Вясна ўвосень Рыгор Крушына

ВЯСНА ЎВОСЕНЬ

Села павуціньне на кусты,

Падаюць пажоўклыя лісты.

Туляцца апенькі каля пня —

Дэлегаты восеньскага дня.

Хоць са мной сьсівелая пара,

А вясна сьпявае з-пад пяра,

Я пішу ў запальным пачуцьці,

Каб любоў нязгасную знайсьці,

Каб яе знайсьці сярод людзей,

Каб нянавісьць гойсала радзей.

Мне вясна i ўвосень хай цьвіце,

I пяе ў шырокай дабраце.

У мяне наструнены настрой

I няма бурклівасьці старой.

Заглядаю ў хвойнік малады,

Там вясны зялёныя сьляды.


* * *

Мне думка мая дагаджае.

Я ведаю, у неспакоі

I камень іскру нараджае,

Ды тое цяпло няжывое.

I дрэва, і кветка, і траўка

Ня маюць пачуцьцяў і нэрваў.

А я, хоць і горка і даўка, —

Свой шлях ціхай песьняй адмерваў.

I мне не замкнуцца карою.

Хай бура шуміць, навальніца, —

Я чую, я мысьлю і мрою,

Я ў слове магу праясьніцца.


* * *

Песьня — натхненьня вынік, соль у салонцы.

Гэта пробліскі дня, думак джаз.

Можна спыніць гадзіньнік, але ня сонца.

Можна спыніць каня, а ня час.

Час той бяжыць няспынна. Сонца на старце.

Сёньня яно ўзыйшло і зайшло.

Вечная дзён машына. Кожнаму карціць

Лёгка ісьці ў сьвятло і цяпло.

Можна забрацца на месяц, Марс і Вэнэру.

Атам разьбіць, паліць, разбураць.

Можна жыцьцё перакрэсьліць, зьмяць як паперу...

Слова ў сусьвет грыміць:

Жыць!

Ствараць!


ЛІСТ З КАНАДЫ

Атрымаў я ліст з Канады.

Счараваная чужым,

Выхваляеш ты прынады,

Тое ўсё, чым даражым.

I багацьце, і свабода,

I прыемныя сябры.

I, як кажуць, мір і згода,

Зарабі — і ўсё бяры.

Што-ж! На гэты ліст адразу

Адказаць табе ня мог.

Колькі шумнага экстазу

Чую я ў тваіх радкох.

Ніягарскім вадаспадам

Ня шумі ў сваім лісьце!

Беларусь вішнёвым садам

У грудзёх маіх цьвіце.

Я таксама на чужыне

I таксама сьвет пазнаў.

А пачуцьці, ты скажы мне,

Ці ня дзеліць баразна?


ЗАЛАТАЯ РЫБКА

Пясьняр каханьня

старасьці ня бачыць.

Ён маладой душой нядужасьць перамог.

У снох ля мора сіняга рыбачыць,

I залатая рыбка моліцца ля ног:

— Ах, адпусьці мяне назад у мора,

За гэта я табе вялікі выкуп дам.

Хай адыйдуць няшчасьце, крыўда, змора,

Хай расчыняецца твой песенны Сэзам.

Багацьце слоў і вобразаў яскравых

Каштоўным скарбам хай ляжыць перад табой.

За згоду ў сьвеце, зладжанасьць у справах

Шампанскім шумна б'ецца ўсьпенены прыбой...

Той, хто ў пачуцьцях застаецца чыстым,

Ад добрых слоў і мрой расчуліцца гатоў.

Як на вясельлі сьветлым, урачыстым

Пяе спагадліва лагодная любоў.

Пясьняр каханьня

старасьці ня бачыць,

Да ўсіх нядужасьцяў ён мае супраціў.

У снох ля мора сіняга рыбачыць...

А залатую рыбку ў мора адпусьціў.


ПРАЗРЫСТЫЯ КОНІ

Празрыстыя коні — вятры,

Ўздымаючы пыл на дарозе,

Імчацца ў пустыя двары,

Дзе ў белых рэйтузах бярозы

Жакеямі выйшлі на старт

Каля зруйнаваных палацаў.

Здаецца, яны не на жарт

Гатовы з карэньнем сарвацца,

I ў сёдлах нябачных шумець,

Ляцець у нязнанасьць — у мрою...

Хмурынкі, як чорная сець,

Згрувашчана ўсталі гарою.

Празрыстыя коні ў кар'ер.

I пыл туманом на дарозе.

Дажджы наўздагон. I цяпер

Там сьлёзы на кожнай бярозе.


МАСТАК

Лёс няветлы, з усьмешкаю хітраю,

Ён нясе і пагрозы, і ўшчункі.

У руках маіх пэндзаль з палітраю.

Не пакіну старыя пакункі!

Не пакiну, хай круціць мяцеліца!

Сані ўгору ўзьлятаюць з размаху.

Так мастак на пачуццях асьмеліцца

Узьнімацца высока, бяз страху.

I дарэмна той лёс агрызаецца:

Мастаку ці патрэбныя сані,

Ці патрэбныя пэндзаль мазаіцы

I паэзія ў чыстапісаньні?

Лёс трывожыць усьмешкаю хітраю,

Разам з тым і пагрозы і ўшчункі.

А я ў працы нястомны, з палітраю.

Я ствараю жывыя малюнкі.


СЛАНЕЧНІК

Дзіцячае сонца стаіць на бальконе, —

Любоўна сьпявае маё захапленьне.

Красуня ў пялёсткавай жоўтай кароне!

Так дзеці малыя малююць праменьне.

Сланечнік падобны да сонца дзіцяці,

Нагадвае ціха забытыя сёлы.

I я, нібы госьць на ўрачыстым прыняцьці,

Самоту хаваючы, — ветлы, вясёлы.

Мяне на балькон запрашаюць ласкава.

Там стол паміж кветак у сьвежым азоне.

Адтуль павявае пахучая кава,

А збоку — сланечнік славуты ў вазоне.

Стаіць на бальконе дзіцячае сонца,

Дзіцячая радасьць і згадка дарослым:

Сланечнік цьвіце ў нашай роднай старонцы

Жывым, прамяністым, штогод уваскрослым.


УРАНЬНІ

Праменьнем ясным раньня

Старое гора спляж.

Ручнік для абціраньня

Бяры з сабой на пляж.

Ты акуніся ў моры,

I акунём плыві,

Пачуеш сьмех прасторы

I ў целе сьмех крыві.

I выйдзеш ты на бераг,

А хвалі — белы ўздых,

Як быццам гэта шэраг

Русалак маладых.

Усё тут засьмяецца,

На радасьць навядзе:

Пясок, і рыба ў сетцы,

I пена на вадзе.


ЯШЧАРКІ

Пад старасьць я бачу ў паўдзённай старонцы

Цікавы, нязнаны, любоўны кур'ёз:

Дзьве яшчаркі лашчацца нашча на сонцы...

Расчуліўся гэтым я моцна, да сьлёз.

Малыя істоты, а колькі пяшчоты!

Такое хіба між людзей не знайсьці.

У яшчарак — моц! Перад імі нішто ты,

Калі без пачуцьцяў, халодны ў жыцьці

Дзьве яшчаркі лашчацца. Шчасьце якое!..

Вось муха наводдаль, і тонка гудзе.

Яны азірнуліся, і ў неспакоі.

Украдкам адна з іх наперад ідзе.

Даўжэзная жэрдка. Пад ёю — прадоньне.

О, як небясьпечна прайсьці гэты мост!

Ды яшчарка страх забівае ў разгоне,

Адно сьлізгануў матузком ейны хвост...

Ніколі ня бачыў я гэткага руху.

Жыцьцё пазнаецца праз дробязі ўсе.

...I яшчарка ў пашчы няшчасную муху

Сяброўцы сваёй на сьняданьне нясе.

I сэрцам міжволі я чую пытаньне:

— Ці з любай ты гэтак у згодзе пражыў,

Ці ёй клапатліва прыносіў сьняданьне,

Ці песьціў яе, даглядаў, даражыў?


ЗЬНІЧКА ПАМЯЦІ

Зялёны конік дзяцінства майго

Жыцьцерадасна празьвінеў.

Я хацеў-бы вярнуць тыя гады,

Каб стацца зноў хлопчыкам

Старанным і кемлівым —

З грыфельнай дошкай

I пяцёркай у сшытку,

З першым завучаным вершам

I з першымі захапленьнямі

Хараством прыроды.

Разьвейся, туман, над мінуўшчынай!

Жывая памяць, захавай мілыя вобразы:

З кошыкам — на досьвітку — у грыбы,

З пугай і кніжкай — ля кароў,

Басанож па расе і колкім іржышчы.

Салодкі яблык суседняга саду!

Гарачыя аладкі гасьцінных цётак.

Канькі і росьпісам радасьць на лёдзе.

Гульня ў сьнежкі і мокрыя рукавіцы.

Матчыны клопаты.

Вясёлае кола сяброў...

Зялёны конік дзяцінства майго

Жыцьцерадасна празьвінеў,

Празьвінеў і зьнік.


* * *

Малітвай — родная гаворка.

I родны вобраз уваччу.

Сярод чужых мне цяжка, горка.

Я разумею... Я хачу

Сагрэць уцеху на ўспаміне —

Знайсьці сябе, любоў сваю

Ў даўно пакінутай краіне,

Якую сёньня я пяю.

Яе ніколі не забыцца...

Дай Божа, сэрцам зьберагчы

Жывую памяць гэтак, быццам

Хаваю хатнія ключы.


ЖУЖАЛЬ

Жужаль-жук жыцьцё нагамі вяжа

На пажоўклай жаласнай траве.

