Слаўнаму камсамолу і моладзі Жлобіншчыны ў знак пяцісотгадовага юбілею горада Жлобіна прысвячаю.


Жывуць толькі тыя легенды, якія па самой сутнасці сваёй — праўда.


3 народнага.


1


Са складаным пачуццём радасці і смутку прачытаў я ў газеце «Латвийский моряк» заметку «Имя на борту». Задумаўся над някідкім глыбокім сэнсам шчырых радкоў, і мне прыгадаліся словы з верша паэта Міколы Чарняўскага:

Ці думаў ён, ці сніў, ці марыў,

Хлапчук з дняпроўскіх берагоў,—

Пачуе шчырае: «Таварыш...»

На мове ўсіх мацерыкоў!

Хлапчук з дняпроўскіх берагоў... Яго ўславіла жыццё, яго ўславілі паэты... Дык хто ж ён?..


2


Маладое лета сама што ўбіралася ў сілу. У той дзень раніца выдалася надзвычай прыгожая — светлая, цёплая, ціхая. Чыстай, спакойнай радасцю ззяла прырода. На зелені і квецені серабрыста іскрыліся кроплі расы. Іх нібы казыталі і ледзь улоўна гушкалі гуллівыя промні.

Антон паснедаў яешняй, выпіў кубак чаю, вышаў на двор. Грудзі глыбока ўдыхнулі свежае вільгатнаватае паветра. Ён падставіў твар ласкаваму сонцу, прыжмурыўся. Але што гэта?.. Сэрца на хвіліну чамусьці насцярожылася і цібы замерла.

3 вуліцы данёсся звонкі дзявочы голас: «В роще по берёзкам белый перезвон...» Антон пазнаў яго: Волька-кучараўка ўсё вершы дэкламуе.


Волька была старэйшая за Антона, вучылася на тры класы вышэй за яго і жыла ў канцы іхняй вуліцы. Дзяўчына любіла вершы, многа ведала іх напамяць, і калі знаходзіла ўдзячнага слухача, заўсёды чытала яму. «Цікава, каму гэта яна?» Але найбольш, бадай, Антона зацікавіла не столькі гэта, колькі пачутае. «В роще по берёзкам белый перезвон», — паўтарыў ён у думках. — Прыгожа як!» Прытка, як малады пеўнік, скочыў з ганка, пашыбаваў да веснічак.


Волька з незнаёмай яму дзяўчынай адышліся ўжо далекавата.

А да яго падыходзіў Косцік Вярбіла. Антон насупіўся, пераступіў з нагі на нагу, быццам выбіраў ямчэйшую позу. Косціка ў школе дражнілі ацопкам. Быў ён высокі, таўсматы і непаваротлівы.

А да ўсяго лянівы, у некаторых класах сядзеў па два гады.

Наблізіўшыся да Антона, ён таксама набычыўся. Яны сустрэліся поглядамі.

— Ты чаму, ацопак, Наташу ўдарыў? — пагрозліва мовіў Антон.

— А табе якая справа, маляўка?

У параўнанні з Косцікам нізкарослы Антон сапраўды быў як маляўка.

Наташа ў класе сядзела на суседняй парце, і Антон апошнім часам на ўроках стаў употай касіць на яе погляды. Ладненькая русакосая дзяўчынка з вясёлымі зеленаватымі вачамі — яна падабалася ўсім. Але Антону, мабыць, больш чым каму. Ён чуў у душы нейкае незразумелае, асабліва цёплае пачуццё да яе, якое чамусьці стараўся хаваць ад самога сябе.

Косцік, адказаўшы Антону ў тон — грубавата, з выклікам, — спахапіўся, прамовіў спакойней:

— Няхай не задаецца, падумаеш — прыгажуня! Морду адварочвае...

— Хіба можна біць дзяўчат? Хіба можна?.. — Голас Антонаў перарваўся на высокай ноце.

— Яна што, ухажорка твая?.. Ха-ха-ха!..

— Ах ты, ацопак! — Антон сціснуў кулакі.

Косцік угнуў галаву, люта зіркнуў з-пад прыпухлых сіняватых павекаў.

— Удар толькі — зубы павылятаюць, гніда.

Антон ведаў, што Косцік быў баязлівец. Але ведаў ён і другое: чуючы сваю перавагу ў сіле, баязлівец у сляпой лютасці перахоплівае ініцыятыву. Значыць, трэба не даць яму набрацца духу.

— Вот я табе!.. — Антонава атака была імгненная. Удар угадзіў пад дыхавіцу.

Косцік войкнуў, скурчыўя, захістаўся. Антон яшчэ агрэў яго кулаком па патыліцы, але ўжо не моцна, быццам так, ддя прыліку, і ляпнуў весніцамі.

У хаце Антон сеў да стала. Пасядзеў хвіліну, пазіраючы ў акно, узяў з этажэркі кнігу ў цёмна-шэрай вокладцы — «Цусіму» Новікава-Прыбоя. Учора ён да поўначы сядзеў над раманам і, каб маці не пагнала спаць, чытаў бы да раніцы. Цяпер яму не чыталася. Адрываў вочы ад радкоў, зіркаў у акно. Думаў: «Што яго біць было! Ён жа — як мяшок...» Успаміналіся словы маці, якія сказала яна, калі сварылася на яго, што ў чарзе за білетам у кіно пабіўся. «Без чаргі лезлі? Дык ты словам, а не кулакамі праўду даводзь, рукам волі не давай». Ад іх ён адчуваў цяпер сябе прыкра і апраўдваўся перад самім сабой: «А яму, ацопку нахабнаму, дзяўчыну біць можна?»

Ляпнулі дзверы. Прыйшла з базара маці. Ён вінавата паглядзеў на яе і ўнурыўся ў кнігу.

Маці была ў добрым настроі.

— На абед, сынок, боршчык будзе і любімыя твае галубцы. — Яна дастала з кашолкі белы качан капусты, пагушкала яго на далоні. — Нядзеля ж, святочны дзень... Ой, сынок!.. Чуеш?

3 чорнага рупара, які вісеў на сцяне, вылецелі страшныя словы: досвіткам войскі фашысцкай Германіі без аб'яўлення вайны перайшлі граніцу Савецкага Саюза.

— Вайна!.. — прастагнала маці.

Антон шорхаў далоняй, міжвольна прыціскаючы яе, па старонцы, на якой толькі што прачытаў пра гібель браняносца «Ослябя». На момант словы з рупара паляцелі нібы міма яго вушэй. Яму раптам яскрава пабачылася, як стальны гігант кульнуўся на бок. Слізгаючы па палубе, якая стала амаль вертыкальна, матросы пакаціліся ўніз, а разам з імі падалі абломкі дрэва, кускі жалеза, скрынкі, лаўкі. За бартом людзі чапляліся за абломкі, а вакол ад выбухаў снарадаў узнімаліся слупы вады і захліствалі іх. Браняносец перавярнуўся ўверх кілем, стаў тануць... Антон адхапіў ад старонкі далонь, быццам папера напалілася і запякла яму.

Ляцелі, падалі камянямі з рупара цяжкія, суровыя словы. Маці так і стаяла, як застылая, з качаном капусты ў руках. Хлапчук паглядзеў на яе, нібы абмёршую, і адчуў, як яе жах перадаўся яму, халодным вужакай варухнуўся ўсярэдзіне. Аднак гэта ненадоўга. У грудзях быццам штосьці раздалося, напружылася ўпартым рухам якогасьці бунтоўнага пачуцця. Ён усхапіўся з крэсла.

— Куды ты? — дагнаў яго каля дзвярэй трывожны вокліч маці.

— Да Хведзі! Я хутка вярнуся.

Антон шыбаваў да сябра і думаў пра тое, што скажа яму. А сказаць ён мог толькі адно: калі вайна, дык усе павінны ваяваць з фашыстамі. Усе — значыць і яны. Страляць яны ўмеюць, выканалі ж нормы на значок «Варашылаўскі стралок».

Хведзі дома не было, і Антон пакіраваўся ў цэнтр горада. Так, без якой мэты. Прыгадаў, як дзед яго любіў казаць: «Па сялу прайду — можа што знайду». Усміхнуўся: жартаўнік дзед!..

Горад жыў сваім звычайным жыццём. Адчынены былі ўсе магазіны, у ларках гандлявалі марожаным і морсам. Але людзі хадзілі засмучаныя, устрывожаныя. Каля касы клуба «Кастрычнік» тоўпілася чарга — паказвалі кінафільм «Музыкальная история». Спачатку Антон наважыўся быў пайсці ў кіно, ды перадумаў: двойчы ж ужо глядзеў гэты фільм. Купіў марожанага, запіў морсам і рушыў дадому. Ішоў і ў думках напяваў: «Если завтра война, если завтра в поход, если тёмная сила нагрянет, как один человек, весь советский народ за свободную родину встанет». Ён ужо акрыяў ад першага пачуцця страхавітай разгубленасці і чуў у сабе імпэт непадробнага, шчырага юначага патрыятызму.

За абедам ён сказаў маці:

— Чырвоная Армія хутка разаб'е фашыстаў, от пабачыш, мама. — Яму хацелася неяк падбадзёрыць невясёлую, зажураную матулю, якая чамусьці пазірала на яго нейкімі ўмольнымі вачамі.

Паабедаўшы, Антон узяў «Цусіму», вышаў у сад.

Ціха шамацелі старонкі, і неўзабаве ён увесь перанёсся ў свет загадкавай, неўтаймоўна-грознай стыхіі акіяна, у вогненную буру, дзе сярод велізарных бяскрайніх хваляў грукатала, гуло, выла і стагнала, палыхалі пажарамі сталёвыя веліканы.

Падзьмуў вецер. Над галавой зашамацела лісцем разгалістая яблыня. У вецці ўстрывожана заціўкала сінічка. Антон узняў вочы, пашукаў яе позіркам. Знайшоў, пацікаваў за ёю, далёкі думкамі ад усяго, што яго акружала.

— Ціў-ціў, ціў-ціў, — нечакана перадражніў птушку. — Як камар. Ты б — як чайка! — I раптам сябе ў думках: «А як яны, марскія чайкі, крычаць? — Заклаў два пальцы ў рот, прарэзлівы свіст разарваў цішыню саду. — Так, можа?»

Сінічку як ветрам здзьмула, і ён раптам пашкадаваў, што спалохаў яе.

Вячэрняя зара шырока запаліла неба на захадзе крывава-чырвоным водбліскам. Дзень дагараў злавесным відовішчам пажару. Першы дзень страшэннай вайны. Антон згарнуў кніжку, пайшоў у хату, несучы ва ўзрушанай хлапечай душы глухое падсвядомае прадчуванне якойсьці непазбежнай крутой перамены ў яго блізкім лёсе.


3


Радыё перадавала трывожныя звесткі аб падзеях на франтах. Чырвоная Армія вяла цяжкія баі і адступала. Спачатку Антон не верыў, не хацеў гэтаму верыць. Тым часам над Жлобінам пачалі з'яўляцца нямецкія самалёты. 3 цягучым, здушлівым гулам у строгім страі трохвугольнікам ляцелі на ўсход, на Гомель, цяжкія бамбавозы, праносіліся імклівыя, тонкія, як восы, «ястрабкі». Пакутліва назіраючы за самалётамі, Антон з хлапчукоўскай гарачнасцю думаў: «От бы мне зенітны кулямёт! Палёталі б яны ў зямлю носам!..» А сэрца пякло крыўднае недаўменне: як жа так, Чырвоная ж Армія — самая магутная ў свеце!.. На памяць прыходзілі радкі песні: «И от тайги до Британских морей Красная Армия всех сильней».

Недзе праз тыдзень пасля пачатку вайны перад вечарам, калі ў ясным светла-блакітным небе мірна праплывалі бялюткія лёгкія аблачынкі, як бы падкраўшыся за імі, самалёты з чорнымі крыжамі на крылах над Жлобінам развярнуліся і сыпанулі свой смертаносны груз. Бомбы ляцелі са страшэнным пранізлівым свістам, які рваў штосьці ўсярэдзіне па жывому. Фашысцкія лётчыкі мелі намер разбамбіць дэпо. Самалёты рабілі заход за заходам. На чыгунцы і недалёкіх вуліцах усё трэслася, як у ліхаманцы. У неба ўздымаліся хмары дыму і пылу. Антон выскачыў на вуліцу, каб уцякаць ад бамбёжкі. Пабачыў, паперадзе яго неслася Волька-кучараўка. Перад ёю ўскінуўся лахматы стаўбур зямлі. Яна высока ўзмахнула рукамі і паляцела потырч. Антон таксама ўпаў на жывот, але адразу падхапіўся, падбег да яе. Волька ляжала нерухома, з-пад крэмавай блузкі па ўтоўчанай нагамі зямлі расплывалася кроў. На блузку густа асядаў куродым і пыл. Антонавы рукі сутаргава схапілі Вольку, каб падняць, і ён жахнуўся: гарачая кроў апякла яму далоні.

Ноччу Антон ніяк не мог заснуць. Не мог пазбавіцца ад цяжкіх абуральных думак, якія пяклі сэрца, і ад пакутлівага адчування на руках Вольчынай крыві.

Раніцай ён надзеў новую цёмна-сінюю кашулю, абуў новыя чорныя туфлі, якія маці вясной купіла яму навыраст. У туфлі паклаў тоўстыя кардонныя вусцілкі, каб быць вышэйшым. Дома нікому нічога не сказаўшы, пакіраваўся ў ваенкамат. Ішоў і думаў «Скажу, што мне ўжо семнаццаць гадоў. Хіба я не выглядаю на семнаццацігадовага?..» Успамінаў Вярбілу і пашкадаваў, чаму не вышаў ростам з таго ацопка. Згодзен быў, няхай бы яго дражнілі ацопкам, толькі б хай вымахаў, як ён.

У ваенкамаце было тлумна: ішла мабілізацыя. Гадзіны тры прамарнаваў Антон, пакуль яму ўдалося трапіць на прыём да камандзіра з трыма кубікамі на пятліцах. Камандзір строга паглядзеў на яго пачырванелымі ад бяссонніцы вачамі.

— Што скажаш, малец?

— Хачу запісацца ў Чырвоную Армію, таварыш начальнік! — бойка адрапартаваў Антон.

