Сяргей Давiдовiч
Замалёўкi
Ад успамiнаў не абаронiць
Нi доўгi век, нi хуткi час...
Няхай былое душу бяссонiць,
Хай ачышчае i лечыць нас.
Хвалiць цi ганьбiць усё агулам
Лягчэй, чым "важыць" за крокам крок.
Шмат i памылак - там, у мiнулым,
Ёсць i выснова - жыцця выток.
КАЛОДКI
Колькi помню свайго тату, ён нiколi не сядзеў без справы, злажыўшы рукi. Калi выпадаў рэдкi вольны час - ён то пiлу вастрыў, то касу кляпаў, то дратву смалiў i валёнкi падшываў, то кошычак плёў, то ражачку майстраваў, то лучыну шчапаў - святла ж не было. Адным словам - майстар.
Чалавек, якi ўцягнуўся ў працу, без яе не можа, як п'янiца без гарэлкi. Вось чаму адразу пасля вайны, на зайздрасць усiм, у нас першых з'явiлiся драўляныя калодкi.
Лапцi - гэта адно. Калодкi - зусiм iншае. Яны замянялi нам абутак, якому не было зносу.
Вычэсваў тата сякеркай нешта падобнае на падэшву, зверху прымацоўваў, як у лыжах, раменьчык цi кусок гумы, каб было куды ўсунуць нагу, - i "абутак" гатовы. Праўда, хадзiць у калодках было няёмка - падымеш нагу, каб пераступiць, а пятка драўлянай падэшвы не хоча падымацца, адвiсае ўвесь час. Даводзiлася ногi цягнуць, перасоўваць.
Затое як гэтыя калодкi па-залiхвацку палясквалi на каменьчыках, цокалi, нiбы конь капытамi. Iдзеш i сам сабе зайздросцiш - цок! цок! цок! цок!
БАЗАР
Летам нам жылося лягчэй - арэхi, ягады, нейкая дзiчка, а то i яблык перападзе, потым - грыбы. А яшчэ было шчаўе!
Мне здаецца, што шчаўю, наогул, трэба паставiць помнiк - яно ўратавала многа людзей ад галоднай смерцi. Назбiраем яго ўсёй сям'ёй мех, i потым мама цi сястра нясуць гэты мех на сваiх плячах пешшу аж у Менск. А да Менска сорак вёрст. Там шчаўе прадавалася даволi хутка - патрэба на яго была заўсёды, а за выручаныя грошы купляўся хлеб i - зноў з мяшком за плячыма, адным днём, пешшу дамоў. Хлеб нiколi лёгка не даваўся бедным людзям.
Але якое ж было свята, калi мама цi сястра вярталiся дахаты. Праўда, хлеб выдаваўся мамай маленькiмi лустачкамi, каб як мага больш аддалiць голад. Чым менш заставалася хлеба, тым танейшымi былi лустачкi. Бывала, возьмеш яе ў руку, а лустачка перагiнаецца, як паперка. Я, памятаю, кiдаўся ў слёзы - чаму так мала хлеба. Тады тата браў мяне на рукi i казаў, трымаючы лустачку насупраць святла:
- Глядзi, сынок, а вось - базар!.. А колькi людзей на базары!..
Лустачка была танюсенькая i амаль уся прасвечвалася ад порыстасцi, была ўся на дзюрачках, як рэшата. Гэта мяне забаўляла, я пераставаў плакаць i з'ядаў свой "базар".
ВЕРАБ'ЮШКА
Адразу ж за вёскай пачынаўся луг з высокай травой, мноствам розных палявых кветак. Сталаму чалавеку трава была трошкi вышэй за калена, а ў нас тырчэлi толькi нашыя "макаўкi" з травы. Але бегалi мы на гэты луг не толькi дзеля забавы - на iм густа расло шчаўе, якое праз некаторы час выкiдвала ўгару далiкатныя сакаўныя дудкi, на якiх ужо пазней выспявала семя. Вось гэтымi дудкамi мы i сiлкавалiся, яны нас моцна ратавалi ад голаду. Чамусьцi гэтыя дудкi мы звалi - вераб'юшка i нават жартавалi:
- Вераб'юшка - балiць б'юшка.
I сапраўды, ад гэтай зелянiны-кiслаты нярэдка балелi нашыя жываты.
Сярод нас была Ларыса Мiцько, якой сваякi прывезлi з Менска прыгожую, у кветачкi, сукенку. Шчаслiвая Ларыса апранула абноўку i не адчувала зямлi пад нагамi - бегала, шчабятала, качалася па траве. I трэба ж было так здарыцца, што сукеначка за нешта зачапiлася i разадралася. А мацi ў Ларысы была вельмi строгая, з дзецьмi не цырымонiлася, бо i ў iхняй сям'i "галавасцiкаў" была цэлая куча - якiя тут могуць быць цырымонкi, ледзь выжывалi, тым больш без бацькi, якi загiнуў на вайне.
Пайшлi мы ўсе разам прасiць Ларысiну маму, каб не бiла дзяўчынку. Ларыса ж была вельмi ветлiвая, ласкавая, "лiслiвая", яна i запрычытала:
- Мамачка, мiленькая, родненькая, не бi мяне - я парвала сукеначку...
Толькi тады я звярнуў увагу на свае лахманы, якiм нiчога ўжо не было страшна, i з палёгкай уздыхнуў.
ГУЗАКI НА ЛБЕ
Бывала так - выскачыш на двор пагойсаць, сустрэнеш сябра, а ў яго - гузак на лбе. Заўтра ён цябе сустрэне, а ў цябе - таксама лоб з гузаком.
Нi ён у цябе, нi ты ў яго не пытаешся - што ды адкуль? Справа вядомая, звыклая. Што за шалянец без такога гузака?
Мяркуйце самi. Садзiмся есцi ўсёй сям'ёй вакол адной вялiкай мiсы,бо другога посуду пасля вайны не было.
А каб блiжэй быць да булёну цi зацiркi, трэба сядзець шчыльна - локаць да локця, калена да калена.
А хiба ж магчыма сядзець каля братавага бока i не парнуць спадцiшка ў гэты бок? I ледзь толькi парнеш у бок - як брат пырскае ад смеху. А за сталом Божа баранi - каб хто слова сказаў цi круцiўся. Яда - святая справа. Але гэта для дарослых, бо дзецям - толькi ж паштукаваць, павыскаляцца. А смяяцца заўсёды прыпiрае тады, калi гэта забаронена. Тады падскоквае дурны смех.
Вось i ў час яды - парнеш у бок брата - той у смех, а тата - трэсь лыжкай па лбе брату. Таму - ужо не да смеху.
Затое ты "пырскаеш" ад удалай "штуковiны", але адразу ж зарабляеш свой гузак за "парушэнне парадку".
Карацей, яда - справа сур'ёзная.
ВАЛАЧОБНIКI
Валачобнiкi - гэта нешта надзвычай прыгожае, урачыстае, прыстойнае. Збiралiся на Вялiкдзень самыя рухавыя, вясёлыя, няўрымслiвыя аднавяскоўцы i разам з гарманiстам хадзiлi ад хаты да хаты, прыгожа спяваючы. Святочна апранутыя, знешне шчаслiвыя, чыста вымытыя, яны зусiм не нагадвалi зрабаваных, абяздоленых, задушаных працай людзей. Сапраўды Бог спускаецца на зямлю ў гэты дзень.
У кожнай хаце ўжо чакалi святочных пасланцоў i нават пакрыўдзiлiся б, каб яны абмiнулi кагосьцi.
Падыходзiлi валачобнiкi да акна i спявалi:
- Проша паненцы адчынiць акенцы...
Спевы былi прыгожыя, мiлагучныя, узнёслыя, як i душы тых пакрыўджаных лёсам людзей. Калi не памыляюся, валачобнiцкiя спевы называлiся васоламi.
Калi спевы толькi пачыналiся, шчаслiвая гаспадыня адчыняла акенца i з пашанай слухала iх, а потым праз акно падавала валачобнiкам ад свайго стала ўсё, чым была багата гэтая хата. Падарункi складвалi ў вялiзны плецены кош, якi нехта з валачобнiкаў насiў на рэменi цераз плячо, - i гэтак ад хаты да хаты. Такое святкаванне аб'ядноўвала людзей, зблiжала iх.
Валачобнiкi нiколi не хадзiлi адны, за iмi заўсёды цягнуўся "хвост" - мы, дзецi. Я ганарыўся больш за ўсiх, бо гарманiстам быў мой тата.
Калi хаты былi "абпетыя", збiралiся ўсе аднавяскоўцы на сонейку i, паслаўшы посцiлкi на траву, працягвалi свята за агульным святочным "сталом".
Сёння нашыя дзверы i вокны шчыльна зачынены...
ПАЖАЧКI
На святы Вялiкдзень у дзяцей было столькi радасцi, што i сёння цяпло тых дзён не астыла, не згасла, не згiнула.
Дарослыя заўсёды цешацца па-свойму - стрымана, узважана, "посна" - iм да дзяцей расцi i расцi.
Перш-наперш мы да ўсходу сонца беглi на пагорак, каб пабачыць, як на Вялiкдзень танцуе сонейка пры ўсходзе. Дарослыя гэтага не рабiлi, бо ведалi, што гэтак жа сама яно "танцуе" i кожны дзень.
Дзецi ж у гэта верылi шчыра, i таму свята набывала ўжо зрання асаблiвую таямнiчую прыгажосць.
Гавелiся разам, усёй сям'ёй, нешта снедалi. Дарослыя пiлi чарку, другую, пятую, слабейшы мог i пад стол звалiцца - тады i канец святу. А ў дзяцей усё толькi пачыналася. Найгалоўнейшая для дзяцей справа святога дня - бiцца ў яйкi. Колькi пiску, колькi крыку, колькi рогату i спрэчак! Кожнаму ж хочацца перамагчы i забраць сабе пабiтае яйка. Азарт! Некаторым дужа не шанцавала яны куляй ляцелi дамоў i прасiлi ў мамы яшчэ фарбаваных яек, бо ўшчэнт прайгралiся. Сталейшыя хлопцы часцяком шальмавалi з намi, малымi, непрыкметна падстаўлялi сустаў пальца пад удар, i ўжо нiкому нiчога не дакажаш, хоць тут плач-расплачся - аддавай яйка, i ўсё. Аднаго года аб'явiўся ў нас i зусiм "непераможны" хлапец, пабiў усiх без разбору. Нагроб цэлыя кiшэнi нашых яек, стаiм мы з пустымi рукамi, ледзь не плачам. Калi потым высветлiлася - у яго было драўлянае яйка, якое па-майстэрску зрабiў яго тата, пафарбаваў i даў сыну. Больш з iм нiхто нiколi не гуляў у яйкi, хоць ён i прасiўся, малiўся, скуголiў.
Значна "iнтэлiгентней" гулялi ў яйкi дзяўчынкi. Яны рабiлi з пясочку пагорачкi i па чарзе скочвалi яйкi ўнiз. Яйка коцiцца няроўна - то нечакана ўлева зверне, то ўправа крутнецца - вось чыё яйка "знойдзе" iншае, тое i перамагае. Цiкава, ажно дух захапляе! Бывала, i мы, меншыя, далучалiся да дзяўчынак...
Быў i яшчэ адзiн абавязковы для дзяцей "рытуал" - пажачкi. Гэта значыцца кожнае дзiця на Вялiкдзень павiнна было зайсцi ў кожную хату па фарбаванае яйка. Нiхто, канешне, у карак не гнаў, можна i не iсцi, але каму ж не хочацца мець як мага болей прыгожых яек - гэта ж цэлае багацце! Сапраўды носiшся з iмi, як курыца з яйкам.
Дарослыя пра пажачкi ведалi, таму прыкiдвалi, колькi дзяцей у вёсцы, каб кожнаму хапiла.
Заскокваеш да каго-небудзь у хату, смарганеш носам i абавязкова, як i "дзяўблi" бацькi, кажаш:
- Хрыстос уваскрос!
А потым, каб атрымаць яйка, неабходна яшчэ сказаць:
- Не дасi яечка - здохне авечка, не дасi кока - вылезе вока!
Карацей, за яйка трэба i "папрацаваць".
Я быў вельмi цiхi, сцiплы, сарамлiвы, ды i гадкоў мне было, можа, з пяць усяго. Я заходзiў у хату i стаяў цiхенька ля парога, апусцiўшы галаву. Дарослыя разумелi, якi з мяне "аратар", i давалi яйка, не дамагаючыся ад мяне гэтых пацераў.
Заскочыў я гэтак да Кухаронкавых i стаю як слупок.
- А што трэба сказаць? - пытаюцца ў мяне.
Я сцiснуўся ў камячок i стаю, як пружына ўвесь...
- Не хочаш гаварыць, не атрымаеш яйка! Ну?
Я як даўся ў дзверы, ды на двор, ды ходу, а мне ўслед крычаць:
- Куды ты?! Пастой! На яйка!
А мой i след прастыў...
Дурненькi я, дарэмна пакрыўдзiўся, людзi ж хацелi пачуць ад дзiцяцi святочныя прыказкi.
ЭХ, ПРАКОЦIМСЯ!
Да Жукоўскiх з Менска прыехаў iх старэйшы сын Iван. Не проста прыехаў, а на грузавiку - уладкаваўся недзе ў Менску працаваць шафёрам. Форсу, гонару таго, як кажуць, без фiгi не да носа! Ды i было чым ганарыцца - пасля вайны шафёр - больш значная шышка, чым сёння мiнiстр. Машыну мы бачылi першы раз у жыццi, i таму, калi Iван, ад'язджаючы ў Менск, прапанаваў нашай хеўры пракацiцца ў кузаве, мы ажно зараўлi (прабачце, запiшчалi) ад захаплення. Калi машына набiрала хуткасць i вецер пачаў паласкаць нашыя твары, мы адчулi нешта незвычайнае, у нас быццам выраслi крылы, i, не згаворваючыся, мы запелi штосьцi без слоў: "Ля-ля-ля", - i ў такт нашым крыкам пачалi выстукваць па кабiне. Машына рэзка затармазiла i прыпынiлася. Вылез з кабiны Iван i запытаўся:
- Ну што, зайцы, так мала пракацiлiся? Вылазьце!
Нас быццам з вару апусцiлi ў ледзяную ваду, настолькi змянiўся наш настрой. Нiчога не разумеючы, мы пасаскоквалi на зямлю i з вялiкiм жалем глядзелi ўслед ад'язджаючай машыне. Праехалi мы ўсяго метраў з пяцьдзесят. Дамоў сунулiся як пабiтыя...
Нам тады ў галаву не магло прыйсцi, што стуканне па кабiне азначае просьбу супынiць машыну. Прыехалi!
ДУРНЫ ЖАРТ
Аднойчы вярталiся мы з арэхаў дамоў i раптам спынiлiся як укопаныя. На мяжы, на ўскраi вёскi, спала дзяўчына. Спала спакойным, казачным сном, прыгожа нахiлiўшы ўбок галаву, раскiдаўшы доўгiя валасы. Гэтую дзяўчынку мы ведалi, яна прыехала на лета да сваякоў у нашу вёску з Ленiнграда. Яе звалi Аня. Сонечны пяшчотны дзень, цiшыня i спакой, водар лясоў i траў паспрыялi гэтай прыгожай дзяўчынцы, якой было, можа, год з чатырнаццаць, заснуць глыбокiм сном. Яе твар упрыгожвала ледзь бачная, бесклапотная ўсмешка, якая адлюстроўвала чысцiню i светласць гэтай дзявочай душы...
Мы стаялi, зачараваныя, i любавалiся ёю.
Раптам Тонiк Сiнкевiч, таксама меўшы ўжо гадоў з чатырнаццаць за плячыма, выйшаў наперад, таямнiча прыклаў палец да сваiх вуснаў, паказваючы гэтым, што зараз адкрые нам страшэнную тайну, i прыцiшана сказаў, закацiўшы вочы ўгару:
- Мая!
Так мы яму i паверылi! I нават не таму, што Тонiк быў цыбаты, нязграбны, грубы, а перад намi ляжаў ледзь не анёл, а таму, што нiхто нi разу не бачыў iх разам, нават размаўляючы. А ў вёсцы - усё як на далонi.
Далей здарылася нечаканае i страшнае. Тонiк падышоў да дзяўчынкi, нахiлiўся над ёй i як зараве дзiкiм ровам. Нават мы ад нечаканасцi перапужалiся. А што казаць пра дзяўчынку? Бедная Аня. Яна ўсхапiлася, вочы дзiкiя, нiчога не разумее. А Тонiк стаiць над ёй i рагоча, аж хiстаецца. Нiхто з нас, значна меншых, не смяяўся з Тонiкавага "жарту".
Добра, калi гэты спалох не адбiўся на далейшым здароўi цi псiхiцы Анi. Лёс жа Тонiка быў сумны. Ён адслужыў у войску, чалавек увогуле быў добры, але спiўся i памёр ад гарэлкi ў маладым узросце.
ПЕРШЫ ЗАРОБАК
Сталейшая мая сястра Жэня была, як кажуць, на выданнi. Ды i прыгожая была i, нягледзячы на голад, даволi "круглая" - маладосць брала сваё. З гэтай нагоды ў наш закуток нярэдка зазiралi хлопцы - проста так, выпадкова: "Iшоў тут, дай, думаю, зайду"...
Заходзiў да нас i К. (не буду называць прозвiшча). Вось гэты К. аднойчы мне i кажа цiхенька на вуха:
- За кожнае мацюковае слова буду плацiць па дваццаць капеек...
У мяне загарэлiся вочы - ого, аж дваццаць капеек за слова! (Потым, пасля рэформы, дваццаць капеек ператварылiся ў дзве, а зараз сам чорт не разбярэцца з грашыма.) Я пачаў напружана ўспамiнаць тыя мацерныя словы, якiя, канешне ж, чуў ад сталейшых хлопцаў, ад дарослых. Успомню такое слова - шапчу К. на вуха. Ён, каб усе чулi, хвалiць мяне:
- Малайчына! Харошае слова! - спраўна плацiў грошы i рагатаў з задавальненнем, забаўляўся.
Але лексiкон мой быў небагаты ў гэтай галiне, i запас "харошых" слоў хутка вычарпаўся, а "зарабiць" хацелася, i я пачаў шаптаць розныя словы, але не мацюковыя. Тады К. глядзеў на мяне сурова i таксама, каб усе чулi, невыпадкова казаў:
- Ты што мацюкаешся! Як табе не сорамна? Ану ўспамiнай харошыя словы!
Цяжка было мне, пяцiгадоваму, разабрацца - што да чаго. На жаль, першыя заробленыя мае грошы былi бруднымi.
ФIГА
У Будах у Кухаронкаў было ўсё - i хата, i свiран, i жорны, i iншыя розныя будынкi i прыстасаваннi. Быў у iх i цудоўны сад, праўда, надзейна агароджаны, а шкада...
Вось прыехаў аднойчы да iх нейкi важны госць, якога спачатку частавалi ў хаце, а потым Барыс, малодшы сын Кухаронкавых, якому было гадоў каля дваццацi, павёў гэтага госця ў сад.
