Тое, што было, не вернецца. Не вернецца пачуццё палёту і неабдымнасці свету, не вернецца тое лета. Яно было абяцаннем незямнога, нерэальнага шчасця. Такога не бывае. Можа, таму ўсё скончылася так хутка? Тое лета застанецца толькі ва ўспамінах. Можа, маіх, а не нашых з табой агульных. Бывай…

Не ведаю, як далей будзе складвацца мой і твой лёс. Не ведаю, хто з’явіцца ў тваім жыцці пасля мяне. Але калі-небудзь, праз шмат гадоў кола Фартуны зробіць паварот. І ўжо ты будзеш стаяць перад зачыненымі дзвярыма нейчай душы і спадзявацца, што яны адчыняцца. Будзеш пакутаваць, не спаць ночы і думаць: чаму Яна такая жорсткая?

Мо тады ўспомніш нашы сустрэчы і зразумееш, што такіх пачуццяў у цябе больш не будзе. Болей кахаць немагчыма. Так, як цябе разумею і адчуваю я, ніхто не разумее і не адчувае. Так, як я спявала твае творы, ніхто не здолее спяваць. Не атрымаецца…

Цяпер ты гэтага не разумееш. Усвядоміш праз колькі гадоў, калі магутная плынь часу, адкінуўшы ўсё выпадковае, выявіць сапраўдны маштаб існага. Я хачу беззваротна знікнуць з твайго жыцця. Ты не зможаш мяне вярнуць. I нават чароўная ўлада – сіла тваёй музыкі будзе тут бяссільная. Бывай. Але я дзякую Богу, што ты быў у маім жыцці…»

Спявачка амаль не чула апладысментаў, а ўспрымала іх краем свядомасці. Яны здаваліся не патрэбнымі ёй, бо адцягвалі ўвагу ад таго важнага, што адбывалася ў душы і што імкнулася сказаць слухачам у зале. Паўзы паміж нумарамі ўспрымаліся толькі невялікімі перапынкамі ў магутнай плыні музыкі, якая, здавалася, зноў узнімала яе ў вольную прастору.

Апошні твор цыклу – вакаліз. Па эмоцыях і сэнсу такое рашэнне знойдзена аўтарам вельмі пераканаўча. Апошняя кропка, дакладней, шматкроп’е… Сапраўды, навошта словы, калі ўсё сказана і скончана? Застаюцца толькі ўспаміны, бесцялесныя, нерэальныя, якія з часам разбурыць плынь жыцця і вецер часу.

Надзя выконвае вакаліз, і ёй здаецца, што як фізічнай і рэальнай істоты яе няма. Уся Надзіна існасць, былое і будучае жыццё ператварыліся ў Голас. Ён свабодна запаўняе прастору, гатычныя аркі, лунае пад купалам і скляпеннямі залы. Артыстка спявае, і ёй здаецца, што на сапранавых вышынях голасу душа ўзнімаецца над глядзельнай залай, над саборам і журліва пазірае на спявачку, аркестр і гледачоў. Журліва, бо ведае штосьці такое, чаго не ведае ніхто з прысутных. I моліцца яна і за свайго Маэстра, і за ўласнае неўладкаванае жыццё, і за кожнага слухача, які знаходзіцца ў зале.


Частка трынаццатая


Расстанне



Гучаць заключныя такты, музыкі апошні раз узмахнулі смычкамі… Калі пасля паўзы, пранізлівай цішыні, якая падалася спявачцы бясконцай, раптам абрынулася хваля воплескаў, Надзя здавалася разгубленай. Яна нібы яшчэ не вярнулася да рэальнасці, у адчуваннях лунаючы недзе высока-высока.

За час свайго сцэнічнага жыцця Надзя пабачыла шмат канцэртных залаў, чула шмат авацый і любіла іх. Бо пачувалася шчаслівай, узнятай над рэчаіснасцю. У фінале канцэрта, калі пачыналі гучаць апладысменты, часта прыходзіла адчуванне, што на яе, стомленую спёкай і перажытымі эмоцыямі, нарэшце абрыньваецца выратавальны дождж. Стаіць яна ў промнях «юпітараў», як дзіця пад патокамі дажджу, які серабрыстымі лініямі наўскасяк праразае прастору, і не можа нацешыцца.

Але сёння бясконцыя воплескі падаліся Надзі празмерна гучнымі ў параўнанні з тымі таямніцамі, якія яна адкрыла невядомым ёй людзям у зале. Бо пасля малітвы лепш проста ціха выйсці з храма, каб не парушыць у душы адчуванне ўласнай вышыні. Гармоніі і далучэння да містычных загадак духу.

