Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ
ТАЙНА ГІБЛАЙ ЗАТОКІ
Містычная аповесць
Частка І
1
Суботнім вечарам дваццаць дзявятага студзеня 1564 года, калі князь Пётр прыйшоў з лазні і дапіваў першы кубак хлебнае, халоднае брагі, да яго ў хату, без папярэджання і стуку, уваліўся перапалоханы брат Васіль.
— Толькі што вярнуўся з віжавання Грышка Хлёст, — задыхаючыся ад хуткай хады і ўзрушэння, проста ад парога прасіпеў ён апошнюю навіну, — і расказвае халоп неверагоднае.
— Ну-у! — раззлаваны Пётр падхапіўся з лавы і рэзка павярнуўся да брата. Халодны хлебны напой плескануўся на яго бараду, тонкай ручаінай пацёк на чырвоныя, распараныя грудзі, але князь гэтага не адчуваў.
— Кажа, што ліцвіны поўнасцю разбілі войска князя Пятра Іванавіча, яго самаго ці то засеклі, ці то закавалі ў жалеза і зараз спешным маршам ідуць сюды, па нашы душы.
Малодшага брата трэсла ліхаманка, сківіцы яго гучна шчоўкалі, рукі, як і маленькія вочы, не знаходзілі спакою. Пётр ад такой навіны зноў апусціўся на лаву, потым рэзка падхапіўся з яе.
— Не можа такога быць! — гучна, амаль істэрычна выгукнуў ён і запусціў гліняным кубкам у печ. На яго крык у пакой заскочыў устрывожаны ахоўнік, але ваявода махнуў яму рукой: «Знікні!» — і павярнуўся да брата:
— Князь Шуйскі Інфлянты паставіў на калені, прайшоў столькі бітваў, што іншаму баярыну і не снілася, ваяваў Полацк... Не, такога не можа быць! Не мо-жа!
— Чаму не можа? Білі ж нас і раней ліцвіны, і неаднойчы!
— Калі тое было? — распранае цела князя Пятра пакрылася буйнымі кроплямі поту. — Якое ж тады войска мае Радзівіл? Сорак тысяч? Пяцьдзясят? Семдзесят?
Брат паціснуў плячыма:
— Хлёст на панадворку чакае.
— Давай яго сюды!
Пяцідзясятнік Грышка Хлёст, невысокі, каржакаваты стралец з шызым носам і падпаленай, рудаватай барадой, спалохана, бокам увайшоў у памяшканне, зняў свой каўпак і грузка паваліўся на калені. Калі б хтосьці з братоў у гэты момант сказаў слова ці нават проста кашлянуў, Грышка ўпаў бы і на жывот, але ў горача натопленым пакоі панавала цяжкая цішыня. Допыт пачаў старшы з братоў, Пётр:
— Ну што ты даведаўся пра князя Шуйскага? Ці надзейныя твае звесткі?
Стралец, заікаючыся і блытаючыся ў словах, пачаў расказ:
— Я раніцай са сваёй паўсотняй выехаў на віжаванне ў бок Зубрэвічаў. Ля вёскі мы схаваліся ў прыдарожным ельніку, добра ўкрыліся і пачалі чакаць, спадзеючыся захапіць у палон якога-небудзь неасцярожнага шляхціца. Але шляхціцаў не было. Тады я і Цёмка Гуз пераапрануліся пад сялян і накіраваліся ў мясцовую карчму, каб паслухаць, пра што там гавораць людзі...
— Гарэлкі папіць ты туды направіўся, сабачае рыла! — прашыпеў князь Пётр. — Што далей?
— У карчме мы ўзялі гарлач піва і селі ў цёмны кут, каб нас ніхто не бачыў. Хутка туды ўвалілася з дзясятак шляхціцаў. Яны былі вясёлыя, гучна рагаталі, бруднымі словамі адзываліся аб вашай светласці...
— Па справе давай!
— Ад іх мы і пачулі, што князь Шуйскі забіты, а войска яго поўнасцю разгромлена. Што саракатысячны атрад Радзівіла Рудога павінен злучыцца з ліцвінскім войскам, якое спяшаецца сюды з Барысава, і разам яны намерыліся акружыць нас і ўсіх бязлітасна выразаць. Быццам ад іх караля паступіў загад — палонных не браць!
— Вось звяры! — вырвалася ў Васіля.
Старшы брат злосна зыркнуў на малодшага, крыва ўсміхнуўся, але прамаўчаў. Расказ стральца падаўся яму неверагодным па сваёй сутнасці, выклікаў шмат пытанняў і сумненняў, але ж і пяцідзясятніку не з рукі было падманваць. Такімі звесткамі не жартуюць, за такія жарты караюць шыбеніцай! Ваявода махнуў Хлясту рукой, дазваляючы таму падняцца з каленак і пакінуць памяшканне. Калі стралец зачыніў за сабой дзверы, Пётр звярнуўся да брата:
— Ты яму верыш?
Васіль нерашуча паціснуў плячыма, адвёў вочы і пачаў папраўляць кнот аплыўшай свечкі. Па зачаднелых сценах пакоя заскакалі фантастычныя цені-пачвары.
— Заўтра нядзеля, і мы ў царкву збіраліся схадзіць!
— Глядзі, каб цябе заўтра не адпявалі ў гэтай царкве! — груба, бы адсякаючы сумненні, выгукнуў Пётр. — Ды адчапіся ты ўрэшце ад свечкі! Ідзі лепш узмацні варту і кладзіся адпачываць.
Аднак і старэйшаму з Абаленскіх не спалася: чорныя думкі, адна жудаснейшая за другую, лезлі ў галаву, кашмарамі бударажылі ўяўленне, перашкаджалі сну. «Ператапілі ў хаце, — апоўначы не вытрымаў ваявода і падняўся з лежака: — Пачытаю крыху, магчыма, лягчэй стане». Ён перажагнаўся, ступіў на халодную падлогу, наблізіўся да стала, адкінуў вечка невялікага куфра, дастаў адтуль кнігу і цяжка ўздыхнуў — усяго некалькі тыдняў таму сам цар даў яму гэтую кнігу з уласнай ліберэі. «Чытай, Пятро, — яшчэ і зараз гучалі ў вушах царскія словы. — Мо і ты калі-небудзь навучышся ваяваць так, як ваяваў Цэзар».
Князь пагартаў Цэзаравы запіскі аб Гальскай вайне, якія зусім нядаўна пераклаў на рускую мову пастар Ветэрман з Дзерпта, закрыў кнігу і зноў асцярожна, быццам найвялікшую каштоўнасць, схаваў яе ў куфар — не затрымліваліся ў памяці мудрыя словы вялікага рымляніна, не ўспрымаў розум яго задум і парад, і разуменне гэтага толькі ўзмацняла непрыемнае пачуццё трывогі. «Выйду праветруся», — вырашыў князь і стаў нацягваць боты.
У мястэчку, не зважаючы на ноч, было шумна і неспакойна. Ярка гарэлі кастры, устрывожаныя стральцы вялікімі натоўпамі рухаліся па вуліцах, нешта бурна абмяркоўвалі, спрачаліся і лаяліся.
— Што тут такое? — запытаўся князь у вартавога. — Чаму не спяць ратнікі?
Вартавы, магутнага целаскладу стралец, паціснуў шырокімі плячыма і грубым, прастуджаным голасам, паведаміў:
— Кажуць, што статысячнае ліцвінскае войска ўжо на падыходзе.
Ад такога паведамлення Пятра кінула ў жар: «Няўжо?» — на большае ў яго не хапіла смеласці. Глыбока глытаючы свежае марознае паветра, князь некалькі імгненняў разгублена стаяў на панадворку. Цяжкімі ўдарамі ў скронях пульсавала адзінае пытанне: «Няўжо?», і хаця сам ваявода быў чалавекам рашучым і смелым, але ўсеагульны сполах разам з сырым, халодным паветрам пранік і ў яго істоту. Ён рэзка павярнуўся на месцы і, ўжо заходзячы ў нізкія дзверы хаты, раздражнёна кінуў вартавому:
— Пакліч сюды брата!
Братняя нарада была нядоўгай і, яшчэ далёка да ўзыходу сонца, стралецкія палкі пачалі згортваць свой лагер і ціха, бы рабаўнікі, пакідаць наваколле Барані.
Рухаліся хутка, без прывалаў. Ваявода ведаў — цар не даруе яму палону. З баязлівасці пасмяецца, магчыма, паб’е сваім посахам, раз-другі абняславіць перад баярамі, аднак сорам не дым, вочы не выесць, з ім жыць можна. А вось палон! Палон — гэта непазбежная смерць. Моцна захрасла ў памяці князя Пятра, з якой звярынай лютасцю і д’ябальскай асалодай цар Іван Васільевіч уласнаручна сек палоненых палачан, пускаў пад рачны лёд яшчэ жывых габрэяў, іх жонак і дзяцей. Не любіў цар палонных, таму і ўцякаў князь Пётр ад невядомай яму сілы — лепш ганьба, але жыццё, чым палон і смерць.
Шлях быў наезджаны, накатаны, вядомы: па дняпроўскім лёдзе да Дубоўны, адтуль — на Красны. Там можна адпачыць, аддыхацца, прывесці ў парадак свае думкі.
У Дубоўне не спыняліся, памянялі коней і зноў у дарогу.
Да памежнага паселішча Лядава пад’ехалі, калі дзень быў у самым разгары, і як ні спяшаўся князь, як ні стараўся яго возчык гнаць коней, але чуткі аб набліжэнні ліцвінаў імчалі хутчэй. Менавіта тут князь Пётр пачуў ад свайго ахоўніка Грышкі Хляста, што пяцітысячная стралецкая застава, пакінутая ім у Крапіўне, поўнасцю высечана ліцвінамі і што іх конныя раз’езды ўжо бачылі ў ваколіцах Лядава. Аднак вестка аб конных раз’ездах праціўніка мала зацікавіла князя. Яго ўвагу прыцягнула стоўпатварэнне ля вузкага мастка праз рэчку, і ўрэшце ён не вытрымаў, запытаўся:
— Што там такое?
— Мост аказаўся трухлявым, ваша міласць, — першым адазваўся Хлёст. — Не вытрымаў цяжару нашай раці і абваліўся.
Абаленскі брудна вылаяўся, задумаўся і праз некалькі імгненняў паказаў рукой у бок лесу, дзе над вяршынямі елак віліся ледзь бачныя стужкі дыму.
— Там што за паселішча?
— Вёсачка Плавуны называецца, — здавалася, што Хлёст ведаў усё. — Каля трох дзясяткаў халопскіх душ.
— Едзем! — ваявода ўладарна секануў рукой паветра і зручней уладкаваўся ў сваім вазку.
І аднаго гэтага руху хапіла, каб велізарная стужка абозу збочыла з наезджанай дарогі на рачны лёд Мірэі і па ім папаўзла ўбок недалёкага паселішча. Душэўна спустошаны, няголены, стомлены і галодны, князь Пётр сядзеў у санках і, быццам зачараваны, глядзеў на заснежаныя векавыя яліны, якія нагадвалі яму волатаў, што шмат дзесяцігоддзяў нерухома стаяць тут на варце межаў сваёй дзяржавы. Ён ніколі не паказваў свайго хвалявання перад падначаленымі, заўсёды імкнуўся быць спакойным і разважлівым. Аднак зараз рукі яго міжволі задрыжэлі, а на шчоках зазіхацелі кропелькі слёз. На душы зрабілася неспакойна і млосна. Раптоўна захацелася стаць маленькім, схавацца пад футрамі ад брата, ад стральцоў, ад усяго свету, схавацца і выплакацца. Але... Што перашкаджала яму зрабіць гэта, князь не паспеў дадумаць — магутны ўдар скалануў вазок, падкінуў яго ўгору, з усяе моцы пляснуў аб лёд, і князь страціў прытомнасць.
Ачуняў ён хутка. Расплюшчыў вочы і першае, што ўбачыў — перапалоханыя стральцы аховы пад камандаю Хляста выцягваюць з палонкі на лёд яго вазок. Князь з дапамогай брата падняўся на ногі, зрабіў некалькі глыткоў з біклагі, якую падаў яму Васіль і, канчаткова прыходзячы ў сябе, злосна трасянуў рукой:
— Ты куды глядзеў, воўчае семя? — ён выхапіў з похваў шаблю і з усяе сілы, укладваючы ва ўдар свае боль і злосць, секануў возчыка па галаве.
Гарачая кроў фантанам пырснула ва ўсе бакі, запэцкала белы княжы кафтан, пафарбавала лёд, напалохала каня, але яна і ахаладзіла Пятра, быццам разам з душой небаракі-стральца з яго вылецелі і злосць, і нянавісць, і раздражненне. Князь на імгненне супакоіўся, аднак новы страх балюча ўдарыў пад сэрца і вырваўся з яго вуснаў ледзьве чутным пытаннем:
— Дзе мой куфар?
Адказам была цішыня. Нават стральцы, якія мянялі на выцягнутым з палонкі вазку зламаныя аглоблі, палахліва сцішыліся, уцягнулі ў плечы галовы, зрабілі выгляд, што не пачулі пытання.
— Дзе мой куфар? — са страхам і адчаем закрычаў князь. — Дзе куфар?
Зноў цішыня была яму адказам, і князь не вытрымаў гэтай цішыні.
Быццам падкошаны нябачным асілкам, ён са стогнам паваліўся на рачны лёд, стаў качацца па ім, выць, кленчыць, дзіка смяяцца.
Стральцы спалохана адступіліся да палонкі і толькі малодшы брат Васіль таптаўся ля ваяводы, спрабаваў яго неяк супакоіць, суцешыць. Урэшце яму ўдалося ўліць у рот Пятра некалькі глыткоў гарэлкі і той прыціх, а праз некалькі імгненняў, спустошаны, абязволены і знясілены, заплакаў. Яго турботы і памкненні, мары і спадзяванні — усё, дзеля чаго ён цярпеў спёку Бахчысарая і лютыя маразы Масковіі, зараз не мела значэння, бо ён страціў пад лёдам гэтай нікому невядомай рэчкі не проста казну, тут ён згубіў кнігу, якую яму даў цар. А разам з кнігай у гэтай вадзе патанулі не толькі яго гонар і годнасць, разам з ёй тут патанула яго жыццё. Хаця. А раптам.
Князь падняўся на ногі, мутным позіркам абвёў прыціхлага брата, стральцоў, хітнуў Хлясту:
— Падыдзі.
Грышка спалатнеў, паваліўся на лёд, падпоўз да свайго ўладара і заціх, чакаючы вырашэння свайго лёсу. Але Абаленскі не спяшаўся, думаў. Урэшце ён узмахнуў рукой, каб стральцы крыху адышлі ад яго і загаварыў.
— Твае бацькі верай і праўдай служылі маім бацькам. Ты таксама мой верны служка, а таму я хачу даверыцца табе.
Хлёст усхліпнуў, схапіў князя за мокрае крысо кафтана, прыпаў да яго вуснамі. Князь Пётр не звярнуў на гэта ўвагі і, гледзячы ў шэрую прастору неба, працягваў гаварыць сваю задуму. Голас яго гучаў роўна, але ў ім не адчувалася ні адценняў, ні пачуццяў, быццам гаварыў не чалавек, а нябожчык.
— Ты бачыў, дзе мой куфар пайшоў на дно і таму ты таксама застанешся тут, — князь выцягнуў з кішэні залаты дукат, паклаў яго на дошку вазка, падняў шаблю.
— Памілуй, уладар, — усхліпнуў Хлёст. Плечы яго затрэсліся.
Аднак ваявода не слухаў свайго халопа. Шабля са свістам рассекла паветра і распалавінены дукат бясшумна ўпаў на акрываўлены лёд. Князь падняў адну палавінку і паклаў у сваю кішэнь.
— Вазьмі, Грышка, палову манеты, — загадаў ён стральцу і, калі той, яшчэ нічога не разумеючы і не верачы канчаткова ў сваё выратаванне, падхапіў з лёду кавалак золата, прадоўжыў: — Пакажаш месца, дзе патануў куфар таму, у каго будзе другая палова.
— А ці доўга.
— Ты будзеш ахоўваць мой куфар столькі, колькі спатрэбіцца і заб’еш кожнага, хто захоча яго дастаць без маёй на тое волі.
— А калі...
— Калі ты памрэш, яго будзе ахоўваць твой сын, не стане сына — яго сын... І гэтак да таго часу, пакуль дзве паловы манеты не сустрэнуцца.
— Мне патрэбны памочнік, — зразумеўшы заданне, крыху асмялеў Хлёст.
— Памочнік? — князь спахмурнеў. — Што ж, я дам табе памочніка, — з гэтымі словамі ён зняў са сваіх грудзей амулет і працягнуў яго стральцу. — Гэта грыфон — сімвал сонца, прывезены мне з Бахчысарая. Той, хто ім валодае, набывае вялікую сілу і становіцца бессмяротным. Сцеражы скарб, інакш ты і твой род будзеце праклятымі на вечныя пакуты ў пекле, — сказаўшы апошнія словы, князь Пётр узабраўся на каня і, не азіраючыся, паехаў у бок недалёкай вёскі.
2
Заканчвалася лета 1985 года. Яно зрабіла сваю справу: выспеліла добры ўраджай, і зараз, ахінаючы прастору мяккім цяплом, з лагоднай усмешкай назірала за руплівай працай хлебаробаў.
Дні стаялі сухія і ціхія. Гэтага іх спакою не парушалі ні вятры, якія зрэдку выляталі аднекуль з-за лесу, ні туманы, якія раніцамі ўсё часцей клубіліся белай парай у нізінках і быццам папярэджвалі: «Спяшайся, земляроб. Восень на падыходзе!»
