- Ляжыць мядзведзь, стогне: «Ой, адстань ад мяне, назола! Ой, і без цябе моташна...» Ён узмоцнена выпраменьвае цяпло.

- У яго тэмпература? Захварэў, мабыць... Колькі да яго метраў?

Адказаў Эрпід-адзін:

- Сто шэсцьдзесят пяць.

- Таня, загадваю: застацца з Эрпідам-адзін тут. А з жоўтым я пабягу туды.

- А-а, хітранькі... А як за гэты час мядзведзь кругом-кругом ды сюды прыбяжыць? Хто нас адбароніць ад яго?

Узбунтаваўся і серабрысты.

- Я змагу дадаткова набыць шмат інфармацыі. Эрпід-два ўсё не зможа зрабіць. Я еду з Ванем.

- Завялі валынку... Я цябе не прымушаў заставацца з намі, магла ісці барабаніць у свае барабаны. А то нешта многа ў цябе мух у носе, - Ваня знарок гаварыў толькі да Тані, Эрпіда не чапаў.

Эрпід-адзін:

- Інфармацыю не зразумеў. Можна папытаць у Тані? Чаму яна трымае мух у носе? Яны не замінаюць ёй, не казычуць?

Зарагаталі і Ваня, і Таня.

- Ну добра... Памагай Эрпідам, я ўперад пабягу разведаць дарогу. А ў шаснаццаць нам трэба быць на калгасным рынку!

Ці бачылі вы калі-небудзь, як ідзе парусная лодка супраць ветру? Амаль супраць ветру... Лодка ідзе то правым, то левым галсам, гэта значыць, то правей, то лявей таго напрамку, з якога дзьме вецер. Увесь фокус у тым, як паставіць ветразі!

Гэтак рухаліся і нашы спадарожнікі. Такіх сцежак, каб вялі якраз у напрамку да мядзведзя, не было. Былі такія, што вялі то правей, то лявей. Эрпід-адзін кожную хвіліну-другую дакладваў, куды яны адхіляюцца і колькі засталося да аб'екта. Таня ўжо засаплася, выбаўляючы то аднаго, то другога Эрпіда з травы і зелля, адхіляючы галіны, абводзячы робатаў вакол вялікіх лужын. А пазапырскваліся Эрпіды! Па самыя вушы-антэны...

- Да аб'екта дваццаць сем метраў... Дваццаць чатыры... - далажыў ззаду хрыпатым голасам Эрпід-адзін.

- Глядзіце, веласіпед «Арлёнак»! - усклікнуў у гэты час Ваня.

І праўда, упоперак сцежкі-дарожкі ляжаў бліскучы, увесь у кроплях дажджу веласіпед.

Пакуль усе сабраліся каля Вані, ён і веласіпед падняў і завернуты ўбок руль паставіў на месца. Паспрабаваў і скінуты ланцуг начапіць на зорачку-зубчатку, але толькі рукі перапэцкаў у мазут.

- Чаго ён тут ляжыць у дождж? Гэй, хто тут ёсць? - закруціўся Ваня на месцы. - Хто адцураўся веліка?

У адказ не хлапчукоўскі голас пачуўся, а радасны віск і брэх Жучка.

- Тут яны! Блізка! - зарадавалася Таня і хацела ўжо рынуцца ў мокрую чашчобу і буралом.

- Стой! Расхрабрылася вельмі! - спыніў яе Ваня.

Эрпід-два далажыў:

- Сабака скача з радасці. Пытаецца: «Стаяць тут ці выганяць звера на Ваню?»

- Скажы, каб стаяў на месцы, чакаў. І мядзведзю скажы, што мы з дабром да яго, хочам памагчы... Спытай, што баліць.

- Дзевяць метраў да аб'екта мядзведзь... Сем з паловай метраў да аб'екта сабака, - уклініўся са сваімі дадзенымі Эрпід-адзін.

Такога «канцэрта» Ваня і Таня яшчэ не чулі. Спачатку Эрпід-два забрахаў з падвывамі, потым пакруціў трохі галавою і зароў па-мядзведжы, перайшоў на мармытанне, крэкт, вуркатанне. Хацелася і смяяцца, слухаючы яго, а часам і мароз па скуры прабягаў. Ведалі, што гэта Эрпід-два так падрабляе галасы, і ўсё роўна не верылася. Ну й мастак, ну й спец!

- Можна падыходзіць, ён не будзе ўцякаць. І нападаць не будзе. У яго, мабыць, зломана задняя лапа: ушчаміў, падаючы з веласіпеда, - перайшоў Эрпід-два на чалавечы голас.

- Як... з веласіпеда?! - усклікнулі Ваня і Таня. - Пры чым тут веласіпед?

- А так, з веласіпеда... Мармыча, просіць падысці, паглядзець.

- Ваня, не слухай яго! - перапужалася Таня. - Мядзведзь зусім мала мармыча, а жоўты гаворыць многа. Выдумляе абы-што, а ты верыш, лезеш яму ў лапы.

Эрпід-два не знайшоў, што сказаць. Мо пакрыўдзіўся? Сказаў серабрысты:

- Вы забываеце, што мы не толькі голас чуем, але і ўлоўліваем думкі, вобразы, што з'яўляюцца ў вашых мазгах. У звяроў асабліва, бо ў іх гукаў мовы мала, амаль усё трэба расшыфроўваць.

Ваня ўсё-такі памарудзіў лезці ў гушчар.

- Скажы Мішку, хай сам вылазіць сюды, хоць на трох лапах. Бо ты ж не можаш у гушчар залезці, а без цябе я не дамоўлюся з ім, - звярнуўся да жоўтага.

І Эрпід-два рыкнуў - гартанна, нібы алень выклікаў на паядынак другога. Штосьці падобнае Ваня чуў і бачыў па тэлевізары.

У чашчобе затрашчала ламачча, і адразу шалёна забрахаў Жучок. Сабака, мабыць, падумаў, што мядзведзь хоча даць дзёру.

- Жучок, ціха! Ідзі сюды! - прыкрыкнуў Ваня.

Сабака неахвотна адскочыў з дарогі мядзведзя, абурана падзяўкаў, віскнуў. А Мішка выкульгаў на сцежку - здаравенны, па самую шыю Ваню (Таня адразу адбеглася за Эрпідаў, ухапіла ў руку ламачыну). Галаву мядзведзь трымаў унурана, паглядваў на Ваню як бы спадылба. Вочы яго былі невялікія, круглыя і цёмныя, сумна-панурыя. Мішка не вельмі вымак, але там, дзе шэрсць намокла, цямнеліся плямы. Затое Жучок выбег, што з рэчкі выцягнуты. Поўсць папрыліпала, мордачка зрабілася маленькая, незнаёмая. Ён дробненька ўздрыгваў усім целам, павіскваў і чамусьці вінавата віляў хвастом.

Мядзведзь адразу лёг на жывот, галаву паклаў на пярэднія лапы, заплюскаў вочкамі, чакаючы. Жучок пасмялеў, забег за Ваню і так страпянуўся, што ў бакі веерам паляцелі пырскі. І адразу стаў больш калматы. Сеў на хвост і стомлена, на ўвесь рот пазяхнуў, аблізнуўшы сам сабе нос.

- Скажы мядзведзю, хай на бок ляжа, - сказаў Ваня, і Эрпід-два штосьці мрукнуў Мішку.

Той лёг на правы бок, хворая лапа апынулася зверху. Задняя левая...

Ваня прысеў на кукішкі, пачаў абмацваць так, як вучыў дзед Гардзей. Ух, і кіпцюры ж у мядзведзя! Чорныя, крывыя і мо па сантыметраў дзесяць... А спадыспаду лапа ў жоўтых мазалях-натопках, па абрысу ступак вельмі нагадвае чалавечы.

Мядзведзь стрымана выдыхаў паветра, стагнаў цярпліва. А Ваня нічога не вымацаў. Не было такіх пераломаў, каб ажно костка тырчала з-пад шкуры, выпіналася. Хутчэй за ўсё трэснула адна з касцей у ступаку. Баліць, вядома, вельмі баліць, але ж добра, што нічога з месца не зрушана і адкрытага пералому няма.

- Пры пераломах у лубкі бяруць тое месца ці ў гіпс. А дзе мы возьмем што? Каб хоць які кавалак дошкі знайсці... - раздумваў уголас Ваня. І, мабыць, жоўты ўсё гэта перамармытаў мядзведзю, бо Мішка гаротліва ўздыхнуў і штосьці мармытнуў-прастагнаў у адказ.

- Мішка гаруе, што так няўдала скончыліся яго ўцёкі на волю, - растлумачыў Эрпід-два. - Але, кажа, хоць на трох лапах буду кульгаць, а назад у клетку не вярнуся.

- Ну і дурны, скажы яму... Што ён цяпер знойдзе ў лесе, калі і ўдасца выбрацца за горад? - Ваня выцягнуў са штаноў папружку. - Таня, вунь сасна ўсохлая, кара плітамі паадвальвалася. Вазьмі два велікаватыя жалабкі, будзем увязваць лапу... Эрпід, а ты папытай у мядзведзя, дзе ён нарадзіўся - у лесе ці ў цырку. Калі ў цырку, то ён увогуле не прыстасаваны да жыцця на волі, у лесе.

- Ты скажы яму, што міліцыя і паляўнічыя яго шукаюць! - выкрыкнула Таня здалёк.

Эрпід-два папытаў, і Мішка ў адказ усхвалявана задыхаў, потым сеў на заднія лапы, а пярэднімі засукаў перад сабою, задраў морду ўгору і зароў: «Ой, о-оў, о-о-э-э!» Потым заціснуў лапамі вушы, пацёр вочы...


Першы расказ мядзведзя, перакладзены на чалавечую мову Эрпідам-два


- Усе крычаць: «Мішка, Мішка!» А мяне мама Мумрык звала. О, як даўно-о гэта было-о-о... Я ледзь памятаю той час. Але як сёння бачу: вылезлі мы першы раз з бярлогі, з-пад яліны-вываратня. Такая відната кругом, такія пахі адусюль! Лісцікі маладзенькія, смачныя - лоп-лоп-лоп... Птушкі ў даганялкі гуляюць, шчабечуць... А мы ідзём з мамай на сонечную палянку, да бурлівай рэчкі. Ах, якое цёплае і ласкавае сонейка на нас свяціла, лашчыла сваімі праменямі! Не паспеў я падурэць з Шумрыкам... Гэтак браціка майго звалі... Не паспелі набегацца, як маці пазаганяла нас у халодную ваду. Мы пішчаць, уцякаць, а яна схопіць зубамі за шкірку і - бабоўць з галавою! А тады другога - бабоўць! Потым мы бегалі мокрыя па паляне, асцепваліся, сушыліся, дужаліся, дурэлі... Шумрык мне вуха пракусіў, а я яму нос абадраў. Мама памірыла нас, дала аплявуху аднаму і другому. Не моцна, усяго да вечара звінела ў вушах. І сказала тады: «Фізкультурнічайце, гэта добра... Але не калечце адзін аднаго!»

Амаль кожны дзень мы прыходзілі на тую паляну... Жавалі лісцікі, карэньчыкі, высмоктвалі з травы смачныя ягады, успорвалі чмяліныя гнёзды, грэлі на сонцы жываты і спінкі... Мама часта пакідала нас там, а сама перабіралася на той бок рэчкі, ішла на вялікае паляванне. Бывала, што з гэтага палявання і мяса нам прыносіла... Мы добра навучыліся лазіць па дрэвах. Умудраліся нават на тоненькія забірацца і гушкацца. Раз гушкаліся - «Ух-ха-ха! Ох-хо-хо!», глянулі ўніз, а пад дрэвам нейкія звяры на дзвюх нагах стаяць, шкура на іх складкамі вісіць. Мы яшчэ не ведалі, што гэта былі людзі, але здагадаліся адразу: мама не раз гаварыла пра іх. І яшчэ: у тайзе трэба баяцца ўсіх, хто большы за цябе. Пакуль не вырасцем... А людзей трэба асцерагацца і тады, калі павырастаем вялікія. Гэтыя людзі адразу стрэслі Шумрыка, а мяне не стрэслі. Дасталі штосьці бліскучае і - гах! гах! - застукалі па дрэве. І я паляцеў разам з дрэвам на зямлю. Завязалі нам на шыі раменьчыкі і павялі. Я спачатку вырываўся, але раменьчык душыў шыю, ажно ў вачах бліскала, і я перастаў.

Нас засадзілі ў вялізную жалезную скрыню з галінамі-крыламі зверху. Потым штосьці зараўло, наша жалезная скрыня тузанулася і дробненька задрыжала. «Ляцім!» - сказаў хтосьці з людзей. Я тады не разумеў, што ляцець можна і гэтак, бо я раз ляцеў потырч з дрэва, дык гэта было зусім не тое, і было балюча. Тады мне мама яшчэ і па патыліцы лапаю трэснула: «Калі што робіш, то думай, чым скончыцца». І як дрэўца ссеклі, таксама ляцеў, толькі ніхто па патыліцы не біў.

Потым мы яшчэ і ў поездзе ехалі, і ў машыне. Столькі было незнаёмых нясмачных машынных пахаў - галава кружылася. А нас усё везлі...

