Пячатнік Іван Грамацін падышоў да віленскага ваяводзіча і спытаўся ў яго:

— Львовіч, чаму не цалаваў валадару рукі, як гэта зрабіў твой таварыш, пан Песачынскі. Не паводле звычаю падыходзіш да царскай вялікасці.

Адказваў пан Сапега:

— Я дастаткова выказаў гонару яго царскай вялікасці, калі галавой аддаў яму мой паклон. Я гатовы заўсёды паважаць яго царскую вялікасць.

Ён стаў на сваё месца і не думаў аб паўторным цалаванні царскай рукі.

Пячатнік Іван Грамацін убачыў, што не дачакаецца ад Сапегі цалавання царскай рукі. Ён паклікаў, паводле напісанага рэестра, пана Вяжэвіча, а затым іншых дваран, пасольскіх слуг.

Пакуль адбывалася тая цырымонія прывітання цара, іх міласці паны паслы сядзелі на лаве, якая для іх ласкава была прынесена.

Калі ўсе пацалавалі царскую руку, пячатнік Іван Грамацін ад імя цара спытаў паслоў пра іх здароўе. Іх міласці паслы адказалі, што здаровыя. Тое ж ён пытаўся і ў дваран. І яны гэтаксама адказалі. Цар аддаў каралеўскую грамату пячатніку. Ён, не спяшаючыся, чытаў перад імі.

Затым перайшлі да падарункаў. У той час, калі адпраўлялася пасольства, частка падарункаў знаходзілася ў сенцах, а іншыя — на падворку. Пячатнік Іван Грамацін па рэестры агучваў:

— Вялікаму гаспадару, яго царскай вялікасці, ад каралеўскай вялікасці вялікі пасол Аляксандр Песачынскі чалом б’е: конь кары турэцкі з караманскай паро­ды; шабля, рубінамі і бірузой упрыгожаная; камень рубінавы; гадзіннік з золата і крышталю; медны таз аўстрыйскай працы з налівачкай (рукамыйніца); залацісты аўстрыйскі кубак.

Вялікаму гаспадару, яго царскай вялікасці, ад каралеўскай вялікасці вялікі пасол Казімір Львовіч Сапега чалом б’е.

Такія ж словы пячатнік прамаўляў кожны раз перад уручэннем падарункаў панамі-дваранамі. Ён пералічваў назвы падарункаў па рэестры.

Ад яго міласці пана Сапегі, ваяводзіча віленскага: карэта ў чырвоным аксаміце, уся пакрытая золатам і срэбрам; да той карэты прыкладаецца шэсць выдатных гнядых коней, сярод якіх — два турэцкія кані. Вупраж аксамітная чырвоная, з залацістым срэбрам. Камень алмазны. Вялікі гадзіннік з выявай Уваскрэсення і механізмам унутры, які сам грае. Гадзіннік з боем.

Ад яго міласці пана Вяжэвіча, мсціслаўскага стольніка: турэцкі каштанавы конь з усёй збруяй, упрыгожанай дарагімі камянямі і рубінамі, з гусарскім сядлом, з аксамітнай папонай, вышытай золатам. Шэсць глядых неапалітанскіх коней. Г адзіннік аўстрыйскай працы.

Ад яго міласці пана Мадаленскага, мсціслаўскага войскага, двараніна караля яго міласці: кары конь, неапалітанскай пароды, з усім гусарскім рыштункам.

Ад яго міласці пана Крэтоўскага, двараніна караля яго міласці: шэсць пазалочаных кубкаў.

Ад яго міласці пана Цехановіча, смаленскага падсудка і двараніна: гняды турэцкі верхавы конь; залаты ланцуг з кольцаў.

Ад яго міласці пана Масальскага, подстольнічага браслаўскага і двараніна. Пярэсты конь, упрыгожаны на казацкі манер, з усім рыштункам. Чарка з меднай падстаўкай, з залацістага срэбра.

Ад яго міласці пана Цеханавецкага, мсціслаўскага подстольнічага і двараніна. Гняды верхавы конь. Пара пісталетаў у пальмавай аправе, да іх кабура з зялёнага аксаміту, упрыгожаная золатам.

Ад пана Трэцінскага, двараніна: шэсць срэбных залацістых кубкаў.

Ад пана Галімскага, аршанскага стольніка і двараніна: белы турэцкі конь са збруяй і сядлом, апраўленымі золатам.

Ад пана Гіроўскага, двараніна: залацістая шабля, упрыгожаная каштоўнымі камянямі.

Ад пана Нерашынскага, рэчыцкага падсудка і двараніна: верхавы валашскі конь з сядлом; сядло ўпрыгожана каштоўнымі камянямі, а таксама пазалочаныя страмёны, пазалочаны палаш і серабрыстыя павады.

Ад пана Пястрэцкага, старэйшага слугі ваяводзіча віленскага: залацістая шабля, апраўленая дарагімі камянямі.

Ад яго міласці пана Банецкага, прыяцеля Песачынскага: турэцкі конь з пазалочанай збруяй.


Затым пячатнік Іван Грамацін падышоў да паслоў і сказаў ім:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац, выслухаў грамату ад вялікага гаспадара вашага, свайго брата. Яна спадабалася яго царскай вялікасці і нам, баярам, думным людзям. Дасць Бог, у хуткім часе адбудзецца добрая справа. Яго царская вялікасць змацуе хросным цалаваннем вечны мір.

Пан Аляксандр Песачынскі адказваў:

— Просім яго царскую вялікасць сказаць нам, ці хутка тая вялікая справа здзейсніцца. Хай яго царская вялікасць загадае дваранам дамовіцца з намі за гэты час пра некаторыя артыкулы.

Пячатнік Іван Грамацін адказваў:

— Іншым часам будзе тое вам абвешчана праз прыставаў. А цяпер едзьце да пасольскага двара. Царская вялікасць узнагароджвае вас сваім абедам і кубкам віна.

Паслы селі на сваіх коней і ў суправаджэнні прыставаў паехалі да свайго двара. Праз некаторы час да іх прыехаў князь Фёдар Сямёнавіч Куракін, стольнік. З ім прыбылі каля трохсот чалавек, якія даставілі ежу і пітво.

Стольнік Куракін накіраваўся да пана Песачынскага. Каля дзвярэй ён спыніўся. Пасол Песачынскі прапанаваў яму:

— Гавары, што хацеў сказаць.

Куракін адказваў:

— Калі прыбудзе Казімір Львовіч Сапега, тады і буду гаварыць.

Пан Песачынскі паслаў па Сапегу і звярнуўся да Куракіна:

— Зараз прыйдзе пан Сапега, тады скажаш, што павінен сказаць нам.

Калі прыйшоў пан Сапега, стольнік Куракін вымавіў сваю прамову:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, вам, вялікім паслам вялікага гаспадара і брата свайго, пасылае свой пачастунак і кубак віна праз мяне, стольніка.

Куракін загадаў накрыць стол цяжкім абрусам. На яго паклалі тры лыжкі, але не паставілі ні адной талеркі. Стольнік выпіў спачатку гарэлкі, а затым некалькі келіхаў віна (малмазіі) за здароўе цара. Паслы Аляксандр Песачынскі і Казімір Сапега прапанавалі тосты за здароўе караля.

Стольнік Куракін вымавіў:

— З двух бакоў усё складваецца належным чынам. Паміж нашымі васпанамі ўсталёўваецца любоў і братэрскае сяброўства.

Затым стольнік прапанаваў выпіць за здароўе караля. Калі пан Песачынскі прапанаваў стольніку выпіць і за баяраў, той адмовіўся. Ён папрасіў не крыўдзіцца, паколькі паводле пратаколу яму трэба было выпіць яшчэ за царскіх дзяцей.

Пра кожную страву і напой, што падаваліся да стала, паведамляў дзяк. Ён стаяў ззаду стольніка і зачытваў іх назвы па рэестры. Калі прыбіралі адну страву, на яе месца ставілі другую. Пан Сапега распарадзіўся нічога з тых страў і напояў не браць да сябе ў двор. Але слугі пана Песачынскага, страціўшы сорам, развалакалі іх па сваіх пакоях. Маскавіты потым не маглі сабраць сталовых прылад. Многія з дробных прыбораў зусім зніклі. Пра гэта потым паведамілі пану Сапегу. Слуга пана Песачынскага прыходзіў да старэйшага слугі пана Сапегі і прасіў паслаць частку страў і напояў да двара свайго гаспадара. Старэйшы слуга, пасля ўказання пана Сапегі, перадаў для Песачынскага стравы і напоі.

Неўзабаве стольнік Куракін пакінуў паслоў. Прыставы і дваране праводзілі яго дадому.

26 у панядзелак. Да паслоў прыйшлі прыставы. Ад імя думных баяраў яны папрасілі, каб паслы ўчарашнія іх прамовы перадалі ім у пісьмовым выглядзе. Паколькі гэта не супярэчыла пасольскім звычаям, паслы загадалі напісаць іх прамовы па-руску і перадаць баярам.

З тымі ж прыставамі паслы дамовіліся, каб думныя баяры ў дакладзе да цара выклалі дыскусійныя артыкулы. Паслы таксама прасілі дазволіць нашым людзям свабодна хадзіць паўсюль, дзе спатрэбіцца. Акрамя таго, паслы прасілі вылучыць прыстава, які б суправадзіў іх слугу да стольніка. Паслы хацелі паднесці стольніку падарункі за працу і намаганні. Прыставы абяцалі неўзабаве даставіць ім адказ ад думных баяраў.

У той жа дзень былі ўзведзены тры хаты для размяшчэння пасольства, а таксама збудаваныя стайні, або шопы, для коней. Па старым звычаі купцы таксама размясціліся з намі ў адным двары. Паслы не змаглі дамовіцца аб адмысловым двары для купцоў.

У гэты дзень усе пачалі ўсведамляць памылку пана Сапегі, які адмовіўся ўчора цалаваць царскую руку.

Пячатнік Іван Грамацін яшчэ тады адзначыў:

— Не паводле звычаю падыходзіш да царскай вялікасці.

Другі пасол адрэагаваў на словы пячатніка пытаннем:

— Ці годныя мы наогул таго, каб цалаваць руку такому вялікаму манарху!?

Пан Сапега тады не чуў слоў пана Песачынскага. Пану Сапегу аб пярэчаннях

Песачынскага пазней паведамілі яго людзі, якія чулі тыя словы.

Пан Сапега перад сваімі людзьмі настойваў, што абодвум паслам не прыстала цалаваць царскай рукі, паколькі цар з’яўляўся непрыяцелем іх караля і яшчэ не прынёс прысягі на дружбу і вечны мір.

Пан Сапега хадзіў да пана Песачынскага і абвінавачваў яго ў здрадзе. Па сло­вах Сапегі, той заслугоўваў смерці, разам з яго жонкай і дзецьмі. Пан Песачынскі апраўдваўся, казаў, што ён выканаў сумесныя дамоўленасці і таксама не цалаваў царскай рукі. Але калі б так было, то цар паказаў бы яму на гэта.

Пан Песачынскі аспрэчваў усе абвінавачванні на яго адрас у здрадзе і выказаў гатоўнасць адразу ж вярнуцца ў сваю Айчыну і даць пра ўсё справаздачу. Пан Сапега ў запале абвінавачванняў прапусціў міма вушэй усе апраўданні пана Песачынскага.

27 у аўторак. Прыйшлі прыставы і паведамілі адказ на ўчарашнія просьбы паслоў.

«Прыстава ды стольніка не можна вам, вялікім паслам, даць. У нас так вядзецца: стольніка ўзнагароджваюць у тую пару, пакуль ён сам ад паслоў не адыдзе. А калі ён ужо вярнуўся да царскай вялікасці, нельга яму без царскага ўказання нічога ад паслоў прымаць. Таму прыстава вам не будзе».

Пан Песачынскі адказваў на гэта:

— Грубыя ў вас звычаі. Не паважаеце знакамітых асоб. Заўсёды было прынята, каб паслы дарылі падарункі важным людзям, хай не адразу, але на наступную раніцу або праз некалькі дзён. Не ўзнагароджваць жа нам неадкладна людзей нізкага саслоўя, напрыклад, конюхаў! Мы хацелі б захаваць пасольскія звычаі і выказаць нашу чалавечую павагу да намаганняў стольніка, аддзячыць яму за працу. Аднак вам гэта здаецца няправільным.

Гарыхвостаў сказаў:

— Думныя баяры з вамі, вялікімі пасламі, не абмеркавалі няўзгодненых артыкулаў таму, што наступілі посныя дні. З-за гэтага ўсё адклалася.

Пан Сапега адказаў яму:

— Альбо вы нашых прамоў не перадаеце баярам, альбо яны вядуць з намі несумленную гульню, не жадаюць нас разумець і ствараюць непатрэбныя затрымкі. Нам абяцалі, што нашы людзі і купцы змогуць бесперашкодна хадзіць паўсюль, дзе пажадаюць, а вашы людзі змогуць наведваць пасольскі двор без усялякіх перашкод. Але замест гэтага, нас па-ранейшаму трымаюць пад замком. Не толькі ў вялікіх, але і ў малых рэчах кожны, хто пажадае, можа ўбачыць падступства і хітрасць вашага народа.

Гарыхвостаў адказваў:

— Пан Казімір! Ні адно ваша слова, якое вы нам кажаце, не забываецца намі. Мы ўсё даносім думным баярам. Нашы галовы для таго, каб мы запаміналі ўсё, што ад вас пачуем. Адносна таго, што вашых людзей не выпускаюць за сцены пасольскага двара, дык мы вас папярэджвалі, што будзеце бачыць толькі царскія вочы. Пра тое, каб быў царскі ўказ на бесперашкодны выхад вашых людзей і купцоў у горад, то гэты артыкул будзем абмяркоўваць з думнымі баярамі.

Пан Песачынскі дадаў:

— Неабходна, каб загадалі вывезці гной і адходы з пасольскага двара, бо паўсюль стаіць невыносны пах і цесната.

Прыставы абяцалі неадкладна вывозіць адходы з пасольскага двара.

Паслы таксама паведамілі прыставам, што хочуць паслаць ганца да караля. Для ганца неабходна вылучыць прыстава, які б бяспечна правёў яго да мяжы. Прыставы абяцалі прынесці адказ.

Пасля апоўдня прыставы прыйшлі да іх міласцяў паслоў і паведамілі, што яны данеслі баярам праблемы, якія абгаворваліся раней. Ад імя баяраў перадалі, што тыя абяцалі неўзабаве ўсё вырашыць з іх міласцямі пасламі. Праўда, дакладны час не акрэслілі.

Пра свабодны выхад з двара паведамілі, што з наступнай раніцы брама будзе адчынена і ўсе могуць вольна хадзіць і што трэба купляць або прадаваць. Але запатрабавалі, каб нашы не хадзілі вялікімі гурбамі, што можа прывесці да сутычак з мясцовымі людзьмі.

Не забаранілі даць прыстава для ганца, але толькі на той перыяд, калі ганец будзе вяртацца ад яго міласці караля. Як яны самі прызналі, ганца затрымаў вяземскі ваявода і паведаміў пра яго цару, каб валадар даў наконт ганца далейшыя ўказанні. Каб не затрымка, ганец быў бы ўжо ў Маскве на мінулым тыдні. Маскавіты і самі дзівяцца, чаму гэтак доўга ганец не вяртаецца. Спадзяёмся, аднак, што вечарам або раніцай ганец прыбудзе. Але думныя баяры паставілі пад сумненне тое, што ганца адразу праводзяць да пасольскага двара.

