КРЭЎСКІ ПЕРЫЯД (1385–1569)

Крэўская унія

Вільня па-ранейшаму засталася сталіцай BKЛ. Аднак у нашай гісторыі склаліся такія абставіны, калі ў яе далейшым развіцці сталі мець рашаючае значэнне не паасобныя гарады і іх землі, як было раней, а асабліва важныя падзеі. Першай з іх і была Крэўская унія, заключаная паміж Польшчай i BKЛ у 1385 г. Яна адкрыла новы перыяд у нашай гісторыі, які мы называем Крэўскім, маючы на ўвазе не значэнне горада Крэва, а значэннетой пераломнай падзеі, што ў ім і адбылася. Гэта тым больш слушна, што новы перыяд, адкрыты Крэўскай уніяй, і стаў фактычна перыядам уній, які закончыўся ў 1569 г. заключэннем апошняй, Люблінскай, уніі. Як бачым, гэты перыяд быў досыць працяглы, што і зразумела, бо ён хоць спачатку і супаў з найбольшым узроўнем нашага дзяржаўнага развіцця, аднак у далейшым вызначаўся паступовым заняпадам, а такі працэс звычайна працягваецца запаволена, бо дзяржаўны арганізм, які складаўся стагоддзямі, не можа знікнуць раптоўна, ён вядзе ўпартую барацьбу за сваё выжыванне. Наогул Крэўская унія мае глабальнае значэнне ва ўсёй нашай гісторыі, бо можна падзяліць яе на два перыяды: дакрэўскі і паслякрэўскі. Першы характарызуецца поўнай дзяржаўнай самастойнасцю, другі — паступовым яе заняпадам і стратай. Вынікі Крэўскай уніі і зараз выразна выяўляюцца, асабліва ў цяжкі перыяд нашага дзяржаўнага адраджэння.

Чым жа была выклікана Крэўская унія? (Унія — значыць саюз.) У адказ на гэтае пытанне гісторыкамі былі выказаны розныя меркаванні. Адны лічаць, што яна найперш з’яўлялася вынікам неабходнасці барацьбы з крыжакамі, якія былі агульным ворагам як Польшчы, так i BKЛ. Неабходнасць такая сапраўды існавала, і вынікі яе, як убачым далей, былі істотныя. I ўсё ж гэта было хоць важнай, але не галоўнай прычынай Крэўскай уніі. Выказвалася думка, што галоўнай прычынай Крэўскай уніі з’явіўся глыбокі крызіс велікакняжацкай улады ВКЛ, з якога мог вывесці толькі саюз з Польшчай. Нават сцвярджалася, што яе заключэнне цалкам залежала ад Ягайлы, які нібыта быў у гэтым найбольш зацікаўлены. Але цалкам з гэтым пагадзіцца нельга, бо, як паказвае ўвесь ход падрыхтоўкі уніі, ініцыятыва яе заключэння зыходзіла з боку Польшчы. Вось у гэтым кірунку і трэба шукаць галоўную прычыну, якая прывяла да заключэння Крэўскай уніі.

Мы ўжо бачылі, што саюз Польшчы i BKЛ у 1325 г. быў заключаны таксама па ініцыятыве першай, што не з’яўлялася выпадковасцю. Характэрнейшай асаблівасцю становішча Польшчы ў папярэдні час была паступовая страта ёю сваіх тэрыторый, перш за ўсё на захадзе. I ўжо незадоўга перад Крэўскай уніяй пры Казіміру Вялікім (1333–1370) былі ўступлены немцам Сілезія і Памеранія. Страта апошняй адрэзала Польшчу ад мора. Вось чаму польскія кіруючыя колы вымушаны былі шукаць магчымасці кампенсаваць страты сваіх тэрыторый за кошт іншай дзяржавы. I іх увага ў гэтых адносінах была звернута на суседнюю ўсходнюю дзяржаву — BKЛ, як найбольш падыходзячую мэту сваіх экспансіянісцкіх памкненняў.

Яны добра ўзважылі ўсе неспрыяльныя ўнутраныя і знешнія абставіны, якія склаліся ў той час для ВКЛ. Найперш для палякаў яскрава бачна была непазбежнасць барацьбы Вітаўта з вялікім князем Ягайлам, паколькі апошні не жадаў аддаваць яму Троцкае княства — удзел яго бацькі Кейстута. Гэта змаганне магло пагражаць становішчу Ягайлы як вялікага князя, і таму ён для ўмацавання сваёй улады мог больш уступліва даць згоду на саюз з Польшчай. Вядома ж, відавочнай для палякаў была і тая пагроза, якую несла крыжацкая агрэсія як ВКЛ, так і Польшчы, і таму яны спадзяваліся, што і гэта падштурхне Ягайлу на аб’яднанне іх дзяржаў. Польшча добра бачыла вайсковую сілу ВКЛ, яна яе перад самай Крэўскай уніяй у 1384 г. адчула на сабе, калі Ягайла зрабіў досыць балючы для яе паход. Не менш відавочнай для палякаў была небяспека, што ішла для ВКЛ з боку Маскоўскай дзяржавы, якая ўсё больш мацнела і станавілася яго галоўным сапернікам у збіранні ўсходнеславянскіх земляў. А гэта таксама не магло не абнадзейваць Польшчу на з’яднанне з ёю BKЛ.

Узважыўшы ўсе гэтыя акалічнасці, польскія вярхі і пачалі энергічна дзейнічаць у патрэбным ім кірунку, што і прывяло да заключэння Крэўскай уніі. Як ужо намі адзначалася, палякі, ваюючы з крыжакамі, адначасова вучыліся ў іх, і найперш таму, што апошнія ажыццяўлялі сваю агрэсію пад сцягам пашырэння веры Хрыстовай, г. зн. дзейнічалі і крыжам, і мячом. Дык вось, польскія вярхі рашылі дзейнічаць у адносінах да ВКЛ з тымі экспансіянісцкімі мэтамі, але, узяўшы крыж, адкінулі меч, замяніўшы яго уніяй. I, як пасля выявілася, мелі ў гэтым важкія поспехі.

У адносінах да тэксту крэўскага пагаднення, які дайшоў да нас, выказана меркаванне, што ён у свой час быў сфальсіфікаваны ў карыслівых мэтах польскімі стаўленікамі. Вядома ж, гэта не выключана, аднак разглядаць гэтае пытанне мы не будзем, бо лічым больш важным разгледзець тое, што было ажыццёўлена непасрэдна ў час пасля заключэння Крэўскай уніі.

Дык што ж адбылося?

Першым яе вынікам было заключэнне дынастычнай уніі паміж Польшчай i BKЛ шляхам узвядзення на польскі каралеўскі пасад Ягайлы. А гэта магло ажыццявіцца толькі пры ўмове жаніцьбы Ягайлы з чатырнаццацігадовай Ядвігай, якая пасля смерці свайго бацкі Людовіка Венгерскага стала польскай каралевай. Але гэтаму шлюбу перашкодзіла тое, што Ядвіга была заручана з аўстрыйскім зрцгерцагам Вільгельмам і не жадала адмаўляцца ад свайго абяцання. I ўжо тое, што польскія вярхі з самай актыўнай дапамогай каталіцкіх пастыраў змаглі, не зважаючы на выключна драматычныя сітуацыі (Ядвіга нават спрабавала атруціцца), угаварыць яе адмовіцца ад Вільгельма і іншых прэтэндэнтаў на яе руку і выйсці замуж за Ягайлу, з’яўляецца яскравым сведчаннем, што такое найперш было на карысць Польшчы. Усё гэта з яскравай відавочнасцю абвяргае М. Стрыйкоўскі, які прыпісваў ініцыятыву збліжзння ВКЛ з Польшчай Ягайлу, гаворачы, што, даведаўшыся аб выдатных якасцях Ядвігі, Ягайла сам паслаў яе сватаць. Праўдзівае адбіццё падзей мы і знаходзім у «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай»: «Гды кроль полски Людовик умер, не заставивши по себе сына жадного, только дочк едину на имя Ядвигу, тым часом в Полци вяликия ростирки вшалися, великия панове полския з Кракова присылали до Ягайла, просячи, абы приехал до Кракова на кролевство Полскае и абы окрестився в их веру, а кролевну понявши, застал паном всей Полшы». Польскую ініцыятыву ў заключэнні Крэўскай уніі падкрэслівае і «Хроніка Быхаўца».

Трэба зазначыць, што такі крок польскіх вярхоў не быў нечым арыгінальным у гісторыі. Гэтак жа як у свой час новагародцы далі Міндоўгу свой княжацкі пасад, каб ён заваяваў пакінутую ім Літву, так і зараз польскія магнаты далі Ягайлу свой каралеўскі пасад, каб ён далучыў да Польшчы ВКЛ.

Калі абранне Ягайлы на польскі пасад давала магчымасць польскім вярхам накіроўваць яго палітыку ў патрэбным для іх кірунку, то пераход у каталіцтва некаторых братоў Ягайлы і асабліва хрышчэнне ў гэту веру язычнікаў, якіх было нямала, адчыняў дарогу здзяйсненню гэтай палітыкі непасрэдна ў BKЛ.

Хто ж з князёў прыняў каталіцкую веру? Паводле Я. Длугаша, апроч Ягайлы, без чаго ён не мог стаць польскім каралём, прынялі новую веру Вітаўт, Скіргайла і Свідрыгайла, узяўшы і новыя імёны: Аляксандр, Казімір і Баляслаў. Аднак, як заўважыў далей гэты храніст, «…іншыя літоўскія князі, якія ўжо раней былі ахрышчаны па грэчаскім абрадзе, не згадзіліся з абнаўленнем». Аднак і Вітаўт, і Скіргайла, і Свідрыгайла былі таксама праваслаўнымі. Вітаўт, як нам вядома, перайшоў у гэту веру, калі атрымаў ад Ягайлы ў 1384 г. Берасце і Гародню, а два астатнія да пераходу ў каталіцтва мелі імёны Васілій і Леў.

Асабліва звяртае на сябе ўвагу такі факт. Скіргайла, які ўзначальваў усе цырымоніі перахрышчэння свайго брата Ягайлы, яго шлюб з Ядвігай і яго ўступленне на каралеўскі пасад, у адрозненне ад сваіх некаторых братоў не прыняў каталіцтва, а застаўся ў праваслаўі. I што асабліва важна (на гэта не звяртаюць увагу даследчыкі), Ягайла прызначыў яго сваім намеснікам у BKЛ. Такім чынам, Ягайла, уводзячы каталіцтва ў BKЛ, павінен быў лічыцца з тым, што праваслаўныя складалі асноўную частку насельніцтва ў дзяржаве, што яны прывыклі бачыць над сабою ўладу праваслаўнага князя. Усё гэта яшчэ раз абвяргае сцверджанне аб язычніцкай уладзе ў ВКЛ да Крэўскай уніі.

Менавіта пашырэнне каталіцызму ў BKЛ і стала галоўнай дарогай польскай экспансіі ў гэтай дзяржаве. Як бачым, гэтыя дзве відавочна здзейсненыя ўмовы Крэўскай уніі цалкам забяспечвалі інтарэсы Польшчы. I таму калі ў далейшым была фальсіфікацыя ўмоў Крэўскай уніі, то яна істотна нічога не змяняла, бо галоўнае для Польшчы было здзейснена адразу.

Хаця знешне Крэўская унія насіла характар персанальнай дынастыі, якой яе і лічаць некаторыя даследчыкі, аднак маюць большую рацыю тыя, хто называе яе інкарпарацыяй BKЛ у Польскае каралеўства.

Трэба адзначыць, што ў Крэве толькі была распачата справа аб’яднання дзвюх дзяржаў. Канчатковыя рашэнні па гэтых пытаннях былі прыняты на Ваўкавыскім з'ездзе, які адбыўся 12 студзеня 1386 г.

Зноў паўстае Андрэй Полацкі

Па ўсім відаць, вузкае кола князёў у заключэнні Крэўскай уніі не магло ўлічыць інтарэсаў як усёй дзяржавы, так і паасобных сваіх частак. Зразумела, што гэта не магло не выклікаць незадаволенасці уніяй іншых князёў, што не прысутнічалі пры падпісанні яе або, магчыма, не пажадалі ўдзельнічаць у гэтай акцыі, каб не падтрымаць яе.

Тое самае трэба сказаць і аб прыняцці каталіцкай веры, якая станавілася дзяржаўнай у BKЛ паводле Крэўскай уніі. Як вядома, спроба Гедзіміна ў гэтым кірунку ў свой час прывяла да няўдачы, а магчыма, і да трагічнага канца гэтага князя, што і зразумела. Для дзяржавы, дзе большасць насельніцтва было праваслаўным і частка язычніцкім, такія спробы не маглі мець поспеху, бо выклікалі супраціўленне з боку большасці насельніцтва.

Вядома ж, такая рэакцыя была непазбежнай і пасля Крэўскай уніі. I яна пачалася найперш у Полацкай зямлі, што не было выпадковым. Яна, па сутнасці, з’яўлялася найбольш важнай у эканамічных і культурных адносінах вобласцю дзяржавы. Яна найбольш трывала захоўвала шматвяковую традыцыю дзяржаўнай самастойнасці і праваслаўнай веры. Таму ў заключэнні Крэўскай уніі першай адчула небяспеку для далейшага існавання дзяржавы. I рашучыя дзеянні супроць яе не прымусілі доўга чакаць з боку Полацка, і ў першую чаргу яе князя Андрэя Альгердавіча.

Ён быў адным з тых, хто не прысутнічаў пры заключэнні Крэўскай уніі і з’яўляўся даўнім праціўнікам Ягайлы, які, стаўшы вялікім князем пасля смерці Альгерда, адразу пачаў барацьбу супроць полацкага князя, у выніку чаго на некаторы час вымушаны быў пакінуць Полацк. Аднак пасля часовай перамогі Кейстута над Ягайлам Андрэй зноў вярнуўся ў Полацк і зноў апынуўся ў стане барацьбы з Ягайлам, толькі ўжо па сваёй ініцыятыве. Вядома ж, нельга і адмаўляць асабістых амбіцый Андрэя, якія штурхалі яго на змаганне, бо ён быў старэйшым сынам Альгерда і меў большае права, чым Ягайла, стаць вялікім князем, і тым больш зараз, калі Ягайла станавіўся польскім каралём. Менавіта цяпер, захапіўшы велікакняскі пасад, ён мог бы паспяхова змагацца за самастойнасць дзяр...

(у ісходніку няма адной старонкі — Polochanin72)

...што не выключана. Трэба думаць, што дзеянні Святаслава Іванавіча былі выкліканы не столькі тым, каб дапамагчы Андрэю Полацкаму ў яго барацьбе, а каб выкарыстаць яе ў сваіх інтарэсах, а менавіта вярнуць Смаленску Мсціслаўль, які быў адабраны ад яго Альгердам. Вядома ж, гэта магло нанесці вялікую шкоду дзяржаве, вось чаму некаторыя князі (Канстанцін Чарнігаўскі, Дзмітрый Карыбут і, што зразумела, Сямён-Лунгвень Мсціслаўскі) выступілі на баку Скіргайлы і Вітаўта. Не прыйшоў на дапамогу Святаславу і Андрэй Полацкі. Зімою 1386 г. у вялікі пост са сваім войскам Святаслаў пайшоў да Мсціслаўля і аблажыў яго.

Трывожныя весткі аб гэтых падзеях дайшлі да Кракава і моцна ўстрывожылі Ягайлу. Таму 12 сакавіка 1386 г. Скіргайла і Вітаўт адправіліся ў княства. Заслугоўвае асаблівай увагі тое, што разам з імі адправіўся і польскі атрад. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што палякі ў гэтых падзеях бачылі пагрозу і для сябе і таму былі зацікаўлены ў іх ліквідацыі.

Паколькі вайсковыя сілы Андрэя былі сканцэнтраваны ў Лукомлі, то Скіргайла перш за ўсё і накіраваўся туды, узяўшы гэты горад, ён вынішчыў яго гарнізон. Захапіўшы іншыя гарады, Скіргайла з Вітаўтам накіраваліся супроць Святаслава, войскі якога знаходзіліся ля Мсціслаўля. У выніку жорсткага бою на р. Віхры смаленцы пацярпелі паражэнне. У ліку шматлікіх ахвяр аказаўся і сам Святаслаў, а два яго сыны Юрый і Глеб трапілі ў палон. Першы з іх быў цяжка паранены, яго лячыў сам Скіргайла. (Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ён быў дасведчаны ў медыцыне.) Мела значэнне ў гэтым і тое, што Юрый быў жанаты на пляменніцы Скіргайлы, а гэта ў сваю чаргу паспрыяла і таму, што Юрый у хуткім часе атрымаў княжацкі пасад у Смаленску. А Глеб 13 верасня 1386 г. даў прысягу вернасці каралю Ягайлу і абавязаўся «с Ондреем и с Полочаны миру не держать и с ним не ссылатися». 3 гэтага бачна, што Андрэй яшчэ не быў пераможаны, што ён пасля паражэння ў Лукомлі ўмацаваўся ў Полацку, і таму Глеб абавязаўся не дапамагаць яму.

Супроць Андрэя і былі скіраваны сілы Скіргайлы ў пачатку 1387 г. I хоць супраціўленне палачан было моцным, іх горад быў узяты, а Андрэй захоплены ў палон. I тое, што ён зняволены быў у польскім Хенцінскім замку, зноў такі гаворыць, што ў барацьбе полацкага князя бачыла сабе пагрозу найперш Польшча. Але, як мы убачым далей, жыццёвая дзейнасць Андрэя Полацкага на гэтым не закончылася, тым больш што праз тры гады, г. зн. каля 1390 г., па хадайніцтве Вітаўта і другіх князёў ён быў вызвалены з палону.

Апроч таго, прыхільнасць да Андрэя палачан не страцілася. Ягайла ў сваім прывілеі ад 28 красавіка 1387 г. перадаў захоплены Полацк і яго зямлю Скіргайлу. Нам ужо вядома, як раней палачане варожа адносіліся да гэтага ненавіснага ім князя, таму і зараз яны не змірыліся з яго ўладарніцтвам, і ў наступны год пачаліся іх хваляванні. Гэта зноў абудзіла ў Ягайлы, які ў гэты час быў у Вільні, вялікае абурэнне, і ён неадкладна рушыў з войскам у Полацк, дзе жорстка расправіўся з удзельнікамі хваляванняў. Толькі ў выніку шматгадовай барацьбы Скіргайла нарэшце стаў валодаць Полацкам, але ненадоўга. Полацкія падзеі былі толькі пачаткам шырокага змагання супроць вынікаў Крэўскай уніі, якое пазбавіла Скіргайлу як улады ва ўсім BKЛ, так і ў Полацку.

Хрышчэнне язычнікаў

Але расправа з полацкімі паўстанцамі не была галоўнай мэтай Ягайлы ў час першага прыезду ў Вільню пасля абрання яго польскім каралём. Ехаў ён найперш дзеля іншага, аб чым сведчаць і тыя высокія духоўныя і свецкія асобы, што суправаджалі яго. Разам з ім была яго маладая жонка Ядвіга, а ў яго свіце знаходзіліся архібіскуп Гнезненскі, біскуп Кракаўскі, князі Януш і Земавіт і Конрад Алясніцкі, а таксама многія магнаты. I гэта зразумела: перад імі ставілася задача ажыццявіць важнейшую ўмову Крэўскай уніі — хрышчэнне язычнікаў у каталіцкую веру, пашырэнне якой было галоўнай задачай польскай экспансіі ў BKЛ. Дзеля гэтага ў пачатку 1388 г. у Вільні быў сабраны спецыяльны сойм, на які запрашаліся Ягайлам усе яго браты і ўдзельныя князі. Аднак паўтарылася тая ж самая гісторыя, што і пры заключэнні Крэўскай уніі: на сойм з’явіліся толькі Скіргайла, Уладзімір, Дзмітрый Карыбут і Вітаўт, усе астатнія запрашэнне ігнаравалі. Гэта зноў такі яшчэ адзін паказчык шырокай апазіцыі ў BKЛ здзяйсненню ўсяму, што дыктавалася Крэўскай уніяй.

На гэтым сойме і была закладзена аснова для ажыццяўлення адной з важнейшых умоў, якая патрабавалася Крэўскай уніі, а менавіта было пастаноўлена хрысціць язычніцкае насельніцтва BKЛ. Звычайна лічыцца, што язычнікамі былі толькі балцкія насельнікі. Аднак, як намі ўжо адзначалася раней, тое, што, напрыклад, язычнікі насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла, можа сведчыць, што сярод язычнікаў было нямала і славян, асабліва тых, якія ўцякалі з Памор’я ад хрысціянізацыі і анямечвання з боку крыжакоў.

Перад хрышчэннем у Вільні быў пагашаны свяшчэнны агонь Зніч, разбураны храм Пяркуна. Такія крайнія меры, на першы погляд, маглі б выклікаць бурныя хваляванні з боку язычнікаў. Аднак гэтага не адбылося, што можа зноў такі сведчыць, што ў асяродцзі іх пераважалі не мясцовыя, а прышлыя, для якіх гэтыя святыні не былі прывычныя. Для заахвочвання да хрышчэння язычнікаў ім раздавалі белыя суконныя світкі, якія Ягайла прадбачліва прывёз з Польшчы. Але, як адзначаў нават М. Стрыйкоўскі, хрышчэнне суправаджалася не толькі дарамі, але і пагрозамі.

Для хрышчэння язычнікаў у Вільні сабралі ля ракі Вяллі, іх дзялілі на групы (асобна мужчын і жанчын), святары акраплялі іх свянцонаю вадой і чыталі ім малітвы, а пасля цэлым групам давалі якое-небудзь каталіцкае імя. Сам Ягайла прымаў актыўны ўдзел у хрышчэнні. Улічваючы тое, што прыбылыя святары не ведалі ні русінскай, ні літоўскай моў, ён растлумачваў язычнікам сэнс малітваў і прамоў. Лічыцца, што Ягайла гэта рабіў на літоўскай мове, што небясспрэчна, бо вядома, што ён заўсёды карыстаўся русінскай мовай, нават стаўшы польскім каралём. Паколькі Вільня была заснавана крывічамі і яны складалі пераважную частку насельніцтва гэтага горада, то іх русінская мова была добра знаёмая і балцкаму насельніцтву. Усё гэта можа сведчыць, што Ягайла звярнуўся да язычнікаў менавіта на русінскай мове, добра знаёмай для ўсяго жыхарства Вільні.

Хрышчэнне язычнікаў з удзелам Ягайлы адбывалася і ў Віленскай зямлі і ў Троках. У Вільні і ў гэтых месцах было ахрышчана іх каля 30 тысяч.

Аднак паўстае пытанне, чаму ў гэты час не была ахрышчана Жамойць і нават не зроблена спроба гэтага. А тут жа была сканцэнтравана галоўная маса язычніцкага насельніцтва. Вось менавіта апошняе і было прычынай, бо Ягайла і яго світа прадбачылі, што тут хрышчэнне можа сустрэць супраціўленне і тым самым пашкодзіць усёй гэтай справе. Апроч таго, адмоўную рэакцыю на хрышчэнне трэба было чакаць і з боку крыжакоў, як гэта было ў 1324 г., калі яны падкупілі жамойтаў, каб тыя адмовіліся ад хрышчэння. I тое, што хрышчэнне жамойтаў у 1388 г. не адбылося, трэба лічыць вынікам кампрамісу паміж Ягайлам і крыжакамі. Першы ў канцы 1386 г. напісаў вялікаму магістру Прускага ордэна, каб ён не перашкаджаў яму хрысціць язычнікаў. Па ўсім відаць, што той і паставіў умову не хрысціць жамойтаў, на што і згадзіўся Ягайла. Адмовіўшыся ад хрышчзння асноўнай масы язычнікаў, Ягайла абмежаваўся толькі хрышчзннем асобных іх астравоў.

Такія астравы былі і на тэрыторыі Беларусі: гэта мясцовасці вакол сучасных Крэва (Смаргонскі р-н), Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н). Наконт Крэва — зразумела. Знаходзячыся на захадзе сучаснай Беларусі, яго ваколле, хаця ўжо і было заселена крывічамі, пра што сведчыць назва Крзва, усё ж утрымлівала ў сабе значную колькасць балцкага язычніцкага насельніцтва, якое падлягала акаталічванню.

Але чаму існавалі астравы язычнікаў у цэнтры (Гайна) і асабліва на крайнім усходзе (Абольцы) сучаснай Беларусі? Рэч у тым, што масаваму хрышчэнню ва Усходняй Еўропе падвяргаліся толькі славянскія плямёны. А ў час масавага хрышчэння, якое пачалося ў канцы X ст., на Беларусі, пэўна ж, заставаліся астравы балцкага насельніцтва, на якое не пашыралася хрысціянства. Аднымі з іх і былі раёны Гайны і Абольцаў. Не выключана, што яны да канца XIV ст. акружаныя славянамі, у моўных адносінах былі ўжо асіміляваныя, але заставаліся язычнікамі, і па ўмовах Крэўскай уніі павінны былі быць ахрышчаны ў каталіцтва, што і было здзейснена. Гэтым і тлумачыцца з’яўленне першых каталіцкіх храмаў на Беларусі ў Абольцах і Гайне. Цалкам магчыма, што гэта хрышчэнне адбылося таксама пры ўдзеле самога Ягайлы, паколькі ёсць звесткі, што ён у 1387 г. наведваў Полацк і Віцебск.

Хаця ў гэты час не прадугледжвалася хрышчэнне ў каталіцкую веру праваслаўных баяр, аднак менавіта зараз была выпрацавана палітыка іх прыцягнення ў каталіцтва ў далейшым, што асабліва важна, бо гэта адыграла асабліва істотную ролю ў пашырэнні польскай экспансіі ў ВКЛ. 20 лютага 1387 г., яўна па настаянні польскіх вярхоў, Ягайла выдаў грамату, паводле якой кожнаму баярыну, які прымаў каталіцтва, гарантаваліся пэўныя прывілеі. Самай важнай з іх была тая, што гарантавала кожнаму баярыну-католіку поўнае права распараджацца сваёй маёмасцю. Менавіта гэтым забяспечвалася роўнасць з польскай шляхтай, якая карысталася такімі правамі, на што ўказана ў грамаце. Адначасова ў ёй папярэджвалася, што кожны, хто, прыняўшы каталіцтва, ганебна ад яго адракаўся, пазбаўляецца адзначаных прывілеяў. Зразумела, што гэта грамата з’яўляецца самым важным вынікам Крэўскай уніі, які найперш спрыяў поспеху правядзення яе ў жыццё, бо забеспячэнне большымі правамі вышэйшага класа было гарантыяй у будучым збліжэння і зрашчэння BKЛ з Польшчай. Але адначасова гэта садзейнічала і расколу грамадства BKЛ, росту незадаволенасці яго праваслаўнага насельніцтва, што і выявілася, як мы бачылі, у дзеяннях Андрэя Полацкага.

Менавіта гэта супраціўленне праваслаўных і прымусіла Ягайлу перад ад’ездам з Вільні ў Кракаў паставіць сваім намеснікам у ВКЛ праваслаўнага Скіргайлу. Але, зрабіўшы гэта, Ягайла фактычна пазбавіў Скіргайлу ўлады над сталіцай дзяржавы — Вільняй, — аддаўшы яе пад кіраванне паляка Клімента Маскажэўскага. У выніку гэтага рэзідэнцыяй Скіргайлы сталі Трокі. Польскія вярхі зноў такі добра разумелі, што іх экспансія ў BKЛ будзе найбольш паспяховай, калі яна пачнецца са сталіцы. Гэтаму ж садзейнічала пабудова тут Кафедральнага каталіцкага сабора, а таксама заснаванне Віленскага каталіцкага біскупства, якое адразу ўзначаліў паляк Андрэй Васіла.

Так былі закладзены першыя падмуркі паланізацыі Вільні, што ў далейшым прывяло да значных поспехаў у гэтым кірунку.

Адзначым яшчэ адно цікавае для нас месца граматы Ягайлы, дзе ён гаворыць аб праследаванні замежнага ворага, якое па-народнаму называецца пагоняй. Хаця дадзены дакумент напісаны па латыні, аднак гэта слова прыведзена ў арыгінале без перакладу, што яшчэ раз з’яўляецца яскравым пацвярджэннем гэтага паняцця, якое стала дзяржаўным гербам BKЛ. Тое, што пачаткова «Пагоня» была гербам Новагародка (сучаснага Наваградка) — першай сталіцы BKЛ, пацвярджаюць крыніцы, якія прывялі М. Стрыйкоўскі i А. Гваньіні, на што ў свой час звярнуў увагу В. Тацішчаў. 3 гэтага становіцца бясспрэчным, што «Пагоня» становіцца адвечным сімвалам Беларусі.

Вітаўт пачынае барацьбу i перамагае

Аднак мірнае жыццё ў BKЛ пасля задушэння полацкага паўстання цягнулася нядоўга, што і зразумела. Крэўская унія, прынятая вузкім колам вярхоў дзяржавы, выклікала незадаволенасць ва ўсіх слаях насельніцтва. Усё гэта ўлічыў Вітаўт, калі пачаў сваю барацьбу з Ягайлам і Скіргайлам. Вядома ж, у гэтых адносінах нельга адмаўляць асабістыя амбіцыі князя. Найперш ён быў незадаволены тым, што Ягайла сваім намеснікам у BKЛ паставіў не яго, на што ён разлічваў і таму прымаў такі актыўны ўдзел у заключэнні Крэўскай уніі, а Скіргайлу. Па-другое, як і раней, перад Крэўскай уніяй, Ягайла не аддаў Вітаўту Троцкага княства, якое апошні лічыў уласнай спадчынай пасля смерці свайго бацькі Кейстута. Гэта, як мы ведаем, было адной з прычын яго ранейшай барацьбы з Ягайлам. Цяпер Вітаўту было вельмі крыўдна і балюча бачыць тое, чаго не было раней, каб чужыя людзі валодалі BKЛ. Таму ён і распачаў барацьбу як за свае асабістыя інтарэсы, так і за адваяванне дзяржаўнай самастойнасці BKЛ, якую фактычна закрэсліла Крэўская унія.