Можа гэта дзён апошніх пража,

Ды якую хтосьці разарве.

Здарыцца, капытам конь расьцісьне,

Чалавек растопча жужалька...

Да зямлі прытуліцца трылісьнік

З мокрай плямай зьмятага жука.

I ніхто ня ўбачыць і ня скажа:

— Ну, навошта? Хай і жук жыве,

I сваё жыцьцё нагамі вяжа

На пажоўклай жаласнай траве.


* * *

Я шукаў цябе

Больш за сорак год,

Больш за сорак.

Шмат было нягод.

Пасярод прыгод

Стрэліў корак.

Ад шампанскага —

Сьмех іскрысты ў столь,

Сьмех іскрысты.

Я знайшоў цябе.

Сонца сушыць золь...

Мая прыстань.


* * *

Ты ўвасабленьне Беларусі,

Мая знаходка долі ў далечы.

З табой да мэты дабяруся,

Высакародны вобраз маючы.

Маё раптоўнае натхненьне

Малюе бацькаўшчыну родную.

Я маю творчае імкненьне

I мову прадзедаў прыродную.

Хачу я жыць з табой у згодзе,

Гарэць супольнымі жаданьнямі,

Ды разам — з песьняй — праз стагодзьдзе

Прыйсьці ў наш край жывымі зданямі.


* * *

Зьявіся, любая, прымройся

На сьветлы дзень, як цудадзіў, —

Такой, як бачыць давялося,

Калі з табою я хадзіў

У гай сасновы, у гушчары,

На бераг Сьвіслачы-ракі.

Каханьня казачныя чары

Табе вязалі касьнікі.

Мы абяцалі. Мы чакалі.

А ўсё гусьцей плыла імгла...

Каго шукалі — ашукалі,

Між намі прорва пралягла.

I — чвэрць стагодзьдзя. Мне здалося,

Я памяць зноў разьверадзіў...

Зьявіся, любая, прымройся

На сьветлы дзень, як цудадзіў.


* * *

Ня ценем, а зіхценьнем

Багатая зямля.

Я сонечным праменьнем

Пісаў тваё імя.

Ня толькі фігуральна

Ў паэзіі маёй,

Але і натуральна

На бірцы на сухой.

Праз кругленькае шкельца

Я сонца прапусьціў,

Як мастака-умельца,

I ўсьмешкай заплаціў.

I сонечным праменьнем

Тваё ўпісаў імя.

I сапраўды, зіхценьнем

Багатая зямля.


* * *

Каханьне пазнаем не ў пацалунку,

Не адпачынкам у лясной глушы.

Яно, як нітка тонкая ў карунку,

Спляценьнем цесным вяжацца ў душы.

На цёплай пагулянцы, на забаве

I на штодзённай працы знак даем.

Мы не на пышных словах, а на справе

Сваіх сяброў і любых пазнаем.


* * *

Былі галодныя часы.

Трывога трывала заўзята.

Кавалак конскай каўбасы

Прыносіў нам радасьць і сьвята.

Мы танцавалі. Шум і сьмех.

Віліся пачуцьцяў каралі.

I быў у нас адзіны грэх:

Ня тых, каго трэба, кахалі.


У ЧАРОЎНЫМ СЬВЯТЛЕ

Я праз цябе бачу сьвет

У чароўным сьвятле.

Гіне цяпер пустацьвет,

Сьпее плод на стале.

Тут ня ігруша, — ігра,

Сьпеў Эрота ў цішы.

Дыхай вульканам, гара,

Маё гора глушы.

Гора мінулых гадоў —

Як гарачы агонь.

Грукат чужых гарадоў

Сівізной мне на скронь.

Любая, дзейсны вулькан!

Хмару полымем змый,

Я разумею твой стан,

Створым казку і мы.

Ведзьма няхай нам усьлед

Не ляціць на мятле...

Я праз цябе бачу сьвет

У чароўным сьвятле.


СІНЬ

У мілай гаспадыні

Свой густ — не для старых.

На лямпе каптур сіні

I ўсюды сіні штрых.

Дармо, як у тапельца

Мой пасінелы твар!

Ты неба на відэльцы

Нясеш, мой кулінар.

Як смачна! Чараўніча!

А з чым цябе раўнаць,

Калі пачнеш аблічча

Блакітам ахінаць?

Нябёсны колер твару,

Такога не знайсьці!

Даўней i Рэнуару

Ня сьнілася ў жыцьці.

I песьняру ніколі

На думку ня прыйшло

Ісьці ад чорнай долі

Ў блакітнае сьвятло.

А я згадаў такое.

Усё з твае рукі —

I сінь цьвіце ў пакоі,

I ў вазе васількі.


* * *

Ня хоча сэрца сурагату,

Каханьню жыць і ня сівець.

Ідзем з табою мы ня ў хату,

А да адрыны пад павець,

Дзе цені сьцеле адвячорак,

Дзе пахне сенам ды імглой...

Які наш ціхі панадворак!

А што з табой? I што са мной?

У нас інтымная гаворка...

Зацішак гэты ў самы раз.

На небе радасная зорка

Міргае нам, пільнуе нас.


* * *

Мяне прыгадала, ці не?

Ня ведаю. Час пагарэлы.

I вочы ласкава — ня мне —

Пушчаюць амуравы стрэлы.

Сьпяваеш ты песьні свае

Ня мне, а таму, у якога

Душа ўсё табе аддае

I разам з табою дарога.

А можа цябе і няма

I ў смутку я мроям пярэчу?

Хвалююся, мабыць, дарма,

Пазнаўшы з мінулым сустрэчу.


МАЁЙ ВЫБРАНЬНІЦЫ

Званоў ня звоніць медзь

Глухому і бязбожнаму.

Даецца разумець

Паэзію ня кожнаму.

Глядзяць, як на тавар!

Скажы, хіба я падаю?

Твой сьветлы ветлы твар

З уцешнаю спагадаю.

Маўклівы твой пагляд

Гарыць маёй пакутаю.

Дазволь, цябе да пят

Я ў хутру слоў ахутаю.

I будзеш ты ў цяпле,

Ізноў мне лёгка станецца.

I верш мой на стале

Табе, мая выбраньніца.


У ЯГАДНІКУ

Шчабечуць весела сініцы...

З табой мы ў ягады пайшлі.

На сонцы ў чырвані суніцы,

Чарніцы ў дымцы на зямлі.

Мы гэтых ягад ня зьбіралі,

У нас ласунак быў ня той:

Нізалі слодычы каралі

Ў зялёнай парасьці густой.

Я чараўнік, ты чараўніца

Ў таемнай казачнай гульні.

Твой чаравік таптаў чарніцы,

Прасіла сэрца цяплыні.

Праменьне дня ў жывой сьпіралі

Трымала нас, траву, кусты.

Мы ў лесе ягад ня зьбіралі.

Нам усьміхаўся кош пусты.


ВОЧЫ КАХАНАЙ

Мяне сябры пыталіся калісьці:

— Якія вочы ў тваёй каханай?

Ці шэрыя, блакiтныя, ці карыя?

Ці як рудое восеньскае лісьце?

Я часта на тых роспытах губляўся

I адкаэаць сябрам ня мог ніколі.

Перабіраў у памяці ўсе колеры,

Дарэмна іх шукаў, і прызнаваўся:

— Ня ведаю. А разам згодна марым...

Ці пад брывамі сьціплыя валошкі?

Ці бэз пэрсыдзкі высыпаны трошкі?

Ці гэткі колер, уласьцiвы хмарам?

А можа ў поцемках, бы ў садзе вішні

Яны блішчаць вясёлымі жучкамі?

А мо ляжаць зялёнымі вянкамі

I я гляджу, гляджу на іх, няўсьцішны.

Усім цікаўным проста я адказваў:

— Вы ня пытайцеся, якія ў яе вочы.

Ня ведаю. Маўчу... Стаю наўзбоччы.

Таемным колерам ня знойдзеш назваў!

Я думаю: мастак ня мае хварбаў,

Каб маляваць той позірк на палотнах.

Пясьняр ня можа выбраць слоў пяшчотных

Для тэй-жа мэты з паэтычных скарбаў.

Як доўга я пакутваў у здагадках!

Якія вочы... у маёй... каханай?..

Мо гэта і было ў той час заганай

I першым крыкам сэрца ў ціхіх згадках.

Няўжо забыўся я? Аслабла памяць,

Яе вятры на ростанях ссушылі.

Мне больш яскравым стаўся вобраз мілы,

А важных дробязяў ня мог уцяміць.

Ажно цяпер пад старасьць, і далёка

Закінуты ад родных, на чужыне,

Я разгадаў на добрым успаміне:

Каханай вочы не ў таемным змроку.

Яны ў сьвятле. У позірку гарачым

Стаяць лясы, азёры, сенажаці.

Каханай вочы ў кветкавым багацьці,

У іх цьвіценьне бацькаўшчыны бачым.


НА РАЯЛІ

Як у люстры, на раялі

Маладыя — я і ты.

Мы — абняўшыся — стаялі,

Разглядаючы лісты.

Незнаёмыя нам ноты:

Над гачком старчма гачок.

Можа нейкія факстроты,

А магчыма, крыжачок.

Мо пра зорачку Вэнэру?

Пра дажынкі на палёх?

Мы ўзьнялі высока веру

I любоў сваю ўдваёх.

I прыселі — без навукі —

За раяль. Абы зайграць.

I пайшлі няўмела рукі

Гукі з клявішаў зьбіраць.

Назьбіралі на раялі...

А суседзі за сьцяной

Нам у вольнасьцях спрыялі,

Віншавалі з навіной.