Пасялілі нас у падвале цырка, у адной клетцы было нас пяцёра. Жэрці нам давалі ўсяго ўсякага, але самае смачнае, самыя ласункі толькі тады, калі мы рабілі штосьці так, як прымушалі нас людзі. Дрэсіраваў нас здаровы дзядзька Валянцін. За якое непаслушэнства ці правіннасць, бывала, возьме за шкірку адною рукою аднаго, другою другога і як страсяне! Нават мама не магла нас трэсці адразу дваіх...

Ах, якія мы былі тады дурныя! Каб зарабіць больш цукру ці цукерак, мы так стараліся, ледзь са шкуры не вылузваліся. Сонца мы даўно ўжо не бачылі, а толькі ўсякія агні, лямпачкі. Часам ледзь не задыхаліся ў сваім падвале: столькі было там розных пахаў. А пахі тайгі, матчын пах я толькі сніў.

Трох самых здольных малых, у тым ліку і мяне, пачалі выпускаць у ярка асветлены круг. Наўкол таго круга сядзелі ў прыцемку вялікія і малыя людзі - многа людзей! - яны пляскалі рука аб руку і крычалі «ха-ха-ха!», калі што-небудзь у нас асабліва добра выходзіла. На мяне начаплялі доўгую спадніцу, да вушэй прывязвалі бліскучыя кольцы, і я танцаваў пад музыку. Мяне абувалі ў кеды, надзявалі на мяне трусікі, і я падскокваў і рабіў сальта на батуце, потым куляўся на брусах і гушкаўся на кольцах. Кольцы з-пад лап стараліся разбегчыся, і мяне ледзь не раздзірала. І гэтак было па некалькі разоў на дзень - і на рэпетыцыях, і на выступленнях.

Колькі часу прайшло, не магу сказаць, зіма і лета мяняліся некалькі разоў... Я даўно стаў дарослым мядзведзем. Мяне вучылі рабіць усё новыя нумары: вывозіць на арэну ў вазку-калясцы малога поні. А той сядзеў на хвасце, як сабака, і махаў на мяне прывязанай да пярэдняй нагі пугаю. Вывозіў я і самога Валянціна. Раз'язджаў я на веласіпедзе, на матацыкле, нават ехаў раз па вуліцах горада, а мяне здымалі ў кіно...

А сны пра волю не пакідалі мяне. Яны сніліся ўсё часцей і часцей, воля здавалася мне мілей за ўсё. Я нудзіўся і задумваўся над сваім жыццём усё больш і больш. На арэне я капрызнічаў, перастаў рабіць тое, што ад мяне патрабавалі. Валянцін сілком засоўваў мне ў рот цукеркі, а я выплёўваў іх - балелі зубы. Я ляжаў і сумаваў цэлымі днямі. Да мяне прыводзілі і чалавека ў белым халаце, які нясмачна пахнуў лякарствамі. Гэта ён знайшоў у мяне зубную хваробу, і таму ўсе парашылі, што я капрызнічаю ад зубоў. А мне хацелася волі, волі! Мне лячылі зубы, давалі больш зеляніны, яблык, вітамінаў, па цэлай бутэлечцы смачнага рыбінага тлушчу. А я ўсё роўна бунтаваў, праўда, ціха, не гэтак, як мой сусед тыгр Бенгал. Той два разы нападаў на Валянціна, распаласаваў яму руку, не падпускаў да сябе блізка. Чалавек у белым халаце «ўсыпіў» тыгра. Я спачатку не зразумеў гэтага слова, толькі тады скеміў, як ад тыгра пайшоў пах мёртвага цела. Мы, мядзведзі, адразу ўлоўліваем гэты пах... Я не хацеў, каб і мяне «ўсыпілі», і зноў пачаў трохі што рабіць. Але не так ахвотна, з подбрыкам, як таго патрабаваў Валянцін.

Аднойчы ў маю клетку ў падвале зайшоў дрэсіроўшчык Валянцін і накінуў мне на шыю здаравенны аброжак, а на морду - спецыяльную аброць, каб не мог я і рота разявіць. Ён павёў мяне цёмнымі пераходамі і вывеў на двор цырка. Пакуль выбіраліся, я быў насцярожаны, гатовы ў любую хвіліну кінуцца на Валянціна ці каго другога, калі той захоча мяне «ўсыпіць». На двары стаяла ўжо машына з вялізнаю клеткаю, былі прыстаўлены лескі. Мы зайшлі па іх з Валянцінам у клетку, ён разлыгаў мяне, паздымаў з мяне ўсякія рамяні. Другі чалавек, што падняўся па лесвіцы, адразу зачыніў і замкнуў клетку, як толькі Валянцін пакінуў мяне. Валянцін і той чалавек патрэслі адзін аднаго за лапы, і машына зараўла, мяне павезлі... А Шумрык так і застаўся ў тым цырку...


16


- Дык гэта цябе ў звярынец перасоўны аддалі! - здагадаўся Ваня. Ён якраз скончыў увязваць Мішкаву лапу, абклаўшы яе тоўстымі плахамі кары. Пагладзіў мядзведзя за цярплівасць.

Мядзведзь выставіў да Тані правую пярэднюю лапу, мармытнуў:

- Э-эйр-р... Оўр-р...

- Мядзведзь гаворыць, што з сумачкі чуецца пах смачных цукерак. І хоць ён зарокся есці салодкае, але калі цукеркі мяккія, а не тыя, што храбусцяць, то ён бы і не адмовіўся ад пачастунку, - пераклаў Эрпід-два.

- Бач ты яго, які далікатны ў манерах! - усміхнуўся Ваня.

- Ой, а я і забыла пра цукеркі, - спахапілася Таня. - «Мишка на Севере» ёсць. Але ж яны, мабыць, больш падыходзяць для белых мядзведзяў.

- Нічога, можа, і я не атручуся, - адразу пераклаў Мішкаў адказ Эрпід-два.

- Дык ты звер з гумарам! - з захапленнем усклікнуў Ваня. - Мумрык, а яблыкі будзеш есці? - палез ён у запазуху.

- Тое, што ты назваў мяне па-мамінаму, саладзей мне за ўсякую цукерку і за яблык. Але я не адмоўлюся і ад яблык, і ад хлеба.

- Няма хлеба. От бачыш, хлеба захацеў... А хто табе даў бы ў лесе хлеба, га? Мы маглі б збегаць у краму, купіць, але ж і грошай у нас няма, - Ваня на ўсякі выпадак падміргнуў Тані.

- Няма, няма, - зразумела яго намёк Таня.

- Манеты... - пачаў нешта гаварыць Эрпід-адзін, але Ваня перапыніў яго:

- А ты ўвогуле памаўчы. Твая справа - маўчаць і запісваць, калі табе цікава.

Жучок усеўся насупраць мядзведзя і глядзеў, аблізваючыся, як Мумрык-Мішка ўплятае за абедзве шчакі яблыкі і цукеркі, як абсмоктвае лапы ад смачнага соку. У Жучка таксама ныла і падціскала ў жываце (галодны быў, як сабака), гатовы быў есці ўсё, але толькі не яблык і цукерку. Зроду такога не еў. От каб дзеці збегалі па хлеб...

Пакуль мядзведзь сілкаваўся, Ваня і Таня, сышоўшыся, раіліся пошапкам, што рабіць далей. Урэшце Ваня аб'явіў:

- Мумрык, ты толькі не крыўдуй на нас... Пакуль не зажыве твая лапа, лепш пабыць табе ў звярынцы. Іначай загінеш, а нам будзе цябе вельмі шкада... Мы палюбілі Мумрыка і хочам, каб ты жыў яшчэ доўга-доўга на радасць усім дзецям. А зажыве лапа, тады можаш рабіць, што захочаш. Можаш, напрыклад, чакаць другога выпадку, каб уцячы... Але ж цябе і маці вучыла, і мы, людзі, вучым: спачатку добра падумай, перш чым што-небудзь рабіць. Мы ж другі раз не трапімся на тваёй дарозе. Невядома таксама, калі яшчэ прыляцяць да нас Эрпіды. А без іх ніхто цябе не зразумее, і ўсё можа скончыцца кепска. Ты ў цырку і ў звярынцы ні разу не клаўся ў спячку, нават не ведаеш, што гэта такое. А мядзведзі на волі гэта робяць, каб лягчэй перажыць халодную, доўгую галодную зіму. Перад спячкаю яны тлушч нагульваюць, запасаюць пад шкураю. А ты... - Ваня памацаў Мумрыка за хрыбет, за бок, пад жыватом, - а ты худы, як таракан, адны рэбры тырчаць. Проста дзіва, што гэтак добра кормяць у звярынцы, а ты высах на трэску.

Тут мядзведзь пачаў нешта мармытаць, але Ваня перабіў яго:

- Пачакай трошкі, я не ўсё яшчэ сказаў. Дык вось, на волі зімою ты спаць не будзеш, будзеш бадзяцца халодны і галодны, беспрытульны - логава ж у цябе таксама не падрыхтавана. А такіх мядзведзяў завуць шатунамі. Яны злыя, шкодныя. Людзі такіх мядзведзяў не любяць, робяць на іх аблавы. Цябе могуць проста застрэліць. А гэта больш балюча, чым «усыпіць».

Пачакаў, пакуль жоўты ператлумачыць усё мядзведзю і перакладзе яго адказ.

Эрпід-два сказаў:

- Мішка-Мумрык гаруе, што другога выпадку можа не быць.

- Можа і так стацца, - коратка развёў рукамі Ваня. - Але мы сходзім да дырэктара звярынца, раскажам пра тваё запаветнае жаданне. І папросім, каб цябе выпускалі летам, вясною і ўвосень на прагулкі ў лес.

- О, каб выпуска-алі!.. - Мішка ўздыхнуў на ўвесь лесапарк. - Нам жа так хочацца з'есці ў лесе што-небудзь такое, што трэба нам як паветра, як самае неабходнае лякарства. А людзі ж не ведаюць нічога пра гэта, уяўлення нават не маюць.

- Дык от... Цябе будуць выпускаць, гэта можаш лічыць як свой водпуск, адпачынак. Але выпускаць будуць з адною ўмоваю: ты будзеш акуратна вяртацца назад. Людзі ж таксама працуюць, а потым едуць у адпачынак. Хто па лесе бадзяецца, хто едзе на мора ці на рэчку купацца... Ну, дык згода?

Доўга маўчаў мядзведзь, уздыхаў, потым штосьці мармытнуў. Жоўты тут жа растлумачыў яго адказ:

- Я згадзіўся б на гэта. Але дзе гарантыя, што дырэктар выканае сваё абяцанне? Вы паедзеце, і ён тут жа забудзецца пра свае абяцанкі!

- На жаль, такія людзі яшчэ водзяцца, але іх усё менш і менш - выміраюць, - сказаў Ваня. - Але мы яго папярэдзім, што будзем прыязджаць у звярынец, правяраць, з табою бачыцца. Дый яму проста сорамна будзе, калі звер, мядзведзь, будзе больш сумленны, чым ён. Ну, згода?

Але Эрпід-два пераклаў яшчэ адно сумненне Мумрыка:

- Дапусцім, я згаджуся з вамі... Але ж іншыя звяры будуць нада мною насміхацца, скаліць зубы. От, маўляў, храбрэц, уцёк, а потым сам вярнуўся. Палахліўцам будуць лічыць.

- Ты самы разумны мядзведзь, якога я калі-небудзь ведаў. - Ваня хваліў Мумрыка, ніколькі не крывячы душою. - І ты такімі дурнымі звярамі пагарджай, як пустым месцам. Самі яны палахліўцы... Куды, напрыклад, можа ўцячы пантэра? Нікуды, тут жа не цёплы край. Ёй каб і насцеж дзверы адчыніў, то сядзела б, падтуліўшы хвост. А зімою ёй клетку робяць са шкляною сцяною, з падагрэвам. Песта гэта, а не звер. Затое ты... Ты ж у нас самы вынослівы, самы дужы, самы мужны і адважны, самы сумленны і праўдзівы... Які яшчэ, Таня?

- Самы прыгожы і кемлівы, дасціпны і ласкавы, паслухмяны і рахманы, высакародны і адукаваны... - сыпанула Таня, хораша ўсміхаючыся. Яна ўжо ніколькі не баялася Мішкі, падышла да яго блізенька і расчэсвала пальцамі бакенбарды, гладзіла па лбе, чухала за вухам, працірала пад вочкамі.

І пакуль Эрпід-два мармытаў усё гэта мядзведзю, Мумрык падымаў галаву ўсё вышэй і ўвачавідкі весялеў.

- Ну добра, пайду назад, - урэшце згадзіўся ён. - Шкада толькі, што напужаў хлопчыка з веласіпедам...

- Мумрычак, а ты не расказаў нам, як табе жылося ў звярынцы, як удалося ўцячы, - сказала Таня.

Ішлі гуськом па дарожцы. Першы - Жучок, задзёршы хвост і пільна паглядваючы па баках, потым Таня вяла веласіпед, потым каціліся, як танкеткі, Эрпіды, кульгаў мядзведзь, задумліва крочыў Ваня. Эрпід-два мармытаў сам сабе:

- Расліны не радуюцца дажджу... У паветры зменшылася колькасць двухвокісу серы і сернага ангідрыду. Яны растварыліся ў вадзе, у дажджы. У зямлю прасочваюцца шкодныя кіслоты. Расліны курчацца і крычаць, нібы іх ашпарваюць кіпетнем.

