Віктар КУНЦЭВІЧ


ВЯРНІ МАЮ ДУШУ...


Містычная аповесць


1


Іх машыны спыніліся побач. Андрэю Хруцкаму давялося даволі рэзка тармазіць. Ён хацеў націснуць на акселератар і праехаць на жоўты ці няхай сабе і нават чырвоны сігнал светлафора, але паспеў за шэрым слупам убачыць даішніка. Вадзіцель суседняй машыны ў паралельным радзе спыняўся плаўна. Выгляд у яго быў гэтаксама спакойны. Хаця бачылася, што ён яшчэ малады, можа, равеснік яму — Андрэю Хруцкаму. І аўто не тое, што яго, Андрэева калымага. Тады і мільгнула ў галаве Хруцкага нечаканая думка: «Вось бы памяняцца з гэтым самаўпэўненым шчасліўчыкам месцамі ў жыцці... Была б такая сіла, якая б перакінула мяне ў яго шыкоўны «лексус», а яго ў маё замызганае таксі. Я нават згодзен займець яго аблічча. А што?» — У гэты момант Хруцкі пасміхнуўся. Пасміхнуўся і маленькі чорненькі чорцік з чырвонымі вочкамі, які боўтаўся ў машыне каля люстэрка. Андрэй нават не паспеў уцяміць, сапраўды чорцік пасміхнуўся ці гэта яму падалося, як чорцік раптам загаманіў:

— Ты хочаш пажартаваць з лёсам? Ты сапраўды гэтага хочаш?

— Хачу, вельмі хачу, — усклікнуў Хруцкі, — абрыдла мне не спаць начамі і з надзеяй выглядваць патэнцыяльнага кліента. Ды быў бы хоць прыбытак з гэтае працы, а так. Хачу быць багатым, як чалавек у суседняй машыне. Адразу ж бачна, што ён багаты.

— Ну што ж, будзь ім, — чырвоныя вочкі чорціка бліснулі і зрабіліся абыякавымі.

Андрэй хацеў разгледзець: ці з’явіцца ўсмешка на чорным твары лялькі, але раптам чорцік знік. Перад вачамі з’явілася пукатая панэль аўто. Гарэў мяккі чырвоны колер прыбораў. Гучала музыка — чыста, танальна. Андрэй павярнуў галаву налева і ўбачыў... свой разгублены твар. Асабліва ўразілі вочы — поўныя здзіўлення і сполаху. «Божа, калі там я, то хто я тут?» — мільганула роспачная думка, і Хруцкаму зрабілася холадна. Раптам пачуліся нервова-патрабавальныя гудкі: на светлафоры гарэла зялёнае святло, а шыкоўны «лексус» і старэнькі «форд» Хруцкага стаялі, і іншыя ўдзельнікі руху не маглі іх аб’ехаць. У той момант, калі зялёнае святло заміргала, папярэджваючы, што хутка зменіцца на чырвонае, «форд» тузануўся і паехаў. Хуткасць ён набіраў марудна, таму што вадзіцель чамусьці пераключаў перадачы. Леваруч ад Хруцкага пачынаў ужо рухацца аўтобус — плаўна, прапускаючы жоўты «форд-таксі». У гэты момант з-за аўтобуса вылецеў «Маз». Вадзіцель грузавіка спяшаўся на будаўнічы аб’ект, бо званіў прараб, лаяўся і мацюкаўся, пагражаў, што разбярэцца з яго левымі рэйсамі і давядзе начальству. Таму, рухаючыся ў вольнай паласе, шафёр грузавіка паддаў газу і з-за аўтобуса, які быў у яго леваруч, яму не бачыўся «форд» жоўтага колеру. Ён яго заўважыў, калі ўжо тармазіць было надта ж позна. Пачуўся глухі ўдар, трэск і скрыгатанне. Легкавушка перакулілася на правы бок, і грузавік сваёй масай працягнуў яе па асфальце яшчэ метраў дваццаць.

— Чо-о-орт, што гэта было?! — уголас усклікнуў Хруцкі. А да месца здарэння ўжо беглі людзі. Выскачыў з кабіны і вадзіцель «Маза» — невысокі, з залысінамі — ён разгублена азіраўся, нібыта кагосьці вельмі нецярпліва вышукваў.

— Шэф, здай назад, — тузануў яго за рукаў каржакаваты мацак, — трэба легкавую паставіць на колы.

— Ага, — хітнуў ён галавой і даволі хутка ўскараскаўся ў кабіну, павольна ад’ехаў назад.

Каля дзясятка мужчын учапіліся за легкавушку і плаўна апусцілі яе на колы. Мужчыны сталі тузаць дзверы — адчынілася толькі правая задняя. Праз яе яны і пачалі асцярожна даставаць вадзіцеля.

— Мяне, гэта ж яны мяне выцягваюць! — жорсткая рэальнасць азвалася пякучым болем у грудзях. — А машына. Божа, што сталася з маёй машынай? — боль у грудзіне аціх, па целе разлілося цяпло і Хруцкаму стала млосна. — Ды што гэта я зусім размяк? Трэба штосьці рабіць? Так, па-першае, трэба неяк забраць з машыны гумавага чорціка, — мільгнула рашучая думка. Зноў пачуліся ззаду патрабавальныя гудкі.

Хруцкі праехаў скрыжаванне, прыпаркаваў машыну і падаўся да людзей, якія, — о Божа! — паклалі ўжо каля машыны яго, Хруцкага, цела і ўжо чулася скавытанне сірэны «хуткай». Праз разбітае шкло знявечанай дзверцы Хруцкі зазірнуў у салон. Чорцік пазіраў на яго чырвонымі вочкамі — глядзеў сляпым, нічога не вырашальным поглядам. Андрэй хуткім рухам зняў ляльку з прысмочкі на шкле і паклаў у кішэню. Павольна абышоў легкавік, зірнуў на скрываўлены твар чалавека, які ляжаў побач з машынай, і рушыў да прыпаркаванага «лексуса».


2


Гучала аркестравая музыка. Хруцкі не быў аматарам інструментальных кампазіцый, дакладней, ён не адчуваў у іх мелодыцы ні кранальнай шчымлівасці, ні летуценнай рамантычнасці. Андрэй адкінуўся на спінку ўтульнага крэсла, адчуў, як штосьці сціскае яму шыю. Здагадаўся, што гэта гальштук. Паслабіў вузел, а потым і зусім зняў і кінуў на суседняе сядзенне: ён не любіў гальштукі і завязваў гальштук толькі аднойчы — калі жаніўся. Хруцкі заплюшчыў вочы і ўслухаўся ў мелодыю. І яна — о дзіва! — захапіла яго. Узрушанасць перарастала ў трывогу, трывога мацнела, поўнілася адчаем і раптам наплываў спакой. Зноў высокую ноту бралі скрыпкі і ажывала трывога. Хруцкі адчуў непрыемную гарачыню ў грудзях. Рука яго пацягнулася да маленькай кішэні каля левага пляча, пальцы намацалі пласцінку з таблеткамі.

— Што гэта — рэфлекс? — падумаў Андрэй. — Я ж не ведаў пра таблеткі... — ён прачытаў назву лекаў, але што магло патлумачыць яму незнаёмае слова? Крыху павагаўшыся, ён выціснуў з пласцінкі белую прадаўгаватую таблетку, узяў мінеральную ваду, рыльца пляшкі якой вытыркалася між сядзеннямі, і прагна запіў таблетку з бутэлькі. Музыка скончылася, з магнітолы аўтаматычна высунуўся дыск. Хруцкі яшчэ колькі хвілін сядзеў нерухома, гарачыня ў грудзях паволі сціхала. Ён узгадаў пра гумавую ляльку і, дастаўшы яе з кішэні, пачаў углядацца ў бліскучыя чырвоныя вочкі. — «Што ж ты, чорцік, нарабіў. Я ж толькі проста пазайздросціў чалавеку, а зайздрасць — яна паўсюдна, яна ўсеабдымная. Дый я і не падумаў, што пытанне пра жарцікі з лёсам задаваў мне ты альбо нейкая там вышэйшая сіла... У мяне было адчуванне: я размаўляю сам з сабою. А ці мог я ў той момант паверыць, што са мною размаўляе хтосьці іншы ці штосьці іншае?»

Маўчыць чорцік. А можа, ён і нічога не казаў раней. І не ўсміхаўся. Але ж Хруцкі яўна памятае ягоную ўсмешку. І вочкі — яны бліснулі чырвоным святлом. А зараз нібыта пацямнелі, зрабіліся барвовымі. Задумаўся Хруцкі. І ўзгадаўся яму выпадак з далёкага дзяцінства, калі было яму гадоў шэсць ці сем. Ягоны дзед Мікалай стаіць у хаце перад люстэркам, а нажніцы — шчоўкшчоўк — акуратненька раўняюць дзедавы вусы. Шчоўкне дзед нажніцамі і ледзь бачная ўсмешка схаваецца ў ягоных вусах. А малы Андрэйка стаіць воддаль, назірае за дзедам і пытаецца: «Дзед, а навошта табе вусы?»

— Для прыгажосці, — адказвае дзед Мікалай, і ўсмешка ўжо не хаваецца ў вусах, а ўспыхвае жаўтаватым колерам, — а яшчэ мой бацька і дзед насілі вусы — можа, і ты іх таксама насіць будзеш.

— У мяне будуць вусы? — здзіўлена пытаецца Андрэйка і пальцамі дакранаецца да верхняй губы. Яму не верыцца, што над ёю вырастуць колкія валасы.

А дзед Мікалай ужо сыпле махорку на шматок газеціны і, прыжмурыўшы вочы, глядзіць на хлопчыка зверху ўніз. Андрэйка ведае, што дзед ездзіў на працу кудысьці вельмі далёка і працаваў там пад зямлёй у нейкіх шахтах. А яшчэ ён чуў ад бабулі Алены, што пад зямлёй «жывуць чэрці», і таму пытае ў дзеда: «Дзеда, а ці бачыў ты пад зямлёй чорта?»

— Бачыў, — адказвае дзед Мікалай. Адказвае сур’ёзна. І вочы ў яго сур’ёзныя, а ўсмешкі і блізка не відаць.

— А ты размаўляў з ім?

— Не, з чарцямі нельга размаўляць. Трэба хрысціцца і казаць — згінь! Казаць і хрысціцца да таго часу, пакуль ён не знікне, а інакш нячысцікі могуць утварыць з табой дзівосныя і вельмі непрыемныя рэчы.

Хруцкі моцна сціснуў у руцэ гумавага чорціка. Гэтую ляльку падараваў яму араб, якога Андрэй падвозіў да аэрапорта. — Сувеніра, — пасміхаўся тады, бліскаючы белымі зубамі, невысокі каржакаваты мужчына.

«Які сам, такія і сувеніры», — падумаў Хруцкі. Але ляльку ўзяў і падзякаваў шчыра: як-ніяк чалавек з замежнай краіны і ставіцца да цябе прыязна, з павагай.

Хруцкі хацеў выкінуць чорціка праз акно, але перадумаў і зноў паклаў яго ў кішэню. Няўтульна пачувалася Андрэю ў чужым целе.

«Трэба штосьці прадпрымаць. Але што? Ісці дамоў? Толькі што падумае жонка, калі нават і выслухае ўсю праўду. Канешне ж, палічыць за вар’ята. А можа, яна зараз ужо там, у бальніцы?.. А што, калі траўмы цяжкія? А што, калі я памёр?.. Цікава. Не, будучы нябожчыкам я, напэўна, не змог бы думаць. Але ж як гэта магло адбыцца? Адкуль гэта? Што гэта? Павінна ж быць у навязлівай чартаўшчыны нейкая прычына, мэта. А калі гэта ўва мне? Калі гэта я раблю сам? Але ж свядома я нічога не задумваў, праўда, летуценна марыў. Зноў жа, думаць-марыць — гэта ж мала, каб нешта рабіць рэальнае»


3


Дзесяць гадоў таму Андрэй Хруцкі скончыў прафтэхвучылішча і атрымаў прафесію токара. Каля года працаваў на аўтазаводзе. За гэты тэрмін паспеў зразумець, што праца, якая патрабуе ўвагі, цярплівасці і засяроджанасці, не для яго. У ім кіпела энергія руху. А тут прыкаванасць да станка на ўсю змену. Калі вярнуўся са службы з войска, даведаўся, што таксаматорны парк горада набірае на паскораныя курсы шафёраў таксі. «Вось гэта маё!» — падумаў тады хлопец. І не памыліўся. Прафесія таксіста прыйшлася яму даспадобы. Хруцкаму імпанавала вазіць людзей, назіраць, размаўляць з імі, камусьці дапамагаць, а часам ад кагосьці атрымліваць падтрымку ці параду. І хоць Андрэй не працаваў, як казалі тады таксісты, на сябе, але заўсёды выконваў план. Ідучы дамоў пасля змены, ён нёс у кішэні неблагі грашовы прыбытак і дзівіўся: чаму гэтыя грошы называюць «чаявымі» — хто б змог выпіць столькі чаю?

Аднойчы раніцай да таксі Хруцкага падбегла дзяўчына: «Калі ласка, як можна хутчэй завязіце мяне да гарадской бальніцы...»

— Сядайце, — коратка прамовіў Андрэй, і завёў матор. І толькі паспела дзяўчына зачыніць дзверцы, як «Волга» ўжо набірала хуткасць. Андрэй з цікавасцю паглядзеў на дзяўчыну. У гэты момант і яна паглядзела на яго. Хруцкага ўразілі вочы пасажыркі: вялікія, светла-карычневыя, болей нават жоўтыя. Ён тады падумаў, што жоўтыя вочы бываюць у жывёл-драпежнікаў, і ў іх яны халодна-жорсткія. А тут яго нібыта агарнула сонечным цяплом. І валасы ў яе былі жоўта-вогненнага колеру.

— Штосьці здарылася? — спытаўся Хруцкі.

— Не, нічога, проста катастрафічна спазняюся на працу, — адказала дзяўчына і прыязна ўсміхнулася.

Хвілін праз дзесяць машына спынілася каля будынка на фасадзе, якога красаваўся надпіс «Гарадская паліклініка № 1».

— Колькі з мяне? — спытала пасажырка.

Хруцкі зірнуў на лічыльнік і разгублена прамармытаў: «Ведаеце, я забыўся ўключыць лічыльнік. — пасля непрацяглай паўзы ён ужо бадзёра і рашуча дадаў: — Ну калі так атрымалася, то плаціць не трэба. Давайце лепей пазнаёмімся. Мяне завуць Андрэй, а вас?

— Наташа.

— А з працы вы гэтаксама будзеце спяшацца?

— Не, — пасміхнулася дзяўчына, — з працы спяшацца няма куды.

— А да якой гадзіны працуеце?

Дзяўчына зноў пасміхнулася і прамовіла: «Дзякуй вам, і да пабачэння».

Яна лёгка ўзбегла на прыступкі высокага ганка. Гэтым часам аднекуль прыляцеў жартаўнік-вятрыска, зачапіў сваім крылом валасы дзяўчыны, і яны затрапяталіся, залаціста заіскрыліся ў сонечных промнях. А ногі дзяўчыны лёгка неслі яе па прыступках...

Усю змену ён думаў пра Наташу: «Дрэнна, што яна не сказала, да якой гадзіны працуе... Калі з васьмі раніцы ў яе пачынаецца працоўны дзень, то заканчвацца ў 17. А што, калі я яе сустрэну, а яна і размаўляць са мной не стане? А можа, у яе ёсць хлопец ці нават жаніх? А што, калі яна ўвогуле замужам? Але ж яна сказала, што ёй няма куды спяшацца...»

Пасажыры, немаладая пара, папрасілі адвезці іх на прадуктовы рынак. Спыніліся якраз каля шапікаў з кветкамі. У ім і набыў хлопец вялікую чырвоную ружу, паглядзеў на гадзіннік — было без чвэрці шаснаццаць — і вырашыў ехаць да паліклінікі. Там запаркаваў машыну пад кронай старога каштана і пачаў назіраць за ўваходам.

Праз нейкі час ён заўважыў Наташу. Вось яна няспешна ідзе па прыступках уніз. Хруцкі разгубіўся, глядзеў зачаравана на дзяўчыну і нібыта скамянеў за рулём: «Ат, што ж гэта я?»

Ён схапіў ружу і дагнаў дзяўчыну, якая павярнула ўжо за рог будынка, працягнуў кветку і прамовіў: «Гэта вам... »

— Мне? А, гэта вы, мой ранішні выратавальнік, — Наташа прыязна паглядзела Андрэю ў твар, усміхнулася. — Дзякуй за прыгожую кветку. І што ж далей?

— Далей? — сумеўся Хруцкі. Ён адчуў, што зноў ім авалодвае нерашучасць. Здагадаўся, што, калі не знойдзецца сказаць штосьці арыгінальнае, то будзе выглядаць смешным. «А што, калі сказаць ёй праўду пра тое, што адбываецца са мною цяпер?.. » — Ведаеце, Наташа, вы мне вельмі спадабаліся і настолькі, што я адчуваю сябе нібы хлопчык на першым спатканні...

— Дык вось якімі метадамі карыстаюцца таксісты пры знаёмствах, — засмяялася дзяўчына. — Уражвае...

— Ну што, паехалі, — прапанаваў Хруцкі.

— І куды ж мы паедзем?

— А куды загадае прыгажуня, туды і паедзем.

Андрэй з Наташай пачалі сустракацца. Ён заўсёды, калі працаваў у пер­шую змену, адвозіў раніцай яе на працу. Часта сустракаў пасля заканчэння змены. Аднойчы Хруцкі падвозіў Наташу з яе супрацоўніцамі на святочнае мерапрыемства з нагоды дня медыцынскага работніка і тады чарнявая поўная жанчына пажартавала: «Добра табе, Наташка, маеш уласнага вадзіцеля».

Жанчыны сцішана засмяяліся. Вось тады ўпершыню адчуў Андрэй Хруцкі душэўны неспакой: «Няўжо я для Наташы проста кавалер, а не каханы?» Яму і раней здавалася, што Наташа дазваляе яму сябе кахаць, а сама пасапраўднаму не кахае яго. Што да чаго высветлілася крыху пазней, калі Анд­рэй прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца.

