Кристи Агата Выкраданне прэм'ер-мiнiстра (на белорусском языке)

Агата Крысцi

Выкраданне прэм'ер-мiнiстра

Апавяданне

Пераклад: Валерый Чудаў, Мiхаiл Котаў

Цяпер, калi вайна* i яе праблемы адышлi ў мiнулае, я думаю, што магу без апаскi расказаць свету пра тую ролю, якую мой сябар Пуаро сыграў у час нацыянальнага крызiсу. Таямнiца добра ахоўвалася. Нават шэпт не дайшоў да прэсы. Цяпер патрэба ў сакрэтнасцi прайшла, i, мне здаецца, будзе справядлiва, калi Ангельшчына даведаецца пра свой доўг перад маiм сябрам, дзiвакаватым маленькiм чалавечкам, чый незвычайны розум адвёў вялiкую катастрофу.

* Першая сусветная вайна.

Аднойчы ўвечары - я не буду падаваць такiх падрабязнасцей, як дата - я i мой сябар сядзелi ў яго дома. Пасля таго як я па iнвалiднасцi звольнiўся з армii, мне даручылi вербаваць навабранцаў, i ў мяне ўвайшло ў звычку вечарамi заходзiць да Пуаро i гаварыць з iм пра якiя-небудзь цiкавыя справы, якiмi ён мог бы заняцца.

Тым вечарам я хацеў абмеркаваць з iм сенсацыю дня - не што iншае, як спробу забойства мiстэра Дэвiда Мак-Адама, прэм'ер-мiнiстра Ангельшчыны. Матэрыял у газетах быў старанна падчышчаны цэнзураю. Не было нiякiх дэталяў, апроч таго што прэм'ер-мiнiстр выратаваўся дзiўным чынам - куля крыху драпнула яму шчаку.

Я лiчыў, што наша палiцыя была ганебна сляпая i глухая, калi змагла дапусцiць такое насiлле, i ў той жа час добра разумеў, што нямецкiя агенты ў Ангельшчыне пойдуць на самую вялiкую рызыку, каб дасягнуць мэты. "Мак-змагар", як яго празвалi ў партыi, вёў энергiчную i паслядоўную барацьбу з пашыраным пацыфiсцкiм уплывам.

Ён быў больш чым прэм'ер-мiнiстр Ангельшчыны, ён быў Ангельшчынай, i адхiленне яго са сферы ўплыву было б знiшчальным ударам, якi паралiзаваў бы Ангельшчыну.

Пуаро чысцiў шчоткаю шэры касцюм. Мусiць, нiдзе не было такога франта, як Эркюль Пуаро. Ён любiў чысцiню i парадак. I цяпер пахла бензiнам, i ён зусiм быў няздольны пераключыць усю сваю ўвагу на мяне.

- Яшчэ хвiлiнку, i я займуся вамi, мой дружа. Я ўжо амаль закончыў. Сальная пляма - гэта дрэнна. Я выводжу яе... Вось так! - Ён махнуў шчоткаю.

Я ўсмiхнуўся, закурваючы яшчэ адну цыгарэту.

- Ёсць што-небудзь цiкавае? - папытаўся я праз некалькi хвiлiн.

- Я памагаю адной - як гэта вы называеце? - "чарлэдзi"* знайсцi яе мужа. Цяжкая справа, якая патрабуе такту. У мяне ёсць маленькая ўпэўненасць, што калi ён знойдзецца, дык не ўзрадуецца. А чаго вы хочаце? Я спачуваю яму. Гэты мужчына разбiраўся, што да чаго, калi вырашыў згубiцца.

* Служанка-падзёншчыца.

Я засмяяўся.

- Нарэшце! Плямы не вiдаць! Ну вось, я свабодны.

- Хачу папытацца ў вас, што вы думаеце пра гэты замах на прэм'ер-мiнiстра Мак-Адама?

- Наiўна! - адразу адказаў Пуаро. - Наўрад цi можна прыняць яго сур'ёзна. Выстралам з вiнтоўкi не дасягнеш мэты. Задума ўстарэлая.

- Але яна блiзкая да мэты ў наш час, - напомнiў я яму.

Пуаро нецярплiва пакiваў галавою. Ён ужо быў гатовы адказаць, але ў гэты час гаспадыня ўсунула ў дзверы галаву i сказала, што ўнiзе чакаюць два джэнтльмены i хочуць яго бачыць.

- Яны не назвалi сваiх прозвiшчаў, сэр, кажуць, што па вельмi важнай справе.

- Хай заходзяць сюды, - сказаў Пуаро, акуратна складваючы свае шэрыя штаны.

Праз некалькi хвiлiн у пакой зайшлi два вiзiцёры. Маё сэрца ёкнула, таму што ў адным я пазнаў лорда Эстэра, спiкера палаты абшчын, а яго кампаньён быў не хто iншы, як мiстэр Бернард Додж, сябра ваеннага кабiнета i, як я ведаў, блiзкi сябар прэм'ер-мiнiстра.

- Пан Пуаро? - звярнуўся лорд Эстэр. Мой сябар пакланiўся. Лорд паглядзеў на мяне i сказаў з запiнкаю: - Мая справа вельмi прыватная.

- Вы можаце адкрыта гаварыць перад капiтанам Хасцiнгсам, - адказаў мой сябар i кiўнуў мне, каб я застаўся. - Таленту сышчыка ў яго няма, але я ручаюся за яго асцярожнасць.

Лорд Эстэр яшчэ вагаўся, але нечакана ў размову ўмяшаўся мiстэр Додж.

- Гаварыце, не будзем гуляць у хованкi! Як я разумею, Ангельшчына даволi хутка даведаецца, у якую яму мы трапiлi.

- Прашу вас, сядайце, панове, - ветлiва сказаў Пуаро. - Вы, мiлорд, вось у гэта вялiкае крэсла.

Лорд Эстэр схамянуўся.

- Вы мяне ведаеце!

Пуаро ўсмiхнуўся.

- Вядома. Я чытаю газеткi з малюнкамi. Дык як я магу не ведаць вас?

