Часткі, складзеныя ў адвольным парадку

Вікця сапраўды выглядала Вікторыяй – прыгожай, уладнай, разумнай. Сукенка са шчыльнай тканіны, сшытая дакладна па фігуры, надавала ёй цвёрдасці, нязломнасці, але не давала палёгкі. Тоўстая цяжкая кніга ў драўлянай вокладцы, абцягнутай скурай, мусіла б адцягваць рукі, але тонкія пальцы абхоплівалі яе лёгка, як бязважкую. Вікторыя села ў драўлянае крэсла і сама зрабілася драўлянай – з абсалютна роўнай спінай, высока паднятай галавой і халодным вострым, як крыгі, позіркам. Пад яе пільнымі светлымі вачыма так і карцела гаварыць: задаваць пытанні, выдаваць сакрэты. «Толькі не адварочвайся, не хавай вачэй», – паўтарала сабе Бася. І хавала вочы.

– Што ты ведаеш пра сябе?

Што мяне завуць Бася. Я пражыла 15 гадоў, шчаслівая ці не, але ў спакоі. А зараз не разумею, хто я і што адбываецца. Я з дзяцінства ўсведамляла, што няправільная, але ніколі не думала пра гэта шмат. Мне казалі, што я – адметная. Гэта кшталту рэдкай немачы, на якую хварэюць некаторыя людзі. Я не вінаватая, так вырашыў Лёс.

– Здаецца, у маім жыцці не было нічога незвычайнага, – асцярожна вымавіла Бася.

– Шчаслівая дзяўчынка. Даўно я не чула гэтых слоў ад такіх, як мы. Кажуць, крывыя погляды – лепшае, з чым мы сутыкаемся. Пра нелюбоў сям’і, у якой давялося жыць, пра адсутнасць хоць аднаго блізкага чалавека. Пра тое, як ляцелі ўслед камякі бруду і не менш брудныя словы. Як людзі спаганялі сваю злосць кулакамі. Няўжо не памятаеш нічога такога?

Словы Вікці былі пустыя і бязважкія, паднімаліся да столі і лопаліся аб шурпатыя бэлькі. Бася паматала галавой.

– Шчаслівае дзіця. Твая маці палюбіла цябе. Добрая жанчына з шэрых – якое дзіва.

Бедная мама. Ці спахапілася, што Басі няма? І навошта, дурное дзяўчо, паддалася, пайшла сюды, нічога не сказаўшы… Трэба перадаць ёй хоць знак пра сябе.

– Аднак неістотна, – працягвала гаспадыня паселішча ўладна. – З гэтага дня ты ў новай сям’і. Сталіца, маці, людзі – не для цябе. Успомні, хто быў навокал. Малыя, шэрыя, рыхлыя, змрочныя людзі. І паглядзі на сябе. Высокая, статная, неверагоднай прыгажосці дзяўчына. Табе не месца там. А толькі сярод такіх, як мы.

Вікця ганарліва хітнула галавой. Рудыя кудзеры медна-крывава рассыпаліся па шэрай грубай тканіне. Кампліменты яна казала не госці – сабе. Бася не ўмела так на сябе глядзець.

– Успомні: з маленства маці завязвала табе хусткі.

Вопратку заўсёды шылі шырокую і незаўважную.

– Мама казала, што так трэба, – я і насіла. Мне за радасць было схавацца.

Бася злавалася на сябе. Быццам маленькая дзяўчынка – не ведае самых простых рэчаў. Ды і мама нічога не тлумачыла – закрыла ад усяго свету за высокім плотам. Няўжо не думала, што яны сутыкнуцца?

– Хіба маці не казала пры табе слова «адметныя»? – гутарка ператваралася ў допыт, голас Вікці таксама быў медны, гучаў сурова. Невытлумачальна хацелася абараніцца, апраўдацца, за кожнае наступнае слова было няёмка:

– Яна казала, што сярод людзей сустракаюцца тыя, чыя знешнасць не падобная на звыклую. Чаму яны з’яўляюцца, ніхто не ведае. Я проста адна з гэтых людзей воляй Лёсу.

– У цябе мудрая мама. Толькі яна сказала не ўсю праўду…

* * *

– Ніхто не ведае, калі з’явіліся першыя адметныя. Яны жылі, створаныя Лёсам, столькі тысяч гадоў, што і самі забыліся свой узрост. Адметных называлі проста людзьмі.

