КНІГА ТРЭЦЯЯ Будучыня з намі

ЧАСТКА ШОСТАЯ

Раздзел І


1...

Раніцай Клава прайшлася па пакойчыку. Прытуліўшыся плячом да сценкі, пазірала праз акенца на двор, сочачы з задуменнасцю за ўсім, што там адбывалася. На круглаватым ілбе яе хму рылася клопатная маршчынка, — у дзяўчыны быў такі выраз, быццам яна хацела штосьці ўспо мніць і не магла...

— Прынясіце мне, цётка Кацярына, галінку бэзу,— ціха папрасіла яна.

— Зараз прынясу. Толькі ты сядзь... Клава вярнулася да ложка і легла, тады Кацярына вышла з пакоя, а неўзабаве прынесла некалькі галінак. Яны даўно ўжо адцвілі, і нічога, здаецца, прывабнага не было цяпер у іх, але, калі Клава ўзяла гэтыя галінкі, у горле яе і радасна і горка зашчымела. Маршчынка на яе ілбе разышлася. Клава глядзела на галінкі так, быццам гэта было нешта жывое, вельмі дарагое і роднае, і Кацярына здзіўлена падумала: што яна знайшла ў звычайнай галінцы? Праўда, Клава і сама добра не ведала гэтага, яны, мусіць, былі такімі дарагімі таму, што з імі ўспамінаўся Клаве яе дом, каля якога пад акном рос таксама бэз, брат Сяргей, мама, аб якіх яна столькі часу нічога не ведае...

Сярожа, Сярожа, дзе ён, што з ім?..

Мінуў яшчэ дзень, і Клаве захацелася выйсці з каморкі на вуліцу, у поле, — адагнаць страшэнныя ўспаміны-прывіды, якія яшчэ гнялі яе, стаць спакойнай, як раней, і дужай. Як гэта, аказваецца, добра быць дужай і хадзіць колькі хочаш; нават патрошку ступаць таксама прыемна, куды лепш, як ляжаць.

Клава тупала з аднаго кутка каморкі, дзе стаялі дзежкі, да другога, да акенца; хадзіць ёй было не лёгка, але яна старалася не зважаць на стому. Усё ж яна ходзіць! Не, яна не такая кволая, як можа падумаць Кацярына.

— Ну чаго ты сябе мучыш? — аднойчы сказала ёй з дакорам жанчына. — Чаго? Спяшаешся куды-небудзь, ці што? Нібы на цягнік баішся не паспець... Усяму свая чарга, дачушка: паправішся, прыдзе час, — будзеш хадзіць.

— Я ўжо амаль паправілася, цётка Кацярына...

— Ну, сказала то ж ба — паправілася! Табе трэба ляжаць і ляжаць — месяц!.. Спакойна ляжаць, не марнуючы сябе дарэмна.

Клава ціха, але настойліва прамовіла:

— Я заўтра буду хадзіць — зусім лёгка!.. Пабачыце, цётка Кацярына. Ну, не заўтра, дык паслязаўтра. А там — праз дні два — змагу хоць танцаваць!..

На круглых яе шчаках, у кутках крыху шырокіх губ неспадзявана, упершыню за ўсе гэтыя дні, узніклі, гарэзна задрыжалі дзве смяшлівыя ямачкі. Клава раптам стала такой, якой была раней заўсёды: гарэзнай, вясёлай і ўпартай.

— Праўда, танцаваць!..

Цётка Кацярына, пазіраючы на Клаву, толькі галавой паківала з дакорам — такая непаседа; ужо і засмяялася — нібы забыла ўсе свае пакуты. Але гарэзны бляск у вачах дзяўчыны амаль адразу ж і згас; на лоб легла маршчынка, — Клава зноў-задумалася і насцеражылася...

Настрой у Клавы быў цяпер няроўны, — то яна хмурыцца, так горка штосьці перажывае, што Кацярыне аж шкада становіцца яе, то раптам павесялее і пачне смяяцца.

Жывучая, не схільная да смутку, натура яе паступова брала ўладу над прыгнечанасцю. Клава зноў станавілася сама сабой.

З кожным днём яна хадзіла ўсё лягчэй і смялей. Цяпер яна стамлялася ўжо менш, як у першыя дні, — і гэта яе вельмі радавала.

Ёй хацелася хутчэй вярнуцца ў Мінск, даведацца, што з маці, любай маці, з Сяргеем, зноў спаткацца з таварышамі: цяжкую і небяспечную падпольную работу яна ўяўляла як найлепшае шчасце. Ёй станавілася ўсё больш цесна ў каморцы.

Калі Кацярына прыходзіла дамоў з сяла, Клава звычайна пыталася:

— Што там кажуць, цётка Кацярына? Можа, што новае пачулі? Якую-небудзь добрую вестку?

— Нічога, Клаўка...

— Ці праўда, цётачка,— так і нічога?

— Вось якая ты, то ж ба, недаверлівая ды нецярплівая. Хіба ж я, дзівачка ты мая, стала б утойваць ад цябе, каб што-небудзь было добрае? Калі б толькі пачула, адразу прыбегла б да цябе і пераказала б слова ў слова. Толькі ж нічога асаблівага не чуваць.

Ціхай ноччу Клава пачула дзіўны гром. А раніцаю Кацярына прыбегла ў каморку шумлівая, узрушаная і сказала, што нашы занялі Віцебск.

— Віцебск?! Адкуль вы даведаліся?

— Партызан прыходзіў, казаў, што па радыё перадавалі — дзён чатыры, ці што, таму...

Клава адразу саскочыла з ложка, падбегла да цёткі і, абняўшы яе парывіста, пацалавала.

— Ой, цётачка, якая ж вы добрая і мілая!..

І весела засмяялася, бліснула белымі роўнымі радкамі зубоў. Кацярына, бачачы, як яна ажыла, пажвавела, — усцешылася так, нібы гэта радавалася яе дачка.

Увесь дзень Клава не знаходзіла сабе месца ад радасці. Яна проста не магла ўлежаць на ложку, тупала, тупала па каморцы, раз-по-раз падыходзіла да акенца і ўвесь час, амаль не сціхаючы, паціху спявала.

То песню пра Маскву, пра родную Маскву:

...Масква мая,


Ты самая любімая...

То павольную, шчырую:

Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты не поўная,


Чаму ж ты не поўная, з беражком не роўная...

Шчырая, журлівая песня, якую любіла Клавіна маці, гучала сёння незвычайна весела і радасна.

Многа песень успомніла, пераспявала Клава ў гэты дзень!

Пад вечар, як ніколі раней, разгаварылася, стала расказваць пра сваё жыццё ў Мінску. Смешным і вясёлым усё выходзіла ў яе, — цётка Кацярына то смяялася ўслед за Клавай, то ўздыхала. Нарэшце, з матчыным папрокам сказала дзяўчыне:

— І што гэта ты, дачка, над усім смяешся?

— Хіба ж я вінавата, — гарэзна адказала Клава.— У мяне і маці такая — любіла раней песні спяваць ды смяяцца. Відаць, праўда — «якая маці малася, такая і я ўдалася». Толькі я песні спяваю рэдка — хіба тады, калі надыдзе такое, як сёння. А вось пасмяшыць ці самой пасмяяцца вельмі люблю...

Што ёй скажаш на гэта?

— А хіба яно, цётка Кацярына, кепска? Калі б я не ўмела смяяцца, я даўно б ужо, можа быць, ссохла ад гора ці суму... А так — пасумую, пасумую ды і засмяюся, і самой весялей становіцца, і другім...

У той жа вечар яна сказала заклапочана:

— Ужо, здаецца, хопіць адлежваць бакі, трэба паспяшацца дамоў...

— Управішся!.. Нікуды твая дамоўка не ўцячэ.

Цётка Кацярына не звярнула на Клавіны словы асаблівай увагі — ці мала каму не хочацца хутчэй дамоў. Няхай пакуль ляжыць ды ачуньвае.



2...

Днём у сяло прыехаў нейкі нямецкі атрад. Сяло стаяла ў баку ад шумлівага шасэ, і сюды ў апошнія дні немцы наязджалі не часта. Прыезд гэтых «гасцей» вельмі ўстрывожыў Кацярыну, — яна ўбегла ў каморку і, насцярожана зірнуўшы ў акенца, прамовіла спалохана:

— Фашысты! Што нам рабіць, дачушка?!

Клава заўважыла, што яе твар пабялеў, як крэйда. Дзяўчына гэтую падзею сустрэла спакайней. Падбегшы да акенца, за якім яна ўбачыла, як звычайна, ціхую вуліцу, Клава стала хутка, але разважліва абдумваць сваё становішча.

Няўжо яны даведаліся, што яе хаваюць тут? Можа, хто-небудзь данёс?.. А калі і не ведаюць пра гэта, то Клаве ўсё роўна трэба хавацца — яна чужая ў гэтай хаце, у яе паранена куляй шыя. Яны могуць западозрыць, што яна партызанка, і расстраляць...

— Божа мой, яны ўжо тут!

На вуліцы яшчэ нікога не было відаць, але сюды ўжо добра даходзіла галосная незразумелая гамонка. Цётка Кацярына адразу заспяшалася, кінулася адсоўваць вялікую дзежку і, паспешліва ўзняўшы века патайной схованкі пад падлогай, загадала:

— Лезь сюды, дачушка...

Кацярына зноў заставіла века схованкі дзежкай. Ледзь яна ўправілася ўсё гэта зрабіць, як на ганку затупацелі важкія крокі, і яна вышла насустрач.

— Курка, матка, ёсць? — запытаўся перш за ўсё салдат, і Кацярына падумала, што гітлераўцы пра Клаву, напэўна, не ведаюць.

— Няма...

— Не-ма?! Шпэк? Сала?..

— Быў кавалачак, ад памазкі застаўся. Хадзем, аддам ужо... — няласкава адказала жанчына.

Праз хвіліну гітлеравец, жуючы сала і лаючыся, вышаў з хаты ў сенцы. Гэта быў чарнявы, з мясістай чырвонай шыяй, тоўсты ўнтэр у форме тэхнічных войск. У сенцах ён, павёўшы вачыма з кутка ў куток, раптам пацягнуў за дзверы ў каморку, але жанчына не пусціла яго,— засланіла сабой дзверы.

— Няма кажу... Усё, што ёсць, аддала, каб цябе!..

Унтэр, адпіхнуўшы Кацярыну, адкрыў дзверы сілаю і ступіў у каморку.

— Няма, кажу...— уладна прамовіла жанчына, цягнучы яго з каморкі. — Ідзі, ідзі!..

Клава, каторай уся гэтая спрэчка была добра чуваць, дзівілася смеласці Кацярыны, якая толькі што здавалася гэтакай спалоханай і разгубленай.

— А тут хто спіць? — неспадзявана запытаўся ўнтэр, і Клава мімаволі стаіла дыханне.

— Хто, ведама хто — я!..

— Ты? Няпраўда!..— прамовіў пагрозна ўнтэр.

Невядома, чым скончылася б гэта размова, але тут пачуўся голас другога немца: — Курт, коммт!.. — Гэты немец увайшоў пазней і хвіліну моўчкі сачыў за тым, што адбывалася. Курт незадаволена азірнуўся і, буркліва прамармытаўшы штосьці ў бок Кацярыны, падаўся з каморкі.

Немец правёў Курта на ганак, а сам нечакана вярнуўся ў каморку.

— Кроў!— сказаў ён па-руску, кіўнуўшы на пасцель. Кацярына, якая была супакоілася, пахаладзела: на падушцы, з другога краю, віднелася пляма засохлай крыві.

— Не бойся, матка, — неспадзявана супакойліва прамовіў немец. Ён быў паважны ў рухах, немалады. Жыццё на яго твары з рэзкімі рысамі і ўважлівымі сіняватымі вачыма спляло ўжо нямала маршчын. — Не бойся... Курта бойся, але ён не заўважыў. А я не хачу табе рабіць кепска... Бацька ці дачка? — кіўнуў ён на кроў.

Кацярына маўчала. Яна не разумела, чаго ён затрымаўся тут. Вядома, не на добрае! А немец раптам, нібы для таго, каб развеяць яе насцярожлівасць, сказаў, што рускія каля Барысава.

— Хутка буду дома, Германія. У мяне таксама ёсць жонка, сын, — ён выняў з нагруднай кішэні фатакартку, на якой быў зняты малы бялявы хлапчук, і паказаў Кацярыне. — Вось!.. Хутка буду разам! У забой вярнуся працаваць. Я ёсць вугальшчык, шахцёр!..

— У мяне пляменнік быў у Данбасе... — адгукнулася Кацярына, думаючы ўсё, чым гэта скончыцца.

— Рур... Эсен. Пауль, — прыклаў ён далонь да грудзей. «Паўлам зваць», — здагадалася Кацярына.

На двары зноў пачуліся крокі. Пауль сказаў Кацярыне, каб яна схавала падушку, а сам падаўся да дзвярэй. Пра што ён гаварыў з тымі, хто ішоў, Кацярына не зразумела, але яны, не заходзячы ў хату, адразу падаліся назад.

Пауль вярнуўся і сказаў, што немцы хутка паедуць, хвілін праз дзесяць.

— З фронта, матка, едзем. А куды — мусіць, сам бог не скажа, хоць ён і павінен усё ведаць.

Пауль развітаўся, вышаў, але Кацярына яшчэ і цяпер непакоілася, ці няма тут якога падману.

Толькі калі атрад выехаў з сяла, Кацярына ўздыхнула лягчэй.

— Ну, ператрывожылася я, — прызналася яна Клаве, якая цяпер моўчкі сядзела на ложку. — Асабліва, калі гэты першы прычапіўся: «хто тут ляжыць!» Добра, што ён хоць крыві не ўбачыў! Ды і Паўла, або як яго, баялася... А ён, бачыш, мусіць, не паганы чалавек!..

— Вядома, рабочы чалавек... А чулі вы, цётка Кацярына, ён сказаў, што нашы ўжо каля Барысава? Няўжо гэта мне здалося, ці ён так і сказаў: каля Барысава? Вы чулі пра Барысаў?

— А як жа, чула, дачушка. Каля Барысава, ён сказаў, — значыцца, тут хутка будуць. Нядоўга, Клаўка, засталося табе хавацца!..

«Ну, цяпер ты, непаседа, нікуды не будзеш ірвацца,— падумала Кацярына, прыгадваючы ўчарашнія словы Клавы, — куды табе спяшацца, калі яшчэ колькі дзён, і тут будуць нашы». Але Клава да гэтай весткі аднеслася інакш.

— Вось бачыце, цётка Кацярына, мне ўжо не можна больш ляжаць... Трэба ісці ў Мінск!..

— Чаго табе спяшацца ў Мінск? Не абыдзецца ён без цябе, ці што? — і, не даючы Клаве сказаць слова, перавяла гаворку на іншае:— Ты спачатку паабедай, а пра Мінск пасля пагаворым...

Кацярына прынесла з хаты гліняную місачку, у якой быў незабелены боршч са шчаўя, выняла з аднаго кубла прыхаваны акраец хлеба. Падпёршы рукой падбародак, стала моўчкі пазіраць, як дзяўчына есць. Так раней яна любіла паглядаць на сваіх дзяцей.

— Ты, можа, смяешся?.. — не ўтрывала жанчына, калі Клава аддала ёй пустую місачку. — Куды ты пойдзеш, нядужая? Можа, ты баішся, што фашысты зноў прыдуць сюды? То я магу захаваць у іншым месцы, так што ніхто не знойдзе.

— Не, я гэтага не баюся. Проста я ўжо ачуняла, цётка Кацярына, — чаго ж мне тут валяцца на ложку? І так колькі праляжала!..

— Колькі! То ж, здаецца, усяго тыдзень мінуўся...

— Ой, цётачка, добрая, мілая, не ўгаварвайце, усё роўна не адумаюся. Мне так хочацца хутчэй дамоў! Так хочацца!.. Нашы блізка ля Мінска, а я буду ляжаць тут?.. Не магу, ну проста — не магу застацца. Ці хаджу я, ці ляжу — сэрца маё ляціць у горад, да сваіх...

Увечары абедзве жанчыны вышлі з хаты. На двары было цёпла і парка, сагрэтае за дзень паветра яшчэ патыхала цеплынёю; на поўначы, ля захаду, тлела, патухаючы, блеклая жаўтаватая палоска. Клава і Кацярына ціха дайшлі да хляўца, пералезлі цераз невысокі, амаль разламаны, плот і апынуліся на агародзе. Шоргаючы нагамі, паволі ішлі праз гарбузнік і бульбянік, сцяблы якіх чапляліся за ногі.

За агародам Кацярына расказала — не ў першы раз, — як Клаве лепш дабрацца да горада.

— А можа б, ты ўсё-ткі засталася? — не магла ніяк прымірыцца Кацярына з тым, што Клава зараз пойдзе,— неспакойна там дужа.

— Я ўжо казала, цётачка... Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?..

Яна засмяялася ціха, нутраным смехам, уткнулася галавою ў грудзі Кацярыны, праз хвіліну парывіста абхапіла за шыю і прагна раз, другі пацалавала.

Кацярына лагодна, з дакорам прамовіла:

— Ах ты, рагатуха, непаслухмяная!..

— Калі прыдуць нашы, прыязджайце да мяне. Добра, цётачка? — голас Клавы задрыжаў ад хвалявання. — Я і не ведаю, як аддзячыць за вашу ласку. Можа, каб не вы, дык я і цяпер ляжала б на полі...

— Няма за што дзякаваць, — Кацярына дадала тонам перасцярогі: — Глядзі ты, зноў не пападзіся да іх!..

— Цяпер не пападуся! Цяпер я — стрэлены верабей!..

Яна пайшла ў цемру. Кацярына, не варушачыся, пазірала ўслед дзяўчыне. Там, куды ішла яна, святлела палоска, і Клавіна постаць — галава і плечы — доўга акрэслівалася на ёй, паступова змяншаючыся. Кацярына пазірала туды, і на сэрцы яе было сумна і трывожна.

«Толькі б усё добра абышлося!..»



3...

Клава дабралася да Мінска толькі перад досвіткам.

Горад гарэў. Дзяўчыне было вельмі горка і сумна, калі яна глядзела на гэтыя пажары, што лютавалі ў розных мясцінах Мінска. Асабліва жахлівыя пажары былі каля Акадэміі навук,— там палала адразу некалькі вялікіх будынкаў. Агромністае барвовае полымя трапятала і каля Дома Урада. Што гэта, якія-небудзь будынкі на Савецкай? Не, то ж гарыць універсітэцкі гарадок!

«Што яны робяць з Мінскам, нелюдзі!» — у нямым гневе сціскала Клава кулакі.

Па Чэрвеньскім тракце ў бок касцёла цягнулася, фыркаючы, некалькі грузавікоў, якія ішлі з патушанымі фарамі. «Уцякаюць, гады!» — падумала Клава і пашкадавала, што нельга іх затрымаць.

Клава, яшчэ лежачы ў Кацярынінай каморцы, калі яна многа думала пра зварот у Мінск, парашыла, што пойдзе не дамоў, дзе цяпер, мусіць, нікога няма, а да цёткі Залескай. Валіна маці здавалася Клаве вельмі надзейным чалавекам. Клава выбрала Залескую яшчэ і таму, што ў Залескай можна было хутчэй, як у каго іншага, даведацца, дзе цяпер маці і Сяргей.

Яна пералезла праз плот і, нарэшце, апынулася на тым двары, да якога прабіралася. Вось яны, знаёмыя кусты вяргінь, на якія Клава часта любіла пазіраць з акна,— як, здаецца, нядаўна яна была тут, а колькі перажыта за гэты час! Аж не верыцца. Праўда ж, ці не сон усё тое?

Прытуліўшыся зморана да плота, аддыхваючыся, яна дзіўна, бесклапотна засмяялася. Як жа добра, што яна ўсё-ткі вярнулася, нягледзячы ні на што, прышла!

Клава, азірнуўшыся навокал, асцярожна наблізілася да акна і стала ўзірацца праз цёмную шыбу ў сярэдзіну. Ці ёсць хто там? У цемры, што поўніла пакой, нічога нельга было разабраць.

Яна пачала лёгка стукаць у шкло, як стукала раней, калі часам заходзіла сюды ноччу, але ніхто не адгукаўся. Неспадзявана яна пачула ззаду ціхі, падкрадлівы шорах і насцярожана азірнулася.

— Хто гэта? — пазнала Клава голас Валінай маці.

— Я, Клава...

— Клава?.. Якая... Клава?

— Ну вось жа, дзіўная! Пытаецеся, якая Клава. Нібы забыліся... Гэта я, цётачка!..

Залеская вышла з-за кустоў смародзіны і, не пытаючыся больш нічога і нічога не гаворачы, пацягнула Клаву за руку. Клава пайшла следам за ёю. Яны прабраліся паўз гарбузнік, і, калі Залеская спынілася, Клава апусцілася ў разору. Яна так знясілела, так аслабела за дарогу, што ў яе проста самі сабой падгіналіся ногі...

— Мы цяпер сюды, у вішаннік перабраліся. Мы тут удваіх, з Наталляй,— ты яе не ведаеш. Небяспечна ў хаце — яшчэ падпаляць гітлераўцы... ці гранату шыбнуць... Божа мой! — пасля хвіліны маўчання сказала збянтэжана Залеская,— Клаўка, дык гэта ты?

Яна памацала Клавіны плечы, як бы не давала веры голасу.

— Тут жа аб'явілі, што расстралялі цябе. Значыцца, няпраўда.

— Праўда, цётачка,— спахмурнела Клава,— Расстралялі.

— Як жа праўда?.. Ты цішэй гавары...

Клава неахвотна і вельмі скупа расказала, як яе расстрэльвалі, як яна выратавалася і як яе выхадзіла невядомая жанчына.

— Клаўка!— жахнулася Залеская.— Дык чаго ж ты вярнулася? Ты ж магла наткнуцца на якую засаду, цябе маглі схапіць!