- Пан Пуаро, я прыйшоў параiцца па вельмi тэрмiновай, жыццёва тэрмiновай справе. Я буду прасiць у вас выключнай сакрэтнасцi.

- Даю вам слова Эркюля Пуаро, большага абяцаць не магу! - ганарлiва адказаў мой сябар.

- Гаворка пойдзе пра прэм'ер-мiнiстра. Мы ў цяжкiм становiшчы.

- Мы трапiлi ў цяжкае становiшча! - паўтарыў i мiстэр Додж.

- Значыць, рана сур'ёзная? - папытаўся я.

- Якая рана?

- Рана ад кулi.

- Ах, гэта! - усклiкнуў з пагардаю мiстэр Додж. - Старая гiсторыя.

- Як сказаў мой калега, - вёў далей лорд Эстэр, - справа закончаная, i не трэба пра яе гаварыць. Усё абышлося. Як бы я хацеў сказаць тое самае i пра другi замах.

- Значыць, быў i другi замах?

- Ага, хоць i не такi, як першы. Пан Пуаро, прэм'ер-мiнiстр знiк.

- Што?

- Яго ўкралi!

- Немагчыма! - ускрыкнуў я i анямеў.

Пуаро глянуў на мяне так, што я зразумеў: трэба трымаць язык за зубамi.

- На няшчасце, тое, што здаецца немагчымым, на самай справе - праўда, сказаў лорд.

Пуаро паглядзеў на мiстэра Доджа.

- Вы толькi што сказалi, панове, што часу мала. Што гэта значыць?

Вiзiцёры пераглянулiся, потым лорд Эстэр сказаў:

- Вы чулi, пан Пуаро, пра канферэнцыю саюзнiкаў?

Мой сябар згодна кiўнуў галавою.

- Па даволi зразумелых прычынах не паведамлялася, дзе i калi яна адбудзецца. Але дата, хоць i не дапушчаная ў прэсу, вядомая ў дыпламатычных колах. Канферэнцыя павiнна адкрыцца заўтра, у чацвер вечарам, у Версалi. Цяпер вы разумееце ўсю сур'ёзнасць становiшча. Я не буду ўтойваць ад вас, што прысутнасць прэм'ер-мiнiстра на канферэнцыi - гэта жыццёва важная неабходнасць. Пацыфiсцкая прапаганда, пачатая нямецкiмi агентамi i падтрыманая ў нас, стала вельмi актыўная. Iснуе агульная думка, што паваротным пунктам канферэнцыi будзе выступленне прэм'ер-мiнiстра. Яго адсутнасць можа мець самыя сур'ёзныя вынiкi - магчыма, заўчасную пагiбель. I ў нас няма каго паслаць замест яго. Ён адзiн можа быць прадстаўнiком ад Ангельшчыны.

Твары ва ўсiх былi вельмi заклапочаныя.

- Значыць, вы лiчыце знiкненне прэм'ер-мiнiстра замахам, накiраваным на тое, каб перашкодзiць яму прысутнiчаць на канферэнцыi?

- Вядома. Ён ужо быў у дарозе ў Францыю.

- I калi пачнецца канферэнцыя?

- Заўтра, а дзевятай гадзiне вечара.

Пуаро дастаў з кiшэнi вялiкi гадзiннiк.

- Цяпер без чвэрцi дзевяць.

- Дваццаць чатыры гадзiны, - задумлiва сказаў мiстэр Додж.

- I чвэрць гадзiны, - паправiў Пуаро. - Не забывайце пра чвэрць гадзiны, панове, - яны могуць быць патрэбныя. А цяпер удакладнiм дэталi. Дзе адбылося выкраданне? Цi ў Ангельшчыне, цi ў Францыi?

- У Францыi. Мiстэр Мак-Адам прыехаў у Францыю сёння ранiцаю. Ён павiнен быў застацца на ноч у гасцях у Галоўнакамандуючага, а заўтра ранiцаю прыехаць у Парыж. Яго пераправiлi праз Ла-Манш на эскадраным мiнаносцы. У Булонi яго сустрэлi аўтамабiль са Стаўкi i аўтамабiль з ад'ютантам Галоўнакамандуючага.

- Ну i што?

- Потым яны выехалi з Булонi... але нiкуды не прыехалi.

- Што?

- Пан Пуаро, гэта быў несапраўдны аўтамабiль i несапраўдны ад'ютант. Сапраўдны аўтамабiль быў знойдзены ў баку ад дарогi; шафёр i ад'ютант былi моцна звязаныя i з кляпамi ў роце.

- А несапраўдны аўтамабiль?

- Да гэтага часу яго не знайшлi.

Пуаро зрабiў нецярплiвы жэст.

- Неверагодна! Безумоўна, ён не можа знiкнуць з поля зроку надоўга?

- Мы таксама так думалi. Здавалася, усё проста - добра пашукаць. Гэта частка Францыi на ваенным становiшчы. Мы ўсе вырашылi, што аўтамабiль не мог ехаць так доўга непрыкметны. Французская палiцыя, нашы людзi са Скотланд-Ярда i вайскоўцы шукаюць з усiх сiл. Неверагодна, як вы кажаце, але нiчога не знойдзена!

У гэту хвiлiну ў дзверы пастукалi i ў пакой увайшоў малады афiцэр, трымаючы запячатаны канверт. Афiцэр перадаў канверт лорду Эстэру.

- Толькi што з Францыi, сэр. Я прынёс яго сюды, як вы загадалi.

Мiнiстр нецярплiва распячатаў пакет i ўсклiкнуў. Афiцэр выйшаў.

- Нарэшце ёсць звесткi! Гэта толькi што расшыфраваная тэлеграма. Знойдзены другi аўтамабiль i сакратар Данiэльс, якога ўсыпiлi хлараформам, звязаны, з кляпам у роце, у закiнутай ферме каля С. Ён нiчога не памятае, апроч таго што нехта ззаду сцiснуў яму рот i нос i што, калi ён ачуняў, пастараўся вызвалiцца. Палiцыя верыць, што ён гаворыць праўду.