Мы, хлапчукi, заўсёды "пры справе", без нас нiдзе не абысцiся, i тут мы не падкачалi. Барыс з госцем у сад, а мы праз адчыненыя варотцы - следам, авось, думаем, што i перападзе, авось перад госцем не выгане. Цыкнуў на нас Барыс, а выганяць не стаў, бо надта ўжо быў заняты гэтай персонай.
- Калi ласка, вось гэты яблычак пакаштуйце!..
- А вось гэты, дык такi налiўны, ажно семкi бачны!..
- А цяпер вось гэты, ён як мёд... - i гэтак далей. Водзiць ад яблынькi да яблынькi, усё сцелецца дарожкай перад госцем.
Мы, як тыя сляпыя шчаняты, увесь час скуголiлi ззаду:
- Дай, Барыс, яблычак! Дай, Барыс, яблычак! Дай, Барыс, яблычак! Дай! Дай! Дай!
Здавалася, ён не звяртаў на нас увагi, трымаў марку, але мы, мусiць, яго так "дасталi", што ён рэзка павярнуўся i з шалёнай злосцю выставiў нам фiгу:
- Наце яблычак!
Паколькi я быў самы першы, фiга трапiла прама мне ў нос. Барысаў агромнiсты кулак, складзены ў такую фiгуру, быў, здавалася, большым за маю галаву, закрываў сабой i сад, i ўвесь свет. Не па-дзiцячы горкую крыўду адчуў я тады...
Крыўда тая даўно ператварылася ў вялiкi жаль, бо Барыс, пасля таго як ажанiўся, не ладзiў з жонкай i застрэлiўся з ружжа. Даруй яму, Божа!
ЗА ШТО?
Пасля вайны нас у мамы было толькi пяцёра, да вайны - аж дзевяць. Я - самы маленькi. Мама i тата ад цямна да цямна - у калгасе, а мы - самапасам. Мяне, чатырохгадовага, адвялi ў суседнюю вёску да сваякоў - усё ж маме спакайней i лягчэй будзе. У гэтай сям'i жыла i дзяўчынка Соня, якая ўжо хадзiла ў першы клас. I вось тут я ўбачыў першую ў сваiм жыццi кнiжку - гэта быў буквар, у якiм аж "кiшэла" малюнкаў. Праўда, малюнкi былi не каляровыя, але ўсё роўна бачыць першы раз у жыццi такi цуд - гэта вам не сёння, што кнiгарнi ломяцца ад розных кнiжак, яркiх, прыгожых. А тады - галеча, паперкi не знойдзеш, не тое што кнiжкi. Цi ж магло маё дзiцячае сэрца вытрымаць i прапусцiць проста так гэтую прыгажосць? Я адразу ж узяў нажнiцы i павыразаў самыя прыгожыя, на мой розум, малюнкi, асцярожненька, каб не парвалiся, склаў iх i схаваў у кiшэньку, а ў душы радаваўся магчымасцi бачыць у любы момант гэтую незвычайнасць дома.
Якое ж было маё здзiўленне, калi, вярнуўшыся ў хату знадворку, дзяўчынка Соня кiнулася ў слёзы, нарабiла такога ляманту - хоць вушы затыкай. Збеглiся дарослыя, забралi мой дарагi скарб i адвялi мяне назад да мамы. Праўда, не бiлi. А я доўга не мог зразумець, за што на мяне сварылiся.
МАКУХА
Надакучыў я вам са сваiм голадам? Прабачце! Але зноў вяду размову пра яго, праклятага...
Прывезлi неяк у Буды цэлую машыну нейкай макухi. Згрузiлi яе ў будынiну напалову склеп, бо частка ў зямлi была. Навесiлi на дзверы замок, i ўсё. Не, не ўсё! А як жа без нас?! Мы хуценька даведалiся пра тое, што прывезлi макуху, каб даваць яе жывёле. А чым мы горшыя за жывёлу? Нам таксама хочацца есцi. Круцiлiся мы вакол гэтага будынка, круцiлiся - нi дзюрачкi, нi шчылiнкi, толькi пах той макухi насы зварочвае, ахвоты паддае. Нарэшце залезлi мы на дах, нешта адсунулi, нешта ададралi - i вось яна, жаданая! Паспрабавалi смакацiшча! Ну i навалiлiся ж мы на яе, толькi хрумст стаяў у цемры. Елi, елi - колькi ўлезла, яшчэ i з сабой хапянулi - хто ў кiшэнi, хто ў запазуху. Вось гэта жыццё! Заўтра зноў наведаем "харчэўню"!
Але нi заўтра, нi пазней сюды мы не палезлi, бо праз некалькi гадзiн нас стала так ванiтаваць i тузгаць, што мы зелянелi, сiнелi, чарнелi. Цi мы задужа перагрузiлi свае вечна галодныя жываты, цi макуха была, сапраўды, толькi для жывёлы - нiхто не ведае. Вядома толькi адно - тую будынiну мы абыходзiлi далёка, бо не маглi чуць нават паху той макухi.
СМЯРОТНАЯ РАНА
Пасярод Будаў узвышаецца пагорак, яго называлi малаказаводам. Мусiць, тут быў некалi сапраўды завод, бо захаваўся вялiкi, высокi падмурак. На адным схiле гэтага пагорка рос арэшнiк, былi нейкiя ямы, таму мы, вясковае "войска", тут гулялi "ў вайну". Падзялялiся на два лагеры, i пачыналася "перастрэлка", поўзанне, перабежкi, перамогi i паражэннi. Камандзiрам нашага атрада быў Шурка Бурло - хлопец сталейшы за нас - на тое ён i камандзiр.
Паўзу я з нейкiм ражончыкам, замяняўшым стрэльбу, па гэтым арэшнiку i нечакана натыкаюся на Шурку, якi ляжаў на спiне, распластаўшы рукi i заплюшчыўшы вочы.
Я, як i належыць, пытаюся:
- Што з вамi, таварыш камандзiр?
У адказ - нi гуку... Зноў i зноў задаю тое ж пытанне - вынiк аднолькавы. Я не на жарт перапужаўся i давай крычаць на ўвесь арэшнiк, клiкаць на дапамогу.
Пазбягалiся i "нашы", i "не нашы" i давай валтузiць Шурку - не дай Бог памёр.
Нарэшце ён, не адкрываючы вачэй, працадзiў скрозь зубы:
- Мяне ранiлi проста ў сэрца...
Хух! Цяпер ужо i ў нас адлягло ад сэрца.
Аказваецца, Шурка гэтак увайшоў у ролю.
I СМЕХ, I СЛЁЗЫ
Сядзiм мы неяк са старэйшым братам Кастусём на печы i шчыкочымся - зубы скалiм. То ён мяне пакоцiць, то я на яго ўссяду. Весела! Валтузiмся, ажно печ трашчыць, ажно комiн хiстаецца.
Але праўду кажуць - надта не рагачы i не выскаляйся, бо хутка плакаць будзеш.
Так яно i атрымалася. Кастусь за мяне на чатыры гады сталейшы, у яго i сiл значна больш. Ён мяне прыцiснуў i казыча, а я... а я, сказаць вам па сакрэту, баюся гэтага казытання i сёння горш за ўсё на свеце. Я й сёння буду ўцякаць ад гэтага хоць па сценах, хоць па столi, хоць у ваду, хоць у агонь.
А тады куды я мог уцячы, калi ён мяне прыцiснуў, а я ўжо заходжуся ад смеху, ажно сiнею? Што я мог зрабiць? Як мог ратавацца? Правiльна! Толькi адным спосабам. Я яго i скарыстаў - што першае папалася пад руку, тым я i смалянуў брату ў зубы. А папалася, на жаль, нешта важкае, бо ў беднага Кастуся выскачыла адразу аж тры зубы. Ды якiя! Самыя што нi ёсць найпярэднiя! Як карова языком злiзала. Вось мы i нарагаталiся, i наказыталiся, i навыскалялiся. Сядзiм на печы, звесiўшы ногi, i плачам. Кастусь таму, што балiць, я - таму, што зрабiў брата шчарбатым. Сам сябе ён убачыць доўга не мог, бо не было люстэркаў.
Гэты сумны выпадак каб i хацеў выкiнуць з галавы, дык немагчыма, бо i праз паўвека, пры сустрэчы з братам, бачу яго ўстаўленыя зубы.
НАВУЧЫЎ
У дубе, як iсцi на Жукаўку, вадзiлiся шэршнi. Iх раней было на кожным кроку - i ў крушнях, i ў дуплах, i дзе iх толькi не было. Каб сказаць, што яны былi "задзiрыстымi", дык не. Не чапай iх, i яны не зачэпяць.
А якi ж гэта падшыванец пройдзе каля шэршняў, каб не кiнуць у iхнi бок камень цi палку? Вось i я ўнадзiўся хадзiць да гэтага дуба i кiдаць па дупле каменнямi. Камень стукнецца аб дуб i адскоквае, а шэршнi за iм. Цiкава! Канешне, ёсць рызыка, што шэршань можа не за каменем паляцець, а за тым, хто яго кiдае, але ў гэтым заключаецца ўся вастрыня гульнi, якая i прываблiвае.
Аднаго разу набраў я каменняў, стаў, як заўсёды, на "баявую" пазiцыю i давай шпурляць. Ды, мусiць, я ўжо ў тых шэршняў сядзеў у пячонках, бо адзiн з iх паляцеў не за каменем, а прамiком да мяне. Шэршань - гэта цэлы бамбавоз, i гудзе ён грозна, як бамбавоз. Я ад страху ледзь не абамлеў. Не паспеў я i пiкнуць, як ён грызануў мяне за руку ля локця. Было такое адчуванне, што мне нехта палкай па руцэ трэснуў. Добра, што пашкадаваў мяне i не ўкусiў за твар.
Я схапiўся за руку i з дзiкiм гвалтам панёсся дахаты.
Да таго дуба болей я не падыходзiў.
СПРЭЧКА
Далёка за Будамi, як iсцi на Сухую Гару, жанчыны, i сярод iх мая мама, жалi сярпамi калгаснае жыта. Спёка стаяла страшэнная, i мы, хлопчыкi i дзяўчынкi - дзецi гэтых жнеек, набралi ў бутэльку вады i панеслi яе сваiм змучаным матулям.
Хто з нас прапанаваў зрабiць такi высакародны ўчынак - не памятаю. Усё было б добра, але ў аднаго хлапчука знайшлася ў кiшэнi цукерачка-гарошына, якую ён нiяк не адважваўся з'есцi, бо яна была апошняя. Яго тата хварэў на сухоты, i, каб "падтрымаць" яго здароўе, прывозiлi з Менска пасля продажу шчаўя маленькi кулёчак цукерак - рознакаляровага гарошыку, можа, грамаў сто, бо на большае i лепшае не хапала грошай, хоць бы хлеба купiць ды з голаду не памерцi. (Неўзабаве яго тата i памёр.)
Вось гэтую прыгожую гарошынку наш сябар "аджалеў" i кiнуў у бутэльку "для смаку". Але адразу нас занепакоiла - чыя мама будзе пiць ваду апошняй? Усе разумелi - апошняй дастанецца цукерачка.
Падняўся шум, пiск, штурханiна, кожны крычаў:
- Мая!
Кожны спрабаваў завалодаць бутэлькай, каб потым i распараджацца ёю. I да таго мы завалтузiлiся, што бутэлька слiзганула з рук, бразнулася аб каменьчык i разбiлася. Мы акамянелi ад нечаканасцi.
Сонца пякло нясцерпна...
ПРОМАХ
Гулялi ў лапту. Мячыка ў нас не было, але гэта не бяда. Скруцiлi яго з ануч - чым не мячык? Адзiн яго падкiдвае, другi палкай стараецца папасцi па iм, каб ён ляцеў як мага далей. Гулялi хлопцы, якiм было ўжо год па дванаццаць, а такую, як мы, пяцi-шасцiгадовую мелюзгу не бралi. Але я так прасiўся, так скуголiў, каб дазволiлi хоць мячык падкiнуць, што Вiцька Жукавец (чамусьцi яго звалi Красянцом), якi стаяў з палкай, нарэшце злiтаваўся i дазволiў мне падкiнуць "мячык".
Не ведаю, што атрымалася - цi я стаў заблiзка да Вiцькi, цi ён не тым бокам да мяне, але Красянец з усяго размаху "змазаў" мне палкай па пераносiцы, ажно iскры (якiя там iскры?) - ажно вуголлi з вачэй пасыпалiся. Я залiўся крывёй i брыкнуўся, як падсечаны.
З тае пары мой нос крыху крываваты, мусiць, не так храшчык зросся. Затое гульнi ў лапту нiколi не забуду.
ШКАДА...
Да мяне, як вiхор, падляцеў Жэнька i, сцiскваючы "лодачкай" далонi, у якiх быў аловак, спытаўся з жарам:
- Не ты згубiў?
У мяне перахапiла дух. Сапраўдны аловак! Мне ж так хацелася маляваць, але не было чым i на чым, таму мы, дзецi вайны, малявалi на пяску. А тут сапраўдны аловак! А якi Жэнька чэсны! Знайшоў аловак i шукае гаспадара!
Я, доўга не думаючы, адказаў Жэньку: "Мой!" - хоць нiчога не губляў, бо губляць не было чаго.
Жэнька з такiм жа жарам "заiржаў" i паказаў "аловак" - гэта была драўляная прадольная палавiнка без стрыжня.
Ну, Жэнька! Ну, шэльма! А шкада, што аловак быў несапраўдны.
"БЫЧКОЎ ПАДАРУНАК"
У сорак пятым годзе мы жылi ў спаленай немцамi роднай Карпiлаўцы, у зямлянцы. Мне было тры гадкi...
Выкараскаўся я неяк з нашай зямлянкi, стаю перад ёй, думку думаю: "Куды падацца?" Бачу, пасецца побач Тодараў бык. (Як яны на яго разжылiся - не ведаю.) Я цiхенька, нага за нагу, бокам, бокам - ды да яго, гэтага быка. Ён перастаў скубцi траву i, не паднiмаючы сваёй рагатай галавы, глядзiць на мяне - што гэта за такая шмакадзяўка вырасла перад яго вачыма?
Ён мяне разглядае, я - яго...
Крыху расхрабрыўшыся, я пачаў пальчыкам дакранацца да ягонага iлба ды пацiху поркаць у той лоб.
Цi доўга гэта "порканне" працягвалася, цi не, а, вiдаць, я яму надакучыў, бо ён цiхенька пiхнуў сваiм iлбом мяне ў грудзi. Гэтага "цiхенька" хапiла для таго, каб я задраў ногi.
Я перапужаўся, ляжу, раву - на чым свет стаiць! Бык здзiўлена глядзiць на мяне, а я - раву!
Канешне, ён не бiў мяне, бо ў яго хапiла розуму "скумекаць", што перад iм - дзiця, таму ён не рогам, а iлбом "пагладзiў" мяне...
...Мiж iншым, бываюць у жыццi выпадкi, калi бык забiвае дарослага чалавека...
Але вернемся да нашага "добрага" быка. Ён здзiўлена стаiць нада мной, а я - раву... Як выбегла з сваёй зямлянкi, што насупраць нашай, Тодарыха ды як убачыла, што я ляжу каля iхняга быка, - перапужалася, бедная, падумала, што бык па-сапраўднаму "ўвалiў" мне. Адагнала яна ўбок жывёлiну, падняла мяне, бачыць - я цэлы i здаровы, толькi раву. Тады яна, каб уцiхамiрыць мой роў, збегала ў зямлянку i прынесла мне лусту хлеба, пасыпаную цукрам.
Якi ж быў смачны "бычкоў падарунак"!
БУДЗЕ ВАЙНА...
Праўду кажуць, што маленькая iстота, якую мацi носiць пад сэрцам у перыяд цяжарнасцi, усё чуе, усё разумее i ўсё ўбiрае ў сябе, каб потым адпаведным чынам "рэалiзавацца" ў жыццi.
Калi ўсё адчувае i ўспрымае зародак чалавека, дык не мог жа я нiяк не рэагаваць на тое, што ў першыя гады майго жыцця вакол мяне лютавала вайна. Мае вочы бачылi ўсё, што бачылi вочы дарослага чалавека: немцаў, якiя прыкладамi выштурхоўвалi нас з хаты, а потым спалiлi яе, суровае жыццё партызанаў, да якiх мы прыбiлiся i з якiмi адыходзiлi да Палiка, дзе потым немцы ўчынiлi крывавую бойню i адкуль вырывалiся хто як мог. Многа начэй правялi мы ў лесе без агню, без цяпла, без яды. Бачылi мае вочы i слёзы, i кроў, i смерць - не ўсё разумелi яны, але смяротны страх пасялiўся ў мяне, занадта маленькага ў параўнаннi з тым агромнiстым горам.
Я не памятаю вайну, але выбухi, крыкi, уцяканне, хаванне, пакуты таго часу атруцiлi маю кроў, мае дзiцячыя мазгi надоўга, бо слова "вайна" выклiкала ў маiм сэрцы неверагодны жах i я пачынаў дрыжаць усiм целам. Гэта я пачаў заўважаць у сорак пятым годзе, па сутнасцi, пасля вайны. I асаблiва праяўлялася гэта цёмнымi вечарамi, калi мама мяне ўкладвала спаць. А спаў я чамусьцi на спiне, але "калачыкам", падцiснуўшы ногi да жывата i ўшчамiўшы пад iх рукi.
У нас, малых, было тады павер'е - калi нейкiя словы доўга паўтараць будзе ўсё наадварот.
Вось я, не раскрываючы свой сакрэт маме, вечарам не засынаў, а тросся ад страху i, як пацеры, доўга i старанна паўтараў праз сябе: "Будзе вайна... будзе вайна... будзе вайна..."
Дзякуй Богу, маё заклiнанне "памагло" i ў Беларусi больш як пяцьдзесят гадоў няма вайны.
СТАЛIНСКАЯ КАРОЎКА
Ледзь толькi скончылася вайна, як аднекуль "зверху" распарадзiлiся дапамагчы самым што нi ёсць пацярпеўшым ад гэтай праклятай вайны.
Мы, як пагарэльцы, былi тады самымi беднымi, бо акрамя вошай у нас нiчога не было...
Той, хто памятае пасляваенны час, - памятае i iдэалагiчны чад, што запоўнiў усе куточкi знявечанага жыцця. Што б нi рабiлася, нi манiлася - усё прыпiсвалася Сталiну. Сталiн - перамог... Сталiн - пабудаваў... Сталiн клапоцiцца...
Вось тую "дапамогу" бедным - таксама аднеслi на рахунак Сталiна. I нам, нашай сям'i, якая не мела нi даху над галавой, нi крошачкi хлеба, нi бульбiнкi, - калгас, ад iмя Сталiна, даў карову.
У якой дзяржаве такое магчыма?! Хай паспрабуе камар нос падаткнуць пад сталiнскую "заклапочанасць" пра бедных!.. I наша сям'я трапiла недзе ў спiс "шчаслiвых" сем'яў, якiх было мiльёны пад сталiнскiм сонцам...