Бязмерна ўзбуджаная, літаральна адурманеная напалам уласных эмоцый і перажытым хваляваннем, Надзя сапраўды адчувала сябе гераіняй – і калі стаяла разам з дырыжорам і аўтарам музыкі перад узрушанай залай, і калі за кулісамі прымала віншаванні і букеты. Напэўна, ніколі ў жыцці Надзя не чула столькі ўзнёслых, захопленых слоў, як у той вечар. Душа яе цешылася рэдкай атмасферай агульнага ўздыму і расчуленасці.

Раней ці пазней, але апладысменты і віншаванні заканчваюцца. У глядзельнай зале знікла святло. Таямнічыя цені ажылі ў дальніх кутках. На сцэне музыкі ўкладвалі інструменты ў футаралы – нібы дзяцей загортвалі, спавівалі перад тым, як вынесці на халодную вуліцу.

У грымёрнай доўжыліся кампліменты, цалаванні ручак і шчочак. Калі хваля віншаванняў нарэшце аціхла, у Надзін артыстычны пакой зазірнуў Андрэй, даўні знаёмы, першая скрыпка таго камернага аркестра, з якім Надзя выконвала сёння ўсю праграму.

Ён працягнуў шыкоўны букет.

– О-о, якія чароўныя ружы! Напэўна, увесь аванс патраціў? I табе не шкада?

– Для цябе – не! Маё даражэнькае сапрана, – напаўжартам-напаўсур’ёзна прамовіў Андрэй. – Такой я вас ніколі не бачыў і не чуў, Прымадонна! Я – у захапленні…

– Няўжо? – засмяялася Надзя.

Яна адчувала: Андрэевы жарцікі і гарэзны тон дапамагаюць вярнуцца з завоблачных вяршыняў да рэальнасці.

– Надзя, – рашуча сказаў Андрэй, – нават не думай пярэчыць: я сёння падвязу цябе. Няўжо ты дадому са сваімі букетамі тралейбусам паедзеш?

З Андрэем яна знаёмая даўно, колькі і супрацоўнічае з камерным аркестрам. На рэпетыцыях Надзя часам раілася з ім, здаралася, траплялі ў адны і тыя ж кампаніі, на дні нараджэння або пікнікі. Напэўна, яна падабалася гэтаму русагаловаму скрыпачу з шэрымі вачыма, калі за святочным сталом ці каля вечаровага вогнішча ён нязменна аказваўся каля яе. Такая акалічнасць цешыла яе жаночае самалюбства, але не больш за тое. Яе думкі былі цалкам занятыя Маэстра, і яна не магла ўспрымаць яшчэ некага побач з сабой у падобнай якасці.

Але сёння Андрэй выглядаў іначай, чым яна прызвычаілася. За крыху блазенскай усмешкай, якая кранала яго твар, у глыбіні вачэй штосьці хавалася. Што – Надзя не магла сказаць – самота, адчай ці нешта яшчэ. Здзівілася, калі нехта, незалежны ад яе, не спытаўшы дазволу, яе голасам адказаў Андрэю:

– Я зразумела, што пярэчыць няма сэнсу. Падвязі!

Напэўна, ён хацеў прыхаваць уласныя эмоцыі, але твар міжволі асвяціўся ўсмешкай і літаральна заззяў.

– Тады я цябе пачакаю…

Пацалаваўшы ёй руку, Андрэй знік за дзвярыма грымёрнай. Спявачка пераапранулася і пачала разгрыміроўвацца.

«Якая радасць – пачуццё сумленна зробленай работы. Ты выканаў тое, што павінен, а цяпер вольны… Не, усё атрымалася лепей, чым я ўяўляла. Вядома, калі праз два дні сяду глядзець відэаверсію канцэрта, знайду ў ім шмат заганаў, таго, што мне катэгарычна не спадабаецца. Але цяпер як добра! Як лёгка… Адчуваю сябе стомленай, быццам пасля дзесяцікіламетровага маршу. Смешна! Адспявала канцэрт, а нібыта мяхі з бульбай цэлы дзень цягала. Артыстка называецца! Смех! – ногі падкошваюцца… Трэба хутчэй збірацца. Даеду да сваёй ускраіны, пап’ю гарбаты – і спаць!..»

У дзверы пастукалі. Надзя загадзя магла сказаць, хто. Так стукаў у дзверы адзін чалавек на свеце – Маэстра. Дастаткова было зірнуць на яго, каб зразумець: на твары кампазітара адлюстроўваўся той стан, які называецца поўным і абсалютным шчасцем. Здавалася, што ён не стаіць на зямлі, а лунае ў паветры. Маэстра пачаў гаварыць пра тое, як цудоўна сёння Надзя спявала. Што ён быў расчулены да глыбіні душы і лепшага выканаўцу ўласных твораў, пэўна, ніколі не знойдзе.