- I болей нiчога не знайшлi?

- Не.

- Цела мёртвага прэм'ер-мiнiстра няма? Значыць, ёсць надзея. Але вось што дзiўна. Чаму пасля спробы застрэлiць яго сёння ранiцаю яны робяць сабе такi клопат, каб трымаць яго жывога?

Додж пакiваў галавою.

- Адно вельмi верагодна. Яны вырашылi чаго б гэта нi каштавала перашкодзiць яму ўдзельнiчаць у канферэнцыi.

- Калi гэта ў межах чалавечых магчымасцей, прэм'ер-мiнiстр будзе там. Цяпер, панове, раскажыце мне ўсё з самага пачатку. Я павiнен ведаць i пра гэту справу з выстралам.

- Учора ўвечары прэм'ер-мiнiстр разам са сваiм сакратаром капiтанам Данiэльсам...

- Тым самым, якi суправаджаў яго ў Францыю?

- Ага. Дык вось, яны паехалi на аўтамабiлi ў Вiндзар, дзе прэм'ер-мiнiстр быў дапушчаны на аўдыенцыю ў манарха. Сёння ранiцаю ён вяртаўся ў горад, i па дарозе на яго быў зроблены замах.

- Прабачце, калi ласка. Хто гэты капiтан Данiэльс? У вас ёсць на яго дасье?

Эстэр усмiхнуўся.

- Я ведаў, што вы папытаеце ў мяне пра гэта. Пра яго вядома не вельмi многа. Ён са звычайнай сям'i. Служыў у ангельскай армii, вельмi здольны сакратар i выдатны перакладчык. Па-мойму, ён ведае сем моў. Гэта было падставаю, чаму прэм'ер-мiнiстр выбраў яго для суправаджэння ў Францыю.

- У яго ёсць якiя-небудзь сваякi ў Ангельшчыне?

- Дзве цёткi. Мiсiс Эверард, якая жыве ў Хампстэдзе, i мiс Данiэльс, якая жыве каля Аската.

- Аскат? Гэта недалёка ад Вiндзара, праўда?

- Тут таксама шукалi. Але гэта не дало нiякiх вынiкаў.

- Значыць, вы капiтана Данiэльса нi ў чым не падазраяце?

З горыччу ў голасе лорд Эстэр адказаў:

- Не, пан Пуаро. У гэтыя днi я буду сумнявацца, перш чым скажу пра каго-небудзь, што нi ў чым яго не падазраю.

- Гэта добра. На маю думку, мiлорд, у прэм'ер-мiнiстра была, як i трэба, пiльная палiцэйская ахова, якая абавязана не дапускаць магчымасцi нiякага замаху на яго.

Лорд Эстэр нахiлiў галаву.

- Гэта так. За аўтамабiлем прэм'ер-мiнiстра ехаў другi, у якiм былi дэтэктывы ў цывiльным адзеннi. Мiстэр Мак-Адам нiчога не ведаў пра гэтыя меры засцярогi. Смелы па натуры чалавек, ён не дазволiў бы гэтага. Ну, вядома, палiцыя прыняла свае меры. Шафер у прэм'ер-мiнiстра, О'Мэрфi, у сапраўднасцi чалавек з Сi-Ай-Дзi*.

* Дэпартамент крымiнальнага вышуку.

- О'Мэрфi? Гэта iрландскае прозвiшча, праўда?

- Ага, ён - iрландзец.

- З якой мясцовасцi ў Iрландыi?

- З графства Клар, здаецца.

- Ага! Але расказвайце, мiлорд.

- Прэм'ер-мiнiстр паехаў у Лондан. Аўтамабiль быў закрыты. Ён i капiтан Данiэльс сядзелi на заднiм сядзеннi. Другi аўтамабiль ехаў за iмi як звычайна. Але, на няшчасце, аўтамабiль з прэм'ер-мiнiстрам па нейкай невядомай прычыне з'ехаў з галоўнай дарогi.

- У тым месцы, дзе дарога паварочвае? - перабiў яго Пуаро.

- Ага... Але адкуль вы ведаеце?

- О, гэта вiдавочна! Расказвайце далей!

- Па нейкай невядомай прычыне аўтамабiль прэм'ер-мiнiстра з'ехаў з галоўнай дарогi. Палiцэйскi аўтамабiль, у якiм не заўважылi гэтага, ехаў па галоўнай дарозе. Крыху праехаўшы, аўтамабiль з прэм'ер-мiнiстрам быў спынены на бязлюднай дарозе групаю людзей у масках. Шафёр...

- Гэты храбры О'Мэрфi! - у задуменнi прамармытаў Пуаро.

- Шафёр, на iмгненне разгубiўшыся, нацiснуў на тармазы. Прэм'ер-мiнiстр выглянуў з акна. Адразу прагучаў стрэл, пасля другi. З першага яго ранiлi ў шчаку, з другога, на шчасце, не пацэлiлi. Шафёр адразу ацанiў усю небяспеку, даў газу i накiраваў машыну ўперад на бандытаў, якiя разбягалiся.

- На валасок ад смерцi! - усклiкнуў я.

- Мiстэр Мак-Адам не хацеў вялiкага шуму з-за той лёгкай раны. Ён сказаў, што гэта ўсяго толькi драпiна. Яны заехалi ў мясцовую вясковую бальнiцу, дзе яму аказалi медыцынскую дапамогу; хто ён такi, вядома, утоiў. Потым ён паехаў, як i было запланавана, на станцыю Чарынг-Крос, дзе яго чакаў спецыяльны цягнiк на Дуўр, i пасля кароткага даклада пра здарэнне, якi даў капiтан Данiэльс занепакоенай палiцыi, прэм'ер-мiнiстр паехаў у Францыю. У Дуўры ён сеў на мiнаносец, якi яго там чакаў. У Булонi, як вы ведаеце, яго чакаў аўтамабiль пад ангельскiм сцягам.

- Гэта ўсё, што вы хацелi расказаць мне?

- Ага.

- I няма нiякiх падрабязнасцей, пра якiя вы не сказалi, мiлорд?

