У абедзенны перапынак малады супрацоўнік выдавецтва Мікалай Васюк спяшаўся на спатканне. Здарылася так, што на суботніку ў падшэфным калгасе ён з першага позірку закахаўся ў адну дзяўчыну, як пасля высветлілася, студэнтку тэхнікума Веру Кавалёнак. У яго было некалькі выпадковых сустрэч з ёю, а перад ад’ездам у Мінск — студэнты яшчэ заставаліся ў калгасе — Мікалай убачыў яе зноў. Вера трымала на руках дзіця гаспадыні, у якой спынілася на кватэры.

Мікалай кіўнуў ёй пальцам, і праз хвіліну яна выбегла з хаты ў адной сукенцы і босая, хоць было ўжо даволі холадна. Ён пажартаваў спачатку наконт дзіцяці: ці не рана вучыцца гадаваць, на што яна адказала, смеючыся, што якраз пара. А пасля Мікалай спытаў яе адрас. Яна, доўга не думаючы, сказала, і ён абяцаў, зноў жартам, зайсці калі-небудзь у госці. Ён яшчэ не хацеў прызнацца сабе, што яна яму падабаецца, больш таго — што ён яе пакахаў.

I вось Мікалай хадзіў у другі канец горада раз і другі, і ні разу не застаў Веры. Яна займалася на другую змену. Нарэшце, напісаў ёй кароткае пісьмо, у якім прасіў сустрэцца.

Цяпер ён ехаў на ўмоўленае месца. Тралейбус, здавалася, ледзь цягнуўся, а прыпынкі былі доўгія, як асенняя ноч.

Ён чакаў Веру некалькі хвілін. Яна перамянілася — Мікалай першы раз бачыў яе ў бардовым асеннім паліто, у цёплай стракатай хустцы на русай галаве. Мікалай пайшоў ёй насустрач. Яна здалёк усміхнулася. Цеплынёй і ласкай павеяла ад гэтай простай дзявочай усмешкі.

— Добры дзень, Вера! — прамовіў Мікалай.— Я думаў, што ты не прыдзеш...

Некаторы момант яны пазіралі адно аднаму ў вочы, нібы стараліся прачытаць чужыя думкі.

Нарэшце, Мікалай узяў Веру за руку і сказаў:

— Зойдзем у скверык, пасядзім.

Яна згадзілася.

Пад нагамі ціха шапацелі кляновыя лісты, шчодра расквечаныя восенню. Здавалася, што яны яшчэ жывуць, саграваючы непрыветлівую зямлю сваім халодным лістападаўскім агнём.

Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Мікалай распытваў яе, як жывецца, як ідзе вучоба, ці цягне дадому. Вера расказвала. Усяго паўгода, як яна ў горадзе, вучыцца ў статыстычным тэхнікуіме. У мінулым годзе скончыла дзесяцігодку, а цяпер — у асобнай групе са скарочаным тэрмінам навучання. Жыве ў сваёй стрыечнай сястры, якая тут замужам. Сястра раней працавала, а цяпер у яе дзеці...

Вера ўсміхнулася. Сумачку-чамаданчык яіна ўвесь час круціла ў руках, «кантуючы», і ўсё, што там было, перакочвалася з аднаго кутка ў другі.

— Пашкадуй ты гэтую пасудзіну,— сказаў Мікалай. Ён узяўся за ручку чамаданчыка і, дакрануўшыся да рукі дзяўчыны, адчуў, як лёгкі ток прабег па яго целе.

Вера падабалася яму ўсё больш і больш. Здавалася, ён бачыў дзяўчыну, якую даўно песціў у сваіх марах. Гэта быў яго ідэал, якога ён так доўга не мог знайсці. Маленькі, крыху кірпаты нос, ясныя, з дзіцячым бляскам сінія вочы, свежы твар, яшчэ не крануты адзнакай суровага жыцця... Яна нясмела апускала вочы пад яго напорыстым позіркам, а ён, яй зачараваны, глядзеў ёй у твар, гладзіў яе тонкія, з доўгімі гнуткімі пальцамі рукі. У грудзях Мікалая стала раптам горача, сэрца застукала мацней. Хацелася абняць яе, моцна прытуліць да сябе. Але вакол хадзілі людзі. Яны сурова пазіралі на маладую пару, якая знайшла час забаўляцца сярод белага дня на людным скверыку...

Так непрыкметна праляцела гадзіна. Дамовіліся сустрэцца аж у нядзелю, бо заняткі ў яе канчаліся вельмі позна. А быў толькі аўторак! Развіталіся на тралейбусным прыпынку. Яна моцна, па-мужчынску, адказала на яго поціск рукі. Падышоў тралейбус, пасажыры выстраіліся ў доўгую чаргу. Мікалай быў адным з апошніх. Ён азіраўся, шукаючы сярод шматлікіх пешаходаў бардовае паліто Веры, і паволі пасоўваўся наперад, пакуль не наступіў на нагу суседу. Той азірнуўся, суха бліснуўшы акулярамі.

— Вінават, прашу прабачэння,— паспешна прамовіў Мікалай і, шмарукчы нагамі па асфальце, больш асцярожна пачаў прабірацца да дзвярэй.

Ён нічуць не пакрыўдзіўся на пасажыра, які нават нічога не адказаў на прабачэнне. Ён тут жа забыўся пра гэта. На губах яго блукала ледзь прыкметная ўсмешка, перад ім, здаецца, як жывы, стаяў вобраз Веры, такі непаўторны і блізкі.

Дні праходзілі марудна, асабліва да шасці гадзін вечара. Карэктура надакучыла, усё часцей і часцей між радкоў бачыў Мікалай знаёмы твар. Тады радкі зусім расплыіваліся, вочы бачылі толькі літары, сэнс губляўся, не даходзячы да свядомасці.

Мікалай быў чалавекам замкнёным, аб сваіх інтымных пачуццях не любіў гаварыць, і таварышы па рабоце не маглі адгадаць, чаму так перамяніўся чалавек. Працяглае маўчанне ў яго раптам перапынялася выбухамі вясёлай гаварлівасці, а пасля ён зноў змаўкаў.

У нядзелю, навёўшы парадак у сваёй «гаспадарцы», Мікалай схадзіў у бібліятэку, бегла прагледзеў часопісы і свежыя газеты.

Сустрэча намячалася на пяць гадзін, а роўна ў тры ён стаяў за білетамі ў кіно на вячэрнія сеансы. Першы раз яны пойдуць разам у кіно! Вольнага часу — паўтары гадзіны. Мікалай накіраваўся ў сталовую, пара абедаць. Гэта лепшы сродак супраць хвалявання, не адзін раз правераны практыкай.

«Чаму ж яна затрымліваецца так доўга?» — пытаў сам сябе Мікалай, калі прайшло паўтары гадзіны, а пасля дзесяць, пятнаццаць, дваццаць хвілін. «А можа зусім не прыдзе?» — закрадалася сумненне. Яно авалодвала ім усё больш і больш, калі стрэлка гадзінніка пасоўвалася далей ад лічбы «пяць». «А што, калі схадзіць да яе на кватэру? — раптам прышла думка.— Два кіламетры — недалёкая дарога».

Дзверы адчыніла яму маладая, хударлявая жанчына.

— Можна бачыць Веру Кавалёнак?

— Не, яна паехала дадому,— сур’ёзна адказала жанчына.

— Прабачце.

— Калі ласка.

Прайшло некалькі дзён. Аднойчы вечарам, у гадзін адзінаццаць, Мікалай вяртаўся з горада на сваю кватэру.

Ён толькі выйшаў з-за рогу вуліцы, як, адрывіста пазваніўшы, з месца крануўся трамвай. Мікалай на хаду скочыў на заднюю пляцоўку пярэдняга вагона. Стоячы ля дзвярэй, ён стаў безуважліва глядзець, як у заднім вагоне хадзілі людзі. Позірк Мікалая выпадкова спыніўся на дзяўчыне, якая сядзела плячыма да яго. Была яна ў стракатай цёплай хустцы і ў асеннім бардовым паліто. Яму раптам здалося, што гэта нехта знаёмы. Вось дзяўчына падняла ўгару рукі, тонкімі доўгімі пальцамі папраўляючы хустку. Сэрца яго нечакана страпянўлася — ён пазнаў Веру. Яна ўстала і падышла да выхаду.

Мікалай пачакаў, пакуль яна сыйдзе на прыпынку і, саскочыўшы з падножкі, накіраваўся за ёю. У ім змагаліся два пачуцці: радасць ад нечаканай сустрэчы і крыўда за тое, што Вера не стрымала свайго слова. Але крыўда была маленькая і нязначная ў параўнанні з той вялікай радасцю, якаія напоўніла сэрца.