Пачаў гаварыць Мумрык, але такое, што напалохаў усіх:

- Колькі каштуе мая шкура?

Ваня паціснуў плячыма: «Не ведаю...»

- Чаму вы не ведаеце, колькі каштуе мядзведжая шкура? Мо вы проста хітруеце, заманьваеце мяне, каб потым прадаць на шкуру?

Ваня і Таня наперабой пачалі абурацца і лаяць мядзведзя.

- Калі нам не верыш - у Эрпіда папытаў бы, што ў нас у галаве робіцца. Ён жа нашы думкі чытае і бачыць!.. І твае таксама!


Другі расказ мядзведзя


- Дык вось - як жылося... І лепш, чым у цырку, і горш. Чаму лепш? Паветра свежага было хоць захлыніся, не тое што ў цёмным цыркавым падвале. Дыхай на ўсе грудзі, нюхай, што ляціць да цябе з поля, з лесу... Але і горш пагэтаму: так блізка была воля! Во - працягні лапы і... А паміж мною і воляю - жалезная рашотка. Яна не паддавалася ні зубам, ні кіпцюрам. Я стаяў ці сядзеў каля жалезных прантоў усю дарогу, пакуль пераязджалі з горада ў горад. Я трымаўся лапамі за гэтае халоднае жалеза, я тузаў яго, ламаў, гнуў, а яно не паддавалася маёй мядзведжай сіле. Слёзы ліліся ў мяне з вачэй, з-за іх я не бачыў свету. Я не вытрымліваў, роў, як дурны, а за мною пачыналі крычаць і галасіць, енчыць і стагнаць усе звяры - такі падымаўся пярэпалах...

Мне спрабавалі і сабаку падсаджваць у клетку, каб не так нудзіўся. Але дружбы ў нас не атрымлівалася, вельмі розныя мы былі - і па вазе, і па росту, і па гадах, і па характары. Я і чакаў кожнага новага пераезду, і пакутаваў, страшыўся яго.

У вашым горадзе мы даўно. Калі ехалі, цвілі яшчэ дрэвы. А цяпер дзеці мне кідаюць у клетку яблыкі і грушы. І ніхто ні разочку не кінуў малін! За ўсё жыццё - ні разу! Я і ў дзяцінстве іх не паспеў пакаштаваць. Нас пабралі з паляны тады, калі маліны толькі пачыналі спець. А мама нам столькі расказвала пра іх! Так хваліла іх казачную смакату, лекавую сілу! Цукерак, праўда, сыпалася ў клетку больш, чым у цырку. Але хіба аднымі цукеркамі жывуць мядзведзі?! Ад іх толькі зубы баляць, псуецца страўнік... Ды хіба падсалодзіш імі душэўную горыч?

Яды ў звярынцы даюць нам удосталь. Толькі тут, у вашым горадзе, не разумею, што здарылася. А ўсё пасля таго, як з'явіўся новы даглядчык... Вечна ад яго пахла не так, як ад іншых людзей. Мабыць, яго ўвесь час мучыла смага, бо я часта бачыў, як ён хаваўся за мой вагончык-клетку, піў штосьці з бутэлькі, а ў канцы гаварыў: «Хух!» - і выціраў рукавом рот, моршчыўся. Ён мне так абрыд сваімі размовамі - здаецца, разарваў бы на кавалкі.

«Ну што, дармаедзіна? Усё топчашся, усё ходзіш? І хто цябе, такога бамбізу, выдумаў? - пачынаў ён, напіўшыся з бутэлькі. - Замест аднаго цябе можна трымаць дваццаць нутрыяў і пяць чарнабурак. Дык ад іх хоць карысць чалавеку. А ад цябе якая карысць? Як з паршывай авечкі, нават воўны не ўскубнеш... От колькі, скажы, каштуе твая шкура? Не ведаеш? І я не ведаю... А колькі шкуры з чарнабурак, норак, нутрый каштуюць - ведаю, магу далажыць... Але табе гэта да лямпачкі! Што, мо і табе даць смактануць? А трасцы не хочаш?»

І частаваў мяне не з бутэлькі, а... мятлою-дзеркачом у зубы, у морду, у вочы. Як прыбірае ў клетцы, ганяе мяне туды-сюды, не дае спакою. Тры разы я адбіраў у яго мятлу, трушчыў на дробныя кавалкі... А ён, спаткаўшы каля клеткі дырэктара, скардзіўся, што я агрэсіўны, што аднойчы зламлю рашотку і перадушу ўсіх людзей-гледачоў. І ўвогуле, што даўно пара мяне забіць.

Замест буханкі хлеба ён дае мне ўвечары толькі невялікі акраец. Мяса зусім не дае, забірае і гародніну. Палавініць ён мяса і ў лісы, і ў пантэры, і ў тыгра, пакуе ўсё ў чорную сумку і хавае за дальнім колам майго вагончыка, каля самага шчыта абгародкі. Вечарам, калі нікога ўжо ў звярынцы не было, ён таксама ішоў. Але потым я чуў і бачыў, як адзін рог шчыта адхіляўся, адтуль прасоўвалася лапа з доўгімі пальцамі... Сумка, як жывая, паўзла за ёю і знікала.

А ўчора вечарам ён вельмі хістаўся, ад яго пахла той гадкаю вадою з бутэлькі. Я заўважыў, што ён не так, як заўсёды, зачыніў і замкнуў клетку. Ён нават не замкнуў, а проста начапіў замок, і ўсё. Я дачакаўся, калі знікла яго сумка з-пад вагончыка, калі ўсё сціхла ў звярынцы. І прасунуў лапы між халодных жалезін, зняў замок, адчыніў дзверцы. Я нікуды не ішоў, ніякага іншага выйсця не шукаў. Я адразу палез пад вагончык да таго шчыта. Прасунуў у шчыліну лапу, націснуў. Шчыт адхіліўся так, што я мог прасунуць і галаву. Агледзеўся...

Змяркалася ўжо, людзей амаль не было відаць. Непадалёку я ўбачыў гэты вось лес. З яго даляталі не такія пахі, як з сапраўднага лесу, але гэта ўсё-такі быў лес! Я кумільгом кінуўся туды, адкрытае месца стараўся перабегчы як мага хутчэй. Ніхто мяне і не думаў затрымліваць, калі бачыў, то стараўся ўцячы з дарогі. Я перабег малы лясок, перабег вуліцу з жалезнымі палосамі ў зямлі і прыпусціўся на ўвесь дух у гэты, большы лес. І тут з-за павароту вылецеў на мяне на веласіпедзе хлопчык. Ён паспеў крыху затармазіць, і ўдар аб мяне быў не вельмі моцны. Але і веласіпед упаў, і хлопчык упаў, абадраў лоб аб дрэва. Падхапіўся, пабег па кустах, як малады алень, крычаў: «А-а-а-а!» Я падняў веласіпед за ручкі, як мяне вучылі, паспрабаваў сесці на яго. І не мог, перашкаджала рама. У тых веласіпедах, на якіх я ездзіў у цырку, гэтай рамы не было. Тады я ўспомніў самы першы свой нумар. Я тады быў зусім малы і перадражніваў малога хлапчука, які хоча паехаць на вялікім веласіпедзе пад раму. І ўрэшце ехаў, і было многа «Ха-ха-ха!», і пляскалі рукамі. А цяпер было наадварот: я вялікі, а веласіпед не вельмі вялікі... І ўсё-такі я змог паехаць пад раму на веласіпедзе хлопчыка і ехаў не па шырокай дарозе, а па лясной сцежцы. Трохі доўга ехаў, нават зварочваў то туды, то сюды. Каб не так хутка цямнела, то і далёка ад'ехаў бы. Але... на штосьці наляцеў, спатыкнуўся... Веласіпед ірвануўся з-пад мяне. Падаючы, ушчаміў лапу... Грымнуўся добра і тут жа адчуў, як пекануў боль у лапу... З гарачкі я яшчэ прабег трохі, а потым забраўся ў гушчар. Трэба было адседзецца, абдумаць усё, што нарабілася. Астатняе вы ведаеце...


17


- А-а-а, дык вось чаму цябе не магла міліцыя з сабакам знайсці! - здагадаўся Ваня. - Ты сеў на веласіпед, і сабака згубіў твой след. Ніхто ж не мог і падумаць, што ты такі штукар.

Эрпід-два пераказаў гэта мядзведзю і адразу пераклаў тое, што сказаў Мішка ў адказ:

- Іду вось я, вяртаюся, а той даглядчык зноў будзе соўгаць мне дзеркачом у зубы, голадам марыць... Дык лепш загінуць галоднаму на волі, чым жыць з цукеркамі ў клетцы! І з бруднаю мятлою ў зубах!

- Мумрык! Перастань панікаваць і бедаваць! Мы адразу сходзім да дырэктара звярынца, усё раскажам. І таго п'янчугу і злодзея выведзем на чыстую ваду, выганяць яго к чорту!

- На чыстую ваду... Вывесці на чыстую ваду... Інфармацыю не зразумеў. Зразумеў, было такое, - мармытаў сам сабе Эрпід-адзін.

- Ціх-х-х! - падняла раптам трывожна руку Таня. Яна і Жучок былі ўжо на самым узлеску каля вуліцы з трамвайнымі лініямі. - Зноў міліцэйская машына ў рупар крычыць!

- Хай крычыць, яна нам ужо не страшная, - паспеў сказаць Ваня.

Але дарэмна ён так храбрыўся...

- Паважаныя мінчане! Госці сталіцы! Будзьце пільныя і асцярожныя! - ляцеў з вуліцы голас з металічным адценнем. - Не пакідайце дзяцей без нагляду! Са звярынца ўцёк мядзведзь. Усіх, хто ведае што-небудзь пра яго месцазнаходжанне, просім паведаміць у бліжэйшы аддзел міліцыі! Просьба...

Голас з рупара раптам абарваўся. Жоўта-сіняя машына, віскнуўшы тармазамі, заляцела на ўзбочыну, яе развярнула ўпоперак дарогі. Адразу адчыніліся ўсе дзверцы машыны, - нібы крылы ў жука, і выскачылі пяць міліцыянераў.

- Вось ён! - усклікнуў той, што быў у афіцэрскіх пагонах, і паказаў на Мішку. А той стаяў на задніх лапах ва ўвесь свой магутны рост і перабіраў перад сабою пярэднімі лапамі. Таня яму і да пояса не даставала. - Дзяўчынка! Не азірайся! Бягом ляці да нас! - спалохана крычаў афіцэр.

Таня на гэта абыякава махнула рукою, павярнулася крыху да мядзведзя, які ўжо апусціўся на тры лапы, і пакратала яго за пысу.

У афіцэра-міліцыянера адвісла сківіца. Але ён тут жа ўзяў сябе ў рукі.

- Заходзьце з бакоў! - закамандаваў ён. - Адрэзвайце мядзведзю шлях да адступлення! У выпадку чаго прымяняйце зброю! Два ўправа, два ўлева - рассыпайсь!

Міліцыянеры, на бягу расшпільваючы кабуры, коўзаючыся, пакарабкаліся на касагор.

- Стойце! - забег Ваня наперад мядзведзю і Тані, замахаў рукамі крыж-накрыж. - Стойце, а то наробіце непапраўнай бяды! - і на міг адвярнуўся да жоўтага: - Нічога гэтага Мішку не перакладай... - і зноў да міліцыянераў: - Мы самі ўгаварылі мядзведзя вярнуцца ў звярынец і вядзём яго! Ён вяртаецца добраахвотна, улічыце!

Міліцыянеры перасталі ўзбірацца на строму, наадварот, пазбягалі назад і пачалі асцярожна набліжацца да Ваневай групы з боку асфальту. Пісталеты ўсё-такі трымалі напагатове. Падышоў бліжэй да мядзведзя і афіцэр.

- А дзе гарантыя, што ён не нападзе на людзей, не параздзірае іх? - крыкнуў ён.

Ваня павярнуўся да Мішкі-Мумрыка, абняў яго за шыю, пагладзіў па галаве, пацалаваў у вільготны нос.

- Ну што, мала гэтага? Мы з ім знайшлі агульную мову з дапамогаю робатаў-перакладчыкаў. Лепш вы, таварыш капітан, - Ваня ўжо добра разгледзеў пагоны афіцэра, - загадайце міліцыянерам, каб яны не падпускалі да нас блізка людзей. І самі не вельмі набліжайцеся, а то мядзведзь чуе зброю і хвалюецца. І выклічце, калі ласка, у звярынец «хуткую ветэрынарную дапамогу». У мядзведзя трэшчына ў касці, патрэбна гіпсавая павязка.

- Матылік! Казадой! Чыхуноў! Шкаварада! - выкрыкваў афіцэр прозвішчы міліцыянераў. - Вядзіце ўсіх да звярынца! Але будзьце пільныя!