- Ну, ёсць адна даволi дзiўная падрабязнасць.

- Якая?

- Аўтамабiль прэм'ер-мiнiстра не вярнуўся дадому пасля таго, як мiстэр Мак-Адам выйшаў у Чарынг-Кросе. Палiцыi не цярпелася пагаварыць з О'Мэрфi, таму пошук пачаўся адразу. Аўтамабiль быў знойдзены каля аднаго агiднага рэстаранчыка ў Сахо*, якi вядомы як месца сустрэч нямецкiх агентаў.

* Раён у цэнтры Лондана.

- А шафёр?

- Шафёра нiдзе не знайшлi. Ён таксама знiк.

- Значыць, - сказаў Пуаро, - цяпер у нас два знiкненнi: прэм'ер-мiнiстра ў Францыi i О'Мэрфi ў Лондане.

Ён рэзка паглядзеў на лорда Эстэра, якi зрабiў адчайны жэст.

- Я магу толькi сказаць вам, пан Пуаро, што, калi б хто-небудзь намякнуў мне ўчора, што О'Мэрфi - здраднiк, я засмяяўся б яму ў вочы.

- А сёння?

- Сёння я не ведаю, што i думаць.

Пуаро з сур'ёзным выразам на твары кiўнуў галавою i зноў паглядзеў на свой вялiкi круглы гадзiннiк.

- Я так разумею, панове, што ў мяне поўная свабода дзеянняў, я маю на ўвазе - ва ўсiм. Я павiнен мець магчымасць ехаць куды хачу i на чым хачу.

- Вядома. У гадзiну ночы на Дуўр едзе спецыяльны цягнiк з дадатковым кантынгентам са Скотланд-Ярда. З вамi будуць армейскi афiцэр i чалавек з Дэпартамента крымiнальнага вышуку, яны будуць выконваць кожнае ваша распараджэнне. Гэтага дастаткова?

- Ага. I яшчэ адно пытанне перад тым, як вы пойдзеце, панове. Чаму вы прыйшлi менавiта да мяне? Я невядомы... малавядомы ў вышэйшым лонданскiм свеце.

- Мы знайшлi вас тэрмiнова па рэкамендацыi i па жаданнi адной вельмi высокапастаўленай асобы ў вашай краiне.

- Як? Мой стары сябар прэфект?..

Лорд Эстэр адмоўна пакруцiў галавою.

- Намнога вышэй, чым прэфект. Слова гэтай асобы было законам у Бельгii - i будзе зноў! Гэтым Ангельшчына паклялася.

Пуаро рукою зрабiў рэзкi тэатральны жэст.

- Хай збудзецца гэта! Ах, мой гаспадар не забывае... Панове, я, Эркюль Пуаро, буду служыць вам вераю i праўдаю. Толькi б паспець своечасова. Але пакуль што вельмi шмат няясных акалiчнасцей... Пакуль што я нiчога не разумею.

- Ну, Пуаро, - усклiкнуў я нецярплiва, як толькi дзверы зачынiлiся за мiнiстрамi, - што вы думаеце?

Мой сябар хуткiмi, спрытнымi рухамi складваў рэчы ў дарожны чамаданчык. Ён пакiваў галавою.

- Я не ведаю, пра што думаць. Мой розум нiчога не падказвае.

- Чаму ж усё-такi, як вы сказалi, яго ўкралi, калi лепш было б прыстукнуць?

- Прабачце мне, мой друг, але гэта я сказаў не падумаўшы. Безумоўна, усё гаворыць за тое, што яго ўкралi.

- Але чаму?

- Таму што неакрэсленасць стварае панiку. Гэта - адзiн доказ. Калi б прэм'ер-мiнiстр быў мёртвы, гэта было б вялiкiм няшчасцем, але становiшча праяснiлася б. Цяпер жа вы паралiзаваныя. Цi аб'явiцца прэм'ер-мiнiстр зноў? Мёртвы ён цi жывы? Нiхто не ведае, а да той пары, пакуль не знойдуць, зрабiць што-небудзь канкрэтнае не могуць. I як я гаварыў, неакрэсленасць нараджае панiку, якая на руку бошам. Апроч таго, калi выкрадальнiкi трымаюць яго дзе-небудзь, у iх ёсць перавага ў тым, што яны могуць дыктаваць любыя ўмовы абодвум бакам. Германскi ўрад як звычайна - не шчодры касiр, але ў гэтым выпадку ён раскашэлiцца. Па-трэцяе, iм не пагражае вяроўка ката. О, безумоўна, гэта - выкраданне.

- Тады чаму першы раз яго спрабавалi застрэлiць?

Пуаро сярдзiта махнуў рукою.

- Ах, гэта якраз тое, чаго я не разумею! Гэтага нельга растлумачыць... недарэчна! Яны ўсё зрабiлi - i вельмi добра зрабiлi, - каб выкрасцi яго, i, тым не меней, ставяць пад удар усю справу адным меладраматычным нападам, вартым кiнематографа, але нерэальным. Нельга паверыць у гэту групу людзей у масках за нейкiх дваццаць мiляў ад Лондана!

- Пэўна, гэта два зусiм асобныя замахi, якiя адбылiся незалежна адзiн ад другога, - выказаў здагадку я.

- Ах не, гэта было б вельмi вялiкiм супадзеннем. Значыць, iдзём далей, хто здраднiк? Здраднiк быў, - у першай справе, ва ўсякiм выпадку. Але хто Данiэльс цi О'Мэрфi? Вiдаць, нехта з iх, iнакш чаму аўтамабiль збочыў з галоўнай дарогi? Не можам жа мы падумаць, што прэм'ер-мiнiстр хацеў, каб яго забiлi. Цi збочыў О'Мэрфi сам, цi Данiэльс загадаў яму збочыць?

- Безумоўна, гэта справа рук О'Мэрфi.