Дакладней, яны самі сябе так называлі, бо не было паблізу нікога, здольнага даваць імёны. Жылі яны ў горадзе, які звалі Светам.

Медна-звонкі голас Вікторыі разгладзіўся, паспакайнеў, узляцеў пад столь і спускаўся адтуль лёгкім блакітным шоўкам:

– Было іх 121 чалавек. Вядомая не толькі дакладная колькасць, але і імёны, і хто чым займаўся. Кожны з людзей меў тры прывілеі. Прывілей выбраць справу, якой хочацца займацца. Прывілей жыць вечна. Прывілей скончыць жыццё, калі захочацца, пакінуўшы на сваім месцы новага чалавека. Лёс наканаваў ім прайсці дванаццаць прыступак, каб стаць сапраўднымі людзьмі, дасканалымі жыхарамі свету.

Нарадзіцца Дзецьмі.

Спазнаць страты і стаць Ахвярамі.

Перамагчы сябе і звацца Воямі.

Дапамагчы іншым як Настаўнікі.

Выправіцца ў шлях і стаць Шукальнікамі.

Руйнаваць старыя правілы – быць Бунтаўнікамі.

Змяніўшы прастору, увасобіць Любоў.

Быць Творцамі.

І Уладарамі створанай прасторы.

Падняцца па-над зямным і стаць Алхімікамі.

Асэнсоўваць ўсё, што зведалі як Мудрацы.

Асэнсаваўшы, зрабіцца Блазнамі, бо нельга ўспрымаць усё інакш.

Жыцця звычайных людзей не хапіла б на гэты шлях, але ў адметных была ўся вечнасць.

І яны жылі – велічныя і вечныя. Уяві сабе, якім поўным было жыццё, калі за тысячы гадоў яны не маглі нажыцца, бо Лёс зноў і зноў захапляў іх, прыносіў адкрыцці і радасці. Яны займаліся навукамі, мастацтвамі, зазіралі за межы рэчаіснасці праз алхімію. Часам бавіліся выкшталцонымі гутаркамі – дзяліліся здабыткамі ці шукалі падтрымкі.

Залаты век! Не было падзелу на багатых і бедных, разумных і дурных, прыгожых і непрыгожых – усе былі разумныя, прыгожыя, багатыя сваімі ведамі, поўныя сваім шчасцем. Нябёсная Птушка, прыляцеўшы на ясна-блакітных крылах, наканавала ім шчасце. Так думала большасць з іх.

У іх было ўсё, каб прайсці прыступкі, але навошта, калі і так усёдобра? Яны засталіся Дзецьмі. І Лёс вырашыў ім дапамагчы. Аднаму чалавеку захацелася ўсё змяніць, – Вікця зморшчылася, светлы лоб прарэзала глыбокая цёмная лінія, што злілася са шнарам над левым брывом. – Што ты думаеш пра лічбу 121? – запыталася пасля паўзы.

– Ну-у… яна няцотная.

– 120 чалавек утвараюць 60 пар. У кожнага з жыхароў першага Свету была свая пара. Толькі знайшоўшы яе, чалавек мог жыць у шчасці і спакоі на карысць сабе і людзям. Усе знайшлі «палавінку» – у такой невялікай супольнасці гэта нескладана. Акрамя аднаго чалавека. Ён шукаў, абыходзіў наваколле, блізкае і далёкае, але так і застаўся адзін.

– Але ён быў сярод іншых людзей. Хіба гэта самота?

– Ты не ўяўляеш, што такое – не мець пары. Гэта быццам цябе разабралі на часткі і склалі ў адвольным парадку, пераблытаўшы твае кавалкі з чужымі. Ты і свой, і чужы сам сабе – пакуль твае рысы не складуцца, быццам мазаіка, з рысамі іншага чалавека. Людзі, вядома, спачувалі, але не маглі дапамагчы. Самотнік – так назвалі яго – не знаходзіў сабе месца: ён то кідаўся ў дакладныя навукі, каб знайсці тлумачэнне сваёй адзіноце, то пісаў цэлымі днямі вершы, каб выліць боль, то далучаўся да людзей-вандроўнікаў, каб у дарозе, за межамі горада знайсці сваю пару. Але ўсе пошукі былі марныя. Тады Самотнік вырашыў, што раз воляй Лёсу ён адзін, то мае адмысловую місію – кіраваць Светам. Такая думка больш прывабная, чым адчуванне, што ты – лішні элемент.