Дасталася нам карова страшнючая, худзенная, як кажуць, - скура i косцi. Здавалася, што i скуры не было - адныя косцi, але, нягледзячы на гэта, мы былi шчаслiвымi - якая нi ёсць, а карова - багацце!
Я бегаў па вёсцы i з ранiцы да вечара выкрыкваў тое, што чуў ад мамы, ад дарослых: "Сталiн даў кароўку! Сталiн даў кароўку!.."
Кароўка тая не даiлася, бо скура i косцi i не маглi даваць малако. Адкуль яно ў iх? Яна хiсталася ад слабасцi цi ад старасцi, а можа, ад хваробы, а хутчэй - ад усяго разам, бо хуценька яна, як кажуць, адкiнула капыты - здохла. Вось мы i набылiся "багатымi" - зноў засталiся толькi мы i вошы...
"Зарэзаў" тата тую бедную кароўку, i голад вымусiў нас есцi "шчодры" сталiнскi падарунак.
ЧУЖОЕ СЛОВА
Пераязджалi Мiцьковы на новае месца жыхарства - у Менск. Нагаравалiся ў Будах, "наелiся" працадзён калгасных, ажно горка зрабiлася.
Прыехаў грузавiк, i пачалi загружаць у яго прыдбаны скарб - чарапы нейкiя ды рызманы розныя. Беднаму чалавеку - i гэта багацце.
Мы, малыя, стаiм, з самотай i зайздрасцю назiраем за мiтуснёй дарослых. I шкада, што ад'язджаюць твае бясштаннiкi-сябры, i зайздросцiш iм - пра Менск мы толькi вухам чулi, а яны будуць жыць у iм - сярод булак i цукерак.
Раптам мужчына, што стаяў у кузаве машыны, звярнуўся да мяне:
- Мальчик, подай кувшин!
Я так разгубiўся, нiбы соннаму трэснулi палкай па лбе - зачырванеўся, нiчога не разумею. Першыя два словы разабраў, а вось пра "кувшин" я нiколi не чуў. Я збянтэжана забегаў вачыма па розных хатнiх дробязях, якiя стаялi каля машыны, а патрэбнай рэчы не знайшоў, хоць збан гэты быў на самым бачным месцы...
Аказваецца, не надта даўно гэта было, калi беларуская вёска ведала i шанавала сваю родную мову, - слова "кувшин" было для мяне незнаёмым, чужым.
Сёння ж для многiх беларусаў, нават для тых, чые каранi засталiся ў вёсцы, матулiна мова зрабiлася чужой.
ХТО ЁСЦЬ ХТО?
Аднаго часу прывозiлi ў нашу вёску зняволеных - "зэкаў". Яны збiралi па палях каменнi, сцягвалi iх у кучы - рабiлi пад канвоем. Абед iм прывозiлi ў вялiзных бачках-тэрмасах, кармiлi пераважна крупянымi кашамi. Голад гнаў нас да гэтых людзей, мы шчыльна iх акружалi i "блiшчэлi".
А ў дзяцiнстве я быў такi белагаловы - валасы як снег. Пэўна, у маiм арганiзме нечага не хапала, вось валасы i былi бялюткiмi. Але дзякуючы iм мне больш, чым каму з маiх сяброў, шанцавала. Як нас адрознiць адзiн ад другога? Усе абарваныя, худыя, галодныя, босыя. А вось я сярод iх быў як той дзьмухавец, як заяц-бяляк летам - нiдзе не схавацца яму. Таму я кожны дзень чуў ад якога-небудзь зняволенага адно i тое: "Ну, белая галава, падыходзь!" усаджваў мяне на каленi i дзялiўся сваёй небагатай "пайкай".
Потым ужо iншыя зняволеныя частавалi i маiх сяброў, але я заўсёды быў першым.
Не ведаю, за якое злачынства яны адбывалi пакаранне, але людзьмi засталiся.
А вось другi прыклад - амаль самы балючы мой успамiн.
Iшлi мы з мамай аднекуль, а ля дарогi, у цяньку, сядзiць наш брыгадзiр з нейкiмi двума незнаёмцамi. Сядзяць i сiлкуюцца. Перад iмi - бутэлька самагонкi, хлеб i свежыя агуркi.
Брыгадзiр зачапiў маму, пра нешта запытаўся, i мы прыселi.
Свежых агуркоў я яшчэ нiколi не еў, а яны так смачна пахлi, так апетытна хрумсцелi, што я забыўся пра ўсё на свеце - бачыў толькi агуркi, чуў толькi iх пах.
Мама цягнула мяне за руку, бо гаворка яе з брыгадзiрам скончылася, а я прасiўся:
- Мамачка, я яшчэ пасяджу трошачкi!
Я спадзяваўся, што дадуць мне кавалачак агурка, хай сабе без хлеба, бо хлеб хоць зрэдку, хоць патрошку наведваў нас. Я заглядваў у вочы брыгадзiру i незнаёмцам.
- Пайшлi, сыночак, пайшлi!
- Мамачка, я хоць трошачкi яшчэ пабуду! - зазiрнуў я i маме ў вочы...
I толькi многа пазней, пасталеўшы, я прачытаў усё, што было тады напiсана ў мамiных вачах - нясцерпны, пякучы боль за сваiх дзяцей, бездапаможнасць i бязвыхаднасць гаротнага пасляваеннага жыцця...
А я ўсё прасiўся i прасiўся ў мамы, пакуль апошнi кавалачак агурка не захрусцеў жалобным хрустам у чужым роце...
Прабач мяне, мама, за той боль, якi я наклiкаў у тваё сэрца...
НОГI ТРЭБА МЫЦЬ!
Прыязджаў разы з два ў Буды летам на адпачынак да сваёй мацi Кухаронкаў Косця - лётчык, пры пагонах з зорачкамi (у званнях мы тады не разбiралiся). Што ён прывозiў сваёй мацi i сваякам - невядома. А вось нас, абарванцаў, частаваў цукеркамi. Уявiце - цукеркi пасля вайны! Такое з памяцi не вывалiцца нiколi. Але самае галоўнае было не ў цукерках. Самае цiкавае ў тым, што гэты надзвычай сур'ёзны чалавек цэлыя днi праводзiў з намi, дзецьмi. Пра што iшла гаворка - не памятаю. Запомнiлася яго ваенная форма i ён сам у нашым шчыльным акружэннi. Яшчэ адно запомнiлася вельмi жыва, можа, таму, што датычылася мяне i мяне моцна здзiвiла.
Сядзiм мы, пра нешта гутарым, i нечакана наш сябар глянуў на мае босыя ногi i, як бы мiж iншым, кажа:
- А ногi, хлопчыкi, трэба кожны раз мыць перад сном...
Тут аўтарытэт Косцi ў маiх вачах пахiснуўся, бо я не зразумеў, пра што гаворка. Усю вайну мы басцялiся па лясах, па балотах, пасля вайны жылi ў зямлянцы, абутку ў мяне зроду не было, мыла ў вочы не бачыў, пра пасцель вухам не чуў - пра якiя ногi размова? Я i рукi нiколi не мыў - а тут ногi!
Я зiрнуў на свае чорныя, закарэлыя, хоць рэпу сей, ногi i першы раз не змог зразумець нашага любiмца.
БУЛЁН
Расклалi Мiцьковы агонь каля хаты i вараць булён на вячэру.
Калi ўжо казаць пра вячэру, дык яе ў вёсках спрадвеку гатавалi летам на кастры, бо газы не было, а печ палiць не будзеш дзеля гаршка бульбы. Таму збiралi трэскi i разводзiлi агонь. I рабiлася ўсё гэта на прыцемку, пасля таго як пароблена ўся работа i дагледжана жывёла.
А так як у Мiцьковых адразу пасля вайны нi жывёлы, нi гаспадаркi не было, а галодных дзяцей - цэлая процьма, то вячэру гатавалi яны яшчэ завiдна, прыйшоўшы з калгаснай прынудзiлаўкi. Чаму варылi булён, а, напрыклад, не бульбу? Таму што бульба была вялiкай роскашшу, яе не хапала. Добра, што яшчэ наскрабалi некалькi бульбiнак, крышылi iх у вялiзны гаршчок для "навару", каб жываты налiць i голад падмануць.
Дык вось - вараць Мiцьковы булён, дакладней, варыць-то яго мацi, а дзецi шчыльна акружылi агонь i з лыжкамi напагатове напружана чакаюць - як тыя лiхiя ваякi, якiя ад першага слова кiнуцца ў атаку. Трошкi воддаль сядзiм мы, "вольныя" ад вячэры - такiя ж галодныя i напружаныя. Ведаем, што не паядзiм, але хоць на чужы "стол" нагледзiмся.
Заўтра i да нашага "стала" падыдуць гэткiя ж гаротнiкi.
Сабралася мацi Мiцьковых нечага ў хату i кажа дзецям:
- Глядзiце, каб агонь не звёўся, я хуценька прыйду...
Тут i пачалося! Справа ў тым, што ў кожнага, акрамя лыжкi ў адной руцэ, быў i кiёчак - у другой. Каму ж не хочацца папароць у агонь, падправiць яго? А калi надта дужа прыспiчвае есцi, тады здаецца, што агонь гарыць марудна, вада ледзь кратаецца, бульба не хоча разварвацца - усё супраць цябе.
Таму, застаўшыся без дагляду, кiёчкi ў Мiцьковых руках так жвава пачалi "падпраўляць" агонь, што нейчы кiёк даў гаршку такога кухталя, ад якога ён, небарака, кульнуўся настолькi спрытна, што ўвесь "навар" разам з бульбай бултыхнуўся на вуголлi, узняўшы клубы пару i хмары попелу.
"Кухары" акамянелi, але раптам, як па камандзе, пачалi тымi ж кiёчкамi хуценька падграбаць, кожны да сябе, разам з попелам i вуголлямi, пачарнелыя, забруджаныя кавалачкi бульбы, якiя спачатку спрабавалi абцiраць ад прылiпшага смецця. Потым глыталi iх, не звяртаючы ўвагi на попел i пясок, гледзячы галоднымi вачыма на вогнiшча, у якiм, магчыма, засталiся яшчэ кавалачкi бульбы.
ПЕРШЫ ЛЁД
Што можа вабiць дзяцей больш, чым першы лёд? Звечара кладзешся спаць - у сажалцы вада як вада, ранiцай прачнешся, а на сажалцы - лёд! Шчыра кажучы, не лёд, а адна назва - тонкi, кволы, непрадказальны.
Але цi ж гэта перашкода? Пакоўзацца! Вось адзiнае жаданне... Пачынае самы адчайны. Разгонiцца - i пабег па лёдзе! Лёд трашчыць, прагiнаецца пад iм, зноў выпростваецца. Тут галоўнае - не прыпыняцца, не "лiчыць варон". За першым падшыванцам бяжыць другi, трэцi, а потым i самыя малыя, сярод якiх i я.
Праз трэшчынкi ў лёдзе пачынае прасочвацца вада, а мы - гойсаем, коўзаемся, радуемся пачатку зiмы.
Аднаго разу я, замест таго каб бегчы i не супыняцца, - разявiў рот, загледзеўся на некага i - шусь у ваду! Паколькi мы, малыя, бегалi ўздоўж берага, то правалiўся я па пояс, але пакуль выкарабкаўся на бераг, стаў макруткi да апошняй нiтачкi.
Вылез - i, падскокваючы ад холаду, пабег дамоў. Бягу i думаю: улупiць мне мама дык улупiць! Мала не будзе! Не пайду дамоў! Стаў каля сцяны хлеўчука i стаю, калачуся - дрыжыкi прадаю. Рызманы мае ператварылiся ў ледзяную скарынку, зубы ляскаюць, як у галоднага ваўка. Замярзаю!
Не ведаю, чым бы закончылася гэтая спроба на выжыванне, але, на маё шчасце, iшла Таццяна Бурло - суседка праз дзве хаты.
- А мой ты Сяргейка! А мой ты дурненькi! - залямантавала яна, схапiла мяне за руку i пацягнула дамоў, да мамы.
Тут я закалацiўся яшчэ мацней, а чаму - зразумела.
Але мама мяне не бiла, супакоiла маю "мужнасць", якая прымусiла мяне стаяць пад сцяной хлява ў ледзяной шкарлупiне.
КАШУЛЬКА
Прыехала да нас у вёску з Менска сваячка, прывезла мне шыкоўны падарунак пашытую са старой сукенкi цi кафтана кашульку. Тканiна была "аднабаковая" - з аднаго боку - кветкi, а другi - чысты, без набiтага малюнку.
Вось гэтую маю кашульку i пашылi кветкамi ўсярэдзiну, а чыстым наверх.
- Якую ж яны зрабiлi памылку! Як жа яны "няправiльна" пашылi мой падарунак! - абураўся я.
Мне ж было тады годзiкi чатыры, i за сваё кароткае гаротнае жыццё я не бачыў i нiколi не меў такой прыгажосцi, якая была схована ў сярэдзiну кашулькi.
Я нiяк не мог зразумець, чаму гэтую прыгажосць трэба хаваць - яе ж нiхто не ўбачыць. I я знайшоў выйсце!
Апрануць мне гэтую кашульку, а я яе спераду задзяру да самай барады i гэтак хаджу па вёсцы - фаршу, паказваю ўсiм, якая прыгожая мая кашулька ўсярэдзiне.
Трэба ж было неяк выпраўляць "памылку" дарослых!
ЛУЧЫННIК
Як змянiлася наша жыццё! Ды i мы змянiлiся ў гэтым жыццi, зрабiлiся iншымi, "цывiлiзаванымi".
Адзiн толькi прыклад. Паехаў я нядаўна на выхадныя днi ў сваю Карпiлаўку, а там па нейкай прычыне пагасла электра-святло.
Справа была восенню, цямнее рана, вечары доўгiя - што рабiць без святла? Нi пачытаць, нi папiсаць. Але ў вёсцы на такi выпадак у кожнай хаце ёсць яшчэ газавая лямпа. Ёсць такая лямпа i ў мяне. Далiў я ў яе газы, падкруцiў кнот i - цемра разбеглася па вуглах. Паставiў лямпу ля ложка - ляжу сабе, чытаю. Начытаўшыся, пайшоў на двор дыхнуць перад сном свежага паветра, зiрнуць на зоркi. Заходжу ў хату i... Бог ты мой! Дыхаць няма чым! Смурод ад перагарэлай газы вочы выядае...
Як змянiлiся мы ў гэтым жыццi!
Раней, у гэтай жа Карпiлаўцы, газавая лямпа была адзiным, шыкоўным святлом. Жыў я i рос пры iм, перачытаў доўгiмi зiмовымi начамi мноства розных кнiг i нi разу не заўважыў, што газавая лямпа дае нейкi там пах. Пераборлiвымi зрабiлiся мы, далiкатнымi...
Але ж папярэднiцай газоўкi i газавай лямпы была лучына. Пры яе асвятленнi праходзiлi пасля вайны доўгiя вечары, рабiлася ўся хатняя работа, збiралiся аднавяскоўцы пацешыць адзiн аднаго жартамi ды прымаўкамi. Пры святле лучыны мама залатвала нашу латаную-пералатаную вопратку.
Звычайна ведалi, у каго сёння вечарам будуць збiрацца "на сяло", таму гаспадары рыхтавалiся да такой сустрэчы, прыбiралi ў хаце, шчапалi дадаткова лучыну.
Калi надышла чарга збiрацца ў нашым трысценi, мы таксама "заварушылiся" i сустрэлi суседзяў як падабае. Асаблiва вялiкае шчасце выпала на маю долю, бо мама мяне папярэдзiла:
- Ты, сынок, сёння вечарам будзеш мяняць лучыну! Глядзi ж, каб не згасалi яны!
Даверыць пяцiгадоваму хлопчыку такую адказную справу - гэта не жартачкi. У мяне ў грудзях усё пякло i гарэла ад усхваляванасцi i нецярпення.
I вось пачалi збiрацца аднавяскоўцы. Я - на сваiм адказным пасту - на печы. Побач са мной - цэлая куча тонка пашчапанай, высахлай лучыны. Адна лучынка ўжо гарыць, пускаючы да столi тонкi i вiхлявы струменьчык чорнага дыму. Звычайна лучыну ўторквалi ў рог печы памiж дзвюх цаглiн, адкуль папярэдне выкалупвалi глiну...
Якiя гэта былi цудоўныя гадзiны майго жыцця! Дарослыя вядуць сваю шумную размову, смяюцца, жартуюць, а ты сочыш за агеньчыкам на лучыне, запальваеш новую, ушчэмлiваеш яе памiж цаглiн, а "агрызак" асцярожна кладзеш на печ ля сябе i затушваеш. Твае сябры стаяць "кучкай" ля дзвярэй, слухаюць байкi дарослых i з зайздрасцю назiраюць за тым, як ты "забяспечваеш" святлом гэтую цiкавую вечарыну.
Цi ж заўважалi мы тады куродым i смурод ад лучыны! Мы былi ўдзячны ёй, яе цьмянаму святлу, яе вясёламу патрэскванню...
Не ведаю, што адчувае спартсмен, якi "на вачах" усёй планеты запальвае на стадыёне алiмпiйскi агонь. Думаю, што нешта падобнае перажываў тады я, запальваючы адну лучыну ад другой.
КРЫЎДА
У сорак дзевятым годзе я пайшоў у першы клас. Жылi мы ў Будах, а школка была ў Лысай Гары. Далекавата было хадзiць, але ж, як кажуць, можна мiрыцца, бо iдзеш не адзiн, а з сябрамi.
Рухаемся, торбачкамi б'ёмся - жартуем. Праўда, зiмой было цяжкавата дабiрацца. Бывала, выйдзем, а перад намi - нi слядочка, акрамя, канечне, заячых ды iншых слядоў. А зiмы ж раней былi сярдзiтыя, снежныя, з завеямi ды гурбамi. Дарослым той снег даходзiў ледзь не да пояса, а пра нас i казаць няма чаго... З сiл выбiваемся, а да школкi неяк дакарастаемся. Цягнулiся дзецi пасля вайны да ведаў, як парасткi да сонца...
Спяшаюся я аднойчы ў Лысую Гару, iду подбегам, бо прыпазнiўся - сяброў хачу дагнаць. Выбег за вёску, зiрнуў направа, дзе былi агароды, - бачу, на iх, далёка за кустамi, мiльганула нейчая чырвоная хусцiна. Мiльганула i ў маёй галаве думка: "Мусiць, Амiля бульбу выбiрае, - дзень жа быў сонечны, хоць i восеньскi". Падумаў гэтак ды i забыўся адразу.
Вяртаемся пасля школы дамоў, а вёска - гудзе! Адбылася небывалая падзея адразу за вёскай, на агародах знайшлi чырвоны паветраны шар, якi запускаюць для нейкiх навуковых даследаванняў. Гэты невялiкага памеру шар быў выпушчаны ў Менску, бо на шнурочках вiсела нейкае прыстасаванне з бляшанкай, на якой быў выбiты адрас. Гэтымi шнурочкамi шар заблытаўся за куст i хiстаўся на ветры, быццам падклiкаў мяне да сябе, а я палiчыў яго за чырвоную хусцiну.