Пяць чацвярцей аўсу і столькі ж вазоў сена паступіла ў належным парадку. Гэтаксама паабяцалі, што ў выпадку патрэбы мець нешта дадаткова, цалкам задаволяць усе патрэбы.

Збудавалі чатыры клеці для купцоў і дзве каплічкі для набажэнства.

28 (лютага) у сераду. Пачалі выпускаць нашых з двара, апрача дробнай чэлядзі. За кожным з нашых хадзілі стральцы. Як мы заўважылі гэта, нам было спачатку вельмі прыкра. Але потым, калі нашы хадзілі да крамаў, то ўбачылі злодзеяў, якія там хадзілі натоўпамі. Там на іх няма аніякай управы. Яны толькі і чакаюць, каб нешта скрасці, якую вопратку ўхапіць ці нават рукаў ададраць. Менавіта стральцы, убачыўшы іх каля нашых, кіямі іх адагналі. Невядома, як яны іх распазнаюць, паводле якіх прыкметаў. Маскавіты нам патлумачылі, што ахова і нагляд за намі прыстаўлены якраз для таго, каб абараніць ад злодзеяў і розных непрыемнасцей.

Нам дазвалялася вольна выходзіць ад восьмай гадзіны да дзвюх гадзін дня. У нядзелю дазвалялася, каму трэба было, вольна выходзіць раней і вяртацца пазней.

З лістамі караля яго міласці прыехаў пасланнік з Дарагабужа Грабоўскі, за якім маскавіты накіроўвалі ганца.

Калі прыйшлі прыставы, іх міласці паны паслы размаўлялі з імі пра нявырашаныя пытанні, моцна дзівіліся з упартасці думных баяраў. Абураліся тым, што патрэбных рэчаў не толькі не скончылі, але нават і не прыступалі да іх.

Прыставы, не называючы пэўнага часу, абяцалі ад імя думных баяраў, што ў хуткім часе пачнуцца перамовы, а цар сваіх хросным цалаваннем зацвердзіць пастановы.

Прыставы гэтаксама абяцалі перадаць баярам клопаты, выказаныя пасламі.


III


Сакавік 1635 года.

1 у чацвер. Прыйшлі прыставы да іх міласцяў паноў паслоў і папрасілі пера­даць ім спіс купецкіх тавараў, які іх міласці абяцалі ім прадаставіць.

Іх міласці паны паслы абгаварылі з прыставамі ўмовы вызвалення нашых вязняў з палону. Прыставы адказалі, што тых, каго затрымалі звычайным парад­кам за дробныя парушэнні, хутка адпусцяць. Тых жа, каго адправілі ў вязніцы паводле загаду валадара, будуць надалей трымаць, а затым моцна іх пакараюць.

У той жа дзень персідскі пасол прыехаў да сталіцы. Загадана яму спыніцца ў Белым горадзе ў Ізмайлавым двары.

2 у пятніцу. Іх міласці паны паслы часта нагадвалі думным баярам пра пунк­ты, аб якіх яшчэ не была дасягнута згода. Нарэшце, праз прыставаў баяры перадалі іх міласцям панам паслам, каб у чатыры гадзіны апоўдні паводле іх часоўніка, гэта значыць, а палове дзясятай, былі ў замку.

Іх міласці гатовы былі неадкладна адпраўляцца. Прыставы запыталіся, як іх міласці хочуць ехаць.

Яго міласць пан камянецкі адказаў:

— У карэце.

Ім яго адказ быў не ў смак. Прыставы раілі ехаць вярхом паводле звычаю.

Але яго міласць пан камянецкі заўпарціўся і заявіў:

— Што пастанавілі, ад таго не адмовімся.

Прыставы з тым ад’ехалі да замка.

У іх прысутнасці яго міласці пану ваяводзічу віленскаму і яго міласці пану Вяжэвічу не выпадала пярэчыць патрабаванням яго міласці пана камянецкага. Але пасля ад’езду прыставаў настойліва раілі яму, каб ён не патрабаваў увядзення новых звычаяў, не ўносіў непатрэбных ультыматымаў, якія зацягваюць час. Угаворвалі ехаць да замка паводле ўстаноўленых звычаяў і каб ён не прыдумляў ехаць у карэце. Бо маскавіты, напэўна, таго не дазволяць. Яны заўжды трымаюцца даўніх звычаяў.

Пан камянецкі быў упэўнены, што прымусіць маскавітаў выканаць яго пажаданне. Ён адказаў іх міласцям:

— Міласцівыя панове, будзьце ўпэўненыя, што дамагуся свайго. Пакладзіцеся, ваша міласць, на мяне.

Вярнуўшыся з замка, прыставы прыйшлі да іх міласці паноў паслоў. Ад імя баяраў яны пераказалі паслам ехаць да замка не ў карэце, а вярхом на конях.

Яго міласць пан камянецкі запярэчыў:

— Ці ж мы халопы вашага цара, што вашы баяры нам намерваюцца загадваць?! Мы не з Астрахані і не з Казані прыбылі сюды. Мы вольныя людзі і прыехалі да вас ад караля яго міласці, нашага пана і вялікага гаспадара, які пануе над вольным народам. Мы не падпарадкоўваемся загадам думных баяраў і паедзем гэтак, як нам падабаецца. Па ўсім бачна, вы шукаеце розныя прычыны, каб толькі перашкодзіць падпісанню замірэння, дзеля якога мы сюды прысланыя. У такім разе, выпусціце нас, не прыдумваючы розных недарэчнасцей. І мы паедзем да караля яго міласці пана нашага.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі не паказваў перад маскавітамі ўнутраных разыходжанняў, бо ён згаджаўся ехаць вярхом на конях. Таму ён на словах падтрымліваў яго міласць пана камянецкага і ганіў маскавітаў. Ён даводзіў прыставам наступнае:

— Мы ездзілі ў карэце нават да Папы Рымскага. І не толькі ў вашага гаспада­ра, але і ў іншых манархаў бываем. Нам дазволена ездзіць гэтак, як нам зручна і ў адпаведнасці з нашым выбарам. А вы пярэчыце нам ва ўсім.

Прыставы адказалі:

— Вам, вялікім паслам, мы тое паведамілі, што нам загадалі думныя баяры. А вашы словы ў дакладнасці ім перададзім.

І адразу ж яны ад’ехалі ў замак.

Зноў вярнуўшыся, прыставы паведамілі іх міласці паслам:

— Яго царская вялікасць наш вялікі гаспадар і баяры, думныя людзі, загадалі сказаць вам, вялікім паслам, каб вы ўсё рабілі паводле ранейшых звычаяў, прыязджалі не ў вазках, а вярхом на конях.

Яго міласць пан камянецкі адказваў:

— Заўжды захоўваўся звычай, што паслы маглі ехаць гэтак, як яны жадалі, — вярхом на конях або ў вазку, або пешшу, або нават ляцець, чаго мы не патрабуем. І нам не цяжка ехаць вярхом або ісці пешшу да вашага гаспадара. Але, каб не саступаць вашай настырнасці і грубіянству, мы паедзем гэтак, як вам сказалі. Гэтым не будзе парушаны гонар вашага гаспадара. Мы шануем яго царскую вялікасць гэтак жа, як і караля, нашага гаспадара, пана нашага міласцівага.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі зазначыў:

— Мы, папраўдзе, да вашага цара пад’едзем не на возе. Там з яго выйдзем, дзе з коней зсядалі. І да цара пешшу пойдзем. Няхай думныя баяры не зневажаюць нас, няхай не вучаць нас розуму!

Яго міласць пан камянецкі дадаў:

— Пан Казлоўскі, я цябе люблю як добрага прыяцеля і сябра. Але не хачу табе казаць непрыстойных слоў, хоць і варта было б іх сказаць. Аднойчы, нас шэсць чалавек вярхом на конях ехалі адзін каля аднаго. З-за цеснаты штурхалі адзін аднаго. Ці ж не ты тады наслухаўся абразлівых слоў!? Вы, царскія дваране, вольныя ехаць так, як вам зручна, хоць за нашым возам, хоць перад намі, хоць вярхом, хоць у санях! Як хочаце так і рабіце, і мы рушым услед за вамі.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі падтрымаў яго міласць пана камянецкага. Ён прамовіў:

— Дагэтуль няма аніякіх заключных запісаў і грунтоўнага завяршэння распачатай справы. З-за вашай непатрэбнай настырнасці могуць быць разбураны добрыя намеры. Бог вам суддзя і ён пакарае ўсіх вас за ўчыненыя перашкоды.

Яго міласць пан камянецкі дадаў:

— Мы не адступімся ад таго, што сказалі.

Прыставы адышлі крыху ў бок і ў той жа ізбе пачалі раіцца паміж сабой. Потым, звяртаючыся да іх міласцяў, адказалі:

— А калі яго царская вялікасць па вас, вялікіх паслоў, свае сані пашле, ці пакінеце вы свае калёсы?

Яго міласць пан камянецкі адказваў:

— Мы таму не пярэчым. Прымем за вялікі гонар для сябе.

Убачылі прыставы, што іх міласці згодныя на такі варыянт, вымавілі:

— Вам, вялікім паслам, варта таксама ведаць, што з кожным паслом побач будзе ехаць царскі дваранін. Гэтак у нас прынята.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі, які зусім не дамагаўся той язды на возе, адно толькі падтрымліваў яго міласць пана камянецкага, на тыя словы прыставаў адказаў:

— Раней мне рак на гары свісне, чымся цар дакажа, што я абавязаны ехаць перад якім-небудзь яго дваранінам. Мы, абодва паслы, роўныя адзін аднаму, адзін другога нічым не пераўзыходзім і не можам ставіць сябе адзін вышэй за другога. Таму будзем сядзець на вазку побач адзін з адным.

Прыставы не мелі ад думных баяр аніякіх рэкамендацый пра тыя сані, таму ад сябе толькі паведамілі, што не могуць самастойна прыняць канчатковага рашэння і з тым адышлі. Яны селі на вазы і паехалі да замка. Там яны нядоўга забавіліся і зноў вярнуліся да іх міласцяў паноў паслоў. Прыставы паведамілі паслам волю думных баяраў:

— Нашага вялікага гаспадара яго царскай вялікасці баяры, думныя людзі, загадалі вам казаць, каб вы не на вазках, а вярхом ехалі.

Яго міласць пан камянецкі настойваў на пераглядзе іх ранейшых звычаяў. Ён казаў:

— Вы як пачалі з перагляду тэрмінаў ламаць прысягу, так і цяпер, не маючы дастатковых падстаў, толькі дзеля выдумак, яе ламаеце. У такім выпадку, дайце нам прыстава для нашага ганца, і мы ўсё аб’явім каралю яго міласці, што вы з намі паступаеце, нібы з нявольнікамі. Хочаце, каб мы рабілі так, як вам падабаецца. Сапраўды, калі б яго царская вялікасць на кані сядзеў, то нам бы не прыстала на вазку ехаць да яго. Таксама, калі б выслаў сваіх дваран вярхом на конях сустракаць нас, то мы, паважаючы гонар яго царскай вялікасці і аказваючы гонар дваранам, вярхом на конях ехалі б. Мы выконваем царскі наказ быць у яго і ўжо гатовыя ехаць, толькі загадайце вароты адчыніць, але думных баяраў слухацца не будзем. Яны не будуць нам указваць, якім чынам нам належыць ехаць. Як самі пажадаем, гэтак і паедзем.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі зазначыў:

— Мы прыехалі да вас ад вялікага гаспадара як вольныя людзі. Баяры не прымусяць нас адмовіцца ад слушных рэчаў. Той, хто адступіць ад іх — зламае прысягу і будзе сурова пакараны. Мы ў карэце ехаць хочам дзяля той прычыны, што цяпер, як бачыце, на дварэ непагадзь, дождж л’е. Няхай думныя баяры загадваюць сібірскім, астраханскім і казанскім людзям, а мы будзем чыніць гэтак, як нам, вялікім паслам, належыць і як нам дыктуе слушнасць. Прыехалі сюды цалкам паводле волі яго міласці караля і не падлягаем тут нічыёй уладзе.

Адказалі прыставы:

— І тое вам належыць рабіць, што і ранейшыя паслы рабілі.

Паколькі словы яго міласці пана ваяводзіча віленскага з’яўляліся яго асобнай думкай, яго міласць пан камянецкі дакараў Сапегу, што той адступіў ад яго задання і без пярэчанняў пагадзіўся з прыставамі ехаць вярхом на конях.

Яго міласць пан Мадаленскі заявіў прыставам:

— Зразумейце тое самі, што вашы баяры беспадстаўна распараджаюцца. Лепей дазволіць іх міласці паслам дзейнічаць паводле іх волі, каб хутчэй дасягнуць неабходнай згоды.

Прыставы з тым ад’ехалі да замка.

А калі вярнуліся, то ўжо не наведваліся да іх міласці паслоў.

Такім парадкам, той дзень быў змарнаваны на непатрэбныя спрэчкі пра карэты.

Пазней, яго міласць пан ваяводзіч віленскі, яго міласць пан Вяжэвіч і яго міласць пан Мадаленскі і іншыя дваране са складу пасольства, убачылі, што ўзнікла небяспека зрыву перамоваў з-за таго, што пан камянецкі не жадаў слухаць парад яго міласці ваяводзіча віленскага. Яны адкрыта, у вочы выказалі пану камянецкаму, што яго настырнасць і амбіцыі — сорамныя і неспрыстойныя.

3 у суботу. Прыставы прыслалі чалавека даведацца, ці могуць яны прыйсці да іх міласці паслоў. Тыя ў адказ паведамілі, каб прыставы не прыходзілі да іх з такімі ж плёткамі, якімі зглумілі ўчарашні дзень.

Прыставы паведамілі, што існуе звычай, паводле якога яны мусяць наведвацца да паслоў штодня і пытацца пра іх здароўе.

Іх міласці дазволілі прыставам прыйсці да іх і з удзячнасцю паведаміць пра здароўе.

Яго міласць пан камянецкі сказаў ім:

— Калі зноў прыйшлі нас розуму вучыць, можаце адразу ісці назад і ніколі з тым сюды не прыходзіць. Мы прыехалі поўнасцю пры сваім розуме. Кароль яго міласць бачыў, каго паслаў, — зусім не прастакоў, якія не разбіраюцца ў справе і якія гатовыя жыць чужым розумам. Учарашні дзень змарнавалі на непатрэбныя пункты, якія не адносяцца да заканчэння распачатай справы. Мы прыехалі да вашага гаспадара ўскласці карону на яго галаву ад імя караля, яго міласці пана нашага. А вы паводзіце сябе з намі як з нявольнікамі, пачынаеце дамагацца ад нас, каб мы ўсё чынілі паводле волі вашых баяраў. Ніхто ніколі не абгрунтуе, што вольным людзям павінны загадваць нявольнікі.

Адказаў Гарыхвостаў:

— Вялікія паслы, мы прыйшлі да вас паводле нашага звычаю і па загадзе гаспадара запытацца пра ваша здароўе. Пра тое, што адбывалася ўчора, мы апавясцілі думных баяраў. А цяпер прыйшлі, каб толькі ўбачыцца з вамі і размаўляць аб выездзе, і ні пра што іншае не маем даручэнняў.