Але Надзя амаль не слухала. Яна глядзела на нядаўна такі дарагі твар нібы праз тоўстае шкло, калі бачыш міміку, рухі, але не чуеш голасу. Некалі ягоны голас меў над ёй неадольную сілу. Скажы Маэстра адно слова, і яна кінула б усё і адправілася за ім на край свету.

Цяпер яна слухала і… не чула яго. Надзя раптам спужалася, што такое неспадзяванае адчуванне знікне. Яго свет, нядаўна такі неадольна-прывабны, – каб трапіць туды назаўжды, Надзя гатовая была, не вагаючыся, аддаць усё, што мела, – гэты свет аддаляўся ад яе ў часе і прасторы. Цяпер яны ляцелі па розных арбітах.

«Божа, дзякуй табе! Няўжо так сталася, што насланнё скончылася? І сіла, якую ён меў нада мною і над маімі думкамі, пачала слабець? Захацеў – прыйшоў, захацеў – не прыйшоў. Ён не будзе больш іграць маім жыццём, як котка з мышшу…» – думала Надзя.

– Ты мяне зусім не слухаеш! – ці то здзіўлена, ці то пакрыўджана заўважыў ён.

Напэўна, яна сапраўды глыбока задумалася, бо ўстрапянулася толькі тады, калі Маэстра, на паўгалавы вышэйшы за Надзю, згроб яе ў ахапку і прыхінуў да сябе, каб пацалаваць.

– Не трэба! – Надзя паспела адхіліць галаву ўбок, але, напэўна, досыць рашуча, бо зніякавелы і разгублены Маэстра ледзь не выпусціў яе з абдымкаў.

– Цікава, чаму? – Ён уважліва паглядзеў Надзі ў вочы, нібы жадаючы там знайсці адказ на пытанне.

У грымёрцы ўсталявалася паўза.

– I даўно ты лічыш, што не трэба?

У позірку Маэстра Надзя прачытала разгубленасць, жаданне, захапленне і шмат іншых эмоцый. Але цяпер ягоныя памкненні яе не хвалявалі. «Ну, не, сірэна ты марская! Не паддамся я на гукі тваіх чароўных песень!»

Надзя адчувала, што некалькі ўзаемных вострых рэплік, і святочны, узнёслы настрой пасля канцэрта можа быць цалкам сапсаваны. Напэўна, і ў яго ўзніклі такія ж думкі. Бо Маэстра адпусціў Надзю.

– Ты проста стамілася! – сказаў ён памяркоўна. – Дзіва што, такая праграма! Але які канцэрт атрымаўся! – шчасліва – засмяяўся, вяртаючыся ў думках да пачутага. – Надзя, сёння ты спявала так, як, напэўна, спяваюць анёлы. Перад тым, як пакінуць зямлю і вярнуцца на неба…

– Або калі нехта памёр і яго аплакваюць, адпяваюць. Праўда? – дадала яна, гледзячы пры гэтым у люстэрка і сціраючы з вуснаў яркую памаду. Сказ, па сваёй сутнасці пазбаўлены ўсялякай літасці, але прамоўлены з мілай усмешкай на твары, дзейнічаў мацней, чым калі б ён быў выказаны суровай і ўнурыстай паненкай.

– Ну навошта ты так?! – нават разгубіўся ён.

– Проста развіваю далей тваю думку. Толькі і ўсяго…

– Надзя, з табой нешта робіцца. Я цябе такой калючай і не памятаю. Раней ты была іншай…

«Так. Раней я была анёлам, з якім можна весці сябе як заўгодна. Бо анёл заўсёды будзе цярпець і трываць. А цяпер я перастала ім быць. Паглядзела б, які ты зробішся, калі тыднямі і месяцамі будзеш чакаць нечыіх званкоў!»

– Прабач, я цябе не праводжу. У мяне прызначана вельмі важная сустрэча…

«А мяне твае сустрэчы не хвалююць! Дурніца, а я яшчэ вагалася, – з дакорам падумала яна. – Як цікава атрымліваецца: гераіня вечара пасля шумнага поспеху ў гордай адзіноце дабіраецца ў свой мікрараён. Гэта знак удзячнасці захопленага і шчаслівага аўтара…»

– Я патэлефаную заўтра, і мы ўсё дэталёва, падрабязна абмяркуем. Добра?