Колькi ж у маёй душы было прыкрасцi i крыўды на сябе за тое, што я самы першы ўбачыў гэтую цудоўную знаходку, але быў не зусiм уважлiвы. Разява!
А прыстасаванне з бляшанкай праз нейкi час адвезлi ў Менск па ўказаным адрасе.
КАСТУСЁВЫ СЛЁЗЫ
Надзвычай арганiзавана мы адносiлiся да яды. Чаму? Таму, што яе амаль не было, таму, што елi з адной пасудзiны - вялiзнай мiсы, якая ставiлася пасярод стала. Тут - "варон не лiчылi", завiхалiся, наколькi дазваляла спрытнасць. Наварыць мама шчаўя цi булёну якога i - толькi лыжкi мiльгаюць. Думаю, што сучасныя шпажысты зайздросцiлi б нашай спрытнасцi. Але шпажысты сёння ад голаду не пухнуць - адкуль у iх можа быць тая спрытнасць ды завiханне, якое было тады ў нас?
У кожнага ў руцэ - драўляная лыжка-самаробка, таму ляскацення па мiсе не было - адно сёрбанне чулася.
Аднойчы мама зварыла зацiрку на абед. Мiса пустая - на стале, мы - вакол стала. Аставалася толькi кульнуць зацiрку з гаршка ў мiсу, але Косцiк, мой брат, прыпазнiўся са школы. Мы не зводзiлi вачэй з мiсы, а Кастуся - няма. Чакалi, чакалi, мама i кажа:
- Пакiну я яму ў гаршку. Колькi можна чакаць? Работа ж таксама чакае, а час наогул чакаць не будзе.
Так i зрабiлi. Калi наша сёрбанне было ў разгары - адчынiлiся дзверы i ўляцеў Кастусь...
Божа мiлы! Што было! Кiнуў торбачку на земляную падлогу, сам з ровам i слязьмi забiўся ў куток:
- Вы ўсё з'елi! Вы мяне не пачакалi! Я - галодны!
Мама - да яго:
- Косцiчак, сынок! Я ж табе ў гаршку пакiнула! I клёцак многа!
Мы абступiлi беднага Кастуся - i голад прапаў. Ледзь угаварылi яго сесцi за стол, а калi, нарэшце, сеў - не завiхалiся, а далi яму магчымасць "дагнаць" нас...
Сёння я разумею, што плакаў не Кастусёк. Плакала - гора, плакала - нястача i голад.
Не дай Бог нiкому такiх слёз!
ТАРКАНЫ
Кожную ранiцу мама пачынала рабiць адну i тую ж работу - тапiла ў сажалцы тарканы. Тарканамi мама называла тое, што ноччу залазiла ў наш адзiны гаршчок, якi важна стаяў на прыпеку i чакаў ранiцу, каб прыцягнуць да сябе ўвагу i "напоўнiцца" нейкiм пойлам ды пабулькаць ля агню ў печы.
Тое пойла - яда, якая хуценька з гаршка "перабiралася" ў нашыя вечна галодныя жываты, пасля чаго гаршчок зноў важна адпачываў на прыпеку да наступнага булькання.
Але галодныя былi не толькi мы, дзецi i дарослыя, а i гэтыя чорныя, даволi вялiкiя жукi, якiх прываблiваў гаршчок сваiм пахам.
Iх набiвалася так многа, што ад iх варушэння ў гаршку па хаце iшло даволi звонкае шапаценне, быццам здалёк наблiжалася закованае ў жалеза войска.
Я з цiкавасцю назiраў, як мама падыходзiла да печы, накрывала нейкай анучай гаршчок i з iм накiроўвалася праз дарогу да сажалкi, дзе выкульвала iх у ваду.
Ноччу новае "войска" шчыльна займала "пазiцыi" i па хаце зноў разляталася шапаценне i паляскванне "даспехаў".
Адкуль яны бралiся i куды яны знiклi, тыя чорныя тарканы, цi прусакi?
Тады, пасля вайны, ад iх не было спасу, сёння - пра iх, дзякуй Богу, нi слыху нi дыху.
ВЯСЕЛЛЕ
Аднаго разу Алёшкавы гналi самагонку. Спачатку капае моцная, як агонь, пяршак, потым ужо - сярэдняй моцнасцi, i чым далей - тым слабейшая, а ўжо ў самым канцы - амаль вадзiчка, так званы адгон. Самагонку потым размешваюць у адной пасудзiне i дабiваюцца "сярэдняй моцнасцi". Канешне, хочацца мацнейшай, а з другога боку - каб было болей. Вось i спрабуе гаспадар забiць двух зайцоў - боўтае - спрабуе, боўтае - спрабуе. Бывае, так наспрабуецца, што не пазнае сваю хату...
Дык вось пасля такой "аперацыi" застаўся ў Алёшкавых збаночак такога адгону - вадзiчкi. Вылiваць вон шкада, можа, калi i вып'ецца - пах жа ёсць. Але не доўга стаяў той збаночак. Аднойчы я i дачка Алёшкавых Таня забаўлялiся нечым у iхняй хаце i знайшлi гэтае зелле.
- Давай будзем гуляць у вяселле! - прапанаваў нехта з нас, i "вяселле" пачалося. Гэты адгон, якi амаль не меў градусаў - вадзiчка для дарослых, а для пяцiгадовых дзяцей - не давядзi Гасподзь!
Мы з Таняй выпiлi па аднаму разу - нам, як кажуць, "захарашэла", пасля чаго, паддаючы адно аднаму iмпэту, выпiлi ўсё...
Танiна мацi знайшла нас на падлозе беспрытомнымi.
Вёска ёсць вёска, i калi мяне мая мама прынесла на руках дамоў, "гледачоў" было - хоць адбаўляй. Мама нада мной б'ецца, ратуе (цi ж гэта жарт?), а ўсе астатнiя - рагочуць.
Трошачкi апрытомнеўшы, я пачаў кiдацца бiцца да дарослых, але ногi мяне не трымалi, i я ляцеў стоць носам. Зноў спрабую кiнуцца бiцца, зноў - тырчком. Вось тут ужо можна i парагатаць - п'яны верабей кiдаецца бiцца да цвярозых людзей...
Пасля гэтага "вяселля" мяне доўга звалi збаночкам адгону.
ВАРГОЛЫ
Столькi ўжо рознага пiсана-перапiсана пра гарбату, столькi ўжо чытана-перачытана пра яе смак, сарты i якасцi ды пра спосабы заварвання i ўжывання, што неяк боязна пiсаць пра сваю "гарбату", якую мы пiлi доўгi час пасля вайны...
А сёння да вядомых сартоў краснадарскай, iндыйскай, цэйлонскай ды кiтайскай далучылася вялiкае мноства разавых пакецiкаў бананавай, ананасавай, цытрынавай, клубнiчнай i... не хопiць гэтай старонкi пералiчваць усе тыя назвы гарбаты, якiя невядома з чаго зроблены ды адкуль з'явiлiся.
Сёння раяць: трэба пiць гарбату без цукру, каб яе "букет" адчуць кожнай клеткай свайго арганiзма. Хто яго ведае - можа, яно i гэтак!
Не чуўшы гэтай мудрагелiстасцi, мы пасля вайны i пiлi сваю гарбату "па-эўрапейску" - без цукру, бо яго, на жаль, у нас нiколi не было...
Тут можна i нагадаць шчымлiвы тэлевiзiйны матэрыял, калi, пасля вызвалення ад немцаў нейкага населенага пункта, дзiцяцi далi кавалачак цукру, а яно, беднае, не бачыўшы нiколi гэтай смакаты ў сваiм гаротным маленькiм жыццi, гуляла з цукрам, як з прыгожым белым каменьчыкам...
Мы пасля вайны былi больш дасведчаныя, чулi пра цукар, ды мець яго пакуль не даводзiлася.
Але ёсць цукар цi няма яго, а гарбату пiць трэба - гарачага ж хочацца, кiшкi ж пагрэць трэба.
Летам было лягчэй "заварыць" гарбату - то ягадзiну якую мама кiне ў гаршчок, то травiну нейкую, а зiмой - цяжэй.
Бывала, калi тата iшоў у лес, каб прынесцi дроў у печ, заадно выламваў i дудкi малiннiку, тады гарбата была сапраўдная. Але часцей за ўсё ўжывалi мы самы надзейны сорт гарбаты - "варголы". Гэта значыцца - чыстая вадзiчка, голы вар.
Вы спытаецеся, а чаму не збiралi летам i не сушылi розныя травы, каб зiмой сядзець "пры гарбатцы"? I сапраўды, гэта ж так проста - пайшоў, гуляючы ды адпачываючы, прыпяваючы ды прысвiстваючы - збiрай сабе пахучыя кветкi i духмяныя травы...
Аказваецца, гэта было зусiм не проста, амаль немагчыма. На ўсё гэта не заставалася нi сiл, нi часу пасля штодзённай, ад цямна да цямна, ледзь не катаржнай працы ў калгасе. А калi ўрывалi якую гадзiну-дзве - усёй сям'ёй, старыя i малыя, навальвалiся на шчаўе, ды пёр нехта адзiн на гарбе гэты мех у Менск, каб прадаць яго ды прыдбаць хлябец...
Вось i пiлi мы з задавальненнем варголы - наш "сорт" гарбаты, пра якi за мяжой i вухам не чулi. Куды iм? Цемра!
Аднаго разу ў наш спарахнелы трысцень "увалiлася" вялiкае свята - прывёз тата з Менска кавалачак цукру. Ён i сапраўды быў падобны на камень, ды i крэпкi, як крэмень. Тата закруцiў яго ў нейкую тканiну, каб не згубiлася нi крошачкi, i пачаў малатком разбiваць той кавалачак цукру на зусiм маленькiя кавалачкi. Мы ўсёй сям'ёй, не дыхаючы, сачылi за вузельчыкам, якi ад удараў малатка смачна пахрустваў i сплюшчваўся. Тата асцярожна раскруцiў тканiну, расклаў на стале маленькiя, з вострымi краямi, кавалачкi белага цуду, старанна вытрас на стол i згроб у кучку тое, што ператварылася ў цукровую муку i... мы не "па-эўрапейску", а па-сапраўднаму, па-людску пачалi пiць свой "варголы". Што гэта быў за цукар!
...Сёння сучасны рафiнад, толькi памачы яго цi вазьмi ў рот, ён як рассыплецца, цукрынка ад цукрынкi "адпiхваецца", як i мы, сучасныя людзi, адзiн ад аднаго...
А той кавалачак цукру ляжыць сабе ў роце, дае салодкасць i амаль не растае. Можаш выпiць хоць тры кварты голага вару, а кавалачак цукру "не паддаецца", ляжыць на языку роўненька. Асалода!
А як смачна пiў тата гарбату з тым цукрам! Кубак алюмiнiевы, награецца, як i сам вар, - у руцэ-то яго тата трымае, бо рукi загрубелыя, да ўсяго звыклыя а вось да рота кубак не даткнуць. Таму тата вар "усёрбваў" з паветрам, не дакранаючыся вуснамi да пасудзiны. Сербане, цмокне языком, на якiм ляжыць той "жывучы" кавалачак цукру, потым глыне вадзiчку i з задавальненнем выдыхае працяглае, прыглушанае "а-а-а"...
I гэтак раз за разам: сёрб - цмок - а-а-а... сёрб - цмок - а-а-а...
ЗЛАДЗЮГА
Прыехалi ў нашу вёску з Менска да суседзяў нейкiя сваякi цi знаёмыя. Прыехалi, пагасцiлi i ад'ехалi дамоў.
У той сям'i, да якой яны прыязджалi, была дзяўчынка Аня, мая аднагодка, з якой мы штодня сустракалiся, гулялi, сябравалi.
Заскокваю я пасля тых гасцей у хату да Анi i - слупянею. Аня трымае ў руках... нават не ведаю што! З чым тады я мог параўнаць тую прыгажосць?! Сярод пасляваеннай шэрасцi, беднасцi, нястачы - нiчога падобнага мне нi разу не сустракалася. Нават каляровыя сны пасавалi перад цудам, якi зiхацеў у Анiных руках ярчэй за вясёлку.
Гэта была перламутравая бляшанка, уся ў рознакаляровых гарошынках, у якой некалi былi цукерачкi-ледзянцы. Якiмi толькi фарбамi не пералiвалася яна! Мне падалося, што знiк увесь свет, знiк i сам я - засталася толькi гэтая кругленькая яскравая бляшаначка, якая вабiла i палонiла сэрца.
"Адслупянеўшы" сваё, я папрасiў у Анi патрымаць гэты цуд, трапятлiва ўзяў у рукi i не мог нагледзецца. Пакручваў то адным, то другiм бокам да святла, то адкрываў, то закрываў вечачка, не забываючыся кожны раз панюхаць усярэдзiне.
Час праляцеў iмгненна, трэба было вяртацца дамоў, трэба было знайсцi сiлы выпусцiць з рук гэтую прыгажосць.
Але атрымалася ўсё само сабой так, што з хаты я пайшоў непрыкметна для ўсiх, а цудоўная бляшаначка засталася ў маiх руках.
Прыбег дамоў, паставiў бляшаначку на стол - далюбоўваюся! Цешуся - не магу нацешыцца! Мне вельмi добра i прыемна...
А там? У Анi?.. Там ужо зараўлi ў адзiн голас усе так, што ледзь шыбы ў вокнах не палопалiся:
- Прапала бляшаначка! Дзе бляшаначка? А-а! Гэта апошнiм быў Сяргей! Ён i ўкраў яе!..
Прыпёрлiся ўсёй табалой - i старыя, i малыя - у нашы "харомы", а я сяджу сабе спакойненька ды пакручваю бляшаначку ў руках.
- Дзякуй Богу! Вось яна! - крыкнулi зноў жа ў адзiн голас. - А мы баялiся, што ты яе ўжо збяёдваў!..
Схапiлi з рук "маю" бляшаначку i - гуртам дамоў. Ужо на парозе нехта кiнуў мне, замест бляшаначкi:
- У-у! Зладзюга!
Не ведаў я тады, што гэта за слова такое, бо "зладзюгу" было ўсяго чатыры гадкi...
Дзякуй усiм святым за тое, што за доўгае маё жыццё, акрамя той бляшаначкi, нiчога нi ў кога болей не ўкраў.
ГРУПАВЫ ЗАПЛЫЎ
У Будах, ля самай дарогi, была пасля вайны (ёсць яна i сёння) сажалка. Тады, у маленстве, яна здавалася агромнiстай i глыбокай. Сёння - сажалачка выклiкае спачувальную ўсмешку. Што ж, сталасць глядзiць на свет другiмi вачыма.
З аднаго боку над ёй нахiлiлiся зморшчаныя, пакручаныя часам вербы, якiя глядзелiся ў ваду i, здавалася, не верылi, што гэтак хутка ляцiць час i яны састарэлi. На тыя вербы любiлi ўскарабквацца вясковыя хлопцы, каб на самаробны кручок, прывязаны да нiткi, злавiць якую-небудзь рыбiну. А рыбы хацелася, як дурню стрэлiць, бо ад пасляваеннага голаду не было спасу - грыз на хаду.
Сярод нас, макраносых хлапчукоў, былi i падлеткi, якiя зразумелi, што самаробны кручок не накормiць. Кiнулi яны гэтую пацеху нам, меншым, а самi, з дапамогай дарослых, сплялi вялiкi кош, палезлi з iм у ваду i давай цягаць яго па дне, зачэрпваючы гразь. А ў гразi на дне, як вядома, любяць адпачываць гультаi-карасi. Закапаюцца з галавой у цiну i спяць сабе з асалодай, ледзь не пахрапваюць. Вось гэтую гразь i боўталi ў кашы, вымывалi яе, а зазяваўшаяся рыбiна бiлася ў дно, у сцены каша, ды было позна - праспала сваё жыццё. Чэрпалi гразь i мылi, чэрпалi i вымывалi, як тыя золатаздабытчыкi. Але што золата! Яго не ўгрызеш, не з'ясi! Рыбiна была тады для нас даражэй за золата.
Падзiвiцца на першы ўлоў сабралася амаль уся вёска. А справа iшла даволi спрыяльна - амаль з кожным зачэрпваннем трапляла рыбiна, а то i дзве. Але раптоўна нячыстая сiла падкруцiла ў кош вялiзнага карася. Во - даўжыня! Во шырыня! Як рыдлёўка! Папярэднiя былi з даланю, а гэты - на ўвесь кош. Парсюк не карась!
Выцягнулi яго на бераг да ўсёй рыбы, пазахаплялiся, пагаманiлi i пачалi дзялiць улоў. Дзялiлi-дзялiлi, цешылiся ды пагаджалiся, а як дайшло да "рыдлёўкi" - загулi, заспрачалiся. Спрэчка ператварылася ў свару. Кожны з удзельнiкаў таго лову i тыя, што плялi кош, хацелi прыпёрцi карася-волата дамоў. I да таго распалiлiся "мiтынгуючыя", што следам за мацюкамi гатовы былi пайсцi ў ход кулакi. Але адзiн з рыбакоў, самы гарачы i рашучы хлапец, схапiў карася i з дарогi, дзе ўсе стаялi, з усёй сiлы кiдануў у ваду. Ды так моцна, што той, апiсаўшы ў паветры дугу, гулка плюхнуўся на сярэдзiне сажалкi. Гэтае падзенне з вышынi аглушыла карася, i ён белай нерухомай плямай пагойдваўся на вадзе, шырока разганяючы кругi. Усе аслупянелi, але толькi на iмгненне. Убачыўшы, што карась роўненька ляжыць на вадзе, нiбы дражнiцца, усе - хто ў вопратцы, хто галяком - шуганулi ў ваду, i яна закiпела ад дзесяткаў сквапных i спрытных рук i ног. У нас, мелюзгi, што стаялi на беразе, перахапiла дыханне - такое гэта было вiдовiшча.
Тым часам адлегласць памiж аглушаным карасём i азартнымi рыбаловамi хутка скарачалася. Усе разумелi, што карась пакуль што нiчый i першы, хто дакранецца да яго, будзе ўладальнiкам рыбiны. З берага мы не бачылi нi лiдэраў, нi аўтсайдэраў, бо сцяна пырскаў закрывала iх ад нашых вачэй.
Калi ж да карася заставалiся лiчаныя метры, ён, не будучы дурнем, прыйшоў у сябе, крануў з лянотай раз-другi хвастом, глянуў пасалавелымi вачыма на звар'яцелых сваiх крыўдзiцеляў i - даў нырца на глыбiню, каб у сваёй любiмай цiне працягнуць перарваны сон.
ЖАЛЕЗНАЯ ХМАРА
Быў звычайны летнi дзень сорак пятага года. Дарослыя - працавалi, дзецi ладзiлi свае няхiтрыя гульнi: хто капаўся ў пяску, а больш спрытныя ушчэмлiвалi памiж ног палку i гойсалi, "скакалi на канi". I працавалася, i гулялася ў ахвоту, бо толькi-толькi скончылася вайна - нi табе стрэлу, нi выбуху - жывi колькi ўлезе!