Капітан міліцыі Андрэй Кухар спаць лёг апоўначы — у час жніва шмат работы ва ўчастковага інспектара, а тут яшчэ і ўчастак дастаўся яму памежны, неспакойны. Лёгкай хмаркай сон ахутваў яго розум, стомленае за дзень цела, і пакрышачку, па частачках ён плаўна апускаўся ў іншае, адрознае ад дзённага, небыццё, у якім будзе жыць цікавым і захапляльным жыццём цэлую ноч.
Жнівеньскія ночы, як правіла, зорныя, з яркім месяцам і чыстым да крохкасці паветрам, у якім пад ранак ужо адчуваецца восеньская свежасць. Менавіта ў такія ночы прыадчыняецца брамка ў невядомы свет, поўны таямніц, рамантыкі, прыгод і гераізму. Гэты свет расквечаны бліскучымі і прытушанымі зоркамі, сузор’ямі і зарніцамі, блакітнымі дугамі падаючых метэарытаў, жамчужным россыпам Млечнага шляху. А пад мяккім святлом месяца пануе такая цудатворная цішыня, што падаецца, быццам на гэтым свеце зусім няма зла і ніколі не здараецца нічога дрэннага.
Аднак капітан не паспеў дагледзець свой сон — тэлефонны званок настойліва, і таму трывожна, за некалькі секунд ушчэнт разбіў усе яго светлыя летуценні. Андрэй падхапіўся з ложка, схапіў слухаўку і застыў у чаканні нейкіх, непрыемных для яго, звестак.
— Ало, — да яго слыху данёсся ўстрывожаны жаночы голас. — Андрэй Сяргеевіч?
— Так, капітан міліцыі Кухар слухае.
— Андрэй Сяргеевіч, гэта Вера Мікалаеўна, загадчыца Лядаўскай бібліятэкі.
— Слухаю вас, Вера Мікалаеўна.
— У нас забойства.
«Гэтага мне толькі не хапала для поўнага шчасця!» — канчаткова прачынаючыся, падумаў участковы. А ўголас пацікавіўся:
— Хто каго забіў?
— Я не ведаю, — здавалася, што жанчына вось-вось заплача. — Хлапчукі вясковыя ішлі на рыбалку і знайшлі на беразе Мірэі нябожчыка. — У трубцы пачуліся ўсхліпы. — Кажуць, што ён не наш, не мясцовы.
— Вера Мікалаеўна, вы не хвалюйцеся. Зараз прыедзе следчая брыгада і ва ўсім разбярэцца. Вы толькі прасачыце, калі ласка, каб ніхто з цікаўных не падыходзіў да трупа, не затаптаў магчымыя сляды, і дзетак затрымайце да прыезду следчых. Добра?
— Добра.
Пасля размовы з жанчынай Андрэй патэлефанаваў дзяжурнаму, далажыў пра здарэнне, паставіў на газ чайнік і сам пачаў збірацца на працу. Забойства ў Лядаве спачатку яго быццам не вельмі ўсхвалявала — ёсць следчыя, ёсць пракуратура, яны разбяруцца. У яго ж зараз патрабаванне пра захаванне тэхнікі бяспекі на жніве, пра дысцыпліну механізатараў і работнікаў зернесушылак, пра зладжаную работу дзіцячых садкоў і крам на тэрыторыі сельскага савета. Ды і забіты — чалавек не мясцовы, хаця — усё ж забойства, а гэта зусім не жартачкі...
А за акном пачынаўся новы дзень. Велізарны пунсовы дыск паказаўся на ўсходнім небасхіле, накінуў пурпуровую мантыю на вершаліны лесу, на палі і паселішчы. Сонечныя прамяні пазалацілі аконныя шыбы, гарэзліва заскакалі зайчыкамі па сценах дамоў, па галінах дрэў, пачалі настойліва прабівацца ў кватэры. І ў адначассе ранішняя шэрань растварылася ў тумане, зазіхацела рознакаляровымі фарбамі ў буйных кроплях расы, саступіла месца дзённай радасці.
Кухар выйшаў на панадворак, адчыніў дзверцы сваіх «Жыгулёў», завёў рухавік і праз некалькі хвілін каціў у бок беларуска-расійскай мяжы да вёскі Лядава.
Але ў Лядаве ён не спыняўся і адразу паехаў да рэчкі, бо ўжо ўявіў, дзе дзеці маглі знайсці тапельца. Ля кожнай рэчкі, як ля кожнага вадаёма, ёсць мясціны, якія найбольш прыдатныя для купання ці рыбалкі. Былі такія мясціны і на Мірэі, і ўчастковы іх выдатна ведаў. Аднак ён памыліўся — нябожчыка знайшлі намнога ніжэй па цячэнні, ды яшчэ ў такім месцы, куды, напэўна, не заходзіў ніводны рыбак. Нядобрая слава была ў гэтай невялікай, забалочанай затокі. І не таму, што тут з зямлі біла адразу некалькі крыніц, што вада тут не прагравалася, была сцюдзёнай нават у самую вялікую спёку. Не таму, што тут быў балоцісты бераг і вудзіць рыбу было нязручна, паколькі не заходзілі сюды ні галавень, ні плотка, ні акунь. Нядобрая слава замацавалася за гэтай затокай яшчэ з часоў сівой даўніны, бо нідзе ў акрузе не гінула столькі жывёлы, як ля яе, а чалавека, які выпадкова праходзіў побач, ахоплівала невытлумачальная трывога, і ён імкнуўся хутчэй пакінуць гэтае месца. Таму і называлі затоку Гіблай. Таму і памыліўся ўчастковы, не чакаў ён, што знойдзецца нейкі дзівак, які захоча на ўласнай скуры праверыць, ці праўду расказваюць мясцовыя старажылы аб гэтай праклятай затоцы.
Кухар пакінуў машыну на вузкай палявой дарозе і пешшу накіраваўся да адзінокай жаночай постаці, што стаяла метраў за пяцьдзясят ад затокі. Ён яшчэ раз павітаўся з Верай Мікалаеўнай і, каб не маўчаць, запытаўся пра дзяцей, якія знайшлі труп.
— Я іх адпусціла, — ціхім голасам, быццам баючыся патрывожыць сон нябожчыка, прагаварыла загадчыца бібліятэкі. — Ім і так хапіла страху.
— А што яны тут рабілі? — шчыра здзівіўся Кухар. — Рыба не ловіцца, купацца холадна. Цікава.
— Яны ішлі ў Плавуны да сваіх знаёмых, каб там разам вудзіць рыбу.
— Зразумела, — прагаварыў участковы і павярнуўся на шум матора — проста па полі да іх набліжаўся міліцэйскі уазік у суправаджэнні «хуткай дапамогі». — А вось і пракуратура едзе.
— Мне зараз можна ісці? — і такая надзея гучала ў голасе жанчыны, што Кухару стала яе шкада.
— Я думаю, што следчы вас надоўга не затрымае і хутка адпусціць.
Следчы, капітан Міклашэвіч, за руку павітаўся з Кухарам, строга, быццам
першага падазронага, агледзеў Веру Мікалаеўну і павярнуўся да двух аператыўнікаў і маладзенькай жанчыны-эксперта:
— Вы, хлопцы, пакуль агледзьце месца злачынства, а я пагутару са сведкай.
— Я нічога не бачыла, — адразу адгукнулася загадчыца бібліятэкі. — Я тут па просьбе Андрэя Сяргеевіча, сачыла, каб ніхто не наблізіўся да памерлага.
— Хто такі Андрэй Сяргеевіч і ад каго ён даведаўся пра труп?
— Андрэй Сяргеевіч — гэта я, — уступіў у гутарку Кухар, — а Вера Мікалаеўна загадвае мясцовай бібліятэкай. Раніцай два хлопчыкі з Лядава ішлі ў суседнюю вёску да сваіх сяброў, убачылі на беразе рэчкі нябожчыка і паведамілі пра гэта ёй. Яна патэлефанавала мне, і я папрасіў яе падзяжурыць да майго прыезду.
— З гэтым разабраліся, — палагоднеў следчы. — А дзе зараз тыя хлопчыкі?
— Я іх адпусціла дахаты, бо яны і так вельмі перапалохаліся.
Следчы хітнуў галавой, нешта памеціў у сваім нататніку, зірнуў на высокае ўжо сонца, уздыхнуў:
— Зноў дзень будзе спякотным.
— Мне можна ісці? — не падтрымала перажыванняў Міклашэвіча Вера Мікалаеўна. — У мяне рабочы дзень у самым разгары.
— Можаце быць свабоднымі, — не задумваючыся дазволіў следчы і адразу забыўся на жанчыну. — Пайшлі, капітан, паглядзім на нябожчыка.
Калі работнік пракуратуры і ўчастковы падышлі да берага Мірэі, эксперт ужо заканчвала агляд кішэняў вопраткі незнаёмца. Сам нябожчык, даволі малады і прыгожы хлопец, ляжаў на спіне на беразе, а яго ногі амаль поўнасцю амываліся рачной вадой. Па ўсім было бачна, што памёр ён раптоўна і хутчэй за ўсё ад сардэчнага прыступу. Гэта пацвердзіла і эксперт:
— Труп на сто працэнтаў не крымінальны, — бясколерным голасам прагаварыла яна. — Памёр чалавек учора вечарам, слядоў барацьбы няма, аднак што дзіўна — ні пашпарта, ні грошай, ні аўтобуснага квітка ў яго кішэнях я не знайшла. Ну не могуць быць поўнасцю пустымі столькі кішэняў, — жанчына патрэсла ў паветры новым джынсавым касцюмам. — Толькі ў адной з кішэняў я знайшла гузік ад абмундзіравання польскага жаўнера, ды і той чамусьці прышыты. Вы бачылі, Павел Казіміравіч, каб нехта насіў у кішэні прышыты гузік ад ваеннай формы?
— Я многа што бачыў, — сур’ёзна адказаў Міклашэвіч і павярнуўся да аператыўнікаў:
— Што ў вас?
— Чалавек вечарам вырашыў паплаваць з маскай, папаляваць на шчупака, аднак не разлічыў, што тут вада вельмі халодная і як вынік — інфаркт.
— Чаму менавіта тут? — больш у сябе, чым у прысутных, запытаўся Кухар.
— Ну памёр бы ён вунь у той затоцы, тады б ты пытаўся чаму там, а не тут, — пажартаваў адзін з аператыўнікаў. — А вось чаму ён без грошай і без дакументаў — гэта ўжо і сапраўды цікава і з гэтым трэба разбірацца.
— Вось і разбірайцеся, — Міклашэвіч выцягнуў з кішэні цыгарэты, закурыў і, убачыўшы, што аператыўнікі не зрушыліся з месца, а таксама стаяць і кураць, павысіў голас:
— Хопіць паліць! Бярыце з сабой участковага і ідзіце апытваць калгаснікаў, а ў першую чаргу пагутарце з дзецьмі, якія знайшлі гэтага небараку.
3
Бліжэй за іншых да Гіблай затокі жыў Іван Хлястоў. Яго двор размяшчаўся на пагорку і быў абнесены старым, высокім парканам. Побач з парканам знаходзіўся невялікі, яблынь на шэсць, сад і гэткі ж невялічкі гародчык.
— Бы ў крэпасці жыве, — адзначыў адзін з аператаўнікаў. — Значыць, ёсць што хаваць ад суседскага вока.
— Наконт дабра не ведаю, а вось сам Іван — чалавек прыжымісты, крыху дзікаваты, нелюдзімы і неразгаворлівы. Да пенсіі працаваў у калгасе конюхам, стасункаў з людзьмі практычна не меў і адносін ні з кім так і не наладзіў, а таму сяброў не мае.
— А родныя, жонка, дзеці?
— Пра родных нічога не чуў, а жонка збегла ад яго, не вытрымаўшы і трох гадоў сумеснага жыцця, пакінуўшы яму немаўля-сына.
— І дзе зараз сын?
— Шафёрыць на аўтабазе.
Зблізку двор Івана выглядаў не так злавесна, як ад рэчкі. Старая, пачарнелая ад часу і дажджоў брама, была яшчэ даволі моцнай. Брамка, якая размяшчалася побач, нядаўна рамантавалася і зараз надзейна бараніла свайго гаспадара ад няпрошаных гасцей. Дошкі паркана хоць і былі чорныя, але сярод іх не відаць ніводнай трухлявай ці падгнілай. Яблыні саду ахайна падрэзаны і пабелены, у гародчыку таксама панаваў парадак.
— А Іван — мужык гаспадарлівы, — пахваліў гаспадара старшы з аператыўнікаў.
— Гаспадарлівы, — чамусьці ўздыхнуў Кухар і, некалькі разоў тузануўшы зачыненыя дзверы брамкі, загрукаў па іх кулаком: — Іван, адчыняй. Міліцыя!
Аднак за варотцамі ніхто не адгукнуўся на стук участковага. Тады Кухар паўтарыў спробу:
— Іван, адчыняй. Трэба пагутарыць.
Зноў цішыня стала адказам на заклікі міліцыянера. «Можа, яго няма дома?» — Кухар яшчэ некалькі разоў ударыў кулаком па тоўстых дошках брамкі, прыслухаўся і прыпаў вокам да невялікай шчыліны ў дошках. Прыпаў і тут жа, бы ўджалены, адхіснуўся — праз шчыліну на яго глядзела немігаючае чырвонае вока.
— Чорт бы цябе ўзяў! — вылаяўся ўчастковы некалькі разоў, бы адганяючы насланнё, хітнуў галавой і патлумачыў сваім сябрам: — Ён жа, хлопцы, стаіць за дзвярыма і даўно назірае за намі.
— Што вам трэба? — данёсся з-за варот рыпучы голас.
— Хочам задаць табе пару пытанняў.
— Пытайцеся.
— Праз вароты? — здзівіўся малодшы аператыўнік і, не пачуўшы адказу, змірыўся, запытаўся: — Ці ведаеш ты чалавека, якога знайшлі на беразе рэчкі?
— Не ведаю.
— А ці бачыў ты, адкуль ён прыйшоў?
— Не бачыў.
— Можа, учора вечарам чуў нешта незвычайнае ля рэчкі ці ў суседзяў?
— Нічога не чуў і за суседзямі я не сачу.
На гэтым гутарка закончылася.
Калі міліцыянеры адышліся далей, гаспадар расціснуў кулак — на яго далоні мяккім залатым бляскам заблішчэла палова манеты. Ён уздыхнуў, схаваў золата ў кішэнь, прысеў на кукішкі і патрапаў за морду вялікага белага сабаку, што ўвесь час стаяў побач з ім. «Будзем чакаць, Грыфон. А гэтых людзей нам няма чаго баяцца, бо ў іх разуменні — мы з табой бессмяротныя!»
4
Мішка Бабыль — бліжэйшы сусед Івана Хлястова. Жыў у цагляным калгасным доме і па характары быў поўнай супрацьлегласцю Івана: лянівы, неахайны, аднак бяскрыўдны і гаваркі. У сябрах ён меў добрую палову вёскі, другая палова была яго таварышамі. Яго дом не меў агароджы і часта нават наогул не зачыняўся на замок. «А што ў мяне можна ўкрасці? — пытаўся ў сяброў Мішка. — Усё каштоўнае я заўсёды нашу з сабой». А на пытанне, што ў яго ёсць каштоўнага, нязменна адказваў: «Добрае сэрца і чыстая душа». І калі наконт чысціні яго душы можна было паспрачацца, то сэрца ён і сапраўды меў добрае, лагоднае.
Як і Іван, Мішка быў ужо на пенсіі, але працягваў працаваць на ферме падвозчыкам кармоў. Работа цяжкая, аднак ён кожны дзень меў магчымасць папіць уволю свежага малака а, калі побач не было даярак, то і наліць бутэльку сырадою сабе на вячэру.
Калі міліцыянеры падышлі да яго дома, Мішка ўжо садзіўся на веласіпед, каб ехаць на ферму. Убачыўшы нечаканых гасцей, ён спыніўся, нават зняў з галавы брудны капялюш. У яго бясколерных вачах побач з бесклапотнасцю і цікаўнасцю з’явіліся і іскрынкі трывогі. Ён першым павітаўся з міліцыянерамі і, чамусьці гледзячы на Кухара, сцяўся ў чаканні пытанняў — усё ж такі крыху хлусіў Мішка, не вельмі чыстым было яго сумленне.
— А не познішся ты на работу? — пацікавіўся ўчастковы. — Сонца ўжо вунь як высока.
— Я цялятак даўно пакарміў, — Мішка нават паружавеў ад напружання і невядомасці. — Прыехаў на паўгадзінкі дахаты, каб паснедаць і...
— Добра, аб працы пагаворыце потым, — перапыніў Бабыля старшы аператыўны работнік. — Зараз ты нам скажы, што незвычайнага ты бачыў учора вечарам?
— Незвычайнага? Учора вечарам? — Мішка некалькі разоў паціснуў плячыма, задумаўся. Урэшце ён нешта ўспомніў, бо вочы яго зазіхацелі вясёлым смехам: — Учора вечарам некалькі цялятак вырваліся з загону, дык мы з заатэхніцай да глыбокай ночы іх лавілі і цягалі на ферму.
— А тут, ля рэчкі?
— Тут? — Мішка хмыкнуў. — Тут я нічога не бачыў, бо дахаты вярнуўся позна ноччу. Пакуль пералавілі...
— Добра, пра цялят мы ўжо чулі, — старшы аператыўнік нешта памеціў у нататніку. — А што ты нам скажаш пра свайго суседа: ну, які ён чалавек, чым займаецца ў вольны час, хто яго наведвае?