Прамовіў яго міласць пан ваяводзіч віленскі:

— Учора да нас некалькі разоў прыязджалі і ад імя думных баяраў гаварылі, каб мы ехалі вярхом на конях. Невыносна для нас, вольных людзей, слухацца загадаў нявольнікаў. Ад іх імя прасілі нас, каб мы не ехалі возам. Мы падпарадкоўваемся толькі каралю, яго міласці пану нашаму, і Госпаду Богу. Менш за ўсё мы збіраемся слухацца вашага гаспадара, а тым болей, думных баяраў.

Прыставы, спасылаючыся на колішнія звычаі, адказвалі:

— Не можа інакш быць, а толькі так, як перад тым бывала.


Убачыўшы гэткае супрацьдзеянне, іх міласці паны паслы сказалі прыставам:

— Спытайцеся ў думных баяраў, патрэбныя мы тут ці не? Калі патрэбныя, няхай не перашкаджаюць нам быць у вашага гаспадара і пачынаюць абмяркоўваць з намі артыкулы, аб якіх покуль няма згоды. Прыйшоў час даводзіць да лагічнага завяршэння распачатую справу. Калі ж мы непатрэбныя, адпусціце нас у нашу Айчыну. Магутны Бог бачыць нашу праўду і вашу няпраўду, кожнаму паводле заслуг заплаціць.

Пры гэтым, іх міласці паны паслы дэкляравалі:

— Калі вы разлічваеце трымаць нас у вашай зямлі больш за восем зімовых тыдняў ад уезду да выезду, то мы страцім пасольскі статус і будзем ужо не пасламі, а палоннымі. У загадзе караля яго міласці сказана і тое ў заключных запісах выразна запісана, што мы на працягу васьмі тыдняў ад уезду ў вашу зямлю і выезду ад вас валодаем пасольскімі паўнамоцтвамі.

Маскавіты, аднак, інакш тлумачылі той пункт, занесены ў заключныя запісы. Яны лічылі два месяцы ад моманту прыезду ў сталіцу і выезду з яе.

Іх міласці паны паслы запатрабавалі даць прыстава да іх ганца, якога меліся накіраваць да думных баяраў. Яны хацелі данесці да іх свае патрабаванні і атрымаць адказ.

Учарашнія непатрэбная спрэчка з прыставамі, падчас якой пан камянецкі паказваў абсурднасць іх настырнасці, прывялі да таго, што ўвечары маскавіты выставілі вакол пасольскага двара варту ў колькасці тысячы стральцоў.

Яго міласць пана ваяводзіча віленскага і яго міласць пана камянецкага вартавала ўзброеная пяхота. Са стрэльбамі яны стаялі ля сеняў і ля брамы, нават, распалілі вогнішча. Прыставы, якія прыехалі з замка ўначы, залілі вогнішча. Аднак праз нейкі час яго зноў распалілі.

Паны паслы не захацелі маўчаць і напомнілі прыставам, каб яны таго другі раз чыніць не наважваліся. У абарону пехацінцаў яны паабяцалі прыставам, што той, хто асмеліцца заліваць агонь, страціць руку, ці, нават, на месцы нежывым застанецца. А затым можа быць нават бойка.

Паслы гэтаксама нагадалі прыставам:

— Паколькі вы нас у гэтым двары размясцілі, мы ў ім адказваем за парадак. Вашая справа чыніць тое, што мы перадаём праз вас думным баярам і тое, што яны нам перададуць цераз вас.

Нічога на тое не адказаўшы, прыставы ад’ехалі ў замак.

Гадзіны ў дзве прыставы вярнуліся з замка. За імі ў карэце прывезлі ўсё чыста, што было перададзена цару ў якасці розных незвычайных падарункаў. Ён, аднак, пакінуў сабе некалькі падарункаў, якіія яму былі паднесены ў знак удзячнасці. Існаваў такі звычай, каб і паслы падносілі ад сябе падарункі. Гэтак было ў часы першых цароў, гэтакі звычай заставаўся і цяпер. Але вернутае ў той карэце прынесла паслам клопат і прыкрасць. Паслоў надзвычай пакрыўдзіла такое абыходжанне з імі, якое яны патлумачылі ганарлівасцю маскавітаў.

Калі прыставы прыйшлі, яны прамовілі:

— Вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, вам, вялікім паслам, усё ваша адсылае.

Перайшлі на суровую мову, куды больш рэзкую, чымся перад тым было. Загучалі абвінавачанні ў клятваадступніцтве і невыкананні ў тэрмін заключных запісаў. Іх міласці паслы абвінавачвалі маскавітаў у няшчырасці і частай здрадзе. Крытыкавалі за тое, што не выконвалі ўзятых на сябе абавязкаў, спасылаючыся на спрадвечныя звычаі. Папракалі маскавітаў за тое, што яны, у адпаведнасці з іх натурай, чыняць падман і здраду.

Асабліва ўразілі іх міласць паноў паслоў выказванні супраць паездкі ў карэ­це. Пасля гэтага цяжка было паверыць у іх прыязнае стаўленне да нас. Яны часта змянялі ўласныя думкі, іх наогул цяжка было, часам, зразумець. Маскавіты гадзінамі ганьбілі паслоў, і не толькі іх, але і наогул усіх старэйшых.

У канцы, калі прыставы маўчалі, доўга нічога не адказваючы, і, нават, хацелі пайсці ўжо, яго міласць пан камянецкі ўзняўся. Ён узяў Казлоўскага і Г арыхвостава за рукі, зняў з сябе маску суровасці, падставы для якой дарэчы сам стварыў, і пачаў з імі гаварыць мяккімі словамі. Пан камянецкі паспрабаваў лагодна ўгаворваць іх, але толькі выклікаў новы выбух ганарлівасці.

Гарыхвостаў тут жа заявіў:

— Вялікія паслы, скажыце у рэшце рэшт, ці збіраецеся вы быць у вялікага гаспадара нашага? Калі жадаеце вярнуцца ў Літву, так і кажыце, а мы думным баярам паведамім. Царская вялікасць дасць вам грамату або праз ганца свайго пашле да вашага гаспадара, каб даслаў іншых паслоў для падпісання мірнай дамовы, калі вы такія ўпартыя.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:

— Як мы разумеем, вы хочаце ўскласці віну за заламанне прысягі на наша пасольства. Але Бог бачыць ваш падман і вам цяжка схаваць вашу хлусню. Мы выконваем загад караля, яго міласці пана нашага, таму, выконваючы місію нашага пасольства, гатовы давесці да ладу распачатыя справы. Мы і не думаем ад’язджаць адсюль, нічога не здзейсніўшы. Хіба, калі гаспадар ваш і вы самі прычынай таму будзеце. Не зловіце нас тымі сілкамі, якія на нас паставілі сваімі хітрыкамі.

Яго міласць пан камянецкі, які спачатку моцна настойваў на карэце, цяпер пачаў з імі лагодна і прыязна аб усім размаўляць. Для ўсіх стала зразумела, што неабходна альбо працягваць бессэнсоўна ўпарціцца, або ўсё ж такі спыніць спрэчкі і завяршыць распачатую справу, не выклікаючы больш абурэння маскавітаў.

4 у нядзелю. Паводле заведзенага звычаю прыставы прыйшлі да іх міласцяў паноў паслоў. На гэты раз паслы пачалі размаўляць з імі вельмі лагодна. Яны, урэшце, дамовіліся пра завяршэнне добрай справы.

У той дзень, а шостай гадзіне ўдзень, паводле маскоўскага часу, персідскі пасол ехаў да Крым-горада ў наступным парадку.

Маскоўскія стральцы ў колькасці 170 чалавек, ідучы адзін за адным, неслі разнастайныя золатагаловыя персідскія матэрыі па адной штуцы. Кожная з іх была часткова адгорнута для бачнасці.

Затым ехаў канюшы, за якім персы пешшу вялі сем коней, прыкрытых чалдарамі, і двух мулаў.

За імі персы неслі ўпрыгожаныя сякеркі, персідскія калпакі, страмёны, вуздэчкі, лук, лубы і розныя сёдлы. Кожную рэч неслі паасобна, многія з якіх былі без усялякага аздаблення.

Потым 200 маскоўскіх стральцоў неслі нейкі напой, мядовага колеру, у шкляных акруглых слоіках з тоненькімі шыйкамі, накшталт збаноў. Кожны стралец нёс па адным слоіку.

За імі зноўку персы вялі пад чалдарамі сем коней.

За імі стральцы, у колькасці 70 асоб, неслі розныя лёгкія персідскія матэрыі. Кожны нёс па адной штуцы. Іншыя неслі каштоўныя чапрагі, рыхтаваныя золатам.

На заканчэнне маскоўскія стральцы неслі 12 шаўковых дываноў, упрыгожаных золатам. А таксама шэсць проста шаўковых, але вялікіх настолькі, што кожны разгорнуты дыван неслі па 8 стральцоў. А пару дываноў наогул неслі ажно 12 стральцоў.

Потым два конюхі вялі асядланых коней.

Затым сам пасол ехаў у маскоўскіх санях. Яго вёз маскавіт. Сам пасол сядзеў у залатой шапцы, меў пучок і пару фазанавых пёраў. Тыя, якія стаялі на санях перад ім, таксама былі ў пазалочаных шапках. З правага боку ехалі прыставы. З левага боку яго суправаджалі трое саней. Яны ехалі гэтак блізка да пасольскіх саней, што, здавалася, нібыта, яны разам звязаныя. Сані маскавітаў ні на крок назад або ўперад не выступалі, роўна з пасольскімі ехалі.

Па баках ішлі некалькі персаў з янычарамі, якія, па ўсім відаць, неслі нейкія рэчы ў падарунак цару.

За пасольскімі санямі персы (а па-маскоўску — казлубашы) неслі светлы лук з калчанам і лубай.

Ззаду ехалі персы, якіх было 17 чалавек, на белых царскіх конях, усе пад шэрымі пёрамі. Гэтаксама ў кожнага каня, якіх раней праводзілі, былі пёры заткнутыя на хрыбтах.

Той пасольскі поезд нават не спадзяваліся ўбачыць, але прыставы прыйшлі да іх міласці паноў паслоў і сказалі, што ўсе з пасольства могуць пайсці і паглядзець на тое.

Так давялося ўбачыць выхваленні маскавітаў. Яны такім чынам паказвалі, у якой надзвычайнай прыязнасці з іх гаспадаром жыве персідскі шах і якія падарункі дасылае яму.

5 у панядзелак, дзень святога Казіміра. Пасля прыходу прыставаў і доўгіх прывітанняў, распачалі з імі абмяркоўваць публічныя справы.

Яго міласць пан камянецкі прамовіў:

— Вы выдатна ведаеце, з чым мы да вас прыехалі. Але трымаеце нас некалькі тыдняў пад замком. Мы нават не пачалі гаварыць пра завяршэнне распачатай справы. Вы наўмысна ўсё зацягваеце. Будзе справядліва, калі вы паведаміце ад нас вашым думным баярам, каб надалей не затрымлівалі справы.

Гарыхвостаў адказаў:

— Усяму, што накіравана на здзяйсненне дабра, дзякуючы Богу, будзе добрае завяршэнне. Калі ёсць разыходжанні ў малых артыкулах, іх трэба пакінуць і казаць пра галоўнае. Вам, вялікія паслы, на гэтым свеце будзе слава на доўгія гады і ласка ад Бога, калі вы паміж вялікімі васпанамі і іх шырокімі дзяржавамі спыніце праліццё крыві хрысціянскай і здзейсніце вечны мір па абодва бакі.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказваў:

— Мы сабе таго ж гэтаксама жадаем. І прыехалі сюды не гуляць, а гатовыя да завяршэння давесці распачатую справу. Мы страцілі некалькі дзён з-за таго, што хацелі ехаць возам, а вы ад імя цара і думных баяраў загадвалі ехаць вярхом. Мы змушаны былі трохі пачакаць, а не адразу выконваць вашыя распараджэнні. Мы і цяпер хочам ехаць да вашага гаспадара паводле нашай волі, не слухаючы нічыіх загадаў. Паедзем гэтак, каб больш паміж намі не паўставала спрэчкі.

Прыставы заявілі, што не зразумелі слоў, сказаных ім. Яны прасілі іх міласцяў паслоў больш выразна выказацца адносна таго, што тыя згодныя ехаць вяр­хом на конях.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:

— Неверагодна доўга вы вялі з намі непатрэбную спрэчку наконт той паездкі. Не жадаючы, каб тая добрая справа з-за цяганіны была разарвана, мы вам дэкляруем, што гэтак паедзем, як нам падасца зручным. І больш няхай не будзе аб тым аніякай кручыны. І ведайце, што мы тое ўчынім з нашай добрай волі, а не з дазволу цара або думных баяраў.

Яго міласць пан камянецкі сказаў прыставам:

— Да сённяшняга дня збіраўся ехаць на возе, паколькі ў мяне балела нага. Менавіта таму я жадаў ехаць да замка ў карэце. Цяпер мой боль прайшоў. Паеду паводле жадання маіх таварышаў вярхом на кані.

Ледзьве ён тое прамовіў, маскавіты вырашылі, што іх міласці паслы пагадзіліся ехаць вярхом на конях. Прыставы нізка пакланіліся іх міласцям панам паслам, а Гарыхвостаў прамовіў:

— Вялікія паслы, не з таго складаўся пачатак, на чым мы на доўгі час спыніліся, і не пра тое завяршэнні ішла гаворка! Аб вялшай справе нам усім ласкава трэба размаўляць і ўсякімі спосабамі яе чыніць. А калі Бог вечную дружбу і сяброўства паміж нашымі васпанамі ўмацуе, то і меншыя артыкулы самі сабой палагодзяцца. Хай здзейсніцца ўгодная Богу справа! А цяпер вам, вялікім паслам, за тое чалом б’ем. Паведамім думным баярам вашу волю і дамо вам адказ, калі зможаце быць у нашага гаспадара.

Калі скончылася святая імша, прыставы вярнуліся з замка да іх міласцяў паноў паслоў. Маскавіты далі знаць, што паслы могуць быць заўтра зранку ў цара.

Гарыхвостаў літаральна сказаў:

— Дасць Бог, добрая справа неўзабаве здзейсніцца. І вы, вялікія паслы, убачыўшы вочы гаспадара нашага, паводле яго загаду разам з баярамі, думнымі людзьмі, недамоўленыя артыкулы ўзгодніце. І вам за тое будзе вялікая Слава! І праліццё крыві хрысціянскай спыніце! За гэта вялікая хвала Госпаду Богу Ісусу Хрысту Спасу! І ўсім Божым анёлам і ўсім сілам нябесным вялікая будзе радасць! І ад усіх людзей, якія жывуць у дзвюх дзяржавах, вам будзе багамолле!

Яго міласць пан камянецкі адказаў:

— Спадзяёмся на ласку Бога, які над усім валадарыць, што ён гаспадароў нашых і іх вялікія дзяржавы прывядзе да сумоўя і згоды пасля жорсткага кровапраліцця, на доўгі час і наступныя вякі захавае тую дабраславенную згоду. Каб паміж нашымі гаспадарамі і дзяржавамі адбылося трывалае злучэнне сілы. Каб яны прыходзілі на дапамогу супраць паганых непрыяцеляў Крыжа Хрыстова.