Рамптам спынiлася праца, прыпынiлiся гульнi, нават птушкi сцiхлi. Нiхто выразна не мог растлумачыць - што ж здарылася? Першымi гэта адчулi i пачулi не вушы, а сэрцы. Адчулi, як той барометр "чуе" буру за сотнi вёрстаў. Знявечаныя вайной сэрцы дарослых i дзяцей не памылiлiся, бо хутка i вушы ўчулi цяжкi i трывожны гул, якi наблiжаўся i накрываў сабой усiх i ўсё. Цяжка было разабрацца, адкуль i што раўло, але роў рабiўся мацнейшым i з кожнай хвiлiнай больш страшным. Ён халадзiў кроў, прыцiскаў нас да зямлi, якая пачала нервова падрыгваць, аддаючыся ў нашы акамянелыя ногi.
I вось на гарызонце паказалiся першыя самалёты, якiя ляцелi не вельмi высока i, як нам падалося, вельмi шчыльна. Iх наплыло так многа, што не было бачна нi неба, нi сонца. I хоць гэта ляцелi нашы, родныя, свае, але жах дабiраўся да касцей, бо вайна яшчэ лютавала ў кожнай душы.
А самалёты раўлi i раўлi, плылi хваля за хваляй - здавалася, што яны вiселi над намi i канца гэтаму не будзе. Адкуль яны ляцелi i куды - невядома.
Нарэшце жалезная хмара праплыла, гул паступова аддалiўся. А мы ўсё стаялi акамянелыя, не ў сiлах варухнуцца i не ведалi, што больш страшныя хмары павiснуць над нашымi лёсамi, ператвараючы ўсё жывое ў паслухмяную акамянеласць.
МЕЗIН
У кожнай вёсцы, у кожнай мясцовасцi ёсць нешта сваё, адметнае, самабытнае, толькi тут народжанае.
Ад сваёй гаваркой мамы я "набраўся" столькi цiкавых, неўжываемых афiцыйнай мовай слоў, што хапiла б iх на слоўнiк. Я iмкнуўся цiхенька "ўткнуць" iх у якi-небудзь твор, каб рэдактары цi карэктары не заўважылi i не выкiнулi бывае, i праслiзне мамiна слоўка. Напрыклад, у гумарэсцы "Галёшы" замест насавой хустачкi прыжылося мамiна "насацёрка". Жыве i ў паэме "Люстэрка лёсу" мамiна "стоць носам". Тоўсценькае дзiця мама называла - "камлюк", а хлапчука, на якiм скура гарыць, - "вырвус". Прыехалi мы з ёй аднойчы ў Менск, а мама мне i кажа:
- Глянь, сынок! Вулiца ад людзей ломiцца!..
Можна многа пiсаць пра мудрасць i самабытнасць нашых продкаў, галоўнае, не трэба пужацца тых слоў, якiя не пагаршаюць нашу мову.
Сёння прыйшло на памяць слова, якое чуў адразу пасля вайны ў Будах, а пазней, за ўсё жыццё - нi разу. Адкуль яно ўзялося, чаму не прыжылося i знiкла - не ведаю.
Звычайна вясковая малеча-галеча ладзiла свае гульнi гуртам - так больш пiску i крыку, а значыцца, i весялей. Носiцца такая шумная завiруха па вёсцы з канца ў канец, ажно шыбiны падзынкiваюць у вокнах. Вакол дзяцей, не адстаючы, выпiсваюць кiлбасы iх надзейныя сябры - схуднелыя вясковыя сабакi.
Вось гэтыя сабакi i падаюць першымi сiгнал, што да вёскi наблiжаецца той, каго i дзецi, i сабакi з гiканнем i гаўканнем праводзяць аж за апошнюю хату.
- Мезiн! - крыкне хтосьцi першы, i ўжо дзесяць цi дваццаць галасоў, узмоцненых сабачым брэхам, падхопяць яго i iмчацца з гвалтам насустрач таму, хто выклiкаў гэткую буру хлапеча-сабачых эмоцый.
- Мезiн! Мезiн! Мезiн!.. Гаў! Гаў! Гаў!..
Сумнае i страшнае гэта было вiдовiшча. У вёску заходзiў бяздомны, беспрытульны, да апошняй нiткi абарваны, да апошняй костачкi схуднелы чалавек. Са шматлiкiх дзiрак выглядвае чорнае ад бруду цела, гэткi ж чорны твар абляпiла доўгая зблытаная барада, у руках - кiёк, на плячы - пустая торбачка. Вось далёка не ўсё, што ўвасабляла ў сабе слова "мезiн". Гэта быў звычайны для таго часу жабрак, да глыбiнi свайго гаротнага лёсу знявечаны падзеямi апошнiх гадоў. Гэта быў звычайны чалавек, толькi перамолаты аднаму яму вядомымi жорнамi нястачы i пакутаў.
- Мезiн! Мезiн! - гарлапанiла, абшарпаная да пят, хлапечая хеўра, якая па сваёй "заможнасцi" недалёка адкацiлася ад бяздомнага бедака.
- Гаў! Гаў! - свiрапелi не менш галодныя i худыя сабакi.
Лiтасцiвыя жанчыны адрывалi ад свайго стала адну-дзве бульбiны i працягвалi знявечанай жывой iстоце. Хлеба пакуль не было нi ў кога.
Мы, трох-чатырохгадовыя дзецi, сцiснуўшыся ў камочкi, з цiкавасцю i жахам пазiралi на гэтае страшнае падабенства чалавека, i незнаёмае слова "мезiн" пужала нас больш, чым ён сам сваiм жудасным выглядам.
- Мезiн! Мезiн! Гаў! Гаў!..
- Беражы цябе Бог! - шапталi мiласэрныя жанчыны.
Праз тыдзень-другi такое "шэсце" паўтаралася зноў, бо вайна напладзiла столькi гора, што яно доўгi час пасля яе заканчэння тулялася ад вёскi да вёскi, ад лёсу да лёсу, ад пакалення да пакалення.
Сёння ў Менску за кожным вуглом дома, у кожным падземным пераходзе сядзяць i стаяць з працягнутымi рукамi-нашы сучасныя "мезiны", на якiх не звяртаюць увагу нi "вярхi", нi "нiзы", i да iх не датычыцца вядомае: "Вайна ўсё спiша".
ПОСIК
Нарэшце i наша сям'я разжылася на парсючка. Збiрала мама крапiву, секла секачом, заварвала разам з лушпаямi ад бульбы, дадавала конскiх "круглячкоў", усё гэта размешвала i - прыемнага апетыту! Куды было дзявацца таму парсючку еў, ажно за вушамi патрэсквала. А як наесца - брыкнецца на бок i парохквае значыцца, у жываце музыка загучала.
Рос ён па такой ядзе слаба, таўсцеў - яшчэ слабей, мог праз плот працiснуцца i не ўшчамiцца.
Восенню крапiва пайшла "на адпачынак", лушпаяў было мала, ды i не цярпелася хутчэй скабку абсмактаць - таму абкацiў тата парсючка i закалоў яго. Шкада было, ды такая ўжо свiнячая доля.
Але не сала i не скабкi мне запомнiлiся, хоць у маiм жыццi гэта быў самы першы, а таму - самы смачны парсючок. Запомнiлася другое. Аказваецца, з парсючка можна зрабiць не толькi прысмакi, але i цiкавую, мала каму вядомую цацку.
Разрэзаўшы парсючку падбрушша i выцягнуўшы ўнутранасцi, тата нам кажа:
- Зараз, дзеткi, я вам шарык надзьму, нясiце хутчэй нiтку!
Знайшоў сярод кiшак нейкую пляву, асцярожна дастаў яе.
- Гэта посiк! - i пачаў яго надзьмуваць...
Гэта быў мачавы пузыр, але яго чамусьцi ў нашай вёсцы называлi адным словам "посiк". Калi ён яшчэ свежы, цёплы, то вельмi мяккi, эластычны i пры надзьмуваннi расцягваецца, як сапраўдны паветраны шарык, толькi шараватага колеру.
Тата яго надзьмуў, моцна завязаў нiткай i павесiў над печчу, папярэдзiўшы нас, што чапаць яго, пакуль не высахне, нельга.
I сапраўды, назаўтра, калi высахла слiзь, ён зрабiўся лёганькi i амаль зусiм белы, з ледзь бачнымi пражылачкамi. Калi па iм цiхенька стукнуць пальцам, ён гулка адзываўся, як барабан.
Той, першы ў маiм жыццi, паветраны шарык быў недаўгавечны - хутка патрэскаўся i развалiўся на кавалачкi.
ПАМЁР СЯРОЖКА...
Памёр Сярожка... Памёр мой родны брацiк, калi я яшчэ не з'явiўся на гэтым цудоўным i пакутлiвым свеце...
Ён быў восьмы, магчыма - апошнi ў нашай сям'i.
Няўжо ён, маленькi - да годзiка, "саступiў" мне дарогу, падараваў жыццё, сышоўшы ў магiлку?..
Калi нарадзiўся я, мама перадала мне iмя той папярэдняй крывiначкi, якая скацiлася ў родную зямлю, i ад гэтай зямлi жывым мяне не адарваць.
А цi ж лёгка мне несцi крыж свой i таго Сяргейкi, якому не суджана было цешыцца i сумаваць, смяяцца i плакаць, любiць i яшчэ тысячы разоў любiць тое, што завецца жыццём...
Калi нарадзiўся я, суседкi абуралiся:
- Зося! Што ты робiш? Цi ж можна даваць народжанаму iмя таго, хто перад iм сышоў у зямельку? Дрэнная прыкмета!..
Малайчына мама! Не пабаялася i не памылiлася!
Жыву ж я, дзякуй Богу, больш за паўвека, i ў маiм сэрцы жыве той маленькi Сярожка, чыё светлае iмя я нашу.
ПАГАРЭЛЬЦЫ
Пасля вайны ўсiм жылося нялёгка. А чаму ж нам, нашай сям'i, спытаецеся вы, было найгорш за ўсiх? Можа, я трошкi перабольшваю, каб выклiкаць у вас спачуванне? Не! Наадварот, я пазбягаю закранаць тыя зусiм жахлiвыя, неверагодныя цяжкасцi, якiя сапраўды амаль немагчыма ўявiць. На мой погляд, я апiсваю звычайнае пасляваеннае дзяцiнства, тыя маленькiя кавалачкi жыцця, якiя, дзякуй Богу, высветлiлi промнi памяцi.
Дык чаму нам жылося ў тых жа Будах горай за ўсiх? Таму, што пасля сканчэння вайны ў Беларусi былi тры катэгорыi гаротных людзей, якiя адрознiвалiся адзiн ад аднаго даволi значна. Першая катэгорыя - гарадскiя жыхары, другая - вясковыя. А ўжо з вясковых жыхароў вылучалiся самыя найгаротнейшыя людзi i пагарэльцы.
Уявiце чалавека, якi пасля вызвалення родных мясцiн вярнуўся на сваю сядзiбу, у сваю ацалелую хату. Запусценне, бедната, голад. Але, з другога боку - дах над галавой, нейкiя чарапы, нейкае адзенне, тапор, рыдлёўка, лыжка, мiска. Зноў ты хоць i бедны, а гаспадар, табе ёсць з чаго пачынаць, ёсць ад чаго адштурхнуцца.
А цяпер уявiце пагарэльцаў - нас, напрыклад. Немцы наляцелi ў вёску, калi мы яшчэ спалi, пазганялi ўсiх у свiран у чым былi. Як мы засталiся жывымi адзiн Бог ведае. Вёску з усiм нашым небагатым скарбам спалiлi. I сёння яшчэ выворваецца i аплаўленая цэгла, i аплаўленае шкло...
Частку вайны мы прагаравалi з партызанамi, было страшна, але ж i нейкi булён перападаў. Потым на Палiку трапiлi з партызанамi ў акружэнне ратавалiся хто як мог. Ляцелi па лясах па каленi ў крывi. Што мы мелi, вярнуўшыся ў родную Карпiлаўку пасля яе вызвалення? Акрамя вошай, якiя вiселi на нас шышкамi, - нiчога! Вугельчыкi ад нашага дома i тыя параслi крапiвой i палыном. З вялiкай цяжкасцю мама, без рыдлёўкi, ледзь не зубамi, выкапала зямлянку, у якой, акрамя яловых лапак, нiчога не было.
Вярталiся суседзi, хто выжыў, i таксама, як краты, зарывалiся ў зямлю.
А чым кармiць дзяцей? Мама хадзiла па навакольных няспаленых вёсках прасiла ў людзей лушпаi ад бульбы, - людзi давалi гэтыя лушпаi, бо мама казала, што дзецi памiраюць з голаду. Гэтым i ратавалiся ад смерцi.
З такiм багаццем мы перабралiся ў Буды, дзе пасялiлiся ў гнiлы, дзiравы калгасны трысценак. Але гэта ўжо была не зямлянка, можна рызыкнуць i зiмаваць. Разжыцца было вельмi цяжка. Калгас нiчога не плацiў за працу, лесу, каб пабудавацца, не даваў, насення не было. А няма насення - няма i ўраджаю, няма ўраджаю - зноў голад...
Выручалi сваякi, якiя жылi ў Менску, - аддавалi рознае непатрэбнае адзенне. Iм яно было непатрэбнае, нам - шык.
Вярнуўся з вайны тата, прывёз адзiны трафей - нямецкi гармонiк. Гэты гармонiк нас калi-нiкалi выручаў. Жыццё не супынiлася, людзi жанiлiся, моладзь хацела танцаў, а без гармонiка - што за вяселле, што за вечарынка? Тата быў надзвычай здольным гарманiстам, ён быў нарасхоп. З вяселля ж ён вяртаўся дамоў - з кавалкам хлеба i са шматком сала.
Вось так памаленьку мы, пагарэльцы, карабкалiся з нястачы, намнога адстаючы ад астатнiх.
ПЫТАННЕ
Вайна не шкадавала нiкога. У яе пражорлiвым полымi загiнулi мiльёны людзей i старых, маладых, дзяцей...
За пасляваенныя дзесяцiгоддзi да тых загiнуўшых мiльёнаў далучылiся i працягваюць далучацца новыя мiльёны ненароджаных людзей, якiя застаюцца ўмоўнымi неадушаўлёнымi лiчбамi, няздольнымi прадоўжыць род чалавечы. Лiк ненароджаных, а значыцца, забiтых, павялiчваецца ў геаметрычнай прагрэсii, канца гэтаму не будзе. Вось што такое вайна...
Усе гады свайго жыцця я шукаў адказ на адно пякучае пытанне: чаму нас, карпiлаўцаў, немцы сагналi ў калгасны свiран, каб спалiць, як спалiлi Лясiны з iх ста дваццаццю сем'ямi, але ў апошнi момант прапусцiлi скрозь рады кулямётаў i далi магчымасць пайсцi ў лясы? Вёску спалiлi, а людзей выпусцiлi... Чаму пашкадавалi?
Вёска знаходзiлася ў зоне актыўных партызанскiх дзеянняў, партызаны былi частымi "госцямi" ў Карпiлаўцы, мама нават выконвала iх заказ - пякла хлеб. Можа, немцы пра гэта прама i не ведалi, але, пэўна, здагадвалiся, бо вёску проста так не спалiлi б. Не ведалi немцы i таго, што старэйшы мой брат Коля партызанiў у гэтых мясцiнах. Немцы палiлi ў нашай мясцовасцi вёскi з людзьмi "гуляючы". Толькi пачуюць, што партызаны наведалi якую-небудзь вёску, - палiлi яе з людзьмi без разбору. Што ўжо казаць пра нашу, з якой, як я ўжо казаў, партызаны "не вылазiлi"!
Доўгi час нашай выратавальнiцай я лiчыў настаўнiцу Марыю Аляксандраўну Васiлевiч, аднавяскоўку. Многа разоў гутарыў з ёй пасля вайны, гутарыў з многiмi людзьмi - сведкамi тых падзей, але не ўсё, як кажуць, стыкавалася, нечага цi некага ў той дзеi не хапала - не хапала галоўнай дзеючай асобы.
I вось зусiм нядаўна даведаўся пра наступнае: аднекуль у немцаў-карнiкаў, што "прасейвалi" нашу акругу, з'явiўся новы перакладчык. Хударлявы, валасы прамыя, светла-русыя, амаль белыя, зачэсаныя назад. Хто ён быў i адкуль невядома. Як яго прозвiшча - невядома. Нiчога пра яго невядома. Прасачыўся памiж людзей слых, быццам ён недзе некаму шапнуў: "Пакуль я ў немцаў перакладчыкам - людзi гарэць не будуць".
Гаварыў ён так цi не - таксама невядома. Але людзi сапраўды перасталi гарэць. Тое, што гэты знешне непрыкметны чалавек быў з немцамi ў Карпiлаўцы, калi вырашаўся наш лёс, - гэта так.
Вось i ўсе звесткi пра гэтага таямнiчага незнаёмца. Ёсць яшчэ адна несуцяшальная i сумная: неўзабаве немцы павесiлi яго ў Заслаўi. Потым лёталi па вёсках на конях прадстаўнiкi партызанскай брыгады - усё пыталiся, можа, хоць хто, хоць што ведае пра таго чалавека... Так ён i пайшоў з жыцця невядомым i, магчыма, гераiчным. Не выключана, што яму i хутчэй усяго яму я абавязаны сваiм выратаваным жыццём.
Нiзка схiляюся перад iм за тое, што разам з узняўшымся попелам ад спаленых карпiлаўскiх хатаў не было майго попелу...
СУСТРЭЧА
Нарэшце вызвалiлi Менск ад немцаў. Хутчэй не Менск, а тое, што ад яго засталося - горы бясформеннага бетону, бiтай цэглы, закураныя астаткi дамоў.
Птахам разляцелася па Беларусi вестка, што рыхтуецца партызанскi парад. Удзельнiкi вызвалення беларускай сталiцы пройдуць урачыстым маршам па вулiцах горада i ля ацалелага Дома ўрада.
Вестка гэта даляцела i да нашай вёскi. Мама захвалявалася, зазбiралася ў Менск - недзе ж партызанiў яе сын Коля - мой старэйшы брат. Пра яго лёс даўно не было нiчога чуваць, а на вайне да бяды недалёка.
Пайшла мама ў Менск - авось дзе сярод партызан пашчасцiць убачыць яго. Пайшла пешшу, спяшалася, каб паспець да прызначанага часу.
Людзей, падобных маме, было так многа, а жывая партызанская рака цякла так магутна i шумна, што мама, як нi старалася, сына свайго не ўбачыла. Ад хвалявання, напругi i страху прапусцiць, не заўважыць самага для яе роднага, самага галоўнага чалавека ў шматтысячнай калоне партызан - перад вачыма ўсё паплыло, змяшалася са слязьмi...
Назад iшла зноў жа пешшу. Ды i пасля вайны, доўгiя гады, схадзiць пешшу ў Менск i аб адзiн дзень вярнуцца назад - лiчылася звычайнай справай.