— Андрэйка, ты мне падабаешся, але ж, паглядзі, дзе мы будзем жыць? Кватэры ў цябе няма, грошай, каб яе набыць — таксама. Машына — дзяржаўная...

Кажучы гэтыя словы, Наташа апусціла вочы долу.

— У мяне ж ёсць рукі, Наташа, галава, ёсць жаданне зарабляць, — горача стаў даводзіць Андрэй. — Урэшце, мы ж усё можам нажыць разам. Так жа жывуць усе людзі...

— Усе людзі? — перапытала Наташа. — Яны дзесяцігоддзямі бадзяюцца па здымачных кватэрах. Перабіваюцца ад аванса да палучкі. Што гэта за жыццё? Так жылі і жывуць мае бацькі, а я — не хачу. Разумееш, не ха-чу!

Хруцкі зніякавеў. Роспачна падумаў: «Значыць, сапраўды, я для яе толькі прыступка, я для яе — асабісты вадзіцель».

Усю ноч ён не спаў. Адчыніў акно інтэрнацкага пакоя, курыў цыгарэту за цыгарэтай. Ён і раней адчуваў, што яго адносіны з Наташай не маюць перспектывы. Цяпер жа зразумеў: Наташа проста карысталася ім. Часова.

«Выходзіць, што і я карыстаўся ёю, як жанчынай, — як жа гэта ўсё брыдка... »

Ён вырашыў расстацца з Наташай і наступным ранкам не паехаў да яе дома, каб адвесці дзяўчыну на працу. Праўда, вельмі цяжка перажываў гэта.


4


З месяц Андрэй жыў надзеямі, што Наташа знойдзе яго сама, папросіць прабачэння, скажа, што ёй дрэнна без яго. А тады і ён прызнаецца, што без яе вачэй, рук ды вуснаў спакутавалася ягоная душа. Рамантык па натуры, Хруцкі верыў, што яго каханне можа на адлегласці сваімі нябачнымі флюідамі ўздзейнічаць на Наташу. Так мінула тры месяцы. Урэшце Хруцкі зразумеў, што калі ён хоча зберагчы сваё каханне, то яму патрэбна нешта рабіць, дзейнічаць, як кажуць, змагацца за каханага чалавека.

Восеньскім вечарам накрапваў дробны дождж. Вецер ужо даўно раскідаў, разнёс лістоту дрэў — учарнелая і цяжкая ад вільгаці, яна неўзбаве ператворыцца ў пыл, стане глебай.

Хруцкі выйшаў з аўто, узняўся на чацвёрты паверх «хрушчоўкі» і націснуў на кнопку званка. Дзверы адчыніла Наташына маці Тамара Васільеўна. Яна прыязна ўсміхнулася Андрэю. На яго просьбу паклікаць Наташу жанчына вінавата паглядзела на хлопца і паведаміла, што Наташа паехала са сваім жаніхом да яго бацькоў, знаёміцца.

Вечарам у шафёрскім пакоі таксапарка Хруцкі лічыў грошы, каб здаць іх касіру. Тады да яго і падсеў калега Віктар Ляшко, а ўсе яго называлі Лесавіком. Ён быў поўны, круглатвары, доўгія валасы калмаціліся на галаве.

— Што ты, Андрусь, такі змрочны?

Хруцкі змаўчаў.

— Ты заўтра выхадны? — зноў спытаўся Ляшко.

Андрэй сцвярджальна хітнуў галавой.

— Ну і выдатна. Да маёй дамы сэрца прыехала сяброўка з Гомеля. Наказалі мне, каб я прыйшоў з сімпатычным сябруком. Гульнём! Хата двухпакаёвая... свабодная. — Ляшко, прыжмурыўшы вока, з усмешкай на пульхных вуснах запытальна глядзеў на Хруцкага.

— А чаму б і не?! — Андрэй гарэзліва зірнуў у твар сябруку. — Мне не зашкодзіць развеяцца. Кажуць жа, што клін клінам выбіваюць...

У той вечар воляй лёсу Андрэй Хруцкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганначкай. Дзяўчына вельмі спадабалася Андрэю. Статная, з выразнай фігураю і з прыемнай зычлівай усмешкай, яна змагла зацікавіць Хруцкага. Аказалася, што Г анна прыехала ў Магілёў па размеркаванні пасля заканчэння інстытута і павінна адпрацаваць два гады на вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно». Тады, у час сумеснай іх вечарыны з Лесавіком і яго дзяўчынай Галінай, Ганна сваімі паводзінамі і выказанымі думкамі дала зразумець, што яна чалавек кампанейскі, але не настолькі, каб у першы ж вечар начаваць з хлопцам, які няхай сабе і спадабаўся...

— Спадабаўся ты ёй, вельмі спадабаўся, — шаптаў на вуха Андрэю Лесавік, — вось і паказвае сябе цнатліўкаю з цвёрдымі правіламі паводзін.

— Ён хітравата жмурыўся і падліваў у келіхі віно. — Не хвалюйся, братка,

захмялее і сама павісне ў цябе на шыі. У яе ж з вачэй сыплюцца іскры, калі яна глядзіць на цябе...

Было далёка за поўнач. Лесавік і Галіна, пажадаўшы добрай ночы Андрэю з Ганнай, зачыніліся ў спальні. Андрэй прапанаваў дзяўчыне выйсці на вуліцу, яна згадзілася. Прыселі на лаўцы пад старой яблыняй, якую, напэўна, пашкадавалі будаўнікі, калі ўзводзілі шматпад’ездную будыніну, і цалаваліся. А потым Андрэй крочыў да інтэрната начнымі вуліцамі і думаў пра Г анначку: «Яна такая шчырая, адкрытая, справядлівая. — З усмешкай узгадваў Лесавіка: — Усё ж такі ён малайчына, што ўгаварыў мяне на гэтую авантурную сустрэчу. Я паглядзеў на свет іншымі вачыма». Хруцкі адчуваў, у яго ў душы нараджаецца светлае, радаснае пачуццё і спадзяваўся, што яно дапаможа яму пазбавіцца пакутнага кахання да Наташы. Вобраз яе аддаліўся, але не знік. У яго было такое адчуванне, што Наташа зводдаль назірае за ім. І яму было нават няёмка за сваю здраду. «Але, урэшце, гэта ж яе здрада паставіла мяне ў такія абставіны, што і я змушаны паўтараць яе ўчынак, — думаў Хруцкі. — Можа, яе душа і назірае за мной, каб нарэшце ўбачыць, што гэта адбылося... Хто ведае...»


5


З унутранай кішэні пінжака Андрэй Хруцкі дастаў партманет. Расклаў яго. Візітоўкі, банкаўскія карткі, дакументы, грошы — беларускія і некалькі соценных амерыканскіх купюр. «Чужое, — падумаў Андрэй. — Чужое цела, чужыя дакументы... чужое жыццё... Цікава, як жа цяпер мяне завуць? — Анд­рэй разгарнуў пашпарт і прачытаў: — Борчык Альфрэд Эдуардавіч. — Альфрэд, ну і імя... І дзе ж я жыву? — Хруцкі пачаў гартаць старонкі пашпарта і на адной з іх прачытаў: — Зарэгіастраваны шлюб з грамадзянкай Сямёнавай Наталляй Мікалаеўнай... »

«Вось табе і чужое... — мільганула ў галаве Хруцкага. — Мая Наташа — жонка гэтага Борчыка... »

Адчуванне страты, якая адбылася амаль дзесяцігоддзе таму, нахлынула на яго з небывалай сілай, з вастрынёй нават большаю, чым тады, калі Наташа адмовілася выходзіць за яго замуж. Яна заўсёды была і ёсць у ягоным сэрцы. І толькі высілкамі волі ён дамогся душэўнай раўнавагі. Бясспрэчна, была ў тым і заслуга Ганначкі: яна ўжо даўно зразумела, што муж пакутуе. Спрабавала выклікаць яго на шчырую размову. Але дзе там... дачцэ было тры гады, калі аднойчы Андрэй прывёз Ганну і Юлю на аўтавакзал: яны мусілі ехаць да жончыных бацькоў. На пасадачнай пляцоўцы аўтавакзала Ганна заўважыла, што Андрэй разгубіўся, бо ён не чуе таго, што яна яму казала. Ён увесь час паглядаў на суседнюю пляцоўку. Там стаялі дзве жанчыны і двое мужчын — ажыўлена размаўлялі. «Адна пара праводзіць другую», — зразумела Ганна.

— Наташанька, прыязджайце да нас на Новы год, — сказала стройная брунетка і пацалавала ў шчаку мілавідную сяброўку з доўгімі жоўтымі валасамі.

Памяць Ганны ажывіла выпадак, калі Андрэй аднойчы ноччу ў парыве жарсці назваў яе чужым імем, Наташай. Тады яна нават не папракнула яго, не спрабавала высвятляць: хто такая Наташа? Крыўда апякла яе: «Няўжо ён, будучы са мной фізічна, у думках імкнецца да іншай жанчыны? Няўжо так бывае?»

І раніцай Ганна таксама не стала штосьці пытацца ў Андрэя. Ёй вельмі не хацелася абмяркоўваць далікатную тэму. Разумела, што праўду ён не скажа.

А размова — гэта ўжо нешта канкрэтнае, яна магла параніць сэрца і адзывацца потым у ім балюча-балюча.

Едучы з дачкой у аўтобусе, Ганна зразумела, што Наташа — гэта не мроя, а канкрэтны чалавек, з якім яе муж Андрэй меў альбо мае адносіны.

«Добра, калі паміж імі ўсё скончана, і гэты выпадак ноччу, і гэтыя разгубленыя пагляды на аўтавакзале цяпер толькі — водгулле. А раптам яны сустракаюцца ці пачнуць сустракацца пасля гэтага».

Ганна заўважыла, што і рыжавалосая ўпотайкі кідала погляд на Андрэя, таму вырашыла асцярожна паназіраць за мужам: аглядвала яго кашулі, але не знаходзіла на іх вогненных валасоў ці паху незнаёмай парфумы. А калі Анд­рэй казаў, што ў выхадны дзень яго папрасілі папрацаваць, бо таксапарк не выцягвае план, правярала, ці працуе ён сапраўды. Ён працаваў.

Урэшце супакоілася і зноў верыла, што Андрэй кахае яе, і толькі яе...

У той час, калі Хруцкі стаў сустракацца з Ганнай, вобраз Наташы непакоіў яго ўсё менш і менш. Ганна вырасла ў сям’і, дзе гадавалася пяцёра дзяцей, і старэйшай была яна. Прывыкла клапаціцца пра малодшых братоў ды сясцёр. Гэты свой клопат, ласку яна шчодра дарыла і Андрэю, што станоўча ўплывала на яго душэўную раўнавагу. Аднак жа, пасля нараджэння маленькай Юлькі сітуацыя пачала мяняцца: дзіцё хварэла, плакала. Засынала, калі яго закалыхвалі на руках. Тады Ганна аддавала сябе поўнасцю маленькай дачушцы. Аказалася, што жонка яшчэ і цярплівы, самаахвярны чалавек. Ноччу, па некалькі гадзін носячы і закалыхваючы дзіця, яна не будзіла мужа, каб той падмяніў яе, разумеючы, што вадзіцелю перад працай трэба добра выспацца. Менш стала звяртаць увагі і на сябе як жанчыну. Непакоіла адно: набрацца б сіл, каб трымацца на нагах.

Здароўе Юлькі пакрысе паляпшалася. Напэўна, і жыццё Ганны і Андрэя вярнулася б у сваю звычайную каляіну, калі б не выпадак, які звёў Андрэя Хруцкага і Наташу: познім вечарам Андрэй пад’ехаў на заказ да будынка высокай шэрай шматпавярхоўкі, і ягонай пасажыркай аказалася Наташа. Яна была шыкоўна апранутая. На пальцах рук блішчэлі залатыя пярсцёнкі. Масіўныя колцы завушніц адцягвалі мочкі вушэй. Святочная, вясёлая, крышку нападпітку, павіталася, нібы яны толькі ўчора развітваліся. Даверліва патлумачыла: «Мае бацькі паехалі адпачываць у Турцыю — зяць адправіў, а я вось сустракалася з сяброўкай, цяпер еду на іх кватэру паліваць кветкі».

— Шмат кветак? — спытаўся Хруцкі толькі дзеля таго, каб схаваць сваю разгубленасць.

— А, хапае! Застаўлены ўсе падаконні і на падлозе ў зале дзясяткі з два гаршкоў. Дарэчы, Андрэй, як ты жывеш?

— Як бачыш...

— Бачу, што схуднеў ты, пануры... Калі шчыра, Андрэй, вінаватая я перад табою, — уздыхнула Наташа. — Але ж, паглядзі, нават машына, у якой мы цяпер сядзім — дзяржаўная... Дый гэта я ўжо раней табе казала...

— Наташа, — глуха прамовіў Хруцкі, — ды будзе ў мяне ўсё...

— Што ўсё? — пасміхнулася дзяўчына. — Стандартны набор: кватэра, дача, машына, на якія трэба будзе гарбаціцца ўсё жыццё? А бізнес, прэзентацыі, фуршэты?..

Яны крыху памаўчалі.

— Ведаеш, Андрэй, — Наташа зірнула з замілаваннем на Хруцкага, — а ты мне часта снішся і забыць цябе я не магу...

— І я таксама.

— Што таксама?

— Памятаю цябе. Памятаю ўсё, што было ў нас...

— А хочаш, мы паднімемся ў кватэру і ўспомнім былое?

Хруцкі толькі хітнуў галавой у знак згоды. Яму раптам зрабілася горача, а лёгкім нібыта не хапала паветра.

— Тады я выйду ля пад’езда, а ты пастаў сваю таксоўку кварталы за два і прыходзь.

Паркуючы машыну, Хруцкі адзначыў, што Наташа змянілася не толькі знешне, яна яшчэ стала прагматычнай, асцярожнай і разам з гэтым рызыкоўнай. Аднак жа галоўнае адкрыццё яго чакала наперадзе. Разняволеная жаноцкасць... Усё гэта ап’яніла...

Развітваліся, калі за вокнамі пачынала ўжо шарэць. Тое, што сказала Андрэю пры развітанні Наташа, наадварот, ацверазіла, нібыта на голаў кульнулі вядро халоднай вады: «Андрэй, ты ж не ўздумай шукаць са мною сустрэч: гэтае нашае спатканне — яно настальгічна-развітальнае... Прабач, сам разумееш, што былога не вярнуць, можна только ўзгадаць, што мы і зрабілі сёння... »

Наташа чмокнула яго ў шчаку, адчыніла дзверы кватэры і лёгкім, але настойлівым рухам рукі падштурхнула Андрэя: «Не трэба нічога казаць, ідзі, калі ласка, ідзі... »

Ён кінуў на яе поўны роспачы і адчаю пагляд і ўбачыў, што ў яе вачах блішчаць слёзы. Яму стала крыўдна, што яго зноў адштурхоўваюць, няхай сабе і шкадуючы, па-свойму кахаючы... «Але, што ж гэта за каханне, калі ад яго можна адмовіцца дзеля багацця?» — задаваў сам сабе пытанне Хруцкі, і не знаходзіў адказу.


6


Раптам пачулася булькатанне вады, потым смех разануў па шкле, нібыта хтосьці настойліва і рытмічна разбіваў шыбы ў вокнах... «Гэта ж мабільнік», — здагадаўся Хруцкі. Хтосьці настойліва тэлефанаваў Альберту.

«А што, калі гэта Наташа телефануе... Я ж змагу цяпер пачуць яе голас... — Хруцкі знайшоў у кішэні мабільнік. — Што ёй сказаць? Прызнацца, што мне без яе жыццё — не жыццё? Сказаць, што нават у сне трызню ёю. Паведаць, што ў жонцы, якую, здавалася, пакахаў, шукаю нейкае падабенства з ёю, што нават аднойчы назваў Ганну Наташай?..»

А трэск шкла рабіўся ўсё гучнейшым і больш нстойлівым. Урэшце Андрэй прыклаў тэлефон да вуха: «Слухаю. Алё!»

— Альфрэд, гэта ты? — пачуўся звонкі, бадзёры Наташын голас. — Я не пазнаю твой голас. Можа, штосьці здарылася?

— Можа, і здарылася, — адказаў Хруцкі.

Узнікла невялікая паўза, а потым ужо глухім голасам Наташа спыталася:

— Андрэй, гэта ты?

— Я, — адказаў Хруцкі. Яму чамусьці зрабілася лёгка і крыху весела. — Ты не паверыш, Наташа, але здарылася штосьці ўнікальнае: я стаў Альфрэдам, а Альфрэд цяпер ніхто іншы, як Андрэй.

— Божа мой, ты п’яны... Скажы, Альфрэд з табой побач? Дай яму тэлефон.

— Ён не побач, ён у мне, дакладней, я ў ім.

— Ідыёт! — у трубцы пачуліся кароткія гудкі.

«Ну і што мне рабіць далей? — Хруцкі адкінуўся на спінку сядзення, заплюшчыў вочы. — Трэба неяк расслабіцца, адпачыць, абдумаць усё... А можа, паехаць у гасцініцу? Так. Цяпер гэта найлепшы варыянт».

Быў ужо прыцемак і горад запаліў ліхтары. Недзе воддаль чулася сірэна спецмашыны. Хруцкі паставіў «лексус» на платнай стаянцы. Уваходзіць у бліскучыя шкляныя дзверы гасцініцы не спяшаўся. Ён глядзеў на людзей, якія заходзілі і выходзілі з будынка: хто няспешна, а хтосьці хутка, імкліва, і думаў: «Усё, што адбываецца навокал, ні што іншае, як звычайная мітусня? Чым мы, людзі, адрозніваемся ад камароў, якія таўкуцца вось тут, каля майго цела?.. — Ён сумна пасміхнуўся. — Трэба заўтра абавязкова даведацца, у якім стане маё цела... »

— Вы ж мясцовы жыхар, прапісаны па вуліцы Каштанавай, а чамусьці хочаце жыць у гасцініцы... — Сярэдняга веку жанчына з высокай прычоскай белага колеру ўважліва паглядзела ў твар уладальніка пашпарта з прозвішчам Борчык Альфрэд Эдуардавіч.