Сваё часовае знаходжанне ў Луцку, які належаў яму, ён і прысвяціў падрыхтоўцы да рашучага змагання. Тое, што ён тут заручыў сына Дзмітрыя Данскога Васіля, які прабіраўся з Залатой Арды ў Маскву, са сваёй дачкой Сафіяй, можа сведчыць аб тым, што Вітаўт шукаў падтрымку з боку Маскоўскай дзяржавы. Вось гэта менавіта і выклікала падазронасць і неспакой польскіх вярхоў. I хаця Вітаўт запэўніваў пасланцаў з Кракава, што яго сустрэча з Васілём насіла выключна асабісты характар, яму не паверылі, а пасланага Вітаўтам у Кракаў баярына Кучку там закатавалі. Усё гэта яўна паказвала на дасведчанасць у Кракаве аб намерах Вітаўта, і ён, не трацячы часу, прыступіў да рашучых дзеянняў. Найперш ён абапёрся на Берасцейскую і Гарадзенскую землі, якія яму належалі і ў якіх ён пакінуў моцныя атрады. Ён таксама ўвайшоў у зносіны з жыхарамі Вільні, якія былі асабліва незадаволены канцлерам-палякам Кліментам. Аднак спроба Вітаўта ўвесці ўзброены атрад у выглядзе вазоў з правіянтам у Вільню была раскрыта, і ён вымушаны быў уцякаць з BKЛ. Не знайшоўшы падтрымкі ў мазавецкіх князёў Януша і Земавіта, якія былі яго сваякамі, ён накіроўваецца ў Прускі ордэн. Загадзя аб гэтым ён паведаміў праз Андрэя Полацкага і брата Івана, якіх паслаў туды. Усё гэта можа сведчыць аб падтрымцы Андрэем Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам.

Як бачым, нягледзячы на тое, што крыжакі былі заклятымі ворагамі BKЛ, тым не менш, дзеячы гэтай дзяржавы ва ўзаемнай барацьбе звярталіся па дапамогу да Ордэна, які заўсёды з ахвотай адгукаўся на іх звароты, бо гэта давала крыжакам магчымасць умешвацца ва ўнутраныя справы BKЛ і тым самым рабаваць яго зямлю.

Мы ўжо ведаем, што ў час ранейшай барацьбы з Ягайлам у 1384 г. Вітаўт, апынуўшыся тут, пасля здрадзіў Ордэну, каб памірыцца з вялікім князем. Таму крыжакі, памятаючы пра тое, каб не паўтарылася ранейшае, узялі ў якасці закладнікаў яго жонку Ганну, двух малалетніх сыноў, шэраг іншых сваякоў і многіх баяр, размясціўшы іх па розных месцах. Апроч таго, Вітаўт павінен быў тут і ахрысціцца, і яго хроснымі бацькамі былі комтур Вігунд і жонка войта Тапіева. На гэты факт патрабуецца асаблівая ўвага. Сапраўды, навошта было зноў ахрышчвацца Вітаўту ў каталіцтва, калі ён пераходзіў у гэту веру ў час яшчэ першага знаходжання ў Ордэне і ў выніку Крэўскай уніі. I пэўна ж, аб гэтым і зараз было вядома ў Ордэне. 3 такога вельмі яскравага факта можна зрабіць вывад, што ў той час ад кожнага, хто прыбываў у іншую дзяржаву, патрабавалася відавочнае сведчанне яго прыналежнасці да прынятай там веры. I гэта, відаць, адносілася і да праваслаўнай веры. I таму хрышчэнне таго ці іншага так званага літоўскага князя (Міндоўга ў Новагародку, Таўцівіла ў Полацку, Даўмонта ў Пскове) магло быць іх перахрышчэннем, як і Вітаўта ў Ордэне.

Як і ў 1384 г., так і зараз Вітаўт дае абавязацельства ў выпадку сваёй перамогі аддаць Ордэну Жамойць. Пасля гэтага вялікае рыцарскае войска рушыла на Вільню. Аднак паход быў няўдалым, сталіца не была захоплена. Не быў удалы і другі паход на Вільню. Варта адзначыць, што ў Я. Длугаша і ў «Хроніцы Быхаўца» пры апісанні гэтых падзей упамінаюцца Крывы Горад і Крывы Замак у Вільні. А гэта азначае, што яшчэ ў той час памяталася тое месца, адкуль пачыналася Вільня, заснаваная крывічамі, чаму яна і называлася спачатку Крывічгорадам, або пазней Крывым Горадам, а замак тут — Крывым Замкам. Менавіта ў гэты час войскам Вітаўта і быў знішчаны Крывы Замак, і таму памяць аб ім у далейшым забылася.

Апроч рыцарскіх паходаў на Вільню, вялікую трывогу Ягайлу прыносіла тая міжусобная барацьба, якая разгарэлася ў ВКЛ паміж прыхільнікамі Ягайлы і прыхільнікамі Вітаўта. Усё гэта магло прывесці да катастрафічнага выніку, і таму Ягайла як і ў 1384 г., так і зараз вырашыў ісці на кампраміс з Вітаўтам. Ён пасылае да яго давераную асобу з прапановаю разарваць саюз з Ордэнам і прыбыць у Вільню для перамоў аб міры. Гэтак жа як і ў 1384 г., так і ў 1392 г. павёў сябе і Вітаўт: ён разрывае саюз з Ордэнам, знішчае некаторыя яго замкі і прыбывае ў Вільню. Праўда, зараз гэта было Вітаўту жорстка адплачана. Рыцары, даведаўшыся аб здрадзе ім Вітаўта, атруцілі яго двух малалетніх сыноў, а брата Жыгімонта, які таксама з’яўляўся закладнікам, закавалі ў ланцугі і кінулі ў цямніцу. Пэўна ж, Вітаўт прадбачыў такія сумныя вынікі яго разрыву з Ордэнам, аднак яго гэта не стрымала ад рашучых дзеянняў. Усё гэта можа характарызаваць Вітаўта як чалавека, які ў імя дзяржаўных інтарэсаў мог ісці на вялікія асабістыя ахвяры.

4 жніўня 1392 г. паміж Ягайлам, які спецыяльна дзеля гэтага прыехаў разам з Ядвігаю, і Вітаўтам была падпісана дамова, паводле якой апошні атрымліваў велікакняжацкую годнасць самастойнага гаспадара сваёй дзяржавы. Відаць, пры ўдзеле Ягайлы адбылося прымірэнне Вітаўта са Скіргайлам. Трэба зазначыць, што звесткі аб выніках другога паходу Вітаўта супярэчлівыя. Некаторыя крыніцы гавораць, што Вітаўт, узяўшы Вільню, захапіў Скіргайлу ў палон і пасадзіў яго ў турму. Калі сапраўды так было, то Ягайла, пэўна ж, заступіўся за Скіргайлу, які і быў вызвалены. I ў далейшым ён знаходзіўся ў згодзе з Вітаўтам, пра што і будуць сведчыць наступныя падзеі.

I хаця Вітаўт абавязваўся дапамагаць Польшчы ў выпадку нападу на яе, аднак заключаная дамова азначала правал польскіх вярхоў у адзін прыём падначаліць сабе BKЛ. Але гэта іх няўдача не прымусіла наогул адмовіцца ад першапачатковага намеру. Навучаныя горкім вопытам няўдачы першай спробы, яны рашылі, як пакажуць далейшыя падзеі, перайсці да тактыкі паступовага падначалення сабе BKЛ, што і выявіцца ў шматразовых перазаключэннях уніі. Усё гэта ішло па шляху пашырэння каталіцызму, трывалым грунтам чаго была грамата Ягайлы аб прывілеях баяр-католікаў. Безумоўна, што такія абставіны не маглі не ўздзейнічаць на характар княжання Вітаўта, не маглі не абмяжоўваць самастойнасць дзяржаўнай дзейнасці. А гэта ўрэшце і закладвала асновы для рэзкага дзяржаўнага ўпадку BKЛ пасля смерці Вітаўта.

У змаганні з удзельнымі князямі

Адной з асаблівасцей дзяржаўнага ладу BKЛ была адсутнасць у ім моцнай цэнтралізаванай улады. Фактычна краіна дзялілася на шэраг удзелаў, якія мелі свае інтарэсы, што далёка не толькі не супадалі з агульнымі дзяржаўнымі, але і супярэчылі ім. Гэтым і тлумачацца і неаднаразовыя выступленні паасобных удзельных князёў супроць цэнтральнай улады. Тое ж адразу і адбылося пасля ўсталявання Вітаўта на велікакняжацкай пасадзе, калі ён вымушаны быў выступіць супроць дзеянняў удзельных князёў: Дзмітрыя Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы Альгердавіча.

У крыніцах не сказана, дзе ў гэты час княжыў першы з іх. Але паколькі ён раней княжыў у Ноўгарадзе-Северскім, то і зараз называецца шэрагам даследчыкаў князем Северскім, што вельмі праблематычна. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб Карыбут, праявіўшы непаслушэнства Вітаўту і сабраўшы вялікае войска, ішоў з ім бесперашкодна ад Северскай зямлі да в. Дакудава (зараз Лідскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе і быў разбіты. Карыбут таму і ішоў у кірунку Ліды, каб вярнуць сабе гэты горад, адабраны ад яго Вітаўтам. Пасля паражэння Карыбут з жонкай і дзецьмі ўцякае ў Новагародак. Вось гэта акалічнасць і прымушае меркаваць, што менавіта ў гэтым Новагародку, а не ў Ноўгарадзе-Северскім у гэты час і княжыў Карыбут і адсюль пайшоў на Вітаўта. Аднак апошні захапіў і Новагародак, і Карыбут разам з сям’ёй папаўся ў палон. Па некаторых звестках Вітаўт адправіў Карыбута да Ягайлы (свайго роднага брата), ад якога праз пэўны час атрымаў некалькі гарадоў на Валыні. Што ж штурхнула Карыбута на барацьбу з Вітаўтам? Вядома ж, мела значэнне тут і адабранне Ліды, але гэта магло быць вынікам найперш таго, што Карыбут праявіў «непаслушэнства» ў адносінах да Вітаўта. Але трэба браць пад увагу тое, што Новагародак быў адным з цэнтраў праваслаўя ў дзяржаве і яшчэ добра памятаў аб сваім нядаўнім сталічным значэнні. I таму зараз, калі на чале дзяржавы католік Вітаўт замяніў праваслаўнага Скіргайлу (а на яго баку ў барацьбе са Смаленскам быў Карыбут), Новагародская зямля найперш адчула вялікую пагрозу для свайго ўплывовага значэння ў BKЛ і таму штурхнула Карыбута на рашучыя дзеянні.

Выступіў супроць Вітаўта і падольскі князь Фёдар Карыятавіч. Ідучы на Падолле, Вітаўт загадаў ісці разам з ім і кіеўскаму князю Уладзіміру Альгердавічу, але той «не захацеў пакарыцца і ўдарыць чалом вялікаму князю». Як бачым, у апазіцыі да Вітаўта знаходзіўся і гэты князь, за што і быў выведзены з Кіева і пасланы ў Капыль. Апошняе дае падставу меркаваць, што ў той час існавала ўдзельнае Капыльскае княства. Кіеў жа быў аддадзены Скіргайлу, які адначасова атрымаў і тытул «вялікага рускага князя». Гэта яшчэ раз сведчыць, што ў той час пад назвай «рускія» разумеліся найперш украінскія землі. Аднак Скіргайла нядоўга княжыў у Кіеве. Праз тры гады ён памёр, атручаны адным манахам. Праўда, хадзілі чуткі, што гэта было зроблена па даручэнні самога Вітаўта, што магло і быць, бо, нягледзячы на прымірэнне між імі, Вітаўт мог бачыць у Скіргайлу моцнага патэнцыяльнага праціўніка.

Гэтак жа як і з Карыбутам, Вітаўт расправіўся і з Фёдарам Карыятавічам. Захапіўшы яго ў палон, таксама адправіў яго да Ягайлы. На жаль, у крыніцах не ўказана прычына канфлікту паміж Фёдарам Карыятавічам і Вітаўтам. Не выключана, што гэта мела сувязь з дзеяннямі Дзмітрыя Карыбута. Як мы ведаем, у свой час Алыерд заваяваў Падолле галоўным чынам сіламі Новагародка і таму аддаў яго новагародскім князям, у тым ліку і Фёдару Карыятавічу, які мог мець і зараз з Новагародкам шчыльную сувязь, жыць яго інтарэсамі. I таму, калі ўбачыў разгром Дзмітрыя Карыбута, і вырашыў выступіць супраць Вітаўта.

Вымушаны быў выступіць Вітаўт і супроць Свідрыгайлы, але ўжо па ініцыятыве Ягайлы, а не сваёй. Рэч у тым, што, калі Ягайла стаў каралём, яго маці Юльяна разам са сваім малодшым сынам Свідрыгайлам пераехала жыць у Віцебск, які быў у свой час ва ўладанні яе мужа вялікага князя Альгерда. Аднак праз некаторы час яна стала манашкай, паехала ў Кіеў, дзе ў 1393 г. памерла і дзе была пахавана. Даведаўшыся пра гэта, Ягайла аддаў Віцебск свайму сакольнічаму Фёдару Весне, што не магло не прывесці ў абурэнне Свідрыгайлу, які лічыў Віцебск сваім законным уладаннем на той падставе, што і яго маці Юльяна. Не змогшы сцярпець гэтай крыўды, ён забівае Фёдара Весну і Віцебск вяртае сабе. Вось пасля гэтага Ягайла пасылае грамату Вітаўту, у якой просіць яго адпомсціць Свідрыгайлу. Узяўшы з сабою Скіргайлу і сабраўшы вялікае войска, Вітаўт спачатку пайшоў да Друцка, які адразу здаўся яму. Аднак Орша, да якой накіраваўся Вітаўт і Скіргайла, здалася толькі пасля двухдзённага жорсткага бою. Гэтак жа моцна абараняўся і Віцебск, да якога на дапамогу Вітаўту з вялікім войскам прыйшоў смаленскі князь Юрый Святаславіч. Свідрыгайла вымушаны быў здацца і пакарыцца Вітаўту, які адправіў яго да Ягайлы ў Кракаў, адкуль ён неўзабаве ўцёк у Венгрыю. Аднак ад барацьбы з Вітаўтам ён на гэтым не адмовіўся.

Падначаленне Смаленска i Ноўгарада

Калі перамога Вітаўта над Карыбутам, Фёдарам Карыятавічам, Уладзімірам і Свідрыгайлам Альгердавічамі садзейнічала ў значнай ступені аслабленню ўдзельнай сістэмы ў дзяржаве і тым самым спрыяла яе ўнутранаму ўмацаванню, то чарговыя перамогі над Смаленскам і Ноўгарадам пашыралі тэрыторыю ВКЛ на ўсход і поўнач. Як Гедзімін і Альгерд, так і Вітаўт працягваў ранейшую полацкую палітыку ў адносінах гэтых гарадоў і іх земляў. Мы ўжо ведаем аб даўнім саперніцтве і варожасці паміж Полацкам і Смаленскам. Абедзве землі, будучы пераважна крывіцкімі па характары сваёй заселенасці, імкнуліся ўзяць верх адна над другой, чаго яны не змаглі дамагчыся. Але тое, што не ўдалося здзейсніць аднаму Полацку ў авалоданні Смаленскам, стала рэальным пасля аб’яднання беларускіх земляў у адной дзяржаве. Яшчэ пры Альгерду Смаленская зямля, застаючыся фармальна самастойнай, была ўцягнута ў арбіту палітычнага прыцягнення BKЛ. Аднак і зараз Смаленск выкарыстоўваў кожны зручны момант у сваіх інтарэсах. Як мы бачылі, у час барацьбы Андрэя Полацкага з Ягайлам Святаслаў Смаленскі імкнуўся вярнуць сабе Мсціслаўль. I вось зараз наступіў для Смаленска рашаючы момант для існавання яго як самастойнага княства.

Найперш Вітаўтам для канчатковага падначалення сваёй уладзе Смаленска была выкарыстана міжусобіца яго князёў, што сталі варагаваць паміж сабой за валоданне падобнымі ўдзеламі. Сабраўшы вялікае войска, Вітаўт у 1395 г. пайшоў на Смаленск, але распусціў чутку, што ідзе ваяваць супроць татарскага хана Тамерлана. Ён вельмі ласкава прыняў смаленскага князя Глеба, які выехаў яму насустрач і якому параіў перадаць усім смаленскім князям, каб яны прыехалі да яго для прымірэння паміж сабою. Аднак калі яны, паверыўшы гэтым словам, з’явіліся да Вітаўта, ён усіх іх захапіў у палон і толькі аднаму Глебу даў невялікі горад Палоннае (зараз у Хмяльніцкай вобл. на Украіне). Не меў поспеху і смаленскі князь Юрый Святаславіч, які ў гэты час паехаў да свайго цесця Алега Разанскага па дапамогу для барацьбы з Глебам і іншымі смаленскімі князямі. (Менавіта гэты ад’езд Юрыя і выкарыстаў Вітаўт для захопу Смаленска.) Але пачуўшы пра тое, што здарылася, Юрый разам з Алегам Разанскім сабралі вялікае войска і выступілі супроць Вітаўта, аднак пацярпелі паражэнне, што дало магчымасць апошняму захапіць вялікі палон і багатую здабычу. Так Смаленск канчаткова страціў сваю незалежнасць і ўвайшоў у склад ВКЛ. Вітаўтам тут былі пасаджаны яго намеснікі князь Ямант і Васіль Барэйкавіч.

У ранейшыя часы, асабліва пры Альгердзе, з-за Смаленска ўзнікалі канфлікты паміж BKЛ і Масквой. Аднак зараз маскоўскі князь Васіль не толькі не выказаў варожасці да Вітаўта, але і выявіў яму выключнае дружалюбства. На Вялікдзень 1396 г. ён прыехаў да Вітаўта ў Смаленск, выключна шчодра адарыў яго. Праўда, і Вітаўт не застаўся ў даўгу і аддзячыў не менш шчодрымі падарункамі. Больш таго, Вітаўт і Васіль са Смаленска паслалі патрабаванне Ноўгараду, каб той разарваў саюз з крыжакамі і падначаліўся вялікаму князю Вітаўту. I калі Ноўгарад адмовіўся гэта зрабіць, то Васіль стаў ваяваць супраць яго. Лягчэй за ўсё гэта можна растлумачыць блізкім сваяцтвам гэтых князёў: Васіль быў зяцем Вітаўта. Аднак, як пакажуць далейшыя падзеі, сваяцтва тут ні пры чым. Як адзін, так і другі былі зацікаўлены ў міры між сабой. Калі Васілю выяўлялася пагроза з боку Арды, дзе адбываліся ў гэты час бурныя падзеі, якія маглі зачапіць Маскоўскае княства, то Вітаўт цярпеў ад крыжацкай агрэсіі.

Сапраўды, Ордэн не абмежаваўся за здраду Вітаўта толькі забойствам яго маленькіх сыноў. Рыцары помсцілі сваімі набегамі, ад якіх асабліва цярпела Гарадзеншчына. У 1392 г. яны зрабілі напад на Сураж, дзе пакінулі адны разбурэнні і адкуль павялі з сабою шмат палонных. Ёсць звесткі, што гэтым набегам садзейнічаў Свідрыгайла, які ў гэты час увайшоў у саюз з Ордэнам супроць Вітаўта. У 1393 г. крыжакі напалі на самую Гародню, якую таксама разбурылі. У наступным годзе яны зноў уварваліся ў панямонскія землі, дзе прычынілі вялікія разбурэнні ў многіх месцах, у тым ліку Лідзе і Новагародку. У канцы 1395 г. крыжакі рушылі на Вільню з мэтай авалодаць ёю. I хаця ім удалося спаліць частку горада і разбурыць яго ваколіцы, аднак пасля двухмесячнай аблогі павінны былі з вялікімі стратамі адступіць. Вядома ж, Вітаўт не мог не адпомсціць крыжакам за іх пагромныя паходы на землі яго дзяржавы і ў 1396 г., закончыўшы справу з заваяваннем Смаленска, стаў рыхтавацца да паходу на крыжакоў. Аднак у хуткім часе абставіны рэзка змяніліся, і Вітаўт адмовіўся ад намеру помсціць на гэты раз крыжакам і прапанаваў ім заключыць мір. У 1397 г. і прыбыло нямецкае пасольства дзеля гэтага. Пазней Конрад Кібург, які ўзначальваў яго, пакінуў у форме дзённіка апісанне ўсяго бачанага ім у час правядзення гэтай місіі. Для нас з’яўляюцца вельмі каштоўнымі гэтыя звесткі. Вось некаторыя з іх.

Ужо ў самым пачатку свайго дзённіка Кібург адзначыў, што ў Коўне начальнікам замка быў баярын Іван Фёдаравіч, а вучэнне войска тут вёў нейкі Юрый. І гэта не можа не здзівіць.

Сапраўды, Коўна знаходзілася ў Жамойці, а абаронай яе і войскам кіравалі людзі яўна не жамойцкага паходжання. Аднак стане ўсё зразумелым, калі прыгадаць аб фактах, якія мелі месца пры Віценю і Гедзіміне, калі жамойцкія военачальнікі, як, напрыклад, Драйка, Спуда і Світрыла, здавалі свае крэпасці крыжакам. Відаць, урок гэты быў улічаны, і на чале жамойцкіх крэпасцяў і войск ставілі выхадцаў з усходняй (г. зн. беларускай) часткі дзяржавы. А гэта яшчэ раз пацвярджае, што Жамойці ў гэты час улада BKЛ з’яўлялася варожай, і таму немагчыма гаварыць аб так званым літоўскім (у сучасным значэнні гэтага слова) дамінаванні ў гэтай дзяржаве. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца і сведчанне Кібурга, што русінскае пісьменства без выключэння пануе ў BKЛ і што па-русінску гавораць і Вітаўт, і ўвесь яго двор. Вельмі каштоўным з’яўляецца і сведчанне Кібурга аб тым, што вялікі князь Альгерд не спачуваў язычнікам, бо быў праваслаўным хрысціянінам. А гэта зноў такі абвяргае шырока распаўсюджанае ў навуцы сцвярджэнне, што да Крэўскай уніі вялікія князі BKЛ былі язычнікамі.

Як і раней, так і цяпер, заключаючы мір з Ордэнам, Вітаўт уступае яму Жамойць. Ен таксама абавязваецца пашыраць у сваіх уладаннях каталіцкую веру. Па адной з умоў Вітаўт абавязваўся не прапускаць праз сваю тэрыторыю ніякіх войск, якія маглі ісці на Ордэн. I вось гэта асабліва ўгнявіла польскія вярхі, бо менавіта праз тэрыторыю BKЛ на Ордэн маглі ісці іх войскі.

I таму яны ўспрынялі гэта як выхад з-пад улады BKЛ. Падбухтораная імі Ядвіга напісала ліст Вітаўту, што яго ўладанні, як падначаленыя Польшчы, павінны плаціць ёй даніну. Гэта ў сваю чаргу раззлавала Вітаўта, які сабраў спецыяльны сойм, удзельнікі якога аднагалосна заявілі, што іх продкі ніколі не былі даннікамі і таму яны таксама не будуць імі. У такім духу Вітаўт даў адказ Ядвізе. Гэта прывяло яе ў гнеў, што адмоўна ўздзейнічала на яе здароўе, і ў хуткім часе яна памерла. Як бачым, гэта гісторыя зноў такі выявіла выключна адмоўныя адносіны грамадства BKЛ да Крэўскай уніі, да падначалення Польшчы.

Бачачы варожасць Польшчы да сябе, Вітаўт рашыў яшчэ больш замацаваць свой саюз з Ордэнам. 13 кастрычніка 1398 г. іх пасольствы сустрэліся на в. Салін (р. Дубіса). Цікава звярнуць увагу на тых асоб, якія тут суправаджалі Вітаўта. Гэта князі: Уладзімір, Юрый Пінскі, Міхаіл Заслаўскі, Аляксандр Старадубскі, Іван Гальшанскі і Іван Друцкі. Як бачым, гэта ўсё былі беларускія князі і ніводнага літоўскага, што гаворыць аб тым, хто быў апорай Вітаўта, хто яму радзіў і каго ён слухаў.

Па адной з умоў з крыжакамі Вітаўт павінен быў дапамагчы заваяваць ім Пскоў, а яны яму за гэта дапамогуць заваяваць Вялікі Ноўгарад. I вось, памірыўшыся з Ордэнам і не чакаючы ад яго варожых дзеянняў супроць сябе, Вітаўт рушыў да авалодання гэтым горадам і яго зямлёю, што зноў такі адбылося вельмі лёгка і нават лягчэй, як заваяванне Смаленска. Ведаючы, што ні крыжакі, ні Масква не прыйдуць на дапамогу Ноўгараду, Вітаўт накіраваў туды сваіх паслоў, каб яны аб’явілі наўгародцам вайну, і, паколькі тыя два гады назад адмовіліся падначаліцца Вітаўту на яго патрабаванне, падтрыманае і маскоўскім князем Васілём I, цяпер павінны прызнаць яго ўладу. Пазбаўленыя саюзнікаў і аслабленыя вайной з маскоўскім князем за дзвінскія землі, наўгародцы вымушаны былі прызнаць сваю залежнасць ад Вітаўта.

Здавалася, што падначаленне Смаленска і Ноўгарада (а гэта было мэтай Полацкага княства на ўсім працягу яго гісторыі) нарэшце ажыццявілася так бліскуча і так лёгка Вітаўтам. Аднак, як пакажуць далейшыя падзеі, усё гэта было вынікам кароткачасовай і спрыяльнай палітычнай кан’юнктуры. Але для Вітаўта гэтыя перамогі, якія значна павялічылі прастору і сілу яго дзяржавы, сталі грунтам для больш грандыёзнай яго мэты, ажыццявіць якую ён вырашыў у 1399 г.

Паход на татараў

Прымірэнне Вітаўта з Ордэнам было не толькі патрэбна для падначалення Ноўгарада, але і для паходу на татараў. Рэч у тым, што ў Залатой Ардзе адбывалася міжусобная барацьба, у выніку чаго пераможаны хан Тахтамыш вымушаны быў уцякаць у 1396 г. у ВКЛ, дзе яго вельмі прыязна прыняў Вітаўт і пасяліў у Лідскім замку. Аднак Тахтамыш не змірыўся са становішчам пераможанага і прапанаваў Вітаўту дапамагчы яму перамагчы свайго ворага хана Цімур-Кутлая. Планы Тахтамыша былі вельмі заманлівыя для Вітаўта, і ён згадзіўся дапамагчы яму. Вось гэта галоўным чынам і прымусіла Вітаўта пайсці на мір з Ордэнам. I ён пачаў пасля падначалення Ноўгарада ў 1398 г. рыхтавацца да паходу на татараў. Каб упэўніцца, наколькі моцнай была Арда, ён робіць напад на яе ў раёне Ніжняга Дняпра. Вынікі былі паспяховыя, і гэта яшчэ больш натхніла яго на грандыёзны паход і надало ўпэўненасці на паспяховы яго зыход.

Як сведчыць летапіс, Вітаўт «Собра воя много без числено: и царь Тохтамыш с ним своим двором, и Литва, и Немцы, и Ляхи, и Жемойть, Татарове, и Волохи, и Поляне, и с ннм бе князей 50, и бысть сила ратных много зело. И всими польки вооруживься, поиде на царя Тимура». І вось да гэтага шматлікага войска Вітаўт звярнуўся з гарачым заклікам: «Пойдем попленим землю татарскую, победим царя Тнмур-Кутлая и возьмем царство его, посадим царя Тохтамыша, и он мя посадить на всю землю Рускую, а потом на всем». Вось у гэтых словах і выяўляецца ўся сутнасць задуманага паходу, ініцыятарам якога, бясспрэчна, быў Тахтамыш і на які згадзіўся Вітаўт. Ён дапаможа бегламу татарскаму хану авалодаць Залатой Ардой, а той, у сваю чаргу, дапаможа авалодаць яму ўсёй Руссю. Апошняе асабліва звяртае на сябе ўвагу. Як бачым, у той час імкненне валодаць усімі рускімі землямі было як у Масквы, так і ў ВКЛ. Мы ўжо ведаем, што ў свой час Альгерд рабіў спробу спыніць аб'яднаўчую палітыку Масквы з дапамогай татараў. Тое ж рашыў зрабіць і Вітаўт, толькі не дыпламатычным шляхам, як Альгерд, а магутнай сілай, якую ён павёў на раку Ворсклу (цяпер на тэрыторыі Палтаўскай вобл.), куды прывёў і сваё войска, але не шматлікае, Цімур-Кутлай. Чакаючы прыходу галоўных сіл, ён, каб перахітрыць Вітаўта і гэтым часова прадухіліць бітву, завёў з ім перамовы, на што непрадбачліва Вітаўт згадзіўся. Аднак, калі Цімур дачакаўся дапамогі, ён спыніў перамовы.

I вось 12 жніўня 1399 г., у аўторак, і адбылася грандыёзная бітва. Страты былі вялікія з двух бакоў, але Вітаўт пацярпеў паражэнне і «побеже во мале силе», а абоз, палаткі, зброя і мноства палонных былі захоплены татарамі.