Праз некалькі крокаў Мікалай апынуўся побач з Верай. Яна не здзівілася, наперакор яго спадзяванням, толькі ледзь прыкметна ўсміхнулася і працягнула руку. Яны так і ішлі, узяўшыся за рукі, як дзеці. Мікалай пачаў гутарку аб нечаканасці сустрэчы, але на языку круцілася пытанне: «Чаго ты ездзіла дадому?»

Аднак ён перамог сябе і, стрымліваючыся, спакойна гаварыў:

— Я цябе запомніў з першага разу і пазнаў бы, нават не гледзячы ў твар. Рукі ў цябе такія. Знаеш, нібы ў той індыйскай балерыны, што ў часопісе.

Яна крыва, нібы нехаця, усміхнулася.

— Што мне мае рукі? Яны не па спецыяльнасці. Мне патрэбны моцныя рукі хатняй гаспадыні,— прамовіла яна, і Мікалаю здалося, што ён упершыню чуе яе голас — такая незнаёмая, неўласцівая ёй сумная нота прагучала ў ім.

— Ты збіраешся быць хатняй гаопадыняй?

— А чаму не быць? Усе ўмовы для гэтага калі не ёсць, то скора будуць.

— Што ты гаворыш? Ты выходзіш замуж?! — амаль выкрыкнуў Мікалай.

— Так, выходжу,— нібы знарок спакойна адказала яна.

Ён выпусціў яе руку. Некаторы час ішлі моўчкі. Мікалай не знаходзіў слоў.

— А хто ж ён? — стараючыся гаварыць спакойна, спытаў нарэшце Мікалай.

— Ты ўсёроўна не ведаеш яго, — адказала яна.

— Скажы, буду ведаць, — спрабаваў ён жартаваць.

— Наш адзін выкладчык...

— Выкладчык? Фізкультуры? —чамусьці спытаў ён.

— Матэматык... Чаму ты думаеш, што фізкультуры?

— Ды так... Ім падабаюцца такія дзяўчаты, як ты,— адказаў Мікалай.

Вера не захацела ці не заўважыла іроніі за кампліментам. Твар яе быў сур’ёзны і замкнёны.

Нарэшце, доўгі высокі плот, які адгароджваў будаўнічую пляцоўку, скончыўся: налева была яе кватэра. Яны спыніліся на рагу.

Мікалай зноў узяў яе за руку і, пазіраючы проста ў вочы, цвёрда спытаў:

— Скажы Вера, не крывячы душою: ты любіш яго?

I з трывогай у сэрцы чакаў адказу.

Яна апусціла галаву, раздумваючы, а пасля ціха, але рашуча сказала:

— Не.

Сэрца яго адазвалася радасным стукам. Але, не выдаючы сваёй радасці, ён суха, з ледзь прыкметным дакорам у голасе спытаў:

— А што ж прымусіла цябе ісці за яго?

Яна глянула на яго поўнымі болю вачыма, твар яе раптам скрывіўся, і яна закрыла яго рукамі.

Тады Мікалай, прыгарнуўшы да сябе Веру, стаў цалаваць яе рукі. Яна асцярожна прыняла іх, і ён, п’янеючы, цалаваў яе мокры ад салёных слёз твар.

— А мяне ты любіш? — ціха спытаў яе Мікалай, не выпускаючы са сваіх абдымкаў.

— Цябе люблю,— прашаптала яна праз слёзы.

Ён цалаваў яе яшчэ і яшчэ, пакуль яна не адказала яму такім жа доўгім і гарачым пацалункам.

— Верачка, я цябе нікому не аддам. Ты будзеш толькі маёю...

— Позна, Коля... — яна зноў усхліпнула. — Я павінна табе ўсё сказаць... Я ўжо жанчына.

Апошнія словы нібы сцебанулі Мікалая па твары.

— Ты... ужо? — здзівіўся ён і змоўк. Многа крыўдных, балючых слоў прасілася на язык, але ён стрымаўся. Толькі шалёна праносіліся ўрыўкі думак: «Усё страчана, нічога не вернеш!.. Вось яно, шчасце. Лаві, не дагоніш!..»

А між тым Вера выглядала спакойнай, як чалавек, які выканаў свой абавязак. Толькі вочы яе хаваліся ад яго калючага позірку, у якім яна чытала сабе прысуд.

Хвіліну счакаўшы, нібы апраўдваючыся, яна гаварыла:

— Коля, ты асудзіш мяне за гэты ўчынак, я ведаю. Але што мне заставалася рабіць? Так ужо склаліся абставіны. Ты сам чалавек і ты павінен зразумець мяне... Ён хітры... Ён спачатку адносіўся да мяне, як добры дзядзька да малога дзіцяці — чула, хораша. А пасля я не заўважыла, як трапіла пад яго ўладу. I вось мы паехалі да маіх бацькоў, ён і ім спадабаўся, і яны запатрабавалі, каб я выходзіла за яго замуж. Я не хацела. Ды хто мяне слухаў?.. У гэтую нядзелю я дала згоду, а праз тыдзень будзе вяселле...

Спакойны, роўны тон яе гутаркі вывеў Мікалая з раўнавагі. Як можна спакойна гаварыць аб самагубстве! Яна нешта яшчэ хацела сказаць, але Мікалай, схапіўшы яе за руку, крыкнуў:

— Стой, хопіць! — і знізіўшы голас амаль да шэпту, нё хаваючы злосці, загаварыў паспешліва і блытана: — Ты разумееш, што ты робіш, ці не? Ты думала аб сабе, калі давала згоду? Ён абдурыў цябе! Ён спадабаўся тваім бацькам! А табе ён падабаецца? Ён сам пацікавіўся гэтым ці не? Яму напляваць, любіць яго жонка ці не, абы яна яму была да спадобы. Але гэта пачатак! Ты мала пажыла яшчэ і не ведаеш, што такое жыць з нялюбым чалавекам. Рана ці позна вам стане цесна пад адной страхой, ты не зможаш заўсёды прытварацца. Нельга доўга ашукваць каго-небудзь, як і самога сябе. Ты не маеш права губіць сябе і сваю маладосць...

Вера слухала, не падымаючы галавы. Цяжка было пазнаць па яе замкнёным твары, якое ўражанне рабілі на яе словы Мікалая.

— А што ж ты зрабіў бы? — раптам устрапянуўшыся, спытала Вера.

— А ты згодзішся з маёй прапановай? — адказаў ён пытаннем.

— Калі яна чаго-небудзь варта...

— Скажы... вы зарэгістраваны?

— Яшчэ не, але ён падаў заяву.

— Заяву трэба забраць... і перапісаць... А пасля паедзем да тваіх бацькоў — сварыцца і мірыцца.

Хоць Мікалай гаварыў рашуча і цвёрда, аднак не было ў яго словах той упэўненасці і пачуцця справядлівасці ў сваім рашэнні, як гэта было ў пачатку. I таму, відаць, Вера сэрцам сваім адчула няўлоўную фальш яго слоў і пасля кароткай паўзы спакойна адказала:

— Гэта немагчыма..Такой я табе не патрэбна... Ды што скажуць мае бацькі і сваякі? Не, будзе так, як ёсць. Позна... — Апошняе слова прагучала, як стогн.

— Позна? Не, не позна! Ты не маеш сілы парваць з ім і не верыш мне!

Сапраўды ён не верыў сабе, а другіх хацеў пераканаць.

Можа таму Вера няпэўна адказала:

— Не ведаю... Мо і так.

Мікалаю хацелася абразіць яе, назваць бязвольнай і безгаловай, але замест гэтага ён сказаў:

— Вось што, Вера... Я свайго слова не забіраю. Ты абдумай усё яшчэ раз. Аб сабе асабліва падумай, аб сваім будучым. I тады скажаш мне. Добра?

— Не ведаю,— быў адказ.

— Як хочаш,— сказаў Мікалай, адчуваючы, што ў грудзях у яго пачынае расці злосць.— Мне трэба ісці.

Мікалай глянуў на яе злым позіркам. Яна стаяла, панурыўшыся, нібы пастарэўшы на некалькі год. Бледны твар пры святле ліхтара здаваўся яшчэ больш замкнёны і не выдаваў яе сапраўдных пачуццяў, але за гэтым шчытом Мікалай бачыў вялікую навальніцу ў душы чалавека, які стаіць на раздарожжы і выбірае, куды скіраваць,— якая дарога шчаслівейшая.