На стомленым твары ваенкаматаўца з'явілася вялая ўсмешка.

— Ваяваць жадаеш?

— Ага. — Антон адказаў і спахапіўся: — Так точна, таварыш... — Тут ён прыгадаў, што азначаюць тры кубікі. — Таварыш старшы лейтэнант.

— Які род войск выбраў, ваяка?

Абнадзеены, што камандзір не праганяе яго, Антон выпаліў:

— Марфлот.

Усмешка сышла з твару старшага лейтэнанта. Ён акінуў шпаркім позіркам шыракаплечую Антонаву постаць.

— 3 цягам часу, бадай, ты зможаш стаць мараком. А цяпер ідзі падрасці.

— Дык хіба той, што зараз вышаў ад вас, большы за мяне? — абурыўся Антон. — А вы, сказаў, залічылі яго ў артылерыю.

— Ён старэйшы.

— Мне таксама, ўжо... Вось толькі метрыка дома недзе згубілася. Знайду — прынясу. Залічыце, таварыш старшы лейтэнант...

— Усё, хлопец, — сурова звёў бровы ваенкаматавец. — Наступны! — гукнуў у бок дзвярэй.

На двары ваенкамата Антон паназіраў, як за вароты пад камандай лейтэнантаў і сяржантаў адна за адной выходзілі групы людзей у цывільным адзенні, з рэчавымі мяшкамі за плячамі. Рашэнне з'явілася імгненна. Ён сігануў, прыстроіўся за каранастым хлопцам, які замыкаў групу.

Ты куды? — хрыпата крыкнуў яму даўгалыгі сяржант. — Адставіць!

Антон хацеў агрызнуцца яму, ды не знайшоў як. Нехаця замарудзіў крок, адстаў ад групы і, правёўшы яе пцзіркам, паплёўся дадому.

Падзеі на фронце з кожным днём разгортваліся ўсё трагічней. Папаўзлі чуткі, што немцы занялі Бабруйск. Да Жлобіна далятаў грукат кананады.


Антон дачуўся, што жлабінчане ствараюць знішчальны батальён для барацьбы з нямецкімі лазутчыкамі і дыверсантамі. Сказаў яму пра гэта Міхась Елісееў. Міхась быў старэйшы за Антона, але яго ўзрост яшчэ таксама не прызываўся ў армію, і ён запісаўся ў батальён. Распытаўшы ў Міхася, дзе і ў каго трэба запісвацца, Антон стаяў у райкоме перад загадчыкам ваеннага аддзела райкома Злынавым.


Георгій Васільевіч, паслухаўшы Антона, доўга і ўважліва пазіраў на яго, спытаў:

— А калі не прымем цябе ў батальён, што станеш рабіць?

— Усё роўна буду лазутчыкаў лавіць.

— Адзін?

— Не, з хлопцамі.

— 3 якімі?

— 3 Міхасём, з Хведзем, з Іванам...

Яны глядзелі твар у твар.

— Паслухай, хлопец, на вайне ж забіваюць. Цябе могуць забіць.

— Не заб'юць, я не дамся.

— Ты што, сам умееш забіваць?

Антон каўтануў сліну, быццам у яго перасела нешта ў горле, і збянтэжана залыпаў вачамі. Раптам вочы заіскрыліся.

— Я ўмею біцца.

Георгій Васільевіч усміхнуўся, паклаў яму руку на плячо.

— Які ты яшчэ хлапчук, Антон... Дык, кажаш, усё роўна будзеш лавіць лазутчыкаў?.. Ну добра, параімся і, магчыма, залічым цябе ў батальён. Заўтра раніцай прыдзі.

Антона залічылі ва ўзвод разведкі. Камандзірам узвода быў Антон Ткачоў, удзельнік фінскай вайны. Жлобінскія хлапчукі як ні абогатваралі Ткачова. На марозных заснежаных абшарах паўночнай зямлі ён заслужыў медаль «За отвагу», а ў той час у Жлобіне не было нікога іншага, хто б меў такую ўзнагароду. Што датычыцца Антона, то яму камандзір узвода здаваўся ці не самім Чапаевым. Хлапчук гатоў быў ісці за ім і ў ваду, і ў агонь.

У пачатку ліпеня вайна падступіла да берагоў Дняпра. Немцы занялі Жлобін. Яны хлынулі па вуліцах і завулках шалёнымі патокамі, поўнымі страляніны, трэску і гулу матораў матацыклаў і танкаў. Людзі затаіліся, замерлі. А праз колькі дзён, калі сталі выходзіць з шокавага стану, па хатах папоўз разгублены шэпт: чужынцы ж — вернікі... Дык, можа, і сілішча ў іх не ад бога? На спражках жа іхніх рамянёў напісана: «3 намі бог». Пагудку пра тое пачула каля калонкі і Антонава маці. Вярнуўшыся ў хату, яна паставіла вядро на лаўку каля дзвярэй, сама стомлена апусцілася побач. Сказала пра чутку і хвіліну маўчала. Потым абвяла вачамі ўсіх, хто быў у хаце, спыніла позірк на Антону і ціха мовіла:

— Не, божая ласка не з тымі, хто стрэльбамі на людзей дужы, а з тымі, хто праўду людскую шануе.


Антон на якую паўгадзіну употай пракраўся дадому, каб пераадзець бялізну. Ён вытрымаў позірк маці, нейкі цяжкі, з глыбокім значэннем, здзіўлена глядзеў на родны, заценены смуткам і журбою твар. У ціхіх словах яе, пачуў, акрамя іхняга адкрытага сэнсу, захоўвалася штосьці такое, што ляжала ў патаемнай глыбіні — вялікае і запаветнае.


Шэсцьдзесят трэці стралковы корпус камкора Пятроўскага рыхтаваўся да контрудару. Чырвонаармейцам патрэбны былі звесткі аб баявым патэнцыяле праціўніка. Як мага больш звестак. Штабы часцей і падраздзяленняў корпуса наладжвалі са знішчальным батальёнам з разлікам на дапамогу ў разведцы — мясцовым жыхарам лацвей, ведаюць усе хады і выхады.

Батальён размяшчаўся ў вёсцы Чорная Вірня. Быў пахмурны дзень, накрапваў дробны дождж. Антон пачысціў свой карабін, сеў да акна. Чым заняцца, што рабіць?.. У хату зайшоў камандзір узвода Ткачоў і вайсковец з трыма кубікамі на чырвоных пятліцах. Хлопец падхапіўся, стаў навыцяжку — таксама ж вайсковец цяпер! Усведамленне гэтае цешыла яго хлапчукоўскі гонар.

— Сумуеш, цёзка? — спытаў Ткачоў і, як некалі бацька ў хвіліны праяўлення душэўнай ласкі, узяў двума пальцамі за нос, злёгку патузаў туды-сюды.— Бачу, сумуеш.

— Не статутныя адносіны з байцом, таварыш камандзір,— усміхнуўся старшы лейтэнант.

— Так, не статутныя. Зараз будуць статутныя. — Камандзір узвода, які таксама злёгку ўсміхнуўся, напусціў на сябе начальніцкі выгляд. — Баец Губараў, часова перадаю вас у распараджэнне старшага лейтэнанта. — I зноў не ўтрымаўся: — Згодзен, Антошка?

— Ёсць, у распараджэнне старшага лейтэнанта! — адказаў Антон на вайсковы манер.


4


Прыдняпроўскі луг стракацеў шматколернасцю ліпеньскіх красак. Яны гайдаліся пад ветрам, быццам кланяліся зямлі, што жывіла іх цёплымі, спажыўнымі сокамі, дзякавалі за дабрыню яе і ласку. Вецер, насычаны мядовым іхнім водарам, здаваўся Антону духмяна-маладкаватым. Але хлапчук адчуваў гэта чуйна напружанай падсвядомасцю. Уся яго пільная ўвага была скіравана да вёскі Саланое. Адтуль вось-вось павінны былі накіроўвацца да Дняпра нямецкія аўтамашыны. Дык адкуль іменна, ад якога двара яны будуць ад'язджаць?

Старшы лейтэнант, ставячы Антону задачу, расказаў, што чырвонаармейская разведка высачыла: штодня ў адзін і той жа час прыязджаюць немцы на легкавых машынах купацца ў Дняпры. Афіцэры, значыцца. Па іх, голенькіх, можна было б пальнуць з гармат, але гэтага мала. Трэба даведацца, дзе іхняе асінае гняздо, і яго накрыць... Абгаварылі, што ноччу чырвонаармейцы пераправяць Антона на правы бераг, і ён пад выглядам пастушка пойдзе на луг. Шукаць карову.

Антон, закінуўшы пугу на плячо, крочыў паўз лазняковы зараснік, які аддзяляў прыберажак Дняпра ад лугу, касіў вочы на вёску. I не празяваў. Адразу заўважыў, як з крайняга двара, прыхаванага ад вока маладымі прысадамі, стаў выязджаць легкавік. За ім выкаціў другі. Сэрца ёкнула ад радасці: папа-аліся, фашысты паганыя!.. Першы міжвольны парыў яго быў — з усіх ног кінуцца бегчы, далажыць старшаму лейтэнанту. Аднак цвёрдая думка стрымала яго: заўважаць — застрэляць. 3 аўтамата «дыр-р-р» — і гатоў. Хто тады старшаму лейтэнанту паведаміць пра іх?.. Ён стаў з прытворна-блазенскім выглядам шлёгаць пугай па траве.

Немцы заўважылі яго. Калі машыны спыніліся каля ракі, адзін з іх, высокі, цыбаты, пасігаў да Антона. Падышоў, прагергетаў, шчэмячы паміж нямецкімі словамі скавэрканыя рускія:

— Что... юндлінг... прішёль здесь?

Антон хуценька залапатаў:

— Карову шукаю, карову.— Але яму падалося, што немец нічога не зразумеў. Раптам ён выставіў над галавой пальцы: «Му-у-у!» — І таропка стаў тлумачыць: — Збегла да быкоў, зараза!

Немец паказаў на луг шырокім жэстам доўгай рукі:

— А гд'е... бык'і?

Антон увайшоў у азарт:

— Карова ж дурная, яна не ведае, дзе яны, і бяжыць абы куды.

Халодна ўсміхнуўшыся, немец узяў яго за плечы, павярнуў і даў яму лёгкага выспятка пад зад. Антонавы босыя пяткі шпарка замільгалі ў траве. Далекавата адбегшыся, ён запаволіў крок, хацеў зноў прытворна пазабаўляцца пугай. Ды нейкае трывожнае прадчуванне патрабавальна шапарнула яму: уцякай, пакуль не позна! Перадумае цыбаты, дагоніць і за каршэнь: партызан?.. Ён звярнуў у лазняк, на момант стаіўся. I пачуў, як затупацелі крокі. Бліжэй, бліжэй... Што рабіць?.. Юркнуў пад разгалісты куст, які навісаў над самай ракой. Хутка, але асцярожна, каб не было ўсплёску, апусціўся ў ваду. Схаваўся з галавой, толькі, каб дыхаць, выставіў адтапыраныя трубкай губы, накрыўшы іх шырокім лістом лілеі. Пацягнуліся цяжкія, пакутлівыя хвіліны. Больш высунуць рот, каб дыхалася вальней, нельга было — немец мог заўважыць. А так — ледзь-ледзь варухнуўся, і вада трапіць у горла. Тады таксама пішы прапала — закашляешся... Учапіўшыся пад вадой за лазовы корань, Антон напружыў усе свае мускулы і, як здранцвеў, замёр.

Колькі ён праседзеў так у рацэ — сказаць не змог бы. Адно здавалася яму: доўга-доўга. Адчуў раптам — закружылася галава, стала моташна. I тады ён зразумеў, што больш не ўседзіць, далей не стрывае. Варухнуў плячамі, памалу стаў высоўваць галаву. Падымаўся так, каб ліст лілеі ляжаў на макушцы.

Першае, што пабачылі яго вочы з-пад цяжкіх мокрых павекаў, быў пярэсты матылёк. Ён, відаць, упіваючыся асалодай спакою і сонечнай цеплыні, сядзеў на тым лісце лілеі і цяпер, патрывожаны, мітусіўся перад Антонавым тварам.

— Матылёк! — Антону падалося, што ён уголас выгукнуў гэтае пяшчотнае ласкавае слова. На самай справе яно маланкава бліснула ў нястрымна-радаснай захопленай думцы. Над ім не смяртэльны вораг, які ў момант мог абарваць яго радасць бачыць сонечны свет, што зырка адкрыўся зроку, а само жыццё над ім!.. I ён яшчэ раз — ужо прашаптаў: — Матылёк!

Зводдаль даляцеў выбух рогату, потым пачулася траскучая, нібы сарочае стракатанне, вясёлая гамонка немцаў. Антон забыўся на матылька, з трывогай прыслухаўся. Рогат паўтарыўся, але ўсё адтуль, здаля, не набліжаўся. Немцы, відаць, купаліся, дурэлі, забаўляліся ў прыемнай прахалодзе разамлелага Дняпра. Антон памалу, каб не плёскаць, выбраўся на сухое і, прадзіраючыся скрозь кустоўе вербалозу, берагам рушыў у процілеглы ад гітлераўцаў бок.

Чырвонаармейскія разведчыкі, як і дамовіліся, чакалі яго на вышках старога, скасабочанага хлява чыгуначніка Трыфанава. На падворку з высокай, новай, не пафарбаванай яшчэ брамай па Карпілаўскай вуліцы. Старшы лейтэнант перш-наперш загадаў хлапчуку распрануцца. Зняў з сябе і даў яму надзець гімнасцёрку, а сам выкруціў яго мокрае адзенне, развесіў на жэрдачцы пад дахам.

— Во, цяпер ты таксама старшы лейтэнант, — выскаліўся дабрадушнай усмешкай такі ж каржакаваты і кірпаносы, як Антон, чырвонаармеец.

Камандзір строга глянуў на жартаўніка, і той, вінавацячыся, пачаў апраўдвацца:

— Ага, табе трэба пагрэцца, а то каб не прастудзіўся.

Антон, седзячы на нейкай старой скрыні, засаромлена нацягваў прасторную гімнасцёрку на голыя калені, расказваў, як правёў разведку. Яго ніхто не перапыняў, не перапытваў. Старшы лейтэнант пазіраў яму ў твар неяк надзвычай уважліва і дапытліва.