Капітан дастаў недзе з рукава паласаты жэзл і спыніў рух на вуліцы ў абодва бакі. У вокнах машын і трамваяў відаць былі выцягнутыя ад здзіўлення твары людзей. Хто пасміхаўся, хто ківаў галавою, хто паказваў пальцам на дзіўную працэсію, што пераходзіла вуліцу з рэйкамі. Калі Ваня мінаў капітана, маленькая рацыя, што вісела на баку афіцэра, ажыла:

- Усім патрулям! Усім пешым і механізаваным патрулям! Стала вядома, што ў Менск на спадарожнай машыне прыехаў хворы на невядомую заразную хваробу хлопчык. Паражоны мозг, сімптомы - трызненне наяву, яму здаецца, што на Зямлю спусціліся касмічныя прышэльцы... Зваць хлопчыка Гардзей Іван Аляксеевіч. Хлопчыку на выгляд гадоў дзесяць-адзінаццаць. Адзеты ў звычайны школьны касцюм. Хлопчык прывёз з сабою самаробнага электроннага робата і выдае яго за пасланца з касмічнага карабля. Просьба не марудзячы затрымаць і ізаляваць яго, не ўступаючы з ім у фізічны кантакт...

У грудзях у Вані быццам іней асеў ад хвалявання. Здавалася, што ён чуе, як упіваюцца ў патыліцу праніклівыя вочы капітана міліцыі. Яшчэ хвіліна, другая - і ўсё перакуліцца дагары, адбудзецца катастрофа. Міліцыя можа затрымаць яго, пабраць Эрпідаў. Пачнуць дапытваць Эрпідаў, могуць размагніціць усе іх запісы. А ім жа хутка ляцець назад, вяртацца на карабель... І невядома, як усё скончыцца з мядзведзем. У апошнюю хвіліну ён можа западозрыць няладнае, рынецца наўцёкі, і па ім могуць адкрыць агонь... А міліцыя ж страляе метка! А Таню могуць абвінаваціць, што ўкрала чужы веласіпед... А Жучок астанецца адзін у вялікім горадзе, будзе бадзяжнічаць, і яго могуць вылавіць, як сабаку-валацугу.

Цераз меншы лясок і міма кола агляду ўжо не ішлі. Капітан сказаў абысці іх справа, дзе рэдка раслі зусім маладзенькія дрэўцы і месца было вельмі падобна на пустку. За імі напрасткі павярнула і міліцэйская машына, лёгка адолеўшы высокі каменны бардзюр. Машына паволі рухалася на некаторай адлегласці ад працэсіі. Ваню і Тані даводзілася памагаць Эрпідам, тыя часта заблытваліся ў траве, загразалі ў раскіслай зямлі.

Калі былі ўжо непадалёку ад увахода ў звярынец, машына падсунулася амаль упрытык, трохі падпужаўшы мядзведзя. Звузілі свой круг і міліцыянеры. Апошнія метры Мішка чыкільгаў з цяжкасцю, аглядваўся, непакоіўся. Мабыць, навярэдзіў, хоць, здаецца, і ўвязалі добра, пашкоджаную лапу.

- Гэта зноў вы?! - пазнала Ваню кантралёрка каля ўваходу і трывожна зірнула на мядзведзя. - І... Мішка з вамі?! Ратуйцеся, людзі!.. - Яна ўраз апынулася па той бок дзверцаў, зашчапілася знутры, а верашчаць не пераставала. Дурніца, магла сапсаваць усё, мядзведзь пачаў ужо дрыжаць і азірацца. - А дзе... вашы... асістэнты?!

- Мы гэта, мы... Асістэнты пайшлі дадому. Мядзведзя не бойцеся, мы яго ўгаварылі вярнуцца. Не пускайце нікога на тэрыторыю звярынца, мы зробім там некалькі заключных здымкаў з Мішкам - і ўсё. Ён пойдзе ў клетку.

Кантралёрка асцярожна прачыніла дзверцы, а сама так і тулілася за імі. Першая прайшла Таня з веласіпедам, потым Эрпіды, потым праціснуўся мядзведзь. Ваня ўзяў на рукі сабаку, каб не згубіўся ў тлуме і не хваляваўся дарэмна, ступіў таксама туды.

- А вы стойце, малады чалавек! - паклаў яму руку на плячо капітан і тут жа адхапіў: успомніў, што па рацыі папярэджвалі не кранацца яго. - Ты Гардзей?

- Гардзей Іван Аляксеевіч. А што? - стараўся гаварыць спакойна, хоць усё ўнутры сцялося і напружылася.

- Разбяромся - што. Пройдзем са мною ў машыну!

- Пачакайце пяць хвілін! Мядзведзь змучаны, расхваляваны. Можа ўзбунтавацца без мяне! Бяды наробіць! Пасадзім яго ў клетку, і мы выйдзем да вас. А вы ніхто не заходзьце са зброяй! Ён вельмі не любіць паху зброі.

- Пачакаем, - спыніў капітан міліцыянераў, што хацелі ўжо праціскацца ў звярынец, і сам застаўся каля ўваходу.

Як толькі Ваня зайшоў, кантралёрка вышмыгнула з-за дзвярэй - і да міліцыі. Ваня пачуў яе гарачы шэпт:

- Мо на замок узяць дзверы? Каб нікуды не ўцяклі... Таварыш капітан, яны і першы раз заходзілі, нібыта кіно здымаць, дык у мяне падазрэнне было. А цяпер добра бачу: справа тут нячыстая! Дзе гэта хто чуў ці бачыў, каб мядзведзь дзяцей слухаўся, ішоў, як цяля? Або гэтыя піпеткі іхнія... Хіба яны падобны на перасоўныя кінакамеры? Яны раз-маў-ля-юць! І гэта... Адна была піпетка, светленькая такая. Адкуль другую ўзялі?

- Разбяромся, грамадзянка. Вам таксама трэба будзе праехаць у міліцыю, - сказаў капітан.

- Ой, а я за што? Я ж нічога такога... Вы іх глядзіце, каб не ўцяклі!

- Не бойцеся, у мяне і мыш не праскочыць.

Ваня пасміхнуўся і дагнаў сваіх.

- Эрпід-два, скажы мядзведзю і сабаку, каб сядзелі смірна, чакалі мяне. Я пайду да дырэктара.

Дырэкцыя звярынца займала асобны фургон, хатку на колах. Ваня падняўся па прыстаўных драўляных усходцах да дзвярэй, пастукаў і тут жа адчыніў, не чакаючы адказу. «Заходзьце!» - сказалі яму ледзь не ў твар, бо каля самых дзвярэй, загароджваючы Ваню дарогу, стаялі, зрыхтаваўшыся выходзіць, двое мужчын - адзін пажылы, паголены, а другі малады, але з вусікамі і бародкаю.

- Толькі спакойна... Я прывёў вашага мядзведзя, - сказаў Ваня.

Абодва мужчыны ахнулі. Пажылы кінуўся да акенца, а малады - да Вані, быццам хацеў яго змесці з твару зямлі.

- Спакойна, кажу! - перагарадзіў Ваня рукою выхад. - Хто з вас дырэктар? Вы? - паглядзеў ён на пажылога. - Мядзведзь паставіў такія ўмовы... - І ён хуценька пераказаў усё, што прасіў Мішка, асабліва пра даглядчыка. - Не пасміхайцеся, а верце мне. Дагаварыцца з мядзведзем памог электронны робат.

- Коля, гэты хлопец не хлусіць... - сказаў пажылы дрыжачым голасам. - Вунь Мішка, сядзіць пасярод двара... Казка, дый годзе! Чараўнік! Кіо!

- Ніякай казкі, усё чыстая праўда, - цвёрда сказаў Ваня. - Дык што будзе з тым даглядчыкам-абкрадчыкам?

- Таго п'янага абармота сёння ж нагі тут не будзе! - даў волю гневу дырэктар. - Знайшоў каго абкрадваць! Безабаронных звяроў! Якія і паскардзіцца не могуць! Ай-яй-яй...

- Як бачыце, могуць часам і паскардзіцца і расказаць трохі чаго... Калі хочаце, каб у вас у звярынцы ўсё было добра, не парушайце мядзведзевых умоў. Перапрасіць яго зноў ніхто не зможа, апарата-перакладчыка ў вас не будзе... І лапу яму трэба ў гіпс хутчэй!

- Усё зробім! Усё выканаем! Ай-яй-яй... Табе, хлопчык, мы павінны выплаціць вялікую ўзнагароду. Пагуляй, хутка прыйдзе наш бухгалтар-касір... Гэта ж подзвіг! Сапраўдны подзвіг - з дзіцячымі рукамі на мядзведзя ісці! - дырэктар гаварыў і чамусьці паказваў свае рукі.

- Я не за грошы гэта рабіў... І дзеці яшчэ не такое могуць, дарэмна вы, дарослыя, нам не давяраеце.

- Як гэта без узнагароды?! Такога не можа быць! - дырэктар і галавою круціў, і пальцам ківаў у бакі.

- Вы памажыце нам з транспартам, падкіньце кіламетры два. От і ўся ўзнагарода будзе... Мы зараз даздымем свой фільм пра звярынец. Гэта будзе цікавы прыгодніцкі фільм... Камера пройдзе па тым самым шляху, якім уцякаў Мішка. А мы - за камерамі следам... Вы падганіце машыну з таго боку клеткі мядзведзя і там адразу нас пагрузіце.

- Коля, чуў? Для іх мы павінны разбіцца ў дошку. Падганяй бяжы машыну туды, куды ён сказаў, - з тылу.

- Будзе зроблена! - бліснуў барадаты Коля зубамі і выскачыў з фургона.

- Дай я табе хоць руку пацісну, мужны ты чалавек! - сказаў расчулена дырэктар.

Ванева далонька схавалася ў дырэктаравай, як птушынка ў гняздзе.

Выйшлі...

Мядзведзь і Жучок сядзелі на хвастах, прытуліўшыся бакамі адзін да аднаго, як неразлучныя сябры. Насупраць іх стаялі Эрпіды і Таня. Дзяўчынка штосьці горача гаварыла мядзведзю, а жоўты мармытаў, перакладаў. Зводдаль паўкругам выстраіліся наведвальнікі звярынца. На звяроў у клетках ніхто не глядзеў: тут, пасярод двара, было цікавей.

Дырэктар падысці не асмеліўся, абмінуў натоўп за спінамі і адразу адшчапіў, адчыніў Мішкаву клетку.

- Ну, давай развітвацца, Мумрык... З дырэктарам пра ўсё дамоўлена, ён даў чэснае слова. Эрпід, перакладай мядзведзю, супакойвай. Скажы, што мы не назаўсёды развітваемся. Будзем прыязджаць у госці да яго.

Ваня абдымаў Мішку, гладзіў, а гледачы ахкалі ад страху. Мядзведзь крахтаў і ўздыхаў, таптаўся на трох лапах.

- Мішка гаворыць... - пераклаў Эрпід-два, - вас многа, сяброў, а ў мяне нікога... Пакіньце мне хоць Жучка. З гэтым сябрам мне лягчэй будзе ў клетцы, - пасля гэтых слоў жоўты штосьці брахануў і сабаку.

Жучок ускочыў, як на спружынах, замахаў хвастом з усёй сілы, лізнуў мядзведзя ў нос, у куточак губ, радасна гаўкнуў:

- Жучок гаворыць: ты мой сябар навекі... Але першы мой сябар чалавек Ваня. Я не магу мяняць першага сябра ні на другога, ні на трэцяга, - пераклаў жоўты.

А дырэктар стаяў збоку, каля мядзведжай клеткі і ўсё хітаў галавою ад здзіўлення: няўжо такое можа быць на свеце? Няўжо яму ўсё гэта не сніцца? І хапаўся за левую грудзіну - пачало ні з таго ні з сяго балець сэрца.

Мядзведзь гаротна, з балючым надрывам раўнуў, як у трубу затрубіў, і павярнуў да клеткі. Дакульгаў да дзверцаў, учапіўся пярэднімі лапамі і зубамі за жалезныя пранты, неяк падкурчыўся, падагнуў правую заднюю лапу і ўчапіўся ёю за падлогу. Ускараскаўся няўклюдна - ці гэтак балела хворая лапа, ці яго пакінулі апошнія сілы. Жучок падскокваў каля дзверцаў, нібы перадумаў і хацеў трапіць да Мішкі ў клетку, павіскваў.

Дырэктар хацеў ужо паціху падабрацца і замкнуць клетку.

- Пачакайце! - падбег туды Ваня. - Папружку сваю забяру.

І забраўся ў клетку, развязаў мядзведзю лапу.

- Ну, бывай, Мумрык! Не памінай ліхам... Паляжы спакойна, пакуль прыйдзе ўрач, зробіць гіпсавую павязку. Эрпід-два, перакладзі яму! - Ваня выцер мядзведзю мокрае ад слёз вока і рэзка павярнуўся, саскочыў на дол. - Таварыш дырэктар! Апошняя просьба... Замяніце назву: не «Мішка-артыст», а проста «Мумрык». Гэта яго сапраўднае імя.

- Зробім, усё зробім, - дырэктар паспешліва зачыніў дзверцы, замкнуў іх.

- Эрпіды, сюды! - паказаў Ваня пад вагончык, і тыя паслухмяна пражурчалі гусеніцамі пад вагон-клетку. - А табе, Таня, дзякуй за дапамогу. І вось яшчэ што: знайдзі таго хлопчыка, вярні веласіпед! Жучок, ка мне!

- Знайду! - выцірала і Таня вочы. - Я аб'явы развешу... Бывайце!