Самотнік паклікаў людзей на цэнтральную плошчу і абвясціў: «Паколькі Лёс стварыў нас дасканала, то я не магу быць памылкай. Адзінае тлумачэнне таго, што я не маю пары, – я павінен прыкласці шматкроць больш сіл на карысць Свету. Я павінен стаць князем Свету.

«Ніколі не было такога, каб над людзьмі нехта стаяў», – сказаў чалавек-гісторык.

«Каб правіць, трэба найперш стварыць», – сказаў чалавек-філосаф.

«Нас стварыў Лёс», – сказаў лёснік, служка цэркаўкілёсіцы.

«Гэта неэстэтычна», – загулі мастакі, паэты, музыкі.

«Тое, што ты адзін, – яшчэ не падстава для такіх высноў», – дадаў хтосьці з людзей-матэматыкаў, але і без яго слоў было відавочна: ідэя нікому не падабаецца.

Самотніку тут спыніцца б, забыцца на бязглуздую ідэю. А ён вырашыў: большасць падтрымлівае яго, толькі баіцца пайсці супраць выказаных слоў, трэба дапамагчы ім адчуць сваю рацыю. Самотнік закрычаў:

«Хто хоча, каб я правіў Светам, зрабіце крок наперад!» Людзі, што, разбіўшыся на купкі, гутарылі, нават не зірнулі на прамоўцу. І паўтораны яшчэ раз заклік не прымусіў іх сцішыць галасы. Толькі некалькі паблажліва-жаласных позіркаў злавіў на сабе няшчасны.

«Ідзі дадому, калі ласка, – ціха прашаптаў чалавек-філосаф, – і зробім выгляд, што нічога не здарылася».

Самотнік разгублена агледзеўся – ніхто не звяртаў на яго ўвагу – і знік з плошчы. Ідучы ціха-цёмнымі вуліцамі, змрочна радаваўся: за доўгія гады вандровак і пошукаў ён не забыўся сакрэтаў галоўнай сваёй навукі – алхіміі. І зробіць так, што жыхары Свету падпарадкуюцца яму. Упершыню, перахітрыўшы Нябёсную Птушку, Вогненны Птушкалоў сышоў на зямлю адметных, і крокі яго пакінулі чорны гарачы след.

Ніхто не хваляваўся, калі Самотнік знік. Напэўна, зноў выправіўся разам з вандроўнікамі шукаць сваю пару. Ці, можа, пакутуе праз глупства, што ўтварыў на плошчы – бядак.

Ён тым часам зацята працаваў, зрэдку перапыняючыся на сон і ежу. Выцягнутыя з забытых куфраў старыя кні гі былі яго кампаніяй. Сярод сотняў вядомых алхімічнай супольнасці формул няма нічога патрэбнага – бліжэй да кулінарных кніг, чым да падручнікаў. «Дзеткі! – з пагардай думаў Самотнік, – не могуць зрабіць нічога больш сур’ёзнага, чым марозіва з залатым напыленнем». І кінуўся імправізаваць.

Вялікі чан поўны гарачай крыві. Кроў павінна быць загартаванай – нагрэтай і астуджанай – каб той, у каго яна ўвальецца, быў дужы, але спакойны, здольны падпарадкоўвацца. Цікава, ці заўважылі гэтыя недарэкі, што ў лесе навокал Свету паменела жывёл? Самае складанае – развесці зямлю з астуджанай крывёй да густаты, якая дазволіць налепліваць месіва на косткі. Зрэшты, скласці з жывёльных костак шкілеты, падобныя на чалавечыя, – таксама задача не з лёгкіх. Стварэнні атрымаюцца розныя – высокія і нізкія, худыя і аб’ёмныя, дзюбаносыя і з лычамі. Можа, і добра – менш сумневаў у іх натуральнасці. А вось вочыкаменьчыкі і валасы з пажухлай травы будуць аднолькавыя. Ох і цікавыя атрымліваюцца твары – быццам і не скажаш, што страшныя, а глянеш у каменныя вочы і на выцягнуты ніткай рот – і вусцішна робіцца.

240 невялікіх земляных фігурак, падобных на паставы людзей, шчыльнымі шэрагамі ляжалі на зямлі. Апошняй, 241-й, чорнай, большай за астатнія і галоўнай над імі Самотнік прыладжваў вочы. Паспеў! Сёння поўня абліе сваім святлом усе фігуркі – зямля стане скурай, трава – валасамі, камяні – вачыма. На світанку, калі поўня аддасць усю сваю сілу, Самотнік падзеліцца сваім дыханнем з 241-й, атая ажывіць астатніх. Праз яе істоты падпарадкуюцца свайму ўладару. Дзеці Вогненнага Птушкалова і ночы.