— А як жа мне было сядзець недзе, калі тут такое робіцца? Нашы так спяшаюцца, а мне што ж сядзець? А можа, тут чакае мяне справа? Я так хапалася, цётка, каб хутчэй вярнуцца. А што могуць мяне арыштаваць,— як жа мяне арыштуюць?.. Я ж расстраляная.

— Ты смяешся... Як ты можаш жартаваць?

Клава нічога ёй на гэта не адказала, а, раптам сціснуўшы руку Залескай у сваёй, трывожна і нецярпліва прашаптала:

— А што з маёй маці, цётачка?

— Арыштавалі яе, дачушка. А дзе цяпер,— не ведаю...

У грудзях Клавы штосьці балюча сціснулася, так балюча, аж хацелася застагнаць.

— А што з Сяргеем, не ведаеце?

— Што з ім? Жывы,— адразу супакоіла Залеская, здагадаўшыся, што Клава, напэўна, за ўвесь час ад свайго арышту нічога пра яго не чула.

— Жывы. Значыцца... не папаўся?

— Што ты! Гэтакі пападзецца?.. Жывы. І ўсё такі ж непаседлівы, як ты!

— Жывы! Хоць Сяргей жывы... А матачкі... Матачкі няма! Арыштавалі маму.

— Ды супакойся ты! Яшчэ ж невядома, што з ёй...

— Ой, я ведаю, што там робяць з людзьмі!..—

амаль са стогнам сказала Клава.

— У цяжкі час ты прышла, дачушка. Страшна тут, у горадзе,— загаварыла трывожна Залеская.— Гэтая нечысць задумала перад смерцю сваёй яшчэ адну бяду. Божа мой, што ж гэта будзе?! Калі ж ужо скончыцца гэта! Ім мала спаліць горад, ім хочацца яшчэ і смерці, крыві людзей. Учора тут наляпілі перад вечарам усюды загады, каб усім сабрацца ў адно месца. Сабяруць і — пад кулямёт! Усіх!..

На ціхай вуліцы затупала некалькі ботаў, пачуліся незразумелыя нямецкія воклічы. Залеская, адразу перапыніўшы гаворку, моўчкі слухала, аж пакуль крокі не сціхлі. Потым, уздыхнуўшы, паднялася і ўвяла Клаву, у якой кружылася галава, у вішаннік. Тут было цямней, як на агародзе, на якім ужо змрок пачынаў шарэць і святлець, але Клава адразу заўважыла жанчыну, якая, седзячы ўскрай ямы, трымала на руках дзіця.

— Гэта Клава, пляменніца мая,— сказала ёй Залеская.— Што, не заснула Людачка?

— Не... Здаецца, пачало развідняцца...

— Світае...— трывожна адказала Залеская.

За горадам, на ўсходнім баку, узнікла страляніна. Усе пачалі ўслухоўвацца: гарматныя стрэлы чуліся як ніколі яшчэ да гэтага блізка.

— Божа мой, няўжо яны, нашы, не ўправяцца?..


Раздзел ІІ


1...

Мінск дажываў апошнія дні няволі.

Адна за адной знікалі нямецкія ўстановы — розныя камендатуры, управы, упраўленні, аддзелы. Зачыняліся магазіны, рэстараны, майстэрні. Зусім апусцелі фабрычныя двары, куды яшчэ нядаўна гітлераўцы зганялі людзей.

Толькі вакзал з кожным днём усё больш перапаўняўся. Каля пакояў ваеннага і цывільнага камендантаў тоўпіліся, хваляваліся чэргі неспакойных немцаў. Сюды збягаўся, плыў гітлераўскі бруд, учорашнія «чыны» — і з Оршы, і з Магілёва, і з Беразіна — адусюль. Кожны хацеў хутчэй дабрацца да каменданта, амаль усе спрачаліся, тыцкалі ў твар сваім суседзям нейкімі даведкамі,— шчэрылі азвярэла зубы, пагражалі, лаяліся.

Касы былі зачынены, і, хоць усюды пры іх акуратна віселі абвесткі, што білеты не прадаюцца, тут таксама было тлумна. Многія тоўпіліся на пероне: між іх былі і немцы ў ваенных мундзірах, і цывільныя. З чамаданамі ды з клункамі і без чамаданаў і без клункаў — у чым стаялі.

Увесь час хадзілі чуткі пра тое, дзе цяпер камуністы, саветы. З кожным днём чуткі гэтыя былі ўсё больш грозныя: камуністы набліжаліся, як нястрымны акіянскі вал. У небе над Мінскам вельмі часта гулі савецкія самалёты...

Выязджалі розныя тылавыя арганізацыі, ехалі групкі, сем'і, адзіночкі. Гестапаўскія каты, шпіёны, здраднікі, наёмныя забойцы. Паязды, што адыходзілі ад вакзала, былі аблеплены імі, як падла мухамі...

Сюды прыгнала і зграю прывозных дзеячоў Рады разам з «прэзідэнтам» і двума намеснікамі. Апошняе пасяджэнне «кангрэса» так і не давялося скончыць — трэба было хутчэй збіраць манаткі. «Дэлегатам» сказалі, каб яны выбіраліся з Мінска так, як ім удасца: гітлераўцам ужо не былі патрэбны гэтыя адонкі. А аб «прэзідэнце» і яго «міністрах» гітлераўскі генераль-камісар фон Готберг усё ж «паклапаціўся», дазволіў, каб ім далі месца ў вагонах.

Ён яшчэ спадзяваўся, што «прэзідэнт», і яго «ўрад» могуць спатрэбіцца: Готберг стараўся заглядваць наперад...

Правесці радаўцаў на вакзал фон Готберг даручыў штурмбанфюрэру Рэйзе. Штурмбанфюрэру гэтае заданне прышлося не вельмі да спадобы,— падумаеш, трэба яшчэ праводзіць гэтых бяздомных, нікому цяпер непатрэбных дзялкоў, але загад Готберга ёсць загад.

Па знаку Рэйзе двое ефрэйтараў, што былі каля ўваходу на перон, прапусцілі іх да вагонаў.

Астроўскі ішоў ссутулены, увагнуўшы галаву ў плечы. Ён падышоў хутка да дзвярэй вагона і, як бы за ім хтосьці гнаўся, паспешліва схаваўся ў іх. Рэйзе праз хвіліну вярнуўся: яму трэба было рабіць іншыя справы.

«Багаж здадзен»,— падумаў ён, крывячы губы.

Каля будынка генералькамісарыята ён спаткаўся з Баумволем.

— Еду на фронт,— сказаў генерал.

— Чаму?

— Там патрэбен моцны чалавек. Фюрэр даверыў гэта мне.

— Але там цяпер — небяспечна...

— Я не баюся, Віллі.

Ён развітаўся.

— Жадаю ўдачы, мой генерал.

У горадзе пачалі паяўляцца салдаты с фронта, якіх з кожным днём станавілася ўсё больш. Яны былі абарваныя, стомленыя і злыя.

Адзін гурт з такіх салдат трапілася ўбачыць Вольфу. Гэта было каля Заходняга моста: яны цягнуліся пасярод вуліцы не як салдаты, а як дзікі табун — панурыя, абыякавыя да ўсяго, брудныя. Адзін з іх быў нават без мундзіра.

Некалькі мінчан, што ішлі па вуліцы, прыпыніліся, сталі назіраць за гэтым натоўпам, і Вольф заўважыў у іх вачах радасць і пагарду...

Да салдат у гэты час падбег нейкі абураны гестапавец, які стаў крычаць і пагражаць:

— Свінні... Суд!.. Расстраляць!

Вольф кінуўся на дапамогу яму, але тут здарылася нечаканае: коратка трэснула чарга з аўтамата, і гестапавец, пахіснуўшыся, як лазіна, асеў. Вольф адразу застыў на месцы.

Хутка зразумеўшы, што здарылася, салдаты з нечаканай для іх порсткасцю пачалі разбягацца хто куды. Калі Вольф падбег да гестапаўца, той быў мёртвы.

Гэты выпадак вельмі ўразіў маёра. Яму стала боязна. Ён упершыню бачыў такое злое непаслушэнства...



2...

Вольф тры дні завіхаўся на Таварнай, куды яго паслалі, каб ён дапамог эвакуіраваць розную каштоўную ваенную маёмасць.

Справа гэтая аказалася куды цяжэйшай, як здавалася спачатку Вольфу. Не было такога дня, каб не наляталі на станцыю савецкія самалёты. Яны плылі ў блакітным чэрвеньскім небе спакойна і ўпэўнена, як вестуны таго пагрознага фронта, які хутка набліжаўся. Са свістам падалі бомбы, карэжачы вагоны, раскідваючы зямлю, наводзячы страх на чыгуначнікаў.

Яшчэ горш было ўночы. Самалёты амаль увесь час кружыліся над горадам, яны ляцелі і ляцелі страшнымі чародамі.

У першы дзень Вольфу ўдалося пагрузіць некалькі каштоўных станкоў і многа рознага абсталявання, патрэбнага пры капітальным рамонце танкаў. Станкі прывезлі з майстэрняў, што былі каля опернага тэатра. Увесь састаў увечары ўжо быў гатовы да адпраўкі, калі ўгары пачалі гусці савецкія бамбардзіроўшчыкі. Яны скінулі ракету на парашуце, якая заліла святлом усю Таварную станцыю, і сталі бамбіць.

Калі Вольф вылез з бліндажа, што быў накрыты рэйкамі і бярвеннем у некалькі накатаў, на станцыі ў многіх месцах лютавалі пажары. Увесь састаў гарэў. Адна платформа была разнесена ўшчэнт,— відаць, ад прамога пападання бомбы, а з двух вагонаў выбуховай хваляй сарвала дахі. Паравоз быў увесь пасечаны асколкамі — каля яго ад водсветаў агню блішчала лужа вады.

Цэлую ноч, у перапынкі між бамбёжкамі, праваждаўся Вольф з саставам, пакуль удалося адцягнуць убок вагоны.

— Тут, бадай, не саладзей, чым на фронце,— сказаў Вольфу немец-чыгуначнік.

— Можаце лічыць, што фронт ужо тут,— панура адказаў маёр.

Удзень адна акалічнасць крыху палепшыла пануры настрой маёра. Палепшыў яго прадстаўнік фірмы «Ост», які папрасіў у маёра вагон, каб пагрузіць маёмасць фірмы. Як ні быў Вольф прыгнечан апошнімі падзеямі, ён, чалавек практычны, адразу зразумеў, што тут можна пажывіцца. Калі яшчэ будзе такая зручная сітуацыя?

Трэба сказаць, што маёр даўно збіраў капітал, употай марачы з часам пайсці ў адстаўку і купіць фабрыку,— таму ён быў рады кожнаму, хто дапамагаў яму пабагацець. Ведаючы, што прадстаўніку фірмы ўсё роўна інакш няма як выкруціцца, Вольф аднёсся да яго прапановы нібыта абыякава.

— Сто тысяч марак?..— Вольф высакамерна пакруціў галавою. Для такой сумы ён не стане бясчэсціць сябе — афіцэра — ды яшчэ браць гэтакія клопаты.

Не даў згоды ён і на сто пяцьдзесят і на дзвесце. Калі ж прадстаўнік фірмы назваў дзвесце пяцьдзесят, Вольф як бы завагаўся.

— Рэйхсмаркамі? — запытаўся ён.

— Палову рэйхсмаркамі, палову акупацыйнымі...

— Не, толькі рэйхсмаркамі, усё — рэйхсмаркамі.

Прадстаўнік сказаў, што гэта вельмі дорага, але рабіць не было чаго, прышлося згадзіцца.

— Ну вось, дамовіліся!..

Вольф, атрымаўшы грошы, пералічыў іх і паведаміў, калі будзе дадзен вагон для пагрузкі і калі ён павінен адправіцца.

— Я спадзяюся, што наша «ўмова» будзе між нас. Калі яе раскрыюць, вам прыдзецца расплачвацца не таней, чым мне...

Служачы фірмы паабяцаў, што ўсё будзе ціха і ніхто пра гэта не даведаецца.

Але Вольф не адчуваў вялікай радасці... Праз гадзіны дзве зноў пачалася бамбёжка. А ўночы самалёты прыляталі так часта, што ніхто ўжо не аб'яўляў трывогі.

Давялося амаль усю ноч сядзець у бамбасховішчы.



3...

Першага ліпеня Вольф вярнуўся да Шульцэ. Ён далажыў палкоўніку, што прышоў у яго распараджэнне.

— Распараджэнне... Распараджэнне...— непрыхільна прабурчаў Шульцэ.— Нашто вы мне?

Вольф, які яшчэ не забыў першага знаёмства з ім, прамаўчаў. Але Шульдз -гэта, здаецца, таксама ўзлавала.

— Нашто?!.— паўтарыў Шульцэ.— Нашто, адкажыце? Га-а, маўчыце!..

— Вы ведаеце, гэр палкоўнік...

— Нічога я не ведаю. Я нават не ведаю, для чаго я тут! Так, так, не ведаю. І нашто я будаваў, галаву ламаў,— таксама не разумею.

— Як «нашто»?

— А так — нашто? Рускія ўжо занялі Барысаў. Яны каля Мінска, абыходзяць Мінск, а нашы грэнадзёры — асноўныя сілы — яшчэ па той бок Бярэзіны. Яны адсталі! Рускія апярэдзілі іх! — Шульцэ застагнаў ад ярасці: — Камуністы падступяць першымі да амаль пустых траншэй... О, пракляцце! Іх спаткаюць у горадзе — пустыя доты!.. Вы разумееце, што гэта, чорт вазьмі?

— Так, гэр палкоўнік! Гэта — страшна.

— Страшна?! Гэта — ганьба. Ганьба ўсёй германскай арміі. Дык вось я і пытаюся — для чаго вы вярнуліся да мяне, для чаго?

— Дазвольце быць свабодным?

— Так, так — выбірайцеся. І ад мяне, і наогул — з горада, пакуль не позна.

Увечары Вольф сабраўся ехаць з горада. Ашалелы Шульцэ, вядома, меў рацыю,— сапраўды, трэба спяшацца, бо рускія вось-вось могуць перарэзаць дарогі на захад.

Горад здаваўся зусім мёртвым. Дамы былі цёмныя і пустыя. Ніхто цяпер у іх не жыў, ніхто іх не ахоўваў. У кожным доме ляжалі без прыгляду каштоўныя рэчы, якія можна было лёгка ўзяць, якія, здавалася Вольфу, амаль належалі яму. Трэба толькі ўзяць ды пакласці ў машыну.

Ён даўно ўжо звык да лёгкай спажывы, да грабежніцтва, якое лічыў самай натуральнай справай. Пакідаючы гасцініцу, Вольф выцягнуў з лепшага нумара дыван і кінуў у машыну.

Ад'ехаўшы на Рэспубліканскую, ён спыніў машыну І забег у дом, які яму здаўся больш вартым «увагі». Адчыніў адны дзверы, а другія, якія былі замкнуты, выламаў, націснуўшы з усяе сілы плячом. Пасвяціў ліхтарыкам, пачаў абшукваць усе куткі. Узяў у рукі талерку,— убачыў, што гэта звычайная танная пасудзіна, кінуў на падлогу. У гардэробе выбраў некалькі плаццяў, ускінуў на руку.

Збегшы да машыны, перадаў іх шафёру.

— Вось, захавай... Ды глядзі, каб не папсаваліся, чуеш ты? А я яшчэ пашукаю; можа, вылаўлю што-небудзь яшчэ...

Ён зайшоў у другі дом, у якім не знайшоў нічога «цікавага», потым зазірнуў у невялікі драўляны асабняк. Вочы Вольфа разгарэліся ад прагі нажывы, рукі задрыжалі. Тут жыў, відаць, немец, які, уцякаючы, кінуў амаль усё на месцы. Ну, што ж, Вольф падбярэ за яго.

Прамень ліхтарыка заблішчаў на пазалочаным амуры: гадзіннік! Які дарагі гадзіннік! Вольф працягнуў растапыраную руку і паспешліва схапіў.

І тады ж нечакана бліснула полымя, ударыла ў галаву, у жывот, тузанула назад.

Калі сюды ўбег шафёр, Вольф быў мёртвы. Ён падарваўся на нямецкай жа міне...



4...

З кожнай гадзінай у Мінску станавілася ўсё трывожней. Чым бліжэй падступаў фронт, тым больш звярэлі акупанты.

Яшчэ да таго, як быў вызвален Барысаў, гітлераўцы пачалі паспешліва мініраваць важныя пабудовы горада. Яны рыхтавалі да падрыву не толькі прадпрыемствы, якія ім удалося так-сяк наладзіць, але і амаль усе ўцалелыя вялікія жылыя будынкі. Мініравалі Дом Урада, Дом афіцэраў, карпусы Інстытута народнай гаспадаркі, Міністэрства лясной прамысловасці...

Пачынаючы з раніцы першага ліпеня — то ў адным квартале, то ў другім — удзень і ўночы сталі грукатаць моцныя выбухі. Уздрыгвала пакутліва зямля. То над адным, то над другім будынкам ускідвалася чорная хмара дыму і попелу і пачыналі асядаць, абвальвацца сцены, рушыцца столі... Фашысты быццам помсцілі гораду за свае няўдачы на фронце, за паражэнні. З садысцкай лютасцю яны наносілі знявечанаму гораду новыя раны.

Многія будынкі падпальвалі. Усе тры апошнія ночы з вечара да світанку неба над Мінскам і вуліцы крывавіліся зарывамі пажараў. Днём над горадам, уздымаючыся высока ў блакіт, віселі, плылі жахлівыя чорныя хмары. І гэтыя зарывы, і хмары былі відаць на дзесяткі кіламетраў вакол...

— Эх, звяры! — шаптала з нянавісцю Наталля Міхайлаўна, пазіраючы на лютае полымя, якое толькі што ўзнялося поблізу.— Ні крыхоткі сумлення... нічога чалавечага... Звяры сапраўдныя.

— Фашысты праклятыя! — адгукнулася Залеская.

Яны былі ў маладым, падобным на хмызняк, вішанніку, што рос ускрай агарода за хатай Залеснай. У вішанніку, дзе было гусцейшае галлё, Залеская выкапала, закідаўшы зямлю травою, неглыбокую яму, тут яны цяпер сядзелі. Было ўжо блізка апоўначы, але Людка, якая прымасцілася на каленях у бабулі, усё яшчэ не спала. Наталля Міхайлаўна паправіла накінутую на плечы ўнучкі хустку і лёгенька прыгарнула дзіця да сябе,

— Не спіць? — Залеская ўздыхнула.— Малая, а і то ўсё, здаецца, разумее. Мусіць, ёй таксама страшна...

— А то вы думаеце, не страшна?.. Другі дзень — заўважаю — яна нейкая асабліва ціхая. І цяпер за ўвесь вечар слова не сказала... Трывожыцца...

— З самага маленства!..— зноў уздыхнула Залеская.— Ды яшчэ каб ведаць, чым гэта ўсё скончыцца!..

Наталля Міхайлаўна нічога не сказала. «Каб ведаць!» У тым і гора, што невядома, як далей будзе. Трываць ужо, напэўна, мала,— яшчэ, можа, некалькі дзён,— але ці пашчасціць дажыць да лепшых.

Недалёка, лявей вакзала, пачало займацца яшчэ адно зарыва.

— Гэта, мусіць, ва ўніверсітэцкім гарадку... Божа мой, божа, ды яны ж, праклятыя, відаць, ніводнага дома не мінуць!

Залеская загаварыла пра іншае:

— Эх, Наталька, як я шкадую, што не ўдалося выбрацца з горада... І трэба ж было, каб гэтыя гестапаўцы-сабакі вярнулі нас назад?..

Наталля Міхайлаўна з Залескай і Людкай хацелі сёння ўдзень выйсці з Мінска, каб перабыць гэтыя страшныя дні ў Лошыцы. Яны ішлі быццам бы прадаць тое-сёе ды купіць хлеба, але наткнуліся на патруль з эсэсаўцаў, які затрымаў іх і загадаў вярнуцца. Аказалася, што вакол Мінска ўсюды на выхадах стаіць моцная варта.

А потым, калі яны ўжо вярнуліся, Залеская ад суседкі пачула, што эсэсаўцы пачалі акружаць горад. Што яны яшчэ задумалі? Мабыць, нейкую новую бяду, можа, горшую за тое, што было раней. Добрага ад іх чакаць не прыходзіцца.

— Званочак ты мой...— прашаптала Наталля Міхайлаўна, з пяшчотай і сумам прытульваючы да сябе Люду.

Сяргей у гэты час быў на «працы». Каля яго, тоячыся ў рэдкім чырванаватым змроку, ляжалі і сядзелі яшчэ некалькі хлопцаў, а вакол чарнелі, як помнікі, нейкія абгарэлыя каменныя слупы, гарбаціліся горкі бітай цэглы. Між цэглы ўжо густа буяў палын.

— Чаму яны не ідуць? — нецярпліва зашаптаў адзін з хлопцаў.— А можа, Сяргей, яны прайшлі дзе-небудзь у другім месцы...

— Нідзе не пройдуць,— супакоіў Сяргей.— Толькі тут...

Час поўз вельмі марудна. А немцы ўсё не паяўляліся. Ніхто, вядома, не хацеў, каб яны былі тут, але ўсе ведалі, што яны абавязкова прыдуць сюды, і таму іх чакалі і здзіўляліся, чаму дасюль няма. Сяргей непакоіўся аб тым, каб яны не прышлі вялікай купай, скажам, цэлым узводам, тады іх можа і не ўдасца адбіць, і ўся гэтая справа, для якой Сяргей сабраў сюды сваіх хлопцаў, сваю падпольную групу, скончыцца сумна...