— Ясна, — сказаў, калі Антон змоўк. — Вы, баец Губараў, праявілі чырвонаармейскую знаходлівасць і выканалі важнае заданне. Аб'яўляю вам падзяку.

Хлапчук памкнуўся падхапіцца, каб адказаць па форме, як належыць вайскоўцу, ды ўспомніў, што без штаноў, і толькі тузануўся, выпрастаўшы спіну. Падахвочаны пахвалой і падзякай, адказаў заўзята:

— Штаны і кашуля высахнуць — яшчэ пайду. Куды трэба ісці, таварыш старшы лейтэнант?

— Пакуль што нікуды не трэба.

Позна ўвечары яны пераправіліся на левы бераг у размяшчэнне часці.

Назаўтра ўвесь дзень Антон быў ва ўзводзе старшага лейтэнанта Панкраценкі. Чырвонаармеец, які ўчора неабачліва састроіў над ім падсмешачку, вучыў яго разбіраць і збіраць карабін, кідаць гранату, прыёмам рукапашнага бою. Калі ён завёу гаворку пра рукапашную, Антон заўсміхаўся:

— Біцца я ўмею.

Чырвонаармеец таксама расцягнуў ва ўсмешцы тоўстыя губы:

— Умееш? — Стаў насупраць хлапчутса. — А ну змаж мне па вуху!.. Не бойся, не бойся, змаж...

Антон хвіліну вагаўся, потым рыўком размахнуўся і... грымнуўся пад арэхавы куст: чырвонаармеец імгненна схапіў яго за руку, крутнуўся, кульнуў цераз сябе. Шпарка ўскочыўшы на ногі. Антон збянтэжана залыпаў вачамі, абцягнуў кашулю.

— Дай яшчэ... Ну давай!

I зноў ён паляцеў пад куст.

— Здорава, ха-ха-ха!..— нервова засмяяўся, падхапіўшыся — Ну, вучы... — Ён замяўся, хацеў назваць імя чырвонаарчейца, але не ведаў.

Чырвонаармеец зразумеў яго замінку.

— Завуць мяне Сілівонам.

«Антон — Сілівон», — недарэчна зарыфмавалася ў Антонавай галаве, і гэта развесяліла яго.

Пад вечар вярнуўся са штаба палка старшы лейтэнант Панкраценка. Ён быў у добрым настроі, чорныя цыганскія вочы яго агніста блішчалі.

— Віншую, разведчык! — Панкраценка, як роўнаму, падаў яму руку і моцна паціснуў. — Табе аб'явіў падзяку генерал — камандзір дывізіі. Сёння, калі тыя немцы прыехалі на легкавіках да Дняпра купацца, артылерысты лупанулі адначасова і па іх, і па штабу іхняму. Як у дзесятку лупанулі! Так што ты, баец Губараў, кінуў ужо сваю грыўню на алтар перамогі над фашызмам.

У Антона мільганула ў галаве: «Во калі 6 ведала пра гэта Наташа!..» Яму дужа захацелася гэтага. Ён ніколі не выстаўляўся перад Наташай, а тут — ну хоць бяжы да яе!..

Потым яны са старшым лейтэнантам сядзелі пад стромкай разгалістай сасной. Перадвячэрняе сонца так шчодра абсыпала лес промнямі, што янтарныя дрэвы, здавалася, самі выпраменьвалі святло, радуючыся лету і жыццю.

— Кім ты хочаш стаць пасля вайны, Антошка? — Панкраценка павольна правёў рукою па ствалу сасны, быццам пагладзіў дрэва.

— Мараком, — адразу адказаў Антон. — Буду плаваць па морах і акіянах, ва ўсім свеце пабываю. — На момант ён задумаўся. — Гэта ж дужа цікава — як жывуць людзі ў свеце!..

— Так, дужа цікава. I добра, што ты марыш. Ды толькі, як сказаў мудрэц, марам і гадам няма звароту. А нам цяпер — бачыш? — Старшы лейтэнант паглядзеў на лес, перавёў позірк на Антона. — Усім нам цяпер, і табе вось, падлетку, даводзіцца ваяваць. «Магутнаю раццю, патокам адзіным, абрушым на ворага гром!» Гэта заклік нашага народнага паэта Якуба Коласа. Я прачытаў яго ў газеце «Правда» на роднай беларускай мове. Па сутнасці, Антошка, гэта заклік народа. «Магутнаю раццю, патокам адзіным...» — Нецярпліва неяк паварушыўшыся, Панкраценка падсунуўся бліжэй да хлопца. Раптам як бы штосьці ўзляцела ў яго душы: — От ты, Антон, хлапчук, а такі ясны, канкрэтны!..

Да іх падышоў Сілівон.

— Таварыш старшы лейтэнант, каша!..

— Нясі два кацялкі.

Сілівон востра зіркнуў на Антона: глядзі ты — і яму паднось!..

Пшонка была не сказаць каб смачная, нейкая прэсная, але Антон уплятаў яе за абедзьве шчакі: адно слова — салдацкая!.. Пашкрабаў лыжкай па дну кацялка, адставіў яго ўбок.

— Таварыш старшы лейтэнант, вазьміце мяне ў свой узвод.— Ен хацеў, каб словы прагучалі бойка і напорыста, але голас здрадзіў.— Ну вазьміце!..


Прабег ветрык. Цягуча рыпнула сасна, пад якой яны сядзелі, быццам на штосьці паскардзілася. Панкраценка задраў галаву, паўзіраўся ў густое вецце, потым пільна-пільна паглядзеў хлопцу ў вочы.


Камандзір дывізіі Факанаў дакладваў камкору Пятроўскаму:

— Мушу заўважыць, Леанід Рыгоравіч: асабліва ўмела правёў разведку, і гэта не першую, юны разведчык знішчальнага батальёна Антон Губараў. Да індустрыяльнай часткі горада прымыкаюць вуліцы, завулкі з індывідуальнымі забудовамі. Усе ў прысадах. Дык ён — сядзібамі: гародамі, садамі...

Недзе блізка моцна грымнула — разарваўся цяжкі снарад. Яны пераглянуліся.

— Юнак той, расказвалі мае разведчыкі,— што ў агонь, што ў ваду,— працягваў Факанаў.— Смелы, мужны і да ўсяго — надзвычай кемлівы.

Пятроўскі ўлавіў у словах камбрыга ноткі нейкага асаблівага настрою ў адносінах да хлопца, паглядзеў на яго дапытліва. «Што яшчэ ў цябе?»

— Між іншым, Антон Губараў просіцца, каб залічылі яго чырвонаармейцам. I разведчыкі кажуць: «Некалькі разоў, як мы тут на перадавой, сам прыходзіў, звесткі розныя прыносіў»

— Колькі яму гадоў?

— Чатырнаццаць-пятнаццаць. Сокал, разведчыкі кажуць, хлопец.

— Які сокал, калі падлётак яшчэ...

Факанаў маўчаў. I пярэчыць яму не выпадала, і згаджацца не хацелася — дужа ж прасілі разведчыкі!

— Малавата гадоў, — раптам ціха, задумліва прагаварыўЯ Пятроўскі і ўдакладніў: — Падлётак жа ён, твой Антон Губараў, кажу.

Факанаў здзівіўся ходу яго думак. Здагадаўся: камкору, відаць, успомнілася, як сам у пятнаццаць гадоў стаў чырвонагвардзейцам і членам бальшавіцкай партыі. Спакойна, быццам не намякаючы ні на што, камбрыг адказаў:

— Аднак жа колькі іх такіх станавілася змагарамі за Савецкую ўладу!.. А разведчыкам, бачу я, вельмі хочацца, каб юнака залічылі да іх выхаванцам, палюбіўся ён байцам і камандзірам.

— Добра, Якаў Сцяпанавіч, перадай ім асабіста сам, хай глядзяць, калі палюбіўся, каб не кідаўся ў пекла з гарачай галавой.


...А ён кідаўся. Інакш, з аглядкай, ён не мог. Дзе разам з армейскімі разведчыкамі, дзе адзін, як апантаны, шныпарыў па гарадскіх вуліцах і перавулках, выяўляючы варожыя воінскія часці, агнявыя сродкі, абарончыя збудаванні.

Пахмурным днём Антон вёў разведку каля Паўднёвага дэпо. Заходзіла сонца. Неба спусцілася, цямнела — па ім з поўначы сунулася шэрая кудлатая хмара. Падобна было, збіралася навальніца. Антон вытыркнуў галаву над плотам з густога малінніку ў садзе пры невялікай цаглянай хаціне, у які ён пракраўся, каб паназіраць за жыццём дэпо. Неспадзявана пабачыў Антона Ткачова. Той павольна, з абыякавым выглядам ішоў завулкам, а сам кідаў шпаркія пільныя позіркі на доўгую пахмурную камяніцу, аглядваў пад'язныя пуці. Нешта як штурхнула Антона: павярні галаву! Ён павярнуў і ледзь не ахнуў: па другі бок завулка, туляючыся да кустоў шыпшыны, парослых уздоўж такога ж, за якім хаваўся Антон, плота, назіркам сунуліся за Ткачовым два немцы з аўтаматамі напагатове. Скалануўся, прысеў. Прынік да шчыліны паміж дошкамі. Што рабіць? Нага наступіла на штосьці цвёрдае. Нагнуўся — камень?.. Немцы ўжо мінулі яго сховішча. Яшчэ не ведаючы добра, што будзе з ім рабіць, Антон падняў камень. Раптам з усёй, на колькі была здатна рука, сілы размахнуўся і... Удар каменя аб дошку за шыпшынай прагучаў для самога Антона як стрэл. I Ткачоў, і немцы адначасова крутнуліся. Гітлераўцы наставілі аўтаматы ў бок шыпшынавага зарасніку, які зашамацеў пад подыхам навальнічнага ветру, на хвіліну забавіліся. Гэтага было дастаткова, каб Ткачоў сігануў за вялізную таполю, адтуль — за вугал хаты. Апамятаўшыся, гітлераўцы кінуліся шукаць яго, ды куды там: шукай у полі вецер!.. Антон, прыгінаючыся, перамахнуў сад, заскочыў у суседні гарод. перабег у двор свайго дружбака Івана Ісаенкі...

Тым часам Антон усё ж паспеў заўважыць, што непадалёку ад дэпо немцы ўстанавілі дзве гарматы, прыкрыўшы іх зялёнымі маскіровачнымі сеткамі. Для старшага лейтэнанта Панкраценкі яго паведамленне было навіной. Праўда, пра здарэнне з Ткачовым ён не расказаў старшаму лейтэнанту, каб той не падумаў, што выхваляецца.

Далажыўшы Панкраценку пра вынікі разведкі, Антон на хвіліну задумаўся, пазіраў у засыпаны сухой ігліцаю дол. Каля яго ног заклапочана мітусіліся вялікія рыжыя мурашкі.

— Пра што задумаўся, баец?

Антон марудна ўзняў галаву.

— Таварыш старшы лейтэнант, як атрымалася, што немцы — у Жлобіне? Чырвоная Армія — самая ж магутная ў свеце. У песні вунь пяецца: «И от тайги до британских морей Красная Армия всех сильней».

Шырокія бровы над пераноссем у Панкраценкі амаль сышліся.

Ціха, таямніча шамацеў голлем лес. Недзе недалёка дзёўб моцнай сваёй дзюбай дрэва дзяцел: тук-тук-тук, тук-тук-тук... Старшы лейтэнант наставіў туды вуха. А слухаў ці не?

— Добра памятаю — я ўжо быў у такім узросце, як ты,— азваўся глуха.— Жылі ў нашай вёсцы суседзямі Іван і Сямён. Аднойчы яны пасварыліся, і Сямён, паганец, падпаліў Іванаў хлеў. Дык пакуль Іван шукаў шапку, каб выскачыць на двор, і хата яго занялася полымем... Зразумеў?.. Шапку доўга шу-калі...

Дзяцел пераляцеў бліжэй, застукаў амаль над галовамі. На лес апускаўся вечар.

— Што, Антошка, адбой?

— Дабранач, таварыш старшы лейтэнант,— развітаўся Антон.

За дзень ператаміўшыся, ён хутка заснуў. Але сярод ночы яго разбудзіў выразны стукат: тук-тук-тук, тук-тук-тук!.. Ён усхапіўся, сеў. Не, ніякага стукату, толькі ў галаве раптам пранеслася: «Шапку доўга шукалі...»

А хата наша ўсенародная ўжо занялася вялізным, да самага неба, пажарам. У сярэдзіне ліпеня, каб тушыць яго, корпус Пятроўскага перайшоў у контрнаступленне. Фарсіраваў Дняпро, разгарнуў баявыя дзеянні на правабярэжжы.

У баі за Жлобін разгараліся адна атака за другой. Гітлераўцы люта супраціўляліся, кідаліся ў контратакі. У адчайнай рукапашнай схватцы, калі ўзвод Панкраценкі трапіў у акружэнне, загінуў Сілівон. Фашыст садануў яму цесаком у жывот.

Смерць Сілівона надзвычай падзейнічала на Антона. На нейкі час ён як бы ўпаў у прастрацыю. Глядзеў, як на закрытае плашч-палаткай цела таварыша сыпаўся ў яму жвір, і так сціскаў пашчэнкі, што шчокі пабялелі, сталі як мел. Толькі калі на магіле вырас жоўты грудок, ён глыбока, з прыглушаным стогнам уздыхнуў і прашаптаў дрыжачымі вуснамі:

— Бывай, Сілівон...

Прарваўшы нямецкую абарону, чырвонаармейскія палкі вызвалілі Жлобін і Рагачоў, многія вёскі правабярэжжа Дняпра, прасоўваліся на Бабруйскім накірунку.

Антон удзельнічаў у баявым паходзе ў якасці разведчыка-правадніка. Рваўся ў атакі, але старшы лейтэнант вельмі строга папярэдзіў яго:

— Глядзі, у арміі дысцыпліна, парушыш загад — будзеш звольнены з саставу часці.

Больш як месяц стрымліваў корпус Пятроўскага гітлераўцаў на дняпроўскім рубяжы. Гэта стварала немцам перашкоду ў наступленні на Маскву і Кіеў. А яна і была якраз стратэгічнай задачай камандавання Чырвонай Арміі.