Прайшоў год з таго дня, калі ён сабраў усіх на цэнтральнай плошчы. І вось 120 чалавек зноў стаяць перад ім. Позіркі напружаныя, недаверлівыя. Самотнік адчуваў вір іх думак вакол сябе, залежнасць іх ад яго слоў. Выраз твару яго стаў рахманым – куткі вуснаў і вочы апусціліся долу.

«Прабачце, што зноў патурбаваў вас, – ціха сказаў ён і з задавальненнем пачуў уважлівае маўчанне. – Каб паміж намі не было ніякіх сакрэтаў і крыўдаў, я пазваў вас сёння. Я зразумеў, што застаўся адзін, каб быць карысным, зрабіць вас шчаслівымі, а наш Свет – яшчэ лепшым. Каб кожны з вас мог займацца тым, чым сапраўды хочацца – навукамі, мастацтвамі, шпацырамі і гутаркамі, – я стварыў істоты, здольныя рабіць справы, не вартыя вашай увагі. Кожны з вас атрымае па два Шэрыя, што возьмуцца за любую працу, на якую вам шкада часу і сіл. Уявіце, колькі карыснага вы зможаце зрабіць! Да таго ж істотам амаль не трэба есці і спаць, працаваць яны будуць нястомна нават тады, калі вы адпачываеце!

Па знаку Самотніка больш за дзве сотні земляных служак з’явіліся на плошчы. Людзі разглядалі іх з цікавасцю, без насцярогі. Шэрыя адрозніваліся ад іх, як першы малюнак дзіцяці – ад карціны мастака. Насычана сінія, карыя, чорныя, блакітныя, зялёныя вочы глядзелі ў шэракарычневыя. Светлыя, ззяйкія, адухоўленыя, з акуратнымі рысамі твары кантраставалі з землянымі, што стракацелі чырвонымі пражылкамі. У параўнанні з высокімі, стройнымі постацямі людзей крывыя ногі, задоўгія рукі і згорбленыя спіны істот выглядалі яшчэ больш няўклюднымі, асаламяныя валасы здаваліся няўдалай пародыяй на густыя аблокі, цяжкія косы і бліскучыя струмені розных колераў на галовах стварэнняў Лёсу. «Шкада гэтых няўклюд, – думалі людзі. – Напэўна, малюнкі іх жыццяў неслі на зямлю груганы, хаваючыся між чорных-чорных хмар старога раззлаванага неба». Цяжка верылася, што і людзі, і шэрыя створаныя, каб існаваць на адной зямлі, у адным Свеце.

«Выгляд іх недасканалы, але не пераймайцеся. Я стварыў іх для працы, а для прыгажосці і гармоніі ёсць мы з вамі», – дадаў Самотнік.

Працу па гаспадарцы нельга назваць невыноснай, але столькі часу вызваліць на творчасць, навуку, натхняльныя шпацыры і гарачыя гутаркі – ці не падарунак Лёсу гэта? Канешне, выглядаюць па-страхоцку – але праўда, не для прыгажосці іх стварылі. Яны з’явіліся штучна, а значыць, нельга казаць пра іх розум, душу і пачуцці. Самотнік – чалавек, таму ведае, што і навошта робіць.

Праз чвэрць гадзіны пляц спусцеў: кожны чалавек сышоў, ведучы за сабой двух шэрых. Самотнік і Чорны глядзелі ім услед аднолькава пустымі вачыма. Так скончылася эра Нябёснай Птушкі і пачаўся час Вогненнага Птушкалова.

Калі людзі заўважылі, што з імі, было позна. Ды яны і не дадумаліся, што ўсе беды Свету з-за Самотніка – бо развучыліся думаць. Зрэшты, найперш яны забыліся на фізічную працу. Марылі, што ўвесь час і сілы прысвецяць навукам і мастацтвам. Потым заўважылі, што розум не можа працаваць заўсёды – яму патрэбны адпачынак. А раз ад фізічнай працы яны былі вольныя, то заставалася толькі сядзець бессэнсоўна, соўгацца туды-сюды без мэты, гутарыць і думаць пра лухту. Шкодна ўвесь час думаць, інакш да такіх страшных рэчаў можна дайсці – я чытала запісы аднаго чалавека ў дзённіку – гэта сапраўды вусцішна… Вось яны забаранілі сабе думаць зусім. Шэрыя, што спачатку былі памагатымі, сталі нянькамі. Ніхто не заўважыў, калі няўклюды пачалі злосна зыркаць каменнымі вачыма ў адказ налюбы загад. Ніхто не здзівіўся, калі яны перасталі слухацца. Ніхто не запярэчыў, калі шэрыя пачалі кіраваць.

