоў не баішся?
— Я нічога не баюся, — спакойна адказаў Сцёпа на жарт доктара.
— Вось за гэта малайчына. Люблю смелых людзей! — Карней Пракопавіч папляскаў хлопчыка па плячы.
— Табе, Сцёпа, прыйдзецца правесці доктара Долахава ў атрад, — сказаў дзед Іван.
— Цяпер пойдзем?
— Цяпер.
Карней Пракопавіч і Сцёпа развіталіся і пайшлі. Першым крочыў Сцёпа, за ім — Карней Пракопавіч.
Месца для лагера было выбрана вельмі ўдала. Ён размяшчаўся ў глухім кутку лесу, і амаль з ўсіх бакоў яго абступалі балоты. Адзіная дарога, якая вяла да лагера цераз рэчку, і мост добра ахоўваліся партызанамі. Аднак была яшчэ адна сцежка і праз балоты. Вось па гэтай сцежцы Сцёпа і павёў Карнея Пракопавіча.
Доктар Долахаў аказаўся вельмі патрэбным чалавекам у атрадзе бацькі Мірона. Ён арганізаваў там сапраўдны шпіталь, у якім лячыліся не толькі партызаны, але і многія жыхары навакольных вёсак. Часамі, калі паблізу не было акупантаў, доктар Долахаў прыязджаў сам у вёску, лячыў хворых, рабіў аперацыі.
…— Зінаіда Антонаўна! — перабіла на гэты раз настаўніцу Ніна Бурэйка. — А ці скончыў доктар Долахаў доследы над супрацьсухотным грыбком?
— Скончыў і вельмі ўдала. Ён здабыў супрацьсухотны прэпарат і пачаў яго прымяняць. Аб прэпараце Карнея Пракопавіча дачуліся фашысты і вырашылі злавіць доктара.
— І гэта ім удалося? — не вытрымаў Віця Капусцін.
— На жаль, удалося, — з сумам прагаварыла Зінаіда Антонаўна. — І вось як гэта здарылася…
У той дзень Карней Пракопавіч прыехаў у вёску Ляхаўцы да Людмілы Андрэеўны радасны і ўсхваляваны. Гэта было ўжо лета 1944 года, і Савецкая Армія вяла баі за вызваленне Беларусі.
— Віншую вас, віншую, Людміла Андрэеўна. Чулі сёння зводку Саўінфармбюро? Мінскі напрамак з'явіўся. А я, даражэнькая, у Маскву збіраюся, у Маскву… І на душы ў мяне лёгка, лёгка, бо адчуваю, што і я для гэтай перамогі нешта зрабіў, у кустах не адседжваўся…
— Іменна ў кустах вы і сядзелі,— жартуючы, заўважыла Людміла Андрэеўна.
— Як гэта ў кустах? — не зразумеў доктар.
— А ваш партызанскі шпіталь дзе знаходзіцца? У лесе, у кустах…
— Ха-ха-ха! — весела засмяяўся доктар. — Вы правільна заўважылі… І сапраўды, усю вайну ў кустах праседзеў. Але недарэмна, недарэмна. Шмат людзей на ногі паставіў, а таксама і ў доследах маю пэўны поспех. Я вывучыў прыродныя ўмовы, у якіх расце супраць-сухотны грыбок. Удалося нават здабыць вельмі нязначную колькасць прэпарата, які я назваў антыкахеінам. Падрыхтоўчая работа скончана, цяпер засталося сёе-тое яшчэ праверыць, прадумаць… Важна, што галоўнае зроблена, пачатак пакладзены. Пройдзе некаторы час, і сухоты будуць такой жа рэдкай хваробай, як воспа. Ну, а як наш хворы?
Хворым у гэты час у Людмілы Андрэеўны быў Лёнік, брат Жэнькі.
— Дзякую, Карней Пракопавіч, лёгкая ў вас рука, можна сказаць, вярнулі хлопца з таго свету.
— Так, гнойны апендыцыт вельмі небяспечная хвароба, і добра, што мы не спазніліся з аперацыяй.
Аперацыю Лёніку Карней Пракопавіч зрабіў у мінулы прыезд у вёску Ляхаўцы.
— Правядзіце мяне да яго. Я ж у вас у апошні раз, бачыце, з усім сваім скарбам, — доктар кіўнуў галавой на жоўты сакваяжык, што стаяў каля яго на лаўцы. — У атрадзе ўжо з усімі развітаўся… Мой шлях цяпер — на партызанскі аэрадром… Заўтра ноччу па мяне самалёт прылятае. А сёння я хачу наладзіць свой апошні прыём. Даць парады хворым, пакінуць ім лякарствы.
Толькі Карней Пракопавіч устаў, каб ісці да хворага, як на вуліцы пачуліся стрэлы. Праз акно доктар і Людміла Андрэеўна ўбачылі, як два партызаны, што суправаджалі Карнея Пракопавіча, адстрэльваліся ад паліцэйскіх.
— Вам трэба ратавацца, — збялелымі вуснамі прашаптала Людміла Андрэеўна. — Ідзіце за мной, я схаваю вас…
Але было позна ўжо. У хату ўварваліся начальнік паліцыі Антак і з ім немец у чыне капітана.
— Вы нам якраз і патрэбны! — нахабна ўсміхаючыся, падышоў да Карнея Пракопавіча Антак. — Як відаць, дарэмна аб вас слава ходзіць, што вы вельмі добры і ўважлівы доктар. Нешта вы не вельмі турбуецеся аб сваіх хворых. Аперацыю калі зрабілі, а толькі сёння прыйшлі наведаць хворага. Нам ужо абрыдла сядзець у засадзе… Ну, але гэта ўсё між іншым. Галоўнае вам скажа капітан Вагнер, ад'ютант генерала фон Краузе.
Карней Пракопавіч стаяў спакойны, нават цень трывогі не прабег па яго твары, толькі рукі самі сабой сціснуліся ў кулакі.
— Мы чулі, што пан доктар зрабіў вялікае адкрыццё, — загаварыў капітан Вагнер з ліслівай усмешкай. — Пан доктар вынайшаў новы сродак супроць такога цяжкага захворвання, як сухоты. З гэтай прычыны генерал фон Краузе ад імя германскага ўрада прапануе вам свае паслугі і гарантуе вам асабістую свабоду… Вы ж наш палонны. А таксама абяцае стварыць усе неабходныя ўмовы для вашай далейшай навуковай дзейнасці. Вам будзе прадастаўлена цудоўная лабараторыя, абсталяваная па апошняму слову еўрапейскай тэхнікі. У сродках вы не будзеце мець недахопу. Я прашу падумаць над прапановай генерала фон Краузе.
— Мне няма чаго думаць! — загаварыў доктар. — На жаль, ніякага новага сродку супроць сухот у мяне няма. Сухоты я лячу агульнавядомымі для медыцыны ўсіх краін сродкамі.
— Вось што, дарагі,— з той жа нахабнай усмешкай на твары наблізіўся да доктара Антак. — Вы робіце горш не толькі для сябе, але і для навукі. Медыцына можа страціць такога выдатнага вучонага, як вы… калі не перадумаеце… Нам жа вядома, што вы новым сродкам вылечылі ад сухот некалькі чалавек.
— Паўтараю, хворых на сухоты я лячыў вядомымі медыцыне сродкамі.
— Брэшаш, сабака! — моцна стукнуў кулаком па стале Антак.
Доктар выпрастаўся, пагардліва глянуў на пазелянеўшага начальніка паліцыі і цвёрда адказаў:
— Я чалавек, а не сабака. А калі вы ўмееце размаўляць толькі з сабакамі, то, калі ласка, вунь на дварэ будка, там ляжыць Жучок, ідзіце і размаўляйце з ім.
Антак аж закалаціўся ад злосці.
— Пан Антак, прашу не гарачыцца, — усё гэтак жа лісліва загаварыў капітан Вагнер. — Трэба даць пану доктару падумаць, у нас час ёсць, мы можам пачакаць…
— А мне, на жаль, няма часу… Мяне чакаюць хворыя, — сказаў Карней Пракопавіч і, не спяшаючыся, пачаў апранацца.
Капітан узмахнуў рукой. Два паліцэйскія, якія стаялі ў дзвярах, схапілі доктара. Вагнер падышоў да Карнея Пракопавіча, пачаў яго абмацваць.
Карней Пракопавіч паказаў вачыма Людміле Андрэеўне на жоўты сакваяжык, што стаяў на лаўцы. Тая непрыкметным рухам скінула з сваіх плячэй хустку, каб прыкрыць яго. Аднак гэта заўважыў Антак.
— Што тут хаваеш? Ану, пакажы! — зароў Антак і рвануў за канец хусткі. Ён убачыў сакваяжык, шпарка расчыніў яго, выцягнуў адтуль тоўсты рукапіс, прачытаў уголас: «Мае меркаванні наконт здабычы антыкахеіна».
— А гэта што? Га? — ткнуў у твар рукапісам Карнею Пракопавічу Антак.
Доктар маўчаў, толькі вочы яго гнеўна палалі.
— Цяпер ты нам зусім не патрэбны! Расстраляць! — аддаў загад Антак.
— Не, ён нам можа быць яшчэ карысным, — запярэчыў капітан Вагнер. — Забярэм яго з сабой.
— Вы не маеце права забіраць паперы доктара! — паспрабавала пратэставаць Людміла Андрэеўна. — Аддайце іх мне.
Антак рэзка адштурхнуў жанчыну і павярнуўся да капітана:
— Навошта ён нам? Хіба вы не ведаеце савецкіх людзей? Доктар вам усё роўна нічога не скажа, хоць вы яго азалаціце. Наадварот, пры першай магчымасці ён спаліць свой рукапіс. А там жа сказана, як здабываць гэты антыкахеін, вось паглядзіце змест: «Дзе расце грыбок», «прыродныя ўмовы», «развядзенне грыбка».
— Добра! — згадзіўся капітан Вагнер. — Рабіце з ім што хочаце. Дайце мне гэты рукапіс.
З усіх хат да кватэры настаўніцы збягаліся людзі.
— Каты, людаеды… Такога чалавека забілі! — чуліся ўсхваляваныя галасы сялян.
Цела Карнея Пракопавіча ўнеслі ў хату. Побач з ім паклалі і двух партызан, якія загінулі ў няроўнай схватцы з паліцаямі. Плакалі жанчыны, сумныя стаялі старыя.
— За што ж гэта яны яго? — дапытваліся ў настаўніцы.
— За тое, што не хацеў аддаваць ім сваё вынаходства…
— Трэба ў партызанскі атрад паведаміць, — выказаў думку нехта з прысутных.
— І зараз жа, абавязкова, — схамянулася і Людміла Андрэеўна. — Яны ж яго жоўты сакваяжык з паперамі забралі. Такія важныя паперы!
— Я паведамлю дзядзьку Мірону, — выйшла наперад Таня, унучка дзеда Івана, маленькая дзяўчынка з тонкай шыяй і вострым носікам. Яна цяпер была сувязной, замяніўшы Сцёпу, які знаходзіўся ў атрадзе.
— А ты знойдзеш партызан? — строга запытаў дзед Іван.
— Знайду.
— Няхай ідзе, — загаварылі людзі.
Дзед Іван быў нездаволены ўнучкай, бо яна прагаварылася перад усімі, што ведае, дзе знаходзіцца партызанскі атрад. «Ох і задам жа я ёй потым», — падумаў дзед Іван, а ўголас сказаў:
— Ну, дык ідзі хутчэй. І Таня пабегла.
Таня даволі часта наведвала партызанскі атрад. Сувязной яна стала не адразу, а толькі пасля таго, як паказала сваю кемлівасць і вытрымку. Таня дапамагла Сцёпу выведаць, каго з людзей стараста намеціў адправіць у Германію. Калі гітлераўцы прыехалі па «рабочую сілу», нікога з намечаных людзей не было. Усе яны некуды зніклі. Гітлераўцы раззлаваліся, схапілі старасту і павезлі з сабой. Больш у вёску ён ужо не вярнуўся.
Шаснаццаць чалавек былі выратаваны ад нямецкай катаргі. Калі ў Сцёпы пыталіся, як яму ўдалося даведацца пра спісы, ён нязменна адказваў:
— Я тут ні пры чым, гэта ўсё Танечка. А справа была вось як.
Дзядзька Мірон даручыў Сцёпу высветліць, што сабой уяўляе стараста, які пры людзях лаяў немцаў і ў той жа час старанна выконваў іх загады. Сцёпа тады яшчэ жыў у вёсцы і быў ужо не толькі сувязным, але і разведчыкам. Ён часта хадзіў па заданню ў раённы цэнтр, іншы раз днямі сядзеў у кустах на скрыжаванні дарог, наглядаў, колькі за дзень праходзіла машын, з якімі грузамі, потым аб усім дакладваў дзядзьку Мірону.
Аднойчы пад вечар у вёску прыехаў начальнік паліцыі. Ён зайшоў у хату да старасты і доўга аб нечым гаварыў з ім. Сцёпа і Таня як ні прыслухоўваліся пад вокнамі, але разабраць, аб чым размаўлялі ў хаце, ім не ўдалося.
Калі Антак паехаў, стараста вярнуўся ў хату, дастаў з шафы вучнёўскі сшытак, вырваў з яго два лісты паперы і разлажыў перад сабой. Потым узяў аловак і задумаўся.
— Пісаць нешта будзе, — шапнула Таня. Яна стаяла ў Сцёпы на плячах і заглядала паверх фіранкі.— Паперу разлажыў…
— Вось бы даведацца, што ён будзе пісаць…
— А гэта можна, — раптам шапнула Таня. — Давай зробім так: як толькі ён скончыць пісаць, ты пакліч яго на двор, прыдумай якое-небудзь пытанне. А я праз акно ўлезу ў хату і пагляджу, што ён пісаў.
— Добра, — згадзіўся Сцёпа.
Яны пачалі старанна сачыць за кожным рухам старасты. Той доўга нешта думаў, а потым пачаў пісаць. Грамацей, відаць, ён быў невялікі і пісаў марудна, выводзячы кожную літару. Прыкладна праз гадзіну ён скончыў.
— Дзядзька Людвіг, а дзядзька Людвіг, адчыніце, — настойліва пачаў стукаць Сцёпа ў дзверы.
— Хто там? — стараста нехаця падняўся з-за стала.
— Гэта я, Сцёпа… У вас нейкі чалавек на двары стаіць, — таямніча паведаміў хлопец.
— Што за чалавек? — устрывожыўся стараста, расчыняючы дзверы. — Ну, дзе ён?
Сцёпа паказаў на нейкую постаць, якая сапраўды стаяла, прыхіліўшыся да плота.
На дварэ ўжо сцямнела, і што-небудзь разгледзець, не падыходзячы, было цяжка.
— Я даўно ўжо за ім наглядаю, — паведаміў Сцёпа, — а ён стаіць і нават не варушыцца.
— Хто ж гэта можа быць? — яшчэ больш устрывожыўся стараста.
— Не ведаю. Адзін я баяўся падысці… Стараста пачаў ціха падкрадацца да цёмнай постаці.
— Ах ты, шчанё палахлівае! — раптам вылаяўся ён. — Гэта ж мая світка вісіць!
— Сапраўды, світка. А здалёк падобна, быццам чалавек стаіць…
— Ідзі прэч, няма чаго тут швэндацца, — сказаў незадаволена стараста і, згробшы сваю світку, пайшоў у хату.
— Ну, паспела? — выскачыўшы на вуліцу, запытаўся Сцёпа.
— Паспела…
— Што ён пісаў?
— Складаў спіс нашых людзей для адпраўкі ў Германію.
— А ты запомніла, каго ён намеціў?
— Я некаторых нават перапісала, а астатніх так памятаю.
— Добра, вельмі добра. Трэба зараз жа ўсіх папярэдзіць аб небяспецы.
— А можа, гэтыя спісы стараста склаў толькі для выгляду, а сам паведаміць людзям, каб уцякалі? — усумнілася Таня.
— Наўрад… Але паглядзім…
Стараста нікому нічога не паведаміў.
Пасля гэтага выпадку Таня і стала сувязной атрада дзядзькі Мірона, а Сцёпа перайшоў назусім у атрад.
…Таня бегла па вузкай звілістай сцежцы, якая вяла нацянькі да моста праз невялічкую рачулку, што працякала недалёка ад вёскі. Калі ісці па дарозе, то да моста будзе добрых шэсць кіламетраў, сцежкай жа — кіламетры два. А там, за мостам, трэба павярнуць у лес і па прыкметах, якія паказаў Тані Сцёпа, прабірацца далей. За лесам пачыналася балота, а там зноў лес. На ўскраіне другога лесу стаяла хата леснічыхі Тэклі. Ад яе да партызанскага атрада было не больш трох кіламетраў.
Вось і мост, дзе трэба павярнуць. Але што гэта? Таня прыслухалася. Нехта страляе і зусім блізка. Спачатку Таня хацела хутчэй пабегчы, а потым спынілася і вырашыла паглядзець, што там робіцца.
Таня асцярожна, шмыгаючы з куста ў куст, пачала прабірацца ў той бок, адкуль чуліся стрэлы. Тое, што яна ўбачыла, вельмі здзівіла яе. Недалёка ад моста стаяла паліцэйская машына са спушчаным колам. Капітан Вагнер і Антак, сашчапіўшыся, качаліся па зямлі, равучы, як падбітыя звяры. Двое паліцэйскіх, з якіх адзін быў шафёрам, ляжалі забітыя. «Што гэта такое?»
І раптам Таня ўбачыла маленькі жоўты сакваяжык Карнея Пракопавіча, які ляжаў на траве.
З грудзей дзяўчынкі ледзьве не вырваўся крык радасці. Яна ўмомант падскочыла да сакваяжыка, схапіла яго і кінулася, што было Духу, далей ад гэтага месца. Так нечакана паперы доктара зноў апынуліся ў савецкіх людзей.
Расправіўшыся з доктарам, Антак, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх селі ў машыну. Узняўшы хмару шэрага пылу, машына знікла за паваротам дарогі.
Антак сядзеў і думаў. Невясёлыя думкі былі ў яго. Ён бачыў, як пад ударамі Савецкай Арміі ламалася лінія нямецкай абароны, як уцякалі хвалёныя фашысцкія дывізіі, як паток раненых з усходняга фронту запрудзіў літаральна ўсе дарогі. І яго вера ў гаспадароў, якім ён аддана служыў гэтыя гады, — пахіснулася. У апошні час ён усё часцей і часцей задумваўся над тым, як уратаваць сваю скуру. «Зноў эміграцыя, — з жахам думаў Антак, — бяспраўнае існаванне, злыя кпіны і жарты…» Праўда, яны з бацькам цяпер улічылі ўсе магчымыя змены і правялі адпаведную падрыхтоўку. Іх сейф быў амаль да краёў напоўнены золатам. А з золатам і ў эміграцыі пражывеш.
Машыну высока падкінула на выбоіне. Маленькі жоўты сакваяжык таксама падскочыў і ўдарыў па каленях капітана. Той раптам павярнуўся да Антака і радасна загаварыў, ткнуўшы пальцам у сакваяжык.
— Цудоўная знаходка! Гэтыя паперы не маюць цаны. Я накірую іх у Берлін, і там хутка асвояць здабычу новага супрацьсухотнага прэпарата. Мой цесць — гаспадар буйнага фармацэўтычнага завода ў Германіі. Мільёны будзе заграбаць…
Пры слове мільёны Антак насцеражыўся. «А чаму б мне не захапіць гэтыя паперы? За граніцай я змог бы выдаць сябе за вучонага-вынаходцу, які вынайшаў выдатны сродак барацьбы з сухотамі… Але як гэта зрабіць?»
Нечакана ззаду пачуўся гучны стрэл, і машына, рэзка затармазіўшы, спынілася. Антак глыбока ўцягнуў галаву ў плечы.
— Пракляты балон, другі раз за дзень лопаецца, — вылаяўся шафёр.
— Ах, балон, — з палёгкай уздыхнуў Антак, але зараз жа зноў у яго заварушыліся падазроныя думкі: «Ведаем мы гэтыя балоны, спецыяльна накідаюць цвікоў, машына спыніцца, а тады і распраўляюцца». З машыны вылезлі паліцэйскія, але з імі ніхто не распраўляўся. «Няўжо выпадковасць?» — не верылася Антаку. Ён высунуў спачатку галаву, прыслухаўся і, не пачуўшы нічога падазронага, вылез з машыны.
Стаяў гарачы летні дзень. Сонца шчодра паіла зямлю спякотнымі праменнямі. Было вельмі ціха. Дрэвы, кусты, трава — усё застыла ў непарушным маўчанні, нават птушкі пахаваліся недзе ў гушчары, і не было чуваць іх вясёлага цвіркання. Няцяжка ўявіць, якая гарачыня была ў машыне. Тоўсты капітан Вагнер увесь абліваўся потам; крыху пачакаўшы, ён таксама вылез з машыны, пераскочыў кювет і з асалодай расцягнуўся пад кустом на мяккай пахучай траве, падклаўшы сакваяжык з паперамі пад галаву.
«Вось чорт, — вылаяўся ў думках Антак, — ні на хвіліну не расстаецца з ім». І раптам нядаўна ўзнікшая думка стаць адзіным гаспадаром сакваяжыка завалодала ім цалкам. Для гэтага цяпер быў самы зручны момант. Шафёр важдаўся з колам аўтамашыны, другі паліцэйскі дапамагаў яму, а таўсцяк капітан грэўся на сонцы.
Антак выхапіў рэвальвер і стрэліў спачатку ў паліцэйскага, потым у шафёра. Паліцэйскі неяк дзіўна выгнуўся і паваліўся, шафёр, які сядзеў з колам у руках, ткнуўся тварам у зямлю. Капітан Вагнер усхапіўся і з перакошаным ад жаху тварам пачаў аглядацца. З-за машыны яму не было відаць ні Антака, ні паліцэйскіх, а начальнік паліцыі тым часам прыцэліўся і стрэліў у капітана. Капітан пахіснуўся, з рук яго вываліўся пісталет, і ён, схапіўшыся за грудзі, упаў. Антак выскачыў з-за машыны, падбег да капітана, піхнуў яго нагою і нагнуўся, каб падняць сакваяжык. Але ў гэты момант капітан, які быў толькі паранены, раптам учапіўся ў Антака, і яны пакаціліся па траве. Антаку ўдалося намацаць горла Вагнера. Капітан хрыпеў, але не здаваўся. Тады Антак прыўзняў яго і бразнуў галавой аб камень, які тырчэў з зямлі.
Капітан адразу абмяк. Антак пастаяў над ім некалькі секунд і адышоў. Выгляд у яго быў страшэнны. Ускалмачаны, увесь у крыві, з вылупленымі вачыма, ён, хістаючыся, накіраваўся да таго месца, дзе ляжаў сакваяжык, бо ў час бойкі з капітанам яны адкаціліся на некалькі метраў убок. Але… сакваяжыка не было.
«Ог-г-г», — заскрыгатаў зубамі Антак. Ён нават не паверыў сваім вачам, кінуўся на зямлю і пачаў рукамі расхінаць траву, быццам шукаў іголку. Потым падняўся, падбег да машыны: можа, ён там? Ад машыны зноў пабег назад, але ўсё было дарэмна — сакваяжык нібы праваліўся скрозь зямлю. І тады Антак выхапіў з машыны аўтамат і ад злосці застрачыў па кустах. Раз, другі! Раптам яму здалося, што нехта ўскрыкнуў. Начальнік паліцыі прыслухаўся і агледзеўся. Было зусім ціха, толькі з кустоў яшчэ падалі перабітыя кулямі бледна-зялёныя лісцікі. Антак рушыў у кусты.
Не паспела Таня яшчэ адбегчы, як пачула аўтаматную чаргу. Дзяўчынка толькі хацела ўпасці на зямлю, але ў гэты момант нешта балюча апякло левую руку каля самага пляча. Ад нечаканасці і болю ў яе вырваўся той крык, што пачуў Антак. Таня сарвала з галавы хустку і пачала перавязваць ёю рану. Пакуль яна гэта рабіла, пачуліся цяжкія крокі начальніка паліцыі. Ён рассоўваў кусты і пільна ўглядаўся.
«Зараз убачыць…» — спалохалася дзяўчынка і, не скончыўшы перавязваць рану, шмыгнула ў густы куст. Там, пад яго галінамі, была невялікая яма, якую адразу цяжка было заўважыць. Вядома, лепш было б уцякаць, але Антак быў ужо занадта блізка. Таня асцярожна падлезла пад куст, лягла на дно ямы і старанна прыкрылася, нахіліўшы над сабой галінкі. Можа, Антак не пойдзе сюды, а зверне ў другі бок? Але не, Таня пачула, як ён пераскочыў маленькую канаўку, якраз там, дзе яна пераходзіла, і палез у самы гушчар.
У Тані, здавалася ёй, перастала біцца сэрца… Праз лісце, як праз сіта, яна ўбачыла жоўты, даўганосы твар з маленькімі калючымі вачыма, якія так і шнырылі па кустах. Таня заплюшчыла вочы, чакаючы, што вось-вось ён зробіць яшчэ крок і ўбачыць яе… Але прайшла секунда, а начальнік паліцыі не рухаўся. Ён стаяў і напружана прыслухоўваўся. Таня стаіла нават дыханне… Калі ж ён пойдзе?.. Нарэшце Антак, мабыць, нічога падазронага не заўважыўшы, павярнуўся і пайшоў назад. Дзяўчынка праляжала ў сваім сховішчы некалькі хвілін, потым асцярожна выпаўзла, прыслухалася.
Было ціха. Небяспека мінула. Цяпер трэба хутчэй, хутчэй бегчы ў атрад, перадаць сакваяжык. Але што гэта? Нейкая млявасць разлілася па ўсім целе, ёй раптам захацелася спаць. «Гэта ад страты крыві», — здагадалася дзяўчынка. Але яна павінна ісці, зараз жа. А ногі? Што зрабілася з нагамі? Хто прывязаў да іх такія цяжкія гіры? Ледзь трымаючыся на нагах, Таня вылезла з кустоў, перайшла дарогу і знікла ў лесе.
Вялікая Айчынная вайна была для савецкага народа цяжкім выпрабаваннем. Вораг акупіраваў значную частку савецкай тэрыторыі, бясконца трубіў аб сваіх поспехах на фронце. Але, нягледзячы на часовы поспех фашыстаў, народ цвёрда верыў у перамогу. Гэтую веру ўсімі сіламі ў акупіраваных раёнах падтрымлівалі партызаны.
Іх агітацыя была нагляднай і пераканаўчай. Таня ўспомніла, як аднойчы вясной 1942 года да іх у вёску прыйшоў агітатар з партызанскага атрада дзядзькі Мірона. Гэта быў малады ружовашчокі хлопец у кажуху і валёнках, з аўтаматам за плячыма. Ён сабраў людзей у хаце настаўніцы Людмілы Андрэеўны і сказаў:
— Сёння я вам прачытаю нарыс аб тым, як змагаюцца нашы савецкія людзі з ненавіснымі акупантамі. Гэты нарыс называецца «Таня», напісаў яго маскоўскі журналіст П. Лідаў.— І ціхім, усхваляваным голасам ён прачытаў аб подзвігу маладой дзяўчыны-партызанкі, якая падпаліла варожы склад, канюшню і была злоўлена акупантамі.
Яе доўга катавалі, мучылі, білі, але яна нікога не выдала, нічога не сказала. Калі партызан-агітатар скончыў чытаць, ціхія ўсхліпванні, што чуліся да гэтага часу, перайшлі ў рыданне. Партызанка Таня як бы з'явілася для ўсіх увасабленнем той грознай сілы, якой ніколі не адолець акупантам.
Народ быў вельмі ўдзячны партызанам. Гэта яны, калі фашысты забралі ў ляхаўчан і везлі на бойню амаль усю жывёлу, наладзілі бойню самім рабаўнікам, а жывёлу вярнулі гаспадарам.
Партызаны помсцілі фашыстам за здзекі і рабаванні, яны выкрывалі фашысцкую хлусню, паведамлялі народу праўду аб становішчы на франтах, часта наладжвалі радыёслуханне Масквы.
З свайго боку, народ не заставаўся перад партызанамі ў даўгу. Для іх збіраліся цёплая вопратка, харчы, медыкаменты. Калі часам у вёску прыязджалі фашысты і там у гэты час быў хто-небудзь з партызан, людзі надзейна хавалі яго.
Таня ўспомніла, як аднойчы ўвечары да іх забег ранены партызан. Ён расказаў, што пры ўваходзе ў вёску наткнуўся на варожы патруль. У час перастрэлкі ён забіў аднаго фашыста, а двое другіх гоняцца за ім. Сказаўшы гэта, партызан страціў прытомнасць. Дзед Іван узяў яго на рукі і аднёс у свіран, дзе пад падлогай быў зроблены спецыяльны патайнік. Толькі ён паспеў замаскіраваць патайнік розным хламам і вярнуцца ў хату, як уварваліся фашысты.
— Дзе партызан? — злосна закрычалі яны.
— Няма ў нас ніякага партызана, — адказаў дзед.
— Мы ведаем, што ён тут…
— Калі ведаеце, то шукайце… Фашысты пачалі пошукі. Адзін пайшоў у сенцы, другі палез на гару, а трэці шукаў у хаце. Але вось Таня заўважыла на тым месцы, дзе стаяў партызан, пляму крыві. Кроў вось-вось маглі заўважыць і ворагі.
Дзяўчынка выкарыстала момант, калі гітлеравец, што застаўся ў хаце, пачаў ператрасаць рэчы ў шафе, дзе ніякага партызана, вядома, быць не магло, і непрыкметным рухам паказала дзеду на кроў. Дзед спачатку разгубіўся, але потым падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Хутка ўсе тры фашысты, нічога не знайшоўшы, сабраліся ў хаце. Яны яшчэ раз агледзелі ўсе закуткі, нават зазірнулі ў печ, але нікога не знайшлі і былі сабраліся ўжо ісці. Раптам адзін з іх, высокі з рыжымі вусамі, убачыў на падлозе кроў.
— А гэта што? — зароў ён. — Кроў партызана?
— Гэта мая кроў! — спакойна адказаў дзед і паказаў параненую руку. — Лучыну шчапаў, вось і секануў па руцэ.
Так фашысты і пайшлі ні з чым.
Пасля гутаркі агітатара аб маскоўскай партызанцы Тані маленькая ўнучка дзеда Івана пачала ганарыцца, што мае такое слаўнае імя, якім называлася храбрая партызанка. Пазней дзяўчынка даведалася, што сапраўднае імя той гераіні Зоя Касмадзям'янская і што ёй пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. І вось, калі дзяўчынка з сакваяжыкам прабіралася па лесе і амаль траціла прытомнасць ад болю, яна сціскала зубы і ўпарта паўтарала: «Я Таня, я Таня»… і гэта надавала ёй новыя сілы.
Між тым млявасць усё больш авалодвала дзяўчынкай. Вельмі хацелася піць. У роце зрабілася так суха, што цяжка было паварушыць языком. Дзяўчынка ішла, падала, некалькі хвілін ляжала нерухома. Потым, крыху адпачыўшы, паднімалася і ішла далей. Гадзіны праз тры яна дабралася толькі да балота. Тут сілы яе пакінулі зусім, і яна страціла прытомнасць.
Ачуняла, калі пачало заходзіць сонца. Вялізны вогненны шар вісеў над лесам, і здавалася, як толькі ён дакранецца да верхавін дрэў, лес умомант успыхне. Таня рушыла далей.
Як яна перайшла балота, колькі часу мінула — Таня не памятала. Свядомасць зноў вярнулася да яе толькі тады, калі яна ў цемры намацала рукамі нешта шурпатае з маленькімі калючымі пясчынкамі. Гэта быў ганак леснічыхі Тэклі.