— А калі я пасварыўся з жонкай, дык што, начаваць на вуліцы?

— Мірыцца трэба, — уздыхнула кабета.

— Каб памірыцца таксама патрэбен пэўны час, каб выспелі ўмовы.

— І гэта праўда, — зноў уздыхнула кабета. — Запаўняйце анкету.

— А вячэру тут можна заказаць у нумар?

— Можна. А на колькі персон? — жанчына зноў зірнула на яго, але ўжо не строга, а іранічна.

— І што вы, Васільеўна, вышукваеце ў кожнага кліента нейкі крымінал, — адарвала ад паперы позірк жанчына з кароткай стрыжкай. Вочы ў яе вялікія, цёмныя, але не строгія, лагодныя. — Мне дык бачна, што гэты мужчына сапраўды ў роспачным стане...

— Вось вы пра што... — шырока ўсміхнуўся Хруцкі. — Думаеце, я прыйшоў здымаць нумар, каб сустрэцца тут з каханкай? Памыляецеся, шаноўныя.

— Дык на колькі персон вячэра?

— На адну.

— Вазьміце, калі ласка, ключ ад 21 нумара.

Зайшоў у пакой, зняў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла. Ссунуў з ног туфлі і паваліўся на ложак. Колькі хвілін ляжаў нерухома. Ні пра што не думаў, нічога не хацелася. З радыё, якое стаяла на тумбачцы, палілася музыка, мяккі голас Юрыя Антонава данёс да свядомасці Андрэя словы: «Вгляжусь в тебя, как в зеркало... »

«Люстэрка! Тут у ванным пакоі ёсць люстэрка! Трэба пайсці і добра разгледзець, які я цяпер... »

Хруцкі лёгка падняўся з ложка, пстрыкнуў выключальнікам і ўвайшоў у ванны пакой, сцены якога блішчэлі бела-блакітнай кафляй. Андрэй уталопіўся ў люстэрка. Адтуль на яго насцярожана пазіраў чалавек. Вялікі, крыху прыплюснуты нос, пульхныя вусны — ніжняя губа прыкметна тапырылася. Вочы светла-шэрыя, ясныя, чыстыя. Твар поўны, прадаўгаваты.

«Увогуле знешне даволі прыемны тып», — адзначыў Хруцкі. Таксіст, ён за гады працы бачыў зблізку шмат розных людзей. Ведаў, што не заўсёды чыстыя і ясныя вочы сведчаць пра тое, што і памкненні, і ўчынкі чалавека гэткія ж. Хай кажуць людзі, што вочы — люстэрка душы. «Дзе ж вы мае вочы жоўта-карычневага колеру? — падумаў скрушна Хруцкі. — Аднак жа мы такія розныя — гэты Альфрэд і я...»

Хруцкі хацеў знайсці адказ на пытанне, якое яго ўсхвалявала. А менавіта яго: статнага брунета-прыгажуна Наташа памяняла на гэтага цельпухаватага суб’екта толькі дзеля багацця?.. Можа, прычына ў вачах? У яго ж такія непаўторныя вочы... Можа, імі ён і зачараваў Наташу? «Ты апраўдваеш яе. Хочаш пераканаць сябе, што яна закахалася альбо яе зачаравалі светла-шэрыя вочы, каб толькі супакоіць сваё самалюбства, — унутраны голас без спагады і жалю перарываў пытанні Хруцкага. — Яна карыслівая, вельмі карыслівая. Ты што, яшчэ не пераканаўся ў гэтым?.. »

У дзверы нумара ціха пастукалі.

— Хто? — спытаў Хруцкі, падышоўшы да дзвярэй.

— Вы замаўлялі вячэру...

Хруцкі адшчапіў замок, і ў пакой зайшла паўнацелая жанчына, паставіла на стол паднос, на якім былі цёмныя гаршчэчкі, графін з гарэлкай і хлеб. Пры гэтым яна няспешна агледзела Хруцкага зверху ўніз і ўсміхнулася: «Прыемнага вам апетыту».

— Дзякую, — буркнуў ён у адказ.

Жанчына выйшла. Хруцкі ўзяў шклянку, якая стаяла ля графіна з вадой, наліў гарэлкі і выпіў. Толькі ўзяўся за накрыўку круглага гаршчэчка, як зноў забулькатаў мабільнік Альфрэда. На гэты раз Хруцкі, не вагаючыся, адказаў.

— Андрэй, растлумач мне, калі ласка, што адбываецца? Позні вечар ужо, а Альфрэд яшчэ не вярнуўся дамоў. Скажы, што ты яму наплёў? — у знешне спакойным голасе Наташы чулася прыхаваная трывога.

— Гэта не так проста растлумачыць, — уздыхнуў Хруцкі. — А ты прыязджай да мяне ў гасцініцу «Губернская», нумар 21. А твой Альфрэд... Ён сёння не прыйдзе дамоў...

— З ім штосьці здарылася? А можа, ты дрэннае нешта зрабіў яму? Андрэй, навошта ты ўмешваешся ў нашае жыццё?

— У гэтым выпадку маёй віны няма. А калі і ёсць, дык яна ўскосная... Я нікому нічога дрэннага не рабіў. Тут штосьці іншае... Прыязджай, так ты ўсё хутчэй зразумееш. І павер, Наташа, з майго боку тут няма якойсьці інтрыгі ці падставы.

— Добра, — адказала Наташа. — Я хутка буду.

Яна і сапраўды з’явілася хутка, узрушаная, з іскрыстымі вачыма, з лёгкім прыемным пахам парфумы і адразу ж зніякавела, разгубілася, але толькі на імгненне. Як і ўсе рашучыя жанчыны, яна тут жа авалодала сабой, імгненна ацаніўшы сітуацыю, як крытычную:

— І што гэта за спектакль? Інсцэніроўка вялікага парадыста? А галоўнае, чаго ты гэтым хочаш дабіцца?

— Наташа, мілая, якая ж ты прыгожая! Асабліва вось у такім узрушаным стане. — Хруцкі схапіў яе за руку. — Ты спачатку выслухай, што я табе распавяду...

Твар Наташы зноў зрабіўся разгубленым, нават спалоханым. «Альфрэд так пераканаўча, натуральна гаворыць голасам Андрэя... Як яму гэта ўдаецца?»

— Разумееш, цяпер перад табой нібыта двое ў адным: цялесная абалонка Альфрэда, а духоўная — мая.

Наташа няўцямна заплюскала вейкамі, а потым пільна паглядзела яму ў вочы:

— А дзе ж тады твая цялесная абалонка?

— Шпіталізавана пасля дарожна-транспартнага здарэння. У ёй і знаходзіцца духоўная абалонка твайго мужа Альфрэда Эдуардавіча Борчыка. На жаль, у якім стане цяпер маё цела, я не ведаю... Я разумею, што ўсё, што я кажу, гучыць фантастычна, але гэта адбылося насамарэч.

— Значыць, ты сцвярджаеш, што ў целе Альфрэда цяпер душа Андрэя Хруцкага? Значыць, з гэтай прычыны я і чую яго голас?

— Правільна. І я магу даказаць, што перад табой я — Андрэй Хруцкі. Спытай у мяне пра што-небудзь з нашага, былога.

Наташа задумалася: «Што гэта? Зладкаваны розыгрыш? А што, калі Альфрэд нейкім чынам пазнаёміўся з Андрэеем Хруцкім?.. Мажліва, ён купіў у яго ўсю інфармацыю пра мяне, пра нашае з ім мінулае... А голас? Можа, у Альфрэда талент, як у парадыста Галкіна... Аднак жа колькі трэба размаўляць, каб пераказаць усе жыццёвыя выпадкі за той тэрмін, калі я сустракалася з Андрэеем? Ён жа сам прапануе праэкзаменаваць яго... Божа, ці ж можа быць рэальным тое, пра што апавядае мне Андрэй? Ну вось, я ўжо Альфрэда ўяўляю Андрэеем. Значыць, падсвядома я жадаю, каб так і было... »

— Ну што маўчыш? Няма чаго ўспомніць? — спытаў Хруцкі.

— Ёсць. Памятаеш, мы былі на возеры, там, дзе па легендзе царква правалілася ў зямлю і на гэтым месцы з’явілася возера?

— Канешне.

— Я піхнула цябе ў ваду. Што было далей?

— Левай нагой я ступіў на шкло разбітай бутэлькі. Рана была даволі глыбокая. Ты спалохалася, але не разгубілася: кінулася шукаць медыцынскую аптэчку. Каля возера знаходзілася шмат машын і ўжо праз тры-чатыры хвіліны ты забінтавала мне рану, пацалавала ў шчаку і сказала: «Даруй, Андрэйка». Заўваж, ты сказала Андрэйка, а не Андрэй, як ты кажаш цяпер. Як жа мне спадабалася тады, што ты назвала мяне гэтак ласкава... Ты памятаеш, што было далей?

— Так, — у жоўтых Наташыных вачах з’явілася цеплыня, — потым мы начавалі ў палатцы. Глуха і страшна вухкала сава, але я не баялася, бо побач быў ты. А раніцою мы пілі каву, якую я зварыла на азёрнай вадзе. Якая ж яна была пахкая і смачная...

— Цяпер ты верыш мне, Наташа?

— Калі падобную фантастыку бачыш у кінафільмах, то ўспрымаеш спакойна, бо ведаеш, што гэта прыдумкі сцэнарыстаў. А цяпер, калі я сама сутыкнулася з містыкай у жыцці... Як гэта можа адбыцца? Хто зрабіў такое і чаму?

— Я мяркую, што ў гэтым пераўвасабленні задзейнічана звычайная чужаземная лялька, — Хруцкі дастаў з кішэні пінжака лялечнага чорціка і пасадзіў яго на стол, прыхіліўшы спінай да графіна з вадой.

— Якая ж брыдкая лялька, — скрывіла нафарбаваныя вусны Наташа. — Гэткі талісман боўтаўся ў машыне перад самым тваім носам?

— А што такога? Прыкольная лялька. Мне падараваў яе араб-турыст...

— Ой, Андрэй, глядзі, яна ўсміхаецца і вочы ўспыхнулі, нібыта ў іх загарэўся агонь!

Хруцкі зірнуў на твар лялечнага чорціка, аднак ні ўсмешкі, ні агню ў яго вачах не заўважыў. Запытальна паглядзеў на Наташу.

— Я бачыла, я сапраўды бачыла ўсмешку і агонь у вачах!

— Хацеў выкінуць ляльку пасля аварыі, — задумліва прамовіў Хруцкі, але добра, што не зрабіў так... Я думаю, чорціка трэба спаліць... Можа, тады і згінуць усе гэтыя незвычайныя чары.

— Не, спяшацца не варта, — запярэчыла Наташа, — каб потым, пазней не давялося шкадаваць. Я думаю, чорціка патрэбна зачыніць у нейкую скрынку. Накшталт сейфа. І пачакаць, што будзе адбывацца далей.

— У мяне ў гаражы ёсць металічная скрыня. Яна зачыняецца на замоквісяк. Прапанова цікавая. — Андрэй узяў ляльку ў далонь. — Ну што, гаспадар пекла, як табе ідэя Наталлі Мікалаеўны? Ці згодны ты быць вязнем скрыні?

На твары лялькі застыла абыякавасць. Хруцкі зноў паклаў чорціка ў кішэню пінжака.

— У мяне ёсць ідэя! — узрушана сказала Наташа. Яна расшпіліла сумачку, дастала з яе нататнік і ручку. Распішыся, калі ласка...

— Навошта?

— Ты што, не зразумеў? Трэба высветліць, чый у цябе цяпер подпіс... Гэта вельмі важна.

Хруцкі ўзяў ручку і размашыста распісаўся.

— Ура! — ускрыкнула Наташа. — Ты валодаеш подпісам Альфрэда. У цябе яго знешнасць і пашпарт... Андрэй, гэта шанец, надзвычайны шанец...

— Што ты маеш на ўвазе?

— Стоп! Я павінна табе шмат што расказаць і растлумачыць. — Наташа глыбока ўздыхнула і паглядзела Хруцкаму ў вочы. — Не вельмі салодка і шчасліва мне жылося з Альфрэдам. Ён прагматычны цынік. Праўда, спачатку я гэтага не бачыла. Нядаўна даведалася, што ён здраджвае мне.

— Вось дык нумар! — выдыхнуў Хруцкі.

— Я для яго — прыгожая застаўка на экране камп’ютара, каб схаваць за ёй пачварнасць гомасексуала. Я не ўтрымалася і шмат што сказала яму на гэты конт. Ён прапанаваў мне працягваць жыць далей разам. Сказаў, што будзе забяспечваць маё бязбеднае існаванне, а я павінна быць вернай яму, дакладней, нашаму сямейнаму супольніцтву. Бачыце, яму патрэбна выглядаць прыстойна! Я вырашыла агледзецца, падумаць. Можна было б, канешне, развесціся. Але што мне даваў развод? Тады, калі мы жаніліся, я была аслепленая яго багаццем і, не чытаючы, падпісала шлюбны кантракт: лічыла, што сваёй прыгажосцю і абаяльнасцю змагу дабіцца ўсяго, чаго пажадаю. Цяпер жа, калі ўчыталася ў дамову, то зразумела: мне ў выніку разводу дастанецца тое, што ёсць на мне і асабістыя рэчы... І на гэта я спаліла столькі лепшых гадоў жыцця!..

Узнікла паўза, якую Хруцкі спадзеўна чакаў.

— Наташа, з гэтай гісторыі я зразумеў: мая духоўная існасць цяпер знаходзіцца ў целе Альберта... Але гэта, напэўна, не так. Ведала б ты, як я хачу быць з табой...

— А хто табе гэта забараняе, — загадкава ўсміхнулася Наташа і падышла да Хруцкага.


7


Ганна Хруцкая пасля начной змены вярталася з працы дамоў. Нецярпліва паглядвала ў той бок, адкуль павінен з’явіцца тралейбус. Яе чамусьці ахапіў неспакой і яна не звяртала ўвагі на мітуслівых вераб’ёў, якія скакалі каля ног. Тут жа праходжвалася варона, зыркаючы бліскучым вокам на людзей, нібы запрашаючы: паглядзіце на мяне, я ж такая самастойная, упэўненая і прыгожая.

Ганна не магла зразумець прычыну неспакою, які ахапіў яе. Ён з’явіўся вечарам, калі яна прыйшла ў лабараторыю і пачала рыхтаваць апарат і прылады для правядзення аналізаў. Яна не магла сканцэнтравацца, бо ёй авалодаў неспакой, які і перашкаджаў выконваць звыклую, але адказную працу. Ноччу яна нават патэлефанавала Андрэю, што рабіла вельмі рэдка, бо муж не любіў, калі жонка званіла яму без дай-прычыны. Яна проста хацела пацікавіцца дзе ён і што робіць. «Ды ўсё нармальна, працую, — звычайна адказваў муж незадаволеным голасам. — Спі, да раніцы буду дома».

«І чаго злуе? — думала Ганна. — Можа, лічыць, што я яго кантралюю? А які сэнс кантраляваць ? Каб загуляць, мужчыну неабавязкова быць таксістам... »

Гэтым разам яна пачула ў трубцы: «Абанент недасягальны». На душы стала яшчэ больш трывожна. Ганна патэлефанавала суседцы — адзінокай пенсіянерцы Вользе Сяргееўне, бо ведала, што тая ўстае заўсёды вельмі рана і выводзіць на прагулку сваю таксу. Папрасіла суседку паглядзець, ці стаіць у двары іх жоўценькі «фордзік».

— Няма, — адказала Вольга Сяргееўна, — і пасля таго, як ты пайшла на працу, ён не прыязджаў паглядзець Юльку. З ёй усё добра. Я заходзіла, каб пакласці яе спаць. А Андрэй, можа, паехаў куды далёка, дзе мабільная сувязь не спрацоўвае...

— І то праўда, — уздыхнула Ганна, — так ужо колькі разоў было...

Аднак трывога не пакідала яе. З трывогай Г анна і пераступіла парог кватэры, ужо не сумняваючыся, што з Андрэем штосьці здарылася. Як распранулася, адразу ж патэлефанавала дзяжурнаму ДАІ, спыталася, ці трапляў у аварыю «форд-мандэо» дзяржаўны нумар ТАХ 17—49.

— Так. Ёсць у зводцы здарэнняў такая машына. — Пачуўся ў трубцы крыху асіплы мужчынскі голас. — Вадзіцеля забрала «хуткая дапамога». А вы хто?

Ганна не адказала. Тэлефонная трубка выпала з яе рукі і патрапіла на сваё звычайнае месца. Ледзь чутна рыпнулі дзверы: са спальні выбегла Юлька, ускараскалася маці на калені. Але Ганна не прылашчыла дачушку, не абняла малую і тая пакрыўджана зірнула на маці, убачыла ў яе вачах слёзы, затым спалохана прытулілася да грудзей. Ганна нібы ачомалася, абняла дачку, пацалавала.

Яны сядзелі сцішаныя, перапалоханыя.


8


Хруцкі і Наташа размаўлялі і спрачаліся ўсю ноч. Тое, што прапанавала зрабіць Наташа, выклікала ў душы Андрэя непаразуменне і расчараванне. «Якое я маю права распараджацца чужымі маёмасцю і бізнесам? — пытаўся сам у сабе ў думках Андрэй. — А што будзе, калі ўсё стане на свае месцы? Што будзе, калі мая душа вернецца ў маё цела? І ці будзе гэта? Прынамсі, я хачу гэтага. Вельмі хачу. А калі так, то не выключана, што жаданне можа збыцца. Цікава, чаму так адбылося, што ў чужым целе я маю свой голас? Галасавыя ж звязкі — цялесны орган... А подпіс у мяне яго — Альфрэда Борчыка. А як жа ўзрадвалася Наташа, калі ўбачыла гэты подпіс... Я, напэўна, і не падумаў бы высвятляць, чыім подпісам валодаю цяпер. А Наташа... Яна хоча завалодаць кватэрай, бізнесам і нават катэджам, які знаходзіцца недзе пад Вільнюсам. Ці не будзе гэта злачынствам з майго боку? Але ж, калі што якое, то можна спаслацца на тое, што я не ўсведамляў, што рабіў... Толькі ж які бізнес! Будаўнічая фірма, плюс завод па вытворчасці сілікатных вырабаў. Праўда, на пару з сынам аднаго вельмі, як цяпер кажуць, крутога чалавека. Небяспечна... За такія грошы могуць проста забіць. Няўжо Наташа гэтага не разумее?..»