— Пра іншага я за вочы вам нічога не расказаў бы, але пра Ваньку скажу. Чалавек ён цяжкі, падазроны, з нейкай гнільцой. Я яго ведаю з дзяцінства і ўвесь час ён быў такім: скрытным, вечна пахмурным, маўклівым. Адзін прыклад з будаўніцтвам хаты для Цішкі Прышчэпы чаго варты!
— Прышчэпа — гэта ваш інжынер? — удакладніў Кухар.
— Ён самы.
— Дык і што здарылася з будаўніцтвам хаты для Цішкі і пры чым тут твой сусед?
— Гэта даўняя і непрыемная гісторыя.
— Мы папалім, а ты расказвай, — старшы аператыўнік выцягнуў пачак цыгарэт. — Пяць хвілін табе хопіць?
Мішка па звычцы зноў паціснуў плячыма:
— Як пойдзе.
— Расказвай.
— Гадоў з дзесяць таму Цішка закончыў тэхнікум і быў размеркаваны ў наш калгас механікам. Ён і зараз хлопец гарачы, а тады быў — агонь, самы сапраўдны Везувій. Яму давалі кватэру ў цэнтры вёскі, але ён адмовіўся. «Сам хачу паставіць хату, сваімі рукамі», — сказаў ён на праўленні і ад яго адчапіліся. Ён выпісаў лесу, праз калгас закупіў цэглу, дошкі, цэмент, шыфер і з дапамогай сваіх бацькі і двух братоў распачаў ставіць зруб. Тры месяцы ішло будаўніцтва, затое і хату яны пабудавалі адмысловую — высокую, на тры пакоі, з шырокімі вокнамі і прасторнай верандай. А ў красавіку амаль усю вёску Цішка запрасіў на наваселле.
Месяцы тры хлопец ніяк не мог нацешыцца сваім жытлом. Аднак неяк пад восень у яго раптоўна захварэла карова і яе давялося прырэзаць. Потым здохлі два парсюкі, куры, пачалі хварэць і самі гаспадары. Цішка быў у роспачы, не ведаў, што рабіць, да каго звярнуцца па дапамогу ці хаця б параду.
Аднойчы да яго зайшла бабка Сідарыха.
— Кепскае ў цябе жытло, — яна ўважліва агледзела хату. — Ні абраза, ні крыжа няма ў ім, а значыць, і бараніць цябе няма каму.
— Дзе ж узяць абраз і ці дапаможа ён маёй сям’і?
— Ён дапаможа табе зразумець прычыну, а перамагчы зло ты павінен сам, — бабка прайшлася па хаце і паказала вачыма на кут, дзе трэба павесіць абраз. Потым развязала хустку, якую прынесла з сабой, дастала з яе невялікі абразок, паклала на стол.
— Гэта мой падарунак табе на наваселле, — сказала яна, прачытала кароценькую малітву, перажагналася і накіравалася да выхаду.
— А мне што рабіць?
— Павесь абраз і чакай.
У той жа дзень Цішка павесіў абраз ва ўказаным Сідарыхай куце, а вечарам да яго зайшоў у госці Ванька Хлястоў. Ні да каго ніколі не заходзіў, а тут на табе, прыпёрся, ды яшчэ з пляшкай гарэлкі.
— Хлястоў хадзіў у госці? — не паверыў Кухар. — Ён жа, як кажуць, не ўсіх вяскоўцаў у твар ведае. І чаму ён такую пашану хацеў аказаць Прышчэпу?
— Дык Цішка хату паставіў вунь там, амаль побач з Ванькавым замкам.
— Вось нават як, — прысвіснуў участковы. — А я і не ведаў гэтага.
— Аднак расказваю, што адбылося далей, — Мішка сам захапіўся сваім расказам і адчуваючы, што яго ўважліва слухаюць, узяў невялікі перапынак, закурыў цыгарэту, са смакам выдыхнуў смярдзючы дым. — Піць Іванаву гарэлку Цішка не стаў, а калі той пайшоў, зачыніў за ім дзверы і лёг спаць. Але спаў ён нядоўга — апоўначы, акурат ля яго хаты пачуліся валтузня, енк і сабачае скавытанне. Спачатку Цішка спалохаўся, а потым схапіў стрэльбу, выскачыў на панадворак і пальнуў адразу з двух ствалоў у суцэльную цемру.
Рэшту ночы Прышчэпа спаў спакойна, а пад раніцу сасніў сон, быццам ён едзе на машыне ў раён і па дарозе падбірае спадарожніка — старога з доўгай сівой барадой, і на развітанне той яму кажа: «Добры ў цябе дом, хлопец, аднак яго трэба разабраць і перанесці ў іншае месца». Разабраць дом — гэта не жартачкі, ды яшчэ восенню. Але Цішка з наступнага дня і прыступіў да работы. І што вы думаеце, — Мішка пераможна пачаргова агледзеў міліцыянераў, — у тым куце, дзе вісеў абраз, разам з мохам ляжалі абпаленыя косткі жывёл. Хто іх туды падкінуў — загадка і па сёння. А Цішка перавёз свой дом на іншую вуліцу і зараз жыве там без усялякіх клопатаў і турбот.
— Думаеш, косці — Іванава справа?
— А тут і думаць не трэба, хаця, як у вас кажуць: «Не спайманы — не злодзей», — Мішка бесклапотна ўсміхнуўся, аднак раптам спахапіўся: — Я ж на работу спазняюся. Як там мае цяляткі?
— Можаш ехаць да сваіх цялятак, — дазволіў Бабылю старшы аператыўнік і звярнуўся да сяброў: — Пайшлі з дзецьмі пагутарым?
Аднак хлопчыкі нічога новага не паведамілі: ішлі ў суседнюю вёску, заўважылі чалавека на беразе, а калі зразумелі, што ён нежывы, пабеглі ў Лядава і аб убачаным расказалі першаму сустрэтаму імі даросламу. Ім аказалася бібліятэкарка Вера Мікалаеўна.
— Што ж, Андрэй, ты працягвай апытваць вяскоўцаў, а мы пагутарым з вадзіцелямі рэйсавых аўтобусаў і дубровенскімі таксістамі, — паціскаючы Кухару руку, на развітанне гаварыў старшы аператыўнік. — Праз дзень-другі высветлім прозвішча гэтага незнаёмца і даведаемся, чаго ён сюды прыехаў.
5
Цэлы дзень капітан апытваў сялян, размаўляў і са старымі, і з маладымі, і са школьнікамі, аднак пра незнаёмага чалавека ў джынсавым касцюме ніхто нічога не памятаў. І толькі вечарам, калі Кухар ужо ішоў да сваёй машыны, яго дагнаў на веласіпедзе Мішка Бабыль.
— Пачакай, таварыш участковы, — задыхаючыся ад хуткай язды і ад хвалявання, прасіпеў ён у спіну Кухару. — Я бачыў учора тапельца, бачыў на чым ён прыехаў і куды пайшоў.
Участковы спыніўся, пачакаў, пакуль Мішка аддыхаецца, і толькі потым загаварыў:
— Мы ж у цябе пра яго яшчэ раніцай пыталіся. Тады ты нічога не чуў і не бачыў, казкі нам пра цялятак расказваў. А тут раптам успомніў. З чаго б гэта?
— Раніцай пра тапельца я яшчэ нічога не ведаў, ды і пыталіся вы ў мяне пра ўчарашні вечар, — Мішка выцер успацелы твар рукавом бруднай кашулі, прадоўжыў: — А таго хлопца я бачыў днём, якраз апоўдні.
— Расказвай падрабязна.
— Апоўдні я паехаў у краму, каб купіць пачак «Астры». Выходжу і гляджу — па шашы кацяць «Жыгулі» з уключаным левым паваротам. «Куды гэта ён?» — падумаў я пра шафёра і паехаў за ім, тым больш, што дарога ідзе ля маёй хаты. Аднак машына хутка спынілася і з яе выйшлі два чалавекі — Грышка Баранаў з Плавуноў і малады, незнаёмы хлопец у джынсавым касцюме. Незнаёмец разлічыўся з шафёрам, той развярнуўся і паехаў у бок Дубоўны. А Грышка са сваім прыяцелем пайшлі ўздоўж рэчкі ў Плавуны.
— Шафёра машыны запомніў?
— Мужык гадоў пад сорак, вусаты, у акулярах. Машына — жоўтая «сямёрка», як і ў нашага старшыні, а нумар, — Мішка напружыўся, крыху памаўчаў, потым весела махнуў рукой: — 45-54, а на літары я не звярнуў увагі.
Кухар спачатку нават і не паверыў у такую ўдачу — цэлы дзень ён шукаў сведкаў, абышоў кожны дом, кожную хату, кожную арганізацыю, а тут на табе — уся інфармацыя і ў аднаго чалавека. Вось дык Мішка, вось дык сабачы хвост!.. Чаму ж ты не ўспомніў гэта раніцай? Гэта ж колькі сіл і часу патрачана дарэмна? А нерваў? Аднак участковы не стаў крыўдаваць на Бабыля. Наадварот, ён выцягнуў з кішэні памятую пяцёрку і ўрачыста, ад усёй душы ўручыў яе мужчыне:
— Гэта, таварыш Бабыль, табе прэмія за каштоўную інфармацыю. Нямнога канешне, аднак і ты правініўся, паведаміў яе ў самы апошні момант.
Мішка ўзяў пяць рублёў, схаваў іх у кішэнь і, крыху падумаўшы, пажартаваў:
— Спадзяюся — гэта не хабар?
— Не хвалюйся — гэта падзяка.
І абодва мужчыны рассмяяліся. А пасля развітання Бабыль паімчаў да крамы, а Кухар — у сельскі савет да тэлефона.
6
Следчага пракуратуры Паўла Міклашэвіча Кухар застаў яшчэ на рабочым месцы. Той уважліва выслухаў участковага інспектара, задаў некалькі нязначных удакладняючых пытанняў, падзякваў за працу і ў самым канцы гутаркі папрасіў:
— Ты ўсё роўна зараз побач з Плавунамі, заедзь да гэтага Баранава, пагутары з ім, можна і без пратакола, можа, ён раскажа табе штосьці пра нябожчыка.
Грышка Баранаў, статны, саракагадовы мужчына, сядзеў ля сваёй хаты на бярозавай калодцы і папраўляў вуду. Убачыўшы міліцыянера, ён неахвотна падняўся, паціснуў працягнутую руку і, чакаючы тлумачэнняў, прытуліўся спінай да шурпатага ствала яблыні.
— На вячэрнюю рыбалку сабраўся? — Кухар паказаў вачыма на вуду. Потым дастаў з кішэні пачак цыгарэт і прапанаваў Грышку. Той падзякаваў і адмоўна хітнуў галавой: «Не куру». Капітан выцягнуў цыгарэту, закурыў сам і запытаўся па сутнасці свайго візіту:
— Учора апоўдні ты прыехаў у Лядава з адным хлопцам...
— А-а, вы ад яго? А я думаў што ён сам да мяне прыйдзе па свой заплечнік, раскажа пра Гіблую затоку, пакажа рыбу, якую там злавіў.
— Не прыйдзе ён да цябе і рыбы, злоўленай у Гнілой затоцы, не пакажа, бо памёр учора вечарам. Сэрца.
— Памёр? — недаверлівая ўсмешка з’явілася на твары Грышкі. — Пакажы-ка, капітан, сваё пасведчанне.
Уважліва прагледзеўшы міліцэйскае пасведчанне, гаспадар цяжка ўздыхнуў:
— А я, дурань, учора нават крыху на яго пакрыўдзіўся, думаў, што яму не спадабаўся ў мяне камфорт і ён застаўся ў некага ў Лядаве, а тут... Аднак, чаму мы стаім на панадворку? Прашу ў хату.
Хата ў Грышкі была невялікай — два пакоі і куханька. Мэбля цяжкая, старая. Некаторую, як кухонную шафу, стол і табурэткі — наогул рабіў мясцовы сталяр, а фарбаваў, пэўна, сам гаспадар і на свой густ. Толькі каляровы тэлевізар не пасаваў абстаноўцы, рэзка кантраставаў побач з самаробнай этажэркай і цяжкім круглым сталом. Заўважыўшы цікаўнасць госця, Грышка патлумачыў:
— Мэблю даўно трэба было б замяніць, аднак маці не дазваляе, бо яе пасля вайны рабіў мой бацька, і яна для маці зараз, бы жывая. Не паверыш, капітан, а часам яна і размаўляе з ёй, і раіцца, і скардзіцца на жыццё ці свае хваробы.
— Значыць, ёй не хапае тваёй увагі.
— Каюся, — гаспадар уключыў у разетку электрачайнік, дастаў з палічкі цукар, пачак індыйскага чаю, пакет з пернікамі, — дома бываю рэдка.
— А ты не тут жывеш?
— Не, жыву я ў Смаленску, працую настаўнікам, а да маці прыязджаю на вакацыі ці на святы.
— Зразумела, — Кухар пачакаў, накуль Грышка разалье па кубках кіпень і толькі потым запытаўся:
— А дзе вы ўчора сустрэліся з..., — ён на імгненне сумеўся, — з чалавекам, які пакінуў у вас свае рэчы?
— З Максімам? Мы з ім адным аўтобусам ехалі ў Дубоўну. Разгаварыліся. Аказалася, што яго цікавіць наша Гіблая затока, таму я і прапанаваў яму яе паказаць.
— На чым вы прыехалі ў Лядава?
— У Дубоўне на аўтастанцыі нанялі нейкага прыватніка і ён за дзесяць рублёў прывёз нас сюды. Я паказаў Максіму затоку, і мы пайшлі да мяне. Я думаў, што Максім тут пераначуе, а ўжо раніцай пачне свае даследаванні, аднак ён узяў ласты, маску і гарпун і пакрочыў да рэчкі, сказаў, што хоча паплаваць.
— А аб чым вы размаўлялі? Што зацікавіла Максіма ў Гіблай затоцы, месцы, якое абыходзяць усе мясцовыя жыхары?
— Я не ведаю, якія дзівосы прывабілі яго да нашай рэчкі, аднак з гісторыі нашай дзяржавы ён ведае шмат займальнага, пазнавальнага, нам невядомага. Ды і суразмоўца ён цікавы, — Грышка асцярожна падштурхнуў бліжэй да госця пернікі і прадоўжыў:
— Мы з ім шмат пагаварылі аб сэнсе жыцця, іншапланецянах, сусветным розуме, НЛА.
— І вы, настаўнік, верыце ў кантакты з іншапланецянамі? Азірніцеся — на двары восемдзесят пяты год дваццатага стагоддзя!
— А вы не верыце? — Грышка хітра ўсміхнуўся, і Кухар адчуў, што знянацку зачапіў любімую тэму гаспадара. Аднак адступаць было позна, ды і сам капітан, неаднойчы перад сном, часта разважаў на падобныя тэмы. — Вы ж не думаеце, што іншапланецянін будзе размаўляць з вамі так, як гэта тут робім мы? Не, кантакт будзе адбывацца тэлепатычна, праз абмен думкамі. А зараз скажыце, Вы размаўляеце самі з сабой?
— Здараецца размаўляю, нават спрачаюся.
— А ў вас што, унутры жыве нехта гэткі ж разумны, як і вы? Не, гэта вы сам. А вы ў гэтым упэнены? Чаму вы раіцеся самі з сабой, чаму не робіце так, як задумалі адразу? А раптам вы пытаецеся парады не ў сябе, а ў некага іншага, якога проста не бачыце з-за недасканаласці нашага вока? Памятаеце, колькі пісьменнікаў апісвалі свае дыялогі з чортам ці д’яблам? Аднак вы ж разумееце — тое, што кажа чорт, нараджаецца ў галаве пісьменніка, а гэта зусім не азначае, што ў ёй чорт і жыве. Таму я веру, што ў Сусвеце існуе адзіная логіка і адзіны розум, і згодна ім, знешняя сіла не павінна ўздзейнічаць на падзеі на нашай планеце. Аднак тыя людзі, якія вырашаюць гісторыю зямлі, зусім не цікавяцца парадамі з космасу. Больш таго, напрошваецца вывад аб змове вялікіх краін, якія замоўчваюць або скажаюць факты прысутнасці на нашай планеце прадстаўнікоў іншага розуму.
— Я прадстаўнік сілавых структур, — Кухару пачала надакучваць такая гутарка ні аб чым, — і якія факты я перад вамі скажаю? Я прашу вас расказаць мне пра канкрэтнага чалавека, а вы расказваеце мне пра сусветны розум.
— Мы жывём не ў вялікай краіне, а вы — усяго толькі малюсенькі вінцік у яе механізме. Аднак вы пыталіся ў мяне, чаму Максіма зацікавіла наша Гіблая затока. Вы не верыце агульным словам, тэорыі, верыце толькі фактам. Што ж, даю факты. Мой бацька ў сорак трэцім годзе быў дзесяцігадовым смаркачом і ён мне расказаў, што ў верасні таго года да гэтай затокі на дзвюх машынах фашысты прывезлі нейкіх палонных людзей, мабыць, чалавек дзесяць-дванаццаць. Фашысты адразу пачалі нешта вымяраць ля рэчкі, забіваць у зямлю калкі, чарціць нейкія планы, а палонныя прыняліся капаць траншэю ўздоўж берага. Мой бацька тады вудзіў непадалёку і, заўважыўшы чужынцаў, схаваўся ў кусты, пачаў назіраць за імі. Ён бачыў, як раптам над затокай заклубіўся туман, як з гэтага туману з’явілася здань у вобразе чалавека і як яна пачала доўгім мячом сячы тых, хто знаходзіўся ля рэчкі. Фашысты крычалі ад жаху, стралялі па здані з аўтаматаў, аднак яна не звяртала на кулі ўвагі і секла людзей, пакуль не пазабівала ўсіх. Потым яна знікла, растварылася ў рачной вадзе разам з туманам. А самае цікавае — на целах забітых не было ні крыві, ні нават глыбокіх драпін. Праз тры тыдні вёску вызваліла савецкая армія і пра тое здарэнне бацька больш не ўспамінаў.