ВЕНIК

Я з бярозы зрэзаў вецьце,

Венікі вяжу.

Я бяру бярозу ў цьвеце,

Волю даў нажу.

Нож няўтомна рэжа, рэжа.

Шастаюць лісткі...

З вецьцем выйду на ўзьбярэжжа

Ціхае ракі,

Дзе схілілася ракіта,

Гнуткая лаза

Ды раса, як-бы праліта

Радасьці сьляза.

Там я дубчыкам лазовым

Сьвежы май зьвяжу,

I да любай добрым словам

Перайду мяжу.

Ёй скажу: — Вазьмі мой венік,

Жарам шугане!

Я і ў лазьні лятуценьнік,

Пахвашчы мяне.


* * *

Цябе чакаю... Нейкі зьвіх

Ад сэрца чую да пляча,

Бо стук абцасікаў тваіх

I шчоўк нэрвовага ключа.

Ты на парозе. I той час

Сьвятлом заліўся мой пакой.

Разварушыла радасьць нас.

I ты з гаворкаю такой:

— Жартуй, кружыся і дурэй!

Хай вяжа нас цясьней абруч.

Ты даў мне ключык ад дзьвярэй,

Цяпер мне дай ад сэрца ключ.


* * *

З табой я маю шпацыр

На лугавым загоне.

Сваю душу ты ў панцыр

Не ахінай сягоньня.

А будзь адкрытым полем,

Шырокім, з цёплым ветрам.

Нас абдымаць дазволім

Жывым зялёным нетрам.

I тонкая бяроста

Вясельнае зайграе.

Глядзі на рэчы проста,

Любоўна, дарагая.


* * *

Ты пра мінуўшчыну маўчы,

З вайною зналася цяжкою.

I бомбы падалі ўначы,

I ты ня ведала спакою.

I ты ня ведала тады,

Што ў небясьпецы дзесьці любы

I што галодныя гады

На ім вайстрылі свае зубы.

А ён дажыў. Табе прынёс

Уцеху позьняга каханьня.

I дзякуй Богу, вяжа лёс

Вузельчык моцны да скананьня.


НАСТРОЙ

Прыйшла, як промень на сьвітаньнi.

Сутоньне смутку адплыло.

Я адчуваю ў прывiтаньнi

Тваё вясёлае цяпло.

I мне здаецца, сьвет смяецца —

Няма ні штормаў, ні завей.

I нават птушка ў цеснай клетцы

Сьпявае быццам весялей.

А гэта ўсё было-б нязначным,

Калі-б ня ты, ня голас твой.

Ня ведаю, як быць удзячным

За гэты радасны настрой.


АКУЛЯРЫ

Ты ня хочаш ніякай ахвяры,

Супраць сонца натура ўстае.

Начапіла на нос акуляры,

І схаваліся вочы твае.

I як быццам у масцы — чужая,

Толькі можна па вуснах пазнаць.

Гэта лучыць нас, цесна збліжае,

Як улетку касцоў — сенажаць.

Прабягае праменьчык-насьмешнiк.

Ці-ж магу я твой позірк злавіць?

Б'ецца ў шкло падарожны алешнік,

Завіваецца сьцежка як ніць.

Два шкляныя кругі — цемра ночы.

Пазіраеш спакойна праз іх.

Зыркі дзень не залазіць у вочы,

А ў сутоньні на вейках прыціх.

Неяк дзіўна блiшчаць акуляры.

Там, у цёмных люстэрках — кусты.

I вачыма праз тыя гушчары

Да мяне прабіваешся ты.


СПАДЧЫНА

У добрай «Спадчыне» Купала

Жывое слова нам казаў.

Чытала вершы ты, і ўпала

Ў падол прачулая сьляза.

Ты захаплялася, трымцела,

Ты разумела родны сьпеў.

І маладое тваё цела

Палілі радасьць, смутак, гнеў.

Гукала бацькаўшчына пушчай,

Зьвінела наша сенажаць.

Купала вочы нам расплюшчыў —

Якія скарбы там ляжаць!

З табой у моцным хваляваньнi

Мы прыгадалі даўнiну.

I ты ў глыбокім адчуваньні

Пазнала горыч палыну.

І асьцюкі ізноў тырчэлі,

I ў жыце сьпелі спарышы.

...Няма пустотаў Тарычэлі

Ў тваёй узрушанай душы.


* * *

Я хацеў-бы ў роднай хаце

Хоць хвілiнку пасядзець,

На прыроднае багацьце

Праз вакенца паглядзець.

I пачуць, як дзесьці ў полі

Песьня плача на жніве.

Можа там яна ў падпольлі

I на волi ня жыве.

Прыгадаць-бы тыя словы

З песьні слаўнай даўнiны,

I цябе, і час вясновы,

I каханьне без маны.


* * *

Я на цябе зірну — мне сьніцца

Сямейнай радасьці прычал.

Навошта тая таямніца,

Цішком схаваны той запал?

Губляю раптам раўнавагу.

Пераступаю ўжо мяжу.

Я адчуваю ў горле смагу,

Табе па шчырасьцi кажу:

Люблю цябе, маю мурлыку,

Ты мірны мур. Мая... адна...

Ах, мабыць, зьбіўся з панталыку.

Дай чарку моцнага віна!


У ТРАМВАІ

Няспынны разгорнуты рух,

Спакойная ціша ў загоне.

У прыцемках вечар распух, —

Трасецца ў трамвайным вагоне,

Дрыжыць электрычным сьвятлом.

Гляджу я на шыбы-агаты:

За цёмным трымцелым акном

Бягуць ліхтары і плякаты.

I раптам ідзе паварот...

На рэйках прарэзьлівы скогат.

Завулку разяўлены рот.

Праз цемрадзь ня бачыш нікога.

А шыба — люстэрка ў вакне,

У ім пасажыры трамваю,

I там усьміхаецца мне

Дзяўчына, якую ня знаю.

Усьмешка ў агатавым шкле.

Усьмешку прымаю я ўсьмешкай...

На чорным вячорным крыле

Агні мігацелі мярэжкай.


АДЗЬВІНЕЛА ЛЕТА

Адзьвінела лета, і няма

Добрых дзён — вясёлых, прамяністых.

I прырода жаліцца сама,

Што яна ў абшморганых маністах.

Цьвіль зямлі і хвойная іржа,

I трава, як прэлае іржышча.

На кустох журботная імжа,

Птушка ўжо ня ціўкае, ня сьвішча.

А ў мяне пахмурнай той парой,

Пасьля працы ў часе адпачынку,

Узрастае сонечны настрой, —

Я бяру знаёмую сьцяжынку.

I па ёй праходжу, як даўней.

3-пад лістоў апалых, мне здалося,

Зацьвіла пралеска. А далей

Мроіцца зялёнае калосьсе.

Шумнае калосьсе на палёх!

Я ня бачу зжатае палоскі.

У мяне ў душы быльнёг палёг,

Паплавы цьвітуць палескай вёскі.


* * *

Вунь кнігі стаяць на паліцы.

Мая там душа і жыцьцё.

Прыгожыя ў снох маладзіцы

Цяпер адыйшлі ў нябыцьцё.

Дык дзе-ж яны, ластаўкі тыя?

Шчабечуць, ці змоўклі зусім

Напэўна, гнязьдзечкі пустыя,

I можа нявесела ім.

...А кнігі стаяць на паліцы

Ў маўклівай таемнай красе.

Хачу дакрануцца і зьліцца

З тым сьветам, што думку нясе.


* * *

Пад вярбою я з журбою

Бяз цябе.

А з табою — як вясною

На сяўбе.

I ўсё тое, што пустое —

Прэч ідзе.

Пад вярбою мы абое...

Толькі дзе?

Не ў Палесьсі, не на ўзьлесьсі,

А ў кутку

Пад вярбою, пад чужою

У садку.


* * *

З табой іду, і мне здалося,

Што я вясёлы маладэён,

I восень на іржавай восі

Ня круціць кола хворых дзён.

А мы калісьці паспыталі

Агню, паводкі і бяды.

I працавалі, і гулялі,

I захапляліся тады.

Налі мне радасную шклянку,

Частуй мяне старым віном!

Люблю я нашу пагулянку,

Як сьпеў,

Як ружы за вакном.


* * *

Гадоў мне ня лічы,

Я не гляджу ў люстэрка.

Я малады ўначы.

Душа — жывая мерка.

Я вымяраю з ёй

Нястрачаныя сілы.

Ці-ж верасень гразёй

Залепіць вобраз мілы?

Вясну я залучыў,

I слова не слабое.

Я чую рытм начы.

Хвалюемся абое.


* * *

Я прыйшоў з далячыні,

Пыл атрос крутых дарог.

Ты мне дзьверы адчыні.

Натаміўся я, зьнямог.

Я вітаю клопат твой

I, ступіўшы на парог,

Бачу з кветкамі пакой,

Сьвежасьпечаны пірог.

Стома ўпрочкі. Я магу

Зноў гарэзіць і гарэць,

Бо на пройдзеным шляху

Сілы страціў менш за трэць.

Для каханай я зьбярог

Чысты жар, пачуцьцяў вір.

Пачастуеш, твой пірог

Падмацуе хатні мір.


* * *

Каханай жанчыне ня сьпіцца.

Няўсьцерп... I гудзе нейкі звон.

На нэрвах зачэпная сьпіца

Спыняе спакойны мой сон.

I мыш за пасьцеляй скрабецца,

Сьвітаньне сівее ў вакне, —

Такое спрасонку здаецца,

Уяўнае мірсьціцца мне.

Гарэзна рука твая гнецца

I мае намер казытаць

Мяне каля самага сэрца,

Каб мог я асілкам паўстаць.

