Частка другая

XII


Парыж. Вуліца Брэа.

І чаму мне ўздумалася ўзяць з сабой гэты сшытак? Што рабіць цяпер з маім доўгім пасланнем? Паміж мною і вамі ўсё скончана. Ты, Іза, каму я адкрыў тут усю сваю душу, не павінна больш існаваць для мяне. Дык навошта мне зноў садзіцца за гэтыя запіскі? Але я зноў бяру ў рукі пяро: мне трэба пісаць, мне трэба выгаварыцца — у гэтым мой паратунак і мая адзіная ўцеха… Якія дзіўныя радкі напісаў я ў тую ноч, калі град пабіў вінаграднікі!.. Няўжо я стаяў на мяжы вар'яцтва? Не, не, не трэба гаварыць ні пра якае вар'яцтва. Нельга нават ужываць тут гэтае слова, бо сваякі мае здольныя на ўсё і слова гэтае павернуць супраць мяне, калі, не дай Бог, гэтыя старонкі трапяць ім у лапы. Цяпер мае запіскі маюць адрасата, і трэба будзе іх спаліць, як толькі я адчую сябе горш… Застаецца, праўда, адзін чалавек, якому я магу іх перадаць… Гэта мой сын, якога я прыехаў шукаць у Парыжы. Ніколі мы з ім не бачыліся, але ён ёсць, ён жыве тут, у гэтым горадзе. Як мне хацелася расказаць Ізе пра яго існаванне на тых старонках, дзе я намякаў пра свой любоўны раман у 1909 годзе. Я ледзьве не прагаварыўся, што мая палюбоўніца была цяжарная ад мяне, калі ад'язджала ў Парыж…


Я лічыў сябе чалавекам добрым і велікадушным, бо да вайны пасылаў маці і малому па шэсць тысяч франкаў у год. Ніколі я і не падумаў пра тое, каб павялічыць гэтую суму…

Я знайшоў маці і сына… І, вядома, моцна вінаваты перад імі. Жывуць яны ў нястачы, задыхаюцца ад цяжкай, няўдзячнай працы. Я таму і наняў сабе пакойчык у гэтым квартале, каб быць бліжэй да іх. Кватэрка мая цесная. Ложак, шафа ды столік — вось і ўвесь абсталюнак. А які грукат на вуліцы! У мой час на Манмартры было ціха, спакойна. А цяпер, здаецца, тут знайшлі сабе прытулак усе парыжскія прыдуркі, якія нават ноччу не могуць утаймавацца. Мае дарагія дамачадцы і то не так шумелі ў тую ноч, калі я ўсё пачуў і ўбачыў на свае вочы… Але які сэнс зноў вяртацца да гэтага?.. Не, трэба расказаць і пра гэта… Можа, мне будзе лягчэй, калі і гэты чорны ўспамін я далучу да сваіх запісак, якім нядоўга ўжо засталося існаваць… А зрэшты, навошта мне іх паліць? Мой сын і спадчыннік мае права ўсё ведаць пра мяне. А раптам гэтая мая споведзь хоць трохі наблізіць яго да мяне?..


Ды дзе там… Варта было мне раз, другі яго пабачыць, як я зразумеў, што гэта за птушка. Не той гэта чалавек, які зацікавіцца маім рукапісам. Хіба тут у чым разбярэцца гэты нікчэмны прыказчык, гэты атупелы дзяцюк, для якога адзіная ўцеха ў жыцці — скачкі на іпадроме.

Ноччу, калі цягнік падыходзіў да Парыжа, я страшэнна нерваваўся. Мне ўяўлялася, як пасыплюцца на мяне справядлівыя папрокі, і я загадзя рыхтаваўся да абароны… Ах, як лёгка паддаёмся мы ўплыву літаратурных і тэатральных шаблонаў!.. Я быў перакананы, што ў майго незаконнага сына душа перапоўнена горыччу і высокімі пачуццямі. Ён мне бачыўся то высакародным, як Люк, то прыгожым, як Філі… Я ўсё прадбачыў, толькі не тое, што ён будзе падобны да мяне… Няўжо ёсць такі бацька, якому прыемна, калі яму гавораць: «А ведаеце, ваш сын вельмі падобны да вас!» Божа, як жа я сябе яшчэ раз узненавідзеў, калі з жахам убачыў перад сабой свой уласны прывід. Я любіў Люка і гатовы быў прызнаць яго сваім сынам, можа, якраз за тое, што ў ім нічога не было ад мяне. Трэба прызнаць, што і Рабэр, гэты парыжскі басяк, сім-тым адрозніваўся ад мяне: ён ад прыроды тупаваты, не змог вытрымаць ніводнага экзамену і ўрэшце назаўсёды закінуў вучобу. А маці з апошніх сіл выбівалася, каб даць адукацыю гэтаму пню. І вось… Як гэта можна дараваць?! Часам яна не можа стрымацца і пілуе свайго безгаловага сынка за яго няздатнасць да навукі. А ён сядзе, панурыць галаву, а ў самога душа не на месцы за тыя грошы, што пусцілі на вецер… Любіць грошы… Вось у гэтым ён і сапраўды мой сын. Але не хапае ў яго фантазіі, каб уявіць, якое багацце я яму хутка перадам. Не можа ён паверыць у такі цуд. Праўду кажучы, і маці, і ён сам чагосьці баяцца: «Гэта ж незаконна… могуць потым яшчэ пасадзіць…»

Мажная няўклюдная жанчына… Бледны маршчыністы твар… Выцвілыя рэдкія валасы… Непрыгожыя спрацаваныя рукі… Якая карыкатура на тую маладзіцу, што я калісьці кахаў! Яна ўглядаецца ў мяне сваімі яшчэ прыгожымі вачыма: «Калі б я сустрэла вас на вуліцы, — гаворыць яна мне, — напэўна, не пазнала б». А я? Хіба я пазнаў бы яе? Я чакаў ад яе ўсяго: папрокаў, злосці, помсты, толькі не гэтай маркотнай абыякавасці. Яна асунулася, атупела ад штодзённай нуднай працы ў нейкай канторы. Усяго на свеце баіцца. Асабліва асцерагаецца судовых улад, з якімі ў яе былі калісьці непрыемнасці. А я ж так падрабязна растлумачыў ёй і Рабэру свой план. Рабэр набудзе ў якім-небудзь банку сейф на сваё імя, а я перанясу туды сваё золата, грошы і каштоўныя паперы. Ён дасць мне даверанасць на права карыстацца сейфам і абавязацельства, што сам не дакранецца да гэтага сейфа да дня маёй смерці. Я, безумоўна, хачу, каб Рабэр напісаў заяву, у якой ён прызнае, што ўсе скарбы ў сейфе належаць мне. Не магу ж я цалкам аддаць сябе ва ўладу гэтага незаконнага сынка. Я яго зусім мала ведаю. Маці і сын пярэчаць, што пасля маёй смерці гэтыя дакументы абавязкова знойдуць і тады пачнецца… Ну і ідыёты! Ніяк не хочуць даверыцца мне! Я паспрабаваў ім давесці, што ў такім выпадку можна падключыць майго даверанага Буру, з якім я вяду справы ўжо сорак гадоў і які абавязаны мне ўсім. У яго захоўваецца мой пакет з надпісам: «Спаліць у дзень маёй смерці», і няма ніякіх сумненняў, што ён абавязкова гэта зробіць. Вось у той пакет я і пакладу заяву Рабэра. А я абсалютна перакананы, што Буру ўсё спаліць, — тым больш што ў гэтым пакеце ляжаць сякія-такія дакументы, якія яму асабіста выгадна кінуць у агонь.

Але Рабэр і маці зноў баяцца, што Буру нічога не спаліць і пачне іх шантажыраваць. Шчыра кажучы, я і сам пра гэта падумаў і вырашыў перадаць ім некаторыя дакументы, якіх будзе дастаткова, каб адправіць Буру на катаргу, калі ён пачне што вытвараць. Такім чынам, Буру будзе вымушаны спаліць заяву Рабэра ў іх на вачах і толькі тады атрымае ў свае рукі дакументы, што кампраметуюць яго. Ну, чаго можна яшчэ хацець?

Але да старой ідыёткі і маладога невука нічога не даходзіць! Я ім аддаю мільёны, а яны, замест таго каб кінуцца мне ў ногі, пачынаюць спрачацца, сумнявацца… Нават калі б тут і была нейкая рызыка, — дык ёсць жа за што рызыкаваць! Не, усё роўна не хочуць падпісваць заявы: «Потым жа давядзецца плаціць падаходны падатак, а тады ў нас і спытаюць: «Адкуль у вас узялося такое багацце?..»

Ах, як жа трэба ненавідзець сваю сям'ю, каб не выгнаць гэтых двух псіхапатаў і назаўсёды не замкнуць перад імі дзверы!.. Яны цяпер баяцца маіх законных спадчыннікаў: «Ды яны ж усё разнюхаюць і пададуць на нас у суд…» Рабэру і яго маці ўжо здаецца, што мая жонка і дзеці паднялі на ногі паліцыю і сочаць за мной. Таму сустракацца цяпер са мной можна толькі ноччу дзе-небудзь на ўскраіне горада. Ды хіба ў маіх гадах, з маім здароўем можна не спаць начамі і раз'язджаць на таксі! Не думаю я, каб мае дамачадцы што западозрылі: не ўпершыню я паехаў у падарожжа адзін. І адкуль ім ведаць, што ў тую ноч у Калезе я, нябачны ім, прысутнічаў на іх ваенным савеце. Ва ўсякім разе, яны яшчэ не паспелі асачыць мяне ў Парыжы. І на гэты раз нішто і ніхто не перашкодзіць мне дамагчыся свайго! А з таго моманту, калі Рабэр прыме маю прапанову, я буду спаць спакойна. Але ён баязлівец, і ўгаворваць яго, відаць, давядзецца доўга…

Сёння вечарам, трынаццатага ліпеня, на рагу вуліцы Брэа іграе аркестр. Кружацца пары…

О, ціхі, спакойны Калез! Успамінаю сваю апошнюю ноч у гэтым гарадку… Я тады не паслухаўся доктара, выпіў таблетку вераналу і моцна заснуў. Нечакана я прачнуўся, глянуў на гадзіннік: была гадзіна ночы. Да мяне данеслася гамонка. Я насцярожыўся. Акно ў пакоі было адчынена. Я прыслухаўся — ні на двары, ні ў гасцінай нікога няма. Я пайшоў у ванную — там акно выходзіць на поўнач, гэта значыць да пад'езда. Бачу — уся сямейка на ганку. У такі позні час там няма каго баяцца: навокал — ні душы, а на той бок выходзяць вокны толькі з калідора і ванных пакояў.

Ноч была цёплая і ціхая. Калі размова спынялася, я мог нават чуць частае дыханне Ізы… Кожнага свайго ворага я пазнаваў па голасе, смеху… І вось я на свае вушы пачуў:

— А ты ўпэўнена, мама, што ў сейфе няма каштоўных папер? Жмінды заўсёды неасцярожныя… Ты ўспомні пра золата, якое ён хацеў аддаць Люку. Дзе ён яго хаваў?

— Не, у сейфе нічога каштоўнага няма. Ён даўно здагадаўся, што я ведаю шыфр, якім адмыкаецца замок: «Мары». У сейф ён лазіць толькі тады, калі яму трэба паглядзець квітанцыі на страхоўку або на падаткі.

— Мама, гэта ж вельмі важна. Мы і па квітанцыях можам лёгка вызначыць суму яго даходаў.

— Не, там толькі паперы, якія маюць дачыненне да нерухомай маёмасці. Я ўжо глядзела.

— Што ж, гэта таксама цікава. Значыць, ён прыняў усе меры перасцярогі.

Філі пазяхнуў і прамармытаў:

— Ну і кракадзіл! І пашэнціла мне нарвацца на такога кракадзіла!

— Калі хочаце ведаць маю думку, — сказала Жэнеўева, — то мне здаецца, нічога мы не знойдзем і ў тым сейфе, які захоўваецца ў Ліёне… Ты што, Яніна?

— Мама, ды што ж гэта такое?! Усе кажуць, што ён трохі любіць цябе. А Хюбэр, Жэнеўева! Няўжо, калі вы былі малыя, ён ні разу не гуляў з вамі, не песціў вас?! Значыць, вы самі вінаватыя. Не ўмелі ўзяць яго ласкай. Трэба было круціцца каля яго, лашчыцца. Я ад яго чаго хочаш дамаглася б, ды толькі ён не можа глядзець на майго Філі…

Хюбэр перапыніў сваю пляменніцу:

— Дорага нам абыдзецца нахабства твайго мужа.

Пачуўся смех Філі. Я трохі нахіліўся і ўбачыў, як полымя запальнічкі на секунду асвяціла яго круглы падбародак і тоўстыя губы.

— Ну, хопіць! Выходзіць, што ён толькі мяне і чакаў, каб вас узненавідзець.

— Але ж раней ён нас не так ненавідзеў.

— А ўспомніце вы, што расказвала бабуля. Як ён пашкадаваў сваю дачку, сваю маленькую Мары? Пляваць яму было на яе! На магілку так ніколі і не схадзіў!..

— Не, Філі, вы ўжо залішне далёка зайшлі. Калі ён і любіў каго на свеце, то толькі Мары.

Калі б Іза не сказала сваім слабым, дрыготкім голасам гэтых слоў, я не змог бы сябе стрымаць.

Умяшалася Жэнеўева:

— Ну, а каб Мары і засталася жыць, мы ўсё роўна нічога ад гэтага не мелі б. Ён усё аддаваў бы ёй…

— Ды сціхніце вы! Ён і яе ўзненавідзеў бы, як усіх астатніх. Гэта ж пачвара, а не чалавек!..

Іза зноў спыніла Філі:

— Прашу вас, не гаварыце так пра майго мужа, ды яшчэ пры мне і яго дзецях. Вы павінны ставіцца да яго з павагай.

— З павагай! З павагай!.. Вялікая мне радасць парадніцца з такой сямейкай!..

Жэнеўева суха адрэзала яму:

— Вас ніхто не прымушаў і не цягнуў сюды.

— А нашто ж тады было пускаць туман у вочы: «Ах, у нас грошы, у нас такія надзеі…» Ну во, цяпер Яніна раве! Чаго ты? Што я такога сказаў?.. Ох, як жа ўсё гэта абрыдзела!

Усе змоўклі. Чуваць было толькі, як усхліпвае Яніна. Нехта (не змог я пазнаць голасу) сказаў: «Якая зорная ноч!»

— Ужо позна, дзеці мае. Дзве гадзіны. Пара спаць.

Хюбэр занепакоіўся: як можна разыходзіцца, калі нічога так і не вырашылі. А цяпер — самы час дзейнічаць. Яго падтрымаў Філі.

— Ды ён не сёння-заўтра Богу душу аддасць, а тады ўжо нічога не зробіш. Усё прадугледзеў, стары кракадзіл…

— Пачакай, памаўчы, Філі. Паслухайце, дзеці мае, усё, што магла, я зрабіла.

— Не, не ўсё, — запярэчыў Хюбэр.

І ён штосьці пачаў шаптаць. Што? Нічога я не змог разабраць. Значыць, самае цікавае, самае галоўнае застанецца для мяне таямніцай… Нарэшце загаварыла Іза. Па яе голасе я зразумеў, што яна чымсьці ўсхваляваная, перапалоханая:

— Не, не! Я не магу, не хачу…

— Справа не ў тым, мама, хочаш ты ці не хочаш. Нам трэба ратаваць нашу спадчыну — вось і ўсё.

Зноў пачуліся неразборлівыя шэпты. Ізноў голас Ізы:

— Гэта вельмі жорстка, сынок.

— Бабуля, няўжо вам захацелася стаць яго супольніцай? Ён абкрадае нас, пазбаўляе спадчыны, а вы будзеце маўчаць?! Яму ж гэта якраз на руку!

— Яніна, мілая, як ты можаш!..

Бедная Іза, колькі бяссонных начэй правяла яна над яе калыскай! Забрала яе да сябе ў пакой, таму што бацькі хацелі спаць спакойна, а ніякая нянька не згаджалася заставацца з гэтай плаксай…

А Яніна рэзкім нахабным тонам гаварыла (Ох і даў бы я ёй за такі тон!):

— Мне цяжка гаварыць вам такое, бабуля, але гэта мой абавязак.

Абавязак! Яе абавязак! Вось як яна заспявала, калі спалохалася, што яе можа кінуць гэты гультай…

Жэнеўева падтрымала сваю дачку:

— Я так разумею: твая слабасць, мама, давядзе да таго, што ты будзеш з ім заадно.

Іза цяжка ўздыхнула:

— А можа, лепш было б напісаць яму пісьмо?

— Ну што ты, мама! Якія пісьмы?! — забубніў Хюбэр. — Гэтыя пісьмы нас і загубяць! Спадзяюся, ты яшчэ не напісала яму?

Іза прызналася, што два ці тры разы пісала мне.

— Ну, а там хоць не было ніякіх пагроз, абраз?..

Іза маўчала, баялася прызнацца. А я… я ціха смяяўся. Як каштоўную рэліквію я захоўваў яе тры пісьмы: у двух яна лаяла мяне на чым свет стаіць, а трэцяе было амаль пяшчотнае. Такім чынам, гэтага было дастаткова, каб прайграць працэс, калі б дзеткі праз сваю дурноту ўгаварылі яе падаць на мяне ў суд і патрабаваць скасавання шлюбу… Цяпер усе захваляваліся, загаварылі, - так бывае з сабакамі: адзін гаўкне — і ўся зграя адразу заліваецца брэхам.

— Бабуля, скажыце, — могуць быць у яго небяспечныя для нас пісьмы?

— Думаю, што не… Праўда, Буру, ну, гэты павераны з Сэн-Венсана, неяк аднойчы сказаў мне жаласлівым тонам (хоць я не надта давяраю гэтаму прайдзісвету і крывадушніку): «Ах, мадам, і трэба ж было вам яму напісаць! Гэта ж такая неасцярожнасць!..»

— Дык усё-такі што ты там напісала?

— У адным пісьме былі даволі рэзкія папрокі, - гэта пасля смерці Мары. Другі раз я напісала яму ў дзевяцьсот дзевятым годзе. Тады ён, ведаеце, звязаўся з адной дамай… Гэта было вельмі сур'ёзна, і я была абавязана напісаць.

Хюбэр замармытаў:

— Вунь яно што! Гэта ж вельмі важна. Ну, ну… Далей…

Іза супакоіла ўсіх і сказала, што ў трэцім пісьме яна напісала, што была залішне рэзкай, зняла з мяне свае папрокі і прызнала сябе вінаватай.

— Ах, Божа! Ды тут сам чорт не разбярэцца! Трэба ж столькі глупства натварыць!

— У такім выпадку яму няма чаго баяцца разводу…

— Але чаму ўжо ўсе вы так ўпэўнены, што ў яго адны чорныя задумы супраць вас?

— Мама! Ты што?! Сляпы і той убачыў бы яго намеры! Усе свае фінансавыя справы трымае ў сакрэце. А яго намёкі? А словы Буру, памятаеш: «Ох і паплачуць яны пасля смерці старога!.. Будзе ім сюрпрызік!..»


Усе пачалі спрачацца так горача, нібы Ізы там і не было. Моцна застагнаўшы, яна паднялася з крэсла. «Не трэба было мне з маім рэўматызмам столькі быць на холадзе». Ніхто яе не пачуў, ніхто не адклікнуўся. Да мяне данесліся абыякавыя «Дабранач», якія кідалі ёй дзеці, не перапыняючы сваёй спрэчкі. І, відаць, ёй давялося самой падысці да кожнага і развітацца. Усім было ўжо не да яе. Я паспяшаўся легчы ў пасцель. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі. Яна падышла да маіх дзвярэй. Я добра чуў яе няроўнае шумнае дыханне. Адчыніліся дзверы. Іза падышла да маёй пасцелі. Нахілілася і доўга-доўга ўглядалася ў мяне. Я ўжо думаў, вось-вось не вытрымаю і выдам сябе, што яшчэ не сплю. Потым яна выйшла і зачыніла за сабой дзверы. Калі пстрыкнуў замок і ў яе спальні, я зноў вярнуўся на свой «назіральны пункт».


Усе былі яшчэ на месцы. Але гаварылі цяпер напаўголаса, Многіх слоў мне не было чуваць.

— Не пара ён ёй быў, - гаварыла Яніна. — Гэта таксама адыграла сваю ролю. Філі, дарагі, ты каш. яеш, накінь паліто.

— А зрэшты, не жонку ён ненавідзіць больш за ўсіх, а нас. Проста ў галаве не ўмяшчаецца! У раманах і то такога не знойдзеш. Асуджаць маму мы, вядома, не можам, і ўсё ж такі яна занадта спакойна адносіцца да яго, — спрабавала падагульніць Жэнеўева.

І зноў голас Філі:

— А ёй няма чаго турбавацца. Пасаг свой яна заўсёды можа сабе вярнуць. Бацькавы акцыі Суэцкага канала… Ім цяпер цаны няма!..

— Ды іх прадалі даўно, тыя акцыі!..

Гэта сказаў Альфрэд, муж Жэнеўевы (я адразу пазнаў яго заіклівы басок). Да гэтага моманту Альфрэд не ўставіў ніводнага слова. Жэнеўева, як заўсёды, груба спыніла яго:

— Ты што, з глузду з'ехаў?! Калі прадалі? Хто прадаў?..

Альфрэд расказаў, што яшчэ ў канцы мая, калі ён аднойчы пасля абеду зайшоў у цешчын пакой, яна падпісвала распараджэнне аб продажы акцый і сказала яму: «Цяпер самы зручны момант іх збыць, — вышэй курс ужо не падымецца…»

- І ты маўчаў?! — завыла Жэнеўева. — Ну і тупіца!.. Гэта зноў-такі бацькава работа. Ён яе навучыў. Ён яе прымусіў… Пень ты! Дзе ж ты быў раней?!.

— Я думаў, што яна і вам пра гэта сказала. Тым больш што па шлюбным кантракту ён не мае ніякага права на яе пасаг…

— Дурань ты! Няўжо ты думаеш, што ён на гэтым не пагрэў рукі? Ды ўсё, што было звыш намінальнага кошту, напэўна асела ў бацькавай кішэні!.. А ён маўчаў… Ён думаў… Божа, і за што ты мяне так пакараў, каб я пакутавала ўсё жыццё з гэтым асталопам?..

Умяшалася Яніна — папрасіла гаварыць цішэй, каб не пабудзіць яе малой дачкі. Некалькі хвілін гаварылі так ціха, што я нічога не мог разабраць. І вось голас Хюбэра:

— Я ўсё абдумваю той план, які тут сёння вы прапанавалі. На маму надзеі ніякай няма, сама яна на такое ніколі не пойдзе. Трэба яе паступова падрыхтаваць, угаварыць…

— Можа, яна зразумее, што гэта лепш, чым развод. Як-ніяк, развод у судзе — гэта ўжо непрыемна. А потым жа трэба будзе скасоўваць шлюб і ў царкве. А на гэта яе адвагі можа не хапіць… Канешне, тое, што прапанаваў Філі, выглядае не вельмі прыгожа… Хаця што тут такога? Не мы ж будзем суддзямі. Ды і залежыць усё не ад нас. Наша задача толькі паставіць пытанне, ды так, каб дарогі назад яму не было. Усё вырашыцца на нашу карысць толькі тады, калі спецыялісты палічаць гэта неабходным.

— А я вам гаварыла і яшчэ раз паўтараю, — амаль крычала Алімпія, — нічога ў вас не выйдзе!..

Мусіць, добра яе давялі, раз так раскрычалася. Яна ўсё даказвала, што чалавек я ўраўнаважаны, станоўчы, спакойны.

— Я сама з ім часта згаджаюся, — дадала яна. — А што зробіш, калі праўда на яго баку. І яшчэ скажу я вам: з яго вяроўкі можна віць, толькі падыход трэба. Я хутка яго прыручыла б, калі б вы мне не заміналі…

Не пачуў я, што сказаў Філі, але, відаць, ён адпусціў нейкі жарт, бо ўсе пачалі смяяцца з Алімпіі.

Цяпер я чуў толькі абрыўкі размовы.

— Пяць гадоў у судзе не выступае…

— А што? Сэрца?..