Магчыма, Максім у архівах знайшоў нейкую інфармацыю пра той выпадак і яго ён зацікавіў, не ведаю, ён мне аб сваёй рабоце нічога не расказваў. Гучыць неверагодна, праўда? Мне аб ім расказаў бацька перад сваёй смерцю, аднак я ўсё роўна недзе ў глыбіні душы сумняваюся ў яго праўдзівасці, спадзяюся, што тады яму гэта падалося са страху.
— Так яно і было, — упэўнена пацвердзіў міліцыянер. — Маленькі хлапчук упершыню зблізку ўбачыў смерць, спалохаўся яе выскалу і яго ўяўленне, каб дачасна не выпаліць дзіцячы розум, адразу намалявала пачвару з мячом у руках. Гэта, як міраж, часовы псіхічны разлад.
— А вось Максім паверыў у расказ майго бацькі, нават па-свойму патлумачыў, чаму тая здань не пасекла фашыстаў.
— Ну і чаму?
— У фашыстаў на форме і на пілотках былі нашыты арлы, а грыфон арла не кранае. Гэтыя і тыя нясуць смерць.
— Які Грыфон? Што за Арол?
Грышка паціснуў плячыма:
— Пра іх некалькі разоў успамінаў Максім.
— Пэўна, мянушкі яго сяброў?
— Магчыма. Я не зразумеў.
Кухар дапіў чай, падзякаваў і, імкнучыся больш не закранаць тэм пра НЛА ці сусветны розум, запытаўся пра рэчы нябожчыка.
— Вунь на куфры ляжыць яго заплечнік. Я да яго нават не дакранаўся.
Участковы падняўся з табурэткі, падышоў да куфра, узяў у рукі невялікі заплечнік, зазірнуў у яго. Той быў амаль пусты і ляжалі ў ім толькі фотаапарат «Зеніт», пачак фотаплёнкі «Кодак», кашалёк ды невялікі радыёпрыёмнік. Аднак у бакавой кішэні Кухар знайшоў тое, дзеля чаго працаваў цэлы дзень — пашпарт незнаёмца. Раскрыўшы яго, ён з шумам выдыхнуў з сябе паветра, а разам з ім і клопаты, і перажыванні, і раздражнёнасць прайшоўшага дня.
— Камяневіч Максім Фёдаравіч, — амаль па складах прачытаў ён прозвішча і тут жа пачаў гартаць старонкі пашпарта, шукаючы прапіску яго ўладальніка. — Горад мне добра вядомы, вуліца Дубовенская. Што ж ты, Максім Фёдаравіч, хацеў знайсці ў гэтай рэчцы? Чаму табе не сядзелася дома? Няўжо і сапраўды паверыў у байкі пра туманных ратнікаў?
— А вы не паверылі?
— Ды лухта ўсё гэта. Калі я раскажу заўтра следчаму, што Камяневіча Максіма Фёдаравіча забіла пачвара, якая ўзнікае з туману, а жыве ў рацэ, то мяне адразу ж, у лепшым выпадку, адправяць да псіхіятра, у горшым — у псіхушку. Ладна, калі б гутарка ішла пра Днепр ці Дзвіну, а то — у нейкай ручаіне жыве няведама хто! Вы самі, паважаны Грыгорый, ці верыце ў свае міфы?
— Веру, — цвёрда адказаў гаспадар. — А вам я спачуваю, бо калі вы паверыце ў іх, ужо можа быць позна.
— Я ў іх не паверу ніколі, — капітан працягнуў Баранаву на развітанне руку. — Дзякуй за чай. Прыемна было пазнаёміцца.
Міліцыянер паехаў. А гаспадар выйшаў на панадворак, паглядзеў на цёмную стужку ракі, у якой ужо серабрыўся месяц, прагаварыў:
— Дзвіна і Днепр — рэкі вялікія, паўнаводныя, людныя, навідавоку, а наша Мірэя — рака хатняя, ціхая і непрыкметная. Аднак не дарэмна ж продкі назвалі яе Мірэя, што азначае Мроя, Мара, надзея на лепшае.
7
Прайшоў тыдзень з дня смерці Максіма Камяневіча. Падзеі таго дня пачалі паступова сцірацца з памяці ўчастковага капітана Кухара, адыходзіць на задні план. Зноў яго рабочы дзень напоўніўся турботамі пра якасную ўборку ўраджаю, пра парадак на калгасных мехдварах і фермах.
Аднойчы раніцай у аддзеле міліцыі яго выпадкова сустрэў следчы пракуратуры Павел Міклашэвіч. Павіталіся.
— Паслухай, Андрэй, — не адпускаючы Кухаравай рукі, загаварыў следчы. — Ты не збіраешся, выпадкам, сёння ў горад?
— Вось зараз і паеду. Але па справах.
— Я ведаю, — суха ўсміхнуўся Міклашэвіч. — Завязі ты туды заплечнік Камяневіча. Пакінеш у дзяжурцы, а хлопцы потым самі перададуць яго каму трэба.
— Без праблем, — пагадзіўся капітан.
— Ну вось і добра. А то валяецца на складзе без патрэбы.
Аднак Кухар не выканаў свайго абяцання, забыўся, не пакінуў перадачу ў райаддзеле міліцыі і ўспомніў аб ёй толькі на выездзе з горада. «Чорт бы мяне ўзяў! — спыняючы машыну, лаяў сябе капітан. — Трэба ехаць назад». І тут ён успомніў, што Камяневіч Максім жыў на Дубовенскай вуліцы, а гэта ж недзе зусім побач. Ён паглядзеў на нумар бліжэйшага дома, праехаў яшчэ крыху наперад і прытармазіў ля звычайнай вясковай хаты, якую акружаў стары сад і невялікія дагледжаныя кветнікі. Ён выйшаў з машыны, наблізіўся да ўваходных дзвярэй, націснуў на кнопку электразванка. Дзверы адчыніліся амаль адразу, і ў іх праёме ўзнікла дзявочая постаць у жалобным строі.
— Вы да каго? — пацікавілася дзяўчына.
— Я хацеў бы пабачыць каго-небудзь з родных Максіма Камяневіча.
— Я яго сястра. Бацькі зараз на працы.
— Я хачу перадаць рэчы Максіма.
Дзяўчына крыху падумала, уздыхнула, потым адхілілася ўбок.
— Праходзьце, — дазволіла яна і, калі Кухар зайшоў у сені, зачыніла дзверы. — Праходзьце ў хату, не саромцеся.
У хаце панаваў паўзмрок. Капітан зайшоў у вітальню і спыніўся ў нерашучасці, не ведаючы, куды ісці далей.
— Праходзьце ў залу, — данёсся з сяней дзявочы голас.
Кухар прайшоў у залу, агледзеўся і ўладкаваўся ў крэсле ля зграбнага журнальнага століка, на якім ляжаў патрапаны тонкі вучнёўскі сшытак і некалькі часопісаў. У пакоі было прахалодна, чысценька і ўтульна, і ўчастковаму стала нават сорамна, што ён не здагадаўся зняць абутак. Аднак гаспадыня не звярнула на гэта ўвагі. Яна прайшла да канапы, села на яе край і запытальна паглядзела на заплечнік, які ляжаў на падлозе ля ног участковага.
— Тут рэчы вашага брата, — перахапіўшы позірк дзяўчыны, парушыў няёмкую цішыню Кухар. — Фотаапарат, грошы, прыёмнік, ласты з маскай, ружжо для падводнага палявання. — Ён узяў у рукі заплечнік і хацеў падаць дзяўчыне, аднак тая адмоўна, нават спалохана, махнула рукой:
— Не трэба. Хай ляжыць там.
Капітан зноў апусціў заплечнік на дыван. Дзяўчына яму падабалася, і ён быў не супраць нейкі час пагутарыць з ёй. Вось толькі аб чым? Акрамя міліцэйскіх тэм у галаву больш нічога не лезла, і ён запытаўся:
— Скажыце, а што хацеў адшукаць ваш брат у рэчцы? Скарб нейкага маскоўскага баярына? У ваколіцах Лядава ходзяць чуткі, што ў Мірэі патануў куфар з золатам, аднак гэта было так даўно. Ды і байкі ўсё гэта.
— Ну чаму байкі? Вось каля вас на стале ляжыць сшытак, які я выпадкова знайшла ў Максімавым пакоі, і там ёсць некалькі ўспамінаў пра той скарб. Пачытайце, калі вам цікава.
Кухар узяў у рукі сшытак. Ні ў якія скарбы на дне Мірэі ён не верыў, аднак сам жа першым загаварыў на гэтую тэму, і таму ён адгарнуў вокладку і пачаў чытаць.
Скарга сялян вёскі Лядава на свайго лаўніка:
«Мы, убогие подданые з села Лядава, ускаржаемося вашым милостям, нашым милостивым паном, на лавника дубовенского на име Рома Беззубца, который нам великие а незносные кривды чынит от колко лет безвинне нас грабит и грабежы у него гинуть, а коли почнем у него грабежов просит, тогды нас бьеть, мордуеть нас самих и детей наших, што узмовит на нас брат пану, то сам берет во двое того. Ябедник лихий, присяжник, лихвяр примушае нас скарб московского боярина в Мирее искати ан нет так сребро ему давати. С пугою железною ходит, што кат. Дети, скоро обачывшы его с пугою идучого, то от него утекают, а псы и духу его боятся».
Вытрымка з запіскі невядомага ліцвіна аб бітве пад Улаю:
«1564 р. 11 лютага
…Еще, по написанию цедулы моей, другая потешная новина пришла до пана моего, иж в той битве самого Шуйского забито и тело его в реке знойдено; а то поведил подскарбий его, которого поймано от наших людей, ищучи тело пана своего. А Шереметьев также в битве будучи древом шкодливе пробит и скоро приехавши до Полоцка умер. А тое войско неприятельское, што под Дубровною было, уже ся были перепровадили на сюю сторону Орщи и Днепра; а скоро о войску господоря нашего и теж о поражьце Шуйского з войском уведали, вземши на себя страх и покинувши увесь кош побегли, и яко за три дни у Смоленска стали; а бегучи, добра и маетности свои кидали. Тако ж Серебрянный-Аболенский казну утопил, а оршанцы поведають, иж такое великое добычи и при великой Оршанской не взято. А теперь князь великий московский послал был дворянина своего Петра Ивановича Сотницына-Клобукова з сорокма коней, снать, казну отшукати и даючи ведати о той битве: которого казаки Дубровенские побили и двух живых поймали, с чого со всего нехай будет хвала пану Богу!»
Кухар стаміўся чытаць неразборлівы Максімаў почырк, яму надакучылі спробы зразумець сэнс некаторых слоў, таму ён не стаў чытаць далей і паклаў сшытак на ранейшае месца.
— Так, тут упамінаецца пра нейкую казну, аднак гэтыя доказы ўскосныя, без канкрэтыкі. І што, толькі па гэтых фактах ваш брат хацеў знайсці золата?
— Золата Максіма зусім не цікавіла. Ён шукаў іншае і ўшчыльную займаўся адной звышсакрэтнай фашысцкай арганізацыяй, — дзяўчына задумалася, уважліва паглядзела на свайго суразмоўцу, усміхнулася:
— Дарэчы, мяне завуць Таня.
— Андрэй, — прадставіўся капітан і паспрабаваў падняцца з крэсла.
— Вельмі прыемна.
— Мне таксама, — Кухар зноў апусціўся на мяккае сядзенне. — Скажыце, Таня, а што за ваенныя сакрэты знайшоў Максім у Лядаве?
— Я не ведаю, што знайшоў Максім у Лядаве, але дакладна ведаю — ваенныя тайны яго цікавілі мала і ён шукаў архіўныя звесткі з аддзела «Германскі навуковы патэнцыял у дзеянні». А за тры дні да сваёй смерці Максім вярнуўся дамоў узнёслы, радасны, светлы. Сказаў, што яго пошукі наблізіліся да заканчэння і што хутка ён стане вядомым чалавекам.
— А над чым ён працаваў канкрэтна?
— Над усім, — Таня сумна ўсміхнулася і пальцам выцерла пад вокам нябачную слязінку. — Падрабязнасці ён абяцаў мне расказаць пазней, баяўся сурокаў. А можа, інфармацыя была сапраўды выбухованебяспечнай, калі ён не захацеў падзяліцца ёй нават са мной?
— Я не ведаю, — шчыра прызнаўся капітан. — Я нават пра гэтую нямецкую арганізацыю раней нічога не чуў і даведаўся пра яе толькі ад вас.
— Яшчэ Максім неяк прагаварыўся, што за ім сочаць, і аднойчы па тэлефоне яму пагражалі, патрабавалі спыніць пошукі і спаліць усе паперы.
— Калі гэта было? Як яны прадстаўляліся?
— Ніяк яны не прадстаўляліся. Проста патэлефанавалі і сказалі, што, калі ён хоча жыць, то няхай спыняе сваю дзейнасць. А было гэта месяцы два таму.
— Магчыма, гэта канкурэнты ці зайздроснікі, — паспрабаваў заспакоіць дзяўчыну Кухар. — Ён жа не адзін цікавіўся «Спадчынай продкаў», пэўна, ёсць у горадзе і іншыя... краязнаўцы? Той жа Арол ці Грыфон.
— Тое, што адбылося з братам, не ўкладваецца ў маёй галаве. Я ніколі не паверу, што ён памёр ад сардэчнай недастатковасці. Так, Максім не быў асілкам, аднак і на сэрца ён ніколі не скардзіўся. Я не паверу, што яго смерць на сумленні нейкіх міфічных зайздроснікаў, бо іх у яго не было, ды і зайздроснікі ў сваёй большасці людзі слабыя, нерашучыя і на сапраўдны ўчынак ніколі не асмеляцца. А забойства чалавека — гэта ўчынак. Таму я і не разумею, пра якіх Арла з Грыфонам Вы ў мяне пытаецеся? Не было ў Макса знаёмых з такімі мянушкамі.
— Пра іх ён расказваў свайму спадарожніку, з якім разам прыехаў у Лядава.
— А-а, пэўна, брат меў на ўвазе грыфона — міфічнага крылатага звера, сімвала сонца, які лічыцца апекуном зямнога і нябеснага царстваў, і арла — міфічнага ахоўніка шчасця і ўдачы, магутнасці і спрытнасці, розуму і спакою. Толькі арол можа глядзець на яркае сонца не міргаючы, а таму толькі яго не кранае грыфон.
— Магчыма і так, — капітан згодна хітнуў галавой. — Але ж, я думаю, ваш брат усё ж расказваў вам нешта пра свае захапленні, радасці, бо з кім, як не з блізкім чалавекам, можна падзяліцца імі? Каму, як не роднай сястры, даверыць пякучую тайну?
— Не, Максім лішняга ніколі не гаварыў і мне амаль нічога не расказваў. Ён нават свае запісы захоўваў недзе ў незнаёмым мне месцы. Хаця, месяцы два таму, прагаварыўся, што вылічыў, дзе схаваны дзверы ў Залу Ведаў, і ўсё.
— Дзверы куды, у Залу Ведаў, пад рэчкай? — міліцыянер ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца. — Што гэта яшчэ за зала?
Таня з недаверам паглядзела на суразмоўцу і, прачытаўшы ў яго вачах, што той і сапраўды нічога не ведае пра Залу, патлумачыла:
— Зала Ведаў — гэта комплекс памяшканняў для захоўвання і перадачы інфармацыі аб нашай планеце, аб народах, якія яе насяляюць, аб іх мовах, звычаях і абрадах, аб рычагах уздзеяння на прыроду і гэтак далей. З дапамогай гэтай Залы абраныя людзі, Максім называў іх Вялікімі, могуць кіраваць рознымі працэсамі на зямлі: паводкамі, землятрусамі, войнамі, знікненнем адных і ўзнікненнем другіх дзяржаў. Яны могуць нават рэгуляваць курс валюты той або іншай дзяржавы праз эканамічныя зносіны або прыродныя катаклізмы. На планеце існуе дванаццаць дзвярэй у Залу Ведаў і адны з іх — у нас. Магчыма, там, ля той вёскі, і знаходзяцца гэтыя дзверы, і мой брат на ўласныя вочы хацеў у гэтым упэўніцца.
— Лухта нейкая, — не стрымаўся Кухар.
— Чаму лухта? Дарэчы, дзверы ў гэтую Залу ў час апошняй вайны шукалі і вучоныя з «Аненербэ», а гэта была сур’ёзная арганізацыя, а не кааператыў па нарыхтоўцы рагоў і капытоў, і працавалі ў ёй найлепшыя вучоныя з розных галін навукі.
— Ну а навошта ваш брат шукаў гэтую Залу? Ён жа павінен быў разумець, што калі яна і існуе, то ўваход у яе будзе надзейна абаронены і пранікнуць туды простаму смяротнаму немагчыма.
— Ён усё гэта ведаў, — Таня зноў змахнула з вейкі нябачную слязінку. — Ён выдатна разумеў, што час герояў-адзіночак даўно прайшоў, аднак разам з тым ён быў перакананы, што невядомая нам сіла ўжо запусціла на Зямлі праграму самазнішчэння чалавека і што толькі ў Зале Ведаў гэтую праграму можна спыніць ці наогул адключыць.
Кухар хмыкнуў, паціснуў плячыма і, не хаваючы вясёлых смяшынак у сваіх вачах, пацікавіўся аб іншым:
— А вам, Таня, падабаецца жыць?