У корпус у той час уваходзілі дзве дывізіі. Гітлераўскае камандаванне заявіла, што ў пыл сатрэ іх, і рушыла на пятроўцаў сем сваіх дывізій, папоўненых людскімі рэзервамі і ўзброеных да зубоў. Корпус вымушаны быў адступіць за Дняпро. Пачаліся невыносна цяжкія абарончыя баі. У выніку таго, што суседнія часці адступілі, агаліўшы флангі шэсцьдзесят трэцяга з поўначы і поўдня, корпус быў акружаны. Пятроўскі распрацаваў план выхаду з акружэння і павёў палкі на прарыў. Цяпер у баях удзельнічалі ўсе, нават супрацоўнікі штабоў усіх рангаў.

Вечарэла. Узвод старшага лейтэнанта Панкраценкі, які амаль кругласутачна не выходзіў з бою, скарыстаўшы неспадзяваную перадышку, рыхтаваўся да чарговага дня атак і рукапашных схватак. Антон таксама пачысціў свой карабін, набіў патранташ абоймамі з патронамі. Дастаў з кішэні галету, пачаў жаваць.

Старшы лейтэнант сеў на пень, закурыў.

— Усе мы, таварышы байцы, патрыёты радзімы. Памятаеце — як ні ў адзін голас усе казалі: «Гатовы аддаць дзесяць сваіх жыццяў за адно жыццё ворага». Дык не, дудкі: дзесяць жыццяў ворага, гэтага шалёнага звяругі, дышаль яму ў глотку — за адно сваё жыццё! — Ён глыбока заглытнуў дым і затрымаў яго ў грудзях. Запалыя вочы ў цёмных кругах ліхаманкава блішчалі.— У баі, таварышы байцы, не забывайце святое правіла чырвонаармейца: трымаючы пад прыцэлам праціўніка, не ўпускайце, наколькі будзе магчыма, з-пад увагі адзін аднаго.— Сухі густы голас паспакайнеў, прагучаў цішэй.— Цяпер — на бакавую, усім заснуць.

Кароткая летняя ноч прамільгнула, як знічка ў небе.

На золаку ўсчаўся бой. Ад выбухаў нямецкіх бомбаў, снарадаў і мін зямля дрыжала, што ў ліхаманцы. 3 трэскам і стогнам валіліся падрэзаныя пад корань дрэвы. Разам са сталёвымі асколкамі на чырвонаармейцаў падала цяжкае сучча. Пасля паўгадзіннай артылерыйскай падрыхтоўкі гітлераўцы рушылі ў наступленне. Ашалела кідаліся ў атакі.

Нямелі вінтоўкі байцоў, трацячы гаспадароў. I не было калі адарвацца ад прыцэла, каб зразумець, хто там змоўк назаўсёды. Праз грукат, ад якога закладвала вушы, называлі:

— Вашкевіч.

— Седча.

— Хамідулін.

— Цітавец.

К поўдню стала ясна: не спыніць паганца. Сілы былі далёка не роўныя, і чырвонаармейцы не вытрымалі неаслабнага націску, пачалі адыходзіць.

Антон, не адрываючыся ад старшага лейтэнанта, адступаў перабежкамі пад ліўневым аўтаматным агнём, араў дол локцямі і каленкамі, перакочваўся з боку на бок — і зноў, адстрэльваючыся, пускаўся ў імклівыя кароткія перабежкі па лесе. Унутры ў яго гарэла агнём ад знямогі, сэрца, здавалася, разарве грудзі — так моцна білася.

На краю невялікай высечкі трапілася прыдатная для абароны пазіцыя, і ўзвод залёг. Немцы таксама залеглі, відаць, і яны выдыхліся. 3 паўгадзіны зброя з абодвух бакоў маўчала.

Антон пільна сачыў за процілеглым краем высечкі і раптам заўважыў, як з густога арэхавага куста асцярожна пачаў вытыркацца ствол станковага кулямёта. Крануў за локаць етагкі шага лейтэнанта, прашаптаў, паказаўшы вачамі:

— Глядзіце!

Панкраценка прыгледзеўся.

— Як толькі я шпурну гранату, страляй туды.

Загайдалася трава на высечцы — па ёй прабег вецер, Над фіялетава-жоўтымі краскамі, што чубком кусціліся перад вачамі Антона як рукой падаць, з'явіўся пухнаты чмель. Няспешна лётаў, выбіраючы, на якую сесці, каб напіцца нектару. У той момант, як ён апусціўся на кветку, Панкраценка размахнуўся, граната ўзляцела ў паветра. Антон націснуў на спускавы кручок. Аднак на якуюсьці долю секунды раней, чым свой стрэл і выбух гранаты, ён пачуў кароткую кулямётную чаргу. Старшы лейтэнант пахіснуўся, бокам заваліўся на яго. Антон выпусціў карабін, падхапіў абмяклае цела. 3 прабітых кулямі грудзей камандзіра на гімнасцёрку яму густа палілася кроў.

Адна за другой прагрымелі ў арэхавым кусце гранаты разведчыкаў.


Далей на лясной дарозе групе Пятроўскага сустрэўся чырвонаармеец, які нёс на сабе старшага лейтэнанта. «Акурат падлётак, і ён — пад ружжом» — роспачна прамільгнула ў камкора ў галаве.

Хударлявы, нехлямяжага выгляду чырвонаармеец пад цяжарам рослага старшага лейтэнанта ледзь не перагнуўся папалам. Распараны твар быў выпэцканы зямлёй. Пятроўскі яшчэ раз акінуў яго позіркам, больш уважлівым, і пазнаў: ну так, выхаванец корпуса Губараў...

Тыдзень таму назад ён бачыў Антона ў штабе дывізіі. Спытаў:

— Як ваюеш, баец?

Хлопец меў тады інакшы выгляд: быў падцягнуты, шыю аблягаў белы падкаўнерык. Што запраўскі вайсковец, ляпнуў абцасамі, выструніўся:

— Праходжу школу камандзіра разведчыкаў старшага лейтэнанта Панкраценкі, таварыш генерал-лейтэнант!

Увесь час потым, пакуль Пятроўскі быў у дывізіі, падлетак чамусьці не выходзіў у яго з галавы. Ад'язджаючы, ён не стрываў, спытаў у Факанава:

— Выхаванец наш не выкідвае ніякія штучкі з дзіцячага розуму?

— Гутарыў з разведчыкамі — характар арыгінальны.— Складкі над шырокімі бровамі ў камандзіра дывізіі памякчэлі, што заўсёды было з ім, калі ён адчуваў прыхаванае задавальненне.— Усяго ў хлопцу быццам цераз край: і энергіі, і адчайнасці, і дэёрзкасці, і ўпартасці, і непасрэднасці... Але ўсё гэта — адкрыта і шчыра, таму балансуе адно другое...

Перад камандзірам корпуса Антон выпраміўся і толькі мацней прыціснуў да сябе старшага лейтэнанта закінутымі цераз плечы рукамі. Пятроўскі спыніўся.

— Каго нясеш, баец?

— Параненага старшага лейтэнанта Панкраценку, таварыш генерал-лейтэнант.

Камкор прыўзняў галаву старшага лейтэнанта, якая безжыццёва звесілася на плячо чырвонаармейца, паглядзеў у твар, шпарка ўзяў за руку, памацаў пульс. I з нейкай вінаватай рос-паччу, быццам у ім рушылася якаясьці самая дарагая надзея, глянуў на Антона:

— Старшы лейтэнант памёр.

— Як — памёр! — Хлопец жахнуўся і — як аслупянеў.

Ён так і стаяў, не знімаючы безжыццёвае цела камандзіра з плеч, з вачэй яго пацяклі слёзы.

Пятроўскі распарадзіўся двум байцам са сваёй аховы пахаваць старшага лейтэнанта. Антону загадаў:

— А вы, чырвонаармеец Губараў, следуйце за мною.

Апоўдні група прыбыла ў штаб сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі.

Наступіў вечар. У небе кружылі варожыя самалёты і скідвалі на парашутах «ліхтары», якія асвятлялі мясцовасць. Фашысты пільна сачылі за акружанымі войскамі. I ўсё ж не дагледзелі. На лясной паляне недалёка ад штаба дывізіі сеў «кукурузнік». Афіцэр сувязі перадаў Пятроўскаму пакет. Камандуючы фронтам маршал Цімашэнка падпісваў генерал-лейтэнанту неадкладна ўступіць у камандаванне дваццаць першай арміяй.

Прачытаўшы загад, Пятроўскі павольна склаў аркуш. Паляцець?.. Але — корпус... Пакінуць корпус ў такі час?..

— Іван Іванавіч! — гукнуў ён ад'ютанта.

— Слухаю, таварыш генерал-лейтэнант,— казырнуў Колесаў.

— Знайдзі чырвонаармейца Губарава і перадай, што ён паляціць за фронт.

Прайшло хвілін дзесяць. У небе павіс чарговы «ліхтар». Пятроўскі здаля пабачыў, як ускрай паляны падыходзілі Колесаў і Антон Губараў. За некалькі крокаў лейтэнант не па статуту узбуджаным голасам выгукнуў:

— Вось ён!

— Ну і добра,— таксама не па-вайсковаму, як бы з нейкай палёгкаю прамовіў Пятроўскі.

— Але ж ён адмаўляецца ляцець! Я яму: «У камандзіра корпуса клопатаў мала, каб яшчэ цябе ўгаворваць?» А ён адно: «Не палячу, я ваяваць прыйшоў...» Ваяка знайшоўся...

— Чаму дазваляеце сабе не выконваць загад, чырвонаамеец Губараў? — Голас Пятроўскага пастражэў.

— Самалёт хіба па мяне прыслалі? — Антон глядзеў камандзіру ў вочы.

— Не па вас, дык што?

— Няхай ляціць той, па каго прыслалі.

— Вось ты які! — вырвалася ў Пятроўскага.— Але ж у арміі не ўпрошваюць — загадваюць.

Антон насупіўся, апусціў галаву.

— У арміі загады выконваюцца, чырвонаармеец Губараў.

Хлопец пачырванеў, здавалася вось-вось усхліпне. Зіркаў на камандзіра корпуса збянтэжаным вінаватым позіркам. Але ў глыбіні яго зрэнак бліснулі іскрынкі, і ён упарта прабубніў сабе пад нос:

— Дык вы ж таксама не выконваеце.

Камкор павярнуўся да ад'ютанта:

— Адпраўце на самалёце каго-небудзь з цяжка параненых. Байца Губарава няхай інтэнданты пераапрануць у яго цывільнае адзенне.

Да прарыву заставалася крыху больш як гадзіна.


...Не для ўсіх чырвонаармейцаў корпуса адважнага і мужнага генерала Пятроўскага ў тую ноч ўзышла на небе зорка шчасця. Многія байцы і камандзіры, што засталіся ў жывых, не змаглм вырвацца з акружэння, трапілі ў палон. Сярод іх знаходзіўся і Антон Губараў.

Але Антон быў апрануты ў цывільнае, ды і маларослы, хлапчук... Таму гітлераўцы мала звярталі на яго ўвагі, не дужа пільна трымалі на воку.

Калона зняможаных, абяссіленых ваеннапалонных марудна, цяжка рухалася пыльнай вуліцай вёскі Лугавая Вірня. Паліла сонца, у паветры вісела задуха, якая налівала млявасцю цела, здушвала дыханне. I палонныя, і канваіры жадалі аднаго: хутчэй дапасці да месца прызначэння. Аднак у Антона было на думцы іншае. Ён употай зіркаў праваруч ад сябе, дзе каля хат раслі прысады, узвышаліся парканы і платы. Яшчэ здаля ён пабачыў: каля хаты з блакітнымі аканіцамі былі расчынены весніцы. Іх прыхоўваў ад вуліцы прысадзісты клён. Рашэнне Антонава было імгненнае: увесь сабраўшыся як ні ў камяк, скочыў пад клён. Жанчына, якая была на двары, на момант аслупянела. Потым падбегла да яго, са страхам прашаптала:

— Сюды! — і ўпіхнула ў істопку.

Колькі сядзеў Антон у істопцы, ён не мог сказаць. Здавалася, увесь дзень. Нарэшце ён вышаў на двор, прынік да шчыліны ў паркане. Вуліца гула маторамі, бразгацела жалеззем: па ёй, узнімаючы хмары пылу, імчалі танкі, валаклі гарматы цягачы, праносіліся аўтамашыны. Чужыя танкі!.. Даўкі камок перасеў у Антона ў горле. Хлопец у бяссільнай роспачы стукнуў кулаком па бервяну паркана, асеў на дол. Думкі, горкія, пякучыя, блыталіся ў яго галаве. На хвіліну ён як бы ўпаў у паўзабыццё. Тады яму памроілася: ці не сон усё гэта?! I вунь крыжастыя танкі на пыльнай вуліцы, і жудасныя баі ў лясных чашчобах, і тытанічны, недасягальны яго разуменню генерал... I ён, той дзівосны старшы лейтэнант, які пад духмянай сасною казаў яму словы, што прымушалі часцей біцца сэрца: «А зоры ў небе, Антошка, звіняць — прыслухайцеся?..» Дык сон?! Як жа ўсё здарылася, усё сплялося-скруцілася?!.

Цяжка, пакутліва пакідаў Антон свет ілюзій, каб потым рашуча, безаглядна ступіць у свет суровай, бязлітаснай рэальнасці, якую наканавана было яму спазнаць на шляху шчырага хлапечага жыцця і самаадданага змагання. Трапяткую душу яго ў тыя хвіліны чуў вецер вольны, трывожны суровы лес, ды неспакойны

мудры Дняпро...

Пад вечар гаспадыня хаты з блакітнымі аканіцамі напаіла Антона малаком, ён вышаў на вуліцу, якая ўжо апусцела, і пакрочыў у бок роднага Жлобіна.


5


Зашумеў залаты дождж. Наляціць вецер — і закружыўся пярэсты віхор. Лісце ляціць, скача, плыве... Потым глядзіш — неба пралілося дажджом рэальным, вадзяныя кроплі, як цвікі, прыбіваюць лісце да намоклай зямлі. Усё наўкола хмурнее, агортваецца сумам і журбою. Хмурнеюць і сэрцы людскія, адвечна прагныя да цеплыні і святла.