— Цяпер-то і сэрца. А кінуў працу, калі яшчэ не вельмі хварэў. Хто з такім ужывецца? Сварыўся штодня з калегамі, нікому спакою не даваў. І сам-насам, і пры сведках — нікога не саромеўся. Дарэчы, пра сведак я ўжо маю адпаведныя матэрыялы…

Дарэмна я ўвесь заміраў і прыслухоўваўся: размова перайшла на шэпт.

І раптам голас Алімпіі:

— Вы што?! Адзіны чалавек у гэтым доме, з кім можна пагаварыць пра кнігі, пра жыццё, пра ўсё, што хочаш!.. І вы надумаліся…

З адказу Філі я зразумеў толькі адно: «З глузду з'ехала».

Тады Хюбэраў зяць — адзіны маўчун ва ўсёй гэтай кампаніі — сказаў прыглушаным голасам:

— Я папрашу вас, Філі, гаварыць больш ветліва з маёй цешчай.

— Ды супакойся ты! І пажартаваць нельга… Мы ж абодва з табой ахвяры ў гэтай справе…

Хюбэраў зяць пачаў даказваць, што ён не лічыць сябе ахвярай, бо ажаніўся па любві з дачкой Алімпіі. І тады ўсе хорам загаманілі: «І я па любві!», «І я!», «Я таксама!» Жэнеўева з насмешкай сказала мужу:

— Як? І ты?.. Ах ты мой дарагі! Ах ты мой Рамэо! Жаніўся са мной і ведаць не ведаў, які ў майго бацькі кашалёк?!. Дык няхай твая хворая галоўка ўспомніць нашы заручыны, ці не ты гэта мне шаптаў тады: «Ён не хоча гаварыць пра сваё багацце. Ну і няхай сабе. Мы і без яго ведаем, што яно велізарнае…»

Усе дружна зарагаталі. У гомане пачуўся голас Хюбэра. Я разабраў толькі апошнія фразы:

— Гэта пытанне справядлівасці, пытанне маралі, калі хочаце. Мы абараняем сваю спадчыну, мы абараняем свяшчэнныя правы нашай сям'і… Добра было б пасачыць цяпер за кожным яго крокам, але гэта нам не ўдасца. У гэтага чорта магутныя сувязі ў паліцыі, я ў гэтым не раз пераконваўся. Яго абавязкова папярэдзяць…

А праз хвіліну-другую да мяне данеслася:

— Усе ведаюць пра яго рэзкасць, сквапнасць… У двух ці трох працэсах ён спатыкнуўся і вёў сябе не зусім далікатна. Але што датычыць яго кампетэнтнасці, ураўнаважанасці…

— Ва ўсякім разе ніхто не будзе адмаўляць, што яго адносіны да нас бесчалавечныя, жорсткія. А хіба гэта нармальна?!

— Ты думаеш, Яніна, — сказаў Альфрэд сваёй дачцэ, — што гэтага будзе дастаткова, каб паставіць дыягназ?

Вось цяпер я ўсё зразумеў! І на душы ў мяне неяк адразу паспакайнела. Зноў да мяне вярталася цвёрдая, непахісная ўпэўненасць: яны самі — пачвары, вылюдкі, а я — іх ахвяра. Пакуль тут была Іза, яна хоць трохі мяне бараніла і яны прыкусвалі сабе языкі. А цяпер я бачыў, як… Але пляваць мне на вашы планы! Дурныя шчаняты! Я вам пакажу!.. Бач, што задумалі: захацелі праз суд устанавіць нада мной апеку або справадзіць у вар'яцкі дом? Паспрабуйце толькі пальцам паварушыць, я хутка пастаўлю Хюбэра, вашага завадатара, на месца. Ён і не падазрае, што яго лёс у маіх руках. Ну а Філі… З ім зусім проста. Пра яго я маю сякія-такія матэрыялы з дасье паліцыі… Я не збіраўся ніколі раней іх выкарыстоўваць, ды і цяпер наўрад ці дам ім ход. Дастаткова мне будзе толькі ашчэрыць зубы…

Упершыню ў жыцці мне стала прыемна ад таго, што я не самы мярзотны чалавек. Вунь колькі іх! Яны тут, побач… У мяне няма жадання помсціць ім. Я адпомшчу толькі тым, чаго яны так баяцца — пазбаўлю іх спадчыны…


— Зорка ўпала! — крыкнуў Філі. — Не паспеў я нічога загадаць…

— А калі ты што паспяваў? — сказала Яніна.

З непасрэднай дзіцячай весялосцю, якая ў яго яшчэ добра захавалася, Філі гаварыў:

— Нічога, цяпер як убачу — адразу закрычу: «Мільёны!»

— Дурны ты яшчэ, Філі!

Усе ўсталі. Пачуўся скрып дзвярэй, стрыманы смех Яніны. Цяпер я цвёрда ведаў, што мне рабіць. Ужо два месяцы ў мяне не было прыступаў. Значыць, нічога не перашкодзіць мне паехаць у Парыж. Я заўсёды ад'язджаў без папярэджання. Не хацелася толькі, каб гэты ад'езд быў падобны на ўцёкі. Да раніцы я не спаў, абдумваў кожны крок сваіх будучых дзеянняў…


ХІІІ


Апоўдні я быў на нагах. Адчуваў сябе бадзёра і весела. Выклікаў па тэлефоне Буру. Ён прыехаў пасля снедання. Амаль цэлую гадзіну мы шпацыравалі з ім пад ліпамі. Іза, Жэнеўева і Яніна здалёк сачылі за намі. Я радаваўся, што яны западозрылі нядобрае і ўстрывожыліся. Шкада толькі, што ўсе мужчыны паехалі ў Бардо. Пра Буру, гэтага маленькага старога чалавечка, Жэнеўева гаварыла: «Ого, гэты чорт за бацьку ў агонь і ваду…» А Буру ўсяго толькі мой раб. Я звязаў яго па руках і нагах. Трэба было бачыць, як ён прасіўся ў той дзень, каб я не аддаваў зброі супраць яго свайму будучаму спадчынніку!.. «Вам няма чаго баяцца, — супакойваў я яго. — Ён адразу верне вам гэты дакумент, як толькі вы спаліце падпісаную ім заяву…»

Развітваючыся, Буру нізка пакланіўся дамам. У адказ яму ледзьве кіўнулі. Няўпэўненым крокам падышоў ён да свайго веласіпеда і рушыў з двара. Я адразу паведаміў жанчынам, што сёння вечарам паеду ў Парыж. Іза пачала адгаворваць мяне: «Як? З тваім здароўем аднаму выпраўляцца ў такую дарогу? Гэта небяспечна! Усё можа здарыцца…»

— Нічога не зробіш, — адказаў я. — Мне трэба ўладзіць некаторыя фінансавыя справы. Я пра вас клапачуся больш, чым вам здаецца.

Яны з трывогай глядзелі то на мяне, то адно на аднаго. Мой іранічны тон выдаваў мяне. Першая асмялела Яніна:

— Няўжо няма каму вас замяніць? Магла б і бабуля з'ездзіць, і Хюбэр…

— Ты правільна разважаеш, дарагая!.. Правільна. Толькі, ведаеш, я прывык усё рабіць сам. І яшчэ — гэта, канешне, дрэнна, але я нікому не давяраю.

— Нават свайму сыну?! Дзядуля!

Яна так манерна праспявала слова «дзядуля», што мяне аж злосць разабрала. Якая самаўпэўненасць! Знайшлася мне дыпламатка!.. Адзін пісклявы голас чаго варты! Добра я яго запомніў учора ноччу!.. І я разрагатаўся шкодным майму сэрцу смехам. Пачаў задыхацца, кашляць. Жанчыны перапалохаліся. Іза… Ніколі не забуду яе змучанага бледнага твару. Не ўсё, мусіць, і ў яе добра са здароўем…

Я пайшоў. А Яніна, напэўна, не хацела пакінуць Ізу ў спакоі:

— Бабуля, не дазваляйце яму ехаць! Чуеце?!..

Але жонка мая ўжо не магла ваяваць са мною. Апошнім часам яна моцна здала. А неяк нядаўна я пачуў, як яна казала Жэнеўеве: «Вось каб легчы, заснуць і ніколі ўжо не прачынацца…»

Мне стала шкада яе, як калісьці было шкада маю бедную маму… А няўмольныя дзеці ўсё цкавалі яе на мяне!.. Яны, канешне, па-свойму любілі маці, выклікалі доктара, прымушалі піць лякарствы, ляжаць у пасцелі… Калі дачка і ўнучка адышліся, Іза дагнала мяне і папрасіла:

— Паслухай, мне патрэбны грошы…

— Сёння ў нас толькі дзесятага. А першага я даў табе на цэлы месяц наперад.

— Даў, але мне давялося трохі дапамагчы Яніне. У іх шмат даўгоў. Праз месяц я табе ўсё вярну…

Я адказаў, што ўсё гэта мяне мала цікавіць і карміць гэтага дармаеда Філі я не збіраюся.

— Паслухай, у мяне самой даўгі… І булачніку, і мясніку… Вось рахункі…

Я пашкадаваў яе. Прапанаваў падпісаць некалькі чэкаў: «Так я буду больш пэўны, што грошы не паплывуць у другое месца…»

Яна згадзілася. Я дастаў сваю чэкавую кніжку і заўважыў, што Яніна і Жэнеўева сочаць за намі з алеі ружаў:

— Ого! Яны ж думаюць, што мы з табой гаворым пра нешта другое…

Іза ўздрыгнула і ціха спыталася:

— Пра што «другое»?

І ў гэты момант я адчуў рэзкі боль у сэрцы. Абедзвюма рукамі схапіўся за грудзі. Яна змянілася з твару:

— Табе дрэнна?

На імгненне я ўчапіўся за яе руку. Калі б які чужы чалавек бачыў нас у той момант, то напэўна падумаў бы: «Вось дзе пара! І жыццё пражылі ў згодзе і еднасці, і на старасці адно без аднаго не могуць!..»

Я прашаптаў: «Нічога. Мне ўжо лягчэй».

Напэўна, Іза рашыла, што вось і прыйшла тая хвіліна, калі можна і трэба пагаварыць шчыра, адкрыта, але на гэта ў яе не было сілы. Яна сама таксама задыхалася. А я хоць і быў хворы, але не здаўся, стараўся трымацца цвёрда, упэўнена. І не пазнаць было жонкі: хвароба знянацку падкасіла яе, яна ўся асунулася і калі і думала пра каго цяпер, то толькі пра дзяцей. Самой ёй было ўжо нічога непатрэбна. Яна хацела штосьці сказаць, падбірала словы, крадком паглядала ў той бок, дзе стаялі дачка з унучкай: «Можа, адтуль прыйдзе падмога?.. — Не…» І зноў яе позірк застыў на мне. Божа! Як шмат убачыў я ў гэтых няшчасных вачах! Тут і глыбокі адчай, і страшэнная знямога, і светлая спагада, і трапяткі сорам!.. Тое, што гаварылі ноччу дзеці, напэўна, параніла і яе душу.

— Луі! Цяжка мне, трывожна. Не едзь адзін!

Я адказаў, што, калі са мной здарыцца бяда ў дарозе, перавозіць мяне сюды не трэба.

Яна пачала прасіць мяне не рабіць такіх страшных намёкаў, а я адрэзаў:

— Навошта марнаваць грошы? Зямля на могілках усюды аднолькавая.

— Вось бачыш, — уздыхнула яна. — Цяпер і я так лічу. Няхай хаваюць, дзе захочуць… Калісьці ўсё прасіла, каб мяне пахавалі побач з Мары… Ды што цяпер засталося ад нашай Мары?

Лішні раз я пераканаўся, што для яе Мары была толькі прахам, жменькай костачак. Не пасмеў я гаварыць, што ўсе гэтыя доўгія гады дзіцятка маё заставалася для мяне жывым, я чуў яго дыханне, і чысты жывы вобраз Мары не раз паўставаў перада мною ў гэтым сумным нялёгкім жыцці.

Дарэмна Жэнеўева і Яніна выглядалі і чакалі маці. Яна была такая стомленая… Можа, і зразумела яна нарэшце ўсю нікчэмнасць той шматгадовай барацьбы, якую вяла яна супраць мяне? Жэнеўева і Хюбэр пад націскам сваіх дзяцей штурхалі супраць мяне гэтую старую жанчыну Ізу Фандадэж, якая была калісьці маёй нявестай і разам са мной удыхала ў сябе водар пірэнейскіх начэй…

Хутка будзе паўстагоддзя, як мы ваюем адно з адным… І вось у гэты гарачы поўдзень абодва сапернікі адчулі, што іх усё ж лучыць адна нітачка, якая прадзецца старасцю… Мы ненавідзелі адно аднаго, ішлі па жыцці рознымі пуцявінамі, а сышліся ў адным месцы… Далей ужо няма куды ісці… Далей — смерць… Ва ўсякім разе для мяне. А ёй… ёй яшчэ заставаўся Бог… Уся людская марнасць, пажадлівасць, штодзённая руціна, усе клопаты, радасці і беды яе разам адпалі, і цяпер нічога не стаіць між ёю і Богам. Ці бачыць яна яго цяпер? Не, не бачыць. Засталася яшчэ адна перашкода — няздзейсненыя планы і патрабаванні яе дзяцей. Іх сквапныя жаданні перапаўнялі яе душу. Зноў даводзілася шукаць, хітраваць, пагражаць, ліслівіць… Грашовы клопат, трывога аб здароўі дзяцей, іх намеры, іх прага да славы і багацця — нікуды ад гэтага не падзенешся, і ўсё трэба пачынаць нанава, як нанава рашае школьнік задачу, калі настаўнік усё перакрэсліць і напіша: «Перарабіць».


І зноў яна глянула на алею. Там паходжвалі Жэнеўева і Яніна і нібыта абразалі садовымі нажніцамі сухія галінкі на кустах ружаў. Я сеў на лаўку, каб трохі аддыхацца, і доўга глядзеў услед жонцы, — яна ішла па алеі, нізка апусціўшы галаву, нібы свавольнік-падлетак, які нарабіў бяды і ідзе на размову да строгага бацькі. Моцна парыла. Набліжалася навальніца. Шкада было глядзець на Ізу. Ішла яна цяжка, марудна: так ходзяць людзі, якім кожны крок — нясцерпная пакута. Мне нават пачулася, што яна прастагнала; «Ох, бедныя мае ногі!» І я падумаў, што нянавісць паміж мужам і жонкай, якія нямала разам пажылі на свеце, не такая неадольная, як ім здаецца…

Вось Іза падышла да дачкі і ўнучкі. Тыя, мусіць, пачалі яе папракаць. Нечакана яна павярнулася і пайшла да мяне. Расчырванелася, задыхалася, ледзьве дакульгала да лаўкі:

— Не магу я пераносіць такога надвор'я. І дыхаць не дае, і ціск мучыць… Паслухай, Луі, я… хацела ў цябе спытацца… Ведаеш, сама не свая… Нервы… Ты ж памятаеш… Суэцкія акцыі… Мой пасаг… Мы з табой прадалі іх… А куды пайшлі тыя грошы?.. Ты ж тады сказаў мне падпісаць яшчэ нейкія паперы…

Я адказаў, што яна атрымала велізарны прыбытак. Акцыі былі прададзены па самай высокай цане, і адразу ж пасля гэтага іх курс пачаў рэзка падаць. Я растлумачыў, якія працэнтныя паперы купіў за атрыманыя грошы.

— Пасаг твой даў добры барыш. Усё аформлена на тваё імя і пакладзена ў Вестмінстэрскі банк. Сума зайздросная, нават калі ўлічыць дэвальвацыю франка. Можаш быць спакойная. Дзецям да гэтага няма ніякай справы. Я — гаспадар сваіх уласных грошай і ўсяго таго, што я нажыў. Гэта маё. Але тое, што прыйшло з табой — гэта тваё. Дык ідзі супакой вунь тых анёлаў бескарыслівасці. Ах, як яны нас свідруюць!..

Яна схапіла мяне за руку.

— За што ты іх ненавідзіш? За што ты ўсю сваю сям'ю ненавідзіш?

— Гэта вы мяне ненавідзіце. Ці лепш сказаць, дзеці мае ненавідзяць мяне. А ты… ты проста не заўважаеш мяне. Для цябе я існую толькі тады, калі нервую цябе, наводжу страх…

— Мог бы дадаць яшчэ: «І калі мучу цябе…» Хіба я мала адпакутавала?

— Не трэба, Іза. Для цябе існавалі толькі дзеці. Іх ты толькі і бачыла…

— А да каго ж мне было гарнуцца, як не да іх? Больш у мяне нікога не было. Ты пакінуў мяне, пачаў здраджваць мне, і паўгода не прайшло пасля вяселля. Сам усё ведаеш…

- Іза, дарагая, няўжо ты хочаш, каб я паверыў, нібыта мае шашні цябе хвалявалі… Хіба што, можа, закраналі тваё самалюбства. Маладыя жонкі вельмі ганарлівыя…

Яна горка ўсміхнулася.

— Ты як быццам і шчыра гаворыш. Падумаць толькі, ты нават не заўважаў…

Я ўвесь закалаціўся, — засвяцілася надзея. І гаварыць неяк няёмка: калі тое было, сорак гадоў прайшло, патухлі ўжо даўно тыя пачуцці, а вось успомніў — і затрапяталася надзея, што кахала яна мяне, а я і не ведаў… Ды не, цяпер ужо я не паверу.

- І ніколі ў цябе не вырвалася ні слова, ні крыку… Усё ў цябе забіралі дзеці.

Яна закрыла твар абедзвюма рукамі. Толькі цяпер, у гэты дзень, я заўважыў, якія на іх цёмныя плямы і ўздутыя вены.

— Дзеці? Пра што ты гаворыш? З таго часу, як мы пачалі спаць у розных пакоях, я ніколі не клала іх з сабой, нават калі хварэлі. Усё чакала, усё спадзявалася, што прыйдзеш…

Горкія слёзы цяклі па яе старэчых руках. І гэта была Іза. Адзін я мог разгледзець у гэтай непаваротлівай, нядужай старой жанчыне тую юную дзяўчыну — маю колішнюю спадарожніцу ў даліне Лілей…

— Сорамна і смешна ў мае гады ўспамінаць гэта… Даруй мне, Луі.

Я моўчкі глядзеў на вінаграднікі. І ў гэты момант мяне ахапіла сумненне. Няўжо такое можа быць? Жывеш з чалавекам амаль паўстагоддзя і бачыш яго толькі напалову!.. Няўжо з усіх яго слоў, учынкаў мы адбіраем і запамінаем толькі тое, што падаграе нашу крыўду на яго і падтрымлівае злапамятлівасць? У нас жыве нейкае пагібельнае імкненне спрашчаць чалавека, адкідаць усе рысы, якія маглі б змякчыць той агідны вобраз, што мы самі стварылі. Як жа мы спяшаемся выкінуць з памяці тое, што дапамагло б нам намаляваць не карыкатурны, а сапраўдны партрэт чалавека!.. Не, нам часцей за ўсё патрэбна карыкатура… І тады нам прасцей, лягчэй апраўдаць нашу нянавісць… А ці не заўважыла Іза майго хвалявання? Ох, як паспяшалася яна выкарыстаць гэта.

— Ты не паедзеш сёння?

У вачах у яе бліснуў радасны агеньчык, як гэта заўсёды бывала, калі ёй здавалася, што яна «перамагла мяне». Я прытварыўся здзіўленым і адказаў, што не бачу ніякіх прычын, каб адкладаць паездку. Мы ўсталі і памалу пайшлі ў маёнтак па ліпавай алеі. Так было далей, затое не трэба было падымацца ўгору па крутой сцежцы і лішні раз верадзіць сэрца. Што рабіць? Я быў разгублены. А можа, не ехаць? Можа, пайсці ды аддаць жонцы свой сшытак?.. А што, калі… Яна абаперлася рукой на маё плячо. Столькі гадоў яна не рабіла гэтага!.. Алея выводзіла да дому з паўночнага боку. Іза сказала:

— Ніколі гэты Казо не прыбірае садовых крэслаў…

Я разгублена паглядзеў на пустыя крэслы, што стаялі цесным кружком. Тым, хто сядзеў на іх ноччу, трэба было быць бліжэй адно да аднаго, каб гаварыць шэптам. На зямлі многа слядоў. Усюды акуркі тых цыгарэт, што паліць Філі. Тут, між гэтых разгалістых ліп, якія пасадзіў яшчэ мой бацька, пад начным небам засядаў варожы ваенны савет. Тут вырашалася, як аддаць мяне пад апеку або заслаць мяне ў вар'яцкі дом. Неяк аднойчы вечарам я ў парыве самапрыніжэння параўнаў сваё сэрца з клубком гадзюк. Не, не, цяпер-то я зразумеў: гадзюкі пакінулі мяне, выпаўзлі на волю і ноччу скруціліся ў мярзотны клубок сярод вось гэтых крэслаў, і на зямлі яшчэ відаць іх сляды…

«Грошы свае ты атрымаеш, Іза, — думаў я. — Але толькі свае. Больш ты ад мяне нічога не дачакаешся. Я зраблю так, каб і маёнтак вам не дастаўся. І лес прадам. Усё, што я атрымаў ад бацькоў, пойдзе майму сыну. Яго я яшчэ не ведаю. Але заўтра я пабачуся з гэтым юнаком. Які б ён ні быў, ён — не ўдзельнік вашай змовы. Гадаваўся, выхоўваўся ён далёка і не можа мяне ненавідзець. А калі і ненавідзіць, то прадмет яго нянавісці — чалавек уяўны, абстрактны, які са мной нічога агульнага не мае.

Я гнеўна скінуў з пляча жончыну руку і, забыўшыся пра сваё хворае сэрца, хутка пачаў падымацца на ганак. Іза крыкнула: «Луі!..» Я нават не аглянуўся.


XIV


Мне не спалася, я ўстаў, апрануўся і выйшаў на вуліцу. Не так проста было трапіць на бульвар Манпарнас: давялося пракладаць сабе дарогу праз натоўп, пятляць, абыходзіць танцораў. У былыя часы нават такія заядлыя рэспубліканцы, як я, ухіляліся ад гулянняў на свята Чатырнаццатага ліпеня[11]. Тады ніводнаму прыстойнаму чалавеку і ў галаву не прыйшло б удзельнічаць у гэтых вулічных забавах і шэсцях. А цяпер вунь, куды ні глянь, усюды весяляцца, спяваюць, танцуюць. І зусім гэта не вулічны зброд. Ніякіх жулікаў, хуліганаў, зладзеяў. Добра апранутыя маладыя людзі радуюцца самі і радуюць другіх. Сярод жанчын, што танцуюць, амаль няма прастытутак. Часам таксі перапыняюць танец, і тады маладыя людзі жартаўліва, бяскрыўдна чапляюцца за дзверцы, за колы машын. Нейкі юнак незнарок штурхнуў мяне і гарэзліва закрычаў: «Дарогу шаноўнаму старому!» Я праходзіў між двух радоў усмешлівых, радасных твараў. «Што, не спіцца, дзед?» — прыязна кінуў мне чарнявы падлетак з раскошнай шавялюрай… Эх, Люк, Люк! Даўно ты ўжо ў сырой зямельцы!.. А мог бы і ты вось гэтак смяяцца, танцаваць!.. Можа, ты і мяне яшчэ навучыў бы бесклапотна адпачываць, радавацца жыццю!.. Асыпаў бы я цябе і грашыма, і золатам, і падарункамі!.. Ды не… нічога табе ўжо не трэба… Так разважаў я, седзячы на тэрасе кавярні…

І раптам у натоўпе я ўбачыў самога сябе: гэта быў Рабэр. Побач з ім таптаўся нейкі нязграбны юнак, відаць, таварыш майго сына. У Рабэра такія ж доўгія ногі і кароткае тулава, як у мяне, ён уцягвае галаву ў плечы зусім як я. Глядзець на яго брыдка. Усе мае фізічныя недахопы ў яго падкрэслены. У мяне самога доўгі твар, ну а ў яго — дык зусім конская мыза. Плечы прыўзнятыя, як у гарбуноў. Дый голас у яго таксама як у гарбуна.

Я паклікаў яго. Ён адстаў ад свайго прыяцеля і спалохана азірнуўся.

— Толькі не тут! — выціснуў ён з сябе. — Прыходзьце на вуліцу Кампань-Прэм'ер. Я буду чакаць на тратуары з правага боку.

Я сказаў, што тут, у такім натоўпе, нас менш за ўсё можна заўважыць. Ён як быццам трохі супакоіўся, развітаўся са сваім таварышам і падсеў да майго століка.