У ліку многіх князёў, што загінулі тут, быў і Андрэй Полацкі. Як нам вядома, каля 1390 г. ён быў выпушчаны з палону ў Польшчы і, відаць, знаходзіўся ў саюзе з Вітаўтам, бо апошні пасылаў яго да крыжакоў з пэўнымі даручэннямі. Аднак Андрэй па-ранейшаму, відаць, імкнуўся вярнуць сабе Полацк, для чаго падгаварваў палачанаў да хваляванняў, што стала вядома Ягайлу, і яму Вітаўт разам з іншымі князямі вымушаны быў даваць гарантыю, што яны выдадуць Андрэя ў выпадку яго непадначалення польскаму каралю. Убачыўшы ўсю небяспечнасць прабывання ў BKЛ, Андрэй ідзе ў Пскоў, дзе зноў абіраецца князем. Пра гэта сведчыць тое, што ён ездзіў у Ноўгарад, каб заключыць з ім мір, аднак гэта яму не ўдалося. Менавіта гэта і прымусіла яго вярнуцца ў BKЛ, а пасля і прыняць удзел у паходзе Вітаўта на татараў, дзе ён і загінуў. Бясспрэчна, Андрэй Полацкі — выдатная постаць у нашай гісторыі. Звыш паўстагоддзя працягвалася яго дзяржаўная і вайсковая дзейнасць. У сувязі з ім трэба прыгадаць два дакументы, дата якіх засталася невядомай. Першы з іх — дарчая грамата, дадзеная полацкаму Троіцкаму манастыру. Асаблівую ўвагу ў ёй звяртае на сябе тое, што Андрэй Полацкі называе сябе вялікім князем. Такое тытулаванне полацкіх князёў раней не выяўлялася. Другі дакумент — таксама дарчая грамата, але Прадцечанскаму манастыру і дадзеная князем Ануфрыем, які таксама называе сябе вялікім. Адсюль вынікае пытанне, хто такі гэты Ануфрый? Аднак, улічваючы аднолькавы стыль гэтых грамат і тое, што Ануфрый таксама называе сябе вялікім князем, можна меркаваць аб адной асобе, якая крыецца пад гэтымі імёнамі. Магчыма, што Андрэй ужо тады прыняў мірскі чын і ў выніку гэтага атрымаў імя Ануфрый. Тое, што ён называў сябе вялікім полацкім князем, невыпадкова. Уся яго працяглая дзяржаўная, вайсковая дзейнасць была звязана з Полацкам, з якім ён назаўсёды зрадніўся. I ў яго асобе палачане бачылі свайго вернага слугу.

Зноў смаленскія i наўгародскія справы

Паражэнне на р. Ворскле было вынікам шэрагу пралікаў Вітаўта. Найперш, гэта яго ўяўленне, якое, дарэчы, унушыў яму Тахтамыш, аб слабасці сіл Цімур-Кутлая. Але нават калі б была перамога Вітаўта, то наўрад ці Тахтамыш, стаўшы ханам Залатой Арды, згадзіўся б ставіць Вітаўта «над усёю Руссю», бо ў выніку гэтага стварылася б магутная дзяржава, якая наўрад ці пацярпела існаванне Залатой Арды.

Гэта катастрафічнае паражэнне Вітаўта вельмі дорага абышлося дзяржаве, выклікаўшы нанова рашэнне тых праблем, якія былі ўжо вырашаны ёю раней. Гэтай няўдачы яго чакалі ворагі з усіх бакоў. Першы, хто вырашыў пакарыстацца няўдачай Вітаўта, быў смаленскі князь Юрый Святаславіч, які рашыўся вярнуць сабе сваю вотчыну. Жывучы ў свайго цесця Алега Разанскага, ён разам з апошнім у 1401 г. рушыў на Смаленск. Трэба зазначыць, што ў гэтым горадзе, як і ў Ноўгарадзе, існавалі дзве партыі, маскоўская і так званая літоўская, кожная з якіх цягнула княства ў свой бок. У гэты час перамагла першая з іх, і Юрый Святаславіч увайшоў у Смаленск, пасля чаго тут былі забіты намеснікі Вітаўта і тыя баяры, якія выступалі супроць «свайго вотчыча». Даведаўшыся пра гэта, Вітаўт рушыў сваё войска на Смаленск. Аднак у хуткім часе ён вымушаны быў вярнуцца ў Вільню, перадаўшы войскі пад каманду Сямёну-Лунгвеню, якому і ўдалося каля сяла Любуш у 1402 г. разбіць войска Юрыя Святаславіча і Алега Разанскага і ў выніку гэтага захапіць прыгарад Смаленска — Вязьму.

Аднак чаму Вітаўт вымушаны быў кінуць войскі і вяртацца ў Вільню? Рэч у тым, што для польскіх вярхоў паражэнне Вітаўта было таксама вялікім падарункам. Скарыстаўшы гэты зручны момант, яны перайшлі да тактыкі перазаключэння уніі, г. зн. паступовага падначалення сваёй уладзе ВКЛ. Дзеля гэтага ў 1401 г. у Вільні быў скліканы з’езд, на якім прысутнічалі Ягайла, Вітаўт і іншыя прадстаўнікі вышэйшых колаў Польшчы i BKЛ. Апынуўшыся ў вельмі цяжкім становішчы і маючы патрэбу ў старонняй дапамозе, Вітаўт павінен быў пацвердзіць асобай граматай захаванне вернасці і пакорнасці польскаму каралю і кароне. Адначасова прызнавалася, што пасля смерці Вітаўта BKЛ павінна перайсці толькі каралю польскаму і яго пераемнікам. Характэрна для гэтага з’езда і тое, што на яго не былі запрошаны прадстаўнікі праваслаўнага баярства, а гэта азначала прызнанне палітычных правоў толькі за католікамі. Як бачым, карыстаючыся вялікай няўдачай Вітаўта, польскія вярхі прымусілі Вітаўта адступіць. Аднак ён, як пакажуць далейшыя падзеі, лічыў для сябе гэтыя ўступкі часовымі і выкарыстоўваў іх на карысць сабе.

У прыватнасці, гэтым разам ён атрымаў польскую вайсковую падтрымку, з якой і адправіўся пад Смаленск. Бачачы непазбежнасць здачы Смаленска пасля страты Вязьмы, Юрый Святаславіч звярнуўся па дапамогу да маскоўскага князя Васіля I. Аднак той марудзіў, і гэта забяспечыла поспех Вітаўту. Выкарыстаўшы ад’езд у Маскву князя Юрыя, у Смаленску ўзялі верх прыхільнікі Вітаўта, якія і адчынілі яму дарогу ў свой горад, што адбылося 24 чэрвеня 1404 г. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў і голад, які цярпелі смаленцы, адрэзаныя войскамі Вітаўта. Вяртанне сабе Смаленска было першым поспехам Вітаўта пасля яго паражэння на Ворскле.

Прыблізна па такім сцэнарыі, як і ў Смаленску, разгортваліся падзеі і ў Ноўгарадзе, толькі яны зацягнуліся і закончыліся без поспеху для Вітаўта. Тут таксама існавалі дзве такія ж самыя партыі, якія ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры бралі верх адна над другой. I вось, дачуўшыся аб паражэнні Вітаўта на Ворскле, маскоўская партыя, узняўшы бунт і расправіўшыся з супраціўнай партыяй, дамаглася ўлады над горадам і звярнулася да Васіля I. Са свайго боку прыхільнікі Вітаўта звярнуліся да яго, каб ён умяшаўся ў справы Ноўгарада. Аднак цяпер Вітаўт не меў магчымасці гэта зрабіць. I толькі пасля Віленскага з’езда, падмацаваўшыся дапамогай палякаў, ён гатовы быў выступіць супроць Ноўгарада. Аднак з-за таго, што маскоўскі князь Васіль I не мог умяшацца ў наўгародскія справы, зноў узялі верх прыхільнікі Вітаўта, і яму прыйшлося прымяніць сілу. Але праз чатыры гады маскоўская партыя зноў заўладарыла ў Ноўгарадзе і звярнулася да Васіля I з просьбай аб падначаленні яму. У адказ на гэта Вітаўт аб’явіў адначасова вайну і Ноўгараду і яго прыгараду — Пскову.

Як вядома, у 1397 г. Вітаўт, заключаючы мір з крыжакамі, абяцаў ім дапамагчы ў авалоданні гэтым горадам. Аднак, падначаліўшы Ноўгарад, ён, відаць, адмовіўся ад свайго абяцання і стаў лічыць Пскоў разам з Ноўгарадам сваім падуладным горадам. Як галоўную прычыну свайго намеру ён выставіў тое, што Ноўгарад прыняў да сябе яго заклятага ворага Юрыя Смаленскага. Летапісец, апісваючы падзеі нападу на Пскоўскую зямлю, характарызуе Вітаўта як «паганага», «сына д’ябла» і «няверніка». Вось на гэту характарыстыку трэба звярнуць увагу. Зыходзячы з яе, Вітаўта трэба лічыць язычнікам, хоць добра вядома, што ён быў хрысціянінам. Але ў гэты час таго, хто нападаў на якую-небудзь зямлю, лічылі паганым, бязбожнікам. У свой час вялікі князь Трайдзень, які неаднаразова нападаў на Валынскую зямлю, яе летапісцам таксама называецца язычнікам, што і дало падставу шэрагу даследчыкаў лічыць яго язычнікам. Але як і Вітаўт, так і Трайдзень не былі такімі.

А дзеянні Вітаўта на Пскоўскай зямлі былі вельмі жорсткімі. Захапіўшы г. Каложу і яго акругу, ён адных «нзсече», а іншых у колькасці 11 тысяч узяў у палон. Тое ж самае адбылося і на подступах да г. Вароніча, які яму ўзяць не ўдалося. Праўда, і пскоўцы ў адказ на дзеянні Вітаўта зрабілі набег на Полацкую воласць і ледзь не заваявалі сам Полацк. І ўсё ж, не змогшы процістаяць Вітаўту, Пскоў і Ноўгарад звярнуліся зноў па дапамогу да Васіля I, які больш не пасіўнічаў, а адразу аб’явіў вайну свайму цесцю. У чэрвені 1406 г. войскі аднаго і другога сышліся на рацэ Плаха, аднак без бою было заключана перамір’е. Гэтак жа закончылася сустрэча войскаў Вітаўта і Васіля I і ў 1407 г. пад Вязьмай. У наступным 1408 г. адбылася і трэцяя сустрэча войскаў ля ракі Угры (прыток Акі ў яе вярхоўі, зараз на тэрыторыі Калужскай вобл.). Знешнім повадам для гэтага паходу быў намер патрабаваць ад Васіля I, каб ён выдаліў Свідрыгайлу, які, будучы тады князем Северскім, уцёк у Маскву. Такі ўчынак гэтага князя некалькі можа здзівіць. Нам ужо вядома, што ў час заключэння Крэўскай уніі ён, як і Вітаўт, перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, змяніўшы праваслаўнае імя Леў на каталіцкае Баляслаў. I вось зараз, калі стаў назірацца ад’езд праваслаўных князёў у Маскву як адзінаверную краіну, у ліку іх і найбольш значным з’явіўся і католік Баляслаў. Па ўсім відаць, што ён нядоўга заставаўся ў каталіцкай веры, чаму спрыялі варожыя адносіны да яго католікаў Ягайлы і Вітаўта. Ён зноў вярнуўся ў праваслаўе, збег у Маскву, у якой хацеў бачыць сваю адзінаверную саюзніцу. Трэба зазначыць, па-першае, пераход адных беларускіх князёў і баяр у каталіцтва, што служыла ў канчатковым выніку Польшчы, па-другое, пераход шэрагу беларускіх князёў і баяр, якія заставаліся праваслаўнымі і станавіліся нераўнапраўнымі з католікамі, аддаваліся пад уладу Масквы, азначаў пачатак глыбокага расколу ў беларускім грамадстве, што ў далейшым і стала адной з прычын заняпаду нашай дзяржавы.

Сустрэча на Угры таксама закончылася мірна. Васіль I згадзіўся выдаліць Свідрыгайлу, праўда, з умовай, што яму нічога дрэннага зроблена не будзе. Вітаўт, са свайго боку, адмаўляўся ад умяшання ў справы Пскова і Ноўгарада. Такім чынам, у адрозненне ад Смаленска, барацьба Вітаўта за Ноўгарад не прынесла яму поспеху. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, наўгародская праблема як для Вітаўта, так і для яго наступнікаў канчаткова не знікла.

Але асаблівай увагі патрабуе яшчэ адна ўмова гэтага міру, а менавіта тое, што мяжа паміж BKЛ і Маскоўскім княствам ўстанаўлівалася па Угры, а гэта быў самы ўсходні рубеж нашай дзяржавы. У сувязі з гэтым можа паўстаць пытанне: чаму менавіта Вітаўт ішоў сюды, на гэта месца? Дык вось, некаторыя факты могуць сведчыць пра тое, што па Угры пралягала не толькі дзяржаўная мяжа паміж ВКЛ і Масквой, але і этнічная. Рэч у тым, што сучасныя расійскія дыялектолагі (у прыватнасці, М. Высоцкі) адзначаюць, што нават зараз жыхары, якія жывуць на захад ад Угры, у сваім вымаўленні ўжываюць «ў», чаго няма ў жыхароў на ўсходзе ад гэтай рэчкі. Як вядома, «ў» з’яўляецца характэрнейшай асаблівасцю беларускай мовы. Адсюль можна зрабіць вывад, што па Угры праходзіла мяжа між двума этнасамі, што і можа тлумачыць, чаму менавіта сюды прыйшоў Вітаўт і чаму тут пралягла мяжа паміж ВКЛ і Масквой.

Грунвальдская бітва: яе прычыны i вынікі

Хоць Вітаўт неаднаразова ў барацьбе са сваімі ўнутранымі і знешнімі ворагамі ўступаў у саюз з Ордэнам, аднак апошні для яго па-ранейшаму быў небяспечным ворагам. Крыжакі таксама выкарысталі паражэнне Вітаўта на Ворскле перш за ўсё імкненнем поўнасцю падначаліць сабе Жамойць, уступленую ім каторы ўжо раз Вітаўтам. Яны асабліва стараліся гвалтоўна навязваць жамойтам каталіцтва, а гэта выклікала ўпартае супраціўленне апошніх і прымушала іх уцякаць са сваёй зямлі. Рыцары ў лютым 1402 г. зрабілі спусташальны набег на Гарадзеншчыну (вотчыннае ўладанне Вітаўта). У адказ на гэта Вітаўт напаў на крэпасць Готэсвэрдэр і разбурыў яе, а жамойты напалі на горад Мемель, дзе прычынілі шмат шкоды і адкуль вывелі вялікі палон. Са свайго боку рыцары зрабілі паход на Вільню, але ўзяць яе не змаглі.

Ордэн, убачыўшы збліжэнне Польшчы і ВКЛ у выніку Віленскага з’езда і змяніўшы тактыку ў адносінах да іх, рашыў заключыць мір з Ягайлам і Вітаўтам. Апошняму гэта было таксама выгадна, каб канчаткова ўладзіць смаленскія справы. I ў сярэдзіне мая 1404 г. мір быў заключаны. Вітаўт пацвярджаў усе свае абавязацельствы, дадзеныя ім Ордэну на Салінскім з’ездзе ў 1398 г., у прыватнасці (у які ўжо раз!) уступіў крыжакам Жамойць. Больш таго, Вітаўт у 1406 г. прыслаў у гэту зямлю сваіх паслоў з даручэннем сказаць жамойтам, каб яны не супраціўляліся акаталічванню, бо гэта ні да чаго не прывядзе. Праўда, жамойты не паслухаліся Вітаўта і працягвалі сваю барацьбу. Трэба думаць, што гэта і прадбачыў Вітаўт, і яго пасольства патрэбна было толькі для таго, каб паказаць сваю вернасць мірнаму пагадненню з Ордэнам, што і зразумела. У гэты час, як мы ведаем, ён быў заняты наўгародскімі справамі. Аднак, закончыўшы іх, Вітаўт зноў уступіў у канфлікт з Ордэнам за Жамойць.

Закончыўшы пашырэнне дзяржавы на ўсходзе, Вітаўт убачыў магчымасць давесці гэту справу і на захадзе, г. зн. канчаткова і поўнасцю падначаліць сабе Жамойць. Для Вітаўта гэта было не толькі дзяржаўнай, але і асабістай справай, бо ён глядзеў на гэту зямлю як на сваё спадчыннае ўладанне, якое належала яго бацьку Кейстуту.

I Ордэн, і Вітаўт добра бачылі непазбежнасць канфрантацыі паміж імі. Але адначасова наспеў канфлікт паміж Тэўтонскім ордэнам і Польшчай, калі ў жніўні 1409 г. крыжацкія войскі ўварваліся ў Добрынскую зямлю. Усё гэта прывяло да агульных дзеянняў Польшчы i BKЛ супроць Ордэна, аб чым і дамовіліся Ягайла і Вітаўт пры сустрэчы ў Берасці ў снежні 1409 г. Ордэн таксама стаў рыхтавацца да рашучай барацьбы, збіраючы з усёй Еўропы вопытных рыцараў. I рашаючы момант наступіў.

У ліпені 1410 г. аб’яднаныя войскі Польшчы i BKЛ пад камандаваннем караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта перайшлі мяжу Прускага ордэна. Насустрач ім рухалася крыжацкае войска. Адны і другія сустрэліся каля вёскі Грунвальд, дзе 15 ліпеня і адбылася грандыёзная бітва. Хоць дакладных звестак аб колькасці ўдзельнікаў у ёй з аднаго і другога боку мы не маем, аднак аб іх вялікім ліку гаворыць колькасць харугваў, за кожнай з якіх стаяла поўная вайсковая адзінка. Дык вось, пад камандаваннем Ягайлы і Вітаўта было 90 харугваў, у крыжакоў — 51 харугва. У тым ліку з Беларусі мы бачым Полацкую, Віцебскую, Гарадзенскую, Берасцейскую, Пінскую, Новагародскую, Лідскую, Ваўкавыскую, Мсціслаўскую, Драгічынскую, Мельніцкую і інш.

Войскі Вітаўта занялі правы фланг, польскія — левы. Калі Вітаўт увесь час быў са сваім войскам, аб’язджаў і падбадзёрваў яго, Ягайла, даручыўшы камандаванне сваім войскам кракаўскаму мечніку Маскаржэцкаму, ад’ехаў назад і ніякага ўжо асабістага ўдзелу ў бітве не прымаў, а, стоячы на пагорку і акружаны шматлікай світай, маліўся Богу. Вітаўт каля палудня адкрыў наступленне на ордэнскае войска. Крыжакі пасля іх артылерыйскага агню таксама рушылі ў бой, у выніку чаго атака Вітаўта была адбіта. Тады вялікі магістр Юнгенген, падмацаваўшы свае войскі, сам перайшоў у наступленне і хутка расстроіў шэрагі Вітаўта. Татары першыя кінуліся ўрассыпную, пасля кінуліся бегчы ратнікі віленскія, троцкія, жамойцкія і валынскія. Частка польскага войска, якое прымыкала да войска Вітаўта, таксама пасунулася назад. Усе намаганні Вітаўта стрымаць уцёкі з поля бою і аднавіць бітву былі дарэмнымі. Рыцары нястрымна ішлі наперад, частка літоўскага войска была загнана ў балота і там знішчана, другая частка са страху бегла ў родныя месцы, абвяшчаючы аб паражэнні сваіх.

I яно было б непазбежнае, каб не смаленскія харугвы, якімі камандаваў мсціслаўскі князь Сямён-Лунгвень Альгердавіч. Менавіта яны стрымалі напор крыжакоў, уступілі ў рукапашны бой і тым самым далі магчымасць Вітаўту аднавіць баявы парадак. Гэта выратавала і польскае войска, ад якога ўжо была забрана немцамі галоўная харугва. Аб’яднаныя войскі BKЛ і Польшчы перайшлі ў наступленне і вечарам закончылі поўны разгром крыжацкага войска. У ліку шматлікіх забітых крыжакоў быў і вялікі магістр Юнгенген. Трэба зазначыць, што апісанне Грунвальдскай бітвы ў розных крыніцах не супадае ў дэталях, як, напрыклад, у «Хроніцы Быхаўца». Аднак усюды падкрэсліваецца яе вялікае гістарычнае значэнне як магутнага ўдару па крыжацкай агрэсіі.

На жаль, гэта бліскучая перамога не была даведзена да канца, да поўнага паражэння Прускага ордэна. Ягайла і Вітаўт прастаялі некалькі дзён на полі бою ў бяздзейнасці. Гэта дало рыцарам магчымасць зноў умацавацца і не дапусціць узяцця іх сталіцы Марыенбурга. На дапамогу Прускаму ордэну прыйшлі войскі Лівонскага ордэна. Ёсць нават звесткі, што адбылася сустрэча Вітаўта з магістрам гэтага Ордэна Германам, які быццам бы ўпэўніў вялікага князя ў небяспечнасці для яго дзяржавы канчатковага знішчэння Ордэна, бо гэта прывядзе да ўзвышэння Польшчы. І сапраўды, як убачым далей, апошняе і адбылося. Як бы там ні было, а Вітаўт у хуткім часе адмовіўся ад аблогі Марыенбурга і павёў свае войскі дадому.

Прычынай гэтага магло быць і тое, што заканчваўся тэрмін яго міру з лівонцамі, і таму ён мог чакаць іх нападу. Ягайла ў пачатку верасня 1410 г., пераканаўшыся ў немагчымасці ўзяць Марыенбург, таксама адвёў свае войскі. Аднак паасобныя вайсковыя сутычкі працягваліся да заключэння Торуньскага міру 1 лютага 1411 г. Паводле яго Вітаўту і вярталася Жамойць. А гэта азначала канчатковае фарміраванне тэрыторыі BKЛ. Жамойць, якая да гэтага часу была разменнай манетай у руках Вітаўта, складае галоўную і большую частку сучаснай Лeтувы, і яе канчатковае далучэнне да ВКЛ ў пачатку XV ст. — яшчэ адно яскравае абвяржэнне шырокараспаўсюджанага ў навуцы сцверджання аб BKЛ як Летувіскай дзяржаве, якая, маўляў, утварылася шляхам аб’яднання літоўскіх земляў Міндоўгам і заваявання ім беларускіх земляў. Аднак усё гэта абвяргаюць гістарычныя сведчанні. Яны пацвярджаюць адваротнае, а менавіта тое, што шляхам заваявання да ВКЛ былі далучаны найперш балцкія землі (Старажытная Літва, пад якой тады разумелася тэрыторыя Беларускага Панямоння, Нальшчаны і Дзяволтва), украінскія землі (Падолле, Чарнігаўскае і Кіеўскае княствы), велікарускія землі (Смаленскае і Северскае княствы). Аднак нідзе не гаворыцца аб заваяванні якой небудзь беларускай зямлі (Полацкай, Менскай, Турава-Пінскай ці Новагародскай). Яны аб’ядноўваліся ў XIII ст. мірна вакол Новагародка, які і стаў першай сталіцай ВКЛ. Таму нельга гаварыць, як гэта распаўсюджана ў навуковай літаратуры і ў падручніках па гісторыі, аб уваходжанні беларускіх земляў у склад ВКЛ, ды яшчэ шляхам іх заваявання, бо яны былі ядром утварэння гэтай дзяржавы, што і характарызуе яе найперш як беларускую. Жамойць з’явілася апошняй балцкай зямлёй, якая таксама была далучана да ВКЛ вайсковай сілай. Менавіта з гэтага часу да назвы «ВКЛ» далучаецца і назва «Жамойцкае», якая і супадае з сучаснай назвай «Літоўскае». Жамойць, канчаткова апынуўшыся ў складзе BKЛ, імкнецца заняць у гэтай дзяржаве вядучае месца і, у прыватнасці, прыпісаць сабе заслугу яе ўтварэмня, з чым і звязана ўзнікненне версіі ўтварэння ВКЛ як Жамойцкай дзяржавы.

Далучыўшы канчаткова пад сваю ўладу Жамойць, Вітаўт, каб спыніць далейшую спробу Ордэна на авалоданне ёю, прыступіў да хрышчэння ў каталіцкую веру яе язычніцкіх насельнікаў, заснаваў тут біскупства і пабудаваў шмат касцёлаў. У гэтай справе актыўны ўдзел прыняў кароль Ягайла, што зноў такі добра раскрывае зацікаўленасць Польшчы. Аднак жамойты як ад крыжакоў, так і ад Вітаўта і Ягайлы не жадалі хрысціцца і ўзнялі супроць гэтага паўстанне, якое было з выключнай жорсткасцю падаўлена Вітаўтам у 1418 г.

Хоць у выніку Грунвальдскай бітвы Прускі ордэн не быў знішчаны, бо такая пагроза для яго была, усё ж у яго далейшым існаванні адбыліся істотныя змены. Рэч у тым, што галоўнай задачай Ордэна лічылася пашырэнне хрысціянства сярод язычнікаў, што і прыкрывала яго захопніцкую дзейнасць, у выніку якой яму і ўдалося утварыць такую вайскова-феадальную дзяржаву, як Тэўтонскі ордэн. Аднак пасля Грунвальда, калі Жамойць, гэта язычніцкая краіна, канчаткова перайшла ў ВКЛ, для Ордэна барацьба з язычніцтвам страціла сваё прызначэнне. Ён ужо не мог дзеля заваявання язычніцкіх плямёнаў заклікаць да сябе рыцараў з Захаду, што яму зараз было і не па кішэні.

Згубіўшы сваю месіянерскую мэту прасоўвання на Усход, Ордэн адначасова страціў і падтрымку Рымскай курыі, якая ўжо перастала бачыць у Ордэне патрэбную ёй сілу, бо фактычна язычніцтва перастала існаваць. Цяпер паўставала ўжо задача пашырэння каталіцызму сярод іншых хрысціянскіх канфесій, у прыватнасці сярод праваслаўных, якія складалі галоўную частку насельніцтва BKЛ. I таму зараз цяжар пашырэння каталіцызму на Усход пераносіцца з Ордэна на Польшчу, якая таксама была каталіцкай дзяржавай і якая, далучыўшы да сябе BKЛ, мела вялікі рэзерв для пашырэння рымскай веры, а праз гэта і для пашырэння сваёй тэрыторыі. У літаратуры адзначалася ўжо вялікае значэнне ў дзяржаўным і культурным адраджэнні Польшчы Крэўскай уніі і Грунвальдскай перамогі. Менавіта зараз і пачынае ўзрастаць аўтарытэт Польшчы ў Еўропе, дзе яна да гэтага часу была малавядомай. Трэба таксама адзначыць, што аслабленне Прускага ордэна пасля Грунвальда было найперш на карысць Польшчы, паколькі менавіта ён быў асабліва небяспечны для яе. Усе гэтыя акалічнасці і прывялі да неабходнасці з боку Польшчы перазаключэння уніі з BKЛ, што і адбылося ў 1413 г. у Гародні.

Ужо тое, што на гэтым з’ездзе ад BKЛ прысутнічалі толькі феадалы-католікі, яскрава характарызуе яго мэты і вынікі, якія задавальнялі найперш інтарэсы каталіцкай царквы і Польшчы. I нездарма ж у пачатку пастановы з’езда аб уніі BKЛ і Польшчы ўслаўляецца «ўздзеянне жыватворнага духу… каталіцкай веры». Менавіта Польшча і станавілася галоўнай апорай яе пашырэння на ўсход. Па-ранейшаму ўсё рабілася для таго, каб ураўняць у правах феадалаў-католікаў BKЛ з феадаламі Польшчы, што зноў такі спрыяла перацягненню першых на польскі бок. Дзеля гэтага ў прывілеях, прынятых Гарадзельскім з’ездам, 47 польскіх феадалаў міласціва даравалі права 47 феадалам-католікам BKЛ насіць іх гербы. Апроч таго, апошнія абавязваліся быць з польскімі феадаламі ў вечнай дружбе. Улічана было і тое, што ў выніку смерці вялікага князя Вітаўта, яны не маглі выбіраць сабе князя без згоды палякаў. Тое ж самае абяцалі і польскія феадалы ў выпадку смерці караля Ягайлы. Гарадзельскі прывілей забяспечваў палітычнымі правамі феадалаў-католікаў, якія прымалі польскія гербы, і толькі яны маглі назначацца Ягайлам і Вітаўтам на дзяржаўныя пасады. Феадалы-католікі абавязваліся ўсяляк садзейнічаць стварэнню каталіцкіх касцёлаў і манастыроў. Хоць, паводле Гарадзельскай уніі, у BKЛ захоўвалася асобнасць улады вялікага князя, аднак жа яно, тым не менш, аб’яўлялася аб’яднаным з Польшчай. Як бачым, новая унія адбіла ў сабе далейшае зрашчэнне польскай дзяржаўнай улады з каталіцызмам і іх супольнае імкненне пранікнуць у глыб дзяржаўнага жыцця BKЛ.

У апошнія гады жыцця

У гістарычнай літаратуры ўжо было адзначана, што заключэнне Крэўскай уніі пайшло найперш на карысць Маскве. Выказвалася думка, што калі б у ВКЛ па-ранейшаму заставалася дзяржаўнай праваслаўная вера, то яшчэ невядома, хто б у канчатковым выніку перамог: Масква ці Вільня? Сапраўды, увядзенне ў BKЛ каталіцкай веры як дзяржаўнай, адразу паставіла праваслаўнае насельніцтва ў нераўнапраўнае становішча. І Масква стала гэта выкарыстоўваць, паказваючы сябе як абаронцу адзінаверных у BKЛ, што давала ёй магчымасць умешвацца ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы. Такім чынам ва ўмовах ВКЛ рэлігійныя адносіны шчыльна перапляталіся з палітычнымі інтарэсамі суседніх дзяржаў. Калі каталіцызм стаў дарогай польскай экспансіі ў нашу дзяржаву, то праваслаўе станавілася грунтам для таго ж самага з боку Масквы.