Сёння чалавек будзе душыцца, палiць нервы, лаяцца, цiснуцца ў перапоўнены аўтобус цi тралейбус, а пешшу не пройдзе нават аднаго прыпынку. Распанелi...
Iдзе мама дамоў, нясе ў сэрцы страшны груз невядомасцi. А што, калi забiлi? А што, калi трапiў у палон?..
Iдзе мама, выцiрае гарачыя слёзы, гонiць ад сябе чорныя думкi. Прытамiлася i села ў вёсцы Дубаўляны пад плот адпачыць, сiл набрацца.
Адпачыўшы, устала, каб iсцi далей, - паглядзела ў бок Менска i вачам не верыць. Хацела кiнуцца з месца, дзе стаяла, i не змагла - ногi падкасiлiся, самлелi, з вачэй пацяклi слёзы радасцi i шчасця. З-за пагорка, на дарозе паказаўся Коля, якi шпарка джгаў у напрамку сваёй вёскi. Яго хаду i потым, пасля вайны, немагчыма было зблытаць з нечай, настолькi спрытна i лёгка ён перастаўляў ногi.
Коля, пасля партызанскага параду, адпрасiўся ў камандзiра на дзень, каб даць вестачку родным, што жывы, яшчэ здольны моцна трымаць у руках зброю...
Даўно няма ў жывых Колi, пайшла з жыцця i мама, а я, з году ў год, кожны раз, едучы ў Карпiлаўку, адчуваю шчымлiвасць у сэрцы ля таго святога для мяне месца.
ПАГОНЯ
Калi мяне на досвiтку расштурхаў i падняў з пасцелi мой брат Коля, я, прадзёршы вочы, i не думаў, што праз якую гадзiну-дзве стану ўдзельнiкам надзвычай хвалюючага, небывала захапляючага здарэння, якое смела можна назваць пагоняй.
Як вы думаеце, для чаго старэйшы брат падняў з пасцелi такую мелюзгу, як я, у час, калi нават сонца яшчэ не думала ўставаць? Няўжо я такi важны работнiк, што без мяне - i сонца не ўстане? Ды не! Мой брат ведаў, што рабiў! Ёсць справы, у якiх такiя смаркатыя, як я, - незаменныя асобы. Вось гэтым раннiм ранкам якраз i гатавалася такая справа...
Я апрануўся i, пазяхаючы пасля сну ды паляскваючы зубамi ад холаду, пасунуўся ўслед за братам туды, дзе ўжо гарэў агонь пад бочкай, у якой пачынала пабулькваць i барматаць брага. Убачыўшы агонь, я павесялеў i прыбадзёрыўся. Тут мне брат i кажа:
- Глядзi, каб увесь час агонь не зводзiўся, але каб занадта i не "накiдваўся" на брагу, бо яна падгарыць, - тады самагонку ў рот не возьмеш, i сам "растаў" у цемры - пайшоў даглядацца...
Што тут можна сказаць - справа дасталася мне адказная, для майго ўзросту ледзь не пасада дырэктара спiртзавода. Мала таго што я падкiдваў паленцы пад бочку з брагай - дык яшчэ i мяняў бутэлькi пасля таго, як накапвала з трубачкi, з якой звiсала ўкладзеная кудзеля - гэта дзеля таго, каб каштоўная вадкасць трапляла ў рыльца бутэлькi...
Мушу вам зараз шчыра прызнацца, што хоць i быў я малы, але наслухаўся ад дарослых пра пяршак, пра ягоны смак, моцнасць i вартасць.
Я i сёння кiлiшачак першачку не прамяняю нi на якiя французскiя каньякi...
Вось тады, ледзь толькi напоўнiлася першая бутэлька, я i "памачыў" язык не ўтрымаўся. Не скажу, што малы хлапец адчуў нейкi там смак, але, згадзiцеся, быць "гаспадаром" такога абсталявання i не зняць пробы - гэтага я не мог дапусцiць...
Сонейка ўжо ўсплыло над лесам, галава мая таксама паплыла невядома куды, сам я сядзеў i пароў кiёчкам у агонь, забыўшыся нават, як мяне зваць... Цiш! Спакой! Любата!..
Раптам у гэтую iдылiю ўварваўся востры, пранiзлiвы парасячы пiск. Мяне падкiнула з таго месца, дзе я спакойна сядзеў i займаў адказную пасаду. Мяне не проста падкiнула, а нейкая сiла панесла на той адчайны пiск. Усё здарылася так хутка, што я i мiргнуць не паспеў...
Вылятаю з-за куста на луг i бачу, як за маленькiм нейчым парсючком iмчыць велiзарны воўк. Яшчэ iмгненне - i воўк схопiць парсючка! Я, не спыняючы свайго алюру, як кiнуўся да ваўка, як свiснуў, як раўнуў, той - зiрк у мой бок ды ад нечаканасцi i майго "пасляпершаковага" нахабства - скок у кусты i знiк.
Толькi тады я супынiўся i апамятаўся. З жахам прыкiнуў, што воўк быў большы за мяне i, каб не "фактар нечаканасцi", - уцякаў бы я ад ваўка, як той парсючок.
РЭКОРД ДЛЯ КНIГI ГIНЭСА
У Будах мы жылi да пяцiдзесятага года. Можа, жылi б i болей, але калгасны трысцень дапарахнеў, стаў развальвацца, i тата пачаў шукаць новае прыстанiшча, хоць якi дах над галавой.
Дапамаглi сваякi, што жылi каля Менска, яны параiлi пераехаць у калгас "Мядзвежына". (Сёння - гэта вулiцы К.Лiбкнехта, Р.Люксембург, Купрыянава, Харкаўская i iншыя.) Тады горадам тут i не пахла. З гэтага боку горад пачынаўся ад вулiцы Мяснiкова, па якой хадзiў трамвай.
Пераехалi мы ў гэты калгас i пачалi жыць у будынку Мядзвежынскага сельскага Савета. Займалi мы маленькую яго частачку, бо ў адной палове размяшчалiся супрацоўнiкi сельсавета, у другой - сельскi клуб. Будынак быў цагельны, вялiзны, няўтульны i нязграбны, стаяў пасярод поля, як тычка - нi дрэўца, нi кусцiка.
Тата прыбудаваў да ўвахода нешта з дошак - цi то ганак, цi то хлеў, бо злева, як iдзеш у хату - стаяла карова, а справа - кладовачка была.
Па даху гэтай прыбудовачкi добра было лазiць на гарышча - на столь, дзе я любiў гуляць у розныя гульнi, адкуль было вiдаць усё наваколле.
Лазiў сюды i мой, крыху старэйшы, брат Косцiк... Залез ён аднаго разу, а я ўнiзе ў пяску корпаюся...
Раптам з дзвярэй, дзе размяшчаўся сельсавет, вылецеў, як бура, старшыня гэтага Савета, трасе кулакамi i "гне" такiх мацюкоў, што - жах!
Падскочыў да мяне i задраў галаву туды, адкуль Косцiк ужо звесiў адну нагу i збiраўся саскочыць на дах прыбудовачкi.
- Каб табе зарвала! Каб ён у цябе апух! Злезеш - я табе галаву адкручу, басяк! - аж зелянее ад злосцi старшыня.
Косцiк, не будзь дурнем, хуценька падняў тую нагу, што звесiў, i знiк туды, адкуль збiраўся вылезцi.
Гаспадар гэтага будынка пакрычаў, пакiпяцiўся ды i пайшоў у свой кабiнет...
Аказваецца, Косцiк, будучы на гарышчы, не стрымаўся i памачыўся там, а тая яго "вадзiчка" працякла праз столь i... - старшынi сельсавета на стол, на дзяржаўныя паперы...
Ну, Косцiк! Ну, вырвус! Гэта ж трэба так патрапiць, хоць i ненаўмысна!
Цi знойдзецца ва ўсiм свеце яшчэ адзiн чалавек, якому давялося памачыцца на стол самому старшынi сельскага Савета?
I ЗМЯЯ МЯНЯЕ СКУРУ
Паўзём мы неяк з сябрамi па калгасным полi, на якiм расце морква. Паўзём, ад вартаўнiка хаваемся, морквай ласуемся. Выцягнеш з зямлi морквiну, абскрабеш яе кавалачкам шкла i хрумсцiш, як той заяц...
Толькi пачалi выпаўзаць назад, як чую, што са мной нешта здарылася. Паўзцi-то паўзу, але нешта мне не падабаецца... I раптам - якi жах! - адчуваю, што згубiў штаны. А пад штанамi, акрамя цела - нiчога! Як яны маглi з мяне звалiцца? Як я гэтага ў азарце не заўважыў?.. Раблю разварот - i паўзу назад, на пошукi прапажы. Нарэшце бачу - ляжаць, родненькiя! Падпаўзаю i прыкiдваю, як я iх буду лежачы апранаць. Бяру iх у рукi... i нiчога не разумею. Гэта мае штаны? Так, мае!.. Цi гэта не мае штаны? Не, не мае!.. I пазнаю, i не...
Бедныя мае штаны!.. Я i сёння больш усяго на свеце шкадую, што не захаваў iх, як сведку тых пакутаў, той галечы...
Сёння словы - нiшто ў параўнаннi з тым, што маглi б убачыць вашы вочы бясконцая колькасць лацiн, аджыўшых свой век, многаслаёва налепленых адна на другую, даўно сапрэлых, якiя з апошнiх сiл учапiлiся гнiлымi нiткамi за спарахнелую тканiну...
Але цi маглi яны быць iншымi, тыя штаны? Яны ж "вандравалi" ад старэйшага брата - да крыху малодшага, ад малодшага - да яшчэ меншага, пакуль не дайшла чарга да мяне - самага маленькага ў сям'i... Цаны тым штанам не было!..
Я падняў ТОЕ, што непрыкметна саслiзнула з майго цела, што называлася маiмi штанамi, i гэта ТОЕ - на маiх вачах разлазiлася i распаўзалася на шматочачкi...
Сябры жартаўлiва суцяшалi мяне:
- Падумаеш, штаны! Змяя нават скуру скiдвае i то не плача...
ТАТАВА ВАТОЎКА
Я адвучыўся адзiн год у Лысагорскай пачатковай школе, а восенню пяцiдзесятага года мы пераехалi з Будаў пад Менск, дзе пачалi жыць у будынку сельсавета. Тут я пайшоў у другi клас трыццаць другой Менскай сярэдняй школы, якая знаходзiлася насупраць Нямецкiх могiлкаў.
Мяне вельмi ўразiла цагельнае двухпавярховае памяшканне школы з мноствам прасторных класаў, сур'ёзных настаўнiкаў, чыста апранутых вучняў, росквiтам чырвоных гальштукаў. Пасля нашай вясковай школы-хаткi з "сляпымi" вокнамi i скрыпучай падлогай гэты палац аглушыў мяне многагалоснасцю, шыкоўнасцю, велiчнасцю - я трапiў у новы, невядомы мне раней, фантастычны свет.
Але гэтыя ўсе мае ўражаннi пацьмянелi перад яшчэ больш моцнымi ўражаннямi, якiя я выклiкаў ва ўсiх, хто ўбачыў мяне ў гэтай школе. На мяне глядзелi, быццам я быў снежным чалавекам цi iншапланецянiнам...
Уявiце стаўшую сёння моднай нейкую прэзентацыю, якую спраўляе "круты" бiзнесмен. Шыкоўная зала! Мора святла! Смокiнгi ды раскошныя вячэрнiя сукенкi! Шампанскае i свецкiя крыўляннi!.. I раптам сярод гэтых расфуфыраных сытых дзялкоў з'явiўся, можа, не горшы за прысутных, чалавек, але - у рызманах i лахманах, у драным абутку, галодны i гаротны... У гэтай адкормленай "круцiзны", упэўнены, - шампанскае ўпоперак горла стане...
Вось прыкладна ў такiм выглядзе з'явiўся я тады перад вачыма вучняў i настаўнiкаў, якiя i ў сне не бачылi гэткай галечы.
Мяне на кожным кроку абзывалi рознымi крыўднымi словамi, са мной нiхто не хацеў сядзець за адной партай, мяне знянацку штурхалi ў спiну, i я ляцеў стоць носам. Але самым складаным было для мяне - распрануцца ў гардэробе перад заняткамi. Чарга ў гардэроб - страшэнная - вучняў жа было больш за трыста. А на мне - татава старая-перастарая, латаная-пералатаная, ношаная-заношаная, зачухмоленая ўшчэнт ватоўка...
Надзеньце сёння васьмiгадоваму хлапчуку нават новую ватоўку дарослага мужчыны - якi будзе выгляд? Рукавы да зямлi дастануць, не кажучы пра астатняе.
Так было i са мной. З той, татавай, ватоўкi тырчэла толькi мая белая галава - мусiць, пудзiла на агародзе выглядала б больш зграбна... Але я гэтага, дзякуй Богу, не разумеў, не саромеўся - гэта ж была мая вопратка i другой у мяне не было.
Займу я чаргу, каб распрануцца, а мяне з яе як штурхануць - я зноў пайду ў "хвост", зноў займу чаргу, а мяне зноў як пiхнуць! Нiхто не хацеў за мной стаяць. Я спраўна займаў чаргу, а мяне гэтак жа спраўна з яе выпiхвалi пакуль усе не распраналiся i я не заставаўся адзiн. Тады ўжо гардэробшчыца гiдлiва брала двума пальцамi маю ватоўку i прымацоўвала яе збоку ад куртачак i палiто больш заможных вучняў...
Як жа тады ўсе памылялiся! Адкуль iм было ведаць, што татава ватоўка ў цяжкiя пасляваенныя гады ратавала тату ад снегу i дажджу, ад вятроў i халадоў, памагала перажыць голад, пакуты, нястачу i, нарэшце, - сагрэла мае худыя дзiцячыя плечы, стала маёй вопраткай...
Дзякуй табе за гэта, татава ватоўка!
* * *
Гэтаму ўспамiну неабходны невялiчкi працяг, каб нейкiм чынам паставiць сёе-тое на свае месцы, бо зусiм нядрэнныя былi вучнi i настаўнiкi той школы.
Сам я як вучань першы час быў надзвычай старанны, дысцыплiнаваны, слухаўся старэйшых, выконваў усе класныя заданнi, на занятках не круцiўся, не штурхаўся - настаўнiкi не маглi нацешыцца такiм вучнем. Але гэта працягвалася нядоўга. Паступова я асвойваўся i пачынаў, як кажуць, спрабаваць "хадзiць на галаве", што не дрэнна ў мяне атрымлiвалася...
Вакол будынка сельсавета, дзе мы жылi, ляжалi калгасныя палi, на якiх раслi морква, капуста, памiдоры...
З ядой дома было цяжкавата, таму летам i восенню я пераходзiў на "падножныя" калгасныя харчы - еў "ад пуза" моркву, памiдоры i з задавальненнем грыз качаны капусты - вядома ж, па гэтыя "вiтамiны" прыходзiлася лазiць паўзком.
Магчыма, ад такога штодзённага "сталавання" мяне "пагнала" ў рост. I ўжо ў трэцiм класе я быў на галаву вышэйшы за сваiх колiшнiх крыўдзiцеляў. Цяпер мяне ўжо не абзывалi рознымi словамi, не выпiхвалi з чаргi ў гардэроб (няхай бы толькi паспрабавалi!), а пiшчом лезлi да мяне ў сяброўства - i мы па-сапраўднаму пасябравалi...
Увогуле, вучоба ў гэтай школе пакiнула цёплыя i светлыя ўспамiны.
ПЕРШЫ ПАДАРУНАК
Першы падарунак сваёй маме я зрабiў, калi мне было восем год. I гэта нягледзячы на тое, што я поўнасцю адпавядаў вядомай прымаўцы - быў гол як сакол.
I ўсё ж чалавек прыстасоўваецца да ўсяго, нават да самай што нi на ёсць найгалейшай галечы.
Вось i мы, малыя, прыстасоўвалiся да любых абставiнаў, у якiя закiдвала нас пасляваеннае жыццё.
Да пяцiдзесятага года, пакуль я жыў у вёсцы, - усё было "добра", спакойна. Я не бачыў нi тых булак, нi цукерак, нi сiтра, нi кнiг - нiчога. Але калi мы пераехалi жыць пад самы Менск - у мяне вочы палезлi на лоб. Аказваецца, у жыццi вялiкае мноства таго, пра што я i не чуў. А ўсё гэта хацелася паспрабаваць, пасмакаваць, а ў дзiравай кiшэнi - нi капейкi.
У тыя гады на кожным вуглу прадавалi яшчэ газiраваную ваду на разлiў, хочаш, пi простую, хочаш - з сiропам, толькi, праўда, плацi. А яшчэ ж гандлявалi "марай" усiх дзяцей - ружовенькай салодкай вадзiчкай - морсам. Вып'еш i пальчыкi аблiжаш!
Вось i прыходзiлася пасля школы "падрабляць" - збiраць розны металалом, анучы, паперу i цягнуць усё гэта барахло да старызнiка-жыда, якi мог плацiць сшыткамi, нейкiмi рэчамi, iншай дробяззю цi грашыма. Мы бралi толькi грошы, хоць прыёмшчык нас увесь час ашукваў - даваў пару медзякоў i выпiхваў нас за дзверы сваёй будкi. А каб прыйсцi зноў да таго жыда, прыходзiлася аблазiць усе звалкi ды куткi, бо i ўтыль не надта валяўся пад нагамi.
Але за дзень мы "збiвалi" на шклянку морсу цi лiманаду - i за гэта дзякуй Богу.
Аднойчы я ўбачыў у жыда на прылаўку брошку, якая мне чамусьцi спадабалася, i я загарэўся купiць яе маме.
Чаму мне захацелася гэта зрабiць, не ведаю, але я перастаў пiць сваю любiмую вадзiчку, а пачаў збiраць грошы на падарунак, бо брошка каштавала для маiх "капiталаў" дорага - пэўна, месяц пiў бы морс.
Нарэшце, сабраўшы неабходныя грошы, я купiў падарунак i - бягом да мамы.
Вiдаць, мама вельмi многа год не атрымлiвала падарункаў (цi ж да iх было?), бо залiлася слязьмi i, шчаслiвая, адразу прышпiлiла мой падарунак да сукенкi...
Доўгiя гады мама насiла яе, шанавала, але вечнага нiчога няма, i брошка зламалася i згубiлася. Не згубiлася толькi памяць - да апошнiх дзён свайго жыцця мама ўспамiнала пра дарагi яе сэрцу падарунак...
Памятаю яго i я.
ГАЛОЎНАЯ ПАДЗЕЯ
Сёння многае з таго, што некалi адбылося, цяжка ўявiць. За пяцьдзесят тры гады жыцця мела месца столькi падзей, столькi душэўных перажыванняў, што дзiву даешся - як уся гэта жыццёвая мешанiна ўмяшчаецца ў галаве, у душы, у сэрцы.