Леснічыха Тэкля была худая, высокая жанчына з жоўтым маршчыністым тварам. Яна насіла даўгую суконную спадніцу і поверх паркалёвай кофтачкі надзявала ватоўку. У такім убранні яна хадзіла і зімой і летам. У вялікай прасторнай хаце Тэкля жыла адна. Некалі ў яе была ладная сям'я: муж — ляснік Сымон і тры сыны. Пакуль сыны былі дома, у хаце было людна і шумна. Потым старэйшы з іх, Васіль, падаўся ў горад на заработкі. Прызвалі ў армію другога сына — Міхася. Нарэшце перад самай вайной пакінуў бацькоўскі дом і трэці — Мікола. У лесніковай хаце зрабілася зусім ціха.
Калі пачалася вайна, Сымон хацеў падацца ў партызаны, але дзядзька Мірон адгаварыў яго. Ён даручыў лесніку зрабіць у сваёй хаце так званы кантрольна-перасадачны пункт. Калі партызаны вярталіся з задання, яны заходзілі да дзядзькі Сымона, мыліся ў лазні, адпачывалі.
Але аднойчы зімой стары ляснік прастудзіўся і памёр. Яшчэ больш пазмрачнела, пажаўцела леснічыха. Аднак хату сваю не пакінула, хоць яе сястра не раз угаварвала перабрацца ў вёску. Цяпер Тэкля пачала выконваць абавязкі свайго мужа: паліла ў лазні і часам хадзіла ў атрад з якім-небудзь важным паведамленнем, перададзеным ёй сувязнымі.
У вольны час восенню і зімою яна вязала цёплыя шкарпэткі і шалікі для партызан і вельмі сумавала, калі да яе доўга ніхто не прыходзіў.
У гэты летні вечар цётка Тэкля сядзела адна і латала партызанам бялізну. У галаве яе варушыліся цяжкія думы. Чым бліжэй падыходзіў фронт, тым больш неспакойнай рабілася старая. «Ці ўдасца ўбачыць сыноў? Ці жывыя яны? Каб толькі даведацца, што жывыя, і паглядзець на іх хоць адзін раз, тады можна спакойна і паміраць», — думала яна.
На дварэ было ціха, нават заўсёды неспакойная асіна, што расла пад акном, не шапацела лісцікамі. Лес стаяў у напружаным маўчанні, быццам да нечага прыслухоўваўся. Толькі начныя матылі і розныя лясныя жучкі раз-пораз стукаліся ў аконныя шыбы — вельмі ўжо вабіў іх агеньчык газоўкі.
Раптам старой здалося, што быццам нешта зашкрэбала па сцяне. Старая выйшла ў сенцы, прыслухалася. Так, шкрэбаюць па дзвярах.
— Хто там? — запытала леснічыха.
— Гэта я, Таня, — пачуўся слабы дзіцячы голас.
— Чаго ты так позна? — занепакоілася старая і, адкінуўшы тоўсты жалезны крук, асцярожна прачыніла дзверы.
Дзяўчынка ляжала на ганку.
— Таня, Танечка, што з табой? — замітусілася цётка Тэкля, дапамагаючы дзяўчынцы ўстаць. Таня і цётка Тэкля ў апошні час моцна пасябравалі. Калі Таня прыходзіла да леснічыхі перадаць ёй звесткі для атрада дзядзькі Мірона, яна падоўгу затрымлівалася ў старой. Яны неаднойчы разам хадзілі па ягады і грыбы. Леснічыха расказвала дзяўчынцы пра сваіх сыноў, пра лесніка Сымона, пра тое, як яны гаравалі пры панах. Таня ўважліва слухала, ёй было ўсё гэта цікава, а старая была рада, што знайшла сабе слухачку.
— Цётка Тэкля, — ціха загаварыла Таня. — Вам трэба зараз жа занесці ў атрад дзядзькі Мірона сакваяжык.
— Які сакваяжык?
— Вось гэты, — паказала Таня. — Тут знаходзіцца праца доктара Долахава. Фашысты яго застрэлілі…
— Карнея Пракопавіча забілі? У-ух, гады… Каб ім свету не бачыць… Забойцы… — У старой задрыжэлі губы, гнеўна запалалі вочы.
Леснічыха добра ведала доктара Долахава і любіла яго. Па просьбе Карнея Пракопавіча яна не раз збірала для партызанскага шпіталя розныя лекавыя травы.
— Так, забілі…— пацвердзіла Таня. — Але засталіся яго паперы, вельмі важныя паперы, за імі фашысты ганяюцца. Таму іх трэба занесці зараз жа.
— Ну добра, пойдзем…
Цётка Тэкля ўважліва паглядзела на дзяўчынку.
— Э-э, дык ты паранена?..
— Так, у руку, але гэта нічога… Дайце мне піць…
Леснічыха прамыла цёплай вадой рану, перавязала яе, напаіла дзяўчынку кіслым малаком.
— Ну вось, цяпер да мяне сілы вярнуліся, можам ісці,— сказала Таня.
Цётка Тэкля ахінула плечы вялікай чорнай хусткай, узяла Таню за руку, і яны выйшлі з хаты.
Хоць на небе свяціў месяц, але шпарка ісці было немагчыма. З балота ў лес наплыў белы туман. Ён быў такі густы, што за тры крокі перад сабой не было нічога відаць. Леснічыхе і Тані вельмі цяжка было знаходзіць шлях, і яны часта вымушаны былі спыняцца, каб пераканацца, што ідуць правільна. На шчасце, паласа туману скончылася, і можна было паскорыць хаду. Раптам цётка Тэкля і Таня пачулі далёкі брэх сабак.
— Пагоня! — ускрыкнула Таня і спынілася. Спынілася і цётка Тэкля. Прыслухаліся.
— Яны ўжо, здаецца, у маёй хаце, — сказала леснічыха. — Нам трэба хутчэй бегчы.
Аднак бегчы ноччу па лесе было не так лёгка. Пачаўся гушчар, балюча драпаліся галінкі. Па дарозе часта трапляліся вываратні, пад імі ў ямах стаяла вада. Таня ледзь не трапіла ў такую яму. Другі раз яна ў цемры ўзлезла на мурашнік. З кожным крокам яна адчувала ўсё большую стомленасць.
— Ой, цётка Тэкля, — цяжка дыхаючы, спынілася Таня. — Замарылася я зусім… Давайце крыху перадыхнем.
— Гаў-гаў-гаў!.. — сабачы брэх пачуўся бліжэй.
— Чуеш? — замест адказу спытала леснічыха. — Яшчэ трошачкі пратрымайся, дачушка, зараз мы выберамся з гушчару, там далей лягчэй будзе…
«Каб хоць паспець дабегчы да прасекі», — думала цётка Тэкля, а там, яна ведала, пачынаюцца партызанскія пасты. Да прасекі было больш за паўкіламетра.
— Не адставай, ужо недалёка, — падбадзёрвала старая Таню.
Нарэшце дрэвы пачалі радзець, кусты таксама быццам некуды разышліся: месяц, які быў схаваўся за хмару, асвятліў вялікую паляну.
— Ну вось! — з палёгкай уздыхнула цётка Тэкля. — Выбраліся. Як ты адчуваеш сябе, Танечка?
Цётка Тэкля павярнулася і не адразу ўбачыла дзяўчынку. Яна ляжала тварам уніз у высокай сухой траве.
— Што з табой? Змаглася? — нахілілася над ёй старая.
— Цётка Тэкля… Вы бяжыце… пакіньце мяне… я больш не магу, — ціха зашаптала Таня.
Леснічыха асцярожна падняла дзяўчынку на рукі і пайшла з ёй. Але старэчае сэрца цёткі Тэклі не магло ўжо спраўляцца з такой нагрузкай, і яна час ад часу вымушана была спыняцца, каб перадыхнуць.
Сабачы брэх, які быў заціх, зараз узнік амаль побач.
— Няўжо не паспеем? Дагоняць, заб'юць і мяне, і дзіця, паперы забяруць… Патрымайся, Тэкля Антонаўна… яшчэ патрымайся… Ужо недалёка, — шаптала сама сабе леснічыха.
— Гаў-гаў-гаў!.. — вялізны сабака выскачыў з-за куста і схапіў Тэклю за хустку. Тады леснічыха скінула яе. Сабака, відаць, заблытаўшыся, крыху адстаў… А вось і прасека. Святло месяца вольна гуляе тут, нішто яму не перашкаджае — ні галінкі дрэў, ні туман.
«Та-та-та-та!» — застукала недзе ззаду.
«Та-та-та-та!» — адгукнулася і спераду.
«Страляюць!» — здагадалася леснічыха і спынілася, не ведаючы, што рабіць. У гэты момант нехта падбег да яе, збіў разам з Таней з ног і прыціснуў да зямлі.
— Не варушыцеся, цётка Тэкля, — пачула яна голас Сцёпы. І ён здаўся ёй такім родным, такім блізкім, што старая не то ад перажытага хвалявання, не то ад радасці заплакала.
Вярнуўшыся ў раён, Антак адразу накіраваўся да ваеннага каменданта маёра Брунера… Маёр Брунер, маленькі, шчуплы мужчына гадоў пад сорак пяць, заўсёды чыста паголены і акуратна апрануты, сядзеў у сваім кабінеце і нешта пісаў. Ён загадаў начальніку паліцыі пачакаць, але калі Антак сказаў, што ў яго тэрміновая справа, звязаная з партызанамі, маёр Брунер усхапіўся і запрасіў Антака сесці.
Камендант баяўся лясных мсціўцаў больш за ўсё на свеце. І каб не загады зверху, якія патрабавалі новых і новых захадаў супроць партызан, сядзеў бы ён сабе ціхенька, як мыш у нары.
Антак расказаў, што недалёка ад вёскі Ляхаўцы на іх напалі партызаны, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх загінулі. Сам жа ён выратаваўся выпадкова.
Маёр Брунер паверыў.
— Паедзем паглядзім, — прапанаваў Антак, ведаючы, што маёр Брунер ні ў якім разе не паедзе.
— Не, не, мне няма часу, — адмоўна закруціў галавой той.
— Але ж забітых трэба пахаваць, — запярэчыў Антак. Ён хацеў хутчэй вярнуцца на тое месца, дзе знік сакваяжык, але адзін ехаць баяўся. Паліцэйскіх вольных не было. Таму Антак настойваў, каб камендант паслаў з ім сваіх людзей.
— Добра, добра, — нарэшце згадзіўся маёр Брунер.
Ён выклікаў лейтэнанта Штума і загадаў яму:
— Вазьміце дзесяць салдат, едзьце на месца нападу і пахавайце забітых паліцэйскіх там, а капітана прывязіце сюды.
«Ну вось, што мне і трэба!» — радасна падумаў Антак і папрасіў лейтэнанта захапіць з сабой аўчарку. Пакуль лейтэнант і салдаты рыхтаваліся, Антак хадзіў па пакоі і напружана думаў: дзе мог падзецца сакваяжык? Хто яго падхапіў? І слава вучонага, аб якой ён пачаў ужо быў марыць, а галоўнае, мільённыя прыбыткі ад продажу супрацьсухотнага прэпарата — усё, усё прапала. Але не! Антак не з такіх, каб так хутка апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер.
— Машына гатова! — далажыў салдат.
— Заводзьце, мы зараз ідзем.
Праз гадзіну Антак, лейтэнант Штум і дзесяць салдат прыбылі на месца «сутычкі» з партызанамі… Лейтэнант загадаў салдатам тут жа на ўзбочыне пахаваць забітых паліцэйскіх, а сам узяў аўчарку і павёў яе туды, дзе ляжаў капітан. Сабака абнюхаў траву і раптам заскуголіў, кінуўся ў кусты.
— Ён некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант.
— Пан лейтэнант! — азваўся Антак. — Дайце мне пяць чалавек, і я прайду па следзе.
Лейтэнант з радасцю згадзіўся, тым больш што асабіста яму зусім не хацелася лезці ў гэты непраходны гушчар, дзе на кожным кроку магла напаткаць партызанская куля.
— Ганс! — крыкнуў ён яфрэйтару, не зыходзячы з месца. — Вазьмі пяць чалавек і прайдзі з панам Вышамірскім па следзе. Мы вас будзем чакаць тут! — крыкнуў лейтэнант наўздагон.
Сонца ўжо схавалася, і Антак час ад часу асвятляў ліхтарыкам дарогу. Сабака вёў упэўнена і хутка. «Відаць, нехта падыходзіў да месца нашага прыпынку і ўзяў сакваяжык, калі я з капітанам валтузіўся», — думаў ён.
Прайшоўшы кіламетры чатыры лесам, Антак з салдатамі выйшаў да балота. Сабака спыніўся і завыў. Начальнік паліцыі асвятліў ліхтарыкам зямлю і заўважыў чарнеючую пляму. Гэта была кроў. «Значыць, той, хто забраў сакваяжык, быў паранены», — з радасцю падумаў начальнік паліцыі. Тым часам сабака абнюхаў сляды і рваўся далей.
Антак ступаў асцярожна, старанна прыглядаючыся да вузенькай сцежкі, якая змейкай вілася між купін. За ім ланцужком ішлі салдаты. Пад цяжкімі салдацкімі ботамі мяккая балоцістая глеба глыбока ўгіналася, а месцамі і правальвалася. Салдаты са страхам аглядаліся наўкола. Хутка яны вымушаны былі яшчэ больш замарудзіць крокі. Над балотам апусціўся туман. Каб не згубіцца, салдаты трымаліся адзін за аднаго.
Перайшоўшы балота, яны ўбачылі хату леснічыхі.
— Гэй, хто тут? Адгукніся! — крыкнуў Антак.
Але хата маўчала. Тады Антак аддаў каманду абшукаць усе будынкі.
Нікога не знайшоўшы, Антак з салдатамі пайшоў далей. Сабака цяпер часта брахаў і рваўся наперад, відаць, чуў свежы след. «Каб хаця не трапіць у засаду, — мі мільганула ў Антака думка. — Гэта, напэўна, дарога да партызанскага лагера…» Але пакуль што на іх шляху ніякіх прыгод не было, і гэта падбадзёрвала начальніка паліцыі. Адзін раз яму нават пачуўся трэск сухой галінкі. «Мабыць, даганяем», — узрадаваўся ён. І сапраўды, выбраўшыся з гушчару на паляну, Антак і салдаты ўбачылі чалавечую постаць. Яны спусцілі сабаку, а самі шпарка кінуліся ўслед за ім. Раптам начальнік паліцыі ўбачыў, як сабака чагосьці закруціўся на адным месцы. «Напэўна, нажом паранулі», — падумаў ён і даў чаргу з аўтамата па постаці. Але ў гэты ж момант такая ж аўтаматная чарга пачулася ў адказ. Такой сустрэчы ні Антак, ні салдаты не чакалі. Яны павярнуліся і, прыгінаючыся, хутка пабеглі назад.
Толькі выбегшы з лесу, начальнік паліцыі на хвілінку спыніўся, каб перавесці дух і прыслухацца, ці няма пагоні. Але нічога падазронага ён не пачуў.
Позна ўначы Антак з салдатамі вярнуўся ў мястэчка.
На світанні начальніка паліцыі разбудзіў шум аўтамашын. Ён зірнуў у акно і ўзрадаваўся, убачыўшы на вуліцах мястэчка шмат грузавікоў, а каля камендатуры — дзве гарматы. «Карнікі прыехалі,— здагадаўся Антак. — Вось у час!.. Я ж цяпер ведаю, дзе знаходзяцца партызаны. Толькі трэба выязджаць хутчэй, каб яны не дазналіся, што рыхтуецца наступленне на іх лагер».
Антаку цяпер было выгадна такое наступленне. Пры дапамозе карнікаў ён спадзяваўся зноў авалодаць паперамі доктара.
Карнікі сілай у два палкі акружылі вялікі раён з тым, каб не даць магчымасці вырвацца з кальца ніводнаму партызану. Адначасова быў створаны «ўдарны кулак», які павінен быў знішчыць партызан на балоце. Вёў гэтую асноўную сілу да партызанскіх лагераў Антак.
Сонца яшчэ не ўзышло над лесам, як карная група ўжо рушыла ў паход. Дарога Антаку была цяпер вядомая, і ён без лішніх крукоў і абыходаў вёў групу нацянькі да балота. Вось і балота. Антак адшукаў сцежку і таксама ўпэўнена павёў карнікаў далей. Не даходзячы да хаты леснічыхі, яны спыніліся. Выслалі разведку. Праз некаторы час два карнікі, што хадзілі на разведку, вярнуліся і далажылі: хата пустая і нідзе нікога няма.
«Гэта добра, — радасна падумаў Антак, — мы на іх нападзем знянацку».
Ад лесніковай хаты да прасекі прасоўваліся асцярожна. Хаваліся за дрэвы, стараліся не шумець. Нарэшце — і прасека. Спыніўшы ўсю групу, немцы параіліся і вырашылі ціха падысці да лагера і атакаваць праціўніка, які, відаць, яшчэ моцна спаў — бо нават учарашнія пасты маўчалі.
Карнікі заляглі за дрэвамі, за кустамі і, пачуўшы сігнал, кінуліся ў атаку. Але што здарылася? Лес маўчаў… Партызаны пакінулі лагер…
За некалькі дзён да наступлення гітлераўцаў на лагер атрад дзядзькі Мірона перабазіраваўся на новае месца. У лагеры засталося толькі чалавек дзесяць раненых і хворых, за якімі павінны былі прыйсці фурманкі. Для аховы раненых было пакінута шэсць чалавек партызан на чале са Сцяпанам Казіміравым. Сцёпу цяпер было цяжка пазнаць. За чатыры гады вайны ён з падлетка стаў рослым, прыгожым юнаком.
— Цётка Тэкля, што здарылася? Чаму вы так позна? Хто за вамі гнаўся? — закідаў Сцёпа пытаннямі леснічыху, калі прывёў яе з Таняй у былую зямлянку камандзіра.
— Ой, сынку, гора нас сюды прывяло, — заплакала старая. — Фашысты Карнея Пракопавіча застрэлілі.
— Застрэлілі?! — усклікнуў Сцёпа.
— Так, застрэлілі,— паўтарыла цётка Тэкля, — і паперы яго з сабой забралі.
— І паперы забралі? — аж застагнаў Сцёпа. — Трэба зараз жа паведаміць дзядзьку Мірону.
— Былі забралі,— казала далей леснічыха, — ды Тані неяк удалося выратаваць іх. Вось яны ў гэтым сакваяжыку.
— Малайчына, Таня! — Сцёпа выцер успацелы лоб. — А мяне аж у пот кінула. Нам радыравалі, што заўтра ўначы прыляціць самалёт з Вялікай зямлі, і мы збіраліся адправіць доктара з яго паперамі ў Маскву. А цяпер, цётка Тэкля, ідзіце ў зямлянку і адпачніце, а то хутка фурманкі прыйдуць за раненымі. Вы паедзеце разам з імі.
Таню Сцёпа павёў да медсястры Веры, якая зрабіла ёй перавязку, і дзяўчынцы адразу палягчэла. Потым яна выпіла гарачага чаю і пайшла да леснічыхі Тэклі.
«Вось як жывуць нашы абаронцы», — думала Таня, лежачы ў зямлянцы. Раней яна ніколі не бывала ў партызанскім лагеры. Розныя звесткі яна звычайна перадавала цётцы Тэклі, а тая ўжо непасрэдна дзядзьку Мірону.
Зямлянка была абкладзена тоўстымі бярвеннямі. Над галавой замест дошак таксама ляжалі бярвенні. Падлога была з добра ўтрамбаванай зямлі.
Увайшла медсястра Вера. Яна дала Тані праглынуць таблетку, а леснічысе наліла нейкіх кропель.
— Цётка Вера, — запытала Таня, — а хто жыў у гэтай зямлянцы?
Падрыўнік, Герой Савецкага Саюза Васіль Баравы…
— Няўжо? — ажно падскочыла дзяўчынка. — Я столькі чула аб ім…
— Спі, Танечка, — сказала медсястра, — неўзабаве і ўставаць трэба.
Вера патушыла свечку і выйшла. У зямлянцы зрабілася зусім цёмна.
«Дык вось хто тут жыў, сам Васіль Баравы!» Таня ведала, што таму, хто зловіць Васіля Баравога, фашысты абяцалі шмат грошай. Яны ўсюды расклейвалі аб'явы з партрэтамі Васіля і «асаблівымі прыкметамі», сярод якіх, між іншым, адзначаліся: рубец на левай шчацэ і радзімка пад правым вокам.
Калі была абвешчана рэйкавая вайна, Васіль са сваёй групай падрыўнікоў на працягу толькі аднаго месяца падарваў некалькі варожых эшалонаў. Пра яго подзвігі расказвалі розныя неверагодныя гісторыі. Адну з іх Таня ведала вельмі добра і была пераканана, што кожнае слова ў ёй праўда.
З Мінска ў Берлін павінен быў прайсці поезд з вышэйшымі афіцэрскімі чынамі, якіх Гітлер выклікаў на нараду. Падарваць гэты поезд даручылі Васілю Баравому.
Замініраваць рэйкі было вельмі цяжка, амаль немагчыма: праз кожныя дзвесце метраў пуці стаялі вартавыя і, апрача таго, спецыяльны паравоз з дзвюма платформамі з пяском пастаянна курсіраваў узад і ўперад па чыгунцы.
— Што рабіць? — раіліся хлопцы.
— Вось што, — раптам прапанаваў Васіль Баравы. Ён скінуў шапку, ускудлаціў валасы, адшпіліў рэмень. — Ты перапранайся ў немца, — загадаў ён аднаму з падрыўнікоў, тоўстаму дзядзьку Мікіту Апановічу, які ўмеў размаўляць на нямецкай мове, — а потым звяжы мне для выгляду ззаду рукі і вядзі пад канвоем праз чыгуначнае палатно. Калі цябе спыняць, скажаш, што злавіў Васіля Баравога і вядзеш у камендатуру.
— Фашысты могуць не паверыць, — усумніўся Мікіта Апановіч.
— Павераць, — упэўнена сказаў Васіль Баравы. — Мяне ўсе ведаюць. Нам, галоўнае, узысці на чыгуначнае палатно, а там мы ведаем, што рабіць.
— Але ж гэта рызыкоўна.
— Без рызыкі на вайне не абыдзешся, — адказаў Васіль. — Пойдзем перад самым прыходам поезда, каб манеўровы паравоз не абясшкодзіў нашу міну.
План, прыдуманы Васілём, надзіва добра ўдаўся. Усё адбылося так, як ён і меркаваў. Калі Мікіта Апановіч і Васіль падышлі да чыгуначнага палатна, іх спыніў вокрык «Хальт!».
— Чаго там хальт! — незадаволена адказаў на нямецкай мове Мікіта Апановіч. — Хіба не бачыце, каго вяду?
— Каго? — запыталі вартавыя…
— А вы самі паглядзіце… Фашысты падышлі бліжэй.
— Васіль Баравы! — з зайздрасцю ўскрыкнулі яны. — Гут, гут…
— Вось вам і гут…
Гітлераўцы супакоіліся і пайшлі далей уздоўж чыгуначнага палатна. Калі партызаны падняліся па насыпу і ўзышлі на палатно, Васіль Баравы ўпаў на зямлю і хуценька спрактыкаванымі рукамі пачаў падкладаць пад рэйку міну. Мікіта стаяў і наглядаў, каб даць адпор, калі з'явіцца якая-небудзь нечаканая небяспека. Здавалася, усё ішло добра, але ў самы апошні момант, калі з-за павароту паказаўся паравоз, адзін з гітлераўцаў азірнуўся. Ён толькі паспеў убачыць, як «палонны» і «канваір» разам кінуліся з насыпу ў кусты.
Фашыст ускінуў аўтамат і хацеў даць чаргу, але было позна: паміж імі, выпускаючы з трубы клубы дыму, з'явіўся паравоз і вагоны.
Гадзіннікавая міна, пастаўленая з запасам часу, прапусціла першыя дзве платформы з пяском, якія паравоз гнаў перад сабой, і ўзарвалася пасярэдзіне састава.
Два спальныя вагоны ўзляцелі ў паветра. З тых вагонаў, якія засталіся стаяць на рэйках, пачалі выскокваць афіцэры і салдаты. Але іх сустрэў дружны агонь партызанаў. Скарыстаўшы паніку, якая ўзнялася ў момант аварыі, Васіль і Мікіта шчасліва вярнуліся да сваіх.
— Ну вось, — усміхаючыся гаварыў ён, — іншы раз карысна быць і ў ворага вядомым чалавекам.
За гэтую і многія іншыя аперацыі Васілю Баравому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля гэтага выпадку фашысты падвоілі цану за галаву Васіля. Але злавіць яго ім так і не ўдалося: народ бярог сваіх герояў.
…Таня прачнулася ад шуму на двары. Яна расплюшчыла вочы, прыслухалася. Праз шчыліны ў дзвярах у зямлянку ўварваліся тоненькія праменні святла. Маленькія пылінкі кружыліся ў сонечных праменнях, быццам жывыя.
— Тр-р-р, каб на цябе ваўкі… назад… — пачула Таня гучны голас.
«Фурманкі па раненых прыехалі», — здагадалася дзяўчынка. Яна хуценька апранулася і выйшла.
Быў цудоўны ранак. Сонца ласкава сагравала зямлю. Лёгкі ветрык праносіўся па верхавінах дрэў, страсаючы кропелькі срабрыстай расы. Недзе над галавой звінеў жаваранак. Таня глыбока і радасна ўздыхнула і агледзелася навокал. Цётка Тэкля і медсястра Вера завіхаліся каля фурманак, рабілі пасцелі для раненых. Мужчыны выносілі з зямлянак рэчы дамашняга ўжытку, складвалі іх на вазы, моцна ўвязвалі.
— Таварыш Казіміраў! — падбег да Сцёпы ўсхваляваны дзяжурны па лагеру. — Прыйшоў наш сувязны з райцэнтра, паведамляе, што гітлераўцы буйнымі сіламі выступілі супраць нашага атрада. Начальнік паліцыі павёў іх праз Цімафееўскае балота, і яны вось-вось будуць тут…
— Якія сілы немцаў?
— Каля двух палкоў.
— Ну што ж, — усміхнуўся Сцёпа, — позна яны сабраліся. Таварышы! — аклікнуў ён партызан. — Хутчэй збірайцеся…
— Ды ў нас ужо ўсё гатова.
— Тады ад'язджайце.
— А хто сустрэне самалёт, які прыляціць уначы? — запытала медсястра.
— Я, — адказаў Сцёпа.
— Але ж сюды фашысты прыйдуць…
— Я так схаваюся, што яны мяне не знойдуць. А ўначы тут будзе зусім бяспечна.
— Ну глядзі, Сцёпа, будзь асцярожны, — развітваючыся з юнаком, сказала Вера. Потым з ім развіталіся і ўсе астатнія…
…— Больш пра Сцяпана Казімірава я нічога не ведаю, — закончыла расказ настаўніца.
— Зінаіда Антонаўна, — звярнуўся да яе шустры чарнявы хлопчык, — нам вядома, што ў школьнага вартаўніка дзеда Івана была і ёсць толькі адна ўнучка — Зіна… Ну, вы, Зінаіда Антонаўна… — паправіўся хлопчык. — А вы расказвалі нам пра Таню. Гэта ж, мабыць, вы і былі?
— Вось вы якія! — паківала галавой Зінаіда Антонаўна. — Так, Зіна і Таня — адна асоба… Гэта было маё партызанскае імя, калі вы ўжо так хочаце ведаць… А цяпер, давайце разыходзіцца, позна ўжо.
— Не, не, — запярэчылі дзеці,— пачытайце запісную кніжку… Мы не заснем, пакуль не даведаемся канца гэтай гісторыі…
— Не, — сказала Зінаіда Антонаўна, — прачытаць запісную кніжку не так лёгка. Вы ж самі бачылі, як пасклейваліся старонкі, парасплываліся літары… Каб усё разабраць, патрэбен час. Прыходзьце заўтра раніцай, і я вам раскажу пра ўсё, аб чым даведаюся з яе.
Настаўніца засталася адна. Яна прынесла з другога пакоя запісную кніжку Сцяпана Казімірава, якая ўжо добра падсохла, паклала яе перад сабой і пачала гартаць…
Назаўтра раніцой дзеці сабраліся зноў.
— Вось што, — сказала Зінаіда Антонаўна, — трэба ісці на дапамогу нашым падарожнікам.
— А што? Што-небудзь здарылася? — усклікнула некалькі галасоў.
— Нічога не здарылася. Я проста думаю, што мы чым-небудзь зможам ім дапамагчы. І, сказаць па праўдзе, — настаўніца крыху сарамліва ўсміхнулася, — нешта не сядзіцца дома, калі такія справы…
— Правільна! У паход! У паход! — весела загаманілі ўсе.
— Толькі, Зінаіда Антонаўна, раскажыце ж нам, што вы прачыталі ў запісной кніжцы, — не вытрымала Ніна.
— Я раскажу потым, па дарозе. А цяпер вось што: дзве гадзіны вам на зборы і — у дарогу!
І гадзіны не прайшло, як амаль увесь атрад сабраўся на лужку перад домам настаўніцы. Зінаіда Антонаўна таксама была гатова. З невялікім рукзаком за плячыма яна збегла па прыступках ганка і падышла да дзяцей.
— Ну дык слухайце далей пра Сцёпу, — пачала яна зноў свой расказ, калі яны выйшлі за ваколіцу вёскі.
…Антак ніяк не мог згадзіцца з тым, што сакваяжык доктара назаўсёды страчаны. «Трэба пашукаць у зямлянках, можа, ён тут застаўся», — парашыў ён. У адной з зямлянак Антак убачыў у кутку нейкія пакамечаныя паперы. Не інакш як тут сядзеў пісар, ды, відаць, і не пільны: чарнавікі ён не знішчаў, а камечыў і кідаў на падлогу. Антак пачаў старанна пераглядаць кожную з паперак.
«Першую пяцідзёнку чакаецца воблачнае надвор'е з праясненнямі, тэмпература ад 5 да 15 градусаў цеплыні», — прачытаў Антак на адной з іх. «О, дык тут, мусіць, стаяла рацыя», — узнікла ў Антака меркаванне.
Асаблівую яго ўвагу прыцягнулі шматкі паперы, што ляжалі ў адным з куткоў зямлянкі. Але яны былі такімі дробненькімі, што, толькі склаўшы некалькі з іх, Антаку ўдалося прачытаць: «самалёт… ляціць…» Тады начальнік паліцыі яшчэ больш старанна пачаў збіраць кавалачкі папер. Ён нават успацеў, пакуль амаль цалкам аднавіў тэкст радыёграмы. Але затое, прачытаўшы яе, ён ледзь не ўскрыкнуў ад радасці.
У радыёграме, наколькі можна было разабраць, паведамлялася, што на партызанскі аэрадром прыляціць самалёт па доктара Долахава. Захавалася нават дата. Антак шырока ўсміхнуўся, агаліўшы рэдкія жоўтыя зубы.
«Самалёт прыляціць сёння ўначы. Доктара Долахава няма, значыць, паперы павязе хто-небудзь іншы». Зрабіўшы такі вывад, начальнік паліцыі, як абліты варам, выскачыў з зямлянкі і пабег даганяць карнікаў, якія прачэсвалі лес далей. Там ён папрасіў у аднаго з афіцэраў матацыкл і памчаўся да каменданта.
План у яго быў такі: ён прыедзе да Брунера і скажа, што сёння ўначы яму патрэбен самалёт. На самалёце павінны быць савецкія апазнавальныя знакі. Калі камендант спытае, навошта яму самалёт, ён адкажа… Антак задумаўся. Што адкажа? Сказаць праўду, што такім чынам ён хоча захапіць паперы доктара Долахава, нельга. Іх могуць у яго адабраць.
Дык што ж сказаць? Ага, ён скажа такое, што маёр Брунер з-пад зямлі дастане яму не тое што адзін самалёт, а цэлую эскадрыллю. Ён скажа, што прывязе Васіля Баравога. Ну а потым, калі высветліцца, што ён прывёз не Васіля, а кагосьці іншага, дык ён скажа, што Васіля злавіць не ўдалося.