Не могучы процістаяць націску каталіцызму, да якога ён і сам належаў, і, з другога боку, не могучы ігнараваць праваслаўе, да якога належала большая частка BKЛ, Вітаўт, як і ў свой час Альгерд, рашыў зрабіць яе самастойнай, г. зн. аддзяліць праваслаўную царкву сваёй дзяржавы ад Маскоўскай мітраполіі. Ужо ў 1408 г. ён паслаў полацкага епіскапа Феадосія ў Канстанцінопаль з мэтай прызнання яго мітрапалітам праваслаўнай царквы ў ВКЛ. Хоць у гэтым яму было адмоўлена, але не спыніла захадаў Вітаўта ў гэтым кірунку. Больш таго, бачачы перспектыву непазбежнай барацьбы паміж каталіцтвам і праваслаўем, што будзе толькі на шкоду яго дзяржаве, Вітаўт рашыў адначасова аб’яднаць гэтыя дзве хрысціянскія веры ў адну шляхам уніі. 3 гэтай мэтай у 1416 г. ствараецца самастойная праваслаўная мітраполія з цэнтрам у Новагародку, якую ўзначаліў балгарын па паходжанні Грыгор Цымблак. Адначасова было забаронена маскоўскаму мітрапаліту аб’язджаць праваслаўныя епархіі ВКЛ. 3 мэтай дасягнення царкоўнай уніі Грыгор Цымблак быў пасланы на Канстанцкі сабор (у Швейцарыі), дзе меркавалася ўзняць пытанне аб уз’яднанні праваслаўя і каталіцтва ў глабальным маштабе. Аднак Цымблак спазніўся на гэты сабор, і таму пытанне уніі тут не вырашалася. У хуткім часе Цымблак памёр, а Вітаўт не назначыў яму пераемніка, паколькі ў гэты час ён ішоў на прымірэнне з Масквою і не хацеў абвастраць з ёй адносіны. Ён нават дазволіў маскоўскаму мітрапаліту зноў валодаць праваслаўнымі епархіямі BKЛ. Так была загублена вельмі важная ініцыятыва, здзяйсненне якой у той час магло б вырваць наш народ ад няшчасця рэлігійнага разладу ў ім.

Як бачна, дзейнасць Вітаўта была шматграннай, яна ахоплівала дзяржаўны, дыпламатычны, вайсковы і рэлігійны кірункі. Такой жа яна заставалася і ў апошнія гады яго жыцця, нягледзячы на даволі паважны ўзрост Вітаўта.

Вядома, што дачка Вітаўта Сафія была жонкай маскоўскага князя Васіля I, які памёр у 1425 г. і які завяшчаў апеку над сваім 9-гадовым сынам Васілём Вітаўту як дзеду. А гэта было падставай ўспрымаць Вітаўта як гаспадара Маскоўскага княства. Такая акалічнасць не магла не ўносіць пэўнага ўмяшання ў дзяржаўнае жыццё Масквы, што і рашыў выкарыстаць Вітаўт у інтарэсах BKЛ. Замацаваўшыся ў Смаленску і гэтым самым здзейсніўшы адну з даўніх мэт Полацка, Вітаўт, нягледзячы на папярэднія няўдачы, не пакінуў спробы авалодаць Псковам і Ноўгарадам, якія ў свой час таксама імкнуўся падначаліць Полацк. I вось у 1426 г. Вітаўт ідзе з войскам на Пскоўскую зямлю, дзе пацярпеў няўдачы пад Апочкай і Варонічам. Аднак, нягледзячы на гэта, ён пры адступленні атрымаў ад Пскоўскай зямлі багатую кантрыбуцыю.

Як у свой час Альгерд зачэпкай для вайны з Ноўгарадам узяў тое, што яго там празвалі «псом», так і ў 1428 г. Вітаўт пайшоў на гэты горад, бо ў ім маскоўская партыя называла яго «п’яніцам» і «здраднікам». Аднак і гэты паход закончыўся ўзяццем Вітаўтам кантрыбуцыі з Порхава і Ноўгарада. Тое, што ў паходзе на Ноўгарад быў зацікаўлены Полацк, сведчыць удзел у ім полацкага войска і гібель тут полацкага ваяводы. Ёсць меркаванні, што Вітаўт пакінуў Пскоўскую і Наўгародскую землі па патрабаванні Масквы, якая нагадала яму, што гэтыя вобласці належаць толькі ёй. Міжусобная барацьба разанскіх князёў таксама дала повад Вітаўту ўмяшацца ў іх справы, у выніку чаго ён атрымаў магчымасць нават прыдбаць некаторую частку гэтай зямлі, праўда, ненадоўга.

Хоць Вітаўт у цэлым у сваёй унутранай і знешняй палітыцы арыентаваўся на саюз з Польшчай, аднак ён, адчуваючы незадаволенасць гэтым шырокіх колаў грамадства дзяржавы, не мог не імкнуцца да самастойнасці. А гэта перш за ўсё магло падкрэсліць атрыманне ім каралеўскай кароны, захады аб чым ён прадпрымаў двойчы: у 1428 і 1430 гг. Каб паказаць, наколькі яго дзяржава магутная і багатая, ён сабраў у сябе гасцей з ліку многіх каранаваных асоб. У «Хроніцы Быхаўца» гаворыцца, што кожны дзень на частаванне гзтых гасцей разыходзілася мёду — 700 бочак, апроч віна і іншых напояў, сотні бараноў і вепраў, каля сотні зуброў і шмат іншага. Усё гэта вельмі ўразіла гасцей, і яны, упэўніўшыся ў сіле і багацці Вітаўта, рашылі, што ён варты каралеўскай кароны. Асабліва на гэтым настойваў германскі імператар Сігізмунд III, які і паабяцаў прыслаць яму карону. Вядома, усё гэта не магло быць сакрэтам для польскіх вярхоў і не магло іх не ўстрывожыць. I яны ўсё зрабілі, каб карона не дайшла да Вітаўта. Па адных звестках, яе перанялі па дарозе, адабралі, распілавалі напалам і адну палавіну яе прымацавалі да кароны кракаўскага біскупа. Па іншых звестках, паслоў з каронай не прапусцілі, і яны вярнуліся назад. Усё гэта адбылося ў пачатку верасня 1430 г., а 27 кастрычніка таго ж года Вітаўт памёр у 80-гадовым узросце.

38-гадовае княжанне Вітаўта (1392–1430) было перыядам найбольшага дзяржаўнага ўздыму BKЛ, яго вайсковай магутнасці, найбольшай тэрыторыі і палітычнай стабільнасці. Як і ў ранейшыя часы, так і пры Вітаўце BKЛ найперш вызначалася як беларуская дзяржава. На гэта ўказвае тое, што ўсе вышэйшыя пасады займалі выхадцы з Беларусі, з іх складалася акружэнне Вітаўта, як пра гэта сведчыць апісанне яго світы на Салінскай сустрэчы. Як сам Вітаўт, так і ўвесь яго двор карысталіся толькі русінскай (г. зн. беларускай) мовай. На ёй жа вялося і дзяржаўнае справаводства. Усё гэта яшчэ раз сведчыць, што, як казаў Максім Багдановіч, дзяржаўнае жыццё Вялікага княства Літоўскага праходзіла ў беларускіх нацыянальных формах.

СВІДРЫГАЙЛА I ЖЫГІМОНТ: IX АНТАГАНІЗМ I ПАДАБЕНСТВА

Заключаная ў 1385 г. Крэўская унія, якая пасля зноў перазаключалася ў 1401 і 1413 гг. і якая ставіла канчатковай мэтай злучэнне BKЛ з Польшчай, выклікала рэзкі антаганізм ува ўсіх слаях грамадства дзяржавы дзвюх сіл: польска-каталіцкай і беларуска-праваслаўнай. Гэта ўжо добра сябе выявіла ў першае ж дзесяцігоддзе пасля смерці Вітаўта ў асобах вялікіх князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта.

Ужо адразу пасля смерці Вітаўта пачалася барацьба згаданых партый. Справа ўскладнялася тым, што ў Вітаўта не было сыноў, і таму яму не было законнага спадчыннага пераемніка. І вось польска-каталіцкія колы імкнуліся паставіць на велікакняжацкі пасад малодшага брата Вітаўта — Жыгімонта, які адпавядаў іх інтарэсам. Аднак праціўны бок апярэдзіў іх і вялікім князем быў абраны Свідрыгайла, які ў гэты час быў князем у Ноўгарадзе-|Северскім. I гэты выбар не быў выпадковым. Будучы самым малодшым сынам Альгерда, Свідрыгайла такім чынам выступаў у вачах грамадства як найбольш законны прэтэндэнт на велікакняжацкі пасад. Але самым важным было тое, што ён асабліва варожа ставіўся да Польшчы і быў зацятым праціўнікам уніі з ёй. У гэты час Свідрыгайлу было 75 гадоў. Нарадзіўся ён у 1355 г. і пад імем Льва быў ахрышчаны ў праваслаўную веру, як гэта было заведзена пры велікакняжацкім двары. Ужо адзначалася, што хоць у 1385 г. ён разам з Ягайлам і іншымі братамі перайшоў у каталіцтва, аднак па-ранейшаму быў адданы сваёй народнасці і веры. Як вядома, ён уцякаў у Маскву, адкуль Вітаўт патрабаваў яго выдаліць. Аднак Свідрыгайла не чакаў, пакуль яго будуць выганяць, а сам са сваёй світай уцякае адтуль у BKЛ, дзе ён зноў стаў северскім князем.

Вярхі BKЛ, узводзячы Свідрыгайлу на велікакняжацкі пасад, і разлічвалі на тое, што ён скасуе унію. Але ж за гэта самае яго ненавідзелі польскія вярхі. Асабліва для іх было небяспечна яго нежаданне аддаць ім Падолле, Валынь і нават Кіеў, на якія прэтэндавалі і якія яны хацелі назаўсёды далучыць да Польшчы. Палякі адразу ж і напалі на Падолле, што выклікала вельмі бурную рэакцыю ў Свідрыгайлы. У той час Ягайла знаходзіўся ў Вільні, і яго світа амаль уся была перабіта, а самога яго Свідрыгайла так схапіў за бараду, што ледзь не вырваў яе разам са сківіцай.

Перамовы аб спыненні польскай агрэсіі не далі вынікаў, і BKЛ павінна было ўступіць у вайсковыя дзеянні, якія ў асноўным вяліся на Валыні. Асабліва вызначыўся мужнай абаронай Луцк. Паколькі Свідрыгайла не згадзіўся на заключэнне міру ў карысць палякаў, то яны пачалі наступленне супроць яго з мэтай пазбаўлення яго велікакняжацкага пасада. I ім гэта ўдалося зрабіць.

Яны выставілі яму саперніка — брата Вітаўта Жыгімонта, фанатычнага католіка, і, перацягнуўшы на свой бок частку акаталічаных вярхоў, восенню 1432 г. з вялікім войскам падышлі да Ашмян, дзе ў той час знаходзіўся Свідрыгайла. Ён ледзь выратаваўся ад палону. Пасля Жыгімонт захапіў Гародню, Трокі і Вільню і такім чынам авалодаў велікакняжацкім пасадам.

Як бачым, Свідрыгайла быў вялікім князем толькі два гады. Паколькі ён з’яўляўся паборнікам праваслаўя, то пры ім пачалося будаванне шэрагу праваслаўных храмаў у Сямяцічах, Мельніку (Беласточчына) і іншых месцах. Асабліва хочацца адзначыць з’яўленне ў Вільні іконы Вастрабрамскай Божай Маці. Па некаторых звестках, гэта ікона была прывезена яшчэ Альгердам з Корсуня і падорана манахам Троіцкага манастыра і толькі пасля перанясення ў Вострую Браму стала святыняй для ўсіх праваслаўных BKЛ.

Але, нягледзячы на сваё паражэнне, Свідрыгайла не здаваўся. Уцёкшы ў Полацк, ён звяртаўся па дапамогу да лівонскіх рыцараў і іншых саюзнікаў. Сабраўшы да 40 тысяч воінаў, ён прыйшоў да Ашмян, дзе 2 снежня 1432 г. уступіў у бой з войскам Жыгімонта, але пацярпеў ад яго знішчальную паразу. Адсюль ён зноў ідзе ў Полацк, а пасля ў Віцебск, які ў свой час быў яго ўдзелам і які прыязна сустрэў яго. Тут Свідрыгайла жорстка расправіўся са сваімі праціўнікамі. Аднаго з іх, князя Альшанскага, ён загадаў жывога зашыць у мяшку і ўтапіць у Дзвіне.

Імкнучыся атрымаць у сваёй барацьбе дапамогу ад каталіцкіх дзяржаў, Свідрыгайла наладжвае зносіны з рымскім папам з мэтай аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай вераў. Правадніком гэтай справы стаў смаленскі епіскап Герасім, якога Свідрыгайла па сваім уступленні на велікакняжацкі пасад паслаў у Царград для зацверджання яго ў сане мітрапаліта праваслаўнай царквы ВКЛ. Атрымаўшы звесткі аб намеры аб’яднання ўсходняй і заходняй цэркваў у BKЛ, рымскі папа звярнуўся з пісьмом да Свідрыгайлы склікаць сабор, каб абмеркаваць гэта пытанне і прапанаваць згоду на гэту справу. Такое ж пісьмо было паслана і Герасіму. Аднак Свідрыгайлу патрэбна была не доўгая цеганіна са скліканнем сабору, а хуткая непасрэдная дапамога яму ў барацьбе. Таму, расчараваўшыся ў сваіх разліках на дапамогу рымскага папы і каб адвесці ад сябе віну ў зносінах з ім, якая яму пачала прад’яўляцца з боку яго паплечнікаў, Свідрыгайла ўсё зваліў на Герасіма, абвінаваціў у зносінах з Жыгімонтам і загадаў жывога спаліць яго, што і было зроблена ў 1435 г. у Віцебску. Трэба адзначыць, што вось такі круты характар, жорсткасць, хваравітая падазронасць у адносінах сапраўдных і мнімых ворагаў паступова адштурхоўвалі ад яго адданых яму людзей, што вельмі пашкодзіла Свідрыгайлу і дало сумныя вынікі ў яго барацьбе. Гэта і выявілася ў 1435 г., калі ён пацярпеў паражэнне ў бітве ля Вількаміра. Свідрыгайла зноў знайшоў прыстанішча ў Полацку, які разам з Віцебскам быў адданы яму. Аднак у 1437 г., калі Жыгімонт падначаліў сабе і гэтыя гарады, Свідрыгайла апынуўся ў Кіеве, а пасля шэрагу блуканняў па іншых краінах (па некаторых звестках, будучы ў Малдавіі, гэты князь нават падрадзіўся пасвіць авечак) ён канчаткова асеў на Валыні, дзе пераважна жыў у Луцку, у якім памёр у 1452 г., пражыўшы 97 гадоў. Магчыма, што ён быў самым даўгавечным нашым князем.

Аднак перамога Жыгімонта была нетрывалай, і ён не змог доўга пратрымацца на велікакняжацкай пасадзе. Атрымаўшы перавагу над Свідрыгайлам, галоўным чынам дзякуючы дапамозе палякаў, ён таму вёў сваю палітыку ва ўгоду Польшчы, у кірунку падначалення ёй ВКЛ. Усё гэта не магло не выклікаць непрыязнасці да яго насельніцтва ВКЛ, асабліва праваслаўнага. Апроч таго, Жыгімонт, як і Свідрыгайла, быў чалавекам выключна жорсткім і падазроным. Ён бязлітасна губіў тых, каго падазраваў у зносінах са Свідрыгайлам, не шкадуючы ні праваслаўных, ні католікаў. Так, ён засудзіў на смерць князя Карыбута, троцкага ваяводу Манівіда, літоўскага маршалка Рамбольда, схапіў і пасадзіў у астрог мсціслаўскага князя Юрыя Лунгвенавіча і капыльскага князя Алельку Уладзіміравіча разам з іх сем’ямі. Усе гэтыя забойствы і арышты суправаджаліся прысваеннем маёмасці ахвяр. Цікава адзначыць, што, знішчаючы буйных знатных вяльможаў, ён узвышаў нязнатных і акружаў імі сябе, ведаючы, што гэтыя новаспечаныя «князі з гразі» будуць верна служыць яму. Ёсць звесткі, што ён хацеў склікаць на сойм усіх знатных баяр і шляхту BKЛ і знішчыць іх. Будучы заўзятым католікам, Жыгімонт нават увёў у дзяржаве інквізіцыю на 43 гады раней, чым у Іспаніі. I хоць яна фармальна была накіравана супроць гусітаў, аднак у сапраўднасці прымянялася супроць усіх, хто так ці інакш супроцьдзейнічаў каталіцтву. Жыгімонтам было распачата будаўніцтва касцёлаў і кляштараў у многіх мясцінах BKЛ.

Атмасфера тэрору, якая душыла ўсё грамадства дзяржавы, стала ненавіснай для ўсіх. Паколькі нельга было выступіць супроць Жыгімонта адкрыта, то скора склалася змова, на чале якой сталі браты, буйныя арыстакраты Іван і Аляксандр Чартарыйскія. Яны разам з войскам, якое было схавана ў трохстах вазах сена, прабраліся ў Троцкі замак, дзе звычайна знаходзіўся Жыгімонт, з мэтай забіць яго. Пад раніцу змоўшчыкі прыйшлі да пакоя, у якім Жыгімонт маліўся. Але дзверы былі замкнёныя, што ўскладняла намер забіць Жыгімонта. Але Іван Чартарыйскі выпадкова зазірнуў у акно і ўбачыў у двары любіміцу Жыгімонта — ручную мядзведзіцу. Ён успомніў, што яна звычайна, нагуляўшыся, прыходзіла да дзвярэй, драпала іх, і Жыгімонт ёй адчыняў. I вось Чартарыйскі, пераймаючы яе, пачаў драпаць дзверы, і Жыгімонт адчыніў іх. У пакой яго ўварваліся змоўшчыкі, пачалі абвінавачваць яго ў розных злачынствах, а адзін з іх — Скабейка, які раней быў у свіце Жыгімонта, але перайшоў да змоўшчыкаў, схапіў вілы, якімі мяшалі дровы ў каміне, і ўсадзіў іх у Жыгімонта. Яшчэ доўга на сцяне замка захоўвалася пляма, якая засталася ад крыві і мазгоў Жыгімонта.

Вестка аб смерці Жыгімонта была з радасцю ўспрынята ў дзяржаве. Гэта адбылося ў 1440 г. Як бачым, Свідрыгайла і Жыгімонт, з’яўляючыся антыподамі ў кірунку сваёй дзяржаўнай дзейнасці, вельмі добра сімвалізуюць сабой дзве супрацьлеглыя сілы, што выявіліся ў BKЛ пасля Крэўскай уніі. Паслядоўнае правядзенне кожнай з іх, як бачым, прыводзіла да няўдач. Вось чаму ў далейшым мы бачым асцярожнае лавіраванне паміж імі, уступкі то аднаму, то другому. Гэта і характарызуе дзейнасць наступнага вялікага князя Казіміра.

ДОЎГІ I НЯРОЎНЫ ЧАС КАЗІМІРА (1440–1492)

Але як ён апынуўся на вялікакняжацкім пасадзе? Адразу пасля забойства Жыгімонта, як гэта бывае ў такіх выпадках, пачалася барацьба розных партый за свайго стаўленіка. Была кандыдатура і Свідрыгайлы. Аднак, будучы вельмі старым (яму было ўжо тады 85 гадоў) і хворым, ён адмовіўся. Прапаноўваўся і сын Жыгімонта Міхаіл, якога падтрымліваў маскоўскі князь Васілій Цёмны (унук Вітаўта). Аднак перамагло жаданне запрасіць на велікакняжацкі пасад сына Ягайлы — Уладзіслава, які стаў польскім каралём пасля смерці бацькі ў 1434 г. Але ў гэты час Уладзіслаў быў выбраны венгерскім каралём, і яму трэба было ехаць у Венгрыю, і таму ён прапанаваў узяць у свае намеснікі непаўналетняга брата Казіміра (яму было 13 гадоў). Па прыездзе ў Вільню ён і быў абвешчаны вялікім князем, што выклікала незадаволенасць палякаў. У выніку іх інтрыг у розных месцах BKЛ падняліся хваляванні, што пагражалі развалам дзяржавы. Аднак вакол Казіміра склалася рада вопытных дзяржаўных дзеячаў, сярод якіх асабліва вызначаўся віленскі ваявода Ян Гаштольд. Дзякуючы найперш яму і ўдалося ўціхамірыць краіну. Паколькі палітыка Жыгімонта перш за ўсё не задавальняла беларускую і ўкраінскую праваслаўную частку, прычым большую ў дзяржаве, то Казімір разумеў, што ўмацаванне яго ўлады павінна абапірацца на інтарэсы большасці дзяржавы, чаго не было пры Жыгімонце. Вось чаму адразу ж пасля ўступлення на пасаду ў 1440 г., вядома ж, па радзе свайго акружэння, ён робіць шэраг уступак беларускім і ўкраінскім землям, якія пераважна былі праваслаўнымі. Так, у прыватнасці, быў вызвалены з астрога слуцкі і капыльскі князь Алелька Уладзіміравіч, якому ў кіраванне быў аддадзены адноўлены Кіеўскі ўдзел.

Звяртае на сябе асаблівую ўвагу тое, што Жамойць выкарыстала для сябе спрыяльныя ўмовы і «адступіла ад Вялікага княства Літоўскага». I спатрэбіліся вялікія намаганні Яна Гаштольда, каб вярнуць яе зноў пад уладу вялікага князя. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што большая частка сучаснай Лeтувы ўжо ў сярэдзіне XV ст. супраціўлялася вярхоўнай уладзе ВКЛ.

Не згадзіўся з уладай Казіміра і сын Жыгімонта Міхаіл (у летапісе ён называецца Міхайлушкам). Знаходзячыся ў Клецку, ён падгаварыў пяцярых валожынскіх князёў Сухтаў, каб яны забілі Казіміра. Аднак гэты намер быў раскрыты, і Міхаіл уцякае ў Бранск, адкуль з дапамогай Масквы нават захапіў Кіеў. Аднак, не змогшы там утрымацца, уцякае, і ў адным з манастыроў быў атручаны.

Нялёгка было задаволіць і Смаленск, насельніцтва якога, пачуўшы аб смерці Жыгімонта, паўстала, выгнала ваяводу Андрэя Саковіча і прызвала да сябе аднаго з унукаў Альгерда — мсціслаўскага князя Юрыя Лунгвенавіча. Апошні ўсхваляваў Полацк і Віцебск супроць Казіміра і нават далучыў іх да свайго ўдзела. Толькі пасля другога паходу на Смаленск войску на чале з самім Казімірам восенню 1444 г. удалося зноў падначаліць Смаленск, і Юрый Лунгвенавіч вымушаны быў уцякаць у Ноўгарад. Праўда, пасля ён памірыўся з Казімірам і атрымаў сваё Мсціслаўскае княства.

Праз год маскоўскае войска разам з татарамі напала на Вяземскую зямлю, і Казімір паслаў супроць іх сваё войска, якое паваявала гарады Казельск, Вярэю, Калугу, Мажайск. Масква са свайго боку паслала ў пагоню 500 воінаў, аднак беспаспяхова, бо многія з іх былі забітыя, а іншыя ўзяты ў палон і прыведзены ў Смаленск.

Але Казімір нядоўга быў у Вільні. У 1445 г. загінуў пад Варнай у бітве з туркамі ягоны брат, польскі кароль Уладзіслаў, і Польшча абрала сваім каралём Казіміра. Вядома, усё гэта, як і раней у такіх выпадках, рабілася для справы аб’яднання ВКЛ з Польшчай. Праўда, Казімір два гады, вядома, пад націскам вярхоў ВКЛ адмаўляўся прыняць польскую карону. I толькі пад пагрозай з боку палякаў пазбавіць яго і велікакняжацкага пасада ён згадзіўся пераехаць у Кракаў. Стаўшы польскім каралём і адначасова вялікім князем BKЛ, ён апынуўся ў фокусе барацьбы супрацьлеглых сіл і з прычыны слабасці свайго характару не мог супрацьстаяць ім. I ў залежнасці ад таго, чый уціск на яго быў большы, на карысць таго і дзейнічаў. Так, уступіўшы на Польскае каралеўства, ён у 1447 г. пасведчыў недатыкальнасць ВКЛ і скасаваў абмежаванне правоў праваслаўных.

Аднак па меры ўсё далейшага знаходжання Казіміра ў Польшчы і ўзмацнення ўціску на яго польскіх вярхоў, ён усё больш адыходзіць ад інтарэсаў ВКЛ. Гэта тым больш адбывалася, чым больш Казімір знаходзіўся ў Кракаве і зусім рэдка быў у Вільні. Даўшы прысягу на недатыкальнасць межаў ВКЛ, ён у той жа час павінен быў уступіць Польшчы на яе дамаганні Падолле, Валынь і Падляшша. Асцерагаючыся поўнай залежнасці ад польскіх інтарэсаў ВКЛ двойчы (у 1456 і 1461 гг.) патрабавала, каб сам Казімір або ўвесь час знаходзіўся ў Вільні, або назначыў свайго намесніка, у якасці якога называўся Сямён Алелькавіч. Аднак усё гэта не дало вынікаў і нават прывяло да скасавання шэрагу ўдзелаў. Так, у 1459 г. з Кіева павінен быў перайсці ў Слуцк і Капыль князь Міхаіл Алелькавіч. Трэба зазначыць, што княжацкія беларускія і ўкраінскія роды перасталі ўтрымліваць сваё былое значэнне і прыраўноўніваліся ў правах да шляхты. Яны больш не атрымлівалі свае вотчыны па спадчынным праве, а з рук вялікага князя як плату за іх службу. Усё большыя правы і значэнне ў дзяржаве атрымлівае шляхта са сваімі вольнасцямі, што збліжала яе з польскай шляхтай. Усё гэта і было адной з галоўных умоў для канчатковага аб’яднання Польшчы з BKЛ.

I ўсё ж трэба адзначыць, што такі важны дзяржаўны дакумент, як прывілей Казіміра 1447 г., у адрозненне ад прывілеяў Ягайлы і Вітаўта, даваў аднолькавыя правы і католікам, і праваслаўным. Адначасова забаранялася чужаземцам мець маёнткі і займаць дзяржаўныя пасады BKЛ. Многія артыкулы гэтага прывілею пазней увайшлі ў так званыя Літоўскія статуты. Выключна важную ролю для фарміравання прававой практыкі ў ВКЛ адыграў выдадзены ў 1468 г. «Судзебнік караля Казіміра Ягайлавіча». Аб тым вялікім значэнні, якое мелі ў ВКЛ Полацкая і Віцебская землі, сведчаць дадзеныя ім каралеўскія прывілеі. Яны гавораць аб значнай ступені аўтаноміі гэтых абласцей. Нават ваяводы сюды назначаліся толькі па згодзе палачан і віцяблян і павінны былі прысягаць ім. Вядома ж, гэтыя прывілеі Полацку і Віцебску былі вынікам і таго, што гэтыя гарады ў 144–442 гг. апынуліся на баку смаленцаў на чале з Юрыем Лунгвенавічам.

Аб засваенні Беларуссю ў той час еўрапейскіх форм грамадскага жыцця вельмі добра сведчыць прыняцце яе гарадамі Магдэбургскага права, якое вызначала значную ступень самастойнасці і тым самым садзейнічала іх эканамічнаму і культурнаму развіццю. Яго атрымалі тады гарады Беларусі: Берасце (1390), Слуцк (1441), Полацк (1498), Гародня (1391), Менск (1499).

Як у папярэдні час, так і зараз не замірала ідэя заключэння царкоўнай уніі. Яшчэ ў 1437 г. у Фларэнцыі адбыўся сабор, які павінен быў абвясціць унію. На ім прысутнічаў і маскоўскі мітрапаліт Ісідар. Хоць ён, ад’язджаючы з Масквы, і даў абяцанне ніякіх навінаў у царкоўным жыцці не ўводзіць, аднак у Фларэнцыі падтрымаў унію і ўхваліў яе. 3 гэтай прычыны ён не быў прыняты ні ў Кіеве, ні ў Маскве і знайшоў прыстанішча ў BKЛ, дзе і быў прызначаны мітрапалітам, які унію лічыў ужо здзейсненым фактам. Менавіта па яго ініцыятыве Казімір у 1443 г. і ўраўняў праваслаўных у правах з католікамі, паколькі, як гаварыў Ісідар, зараз паміж імі няма розніцы. Але гэта не дало жаданых вынікаў. Праваслаўнай царквой правіў не Ісідар, які больш часу знаходзіўся ў Рыме, а маскоўскі мітрапаліт Іона, і таму сам Казімір у 1451 г. даў яму права на кіраванне праваслаўнай царквой у ВКЛ. Аднак у 1458 г. уніяцкім мітрапалітам быў прызначаны Грыгорый, пад уладай якога аказаўся шэраг епархій, у тым ліку Берасцейская, Смаленская, Тураўская і Полацкая. Гэта выклікала ў мітрапаліта Іоны вялікую трывогу, і ён склікаў спецыяльны сабор, які пракляў Фларэнтыйскую унію і яго правадніка Грыгорыя. Апроч таго, Іона паслаў акружныя граматы значным асобам праваслаўнай веры ў BKЛ з заклікам рашуча выступіць супроць уніі і не прызнаваць улады Грыгорыя. Усё гэта паказвае, наколькі маскоўская мітраполія была правадніком палітыкі сваіх вялікіх князёў, і ўсё гэта было не што іншае, як ідэалагічная падрыхтоўка заваёвы Масквой усходніх беларускіх земляў, што некалькі пазней і выявілася. Прыняцце уніі ў Беларусі выбівала з-пад ног Масквы адну з важнейшых падпор яе экспансіі на беларускія землі як населеныя праваслаўнымі, абаронцамі якіх яны сябе лічылі.