Трэці раз сабраў Самотнік жыхароў Свету на плошчу. О, якую гарачую прамову ён пракручваў у галаве! Ён меўся нагадаць пра ганьбу, што перажыў некалькі гадоў таму, заявіць пра свой трыумф сёння. Ён уяўляў, як невыносна балюча будзе кожнаму, хто пачуе яго словы, і як соладка будзе яму. Людзі ўсвядомяць, што без яго не могуць жыць, што ён – іх выратаванне, і падхопяць на рукі, пранясуць па цэнтральных вуліцах, і ўсадзяць на трон, з якога ён будзе правіць разумна і радасна доўгія гады на шчасце людзям і Свету! Узыходзячы на памост, ён глядзеў у неба і ўяўляў, як падкідваюць яго і клапатліва ловяць удзячныя рукі.

Яны стаялі змрочныя – так і не зразумелі, навошта Шэрыя прыцягнулі іх на плошчу. Пустыя вочы слепа ўтаропіліся ў Самотніка. Той спужаўся: раптам узбунтуюцца, нападуць? Паглядзеў, колькі Шэрых стаіць побач – ці паспеюць уратаваць яго? Але войска служак не спатрэбілася – 120 пар пустых вачэй не бліснулі – ні гневам, ні радасцю. Самаабвешчаны ўладар блякла ўсміхаўся.

Ён прамаўляў доўга і палымяна, запальваўся сам, і яго вогнішча хапіла б на тысячу чалавек, калі б навокал не стаялі 120 кавалкаў лёду. Людзі, прыбітыя да зямлі цяжкімі сэрцамі, не паднімалі галоў. Яны перасталі быць Дзецьмі, але не сталі нават Ахвярамі, бо не здольныя былі ўсвядоміць сваю ахвярнасць. Саламяна-земляныя шэрыя і тое выглядалі жывейшымі. Але і яны былі халодныя, бы каменне. Сцяна з лёду і камянёў – вось хто быў слухачом Самотніка. Ён кідаў і кідаў словы ўсё больш гарачыя, і з кожным словам яго ўласнае полымя цішэла. Застаўся толькі невялікі агеньчык. Самотнік хацеў аддаць і яго, але спыніўся, не дазволіўшы апошнім словам вылецець. Калі ён зараз зробіць гэта, то стане, як і яны, халодна-каменным, але не запаліць іх.

Ён развярнуўся і павольна сышоў.

Чорны, што ўвесь час стаяў побач, памкнуўся было ісці за ім, але хвалі холаду ад сагнутай постаці гаспадара спынілі яго. Потым Чорны ўзгадваў: у гэты момант ён і адчуў сябе вольным.

Вікторыя замаўчала і перасмыкнулася, вяртаючыся са шматлюднай халоднай плошчы ў невялікі цёплы пакой. Позірк так і не лёг на кнігу, разгорнутую на першай старонцы. Працягнула:

– Можа, і не хацелі людзі бачыць над сабой кагосьці, акрамя Лёсу, але выйшла сапраўды так, што без Самотніка зусім горка стала жыць. Шэрых стрымліваў толькі Чорны. Чорнага не стрымліваў ніхто. Земляныя істоты, адчуўшы вольніцу, зрабілі людзей сваёй прыслугай. Стройнасць постацей, прыгажосць твараў, яскравасць вачэй, даўгія густыя валасы сталі агіднымі прыкметамі адметных – так пачалі называць людзей, калі каменнавокія навучыліся ствараць сем’і, нараджаць дзяцей, і іх стала нашмат больш за нас. З часам птушына-жывёльныя рысы згладзіліся, але не зніклі: засталіся шэра-жоўтыя рэдкія валасы, бляклыя вочы, дзіўныя фігуры. А назву, што памятала прыслужніцкі час, яны забыліся. За сотні гадоў горад разросся да княства, усё яно стала называцца Светам. І хоць ніхто ніколі не бачыў іншых княстваў, ні блізка, ні далёка, ніколі Свет не ваяваў ні з кім, але кожны князь больш за астатнія службы падтрымліваў службу вайсковую.