- Дай яшчэ вушка, па сакрэту нешта скажу, - Ваня, ледзь не кранаючы губамі Таніна вуха, прашаптаў ёй свой сакрэт. І адразу павярнуўся, нырнуў пад вагончык. Рашуча адхіліў шчыт - як мага шырэй. У дзірку-шчыліну першыя праехалі Эрпіды...


Няхай чытачы пакуль што не патрабуюць ад мяне, каб выдаў гэты сакрэт. Ён раскрыецца зусім хутка.

І пра Пецю Галабродзьку ўсё будзеце ведаць. Пакуль што ён, абліваючыся потам, выконвае заданне Эрпіда-адзін. І так заўзята, з такім натхненнем - ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.


18


Ліловы «Масквіч»-фургончык, расплёскаўшы ў бакі лужыну, па-заліхвацку павярнуў у вароты рынку. Ваню, з Жучком на руках, прыціснула да дзверцаў машыны. Чуваць было, як у будзе машыны Эрпіды скрыгатнулі спінамі па акаванай цынкавай бляхаю падлозе. «Як ім там, бедным? Хоць бы не пакалечыліся, ім жа яшчэ трэба будзе падымацца на арбіту», - падумаў Ваня. Тады, як грузілі за звярынцам Эрпідаў у машыну, клалі ўпобачкі на падлогу, ён чуў з расчыненых задніх дзвярэй, што ў машыне не вельмі добра пахне. Відаць, шафёр-барадач толькі на выгляд такі культурны, а сам неахайны. І мяса, і іншыя харчы перавозіў для звяроў, а ні разу мо не мыў у фургоне. Набяруцца там Эрпіды ўсякіх мікробаў. Калі не зробяць ім дэзінфекцыі, то прывязуць на карабель «гасцей» з Зямлі.

- Вунь каля той машыны станьце... - паказаў Ваня на грузавік з будаю каля плота. Там дзядзька Мікалай разбіраў стол са скрынак, а шафёр з вагамі на руках ішоў адтуль да склада ці канторы. - Дзякуй вам вялікі!

Зноў заліхвацкі разварот, рэзкае тармажэнне. Зноў скрыгат і бразгат у кузаве.

Дзядзька Мікалай падышоў памагчы выгрузіць Эрпідаў і, як толькі ліловы «Масквіч» ад'ехаў, папытаў сцішаным голасам:

- Ну як, усё ў парадку? - дзядзька на штосьці намякаў.

- Усё... А што? - спытаў Ваня і пачаў чэрпаць з лужыны рукою ваду, абмываць гразь з Эрпідаў.

- Пыталіся тут пра цябе... і пра гэтага... - кіўнуў дзядзька на серабрыстага. - О-о, дык у цябе іх ужо два! - нібы толькі зараз дзядзька ўцяміў тое, што бачылі яго вочы.

- Два, два... Мы ж і прыязджалі спецыяльна шукаць другога, выручаць з бяды.

- Кгы-кхэ... І як яны, гэта самае, адшукалі нас? Проста дзіву даюся... Ніхто ж, здаецца, не бачыў, як мы падбіралі вас на дарозе.

- Савецкая міліцыя працуе добра! - усміхнуўся Ваня.

- А сабачка адкуль узяўся? Хочаш сабе дадому завезці?

- Ды гэта ж наш Жучок! Усю дарогу бег за вашым грузавіком.

- Дзіва ў рэшаце! Чаго толькі не бывае на свеце! Лезь у кузаў, буду падаваць скрынкі. А ты пакуй іх добра, каб менш месца займалі. Глядзі: вось такія цалкам заходзяць у вось такія. А ўсярэдзіну можна яшчэ адну тарцом паставіць, а чацвёртую надзець на яе, як шапку. Адразу колькі месца зэканоміцца.

Ваня ўлавіў і пусціў у кузаў Жучка, залез сам. Ладкаваў скрынкі і бачыў: Эрпід-два стаіць як нежывы, а серабрысты варушыць антэнамі. Хутка і лямпачкаю заміргаў - мабыць, выйшаў на чарговы сеанс сувязі з караблём.

- А я ўжо думаў, што ты не паспееш. Але добра, што дождж трохі затрымаў нас, - гаварыў дзядзька Мікалай. - Ага... Дык гэта самае... Пытаюцца тыя ў мяне, дзе высадзілі вас, куды вы накіраваліся. А я разгубіўся, не ведаю, што казаць... То добра, што Міця выручыў, шафёр. «Па Партызанскім праспекце, - кажа, - яны пайшлі. Дзеці за імі чарадою... Вы глядзіце, дзе куча дзяцей, там і шукайце». Дык яны і памчаліся па праспекце. Але мы не сказалі ім, што вы вернецеся сюды к шаснаццаці.

У гэты час да іх хуткім крокам падышоў і дзядзька Міця - без вагаў.

- Парадак у танкавых часцях... Засталося толькі паабедаць, і дадому. Ну, жалязякі, давайце на пагрузку!

Шафёр і дзядзька Мікалай удвух падхапілі Эрпіда-два, паставілі ў машыну. За ім - серабрыстага, хоць той яшчэ міргаў лямпачкаю. Толькі хацеў дзядзька Міця падымаць борт, як серабрысты загаварыў:

- Наш старт папярэдне назначаны на сёння на дваццаць гадзін нуль адна хвіліна чатырнаццаць і тры дзесятых секунды. Сустрэча з караблём мяркуецца на шэсцьдзесят сёмым яго вітку вакол Зямлі. Я далажыў, што нам трэба праехаць яшчэ кіламетраў пяцьдзесят, прыкладна на тое месца, дзе я прызямліўся. Яны сказалі, што пры любых абставінах наш старт не можа быць адкладзены. Нам загадалі зноў выйсці з імі на сувязь праз дзве гадзіны для ўдакладнення нашага месцазнаходжання і разліку траекторыі збліжэння... Іван Аляксеевіч Гардзей, дакладваю... За шэсцьдзесят хвілін да старту мы адключаемся ад знешніх раздражняльнікаў. Энергія будзе ісці толькі на падрыхтоўку да палёту. Эрпід-два адключыўся ўжо цяпер. У яго засталося энергіі толькі на падрыхтоўку да палёту і пад'ём...

- Во чэша, як па пісаным... Не скажаш, што і машына: разумнік! - сказаў шафёр.

- Такі праўда... Нетутэйшыя яны... - прашаптаў разгублена дзядзька Мікалай. - Не дарэмна імі цікавілася міліцыя!

Ваня таксама затрывожыўся, але не таму, што іх недзе шукае міліцыя. Зараз ужо ідзе пятая гадзіна, а старт у дваццаць. Лічы, што нават у дзевятнаццаць, бо за гадзіну да старту яны адключаюцца. Застаюцца ўсяго нейкія тры гадзіны на ўсё - на абед, на дарогу і на Лёневы падручнікі... А так бы хацелася паказаць ім школу, і сваіх таварышаў, і тату з мамаю, і дзеда Гардзея. Дый саміх распытаць яшчэ трэба шмат пра што. Ну як паспець усё гэта зрабіць?

- А можна, каб не абедаць, а? Пацярпіце, а? - узмаліўся ён. - Дзядзечкі, міленькія, паедзем хутчэй!

- Ну але! Так можна і пахудзець! - Шафёр рашуча падняў і зашчапіў борт, пайшоў садзіцца за руль. Дзядзька Мікалай - за ім. І ледзь Ваня паспеў пакласці Эрпідаў на спіны, як машына тузанулася з месца.

Пакуль ехалі вуліцамі, дзядзька Мікалай, мабыць, угаварыў шафёра не хадзіць у сталовую. Але ўгаварыў толькі напалову, бо грузавік усё роўна спыніўся толькі каля гастранома. А неўзабаве абодва дзядзькі выйшлі з крамы з поўнымі рукамі ўсякіх пакункаў і бутэлькамі малака. Дзядзька Мікалай трохі пастаяў каля кабіны, нарэзаў шафёру хлеба, каўбасы і сыру, пакінуў бутэльку малака, і з астатнім пайшоў да задняга борта.

- Трымай! - паклікаў Ваню і перадаў яму прыпасы, залез сам. - Паганяй! - крыкнуў дзядзьку Міцю. Разаслаў газету, паразгортваў прадукты. - Ну, давай, браток... Ведаю, што таксама галодны.

Перш за ўсё Ваня вялікую скібку хлеба падаў Жучку. Заслужыў!

Ехалі. Елі. Размаўлялі.

- А я, гэта самае, думаў, што трохі круціш... Фокусы паказваеш з гэтымі Эрпідамі, - гаварыў дзядзька. - Ажно ўсё насур'ёз выйшла! Ты, вядома, смелы, не пабаяўся з імі справу мець. Гэта добра... І ты добры па натуры - гэта яшчэ лепш. Шчыра выконваў усё, што ні патрабавалі яны. Але ж ты не падумаў, ці меў ты на гэта права. Хто ты такі? Хлапчук, школьнік, якіх мільёны... А хто табе дазволіў ад імя ўсіх людзей, усёй планеты, можна сказаць, уступіць з імі ў хаўрус, у сувязь? Хто выбіраў цябе для гэтага, хто прызначаў? Што, ты самы разумны, самы хітры, самы мудры? Ты - дзяржаўны дзеяч, прадстаўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый? Не, ты, гэта самае, яшчэ ніхто... А ты не думаў, да чаго могуць прывесці вось такія панібрацкія сувязі... любога з нас!.. з іншапланецянамі?

Ваню было не ўседзець пад агнём гэтых пытанняў. Азірнуўся на Эрпіда-адзін... Чуе, усё запісвае, а здаецца, так мірна пакалыхваецца ў такт падтрэсванню машыны. Прасторна цяпер ехаць і мякка: дзядзька надаставаў са скрынак саломы.

- Ды не бойся ты яго і не саромейся... Падумаеш, цаца! Калі чуе, то хай усё закладвае ў свае жалезныя глузды. Ім усім будзе над чым т а м... - дзядзька падняў угору палец, - памазгаваць! Дык от - не так проста ўсё з гэтымі кантактамі... Мы ж нічога не ведаем пра іх сапраўдныя намеры! Не ведаем, да чаго прывядзе знаёмства з імі - да зла ці дабра, а мо ўвогуле да бяды і няшчасця. Яны ж хітраць, як я прызнаў... Хочуць, каб мы ім усе карты раскрылі, а яны нам ніводнай не паказваюць. Дык што гэта за гульня? Абжульванне, ашуканства!

- Дзядзька Мікалай! Гэта ж робаты, а не сапраўдныя іншапланецяне! Як наш лунаход...

- Ого-го, не скажы!

- І чаму ўсе дарослыя такія недаверлівыя? Ніколі яшчэ да нас не прыляталі пасланцы з іншых планет, а мы іх у штыкі!

- Нам больш падабаюцца дзеці - малодшая частка чалавецтва, - нечакана прагаварыў Эрпід-адзін.

- Падабаюцца? Ну дык ляжы і маўчы! - нечакана зазлаваў на яго Ваня. - Не думай, што ўсе людзі - дзеці, а вы, зялёнчыкі, дарослыя і больш разумныя. Вы так мала пра нас даведаліся, можна сказаць, зусім нас не ведаеце! То як вы можаце меркаваць, якія мы?

- Во, вось так з ім! Зусім разумна ты ўжо гаворыш, - адобрыў дзядзька Мікалай. - Стражэй з імі, стражэй! Не лузацца перад імі са скуры, не рассыпацца драбней маку, не слацца лістам, не скакаць пад іх дудку. А то мы і так, і гэтак, а ў іх мо камень за пазухай... Паменш трэба развязваць языкі, пабольш вадзіць за нос, абводзіць вакол пальца, таўчы ваду ў ступе, мяшаць гарох з капустаю. Як дыпламаты на перагаворах робяць. А ён хай чухае патыліцу...

- Інфармацыю не зразумеў, - азваўся Эрпід-адзін. - Лузацца са скуры... Рассыпацца драбней маку... Лістам слацца... Скакаць пад яго дудку... Развязваць языкі... Вадзіць за нос... Таўчы ваду ў ступе... Мяшаць гарох з капустаю... Чухаць патыліцу... Кожнае слова паасобку зразумелае, а сабраныя разам гавораць адно, а разумець трэба інакш. А як?

- Ты запісаў усё гэта? Запісаў, я цябе ведаю. Ну дык і прывязі сваім вучоным загадку, няхай расшыфроўваюць. А то табе ўсё разжуй і ў рот пакладзі. Хочаш мець яечка ды яшчэ аблупленае.

- Інфармацыю не зразумеў... - пачаў сваё Эрпід.

Але дзядзька Мікалай павёў гаворку далей, і серабрысты змоўк.

- От ты кажаш, гэта самае, што ўсе дарослыя недаверлівыя... Гэта ў цябе няправільная інфармацыя, як той Эрпід кажа. Проста мы асцярожлівыя... А што нас прымушае быць такімі? Жыццёвы вопыт, усё перажытае, накопленая за мінулыя гады мудрасць. Было ўсяго нам на вяку - і па спіне, і па баку. Дык нашто ж нам зноў падстаўляць бакі?

Доўгая была размова. А за доўгімі размовамі дарога здаецца карацейшаю - старая ісціна.