Ён трымаў у руках спартовую газету. Маўчанне наша зацягнулася, і я загаварыў пра коней. Стары Фандадэж любіў пагаварыць са мной на гэтую тэму, і пра коней сёе-тое я ведаў. Я расказаў Рабэру, што мой цесць вельмі грунтоўна абдумваў, на якога каня ставіць, і ўлічваў не толькі яго радаслоўную, але і шмат іншых дэталяў, нават тое, якая зямля на бегавой дарожцы… Рабэр перапыніў мяне:

— А ў нас у краме заўсёды можна пранюхаць, ёсць шанц на выйгрыш ці не. (Пасля ўсіх сваіх няўдач ён уладкавўся ў мануфактурнай краме на вуліцы Пці-Шам.)

Аказваецца, яго цікавіў толькі выйгрыш. Коней ён не любіў.

— Мяне не да коней цягне. Вось веласіпед…

І вочы ў яго заблішчалі.

— А потым, — сказаў я, — захочаш аўтамабіль…

— Вы так думаеце?

Ён паслініў вялікі палец, адарваў папяроснай паперы і скруціў цыгарэту. І зноў маўчанне… Я спытаўся, як ідуць справы ў яго на працы. Ён адказаў, што частку персаналу ўжо звольнілі, але яму асабіста няма чаго баяцца. Пра крызіс, які ахапіў усю краіну, малады чалавек нічога не ведаў. Думкі яго ніколі не сягалі за межы яго вузкіх, дробных, асабістых інтарэсаў. І вось гэтаму тупому басяку я аддам мільёны… А можа, узяць ды пусціць гэтыя грошы на добрыя справы. Няхай будуюць школы, бальніцы… Не, дзеткі мае так мяне не ўпусцяць: абавязкова знойдуць і прызначаць апеку… А калі па завяшчанні?.. Не, тады ўсё роўна давядзецца ўсё дзяліць паміж спадчыннікамі, і толькі рэшту… Эх, Люк, быў бы ты цяпер са мной! Ён, вядома, не захацеў бы ўсё гэта прыняць… Але што там, знайшоў бы я спосаб абагаціць яго! Ды так, каб ён мяне і не западозрыў… Даў бы, напрыклад, пасаг яго каханай…

— Паслухайце, месьё, я… — сказаў Рабэр, пагладжваючы шчаку сваімі тоўстымі, чырвонымі, як каўбасы, пальцамі. — Я вось што думаю: а калі ваш павераны, ну, гэты Буру, возьме ды Богу душу аддасць, а мы не паспеем спаліць маю заяву…

— Ну дык і што? На месца Буру стане яго сын. А зброю супраць Буру, якую я вам дам, калі трэба будзе, можна павярнуць і супраць сына.

Рабэр маўчаў і ўсё пагладжваў сваю шчаку. Не хацеў і я больш гаварыць. Я пасядзеў на свежым паветры, і, здаецца, у мяне пачынаўся прыступ.

— Добра, — сказаў Рабэр, — дапусцім, Буру спаліць маю заяву, і тады я аддам яму той дакумент, які і трымае яго ў нашых руках. Але дзе гарантыя, што гэты чалавек пасля не пойдзе да вашых спадчыннікаў і не скажа: «Я ведаю, дзе схавана ваша спадчына. Прашу выдаць мне дзесяць тысяч за тое, што я прадам вам сакрэт, і столькі ж пасля таго, як скарб будзе ў вашых руках». Да таго ж ён можа ўсё ўладзіць так, каб яго імя нідзе не фігуравала. І тады ён ужо нічым не рызыкуе. Пачнецца расследаванне, зробяць дазнанне, пераканаюцца, што я — ваш сын, што жывём мы з маці раскошна, а не так, як да вашай смерці… І тады адно з двух: або плаціць падаткі з усёй сумы спадчыны, або каламуціць ваду, хітраваць…

На гэты раз гаварыў ён ясна і дакладна. Розум яго выйшаў са здранцвення. Мазгі нарэшце запрацавалі… Я быў прыемна здзіўлены, што ў гэтага прыказчыка моцна развіты сялянскія рысы: прадбачлівасць, недавер, страх перад рызыкай, жаданне нічога не пакідаць на волю выпадку. Яму, безумоўна, лепш было б атрымаць з рук у рукі сто тысяч, чым хаваць такое велізарнае багацце.

Я пачакаў, пакуль супакоіцца сэрца…

— У тым, што ты тут нагаварыў, ёсць доля праўды. Я згодзен з табою. Што ж, не падпісвай заявы. Я цалкам давяраю табе з маці. Зрэшты, калі спатрэбіцца, я дакажу як двойчы два, што гэтыя грошы мае. Але гэта ўжо ніякага значэння не мае: праз паўгода, ад сілы праз год я памру…

У адказ — ні слова спагады, суцяшэння, удзячнасці, якія ў такіх выпадках гавораць нават чужыя людзі. Не думаю, каб ён быў такі жорсткі, - проста ён быў зусім нявыхаваны.

— Ну, калі так, — сказаў ён, — можна паспрабаваць…

Падумаў трохі і дадаў:

— Трэба будзе хоць зрэдку наведвацца ў банк, пакуль вы жывыя. Няхай прывыкаюць да майго твару. Я буду хадзіць туды па грошы вам.

— Паслухай, Рабэр, — сказаў я, — ёсць у мяне яшчэ некалькі сейфаў за граніцай. І калі ты хочаш, калі ты думаеш, што больш надзейнае…

— Што вы?! Пакінуць Парыж? Не, ніколі!

Я растлумачыў, што ён мог бы жыць у Парыжы і толькі час ад часу выязджаць за граніцу. Тады ён спытаўся, у якім выглядзе маё багацце — у грашах ці ў працэнтных паперах, і дадаў:

— А ўсё ж такі добра было б, каб вы мне напісалі пісьмо… Ну, нешта такое, што вы пры ясным розуме і поўнай свядомасці завяшчаеце мне без ніякага прымусу сваю маёмасць… Гэта можа мне вельмі спатрэбіцца… Хто ведае… Дый на душы ў мяне было б лягчэй… А то, ведаеце, раптам усё раскрыецца — мяне ж вашыя дзеці ў крадзяжы абвінавацяць…

Ён змоўк, купіў сабе кітайскіх арэхаў і накінуўся на іх так, нібы цэлы тыдзень нічога не еў. І раптам спытаўся:

— Вось цікава мне, а што яны вам зрабілі?

— Бяры, пакуль даюць, і не задавай больш пытанняў, - суха адказаў я.

Яго мяккія шчокі пачырванелі. На твары з'явілася пакрыўджаная нацягнутая ўсмешка, якой, мусіць, ён адказвае на папрокі свайго гаспадара, — і тады бліснулі яго здаровыя белыя вострыя зубы — адзінае, што ўпрыгожвае гэтага няўклюду.

Ён зноў змоўк і ўзяўся за арэхі. Не скажу, каб ён выглядаў надта шчаслівым. Відаць, фантазія ўжо малявала яму ўсялякія непаразуменні з паліцыяй, з маімі дзецьмі… І трэба ж было мне трапіць на такога! Усюды бачыць толькі небяспеку… Мне захацелася трохі развесяліць яго.

— У цябе ёсць сяброўка? — у лоб спытаўся я. — Можаш цяпер ажаніцца, будзеш жыць з ёю, як багаты буржуа.

Ён зрабіў нейкі няпэўны жэст і заклапочана паківаў галавой. А я спакушаў далей:

— Ды цяпер ты можаш ажаніцца з кім захочаш. І калі ёсць у цябе на прыкмеце жанчына і здаецца табе непрыступнай…

Рабэр навастрыў вушы, і ўпершыню я ўбачыў, як загарэўся ў яго вачах агеньчык маладой страсці.

— Няўжо я змагу ажаніцца з мадмуазэль Бружэр?

— А хто яна, гэтая мадмуазэль Бружэр?

— Ды не… Я пажартаваў. Гэта старшая прыказчыца ў нашай краме. Такая жанчына! Але што я для яе… Пустое месца… Яна і ў мой бок не глядзіць…

Я запэўніў яго, што нават з дваццатай часткай таго багацця, якое я даю яму, ён зможа ўзяць замуж самую лепшую «старшую прыказчыцу» ў Парыжы.

— Ах, мадмуазэль Бружэр! — паўтарыў ён. — Не, куды там!..

Боль у сэрцы не праходзіў. Я паклікаў афіцыянта і хацеў разлічыцца, але Рабэр апярэдзіў мяне:

— Не, не. Што вы! Я сам.

Я з задавальненнем паклаў свае грошы назад у кішэню. Мы ўсталі. Музыканты ўжо складалі свае інструменты. Патухлі гірлянды электрычных лямпачак. Рабэру не трэба было асцерагацца, што яго ўбачаць разам са мной.

— Я правяду вас, — сказаў ён.

Сэрца ныла. Я папрасіў Рабэра не ісці так хутка і сказаў яму, што мне спадабалася, што ён не спяшаецца дарвацца да грошай.

— Толькі вось калі сёння ноччу я памру, — дадаў я, — ты страціш вялікае багацце.

Ён паціснуў плячыма і даволі абыякава аднёсся да такой бяды. Хоць у цэлым я, вядома, парушыў спакой гэтага маладога чалавека. Ростам ён быў ужо роўны са мной. А ці набудзе ён калі-небудзь арыстакратычныя замашкі? Вельмі ўжо нікчэмны выгляд меў гэты прыказчык, мой сын, мой спадчыннік… Я паспрабаваў надаць нашай размове душэўны характар, пачаў гаварыць яму, што страшэнна каюся, перажываю, пакутую, што пакінуў без дапамогі яго з маці. Ён, мусіць, здзівіўся: ён лічыў, што я абышоўся з імі «па-людску». Як-ніяк хоць грошы пасылаў… Ёсць такія, хто й гэтага не зрабіў бы. І дадаў страшныя словы: «Тым больш што не вы першы ў яе былі…»

Сынок, відаць, не меў ніякай спагады і літасці да сваёй маці… Падышлі да майго дома, і ён нечакана сказаў:

— Можа, мне памяняць прафесію… Заняцца чым-небудзь такім, каб бываць на біржы… Тады прасцей было б растлумачыць, адкуль у мяне такія грошы.

- І не думай, Рабэр! Ты што?! Звяжашся з біржай — загінеш!

Ён заклапочана глядзеў на тратуар.

— Я ўсё пра гэтыя падаткі думаю. А раптам інспектар пачне дапытвацца…

— Зразумей жа ты нарэшце, што твае грошы будуць ляжаць у сейфе, і ніхто на свеце, акрамя цябе, не мае права адмыкаць сейф…

— Яно-то так. Але, ведаеце…

Я не вытрымаў і ляснуў дзвярыма перад яго носам.


XV


Калез.

У акно б'ецца муха. Перада мной бязлюдныя палеткі. Завывае вецер. Гоніць цяжкія хмары. Іх цень плыве па раўніне. Нечакана ўсё сціхла. Мёртвая цішыня… Так заўсёды бывае перад навальніцай. «Тата, і вінаграднікі грому баяцца…» — вось у такі самы дзень гадоў трыццаць таму назад так сказала наша Мары.

І зноў я ўзяў у рукі свой сшытак. Прыглядаюся да свайго почырку. Вось ён які цяпер стаў… Я ўсё ж такі давяду да канца мой расказ. Цяпер я ведаю, каму прызначана гэтая споведзь. Давядзецца толькі знішчыць тыя старонкі, ад якіх ім стане страшна. Я і сам сёе-тое не магу тут спакойна чытаць. Спыняюся на кожным радку, думаю, успамінаю. Вось такі я чалавек, чалавек сярод людзей, такі я… Вас, можа, нудзіць ад такіх, як я, — а я тым не менш ёсць, я існую…

У ноч з трынаццатага на чатырнаццатага ліпеня, калі я развітаўся з Рабэрам, я ледзьве даплёўся да свайго пакоя і лёг у пасцель. Страшэнны груз душыў мяне. Я задыхаўся, а паміраць не паміраў… Акно было адчыненае. Калі б пакой мой быў на пятым паверсе!.. А так, з другога паверха, і не заб'ешся, — толькі гэтая думка мяне і спыняе. Дрыготкай рукой ледзьве дацягнуўся да таблетак, якія звычайна мне дапамагаюць.

Пад раніцу нарэшце пачулі мой званок. Паклікалі доктара, ён даў мне ўкол. Дыхаць стала лягчэй. Мне загадалі некалькі дзён не ўставаць з пасцелі. Моцны боль робіць нас вельмі паслухмянымі, і я баяўся нават пальцам паварушыць. Брыдкія шпалеры ў маім пакоі, смурод, дабітая мэбля, святочны шум і гул у дзень Чатырнаццатага ліпеня — нічога мяне не гняло: боль сціх, а большага я і не хацеў. Неяк вечарам заходзіў Рабэр. Пасядзеў трохі і больш не паказваецца. А маці яго прыходзіць кожны дзень. Дапамагае мне, робіць сякія-такія паслугі, прыносіць пошту (пісьмы мне дасылалі да запатрабавання, — з дому, праўда, ніводнага радка).

Я не скардзіўся, трымаўся спакойна, лагодна і прымаў усе лякарствы, якія мне прыносілі. Пра наш сумесны план маці гаварыць не хацела. «А куды спяшацца?» — і адразу пераводзіла гаворку на што-небудзь іншае. «Як куды спяшацца?» — уздыхаў я і паказваў на свае грудзі.

— Мая мама дажыла да васьмідзесяці гадоў, а прыступы ў яе былі цяжэйшыя, чым у вас, — супакойвала яна мяне…

Аднойчы раніцай мне стала намнога лягчэй. Такім бадзёрым я даўно сябе не адчуваў. Я прагаладаўся, але ўсё, што давалі ў гэтым доме, немагчыма было есці. У мяне з'явілася спакуслівая думка схадзіць паабедаць у невялікі рэстаранчык на бульвары Сэн-Жэрмэн. Кухня там была адмысловая. Дый каштавала ўсё нядорага. А то зойдзеш, бывала, у які невядомы рэстаран і дрыжы, бойся, што зараз як налічаць!..

На таксі даехаў да вуліцы Рэн. Прайшоўся трохі, каб паспрабаваць свае сілы. Што ж, здаецца, здароўе маё пайшло на лад. Час быў яшчэ ранні — гадзін дванаццаць, — і я вырашыў зайсці ў кавярню «Дэ Маго» выпіць шклянку мінеральнай вады. Сеў у мяккае крэсла і рассеяна глядзеў на бульвар…

Раптам мне кальнула ў сэрца. У акне на тэрасе кавярні я ўбачыў знаёмыя вузкія плечы, лысіну, сіваватую патыліцу, адтапыраныя вушы… Хюбэр… Ён унурыўся ў газету і з-за сваёй блізарукасці амаль носам вадзіў па радках. Наўрад ці ён мяне бачыў. Сэрца маё памалу супакойвалася. Мяне нават ахапіла нейкая радасць: я за табой сачу, а ты, дурань, і не падазраеш…

Цікава!.. Я зусім не здзівіўся б, калі б сустрэў свайго сынка дзе-небудзь у шыкоўным рэстаране на Вялікіх бульварах. Але тут!.. Як ён апынуўся ў гэтым квартале?.. Значыць, прыйшоў ён сюды з нейкай мэтай… Я вырашыў пачакаць. Загадзя расплаціўся за мінеральную, каб можна было адразу пайсці, калі спатрэбіцца.

Хюбэр кагосьці чакаў і ўсё паглядаў на гадзіннік. Я крыху здагадваўся, хто зараз крадком падыдзе да яго, і быў амаль расчараваны, калі пад'ехала таксі і адтуль вылез мой дарагі зяць Альфрэд. Ён быў у піжоністым саламяным капелюшы-канацье. Пакінуўшы далёка жонку, гэты саракагадовы таўстун зусім ажыў. Вунь як выфранціўся: белы касцюм, яркія жоўтыя туфлі… На фоне гэтай правінцыяльнай крыклівасці вельмі добра выглядаў Хюбэр у сваім строгім элегантным касцюме. Ну, гэты-то ўмее глядзець сябе. Недарэмна Іза гаворыць пра яго: «Апранаецца, як сапраўдны Фандадэж».

Альфрэд зняў капялюш і выцер потны лоб. Потым залпам выпіў чарачку каньяку. Хюбэр устаў і паглядзеў на гадзіннік. Я падрыхтаваўся ісці следам за імі. Мусіць, пойдуць браць таксі. Што ж, я зраблю тое самае і высачу іх. Хоць, відаць, не так гэта будзе проста. Добра ўжо тое, што я ўбачыў… Я пачакаў, пакуль яны адышліся. У таксі яны не селі… Пехатой пайшлі цераз плошчу. Пра нешта гамоняць і кіруюць у бок Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ… Вось дзе нечаканасць, вось дзе цуд: абодва зайшлі ў царкву!.. Наўрад ці паліцэйскі, які бачыць, што злодзей сам лезе ў пастку, адчувае такую радасць, як я ў той момант. Я аж задыхаўся ад радасці. Я зноў трохі пачакаў — яны маглі хутка вярнуцца: сын мой блізарукі, затое ў зяця вочы як у ястраба. Я ледзьве прымусіў сябе пастаяць пару хвілін на тратуары, а потым таксама падаўся ў царкву.

Было гэта ў пачатку першай гадзіны. Асцярожна прайшоўся я па цэнтральным нефе. Людзей было мала, і хутка я пераканаўся, што тых, каго я шукаў, тут не было. На нейкае імгненне я засумняваўся: можа, яны бачылі мяне і зайшлі сюды, каб заблытаць сляды, а самі выйшлі цераз бакавыя дзверы. Я павярнуў назад і, хаваючыся за вялізнымі калонамі, пайшоў па правым бакавым прыдзеле. І раптам у самым цёмным кутку, у глыбокай нішы, я ўбачыў іх. Абодва сядзелі на крэслах, а пасярод іх затаілася яшчэ адна згорбленая, пакорлівая асоба. Прысутнасць гэтага чалавека мяне зусім не здзівіла. Некалькі хвілін назад у кавярні я чакаў, што менавіта гэты нікчэмны чарвяк Рабэр падпаўзе да століка майго законнага сына.

Я прадчуваў такую здраду, але ўсё адганяў ад сябе гэтую думку. Пасля самай першай сустрэчы з Рабэрам мне стала ясна, што ў гэтага шчанюка, гэтага раба не хопіць адвагі, каб паслухацца мяне. Дапускаў я і тое, што маці гэтага дурня, якая занадта добра помніць свае непрыемнасці з прадстаўнікамі правапарадку, напэўна ж будзе раіць сыну ўпотай згаварыцца з маёй сям'ёй і прадаць мой сакрэт як мага даражэй… І шкада, і агідна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго заціснулі гэтыя два кіты! Адзін з іх — Альфрэд — неблагі хлопец, як кажуць. Думае толькі пра сваю выгаду, далей свайго носа нічога не бачыць (што, зрэшты, ідзе яму на карысць). А вось другі — сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць і празорлівасць, і асцярожнасць, і вострыя іклы, і выключная ўладарнасць над людзьмі (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны… Я сачыў за імі з-за калоны так, як глядзіш часам на барацьбу павука і мухі, калі ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загіне і павук і муха. Рабэр усё ніжэй і ніжэй схіляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусіць, бадзёра: «Усё дзелім папалам!» Гэты звярок, бачыце, убіў сабе ў галаву, што сіла на яго баку… Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусілі, і не табе цяпер ставіць умовы… І толькі я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць і непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны Бог! Я збіраўся знішчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, і ціхенька смяяўся.

Прайшло яшчэ хвілін дзесяць, і Рабэр зусім анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбэр, — відаць, аддаваў распараджэнні, а малады чалавек пакорліва слухаў і ўгодліва ківаў галавой. Ён усё больш горбіўся: спіна была ўжо зусім круглая. Альфрэд разваліўся ў саламяным крэсле, закінуў нагу на нагу і зрэдку задаволена адкідаў назад галаву, і я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.

Нарэшце яны ўсталі і не спяшаючыся пайшлі да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нібы злодзей паміж двума жандарамі. Нязграбнымі чырвонымі рукамі камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. І ў той самы момант, калі я падумаў, што больш тут ужо ніхто мяне нічым не здзівіць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда і Рабэра, апусціў руку ў крапільніцу са «святой вадой», павярнуўся да алтара і ўрачыста перахрысціўся.


Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за імі далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра раніцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усім згодны, і будзе прасіць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу ў мяне яшчэ хапае… Я стаміўся і прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром… «святая вада…». Вось што ашаламіла мяне, вось што балюча параніла мяне і засланіла сабой усё астатняе!..

Маладзенькая, сціпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкі клуначак і стала на калені. Я добра бачыў яе профіль, крыху схіленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на які так урачыста хрысціўся Хюбэр…

Зайшлі два семінарысты. Адзін высокі, худы, — ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другі быў невялічкага росту, з пухленькім дзіцячым тварам. Яны таксама ўкленчылі і застылі. Вочы іх умольна ўпіваліся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. «Ну што, — думаў я, — нічога тут асаблівага няма, акрамя цішыні, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен…» І зноў мой позірк спыніўся на твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былі заплюшчаныя. У яе былі доўгія вейкі, і мне ўспомніліся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калі яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусім блізка, побач са мной, і разам з тым бясконца далёка ад мяне, існуе невядомы мне свет дабрыні… Іза часта гаварыла мне: «Ты бачыш усюды благое, адно толькі благое…» Гэта было і праўда, і няпраўда.


XVI


Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасці, свабоды, упэўненасці даўно я не адчуваў. Нібы здрада Рабэра не толькі не перакрэсліла ўсіх маіх планаў, а, наадварот, паспрыяла ім. У маім узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвіліну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фізіялагічныя. Міф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печані. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую ісціну? Боль пакінуў мяне. Я з задавальненнем з'еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялікі і не давядзецца траціць грошы на другія стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру — тады і пад'ясі, і танна заплаціш.

Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стаміўся і не магу засяродзіцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкімі планамі? Лепш за ўсё — экспромт. Не хацеў я нічога планаваць і ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хіба гэта не ўцеха, хіба гэта не радасць — пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, і не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду… Жорсткі я ці не? Бадай, жорсткі. Але не болей, чым іншыя, чым дзеці ці жанчыны. Жорсткі — як і ўсе (і тут мне ўспомнілася маладзенькая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) — як і ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.

Я вярнуўся на таксі ў свой пакойчык на вуліцы Брэа і прылёг адпачыць. Студэнты, якія займалі большасць пакояў у гэтым доме, раз'ехаліся на вакацыі. Было ціха і спакойна. І ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй і не вельмі чыстымі фіранкамі ніяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылі Генрыха II паадклейваліся маленькія кавалачкі драўлянай разьбы. Чыясьці дбайная рука сабрала іх і паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на каміне. На глянцавітых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкі, абліцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру… Вось такое тут было «абсталяванне» — узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскіх прэтэнзій.


Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой Рабэраву маці. Яна лісліва ўсміхалася. І калі б нават я нічога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькі гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкі. Празмерная ласкавасць, угодлівасць — надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсміхнуўся і пахваліўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такі тоўсты нос. Прыгожы круглы роцік тады быў запоўнены двума радамі моцных белых зубоў, якія атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсміхнулася, і я ўбачыў устаўныя сківіцы. Яна, мусіць, ішла хутка, спацела, і едкі пах поту перабіваў нават «водар» ад прыгожай начной тумбачкі. Я папрасіў яе шырэй адчыніць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна і насцеж расчыніла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмешкай і прашчабятала, што цяпер, калі я паправіўся, Рабэр поўнасцю гатовы да «той самай справы». Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўдні. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкі не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросіцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна і не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.

Яна моцна здзівілася, калі я рашуча запярэчыў і сказаў, каб Рабэр не звальняўся з працы яшчэ некалькі тыдняў. Развітваючыся, яна паабяцала зайсці да мяне заўтра разам з сынам, але я адказаў, што буду чакаць Рабэра аднаго і хачу пагаварыць з ім сам-насам, каб лепш, глыбей пазнаёміцца з юнаком і навучыць яго сяму-таму… Бедная дурніца не магла схаваць сваёй заклапочанасці: яна, вядома, баялася, каб сын не выдаў сябе. Аднак, калі я гавару сваім прывычным рашучым голасам і свідрую субяседніка сваім суровым позіркам, ніхто і не адважыцца спрачацца са мною. Вось так, дарагая, сама ж падвучыла сынка пайсці на змову з маёй сям'ёй!.. Я вельмі добра ведаў гэтага баязліўца, гэтага недарэку, каб уявіць сабе, як заўтра будзе ён калаціцца перада мной.