Маскавіты ўсталі, узнеслі рукі да неба і дзякавалі іх міласцям панам паслам за іх шчырую працу на карысць заключэння вечнага міру. Прыставы, якія некалькі дзён перад тым хадзілі, як кажуць, павесіўшы насы і вельмі сумныя, цяпер выглядалі больш жвавымі і весялейшымі, і, здаецца, былі ўсім задаволенымі.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі на дзень святога Казіміра прымаў у сябе яго міласць пана камянецкага і яго міласць пана Вяжэвіча і іншых названых іх міласцяў і сваіх слуг.

Пасля набажэнства, якое кожны дзень у яго міласці пана ваяводзіча віленскага з музыкай праводзілася, прыйшлі да яго міласці прыставы, павіншавалі з імянінамі і пажадалі, з ласкі Божай і з ласкі вялікіх гаспадароў, добрага здароўя, шчаслівага і доўгага веку.

Свае добрыя пажаданнні прыставы выказалі на іх роднай мове. Яны гэтаксама паведамілі, што ў іх існуе звычай не толькі віншаваць падчас імянін, але і дараваць узаемныя крыўды і непаразуменні.

Прыставы прасілі іх міласцяў паноў паслоў абмеркаваць дагэтуль неабгавораныя артыкулы, каб пры гэтым, аднак, не прысутнічалі іншыя асобы. І каб толькі яны, ад імя думных баяраў, упаўнаважаных на тое царом, маглі заставацца падчас размовы.


Другі візіт да цара.

6 у аўторак. Надвор’е было выдатным. Крыху слушнай выглядала крытыка іх міласцяў, што ў гэтакі дзень, нібыта, з-за непагадзі ў карэце ехаць хацелі.

А палове на адзінаццатую выехалі іх міласці паны паслы гэтакім жа парад­кам, як і першы раз.

Узышоўшы на гару, накіраваліся да цара. Прайшлі праз адну ізбу і ўвайшлі ў Залатую палату. Там знаходзілася царскае атачэнне — дваране і дзякі ў строях, шатах і цэрыманіяльных вопратках. Без усялякіх перашкод яны сустракалі і праводзілі іх міласцяў паноў паслоў.

Цар сядзеў на меншым троне, чымся мінулы раз. Ён трымаў у руцэ жэзл, яблык ляжаў побач. На галаве ў яго была сабаліная шапка, а на ёй — карона, якая адрознівалася ад той, што была ў яго мінулы раз. Гэтая была менш каштоўнай. Цар сядзеў у шатах, аздобленых жэмчугам і каштоўнымі камянямі.

Палац, дзе праходзіла сустрэча, быў значна меншым, чымся той, дзе адбывалася першая аўдыенцыя. Навокал папярэдняга палаца паўсюль ішоў памост.

Неўзабаве іх міласці прыйшлі да цара і пакланіліся яму.

Пячатнік ад імя цара прамовіў да іх:

— Вялікі гасудар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гасудар і ўладальнік, вас, вялікага гасудара Уладзіслава

Чацвёртага, караля Польскага, вялікага князя Літоўскага і іншых, брата свайго, вялікіх паслоў пытаецца, ці здаровыя вы?

Іх міласці паны паслы адказвалі:

— Дзякуючы ласцы Божай, — мы здаровыя! І за такое падараванне царскай вялікасці выказваем падзяку.

Той жа пячатнік пачаў казаць зноў:

— Вялікі гасудар цар грамату вялікага гасудара Уладзіслава чытаючы слухаў, і тая, яго царскай вялікасці і нам усім баярам, думным людзям, спадабалася. На яе, яго царская вялікасць да вялікага гасудара вашага, дасць вам, вялікім паслам, сваёй граматай адказ.

У адказ на вашу просьбу і аб мірнай дамове, вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, загадаў баярам сваім дамовіцца з вамі, вялікімі пасламі.

Затым выступіў Васіль Іванавіч Стрэшнеў, акольнічы царскі. Ён зачытаў спіс тых думных баяраў, з якімі належала дамаўляцца. Весці перамовы з іх міласцямі пасламі даручалася — думнаму баярыну Фёдару Іванавічу Шарамецьеву; намесніку пскоўскаму, князю Дзмітрыю Міхайлавічу Пажарскаму-Старадубскаму; намесніку каломенскаму, князю Фёдару Фёдаравічу Валконскаму; акольнічаму і намесніку калужскаму, пячатніку, думнаму дзяку Івану Тарасавічу Грамаціну і думнаму дзяку Івану Апанасавічу Г аўранёву.

Пячатнік вымавіў:

— Ідзіце, вялікія паслы, дамаўляцца з намі, яго царскай вялікасці баярамі.

Яго міласць пан камянецкі папрасіў аўдыенцыі. Атрымаўшы яе, прамовіў да цара:

— Хацелі мы пачынаць наша пасольства не з таго артыкула, вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усёй Русі самаўладца. Жадалі, найперш, вызвалення вязняў убогіх, бо яшчэ доўгі час да пачатку заключных запісаў і прысягі абодвух вялікіх паслоў. Яны затрыманы тут, у сталіцы, і ў іншых гарадах тваёй царскай вялікасці. Людзі з нашага народа просяць нас аб тым, каб мы тваёй царскай вялікасці білі чалом, молячы адпусціць адусюль на волю нашых палонных.

Вядома нам, што выйшаў загад тваёй царскай вялікасці, каб ніхто ў тваёй дзяржаве не наважваўся затрымліваць і хаваць нашых людзей. Знаходзяцца, аднак, такія, што не хочуць выконваць мірнай дамовы, прысягі вялікіх паслоў і загады тваёй царскай вялікасці.

Калі ён тое гаварыў, усе іх міласці паслы знялі шапкі. Бо спачатку, калі гаварылі ад караля яго міласці, то шапак не здымалі. А цяпер, калі гаварылі ад сябе, гэтак зрабілі. Але, калі іх міласці паслы нічога не гаварылі, то ўскладалі шапкі назад на галовы. І калі Грамацін гаварыў, у шапках яго слухалі і адказвалі яму. Здымалі толькі ў той момант, калі згадваўся кароль, яго міласць, або цар.

Дваране і слугі ўвесь час без шапак стаялі. Іх міласці паслы заўжды мелі лаўкі, каб прысесці.

Грамацін, выслухаўшы тыя просьбы, трохі наблізіўся да цара і пашаптаўся з ім. Затым звярнуўся да іх міласцяў паслоў са словамі:

— Па ўсім шырокім гаспадарстве выйшаў яго царскай вялікасці загад, каб з усіх гарадоў і ад баяраў усе палонныя сюды прыведзены былі. Той, хто не паслухаецца таго загаду царскага вялікасці і людзей вашых затрымае, заплаціць сваёй галавой. І ўжо прыйшлі больш за чатыры тысячы палонных з далёкіх гарадоў і цяпер яшчэ дасылаюць іх, і тут ім страву даюць. Калі тут усе збяруцца, паводле мірнага дагавору, без затрымкі, усе адпушчаныя будуць. Акрамя тых, якія па добрай волі на імя царскай вялікасці будуць цалаваць крыж.

Яго міласць пан камянецкі адказваў:

— Мы пра такіх не кажам. Кожны вольны, хто хоча, застацца. Аб тых толькі яго царскую вялікасць просім, каторыя хочуць вярнуцца да Айчызны.

Потым прыставы праводзілі ад цара іх міласцяў паноў паслоў да адведнай палаты. Туды гэтаксама прыйшлі і прызначаныя для размовы раней пералічаныя баяры.


Першая размова з баярамі.

Баяры першымі звярнуліся да іх міласцяў паноў паслоў з наступным.

1.Чаму кароль яго міласць у сваім лісце цара не называе братам?

2.Чаму той ліст нёс нехта з тых асоб, якія ішлі пешкі? Яго мусіла несці публічная асоба, а не чалавек нізкага паходжання.

3.Чаму іх міласці паны паслы, выконваючы пасольства да цара, не здымалі шапак?

4.Чаму іх міласці паны паслы, прызначаны дзень наведвання цара, наўмысна сапсавалі?

На тое іх міласці паны паслы адказвалі баярам:

— Па той прычыне яго міласць кароль, пан наш, не называе братам вашага гаспадара, што вашы паслы, якія знаходзіліся ў туркаў, разбуралі той мір. Навошта было разбураць рэшткі прыязнасці і артыкулы вечнага замірэння?

Баяры адказалі:

— Зусім не хавалася тая справа і вялікі гасудар наш і мы, думныя баяры, усёй дзяржавай той з вамі мір абвясцілі. І паведаміў аб тым вялікі гасудар наш, яго цар­ская вялікасць, усім навакольным вялікім гаспадарам — ангельскаму, імператару рымскаму, французскаму, дунскаму і царам — турэцкаму і татарскім.

На другі пункт баяраў іх міласці паслы адказвалі:

— Ліст караля яго міласці несла не асоба нізкага паходжання, яго нёс пан Кратоўскі, дваранін караля яго міласці, які ехаў з намі. А тое, што яго несла не публічная асоба, у тым вашая віна, бо вы нас не папярэдзілі аб гэтым.

У тым, што мы не здымалі шапак, нічога новага мы не прыўнеслі. Так рабілі, як і ранейшыя нашы паслы. Там, дзе была патрэба, не чакаючы нічыёй навукі і напамінаў, здымалі шапкі і надалей гатовыя здымаць. Як мы паступаем у вас, гэтак і вашыя паслы вольныя будуць паступаць у нас.

Дзень нашага знаходжання ў вашага гаспадара вы самі сапсавалі. Уласна на вас у значнай меры застаецца віна, бо загадвалі нам ехаць паводле вашай волі. Хоць тады нас вельмі ўразіла нечуваная рэч — падпарадкоўвацца вашаму ці царскаму загаду. Па вашай віне здарылася затрымка.

Маскавіты пярэчылі таму. Яны даводзілі, што не мелі намеру загадваць, але толькі ім, як любым братам, напаміналі.

Адказаўшы на пытанні баяраў і супакоіўшы іх, паны паслы пачалі размову аб неабгавораных артыкулах на Палянаўцы і ўключаных у даклад цару. Іх паслы перадалі баярам у пісьмовым выглядзе.

Уся гутарка заняла каля чатырох гадзін. Потым іх міласці паны паслы развіталіся з баярамі і ад’ехалі са сваімі прыставамі да пасольскага двара.


7 у сераду. Калі прыйшлі прыставы, іх міласці паны паслы запатрабавалі, каб яны данеслі баярам наступныя словы:

«На тыя пункты, якія іх міласці паны паслы пісьмова падалі, каб баяры далі адказ.

Дзень царскай прысягі, праз прызначаных абодвух паслоў, каб зараз быў дакладна вызначаны. Каб іх міласці паны паслы маглі пэўна ведаць дату і здолелі выправіць з паведамленнем ганца да караля яго міласці. Каб прыстава да ганца выдзелелі без затрымкі».

Гэта прыставы павінны былі данесці баярам.

Іх міласці паны паслы абмеркавалі з прыставамі справы купцоў. Яны прапанавалі, каб іх купцы да нашых, а нашы да іх хадзілі і ўзаемна вольна гандлявалі. Бо цяпер паміж маскоўскімі купцамі і нашымі пачаліся непразуменні, відаць, па той прычыне, што маскоўскія купцы не маюць царкага ўказання. Паслы ўказвалі на тое, каб купцы не толькі маглі вольна гандляваць таварамі, але каб ім не чыніліся перашкоды іншага парадку, напрыклад, не завышаліся наўмысна кошты, дазвалялася выкарыстоўваць розныя меры.

Прыставы адказалі:

— Вялікага гаспадара нашага яго царскай вялікасці выйшаў указ і загад, і дазвол усім купцам, якія жывуць у Маскоўскай дзяржаве, каб вольна, без усялякага страху, боязі і забаронаў нашым купцам з вашымі гандляваць, прадаваць і мяняць. Ці, як хто хоча, — за любоў аддаваць. Усё так, як вы, вялікія паслы патрабуеце. Мы едзем да баяр думных паведаміць ім вашу просьбу, каб вашым з нашымі купцамі ўсялякімі мерамі вольна было гандляваць.

У той дзень адзін немец, яго міласці пана камянецкага, прадаўся маскавітам. Ён быў капітанам над пяхотай.

Увечары прынеслі прыставы ад думных баяраў запячатаную грамату. Іх міласці паны паслы не сталі адразу чытаць яе, а адклалі да раніцы.

8 у чацвер. Іх міласці паны паслы прачыталі грамату ад думных баяр, прынесеную ўчора.

У гэты дзень прыставы не наведваліся да іх міласці паноў паслоў.

9 у пятніцу. На тую грамату іх міласці паслы накіравалі цераз прыставаў адказ думным баярам.

10 у суботу. Прыставы абедалі ў яго міласці пана камянецкага. У той дзень аніякіх публічных спраў не абмяркоўвалі.

11 у нядзелю. Прыставы былі ў іх міласцяў паноў паслоў і запэўнілі ад імя думных баяраў, што неўзабаве, без усялякіх затрымак, аб недамоўленых артыкулах пачнуць весці гутарку.

12 у панядзелак. Увечары прыставы прыйшлі да іх міласцяў паноў паслоў і паведамілі, што цар загадаў заўтра раніцай іх міласцям быць у яго.


Трэцяе наведванне цара іх міласцямі панамі пасламі.

13 у аўторак. Трэцяе знаходжанне іх міласцяў паноў паслоў у цара. А дзясятай з паловай ад’ехалі іх міласці паны паслы з прыставамі да Крым-горада. Усёй чэлядзі, апрача тых, каго ўнізе трымаць мелі, загадалі застацца ў двары.

Перад палацам стаяў тлум, а ў палацы натоўп, што здзівіла маскавітаў.

Пры паездцы іх міласцяў паноў паслоў, на конях сядзелі і рухаліся звычайным спосабам, нічога ні дадаць і ні адняць.

Папраўдзе, маскавіты заступілі тое месца на ўсходзе, дзе іх міласці паслы звычайна сыходзілі з коней. Але настойліва і рэзка іх міласці паны паслы коньмі адціснулі маскавітаў. Некаторым са слуг дасталося нагайкамі. Дзіўная цярплівасць іх!

Сустракалі іх міласцяў паноў паслоў тыя ж дваране і дзякі, выконвалі ўсе неабходныя цырымоніі звычайным спосабам. Прамаўлялі такія ж словы, якія выкарыстоўвалі падчас першых прыездаў паслоў да цара, у тым парадку, які раней апісаны.

Праводзілі нас на гару прыставы. Падвялі нас да драўлянага палаца, які быў збудаваны накшталт залы. Ён называўся Сталовая палата. Там у той час сядзеў цар на невялічкім і непрыкметным троне. Ён быў у шатах, аздобленых жэмчугам і камянямі, у нізкай сабальковай шапцы, на якой была невялічкая карона. Цар сядзеў і трымаў у руцэ скіпетр. Яблык ляжаў непадалек ад трона, з правага боку на прадаўгаватым пяньку, які быў зроблены накшталт вежачкі і акаваны залацістым серабром.

Асабістая ахова — чатыры чалавекі, як і ў мінулыя разы, апранутыя гэтак жа і з бердышамі, сталі перад царом.