– Добра, – згадзілася Надзя спакойна, амаль абыякава, седзячы перад люстэркам і знімаючы з твару рэшткі грыму. «Наогул ты – цень, прывід, якога няма насамрэч, – унушала яна сабе. I яму – таксама. – Ты знік з майго жыцця. Для мяне ты болей не існуеш…»

– Дарэчы, Надзя, – Маэстра зноў прысеў каля яе грыміравальнага століка, – калі мы з табой сустрэнемся? Мы так даўно не бачыліся… Не на рэпетыцыі, а ў цябе ці, напрыклад, у мяне. Я паспеў ужо засумаваць без цябе…

Маэстра паклаў сваю руку на Надзіну, але яна паціху вызваліла яе. Ён уважліва зірнуў, але твар спявачкі, адбіты на шматлікіх паверхнях люстэрка, нічога яму не сказаў.

«Ага, ён засумаваў! Увесь з гора высах! Учарнеў, адразу відаць! «Сустрэнемся!» А як жа… А потым ты знікнеш на тыдзень ці два, а я зноў буду плакаць па начах? Ну, не! Сада-маза… з відавочным ухілам», – падумала яна, а ўголас сказала:

– Вось заўтра і ўдакладнім.

Надзя не хацела псаваць настрой. Ні яму, ні сабе. Такія ўдалыя творчыя вечарыны здараюцца ў жыцці нячаста, каб уражанне ад яго мог сапсаваць былы каханак. Няхай сабе і таленавіты кампазітар.


Частка чатырнаццатая


Скрыпач



Трымаючы аберуч шыкоўныя букеты, Надзя нарэшце выйшла са службовага ўвахода канцэртнай залы. Белая «Аўдзі» скрыпача стаяла недалёка ад будынка. Андрэй сапраўды яе чакаў. Усе кветкі трымаць цяжка, таму большую частку яна аддала свайму нечаканаму спадарожніку. Андрэй узяў букеты, асцярожна паклаў іх на задняе сядзенне. Прымацаваў унутры машыны чахол з яе канцэртнай сукенкай.

Потым адчыніў перад Надзяй пярэднія дзверцы машыны: «Прашу!» Дачакаўся, пакуль яна сядзе, захлопнуў дзверцы, а сам уладкаваўся за стырном. Спявачка нечакана падумала: «А вось і першыя прыкметы каралеўскага жыцця з’явіліся! Можа, Ірачка праўду казала?»

Халоднае лістападаўскае надвор’е бадзёрыла, стомленасць аціхла, і таму не хацелася вяртацца дадому, паглыбляцца ў звыклы, будзённы свет. Водгулле музыкі і перажытых эмоцый яшчэ жыло ў душы.

Горад ужо сцішыўся, супакоіўся і паціху засынаў. Напаўпустым праспектам яны ехалі ў бок Надзінага мікрараёна. «Трэба пакрыху адкладваць грошы або знайсці прыстойны кантракт. І памяняць кватэру, перабрацца бліжэй да цэнтра. Статус абавязвае… Заслужанай артыстцы так доўга ехаць на ўскраіну, у спальны раён, як на мой погляд, непрыстойна. Але амаль уся інтэлігенцыя ў нашым мікрараёне жыве…» – думала яна.

Яны трохі памаўчалі, ды цішыня не прыгнятала няёмкасцю ці недарэчнасцю. Трохі гаварылі – Андрэй відавочна хацеў развесяліць яе і распавядаў байкі і смешныя гісторыі з апошняга падарожжа іхняга ансамбля ў Іспанію. Пад’ехаўшы як раз да Надзінага пад’езда, яны колькі хвілін яшчэ пасядзелі ў напаўцёмнай машыне.

– Прабач, дарагі рыцар, – доўжыла Надзя ўзяты пасля канцэрта жартаўлівы тон, – але дахаты цябе не запрашаю. Дзіця ўжо спіць…

Але, напэўна, у Андрэя і не было такога намеру.

– Не трэба, позна ўжо. Ты стамілася… – А потым дадаў без усялякага пераходу: – Надзя, можна я цябе пацалую?

Яна толькі засмялася. «Напэўна, некалі я глядзела на Маэстра гэткімі ж адданымі вачыма. Кола лёсу зрабіла абарот. Мы памяняліся ролямі…»

– Можна, але толькі ў шчочку… Усталявалася паўза.

– Надзя, ты сябе вельмі нізка цэніш… – пачаў Андрэй.

«Уражанне, што ён рыхтаваўся да такой прамовы ўсё жыццё», – чамусьці падумала Надзя.

– Ты думаеш, я нічога не разумею? Я не сляпы, усё бачу. I бачу, што… – Андрэй спыніўся, напэўна, шукаючы больш трапныя і далікатныя словы, – …што ты пакутуеш дарма. Навошта ён табе патрэбен?