Калі назаўтра раніцай няшчасны Рабэр пераступіў мой парог, я адразу зразумеў, што адпакутаваў ён за гэтую ноч больш, чым я мог меркаваць. Павекі яго пачырванелі, апухлі, - спаць яму, відаць, ні хвілінкі не давялося. Па-зладзейску бегалі вочкі… Я запрасіў яго сесці і са спачуваннем сказаў, што мне не падабаецца яго хваравіты выгляд. Словам, я быў з ім лагодны, амаль пяшчотны. З зайздросным адвакацкім красамоўствам я пачаў маляваць яму карціны райскага бесклапотнага жыцця, якое адкрывалася перад ім. Я куплю яму ў Сэн-Жэрмэне дом, парк гектараў на дзесяць. Усе пакоі ў доме будуць абстаўлены старадаўняй мэбляй. У парку — сажалка, у ёй — цудоўная рыба. На двары — гараж на чатыры аўтамабілі. Адна за адной на маладога чалавека сыпаліся ўсё новыя і новыя спакусы. Калі я загаварыў пра аўтамабіль і прапанаваў купіць машыну самай лепшай амерыканскай маркі, трэба было бачыць, якія пакуты цярпеў гэты чалавек. Хутчэй за ўсё ён паабяцаў не прымаць ад мяне пры жыцці ніводнага франка.

— Больш цябе ўжо ніхто і нішто не патрывожыць, — дадаў я. — Купчую падпішаш сам. Я ўжо адклаў і ў панядзелак перадам табе некаторыя каштоўныя паперы, ад якіх ты будзеш мець гадавую рэнту сто тысяч франкаў. З такой сумай можна пакуль што спакойна жыць. А асноўная частка майго капіталу — у Амстэрдаме. На наступным тыдні мы з табой з'ездзім туды і аформім усе дакументы… Пачакай, Рабэр, што з табой?..

Ён прамармытаў:

— Не, не трэба… Я нічога не вазьму ад вас… пакуль вы будзеце жыць… Не хачу я вас абкрадаць… Не хачу… Не трэба…

Ён стаяў, абапёршыся аб шафу, і грыз пазногці на левай руцэ. Я пранізваў яго сваім пільным позіркам, якога так баяліся ў судзе. Бывала, у некаторых падсудных падкошваліся ногі ад такога погляду, і яны падалі на рукі жандараў…

А ў глыбіні душы я быў нават удзячны Рабэру. Цяпер я мог жыць свабодна, незалежна ад яго. А магло ж так здарыцца, што дажываў бы я свой век разам з гэтым чарвяком. Не было ў мяне да яго і нянавісці. Я вырашыў адкінуць яго са сваёй дарогі і не рабіць яму нічога благога. І ўсё ж я не мог адмовіць сабе ў асалодзе трохі пазабаўляцца з ім:

— Як гэта прыгожа, Рабэр! Ты мяне парадаваў. Мяне вельмі кранула, што ты хочаш дачакацца маёй смерці. Але я не прыму такой ахвяры. У панядзелак ты атрымаеш усё, што я абяцаў, а да канца тыдня я перавяду на тваё імя астатнюю частку капіталу (ён замахаў рукамі, скрывіўся, нешта замармытаў). Як гэта разумець, Рабэр?! Мне ўсё гэта надакучыла! Або ты згадзішся, або зусім нічога ад мяне не атрымаеш, — суха адрэзаў я.

Ён адвёў убок вочы і папрасіў пачакаць некалькі дзён, — хацеў выйграць час, каб напісаць у Бардо і атрымаць адтуль адпаведныя ўказанні. Ах ты ідыёт няшчасны!

— Рабэр, ты мяне здзіўляеш. Не разумею я цябе…

Я акінуў яго, як мне здавалася, лагодным позіркам. Якая там лагоднасць?! — Вочы ў мяне яшчэ горшыя, чым я сам. Рабэр ледзь чутна прашаптаў:

— Чаму вы на мяне так гледзіце?

— Чаму я на цябе так гляджу? — перапытаў я, міжволі перадражніваючы яго. — А ты, чаму ты не можаш глядзець мне проста ў вочы?

Людзі, якіх усе любяць, ад прыроды ўмеюць знаходзіць менавіта тыя словы і жэсты, якія прыцягваюць усе сэрцы. А я ўжо так прывык выклікаць ва ўсіх страх і нянавісць, што ў мяне і вочы, і бровы, і голас, і нават смех толькі падкрэсліваюць маю бессардэчнасць. Так было і цяпер: я хацеў надаць свайму позірку лагоднасці, паблажлівасці, а няшчасны хлапец курчыўся ад страху. Я ўсміхнуўся, а ён успрыняў маю ўсмешку як злавесны знак бяды. І нарэшце — так апошнім ударам дабіваюць жывёліну — я нечакана спытаўся:

— Ну, а тыя, колькі ж паабяцалі яны?

Ашаломлены юнак з жахам і адчаем глянуў на мяне: «Х-хто т-тыя?.. Хто па-а-бяцаў?»

— Як хто? А тыя два месье: адзін — тоўсты, другі — тонкі.

Мне ўжо хацелася хутчэй скончыць гэтую размову. Агідна было працягваць такую гульню, але ж не адразу неяк адважышся раздушыць абцасам сараканожку…

— Ды супакойся ты! — сказаў я нарэшце. — Я дарую табе.

— Гэта не я… Я не хацеў… Гэта…

Я заціснуў яму рот рукой. Не хапала яшчэ, каб гэты чарвяк абвінаваціў ва ўсім сваю маці.

— Ціха! Не трэба нікога называць… Ну, колькі абяцалі? Мільён? Пяцьсот тысяч? Меней? Немагчыма! Трыста тысяч? Дзвесце?

— Не, — жаласна запішчаў ён. — Нам абяцалі рэнту. Гэта нас і спакусіла, гэта надзейней. Дванаццаць тысяч франкаў у год.

— З сённяшняга дня?

— Не, калі яны спадчыну атрымаюць. Яны ж не маглі дадумацца, што вы можаце ўсё ўжо цяпер пакласці на маё імя. А цяпер позна ўжо… Цяпер яны мяне адразу ў суд… Хіба што ўсё схаваць ад іх… Ах, які я быў дурань!.. Вось мне і кара…

І ён уткнуўся галавой у мой ложак і заліўся горкімі слязьмі. Адна рука яго бездапаможна павісла, вялікая чырвоная рука, налітая кроўю…

— Як-ніяк, а я ж ваш сын, — стагнаў ён. — Не адракайцеся ад мяне…

І нязграбным рухам ён паспрабаваў абняць мяне за шыю. Я даволі далікатна не даў яму гэтага зрабіць. Потым падышоў да акна і сказаў:

— З першага жніўня ты і твая маці будзеце атрымліваць паўтары тысячы франкаў у месяц. Я паклапачуся, каб гэтая рэнта выдавалася да канца твайго жыцця. Калі спатрэбіцца, яе перавядуць на імя тваёй маці. Мая сям'я ні ў якім разе не павінна ведаць, што я раскрыў вашу змову ў царкве Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ. (Ён аж падскочыў, калі пачуў гэтую назву.) Думаю, няма патрэбы папярэджваць цябе, што, калі ты не зможаш утрымаць язык за зубамі — страціш усё. І яшчэ. Я змагу табе аддзячыць, калі ты будзеш трымаць мяне ў курсе ўсяго таго, што будзе задумвацца супраць мяне.

Цяпер-то ён добра ведаў, як цяжка ад мяне што-небудзь утаіць і як дорага будзе каштаваць яму яшчэ адна здрада. Я даў зразумець, што не жадаю больш бачыць ні яго самога, ні яго маці. Пісаць яны мне могуць да запатрабавання ў тое самае паштовае аддзяленне.

— Калі ад'язджаюць з Парыжа твае супольнікі?

Ён запэўніў мяне, што яны паехалі ўчора вечарам. Я рэзка спыніў яго, калі ён пачаў расшарквацца, дзякаваць і даваць абяцанні. Ён, вядома, быў ашаломлены: нейкае казачнае бажаство, якому ён здрадзіў, то ўзнімала яго да нябёс, то кідала ў бездань, то зноў падхоплівала… Сабой ён ужо не валодаў і аддаў усяго сябе ў рукі гэтаму бажаству. Выгнуўшы спіну, утуліўшы хвост, гэты сабака паўзком выносіў костку, якую я кінуў яму… Раптам ён спахапіўся і спытаўся, як і цераз каго ён будзе атрымліваць рэнту.

— Ты яе атрымаеш. Я заўсёды выконваю свае абяцанні. Астатняе — не твая справа!..

Рука яго ўжо была на клямцы, а штосьці не давала яму пайсці. У поўнай нерашучасці ён загаварыў:

— Добра было б цераз якую-небудзь страхавую арганізацыю… ну, нібыта гэта пажыццёвая рэнта ці яшчэ што-небудзь такое… Так было б спакайней…

Я з усёй сілы выпхнуў яго за дзверы.


XVII


Я абапёрся аб камін і машынальна пачаў лічыць кавалачкі драўлянай разьбы, што ляжалі ў бронзавым кубачку.

Колькі марыў я пра гэтага незнаёмага сына! Усё маё бязрадаснае жыццё мяне ніколі не пакідала адчуванне, што ён ёсць, падрастае, мужнее. Дзесьці ёсць у мяне сын, мой сын, я знайду яго, калі захачу, і, можа, хоць ён стане мне ўцехай. Жыве ён не ў раскошы, але ад гэтага ён мне яшчэ бліжэйшы: мне прыемна было думаць, што ён нічым не будзе нагадваць майго законнага сына Хюбэра. Мне бачыўся ён простым, здаровым, дужым — вартасці, якія так шануюць у народзе… Словам, на яго я ставіў сваю апошнюю карту. Я цвёрда ведаў: калі і яна будзе бітая, то больш чакаць ад гэтага жыцця мне не будзе чаго, — застанецца толькі скруціцца ў клубочак, адвярнуцца да сцяны і чакаць смерці… За сорак гадоў, як мне здавалася, я звыкся з нянавісцю — мяне ненавідзелі, і я ненавідзеў. А аказалася, як і ўсе людзі, я песціў у душы іскрынку надзеі і, як мог, ашукваў свой душэўны голад… да самай апошняй мяжы… А цяпер усё было скончана.

Цяпер я пазбаўлены нават ганебнай асалоды строіць планы, як пазбавіць спадчыны тых, хто хацеў мне ліха. Рабэр навёў іх на мой след: у рэшце рэшт яны знойдуць усе мае сейфы, нават тыя, якія запісаны на чужое імя. А можа, прыдумаць яшчэ што-небудзь? Эх! Пажыць бы яшчэ ды ўсё растраціць! А потым памерці… і каб у іх не было нават чым заплаціць за маю самую танную труну… Але пасля такога жыцця, калі ўсё падлічвалася да апошняга сантыма, ашчаджалася, эканомілася — хіба можна пасля такога жыцця стаць марнатраўцам?! Ды яшчэ ў маім веку!.. А дзеткі мае, канешне ж, будуць сачыць за кожным маім крокам. Не, не магу я кідаць грошы на вецер — гэта дало б небяспечную зброю маёй сямейцы… Трэба было пачынаць усё гэта раней, памалу, паціху… А цяпер — паспрабуй, разарыся! Куды ты падзенеш свае капіталы? Ах, забраць бы іх з сабой у магілу, і там сціскаць у абдымках гэтае золата, гэтыя купюры! І даказаць усім святым, што багацце зямное можа паслужыць і на тым свеце!

А можа, стаць шчодрым дабрачынцам? Узяць ды паслаць у канторы грамадскай апекі або ў манастыры ахвяраванні ад добрага чалавека, які захацеў застацца невядомым? Магу ж я нарэшце забыцца пра сваіх ворагаў і падумаць пра іншых людзей?.. Але самае страшнае ў тым, што старасць — гэта вынік цэлага жыцця, вынік канчатковы, у якім немагчыма памяняць ніводнай літары, ніводнай лічбы, ніводнай коскі… Шэсцьдзесят восем гадоў ляпіў я з сябе гэтага старога, перапоўненага нянавісцю да сваіх блізкіх… Такім я і памру. Якім зрабіла мяне жыццё, такім я і застануся! А як хацелася б стаць другім! О, Божа, калі ты ёсць!..


Вечарэла. Прыйшла служанка, паслала мне пасцель, а аканіц не зачыніла. Я лёг. Вулічны тлум і святло ліхтароў не перашкаджалі мне драмаць. Не раз я прачынаўся, — як у вагоне, калі цягнік спыняецца, — і зноў засынаў. Я не адчуў сябе хворым, і ўсё ж мне здавалася, што варта толькі затаіцца і пачакаць, як сон гэты зробіцца вечным.

Мне заставалася зрабіць распараджэнні, каб Рабэру выплачвалі рэнту, ды схадзіць на пошту і забраць пісьмы, калі яны там ёсць. Ужо тры дні я туды не заходзіў. Цяпер не зробіць гэтай паслугі і Рабэрава маці. Гэтае чаканне невядомага, можа, самага важнага, самага патрэбнага пісьма!.. Яно застаецца заўсёды з намі, нягледзячы ні на што! Вось вам доказ таго, што нельга ніколі чалавека пазбавіць надзеі! Нікому не вырваць з нас гэтага жывучага пырніку!..

Назаўтра я ўстаў апоўдні. Думка пра пісьмы надала мне сілы, і я пайшоў на пошту. Ішоў дождж, у мяне не было з сабой парасона, і таму я стараўся трымацца ля самай сцяны. Мусіць, нешта я рабіў не так: прахожыя паварочваліся, прыглядаліся да мяне. А мне хацелася крыкнуць ім: «Што вы на мяне гледзіце? Што ўва мне незвычайнага? А можа, вы думаеце, што я вар'ят? Ну, тады нікому не гаварыце, а то мае дзеткі адразу схопяцца за гэта. Ды не глядзіце вы на мяне гэтак: я такі, як і ўсе, — вось толькі родныя дзеці мяне ненавідзяць і я мушу бараніцца ад іх. Але гэта зусім не значыць, што перад вамі вар'ят. Часам я бываю ўзбуджаны — гэта ад лякарстваў: я хварэю на грудную жабу. Я гавару сам з сабою. Ну і што? Я заўсёды адзін. А чалавеку абавязкова трэба з кім-небудзь гаварыць. Дык што ж тут незвычайнага, калі адзінокі чалавек нешта мармыча і робіць нейкія жэсты».


У пакеце, які мне выдалі на пошце, былі плацёжныя паведамленні, некалькі пісем з банкаў і тры тэлеграмы. У тэлеграмах хутчэй за ўсё пойдзе гаворка пра нейкае маё распараджэнне на біржы, якога маклер не змог выканаць. Я вырашыў зайсці ў якую-небудзь забягалаўку паблізу і там азнаёміцца з поштай.

За доўгімі сталамі сядзелі выпацканыя ў мел і цэмент муляры. Гэта былі людзі самага рознага ўзросту. Яны паволі дажоўвалі свае невялікія порцыі, запіваючы абед літрам віна, і амаль усе маўчалі. Яны працавалі з самай раніцы пад дажджом. З паловы другой ім зноў брацца за працу. Быў канец ліпеня. На вакзалах — натоўпы людзей… Цікава, ці зразумелі б муляры мае пакуты? Напэўна. Хіба я, стары адвакат, мог сумнявацца ў гэтым? Ужо на першым сваім працэсе я сутыкнуўся з даволі тыповай з'явай: сыны не хацелі карміць свайго старога бацьку, перасварыліся паміж сабой, і кожны стараўся прагнаць бедачыну ад сябе. Праз кожныя тры месяцы стары мяняў свой прытулак. Усюды яго пракліналі. Сыны адкрыта наклікалі на яго смерць, дый сам ён чакаў сваёй пагібелі як паратунку… А колькі разоў пасля гэтага даводзілася мне ўмешвацца ў такія вось жорсткія гісторыі: стары бацька доўга супраціўляецца і не хоча выпускаць з рук сваё дабро. А дзеткі просяць, моляць, залатыя горы абяцаюць… Нарэшце стары не вытрымлівае і ўсё аддае, а дзеці потым мораць яго работай, голадам і зжываюць са свету… Нешта падобнае адчуў, відаць, на сваёй скуры вунь той стары худы, бяззубы муляр, які сядзіць за два крокі ад мяне і марудна перацірае хлеб голымі дзяснамі…

Цяпер нікому не дзіва, што я, добра апрануты дзядок, сяджу ў гэтай забягалаўцы. Я жаваў кавалачак белага трусінага мяса і глядзеў, як навыперадкі, адна за адной збягаюць па шыбе кроплі дажджу. Потым паспрабаваў разабраць прозвішча гаспадара, якое было напісана на тым баку вітрыны. Я палез у кішэнь па насоўку і намацаў сваю пошту. Надзеў акуляры і пачаў чытаць першую, што папалася ў рукі, тэлеграму: «Пахаванне мамы заўтра дваццаць трэцяга ліпеня адпяванне дзевяць гадзін царква Сэн-Луі». Адправілі тэлеграму сёння раніцай, а тыя дзве былі пасланы пазаўчора з прамежкам у некалькі гадзін. У адной паведамлялася: «Мама захварэла пры смерці вяртайся», а ў другой: «Мама памерла…» Усе тры падпісаны Хюбэрам.

Я скамячыў тэлеграмы і не кінуў есці. Адна толькі думка свідравала мяне: ці хопіць сілы сесці на вячэрні цягнік і даехаць дадому? І толькі пасля мяне ашаламіла. Як? Я перажыў Ізу?.. Ды я ж даўно ўжо адной нагой у магіле! Ніхто, ну ніхто на свеце — а я і пагатоў — не сумняваўся, што я першы лягу ў труну… Усе мае планы, выдумкі, хітрыкі — усё гэта было скіравана на тыя дні, якія прыйдуць пасля маёй смерці… Іза… Яна мне бачылася толькі так: трохі заплаканая ўдава ў доўгай крэпавай вуалі, якая замінае ёй адамкнуць сейф… А тут!.. Каб сонца пайшло ў другі бок, я не так здзівіўся б, не ўстрывожыўся!.. Тым не менш ува мне загаварыў дзелавы чалавек. Я пачаў разбірацца, узважваць, што і як у гэтым становішчы можна выкарыстаць супраць маіх ворагаў… Вось што мяне турбавала аж да самага моманту, калі цягнік застукаў па рэйках. А тады запрацавала мая фантазія: я ўявіў сабе Ізу на смяротным ложы і пачаў думаць, што адбывалася каля яго ўчора і пазаўчора. Да драбніц узнаўляў у памяці жончын пакой у Калезе (я не ведаў, што яна памерла ў Бардо). Я прашаптаў: «Ужо, напэўна, паклалі ў труну…» — і да мяне прыйшло нейкае мярзотнае пачуццё палёгкі. А то я ж не ведаў бы, як паводзіць сябе пад пільнымі, варожымі позіркамі дзяцей. Цяпер пытанне вырашана. Ну, а што да пахавання, то тут усё спрашчаецца: я прыеду і адразу, вядома, звалюся. Прысутнічаць на пахаванні ў мяне проста не будзе сілы. Цяпер вунь ледзьве даплёўся да ўмывальніка. Але немачы сваёй я цяпер не баяўся: раз памерла Іза, значыць, мне яшчэ не скора паміраць, — сваю чаргу я прапусціў. А вось прыступу баяўся, тым больш што быў адзін у купэ. На вакзале мяне сустрэнуць (тэлеграму я даў), — хутчэй за ўсё прыедзе Хюбэр…


Не, я памыліўся. Сустрэў мяне не Хюбэр. Як жа мне палягчэла, калі я ўбачыў перад сабой тоўсты, змучаны ад бяссонніцы твар Альфрэда. Ён, здавалася, трохі спалохаўся, калі ўбачыў мяне. Я мусіў узяць яго пад руку і не мог без яго дапамогі сесці ў машыну. Дажджлівым ранкам ехалі мы па сумных вуліцах квартала, дзе былі гарадскія бойні і школы. Распытваць патрэбы не было, Альфрэд сам падрабязна пра ўсё расказаў: і як Іза без прытомнасці ўпала ў гарадскім скверы, і як яе перанеслі ў аптэку паблізу, а потым павезлі дамоў, і як цяжка было несці грузнае цела на другі паверх, і як пусцілі ёй кроў, зрабілі пункцыю… У яе было кровазліццё ў мозг, але ўсю ноч яе не пакідала прытомнасць. Знакамі яна настойліва клікала мяне, а потым заснула вечным сном. Гэта адбылося ў той самы момант, калі святар прынёс святы ялей. «Але яна прычашчалася напярэдадні…»

Машына спынілася перад нашым пад'ездам. Ён быў ужо задрапіраваны чорнай тканінай. Альфрэд спяшаўся, казаў, што можа не паспець пераапрануцца для жалобнай цырымоніі. Але яму такі давялося дапамагчы мне вылезці з машыны і правесці мяне да першых прыступак.

Я не пазнаў нашай пярэдняй. Сцены — чорныя, усюды гараць свечкі, гара кветак, дзве нерухомыя манашкі… Я зажмурыўся. Усё было чужое, незвычайнае, дзіўнае, як у сне. Ад гэтых жалобных тканін, кветак, свечак да штодзённага жыцця вяла звычайная лесвіца з пацёртай дывановай дарожкай…

Па лесвіцы спускаўся Хюбэр. Строгі фрак надаваў яму яшчэ большую сур'ёзнасць, саліднасць. Ён падаў мне руку і штосьці сказаў. Але як далёка быў яго голас!.. Я хацеў адказаць яму, а змог толькі паварушыць губамі… Язык мяне не слухаўся. Хюбэр нахіліўся да мяне, яго твар зрабіўся вялізным, і я праваліўся ў чорную бездань. Потым мне сказалі, што я самлеў і быў у непрытомнасці хвіліны тры, не болей. Апрытомнеў я ў маленькім пакойчыку, дзе ў гады маёй адвакацкай дзейнасці была пачакальня. Ад нюхальных соляў заказытала ў носе. Пачуўся голас Жэнеўевы: «Зараз яму палягчае…» Я расплюшчыў вочы і ўбачыў схіленыя нада мной твары. Як жа яны змяніліся: адны былі апухлыя, чырвоныя, другія — зеленавата-бледныя. Таўстуха Яніна здавалася равесніцай нябожчыцы. Асабліва пабрыдчэў ад слёз Хюбэр: твар яго стаў зусім непрыгожы, але выраз яго быў, як у дзяцінстве, калі Іза брала яго на калені, супакойвала і гаварыла: «Ну, ну, мой маленькі, гора ў яго, гора ў майго харошага хлопчыка…» Адзін толькі Філі не змяніўся: твар у яго быў як заўсёды прыгожы і абыякавы. На маладым чалавеку красаваўся той самы фрак, у якім ён цягаўся па ўсіх рэстаранах Парыжа і Берліна. Так, мусіць, выглядае гэты басяк, калі едзе на чарговую вечарынку ці вяртаецца з начной гулянкі, п'яны і расхлябаны (вунь нават вузел на гальштуку не паспеў як след завязаць). За Філі стаялі нейкія жанчыны пад жалобнымі вуалямі, - я не мог пазнаць іх. Можа, гэта была Алімпія з дочкамі. У прыцемку бялелі нечыя накрухмаленыя манішкі.