Наперадзе за плотам то ярчэй, то цьмяна чырванелі маўклівыя цагляныя карпусы, у іх вялікіх, густа пераплеценых чорных вокнах бегалі неспакойныя водбліскі пажараў. Гэту фабрыку гарком даручыў Сяргею: фабрыку і яшчэ школу, якая ўзвышаецца вунь за хатамі. Іх даручылі выратаваць Сяргею і яго баявым таварышам... Там каля школы ёсць таксама яго людзі: два надзейныя хлопцы...

Недзе ў сярэдзіне горада, прымусіўшы зямлю здрыгануцца, грымнуў выбух.

— Гэта на вуліцы Карла Маркса... Мусіць — гарадская ўправа.

Толькі пасля паўночы з'явіліся тры салдаты, адзін з якіх нёс каністру, а другі мяшок за спіной. Сяргей, прыўзняўшыся на каленях, адразу пачаў уважліва сачыць за імі...

Хутка стала відаць, што яны ідуць не куды-небудзь, а якраз да прахадных варот. Яны спяшаліся.

— Факельшчыкі!..— шапнуў Сяргей. Ён цяпер ужо не сумняваўся, што гэта яны, подлыя падпальшчыкі.

Хлопец ускінуў аўтамат, прыцэліўся, адчуваючы, як лёгка, вольна зрабілася ў грудзях. Амаль разам з чаргой аўтамата гулка ляснулі два вінтовачныя стрэлы. Той, які быў з каністрай, адразу паваліўся, а два другія, ледзь толькі зразумелі, што здарылася, кінуліся назад. Але ім удалося адбегчы недалёка...

— Ляжаць! — прамовіў Сяргей. У гэтую хвіліну ён быў такі шчаслівы, як, мусіць, ніколі за ўсю вайну. Сяргей прыслухаўся: навокал усё здавалася такім, як і да стрэлаў. Было быццам бы спакойна,— відаць, немцаў не ўстрывожылі гэтыя некалькі стрэлаў...

Упэўніўшыся, што поблізу ўсё ціха, Сяргей, паставіўшы дазорных, якія сачылі б за вуліцай, з двума хлопцамі сцягнуў трупы з дарогі і схаваў у руінах.

— Так будзе лепш: ніякага знаку... Ну, што на вуліцы, ціха? — запытаўся ён, стараючыся быць спакойным, у аднаго дазорнага, які падпоўз сюды.

— Ды покуль ціха...

— Ну, то добра...

Адзін хлопец сказаў, што можна цяпер ісці дамоў. Але Сяргей не дазволіў.

— Пачакаем... Як бы яны сюды не паслалі яшчэ каго. А то зараз, чаго добрага, заўважаць «страту».

Адным словам, радавацца рана!..— А сам усё ж поўніўся радасцю.— Трэба быць напагатове.

Яны не адыходзілі да раніцы. І днём былі. Толькі не ўпяцёх, а ўдвух, і не каля слупоў, а ў кустах малінніку, на апусцелым агародзе. Назіралі...



5...

Рэйзе спяшаўся. Ён меў весткі, што рускія ўжо абыходзяць горад і што, мусіць, хутка апошнія шляхі будуць перарэзаны.

Штурмбанфюрэр выцягнуў з-пад ложка тры напакаваныя чамаданы. Азірнуўся, ці не забыў чаго каштоўнага, забег у другі пакой, у якім каля століка па-ранейшаму вісеў фатаздымак — Готберг у параднай форме. Хутка акінуўшы вачыма раскіданыя рэчы, Рэйзе сарваў з цвіка гумавы плашч і вярнуўся назад.

У пакой забег шафёр, Рэйзе загадаў яму ўзяць два чамаданы — ён паказаў якія. На хвіліну задумаўся, ці не прыдаецца яму адказваць заўтра як панікёру і баязліўцу, які дачасна кідае горад?

Не, ён не застанецца. Ён не будзе сядзець да таго часу, калі ўжо не стане куды ўцякаць. Праз дзень — два чырвоныя тут створаць, відаць, тое ж, што было ў Віцебску. «Кацёл»... А ён не хоча пападаць у «кацёл», не, не, чорт пабяры. Чаго ж ён яшчэ стаіць, як дурань, ды раздумвае?

Нечакана зазваніў тэлефон. Рэйзе падбег да яго.

— Штурмбанфюрэр Рэйзе? Гэта вы, гэр штурмбанфюрэр? Вы?

— Я, Рэйзе.

— Гэр штурмбанфюрэр! — без меры ўзрадаваўся ў трубцы тэлефона голас, які за гэтым назваў сябе начальнікам шпіталя,— У мяне ляжаць раненыя... Сто дваццаць чалавек раненых!..

— А мне што да гэтага?

Голас сказаў, што яму параілі пазваніць Рэйзе. Гэр штурмбанфюрэр быццам бы можа дабіцца для іх вагон ці два. Готберг даў яму вялікія правы. Акрамя таго, у Рэйзе — сказалі — ёсць некалькі машын у лагерах.

— Нічога ў мяне няма! — рэзка крыкнуў Рэйзе.— І мне няма калі гэтым займацца...

— Раненыя, гэр штурмбанфюрэр! Сто дваццаць чалавек!..

— Званіце каму след.

— Нідзе нікога не даклічашся. Я вас прашу. Сто дваццаць чалавек — салдаты, афіцэры... Адзін — палкоўнік...

— Я сказаў усё!..

Рэйзе кінуў трубку.

Ён схапіў чамадан і збег па сходках на двор. Шафёр ужо сядзеў за рулём «мерседэса». Рэйзе запаліў ліхтарык, праверыў, дзе пакладзены чамаданы, аглядзеў замкі на іх. Усё ў парадку. Тады ўскочыў у машыну, паставіўшы трэці чамадан, самы важны, каля ног.

Шафёр, уключыўшы фары, пачаў ужо разварочваць машыну, як на святло з цемры выскачыла постаць. Рэйзе хапіўся за пісталет.

— Гэр штурмбанфюрэр... Адзін момант... Не трывожцеся, гэта я — Кухта... Памочнік прэзідэнта...— соладка і хутка запеў чалавечак.

— Што трэба? — нецярпліва перабіў Рэйзе.

— Прашу вас... Ратуйце — адно месца... Адно месца...

— Якое месца?

— У машыне... Падвязіце хоць бы да Баранавіч... Не мог сесці ў поезд... Буду дзякаваць бясконца. Век не забуду.

Рэйзе не адказаў. Ён крыкнуў шафёру: «ехаць», і машына адразу кранулася.

Памочнік «прэзідэнта» ў адчаі схапіўся за борт акенца і, не выпускаючы яго з рук, пацягнуўся следам. Рэйзе пачаў біць кішанёвым ліхтарыкам па яго руках, але той упарта не хацеў выпускаць борта. Нарэшце, войкнуўшы, шмякнуўся на зямлю.

Насустрач Рэйзе ляцела асветленая пажарам вуліца.


Раздзел ІІІ


1...

Шабуніха амаль не звярнула ніякай увагі на легкавыя машыны, што спыніліся непадалёк. Столькі машын прайшло перад ёй за гэты дзень, за гэтую гадзіну, пакуль яна стаіць тут каля свайго селішча. Але яна раптам пачула незнаёмую, нібы нямецкую, гаворку і насцеражылася: «Хто гэта?»

Шарсцяныя фрэнчы колеру хакі, з адваротамі, з гальштучкамі, кароценькія куртачкі, фуражкі з нябачанымі раней кукардамі — каронамі, берэты, ссунутыя набок.

Шабуніха павяла позіркам па незнаёмых тварах, чакаючы, што будзе далей.

— Ма-ам, немці...— спалохана заныў Валодзька, якога Аўдоцця трымала на руках. Ён шчыльна прыціснуўся да яе грудзей.

«Няўжо?.. Але чаго з імі нашы камандзіры, ды яшчэ такія ветлівыя?» Яна кінула трывожны запытальны позірк на юнага русявага лейтэнанта, які быў пры іх: «Хто гэта?»

— Не бойся, малыш, мы не немцы.

Адзін з незнаёмых, з поўным, крыху бледнаватым тварам, з паголенай галавой, выняў з кішэні шакаладку і паказаў Валодзьку.— Вазьмі, гэта вельмі смачна,— афіцэр пры гэтым прыцмокнуў: — вельмі смачна!..

Але малы глядзеў на яго нахмурана, з-пад ілба, нібы не разумеючы.

— Вазьмі, сыночак,— пяшчотна сказала маці, і Валодзька, хоць і не зусім упэўнена, узяў. Незнаёмы даў шакаладку і Вольцы. Тады, пазіраючы то на Аўдоццю, то на Аксінню, якая падышла да яе, нагнаўшы на твар прасцяцкую ўсмешку, генерал растлумачыў:

— Мы вашы саюзнікі. Вялікабрытанія...

— А-а?! Англічане,— адгукнулася Аксіння.

— Англічане! Англічане!.. Ваша армія ваюе з немцамі на ўсходзе, а мы — на захадзе — Нармандыя... Другі фронт — чулі?

— Чулі,— адказала Аксіння, — як не чуць?

— Другі фронт! Разам!

— Разам,— згадзілася, аб нечым задумаўшыся, Шабуніха.— Чакалі мы яго. Доўга чакалі...

— Дачакаліся! — аптымістычна ўсміхнуўся адзін з англічан.

— Дачакаліся... Толькі... крыху позна...

— Позна? Чаму?

— Чаму? Ды як вам сказаць, дарагі... пан, ці што... не ведаю, як вас зваць...

— Можаце зваць, пан генерал... Дык я слухаю.

— У нас кажуць: дарагая лыжка к абеду.

— Дык яны ж, цётка Аўдоцця, з лыжкай якраз і прышлі к абеду,— горача, звонкім голасам падхапіла Аксіння.

— Што праўда, то праўда — к абеду...— задуменна згадзілася Шабуніха.

— Вы, місіс, рана сабраліся... святкаваць...

— Вы не крыўдуйце... Мы, жанкі, такія: што ў галаве, тое і на языку... Ляцяць, бачу, гітлерцы назад... Ні Масквы ўжо ім не трэба, ні Парыжа, нічога, абы толькі душу голую данесці... Тут, як той казаў, першы фронт, і другі, і пяты. Насыпалі гароху паганаму Атроху!

— Хвалю, місіс,— вы, аказваецца, не толькі маці, але і — палітык!

— Які я палітык,— хітнуўшы галавой, журботна адказала яна.— Вось мая палітыка,— яна кіўком паказала на Валодзьку, потым павярнулася да агарода,— і вунь.

Некаторыя з англічан засмяяліся. Паголены таксама ўсміхнуўся нейкай няпэўнай, слізкай усмешкай. Калі ўсе сціхлі, азірнуўся навокал і сказаў тонам спачування:

— Відаць, вашы палітычныя справы, місіс, ідуць без поспеху. Бедна жывеце, місіс... Кепска.

— Адкуль жа яму, багаццю, быць? Папалілі фашысты ўсё...

Генерал абыякава зірнуў на нядаўна складзены на папялішчы падмурак хаты і свежаачышчаныя бярвенні, што яшчэ ляжалі на зямлі. Абышоў вакол паграбка, асцярожна спусціўся на некалькі ступенек уніз, зазірнуў у сярэдзіну яго, але ўвайсці не адважыўся. Падняўшыся ўгару, выцер хусцінкай рукі, нібы яны запэцкаліся, бегла акінуў позіркам новенькі выпрасаваны касцюмчык.

— Кепска, вельмі кепска жывеце...

Шабуніха прамаўчала.

— Але не трэба вешаць галавы, місіс. Ёсць многа людзей, якія схіляюцца з павагаю перад вашымі пакутамі і моляць неба пра шчасце для вас... Помніце, што вы не адзінокія,— супакоіў ён, па-дружбацку ўсміхаючыся.— Уся Вялікабрытанія, якая паслала нас сюды, шчыра спачувае вам і падзяляе ваша гора. Я ведаю, што яна хутка працягне руку дапамогі. Так, так, мы дапаможам... Верце майму слову.

— Дзякуй вам на добрым слове...

— Гэта, місіс, не толькі словы.

Уздыхнуўшы, яна прамовіла, нібы разважаючы сама з сабой:

— Бедна жывем, кажаце?.. Куды ж горш?..— яна сумна павяла позіркам па селішчы. — Нашчэнт вымеў, ірад!

— Нашчэнт. І не адну вашу вёску...

— Не адну. І гарады многія, мусіць?

— Усе гарады ад Масквы. Амаль палавіну Расіі. Найбольш важную частку... Мне здаецца, што становішча ваша вельмі цяжкае. Больш цяжкае, чым вы думаеце.

— Чаму гэта?

— Чаму? Я павінен прызнацца, што не гэтакі аптыміст, як вы. Я думаю са смуткам, місіс, пра тое,— колькі спатрэбіцца часу і сілы, каб вам зноў падняцца, вярнуць усё тое, што знішчыла вайна...

— Цяжка будзе, праўда. Але — што ж. Хіба гэта — у першы раз.

— Што — у першы раз?

— Ды тое, што цяжка нам. І што сілу напяць трэба...

— Але вы забываеце, місіс, як вы паслабелі?..

— Паслабелі? — перапытала яго Шабуніха.

— Не наадварот жа?

— Дзе паслабелі, а дзе, можа, і дужэй зрабіліся. За Масквой нашы, кажуць, сталі яшчэ мацней.

— Казала ліха, што не быць дабру,— адгукнулася Аксіння.— Эх, чаго плакаць! Пераб'емся як-небудзь. Не можа ж быць, каб не адужалі. Не калекі ж, і не паны, рукі ёсць, слава богу.

— Няхай не адразу, а адужаем. Быць не можа, каб не адужалі...

— Усё, як было, зробім. Адбудуемся. Праўда, цётачка?

— Дай бог,— пажадаў скептычна генерал і неспадзявана пачціва дадаў, зірнуўшы на юнага русявага лейтэнанта. — Мне падабаецца гэты... аптымізм вашых людзей, іх дзіўная, амаль фанатычная вера...

— Цяпер аб адным трывога,— сказала як бы з роздумам Шабуніха,— каб фашысты не вярнуліся...

— Не прыдуць, будзьце спакойны,— адказаў англічанін так, быццам лёс Шабуніхі залежаў ад яго.

Генерал развітаўся з Шабуніхай і Аксінняю і рушыў са ўсёй світай на суседні двор.



2...

Гасцей чакаў Шчарбацюк. Яму хацелася ехаць наперад, куды пайшла дывізія, а тут прыходзілася сядзець,— сядзець і чакаць, калі ў яго столькі клопатаў! Але разам з гэтым Шчарбацюка хвалявала і другое: цікаўнасць да будучай сустрэчы, бо як-ні-як гэта не звычайная справа, а дыпламатычная,— а яму такімі справамі яшчэ не даводзілася займацца.

«Дыпламат?..— падумаў ён пра сябе скептычна.— Які я дыпламат? Я нарадзіўся для таго, каб рубіць вугалёк ці войскам кіраваць...» Ён падаўся да радыста, які сядзеў у машыне, каб загадаць звязацца з палком Сібірака і даведацца пра абстаноўку.

Але тут яму сказалі, што едуць, напэўна, англічане. Шчарбацюк вышаў на вуліцу. Сапраўды пад'язджалі некалькі «вілісаў» з афіцэрамі ў англійскай форме і англійскімі сцяжкамі на радыятарах.

Шчарбацюк хутка, па-гаспадарску акінуў вокам групку сваіх афіцэраў, што стаялі побач, кінуў аднаму з іх незадаволена:

— Чаго сутулішся, Братко?..

Калі першая машына, віскнуўшы тармазамі, спынілася, Шчарбацюк ступіў да яе. «Гэты?» — запытаўся ён вачыма ў нашага капітана, які сядзеў поруч з англічанінам. Той кіўнуў на наступную машыну. Камандзір дывізіі падаўся да паўнатварага, пешчанага чалавека, які ўжо вышаў з «віліса» і набліжаўся да яго; Шчарбацюк заўважыў на выгнутым палявым пагоне англічаніна генеральскую зорку.

— Генерал-маёр Шчарбацюк,— сказаў камдыў.

Англічанін на чыстай рускай мове назваў сябе, і Шчарбацюк сваёй вялікай шахцёрскай рукой паціснуў пухлую руку госця.

— Я, як і мае салдаты і афіцэры... вітаю вас...— загаварыў нязвыкла Шчарбацюк,— ...а таксама ваш народ, які змагаецца разам з намі... за адну, вялікую справу...

Англічанін, далікатна ўсміхаючыся, даслухаў да канца і адказаў. Так, ён таксама рады,— рады, што можа вітаць, што можа бачыць слаўных салдат рускіх саюзнікаў.

Шчарбацюк па чарзе прадставіў англічаніну нашых афіцэраў, назваўшы званне і прозвішча кожнага, пасля чаго госць пазнаёміў яго са сваімі.

Камандзір дывізіі запрасіў англічан у садок. Тут між двух немаладых яблынь было накрыта новымі прастынямі некалькі састаўленых у рад сялянскіх сталоў, на якіх цяпер узвышаліся густым строем пляшкі гарэлкі. Закуска была простая, салдацкая — амаль усё кансервы, і гэты недахоп гаспадары спрабавалі, відаць, згладзіць, выставіўшы шчодра гарэлкі.

Шчарбацюк, паказаўшы месца генералу, папрасіў прабачэння за сціплы пачастунак:

— Цяжка сабраць што-небудзь лепшае, генерал,— увесь час на калёсах. Нават спаць, прызнаюся, прыходзіцца ў машыне...

— А гэта, калега, і добра, што стол такі строгі, строгі па-франтавому... Лепш за ўсё — проста пад небам...— генерал сеў, зняў фуражку, выцер хусцінкай бліскучую галаву.

Афіцэры — нашы і англійскія — сталі ўперамежку рассаджвацца таксама. Шчарбацюк не садзіўся, а па-гаспадарску сачыў, як уладжваюцца госці, ці ўсім хапае месца.

Першы тост Шчарбацюк сказаў за дружбу савецкага і англійскага народаў. Нашы і англічане, стоячы, працягвалі адзін да другога шклянкі, дзынкаў тонкі звон шкла. То там, то тут чуліся воклічы:

— За магутную Савецкую Расію. За Чырвоную Армію!

— За саюзную Англію!

— За дружбу!

Хутка Шчарбацюк адчуў, што за сталамі запанаваў дух узаемнай сяброўскай павагі, і сэрца яго, спачатку насцярожанае, нечакана размякла, падабрэла. Ён сачыў за ўсім ўжо амаль расчулена.

З кожным тостам, якія ішлі адзін за адным, гамонка і воклічы за сталом усё ажыўляліся і мацнелі. Узрушаны тостам і віном, малады капітан-пехацінец, што сядзеў насупраць Шчарбацюка, па-сяброўску абняў англічаніна і, усміхаючыся, пачаў штосьці яму гаварыць.

Устаў англійскі генерал і папрасіў выпіць за выдатнага савецкага камандзіра дывізіі Шчарбацюка. Шчарбацюк паружавеў: «выдатны!», — але нічога не сказаў.

— Я не выпадкова, калега, сказаў: за выдатнага, — загаварыў пасля тосту англічанін да Шчарбацюка.— Кожны, хто ўдзельнічае ў гэтай аперацыі, мае права на самую вялікую чэсць, — ён праслаўляе сябе не толькі перад адным сваім народам, а перад чалавецтвам. Ваша перамога здзівіла і ўразіла ўвесь свет. Яна настолькі бліскучая, што мы, сучаснікі і саюзнікі, ад душы захапляемся і ганарымся вамі...

Словы англічаніна ліліся лёгка, журчэлі, нібы лагодны ручаёк,— яны прыемна хвалявалі добрае, чулае да хвалы генеральскае сэрца. «Скажы ты, як вядзе, нібы вершы чытае»,— з прыхільнасцю падумаў Шчарбацюк.

Ён неспадзеўкі ўбачыў радыста, які дзяжурыў каля сваёй рацыі, і ўспомніў, што трэба ехаць, што, чакаючы гасцей, якія запазніліся, ён адарваўся ад палкоў,— трэба было б звязацца з Сібіраком, каб даведацца, як у яго справы.

Але лагоднасць, расчуленасць, крыху захмараныя звыклымі клопатнымі думкамі, усё ж не пакідалі яго.

«Здаецца, атрымліваецца добра,— праплыло ў галаве. — Няхай ведаюць, як умеюць рускія сустракаць...»

«Камандарм будзе пытацца, як спаткаў іх»,— недарэчы ўзнікла думка і перарвалася. Яе перабілі. Англійскі генерал папрасіў расказаць пра Барысаўскую аперацыю...

Калі Шчарбацюк, апісаўшы аперацыю, адказваў на пытанні, добра п'яны ўжо капітан-англічанін, чарнявы, з вусікамі, ні то запытаў, ні то заявіў:

— Кажуць, тут зусім невялікія сілы немцаў...

— Гледзячы, хто кажа...— адразу ажывіўся Шчарбацюк, напаўняючыся баявым запалам.— Калі гітлераўцы кажуць, то яны могуць тое ж сказаць і пра ваш фронт з яшчэ большым правам...

— Так?! — здзівіўся капітан.

— Вам гэта здаецца дзіўным.

— Гэта — цікава.

— У Нармандыі ў іх усяго трыццаць дывізій — супроць армій двух дзяржаў, а тут, у адной Беларусі, яны маюць пяцьдзесят... ці лепш — было ў пачатку нашага наступлення... Пяцьдзесят — нязначныя? Яны скромнічаюць!..

Ветліва ўсміхаючыся, загаварыў англійскі генерал:

— Я не магу запярэчыць вам: даныя аб колькасці войск, вядома, няпоўныя і... недастаткова правераныя... Але мне таксама, прызнаюся, даводзілася чуць ад палонных — паўтараю: «чуць»,— бо мая думка пра майстэрства вашых войск самая высокая... Даводзілася чуць, што вы іх раздавілі колькаснай перавагай.