19


Насупраць Клінцоў Ваня не злез. Захацеў праехаць да Бярозаўкі, прыйсці з Эрпідамі пад школу. Спадзяваўся, што там каго-небудзь застане з другой змены, хоць было і пазнавата. Цяпер ужо можна было і паказаць каму Эрпідаў.

Але планы яго парушыліся: машыну спынілі пры ўездзе ў вёску.

- А ў будзе ёсць хто-небудзь? - пачуўся строгі голас.

Жучок аглушальна забрахаў, кінуўся да задняга борта, стаў на яго лапамі. Дзядзька Мікалай, угнуўшыся, падыбаў зірнуць - што там такое? Ваня тым часам закідаў Эрпідаў саломаю і таксама высунуў галаву з буды. Убачыў міліцыянера і дружынніка з чырвонаю павязкаю на рукаве.

- А што такое? - спытаў дзядзька.

- Злезці ўсім, перайсці цераз каранцінную падушку! - загадаў міліцыянер.

А дружыннік, мабыць, быў сябрам шафёра, бо яны ўсміхнуліся адзін аднаму і нават рукі паціснулі. Але дружыннік усё роўна і яму паказаў патаптацца на злітай жоўтай вадкасцю тырсе.

Ваня злез і з цікавасцю прайшоўся па падушцы, нават Жучка некалькі разоў паставіў у тырсу ўсімі чатырма лапамі. А сам пасміхаўся: гэта ж трэба - камедыю нейкую дарослыя разыгрываюць!

- Дык што тут у вас нарабілася, пытаю? - звярнуўся дзядзька Міця да дружынніка.

І той расказаў - што. Усю сям'ю Гардзеяў з Клінцоў ізалявалі, завезлі ў бальніцу. З Бярозаўкі - Алега Максімавіча, настаўніка. Але па ўсім відаць, што гэтым не абыдзецца. Эпідэмія - не жартачкі, а тым больш - паражэнне галаўнога мозга.

Ваня памкнуўся да дружынніка распытаць пра сваіх больш (гэта ж трэба - такога нарабілася тут!), як міліцыянер спытаў у Вані, быццам стрэліў:

- Прозвішча?

- Гардзе-ей... - працягнуў здзіўлена Ваня.

- Іван Аляксеевіч? - удакладніў міліцыянер.

- Ну-у.

- Не нукай, не запрог. Загадана цябе затрымаць... Таварыш старшы лейтэнант! - сказаў міліцыянер у каробачку-рацыю, паднёсшы яе да губ. - Уцякач сам з'явіўся, толькі што затрымаў яго перад уездам у вёску... Апошні з Гардзеяў... Так... Так... Слухаю! Ёсць даставіць у кантору калгаса! - і міліцыянер замахаў рукамі: - Вы - пераганяйце машыну цераз падушку, вы - загружайцеся назад у кузаў, а вы - заставайцеся на пасту! - паказаў на месца, дзе павінен стаяць дружыннік. - Але вас таксама зменім, ізалюем - вы здароўкаліся за руку з шафёрам. А шафёр меў кантакт з Гардзеем...

Дзелавіты быў міліцыянер!

Чамусьці ўжо не садзіліся, а ўсе стаялі ў кузаве, трымаючыся за барты, дарослыя - крыху прыгнуўшыся.

- Ну, бачыш цяпер, чаго нарабілася? Праз цябе, праз тваіх любімых Эрпідаў, - прашаптаў з папрокам дзядзька Мікалай.

- Я ні ў чым не вінаваты! І гэта не хвароба, не эпідэмія! - загарачыўся Ваня. Не ведаў ён, з чаго пачаць, пра што самае важнае перш за ўсё расказаць. - Гэта ўсё Эрпід нарабіў, але ён нікога не заражаў эпідэміяй... Таварыш міліцыянер! - Ваня падаўся да яго, выставіўшы рукі. Але міліцыянер паспешліва адступіў бліжэй да кабіны.

- Толькі без рук! - выкрыкнуў ён палахліва. - Наогул супакойся, у нас добрыя ўрачы, яны і цябе вылечаць, і ўсю тваю сям'ю.

- Дык вы нічога не зразумелі! Я ўсё раскажу... Вінаваты касмічны робат, не ў свае справы ўмешваўся... Ану, уставай, лежабока! - паскідаў з Эрпідаў салому. - Дзядзька Мікалай, памажыце падняць на ногі, на гусеніцы!

Дзядзька адцясніў Ваню ўбок, падняў серабрыстага сам.

- Эрпід, гавары, што ты натварыў?! І адрабляй адразу ўсё назад! - калыхнуў Ваня Эрпіда-адзін за плячук. - Пакуль не адробіш, на карабель я цябе не пушчу... Магу ўзяць малаток ці камень і струшчыць цябе на металалом!

- Іван Аляксеевіч Гардзей... Заданне ўведзена ў мяне недакладна. Што канкрэтна трэба адрабляць назад? Вельмі ж многа я чаго запісаў... - спакойны, раўнамерны голас серабрыстага злаваў Ваню. Кожная хвіліна дарагая, а ён разводзіць цырымоніі!

Міліцыянер прысеў на кукішкі перад Эрпідам і не зводзіў з яго здзіўленых вачэй.

- Што адрабляць? З Алегам Максімавічам што натварыў? А з татам, мамаю, Лёнем, з дзедам Гардзеем?!

- Гэта былі жартачкі... Так на вашай мове называецца?

- Добрыя жартачкі! - выгукнуў Ваня, хоць сам не вельмі ведаў, што тут адбылося.

- Добрыя жартачкі, - паўтарыў і міліцыянер. - Людзі павар'яцелі, а яму жартачкі!

- Яны не павар'яцелі, яны ўсе нармальныя, - сказаў серабрысты. - Я толькі трошкі паўплываў на іх. Вызваліў мозг ад грузу ўмоўнасцей, ад непрыемных клопатаў. Дазволіў людзям рабіць тое, што вельмі хочацца, выконваць свае запаветныя жаданні. Выявіць сваю сапраўдную натуру!

- Го, каб так было! - зазначыў міліцыянер. - Усялякія злачынцы і прахадзімцы распаясаліся б...

Дзядзька Мікалай неяк дзіўна ўсміхнуўся.

- Але і многа добрага было б... Людзі працавалі б толькі на любімай рабоце, з ахвотаю. Было б адразу відаць, хто на што здольны... Хто які талент мае... Гэта - з аднаго боку. А з другога? Што было б, каб людзі ведалі толькі слова «хачу» і не ведалі «трэба»? Калі трэба для ўсіх людзей, для краіны, то можна і забыць пра «хачу». Вось у чым уся штука!

- Ой, не гаварыце многа, а то час ідзе! - захваляваўся не на жарты Ваня. - Адрабляй хутчэй усё назад! - зноў патрос ён серабрыстага за плячо.

- Ужо, - коратка кінуў Эрпід.

- Што - ужо? - нерваваўся Ваня.

- Адрабіў. Нікога не трэба лячыць. Усе здаровыя, галовы не баляць, хваробы няма. Усе нармальныя ў вашым сэнсе, зямным. Адпраўляйце ўсіх дадому. Эпідэміі няма. На гэтыя жартачкі з карабля мне не давалі дазволу. Гэта я сам... І больш не буду... - здалося нават, што Эрпід шморгнуў носам, як вінаваты хлапчук.

Грузавік якраз спыніўся каля канторы калгаса. З буды відаць было, што каля ганка з аднаго боку стаіць міліцэйская машына з доўгаю антэнаю-штыром, а з другога - машына «хуткай дапамогі» амаль з такою ж антэнаю.

Здымалі Эрпідаў на зямлю, а ў серабрыстага ўжо мігалі лямпачкі, паварушваліся антэны. Выходзіў, мабыць, на сувязь з караблём.

З канторы павысыпаліся ўсе, хто там быў: паглядзець на Ваню, на робацікаў, паслухаць, як яны лапочуць па-нашаму.

- А ты заходзь у мой кабінет, - сказаў Ваню старшыня калгаса Трафім Іванавіч. - З табою хочуць пагаварыць... І вы заходзьце, - паказаў ён на дзядзьку Мікалая і дзядзьку Міцю.

- Зараз, адну хвіліначку! Эрпід павінен нешта сказаць, - папрасіўся Ваня.

Але Эрпід усё яшчэ міргаў і маўчаў, а потым і ў жоўтага была бліснула лямпачка. Тым часам натоўп на вуліцы рос і рос. Сыходзіліся дарослыя, забыўшы пра ўсе справы, збягаліся дзеці, чутка пра Эрпідаў разнеслася па Бярозаўцы з хуткасцю маланкі.

- Старт у дваццаць гадзін нуль адна хвіліна дзесяць секунд роўна, - сказаў урэшце серабрысты. - Да адключэння ад знешніх раздражняльнікаў засталося сорак хвілін і трыццаць секунд. З вашага дазволу, я запішу гэтых людзей.

Ваня хуценька зірнуў на старшыню, ці не будзе ён пярэчыць, і махнуў рукою: «Давай!»

Цёткі, што стаялі паўкругам вакол Эрпідаў, пачалі прыхарошвацца, папраўляць на галовах хусткі, а малым выціраць насы і падцягваць штонікі. Быццам гэта прыехаў фатограф з раённага камбіната бытавых паслуг рабіць здымкі.

У кабінеце старшыні каля акна сядзела загадчыца санэпідстанцыі, а за сталом - чарнявы, як цыган, старшы лейтэнант міліцыі з тэлефоннай трубкай у руках.

- Па парадку, коратка і галоўнае, астатняе потым, - сказаў ён Ваню.

- Ага, я коратка, - сказаў Ваня. - А то праз сорак хвілін Эрпіды адключаюцца...

Пачаў з метэарыта: як знайшоў у лесе дзіўны камень, як нейкая сіла цягнула да яго, вяла якраз у тым кірунку. Як той камень нечакана лопнуў і з палавінак шкарлупіны паўстаў Эрпід-адзін. Як паехалі шукаць Эрпіда-два, бо той не выходзіў на сувязь, і як сустрэлі Таньку з Эрпідам-два... Падумаць толькі: вадзіла яго, як сабачку, на павадку! Як потым адшукалі мядзведзя, угаварылі яго вярнуцца ў звярынец... Як сумелі ўцячы ад сталічнай міліцыі...

Старшы лейтэнант умеў рабіць некалькі спраў адразу. Ён і слухаў Ваню, увесь час падтакваў і ў той жа час набіраў нумары на тэлефоне і камусьці гаварыў: «Адбой... Адбой!» Нават з двара выклікаў міліцыянера з машыны і яму загадаў перадаць па рацыі, каму трэба: «Адбой!» Потым і ў бальніцу званіў, каб усіх так званых хворых з Бярозаўкі і Клінцоў выпісалі і, не марудзячы ні хвіліны, даставілі ў кантору калгаса. Праўда, загадчыца санэпідстанцыі спрабавала запярэчыць: «Яшчэ ж нічога дакладна невядома! Яшчэ ж не абследавалі іх, не ўзялі ўсе аналізы! А раптам хтосьці з іх сапраўды хворы?» На гэта таварыш старшы лейтэнант сказаў: «Правільна, сярод насельніцтва трэба праводзіць прафілактычную работу, усякае абследаванне. У звычайным парадку, а з сірэнамі не лётайце, не нервуйце людзей».

І быў яшчэ тэлефонны званок у кабінет старшыні - ці з райцэнтра, ці з самога Менска. Старшы лейтэнант спачатку слухаў моўчкі, а потым сёе-тое перапытваў і нават пачаў усміхацца:

- Ну-у?! Накіравала міліцыю зусім у іншы бок? Ну і Танька... Карацей, ну і ну... Ага, яны самі вярнуліся. Толькі што... Каля мяне ён, у кабінеце старшыні, - лейтэнант коратка зірнуў на Ваню, і яму давялося апусціць вочы. - Расказвае пра свае прыгоды... і пра гэтага, з неба што спусціўся. Два спусціліся, абодва тут! Нічога асаблівага яны не натварылі, трывогу біць не трэба... Нос абы-куды не совалі, не! Так што і ў вас аб'яўляйце адбой, таварыш маёр. Ага, разбяромся самі, не трэба ніякай камісіі ствараць. Эпідэмія? Няма ніякай эпідэміі, проста непаразуменне было... Акадэмія навук зацікавілася? Позна, праз паўгадзіны ў іх адлёт. Ага, і вам усяго добрага!

І паклаў трубку старшы лейтэнант, адкінуўся на спінку крэсла. Надзьмуў шчокі, як хлапчук, і шумна выдыхнуў паветра. Паклаў рукі на стол, пайграў пальцамі, як па клавішах піяніна. І ўсе ўлавілі, што ён выстуквае матыў: «Мы рождены, чтоб сказку сделать былью...» А вочы ў яго былі вясёлыя, твар свяціўся ад палёгкі.

- Вам смешачкі? - не ўтрывала, узнялася са свайго месца загадчыца санэпідстанцыі. - А я павінна ізаляваць гэтых вашых пудзілаў агародных! Трэба праверыць, мо яны даставілі на сабе якіх заразных мікробаў. У іх, скажам, тыя мікробы нічога шкоднага не робяць, а ў нас, у новых для іх умовах, пачнуць катастрафічна размнажацца. Выбух, успышка інфекцыі!