Калі Антак прыехаў у мястэчка і з'явіўся ў камендатуру, у маёра Брунера была нейкая нарада. Начальнік паліцыі ледзь дачакаўся, калі яна скончыцца. Ён ведаў, што ў распараджэнні каменданта няма самалёта, яму трэба будзе званіць вышэйшаму начальству, а часу заставалася вельмі мала.
— Ёсць магчымасць злавіць Васіля Баравога! — таямніча прашаптаў Антак на вуха каменданту, калі той нарэшце выйшаў з свайго кабінета.
У каменданта заблішчэлі вочы.
— Якім чынам?
— Вельмі проста, толькі для гэтага патрэбен самалёт.
Маёр Брунер задумаўся. На фронце ішлі цяжкія баі, прыбывала шмат раненых, якіх развозілі ў тылавыя шпіталі на самалётах. Але, нягледзячы на гэта, для такой важнай справы яму, вядома, дадуць самалёт…
— Добра! Самалёт будзе! Але пры адной умове, — абвясціў камендант.
— Якой?
— Грошы, якія абвешчаны за Васіля Баравога, папалам!
— О, з прыемнасцю! — адказаў Антак. — Я сам хацеў прапанаваць вам такую ўмову…
— Значыць, дамовіліся?
— Дамовіліся.
— А калі будзе самалёт? — занепакоіўся Антак. — Каб не надна позна, а то наша задума можа праваліцца.
— Самалёт будзе к дванаццаці гадзінам ночы.
— О, гэта яшчэ не позна!
Антак ішоў ад каменданта і думаў аб тым, што яму вельмі пашанцавала. Каб ён не знайшоў гэтых паперак, усё б было страчана. А так, адна маленькая нядбайнасць праціўніка — і сакваяжык з паперамі хутка будзе ў яго.
Сцёпа застаўся адзін. Фурманкі з раненымі паехалі, ён іх крыху праводзіў, а потым вярнуўся назад. Трэба было схавацца, бо сюды хутка прыйдуць карнікі, яны будуць шнырыць усюды, аглядаць кожны куст. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце. Метраў за трыста ад лагера, на беразе невялікага ляснога возера, з якога партызаны бралі ваду, стаяла таўшчэзная старая вярба. У ствале гэтай вярбы было даволі вялікае дупло, у якім мог змясціцца чалавек. І, галоўнае, дупла не было відаць. Прадаўгаватая адтуліна, праз якую можна было праціснуцца ў дупло, знаходзілася метры за тры ад зямлі, дзе дрэва раздвойвалася на два магутныя сукі.
Юнак спусціўся да возера, зайшоў у ваду, прайшоў па ёй метраў дзесяць, потым вярнуўся да вярбы, падскочыў, ухапіўся адной рукой за сук дрэва, потым другой і падцягнуўся на руках. Апусціўшы ў дупло паперы доктара, Сцёпа і сам пачаў ціснуцца туды. Дупло было цесным, Сцёпа стаяў у ім нібы скуты і не мог паварушыцца.
Навокал панавала цішыня. Але вось неўзабаве данесліся прыглушаныя людскія галасы і сабачы брэх…
Усё здарылася так, як Сцёпа і меркаваў. У лагер прыйшлі карнікі. Яны шнырылі па кустах, іншы раз пускалі аўтаматную чаргу па нябачанаму ворагу, перакідваліся паміж сабой словамі. Недзе на ўзлессі брахалі сабакі, потым брэх пачаў набліжацца. Сцёпа здагадаўся, што сабакі напалі на яго след. Хутка яны прыбеглі да берага возера і пачалі брахаць яшчэ больш злосна.
— Нікс, нікс, — чуў ён здзіўленыя воклічы карнікаў.
Стаяць у дупле рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Ногі адубелі. Сцёпа перастаў адчуваць іх, але ён цярпеў, прыслухоўваўся да гукаў.
Параіўшыся між сабой, карнікі некуды пайшлі. Іх галасы пачалі аддаляцца і нарэшце зусім сціхлі. Але не паспеў Сцёпа і ўздыхнуць, як галасы пачуліся зноў. Другая група карнікаў падышла проста да вярбы, відаць, спынілася папіць вады, бо юнак пачуў, як забразгалі кацялкі.
«А каб на вас ліха!» — вылаяўся ў думках Сцёпа.
Карнікі напіліся і пайшлі. Зноў стала ціха. Чуваць было толькі цвырканне птушак. Пачакаўшы некаторы час, Сцёпа асцярожна вылез з дупла, дастаў сакваяжык і, прабраўшыся ў густы алешнік, з асалодай разлёгся на мяккай траве. Тут яму трэба было дачакацца ночы. Партызан дастаў сваю запісную кніжку, якую не трымаў у руках ужо некалькі дзён, і запісаў усё, што адбылося за гэтыя дні. Скончыўшы запісваць, лёг адпачыць. Сцёпа ляжаў і думаў. Ён успомніў сваю маці, якая загінула ў першыя дні вайны, бацьку… Колькі няшчасцяў прынеслі савецкаму народу фашысты! Але перамагчы яго не змаглі!
Сцёпа і не заўважыў, як пачало змяркацца. Цені дрэў і кустоў выцягнуліся, падзьмуў лёгкі ветрык. Сцёпа вырашыў, што пара перабірацца бліжэй да партызанскага аэрадрома, які знаходзіўся кіламетраў за пяць на захад ад возера і партызанскага лагера.
«Пакуль яшчэ не сцямнела, трэба было б назбіраць галля для кастроў», — падумаў Сцёпа. Ён ішоў і па дарозе падбіраў сухія сукі, галінкі. Калі зусім сцямнела, малады партызан расклаў у цэнтры аэрадрома тры невялікія кастры і, схаваўшыся ў кусты, пачаў чакаць самалёта. Час цягнуўся вельмі марудна. Вакол было ціха, толькі ў кастрах патрэсквалі галінкі. Так прайшло, можа, з гадзіну. Раптам Сцёпа пачуў глухі гул матора. Ён увесь час набліжаўся, і хутка юнак убачыў, як цёмны сілуэт самалёта зрабіў адзін круг, другі, паступова зніжаючыся.
— Прыляцеў, прыляцеў! — узрадаваўся Сцёпа.
Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. З кабіны выйшаў лётчык у сукарным шлёме і футравым камбінезоне.
— Тут доктар Долахаў? — хрыпла спытаў ён.
— Доктара няма, яго забілі фашысты. Замест доктара палячу я… — кінуўся да лётчыка Сцёпа.
— Ну, дык сядайце хутчэй…
— Пачакайце, дайце мне хоць паціснуць вашу руку, вы ж з Вялікай зямлі прыляцелі,— з захапленнем сказаў Сцёпа.
— Потым, потым, — адчыняючы дзверцы пасажырскай кабіны, адказаў лётчык.
Сцёпа залез у самалёт. Побач з лётчыкам малады партызан заўважыў нейчую постаць.
«Чаму гэты чалавек не выйшаў з самалёта, нават слова не сказаў? — падумаў Сцёпа. — Дзіўна».
Ён паглядзеў уніз. Там яшчэ свяціліся тры чырвоныя кропкі — гэта дагаралі яго кастры. Самалёт ляцеў няроўна: то падаў уніз, і тады Сцёпу здавалася, што з-пад яго забіраюць сядзенне, і ён мацней хапаўся за крэсла, то падымаўся ўверх. Мінула не больш дзесяці хвілін, і раптам самалёт пачаў рабіць кругі, выбіраючы месца для пасадкі. Унізе гарэла некалькі чырвоных агеньчыкаў.
«Што ж гэта такое? — устрывожана падумаў Сцёпа. — Можа, ім яшчэ каго трэба забраць?»
Самалёт, пакружыўшыся, пайшоў на пасадку. Сцёпа бачыў, як хутка набліжаюцца агеньчыкі, робяцца ярчэйшымі. А вось і колы дакрануліся да зямлі. Спачатку адзін раз, затым нібы адскочылі, потым другі раз, і самалёт заскакаў па няроўным полі аэрадрома, высока падкідваючы ў крэсле пасажыра.
Адчыніліся дзверцы. З кабіны выйшаў лётчык, за ім — незнаёмая постаць. Да самалёта падбеглі нейкія людзі.
«Мусіць, таксама партызаны, — падумаў Сцёпа. — А што мне рабіць, выйсці ці сядзець?»
Але вось адчыніліся дзверцы пасажырскай кабіны, і той жа хрыпаты голас лётчыка рэзка сказаў:
— Выходзь!
Сцёпа ўзяў сакваяжык у руку і скочыў на зямлю. І раптам тыя людзі, якіх ён палічыў за партызан, наваліліся на яго і моцна скруцілі рукі. Нехта старанна абшукаў яго. У Сцёпы адабралі пісталет і складны нож, больш у кішэнях нічога не знайшлі. Запісную кніжку ён хаваў у халяве бота, дзе была зроблена спецыяльная кішэнька. Ворагі яе не заўважылі.
Высокая, няскладная постаць падскочыла да сакваяжыка і схапіла яго.
— Антак! — заскрыгатаў зубамі Сцёпа, пазнаўшы начальніка паліцыі.
— Маўчаць! — крыкнуў Антак і ўдарыў Сцёпу па твары.
…— Вось бандыт! Яны ж цяпер замучаюць яго, — усхвалявана перапыніў настаўніцу Віця.
— Цішэй ты! — зашыкалі на яго дзяўчаты. — Не перапыняй.
— Прабачце, Зінаіда Антонаўна, — сказала Ніна, калі падняўся шум. — А што ж здарылася з нашым самалётам? Ён жа таксама мог трапіць ворагам у рукі?
— А наш самалёт і не прылятаў. Яго папярэдзілі з партызанскага штаба, што супраць атрада выступілі карнікі. Нават паслалі папярэдзіць доктара Долахава. У атрадзе ж яшчэ не ведалі, што ён забіты, але было позна…
З аэрадрома Сцёпу павезлі на машыне ў мястэчка. Справа і злева ад яго сядзелі канваіры з аўтаматамі. Партызан ледзь не плакаў ад злосці на сябе за сваю даверлівасць. Як гэта яму адразу не стукнула ў галаву, што перад ім ворагі? Ён успомніў халодны, афіцыйны адказ лётчыка: «Потым, потым», калі Сцёпа падбег, каб прывітацца з чалавекам з Вялікай зямлі. Хіба ж сапраўдныя савецкія людзі маглі так сустрэцца адзін з адным? Ды яны кідаюцца адзін аднаму на шыю, цалуюцца, як самыя родныя, самыя блізкія, хоць, можа, да гэтага ніколі не бачыліся. Але ж і хітры гад Антак! Адкуль ён даведаўся, што павінен прыляцець самалёт? Куды яны мяне вязуць?
Машына выехала на адну з местачковых вуліц. Ім насустрач ехалі на матацыклах, грузавіках і ішлі пехатой фашысцкія салдаты. Пасля няўдалай экспедыцыі карнікі накіроўваліся на станцыю, дзе іх ужо чакалі вагоны.
«Цяпер будуць трубіць ваўсю, што ў Н-скім раёне знішчаны ўсе да аднаго партызаны, пакуль ім зноў не стукнуць па галаве тыя ж партызаны».
Антак вырашыў правесці допыт разам з маёрам Брунерам і павёз Сцёпу адразу ў камендатуру.
— Ну, прывёз? — сустрэў Антака маёр Брунер.
— Прывёз.
— Вядзі яго ў мой кабінет.
Сцёпу ўпіхнулі ў кабінет каменданта. Дапытвалі ўтрох: Антак, маёр Брунер і яго асабісты перакладчык Болцікаў. Гэты Болцікаў выконваў у Брунера хутчэй абавязкі ката, чым перакладчыка. Страшная слава хадзіла пра яго. Калі камендант траціў надзею дабіцца ад ахвяры прызнання, далейшы допыт ён даручаў Болцікаву. Даводзілася толькі здзіўляцца, адкуль у гэтага невысокага плюгавенькага чалавечка столькі злосці, столькі нянавісці да ўсяго савецкага, да партызан, якія часам траплялі ў рукі фашыстаў. Што ён за чалавек і адкуль, ніхто толкам не ведаў. Казалі, што гітлераўцы выпусцілі яго з турмы, куды ён трапіў незадоўга да пачатку вайны за забойства нейкага блізкага родзіча-мастака. Сядзець бы яму і сядзець, калі б не падаспелі «вызваліцелі». За гэта, відаць, Болцікаў і служыў ім верай і праўдай.
Маёр Брунер дастаў з шуфляды стала фатаграфію Васіля Баравога. Зірнуўшы на Сцёпу, камендант сярдзіта сказаў:
— Гэта ж не ён!
— Але таксама важная птушка, — горача загаварыў Антак. — Гэта ён падарваў нашу машыну гранатай і забіў капітана Вагнера і двух паліцэйскіх. Апрача таго, — Антак сцішыў голас, — ён ведае, куды падзеліся партызаны.
Брунер зморшчыўся. Напамінак аб няўдалым паходзе двух палкоў карнікаў быў яму непрыемным. Ён нават не ведаў, чым усё гэта скончыцца. Начальства яшчэ дасць яму пытлю за няўдала праведзеную аперацыю.
— Ты ведаеш, дзе цяпер знаходзіцца партызанскі атрад? — спытаў у Сцёпы Брунер.
Сцёпа адмоўна пакруціў галавой.
— Але ж ты сам з гэтага атрада. Сцёпа прамаўчаў і на гэты раз.
— Развяжы яму рукі,— загадаў Брунер Антаку, — а то ён нас баіцца… Дык куды перабраліся партызаны? — салодкім голасам запытаў маёр.
— Нічога я вам не скажу, гады! Дарэмна стараецеся…
— Брэшаш, скажаш! — зароў Антак і ўдарыў Сцёпу па твары. — Я цябе прымушу загаварыць!
З носа ў Сцёпы палілася кроў, ад гневу і болю пацямнела ў вачах.
— Ах ты, падлюга! — закрычаў Сцёпа і з усёй сілы ўдарыў Антака. Той не ўтрымаўся на нагах і грымнуўся на падлогу.
Маёр Брунер выхапіў пісталет, але яго апярэдзіў Болцікаў.
— Пан маёр, — зрабіў ён крок наперад. — Дазвольце мне з ім пагутарыць… Хадзем, малады чалавек, са мной, — усміхаючыся аднымі вуснамі, рыпуча прагаварыў Болцікаў, звяртаючыся да Сцёпы.
— Нікуды я не пайду! — рэзка адказаў Сцёпа, адступаючы ў кут. Ён разумеў, што няма чаго чакаць літасці ад гэтых людзей, і вырашыў абараняцца да канца — кулакамі. Але тут раптам Болцікаў, як драпежнік, кінуўся да яго і з усяе сілы ўдарыў пад лыжачку… У Сцёпы перахапіла дыханне, пацямнела ў вачах. Ён пахіснуўся і ўпаў…
Ачуняў Сцёпа ад таго, што нейчыя ласкавыя рукі змывалі яму кроў, перавязвалі рану на галаве.
— Дзе я? — слабым голасам спытаў ён.
— Не бойся, ты сярод сваіх.
Сцёпа расплюшчыў вочы і ўбачыў бледны, схуднелы твар, які схіліўся над ім. Вялікія чорныя вочы ласкава глядзелі на яго.
— Дзе я? — паўтарыў Сцёпа.
— У турме, сярод сваіх…
— А-а, — Сцёпа зноў заплюшчыў вочы. Страшэнна балела галава, ныла ўсё цела. Ён не мог успомніць усе падрабязнасці сваёй «гутаркі» з Болцікавым, усіх катаванняў, якія прыдумваў для яго «перакладчык» каменданта. Ён не паспяваў адкрыць вочы пасля таго, як на яго вылівалі вядро халоднай вады, і адразу ж зноў траціў прытомнасць.
— Дзе яны цябе схапілі? — спытаў мужчына з чорнымі, як вугельчык, вачыма.
— У лесе, на партызанскім аэрадроме, — адказаў Сцёпа.
Камера была маленькая і вельмі сырая. Са столі капала вада, сцены былі слізкія, пакрытыя цвіллю. Акенца з кратамі асвятляла яе.
У камеры знаходзілася чалавек дзесяць зняволеных. Легчы і выпрастаць ногі не было магчымасці. Людзі сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго.
— У гэтую камеру, пад нумарам дзевяць, змяшчаюць, лічы, смертнікаў,— растлумачыў другі, рыжабароды мужчына, якога звалі Кузьма Данілавіч.
Фашысты схапілі яго ў той час, калі ён падпілоўваў слуп на толькі што адноўленай лініі сувязі. Варожым сувязным прыходзілася амаль кожную гадзіну выязджаць на рамонт лініі. Толькі яны паспеюць ліквідаваць абрыў ці паставіць новы слуп, як начальства ізноў крычыць на ўсё горла, чаму не адказвае штаб. І салдатам прыходзілася выязджаць на пошукі новага пашкоджання. Аднойчы немцы зрабілі засады на лініі. Вось тады і папаўся Кузьма Данілавіч. Як і Сцёпу, яго адразу адправілі ў камеру смертнікаў.
— Ды ты асабліва не хвалюйся, малады чалавек, — прамовіў да Сцёпы мужчына з вачыма-вугельчыкамі.— Хоць фашысты і прыгаварылі нас да смерці, але мы яшчэ пазмагаемся…
Увечары Сцёпу зноў выклікалі на допыт. Яго білі, выкручвалі рукі, але ён не сказаў ні слова.
— Нічога ад яго не даб'ешся, — махнуў рукой маёр Брунер. — Заўтра трэба будзе разгрузіць камеру № 9. Болцікаў, гэта вы возьмеце на сябе.
Вярнуўшыся ў камеру, Сцёпа расказаў зняволеным аб тым, што пачуў на допыце.
— Заўтра? — Кузьма Данілавіч спахмурнеў.— Чамусьці спяшаюцца, відаць, на фронце ў іх зусім дрэнь справы.
У камеры зрабілася ціха. Кожны, напэўна, думаў аб тым, што чакае іх заўтра.
— Не сумуйце, хлопцы, — сказаў Кузьма Данілавіч. — Праўда, справы сур'ёзныя. Але сёння партызаны атрада дзядзькі Мірона, як мне перадалі, павінны вызваліць нас…
Калі прынеслі вячэру — нейкую брудную ваду і па кавалку цвілога хлеба, — ніхто не хацеў есці. Кузьма Данілавіч, аднак, загадаў усім падмацавацца.
Надышла ноч. Турма заціхла. Толькі было чуваць, як падалі са столі на падлогу кроплі вады, ды час ад часу чуліся цяжкія крокі вартавога, што хадзіў па калідоры. У камеры смертнікаў ніхто не спаў. Хіба можна было заснуць у такі час? Раптам у сцяну камеры пастукалі. Усе прыслухаліся, а Кузьма Данілавіч усхапіўся і прыклаў да сцяны вуха. Выстуквалі па азбуцы Морзе.
— Падрыхтавацца ўсім… група партызан пад камандаваннем Васіля Баравога, — расшыфроўваў Кузьма Данілавіч, — пачне штурм турмы ў дванаццаць гадзін ночы!
— Вось гэта дык хлопцы! Арлы! — ажывіліся ў камеры. — Нічога не баяцца.
— Цішэй! — строга нахмурыў бровы Кузьма Данілавіч. — Ніякіх адзнак радасці, трымаць сябе так, як і дагэтуль. За намі сочаць. Гэта па-першае. Па-другое, як толькі мы апынемся за сценамі турмы, усім разбягацца ў розныя бакі. Збор у Шэрвінскім лесе. Выбягаючы з турмы, старайцеся ўзброіцца, хто чым зможа, адбірайце зброю ў вартавых, у паліцаяў.
— Спыніць размовы! — загрукаталі ў дзверы.
— Бачыш, чуюць…
Усё сціхла. У кожнага ў камеры напружана білася сэрца. А думкі ва ўсіх былі адны і тыя ж. Што адбудзецца раней? Ці прыйдзе Васіль Баравы са сваімі хлопцамі, ці паліцаі павязуць зняволеных на расстрэл? Гадзінніка ні ў каго не было, і сказаць дакладна, колькі цяпер часу, ніхто не мог. Вячэру прыносілі ў дзевяць гадзін. Пасля вячэры прайшло, мабыць, гадзіны дзве. Час цягнуўся вельмі марудна. Раптам у калідоры пачуўся шум, загрукаталі па бетоннай падлозе каваныя боты. У наступны момант у дзвярах камеры № 9 заскрыгатаў ключ.
— Па нас прыйшлі! — збялелымі вуснамі прагаварыў адзін малады зняволены.
— Без панікі! — строга сказаў Кузьма Данілавіч. — Трымайцеся мужна, не забывайце, мы — савецкія людзі.
Расчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася высокая постаць Антака.
— Выходзь! — запішчэў ён.
Зняволеныя адзін за адным пачалі выходзіць з камеры. Па абодва бакі выстраіліся канваіры з аўтаматамі.
— Бывайце, таварышы! — даляталі воклічы праз зачыненыя дзверы з іншых камер.
— Бывайце! — адгукнуўся Кузьма Данілавіч.
Зняволеных вывелі ў двор, там стаялі дзве крытыя машыны. У адну з іх пачалі заганяць смертнікаў.
Але не паспелі фашысты завесці маторы, як адразу з усіх бакоў турмы пачуліся стрэлы, выбухі гранат. Гітлераўцы, што былі паселі ў другую машыну, пачалі выскокваць назад. Пра зняволеных адразу ўсе забыліся.
Што рабіць? Зняволеныя пазіралі на Кузьму Данілавіча. Выскокваць з машыны — дык іх маглі тут жа і пастраляць. Сядзець і чакаць таксама было небяспечна. Маглі і карнікі апомніцца, а магла і партызанская граната трапіць у машыну.
— Уррр-а-а! — пачулася недзе зусім недалёка.
— Давай, хлопцы, вылазь! — аддаў каманду Кузьма Данілавіч.
Зняволеныя адзін за адным пасыпаліся з машын. Фашысты збіліся каля варот, там ішла самая гарачая бойка.
— Налятай ззаду! — крыкнуў Кузьма Данілавіч і першы кінуўся на фашыстаў. Астатнія зняволеныя, схапіўшы хто камень, хто кол, падаліся за ім.
Сцёпа тузаўся з нейкім здаравенным паліцаем у самых варотах турмы. Моцныя рукі паліцая сціснулі яго за горла так, што аж у вачах пацямнела. Але ў самую апошнюю хвіліну Сцёпа намацаў на поясе паліцая кінжал, схапіў яго і што было сілы ўдарыў ворага. Той войкнуў, адпусціў горла Сцёпы і паваліўся да яго ног. Хлопец выскачыў за турэмныя вароты, перабег вуліцу, кінуўся ў бок лесу і ў той жа момант адчуў, што яго нешта моцна ўдарыла ў левы бок. Ён на хаду сарваў з сябе кашулю, збольшага перавязаў рану. Наперадзе віднеўся ўжо лес. Ноч была цёмная, прахалодная, але па твары Сцёпы ліўся пот. З раны сачылася кроў.
Вось і ўзлессе. Юнак вызначыў напрамак і вырашыў, што да раніцы яму абавязкова трэба дабрацца да вёскі Ляхаўцы. Шлях немалы. Ці хопіць толькі сілы? Павінна хапіць, трэба, каб хапіла, падбадзёрваў сам сябе Сцёпа. У вачах часта рабілася цёмна, і ён вымушаны быў спыняцца, падоўгу стаяць, абапёршыся на дрэва, каб перачакаць, пакуль пройдзе млявасць. Яму вельмі хацелася прылегчы, але Сцёпа ведаў, што тады ён больш не ўстане. Перамагаючы боль і слабасць, Сцёпа ўпарта ішоў наперад. Аднак, прайшоўшы кіламетры чатыры лесам, ён упаў і страціў прытомнасць.
Пасля прарыву пад Оршай фашысцкія войскі не маглі ўжо затрымаць магутнае наступленне Савецкай Арміі. Ворагі, нягледзячы на ўсе свае ўмацаванні і жорсткае супраціўленне, каціліся ўсё далей і далей на захад.
Аб тым, што фронт наблізіўся да мястэчка, Антак даведаўся на наступны дзень раніцой. Ён прыйшоў да маёра Брунера на кватэру, каб параіцца, як лепш арганізаваць пошукі зняволеных, што ўчора ўцяклі з турмы. Але тут ён убачыў, што камендант упакоўвае чамаданы.
— Куды гэта вы збіраецеся? — нічога не падазраючы, спытаў Антак.
— На той свет! — змрочна пажартаваў Брунер. — Савецкія войскі прарвалі лінію нашай абароны.
— Зноў? — Антак аж пахіснуўся, а на яго твары з'явіліся чырвоныя плямы. — І-і я-яны могуць х-хутка быць т-тут? — спытаў ён, заікаючыся.
— Напэўна, бо ёсць загад эвакуіравацца адсюль, пакуль не позна.
— Што ж мне рабіць?
— Тое, што ўсе робяць…
— Але ж у мяне шмат рэчаў… бацька…
— Вазьмі дзве машыны, якія стаяць на двары. Я пазваню начальніку станцыі, каб табе пакінулі вагон.
— Дзякуй! Ад душы дзякуй за дапамогу, пан камендант, — горача зашаптаў Антак, паціскваючы маленькую, халодную руку маёра Брунера. — У цяжкую хвіліну вы не пакінулі сваіх памочнікаў і заўсёды можаце спадзявацца на іх падтрымку.
Але не больш як праз дзве гадзіны Антак бегаў па слізкай паркетнай падлозе танцавальнай залы ў сваім маёнтку, і з яго вуснаў зляталі іншыя словы:
— Фрыцы праклятыя! Ваякі ліпавыя, гады… Адступаюць! Уцякаюць! Але што яны са мной зрабілі? Ты разумееш, тата? Антак павярнуўся да глыбокага крэсла, з якога выторкваўся рыжы чуб самога пана Вышамірскага.
— Спачатку далі дзве машыны, каб вывезці нашу маёмасць… Адну зараз жа адабралі, а з другой мяне скінулі каля самага дому… Ну, што мы цяпер будзем рабіць? Што? Яны ж усіх нашых коней яшчэ раней забралі…
— Не хвалюйся, сынку, што-небудзь прыдумаем. Мэблю, карціны і іншае дабро — усё гэта прыйдзецца кінуць. Трэба падумаць, як выратавацца самім і зберагчы скрынку з золатам.
— Што ж прыдумаеш, што? — гарачыўся Антак і раптам, пра нешта ўспомніўшы, падбег да шафы. Расчыніўшы дзверы, ён дастаў адтуль жоўты сакваяжык і падаў яго бацьку: — На, схавай гэта ў сейф. А, ледзь не забыўся. — Антак кінуўся да пісьмовага стала, дастаў з верхняй шуфляды тоўстую скураную папку, раскрыў яе, пагартаў паперы. Твар яго скрывіўся злараднай грымасай. — Хопіцца Брунер, пашкадуе…
— А што гэта? — пацікавіўся стары Вышамірскі.
— Паслужныя спісы нашых тутэйшых сяброў. Потым, пасля вайны, яны б вельмі Брунеру спатрэбіліся… Зрэшты, гэта не твая справа. Ты лепш падумай, як нам адвезці сейф на станцыю.
— Завязем, не хвалюйся, — супакойваючы сына, сказаў пан Вышамірскі.— У нас жа, здаецца, ёсць конь.
— Што ты, тата, — усумніўся сын, — гэта не конь, а падла старая, ад яго нават фрыцы ў такі час адмовіліся.
— Нічога, дацягне… Тут недалёка.
Ад маёнтка да бліжэйшай чыгуначнай станцыі было каля пятнаццаці кіламетраў. Туды ішлі дзве дарогі: адна па бальшаку, другая праз лес. Бальшак цяпер увесь забіты машынамі і фурманкамі з адступаючымі гітлераўцамі. А ехаць праз лес — там могуць быць партызаны. Праўда, пасля нядаўняй прачысткі наўрад ці хто застаўся з іх. Памеркаваўшы, Антак вырашыў ехаць лесам, тым больш што гэтая дарога была карацейшай. Апошняе было вельмі важна. Гул гармат, які чуўся ўначы, як далёкае рэха, пад раніцу значна наблізіўся. Трэба было спяшацца.
Каня запрагаў сам Антак. Апрача скрынкі з каштоўнасцямі на фурманку паклалі некалькі чамаданаў. Але конь быў такі стары і такі слабы, што і гэты, параўнаўча не цяжкі воз ён ледзьве скрануў з месца. Некалькі чамаданаў з менш каштоўным дабром прыйшлося паскідаць адразу ж, як толькі выехалі за вароты.
Ехалі марудна. Як Антак ні лупцаваў каня, той спыняўся ўсё часцей і часцей. Лясная дарога была пераплецена каранямі дрэў, якія месцамі высока выпіралі з зямлі, быццам жылы на магутнай, напружанай руцэ. Колы часта ўпіраліся ў гэтыя карані, і конь ніяк не мог іх адолець.
— Но… каб цябе ваўкі разарвалі! — дубасіў бедную жывёліну тоўстым кіем Антак. Конь кідаўся ў бакі, спрабаваў узяць рыўком і нарэшце паваліўся на зямлю, далёка адкінуў старэчую галаву з дрыжачай абвіслай губой і не рэагаваў ужо ні на якія ўдары. А гул гармат, падхоплены лясным рэхам, здаваўся зусім блізкім.
— Ты чуеш, тата? — звярнуўся Антак да старога пана.
— Чую, — хмура адказаў той. — І не ведаю, што рабіць…
— Но… Падымайся! — зноў зароў Антак на каня. Але той выцягнуў ногі і не дыхаў.
— Прыехалі,— злосна плюнуў начальнік паліцыі і адкінуў кій.
— У-у-ух… У-у-ух… — далятала з усходу.
— Трэба закапаць сейф дзе-небудзь тут, у лесе, хоць бы вось каля старога дуба. Можа, яшчэ вернемся, тады адкапаем, — прапанаваў стары Вышамірскі.
Антак згадзіўся, адшпіліў ад пояса маленькую рыдлёўку, якую захапіў у дарогу, і са злосцю пачаў капаць.
Калі яма была выкапана, ён сказаў бацьку:
— Сакваяжык з паперамі доктара, відаць, трэба таксама пакінуць тут.
Затым яны знялі сейф з павозкі, паставілі ў яму пад дубам, засыпалі яе зямлёй і старанна замаскіравалі.
— Эх, усё загінула, — заскрыгатаў зубамі Антак.
— Нічога не зробіш, сынку, — сумна зазначыў стары Вышамірскі. Ён ніяк не мог адысці ад дуба, папраўляў лапкі, жмуткамі травы закідваў грудкі зямлі, што адкаціліся ў час капання. Яму ўсё здавалася, што гэтае месца можа прыцягнуць чыю-небудзь увагу.
— Хутчэй, бацька, — падганяў сын, — інакш і мы тут паляжам разам з багаццем.
— У-у-ух! У-у-ух!.. — стагнала і ўздрыгвала зямля.
Сцёпа расплюшчыў вочы. Дзве зоркі, маленькія, срабрыстыя, глядзелі на яго. «Дзе я? Што са мной?» — падумаў ён.
З-за хмары выплыў месяц. Яго жоўтае святло слаба асвятляла паляну, на якой ляжаў Сцёпа. Паблісквала халодная раса. Маўкліва і непарушна стаялі цёмныя дрэвы. Ні птушкі, ні лясныя звяры, якімі быў багаты Шэрвінскі лес, не падавалі ніякіх адзнакаў жыцця.