Хруцкі падышоў да акна, адхіліў штору, паглядзеў праз шкло. На вуліцы ішоў дробны дождж. Яна поўнілася машынамі, а тратуары — людзьмі з парасонамі. Быў той ранішні час, калі ўсе спяшаліся на працу. Андрэй адчуў сябе нявольнікам, чалавекам, які не належыць сабе.

«Каму я цяпер патрэбны ў чужым абліччы? — задумаўся Хруцкі. — Наташы?.. А калі я толькі зброя ў яе руках, якая дапаможа ёй здабыць багацце?..

І што яна будзе з ім рабіць? Я ж адмаўляўся, катэгарычна адмаўляўся ісці з ёю да натарыуса... А ў яе паглядзе такая ўпэўненасць, што будзе так, як яна хоча. Разумее, што мае вялікую сілу і ўладу нада мной. І чаму я згадзіўся не ісці ў бальніцу? Пераканала, што я атрымаю стрэс, пабачыўшы сваё пакалечанае цела? Канешне, ёй як былой супрацоўніцы паліклінікі лягчэй і хутчэй высветліць усе акалічнасці. Траўма галавы і пераломы нагі ў двух месцах... Пра гэта яна ўжо даведалася ноччу па тэлефоне ад дзяжурнай сястры... Цікава, ці бачыў сябе ў люстэрку гэты Альфрэд? Пэўна, не. Якое люстэрка, калі ён знаходзіцца ў рэанімацыі? Ён... Можа, не ён, а я? Ад усяго гэтага можна звар’яцець... А Ганна з Юлькай... Што яны робяць цяпер? А што, калі пайсці дамоў і ўсё расказаць жонцы. Паверыла ж мне Наташа — паверыць і Ганначка. Галоўнае — не спалохаць яе. Можа, сустрэць з працы і пагаварыць? Ці пазваніць ёй? Але ж у што гэта можа выліцца? Забяруць у псіхічную клініку... Забяруць і мяне, і Альберта, і, магчыма, ужо ніколі не выпусцяць... Што ж мне застаецца? Ісці разам з Наташай. Але я і без Наташы магу, напрыклад, прадаць гэты шыкоўны «лексус»... Ну і колькі я пражыву на тых грашах і дзе?.. А Ната­ша?.. Ці змагу я перамагчы пачуццё, якое з новай і большай сілай чым раней ахапіла мяне? Трэба з ёй пагаварыць пра будучыню. І, пэўна, варта рабіць так, як яна хоча... Яна ўсё-ткі па законе жонка Борчыка Альфрэда... І маёмасць, і бізнес застанецца ў сям’і Борчыкаў. Ад імя Альфрэда я магу зрабіць ёй такія шыкоўныя дарункі...»

Узгадаўшы, як Наташа папракала яго за беднасць, Хруцкі ўсміхнуўся: цяпер ён, бядняк, дапаможа ёй здзейсніць ейную мару жыцця. Толькі дзеля чаго яна гэтага хоча?.. Можа, гэта будзе помста чалавеку, які не апраўдаў яе надзей, які падмануў, скарыстаў?

«А што, калі брыдкае жаданне хаваецца ў целе? — Ад гэтай думкі Хруцкі ажно цепануў плячыма. — Але ж мая духоўная існасць перамагае сардэчную хваробу Альфрэда: у грудзіне больш не пячэ і таблеткі не спатрэбіліся, пры тым, што выпіў больш як паўбутэлькі моцнага спіртнога... Аднак жа хопіць сумбурных разважанняў. Трэба неяк разняволіцца і, можа, заснуць...»

Андрэй адышоў ад акна. Наліў у шклянку каньяку і выпіў. Уключыў тэлевізар і сеў у крэсла. На экране з’явіліся мужчына і жанчына. Яны спрачаліся:

— Ты загубіў мае самыя лепшыя гады жыцця. І цяпер пакідаеш мяне дзеля нейкай шалахвосткі, дзеля прафуры Ванды!

— Яна не шалахвостка, а жанчына, якая кахае мяне.

— А ты што, не ведаеш, каго кахаю я?

— Ведаю. Аднак, прабач, у мяне ўжо няма пачуццяў да цябе...

Хруцкі з цікавасцю стаў назіраць, як паводзіў сябе мужчына ў такой сітуацыі. Ён няспешна складваў у чамадан рэчы. Рухі ўпэўненыя. Тэніска шчыльна аблягала яго цела, выдзяляючы моцныя мускулы.

«Яму вельмі пасуе кароткая стрыжка з павольным пад’ёмам, — падумаў Андрэй і схамянуўся, — Божа, чаму я разглядваю мужчыну, думаю пра яго?..»

Ён адчуў, як закалацілася, загрукала сэрца. Націснуў на чырвоны кружок на пульце тэлевізара: экран патух. Наліў і выпіў яшчэ грамаў пяцьдзясят ды лёг у пасцель, бо цвёрда вырашыў заснуць. Пакрысе яму стала ўзгадвацца ноч, праведзеная з Наташай... Млявасць і асалода авалодалі целам, і Андрэй заснуў.

Але і ў сне мроі пра Наташу не пакідалі: яны кудысьці ішлі разам, Наташа так спяшалася, што пачала аддаляцца, і так хутка, што Хруцкі быў вымушаны бегчы за ёй.

Нарэшце ён схапіў Наташу за руку. Спыніў. Яна засмяялася залівіста, звонка. Але раптам яе смех стаў жудасным ды злым. А праз хвіліну ўжо сама Наташа зрабілася вялікай чорнай птушкай. Птушка расправіла адбеленыя, як воблака, крылы, узмахнула імі і ўзнялася ў неба. Хруцкі адчуў, як узнімаецца ў вышыню разам з ёю. Спалохаўся, што не ўтрымаецца і ўпадзе, закрычаў і прачнуўся.

Вецер калыхаў жоўта-зялёную штору і ад яе руху сонечныя промні то знікалі, то з’яўляліся на шпалерах. Хацелася піць. Высокая шклянка з апельсінавым сокам стаяла на тумбачцы. Андрэй прыўзняўся, дацягнуўся рукой да шклянкі і пачаў прагна піць. У гэты момант адчуў, як штосьці патрапіла яму ў рот і пякучы боль працяў горла. Ён закашляўся, выплюнуў на падлогу рэшкі соку і заўважыў у ім асу. «Я ледзьве не праглынуў асу», — падумаў Андрэй, адчуваючы здзіўленне і страх.

Разам з гэтым яму стала цяжка дыхаць. Узгадаў выпадак, калі ён, будучы падлеткам, бачыў, як вясковы баламут і п’яніца па мянушцы Сапронька піў віно і яго ў язык уджаліла пчала. Спачатку Сапраньковы хаўруснікі весела рагаталі, а потым, калі ён захрыпеў і твар яго пачаў налівацца сінечай, спалохаліся. Кінуліся ў краму, у якой толькі што куплялі віно, каб выклікаць «хуткую дапамогу». «Хуткая» з’явілася праз паўгадзіны. Доктарка — поўная круглатварая кабета хвіліны дзве пазавіхалася каля Сапронькі і бездапаможна развяла рукамі...

Хруцкі падышоў да стала, зняў трубку з тэлефоннага апарата і набраў нумар «хуткай».

— Ало! Слухаю вас. Што здарылася?

— Такая вось бяда... Піў сок і праглынуў асу... А можа, іх было дзве... Аса мяне ўджаліла ў горла і цяпер цяжка дыхаць, і вельмі балюча.

— Кажыце адрас...

Разам з доктарам у пакой увайшла і мілавідная адміністратарка з кароткай стрыжкай, якая пры засяленні спагадліва аднеслася да кліента з пашпартнымі дадзенымі Борчыка Альфрэда Эдуардавіча. Цяпер жа ў яе паглядзе разам са спачуваннем бачылася і асуджэнне. Яна нібыта казала: «Вось да чаго даводзяць лаянкі з жонкай і сустрэчы з каханкамі ў гасцініцы».

Хруцкі, якім ужо авалодала млявасць, ціха прамовіў ёй: «Прабачце...»

Доктар адразу ж зрабіў яму ўкол, змераў тэмпературу і ціск. Ціск быў павышаны.

— Вам, малады чалавек, трэба будзе дзень-два паляжаць у аддзяленні таксікалогіі, паставіць кропельніцы, пабыць пад кантролем медыкаў, бо, крый божа, разаўецца ацёк Квінке, а гэта небяспечна, вельмі небяспечна, — сказаў доктар, ужо складваючы свой чамаданчык. — Так што прашу праехаць з намі...


9


Ганна Хруцкая стаяла каля высокіх белых дзвярэй, над якімі чырвоным па белым было напісана «рэанімацыя». Яна чакала, калі выйдзе дзяжурны хірург, які, як сказала медыцынская сястра, павінен даць ёй усю інфармацыю пра пацыента Хруцкага Андрэя Васільевіча. Гэтая ж медсястра запэўніла, што пашкоджанні, якія атрымаў пацыент, не смяротныя і ўжо праз некалькі дзён ён будзе пераведзены ў агульную палату. «Але ж каб траўмы былі лёгкія, то не трымалі б яго ў рэанімацыі, — думала Ганначка, хаця на сэрцы ў яе паспакайнела: дзякуй богу, жывы.

Ганне карцела адчыніць гэтыя вялікія белыя дзверы і зазірнуць у памяшканне, а, можа, і зайсці, знайсці там Андрэя, паглядзець на яго, патрымаць ягоную руку. Яна была перакананая, што яму цяпер вельмі патрэбная яе дапамога. А яна не мае магчымасці нават адным вокам зірнуць на яго. Не правільна гэта, не справядліва...

Нарэшце дзверы адчынілся, і ў калідор выйшаў малады русы мужчына ў сінім халаце. Ганна памкнулася да яго, а ён і сам зрабіў крок насустрач: «Бальшакова?»

Ганначка паглядзела ў твар доктара і пазнала свайго аднакласніка Сяргея Сарокіна. З тых часоў, калі Ганна паехала з Гомеля ў Магілёў, яны не бачыліся. Сяргей ставіўся да яе ўважліва, нават спрабаваў заляцацца, аднак Г анна тады ўвесь свой час аддавала вучобе, бо вучыцца ў тэхнічным інстытуце ёй было даволі цяжка.

Сарокін узяў яе за руку і нават прыгарнуў да сябе: «Ганначка, як ты тут апынулася?»

— Мой муж у вас... Андрэй Хруцкі. Прывезла «хуткая» пасля аварыі.

— Я толькі што быў каля яго. Сёння мы пераводзім твайго мужа ў агульную палату. Так што не хвалюйся — усё павінна быць добра. На жаль, я спяшаюся, а ты зайдзі як-небудзь у ардынатарскую, тады і паразмаўляем як след. Ну, бывай.

Ганна вырашыла пасядзець і дачакацца, калі Андрэй выйдзе ці яго вывезуць з рэанімацыі. І вось недзе праз гадзіну дзверы шырока расчыніла медыцынская сястра і санітар выкаціў у калідор каляску, у якой сядзеў Андрэй. Твар яго быў бледны, але было бачна, што ён з цікаўнасцю пазірае навокал. Ганна ступіла крок насустрач. Андрэй толькі зірнуў на яе і адвёў позірк, пачаў глядзець прама перад сабой.

«Ён што, не пазнаў мяне? — мільганула ў галаве жанчыны. — Паглядзеў на мяне, як на незнаёмага чалавека».

Каляска пракацілася міма зніякавелай Ганны, потым яе ўпіхнулі ў ліфт, і тады Ганна спахапілася, кінулася да ліфта і спытала: «Куды вы яго пераводзіце?»

— Аддзяленне траўматалогіі. Палата нумар пяць, — адказаў санітар, і дзверы ліфта зачыніліся.

Зверху па лесвіцы пачуліся крокі і жанчына зноў убачыла Сяргея Сарокіна.

— Сярожа. Я не магу зразумець, што адбываецца: ён не пазнаў мяне... Муж не пазнаў мяне...

— Праўда? — здзівіўся Сарокін. — Ты, можа, памыляешся?

— Ён паглядзеў на мяне як на абсалютна незнаёмага чалавека.

— Не панікуй, Ганна. У яго звычайнае сатрасенне мазгоў. Ён адэкватны. — Сарокін задумаўся. — Дык бывае ўсякае. Бывае, што людзі пасля такіх прыгод і стрэсаў раптам пачынаюць размаўляць на невядомай ім дагэтуль мове... Ведаеш, я прынясу табе халат і мы разам пойдзем да яго і ўсё высветлім. Толькі ты, калі ласка, паводзь сябе спакойна, без эмоцый.

— Добра, — адказала яна.

Калі Сарокін і Ганначка ўвайшлі ў палату, Хруцкі ўжо ляжаў у ложку, заклаўшы далоні рук пад галаву, глядзеў у столь.

Сарокін і Ганна селі каля яго на табурэты.

— Як вы сябе адчуваеце? — спытаўся Сарокін.

— Крыху баліць галава.

— Вы можаце назваць сваё прозвішча, імя і імя па бацьку?

— Канешне. Я — Борчык Альфрэд Эдуардавіч.

Ганна памкнулася штосьці сказаць, але Сарокін узяў яе за локаць і злёгку сціснуў яго.

— Кім вы працуеце?

— Займаюся бізнесам, — Борчык павольна павярнуўся на бок, каб бачыць, з кім ён размаўляе.

— У вас ёсць сям’я, дзеці?

— Ёсць жонка. Завуць Наташа. Дзетак пакуль што не маем.

— Дзе і калі вы нарадзіліся.

— 19 снежня 1976 года ў горадзе Вільнюсе.

— А пражываеце цяпер у Магілёве і па якім жа адрасе?

— Вуліца Каштанавая, дом 5, кватэра 101.

— Добра. Адпачывайце. Пойдзем, — Сарокін тузануў Ганну за рукаво. — Хвораму трэба адпачываць. Хадзем...

Калі выйшлі ў калідор, Сарокін сказаў:

— Яго нельга хваляваць. Выпадак унікальны... А можа, ён прыдурваецца?

— Не думаю, — адказала Ганна. — Тады б нешта ды прамільгнула ў яго вачах. Божа, што ж будзе далей?

— Прыйдзецца падключаць псіхатэрапеўтаў. Яго могуць пакласці ў псіхічны дыспансер. Мяркую, гэта непажадана. Цікава, а ці існуе на самай справе Борчык Альфрэд Эдуардавіч? Пойдзем у кабінет, зараз мы гэта праверым.

У кабінеце Сяргей Сарокін кудысьці пазваніў: «Андрэй Васільевіч, гэта Сарокін з гарадской бальніцы. Невялікая просьба: мне трэба ўдакладніць, ці існуе ў рэальнасці грамадзянін Борчык Альфрэд Эдуардавіч, ураджэнец Вільнюса?»

Крыху пачакаўшы і выслухаўшы, што яму сказалі, Сарокін падзякаваў і паклаў трубку:

— Ёсць такі чалавек. Дата нараджэння і адрас супадаюць.

— Што ж гэта ўсё азначае? — задумліва прамовіла Г анна.

— Усё-ткі падобна на фальсіфікацыю, — адказаў Сарокін. — Можа, твой муж добра ведае гэтага Борчыка ці яго жонку... Наташу — гэта імя табе штосьці гаворыць?

— Аднойчы муж назваў мяне гэтым імем.

— Ого! — выгукнуў Сарокін. — Тут, магчыма ёсць нейкая сувязь з нашым выпадкам. Ты бачыла гэту Наташу?

— Я некалі бачыла, але не ведаю, была гэта Наташа ці якаясьці іншая жанчына. На аўтавакзале муж адпраўляў мяне з дачкой у вёску і дужа занерваваўся, калі ўбачыў адну жанчыну. Яна, дарэчы, знаходзілася ў кампаніі. Але гэта толькі здагадкі...

— Зробім так: пакуль што пакінем усё як ёсць і паназіраем, як ён будзе паводзіць сябе далей. Думаю, што як жонка, ты не павінна яго наведваць. Можа, зрэдку разам са мной, як сёння. Калі ён сапраўды нічога не памятае, то будзе думаць, што ты супрацоўніца бальніцы.

— Бяда адна не ходзіць, — уздыхнула Ганна.


10


Калі доктар Сарокін выйшаў з палаты, Альфрэд Борчык лёг на спіну і заплюшчыў вочы. Яго непакоіў галаўны боль. Ён то ўзмацняўся, то заціхаў. Абязбольваючыя ўколы ненадоўга здымалі боль, гэта давала магчымасць хоць на хвіліну заснуць. Тады ён нібы правальваўся ў бездань. А вяртаўся ў рэальнасць ад моцнага болю. «Хутчэй бы зрабілі ўкол», — думаў Борчык. Аднак медсёстры нібыта забыліся пра палату нумар 5.

«Што гэта за дзіўная жанчына прыходзіла з доктарам? — думаў ён, прачнуўшыся. — І чаму яна глядзела на мяне, як на выкапня? Чаму ў яе вачах было столькі здзіўлення і суму, і роспачы... Чаму яна была ў калідоры, калі мяне вывозілі з памяшкання рэанімацыі? Чаму памкнулася падысці да каляскі і раптам спынілася? Хто яна такая і чаму прыходзіла разам з доктарам?»

— Гэй, новенькі, у цябе ёсць цыгарэты? — нібыта здалёк пачуў асіплы голас Борчык.

— Якія цыгарэты! Чалавека толькі што прывезлі з рэанімацыі. Не чапай яго, няхай адпачывае, — густы бас спыніў таго, хто пытаў у Борчыка цыгарэты.