Восень занялася пахмурная, вільготная, з густымі халоднымі туманамі. Яна сурова нагадала людзям, што хутка надыдзе зіма, жорсткая зіма ва ўмовах варожай акупацыі. Трэба было дбаць пра тое, як пракарміцца, абагрэць жытло.

У хаце Губаравых гадавалася дзевяць дзяцей. Сям'я гуртавалася дружная, працавітая. Антон з маленства быў прывучаны да працы і любіў прыкласці рукі да добрай справы. Цяпер яму ісці зарабляць на хлеб. Ды толькі — у каго зарабляць, на каго працаваць? Але ж голад не цётка, мусіш.

3 асеннімі халадамі Антон уладкаваўся чорнарабочым у паравознае дэпо. Загружаў і выгружаў вугаль на паліўным складзе. Аднаго разу, калі выгружаў вугаль, яму сярод блішчастых камянёў трапіўся невялікі кавалак чорнага калянага шнура. Ён ведаў, што гэта за шнур, старшы лейтэнант Панкраценка паказваў яму. Хуценька, каб ніхто не заўважыў, схаваў знаходку ў кішэню.

Дома ён уважліва агледзеў яе — ладны кусок! «Спатрэбіцца», — нечакана цвёрда падумаў. На што і як спатрэбіцца — ён не ведаў, але абрадаваўся гэтай думцы. Паслухаў яе і прыгразіў акупантам: «Пачакайце, я вам напрацую!..» Тут яму прыгадаўся анекдот, які развесяліў яго. Незадоўга да вайны анекдот расказаў знаёмы марак з іхняй вуліцы, што прыязджаў у водпуск.

Ідзе гультай па набярэжнай, а каля прычала карабель прышвартаваўся. На капітанскім мосціку капітан стаіць. Гультай крычыць яму: «Капітан, табе памочнік трэба?» — «Не трэба»,— адказвае капітан.— «А боцман?» — «I боцман ёсць на караблі».— «А старшы матрос?» — «Таксама не трэба». «Ну, шчасце тваё, капітан,— пагразіў яму гультай кулаком.— А то б я табе напрацаваў!..»

Антон слова ў слова паўтарыў у думках анекдот, усміхнуўся: «Я вам напрацую, заразы!..» Ён акуратна зматаў шнур, пайшоў за хлеў і схаваў яго ў падстрэшшы, выпужнуўшы вераб'ёў, якія ладкаваліся там на ноч. Вераб'і селі на бліжнюю яблыню, незадаволена чырыкалі, і ён пагразіў ім пальцам:

— Глядзіце ў мяне, каб нікому ні гу-гу — маўчок.

3 таго часу Антон стаў кожны раз пільна ўглядвацца ў кучы вугалю і неаднойчы знаходзіў там бікфордаў шнур. Радаваўся: буду назапашваць!

Тыдні праз два ён нечакана змеціў, як Міхась Елісееў, які разгружаў вугаль недалёка ад яго, нешта выцягнуў з кучы і, таропка скруціўшы, зладзейкавата савануў у кішэню. Бязгучна засмяяўся: папааўся, галубчык! Даў Міхасю часу, каб заспакоіцца, пераканаць сябе, што ніхто нічога не заўважыў, потым падышоў да яго.

— Дык што далей будзем рабіць?

— Як што? Працаваць на вялікую Германію. Бяры шуфель пабольшы і кідай вугалёк падалей.— Міхасёў голас поўніўся з'еддівай іроніяй.

Хвіліну Антон пазіраў на Міхася з непрыхаванай цікавасцю.

— Са шнурам, кажу, што будзем рабіць?

— 3 якім шнурам? — насцярожыўся Міхась.

— 3 тым, што ў цябе ў правай кішэні.

Міхась збянтэжыўся, але праз хвіліну ўзяў сябе ў рукі.

— А-а, што ў правай?.. Пачакай, ты сказаў — будзем.— Ён ступіў да Антона бліжэй, амаль усутыч.- Значыць, і ў цябе ён ёсць?

— Суседка наша, цётка Куліна, кажа: «Калі значыць — дык ацеліцца». Паняў?

— Паняў — ёсць.

3-за вугла прыземістай будыніны склада вышаў хударлявы, жылісты Ціт Мінянкоў, які працаваў электраманцёрам у дэпо. Кожны раз, калі Антон сустракаўся з ім, перш за ўсё яму кідалася ў вочы гэтая Цітава жылістасць — як сплецены з жылаў.

— Чаго стаіце, лайдакі, працаваць трэба на вялікую Германію, а вы?.. Можа, змову якую задумалі? — Мінянкоў не прыпыніўся каля іх, пайшоў далей.

— У-у, гад! — скасавурыўся яму ўслед Антон.

— Я пачаў заўважаць, што ён быццам сочыць за мной. Як стрэне — так і зіркае, так і зіркае.

Яны правялі Мінянкова непрыязнымі насцярожанымі позіркамі і разышліся, зноў узяліся за шуфлі.

Увечары вярталіся дадому разам.

— Дык ёсць у цябе шнур? Прызнайся.

Антон улавіў у голасе Міхася ноткі нецярплівасці, і яму закарцела падражніцца з Міхасём.

— А вецер пацішэў, — сказаў ён, быццам і не пачуўшы пытання. — Бач, які мяккі стаў, лашчыцца, нібы сабачанё.

Аднак намер яго не выпаліў. Міхась зразумеў, чаго захацелася кручанай душы, і адказаў у тон:

— Не сабачанё, а кацянё.

Яны зарагаталі.

— Ну і хітры ж ты, Мішка!

— Дык я і павінен быць хітры, я ж — старэйшы. — Міхась паглядзеў на Антона так, быццам спытаў: «Ёсць — не?»

— Хіба я першы дзень вугаль разгружаю? — сказаў няпэўна Антон і шчоўкнуў пальцамі.

— Дык і ты, як бачу, не ротам глядзіш. Бач — віляе: «Не першы дзень разгружаю...» Тады прама скажы: што ты збіраешся з ім рабіць? — Позірк Міхасёў як прыліп да кірпаносага твару. — Не за папругу ж ён будзе табе, каб штаны падвязваць.

— Тое, што і ты, вось так. I не прыставай, сам лепш скажы — што ты будзеш рабіць?

— Дык я ж сказаў — не штаны ж ім падвязваць...

Хлопцы разумелі, што яны, па сутнасці, ужо адкрыліся адзін аднаму і быццам пра нешта дамовіліся.

— Добра, Антон, не будзем у жмуркі гуляць, — сказаў Міхась, памаўчаўшы. — Ты толькі глядзі, надзейна хавай, каб які нягоднік не падгледзеў.

Антон не мог, каб нават у такой сур'ёзнай гаворцы не паштукарыць.

— Позна папярэдзіў, падгледзелі ўжо. Цэлая чарада. Але я ім!.. — Ён патрос кулаком. Тым часам у яго зарадзілася нечаканая думка, і ён сказаў са значэннем: — Дык жа і Жэнька Гараўцоў, і Іван Пякурын, і два Хведзі Елісеевы, і Толя Валько вугаль разгружаюць.

— Ага, разгружаюць, — пацвердзіў яго здагадку Міхась і дадаў, нібы нічога не зразумеўшы: — Усе хочуць есці, усім трэба на хлеб зарабляць. — Ён памятаў Антонаву асцярогу.

Хлопцы размаўлялі так, бо мала ведалі адзін аднаго.

Але з таго часу яны зблізіліся. Падсвядома адчувалі, што духоўна ядналіся аднымі думкамі і імкненнямі, адным гарачым жаданнем змагацца з ненавіснымі чужынцамі.

Далейшае развіццё падзей падштурхнуў выпадак, які спачатку паказаўся Антону прыкрай недарэчнасцю.

Выцягнуўшы з кучы вугалю добры кавалак шнура, Антон не паспеў да канца засунуць яго ў кішэню, як перад ім нібы вырас з зямлі Ціт Мінянкоў.

Была ў Антона адна па-свойму асаблівая рыса: у крытычны момант, калі трэба было выкручвацца з непажаданага становішча, ён мог выкінуць такі псіхалагічны кульбіт, які аніяк не стасаваўся з абстаноўкай моманту і мог збянтэжыць таго, каго яму хацелася збіць з панталыку. Перахапіўшы Цітаў позірк, ён раптам зухавата заспяваў: «Дочка маме говорит: зять твой неспокойно спит». Мінянкоў крутнуў галавой, усміхнуўся:

— Харошая песня.

Прыпеўку гэтую Антон пачуў улетку на базары ад высокага дзецюка, расхрыстаныя крутыя грудзі якога прыгожа абцягвала матроская цяльняшка. Той мармытаў яе, павольна ступаючы шырокімі, як шуфлі, чаравікамі. Яна тады ў адно вуха ўляцела Антону, з другога вылецела. А цяпер во, як гулкае рэха, гукнулася ў ім.

— Гэта вас у школе такім вучылі? — Усмешка не сыходзіць з хударлявага, нібыта засушанага твару Мінянкова.

— У піянерскім атрадзе. Гы-гы... — Антон гыгыкнуў і адчуў: яму раптам нечага стала непамысна.

— А такую не ведаеш? «Пусть он землю бережет родную, а любовь Катюша сбережет», — прадэкламаваў Ціт.

— Не ведаю такую. Яе немцы добра ведаюць.

3 тыдзень таму назад Антон, праходзячы паўз кантору паравознікаў, чуў, як «Кацюшу» спяваў начальнік дэпо пан Курт. Фортка д акне была адчынена, і адтуль даносіўся яго танклявы жаночы голас.

— Немцы разумеюць, што ў ёй да чаго. Між іншым, хлопец, немцы тонкі народ, і нам чаму-нічаму не шкодзіла б у іх павучыцца. — На твар Мінянкова лёг адбітак якойсьці суровай зацятасці, і скулы, здавалася, яшчэ больш выпнуліся пад цёмнай скурай.

— Што-о?! У немцаў — павучыцца? — Антон ажно выцягнуў шыю, як гусак, які наважыўся некага ўшчыкнуць.

Мінянкоў, мусіць, зразумеў, што адбывалася ў Антонавай душы, перавёў гаворку.

— Што гэта за дрот з кішэні ў цябе тырчыць? Навошта ён табе?

— Штаны падвязваць, — агрызнуўся Антон.

— А-а!.. Ну падвязвай, падвязвай...— Мінянкоў марудна, нібы яму хацелася яшчэ штосьці сказаць, павярнуўся і пайшоў. «Не шкодзіла б у іх павучыцца... Ах ты, гад, ну пачакай, мы цябе павучым!» — пагразіў яму ў думках Антон.

Назаўтра пра гаворку з Мінянковым ён расказаў Міхасю. Той устрывожыўся.

— Кепска. Трэба перахаваць шнур у каго-небудзь з хлопцаў.

Яны, падумаўшы і так, і гэтак, выбралі Хведзю Елісеева: ціхоня, хто яго западозрыць? А напраўду — жалеза хлопец: ламі не зломіш...

Увечары цынкавую скрынку з-пад патронаў, у якую ўціснулі бікфордаў шнур, разам з Хведзем закапалі ў яго на гародзе.

Міналі дні. Хлопцы сталі часцей сустракацца. Гаворкі былі ў іх пра адно: як больш нашкодзіць фашыстам. Каб да іхніх шнуроў ды ўзрыўчатка!.. Але ж і зброя патрэбна была!.. Ды яна не лягушка, што скок з-пад ног, скок. Яе трэба здабываць... I яны дамовіліся: шукаць! Усюды шукаць — па канавах, пожнях, пералесках і лясах. Пабоўтацца ў ручаях у тых мясцінах, дзе адбываліся баі.

Першы знайшоў вінтоўку Толя Валько. Хадзіў у Малевічы хворую цётку праведаць і, калі вяртаўся дадому, завярнуў у балота, што раскінулася каля рэчкі Беліца. Недалёка, прама ўскрай і знайшоў. Хлопцы кінуліся туды. Не ўсе разам, праўда па адным, каб не прыцягваць увагу. Шныпарылі яны там, пакуль не легла зіма. Назбіралі нямала вінтовак, патронаў, гранат. Антон адшукаў наган і бінокль, а Іван Пякурын — ручны кулямёт.

Так, у дзеянні, хлопцы неўпрыкмет сталі адчуваць шчырую еднасць між сабой і неўзабаве зразумелі, што яны, па сутнасці, ужо сталі арганізаванай групай. Камандзірам сваім, не згаворваючыся, прызналі Міхася Елісеева.

Той зімою снег пакрыў зямлю тоўстай коўдрай. Віхурылі завеі. Падпольшчыкі вымушаны былі спыніць пошукі зброі. Але ж вайна не спынялася!.. Міхась сказаў хлопцам:

— Вайна ідзе, а мы таксама байцы. Дык што, зіму будзем сядзець, як клапы ў шчэлках?.. Не, таварышы. — Тут ён упершыню, як камандзір, звярнуўся да сяброў афіцыяльна, і гэта нікога не збянтэжыла. А ў Антона дык выклікала задавальненне: група ж, баявая адзінка, як сказаў бы старшы лейтэнант Панкраценка.

— Давайце будзем нападаць на немцаў! — узгарэўся ён. — У цёмным кутку, дзе абязвечыў камянюкам з-за вугла, за аўтамат — і дзёру.

— Дык навошта камянюкам, калі зброя ў нас ёсць? — запярэчыў яму Толя Валько.

— А што потым людзям будзе?.. Не, каб аглушыць. Заб'еш — дык колькі парасстрэльваюць! Вунь панаклейвалі ўсюды: за забойства нямецкага салдата, афіцэра — расстрэл заложнікаў.

Антон не забываў, што ў яго ёсць маці і бацька, васьмёра братоў і сясцёр, жыццём якіх ён не меў права распараджацца.

— Але зноў жа: калі аглушыш толькі — ачухаецца, і пайшла калатнеча, — разважыў Хведзя, які ўвесь час толькі моўчкі пераводзіў вялікія вочы-слівы то на аднаго, то на другога. — Каму аўтамат спатрэбіўся і навошта?.. Таксама нявінныя пацерпяць.