— Жыць? — пачуўшы пытанне, дзяўчына раптоўна сцялася і насцярожана, нават спалохана, паглядзела на суразмоўцу: — Чаму вы пра гэта пытаецеся?
— Проста я ніколі не адчуваў раней і не адчуваю зараз аніякай цягі да самазнішчэння. Наадварот, мне вельмі цікава і хораша жыць на гэтай планеце. Я хачу жыць кожнай сваёй клеткай і спадзяюся дажыць да глыбокай старасці гэткім жа здаровым і шчаслівым чалавекам.
— Дапамагай вам Бог, — гаспадыня сумна ўсміхнулася і зручней уладкавалася на канапе. — Чалавек не мае органаў, якія здольны кантраляваць разбурэнне яго асобы, і таму для яго гэтыя працэсы адбываюцца непрыкметна і неадчувальна. Але вы азірніцеся навокал, задумайцеся і шчыра адкажыце самі сабе: што сталася з прыродай, з чалавекам? Чаму яны зрабіліся такія агрэсіўныя? Чаму людзі масава выракаюцца сваёй веры і ў той жа час ахвотна вераць розным прайдзісветам? Куды знікае чалавечая мараль і ўва што ператвораны сем смяротных грахоў? Ды і хто зараз пра іх памятае!
— Пра грахі я вам нічога не скажу, а вось агрэсіі, лічу, і раней было не менш, чым зараз.
— Раней агрэсія была больш прыкметнай, паколькі здзяйснялася праз учынкі, праз кроў і смерць. Зараз жа яна амаль нябачная, звыклая, бо праяўляецца праз рэчы, на якія мы даўно не звяртаем увагі. Нават просценькая ігольніца ў форме чалавечай галавы, а іх зараз поўна ў нашых крамах, з’яўляецца элементам агрэсіі. Такіх прыкладаў мноства, яны дапаўняюць адно аднаго, сабраны ў цэласную сістэму і ўсе служаць рэалізацыі праграмы самазнішчэння. Каму гэта патрэбна, Андрэй?
Андрэй некалькі разоў адмоўна хітнуў галавой, паціснуў плячыма і прамаўчаў. А Таня працягвала:
— Максім усё выдатна разумеў. Ён не быў дурнем або наіўным хлапчуком, аднак ён не хацеў быць і абыякавым назіральнікам. Куды ён толькі не звяртаўся, але... У лепшым выпадку з яго адкрыта не смяяліся. Таму і хаваў ён свае напрацоўкі, таму і спрабаваў у адзіночку пранікнуць у Залу Ведаў, каб урэшце спыніць праграму знішчэння, каб накіраваць чалавечыя памкненні не да матэрыяльнага, а да духоўнага багацця. Ён верыў, што калі чалавек павернецца тварам да адзінства з Прыродай, да любові, да дабрыні і прыгажосці, у яго адродзіцца духоўнасць і гарманізуюцца светлыя сілы. Максім спадзяваўся выратаваць чалавецтва. — Таня стомлена ўздыхнула.
— Я недзе чуў пра такую тэорыю, — на гэты раз у словах Кухара гучала зацікаўленасць. — Здаецца, расійскі доктар Бутэйка таксама сцвярджае, што наша цывілізацыя ў сваім развіцці, як і чалавечае жыццё, праходзіць чатыры этапы: нараджэнне, росквіт, заняпад і смерць, і што зараз мы ўступілі ў трэці этап эвалюцыі — заняпад. Аднак — гэта ўсё словы, якія гучаць загадкава, прыгожа, а часам, нават, і праўдзіва. І ўсё ж я думаю, што менавіта сам чалавек з’яўляецца кавалём свайго лёсу, што толькі ён вырашае меру сваёй духоўнасці, сваёй маралі і сваёй разбэшчанасці. Вось вы кажаце, што і немцы з «Аненербэ» шукалі ўваход у Залу Ведаў, але ж я не думаю, што ён ім быў патрэбны для таго, каб адрадзіць у людзей духоўнасць.
Таня паціснула плячыма: «Нешта не аб тым мы гаворым», задумалася, потым адкінулася на спінку канапы і заплюшчыла вочы. Участковы нейкі час глядзеў на дзяўчыну, потым ціха падняўся, каб непрыкметна выйсці і пакінуць яе ў спакоі, аднак гаспадыня кволым голасам, амаль шэптам, папрасіла:
— Пасядзіце са мной яшчэ крышачку, мне з вамі ўтульна і спакойна.
— Калі ласка, — адказаў міліцыянер і зноў сеў на крэсла.
Дзяўчына расплюшчыла вочы, сумна ўсміхнулася і прапанавала:
— А можа, вып’еце кавы?
— Дзякуй, — Кухар крыху разгубіўся і, нечакана для сябе, згадзіўся: — З задавальненнем.
Гаспадыня зноў яму ўсміхнулася, на гэты раз удзячна, паднялася з канапы і накіравалася на кухню. Кухар таксама ўстаў з крэсла і, не ведаючы, што рабіць далей, пакорліва пакрочыў услед за дзяўчынай.
Кухня была невялічкай і ў ёй ледзь змяшчаліся газавая пліта, халадзільнік і стандартны набор кухоннай мэблі.
— Сядайце ў кут ля халадзільніка, — прапанавала Таня, — там любіў сядзець Максім, — і, калі капітан уладкаваўся на табурэтцы, прадоўжыла свой расповяд:
— «Аненербэ» курыравала амаль усю навуковую дзейнасць Германіі: магчымасці масавага псіхатропнага ўздзеяння на людзей, стварэнне «звышчалавека», распрацоўкі новых нестандартных відаў зброі і шмат-шмат што яшчэ. Іншая справа, што многія свае пачварныя эксперыменты яны праводзілі на ваеннапалонных, на вязнях канцэнтрацыйных лагераў, на жанчынах і дзецях, і за іх злачынствы ім няма і ніколі не будзе даравання ні перад людзьмі, ні перад Богам.
— Аднак, якое дачыненне тая арганізацыя мае да скарбу, пра які згадваецца ў сшытку? Вы, Таня, мяне зусім заблыталі: Максім шукаў уваход у Залу Ведаў, скарб ці хацеў выкрыць ваенных злачынцаў з фашысцкай арганізацыі «Спадчына продкаў»?
— Мой брат быў разумным, адукаваным хлопцам і ён спрабаваў знайсці дзверы, уваход у Залу, а скарб і нямецкая арганізацыя — гэта проста выпадковыя адгалінаванні ў яго даследаваннях.
— Вы думаеце, што яго забілі?
— Я не ведаю, — шчыра адказала Таня. Яе вочы напоўніліся слязьмі. — Я баюся пра гэта думаць.
Кухар падняўся з табурэта, каб суцешыць дзяўчыну, аднак у гэты момант у калідоры зазваніў электразванок.
— Маці прыйшла з працы, — падхапілася з табурэткі і дзяўчына. Яна хуценька змахнула з вачэй слёзы, усміхнулася госцю: — Зараз я вас пазнаёмлю.
— Але мне трэба ехаць.
— Вельмі шкада. З вамі так цікава гутарыць, і маўчаць цікава.
Дадому капітан прыехаў вечарам і калі ён падняўся ў сваю кватэру, там
ужо некалькі хвілін заходзіўся яго тэлефон. «Пэўна, Міклашэвіч хвалюецца за Максімаў заплечнік», — падумаў Кухар і падхапіў трубку.
— Капітан Кухар, забудзься пра ўсё, аб чым табе расказвала Таццяна Камяневіч. Інакш... — у трубцы загучалі доўгія гудкі.
— Інакш што? — няведама на каго закрычаў міліцыянер. — Заб’еш мяне, спаліш або атруціш? — але тэлефон маўчаў.
8
Спаў капітан трывожна. Сніў нябожчыка Максіма, стральцоў, якія выцягваюць з ледзяной купелі свайго ваяводу, іншапланецян з антэнамі на скафандрах і эсэсаўцаў, якія расстрэльваюць гэтых іншапланецян з аўтаматаў. Кухар з нецярпеннем чакаў раніцы, і ледзь-ледзь жнівеньскае сонца расфарбавала небасхіл у жоўты колер, як ён схапіў трубку тэлефона і нервова пачаў набіраць міжгародні нумар. На тым канцы трубку доўга не паднімалі, аднак участковы ўпарта чакаў. Урэшце доўгія гудкі заціхлі.
— Ало, — прагучаў сонны голас Тані. — Слухаю вас.
— Таня, добрай раніцы. Гэта я, Андрэй Кухар.
— Андрэй? Кухар? — дзяўчына не пазнавала ўчарашняга суразмоўцу. — Вы памыліліся нумарам.
— Я перадаў вам учора заплечнік і рэчы вашага брата. Потым мы пілі каву.
— Малады чалавек, майце сумленне, — пакрыўдзілася дзяўчына. — Я ж вам ясна сказала, што я вас не ведаю і вы памыліліся нумарам.
— Прабачце, — участковы павесіў трубку і злосна стукнуў кулаком па сценцы.
А днём ён быў ля Гіблай затокі і на ўсялякі выпадак сціскаў у руцэ вайсковы гузік з выявай арла. Ён нерухома стаяў на беразе і спакойна глядзеў на цёмную і гладкую стужку вады. Няўжо пад ёй хаваецца патаемны ўваход у Залу Ведаў? А можа, менавіта тут адступаючыя фашысты схавалі свой архіў, а сведкаў расстралялі? А можа, на дне ракі і сапраўды ляжыць куфар з золатам маскоўскага ваяводы? Ды лухта ўсё гэта, трызненні хворых людзей. Аднак чаму ж тады так трывожна на душы? Чаму часта, бы спалоханая птушка, б’ецца ў грудзях сэрца? Які жартаўнік званіў учора вечарам і адкуль ён ведаў пра візіт да Тані і размову з ёй? Чаму Таня раптоўна пра ўсё забылася? Не, трэба ўсё ж даследаваць гэтае гіблае месца, прайсціся па беразе з металашукальнікам, узяць пробы вады, аера, чарота. Трэба заспакоіць сваё сумленне, трэба даказаць і сабе, і такім, як Грышка Баранаў, што ніякіх звышлюдзей на нашай планеце няма, і што чалавек звычайны — вянец тварэння і самамэта Прыроды.
Адвячоркам капітан міліцыі Кухар вяртаўся ў Дубоўну. Ціха і заспакаяльна шумелі па асфальце калёсы машыны, роўна працаваў рухавік. Сонца ўжо схавалася за далёкім лесам, аднак бачнасць была добрай, і капітан ясна бачыў вялікага белага сабаку, які бег уздоўж шашы, бы спаборнічаючы з машынай у хуткасці. Дзе-нідзе ў нізінках курэў туман, што для жніўня было звыклай з’явай. Лёгкая музыка з радыёпрыёмніка разлівалася па ўсім целе млявасцю, спакоем і задавальненнем сабой. Раптоўна прама пасярод дарогі ўзнялася віхура, клубы прыдарожнага туману імкліва напаўзлі на чорную стужку асфальту, звіліся на ёй спачатку ў клубок, потым пашырыліся і ў адно імгненне пераўтварыліся ў невыразную чалавечую постаць з доўгім мячом у руках. Постаць узмахнула мячом, і міліцэйскія «Жыгулі», бы дзіцячая цацка, зляцелі з дарогі і ўдарыліся аб прыдарожнае дрэва...
Частка ІІ
1
Малады хірург гарадской бальніцы горада N. Віктар Станкевіч стаяў ля акна свайго кабінета і, гледзячы на клён, што рос непадалёку ад будыніны, думаў. Заканчвалася яго змена, а ён ніяк не мог вызначыцца — праводзіць сёння дзяжурную медсястру Свету дадому ці ўсё ж такі адчапіцца ад гэтай прыгожай, аднак легкадумнай дзяўчыны. Ён ужо два разы праводзіў яе, і няхай сумесныя прагулкі доўжылася ўсяго дваццаць хвілін і ні да чаго не абавязвалі іх абаіх, але Света сёння некалькі разоў глядзела на яго запытальна, бы чакаючы прапановы на нешта большае. Аднак Віктар не спяшаўся, і зараз, стоячы ля акна, са здзіўленнем адзначаў, што ўжо не зведвае таго радаснага, узнёслага пачуцця, таго замірання сэрца, з якімі праводзіў яе першы раз. «Усё ж такі добра, што мы не паспелі па-сапраўднаму зблізіцца, інакш зараз прыйшлося б рэзаць па-жывому, без наркозу, балюча».
Віктар сумна ўсміхнуўся сваім думкам — нават, разбіраючыся ва ўласных інтымных пачуццях, ён заставаўся хірургам.
Абыякавым позіркам акінуў клён за акном, крывава-памяранцавае неба над дахамі бліжэйшых пяціпавярховак, падумаў: «Нядоўга табе засталося быць зялёным», — і чамусьці пашкадаваў дрэва, зноў паглядзеў на неба, асветленае апошнімі промнямі заходзячага сонца. Не падабалася яму сёння неба — сваім нежывым колерам не адпавядала яго настрою. «Не, усё ж мы розныя, — зноў падумаў пра дзяўчыну. — У яе іншыя інтарэсы, свае запыты, яна не з майго свету. Ці ж мала за дваццаць сем гадоў жыцця я сустракаў на сваім шляху дзяўчат і жанчын? Дзясяткі, і ўсе яны так і заставаліся для мяне чужымі. Не, лепш пачакаць сустрэчы са сваёй адзінай, са сваім чалавекам».
Раптам Віктару стала няўтульна, холадна. Ён апусціўся на крэсла, схаваў твар у далоні. «Зараз выспацца б як след, змена была цяжкая». Тым часам нехта асцярожна пастукаўся ў дзверы, а праз імгненне яны прачыніліся і паказаўся сур’ёзны тварык Светы.
— Віктар Мікалаевіч, — прагаварыла медсястра. — Вас тэрмінова выклікаюць у прыёмны пакой.
— Што здарылася? — Віктар адняў далоні ад твару і міжволі зірнуў на насценны гадзіннік — да заканчэння яго змены заставалася яшчэ дзесяць хвілін.
— Мне тэлефанавалі, што міліцыянера прывезлі ледзь жывога пасля аварыі.
— Даўно?
— Толькі што, — жаль і спагада ў голасе дзяўчыны паказвалі, што яна шкадуе Віктара, што ён для яе неабыякавы, але яму раптоўна захацелася збегчы ад усяго гэтага, — ніводная жанчына, якая раней знаходзілася побач з ім, не падавалася такой чужой і далёкай. Ён спалохаўся яе кахання, а таму нечакана груба запытаўся:
— А вы чаму не на сваім пасту?
— Дык я ж.
— Прабачце, — Віктару стала сорамна за сваю нетактоўнасць і, не чакаючы адказу, ён падхапіўся з крэсла і подбегам накіраваўся да прыёмнага пакоя.
Міліцыянер ужо ляжаў на каталцы. Акрываўлены, з перавязанымі рукамі, шыяй і тварам, ён дыхаў надрыўна, з усхліпамі.
— Даўно ён разбіўся? — запытаўся хірург у немаладой жанчыны-фельчара з хуткай дапамогі. — Якія яму рабілі ўколы?
— Калола толькі абязбольваючыя, бо пры такім раненні. — фельчар няўпэўнена паціснула плячыма і, нібы апраўдваючыся, дадала: — Баялася больш нашкодзіць, чым дапамагчы.
— Добра, — Віктар расціснуў павекі параненага і зазірнуў у зрэнкі яго вачэй. Што ён там убачыў — не сказаў, аднак ужо больш упэўнена паўтарыў сваё «добра» і, звяртаючыся да аперацыйнай сястры, сказаў, які трэба зрабіць укол.
— Вы думаеце, што ў яго пачаўся ацёк галаўнога мозгу? — спыталася тая.
— Я нічога не думаю, — хірург асцярожна дакрануўся да пляча медсястры, сумна мовіў далей: — На ім няма жывога месца, ён увесь скалечаны, паламаны, і таму, Вера Міхайлаўна, пасля ўколу вязіце яго адразу на аперацыйны стол.
2
Мікіта сядзеў на бруднай земляной падлозе вузкага пакойчыка і пустым позіркам глядзеў у невялічкае акенца, больш падобнае на шчыліну ў яго сцяне. Ужо чатыры дні ён бачыў у ім адно і тое ж: ноччу — чорнае неба з незнаёмымі, а таму чужымі, зоркамі, днём — кавалак замшэлай крапасной сцяны. З першага дня свайго зняволення ён чакаў, што нехта патлумачыць яму прычыну няласкі да яго мясцовага раджы, аднак час ішоў, а Джунарскі раджа маўчаў. Маўчалі і яго слугі. Зрэдку да Мікіты заходзілі людзі. Яны палахліва, не падымаючы вачэй на белага чалавека, ставілі ля парога гліняныя гаршчэчкі з вадой ці ежай і адразу ж хаваліся за дзвярыма, надзейна зачыняючы іх на некалькі засавак.
Дзень змяняў ноч. Ноч змяняла дзень. Душа вязня пакутавала ад невядомасці і аднастайнасці. Пытанні без адказаў круціліся ў яго галаве ў шалёным танцы, і галоўнымі з іх былі: «За што? У чым мая правіна перад Джунарскім уладаром?»
Мікіта ўздыхнуў, зручней уладкаваўся ля шурпатай сцяны, заплюшчыў вочы. Яго памяць адразу ўспыхнула думкамі-ўспамінамі, яны выцеснілі без астатку ўсе пытанні, што дагэтуль трывожылі яго. Успомніўся вялікі князь Цвярскі Міхаіл Барысавіч, яго развітальныя словы: «Памятай, Мікіта, за межамі княства ты прадстаўляеш мяне, свайго князя, а таму вядзі сябе прыстойна, шануй нашу веру, беражы сваю годнасць».