Пасля смерці Грыгорыя ў 1472 г. у Новагародку (такім чынам ён быў, па сутнасці, цэнтрам беларускага уніяцтва) кіеўскім мітрапалітам быў выбраны смаленскі епіскап Міхаіл, з якога і пачынаецца шэраг самастойных праваслаўных мітрапалітаў у BKЛ, якія менш залежалі ад велікакняжацкай улады, паколькі яна не была праваслаўнай.

Трэба зазначыць, што ідэя царкоўнай уніі аказалася непрымальнай не толькі для Масквы, але і для Польшчы. Менавіта пад напорам польска-каталіцкіх колаў Казімір, узмацняючы націск на праваслаўнае насельніцтва, зноў узнавіў забарону будаваць новыя і паднаўляць старыя праваслаўныя храмы і бярэ напрамак на непасрэднае акаталічванне праваслаўнага насельніцтва. I гэта зразумела, бо унія фактычна была і сродкам абароны ад акаталічвання, якое з’яўлялася галоўным кірункам польскай экспансіі на Беларусь. Вось чаму нельга паказваць царкоўную унію як толькі хітрую польска-каталіцкую задуму з мэтай больш паспяховага акаталічвання і апалячвання праваслаўных. Не, царкоўная унія была адначасова небяспечнай як Маскве, так і Польшчы, кожная з якіх па-свойму супраціўлялася яе ажыццяўленню. Гэтым і тлумачыцца, чаму працэс заключэння царкоўнай уніі зацягнуўся аж на два стагоддзі.

Гэтак жа як Гедзімін, Альгерд і Вітаўт, Казімір працягваў спрадвечную полацкую палітыку ў адносінах Ноўгарада, што ўжо выявілася ў 1444 г., калі быў зроблены паход на гэты горад, які ўжо ў значнай ступені залежаў ад Масквы, і таму паход не ўдаўся, паколькі ў адказ на гэта маскоўскі князь Васілій Цёмны накіраваў татараў на Смаленскую зямлю, што і прымусіла Казіміра адступіць з Наўгародскай зямлі. У наступным 1445 г. Казімір, помсцячы за гэту сваю няўдачу, уступіўу межы Маскоўскага княства, але таксама на р. Сухадрэве пацярпеў паражэнне.

Гэтыя, хоць і няўдалыя, але рашучыя дзеянні супроць Масквы Казімір прадпрымаў будучы толькі вялікім князем, але справа зусім змянілася, калі ён адначасова стаў і польскім каралём і для яго інтарэсы BKЛ адышлі на другое месца. У выніку гэтага ён упусціў вельмі спрыяльныя моманты, калі б Ноўгарад мог далучыцца да яго дзяржавы. Рэч у тым, што наўгародцы, напалоханыя небяспекай поўнасцю падпасці пад уладу Масквы ў 1457 г. паслалі да Казіміра пасольства з мэтай шукаць у яго абарону. Але Казімір вельмі неахвотна вёў перамовы, і яны зацягнуліся аж на дзесяць гадоў. У 1469 г. быў падпісаны дагавор, паводле якога Казімір абяцаў наўгародцам абараняць іх, а яны абавязваліся быць яго падуладнымі. У Ноўгарад нават быў пасланы намеснікам Міхаіл Алелькавіч (праўнук Альгерда). Аднак у Маскве вялікім князем у 1462 г. стаў Іван ІІІ, чалавек абачлівы, але рашучых дзеянняў. У 1471 г. ён нападае на Ноўгарад і поўнасцю яго сабе падпарадкоўвае. На просьбу наўгародцаў дапамагчы ім Казімір не адгукнуўся і нават парваў падпісаны ім дагавор. Гэтак жа сама не пайшоў Казімір ў 1480 г. на дапамогу татарскаму хану Ахмету ў яго паходзе на Маскву, якая ў той час падбіла свайго саюзніка — крымскага хана Гірэя — ісці на паўднёвыя ўладанні BKЛ. Варожасць паміж BKЛ і Масквой і далей працягвалася, хоць яна і не перарастала ў адкрытыя вайсковыя дзеянні, а больш насіла характар дыпламатычнай перапіскі. Аднак на ўсе пратэсты Казіміра Іван III рашуча адказваў адмовай іх. Праз усе яго адказы чырвонай ніццю праходзіла адна думка: Масква з’яўляецца законным гаспадаром земляў BKЛ. Менавіта ў гэты час і пачаў фарміраванне міф аб літоўскім заваяванні беларускіх земляў, які павінен быў служыць інтарэсам Масквы. Усё гэта падрыхтоўвала апраўданне заваявання беларускіх земляў Масквой, якое і пачалося пасля смерці Казіміра ў 1492 г.

Час Казіміра, як і ўсё XV ст., быў часам далейшага развіцця беларускай народнасці, яе культуры і мовы. Усяму гэтаму садзейнічала дамінуючае значэнне беларускіх земляў у BKЛ, што і вызначала гэту дзяржаву найперш як беларускую. Ажыўленая палітычная і звязаная з ёй рэлігійная барацьба таксама спрыяла больш інтэнсіўнаму развіццю беларускага грамадства, пра што добра сведчаць шматлікія помнікі беларускага пісьменства гэтага часу. Яны паказваюць, што беларуская мова абслугоўвала ўсе сферы дзяржаўнага і грамадскага жыцця, на ёй пісаліся велікакняжацкія граматы, прывілеі, летапісы, рознага роду лісты, царкоўная літаратура, у тым ліку магаметанская і іўдзейская. Вось, напрыклад, ліст аднаго палачаніна рыжскаму магістрату. Ужо яго пачатковыя словы «пачэсным мужам-прыяцелям» добра сведчаць аб яго беларускасці. Мастацкімі якасцямі вызначаецца і «Трыёдзь», спісаная ў 1466 г. Звяртаюць на сябе ўвагу «Чэцця Мінея» 1489 г., якую пісаў пінскі паповіч Бярозка з Новагародка, «Псалтыр», спісаны дзякам Арцёмам у Віцебску ў 1492 г., «Летапіс Аўраамкі», напісаны ў Смаленску, і многія-многія іншыя. Пры такім інтэнсіўным развіцці беларускага пісьменства становіцца зразумелай заканамернасць ўзнікнення беларускага друку, што прыпадае на пачатак XVI ст.

НЕШЧАСЛІВЫ ЧАС АЛЯКСАНДРА

Ужо адзначалася, што Масква ў параўнанні з ВКЛ запазнілася ў справе аб’яднання вакол сябе ўсходнеславянскіх земляў. Калі ў час княжання Івана Каліты (1325–1340) яна толькі пачала ўзвышацца і праяўляць сябе як аб’яднаўчы цэнтр велікарускіх земляў, то беларускія землі к гэтаму часу, прынамсі ад Буга да Дняпра, былі ўжо аб’яднаныя, што стала грунтам для далейшага пашырэння ВКЛ на ўсход. А гэта прывяло да зусім блізкай адлегласці ад Маскоўскага княства, што не магло не трывожыць яго. Выношваліся планы захопу ўсходніх земляў ВКЛ і чакаўся зручны момант для ажыццяўлення іх. I ён наступіў у сувязі са смерцю Казіміра.

Казімір Ягайлавіч памёр у маі 1492 г. у Гародні, якую ён вельмі любіў і куды загадаў прывезці яго незадоўга да смерці. Тут ён завяшчаў панам рады ВКЛ выбраць сваім вялікім князем яго сярэдняга сына Аляксандра, а польскім каралём яго старэйшага сына Яна-Альбрэхта, што і было выканана. I вось зімою таго ж года маскоўскі князь, парушыўшы дагавор, заключаны з Казімірам, сваім войскам захапіў гарады Хлепень, Мяшчэрск, Любуцк, Мцэнск, Сярпейск. Рашучыя дзеянні з боку Масквы не маглі не прывесці ў замяшанне Аляксандра і яго акружэнне. Паколькі BKЛ не гатова было распачаць вайсковыя дзеянні, то вырашана было пайсці на прымірэнне з Масквой шляхам жаніцьбы Аляксандра з дачкой Івана III Аленай. I вось 17 студзеня 1494 г. у Маскву прыбыло пасольства з Вільні «аб міры і аб любві».

Аднак Іван III адмовіўся заключаць мір і выдаць дачку за Аляксандра, пакуль паслы BKЛ не прызнаюць адыходу да Масквы захопленых гарадоў і валасцей. На гэта не згаджалася пасольства, і перамовы зацягнуліся, што зноў такі выкарыстаў Іван III і заваяваў яшчэ некалькі гарадоў, у тым ліку Вязьму і Дарагабуж. Гэта прымусіла Аляксандра паскорыць перамовы і пайсці на ўступкі Маскве, уступіўшы шэраг захопленых ёю гарадоў. I вось Іван III, паслаўшы ў Вільню дагаворную грамату, да свайго ранейшага тытула «вялікі князь маскоўскі» дадаў «і ўсёй Русі», а ў тытуле Аляксандра пакінуў толькі тытул вялікага князя літоўскага. I гэта насцярожыла Аляксандра, бо ён зразумеў, што новы тытул Івана III дае яму падставу прэтэндаваць і на рускія землі ў складзе BKЛ.

Вось з гэтага часу і пачало складвацца ўяўленне аб характары BKЛ, як дзяржаве, у якой так званыя рускія землі былі пад уладай Літвы, што іх яна, маўляў, заваявала і таму на іх валоданне мае права толькі Масква, як адзіная законная ўладарка «всея Руси». Некалькі пазней у «Сказании о князьях Владимирских» была прыдумана гісторыя аб тым, што да татарскага нашэсця беларускія і ўкраінскія землі належалі маскоўскаму князю Юрыю Данілавічу (такой прыналежнасці не было і, вядома, не магло быць) і іх прысвоіў літоўскі князь Гегімінік, пад якім разумеўся Гедзімін. Вось так пачаў складвацца ў Маскве і ў яе карысць міф аб літоўскім заваяванні заходнерускіх (г. зн. беларускіх) земляў.

Але як у тытуле «вялікі князь маскоўскі і ўсёй Русі» паняцце «маскоўскі» не азначае, што ён не рускі, гэтак жа сама і ў тытуле «вялікі князь літоўскі, рускі (а пазней і жамойцкі)» паняцце «літоўскі» таксама не азначае, што ён быў не рускім. У сувязі з гэтым трэба адзначыць аднатыпнасць назваў «Літва» і «Масква». Як адна, так і другая — балцкага паходжання. Калі першая азначае «дажджлівае месца», то другая — «топкае месца». Гэтак жа як ядром BKЛ была летапісная Літва, размешчаная ў беларускім Панямонні, так і Масква стала ядром утварэння рускай дзяржавы. Як беларуская дзяржава ў пачатку сваёй гісторыі называлася па ядры свайго ўтварэння Вялікім княствам Літоўскім, так і руская дзяржава ў пачатку сваёй гісторыі таксама па ядры свайго ўтварэння называлася Вялікім княствам Маскоўскім. Як першае, так і другое былі ўсходнеславянскімі дзяржавамі, хоць назвы іх не былі славянскага, а балцкага паходжання. Аднак калі другая з іх прызнаецца такой, то першая прызнаецца літоўскай у сучасным значэнні гэтага слова, г. зн. балцкай, што абсалютна не адпавядае сапраўднасці, паколькі яе тэрыторыя і насельніцтва былі пераважна славянскімі, што садзейнічала ўсё большай асіміляцыі балцкага насельніцтва. На жаль, у гістарычнай навуцы не ўлічваліся ўказаныя акалічнасці, што і прывяло да выключна неаб’ектыўнага ўяўлення аб ВКЛ. У апошні час выказана думка, што ВКЛ трэба лічыць беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай. Аднак і гэта таксама бессэнсоўна, бо было б раўназначна таму, калі б мы Вялікае княства Маскоўскае называлі маскоўска-рускай дзяржавай ці наадварот, бо ў той час, як Вялікае княства Маскоўскае азначала рускую дзяржаву, так і Вялікае княства Літоўскае азначала беларускую дзяржаву. Аднак вернемся да разгляду далейшых падзей, якія паследавалі за граматай Івана III у Вільню.

Нягледзячы на пярэчанні ў BKЛ супроць прапановы Івана III, апошні катэгарычна заявіў, што непрыняцце яго новага тытула пацягне за сабою новыя вайсковыя дзеянні супроць BKЛ. I гэта прымусіла Аляксандра адправіць у канцы 1494 г. новае пасольства, якое і падпісала мір на ўмовах Івана III, які атрымаў усе заваяваныя ім гарады і воласці і пасведчанне яго новага тытула. I толькі пасля гэтага Іван III згадзіўся аддаць сваю дачку за Аляксандра.

Мы ўжо ведаем нямала выпадкаў у гісторыі, калі заключэнне міру падмацоўвалася шлюбнымі адносінамі, што, аднак, не мела істотнага значэння для развіцця далейшых міждзяржаўных адносін. Аднак у самым горшым варыянце падзейнічаў на адносіны BKЛ і Масквы шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, што ўжо адразу выявілася пасля прыезду апошняй у Вільню. Вядома ж, Іван III, аддаючы дачку за Аляксандра, меў на мэце перш за ўсё палітычныя выгады для сваёй дзяржавы. Фактычна Алена стала адным з інструментаў правядзення яго палітыкі ў адносінах BKЛ. Гэтак жа і Аляксандр, беручы за жонку Алену Іванаўну, найперш спадзяваўся на паляпшэнне адносін з Масквой, што яна спыніць свой наступ на дзяржаву. Аднак усё атрымалася наадварот.

Перад тым, як адправіць дачку ў Вільню, Іван III паставіў перад Аляксандрам шэраг умоў. Гэта: і не прымушаць Алену да прыняцця каталіцтва, і пабудаваць для яе на тэрыторыі свайго замка праваслаўную царкву, і пакінуць разам з ёй прысланую з Масквы яе праваслаўную світу. Аднак усё гэта не было выканана Аляксандрам, які знаходзіўся пад моцным ціскам каталіцкай царквы, якая не магла змірыцца з тым, што ён ажаніўся з праваслаўнай. Нездарма ж царкоўныя саноўнікі зачасцілі да Алены Іванаўны з мэтай пераканаць яе прыняць каталіцтва. Не была пабудавана для яе і царква, паколькі, маўляў, была такая зусім недалёка, у якую Алена магла хадзіць маліцца. Была адаслана з Вільні ў Маскву і значная частка світы Алены Іванаўны. Да таго ж у гэгы час узмацняецца у BKЛ ганенне на праваслаўе, у выніку чаго з’явіліся ўцёкі людзей гэтай веры ў Маскоўскую дзяржаву, асабліва мясцовых князёў, такіх, як Сямён Бельскі, Сямён Мажайскі і інш., якія, перайшоўшы са сваімі землямі пад уладу Івана III, прасілі яго заступніцтва за праваслаўных у ВКЛ, што толькі яму і патрэбна было. Усё гэта яшчэ раз паказвае, што Крэўская унія і асабліва прыняцце ў выніку яе каталіцтва як дзяржаўнай веры BKЛ, было найперш на карысць Маскве, паколькі гэта давала ёй магчымасць умешвацца ў справы суседняй дзяржавы, як заступніцы адзінавернага ёй насельніцтва, чаго і на гэты раз чакаць доўга не прыйшлося.

Пачатак новага XVI ст. быў азмрочаны нападам маскоўскіх войскаў на BKЛ, у выніку чаго быў захоплены зноў шэраг гарадоў, у тым ліку Бранск і Пуціўль. Абвяшчэнне ўслед за гэтым Іванам III вайны Аляксандру таксама выклікала ў BKЛ замяшанне і трывогу. Сабранае войска, якое ўзначаліў князь Канстанцін Астрожскі, накіравалася пад Дарагабуж, дзе ў гэты час знаходзілася маскоўскае войска і дзе 14 ліпеня 1500 г. на беразе ракі Ведраш адбылася паміж імі жорсткая крывавая бітва. I хоць войска К. Астрожскага змагалася гераічна і самаахвярна, аднак яно пацярпела паражэнне, страціўшы каля 8 тысяч забітых, а таксама увесь абоз і зброю. У ліку палонных аказаўся і сам К. Астрожскі. Ён нават па просьбе Івана III згадзіўся служыць у маскоўскім войску. Аднак гэта не было здрадай радзіме, а спосабам вяртання на яе, што і здзейснілася, калі ён, пасланы ў Волагду, уцёк адтуль.

Праз некалькі месяцаў пасля паражэння на Ведрашы, войска BKЛ церпіць такую ж няўдачу і каля Мсціслаўля. Апроч таго, па нагаворы Івана III на BKЛ нападаюць татарскі хан Менглі-Гірэй і малдаўскі гаспадар Стэфан. Усё адзначанае ставіла BKЛ на мяжу дзяржаўнай катастрофы. У гэты крытычны момант Аляксандр звярнуўся па дапамогу да сваіх братоў: польскага караля Яна-Альбрэхта і чэшска-венгерскага — Уладзіслава. I вось ліст Аляксандра, напісаны ім з гэтай нагоды братам, вельмі добра раскрывае палітычную падаплёку рэлігійнай барацьбы, якой прыкрываліся і Аляксандр, і Іван III. Так, Аляксандр просіць дапамагчы не столькі для выратавання дзяржавы, а больш для падтрымкі святой каталіцкай веры. Ён прызнаецца, што некаторых праваслаўных баяр і князёў прымусіў да прыняцця каталіцкай веры, а некаторых пакараў смерцю. I таму, адзначаў далей Аляксандр, маскоўскі князь, даведаўшыся пра гэта, пайшоў вайной на яго разам з тымі князямі, што збеглі ў Маскву. Гэта зноў такі яскравае сведчанне таго, як ўзмацненне каталіцкага ўціску ў ВКЛ было адначасова ў інтарэсах Польшчы і Масквы і толькі на шкоду ВКЛ.

Аднак браты Аляксандра нічым не маглі дапамагчы, і ён вымушаны адпраўляць у Маскву паслоў з мэтай заключэння міру, і Іван III паабяцаў гэта, але толькі па сваёй волі. Аднак заключэнне міру затрымалася ў сувязі з новай важнай падзеяй. 17 чэрвеня 1501 г. памёр польскі кароль Ян-Альбрэхт, і ў Петракове быў сабраны сойм для выбрання новага караля, паколькі памёршы быў бяздзетны. На польскі каралеўскі пасад рэкамендаваліся браты Яна-Альбрэхта — Уладзіслаў і Жыгімонт. Аднак перамагла кандыдатура Аляксандра. Ён спецыяльна прыслаў на сойм дэлегацыю, якая і выклала яго жаданне быць адначасова і вялікім князем і польскім каралём, што і вырашыла справу ў яго карысць. Зацікаўленасць Аляксандра ў атрыманні каралеўскай кароны была абумоўлена тым цяжкім становішчам, у якім апынулася BKЛ. Як у 1401 г. Вітаўт пасля паражэння на Ворскле павінен быў згадзіцца на ўмовы Віленскай уніі, каб атрымаць падтрымку Польшчы, так роўна праз 100 гадоў і Аляксандр павінен быў згадзіцца на ўмовы Петракоўскай уніі, каб з дапамогай Польшчы супрацьстаяць Маскве.

Умовы новага саюзу фактычна паўтаралі ўмовы ранейшых. Гэта: і аб’яднанне Польшчы з BKЛ на вечныя часы пад каронай аднаго караля, і абранне караля абедзвюма дзяржавамі на агульным сойме, і карыстанне аднолькавымі правамі і прывілеямі польскай шляхты і літоўскіх баяр каталіцкага веравызнання (зазначым, што праваслаўныя баяры, як і на ранейшыя аналагічныя соймы, запрошаны не былі), і агульнасць законаў (апроч судовых) для адной і другой дзяржаў. Усё гэта, як і раней, было найперш на карысць Польшчы, а для BKЛ істотнай дапамогі не прыносіла, асабліва ў адносінах з Масквой.

Аляксандр, стаўшы адначасова вялікім князем і польскім каралём і адчуўшы пры гэтым большую моц, рашыў працягваць барацьбу са сваім цесцем Іванам III. Ён нават дзеля гэтага знайшоў сабе двух саюзнікаў: хана Залатой Арды шаха Ахмата і лівонскага магістра Платэнберга. Аднак гэта не дало ніякіх станоўчых вынікаў. Праўда, апошні звярнуўся да рымскага папы Аляксандра VI, каб той прымірыў Аляксандра з Іванам III, зяця з цесцем. Цікава, што ў сваім лісце ён глядзеў на Польшчу як на аплот каталіцызму і таму прасіў дапамагчы яе каралю. Рымскі папа ў адказ на гэту просьбу ў сваю чаргу звярнуўся з лістом да Івана III з заклікам да прымірэння са сваім зяцем у імя адзінства хрысціянаў. Маскоўскі князь з гэтым пагадзіўся, але ўсю віну варожасці з зяцем усклаў на апошняга, паколькі ён, маўляў, валодае многімі рускімі землямі, якія павінны належаць яму, а Аляксандру толькі Літва. І ўсёж ён згадзіўся весці перамовы аб міры, і 15 сакавіка 1503 г. было заключана перамір’е толькі на шэсць гадоў, хоць паслы ВКЛ настойвалі на заключэнні вечнага міру, на што не пагадзіўся Іван III. Паводле гэтага перамір’я, Аляксандр абавязваўся не нападаць на Маскоўскую, Наўгародскую, Пскоўскую і Разанскую землі.

Умовы перамір’я не толькі спынялі аб’яднаўчую палітыку ВКЛ на поўначы і ўсходзе, але і зафіксавалі яго вялікае адступленне на ўсходзе, паколькі яно павінна было ўступіць Маскве 19 гарадоў, сярод якіх такія, як Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Гомель, Бранск, Тарапец. Праўда, Іван III паабяцаў некаторыя з гэтых гарадоў вярнуць назад. Але калі яму пасля нагадалі аб гэтым, то ён наадрэз адмовіўся ад гэтага абяцання, дадаўшы, што ў Літве яшчэ знаходзяцца Смаленск, Кіеў і іншыя рускія гарады, якія патрэбна будзе вярнуць Маскве. Нездарма ж пры заключэнні перамір’я ён зноў настаяў на прызнанні яго новага тытула вялікага князя маскоўскага і ўсёй Русі.

Як бачым, новая унія з Польшчай не выратавала ВКЛ у галоўным: у захаванні цэльнасці сваёй тэрыторыі. Менавіта час Аляксандра найперш і вызначаецца пачаткам паступовай страты тэрыторыі BKЛ. Заключанае перамір’е было нетрывалае, яно б магло ў хуткім часе закончыцца, каб не смерць Івана III 27 кастрычніка 1505 г.

Мала перажыў яго і Аляксандр, які памёр 19 жніўня 1506 г. Аднак гэты час быў не менш цяжкім для ВКЛ, чым ва ўсе ранейшыя гады княжання Аляксандра. У 1505 г. на ВКЛ напалі татары, ад чаго асабліва пацярпелі беларускія землі ў раёне Слуцка, Новагародка і Менска, адкуль было вывезена каля 100 тысяч палонных. Услед за гэтым адбыўся напад крымскага хана Менглі-Гірэя на паўднёва-заходнія землі ВКЛ, якім таксама былі прычынены вялікія беды.

Да гэтых знешніх неспрыяльных абставін дадаліся яшчэ і ўнутраныя звадкі, якія звязаны з узвышэннем пры Аляксандры буйнога магната князя Міхаіла Глінскага. Род Глінскіх паводле падання паходзіў ад аднаго татарскага князя, які перайшоў у BKЛ пры Вітаўце. Міхаіл Глінскі спачатку служыў германскаму імператару Максіміліяну I, дзе паказаў сябе ўмелым военачальнікам. Потым перайшоў на службу да Аляксандра, які за розум і энергію прыблізіў яго да сябе. Яго шырокія намеры, якія ўключалі ў сябе нават стварэнне асобнай дзяржавы на землях BKЛ для сябе і свайго роду, выклікалі незадаволенасць і варожасць іншых буйных магнатаў, што асабліва выявілася на Радамскім сойме ў 1506 г. Менавіта тут Аляксандр павінен быў выслухаць вельмі суровыя і гнеўныя папрокі за яго паслухмянасць Глінскаму, і гэта адмоўна адбілася на здароўі караля, і ён цяжка захварэў.

А ў гэты час татары Менглі-Гірэя зноў напалі на BKЛ, спустошыўшы землі вакол Слоніма, Ваўкавыска і Ліды, а пасля накіраваліся да Вільні. На чале войска, якое павінна было процістаяць татарам, быў прызначаны Міхаіл Глінскі. Але гэтага войска было недастаткова, апроч таго, яно патрабавала і прысутнасці з ім караля, які, нягледзячы на цяжкі стан свайго здароўя, згадзіўся на гэта. Войска было значна павялічана, і яго па-ранейшаму ўзначальваў Глінскі (кароль зусім занядужаў і застаўся ў Лідзе). Ён з войскам падышоў пад Клецк да ракі Лань, недалёка ад возера Красны Стан, на другім беразе якой былі бачны татарскія палкі, што стаялі гатовымі да бою. I ён адбыўся 6 жніўня 1506 г. Спачатку біліся праз раку, а пасля, зрабіўшы дзве гаці, правы фланг войска Глінскага перайшоў раку, аднак трапіў пад абстрэл татараў, і над ім навісла пагроза знішчэння. Тады Глінскі сваім левым флангам спешна пайшоў на ўсе палкі татарскія, раздзяліў іх напалам і пачаў знішчаць з двух бакоў. Татары ў беспарадку, трацячы шмат забітых, пачалі адступаць у бок ракі Цэпры (прыток Лані), дзе многія з іх разам з коньмі ў рацэ і балоце патапіліся.

Клецкая перамога — адна з самых бліскучых падзей у нашай вайсковай гісторыі. Яна ж фактычна была адзіным светлым момантам у нешчаслівы час Аляксандра.

КАРОЛЬ I ВЯЛІКІ КНЯЗЬ НОВЫ, ПРАБЛЕМЫ РАНЕЙШЫЯ

Знаходзячыся ў Лідзе і будучы цяжка хворым. Аляксандр напісаў завяшчанне, паводле якога абвяшчаў сваім спадкаемцам на каралеўскім і велікакняжацкім пасадзе малодшага свайго брата Жыгімонта, які ўвайшоў у гісторыю як Жыгімонт I Стары. Як вядома, паводле уніі паміж Польшчай і ВКЛ вялікі князь і кароль павінен быў выбірацца са згоды двух бакоў. Аднак Жыгімонт вялікім князем быў абвешчаны толькі са згоды вярхоў ВКЛ, што ў які ўжо раз пацвярджала іх адмоўнае стаўленне да аб’яднання з Польшчай. Вось чаму польскія вярхі ў спешным парадку абвясцілі Жыгімонта і польскім каралём. Важна адзначыць, што Васіль III, які стаў вялікім маскоўскім князем пасля смерці Івана III, імкнуўся выкарыстаць смерць бяздзетнага Аляксандра для аб’яднання ўсяго BKЛ з Маскоўскай дзяржавай пад сваёй уладай. Праз сваю сястру Алену Іванаўну, якая пасля смерці Аляксандра стала ўдавой, ён звярнуўся да вышэйшых асоб дзяржавы, каб яны пажадалі абраць яго сваім гаспадаром, абяцаў, што будзе захоўваць усе іх звычаі, у прыватнасці рымскую веру. Аднак гэта прапанова, відаць, прыйшла запознена, калі ўжо вялікім князем і каралём быў абвешчаны Жыгімонт, пра што і адказала свайму брату Алена Іванаўна.

У сваю чаргу Жыгімонт I, абапіраючыся на саюз з крымскім ханам Менглі-Гірэем, які ў гэты час па просьбе казанскага хана ўступіў у варожыя адносіны з Масквой, а таксама на абяцанне Лівонскага Ордэна падтрымаць яго, накіраваў у сакавіку 1508 г. сваіх паслоў да Васіля III з патрабаваннем, каб ён вярнуў ВКЛ гарады, воласці і воды, забраныя Іванам III, бо ў праціўным выпадку яму пагражае вайна. Аднак Васіль III, як і яго бацька ў свой час, рашуча адмовіўся ад прад’яўленых яму патрабаванняў і ў дадатак сказаў Жыгімонту, каб ён не няволіў яго сястру Алену ў рымскую веру. Такая рашучасць Васіля III тлумачыцца тым, што ў гэты час ён памірыўся з Казанню і не чакаў больш адтуль пагрозы для сябе. I таму ён, не марудзячы, ужо 29 сакавіка 1508 г. пачаў вайну з ВКЛ, тым больш, што ў ВКЛ зноў узніклі смуты, звязаныя з Міхаілам Глінскім. Хоць да яго прыязна аднёсся і Жыгімонт I, аднак ён не карыстаўся ўжо тым даверам, як было пры Аляксандры. Гэта выкарысталі шматлікія ворагі Глінскага, каб выклікаць варожасць да яго і яго роду з боку Жыгімонта, што ім і ўдалося. Убачыўшы непрыязнасць караля да сябе і свайго брата Івана, Глінскі адправіўся ў свой маёнтак і адтуль увайшоў у зносіны з Васілём III, ад якога ён і атрымаў абяцанне дапамогі супроць сваіх ворагаў. У цягу гэтых зносін Глінскі даводзіў Васілю III, што зараз склаліся вельмі спрыяльныя абставіны для яго, што княства не гатова да вайны, бо ў яго няма належнага войска, на што маскоўскі князь абяцаў неадкладна паслаць сваё войска на Літву і папрасіў, каб Глінскі падрыхтаваўся да гэтага. Як бачым, нягледзячы на многія свае выдатныя якасці, на вялікі розум, талент дзяржаўнага і вайсковага дзеяча, Глінскі валодаў такой адмоўнай рысай, як бязмежныя асабістыя амбіцыі, якія, на жаль, былі дамінуючымі ў яго, што і дало яму магчымасць пайсці на непрывабны шлях праціўніка радзімы.