Іх міласці паны паслы ўвайшлі ўслед за слугамі і, хутка пакланіўшыся, сталі перад царом.

Думны дзяк Гаўранёў прамовіў:

— Вялікаму ўладару і цару, і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усяе Русі самадзержцу, вялікія паслы — Аляксандр, Казімір і Пётр — чалом б’юць.

Потым для іх міласцяў паноў паслоў прынеслі лаўку, накрытую дываном, якую яны называюць скамекай. Паслы селі на яе.

Ад імя цара пячатнік спытаў паслоў пра здароўе. Яны адказалі звычайным чынам.

Пячатнік падышоў да цара і ціха перамовіўся з ім. Затым ён адышоў ад цара і звярнуўся да іх міласцяў паноў паслоў.

Пячатнік сказаў:

— Вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць вам, вялікім паслам, на тыя артыкулы, пра якія надоечы гаварылі і пісьмова прасілі, дае адказ праз тых сваіх баяраў, якія і раней з вамі дагавор чынілі.

Затым ён пералічыў усіх баяр, прызначаных для перагавораў, а сярод іх — і сябе.

Іх міласці паны паслы падзякавалі яму за гэта.

Пячатнік прапанаваў іх міласцям паслам, каб яны ішлі да іншай ізбы, у якой баяры чакалі іх для абмеркавання артыкулаў.


Другая размова з баярамі.

Выйшаўшы ад цара, іх міласці паны паслы накіравалаіся да Адведнай палаты. Туды прыйшлі і баяры, прызначаныя для перамоваў з імі. Баяры далі іх міласцям вусны адказ, зачытаўшы яго з карткі. Потым тую картку паслам пакінулі.

У сенях Адведнай палаты стаяла мноства смачных закусак з рознымі напоямі. Хапала і сярэбраных чарак, у якіх напоі насілі ў ізбу. Налівалі ў сенях з конаўкі і давалі нашым, калі хтосьці жадаў. Кожнаму з нашых было дазволена самому выйсці ў сені і выпіць любога напою, які пажадае. Ніводзін з маскавітаў не наважваўся нават пакаштаваць пачастункаў.

У тых сенях, перад тым, мабыць, ставілі вялікія сярэбраныя бочкі, якіх зараз не было відаць. Аніякіх цынкавых пасудзін, у цара асабліва, ніхто з нашых не бачыў. Відаць, з-за вайны іх зараз не хапае.

Правёўшы ў замку ў цара і баяраў каля чатырох гадзін, іх міласці паны паслы ад’ехалі да пасольскага двара.

14 у сераду. Іх міласці паны паслы запатрабавалі ад прыставаў, каб яны даведаліся ў думных баяраў дакладны дзень царскай прысягі і паведамілі ім пра вызначаную дату. Гэтаксама паслы запатрабавалі, каб баяры далі прыстава для ганца.

Паслы настойвалі, каб вязняў, якіх дагэтуль затрымлівалі, адпусцілі, у адпаведнасці з заключнымі запісамі і пасольскай прысягай.

Паслы ўказвалі, што маскоўскія купцы з нашымі паступаюць крывадушна, хаваюць лепшыя тавары, а горшыя паказваюць, а таксама не ўмеюць устанаўліваць справядлівыя кошты. Належыць, каб ім было дазволена вольна гандляваць з нашымі.

Яго міласць пан камянецкі дамагаўся, каб яму дазволілі выязджаць па яго асабістых справах у карэце.

На ўсе патрабаванні паслоў прыставы абяцалі прынесці адказ ад баяраў.


Трывога.

Пасля апоўначы ў горадзе пачаліся забурэнні. Ва ўсіх трох мурах у Крымгорадзе нязвыкла ўдарылі ў званы і ў бубны. Гэта называлася — ударыць у набат, у які білі падчас трывогі. Адусюль да Крым-горада і на іншыя муры беглі людзі. Маскоўская конніца за горад вываліла.

Нам той лямант давялося слухаць у двары. Нас ахоўвалі пехацінцы, усе аднастайна пастрыжаныя. Яны перарвалі сон і ўхапіліся за зброю.

Пяхота яго міласці пана ваяводзіча віленскага і драгуны яго міласці пана камянецкага са стрэльбамі і запаленымі кнатамі стала ля брамы. Усе ў пасольскім двары — моладзь і слугі, чэлядзь і купцы — згрупаваліся, паводле загаду іх міласцяў паслоў, і насцярожыліся.

Розныя думкі былі з нагоды таго забурэння, асабліва з-за недаверу да таго народа. Не навіна для іх здраджваць сваім панам, а нашых забіваць! Прыходзілі на памяць іх непрыглядныя ўчынкі са сваімі гаспадарамі і нашымі пасламі. Мы асцерагаліся і нашых здраднікаў, якіх у Маскве было больш за дзве тысячы, каб яны не ўздумалі сесці на карак іх міласці панам паслам, каб выбрацца з Масквы.

Да раніцы беспарадкі пачалі сціхаць. Але мы ўсе ажно да белага дня гатовыя былі да розных нечаканасцей. Не маглі ні ад каго дакладна даведацца аб прычынах таго забурэння. Сапраўды, бачылі невялікі агонь у Белым горадзе. Але з-за такога малога пажару не ўзнік бы гэтакі сполах!?

Калі нашы пачалі выходзіць з двара і пытацца пра прычыны тлуму, маскавіты на гэты раз былі на дзіва інфармаваныя і ўсе гаварылі, што прычынай стаўся пажар. Усе аднастайна, каго мы ні запытвалі, баяраў або простых людзей, тыя называлі галоўнай прычынай пажар. Яны распавядалі, што нядаўна перад тым горад выгараў дашчэнту. З-за пажару людзі аказваліся ў вялікай небяспецы. Таму ўсе прывыклі бегчы гасіць пажар, каб ратаваць горад і сябе.

Толькі потым іх міласці паны паслы даведаліся ад надзейных людзей аб сапраўдных прычынах той бурды. Як мы дачуліся, падчас нашага знаходжання ў Маскве, татары ўзімку напалі на Маскоўскую дзяржаву і ўчынілі краіне вялікую шкоду. Маскавіты хавалі ад нас тое. Іх міласці паслы, аднак, пры той аказіі, выпыталі і дакладна даведаліся, што татары спалілі горад Ялец і ўзялі вялікі палон. А той горад Ялец знаходзіцца ў 50 мілях ад сталіцы, усяго два дні язды для татараў.

З таго татарскага войска ў тую ноч у Маскву прывялі 16 палонных.

Менавіта таму беглі на муры і ў поле, што баяліся татарскага нападу. А халу­пы запалілі ў Белым горадзе менавіта для таго, каб людзі, якія прыбеглі туды, даведаліся ад асоб, на тое прызначаных, аб сапраўднай небяспецы ад татараў. Іншыя, аднак, даводзілі нам тое, што падпал зрабілі наўмысна, каб мы не даведаліся пра існаванне сапраўднай небяспекі для Масквы з боку татараў. Каб мы падумалі, што тыя забурэнні ўзніклі з-за пажару.


15 у чацвер. Прыставы ад імя думных баяраў адказалі іх міласці панам паслам:

— Паведамілі вашы словы думным царскай вялікасці баярам, і яны вам, вялікім паслам, адказ праз нас даюць, што хроснае царскае цалаванне будзе неўзабаве. І вы, вялікія паслы, шміж сабой думайце, калі маеце яшчэ якія-небудзь артыкулы недамоўленыя, і калі не маеце, альбо, калі маеце, то агучце ў тую пару, калі ў вялікага гасудара нашага будзеце. І вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, абавязкова дзень пэўны свайго царскага цалавання вам аб’явіць загадае.

Прыстава да ганца можна даць. Таксама загадалі паведаміць вам, думныя баяры, што другі ваш ганец да вас, вялікіх паслоў, ідзе. І лепш бы тое было, калі ён прыйдзе, і вам у тую пару, ведаючы пра дакладна прызначаны час царскага хроснага цалавання, адпусціць ганца з любіцельнай справай.

Усіх вязняў вашых адпускаюць пасля хроснага цалавання. Нікога сілай не затрымоўваючы, акрамя тых, якія на гасударава імя самі захочуць застацца і крыж цалаваць. А тых, якія хочуць у Літву, усіх адпускаюць да мяжы. І корм, і падводы паводле ўказу царскай вялікасці даюць. А калі вы нам не верыце, што шмат вашых вязняў на імя гасударава крыж хочуць цалаваць, то вам варта паслаць да іх сваіх дваран і спытаць пра тое.

Купцам усім не забараняецца з вашымі купцамі гандляваць. І калі хто асмеліцца вашым купцам перашкаджаць, няхай яны нам паведамяць. І паводле ўказу царскай вялікасці мы вінаватага пакараем.

А што ты, камянецкі, хочаш у фурманцы на прагулянку ехаць, на тое няма адказу.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі даведаўся ад прыставаў, што нядаўна з розных гарадоў прыслалі некалькі сот вязняў. Сярод іх было некалькі дзясяткаў з маёнтка яго міласці пана маршалка Вялікага Княства Літоўскага Горскага. Таму ён паслаў да іх свайго слугу пана Станіслава Кошчыца, каб ён запытаўся ў іх у прысутнасці маскавітаў, хто з іх хоча вярнуцца да Айчызны. Усе палонныя ў адзін голас папрасіліся, каб іх дамоў адпусцілі. А дзве жанчыны, якія выйшлі за татараў, хаця і сваіх мужоў мелі, пажадалі застацца і заявілі аб тым, што ім лепей застацца тут, у татараў.

16 у пятніцу. Прыставы не прыходзілі да іх міласцяў паноў паслоў, таму ні пра якія рэчы з імі перагаварыць не ўдалося. А калі прыставы бывалі ў іх міласці паноў паслоў раней, заўжды пыталіся пра час і заўжды на іх спатканне выходзіў пан Кратоўскі.

17 у суботу. Іх міласці паны паслы перадалі праз прыставаў для думных баяраў дзве граматы і пільна прасілі прызначэння пэўнага дня царскай прысягі.

Увечары прыйшлі прыставы і паведамілі панам паслам:

— Раніцай вам, вялікім паслам, вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, загадаў быць на перамовах з баярамі. Калі мы прынеслі баярам граматы ад вас, яны адклалі іх на наступны дзень, каб даць вам адказ. У панядзелак будзеце з імі на размове.

18 у нядзелю. У яго міласці пана ваяводзіча віленскага на абедзе былі прыставы. Калі яго міласць за здароўе караля і за здароўе іх гаспадара піў, яны гэтаксама пілі за іх здароўе. Яны не ўстрымаліся і абышлі ўсіх наўкол, хто сядзеў за сталом. Потым пілі за здароўе царскіх дзяцей і яны зноў з такімі ж рэверансамі абышлі ўсіх за сталом.

Адышлі прыставы вясёлыя, нахвальваючы венгерскае віно, якога яны, апроч він заморскіх, не мелі.

19 у панядзелак. Пасля паведамлення прыставаў іх міласці паны паслы ехалі да Крым-горада. Але там не былі ў цара, а толькі з баярамі ў Адведнай палаце зносіліся.

20 у аўторак. Пра прыстава для іх ганца іх міласці паны паслы гаварылі прыставам. Яны адзначылі, што прыстаў гатовы, і калі спатрэбіцца, зараз жа будзе ў двары.

21 у сераду. Царскім імем прыставы дазволілі іх міласці панам паслам ездзіць на прагулкі ў карэце. Яго міласць пан ваяводзіч віленскі, які іх аб тым не прасіў, таму і не дзякаваў. Ён і не збіраўся нікуды ездзіць, але яго моцна прасіў пан камянецкі, каб склаў яму кампанію і даў згоду. Двойчы пан камянецкі дасылаў свайго прыяцеля пана Кратоўскага, які прасіў пана ваяводзіча віленскага, каб той не адмаўляўся і паехаў разам з ім. На трэці раз пан Кратоўскі перадаў пану ваяводзічы віленскаму, што пан камянецкі гэтаксама нікуды не паедзе, калі той адмовіцца, ці, у крайнім выпадку, не загадае сваім слугам дзеля асістэнцыі ехаць з панам камянецкім. Варта, каб і ён сваіх людзей паказаў на публіцы, што будзе не лішнім.

У адказ на настойлівыя просьбы, пан ваяводзіч віленскі загадаў усім сваім людзям элегантна апрануцца. Належна падрыхтаваўшыся, яго міласць пан ваяводзіч віленскі выехаў у карэце.

Прыставы ў сваіх вазках, запрэжаных па аднаму каню, ехалі звычайна побач з карэтай, а, часам, і перад карэтай.

З горада нас праводзілі цераз Пакроўскую браму, у кірунку Рубцова сяла, якое знаходзілася ў чвэрці мілі ад горада. Як распавядалі прыставы, менавіта туды часта прыязджае цар для ўцехі і адпачынку. У тым сяле ёсць мураваная царква Пакрова.

З таго фальварка вярталіся назад цераз Краснае сяло, бачылі з правага боку Ямскую слабаду.

Праводзілі нас у Белы горад праз Цвярскую браму.

На той прагулцы іх міласці паны паслы правялі каля дзвюх гадзін. Яны не мелі аніводнай уцехі і, не ўбачыўшы нічога вартага, вярнуліся ў пасольскі двор.

22 у чацвер. Прыставы паведамілі іх міласці панам паслам, што заўтра зранку ім варта быць у замку на сустрэчы.

У той жа дзень іх міласці паны паслы адправілі ганца Грабоўскага, чалядніка пана камянецкага, з лістамі да караля яго міласці. Пан Грабоўскі перад тым якраз прывёз лісты ад караля яго міласці. Назад яго суправаджаў прыстаў. З Грабоўскім ад’ехалі некалькі нашых купцоў з таварамі, а таксама тыя людзі, якія прыехалі з іх міласцямі, каб адшукаць і вызваліць з палону сваіх кроўных. З імі адпусцілі ўсяго каля 60 чалавек вызваленых палонных.

23 у пятніцу. Іх міласці паны паслы былі ў баяраў на спатканні.

Адказ ім з карткі прачытаў Гаўранёў.

Потым, паміж іншымі прыватнымі размовамі, паведаміў ім пячатнік, што сюды, у часы караля Аляксандра, Іван Сапега перадаў каштоўны звон для царквы. Той звон і дагэтуль знаходзіцца ў сталіцы ў той жа царкве.

Увечары пасланец з Вялікага Княства Літоўскага Міхалевіч прывёз ад двара лісты да іх міласцяў паноў паслоў. Пра тое, што ён ідзе, маскавіты паведамілі панам паслам паўтара тыдня назад. Але недзе яго доўгі час затрымлівалі.

24 у суботу. Іх міласці паны паслы прасілі праз прыставаў думных баяр, каб яны той адказ, які ім надоечы зачыталі з карткі, даслалі ў пісьмовым выглядзе.

У тую ноч у Белай крэпасці згарэлі некалькі дамоў. Але аніякага тлуму і трывогі не назіралася. Хаця пажар быў дзесяцікроць большым, чымся папярэдні, усё было ціха, нібыта не існавала аніякай небяспекі. Ні ў званы, ні ў набат не білі. Прыставы, прыехаўшы да пасольскага двара, загадалі варце, каб іх міласцяў паноў паслоў нават не будзілі. Яны сказалі:

— Шмат ёсць гасударавых людзей. Ёсць каму абараняць і гасіць. Сюды, да пасольскага двара, агонь не прыйдзе.