Жэнеўева паднесла да маіх губ шклянку. Я зрабіў некалькі глыткоў і сказаў, што мне палепшала. Ласкавым і добрым голасам дачка спыталася, ці не хачу я легчы ў пасцель. Я адказаў першае, што мне прыйшло ў галаву:

— Я хацеў бы праводзіць яе да магілы, раз ужо не суджана мне было развітацца з ёю жывою…

Як той акцёр, што спрабуе знайсці правільную інтанацыю, я паўтараў: «Раз не суджана мне было развітацца з ёю жывою… развітацца з ёю жывою… жывою…», раптам гэтыя звычайныя словы, сказаныя толькі дзеля прыстойнасці, дзеля таго, каб падмацаваць маю ролю на пахаванні жонкі, - раптам гэтыя словы з магутнай сілай абудзілі ўва мне тое самае пачуццё, якое яны і павінны былі выказаць. І да мяне дайшло тое, чаго ніяк не хацеў прымаць мой розум: больш ніколі не спаткаю, не ўбачу я Ізы, і ніколі не мець нам душэўнай размовы, і ніколі не прачытае яна гэтых старонак!.. Навекі ўсё застанецца так, як было ў Калезе, калі мы гутарылі з ёю апошні раз… Нічога цяпер ужо не паправіш, не пераробіш… Яна памерла, так і не ведаючы, што быў я не толькі вылюдкам і катам, што жыў ува мне і другі чалавек… Божа! Нават калі б я прыехаў у самую апошнюю яе хвіліну, нават калі б мы не сказалі слова адно аднаму, яна ўбачыла б гэтыя слёзы, якія цяпер ліліся па маіх шчоках, і адышла б на вечны спакой, гледзячы на маю тугу і адчай…

А цяпер толькі нашы дзеці ў здранцвенні глядзелі на гэтае відовішча. Напэўна, ніколі ў сваім жыцці яны не бачылі, каб я плакаў. Гэты старэчы грозны, люты твар, гэтая страшная галава Медузы[12], чыйго погляду ніхто не мог вытрымаць, на вачах мяняўся і рабіўся чалавечым.

Я пачуў, як нехта сказаў (здаецца, гэта была Яніна):

— Каб вы не паехалі, можа… Чаму вы паехалі?

Чаму я паехаў? А хіба я не паспеў бы вярнуцца? Паспеў бы, калі б далі тэлеграму не да запатрабавання, а на вуліцу Брэа!.. Хюбэр неасцярожна дадаў:

— Паехаць і нават не пакінуць адраса… Дзе шукаць, куды пісаць?..

І тут цьмяная дагэтуль здагадка стала ўпэўненасцю. Абапёршыся абедзвюма рукамі на падлакотнікі крэсла, я прыўстаў і, калоцячыся ад гневу, закрычаў Хюбэру:

— Няпраўда!

Ён замармытаў:

— Бацька, апамятайся!

— Так, так! Вы ўсе махляры!.. Вы ведалі мой адрас! Паглядзі мне ў вочы, нягоднік, і паспрабуй сказаць, што вы не ведалі адраса!

Хюбэр спрабаваў запярэчыць:

— Адкуль жа нам было яго ведаць?..

— А хіба ты не сустракаўся з чалавекам, з якім я меў справы ў Парыжы?! Не сустракаўся?! Няўжо ў цябе і на гэта павернецца язык?!

Усе акамянелі і са страхам глядзелі на мяне. Хюбэр апусціў галаву, як хлапчук, злоўлены ў падмане.

— Дарэчы, не дорага вы яму заплацілі за здраду! Не вельмі вы шчодрыя, дзеці мае! Дванаццаць тысяч гэтаму няшчаснаму за тое, што ён аддаў вам такое багацце! Гэта ж амаль нічога!

Я зарагатаў і моцна закашляўся. Дзеці анямелі. І толькі Філі выціснуў праз зубы: «Гнусная гісторыя!..»

А я гаварыў далей, і кожнае маё слова выкрывала іх. Панізіў толькі голас, калі заўважыў умольны сынаў жэст:

— Гэта вы вінаватыя, што я не развітаўся з ёю. Вы ведалі пра кожны мой крок, але вам трэба было, каб я нічога не западозрыў. Вы хаваліся ад мяне. Калі б вы паслалі тэлеграму на вуліцу Брэа, я адразу зразумеў бы, што мне здрадзілі. І нічога на свеце не магло вас прымусіць зрабіць гэта, нават апошняя просьба вашай маці! Вы яе, вядома, шкадавалі, але пайшлі напралом…

Вось што я ім сказаў, прыгадаўшы і яшчэ большыя грахі. Хюбэр пачаў упрошваць сястру:

— Прымусь яго змоўкнуць, Жэнеўева! Прымусь! Людзі ж могуць пачуць!..

Жэнеўева абняла мяне за плечы і зноў пасадзіла ў крэсла.

— Не трэба, бацька! Супакойся, прашу цябе! Не час цяпер на гэта… Потым на свежую галаву пагаворым… Імем маці нашай заклінаю… Яна яшчэ тут, у труне…

Смяротна бледны Хюбэр прыклаў палец да губ: зайшоў кіраўнік пахавальнай цырымоніі са спісам важных асоб, якія ў жалобнай працэсіі павінны былі ісці побач з катафалкам. Я ўстаў і зрабіў некалькі крокаў. Сям'я расступілася перада мной, і я, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй. Ледзьве-ледзьве хапіла мне сілы дайсці да пакоя, дзе ляжала нябожчыца. Ад дзвярэй да труны дарогу ярка асвятлялі свечкі. З неймавернай цяжкасцю перастаўляючы ногі, я дайшоў да труны і ўпаў на калені. Тут да мяне падаспелі Жэнеўева і Хюбэр, дапамаглі мне ўстаць, падхапілі пад рукі і далікатна павялі. Адзін я ўжо не змог бы падняцца на другі паверх. Адна манашка згадзілася пабыць каля маёй пасцелі, пакуль ідзе цырымонія. Хюбэр рабіў выгляд, нібыта між намі нічога не адбылося. Перад тым як пайсці ён папытаўся, ці добра зрабілі, што ўнеслі ў спіс важных асоб старшыню калегіі адвакатаў. Я нічога не адказаў і адвярнуўся да акна. Там церушыўся дробны нудны дождж…

Унізе ўжо чуўся тупат ног. Відаць, увесь горад прыйдзе на пахаванне. З кім толькі мы не звязаны па лініі Фандадэжаў! А па маёй! Суд, адвакатура, банкі, увесь дзелавы свет… Мне было прыемна адчуваць, што я апраўдаў сябе перад сям'ёй і даказаў сваю невінаватасць. Я злавіў дзяцей на хлусні. Яны не адважыліся адмаўляць сваёй віны… Дом запоўніўся манатонным прыглушаным гоманам, нібы ў ім спраўлялі нейкі дзіўны, незвычайны баль без музыкі. Пачалася цырымонія развітання з нябожчыцай. А я прымусіў сябе засяродзіцца на злачынстве сваіх дзяцей: яны, і толькі яны, вінаватыя ў тым, што я не быў побач з Ізай у яе смяротны час… Але дарэмна нагнятаў я ў сабе сваю старую нянавісць. (Так бывае з загнаным канём: прышпорвай яго, не прышпорвай — а ён ужо нікога не слухаецца.) Сэрца маё памякчэла, полымя нянавісці прытухла… Чаму? Можа, таму, што я адпачыў… А можа, ад таго, што апошняе слова было за мной…

Да мяне перасталі даносіцца жалобныя песнапенні святароў. Усё далей і далей адыходзіла пахавальная працэсія… Пайшла мая Іза ў свой апошні шлях… І ў нашым вялікім доме ўсталявалася глыбокая цішыня… За катафалкам пайшлі ўсе: дзеці, сваякі, слугі. У доме засталіся толькі я ды манашка, якая сядзела ля мяне і чытала малітвеннік.

Цішыня зноў навеяла на мяне горкую тугу вечнай разлукі, непапраўнай страты. Зноў балюча сціснулася сэрца. Усё было скончана. Позна. Нічога мы з Ізай больш не скажам адно аднаму. Усё…

Я ляжаў у пасцелі і тупа глядзеў на мэблю ў стылі Людовіка XIII, якую мы з Ізай выбіралі ў дзень нашых заручын. Гэтыя рэчы доўга служылі ёй, пакуль не перайшла да яе па спадчыне матчына мэбля. Вось гэты сумны ложак, ложак нашай бяды і няшчасця…


Усе вярнуліся з могілак. Да мяне зайшлі Хюбэр і Жэнеўева. Я зразумеў, што ніяк не могуць яны прывыкнуць да майго твару, залітага слязьмі. У жалобным маўчанні стаялі яны ля майго ложка. Дзіўна неяк выглядаў Хюбэр: яшчэ толькі поўдзень, а ён у фраку — у вячэрнім уборы. А Жэнеўева — нібы чорная вежа, на якой вылучалася толькі белая хусцінка. Адкінутая вуаль адкрывала круглы зняможаны твар… Гора сарвала з нас маскі, і мы не пазнавалі адно аднаго.

Яны пацікавіліся маім здароўем. У голасе трывога, адчай, роспач…

Жэнеўева сказала:

— Амаль усе ішлі да самых могілак. Яе так любілі…

Я папрасіў расказаць, што было з Ізай перад смерцю.

— Ёй нездаровілася. Яна і не хавала гэтага. Можа, бедная, і прадчувала сваю смерць, бо якраз перад гэтым яна цэлы дзень не выходзіла са свайго пакоя, усё нешта перабірала, спаліла ў каміне стос пісем… Мы нават падумалі, што загарэлася сажа ў коміне…

Я перапыніў дачку і спытаўся (як жа я раней пра гэта не падумаў):

— Як ты думаеш, Жэнеўева, мой ад'езд тут не… адыграў сваёй ролі?

Жэнеўева задаволена адказала:

— Вядома, і ад'езд гэты зрабіў сваё… Мама моцна пакрыўдзілася.

— А вы ёй нічога не гаварылі?.. Ну… не расказвалі пра тое, што напалі на мой след?

Жэнеўева запытальна паглядзела на брата: ці можна паказаць, што яна зразумела, пра што ідзе гаворка. Выгляд у мяне, мусіць, быў у гэты момант люты, бо яны абое перапужаліся. І пакуль Жэнеўева дапамагала мне сесці зручней, Хюбэр паспешліва адказаў, што мама захварэла дзён праз дзесяць пасля майго ад'езду і што ўвесь гэты час яны рабілі ўсё магчымае, каб мама нічога не ведала пра наш разлад. А ці было гэта праўдай? Ён яшчэ дадаў перарывістым голасам:

— Паверце, калі б мы сказалі ёй пра гэта, то мы былі б першымі, хто вінаваты ў яе смерці…

Ён адвярнуўся, і я ўбачыў, як уздрыгваюць ад плачу сынавы плечы. Нехта прачыніў дзверы і папытаўся, ці скора будуць садзіцца за стол. Пачуўся голас Філі: «Як сабе хочаце! Я не вінаваты, што ў мяне кішкі марш іграюць». Жэнеўева выцерла слёзы і спыталася, што мне даць есці. Хюбэр паабяцаў зайсці адразу пасля абеду, — тады мы пра ўсё і пагаворым раз і назаўсёды, калі толькі ў мяне хопіць сілы выслухаць яго. Я кіўнуў галавой.

Яны пайшлі. Манашка дапамагла мне ўстаць. Я прыняў ванну, апрануўся і з'еў маленькую талерачку булёну. Не хацелася мне ўвязвацца ў гэтую бойку. На роўных яна не пройдзе: сапернік будзе шкадаваць хворага, нямоглага старога.

Калі дзеці вярнуліся, перад імі быў зусім другі чалавек, які не меў ніякай патрэбы ў іх спагадзе. Я прыняў свае лекі і трымаўся бадзёра і незалежна.

Хюбэр пераадзеўся ў звычайны касцюм, а Жэнеўева захуталася ў стары матчын халат. «У мяне няма нічога чорнага, няма ў што і апрануцца…» Яны селі насупраць мяне, і пасля некалькіх звычайных фраз, якія гавораць, пахаваўшы нябожчыка, Хюбэр пачаў:

— Я многа перадумаў.

Ён старанна падрыхтаваў сваю прамову. Гаварыў так урачыста, нібы звяртаўся да сходу акцыянераў: кожнае слова — узважана, ніякіх адступленняў, ніякіх перабольшанняў…

— Ля мамінага ўзгалоўя я праверыў сваё сумленне. Я паспрабаваў зірнуць іначай на наш разлад і паставіць сябе на тваё месца. Мы бачылі ў табе бацьку, які як можа стараецца пазбавіць спадчыны сваіх родных дзяцей, і гэта, па-мойму, робіць законнымі ўсе нашы дзеянні і ўчынкі. Прынамсі, кожны чалавек іх зразумее і прабачыць. Мы далі табе маральную перавагу над намі сваёй бязлітаснай барацьбой і сваёй…

Тут ён запнуўся, шукаў патрэбнага слова — а я ціхенька падказаў:

— …і сваёй подлай змовай.

Ён пачырванеў. Жэнеўева зашыпела:

— А чаму «подлай»? Ты ж куды мацнейшы за нас…

— Ну што вы! Якая тут моц? Хворы стары супраць зграі маладых ваўкоў…

— Гэты хворы стары, — сказаў Хюбэр, — у нашай сям'і карыстаецца вялікімі прывілеямі. Ён днямі сядзіць сабе ў пакоі, пільна сочыць за ўсім, што робіцца навокал, выведвае нашы прывычкі, слабасці і ўсё выкарыстоўвае ў сваіх эгаістычных інтарэсах. Спяшацца яму няма куды, ён грунтоўна абдумвае кожны свой удар. Ён усё ведае пра іншых, а тыя пра яго — нічога. Ён — адмысловы майстра падгледзець, падслухаць (тут я не змог стрымаць усмешкі, тады і яны ўсміхнуліся). Дык вось, — гаварыў далей Хюбэр, — у сваёй сям'і, у сваім доме людзям заўсёды бракуе асцярожнасці: спрачаюцца, крычаць, гарлапаняць і самі гэтага не заўважаюць. Залішне мы паспадзяваліся на таўшчыню сцен у нашым доме. А ёсць жа яшчэ і адчыненыя вокны…

Гэтыя намёкі трохі змякчылі наш настрой. Але Хюбэр зноў загаварыў сур'ёзным тонам:

— Я нават дапускаю, што мы маглі табе здацца злачынцамі. Я, канешне, мог бы яшчэ раз спаслацца на тое, што кожны наш крок — гэта законны сродак самаабароны, але не варта абвастраць спрэчку і падліваць масла ў агонь. Не буду я тут разбірацца і хто быў падпальшчыкам гэтай сумнай вайны. Я гатоў нават абараняць вінаватага. Але ты павінен зразумець… Ён падняўся, працёр акуляры. Твар худы, змучаны… — Ты павінен зразумець, што я змагаўся за гонар нашай сям'і, за будучыню сваіх дзяцей. Не можаш ты сабе ўявіць, якое наша становішча, — ты чалавек мінулага стагоддзя, ты жыў у тую казачную эпоху, калі разумны, абачлівы чалавек мог рабіць стаўку на надзейныя вартасці. Я, безумоўна, разумею і аддаю табе належнае: ты заўсёды быў на вышыні абставін. Ты, напрыклад, самы першы адчуў набліжэнне буры і своечасова паспеў пусціць у ход працэнтныя паперы… Але табе ўдалося гэта толькі таму, што ты быў па-за біржавымі справамі, а калі хочаш — без справы! Ты мог спакойна ацаніць становішча, усё ўзважыць і дзейнічаць. А я быў звязаны па руках і нагах… Удар быў занадта нечаканы, ніхто не паспеў апамятацца. Упершыню затрашчалі ўсе разам галіны дрэва, і не было за што ўтрымацца, і не было дзе ўратавацца…

З якім болем ён паўтараў: «Не было», «не было…» Моцна, мусіць, скруцілі яго даўгі!.. Можа, ён на краі бездані?! Але тут Хюбэр спахапіўся, што загаварыў занадта шчыра, і пачаў пераказваць агульнавядомыя ісціны: магутнае пасляваеннае абсталяванне, перавытворчасць, крызіс спажывання… Усе яго словы мяне мала цікавілі. Я ўважліва прыглядаўся да сына і бачыў, што ён перапоўнены трывогай. І ў гэтыя хвіліны я адчуў, што нянавісць мая памерла, патухла жаданне адпомсціць. А можа, усё гэта памерла ўжо даўно? Я паспрабаваў успомніць пра свае старыя крыўды, зноў распаліць у сабе агонь гневу і лютасці… Дарэмна… Навошта спрачацца з відавочным. Няпростае пачуццё нараджалася ўва мне да сына, але пераважала ў ім зацікаўленасць. Усе трывогі гэтага няшчаснага я мог супакоіць адным сваім словам!.. Як гэта ўсё было дзіўна!.. А ў вачах у мяне стаяла маё багацце… Яшчэ нядаўна яно было мэтай і сэнсам усяго майго жыцця!.. Дарэмна спрабаваў я падараваць, аддаць, згубіць яго!.. Аказваецца, я не мог нават зрабіць з ім таго, што мне хацелася!.. І вось я адкінуў гэтае багацце. Яно перастала мяне цікавіць, ніякага дачынення да яго я больш не меў… Хюбэр змоўк і пільна глядзеў на мяне праз свае акуляры: «Што гэта зноў задумаў бацька? Адкуль чакаць новага ўдару?» Вось ён ужо і падрыхтаваўся: на твары з'явілася пакутлівая грымаса, у вачах — страх і адчай, цела адкінулася на спінку крэсла, рука прыўзнялася, нібы папярэджваючы гэты чарговы ўдар… І я пачуў:

— Я прашу цябе толькі аб адным: дапамажы мне выблытацца і ўмацаваць маё становішча. Ад мамы мне сёе-тое дастанецца, але мне яшчэ трэба (ён запнуўся, баючыся назваць суму)…трэба ўсяго толькі адзін мільён. А калі ўсё наладзіцца, я тады і адзін… А зрэшты, глядзі сам. Абяцаю, што тваё слова будзе для мяне законам…

Ён праглынуў сліну і моўчкі пазіраў на мяне, але нічога не мог прачытаць на маім твары.

— Ну а ты? Як твае справы, дачка? — спытаўся я, паварочваючыся да Жэнеўевы. — У цябе, відаць, усё добра. Муж твой — мудрэц…

Жэнеўева заўсёды з сябе выходзіла, калі хвалілі мужа. Яна з абурэннем запярэчыла, што іх фірма абанкруцілася. Ужо два гады, як Альфрэд не закуплівае рому, — ён, бачыце, упэўнены, што цяпер лепш пачакаць і не пачынаць ніякіх спраў. Ім-то ёсць за што жыць, толькі вось Філі пагражае кінуць жонку і чакае толькі, каб пераканацца, што цесцеў кашалёк апусцеў.

Я разануў:

— Падумаеш, бяда вялікая!

— Канешне, Філі — падонак! Гэта і я ведаю, і Яніна ведае… Але калі ён кіне яе, яна памрэ… Не вытрымае, памрэ. Табе гэтага не зразумець, тата. Не дадзена табе гэтага. Яніна пра яго ведае куды больш, чым усе мы разам. Яна не раз мне казала, што такіх нягоднікаў мала на свеце. І ўсё ж такі, калі ён кіне яе, яна памрэ. Табе гэта здаецца глупствам. Такія пачуцці для цябе не існуюць. Але з сваім вялікім розумам ты можаш улавіць і тое, чаго сам не адчуваеш…

— Ты стамляеш тату, Жэнеўева…

Хюбэр думаў, што сястра сваёй балбатнёй б'е па маім самалюбстве і можа «ўсё сапсаваць». Ён убачыў прыкметы крыўды і болю на маім твары. Але адкуль яму было ведаць, што Жэнеўева развярэдзіла маю старую рану… Я ўздыхнуў: «Шчасліўчык гэты Філі!»

Хюбэр і Жэнеўева ашаломлена пераглянуліся. Яны ніколі не сумняваліся, што я прыдуркаваты, і, відаць, з чыстым сумленнем адправілі б мяне ў вар'яцкі дом.

— Падлюга ён, распуснік! — прабурчаў Хюбэр. — А мы ў яго ў руках…

— Яго цесць не такі жорсткі, як ты, — сказаў я. — Альфрэд не раз вунь гаварыў, што не такі ўжо Філі і распуснік…

Жэнеўева не вытрымала:

— Ён і Альфрэда за сабой цягне: зяць разбэсціў цесця, усе пра гэта ведаюць у горадзе: разам да прастытутак ходзяць — колькі разоў бачылі!.. Божа! Які сорам! Якая ганьба!.. Гэтае гора так грызла маму…

Жэнеўева выцерла слёзы. Хюбэр вырашыў, што я хачу адхіліць іх ад галоўнага.

— Ды не ў гэтым цяпер справа, Жэнеўева, — злосна сказаў ён. — Можна падумаць, што свет клінам сышоўся на табе і тваёй сям'і.

Разгневаная Жэнеўева адказала, што яшчэ невядома, хто з іх большы эгаіст — яна ці Хюбэр, і дадала:

— Канешне, кожны думае перш-наперш пра сваіх дзяцей. Я ўсё, усё, што толькі магла, рабіла для Яніны і ганаруся гэтым. А хіба наша мама для нас усяго не рабіла?! За дачку я хоць у агонь…

З'едлівым тонам (вось дзе мая кроў!) Хюбэр прагугнявіў, што яна «не толькі сама ў агонь пайшла б, але і ўсіх за сабой пацягнула б».

О! Як пацешыла б мяне такая сварка ў былыя часы!.. Гэта ж такое радаснае прадвесце будучай бязлітаснай бойкі за тыя рэшткі спадчыны, якія я не паспеў бы знішчыць. А цяпер мне брыдка і сумна слухаць усё гэта… Што ж, трэба раз і назаўсёды вырашыць грашовае пытанне. Няхай дадуць мне памерці спакойна.

— Дзіўна, дзеці мае! — сказаў я. — Як дзіўна, што я ўрэшце зраблю менавіта тое, што здавалася мне несусветным вар'яцтвам…

Ну вось! Спрэчкі як не было… Абодва праціўнікі з'ядалі мяне сваімі прагнымі, недаверлівымі вачыма. Яны чакалі. Як яны насцярожыліся!..

— Я добра памятаў і ўсё жыццё баяўся таго, што здарылася з тым старым селянінам, які арандаваў у нас хутар. Ён аддаў дзецям усё, што меў, а тыя, абабраўшы бацьку, зрабілі ўсё, каб ён памёр з голаду… А яшчэ і так бывае: доўга хварэе, не хоча паміраць стары, — дзеткі дапамогуць яму: пакладуць дзве падушкі на галаву ды прыціснуць трохі…

— Тата, не трэба!

І ў голасе, і на твары адчуваўся непрытворны жах. Я рэзка памяняў тон:

— У цябе, Хюбэр, будзе многа клопату. Падзел будзе няпросты. Мае ўклады ў некалькіх банках. І тут, і ў Парыжы, і за граніцай. А яшчэ ж будынкі, землі, лес.

З кожным маім словам вочы іх большалі, але абое не адважваліся верыць. Я заўважыў, як нервова дрыжалі тонкія сынавы рукі.

— Я хачу, каб усё было скончана да маёй смерці. Трэба адразу падзяліць і тое, што вы атрымалі ад нябожчыцы маці. Пакуль буду жыць, сабе пакідаю Калез — дом і парк. Утрыманне і рамонт — за ваш кошт. Пра вінаграднікі я больш і слухаць не хачу. Забірайце сабе, а мне будзеце плаціць штомесячную рэнту, — трэба толькі вызначыць яе памер… Падай мне кашалёк, там… у пінжаку, у левай кішэні.

З дрыготкіх рук Хюбэра я ўзяў кашалёк. Дастаў адтуль канверт.

— Вось тут некаторыя звесткі пра стан і памеры маёмасці. Можаш занесці гэты канверт натарыусу Аркаму… Або пачакай, лепш патэлефануй, скажы, каб ён зайшоў да мяне. Я сам аддам гэты дакумент і пры табе засведчу яму сваю волю.

Хюбэр узяў канверт і з трывогай спытаўся:

— Ты не смяешся з нас? Не?

- Ідзі, тэлефануй натарыусу і тады ўбачыш, смяюся я ці не.

Ён кінуўся да дзвярэй, а потым спахапіўся:

— Не… сёння няёмка… Трэба пачакаць хоць з тыдзень.

І ён правёў рукой па вачах. Яму, напэўна, было сорамна, ён хацеў прымусіць сябе думаць пра маці. У руках быў канверт…

— Ну што ж, — падахвоціў я. — Адкрывай і чытай. Я дазваляю.

Ён хуценька падышоў да акна і адкрыў канверт. Ён не чытаў, а еў вачыма гэтую паперу. Не вытрымала і Жэнеўева: устала, падбегла да брата і з прагнасцю ўпілася ў вопіс маёмасці.