Памятаючы просьбу Васіля III, ён, сабраўшы войска з 700 вершнікаў, жорстка расправіўся са сваім галоўным праціўнікам Забярэзінскім і іншымі непрыязнымі яму асобамі. Пачатае Васілём III наступленне не мела поспеху, паколькі супроць яго выступіла войска Жыгімонта I, якое, захапіўшы некалькі мястэчак, таксама было вымушана вярнуцца назад ад недахопу харчавання і з-за вялікай спёкі.

Але вайсковыя дзеянні спыніліся ненадоўга. Вясною 1508 г. яны зноў разгарэліся, і іх распачаў Глінскі. Ён падняў у 1508 г. мяцеж, у ходзе якога са сваім войскам уварваўся ў Слуцкую і Капыльскую воласці, а таксама авалодаў Туравам і Мазыром, тым самым набліжаючы наступленне маскоўскіх войскаў, бо Васіль III паведаміў, што паслаў яму сваю дапамогу. Глінскаму асабліва хацелася авалодаць Слуцкам, але маскоўскі ваявода, князь Васіль Шамячыч, які пайшоў яму на дапамогу, пажадаў, каб іх войскі прасунуліся далей на поўнач, адкуль павінна было прыйсці яшчэ адно маскоўскае войска, і яны адышлі пад Менск. Аднак праз два тыдні, не дачакаўшыся абяцанай дапамогі, рушылі пад Барысаў, адкуль Глінскі звярнуўся да Васіля III з просьбай неадкладна прыйсці яму і Шамячычу на дапамогу. У сваю чаргу той адказаў, што дапамога паслана і для хутчэйшага аб’яднання з гэтымі войскамі ім трэба ісці да Оршы, што Глінскі і Шамячыч і зрабілі, авалодаўшы па дарозе Друцкам. Каля Оршы і адбылося злучэнне войска ваяводы Шчэні, што ішло з наўгародцамі, і войска Глінскага і Шамячыча. Аднак аблога Оршы не ўдалася, і горад не быў узяты. У дадатак да гэтага прыйшла вестка, што сюды з войскам ідзе Жыгімонт I, і аб’яднаныя сілы Масквы і Глінскага рашылі адступіць за левы бераг Дняпра і пайшлі да Дуброўна, пад якім са сваім войскам знаходзіўся маскоўскі ваявода Якаў Захар’ін. Па адных звестках адзначаецца, што Жыгімонт I не адважыўся пераходзіць Дняпро, па другіх, што яго атрады адагналі маскоўцаў ад берага, але ноч развяла варожыя войскі. Хоць Глінскі ўпрошваў маскоўскіх ваявод даць бой войскам Жыгімонта I, аднак яны не згадзіліся і адступілі. I гэта зразумела. Глінскаму найперш патрэбна было паражэнне Жыгімонта I, што адмоўна адбілася б на яго становішчы і дало б магчымасць больш паспяхова змагацца з ім і ўзмацніць сваё становішча ў BKЛ. Але маскоўскіх ваявод менш за ўсё цікавілі амбіцыйныя інтарэсы Глінскага, для іх найперш важна было выкарыстаць яго варожасць да Жыгімонта I у сваіх інтарэсах. А яны заключаліся ў тым, каб маскоўскае войска замацавалася на ўсходніх рубяжах ВКЛ і ўвесь час пасля трымала іх пад сваёй пагрозай. Вось чаму маскоўскія ваяводы без увагі пакінулі настойлівую просьбу Глінскага і адышлі на ўсход.

Але Жыгімонт не адважыўся гнацца за маскоўскім войскам і пайшоў у Смаленск. Праўда, адсюль ён меў намер пачаць наступленне свайго войска, кіраванне якім было дадзена К. Астрожскаму, які незадоўга перад гэтым уцёк з маскоўскага палону. І хоць яму ўпачатку ўдалося захапіць Тарапец і Дарагабуж, аднак у хуткім часе яны былі пакінуты. Жыгімонт I не мог не бачыць імкнення Масквы ў любы падыходзячы час напасці на BKЛ, што прымушала на ўсходняй мяжы трымаць вялікае войска, сродкаў для гэтага ў дзяржаве не хапала, і таму ён рашыў пайсці на мірныя перамовы з Масквой. Падштурхоўвала яго і тое, што Глінскі, які пасля выхаду маскоўскіх войскаў за межы BKЛ, якія фактычна нічым не дапамаглі яму ў барацьбе з Жыгімонтам I, вымушаны быў з’ехаць у Маскву, дзе быў прыхільна сустрэты Васілём III, які яго за прысягу верна служыць маскоўскаму князю надзяляў розным багаццем і гарадамі Малаяраслаўцам і Мядынню. Апроч таго, яму былі паабяцаны палкі, з якімі ён будзе абараняць свае ўладанні ў BKЛ.

Вось гэта асабліва насцярожыла Жыгімонта I, для якога важна было не дапусціць гэтага шляхам заключэння міру. I ён быў падпісаны 19 верасня 1508 г. на ўмовах вечнага. Вось чаму ў яго ўмовах прадугледжвалася з мэтай пазбаўлення ад Глінскіх уключэнне іх уладанняў ва ўласнасць BKЛ. Але дзеля гэтага Жыгімонт I павінен быў згадзіцца перадаць у вечнае валоданне Масквы гарады, якія былі заваяваныя Іванам III пры каралі Аляксандры і якія лічыліся толькі часова адабранымі. Так назаўсёды была адабрана ад BKЛ вялікая частка яго тэрыторыі. Аднак на гэтым такія страты не закончыліся. Вечны мір, як можна было чакаць, аказаўся недаўгавечным.

СТРАТА СМАЛЕНСКА

Так званы вечны мір, заключаны ў 1508 г., быў абумоўлены шэрагам прычын. Жыгімонта I і Васіля III ён хоць часова задавальняў, бо першаму забяспечваў перадышку, а другому развязваў рукі для канчатковага падначалення Пскова. Аднак для М. Глінскага ён азначаў поўнае паражэнне і крах яго амбіцыйных намераў. Хоць замест страчаных сваіх уладанняў у BKЛ ён быў узнагароджаны ўладаннямі ў Маскоўскай дзяржаве, але гэта было далёка не дастаткова ў параўнанні з тым, што ён страціў у ВКЛ. Хоць ён тут быў вельмі прыбліжаны да Васіля III і ўвесь час звяртаў яго ўвагу на неабходнасць новай вайны супроць Жыгімонта I, але апошні добра ведаў пра падкопы Глінскага супроць яго і патрабаваў ад Васіля III выдачы яго як здрадніка. Вядома ж, Васіль III на гэта пайсці не мог, яму Глінскі патрэбен быў, але не для таго, каб слухацца яго, а каб выкарыстаць яго ў зручны для маскоўскага князя момант. Глінскі не мог не заўважыць, што ў Маскве баяры не карыстаюцца тымі вольнасцямі, якімі карыстаюцца магнаты ў BKЛ. Калі ў BKЛ і Польшчы кароль цалкам залежаў ад волі магнатаў, то ў Маскве баяры цалкам былі залежнымі ад вялікага князя. Усё гэта таксама выклікала ў Глінскага незадаволенасць сваім становішчам у Маскве.

Не бачачы ніякага імкнення з боку Васіля III неадкладна адгукнуцца на яго жаданне адпомсціць Жыгімонту I вайной, Глінскі робіць спробы звязацца дзеля гэтага з іншымі ўладарнымі асобамі.Так, ён у сваіх лістах звяртаўся да дацкага караля Іягана, каб той пачаў вайну супроць Жыгімонта I. Праўда, гэты кароль, відаць, у той час не маючы намеру пачынаць такую вайну і баючыся правакацыі з боку Глінскага, адсылае адзін з яго лістоў Жыгімонту I, а той — Васілю III адначасова з просьбай пакараць смерцю такога нягодніка, які распальвае варожасць паміж хрысціянскімі каралямі. Беспаспяховым быў і намер Глінскага накіраваць супроць Жыгімонта I Менглі-Гірэя, бо той вёў дваістую палітыку. Абяцаючы Глінскаму нават адваяваць яму ад караля Кіеў, у той жа час абяцаў і Жыгімонту I дапамагчы ў яго вайсковых справах. Але той спешна адмовіўся ад гэтай прапановы, паколькі ён пазбавіўся ўжо ад Глінскага, а маскоўскія войскі пакінулі яго зямлю, і ён сам наблізіўся да межаў маскоўскіх і памірыўся з Васілём III. Замест гэтага Жыгімонт I параіў Менглі-Гірэю напасці на Бранск, Старадуб і Ноўгарад-Северскі. Аднак Менглі-Гірэй, узяўшы папярэдне плату ад Жыгімонта I (гэтак жа, як і ад Глінскага), адмовіўся ад яго прапановы.

І тым не менш з дзеяннямі крымскіх татараў звязана ўзнаўленне новай вайны паміж BKЛ і Масквой. Васілю III стала вядома, што напады сыноў Менглі-Гірэя на рускія гарады былі вынікам заключанай дамовы паміж іх бацькам і Жыгімонтам І. Гэта найперш і з’явілася прычынай для таго, каб пачаць вайну. Апроч таго, Васілю III нібыта стала вядома аб дрэнным абыходжанні з яго сястрой Аленай Іванаўнай. Усё гэта ён і выклаў у сваёй грамаце да Жыгімонта I. Вось зараз для Васіля III склаліся спрыяльныя ўмовы, каб пачаць вайну супраць ВКЛ. Рэч у тым, што ў гэты час абвастрыліся адносіны паміж Жыгімонтам I і яго пляменнікам, вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Альбрэхтам, бо апошні не хацеў уступаць яму Паморскую і Прускую землі і не жадаў лічыць сябе васалам Жыгімонта I. Альбрэхта падтрымалі Лівонія і іншыя нямецкія землі, гатовыя пачаць вайну з Польшчай.

Усё гэта пільна заўважалася М. Глінскім, які выкарыстоўваў кожны момант, каб пашкодзіць Жыгімонту I. Яшчэ раней ён звяртаў увагу Васіля III на магчымасць вайны Польшчы з яе заходнімі суседзямі, што намнога аблегчыць Маскве вайну з ВКЛ. Ён нават абавязваўся даставіць грамату Васіля III да аўстрыйскага імператара Максіміліяна з прапановай заключэння паміж імі саюзу супроць Польшчы. I сапраўды, некалькі пазней, у 1514 г., такая дамова паміж Аўстрыяй і Масквой была заключана, паводле якой ад Жыгімонта I з захаду адымаліся землі Тэўтонскага ордэна, а з усходу — Кіеў і іншыя гарады. Як бачым, ідэя падзелу Рэчы Паспалітай паміж яе суседзямі з захаду і ўсходу ўзнікла ў пачатку XVI ст., і яна не загасала, увесь час цяплілася і нарэшце ў канцы XVIII ст. ажыццявілася.

Але вайна пачалася да заключэння гэтай дамовы, і тут зноў быў выкарыстаны М. Глінскі, які абнадзейваў магістра Ордэна, што міру паміж ВКЛ і Масквой не будзе, і які рабіў шмат намаганняў для вярбоўкі на захадзе наёмнікаў для маскоўскага войска. I вось 19 снежня 1512 г. Васіль III разам са сваімі ваяводамі i М. Глінскім перайшоў мяжу ВКЛ і накіраваўся на Смаленск, узяцце якога і было цяпер галоўнай мэтай маскоўскага войска, што і зразумела. Гэты горад меў ключавое значэнне як для ВКЛ, так і для Масквы. Валоданне ім для першага давала надзейную абарону сваіх усходніх рубяжоў, для другой — надзейны плацдарм для прасоўвання далей на захад. Гэтым і тлумачыцца, з аднаго боку, такая рашучасць не здаць яго, з другога боку — захапіць.

I сапраўды, толькі праз шэсць тыдняў стаяння пад Смаленскам Васілём III быў прызначаны штурм яго. Аднак маскоўскім ратнікам не дапамаглі ні тры бочкі мёду, ні тры бочкі піва, ад якіх яны ап'янелі, прыступам узяць Смаленскую крэпасць на працягу ночы і на наступны дзень. Панёсшы вялікія страты, яны вымушаны былі адступіць і вярнуцца ў Маскву.

Але гэта няўдача не спыніла імкненне Васіля III захапіць Смаленск, і таму летам 1513 г. ён зноў накіраваўся з войскам на гэты горад. І пачатак гэтага наступу быў для Масквы ўдалы. Высланае смаленскім намеснікам Юрыем Салагубам войска насупраць маскоўскага пацярпела няўдачу і вымушана было адступіць у горад. Аднак далей аблога Смаленска склалася, як і першы раз, няўдала. Смаленскае войска і насельніцтва не спакушаліся на шчодрыя абяцанні, якія ў выпадку іх здачы абвяшчаў ім Васіль III у сваіх граматах, і мужна адстойвалі свой горад. Пра гэта сведчыць і тое, што яны за ноч замуроўвалі тыя прабоіны, якія ўдзень прабівала ў іх сценах сваімі гарматамі маскоўскае войска. Менавіта самаахвярная абарона прымусіла Васіля III і на гэты раз адступіць ад Смаленска, загадзя спустошыўшы яго ваколіцы.

Але і гэта няўдача не адхіліла ў Васіля III жаданне авалодаць Смаленскам, і летам 1514 г. ён зноў апынуўся са сваім войскам пад сценамі яго. На гэты раз рашаючая роля для захопу горада была ўскладзена на цяжкую артылерыю. Ужо самы першы стрэл гарматы пацэліў у гармату абаронцаў, што выклікала вялікія ахвяры сярод іх. Яшчэ больш знішчальнымі былі другі і трэці стрэлы, што і прымусіла Смаленск да здачы. Васіль III загадаў перапісаць жыхароў горада і ўзяць з іх прысягу на вернасць яму і адрачэнне ад улады караля. Наколькі жорсткай для Жыгімонта I была вестка аб страце Смаленска, добра сведчыць такі факт. Каралеўскі намеснік Юрый Салагуб, якога Васіль III з іншымі знакамітымі асобамі адпусціў дамоў, прыбыўшы ў Кракаў па загадзе караля, быў пакараны смерцю за здачу Смаленска як здраднік. Авалоданне Смаленскам адчыняла Маскве далей шлях на захад. Яе ваяводы захапілі Мсціслаўль, Крычаў і Дуброўна, прымусіўшы іх пасланцоў ехаць у Маскву і прысягаць Васілю III на падначаленасць яму. У напрамку Оршы было накіравана войска на чале з М. Глінскім, каб абараніць Смаленск у выпадку магчымага наступу на яго Жыгімонта I, які ўжо сапраўды рухаўся з Менска на Барысаў, бо быў падбадзёраны ў сваім поспеху… Міхаілам Глінскім. Так, ім.

Што зрабіла гэтага чалавека такім зменлівым, чаму ён з ворага Жыгімонта I стаў яго прыхільнікам? А адбылося тое ж самае, што і з ранейшымі перабежчыкамі з BKЛ. Прыгадаем хоць бы славутага Андрэя Полацкага, які таксама, не маючы сілы змагацца з Ягайлам, рашыў ісці ў Маскву, спадзеючыся атрымаць ад яе дапамогу ў сваім змаганні. I хоць ён дзякуючы яго вайсковаму таленту змог дапамагчы Маскве атрымаць перамогі над татарамі на р. Вожы і на Куліковым полі, аднак жаданай дапамогі для сябе ад Масквы не атрымаў і вымушаны быў вярнуцца на радзіму. Тое ж самае адбылося і з Глінскім, толькі ў горшым для яго варыянце. Ён, таксама не змогшы процістаяць Жыгімонту I, пераходзіць у Маскву, якой таксама дзякуючы свайму розуму і энергіі прыносіць шмат карысці. У прыватнасці, па некаторых звестках, ён адыграў рашаючую ролю ў захопе Смаленска і таму спадзяваўся, што Васіль III ва ўзнагароду за гэта аддасць пад яго ўладу гэты горад. Валоданне ім было асабліва важна для ажыццяўлення яго шырокіх планаў. Абапіраючыся на Смаленск, ён мог гуртаваць вакол яго іншыя гарады і воласці і тым самым дасягнуць для сябе канчатковай мэты — стаць поўнаўладным гаспадаром вялікай вобласці, якая б магла стаць і асобнай дзяржавай. Аднак тое ж самае добра разумеў і Васіль III, і таму калі Глінскі спытаў у яго: «Я табе падарыў Смаленск, а што ты мне падорыш?» — тым самым намякаючы на аддачу пад яго ўладу гэтага горада, то Васіль III паабяцаў аддаць яму якую-небудзь іншую, пасля заваяваную вобласць у BKЛ. I гэта канчаткова ўпэўніла Глінскага ў краху дасягнення ім яго шырокіх амбіцыйных мэт з дапамогай Масквы, бо яна толькі выкарыстоўвала яго, нічога не даючы ўзамен. I Глінскі прымае рашэнне аб разрыве з Масквой і ўваходзіць у зносіны з Жыгімонтам I, магчыма спадзеючыся, што калі той захопіць Смаленск, то аддасць яму пад уладу, чаго ён не атрымаў ад Васіля III. Аднак спроба Глінскага ўцячы да Жыгімонта I скончылася поўнай няўдачай. Выдадзены адным са сваіх саўдзельнікаў, ён быў схоплены па дарозе, адвезены да Васіля III, які загадаў кінуць яго ў цямніцу. Праўда, пазней ён быў вызвалены па просьбе яго пляменніцы, якая выйшла замуж за Васіля III. Так бясслаўна закончылася дзейнасць гэтага чалавека, які імкнуўся вельмі многага дасягнуць, але, у рэшце рэшт, застаўся ні з чым.

АРШАНСКАЯ БІТВА I ПАСЛЯ ЯЕ

Захоп Смаленска азначаў для Масквы пераадоленне адной з важнейшых перашкод для далейшага прасоўвання яе на захад. Але ў той жа час для BKЛ з'явілася яшчэ большая пагроза страты сваіх земляў. Трэба асабліва браць пад увагу тое, што Смаленская і Северская землі былі ўключаны ў склад ВКЛ вайсковай сілай, і таму Масква разглядала іх як захопленыя, на якія толькі яна мела права. Зараз жа паўстала пагроза заваявання карэнных беларускіх земляў, тых, якія, мірна злучыўшыся паміж сабою і заваяваўшы балцка-літоўскія і іншыя землі, утварылі BKЛ, жывячы яго эканамічна і культурна. Без іх гэта дзяржава не магла ўжо далей існаваць. Разуменне таго, што адступаць далей ужо нельга, смяротна небяспечна, і дало ў далейшым магчымасць захаваць гэтыя землі ад заваявання аж да канца XVIII ст. А першы станоўчы вынік у гэтым кірунку — перамога ў Аршанскай бітве.

Як і можна было чакаць, захапіўшы Смаленск, 80-тысячнае маскоўскае войска пад камандай М. Булгакава-Голіцы і А. Чалядніна адразу рушыла ў напрамку Оршы і Друцка. Вядома ж, такія дзеянні для ВКЛ не былі нечаканымі, і таму насустрач маскоўскаму войску ішлі злучаныя сілы BKЛ (16 тысяч вершнікаў) і Польшчы (14 тысяч вершнікаў), а таксама атрад добраахвотнікаў з паноў і шляхты. Жыгімонт I, застаўшыся ў Барысаве з чатырохтысячным атрадам, далей не пайшоў, даручыўшы ўзначальваць войска Канстанціну Астрожскаму. Паасобныя падраздзяленні арміі ўзначальвалі Ю. Радзівіл, Я. Свярчоўскі, I. Сапега і іншыя военачальнікі. Варожыя войскі ўпершыню сутыкнуліся на беразе Бярэзіны, калі атрады ВКЛ, пераправіўшыся праз гэту раку, разбілі некалькі маскоўскіх палкоў. Такі ж зыход быў для рускіх атрадаў і на р. Друць, дзе адным з войскаў ВКЛ камандаваў I. Сапега. Пасля гэтага маскоўскі ваявода Чаляднін рашыў перавесці сваё войска на левы бераг Дняпра каля Оршы, дзе і рашыў чакаць войскі ВКЛ. Ён не рабіў ім ніякай перашкоды пры пераправе праз гэту раку, маючы намер усіх іх тут разбіць.

8 верасня 1514 г. і пачалася рашаючая бітва паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўне, недалёка ад Аршанскага замка. Бітву пачало маскоўскае войска, і ў адказ на гэта К. Астрожскі пасля кароткай прамовы павёў у атаку сваю конніцу, і завязаўся жорсткі бой, які некаторы час ішоў з пераменным поспехам для двух бакоў. Адзначаецца, што з маскоўскага боку ў атаку пайшлі палкі Булгакава-Голіцы, а Чаляднін устрымаўся ад бою, і таму калі ён падвергся ўдарам, то з бою выйшаў Булгакаў-Голіца. Вось такой няўзгодненасцю паміж маскоўскімі ваяводамі і тлумачыцца часамі іх паражэнне ў Аршанскай бітве, што наўрад ці адпавядае сапраўднасці.

Зыход бітвы рашыў бліскучы манеўр Астрожскага. Пад выглядам адступлення войскі BKЛ пацягнулі за сабой маскоўскае войска, якое пасля трапіла пад абстрэл добра замаскіраванай артылерыі. Страшэнны залп змяў бягучых маскоўскіх ратнікаў. Затым удар быў накіраваны на палкі Булгакава-Голіцы, якія ў выніку гэтага былі разгромлены. Такі лёс напаткаў і войска Чалядніна. Усё гэта выклікала вялікую паніку сярод рускіх воінаў, якія, бегучы з бою і скачучы ў Крапіўну з высокага берага, тапіліся ў ёй, і яна была запруджана іх целамі. Нямала ратнікаў гэтак жа загінула ў Дняпры. Аб вялікіх ахвярах сведчыла і поле бітвы, запоўненае целамі забітых, якіх у цэлым было каля 40 тысяч. Апроч таго, у палон здаліся па дзве тысячы шараговых вояў і «дзяцей баярскіх». Асабліва паказальна тое, што палоннымі аказаліся ваяводы Булгакаў-Голіца і Чаляднін, а таксама 17 іншых военачальнікаў.

Вядома ж, сумныя вынікі Аршанскай бітвы Васілём III, войскі якога перад гэтым мелі поспехі, былі ўспрыняты як нечаканая катастрофа. I таму нядзіўнай была яго заява, што тыя, хто трапіў у палон, для яго мёртвыя. Пасля гэтага зразумела, чаму палонныя дзесяткі гадоў не вярталіся дадому, а жылі ў Вільні і па розных дварах BKЛ. Ваявода Чаляднін і памёр на чужыне, а Булгакаў-Голіца вярнуўся на радзіму толькі праз 38 гадоў.

Звяртае на сябе ўвагу і тое, што К. Астрожскі, з'яўляючыся праваслаўным, узначальваў войска, якое змагалася з праваслаўным войскам. А гэта сведчыць аб тым, што ён не змешваў адзінаверства з адзінадзяржаўем і, зыходзячы з гэтага, не прызнаваў права адной дзяржавы ўмешвацца ў справы другой на падставе абароны адзінавернага насельніцтва ў ёй.

Бліскучая перамога 30-тысячнай арміі К. Астрожскага над 80-тысячнай маскоўскай арміяй дала магчымасць яму рухацца на Смаленск, што выклікала там перапалох, у выніку чаго склалася змова, каб здаць горад. Цікава, што яе ўзначальваў епіскап Варсанафій, які раней быў ініцыятарам здачы Смаленска маскоўскаму войску. Аднак змова была раскрыта, і смаленскі намеснік Шуйскі загадаў яе ўдзельнікаў, акрамя Варсанафія, павесіць на сцяне перад вачыма войска Астрожскага. Хоць далейшая аблога Смаленска была працяглая, аднак яна не мела поспеху, i К. Астрожскі адступіў. Аднак гэты адыход не быў без станоўчых вынікаў, бо па дарозе ад Смаленска былі вернуты ў склад ВКЛ Мсціслаў, Дуброўна і Крычаў. А гэта ж і было галоўным вынікам Аршанскай перамогі, якая абараняла карэнныя беларускія землі ад заваявання.

Менавіта таму яна так глыбока адбілася ў свядомасці нашага народа і знайшла сваё адлюстраванне ў яго фальклоры, пра што сведчыць гістарычная песня. У ёй мы знаходзім паэтычнае ўвасабленне ўсяго ходу Аршанскай бітвы — ад яе падрыхтоўкі і да пераможнага канца. Складзеная ў пачатку XVI ст., яна сведчыць, што ў той час наша мова цалкам сфарміравалася і нічым не адрознівалася ад сучаснай, як напрыклад:

Ой, у нядзельку параненька

Узышло сонца хмарненька,

Узышло сонца над борам

Перад Сялецкім таборам.

У песні адлюстраваны найбольш драматычныя моманты бою, якія і прывялі да перамогі:

Сталі хлопцы-пяцігорцы

Каля рэчцы на прыгорцы:

Гучаць разам з самапалаў,

Семіпалых ад запалаў,

Б'юць з паўсоткаю з гарматаў.

Масква стала наракаці,

Места Воршу пакідаці.

А як з Воршы уцякалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як нашая слава тутака прапала».

Народ добра бачыў, каму ён найперш абавязаны гэтай перамогай, і песня заканчвалася ўслаўленнем яго: «Слаўся, пан Астрожскі!»

Хоць Аршанская бітва на некалькі гадоў спыніла актыўныя вайсковыя дзеянні паміж BKЛ і Масквой, аднак іх узаемнае процістаянне не спынілася, яно працягвалася шляхам накіравання на праціўніка сіл сваіх саюзнікаў. Так, у пачатку 1517 г. Жыгімонту I удалося падбухторыць супроць Масквы крымскага хана Менглі-Гірэя, які з 20-тысячным войскам уварваўся ў воласць Тулы, але быў разбіты рускім войскам. У сваю чаргу Васіль III аднавіў перамовы з прускім магістрам Альбрэхтам, як нам ужо вядома, пляменнікам Жыгімонта I, паслаўшы яму вялікую суму грошай, просячы за гэта паслаць свае войскі на злучэнне з маскоўскімі супроць свайго дзядзькі. Зразумела, што супроць такой сілы з двух бакоў Польшча i BKЛ не маглі выстаяць, і таму Жыгімонт I па радзе скліканага ім у Кракаве сойма звярнуўся да аўстрыйскага імператара Максіміліяна I, каб ён прымірыў Васіля III з ім, праўда, выкананне гэтай просьбы не было задарма. Жыгімонт I абяцаў уступіць частку Тэўтонскага ордэна, на якую прэтэндаваў Максіміліян. Апошні згадзіўся паслаць у Маскву свайго пасла Сігізмунда Герберштэйна. Яму і ўдалося ўгаварыць маскоўскага князя, каб ён прыняў паслоў ад Жыгімонта I. Трэба зазначыць, што С. Герберштэйн (1486–1566), двойчы пабываўшы ў Маскве, пакінуў вельмі каштоўныя звесткі аб тагачасных падзеях, у тым ліку і аб Аршанскай бітве.

Для нас асабліва важнае яго сведчанне з гэтага часу. Паны радныя ВКЛ імкнуліся перацягнуць на свой бок супроць Масквы Лівонскі ордэн і папярэджвалі яго магістра Платэнберга аб той небяспецы для яго, калі Васіль III захопіць Віцебск, Полацк, Оршу і іншыя гарады, бо палачане памятаюць, што «межы краіны іх пашыраліся па Дзвіне аж да самага мора, што ваш (г. зн. лівонскі) горад Рыга пабудаваны на іх зямлі». Як бачым, Полацк звыш 300 гадоў памятаў аб межах сваёй зямлі, аб тым, што яго княства было марской дзяржавай. Менавіта пабудова крыжакамі ў 1201 г. Рыгі замкнула для Полацкага княства свабодны выхад да мора, што з’явілася выключна балючым ударам, бо гэта заціснула як Полацк, так і ў далейшым усю Беларусь паміж варожымі дзяржавамі, што выключна абцяжарыла яе гістарычны шлях.

Аднак вернемся да разгляду далейшых падзей. Жыгімонт I, адправіўшы паслоў у Маскву, адначасова пачаў супроць яе вайсковыя дзеянні. Спыніўшыся ў Полацку, ён накіраваў вялікае войска пад камандай К. Астрожскага да Апочкі, якая з’яўлялася прыгарадам Пскова. І хоць гэты наступ быў адбіты з вялікімі стратамі для Астрожскага, ён на працягу 12 дзён прадаўжаў аблогу Апочкі, адначасова разаслаўшы свае атрады ў іншыя месцы. Але маскоўскія войскі, якія ішлі да Апочкі з розных бакоў, разбілі атрады, што ішлі на дапамогу К. Астрожскаму, і ён вымушаны быў зняць аблогу горада і выйсці за межы Рускай дзяржавы.

Толькі зараз, 29 кастрычніка 1517 г., Васіль III згадзіўся прапусціць паслоў Жыгімонта I у Маскву і пачаць з імі перамовы. Аднак яны адразу сталі цяжкімі. Калі маскоўскі бок патрабаваў уступкі яму яшчэ не заваяваных ім гарадоў, такіх, як Кіеў, Полацк, Віцебск, і тых, якімі валодала Алена Іванаўна ў BKЛ, то процілеглы бок у сваю чаргу патрабаваў вяртання яму Ноўгарада Вялікага, Цверы, Вязьмы і ўсёй Северскай зямлі. Але пасля доўгіх спрэчак бакі пайшлі на ўзаемныя ўступкі, адмовіўшыся ад сваіх патрабаванняў. Праўда, паслы Жыгімонта I і Герберштэйн асабліва настойвалі на вяртанні Смаленска, на што маскоўскі бок катэгарычна не згадзіўся. Герберштэйн яшчэ прасіў вызваліць М. Глінскага са зняволення і адпусціць яго да Максіміліяна, у якога ў свой час ён служыў, аднак Васіль III на гэта не згадзіўся.