Людзі, у памяці якіх захаваліся былыя часы, доўга спадзяваліся вярнуць іх. Толькі аднымі спадзевамі нічога не зможаш, а што рабіць, ніхто з іх не ведаў – новыя гаспадары моцна трымалі жыццё Свету ў сваіх руках. Першымі «прачнуліся» матэматыкі – зразумелі, што так больш немагчыма. Але яны не пайшлі вайной, не падбухторвалі на паўстанне, не ладзілі дыверсій і не складалі планаў, як узяць уладу ў свае рукі. Яны знікалі – карысталіся сваім правам скончыць жыццё.

Вікторыя нарэшце перагарнула некалькі старонак:

– Адзін з людзей-пісьменнікаў, што да апошняга дня вёў Летапіс першых людзей, напісаў: «Страшна было, калі знік першы з матэматыкаў. У нас ніхто ніколі не знікаў. Усе хадзілі прыгнечаныя – да гэтага моманту не верылі, што сапраўды можна знікнуць. Ніхто не думаў, што спатрэбіцца знікнуць. Другі, таксама матэматык, знік хутка пасля першага – ніхто не здолеў здзівіцца. А навіны пра трэцяга, чацвёртага і далейшых прымалі як належнае.

Усе яны пакідаюць па сабе новых людзей. Дакладней, гэта не людзі, а адметныя – маленькія, знешне падобныя да нас, але наўрад ці з іх вырастуць сапраўдныя людзі.

Я бачыў на свае вочы. Калі б не было так страшна і безнадзейна ад сутнасці, я б сказаў, што гэта прыгожа. Цела млявее, лягчэе, падпарадкоўваецца плыні паветра. Павольна, пачынаючы ад валасоў, ад кончыкаў пальцаў, рассыпаецца на мноства драбнюткіх пясчынак, пылінак, што папялеюць ад двух агеньчыкаў, пакуль тыя не згаснуць. Калі агеньчыкі – розум і душа – згасаюць, а ад цела застаецца не больш як жменя попелу, у глыбіні яго зніадкуль запальваюцца новыя розум і душа, што ўтвараюць вакол сябе з попелу новае цела.

Я ніколі не бачыў маленькіх людзей. Ёсць у гэтым боль, але ёсць і свой цуд, свая радасць. Радасць разбурэння старога дзеля новага? Так сябе і суцяшаю. Толькі не ведаю, якое будзе гэтае новае. Людзям-філосафам было б тут пра што падумаць. Ястаў занадта эмацыйным улетапісе. Зрэшты, наўрад ці хтосьці будзе дакараць за гэта.

Шэрыя забіраюць малых, каб выхаваць бяспечнымі служкамі. На іх радасць, тыя растуць хутка, патрабуюць мала, амаль не супраціўляюцца і добра засвойваюць усё, чаму іх вучаць. Усё адно каменнавокім не падабаецца, што людзі абавязкова пакідаюць па сабе адметных – спрабавалі іх забіваць, але нават бяспраўныя нашчадкі людзей могуць сысці з жыцця толькі па ўласнай волі. Колькасць 121 – непахісная. Дакладней, 120 – ні Самотніка, ні яго нашчадкаў ніхто так і не бачыў.

Нас засталося шасцёра – з тых, першых людзей. Мы дамовіліся, што знікнем сёння ўсе разам. Для гэтага трэба заплюшчыць вочы, згасіць слых і тактыльныя адчуванні, спыніць дыханне, сэрца і думкі – і тады перастанеш існаваць, а на тваім месцы з’явіцца новы чалавек, які будзе бачыць, слухаць, адчуваць, дыхаць і думаць па-новаму. Напэўна, гэтыя словы павінны даваць надзею.

Мне страшна – я не баюся пра гэта казаць, але няма каму – усе адчуваюць тое самае. Паветра выбухне ад напругі, калі хтосьці агучыць свае думкі. Я столькі пражыў у Свеце, што няма сэнсу шкадаваць пра тое, чаго не пабачу. Тым больш, наўрад ці нас чакае нешта добрае. І ўсё адно я баюся, што знікну і не ўбачу штосьці важнае. Я шалёна баюся.

А яшчэ я баюся, што ва ўсіх атрымаецца знікнуць, а ў мяне – не. Што я буду рабіць – адзін з сапраўдных людзей сярод адметных?»

Гэта апошнія словы ў летапісе.