Калі гэта было? Вясной 1468 года! Прайшло ўжо два гады блуканняў па Персіі. Два гады! А падаецца, што зусім нядаўна ён з гонарам адплываў на чатырох стругах уніз па Волзе з Ніжняга Ноўгарада. Колькі тады было надзей і спадзяванняў на ўдалае плаванне, на выгадны гандаль! Аслеплены тымі надзеямі, ён нават не звярнуў увагі на тое, што маскоўскі купец Васька Панін падмануў яго і адплыў на два дні раней. «Хай плыве сабе, — падумаў ён тады легкадумна, — усё роўна хутка сустрэнемся ў Астрахані ці Дзярбенце». Аднак пад Астраханню яго чакала сустрэча не з Паніным, а з татарамі хана Касіма, і пасля той сустрэчы ён застаўся голы і босы. «Ты мой даўжнік, — смяяўся яму ў твар хан Касім, — бо я жыццё табе дарую, а яно мае большую каштоўнасць, чым увесь хлам на тваіх караблях. А мо ты, гяур, не згодны з гэтым?» Як тут не пагодзішся?
Аднак і вяртанне на радзіму без грошай і тавараў пагражала яму ганьбай і даўгавой ямай, і тады ён вырашыў заняцца гандлем у Персіі. Гандляваў у Баку, Мазандэране, Армузе, а летам 1469 года дык і наогул адправіўся ў незнаёмую яму Індыю, дзе спадзяваўся выгадна прадаць арабскага жарабца.
Амаль год ён пражыў у гэтай краіне, але зразумець індусаў так і не змог. Многае ў іх жыцці здзіўляла Мікіту сваёй складанасцю, многае, наадварот, абурала ці нават палохала сваім прымітывізмам. Як гэта так: амаль усе людзі тут ходзяць голымі, але з залатымі ўпрыгожваннямі на руках і нагах? Што за дзікі звычай, калі жонка гаспадара павінна ноччу спаць не з мужам, а з госцем? А іх вера? А раздзяленне людзей на касты? А адносіны да жанчын? — не, многае з чужога жыцця Мікіта не ўспрымаў, адмаўляўся разумець. Напэўна, за гэта неразуменне яго і зняволіў Джунарскі раджа. Адабраў грошы, адабраў жарабца, а яго самога вырашыў замарыць у сваёй вязніцы. Хаця не, тады яго не кармілі б два разы на дзень, пакінулі б без вады, а то і наогул — прырэзалі б і канцы ў ваду. Вось толькі за што?
Успаміны закончыліся і зноў у галаве запульсавалі ранейшыя пытанні без адказаў.
Раптам за дзвярыма пачулася нягучная гутарка, якая закончылася бразгатам засавак. Праз імгненне дзверы расчыніліся і ў іх праёме паказалася худая постаць з кароткай дзідай у руках.
— Эй, ты! — постаць звярнулася да Мікіты. — Цябе жадае бачыць наш раджа Абхай.
— Хай пабачыць, калі жадае, — Мікіта павольна падняўся на ногі. — Я ўжо чатыры дні чакаю гэтай сустрэчы.
— Ідзі, — ухіліўся ад размовы ахоўнік.
За дзвярыма вязня чакалі яшчэ тры воіны ў набедраных павязках і з дзідамі ў руках. Іх рухі былі рэзкія, на цёмных, закасцянелых тварах застыў выраз злосці, а ў чорных вачах пераліваўся страх. «Баяцца белага чалавека, — міжволі мільганула думка. — Магчыма, лічаць пасланнікам Буды».
Раджа Абхай сядзеў на тоўстым дыване перад нізенькім столікам з вітымі ножкамі. Гэта быў невысокі, поўны чалавек з хітрым позіркам вопытнага купца і добразычлівым выразам на круглым твары. Ён уважліва слухаў свайго госця ў чорнай вопратцы, які сядзеў насупраць яго і гэтак жа, як і гаспадар, піў гарбату. Гутарка, пэўна, была вельмі важнай, бо на з’яўленне Мікіты ніхто з іх доўгі час не звяртаў увагі.
Урэшце раджа заўважыў вязня.
— Ну што, Мікіта, сын Афанасія, не надакучыла табе мая гасціннасць? — з лёгкім смяшком пацікавіўся ён. — Можа, за гэтыя чатыры дні ты ўсё ж такі рашыўся стаць сапраўдным прававерным ці так і застанешся верным свайму Ісусу?
— Я веры дзядоў не выракуся.
— Глядзі, каб потым не шкадаваў, — раджа хітнуў галавой слузе і той хуценька напоўніў духмяным напоем яго і госцеву піялы. — А хочаш, я заплачу табе тысячу золатам? Хочаш быць маім сябрам і жыць у гэткім жа палацы? Хочаш мець гарэм і маладых наложніц?
— Я хачу быць вольным.
— Вольным? Вольным у нашым свеце, Мікіта, быць немагчыма. Аднак я адпускаю цябе. Аддаю табе твае грошы і твайго каня і дазваляю жыць на маёй зямлі там, дзе ты пажадаеш, і столькі, колькі захочаш.
— Дзякуй, твая міласць, за ласку.
— Не мне дзякуй, — стомлена адмахнуўся ад Мікітавых слоў раджа. — Дзякуй кажы майму сябру Мухамеду, што ён сказаў пра цябе добрае слова.
Мікіта ўважліва агледзеў госця раджы і хутка пазнаў у ім свайго старога знаёмага купца Мухамеда, з якім неаднойчы сустракаўся на базарах Ніжняга Ноўгарада і Астрахані.
— Дзякуй, Мухамед, за добрыя словы.
Мухамед павярнуўся тварам да суразмоўцы і, прымаючы падзяку, лёгка хітнуў у адказ галавой:
— Я чуў пра твае няшчасці і адно скажу — Алах міласэрны і сваіх дзяцей у бядзе не кідае.
3
Пакінуўшы палац «гасціннага» раджы, Мікіта пасяліўся ў немаладога ганчара Готама. Індус з радасцю прыняў пастаяльца, паслаў у яго пакоі дыван, на які зверху паклаў некалькі цыновак. А вечарам за кубкам гарбаты Готам доўгі час расказваў госцю казкі пра чароўную птушку гукук, якая можа выпускаць
з дзюбы полымя, пра князя малпаў, які здольны ў адначассе сабраць вялікую раць і перамагчы любога ворага. Готам быў добрым казачнікам, і яго аповеды былі бясконцыя, аднак Мікіта раптоўна пацікавіўся пра іншае:
— Вось ты, Готам, расказваеш мне цікавыя гісторыі пра птушак, пра звяроў, а скажы: ці ёсць у вас бандыты?
— Бандыты? — акругліў вочы ганчар. — Гэта хто?
— Бандыты ці душагубы — гэта людзі, якія рабуюць, а часам і забіваюць іншых людзей дзеля ўласнай спажывы.
— Ёсць і такія, — Готам спахмурнеў, на некалькі імгненняў задумаўся, потым рашуча секануў рукой паветра. — Я раскажу табе казку пра раджу Джагдзіша, які правіў нашым горадам шмат год таму.
— Цікава.
— Ты бачыў разбураны палац ля падножжа гор, дзе пачынаецца цясніна Смерці?
Мікіта паціснуў плячыма:
— Не, я там ніколі не быў і пра гэту цясніну нічога не чуў.
— І добра, што не чуў, бо часам нават успамін пра яе можа стаць прычынай цяжкай хваробы, а то і смерці.
— Там жывуць злыя духі? — паспрабаваў адгадаць тайну незнаёмай цясніны Мікіта.
— Духі? — вочы гаспадара акругліліся, і Мікіту на імгненне падалося, што яны зараз павыскокваюць з вачніц. Готам спалохана азірнуўся па баках, панізіў голас: — Там жыве пачвара! — Ён зноў агледзеўся, потым, ужо больш спакойным шэптам, паведаміў:
— Дзясяткі адчайных галоў спрабавалі пабываць у той цясніне, разгадаць яе тайну, знайсці незлічонае багацце раджы Джагдзіша, але ніводны з іх не вярнуўся назад. Ніводны!
Мікіта з разуменнем хітнуў галавой, але прамаўчаў. Готам зашаптаў словы малітвы. Нейкі час мужчыны маўчалі, і толькі мяккае патрэскванне полымя парушала гэтую цішыню. Першым загаварыў гаспадар:
— Даўным-даўно тут знаходзілася сталіца ўладанняў раджы Джагдзіша. Людзі расказваюць, што ён быў жудасны правіцель: прыгожым, але без меры чэрствы і несправядлівы, сквапны, але смелы да адчайнасці. Напэўна, за смеласць яго палюбіў Шыва і даў яму магічны амулет — залатую пласцінку з выявай грыфона на адным яе баку і прадказальнікам на другім.
— Ад чаго бароніць гэткі амулет свайго уладальніка?
— Ад усяго! — Готам здзівіўся прастаце пытання госця. — Грыфон сімвалізуе ўладарства над зямлёй і паветрам, ён дае свайму гаспадару сілу, розум, асцярожнасць і ўважлівасць. Прадказальнік адчыняе перад смяротным чалавекам усе дзверы як на гэтым свеце, так і ў царстве ценяў. Ён дазваляе яму ведаць будучыню і змяняць падзеі сучаснага. Чалавек, які валодае гэтым амулетам, можа ўсё, але калі грыфона і прадказальніка раздзяліць, амулет губляе сваю моц і ператвараецца ў звычайны кавалак золата. — Г аспадар зірнуў на суразмоўцу — ці разумее той яго, і, убачыўшы, што Мікіта ўважліва слухае, прадоўжыў:
— Змеі, цмокі і грыфы, аберагаючы скарбы, заўжды бароняць шляхі да душы чалавечай, бо золата, срэбра і самацветныя камяні ёсць толькі сімвалы, якія даюць чалавеку ўладу, але не бяссмерце. Аб гэтым ведаў і раджа Джагдзіш, аднак усёдазволенасць усяліла ў яго сэрца непамерную пыху, якая затуманіла яго хворы розум настолькі, што ён кінуў выклік самому Шыву — уладару нябеснага воінства. Раззлаваўся Шыва на Джагдзіша і ў парыве шаленства са сваіх вуснаў стварыў страшэнную пачвару Вірабхадру, якая мела тысячу галоў, тысячу рук і тысячу ног, і кожная рука трымала смяротную зброю; з тысячы ратоў тырчэлі доўгія іклы, а цела пакрывала акрываўленая тыгравая шкура. «Што я павінен зрабіць для цябе, о найвялікшы з багоў?» — запытаўся Вірабхадра. «Ідзі на зямлю і знішчы армію Джагдзіша! — адказаў яму грозны Шыва. — Толькі самога раджу не чапай, хай пажыве без арміі і слуг, хай абдумае свой учынак».
Вірабхадра бездакорна выканаў загад Шывы, але людзі кажуць, што з таго часу раджа не можа насіць на сваіх грудзях чароўны амулет, а здольны толькі прыслугоўваць яго ўладальніку. Так рашыў Шыва.
— Казка цікавая, аднак раджа Джагдзіш даўно памёр. Каму ж зараз належыць той амулет?
— Джагдзіш, пэўна, і сапраўды памёр, — згодна хітнуў галавой Готам і, крыху памаўчаўшы, ледзь чутна прамовіў: — але душа яго блукае недзе тут — не пускае яе на неба Шыва. Людзі кажуць, што гэта яна ўладарыць у цясніне Смерці, што недзе там схаваны амулет Шывы і яна вартуе яго ад чужых вачэй.
— Цікава, адкуль ты ўсё ведаеш пра цясніну, калі душа раджы не пакідае сведкаў і ўсіх забівае?
— Я нічога не ведаю, — Готам зноў спалохана агледзеўся па баках. — Проста непадалёку ад разбуранага палаца раджы Джагдзіша мой работнік Калідас капае гліну, ну і... Навіны пра цясніну Смерці я дазнаюся ад яго.
— Яно і праўда — пра гэту цясніну лепш нічога не ведаць. У мяне на радзіме кажуць так: «Менш ведаеш — даўжэй жывеш!»
— Разумныя словы, — усміхнуўся шчарбатым ротам гаспадар, потым падняўся на кукішкі і пачаў напаўняць гарбатай пустыя піялы.
Мікіта моўчкі назіраў за індусам. Ён выдатна разумеў Готама, які, падзяліўшыся сваімі страхамі, зусім не заспакоіўся, а наадварот — стаў яшчэ больш запалоханым. І чаму ён нервуецца? Чаму так баіцца душы нябожчыка раджы? Што можа зрабіць яна жывому чалавеку? Забіць, знявечыць? — ды гэта смешна! Калі твая вера цвёрдая і непахісная, калі памкненні твае чыстыя і светлыя, то ніводны джагдзіш не пераможа цябе. Добрыя справы робяць чалавека бессмяротным, а не магічныя амулеты.
— Як часта твой работнік ездзіць капаць гліну?
— Заўтра раніцай паедзе, — Готам падаў свайму госцю піялу з гарбатай. — А чаму ты аб гэтым пытаешся?
Мікіта не адказаў. Ён і сам не ведаў, навошта запытаўся пра гэта ў Готама. Магчыма, каб парушыць маўчанне, а, магчыма, у яго галаве ўзнікла нейкая шалёная думка, аб якой ён яшчэ не здагадваўся.
4
А раніцай наступнага дня Мікіта разам з маладым работнікам Готама быў ля разбуранага палаца раджы.
Работнік, якога звалі Калідас, паказаў Мікіту на схіл гары і патлумачыў:
— Там я капаю гліну.
— А дзе ўваход у цясніну?
— Крыху далей, за пагоркам, — Калідас з цікаўнасцю агледзеў госця свайго гаспадара і пацікавіўся: — Ты думаеш ісці туды без зброі?
— У мяне няма зброі.
— Вазьмі тады хаця б гэта, — работнік выцягнуў з-за набедранай павязкі невялікую фігурку, выразаную з дрэва. — Я калі раней туды хадзіў, заўсёды браў з сабой фігурку арла. Дарэчы, я яе на гэтых развалінах і знайшоў.
Мікіта падзякаваў хлопцу за падарунак, узяў фігурку, прывязаў да яе скураны раменьчык і павесіў на шыю:
— Тут яна перашкаджаць мне не будзе.
Уваход у цясніну быў густа зарослы дрэвамі і кустамі, галіны якіх перапляталі ліяны і высокая трава. Аднак не гэта палохала смельчака — паўсюдна, куды б ён ні кідаў позірк, кішэлі змеі. Зялёныя, чорныя, сінія, паласатыя — яны, падавалася, віселі на кожнай галінцы, ляжалі пад кожным кустом. І ўсё ж Мікіта не адступіў. Асцярожна, крок за крокам, уважліва азіраючы наваколле, ён пачаў прадзірацца праз зараснікі і даволі хутка выйшаў на стары шлях. Ён не верыў казкам пра бессмяротнага раджу, ён не верыў расказам пра велізарныя скарбы, што схаваны ў гэтай цясніне, ён пасміхаўся са страхаў, якімі палохаў яго Готам, і адзінае, што вяло яго праз густыя зараснікі — гэта цікаўнасць.
Старую дарогу таксама перапляталі ліяны, але ісці па ёй было значна лягчэй.
Недзе апоўдні ён адчуў цяжкі, саладкаваты пах. Гэты пах яму быў знаёмы — так пахне труп жывёлы. Або чалавека! Мікіта спыніўся, агледзеўся, глыбей уцягнуў у сябе смярдзючае паветра. Сумненняў не было — недзе побач дагнівае труп. Вось толькі чый?
Збочваць Мікіта не стаў і пайшоў наперад. Праз некалькі дзясяткаў сажняў ён заўважыў невялікае возера, берагі якога курэлі парай, а па ўсёй гладкай паверхні з месца на месца перакочваліся клубы туману. Гэта здзівіла Мікіту: туман у спякоту? — дзіўна, аднак задумвацца над такой дробяззю ён не стаў. Яго больш зацікавіла пячора, уваход у якую ён заўважыў на супрацьлеглым беразе возера і дабрацца да якой можна было або па вадзе, або ў абыход, па беразе. «Плаваю я дрэнна, а зрабіць плыт няма чым. Пайду берагам», — вырашыў Мікіта і стаў паднімацца на невысокі скалісты пагорак. Дасягнуўшы вяршыні, ён аглядзеўся, кінуў позірк уніз і аслупянеў — там ён убачыў Калідаса, які стаяў ля вады і ў непаразуменні, куды знік ён, Мікіта, круціў галавой. Аднак не паводзіны памочніка ганчара прыкавалі яго ўвагу. Клубы туману, якія нядаўна спакойна віліся ля паверхні возера, раптоўна ажылі, пачалі рухацца ў кірунку Калідаса.
— Калідас! — з вышыні пагорка Мікіта паспрабаваў папярэдзіць юнака, але з яго горла вырвалася толькі нягучнае хрыпенне. — Калідас!