Але ўвесь гэты здабытак не проста накоплiваецца, па-мнажаецца, захоўваецца. Ён не ляжыць сабе цiхенька - кожнае на сваёй "палiцы", ён непакоiць, хвалюе, трымае ў напружаннi кожную клетку арганiзма, кожную крывiнку. Быццам ты - адзiны адказны перад Богам i мiнулым хавальнiк найсвяцейшага сховiшча, у якiм усё тое, што ты ўвасабляеш - увесь многападзейны, шматкаляровы, непрадказальны свет, дзе знаходзiцца, шукае сваё месца i твой уласны свет, уласнае "я".
Дык якая ж падзея ў маiм жыццi самая-самая? Якая яна - адзiная, галоўная, яскравая?
Канешне, у кожнага чалавека ёсць дзве галоўныя падзеi, але ў момант iх здзяйснення чалавеку яны абыякавыя, ён iх не памятае, не бачыць, яны яго не радуюць, не засмучаюць. Першая - з'яўленне на гэты свет, калi чалавеку яшчэ ўсё роўна, другая - адыход у iншы свет, калi чалавеку ўжо ўсё роўна...
Мая ГАЛОЎНАЯ падзея ў асэнсаваным жыццi - даволi "празаiчная" для чытача. Яна можа выклiкаць усмешку, непаразуменне, здзiўленне. Тым не менш мая памяць, маё сэрца аддае ёй пачэснае галоўнае месца сярод бясконцай гамы адчуванняў, успрыманняў, успамiнаў.
...Першыя восем гадоў жыцця я ўсёй сваёй дзiцячай iстотай адчуваў бязлiтасныя, страшэнныя кiпцюры голаду. Яны не адпускалi нi на хвiлiну - нi днём, нi ноччу. За гэтыя восем гадоў нi разачку не давялося наесцiся хлеба столькi, колькi хочаш. Хлеб быў недасягальнай раскошай.
I вось у адзiн цудоўны дзень, у адно цудоўнае iмгненне адна тысяча дзевяцьсот пяцiдзесятага года, калi мы жылi ўжо ў будынку сельсавета каля Менска, я заскокваю ў нашыя "палацы" i вачам сваiм не веру - на стале ляжыць бохан хлеба, а побач - нож. Няўжо?!.
Мама ўбачыла мой шок i ласкава кажа:
- Бяры, сынок, хлеб! З сённяшняга дня можаш есцi яго колькi ўлезе...
У мяне захапiла дух ад такой "заможнасцi"...
Вось i стаiць перад вачыма самаробны драўляны стол, а на iм - хлеб.
МАРЫК
Марык застаўся маладым назаўсёды, навечна. Нарадзiўся ён гады на тры-чатыры раней за мяне, быў адзiны сын у мацi, i ў яго акрамя матулi таксама нiкога не было, бо бацька "касiў сабакам сена". Праўда, побач з Марыкам i яго мацi была яшчэ тая непатрэбная, тысячы разоў праклятая людзьмi, няпрошаная "жыхарка", iмя якой - беднасць. Яна праглядвала адусюль - з абутку, з вопраткi, з iх худых, шэрых твараў, з iх стомленых, згаслых вачэй. Усё можна схаваць: i ўкрадзенае, i ўшальмаванае, i сорам, i сумленне, - не схаваеш нiкуды адной бядноты, калi трапiў у яе абдымкi.
Можна толькi здзiўляцца, як гэта агiдная "жыхарка" дасцiпна спраўляецца адначасова жыць у многiх лёсах, сярод вялiкага мноства людзей. Тут здзiўляйся не здзiўляйся, але што ёсць - тое ёсць, вандруе гэтая бяднота з году ў год, з пакалення ў пакаленне, з глыбокай даўнiны - у далёкую будучыню, не прамiнаючы сучаснасцi...
Мы, хлапчукi, зайздросцiлi Марыку. Зайздросцiлi не яго беднасцi - сваёй хапала, а таму, што ён, як дарослы, адкрыта палiў. Смак дыму мы ўжо зведалi самi, кашляючы ды перхаючы, дакурвалi пазавуголлях знойдзеныя "бычкi", а вось Марык не проста палiў, а ў прысутнасцi сваёй мацi!
У будынку сельсавета, дзе мы жылi, знаходзiўся i клуб. Яго, па праўдзе кажучы, клубам можна назваць у рамках нашага знакамiтага сацрэалiзму - палова будынiны, застаўленая драўлянымi зацухмоленымi лавамi, абдзёртыя цагельныя сцены, выбiтыя шыбы ў вокнах i вялiкае мноства смецця на падлозе, бо прыбiральшчыцы не было. Сорамна сказаць, але можна было бачыць то ў адным, то ў другiм вугле, як нехта "насвiнячыў". Кiно прывозiлi раз у тыдзень, навешвалi на сцяну экран, усталёўвалi ля другой сцяны апаратуру i - еш "культуру" хоць апалонiкам.
Вось у гэты клуб прыйдзе, бывала, Марык з мацi, сядуць яны на лаву, i тут Марык дастае з кiшэнi "Беламор" i важна зацягваецца. У мяне слiнкi цяклi ад зайздрасцi, бо мая мама так бы мне курнула, што дым пайшоў бы ажно з вачэй ды вушэй, як у таго Змея Гарынавiча.
Марык чамусьцi не хадзiў у школу нiводнага дня. Можа, ад беднасцi, а можа, па iншай, невядомай нам прычыне.
Жыццё яго абарвалася нечакана...
Побач з сельсаветам стаялi канюшнi, а крыху воддаль - даўжэзная пуня, у якую складвалася на зiму сена. Калi сена было толькi паўпунi, мы ўскарабквалiся па кроквах да перакладзiны, якая звязвала дзве кроквiны, i з той перакладзiны давалi "нырца" ў сена. Ляцiш, аж дух захоплiвае, i - бултых у пахучае, яшчэ не злежанае сена. Трэба адзначыць, што дзяцей збiралася даволi многа i сена мы дратавалi "па-чорнаму". Дарослыя нам забаранялi гэта рабiць, часцяком праганялi, але забаронены плод робiцца яшчэ смачней.
I вось аднойчы, калi пуня была напоўненая напалову, а астатняе запоўнiлася нашым крыкам, пiскам, рагатаннем - у пуню ўскочыў з палкай у руцэ брыгадзiр Зыгмусь, улёг за намi i раўнуў:
- Пазабiваю, гады!..
Мы, як стая верабейчыкаў, кiнулiся ад Зыгмуся ў адным напрамку - да выратавальнага "акна" ў франтоне. Гэты своеасаблiвы лаз быў даволi вялiкi, i хоць ён знаходзiўся высакавата - метры два з паловай ад зямлi, - мы з ходу, "салдацiкам" сiгалi ўнiз, набiваючы сабе сiнякi i шышкi, бо ведалi, што з Зыгмусем дурныя жарты.
Марык быў большы за нас, i тое акно не дазволiла яму гэтак жа спрытна выпрыгнуць з цьмянай пунi ў сонечны летнi дзень.
Наадварот, акно ператварылася ў дзверы, якiя зачынiлi за iм гэты свет назаўсёды...
Знайшоўся нябачны для нашага вока цвiк, за якi Марык зачапiўся калашыной, крутнуўся ўнiз галавой i...
Не ведаю, цi дазволiла Марыку кароткае жабрацкае жыццё iншую "роскаш" акрамя той пачкi "Беламору".
РАССАКРЭЧАНЫ ТАЙНIК
Вучыцца, як вядома, у дзяцiнстве не надта хочацца. Нiкому! У тым залатым узросце, здаецца, толькi б лётаў, галаву задраўшы, адпальваў бы ўсялякiя штуковiны, стаяў бы "на вушах", карацей - бiў бы лынды.
Я не быў выключэннем - выкарыстоўваў "спецыфiку" таго ўзросту, як кажуць, на ўсе сто!
Сёння мы, пасталелыя i пасiвелыя, зрабiлiся "разумнымi", абураемся, гледзячы на сучасных дзяцей i моладзь: "Мы ж такiмi не былi!.." Былi! Толькi забылiся цi баiмся сабе прызнацца ў гэтым...
Сябраваў я з Лявонам Лiтвiновiчам, якi выхоўваўся без бацькi, быў адзiны сын у мацi, нi ў чым ад яе не ведаў адказу, рос без матчынага вока - сам па сабе. Пазней для Лявона турма зрабiлася родным домам.
Вось з гэтым Лявонам, якi быў тады хлопец як хлопец, мы сябравалi i часцяком падбухторвалi адзiн аднаго на розныя "подзвiгi".
Аднойчы Лявон мне кажа:
- Давай сёння не пойдзем у школу, а матанём у кiно!
- Ты што, Лёнька?! А як даведаюцца бацькi? А куды дзець партфелi? А як жа iсцi ў кiно без грошай? - закiдаў я сябра пытаннямi, на якiя Лявон даў вычарпальныя адказы, i пачаўся наш культурны адпачынак.
Ля дарогi, што вяла ў школу, раслi густыя кусты бэзу, да якiх "прыляпiлiся" гурбы снегу. Вось у гэты снег, памiж кустоў, мы схавалi свае "веды" i пашпарылi ў кiно. Грошы ў Лёнькi вадзiлiся, таму з бiлетамi не было праблемы, i час праляцеў, як у казцы.
Кажуць жа - варта зрабiць першы крок, а потым толькi паспявай перастаўляць ногi. Вось i мы прамянялi адзiн раз школу на кiно, адчулi смак вольнага жыцця, i нашы партфелi сталi часцяком "адпачываць" пад снегам ля бэзу.
Вывучыўся я б на сабак брахаць, каб не мая дасцiпная мама. Гэты "чэкiст" адчуў, што з сынам робiцца нешта недарэчнае, ды i маё сяброўства з Лёнькам яе насцярожвала.
Высачыла матуля наш тайнiк, забрала партфелi i чакае сына "са школы".
- Ну, чаму ты без партфеля? - пытаецца мякка.
- Забыўся ў школе! - адказваю бадзёра, а ў самога лыткi трасуцца ад страху.
Мама бярэ нейкую вяроўку, бо дзягi не было, - i рашуча да мяне:
- Дык дзе партфель? - i трасе вяроўкай перад маiм носам.
- Мамачка, укралi яго! - заскуголiў я, упэўнены, што нехта выпадкова рассакрэцiў наш тайнiк i забраў партфелi...
Тут мама дастае з-за лавы нашы мокрыя партфелi i... прапушчаныя веды з лiшкам кампенсуе вяроўка.
КАМПАНЬЁНЫ
Велiзарнай праблемай на пачатку пяцiдзесятых гадоў было для нашай сям'i набыццё сшыткаў перад пачаткам навучальнага года.
У сям'i - тры вучнi, паспрабуй iх забяспечыць усiм неабходным: вопраткай, абуткам, падручнiкамi, сшыткамi, дый нейкую капейчыну трэба ўкласцi ў кiшэню дзiцяцi, каб хоць нешта мог куснуць у школьным буфеце, каб ад голаду не хiстала.
Вырашыў я дапамагчы бацькам i сам сябе забяспечыць сшыткамi, тым больш такая магчымасць нечакана падкруцiлася.
У тыя гады часцяком можна было бачыць чалавека на падводзе, якi з ранку да вечара паволi, няспешна соўгаўся ад хаты да хаты, ад звалкi да звалкi, ад жалезiны да анучыны. Гэта - старызнiк, якi зарабляў сабе на хлеб такiм чынам.
Вось той чалавек i падбухторыў мяне з маiм сябрам дапамагаць яму летам, а перад пачаткам заняткаў у школе ён паабяцаў "завалiць" нас сшыткамi. Мы ўзрадавалiся такой дамоўленасцi, бацькi нашы былi таксама задаволены.
Усё лета, амаль кожны дзень трэслiся мы на падводзе, бегалi за ёй, зазiраючы ў кожны куток, адшукваючы розны хлам.
Старызнiк не мог нацешыцца - сядзiць сабе на падводзе, кiруе канём, а два "вынаходнiкi" утылю робяць справу спрытна i хутка.
Першыя днi i нам было цiкава, паддавалi адзiн аднаму iмпэту - справа ж новая. Але хутка азарт наш згас i мы засумавалi па адпачынку, па гульнях як-нiяк, а канiкулы...
I вось пачаў наблiжацца канец жнiўня - пара б з намi i разлiчыцца "наймальнiку". Але ён, на наша здзiўленне, пачаў ездзiць новымi шляхамi, абмiнаючы тыя мясцiны, дзе мы сустракалiся раней. Мы разгубiлiся - няўжо ён нас ашукае?
Нарэшце вылавiлi свайго былога "кампаньёна" i залямантавалi:
- Дзядзечка! А сшыткi?!
- Якiя сшыткi, хлопчыкi? З вамi i пажартаваць ужо нельга... Ну пакаталiся са мной на падводзе i будзьце давольныя.
Сцёбнуў ён пугай каня i паехаў...
Мы акамянелi, не верылi сваiм вушам, нашы вочы не плакалi - галасiлi нашы душы.
КАРОЛЬ БАЛЮ
Звярнiце ўвагу на такую акалiчнасць: вясковы чалавек заўжды апрануты аднолькава - ватоўка, боты, штаны, зацухмоленыя ад штодзённай чарнавой працы ды хлявоў. Летам ватоўка скiдваецца, а астатняе - нязменнае. Iнакш апрануцца i немагчыма, бо побач адвечныя спадарожнiкi - гной, гразь, пыл, а ў механiзатараў - яшчэ i салярка, нiгрол, салiдол.
Такое адзенне - звыклае для вока, зручнае для працы.
Прывыкаеш да чалавека ў такой вопратцы i раптам сустракаешся з iм на вяселлi цi за iншым святочным сталом i здзiўляешся ягонай прыбранасцi, выстраенасцi, хоць на iм i недарагi касцюм ды просценькая кашуля. Чалавек робiцца незвычайным, прыгожым, зусiм iншым - вачэй ад яго не адарваць...
Нешта падобнае адбылося са мной у чацвёртым класе. Рыхтавалася нейкая школьная ўрачыстасць, нейкая важная вечарына. Толькi пра яе i была гаворка. Ведаў пра гэтую вечарыну i я - нават дома пра яе пахвалiўся.
Трэба сказаць, што да таго часу мы жылi яшчэ вельмi бедна, таму ў школу я хадзiў у абносках, густа "аздобленых" лацiнамi. Але не маглi ж у школе адмянiць свята з-за маiх драных штаноў...
I вось надыходзiць той доўгачаканы дзень, калi нават ступнi пачынаюць свярбець ад нецярпення - гэтак хочацца бегчы ў школу.
Раптам мама дастае са сваiх тайнiкоў новенькiя картовыя штаны, паўбацiначкi, новенькую тэнiску бэзавага колеру i навюсенькую цёмна-сiнюю футболку з кiшэнькамi на грудзях, цi, як яшчэ яе звалi, - бархатку, хоць бархатам яна i не пахла. Я ледзь не самлеў ад захаплення!
Колькi ж маме трэба было эканомiць, каб зрабiць мне такое свята...
Не памятаю, як апрануўся, на якiх крылах ляцеў у школу, памятаю тое, калi я бурай уляцеў у залу, дзе было ўжо цесна ад вучняў i настаўнiкаў.
Усе расступалiся перада мной у здзiўленнi i захапленнi. У мяне гарэў твар ад шчасця, ад першай сапраўднай абноўкi, ад гэткай увагi да маёй персоны. Сэрца маё так моцна бiлася, што гатова было прабiць i грудзi, i тэнiсачку, i футболку.
Вечар, прысвечаны нейкай падзеi, ператварыўся ў маю зорную гадзiну.
САЛАДУХА
Ёсць словы, якiя выклiкаюць не проста ўспамiны, не толькi схалануць пачуццi, а вяртаюць нават пахi даўно мiнулага, аднаўляюць у роце, здавалася б, назаўсёды забытыя смакi. Успомнiш такое слова - i толькi паспявай глытаць слiнкi.
Сярод мноства гэткiх чароўных, паўзабытых слоў - слова "саладуха". Мала хто сёння ведае, што гэта за "звер". Нехта, пэўна, i чуў, што хтосьцi недзе некуды трапiў, як лiса ў саладуху. Але гэта - толькi чуткi. Я, шчыра кажучы, i сам не разумею, чаго тую лiсу чорт мог занесцi ў саладуху? Саладуха - зусiм не салодкая. Навошта яна лiсе? Магчыма, у саладухi шмат рэцэптаў прыгатавання тады я раскажу пра свой рэцэпт, падзялюся вопытам. Дакладней, гэта рэцэпт маёй мамы, нашай мясцовасцi, таму для мяне ён самы правiльны i смачны.
Рабiла мама саладуху даволi проста. Цёплай кiпячонай вадой залiвала жытнёвую муку (пажадана з прарошчанага жыта) у ражачцы, накрывала чысценькiм рушнiком i ставiла ля печы ў цёплае месца - давала магчымасць ёй падкiснуць.
Не, гэта вам не хлебны квас! Гэта было непаўторна духмянае пiтво, з незвычайна прыемным смакам, ад якога, асаблiва ў спякоту, за вушы не адцягнеш.
Адным словам - саладуха! Што тыя пэпсi-шмэпсi ды фанты ў параўнаннi з саладухай?! Пойла! Хiмiя! А тут - здароўе i натуральнасць!
Але мама рабiла саладуху не толькi для таго, каб гарачынёй адбiцца ад смагi. Не! Саладуха займала важнае "стратэгiчнае" месца ў нашым меню.
Варыла мама на вячэру саган бульбы з гарэлiкамi, якiя запякалiся ад агню ў печы, ставiла саган на сярэдзiну стала - i пачынаўся баль. Спачатку "наперагонкi" расхоплiвалiся гарэлiкi, якiя смакавалiся ўсухую, а потым елася астатняя гарачая бульба i запiвалася, як гарбата, упрыкуску, смачнай саладухай.
Дарэчы, з бульбай у вёсцы елася ўсё, што было ў хаце: i капуста, i буракi, i полiўка, i сала, i малако, i грыбы. А яшчэ мы вельмi любiлi зiмой паласавацца бруснiцамi з бульбай. Мама ставiла на зiму дваццацiлiтровую бутлю бруснiц, прытомленых варам, дадавала крыху цукру i давала iм "даспець". Бруснiцы вылучалi сок, былi з прыемнай кiслiнкай i елiся з бульбай за мiлую душу. Не верыце - паспрабуйце!
Дык што ж выклiкае сёння ўва мне слова "саладуха"?.. Перш за ўсё - галасы родных, цеплыню i ўтульнасць бацькоўскай хаты, шчымлiвы боль аб тым, што нiколi не вернецца, - цэлую гаму пачуццяў, перажыванняў, замiлаванасцi.
РАДОЎКА
Назва гэтай замалёўкi заблытала мяне - з якой радоўкi пачынаць? Ёсць грыбы, якiя называюць радоўкамi. Грыбы як грыбы, але растуць радамi, вось iх за такую дысцыплiнаванасць i назвалi гэтак.
З маленства любiў збiраць iх - прыгожых, рудавата падпечаных, у чорненькiя кропачкi. Удзячны гэтым познiм восеньскiм грыбкам за прыгажосць i смак.