Сцёпа зноў заплюшчыў вочы і раптам убачыў яркае полымя над будынкам камендатуры, Кузьму Данілавіча з фашысцкім аўтаматам у руках, перакошаныя жахам твары турэмных вартаўнікоў і паліцэйскіх… «Я-то выратаваўся, — падумаў Сцёпа, — а вось паперы доктара зноў у руках Антака. Іх яшчэ можна выратаваць, але для гэтага трэба як мага хутчэй паведаміць у партызанскі атрад. Калі аб гэтым будзе ведаць дзядзька Мірон, то начальніку паліцыі наўрад ці ўдасца ўцячы. Але як паведаміць?»
Недзе далёка затрашчала галлё. Сцёпа прыслухаўся: «Можа, хто-небудзь з партызан ідзе?» Трэск рабіўся ўсё больш выразным. Ужо было чуваць, як нехта з шумам прабіраўся праз зараснікі. «Не, гэта не чалавек, — зразумеў Сцёпа. — Людзі цяпер не ходзяць так смела…» І сапраўды, на паляну выбег дзікі вяпрук. Ён спыніўся, пакапаў крыху лычам зямлю, потым павярнуўся і зноў, ламаючы галлё, пайшоў у гушчар. «Спадзявацца мне, відаць, няма на каго. Трэба самому як-небудзь дабірацца да вёскі».
Сцёпа паспрабаваў падняцца. Упёрся рукамі ў зямлю і сеў. Але ў гэты момант перад вачыма закруціліся зялёныя, чырвоныя кругі, і ён упаў.
— Кр-р-р, кр-р-р! — закаркала паблізу варона. Гэты крык абудзіў Сцёпу, і ён расплюшчыў вочы. Яркае сонечнае святло ўдарыла ў іх. Адпачыўшы, Сцёпа адчуў сябе крыху лепш, але ўстаць на ногі не адважыўся.
«Ці далёка яшчэ да вёскі? Эх, каб трапіўся хто з мясцовых жыхароў…» — падумаў ён. Раптам Сцёпа пачуў галасы людзей… «Няўжо ідзе ратунак? Але адкуль?.. І што гэта за гром?.. А-а, гэта гул гармат… Фронт набліжаецца, фронт… Вызваленне хутка… Ах, як добра!»
Сцёпа папоўз у той бок, дзе чуліся галасы.
— Но-о-о! — даляцеў чыйсьці сярдзіты вокліч. «Фурманка едзе… Але хто гэта — свае ці чужыя?» Партызан папоўз да дрэва, з-за якога ўбачыў лясную дарогу. З-за павароту паказалася шэрая, нізка апушчаная галава старога каня, які ледзь цягнуў ногі. Услед за канём крочыла знаёмая высокая постаць.
«Антак!» — здзівіўся Сцёпа і пацягнуўся рукою да пояса, дзе заўсёды ў яго вісеў пісталет. Але цяпер пісталета не было. Праўда, быў кінжал, выхаплены ў час сутычкі ля турмы ў вартавога, але што ён мог зрабіць ім у такім стане?
«Вось дзе ты, гад… Уцякаеш!» — прашаптаў Сцёпа, нервова рвучы траву пальцамі.
Між тым стары конь Антака ступіў яшчэ некалькі крокаў, паваліўся і больш не ўстаў.
…Сцёпа бачыў усё, што рабілася пад старым дубам. «Ну, цяпер мне ні ў якім разе нельга паміраць, — падумаў ён, калі Антак і стары Вышамірскі пайшлі.— Я адзіны чалавек, які ведае, дзе знаходзяцца паперы доктара».
Сцёпа падняўся на аслабелыя ногі, ступіў крок, другі… Моцна кружылася галава, балела рана ў баку. Ён часта адпачываў, ішоў далей, падаў, зноў падымаўся. Нарэшце, канчаткова страціўшы сілы, Сцёпа паспрабаваў паўзці, але не змог…
Апамятаўся ён раніцай. Зноў ярка свяціла сонца, лёталі бесклапотныя матылькі і прыгожа спявалі птушкі. Сцёпа паспрабаваў устаць, але адразу ж упаў. Цяпер у яго распухлі калені, і ён не мог скрануцца з месца. Роспач ахапіла юнака. Прападзе! Такая патрэбная праца прападзе! Што рабіць?
Сцёпа падняў галаву, каб паглядзець, дзе ён. Можа, пазнае мясцовасць? Можа, ён зусім блізка ад людзей? Не, гэта Косінская дзялянка. Да вёскі яшчэ далёка. Яго галава бездапаможна пачала хіліцца долу. І раптам яркі свет сонечнага зайчыка разануў яму па вачах! Партызан аж зажмурыўся, потым зноў адплюшчыў вочы і ўбачыў бліскучую снарадную гільзу!
Гільза! Цудоўна! Ён цяпер ведаў, што рабіць.
Сцёпа зняў з нагі бот і дастаў з кішэнькі ў галянішчы запісную кніжку з маленькім кавалачкам алоўка. Коратка запісаўшы прыгоды апошніх дзён, ён старанна вялікімі літарамі вывеў паведамленне, дзе закапаны паперы доктара Долахава.
Крывым сукам, які валяўся побач, ён падкаціў гільзу бліжэй да сябе, схаваў у яе свой дзённік і старанна закаркаваў. «Вось тут мая кніжка захаваецца добра», — падумаў ён. Потым кінжалам пачаў раскапваць зямлю пад дрэвам. Выкапаўшы яму, Сцёпа паклаў туды гільзу і засыпаў яе зямлёй.
Заставалася самае цяжкае. Трэба было пакінуць які-небудзь прыкметны знак, каб людзі звярнулі ўвагу на гэтае месца. Сцёпа задумаўся. Трэба выразаць на кары дрэва, пад якім закапана яго кніжка, надпіс. Але які? Выразаць, што праца доктара Долахава знаходзіцца пад дубам, які стаіць на шляху ад вёскі Ляхаўцы да станцыі, было вельмі доўга. На такі надпіс у яго не хапіла б сілы. І тады Сцёпа вырашыў выразаць такія словы: «Тут схавана праца доктара Долахава». Калі людзі знойдуць яго запісную кніжку, яны знойдуць і працу доктара.
Так ён і зрабіў. Спяшаючыся, трацячы часамі прытомнасць, ён пачаў выразаць. Літары атрымліваліся няроўныя, кінжал часта выпадаў з рук, але Сцёпа прыкладаў усе сілы, каб скончыць надпіс. І ўсё ж выразаць апошняе слова Сцёпа ўжо не змог. Сілы зусім пакінулі яго, і ён зноў страціў прытомнасць.
…Нешта халоднае льецца на галаву. Гэта вяртае Сцёпу да жыцця. Дождж! Якое шчасце! Так хочацца піць. Ён паварочваецца тварам угару і ротам ловіць кроплі вады. Толькі некалькі кропляў дажджу, а як палягчэла. Хлопец спрабуе нават падняцца на ногі, але гэта яму не ўдаецца. Тады Сцёпа намагаецца паўзці далей, магчыма, удасца як-небудзь дабрацца да вёскі, бо паведамленне на дрэве не вельмі надзейнае, могуць убачыць, а могуць і не ўбачыць. Зняты з нагі бот надзець ізноў Сцёпа ўжо не мог і папоўз далей так, з адной абутай нагой.
Ціха шумеў лес. Верхавіны дрэў схіліліся адна да адной, быццам перашэптваліся, наглядаючы, як унізе смяротна ранены чалавек змагаецца за жыццё другіх.
— Вось і ўся гісторыя, — сказала Зінаіда Антонаўна. Дзеці былі моцна ўсхваляваны. Некаторы час ішлі моўчкі. Потым Ніна Бурэйка нясмела заўважыла:
— Мусіць, той чалавек з адным ботам, якога знайшлі ў лесе, і быў Сцёпа? Так і не ўдалося яму дапаўзці да вёскі. Змогся. — І Ніна цяжка ўздыхнула.
— Так, цяпер ясна, што гэта быў ён, — адказала Зінаіда Антонаўна.
— І як гэта пільшчыкі не заўважылі надпісу? — здзівілася Нэля.
— Ну, тут няма нічога дзіўнага. Яны ж працай былі заняты, — разважыла Ніна.
— Вось тут нам трэба павярнуць! — паказаў Віця на вузкую сцежку, якая вяла ў лес.
— Тут? — перапытала Зінаіда Антонаўна. — Дык гэта ж і ёсць адзінаццаты квадрат… Збірайце кветкі, бо тут непадалёк брацкая магіла… У ёй пахаваны загінуўшыя партызаны з тутэйшых. І Сцёпа Казіміраў таксама…
Сцяжынка ішла нізінай, чарналесіцай; кветак было шмат, і нарваць па вялікаму, прыгожаму букету аказалася справай некалькіх мінут.
Брацкая магіла была на невысокім узгорку, пад шатамі трох векавых соснаў. Сціплая драўляная агароджа, строгі абеліск з белага мармуру, увянчаны пяціканцовай зоркай…
— Паглядзіце, тут ужо нехта быў, бачыце кветкі! — закрычала Ніна, якая першай падбегла да магілы.
— Народ не забывае сваіх герояў,— задуменна сказала Зінаіда Антонаўна, калі дзеці моўчкі абступілі магілу. — Вось чаму тут гэтыя кветкі. А цяпер і мы пакладзем свае…
Вучні паклалі кветкі ля падножжа абеліска, засмучана пастаялі над магілай, потым ціхенька, каб не парушыць спакой тых, хто спіць тут пад зялёным акуратным капцом, выйшлі за агароджу і рушылі ў дарогу.
Сцяжынка вяла іх усё далей у лес.
Віця ішоў і думаў, што цяпер робяць Васілёк, Толік і Жэнька, як яны правялі сённяшнюю ноч. За гэтымі думкамі ён не адразу заўважыў трох хлопцаў, якія паказаліся з-за павароту, а заўважыўшы і ўгледзеўшыся, не паверыў сваім вачам: насустрач ім ішлі Васілёк, Толік і Жэнька.
— Глядзіце! — спыніўся Віця. — Нашы разведчыкі ўжо самі вяртаюцца. Абышліся, напэўна, без нашай дапамогі…
Аднак, калі трое сяброў падышлі бліжэй, Віця заўважыў, што яны зусім не падобныя на герояў, якія вяртаюцца з перамогай. Наадварот, яны былі нейкія разгубленыя, вочы глядзелі вінавата.
— Чаму вы ідзеце з пустымі рукамі?
— А дзе паперы доктара Долахава?
— Сейф хаця б знайшлі ці не?
Гэтыя пытанні хвалявалі ўсіх, і трое разведчыкаў не ведалі, каму адказваць. На дапамогу ім прыйшла Зінаіда Антонаўна.
— Пачакайце, — спыніла яна дапытлівых, — вы ім слова сказаць не даеце, — і, звяртаючыся да Толіка, спытала: — Куды вы ішлі?
— За вамі,— чамусьці апусціўшы галаву, нявесела адказаў Толік.
— А чаму ўсе ўтрох? Хто-небудзь павінен быў застацца сцерагчы сейф.
— Мы яшчэ не знайшлі сейфа…
— Як не знайшлі? — захваляваліся ўсе. — Месца ж вы ведалі дакладна. Дуб прыкметны. Няўжо нехта раней за нас туды дабраўся?
— Ды не, — змрочна сказаў Васілёк. — Справа ў тым, што ніякага дуба там няма.
— Як няма? А дзе ён падзеўся?
— А вы чулі пра дрэваапрацоўчы камбінат, што будуецца ў нашым раёне? — уступіў у размову Жэнька.
— Ну, чулі… А пры чым тут камбінат?
— А пры тым, што ён будуецца якраз на тым месцы, дзе рос дуб. І дуба там цяпер няма, відаць, спілавалі,— растлумачыў Жэнька.
— Няма дуба, дык пень ад яго павінен быць. Яго вам і трэба было знайсці. Няўжо так цяжка дадумацца? — абурана сказаў Віця.
— «Цяжка дадумацца»! — перадражніў яго Васілёк. — А ты паспрабуй прабрацца на тэрыторыю будаўніцтва. Мы было сунуліся, дык нам адразу: асадзі назад. Там агароджа з усіх бакоў і ахова стаіць.
— Трэба было папрасіць добра, — не здаваўся Віця. — Расказалі б, што вам трэба…
— А ты думаеш, мы не прасілі!
— І пра паперы каму-небудзь казалі? — насцярожылася Ніна.
— Яшчэ чаго, — гатовы быў пакрыўдзіцца Толік, — быццам мы не ведаем, што гэта сакрэт! Аднаму толькі чалавеку…
— Каму? — занепакоілася і Зінаіда Антонаўна.
— Ды вартаўніку ля прахадной… Маленькі такі і кульгае…
— Вось гэта вы дарэмна, — незадаволена паківала галавой Зінаіда Антонаўна. — Ужо калі каму і сказаць, дык трэба было начальніку будаўніцтва, а не першаму сустрэчнаму.
Хлопцы яшчэ ніжэй апусцілі галовы. Ім і без таго было прыкра, што экспедыцыя, няхай і нялёгкая, спачатку ішла так удала, а потым раптам натрапіла на нечаканую і непераадольную перашкоду ў выглядзе невысокага кульгавага вартаўніка ля прахадной. А тут яшчэ папрокі выслухоўвай…
Зінаіда Антонаўна, заўважыўшы, што хлопцы зусім засумавалі, паспрабавала іх падбадзёрыць.
— Вось бачыце, атрымліваецца, мы не дарэмна адправіліся вам на дапамогу. Хто ж вас адных пусціць на тэрыторыю будаўніцтва? — прыціскаючы да сябе Жэньку і Толіка, проста сказала яна. — Самім нават не варта было і спрабаваць пранікнуць туды. Трэба было адразу паведаміць мне.
— А з вамі нас прапусцяць? — спытала Ніна, праціскаючыся наперад.
— Прапусцяць, — упэўнена адказала Зінаіда Антонаўна. — Мы скажам, што на экскурсію прыйшлі,— хітра прыжмурылася яна. — А акрамя таго, начальнік будаўніцтва мой добры знаёмы.
— Вось гэта здорава! — Ніна ад радасці ледзь не пусцілася ў скокі.— Значыць, мы разам усе будзем адкопваць сейф.
— Як жа, будзеш… — скептычна прабурчаў Васілёк. — Гэты пень ад дуба не лягчэй знайсці, чым той на Косінскай дзялянцы.
— Ха-ха-ха! — звонка рассмяялася Ніна. — Вось сказаў… Там было вунь колькі пнёў, і ўсе падобныя. А тут адзін, ды яшчэ які — велізарны!
— Так, велізарны, — не здаваўся Васілёк, — а ты паспрабуй адшукаць яго, калі ўся будаўнічая пляцоўка завалена цэглай, бярвеннямі і ўсякай такой усялячынай.
— Гэта праўда, — падтрымаў Васілька Жэнька, — яго нялёгка будзе знайсці. Мы ўсю будоўлю абышлі, у кожную шчыліну ў агароджы зазірнулі, а пня нідзе не ўбачылі. Відаць, сапраўды цэглай завалены.
— Дык што ж рабіць? — ужо зусім іншым тонам — заклапочаным і крыху разгубленым — спытала Ніна.
— А праўда, што мы будзем рабіць? — загаварылі астатнія, з трывогай і надзеяй пазіраючы на Зінаіду Антонаўну.
Настаўніца не спяшалася з адказам. Яна стаяла і напружана нешта абдумвала.
— Вось што, — нарэшце сказала яна. — Васілёк і Жэнька маюць рацыю, знайсці сейф нам, напэўна, удасца не адразу. Можа быць, давядзецца застацца тут на суткі, а то і болей. Ну дык мы і застанемся. Згодны?
— Згодны, згодны! — загулі хлопчыкі і дзяўчынкі.
— Толькі дзе ж мы будзем жыць? — занепакоілася Ніна.
— Разаб'ем свой лагер дзе-небудзь непадалёк ад будоўлі і не пойдзем адсюль, пакуль не адшукаем пень і не здабудзем паперы доктара Долахава, — растлумачыла Зінаіда Антонаўна. — А дапаможа нам ва ўсім начальнік будаўніцтва Сяргей Пятровіч Краўчэня.
— Ур-р-р-а! — звонкім крыкам адобрылі вучні гэтае рашэнне.
Для лагера выбралі невялікую прыгожую паляну метрах у двухстах ад тэрыторыі будоўлі. Палатак з сабой не было — ніхто ж не думаў, што так павернецца справа. Аднак з гэтай бяды выйшлі лёгка — замест палатак зрабілі тры буданы. Штука гэта няхітрая: забіў у зямлю дзве рагаціны, на іх паклаў папярочку, зверху накідаў яловых лапак — і жыллё гатова. У адным будане размясціліся Зінаіда Антонаўна з дзяўчынкамі, у двух астатніх — хлопцы.
Час быў позні, і свой візіт да начальніка будаўніцтва Зінаіда Антонаўна адклала на заўтра. А перад сном усе сабраліся вакол кастра і доўга спявалі.
Да чаго ж хораша ноччу ля кастра! Толькі трэба загадзя запасціся палівам, каб потым не давялося ісці збіраць галлё. Надта ўжо цёмным здаецца лес, калі выйдзеш за круг, асветлены зыркім полымем кастра. Цёмным і страшным. Відаць, таму дзяўчынкі, калі агонь пачаў слабець, шчыльней пасунуліся да Зінаіды Антонаўны і пачалі з ёю сакрэтную размову аб сукенках і прычосках. Здабываць галлё адправіліся тры вопытныя і адважныя падарожнікі — Толік, Жэнька і Васілёк.
Нямала гадоў прайшло пасля вайны, але закапанае ў беларускім лесе золата і неацэнныя паперы доктара Долахава не давалі ні хвіліны спакою Антаку Вышамірскаму і яго састарэламу бацьку, якія жылі цяпер у Заходняй Германіі. Справы ў іх ішлі няважна. Былы начальнік паліцыі і амаль непадзельны гаспадар цэлага раёна, уладальнік сейфа, набітага золатам, і аўтар — так без сораму называў сябе ён — важнага навуковага адкрыцця Антак Вышамірскі вымушаны быў разам з бацькам жыць на мізэрную пенсію, якую заходнегерманскі ўрад выдаваў беспрацоўным. Нейкі час Антак быў шафёрам у прамысловага верхавода; потым той разарыўся, і Антак застаўся беспрацоўным. А атрымаць новую работу было для яго не менш цяжка, як і дабрацца да запаветнага сейфа.
Аднойчы Антак зайшоў у даволі брудны рэстаранчык і галодным позіркам агледзеў залу. «Паесці ці напіцца?» — думаў ён, бо грошай у яго амаль не было. «Нап'юся, — нарэшце вырашыў ён, — а там, можа, хто пачастуе». Ён падышоў да століка, за якім сядзеў невысокі поўны чалавек з чорнымі вусікамі, і заказаў сабе віскі. Спачатку сядзелі моўчкі, але потым разгаварыліся. Чалавек з вусікамі пачаставаў Антака добрай цыгаркай і прапанаваў выпіць за Вялікую Германію. Гэты чалавек чымсьці спадабаўся Антаку, і ён раптам расчуліўся.
— Ты не думай, што я які-небудзь жабрак, — цяжка ўздыхнуў Антак. — Я багаты чалавек. У мяне золата — цэлая скрыня ёсць. Толькі яно далёка… у лесе закапана… у рускіх…
Чалавек з вусікамі зацікаўлена паглядзеў на Антака.
— Я магу дапамагчы табе здабыць яго, — прапанаваў ён.
Антак вылупіў вочы.
— Я ведаю людзей, якія дапамогуць табе перабрацца цераз граніцу, — працягваў новы знаёмы. — Толькі ўмова: палова золата мне.
— Трэць, — рашуча адказаў Антак.
Праз два з нечым месяцы ў маленькай закусачнай на прывакзальнай плошчы аднаго з невялікіх беларускіх гарадоў можна было назіраць такую сцэну.
Ледзь асветленая зала. За прылаўкам жвавы, з бляклымі вачыма чалавечак заўзята працуе помпай — напампоўвае з бочкі піва. Ля круглых столікаў стаяць некалькі позніх наведвальнікаў. У цёмным кутку ўладкаваўся на пустой бочцы падпіты рослы мужчына. Ён шчасліва і бессэнсоўна ўсміхаецца і мармыча сам сабе нешта накшталт песні на адзін і той жа бясконцы матыў.
Наведвальнікі мала-памалу разыходзяцца. Прадавец бадзёрым тонам выкрыквае:
— Ану, каму паўтарыць? Налятай, зачыняю!
У апошні раз грукнулі дзверы, а з цёмнага кутка па-ранейшаму чуецца няхітры рыпучы матыў. Прадавец рашуча накіроўваецца туды.
— А ты што? Закругляйся!
Бачачы, што на яго не звяртаюць увагі, ён пачынае злавацца:
— Гэй, ты, табе кажу! Зачыняць трэба!
У поўнай упэўненасці, што гэтага дастаткова, прадавец збірае пустыя кубкі і нясе за прылавак. Між тым незнаёмец накіроўваецца да дзвярэй, прачыняе іх, выглядвае на вуліцу і… замыкае на кручок.
Прадавец спрабуе ўгаварыць яго:
— Ну ты, кінь дурэць! Бо паставога паклічу…
— Хопіць! — рашуча гаворыць незнаёмец і, не хаваючы кпінаў, дадае: — Як жывяце, пан Болцікаў?
Калі б у гэты позні час у чайнай быў хто-небудзь трэці, ён бы ўбачыў, як у прадаўца ад здзіўлення і страху выкаціліся на лоб вочы, а піўны кубак, які ён трымаў у руках, з грукатам паляцеў на падлогу.
— Не пазнаеш? — гэтак жа насмешліва спытаў незнаёмец.
Болцікаў не мог вымавіць слова ў адказ. Ен толькі адмоўна матляў галавой.
Незнаёмец няспешна дастаў папяросу, закурыў, акуратна паклаў запалку ў попельніцу і, нібы між іншым, сказаў:
— Маёр Брунер перадае вам прывітанне.
Тут ужо Болцікаў ледзь не сеў на падлогу.
Незнаёмец па-гаспадарску пайшоў за прылавак, нацадзіў паўкубка піва і паднёс да вуснаў прадаўца. Той зрабіў некалькі прагных глыткоў. Другі кубак незнаёмец напоўніў да краёў, але, глынуўшы крыху, выплеснуў піва на падлогу:
— Вадой разбаўляеш, дрэнь!
Гэтыя словы раптам прывялі Болцікава ў прытомнасць. Ён парывіста выпрастаўся і, стараючыся паказаць на твары сяброўскую ўсмешку, замармытаў:
— Няўжо Антак? Антак Вышамірскі? Якім чынам?
— Сямён Курбека, шафёр першага класа, — паправіў яго Антак. — І запомніце гэта, таварыш Казіміраў… Слаўны быў партызан таварыш Казіміраў, няхай пухам яму зямля. Мне і ў галаву не прыходзіла, што ён півам гандляваць стане. Столькі часу дарэмна патраціў, пакуль адшукаў цябе. Ну добра, цяльпук, збірайся!
— Куды? — разгублена спытаў Болцікаў.
— Па дарогах вайны пойдзем, — загадкава адказаў Антак. Твар Болцікава выцягнуўся.
— А чаго ж ісці?
— Чаго? — перапытаў Антак і раптам, пасунуўшыся да Болцікава ўшчыльную, горача зашаптаў: — Нам трэба знайсці дуб. Памятаеш, у дваццаць шостым квадраце? Каля выгіну Раднічанкі…
— Н-ну, памятаю… А што ты там згубіў?
— Згубіў? — Антак крыва ўсміхнуўся. — Мяне прымусілі «згубіць» там сапраўдныя скарбы.
Пры гэтых словах вочы ў Болцікава заблішчэлі.
— Скарбы?
— Так. Па-першае, там паперы доктара Долахава. Ты ж ведаеш, што гэта за паперы. Калі дзейнічаць разумна, дык мы можам ашчаслівіць чалавецтва, зразумеў?
Відаць было, што Болцікаў крыху расчараваны, але ён ажывіўся зноў, калі Антак загаварыў далей:
— Ну, а яшчэ там золата, шмат гадзіннікаў, розных каштоўнасцей. Нашых сямейных каштоўнасцей. Я прыкідваў: калі лічыць у доларах, тысяч на сто набярэцца. Ты ведаеш, што такое сто тысяч долараў? І гэта яшчэ не ўсё: там у мяне ў паперах ёсць адзін пакет маёра Брунера. Вельмі важны пакет.
— А дзе цяпер сам Брунер?
— Там, — Антак махнуў рукой на захад.
— І ты адтуль? — напалохана адхіснуўся Болцікаў.
— Адтуль.
— А як жа ты цераз граніцу?
— Адна дзяржава дапамагла, — загадкава прашаптаў Антак. — Яна таксама ў гэтай справе зацікаўлена.
— Адчулі, што золатам пахне?
— Тфу, дурны! — сярдзіта сплюнуў Антак. — Яны яшчэ нам па шапцы золата адваляць, калі ім пашчасціць здабыць пакет Брунера.
— А што ў тым пакеце? — недаверліва спытаў Болцікаў.
— Спісы, — ледзь чутна прашаптаў Антак. — Спісы і фатаграфіі людзей, пакінутых тут маёрам. Што будзе, калі яны трапяць у чужыя рукі? Бяда! А тая дзяржава таксама вельмі зацікаўлена, каб захаваць гэтых людзей. Вось мяне і паслалі адкапаць сейф. Адзін палкоўнік так і сказаў на развітанне: «Вы, містэр Вышамірскі, вернецеся вельмі багатым чалавекам». А ўжо цябе я не забуду. Так што заўтра раніцой ідзі браць разлік. Ну вось, а цяпер налі па кубачку, пляваць, што разбаўленае, — і Антак працягнуў разгубленаму Болцікаву пусты бакал.
Той, прыкметна прыпадаючы на левую нагу, пацягнуўся да бочкі і пачаў напампоўваць піва. Антак толькі цяпер заўважыў, што ён кульгае.
— Дзе гэта цябе?
— У Румыніі. Назваўся груздом — лезь у кош, — незадаволена ўсміхнуўся Болцікаў.— Мала ім аказалася маіх партызанскіх заслуг, давялося і ў пяхоце паваяваць.
— О-го! — іранічна працягнуў Антак. — Вось гэта біяграфія!
— А як дабірацца будзем? — быццам не заўважаючы іроніі былога начальніка паліцыі, спытаў Болцікаў.
— Да Бярозаўкі цягніком, а там аўтобусам на Раманавічы. Я гэта ўсё разведаў, пакуль пра цябе дазнаўся. Кіламетраў васемнаццаць пешшу давядзецца тупаць, ды гэта дробязі.
— А за табой не сочаць?
— Можа, і сачылі, ды я так сляды заблытаў, што сам чорт галаву зломіць. Быў ваенным — стаў цывільным, быў барадатым — стаў голеным. Усё, браце, прадугледжана.
— І ўсё ж, Антак, у мяне душа не на месцы. Я ўжо і багацця гэтага не хачу. Не-не, я ведаю, ты мяне не пакрыўдзіш. А можа, усё ж ты як-небудзь сам?
— Магу і сам, — абыякава сказаў Антак. — Толькі справа ў тым, што ў спісах Брунера і тваё прозвішча ёсць.
— Маё? — Болцікаў падскочыў, як уджалены. Цяпер ён быў разбіты канчаткова. Так, ад гэтага нікуды не ўцячэш. Альбо расплочвацца за здрадніцтва, альбо ісці далей.
Калі немцы адступалі, Болцікаву з групай паліцэйскіх было загадана ўзарваць мост, па якім праходзілі апошнія фашысцкія часці. З заданнем ён не справіўся: пад носам у гітлераўцаў на іх напалі партызаны, перабілі ахову і самі ўзарвалі мост, адрэзаўшы на ўсходнім беразе цэлую дывізію мотапяхоты. Аднаму Болцікаву цудам удалося выратавацца. Без малога месяц вандраваў ён па лясах, аброс, счарнеў. Даганяць немцаў не адважыўся: яму б не даравалі промаху на мосце. Аднойчы ён натрапіў на труп забітага партызана, у якім пазнаў Сцяпана Казімірава. І тады ён вырашыў прысвоіць сабе яго імя. Так і жыў пад чужым імем. Першы час не спаў па начах, уздрыгваў ад кожнага шолаху, баязліва хрысціўся, пачуўшы стук у дзверы. Потым гэта адышло, стала далёкім, амаль забылася. І вось Антак… Калі гэты здолеў адшукаць яго, значыць, нічога яшчэ не скончылася, значыць, альбо расплочвайся, альбо ідзі далей. А расплочвацца Болцікаву вельмі не хацелася.
З нянавісцю гледзячы на Антака, ён глуха вымавіў:
— Добра… Чаму быць, таго не абмінуць.
Раніца. Па лясной дарозе ідуць Антак і Болцікаў. Матавым дываном ляжыць на высокай траве раса. Калі прайсці па ёй — застанецца яркі зялёны след. Антак і Болцікаў час ад часу спыняюцца, уважліва азіраюцца.
— Да чаго памяць дрэнная стала, — скардзіцца былы начальнік паліцыі.— І тыя як быццам месцы, і не тыя. Хутка ўжо, здаецца, павінен быць і дваццаць шосты.
— А ты па карце паглядзі,— раіць Болцікаў.
Антак дастае старую ваенную карту, звяраецца з мясцовасцю.
— Ідзем быццам правільна, — няўпэўнена гаворыць ён. — Вось ужо за той павароткай пачынаецца дваццаць шосты.
Яны крочаць далей. Раптам Антак спыняецца.
— Што за чорт! А дзе ж дуб?
— Відаць, не дайшлі яшчэ, — мяркуе Болцікаў.
— Ды яго тут за вярсту было відаць — высачэзны такі.
— Тады, можа, спілавалі,— выказвае здагадку Болцікаў.— Давай пройдзем далей.
Дарога непрыкметна збягае ў лагчынку, пятляе ў кустах. Нечакана справа ад яе адкрываецца агароджа, якой не відаць ні канца, ні пачатку.
— Гэта што яшчэ за навіны? — разгублена мармыча Антак і накіроўваецца ўздоўж агароджы. Болцікаў кульгае за ім.
— Стой, хто ідзе? — раптам раздаецца вокліч.
Антак і Болцікаў маўчаць. З-за кустоў выходзіць вузкаплечы стары з чырвоным мясістым тварам і маленькімі заплыўшымі вочкамі.
— Вы чаго тут не бачылі? — падазрона пытаецца вартаўнік.
— Ды вось ходзім па памятных месцах, — проста тлумачыць Антак. — Партызанілі тут. Цікава паглядзець, як усё змянілася. Курыце? — Антак працягвае старому раскрыты партсігар, запалку. — Вось тут некалі магутны дуб стаяў. Пры-ыгажун!
— Стаяў,— пацвярджае вартаўнік.
— А цяпер яго няма.
— Няма, — згаджаецца стары. — Маланкай разбіла. Усю верхавіну знесла. Адзін ствол тырчаў, дык людзі на дровы спілавалі.
— Агароджа тут нейкая з'явілася… — працягвае Антак.
— Не нейкая, а будаўнічая, — не без гонару папраўляе стары. — Дрэваапрацоўчы камбінат будзе. І бадзяцца тут чужым асобам строга забараняецца.
— Зразумела, — гаворыць Антак.
Яны з Болцікавым адыходзяць крыху ў бок, потым Антак вяртаецца дзед, а рабочая сіла на будаўніцтве патрабуецца?
— А як жа ж? Вунь, — вартаўнік махае рукой уздоўж агароджы, — там, ля прахадной, на варотах, і спіс вісіць — якія спецыялісты патрабуюцца. Толькі з гэтым пытаннем трэба звяртацца не да мяне, а ў аддзел кадраў.
Антак і Болцікаў адыходзяць, не даслухаўшы яго да канца. У кустах Антак парывіста хапае Болцікава за руку і пытаецца:
— Ты, акрамя піўной помпы, якімі-небудзь інструментамі валодаеш?
— А што?