Над любай гарачым асілкам!

На шчасьце агню зьберагчы

Насуперак сумным памылкам

I слабасьцям бурнай начы.


ПЯЛЁСТКІ ВОСЕНI

Зноў павеяла даўнай вясной,

I сухое лісьцё, мне эдалося,

Сыпле цьветам шыпшыны лясной,

Пакрывае пялёсткамі восень.

I я сэрца, як бульбу скрабу,

Ачышчаю ад бруднай лупiны.

Я ламаю з табою табу:

Нашы ў полымі грудзі і сьпіны.

Тое полымя — радасны знак

Адчувальнай былой маладосьці.

Хай галодны смакуе праснак,

А ўлюбёны шукае чагосьці...

Я шукаю. Іду праз бяду

I пяшчотнае слова прыношу,

Каб маглі затаптаць лебяду

I пачуцьцяў сівую парошу.

Гэтак хораша тут на зямлі!

На вятры ў навальніцу акацыяй

Не апалі мы, не адцьвілі, —

Можам горача ў духу трымацца.


* * *

Тады нічога я ня меў.

Былі жаданьні асалодай.

Перад табою я нямеў,

Мой верш варочаўся калодай.

Рыпелі грузныя радкі,

А мне здавалася — сьпявалі...

Грымяць па рэйках цягнікі,

Пад караблямі плешчуць хвалі.

I за гадамі йдуць гады...

Мой звонкі верш мяне гайдае.

Я чую лёгкі рытм хады.

I ты — у вершах — маладая.


* * *

Аб каменьне пабіла калена,

Яно з кашлатаю ранаю.

Ты ляжыш сёньня млява і лена

З нагою забінтаванаю.

Я прыйшоў. Усьмiхаешся часта.

Боль лад усьмешкамі мілымі.

Абдымі мяне! Хай узмашыста

Рукі трапечацца крыламі.

Хай сьляза ля павек набягае, —

Радасьць салоная ў горычы.

Чуеш? Хочацца мне, дарагая,

Жарам рассыпацца горача.

Да мяне ты працягваеш рукі.

Што з табой? Як твая ножанька?

— Ат, нічога. Ніякае мукі...

Трэба зусім асьцярожненька.


* * *

Ты ня ведаеш, модніца-пышніца,

Як у вершах сказаць: я хачу.

Мне мадэрнае нешта ня пішацца,

Хоць яно і мільгае ўваччу.

Гэта-ж сёньня ўсё модай аголена!

Да мяне, як на тэніс, прыйшла.

I таму ў маіх думках расколіна,

I на песьню апала імгла.

Я маўчу. Мае вусны саромяцца.

Ты сьцяблінка ў жывым трысьнягу.

Ці ня тоіцца сіла ў саломінцы?

Ці табе я прызнацца магу?

Вобраз кволы, ды раптам выростае

I гаворыць насьмешліва мне:

— Не саромся, скажы слова простае

Бяз прыкрасаў: хачу! Так ці не?


* * *

Табе здаецца, — я маўчу,

Пачуцьці садам адшасьцелі.

Не, не маўчу. Душой крычу.

Катрынку шчасьця я кручу.

Ільдзінкі таюць уваччу

I іскры ўспыхваюць у целе.


* * *

Танцуе пяро. Я пішу і пішу...

I вобразы граюць і грэюць душу.

I вынік пісаньня, вядома —

Салодкая, добрая стома.

Ад шчасьця сьпяваю і ў шчасьці грашу.

Цябе абдымаю. Бяру — не прашу.

I вынік каханьня, вядома —

Салодкая, добрая стома.


У ДАРОГУ

Завязала ты мне ў хустачку

Аржанога хлеба лустачку.

I чакае ўжо дарога,

На душы ляжыць трывога.

Ці засьвеціць шчасьце ў далечы?

У дарогу выпраўляючы,

Мне кладзеш надзею ў клунак,

А на вусны пацалунак.


НЕ ПРАЙМАЙСЯ

На чужыне туга, як мароз, ахіне, —

Не праймайся, чакай на адлігу.

Прыгадай, мая любая, сёньня мяне,

Талісманам прызнай маю кнігу.

Хай напеўнае слова разьвее тугу

I прагоніць штодзённую стому.

Я сагрэю цябе. Я завочна магу...

На самоту ня жалься нікому.


* * *

Ня трымаюцца сакрэты,

Адплываюць таямніцы.

Я тваім цяплом сагрэты —

Вербалоз пакорны, ніцы.

Я тваім цяплом сагрэты,

З майго сэрца рвецца слова...

Раскрываюцца сакрэты

Там, дзе шчырая размова.

Анічога я ня ўтою,

Нават горкія няўдачы.

Згіне згадкаю пустою

Перажыты дзень гарачы.


* * *

Цябе я ведаю

I разумею.

Твой дом наведаю

Нат і ў завею,

I ў дні марозныя,

Калі на шыбах

Вузоры розныя,

А ты як выбух,

Як вобраз песенны,

Як промень сонца...

На сьнежнай дэсані

Ў шкляной балонцы

Кружок праталіны.

I сочыць вока,

Ці я аддалены,

Ці недалёка.


* * *

Ты мне сказала: Добрай ночы!

Зірнула ў вочы і пайшла.

Застаўся лёгкі сьлед жаночы,

Парфумай веяў ля стала.

Ляжу самотна я ў пасьцелі

I не магу ніяк заснуць.

Ці-ж добрай ночы? Мы хацелі

Гарачай ночы. Не забудзь!


* * *

Маладосьць не пустацьветная,

I жаданьні ўсе прыродныя.

Ёсьць і мроя запаветная...

Нам папрок ня кінуць родныя:

Вось, маўляў, кароўка бегае

I нясецца курка ў рэшаце,

Толькі вы аднэй кунегаю

Ў сарамлівай цноце грэшыце.


* * *

У мяне цяпер закон сухі.

А тваё аблічча дарагое

Сьвеціцца з-пад роднае страхі —

I я хмельны, і няма спакою.

З даўных дзён

Глядзіць твой мілы твар.

Памятаю сьветлае спатканьне.

На стале сямейны самавар,

I маё гарачае прызнаньне.

За памылкі, слабасьці, грахі

Пакараны доляю цяжкою.

А не разыходзяцца шляхі —

Гэта-ж поруч я іду з табою.


* * *

Дождж, як цэпам на таку —

На дарозе лужы.

Вецер кружыцца ў садку,

Рве пялёсткі ружы.

У мяне ў руцэ букет

На дажджы зламаны.

А вітаеш ты, як сьлед:

— Дзякуй, мой каханы!

Цьвет пабіты — не бяда.

Толькі прыкра тое,

Што цячэ вакол вада,

Мокрыя абое.


* * *

Сказала мілая мая

З усьмешкай сонца на абліччы:

— Табе я творчая бруя,

Нязгасны жар у зыркім зьнічы.

Людзкія душы мусіш грэць,

I словы выпесьціць у цноце.

Гарэць! Гарэць ды не згарэць,

Як мэтэор у шпаркім лёце.

Я спадарожніца твая.

Сьпяваюць вершы — нашы дзеці.

Ты іхны бацька. Ну, а я —

Ім добрай мачыхай на сьвеце.


* * *

Мне сказалі на вакзале:

— Адыйшоў ужо цягнік.

Жорсткім гужам боль і крык

Маё сэрца завязалі.

Я даўгія рэйкі бачу

I апошні той вагон,

I запараны пэрон,

I ў праводзінах няўдачу.


* * *

Вялiкі ў сьвеце ёсьць закон:

Не пажадай сябровай жонкі.

Сваё канечне ставіць кон —

Ллысьці насупраць, на сажонкі.

Мой дружа, ты ў віры падзей

Згубіў свой дом і вобраз стройны.

Ты жыў бяз пробліску надзей,

Зноў ажаніўся і спакойны.

А жонка першая твая

З далячыні цябе чакала.

Праз дваццаць год ня ты, а я...

Мяне, бяздомнага, спаткала.

I хоць суровы той закон —

Не пажадай сябровай жонкі,-

Але інакш дыктуе кон.

— Маладажоны, вып'ем жжонкі!


* * *

Сьвет багаты, нязьмерна шырокі,

I ў вандроўках ці мала прыгод...

Сорак год я на бачыў сарокі

I ня чуў салаўя трыццаць год.

Кажуць людзі, сарока — зладзейка.

А, магчыма, мне шчасьце нясе.

Нашумела яна, чарадзейка, —

Вераб'і разьлятаюцца ўсе.

Белабокая мне сакатуха

Прыгадала маленства маё.

I з грудзей маіх ціхая скруха

Выцягае сваё вастрыё.

I здалёку зайграла жалейка,

I ўляцела сарока ў вакно.

Ну, а дзе-ж салавей-салавейка?

На чужыне яго ня чутно.


* * *

Шчасьце ў рукі бяры,

Абдымі, ашчапер.

Я — твой сябра стары,

Твой агонь-кавалер.

Я і ў пешчах з табой,

Я і ў спрэчках ціраз.

Ні зацішша, ні бой

Не зьнявечылі нас.

Не завянуць вянкі,

Што ў пачуцьцях зьвілі.

Мы прымаем вякі,

Як настой на хмялі.


* * *

Я цябе пяшчотна лашчу,

Я ў жывой гарачыні.

Бачыш, сыплю жар у прашчу.

Дзьверцы ў космас адчыні!

Запушчу нязгаслы прысак.

I ў скафандры лепшых сноў

Узьнімуся ў плойму рысак,

Кропак, зорак ды ізноў

Апынуся я ў рэальным.

Зорку ў хаце запалі!

Станься пунктам назіральным,

Касманаўт я на зямлі.