— А я што, не даю яму адпачываць? — агрызнуўся сіпаты...

Раптам Борчыку ўспомнілася дарожнае здарэнне. Ён не мог зразумець, якім чынам перад тым, як страціць прытомнасць, бачыў сябе ў сваім «лексу­се»?.. Бачыў выразна, натуральна. «Можа, я быў у стане клінічнай смерці і мая душа глядзела на цела пасля таго, як пакінула яго? — ужо каторы раз задаваў сам сабе гэтае пытанне Борчык. — Але ж тады цела павінна быць мёртвым. І яно глядзела ці я сам глядзеў... На каго глядзеў? На сябе? На прывід?»

Борчык адчуў, як хтосьці ўзяў яго за руку. Адзначыў лёгкі боль укола. Знямога пачала адступаць, у галаве ўсё затуманілася, і ён урэшце заснуў.

Прачнуўся Борчык гадзіны праз тры. У галаве пасвятлела. Боль ужо быў не такі надакучлівы, і Альфрэд крыху прыўзняўся ў ложку, падсунуўшы пад спіну падушку, стаў аглядаць палату, у якой стаяла каля дзясятка ложкаў. На двух ляжалі людзі, на адным сядзеў кудлаты мужчына з вялізным сіняком пад вокам, астатнія — пуставалі.

— Ну што, зямляк, пакрысе аджываешся? — прасіпеў кудлаты і бадзёра падміргнуў.

Альфрэд пазнаў голас таго, хто пытаў цыгарэт.

— Здаецца, і праўда, аджываюся...

— Кажуць, тваю таксоўку сцебануў «Маз»?

— Таксоўку? — перапытаў Борчык.

— Ну так. А ты што, нічога не памятаеш? Можа, быў п’яны?

— Ды не... Я амаль не п’ю.

— Паслухай, пакуль ты спаў, да цябе прыгажуня прыходзіла. Сядзела мо з гадзіну, то па руцэ цябе пагладзіць, то па галаве. Файная кабетка...

«Наташа, — адзначыў Борчык. — Цікава, чаму ж яна мяне не разбудзіла?»

Звяртаючыся да сіпатага, спытаў:

— Можа, прасіла што перадаць?

— Не. Яна паглядзела на мяне як на брыдкага ката. Душа фанабэрыстая... А тут якраз і доктар Сарокін зазірнуў, убачыў прыгажуню каля цябе і пытаецца: «Скажыце, вы Наташа?» І, ведаеш, братка, нічога яна не адказала доктару, узнялася і выйшла з палаты. Доктар нешта прамармытаў дый пабег за ёй сле­дам. Аднак жа пайду я на паветра: можа, цыгарэтку дзе раздабуду...

Борчыку захацелася піць. На тумбачцы ўбачыў бутэльку з мінеральнай вадой, рука пацягнулася да бутэлькі, але раптам ён падумаў, што гэтая вада не яго, а некага з хворых. Паглядзеў на сваю працягнутую руку і сумеўся: рука была зусім не такая, якой павінна быць ягоная рука. І пальцы іншыя, і пазногці чужыя... Тонкай і худой стала яго рука, а была ж пульхнай, і пальцы, калі іх звесці ў кулак, утваралі ўнушальнай вагі кувалдачку. А тут...

Здзівіўся Борчык і задумаўся: колькі ж часу я быў у рэанімацыі, калі так схуднеў?

Ён адкінуў з цела коўдру і паглядзеў на ногі: яны былі стройныя, хударлявыя, але ж зусім не такія, якімі былі да здарэння на дарозе.

«Трэба спытацца ў доктара, што гэта са мною сталася?.. » — вырашыў Борчык і адчуў, як зноў боль сціснуў, нібы скаваў, галаву.


11


У палаце таксікалогіі Хруцкаму зрабілі яшчэ адзін укол і паставілі кропельніцу. Дыхаць стала лягчэй, аднак горла ўсё балела, а калі глытаў, дык балела яшчэ горш.

Уразілі пацыенты аддзялення — чорна-сінія, амаль усе яны сталі ахвярамі няякасных алкагольных напояў. Нібыта прывіды, хворыя сноўдаліся па пала­це і калідоры: выходзіць з аддзялення забаранялася і нават вокны палат былі закратаваныя.

— Вось папалі дык папалі, — падышоў да Хруцкага прыстойнага выгляду чалавек, — а мяне, ведаеце, укусіла змяя. Такое ўражанне, што мы адрэзаны ад усяго свету.

— А мяне ўкусіла аса, — сказаў Хруцкі. — Праўда, доктар абяцаў, што заўтра выпішуць.

Хруцкі і незнаёмец сталі каля акна, праз якое бачыўся бальнічны двор і расчыненыя насцеж вароты. Праз вароты праязджалі аўтамабілі, праходзілі людзі. Раптам на пешаходнай дарожцы з’явілася постаць жанчыны, якая падалася Хруцкаму вельмі знаёмай. Ён прыгледзеўся і пазнаў Наташу. За ёй хутка крочыў мужчына ў белым халаце, дагнаў і яны спыніліся, пачалі размаўляць. Праз хвіліну Наташа пакрочыла да брамкі, а мужчына вярнуўся назад, да будынка бальніцы.

«Што гэта ўсё значыць? — усхваляваўся Хруцкі. — Трэба ёй пазваніць: яна ж не ведае яшчэ, што я патрапіў сюды...»

— Прабачце, я вымушаны вас пакінуць, — сказаў Андрэй незнаёмцу, з якім толькі што размаўляў. — Мне патрэбна тэрмінова патэлефанаваць.

Ён выйшаў у калідор і набраў нумар мабільніка.

— Добра, што ты пазваніў, хаця я і сама ўжо дастала тэлефон, каб набраць цябе, — пачуўся ўсхваляваны Наташын голас. — Я толькі што выйшла з бальніцы. Ведаеш, мне цяжка вызначыцца, як называць хворага, якога я толькі што наведала. Ён спаў і тваё аблічча спакушала мяне сказаць: «Андрэй, прачніся...» Ды я і не пайшла б у палату, калі б сястра мне не сказала, што хвораму Хруцкаму зрабілі ўкол і ён спіць. Мне зрабілася жудасна, што ў тваім целе цяпер ён... І раптам мяне нібыта працяла электрычнасцю: я зразумела, што ва ўсім, што адбылося з ім і з табой, я вінавата... Вінаватая мая меркантыльнасць, ды што там змякчаць словы: вінаватая мая сквапнасць. Я доўга сядзела і думала. Усё, што я казала табе ўчора наконт натарыуса і ўсяго астатняга — лухта. Цяпер галоўнае — ты і ён. Трэба вас абодвух ратаваць... Ён жа пачне сцвярджаць, што ён Альфрэд Борчык, а не Хруцкі Андрэй... А што будзе, калі ён пабачыць сябе ў люстэрку. Магчыма, яго забяруць у псіхбальніцу ці накіруюць у якісьці навукова-даследчы інстытут. Гэткі ж лёс чакае і цябе. Мы павінны яму растлумачыць усё, як мне растлумачыў ты.

— І што ж тады будзе? — спытаў Хруцкі.

— Трэба, каб ён застаўся Хруцкім, а ты — Борчыкам... Да таго часу, пакуль не стане ўсё на свае месцы.

— А ці стане яно на свае месцы? — уздыхнуў Хруцкі. — Дый Альфрэд, як ён будзе сябе паводзіць, калі пачуе ўсю праўду? І што ён будзе рабіць?

— Андрэй, іншага варыянту няма.

— Наташа, я павінен табе паведаміць: я цяпер у бальніцы — піў сок і мне ў горла патрапіла аса ды ўджаліла. Я, дарэчы, бачыў, як за табою гнаўся, пэўна, доктар. Штосьці адбылося?

— Гэты доктар, магчыма, ужо нешта ведае. Калі я была ў палаце, ён спытаўся ў мяне, ці не Наташа я. А на вуліцы, дагнаўшы, сказаў, што ён доктар, які лечыць Хруцкага, і хацеў бы ведаць, хто я для хворага, бо хворы паводзіць сябе неадназначна.

— Як іменна? — спытала я.

— Пакуль што не магу сказаць, — адказвае.

— Ён блізкі для мяне чалавек, — гавару яму, дадала, што спяшаюся і літаральна збегла. Дык што там у цябе з асой адбылося?

— Стала цяжка дыхаць... Давялося выклікаць «хуткую». Заўтра мяне выпішуць. Цяпер тут я быццам у нейкай ізаляцыі.

— А-а, ты на пятым паверсе ў аддзяленні таксікалогіі?

— Так.

— Дык гэта, можа, і шанец для нас... Вечарам папрасіся ў сястры выйсці падыхаць паветрам. Цябе яна павінна выпусціць, ты ж не нейкі злачынца, цябе проста ўджаліла аса. Выпусціць... Тады і кіруйся на трэці паверх у аддзяленне траўматалогіі, палата нумар 5.

— І што будзе, калі Борчык убачыць двайніка? — сумеўся Хруцкі.

— А бінты для чаго? — адказала пытаннем на пытанне Наташа. — Там жа хворыя нібыта толькі што з лініі фронту вярнуліся: у каго сківіца зламаная, у каго — нос... Забінтуй сябе так, каб Борчык не пазнаў, хто да яго прыйшоў і дзейнічай, як кажуць дэтэктывы, па абставінах. Акуратна ўсё трэба даводзіць і тактоўна. Прадумай, як усё зрабіць.

— Добра. Наташа, я вельмі рады, што ты адумалася і адмовілася ад гэтай прыхватызацыі.

— Радасці мала, — адказала яна. — Ідзі адпачывай і распрацоўвай аперацыю. Потым патэлефануеш, раскажаш, як прайшло.


12


Альфрэду Борчыку сніўся сон... Нібыта крочыць ён аселіцай, міма кладзішча, а насустрач яму ідзе мужчына. Калі параўняліся, Альфрэд пазнаў свайго колішняга аднакурсніка Ігара Бугаёва. Паздароўкаліся і адразу ж Бугаёў прапанаваў: «Пойдзем са мной».

— Не, — сумеўся Борчык, — як і куды я магу пайсці з табой? Ты ж мёртвы...

— Ну як хочаш, — абыякава прамовіў Бугаёў, — тады я пайшоў. Бывай.

— Бывай, — сказаў Борчык.

А потым яму ўжо сніўся нябожчык бацька. З ім Альфрэд стаяў у вялікім светлым доме, які, здаецца, вось толькі зрубілі з новенькіх бярвенняў. Затым і ён прачнуўся.

«Што б мог азначаць гэты сон? — думаў Борчык. — Бугаёў памёр каля дзесяці гадоў таму, ды і не сябравалі мы з ім, і на яго пахаванні мне быць не давялося. Чаму ж ён сустрэўся мне ў сне і куды хацеў павесці?»

І тут Борчык узгадаў, як галоўны бухгалтар іх будаўнічай фірмы апавядала яму пра тое, як захварэла на анкалогію і як двойчы ў сне яе спаткала даўняя знаёмая і прапанавала пайсці з ёй.

— А я ёй адказваю, — шырока расплюшчвала вейкі круглатварая Альбіна Пятроўна. — Галачка, ты ж даўным-даўно памерла. Куды мне з табой ісці? Не пайду я з табою. А потым мне людзі сказалі, што, калі б я пайшла з ёй, то абавязкова памерла б. А так уратаваў Божанька... Дапамагло мне абпраменьванне.

Узрадаўся Альфрэд Борчык. Узрадаўся, што не пайшоў з Бугаёвым: «Значыць, выжыву, ацалею...»

І тут жа засмуціўся: «А што значыць сустрэча з бацькам? Не, я не памятаю, каб бацька мяне кудысьці запрашаў ісці, але што азначае гэты светлы драўляны дом і мы з ім у гэтым доме? Не, не можа быць, каб родны бацька прыходзіў да сына, каб павесці яго на той свет... »

У галаве з’явіўся такі ўжо абрыдлы боль. Борчык рсплюшчыў вочы і ад святла электрычнай лямпачкі, якая вісла над яго галавой, паплылі пад столь, пашыраючыся, аранжавыя кругі. Альфрэд хацеў заплюшчыць вочы, але разгледзеў, што хтосьці сядзіць каля яго ложка. Тады ён паволі павярнуўся набок і ўбачыў чалавека, галава якога была забінтаваная. Вочы і вусны — іх толькі і ўбачыў Борчык і падумаў: «Гэтаму бедаку, відаць, дасталося больш чым мне. Спытаўся:

— Вы хто?

Незнаёмец нахіліўся да Альфрэда: і ледзь чутным голасам адказаў:

— Я прысутнічаў пры дарожна-транспартным здарэнні, пасля якога вас забрала «хуткая».

— Вы што, вадзіцель грузавіка? — прашаптаў Борчык.

— Не, — адказала забінтаваная галава і спыталася: — А вы памятаеце, у якой машыне былі, калі здарылася аварыя?

— Напэўна ж у сваім «лексусе», — павольна прамовіў Борчык — Але перад тым, як убачыць кабіну грузавіка я чамусьці заўважыў сваю машыну ў суседнім радзе. І што мяне надта ж здзівіла: згледзеў за рулём сам сябе. Як такое магло быць?

— Я вам усё растлумачу, толькі не здзіўляйцеся, не перабівайце і слухайце мяне ціха і ўважліва. — Незнаёмец паклаў руку Борчыку на плячо. — Дамовіліся?

Борчык у знак згоды павольна міргануў вачыма.

— Дык вось, «лексус» ваш цэленькі, на ім няма нават драпінкі, — хутка загаварыў незнаёмец, а разбітая ў друз мая таксоўка маркі «форд-мандэо». Яна стаяла побач з вашым «лексусам», калі гарэла чырвонае святло на светлафоры. Вы памятаеце жоўтую таксоўку?

— Так.

— Дык вось, у момант аварыі вы знаходзіліся ў жоўтай таксоўцы за рулём... Гэтая машына належыць мне. А завуць мяне Хруцкі Андрэй.

Борчык памкнуўся прыўзняцца і штосьці сказаць. Хруцкі сціснуў пальцы на ягоным плячы:

— Мы ж дамаўляліся... Слухайце далей: калі ваш «лексус» і мой «форд» стаялі побач, то я паглядзеў на вас, а вы — на мяне, і я вам пазайздросціў, я пажадаў апынуцца на вашым месцы... І гэта адбылося! Мая душа апынулася ў вашым целе, а ваша — пераляцела ў маё.

Вочы Борчыка, здаецца, пачалі вылазіць з вачніц.

— Спакойна, — сказаў Хруцкі. — Усё дзіўнае яшчэ наперадзе. Скажыце, вы пасля здарэння бачылі свой твар у люстэрку?

— А што такое? — збянтэжана спытаў Борчык.

— Дык бачылі ці не?

— Не, яшчэ не давялося...

— Я вам дам люстэрка... Толькі ўспрыміце рэальнасць спакойна, па-мужчынску...

— Хопіць інтрыгаваць! — Борчык адчуў, што пачынае злавацца на гэтага суб’екта ў бінтах. — Пакіньце свае казкі для дзетак. — Аднак падсвядома адчуваў нарастаючую трывогу.

Хруцкі дастаў з кішэні кашулі невялічкае круглае люстэрка і падаў Борчыку. Той узяў яго і нерашуча зазірнуў у глыбіню срэбнага шкла. Твар, які ён убачыў у люстэрку, пабялеў, потым паступова зрабіўся чырвоным, а Борчык ўсё не мог адарваць пагляд ад незнаёмага аблічча. Урэшце яго рука апусціла люстэрка і паклала люстраной гладдзю на коўдру.

— Ну, якія ўражанні? — спытаўся Хруцкі і сумна пасміхнуўся.

— Ён яшчэ скаліцца, — злосна прамовіў Борчык.

— Навошта злаваць, — уздыхнуў Хруцкі, — трэба думаць і вырашаць, што рабіць далей.

— Мне трэба пабыць аднаму, усё асэнсаваць, абдумаць, — ужо без злосці прамовіў Борчык.

— А свой твар вы хочаце ўбачыць? Я магу выйсці ў прыбіральню і зняць бінты. Здагадваецеся, чаму я так заматаўся ў іх.

— Разумею, — адказаў Борчык, — каб не напалохаць, не ўзрушыць мяне. Я б хацеў, каб вы вярнуліся недзе праз гадзіну.

— Добра, — згадзіўся Хруцкі.

Калі праз гадзіну Хруцкі вярнуўся ў палату, у якой ляжаў Борчык, той ужо нецярпліва чакаў яго. Яны, як даўнія знаёмыя, доўга пра штосьці размаўлялі...


13


Раніцай наступнага дня Ганна Хруцкая вырашыла зноў ісці ў бальніцу да Андрэя. «Чаму ён называе сябе чужым імем? — задавала яна сабе пытанне і не знаходзіла адказу. — Ну няхай бы страціў памяць і нічога не мог успомніць з мінулага жыцця — гэта было б больш зразумелым і лагічным. А тут... Борчык Альфрэд Эдуардавіч. Проста нейкая містыка».

Ганначка падсвядома адчувала прысутнасць чарадзейства. Ёй не верылася, што чалавек, згубіўшы памяць у выніку траўмы, можа ўявіць сябе кімсьці іншым. Гэтая акалічнасць палохала жанчыну.

«Як добра, што мне спаткаўся Сарокін...» — думала яна.

Яе роздум перапыніла мелодыя мабільніка. Ганна прыклала тэлефон да вуха і пачула голас Сяргея Сарокіна:

— Прывітанне. Ёсць навіны і нават класічнага характару: адна — добрая, а другая... Дык з якой пачынаць?

— Давай, напэўна, дрэнную, — крыху памарудзіўшы, — адказала Ганна. — Потым з добрай навіны можа і пачнецца светлая паласа ў жыцці.