— На работу давядзецца ўладкоўвацца, — спяшаецца растлумачыць свой план Антак. — І ўвогуле не бяда, калі цябе ніякаму рамяству не навучылі. Будзеш вартаўніком. Гэта лепш за ўсё — ночы будуць нашы. У цябе інвалідныя дакументы ў парадку?
— У парадку.
— Вось і прасіся ў вартаўнікі. А я шафёр першага класа, мне прасцей уладкавацца.
Невысокі кульгавы вартаўнік, з якім размаўлялі Толік, Васілёк і Жэнька, і быў Болцікаў. Дзякуючы таму, што на будаўніцтве не хапала людзей, Антаку і Болцікаву даволі лёгка ўдалося ўладкавацца на работу.
На будоўлі, сярод мноства людзей, Антак адчуваў сябе ў бяспецы. Тут выкрыць іх будзе нялёгка. Акрамя таго, Антак лічыў, што ён дастаткова ўдала заблытаў сляды і пагранічнікам нізашто не патрапіць на іх.
Але тут ён памыляўся. Пошукі парушальніка граніцы не спыняліся. У той самы вечар, калі дзеці з Зінаідай Антонаўнай рабілі ў лесе буданы, у кабінет да начальніка Н-скай заставы маёра Шэвелева зайшоў дзяжурны і далажыў:
— Прыбыў лейтэнант Вераб'ёў.
— Няхай увойдзе.
Дзяжурны адказыраў, і адразу ж на парозе з'явіўся высокі статны малады чалавек. Твар яго быў вельмі заклапочаны.
Маёр зірнуў яму ў вочы і таксама нахмурыўся.
— Беспаспяхова?
— Як скрозь зямлю праваліўся. Шэвелеў нервова пастукаў пальцамі па стале. Мінуту-другую абодва маўчалі.
Раптам Вераб'ёў сказаў:
— Да чаго ж гэта крыўдна: ведаеш, што вораг знаходзіцца на нашай зямлі, і не ведаеш, дзе ён, навошта прыйшоў…
— Так, становішча не з прыемных, — згадзіўся маёр. Ён устаў з-за стала, прайшоўся па пакоі.— Але нічога… Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. Усё роўна пападзецца. Народ дапаможа… У народа вока вострае, чужую руку адразу прыкмеціць. А пакуль прымем такія меры…
І маёр Шэвелеў пачаў выкладаць лейтэнанту план далейшых пошукаў. Было ўжо далёка за поўнач, калі лейтэнант, ажыўлены і нібы яшчэ больш памаладзелы, зухавата шчоўкнуў абцасамі і выйшаў. А маёр яшчэ доўга сядзеў у сябе ў кабінеце і думаў.
На наступны дзень піянеры падняліся, як толькі развіднела. Кароткая летняя ноч, але ўсе добра адпачылі, адчувалі сябе па-сапраўднаму бадзёрымі. Відаць, у лесе, на свежым паветры, наогул можна спаць напалову менш, чым дома.
Дзень абяцаў быць добрым. Неба было чыстае, без адзінага воблачка, і сонца, хаця яму яшчэ далёка было да зеніту, адчувальна прыпякала. Пасля снедання Зінаіда Антонаўна падалася на перагаворы да начальніка будоўлі, а дзеці заняліся гаспадарчымі клопатамі: адны абіралі бульбу, перабіралі гарох, словам, клапаціліся наконт абеду; астатнія нарыхтоўвалі сухія дровы, «даводзілі» буданы — напярэдадні вечарам іх ставілі наспех і, вядома, не абышлося без недаробак.
Потым вярнулася Зінаіда Антонаўна і сказала, што ўсё дамоўлена, што яны могуць зараз жа пачаць знаёмства з будаўніцтвам камбіната і — галоўнае — пошукі таго пня…
Бадай, лепшага месца для камбіната знайсці нельга было. Будаўнічая пляцоўка размясцілася пасярод абшырнага ляснога масіву.
Акрамя таго, Раднічанка рабіла тут круты выгін і ля таго самага берага, дзе разгарнулася будаўніцтва, утварала вялікі і глыбокі заліў. Меркавалася, што ў гэты заліў будуць заходзіць плыты з іншых, далёкіх лясных участкаў, а ўжо адсюль драўніна будзе транспарціравацца ў распіловачны цэх камбіната.
Так гэта выглядала ў чарцяжах і праектах. А на будаўніцтве пакуль рабіўся катлаван, вакол яго ўзвышаліся горы цэглы, вапны і іншых будаўнічых матэрыялаў.
Работа ў катлаване кіпела на ўсю моц. Вурчалі маторы, адзін за адным пад'язджалі да экскаватара магутныя грузавікі-самазвалы і, атрымаўшы сваю порцыю вільготнай зямлі, адразу ж ад'язджалі, каб даць месца іншым. Непадалёк скавытала электрапіла, угрызаючыся ў мяккае і падатлівае дрэва. Адтуль далятаў прыемны смаляны пах.
Дзецям усё тут было вельмі цікава. Але асабліва доўга прастаялі яны каля экскаватара. Здавалася, ніколі не надакучыць глядзець, як магутныя стальныя зубы каўша з прагнасцю ўгрызаюцца ў грунт, як потым лёгка выпростваецца доўгая чорная шыя і гэтак жа лёгка нясе напоўненую зямлёй пашчу. Раптам іх прымусіў здрыгануцца басавіты голас аўтамабільнага сігналу. Проста на іх, збочыўшы з дарогі, насоўваўся грамада-самазвал.
— МАЗ, дваццаціпяцітонны, — паспяшаўся прадэманстраваць сваю дасведчанасць Васілёк, хаця і сам ён бачыў раней гэты самазвал толькі на малюнку ў газеце.
Велізарная машына, спрытна манеўруючы, пад'ехала да экскаватара, і таму давялося нямала папрацаваць, перш чым кузаў яе быў напоўнены. Але вось самазвал ад'ехаў, і дзеці зноў падступілі да экскаватара. З кабіны высунуўся хударлявы чорнавалосы мужчына і прыветліва махнуў ім рукой.
— Глядзіце, колькі там у яго рычагоў! — захоплена заўважыў Жэнька. — І як ён не памыляецца, які раней націскаць, які пазней…
— Ну, дапусцім, нічога тут асабліва складанага няма, — скептычна кінуў Васілёк.
— Гэта як жа няма?!
— Ды так… Я вось толькі паглядзеў і ўжо проста змог бы працаваць на экскаватары.
— Не хваліся, — сярдзіта спыніла яго Ніна.
— Не верыш, не верыш, так? — Васілёк вырашыў не здавацца.
— Вядома, не веру.
— А я вось зараз папрашу… Калі дазволяць… — І Васілёк па прыступках пачаў падымацца да кабіны экскаватара. Дабраўшыся да расчыненых дзверцаў, ён гучна, стараючыся перакрычаць грукат машыны, папрасіў: — Дзядзечка, дазвольце мне крыху пакіраваць!
Экскаватаршчык, відаць, здзівіўся, убачыўшы побач кірпаносы хлапечы твар, але ўсё ж перапытаўся:
— Што?
— Дазвольце, кажу, машынай пакіраваць.
Экскаватаршчык, гатовы, здавалася, раззлавацца і прагнаць няпрошанага памочніка, раптам усміхнуўся на ўвесь рот. З зямлі не было чуваць, што ён казаў, і, ужо спусціўшыся, Васілёк пакрыўджана расказаў:
— Падрасцеш, гаворыць, школу скончыш, прыходзь, вазьму ў вучні. А пакуль, значыць, папрашу сысці. Да машыны падыходзіць у час работы забараняецца…
У той жа дзень дзецям удалося даведацца, дзе знаходзіцца пень. Пажылы рабочы з мясцовых жыхароў падвёў іх да велізарнага штабеля цэглы і сказаў:
— Вось тут, якраз пад гэтымі цаглінкамі, і будзе той ваш пень. А ці нельга даведацца, для якой такой патрэбы вы яго шукаеце?
Пытанне засталося без адказу. Дзеці як вады ў рот набралі: гэтак іх уразілі памеры штабеля. Яны думалі, што сёння ж выкапаюць сейф, убачаць сваімі вачыма паперы доктара Долахава, а тут… Колькі ж гэта давядзецца чакаць, пакуль разбяруць гэты штабель!
Зінаіда Антонаўна адразу ж накіравалася да начальніка будаўніцтва. Вярнулася яна хутка і ўзрадавана паведаміла:
— Ну, вось што, не сумаваць! Заўтра пачнецца закладка падмурка, і начальнік абяцаў, што першым пойдзе менавіта гэты штабель. І яшчэ ён сказаў, што дай бог, каб яго хапіла на два дні. Так што ўсё ў парадку. А цяпер давайце выканаем адну просьбу Сяргея Пятровіча.
— А якую? — зацікавіліся дзеці.
— Ды вось скардзіцца начальнік, што ёсць у яго людзі розных спецыяльнасцей, а мастакоў і пісьменнікаў няма. Адным словам, ён просіць памагчы выпусціць насценную газету. Дык што, дапаможам?
— Вядома, вядома!
Усім хацелася хутчэй узяцца за справу. Толькі Васілёк застаўся абыякавым: яго па-ранейшаму займала думка аб тым, як бы пакіраваць экскаватарам.
Зінаіда Антонаўна размеркавала паміж піянерамі абавязкі: адны разышліся па будоўлі «збіраць матэрыял», другія — у першую чаргу «мастакі» — накіраваліся ў кабінет начальніка будаўніцтва, які часова стаў рэдакцыяй. Работа над першым нумарам насценнай газеты «Будаўнік» закіпела.
«Карэспандэнты» адзін за адным прыбягалі ў рэдакцыю, наспех дыктавалі матэрыял Ніне. Заметкі адразу ж правіліся з дапамогай Зінаіды Антонаўны і перапісваліся на вялікія артыкулы ватману.
Калі работа падыходзіла ўжо да канца, дзверы нечакана расчыніліся і ў пакой увайшоў Болцікаў. Ён быў у новым касцюме з ордэнскімі калодкамі, але трымаўся сарамліва.
— Я чуў, што вы тут выпускаеце насценгазету. Скажыце, каму здаваць заметкі? — расцягнуўшы вусны ў дагодлівай усмешцы, сказаў Болцікаў.
Зінаіда Антонаўна паднялася яму насустрач.
— Калі ласка, пакіньце мне. А пра што тут у вас?
— Пра самае галоўнае, — важна паведаміў Болцікаў.— Крытыканаў тут, на будоўлі, хапае — аднаму тое не падабаецца, другому — іншае. А вось расказаць аб значэнні нашай будоўлі не кожны можа.
— Дзякуй, — адказала госцю Зінаіда Антонаўна. — Менавіта такога артыкула ў нас і не хапае.
Яна ўзяла ў Болцікава акуратна складзеныя лісткі, зірнула на загаловак, потым на подпіс і раптам усхвалявана сказала:
— Прабачце, як ваша прозвішча? Тут неразборліва…
— Казіміраў,— спакойна адказаў госць.
— А імя і імя па бацьку?
— Сцяпан Вікенцьевіч.
— Сцяпан Вікенцьевіч? — здзіўлена перапытала настаўніца. — Гэтыя імя і прозвішча мне знаёмыя. Вы выпадкова не партызанілі ў злучэнні дзядзькі Мірона?
— А як жа, усю вайну ў партызанскіх разведчыках прахадзіў,— стрымана, усміхаючыся аднымі вуснамі, адказаў Болцікаў, а яго маленькія вадзяністыя вочкі трывожна забегалі.
— Ой, як добра! — пляснула рукамі Зінаіда Антонаўна. — Мне трэба будзе абавязкова з вамі пагутарыць. Мы збіраем матэрыял для партызанскага музея аб злучэнні дзядзькі Мірона, дык вы нам раскажаце пра баявыя подзвігі разведчыкаў.
Болцікаў паморшчыўся.
— Расказаць можна, ды вось няма калі мне цяпер.
— А калі вы зможаце выбраць час? Ну, хоць паўгадзіны? — не адступала Зінаіда Антонаўна.
— Заўтра. Я буду дзяжурыць, вось вы і прыходзьце ўвечары. Тады і пагутарым.
— Прабачце, а дзе вы будзеце дзяжурыць? Я ж не ведаю, дзе вы працуеце, — дапытвалася Зінаіда Антонаўна.
— Вартаўніком працую, — па-ранейшаму ўсміхаючыся аднымі вуснамі, адказаў Болцікаў.— Сціплая пасада, але, ведаеце, старыя раны… — і ён палопаў сябе па параненай назе.
— Загадзя вам удзячная, — усміхнулася на развітанне Зінаіда Антонаўна. — Я так рада гэтай сустрэчы! — дадала яна, праводзячы вачыма шчуплую постаць. Яна заўважыла, што Болцікаў цяпер стаў асабліва моцна прыпадаць на левую нагу.
Як толькі Болцікаў зачыніў за сабою дзверы, дзеці акружылі настаўніцу.
— Зінаіда Антонаўна! Што ж гэта атрымліваецца? Мы знайшлі дзённік Сцяпана Казімірава, а ён, аказваецца, жывы.
— Магчыма, гэта іншы Казіміраў. Ва ўсякім выпадку, на Сцёпу ён ні кропелькі не падобны, ды і гадамі старэйшы… удвая. У злучэнні дзядзькі Мірона маглі быць і людзі з аднолькавымі прозвішчамі.
Дзяцей супакоіў гэты адказ, але сама Зінаіда Антонаўна была вельмі ўсхвалявана. Не, нешта не памятае яна, каб у іх злучэнні быў яшчэ адзін Казіміраў. А там, хто ведае, — злучэнне ж было вялікае. Ды і прозвішча гэта сустракаецца не так ужо рэдка. Але тут такое супадзенне! Прозвішча, імя і імя па бацьку. Гэта адразу насцярожыла Зінаіду Антонаўну. Вось чаму яна прыдумала гэты ход з гісторыяй злучэння дзядзькі Мірона. Калі яна пагутарыць з ім, распытае больш падрабязна, усё стане зразумела. Акрамя таго, Зінаіда Антонаўна, не марудзячы, напісала пісьмо былому партызанскаму камандзіру Мірону Захаравічу Дубатаўку, па ваенным часе — дзядзьку Мірону. Яна прасіла тэрмінова паведаміць, ці быў у яго злучэнні яшчэ адзін Казіміраў, і коратка расказвала пра сустрэчу з поўным цёзкам героя-разведчыка Сцёпы Казімірава. Пісьмо, відаць, будзе дастаўлена Мірону Захаравічу заўтра. Паслязаўтра яна трымае адказ.
Далёка па тэрыторыі будоўлі, па навакольных лясах разносіцца гулкі металічны звон. Бязвусы падлетак старанна б'е цяжкім гаечным ключом па падвешаным да дрэва кавалку рэйкі. Спыняюцца маторы, уторкваюцца ў зямлю вострыя рыдлёўкі, замірае ў паветры страла экскаватара. Гэты звон — сігнал на абед.
У адну мінуту зялёны лужок непадалёк ад таго месца, дзе рыецца катлаван, запаўняецца рабочымі. Яны рассаджваюцца, дастаюць бутэрброды, бутэлькі з малаком. Потым, падсілкаваўшыся, здымаюць кашулі, загараюць ці, прыладкаваўшыся дзе-небудзь у ценю, чытаюць газеты.
А хто гэтыя двое, што прабіраюцца ў далёкі канец будаўнічай пляцоўкі, дзе складзены велізарны штабель цэглы? Гэта Антак і Болцікаў. Вось яны падыходзяць да штабеля, спыняюцца.
— Тут, — паказвае Болцікаў.— Яго піянеры адшукалі.
— Атрымліваецца, яны нам вельмі дапамаглі,— задаволена адказвае Антак. — А ты ўжо гатовы быў рукі апусціць.
— Але пакуль не забяруць цэглу, да пня нам не дабрацца.
— Нічога не папішаш. — Антак адкусіў кончык цыгарэты і злосна сплюнуў.— Давядзецца чакаць…
— Чакаць? — жахнуўся Болцікаў.— Я і так па начах не сплю, ад кожнага шолаху ў пот кідае.
— А з чаго гэта раптам? Ці заўважылі што? — нахмурыўся Антак.
— Ды як быццам не… Толькі вось сёння…
— Што сёння? Кажы!
— Ды вось… Узяў напісаў ім для газеты заметку, каб пусціць пыл у вочы. Ну, панёс. А яна як убачыла подпіс, дык адразу: «А вы раптам у злучэнні дзядзькі Мірона не партызанілі?» А я ёй: «Так, вядома». А яна як паглядзіць на мяне…
— Ды хто гэта яна, кажы толкам.
— Ну, гэтая іх настаўніца…
— А-а, — абыякава махнуў рукой Антак. — Што яна можа ведаць! Яна ў вайну яшчэ дзяўчынкай была. А што глядзіць недаверліва, дык гэта зразумела.
— Зразумела?
— Пайшлі, я табе раскажу.
Яны накіраваліся да вялікай павеці, пад якой стаяла машына Антака. Антак дастаў з-пад сядзення камеру і пачаў манціраваць скат. Болцікаў падышоў бліжэй.
— Дык вось, — пачаў Антак. — Ты ведаеш, адкуль ім стала вядома пра сейф?
— Не, — паматляў галавой Болцікаў.
— Я аднаго з іх распытаў… З дзённіка Сцяпана Казімірава. Яны нейкім чынам знайшлі яго дзённік.
— Таго, сапраўднага? — белымі вуснамі вымавіў Болцікаў.
— Атрымліваецца, што так.
— Дык я ж прапаў, як піць даць прапаў! — схапіўся за галаву Болцікаў.
— Ці мала людзей з аднолькавымі прозвішчамі на свеце, — спакойна сказаў Антак. — Чаго ты ўжо ў паніку кідаешся!
— У мяне з ёй спатканне прызначана, — безнадзейна прашаптаў Болцікаў.— Размовы будзем размаўляць…
— Пра што? — насцярожыўся ўжо і Антак.
— Пра мае баявыя подзвігі.
— А, ч-чорт! — вылаяўся Антак. — Значыць, нешта падазрае.
Ён на момант задумаўся, потым ненатуральна бадзёрым тонам загаварыў:
— Усё роўна нічога страшнага няма. Толькі ўжо іграць давядзецца да канца. Ніякіх аднолькавых прозвішчаў. Ты і ёсць той самы Сцяпан Казіміраў. Выжыў, уцалеў. У палоне быў. А наконт «подзвігаў» не турбуйся, — Антак кісла ўсміхнуўся. — Гэтага Казімірава я ведаю лепей за цябе. Я табе ўсё раскажу, а ты ёй перадасі. А каб пераканаўча было, і пра дзённік раскажаш. Быццам ты яго закапаў у хвіліну небяспекі, а як прыехаў зноў у гэтыя мясціны, хацеў адкапаць, ды не знайшоў — яго ўжо не было.
Болцікаў ухапіўся за гэтую думку.
— Вось бы дзённік дастаць. Хоць на адну ноч…
— Так, было б нядрэнна, — згадзіўся Антак. — Толькі як ты яго дастанеш? Я нешта не магу прыдумаць… — ён памаўчаў, потым злосна заўважыў: — І які чорт панёс цябе да яе з гэтай заметкай?! Не было б ніякіх страхаў.
— Дык я ж хацеў, як лепш… Думаў падазрэнні адвесці. А то мне чамусьці ўвесь час здаецца, што за намі сочаць. — Болцікаў раптам выпрастаўся, выцер насоўкай спацелы лоб. — Ведаеш, Антак, адпусці ты лепш мяне да майго піва. І мне спакайней будзе, і табе менш клопатаў…
— Дурань!..
— Сам дурань, — вяла агрызнуўся Болцікаў. Ён ведаў, што Антак усё роўна яго не адпусціць.
Позні вечар. Цьмяна гараць электрычныя лямпачкі, нягуста раскіданыя па тэрыторыі будоўлі. Толькі катлаван, дзе працуе экскаватар, азораны магутным і роўным святлом пражэктараў. Але вось машына змаўкае, гаснуць пражэктары — экскаватаршчык скончыў работу.
Не паспеў яшчэ растаць у цемры яго няясны сілуэт, не паспелі адгучаць крокі, як адна дошка ў агароджы ссунулася ўбок і ў шчыліну прасунулася хлапечая галава. Вось ужо маленькая фігурка, крадучыся, набліжаецца да слупа з электрычным рубільнікам. Ды гэта ж Васілёк! Азірнуўшыся па баках, ён уключыў рубільнік. Успыхнуў пражэктар. Васілёк ужо смялей падышоў да экскаватара, па прыступках ускараскаўся ў кабіну, сеў за рычагі кіравання. Экскаватаршчык не дазволіў яму пакіраваць машынай. Ну і не трэба. Ён сам… Вось кнопка пускацеля. Націснуў — і матор запрацаваў. Васілёк перавёў адзін рычаг — коўш пачаў павольна апускацца. А які ж рычаг цяпер? Не, з аднаго позірку гэта не так проста запомніць. Гэта не трактар, які Васілёк ведае назубок. Хіба толькі вось гэты паспрабаваць… Васілёк пацягнуў другі рычаг. Што гэта — раздаўся нейкі ціхі скрогат, машына здрыганулася і замоўкла. Усё зразумела: ён нешта сапсаваў. Трэба бегчы. Васілёк паспешліва спусціўся з машыны, кінуўся да агароджы, прасклізнуў у тую ж шчыліну і ўжо гатовы быў уздыхнуць з палёгкай, як раптам адчуў, што нечая жалезная рука схапіла яго за каўнер.
— Дзядзечка, пусціце! — адчайна крыкнуў ён, пазнаўшы ў цемры шафёра з таго вялікага самазвала.
— Цс-с-с! — шафёр, а гэта быў Антак, моцна заціснуў яму рот. — Не крычы! Як цябе зваць?
— В-васіль… — цяжка вымавіў Васілёк сваё імя.
— Та-а-к, Васіль… Значыць, шкодніцтвам займаешся?
— Я… х-хацеў толькі паспрабаваць…
— Ведаем мы гэтыя «паспрабаваць»… Кажы, хто падаслаў цябе?
— Ніхто не падсылаў… Я сам пайшоў.
— Ну добра, пойдзем да начальніка, там разбяруцца.
Васілёк не ведаў, што рабіць, адкуль чакаць выратавання. Нават не спрабуючы бегчы, ён пакорліва ішоў паперадзе шафёра. Раптам Антак спыніўся.
— А можа, не казаць начальніку? Нешта шкада мне цябе стала… А?
— Н-не ведаю, — прамямліў Васілёк.
— А ў цябе знойдзецца тысяч дзесяць на рамонт?
— Н-не…
— Ну, тады пойдзеш у турму. — Антак гаварыў спакойна, быццам аб якіх-небудзь дробязях. — Гадкоў на пяць… З піянераў, вядома, вылеціш. — Ён азірнуўся навокал. — Акрамя мяне, ніхто цябе не бачыў. Калі не казаць нікому, дык, можа, усё і абыдзецца…
— Дзядзечка, не кажыце, — пачаў прасіцца раптам Васілёк. — Я больш ніколі не буду нічога чапаць, што забараняецца… Н-ніколі не буду!
Антак памарудзіў з адказам.
— Ну што ж, магу і памаўчаць. Толькі ўмовімся: паслуга за паслугу. Я табе добрую справу зраблю, а ты — мне… Згодны?
— Згодны! — з радасцю адказаў Васілёк.
— Ты, здаецца, у адным будане з настаўніцай жывеш?
— Не.
— Э-э, — расчаравана працягнуў Антак, — тады справа складаная. Але, калі ты сапраўдны мужчына, справішся.
— А-а што вы хочаце? — усё яшчэ дрыготкім голасам спытаў Васілёк.
— Што хачу? Я табе зараз скажу. Вы, я чуў, знайшлі дзённік партызана Сцяпана Казімірава…
— Знайшлі,— з гатоўнасцю пацвердзіў Васілёк. — Цяжка было, а ўсё ж знайшлі.
— Гэта я ведаю. Малайцы, хлопцы! — Антак моцна сціснуў Васільку руку вышэй локця. — Таму я да цябе і звяртаюся з просьбай. Бачу, з кім маю справу. Мне б вельмі хацелася паглядзець гэты дзённік. Можа, ты возьмеш яго ў настаўніцы? Я потым вярну… пачытаю і вярну.
— Добра, я папрашу ў яе, — згадзіўся Васілёк.
— Э, не, — Антак памахаў пальцам ля яго носа. — Па некаторых меркаваннях мне б хацелася, каб ты гэта зрабіў непрыкметна, каб яна нават не ведала, што ты браў дзённік. А потым ты пакладзеш яго на месца. Ну як, зробіш?
— Пастараюся, — нізка апусціўшы галаву, ледзь чутна прашаптаў Васілёк.
— Ну, тады ідзі! — Антак адпусціў хлопчыка. — Толькі глядзі, нікому ні-ні… А калі прагаворышся… — Антак не скончыў сваёй пагрозы. Ён моўчкі сціснуў руку Васілька, сціснуў так, што ў таго вырваўся глухі стогн.
Васілёк вярнуўся ў будан вельмі позна. Ён яшчэ доўга хадзіў па цёмным лесе і ўсё думаў, думаў. Нават не пра экскаватар. Асабліва непакоіла яго просьба гэтага высокага шафёра. Чаму ён хоча здабыць дзённік патаемна? Хіба нельга папрасіць адкрыта? Чаму ён так строга наказваў, каб Васілёк нікому не прагаварыўся пра гэта? Нават прыгразіў… Як тут быць?
Васілёк прывык па кожнай больш-менш важнай справе раіцца з сябрамі, з тым жа Толікам, з Жэнькам. Тады і рашэнні неяк лягчэй знаходзіліся. А калі справа ўжо зусім сур'ёзная, — ну, скажам, выбар маршруту для падарожжа, — тады яны разам ішлі да Зінаіды Антонаўны і раіліся з ёю. А як цяпер? Ён не можа ні сябрам, ні настаўніцы нават заікнуцца аб гэтай справе. А справа, відаць, больш сур'ёзная, чым выбар маршруту…
Асцярожна, каб не пабудзіць хлопцаў, Васілёк прабраўся на сваё месца і пачаў распранацца. Дзіўная справа, ён ніяк не мог расшпіліць гузікі кашулі — перашкаджала непрыемнае трымценне ў руках. Нарэшце распрануўшыся, ён нырнуў да Толіка пад коўдру.
Спачатку трывога як быццам крыху сунялася. Ён нават паспрабаваў заснуць, пераканаўшы сябе, што раніцай што-небудзь прыдумае. Але сон не ішоў. Васілёк прыўзняўся на локці, прыслухаўся і крануў таварыша за плячо.
— Толька, Толька! Прачніся.
Толік пацягнуўся, не расплюшчваючы вачэй, спытаў:
— Чаго табе?
— Пагаварыць трэба. Толік сеў.
— Ну, што?
— Спачатку пакляніся, што нікому не скажаш.
— Што яшчэ за тайны такія?
— Не, ты пакляніся, — настойваў Васілёк.
— Слова гонару, нікому нічога не скажу! Васілёк некалькі секунд памаўчаў, нібы набіраючыся смеласці, потым ціха вымавіў:
— Бяда, Толька… Вялікая бяда.
— Ды кажы ж, у чым справа, не цягні!
— Я… — Васілёк не паспеў больш сказаць ні слова. За сценкай будана раптам пачуўся кашаль. У Васілька ад жаху выцягнуўся твар. Ён асцярожна прабраўся да выхаду, выглянуў. У трох кроках ад будана, пад дрэвам, стаяў шафёр. «Так і ёсць, сочыць». Васілёк хуценька вярнуўся і шмыгнуў пад коўдру.
— Хто там? — здзіўлена спытаў Толік.
— Н-не ведаю, так нехта… — ляскаючы зубамі, адказаў Васілёк.
— Ну, дык што ты мне хацеў расказаць?
— Н-нічога.
— Як нічога? Ты ж казаў, бяда нейкая…
— Гэта я так, пажартаваў.
— Добрыя жартачкі! — незадаволена буркнуў Толік, пераварочваючыся на другі бок.
Ой, як не хочацца Васільку, каб Толік цяпер заснуў. Ён спрабуе расштурхаць сябра:
— Толь, а Толь, колькі мы тут яшчэ прабудзем?
— Нядоўга. Спі.
Лёгка сказаць «спі», а калі думкі, трывожныя, невясёлыя думкі, не даюць табе заплюшчыць вочы? Вось хацеў жа Васілёк зрабіць па-піянерску, расказаць пра ўсё таварышу, параіцца з ім, як быць. Але аказваецца, гэты даўганогі шафёр слоў на вецер не кідае. Сочыць, чаго добрага, забіць можа. У яго такія вочы… А навошта яму дзённік Сцяпана Казімірава? І чаму ён не можа сам пайсці да Зінаіды Антонаўны, папрасіць? Не, тут нешта нядобра…
— Ад усіх гэтых думак у Васілька разбалелася галава.
Непрыкметна надышла раніца. Скрозь невялікія шчылінкі ў даху будана пачало прабівацца святло новага дня. А Васілёк усё яшчэ ні на што не мог рашыцца. Ён і не падазраваў, як цяжка быць аднаму, без таварышаў, без іх падтрымкі.
Васілёк паляжаў яшчэ крыху, потым асцярожна выпаўз з будана, агледзеўся. Пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, ён гэтак жа асцярожна вярнуўся і зноў пачаў тармасіць Толю за плячо.
Толік заварочаўся і скрозь сон незадаволена прабурчаў:
— Ды што гэта з табой: і сам не спіш, і іншым не даеш?
— Толя, ды бяда ж якая здарылася! Я сабе месца не знаходжу…
— Ты скажаш ці не, якая бяда?! — узарваўся раптам Толік.
І тады Васілёк з цяжкасцю выціснуў з сябе:
— Я зламаў экскаватар!
Толік ускочыў на ногі, ледзь не прабіўшы галавой дах будана.
— Як гэта табе собіла?
— Ды вось…
Калі Васілёк расказаў таварышу ўсё па парадку: і пра сваю спробу папрацаваць на экскаватары, і пра сустрэчу з даўганогім шафёрам, і пра яго дзіўную просьбу, і пра тое, як ён ноччу падыходзіў да будана, Толік, ні слова не кажучы, пачаў хутка апранацца. Потым сказаў:
— Пайшлі!
— Куды? — спалохана ўтаропіўся на яго Васілёк.
— Да Зінаіды Антонаўны. Трэба ёй зараз жа пра ўсё расказаць.
— Не пайду, — заўпарціўся Васілёк.
— Чаму?
— Яна мяне адправіць дамоў…
— Ну, калі ты гэтым абыдзешся, я буду рады за цябе.
— Але ж я павінен быць тут, я ж самага пачатку…
— А ты што, хацеў рабіць дрэнныя ўчынкі і не адказваць за іх?
Гэтыя словы падзейнічалі на Васілька. Ён раптам захіліў твар рукамі і бязгучна заплакаў.
— Ну, чаго ты… Кінь, — ужо больш мякка загаварыў Толя. — Можа, там дробязь якая паламалася… Мяне больш турбуе гэтая дзіўная просьба. Вось пра яе і трэба як мага хутчэй расказаць Зінаідзе Антонаўне.
— Ну добра, тады пайшлі,— скрозь слёзы сказаў Васілёк.
Раніца гэтага дня прынесла дзецям радасную навіну. Так і ёсць, пачалася закладка падмурка, і цэглу бяруць менавіта з таго штабеля, пад якім павінен знаходзіцца пень. Гэтую вестку прынёс «разведчык» — Жэнька. Узрадаваныя, дзеці нават не сталі чакаць снедання, а хутчэй памчаліся на будаўнічую пляцоўку.
Тут поўным ходам кіпела работа. Высокі, да воблакаў, вежавы кран, які да сённяшняга дня бездзейнічаў, плаўна падводзіў пляцоўку да цаглянага штабеля, што шматтонным грузам ахоўваў подступы да запаветнага пня. Рабочыя ў брызентавых рукавіцах грузілі на яе ярка-чырвоныя цагліны. Пляцоўка лёгка ўзнімалася ў паветра і апускалася дакладна каля муляраў з кельнямі. Хуткімі, спрытнымі рухамі муляры бралі ў рукі цагліны і акуратна ўкладвалі іх у падмурак будучага будынка.