Я глядзеў на сваіх дзяцей… Брат і сястра… Нічога страшнага ў іх няма. Хюбэр — дзелавы чалавек, бацька сям'і, апынуўся ў катастрафічным становішчы… Жэнеўева — маці сям'і, гаспадыня… І вось — у руках мільёны, якія яны лічылі страчанымі… Папраўдзе, я нічога не бачыў у іх страшнага. А вось мая ўласная абыякавасць мяне дзівіла. Я быў падобны да чалавека, якому зрабілі аперацыю: ён прачынаецца і гаворыць, што нічога не чуў. Я адкінуў ад сябе тое, да чаго быў прыкаваны моцна, думаў — навек. І адчуваў я толькі фізічную палёгку, стала вальней дыхаць. А па сутнасці ўсе гэтыя гады я тое і рабіў, што спрабаваў вызваліцца ад свайго багацця, надзяліць ім каго-небудзь, абы толькі ён быў не з маёй сям'і. Я заўсёды памыляўся, не ведаў сам, чаго хачу. О, мы рэдка ведаем, чаго хочам, і зусім не любім тое, без чаго, здаецца, жыць не зможам!..


Я чуў, як Хюбэр гаварыў сястры:

— Неверагодна!.. Неверагодна!.. Такое багацце!..

Потым яны пашапталіся трохі, і раптам Жэнеўева заявіла, што яны не могуць прыняць такой ахвяры, не хочуць, каб я пазбаўляў сябе ўсяго дзеля іх.

Дзіўна гучалі для мяне словы: «ахвяры», «пазбаўляў сябе…». Хюбэр настойваў:

— Ты вельмі стаміўся, перахваляваўся за сёння і таму, можа, усё так паспешліва вырашаеш. Не такі ты ўжо хворы, як табе здаецца. Табе яшчэ і сямідзесяці няма, а з грудной жабай людзі да ста дажываюць. Праз нейкі час ты пашкадуеш аб сваім сённяшнім рашэнні. Калі ты хочаш, я вызвалю цябе ад усіх матэрыяльных клопатаў. Але жыві сабе спакойна і валодай усім, што табе належыць. Мы заўсёды хацелі толькі справядлівасці…

Мяне апаноўвала страшэнная стома. Ад бяссонніцы зліпаліся вочы. Я сказаў, што рашэнне маё канчатковае і больш абмяркоўваць я нічога не хачу да прыходу натарыуса.

Яны пайшлі да дзвярэй. Не паварочваючы галавы, я кінуў услед ім:

— Забыўся вас папярэдзіць: я прызначыў штомесячную рэнту ў паўтары тысячы франкаў свайму сыну Рабэру, — я абяцаў яму. Напомні мне пра гэта, Хюбэр, калі мы будзем падпісваць акт.

Хюбэр пачырванеў. Такой стралы ён не чакаў. А Жэнеўева не заўважыла тут ніякага падвоху. Толькі вочы яе сталі круглыя ад здзіўлення. Яна хутка ўсё падлічыла:

— Васемнаццаць тысяч у год! А табе не здаецца, што гэта мнагавата?..


XVIII


Луг сёння святлейшы за неба. Ад мокрай зямлі падымаецца дымок. У лужынах адлюстроўваецца няясны нябесны блакіт. Да ўсяго ў мяне сёння жывая цікавасць, як і ў тыя часы, калі я сам быў гаспадаром у Калезе. А цяпер усё тут ужо не маё, але сваёй беднасці я не адчуваю. Льюць дажджы. У бяссонныя ночы я чую, як цяжкія кроплі б'юць па чарапіцы, ведаю, што будзе бяда: пагніе вінаград, і перажываю, як і тады, калі вінаграднікі былі мае. Цяпер толькі я зразумеў, што не ўласнік, не сквапны багацей жыў ува мне, а селянін з яго спрадвечнай любасцю да зямлі. Так, так — селянін, нашчадак тых, каму зямля была храмам і майстроўняй, бядой і ўцехай. Для дзядоў, прадзедаў маіх кожны дзень пачынаўся з таго, што з трывогай і надзеяй углядаліся яны ў небасхіл, спрабуючы адгадаць, чаго сёння чакаць: буры ці пагоды…

Мая рэнта будзе накоплівацца ў натарыуса: мне пакуль што нічога не трэба. А зрэшты, калі мне чаго бракавала?!. Усё жыццё я ішоў не да сваёй мэты… Усё жыццё ганяўся за грашыма, эканоміў, дрыжаў над кожным сантымам, а аказалася, што не патрэбна мне было ні золата, ні багацце… Усё жыццё быў палоннікам страсцей, якія на самай справе мной не валодалі, былі мне чужыя… Як сабака, што брэша на месяц, быў я загіпнатызаваны халодным бляскам прагі і сквапнасці… Божа! Прачнуцца ў шэсцьдзесят восем гадоў! Адрадзіцца перад самай смерцю! Божа, дай жа мне пажыць яшчэ хоць некалькі месяцаў, хоць некалькі тыдняў!..

Сядзелку ўжо адправілі назад у горад, — я адчуваю сябе намнога лепш. Са мной засталіся Эрнэст і Амелія. Уколы рабіць яны ўмеюць; служылі яшчэ пры Ізе. У мяне пад рукой самыя неабходныя лякарствы: ампулы марфіну і нітрыту. Сын і дачка — у горадзе. Яны ўсё яшчэ занятыя падзелам маёмасці. Сюды прыязджаюць найчасцей тады, калі трэба параіцца наконт ацэнкі той ці іншай часткі спадчыны. Усё ідзе даволі мірна, без асаблівых спрэчак. Абое баяцца прагадаць і таму знайшлі даволі камічнае выйсце: усё дзяліць папалам, нават камплекты бялізны, наборы чарак і сервізы. Яны гатовы рэзаць папалам і габелен ці дыван, абы толькі ён не дастаўся каму-небудзь аднаму. Ну што ж, яны хочуць, каб усё было па справядлівасці. Вось так разумеюць яны справядлівасць… О, яны ўмеюць падбіраць сваім нікчэмным пачуццям высокія патэтычныя назвы!.. Ды што гэта я? — Не, не, я адмаўляюся ад апошняга сказа, выкрэсліваю яго. Хто ведае, можа, і яны ў палоне тых імкненняў, жаданняў, якія на самай справе не маюць у іх душах глыбокіх каранёў?

А што яны думаюць пра мяне? Напэўна, абое лічаць, што я быў пераможаны і здаўся. Ну, а самі, нябось, ходзяць «у пераможцах». Хоць, праўда, кожны раз пры сустрэчы яны з вялікай павагай адносяцца да мяне і ўсё дзякуюць, дзякуюць… І ўсё ж яны з нейкім здзіўленнем глядзяць на мяне. А Хюбэр увогуле насцярожана сочыць за мной. Няма ў яго ўпэўненасці, што зброю сваю я зусім склаў. Ды супакойся ты, бедачына! Мяне вам не было чаго баяцца ўжо ў той дзень, калі вы прывезлі мяне ў Калез, каб я тут адпачыў, паправіўся… А цяпер!.. Куды мне ўжо!..


За лугам відаць доўгія рады высокіх вязаў і таполяў. Дрэвы прагна цягнуцца ўгору, нібы спрачаюцца, каторае вышэйшае. Над палеткам клубіцца туман і дым. Паляць пустазелле. У нас ужо восень. На гронках вінаграду блішчаць кроплі дажджу. Учора пакаштаваў я вінаграду: ягады кіслыя, цвёрдыя. І цяпер ужо не наліцца ім салодкім духмяным сокам, — усё адабраў ад іх дажджлівы жнівень. Позна! А для нас, людзей?.. Можа, для нас ніколі не бывае позна? Зноў і зноў я ўпарта паўтараю сабе, што для чалавека позна ніколі не бывае…

На другі дзень пасля прыезду ў Калез я зайшоў у жончын пакой. Зрабіў я гэта, вядома, не ад глыбокай пашаны да нябожчыцы: проста мне не было чым заняцца (ніякіх спраў, клопатаў у мяне тут няма, і я нават яшчэ не зразумеў, добра гэта ці дрэнна)… Акно расчынена насцеж, шафы адамкнутыя, шуфляды камода выцягнутыя… Слугі ўсё адсюль павыносілі. Пакой апусцеў… Засталіся толькі нябачныя сляды гаспадыні… Але і іх хутка знішчаць сонечныя промні і вецер… Стаяў цёплы вераснёўскі дзень. Густыя круглыя кроны ліп нагадвалі нейкія казачныя плады. А над імі ўрачыста ззяў асенні блакітны небасхіл… Аднекуль данёсся звонкі дзявочы смех. Над вінаграднікам варушыліся залацістыя ад сонца капелюшы — пачаўся збор вінаграду…

А вось з гэтага пакоя жыццё назаўсёды пайшло… У шафе валялася пара пальчатак, парасон. І нават гэтыя рэчы здаваліся цяпер мёртвымі. Я паглядзеў на стары камін. Невядомы майстар упрыгожыў яго разьбой — відаць граблі, рыдлёўка, серп і сноп пшаніцы. У старасвецкіх камінах былі вялікія печкі. Туды можна было кідаць доўгія тоўстыя палены. На лета печкі прыкрывалі шырокімі размаляванымі экранамі. На нашым экране красавалася пара запрэжаных валоў. Калісьці ў дзяцінстве я на нешта раззлаваўся і прарэзаў увесь экран складаным ножыкам… Я падышоў бліжэй.

Экран быў коса прыстаўлены да каміна. Я нагнуўся, хацеў адсунуць экран і паставіць яго як трэба, але ён упаў. Я ўбачыў чорны квадрат печкі, поўнай попелу. І ўспомніў, як расказвала Жэнеўева пра апошні дзень нябожчыцы ў гэтым маёнтку: «…Спаліла ў каміне стос пісем… Мы нават падумалі, што загарэлася сажа ў коміне…»

Толькі ў гэты момант я зразумеў: яна адчувала набліжэнне смерці. Немагчыма адначасна думаць пра сваю смерць і пра смерць другіх людзей. Тады я сам жыў з неадчэпнай думкай, што вось-вось памру, і зусім не заўважаў жончынай нямогласці. «Нічога страшнага, што зробіш: узрост…» — гаварылі бяздумныя нашы дзеці. Але сама Іза ў той дзень, калі распальвала гэты камін, ужо добра ведала: жыццё пачало адлічваць ёй апошнія гадзіны. Ёй захацелася знікнуць зусім, сцерці ўсе сляды свайго існавання. Я глядзеў, як вецер падварушвае шэры попел у каміне. У кутку стаялі шчыпцы, якімі карысталася Іза. Я схапіў іх і пачаў разграбаць попел. Я раскопваў гэтую кучку праху, нібы там была схавана таямніца майго жыцця, таямніца нашых абодвух жыццяў. Чым глыбей даходзілі мае шчыпцы, тым больш спрасаваны быў попел… І вось мне трапілася некалькі кавалачкаў паперы. Яны, мусіць, былі ў сярэдзіне тоўстага стосу пісем і таму ацалелі. Але на іх толькі паасобныя словы і незразумелыя абрыўкі фраз. Усё было напісана адным почыркам. Рукі мае дрыжалі, я ўпарта працягваў свае раскопкі. На маленькім кавалачку, выпацканым у сажу, мне ўдалося прачытаць слова «pax»[13], а пад маленькім крыжыкам стаяла: «23 лютага 1913 г.» і пачатак: «Дарагая дачушка…» Я старанна спрабаваў разабраць абрыўкі фраз на абгарэлай з бакоў старонцы, але ўзнавіць змог толькі вось што: «Не вы несяце адказнасць, што гэты хлопчык выклікае ў вас пачуццё нянавісці. Вы былі б вінаватыя толькі ў тым выпадку, калі б паддаліся гэтай нянавісці. А вы, наадварот, стараецеся…» З вялікім намаганнем я яшчэ прачытаў: «…залішне смела вы судзіце мёртвых… яго прыхільнасць да Люка яшчэ не даказвае…» Далей агонь усё знішчыў, акрамя вось гэтай фразы: «Даруйце, даруйце яму віну, хоць вы і не ведаеце якую. Даруйце…»

У мяне яшчэ будзе час падумаць над гэтым. А цяпер — трэба шукаць, шукаць яшчэ. Я сагнуўся да самай падлогі, цяжка было дыхаць, але я шукаў. І вось — яшчэ знаходка! Я выцягнуў з попелу запісную кніжку. Агонь нібы злітаваўся над ёю… Але там — ніводнай старонкі, адны вокладкі… Толькі на адваротным баку пераплёту я разабраў некалькі слоў: «Букет духоўны», а крыху ніжэй: «Не завуць мяне «Той, хто праклінае», імя маё — Ісус». («Аб Хрысце», святы Францыск Сальскі[14]).

Далей ішлі іншыя рэлігійныя выслоўі, але прачытаць іх было немагчыма. Дарэмна я зноў корпаўся ў попеле. Больш ужо я нічога не знайшоў. Я ўстаў, паглядзеў на свае брудныя рукі. У люстэрку ўбачыў, што і лоб мой выпацканы ў сажу. Як некалі ў маладосці, мяне ахапіла жаданне пайсці куды-небудзь у поле і хадзіць, хадзіць… Я забыўся пра сваё хворае сэрца і хутка збег па лесвіцы.

Упершыню за гэтыя тыдні я пайшоў на вінаграднікі. Там доўгія рады, адзін за адным, вызваляліся ад ягад і рыхтаваліся да зімовага сну. Краявід быў чысты, ясны, празрысты, блакітна-пералівісты, як тыя мыльныя бурбалкі, што калісьці пускала з саломінкі Мары. Сонца і вецер падсушылі каляіны і глыбокія адбіткі валовых капытоў на дарозе. Я ішоў і нёс у сабе невядомы мне раней вобраз Ізы — вобраз жанчыны, маці, якую раздзіралі моцныя пачуцці… І адзін толькі Бог мог іх утаймаваць… Гэтую памяркоўную жанчыну з'ядала рэўнасць да роднай сястры. Маленькі Люк быў ёй ненавісны… Жанчына, сама маці ўзненавідзела ні ў чым не вінаватага хлопчыка… Чаму? Зайздросціла? Баялася за сваіх дзяцей? Я ж любіў Люка больш, чым іх… Але яна ненавідзела і Марынету… І прычынай таму быў таксама я… Які жах! Памерла Марынета, памёр Люк, памерла Іза. — Усе памерлі, памерлі, памерлі! А я, стары, дабіты чалавек, стаю перад той самай магілай, што забрала іх, і радуюся — радуюся таму, што не быў абыякавы той жанчыне-нябожчыцы, што выклікаў у яе душы такія буры.

Смешна. Я кашляў, задыхаўся і сапраўды смяяўся, схапіўшыся рукой за падпорку, да якой прывязваюць вінаградную лазу… А перада мной, як кінуць вокам, у блакітнай смузе адкрываліся бясконцыя палеткі, вёскі з залатымі царкоўнымі макаўкамі, дарогі з таполевымі прысадамі. Сонца ўжо садзілася, і яго промні ледзь-ледзь даходзілі да гэтай пакутлівай грэшнай зямлі… Цяпер я поўнасцю адчуў, на ўсе вочы ўбачыў сваё злачынства. Страшным было не толькі гэтае мярзотнае гняздо гадзюк, гэтая нянавісць да родных дзяцей, прага помсты, сквапнасць, хцівасць, самае страшнае было тое, што я нічога не бачыў, акрамя сплеценых паміж сабой ядавітых гадзін. Я прывык, і трымаўся за гэты гнюсны клубок, нібы ён стаў маім сэрцам, нібы ўдары сэрца майго змяшаліся з кішэннем гэтых злавесных гадзюк. Мала таго што больш як паўстагоддзя я бачыў самога сябе ў крывым люстэрку, ведаў пра сябе толькі тое, што на самай справе не было мной, я і іншых як след не разгледзеў і не ведаў. Мяне заварожвала тая нікчэмная хцівасць, якую я ўгадваў на тварах сваіх дзяцей. У Рабэра я прыкмеціў толькі тупасць, падманлівая знешнасць усё засланяла ад мяне. Ніколі вонкавы выгляд людзей не быў для мяне той абалонкай, якую абавязкова трэба сарваць, каб убачыць сутнасць чалавека… Гэтае адкрыццё мне трэба было зрабіць у трыцдаць, сорак гадоў!.. А цяпер што?! Позна! Сэрца маё ледзьве б'ецца. Апошні раз бачу я, як восень закалыхвае вінаграднікі… Тыя, каго я павінен быў любіць, памерлі. Няма на зямлі і тых, хто мог бы мяне любіць. Ну, а да тых, хто яшчэ жыве, не знайсці мне дарогі: ні сіл, ні часу спазнаць іх унутраны свет у мяне ўжо няма. Усё ўва мне: і голас, і рухі, і смех належаць таму пачварнаму вылюдку, якога я супрацьпаставіў усяму свету, вылюдку, што носіць маё імя…


Вось такія думкі не давалі мне спакою, калі надвячоркам стаяў я ў вінаградніку і глядзеў на далёкія сенажаці Ікэма, залітыя апошнімі промнямі сонца. Выпадак, пра які я зараз раскажу, яшчэ больш праясніў гэтыя думкі. Але я ўжо вяртаўся з імі дамоў, да глыбіні душы ўсхваляваны адчуваннем спакою, які ціха апускаўся на зямлю. Цені ад дрэў выцягнуліся, уся зямля замерла ў чаканні… Далёкія пагоркі нібы згіналі спіну і, здавалася, чакалі, каб іх хутчэй накрылі туман і начная цемра — а тады яны, можа, лягуць, выцягнуцца і заснуць чалавечым сном.


Я спадзяваўся, што застану дома Жэнеўеву і Хюбэра: яны абяцалі прыехаць і павячэраць са мной. Упершыню ў жыцці я чакаў іх прыезду, радаваўся, што пабачуся з імі. Мне карцела хутчэй паказаць ім сваю абноўленую душу. Нельга, нельга было губляць ні хвіліны! Трэба хутчэй спазнаць іх, і яны няхай спазнаюць мяне! Ці паспею я толькі да смерці праверыць сваё адкрыццё? Я птушкай палячу да сэрцаў сваіх дзяцей! І не будзе мне цяпер ніякіх перашкод! Я рассек клубок гадзюк і вельмі хутка заваюю іх любоў, і будуць яны плакаць, закрываючы мне вочы!..

Не, яны яшчэ не прыехалі. Я сеў на лаўку каля дарогі. Прыслухаўся: ці не пачуецца гул матора. Чым больш яны пазніліся, тым больш мне хацелася ўбачыць іх. Зноў падпоўз мой былы гнеў: я тут чакаю, хвалююся, а ім, значыцца, усё роўна!.. Гэта яны наўмысна!.. Потым я схамянуўся: ці мала якая магла быць прычына… Дарэмна я нервуюся.

Пазванілі на вячэру. Я пайшоў на кухню сказаць Амеліі, што трэба трохі пачакаць. Рэдка мяне бачылі ў гэтай кухні з пачарнелымі бэлькамі, дзе пад столлю віселі шынкі і кумпякі. Я падсеў бліжэй да агню. Па дарозе я чуў, як Амелія і наш прыказчык Казо жартавалі. Варта толькі было мне зайсці — яны змоўклі. Мяне заўсёды акружала атмасфера страху і павагі. Я ніколі не размаўляю са слугамі. І не таму, што я строгі гаспадар, не, — слугі проста не існуюць для мяне, я іх не бачу, не заўважаю. Але сёння вечарам мне было неяк лягчэй, спакайней побач з імі. Пакуль прыедуць дзеці, мне захацелася перакусіць тут, на кухні, за тым сталом, дзе кухарка сячэ мяса. Казо адразу знік, Эрнэст пачаў апранаць белую куртку, у якой ён заўсёды прыслужваў мне за сталом. Эрнэст маўчаў, маўчала і Амелія. Гэтае маўчанне мяне прыгнятала. Мне стала не па сабе. Але дарэмна шукаў я слоў, каб хоць як парушыць гэтую нясцерпную цішыню. Ні пра Амелію, ні пра яе мужа я нічога не ведаў. А яны ж аддана праслужылі ў нас больш як дваццаць гадоў! Нарэшце я ўспомніў пра іх дачку. Яе аддалі замуж, здаецца, у Саўтэр. Неяк раз яна прыехала праведаць бацькоў і прывезла з сабой труса, за якога Іза не заплаціла, бо госця некалькі дзён піла і ела ў нашым доме… Не паварочваючы галавы, я запытаўся:

— Ну што, Амелія, як ваша дачка? Усё ў Саўтэры жыве?

Амелія нахіліла да мяне свой руды абветраны твар, уважліва паглядзела на мяне і адказала:

— Што вы? Вы ж ведаеце, месьё, — яна памерла. Дваццаць дзевятага ў гэтым месяцы якраз дзесяць гадоў будзе. Хіба вы не помніце?

Муж моўчкі, сурова паглядзеў на мяне. Напэўна, падумаў: «Прытвараецца толькі, а сам, нябось, усё помніць…»

Я прамармытаў:

— «Прабачце… не хацеў… старасць, ведаеце…»

І, як звычайна, калі я бянтэжуся, у мяне вырваўся ціхі смяшок, — не змог я стрымаць гэтага недарэчнага смеху. А Эрнэст сказаў сваім звычайным голасам: «Усё гатова, месьё. Прашу за стол». Я ўстаў і пайшоў у слаба асветленую сталовую, сеў насупраць таго месца, дзе заўсёды сядзела Іза. А вунь там, крыху злева, сядзела Жэнеўева, потым абат Ардуэн, а побач з ім — Хюбэр… Я пашукаў вачыма высокага крэселка Мары, што калісьці стаяла паміж акном і буфетам. Потым яно служыла Яніне, а потым яе дачцэ… Да яды амаль не дакрануўся. Страшны быў позірк чалавека, які прыслужваў мне за сталом…


У гасцінай гарэў камін. Ярка палала сухая вінаградная лаза. Кожнае пакаленне пакінула ў гэтым пакоі свае альбомы, шкатулкі, дагератыпы і нікому цяпер не патрэбныя цацкі… Так, мусіць, і хваля марская ў час адліву пакідае на пяску свае непадобныя адна на адну ракавінкі… А з двара даносяцца галасы парабкаў, скрып драўлянага прэса. Там поўным ходам ідзе работа: выціскаюць вінаградны сок. Балючым рэхам аддаюцца гэтыя гукі ў маім сэрцы. «Дзеці, дзеці, чаму ж вы не прыехалі? А я так вас чакаў!..» — жаласна прастагнаў я. Калі б слугі праз дзверы пачулі мяне, яны б падумалі, што ў гасцінай сядзіць нехта чужы: ні слоў, ні голасу майго яны не пазналі б, нізашто не паверылі б, што так гаворыць той стары нягоднік, які прыкінуўся, быццам нічога не помніць і не ведае пра смерць іх дачкі. Усе: жонка, дзеці, парабкі, слугі — усе аб'ядналіся супраць мяне, супраць маёй душы. Усе штурхалі мяне зноў вярнуцца да маёй мярзотнай ролі. Яны да яе прывыклі, і нічога я тут не магу змяніць. Які ж я дурань! У шэсцьдзесят восем гадоў надумаўся прымусіць усіх убачыць ува мне другога чалавека!.. Але ж я і сапраўды другі і заўсёды быў другім! Мы бачым толькі тое, што прывыклі бачыць. Вось і вас я па-сапраўднаму не бачу, бедныя мае дзеці. Калі б быў я маладзейшы, можа, і не было б такіх цвёрдых рубцоў на маім сэрцы, можа, і не пусцілі б такіх глыбокіх каранёў вашы і мае прывычкі… Зрэшты, я і ў маладосці наўрад ці змог бы вызваліцца ад сваіх путаў. На гэта патрэбна сіла. Якая сіла? Патрэбен нехта. Той, хто мог бы засведчыць перад усімі людзьмі, што я атрымаў перамогу над самім сабой. Патрэбен той, каму ўсе блізкія мае паверылі б і ўбачылі б мяне іншым. Патрэбен такі сведка, які мог бы зняць з маіх плеч мярзотны груз і ўскласці яго на сябе…

Нават найлепшыя з найлепшых не могуць адны, без дапамогі, навучыцца любіць. Для таго, каб не заўважаць смешных рыс у чалавеку, не палохацца яго заган, а галоўнае — людской дурасці, трэба спазнаць тайну любві, якой свет ужо не памятае. І пакуль зноў не адкрыюць гэтай тайны, дарэмнымі будуць усе намаганні змяніць умовы жыцця людзей. Раней я лічыў, што толькі эгаізм уратаваў мяне ад усіх сацыяльных і эканамічных праблем. Я, вядома, быў сапраўднай пачварай, якая замкнулася ў сваёй адзіноце і абыякавасці да ўсіх людзей. Але было ў мяне нейкае няпэўнае, хісткае пачуццё, што не дапамогуць чалавеку ніякія вонкавыя перамены ў абліччы свету. Трэба дайсці да сэрца людскога. І я шукаю таго адзінага, хто мог бы зрабіць гэта. Трэба, каб ён сам быў сэрцам чалавечых сэрцаў, палкім увасабленнем усёй чалавечай любві. Магчыма, гэтае пачуццё маё, жаданне маё і было ўжо малітвай… І мала ўжо бракавала ў той вечар, каб я не ўпаў на калені і не склаў урачыста рукі, як некалі рабіла Іза. Помню, я не раз бачыў, вяртаючыся з праходкі, як старанна малілася Іза, а побач стаялі трое нашых малых. Я на пальчыках падкрадаўся да дзвярэй, і да мяне даляталі словы: «Прад табой, госпадзі, падаю і дзякую, што даў ты мне сэрцам спазнаць цябе і палюбіць цябе…»

А цяпер вось я ледзьве стаю пасярод гэтага пакоя. Я ўсё думаю і думаю пра сваё жыццё… Не, немагчыма павярнуць назад і паплыць супраць каламутнага, бруднага патока!.. Гэта ж трэба: пражыць усё жыццё і не знайсці ніводнага сябра! Які жах! Якой змрочнай, ненавіснай істотай трэба было быць!.. А можа, гэта здарылася таму, што не ўмеў, не навучыўся я прытварацца?! Калі б усе людзі хадзілі без маскі, як гэта рабіў я, то можна было б толькі дзіву давацца — якія яны ўсе падобныя!.. І сапраўды, паглядзіце: ніхто не ходзіць з адкрытым тварам, ніхто! Большасць людзей строяць з сябе высакародных, добрых, спагадлівых. Самі таго не ведаючы, яны толькі пераймаюць літаратурных герояў ці каго-небудзь яшчэ. Святыя добра ведалі, бачылі, што тварыцца ў людзей у душы, і таму ненавідзелі сябе і пагарджалі сабой. Калі б і я прыкрыўся маскай і не быў такім адкрытым, аголеным, ніхто б не палохаўся мяне, не пагарджаў мной.