Хлопцы спрачаліся, гарачыліся, даводзілі кожны сваё, але і слухалі адзін аднаго. Нарэшце дамовіліся: шкодзіць! Дзе толькі і як можна.

Тым часам Антон пры выпадку ўсё ж цікаваў за немцамі. I падцікаваў.

У школе, у якой да вайны ён вучыўся, пасяліліся нямецкія чыгуначнікі. Метрах у пяцідзесяці ад школьнага будынка знаходзіўся гаспадарчы хлеў. Антон заўважыў, што гітлераўцы павесілі на яго вароты замок. Ён зацікавіўся: што яны там замыкаюць? Расказаў Міхасю. Удвух яны прасачылі, калі гітлераўцы пацягнуцца ў школу, каб сесці за абедзенны стол. А тут як раз і снег сыпануў. Валіў густа, вялікімі камякамі. Хлопцы радаваліся: і схавае іх ад варожага вока, і сляды замяце. Яны бежкі пракраліся да хлява, паазіраліся — пуста, ціха... 3 тыльнага боку, падчапіўшы гваздадзёрам, адарвалі дошку (хлеў быў дашчаты). Антон прашчаміўся ўсярэдзіну. Праз хвіліну ён падаў Міхасю некалькі вінтовак, і яны з усіх ног прыпусціліся гародамі да Міхасёвага двара. Вырашылі: у Міхася шукаць не будуць — не стане хлопец змагарам за Савецкую ўладу прыяць. Бацька ж яго як вораг народа асуджаны...

За хатай перавялі дух. Пазіраючы адзін на аднаго бліскучымі вачамі, засмяяліся: такая ўдача! Там жа склад трафейнай чырвонаармейскай зброі!..

Увечары ў суседняй са школаю хаце хлопцы наладзілі вечарынку. Разлічвалі, што і немцы прыдуць туды. Іграў, заліваўся пераборамі гармонік, заліхвацка кружыліся ў польцы пары. У дзвярах застыў з вінтоўкаю на плячы немец. Яму надакучыла стаяць у замяць на пасту каля школы, і ён завітаў на хвіліну паглядзець, як весяляцца рускія, радуючыся, што пазбавіліся ад бальшавіцкага прыгнёту. Бойкія гарэзлівыя дзяўчаты блазнавалі:

— Кідай, Фрыц, вінтоўку, патанцуй, патрасі сваімі зялёна-жабінымі трантамі!

Не разумеючы іх слоў, але бачачы на тварах усмешкі, немец таксама ўсміхаўся і толькі бязглузда паўтараў:

— Я, я...

Тым часам Міхась, Антон і Хведзя выцягвалі з хлява вінтоўкі, гранаты, скрыні з патронамі...

За восень і зіму падпольшчыкі добра разжыліся на зброю. Антон ганарыўся: арсенал! Ён любіў устаўляць у сваю мову слоўцы з вайсковага лексікону — ведайце, маўляў, я ж вайскоўцам быў!

Вясна ішла цёплая, сонечная. Прырода ажывала дружна. Людзі завіхаліся ў гарадах, у садах, у полі з надзеяй: можа лета будзе шчаслівым, Чырвоная Армія турне фашыстаў?.. Людзі праглі ведаць, што адбывалася на франтах.

Недзе на пачатку мая суседка Міхася Марыя Ануфрыеўна Зямлянская асцярожна намякнула яму, што можна было б паслухаць радыё — дык жа электраправодкі ў хату няма, а прыёмнік сеткавы. Міхась падзяліўся навіной з Антонам. Яны пабедавалі, што незнаёмы з электратэхнікай, паламалі галовы, каго б папрасіць, і Антон раптам тузануў Міхася за руку:

— А што, калі Ціта Мінянкова?

— Паслугача таго нямецкага? — Міхась сказаў так, быццам і згаджаўся, і не згаджаўся.

— Паслухай, я забыўся табе сказаць, што было ўчора. Іду я са склада дадому, Мінянкоў пабачыў мяне за пуцямі, усё роўна як чакаў, перастрэў і кажа: «Нешта я, хлопец, не бачу, каб ты дротам тым штаны падпяразваў. Ай знасіў ужо яго?» — «Якая каму справа, знасіў не знасіў», — агрызнуўся я. — «А такая, што яго трэба ў дзела пускаць». — «Каго яго, дрот?» — прытварыўся я прастачком. — «Ага, кажа, дрот, што завецца бікфордавым шнурам. Толькі глядзіце, каб вы самадумам па маладосці глупства якое не зрабілі, ухабакі». Чуў? Я яму: «Што ты кажаш, дзядзька, якое глупства?» «Тое, што чуеш, пляменнік. — Потым зусім іншым голасам, гучна: — Дык скажы бацьку, прывязуць вам дровы з Лясані, хай дарога крыху падсохне. Толькі, як дамовіліся, — за боты». Павярнуўся і паджгаў. Чуў? А пра дровы і боты — дык ён, мусіць, для якога старонняга вуха.

Міхась пачухаў патыліцу:

— Загадка...

Антон пазіраў на сярпок маладзіка ў небе. Раптам крутнуўся ад акна:

— А ведаеш — давай яго купім салам. «На табе за работу». Там і клопату таго столькі: лінія ж ёсць па вуліцы!

— Сказаў — салам. Дзе ты яго возьмеш — таго сала?

Антон на хвіліну сумеўся і тут жа знайшоўся:

— Маці ў цёткі Анюты пазыча.

Міхась дакорліва пахітаў галавой:

— Хлапчук ты яшчэ, Антон, — пазыча... А ў цёткі Анюты, думаеш, яно ёсць?

— Я не хлапчук, я на фронце быў! — узгарэўся Антон. — А ты?.. Хто з вас у войску служыў? — Антон адыходлівы быў, успыхнуў і ачах. — Як зброю з-пад носа ў фрыцаў цягаць — дык не хлапчук...

— Ну не сярдуй, я не хацеў цябе пакрыўдзіць. — Міхась патармасіў Антона за рукаў. — Не сярдуй.


У рэшце рэшт хлопцы парашылі звярнуцца да Мінянкова. I на варыянце з салам пагадзіліся. Паабяцаюць яму, а там як-небудзь збяруцца і на базары купяць.


За акном затрапятала на бярозцы маладое лісце. Антон хвіліну пазіраў, на дрэва, вусны яго зашапталі:

— В роще по березкам белый перезвон...

— Ты што? — здзівіўся Міхась.

А яму, Антону, у тую хвіліну пабачылася: на доле ляжала Волька-кучараўка, з-пад крэмавай блузкі яе па зямлі расплывалася кроў.

— Нічога, так... — Ен страсянуў галавою, быццам штосьці адганяючы ад сябе. — Нічога... А сала мы яму знойдзем.

Яны падпільнавалі Мінянкова, калі ён пасля работы накіроўваўся ў сваю Лясань.

— Дзядзька, дровы трэба! Дык прывязеш за чаботы, а? — зычна гукнуў да яго Антон і сам здзівіўся: як гэта ён так — з ходу?

— Не прывязу, пляменнік, вясна, конь у полі патрэбен, — так жа гучна пачуў у адказ. Ён яшчэ больш здзівіўся: пажартаваў, а тут яму — на поўным сур'ёзе...

Мінянкоў пасунуў шапку на патыліцы, зіркнуў па баках.

— Двойчы адно і тое ж нельга, хлопец. Хто паверыць, калі ён сочыць за намі, што ў нас толькі і гаворкі — пра дровы ды пра боты? — сказаў сцішана. — Дык што ў вас, хлопцы? Выкладвайце начыстату.

— Нас цётка Мар'я Зямлянская папрасіла, а мы самі не можам — святло ёй у хату правесці, — пачаў Міхась.

— То адмовіліся б, і ўсё. Чаго вы так турбуецеся пра яе клопат?

Хлопцы не ведалі, што адказаць, пераглянуліся.

— Дык жа прасіла, — прамармытаў Міхась зніякавела.

I тут Антон — як Саўка з канапель:

— Правядзі, дзядзька, мы табе сала дадзім.

— Што, вы кабаноў ужо выкармілі, вугальны пыл на складзе глытаючы? Малайцы-ы... Эх вы, канспіратары!..

3-за вершаліны вялізнага ясакара ў вочы Мінянкову пырснулі промні заходнага сонца. Ён не адвярнуўся, толькі прыжмурыўся.

— Добра, заўтра прыду. А мяне паклічаце паслухаць?

У сяброў у абодвух разам вырвалася:

— Што?!

— Радыё... Ну, ауфвідэрзэйн, хлопцы-малойцы... А дровы, як адсеемся, прывязу, боты ж трэба. — Ён засмяяўся ціхім мяккім смехам і пайшоў.

Усё далейшае рабілася проста, быццам зусім натуральна, як, скажам, чалавек сячэ дробы ці ваду носіць у хату... Але гэта хлопцы пераконвалі сябе так, бо яны дужа праглі, каб усё было, як ім хацелася. На самай жа справе яны хваляваліся і трывожыліся. Ці зможа Ціт падключыць прыёмнік?.. Ці не выдасць іх?.. I колькі было ў іх радасці, калі прыёмнік азваўся!

Першую перадачу яны слухалі ўтрох. Яна была нярадасная: фашысты наступалі. Адно суцяшала: перамогі іхнія даваліся ім вялікай крывёю. Яны ва ўсе трубы трубілі, што Чырвоная Армія развальваецца, зусім страціла сваю баяздольнасць — дык з кім жа тады яны вядуць жорсткія баі?

Мінянкоў праслухаў усю перадачу ў цяжкай, суровай задуменнасці. Як сеў на табурэтку, падаўшыся ўсім корпусам да прыёмніка, так і не паварушыўся, не прамовіў ні слова. Пасля перадачы яшчэ некалькі хвілін сядзеў незварушна, потым рэзка ўскінуў галаву, паглядзеў на хлопцаў уважліва і насцярожана.

— Чулі? — у яго голасе прагучалі крыўда і смутак. Але пачуліся і яшчэ нейкія далёкія ноткі, улавіўшы якія Антон нечакана падумаў, што зараз Мінянкоў, як некалі гаварыў старшы лейтэнант Панкраценка, скажа: «Запомні, Антон, якія б ні здарыліся ў нас трагічныя няўдачы — пакуль існуе Чырвоная Армія, мы не будзем нікім пераможаны». Хвіліну ён падсвядома чакаў гэтых слоў. Але Ціт Пятровіч сказаў іншае:

— Трэба, хлопцы, каб людзі ведалі, якія цяжкія баі вядзе на франтах Чырвоная Армія.

I яны зразумелі, што ім неабходна рабіць.

Прыёмнік яны ўключалі не часцей двух-трох разоў у месяц, каб не дужа паліць, бо перагарыць якая лямпа — і ўсё прапала. Дзе ты яе тады возьмеш?.. Паведамленні пра ўсе важныя падзеі занатоўвалі і распаўсюджвалі ў дэпо — на тэндар паравоза кінуць, на станок пакладуць... Члены групы перапісвалі занатоўкі і расклейвалі на парканах, на слупах электраперадачы...

Але ці маглі няўрымслівыя душы задавальняцца толькі гэтым? Не, трэба было ваяваць, усімі сіламі дапамагаць Чырвонай Арміі. Толькі ж як?.. У партызаны б пайсці, ды дзе тыя партызаны?..

Улетку сорак другога года нечакана партызаны самі далі падпольшчыкам звестку пра сябе. I самым неспадзяваным чынам. Антон, які больш за ўсё нудзіўся ад бяздзейнасці, ледзь не кінуўся абдымаць Мінянкова.

— Дзядзька Ціт, дзе ты ўзяў гэтую штуку? — Ён гушкаў у руках, быццам узважваў, кавалак бліскучага антрацыту і пазіраў на Мінянкова з непадкупнай хлапечай захопленасцю ў вачах.

— Будзеш усё ведаць — хутка састарышся, — адказаў Ціт Пятровіч, але, зразумеўшы, што недаверам можна пакрыўдзіць шчырага порсткага хлопцы, растлумачыў: — Прыдзе, Антон, час — усё скажу, а цяпер не магу... Дык вось паўтараю: гэта тол, заліты пад вугаль смалою. Кінеш яго ў кучу вугалю...

Ні пытанняў, ні тлумачэнняў ніякіх больш не было. Антон пагушкаў міну, сунуў яе за пазуху. Скуластыя шчокі гарэлі макавым цветам. Мінянкоў затрымаў на ім працяглы, нейкі дужа ўважлівы позірк.

— Хлапчукі ўсе мараць пра сваё дарослае жыццё. Кім ты, Антон, станеш, як скончыцца вайна?

— Пажарнікам. Ха-ха-ха! — зарагатаў Міхась. — Не любіць паспаць.

Антон прапусціў міма вушэй яго падсмешку.

— Скончу школу, паступлю ў мараходнае вучылішча.

— Марскім воўкам хочаш стаць?

— Чаму — воўкам? — незалюбіў Антон.

— Гэта гавораць так пра мужных, адважных маракоў, — растлумачыў Мінянкоў. Касцістыя моцныя пальцы ўзялі Антона за локаць. — А марак будзе з цябе, хлопец, будзе.

Вечарэла, калі яны разыходзіліся. Антон крочыў цяністай вуліцай, што патанала ў прысадах, думаў: «Давайце міны, таварышы партызаны, давайце!..» У тыя хвіліны ён адчуваў глыбокую павагу да дзядзькі Ціта. Толькі недзе ў глыбіні душы не мог яму дараваць, чаму ён так сказаў: «Немцы тонкі народ, і нам таму-сяму не шкодзіла б у іх павучыцца».

Насупраць Наташынай хаты Антон міжвольна запаволіў крок, пазіраў на вокны. Яму здавалася, што зараз у адным з іх пакажацца яна, русакосая, з зеленаватымі іскрыстымі вачамі каралева. Было ж так не раз. Наташа, дзяўчо з паралельнага класа...

А чаму каралева?.. Антон папытаў сам у сябе, але так, для прыліку. Ён ведаў — чаму.

Яны са старшым лейтэнантам Панкраценкам такім вось цёплым надвячоркам адпачывалі пад іхняй сасной.

— Антошка, у цябе ёсць каханая дзяўчына? — старшы лейтэнант спытаў і бліжэй падсунуўся да яго.