Было ў гэтай рабоце, у яе дакладным рытме нешта ўрачыстае, і гэтым нібы падкрэслівалася значнасць моманту. Дзеці глядзелі на ўсё, што адбывалася, як зачараваныя.
Падышлі сюды і Болцікаў з Антакам. Яны ж таксама з нецярплівасцю чакалі гэтага дня. Антак затрымаўся ненадоўга. Ён нешта шапнуў Болцікаву і накіраваўся да свайго самазвала, які стаяў з другога боку цаглянага штабеля.
Зінаіда Антонаўна, заўважыўшы, што Болцікаў застаўся адзін, падышла да яго і ціха спытала:
— Таварыш Казіміраў, а вы не забылі пра нашу сустрэчу?
— Якую сустрэчу? — насцярожана перапытаў Болцікаў, але адразу ж, успомніўшы, зноў усміхнуўся аднымі вуснамі.— Ах, так… Памятаю, памятаю, а як жа. Толькі ведаеце што, прыходзьце пазней, гэтак гадзін у дзесяць вечара, тады ўжо нам ніхто перашкаджаць не будзе…
— Мне ўсё роўна, глядзіце, каб вам было зручна, — знешне спакойна адказала Зінаіда Антонаўна і накіравалася да дзяцей.
Спакой яе быў толькі знешні, унутрана яна з вялікім хваляваннем чакала гэтай сустрэчы. Круглы цёзка яе партызанскага сябра Сцяпана Казімірава зацікавіў Зінаіду Антонаўну яшчэ пры першай сустрэчы, там, у кабінеце начальніка будаўніцтва. Але асабліва яе трывога ўзрасла пасля сённяшняй размовы з Васільком і Толем. Хлопцы расказалі, што шафёр дваццаціпяцітоннага МАЗа просіць дзённік Сцёпы. Ды яшчэ як просіць: не ў яе, а ў Васілька і не адкрыта, а тайна, з пагрозамі. А галоўнае, што гэтага шафёра і вартаўніка яна некалькі разоў бачыла разам. Усё гэта вельмі непакоіла яе, і яна спадзявалася, што сустрэча з кульгавым вартаўніком многае растлумачыць.
Як толькі Зінаіда Антонаўна адышла, Болцікаў, зладзеявата азірнуўшыся, накіраваўся проста да Антака, які, падняўшы капот, засяроджана корпаўся ў маторы.
— Ужо! — таямніча шапнуў Болцікаў.
— Што ўжо?
— Напамінала пра сустрэчу.
— Ну і што? — суха запытаў Антак.
— Табе «ну і што»! — раптам ускіпеў Болцікаў.— Ты — калі што — хвастом накрыўся, і шукай ветру ў полі. У цябе сувязі, яўкі… А мне куды загадаеш падацца?
— Не бойся, дурань, — спакойна кінуў Антак і загадкава ўсміхнуўся. — На вось, пачытай лепш…
З гэтымі словамі Антак працягнуў разгубленаму Болцікаву даволі тоўсты блакнот.
— Што гэта?
— Дзённік Сцяпана Казімірава. Твой, значыць…
— А як ты яго дастаў? — Болцікаў увесь загарэўся ад цікаўнасці.
— Ну, гэта ўжо не твая справа! — поўны гордасці, сказаў Антак. — Ты лепш ідзі куды-небудзь у лес, пакуль ёсць час, ды як мае быць да экзамену падрыхтуйся.
— Ох, бог ты мой, — закаціўшы вочы да неба, прастагнаў Болцікаў.— І калі ўсё гэта скончыцца!
— Не скуголь! — грозна засыкаў на яго Антак. — Бачыш, як цэгла хутка растае? Пры такіх тэмпах пад вечар да пня дабяруцца. А ноччу мы ўсё і абцяпаем. Зразумеў? Усё ідзе як нельга лепш. Нават калі ў яе і ўзнікне якое падазрэнне, позна будзе. Пакуль што да чаго, і след наш прастыне.
— На словах яно заўсёды гладка атрымліваецца, — прамармытаў Болцікаў, хаваючы за пазуху дзённік Сцяпана Казімірава.
У лесе, выбраўшы зацішную мясцінку, ён пачаў падрабязна вывучаць дзённік. Гэты занятак захапіў яго так, што ён і не заўважыў, як прайшоў дзень і сонца стала хіліцца да захаду. Толькі цяпер, пазнаёміўшыся з запіскамі партызана, Болцікаў зразумеў многае з таго, пра што яны з маёрам думалі, над чым столькі ламалі галаву. Дык вось хто папярэдзіў ляхаўчан, што іх збіраюцца забіраць у Германію. Усё гэты Казіміраў! А праз яго ж і сам Болцікаў ледзь не паплаціўся жыццём. Яго тады немцы хацелі расстраляць, як таго старасту. Ледзь вымаліў літасці, на каленях. Адыходлівы ўсё ж характар быў у маёра Брунера.
Бандыт злосна сціснуў кулакі.
— Ну, не ведаў я гэтага раней. Сваімі б рукамі дабіў, калі б ты трапіў да нас у камендатуру, Сцяпан Казіміраў!
Ад успамінаў да рэчаіснасці Болцікава вярнуў гук цяжкіх крокаў злева. Ён ускочыў і пачаў напружана ўглядацца ў той бок скрозь густыя галіны алешніку. Што і казаць, трывожныя дні насталі для былога брунераўскага ад'ютанта. Нездарма кажуць: хто парася ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Там, далёка ад гэтых месц, у сваім піўным ларку, ён яшчэ адчуваў сябе больш-менш спакойна. А тут кожны шолах, кожны скіраваны на яго позірк заганяў, як кажуць, яго баязлівую душу ў пяткі.
Кусты рассунуліся, і на палянку выйшаў Антак.
— Ты чаго гэта прахалоджваешся! — накінуўся ён на Болцікава. — Табе ж на змену заступаць.
— Ды ці час ужо? — пачаў нясмела апраўдвацца Болцікаў.
— Што, зачытаўся сваімі «подзвігамі» і забыў пра ўсё на свеце? — з'едліва спытаў Антак.
— Небяспечны ён быў для нас чалавек, — быццам не заўважыўшы тону апошніх слоў Антака, задуменна сказаў Болцікаў.
— Усё прачытаў?
— Усё.
— І запомніў, дзе ён быў, у якіх аперацыях удзельнічаў?
— Быццам бы запомніў,— няўпэўнена адказаў Болцікаў.
— Глядзі ж, у людзях не памыліся, — павучальна сказаў Антак.
— Пастараюся.
— А цяпер давай яго сюды.
— Што? — не зразумеў Болцікаў.
— Дзённік. Мне ж яго вярнуць трэба. Я ўзяў толькі на адзін дзень.
— Бяры, — Болцікаў працягнуў дзённік Антаку і пацікавіўся: — А як там справы на будоўлі? Да пня яшчэ не дабраліся?
— Яшчэ не. Але ўжо хутка. Радоў дваццаць засталося. Я выбраў там у адным месцы некалькі цаглін і якраз на пень наткнуўся. Так што сёння будзе ў нас гарачая ночка.
— Ужо сёння? — Болцікаў скурчыўся, жаласліва гледзячы ў вочы Антаку.
— А як ты думаў! Калі заўтра да яго дабяруцца дзеці, нам з табой там ужо рабіць не будзе чаго. Гэтыя малакасосы адкапаюць. А мы павінны іх апярэдзіць. Так што доўга з гэтай настаўніцай не балбачы, а як толькі вызвалішся — хутчэй да мяне, на падмогу. Я пакуль цэглу буду разбіраць.
— Паслухай, Антак, — пачаў маліць Болцікаў.— Калі мы тут апошнюю ноч, дык навошта мне з ёю сёння размаўляць? Яшчэ, чаго добрага, наблытаю, яна адчуе — перашкодзіць нам можа.
— А гэта ты справу кажаш, — пахвальна кіўнуў галавой Антак. — Перанясі размову на заўтра. Толькі падставу пераканаўчую прыдумай, а то яшчэ хутчэй западозрыць можа.
— Прычыну мне лягчэй прыдумаць, чым размаўляць з ёю.
— Ну вось і думай. А цяпер пайшлі! Рассоўваючы пругкія галіны кустоў, Антак
і Болцікаў сталі прабірацца да прасекі, па якой праходзілі слупы тэлефоннай лініі. Каля аднаго са слупоў Антак спыніўся. Ён дастаў з кішэні манцёрскія абцугі-кусачкі і палез на слуп.
— Што ты там забыўся? — задраўшы галаву, пацікавіўся Болцікаў. Але, убачыўшы, як спачатку адляцеў адзін провад, спрытна перашчоўкнуты Антакам, а за ім і другі, здагадаўся: — Правільна робіш. Каб ніякай сувязі ў іх не было.
— А ты думаў, мы лыкам шытыя? — саскокваючы са слупа і самазадаволена ўсміхаючыся, сказаў Антак. — Мы школу добрую прайшлі.
— А ты паведаміў туды, каб нас чакалі? — Болцікаў паказаў рукой на захад.
— Паспеецца, — і, злёгку падштурхнуўшы свайго саўдзельніка ў спіну, Антак дадаў: — Ну, ідзі ж! Не бойся!
Гэтая ноч — трэцяя ноч у лесе, непадалёк ад будаўнічай пляцоўкі дрэваапрацоўчага камбіната, — для Зінаіды Антонаўны была асабліва трывожнай. Спяць дзеці. Доўгі, багаты на ўражанні дзень змарыў усіх. Ды яны і не ведаюць тых трывог, якія не даюць спаць іх настаўніцы.
Недзе там, у крайнім будане, мірна сапе ў сне Васілёк. Няхай спіць. Ён шмат перажыў і мінулай ноччу, і сёння пасля абеду, калі ў іх у лесе сам сабой адбыўся піянерскі збор. Ну і дасталася ж яму ад таварышаў. Амаль усе прапаноўвалі адправіць яго дадому. Ведалі, што горшага пакарання не прыдумаць, і ўсё роўна прапаноўвалі. Ёй самой давялося заступіцца за яго. Вядома, учынак яго заслугоўваў такой кары. Але ж ён сам ва ўсім сумленна прызнаўся. І акрамя таго — пра гэта Зінаіда Антонаўна, вядома, змаўчала, — Васільку трэба было яшчэ сустрэцца з гэтым высокім шафёрам, забраць у яго дзённік Сцяпана Казімірава.
Зінаіда Антонаўна ляжала ў будане побач з Нінай, Нэляй і іншымі дзяўчынкамі, якія моцна спалі. Ляжала, але не спала. І не таму, што над вухам тонка і пранізліва звінелі камары, — іх яна нават не заўважала. Настаўніца, як гэта яна заўсёды рабіла, кладучыся ў пасцель, у думках падводзіла вынік прайшоўшага дня, ацэньвала свае ўчынкі, словы, прынятыя рашэнні. Яна не баялася назваць сваім імем любую памылку або промах, але заўсёды старалася не паўтараць падобнага ў іншы раз. Ці не таму Зінаіда Антонаўна лічылася лепшай настаўніцай у школе?
Вось хаця б Васілёк… Недагледзела ж, лічыла, што ўсіх сваіх выхаванцаў ведае як нельга лепш. Гэта ад залішняй самаўпэўненасці. А ён усё ж малайчына. Не пабаяўся нічога, нават пагроз. А чаму гэты шафёр яму пагражаў? І якія наогул падазроныя людзі гэты шафёр і той, кульгавы… Трымаюцца разам. Што паміж імі агульнага? І чаму так падазрона ён раптам захварэў, гэты Казіміраў? Ці не Казіміраў? Сёння ж раніцай яны размаўлялі, і нічога не было прыкметна, а вечарам Зінаіда Антонаўна застала яго з павязанай апухлай шчакой, жаласнага і няшчаснага. Вядома, у такім стане яму было не да размоў. Але нешта хутка яму так разнесла шчаку. І тут Зінаідзе Антонаўне давялося прызнаць яшчэ адну сваю памылку. Ёй трэба было не пісьмо пісаць Мірону Васільевічу, а пазваніць па тэлефоне. Так, промах, вельмі вялікі промах. Але яго можна выправіць. Не толькі можна — трэба. Заўтра ж у першую чаргу пазваніць Мірону Васільевічу і пра ўсё расказаць, — аддала сабе ў думках загад Зінаіда Антонаўна. «А чаму заўтра? — раптам задумалася яна. — Заўтра можа быць позна. Не, гэта трэба зрабіць сёння, зараз жа! У Мірона Васільевіча ёсць дома тэлефон. Нічога, што ўжо ноч. Я ж не па дробязях яго турбую».
Зінаіда Антонаўна паспешліва пачала апранацца. Паспешліва і ў той жа час асцярожна: ёй не хацелася трывожыць дзяўчынак.
Цяпер, калі пытанне з Казіміравым было, можна сказаць, вырашана, Зінаіда Антонаўна зноў у думках звярнулася да шафёра, стараючыся знайсці лагічнае тлумачэнне яго паводзінам. Але як яна ні старалася, нічога рэальнага ў галаву не прыходзіла. Навошта яму спатрэбілася запалохваць хлопчыка? І наогул, што ён хацеў знайсці ў дзённіку? Учора яна, вядома, не прыглядалася да гэтага шафёра, але сёння ўжо назірала за ім больш уважліва, бо ведала пра яго загадкавую просьбу. Зінаіда Антонаўна паспрабавала аднавіць яго партрэт у сваёй памяці. І раптам… раптам пальцы ў яе задрыжэлі: ёй здалося, што яна бачыла некалі гэтага чалавека, недзе сустракалася з ім. Гэты нядобры, палохаючы позірк… У каго ж быў такі позірк? Зінаіда Антонаўна з усіх сіл напружыла памяць і… з яе грудзей ледзь не вырваўся крык. Яна ўспомніла. Такі цяжкі, злосны позірк быў у начальніка паліцыі Вышамірскага. Калі яна хавалася ў кустах з сакваяжыкам доктара Долахава, а ён — Антак Вышамірскі — шукаў яе, у яго быў вось такі ж позірк. І гэты позірк запомніўся ёй на ўсё жыццё. Няўжо гэта ён? Начальнік паліцыі іх раёна? Нельга марудзіць ні хвіліны. Хутчэй да тэлефона!
Зінаіда Антонаўна выйшла з будана і спынілася. Вільготнае, водарнае лясное паветра ахінула ёй твар. Было ціха, толькі з аднаго будана даносілася нягучнае хлапчуковае сапенне. Гэта нагадала настаўніцы, што трэба прыхапіць з сабой хаця б двух хлопчыкаў. Раптам давядзецца куды-небудзь паслаць: у пасёлак, напрыклад, да начальніка будаўніцтва. Яе выбар выпаў на Толіка і Васілька.
Хутчэй! Хутчэй!
Калі паштальён прынёс на кватэру Дубатаўкі пісьмо ад Зінаіды Антонаўны, Мірона Васільевіча не было дома. Ён паехаў у райцэнтр на нараду калгасных старшынь. Вярнуўся позна ўвечары і з ходу скамандаваў жонцы:
— Вячэраць! Давай хутчэй вячэраць. Цэлы дзень у роце макавай расінкі не было.
Пакуль жонка, Агрыпіна Пятроўна, збірала на стол, Мірон Васільевіч прайшоў у свой кабінет і ўбачыў пісьмо. Ён, не спяшаючыся, распячатаў яго, прачытаў і адразу ж аддаў новую каманду:
— Адставіць вячэру!
Нічога не тлумачачы жонцы, Мірон Васільевіч схапіў плашч і выбег з дому. Але жонка ўжо ведала: здарылася нешта важнае. У іх прыгранічным раёне такое было не ўпершыню.
Не прайшло і паўгадзіны, як Дубатаўка быў ужо ў начальніка пагранічнай заставы маёра Шэвелева. Ён уварваўся без стуку — Шэвелеў быў у яго злучэнні начальнікам разведкі, і да гэтага часу яны заставаліся самымі блізкімі сябрамі — і з месца ў кар'ер задаў пытанне:
— Скажы, таварыш Шэвелеў, партызана Сцяпана Васільевіча Казімірава ты хаваў?
— Так точна!
— Асабіста?
— Асабіста.
— Як жа ты мог яго пахаваць, калі ён жывы?
— Жы-вы? — у маёра ад здзіўлення акругліліся вочы. — Не можа быць!
— А вось пачытай, — і Мірон Васільевіч працягнуў Шэвелеву пісьмо Зінаіды Антонаўны.
Маёр узяў пісьмо, прабег яго вачыма.
— Нічога не разумею. Я ж…
Мірон Васільевіч не даў яму закончыць:
— Я таксама нічога не разумею, але думаю, што нам з табой трэба з'ездзіць на будаўніцтва камбіната. Інакш у гэтай справе не разабрацца.
— Правільна! — не марудзячы згадзіўся Шэвелеў.— І зараз жа, не трацячы ні секунды. Ты гатоў?
— Гатоў! — коратка, па-ваеннаму адказаў Мірон Васільевіч.
Быццам напалены дабяла дыск, вісіць на небе месяц. Яго бледнае, безжыццёвае святло робіць усё навокал нейкім таямнічым, фантастычным. У гэтым святле здалёк бачны двое. Яны стаяць каля доўгай дашчанай агароджы паблізу прахадной будкі і ціха аб нечым раяцца. Адзін высокі, дужы з выгляду. Другі невялікага росту, у руках у яго паляўнічая стрэльба — такімі ўзбройваюць начных вартаўнікоў.
Высокі гаворыць, як сячэ:
— Капаць пакуль буду я. Ты застаешся тут. Глядзі, каб хто-небудзь не натрапіў. Спатрэбішся — паклічу. А чаго гэта ты так прыбраўся?
Той, што меншы ростам, сарамліва азірае сябе. Ён у спартыўным касцюме, на галаве — берэт.
— Гэта мой драпальны касцюм, — нявесела жартуе ён. — На шчасце надзеў. Ён мяне яшчэ не падводзіў.
— Дурань! — сплёўвае высокі і знікае ў прахадной…
І вось Антак Вышамірскі доўгім жалезным прутом зусім гэтак жа, як рабілі хлопцы на лясной дзялянцы, абмацвае зямлю вакол счарнелага магутнага пня. Цагліны ў гэтым месцы паўкругам выбраны са штабеля і валяюцца ўбаку.
Вось прут наткнуўся на нешта цвёрдае. Антак пачаў капаць. Вострая рыдлёўка бразнула аб жалеза. Яшчэ трошкі — і апошнія сумненні знікаюць. Тут сейф. Цалюткі.
Антак распрастаўся, уздыхнуў з палёгкай. Усадзіўшы рыдлёўку ў зямлю, асцярожна выбраўся з ямы і пайшоў клікаць Болцікава. Праз некалькі хвілін яны вярнуліся ўдвух.
— Давай паспрабуем! — скамандаваў Антак, саскокваючы ў яму.
Агульнымі намаганнямі яны паспрабавалі ссунуць жалезную скрыню з месца. Ды дзе там: каб зусім вызваліць яе, трэба яшчэ капаць і капаць. А час не чакае. Антак узяў загадзя падрыхтаваны лом, падвёў яго пад сейф, а на процілеглы канец наваліўся сам. Раз-два! Сейф прыўзняўся, а потым, зноў апусціўшыся, лёгка высклізнуў з гнязда.
— Вось так! — скрозь зубы працадзіў Антак, быццам даючы зразумець Болцікаву ўсю яго нікчэмнасць.
Змахнуўшы з крышкі сейфа пясок, Антак дастаў з кішэні пісталет і рукаяткай пачаў адбіваць убок язычок, які прыкрываў замочную шчыліну. У сухім пяску ён не паспеў праржавець і таму падаўся адразу. Заставалася толькі падабраць ключ. Антак выцягнуў з-за пазухі цэлую вязку ключоў. Паспрабаваў адзін — не падыходзіць, другі — таксама, трэці, чацвёрты… Пяты падышоў адразу, але павярнуць яго ў шчыліне таксама запатрабавала намаганняў. Нарэшце і гэта зроблена, але… Новая бяда: века сейфа быццам прырасло да сценак.
— Болцікаў, дапамажы!
«Др-р-р-р!» — зарыпела века, і перад вачыма атарапелага Болцікава ў святле месяца ўспыхнуў залаты агонь. Антак перш-наперш схапіў скрутак папер, што ляжаў у кутку, і дрыжачай рукой сунуў яго за пазуху. Ён ведаў, што трэба спяшацца, але бляск золата на хвіліну асляпіў і яго. Толькі на хвіліну.
— Выбірай! — ціха загадаў ён.
Пакуль Болцікаў ліхаманкавымі рухамі выграбаў змесціва сейфа ў мяшок, Антак дастаў з бакавога аддзялення тоўстую скураную папку і стаў корпацца ў ёй. Знайшоўшы тое, што шукаў, ён шпурнуў папку ў мяшок, следам за каштоўнасцямі, і працягнуў Болцікаву некалькі змацаваных разам лісткоў.
— На, палюбуйся…
— Ого, «Асабовая справа Болцікава»… І фотакартка. Ну, дзякуй, дружа! Не давядзі бог, знайшлі б…
Болцікаў паспешліва скамячыў лісткі і запхаў іх у кішэню.
— Ну, я пайду машыну падганю, — сказаў Антак і хутка накіраваўся да павеці.
«А ўсё ж не падвёў той, з чорнымі вусікамі,— думаў ён па дарозе. — Добра ведае граніцу. Калі б не ён, ці давялося б мне прайсці і слядоў не пакінуць! А я баяўся… Ды і, вядома, рызыка была вялікая. Не жарт жа, тыдзень праседзець у балоце. Праваднік казаў, што ў туман лягчэй прабрацца. Вось і давялося сядзець і чакаць туману. Не, не з маім характарам хадзіць на такія аперацыі. А цяпер думай, як адсюль выбрацца. Ды яшчэ Болцікаў… Як ад яго адвязацца? Нічога, прыдумаем. А як быць з тым вусатым? Трэцюю частку яму падавай! І як гэта я прагаварыўся? Хаця не, добра, што прагаварыўся, а то не бачыць бы мне гэтага золата, як сваіх вушэй».
Антак стараўся супакоіць сябе, але цяпер, калі золата і каштоўныя паперы былі ў яго ў руках, думка пра тое, што давядзецца з кім-небудзь дзяліцца, не давала яму спакою. «Няўжо трэба аддаваць вусатаму цэлую трэць? А-а, — махнуў нарэшце рукой Антак, — спачатку перабяруся цераз граніцу, а там будзе бачна».
Уздоўж агароджы, якой была абнесена тэрыторыя будоўлі, паспешліва ішлі Зінаіда Антонаўна, Толік і Васілёк. Яны спяшаліся ў кантору, каб пазваніць Мірону Васільевічу. Зінаіда Антонаўна ўвесь час падганяла хлопцаў.
Недалёка ад прахадной Васілёк крыху адстаў і зазірнуў у шчыліну ў агароджы: колькі яшчэ цэглы засталося ў тым штабелі? Абярнуўшыся, Зінаіда Антонаўна ўбачыла, што ён з усіх сіл махае ім рукой. Яна таксама прыпала да агароджы і замерла. Добра бачны ў месячным святле, каля толькі што выкапанай ямы нервова расхаджваў узад-уперад той самы кульгавы вартаўнік, які выдаваў сябе за Сцяпана Казімірава. Цяпер ён амаль не кульгаў, а за плячыма ў яго быў невялікі, але, відаць, важкі мяшок.
Сумненняў не заставалася. Гэты высокі шафёр з нядобрым, цяжкім позіркам не хто іншы, як Антак Вышамірскі, былы начальнік паліцыі. Значыць, прыйшлі па нарабаванае дабро і па паперы доктара Долахава. А гэты другі, вядома ж, яго саўдзельнік. Што ж рабіць?
Зінаіда Антонаўна, прыціснуўшы палец да вуснаў, павярнулася да хлопцаў. Яны ўжо стаялі каля яе, затаіўшы дыханне, гатовыя выслухаць любое даручэнне.
— Вось што, — гарачым шэптам загаварыла Зінаіда Антонаўна. — Ты, Толя, бяжы ў пасёлак, да начальніка будаўніцтва, паднімай там трывогу. Я пастараюся яго затрымаць. А ты, Васілёк, пільнуй ля прахадной. Калі што, пойдзеш следам… — Зінаіда Антонаўна задумалася на хвіліну, успомніла, што недзе паблізу павінен быць і той, Антак, і дадала: — Яны не павінны ўцячы. Ясна?
— Ясна! — адным уздыхам адказалі хлопцы.
— Тады дзейнічайце!
У адно імгненне Толік і Васілёк скрыліся ў цемры.
Зінаіда Антонаўна прайшла крыху назад уздоўж агароджы, каб кульгавы вартаўнік не мог заўважыць яе, пералезла на тэрыторыю будаўніцтва і пачала асцярожна падкрадацца да ямы. Яна яшчэ не ведала, што будзе рабіць, але план склаўся сам сабою, калі яна ўбачыла прыстаўленую да цэглы стрэльбу.
Болцікаў не заўважыў, як ад агароджы да штабеля кінуўся імклівы цень, ён азірнуўся толькі на гучны вокліч:
— Рукі ўгору!
Болцікаў павольна падняў рукі: ён убачыў проста перад сабой рулю стрэльбы. Праз секунду, разглядзеўшы, што стрэльбу трымае ў руках настаўніца, ён пачаў азірацца па баках, ліхаманкава абдумваючы, што б зрабіць. Але Зінаіда Антонаўна апярэдзіла яго намеры:
— Не спрабуйце бегчы! Майце на ўвазе: я страляю без промаху. А цяпер — марш наперад!
Зінаіда Антонаўна адступіла ўбок, і бандыт паслухмяна закрочыў у напрамку да прахадной. Ён здаваўся надзіва спакойным, і гэта насцярожыла Зінаіду Антонаўну. Прайшоўшы з дзесятак крокаў, яна хутчэй адчула, чым заўважыла, што ззаду нехта крадзецца. Азірнулася. На яе глядзелі тыя самыя нядобрыя, цяжкія вочы. Але на гэты раз у іх гарэла шалёная, звярыная злосць. Антак, як тыгр, падрыхтаваўся да скачка. На нейкае імгненне Зінаіда Антонаўна разгубілася. Гэта выкарыстаў Болцікаў. Адным махам падскочыў ён да настаўніцы, вырваў стрэльбу і адразу ж навёў на яе, гатовы спусціць курок. Але Антак спыніў яго:
— Без шуму, без шуму…
— Можна і без шуму. — Болцікаў хутка схапіў стрэльбу за ствол, узмахнуў прыкладам, але Зінаіда Антонаўна нейкім цудам паспела ўхіліцца ад удару і кінулася бегчы. Вядома, бандыт у адзін момант дагнаў бы яе, калі б не раптоўны роў матора машыны непадалёк. Гэта адцягнула яго ўвагу, але не спыніла…
Паядынак вартаўніка з Зінаідай Антонаўнай убачыў Васілёк. Ён, не раздумваючы, выскачыў з прахадной і, схапіўшы на хаду вялікі камень, кінуўся на дапамогу да настаўніцы…
Прабягаючы па кучы бітай цэглы, Зінаіда Антонаўна спатыкнулася і ўпала. Болцікаў быў ужо ў трох кроках ад яе. Ён ужо зноў занёс прыклад для ўдару, але моцны штуршок зваліў яго з ног. Гэта Васілёк з усяе сілы тыцнуў яго галавой у спіну. Болцікаў паваліўся ад нечаканасці і выпусціў стрэльбу. Васілёк спрытна схапіў яе і хацеў адскочыць убок, каб узяць бандыта на прыцэл, але той паспеў учапіцца яму ў нагу. Страціўшы раўнавагу, Васілёк упаў. Ён яшчэ бачыў, як бліснуў нож у руцэ ў бандыта, як закрыла твар рукамі Зінаіда Антонаўна… У наступную хвіліну пальцы яго аслабіліся. Болцікаў, не марудзячы, падхапіў стрэльбу і кінуўся да настаўніцы.
— Цяпер ты ад мяне не ўцячэш!
І зноў ён не паспеў нанесці ўдару: зусім блізка, побач, прагучаў кароткі стрэл. Болцікаў схапіўся за бок рукамі і паваліўся.
— Мы, здаецца, ледзь не спазніліся?..
Зінаіда Антонаўна з тысячы іншых пазнала б гэты голас. Вядома, гэта Мірон Васільевіч, дзядзька Мірон, яе партызанскі камандзір. А вось падыходзіць і маёр Шэвелеў. Ён, быццам апраўдваючыся, гаворыць:
— Затрымаліся, пакуль з тым бандытам справіліся. Ледзь не ўцёк на машыне. А сябрука кінуў…
Толькі тут Зінаіда Антонаўна зразумела, што ўсё гэта не сон, што прыйшло выратаванне. Яна ўскочыла на ногі і кінулася да Васілька.
— Вася!
А над Васільком ужо схіліўся маёр Шэвелеў. Ён прыклаў вуха да грудзей хлопчыка і слухаў.
— Жывы! — нарэшце радасна паведаміў ён. — Хутчэй у бальніцу!
Непрыкметна праляцела лета. На дрэвах з'явілася першае жоўтае лісце, раней стала адыходзіць на адпачынак сонца, ночы зрабіліся больш цёмнымі і доўгімі. У школе празвінеў першы званок, які паклікаў вучняў у светлыя, абноўленыя пасля рамонту класы.
Сабраліся разам і героі нашай аповесці, цяпер ужо васьмікласнікі: Толік, Жэнька і Васілёк. Васілёк з'явіўся ў вёсцы зусім нядаўна, перад самым пачаткам заняткаў. Ён доўга праляжаў у бальніцы, а потым, выпісаўшыся, яшчэ цэлы месяц правёў у санаторыі.
Васілька было не пазнаць. Куды падзелася яго заўсёдная мітуслівасць, гарачнасць. Ён быццам адразу пасталеў. Ды тое ж можна было сказаць і пра яго таварышаў.
У жыцці бывае па-рознаму. Жыве сабе хлопчык, падлетак. Паступова — дома, у школе, сустракаючыся з дарослымі,— убірае ў сябе тое, што потым стане яго характарам, і неяк увесь час застаецца самім сабой. І толькі калі вырасце, заўважыць хто-небудзь: бач, чалавек вырас. А бывае і інакш: прашуміць над гарэзлівай хлапечай галавой навальніца, прымусіць задумацца, скалане — і не пазнаць хлопца. Нешта падобнае здарылася і з нашымі героямі.
Першага верасня, накіроўваючыся ў школу, ні Толік, ні Жэнька, ні Васілёк нават не здагадваліся, што гэта будзе для іх адзін з самых памятных дзён. На перапынках яны ўвесь час былі разам, але гаварылі аб дробязях. Толік хваліўся новым пяром, якое ледзь не само піша, Жэнька расказваў, што ён набыў лёску «сатурн» і можа падзяліцца з таварышамі, а Васілёк раптам успомніў, што, правёўшы цэлы месяц у Крыме, ён так і не пабачыў дэльфінаў. Можа, гэта рабілася знарок, таму што ўся школа глядзела на іх, як на герояў, і яны саромеліся.
Але перад апошнім урокам высветлілася, што як ні скромнічай, а сёння ім усё ж давядзецца пахадзіць у героях. У клас зайшла Зінаіда Антонаўна і аб'явіла, што пасля ўрокаў адбудзецца ўрачысты збор дружыны.
— У першы дзень? — здзівіўся нехта.
— Значыць, трэба, — адказала Зінаіда Антонаўна і таямніча ўсміхнулася.