Вялікі жаль да гэтай дзяўчыны ахапіў яго на момант, але ён падавіў яго. Ён працягнуў руку і сказаў:

— Да сустрэчы.

Яе рука была халодная і вялая.

Мікалай дабіраўся дадому апошнім трамваем, а астатнюю дарогу ішоў памалу, каб развеяць свае думкі. На сэрцы было цяжка. Вера, як цень, неадступна ішла за ім, не давала спакою.

Ён не мог дараваць ёй такой паспешлівасці і лёгкадумнасці, а сабе — гэтай маруднай разважлівасці, якую цяпер праклінаў. Хацелася забыць пра ўсё, што адбылося нядаўна.

Было гадзіны тры ночы, калі Мікалай, стомлены і разбіты, дабраўся да кватэры.

Ён доўга не мог заснуць. Залажыўшы рукі за галаву, ляжаў, пазіраючы ў белую столь, па якой прабягалі зайчыкі ад фараў машын.

Думкі снаваліся адна за адной, як асенняя павуціна. Сон надышоў непрыкметна.

На работу Мікалай прышоў раней за ўсіх і адразу ж узяўся за працу, спадзеючыся развеяць кепскі настрой і свае думкі. Але ўсе старанні яго былі дарэмныя. Зноў і зноў ён варочаўся да ўчарашняй размовы з Верай, а сама яна паўставала перад ім, як прывід. Здавалася, ён чуе яе голас, чуе так ясна і выразна, што, страпянуўшыся, азіраецца навакол, баючыся, што гэты голас чуваць не толькі яму.

Мікалай пачынаў успамінаць.

...Суботнік у калгасе. Маладыя дзяўчаты-студэнткі выбіраюць бульбу. Уперадзе ўсіх — Вера.

...Бульбу нагружаюць на машыну. Дзяўчаты насыпаюць кошыкі, хлопцы носяць. Вера не дасыпае, калі Мікалаю прыходзіцца забіраць у яе. Ён напамінае ёй аб гэтым, а яна ціха адказвае: «Падарвешся...» — і чырванее, як мак.

...«Учора наплакалася невядома чаго. Убачыла на двары сабачку, на нашага падобны. Такі жаль ахапіў, здаецца, паляцела б дадому... Яшчэ не адвыкла». I такім вінаватым тонам!

...«Страшна!» — сказала і ўздрыганулася пры поглядзе на «Сядзячага дэмана» Врубеля, разглядаючы часопіс.

...«Трэба купіць паліто, а я распазычыла ўсе грошы таварышкам. Што зробіш? Сама не раз пазычаю».

I яшчэ многа дэталей прамільгнула ў яго памяці.

Чым больш думаў Мікалай, тым усё больш пераконваўся, што Вера — гэта якраз той чалавек, якога ён даўно шукаў і так доўга не знаходзіў. Яму падабалася яе наіўная прастата і непасрэднасць. У ёй няма ні кроплі фальшы і штучнасці. Яна не фарбуе пазногці і не робіць завіўкі. Усмешка яе — не какетлівая ўсмешка, пад якой хаваецца лёгкадумства, а выраз самых шчырых і чыстых пачуццяў. Яе сум — не капрыз распешчанай дачушкі, якой прышло ў галаву павадзіць цябе за нос. Яна — разумная, чулая дзяўчына, хоць ёй і трэба яшчэ многа вучыцца і многа пазнаць.

Як жа ён можа аддаць у чужыя рукі гэты скарб? Ён застанецца жабраком, з пустой душою, калі яго абміне святлом свайго ззяння гэта дзяўчына. Толькі яна адна можа выратаваць яго, вярнуць надзею на асабістае шчасце.

Так, яны павінны быць разам! Ён любіць яе, якой яна ёсць. Толькі тады яму стала на момант балюча, толькі на хвіліну ім авалодала няпрошаная рэўнасць, але яна растала, як снег, што выпаў на цёплую зямлю. Вінавата не Вера, вінават ён сам. Ён сам не мог паверыць доўга ў сваё шчасце, прыглядаўся, чакаў, спадзяваўся на нешта, і сам не ведаў, на што. А цяпер... Праз пару дзён яна стане жонкаю таго, невядомага яму матэматыка, а Мікалай застанецца адзін, будзе цешыць сябе ўспамінамі аб далёкім шчасці, якое аднойчы ўсміхнулася яму.

...Да абеду заставалася хвілін дваццаць, але Мікалай рашыў пайсці.

Тралейбус прымчаў яго ў горад. Прайшоўшы сквер, Мікалай стаў спускацца ўніз па знаёмай вуліцы. Ён ішоў хутка, гледзячы пад ногі і абмінаючы лужыны. Імжыў дробны асенні дождж.

Раптам сэрца Мікалая балюча страпянулася: насустрач ішла Вера, трымаючы пад руку... Мікалай спыніўся, як укопаны: Вера ішла пад руку з Адамам Жукам, з якім ён тры гады назад жыў у адным пакоі. Адам вучыўся тады на трэцім курсе фізмата. Гэта быў самаўпэўнены малады чалавек, высокай думкі аб сабе і сваіх здольнасцях. У сесію, калі яго пыталі, як ён здаў экзамен, ён адказваў: «Нармальна» — такім тонам, нібы ўсім было вядома і ўсім зразумела, што ён здае толькі на пяць. Ён меў прывычку ісці і не глядзець на людзей. I цяпер ён прайшоў бы міма, але Мікалай стаяў якраз на іх дарозе.

— Мікалай? — здзівіўся Адам.— Адкуль ты ўзяўся? Здароў! — Ён весела працягнуў руку Мікалаю, глянуў на Веру і дадаў: — Знаёмся з маёй жонкай.

Мікалай цяжка дыхаў. Бляднеючы і робячы паўзы пасля кожнага слова, прамовіў:

— Здароў... 3 неба... зваліўся... Жонкай?.. Мы знаёмы... без твайго... дазволу...— I ён кінуў кароткі позірк на Веру.

Яна глядзела сабе пад ногі. Твар яе быў белы, як палатно, а вусны шчыльна сціснуты. Усе трое маўчалі. Адам нібы нешта ўспомніў — ён рэзка насунуў капялюш на вочы: твар яго паволі залівала чырвань. Ён пераводзіў погляд то на Мікалая, то на Веру і, здавалася, не знаходзіў слоў. У ім бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць, бо стрымацца не было сілы.

— Дык гэта і ёсць твой новы знаёмы? — звярнуўся ён да Веры, робячы націск на апошнія словы.— А чаму ты не сказала мне, што ён ведае дарогу на тваю кватэру? Я пытаю ў цябе, чуеш? — у голасе Адама загучала халодная, непрыемная нота.

Вера маўчала. Яна толькі рэзка павярнулася і стала бокам да Адама.

— Паслухай, Адам, не хвалюйся,— звярнуўся да яго Мікалай.— Ты дарэмна на яе нападаеш. Ды яна і не абавязана гаварыць табе ўсё, што ёй вядома, і рабіць перад табой справаздачы...

— А табе што да таго, як я абыходжуся з ёю? Ёй адвакатаў не трэба! — Адам збіў капялюш на патыліцу, адкрыўшы вялізны лоб са шрамам-абручом над белымі брывамі.— Я рашаю свае сямейныя справы так, як мне падабаецца.— Голас яго гучаў груба і нядобразычліва.

— Дазволь адзін раз умяшацца ў твае сямейныя справы. Толькі адзін раз.— Мікалай смела глянуў у вочы свайму суперніку і напружаным ад хвалявання голасам дадаў: — Я павінен сказаць, што я кахаю Веру...— і асекся.

Скарыстаўшы гэтую замінку, Адам рэзка перабіў яго:

— Мне напляваць, што нехта кахае маю жонку. Я яе муж, я яе кахаю, і знаць больш нічога не хачу!

— А яна цябе кахае? Ты пацікавіўся гэтым ці не? Ты ведаеш, што яна прыносіць ахвяру твайму эгаізму? Ты губіш яе і сябе.

Вочы Мікалая загарэліся дзікім бляскам, а ўсё цела напружылася, нібы ён збіраўся кінуцца на Адама. Засунутыя ў кішэні паліто рукі сутаргава камячылі пальчаткі.

Адам памятаў па інтэрнату дабрату Мікалая, але ведаў і тыя рэдкія хвіліны, калі яму даводзілася бачыць яго гнеў.

Аднак Адам не разгубіўся. Ён паглядзеў спачатку на Веру, якая па-ранейшаму стаяла збоку ад іх і, здавалася, была безуважнай да ўсяго, пасля акінуў Мікалая знішчальным позіркам і спакойна, стрымліваючыся, сказаў:

— Не твая справа. Я ведаю, што раблю. Пойдзем, Вера! — I ён рашуча ўзяў яе за руку. Абмінаючы Мікалая, працадзіў праз зубы: — Блытаецца пад нагамі...