25 у нядзелю. Іх міласці паны паслы былі на сустрэчы з думнымі баярамі ў Адведнай ізбе.

Калі яны вярталіся з замка і ўжо ўязджалі ў пасольскі двор, адбылося здарэнне. Адзін з нашых вязняў, якога доўга трымалі ў цяжкім палоне і гвалтам змусілі прысягнуць на царскае імя, уплішчыўся сярод моладзі, якая ехала з іх міласцю панамі пасламі, і хацеў трапіць у пасольскі двор.

Маскавіты падсцераглі вязня і кінуліся за ім, каб схапіць яго. Нашыя захацелі яго павесці з сабой, і пабілі стральцоў, якія пагналіся за ім, абухамі. Затым нашы адціснулі стральцоў коньмі і той вязень знік з іх вачэй, схаваўшыся недзе паміж забудовамі.

Прыставы былі на абедзе ў яго міласці пана Вяжэвіча. Потым, вярнуўшыся да сябе, паслалі да пана Пястрэцкага, старшага слугі яго міласці пана ваяводзіча віленскага, просячы, каб яны маглі ўбачыць таго чалавека, які заскочыў у двор і схаваўся. Яны хацелі дапытаць яго, якім чынам і пры якіх абставінах ён прысягаў на царскае імя. Паколькі, без яго міласці пана ваяводзіча віленскага тое адбыцца не магло, яго міласць паслаў да прыставаў, каб паведаміць, што хоча таго чалавека ім перадаць. Адзінае, што ён запатрабаваў ад прыставаў, каб яны, дапытаўшы таго чалавека, не затрымлівалі яго ў сябе і дазволілі вярнуцца назад, да слуг яго міласці.

Прыставы былі ўдзячныя яго міласці ваяводзічу віленскаму за яго ўчынак, але запатрабавалі, каб той уцякач пабыў у іх распараджэнні адну ноч. Яго міласць ні ў якай меры не хацеў згаджацца на тое, каб палонны заставаўся ў іх на ноч. Але прыставы паабяцалі, што пасля допыту адпусцяць яго без усялякай затрымкі. Яго міласць у суправаджэнні сваіх слуг адаслаў таго чалавека да прыставаў. Яны даведаліся ад палоннага, якім шляхам і ў якіх абставінах той цалаваў крыж на царскае імя, адпусцілі яго.

26 у панядзелак. Прыставы, прыйшоўшы да яго міласці пана ваяводзіча віленскага, дзякавалі яму ад думных баяраў і ад сябе асабіста, што не схаваў таго вязня, а дазволіў ім дапытаць яго. Паколькі высветлілася, што той палонны не здраднік, яму дазволена без перашкодаў вяртацца дадому. А той, хто яго несправядліва ўтрымліваў у палоне, будзе пакараны. Тое паведаміўшы, прыставы адышлі ад яго міласці.

Пазней дзяк Няміраў прынёс да іх міласці паноў паслоў спіс усіх вязняў, якіх яны, паводле заключнага пакта, адпускалі.

27 у аўторак. Праз сваіх прыставаў цар ад імя свайго сына Аляксея адарыў іх міласцяў паноў паслоў рознымі неардынарнымі пачастункамі і напоямі.

У той дзень у маскавітаў надарылася вялікая гулянка. І цар, здаецца, запрашаў да сябе на банкет думных баяраў.

28 у сераду. Іх міласці паны паслы былі ў замку на спатканні з думнымі баярамі.

29 у чацвер. Пасля працяглай цяганіны і настойлівых патрабаванняў паслоў быў канчаткова прызначаны пэўны дзень цалавання крыжа царом.

У дзесяць гадзін раніцы паслы выехалі ў Крэмль звычайным парадкам. Пры­ставы суправаджалі іх на гару, да Адведнай палаты. Там паслы затрымаліся з баярамі гадзіны на дзве. Затым паслоў апавясцілі, што ім варта ісці да цара. Без усялякіх перашкод і непаразуменняў паслы ў адпаведнасці з пасольскімі звычаямі здзяйснялі неабходныя цырымоніі. Яны сваімі ўчынкамі выказвалі павагу да цара.

Цар знаходзіўся ў Залатой палаце. У дарагой вопратцы ён сядзеў на троне. На яго галаве была нізкая карона, у руцэ ён трымаў скіпетр. Каля яго знаходзіўся яблык з крыжам.

Увайшоўшы да цара, паслы пакланіліся яму, зняўшы шапкі. Царскі акольнічы Стрэшнеў паведамляў цару, што першымі яму б’юць чалом паслы з Вільні, а затым б’юць яму чалом дваране. Цар спачатку пытаўся паноў паслоў пра іх здароўе, а затым пытаўся дваран пра іх здароўе.

Падзякаваўшы за царскую ўвагу, паслы і дваране адказалі, што здаровыя, дзякуючы Божай міласці.

Затым прынеслі лаўкі, накрытыя дыванамі. Паслы размясціліся на іх.

Пячатнік Іван Грамацін, зняўшы шапку, звярнуўся да паслоў:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, вялікага гаспадара Уладзіслава IV, брата свайго, караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, вам, вялікім паслам, паведаміць загадаў.

Варта рабіць і выконваць усё гэтак, як нашы вялікія паслы з вялікімі пасламі гаспадара вашага пастанавілі на рэчцы Палянаўцы. Каб мы ўсталявалі вечны мір паміж нашымі вялікімі дзяржавамі, змацавалі яго сваімі душамі, пячаткамі і рукамі.

Усё, пра што вы, вялікія паслы, з баярамі і з нашымі думнымі людзьмі, з загаду нашага гаспадарскага, дамовіліся, усё тое, мы, вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, жадаем заключнай перамірнай граматай і пячаткай зацвердзіць і ўмацаваць нашай душой.

Усё, што запісана ў той заключнай грамаце, мы будзем цвёрда і няўхільна выконваць.

З вашым вялікім гаспадаром Уладзіславам Чацвёртым, каралём польскім і вялікім князем літоўскім і іншых, нашым братам, нам быць у брацкай дружбе і любові.

Спадзяёмся, што і наш брат, ваш вялікі васпан, таксама будзе выконваць тую заключную грамату і мірны дагавор.

Пячатнік Іван Грамацін казаў, нібы царскімі вуснамі. Іх міласці паслы слухалі яго, зняўшы шапкі.

Затым пячатнік падышоў да цара і ціха пра штосьці размаўляў з ім. Потым ён звярнуўся да паслоў:

— Наш цар і вялікі гаспадар хоча цалаваць крыж у пацверджанне таго, што запісана ў заключнай грамаце.

Паслы ўсталі са сваіх месцаў і наблізіліся да цара. Думныя баяры таксама сталі з двух бакоў трона перад царом. Затым усталявалі высокі столік, накшталт пюпітра. Ён быў накрыты царкоўным покрывам. На стале ляжаў крыж. Цар устаў са свайго трона, сышоў па прыступках і схіліў сваю галаву для зняцця кароны. Карону з царскай галавы зняў яго дзядзька Мікіціч і трымаў яе ў руках. Цар, стоячы, здзяйсняў прысягу, прамаўляючы наступныя словы:

— Божым наказам, мы, вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, вялікаму гаспадару Уладзіславу Чацвёртаму, брату нашаму, каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму і іншых, гэты жыватворчы крыж цалуем. Усё тое, што запісана ў заключнай грамаце, будзем непарушна выконваць на вякі.

Сказаўшы тыя словы, цар схіліўся і пацалаваў крыж. Затым ён зноў надзеў карону і шапку і сеў на трон. Падчас прысягі баяры трымалі адкрытым заключны пакт. Калі цар зноў сеў, яны загарнулі пакт у чырвоную кітайку, і цар са сваіх рук аддаў пакт паслам. Яны ўсе разам узялі яго з царскіх рук.

Яго міласць пан Песачынскі звярнуўся да цара, павіншаваўшы яго з мірам. Ён пажадаў цару доўгага і шчаслівага валадарання і каб яго сын Аляксей, заняўшы месца свайго бацькі, таксама шчасліва валодаў дзяржавай.

Пячатнік Іван Грамацін, мабыць, не зразумеў слоў пасла, бо нічога на іх не адказаў. Ён толькі сказаў:

— Цяпер едзьце ў пасольскі двор. Царскі стол будзе потым.

Падчас знаходжання паслоў у цара ім усім кожны раз дазвалялася свабодна ўваходзіць у палаты, дзе жыў цар. Перад пасламі звычайна ішлі слугі, а ўслед за імі — маладыя людзі. Праціснулася нямала і чэлядзі. Нікому з простых людзей і вознікаў маскавіты не рашыліся забараняць уваход. Аднак, пан Сапега, віленскі ваяводзіч, даручыў свайму пяхотнаму ротмістру стаць з пяхотай ля ўвахода і ў дзверы і не прапускаць чэлядзь.

Выйшаўшы ад цара, паслы накіраваліся да свайго двара. Мсціслаўскі войскі, пан Мадаленскі, нёс наперадзе паслоў пакт аб вечным міры. Надвор’е сапсавалася, ішоў дождж уперамешку са снегам. А перад самай прысягай распагодзілася, было вельмі яснае надвор’е.

Неўзабаве паслы прыехалі ў двор. Да іх прыйшоў дзяк і паведаміў, што цар, выказваючы паслам сваю павагу, даслаў ім ежу і напоі.

Сышоўшы з коней, паслы ўсе разам накіраваліся да пана Песачынскага, дзе пан Мадаленскі паклаў на стол пакт аб вечным міры. Пан Вяжэвіч, як пісар і сакратар пасольскай місіі, хацеў забраць дакумент да сябе. Аднак пан Песачынскі папрасіў пакінуць той пакт на ноч у яго. Ён выказаў жаданне яшчэ раз перачытаць артыкулы вечнага міру.

Песачынскі тады сказаў:

— Пакт нікуды не знікне. Перачытаўшы артыкулы, я адпраўлю іх да вашай міласці і да пана Сапегі.

Я давяраў яго словам. Тым больш, што ні хто-небудзь адзін з нас, а ўсе мы ўтрох мелі права ведаць пра змест пакта. Таму яму не пярэчыў ні пан Вяжэвіч, ні пан Сапега. Утрох яны павінны былі ўсё ўзгадняць і знаходзіць паразуменне.

30 у пятніцу. Яго міласць пан Сапега, ваяводзіч віленскі, пажадаў яшчэ раз праглядзець артыкулы пакта. Ён паслаў па дакумент да пана Песачынскага. Аднак той не захацеў адсылаць пакт Сапегу. Песачынскі спасылаўся на тое, што дакумент не варта аддаваць яшчэ ў чые-небудзь рукі. Тады я асабіста заняўся гэтым пытаннем і сустрэўся з панам Песачынскім.

Праз некаторы час пан Песачынскі прыйшоў да пана Сапегі. Тут канчаткова праяснілася сутнасць учарашніх хітрыкаў з затрымкай пакта ў пана Песачынска­га. Ён пачаў абмяркоўваць з Сапегам пытанне аб тым, у каго павінен захоўвацца падпісаны пакт. Яго міласць пан Сапега незвычайна здзівіўся такой несумленнасці, паколькі сам з’яўляўся ўзорам ветлівасці і добрага выхавання.

Віленскі ваяводзіч прамовіў:

— На справе выйшла так, як маскоўскія цары прывыклі казаць: «Думайце баяры, што цар надумаў». Ваша міласць абышлі нас у сваёй хітрасці. Вы займелі пакт у свае рукі, і зараз пачынаеце непатрэбныя высвятленні, пытаючыся, у каго ён павінен захоўвацца. Відавочна, ваша міласць адзін хоча зжаць тое, што мы ўсе разам пасеялі. Шкада, што ўсё гэта адбываецца ў чужой дзяржаве і можа быць не правільна вытлумачана рускім народам. Інакш вы б не пазбеглі заслужанага пакарання.

Пан Песачынскі адказваў яму:

— Я толькі хацеў засцерагчы сябе і супакоіць вашу вялікасць.

Яго міласць пан Песачынскі развітаўся і сышоў.

Да паслоў прыйшлі прыставы і папрасілі скласці спіс асоб, якія будуць прысутнічаць за царскім сталом. З-за спісу адбылася другая сутычка.

Пан Песачынскі хацеў, каб за царскім сталом сядзелі ў той чарговасці, у якой ажыццяўлялася прывітанне цара. Ён не жадаў лічыцца з тым фактам, што з панам Сапегам прыехала шмат знакамітых асоб, важных земскіх (дзяржаўных) чыноўнікаў. Песачынскі настойваў на тым, каб з аднаго боку стала сядзелі прыяцелі пана Сапегі, а з другога боку — яго людзі.

Яго міласць пан Сапега, убачыўшы працяглае абдумванне панам Песачынскім і затрымку ім спіса, асабіста пайшоў да яго. Прыйшоўшы да Песачынскага, Сапега спытаў:

— Можа, ужо досыць высокіх разважанняў?

Пан Песачынскі абурыўся:

— Прыходзіш да мяне раптоўна і без папярэджання. Я пакуль не магу нічога сказаць.

Яго міласць пан Сапега сказаў:

— Ваша міласць ставіць нас у цяжкае становішча, паколькі яшчэ нічога не пачынаў. Што да вашых разважанняў, то я вельмі дзіўлюся. Чаму вы нам, годным людзям, не верыце, хоць сам кароль нам давярае? Чаму ты пакт скраў і трымаеш у сябе?

Пан Песачынскі парырываў Сапегу:

— Таму не веру, што асцерагаюся, як бы ваша міласць пакт у сябе не схаваў. Патрэбныя нейкія пацверджанні і зарука.

Пан Сапега спытаў:

— Скажы, ваша міласць, чым трэба пацвярджаць? Калі крывёю, то будзь упэўнены, што і з вашай міласці таксама не малако пацячэ. І шлях да Варшавы можа вам здацца вельмі далёкім.

Пан Песачынскі адказваў:

— Ваша міласць можа стаць мне на шляху і разбіць мяне. Я гатовы развітацца з маім жыццём.

Пан Сапега адплаціў яму за тыя яго словы:

— Ці не вучыліся разбіваць! Далёка ад Бескід жывём, аднак свайго дамагацца ўмеем. Ваша міласць — стары палкоўнік. Але будзьце ўпэўненыя, і ў мяне сэрца жаўнера. Да нашай Айчыны далёка, але і тут, за сталіцай, ёсць прасторнае поле, дзе можна пазмагацца.

Пан Песачынскі адказваў:

— Я цаню вашу ласку і вашу вайсковую мужнасць. Але і я не такі тоўсты і бездапаможны, каб не змог абараніць сябе.

Пан Сапега адказваў яму:

— Кожны ясна бачыць і прызнае, што пакт не належыць вам. Ваш учынак варта расцэньваць адназначна. Вы беспадстаўна затрымалі пакт у сябе, а прасцей сказаць — скралі. Цяпер усім трэба баяцца вашай напускной сумленнасці і пачцівасці, за якімі хаваецца хлусня. У пана Вяжэвіча, а не ў вашай міласці павінен захоўвацца пакт.

Пасля сваркі, якая доўжылася некалькі гадзін, вялікія паслы, нарэшце, разышліся. Пан Вяжэвіч, якога дадзенае пытанне датычылася ў першую чаргу, а таксама пан Мадаленскі, з’яўляліся пасрэднікамі ў дыскусіі паміж вялікімі пасламі.