- Ага, калi б загадаў Данiэльс, прэм'ер-мiнiстр пачуў бы гэта i спытаў бы - чаму? Наогул, тут вельмi многа "чаму" i ўсе яны супярэчаць адно аднаму. Калi О'Мэрфi сумленны чалавек, чаму ён павярнуў з галоўнай дарогi? А калi ён несумленны, дык чаму ён не спынiў аўтамабiль, калi стралялi, i тым самым, вiдавочна, выратаваў жыццё прэм'ер-мiнiстру? I далей, калi ён сумленны, чаму ён, пакiнуўшы Чарынг-Крос, паехаў да вядомага месца сустрэчы нямецкiх шпiёнаў?

- Незразумела, - сказаў я.

- Давайце паглядзiм на гэту справу па сiстэме. Што мы маем "за" i што "супраць" гэтых людзей? Возьмем першага, О'Мэрфi. Супраць: што яго паводзiны, калi аўтамабiль павярнуў з дарогi, былi падазроныя, што ён - iрландзец з графства Клар; што ён знiк у вышэйшай ступенi падазрона. За: што яго жвавасць пры нападзе выратавала жыццё прэм'ер-мiнiстру; што ён - чалавек са Скотланд-Ярда i, вiдаць, на гэту пасаду назначаюць даверанага дэтэктыва. Цяпер возьмем Данiэльса. Супраць яго мала фактаў, за выключэннем таго, што нiхто не ведае пра яго мiнулае i што ён ведае вельмi многа моў для добрага ангельца! Прабачце, мой друг, але перакладчыкi з вас нiкуды не вартыя! Ну, а за яго ў нас ёсць той факт, што яго знайшлi звязанага, з кляпам у роце i ўсыплёнага хлараформам. I гэты факт нiбы сведчыць, што ён не мог удзельнiчаць у гэтай справе.

- Ён мог быць звязаным i з кляпам у роце, каб адвесцi падазрэнне.

Пуаро адмоўна пакруцiў галавою.

- Французская палiцыя не магла памылiцца. Апроч таго, як толькi ён дамогся сваёй мэты i прэм'ер-мiнiстра паспяхова выкралi, яму не было сэнсу тут заставацца. Вядома, яго саўдзельнiкi маглi звязаць яго i ўсыпiць хлараформам, але я не магу зразумець, чаго яны дамагалiся. Ён, можа, iм карысны цяпер, каб, пакуль высвятляюцца абставiны, якiя датычацца прэм'ер-мiнiстра, уважлiва сачыць за ўсiмi гэтымi справамi.

- Пэўна, ён спадзяваўся навесцi палiцыю на няправiльны след?

- Тады чаму ён гэтага не зрабiў? Ён проста гаворыць, што нехта зацiснуў яму нос i рот i што болей ён нiчога не помнiць. Тут няма няправiльнага следу. Гэта вельмi падобна на праўду.

- Добра, - сказаў я, глянуўшы на гадзiннiк. - Думаю, нам лепш паехаць на вакзал. Там больш магчымасцi знайсцi ключы да разгадкi выпадку ў Францыi.

- Магчыма, мой друг, але я не ўпэўнены ў гэтым. Нешта мне не верыцца, што можна знайсцi прэм'ер-мiнiстра ў такой абмежаванай зоне, дзе схаваць яго яшчэ цяжэй. Калi вайскоўцы i палiцыя дзвюх краiн не знайшлi яго, як знайду яго я?

У Чарынг-Кросе нас сустрэў мiстэр Додж з двума мужчынамi.

- Гэта - дэтэктыў Барнс са Скотланд-Ярда i маёр Норман. Яны паступаюць у ваша распараджэнне. Жадаю вам поспеху! Кепскiя справы, але я не трачу надзеi. Мне пара iсцi.

I мiнiстр пайшоў.

Мы з маёрам Норманам загаманiлi. На платформе, у цэнтры невялiкай групы людзей, я заўважыў маленькага з тхарыным тварам чалавека, якi гаварыў з высокiм светлавалосым мужчынам. Гэта быў стары знаёмы Пуаро, iнспектар Джэп, адзiн з самых талковых афiцэраў Скотланд-Ярда. Ён падышоў i бадзёра павiтаўся з маiм сябрам.

- Я чуў, вы таксама ўдзельнiчаеце ў гэтай справе. Да гэтага часу яны паспяхова знiклi з таварам. Але я не веру, што iм удасца доўга хаваць яго. Нашы людзi прачэсваюць Францыю, нiбы грэбенем. Французы - гэтаксама. У мяне такое адчуванне, што цяпер гэта справа некалькiх гадзiн.

- Калi ён яшчэ жывы, - панура заўважыў высокi дэтэктыў.

Джэпаў твар выцягнуўся.

- Ага... Але ўсё-такi я адчуваю, што ён жывы i ўсё будзе добра.

Пуаро згодна кiўнуў.

- Ага, ага, ён жывы. Але цi своечасова ён будзе знойдзены? Я, як i вы, не веру, што яго змогуць доўга хаваць.

Пачуўся свiсток, i мы гуртам зайшлi ў пульманаўскi вагон. Потым цягнiк здрыгануўся i паволi, нiбы нехаця, адышоў ад станцыi.

Цiкавае было гэта падарожжа. Людзi са Скотланд-Ярда сабралiся ў гурток. Яны разаслалi карты Паўночнай Францыi i нецярплiва ўказальнымi пальцамi вадзiлi па лiнiях дарог, спынялiся каля населеных пунктаў. Кожны меў сваю версiю. Пуаро страцiў сваю звычайную балбатлiвасць; ён сядзеў i глядзеў перад сабою, нагадваючы мне збянтэжанае дзiця. Я гаманiў з Норманам, якi аказаўся даволi цiкавым чалавекам. Калi прыехалi ў Дуўр, мяне пацешылi паводзiны Пуаро. Гэты маленькi чалавек, ступiўшы на палубу судна, з адчаем ўчапiўся за маю руку. Дзьмуў моцны вецер.

- Божа мой! - мармытаў ён. - Гэта жахлiва!

- Будзьце мужны, Пуаро, - сказаў я. - Вы дасягнеце мэты. Вы знойдзеце яго. Я ўпэўнены ў гэтым.