«Я думала, што гэта толькі мае сакрэты. Няўжо ўсё відавочна? I ўсе вакол бачаць і абмяркоўваюць? Ці толькі гэты скрыпач, як асоба зацікаўленая?» – падумала яна.

– А вось гэта ўжо тэма забароненая! Не чапай! Я прашу…

– Разумею, што табе непрыемна. Але скажу толькі адно слова… Ён можа цябе ацаніць? Наогул, хто ён побач з табой?

«Як цікава! Яшчэ нядаўна я думала тымі самымі словамі, толькі наадварот – хто я побач з ім… Хацела б ведаць: тое, што Андрэй гаворыць, – псіхалагічны прыём? Маўляў, зробім праблему не актуальнай, ці ён сапраўды так лічыць?»

Штосьці прымусіла Надзю слухаць далей. Андрэй працягваў:

– Ты – вядомая артыстка, столькі зрабіла і выканала! А хто ён? Згодзен, таленавіты чалавек, але толькі пачынае. І што з яго ў рэшце рэшт атрымаецца, ніхто не ведае…

Надзя хацела запярэчыць, але Андрэй не даў:

– Я згодзен, той вакальны цыкл, які ты спявала сёння, – гэта высокі ўзровень. Але, пагадзіся, каб яго выконвала іншая артыстка, там бы і паловы не прагучала. Ты шмат дадала ад сябе, ад свайго разумення гэтай музыкі. Хіба не так?

– Не падлізвайцеся, сэр. – Надзя імкнулася прыхаваць уласную разгубленасць. У дадатак яна не любіла, калі хваляць у вочы.

– Надзя, я ніколі не чуў, каб ты так спявала. Гэта было як развітанне… З нечым вельмі дарагім. Але ўсё-такі развітанне…

«Значыць, і ён усё адчуў!»

– Ведаеш, часам мне нават страшна рабілася. Пасля такіх канцэртаў і такіх спеваў усведамляеш, што тваё папярэдняе жыццё было, магчыма, нейкай памылкай. Атрымалася не так, і ўсё павінна быць іначай. I толькі цяпер, калі пражыў частку жыцця, нарэшце зразумеў…

– Чаму памылкай? – запярэчыла Надзя. Размова рабілася задужа сур’ёзнай, і яе хацелася павярнуць у іншае рэчышча. – У мяне не было жадання некага пужаць і страшыць, – засмяялася яна. – Праўда!

Але Андрэй не падхапіў яе жартаўлівы настрой.

– Мне думалася: як спеваку пасля такога канцэрта жыць далей?

Надзя паціснула плячыма:

– Звычайна! Зранку – кава, потым рэпетыцыя з Ірачкай ці заняткі ў вучэльні, потым крамы і прадукты. Пасля – вячэрняя рэпетыцыя або канцэрт. Калі яго няма, праверка хатніх заданняў у дзіцяці…– узялася пералічваць яна. Іранічнасцю інтанацыі хацелася перакрыць ягоны пафас.

– Несур’ёзны ты чалавек! Надзя, апошні аргумент, і ўсё! Сённяшняя музыка цікавая, але ж, пагадзіся, – па ўзроўні гэта не Моцарт ці Шуберт!

– Слухай, мне смешна, што ты, музыка, ужываеш такія аргументы! Рэальная значнасць кожнага творцы будзе бачная праз сто гадоў. Сучасную музыку нельга вымяраць класічнымі ўзорамі…

Надзя ўхапілася за першую ж думку, якая прыйшла ў галаву, бо Андрэй выказаў уголас тое, што яшчэ блукала ў глыбіні яе свядомасці. Можа, доля ісціны ў тым была, але ісціны бязлітаснай. Калі пагадзіцца з ёю, дык ад пабудаванага Надзяй паветранага замка нічога не заставалася. Адбудаваць замак ізноў – на гэта ўжо не хапала ні сіл, ні жадання. Але з апошнімі спадзяваннямі Надзя хацела развітацца сама. І не прымала ніякай дапамогі.

I наогул, якое ён мае права? Яна і так вельмі доўга яго слухала! Даўно трэба было абарваць такія размовы… Надзя рашуча павярнулася да свайго паклонніка:

– Слухай, чаго ты лезеш у чужое жыццё? Я цябе прасіла?

Мы гэтую тэму закрылі! Ты разумееш – за-кры-лі! Я не буду ні з табой, ні з кім іншым абмяркоўваць… – Надзя хацела сказаць «Маэстра», але спахапілася, што з галавой выдасць сябе і ўласнае стаўленне да яго. І таму пасля паўзы дадала: —…ягоную музыку.