Пасля працяглых спрэчак і ўзаемных папрокаў, паслы ўсё ж знайшлі згоду: захоўваць пакт у асобным сейфе з трыма замкамі. Па адным ключы атрымліваў кожны, каб ніхто ў адзіночку не меў доступу да пакта. Толькі пасля ўзгаднення і сустрэчы ўтрох, можна было адкрыць сейф і перадаць дакумент каралю. Таксама пастанавілі, што сейф будзе знаходзіцца на захоўванні ў пана Песачынскага.

31 у суботу. Паны паслы сустрэліся і паклалі пакт у сейф з трыма замкамі, спецыяльна набыты для гэтай мэты. Сейф замкнулі і перадалі пану Песачынскаму. Аднак пан Сапега пакінуў усе тры ключы ў сябе.

Неўзабаве пан Песачынскі даслаў да пана Сапегі свайго чалавека з патрабаваннем аддаць яму адзін ключ, як яны дамовіліся раней. Пан Сапега адмовіўся даваць ключ. Ён папрасіў на словах перадаць Песачынскаму:

— Дастаткова і таго, што ў пана Песачынскага знаходзіцца сейф. А ў мяне няхай застануцца ключы. У яго не будзе чым адкрываць, а ў мяне не будзе што адкрываць.

Пан Песачынскі быў уражаны учынкам Сапегі, які не выканаў дамоўленасцей і выказаў яму недавер. Песачынскі гнеўна абураўся тым, што пан Сапега называў яго злодзеем, а сам не аддаў яму ніводнага ключа.


У цара на банкеце.

У дзесяць гадзін прыехалі прыставы і запрасілі вялікіх паслоў у замак на абед.

Прыбыўшы ў замак, паслы адправіліся да цара на гару. У той час ён размяшчаўся там, у Залатых палатах. Паслоў і дваран ад царскага імя спыталі пра здароўе. Пры сустрэчы з баярамі і дзякамі вялікія паслы здзяйснялі неабходныя цырымоніі.

Калі іх міласці паны паслы селі, цар сказаў:

— Вялікія паслы, запрашаю вас да стала.

Пячатнік Іван Грамацін прапанаваў паслам накіроўвацца ў Адведную палату. Але паслы крыху затрымаліся. Пан Сапега папрасіў аб аўдыенцыі ў цара і атрымаў яе. Ад імя караля пан Сапега звярнуўся да цара з просьбай вызваліць з палону Рыгора Торна і Іосіфа Грыгаровіча — паслоў імператара Святой Рымскай Імперыі. Яны накіроўваліся з пасольствам у Персію, але былі затрыманыя і амаль 20 гадоў знаходзіліся ў цяжкай няволі. Цяпер кароль прасіў у цара аб іх вызваленні.

Пячатнік Іван Грамацін наблізіўся да цара і спытаўся ў яго, што яму належыць адказаць Сапегу.

Неўзабаве пячатнік адышоў ад цара і паведаміў:

— Вялікі гаспадар наш, яго царская вялікасць, для вялікага гаспадара вашага, свайго брата, дзеля братняй дружбы і любові, згодны выканаць вашу просьбу. Ён загадвае вызваліць тых людзей нямецкага імператара, калі яны будуць знойдзеныя жывымі.

Паны паслы пакланіліся цару, адышлі да Адведнай палаты. Там гадзіны дзве яны знаходзіліся разам з прыставамі. Затым прыйшоў князь Васіль МашукоўЧаркаскі і папрасіў паслоў да царскага стала. Ён праводзіў паслоў да Гранавітай палаты. Па шляху баяры трохразова сустракалі іх. Паслы раскланьваліся з баярамі і неўзабаве паўсталі перад царом.

Пячатнік Іван Грамацін ад царскага імя папрасіў паслоў садзіцца за стол.

У Гранавітай палаце стаялі чатыры сталы. За першым сталом сядзеў сам цар на троне, без кароны, у шапцы з чорна-бурай лісіцы. На ім было плацце, падшытае сабалямі. Перад ім ніхто не стаяў, акрамя крайчага і падчашага. Не было таксама і тых чатырох целаахоўнікаў.

Другі стол знаходзіўся справа ад цара, у шасці кроках ад яго. Ён размяшчаўся ўпоперак ізбы. За ім сядзелі думныя баяры. Першым сярод іх быў князь Чаркаскі. Перад ім сядзеў пратапоп саборнай царквы Звеставання Мікіта Васілевіч — царскі духоўнік. У той царкве цар звычайна прысутнічаў на службе.

Трэці стол, такі ж, як і другі, знаходзіўся злева ад цара. За ім сядзелі іх міласці паны вялікія паслы. Перад імі сядзеў царскі баярын Буйносаў, сляпы на адно вока

і з бяльмом. За ім сядзелі прыставы і дзякі. Далей сядзелі дваране і іншыя паны. Тут жа размяшчаліся і маладыя людзі, якія прыбылі ў складзе пасольства.

Чацвёрты стол знаходзіўся паблізу калоны. Ён размяшчаўся пасярэдзіне пала­ты. За ім сядзелі паны і маладыя людзі, якія не змясціліся за пасольскім сталом. Каля калоны і пасярэдзіне палаты стаяла прыслуга і шэсць шэрагаў са сталовымі прыборамі. Усе сталы былі накрыты абрусамі. На іх не было ніводнай талеркі.

Абед пачаўся ў гадзіну пасля апоўдня. Спачатку крайчы Васіль Енішавіч Суляшоў паднёс цару тонка нарэзанага хлеба, накшталт бісквіта. Цар спачатку паслаў праз свайго крайчага кавалачак таго хлеба Чаркаскаму, а затым — пану Аляксандру Песачынскаму. Потым зноў некаму са сваіх думных баяраў. Потым, пану Сапегу. Пану Мадаленскаму падалі вялікі кавалак нарэзанага хлеба. Перад усімі гасцямі і баярамі былі пакладзены тыя хлябцы. Але яны падаваліся не для стравы, а замест талерак.

Затым да цара паднеслі напоі. Той жа крайчы, разам з іншым, — Лявонам Апанасавічам Пляшчэевым, падавалі напоі цару ў вялікіх кубках. Затым цар з іх наліваў напоі ў куфлі. Асобны падчашы — Барыс Аляксандравіч Рэпнін-Абаленскі — спрабаваў кожны напой. Пасля яго цар піў з чары. Потым па чарзе пілі думныя баяры і паны паслы.

Цар піў гарэлку з невялікага крыштальнага келіха. Такія ж келіхі паставілі і паслам перад ужываннем розных страў. Налівалі раманею, мальвазію, петэрсэмон, піва і гарэлку.

У той час стольнікі, узяўшыся за рукі, парамі здзяйснялі вакол калоны нейкую працэсію. Яны не кланяліся цару і не здымалі шапак. Абышоўшы калону, яны выходзілі за дзверы, а праз некаторы час вярталіся з ежай. Спачатку яны прынеслі чорнай і чырвонай ікры, шмат цытрын, якія яны называлі халоднымі закускамі.

Першым стравы спрабаваў цар, затым яны падаваліся думным баярам, а затым — вялікім паслам. А пасля — усім іншым удзельнікам царскага застолля.

Крайчы Суляшоў, калі падносіў паслам чарговы напой ці страву, заўсёды казаў:

— Цар і вялікі князь падае.

А затым ён называў імя таго з вялікіх паслоў, каму падаваў напой або страву — Аляксандр Песачынскі, Казімір Львовіч Сапега і гэтак далей.

Ад царскага стала крайчы падаў пяць страў. Усяго было пададзена 12 страў. Адна страва змянялася другой. Частка з іх засталіся некранутымі нашымі, бо не ўсё прыходзілася даспадобы. Асабліва тыя прыйшліся не даспадобы, якія былі запраўлены цыбуляй і часнаком. Асобныя стравы былі прыгатаваныя без солі, таму на стале ўсюды густа стаялі срэбныя сальнічкі, у адпаведнасці з іх звычаямі. Прыборы на сталах былі з волава. Падобнага нашы людзі раней не бачылі ў сваіх краях. У нас было прынята ўсё падаваць на срэбры, а ў выпадку асаблівай пашаны — на залатых місках і паўмісках. Тут гэтага няма і ў паміне. Мабыць, царскай скарбніцы перад тым былі нанесены вялікія страты.

Перад сталом, дзе сядзелі паны паслы, стаў чашнік Юрый Андрэевіч Сіцкой-Яраслаўскі і яго другі таварыш. Ён браў у стольнікаў напоі і стравы, а затым аддаваў іх паслам са словамі:

— Цар і вялікі князь падае.

Паставіўшы пачастункі на стол, чашнік называў імя вялікага пасла. Той жа чашнік падаваў пачастункі і астатнім дваранам. Імя кожнага, перад якім ён ставіў страву або наліваў напой, чашнік зачытваў па рэестры. Той рэестр прыставы атрымалі ад іх міласці паноў паслоў. Маскавіты зрабілі з яго свой спіс і карысталіся ім.

У сярэдзіне абеду царскі акольнічы Стрэшнеў паведаміў паслам:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, яго царская вялікасць, п’е за здароўе вялікага гаспадара Уладзіслава Чацвёртага — свайго брата, караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых.

Цар устаў і пачаў піць. Паны паслы падняліся са сваіх месцаў і на тры крокі ад свайго стала сталі перад царом, чакаючы пакуль той вып’е. Калі цар выпіў да дна, паслы селі па сваіх месцах.

Стравы падавалі адна за адной. Затым пачалі падаваць мёд — вішнёвы, малінавы, парэчкавы, патачны.

Калі ад цара што-небудзь падавалі прыставам, яны ўставалі з-за стала і нізка кланяліся цару.

Ніхто з думных баяраў не піў за іх міласць паноў паслоў. Толькі калі ім падавалі ад царскага імя пачастунак, яны спачатку кланяліся цару, а затым здалёк кланяліся паслам. Думныя баяры сядзелі ў белых футрах, мабыць, пабеленых, не накрытых ніякай матэрыяй.

Той банкет доўжыўся да самай ночы. Калі стравы прыбралі са сталоў, перад царом паставілі некалькі падносаў з алівамі. Цар дазволіў стольнікам браць сваімі рукамі па дзве аліўкі, у знак сваёй павагі да іх. Яны адзін за адным ахвотна бралі аліўкі і ўцякалі. Калі ўсім стольнікам далі па дзве аліўкі, падносы з астатнімі пладамі прыбралі са стала.

Пасля адпраўлення ўсіх тых цырымоній, пячатнік звярнуўся да паслоў з наступнымі словамі:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гасудар і ўладальнік, з вялікім гаспадаром вашым Уладзіславам IV, сваім братам, каралём польскім, вялікім князем літоўскім і іншых, вам, вялікім паслам, ад сябе загадаў сказаць.

Мы, вялікі гаспадар, жадаем быць з ім у любові і братэрстве, а таксама і нашы вялікія дзяржавы. Жадаем, каб паміж сабой усялякі мір, братэрства і сяброўства моцна трымалі. Усё тое, што нашы паслы на рацэ Палянаўцы пастанавілі і што з дазволу нашага гаспадарскага думныя баяры тут з вамі, вялікімі пасламі, дамовіліся, у заключнай запісе, перамірнай грамаце, запісана. І ўсе тыя дамоўленасці граматай, пячаткай і душою нашай умацавалі. І грамата ад нас да гаспадара ваша­га будзе вам дадзена.

Затым паслы падышлі бліжэй да цара. Пан Песачынскі з рук цара ўзяў грамату і звярнуўся да яго з прамовай. Затым ён перахрысціў цара і пацалаваў царскую руку.

Потым да цара падышоў пан Сапега, узяў царскую руку ў сваю руку, пацалаваў яе і сказаў:

— Цяпер цалую руку тваёй царскай вялікасці, паколькі ты прынёс прысягу яго міласці каралю, нашаму пану міласэрнаму. Жадаю тваёй царскай вялікасці жыць у вечнай дружбе і сімпатыі з яго міласцю нашым каралём, доўга і шчасліва панаваць у тваіх уладаннях.

Пацалаваўшы руку, пан Сапега адступіў ад цара.

Затым пан Вяжэвіч і пан Мадаленскі, а за імі і ўсе астатнія, цалавалі цар­скую руку.

Калі паслы накіроўваліся з ізбы, думныя баяры падыходзілі да іх і віншавалі. Паслы і баяры радаваліся і абдымаліся без усялякіх цырымоній. Дзякі, якія заўсёды сустракалі і праводзілі паслоў, і цяпер выконвалі свае абавязкі. Затым яны таксама радасна абдымаліся з пасламі.

Спусціўшыся з гары, паны паслы селі на сваіх коней. У горадзе для асвятлення былі развешаны паходні (каганцы). Стральцы з запаленымі паходнямі праводзілі паслоў да пасольскага двара.

Неўзабаве, пасля таго як паслы селі на коней, паміж імі пачалася новая сварка з-за месца захоўвання царскай граматы. Пан Песачынскі, атрымаўшы грамату ад цара, схаваў яе спачатку ў сябе за пазухай, а затым аддаў пану Кратоўскаму, каб той занёс яе ў пасольскі двор. Але захоўванне граматы ўваходзіла ў абавязкі пана Мадаленскага, як старэйшага каралеўскага двараніна.

Пан Сапега пачаў з гэтай нагоды ўшчуваць пана Песачынскага:

— Ваша міласць добра злаўчыўся ў крадзяжы. Хіба недастаткова таго, што ты скраў пакт і схаваў яго ў сябе. А цяпер царскую грамату спачатку паклаў сабе за пазуху, а затым аддаў яе несці таму, каму менш за ўсё яе варта было несці, хіба толькі ў выпадку адсутнасці пана Мадаленскага. Ваша міласць падманулі нас, выкарысталі хітрасць і хлуслівыя словы. Асабліва закрануты гонар пана Вяжэвіча, у абавязкі якога ўваходзіць захоўванне пакта. І зараз яшчэ раз усё вылілася вонкі, — царская грамата перададзена ў рукі чалавека, які не мае паўнамоцтваў на яе захоўванне. Калі б не ішла гаворка пра маю рэпутацыю і рэпутацыі нашага караля, то я б, нягледзячы на маю стрыманасць і разважлівасць, знайшоў бы спосаб правучыць вашу ласку за нявартыя ўчынкі і здзекі. Але прыйдзе час і ваша міласць за ўсё адкажа.

Пан Песачынскі адказаў пану Сапегу на яго словы, патлумачыўшы, чаму ён падтрымліваў з ім адносіны:

— Я трываў вашу ласку да таго часу, пакуль ваш аўтарытэт і слава патрэбныя былі для карысці дзяржавы. Цяпер усё скончылася. Хачу падсумаваць, што больш няма ніякай неабходнасці клапаціцца пра прыязнасць да вас.

Пан Сапега адказваў:

— Вельмі рады, што ваша вялікасць, нарэшце, паведамілі мне аб сваёй уяўнай павазе да мяне. Упрыгожвалі сябе чужым пер’ем, а цяпер усё прысвойваеце сабе. Уражвае рэзалюцыя вашай міласці аб тым, што вы ніколі раней не стараліся аб узаемнай сімпатыі, а цяпер тым больш не будзеце пра яе думаць. На вашу падступнасць я адкажу адэкватна. Дасць Бог, і я паквітаюся з вамі.