Толькі цяпер Мікалай успомніў, што Вера не прамовіла ні слова за ўвесь час іх гутаркі. Яна нібы набрала вады ў рот. Няўжо яна так і будзе маўчаць, няўжо так і пойдзе пад руку з Адамам, не сказаўшы праўды ў вочы гэтаму самаўпэўненаму чалавеку? I трацячы апошнюю надзею, Мікалай нібы вырваў з грудзей набалелы крык:

— Вера! Скажы яму ўсю праўду!..



Але Вера маўчала. Яна пайшла пад руку з Адамам.

Мікалай стаяў, нібы прыбіты да зямлі, і пазіраў, як аддалялася шчасце. Няўжо такі недарэчны канец? Нехапала сілы верыць, што гэта так.

Ён скінуў шапку і стаяў, як над магілай блізкага чалавека. Кроплі дажджу асвяжалі яго гарачы твар.

Ён перайшоў на другі бок вуліцы. і памалу пацягнуўся да трамвайнага прыпынку, каб ехаць на работу.


***

Нехта сказаў, што час — самы лепшы доктар. Ён лечыць самую глыбокую душэўную рану. Толькі па начах Мікалай доўга не мог заснуць. Было крыўдна, цяжка, часта да горла падступаў гарачы клубок, а на вочы наплывалі няпрошаныя слёзы.

Перадумваючы ўсё, Мікалай паволі прывучаў сябе да думкі, што зробленага ўжо не паправіш.

Прапала ранейшая ахвота да працы. Дзень цягнуўся марудна. Хацелася прычакаць вечара і пайсці ў кіно, каб там хоць на пару гадзін пазбыцца думак, якія не даюць спакою ні днём, ні ноччу.

Ды кіно не магло запоўніць тую пустату ў душы, якая палохала яго штораз болей. Першы раз у сваім жыцці ён напіўся адзін, думаючы ў гарэлцы знайсці збавенне. Але думкі і вобразы мінулага паўставалі ў яго свядомасці яшчэ больш ярка і выпукла. Як жывы, паўставаў перад ім бледны, нерухома-каменны твар Веры, плавала самаўпэўненая, задаволеная маска Адама. I адзін неадступцы малюнак, як кадр кінафільма, стаяў перад вачыма: Адам пад руку з Верай адыходзяць... Вось, рукой падаць, яго шырокія плечы, абцягнутыя сінім драпавым паліто, чырвоная выбрытая шыя і сіні капялюш, засеўшы на адтапыраных вушах. I побач, на галаву ніжэй — Вера, у стракатай цёплай хустцы, у новым зімовым паліто, з галавой, чуць уцягнутай у плечы, нібы ў чалавека, які чакае ўдару ў спіну.

I сябе бачыць Мікалай. Ён стаіць, нібы прыціснуты да зямлі, няшчасны, разбіты, без шапкі, пад мараслівым дажджом. Ён адзін на вуліцы, адзінокі ў жыцці.

Лютая злосць закіпала тады ў сэрцы Мікалая. Да хрусту ў суставах сціскаюцца пальцы. Эх, няхай бы зноў паўтарылася на яве такая сцэна! Ён адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, ён дагнаў бы іх і з усёй сілы ўчапіўся б у горла Адаму, пакуль той не адмовіўся б ад чужога шчасця.

Але вось, нечакана, як гром з яснага неба, пачулася вестка ад Веры.

Прышоўшы з работы, ён, па прывычцы, кінуў позірк на стол. Пісьмо! Ад каго ж? Ці не з дому? Ён падыходзіць — і раптам у сэрца кальнула: ён пазнаў яе почырк. Гэта Вера! Нешта здарылася, так не можа быць. Пісьмо было кароткае. Спачатку традыцыйныя пажаданні шчасця. Наіўная! За пажаданнямі — усяго пара слоў. Яна просіць прысці на старое месца а першай гадзіне дня, калі ён не лічыць гэта для сябе прыніжэннем. Ёй трэба параіцца з ім. I ў канцы — прабачэнне за турботы.

Мікалай цяжка ўздыхнуў. Так, нешта вельмі важнае, толькі не ў пісьме. Ясна, што тут не дагаворана, і за спакойным тонам чуваць вялікае хваляванне, можа нават гора. Заўтра,.. Што ж яна скажа яму? Гэтае пытанне не выходзіла ў яго з галавы да канца дня.

...Вера спазнілася. Яна выскачыла з трамвая, азірнулася. Цень усмешкі прамільгнуў на яе твары, калі яна ўбачыла Мікалая.

— А я думала, што вы не прыдзеце... Вы не пакрыўдзіліся на мяне, што я патурбавала вас? — спытала Вера.

Яны ішлі ўверх па вуліцы, слізгаючы нагамі па свежым, але ўжо ўтаптаным снезе.

— Чаму «вы»? Я паспеў стаць чужым для цябе за гэты час, праўда? —дапытваўся ў сваю чаргу Мікалай.

— Вы не адказалі мне. Я маю права не адказваць вам у такім разе, — яна кінула на Мікалая жартаўлівы позірк, але не было ў ім ранейшай непасрэднасці і бесклапотнасці.

— Не вам, а табе,— паправіў яе Мікалай і засмяяўся. Яму прыемна было бачыць яе вясёлаю. I тым не менш, ён адчуваў, што гэтая весялосць штучная. Ён чакаў, пакуль Вера сама скажа яму «нешта важнае», а яна чакала ад яго гэтага запытання.

Пасля кароткага перапынку Мікалай, нарэшце, спытаў яе:

— Як жа табе жывецца... замужам?.. Раскажы...

Нібы хмара на сонца, лёг суровы цень на яе тваіры. Вера, здавалаея, пастарэла.

Мікалая кальнула ў сэрца гэтая перамена. Ён пашкадаваў, што так рэзка і неасцярожна паставіў пытанне.

Але Вера перамагла сябе, ускінула галаву і спакойна сказала:

— Прашу толькі не радавацца майму няшчасцю: я ўжо не замужам, а адна.

Мікалай не ведаў, што сказаць. У яго язык нібы прысох у роце і не мог паварушыцца, каб вымавіць слова.

— Што ты га-во-рыш? — трагічным голасам, расцягваючы склады, спытаў Мікалай. Ён проста не ведаў, як сустрэць такую навіну, што яна для яго азначае? I сапраўды, радавацца яму ці спачуваць ёй у такім няшчасці?

Вера прадаўжала:

— Але гэта не ўсё. Я больш не вучуся. Захварэла мая мама, я павінна была застацца дома, а пасля сама злягла і прабыла ў бальніцы два тыдні.

I яна замоўкла. «Падрабязнасцей і прычын не хоча гаварыць. Лічыць мяне чужым або саромеецца»,— падумаў Мікалай.

Размаўляючы, яны прайшлі кіламетры два, а можа і болей, і агледзеліся тады, калі апынуліся на вакзале, дзе Веры трэба было садзіцца на аўтобус. На прыпынку яна сказала, гледзячы ў зямлю:

— У мяне да цябе ёсць просьба. Я шукаю кватэру. Калі табе не цяжка, то праведай і скажы мне як-небудзь. Я паеду дадому. Пасля работу буду шукаць. Пра вучобу няма чаго думаць. I так я вельмі адукаваная. — I яна горка ўсміхнулася, а пасля спытала: — А як ты жывеш? Не жаніўся?

— Хацеў жаніцца, ды ноч малая,— сур’ёзна адказаў Мікалай.

Ён змоўк, хоць хацелася сказаць вельмі многа. Маўчала і Вера.

Маўчанне парушыў Мікалай.

— Ты мне нічога не сказала. А знаць я павінен усё, што ў цябе здарылася. Да нядзелі я пастараюся знайсці табе кватэру. Работу — цяжэй, але і яна таксама знойдзецца.

Яны цёпла развіталіся, умовіўшыся сустрэцца ў нядзелю.

Непрыкметна, у напружанай працы прайшоў тыдзень. Захварэла адразу два чалавекі з аддзела, прышлося цягнуць аднаму за траіх. Работа не чакала. Адзін толькі вечар быў патрачан на пошукі кватэры.

Прызнацца, Мікалай цяпер не хваляваўся за будучае. Яму здавалася, што Вера больш не пакіне яго. Цікава толькі, што паслужыла прычынай разрыву, хто першы пайшоў на такі крок? Яму думалася, што гэта яна. I можа нават з-за яго, Мікалая. Да гэтай думкі ён аднёсся даволі крытычна, бо ніколі не перабольшваў свае ролі. Не ў яго карысць гавораць і паводзіны і размова Веры.

