Аркуш Алесь Яму канцы (на белорусском языке)

Алесь Аркуш

Яму канцы

Мiкола на мейсца сустрэчы прыйшоў раней, дамаўлялiся а пятай, аднак бяз чвэрцi пяць ён ужо быў каля "Хвiлiнкi". Мiколу хацелася пiць. Ён узяў пляшку "фанты" i ўладкаваўся за плястмасавым столiкам на ходнiку. Па яго твары было вiдаць, што з хлопцам здарылася нешта сур'ёзнае. Моцная ўсхваляванасьць трымала дзябёлае мiколава цела ў вiдочнай напружанасьцi. Нягледзячы на летняю сьпёку, ён адчуваў нэрвовыя дрыжыкi. Усё ляцела ў тартарары - пляны, мары, жыцьцё. Аб гэтым ён даведаўся ўчора. Навiна была настолькi нечаканай i жудаснай, што хлопец разгубiўся. Гэтым жа днём увечары затэлефанаваў свайму лепшаму школьнаму сябру Iгару i дамовiўся аб сустрэчы. Ён хацеў параiцца. Але нiякая парада ўжо не магла яму дапамагчы. Фартуна разьвiталася зь iм. Хлопец ня ведаў, да каго яшчэ можна зьвярнуцца, каму прызнацца. Здаецца, усяму сьвету было да "фенi" што зь iм. I толькi Iгар... Два гады таму, пасьля сканчэньня школы, яны разам паступалi на "мiкраэлектронiку". Iгар паступiў, Мiкола не. Тады таксама была трагедыя. Аднак хлопец хутка ачуняў. Пра нейкую працу не было й размовы - добрыя мейсцы разьмяркоўвалiся "гаспадарамi жыцьця", а за капейкi працаваць не было сэнсу. Мiкола ўцягнуўся ў чаўноцтва. Расея, Польшча, Турцыя, Вугоршчына. Праз год ён ужо меў "вiдэа" i старэнькi "Фольксваген". Ён нават пачаў жартаваць з Iгара, маўляў, скончыш iнстытут i пойдзеш да мяне ў падручныя. I вось гэтая жахлiвая навiна. Безумоўна, ён сам ва ўсiм вiнны. Ён апошнi крэтын i асёл! Яго панесла, як брудны ручай нясе кансэроўку ў яму-сьметнiцу! Ён пагнаўся за асалодамi жыцьця, а апынуўся на памыйнiцы!

Iгар падыйшоў да мейсца спадканьня пэдантычна а 17-ай гадзiне. Мiкола ведаў, што ў сябра няма багата часу. Сэсiя. Таму вырашыў не цягнуць ката за хвост i адразу на Iгарава пытаньне "Ну дык што здарылася?" адказаў: - Хачу разьвiтацца зь лепшым сябрам. - Сказаў ён гэта з нейкай фальшывай iнтанацыя, як быццам, Мiкола баяўся, што аднакашнiк можа адчуць ягоны спалох.

- Што ты за лухту вярзеш! - абурыўся сябар, так звычайна абураюцца, калi да занятага чалавека зьвяртаюцца зь якой-небудзь дуратой.

- Каму лухта, а каму й не, - загадкава працягваў Мiкола. Ён пiў "фанту" адразу з пляшкi невялiчкiмi глыткамi i не глядзеў на сябра.

- Ну, дык што здарылася? - перапытаў Iгар. Ягоная раздражнёнасьць пачала зьнiкаць, хлопец адчуў, што гэтая сустрэча прызначалася не ад няма чаго рабiць.

- Сёньня, каля прэзыдэнт-хола, зноў бойка будзе, - нечакана Мiкола зьмянiў тэму гаворкi. - Зьберуцца патрабаваць вызвалiць арыштаваных, а iх самiх пахапаюць. - У вапошнюю хвiлiну ён спужаўся сказаць усю праўду. - Што з гэтага зьменiцца, калi пра маё няшчасьце даведаецца Iгар, - падумаў з нечаканай цьвярозасьцю. - Навошта на студэнцкую сябрукоўскую галаву вешаць свае праблемы?