— Учора напрыканцы змены я вырашыў зазірнуць у палату да твайго мужа і ўбачыў такі малюнак: ён спаў, відаць, пасля ўкола, а з ім побач сядзела даўгавалосая прыгажуня-бландзінка і трымала хворага за руку. І тут я зрабіў глупства: спытаўся, ці не Наташай яе клічуць. І напэўна ўгадаў, бо жанчына ўстрапянулася, у яе вачах адбіліся трывога і роспач, а потым яна вельмі хутка авалодала сабой: спакойна паднялася і выйшла з палаты, не адказаўшы на маё пытанне. Ведаеш, я кінуўся следам за ёй, дагнаў на вуліцы. Яна мне так і не сказала, хто яна і кім даводзіцца хвораму. Прамовіла толькі, што ён блізкі ёй чалавек.

— Яна сярэдняга росту, стройная?

— Так.

— Гэта тая жанчына, якую я бачыла на аўтавакзале, — сумна прамовіла Ганначка.

Сарокін уздыхнуў:

— Мала што бывае між людзьмі... Можа, калісьці кахала твайго Андрэя, як, дарэчы, і я цябе. Цяпер жа я магу пра гэта казаць спакойна... Думаю, не трэба ўспрымаць візіт незнаёмкі як нейкую здраду...

— Час пакажа, — крыху памаўчаўшы, мовіла Ганна. — Ну, а другая навіна?

— Сёння раніцай я пацікавіўся самаадчуваннем Андрэя. Наўмысна назваў яго Альфрэдам Эдуардавічам. А ён мне ў адказ: «Вы штосьці блытаеце, док­тар, мяне Андрэем завуць». — А ўчора ж сцвярджалі, што вы Борчык Альф­рэд Эдуардавіч, чым надта засмуцілі сваю жонку, — кажу яму.

— І я такое плёў? — усміхаецца.

Сказаў, што галава ўжо баліць менш і што пачуваецца ён больш упэўнена.

— Як добра, — узрадавана прамовіла Ганна. — Вялікі табе, Сярожа, дзякуй.

— Калі ласка, — адказаў Сарокін. — Спадзяюся, што мы яшчэ пабачымся.

Перад тым, як выйсці з кватэры, Ганна спынілася перад люстэркам — прыдзірліва агледзела свой твар у ім. Паправіла прычоску і раптам убачыла ў ёй сівы валасок.

— Старэю, — уздыхнула.

Мажліва, у іншай сітуацыі гэтая акалічнасць засмуціла б яе, а сёння, пасля такой навіны, што ў Андрэя ўжо няма раздваення асобы, што ён псіхічна здаровы, жанчына схавала гэтую сівізну ў валасы, каб яна не бачылася — падфарбуем як-небудзь.

А праз хвіліну Г анначка ўжо была на вуліцы і пагляд яе зачапіўся за бярозу, бо яна зашумела лістотай, нібыта ўздыхнула: сярод зялёных галін калыхалася адзіная жоўтая разлапіна.

— Яшчэ толькі сярэдзіна жніўня, — падумала Ганна, — рана жаўцець лістоце. А можа, і ў дрэў, як у людзей, ёсць нейкія абставіны, якія дачасна стараць іх?

Ганна захацела падысці да бярозы і прытуліцца да яе. Але на лавачцы сядзелі бабулі і пра нешта сваё гаварылі — што яны падумаюць пра яе...

Раптам жанчына заўважыла, што ўзбоч ля пад’езда стаіць шыкоўны джып цёмна-сіняга колеру, а кіроўца за рулём назірае за ёй.

«Хто гэта такі? — падумала Г анначка, калі іх пагляды сустрэліся. — Вочы пукатыя, нібы ў павука, глядзіць нахабна, як на ахвяру».

Мужчына ўсміхнуўся праз шкло, тузануўся ў машыне, нібыта хацеў выйсці, але ж застаўся на месцы.

Жанчына прайшла міма машыны і павярнула за рог дома — сцяжына павяла яе на аўтобусны прыпынак.

А тым часам Андрэй Хруцкі, а гэта быў менавіта ён у абліччы Альфрэда Борчыка, апусціў галаву, задумаўся. Учора, позна вечарам, пасля размовы з Борчыкам, ён тэлефанаваў Наташы, і тая вельмі здзівіла яго, паведаміўшы, што з’язджае жыць і працаваць у Расію.

— Заблыталася я зусім у жыцці. Мне трэба змяніць абстаноўку, падумаць, пажыць адной, — казала яму Наташа спакойным цвёрдым голасам. — Глупствы, якіх я нарабіла тут, канешне ж, застануцца са мной, але я спадзяюся, што яны аддаляцца, згубяцца ў будучым жыцці.

— Наташа, ты пакідаеш мяне, калі мы, калі я... — пачаў гаварыць Хруцкі і замоўк. Крыху памаўчаў і дадаў: — Ты ж ведаеш, у якім я стане, ды і Бор­чык — таксама. Нам жа патрэбна твая дапамога...

— Нам... Вось бачыш, ты ўжо кажаш «нам». Ты нібыта разам з Борчыкам. А навошта мне быць паміж вамі? А яшчэ ж ёсць і твая жонка, і дачка... Падумай, Андрэй, мы наўрад ці зможам вярнуцца ў мінулае. Табе трэба пераскочыць у сваё цела. Я думаю, што гэтую праблему табе патрэбна вырашаць менавіта з Борчыкам. Разам вы знойдзеце выйсце... Я ўпэўнена, што знойдзеце. Ну, бывай.

Хруцкі пачуў у мабільніку кароткія гудкі. Хутка перазваніў, але з дынаміка гучала: «Абанент недасягальны».

...Калі Ганна падыходзіла да карпусоў бальніцы, пакрапаў дробны дожджык. Усе пешаходы дружна раскрылі парасоны. Яна ж свой парасон забылася дома, таму пайшла хутчэй, але ж і дождж узмацніўся і неўзабаве жанчына подбегам кінулася да дзвярэй патрэбнай будыніны...

Падсаджваючыся да ложка, у якім ляжаў хворы, заўважыла, што ён глядзіць на яе насцярожана. Ганна адчула яшчэ і нейкую энергетычную напругу, якая нібыта струменілася з яго вачэй.

— Андрэй, я так перапалохалася, калі ты не пазнаў мяне там, у калідоры, як цябе везлі з рэанімацыі ў палату. — Яна ўзяла мужчыну за руку. — Дзякуй богу, да цябе вярнулася памяць. Дарэчы, а дзе твой мабільнік? Я ж табе столькі разоў тэлефанавала, а ён усё вярзе і вярзе пра недаступнасць.

— Мабільнік быў на панэлі машыны. Мажліва, ад удару ён вылецеў з яго, — «Андрэй» гаварыў слабым, ледзь чутным голасам. Ён крыху прыўзняўся, і Ганна падклала яму пад спіну падушку.

— На жаль, я не ўсё яшчэ памятаю, — зноў зашаптаў ён. — А як Юлька?

— Добра. Зараз у садку. Як пайду ад цябе, то адразу забяру. Вось прынесла сок ды садавіну, — Г анна нахілілася і пачала выкладваць пакупкі.

— Дзякую, — сказаў ён і ў яго паглядзе прамільгнула ніякаватасць.

«Нібыта саромеецца чагосьці», — падумала Ганна і спыталася:

— А як твая нага?

— З нагой лепш, чым з галавой — у яе няма памяці, — адказаў ён жартам і дадаў: — Ты сюды многа не насі: яды і бальнічнай хапае.

— Вось прыдумаў што сказаць, — пасміхнулася яна. — Бальнічнае — гэта бальнічнае, а сваё...

Ганна развіталася і, падыходзячы да дзвярэй палаты, паглядзела на мужа, пачула, як з яго грудзей вырваўся ўздых, са здзіўленнем адзначыла, што ў ім чулася палёгка. А можа, гэта ёй толькі падалося?..


14


Рука Андрэя Хруцкага пацягнулася да ключа, каб завесці рухавік, і раптам ён адчуў, што ў кішэні пінжака нешта заварушылася. Андрэй апусціў левую руку ў кішэню і намацаў ляльку. Выняў чорціка з кішэні і пасадзіў перад сабой на панэль.

Вочкі лялькі ўспыхнулі, і Хруцкі пачуў глухі, але даволі выразны голас:

— Ну што, зайздроснік, ты ўжо шкадуеш і хочаш вярнуць сваё цела?

— Так. Хачу, — нібы ў сне прамовіў Хруцкі.

— А мяне вырашыў зачыніць у металічную скрыню. — Лялька засмяялася. Ды так, што Андрэю падалося, нібыта з рыпам адчыняюцца вароты. — Дзівак. Мяне нельга ізаляваць. Я — усюдыісны, як дух. А лялька — гэта про­ста абалонка, як, дарэчы, і цела Альфрэда Борчыка для цябе. Ты можаш ад яго пазбавіцца. Забі Альфрэда, і твая душа стане вольнай. Табе толькі і застанецца выкінуць яго душу з твайго цела.

— Замоўкні! — крыкнуў Хруцкі, схапіў ляльку і моцна сціснуў у руцэ. Святло ў яе вачах знікла.

Хруцкі ўрэшце завёў рухавік і вырашыў ехаць у офіс Борчыка. Альфрэд, па меркаванні Хруцкага, аказаўся даволі прагматычным чалавекам. У той вечар яны многае абмеркавалі. Вырашылі дзейнічаць асцярожна і дачакацца таго моманту, калі Борчык зможа выйсці з бальніцы. Тады яны разам паспрабуюць знайсці сапраўднага экстрасэнса, каб той дапамог ці параіў ім, як усё вярнуць на свае месцы.

Хруцкі тады не сказаў Борчыку пра свае адносіны з Наташай, вырашыў, што некалі ўзнікне сітуацыя, якая і падкажа — адкрывацца ці не.

— Заедзеш у офіс, скажаш, што хварэееш, — кансультаваў Хруцкага Борчык. — Паглядзі, ці пералічылі грошы літоўскай фірме, — ён назваў яе.

— Мае падначаленыя заўсёды чакаюць майго прамога распараджэння. Доўга там не баўся: каб не западозрылі чаго...

— Ой, Альфрэд Эдуардавіч, як выдатна, што ўсё добра для вас скончылася, — забалбатала сакратарка — высокая хударлявая брунетка, калі Хруцкі ўвайшоў у прыёмную. — І як вы не заўважылі асу ў бакале...

— Пачакайце, а вы адкуль ведаеце пра асу? — Хруцкі загаварыў знарок асіплым голасам.

— Дык жа ўчора прыходзіла жонка ваша, прыносіла ад вас распараджэнне пра пералік грошай не ў Літву, а ў Расію. Учора пералічылі. Яна і распавяла пра бяду з вамі. Казала, што вы нават размаўляць не можаце.

— І дзе ж тое распараджэнне? — асцярожна спытаўся Хруцкі.

— Дык вось яно тут, у дакументах для вас. І плацёжка тут. — Сакратарка працягнула Хруцкаму жоўтую папку.

Хруцкі сеў, зазірнуў у папку і пазнаў паперку, на якой Наташа прапанавала распісацца яму ў гасцініцы. Паглядзеў на суму і зніякавеў: вось табе і «трэба вас ратаваць...» Усё-ткі адарвала сабе за страчаныя лепшыя гады жыцця.

— Добра, — прамовіў Хруцкі. — Я яшчэ колькі дзён пахварэю. — Ён узняўся з крэсла.

— Альфрэд Эдуардавіч, а літоўская фірма ўжо трэці раз дасылае нам запыт пра пералічэнне грошай. А ў нас на рахунку нічога няма. Што ім адказаць?

— Адкажыце, што пералічым пазней — праз тыдзень-два.

«Наташка-Наташка, дык вось якая ты, — думаў Хруцкі, калі выйшаў з офіса. — І тады ў гасцініцы я ж быў у целе Борчыка, а яна хоць бы што — палезла мілавацца... Асуджаю... Каго я асуджаю? Сябе трэба асуджаць. Напіцца б цяпер. Напіцца і забыць пра ўсё. Але ж пахмелле не зелле... Трэба паразмаўляць з Ганнай. Устрапянулася ж маё сэрца, калі яна выйшла з пад’езда. Маё сэрца? Дзе яно цяпер, маё сэрца? Не. Хопіць на сёння. А што, калі паехаць у кватэру Борчыкаў? Гэта ідэя! Ключы — яны тут, на звязцы. Трэба адпачыць, расслабіцца...»


15


— А я цябе ведаю, — падсеў да ложка Альфрэда Борчыка цельпукаваты дзяцюк. Шырокі твар расплыўся ўсмешкай і разам з бліскучай лысінай ён нібыта сцвярджаў: радавацца трэба, радавацца. — Ты ж працаваў у таксаматорным парку вадзіцелем, а я рабіў на ТА-2. — І не звяртаючы ўвагі, што Борчык глядзіць на яго няўцямнымі вачыма, прадоўжыў: — Ты тады кантактаваўся з Лесавіком. Пацешны ён мужык, вясёлы. Быў я аднойчы з ім у кампаніі. Такія, як Лесавік, у кішэню па слова не лезуць. А жонка яго кінула, з’ехала з якімсьці вайскоўцам на Украіну. А ты ажаніўся ці не?

— Цяпер жанаты, — адказаў Борчык і падумаў: «Ну вось, не хапала мне яшчэ ў дадатак да візітаў жонкі Хруцкага цярпець і яго былога калегу».

— У яго дзве жонкі. Прыходзяць па чарзе, — умяшаўся ў размову сіпатым голасам няголены дзяцюк з сіняком пад вокам. Усмешка агаліла вялікую шчыліну ў верхнім радзе зубоў.

— Дзе зубы згубіў? — спытаўся былы слесар таксапарка.

— Дык жа выбілі.

— Відаць, таму што лезеш у чужыя размовы, — прамовіў Борчык.

У палаце пачуўся стрыманы смех.

Калі мужчыны пайшлі курыць, Борчык задумаўся. Ён хоць і не бачыў Наташу ў палаце, але ж ведаў, што яна прыходзіла да яго, пра гэта яму паведамляў сіпаты. Але вось толькі цяпер ён зразумеў, што прыходзіла Наташа не да яго, а да Андрэя Хруцкага, і яго руку, калі верыць словам сіпатага, доўга трымала ў сваіх далонях. Значыць, яны добра знаёмыя альбо паміж імі існуюць таемныя адносіны. А ён паверыў і даверыўся гэтаму Андрэю Хруцкаму. Э-эх!

Борчык сеў на ложку і апусціў ногі на падлогу. Яму хацелася хадзіць, дзейнічасць, і ён паспрабаваў устаць.

— Не ранавата, браток, сабраўся спрабаваць сілы? — хударлявы мужчына з барадой пільна глядзеў на Борчыка праз акуляры.

— Відаць, рана. Не хапае моцы ўстаць.

— Нічога. Хутка акрыяеш. А пакуль патрэбна ляжаць.

У гэты момант у палату ўвайшла Г анна. Яна трымала за руку дзяўчынку, на русай галоўцы якой красаваліся два чырвоныя банты.

— Тата! — ускрыкнула малая, выхапіла руку з матчынай далоні, кінулася да Борчыка і, ашчаперыўшы аберуч яго за ногі, прытулілася да каленяў.

Надзвычайнае ўзрушэнне ахапіла Альфрэда. Сэрца азвалася цеплынёй і пяшчотай, а вочы зрабіліся вільготнымі: вось яно сапраўднае шчасце жыцця!.. Аказваецца, што яно не ў багацці, не ў каханні да жанчыны, а ў шчырай любові дзіцяці да тваёй нікому больш не патрэбнай істоты. Так думаў Альфрэд Борчык, гладзячы па русавалосай галоўцы дачку Андрэя Хруцкага. Ганна ж з замілаваннем назірала за іх сустрэчай...

Борчыку было па-свойму і радасна, і страшна: а што, калі і Ганна, і яе дачка пазнаюць, што ён не Хруцкі?.. Таму нецярпліва чакаў таго моманту, калі Ганна з Юлькай урэшце пойдуць дадому. Душа ягоная ўвесь час была ўзрушана. Борчык баяўся глядзець ім у вочы, асабліва Юльцы. Яму здавалася, што па яго вачах Юлька здагадаецца пра падман. Калі яны ўрэшце сышлі, Альфрэд нацягнуў коўдру на галаву і адчуў, што па шчацэ павольна пакацілася сляза...

Нарадзіўся Альфрэд Борчык у адным літоўскім мястэчку, непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Праўда, тады мяжы не існавала, а з’явілася яна пасля развалу Савецкага Саюза. І аказалася, што такая перашкода, як дзяржаўная мяжа, можа даць магчымасць прадпрымальнаму чалавеку зарабляць сякія-такія грошы. На легкавіку з Літвы ў Беларусь вёз Альфрэд цыгарэты вядомых фірм, сёе-тое з адзення і абутку, што можна было хутка прадаць з неблагім прыбыткам. У Беларусі запраўляў паўнюткі бак аўтамашыны, назапашваўся таннай гарэлкай.

Бацьку Альфрэда гэты сынаў занятак не падабаўся. Ён — майстра цеслярскай справы, лічыў, што зарабляць трэба працай сваіх рук, а не метадам купліпродажу, і ўсё ўгаворваў сына далучыцца да ягонай брыгады будаўнікоў, якая наймалася рамантаваць і ўзводзіць індывідуальныя дамы.

Альфрэд, хаця і ведаў з маленства, як трэба абыходзіцца з сякерай і кельмай, у будаўнікі не спяшаўся. Але з часам усё больш складана было прадпрымальнаму Альфрэду правозіць свой тавар праз мяжу: удасканальваўся мытны кантроль, грашовы прыбытак змяншаўся, а рызыка канфіскацыі тавару і машыны ўзрастала. Альфрэд урэшце далучыўся да будаўнічай брыгады.