У нядзелю яны сустрэліся, як добрыя знаёмыя, абмяняўшыся ўсмешкамі. Вера старалася быць вясёлай, хоць за гэтай весялосцю відаць быў вялікі боль душы. Мікалай падумаў сам сабе, што не кожны мог бы так трымацца. Але даволі было аднаго слова, якое вяртала яе да надзённых спраў, як яна рабілася сур’ёзная і задуменная.

Ёй проста трэба было хоць на гадзіну адагнаць ад сябе тыя цяжкія думкі, якія не давалі спакою ў адзіноце. Ёй патрэбен быў адпачынак, сапраўдны, глыбокі, але яна не магла яго знайсці. Можа Мікалай і быў тым адзіным чалавекам, з якім ёй было лягчэй і з якім, як-ні-як, у яе было нешта агульнае, з якім яна магла падзяліцца сваімі патаемнымі думкамі.

Размова спачатку не клеілася. Яны хадзілі па прывакзальным скверыку.

— Ну, Вера, раскажы, што ў цябе здарылася? Ты ж была дома, здаецца? Як мама, папраўляецца? Няма надзеі? Не можа быць!

Мікалай стараўся пераканаць яе, што аперацыя на апендыцыт — гэта глупства, але яна баялася, што маці не вытрымае. Відаць, Вера знала больш сваю маму, калі так гаварыла, а суцяшаць і падводзіць сябе не хацела.



Вера ўсё больш і больш хмурнела і гатова была заплакаць. Мікалай узяў яе за руку і ціха пагладзіў. Гэтай маленькай ласкі было даволі, каб Вера зусім расплакалася. Мікалай разгубіўся. Але яна хутка супакоілася, выцерла вочы і цераз сілу ўсміхнулася.

— Без слёз мы не можам. Гэта вы, мужчыны, з цвёрдымі сэрцамі...

— Як хто... Я сам магу пераносіць гора, боль — нават лёгка. А вось бачыць, як некаму цяжка, балюча — не магу. Здаецца, няхай бы ён мне аддаў сваю пакуту, а сам быў здаровы і вясёлы...

Затым Мікалай загаварыў пра тое, што яго так хвалявала: як яна думае жыць далей? Яна не прымае яго ў разлік... Яна лічыць, што ён перамяніў свой погляд на яе. Зноў і зноў натыкаўся Мікалай, як на сцяну, на гэты довад. А як ён мог даказаць, што ён застаўся па-ранейшаму адданы ёй? О, калі б яна магла заглянуць яму ў душу, там яна ўбачыла б толькі адну сябе.

Мікалай не знаходзіў слоў, каб пераканаць яе. Не, не, цяпер ён будзе настойлівы, цяпер не будзе разважаць і марудзіць: усё перадумана. Але чаго яна пярэчыць?

Нібы ў адказ на яго ўнутранае пытанне, Вера гаворыць:

— У галаве ў мяне кружыць і надварочвае пад грудзі... Зусім я хворая...

Мікалай на хвіліну задумаўся... Ды што, гэтага трэба было чакаць.

— Гэтым ты мяне не спалохаеш, Вера, і не адштурхнеш ад сябе. Калі я цябе люблю, то буду любіць і тваё... дзіця.

Апошняе слова ён вымавіў неяк асабліва, нібы яно было іншамоўнае і Мікалай не прывык да яго гучання.

— Гэта толькі так здаецца на першы погляд. Чужое — не сваё,— суха зазначыла Вера.

— А хіба мала сем’яў, дзе дзеці адной маці і не аднаго бацькі і наадварот? Няўжо мы горшыя за людзей? Няўжо ты мне ўсё яшчэ не верыш? — пытаў Мікалай.

— Родны бацька дзіцяці не хоча, каб яно ўбачыла свет, а што гаварыць аб чужым чалавеку?

— Як? I ты згадзілася з ім? — жах пачуўся ў голасе Мікалая.

— Я не магла згадзіцца... Таму мы і разышліся... Ён гаварыў, што мне яшчэ рана быць маткай, што дзіця будзе скоўваць мяне і яго, будзе перашкаджаць працаваць...

— Вось як? А я ламаў галаву, што за прычына, і саромеўся спытаць.

Мікалай сапраўды пачырванеў, і на твары яго паявіўся цень бездапаможнасці, які так не падыходзіў да яго суровага выразу і, здавалася, быў чужы і часовы.

Настала кароткая паўза. Але Вера раптам устрапянулася.

— Мне холадна. Давай пройдземся.

Зноў яны снавалі па скверыку сюды-туды. Мікалай збіраўся з думкамі, каб пачаць рашучую і апошнюю размову. Цягнуць больш немагчыма. Чалавек застаўся адзін, хто ёй дапаможа і пашкадуе?

— Вера, а што скажуць на гэта твае бацькі? Яны ведаюць?

Вера спахмурнела.

— Здагадваюцца. Я ім адкрыта не гаварыла, але хутка зноў паеду дадому і ўсё скажу. Няхай робяць, як хочуць. Шкада толькі турбаваць маму. Яна будзе хвалявацца.

— Слухай, Вера, што я табе скажу. Настаў час, калі можна паправіць памылку — тваю і маю. Ты рашылася парваць з ім, цяпер табе трэба рашыцца яшчэ на адзін крок. I калі ты мяне лічышь сваім, калі ты мною даражыла... і любіш, ты павінна выйсці за мяне замуж. Ты зноў пачнеш адгаворваць мяне, што ты не варта мяне, што я знайду дзяўчыну, што ты будзеш з дзіцем... Усё гэта я чуў, усё ведаю. Гэта мяне не налохае і не спыніць. Вось пабачыш, мы будзем шчаслівыя, і нам яшчэ пазайздросцяць добрыя людзі...

Мікалай быў як п’яны. Але ўсе словы яго ішлі ад сэрца, і ён нічуць не саромеўся іх. Толькі з ёй так мог гаварыць і гаварыў Мікалай. Вера слухала, іншы раз кідаючы позірк у яго бок. Яна бачыла, што ён сапраўды хвалюецца.

— Ой, як многа ты нагаварыў,— сказала Вера, калі Мікалай зрабіў перадышку.

— Яшчэ апошняе: мы павінны жыць разам.

— Не, не,— Вера замахала рукамі.— Што ты!

— Што ж цябе палохае? Чаму ты не можаш рашыцца? — дапытваўся Мікалай пасля кароткай замінкі.

— Усё невядомае палохае. Адкуль я ведаю, што мяне чакае з табою? Ён так падарваў маю веру ў чалавека... Ды яшчэ я буду не адна... Каму патрэбна чужая бяда, лішні клопат.

— Ты мяне хочаш спалохаць цяжкасцямі, нібы я іх баюся. Зразумей ты нарэшце, што не цягне мяне раскоша і спакой. Я не мару аб нечым звышнатуральным. Я хачу толькі сумленна жыць і працаваць. Нам будзе спачатку цяжка, гэта я знаю. Я быў студэнтам, жыў амаль на стыпендыю, цяпер — другі год на рабоце, толькі станаўлюся на ногі. Але затое мы ўсё будзем дзяліць папалам, і ў горы і ў радасці мы будзем разам. I асноўнае, што мы будзем разумець адзін другога. Гэта збліжае нас, таму і здаецца мне, нібы я вырас разам з табою, ведаю цябе даўно, такая ты для мяне зразумелая і блізкая. Тваё дзіця... Яно будзе нашым, гэта будзе наша радасць.

Вера некаторы час маўчала.

— Гэта так здаецца. Ёсць вельмі многа непрыемнасцей і турбот, іх лягчэй пераносіць, калі яны ідуць ад роднага дзіцяці.

— Я думаў аб усім, Вера. Я згодзен на ўсё, што мяне чакае з табой, але нічога мяне не спыніць, калі толькі ты будзеш згодна.

— На гэта мне цяжка рашыцца. Табе прасцей.

Было відаць, што яна вагаецца. Мікалай прадаўжаў настойваць. Паслязаўтра ён прыедзе да яе і перавязе яе рэчы на новую кватэру.

— Ты згодна? Згодна? — спытаў ён пад канец.

Яна задумалася і, здавалася, акамянела. У яе душы ішла барацьба.

Замест адказу яна сказала:

— Мне пара ісці.