- Ах, мой друг, вы памыляецеся наконт майго хвалявання. Мяне непакоiць гэта праклятае мора! Марская хвароба - гэта страшныя пакуты!

- О! - усклiкнуў я, ашаломлены.

Пачуўся гул матора, судна задрыжала, Пуаро застагнаў i заплюшчыў вочы.

- У маёра Нормана ёсць карта Паўночнай Францыi, цi не хочаце пазнаёмiцца з ёю?

Пуаро адмоўна пакруцiў галавою.

- Не, не! Пакiньце мяне, мой друг. Знаеце, каб думаць, страўнiк i мазгi павiнны быць у гармонii. У Лавергюера ёсць выдатны метад супраць марской хваробы. Вы ўдыхаеце... i выдыхаеце... - паволi, так... - паварочваеце галаву злева направа i лiчыце да шасцi памiж кожным удыхам i выдыхам.

Я пакiнуў яго разам з гiмнастычнымi практыкаваннямi i выйшаў на палубу.

Калi судна запаволiла ход у Булонскай гаванi, з'явiўся Пуаро, чысцюткi i з усмешкаю на твары i шапнуў мне, што Лавергюерава сiстэма зрабiла "цуд"!

Джэпаў указальны палец яшчэ паказваў уяўны маршрут на карце.

- Глупства! Аўтамабiль выехаў з Булонi... Тут ён паехаў не па галоўнай дарозе. Я думаю, што прэм'ер-мiнiстра перасадзiлi на другi аўтамабiль. Разумееце?

- Ага, - сказаў высокi дэтэктыў. - Я займуся марскiмi портамi. Дзесяць супраць аднаго, што яго ўпотай пераправiлi на борт судна.

Джэп згодна кiўнуў галавою.

- Можа, i так. Адразу быў аддадзены загад закрыць усе порты.

Дзень толькi пачынаўся, калi мы сышлi на бераг. Маёр Норман крануў Пуаро за руку.

- Тут вас чакае ваенны аўтамабiль, сэр.

- Дзякую вам. Але ў гэту хвiлiну я не збiраюся пакiдаць Булонь.

- Што?

- Ага, зараз мы зойдзем у гэты гатэль, тут, на набярэжнай.

Ад слоў ён перайшоў да справы, папрасiў i атрымаў асобны пакоiк. Нiчога не разумеючы, мы ўтрох пайшлi за iм. Ён глянуў на нас.

- Не гэтак зрабiў бы добры дэтэктыў, га? Я разумею вашы думкi. Ён павiнен быць напоўнены энергiяй. Ён павiнен бегаць назад i ўперад. Ён павiнен падаць нiцма на пыльную дарогу i шукаць праз лупу сляды шын. Ён павiнен падымаць цыгарэтны акурак, згарэлую запалку. Так вы лiчыце цi не? - ён глянуў на нас з выклiкам. - Але я, Эркюль Пуаро, скажу вам, што гэта не так! Сапраўдныя ключы да разгадкi - тут. - Ён пастукаў сабе па лобе. - Знаеце, мне можна было не пакiдаць Лондана. Дастаткова было спакойна сядзець у сваёй кватэры. Усё тут, у гэтых маленькiх шэрых клетачках. Патаемна i маўклiва яны робяць сваю справу; але надыдзе момант, калi я падыду да карты i пакажу пальцам на кропку - вось так - i скажу: "Прэм'ер-мiнiстр - тут!" З метадам i i логiкай не параўнаецца нiшто! Гэта шалёная паспешнасць у Францыi была памылкаю, дзiцячай гульнёю ў хованкi. А цяпер, хоць гэта, можа, i позна, я накiрую свае думкi на правiльны шлях. Цiшэй, сябры, прашу вас.

I пяць доўгiх гадзiн гэты маленькi чалавечак сядзеў нерухома, жмурыўся, нiбы кот; яго зялёныя вочы блiшчалi i яшчэ больш зелянелi. Чалавек са Скотланд-Ярда з пагардай глядзеў на яго, маёр Норман маркоцiўся i нерваваўся, i сам я заўважыў, што час цягнецца паволi i нудна. Урэшце я ўстаў i як мага цiшэй падышоў да акна. Справа станавiлася фарсам. Я ўпотай непакоiўся за майго сябра. Калi ён пацярпеў няўдачу, я хацеў бы, каб гэта выглядала не так смешна. З акна я няспешна назiраў за катэрам з салдатамi, якi стаяў каля набярэжнай i пускаў клубы дыму.

Мяне абудзiў вельмi нечаканы голас Пуаро.

- Сябры мае! Мы едзем!

Я азiрнуўся. Мой друг змянiўся незвычайна. Яго вочы блiшчалi ад узбуджэння, грудзi ўздымалiся.

- Я быў iдыёт, сябры мае! Але нарэшце я ва ўсiм разабраўся.

Маёр Норман паспешна пайшоў да дзвярэй.

- Я вызаву аўтамабiль.

- Не трэба. Мне ён не трэба. Дзякуй богу, вецер зацiх.

- Вы хочаце прагуляцца?

- Не, мой юны друг! Я не святы Пётр. Я лiчу за лепшае плаваць па моры на катэры.

- Плаваць па моры?

- Ага. Каб працаваць па сiстэме, трэба пачаць з пачатку. А пачатак гэтай справы - у Ангельшчыне. Значыць, мы вяртаемся ў Ангельшчыну.

У тры гадзiны мы зноў стаялi на платформе ў Чарынг-Кросе. Да ўсiх нашых угавораў Пуаро заставаўся глухi, паўтараючы зноў i зноў, што пачатак - гэта не дарэмная трата часу, а адзiны правiльны шлях. Па дарозе ў Ангельшчыну ён цiха параiўся з Норманам, i той адправiў з Дуўра стос тэлеграм.

Дзякуючы спецыяльным прапускам, якiя былi ў Нормана, нас нiдзе не затрымлiвалi. У Лондане нас чакаў вялiкi палiцэйскi аўтамабiль з людзьмi ў цывiльным; адзiн з iх падаў майму сябру лiст, надрукаваны на машынцы. На мой здзiўлены пагляд Пуаро адказаў:

- Спiс вясковых бальнiц у заходнiм раёне ад Лондана. Пра гэта я тэлеграфаваў з Дуўра.