- А як цяпер адрозніш, іхнія гэта мікробы ці нашыя? На лбе ж у іх не напісана! Ха-ха... - на ўсякі выпадак рагатнуў старшыня калгаса.

- Мы разбяромся! - храбрылася цётка ў белым.

- А хіба вы не чыталі, паважаная таварышка, што ўсе нашы касмічныя апараты і вымпелы, якія закідваюцца на іншыя планеты, праходзяць усякую стэрылізацыю і дэзінфекцыю? Каб не занесці, значыць, нічога такога туды... - зусім сур'ёзна сказаў старшы лейтэнант. - То няўжо ж можна дапусціць, што іншапланецяне дурнейшыя за нас і не зрабілі таго ж самага? Калі змаглі прыляцець да нас з іншай планетнай сістэмы, не з Сонечнай, то такую дробязь, як стэрыльнасць, яны прадугледзелі.

Потым старшы лейтэнант задаў некалькі пытанняў дзядзьку Мікалаю і шафёру дзядзьку Міцю, якія дагэтуль моўчкі, з шапкамі ў руках, тапталіся каля дзвярэй. І дазволіў ім ісці.

- Усё, таварышы! Пойдзем да робатаў! - устаў ён з-за стала.

- Як усё?! - абурыўся Трафім Іванавіч. - Праз іх такая заварушка ў калгасе пачалася, а я павінен маўчаць? Ды я ім такое скажу, такое... - старшыня нават кулаком патрос.

- Во-во, трэба сказаць! І вы абавязкова скажыце! - згадзіўся старшы лейтэнант.


20


Вуліца сустрэла Ваню выбухам рогату. Эрпідаў не было відаць, вакол іх шчыльна стаяў натоўп. Але неяк людзі расступіліся, і з вышыні ганка Ваня заўважыў, што дзеці водзяць серабрыстага за ручкі, як малога хлапчука.

- Эрпід, скажы: Піліп да ліпы прыліп! - прарэзліва крычаў хлапчукоўскі голас, каб перамагчы смех і гаману. І стала ціха...

- Пілі б, далі б прыліп, - адказаў Эрпід-адзін і адразу пацікавіўся: - А што гэта за пітво «прыліп»?

Людзі так і пакаціліся ад смеху.

- Няхай скажа: ішоў кныр з кныранятамі! Пра кныра хай скажа! - падскоквала за спінамі дарослых цыбатая дзяўчынка, нечым падобная на Таню.

Але Эрпід маўчаў, бо на яго з усіх бакоў пасыпаліся іншыя просьбы і пытанні:

- Скажы на вашай мове што-небудзь!

- А ў вас таксама школы ёсць?

- У вашых людзей такія самыя органы, як у нас?

- Скажы, як вам наша Зямля спадабалася?

Ваня рашуча пралез у сярэдзіну натоўпу:

- Ціха, калі ласка! Усім - ціха-а!!! У Эрпідаў засталося зусім мала часу! Трафім Іванавіч хоча прамову сказаць ім на дарогу! Каб запісалі!

Людзі пачалі сцішвацца і расступацца, утварыўся праход да самага ганка. І ў цішыні пачуўся голас Эрпіда-адзін:

- Іван Аляксеевіч Гардзей! Да адключэння засталося восем хвілін сорак сем секунд... І я таксама хачу сказаць на развітанне пра мову. Ваша мова нам вельмі спадабалася... Я стаў намнога лепш гаварыць на вашай мове, хоць у мяне ў галаве няма ні шарыкаў, ні ролікаў, няма і клёпак... (па натоўпе пракаціўся лёгкі смех)... Ваша Зямля таксама нам спадабалася. Мы наматалі сабе на нос, зарубілі сябе па лбе і цяпер ужо добра ведаем: не трэба ў проса соваць нос, есці тры пуды бярозавай кашы, каб трымаць за пазухай не камень, а яечка ды яшчэ аблупленае (смех ужо прарываўся выбухамі, але ўсе цішылі адзін аднаго, заціскалі сабе раты, каб пачуць усё)... Трэба больш чухаць патыліцы і не вадзіць адзін аднаго за нос вакол пальца, таўчы ў ступе чыстую ваду, а не гарох з капустаю. Усе мухі ў носе трэба рассыпаць драбней маку... (выбух рогату)... Я ведаю, што вы народ вясёлы і часта крычыце «ха-ха-ха!», як казаў мой знаёмы мядзведзь Мішка... Можа, я чаго недачуў, не зразумеў на Зямлі, то выбачайце: мядзведзь па вушах пахадзіў. Я яшчэ не састарэў да канца, калі прышлюць зноў да вас, то буду ўсё знаць, як аўца... Да пабачэння! Я набраў у рот вады...

- Трафім Іванавіч! Ён скончыў, хутчэй гаварыце! - сказаў Ваня.

- Пяць хвілін і чатыры секунды засталося, - бясстрасна зазначыў серабрысты. - Сачыце за зялёнай лямпачкай. Патухне - я адключыўся. Адыходзьце ўсе на дзесяць метраў.

- Дык вось, таварышы, - пачаў урэшце Трафім Іванавіч. - І вы, каторых прыслалі да нас... Запісвайце, што буду казаць. Гэта добра, што нашу мову вывучаеце... Запомніце яшчэ дзве нашы народныя прымаўкі: як гукнеш, так і адгукнецца, і другую: не капай яму другому, бо сам у яе ўпадзеш... За тое, што вы тут нам нарабілі анархіі і на людзей пачалі ўздзейнічаць па-ўсякаму, мы маглі б вас затрымаць. Але ж вы робаты, вы нежывыя. Вы рабілі толькі тое, што ўклалі вам у электроніку тыя... - Трафім Іванавіч падняў указальны палец угору і шматзначна памаўчаў. - Але мы пускаем вас сёння свабодна: ляціце, далажыце сваім людзям, што і як тут робіцца, як сустрэлі вас. Трэба ж, каб нехта вашым такое сказаў... А па ўсім відаць, што вашы людзі галавастыя. Толькі хацелася б, каб мазгі ў іх былі не набакір. Яны даказалі, што могуць на адлегласці ўплываць на мазгі нашых людзей. Дык добра ж, калі ў добры бок, а калі ў кепскі? Можа, вам увогуле захочацца падпарадкаваць нас сабе і кіраваць намі, як рабамі? Дык от, я рашуча вам заяўляю... І кожны, хто тут стаіць, скажа вам тое ж самае: на такія кантакты з вамі мы не пойдзем. Не трэба нам такія кантакты! Тысячы гадоў жылі людзі без вас, і яшчэ пражывуць мільёны. Толькі не замінайце нам, не шкодзьце! Калі ж прыляціце да нас з такімі намерамі, то арбіта каляземная вас не ўратуе, мы знойдзем, чым вас адтуль спароць... У нас яшчэ і такую прымаўку гавораць, запішыце таксама: хто да нас прыйдзе з мячом, ад мяча і загіне... Перадайце сваім галавасцікам, што мы не хочам такіх канфліктаў... Па многіх...

- Трафім Іванавіч! Патухла зялёная лямпачка! Адключыўся! - пракрычаў Ваня.

- Хай тухне. А я ўсё роўна дакажу да канца. Дык от: па многіх пытаннях мы маглі б мець кантакт з іншапланецянамі. Толькі не па ваенных. Мы людзі мірныя і хочам жыць у міры з усімі. Так і скажыце там... Вось так... І на гэтым усё, можаце ляцець.

Старшыня калгаса цярнуў далонню па лбе і пачаў адступаць да ганка. І ўсе людзі пачалі расступацца ў бакі.

- Іван Аляксеевіч! - паважліва крыкнуў да Вані нейкі сухенькі дзядок. - Мо хопіць адступаць? Мо не зашкодзіць ужо?

- На дзесяць метраў, не менш! - пракрычаў Ваня ў адзін бок, у другі. Быццам сам штосьці ведаў пра гэта ці прысутнічаў калі пры старце Эрпідаў. - Дзядзька Мікалай і дзядзька Міця! Пастаўце, калі ласка, Эрпідаў якраз пасярод вуліцы.

Ваневы знаёмыя дзядзькі выйшлі з натоўпу і трошкі пераставілі Эрпідаў. І хуценька адхапілі рукі.

- Ого! А яны ўжо гарачыя!

- Таварышы! - крыкнуў старшы лейтэнант міліцыі. - Мы не ведаем, на чым працуюць яны, на якой энергіі. Мо атамная, і яны пускаюць шкоднае выпраменьванне! Просьба ўвогуле разысціся па дамах!

Але мала хто зварухнуўся на такі страх, быццам раздумвалі.

Аддаў распараджэнне і Трафім Іванавіч:

- Усе, хто паблізу жыве! Падрыхтуйце вёдры з вадою, з пяском! Невядома, якая тут падымецца тэмпература, каб пажару не нарабілася... Шафёры! Адганіце машыны чым найдалей! А то могуць паўзрывацца бензабакі!

Гэта было больш зразумела. Адразу ўсчалася мітусня, пакуль людзі рабілі тое, што гаварылі старшыня і старшы лейтэнант. Адышлі ад Эрпідаў яшчэ далей, некаторыя прыхаваліся ад магчымага выпраменьвання. Але як? Смех проста: хто за вароты, хто за плот. І цікавалі адтуль, сачылі за Эрпідамі. А тыя стаялі пасярод вуліцы нязрушна, адлегласць паміж імі была не больш за паўтара метра. Ніхто не ведаў, як іх ставіць, пра гэта серабрысты нічога перад адключэннем не гаварыў.

Пэнк! - у Эрпіда-адзін адляцелі ў бакі ручкі і ножкі.

Пэнк! - пападалі ў пясок і пыл рукі і ногі другога Эрпіда.

- Ах! - спуджана ўскрыкнула нейкая цётка.

А другая залямантавала на ўсю вуліцу:

- Ба-абы-ы-ы! Каровы ідуць! Не пускайце сюды кароў, а то яшчэ ў малако прамяні тыя самыя ўскочаць! Або бабахне, на мэтлахі кароў паразрывае.

- Што рабіць, Іван Аляксеевіч? - закрычалі да Вані жанчыны, быццам ён быў тут галоўны кансультант па эрпідна-касмічных справах.

- Таварышы! Не трэба панікаваць! Пра атамную энергію мне Эрпід нічога не гаварыў. Я ўвесь час быў з ім і я сябе добра адчуваю! Каб было такое выпраменьванне, то ён бы не клікаў мяне да сябе! А каровы няхай ідуць... Глядзіце толькі, каб не перакулілі Эрпідаў! Да старту яшчэ шмат часу!

Сказаў «глядзіце», а сам першы кінуўся на абарону Эрпідаў. Стаў спінаю да іх, тварам да кароў, расставіў рукі ў бакі. А тыя падыходзілі і праходзілі міма спаважна, ім начхаць было на ўсе касмічныя справы. Яны былі каровы, ім трэба было несці людзям малако. Некаторыя з кароў запытальна рыкалі, не пазнаючы свайго двара: надта ж многа тоўпілася там людзей.

Калі каровы разбрыліся па дварах, Ваня аглянуўся на Эрпідаў - а антэн у іх ужо і няма! Толькі малюсенькія бугрынкі-мецінкі на галовах. Мо скінулі, як алені рогі скідваюць ці як самі толькі што паадкідвалі рукі і ногі? Не... Нічога падобнага на антэны не валялася. Уцягнулі іх унутр, няйначай.

«Ой, гараць, мабыць!» - «Не, гэта пара пайшла!» - «Глядзіце, чырванець пачалі!» - закрычалі адразу некалькі галасоў. Хто дасюль не схаваўся за вароты, то захацеў гэта зрабіць зараз. Адзін Ваня стаяў бліжэй за ўсіх да Эрпідаў, ён і сам не ведаў - чаму. Ці прыбавілася ў яго храбрасці (мо серабрысты напаследак гэтак уздзейнічаў на яго?), ці быў так упэўнены, што нічога страшнага з ім не здарыцца?

Чырванець пачалі Эрпіды адразу ў некалькіх месцах: там, дзе злучалася галава з тулавам, па лініі шыі, і ў розных месцах тулава і галавы - плямамі. Цэнтры чырвоных плям усё больш яснелі, ірдзелі, распаляліся, сталі зыркія, як іскры. І раптам з цэнтраў тых плям засвісталі, закучаравіліся струменьчыкі пары ці дыму. А ўслед пачалося і самае сапраўднае вывяржэнне, нібы адкрыліся невідочныя дасюль жаролы вулканчыкаў. Бурліва, з пенай-шумам, з бурбалкамі, пачало выплываць штосьці падобнае на лаву. Вогненна-вадкая, але і трохі вязкая маса распаўзалася падцёкамі па галовах, па тулавах. Падцёкі большалі, злучаліся, на месцах злучэнняў успучваліся рубцы-валікі, але потым згладжваліся, а бурбалкі лопаліся. Вогненныя панцыры Эрпідаў увачавідкі выроўніваліся, і ўжо не робаты стаялі пасярод вуліцы, а нейкія агніста-чырвоныя «агуркі».