Яны пайшлі на аўтобусны прыпынак. Мікалай пераконваў яе, што толькі так, а не інакш яны павінны рашаць гэтае пытанне. А яна маўчала. Прышоў аўтобус. Вера паімкнулася садзіцца, але Мікалай затрымаў яе.

— Ты не адказала мне нічога. Ты згодна?

Яе замкнёны твар выдаваў вялікую муку, нібы яна выбірала паміж жыццём і смерцю.

— Згодна,— ціха прамовіла яна нарэшце.

Мікалаю здалося, што ён сілаю вырваў у яе гэтае кароткае слова. Ён ішоў дадому і разважаў.

Няўжо яна кажа праўду? Ці будзе так, як малюе ён сам сабе? Ён ведае што многае залежыць ад яго самога. А калі не? Ці зможа ён сапраўды жыць з ёю добра, мірна, па-чалавечы? Ці не растане яго каханне пры першым сутыкненні з жыццёвай непрыемнасцю? Ці зможа ён па-сапраўднаму, без прытворства, любіць яе малое? Мікалай ламаў галаву над гэтымі пытаннямі, і ў канцы прыходзіў да заключэння, што ўсё будзе добра. Гучаў недзе і голас сумнення, але ён нібы не даходзіў да свядомасці.

Роўна ў назначаны час Мікалай пайшоў на яе старую кватэру. Гэта была проста «разведка». Якія ў яе рэчы? Ці трэба будзе браць машыну?

Але Веры ён не застаў дома. Кватарантка, маладая жанчына, сказала Мікалаю, што Веру выклікалі тэлеграмай — памерла маці. Вось што!.. Яму раптам стала душна, і ён амаль выскачыў з пакоя.

А здавалася, што перашкод больш няма, што ўсё пойдзе на лад. Вера, Вера! Колькі раптоўнага гора на тваю галаву!

Мікалай успомніў, што не ведае дамашняга адрасу Веры. Прышлося паслаць пісьмо ў пашпартны стол па месцу жыхарства Веры.

Марудна цягнуліся дні. Яму хацелася пачуць хоць адно слова ад Веры. Адказ прышоў праз тыдні тры. Мікалай напісаў кароткае пісьмо. У ім было толькі спачуванне і просьба напісаць пару слоў. Закранаць пытанне аб іх узаемаадносінах ён не асмельваўся. Ёй не да гэтага. Мікалай з трывогай стаў чакаць адказу. Але яго не было: тыдзень, месяц, другі...

Ну што ж? Трэба забыць усё і выкінуць з галавы думку аб тым, што іх дарогі яшчэ сыйдуцца.

Надышла вясна. Горад умываўся вясеннімі дажджамі, зелянеў першай ліствою. Вуліцы станавіліся люднымі, самі людзі — вясёлымі і ўзбуджанымі.

Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне, але частая туга і сум парушалі лепшыя хвіліны спакою. Ледзь толькі ён заставаўся адзін, як думкі яго зноў і зноў варочаліся да Веры. I што радаснага ён мог успомніць ад іх сустрэч? Адна горыч: нечаканыя разлукі, нечаканыя і кароткія сустрэчы. Нягледзячы на гэта, ён усё яшчэ ў глыбіні душы спадзяваўся, што яны сустрэнуцца.

Праз некаторы час яму давялося быць у камандзіроўцы ў тых мясцінах, адкуль была родам Вера. Вось тут і ажыла ў Мікалая надзея ўбачыцца з Верай. Неяк у нядзелю, калі час быў свабодны, Мікалай сеў на спадарожную машыну і праз колькі хвілін быў у вёсцы Трысцё. Верына хата стаяла далёка ад вуліцы, перад вокнамі быў добры сад, абгароджаны дротам.

Мікалай гадаў, ці ўбачыць ён Веру. Нешта не верылася ў такое шчасце.

Да хаты заставалася крокаў пяцьдзесят, калі дзверы ў сенцах адчыніліся. Дзяўчынка-падлетак выбегла ў сад і пачала ганяць курэй, якія грабліся на пасеяным.

У вочы кідалася поўнае падабенства дзяўчынкі да Веры. Такі ж колер валасоў, выраз твару. Нават голас, калі яна крычала на курэй, здаўся Мікалаю знаёмым. Таму, павітаўшыся, ён адразу спытаў:

— Вы Верына сястра?

Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яго.

— Якой Веры? — хітра спытала яна.

Мікалай усміхнуўся і назваў прозвішча.

— А што вам трэба?

— Я хацеў яе бачыць. Яна дома?

— Яе няма. Хіба вы не ведаеце, што яна замужам? Гэта вы пісалі ёй пісьмы?

Яна адразу паставілася варожа да Мікалая. Яго гэта крыху ўкалола, але ён тут жа рашыў, што яна робіць правільна. Таму ён, вінавата ўсміхнуўшыся, сказаў:

— Я ведаю, што яна была замужам, але ж яна апошні час не жыла з мужам. Таму я і пісаў. А цяпер яна што — зноў жыве з ім?

Апошняе пытанне ён вымавіў так, нібы гэта яго мала цікавіла.

— Жыве, — быў адказ.

— I яны добра жывуць?

— Добра,— коратка і рэзка адказвае дзяўчынка.

— А як вас зваць? — раптам пытае Мікалай.

— Навошта вам? — яна кідае на яго непрыветлівы позірк.

— Як навошта? Проста цікава ведаць, як завуць такую сярдзітую дзяўчынку.

— Не трэба вам маё імя. I пісем вы больш не пішыце,— гаворыць яна.

— Калі так, то не буду. Вы не кажыце ёй, што я быў у вас. I пісьма майго не перадавайце. Парвіце. Добра?

— Добра, добра,— заківала дзяўчына галавою.

Сур’ёзнасць знікае з яе твару, калі яна бачыць, што Мікалай не мае кепскіх намераў і збіраецца ісці. Развіталіся яны даволі мірна.

Прайшоў месяц, другі, трэці... Летні адпачынак дома, затым зноў праца... Мікалай крыху развеяў свой сум. I хоць думкі яго ўсё радзей былі звязаны з успамінамі, аднак канчаткова выкінуць Веру з галавы ён не мог.

Ён цвёрда рашыў не жаніцца да канца дзён сваіх. Нічога не магло зачапіць Мікалая за жывое. Нават работа і звязаныя з ёю рэдкія радасці і частыя непрыемнасці не так хвалявалі яго, як раней.

Неяк у нядзелю раніцай Мікалай сядзеў за сталом і галіўся. Вось перад акном прамільгнуў паштальён. Мікалай з намыленым тварам выскачыў у сенцы — на лаўцы ўжо ляжала газета і пісьмо. Яму! Ад Веры? Гм... Адваротнага адрасу няма. Нават подпіс, які яна заўсёды рабіла на канверце, сцёрты гумкаю.

Мікалай нецярпліва адарваў пусты край канверта і выняў маленькі лісток паперы. Як заўсёды, першым стаяла традыцыйнае пажаданне здароўя і шчасця. А далей: «Нядаўна я была дома і даведалася, што ты заходзіў да нас. Прызнацца, я гэтага не чакала... Калі ў цябе ёсць магчымасць, прыходзь 20 верасня ў гадзіну дня на старое месца. Я табе павінна нешта сказаць. Вера».

Зноў! Няўжо зноў усё спачатку?..

Вось надышоў умоўлены дзень. Мікалай быў на месцы на паўгадзіны раней назначанага часу. Яго ўсхваляванасць узрастала з кожнай хвілінай. Цікава, як яна выглядае? Відаць, моцна змянілася, бо столькі прышлося ёй перанесці гора.

Але Мікалай быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў, што з трамвая сыходзіць Вера, такая ж самая, як год назад. Толькі прыгледзеўшыся бліжэй, ён заўважыў, што яна многа паблажэла, а выраз твару стаў яшчэ больш дзіцячым, вочы зрабіліся вялікія і, здавалася, больш глыбокія.

Яны прывіталіся стрымана, але Вера моцна паціснула яму руку. Мікалаю падабаўся гэты мужчынскі поціск. Была ў ім непадробная прастата.

Не згаворваючыся, яны пайшлі ў бок скверыка. Пытанняў у Мікалая было многа, і ён проста не ведаў, з чаго пачаць.

Вера сказала, вінавата ўсміхнуўшыся:

— Я крыху спазнілася. Сын мяне не пускаў... Прабач...

— У цябе сын? — У голасе Мікалая было здзіўленне, нібы гэта для яго было вялікай нечаканасцю.

— Месяц назад. Нядаўна толькі выйшла з бальніцы. Праляжала тры тыдні...

Мікалай глядзеў на яе худы, маленькі твар. Яму раптам стала шкада гэтага дзіцяці, якое так паспешна само стала маці.