«Здаецца, ён трошкі сказаў з таго, што на душы»,— мільганула ў Шчарбацюка. Камандзір дывізіі хвіліну памаўчаў і, як бы раздумваючы, загаварыў павольна:

— Ясна, перавага і колькасная і матэрыяльная была...

— Брава! Гэта шчыра! Шчыра па-руску!— крыкнуў адзін з англічан.

— Так, так. Перавага была, інакш не было б чаго і сунуцца ў наступленне. Але адной колькаснай перавагі, я думаю, мала...

Шчарбацюк правёў позіркам па тварах гасцей, якія чакалі яго слоў. На хвіліну ў яго вачах з'явілася штосьці вясёлае і насмешлівае.

— Гэта добра відаць, напрыклад, з вашага вопыту...— За сталом зрабілася вельмі ціха.— Возьмем хоць бы Касіно[3]. Нядаўняе. Там у вас было, як я ведаю, дзве арміі — амерыканская і англійская. А немцаў у некалькі разоў менш. Ну, а як ішлі там справы?

— Гэта проста адна з нашых ваенных няўдач,— прамармытаў у адказ англічанін-генерал.

— Даруйце, генерал, што я напомніў. Мяне гэтая аперацыя зацікавіла толькі як прыклад. Як прыклад да размовы, што такое перавага...

У гэты час Шчарбацюку прынеслі радыёграму. Гэта было данясенне ад Скорабагатага аб тым, што яго полк заняў Беларэчча...

«Трэба ехаць. Пакіну за сябе начальніка палітаддзела і паеду. Хвіліна якраз зручная...»

Шчарбацюк устаў:

— Вельмі прашу прабачыць, сябры,— сказаў ён, устаўшы і заклапочана зірнуўшы спачатку на генерала, потым на іншых англічан.— Але мне трэба неадкладна ехаць... Мяне чакаюць неадкладныя справы.

— Разумею, перш за ўсё — вайна, — усміхнуўся англійскі генерал, падаючы руку на развітанне.


Раздзел IV


1...

Вася стаяў каля дрэва, сціскаючы ў руках аўтамат, і чакаў гітлераўцаў. Што ж, ён жывым не дасца ім у рукі. Няхай паткнуцца сюды, ён сустрэне іх. Шкада толькі, што ў аўтамаце адзін дыск, ды яшчэ не поўны. Эх, і ніводнай гранаты не засталося! Непадалёк раптам пачуліся частыя гулкія выбухі гармат і страляніна з кулямётаў. Хто гэта страляе? Ермакоў?.. Не, не трэба прыслухоўвацца да гэтага. Вось-вось паявяцца з-за дрэў аўтаматчыкі, трэба сачыць за імі. Але што гэта яны марудзяць? Яны маглі ўжо быць тут. Можа, абыходзяць? Не, здаецца...

Нямецкія грузавікі выбіраліся з ляска. Вася ў прагаліны між дрэваў бачыў: на дарозе ўзнялася паніка. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней, крычалі, лаяліся. Там і тут грузавікі і павозкі зварочвалі з дарогі і ехалі проста па полі.

Неўзабаве сюды вылецела, страляючы з кулямётаў, некалькі танкаў. Немцы пачалі кідаць і павозкі і грузавікі, беглі куды глядзяць вочы. Дзе-ні-дзе салдаты ўздымалі рукі.

«Што гэта яны?.. Здаюцца?.. Што там за танкі? Нашы?.. Не, не можа быць. Яны ж учора былі далёка... А чые ж? Бач, што робіцца з гітлераўцамі?.. Няўжо нашы?!»

Вася, забыўшыся на ўсё, кінуўся да ўскраю лесу, упіўся вачыма, як зачараваны, у гэтыя страшныя для немцаў машыны. Цяпер было ясна — нашы танкі!

Але танкаў было няшмат: усяго пяць машын. Яны, амаль не спыняючыся, прайшлі наперад, і Васіль зноў астаўся адзін. Навокал, як і раней, былі гітлераўцы.

«Эх, чаму я не падбег адразу да танкістаў,— няхай бы ўзялі мяне! Правароніў, разявака!» Адчуваючы, што зрабіў вялікую памылку, ён, азіраючыся, пачаў пакрыху адыходзіць ад гэтай мясцінкі — ад зарасніку да зарасніку.

Праз паўгадзіны хлопец быў у полі. Ісці адсюль проста да пасёлка ён не мог, бо там можна было наткнуцца на немцаў,— ён нават бачыў недалёка ў тым баку невялікую групу. Стараючыся зайсці ў пасёлак з іншага кірунку, Вася прабіраўся па разоры між жыта, з якога ён час-ад-часу асцярожна вытыркаўся, каб агледзецца.

Калі ён наблізіўся да дарогі, то раптам убачыў на бульбяным полі некалькі чырвонаармейцаў. Васіль, не чуючы пад сабою ног, без меры ўзрадаваны, трывожачыся, што і гэтыя байцы, як раней танкі, могуць куды-небудзь знікнуць, адразу папраставаў да іх. Ён перш падбег да чарнявага, з мангольскімі вачыма, ефрэйтара, які здаваўся яму і героем, і ратаўніком, і лепшым прыяцелем. Вася, задыханы ад бегу, шчаслівы, кінуўся было абняць па-сяброўску моцна, ад усёй душы гэтага невядомага раней, такога блізкага чалавека.

Але халодны, нават варожы позірк ефрэйтара спыніў яго. Вася збянтэжыўся: чаму ён так глядзіць? Ад чаго гэтая варожасць?

— Хэндэ ток! — скамандаваў знянацку ефрэйтар.

Васіль сумеўся ад нечаканасці.

— Д-ды што гэта ты?!

— Хэндэ гок! Ясна?— паўтарыў чырвонаармеец, пагрозна падымаючы зброю. Ён падступіў да хлопца.— Аўтамат — сюды!— Ефрэйтар палажыў руку на Васеў аўтамат.

Васіль не слухаўся.

— Аўтамат — сюды!

Хоць і вельмі не хацелася, а прышлося аддаць зброю. Вось дык сустрэча! Ніколі не чакаў, не гадаў, што яна выйдзе такой. Вася спахмурнеў: чаго ён, гэты пехацінец, так варожа абыходзіцца. Але хмурнасць была на Васіным твары нядоўга. Заўважыўшы, як непрыхільна акінуў ефрэйтар яго вопратку, хлопец здагадаўся: вунь яно што, мундзір, відаць, ва ўсім вінаваты, — напэўна, палічылі за немца ці паліцая.

— Я — партызан, — паспрабаваў устанавіць справядлівасць Вася. — Я — не немец... Ну, праўда — партызан. З брыгады Ермакова. Разумееш?

Вася ў доказ выняў з кішэні пілотку з зоркаю, надзеў на галаву і ясна-блакітнымі вачыма даверліва паглядзеў на ефрэйтара.

— Ну, бачыш?

— Нічога не ведаем, — заявіў баец. — Камандзір разбярэцца.

Паклікалі камандзіра. Невысокі, чарнабровы сержант, кальнуўшы Васю суровым позіркам, загадаў паказаць які-небудзь дакумент. Хлопец, у якога іншых дакументаў не было, дастаў з кішэні даведку, загорнутую празрыстай, нібы са слюды, паперай.

Сержант разгарнуў паперку; спакойна прачытаўшы ўголас прозвішча і імя Васі, ён неспадзеўкі падняў на хлопца здзіўлены, чамусьці ўсхваляваны позірк. Вусны яго неспакойна прашапталі:

— Бацька?!

— Хто? — не адразу зразумеў Вася.

Сержант па-таварыску падаў руку, назваўся: — Туравец... Юрый.

— Вы Юрка?.. Юрка Туравец?!

Вася моцна, як даўняму сябру, паціснуў яго руку. Вунь да каго, аказваецца, папаў ён у «палон»! Вакол іх сабралася цяпер некалькі салдат, якія зацікаўлена сачылі за размовай.

— Вы яго даўно бачылі?

— Не, учора. Перад самым боем... — і ўсцешаны, што можа паведаміць такую добрую вестку, што прыкрая недарэчнасць так скончылася, дадаў: — Ён у тым пасёлку, адразу вось за гэтым узгоркам. Як уздымецеся на ўзгорак, адразу будзе пасёлак. Бацька там... Вы яго ну, праўда, хутка пабачыце!

Смуглы, не па гадах суровы, твар сержанта, засвяціўся радасцю.— У пасёлку?! У гэтым пасёлку? Няўжо тут, за ўзгоркам — аж не верыцца...

Юрыю прыпомнілася іх апошняя ростань. Бацька праводзіў яго за горад, да Магілёўскага шасэ. Каля апошніх дамоў ён абняў Юрыя, — Юрый заўважыў, што ён вельмі пастарэў у гэтыя дні.

Такім ён і застаўся ў памяці. Пастарэлы, нейкі прыціхлы. Адразу, як толькі Юрый паехаў, ён павярнуўся і пайшоў назад у горад, над якім лютавалі пажары.

Юрый застаўся з Хмялеўскім, другім сакратаром райкома, і яго сям'ёй. Хмялеўскі быў хворы, і яго пакінулі на тылавой працы, у башкірскім гарадку. Юрый жыў разам з імі і вучыўся. У іх была вялікая сям'я — шасцёра дзяцей, але за Юркамі глядзелі, як за сынам.

Бацька праз паўтары гады неяк адшукаў іх, і Юрка стаў атрымліваць ад яго весткі аб жыцці на роднай зямлі. Ён ірваўся туды, дзе быў бацька, трызніў роднымі лясамі, партызанскімі паходамі...

Як толькі дзевяты клас застаўся ззаду, Юрка папрасіўся ў армію...

І вось яны хутка ўбачацца... І трэба ж, каб іх шляхі так добра сышліся!..

Сержанта паклікалі да малодшага лейтэнанта Праворнага. Вася застаўся цяпер адзін сярод салдат, якія сталі яго частаваць махоркай, распытваць аб партызанскім жыцці. Той, хто затрымаў Васю, — гэта быў Шарыфутдзінаў — аддаў яму аўтамат:

— Вазьмі назад сабе. На мяне не трэба крыўдзіцца — сам вінаваты. Носіш гэты фрыцаўскі мундзір!

Васю Крайко нечакана таксама папрасілі да Праворнага.

Камандзіры — афіцэры і сержанты — сядзелі ўскрай дарогі, пры кювеце і на сцежцы. Вакол іх чырванела і бялела прыцярушаная пылам густая канюшына, уздымаў сцяблы-хвосцікі над лапчатымі лістамі трыпутнік. Бегла ўтаптаная гладкая сцежка, пры якой з таго боку весела паблісквалі варухлівымі лісточкамі тры маладыя бярозкі. Камандзіры пазнаёміліся з Крайко. Тут былі і Праворны, і камбат Паўлоўскі.

Высокі камбат, спусціўшы ногі ў кювет, сказаў, што яго батальёну трэба адсюль павярнуць на поўнач.

— Ці не можаце вы, таварыш Крайко, правесці нас? — Паўлоўскі назваў сяло, куды трэба дабрацца яму з батальёнам.

— Чаму ж не магу, ну, праўда?! Я тут усе дарогі, як свае боты, ведаю... — нават узрадаваўся Вася.

— Значыцца, можаце. І згодны, так? Вось і цудоўна... Ну, калі так, то будзьце правадніком!

Паўлоўскі падняўся, атрэсваючы зямлю са штаноў. Падняўся і Праворны, які сказаў, што грузавікі будуць тут вельмі хутка,— каб усе былі напагатове,— і камандзіры пачалі разыходзіцца.

Вася запытаўся ў Юрыя, які ішоў маўклівы і задуменны:

— А як жа вы?

— Спаткання, бачыш, не будзе, — Юрый паглядзеў доўгім позіркам усцяж дарогі, якая бегла ў кірунку пасёлка. — Прыдзецца адкласці!

Вася не сказаў нічога: нашто трывожыць чалавека спачуваннем? Але ў душы ён вельмі шкадаваў, што Юрыю не ўдасца пабачыцца з бацькам.

Неўзабаве Юрый і Вася ехалі на машыне; з бакоў ад іх, кружачыся, адплывалі назад палі. Юрый амаль увесь час распытваў Крайко пра бацьку, насцярожана сочачы за дарогай, за наваколлем.



2...

Шашура ў той дзень ішоў на «працу» з асаблівым настроем. А як жа ж інакш! Вельмі можа быць, што гэтая аперацыя — апошняя.

Тыя аперацыі здаваліся Шашуру звычайнымі, як праца ў будзённы дзень, — сёння ж яму належала зрабіць штосьці асаблівае. Шашура быў заўсёды ахвочы да эфектных учынкаў,— і сёння ён бачыў наперадзе нешта падобнае на апошнюю гастроль, аперацыю «на развітанне». Ён памятаў, што акцёры перад тым, як выехаць з горада, выступалі звычайна з развітальнымі гастролямі. Яго чамусьці ўражвалі словы — «апошнія, развітальныя гастролі: толькі два — ці тры — дні!» Шашура амаль заўсёды хадзіў на гэтыя гастролі. Дарэчы, ён вельмі любіў і паважаў артыстаў, якіх лічыў людзьмі незвычайнымі.

Шашура выбраў на гэты раз ціхую, мала аб'езджаную прасёлачную дарогу, да якой было кіламетраў так з адзінаццаць ад таго месца, дзе білася брыгада. Ён разважыў, што гітлераўцы, калі захочуць абмінуць заняты Ермаковым пасёлак, павернуць не інакш як сюды.

З ім ішло трынаццаць партызан. Толькі-толькі пачало світаць, калі Шашура дабраўся да «месца працы». Вось яно — дарога ўрэзваецца ў яловы лес,— тут зручны ўкрыты куточак: падступаючы да самых пясчаных каляін, густа расце цёмны малады ельнік.

— Спецыяльна, каліна-маліна, нарасло для нас!..

— Добрая мясцінка! — адгукнуўся адзін з памочнікаў.

— Тут мы і прызямлімся!.. Ну, хлопцы, паварочвайся жвавей ды — асцярожней... Каб... птушак лясных часам не патрывожыць.

Шашура, выглядваючы з ельнічку, акінуў позіркам абодва бакі дарогі. У ранішнім прыцемку яна нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэваў здаваліся падобнымі на скалы. На дарозе было пуста.

Шашура сабраўся ўжо выйсці на дарогу, але здалёк пачуўся шум машын.

— Ш-ш! — зашыпеў ён на таварышаў.— Едуць!.. Гэтых, хлопчыкі, пакуль прапусцім...

Праімчалі два грузавікі. Кузаў аднаго з іх быў адкрыты, і Шашура добра бачыў, як там, звесіўшы сонна галовы, дрэмлюць немцы; другая машына была крытая.

— Гэта — першыя птушкі, — супакойваў не так другіх, як сам сябе, Шашура.— Чарада яшчэ будзе... Не шкадуй, хлопцы!..

Ён выбраўся на дарогу і закапаў у лясной сыпучай, перамешанай з пяском зямлі некалькі націскных цяжкіх мін, акаймаваўшы дарогу з бакоў дробнымі пяхотнымі «хлапушкамі».

Хлопцы, якія не вытыркаліся з цёмнага ельнічку, ляжалі каля двух кулямётаў, рыхтавалі да бою аўтаматы, гранаты. Шашура, вярнуўшыся да іх, пад ахову елак, нецярпліва ўпіўся прыплюшчанымі кашачымі вачыма ў пасвятлелую дарожную далеч, стаў услухоўвацца.

Мінула паўгадзіны. Гадзіна, дзве...

— Эх, каліна-маліна, няўжо я схібіў? Няўжо не там выбраў? Быць не можа!

Поруч хтосьці з хлопцаў узлавана вылаяўся:

— Чаму яны, госпада бога, не едуць!

Хлопцы, сочачы за дарогай, пачалі паціху размаўляць, асцярожна курыць. Гэтае доўгае нуднае чаканне ўсім было не да спадобы. Паблізу нявідны ў іглістым галлі дзяцел старанна адлічваў — дук, ду-дук...

Мінула тры, чатыры гадзіны! Недалёка чулася страляніна, якая то ўзгаралася, то спадала, а на дарозе, як знарок, было пуста і ціха!..

Раптам Шашура перасцярожліва зашыпеў: «ш-ш!»

Усе адразу змоўклі. Падрыўнік пазіраў то на дарогу, то на таварышаў усхвалявана-бліскучымі вачыма:

— Едуць!.. Едуць усё-ткі «заваёўнікі свету». Ёсць каго, хлопцы, сустракаць!..

На дарозе, на павароце, завіднелася спачатку адкрытая легкавая машына, у якой сядзела некалькі салдат, за ёй крыху пазней — грузавікі, адзін, другі, трэці. Шашура, неспакойна азірнуўшыся на таварышаў, убачыў, што адны з іх як бы застылі, цэлячыся на дарогу, другія варушыліся, стараліся прыладзіцца ямчэй. Ну, быць бою!

Легкавая машына паволі набліжалася. За ёй ішла калона з чатырох грузавікоў, у адкрытых кузавах якіх былі відаць людзі. Шашура ўжо адцягнуў ручку аўтамата, каб секануць па машынах адразу пасля таго, як грымнуць выбухі.

Але што гэта?! Шашура недаўменна апусціў аўтамат і, узрушана, прыўзняўшыся на калені, да болю ў вачах стаў узірацца: не нямецкі гэта ўсюдыход! І форма ў салдат не шэра-блакітная. А галоўнае — маленькі чырвоны сцяжок на пярэдняй машыне... А можа, ён памыляецца? Ці можа, гэта правакацыя, ашуканства?!

Тады салдаты з гэтых грузавікоў самнуць, пераб'юць невялічкую жменьку партызан і самога яго, Шашуру, праніжуць чаргой. Ці для таго ён біўся столькі, каб загінуць так бязглузда! Хто-ж гэта, нарэшце? Як ні ўзірайся, не разбярэш нічога!.. На нядаўна рашучым твары падрыўніка была пакутлівая разгубленасць.

— Чакайце, хлопцы!..

Шашура ўстаў: трэба высветліць, хто гэта.

Калі гэта фашысты, тады — адна чарга з машыны, і яму канец, і многім таварышам смерць. Але гэта могуць быць і нашы, іх трэба спыніць, папярэдзіць! Адным словам, неабходна высветліць.

— Калі я дам чаргу па іх — значыцца, гэта гітлераўцы. Сячыце тады па ўсіх машынах. З усіх ствалоў! Ясна?

Шашура, трымаючы ў руцэ аўтамат, выгнаў на дарогу і непаспешліва, як бы спакойна, падаўся насустрач машынам. Хлопцы са сваёй укрытай мясцінкі напружана сачылі за ім. Не ўсе з іх разумелі, чаму Шашура ідзе не асцерагаючыся.

Ён, шыракаплечы, перакрыжаваны кавалерыйскай партупеяй, падняў руку, загадваючы машынам спыніцца.

Пад'ехаўшы бліжэй, легкавічок павольна затармазіў. І тут падрыўнік, які нейкую хвіліну стаяў нерухома, раптам парывіста ірвануўся з месца і кінуўся да машыны.

— Адставіць. Не страляць!— прыпыніўся ён на міг, павярнуўшыся да партызан. — Свае-е!!

Шашура крыкнуў так, што аж па лесу пакацілася: «э-э-э!» Ён абхапіў першага, бліжэйшага чалавека — чарнявага, смуглатварага сержанта, — гэта быў Юрый Туравец. Затым падрыўнік намерыўся прывітацца з Іншымі і неспадзявана ўбачыў перад сабою Ва'сю Крайко, пераапранутага ў салдацкую гімнасцёрку. Бровы Шашуры здзіўлена падскочылі.

— Вася?! Каліна-маліна, ці ты гэта? Адкуль ты? Як ты сюды зваліўся?

— Прыехаў в-вызваляць вас! — засмяяўся Вася.

— Ну, калі так, то дзякую, таварыш ба-ец... — і Шашура, парывіста адкінуўшы кепку на макаўку, так сціснуў «вызваліцеля», што ў таго костачкі затрашчэлі...

З ельнічку пачалі выбягаць другія партызаны, што таксама кінуліся да машын. Між тым спыніліся ўжо грузавікі. З кузава першага грузавіка саскочылі некалькі салдат у выгарэлых гімнасцёрках. Партызаны іх адразу акружылі, выказваючы радасць кожны па-свойму.

Некалькі хлопцаў падхапілі пажылога вусатага байца і ўскінулі на руках; іншыя хто ціснулі, трэслі па-сяброўску рукі, хто, як браты, адбымаліся. Амаль усе радасна крычалі. Адзін рослы партызан, абдымаючы маладзенькага ефрэйтара, неспадзявана для сябе заплакаў ад шчасця, як дзіця.

Шашура перацалаваў усіх, хто быў у пярэдняй машыне, весела ссунуў кепку на лоб і пачухаў патыліцу.

— Эх, каліна-маліна, і не снілася — пад сваіх міны падлажыў! Яшчэ б крыху, і вы паляцелі-б на той свет. І — ад маёй міны, няхай мне рукі адсохнуць!..



3...

— Разміні-і-ррваць! — загадаў ён хлопцу-падрыўніку. Шашура і сам падаўся з ім: відаць, камандаваў падрыўнік не толькі хлопцу, а і сабе: Яны пачалі разграбаць пясок каля мін, выкручваць запалы.

Хутка дарога была вольная, на ёй цяпер віднеліся' поблізу мелкія ямкі, у якіх жаўцеў сыпучы пясок. Збоку, каля самога ельнічку, ляжалі абы-як складзеныя міны...

— Шлях вольны! — хвацка казырнуўшы, далажыў Шашура малодшаму лейтэнанту Праворнаму.— Але далей мы вас, прасіце не прасіце, — не прапусцім. Не можам прапусціць! Трэба, каб вы абавязкова пагасцілі ў нас.

— Дзе гэта?

— У пасёлку...