Андрэй відавочна не пакрыўдзіўся на яе словы.

– Цяпер разумею, адкуль у цябе на сцэне столькі эмоцый! Вулкан і шторм… Надзя, ты вельмі прыгожая, нават калі злуеш.

Скрыпач узяў яе руку, павярнуў далонню да сябе і ціха пацалаваў.

«Не, сёння нейкі ненармальны, вар’яцкі дзень! Божачка нешта пераблытаў. Штосьці сапсавалася ў нябеснай механіцы. I зрушылася ў касмічнай прасторы. – Надзя разгублена глядзела на даўняга знаёмага. – Па-мойму, я здагадваюся, што пачую далей…»

Усё яшчэ трымаючы яе руку ў сваёй, Андрэй пачаў гаварыць, гледзячы не на Надзю, а прама перад сабой:

– Вядома, ты можаш доўга смяяцца… Напэўна, трэба было даўно сказаць, але я… Баяўся, што ты рассмяешся мне ў вочы і нічога не адкажаш. А пакуль маўчу, застаецца нейкае спадзяванне…

«Бедны! Такія словы сказаць – усё роўна, што з высокага абрыву ў рэчку скокнуць, – пашкадавала яна. – Асляпляльныя імгненні палёту ты, вядома, перажывеш, а што будзе потым – застанешся жывы ці не – невядома…»

– Надзя, ты святы чалавек…

«Мой былы муж фармуляваў іначай – «манашка». Каб я расказала табе, як сохла без пацалункаў Маэстра, ты б так не думаў. Вось табе і «святая»! Але не скажу…»

– Надзя, я даўно цябе люблю. У мяне ўсе твае запісы ёсць…

«Фанат… Напэўна, сядзіць і слухае іх вечарамі. Як некалі раней я слухала да паўночы дыскі з творамі Маэстра…»

– Калі б ты толькі дазволіла, я б цябе ўсё астатняе жыццё на руках насіў…

«Ты толькі брывом павяла, а ён памчаў твае жаданні выконваць!» Дзе раней я чула такую думку? Але што большая пакута: калі ты крычыш у прастору, а цябе не чуюць, ці наадварот – слухаеш такія словы і не ведаеш, што адказаць. Якое ўсё-такі шчасце, калі ты любіш сам!»

«Ты падобны ўрок ужо атрымала, – запярэчыў унутраны голас. – Не памятаеш, што з гэтага атрымалася? Працяглая дэпрэсія!»

Нібы прачытаўшы яе думкі, Андрэй неяк не надта весела ўсміхнуўся:

– Я разумею, можа, пра мяне ты ніколі і не думала. Не кажы цяпер нічога. У цябе імя Надзея. Значыць, мне і застаецца надзея… Нічога выпадковага не бывае.

Усталявалася цішыня.

– Прабач, я нагаварыў шмат непатрэбнага…

– Не, чаму? Цікава было слухаць! – здаля, як рэха, адгукнулася яна.

– У час канцэрта прыйшла думка, што калі я цяпер не скажу, дык, можа, ніколі не адважуся… – Памаўчаўшы, ён перамяніў тон на больш цвярозы і дзелавы. – Надзя, я вось пра што абавязкова хацеў сказаць. Такі голас, як у цябе, дае магчымасць спяваць на лепшых сцэнах свету. Пройдзе некалькі гадоў, і думаць пра тое будзе позна. Можа, варта папрацаваць з іншым канцэртмайстрам? Іра – паненка мілая, але ў музыцы разумее далёка не ўсё…

Надзю пачаў душыць смех:

– Гэтым канцэртмайстрам будзеш, вядома, ты?

Але было відавочна, што яе іранічная рэакцыя яго не «праняла».

– Надзя, у цябе наперадзе такая будучыня! Сусветная слава…

– Ага! – насмешліва пацвердзіла яна.

– Я гэта адчуваю! Ты за капейкі выкладаеш у вучэльні паненкам, якія не дужа хочуць вучыцца і ў якіх няма ні голасу, ні артыстызму…

– Ну навошта так змрочна?

– Раней ты больш ездзіла за мяжу. Засталіся ж у цябе нейкія кантакты з таго часу? Трэба шукаць імпрэсарыа, які б штодня займаўся тваёй кар’ерай…

Надзін смех пераўтварыўся ў суцэльны рогат:

– На імпрэсарыа ты таксама вылучаеш сваю кандыдатуру? Андрэй зірнуў на яе – ці з сумам, ці са шкадаваннем:

– Я паеду. Ты стамілася. Такое напружанне, а тут яшчэ я са сваімі размовамі… Дарэчы, Алесіку ад мяне прывітанне перадавай!