— Сядзем, Вера, табе цяжка.

Яны селі на лаўку пад клёнам, які ўжо жаўцеў і асыпаўся. Пачыналіся асеннія вятры, але ў зацішку сонца яшчэ прыгравала.

Вера расказвала ўсё па парадку. Тэлеграма аб смерці маці яе зусім ашаламіла. Як яна даехала — памятае, як у сне. А дома стала яшчэ горш. У такім стане яна прабыла некалькі тыдняў, пасля крыху паправілася. Трэба было даглядаць гаспадарку. Спачатку ўся работа падала з рук.

Бацьку яна не сказала, што не мае намеру варочацца да мужа. Аднак бацька сам скора спытаў у яе, ці доўга яна яшчэ будзе дома.

Тады Вера рашылася і расказала ўсё. Яна нікуды не паедзе, хай бацька робіць з ёю, што хоча... Паднялася цэлая бура. Бацька крычаў і гразіў, што прагоніць яе з дому або сілаю завядзе да мужа. Вера слухала і плакала, а пасля, наплакаўшыся, дала згоду ехаць да яго бацькоў, куды павінен быў прыехаць і ён сам у адпачынак — хутка пачыналіся канікулы.

Можа і праўда, што якія бацькі, такія і дзеці. Да яе адносіліся, як да чужой, проста не звярталі ўвагі. Вера здагадвалася, што тут не абышлося без Адамавай інфармацыі. Яго бацькі жылі яго настроем.

Нарэшце, прыехаў ён сам. Як заўсёды, развязны, нахабны, прымўшаў яе смяяцца, быць вясёлай у той час як яе сэрца аблівалася крывёю, калі яна ўспамінала сваю маці.

— ...Я ведала прычыну яго паводзін, я не паслухала яго і рашыла радзіць... Цэлых два месяцы прамучылася я ў іх, а пасля зноў мы паехалі ў Мінск. Адзін ён яшчэ горшы... Ну, хутка я нарадзіла... Пасля праляжала ў бальніцы, а ён быў у мяне ўсяго тры разы. Казала гаспадыня, што дадому амаль не прыходзіў... А калі забіраў мяне дадому і яму далі дзіця, ён узяў яго, як палена...

Доўга яшчэ расказвала Вера. Слёзы не давалі ёй спакойна гаварыць.

Мікалай спадзяваўся, што Вера, нарэшце, скажа сваю канчатковую думку. Ён чакаў, што яна абрушыць на мужа град нараканняў і праклёнаў. Але Вера толькі апавядала, не робячы ніякіх заключэнняў. Мікалай пачынаў думаць, што ёй проста патрэбен субяседнік, перад якім яна магла б адкрыць сваю душу.

Нарэшце, Мікалай спытаў яе:

— I ты думаеш так жыць далей?

Яна ўскінула плячыма.

— Я і сама не ведаю...

— Ты ўсё не ведаеш. Хопіць, Вера, прыкідвацца. Табе там невыносна. Не з дабра ты пішаш мне пісьмы. Мы не можам забыць адно другога... Мы павінны быць разам. Ты мусіш набрацца сілы і парваць тыя ніці, што звязваюць цябе з ім.

— Добрыя ніці... Сын звязвае мяне, я нічога не магу рашыць. Што ён вінаваты? Ён павінен мець бацьку.

— Ты думаеш, ён будзе шчаслівы з такім бацькам? I ты таксама... Ты сама асуджаеш сябе на сямейную катаргу.

— Ну, што ж? Я заслужыла гэта. Я павінна адказваць за свае паводзіны.

— Гэта не адказ! — усклікнуў Мікалай. — Ты проста не асмелішся забраць дзіця і пайсці ад мужа.

— Куды? — рэзка спытала Вера. — Я бяздомная.

— На новае месца, да мяне. Больш няма чаго адкладваць.

Вера толькі цяжка ўздыхнула. Вочы яе заблішчэлі слязамі. Яна адвярнулася...

Толькі пасля развітання Мікалай успомніў, што Вера так і не сказала таго «нешта», для якога пісала пісьмо. Ён задумаўся. Ясна адно: яна шукае апоры. Ён у яе адзіны чалавек, які можа паматчы ў цяжкую хвіліну. А чым памог ёй Мікалай? Ён, як папугай, паўтарае адну фразу: «Ты не маеш сілы парваць з ім». Лёгка яму сказаць, ды цяжка ёй парваць. Яна лічыць сябе прыніжанай, нявартай яго. У той жа час самалюбства гаворыць ёй, што яна чалавек, што яна нават больш, чым іншыя, заслугоўвае павагі, бо яна вынесла столькі пакут, гора і слёз. Яна мае права не давяраць і яму, бо, акрамя слоў, нічога рэальнага ад яго не бачыла. Трэба любой цаной пераканаць яе, што ён гатоў на ўсё для яе, што не з-за вялікадушша, як яна аднойчы казала, прыносіць ён сваё жыццё ў ахвяру кахання.

Назаўтра, адпрасіўшыся з работы на гадзіну раней, Мікалай адразу ж накіраваўся ў дзіцячую кансультацыю, куды Вера павінна была прынесці малога. У прыёмным пакоі было некалькі маладых жанчын. Вера нахілілася над столікам, на якім ляжала спавітае дзіця. Яна раскручвала коўдру, і малы нездаволена крактаў і трапятаўся.

— Вось мой сын,— ціха сказала Вера, нібы знаёмячы Мікалая. Ёй, відаць, хацелася б, каб людзі, якія іх акружалі, лічылі Мікалая бацькам гэтага дзіцяці і яе мужам, а не проста пабочным чалавекам.

Мікалай заўважыў няўлоўныя, ледзь прыкметныя рысы падабенства малога да Веры.

Усмешка прамільгнула на твары Мікалая.

— Глядзі ты, вочы ў яго твае, рот таксама, толькі нос бацькаў, адразу ўверх задзіраецца. А як яго зваць? Ігар? Ах ты, вараг!

Ён глядзеў на малога і смяяўся, а той таксама скрывіўся, пускаючы сліну і паказваючы голыя чырвоныя дзясны.

Вера раскруціла яго і, узяўшы на рукі, зайшла ў другі пакой. Мікалай застаўся адзін каля століка з коўдрай і пялёнкамі. Яму было неяк дзіўна і нязвыкла ў такіх абставінах; разам з тым яго смяшыла думка, што вось гэтыя людзі, якія не чулі іх размовы, думаюць, што гэта маладыя бацькі. Вось ён, чужы чалавек гэтаму дзіцяці, збіраецца стаць яго бацькам.

Мікалай адагнаў ад сябе гэтыя думкі. Яму хацелася супакоіць сябе.

Праз некалькі хвілін выйшла Вера з малым на руках. Ён плакаў, а яна гайдала яго і старалася супакоіць. Аднак гэта было не так лёгка. Яны разам пачалі яго спавіваць. Рухі ў Мікалая былі нязграбныя і няўпэўненыя, ён баяўся сваімі жорсткімі рукамі моцна ўзяцца за гэтае далікатнае, кволае цельца. Вера ж упэўнена выконвала ролю маці, абвіваючы малое паяском, асцярожна пераварочваючы яго з боку на бок, гаварыла ласкавыя словы і час-ад-часу цалавала ў заплаканы тварык.

— Сынок мой, ты спалохаўся доктара... Не бойся, мой маленькі, з табою мама, яна не дасць цябе ў крыўду...

Мікалай слухаў гэтыя бясхітрасныя словы, і яму здавалася, што ён з кожным часам ясней разумее Веру, разумее яе пачуццё маці, глыбокае і шчырае. Ён сам маладзеў душою, у яго сэрцы раставала чэрствасць, нараджалася вялікая любоў да новага чалавечка-чалавека.

Праз некаторы час яны ўжо ішлі да трамвайнага прыпынку. Вера асцярожна несла на руках малое. Нічога сур’ёзнага ў яго не аказалася, трэба было толькі купіць дзіцячага крэму. Заўтра Вера прыедзе ў аптэку. Таму Мікалай не закранаў балючага пытання, а гаварыў аб усім. Вера была вясёлая і, здавалася, бесклапотная. Ён праводзіў яе да самай кватэры, і яна не пярэчыла.

Мікалай пераконваўся, што Вера забывае аб сваім цяжкім становішчы, смяецца, нават жартуе, адчувае сябе свабодна і лёгка. Яна сама прызнавалася, што з ім яна адпачывае пасля дамашняга пекла. Дома яна не чуе ласкавага слова, не бачыць усмешкі, і сама заўсёды маўчыць. Адзіная яе ўцеха — гэта сын.