Перамовы не прывялі да заключэння міру ці перамір’я, і ў 1518 г. пачалося ўварванне маскоўскіх войскаў у беларускія землі. Спачатку князь Васіль Шуйскі з вялікімі сіламі наўгародцаў і яго брат Іван з пскоўскім войскам пайшлі на Полацк. На дапамогу ім з’явіўся і маскоўскі атрад пад камандай Кісліцы. Пачаўся штурм горада, гарматы білі па яго сценах.

Палачане добра разумелі ўсю адказнасць моманту, што можа прывесці да здачы горада і яго захопу, і таму з пасада мужна і моцна адбіваліся. Аблога зацягнулася, і ў стане непрыяцеля пачаўся голад. У дадатак да гэтага, атрад баярскіх дзяцей, які зрабіў спробу прарвацца на другі бераг Дзвіны, амаль увесь загінуў. Пацярпеўшы няўдачу, войскі Шуйскага вымушаны былі адступіць ад Полацка і вярнуцца дамоў ні з чым. Аднак гэта не спыніла далейшых спроб уварвання ў беларускія землі. У наступны 1519 г. усё тыя ж наўгародскія і пскоўскія войскі пад камандаваннем М. Кісліцы пайшлі ў напрамку Маладзечна, захапіўшы побач з ім гарады Маркаў, Лебедзеў, Краснае Сяло і іншыя. У той жа год злучаныя сілы многіх рускіх войскаў пайшлі ў кірунку Оршы, Віцебска, Полацка, Магілёва, Лагойска, Менска і падышлі да самай Вільні, пасля чаго вярнуліся назад. 3 прыведзенага можна ўявіць, якія спусташэнні беларускай зямлі былі нанесены гэтымі ўварваннямі. Але менавіта гэта і патрабавалася, каб застрашыць ВКЛ і тым самым прымусіць яго пайсці на прымірэнне, якое зараз так патрэбна было Маскве, бо яна за час узяцця Смаленска, Аршанскай бітвы, шэрагу вайсковых уварванняў у ВКЛ значна аслабела, і таму ёй патрэбен быў на пэўны час мір, каб зноў умацавацца. Таму Масква і дала знаць праз Мікалая Радзівіла Чорнага Жыгімонту I, каб ён, калі жадае міру, прыслаў да яе сваіх паслоў, якія ў жніўні 1520 г. і з’явіліся. Аднак было заключана толькі перамір’е на шэсць месяцаў. У 1522 г. яго прадоўжылі яшчэ на пяць гадоў, па-ранейшаму, паводле яго, Смаленск заставаўся пад Масквой, а з боку ВКЛ не было згоды вярнуць Маскве палонных, вялікая колькасць якіх была захоплена ў час Аршанскай бітвы. У 1525 г. гэта перамір’е было прадоўжана яшчэ на сем гадоў, да 1533 г., на тых жа самых умовах.

I ўсё ж, нягледзячы на крывавыя і спусташальныя падзеі, якія перш за ўсё характарызуюць першую трэць XVI ст., у гэты выключна цяжкі час не толькі не спынілася культурна-этнічнае развіццё беларускага народа, але і ўзнялося на новую ступень. I гэта найперш звязана з тытанічнай дзейнасцю Францыска Скарыны. Ужо толькі тое, што ён быў заснавальнікам беларускага кнігадрукавання, паставіла Беларусь на ўзровень найбольш культурна развітых краін Еўропы. Яго пераклад Бібліі выключна ўзбагаціў бсларускую літаратурную мову, а яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг папоўнілі ідэйны змест, паглыбілі філасофскую думку і ўзнялі мастацкі ўзровень беларускай літаратуры. Гэтак жа афармленне кніг, шматлікія гравюры да іх адыгралі вялікую ролю ў развіцці беларускага мастацтва. Вядома ж, будучы доктарам лекарскіх навук, Ф. Скарына зрабіў вялікі ўклад і ў беларускую медыцыну. Выказана таксама меркаванне, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута 1529 г. Улічваючы тое, што падобнага юрыдычнага дакумента ў той час яшчэ ў Еўропе не было, можна гаварыць аб авангарднай ролі Беларусі ў развіцці еўрапейскай дзяржаўна-прававой культуры. Менавіта дзейнасць Ф. Скарыны і Статут 1529 г. — найбольш яскравыя сведчанні нязломнасці і жыццяздольнасці беларускага народа, які не толькі выжыў, але і набраў новыя духоўныя і інтэлектуальныя сілы ў самых неспрыяльных для гэтага гістарычных умовах.

ЗНОЎ НАПАДЫ I ПРЫМІРЭННІ

У 1533 г., калі заканчваўся тэрмін перамір’я паміж BKЛ і Масквой, памёр Васіль III (па некаторых звестках яго нібыта атруціў М. Глінскі, за што быў зноў пасаджаны ў цямніцу, дзе і памёр), і на маскоўскі пасад узышоў старэйшы сын вялікага князя — чатырохгадовы Іван, будучы Іван Грозны. Зразумела, што ён кіраваць дзяржавай не мог, і апякункай яму стала яго маці Алена — пляменніца М. Глінскага. 3 Масквы быў пасланы адмысловы пасол да Жыгімонта I, каб абвясціць яму аб смерці Васіля III і з наказам, каб кароль быў у дружбе і братэрстве з новым вялікім князем, як і з яго бацькам.

Трэба думаць, што такая сітуацыя, якая магла спарадзіць пэўнае замяшанне ў Маскве, не магла не выклікаць у BKЛ спробы выкарыстаць гэта ў сваіх інтарэсах. I сапраўды, Жыгімонт I адправіў у Маскву пасольства, каб нагадаць там аб неабходнасці прадаўжэння перамір’я ці заключэння канчатковага міру. Было таксама выказана пажаданне, каб перамовы аб міры вяліся не ў Маскве, як раней, а ў яго дзяржаве. Аднак усё гэта засталося без станоўчага адказу, перамовы не адбыліся, і зноў пачаліся вайсковыя дзеянні, якія цягнуліся з перапынкам каля трох гадоў.

3 боку ВКЛ яўна выяўлялася імкненне вярнуць сабе страчаныя раней на ўсходзе гарады. У верасні 1535 г. войскі BKЛ пайшлі ў кірунку Старадуба, дзе сустрэлі ўпартае супраціўленне і, адыходзячы назад, у Радагошчы пасад спалілі, ад чаго і горад згарэў, а ў пажары і намеснік Андрэй Лыкаў. Пасля гэтага тое ж войска пад началам Андрэя Няміры ўварвалася ў Чарнігаўскую зямлю, але там таксама не мела поспеху і адышло назад.

Па ўсім відаць, што з боку ВКЛ было спланавана шырокамаштабнае наступленне супроць Масквы, накіраванае на вяртанне раней страчаных ім гарадоў, бо ў гэтым жа месяцы адбыўся паход яго войска пад началам Вішнеўскага на Смаленск. Аднак спроба спаліць пасад горада не ўдалася, і войскі BKЛ адступілі.

Зразумела, што ўсё гэта выклікала адпаведную рэакцыю з боку Масквы, і там было вырашана адпомсціць BKЛ, і на яго тэрыторыю 28 лістапада 1535 г. рушылі з двух бакоў маскоўскія войскі. Тыя, якія непасрэдна выходзілі з Масквы, пайшлі на Дуброўна, Opшy, Друцк, Барысаў, Баровічы і іншыя беларускія гарады. Наўгародскія і пскоўскія войскі, што выйшлі з Апочкі, накіраваліся на Полацкую, Віцебскую і Браслаўскую землі. Маскоўскія войскі, якія ішлі з двух бакоў, злучыўшыся ў Маладзечне, пайшлі ў бок Вільні, але, не дайшоўшы да яе на сорак вёрст, вярнуліся назад і пайшлі ў Полацкую зямлю, «жгучи и воюючи, и секучи, и в плен емлючи». Яны вярнуліся ў Апочку 1 сакавіка 1536 г., але на гэтым уварванні маскоўскага войска ў беларускія землі не спыніліся. Восенню таго ж года, выйшаўшы са Старадуба, яны ваявалі Рэчыцу, Свіслач, Горваль, Петрыкаў, Мазыр, Слуцк, Рагачоў, Бабруйск, Тураў, Брагін, ідучы далей да Новагародка, «пасады у городов жгли, и села жгли, и люди и живот, и животину вымали, а иные выжгли, вышли поздорову».

Апроч таго, атрымаўшы звесткі, што Жыгімонт I збіраецца да паходу на смаленскія землі, Масква пасылае шматлікае войска ў тым жа кірунку, каб затрымаць войска BKЛ, а калі яго там не будзе, то ісці да Мсціслаўля. Адначасова наўгародскаму і пскоўскаму войскам было загадана ісці пад Себеж. Жыгімонт I, дачуўшыся, што маскоўскія войскі прыйшлі пад Мсціслаўль, пасылае свае сілы да Старадуба. I на гэты раз паход сюды быў удалы, паколькі ён завяршыўся адваяваннем Гомеля. Шляхам падкопу быў узяты, а пасля спалены Старадуб. Яго ваяводу Фёдара Аўчыну захапілі ў палон. «а иных пересекли и прочь ушли». Падобнымі вынікамі суправаджаўся і паход маскоўскіх войскаў на Мсціслаўль. Горад ім не здаўся, але яны пайшлі далей, «и многие места воевали, и людей в полон вели, и жгли, и секли, и в свою землю пришли поздорову». Але калі ВКЛ удалося вярнуць Гомель і адстаяць Мсціслаўль, то наўгародскімі і пскоўскімі войскамі быў заваяваны Себеж і ператвораны ў адну з маскоўскіх крэпасцяў. Праўда, са стратай апошняга ВКЛ адразу не прымірылася, і ў лютым 1537 г. яго войска пад началам Андрэя Няміры прыйшло да гэтага горада, аднак адваяваць яго не ўдалося, нягледзячы на вялікія намаганні і страты. Гэта і прымусіла Жыгімонта I накіраваць у Маскву пасольства, каб заключыць з ёй перамір’е, якое і было дасягнута 27 сакавіка 1537 г. тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго было замацавана вяртанне Гомеля ВКЛ і зроблена ўступка Себежа Маскве, па-ранейшаму не былі адпушчаны ўзятыя ў палон у час Аршанскай бітвы маскоўскія вайскоўцы. У 1542 г. перамір’е было зноў прадоўжана на пяць гадоў і на тых жа ўмовах. Яшчэ ў 1545 г. Жыгімонт I, будучы вельмі старым, перадаў кіраванне дзяржавай сыну Жыгімонту Аўгусту, а ў 1548 г. у 81-гадовым узросце ён памёр.

Жыгімонт I належыць да ліку найбольш выдатных дзеячаў у нашай гісторыі. Ён вызначаўся не толькі вялікай фізічнай сілай, чым, магчыма, і тлумачыцца яго даўгалецце, але і глыбокім розумам і палітычнай абачлівасцю ў кіраванні дзяржавай. Найперш гэта выявілася ў адсутнасці фанатызму ў яго адносінах да праваслаўных. Ён добра разумеў, што прымусовае акаталічванне іх толькі выклікала ўнутраныя звадкі, а разам з імі і аслабленне дзяржавы. Праўда, такая цярпімасць да праваслаўных выяўлялася пераважна ва ўсходніх землях, якія межаваліся з Маскоўскай дзяржавай, бо яна выкарыстоўвала Ў сваіх інтарэсах ганенне на сваіх аднаверцаў у BKЛ.

Але хоць праваслаўныя і не цярпелі рэлігійнага прыгнёту. яны па-ранейшаму былі абмежаванымі ў палітычных правах. Так, праваслаўныя феадалы не маглі займаць вышэйшых дзяржаўных пасадаў, не маглі быць выбранымі ў сенат. Адзіным выключэннем з гэтага з'яўляўся славуты кмязь К. Астрожскі, які быў узведзены ў званне троцкага ваяводы і заняў месца ў сенаце, што выклікала гнеў з боку каталіцкіх вярхоў, і Жыгімонт I павінен быў іх заверыць, што ў далейшым ён такое больш дапускаць не будзе.

Трэба адзначыць, што ў дзяржаўнай дзейнасці Жыгімонта I вялікую ролю мела з 1518 г. яго другая жонка Бона, дачка італьянскага герцага Сфорца. Бачачы вялікую залежнасць караля і вялікага князя ад буйных феадалаў, яна імкнулася узмацніць яго ўладу. Ідучы ў гэтым кірунку, рабіла захады па павелічэнні каралеўскай уласнасці, змагалася супроць прысваення феадаламі дзяржаўных земляў. У гэтых адносінах яе дзейнасць асабліва была плённай на Беларусі, дзе ёй удалося ўзяць у свае рукі шэраг валасцей: Аболецкую Аршанскага, Езярышчынскую Віцебскага, Клецкую Наваградскага, Кобрынскую, Шарашоўскую Берасцейскага, Пінскую Пінскага, Рагачоўскую Рагачоўскага паветаў. Па ініцыятыве Боны і ў яе ўладаннях пачалася аграрная рэформа, якая ў далейшым атрымала назву «Валочнай памеры». Мелася на мэце ўпарадкаванне сістэмы землекарыстання і абкладанне сялян феадальнымі павіннасцямі. У аснову яе быў уведзены надзел ворнай зямлі плошчай у валоку (21 га), адкуль і назва гэтай рэформы. Яна сістэматычна і паўсюдна праводзілася на працягу другой паловы XVI ст. і першай паловы XVII ст. У выніку яе была ліквідавана цераспалосіца, уведзена трохполле, яна ў многім вызначыла планіроўку і знешні выгляд нашых вёсак і двароў.

Па-ранейшаму ў грамадстве BKЛ была незадаволенасць падначаленнем Польшчы. I вось каб нагадаць аб гэтым, сойм BKЛ, які сабраўся ў 1526 г. у Вільні, аб'явіў сваім вялікім князем 6-гадовага сына Жыгімонта і Боны — Жыгімонта Аўгуста. Больш за тое, да Жыгімонта I прад’яўлена патрабаванне, каб Жыгімонт Аўгуст, прыбыўшы ў Вільню, быў каранаваны каралеўскай каронай, што, вядома, азначала поўную самастойнасць ВКЛ. Але на гэта Жыгімонт I не згадзіўся. I толькі ў 1529 г. па настойлівых просьбах вярхоў BKЛ Жыгімонт I прызнаў свайго 10-гадовага сына вялікім князем. Зразумела, што гэта мела больш фармальны характар, бо Жыгімонт Аўгуст з-за свайго малалецтва павінен быў жыць у Кракаве, але ж усё гэта падкрэслівала імкненне BKЛ да незалежнасці.

Гэтаму ж садзейнічалі і паданні і міфы, якія з’явіліся ў BKЛ. Першы з іх, што ўзнік яшчэ ў XV ст. (яго ўпершыню адзначыў Я. Длугаш), апавядаў аб паходжанні вялікіх князёў і магнацкіх родаў BKЛ ад рымлян, якія, ратуючыся ад Нерона, прыплылі на чале з Палямонам па морах у вусце Нёмана і пасяліліся ў Жамойці. Зразумела, што гэта легенда павінна была падкрэсліваць больш слыннае паходжанне знаці ВКЛ, чым польскай, і тым самым адмаўляць верхавенства апошняй у ВКЛ.

Мы ўжо ведаем, што ў канцы XV — пачатку XVI ст. у Macквe склаўся погляд на ВКЛ як дзяржаву, у якой пад уладай Літвы знаходзіліся заваяваныя ёй рускія землі, што апраўдвала яе імкненне заваяваць іх. Вядома ж, усё гэта не было сакрэтам у ВКЛ, і таму тут, насуперак гэтай маскоўскай версіі, пачала складвацца свая версія, і канчаткова яна аформілася ў сярэдзіне XVI ст… Гэта версія, як і маскоўская, пачатак утварэння BKЛ адносіла да часу татарскага нашэсця. Паводле яе, калі татары зруйнавалі і спустошылі рускія землі, жамойцкі князь Мантвіл (выдуманая асоба), даведаўшыся пра гэта, рашыў узяць іх пад сваю апеку. Дзеля гэтага ён пасылае свайго сына Ердзівіла, які, перайшоўшы са сваім войскам спачатку Вяллю, а пасля і Нёман, убачыў гару высокую, а на ёй разбураны Новагародак. Месца гэта Ердзівілу спадабалася, ён узнаўляе Новагародак, робіць яго сваёй сталіцай, пасля ўзнаўляе іншыя разбураныя татарамі месцы і таксама бярэ іх пад сваю апеку. А сын Ердзівіла Мінгайла заваёўвае Полацк,і такім чынам беларускія землі падпадаюць пад уладу жамойцкіх князёў. Гэтай версіі больш пашчаслівіла ў пашырэнні, чым маскоўскай. У той час у BKЛ знаходзіўся польскі храніст М. Стрыйкоўскі, якога апякаў жамойцкі біскуп Гедройц. Ен, будучы фактычна ідэолагам інтарэсаў жамойцкіх феадалаў і стараючыся ўсяляк узвысіць іх значэнне ў дзяржаве, імкнуўся прыпісаць іх князям і заслугу стварэння BKЛ. Дзеля гэтага ён забяспечыў М. Стрыйкоўскага летапісамі накшталт «Хронікі Быхаўца», у якіх выкладаўся гэты міф. М. Стрыйкоўскі ўнёс яго ў сваю «Хроніку», якую выдаў у 1582 г. у Кёнігсбергу, што зноў такі фінансавалася Гедройцам. Гэта кніга, напісаная на лацінскай мове, атрымала шырокае распаўсюджанне, на яе сталі спасылацца гісторыкі, і такім чынам пачала ў гістарычнай навуцы замацоўвацца гэта версія, якая да непазнавальнасці зацямніла праўдзівую карціну ўтварэння і характару як дзяржавы BKЛ. Важна падкрэсліць, што тут заслуга ўтварэння BKЛ прыпісваецца жамойцкім, а не літоўскім князям, што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што ў той час сучасная Літва выступала пад назвай Жамойць. Невыпадкова ў гэтым міфе і тое, што Ердзівіл робіць сваёй сталіцай Новагародак, бо ў той час яшчэ добра памяталася аб такім становішчы гэтага горада ў мінулым, і таму ў ім заднім чыслом і саджаліся жамойцкія князі. Варта нагадаць і пра тое, што тагачасныя магнацкія роды сапернічалі адзін з другім у справе стварэння BKЛ. Калі ў адных хроніках гаворыцца аб Эрдзвіле (г. зн. Радзівіле, што так і называўся ў адной з хронік), які нібыта быў пасланы Мантвілам, у другой гэтым пасланцом ужо з’яўляецца Скірмант. Зразумела, што такія звесткі заносіліся ў летапісы па жаданні прадстаўнікоў гэтых двух магнацкіх родаў.

ДЗЯРЖАЎНЫ I ГРАМАДСКІ ЛАД ВКЛ

Пры разглядзе гісторыі ВКЛ, асабліва ў XVI ст., галоўная ўвага была скіравана на асвятленне знешніх абставін нашай дзяржавы, яе ўзаемаадносін з суседнімі краінамі, вайсковых сутыкненняў і прымірэнняў з імі. I гэта невыпадкова. Менавіта галоўнай асаблівасцю BKЛ і з’яўляецца перавага ў ім знешніх абставін над унутранымі, што і зразумела. Заціснутае з усіх бакоў дзяржавамі, якія ўвесь час імкнуліся падначаліць яго сабе, ВКЛ вымушана было ўвесь час галоўны дзяржаўны інтарэс сканцэнтроўваць на знешніх узаемаадносінах.

Аднак гэтыя неспрыяльныя знешнія ўмовы не маглі спыніць унутранага дзяржаўнага і грамадскага развіцця ВКЛ. Менавіта ў XVI ст. і закончыўся працэс іх канчатковага фарміравання, што і надало ВКЛ характэрнае дзяржаўнае аблічча.

Вышэйшая ўлада ў краіне належала вялікаму князю. Аднак, фармальна валодаючы шырокімі паўнамоцтвамі ва ўнутраных і знешніх справах дзяржавы, ён фактычна быў абмежаваны ў сваіх дзеяннях. Будучы выбраным і прыняўшы прысягу, ён абавязаны быў выдаваць грамату, якая пацвярджала непарушнасць ранейшых, а то і новых прывілеяў для феадалаў. А менавіта апошнія, валодаючы непамерна вялікімі багаццямі, найперш зямельнымі надзеламі, усё рабілі для таго, каб дзейнасць гаспадара была ў іх інтарэсах, якія далёка не заўсёды адпавядалі інтарэсам дзяржавы.

Аслабленню ўлады вялікага князя садзейнічала і тое, што ён выбіраўся яшчэ і каралём Польшчы. А гэта прымушала яго значны час быць у Кракаве. Пры адсутнасці яго ў Вільні краінай фактычна кіравала рада BKЛ, у якую ўваходзілі буйнейшыя феадалы, што адначасова займалі важнейшыя дзяржаўныя пасады. Паны радныя і мелі рашаючае значэнне ў вырашэнні дзяржаўных спраў. У выпадку, калі гаспадар супярэчыў волі рады, ён павінен быў падначаліцца ёй. Як бачым, калі ў суседняй Маскоўскай дзяржаве ў XVI ст. усё больш усталёўваўся манархічны абсалютызм, то ў BKЛ, гэтай другой ўсходнеславянскай дзяржаве, усё больш абмяжоўвалася ўлада гаспадара.

Калі рада была пастаянным органам дзяржаўнага кіравання, то соймы склікаліся вялікім князем і радай перыядычна і звычайна працягваліся два-тры дні, хоць зрэдку прадаўжаліся і значна больш. Адметнай асаблівасцю соймаў было і тое, што яны праходзілі не толькі ў Вільні, але і ў іншых гарадах (Гародні, Бярэсці, Слоніме). Часцей за ўсё на іх вырашаліся пытанні, звязаныя з міжнароднымі справамі, з аб’яўленнем вайны і заключэннем міру, з выдаткамі на вайсковыя дзеянні. Соймы прымалі новыя заканадаўчыя акты, і на іх абіраўся вялікі князь. Трэба зазначыць, што соймы ў значнай меры мелі паказны характар, бо яны прымалі ўсё тое, што жадалі вялікі князь і рада, прысутнасць на іх мясцовых прадстаўнікоў была фактычна фармальнай.

Важная роля належала і вышэйшым службовым асобам, якія кіравалі паасобнымі галінамі дзяржаўнай дзейнасці. Гэта перш за ўсё маршалак земскі, які звычайна старшынстваваў на соймах і пасяджэннях рады, аб’яўляў пастановы гэтых устаноў. Вайсковымі справамі ВКЛ кіраваў гетман найвышэйшы, паўнамоцтвы якога былі асабліва шырокімі ў час вайны. Яго намеснікам з’яўляўся намеснік дворны ці польны, які ў час вайны ўзначальваў частку войскаў, а ў мірны час памежныя войскі. Дзяржаўнай канцылярыяй кіраваў канцлер, у яго абавязкі ўваходзіла і захаванне дзяржаўнага архіва — метрыкі BKЛ. Існавала і пасада яго намесніка — падканцлера. Падскарбій земскі і яго памочнік падскарбій дворны былі хавальнікамі дзяржаўнай казны. Іх службоўцы — скарбнікі сачылі за своечасовым паступленнем сродкаў у казну. Выканаўцамі розных дзяржаўных даручэнняў з’яўляліся так званыя гаспадарскія дваране ці слугі, колькасць якіх вагалася ад 100 да 150 асоб.

У XVI ст. закончыўся падзел BKЛ на ваяводствы. На тэрыторыі Беларусі імі былі Віленскае (часткова), Полацкае, Новагародскае, Віцебскае, Падляшскае, Бабруйскае, Менскае і Мсціслаўскае. Кожнае з іх мела свой герб і харугву. Вышэйшымі службовымі асобамі ў іх былі ваяводы, якія мелі цэлы штат памочнікаў, што кіравалі паасобнымі галінамі дзейнасці ў ваяводстве. Гэта: кашталяны, што ўзначальвалі войска галоўнага замка, ключнікі, што загадвалі зборам даніны, гараднічыя, што клапаціліся аб захаванні і рамонце галоўнага замка, канюшыя, што наглядалі за конегадоўляй, і ляснічыя, ці гаёўнікі, што загадвалі лясным промыслам і паляваннем.

Ваяводствы ў сваю чаргу падзяляліся на паветы. На тэрыторыі Беларусі імі былі Аршанскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Берасцейскі, Ваўкавыскі, Віцебскі, Гарадзенскі, Лідскі, Мазырскі, Менскі, Мсціслаўскі, Новагародскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слонімскі. На чале паветаў стаялі старасты, але паколькі гэта пасада для многіх была дадатковай побач з іншай і больш высокай, то часцей паветам кіраваў падстараста. Тут былі амаль тыя ж самыя пасады, што і ў ваяводстве (ключнікі, канюшыя, ляснічыя, гараднічыя). Сярод іх быў харужы, які з'яўляўся павятовым сцяганосцам.

У ваяводствах і паветах сабіраліся соймікі, на якіх маглі прысутнічаць усе шляхціцы гэтых тэрытарыяльных адзінак. Сярод шматлікіх бакоў дзейнасці гэтых саслоўна-прадстаўнічых органаў дамінаваў абавязак абараняць інтарэсы мясцовай шляхты. У самым нізе службовай піраміды BKЛ знаходзіліся дзяржаўцы, або цівуны, што кіравалі дзяржаўнымі і велікакняскімі маёнткамі. Імі прызначаліся сельскія войты, сотнікі, сарочнікі, дзесятнікі, галоўным абавязкам якіх было сачыць за выкананнем сялянамі розных феадальных павіннасцяў. Былі і такія мясцовасці, дзе не было дзяржаўных маёнткаў, але былі дзяржаўныя сяляне, што мелі свае органы самакіравання — сходы. На іх размяркоўваліся даніны, а таксама разглядаліся спрэчныя справы паміж сялянамі.

У XVI ст. большасць гарадоў Беларусі мелі Магдэбургскае права, што вызваляла іх з-пад адміністрацыйных улад і давала ім магчымасць на самакіраванне. Гэтыя гарады ўзначальваліся войтамі, якія прызначаліся ўрадам. У сваю чаргу яны самі прызначалі сабе сваіх намеснікаў — ленвойтаў і памочнікаў — бурмістраў, што адказвалі за розныя бакі жыцця горада. Рады, што існавалі ў гэтых гарадах, звычайна вызначалі напрамак іх развіцця, іх добраўпарадкавання, а таксама клапаціліся пра абарону горада ў час вайны. У вялікіх гарадах рада выбіралася мяшчанамі, у меншых прызначалася войтам. Склікаліся і агульнагарадскія сходы, якія ў розных гарадах называліся па-рознаму (сойм, веча, капа).

BKЛ вызначалася высокай прававой культурай, пра што найперш сведчаць Статуты, прынятыя ў XVI ст. (1529, 1566, 1588). Менавіта яны рэгулявалі і судовую справу ў дзяржаве. Найвышэйшымі інстанцыямі тут былі велікакняскі (гаспадарскі) суд і суд паноў рады і сойма, іх вялікая судовая ўлада пазней была абмежавана ўтварэннем найвышэйшага — Галоўнага трыбунала, які складаўся з выбраных суддзяў. Звычайна ў лік іх пападалі выбраныя на павятовых сойміках уладары маёнткаў, якія былі дасведчанымі ў юрыдычнай справе. Пасяджэнні Трыбунала праводзіліся ў Вільні, Менску і Новагародку. У правінцыі найбольш важным быў замкавы або гродскі суд. У адрозненне ад вышэйназваных, якія разглядалі толькі справы феадалаў і шляхты, гэты суд быў усеагульным, бо ў ім разглядаліся справы і мяшчан, і сялян. У першай палове XVI ст. на Беларусі ўзніклі земскія суды, асаблівасцю якіх з’яўлялася тое, што яны былі незалежнымі ад адміністрацыйных улад і тым самым фарміравалі незалежнасць судовай улады, што было важным этапам у развіцці прававой культуры ў BKЛ. Такім жа быў і падкаморскі суд, галоўным абавязкам якога з’яўляўся разгляд спрэчных спраў аб межах феадальных землеўладанняў.

У гарадах з Магдэбургскім правам, а яны складалі большасць у Беларусі, дзейнічаў войтаўскі суд, які разглядаў і крымінальныя, і грамадзянскія справы. Ён складаўся з войта, яго намесніка — войта-лаўнічага і лаўнікаў (г. зн. засядацеляў), якія выбіраліся мяшчанамі. Нельга не адзначыць копных судоў, традыцыя якіх ішла з глыбокіх, яшчэ язычніцкіх часоў. Яго суддзямі былі простыя сяляне, якія называліся копнымі старцамі. Тут пераважна разглядаліся сялянскія справы, хоць часамі сюды звярталася і шляхта. На пасяджэннях гэтага суда прысутнічаў прадстаўнік адміністрацыі — возны, або віж, які сачыў за захаваннем копных звычаяў і мог на пэўны час адтэрмінаваць выкананне прысуду.

Грамадскі лад, які склаўся ў BKЛ, цалкам характарызуе яго як тыповую феадальную дзяржаву. Хоць яго грамадства дзялілася на пэўныя класы і саслоўі, аднак яны не былі аднастайнымі па сваім складзе, бо дзяліліся на шэраг груп, неаднолькавых па сваім маёмасным і прававым становішчы. Так, у асяроддзі феадалаў найвышэйшае месца займалі князі і вялікія паны, уладанні якіх былі своеасаблівымі «дзяржавамі» ў дзяржаве, бо фактычна ўладарылі над усімі людзьмі, якія жылі на тэрыторыі іх уладанняў і з якіх паўнапраўны ўладар мог нават збіраць сваё войска. Другая група феадалаў — зямяне-шляхта, уступаючы першым намнога меншымі памерамі сваіх уладанняў, уступалі ім і ў прававых адносінах, могучы займаць толькі другарадныя дзяржаўныя пасады. А сярод дробнай, так званай засцянковай шляхты можна было бачыць нямала такіх, якія амаль нічым не адрозніваліся ад сялян, бо самі апрацоўвалі сваю зямлю.