Калі дружына пастроілася на лінейку, у залу ўвайшлі дырэктар школы, Мірон Васільевіч Дубатаўка, маёр Шэвелеў і яшчэ адзін мужчына з сівымі валасамі і маладым тварам. Гэта быў сакратар райкома партыі. Ён і пачаў гаварыць першы.
— Сябры! Мы прыйшлі сказаць вам дзякуй за вашы добрыя піянерскія справы. Асабліва мы ўдзячны тым, хто ўдзельнічаў у пошуках папер доктара Долахава. Рад паведаміць, што мы паслалі запіскі доктара ў Акадэмію медыцынскіх навук і днямі атрымалі адказ. Прэзідэнт Акадэміі піша, што праца доктара Долахава — цэлае адкрыццё для навукі.
Ужо створана спецыяльная група па распрацоўцы і ўдакладненню яго метаду лячэння сухотаў. У пошуках папер доктара Долахава вам давялося сутыкнуцца з небяспечнымі злачынцамі, і вы расстроілі іх бандыцкія планы, не далі мацёрым ваўкам уцячы за граніцу. Нядаўна яны паўсталі перад судом і атрымалі па заслугах. Ім усё прыгадалі — і старыя грахі, і новыя… У заключэнне хачу сказаць: мы ганарымся вамі, сябры!
Потым выступаў маёр Шэвелеў. Ён ад імя начальніка пагранраёна аб'явіў Толіку, Васільку і Жэньку падзяку і зачытаў загад, які заканчваўся так:
«…узнагародзіць залатымі імяннымі гадзіннікамі».
— Да барацьбы за справу Леніна — заўсёды гатовы! — у адзін голас адказалі трое сяброў. Гэтыя словы прагучалі як клятва.
Прадзіраючыся скрозь густыя зараснікі арэшніку, ішлі тры хлопчыкі.
Вось яны нарэшце выйшлі на невялікую палянку. Вадзік усеўся на пянёк, а яго неразлучныя сябры Шурка і Марык прымасціліся побач, проста на зямлі.
Навокал панавала цішыня. Прабяжыць па лесе лёгкі ветрык, і хлопчыкам здаецца, быццам стройныя сосны, якія з усіх бакоў абступілі палянку, аб нечым таямніча шэпчуцца паміж сабой.
— Тут нам ніхто не перашкодзіць, — напаўголаса сказаў Вадзік.
— Што там у цябе, Марык, здарылася?
Чаго ты нас паклікаў на месца вялікага збору?
— А вось, — дастаючы з-за пазухі газету, адказаў Марык, — артыкул пра нас. Чытай.
— Ты што, сарваў насценгазету? — здзівіўся Шурка.
— Не, не сарваў,— супакоіў яго Марык. — Я толькі гэты слупок адклеіў. Ды ты чытай, Вадзік, чытай.
— «Пісьмо сябру»! — пачаў чытаць Вадзік. — «З Вадзікам Мяцельскім мы даўно сябруем. Але ў апошні час Вадзік пачаў аддаляцца, перастаў заходзіць да мяне і нават вітацца. Ён знайшоў сабе новых сяброў — Марыка Пужэвіча і Шурку Лобача, самых гультаяватых і недысцыплінаваных вучняў нашага класа…»
— Зайздросціць, што не з ім сябруем, вось і піша, пісака… — перапыніў Вадзіка Шурка.
— «Я і задумаўся, — чытаў далей Вадзік, — хто ж вінаваты? А справа тут вось у чым. Увесь час Вадзік перапісваў у мяне рашэнні задач, а нядаўна я адмовіўся даць яму свой сшытак, сказаў, што ён павінен сам рашаць. І за гэта ён на мяне пакрыўдзіўся. Потым я яму сказаў, што не буду падказваць на ўроках. На гэтым уся наша дружба скончылася. Але я так разумею, што дружба не ў тым, каб падказваць на ўроках і даваць спісваць рашэнні задач. Той, хто так робіць, не сябар. Сапраўдны сябар абавязаны дапамагаць таварышу. Але хіба падказка — дапамога? Трэба зрабіць усё, каб ён не адставаў у вучобе. А Вадзік вучыцца не хоча і да таго ж называе мяне здраднікам».
— Дык ён жа і ёсць здраднік! — усклікнуў Марык.
— Ну і птушка ж гэты Хрусталёў! — падтрымаў Шурка.
— А вось што ён яшчэ піша, — перапыніў іх Вадзік: — «Час ідзе, а ён не хоча прызнаваць свае памылкі. Вучыцца на тройкі, а мог бы вучыцца на чацвёркі і пяцёркі. Нічога не чытае, акрамя кніг пра індзейцаў. Сёлета ён пайшоў у падарожжа, але яго нічога не цікавіць: ні сустрэчы з вядомымі людзьмі, ні гістарычныя месцы. Ён цэлымі днямі гойсае па лесе, уяўляючы сябе індзейцам…»
— Трэба яму адпомсціць, каб надоўга запомніў! — азірнуўшыся па баках, сказаў Марык.
— Але як? — спытаў Шурка.
— Ёсць у мяне план… — Вадзік падняўся з пянька, — але спачатку давайце змацуем нашу дружбу клятвай, як індзейцы. Пакуль я буду чытаць, — ён дастаў з кішэні паперку з тэкстам клятвы, — вы павінны ўвесь час стаяць на адной назе і правай рукой трымацца за левае вуха.
Кожны з хлопчыкаў, стоячы на адной назе, узяўся правай рукой за левае вуха. А Вадзік тым часам разгарнуў паперку і пачаў чытаць урачыстым голасам:
— Мы, браты з высакароднага племені краіны блакітных азёр, клянемся, што заўсёды будзем…
Але Марык раптам пляснуў далоняй сябе па лбе:
— У-у, камары праклятыя!
— Ну, вось, усё сапсаваў,— незадаволена сказаў Вадзік. — Трэба цярпець, інакш мы ніколі клятвы не прымем. Давайце спачатку. «Мы, браты высакароднага племені краіны блакітных азёр, клянемся, што заўсёды будзем падтрымліваць адзін аднаго, выбаўляць з бяды і ніколі не здраджваць. Калі ж хто-небудзь з нас стане здраднікам, яго былыя сябры могуць пасадзіць клятвапарушальніка на мурашнік». Усё, — скончыў Вадзік, — цяпер мы сапраўдныя верныя сябры. Сёння ж пачнем нашу гульню ў індзейцаў. Яна, між іншым, дапаможа нам адпомсціць Хрусталёву.
— Як? Калі? — Марык і Шурка нават пра камарыныя ўкусы забыліся.
— Гэта і быў мой сакрэт. Але цяпер, пасля клятвы, у мяне ад вас сакрэтаў няма. Дык вось, слухайце… Некалі індзейцы кідалі свае ахвяры ў мурашнік. Гэта лічылася самай страшэннай карай…
— Ну, а што далей, кажы хутчэй, — прыспешыў Марык.
— А чаму б нам не кінуць у мурашнік Лёшку Хрусталева?
— Што ты, — спалохаўся Шурка, — ды нас жа са школы выганяць.
— Не хвалюйся. Мы ўсё хітра зробім. Гуляючы ў індзейцаў, захопім яго ў палон, звяжам і быццам «выпадкова» пакладзем каля мурашніка. Паляжыць з паўгадзінкі, а потым вызвалім і скажам: «Прабач, браток, не заўважылі…»
— Вось гэта здорава! — Марык быў у захапленні.— Ну і галава ў цябе, Вадзік.
— Галава і два вухі. А дзе ж ты знойдзеш гэты мурашнік, калі яго тут і заваду няма? — засумняваўся Шурка.
— Такой бяды, — адказаў Вадзік. — Мурашак нам заменяць камары. Іх тут хоць адбаўляй. А Лёшка звязаны і не зможа ад іх бараніцца. Зразумелі?
— Дык я ж і кажу, што ў цябе сапраўдная галава, — рассмяяўся Марык.
— А цяпер, — Вадзік абвёў іх позіркам чырванаскурага правадыра, — я вас буду вучыць, як трэба гуляць у індзейцаў. Я ўсё ўжо для гульні падрыхтаваў.
І ён выцягнуў з кустоў бубен, гусіныя пёры, пластылін, кавалкі нейкай стракатай тканіны, лукі і стрэлы.
— Навошта ўсё гэта? — здзівіўся Марык.
— Ты думаеш, ператварыцца ў індзейцаў так лёгка? Не, браток, на гэта таксама трэба здаць экзамен. Перш-наперш мы павінны забыць свае імёны. Будзем зваць адзін аднаго па-індзейску. Я з гэтага моманту ўжо не Вадзік, а правадыр племені — Арлінае Вока. Ты, Марык, мой першы намеснік, — Сакаліны Кіпцюр. А ты, Шурка, — Аленевы Хвост!
— Хвост?.. Ну, тады гуляйце без мяне. Не хачу быць хвастом. У мяне іх і ў школе хапае, ніяк адчапіцца не магу.
— Тады сам прыдумай сабе імя. Шурка падумаў крыху і сказаў:
— Клічце мяне Дзік.
— А цяпер мы павінны прыняць знешні выгляд індзейцаў. Бачылі, якімі іх малююць у кніжках? У іх арліныя насы, на галавах тарчаць пёры, а на шыі — пацеркі са звярыных зубоў.
Вадзік раздаў хлопцам пацеркі і стужкі з прымацаванымі да іх гусінымі пёрамі. Тыя начапілі ўсё гэта на сябе. Правадыр, агледзеўшы сваіх прыяцеляў, застаўся задаволены.
— А дзе ж мы возьмем арліныя насы? — спытаўся Марык.
— Самі зробім, — Вадзік паказаў на пластылін. — Вось… Навошта ж ты, Шурка, бярэш зялёны пластылін? Насы павінны быць чырвоныя!
— Чырвоныя насы бываюць толькі ў п'яніц.
— А дзе ты бачыў індзейца з зялёным носам?
— Ды не чапай ты яго, — умяшаўся Марык, — няхай лепіць хоць чорны нос.
Хлопчыкі старанна ўзяліся за справу, і неўзабаве насы ў іх значна падаўжэлі, хаця на арліныя былі не дужа падобны. Тым не меней правадыр зноў выказаў сваё задавальненне:
— Ну, цяпер вы сапраўдныя індзейцы: засталіся дробязі, зрабіць з пластыліну знакі і прыклеіць іх на лоб.
— Якія яшчэ знакі?
— Ну вось я, напрыклад, Арлінае Вока. Гэта значыць, што ў мяне на лбе павінна быць вока.
— А калі я Дзік, як жа я вылеплю дзіка? Я і не ўмею, — разгублена кажа Шурка.
— І зусім не абавязкова дзіка, — адказаў яму Марык. — Дастаткова свіны лыч. Давай я табе вылеплю.
Шурка падышоў да Марыка, і той, вылепеўшы нешта падобнае на свіны лыч, прымацаваў яму на лоб.
— Ну, што скажаш, Арлінае Вока? — спытаўся Шурка ў Вадзіка.
— Проста цудоўна, Дзік… Цяпер мы яшчэ павінны выбраць сабе баявы кліч, з якім будзем кідацца на ворагаў. Я прапаную такі…— і Вадзік закрычаў на ўвесь лес: — Вар-вір!..
— Не, — запярэчыў Шурка, — я прапаную наадварот: «Вір-вар».
— Добра, чаго там спрачацца, прымем і той і гэты. Толькі няхай «вар-вір» азначае «так», а «вір-вар» — «не». Калі я буду аб чым-небудзь у вас пытацца, вы, калі згодныя, крычыце «вар-вір», а калі не — «вір-вар». Дамовіліся?
— Вар-вір, — у адзін голас выгукнулі Шурка і Марык.
— А цяпер пачнем гульню. Спачатку трэба распаліць вогнішча, а потым развучыць «танец перамогі».
Хлопчыкі хутка сабралі сухое галлё і распалілі агонь. Вадзік, узяўшы ў рукі бубен, пачаў біць у яго з усяе сілы і, дзіка вырачыўшы вочы, закружыўся ў «баявым танцы». Шурка і Марык старанна пераймалі ўсе яго рухі. Яны бегалі вакол вогнішча, прысядалі, махалі рукамі, скакалі праз агонь і нешта крычалі. Нарэшце Вадзік спыніўся і, крыху аддыхаўшыся, раздаў сябрам лукі і калчаны са стрэламі.
— А цяпер, сябры мае, у паход!
— А дзе ж мы знойдзем Хрусталёва? — спытаўся Шурка.
— Ды цяпер яго якраз лягчэй за ўсё знайсці,— сказаў Марык.
— Ён, напэўна, як і ўчора, сядзіць ля рэчкі, рыбку ловіць.
— Наперад, на рэчку! — скамандаваў правадыр чырванаскурых.
…Асцярожна краліся па непраходных нетрах першабытнага лесу індзейцы. Яны выйшлі на баявую сцежку, як сказаў Вадзік. Сціскаючы ў руках зброю, чырванаскурыя ступалі па зямлі лёгкім, пругкім крокам, чуйна прыслухоўваючыся да таямнічай цішыні, зрэдку парушаемай крыкамі дзікіх звяроў. Але вось наперадзе, у прагалінах паміж дрэў, бліснула, быццам востра наточанае лязо тамагаўка, асветленае сонцам водная роўнядзь ракі. На беразе, спіной да іх, сядзеў і мірна вудзіў рыбу бледнатвары прышэлец. Хаваючыся ў высокай траве, яны нячутна падпаўзлі да яго. Правадыр падаў умоўны знак, і, імгненна ўскочыўшы на ногі, адважныя воіны з гучным клічам «вар-вір!» накінуліся на свайго ворага, звязалі яго па руках і нагах і, узваліўшы на сябе, пацягнулі ў глыбіню лесу.
…Стаміўшыся цягнуць свайго палоннага праз густыя зараснікі, індзейскія воіны па знаку правадыра паклалі звязанага Лёшу Хрусталёва пад дрэва, а самі, аціраючы потныя твары, селі крыху воддаль.
— Пусціце! — абураўся Лёша, беспаспяхова спрабуючы вызваліцца ад вяровак, якія балюча ўпіліся ў цела. — Вы што, звар'яцелі?! Развяжыце мяне! Чуеце, зараз жа развяжыце!
— Мы індзейцы, — спакойна адказаў Вадзік, — мова бледнатварых нам не знаёмая. Толькі я, Арлінае Вока, тое-сёе разумею. Але ўсе пытанні мы вырашаем на савеце старэйшын племені. Зараз я спытаюся ў іх, ці згодны яны вызваліць цябе?
Вадзік звярнуўся да сваіх сяброў з нейкай тарабаршчынай.
— Вір-вар, — закрычалі яны ў адказ.
— Чуеш, яны не згаджаюцца…
— Хлопцы, ды кіньце вы прыдурвацца!.. Ну хоць рукі развяжыце, камары ж заядуць!..
Пашаптаўшыся аб нечым з Марыкам і Шуркам, Вадзік усё гэтак жа спакойна прамовіў:
— Члены вялікага савета гавораць, каб ты напісаў на камароў скаргу ў газету. Магчыма, яны і перастануць кусацца.
— Ах, вось яно што?! Вырашылі, значыць, адпомсціць!
— Вір-вар! Вір-вар! — загукалі Марык і Шурка.
— Маё племя не разумее, аб якой помсце гаворыш ты, бледнатвары брат мой.
Лёша зноў паспрабаваў вызваліцца ад вяровак, але гэта яму не ўдалося.
— Калі вы зараз жа мяне не развяжаце, я буду крычаць, клікаць на дапамогу.
Пераглянуўшыся з сябрукамі, Вадзік прамовіў:
— Маё племя адпусціць цябе, як толькі мы выканаем «танец перамогі».
Хлопчыкі з гучнымі крыкамі пачалі кружыцца вакол Лёшы. Яны рабілі нейкія недарэчныя рухі і строілі смешныя грымасы. Але Лёшу было не да смеху.
— Пакуль вы скончыце свой ідыёцкі танец, — намагаўся ён перакрычаць хлопчыкаў,— камары з'ядуць мяне!..
— Ну што ж, — крычаў у адказ Вадзік, — адным здраднікам будзе менш…
У гэты момант у Вадзіка з рук выпаў бубен і пакаціўся ў кусты. Ён пабег за ім, нагнуўся і раптам, схапіўшыся за руку, нема закрычаў:
— Ой, мяне змяя ўкусіла!
— Дзе? Якая змяя? — падбеглі да яго Шурка і Марык.
Убачыўшы змяю, яны спалохана адскочылі і, кінуўшы Вадзіка, пусціліся наўцёкі.
— Куды ж вы?.. — лямантаваў наўздагон ім Вадзік. — Дзік, Сакаліны Кіпцюр! Вярніцеся! Памажыце! О-ой!..
— Зараз жа развяжы мяне, — загадаў Вадзіку Лёша.
— Не магу… Не маю права…
— Калі зараз жа не развяжаш, ты загінуў!..
Вадзік, не перастаючы гучна стагнаць, развязаў Лёшу. Той, ледзь вызваліўшыся, адразу схапіў яго за руку і пачаў уважліва разглядаць дзве невялічкія ранкі. Затым туга перацягнуў вяроўкай Лёшкаву руку крыху вышэй за тое месца, дзе чырванелі сляды змяіных зубоў. Прыпаўшы да ранкі ротам, ён высмоктваў з іх і сплёўваў яд…
— Ну, здаецца, амаль усё высмактаў… Цяпер ужо не страшна, але трэба хутчэй паказацца ўрачу. Ты можаш сам ісці?
— Не, мне нешта дрэнна… Баліць рука… І ў вачах цямнее.
— Нічога, нічога, гэта зараз пройдзе. — Лёша дапамог Вадзіку падняцца. — Ну, пайшлі…
— Лёша, а ты на мяне не злуешся?
— Вось яшчэ, глупства ўсё гэта.
— А Шурка і Марык вунь якімі аказаліся.
— Ну, ведаеш, змяя каго хочаш напалохае.
— Але ж ты не спалохаўся.
— Можа, і напалохаўся б, але ж я звязаны ляжаў.
— Лёша, ты прабач мне…
— Ды кінь ты. Знайшоў пра што гаварыць… Пайшлі хутчэй у лагер. Абапрыся на маё плячо.
Параіўшыся са сваім класным кіраўніком Несцерам Фёдаравічам, вучні з сёмага «В» класа вырашылі на гэты раз пайсці па гістарычных месцах, дзе змагаўся партызанскі атрад дзядзькі Сцёпы.
Але ўжо ў самым пачатку паходу чырвоным следапытам давялося крыху затрымацца: пайшлі дапамагаць калгаснікам зграбаць сена.
Таню і Міхася пакінулі дзяжурыць па лагеру, далі заданне прыгатаваць вячэру.
Пакуль Таня, стоячы на каленях, поркалася ля патухлага кастра, Міхась бестурботна махнуў на ўсё рукой і заваліўся спаць у будане з яловых галін. Пераканаўшыся, што адной ёй касцёр не распаліць, Таня падышла да будана і з сілай пацягнула Міхася за ногі. Праціраючы вочы, Міхась вылез са свайго сховішча.
— Ну, што ты ад мяне хочаш?.. І хвіліны не дала паспаць!
— Добрая хвіліна — дзве гадзіны ўжо спіш. Ідзі лепш касцёр распалі. Хутка ўсе прыйдуць, а вячэра яшчэ не гатова.
— Падумаеш, вячэра. Паспеем…
Міхась зноў сабраўся лезці ў будан, але Таня, заўважыўшы, што ў яго разарвана калашына, гучна рассмяялася.
— Дзе ты ўмудрыўся штаны парваць?
— Ды гэта ж ты парвала, калі за ногі мяне цягнула. Ну, заяц, пачакай! — І Міхась пагнаўся за Таняй. Але дагнаць жвавую дзяўчынку не так проста. Міхась зноў вярнуўся да будана.
— Разарвала, дык цяпер зашывай! — сказаў ён, калі Таня падышла бліжэй.
— Падумаеш, напалохаў! І зашыю.
— Ды ты, мамчына дачка, ніколі іголкі ў руках не трымала!
— А цяпер вось вазьму і зашыю.
— Паглядзім, — Міхась схаваўся ў будане, выйшаў адтуль у трусах, працягваючы штаны Тані: — На, зашывай.
— А ты хутчэй касцёр распалі, нам жа трэба вячэру гатаваць. Інакш што нашы будуць есці?
Міхась сеў да кастра і пачаў чыркаць запалкамі. Сапсаваўшы апошнюю з іх, ён вырашыў: «Пайду, знайду крэмень і выкрасаю агонь. Як людзі ў старажытнасці рабілі».
А Таня дастала іголку і ніткі, узяла ў рукі штаны і задумалася: «Сапраўды, як гэта зашываюць?» Нарэшце склала разарваныя палавінкі і пачала няўмела шыць. Шво ў яе атрымлівалася грубае, тоўстае.
Міхась тым часам знайшоў два каменьчыкі, вярнуўся да кастра і ўзяўся высякаць іскру.
Гледзячы, як няўмела ён гэта робіць, Таня засмяялася.
— Відаць, мы з табой аднолькавыя ўмельцы.
— Я мужчына, і шыць для мяне неабавязкова.
— Але ж ты і агонь выкрасаць не ўмееш.
— А мне і не трэба рабіць гэта крэменем… У наша дваццатае стагоддзе для гэтага ёсць запалкі.
— Тады распалі запалкамі,— пакпіла з яго Таня. — Хто ж табе перашкаджае?
— Добра, давай штаны, пайду на рэчку, можа, сустрэну каго-небудзь, папрашу запалкі.
Міхась надзеў штаны, але Таня зашыла калашыну так вузка, што нага ледзь праціснулася ў яе.
Зрабіўшы некалькі крокаў, Міхась прысеў, і калашына зноў распаўзлася.
— Бачыш, якая ты швачка!
— А ў наша дваццатае стагоддзе, — іранічна заўважыла Таня, — неабавязкова ўмець шыць самой, для гэтага ёсць швейныя майстэрні.
— Майстэрні ёсць, але як жа я ў такіх штанах пайду па запалкі?
— Ты пасядзі тут, я сама схаджу.
— Давядзецца, — цяжка ўздыхаючы, згадзіўся Міхась. — А што ты будзеш варыць на вячэру?
— Давай зварым такі суп, як учора Валя Казлова зварыла. Якраз сёння раніцой Несцер Фёдаравіч шчупака спаймаў… Ён там у вадзе навязаны. Бульба ёсць, цыбуля таксама ёсць, морква… А што яшчэ трэба?
— Патрэбны соль, перац, гарчыца.
— Ведаеш ты столькі, колькі і я. Эх ты! Гарчыцу ж падаюць на стол да гатовых страў, а не кладуць у гаршчок. Давай бярыся за бульбу, а я запалкі пайду шукаць і па ваду збегаю.
Гледзячы, як Міхась наразае бульбу кружочкамі, потым ачышчае кожны кружочак паасобку, Таня са здзіўленнем спыталася:
— А навошта ж ты яе кружочкамі наразаеш?
— У Валі Казловай таксама бульба была нарэзана кружочкамі.
— Дык яе ж потым так наразаюць. Эх ты!
— А можа, у мяне свой метад, — абіраючы бульбу па-свойму, адказаў Міхась.
— Ой, навошта я толькі засталася дзяжурыць, лепш пайшла б зграбаць сена!..
— Ты ж баялася ногі пакалоць.
— А чаму ты не пайшоў сена вазіць?
— Баяўся, каб жаба мяне не ўбрыкнула, — усміхнуўся Міхась.
— А я ведаю, чаму. Баяўся, што ўбачаць, які ты няўмека.
— Ха-ха-ха! Вось дык сказала.
— А я раней думала, што ты і сапраўды ўсё ведаеш і ўсё ўмееш. А цяпер пераканалася, што…
— Што ты да мяне прычапілася?.. Умееш, не ўмееш… Ідзі лепш па запалкі.
Калі Таня, узяўшы чайнік, пабегла да ракі, Міхась задумаўся: «Але ж сёе-тое я ведаю. Вось, напрыклад, ведаю, што на сасну, елку, наогул на мяккія пароды дрэў трэба, каб адбой у пілы быў вялікі, а на дуб і іншыя цвёрдыя пароды — меншы, тады пілаваць лягчэй… А вось як зварыць юшку? Колькі бульбы для гэтага трэба?»
У гэты час пачуўся крык: «Ой, ратуйце!» Міхась кінуў свой занятак і памчаўся да ракі. Там ён убачыў незнаёмага хлопчыка, які вёў пад руку Таню.
— Дзякуй яму, — звярнулася Таня да Міхася, абтрасаючы мокрую сукенку, — калі б не гэты хлопчык, добрая была б мне ванна. Нахілілася браць ваду, не ўтрымалася і паляцела.
— Там не вельмі глыбока, — сказаў хлопчык.
— Пра гэта я потым даведалася, калі ў вадзе апынулася.
— Дык чаму ж ты крычала «ратуйце»? — спытаў Міхась.
— Плаваць я зусім не ўмею. Напалохалася.
— Чаго там баяцца?
— Вядома, тут і ты смелы.
— Пры чым тут смелы? Проста я плаваю добра.
— А ці не такі ты плывец, як і повар?
— Шмат ты разумееш. Я на спаборніцтвах па плаванню не раз другое месца займаў.
— Правільна, — з'едліва заўважыла Таня, — а першае месца займала сякера.
— Калі б гэта сказаў хлопчык, яму давялося б пазнаёміцца вось з гэтым, — і Міхась паказаў кулак.
— Ох, як страшна! — І, звяртаючыся да хлопчыка, Таня дадала: — Мы з Міхасём сёння цэлы дзень спрачаемся…
— Што з табой спрачацца… — І, перавёўшы размову на іншую тэму, сказаў хлопчыку: — Мы — чырвоныя следапыты, ідзем па цікавым маршруце, па месцах, дзе ваяваў партызанскі атрад дзядзькі Сцёпы.
— Чуў я пра гэты атрад. Шмат яны пабілі фашыстаў… А хто ў вас кіраўнік?
— Настаўнік батанікі Несцер Фёдаравіч, у атрадзе дзядзькі Сцёпы быў начальнікам разведкі, у яго шмат узнагарод.
— Мы хочам, — дадала Таня, — напісаць нарыс пра партызанаў-герояў нашага раёна. Мы сустракаемся з былымі партызанамі і з камандзірамі атрадаў.
— А чаму вы спыніліся тут?
— Бераг гэтай рэчкі,— адказаў Міхась, — таксама гістарычнае месца: тут была жорсткая сутычка партызанаў з фашыстамі.
— Акрамя таго, — сказала Таня, — нам трэба знайсці тут аднаго хлопчыка, пра якога пісала піянерская газета.
— Чым жа ён праславіўся, што нават у газетах пра яго пісалі? — зацікаўлена спытаў хлопчык.
— Ён вядомы юннат. Мы хочам паглядзець яго сад, распытаць, як і што ён робіць.
— Гэта, брат, табе не тое, што выцягнуць дзяўчыну з лужыны, — з'едліва сказаў Міхась.
— Як табе, Міхась, не сорамна! — абурылася Таня.
— А дзе ж усе астатнія? — спытаў хлопчык, нібы не звярнуўшы ўвагі на рэпліку Міхася.
— Пайшлі дапамагаць калгасу сена зграбаць, — адказала Таня. — Даручылі нам вячэру прыгатаваць, а мы не тое што зварыць, а нават касцёр распаліць не можам. Ці няма ў цябе запалак?
— Не, — мацаючы кішэні, адказаў хлопчык. — Але гэта не бяда. — Агледзеўшыся па баках, заўважыў кінутыя Міхасём два каменьчыкі.— Зараз будзе агонь.
Да аднаго з каменьчыкаў ён прыклаў пучок сухога моху, а другім пачаў рэзка, але акуратна стукаць па першым. Неўзабаве бліснула іскра, і мох закурыўся.
Вось дык малайчына! — узрадавалася Таня.
— Падумаеш, — скептычна заўважыў Міхась, — крэмень жа я знайшоў.
— А што вы хацелі прыгатаваць на вячэру? — спытаўся хлопчык.
— Суп зварыць, але не ведаем, колькі чаго класці,— сарамліва адказала Таня.
— О, гэта вельмі проста. — Хлопчык зазірнуў у гаршчок. — Бульбы малавата.
Ён сеў і пачаў умела абіраць бульбу. Таня, паслаўшы Міхася па дровы для кастра, дапамагала хлопчыку.
Калі Міхась пайшоў, хлопчык спытаўся:
— А як ён вучыцца?
— Вучыцца добра, але рабіць нічога не ўмее. Я таксама нічога не ўмею, але я не саромеюся гэтага і вучуся, а ён не хоча.
У хуткім часе Міхась вярнуўся з трэскамі ў руках.
— Вось лепшыя дровы для кастра, сасновыя сучкі.
— Правільна, але ж яны сырыя, — заўважыў хлопчык. — Зараз я сам пашукаю.
— Ну і задавака! — незадаволена прамармытаў Міхась.
— Не, не задавака. Ён і сапраўды ўсё ўмее.
— «Умее, умее»! Падумаеш! Трэба будзе яго праэкзаменаваць. Практыка без тэорыі — нуль без палачкі.
З лесу нечакана пачулася песня. Неўзабаве да будана падышоў Несцер Фёдаравіч.
— Ну як, дзяжурныя, ці гатова вячэра? Усе ўжо мыюцца ў рэчцы.
— Хутка згатуецца, — не дужа ахвотна адказаў Міхась.
— Ну вось, — звяртаючыся да Тані, весела сказаў настаўнік, — а ты не хацела заставацца. З такім арлом нідзе не прападзеш.
Міхась нічога не сказаў.
— Мы таксама добра папрацавалі,— гаварыў Несцер Фёдаравіч, нібы не заўважаючы Міхасёвай панурасці.— Усё сена ў копы склалі, ды і навіну цікавую пачулі. Даведаліся, дзе жыве і вучыцца Віця Сташкоў, той славуты юннат.
— Дзе? — пацікавіўся Міхась. Выгляд у яго па-ранейшаму быў даволі змрочны.
— Тут, непадалёк, у Слабадзе. Вось што, вы рыхтуйцеся частаваць нашых працаўнікоў вячэрай, а я пайду пагляджу, як яны мыюцца…
— Цікава, дзе ж гэтая Слабада?
— А вось зараз даведаешся, — адказала Таня.
— Бачу, табе вельмі падабаецца гэты майстар на ўсе рукі.
— Вельмі.
— Зараз ты ў ім расчаруешся.
— Чаму?
— А вось пабачыш.
Калі хлопчык вярнуўся з сухімі сасновымі сучкамі, Міхась спытаў у яго:
— Ты мясцовы?
— Мясцовы.
— А дзе вёска Слабада?
— За рэчкай, адсюль будзе кіламетры тры.
— Скажы, а ці ведаеш ты славутых людзей свайго раёна?
— Чаму ж не? Ведаю.
— Ану, назаві…
— У нас ёсць два Героі Савецкага Саюза — Васіль Вітальевіч Крайко і Сцяпан Цімафеевіч Кандратовіч. Першаму прысвоена гэтае званне за фарсіраванне Дняпра. А Сцяпан Цімафеевіч — гэта дзядзька Сцёпа.
— Так. А яшчэ? — не супакоіўся Міхась.
— Ёсць яшчэ ў нас Героі Сацыялістычнай Працы. Вядомы льнавод Ніна Пятроўна Мытнік і яе бацька, палявод Пётр Ігнатавіч.
— А ці ведаеш ты Віцю Сташкова?
— Не, не ведаю, — адказаў хлопчык, крыху чамусьці пачырванеўшы.
— Ну вось, а гэта ж славуты юннат, пра якога пісалі ў газетах.
Хлопчык раптам заспяшаўся:
— Трэба дадому ісці, рыбу аднесці. Сёння акунёў налавіў. Таксама добрая юшка будзе…
У гэты момант вярнуўся Несцер Фёдаравіч. Убачыўшы хлопчыка, ён са здзіўленнем сказаў:
— Міхась, Таня! Чаму ж вы мне адразу не сказалі, што ў нас такі госць?!