І раптам, у адначассе, у цясніне прапалі ўсе гукі і яе скавала смяротная цішыня, у якой гучна калацілася Мікітава сэрца, а на яго адзенне, на камяні, на траву з туману бязгучна апускаліся буйныя кроплі. Ён зноў паспрабаваў закрычаць, разарваць сваім крыкам прасціну жаху, аднак мяккая рука нябачнага забойцы надзейна сціснула яго горла. Ён бачыў, як там, ля возера, з туману ўзнік ратнік у старадаўніх даспехах, як ён узмахнуў мячом, як зваліўся ў ваду Калідас. Ці не сон гэта? Ці не трызненне? Чаму туман пачаў уздымацца ўверх па пагорку? Жах панаваў навокал, расцякаўся ледзяным холадам па жылах, звінеў у вушах, у галаве. Ратавацца — не ставала сіл, крычаць — не было голасу, і адзінае, што яшчэ мог рабіць Мікіта — гэта маліцца. Ён не баяўся смерці, ён быў гатовы да сустрэчы з ёй, аднак усё ж апусціўся на калені, зашаптаў апаленымі жахам вуснамі малітву, і праз імгненне адчуў, што жар адпусціў сэрца, што туман адступіўся, скаціўся па камяністай сцяне пагорка да возера. Ён паверыў, што для яго яшчэ не ўсё скончана, што яшчэ зможа ўратаваць сваё жыццё. Мікіта шаптаў словы малітвы, а перад яго вачыма праплывалі малюнкі мінулага, мілыя сэрцу ўспаміны, па-дзіцячы светлыя надзеі і летуценні. Ён маліўся і плакаў, разумеў, што пасля ўбачанага тут ужо ніколі не зможа заснуць спакойна, не сасніць добрых сноў і стане гэткім жа палахлівым і нервовым, як Готам. «Што табе ад мяне трэба?» — ва ўсе грудзі бязгучна крычаў ён свайму страху, і слёзы захліствалі яго горла. А калі не стала слёз, ён зусім ашалеў ад сораму: каму патрэбны мае слёзы? Чаму я стаў такім слабым, што не магу сябе абараніць і галашу, быццам баба? Я не хачу быць такім, як Готам, лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях! Я не баюся цябе, дух Джагдзіша!
Паступова Мікіта супакоіўся, выцер далонямі твар, вочы, падняўся на ногі і адразу навокал яго пасвятлела, рэдкія пасмы туману апусціліся да возера і растварыліся ў вадзе, а ён сам, быццам легкакрылы матылёк, узляцеў над гэтым замшэлым каменнем, над цяснінай, над возерам. Страх поўнасцю адпусціў сэрца, і Мікіту стала лёгка і радасна, ён зразумеў, што той, хто ўзнік з рачнога туману — гэта зусім не чалавек. Гэта нават не здань. Гэта падман, які стварыў яго напалоханы розум. Гэта страх, які некалі ўсяліўся ў яго душу і які будзе праследаваць яго ўсё жыццё і пра які ніхто на свеце не павінен ведаць. Толькі ён адзін будзе змагацца з ім да самай смерці. Толькі ён адзін зможа перамагчы яго, або падпарадкавацца яму. Гэта ўнутранае, гэта асабістае! Адчуўшы прыліў сіл, Мікіта страпянуўся і гучна, на ўсю цясніну, закрычаў:
— Я не баюся цябе! — разнёсся па наваколлі яго вокліч. — Не я табе, а ты мне будзеш служыць!
«Жыць, жыць, жыць!» — словы адбіваліся ад сцен цясніны і пераіначанымі вярталіся да вяршыні пагорка. Мікіта ўжо не баяўся азёрнай пачвары. Ён нават чакаў яе з’яўлення, аднак вада на возеры была спакойная, а туман ля яго берагоў радзеў проста на вачах.
Мужчына пастаяў яшчэ крыху на плоскай камяністай вяршыні, потым страпянуўся і рашуча пакрочыў у кірунку ўжо блізкага ўвахода ў пячору.
Пячора аказалася невялікай і нежылой. Спыніўшыся ля ўвахода, Мікіта пачакаў, пакуль вочы прызвычаяцца да паўзмроку і толькі потым зрабіў некалькі крокаў унутр яе. Зайшоў і замёр ад здзіўлення і захаплення — уся прастора пячоры была застаўлена куфрамі, скрынямі, глінянымі сасудамі. На іх у беспарадку ляжалі рулоны тканіны, каштоўныя дываны, зброя, дарагое адзенне. Усё было пакрыта тоўстым пластом пылу і пераплецена павуціннем, аднак смяльчак адразу здагадаўся — ён знайшоў скарб раджы Джагдзіша. «А вось і сам раджа», — Мікіта заўважыў ля аднаго з куфраў чалавечы шкілет. Ён падышоў да шкілета, некалькі імгненняў пастаяў ля яго, успомніў словы Готама пра гэтага чалавека. «Тут знаходзяцца рэшткі твайго цела, — у думках пашкадаваў раджу Мікіта, — і я іх пахаваю». Раптам ля ўвахода заклубіўся туман і з яго, быццам з царства ценяў, з’явіўся белы сабака. Туман адразу знік, а сабака застаўся. Вялікі, магутны ён, напэўна, перамог бы ў адзінаборстве і тыгра, а зараз ён усеўся пасярод увахода і злымі, чырвонымі вачыма глядзеў на Мікіту. «А гэта, напэўна, спакутаваная душа Джагдзіша, — чалавек не спалохаўся сабакі. — Сапраўды, хворы розум і гнілая душа нараджаюць монстраў!» Ён адарваў кавалак дарагой тканіны, зноў нахіліўся над шкілетам, каб сабраць яго косткі і пахаваць. І тут ён заўважыў пасярод костак залатую пласцінку. «Гэта што? — Мікіта зняў пласцінку, працёр яе ад пылу, уважліва агледзеў. — Здаецца, нейкая пайцза», — і паклаў яе ў кішэню. Потым згарнуў косткі на тканіну, выпраміўся, паглядзеў на сабаку. Той сядзеў на ранейшым месцы, аднак на гэты раз у яго вачах замест злосці пульсавала адданасць. «Вось і добра», — мужчына нейкі час глядзеў у вочы звера, вагаючыся і гадаючы, як той сябе павядзе. Потым рашуча пакрочыў наперад, выйшаў з пячоры, знайшоў невялікае паглыбленне, паклаў у яго косткі і засыпаў іх каменнем.
Сабака пакорліва сядзеў побач.
5
Віктар Мікалаевіч з’явіўся ў хірургічным аддзяленні пазней звычайнага. Хворыя паснедалі ўжо, некаторыя пайшлі на працэдуры. Ён спачатку зрабіў некалькі тэлефонных званкоў, запісаў нешта важнае ў свой нататнік і толькі потым паклікаў старшую медсястру, каб разам прайсціся па палатах, і ўжо закончыўшы абыход, успомніў:
— А скажыце, Вера Мікалаеўна, як адчувае сябе ўчарашні міліцыянер?
— Кухар?
— Кухар? — хірург спыніўся і здзіўлена паглядзеў на медсястру. — Ён жа быў у міліцэйскай форме.
— Капітан міліцыі Кухар Андрэй Сяргеевіч, — стрымана ўсміхнулася Вера Мікалаеўна. — Прозвішча ў міліцыянера такое незвычайнае.
— Сапраўды, прозвішча запамінальнае, — усміхнуўся і хірург. — Ну дык як адчувае сябе капітан Кухар?
— Я была раніцай у рэанімацыі і цікавілася яго здароўем. Дзяўчаты кажуць, што стан у яго цяжкі, але стабільны і што ён выкараскаецца, адужыць хваробу. — Вера Мікалаеўна пакорпалася ў кішэнях халата, дастала кавалак паперчыны. — Каця Задужанная дзяжурыла ля яго сённяшняй ноччу і расказвала, што спаў ён спакойна і толькі пад раніцу пачаў трызніць.
— Ну, гэта звычайная з’ява.
— Але ж трызніў ён на нейкай незразумелай мове, — медсястра працягнула хірургу кавалак паперы: — Вось Каця запісала тое, што паспела зразумець
Віктар Мікалаевіч узяў паперку, пачаў услых чытаць: «Хуво могу лезі, ля лясаільля гуя алімуль гяібі ва шагадзіці. Гуя рахману рагіму, хубо могу лязі...»
— Нейкая тарабаршчына, — хірург яшчэ раз перачытаў напісаннае, задумаўся. — Ведаеце што, Вера Мікалаеўна, вы пра гэту запіску нікому не расказвайце і Кацю папярэдзьце, каб маўчала.
— Разумею.
— А я перадам яе каму трэба і хай пэўныя службы разбіраюцца, кім на самай справе з’яўляецца міліцэйскі капітан з беларускім прозвішчам Кухар.
6
Сэрца вандроўніка Мікіты амаль не білася, аднак, час ад часу трацячы прытомнасць, памяць выхоплівала са свайго сховішча кавалкі адыходзячага жыцця. Жыцця, якое зусім нядаўна кіпела, бушавала, бунтавала супраць няпраўды і несправядлівасці і пастаянна змагалася. Апошнія некалькі гадоў, пачынаючы з падарожжа ў Індыю, яму падавалася, быццам нейкая вышэйшая сіла і нечая воля, нябачныя і варожыя яму, прымушалі яго ісці супраць адвечных чалавечых каштоўнасцей, простых і хрысціянскіх: пабрацца шлюбам з добрай жанчынай, нараджаць дзяцей, вырасціць іх, дачакацца ўнукаў і памерці спакойнай смерцю. Але ж не, ён пастаянна шукаў нейкія свае шляхі-дарогі, увязваўся ў чужыя лёсы, шукаў свой сэнс жыцця, і ўвесь час яна, гэтая сіла, паказвала яму марнасць, бескарыснасць і бессэнсоўнасць яго існавання на гэтым свеце. Гэта было цяжка. Гэта было несправядліва. Мікіту апошнія гады амаль ніколі не пакідала пачуццё ўласнай непатрэбнасці. Яно вісела над ім дамоклавым мячом, страшэннай тайнай, пастаянна ўсяляла думкі аб непазбежнасці смерці і марнасці жыцця, яго блуканняў па прасторах Персіі, Індыі, Крыма. Ён як мог працівіўся гэтай д’ябальскай сіле і, чым нахабней і вастрэй яна праяўлялася, тым больш цвёрдым, настойлівым і непахісным станавіўся ён сам. За апошнія месяцы свайго жыцця ён звыкся з ёй, зросся ў адно цэлае. Спадзеючыся знішчыць яе ў сабе, і, перамагаючы яе, ён добраахвотна выпальваў сябе, сваё сэрца і сваю душу. Але не дзеля сябе, не дзеля ўласнай перамогі ён імкнуўся знішчыць незразумелага ім монстра, якога прылашчыў і прыручыў сам у цясніне Смерці. Ён баяўся перадаць яго ў злыя рукі, у рукі, якія дадуць зверу волю і з яго дапамогай прынясуць незлічоныя беды людзям.
Мікіта спяшаўся. Адплываючы вясной 1475 года ў Цвер, ён верыў, што перахітрыў індыйскую пачвару, пакінуў яе ў Крыме. Але не. За Кіевам, калі на іх караван напалі рачныя разбойнікі, здань бясшумна паднялася з дняпроўскай вады і перабіла з паўсотні сваіх і чужых людзей, перабіла люта, без разбору. Потым яна знікла, расцяклася туманам па прыбярэжным чароце. Пасля таго здарэння многія купцы сталі касавурыцца на Мікіту, абыходзіць яго бокам, і толькі два маскоўскія гандляры, Панфіл і Сысой, не адыходзілі ад дзіўнага вандроўніка, усё выпытвалі яго пра шлях у Індыю, пра звычаі гэтай краіны, прасілі паказаць запісы падарожжа, прапаноўвалі грошы, каб іх выкупіць ці хаця б перапісаць. Аднак Мікіта не хацеў нават слухаць іх ліслівых слоў, бо свае запіскі ён вёз у Цвер, свайму князю.
У Магілёве, пакуль канапацілі і рамантавалі лайбы, ён наведаў Куцеінскі манастыр, пасля чаго з Панфілам і Сысоем выпіў па кубку мясцовага віна і ад гэтага пачастунку яму раптам стала млосна. А праз дзень, праплыўшы Дуброўну, ён зразумеў, што памірае і што заморскі монстр застанецца непераможаным і зноў будзе напамінаць аб сабе дарэмнымі смерцямі.
Ён паміраў, але яго душа, якая столькі гадоў імкнулася прыстасавацца да ягоных задум і летуценняў, усё яшчэ не пакідала цела. Яна адна працягвала барацьбу з гусцеючай цемрай, якая высачэзнай хваляй насоўвалася на яго свядомасць, палала чорным колерам вечнасці, паступова запаўняючы кожны закуточак яго цела, неадступна выцясняючы адтуль яго душу. Гэтая бліскучая чарната ўшчэнт разбівала яго жыццё на кавалкі, якія адразу крышыліся і пераўтвараліся ў прах, а іх месца займалі халодная цішыня і бязлітасны спакой. Яна стварала пустэчу, у якой ужо бессэнсоўна было спадзявацца на дапамогу, чакаць праменьчыка цёплага, жывога святла.
Жыццё заканчвалася. Перад вачыма Мікіты мільгацелі малюнкі, якія не стасаваліся між сабой, якія ён і не імкнуўся разгадаць. Усё, больш нічога не выправіш, і, нічога не адчуваючы, ён назіраў заканчэнне свайго жыццёвага шляху, які пачынаў ужо абвальвацца ў чорную бездань; і ўвесь свет падаваўся яму гэткім жа пустым і чорным, як бясконцая прорва, што неадступна, усё хутчэй і хутчэй, насоўвалася на яго.
«А Русь ер тангрыд сакласын; олло сакла, худо сакла! Бу даніада муну кібіць ер ектур: нечык Урус еры бегляры акой тугіль; Урусь ер абодан болсын; расць кам дарэць. Олло, худо, бог, даныры», — шаптаў ён апошнія словы малітвы, не бачачы, як Панфіл ператрасае яго клункі ў пошуках запісак. І як толькі Сысой сарваў з яго грудзей амулет Шывы, Мікіта зрабіў свой апошні ўсхліп, усхліп, больш падобны на ўздых аблягчэння.
7
Адвячоркам Віктар Станкевіч разам з маладжавым мужчынам, выпраўка якога паказвала, што ён ваенны, зайшлі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Ля ўвахода іх сустрэў рэаніматолаг. Ён прапанаваў наведвальнікам апрануць халаты, бахілы і павёў іх у палату, у якой ляжаў Андрэй Кухар.
— Вось ваш міліцыянер, — прапусціўшы наперад сябе ваеннага, рэаніматолаг паказаў вачыма на адзінага хворага, які знаходзіўся ў палаце.
— Размаўляць ён можа?
— Пакуль не, аднак да раніцы, спадзяюся, павінен выйсці з комы.
— Канстанцін Сяргеевіч, — звярнулася да рэаніматолага немаладая медсястра, якая да гэтага ціха стаяла ля апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. — Толькі што перад вашым прыходам хворы глыбока ўздыхнуў і, як мне падалося, некалькі разоў міргнуў вейкамі.
— Ён не размаўляў у часе сну? — пацікавіўся ваенны.
— Размаўляў, — сумелася жанчына і запытальна паглядзела на доктара.
— Не хвалюйцеся, расказвайце ўсё, што чулі, — заспакоіў яе Канстанцін Сяргеевіч. — Тут усе свае.
— Апоўдні ён некалькі разоў смяяўся, а нядаўна пачаў трызніць на незнаёмай мне мове. Я, як вы і казалі, запісала яго словы.
— Што яшчэ?
Жанчына перадала аркушык паперы ваеннаму, паціснула плячыма:
— Нешта мармытаў з хвіліну, потым заціх, глыбока ўздыхнуў і ўсё.
Станкевіч наблізіўся да Кухара, паслухаў работу яго сэрца, палічыў пульс, расплюшчыў вока і зазірнуў у зрэнку хворага:
— Думаю, што капітан зараз спіць і змястоўна паразмаўляць з ім можна будзе толькі раніцай.
— Што ж, пачакаем да раніцы, — крыху падумаўшы, пагадзіўся з хірургам ваенны і павярнуўся да выхаду з палаты.
На выхадзе з бальніцы Віктар Станкевіч пацікавіўся ў ваеннага:
— Паслухай, Коля, мне цікава, якімі тайнамі валодае гэты звычайны ўчастковы інспектар міліцыі?
— Мне гэта таксама цікава, — без ценю ўсмешкі адказаў Мікалай. — Тут іншае. На першай запісцы, што ты перадаў мне раніцай, напісаны словы малітвы.
— Малітвы? Вось не падумаў бы!
— Прычым малітвы старадаўняй і пераказанай на сумесі арабскіх дыялектаў. Тайны тут аніякай, адно цікава — адкуль звычайны вясковы хлопец ведае фарсі?
— Можа, ён служыў у Афганістане?
— Не, служыў ён танкістам у нас, у Беларусі.
— Можа, там і вывучыў словы ад якога-небудзь туркмена?
— Такіх слоў не ведаюць ні туркмены, ні таджыкі, ні афганцы. Гэта старадаўняя паўзабытая мова.
— А можа...
— Сяброў-мусульман у яго няма, у школе ён вывучаў нямецкую мову, у бібліятэцы цікавіўся гістарычнай літаратурай.
— Дык вы пра яго ўсё ведаеце!
— Служба ў нас такая, Віця, — ваенны ўсміхнуўся, зірнуў на сябра. Потым выцягнуў з кішэні ранішнюю запіску і пачаў услых чытаць: — «Ён — Бог, акрамя яго няма Бога, які ведаў бы ўсё тайнае і сапраўднае. Ён міласцівы, міласэрны. Ён не мае сабе падобных!» — вось прыкладны пераклад гэтай запіскі, што амаль поўнасцю адпавядае 22 аяту 59 суры, які чытаецца так: «Ён — Алах, няма бажаства, акрамя Яго, які ведае схаванае і сузіраемае. Ён міласцівы, міласэрны!»
— А на другой запісцы што?