Пан Песачынскі сказаў:

— Ваша міласць мог бы выказаць мне належную павагу, паколькі я сяджу там, дзе сядзелі знакамітыя продкі вашай міласці і цяпер сядзяць, — побач з яго вялікасцю каралём. Вашых пагроз я не баюся. Тады будзеш мне пагражаць, калі ў цябе будзе барада, як у мяне.

Пан Сапега адказваў:

— Вы першы з вашага роду, хто здолеў заняць месца ў Сенаце. Таму не занадта высока заносцеся. Мае продкі з даўніх часоў займалі высокія пасады, і зараз наш старэйшы высока сядзіць. Але ніхто з нас не быў камянецкім панам і не жадае ім быць. Няхай ваша міласць займае гэтак высокую пасаду і далей. А ад вашай казлінай барады, якой вы прыкрываецеся, няма ніякай карысці. Ніхто яе і не жадае мець.

З узаемнымі абразамі і лаянкай паслы прыехалі да пасольскага двара.

Неўзабаве да іх прыбыў царскі стольнік Куракін, які і раней прыязджаў. Ён прывёз царскае падараванне (узнагароджанне) — напоі і розныя стравы, якія былі ў замку на стале ў паслоў. Пан Сапега аддзячыў стольніка за два разы. Ён паслаў яму рострухан — двайны, срэбны i з пазалотай.

Уначы за белымі сценамі згарэла пяць хацін.


IV


Красавік 1635 года.

1 у каляровую нядзелю. Да царквы Святой Тройцы, што размешчана ў Кітайгорадзе, недалёка ад Крамля, з замка адправілася працэсія. Сам цар ішоў пешшу. Патрыярх сядзеў на муле і хрысціў людзей крыжам. Канец лейцаў знаходзіўся ў руках у цара, нібы ён вёў мула, на якім ехаў патрыярх. Пад правую руку цара падтрымліваў акольнічы і дварэцкі Стрэшнеў, а пад левую — князь Хаванскі. З царквы цар, здаецца, з’ехаў на санях.

Тром паслам прынеслі падарункі ад цара, — па чатыры саракі собаляў. Для двара пана Сапегі, — восем саракоў, а для двароў пана Песачынскага і пана Вяжэвіча, — па шэсць саракоў собаляў. Пан Песачынскі і пан Вяжэвіч падзяліліся падарункамі са сваімі людзьмі, але большую частку сабе пакінулі. Дваране пана Сапегі не прынялі собаляў паколькі яны аказаліся сапсаванымі. Яны перадалі іх капліцам святога Бэноні і святога Казіміра, што знаходзіліся ў Вільні. Ксяндзу Юргевічу, а таксама ўсім астатнім дваранам, пачынаючы з пана Мадаленскага, дасталася па сорак собаляў.

Таму, хто даставіў падарункі ад цара, пан Сапега ў адказ падарыў медны таз аўстрыйскай працы з налівачкай (рукамыйніцай).

Для нас прыгналі падводы, лікам 300.

2 у вялікі панядзелак. Пан Сапега ўзнагародзіў прыставаў. Казлоўскага — залацістай шабляй, упрыгожанай бірузой і каштоўнымі камянямі. Гарыхвостаў атрымаў пазалочаны меч, упрыгожаны камянямі. Міглецкаму дастаўся палаш, апраўлены ў золата. Абодвум дзякам Сапега падараваў па шаблі, якія былі апраўлены ў золата. Асобна ён узнагародзіў Пажарскага. Сапега паслаў яму гнядога скакуна турэцкай пароды. Усім, хто аказваў паслугі на пасольскім двары — піўнічым, цалавальнікам, пекарам, вартаўнікам, дазорцам, дворным і гэтак далей, — далі па некалькі дзясяткаў талераў.

Пасля абеду прыбылі дарожныя прыставы — Філон, Аляксей і Малюта. Пры­ставы паведамілі паслам, што са згоды цара яны прызначаныя ў якасці павадыроў да мяжы.

Працяглае знаходжанне, цесната і розныя нязручнасці вельмі надакучылі ўсім. З-за гарачага сонца і дажджоў, якія доўжыліся паўтара тыдня, пачало псавацца надвор’е. У вялікіх паслоў і ва ўсіх нас было велізарнае жаданне хутчэй выбрацца ў дарогу.

Прыставы, аднак, не дазвалялі ад’езду. Спасылаючыся на загад цара і думных баяраў, яны патрабавалі без прамаруджання выдаць ім каля 15 чалавек з нашых людзей, якія раней трапілі ў палон і вымушаныя былі цалаваць крыж цару. Цяпер яны схаваліся на нашым двары, жадаючы вярнуцца дадому. Мы паўсталі перад выбарам: альбо затрымацца і настойваць на вяртанні тых людзей, альбо выдаць іх прыставам і выракчы на верную і ганебную смерць.

Пан Песачынскі запатрабаваў:

— Выдаць усіх назад.

Некаторыя з названых людзей, даведаўшыся пра яго рашэнне, спрабавалі скончыць жыццё самагубствам. Яны такім шляхам хацелі пазбавіць сябе ад цяжкіх пакут.

Пан Сапега і пан Вяжэвіч не жадалі выдаваць прыставам тых «здраднікаў». Пан Сапега сказаў прыставам:

— Нават калі мне самому прыйдзецца застацца тут назаўсёды, я не выдам вам ні аднаго з гэтых людзей. Вы, відавочна, сілай прымусілі нашых людзей цалаваць крыж цару, супраць іх волі прымусілі прынесці яму прысягу на вернасць. У нас вашых людзей не трымаюць, а адпускаюць, калі яны пажадаюць выехаць з вашымі пасламі. Калі нават хто-небудзь жыў у нашай зямлі і 20 гадоў, ён мае права свабодна з’ехаць. Вы біце чалом вашаму цару і думным баярам, каб яны дазволілі тым нашым людзям, якія жадаюць, паехаць з намі. З-за іх не ўбудзе людзей у вашага гаспадара.

Прыставы з тым з’ехалі ў замак, а калі вярнуліся, заявілі:

— Вялікі гаспадар наш, яго царская вялікасць, паводле твайго, Казімір Львовіч, прашэння, загадаў усіх тых людзей, якія ў вас у двары, без затрымання вольна адпусціць. І вы б такое ў вашай зямлі рабілі, нашых людзей да нас адпускалі. Калі і іншыя з вашых людзей пажадаюць вярнуцца дадому, царская вялікасць загадвае іх свабодна адпусціць.

Гадзіны за дзве перад заходам сонца паны паслы выехалі з Масквы праз Цвярскія вароты. Калі пераехалі Маскву-раку, прыставы — Казлоўскі, Гарыхвостаў і Міглецкі, а таксама два дзякі, абняліся з вялікімі пасламі і развіталіся з усімі астатнімі.

Начлег правялі ў вёсачцы, названай Вяское. Там было каля 12 халуп. Праехалі 3 мілі па вельмі дрэннай дарозе.

3 у Вялікі аўторак. Начавалі ў Кубінску. Праехалі 8 міль па цяжкой дарозе.

4 у Вялікую сераду. Начавалі ў Мажайску. Праехалі 7 міль па дрэннай дарозе.

5 у Вялікі чацвер. Пан Сапега, пан Вяжэвіч і пан Мадаленскі начавалі разам з іх дварамі ў Калачынскім манастыры. Праехалі 4 мілі.

Пан Песачынскі пасля Мажайска паехаў іншым шляхам, абмінуўшы той манастыр.

Да пана Сапегі прыходзілі прыставы і скардзіліся на слуг пана Песачынскага, якія адказвалі за правіянт, за тое, што яны абразілі пад’ячага, які вёз правіянт, рознымі непрыстойнымі словамі і сілай адабралі ў яго авёс.

Прыходзіў да пана Сапегі прыстаў Філон. Ён сказаў наступнае:

— Вялікага гасудара нашага, яго царскай вялікасці, ёсць загад, каб вам, вялікім паслам, тут заначаваць. На ноч і на наступны дзень тут нарыхтаваны прадукты для людзей і корм для коней. А таварыш твой самавольна едзе. Пры табе, Казіміру, другі пасол і ўся шляхта едзе. А там з ім купцы паехалі. А той Аляксандр непрыгожае робіць. Калі ўжо вялікія гаспадары нашы памірыліся, нам бы ўсім трэба ў любові і ў брацкім сяброўстве быць. А яго слугі ліхімі словамі мацюкаюцца. Ды калі б мы самі ў тую пару тут былі, і ён бы сам такія словы слухаў, і нічога б не ўзяў. Калі б быў царскі ўказ, можна было б нам, прыставам, разлучацца: аднаму ехаць з Песачынскім, а другому тут з табой заставацца. Мы ўсё робім паводле ўказа яго царскай вялікасці. Мы не можам па сваёй волі ехаць з ім.

6 у Вялікую пятніцу. Выехалі ў поўнач, паколькі дарога да гэтага часу трохі выправілася, бо яе ледзь прымарозіла. Начавалі ў Царовым Займішчы. Праехалі 9 міль. Тут заспелі пана Песачынскага.

Ноччу да паслоў са сталіцы ад цара і думных баяраў прыскакалі князь Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў.

У ноч перад Вялікай суботай рана пачало днець. Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў прыйшлі да паслоў і былі прынятыя імі ў адпаведнасці

з пасольскім звычаем. Маскоўскія людзі, як і належала, зачыталі грамату. У ёй паведамлялася, што маскоўскаму паслу Львову не быў уручаны дыплом ад кара­ля, пана нашага. На думку Масквы, гэта азначала, што заключныя запісы і прысяга вялікіх паслоў на рацэ Палянаўцы, гублялі сілу. Маскоўскі пасол Львоў, як вынікала з граматы, не жадаў выслухоўваць прысягі яго каралеўскай міласці да таго часу, пакуль яму не будзе ўручаны дыплом. Усё гэта было шырока і шматслоўна апісана ў грамаце, прывезенай Шахоўскім і Нячаевым з Масквы. Тая грамата была ўручана паслам.

На словах Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў выказвалі здзіўленне хлуслівымі, на іх думку, паводзінамі нашага караля і паноў сенатараў. Свайго цара яны выстаўлялі сумленным і адказным. Паводле іх словаў, ён рабіў усё, як і было дамоўлена. Асабістай прысягай ён зацвердзіў заключныя запісы і адпусціў паслоў з гонарам.

Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў патрабавалі, каб кароль таксама паступаў сумленна, як іх цар, і прыклаў неабходныя намаганні для аднаўлення вечнай прыязнасці.

Пан Сапега адказаў ім:

— Не наша справа шукаць дыплом для вашага пасла. Мяркую, калі дыплом адшукаюць, яго адразу аддадуць яму. Вам варта ведаць, што прысяга нашага караля важней за ўсякія запісы. Няхай ваш цар і думныя баяры будуць упэўненыя ў тым, што наш кароль, як сапраўды вялікі манарх, умее трымаць сваё слова і веру. Прысяга нашага караля — важнейшая за ўсякія запісы. Таму ваш пасол і быў накіраваны да караля, каб выслухаць яго прысягу. Як толькі я, дасць Бог, вярнуся ў сваю Бацькаўшчыну, то прыкладу ўсе намаганні і старанні, каб адшукаць страчаную грамату. Калі знойдзем яе, то без усякай затрымкі яна будзе аддадзена вашаму паслу.

Маскоўскія людзі, выслухаўшы такі адказ, сышлі.

Пра падзеі пры каралеўскім двары ў Маскву паведаміў маскоўскі ганец, з якім мы размінуліся каля Мажайска. Калі б ён застаў нас у сталіцы, нам бы прыйшлося яшчэ надоўга там затрымацца.

Наступны начлег прыйшоўся на Вязьму. Праехалі 8 міль. Дарога была жудаснай з-за праліўнога дажджу.

8 у нядзелю. У такое цудоўнае свята і ўрачысты дзень не толькі вандроўнікі, але і коні заслугоўвалі адпачынку, хоць бы адзін дзень. Шлях быў доўгім і вельмі складаным. Але здарылася так, што давялося выехаць у напрамку мяжы ў той жа дзень.

Ютрань адслужылі ў доме, дзе размясціўся пан Сапега. Святая літургія прайшла ў звычайны час, з музыкай, з дазволу пана Сапегі. Пан Сапега і яго людзі ні пра што не турбаваліся, на службе яны правялі каля гадзіны. Але раптам пану Сапегу паведамілі, што другі пасол пан Аляксандр Песачынскі тэрмінова, з некалькімі сваімі людзьмі, выехаў з горада. Пан Песачынскі распарадзіўся, каб яго вазы і вазы яго людзей як найхутчэй выбіраліся з горада.

Пан Сапега меркаваў, што прычынай такога тэрміновага ад’езду Песачын­скага служыла сапсаванасць дарогі. Але ён пакуль што не ведаў сапраўднай прычыны, паводле якой пан Песачынскі спехам і ўлегцы выехаў з горада, пакінуўшы ззаду сябе вазы, а таксама, чаму за ім з такім трэскам рушылі ўслед яго людзі.

Неўзабаве, аднак, ад самога пана Песачынскага прыйшла вестка. Пасля таго ўжо, як Песачынскі пакінуў горад, ён прыслаў свайго ганца да пана Вяжэвіча з папярэджаннем, што ў сталіцы за імі рыхтуецца пагоня. Ён сцвярджаў, што мае аб тым дакладныя звесткі. Пан Вяжэвіч накіраваўся да пана Сапегі і перадаў яму тое, пра што паведамляў пан Песачынскі.

Даслухаўшы Боскую службу і рана паснедаўшы, пан Сапега аддаў загад усім людзям рыхтавацца ў дарогу. Пад пагрозай строгага пакарання, ён распарадзіўся, каб ніхто ў адзіночку не з’язджаў наперад і не заставаўся ззаду.

Ад’езд пана Сапегі здарыўся праз чатыры гадзіны пасля ад’езду пана Песа­чынскага. Як толькі былі падрыхтаваны вазы, сабраныя ўсе вознікі і пяхота, пан Сапега і пан Вяжэвіч з усімі іх людзьмі выехалі з Вязьмы.

Прыставам — Філону, Аляксею і Малюту — пан Сапега падараваў па трое коней, узнагародзіўшы, такім чынам, іх за работу. Прыставы не паехалі з панам Песачынскім, хоць ён і падарыў ім пярсцёнкі. Выказваючы ўдзячнасць пану Сапе­гу, прыставы праводзілі яго да самай мяжы, да рэчкі Палянаўкі. Яны пераехалі на наш бок ракі, абняліся на развітанне з панам Сапегам, а таксама развіталіся з усімі намі. Прыставы выказалі пажаданне часцей бачыць пана Сапегу ў іх зямлі. Яны пажадалі яму ўдачы ва ўсіх справах.

Весялей свет і ясней неба стала для кожнага з нас, як толькі мы пераехалі мяжу і апынуліся на нашым баку рэчкі. Ад Вязьмы праехалі амаль тры мілі. А ад мяжы да вёсачкі Шэмлова — адлегласць больш за дзве мілі. Начлег мелі ў той вёсачцы Шэмлова.


Пераклад Івана САВЕРЧАНКІ.

Загрузка...