І пакуль чырвань не блякла, вяршэчкі гэтых «агуркоў» выцягваліся, танчэлі, завастраліся, нібы нябачная рука ганчара надавала ім такую форму. І ўрэшце ўсе ўбачылі: не Эрпіды стаяць пасярод вуліцы, а самыя сапраўдныя ракеты, нават невялічкія закрылкі-стабілізатары ёсць. Зыркасць ракет пачала згасаць, яны зрабіліся густа-чырвоныя, потым вішнёвыя і цёмна-вішнёвыя. Урэшце зусім пацямнелі. Толькі сяды-тады па іх баках прабягалі іскры, успыхвалі зеленавата-фасфарычныя палоскі. Урэшце і яны патухлі.

І нейкае расчараванне-ўздых, нібы парыў ветру, прабегла па натоўпе. Чакалі, што дзівосы будуць працягвацца няспынна - і раптам звычайныя, толькі маленькага памеру ракеты. А хіба ж ракеты дзіва? Іх кожны бачыў або на парадзе, або ў тэлевізары, прытым - усякіх памераў.

Увага людзей рассейвалася, напружанне спадала. Сям-там напаўголаса пачаліся перагаворы...

І раптам гамана выбухнула з новаю сілаю. Убачылі, што з гравійкі-гасцінца звярнула ў вуліцу і прыпусцілася сюды, у бок канторы, машына-«рафік» - «хуткая дапамога». З брэхам ляцелі навыперадкі з машынаю два сабакі - Ванеў Жучок і яшчэ нейчы пярэсты.

Старшыня калгаса сышоў з ганка, ступіў насустрач і закруціў праваю рукою ў паветры так, нібы паказваў шафёру, куды падруліць, і падняў урэшце руку - «Стоп!» Першымі пабеглі да машыны Ваня, Трафім Іванавіч, загадчыца санэпідстанцыі і старшы лейтэнант. З кабіны «рафіка» скокнула на дол жанчына ў такім жа белым халаце, як і загадчыца, «халаты» сышліся і пра штосьці хутка-хутка загаварылі, размахваючы рукамі. А з другіх дзверцаў скокнуў на дол Лёня не Лёня, а нейкі бледны юнак, палавіна чупрыны ў яго была зусім белая. Ваня ўсё-такі пазнаў яго і адразу павіс на шыі, задрыгаў падкурчанымі нагамі. А старшыня калгаса абдымаўся ўжо з Ваневым бацькам - Аляксеем Гардзеевічам. Трактарыста перадавалі з рук у рукі, ціскалі, штурхалі ў плечукі, ляпалі па спіне. Потым паволі з машыны вылезла мама, і Ваня адразу ўткнуўся ёй тварам у грудзі і заплакаў.

- Ціха, дурненькі, ціха! - супакойвала Ганна Макараўна. - Усё ж добра скончылася!

А Ваня і сам не ведаў, што з ім зрабілася: мабыць, нервы, якія былі ўвесь час напружаныя, не вытрывалі. Потым выйшаў Алег Максімавіч, але адразу павярнуўся тварам да дзверцаў, падаў некаму руку. Не некаму! Дзеду Гардзею падаў, Двайному Гардзею. І пасталі спінамі да машыны... Настаўнік усміхаўся стрымана, усім падаваў руку, хто падыходзіў, нават Ваню - як даросламу. І дзед Гардзей здароўкаўся з людзьмі і збянтэжана не то ўсміхаўся, не то плакаў - часта змахваў слёзы з вачэй. Ваня па чарзе абняў бацьку, абняў дзеда. А Жучок блытаўся пад нагамі і падскокваў, каб лізнуць сваіх у рукі.

- Ой, пачынаецца! - пачуўся чыйсьці спалоханы голас. І ўсе мігам зноў расступіліся, разбегліся, утвараючы шырачэзнае кола, адцягваючы з сабою і тых, хто прыехаў на «хуткай дапамозе».

- Лёня! Гэта яны вінаваты ва ўсім! Касмічныя робаты! Я раскажу, якія яны былі... Я такога табе раскажу! Во гэты, што бліжэй да нас, быў Эрпідам-адзін! Тата! Дзед! Мама! Яны адлятаюць ужо, і ўсё чыста адрабілі назад! - узбуджана шаптаў Ваня, патузваючы то бацьку, то маці, то дзеда за рукі.

А з-пад ракет ужо добра валілі газы і дым. Потым пад першаю заракатала-чмыхнула так, што спадыспаду веерам паляцелі агонь, пыл, дым, узвілося апалае лісце. Ж-ж-ж-жах!!! - узляцеў першы Эрпід. Ж-ж-ж-жах!!! - узляцеў другі.

Пакуль, адвярнуўшыся, праціралі вочы, Эрпіды былі ўжо высока - нібы хто ўздымаў на неба два вялізныя бенгальскія агні...

Дзеці кінуліся ў цэнтр круга, дзе стаялі Эрпіды. Кожны хацеў першы схапіць сувенір - руку ці нагу Эрпіда. Але ўбачылі там і нешта больш грувасткае: дзве пары закураных, аплаўленых гусеніц, нібы дзве пары галошаў, забытых каля касмічнага парога.

- Ану, нічога не браць! Гэта ўсё ў школьны музей пойдзе! - закрычаў Ваня.

- Правільна! - падтрымаў яго Алег Максімавіч і пайшоў сам да «сувеніраў».


21


У Клінцы ўсіх Гардзеяў і сабаку Жучка вёз на «газіку» сам старшыня калгаса. І ўсю дарогу толькі і размоў было, што пра Эрпідаў ды пра тое, чаго нарабілася праз іх. Дзед Гардзей сказаў, што знайшоў урэшце астанкі партызан, якіх наспех пахавалі ў час блакады. І Трафім Іванавіч паабяцаў: у самыя бліжэйшыя дні дасць людзей і транспарт, каб зрабіць перазахаванне партызан у брацкую магілу каля сельсавета. А да чарговай гадавіны Перамогі будзе ўстаноўлены на магіле новы, лепшы помнік.

Ваня сказаў і пра Эрпіда-тры, які дзесьці плавае ў акіяне, вывучае, што робіцца пад вадою. Пагадалі, ці выплыў ён і падняўся на карабель, як і Эрпіды першы і другі, ці ўсё яшчэ плавае. У Ваневай галаве круцілася: «Усё чыста адрабіў назад... Усё чыста адрабіў...» І бачыў ён, што не ўсё чыста адроблена: Лёня ж так і застаўся сівы, як дзед. Трафім Іванавіч нібы ўлавіў Ваневы думкі, бо спытаў у Лёні:

- Дык што, - кажуць, ты здорава шпрэхаў на ўсякіх замежных мовах? А як цяпер? А то казалі, што ніякай карысці для зямлян не меў іх візіт... Як будзе па-французску «Да пабачэння»?

- Арэвуар, - сказаў Лёня, пасміхнуўшыся адным бокам. А раней ён ніколі так не ўсміхаўся! - А яшчэ «мерсі» запомніў і «бонжур»... Тое, што і да Эрпідаў ведаў, і ні слова больш.

- Ха-ха... А па-кітайску ці па-японску што-небудзь можаш? - цікавіўся старшыня.

- Ні бум-бум.

- Вось табе і карысць ад іх візіту. Адна шкода... - уздыхнуў старшыня.

- Чаму? Я хоць выспаўся раз добра за ўсю вясну, лета і восень, - без усмешкі сказаў Аляксей Гардзеевіч.

- А я ўсіх даярак блінцамі накарміла, - усміхнулася Ганна Макараўна.

- Скажыце, а з вамі ў бальніцы не было Пеці Галабродзькі? - спытаў Ваня тое, што ўвесь час неяк трывожыла яго.

- Не, не было, - адказала мама.

- Не было, - пацвердзіў тата.

- Мяне самага апошняга схапілі, завезлі. Аднаго, без Пеці, - сказаў дзед.

- І-і-і-іх... - спуджана працягнуў Ваня. - Трафім Іванавіч, хутчэй да Галабродзькаў газуйце! Мы як былі ў лесе з Эрпідам, дык ён намякнуў, што і Пецю галаву замарочыў, каб нам не перашкодзіў. То ці адрабіў хоць назад?

Праляцелі па вуліцы Клінцоў хутка, праскочылі міма хаты Гардзеяў і спыніліся каля двара Галабродзькаў. А ў іх і плот ад вуліцы, і вароты высокія і шчыльныя - нічога не ўбачыш, што на двары робіцца.

А калі адчынілі варотцы, то ўбачылі: па ўсім двары на мяшках, на посцілках, на дошках, на дровах, на лаўцы пад плотам, на перакуленым цэбры ляжаць запчасткі да легкавой машыны. А мо проста часткі? Бо ад іх «Масквіча» засталася толькі нейкая частка кузава, колы і тыя былі пад плотам.

Паміж раскладзенымі жалязякамі расхаджваў голы па пояс Галабродзька-старэйшы і ўспамінаў усіх чарцей. Сам ужо ўвесь у мазуце.

- Што гэта ты нараскладваў, як на прасушку ці на базары? Ха-ха... - пацікавіўся старшыня.

- Капітальны рамонт? - спытаў і Аляксей Гардзеевіч.

- Які рамонт?! Гэта ж мой абармот натварыў... Прыходжу з работы, а ён з ног валіцца ад стомы, хваліцца: «Татка, зірні, колькі я знайшоў запчастак!» Разумееш - знайшоў сякеру пад лаўкаю... Свайго «Масквіча»... Свайго! Спраўнага!.. Разабраў на запчасткі!

- Усё адзін зрабіў? - падзівіліся мама, тата і дзед.

- А дзе зараз Пеця? - спытаў Ваня.

- У хату занёс, паклаў. Спіць, як непрытомны, - адказаў Пецеў бацька. - І во, ад нейкага старога «ЗІЛа» рваную пакрышку прыкаціў. Мо падарваўся, дурань... Не ведаю, што і падумаць... І ў каго ён удаўся такі сквалыга? Вунь нейкія начовачкі з лесу прыцягнуў. Па выгляду нібы з расплаўленага каменю, а лёгкія. Думаю пад карыта парсюку прыстасаваць, не згніе ніколі. А от нашто пакрышка старая, хлам гэты?

- Няўжо сам разабраў? - паўтарыў тое, што цікавіла ўсіх, і старшыня калгаса. І ён, і дзед, і мама, і тата хадзілі паміж раскладзенымі дэталямі ды толькі плячыма паціскалі. Ліха ведае, колькі трэба прыкласці высілкаў, каб усё разабраць, расцягнуць, раскласці.

Жучок панюхаў кола каля плота і задраў на яго нагу.

- Не ведаю... Мо якая нячыстая сіла памагала, - разводзіў рукамі Галабродзька-старэйшы.

- Калі ніхто не памагаў, то падарваўся хлопец, няйнакш, - сказала Ганна Макараўна.

Аляксей Гардзеевіч рашуча скінуў пінжак, закасаў рукавы рубашкі.

- Давай памагу, бо зазімуеш... Лямпа ёсць вынасная? На ўсю ноч работы хопіць.

Маці паклікала Ваню, Лёню і дзеда з сабою і пайшла на вуліцу. Дома чакала свая недагледжаная гаспадарка.

Ваня з Жучком выходзіў апошні: варотцы за ім са скрыпам зачыніліся. І хіба мо пачуў гэты скрып Галабродзькавых певень, палічыў за кукарэканне якога маладога няўмекі. І закрычаў сам - прарэзліва і хрыпла, нібы перакрыўляў усіх пеўняў на свеце. Крычаў і нікога не баяўся: на сваім сметніку і ён быў гаспадар.

Ішоў Ваня і думаў: ці адрабіў тое, што натварыў з Пецем, Эрпід-адзін? Ці паспеў? Гадай цяпер, ці заўсёды Пеця быў урвіцелем, ці гэта робат зрабіў яго такім - заразіў нейкім хапужным вірусам?

Калі Эрпід-адзін наслаў на яго такую хваробу, то ці заразная яна? Ці пачне перакідвацца на іншых дзяцей і дарослых?

З такою хваробаю трэба змагацца. Але як?


Тут і канец прыйшоў нашай праўдзівай аповесці. Толькі хочацца сказаць яшчэ вось пра што. Калі і вы надумаеце заехаць у Бярозаўскую школу, пацікавіцеся іх незвычайным музеем, то не пытайце ў юных экскурсаводаў, дзе падзеліся яшчэ адна пара рук і ног робатаў і другая пара гусеніц. Многа бывае ў музеі наведвальнікаў, розных дэлегацый, нават з замежных краін. І язык ужо забалеў у тых юных экскурсаводаў тлумачыць кожнаму, дзе падзеліся тыя касмічныя дэталі.

Дык вось, я і паведамляю тут - усім! усім! Забралі тыя «запчасткі» Эрпідаў вучоныя са сталічнага навукова-даследчага інстытута. Нават Галабродзькаву палавінку панцыра выкупілі і забралі з сабою. Вучоныя і ёсць вучоныя, будуць даследаваць тыя касмічныя «дэталі» і чухаць патыліцы, разгадваць, з чаго зроблены, ці ёсць на Зямлі такія хімічныя элементы. А тая палавінка, што ляжыць у цэнтральнай вітрыне злева, без подпісу, - Ванева, Ваня Гардзей прынёс яе з лесу. І не захацеў, каб падпісвалі, чый гэта дарунак.


Загрузка...