– Відаць, у яго атрымалася, – Бася здрыганулася, вяртаючыся ў рэальнасць, калі Вікторыя змоўкла.

– Мяркую, так.

– Але што адбываецца зараз? З усімі намі? Я нічога не ведаю.

– Табе пашчасціла – твая названая маці, відаць, любіць цябе. З моманту, калі рука пісьменніка вывела гэтыя словы, мала што змянілася. Хіба што новых людзей стала нашмат больш, а мы – яшчэ большая рэдкасць і загана. Хтосьці трымае нас за слуг, хтосьці – за нелюбімых сваякоў. А хтосьці выгнаў з хаты.

Бася зачапілася за слова «названая» і павісла на ім, як каркам на цвіку, не могучы вызваліцца. Быццам відавочна, што яны з мамай – розныя, не могуць быць сям’ёй па крыві. Але як гэта: Бася нічыя, сама па сабе? Вікторыя не давала апамятацца:

– Мы забыліся на права выбіраць майстэрства падушы, але спраўна карысталіся правам паміраць па ўласнай волі – дажыўшы да стану, калі страх знікнення саступае перад бессэнсоўнасцю далейшага існавання. Тым больш нікому ў галаву не прыходзіла стаць Воямі і змагацца. Апошнім часам князь (дарэчы, нашчадак таго самага Чорнага) ладзіць аблавы на адметных, спрабуе забіваць іх рознымі спосабамі. Я не ведаю, што гэта за чараўніцтва, але працуе яно спраўна: самыя дасведчаныя ка́ты прамахваюцца, загартаваныя мячы ламаюцца, тоўстыя вяроўкі абрываюцца ці развязваюцца. Пратрымаўшы крыху, вязняў адпускалі, калі супакойвалася князёва лютасць – нас заўсёды заставалася 120. Знайшоўшы Летапіс, я вырашыла пабудаваць паселішча, дзе людзі – мы сталі б людзьмі – змогуць жыць у бяспецы, займацца сваімі майстэрствамі, прайсці ўсе прыступкі і аднавіць свой Свет. Я сабрала знаёмых адметных, і мы пабудавалі тут першыя хаты. Дабрацца да цябе было не так проста – маці сапраўды апекавалася табой, хоць іншыя сем’і звычайна не супраць, каб іх «сваякоў» патрымалі ў вязніцы ці выпрабавалі на іх новы спосаб забойства.

Усё было цудоўна, мы перавезлі амаль усіх. Але нас пачалі расшукваць. Як учора, не саромеючыся. З першых знікненняў мінула паўгода. Ніколі і нікога нетрымалі так доўга.

Вікторыя падціснула вусны і апусціла вочы:

– За гады нашчадкі шэрых, хоць мазгі ў іх земляныя і падпарадкоўваюцца князю, у якога яны не менш земляныя, шмат што перанялі ў людзей. А некаторыя навукі нават развілі. Я баюся, што яны прыдумалі, як забіць нас.

* * *

Яны ўсе мёртвыя. Змесціва вялікай ружова-фіялетавай бліскучай скрыні нагадвала масавае пахаванне казачных прынцэс і прынцаў. Кожная лялька – у празрыстай труне, праўда, не крышталёвай, а пластыкавай. І цалаваць іх, каб ажывіць, не было каму. Меркавалася, што цацкі ажывуць воляй фантазіі дзіцяці. Леся глядзела на іх – яны працягвалі быць мёртвымі.

– А дзе хаты? Дзе палац? Дзе цэлы свет?

– Хаты і палац асобна прадаваліся. Па такіх коштах, што ў мяне вочы ў кучку збегліся, дагэтуль адысці не магу. Я на гэты кляты набор цэлы заробак аддала, а табе яшчэ і хаты падавай.

Сёлетні падарунак быў горшы за школьную кашулю і чаравікі, купленыя на дзень народзінаў тры гады таму. Тыя рэчы былі завялікія, «навыраст», як любіла казаць мама, – нязручныя, шырокія. Рукавы аж закрывалі пальцы, падэшвы шлэпалі па пятках. А гэтыя лялькі – запознія. Адно што расставіць іх на палічкі, каб балюча нагадвалі пра страчаны на пустыя мары час.