— Ну, там цяпер і без нас даволі гасцей! — Праворны заклапочана азірнуўся ў бок грузавікоў. — Туды не мала, не многа, два наглыя палкі пайшло!..

— Нельга, — строга прамовіў сержант. — Мы маем заданне...

— Я і забыў вас пазнаёміць, — схамянуўся раптам Вася. — Гэта Юрый, камісараў сын.

— Юрый? Ну, тады, каліна-маліна,-і гаварыць няма чаго. Абавязкова заедзем. Не пабачыцца з бацькам пры такой сітуацыі? Гэта ж злачынства. Адказнасць перад вашым начальствам, калі на тое пайшло, бяру на аднаго сябе. Скажу, я вінават, толькі адзін я!.. Дамовіліся, таварыш камандзір? Едзем!

— Не магу. Спяшаемся!.. — і Праворны, павярнуўшыся да байцоў, што стаялі на дарозе, скамандаваў: — Па ма-шы-ы-нах!

— Значыць, канец, і няможна?! Ну, то хоць адзначым, каліна-маліна, на хаду. Як гэта кажуць — экспромтам!

Шашура спрытна адкруціў ад фляжкі алюмініевую чарачку і, наліўшы спірту, падаў чарачку лейтэнанту. Здабыў з палявой сумкі, дзе ляжалі і запалы, загорнуты ў некалькі лісткоў з кнігі кавалак тоўстага, яшчэ свежага сала, парэзанага на лустачкі, і акуратна паклаў на пярэдняе сядзенне. Потым наліў з фляжкі Юрыю, Васю, выпіў, задаволена крэпнуўшы, сам і стаў паспешліва, як прагаладалы, закусваць салам.

— Эх, размінаемся з бацькам! — не вытрымаў Юрый. — Вы яму хоць прывітанне перадайце!.. Так хацелася б убачыца! Ну нічога: можа яшчэ ў Мінску спаткаемся...

Праворны, які вельмі спяшаўся, даў знак шафёру заводзіць машыну. Шашура, Праворны і Юрый па-сяброўску, нібы даўнія знаёмыя, развіталіся.

— А ты, Вася, друг мой юны, таксама не вернешся?

— Вярнуся — пазней! Толькі правяду — бліжэй да Мінска!.. Ведаеш што, — голас Васі нечакана пацішэў і памякчэў. — Пабач...

— Валю, вядома, — падмігнуў здагадлівы падрыўнік.

— В-вядома. Скажы ёй, што са мной усё ў парадку. А то яна, мусіць, перажывае...

— Ёсць за каго перажываць!

— 1 Не вярзі. Перадай!

Машына ўжо кранулася. За ёй паволі паўз Шатуру і яго хлопцаў прабеглі ў ельнік грузавікі.

Вяртаючыся «дамоў», падрыўнік пашкадаваў ні то жартам, ні то сур'ёзна:

— Сарвалася, каліна-маліна, мая апошняя аперацыя!..


Раздзел V


1...

Праворны не памыліўся — сапраўды ў пасёлку цяпер было поўна байцоў.

Па галоўнай, брукаванай, вуліцы рушыла артылерыя. На ўвесь пасёлак разносіўся моцны лязгат, скрогат і грукат цягачоў, востра пахла перагарам гаручага. На дварах стаялі павозкі са снарадамі і нейкімі мяшкамі, а ў некалькіх месцах грузавікі з зенітнымі кулямётамі, у чахлах і без чахлоў — нацэленыя ў неба.

Пасёлак віраваў, як у свята. Усюды на вуліцах віднеліся салдаты і партызаны — нібы адно войска; сярод іх часта бялелі, цвілі кветкамі, рознымі колерамі хусткі жанчын. Між дарослых усюды шмыгалі неспакойныя цікаўныя дзеці. Першая радасць сустрэчы яшчэ толькі ўтаймоўвалася, пачыналіся роспыты, апавяданні. Бясконцыя роспыты!..

Хоць цікаўнаму Шашуру вельмі хацелася пастаяць у якім-небудзь гурце ды паслухаць, аб чым гавораць людзі, ён, апынуўшыся тут, на вуліцы, адразу пачаў шукаць Тураўца. «Вось жа ўзрадуецца камісар, калі скажу, што бачыўся толькі што з Юркам, — думаў Шашура. — Ці, чаго добрага, засмуткуе, што не ўдалося пабачыцца. Гм, гэта можа быць, вельмі можа быць... Усё роўна, трэба расказаць яму».

Камісар і Ермакоў, калі Шашура ўбачыў іх, якраз размаўлялі з генералам. Генерал, пажылы, крыху грузны, з рэдкімі запыленымі брывамі, з шырокім крутым ілбом, стаяў каля машыны і, відаць, збіраўся ад'язджаць.

Ермакоў быў у афіцэрскай форме, у хромавых ботах, з партупеяй і бліскучай пражкай, і трымаўся паважна і неяк інтымна з генералам, нібы паказваючы, што ён не абы хто, а таксама ваенны, кадравы.

— Дык я спадзяюся, другі мае, што вы правядзеце іх, — пачуў Шашура.

Стукнуўшы шпорамі, Ермакоў адказаў-адрапартаваў супакойліва:

— Можаце быць упэўнены, таварыш генерал! Мае хлопцы ўсё зробяць.

Генерал падзякаваў, па-таварыску паціснуў камісару і камбрыгу рукі і важка сеў поруч з шафёрам у машыну.

— Шчасліва ехаць, таварыш Шчарбацюк! — пажадаў яму на дарогу Туравец.

Ледзь толькі машына, кінуўшы хмарку сіняга дыму, рушыла па вуліцы, Шашура падышоў да Тураўца.

— Таварыш камісар, дазвольце сказаць. Вестачка ёсць вам... ад вашага сына!

— Ад сына? Юрыя? — перапытаў Туравец.— Дзе ён?!

Падрыўнік парывіста, то кпліва, то расчаравана, то ў захапленні, аб'явіў пра падзеі сённяшняга дня, ад таго, як ён першы раз выбіраўся на дарогу, да развітання з Юрыем і Васем.

— Развітаўся?!— перабіў падрыўніка Туравец.— Дык што ж ён — паехаў далей? Як жа гэта?

— Камісар, ён, мусіць, у Шчарбацюка служыць! — адгукнуўся Ермакоў, які чуў усё, што гаварыў Шашура. — Папрасіць бы генерала, каб адпусціў! А? Ён адпусціць! Хочаш, камісар, я з ім звяжуся і пагавару.

— Цяпер позна! Юрка ўжо далёка... Размінуліся!

Туравец з такім жалем вымавіў апошняе слова, што Шашура, якога звычайна не вельмі разварушвала чыя-небудзь бяда, мімаволі пашкадаваў яго. Здаецца, упершыню падрыўнік бачыў камісара такім, што яго было шкада.

Туравец усхвалявана маўчаў.

— Тры гады чакаў яго, вось ён падышоў блізка, і на табе — размінуліся! Які, хоць скажы, ён, Юрка? Вырас, напэўна, а? Невысокі. Няўжо не вырас?.. Бацька вінаваты, — сам таксама не магу пахваліцца ростам. Ну, як ён — дарослы цяпер, сталы?

— А як жа, сталы чалавек! Салдат сапраўдны.

— Вось, брат, як мы, Тураўцы, — сказаў камісар задаволена, знарок, ад сваёй схільнасці хаваць ад іншых непрыемнасць, тоячы шкадаванне аб размінцы з сынам. — І на фронце, і ў тылу. З двух бакоў гітлераўцаў, прападзі яны пропадам, ціснем!.. Дык, кажаш, салдат сапраўдны?..

Туравец прагна распытваў і ўсё ніяк не мог супакоіцца, што не ўдалося пабачыцца з сынам.



2...

У той жа дзень, пад вечар, камісару прышла тэлеграма здаць справы ў брыгадзе і падрыхтавацца да ад'езду ў Мінск.

Мінск яшчэ не быў вызвалены, а Туравец ужо толькі і думаў што аб горадзе, дзе яму належала працаваць сакратаром аднаго з райкомаў партыі.

Пачыналася новае, мірнае жыццё, паўставалі зусім іншыя, як дагэтуль, клопаты. З заўтрашняга дня ці з паслязаўтра ён будзе знаёміцца з невядомымі сёння людзьмі, шукаць сцежкі да іх сэрцаў, згуртоўваць вакол райкома, вучыць. Партыя пасылае яго на новае месца, дае новую справу, — справу, якая так блізка яму да душы, аб якой ён так многа марыў за апошнія тры гады...

Яму ўспомніўся пачатак партызанскага жыцця, пануры маўклівы лес, які абступаў яго і тых, хто быў з ім, калі яны сядзелі на палянцы ў першы вечар. І першая, амаль без сну, ноч, у якую ён думаў, як будзе згуртоўваць людзей для баёў. Тады многае было незразумелым, няясным,— не тое, што цяпер. Цяпер, хоць і чакалі яго нялёгкія справы, ён добра ўяўляў мірную будучыню, уяўляў у канкрэтных дэталях, — яна здавалася падобнай на тое, з чым ён добра пазнаёміўся да вайны. Вядома, у цяперашнім будзе і многа непадобнага, — ён гэта мае на ўвазе. Ён падумаў пра гэта. Чаго толькі ён ні абдумаў у марах за доўгія лясныя ночы і дні.

Ён ішоў на новую працу не адзін, а з групаю надзейных, выпрабаваных людзей, і гэта Тураўцу асабліва падабалася. У яго было нямала памочнікаў і дарадчыкаў, на якіх можна будзе на пачатку, ды і пазней, абаперціся...

Ермакоў пакуль заставаўся па-ранейшаму камандаваць брыгадай, якая цяпер станавілася знішчальным атрадам.

Камбрыг вельмі шкадаваў, што яму не прыдзецца ўдзельнічаць у вызваленні Мінска: такая важная падзея абыйдзецца без яго! Яму ж даводзілася быць толькі, як ён гаварыў, «вартаўніком», «правадніком».

Ермакоў ужо таксама ў думках развітваўся з брыгадай. Туравец гэта адчуў, калі яны селі ўдваіх, каб вырашыць некаторыя справы да ад'езду камісара.

— Пайду па старой спецыяльнасці — у «пушкары»...— Загаварыў да Тураўца камбрыг, ссоўваючы набок сваю артылерыйскую фуражку. Раптам ён выпрастаўся, строга ўскінуў галаву: — Па цэлі нумар чатыры! Гранатаю, узрывацель фугасны! Зарад першы!.. Вугламер — трыццаць чатыры! Узровень — трыццаць нуль!..— голасна скамандаваў ён, нібы для таго, каб давесці, што не забыўся.

— Ты цішэй, Ермак. А то — чаго добрага — нашы артылерысты ўздымуць трывогу.

— Ну, і няхай уздымуць!.. Развітальны салют зробім!..

Яны цяпер былі ў драўляным доме, побач з тым, які нядаўна называлі камандным пунктам; вокны былі расчынены, і з вуліцы ўрываліся грукат калёс па бруку і разнастайныя воклічы. Дом быў пусты: тут жыў нейкі немец, які невядома куды знік, — яму, відаць, прышлося ўцякаць нечакана, бо ў пакоі было прыбрана і чыста. На Тураўца і Ермакова пазіралі са сцен нейкія «фрау» з хітрымі прычоскамі, — пазіралі і, здавалася, дзівіліся.

Ермакоў раптам заклапочана задумаўся:

— Добра табе, Нічыпар, — усё ў цябе ясна. Вось і месца тваё ўжо табе вядома.

— Ну што ў мяне добрага? — запярэчыў няшчыра Туравец. — Гэта ж мне, можа, часова...

— Не хітруй. Не прыбядняйся... І наогул ты, Нічыпар,— мужык. Хоць і камісар, а з мужыкоўскай жылкай, — крыўдуй, не крыўдуй.

Туравец не пакрыўдзіўся.

— Можа быць, можа. З боку перажыткі відней, — ён яўна пасмейваўся.

— А я не ведаю, дзе буду праз некалькі дзён. Цікава, што мне цяпер дадуць — батарэю ці на дывізіён паставяць, а, як ты думаеш?

Туравец адказаў, што могуць паставіць камандаваць дывізіёнам ці назначыць начальнікам штаба палка.

— Наўрад. Са штабнай работай я, мусіць, не спраўлюся, ды і нешта не вабіць яна мяне — лепш камандаваць бы. А на дывізіён не паставяць — званне малаватае... — Туравец улавіў у яго словах затоеную нецярплівасць: Ермакова прадставілі месяцы тры назад, амаль адразу пасля таго, як ён стаў камандаваць брыгадай, да «маёра», а загаду з Масквы яшчэ не было...

— Прыдае званне, Мікалай. А не застане тут, дык у арміі здагоніць. У нас нічога не забываецца, — супакоіў яго Туравец.

Ён папрасіў пачаць перагляд спісаў, — на працу ў горад абком партыі вырашыў накіраваць адначасова з Тураўцом неабходных там партызан.

Спісы такіх людзей былі складзены даўно і нават зацверджаны абкомам. Тут былі перш за ўсё вопытныя партыйныя работнікі, асабліва камісары атрадаў, палітрукі, розныя спецыялісты-інжынеры, урачы, настаўнікі, чыгуначнікі. Праўда, частку з іх на некалькі дзён дазволілі затрымаць у брыгадзе, бо думалі, што ёй прыдзецца яшчэ ваяваць з гітлераўцамі, ачышчаць лясы. Выбраць, каго зараз паслаць у горад, а каго пакінуць тут, якраз і павінны былі Туравец і Ермакоў.

Калі абодва, седзячы плячо каля пляча, сталі чытаць лісткі-спісы, то ўзгарэліся раптам спрэчкі. Аказалася, што часта адзін і той чалавек быў «дазарэзу» патрэбны і Тураўцу, і Ермакову.

— Ну, гэта я не ведаю што!.. Усіх лепшых людзей забіраеш ад мяне, камісар,— не ўтрываў нарэшце камбрыг.— З кім я ваяваць буду?

Туравец, пасміхваючыся цыганскімі вачыма, спакойна, ласкава,— з той ласкавасцю, за якой Ермакоў чуў хітрасць,— адказаў:

— Э-э, камбрыг, якая тут цяпер вайна, скончылася тут, лічы, вайна...

— Каму скончылася, а каму — не... — Ермакоў, здавалася, не заўважаў, што камісар жартуе. Ён нецярпліва ўстаў з-за століка. — Слухай, Нічыпар Паўлавіч, гэтага трэба пакінуць! Ён жа камандзір. Правая мая рука.

— Каб ты, камбрыг, ведаў, які гэта да вайны быў інжынер! Па яго справе другога такога майстра ва ўсім Мінску не было, — акадэмік, а не інжынер! Талент!

Камісар, лагодна пасміхваючыся, пачаў запісваць прозвішча інжынера ў свой блакнот. Ермакоў жа спрабаваў яшчэ «адваяваць» камандзіра:

— А можа, усё-ткі абыйдзешся без яго, а, камісар?

— Ну і дзівак ты, Мікалай. Як жа я абыйдуся,— мякка, ужо без усмешкі, загаварыў Туравец,— калі, апрача яго, ні аднаго добрага спецыяліста на заводзе няма. Ні аднаго, разумееш?! Падумай, як я без яго буду пачынаць?..

Яшчэ праз тры прозвішчы камісар назваў Шашуру.

— Шашуру?! Нашто табе ён спатрэбіўся? Па якой спецыяльнасці? Ну, то ўсе, як ты кажаш, спецыялісты. Адзіныя, незаменныя, неабходныя! А Шашура па чым спецыяліст? Па чым?

— Шашура? — зноў усміхнуўся Туравец.— Ён таксама спецыяліст. Вялікі спецыяліст — на ўсе рукі. І, канешне, талент. Для яго будучай працы, брат, не толькі навуку, але і прыродны талент трэба мець. Нам цяпер такія вельмі патрэбны...

Камбрыг, хоць і стрымліваўся, ад гэтай размовы затаіў крыўду, — яму здавалася, што Туравец, які многіх узяў справядліва, усё ж дамагаўся большага, чым яму трэба. Думаў камбрыг раней, што Туравец такі патрыёт брыгады, як і сам ён. Быў час, калі камісар вельмі стараўся падбіраць на камандзіраў ці палітрукоў лепшых людзей, дбаў пра брыгаду, як гаспадар, калі, здавалася, нічога даражэй няма яму за партызанскую сям'ю. А наступіла іншая пара, усё забыў...



3...

Уранку з лагера прыехала фурманка, нагружаная торбамі, чамаданамі, скрынкамі. Яе адразу акружылі і пачалі разбіраць кожны сваё. Ардзінарац камісара дастаў адтуль рэчавы мяшок, стрэльбу, кажух і, ускінуўшы іх на плечы, падаўся ў пакой камісара. Тут хлопец паставіў мяшок на падлогу, а кажух паклаў на лаўку.

— Я ўсе рэчы склаў сюды ў мяшок...

— Добра. Усім, хто едзе, прывезлі рэчы?

— Усім...

Туравец стаў збірацца ў дарогу. Ён перабраў, што было ў рэчавым мяшку: ношаную-пераношаную бялізну, новае верхняе абмундзіраванне, канспекты лекцый, планы гутарак — на асобных лістках, у сшытках, у блакнотах, пацёртыя, пажоўклыя ад часу выразкі з газет, карту, зарысаваную рознымі знакамі, томік В. К. Арсеньева «По Уссурийскому краю»...

Узяў у руку стрэльбу, пераламаў, паглядзеў у ствол, — нібы збіраўся на паляванне. Гэта было ружжо «Франкот», захопленае аднойчы разам з палкоўнікам СС. Хлопцы, што забралі ружжо, прынеслі яго Дразду, але той падарыў Тураўцу, заядламу паляўнічаму.

«Цудоўная штучка!» — Туравец пагладзіў адпаліраваную бліскучую ложу. Ён ужо не раз страляў з гэтай «штукі»: бой быў вельмі добры...

— Вось і ўсё... — камісар зірнуў на кажух: што з ім рабіць? Кінуць можа? Не, ён будзе патрэбны.— Пятро, а кажух прывязеш мне ў Мінск. Глядзі, каб не прапаў.

— Не прападзе, таварыш камісар...

Туравец вырашыў ехаць сёння ж, не марнуючы часу, хоць немцы можа яшчэ былі ў Мінску. Пакуль удасца дабрацца да горада, яго, напэўна, акурат вызваляць. А яму хацелася хутчэй вярнуцца ў горад, пабачыць, што там...

Туравец спяшаўся ў Мінск і таму, што спадзяваўся там спаткацца з Юрыем...

Трэба толькі яшчэ зазірнуць у шпіталь. Не, ён не можа пайсці адсюль, не пабачыўшы яе, Марыю. Шпіталь быў недалёка, у невялічкім парку, дзе ціха высіліся стагоднія ліпы і вязы.

На алейны Туравец спаткаў Валю, якая несла нейкую каструлю.

— А Марыі Андрэеўны няма,— сказала Валя.— Яна павезла раненых у вайсковы шпіталь. Там ім будуць рабіць аперацыю... У іх, казала Марыя Андрэеўна, ёсць вельмі добры хірург.

Туравец, нягледзячы на гэта, зайшоў у шпіталь, бо хацеў развітацца з раненымі. Вяртаючыся назад, ён усё ж вельмі шкадаваў, што з Марыяй Андрэеўнай не ўдалося пабачыцца.

Туравец напаткаў Шашуру і крыкнуў:

— Збірай сюды людзей! Зараз выступаем!..

Вышаўшы з хаты з рэчавым мяшком за плячыма, ён убачыў вакол сваёй групкі ледзь не ўсю брыгаду. Усе, хто быў у лагеры, вышлі іх праводзіць, і Туравец амаль з кожным развітаўся за руку. Апошнім ён падышоў да Ермакова. Шчаслівы камісар крыху вінавата зірнуў на Ермакова, потым моцна-моцна, як лепшага сябра, абняў.

— Ну, бывай. Коля!.. Толькі — не сярдуй. Усяму, дарагі, свая пара...

— Ведаю, Нічыпар Паўлавіч.

— Ты хутка будзеш у Мінску — заходзь! Адрас просты — райком. А дзе яго шукаць, я і сам пакуль не ведаю...

— Знайду.



4...

І хто б мог падумаць, што ёй, Аўдоцці Шабунісе, зноў прыдзецца ўцякаць з роднага селішча ды хавацца.

Цэлы дзень ішлі цераз Паплавы нашы і пехацінцы, і гарматы, і абозы. І, здавалася, што ўжо — усё, што цяпер можна жыць сабе у спакоі, жыць — нічога не баяцца. Але не так яно было. Апоўдні назаўтра ў Паплавы зноў прысунуліся нямецкія машыны.

Аўдоцця была тады ў полі. Яна палола з жанкамі калгасную бульбу і бачыла гэтыя машыны і пыл, які віўся за імі, аднак ёй не прыходзіла ў галаву, што гэта могуць быць не нашы.

Хутка прыбегла перапалоханая, задыханая дзяўчынка і крыкнула: — Ой, немцы!

Аўдоцця жахнулася: там жа Валодзя і Волька. Не думаючы ні пра што, нічога не страшачыся, яна пабегла туды, дзе стаялі цяпер ненавісныя машыны. Аўдоцця толькі адно ведала, адно помніла: там Валодзька і Волька!

Божа мой, чаму яна іх не ўзяла з сабою. Хіба ж яна магла забыцца на тое, што было ўсяго ўчора ўранку, хіба ж яна не павінна была асцерагацца, што вецер можа раптам перамяніцца, што яны, гэта варожае насланнё, зноў прыдуць. Яны маглі яшчэ ўсюды тут бадзяцца, па розных закутках, сцежках. Як жа гэта яна так кінула дзяцей адных у сяле?!

Адчуваючы, як халадзее ў грудзях, Шабуніха ўбегла на роднае селішча. Спусцілася ў зямлянку па сходках — там было пуста. І на селішчы іх яна не бачыла. Яна падалася да суседкі, да Аксінні, спадзяючыся, што можа тая што-небудзь ведае?