— Ёсць, — даверліва і неяк падахвотліва адказаў ён.

— Прыгожая?

— Прыгажэй за ўсіх у нашай школе.

— Каралева?

Антон чамусьці ўзрадаваўся.

— Ага, каралева.

— Дык вось што, хлопец, запомні: каб любіць каралеву, трэба быць каралём.

— А ў вас, таварыш старшы лейтэнант, ёсць каралева?

Ад гэтага пытання, падалося Антону, Панкраценка злёгку здрыгануўся. Ён нічога не адказаў. Моўчкі ўстаў і пайшоў. Ступіўшы колькі крокаў, павярнуўся:

— Запомні: трэба быць каралём.

Успамін гэты шырокай зарніцаю прамільгнуў у галаве Антона. Ён усё пазіраў на Наташыны вокны, хаця і ведаў, што яна не з'явіцца там. Бацька яе, паравозны машыніст, павёў на ўсход свой паравоз і забраў з сабой сям'ю. У садзе каля хаты добра ўжо завязаліся яблыкі і грушы, у гародзе за плотам самасейкай буяў кроп, і гаркавата-церпкі пах яго казытаў ноздры. Антон адарваў позірк ад вокнаў і ступіў шырэй. Толькі падумаў: «Наташа, мусіць, недзе восьмы клас ужо скончыла».

Ляцелі дні. На чыгунцы грымелі выбухі. Ад мін падпольшчыкаў рваліся топкі паравозаў, ад партызанскіх — куляліся пад адхон цягнікі.


6


Ціха, у бязветранай нерухомасці стаяў стары бор. Драмаў, ці, можа, стоена думаў якую сваю адвечную лясную думу? Недзе ў гушчары спрасоння трывожна ўскрыкнула якаясьці чуйная птушка, і зноў — нямая цішыня. Антон слухаў яе, прагнучы здаля наколькі даступна вуху, улавіць гукі цягніка. Узыходзіў месяц, чырванавата-аранжавы, вялізны. А гэта што?.. 3 неба, падалося, даляцеў ледзь чутны меладычны сярэбраны звон. Зоркі звіняць?.. Незлічоны россып зорак! Так ярка і чыста яны мігацяць!.. Цікава, а камандзір чуе іх звон?.. Павольна павярнуўшы галаву, Антон скасіў позірк на Верамейчыка.

Камандзір дыверсійнай групы Аляксандр Верамейчык ляжаў пад маладой хвойкай у двух-трох метрах ад яго. Выцягнуўся на жываце ва ўвесь свой доўгі рост, падпёр падбародак далонямі. От скажа зараз: «Не круці галавой, арыенцір згубіш».

Дрэва, якое яны выбралі за арыенцір, ледзь вытыркалася вяршалінай над астатнімі. Большых наўкола не было, і таму яны выбралі яго. Арыенцір няўдачны, канешне, але хай сабе, ён, Антон, не схібіць, не першы раз. Вока ў яго пільнае...

Што так яно, то так: не першы. Адразу, як толькі залічылі яго ў партызанскі атрад, ён стаў прасіцца ў дыверсійную групу. Спачатку ўсё было — у пустыя галасы: малы, у гаспадарчы ўзвод... Аднак за яго закінуў слова Ціт Мінянкоў: малы ды ўдалы — у корпусе Пятроўскага з фашыстамі ваяваў. Зноў жа, паравозы толавымі шашкамі выводзіў са строю, разварочаў два рухавікі на эстакадзе, якая абслугоўвала вугалем паравозы.

Група Міхася Елісеева рвалася ў партызанскі атрад. як толькі хлопцы пераканаліся, што Ціт Мінянкоў мае сувязь з партызанамі. Але ён казаў ім:

— Хлопцы, зразумейце, цяпер вы тут патрэбны больш, чым у партызанах. Зразумейце, хлопцы...

I вось настаў час, калі Ціт Пятровіч вымушаны быў сказаць:

— Усё, хлопцы, больш затрымліваць вас я не маю права. Вы сумленна рабілі тут нашу справу, цяпер — у лес. Я пакажу, куды.

Гэта адбылося тады, калі ўжо заставацца ў Жлобіне групе аніяк нельга было. Узрывы паравозаў выводзілі немцаў з сябе, і яны апантана шукалі, хто ім шкодзіць. За Міхасём, Антонам, Іванам Пякурыным сталі пільна сачыць, учынялі правакацыі, якія б выкрылі іх.

Была вясна сорак трэцяга.

На адыходзіны Іван Пякурын, які працаваў у дэпо прабівальшчыкам дымагарных труб, заклаў у тры паравозы паміж дымагарнымі трубамі міны ад батальённага мінамёта. Іх прынёс яму Хведзя Канстанцінаў (так называлі яго хлопцы — Канстанцінаў, бо было два Елісеевых Хведзі — Мікітаў яшчэ). Два паравозы ўзарваліся, а ў трэцім немцы знайшлі міну. Івана схапілі і расстралялі. Да сценкі паставілі і бацьку яго.

Расстрэл Пякурыных глыбока ўзрушыў Антона. Твар яго адразу быццам пастарэў, зыркі блакіт вачэй пацямнеў, усё роўна як на іх набегла хмара.

Месяцы за тры да гэтай трагічнай падзеі Іван уратаваў Антона ад смерці. Тым днём Антону нешта занемаглося, ламала ў патыліцы. Церусіла імжа. Спорна, як з сіта. Ён, увабраўшы галаву ў плечы, ішоў пасля работы дадому. За цёмна-шэрай, задымленай камяніцай дэпо павярнуўся у свой бок, ступіў, каб перайсці пуць, і раптам хтосьці з сілаю тузануў яго назад. У той момант міма праляскатаў па стрэлцы маняўровы паравоз. Калі Антон азірнуўся, першае, што пабачыў, — былі расшыраныя, вялізныя вочы. Іван пазіраў на яго, нібы той бог з іконы, што вісела ў іх на покуце.

Ніхто з хлопцаў душою не мог прыняць смерць Івана. Усе яго, жураўля (такую насіў ён мянушку за свой цыбаты рост) любілі за смеласць і шчырасць. Да яго цягнуліся равеснікі, і ён заўсёды плаціў ім таварыскай дабрынёй і ласкаю.

Трагічная звестка навалілася на Антона такім цяжарам, што ён як скамянеў. Нібы забыўся на сябе, на ўсё, што яго акружала. Цяклі горкія хвіліны, а ён не ўспрымаў іх свядомасцю, не ведаў, колькі прайшло часу ў яго душэўным зняменні. Востра адчуў рэчаіснасць, калі ў сэрца раптам хлынула нейкая дзікая лютасць. Ён хрыпата кінуўшы Міхасю: «Ну, я ім, гадам, пакажу!», сігануў з-пад ясакара, дзе яны стаялі. Пабег дадому. Узяў лом, кінуўся на вугальную эстакаду. Шэрыя рыхлыя хмары зацягнулі неба, ліў дождж. А яму не было дажджу. Ён з яраснай зацятасцю біў ломам рухавік эстакады. Біў і прыгаворваў: «За Івана, за старэйшага лейтэнанта, за Сілівона, за Вольку-кучараўку!..» Разбіў адзін, узяўся за другі.

Праз гадзіну ён, злосны, мокры і стомлены, шыбаваў па дарозе на Лясань.

Назаўтра ў атрадзе імя матроса Жалязняка ён сустрэў Міхася і астатніх падполыпчыкаў. Іх прывёў Ціт Мінянкоў. Нагрузіўшыся, хто колькі здужаў, хлопцы па кладках цераз рэчку Дабысна перанеслі ўвесь свой арсенал і ў Лясані пагрузілі на партызанскія падводы.

Усё гэта нібы празвінела ў той стоенай цішыні лесу, якую слухаў Антон у чаканні цягніка. На адзін момант, усяго на адзін, ён адчуў, што падступала здрадлівая дрымота, якой у гэткім становішчы ён апасаўся больш за ўсё. Страсянуў галавой, пацёр пальцамі вочы. Напружыў слых, і вуха раптам улавіла далёкае, ледзь чутнае пыхканне паравоза. «Давай, давай, галубчык, паспяшай, — абрадаваўся ён. — Зачакаліся мы цябе».

Свяціла высокая яркая поўня.

— Не забыўся? Платформы прапускай, — ціха азваўся Верамейчык.

— Памятаю. — Антон пазіраў на куцую вершаліну дрэва-арыенціра. Яна злёгку захісталася — падзьмуў ветрык.

Апошнім часам немцы пачалі ставіць паперадзе паравоза дзве-тры платформы, загружаныя пяском. Як засцерагальнік. Калі партызаны паставілі міну з націскным узрывальнікам, яна ўзарвецца пад першымі цяжкімі коламі, і пад адхон не паравоз кульнецца, а платформы паляцяць.

Цягнік набліжаўся, паравоз пыхкаў цяжка. «Доўгі састаў, відаць, цягне, — падумаў Антон. — Нічога, з пад'ёма пабяжыць хутчэй». Ён тужэй заматаў шнур на руцэ.

Вось ужо колы часцей затахкалі па рэйках. I сэрца ў грудзях у Антона затахкала часцей. Зараз, зараз... Усё цела яго напружылася, як спружына.

Тры платформы праскочылі міма дрэва-арыенціра.

— Агонь! — падаў каманду Верамейчык.

Не растаў яшчэ яго голас, як Антон ускочыў, сігануў у гушчарнік, тузануу шнур. Перуновы выбух страсянуў лес. Антон азірнуўся, на момант спыніўся. Паравоз, уздыбіўшыся, як ашалелы конь, валіўся на бок. Ён грымнуўся пад круты адхон, цягнучы за сабой вагоны, што з жудасным жалезным лязгам і трэскам наскоквалі адзін на аднаго.

Міну яны падклалі вялікую, самі зрабілі — выплавілі тол са снарадаў і залілі ў шчыльную драўляную скрынку.

— Малайчына, рука не дрыжыць! — пахваліў Антона Верамейчык, калі яны, адбегшыся, пайшлі ступою.

Доўга потым маўчалі. Аддыхваліся. Ішлі гуськом, на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. На ўсякі выпадак. Першым крочыў Віктар, трэці член групы. Ён добра ведаў мясцовасць і выбіраў дарогу. Верамейчык замыкаў ланцужок.

Антон не ведаў угамону. Пасля дыверсіі група дзень-два адпачне і ў лагеры, і ён пачынае падступацца да Верамейчыка:

— Рыхтуемся, камандзір? Я ў поўнай баявой!

— Адаспіся. Паглядзі на сябе, які ты стаў, — адмахваўся ад яго Верамейчык.

— Які? Міну магу несці хоць дзесяць, хоць дваццаць кіламетраў, — храбрыўся Антон.

А выглядаў ён незайздросна. Касцісты ад худзізны твар яго з парэпанымі губамі і аблупленым носам быў змарнелы, у маларухомых, не па-хлапечы суровых рысах стаілася стома.

Верамейчык і сам быў чалавекам не марудлівага нораву. Група не заседжвалася ў лагеры, ведала адно: адаспаліся — на чыгунку.

Аднак для дыверсій патрэбны былі міны.

Раніца толькі займалася. У вёсцы Галы гарланілі пеўні. Дзве групы партызан накірохваліся за вёску, каб там у лесе выплаўляць тол. Антон здаля пабачыў хлапчука, які з усіх ног нёсся ім насустрач. Задыхаючыся, хлапчук паведаміў, што ў Малевіцкай Рудні паліцаі зганяюць моладзь для адпраўкі ў Германію. Партызаны кінуліся туды. Абышлі вёску і зрабілі засаду.

Бой быў кароткі. Паліцаі не чакалі партызанскай засады. Яны шуганулі ўрассыпную. Адзін быў забіты, адзін паранены. Параненага захапілі ў палон.

Ён стаяў, прыхінуўшыся плячамі да старой бярозы, заціскаў пальцамі левай рукі кісць правай, з якой цякла кроў. Такі ж падлетак, як і Антон, толькі ростам вышэйшы, цыбаты і вузкаплечы. У вачах яго застыў жах. Чарнявая вірлавокая дзяўчына, з тых, каго адбілі партызаны, зняла з галавы шэрую хустку, кінула яму на рукі:

— Перавяжы, нягоднік.

Ён таропка абматаў параненую руку, хусціна густа набрыняла крывёю. Падышоў Антон.

— Даваяваўся, зараза? Вось я цябе зараз!..

Клацнуў затвор. Паліцай спалатнеў, асунуўся на дол. Кашуля, чапляючыся за кару бярозы, задралася на яго спіне і пад парывам раптоўнага ветру надзьмулася пухіром.

— У неба хочаш паляцець — крылле распускаеш? Дык зараз паляціш. — Антон сказаў і — апусціў карабін. У грудзях у яго клекатала злосць на паліцая, але жыло там і штосьці мацнейшае за яе.

Незадоўга да таго, як нямецкая куля скасіла старшага лейтэнанта Панкраценку, яны за вячэрай разгаварыліся.

— Дык табе, Антошка, хочацца ваяваць, а? — спытаў Панкраценка.

— Ага, хочацца.

— Але ж ваяваць — значыць забіваць. Ты гэта разумееш?

— Разумею, таварыш старшы лейтэнант.

— А ці разумееш ты, як цяжка забіваць чалавека?

Антон маўчаў.

— Ведай, Антошка: ты, салдат, калі можаш не страляць — не страляй. На фронце, бывае, ад крыві шалееш. Не шкадуючы ворага, і сябе не шкадуеш. Дык пасцеражыся, Антошка, не забі ў сябе чалавека.

Антон сам не ведаў, як раптам папытаў:

— Вы да вайны настаўнікам былі, таварыш старшы лейтэнант?

— Аграномам.

Над словамі Панкраценкі Антон думаў да поўначы. Ён хацеў адкараскацца ад іх, а яны вярталіся ў яго гарачкавыя разважанні зноў і зноў.

— Скажы дзякуй старшаму лейтэнанту Панкраценку, што я не націснуў на спускавы кручок.

Паліцай узняў галаву, пазіраў на Антона застылымі, як ашклянелымі, вачамі.

— Чаго маўчыш, зараза! Ну! — Антон замахнуўся на яго карабінам.