Кемлівы хлопец падаў ідэю, якую падтрымалі ўсе члены брыгады: «Трэба набываць зямельныя ўчасткі ў прэстыжных месцах і ўзводзіць дамы за свае сродкі, а потым іх прадаваць». Брыгада даволі хутка пабудавала першы катэдж і выгадна яго прадала. На выручаныя сродкі змаглі закласці адразу тры дамы. Пазней брыгада раздзялілася на дзве. Адну з іх і ўзначаліў Альфрэд Борчык. Праца захапіла яго цалкам. З ранку і да позняга вечара Альфрэд быў у клопатах. І ягоны бізнес паступова пашыраўся. Капітал павялічваўся. Раслі і абміцыі Альфрэда Борчыка. Яны і прывялі яго ў Бела­русь, дзе спакойна можна было займацца сумленным бізнесам. На форуме бізнесменаў у Мінску Борчык пазнаёміўся з прадпрымальнікам аднаго буйнога беларускага горада. Той прапанаваў Борчыку працаваць сумесна. Звалі таго прадпрымальніка Ігар. Не тоячыся, ён сказаў, што ў яго ёсць цікавыя ідэі, але не хапае грошай, каб іх рэалізаваць. Альфрэд параіўся з бацькам і з сябрамі. Бацька і сябры лічылі: што рызыка вялікая, аднак жа даводзілі, што і прыбытак мусіць быць значным.

— Многае залежыць ад кампаньёна, — казаў бацька Альфрэду. — Калі адчуваеш, што ён чалавек надзейны, — рызыкуй. Але ж і ўлічвай: калі прагарыш, прыйдзецца пачынаць амаль з нуля.

Доўга думаў, сумняваўся, узважваў Альфрэд Борчык і ўсё ж рызыкнуў. Новая справа захапіла, акрыліла. Патрабавала штодзённай прысутнасці і Альфрэд мусіў купіць кватэру ў гэтым горадзе. Тут ён зноў пачаў упарта працаваць.

Ігарава сястра Ірына на фуршэце з нагоды адкрыцця будаўнічай фірмы пазнаёміла Альфрэда са сваёй сяброўкай Наташай, медыкам па прафесіі і рамантыкам па натуры, як сказала Ірына. І Наташа яму спадабалася Яму імпанавала, што дзяўчына паводзіла сябе тактоўна, стрымана. Ён і не здагадваўся, што Наташа ўпершыню трапіла на свецкую вечарынку.

— А-а, я так і ведала, што вы, Альфрэд Эдуардавіч, зацікавіцеся маёй сяброўкай, — сказала Ірына, калі Борчык праз колькі дзён распавёў ёй, што хоча папрасіць Наташу, каб тая дапамагла яму правесці амбулаторнае абследаванне, маўляў, нешта пабольвае сэрца. І ён казаў праўду: сэрца яго часам непакоіла.

Наташу ўсхваляваў званок Борчыка: вось яна рэальная магчымасць авалодаць сэрцам матэрыяльна забяспечанага чалавека. Не бяда, што знешне ён не прынц, якога малявала яна ў сваіх мроях яшчэ дзяўчынкай. Выдавалі ж замуж дзяўчат бацькі раней, не пытаючыся іх згоды — жылі яны, і здаралася, кахаліся. Пакахае і яна. Ёсць за што пакахаць.

Наташа з радасцю дапамагла Борчыку прайсці абследаванне. Выявілася, што Альфрэду трэба ўважліва ставіцца да свайго здароўя.

Борчык пасля абследавання запрасіў Наташу ў рэстаран. У той вечар яна вярнулася дамоў з вялікім букетам руж і з рамантычным настроем. У яе не было сумненняў, што Альфрэд Эдуардавіч сур’езна зацікавіўся ёю.

Іх раман развіваўся бурна. Наташа паводзіла сябе знарок стрымана: ён павінен пераканацца, што яна не якая-небудзь шалахвостка, а дзяўчына цнатлівая, сур’ёзная...

На вяселлі Наташын твар свяціўся ад шчасця. Шлюбны кантракт яна падпісала амаль не чытаючы: што там нейкія дадатковыя ўмовы ў параўнанні з тым, што яна выходзіць замуж за вельмі багатага чалавека. Цяпер не трэба думаць, як размеркаваць грошы ад зарплаты да зарплаты, дый увогуле можна пры жаданні не працаваць. Працу Наташа не пакінула, бо разумела, што ў гэтым выпадку яна абмяжуе сваю свабоду.

У першы месяц іх сумеснага жыцця з Альфрэдам Наташа з задавальненнем адзначыла, што муж не надта цікавіцца тым, як прайшоў яе дзень. Таксама Альфрэд не тэлефанаваў ёй, каб проста паразмаўляць ці пацікавіцца, дзе зараз знаходзіцца жонка і чым займаецца. Звычайна, калі званіў, дык каб паведаміць, што затрымліваецца на працы. І толькі адно засмучала жанчыну: Альфрэд як мужчына не прыносіў ёй той радасці, якую яна зведала калісьці з Андрэеем Хруцкім...


16


Андрэй Хруцкі крочыў у палату да Борчыка, каб паведаміць яму непрыемную вестку пра Наташын учынак і думаў: «Чаму ўсё гэта адбываецца менавіта са мной? Чыя тут віна? Мая? Борчыка? А, можа, з-за Наташы ўся гэтая калатнеча? Калі паглядзець, хто пацярпеў у гэтай гісторыі, то атрымліваецца, што я і Борчык. Наташу, якая ўсё ж дабілася такога жаданага для сябе багацця, лічыць пацярпелай нельга...»

Борчык моўчкі слухаў Хруцкага, у вачах яго ўспыхвала злосць, і Андрэй адзначыў, што Альфрэд чалавек жорсткі. Хаця, пэўна, такім і павінен быць чалавек бізнесу.

— Вы згаварыліся, — ціха прамовіў Борчык, калі Андрэй Хруцкі змоўк. — Яна ж прыходзіла сюды, сядзела вось тут у крэсле, на якім сядзіш ты. І каго яна бачыла? Андрэя Хруцкага. Ва ўсякім разе бачыла тваё цела і не ведала, што ў гэтым целе пакутуе мая душа. Хто ты, Андрэй? Можа, ты сам д’ябал?

Хруцкі ўздыхнуў, паглядзеў у вочы, якія штодзённа бачыў у люстэрку, сказаў:

— Каюся, не ўсё я табе распавёў. Да таго, як выйсці за цябе замуж, Наташа сустракалася са мною. Я хацеў ажаніцца з ёю. Але яна адмовілася. Наташа марыла пра багацце, і калі я ёй гаварыў, што дастатак мы можам здабыць самі, іранічна адмахвалася... Калі так склаліся абставіны, скажу ўсю праўду да канца. Не вельмі даўно мы выпадкова сустрэліся. Наташа назвала нашу сустрэчу настальгічнай і забараніла мне больш яе непакоіць. А тут гэты выпад ак з аварыяй і пераўвасабленнем душы... Яна званіла. Твой тэлефон быў у кішэні і я адказаў. Каб усё растлумачыць, я прапанаваў ёй сустрэцца. Я тады пераканаў яе, што адбылося нешта фантастычнае і невытлумачальнае.

— І вы згаварыліся аблапошыць мяне? — крыва ўсміхнуўся Борчык.

— Гэта абмяркоўвалася, — уздыхнуў Хруцкі. — У нас твой пашпарт, я валодаю тваім подпісам і знешнасцю... Наташа прапанавала ісці да натарыуса і перапісаць увесь твой бізнес і маёмасць на яе. Я адмовіўся. Якое я маю права распараджацца чужым дабром? Я сказаў ёй яшчэ, што ў цябе ёсць і кампаньёны, якія за такое багацце могуць пайсці на крайнія меры. Пэўна, яна спалохалася, таму скрала грошы і ўцякла.

— І ты пайшоў бы ў натарыяльную кантору?

— Яна схіляла мяне да гэтага.

— А хто каго схіляў да інтыму?

Хруцкі пачырванеў і апусціў галаву. Потым паглядзеў ў вочы субяседніку і спытаў:

— А чаму гэта цябе так непакоіць? Цябе яна як жанчына не вельмі цікавіць.

— Можа, і так... — ужо сумна ўсміхнуўся Борчык. — Яна і пра гэта табе напляла. Іншая арыентацыя ў майго кампаньёна, ад якога, на жаль, залежыць увесь мой бізнес. Буду і я шчырым: я і ажаніўся толькі таму, каб адбіцца ад яго нястрымных заляцанняў.

— Дык ты не кахаеш Наташу? У вас фіктыўны брак? — выдыхнуў Хруцкі.

— Цяпер можна і так сказаць.

Борчык задумаўся, зморшчыў лоб. Вочы глядзелі кудысьці далёка-далёка і ўжо не бачылі чалавека, які сядзеў насупраць.

«Як жа цікава назіраць за самім сабою», — падумаў Хруцкі. Ён акінуў паглядам палату: усе ложкі пуставалі і толькі на адным каля дзвярэй ляжаў чалавек. Яго нага ў гіпсе была падцягнута ўверх тросікам, вочы заплюшчаны, на лбе блішчэлі кроплі поту. Праз расчыненае акно ў палату заляцела аса, зрабіла некалькі кругоў па палаце і апусцілася на тумбачку якраз насупраць Хруцкага і папаўзла. Хруцкі схапіў газету, што ляжала на суседнім ложку і моцна ляснуў ёй па тумбачцы.

Шум вярнуў Борчыка ў рэальнасць.

— За што забіў божае стварэнне?

— Гэта помста за тое, што аса ўкусіла мяне ў горла, — адказаў Хруцкі.

— Вось як, — здзівіўся Борчык. — І як гэта адбылося?

— Ледзь не праглынуў асу разам з сокам.

— Ты хацеў яе з’есці. Што ёй заставалася рабіць, як не абараняцца? Цяпер у прыкладна такой сітуацыі знаходзімся мы: зло жадае нас праглынуць. Яно ўжо засмактала нас у сваё горла. Засталося толькі каўтануць і... Трэба ратавацца, а што рабіць, я і не ведаю.

— Пра якое зло і ратаванне вы тут гаворыце? — за спінай Хруцкага стаяла Ганна.

Хруцкі крутнуўся на крэсле і сказаў:

— Мы тут гаворым пра катаклізмы, змяненне клімату і дэфіцыт энергарэсурсаў у свеце... — І тут ён убачыў, што ў Ганны ад здзіўлення павялічыліся вочы і зразумеў, што яму лепей было б маўчаць. Узнікла працяглая паўза, якую парушыў Борчык, звярнуўшыся да жанчына:

— Ганначка, я разумею, табе вельмі дзіўна, што незнаёмы мужчына размаўляе голасам твайго мужа, як і здзівіла цябе тое, што я не так даўно не пазнаў цябе на калідоры. Тут ёсць пэўная прычына. — Борчык зірнуў на Хруцкага. — Андрэй, трэба і ёй расказаць усю праўду.

Хруцкі падняўся з крэсла і, узяўшы Ганну за локаць, мовіў:

— Хадзем на вуліцу, на свежае паветра.

— Няўжо насамрэч такое можа быць? Падобныя сюжэты я бачыла ў кіно, але калі такое робіцца ў жыцці — гэта страшна. — Загаварыла Ганна, выслухаўшы ўсё, што ёй распавёў паўнатвары мужчына з голасам яе мужа Андрэя. — Цяпер я ўспомніла, дзе я вас. цябе бачыла. Ты сядзеў у вялікім цёмным джыпе, каля пад’езда нашага дома.

— Так, я хацеў усё табе расказаць, але мне не хапіла рашучасці. Я баяўся, што ты палічыш мяне вар’ятам.

— А гэтая лялька-чорцік, дзе яна цяпер?

— Пакуль што ў кішэні. Пэўна, араб, які зрабіў мне гэткі падарунак, не хто іншы, як сам д’ябал.

— Нячыстую сілу перамагае сіла святая, — задумліва прамовіла Ганна. — А што, калі пайсці ў царкву?.. Памаліцца, і Божанька пачуе і дапаможа.

— Ты думаеш? — у вачах Андрэя ўспыхнула надзея і пагасла. — Не, неяк ужо надта ж проста. Так не бывае.

— А як бывае? Бывае, што ў складанай задачы вельмі простае рашэнне. Галоўнае, яго знайсці. Пайшлі ў царкву!

— А там, у царкве, скажаш бацюшку, што душа твайго мужа перасялілася ў чужое цела?

— Навошта нам камусьці нешта казаць, мы будзем проста маліцца.

— Ну што ж, паспрабаваць можна, — згадзіўся Андрэй Хруцкі. — Толькі трэба пра гэта сказаць Борчыку. Можа, ён што-небудзь параіць.

Калі яны выйшлі з бальніцы, Ганна спытала:

— Пешшу пойдзем ці праедзем прыпынак на аўтобусе?

— А для чаго тут стаіць вялікі цёмны джып? — пытаннем на пытанне адказаў Андрэй. — Паехалі.

— Ты што? Машына чужая . — замахала рукамі Г анна.

— Не чужая, а Борчыка. У мяне знешнасць Борчыка, яго дакументы ляжаць у кішэні, а таксама ёсць і вусны дазвол гаспадара.

Машына ехала плаўна, мякка і лёгка.

— Машына — клас! — раптам сказаў Андрэй. — Можа, калі мы адолеем гэту бяду, дык Альфрэд Эдуардавіч возьме мяне асабістым вадзіцелем і дасць высокую зарплату.

— За якія такія заслугі? — сказала Ганна. — За тое, што дапамог чалавеку трапіць у такі крытычны стан? Я думаю, калі ўдасца ўсё паставіць на свае месцы, то Борчык пастараецца адгарадзіцца ад цябе, як ад ліха.

— Можа і так, — пагадзіўся Хруцкі і прапанаваў: — А давай заскочым на рынак — пакуль ён яшчэ працуе, і купім Юльцы яе любімых бананаў і мёду.

— Божа, — сумна ўздыхнула Ганна, — як жа ты, падобны на сябе, Андрэй, а знешнасць. Я ніколі не змагу да яе прывыкнуць.

Блізіўся час заканчэння працоўнага дня, аднак на рынку было мнагалюдна. Ганна выбрала бананы, а калі падышлі да гандляроў мёду, то разгубіліся: яны наперабой прапаноўвалі і расхвальвалі свой тавар.

— Вы толькі пакаштуйце, — зняўшы накрыўку з трохлітровага слоіка і калупнуўшы драўлянай лыжкай мёд, казала паўнацелая кабета, — сакавіты, духмяны, так і растае ў роце.

У гэты момант паміж Ганнай і Андрэем праціснуўся мужчына ў шэрым, доўгім — амаль да пят — плашчы і запусціў свой брудны ўчарнелы палец у слоік з мёдам, потым аблізаўшы мёд з пальца, адышоў ад прылаўка і яго высо­кая, худая постаць паволі паплыла між радамі.

— Трэба было стукнуць лыжкай у лоб нахабніку, — сказаў Хруцкі.

— Што вы, — замахала рукамі кабета. — Гэта ж Восіп Камяніцкі — блазан. Ён можа сказаць такое. А потым сказанае збываецца. Вось у жанчыны схапіў банан, дык тая аблаяла яго апошнімі словамі, а ён ёй: «Малака ў тваіх грудзях больш не будзе, будзе чорная кроў». Так яно і атрымалася: адрэзалі хірургі ёй грудзі.

Калі Хруцкія вярнуліся да машыны, то ўбачылі, што высокі чалавек у плашчы разглядвае і гладзіць рукамі бліскучае крыло машыны.

— А-ну, любіцель мёду, адвалі! — рашуча адпіхнуў бадзягу Хруцкі.

Блазан адступіўся на колькі крокаў ад джыпа і стаў моўчкі глядзець на

Хруцкага, а калі той сеў за руль і шкло ў дзвярах павольна і плаўна апусцілася, бадзяга падбег да машыны і хутка пракрычаў:

— Зло ўкралі, але яно не адступіцца, не пакіне цябе!..

— Андрэй, паехалі! — усклікнула Ганна, і Хруцкі націснуў на педаль газу.

Калі ішлі ад машыны да варот царквы, Хруцкі спыніўся і прамовіў:

— Як я забыўся? Лялечнага чорта трэба было пакінуць у машыне. Хоць і лялечнага, а нячысціка нельга несці ў святое месца. — Ён апусціў руку ў кішэню, але там было пуста. — Дзіва. Знікла лялька.

— Укралі на рынку, — сказала Ганна. — Дык вось пра якое зло плёў блазан.

У царкве было ціха і пуста. Панаваў паўзмрок.

— Вунь вялікае распяцце Хрыста, — шапнула Ганна Андрэю. — Ідзі і прасі яго, каб дапамог. А я буду маліцца Дзеве Марыі.


17


Злодзей Мікола Новікаў быў пануры і злы: цэлы дзень аціраўся на рынку, вышукваючы ахвяру-разяву. Маладая жанчына, якая трымала за руку дзяўчынку гадоў пяці, аддаўшы грошы за мяса, паклала кашалёк у валізу, следам за пакетам з пакупкамі. У дзвярах рынка, дзе было цесна ад людзей, Новікаў лоўка выцягнуў кашалёк з валізы і хутка сышоў у небяспечнае месца. Рашпіліў кашалёк, а там не грошы — драбяза. Прыйшлося вяртацца, каб зноў рызыкаваць.

Мужчына ў шыкоўным касцюме і маладая стройная жанчына адразу прыцягнулі яго ўвагу.

«Пэўна, багатыя», — падумаў злодзей і здзівіўся, калі жанчына сама заплаціла за пакупкі.

Правая кішэня ў пінжаку багатага мужчыны завабліва тапырылася, і Новікаў падумаў, што там ляжыць кашалёк, туга набіты грашыма, а кабета заплаціла дробязь, каб муж не даставаў свае грошы. І тут раптам побач з парай аказаўся блазан Восіп: у злодзея з’явілася магчымасць засунуць доўгія пальцы ў кішэню мужчыны... Выцягнуў штосьці мяккае: ляльку. Ды якую! Нібыта забаўляўся, пацвельваў лёс над Міколам Новікавым. Таму і сядзеў злы злодзей у палатцы з надпісам «Аліварыя» і піў піва, на якое ледзь нашкроб з кашалька маладой жанчыны.

Новікаў ужо двойчы пабываў у турме і двойчы за крадзяжы. Але свой занятак — красці — не спыніў.

Рабіць яму не было чаго, ён узяў ляльку ў руку. Падалося, што лялька падміргнула яму і яе вочы ўспыхнулі чырвоным святлом. Пальцамі ён націснуў ёй на жывот: можа, на батарэйках, хоць запішчыць, ці засмяецца — ёсць жа такія лялькі.