Але Аксінні дома не было.

Тут да Аўдоцці падступіла некалькі салдат і сталі штосьці патрабаваць на сваёй незразумелай мове. Яна здагадалася, што ёй загадваюць даць яек, малака, хлеба.

— Дзе я вам іх вазьму? — адказала яна са злосцю.— Дзе? Усё падмялі, як на таку, няма на вас зводу...

Яе прымусілі правесці на сваё селішча.

— Вось, усё тут, у гэтым склепе. Бярыце што знойдзеце, — няхай яно вам бокам вылезе!..

Адзін з салдат наставіў на яе аўтамат, штосьці яшчэ загадваючы. Але яна так без страху трымала сябе, што ён вылаяўся і апусціў зброю. Ёй цяпер нічога не было страшным у яе вялікай трывозе.

Дзе ж дзеці?!

Яна абышла ўсё сяло, то шукаючы дзяцей, то шукаючы, у каго б можна было даведацца пра іх. Нібы ў сне, яна бачыла каля сябе сіня-шызыя машыны і постаці ў чужых мундзірах, якія нярэдка падыходзілі да яе, патрабавалі, пагражалі.

Яна нікога не знайшла, бо людзей ў сяле было мала, — амаль усе хаваліся недзе ў лесе ці на балоце. Аўдоцця старалася супакоіць сябе, што там жа, можа быць, і яе дзеці, але трывога не сыходзіла,

Шабуніха ледзь дачакалася ночы. Увесь час у ёй білася толькі адно жаданне: знайсці, знайсці дзяцей!..

Пад вечар у сяле немцаў яшчэ пабольшала. Яны атабарыліся і на яе двары, пад грушкамі стаялі дзве машыны. Выйсці з селішча было цяжка і небяспечна, але Шабуніха не вагалася. Як толькі ў сяле і на двары стала цішэй, немцы паклаліся спаць, яна, прыгнуўшыся, пачала прабірацца цераз агароды да хмызняку.

Ускрай агарода яна ледзь не наткнулася на немцаў, але ў свой час здалёк заўважыла, як мільгануў агеньчык схаванай цыгаркі. У хмызняку, дзе Аўдоцця бачыла ўжо свой прыстанак, яна неспадзеўкі пачула нямецкую гаворку. Значыць, немцы і тут.

І яна падалася далей, але не ў лес, збочыла ў балота.

На світанку, дабраўшыся да лазняку, у якім ёй даводзілася ўжо калісьці хавацца, яна знайшла, нарэшце, сваіх знаёмых. Адной з першых ёй трапілася Аксіння.

Аксіння сказала, што Валодзька і Волька тут, каля яе, спяць. Але Волечка з-пад лазовага куста запярэчыла шчасліва:

— Не, мамачка, я не сплю!..

І кінулася са слязамі да Аўдоцці.

— Дзяціначка ты мая,— прытуліла яе да сябе Шабуніха шурпатай далонню. Выцерла яе слёзы чысцейшым ражком хусткі.

Прысеўшы стомлена на пасланае Аксінняй завялае спрасаванае вецце, падумала заклапочана: колькі ж гэта бадзяцца яшчэ?


Раздзел VI


1...

Гітлераўцы мелі на абарону ў раёне Мінска вялікую надзею. Яны спадзяваліся тут учапіцца за абарончыя збудаванні, як у горадзе, так і на падыходзе да яго, і затрымаць наступленне.

Але ўмелая тактыка нашых камандзіраў і хуткі, нявідана хуткі рух нашага войска зводзілі ўсе гітлераўскія намеры і спробы на нішто.

Дывізіі генерал-палкоўніка Глаголева, якія наступалі па Мінскай магістралі, грамілі варожыя часці і збівалі іх з магістралі на поўдзень. Трэба сказаць, — нашы войскі ішлі наперад так хутка, што гітлераўцы, якім прыходзілася адступаць па вузкіх, звілістых палявых дарогах, па палях, цераз балоты, не маглі наладзіць якія-небудзь захады абароны. Немцы не ўпраўляліся не толькі арганізаваць контрудары, а адставалі ад нашых не менш як на сорак — пяцьдзесят кіламетраў!

Стварылася вельмі арыгінальнае становішча, надзвычай выгаднае нашым часцям. Для таго каб затрымліваць адступаючых яшчэ больш, было нават вылучана спецыяльнае злучэннне, якім камандаваў генерал-маёр Олешаў.

У ноч на З ліпеня, калі нашы часці падыходзілі да Мінска, перадавыя падраздзяленні рэштак 4 нямецкай арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Мюлера былі яшчэ кіламетраў за пяцьдзесят ад Мінска. А ім па плану гітлераўцаў трэба было абараняць горад!

Нястрымная плынь наступлення набліжалася да Мінска, абцякаючы яго з усіх бакоў. Ужо 2 ліпеня пехацінцы генерал-палкоўніка Галіцкага і танкісты маршала Ротмістрава, што наступалі на поўначы ад Мінска, перахапілі дарогі на Вільнюс і Ліду, а часці, што былі з поўдня, занялі Стаўбцы, Нясвіж і Гарадзею. Галоўныя шляхі, якімі звязвалі гітлераўцы горад са сваім тылам, былі перарваны.

Вялікая сіла двух франтоў — Трэцяга Беларускага і Першага Беларускага — кіравалася проста на Мінск. Адлегласць адлічвалі па тым, колькі кіламетраў засталося да Мінска.

З усходу, разбіўшы нямецкія заслоны пад Смалявічамі, падыходзілі танкавыя брыгады і пяхотныя палкі Чарняхоўскага. З поўдня, ад Асіповіч, спяшаліся перадавыя часці Ракасоўскага, якія 2 ліпеня занялі Пухавічы. Яны ішлі і ўночы, і ўдзень, амаль без прывалаў, каб у час паспець да штурму.

Усе ішлі — на Мінск. Усё рушыла — на Мінск. Танкісты, пехацінцы, сапёры, разлікі палявых гармат і «кацюш», мінамётчыкі, зенітчыкі. Падыходзілі з розных бакоў партызанскія брыгады і атрады...

Камандуючы Трэцім Беларускім фронтам Чарняхоўскі паставіў на трэцяе ліпеня злучэнню генерал-палкоўніка Глаголева і танкістам Тацынскага корпуса генерала Бурдзейнага задачу, — узаемадзейнічаючы з танкавым злучэннем маршала Ротмістрава, узяць Мінск.



2...

Вечарам Аляксей быў ужо недалёка ад Мінска.

Перавязаўшы сяк-так рану, ён па-ранейшаму ехаў са сваімі танкамі; імкнуўся не зважаць на цягучы боль, які, амаль не ўціхаючы, ірваў правую руку. Рапа гарэла, але гэты агонь не так даймаў Аляксея, як боль, — увесь час штосьці балюча тузала, прычым больш за ўсё тузанне чулася не ў тым месцы, дзе была рана, а каля локця. Ад кожнага штуршка машыны боль узмацняўся.

Як ні цяжка было Аляксею, ён не паказваў, што яму прыходзіцца пакутаваць. Калі Гогабярыдзе запытаўся, як камбат адчувае сябе, капітан адказаў:

— Парадак. Нармальна, Сандро!

Адно вельмі непакоіла і нават, можна сказаць, палохала Аляксея, — што ён з кожнай гадзінай слабеў, цела рабілася нейкім бязвольным, змораным, пачынала кружыцца галава, хацелася легчы, заплюшчыць вочы...

Ён стараўся перамагаць прыкрую слабасць, трымацца, колькі можна. У гэты нялёгкі вечар яму прыдавала дужасці неспакойна-радаснае адчуванне, што ён ужо так блізка да роднага Мінска: застаюцца лічаныя кіламетры, якіх з кожнай гадзінай усё менш і менш.

Калі ён думаў, што хутка, вельмі хутка будзе ў Мінску, што яго аддзяляе ад роднага горада не месяц, не тыдзень і нават не суткі, а ўсяго якіх-небудзь некалькі гадзін, то і рана, здавалася, уціхала, супакойвалася.

Увечары ён ехаў толькі наверсе машыны, бо тут, дзе твар песціў ветрык, хоць і слабы і цёплы, не было так млосна, як у вежы. Аляксей пачуваў сябе дужэй.

У невялікім лясочку батальён спыніўся.

Лясок быў амаль увесь высечаны. Высокія гонкія дрэвы стаялі тут рэдка, акрэсліваючая сваімі тонкімі галінамі і шапкамі-вершалінамі на глыбокім зорным небе. Збоку ад гэтых дрэваў чарнеў ледзь бачны ў прыцемку нізкі густы ельнічак, над якім дзе-ні-дзе вытыркаліся вострыя зубы вяршынь. Адсюль горад быў ужо вельмі блізка. Аляксей думаў, што гэта, відаць, апошні прыпынак перад штурмам Мінска.

Камбат адразу, як толькі даведаўся, колькі тут прыблізна прыдаецца стаяць, папрасіў Быстрова, каб ён паклікаў ваенфельчара. Трэба было аглядзець і ачысціць рану і як належыць перавязаць. Вяртаючыся назад, Быстроў упоцемку не адразу знайшоў машыну. «Чорт ведае — заблудзіўся я, ці што, — пачуў Аляксей яго голас. — Ну, вось тут яна, здаецца, была...»

— Давай сюды, Быстроў!— аклікнуў яго капітан, углядаючыся ў прасветы між дрэваў.— Вядзеш?

— Точна так, таварыш капітан, удваіх!

Ваенфельчар, падышоўшы да камбата, не пытаючыся нічога, загадаў Быстрову, каб той пасвяціў кішанёвым ліхтарыкам.

Вакол камбата амаль адразу сабраліся танкісты, якія непакоіліся за Аляксея. Адзін з іх штосьці сказаў Быстрову, і фельчар строга папрасіў або разысціся, або маўчаць. Ніхто не адышоў адсюль, але ўсе сціхлі.

Аляксей стомлена пазіраў, як пад жаўтаватым святлом спрытна ходзяць дзве кісці рук і кароткія жоўтыя пальцы, раскручваючы павязку. Потым фельчар вымыў рукі спіртам, пах якога раптам пачуўся сярод паху газойля і хвоі. Пінцэтам абарваў прышэрхлую да раны падушачку.

— Гм, н-да... Справы! Чаму вы, камбат, не выклікалі мяне адразу?.. — І, не чакаючы, што Аляксей скажа ў адказ, прамовіў: — Пашкоджаны мышцы, капітан...

Ён падняў сумку да святла бліжэй, дастаў адтуль флакон, зірнуўшы на ўсякі выпадак на этыкетку, асцярожна абмыў рану і старанна яе перавязаў. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і Аляксею здалося, што навокал наступіла бальнічная цішыня, хоць недзе блізка гурчаў танк.

— Трэба будзе, таварыш капітан, легчы ў санбат. Такія справы. Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне... — Ён гаварыў будзённа і нават нібы абыякава, тым часам звыкла закрываючы сумку. Быстроў па-ранейшаму свяціў на яго рукі, і яго твару Аляксею не было відаць.

— Здаць? З-за гэтай дробязі?! Ты што, жартуеш, Вітошка?

— Якія тут могуць быць, таварыш камбат, жарты? Гэта не дробязь, — абавязкова трэба рабіць аперацыю. Патрэбен таксама шпітальны рэжым... Хочаце ці не хочаце, а без санбата вам не абысціся.

Аляксей зазлаваў:

— Ну, што ты заладзіў — санбат, санбат!.. Не хачу я ў санбат, — але ўслед за гэтым, разважыўшы, што цяпер заядацца з фельчарам не варта, перамяніў тон гаворкі: — Ты разумееш — я амаль дома. Заўтра буду ў сваёй хаце — самае большае праз суткі. Ты разумееш?

— Але вам, камбат, трэба лячыцца. Можа раптам здарыцца гангрэна, я не магу гарантыраваць вас ад гэтага. Могуць быць іншыя непрыемнасці... Адным словам — трэба лячыцца.

— Лячыцца?.. Ну і добра. У Мінску я, калі ўжо на тое ідзе, акурат і падлячуся.

— Дома хутчэй зажыве!.. — уступіўся за Аляксея з цемры голас Колышава. — Ты разумееш, Вітошка, дома камбат ад аднаго дамашняга паветра паправіцца!

Але фельчар, звычайна, здавалася, мяккі, лагодны хлопец, упарта настойваў на сваім. Аляксей жа па-ранейшаму не здаваўся.

— Слухай, чалавек ты ці не чалавек? — Не вытрымаў Быстроў. — Ты разумееш чалавечую мову?

Фельчар, не слухаючы яго, запытаўся ў Аляксея:

— Значыцца, адмаўляецеся ехаць у санбат?

— Так, не хачу.

— А я не хачу, каб мяне за вас потым чысцілі! Ясна?!. Я перадам палкоўніку, калі майго слова мала, — прыгразіў фельчар. — Будзеце гаварыць з камбрыгам!

«Глядзі ты, які ўпарты!» — падумаў Аляксей. Хтосьці з танкістаў, раззлаваны, назваў фельчара і ветэрынарам, і бюракратам, і фармалістам, дадаўшы, што ён нічога не разумее ў чалавеку.

— Не трывожся, капітан, усё будзе добра,— спакойна прамовіў Быстроў. — Мы самі пагаворым з камбрыгам, ён зразумее цябе! Я ўпэўнены, што зразумее...

«Кепска, — пачаў непакоіцца Аляксей. — Калі Бяссонаў згодзіцца з Вітошкам, не браць мне Мінска, не быць дома...»



3...

Непадалёк за некалькі хвілін перад гэтым спынілася легкавая машына. З машыны вышаў прысадзісты дужы чалавек, які запытаўся ў аднаго танкіста, як тут знайсці капітана Лагуновіча.

Прыезджы, убачыўшы каля чорнага абрысу «трыццацьчацвёркі» групку танкістаў, якія спрачаліся, і пазнаўшы сярод іншых галасоў капітанаў голас, прыпыніўся і стаў моўчкі слухаць. Ён вельмі хутка зразумеў прычыну перапалкі.

— Хто тут грозіцца гаварыць са мною? — нечакана пачуўся яго басок. — Бач, расшумеліся — на ўвесь лес!

«Камандзір брыгады!» — пазналі танкісты, і гамонка адразу сціхла.

Бяссонаў заехаў сюды для таго, каб праверыць, як батальён рыхтуецца да бою, даць танкістам парады і каб даведацца, як паранены капітан, як ён адчувае сябе. Але наблізіўшыся цяпер да камбата, палкоўнік спачатку загаварыў не з ім, а пачаў распытвацца ў фельчара, якая рана, ці перабіта косць. Паглядзеў уважліва і холадна на твар капітана, які здаваўся ад страты крыві і электрычнага святла ліхтарыка белым, заўважыў хмурны, упарты позірк. Не гледзячы на фельчара, запытаўся:

— Адправіць, значыцца, трэба?

«Усё. Загадае зараз ехаць у шпіталь, сухая душа...» — падумаў насцярожана Аляксей.

— Трэба, таварыш гвардыі палкоўнік.

— А ён — не хоча?.. Не хочаш, капітан, ехаць назад?.. Дарэмна...

— Я яшчэ магу ваяваць, таварыш гвардыі палкоўнік! З такою ранай жыць можна!..

— Жыць можна, капітан, а вось ваяваць наўрад.

— Таварыш гвардыі палкоўнік! Я кажу!..

— Не кажы!.. Я не дзяўчына,— прамовіў Бяссонаў рэзка.— Не хочаш, значыцца? Ну, што ж, калі ты. сам дабіваешся гэтага, капітан, дазваляю — заставайся. Да Мінска! Паваюй яшчэ суткі. Твая дапамога мне будзе, можа, нялішняя,— і мякчэй, па-таварыску: — я ведаю, чаго ты хочаш: хутчэй увайсці ў Мінск, салдатам!..

— Хочацца пабачыць, таварыш гвардыі палкоўнік, што там у горадзе, — праз тры гады... — Аляксей адчуваў сябе вінаватым. — Сям'ю не церпіцца хутчэй знайсці. Ды адтуль — і на фронт дабірацца будзе лягчэй: бліжэй!

Палкоўнік павярнуўся, як звычайна ўсім тулавам, да фельчара:

— Назірай за ранай, ды — уважлівей!..

У лясочку было цемнавата і вельмі цёпла, нібы ў курані. Нагрэтая за дзень зямля, дрэвы і паветра ніяк не маглі астыць, патыхалі цяплом, лагоднай цішынёю, спакоем. Стаяў такі сухмень, што на траву не лажылася раса.

У такую ночку добра спіцца ў лесе, асабліва пасля трывожнага гарачага дня. Але амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што ўранні пачнецца бой за Мінск, і рыхтаваліся да яго. Камандзіры, якіх Аляксей сабраў на нараду, вывучалі падыходы да горада, маршруты па вуліцах, абмяркоўвалі розныя справы, звязаныя з блізкім боем, другія папаўнялі машыны снарадамі, гаручым, правяралі маторы, нацяжэнне гусеніц.

Панавала бадзёрая ўзрушанасць — ва ўсіх толькі і было размоў, што пра Мінск, пра штурм... Амаль перад самым выступленнем, калі танкісты Лагуновіча чакалі, што вось-вось будзе загад рушыць, прыехаў сюды на танку падпалкоўнік Семіжон.

— Як рука, капітан? — запытаўся ён у Аляксея.

Поблізу сталі часта біць гарматы. Аляксей перачакаў страляніну.

— Рука?.. Не чую, як яна...

— Душа баліць? Апошняя хвіліна заўсёды сцягваецца.— Семіжон загадаў сабраць усіх. Танкісты сыходзіліся, перагаворваючыся, смеючыся, зыркаючы іскрачкамі цыгарак. Твараў іх не было відаць, але па гэтай гамонцы, па агеньчыках адчувалася мноства людзей, якія стаялі тут, пад дрэвамі. Па тым, як яны задорна гаварылі, як смяяліся, Аляксей адчуваў, што настрой ва ўсіх найлепшы. Яму было радасна.

Пачуўся ціхі, сіплаваты голас падпалкоўніка, і ўсе адразу сціхлі.

Семіжон пачаў з таго, як ён гэта цяпер часта рабіў, што расказаў апошнія паведамленні. Нашы ўжо занялі Вілейку, перарэзалі чыгунку Мінск-Вільнюс.

— З'явіўся новы напрамак — Баранавіцкі! На гэтым напрамку ўжо вызвалілі Нясвіж, Гарадзею і Стаўбцы. — Семіжон гаварыў радасна-ўсхвалявана, адчуваючы, што гэтая ж радасць поўніць сэрцы ўсіх яго слухачоў.

Сонцаў, выказаўшы агульны настрой, крыкнуў:

— Эх, мама родная! Гітлераўцам цяпер, выходзіць, з Мінска драпаць некуды.

Аляксей падумаў — Мінск яшчэ не вызвалена а ўжо становіцца як бы тылавым горадам. Яшчэ не скончан Мінскі напрамак, а ўжо існуе Баранавіцкі...

— Таварышы! — узвысіў голас Семіжон. — Настала і наша чарга парадаваць Радзіму. Нам выпала чэсць, вялікая чэсць вызваліць адзін з важнейшых гарадоў нашай краіны, сталіцу Беларусі, гераічны Мінск!.. Радзіма, якая паслала нас сюды, даручыла нам гэтую вялікую справу, верыць, што мы апраўдаем яе надзею. Не толькі армія, але і ўся краіна, мільёны людзей, што глядзяць на нас з Урала, з Каўказа, з Паволжжа, чакаюць ад нас — вярніце Мінск!.. Нас чакаюць нецярпліва, як самых дарагіх людзей, там, у блізкім Мінску, які гітлераўцы паляць і падрываюць, дзе пакутуюць тры гады ў фашысцкай няволі, тры доўгія гады нашы маткі, дзеці, сёстры, нашы родныя!.. Крывавыя гітлераўскія каты акружылі горад і збіраюцца заўтра ўчыніць расправу над усімі, хто яшчэ дажыў да сённяшняй ночы. У горадзе вывешаны аб'явы, у якіх эсэсаўцы загадваюць сабірацца людзям на спецыяльныя зборныя пункты, сабірацца на смерць, на здзек. Не дадзім на здзек нашых людзей!

— Не дадзім! — адгукнуўся ўзрушана Колышаў.

— Смерць фашысцкай погані!

— За наш Мінск, за перамогу! За нашу вялікую Радзіму.

Пры апошніх словах падпалкоўніка выбухнула нецярплівае, напорыстае «ўра», якое рэхам пакацілася па ляску. Усе, было відаць, як і Аляксей, таксама ірваліся хутчэй у горад, на штурм.

Семіжон пасля мітынгу застаўся ў батальёне Аляксея. Ён уладзіўся ў роце Аліева і з гэтай ротай, якая павінна была падысці да Мінска адной з першых, чакаў, калі танкі рушаць...

Аляксей, які няспынна трымаў сувязь з Бяссонавым, перагнаўшы іншыя машыны, падляцеў да разведчыкаў. Яму трэба было перадаць Гогабярыдзе новыя весткі пра абстаноўку, хацелася асабіста і падрабязна расказаць пра тыя мясціны, дзе зараз прыдзецца дзейнічаць разведчыкам. Эх, калі б Аляксей мог, меў права ісці ў горад разам з разведчыкамі, так, як і яны, першым ісці!.. Камбат, не прызнаючыся сабе, мімаволі зайздросціў Гогабярыдзе і іншым разведчыкам.

— Пакажы мне, Аляксей, калі ласка, дзе твой дом стаіць? — загаварыў Сандро, ледзь толькі ўважліва выслухаў парады і весткі Аляксея. — Каб не разбіць мне часам яго сваёй гарматай. А то — твой друг яшчэ стане тваім ворагам! Нашто мне гэта? Не хачу! — казаў ён з жартаўлівай трывогай.