Тое ж заўважалася і ў асяроддзі мяшчанскага саслоўя, якое насяляла гарады. Побач з багатымі купцамі, уладальнікамі буйных майстэрняў і нават уласнікамі маёнткаў, што ўсе разам складалі вярхі гарадскога насельніцтва, большую масу яго запаўнялі дробныя гандляры і простыя рамеснікі. Самымі абяздоленымі сярод мяшчан былі так званыя «чорныя людзі», да якіх адносіліся наёмныя рабочыя, вучні майстроў, хатняя прыслуга. Параўнаўча большае прававое становішча мела мяшчанскае саслоўе, якое пражывала ў гарадах, што карысталіся Магдэбургскім правам.

Сялянства, якое складала асноўную частку насельніцтва BKЛ, таксама не было аднастайным па сваім маёмасным і прававым становішчы. Як найбольш заможныя выдзяляліся гаспадарскія людзі, якія непасрэдна залежалі ад велікакняжацкай адміністрацыі і неслі якую-небудзь дзяржаўную павіннасць. Іх называлі баярамі (путнымі, панцырнымі, слугамі і інш.). Гэтым можна растлумачыць, чаму некаторыя нашы вёскі мелі назву Баяры, бо ў іх пражывала гэта група сялян. Альбо вось вёска Путнікі (Маладзечанскі р-н). Відаць, у ёй жылі баяры, якія былі ганцамі. Баяры мелі права валодаць зямлёй плошчай у дзве валокі. Найбольшую масу сялян складалі цяглыя людзі, якія выконвалі шматлікія павіннасці як перад сваім непасрэдным феадалам, так і перад дзяржавай. Яны маглі валодаць адной валокай зямлі. Сяляне, якія не адбывалі паншчыну, адносіліся да ліку асадных і павінны былі плаціць пэўную суму грошай і несці некаторыя іншыя павіннасці. Выдзяляліся таксама сяляне-даннікі, назва якіх гаворыць сама за сябе: яны абкладаліся рознымі данінамі, не маючы пры гэтым пэўнай зямельнай уласнасці. Тыя, што непасрэдна служылі ў маёнтках, адносіліся да ліку халопаў ці чэлядзі нявольнай. Праўда, для феадалаў іх у вялікай колькасці нявыгадна было трымаць, і яны часта пераводзіліся ў агароднікі, якія, маючы зямлі ў тры моргі (1,8 га), адраблялі паншчыну і неслі іншыя павіннасці. Самымі беднымі сярод сялянаў былі халупнікі, што мелі толькі хату, а таксама кутнікі, якія не мелі і сваёй хаты і павінны былі туліцца па чужых кутах.

Асобым саслоўем у BKЛ трэба лічыць і духавенства. Апроч праваслаўнага, якое было адзіным да Крэўскай уніі, і каталіцкага, якое пачало пашырацца пасля яе, былі таксама іудзейскія і магаметанскія духоўнікі. Калі з канца X і да пачатку XV ст. праваслаўная царква ў асноўным садзейнічала развіццю культуры Беларусі, асабліва пісьменства, асветы і літаратуры (варта толькі прыгадаць імёны Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага), то ў далейшым у выніку агрэсіўнай палітыкі каталіцызму яна паступова адыходзіць ад дзяржаўных інтарэсаў свайго народа, арыентуючыся на адзінаверную Маскоўскую дзяржаву. Каталіцтва, як нам вядома, з самага пачатку паказала сябе як выразмік інтарэсаў Польшчы. Пра гэта асабліва добра сведчыць тое, што каталіцкія епархіі ў BKЛ не з'яўляліся самастойнымі, а падначальваліся польскай каталіцкай адміністрацыі. Каталіцтва ў BKЛ услед за паварочваннем у сваю веру несла і паланізацыю, асабліва вярхоў грамадства. У XVI ст. у ВКЛ шырокае распаўсюджанне атрымала пратэстанцтва, асабліва адна з плыняў яго — кальвінізм. Да яго прымкнулі многія феадалы і мяшчане. Паколькі гэта вера была накіравана супроць каталіцызму, то дзяржаўная ўлада ўсё рабіла, каб перашкодзіць яго развіццю ў BKЛ. I сапраўды, у далейшым кальвінізм, асабліва пасля адыходу ад яго буйных феадалаў, паступова здаваў свае пазіцыі.

Ужо з гэтага кароткага агляду добра бачны асаблівасці ўнутранага жыцця BKЛ: складанасць яго дзяржаўных структур, разнастайнасць у класава-саслоўным складзе яго грамадства, значная колькасць рэлігійных канфесій, высокая прававая культура. Усё гэта сведчыць, што наша дзяржава знаходзілася на еўрапейскім шляху свайго развіцця.

ЛІВОНСКАЯ ВАЙНА

Калі аб заканчэнні перамір’я ў 1533 г. першымі ўспомнілі ў BKЛ і з гэтай прычыны накіравалі пасольства ў Маскву, то ў другім выпадку аб заканчэнні перамі’я ў 1548 г. першымі ўспомнілі ў Маскве і, зыходзячы з папярэдняга вопыту, сталі чакаць паслоў ад Жыгімонта II Аўгуста, які, заняты тады цяжкай справай аб сваім шлюбе з Барбарай Радзівіл, дазвол на які не даваў сойм, не звяртаў на гэта ўвагі. Маскве прыйшлося самой адпраўляць сваіх паслоў у Кракаў. Паспешлівасць Масквы на гэты раз была выклікана тым, што Іван IV, які ўжо к гэтаму часу прыняў тытул цара ўсёй Русі, рыхтаваўся да заваявання Казані, і яму патрэбна была ўпэўненасць у міры з BKЛ.

Хоць перамовы і пачаліся, але яны зацягнуліся на доўгі час, на працягу якога паслы сустракаліся то ў Кракаве, то ў Маскве. Цяжкасць у перамовах была выклікана тым, што паслы Жыгімонта II Аўгуста патрабавалі заключэння вечнага міру, на што маскоўскі бок калі і згаджаўся, то толькі з умовай перадачы яму Кіева, Полацка, Віцебска і іншых гарадоў, якія ён лічыў рускімі, г. зн. сваімі. На гэта, зразумела, паслы ВКЛ пайсці не маглі. Самае большае, на што яны маглі згадзіцца, дык гэта не патрабаваць больш ад Масквы раней захопленых ёю ад ВКЛ гарадоў. У ліпені 1555 г. з BKЛ ад віленскага біскупа і ад віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла была прыслана грамата да маскоўскага мітрапаліта Макарыя і да князя Івана Шуйскага, каб яны хадайнічалі перад царом Іванам IV аб заключэнні міру. 25 жніўня гэтага года Макарый паслаў у BKЛ грамату, у якой паведамляў аб згодзе цара прыняць паслоў і весці з імі перамовы аб міры. У студзені 1556 г. у Маскву і з’явілася пасольства ад Жыгімонта II Аўгуста ў складзе віцебскага ваяводы Збарыжскага, маршалка Яна Шымковіча і пісара Вацлава Мікалаева. Яны зноў прасілі аб вечным міры, але было заключана толькі перамір’е на шэсць гадоў, на працягу якіх дамовіліся весці перамовы аб вечным міры.

Аднак гэта перамір’е доўга не пратрымалася, і прычынай таму стала Лівонская вайна, якая ў студзені 1558 г. была пачата царом Іванам Грозным. Ужо значна раней Маскоўская дзяржава адчула патрэбу збліжэння з Заходняй Еўропай, якая мела больш развітую тэхніку і, наогул, культуру. Дарогу да Еўропы Маскве мог толькі адчыніць выхад да Балтыйскага мора, якое загароджвала Лівонія, што ў той час займала большую частку тэрыторыі сучаснай Прыбалтыкі. Спасылаючыся на тое, што ў даўнія часы землі Лівоніі належалі рускім князям і што яе сучасныя ўладары не жадаюць плаціць Маскве даніну, якую яны абавязваліся плаціць раней, Іван IV, к гэтаму часу ўжо пакарыўшы Казань і Астрахань, смела рушыў свае войскі на захад, дзеянні якіх адразу сталі паспяховымі. Імі былі захоплены гарады Нарва, Дэрпт, а пасля яны наблізіліся да Рэвеля. Лівонскі ордэн, які і да гэтага часу ледзь трываў, зараз, па сутнасці, канчаў сваё існаванне. Заключыўшы перамір'е з Масквой, ён пачаў шукаць саюзнікаў для барацьбы з ёй. Аднак яго звароты да Швецыі і Даніі нічога не далі. Яны, не жадаючы ўступаць у канфлікт з Масквой, адмовіліся дапамагчы.

Ужо раней у Лівоніі з’яўляўся намер збліжэння з ВКЛ, хоць у мінулым і варожым яму. Магістр Ордэна Кетлер і звярнуўся ў 1559 г. да Жыгімонта II Аўгуста як караля Польшчы па дапамогу, але той адмовіўся ад гэтай прапановы. Аднак калі той жа магістр звярнуўся зноў па дапамогу да Жыгімонта II Аўгуста, але ўжо як да вялікага князя ВКЛ, то той на гэты раз даў згоду. I вось тут менавіта і крыецца ўся каварнасць задумы польскіх вярхоў, па жаданні якіх і дзейнічаў Жыгімонт Аўгуст. Іх мэтай і было ўцягнуць ВКЛ у Лівонскую вайну. Як убачым далей, усё гэта было зроблена нездарма, бо ў той час найперш адпавядала іх інтарэсам. 31 жніўня 1559 г. магістр Кетлер і перадаў Лівонію пад пратэктарат ВКЛ. Пасля тое ж самае зрабіў і рыжскі арцыбіскуп. На першы погляд усё гэта было на карысць ВКЛ, бо значна павялічвала яго тэрыторыю. У прыватнасці, у склад яго вярталіся і Ніжняе Падзвінне, якое ў пачатку XIII ст. было захоплена Ордэнам у Полацка. За кошт гэтага ВКЛ павінна было паслаць сваю вайсковую сілу на дапамогу Лівоніі. У гэты час Расія зноў аднавіла вайну супроць Лівоніі і захапіла яшчэ шэраг яе гарадоў. У ліпені 1561 г. войска ВКЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рыжым уступіла ў Лівонію, але пацярпела паражэнне пад горадам Пярну. У гэты час Лівонскі ордэн і фармальна перастаў існаваць. 5 сакавіка 1562 г. магістр Кетлер у Рыжскім замку перадаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму як прадстаўніку вялікага князя пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі і зняў з сябе ордэнскую мантыю. Пасля гэтага ён быў прызначаны правіцелем Лівоніі, але ўжо ад імя Жыгімонта Аўгуста як вялікага князя, бо польскі сойм адмовіўся прыняць Лівонію пад сваю апеку, каб не парушаць перамір’е з Масквой. Гэтым самым ён свядома пакінуў ВКЛ у яго вайне з Масквой.

Усё адзначанае і стала падставай для Івана Грознага, каб пачаць вайну супроць ВКЛ. У выніку гэтага Беларусь у 1562 г. і стала галоўнай арэнай Лівонскай вайны. Калі рускія войскі прыходзілі пад Оршу і Віцебск і мелі поспех, то войскі ВКЛ з’явіліся каля Апочкі, Невеля і Веліжа, але былі адбіты. Яшчэ больш балючай для нашых зямель была зіма 1562–1563 гг., калі адмыслова для вайны з ВКЛ была сабрана каля Мажайска 80-тысячная руская армія, якая на чале з самім Іванам Грозным рушыла з Вялікіх Лукаў на Полацк. Ішла яна з вялікай асцярогаю, каб не выдаць сябе і знянацку захапіць гэты горад. Аднак з царскага войска ўцёк Багдан Хлызноў-Колычаў і паведаміў палачанам аб вялікай пагрозе для іх. Хоць яны гэтаму не далі веры, але ўсё ж схаваліся за сценамі горада. Іван Грозны праз свайго пасыльнага звярнуўся да палачанаў з граматаю, каб яны здаліся яму, што ён за гэта надзеліць іх рознымі вольнасцямі. Аднак ні ваявода Давойна, ні ўладыка Арсеній, ні ўсе палачане не захацелі ні ўлады цара, ні яго міласці. Яны нават пакаралі смерцю царскага пасланца, які прыйшоў да іх з граматай. Пасля гэтага Іван Грозны 31 студзеня 1563 г. загадаў сваім шматлікім войскам узяць Полацк у аблогу, а духавенству, якое было з ім, правіць малебны. Палачане, хоць і бачылі вялікае войска, якое акружала іх горад, не здаваліся, а білі па ім з гарматаў, і ядры падалі, як дождж. У выніку гэтага многа царскіх дваранаў загінула. Са свайго боку Іван Грозны загадаў біць па горадзе з гарматаў днём і ноччу. Два тыдні працягвалася абарона горада, і толькі тады, калі стральцам удалося ў некалькіх месцах запаліць сцяну, «град великий Полтеск» быў захоплены, што адбылося 15 лютага 1563 г. Летапіс так пасведчыў аб жахлівых выніках гэтай падзеі: И воеводу Полоцкого Довойну взял (Іван Грозны) и з женою его с панею, владыку Арсения, и князей и бояр з жонами и з детьми всех на голову вывел полоном, простых людей всех побил и в полон побрал на корен з жонами и з детьми выпленил». Іван Грозны да сваіх шматлікіх тытулаў дадаў і той, які сведчыў, што ён цяпер цар і вялікі князь Полацкі. Пацярпела паражэнне каля г. Глыбокага і 40-тысячнае войска ВКЛ, якое ішло з 20 гарматамі супроць войска Івана Грознага.



Такія катастрафічныя вынікі прымусілі BKЛ пайсці з Іванам Грозным на перамовы, якія адбываліся ў Маскве. Паколькі цар патрабаваў перадачы яму ўсёй Лівоніі і Полацка, то паслы ВКЛ з гэтым не згадзіліся, што і прывяло ў 1564 г. да ўзнаўлення вайны. Іван Грозны, не задавальняючыся ўзяццем толькі паўночнай Беларусі, загадаў свайму войску рухацца з Полацка да Менска і Новагародка. Дзеля гэтага ён дакладна распісаў, у які дзень павінны сустрэцца войскі полацкага і вяземскага ваяводаў пад Оршай каля вёскі Барань. Аднак войска ВКЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рыжым не дало магчымасці гэта зрабіць у выніку перамогі над імі каля ракі Ула 25 студзеня 1564 г. і пад Оршай 2 лютага гэтага ж года. У жорсткіх баях загінулі Пётр Шуйскі і многія дваране. Значэнне гэтых перамог найперш у тым, што яны сарвалі спробы Івана Грознага пранікнуць у цэнтр дзяржавы.

Побач з вайсковымі дзеяннямі зноў узнаўляюцца ў чэрвені 1566 г. і перамовы аб міры, але яны нічога ў гэтым кірунку не далі, паколькі прадстаўнік BKЛ патрабаваў вярнуць Полацк і Смаленск, і вайна працягвалася. Нягледзячы на шэраг паражэнняў рускіх войскаў, Земскі сабор у 1566 г. усё ж адобрыў намер Івана Грознага прадаўжаць Лівонскую вайну, што прывяло ў 1567 г. да аднаўлення вайсковых дзеянняў, ад якіх зноў такі найперш цярпела Беларусь. У перыяд 1567–1569 гг. рускія войскі, умацоўваючы пазіцыі каля Полацка, збудавалі крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. Вядома ж, усё гэта клалася вялікім цяжарам на плечы нашага насельніцтва, якое павінна было здабываць і дастаўляць будаўнічыя матэрыялы і выконваць земляныя работы. Лівонская вайна, якая цягнулася шмат гадоў, прынесла Беларусі незлічоныя людскія ахвяры і вялікія разбурэнні. Яна патрабавала вялікіх сродкаў на ўтрыманне арміі і на яе ўзбраенне. А гэта выклікала неабходнасць увядзення новых падаткаў і збораў, што прыводзіла да выключнага знясілення і дзяржавы, і народа. Вось на такім змрочным фоне Лівонскай вайны і ішла падрыхтоўка Люблінскай уніі.

ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ: ЯЕ ПАДРЫХТОЎКА, ПРАВЯДЗЕННЕ I ВЫНІКІ

Як вядома, Крэўская унія была навязана польскімі вярхамі ВКЛ у час яго цяжкіх унутраных і знешніх абставін. Праўда, адразу пасля яе заключэння Польшчы не ўдалося падначаліць сабе ВКЛ. I тады яе магнаты перайшлі да тактыкі паступовага падначалення сабе ВКЛ шляхам перыядычнага перазаключэння уній. Для гэтага зноў такі выбіраліся неспрыяльныя моманты ў жыцці ВКЛ, як, напрыклад, паражэнне Вітаўта ў 1399 г. на рацэ Ворскле, што прывяло да заключэння Віленскай уніі 1401 г. I ў далейшым практыка абрання таго ці іншага вялікага князя ВКЛ адначасова і польскім каралём несумненна садзейнічала ўсё большаму падначаленню ВКЛ Польшчы. Менавіта гэта паўтаравяковая традыцыя і дала падставу польскім вярхам здзейсніць канчатковую унію, якая б задаволіла эканамічныя і рэлігійныя інтарэсы польскіх магнатаў. Ім ужо было цесна ў межах самой Польшчы, і яны праглі набыць у ВКЛ новыя землі для сваіх маёнткаў, новых пасадаў, адчыніць там новыя касцёлы і кляштары для большага пашырэння каталіцтва. Нездарма ж у сярэдзіне XVI ст. маюць месца шматлікія набегі польскіх і мазавецкіх феадалаў з іх войскамі на заходнія землі ВКЛ з мэтай іх абрабавання.

Вось чаму пытанне аб канчатковым аб’яднанні ВКЛ з Польшчай усё больш набывала сваю злабадзённасць для апошняй. Гэта яскрава было бачна ўжо на Петракоўскім сойме 1550 г., дзе гаварылася аб неабходнасці заключэння уніі і правядзення агульных соймаў. Хоць гэта прагучала толькі дэкларацыйнай заявай, аднак чым далей, тым гучней і больш настойліва гучалі не толькі гэтыя, але і новыя патрабаванні. Так, у 1551 г. на сойме ў Вільні польскія паслы ўжо высоўвалі патрабаванні далучэння да Польшчы Падляшша, Валыні, Кіева і Северскай зямлі. Вось гэта і з’яўлялася галоўным, дзеля чаго патрэбна было заключэнне уніі. Пра тое ж самае, але яшчэ з большым імпэтам гаварылася і на Кракаўскім сойме 1553 г. Пытанне аб уніі, якое навязвалася польскім бокам, непакоіла шырокія слаі грамадства, яно стала прадметам вострай палемікі сярод публіцыстаў Польшчы i ВКЛ. Калі першыя, напрыклад, сцвярджалі, што ВКЛ з’яўляецца ўладаннем Польшчы, падораным ёй у свой час Ягайлам, то другія, адстойваючы незалежнасць сваёй дзяржавы, паказвалі небяспечнасць аб’яднання з суседняй краінай, дзе пануюць свавольства і распушчанасць нораваў.

Калі да Лівонскай вайны ішлі толькі размовы аб уніі, якія насілі дэкларацыйны характар, як прапагандысцкая акцыя польскіх вярхоў і каталіцкага духавенства, то пасля страты BKЛ значнай тэрыторыі, захопленай рускім царом, пытанне аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў набывае ўжо афіцыйны характар. Гэта ўпершыню выявілася на Варшаўскім сойме 1563 г., дзе фактычна польскімі пасламі было пастаўлена патрабаванне поўнага зліцця BKЛ з Польшчай. Насуперак гэтаму паслы BKЛ, якіх узначальваў Мікалай Радзівіл Чорны, разумеючы немагчымасць барацьбы ў адзіночку з усходнім суседам, згаджаліся толькі на саюз з Польшчай пад уладай аднаго гаспадара, што, вядома, не магло задаволіць польскі бок.

Для заахвочвання да уніі былі пушчаны ў ход розныя абяцанні. Так, дробная шляхта магла разлічваць на ўраўнаванне яе ва ўсіх правах з магнатамі. А ў 1563 г. быў нават выдадзены прывілей, які даваў праваслаўнай шляхце тыя ж самыя правы, што мела ўжо каталіцкая шляхта. Зразумела, што гэта павінна было перацягнуць на бок прыхільнікаў уніі і праваслаўную шляхту.

Аднак трэба прызнаць, што, нягледзячы на розныя заахвочванні, ні ў магнатаў, ні ў шляхты ВКЛ не было асабістага жадання аб’ядноўвацца з Польшчай. Толькі сумныя вынікі Лівонскай вайны прымушалі іх ісці на пэўныя ўступкі. Таму польскія вярхі, бачачы гэта, перайшлі да больш жорсткіх метадаў уздзеяння. У 1564 г. Жыгімонт II Аўгуст, вядома ж, па жаданні свайго акружэння, выдаў дэкларацыю, паводле якой ён адмаўляўся ад свайго спадчыннага права на землі ВКЛ на карысць Польшчы. I гэта выклікала вялікія пярэчанні з боку дзяржаўных людзей ВКЛ, якія зусім слушна сцвярджалі, што іх краіна не з’яўляецца вотчынай вялікага князя, бо ён выбіраўся народам для служэння ёй. Не магло супакоіць грамадства ВКЛ і далейшае тлумачэнне названай дэкларацыі яктолькі адрачэнне Жыгімонта II Аўгуста ад тытула вялікага князя.

Ініцыятары уніі і непасрэдна звязанай з ёй паланізацыі не маглі не разумець той вялікай перашкоды для ажыццяўлення іх мэтаў, якой з’яўлялася беларуская мова. Добра бачачы, што яна панавала ўва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця BKЛ, польска-каталіцкія дзеячы пачалі ўсё рабіць для таго, каб пазбавіць яе такога вялікага значэння. У гэтых адносінах і тады прымянялі метады накшталт сённяшніх рэферэндумаў. Так, на адным са сходаў шляхты, якая ў сваёй масе была малапісьменнай ці наогул непісьменнай, было прынята рашэнне прасіць урад, каб усе дакументы для іх пісаліся на лацінскай ці польскай мове, але не на беларускай.

Як і ў ранейшыя аналагічныя часы, так і зараз, польскія вярхі імкнуліся не ўпусціць вельмі спрыяльных умоў для заключэння уніі, якія зараз перш за ўсё вызначаліся цяжкімі паследкамі Лівонскай вайны. Баючыся не ўпусціць такі момант, Жыгімонт II Аўгуст, выконваючы жаданне свайго акружэння, не скупіўся на абяцанні і паслам BKЛ, якія прыбудуць на агульны сойм, дзе будзе вырашана пытанне аб уніі. Гэта і запэўніванне, што іх не будуць прымушаць да уніі і што яны могуць свабодна пакінуць сойм у выпадку нязгоды на унію, і гарантаванне таго, што ў выніку прыняцця яе BKЛ будзе мець аднолькавыя правы з Польшчай пад уладай аднаго гаспадара, і згода дапамагчы ВКЛ з боку Польшчы ў Лівонскай вайне.

Паслы ВКЛ не выступалі супроць уніі, якая б была раўнапраўным саюзам дзвюх дзяржаў і прыбылі на Люблінскі сойм, які пачаўся 10 студзеня 1569 г. I ўжо ў пачатку яго яскрава выявілася імкненне польскіх феадалаў заключыць унію, у выніку якой ВКЛ перастала б існаваць як дзяржава. Гэта нібыта грунтавалася на раней заключаных уніях, з чым паслы ВКЛ выказвалі сваю нязгоду і адмовіліся падпісаць такую ўмову. Не дапамагла і заява Жыгімонта II Аўгуста, якую ён зрабіў па жаданні польскіх прадстаўнікоў да паслоў ВКЛ. У ёй кароль папярэджваў іх, што ім не будзе прапанавана нічога іншага і што яны павінны згадзіцца з тым, што ад іх ужо патрабуецца. Аднак гэта і іншы ціск не падзейнічалі на паслоў ВКЛ, і яны 1 сакавіка адмовіліся ўдзельнічаць у сойме і пакінулі Люблін.

I вось для гэтага, па сутнасці, адбылося галоўнае, дзеля чаго склікаўся Люблінскі сойм. А менавіта 5 сакавіка таго ж года каралём было прынята рашэнне аб адняцці ад ВКЛ спачатку беларускага Падляшша, а пасля і ўкраінскіх земляў: Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Мы ўжо ведаем, што Польшча даўно прэтэндавала на гэтыя багатыя ўрадлівыя землі, з-за якіх неаднаразова ўзнікалі канфлікты паміж ёй i ВКЛ, як гэта, напрыклад, было пры Свідрыгайле. I вось цяпер, калі адрэзваліся ад BKЛ украінскія землі, у свой час далучаныя Гедзімінам і Альгердам, тэрыторыя дзяржавы змяншалася больш чым у два разы. А з гэтым траціліся вялікія багацці і вайсковая магутнасць. Менавіта апошняе асабліва было балючым для ВКЛ, калі войскі Івана Грознага авалодалі Полацкам і для барацьбы з імі былі патрэбны вялікія сілы. Нездарма ж Мікалай Радзівіл Рыжы сказаў на Люблінскім сойме: «На нашым хрыбце быў непрыяцель, калі мы ад’язджалі сюды». Цяжкія вынікі Лівонскай вайны і былі найбольш выкарыстаны Польшчай, каб прымусіць ВКЛ пайсці на падпісанне Люблінскай уніі. Апроч таго, паслы ВКЛ былі запалоханы пагрозай канфіскацыі іх маёнткаў, калі яны не вернуцца на сойм. Вядома ж, у падпісанні уніі была зацікаўлена і частка акаталічанай шляхты, якая спадзявалася на ўраўнанне яе правоў з магнатамі, як было ў Польшчы. Усё гэта і прымусіла паслоў ВКЛ 1 ліпеня 1569 г. падпісаць Люблінскую унію, якая была аформлена ў выглядзе прывілею. Паводле яго, дзве дзяржавы канчаткова зліваліся ў адзінае і непадзельнае цэлае. Адзінства яе падкрэслівалася адзінствам яе кіраўніка, які абіраўся зноў такі агульным соймам і каранаваўся толькі ў Кракаве. Гэта ўсё найперш і гарантавала дамінуючае значэнне Польшчы ў гэтай дзяржаве, якая стала называцца Рэччу Паспалітай і якая фармальна лічылася федэрацыяй, паколькі яшчэ захоўваўся тытул вялікага князя. ВКЛ мела сваю асобную казну і войска.

Так закончыўся Крэўскі перыяд, які цягнуўся амаль два стагоддзі і які быў адным з найцяжэйшых у нашай гісторыі. Калі папярэдні Віленскі перыяд характарызаваўся вялікім ростам тэрыторыі, то гэты перыяд, хоць напачатку, у час княжання Вітаўта, таксама вызначаўся гэтым, аднак у далейшым яго найбольш характарызавала змяншэнне тэрыторыі дзяржавы спачатку ў карысць Масквы, а ў самым канцы ў карысць Польшчы. Усё гэта суправаджалася шматлікімі войнамі, якія перш за ўсё наносілі велізарную шкоду Беларусі, на тэрыторыі якой яны найбольш і адбываліся.

I ўсё ж, нягледзячы на такія выключна неспрыяльныя абставіны, гэты перыяд, асабліва ў XVI ст., увайшоў у нашу гісторыю як «залаты век» нашай беларускай культуры. Яскравае сведчанне гэтаму — пануючае значэнне беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці, беларускае пісьменства і кнігадрукаванне, прадстаўленае такімі выдатнымі імёнамі, як Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяпінскі, такімі прававымі дакументамі, як Статуты 1529 і 1566 г. падобных якім у той час не было і ў Еўропе. Усё гэта паказвае, што BKЛ мела выразнае беларускае аблічча. Вось чаму польскія ўлады пасля Люблінскай уніі з мэтай ліквідацыі рэшткаў дзяржаўнасці BKЛ галоўны ўдар накіравалі супроць усяго беларускага. Асабліва ў цяжкім становішчы аказалася беларуская мова, якая пачала выцясняцца з усіх сфераў дзяржаўнага жыцця, усяляк ганьбіцца і прыніжацца. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак заўзятая беларусафобія, зневажанне ўсяго беларускага з боку польска-каталіцкага асяроддзя, што і прывяло ў 1696 г. да забароны беларускай мовы ў афіцыйнай сферы. Жорсткая паланізацыя Беларусі працягвалася і пасля падзелу Рэчы Паспалітай ужо ў складзе Расійскай імперыі. Ітолькі пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. яна замянілася царскімі ўладамі не менш небяспечнай русіфікацыяй. Аднак, нягледзячы на гэта, беларусы, будучы аб’ектам паланізацыі, русіфікацыі, пазбаўленыя сваёй дзяржаўнасці, асветы, друку і царквы, працягвалі «без шуму і гвалту», як зазначыў у канцы мінулага стагоддзя гісторык А. Качубінскі, асіміляваць балцка-літоўскае насельніцтва. Гэта яшчэ адно вельмі красамоўнае сведчанне выключнай жыццяздольнасці беларускага народа, што дало яму магчымасць у неверагодна жорсткіх умовах узрадзіцца да нацыянальнага жыцця, да аднаўлення сваёй дзяржаўнасці, якая з найбольшай выразнасцю выявілася ў часы ВКЛ.

Загрузка...