* * *

Вечар над хатай гарбатай

Вешаў хусьцё цішыні.

Ты частавала гарбатай

Мяне пры газьнічным агні.

I я чытаў табе кнігі,

Здабытыя з-пад зямлі,

Пра славу забытай Нямігі,

Пра тое, як продкі жылі.

У хаце курэла газьніца,

А нас акрывала сьвятло...

Мінулае шчасьцем сьніцца,

Хоць палыном адцьвіло.

Пасьля неспадзеўнай разлукі

Губляліся нашы лісты.

Табе працягвалі рукі

I суцяшалася ты.

I часта прыходзілі госьці,

I ты частавала іх.

А не ставала чагосьці —

Мабыць, мяне і кніг.


* * *

Я доўга тут стаю

Ля соннай хвойкі гаю, —

Мастацтва пазнаю,

Вучуся, дасягаю.

I за радком радок,

I засьпявалі мары.

Вячорны гарадок

На небе ставяць хмары.

Здаецца, на хвасьце

Кітовым, моцна ўяўным,

Той гарадок расьце

Страшэнным і забаўным.

Вісяць па-над зямлёй

Сады Сэміраміды,

I лёгкай сінявой

Чаруюць краявіды.

Дзівосныя сады —

Скалмачаныя хмары...

Юнацтва мне сюды

Нясеце, мае мары.


* * *

Калі я быў малым, —

Аберуч за абруч,

I з хаты бег на двор.

I гнаў я той абруч,

Біў палачкай па ім.

I — ляскатаў матор.

А я нястомна бег,

Мой уцякаў абруч...

Цяпер матор ня той:

Прыбег з жыцьцёвых круч

Ручай тваіх уцех.

Я чую голас твой.

Абдымеш ты мяне —

Закруціцца абруч.

Мінуўшчыны паўтор:

Аберуч за абруч.

Ды сіла не скране,

I ў руху ўжо затор.


ПЯШЧОТНЫЯ МЯНУШКІ

Да цябе калісьці я

У залётах прагна-ўпартых

Плыў ня песьняй салаўя, —

Пад'язджаў на лёгкіх жартах.

Я нанізваў слоў вясло:

— Смачны пончык, сымпампончык.

Прамяністае чало,

Язычка салодкі кончык.

Ты натхненьня майго ўзьлёт.

Ты княгіня, ты багіня,

Непачаты ў сотах мёд,

Буйнацьветная вяргіня.

Мой пушысты белы бэз,

Мая любая пралеска.

Гэта-ж я ў любошчы ўлез,

Як прычэпная падвеска.

З мовы браў я зерне слоў,

Шмат пяшчотных тых мянушак.

Сыпаў, весела малоў

Ды прыгадваў розных птушак:

Ты галубка, ястрабок,

Перапёлачка, сініца...

Быццам словам назнарок

Я хацеў укараніцца.

Я з табой. Сьмяешся ты.

Любата ў цяньку пад вязам!

Сьняцца доўгія масты,

Па якіх праходзім разам.

Можа гэта і ня сны

I ня жартачкі-усьмешкі.

Павыросталі сыны, —

Моц, закваска з нашай дзежкі.


* * *

Я пранёс праз гады,

Праз цяжкія гады

Сьвежасьць маладосьці.

Аднагодкі мае, сівыя дзяды,

Зайздросьце!

Гэта я захаваў

З пачуцьцём і цяплом

Скарб маіх пяшчотаў.

Мрояй жыў,

Перажыў на слове разлом

Ляшчотак.

I цяпер чую рост

I запал малады,

Сілу ў гэтым росьце.

Аднагодкі мае, сівыя дзяды,

Зайздросьце!


У СЬВЕТЛАЙ НЯДОЛІ

Я закінуты лёсам

На падворак чужы.

Я туманам бялёсым

Адыйшоў ад мяжы,

Ад мяжы хмызьняковай,

За якой родны дом.

Там, падкуты падковай,

Конь таптаўся з вазком.

I было разьвітаньне,

Смуткаваньне радні...

Я пачаў вандраваньне

Ў неспакойныя дні.

I ў пакутах і горы

Зьведаў безьліч дарог.

На зямлі і на моры

Адпачыць я ня мог.

Наплывалі турботы

Караблямі усьлед.

...А цяпер самалёты

Адчынілі мне сьвет:

Вена, Мюнхэн, Жэнэва,

Рым, Парыж і Мадрыд.

Чую элінаў сьпевы,

Бачу сонечны Крыт.

Вось акропаль Афінаў,

I дэльфінаў гульня.

Сьфінкс усьмешку мне кінуў

Пад сьпякотаю дня.

Акіян Атлянтычны.

Там Ню-Ёрк. Вашынгтон.

Мой настрой рамантычны —

Пачуцьця камэртон.

I сьпяваю я тое,

Што мне кажа настрой.

Побач месца пустое

Адчуваю парой.

Я прыгадваю з болем

Родны край, сваякоў...

Што-ж, у сьветлай нядолі

Я прастору знайшоў.


* * *

Пажоўклая кніжыца

Вабіць чароўна.

Як пацеркі, ніжуцца

Літары роўна.

З гекзамэтраў Грэцыі —

Прысак гарачы.

Тут можна сагрэцца і

Пойдуць удачы.

Паэты антычныя!

На Беларусі

Я ў вершы лірычныя

Ператваруся.

Хай даўнасьці іжыца

Мірсьціцца ў хаце...

Пажоўклая кнiжыца

Тоіць багацьце.


* * *

Маладая андалузка

Выйшла ў скокі. Любата!

Сьвету цесна, колу вузка,

Паліць сьмехам жывата.

Адбіваецца чачотка,

Дробны дрогат у плячох.

Як прыемна і салодка

Ад пацьвельваньня панчох.

Хай клякочуць кастаньеты.

З кожным стукам кастаньет

Нараджаюцца паэты,

Гіне чэрствы кругасьвет.

Андалузка спрытна лучыць

Сьмех з мастацкаю гульнёй.

Аж натоўп гатоў заюрчыць

I пусьціцца ў скокі з ёй.


СЭНЬЁРЫТА

Сэньёрыта, сэньёры-

та-та, мама! Што за дзіва!

Сёньня я, хоць і стары,

захапляюся праўдзіва.

I адкуль яшчэ агню

маладосьці набралося!

Чуеш, сэрцам я званю

трапяткім ляснога лося.

Белавежа ўсё ўва мне —

роў зуброў і прага рысяў.

Сэньёрыта, ты і ў сьне

і на яве пакарыся.

Пакарыся, з песьняй дай

мне сьпякотную хвіліну.

Дый усьмешкай разгадай,

дзе я старасьць сваю кіну.

Можа згорбіцца ў чужой

няпрыветлівай краіне

і за чорнаю мяжой

будзе плакаць на ўспаміне.

А магчыма шчасны час

кола лёсу так паверне,

што абоіх зьвяжа нас

дзесьці ў чадзістай тавэрне.

З твайго краю дзьмуць вятры

цяплынёй... Ты, маладая,

не глядзі, што я стары —

сіла ў сілу заглядае.


* * *

Зіхаціць на сонцы акіян.

З пасівелых гор паўзе туман.

Я сяджу ў падстрыжаным садку,

У жывой мастацкай галерэі.

Наўкруга на сьпіленым суку

Маладое зеліва чаўрэе,

На вятры мне шэпча ў неспакоі:

— Пышнацьвет утульнага кутка,

Дзе шумела дрэва векавое,

Назнарок зьнявечыла рука.

Гэта пазалетась чалавек

Галаву зялёную адсек.


* * *

Я абапёрся лакцямі на падаконьнік,

Зашчаміў галаву ў далоні

I гляджу задуменна ў вакно

На сьвет розуму і пачуцьцяў.

Бачу я тое, што ёсьць

I чаго няма ў рэчаіснасьці.

Вецер з поўдня цёпла дзьме,

Дыхае пяшчотна мне ў твар

I, здаецца, шэпча:

— Ты лятуценьнік... Ты мроіш

Пра залатыя горы дабра і ласкі,

Пра пакінутую бацькаўшчыну,

Пра вясну, што восеньскай парой

Паўстае палымяным каханьнем.

А цi зразумеюць цябе

Чужыя, халодныя?


САНТА КРУЗ

Люблю я край, дэе скрозь вясна,

Дзе ўсё цьвіце, і цьвет нязнаны.

I толькі каліва заганы:

Там не бяроза, не сасна,

А ўсюды пальмы і бананы.

Расьце буялая трава —

Ні мурагу, ні канюшыны,

Сярод кустоў няма крушыны.

Затое постаць хараства

На ўзмор'і сонечнай лагчыны!

Той край заўсёды малады, —

З цяплом, бяз цеснай целагрэйкі.

Пад звон цыкадаў гоман нейкі,

Адно сьпяваюць не дразды,

Не салаўі, а канарэйкі.

Сярод людзей, людзкой бяды

Жывуць і радасьць, і надзеі:

Усіх вясна ласкава грэе.

Той край спрадвеку малады,

Ніхто ў ім, мабыць, не старэе.


НЕ ЧАРУЙ МЯНЕ, ШВАЙЦАРЫЯ

Не чаруй мяне, Швайцарыя!

Не расчулены тым зманам.

У душы маёй аварыя,

Я ў настроі паламанам.

I сумую ў падарожжы я,

Абыякавы да краю.

Дрэвы з выгляду прыгожыя —

Тую штучнасьць сузіраю.

Лес, як панскі шпiц, падстрыжаны.

Едзеш — роўныя прасекі.

Ні карчагі, ні камлыжыны,

Ні крывой сасны-калекі.

I старой ня бачу хаткі я.