— У нас ніякіх гасцей не было, — паціснуўшы плячыма, адказаў Міхась. — Хіба што гэты хлопчык…
— Ды гэта ж Віця Сташкоў! Як кажуць, уласнай персонай. Мы ж з табой ужо сустракаліся? — звярнуўся ён да Віці.
— Так. На раённым злёце юннатаў.
— Вось бачыш, якімі сапраўдныя піянеры бываюць! — ціха сказала Міхасю Таня.
— Хоць забі мяне, нізашто не паверыў бы, што такі славуты юннат — і раптам супам займацца будзе, — гэтак жа ціха адказаў ёй збянтэжаны Міхась.
— Таня, — спытаў Несцер Фёдаравіч, — ці гатова вячэра?
— Гатова, Несцер Фёдаравіч, — бойка адказала Таня.
— Тады, Міхась, кліч сюды ўсіх.
Здарылася так, што трое шасцікласнікаў трапілі на нейкі рачны астравок.
Плылі яны ў лодцы, лодка пачала тануць і патанула.
Кінуліся хлопчыкі ў ваду, даплылі да вострава.
Выратаваліся.
Выратаваліся — гэта добра. Але што ж рабіць далей?
Есці няма чаго. Хутка стане цёмна. Аднак Пеця і Федзя не вельмі сумавалі. Стараючыся разагнаць дрэнны настрой, яны расказвалі смешныя гісторыі, спявалі песню пра адважнага капітана:
Раз пятнадцать он тонул,
Погибал среди акул,
Но ни разу
Даже глазом
Не моргнул…
Горш было з Васем. Ён зусім зажурыўся. Як ні стараліся сябры, падбадзёрыць яго не ўдавалася.
Тады Пеця і Федзя пакінулі сябра на тым месцы, дзе сушылася іх адзенне, а самі пайшлі шукаць шчаўе.
Але адзіноцтва зусім дрэнна падзейнічала на Васю.
«Вось дык гісторыя, — думаў ён. — Нашым хлебам і салам, якія былі ў лодцы, зараз шчупакі ласуюцца, а мы сядзім галодныя. Як тут на адной траве пратрымаешся?» Ён з'еў некалькі лісточкаў шчаўя і больш не мог. «Як толькі коні ўсё жыццё харчуюцца травой?.. Куды падзеліся Пеця і Федзя?» І тут страшная думка прыйшла Васю ў галаву: «А што, калі яны знайшлі якую-небудзь лодку, паплылі на ёй, а мяне пакінулі тут аднаго?»
І ён закрычаў немым голасам:
— Пе-е-е-ця! Фе-е-е-дзя!..
Але Пеця і Федзя былі непадалёк і адразу ж вярнуліся.
— Ты чаго крычыш? — спытаў Федзя. — Глядзі, колькі мы шчаўя назбіралі!
— Ды ну! Не магу я гэтым шчаўем харчавацца.
— Тады пацярпі, пакуль дадому вернешся.
— Не трэба так, Федзя, — сказаў Пеця. — Ты, Вася, не сумуй. Нам толькі пераначаваць.
А заўтра раніцой знойдзем выйсце, вось пабачыш.
— Якое выйсце? — спахмурнеў Вася.
— Ну, ведаеш, як кажуць, пераначуем — болей пачуем. Што-небудзь прыдумаем.
— Балбатня ўсё гэта, — круціў галавою Вася. — Што значыць «што-небудзь»? Паздыхаем тут з голаду, вось і ўсё. Думай не думай — усё роўна.
— Ну, а як жа Рабінзон? — не здаваўся Пеця.
— Значыць, ты дамоў і не збіраешся! — зрабіў вывад Вася. — Пра Рабінзона загаварыў, значыць, надоўга думаеш тут асесці!
— Ну, Вася, я ж таксама не ведаю, як будзе. Ведаю толькі, што не трэба траціць прысутнасць духу.
— А з чым яе, гэтую тваю «прысутнасць», ядуць? Са смятанай альбо так?
— Дзівак чалавек! — сказаў Федзя. — Іншы б радаваўся, што не патануў, а ты…
— Чаму ж тут радавацца? Яшчэ невядома, што лепш — патануць ці памерці маруднай галоднай смерцю.
— Кінь ты хныкаць! — пачаў злавацца Федзя.
— Нас выратуюць, абавязкова выратуюць! — сказаў Пеця.
— Хто? — буркнуў Вася.
— Ну… плытагоны… Альбо гэтыя…
— Вось менавіта «гэтыя». Сам не ведаеш, а гаворыш.
— Ну добра, але да раніцы ты можаш узяць сябе ў рукі? Раніцай па рацэ абавязкова хто-небудзь паплыве.
— Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
— Ну вось… — засмучана сказаў Пеця. — А ці не ты сам клікаў нас у паход? Казаў: «Усе падарожнічаюць, а мы сядзім. Хіба мы горшыя?..»
— Размаўляць ты майстар! — усміхнуўся Федзя.
— Я правільна казаў, а што ж рабіць? Прапалі мы — і кропка.
— Эге-ге! — Федзя кінуўся да ракі.
— Што там? — крыкнуў яму Пеця.
— Балалайку маю да берага прыбіла.
— Вось легкадумны чалавек! — сказаў Вася. — Мы ў такім цяжкім становішчы, а ён пра балалайку думае.
— Але і панікаваць не трэба, — заўважыў Пеця.
З берага данеслася:
Гоп, кума, не журыся,
Туды-сюды павярніся!
Гэта спяваў Федзя. Спяваў і акампаніраваў сабе на балалайцы, якая, відаць, яшчэ не настолькі намокла, каб прыйсці ў нягоднасць.
— Ну, добра, давайце вячэраць, — сказаў Пеця.
— Шчаўе-шчаўе! — праспяваў Федзя. — Ад яго такі апетыт! Зараз бы цэлага барана з'еў!
— Кінь гаварыць пра ежу! — сказаў Вася. Федзя хацеў нешта запярэчыць, але Пеця зрабіў яму знак, і ён прамаўчаў.
Аднак Вася кінуўся ў траву і зарыўся ў яе з галавой.
— Чорт мяне падаткнуў з вамі ехаць! Сядзеў бы зараз дома і чай піў!
— Ха-ха-ха! — засмяяўся Федзя. — Ніколі ў жыцці так не смяяўся.
— Ды ты бервяно сапраўднае! — вымавіў Вася скрозь слёзы. — У цябе да людзей і кроплі спачування няма!
— А ты панікёр, вось ты хто! — перастаўшы смяяцца, сказаў Федзя. — І якое да цябе спачуванне можа быць? Калі ўжо на тое пайшло, дык мы ўсе ў аднолькавым становішчы. Чаму ж табе аднаму трэба спачуваць? Гэта па-першае. А па-другое, магу цябе суцешыць. Памрэш ты вельмі не хутка. Чалавек можа пражыць без ежы тры або чатыры дні. Калі вада ёсць. А вады ў нас, як бачыш, хапае.
— Ты прыгадай французскага доктара Алена Бамбара, — дадаў Пеця. — Колькі ён дзён правёў у акіяне без прэснай вады і ежы! І не памёр.
— Вось сказаў дык сказаў,— запярэчыў Вася. — У акіяне столькі рыбы!
— Ну і мы не памрэм, — сказаў Федзя. — У нас і вада, і шчаўе.
— Але якія пакуты давядзецца нам перажыць! — голасам, поўным жаху, прашаптаў Вася.
— І ніякія гэта не пакуты, — стаяў на сваім Федзя. — Проста невялікія цяжкасці.
— Для цябе, можа, і невялікія, а я гэтага не перанясу…
— У вайну людзям і не такое пераносіць даводзілася, — напомніў Федзя словы, якія не так даўно чуў на піянерскім зборы ад самога Басі.
— Дык на тое і вайна! — згадзіўся Вася.
— Затое ў нас будзе такая загартоўка, якой няма ні ў каго з нашых таварышаў! — сказаў Федзя.
Ён зноў узяў балалайку і заспяваў:
Капитан, капитан, подтянитесь,
Только смелым покоряются моря!
— Ты б лепш падумаў, як выбрацца адсюль, — сказаў Вася.
— Гэта, бадай, правільна, — згадзіўся з ім Пеця. — Ты ведаеш, Федзя, выратаванне само не прыйдзе. А што, калі паспрабаваць звязаць які-небудзь плыт і…
— Хадзем! — узрадаваўся Федзя. — Трэба пахадзіць па беразе. Можа, там знойдуцца якія-небудзь бярвенні…
Тут Пеця раптам ускочыў, адной рукой тузануў Федзю, а другой паказаў удалечыню, на раку.
— Лодка! — закрычаў ён. — Лодка! Эге-гей! Сюды-ы! Людзі!.. Давайце разам крыкнем! Тры-чатыры! Эге-гей! Э-э-э!
Яны закрычалі ўтрох.
— Не, не чуваць адсюль, — сказаў Федзя. — Надта далёка.
Пеця ляпнуў сябе далоняй па лбе, зняў шапку і пачаў шукаць нешта пад скураной аблямоўкай.
— Знайшоў! — сказаў ён радасна.
— Што знайшоў?
— Кручок рыбалоўны.
— А лёску дзе возьмеш? — спытаў Федзя.
— У цябе пазычу.
— Але ў мяне няма.
— Ёсць! На балалайцы. Струны.
— Ну, ведаеш! Гэта падарунак.
— Балалайку ж я не паламаю. А струны ў любым магазіне купіш. Давай сюды.
Федзя паслухаўся.
— Ну вось, — сказаў Пеця, — цяпер пайшлі да берага. Там і плыт звяжам, і рыбы наловім… Вася, ты пастарайся заснуць.
І зноў Вася застаўся адзін са сваімі думкамі.
«Якія там бярвенні! Што яны там спаймаюць? А калі і спаймаюць, дык ні падпячы, ні зварыць: запалак няма».
Вася з тугой глядзеў на раку, і раптам… зусім побач з берагам убачыў лодку!
Не памятаючы сябе, памчаўся Вася да берага.
— Дзядуля, дзядуль! — закрычаў ён, убачыўшы ў лодцы старога.
— Ты што?
— Ды вось…
Блытана расказваў Вася пра тое, што здарылася з ім і яго таварышамі.
— …Спачатку ўсё было добра. А потым такая бура ўзнялася! Вады ў лодку набралася, хвалі праз борт так і скачуць. Лодка і перакулілася.
— Вось бяда, — сказаў стары. — Ды вы ж так і патануць маглі! А вось з паўгадзіны назад ці не вы крычалі?
— Мы!
— Я чуў, што недзе крычаць, ды не мог зразумець, дзе. Адвёз свой улоў, а потым думаю: дай на ўсякі выпадак на востраў зазірну. І добра зрабіў.
— Яшчэ як добра!
— А вы куды збіраліся?
— З новай Сямёнаўкі ў Бярозаўку.
— А што вам трэба ў Бярозаўцы? Родныя ў вас там ці як?
— Не, проста трэніровачны паход.
— Які-які?
— Ну, трэніровачны… як бы гэта сказаць, выпрабавальны, ці што. Правяраем свае сілы і вытрымку.
— Ну і як? Хапіла вытрымкі? — прыжмурыўся стары.
— Ды так… — сарамліва сказаў Вася.
— І даўно вы тут сядзіце?
— Гадзіны чатыры. Есці хочацца.
— Ах ты, і ў мяне, як на грэх, нічога з сабой няма… — Стары засмучана пакруціў галавою.
— Пашукалі б што-небудзь, — заныў Вася.
— Ды не, мілы чалавек, і шукаць няма дзе. Давядзецца табе яшчэ пацярпець. І даволі доўга.
— Чаму?
— А вось лічы. Пакуль я на сваёй лодцы да вёскі даплыву, пакуль вялікую лодку знайду і да вас вярнуся, відаць, раніца ўжо будзе.
— Ох, — уздыхнуў Вася, — я да заўтра не дажыву… А чаму вы зараз не хочаце нас узяць?
— Дык вас жа трое. А на сваю лодку я магу ўзяць толькі аднаго. Таму ўжо лепш вам усім разам тут пачакаць, дык хоць весялей будзе.
— Але я… — замармытаў Вася, — я… я ўжо і так на востраве адзін застаўся.
— Як — адзін? Ты ж казаў, што вас трое. А таварышы твае дзе?
— Яны… Яны паплылі ўжо…
— Як так паплылі?
— На плыце. Плыт звязалі і паплылі.
— А ты што ж не разам з імі? Пабаяўся?
— Не. Яны не ўзялі мяне.
— Чаму?
— Пабаяліся, што траіх плыт не вытрымае.
— Э! — крактануў стары. — Дрэнна. Лепш было б ужо аднаму на плыце плыць, дапамогу шукаць. А двое засталіся б. А то як жа атрымліваецца — двое паплылі, аднаго пакінулі. Дрэнна!
— Яны сказалі, што вельмі хочуць есці.
— А ці ты менш за іх прагаладаўся?
— Я есці хачу ўдвая больш, чым яны абодва разам узятыя.
— Не, так таварышы не робяць. Ну добра, садзіся да мяне ў лодку, а сябрукам сваім скажы, што больш з імі нікуды не паедзеш.
Так вось і паплыў Вася са старым, пакінуўшы сваіх таварышаў на востраве.
Вярнуліся яны на тое месца, дзе Вася павінен быў іх чакаць, і спалохаліся: знік ён, няма яго нідзе.
Шукалі яго, шукалі, так і не знайшлі.
Раптам Пеця ўбачыў на траве недакурак самакруткі.
— Глядзі, Федзя, — сказаў ён, — тут нехта быў! І недакурак цёплы. Значыць, зусім нядаўна…
— Та-ак! Паплыў наш Вася! Ну і ну, няма чаго казаць! — бліснуў вачыма Федзя. — Здраднік ён, і больш ніхто!
Гэта было гадоў праз дзесяць пасля таго, як скончылася Вялікая Айчынная вайна.
У час летніх канікулаў школьнікі з горада Орша адправіліся ў паход.
На чале атрада была настаўніца Галіна Пятроўна.
На Кургане Герояў зрабілі прывал.
Калі гатавалі вячэру, да дзяцей падышла нейкая жанчына.
Яна ветліва прывіталася, і Галіна Пятроўна запрасіла яе да кастра.
— Я тут у камандзіроўцы, — сказала жанчына. — І вось, карыстаючыся выпадкам, вырашыла наведаць месцы, дзе бывала ў час вайны. Успамінаю і гэты ўзлесак, і гэтыя дрэвы… Вось яна, бярозка, тая самая… Тады была яна шмат танчэйшая…
Жанчына ўстала, падышла да дрэва, пагладзіла яго:
— Загаіліся раны твае, бярозка… Ну, вядома, прайшло ж ужо столькі часу. А вось мае ўсё баляць і баляць… І, напэўна, не загояцца ніколі. Ды ці можа маці забыць сваё дзіця?..
На вачах жанчыны з'явіліся слёзы. Дзеці задумаліся.
— Прабачце, — сказала жанчына Галіне Пятроўне, — я на дзяцей тугу нагнала.
— Не-не, — усміхнулася Галіна Пятроўна, — вельмі добра, што мы вас сустрэлі. Можа, вы раскажаце нам што-небудзь пра партызанаў, якімі камандаваў Герой Савецкага Саюза Дуброўскі? Мы збіраем матэрыял пра яго брыгаду.
— Дуброўскі? Не, нешта не ведаю такога.
— У час вайны яго называлі дзядзькам Васем.
— А-а, гэта іншая справа! — ажывілася жанчына. — Так бы і сказалі. Яго партызаны мяне ад смерці выратавалі.
— Раскажыце, калі ласка, як гэта было! — папрасіла Галіна Пятроўна.
Жанчына адказала не адразу.
— Нялёгка мне ўспамінаць пра гэта, — вымавіла яна нарэшце. — Было гэта ў сорак чацвёртым годзе. Летам. Наша армія вызваляла Беларусь ад фашыстаў. Фашысты, адступаючы, гналі ў Германію савецкіх людзей. Я жыла тады са сваёй маленькай дачушкай у сястры. Тут непадалёк, у Зарэччы. Каб і нас не забралі, мы хаваліся ў лесе. Фашысты даведаліся пра гэта і пачалі па лесе з мінамётаў страляць. А потым аблавай пайшлі, увесь лес прачасалі. Колькі людзей палегла, і сказаць страшна… Мне ўдалося цераз раку перабрацца. Дабегла я з дачушкай на руках да гэтай вось самай бярозкі…
— Да гэтай самай? — здзівілася адна з дзяўчынак.
— Так, даражэнькая. Дабегла і думаю: ну, выратавалася! Але не, дагнала-такі міна праклятая… І дачушку параніла, і мяне. Дачцэ асколак у ручку трапіў. Я толькі паспела ёй рану перавязаць і сама страціла прытомнасць. Ачуняла ўжо ў партызанскім атрадзе дзядзькі Басі. Але дачушкі побач са мной не было. Пытаюся ў партызанаў: «Дзе яна?» А яны адказваюць: «Ніякай дзяўчынкі там у лесе не было». Так вось і згубіла я сваё дзіцятка. І не ведаю, да гэтага часу не ведаю, ці жывая яна, ці няма ўжо яе на свеце…
Жанчына заплакала.
— А колькі гадоў было вашай дзяўчынцы? — спытала Галіна Пятроўна.
— Тады два гадочкі было.
Дзеці стаялі і сядзелі ля кастра моўчкі, баючыся вымавіць слова.
— Даўно ўжо збіралася я наведаць гэтыя мясціны, — зноў загаварыла жанчына, ацершы слёзы. — Ды ўсё не атрымлівалася. То ў Сібіры працавала, то на Урале. А цяпер вось з экспедыцыяй прыехала сюды. Мы ў суседнім раёне стаім. Нафту шукаем. Хацела аўтобусам вярнуцца, ды вось ужо, відаць, спазнілася. Заначую разам з вамі, бадай, тут, у лесе. На гэтай палянцы, дзе дачку згубіла.
На гэтым жанчына скончыла свой расказ.
— Галіна Пятроўна, — нечакана прамовіла тая самая дзяўчынка, — дазвольце мне, калі ласка, пашукаць мой талісман!
— Які талісман?
— Ёсць у мяне такая рэч. Я ў рукзаку пакінула.
— Добра, Інга, ідзі.
— Хто гэтая дзяўчынка? — спытала жанчына, калі Інга з сябрамі знікла ў лясным гушчары. — Чаму яна гаворыць з нямецкім акцэнтам? І што ў яе за талісман?
— Гэтая дзяўчынка, — адказала Галіна Пятроўна, — прыкладна год назад прыехала да нас. Яна жыла ў Заходняй Германіі і неяк выпадкова даведалася, што яна не немка, а беларуска і была вывезена ў Германію ў час вайны. Ну, як тыя людзі, пра якіх вы расказвалі. Тады яна ўцякла з Мюнхена ў Берлін, потым — у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, а адтуль — на радзіму. Цяпер жыве ў дзіцячым доме і разам з іншымі дзетдомаўцамі вучыцца ў нашай школе.
— А як яна трапіла ў Заходнюю Германію?
— Гаворыць, што нічога не памятае. Яна ж была тады зусім маленькая.
— А якія-небудзь родныя ёсць у яе?
— Няма нікога. Ва ўсякім выпадку, пакуль не знайшлі. Мы збіраемся напісаць пра яе ў газету. Можа, знойдуцца.
— Ведаеце, я пакіну вам на ўсякі выпадак свой адрас. Калі акажацца, што ў яе нікога няма, напішыце мне. Я хацела б удачарыць яе. Жыву адна, а дзяўчынка мне вельмі спадабалася.
— Добра, — сказала Галіна Пятроўна. Жанчына дастала з сумкі блакнот і аловак, напісала свой адрас і перадала яго настаўніцы.
У гэты момант вярнуліся на паляну Інга і яе сябры, якія хадзілі разам з ёй.
— Знайшлі! Знайшлі! — радасна крычалі яны. — Талісман!
— Што ж гэта за талісман? — пацікавілася жанчына.
— Звычайны кавалак жалеза, — сказаў нехта з хлопчыкаў.
— І навошта ён табе? — спытала Галіна Пятроўна.
— Гэты асколак, — адказала Інга, — доктар даставаў з маёй рукі. Таму ён і ёсць мой талісман.
— Вось яно што… — паківала галавой Галіна Пятроўна.
— Дазвольце паглядзець, — папрасіла жанчына дрыготкім голасам.
Яна ўзяла талісман, пачала круціць яго і разглядаць з усіх бакоў.
— А ў якую руку ты была паранена? — спытала яна Інгу.
— Вось у гэтую… сюды… — Інга закасала рукаў і паказала жанчыне рубец на правай РУЦЭ.
Жанчына схапіла Інгу за руку.
— Та-ак, та-ак… І мая дзяўчынка таксама была паранена ў правую руку… У гэтае ж месца… А вышэй у яе была радзімка…
Інга машынальна закасала рукаў вышэй локця.
— О-о-о!.. — застагнала жанчына, быццам ёй прычынілі боль. — О-о-о! Вось яна, вось яна, радзімка! Колькі… колькі гадоў табе, дзяўчынка?
— Мне? Дванаццаць.
— Ты — мая дачушка! Родная мая! Нарэшце я цябе знайшла!..
— Ой, што вы, як мошна? — сказала Інга. — Які я дачушка? Я — Інга!
— Ты не верыш? Ты сумняваешся? А што ты ведаеш пра сябе? Адкуль ты? Дзе нарадзілася? Кажы!
— Я яшчэ ў прытулку даведалася, што я з вёскі Зарэчча…
— Ну, ну! Усё правільна! У вайну мы жылі з табой у Зарэччы. Вы ж чулі, я вам расказвала! — павярнулася жанчына да Галіны Пятроўны.
— Прозвішча майго мама — Ясінская, — зусім ціха сказала Інга.
— Ясінская? Марыя? Дык гэта не мама твая, а твая цётка, мая сястра, у якой мы жылі… Значыць, гэта яна цябе падабрала. А потым яе забілі. А мама твая не яна, а я, Алена Верасок…
— Няўжо? Няўжо я знайшла мой мама? — усклікнула Інга і кінулася да жанчыны на шыю. — Мама, мамачка!..
— Ды тое, што Інга — ваша дачка, без усякага асколка бачна, — сказала Галіна Пятроўна. — Яна ж такая падобная на вас!
— А імя тваё, — сказала жанчына Інзе, — не Інга. Ты — Галя, Галіна Верасок. Запомні! — І яна зарыдала.
Гэта былі слёзы шчасця.
У двары хлопчыкі ганялі ў футбол. Нечакана мяч выскачыў за вароты, і Вася стрымгалоў памчаўся за ім на вуліцу. Вырваўшыся з варот, ён з усяго разбегу наляцеў на незнаёмую дзяўчыну і збіў яе з ног.
Пакуль прахожыя дапамагалі дзяўчыне падняцца, выказвалі ёй спачуванне, гразіліся паклікаць міліцыянера, Вася падхапіў мяч і непрыкметна шмыгнуў у суседні двор.
Назаўтра Вася зноў «вызначыўся». Адказваючы ўрок па геаграфіі, ён безапеляцыйна заявіў, што ў Афрыцы на дрэвах жывуць тыгры.
Відавочцы расказвалі, што ад выбуху рогату ў класе ні аднаго цэлага акна не засталося.
А яшчэ праз два дні школа загаварыла пра подзвіг свайго вучня, які з рызыкай для жыцця выратаваў маленькую дзяўчынку: выхапіў яе ў апошняе імгненне з-пад колаў аўтамашыны.
Усе гэтыя падзеі адбыліся напярэдадні чарговага збора. Паколькі звеннявы Паўлік быў хворы, вырашылі сабрацца ўсім звяном у яго на кватэры.
Дзеці прыйшлі, калі Паўлік чакаў доктара. Ён вельмі ўзрадаваўся прыходу сяброў.
Надакучыла аднаму ляжаць, прыслухоўвацца да болю ў назе. Падвярнуў яе, няўдала скокнуўшы.
Каця, Мая, Дзіма і Вася падсунулі свае крэслы бліжэй да ложка, на якім ляжаў Паўлік.
— Паўлік, — сказала Мая, — мы хочам правесці ў цябе збор звяна.
— А што здарылася?
— Трэба разабраць Васевы паводзіны, — уступіла ў размову Каця. — Паспеў двойчы вызначыцца. Двойку па геаграфіі зарабіў і дзяўчыну на вуліцы з ног збіў.
— Я не чапаў яе, — вымавіў, гледзячы сабе пад ногі, Вася, — яна сама паслізнулася.
У гэты самы момант у пакой нечакана ўвайшла дзяўчына. Убачыўшы яе, Вася адразу ж ускочыў з крэсла і схаваўся за спіну Дзімы.
— Што гэта вы так расшумеліся? — загаварыла дзяўчына. — Вы ж мне перашкаджаеце. А хто там хаваецца? — спытала яна, заглядваючы праз плячо Дзімы. — А-а, стары знаёмы…
Вася імгненна сарваўся з месца і знік за дзвярыма.
— Пачакай! Я хачу з табой пагаварыць, — дзяўчына выйшла з пакоя следам за Васем.
— Хто гэта? — спытала ў Паўліка Мая.
— Наша новая суседка. Я забыў вас папярэдзіць, яна рыхтуецца ў кансерваторыю, а мы ёй перашкаджаем.
— А з Васем яны, аказваецца, знаёмыя. Толькі незразумела, чаго гэта ён ад яе ўцёк, як ашалелы? — са здзіўленнем сказала Каця.
— Я лічу, — зазначыла Мая, — што мы павінны строга папярэдзіць Васю за двойку па геаграфіі.
— Цікава, а як ты збіраешся яго папярэдзіць? — з іроніяй спытаў Дзіма.
— Вымову ўляпіць, вось як!
— Ну, тады ўляпі гэтую самую вымову і сабе.
— А пры чым тут я?
— Пры тым, што ты павінна была з ім, як з адстаючым, займацца. — Дзіма так расхваляваўся, што нават крэсла адкінуў убок. — Трэба і яе абмеркаваць, — звярнуўся ён да Паўліка і Каці,— таму што яна не выканала нашага даручэння!
— Так, не выканала. Не буду я з Васем займацца, — выпаліла раптам Мая.
— Вось бачыце! — узрадаваўся Дзіма. — Яна ва ўсім вінаватая.
— Я ніяк не зразумею, што адбываецца? — Паўлік прыўзняўся ў пасцелі, але адразу ж са стогнам апусціўся на падушкі.
— Ляжы, ляжы, Паўлік, — кінулася да яго Каця, — табе нельга хвалявацца. Можа, ты ўсё ж растлумачыш, што там у вас з Васем здарылася? — звярнулася яна да Маі.
— А што я магу зрабіць, калі ён не хоча вучыцца… Прыходжу да яго, а ён альбо мадэль майструе, альбо ў кіно збіраецца.
— Трэба было яму растлумачыць, — зноў заступіўся за Васю Дзіма.
— А што яму тлумачыць, — загаварыў Паўлік, — не маленькі, сам павінен разумець. І Мая правільна зрабіла, што кінула да яго хадзіць.
— І гэта гаворыш ты? — абурыўся Дзіма. — Звеннявому варта было б разважаць інакш.
— Паўлік правільна гаворыць, — падтрымала звеннявога Каця.
Раптам у дзвярах зноў з'явіўся Вася.
— Дзе яна? Я ўспомніў. Гэта ж на яе я тады наляцеў, калі за мячом гнаўся.
— А пра двойку ты памятаеш? — спытаў Паўлік.
— Падумаеш, дробязь. Вядома, памятаю.
— Значыць, дрэнна памятаеш. Давядзецца прымаць меры. У летняе падарожжа мы цябе не возьмем, так і ведай.
— Не возьмеце? — устрывожыўся Вася. — Чаму?
— Мы не будзем браць у падарожжа двоечнікаў. Табе летам давядзецца займацца, навёрстваць дрэнна засвоены матэрыял.
— Як жа так! — з крыўдай у голасе сказаў Вася. — Я ж усю зіму рыхтаваўся да гэтага падарожжа.
— Давайце прагаласуем. — Паўлік быў няўмольны. — Хто за тое, каб…
— Пачакайце, сябры, — загаварыў Дзіма, — ці не занадта строга мы падыходзім да Басі? Хіба вы не ведаеце, што вучань нашай школы выратаваў ад смерці дзяўчынку? Гэты вучань — Вася!
— Ой, дзяўчынкі! — Каця падбегла да Басі.— Якая навіна! Вася, гэта праўда?
Але Вася, апусціўшы галаву, маўчаў.
— Якія мы табе дзяўчынкі? — абурыўся Дзіма. — І чаго ты ў яго пытаешся, — кіўнуў ён на Васю, — так ён і прызнаецца!
— А на якой вуліцы гэта адбылося? — пацікавіўся Паўлік.
— Так, так, раскажы, як гэта ўсё здарылася? — дзяўчынкі пачалі тармасіць Васю, але ён па-ранейшаму маўчаў, толькі кончыкі вушэй пачырванелі.
— Ну чаго вы да яго прычапіліся, — зноў заступіўся за Васю Дзіма, — самі бачыце, саромеецца чалавек. Не будзе ж ён сам пра свой подзвіг расказваць.
— Тады ты раскажы, калі ведаеш.
— Я? А што я магу расказаць? Ішлі мы, значыць, з Васем па вуліцы… па вуліцы… Як знарок назва з галавы вылецела…
У дзверы гучна пастукалі, і ў пакой увайшла жанчына з сакваяжам у руках.
— Хто тут хворы?
— Вось ён. — Каця паказала на Паўліка і падсунула крэсла. — Сядайце, калі ласка.
Доктар уважліва агледзела нагу Паўліка.
— Дзе ж гэта з табой здарылася? — спытала яна ў Паўліка.
— Проста няўдала ступіў.
— А ведаеш, хлопчык, — доктар уважліва паглядзела на Паўліка, — я цябе недзе бачыла. Вось толькі не памятаю дзе… Вось рэцэпт… Праз тры-чатыры дні будзеш здаровы. Ану, устань, прайдзіся.
Паўлік падняўся і, моцна кульгаючы, зрабіў некалькі крокаў.
— Дык гэта ж ты!.. — раптам радасна ўсклікнула жанчына, прыціскаючы Паўліка да сябе. — Цяпер я цябе пазнала. Гэта ты выратаваў маю дачушку. Нарэшце я цябе знайшла!..
— Прабачце, доктар, — пачала Каця.
— Мяне завуць Марыя Паўлаўна.
— Прабачце, Марыя Паўлаўна, але вашу дачку выратаваў не ён, а вось гэты хлопчык. — І Каця паказала на Васю.
— Няўжо? — Марыя Паўлаўна разгублена падышла да Басі.— Ты?
— Не… не я, — Вася нарэшце падняў галаву.
— Дзіма, што ж гэта такое? — Каця неўразумела паглядзела на Дзіму.
Цяпер ужо і ён сарамліва апусціў галаву.
— Я так сказаў таму, што хацеў, каб вы даравалі майму сябру. Я не ведаў, хто сапраўды выратаваў дзяўчынку.
— Дык вось чаму, Паўлік, у цябе баліць нага?! — нарэшце здагадалася Мая.
— Значыць, ты хацеў абараніць свайго сябра? — спыталася, звяртаючыся да Дзімы, Марыя Паўлаўна.
— Ага, — ціха адказаў Дзіма.
— Але ж яму такая абарона не патрэбна. Праўда, Вася?
— Праўда, — гэтак жа ціха адказаў хлопчык.
— А тое, што вы паміж сабой сябруеце, гэта вельмі добра.
— У нас, Марыя Паўлаўна, усё звяно дружнае, — з гонарам сказала Каця.
— Гэта я паспела ўжо заўважыць, — усміхаючыся, сказала Марыя Паўлаўна. — Толькі добра запомніце, дарагія мае сябры, што ў дружбе самае галоўнае і самае каштоўнае — гэта сумленнасць і праўдзівасць.