Ён прыхіліўся да Аляксея і зашаптаў на вуха,

— Я, калі мы прыедзем туды, дзе стаіць твой дом, загадаю ўсім сваім хлопцам спыніць машыны на пяць хвілін і зраблю ў чэсць нашага камандзіра салют!

— І атрымаеш за гэта вымову ад мяне! — Аляксей засмяяўся.

— Ну, не. У крайнім выпадку можаш даваць — камбрыг мяне ўсё роўна апраўдае. А як жа. Заслужаны камандзір, герой, мой друг, вяртаецца ў родны горад — пасля трох год! І не адзін — з цэлым батальёнам! Ці ж можна без салюта?! Калі б другі час, трэба было б такую сустрэчу зрабіць, каб віно пяць дзён і пяць начэй лілося... Ах, шкада — цяпер нельга!

Гогабярыдзе абняў Аляксея па-сяброўску і папрасіў:

— Аляксей, будзь другам — пазнаёміш мяне з Нінаю? Я хачу, Аляксей, пабачыць, якая яна прыгажуня ў цябе.

— Пазнаёмлю, Сандро... Калі можна будзе...

— А чаму будзе няможна?

— Яны, Сандро, таксама на вайне. А на вайне, ты ведаеш, што можа быць за тры гады. Непакоюся я, дружа... Ну, давай, вядзі сваіх.

Аляксей, перадаўшы, каб батальён выступаў, пачакаў тут, пакуль падыдуць «трыццацьчацвёркі», і далей ішоў ужо разам з імі. Танкі ўсё набліжаліся да горада. Наперадзе Аляксей бачыў некалькі крывава-барвовых зарываў ад пажараў, што расцягнуліся па небасхілу. Яны то ўспыхвалі, уздымаючы высока ў неба варушлівыя водсветы, то спадалі, і неба тады як бы зніжалася і станавілася чарнейшым. Страшныя зарывы былі так блізка, што, здавалася, чуўся подых гарачыні ад іх.

Ён столькі марыў пра гэтую хвіліну, і вось яна надышла — блізка, як ніколі...

Пазіраючы на зарывы, што трапяталі над дарогаю і ўзгоркам, Аляксей заўважыў, як ім авалодвае ўсё большая нецярплівасць і трывога. Напэўна, ніколі ён так не трывожыўся, як цяпер.

Што там яго чакае?



4...

Недалёка ад горада Лагуновіч збіў варожы заслон, павярнуў свае танкі на магістраль і павёў па асфальце проста на Мінск.

Аляксей увесь час бачыў наперадзе вялікія зарывы.

Калі пачало развідняцца, выслізганыя гусеніцы, ляскочучы, лічылі апошнія кіламетры магістралі.

Першымі да ўскраіны падыходзілі тры машыны, якімі камандаваў лейтэнант Гогабярыдзе. Большасць машын батальёна напагатове стаялі ззаду, на шасэ і ўзбочынах каля палосак спеючай збажыны. Аляксей сядзеў на вежы, нецярпліва прыслухоўваючыся да гукаў у шлемафоне. Ён чакаў вестак ад разведкі.

Усё, што ён бачыў навокал, было яму знаёмым. І лагчынка, у якой цяпер было некалькі танкаў, і лясок злева, і пляскаты роўны верх будынка метэастанцыі, які ўздымаўся з-за абрысу ўзгорка наперадзе. Ускраіну і сасняк гарадскога парку адсюль не было відаць, але Аляксей адчуваў іх побач.

Яго думкі былі разам з Гогабярыдзе, на гарадской ускраіне, і далей у горадзе, які ён ведаў, можа, больш, як сябе самога. Ён чакаў хвіліны, калі можна будзе рушыць са сваімі танкістамі туды — услед за думкамі, за жаданнем.

— Табе не здаецца, капітан, што мы ідзем марудна? — успомніліся яму словы Гогабярыдзе. Гэта Сандро сказаў, калі Аляксей даваў яму апошнія парады перад цяперашняй «працай». Лейтэнант тады, хітравата ўсміхнуўшыся, дадаў: — Ці, можа, ты не спяшаешся?

— Можа...

— Ой, не хітруй, друг, — бачу ўсё: стрымліваешся. Які ты, капітан, дзіўны! Па табе і не відаць, што ты хвалюешся, ірвешся туды. Скала — чалавек! А я, ручаюся, у такі час нарабіў бы якога-небудзь глупства... Узяў бы ўвесь батальён і паляцеў бы ў горад, як вецер, як бура!..

— Гарачая ты галава! — прамовіў Аляксей. — Нядобра: трэба, Сандро, мець сэрца гарачае, а галаву халодную. Хоць і я не такі каменны, як ты думаеш...

Аляксей узняў адзін навушнік і прыслухаўся, ці не чуваць гукаў бою наперадзе.

— Чаму ён маўчыць? — Быстроў, які сядзеў поруч з Аляксеем, нецярпліва пазіраў наперад.

— Рана яшчэ...

Танкі Гогабярыдзе ішлі абапал магістралі, адзін з левага боку, а два з правага. Прайшлі шырокую лагчыну, мінулі метэастанцыю і паволі па адным пачалі падымацца на прыгорак, на якім віднелася некалькі драўляных хатак. «Трыццацьчацвёрка» Гогабярыдзе ішла побач з шасэ, якое, выпінаючыся, імкліва бегла ўгару, прападаючы непадалёк за грэбнем пагорка. Асфальт, мокры ад ранішняй вільгаці, цьмяна блішчаў.

У гэты час па пярэдняй машыне, якая ўжо знікла за прыгоркам, ударылі раз, другі гарматы. Танкісты адказалі некалькімі стрэламі. Камандзір машыны перадаў, што гарматы б'юць здалёк. Гогабярыдзе загадаў весці з імі бой, а сам з другога боку шасэ ўсё ішоў наперад...

Узгорак, што хаваў ад вачэй горад, з кожнай хвілінай апускаўся ніжэй. І раптам у перыскопе перад вачыма з'явіўся малюнак горада — справа недабудаваны вялікі барвовы будынак і каля яго некалькі драбнейшых, злева — цёмны выносісты сасняк. «Мінск!» — мільганула ў галаве. Гогабярыдзе хутка, але пільна акінуў сцены будынкаў, асабліва бліжэйшага чырвонага дома, шырокае рэчышча шасэ, якое ўваходзіла ў вуліцу. «Можна праскочыць туды да чырвонага»,— загарэўся Сандро.

— Наперад, проста, да чырвонага!..— крыкнуў ён вадзіцелю.

Танк ірвануўся і хутка панёсся па ўзбочыне. Гогабярыдзе ўпіўся вачыма ў прасцяг — насустрач бегла пустая брукаваная вуліца і вялікі барвовы будынак.

«Як хутка развіднела!»

Нечакана лейтэнанта моцна кінула ўгару, потым ударыла аб бакавую браню. Ён удару не пачуў, як не чуў і болю. Толькі, нібы рэха, зноў празвінела ў галаве «развіднела», — цяпер нейкае вострае, гарачае. І ў той жа міг усё згасла — і трывога, і гарачы звон...

Танк, падкінуты выбуховай хваляю, адразу нахіліўся на правы бок і нерухома застыў. Пакарэжаныя каткі ўехалі ў зямлю, побач іх выцягнуўся абрывак сарванай гусеніцы, вакол якой валяліся раскіданыя выбухам тракі. На абпаленую траву, на машыну ападалі камякі зямлі і пясок.

— Міны. Гогабярыдзе падарваўся... — пачуў Аляксей усхваляваны голас.



5...

Камбат загадаў разведчыкам павярнуць правей, на тэрыторыю Пушкінскага пасёлка. Ён паслаў туды ў дадатак узвод Колышава.

Прыкрываючыся ўзгоркам, машыны Колышава хутка папраставалі праз поле. Яны без аднаго стрэлу дайшлі да ўскраіны і ўпаўзлі ў крывую вуліцу. Тут аўтаматчыкі саскочылі з машын і пачалі ступаць ззаду, прыціскаючыся бліжэй да ўчарнелых сцен і платоў.

Колышаў мінуў першыя будынкі ўскраіны. Драўляныя хаты стаялі адна пры адной нядружна, як прышлося. На вуліцы было пуста і маўкліва, аўтаматчыкі забеглі ў адзін двор, у другі — нікога няма. Як вымерла вуліца...

І ўсё ж думка пра тое, што гэта Мінск, радавала Колышава. Ён быў бы зусім шчаслівы ад таго, што ўваходзіць сюды з першымі, калі б не трывога за Гогабярыдзе.

Эх, як не пашанцавала Сандро! І трэба ж было так здарыцца — скласці галаву пад самым горадам... А можа, ён не забіты, а толькі паранены ці кантужаны,— няўжо ён на фугас наскочыў?

Тады, калі Колышаў думаў пра гэта, Гогабярыдзе ўжо апрытомнеў. Яго, відаць, толькі аглушыла выбухам. Цяпер у яго главе, у вушах надакучліва звінела, — Сандро паморшчыўся, агледзеўся вакол сябе. Ён убачыў камандзіра гарматы, які падтрымліваў яго, нібы збіраўся выносіць з машыны. Поруч ляжаў грудзьмі на замку гарматы зараджаючы.

Сандро, напружваючыся над сілу, абапіраючыся рукой аб сценку, падняўся і выглянуў у перыскоп. Вуліца, як і раней, была пустая. «Я, здаецца, на міну наскочыў?!» — не здзівіўся, не сумеўся, а проста адзначыў сабе ён. Павярнуў перыскоп — танкаў ззаду не было. Але Сандро ўбачыў іх лявей, наводдаль — яны падыходзілі да хат, хутка хаваліся за будынкамі, потым выглядалі і зноў знікалі за іншымі хатамі...

«Яны пайшлі адны? Адны, без мяне?» — нібы не паверыў сваім вачам Сандро. У яго адразу невядома адкуль прыбавілася сілы.

Ён павярнуў зараджаючага: той дыхаў. Сандро разам з башнёрам паднеслі яго к люку, палажылі, потым Сандро выбраўся праз другі люк і выцягнуў зараджаючага з машыны. Тут да яго падбег кулямётчык.

— Бяры,— скамандаваў Гогабярыдзе башнёру, і яны ўдваіх, прыгінаючыся, у кювеце, панеслі зараджаючага да сваіх.

...Тым часам Колышаў са сваімі «трыццацьчацвёркамі» паволі ўсё паглыбляўся ў горад. Абышоў па дварах, па ямах, некалькі двухпавярховых драўляных дамоў, злева ад якіх курэў, дагараючы, вялікі будынак з шырокімі пустымі вокнамі. Колышаў павярнуў у правулак і неспадзявана наскочыў на зялёныя постаці, якія цягнулі дзве працітанкавыя гарматы. Не прайшло хвіліны, як гарматы былі раздушаны, а іх разлікі разагнаны. Колышаў выскачыў на вуліцу.

На ўскраіне ўжо грукаталі іншыя машыны батальёна. Аляксея, які прагна пазіраў на гмахі і хаты, што былі яму знаёмымі, як людзі, поўніла адно адчуванне, — ён ідзе па мінскай вуліцы! Гэта рэальнасць успрыймалася яшчэ нібы сон. Але і сон той хваляваў незвычайна.

Увесь час Мінск быў недзе далёка, у думках, а цяпер ён — вось. І Аляксееў батальён ідзе па ім адным з першых.

Бяжыць насустрач мінская вуліца... Аляксею здавалася, што ён не сядзіць на машыне, прытрымліваючы руку на марлевай касынцы, — а плыве, ляціць у паветры — ад шчасця і нецярплівасці...

Колышаў павярнуў ужо на другую вуліцу. Над лейтэнантам пранеслася некалькі снарадаў, але яму не было чуваць іх, пакуль снарады ляцелі. Выбухі грымнулі непадалёк ззаду, выламваючы брук, раскідваючы асколкі. Калі Колышаў пачуў гэтыя выбухі, стала як-бы спакайней. Стрэлы разбілі зманлівую цішыню і адагналі напружанасць і насцярожанасць, што пачалі гнясці яго, пакуль ён ішоў па маўклівых вуліцах, якія нібы нешта хавалі, небяспечнае і невядомае. Танк скрыгануў па бруку так, што з-пад яго паляцелі іскры, і, ляскаючы тракамі, пабег наперад, дзе ў прасвеце між двума спаленымі каменнымі гмахамі віднеліся на ўзгорку абрысы шматпавярховых будынкаў. Там быў цэнтр Мінска.

Раптам на вачах Колышава дамы ў перыскопе радасна заяснелі, зазіхацелі шыбамі. Яны перамяніліся так хутка і так неспадзявана, што Колышаў здзівіўся: чаму яны такімі сталі?

Гэта ж узышло сонца!

Глядзі ты, якім радасным зрабілася ўсё навокал.

Зранены, скалечаны, са страшнымі знявечанымі сценамі, горад увесь праменіўся, нібы хацеў, каб тым, хто ішоў сюды, не было сумна ад яго ран...

Колышаў падвёў танк за край дома, асцярожна выглянуў з вежы і акінуў позіркам лагчыну, што ляжала поблізу. Праз лагчыну, на якой — амаль у сярэдзіне горада — зелянелі палосы бульбы, агароджаныя не плотам, а спінкамі спаленых паржавелых ложкаў, цякла павілястая нешырокая рэчка. Першае, што заўважыў лейтэнант, было тое, што найбольш карцела, — мост. Мост быў узарваны, — Колышаў бачыў, што краі перабітага пасярэдзіне пралёту патанулі ў вадзе... Блізка за мостам дзесяткі два гітлераўцаў, азіраючыся, перабягалі вуліцу. Злева, куды яны беглі, віднеліся будынкі з заводскай трубой — гэта быў Эльвод, — і на ўзгорку купчастыя высокія дрэвы. Між дрэваў таксама мітусіліся постаці.

Знянацку Колышаву ўдарыла ў твар са сцяны каменным крупіннем і чырвоным пылам. Ён мімаволі прыгнуўся. Над галавой па каменні прайшлася наўскася кулямётная чарга...

— Асколачны! — Колышаў, упаўшы на сядзенне, скамандаваў арыенціры цэлі. Камандзір гарматы адразу падаў ручку рэастата ўлева. Вежа павярнулася ў кірунку дрэваў.

Гармата адскочыла назад, бліснуўшы кідкім белым полымем, і праз міг на травяністым адхоне, ля дрэваў, выскачыў сінявата-шызы куст. За ім услед вырас другі. Гітлераўцы рассыпаліся, прыпалі да зямлі. Насустрач ім, страляючы на хаду, ужо беглі нашы пехацінцы...



6...

Колышаў павёў танкі ў напрамку опернага тэатра, адкуль павярнуў па спаленай вуліцы ўніз да Свіслачы, дзе, як гаварыў яму камбат, быў яшчэ адзін мост, прыдатны для танкаў.

уіедзь Колышаў намерыўся паслаць да моста сапёраў — агледзець яго,— з двара, наперарэз ім выскачыла пажылая жанчына з хусткай, якая збілася на шыю, з ускалмачанымі валасамі, — яна занепакоена махнула рукамі. Танк спыніўся. Адзін з аўтаматчыкаў, якія сядзелі на «трыццацьчацвёрцы», падбег да жанчыны.

— Стойце!. Стойце... Куды вы, родненькія, — яна кінула рукой у бок моста. — Там жа міны.

— Дзе?

— Пад мостам... Учора палажылі...

Колышаў, спыніўшы танк каля сцяны спаленага дома, выбраўся з вежы і, агледзеўшы ўважліва супрацьлеглы бераг, паслаўшы туды аўтаматчыкаў з некалькімі сапёрамі, наблізіўся да рэчкі. Спусціўся ўніз да масляністай вады, у якой было добра відаць неглыбокае цёмнае дно, а наверсе плавала, варушылася купка водарасляў з выцягнутымі ўсцяж плыні расчэсанымі зялёнымі косамі. Колышаў убачыў пад мостам мяшочкі з толам.

Ён сказаў двум сапёрам, якія сышлі да рэчкі следам за ім, каб яны зараз жа размініравалі. На другім баку ў гэты час ужо гаспадарылі аўтаматчыкі. Адзін сапёр, пажылы, з падстрыжанымі вусамі, адразу спакойна палез пад мост, а другі падышоў да насцілу, пачаў аглядаць уздоўжныя масніцы і парэнчы. Неўзабаве ён перарэзаў і асцярожна выцягнуў абрывак проваду. Жанчына стаяла каля моста і са страхам пазірала то на іх, то на танкістаў.

— Божа мой, як жа гэта яны так пайшлі? Яны ж зараз падарвуцца?.. Скажыце, каб беглі назад. Хай уцякаюць адтуль хутчэй!..

— Нічога кепскага не здарыцца, — супакоіў яе Колышаў.

Сапраўды, мост быў хутка размініраваны. Колышаў развітаўся з жанчынаю і, пераправіўшы танк па грымотных масніцах на другі бок, перадаў Аляксею:

— Пераправа ёсць, таварыш гвардыі капітан.

Калі да моста наблізіўся са сваімі машынамі

Аляксей, тут ужо быў цэлы натоўп. Людзі, якія стаялі абапал бруку і на дарозе, — жанчыны, дзеці, старыя, падлеткі, хлопцы, — убачыўшы грукатлівыя машыны, не толькі не сышлі з дарогі, а, цягнучыся да танкаў, якім прышлося адразу замарудзіць хуткасць, падступаючы да самых гусеніц, штосьці радасна крычалі, размахвалі рукамі, ускідвалі шапкі. Аляксей спыніў машыну, і натоўп адразу нахлынуў яшчэ бліжэй з. усіх бакоў. Хтосьці кінуў да Аляксея жмут кветак, якія рассыпаліся на вежы.

Не паспеў капітан, саскочыўшы з машыны, прывітацца, як яго схапілі, сціснулі ў моцным абдымку. Ён убачыў перад сабою шчаслівыя, бліскучыя вочы пажылой жанчыны, пачуў гарачы шэпт: «Сонейка ты маё!» Яго замурзаны пылам твар апаліў пацалунак.

Ён, стараючыся не павярэдзіць раненую руку, аберагаючы яе, папрасіўся:

— Асцярожна... Чакайце!.. Чакайце...

Але дзе там — хіба яны маглі чакаць! І так колькі чакалі.

Ён апынуўся ў другім абдымку, трэцім, пятым. Усе цягнуліся, усе, колькі тут поблізу было, ірваліся да яго. Адна маленькая, бялявая жанчына, як абняла яго за шыю, дык усё цалавала і цалавала, — нібы забыўшыся на ўсіх, на ўсё на свеце, аніяк не хацела адпускаць. Другая, што стаяла каля яе, не ўтрывала:

— Ну, хопіць, хопіць ужо! Дай і другім падступіцца!.. вось жа захапіла — як свайго мужа!

— А што! Ён мне, можа, даражэй за мужа...

Вакол засмяяліся. Засмяяўся і Аляксей. Пад гэты смех яна пацалавала Аляксея яшчэ раз і выпусціла, сказаўшы штосьці жартаўліва-незадаволенае суседцы, папраўляючы бялявыя валасы, што выбіліся на лоб. Радасць сустрэчы, якой жылі людзі, перапаўняла і Аляксея. Ён з захапленнем пазіраў у твары незнаёмых людзей, якіх, здавалася, ведаў даўно, помніў, чакаў бачыць. Вось яны, мінчане, землякі дарагія.

Сам, напэўна, таго не заўважаючы, ён шукаў вачыма кагосьці ў натоўпе. Каго? Нініну маці з яго сынам. Ён нецярпліва шукаў іх, хоць і думаў, што іх, напэўна, тут не ўбачыць, бо ён жыў да вайны далёка ад гэтага месца.

— Каго вы выглядаеце? — запыталася адна жанчына.

— Пра што вы? А-а, каго шукаю? Сына свайго... Ці дачку.

— Як сына ці дачку?

— Я ж мінчанін. Я цяпер — дома...

— Дома? Вось шчасце будзе малым! — пазайздросціў і парадаваўся хтосьці.

Аляксей устрывожана падумаў, ці ўдасца пабачыцца з Нінаю. А можа, яна затрымаецца ў атрадзе? Ды і наогул ён не ведае, што з ёю. Чаму ад яе не прышло ніводнай весткі? Калі б з ёю было ўсё добра, няўжо яна не напісала б...

Хутка ён пра ўсё даведаецца... Вось ужо злева пайшлі першыя, перажыўшыя многа вякоў і многа войн, асеўшыя ў зямлю камяніцы вузенькай Нямігі,— адсюль Аляксей павярнуў на вуліцу Астроўскага. Танкі пачалі ўзбірацца ўгару, на Юбілейны пляц.

...На пляцы Аляксея дагнаў хуткі газік, з якога раптам саскочыў, апрануты ў камбінезон, чарнявы танкіст, вельмі падобны да Гогабярыдзе. Неспакойна махаючы рукой — спыніся, кульгаючы, ён подбегам падаўся да Аляксеевага танка.

— Ты? Сандро?— здзівіўся і ўзрадаваўся Аляксей, падаўшы Гогабярыдзе здаровую руку і дапамагаючы ўзабрацца на машыну. — Значыцца, жывы?

— Эх! Не пашанцавала, — расчаравана выпаліў Сандро.— Перад самым горадам — трах! Узарваўся!.. Скажы, куды пайшлі разведчыкі? І загадай, каб мяне туды хутчэй падкінулі. Будзь другам, Аляксей, загадай!..

Праз хвіліну ён ужо ляцеў на Апанскую...


Раздзел VII


1...

Неўзабаве пасля таго, як танкісты і пехацінцы ўварваліся ў горад з боку Маскоўскай магістралі, да Мінска падышлі нашы часці і з поўначы.

На паўночнай ускраіне таксама пачаліся баі. Выбіваючы ворага з дотаў і дамоў, нашы салдаты пачалі ачышчаць і гэтыя кварталы горада.