Проста домікі, як лялькі!

А дарогі чыста гладкія,

Як паверхня морскай галькі.

Мне нявесела дарогаю,

Край прычэсаны ня вабіць.

I ў багацьці ёсьць убогае,

Супярэчлівае, мабыць.


* * *

Прыносяць дні расьцьвітаньня

I верасень і кастрычнік!

Я стаўлю ня знак пытаньня,

А клічнік, вялізны клічнік.

Я хмельны ў верасьні словам,

Мне восень паэмы піша.

Ізноў я гучаньнем новым

Пачаў заціскаць зацішша.

Ці гукі на голай галіне?

Ці дубу спрачацца з сасною?

Ён лісьце і ўзімку ня скіне,

I будзе, як я, з вясною.


* * *

Маляваныя малінавыя вусны,

Цыгарэта з доўгім муштуком...

Вобраз той — вульгарны і распусны —

Ў памяць заціраецца цішком.

Ён з чужых краёў — не з Беларусі,

Дымам ахінаецца густым.

А няўжо-ж паддаўся я спакусе,

Кабарэтным выбрыкам пустым?

А няўжо-ж прыемна захапляцца

Характэрным, змрочным хараством?

Лепш адпачываць у роднай хатцы

Успамінам і далёкім сном.


* * *

Я чакаю сёньня зноў

Шмат лістоў чародных

Ад знаёмых і сяброў,

Ад цябе і родных.

Паказаўся паштальён,

А мяне мінае.

Мне здалёк ківае ён:

— Я для вас ня маю.

Мабыць іншым паштавік

Радасьці прыносіць.

За суседнім домам зьнік

Ветлы лістаносец.

Сумна, горка... Дзень пусты.

Мне ніхто ня піша —

Ні знаёмыя, ні ты...

Жудасная ціша.


* * *

Герань. Гучыць гіронія:

Мяшчанства на вакне!

Ці-ж гэтак я настроены,

Каб толькі ружы мне?

О, не! Мне і пэтунія

Ўсе радасьці нясе.

Яна цьвіце красуняю,

I мой паклон красе.

I з клюмбы браткі сьціплыя,

Настуркі і ляўкой

Замілаваньнем выплылі

Ў мой чулы неспакой.

I роднаю старонкаю

Душа мая жыве.

Валошкі там з рамонкамі

I сьлёзы на траве.


ПАМЯТКА

Было дайно... Як быццам,

Я на сяле з бацькамі.

Такое не забыцца,

А прыгадаць радкамі,

Прыгожымі радкамі

Лірычнае паэмы.

Папера пад рукамі

Хавае голас немы.

I мне маленства сьніцца

Далёкае, былое.

Бляшаная дайніца,

Цяпло ад сырадою.

Вось памятка сьвятая,

Яна ў маім багацьці:

...У хлеўчыку сьвітае.

Карову доіць маці.

Грукоча дно дайніцы.

Шуміць струмень малочны,

Як вецер на званіцы,

Як ручаёк праточны.

Плыве той шум у сенцы

I ў ложак мой сядае.

Прамень зары на сьценцы,

I сьценка ўся рудая,

Здаецца, залатая

Ад княжага убраньня.

У хату залятае

Вясёлы гоман раньня,

Змагаецца бясконца

З дакучным хатнім сумам.

Прачнулася і сонца,

Абуджанае шумам.

З-пад коўдры лёгкай хмары

Яно ўжо выглядае.

На счырванелым твары

Ляжыць смуга сівая.

А мітусьня жывая!

Лёт галубоў з падстрэшша,

I певень тут сьпявае,

I наш сабака брэша,

Авечак сустракае

Знарочыта сурова.

На выгане рыкае

Адсталая карова.

I журавель з вядзерцам

Рыпіць і цяжка стогне.

Я горача ўсім сэрцам

Прымаю згадку сёньня.

I сьніцца мне дайніца,

Цяпло ад сырадою,

I хочацца напіцца...

Ды ўсё цяпер чужое.

Цяпер ня ў роднай хаце,

Няма і тых удояў,

Няма руплівай маці...

Я толькі боль падвоіў.


МРОЯ-БЕЛАСЬНЕЖКА

У кожнай істоты свой лёс вартавы,

I зьявы прыроды — вузор адамашкі:

Зялёнае каліўца кволай травы

Нясе неспакой мітусьлівай мурашкi.

Жывіца сасны, матылёвы пылок,

Чмяліныя соты, чабор, чамярыца.

Ураньні раса, разганяючы змрок,

Сваёй чысьцінёй пачынае іскрыцца.

Я ў кроплі расы бачу радасны цуд:

I сонца, і краскі, і любай усьмешку.

Я чую пачуцьцяў жывы перагуд —

Палётную мрою, маю беласьнежку.

Яна ў маім целе, крыві і касьці

Гарачай завеяй гуляць не пакіне...

А ў сьвет шугане — спадзяюся знайсьці

На вуснах і ў кнігах у роднай краіне.


КІЗІЛАВЫ КІЁК

Выйшаў з хаты раніцай

Да сонца я на ўсход.

Песьня пачынаецца.

I ладзяць карагод

Палявая красачка,

Вясёлы матылёк...

Палачка-стукалачка,

Кізілавы кіёк.

......................

......................

Апаўдня прываблены

Багацьцем у садку.

Я стаю ля яблыны,

З кійком падняў руку.

Я зьбіваю яблычка,

Духмяны сок пацёк...

Палачка-стукалачка,

Кізілавы кіёк.

......................

......................

Вось ужо, каханая,

Мой вечар у садку.

Песьня адсьпяваная.

I старасьць пад руку.

Старасьць-заміналачка,

Заніжаны паёк...

Палачка-стукалачка,

Кізілавы кіёк.

......................

......................

Цемрай ноч разгорнецца,

Як чорны парасон.

Зьнікне боль, бяссоньніца,

Паўстане вечны сон.

Прах. Ані кавалачка...

Закінецца ў пясок

Палачка-стукалачка,

Кізілавы кіёк.


СОН

Мяне трывожыў дзіўны сон:

На полі бура, навальніца...

Я за раскрыты парасон

Пасьпеў аберуч учапіцца,

Каб вецер-злодзей не забраў.

А ён ірваў, шукаў ахвяры,

I з рыкам дзікага зубра

Мой парасон панёс за хмары.

Узмах вятровага крыла,

I раптам хмараў сьлед загінуў.

Прасторай сiняй павяла

Дарога ў родную краіну.

I я высока на вятры

Ляцеў пад сонечным зіхценьнем.

Трьшаўся моцна, і згары

Сачыў за ўласным сваім ценем.

Мой цень ужо над Вільняй плыў.

Вунь Слуцак, Менск перад вачыма.

I хваляваньні і парыў —

Суняцца духу немагчыма...

I я прачнуўся.


ПАДСЛУХАНАЕ

Адгулялі мы ночы,

Адсьвяціліся вочы.

Ды яшчэ наастатку

Ці скажу: Пачакай!

Так, у тыя хвіліны

Ты быў дужа няўпынны,

Выбачай, як ад статку

Адагнаны бугай.

А пад старасьць такое

Хваляваньне цяжкое:

Я хацела-б даступна

Пасваволіць з табой.

Але ты ўжо ня гэткі —

Госьць марудны і рэдкі.

Купідон непадкупны

Абвяшчае адбой.

Гэтак кажа старая

I маркотна ўздыхае.

А ў старога з бязладзьдзя

Мабыць кісла ў душы.

Ну, навошта я вухам

Гэту споведзь падслухаў

У запушчаным садзе

У вячорнай цішы.


САД У СЬНЕЗЕ

Па дрэвах лезе

Вясновы цьвет.

— Мой сад у сьнезе, —

Сказаў паэт.

Хай вецер хлёсткі

Гуляў, дурэў, —

Цьвілі пялёсткі

Ў галінах дрэў.

Яскрава-бела

Вакол было,

Ды холад сьмела

Сагнаў цяпло.

I ўжо сівая

Імжа лягла,

I выплывае

Паўцень з вугла.

I на начлезе

Няма суцех.

А сад у сьнезе...

Сапраўдны сьнег!


КАЛЯДНАЕ

У калядную ноч, у марозную ноч

На ялінцы праменяцца сьвечкі.

I людзкія нягоды атарай наўзбоч,

Як пудлівыя ў полі авечкі.

Нарастае за вокнамі сьнегу сумёт,

Замятаецца чорнае ўчора...

Тае воск. Пахне смолка і пернікаў мёд,

I губляюцца час і прастора.

Ані гора, ні прыкрасьцяў, ані згрызот.

Нашы сэрцы — на вецьцях зялёных.

Перад намі шырокі паўстаў гарызонт

Адчуваньняў і мрой акрылённых.

I сьвяточны настрой у густой цяплыні,

I мароз на падворку сьпявае.

У калядную ноч, у сьвятой цішыні

Зоркай сьвеціцца вера жывая.


ЗА МЯЖОЙ

Дзесьці там, за граніцай,

За далёкай мяжой,

Давялося зрадніцца

Беларусу з чужой.

Ажаніцца, зрадніцца

З немкай немай, глухой.

Абы толькі спадніца

I ня ў хаце пустой.

Ажно доля з ухмылкай:

Ці-ж любоў? Пачуцьцё?

Непапраўнай памылкай

Адцьвітае жыцьцё.

I балюча і горка,

Зноў самотным жывеш.

I ня тая гаворка,

I на звычаях плеш.

I ня тыя ўжо кветкі,

I чужая сям'я,

I ня ведаюць дзеткі

Беларускага «я».

Той дарма наракае

На няветлівы лёс,

Хто сваімі рукамі

Ў хату долю прынёс.