— Ой, не трэба... — пачуў Новікаў і ад здзіўлення ажно ўвабраў галаву ў плечы. За столікам ён сядзеў адзін, а за суседнім, самым блізкім да яго — дзве мілавідныя кабеты. Яны штосьці горача абмяркоўвалі. Адна з іх зняла сумачку, якая вісела на спінцы крэсла, паставіла на стол і, расшпіліўшы яе, пачала штосьці шукаць.

Новікаў выцягнуў шыю і — о дзіва! — у сумачцы ён убачыў грошы — долары і нашы.

Жанчына дастала з сумачкі памаду і люстэрка, падфарбавала вусны, потым паклала іх на месца, шчоўкнула замком. Сумачка засталася на стале і ў ёй як на нейкім чароўным экране злодзей бачыў грошы...

Праз нейкі час Новікаў адарваў пагляд ад сумачкі і паглядзеў у бок барнай стойкі. Каля яе стаяў плячысты мужчына і праз заднюю кішэню яго джынсаў Новікаў убачыў перакладзеныя напалам грашовыя купюры.

Тым часам жанчыны ўсталі з-за стала і пайшлі да выхаду. Сумачка, перакінутая цераз плячо бландзінкі, пачала аддаляцца, а разам з ёю аддаляўся і пачак з грашыма. Новікаў праводзіў сумачку зачараваным паглядам, а калі за дамамі зачыніліся дзверы, усхапіўся і кінуўся следам.

Да століка, за якім сядзеў злодзей, падышла афіцыянтка, каб прыбраць бутэльку, і ўбачыла ляльку, якая заставалася сіратліва сядзець каля пустой пляшкі.

— Глядзі, якая рэч! — падала яна чорціка бармэну. — Відаць, кліент забыўся.

— Файная лялька, — цмокнуў вуснамі круглатвары бармэн. — Давай я яе пачаплю вось тут пад люстэркам. Няхай палохае дзяўчат...

Мікола Новікаў ішоў воддаль за жанчынамі. Тыя пра штосьці гаварылі. Неўзабаве яны выйшлі на аўтобусны прыпынак, на якім было шмат людзей.

У Новікава перахапіла дыханне: куды б ён ні зірнуў — усюды бачыў грошы. Каля газетнага шапіка стаяла вабная крыху паўнаватая маладзіца. Злодзей затрымаў на ёй свой позірк, каб не бачыць грошы, якія выпіралі з кішэняў і сумачак і, здаецца, так і прасіліся: вось мы, тут — вазьмі нас. Новікаў паглядзеў на дзябёлую кабету, на яе прыгожы бюст і ўбачыў грошы... Грошы яму бачыліся паўсюль... Яму захацелася завыць ваўком: такога раней з ім не было.

«Нейкае вар’яцтва, — ажно застагнаў ён. — Хто ж утварыў такое са мной?»

Да прыпынку пад’ехаў тралейбус, размаляваны рознымі рэкламамі. Людзі дружна пасунуліся да дзвярэй. Кабеты, за якімі Новікаў ішоў ад кафэ, ужо ўвайшлі ў салон. І ён схамянуўся, заскочыў следам.

Высокая хударлявая брунетка-кандуктар, прывычна працуючы тулавам, спрытна прадзіралася між пасажырамі. Новікаў сунуўся за ёй і спыніўся акурат за спінай бландзінкі. Сумачка вісла ў яе на плячы, але кабета правай рукой надзейна прыціскала яе да таліі, а левай трымалася за парэнчу.

«Почапку можна абрэзаць, але што толку, — думаў злодзей. — Нават пры выхадзе з тралейбуса дама можа не адпусціць прыціснутую да сумачкі руку, ды і забраць яе непрыкметна наўрад ці ўдасца».

Праз два прыпынкі жанчына выйшла з тралейбуса. Выйшаў за ёй і Новікаў, але следам не пайшоў. Стаяў, наўцямна кідаючы пагляды на прахожых, і паўсюль бачыў грошы, грошы, грошы. Галава закружылася і, каб не ўпасці, ён адышоў убок, прысеў на лаўку пад каржакаватым каш­танам...


18


— Ну, лягчэй у цябе стала на душы? — спытала Г анна ў Хруцкага, калі яны выйшлі з царквы.

— Не ведаю, яшчэ не разумею, — няпэўна адказаў Андрэй. — Ёсць нейкая разгубленасць ці збянтэжанасць. Я ж ніколі не маліўся ў царкве.

— Адной малітвы мала, — шматзначна сказала Г анна і змоўкла.

— Ганна, — сказаў Андрэй, — давай вернемся да нашых зямных спраў: што будзем рабіць далей?

Жанчына з сумам паглядзела на Хруцкага. Вось ён побач, чалавек, якога яна пакахала, за якога выйшла замуж, нарадзіла яму дзіця. У яго цяпер іншае аблічча, незнаёмае, ёй чужое, і ўсё ж адчуваецца штосьці такое блізкае, роднае. Вось яна, сапраўдная сіла чалавечай душы: «Ведаеш, Андрэй, мы ўсёткі не можам жыць разам. Ну, пакуль ты ў чужым абліччы. Што падумаюць суседзі? А Юлька?»

— Разумею, — хутка адказаў Хруцкі. — Я буду жыць у кватэры Борчыка. Ён дазволіў мне.

— Добры гэты Борчык. На машыне — катайся. У кватэры — жыві, — Ганна зірнула ў вочы Хруцкаму і прамовіла: — Андрэй, давай мы, як кажуць, паставім усе кропкі над «і». Скажы мне, хто такая Наташа? Кім яна даводзіцца табе? Ты аднойчы ноччу назваў мяне гэтым імем.

Хруцкі цяжка ўздыхнуў.

— Што маўчыш? Праўда ачышчае душу.

— Ці не занадта многа мы сёння гаворым пра душу, — з лёгкім раздражненнем прамовіў Хруцкі.

— Андрэй, чаму, калі я спрабую пагаварыць з табою шчыра, ты пачынаеш злавацца?

— Ды не злуюся я. Добра. Наташа — гэта жанчына, з якою я сустракаўся да знаёмства з табою. Цяпер яна жонка Альфрэда Борчыка. Яна марыла пра багацце і дабілася яго: Альфрэд вельмі багаты. Ёй трэба багацце, а не Альфрэд.

— І як гэта высветлілася?

— Яна скрала ў яго вялікую суму грошай і з’ехала.

— Кінула мужа ў такой бядзе і нават абакрала яго, — задумліва прамовіла Ганна.

— Борчык сказаў, што іх шлюб фіктыўны: яму чамусьці трэба было тэрмінова ажаніцца — гэта не мая справа, — а тут падвярнулася Наташа.

— Добра, што гэта жанчына знікла. Цяпер можна будзе спадзявацца на лепшае, — адзначыла Ганна.

Хруцкі адвёз жонку дамоў і паехаў на Борчыкаву кватэру. Прыпаркаваў машыну ля пад’езда, але ісці ў кватэру яму не хацелася. Непадалёк убачыў кафэ-палатку з надпісам «Аліварыя». Вырашыў зайсці ў яе і паснедаць.

За барнай стойкай гаспадарыў круглатвары цельпукаваты бармэн. Хруцкі замовіў шашлык, салату і піва. Агледзеў залу, выбіраючы столік. У вялікім люстэрку ўбачыў сваё адлюстраванне. Зморшчыў твар і раптам над люстэркам заўважыў ляльку-чорціка акурат такую, якая зусім нядаўна ляжала ў кішэні ягонага пінжака.

— Паслухайце, — звярнуўся ён да бармэна. — Дзе вы набылі гэтую дзіўную ляльку? — Ён кіўнуў галавой на люстэрка.

— А, гэта сёння нейкі дзівак забыўся за столікам, а, можа, спецыяльна пакінуў — вось мы вызначылі з Ірынай (ён паказаў на стройную афіцыянтку) гэтаму гаспадару пекла месца пад люстэркам, каб ён палохаў дзяўчат.

— І праўда, можна спалохацца, — сказала Ірына. — У яго такія вочы. Яны нібыта жывыя.

— Гэта мая ляль. — пачаў гаварыць Хруцкі, як у гэты момант ля барнай стойкі з’явіўся каржакаваты, каротка пастрыжаны мужчына і, звяртаючыся да бармэна з афіцыянткай, хутка прамовіў:

— Я тут забыўся ляльку-чорціка — дзе яна?

— Вунь вісіць, — бармэн паказаў рукой.

Злодзей Новікаў працягнуў руку да лялькі, але ў гэты момант Хруцкі схапіў яго за запясце рукі:

— Пачакай, братка, трэба разабрацца, каму належыць гэты д’ябал.

— Што за такі дурны сёння дзень? — Новікаў злосна скасавурыў пукатыя вочы на Хруцкага.

Хруцкі зняў ляльку і, не адпускаючы руку Новікава, прапанаваў яму:

— Сядзем, вып’ем, пагаворым.

— Чаму б і не, — адгукнуўся Новікаў. Са свайго вопыту ён ведаў, што пакуль яго не схапілі за руку ў той момант, калі крадзеш, хвалявацца няма чаго, тым болей, што гэты сыты дзяцюк прапануе выпіць.

Хруцкі паклікаў афіцыянтку. Хутка на стале з’явіліся гарэлка і закуска. Мужчыны выпілі, Новікаў зірнуў у твар Хруцкаму:

— Дык кажаш, што твая лялька. Я знайшоў яе на рынку.

— Такія, як ты, не знаходзяць, такія — крадуць, — пасміхнуўся Хруцкі. — А ты ведаеш, што гэта лялька незвычайная?

— Не так даўно здагадаўся. Таму і вярнуўся па яе.

— З табой адбылося штосьці неверагоднае? — Хруцкі наліў гарэлку ў шклянкі.

Новікаў праглынуў сваю порцыю адным глытком, крыху адпіў таматнага соку:

— Я бачу грошы, як дактары бачаць вантробы чалавека на рэнтгене. Хочаш, скажу, дзе ў цябе ляжаць грошы?

— Не трэба. Веру.

— А што ён зрабіў з табой? — Новікаў хітнуў на ляльку, Хруцкі прыхінуў яе да вазы, у якой стаялі штучныя кветкі.

— Язык не паварочваецца гаварыць. Дык ты што, хочаш забраць яе? Думаеш, яна будзе выконваць твае жаданні?

Новікаў маўчаў.

— Я думаю, яна сама павінна выбраць кагосці з нас, — крыху памаўчаўшы сказаў Хруцкі. Ён крануў ляльку-чорціка за плячо. — Ну, выбірай сабе гаспадара ці, можа, ахвяру.

Новікаў уталопіўся на ляльку. Яму падалося, што чорцік падміргнуў яму вокам, і злодзей падміргнуў у адказ.

Хруцкі ж адкінуўся на спінку крэсла і заплюшчыў вочы. Вусны яго штосьці бязгучна шапталі: «Божа, даруй мне мае грахі. Дапамажы». Раптам цела яго стала калаціцца і ён упаў на падлогу.

— Вой, што з ім?! — спалохана ўскрыкнула афіцыянтка.

— Эпілепсія, — спакойна прамовіў вусаты мужчына, які сядзеў за суседнім столікам. — Яго трэба трымаць.

Новікаў кінуўся Хруцкаму на ногі, а вусаты дзяцюк наваліўся на тулава і рукой прыціснуў яго галаву да падлогі.

Канвульсіі цела Хруцкага пачалі слабець. Тым часам Новікаў з кішэні штаноў Хруцкага непрыкметна выцягнуў грошы і пераклаў у сваю кішэню. Калі Хруцкі знерухомеў, Новікаў узняўся з падлогі, забраў ляльку са стала і сышоў.

Бармэн паднёс да носа Хруцкага бутэлечку з нашатыром. Хруцкі нюхнуў і расплюшчыў вочы. Бармэн дапамог яму падняцца і сесці ў крэсла. Праз імгненне Андрэй здзіўлена агледзеў памяшканне і спытаў:

— Дзе гэта я? А куды падзеліся ложкі.

— Во дае! — зарагатаў вусаты мужчына. — Пэўна, думае, што патрапіў у гасцініцу.

— Я быў у бальніцы... Як я тут апынуўся?

— Іра! — крыкнуў бармэн. — Звані ў псіхушку.

— Якую псіхушку? — махнула рукой афіцыянтка. — Ён камедыю ламае, каб не аплачваць рахунак за заказ. — Яна падышла да Хруцкага. — Разлічыцеся, калі ласка.

— Я тут нешта заказваў?

— Я заказвала. І выпівала, і закусвала...

Хруцкі расшпіліў пінжак, апусціў руку ў кішэнь і дастаў партманет:

— Вось картка. Ёсць тут побач банкамат?

— Канешне, ёсць, — сказала афіцыянтка.


Замест эпілога


Халодны вецер коціць цераз дарогу ўчарнелую лістоту. Падмёрзлая, яна неахвотна сунецца па шэрым асфальце, і калі б не гул машын, то можна б пачуць, як яна пагрымлівае-звініць.

Каля газетнага шапіка стаіць жанчына ў скураным паліто і глядзіць то на дамы, то на плынь машын, то на людзей, якія снуюць побач. Яна хвіліну як сышла з цягніка, і калі яшчэ зусім нядаўна ехала ў цёплым камфортным вагоне, то марыла, што хутка будзе дома, у бацькоў, якіх не бачыла амаль два гады. Але цяпер, калі ад сустрэчы з роднымі яе аддзялялі толькі два аўтобусныя прыпынкі, яна спынілася, стаяла і глядзела на вячэрні горад, які любіла з малых гадоў.

Наталля Борчык, пасля сваіх уцёкаў з мужавымі грашыма, патэлефанавала бацькам толькі месяц таму. І маці, калі пачула голас дачкі, заплакала. А потым, супакоіўшыся, пачала распавядаць дачцэ пра падзеі, што адбыліся за той час, пакуль тая адсутнічала: «Наташа, штосьці дзіўнае ўтварылася з тваім мужам: ён закінуў бізнес, з’ехаў у Літву і там перабудоўвае свой катэдж на каталіцкі храм, — маці жаласліва ўздыхнула. — Няўжо так на яго падзейнічалі твае ўцёкі? Ён прыходзіў да нас. Казаў, што не трымае на цябе крыўды і прасіў, каб ты, калі з’явішся, прыехала да яго альбо хаця б патэлефанавала. Бачыла я і Андрэя, з якім ты сустракалася да замужжа. Ён, напэўна, нейкім чынам разбагацеў, бо машына ў яго, відаць, вельмі ж дарагая і надта ж падобная да шыкоўнага аўто, у якім калісьці ездзіў твой муж. Зусім нядаўна ў яго нарадзіўся сынок... »

«Божа, а я ж хавалася, баялася нават патэлефанаваць родным і ўсё з-за гэтых нікчэмных паперак-банкнот, — думала Наташа. — Што яны мне далі? Няма сапраўднай сям’і, няма кахання. Не было нават радзімы...»

Яна зірнула на невялікіх памераў сумку, якую трымала ў правай руцэ. У сумцы былі яе асабістыя рэчы і сто тысяч долараў, якія хацела перадаць бацькам у падарунак на бязбедную старасць. Яна разумела, што бацькі могуць адмовіцца ад грошай і ў такім выпадку вырашыла прасіць іх, каб узялі гэтую суму на захаванне.

Непадалёк ад Наташы, прыхінуўшыся плячом да слупа, на якім вісела шыльда з раскладам руху аўтобусаў, стаяў каржакаваты мужчына і курыў. Ён, пэўна, чакаў патрэбны яму аўтобус і зрэдку паглядаў на Наташу.

Наташа вырашыла да бацькоўскага дома прайсці пешшу: радасць жаданай сустрэчы раптам пачала азмрочваць роспач: бацькі ўсё ж выкажуць ёй шмат непрыемнага... Хаця ёсць за што.

Калі пераходзіла дарожнае скрыжаванне, недзе ззаду пачула рэзкі скрыгат тармазоў. Азірнулася. Нічога незвычайнага не заўважыла, вось толькі падалося, што мужчыну, які крочыў воддаль за ёй, яна ўжо недзе бачыла. На наступным скрыжаванні яна звярнула направа і яшчэ раз азірнулася, каб паглядзець, ці знік той мужчына. Каржакаваты дзяцюк крочыў следам.

«Гэта ж той мужчына, што курыў каля слупа, — мільганула згадка. — Чаму ж ён не дачакаўся аўтобуса? Ён мэтанакіравана рухаецца за мной... »

Наташа спалохалася і ёй захацелася пабегчы, але стрымалася, толькі крыху паскорыла хаду. Зусім блізка ад яе ўжо быў наступны аўтобусны прыпынак. Воддаль ад яго стаяла таксоўка і Наташа вырашыла пакарыстацца яе паслугамі. Калі падыходзіла да машыны, азірнулася яшчэ раз і ўбачыла, што мужчына ўжо бяжыць. Раптам ён спыніўся, нібыта наляцеў на нейкую перашкоду, хаця перад ім нікога і нічога не было. Падалося, што нейкая невядомая сіла штурхнула яго назад і ён упаў спінай на тратуар, знерухомеў.

Да небаракі падышла нейкая жанчына. Потым — двое мужчын. Вадзіцель таксоўкі выглянуў з-за машыны і спытаў ў Наташы:

— Што там адбылося?

— Бег і раптам упаў, — няўцямна адказала яна.

Таксіст заспяшаўся да месца здарэння. Наташа, пераадолеўшы страх, падалася следам.

Да мужчыны, які ляжаў на тратуары, нахіліўся міліцыянер, які выскачыў з міліцэйскай легкавушкі, што раптам з’явілася тут. Следам падышоў другі:

— Ну што?

— Мёртвы.

— Пашукай дакументы.

Міліцыянер пачаў абшукваць кішэні нябожчыка. Урэшце сказаў:

— Дакументаў пры ім няма. Толькі сцізорык кішэнны, востры, як лязо, ды вось гэтая дзіўная лялька.

Усе прысутныя глядзелі на ляльку-чорціка, а тая нібыта бліснула-міргнула ім чырвонымі вочкамі...

Загрузка...