- Як ты лiчыш, будзе бойка, цi не? - спытаў Мiкола празь хвiлiну маўчаньня зусiм iншым роўным голасам.

- I ты дзеля гэтага мяне паклiкаў? Паслухаць мае палiтычныя прагнозы?! раздражнёнасьць iзноў адчулася ў словах Iгара.

- Як ты лiчыш, навошта чалавек жыве? - зусiм нечакана яшчэ раз зьмянiў тэму Мiкола.

- А табе што, надакучыла жыць? - пытаньнем на пытаньне адказаў сябар.

- Жыць не надакучыла, але з жыцьцём трэба разьвiтвацца.

- Няўжо некуды ўлiп?! - Iгар здаецца зразумеў прычыну iхняй сустрэчы.

- Улiп, але не туды, куды ты думаеш. - Ён яшчэ раз глытнуў аранжавы трунак i паставiў пустую пляшку на стол. Затым паглядзеў на сябра i сказаў: Памятаеш, у Багдановiча "Пралятайце вы, днi, залатымi агнямi. Скончу век малады, - аблятайце цьвятамi..."

- Ты ад сваiх паездак звар'яцеў. - Iгар ня ведаў, як патлумачыць паводзiны свайго сябра, ён упершыню яго бачыў такiм. - Табе трэба адпачыць. Усю Эўропу ўсё адно не перавязеш.

- Эўропа... што табе гэта Эўропа, - нэрвова перабiў сябра Мiкола. - Вунь наша Эўропа, - ён паказаў на грамаду дэманстрантаў, якая сунулася ў iхнi бок у канвоi мiлiцыянтаў. - Зараз будзе iм Эўропа!

Iгар сядзеў сьпiнай да станцыi мэтро "Цэнтральная", таму ня мог першым заўважыць яшчэ кволыя прыкметы бел-чырвона-белых хваляў. Ён павярнуўся i з трывогай паглядзеў назад. Ужо было чутна, што дэманстранты нешта скандыруюць.

- Напэўна, пара вызваляць праезджую частку, - пажартаваў Iгар i паставiў на стол недапiтую пляшку "фанты".

- А можа й мы пройдземся за кампанiю? - прапанаваў Мiкола. - Што скажаш, студэнт?

Iгар узьняў вочы на сябра i ўважлiва паглядзеў яму ў твар.

- Увогуле я люблю шпацыраваць на адзiноце дзе-небудзь па парку, але калi ў цябе ёсьць такое жаданьне, дык давай пройдземся.

Мiкола ўзяў у руку сваю пустую пляшку й гэтым незразумелым рухам напужаў Iгара. Аднак сябар зрабiў выгляд, што памылiўся - нiбыта хацеў дапiць яе зьмесьцiва, а пляшка насамрэч пустая.

- Дапi маю, я не хачу, - прапанаваў Iгар нейкiм сьцiшаным голасам. Мiкола дзiўна замахаў рукамi й разоў пяць паўтарыў: "Не". Затым даланёю абцёр рыльца сваёй пустой пляшкi i паставiў яе на стол...