Вераб'ю ня сініца,

I ня чыж салаўю.

Захацеў ажаніцца —

Паглядай на сваю,

З даўных дзён дарагую,

Што з палескай журбой

У дарогу даўгую

Пойдзе разам з табой.


ПАРАСЬЦЬ

Я палку-крывульку з лазы змайстраваў

I з ёй шпацырую па полі.

Пакорна схіляецца долу трава

I шастаньнем просіць патолі.

Стаптаны рамонак і зьбіты чабор...

Такая-ж і доля людзкая!

Як быццам-бы гусьляў жывы перабор

У сэрцы маім узьнікае.

Ужо незаўважаны ўецца вянок

Расквечаных слоў і пачуцьцяў...

На поплаве ткнуў я лазовы клінок,

На багне ваду скаламуціў.

Я палку пакінуў. Хай тычкай тырчыць!

А думкі на іншай дарозе.

Прачулае слова маё не маўчыць,

I ветрам пяе ў вербалозе.

...Я памяць, як сьвечку, набожна цяплю.

На момант забытая старасьць.

Крывулька пусьціла карэньне ў зямлю,

Насустрач жыцьцю гоніць парасьць.


КАПРЫЗНАЕ ЖАДАНЬНЕ

Ёсьць краіны, дзе бяз візы

Ня пушчаюць, хоць памры...

Часам цягнуць нас капрызы

I ў Шанхай, і ў Канакры.

I багатыя хаценьні,

I супыну ім няма.

I палаюць лятуценьні,

Думка ўспыхвае сама.

Я хацела-б, каб сказаў ты,

Парушаючы спакой,

Што падаўся ў касманаўты

I мяне бярэш з сабой...

Край таемны, непачаты,

Да палёту кліча нас.

Аж хвалююцца дзяўчаты

Праз такі нэрвозны час.

I жаданьні ў марах месяць:

Дзесьці воддаль ад зямлі

Адгуляць мядовы месяц

На касьмічным караблі.


ПЭЛІКАН

У белым халаце, паважны як хан,

Стаіць пэлікан на дарозе.

I аўтамабіляў даўгі караван

Спыніўся ў нязвыклай трывозе.

Праехаць ня можна. Жывы пэлікан

Стаіць пасяродку на бруку.

Пагрозьліва дзюбай бароніць свой стан,

Разгублены ў вулічным груку.

Няхай сабе лаянка, нават праклён...

Ні сьвістам, ні ўзмахам лазіны

Яго не сагнаць. Ня пужаецца ён.

Дарэмна гудуць лімузіны.

Ён дзюбай, як доўбняй агрэе таго,

Хто ўздумае ўраз падступіцца.

Ня злуйце яго, не чапайце яго!

Разумны ён птах. Ня тупіца.

Ён ласкі ня бачыў. Сябе накалоў

Балюча ў загоне на дроце.

Ні мілай усьмешкі, ні ветлівых слоў, —

Чужынцам гібее ў самоце.

Ён выбег на вуліцу. Ажно і тут

Сустрэлі няветла таксама.

Ізноў не пазбыцца трывог і пакут,

Брук — гэткая-ж брудная яма.

Тут гоман варожых людзей навакол,

З натоўпу шугае пагроза.

Стаіць пэлікан. Дзюба — чэсаны кол.

Крычыць ваяўнічая поза.

I раптам уцешнае чуе ў бядзе:

— Хадзем, пэліканчык... Мой дружа...

Чужы, незнаёмы насустрач ідзе —

Спакойны, лагодны і мужны.

На белую шыю кладзе ён руку,

Заве пэлікана пяшчотна.

I той давяраецца, як дружбаку,

Ды побач ідзе з ім ахвотна.

— Ласкавае слова і камень скране,

А я — пэлікан. Я рахманы.

Сваёй цяплынёй ты расчуліў мяне.

Шануюць цяпло пэліканы.


ХАЛОДНЫ ЖАР

Ляжыць у лесе корч дубовы

I сьвецяць з цемры гнілякі.

А можа ўзбуджаныя совы

Там азіраюць хмызьнякі.

А можа гэта рысь шукае

Ў гальлі птушынага гнязда...

Начное полымя блукае

Да першых посьвістаў дразда.

А я вячорнаю парою

Укрыўся шэлестам травы.

Мне дрэва сьвеціцца старое

Агнём зьмярцьвелай сінявы.

I я на пні — лясным услоне

Перабіраю гнілякi.

Халодны жар. Ён на далоні.

Лаўлю я сэнс у ім такі:

Пакуль жывое — ня гнілое,

Ня сохне вецьцем на ствале...

Жыцьцё, узьнятае зямлёю,

Цьвіце ня ў цемры, а ў сьвятле.


ЗУБРОЎКА

Перакулім кілішкі

Залацістай зуброўкі.

Не смакуюцца лішкі

Бяз увішнай сяброўкі.

На закуску крэвэткі

I жартлівае слова.

Села поруч. А гэткі

Твой фасон і абнова, —

Спрэс зьнікае спадніца,

Уваччу толькі ногі.

Я ня сплю, а мне сьніцца:

Нехта выставіў рогі.

На аголенай ляжцы

Жылка струнная грае,

Як былінка ў тэй пляшцы

Напаверх вынырае.

А тымчасам зуброўка

Лёгка, радасна п'ецца.

Разам з намі, сяброўка,

Хмельны вечар сьмяецца.


ГОСТРАЕ I КРУГЛАЕ

Плечы тарчма. Як сухое палена,

Муліць кашчавая жорсткасьць бядра.

I выступае наперад калена

Краем бляшанага цэбра-вядра.

Колкія рэчы натруджваюць вочы,

Боль узьнікае ад гострых вуглоў.

Колькі здаралася, позірк дзявочы

Лашчыў лагодна мяне і калоў.

Я не бянтэжыўся. Некалі кідаў

Сілы свае маладыя ў куты,

Ромбы, трыкутнікі і піраміды,

Велічнай готыкі контур круты.

Мо хударлявасьць, як вырак злачынны?

Хай-жа хвалюе ўспамін весялей:

Рубэнса вобразы гладкай жанчыны,

Пышнага цела мядовы алей.

Круглыя вочы кашэчай пароды

Цёпла глядзяць у людзкой дабраце.

Круглае, пульхнае цешыць заўсёды,

Гострае, злое, худое — гняце.


У КОЛЕ ВОБРАЗАЎ

Нішто ня цешыць на чужыне.

I жарт ня той, і горкі сьмех.

Мой лёс на пройдзенай сьцяжыне

Мне разьвязаў памылак мех.

Душа ў прыдушаным настроі.

Зьвіваўся смутак, як удаў.

А я мой голас чыстай мроі

Ў сутоньне хмурнае падаў.

Каб прамяніста, калярова

Будзёнасьць шэрая цьвіла,

Я чараўнічай сіле слова

Маліўся. Лірыцы хвала!

Хвала прыгожым хваляваньням,

Сьвятой сугучнасьці радкоў.

Маё вітаньне турам, ланям

У родны край беразьнякоў.

Пачаў шукаць і захапляцца,

I спадзявацца, што знайду,

Спаткаю сьвята, а ў тым сьвяце

Самоту змыю, як бяду.

Самота — чэпкае закляцьце —

Мяне трымала за рукаў.

А я каханую ня страціў,

Калісьці песьняю гукаў:

— Мая вясёлка, мая рыбка!

Зьявіся! Сьвет мне адчыні.

Нарэшце бацькаўшчыны скібка,

Яе здабыў з далячыні.

Яе пазнаў я ціхім вершам,

Жаданьнем, жарам пачуцьця.

Мне кола вобразаў шырэйшым

Здалося ў росквіце быцьця.

У гэтым коле — дарагая

I мова прадзедаў маіх...

Я сьветлай мэты дасягаю

Гартаньнем запаветных кніг.


СЬВЯТЫ ГРЭШНIК

Без каханьня нудна, пуста,

На душы завялы цьвет.

Скача цёмная распуста

I глядзіць нядобры сьвет.

Кабарэ. Начныя клюбы.

Мігаценьне ліхтароў...

Ня туды ідзеш, мой любы,

I ня ў госьці да сяброў.

Да мяне ты на спатканьне,

I я чую, як з табой

Ноч сьпявае аж да раньня,

Не спавітая журбой.

Праз салодкую надзею

Я гляджу ў далячыню.

I прыгожа маладзею,

I прыгожае ўчыню.

Не цнатлівая расправа —

Маладым клабук і крыж,

А сьвятая тая справа,

У якой ты ўвесь гарыш.

Любы дружа, сьвяты грэшнік,

Адчыні мне браму ў рай.

Завядзі мяне ў арэшнік,

Сілы пешчаў набірай.

Адхлябні любоў зямную,

Як мядовае пiтво.

Начапi пачуцьцяў збрую

На дабро і хараство.

I разлушчым мы з табою

Пазалочаны арэх.

Возьмем лепшы сьвет бяз бою,

У каханьні спалім грэх.


ВЕСНАВЫЯ НАСТРОІ

Ці жыве паэзія абшараў

I ці ў ёй зазначыўся мой сьлед?

Хваляваўся, працаваў я, марыў...

Я таптаў дарогі ў лепшы сьвет.

I з дарожным клункам — на прывале —

Слухаў гукі ціхіх паплавоў.

Цьвет вясны яны мне даравалі

Ў мой вянок нявыказаных слоў.

Я прымаў ахвотна, бяз прынукі,

Гэту ласку, казку, сьветлы кон.

Чаравалі, заклікалі гукі

Да мяне таемны дзіўны звон.

Адчуваў, як звон мяне калыша,

I пісаў я вершы пакрысе.