Другая радоўка - больш празаiчная. У нашай мясцовасцi радоўка азначае надышоўшую чаргу пасвiць вясковых кароў. Падышла твая чарга (радоўка), бяры пугу ў рукi - вось ты i "палкоўнiк", бо перад табой iдзе хвастатае ды рагатае войска. Кожная сям'я падлiчвала i з непрыемнасцю чакала наблiжэнне радоўкi. Адказная гэта справа - дзень, ад цямна да цямна быць "выхавацелем" чужой жывёлы. А раптам прапорацца на якiм ражне... А возьме ды адна адну скалечыць рогi ж вунь якiя!.. А ёсць жа блудныя ды памаўзлiвыя каровы - глядзi на яе, хоць не мiргаючы, а яна ўцячэ туды, куды i не падумаеш.
Гора з гэтай радоўкай ды з тымi каровамi. Але куды дзецца ад такой прынудзiлаўкi? А яна, прынудзiлаўка, прыходзiла даволi часта, бо Карпiлаўка вёска невялiчкая, тыдзень з хвосцiкам, i зноў ты - "палкоўнiк".
У нашай сям'i гэты высокi чын даставаўся мне, бо дарослыя займалiся больш адказнай калгаснай працай, а радоўка - не апраўданне для "прагулу".
Кароў выганялi ў поле раненька - на досвiтку. Холадна, росна, спаць хочацца. Вымакнеш па самыя вушы, нават ясным надвор'ем, а ўжо калi абкладны дождж сыпе - не можаш дачакацца вечара.
Аднаго разу, змакрэлы ад расы i ссiнелы ад холаду, узрадаваўся я вызiрнуўшаму з-за лесу сонейку, прыткнуўся на пляскаты камень i прыгрэўся. Па целе распаўзлася салодкая млявасць. Сам сабе цiхенька гавару пад нос:
- Толькi б не заснуць... Не-е, я спаць не буду... Толькi на хвiлiначку закрыю вочы... толькi на адну хвiлiначку... - Закрыў вочы, i ўсё некуды адплыло - i каровы, i поле, i лес, i сам.
Падхоплiваюся, а сонца - высока. Прыпякае, высушыла мяне. Кароў - анiдзе.
Даўно гэта было, амаль паўвека назад. Закруцiла жыццё, замiтусiлi падзеi i клопаты. Няма калi прыпынiцца, агледзецца, асэнсаваць зробленае i нязробленае. А каб i здолеў прыпынiцца - новыя клопаты i падзеi штурхануць i прымусяць прытрымлiвацца агульнага рытму жыцця i навакольнай неразбярыхi.
Сёння, прыпамiнаючы радоўку, разумееш, што шмат прыемнага i карыснага для ўласнага самаадукавання было ў ёй. Колькi рознага цiкавага i нечаканага перадумаеш за доўгi дзень сярод летняй прыгажосцi! Колькi песень пераспяваеш на ўвесь голас! Колькi чыстых i светлых мараў народзiцца ў трапяткой душы!
Цяпер з сумам адзначаеш, што разам з апошняй колiшняй радоўкай знiкла нешта роднае, далёкае, непаўторнае.
IКАЎКА
Рашыў я неяк пасля вечарынкi заначаваць у свайго сябра, каб не iсцi з апошнiх сiл у няблiзкi свет.
Дакладней, не начаваць я сабраўся, а дняваць, бо танцы скончылiся на досвiтку i хутка павiнна было ўзысцi сонца.
Цiхенька, каб не разбудзiць астатнiх, леглi мы з iм на адным ложку i толькi сабралiся задаць храпака, як на мяне ўссела iкаўка. Дае мне пад дых, ажно падкiдвае з ложка. Ды каб хоць iкалася цiха - няхай бы сабе iкалася. А то як iкнецца, аж рэха мiтусiцца па хаце. А ў гэтай жа хаце, на другiх ложках, адпачываюць i мацi, i бацька, i сястра майго сябра. Гэта ж не горад, што сям'я распаўзаецца па розных пакоях, - храпi сабе ды iкай на здароўе.
Што мне рабiць? Куды дзецца? Зацiскаю далонямi рот, а iкаўка выскаквае з-пад далоняў яшчэ званчэйшая - нiбы стрэл з ружжа. Хацеў апрануцца i цягнуцца дахаты, як чую голас сябравай мацi:
- Сяргей! Цi не ты ўкраў у нас шаршатку, як мiнулы раз заставаўся ў нас пасля вечарынкi? А то майму гаспадару няма чым валёнкi падшываць...
Кроў ударыла мне ў скронi. Я ўскочыў, як пружына, i сеў на ложку. Якi сорам! У вачах людзей, што прытулiлi мяне, я выглядаю злодзеем.
- Цётачка! Не браў я шаршатку! - як магчыма пераканаўча, дрыготкiм голасам выдыхнуў я. - Ды я магу паклясцiся, цётачка... У майго таты свая шаршатка ёсць... Цi ж я...
Тут на ўсю хату грымнуў рогат. Смяялiся ўсе, бо не спалi не толькi з-за маёй iкаўкi, а таму, што развiднела i трэба было ўставаць, даглядацца.
Я лыпаў вачыма, не разумеючы прычыны такога дружнага смеху. Сябрава мацi ласкава супакоiла мяне:
- Ды не браў ты шаршатку, супакойся! Я ж пажартавала, каб прагнаць тваю iкаўку...
Тут толькi я заўважыў, што не iкаю i не цягне болей iкаць. Як рукой зняло!
Аказваецца, каб адпугнуць iкаўку, трэба "iкаўшчыка" схамянуць, рэзка пераключыць на нешта iншае.
Што i казаць - моцнае лякарства, калi запомнiлася на ўсё жыццё.
ГРЫБНЫЯ "СНЕЖКI"
Не ведаю, як цяпер, а калiсьцi леснiкi займалiся i такой працай, як прачыстка лесу. Каму яна патрэбна, тая прачыстка, - цяжка сказаць, бо лес тым, што трухнявее i згнiвае, - сам сябе ўгнойвае. Чаму, напрыклад, сасна ў гарадскiх умовах дрэнна расце? Таму, што ёй не хапае такога натуральнага ўгнаення...
Iшлi леснiкi ў лес, рэзалi паваленае гнiллё, забiвалi калкi i памiж iмi складвалi гэты хлам у "раўметры". Ссякалi дробны сушняк, падбiралi рознае ламачча. Ачышчалi лес невядома ад чаго i для чаго, быццам гэта парк, па якiм будуць шпацыраваць модныя паненкi - хаця б капронавыя панчохi не разадралi!
Дык вось, лесу многа, а леснiкоў менш, чым таго нячышчанага лесу. Што рабiць? Гукалi леснiкi дапаможцаў з усiх бакоў. Бывала, i калгас дапамагаў чалавекам-другiм. Знаходзiлiся i добраахвотнiкi, сярод якiх аказаўся i я з Пятром Слiжуком. Авось ды якую капейчыну летам заробiм!
Узялi мы з Пятром пiлу, сякеры, прыгатавалi з дому метровую палку-мерку, каб тыя раўметры падлiчваць, i пашыбавалi ў лес, якi нам даручыў ляснiк.
Рэжам усякую трухляцiну ды сушняцiну, забiваем калкi i выкладваем раўметры, як нас i вучылi. Азарт забiрае - грошы ж "закалачваем"! Стараемся памiж бярвенцамi сучкоў ды смецця пакласцi, каб вышэй было. Будзе вышэй будзе болей раўметраў, больш грошай...
А грыбоў у лесе - няма дзе нагу паставiць! Асаблiва многа перастарэлых, счарнелых чашчавiкоў, у якiх галовы i пахiлiлiся, i пазвальвалiся зусiм. Нахiлiўся я, каб пiлу ўзяць, чую - шлёп мне нешта па спiне, ажно прылiпла. Павярнуўся, гляджу на сябра, а ён ледзь стрымлiвае рогат i робiць выгляд, што нi пры чым.
Ах, ты так! Хапаю з-пад ног чашчавiк, i ён звонка хлюпаецца на Пятрову кашулю. Цяпер рогат не ў сiлах стрымаць мы абодва.
I панеслася гульня ў "снежкi"! Выбiралi самыя даспелыя грыбы, ад якiх праз кашулю дапiнаў грыбны сок аж да цела.
Весела! Забылiся пра раўметры i грошы!..
Такiмi гульнямi мы запаўнялi свае перакуры кожны дзень.
Мама пыталася:
- Што там у вас у лесе за работа такая? Усе кашулi ў нейкiх рудых плямах не магу адмыць!..
Аказваецца, грыбныя снежкi не адмываюцца.
Сёння, праз сорак пяць гадоў, сустракаюцца ў лесе парослыя мохам, струхнявелыя нечыя раўметры - нiкому не патрэбная, дурная работа.
Тады нам з Пятром не заплацiлi нi капейкi, хаця мы не толькi наклалi шмат раўметраў, але i перапсавалi свой гардэроб.
НА МЯДЗВЕДЗЯ!
У пяцiдзесятыя гады Карпiлаўка была адрэзана ад "вялiкай зямлi" страшэнным бездарожжам. З Менска цi Лагойска да Карпiлаўкi машыны не дабiралiся, бо нават у самыя спякотныя днi ў ямах i канавах на дарозе не перасыхала гразь i стаяла вада. З аднаго боку - гэта было някепска - ад грыбоў i ягад лясы гнiлi, зайцы ў лесе ледзь не збiвалi з ног, цецерукоў развялося столькi, што яны гатовы былi чалавеку на галаву сесцi. Навокал - першабытнасць!
Я тады да канца не разумеў гэтай прыгажосцi, наадварот, сумаваў па недахопу людзей i чалавечаму тлуму.
Праўда, немагчыма было не заўважаць i не зачароўвацца ад таго неверагоднага птушынага рознагалосся, якое запоўнiла сабой усё. Здавалася яно падпiрала i трымала на сабе неба. Асаблiва гэта адчувалася перад захадам сонца, калi можна было падумаць, што ў свеце не iснуе нiчога, акрамя птушыных высвiстванняў ды вышчабетванняў...
Сёння мы, "цары" прыроды, зрабiлi нашыя лясы маўклiвымi i сiроцкiмi.
Вось у тыя пяцiдзесятыя нерушы-гады i ў нашых лясах гаспадарнiчалi ваўкi. Каб неяк стрымаць iх распаўсюджванне, паляўнiчым выплочвалi грашовыя ўзнагароды за кожную здадзеную шкуру ваўка, акрамя таго, што каштавала сама шкура.
Але ваўкi хутка адышлi на другi план, бо вяскоўцам пачалi казытаць нервы мядзведзi, якiм спадабалiся нашы бязлюдныя лясы i глухiя мясцiны. Праўда, за ўсе гады мядзведзь нiкога не задзёр, але пастухi не раз давалi ад яго дзёру, кiнуўшы кароў. Толькi i было гаворкi пра сустрэчы з клышаногiм.
У жыццi мясцовых жыхароў з'явiлася тая, невядомая раней, разынка, якая i падсалiла i падпярчыла шэрую будзённасць. Гэта ж толькi ўдумацца - мядзведзь у лесе! Быццам ты жывеш у дрымучай тайзе! Iдзеш памiж дрэў, а за душу нешта пашчыпвае.
Асаблiва шчыпала гэта нашу паляўнiчую дасцiпнасць. Мы з братам Косцiкам, маючы на дваiх адно ружжо, вырашылi ўсё ж "дастаць" мядзведзя.
У красавiку, калi пачало прыграваць сонейка i зямля пачала выглядваць з-пад снегу, прымчаўся да нас Анiшчучок Мiша i, засягаўшыся, выдыхнуў:
- Сляды мядзведзя бачыў ля самай сядзiбы Лявiцкiх!..
Косцiк схапiўся за ружжо, мы з Мiшкам - за тапары i падалiся да тых слядоў.
I сапраўды ля Зялёнай Лучкi "спатыкнулiся" аб мядзведжыя сляды, якiя накiроўвалiся ў бок Акопаў. Я першы раз у жыццi бачыў натуральны адбiтак мядзведжай лапы. Пятка следу была вузенькая, клiнам, затое "пальцы", кiпцюры шырока растапырвалiся на падталым снезе.
Косцiк з ружжом напагатове iшоў першым, за iм - мы з тапарамi. Напружаныя, рашучыя, узрушаныя.
Паступова сляды павярнулi лявей, у бок Айчызны. Айчызна была адна з самых глухiх у той час, малавядомых нам мясцiн. Махнатыя елкi пераплялiся так шчыльна, што пад iмi дзень адразу ператварыўся ў вечар, а душа пачала шукаць пяткi. Нашы крокi зрабiлiся няўпэўненымi, больш асцярожнымi. Мы ўсё часцей i часцей пачалi пераглядвацца, перашэптвацца, нарэшце спынiлiся...
- Што будзем рабiць? - разгублена пытаецца Косцiк.
- Шкада мядзведзя! Няхай сабе жыве! - адказаў я шэптам, выцiраючы смаркачы. Назад мы крочылi жвава, подбегам. Толькi выйшлi з лесу, сустракаем Гаеўскага Пётру.
- Ад каго так дзёру даеце? - пытаецца.
- Мядзведзя выследжвалi, ды пашкадавалi яго! - адказваем бадзёра, змянiўшы свой подбег на павольную хаду.
- А-а! Зразумела! Забылiся ўзяць запасныя штаны! - зарагатаў Пётра, на што мы ў адказ дружна зачырванелiся.
ПРЫГАЖУН
Пра каго б вы думалi будзе iсцi гаворка ў гэтай замалёўцы? Хто ж гэта такi за прыгажун? Дзе б яго хоць адным вокам убачыць?
Не ламайце дарэмна галаву! Не трэба далёка хадзiць, бо прыгажун - гэта я!
Чую вашы ха-ха-ха ды хi-хi-хi... Цi не зарана смеяцеся?
...А ўсё адбылося проста i звычайна, як, напрыклад, наступае дзень пасля ночы...
Паехаў я, пятнаццацiгадовы, з Карпiлаўкi ў Менск - "праветрыцца" ды сваякоў праведаць. Зiма была напрыканцы, хоць ноччу яшчэ маразы паказвалi свой гонар.
Iду бадзёра каля вакзала па вулiцы Ленiнградскай, сонейка прыгравае, на душы светла i радасна, як бывае ў людзей майго ўзросту - жыццё ж толькi набiрае разгон!
Раптам майму казачнаму настрою пачало спрыяць нешта прыемнае, цудоўнае, хвалюючае. Тое "нешта" - дзве прыгожыя, нават чароўныя маладыя дзяўчыны, з яркiмi падфарбаванымi вуснамi, модна апранутыя. Гэтыя дзве моднiцы, сталейшыя за мяне, iшлi перада мной i ўвесь час азiралiся, пры гэтым весела смяялiся i не маглi адарваць ад мяне вачэй.
"Ого! - думаю. - Калi такiя прыгажунi заглядаюцца на мяне, вясковага падлетка, значыцца, я - хлопец хоць куды!"
I я пакрочыў больш бадзёра, упэўнены ў тым, што ў жыццi мяне чакаюць адныя радасцi i перамогi...
Дзiвак я, дзiвак!.. На мне была старэнькая, выцвiлая зiмовая шапка, "вушы" якой я не падвязаў зверху, а, падкруцiўшы, падаткнуў, каб не звiсалi, старыя i дзе-нiдзе залатаныя, татавы, навыраст, ватнiкi-штаны, гэткая ж ватоўка... Але самае галоўнае "ўпрыгожанне" майго ўбрання - вялiзныя, усе на латах, татавы валёнкi, на якiх былi надзетыя не галёшы, а чунi...
Сёння чунi нiдзе не прадаюцца, вiдаць, iх перасталi вырабляць, а тады яны моцна баранiлi валёнкi ад вiльгацi, ратавалi ад любой адлiгi, бо былi вельмi глыбокiя. Праўда, каб пасушыць валёнкi, няпроста было здзерцi тыя чунi, яшчэ складаней iх было надзець...
Вось у такiм звыклым для вёскi выглядзе, з вузельчыкам за плячыма, я крочыў па адталых чыстых вулiцах Менска, не заўважаючы на сабе такой недарэчнай вопраткi i абутку, бо юнацтва глядзiць на жыццё вачыма сваёй светлай душы...
Як жа было тым дзвюм расфуфыраным паненкам не выскаляцца, гледзячы на мяне, бо такога "заканадаўцу" моды не часта можна было сустрэць на вулiцах сталiцы...
А я ж думаў, што дзяўчат прываблiвала мая прыгажосць.
УСКРЫША
Лёгкай работы ў калгасе не было. I хоць давалася яна цяжка, хоць вочы страшылiся, рукi рабiлi.
Аднаго разу трапiла такая работа, якая мне не паддалася...
Вось як гэта адбылося. Ранняй вясной, калi толькi сышоў снег, а жывёлу нельга яшчэ было пасвiць, падышла чарга НЗ - вялiкага стога канюшыны.
Канюшына, калi яна не перастаiць на каранi, а скошваецца падчас яе цвiцення, - вельмi смачная i карысная для жывёлы прысмака.
Вось стог гэтай смакаты i вырашылi падаць жывёле да веснавога "стала".
Запрэглi мужчыны паркi коней i паехалi да таго стога. Мяне, жэўжыка, брыгадзiр паставiў скiдаць унiз на падводы са стога канюшыну.
- Ты - падлетак, - кажа брыгадзiр, - вось табе i лягчэйшая работа. Зробiш ускрышу стога i кiдай сабе зверху яе гуляючы.
Я паверыў i быў задаволены, бо такую "пасаду" яшчэ не займаў нi разу.
Узлезцi на стог - не простая справа. Трэба двое вiлаў, якiя па чарзе ўтыкаеш у стог, i, як па ўсходцах, карабкаешся наверх. Адтуль лiшнiя вiлы скiдаеш унiз, i лiчы, што вяршыня табе пакарылася...
Такiм вось чынам ускарабкаўся i я на стог, скiнуў другiя вiлы i пачаў...
Канюшына - не сена. Яна мае тоўстае, моцнае сцябло, ад якога ў розныя бакi адрастаюць яшчэ сцяблiнкi i лiсце. Пры кладцы стога гэтыя сцяблiнкi пераплятаюцца, за зiму спрасоўваюцца, робяцца маналiтам...
Колькi я нi ўтыкаў вiлы ў гэты маналiт - не здолеў адарваць нi ахапачка, нi пучка. Прыкладваю ўсе сiлы, аблiваюся потам - нiчога не атрымлiваецца.
Знiзу крычаць мужыкi:
- Што ты там, як верабей, капаешся?! Давай! Кiдай!
Мне сорамна прызнацца ў бяссiллi, хаця i не надта слабы я быў у свае чатырнаццаць гадоў. У працу ўцягнуўся i меў ужо нейкi вопыт i стаж. Тыя ж мужыкi, што на падводах, бораць мяне боралi, але прыходзiлася iм добра папыхкаць i павалтузiцца са мной...
Крычу мужчынам, задыхаючыся:
- Хвiлiнку! Пачакайце! Я тут расчышчаю, падрыхтоўваю...