Вось такія думкі наведалі мяне ў той асенні вечар, калі я блукаў па цёмнай гасцінай, натыкаючыся на цяжкую, грувасткую мэблю з чырвонага ці палісандравага дрэва… Столькі людзей, чые целы ўжо даўно спарахнелі, калісьці сядзелі за гэтымі столікамі, адпачывалі ў гэтых крэслах… Дзеці выпацкалі сваімі чаравічкамі вось гэтую канапу, калі залазілі на яе. Тут яны любілі сядзець і гартаць старыя ілюстраваныя часопісы. Абіўка так і засталася цёмнай у тых месцах, дзе ступалі маленькія ножкі… За сцяной вые, шамаціць апалым лісцем вецер… Зноў у нейкім пакоі забыліся зачыніць аканіцы…


XIX


Назаўтра я з трывогай чакаў пошты. Хадзіў узад і ўперад па алеях, як некалі рабіла Іза, калі хто з дзяцей затрымліваўся і пазніўся. «Што ж магло здарыцца? — думаў я. — Можа, пасварыліся? А можа, хто захварэў?» Ого! Я стаў майстрам прыдумваць усялякія страхі! Бывала, і нябожчыца жонка як уваб'е сабе што ў галаву — месца сабе не знаходзіла… Доўга хадзіў я па парку з непрыкаяным выглядам. Нічога не заўважаў, нічога не бачыў, як і кожны заклапочаны чалавек. Пра адно толькі я не забываўся — пра сваю перамену. І мне было нават прыемна ад таго, што я хвалююся, трывожуся… Даліну накрыў густы туман: нічагусенькі не відно. Затое звонка, выразна даносяцца ўсе гукі. Па доўгіх радах вінаградніку разляцеліся сітаўкі і дразды. Шукаюць гронак, што не паспелі яшчэ згніць… Як любіў раннюю восень Люк!..

Нарэшце прывезлі пошту. Не супакоіла мяне кароценькае сынава пісьмо. Хюбэр пісаў, што яму нечакана давялося выехаць у сталіцу па неадкладнай справе: даволі сур'ёзныя непрыемнасці. Падрабязнасці ён раскажа праз дзень-два, як толькі вернецца дамоў. Я падумаў, што ў яго якія-небудзь праблемы з фінансавай інспекцыяй, — можа, зрабіў што не па закону…

Апоўдні я ўжо не мог сябе ўтрымаць. Загадаў завезці мяне на вакзал і купіў білет да Бардо, хоць даў абяцанне і сабе і дзецям ніколі не ездзіць аднаму. Першай, каго я ўбачыў у нашым старым доме, была Жэнеўева. Яна якраз развітвалася з нейкім незнаёмым мне чалавекам. Хутчэй за ўсё гэта быў доктар.

— Няўжо Хюбэр табе нічога не напісаў?

Жэнеўева павяла мяне ў той самы пакой, дзе я страціў прытомнасць у дзень пахавання Ізы. Уздыхнуў я з палёгкай толькі тады, калі даведаўся, адкуль сыр-бор загарэўся. Аказваецца, уцёк Філі. (Я, прызнацца, баяўся горшага.) Ён знік з нейкай жанчынай, якая «моцна трымала яго ў сваіх лапах». А перад гэтым ён наладзіў сцэну Яніне і не пакінуў ёй ніякай надзеі. Яніна плача, валасы на сабе рве, і яе стан непакоіць доктара. Альфрэд і Хюбэр дагналі ўцекача ажно ў Парыжы. Можа, з гадзіну назад прыйшла тэлеграма. Альфрэд піша, што нічога яны не дабіліся.

— Госпадзі! Што робіцца?! Падумаць толькі! Я ж нічога ім не шкадавала!.. Канешне, мы асцерагаліся і пакуль што вялікага капіталу ім не давалі, але ж рэнта! На яе можна было жыць ды жыць! А Яніна! От ужо дзе бесхарактарная! Ён з ёю рабіў усё, што хацеў. Спярша ўсё пагражаў кінуць за тое, што ты нічога нам не даеш. Але ж уцёк не тады, а цяпер, калі такое багацце прыйшло… Ну як ты гэта растлумачыш?

Яна змоўкла і запытальна глядзела на мяне…

— Ну, а ўцёк ён, канешне, з багатай жанчынай?..

— Ды якой там багатай! Яна настаўніца спеваў. Ты яе добра ведаеш, — гэта мадам Велар. Падумаць толькі! І не маладая ўжо, і які там заработак: ледзь канцы з канцамі зводзіла. Ну як ты гэта растлумачыш? — паўтарыла дачка.

І, не чакаючы адказу, зноў загаварыла сама. У гэты момант зайшла Яніна. Яна падышла да мяне і моўчкі падставіла лоб для пацалунку. Яна не пахудзела, але гора зняло з яе непрыгожага, паўнаватага твару ўсю штучнасць і манернасць, якія я так ненавідзеў. «Вы ўжо ведаеце?» — спыталася яна і села ў шэзлонг. Пэўна, яна ўжо наслухалася сваёй маці. А тая ніяк спыніцца не магла і так і сыпала: «Падумаць толькі!», «Падумаць толькі!..» Паўтор гэты ў яе вуснах гучаў крыху дзіўнавата, бо дачка мая не прывыкла думаць.

— Падумаць толькі! — не супакойвалася яна. — Якая чорная няўдзячнасць! Выдалі за яго такую дзяўчыну, далі прытулак, грошы і не папракалі за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сірата, блізкіх сваякоў не меў і таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчыліся, песцілі, ніхто і слова не сказаў пра яго распусту. І на табе! Вось як аддзячыў!

Злосць закіпала ўва мне, і я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хіба сама Жэнеўева, Альфрэд, Іза не ганяліся за Філі і не абяцалі яму залатых гор?!

- І вось што цікава, — уставіў я, — ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самі яго і разбэсцілі!

— Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго бараніць?!

Я запярэчыў, што зусім не збіраюся абараняць Філі, а толькі хачу сказаць, што мы былі да яго не зусім справядлівыя, лічылі яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Відаць, яму занадта груба далі зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павінен зносіць усе вашы папрокі і хадзіць перад вамі на пальчыках, — нікуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзі ніколі не бываюць такімі подлымі, як нам здаецца.

— Падумаць толькі! Ты заступаешся за гэтага прайдзісвета, што кінуў жонку, дачку маленькую!..

— Жэнеўева! — абурана закрычаў я. — Ты ніводнага майго слова не зразумела! Ды пастарайся, паспрабуй ты ўцяміць: кінуць жонку, дзіця — хіба я сказаў, што гэта добра? Але пайсці на такое чалавек можа як з подлых меркаванняў, так і па прычынах больш высокага парадку…

— Ах, вось як ты загаварыў, - перабіла мяне дачка. — Значыць, ты лічыш, што кінуць дваццацідвухгадовую жонку, малую дачку — гэта высакародна!..

Нічога не даходзіла да гэтай жанчыны.

— Або ты на самай справе тупаватая, або толькі прытвараешся. Я вось што скажу: Філі не такі ўжо нягоднік, асабліва пасля таго, як…

Жэнеўева зноў усхадзілася і пачала крычаць, каб я хоць пачакаў, пакуль Яніна выйдзе з пакоя, — як ёй, беднай, слухаць такое, калі апраўдваюць яе мужа.

Але Яніна, якая да гэтай хвіліны ўпарта маўчала, раптам загаварыла. Не пазнаць было яе голасу:

— Навошта сварыцца, мама. Мы не вельмі далікатна абыходзіліся з Філі. Успомні, калі падзялілі спадчыну — як мы з ім загаварылі: пачалі камандаваць, папракаць… Я нават падумала, што вось накінула на яго ашыйнік і буду цяпер вадзіць яго на павадку, як прыгожанькага пародзістага сабачку. Мне неяк і ад сэрца адлягло, што ён мяне не кахаў. Ён стаў для мяне рэччу, маёй уласнасцю: усе грошы былі ў мяне, — няхай папросіць, няхай паскача каля мяне. Помніш, як ты мне казала: «Няхай цяпер паскача каля цябе, няхай пастаіць на задніх лапках!» Мы думалі, што грошы для яго даражэй за ўсё на свеце. Можа, ён і сам так думаў, аднак гнеў і сорам узялі сваё. Бо не кахае ён той жанчыны, якая ў мяне яго адабрала. І так яно, напэўна, і ёсць. На развітанне ён сам прызнаўся. І я веру яму. Ён яе не кахае, але яна не пагарджае ім, не стараецца прынізіць. Яна аддалася яму, а не купіла яго. А я вось купіла, як прыгожую цацку…

Некалькі разоў паўтарыла яна гэтыя горкія словы. Маці паціскала плячыма, але радавалася, што Яніна нарэшце заплакала: «Цяпер ёй палягчэе…» І яна ўзялася суцяшаць дачку:

— Не перажывай, дачушка мая! Голад і воўка з лесу гоніць. Пабегае, пагаладае ды вернецца. Куды ён дзенецца?!

Перакананы: Яніне было непрыемна слухаць такія словы. Я ўстаў і ўзяўся за капялюш. Не мог я тут больш быць. Дачцэ сказаў, што найму таксі і паеду ў Калез. І тут Яніна сказала:

— Дзядуля, вазьміце мяне з сабой.

Маці ўзбунтавалася:

— Ты што, пры сваім розуме?! Кожную хвіліну ты можаш спатрэбіцца юрыстам. А яна сабралася ў Калез?.. Ды там ад адной нуды памерці можна!..

Жэнеўева выйшла за мною следам і на лесвічнай пляцоўцы выгаварыла мне, што я патураю вар'яцкім жаданням унучкі:

— Ды гэта ж шчасце якое, што мы збылі гэтага чорта! Няўжо ты не згодзен са мной?! А хіба цяжка знайсці прычыну для разводу?! Паплача, паные ды супакоіцца. А потым зноў выйдзе замуж, З яе багаццем ад жаніхоў адбою не будзе!.. Вось толькі трэба, каб утаймавалася, забылася пра таго нягодніка… А ты таксама заспяваў… То ненавідзеў, цярпець не мог Філі, а тут узяўся расхвальваць яго… Ды яшчэ пры ёй… Ну не… не пушчу я яе ў Калез. Уяўляю, з якім настроем яна адтуль вернецца. Тут-то мы ўжо дамо рады, паможам апамятацца. Забудзе, нічога ёй не зробіцца…

«Калі толькі не памрэ ад гора, — падумаў я. — Або будзе пакутаваць, плакаць, чэзнуць…» А можа, Яніна з той пароды жанчын, якіх я добра ведаў па адвакацкай рабоце: гэта жанчыны, для якіх надзея становіцца хваробай, ранай, якая ніколі не загойваецца. І дваццаць гадоў пройдзе, а яны ўсё роўна чакаюць, глядзяць на дзверы вачыма вернага сабакі…

Я вярнуўся да Яніны і сказаў:

— Прыязджай, мая маленькая, у любы час… Буду рады цябе бачыць…

Яна не варухнулася, не паказала, што пачула, зразумела мяне. Зайшла Жэнеўева і недаверліва спыталася: «Што ты ёй сказаў?» А пазней я даведаўся, што за гэтых некалькі секунд я, аказваецца, «збіў унучку з тропу», пасеяў у яе галаве «шкодныя» ідэі. А я спускаўся па лесвіцы, і ў вушах у мяне ўсё гучалі ўмольныя словы: «Дзядуля, вазьміце мяне з сабой…» Ад мяне пачула Яніна тыя самыя словы пра Філі, якія ёй хацелася пачуць. Можа, я быў першы, хто не абразіў яе.

Я ішоў па вуліцах Бардо. Хутка пачатак новага навучальнага года. З гэтай нагоды пачысцеў, упрыгожыўся горад. Усюды ззяюць гірлянды электрычных лямпачак. Зіхацяць мокрыя ад дажджу тратуары. Галасы шумных жыхароў поўдня перакрываюць грукат трамваяў… Знік водар майго дзяцінства. Шукаць яго трэба было дзе-небудзь у больш сціплых кварталах. Можа, там, на вуліцы Дзюфур-Дзюбэрж'е ці на Грос-Клош якая-небудзь бабулька яшчэ прадае каштаны — стаіць сабе на рагу цёмнай вуліцы і прыціскае да грудзей гаршчочак з гарачымі каштанамі, якія пахнуць анісам… Не, сумна мне не было. Я нават радаваўся: у той вечар мяне пачулі, зразумелі. Мы аб'ядналіся з Янінай — гэта была перамога. А вось з Жэнеўевай ніяк не дагаварыцца, тут я прайграў: супраць такой зацятасці, тупасці нічога не зробіш. Лёгка знайсці шлях да жывой душы, убачыць яе нават праз злачынствы, праз самыя чорныя заганы, але пошласць — неадольная перашкода. Ну што ж, нічога не зробіш, так і запішам: немагчыма раскалоць каменныя пліты ўсіх гэтых магіл. Будзе мне вялікім шчасцем, калі ўдасца да смерці знайсці душэўную блізкасць хоць з адной чалавечай істотай.


Я пераначаваў у гатэлі і ў Калез вярнуўся толькі назаўтра. Праз некалькі дзён прыехаў Альфрэд, і ад яго я даведаўся пра цяжкія вынікі маёй размовы з Жэнеўевай: Яніна напісала Філі пакаяннае пісьмо, дзе яна ўзяла ўсю віну на сябе і прасіла ў мужа прабачэння. «Жанчыны і на такое глупства здольныя…» Гэты добры таўстун не адважыўся выказаць сваёй думкі, але я ўпэўнены, што яму хацелася сказаць: «Пайшла Яніна па слядах сваёй бабулі…»

Альфрэд даў мне зразумець, што працэс цяпер можна лічыць загадзя прайграным, і Жэнеўева вінаваціць у гэтым мяне: я нібыта наўмысна «збіў унучку з тропу». Я адно ўсміхнуўся і спытаўся ў зяця, што, на яго думку, магло мяне на гэта падштурхнуць і якая мне ад гэтага карысць? Ён запэўніў мяне, што не падзяляе жончыных папрокаў, але яна лічыць, што зрабіў я гэта дзеля забаўкі, а можа, са злосці…

Больш дзеці не прыязджалі да мяне. Праз два тыдні я атрымаў пісьмо ад Жэнеўевы: яна пісала, што Яніну давялося пакласці ў псіхіятрычную бальніцу. Яна, вядома, не звар'яцела. Урачы вельмі спадзяваліся, што ёй найлепш дапаможа часовая ізаляцыя.

Я і сам быў «у ізаляцыі», хоць і здаровы. Ніколі яшчэ сэрца не давала мне такой доўгай перадышкі… Восень не спяшалася: ужо больш як два тыдні стаялі ясныя сонечныя дні. Ніводзін лісток не ўпаў з дрэў. Зноў заквітнелі ружы. Адно толькі не давала мне спакою — мае дзеці зноў аддаліліся ад мяне. Хюбэр заязджаў толькі па справах. Трымаўся холадна, суха, насцярожана. Мой «шкодны» ўплыў на Яніну перакрэсліў усе тыя кволыя сімпатыі, што толькі-толькі нараджаліся ў маіх дзяцей. Зноў зрабіўся я для іх каварным старым чортам, ад якога ўсяго можна чакаць. А Яніну, адзіную істоту, якая, можа, і зразумела б мяне, схавалі ад жывых людзей, пасадзілі пад замок…

І тым не менш адчуваў я небывалы глыбокі душэўны спакой. Пазбаўлены ўсяго: грошай, надзей, дзяцей, пад пастаяннай пагрозай пакутлівай смерці я заставаўся спакойным і ўраўнаважаным. Думкі пра маё сумнае жыццё больш не мучылі мяне. Не адчуваў я грузу пражытых невясёлых гадоў і адзіноты, як быццам і не быў стары і хворы, як быццам наперадзе ў мяне было яшчэ цэлае жыццё.


XX


Ужо месяц, як Яніна жыве ў мяне. Уцякла яна з «псіхіятрычкі» і знайшла прытулак у маім доме. Яна яшчэ не зусім паправілася і лічыць сябе ахвярай змовы: гаворыць, што яе паклалі ў бальніцу за тое, што яна адмовілася пачаць працэс супраць Філі і патрабаваць разводу. Усе дзеці і сваякі лічаць, што гэта я ўбіваю ёй такія думкі, я настройваю яе супраць усіх. Але хіба ж гэта так?! Ведалі б яны ўсе, што цэлымі днямі (а ў вёсцы яны доўга, бясконца доўга цягнуцца) я толькі тое і раблю, што змагаюся з яе ілюзіямі і хімерамі. Надвор'е зусім сапсавалася: дождж, дождж і дождж… Усюды гразь, балота. Валяецца гнілое лісце. Па двары, пасыпаным жвірам, тупаюць людзі ў цяжкіх ботах. Вунь хтосьці ідзе, накінуўшы мяшок на галаву. Восень агаліла дрэвы, і нічога не хавае цяпер тых убогіх хітрыкаў, якія павінны былі надаваць саду «маляўнічасць»: каркасы альтанак, чорныя лаўкі, дэкаратыўныя расліны…

У спальнях такая сырасць, што вечарамі нам з Янінай не хапае мужнасці развітацца з утульнай гасцінай, і мы доўга сядзім перад камінам. Стары гадзіннік б'е поўнач, а разыходзіцца, падымацца на другі паверх усё не хочацца… Зноў і зноў пераконваю я ўнучку, што ніхто: ні яе бацькі, ні брат, ні Хюбэр не хоча ёй благога. Як магу, стараюся, каб не ўспамінала яна пра бальніцу. А вось ад успамінаў пра мужа ніяк нельга яе адарваць, і мы ўвесь час гаворым пра Філі: «Вы сабе ўявіць не можаце, што гэта за чалавек!.. Вы проста не ведаеце яго!..» А за гэтымі словамі ідуць то абвінавачванні, то дыфірамбы — і толькі па інтанацыі Яніны магу я ўлавіць, будзе яна яго хваліць ці лаяць на чым свет стаіць. Але факты, якія яна прыводзіць, здаюцца мне малазначнымі. У Яніны небагатая фантазія, але каханне дало ёй выдатную здольнасць усё скажаць, перакручваць, перабольшваць. Ды ведаю я твайго Філі! Нікчэмнасць ён, і толькі хуткаплынная маладосць дакранулася да яго красой сваіх промняў. Ты прыпісваеш гэтаму распешчанаму хлапчуку, які жыве на ўсім гатовенькім, то высокія тонкія пачуцці, то вераломныя намеры, а на самай справе думак у яго ніякіх няма, жыве ён аднымі рэфлексамі.

Ты і твае бацькі не разумелі, што яму хацелася адчуваць сябе мацнейшым за вас, быць незалежным, што ён задыхаўся ў гэтай рабскай атмасферы. Навошта вы так высока трымалі падачкі і прымушалі яго падскокваць? Ён з той пароды сабак, якія не паддаюцца такой дрэсіроўцы і ўцякаюць туды, дзе косці кідаюць проста пад нос.

Бедная Яніна! Зусім ты не ведаеш свайго Філі!.. Ды што яна можа бачыць, калі ўсё засланіла нуда, рэўнасць, патрэба чуць, бачыць яго, цешыцца яго ласкамі… Усё засланіў жах ад таго, што яна страціла свайго каханага… І вось аслепленая сваім каханнем утрапёна бяжыць яна за сваёй здабычай і сама не ведае, хто ён такі, за кім яна гоніцца… Людзі кажуць: бацькоўская любоў сляпая. Яніна мне ўнучка, але калі б яна была маёй дачкою, я бачыў бы яе такой, якая яна ёсць. Нічога ў ёй няма абаяльнага. Рысы твару правільныя, але фігура няўклюдная, голас нейкі пісклявы, вочы пустыя… На такіх мужчыны не надта заглядаюцца… І ўсё ж у гэтыя доўгія вечары яна здавалася мне прыгожай. Была ў яе тая асаблівая прыгажосць, якую надае жанчыне любоўны адчай. Хто ведае, можа, і знойдзецца мужчына, якога прыцягне да сябе гэты пажар… Але няшчасная гарыць у змроку, у адзіноце, і толькі я адзіны сведка яе пакут…

Шкада мне Яніны, і я цярпліва слухаю яе бясконцыя ўспаміны пра гэтага незвычайнага Філі. А што ў ім незвычайнага? — Мільёны такіх… Але я слухаю і не магу надзівіцца, як распаліў гэты Філі такое пачуццё ў маёй унучцы. Гэта ж трэба: свету белага не бачыць! Усё перастала існаваць, акрамя яе мужа, акрамя гэтага маладога самца, які любіць прыкладацца да чаркі, а на каханне глядзіць як на работу, на цяжкую павіннасць… Якое ўбоства!

Яніна амаль не заўважае дачкі, якая ўпоцемку прашмыгнула да нас у гасціную. Маці, не гледзячы, датыкаецца губамі да яе кучаравенькай галоўкі. Не скажу, каб гэтае малое не адыгрывала ніякай ролі ў жыцці Яніны: толькі дзякуючы гэтай дзяўчынцы перамагла яна ў сабе жаданне кінуцца ў пагоню за Філі (а магла б яна і пагнацца, і ўпрошваць яго, і лаяць, і рабіць сцэны на людзях). Не, не змог бы я яе адзін утрымаць. Дома яна засталася толькі дзеля дзіцяці, але вялікай уцехі ў ім не знаходзіла. Малая нібы адчувала гэта і вечарам, калі мы чакалі, пакуль пададуць на стол, спяшалася залезці да дзеда на калені, нібы шукала ў мяне прытулку. Валаскі ў яе былі мякенькія, як пух, пахла ад іх цёплым птушыным гняздзечкам, і мне ўспаміналася тады Мары. Я заплюшчваў вочы і, прытуліўшыся губамі да яе шчочкі, ціхенька сядзеў, ледзьве стрымліваючы сябе, каб моцна-моцна не абняць гэтае маленькае цельца. У такія моманты мне здавалася, што гэта Мары або Люк. Часам цалуеш яе, калі яна разгуляецца, і адчуваеш, што шчочкі ў яе чуць-чуць салёненькія, як у маленькага Люка ў дні летніх вакацый, калі ён, бывала, так набегаецца за дзень, што возьме ды засне проста за сталом. Не мог ён дачакацца дэсерту і падстаўляў усім свой сонны стомлены тварык для развітальнага пацалунку.