Нёс маё любоўнае на ўзвышша

Ў дабраце, пяшчоце і красе.

Навакол — ні блізкай, ні далёкай,

Ні спагады чулай, ні сяброў,

Хоць крычы да хрыпу і галёкай

I гукай у лесе ўсіх зьвяроў.

Перажыта шмат, а боль да скону.

Дні, гады адгрукалі вайной.

Браў разгон я — ня было разгону,

Ня гучэла слова навіной.

I душа ў пакуце, і цярпеньне,

I спрасонку мроя да стала, —

I расло пачуцьцяў утрапеньне,

I заўзятасьць прагная расла.

У самоце чайка галасіла,

Мне яна прыносіла вясну.

Паўстае ізноў каханьня сіла,

Праз якую песьню я нясу.

У мяне асьнежаныя скроні

I прагал блішчыць на галаве,

А здалёк аднекуль, у сутоньні,

Вобраз мілай ветразем плыве.

Ажывае вобраз у паўторы.

Ён пяе, вітаючы зямлю.

Дзесьцi слова кружыцца ў прасторы

I яго я думкаю лаўлю.

Асядлаю злоўленае слова,

Як араб гарачага каня.

Зазьвініць на камені падкова,

Запалаюць іскры ў змроку дня.

Дзень сьвятлейшым станецца, зайграе.

Сэрца закалоціцца мацней.

Хай жыцьцё маё цяпер на ўскраі, —

Маладосьць сьпявацьме, як даўней.

Прыбярэцца радасная ў строі,

Бацькаўшчына ў песьнях зацьвіце...

Веснавыя вяжуцца настроі,

Слова цёпла лашчыцца ў лісьце.

Я ўдыхаю сьвежы водар маю,

Я хаваю старасьць і бяду.

Тых турбот, як быццам і ня маю,

На аброці слова ў сьвет вяду.

Слова не малое, не старое —

Прызнавацца ў слабасьці дарма.

Веснавыя мройныя настроі

Навявае часам і зіма.


ЧУЖАНІЦА

Чарнакудрая ты, чарнавокая!

Вейкі смольныя гнуцца гачкамі.

Не падчэпіш. Чужая. Далёкая.

Анічога няма паміж намі.

Я вітаю маю сьветларусую,

У якой у вачох сонца, неба.

Суцяшае мой зрок Беларусяю,

Толькі пільна прыгледзецца трэба.

Косы доўгія — сьпелая ярыца,

Скрозь нагадвае нашу краіну.

Не, ніколі разлука ня здарыцца,

Русай вобраз нідзе не пакіну.

А табою... дарэмна раздражнены, —

Гэта толькі дурныя рэфлексы.

Для каханьня ня тэхніка важная,

Не нахабныя выбрыкі-сэксы.

Для каханьня — ідэя супольная,

Разуменьне, спагада і клопат,

Шлюбны ложак і песьня застольная,

I давер, а не зайздрасьць і допыт.

Сьвет ляжаў пад грубою рагожаю,

А ня зналі распусты і здрады.

Гадавалі каханьне прыгожае

Без маны, бяз вучонай парады.

Мы пазналіся з добраю школаю:

Лес, дуброва, жытнёвае поле.

Улюбёная птушкаю кволаю

Трапяталася крыльлем на доле.

Сіла бурная, сіла прыродная.

Мы любоў разумелі бяз кніжак.

Не здарма мая мілая, родная

Шчабятала, як радасны чыжык.

А вось ты не сьпявала дуброваю

I травой лугавой не шамцела.

Ня прывабіш мяне, чарнабровая,

Ня прывяжаш да смуглага цела.

Пасма косаў — крыло гругановае,

А сыскі із чмялінай вашчыны.

Штосьці хіжае душыць абноваю,

Валасатай жалобай жанчыны.

Я цябе цяплынёй не ахутаю...

Хто ты? Скуль ты? З якою вандроўкай?

Можа возьмеш каханьне пакутаю?

Можа станешся жорсткай сяброўкай?

Я ня ведаю і ня пытаюся.

Млець ня хочу ў ачмураным шчасьці.

Устрымаюся, не захістаюся.

Мне — у пекла пачуцьцяў ня ўпасьці!

Чарнакудрая ты, чарнавокая,

Вейкі смольныя гнуцца гачкамі.

Не падчэпіш мяне, бо далёкая.

Анічога няма паміж намі.

Сёньня бачу я ў чорным фатальнае.

Ці-ж пачуцьці свае абагульнім?

Кіну слова табе разьвітальнае

Дый усьмешку гарэзьлівым гульням.

Не зламаеш мяне ты спакусаю.

Я пайду... Як даўней напрадвесьні,

Дарагую маю, сьветларусую,

Абыймаю пяшчотаю песьні.


У КАЛЯРОВЫХ ЭМОЦЫЯХ

Як на даліне матылі,

Лятаюць мроі роем.

Ужо і прывіды прыйшлі

З дрымотным неспакоем.

I ружы чорныя цвітуць,

I чорныя тульпаны.

Пялёсткаў россып. Каламуць.

Гасьцінец пратаптаны.

Па тым гасьцінцы я іду, —

Як пiлігрым вандрую.

Каровак бачу чараду,

Алешыну старую.

I плот, і стрэхі, і асьвер...

Мой сон варушыць жорны.

Ля Белай вежы чорны зьвер

I нават бусел чорны.

Абвугленыя каржакі,

На іх жывая сажа —

Мурашкі, мушкі і жукі.

Мой сон мазутай мажа...

У садзе чорныя кусты

Смуродзіны, ажыны.

Хавае сьцежку цень густы,

Як смутак мой з чужыны.

Я вышаў проста за сяло.

Апанавалі згадкі.

Было... буяла і цьвіло...

Быў лад і непаладкі.

Стаіш, дзяўчына, на рагу

Крывой панурай пуні.

Сябе я там асьцерагу

Ад смуглай прыгажуні.

Уся ў пакровах чорных ты

I чорная павязка.

Далей, далей ад чарнаты!..

Змывайся, калі ласка!

Жалобны колер валасоў...

I вугалькамі бровы.

Няма цяпла вітальных слоў,

Губляюць сілу словы.

Адно ў вачох жаночых ноч,

Як чорнай кнігі чары.

I я кажу сабе: — Ня кроч

У змрочныя абшары.

Пашто ісьці ў халодны змрок,

Калі сьвятла даволі?

Я чую зноў бадзёры крок

Да працы і да волі.

Я бачу сонца зыркі сьмех.

Вясновая паводка

Бярэ з палёў іскрысты сьнег,

Як цукар сьсе салодка.

I зьберагаюць берагі

Яскравае праменьне.

I таюць крыгі, і кругі —

У беласьнежнай пене.

Жыцьцё бяжыць, рака цячэ,

А за вясной і лета.

Вылазіць чорнае яшчэ,

Як сумная прыкмета.

Ды на ральлі за плугам дзед

У зрэбных нагавіцах,

I асядае белы цьвет

Імглой на лозах ніцых.

Вунь поле ветлае здалёк

Рамонкамі вітае.

У жыце сіні васілёк,

I хваля залатая.

Плывуць аўсы і ячмяні,

I русая пшаніца.

Куды вачыма ні зірні —

Мне цьвет, як песьня сьніцца.

Пяе жаўрук, бугай раве

I качка крэхча з гаці.

Нязмоўчна конікі ў траве

Зьвіняць на сенажаці.

Казелец, дзяцельнік, чабор

Кладуць кілім стракаты.

Грыбамі, ягадамі бор

На добры збор багаты.

Краіна родная мая,

Хіба я не шчасьлівы,

Калі між красак бачу я

Адценьняў пералівы?

Багацьце колераў зямлі,

Вады, зары і хмараў.

Мяне дарогі прывялі

У сьвет. Я змалку марыў,

Шукаў прыгожай навіны

I паэтычных скарбаў.

Малююць яву сёньня сны

Мазком нязнаных хварбаў.

А восень па шляхох старых

Цьвет жоўты і барвовы

Нясе, і крэсьліць чорны штрых

Аголенай дубровы.

I перагной лісьця відзён,

I чорная навала.

А чорных плямаў, чорных дзён

На сьвеце ёсьць ня мала.

I на паперы чорны крыж,

I чорныя палосы.

I ты мне згадкаю іскрыш,

Анёл чарнавалосы.

Цяпер тых кудзеркаў няма...

I дзень мінуў маркотны.

Шырока сьнежная зіма

Раскінула палотны.

А белы волас у цябе,

А пасмы з-пад хусьціны,

Як напрадвесьні на вярбе

Бахматкі ўздоўж галіны.

У белым патаемны сум,

У чорным — жаль і смутак.

Завеі і гарачы тлум,

I цемрадзі закутак.

Хай багна чорная мяне

Ня цягне ў багавіньне.

Хай сьнег душу маю міне

I ад цяпла загіне.

Мой белы сон, мой чорны сон,

А часам — каляровы.

Ці-ж вам пяю я ў унісон,

I ці спахмурыў бровы?

Ці-ж я ў бядзе загаласіў

I па мінулым плачу?

Нясу па сьцежках родных ніў

Удачу і няўдачу.

Нясу пачуцьцi я свае,

I ўсё, што перажыта,

Са мной ідзе і мной пяе,

Красуецца, як жыта.

Дай Бог прачнуцца мне ў сьвятле

Ля сьветларусай мілай,

Ня ў буйным месьце, а ў сяле

З былой зялёнай сілай.

Хачу сьпяваць, хачу ў жыцьці

Трымаць кірунак новы,

Вясёлку колераў знайсьці

I самацьветы-словы.

Загрузка...