Мы хутка праехалi па лонданскiх вулiцах за горад. Я пачаў разумець, куды мы едзем. Праз Вiндзар на Аскат. Маё сэрца забiлася мацней. У Аскаце жыла Данiэльсава цётка. Значыць, мы шукалi яго, а не О'Мэрфi.

Урэшце мы спынiлiся каля варотаў акуратнай вiлы. Пуаро скокнуў з машыны i пазванiў. Я заўважыў, як яго задаволены твар спахмурнеў i стаў разгублены. Вiдаць, Пуаро нешта не падабалася. На званок выйшаў гаспадар, павёў яго ў вiлу. Праз некалькi хвiлiн мой сябар з'явiўся зноў i залез у аўтамабiль, незадаволена круцячы галавою. Мае надзеi пачалi раставаць. Ужо была пятая гадзiна. Нават калi ён знайшоў нейкiя доказы Данiэльсавай вiны, якi ў гэтым сэнс, калi няма ў каго дазнацца пра дакладнае месца ў Францыi, дзе хаваюць прэм'ер-мiнiстра?

Наша вяртанне ў Лондан перапынялася не раз. Не раз мы зварочвалi з галоўнай магiстралi, спынялiся каля маленькiх будынкаў, у якiх я адразу пазнаваў вясковыя бальнiцы. На такiя прыпынкi Пуаро трацiў толькi некалькi хвiлiн, але кожны раз рабiўся больш упэўненым.

Ён нешта шэптам спытаў у Нормана, i той адказаў:

- Ага, яны чакаюць нас каля моста. Трэба павярнуць налева.

Мы звярнулi з дарогi, i ў змрочным святле я ледзь убачыў другi аўтамабiль, якi стаяў на ўзбочыне. У iм сядзелi двое цывiльных. Пуаро выйшаў з машыны i перагаварыў з iмi, пасля гэтага мы паехалi ў паўночным кiрунку; другi аўтамабiль паехаў за намi.

Нейкi час мы ехалi ў адзiн лонданскi паўночны прыгарад, куды, вiдаць, Пуаро i задумаў гэта падарожжа. Урэшце мы спынiлiся каля парадных дзвярэй нейкага высокага дома, крыху воддаль ад дарогi.

Норман i я засталiся ў аўтамабiлi. Пуаро i адзiн дэтэктыў падышлi да дзвярэй i пазванiлi. Дзверы адчынiла чыста апранутая служанка. Дэтэктыў сказаў ёй:

- Я - палiцэйскi афiцэр. Вось ордэр на вобыск у гэтым доме.

Дзяўчына войкнула, за ёй, у вестыбюлi, паказалася высокая прыгожая жанчына сярэдняга ўзросту.

- Зачыняй дзверы, Эдзiт. Гэта, пэўна, грабежнiкi.

Але Пуаро iмгненна паставiў нагу памiж прыадчыненымi дзвярамi i свiснуў у свiсток. Другi дэтэктыў i некалькi палiцэйскiх у цывiльным кiнулiся на падмогу i ўварвалiся ў дом.

Хвiлiн пяць мы з Норманам сядзелi ў адзiноце i нiчога не рабiлi. Урэшце дзверы зноў адчынiлiся, i нашы людзi вывелi траiх арыштаваных - жанчыну i двух мужчын. Жанчыну i аднаго мужчыну пасадзiлi ў другi аўтамабiль. Другога мужчыну сам Пуаро прывёў у нашу машыну.

- Я паеду з тымi, мой дружа. А вы паклапацiцеся пра гэтага джэнтльмена. Вы яго не ведаеце, не? Значыць, дазвольце мне прадставiць вам, пан О'Мэрфi!

О'Мэрфi! Мы паехалi ўжо, а я ўсё яшчэ глядзеў на яго з разяўленым ад здзiўлення ротам. На iм не было наручнiкаў, але я i падумаць не мог, што ён паспрабуе ўцячы. Ён сядзеў нiбы аглушаны, абыякавы. Ва ўсякiм разе, Норман i я для яго не iснавалi.

На маё здзiўленне, мы яшчэ паехалi далей у паўночным кiрунку. Значыцца, мы не вярталiся ў Лондан! Я не разумеў. Раптам аўтамабiль збавiў хуткасць, i я ўбачыў, што мы пад'ехалi да Хенданскага аэрадрома. Адразу я зразумеў Пуаро. Ён хацеў даляцець у Францыю самалётам.

Гэта была iдэя добрая, але непрактычная. Тэлеграма была б тут лепш. Час iшоў. Пуаро павiнен аддаць славу выратавання прэм'ер-мiнiстра iншым.

Як толькi мы спынiлiся, маёр Норман скокнуў з машыны, а яго месца заняў чалавек у цывiльным. Норман некалькi хвiлiн раiўся з Пуаро, потым хутка пайшоў.

Я таксама выскачыў з машыны i ўзяў Пуаро за руку.

- Вiншую вас, стары! Яны сказалi вам дакладнае месца? Але паслухайце, вы павiнны тэлеграфаваць у Францыю. Вы спознiцеся, калi паедзеце самi.

Некалькi секунд Пуаро з цiкаўнасцю глядзеў на мяне.

- На жаль, ёсць рэчы, якiя нельга паслаць тэлеграмаю.

У гэту хвiлiну вярнуўся маёр Норман з маладым афiцэрам у форме ВПС.

- Гэта капiтан Лаел, якi даставiць вас на самалёце ў Францыю. Ён гатовы ляцець неадкладна.

- Апранiцеся цяплей, сэр, - сказаў пiлот. - Я магу вам даць палiто, калi хочаце.

Пуаро паглядзеў на свой круглы вялiкi гадзiннiк. Цiха сказаў: "Так, час яшчэ ёсць", паглядзеў на маладога афiцэра i ветлiва пакланiўся.

- Дзякую, пан. Але не я - ваш пасажыр. Гэты джэнтльмен тут.