Зрэшты, іншага падарунка чакаць яшчэ цэлы год. Безвыходнасць саступіла месца дзейнасці. Скрыня, закінутая ў дальні кут пакоя, прыцягвала погляд, клікала кожнай бліскучкай, кожным пералівам фарбы. Калі ёсць жыхары, будуць і хаты. Лёс гэтых пластыкавых істот цяпер залежыць ад Лесі. Дзяўчына сцягнула ў пакой будаўнічы матэрыял – кардонныя лісты, скрыні з-пад абутку, кавалкі шпалераў, абрэзкі тканіны, нажніцы, скотч, клей, паперы… Якая яна малайчынка, што ніколі нічога не выкідвае, нягледзячы на пратэсты маці і сястры. Няўжо досвед не падказвае ім, што самая бязглуздая рэч можа спатрэбіцца ў самы нечаканы момант і без яе жыццё ніяк не складзецца?

З гэтым быў згодны папугайчык Бяляшык, выпушчаны пагуляць з клеткі: яго жыццё таксама не хацела складвацца без раскіданых па падлозе панадных дробязей. Прагная птушыная дзюба ўвесь час торкалася ў паперу, тканіну, нажніцы і іншыя важныя ў будаўніцтве рэчы. Заўважыўшы, што нешта важнае дзеецца без яго, далучыўся кот Персік, вечны папугаеў сябар, саўдзельнік і супернік. Яму найбольш каштоўнай падалася шпуля скотча. Колькі дзяўчынка ні спрабавала забраць яе з кіпцястых лап, нічога не атрымлівалася. Праца кіпела ў дзве рукі і шэсць лап. Паверх за паверхам паўставаў кардонна-папяровы свет на палічках стэлажа. Скрыні з-пад абутку рабіліся пакоямі, з-пад запалак – склейваліся ў разнастайную мэблю. Вакол хат вырастаў лес з зялёных, у лісце, шпалераў, пракладаліся сцяжынкі з дробнага камення, між якімі каляровымі плямамі квітнелі тканінныя краскі. З верхняй палічкі ззяла над Светам папяровае сонца, здалёк яму пагражалі папяровыя хмары. На іх, змагаючыся са спакусай, паглядаў Бяляшык, хаваючыся ад прагных позіркаў Персіка.

– Рамонту, канешне, рабіць не перарабіць, але на першы час жыць ёсць дзе, – з выглядам вопытнага прараба прамовіла задаволеная Леся. Бяляшык, што сцягнуў у сваю клетку некалькі фанцікаў, і Персік, які так і не прызнаўся, куды падзеў скотч, былі згодныя.

Надышоў час засяляцца.

Хат на ўсіх не хапала. Даводзілася сяліць па дзве, а то і тры лялькі разам. Зрэшты, Леся і так збіралася раздзяляць сваіх апекаваных на пары – у яе свеце не павінна быць няшчасных і самотных. Добрая і спагадлівая правіцелька збірала падданых у сем’і, рабіла закаханымі ці сябрамі, каб пасяліць разам. Атрымлівалася прыгожа і зручна. Пакуль лялькі не пачалі капрызіць. Вось гэтая рудая, са светла-блакітнымі вачыма з выразнай чорнай лініяй вакол райкоў і невялікім пісягом карычневай фарбы над левым брывом – бракаваная, ці што, – ніяк не можа ні з сям’ёй ужыцца, ні кахання, ні сяброў знайсці. Усіх заглушае, заціскае, не дае продыху. Ці вось яшчэ адна – белая, лёдава-срэбраная, гладка-люстэркавая, амаль празрыстая, але моцная, з вачыма чорнымі і злымі. Звычайна Леся такіх не любіць, пабойваецца. А на гэтую глядзіць – і разумее. Не стала б яна проста так злоснай. А можа, іх разам пасяліць – рудую і белую? Дзяўчына абхапіла абедзвюх лялек далонямі, сціснула – такія яны былі непаслухмяныя, слізкія, калючыя. Вылузнуліся б, каб маглі. Паставіла ў адну скрыню-пакой. Тая пацяснела – як бы змяў хто кардонныя сцены вялікай далонню, паветра ў ёй сціснулася, а потым – раз! – і прарэдзілася. Не сышліся рудая і белая лялькі. Персік і Бяляшык пераглядаліся здзіўлена.

Зрэшты, гэтыя дзве справяцца самі – моцныя. А што рабіць з яшчэ адной кудзерыстай – знойдзенай за стэлажом? Пары складаліся, запаўняючы вольную прастору кардонных хат. І нідзе не было месца для трэцяй лялькі. Яе было шкада. Вось бы зрабіць для яе штосьці добрае… І Леся вырашыла падарыць ёй сваё любімае імя – Барбара.

Загрузка...