— Думаю, што там таксама запісаны словы малітвы, — Мікалай выцягнуў паперку, разгарнуў яе, прабег па напісаным позіркам, пачаў чытаць: «А Русь ер тангрыд сакласын; олло сакла, худо сакла! Бу даніада муну кібіць ер ектур: нечык Урус еры бегляры акой тугіль; Урусь ер абодан болсын; расць кам дарэць. Олло, худо, бог, даныры».
— І сапраўды падобна на малітву.
— Яна і ёсць, — ваенны схаваў напісанае ў кішэню. — Вось нас і зацікавіла — адкуль звычайны міліцыянер ведае арабскую мову? Тут, або ён механічна завучыў гэтыя словы з нейкай гістарычнай кнігі, або мы нечага не заўважылі.
— Ну, чытаць кнігі — гэта ж не злачынства.
— Гледзячы якія кнігі, — усміхнуўся ваенны і працягнуў хірургу на развітанне руку. — Але, думаю, усё гэта дурнота.
— Будзем спадзявацца, што часовая, — паціснуў працягнутую руку Віктар, так і не зразумеўшы, што за дурноту меў на ўвазе яго сябар і былы аднакласнік.
8
Першы раз Кухар прыйшоў у прытомнасць ноччу, і першае, што ён убачыў — спячую жанчыну ў белым халаце.
— О Алах! — міжволі вырваўся з яго вуснаў вокліч. Прагучаў ён ціха, амаль нягучна, аднак жанчына пачула яго, падняла галаву. Некалькі секунд яна напружана слухала цішыню палаты, потым паднялася з крэсла і наблізілася да хворага. Убачыўшы, што той ляжыць з расплюшчанымі вачыма, радасна ўсміхнулася: — Не памыліўся Канстанцін Сяргеевіч.
— Дзе я?
— У бальніцы.
Хворы заплюшчыў вочы і медсястра падумала, што ён зноў заснуў, аднак той, ледзь варочаючы языком, задаў наступнае пытанне:
— Колькі часу я тут?
— Прывезлі цябе заўчора вечарам, — абдумваючы кожнае слова, адказала жанчына. — Аперацыя прайшла ўдала, аперыраваў Станкевіч... — медсястра збіралася расказаць Кухару, які добры хірург яго аперыраваў, але спынілася, убачыла, што той яе не чуе, што ён заснуў. Яна паправіла на ім коўдру, крыху пастаяла побач, павярнулася і села ў крэсла.
Другі раз Кухар прачнуўся ў пачатку дня. Сонца яшчэ не паднялося над горадам, аднак у палаце было светла і медсястра, пакінуўшы дзверы прачыненымі, размаўляла з некім у суседнім пакоі.
— Усё будзе добра, любая, — чуў ён пранікнёныя спагадай словы медсястры. — Ты не плач, не убівайся так. Ну што зараз зробіш? Што выправіш? Ты ж ужо не дзяўчынка, і сама пажыла, і дзяцей вырасціла. Ну будзе ў цябе адна нага крыху карацейшая за другую — гэта ж не смяротна! А нашы майстры навучыліся рабіць добрыя пратэзы, не горшыя за замежныя. Пад доўгай сукенкай і не заўважна будзе.
Праз нейкі час медсястра зазірнула і ў яго палату, убачыла, што ён не спіць, наблізілася да ложка.
— Што са мной? — запытаўся Кухар.
Жанчына азірнулася на расчыненыя дзверы, уздыхнула.
— Там ляжыць правадніца з цягніка, якой учора прыйшлося ампутаваць ступню. Сорак гадоў кабеце, а яна ўсё хвалюецца, што муж яе бязногую кахаць не будзе.
— Са мной што?
— З табой? — медсястра на імгненне задумалася. — Віктар Мікалаевіч сабраў цябе па частках, сабраў акуратна, усё паставіў на месца, а як будзе далей — гэта ўжо ад цябе залежыць і як Бог дасць.
— Ногі, рукі на месцы?
— А куды ж яны дзенуцца? — стрымана ўсміхнулася жанчына. — Наколькі я ведаю, у цябе было выбіта плячо, зламана левая нага і некалькі рэбраў...
— Колькі дзён я тут знаходжуся?
— Крыху больш за суткі, — жанчына зноў па-добраму ўсміхнулася. — Можа, хочаш есці?
— Я лепш пасплю.
— Паспі, хлопец, паспі. Табе сон зараз лепей за любыя лекі.
Трэці раз Кухар прачнуўся апоўдні. Дзень быў у самым разгары. Сонечнае святло ахінала палату мяккім, па-восеньску лёгкім цяплом. Недзе ў кустах за акном бесклапотна чырыкалі вараб’і, і Кухару на імгненне падалося, што сёння нядзеля і ён спіць у сваёй дубоўненскай кватэры. Ён нават парадаваўся, што дзень такі добры і ён урэшце зможа з’ездзіць у Лугаўцы ў грыбы. Ён паспрабаваў падняцца, аднак пякучы боль ва ўсім целе вярнуў яго ў рэчаіснасць. Ён глуха ўскрыкнуў, не ад болю, ад нечаканасці, але яго вокліч пачула медсястра і праз імгненне яна была ўжо ля яго ложка.
— Што ж ты робіш, хлопец? Табе яшчэ некалькі дзён нельга будзе паднімацца з ложка.
— Я забыўся, — шчыра прызнаўся Кухар. — Думаў, што знаходжуся дома, што праспаў.
— Гэта бывае, — жанчына паправіла на ложку яго загіпсаваную нагу, коўдру і, панізіўшы голас, па-змоўніцку паведаміла:
— З табой хоча пагутарыць нейкі чалавек.
— Пэўна, «даішнік»?
Медсястра паціснула плячыма:
— Прасіў паклікаць яго, калі ты прачнешся.
— Хай заходзіць.
Медсястра згодна хітнула галавой і выйшла з палаты.
«Даішнік» з’явіўся ў палаце хвілін праз пяць. Малады, падцягнуты, у цывільнай вопратцы, ён зусім не нагадваў міліцыянера, ды і цікавіла яго не аварыя, а тое, якімі замежнымі мовамі валодае Кухар.
— Што? — не адразу зразумеў пытанне хворы. Ён уважліва паглядзеў на госця — ці не жартуе той? — і, убачыўшы па яго вачах і твары, што не жартуе, адказаў:
— У школе вывучаў нямецкую.
— А як вы патлумачыце той факт, што ў час свайго знаходжання ў коме, вы маліліся на сумесі арабскіх моў?
— Я маліўся? — разгублена рагатнуў Кухар. — Я ніводнай малітвы ніколі не ведаў і вучыць не збіраюся. Я не веру ў Бога!
— Верыць у Бога і ведаць малітвы — гэта не адно і тое, — госць быў сур’ёзным. Ён выцягнуў з кішэні некалькі лісткоў паперы, выбраў адзін з іх, патлумачыў:
— Вось Вашы словы, запісаныя медсястрой учора вечарам, — і прачытаў яму словы малітвы на сумесі стараславянскай і арабскай моў.
У палаце наступіла цішыня. Было чутна, як за адной яе сцяной плача жанчына, за другой — надрыўна стогне цяжкахворы. Першым загаварыў Кухар:
— Я не ведаю гэтых моў, ды і чаму я павінен маліцца за некага? Прабачце, вы хто?
Замест адказу Мікалай Кунцэвіч паказаў пасведчанне.
— Зразумела, — сказаў Кухар, нават не прачытаўшы яго. — Я, калі быў у коме, сніў нейкі дзіўны сон. Сутнасці яго я не памятаю, але там я, здаецца, быў нейкім вандроўнікам. Пэўна, прыснілася нешта такое, пра што я некалі чытаў. Вылезла з падсвядомасці.
— Аб нечым такім мне расказваў і Станкевіч, — Кунцэвіч падняўся з крэсла, на развітанне хітнуў галавой: — Выздараўлівай, капітан, — і, не азіраючыся, выйшаў з палаты.
9
Выпісалі Кухара з бальніцы ў адзін з ясных, пагодлівых кастрычніцкіх дзён. Ён выйшаў на бальнічны панадворак, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае, без звыклага паху лекаў, паветра, падняў угору галаву, напружана прыслухаўся — недзе там, у крохкім ад сонечнага святла небе, развітальна курлыкалі журавы, і яму раптам стала так шкада гэтых птушак, што ён ледзь-ледзь стрымаў камяк, падступіўшы да горла, аднак усё ж выказаў сваю горыч цяжкім уздыхам.
— Добры дзень, таварыш капітан, — нечакана зусім побач прагучала жаночае прывітанне.
— Дзень добры, — машынальна адказаў ён, апусціў галаву і паглядзеў у той бок, адкуль да яго данёсся голас — там, на лаўцы пад клёнам сядзела Таня і з лагоднай усмешкай назірала за ім. Ён таксама ўсміхнуўся ёй у адказ:
— Вельмі прыемна бачыць вас, Таня, тут сёння, хаця, скажу чэсна, для мяне гэта поўная нечаканасць.
— Мне нядаўна патэлефанаваў Ваш сябар, капітан Міклашэвіч і папрасіў сустрэць вас, заняць чым-небудзь на 30—40 хвілін, пакуль ён вырашыць тэрміновыя справы ў пракуратуры.
— Што ж, займайце, — Кухар усміхнуўся і зноў зірнуў угору. Але журавы былі ўжо далёка, і іх самотная песня ўжо ледзьве далятала да зямлі, затухала, і гэтае яе затуханне адазвалася невыразным болем пад яго сэрцам. На душы стала горка і пагана, быццам праводзіў у далёкі шлях не клін птушак, а некага роднага і дарагога.
— Можа, пасядзім у кавярні? — прапанавала дзяўчына. — Вы ж, пэўна, у бальніцы маркоціліся па добрай каве?
— Я сумую па працы, — сур’ёзна адказаў Кухар, аднак тут жа спахапіўся, паправіўся: — А разам з вамі я гатовы піць не толькі каву, але і атруту.
Таня ветліва ўсміхнулася ў адказ, але прамаўчала.
У кавярні было амаль бязлюдна — рабочы дзень у самым разгары, таму Кухар з дзяўчынай селі за свабодны кутні столік, заказалі каву.
— Чым зараз будзеце займацца? — пацікавілася Таня. — У вас жа, пэўна, будзе працяглы адпачынак.
— Так, — без усялякага энтузіязму пагадзіўся міліцыянер. — Два месяцы на аздараўленне, потым — водпуск. Хаця баюся, што гэтага часу мне можа і не хапіць, каб знайсці адказы на шматлікія пытанні па маёй аварыі.
— А я чула, што вы перавысілі хуткасць і не справіліся з кіраваннем.
— Гэта афіцыйная версія, а неафіцыйную ведаю толькі я адзін, і яна жудасная, неверагодная.
— На дарозе быў чалавек, дзіця, і вы, каб не забіць яго, звярнулі з дарогі і ўрэзаліся ў дрэва?
— Нешта такое.
— Дык вы ж герой! — здзівілася Кухаравай сціпласці Таня. — Пра вас у газетах пісаць трэба!
— Калі я раскажу праўду — мяне прымуць за вар’ята і, калі і напішуць нешта, дык толькі ў рубрыцы «Трызненні вар’ята».
— Я не разумею вас, Андрэй.
— Я сам пакуль яшчэ нічога не разумею, аднак вам скажу, бо вы сястра Максіма і мне паверыце, не будзеце смяяцца — мяне спрабаваў забіць той, хто забіў вашага брата.
— Што?
Кухар пачакаў, пакуль афіцыянтка паставіць на столік кубкі з кавай і толькі, калі яна адышлася, ціхім голасам пачаў расказ:
— Я зараз разумею, чаму Максім хаваў усе свае напрацоўкі і запісы, чаму ён не хацеў пасвячаць вас у свае справы. Ён вас любіў, шкадаваў, баяўся наклікаць на сваю сям’ю зло. Ён наблізіўся вельмі блізка да разгадкі нейкай тайны, вось толькі якой?
— Аб тым, што Макс мяне бярог, я здагадалася ў той вечар, калі вы паехалі ад нас. Тады мне пазванілі і сказалі, каб я забылася пра ўсё і ніколі ні з кім не абмяркоўвала гэтыя тэмы, каб я ўсё выкінула з галавы. Інакш абяцалі пакараць і мяне, і маіх бацькоў. Я тады вельмі спалохалася.
— Зараз я разумею, чаму вы не пазналі мяне наступнай раніцай, — мужчына крыху памаўчаў, потым загаварыў аб іншым: — У бальніцы я меў шмат вольнага часу на роздум і разважанні, і тое, аб чым я мог бы вам расказаць, настолькі неверагоднае і бязглуздае, што я сам у яго яшчэ не да канца веру, хаця гэта і здарылася асабіста са мной. Апошні месяц я жыву, быццам у сне.
— Раскажыце, — гэткім жа паўшэптам папрасіла дзяўчына. — Я вам веру і, магчыма, чым-небудзь змагу дапамагчы.
— Я нават не ведаю, з чаго пачаць, — крыху сумеўся Кухар, — тут так усё пераплецена. Тым адвячоркам я вяртаўся дадому. Асфальт быў сухі, бачнасць — добрая, хуткасць — недзе каля сямідзесяці. Раптам пасярод дарогі з’явілася белая постаць нейкай здані са старажытным мячом у руках. Я разгубіўся, перапалохаўся, а яна ўзмахнула мячом і ўсё — больш я нічога не памятаю.
— Гэта неверагодна!
— Але гэта не ўсё. Калі я ляжаў у стане комы, то сніў дзіўныя сны. Быццам маю душу аднесла ў далёкае мінулае і яна ўсялілася ў нейкага Мікіту.
— Не, тут крыху не так, — запярэчыла Таня. — Хутчэй за ўсё ваша душа некалі належала гэтаму Мікіту, а ў стане комы проста абвастрылася гістарычная памяць і вы ўспомнілі мінулае, тое, што ваша душа ўжо некалі перажыла.
— Магчыма, вы маеце рацыю. Але я сніў, што і ў мінулым сваім жыцці, у Мікітавам целе, я сустракаўся з гэтай белай пачварай. Зараз я збіраюся пакорпацца ў архівах, каб дакладна разабрацца, хто такі гэты Мікіта, чым ён вядомы, дзе быў і што рабіў у сваім жыцці. Яшчэ я хачу больш ведаць пра царскага ваяводу Пятра Абаленскага, які згубіў свой скарб каля Лядава, і пра нямецкую арганізацыю «Аненербэ».
— Вы адпраўляецеся па шляху Максіма.
— Напэўна. Вось толькі Максім усё рабіў у адзіночку, а я спадзяюся на падтрымку Пашы Міклашэвіча. Мне будзе лягчэй, чым вашаму брату, бо я ўжо сутыкаўся з забойцам і ў адным сваім жыцці, і ў другім.
— А давай мы будзем на «ты», — прапанавала Таня. — Калі ты і на самай справе збіраешся ўвязацца ў бойку з невядомым, то так нам будзе прасцей мець зносіны.
— А ці патрэбныя нам гэтыя зносіны?
— Патрэбныя.
Кухар на імгненне задумаўся, потым хітнуў галавой:
— Я згодны, — і, зірнуўшы ў акно, засмуціўся: — Пашка прыехаў. Нам час развітвацца.
— Але ж ты тэлефануй, трымай мяне ў курсе спраў.
— Добра, — паабяцаў мужчына і падняўся з-за стала.
10
Патэлефанаваў Кухар сваёй знаёмай толькі праз два тыдні. Патэлефанаваў вечарам, знянацку.
— Добры вечар, Таня, — праз шум і трэск у трубцы данёсся да дзяўчыны яго далёкі голас. — Прабач, што доўга не званіў.
— Я ведаю, што ты зараз корпаешся ў архівах, — чамусьці гучна адказала Таня і, шчыльней прытуліўшы слухаўку да вуха, дадала: — Мне на мінулым тыдні тэлефанаваў Міклашэвіч.
— Зараз я ў вашым горадзе і званю табе з чыгуначнага вакзала.
— Ты тут? — шчыра абрадавалася дзяўчына. — Прыязджай тады да нас.
Праз паўгадзіны стомлены, даўно няголены, але шчаслівы Кухар стаяў
перад уваходнымі дзвярыма хаты Камяневічаў. Убачыўшы яго з вусамі і невялікай бародкай, Таня шырока ўсміхнулася:
— Калі б я сустрэла цябе такога на вуліцы днём, то не пазнала б.
— А вечарам?
— Вечарам? — дзяўчына засмяялася. — Крый божа, сустрэць цябе такога вечарам! Аднак, што мы стаім на вуліцы, заходзь у хату.
Пакуль Кухар распранаўся ў вітальні, Таня аб нечым перашэптвалася на кухні са сваімі бацькамі. Потым выйшла да яго і прапанавала памыць рукі і павячэраць разам з імі.
— Я перакусіў ужо ў вакзальным рэстаране, — падзякаваў госць і зірнуў на наручны гадзіннік — Ды і апошні аўтобус на Дубоўну адпраўляецца праз дзве гадзіны, а я хачу расказаць табе пра сваю паездку.
— Ну давай хаця пап’ём чаю!
— Ад чаю не адмоўлюся.
Аднак пасля таго, як Кухар зайшоў на кухню, павітаўся з Танінымі бацькамі і сеў на табурэтку ля халадзільніка, гаспадар паставіў на стол бутэльку гарэлкі.
— Я думаю, што кілішак «Сталічнай» не зашкодзіць такому малайцу пасля працяглага падарожжа, — бадзёра сказаў ён.
— Ну, калі толькі кілішак.
За першым кілішкам быў другі, за другім — трэці і толькі потым Таня рашуча ўмяшалася ў цікавую гутарку мужчын пра спорт і палітыку.