Сказаўшы гэта, ён адышоў крыху ўбок, i з цемры ступiла нейкая постаць. Гэта быў другi палонны - мужчына, якi ехаў у другiм аўтамабiлi. Як толькi яго твар аказаўся ў святле, я траха не крыкнуў ад здзiўлення.

Гэта быў прэм'ер-мiнiстр!

- Богам прашу, раскажыце мне ўсё пра гэта, - усклiкнуў я нецярплiва, як толькi Пуаро, Норман i я паехалi зноў у Лондан. - Як яны ўхiтрылiся пераправiць яго ў Ангельшчыну?

- Перапраўляць яго ў Ангельшчыну i не трэба было, - сказаў Пуаро. Прэм'ер-мiнiстр не пакiдаў краiны. Яго выкралi па дарозе з Вiндзара ў Лондан.

- Што?

- Я ўсё растлумачу. Прэм'ер-мiнiстр быў у сваiм аўтамабiлi, яго сакратар сядзеў з iм ззаду. Раптам да прэм'ер-мiнiстравага твару была прыцiснута насоўка з хлараформам...

- Але хто гэта зрабiў?

- Таленавiты лiнгвiст капiтан Данiэльс. Як толькi прэм'ер-мiнiстр страцiў прытомнасць, Данiэльс загадаў О'Мэрфi, якi нiчога гэтага не заўважыў, звярнуць направа. Праз некалькi ярдаў на гэтай бязлюднай дарозе стаяў вялiкi аўтамабiль, вiдаць, сапсаваны. Яго шафёр сiгналiць О'Мэрфi. О'Мэрфi збаўляе хуткасць. Незнаёмы наблiжаецца, Данiэльс высоўваецца з акна, i, мусiць, з дапамогаю анестэзiруючага рэчыва, якое дзейнiчае iмгненна, такога, як этылхларыд або хлараформ, трук паўтараецца. За некалькi секунд двух бездапаможных мужчын выцягваюць з аднаго аўтамабiля i пераносяць у другi, а iх месцы займае другая пара.

- Не можа быць!

- Яшчэ як! Вы глядзелi ў мюзiк-холе нумары, у якiх з дзiўнай дакладнасцю капiруюць славутых людзей. Прэм'ер-мiнiстра Ангельшчыны лягчэй прадублiраваць, чым, скажам, якога-небудзь мiстэра Смiта з Клапама*. Што да двайнiка О'Мэрфi, дык на яго нiхто не звяртаў увагi, i яшчэ ён мог прыкiнуцца напалоханым. З Чарынг-Кроса ён едзе на аўтамабiлi на месца сустрэчы са сваiмi сябрамi. Ён цяпер iграе дзве ролi - за сябе i за iншага чалавека. О'Мэрфi знiк, пакiнуўшы патрэбны падазроны след.

* Чыгуначны вузел у паўднёвым раёне Лондана.

- Але чалавека, якi сыграў ролю прэм'ер-мiнiстра, бачылi ўсе!

- Яго не бачыў нiхто з тых, хто ведаў прэм'ер-мiнiстра асабiста або блiзка. А Данiэльс, як толькi мог, абараняў яго ад кантактаў. Апроч таго, яго твар быў забiнтаваны, i нешта незвычайнае ў яго паводзiнах магло быць растлумачана як узрушэнне пасля замаху на яго. У мiстэра Мак-Адама слабы голас, i ён мала гаворыць перад якой-небудзь вялiкай прамоваю. Падман вельмi лёгка прайшоў бы ў Францыi. А калi гэтага рабiць стала нельга, прэм'ер-мiнiстр знiкае. Ангельская палiцыя спяшаецца праз Ла-Манш, i нiхто не цiкавiцца падрабязнасцямi першага нападу. Для стварэння бачнасцi, што выкраданне адбылося ў Францыi, Данiэльсу ўстаўляюць у рот кляп, вяжуць яго i на самай справе ўсыпляюць хлараформам.

- А чалавек, якi сыграў ролю прэм'ер-мiнiстра?

- Скiдае з сябе маску. Ён i падстаўны шафёр могуць быць арыштаваныя як падазроныя асобы, але нiхто не будзе падазраваць пра iх сапраўдную ролю ў гэтай драме, i ўрэшце iх адпусцяць за адсутнасцю доказаў.

- А сапраўдны прэм'ер-мiнiстр?

- Яго i О'Мэрфi завезлi ў дом мiсiс Эверард, так званай Данiэльсавай "цёткi" ў Хампстэдзе. А напраўду яна - мадам Берта Эбенталь, i палiцыя ўжо сачыла за ёю. Гэта быў маленькi, але каштоўны прэзент, якi я iм зрабiў, не кажучы ўжо пра Данiэльса. Ах, гэта была разумная задума, але яна не была разлiчана на таленавiтасць Эркюля Пуаро!

Я думаю, майго сябра можна было прабачыць за гэта самаўсхваленне.

- Калi вы ўпершыню пачалi падазраваць, як было ўсё на самай справе?

- Калi пачаў добра думаць! Мне нiяк не ўдавалася дастасаваць гэту справу да стральбы, але калi я даведаўся, што прэм'ер-мiнiстр паехаў у Францыю з забiнтаваным тварам, я пачаў разумець! I калi я наведаў усе вясковыя бальнiцы памiж Вiндзарам i Лонданам i даведаўся, што параненага прэм'ер-мiнiстра там нiхто не бачыў, я пераканаўся канчаткова. Астатняе было дзiцячаю гульнёю для такога розуму як у мяне!

На другi дзень Пуаро паказаў мне тэлеграму, якую ён толькi што атрымаў. У ёй не было нi пачатку, нi подпiсу. Было напiсана адно слова: "Своечасова".

Пасля, у той самы дзень, вячэрнiя газеты надрукавалi матэрыялы пра канферэнцыю саюзнiкаў. Яны падкрэслiвалi, што прамова мiстэра Мак-Адама зрабiла вялiкае ўражанне i не раз перапынялася авацыямi.

Загрузка...