Мiкола i не заўважыў, як пачалася бойка. Спэцназаўцы дубасiлi ўсiх налева i направа. Пранiзьлiва завiшчэлi жанчыны i дзяўчаты. Дэманстранты пачалi рассыпацца па вулiцы, але шляхi да адступленьня перарэзалi шэрагi ў камуфляжы. Мiкола колькi хвiлiнаў стаяў як укопаны i нiчога не разумеў. У вачах мiльгацелi людзi, стаяў нейкi жудасны гул, якi аб'ядноўваў крыкi ахвяраў i ахвярадаўцаў, удары аб плястыкавыя спэцназаўскiя шчыты, грукат сотнi чаравiкоў i нешта яшчэ незразумелае й агiднае. Iгар пацягнуў Мiколу за рукаво кашулi. Мiкола пачаў падпарадкоўвацца сябру i яны ўдвох пабеглi ў бок галоўпаштамта. Аднак хлопцы не пасьпелi зрабiць i дзесяцi крокаў, як i на iх навалiлiся плямiстыя дубаломы. Чамусьцi амаль уся група спэцназаўцаў, якая нагнала ўцекачоў, прынялася дубасiць меншага па росту i камплекцыi Iгара. Ён закрываўся ад гумовых палак рукамi i няўдала спрабаваў выкручвацца ад удараў i гарачых учэпiстых абдымкаў. Яго схапiлi, заламалi рукi i некуды пацягнулi. Мiкола пабег услед, дагнаў спэцназаўскую гурму i ўдарыў нагой у сьпiну аднаму зь iх. Удар атрымаўся моцны й вайсковец, выпусьцiўшы сваю ахвяру, паляцеў на асфальт. Другi спэцназавец атрымаў удар кулаком i таксама выпусьцiў Iгара, хлопец iмклiва ўсхапiўся й пабег. Яго ня сталi перасьледаваць, бо ўся гурма накiнулася на Мiколу. Адзiн з удараў гумовай палкi прышоўся па твары i хлопец адчуў у роце салёны смак крывi. Ён скiраваў свой позiрк на таго вайскоўца, якi зрабiў ўдар i пасунуўся да яго. Калi заставаўся ўсяго якiсьцi крок, ён плюнуў крывёю яму наўпрост ў вочы. Спэцназавец пачаў размазваць зыркую чырвань па сваiм твары i зрабiўся падобным да вампiра. У гэты час Мiкола адчуў моцны ўдар ззаду i ў вачах усё згасла...

Расплюшчыў вочы Мiкола ў бальнiчным пакоi. Хлопец доўга ня мог зразумець, дзе ён i што зь iм здарылася. Пакой быў вялiкi - на дванаццаць ложкаў. Але ўсё адно не было чым дыхаць - у палаце стаяў бальнiчны сьпёкавы смурод. Усё цела пранiзвала ныючая боль, але асаблiва мулiлi галава й сьпiна. Адразу яму чамусьцi ўзгадаўся твар таго спэцназаўца, якому ён плюнуў у вочы. Гэта быў зусiм малады хлопец, магчыма маладзешы ад яго. Ён нечым нагадваў Сяргея Лявонава, зь якiм час ад часу выпадала езьдзiць у Нямеччыну па машыны. Затым ён узгадаў увесь учорашнi дзень. Нейкая фантасмагорыя, галiвудзкi "ужасьцiк". I раптам ён зноў падумаў пра таго спэцназаўца. "Яму канцы", - сказаў ён у голас. I яшчэ раз паўтарыў: "Яму канцы".

Было недзе пяць гадзiнаў ранiцы. Усе ў палаце спалi - пасапваючы i пахрапваючы. Мiкола ляжаў ля двярэй. Нечакана падхапiўся мужчына ля дальняга вакна - ён заенчыў i затым сутаргава захрыпеў. "Дапамажыце, хто тут ёсьць, дапамажыце!" - закрычаў Мiкола i загрукаў рукою ў дзьверы. Калi ў пакой прыбегла медсястра, мужчына ўжо суцiшыўся i немiргаючы глядзеў у столь пустымi вачыма. Медсястры засталося толькi канстатаваць сьмерць. Яна накрыла нябожчыка з галавой прасьцiною й выйшла. Палата ўспаролася. Хтосьцi бясконца прычытаў: "Васiлiч, Васiлiч!!!" Мiкола абхапiў галаву рукамi i ўткнуўся тварам у падушку. Вочы напоўнiлiся сьлязьмi i ўсё цела калацiлi здрадлiвыя дрыжыкi. Чужая сьмерць падалася яму жахлiвай. А як зьмiрыцца са сваёй?

На мiнулым тыднi ананiмны аналiз паказаў, што Мiкола быў хворы на AIDS.

Чэрвень, 1996, Наваполацак

Загрузка...