— Дзякуй...

— Не мне, не мне. Старшаму лейтэнанту Панкраценку — ну!..

— Дзякуй старшаму лейтэнанту Панкраценку,— таропка праказаў паліцай.

Верамейчык, які моўчкі назіраў за гэтай сцэнай, спытаў:

— Усё, Антон?

Хлопец не адступаўся ад паліцая.

— Запомні, калі не кінеш сваю сабачую службу, наступны раз я ўсё роўна прыкончу цябе. У баі.— Ён ускінуў на плячо карабін і пайшоў, цвёрда ступаючы сваімі велікаватымі, на выраст, чаравікамі.

Увечары ў лагер Антон вярнуўся ў прыўзнятым настроі. I запалоненую моладзь вызвалілі, і добрую міну адлілі, і — не націснуў без патрэбы на спускавы кручок...

Сонца садзілася за лес. Ён распрануўся да пояса, фыркаючы ад асалоды, доўга пырскаў на твар, шыю, грудзі халаднаватыя струмені. Потым, гледзячыся ў маленькае круглае люстэрка, якое заўсёды насіў у кішэні, прычасаў намочаныя непаслухмяныя валасы і пайшоў да стала. За вячэрай перакідваўся з хлопцамі вясёлымі дасціпнымі рэплікамі, жартамі і з апетытам уплятаў бульбу тоўчанку, запраўленую скваркамі. Пасля вячэры сеў пад маладой бярозкай, расслаблена заплюшчыў вочы, падставіўшы твар ціхаму ласкаваму ветрыку. Не заўважыў, як лёгкакрылай казачнай птушкай прыляцелі да яго мары. Пра кругасветныя марскія падарожжы, у якія ён будзе плаваць пасля вайны, закончыўшы мараходнае вучылішча; пра дзівосныя краіны з раскошнымі пальмамі і стромкімі кіпарысамі, з незвычайнымі птушкамі папугаямі, якіх можна навучыць гаварыць, і смешнымі малпамі на дрэвах...

Вывеў яго з задумення вокліч Верамейчыка:

— Антон, адбой!

У будане, падклаўшы пад галаву свой пацёрты, з латкамі на рукавах пінжак, ён паваліўся, як падстрэлены, і толькі паспеў падумаць: «Адаспіся, Антон». А неўзабаве пабачыў, як да яго ног пакаціліся дзівосныя бірузовыя хвалі. Ён набраў поўныя грудзі паветра і пакрочыў па вадзе цвёрдай ступою, як па зямлі. Хвалі лагодна плёскаліся аб чаравікі, памалу гайдалі яго, нібы падштурхоўвалі яго: ідзі, ідзі... А здаля хтосьці ступаў насустрач яму сямімільнымі крокамі. Ен прыгледзеўся і пазнаў — хто: марскі воўк!.. Выпрастаўся, падцягнуўся, ударыў страявым. За два крокі хвацка кінуў руку да казырка сваёй марской фуражкі.

- Таварыш капітан Нэма, па загаду генерал-лейтэнанта Пятроўскага я прызначаны вашым памочнікам!

— Вы блізка знаёмы з генерал-лейтэнантам?

— Даруйце, пераблытаў. Па загаду старшага лейтэнанта Панкраценкі.

Марскі воўк абняў яго, падаў рукою лёгкі знак. Імгненна з пеністага віру каля іхніх ног вынырнуў прыгажун «Науцілус».

— Мне пара на пенсію,— рэзкім, прасоленым марскімі пырскамі і вятрамі голасам кінуў Нэма.— Капітанам «Науцілуса» будзеш ты, Антон Губараў. Я падам рапарт генералу Пятроўскаму.

— Вы мяне ведаеце, адважны капітан?

— Яшчэ як!

— Адкуль? — здзівіўся Антон.

— Ад старшага лейтэнанта Панкраценкі. Мы з ім разам вечарамі ў даміно гуляем. Застукаем пана Курта, начальніка дэпо, казлом, ён плясне далонямі: «О, майн гот!» — і палез пад стол».

Капітан Нэма так зарагатаў, што ажно мора ўскалыхнулася.

— Прашу! — паказаў на цуда-лодку.

Перад Антонам раскрыліся блішчастыя, круглыя, як яго люстэрка, дзверы, ён ступіў і падаў каманду:

— «Науцілус», айда вакол свету!..

Кароткая майская ноч праляцела, як адно імгненне. Разбудзіў Антона сумны голас зямлі. Птушка, падалося, кувала ці не над самым буданом.

Раніца падрыхтавала Антону нечаканую непрыемную навіну: Верамейчык не зможа пайсці на дыверсію. Ён пакутаваў ад радыкуліту, і хвароба ўначы абвастрылася — застудзіў, мусіць, спіну. Антон пастаяў каля яго, патаптаўся, пераступаючы з нагі на нагу.

— Дык жа міна зачарсцвее, камандзір.

Верамейчык, які ляжаў у шпітальнай палатцы, прыўзняўся на локцях.

— Няцерпіцца табе?

— Ага, няцерпіцца,— прызнаўся Антон.— Дык мы з Віктарам... Чаго яна будзе ляжаць — міна!

— Пусці вас адных — яшчэ ў гісторыю якую ўліпнеце.

— У якую гісторыю? Сам жа казаў, што рука ў мяне не дрыжыць. I пра Віктара казаў, што ён разважлівы.

Верамейчык маўчаў.

— От пабачыш, не ўліпнем.

Ці мог Антон ведаць тады, што злы лёс рыхтаваўся стаць на яго шляху...

— Ідзіце! — нарэшце згадзіўся Верамейчык.— За старшага будзе Віктар.

— Добра, добра,— узрадаваўся Антон. Ён ступіў, каб выйсці з палаткі, але неспадзявана павярнуўся? — Ты, камандзір, да вайны не аграномам быў?


Верамейчык колькі часу не зводзіў з яго ўважлівага, дапытлівага позірку.

— Не агрдномам. Міліцыянерам. Які ты складаны хлопец, Антошка! Не ведаеш, што ад цябе можна чакаць праз мінуту.

Антон зарагатаў і вышаў.

Неўзабаве Антон з Віктарам пакінулі лагер.

На чыгунцы ўсё было ў іх, як заўсёды. Падабраўшыся лагчынай, паставілі міну, залеглі.

Ноч выдалася цёплая, але цёмная, неба зацягнулі хмары. Толькі зрэдку дзе-нідзе выблісквала зорка і зноў хавалася.

Па праву старшага Віктар вырашыў, што ўзрываць будзе міну ён. Ды Антон стаў упрошваць:

— Дай, Віця, я. Так рукі свярбяць!

— А ты аб дрэва іх пачухай,— пажартаваў Віктар і аддаў яму шнур.

Сонца выкацілася ўжо з-за гарызонта і блішчала ў хмары прыцененым кругам. Наваколле добра праглядвалася. А цягніка усё не было. Што заставалася рабіць? Адыходзіць? А міна? Здымаць небяспечна было. Чыгунка прастрэльвалася з кулямётаў, устаноўленых на вышках пастоў аховы, якіх немцы панарабілі тут на кожных двух-трох кіламетрах. Пакінуць? Такую маланню (вялікую міну хлопцы называлі маланняй)?..

У наваколлі панаваў поўны спакой — і на зямлі, і ў небе. Быццам і вайны нідзе не было. Хмара разарвалася, пырснулі залацістыя промні. Усё наўкола калыхнулася, паплыло, заззяла. Раса на лісці дрэў, на траве заіскрылася чыстымі сярэбранымі бусінкамі. Антон зажмурыўся. А калі расплюшчыў вочы, сонца ўжо зноў схавалася за хмарай. Ён павёў позіркам па чыгунцы ў той бок, адкуль яны чакалі цягніка, памарудзіў момант і рашуча сказаў:

— Трэба чакаць. Ноч не пускалі эшалонаў, дык, мусіць, важныя — бераглі іх. Цяпер папруць адзін за адным — фронту ж свярбіць.

Хлопцам на момант падалося, быццам камандзір іх, Верамейчмк, быў недзе тут, з імі: «На фронце свярбіць» — гэта ж яго выраз,

— Будзем чакаць,— згадзіўся Віктар,

Сумнае і трывожнае было тое чаканне.

— «Дочка маме говорит»,— замурлыкаў Антон і асекся.— Чухае, чуеш?

Віктар усміхнуўся аднымі вачамі.

— Што «дочка маме говорит»? — Але ён і сам ужо не пачуў свайго пытання.


Ціха стаялі дрэвы наўкола, засмужанае паветра як застыла.

Далейшае ўсё было як заўсёды. Малання ірванула, ажно зямля задрыжала. Антон прабег некалькі крокаў і раптам прымнуўся на карачкі. Ногі заблыталіся ці то ў траве, ці ў нейкім дроце? Ён таропка стараўся выбавіцца з таго нерата, тузаў, разблытваў яго. Нарэшце вызваліўся, ступіў крок, і тут штосьці моцна ўдарыла яго пад левую лапатку. Ён захістаўся, аднак устаяў на нагах. Кулі пранізліва свісталі ў яго над галавой. Вялікім намаганнем волі рушыў далей. Кожны крок даваўся яму з неверагоднай цяжкасцю. Галава кружылася, ногі падломваліся. А за ім ужо беглі, яго даганялі.

Праз якую хвіліну цяжкія, пудовыя ногі перасталі слухацца яго. Ён спыніўся, шырока расставіў іх і мёртвай хваткай учапіўся за нізка навіслы хваёвы сук. Дужая рука моцна тузанула за каўнер. Ён стаяў. Свядомасць зафіксавала, што шэрыя постаці абмінулі яго, пабеглі далей, і ён перш, чым праваліцца ў чорнае прадонне, паспеў яшчэ падумаць: «Віктара даганяць».

Прыходзіў ён да памяці павольна, неяк дужа натужліва. Спачатку пачуў сябе, як у стане паўсна. Дзе ён, дзе?.. А-а, у бальніцы, хворы на адзёр. Во і маці схілілася над ім. У сіняй з белымі гарошынамі кофце, якая падабалася ўсім ім, дзецям. Толькі чаму яна не маладая, дужая, а хударлявая, прыгорбленая, у чорнай хустцы, з-пад якой выбіваліся сівыя валасы?.. I ён пачуў:

— Хто ты, хто? Адказвай!

Цяжка, з болем узняў павекі. Першае, за што зачапіўся затуманены позірк,— была высокая фуражка з арлом.

— Адказвай — хто?

Позірк праясняўся. Праяснялася і свядомасць: «А-а, нем-цы!..» Ён павёў вачамі па пакоі: і Віктар тут?.. I яго?..

Віктара не было. Скрозь боль у грудзях адчуў, як там пацяплела: не злавілі Віктара!..

— Адказвай, адказвай!..

Нешта падобнае на ўсмешку, горкую, неверагодна пакутлівую, скрывіла Антонавы вусны. Яны задрыжалі, заварушыліся.

— Старшы... казаў... вытрымаем і пачнем... Жыць пачнем.

На галаву яму зваліўся моцны ўдар.

— Хто?!

Дзіўна, але гэты ўдар быццам надаў яму сілы.

— Баец корпуса генерала Пятроўскага.

— Корпус разбіты доблеснымі войскамі фюрэра.

— Разбіты, але не пераможаны, не...

— I сам генерал загінуў.

— Загінуў, але ён з намі.

— Сталінскі бандыт, фарфлюкт!..

Удары сыпаліся адзін за адным. Па галаве, па твары, па грудзях, па жываце... Ён сцяў зубы, маўчаў. Яго схапілі за ногі, павалаклі. Услед за ім на падлозе заставаўся звілісты крывавы пісяг.

Неба ачысцілася ад хмар, было блакітнае і высокае. Сонца стаяла ў зеніце, калі адным светлым жыццём на зямлі стала менш. Антон яшчэ дыхаў, калі на яго ў яму пасыпаўся халодны жвір.


7


Вячэрняя зара палыхала як ні на паўнеба. Над лесам, ціхім, задумлівым, грыбным, што падковай агібаў вёску. Я сядзеў на шырокай вясковай лаўцы пад яблыняй, адпачываў пасля дзённай працы за пісьмовым сталом. Вока цешылася непаўторным цудоўным краявідам, а душу тым часам, як вострымі кіпцюрамі, драпалі неспакой і нейкая горкая збянтэжанасць. Думак, здавалася, ніякіх не было. Не, яны былі, ды проста не фіксаваліся, бо скакалі, не чапляючыся адна за адну, таўкліся, як камары. Але вось пакрысе сталі гуртавацца, набіралі пзўнасць, акрэсліваліся. Сіні лес знік з вачэй, і перад маім зрокам паўстала бяскрайняе сіняе мора. Яно было спакойнае, па ім удалечыні плыў светлы прыгожы карабель, на борце якога вялікімі літарамі бялела: «Антон Губараў».

Раптам мора забурліла. Пакаціла на карабель горы вады, кідала на шырокую палубу цэлыя патокі. Судна разразала сваім сталёвым целам шалёныя хвалі і плыло, плыло да чужых дальніх берагоў, дзе яго чакалі. А ў прасторнай каюце-клубе шумела свята. Там сышліся вольныя ад вахты маракі. Яны не маглі не сысціся ў гэты дзень. Флоцкія Антонавы пабрацімы гаварылі пра слаўнага партызана цёплыя словы, чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі... Быў дзень нараджэння Антона.

I я неўпрыкмет для сябе стаў у думках чытаць:

У баравінах над сівым Дняпром

Вайны мінулай зглух астатні гром,

I толькі рэха ценькае кране

Слязой бяды прасоленую памяць.

I скрозь лісця завейлівую замець

Салдат бязвусы крочыць да мяне.

Ён выйшаў з шатаў стоеных

Наўпрост.

Чубок хлапечы вецер растрасае...

А памяць нарастае, не згасае.

І шэпча лес мне пра юначы лёс...

Я добра ведаю гэтыя радкі з верша Міколы Мятліцкага. Паэт прысвяціў свойпалямяны верш палымянаму Антону Губараву.

Памяць... Светлая, добрая памяць нарастае, не згасае. Дык чаму ж на душы так горка і трывожна?..


Рэдактар П.Ф. Шутаў. Фатаздымкі А. Шайнова.

Загрузка...