– Цікава, дзе гэта ты з ім паспеў пазнаёміцца? – азадачана спытала Надзя. – Чаму я не памятаю?

– А ты часам разам з ім на рэпетыцыю прыходзіш!

Сапраўды, пакуль Надзя рэпетуе, Алесь звычайна лётае па калідорах вучэльні, а часцей філармоніі, дзе ў яго ўжо шмат знаёмых. Часам Надзя знаходзіць яго то ў касцюмернай танцавальнага ансамбля, дзе задаволеная касцюмерка прымярае на шчаслівага Алесіка якое-небудзь старадаўняе адзенне. А то ў бутафорскім цэху, дзе яны разам з дзядзькам Аляксеем разбіраюць зброю розных часоў і народаў, то ў абутковай майстэрні, дзе Алесік вучыцца ўпраўляцца малатком і забіваць цвікі.

– Мы з Алесікам ужо даўно пазнаёміліся і нават пасябраваць паспелі…

– А-а, па-мойму, я здагадалася. Няўжо на аснове агульных скрыпічных інтарэсаў?

– Не толькі. У нас з ім ёсць мара: летам выбрацца ў падарожжа на роварах.

– Шустрыя вы, аднак! За маёй спінай такія грандыёзныя планы будуюць… – У Надзіным голасе, магчыма, міжволі, прагучалі ноткі рэўнасці.– Хоць бы паведамілі!

– Я ж не ведаю, як ты да такой ідэі паставішся.

– I Алесь скрытны які! Ні слова, ні паўслова…

– Ну, можа, маці тваёй ён і паведаміў,– засмяяўся Андрэй. – Яе ён часцей бачыць, чым цябе.

– Дзякуй за камплімент маім педагагічным здольнасцям! Ты занадта шмат ведаеш! – Адчувалася, што Надзя крыху азадачана. – Шмат цікавага я пачула за гэты вечар…

– Алесь – сімпатычны хлопчык. І я вельмі яго люблю.

Можа, таму, што ён да цябе падобны? – засмяяўся скрыпач.

«Майму былому мужу і яго маці заўжды не падабалася, што сын з твару да мяне падобны. Можа, каб было іначай, Алег да сына цяплей ставіўся б і з’яўляўся часцей?» – пранеслася рэхам у яе думках.

– Надзя, я паеду. А заўтра абавязкова табе патэлефаную.

«Які імпэт! – насмешліва падумала яна. – Ад аднаго званка не дачакаешся, другі сам прапануе! Ну, ужо цяпер мой тэлефон ні на хвіліну замаўкаць не будзе. Вось табе і «манашка»… Так я хутка ў секс-бомбу ператваруся. Але зноў выслухоўваць сардэчныя прызнанні, як сёння, толькі па тэлефоне? Навошта? А што яму адказваць?»

Уголас Надзя сказала ці то жартам, ці то сур’ёзна:

– Хлопец, выкінь ты з галавы глупства і непатрэбныя эмоцыі. Яны толькі жыць замінаюць. Калі па-сяброўску, дык звані! А наконт новага канцэртмайстра – падумаю. Ірачку я люблю і з ёй развітвацца не збіраюся. Але, можа, мы з табой хоць бы частку новай праграмы зробім? На піяніна ў мяне ўжо велізарны стос новых нот ляжыць. Усё, дарагі рыцар, я пабегла дахаты. Маё горла не любіць такое халоднае надвор’е…

– Надзя, да заўтра!


Частка пятнаццатая


Ранішні званок



Ціха і марудна падымалася Надзя сходамі на свой сёмы паверх. Ліфт, як заўсёды, не працаваў. Дома ўсе спалі – Алесіку заўтра зранку ў школу. На кухні Надзя доўга піла гарбату, потым, выключыўшы святло, глядзела на чорнае зорнае неба, на тое, як мокрыя голыя галінкі суседняй бярозы адбіваліся на запацелым шкле. «Амаль гатовая графічная работа!»

Андрэй яе азадачыў. Яна заўсёды лічыла яго высокапрафесійным выканаўцам, які тонка адчувае музыку і спевака.

Калі Ірачка хварэла, Надзя некалькі разоў прасіла, каб ён замяніў канцэртмайстра на рэпетыцыях. З ім цікава працаваць, заўвагі далікатныя. Напэўна, ён усё ж іншы, чым яна ўяўляла раней. Але праца – адно, а сардэчныя пачуцці – зусім іншае. Не з’яўляюцца яны па камандзе, па загадзе, па нейчай просьбе. Узнікнуць, калі не чакаеш і не спадзяешся.