Вось што ўспаміналася, мроілася мне, пакуль Яніна, нявольніца свайго кахання, хадзіла ўзад і ўперад па гасцінай.


Памятаю, аднойчы яна ў мяне спыталася:

— Як цяпер мне жыць? Што зрабіць, каб не пакутаваць?.. Як вы думаеце, гэта пройдзе?..

Ноч была халодная. І раптам я бачу, Яніна падыходзіць да акна, адчыняе яго, высоўвае свой заплаканы твар, глядзіць на сад, заліты блакітным месячным святлом, і прагна дыхае ледзяным паветрам. Я прывёў яе назад да агню і, хоць не прывык да пяшчоты, падсеў да яе і абняў за плечы. Я спытаўся, ці няма ў яе хоць якой-небудзь падтрымкі.

— У цябе ёсць вера?

Яна разгублена адказала:

— Вера? — быццам не зразумела мяне.

— Ну, ты верыш у Бога?..

Яна прыўзняла на мяне свой палаючы твар, недаверліва паглядзела на мяне і нарэшце сказала: «Пры чым тут вера?..» Я зноў паўтарыў пытанне, тады яна адказала:

— Ну, канешне, я веру. Хаджу ў царкву, прычашчаюся, словам, раблю ўсё, што ўсе робяць. Але навошта вы пытаецеся? Каб пасмяяцца з мяне?

— Як ты думаеш, — працягваў я, — Філі варты твайго кахання?

Яна паглядзела на мяне тым сумным, злосным позіркам, які бывае ў яе маці, калі яна не разумее, што ёй гавораць, не ведае, як адказаць, і баіцца трапіць у пастку. Нарэшце яна адважылася:

— Усё гэта не звязана адно з адным. Не трэба да маёй бяды прымешваць рэлігію. Ну што, я веру, а таму і не люблю, калі робяць такія супастаўленні… Я раблю ўсё, што гаворыць святар…

Усё гэта было сказана такім тонам, нібы яна стаяла перад фінансавым інспектарам і дакладвала яму, што «акуратна плаціць усе падаткі». Вось што я ненавідзеў усё жыццё: гэтую карыкатуру, гэты ўбогі шарж на хрысціянскае жыццё, а каб мець права іх ненавідзець, я прытвараўся, што бачу ў карыкатуры сапраўднае хрысціянства. Трэба мець адвагу адкрыта глядзець на тое, што ненавідзіш… Але ж я цяпер ведаў… ведаў, што ўсё жыццё сам сябе ашукваў. Я ведаў гэта яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя, у той вечар, калі вось тут, у Калезе, абат Ардуэн сказаў мне: «Вы добры чалавек…» Хіба гэта не так?! А потым я затыкаў сабе вушы, каб не чуць тых слоў, якія шаптала мне пры смерці Мары. І менавіта тады, перад яе труною, адкрылася мне таямніца жыцця і смерці чалавечай… Мая дачушка памірала дзеля мяне… Я хацеў забыць гэта… Зноў і зноў спрабаваў згубіць ключ ад брамы таямніцы, але чыясьці моцная рука вяртала яго мне на кожным павароце майго жыцця. (Хіба можна забыць позірк Люка пасля нядзельнай ранішняй службы, у тую хвіліну, калі пачынаў стракатаць першы конік?.. А тая вясновая ноч, калі пайшоў град?..)

Так цяклі мае думкі ў той вечар. Помню, я ўстаў і з такой сілай адпіхнуў крэсла, што Яніна здрыганулася. Начны спакой і гэтая страшная цішыня, здавалася, утаймавалі яе душэўны боль. Агонь у каміне патух, у пакоі рабілася ўсё халадней, Яніна бліжэй і бліжэй падсоўвала сваё крэсла да каміна, ногі яе амаль дакраналіся да жару. Яна працягвала да вуголля рукі. Лямпа асвятляла яе сагнутую дзябёлую фігуру… У прыцемку хадзіў я па гасцінай, застаўленай старою мэбляй з палісандравага і чырвонага дрэва. Бездапаможна мітусіўся я вакол гэтай чалавечай глыбы, гэтага нерухомага цела.

— Дзіцятка ты маё… — Шукаў і не знаходзіў я патрэбных слоў… Як душыць мяне сёння вечарам, калі я пішу гэтыя радкі, як баліць сэрца, здаецца, вось-вось разарвецца, а ўсё таму, што яно перапоўнена любоўю, і я ведаю нарэшце імя, яе трапятк……………..


Калез, 10 снежня 193…

Дарагая Жэнеўева!

На гэтым тыдні скончу разбіраць бацькавы паперы, якімі набіты ўсе шуфляды ў яго стале. Але лічу сваім абавязкам неадкладна пазнаёміць цябе з адным даволі дзіўным дакументам. Як ты ведаеш, бацька памёр за сваім пісьмовым сталом. Калі раніцай 24 лістапада Амелія зайшла да яго ў кабінет, яна ўбачыла, што наш бацька сядзіць, уткнуўшыся тварам у сшытак — гэты самы, які я пасылаю табе заказным пісьмом. Табе, відаць, няпроста будзе разабрацца, што там напісана, я таксама нямала папацеў. Але і добра, што почырк такі неразборлівы, — слугі нічога тут не змаглі прачытаць. Спачатку пачуццё далікатнасці падказвала мне, што, можа, не варта пасылаць табе гэтыя запіскі: пра тваю асобу бацька тут выказваецца даволі груба і гаворыць крыўдныя, балючыя словы. Але хіба меў я права хаваць ад цябе гэты дакумент, які належыць гэтаксама табе, як і мне? Ты ж добра ведаеш маю прынцыповасць адносна ўсяго таго, што датычыцца падзелу нашай спадчыны. Вось чаму я перадумаў і пасылаю табе гэты сшытак.

А зрэшты, бацька нікога не пашкадаваў на гэтых старонках! Усім тут папала! На вялікі жаль, мы даўно ведаем, як ён ставіўся да нас, так што нам гэта не навіна. Уся мая маладосць была атручана нянавісцю, якую чамусьці я выклікаў у бацькі. Яго нянавісць, пагарда доўга не давалі мне паверыць у сябе. Я ўвесь сціскаўся пад яго грозным, бязлітасным позіркам, і шмат гадоў прайшло, пакуль у мяне з'явілася пачуццё ўласнай годнасці.

Я ўсё яму дараваў, - і дадам нават, што мой сыноўскі абавязак вымусіў мяне даць табе прачытаць гэты дакумент. Незалежна ад таго, як ты паставішся да гэтых запісак, дзе надзіва адкрыта выказаны самыя жахлівыя пачуцці, я ўпэўнены, што вобраз нашага бацькі паўстане перад табой — не скажу больш высакародным, але, ва ўсякім выпадку, больш чалавечым. (Я маю на ўвазе яго любоў да нашай сястры Мары і маленькага Люка. Ім тут прысвечаны кранальныя старонкі.)

Сёння я лепш разумею яго боль і тугу, якія былі ў яго на твары, калі стаяў ён перад мамінай труной. А мы тады, памятаеш, як былі ашаломлены гэтым? Ты думала, ён прыкідваецца. Нават калі гэтыя старонкі саслужаць толькі адну службу і адкрыюць, што было на сэрцы ў гэтага непрыступнага, гордага чалавека, то і дзеля аднаго гэтага, дарагая Жэнеўева, варта прачытаць гэтую споведзь, як бы горка і крыўдна табе ні было.

Дзякуючы гэтай споведзі мне стала лягчэй на душы. Перакананы, што так будзе і з табой. Ад прыроды я чалавек скрупулёзны. Няхай у мяне будзе тысяча падстаў лічыць, што праўда на маім баку, дастаткова якой-небудзь дробязі, каб я завагаўся, засумняваўся. Ах, цяжка жывецца чалавеку, у якога так абвострана пачуццё маральнай далікатнасці, як у мяне! Бацька ненавідзеў мяне, а я пры кожным, нават самым законным кроку самаабароны адчуваў душэўную трывогу, нават згрызоты сумлення. Калі б я не быў галава сям'і, на кім вісіць адказнасць за гонар нашага роду і дабрабыт дзяцей, я адмовіўся б ад гэтай зацятай барацьбы з бацькам, абы толькі не ведаць гэтых пакут, гэтага душэўнага разладу, — ты ж сама не раз бачыла, як было мне цяжка.

Я ўдзячны Богу за тое, што па яго волі бацька апраўдаў мяне ў сваіх запісках. Перш за ўсё яны пацвярджаюць тое, што мы самі ведалі: ён тут прызнаецца, што прыдумваў махінацыі, каб пазбавіць нас спадчыны. З якім сорамам чытаў я тыя старонкі, дзе ён апісвае свой спосаб адначасна трымаць у сваіх руках і паверанага Буру, і гэтага Рабэра. Накінем на ўсе яго непрыглядныя махінацыі ноеў плашч[15]. Але з гэтага вынікае, што маім святым абавязкам было не даць здзейсніцца бацькавым планам. І я зрабіў гэта, зрабіў паспяхова, і не збіраюся чырванець за свае ўчынкі. Можаш цяпер не сумнявацца, сястра, — сваім багаццем ты абавязана мне. У гэтым дзённіку бацька ўсё стараецца даказаць сабе, што яго нянавісць да ўсіх нас нечакана патухла, і выхваляецца яшчэ, што адрокся ад усіх зямных даброт (павінен прызнацца, што, чытаючы радкі, я смяяўся). Але звярні, калі ласка, увагу, калі іменна адбыўся гэты раптоўны паварот: тады, калі ўсе яго хітрыкі мы разгадалі і яго пабочны сын прадаў нам тайну. Не так проста было збыць такое багацце. План, які рыхтаваўся гадамі, за некалькі дзён не пераменіш. Адчуваў ён свой блізкі канец, не было ў яго ні часу, ні магчымасці пазбавіць нас спадчыны, і бядак не мог прыдумаць нічога лепшага, як тая вераломная змова, якую мы па міласці боскай раскрылі.

Не хацеў наш адвакат прайграваць працэсу ні перад самім сабой, ні перад намі і пайшоў на махлярства, напалову падсвядома (ахвотна дапускаю гэта): ён вырашыў ператварыць сваё паражэнне ў нейкую маральную перамогу, пачаў крычаць пра сваю бескарыслівасць, пра адрачэнне ад усяго… Ну, а калі падумаць, то што яму заставалася рабіць?! Але мяне такімі выкрутасамі не возьмеш, ды і ты, Жэнеўева, як чалавек са здаровым розумам, згодзішся са мной, што ў нас няма падстаў раставаць ад замілавання і ўдзячнасці.

Ёсць у гэтай споведзі яшчэ адно бацькава прызнанне, якое вельмі супакоіла мяне. У гэтым пытанні я асабліва строга правяраў сябе, і, павінен шчыра сказаць, маё патрабавальнае сумленне доўга пакутавала ад трывогі. Я маю на ўвазе мае спробы, праўда, марныя, паставіць пад сумненне разумовыя здольнасці бацькі і прымусіць яго прайсці абследаванне ў псіхіятрычнай клініцы. Трэба адзначыць, што тут адыграла сваю ролю і мая жонка, якая шмат зрабіла, каб пахіснуць маю ўпэўненасць на гэты конт. Ты добра ведаеш, што звычайна я не вельмі лічуся з яе думкамі — асоба яна вельмі ўжо эксцэнтрычная. Але яна не адступалася ад мяне ні днём, ні ноччу, усе вушы мне пратрубіла. І, ведаеш, некаторыя яе аргументы прымусілі мяне завагацца. Урэшце яна пераканала мяне, што наш вялікі адвакат, вопытны фінансіст і глыбокі псіхолаг — самы ўраўнаважаны чалавек на свеце.

Не трэба, вядома, вялікай фантазіі, каб намаляваць сваіх дзяцей вырадкамі, якія, ад страху страціць спадчыну, ні перад чым не спыняюцца і гатовы роднага бацьку здаць у вар'яцкі дом. Бачыш, я асабліва не падбіраю слоў і гавару зусім адкрыта… Многа начэй не мог я заснуць. Адзін Бог ведае, колькі я адпакутаваў.

Дык вось, дарагая мая Жэнеўева, гэты сшытак, асабліва яго апошнія старонкі, даюць усе падставы лічыць, што ў бацькі нашага былі прыступы перамежнага вар'яцтва. Я лічу нават, што мы стаім перад фактам даволі рэдкім і цікавым з медыцынскага пункту погляду. Варта было б перадаць гэтыя запіскі псіхіятру. Аднак найпершы наш абавязак — нікому не паказваць гэтага дакумента, які можа стаць вельмі небяспечным для нашых дзяцей. Таму папярэджваю цябе і прашу адразу спаліць сшытак, як толькі ты скончыш чытаць. Трэба мець абсалютную ўпэўненасць, што гэтыя старонкі не трапяць у рукі чужых людзей.

Мы заўсёды трымалі пад строгім сакрэтам усё, што датычылася нашых сямейных спраў. Не табе мне гаварыць, якія меры я прымаў, каб наша ўстрывожанасць псіхічным станам бацькі не стала нікому вядомай. Аднак не ўсе члены нашай сям'і выяўлялі неабходную стрыманасць і асцярожнасць. У прыватнасці, твой нягоднік-зяць усім расказваў самыя агідныя гісторыі пра бацьку. Гэта дорага нам каштавала: па горадзе пайшлі плёткі, а сёй-той праводзіць паралель паміж неўрастэніяй Яніны і эксцэнтрычнасцю бацькі, якую яму прыпісваюць, наслухаўшыся балбатні Філі.

Паўтараю: парві і спалі гэты сшытак і нікому пра яго не гавары. Давай і мы з табой пра яго забудзем. І ўсё ж, павінен прызнацца, мне шкада яго знішчаць — ёсць там і тонкія псіхалагічныя назіранні, і нават мілыя пейзажныя замалёўкі. Быў, відаць, у бацькі не толькі талент прамоўцы, але і пісьменніцкая струнка. Але тым больш у нас падстаў знішчыць гэты дзённік. Уяві сабе, што нехта з нашых дзяцей ці ўнукаў возьме ды надрукуе бацькавы запіскі!.. Бяды тады не абярэшся!..

Мы з табой можам называць рэчы сваімі імёнамі і павінны, прачытаўшы гэты сшытак, сказаць сабе ясна і недвухсэнсава: бацька наш не быў псіхічна нармальным. Вось цяпер да мяне дайшлі словы тваёй дачкі, якія спачатку я палічыў хворай фантазіяй: «Дзядуля — адзіны набожны чалавек, які мне сустрэўся ў жыцці». Бедная Яніна блізка ўспрыняла туманныя разважанні і мроі гэтага іпахондрыка. Вораг сваіх блізкіх, чалавек, ненавісны ўсім, і, як ты ўбачыш, няшчасны ў каханні (ёсць у гэтай споведзі даволі камічныя падрабязнасці), раўнівец, які не мог дараваць жонцы нявіннага дзявочага флірту — няўжо на схіле дзён сваіх пачаў ён шукаць уцехі ў малітве? Не веру я ў гэта. А з тых радкоў, дзе пра гэта гаворыцца, вынікае зусім іншае: аўтар пакутаваў разумовым расстройствам, маніяй праследавання; выношваў неадчэпныя думкі, якія набылі рэлігійную форму. Тут і следу ніякага няма ад сапраўднага хрысціянства. Я-то ў гэтых пытаннях разбіраюся, і гэты лжывы містыцызм выклікае ўва мне толькі агіду.

Магчыма, ты па-жаночы не так паставішся да ўсяго гэтага. Аднак, калі раптоўная бацькава набожнасць зробіць на цябе ўражанне і ты будзеш гатова паверыць у яе, успомні, калі ласка, што бацька не ведаў мяжы ў сваёй нянавісці, а калі і любіў каго, то толькі на злосць сям'і ці сваёй роднай маці. А якія ў яго рэлігійныя парывы? — Ты адразу ўбачыш, што ўсе да аднаго яны проста або ўскосна скіраваны супраць тых прынцыпаў, якія нам з маленства прывівала мама. А нястрымны рэлігійны містыцызм патрэбен яму толькі для таго, каб зручней было нападаць на разумную памяркоўную набожнасць, якая заўсёды была ў вялікай пашане ў нашай сям'і. Ісціна — гэта раўнавага… Зрэшты, не буду больш стамляць цябе сваімі разважаннямі. Нагаварыў я тут дастаткова, так што табе застаецца толькі пазнаёміцца з бацькавым дзённікам. З нецярпеннем буду чакаць адказу. Хутчэй хочацца ведаць тваё ўражанне.


Месца застаецца мала, а трэба яшчэ адказаць на твае пытанні. Дарагая сястра, мы перажываем цяпер перыяд крызісу, і нам неабходна вырашыць адну вострую і важную для нас праблему — як быць са спадчынай? Калі мы будзем захоўваць кіпы банкаўскіх білетаў у сейфе, то давядзецца пражываць наш капітал, а гэта ўжо няшчасце. Калі купіць на гэтыя грошы акцыі і стрыгчы купоны, то ўцехі таксама мала: курс акцый увесь час падае. Як бачыш, у любым выпадку мы будзем несці страты. Таму я лічу, што разумней за ўсё будзе захаваць крэдытныя білеты Французскага банка. Франк сёння каштуе ўсяго чатыры су, але ён забяспечаны вялікім залатым запасам. У гэтых справах бацька наш меў багаты вопыт, і мы павінны браць з яго прыклад. У французаў з'явілася небяспечная схільнасць: абавязкова пускаць свой капітал у якую-небудзь справу. Жэнеўева, ніколі не паддавайся на гэтую спакусу. І яшчэ: цяпер такі час, што жыць трэба прасцей, асабліва не разганяцца, эканоміць, даражыць кожным франкам. Ну, а калі спатрэбіцца мая парада, я заўсёды да тваіх паслуг, — гэта ты ведаеш. Час, канешне, змрочны, трывожны, але сачыць за справамі на біржах трэба ўважліва: кожны дзень можа прынесці і добры выпадак выкарыстаць капітал. Я, напрыклад, цяпер усё прыглядаюся да каньяку маркі «Кіна» і анісавай гарэлкі. Думаю, што крызісу ў гандлі гэтымі таварамі не чакаецца, трэба толькі дзейнічаць смела і разам з тым абачліва.

Ты парадавала мяне прыемнымі весткамі пра Яніну. Не варта баяцца яе празмернай набожнасці. Самае галоўнае, каб яна забылася пра Філі. Усё астатняе само памалу ўладзіцца: Яніна з нашай пароды, а ў нас заўсёды ўмелі не злоўжываць самымі прыемнымі забавамі.

Да пабачэння, дарагая Жэнеўева! У сераду прыеду.

Цалую цябе. Твой брат Хюбэр.

. . . . . . . . . . .

Яніна — Хюбэру

Дарагі дзядзечка! Прашу Вашай дапамогі. Мы пасварыліся з мамай. Яна ніяк не хоча паказаць мне дзядулевага «дзённіка». Кажа, што варта мне толькі яго прачытаць і ад маёй павагі да дзядулі нічога не застанецца. Але калі яна ўжо так беражэ маю добрую памяць пра нябожчыка, то чаму тады кожны дзень паўтарае мне: «Ты і ўявіць сабе не можаш, як непрыгожа ён піша пра цябе!.. Нават і знешнасці тваёй не пашкадаваў!..» Яшчэ больш мяне здзіўляе тое, з якой ахвотай яна дала мне прачытаць Ваша пісьмо, дзе Вы каменціруеце «дзённік»…

Мама стамілася ваяваць са мной і сказала нядаўна, што аддасць мне дзядулевы запіскі, калі Вы палічыце гэта патрэбным, — яна ва ўсім спасылаецца на Вас. І вось я звяртаюся да Вас, да Вашага пачуцця справядлівасці.

Перш за ўсё дазвольце адразу зняць тую перашкоду, якая датычыць асабіста мяне: як бы жорстка ні гаварыў пра мяне дзядуля ў «дзённіку», паверце: сама я суджу сябе яшчэ больш строга. І яшчэ: я ўпэўнена, што жорсткасць яго не пашыраецца на тую няшчасную жанчыну, якая да самай яго смерці была побач з ім у Калезе.

Даруйце мне, дзядзечка, але не магу я пагадзіцца з Вамі ў галоўным: я адзіны сведка апошніх дзён дзядулі і ведаю, якія былі ў яго пачуцці ў той час. Вы папракаеце яго за туманную, нездаровую набожнасць. Аднак дазвольце Вам сказаць, што ў Калезе ён тройчы сустракаўся з прыхадскім святаром (першы раз у канцы кастрычніка і два разы ў лістападзе). Дарэчы, Вы можаце папытацца пра гэта ў самога святара. Мама гаворыць, што ў «дзённіку», дзе пазначаны ўсе падрабязнасці дзядулевага жыцця, чамусьці нічога не напісана пра гэтыя сустрэчы. Гутаркі са святаром мелі, безумоўна, істотны ўплыў на перамены ў душэўным настроі нашага дзядулі, а нічога не сказана пра іх у дзённіку толькі таму, што ён не паспеў напісаць пра гэта. Мама ж сама гаворыць, што запіскі абрываюцца на паўслове. Я асабіста не сумняваюся, што смерць забрала дзядулю якраз у той момант, калі ён хацеў сказаць пра сваю споведзь. І дарэмна будзеце вы мне пярэчыць, што калі б ён атрымаў адпушчэнне грахоў, то пайшоў бы да прычасця. Я добра памятаю тыя словы, якія паўтараў мне дзядуля за дзень да сваёй смерці: ён усё бедаваў, што яшчэ не варты прыняць прычасце, і вырашыў пачакаць да каляд. Дзядзечка, чаму мама мне не верыць? Чаму яна лічыць гэта галюцынацыямі? Як цяпер, чую я, як ён гаварыў са мной у гасцінай пра гэты жаданы для яго калядны дзень. О, які сумны, ціхі, слабы быў дзядулеў голас!..

Супакойцеся, дзядзечка, я не збіраюся рабіць з яго святога. Я згаджаюся з Вамі, што чалавек гэты быў страшны, а часам нават жудасны. Але ў самыя апошнія дні азарэнне прыйшло і да яго. Гэта ж ён, ён, а не хто другі схапіў рукамі мяне за галаву і сілком адхіліў мой позірк ад…

А ці не здаецца Вам, дзядзечка, што Ваш бацька быў бы зусім другім чалавекам, калі б мы былі не такімі. Не папракайце мяне, калі ласка, што я хачу кінуць у Вас камень. Я ведаю і высока цаню Вашы вартасці. Ведаю я і тое, што дзядуля бываў жорсткі і несправядлівы з Вамі і маёй мамай. На нашу агульную бяду ён думаў, што мы прыкладныя хрысціяне… Не спрачайцеся: пасля дзядулевай смерці я пазнаёмілася з людзьмі, у якіх, вядома, ёсць свае недахопы, свае слабасці, але жывуць яны так, як таго патрабуе вера, і сэрцы іх перапоўнены міласэрнасцю. Калі б дзядуля жыў сярод такіх людзей, магчыма, даўно ўбачыў бы ён тую дарогу, на якую стаў толькі перад самай смерцю.

Яшчэ раз хачу сказаць: я не збіраюся абвінавачваць нашу сям'ю, каб абяліць і апраўдаць таго бязлітаснага чалавека, які стаяў на яе чале. Не магу я забыцца таго, што бабулін прыклад павінен быў бы адкрыць яму вочы, а ён так доўга рабіў толькі адно — помсціў, як мог, за сваю крыўду… І дазвольце яшчэ мне сказаць, чаму я, урэшце, апраўдваю яго, там, дзе былі скарбы нашы, там былі і сэрцы нашы — мы толькі і думалі пра гэтую спадчыну, якая магла нам не дастацца. А сябе апраўдаць мы, вядома, можам: вы былі чалавекам справы, я — беднай жанчынай… І тым не менш усе мы, акрамя бабулі, жылі не так, як трэба жыць. Думкі нашы, жаданні нашы, учынкі нашы былі адарваны ад веры. І душы нашы, рукі нашы цягнуліся да золата, грошай, багацця, у той час як дзядуля… Ці зразумееце Вы мяне, калі я скажу, што сэрца яго было не там, дзе было яго багацце. І я магу паклясціся, што дакумент, які ад мяне так старанна хаваюць, з'яўляецца вырашальным доказам гэтага.

Спадзяюся, дзядзечка, што Вы пачуеце мяне, і з нецярпеннем чакаю адказу.

Яніна.


Загрузка...