А Мікалая самога ўсё больш і больш цягнула да яе. Яму з ёю таксама было прыемна і весела. 3 кожнай новай сустрэчай Мікалай усё больш захапляўся Верай.

«Нарэшце Вера перастане вагацца»,—думаў Мікалай. Цяжкую дарогу яны прайшлі, шляхі іх сыходзіліся, скрыжоўваліся, зноў разыходзіліся, і вось, нарэшце, зноў сышліся, каб пайсці разам. Цяпер — або ніколі. Сумненняў ніякіх не можа быць. Усё абдумана і перадумана многа разоў.

... I вось яны зноў разам. Схаваўшыся ад асенняга ветру, яны сядзяць на вакзале, разам з пасажырамі. Вера зноў расказвала аб сабе, аб сваім жыцці. Яна гаварыла многа, нібы хацела выказаць усё набалелае.

Яе муж... Як ён не падобен на таго, якім ён сябе маляваў у размовах з ёю! Сціплы, сумленны, добры — такім ён заўсёды выстаўляў сябе. Як ён будзе кахаць яе, як яны будуць добра жыць! А на справе ў гэтага сціплага было не менш трох жонак, законных і незаконных. Цяжка пазнаць чалавека, а яшчэ цяжэй верыць у тое, што ён гаворыць.

— Ага, то ты і мне не верыш?— пытае Мікалай.

— А ты ўпэўнены, што ведаеш сябе?

— Каго-каго, а сябе, мне здаецца, я ведаю,— гаворыць Мікалай, і ў яго такое адчуванне, нібы ён на споведзі ці на экзаменё.

— Вось іменна, — сурова гаворыць Вера, — табе здаецца. У цябе ў жыцці ўсё ідзе так, як ты хочаш?

Мікалай крыху задумаўся.

— Не, хутчэй наадварот...

— Вось бачыш. Ты малюеш сабе наша сумеснае жыццё яркімі фарбамі і не хочаш бачыць іншых. А яны ёсць, справядлівей, будуць. Аб іх мы ўжо не раз гаварылі, але ты не хочаш слухаць... Я табе не сказала яшчэ аб адным — аб мужчынскай рэўнасці. Ты сам мужчына і павінен ведаць гэтае пачуццё лепш за мяне. Але адна справа самому раўнаваць, а другая — адчуваць на сабе гэтую рэўнасць. О, як гэта цяжка! Здаецца, што цябе зачынілі ў адну клетку з дзікім зверам, які ў кожны момант можа на цябе накінуцца. Увесь час трэба асцерагацца, наравіць, дагаджаць...

Мікалай адчуў, што яму стала гарача.

— Што? Ён раўнуе? Вось гэта навіна...

— Навіна... А для мяне гэта не навіна ад таго часу, калі ён даведаўся, што мы з табою знаёмы.

Мікалаю раптам стала сорамна за сябе. Вось гэта назіральнасць і глыбіня пранікнення ў чалавечую душу!

— А чаму ты мне раней не сказала?— нібы за саломінку, хапаецца Мікалай за гэты довад, і сам адчувае, што пытанне лішняе, неразумнае.

Яна нібы адчула, што Мікалай не гэта хацеў спытаць, дакорліва ківае галавою і ўсміхаецца:

— Хоць табе спакайней было, а мне ўсё роўна.

Мікалай разумее горкую праўду яе слоў і нічога не можа сказаць у сваё апраўданне. Гэтая «навіна» збіла яго з панталыку, ён страціў здольнасць думаць і разважаць.

Вера тым часам працягвае сваю думку:

— Праўда, у яго былі падставы раўнаваць: ён ведаў, што я атрымліваю твае пісьмы, што мы сустракаемся. Ён збіраецца пераехаць у другі горад, каб згубіць след. Яму проста сніцца, што я хаджу да цябе, што толькі і чакаю, каб ён пайшоў на работу. Ён не верыць ні аднаму майму слову. Ён нават думаў, што я нараджу не ад яго...

Тут Вера змоўкла і апусціла вочы. Словы проста сарваліся з языка, яна не думала іх гаварыць.

Мікалая нібы кальнула ў самае сэрца. ён рэзка павярнуўся да Веры.

— Як ён мог так думаць?! — злосна і гучна спытаў Мікалай.

Вера стукнула яго па руцэ: цішэй.

Мікалай азірнуўся па баках і больш спакойна сказаў:

— Ён заслугоўвае толькі пагарды... I пасля ўсяго гэтага ты яшчэ думаеш з ім жыць? Гэта проста дзіка, гэта пачварна... Пражыць усё жыццё без давер’я, пад наглядам, як у турме.

— Ну што ж, як прыдзецца.

— Якая пакорнасць лёсу,— панура прамовіў Мікалай і раптам ажывіўся: — А я ў разлік не прымаюся? Ты думаеш, што я змяню свае адносіны да цябе. Не, я цябе не пакіну, я буду ісці за табою, як цень,— хай раўнуе, хай шалее, хай табе будзе дрэнна, бо ты сама гэтага захацела.

Злосць зноў кіпела ў грудзях Мікалая. Ён ніяк не мог перамагчы недавер’е гэтай упартай дзяўчыны. Перадыхнуўшы, ён прадаўжаў:

— Я ведаю, ты намякаеш, што я таксама буду раўнаваць, і ты скажаш, што ў мяне для гэтага больш падстаў, чым у яго. Загадзя гавару табе: гэтага не будзе. Я не раўную да мінулага.

— А адкуль я магу ведаць, што не будзе? Ты сам і то не ведаеш, хоць гаворыш упэўнена.

— Вера, ты захварэла на недавер’е. Дарэчы, каторы раз я гавару табе аб гэтым? Ты зварочваеш віну на выпадковасці, а я думаю, што справа не ў іх. Толькі мне незразумела, чаму цябе і цягне да мяне і ты баішся пераступіць парог, які нас раздзяляе. Я проста заблытаўся ў гэтым...

Гэты раз яна праводзіла яго на тралейбус — ён спяшаўся на работу.

Па дарозе Вера сказала яму:

— Коля, я не прыду заўтра.

Мікалай спыніўся, аслупянелы.

— Што??? Чаму?

— Таму што так трэба. Я больш не магу.

— Дык гэта лішні раз гаворыць аб тым, што так жыць далей немагчыма. Ты павінна перамагчы свой страх перад будучыняй. Ты прыдзеш заўтра?

Ён бачыў, што яна вагаецца. Мікалай яшчэ раз паўтарыў пытанне.

— Прыду.

Але чамусьці ў свядомасці ён не верыў яе слову. Два разы ён паверыў і памыліўся.

Пераезд... Па сутнасці, яна хацела сказаць толькі гэта. А вышла так, між іншым, нібы не ў гэтым уся справа...

Прайшоў дзень. Зноў прывакзальная плошча. Мікалай увесь час назіраў за аўтобусным прыпынкам. Час цягнуўся марудна, нібы знарок прадаўжаючы муку Мікалаевага цярпення.

Без дзесяці дзве гадзіны.

Мікалай уздыхнуў.

Ён пастаяў яшчэ некалькі хвілін і замест таго, каб ехаць на работу, накіраваўся да аўтобуса. Праз некаторы час ён быў на Верынай кватэры.

На кухні, куды ён прайшоў па вузкаму калідорчыку, пахла печаным салам. Каля прымуса ўходжвалася пажылая жанчына. Яна падалася да яго насустрач, калі ён спытаў у яе, ці тут жыве Жук Адам, — прымус заглушаў словы.

— Тут ён жыве, але яшчэ не прышоў з работы. А жонка з дзіцем недзе паехала, не сказала нават куды... Запіску толькі пакінула. Вунь у замку, прачытайце хіба, я не скажу...

Мікалай з хваляваннем, асцярожна, нібы капсуль з гранаты, выняў скручаную ў трубачку паперку.

Алоўкам было напісана ўсяго некалькі слоў: «Не шукай нас. В. Кавалёнак».

Паперка ўпала на зямлю з дрыжачых Мікалаевых рук, і калі ён нагнуўся, каб падняць яе, кроў ударыла яму ў галаву і ў вачах пацямнела.

— Яна паехала... — сказаў Мікалай нібы сам сабе.

— А куды? — спытала гучна кабета.

Мікалай толькі паціснуў плечукамі. Ён пастаяў нейкую хвіліну і пайшоў. «Не шукай нас, не шукай нас»,— звінеў у вушах яе голас, нібы яна не пісала, а сказала гэта яму асабіста. А можа і не яму...

Загрузка...