«Вядома, Андрэй – не Маэстра. Маштаб не той. Скажам шчыра, гледзячы праўдзе ў вочы. Нашто сабе хлусіць? Маэстра носіцца па ўсім свеце, у яго мільён знаёмых, прыяцеляў. Лепшыя музыкі – яго сябры… Але што мне з яго маштабу? Калі ён не мой, дык няхай яго маштабам цешацца тыя, хто побач.

Дзіўна ўсё атрымліваецца. Здаецца, нарэшце скончыліся бясконцыя дыялогі з маім адлюстраваннем, другім «я». Адчуваю сябе, як пасля пакутлівай хваробы, калі ты стомлены і аслабелы. Яшчэ няма сіл радавацца жыццю, але прыходзіць усведамленне, што самае цяжкое мінулася…

Няўжо сапраўды я пачынаю вызваляцца ад недарэчнай хваробы, якую чамусьці называюць каханнем? Вызваляцца ад комплексу пакінутай жанчыны? Няўжо развітанне адбылося? Сёння сваім рамансам я аддала тое, што віравала ў душы апошнія месяцы, з чым разам немагчыма жыць. Усё, што мела, аддала слухачам, – і цяпер вольная?! Божачка, няўжо ты нарэшце злітаваўся нада мною і цяпер назаўсёды вернеш страчаны душэўны спакой? Каб я магла спаць па начах, працаваць так, як хачу, каб я па-ранейшаму любіла свой дом, сына і маці – людзей, даражэй за якіх у мяне няма нікога…»

У тую ноч упершыню за многія тыдні Надзя сапраўды спала як немаўля. Раніцою цішыню кватэры парушыў тэлефонны званок. Яшчэ сонная, яна ўзяла слухаўку.

– Алё, слухаю…

– Надзя, – пачула яна ўсхваляваны і шчаслівы голас Маэстра, – прабач, што так рана тэлефаную…

«Раней і ноччу званіў і прабачэння не прасіў», – міжволі адзначыла яна.

– …але магу сказаць вельмі прыемную рэч. Не хацеў перад канцэртам гаварыць, каб дарма не хваляваць. На наш з табой учарашні канцэрт…

– «Ужо і наш! Не каб сказаць – твой, Надзя…»

– …я запрасіў нямецкага імпрэсарыа. Ён у захапленні. Мы з ім размаўлялі пасля канцэрта ды яшчэ частку ночы прыхапілі…

«Кожнаму – сваё. Мы з Андрэем размаўлялі, ты – з імпрэсарыа…»

– Ты ўважліва слухаеш? Уяві, ён прапаноўвае кантракт на дзесяць канцэртаў па буйнейшых гарадах Германіі. Сцэны самыя прэстыжныя. Першае аддзяленне – нумары з учарашняга вечара, другое – вакальная музыка нямецкіх кампазітараў на мове арыгінала. Ты ж яе цудоўна выконваеш! Пералічу гарады, якія могуць быць у кантракце… Надзя, я думаю, што ты не вагаешся, а загадзя згодная. Гэта такая ўдача! Але ўсе падрабязнасці кантракта – пляцоўкі, даты, канцэртмайстры, аркестры, гасцініцы, пералёты і пераезды – трэба дэталёва абмеркаваць. I не варта адкладваць. Давай удакладнім, калі мы сёння сустрэнемся? Усе разам, ты, ён і я…

«Калі без аўтара музыкі, я абавязкова паеду. Ад падобнага праекта ніводная разумная спявачка не адмовіцца. Бо за ім могуць паўстаць яшчэ больш прывабныя і маштабныя пляцоўкі і кантракты. Калі ехаць разам з кампазітарам, нават з месца не крануся. Ды толькі як патлумачыць падобную акалічнасць імпрэсарыа? Я не валодаю нямецкай, каб свабодна з ім размаўляць. Значыць, сам кампазітар будзе перакладаць. І што сказаць? Маўляў, мяне бярыце, а яго не трэба, бо я з ім больш не сябрую? Так?.. Што ж рабіць?

Я паставіла кропку. Развіталася з ім і з ягонай музыкай. Развіталася назаўсёды! Я абяцала сабе, што больш не буду спяваць ягоныя творы. Навошта тады ўсё пачынаць наноў? Вогнішча адгарэла само. Нашто распачынаць тое, што не мае і не павінна мець працягу? І вы хочаце мне сказаць, што гэтае ненармальнае жыццё і вар’яцкі дом будзе доўжыцца бясконца?»

– Надзя, нешта перарвалася. Ты мяне чуеш? – пыталася слухаўка голасам Маэстра.

Надзя маўчала.

Загрузка...