З поўначы ж за горадам танкавае злучэнне маршала Ротмістрава, якое заняло Лагойск, абыходзіла нямецкія пазіцыі, пераразаючы апошнія шляхі адыходу ворага з Мінска.

Амаль тады ж танкі ўвайшлі і на паўднёва-ўсходнюю ўскраіну. Разам з пехацінцамі яны рушылі па вузкіх вуліцах, расстрэльваючы нямецкія заслоны і агнявыя кропкі.

Пад ударамі з трох кірункаў нямецкі гарнізон вымушан быў кідаць адну пазіцыю за другой. Варожыя салдаты разбягаліся або здаваліся ў палон. Многія з іх спрабавалі хавацца ў руінах і сутарэннях.

Не зважаючы на страляніну немцаў з парку, Юрый Туравец разам з другімі пехацінцамі з дывізіі Шчарбацюка пераправіўся ўброд цераз Свіслач.

Узняўся на круты, высокі адхон...

Вось і цэнтр Савецкай. Горы камення і пустыя каробкі. Юрый мімаволі сціснуўся і нахмурыўся, нібы ад болю. Яму адразу прыпомніўся далёкі чэрвеньскі дзень, блакітны дзень, у які першы раз бамбілі горад. Юрыя бамбёжка застала ў прыяцеля. Вяртаючыся дахаты, ён убачыў на месцы дома высокую дзікую строму сцяны і гару камення.

Адтуль, з-пад абломкаў, адкапалі нежывую маці...

Адсюль зусім недалёка тое месца... Тут думкі Юрыя ўраз перамяніліся, бо, як толькі ён і іншыя пехацінцы вышлі з-за будынка, што побач з Домам Чырвонай Арміі, і падаліся паўз скверык і між дрэваў далей, спераду аднекуль ударыла кулямётная чарга.

Прынікшы да дрэва, сержант стаў узірацца ў прагаліну, у якую віднеліся руіны дома на рагу Энгельса і Савецкай і прамавугольныя абрысы кінотэатра «Чырвоная зорка». Кулямёт біў, відаць, адтуль, ад кінотэатра.

Ад гэтага кулямёта затрымліваўся не толькі ўзвод Праворнага, а, напэўна, увесь батальён, усе, хто ішоў па абодва бакі Савецкай.

Пяхоты было тут многа, і ледзь толькі здарылася затрымка, увесь скверык стаў вельмі хутка запаўняцца байцамі. Падышоў сюды і Паўлоўскі, які адразу, разабраўшыся ў чым справа, загадаў Праворнаму з узводам абыйсці кінотэатр злева і «вымесці» кулямётчыкаў...

Юрый адным з першых прабіраўся між гор камення, паўз абломкі сцен. Ён цяпер тут амаль нічога не пазнаваў, такім гэта было непадобным на тое, што ён помніў.

Усё-ткі да кінотэатра ён падвёў добра.

Будынак «Чырвонай зоркі» гітлераўцы спалілі, але каменная лесвіца і бетонныя столі, якія выгнуліся ўніз, былі цэлыя. Юрый, нарыхтаваўшы аўтамат, разам з Шарыфутдзінавым і іншымі стаў уздымацца па лесвіцы.

У калідоры яны сустрэліся з трыма гітлераўцамі, якія беглі насустрач. Адзін з іх, маленькі, шыракатвары, адхіснуўшыся назад, раптам выхапіў з-за пояса гранату і замахнуўся.

Але яго папярэдзіла аўтаматная чарга — спрытны, быстры Шарыфутдзінаў, амаль не цэлячыся, выпусціў некалькі патронаў. Гітлеравец пераламаўся ў поясе і асеў на пачарнелы, патрэсканы бетон. Яшчэ адзін гітлеравец узняў рукі, а трэці кінуўся наўцёкі, але не паспеў прабегчы і дзесятка крокаў, як упаў мёртвы.

Калі рабаваты сібірак Пятых высунуўся ў пакой, з якога толькі што чулася кулямётная страляніна, яму адразу ж прышлося адскочыць.

Адтуль некалькі разоў запар стрэлілі з пісталета.

Маленькі чарнавокі Шарыфутдзінаў прамармытаў на сваёй мове нешта пагрознае, уставіў у гранату запал, улучыў зручную хвіліну і шыбнуў гранату ў пакой.

Услед за імі Юрый зазірнуў у пакой: адзін кулямётчык ляжаў нерухома і ціха на бетоне, падвярнуўшы пад сябе рукі, другі, што быў з пісталетам, знік.

— Чорт, дзе ж ён мог падзецца?

Але шукаць яго не сталі, спяшаючыся хутчэй выбрацца адсюль, каб не адстаць ад сваіх. Справа і злева мноства пехацінцаў прайшлі ўжо наперад.

На Ленінскай вуліцы Юрый убачыў тую сцяну, якая засталася ад дома, дзе была калісьці іх кватэра.

Сцяна стаяла, як і тады, тры гады назад. Як яна выстаяла? Што гэта там, на другім паверсе, на іх балкончыку? Вазон! Той, які маці вынесла з пакоя ў свой апошні дзень? Няўжо той самы?!.

Кожны куток тут што-небудь прыгадвае... Але мацней усяго быў успамін пра гібель маці. Быццам яна загінула толькі некалькі хвілін таму...

Мінуўшы Ленінскую, Юрый перайшоў на другі бок Савецкай. Па вуліцы, па руінах ланцужкамі, россыпам ішло многа пехацінцаў.

Іх бачыў Юрый і на пляцы Волі, які быў добра відаць адсюль цераз руіны. Адтуль, з пляца Волі, на Савецкую выпаўзлі дзве «трыццацьчацвёркі», якія ўпэўнена і непаспешліва пасунуліся ў бок універмага.

Калі пехацінцы падышлі да высачэзнага сіняватага будынка ўнівермага, ва ўзводзе Праворнага паявілася некалькі незнаёмых. У іх былі чорныя пагоны. Па мінашукальніках, якія неслі два з іх, Юрый здагадаўся, што гэта сапёры.

— Мы да Дома Урада... Спецыяльнае заданне...— растлумачыў сваю місію адзін з іх, старшына з вострымі вусамі.

Яны перайшлі з другой роты, якой, аказалася, давядзецца наступаць крыху лявей Дома Урада.

Неўзабаве пехацінцы падышлі да вастраверхай цаглянай будыніны касцёла. Абабегшы паўз агароджу, паўз каштаны, касцёл і драўляную хатку, якая стаяла побач з касцёлам на ўзвышшы, Юрый і Праворны з двума байцамі апынуліся перад Домам Урада.

Юрыю да гэтага прыходзілася па ўсёй Савецкай бегчы адно паўз руіны. Гмах Дома Урада, велічны і стройны, паўстаў перад ім, нібы добры, даўно чаканы прыяцель.

«Цэлы!»

Насупраць Дома Урада, цераз вуліцу, пачынаў гарэць будынак. З ніжніх паверхаў, дзе раней размяшчаліся магазіны, клубамі шыбаў дым...

Юрый, трымаючыся на ўсякі выпадак бліжэй да сцяны хаткі, каля якой яны стаялі з Праворным, не вытыркаючыся вельмі, акінуў вачыма частку плошчы, што трэба было ім зараз перабегчы: перад Домам цягнулася высокая, густа пераплеценая дротавая агарожа.

Наперад прайшло два танкі, лязгаючы па бруку і пыхкаючы сінім дымком.

Праворны загадаў урывацца ў Дом. Але як толькі некалькі пехацінцаў выткнулася на плошчу, з-за Дома Урада — зблізку — разанула доўгая кулямётная чарга. Байцы адбеглі назад.



2...

Праворны, каб не губіць марна людзей, парашыў абыйсці Дом Урада з тыльнага боку, з двара. Байцы па-за касцёлам хутка і непрыкметна падабраліся да высокіх стромкіх сцен. Старшына з адным сапёрам узбеглі на круты ганак прыбудовы. Яны пачалі аглядаць дзверы, правяраючы, відаць, ці не мініраваны.

Следам за імі ўзняўся дужы, рабаваты Пятых. Прыкладам аўтамата ён высадзіў аконную раму побач з дзвярамі і кінуўся ў сярэдзіну пакоя. За ім ускочыла яшчэ некалькі чалавек, Між якіх быў і Юрый.

Ён падаўся ў дзверы, сарваныя з верхніх петляў, гатовыя, здаецца, упасці, і апынуўся на вузкай лесвіцы, што падымалася ўгару. Некалькі байцоў кінуліся па лесвіцы, але Юрый спыніў іх. Ён загадаў павярнуць у дзверы, што былі насупраць на пляцоўцы. Дзверы былі прыадчынены.

Перад Юрыем адкрылася вялікая паўкруглая зала з мармуровымі калонамі і радамі драўляных крэслаў, якія стаялі таксама паўкругам. Гэта была зала пасяджэнняў.

Мінуўшы ружовыя калоны, — там, дзе ідуць лесвіцы ўгару і ўніз, пехацінцы неспадзеўкі наткнуліся на чалавека ў цывільнай вопратцы, які бег з цокальнага паверха.

Байцы пагрозна ўзнялі аўтаматы. Чалавек жа невядома чаму з палёгкай шумна ўздыхнуў,— было відаць, як з яго хударлявага, жаўтаватага твару, з запалых строга-шэрых вачэй адразу спаў цень насцярожанасці.

— Ну, нарэшце! Дачакаўся!

— Вы хто?

— Я? Электраманцёр... — і дадаў, што ён падпольшчык, прабраўся сюды па заданню камандзіра партызанскага злучэння. — Адным словам, маю загад ахоўваць Дом...

— Дом мініраваны? — коратка кінуў старшына-сапёр не так тонам запытання, як допыту.

— Мініраваны.

— Чым?

— Авіябомбы. Тол.

— Ведаеце сістэму праводкі?

— Так, але не ўсю. Частку правадоў я толькі што перарэзаў.

— Пакажыце, дзе яны, — сапёр, махнуўшы сваім, каб ішлі следам, падаўся разам з манцёрам. На хвілінку затрымаўся: — Лейтэнант, загадай ачысціць паверхі!.. Можа гітлераўцы дзе зашыліся. Ды скажы сваім, каб хадзілі асцярожна, калі хочуць быць цэлымі!

Ціха і мёртва было на лесвіцах і ў калідорах, па якіх ішлі за сапёрамі насцярожаныя, незвычайна маўклівыя пехацінцы.

Усе сачылі з надзеяй і трывогай за кожным рухам якога-небудзь сапёра, які тупае тут жа. А раптам не ўдасца там размініраваць? І зараз, праз момант... Не, не — не трэба думаць пра гэта. Ім удасца, удасца.

Гулка тупаюць боты па дубовым паркеце, у пустых калідорах. Эх, якая даўкая, важкая гэтая цішыня! Ідзеш нібы не па калідоры, а па мінным полі.

Доўга ішлі яны так, правяраючы пустыя калідоры, лесвіцы, аглядаючы незлічоныя пакоі, то са сталамі, з канторскімі шафамі, то з радамі нар і ложкаў. Па-ранейшаму панавала цішыня, і па-ранейшаму не адыходзіла ад людзей трывога.

Толькі на сёмым ці на восьмым паверсе прышло заспакаенне: прыбег знізу сапёр і сказаў, што Дом будзе жыць, што правады ўсе перарэзаны і міны цяпер не ўзарвуцца...

Як тут узрадаваліся гэтай вестцы! Некалькі байцоў падхапілі сапёра і ўскінулі ўгару. Радаваліся і за сябе, за сваё шчасце, і за тое, што Дом — цэлы.

— Ну, цяпер стаяць яму, стаяць. Мільён гадоў!

— Выжыў, прыгажун!..

Агледзеўшы іншыя пакоі, яны апынуліся на даху будынка.

Тут, убачыўшы перад сабою вялікае неабсяжнае мора нябеснага блакіту, лагоднага, празрыстага, з рэдкімі, лёгкімі воблачкамі, Юрый спыніўся, як зачараваны.

Горад ляжаў унізе, быццам на рэльефнай карце. Дзе-ні-дзе ўзнімаліся ўгару дымы — адны заспакоена, на зыходзе, другія густымі панурымі вірамі. За горадам Юрыю віднеліся зялёныя і жаўтаватыя ўзгорчатыя палі, сіняваты лес, далёкая воданапорная вежа, агорнутая гарачай смугою.

Грудзі яго захлыналіся ад шырыні, ад прастору

«Нашае!..» — падумаў ён задаволена.

Пазіраючы адсюль на горад, Юрый можа ўпершыню ў гэты дзень адчуў радасць новай, вялікай перамогі. Радасць яго была шырокая, як гэтая залітая сонцам неаглядная пространь, што адбірае вочы.

Поруч затрашчалі аўтаматы, якія прымусілі яго азірнуцца, — ён убачыў узрушаных сваіх салдат з узнятымі ў руках аўтаматамі.

«За наш Мінск!» — сказаў, усміхаючыся, чарнавокі Шарыфутдзінаў. Юрый таксама падняў свой аўтамат.

На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі.

Яны ішлі адна за адной на адлегласці, спакойна і ўпэўнена...



3...

Калі больш за палову горада было ўжо ў нашых руках, да Мінска падыходзіла група немцаў, чалавек трыста. Яны рушылі не па шасэ, а цераз поле — па дарожцы, абапал якой ціха варушылася жыта.

У іх быў загад заняць акопы і падрыхтавацца да абароны горада.

Немцы ішлі спакойна. То адзін, то другі паглядаў на сонца, якое пачынала паліць усё мацней, і думаў, напэўна, аб адным: каб хутчэй дабрацца да месца! Гугнела спакойная гаворка... Толькі, падышоўшы блізка да Мінска, з якога ўсё ясней даходзілі гукі бою, пачалі насцярожвацца; потым яны ўбачылі на шасэ, што было ўжо недалёка, войска, якое таксама набліжалася да горада.

— Хто гэта?— зацікавіўся обер-лейтэнант, камандзір групы. Ён загадаў паслаць разведку...

Калі разведчыкі падаліся жытамі ў кірунку шасэ, обер-лейтэнант загадаў групе спыніцца. Стоячы на дарозе, немцы сачылі за невядомым войскам,— некаторыя зморана садзіліся на гарачую зямлю.

Там наводдаль раптам пачулася страляніна. Потым адтуль са свістам прыляцеў снарад і выбухнуў за дарогай. За ім — другі, бліжэй.

— Рускія, рускія!— усе адразу заварушыліся, захваляваліся, забегалі. Над ціхімі жытамі загаркалі каманды,— гітлераўцы сталі хутка займаць абарону...

Ад савецкай часці павярнулі сюды чатыры бронетранспарцёры і тры грузавыя машыны з салдатамі. Падышоўшы бліжэй, грузавікі проста сярод поля спыніліся, і з іх пачалі саскокваць байцы. Адзін бронетранспарцёр, на якім было, напэўна, не менш за дзесятак байцоў, пачаў абыходзіць левы фланг. За бронетранспарцёрам падскоквала гарматка. Другая група з трыма бронетранспарцёрамі пайшла проста на гітлераўцаў.

Прагучала некалькі стрэлаў, і бронетранспарцёры спыніліся.

Байцы сталі штосьці крычаць. Страляніна на нейкі час сціхла.

— А-а-я... ы-ы... — паплыло адтуль неразборлівае. Потым павеў гарачага ветру данёс:— Здавайся-а-а!.. Здава-айся, гітлерцы!

Зноў залескаталі, захлопалі стрэлы. Байцы пачалі жвава саскокваць з бронетранспарцёраў,— яны спрытна адчапілі гарматы і сталі біць прамой наводкай. Між тым правей іх, подбегам, прыгінаючыся, сюды набліжаліся пехацінцы...

Гадзіны праз дзве аўтаматы і вінтоўкі зноў сціхлі, але цяпер было чуваць, як у жыце стогнуць параненыя. Тыя з гітлераўцаў, што засталіся жывыя, уставалі і, кідаючы зброю, мармычучы — «Гітлер капут!», здаваліся; іх зводзілі на дарогу, блізка ад месца, дзе яны пачыналі бой.

— Што гэта — засляпіла ім: горад мы занялі, а яны — ідуць, быццам дадому... — прамовіў адзін з байцоў, што ахоўвалі палонных, — малы, белабровы, з наіўнымі вачыма.

— Куды павядзем? — запытаўся ён, памаўчаўшы, у камандзіра роты.

— Куды яны хацелі, — у Мінск.

Салдат засмяяўся:— Усё-ткі пападуць у Мінск, хоць палоннымі!..

Калі гэты натоўп палонных падышоў да гарадской ускраіны, у Мінску было ўжо ціха. Разрозненыя групкі варожых аўтаматчыкаў, кулямётчыкаў, артылерыстаў, страціўшы сувязь, надзею, здаваліся...

Нашы пехацінцы выцягвалі з сутарэнняў, з розных сховішчаў тых, хто спрабаваў схавацца.

Тым часам да Мінска падыходзілі войскі Першага Беларускага фронта. Наперадзе былі танкісты Бахарава і Панова, якія дзень назад занялі Пухавічы.

З ліпеня яны падышлі да паўднёвай ускраіны Мінска. Тут генерал-маёр Шчарбацюк спаткаўся з чарнявым усмешлівым палкоўнікам-танкістам.

— Адкуль?— запытаўся генерал-маёр.

— Ад Пухавіч, простым кірункам...

— Першы Беларускі... — генерал-маёр парывіста і моцна абняў танкіста.

— А мы — ад Барысава.

Байцы і камандзіры з многіх палкоў, брыгад і дывізій Трэцяга Беларускага святкавалі сустрэчу з войскамі Ракасоўскага.

Гэта была вялікая падзея. Два франты закрылі круг вакол нямецкіх часцей, што былі ў Беларусі, адрэзалі ім апошнія шляхі адступлення...

Так утварыўся «Мінскі кацёл».



4...

Дзень гэты быў адным з самых шчаслівых у жыцці Чарняхоўскага.

Са сціплай сялянскай, хацінкі ён пільна сачыў за тым, як ідуць баі ў горадзе, мімаволі ўспамінаючы тыя дні, калі даводзілася праездам быць у Мінску.

Генералу арміі было мала скупых ваенных данясенняў,— ён звязаўся з камандзірам стралковага злучэння, які быў ужо ў горадзе.

— Якое ваша ўражанне ад Мінска? Што — балюча? Адны руіны? А што выратавалі? Дом Урада размерваюць? Праверце. І ўсе іншыя будынкі — праверце,— каб былі размініраваны...

Яму не цярпелася: хутчэй бы ў Мінск самому. Пабачыць бы горад сваімі вачыма...

Вельмі ўзрадаваўся ён, атрымаўшы вестку, што яго войскі і войскі Ракасоўскага сышліся. Тое, чаго ён чакаў, пра што непакоіўся, спраўджана. Гітлераўцы акружаны, — цяпер толькі пастарацца не выпусціць ніводнага адсюль.

Адразу пасля гэтай падзеі Чарняхоўскі выклікаў паручэнца:

— Высветлілі гатоўнасць новага ВПУ?

— Так точна. ВНУ гатова, таварыш камандуючы.

Чарняхоўскі пазваніў члену Ваеннага Савета:

— Васіль Макаравіч, збіраюся ў Мінск. Як вы — паедзеце цяпер са мной? Едзеце? Ну, вельмі добра!.. Тады я чакаю вас.

Неўзабаве машына ўжо імчала іх у Мінск. Камандуючы сядзеў з членам Ваеннага Савета на заднім сядзенні. Камароў, які быў поруч з шафёрам, трымаў на каленях два тэлефоны.

Дзень зіхацеў яркім святлом, дыхаў летняю спёкаю.

— Якое супадзенне: Мінск вызвалілі амаль у тыя ж дні, калі і пакідалі,— сказаў ён да Емяльянава.— Роўна праз тры гады...

— Супадзенне цікавае, — адгукнуўся генерал-лейтэнант.— Такое ж, здаецца, лета, такая ж спякота, тыя ж людзі, толькі абстаноўка, паветра зусім іншыя.

— Гэта цудоўна. У чацвёрты год вайны мы не толькі не паслабелі, а сталі ў многа разоў мацней! І армія стала мацней, і народ як бы памацнеў, узмужнеў.

— Так,— задуменна прамовіў Емяльянаў.— Памацнелі, мужнейшыя сталі. Адпакутаваўшы, вытрымаўшы, выстаяўшы. Узмужнелі ў бядзе і ў пакутах...

Чарняхоўскі змяніў размову:

— Мінск ужо наш! Цяпер хутка — Вільнюс, Нёман, Гродна...

Хвіліну памаўчаўшы, ён дадаў з пагрозай:

— А там — і Прусія, бярлога разбойнікаў...

— Вось мы, Іван Данілавіч, і на парозе новага этапа — хутка пачнём вызваляць Еўропу. Прыдзем у Польшчу...

— Што мне здаецца асабліва значным і цікавым, Васіль Макаравіч, дык гэта тое, што мы, толькі мы, можам прынесці і прынясем вызваленне і немцам. Амаль парадокс. Не няволю, як было б у любой іншай арміі, а волю, жыццё!

— Мы — гуманісты, і гуманізм наш стаў душою і арміі, створанай і выпеставанай камуністамі... Толькі такая армія і можа несці сапраўднае вызваленне.

— Савецкая армія!..— Чарняхоўскі запытаўся:— Што сёння перадавалі з другога фронта? Чулі?

— Чуў...

Паслухаўшы зводку, якую перадаваў член Ваеннага Савета, Чарняхоўскі прамовіў:

— Яны яўна нервуюцца! Іх вельмі трывожыць лёс Еўропы. Баяцца яны за старую Еўропу!..

— Бясспрэчна...

— Невыпадкова яны адкрылі другі фронт іменна цяпер, — калі пачынае вырашацца лёс Еўропы! Калі б Чырвоная Армія вызваліла ўсю Еўропу і перад народамі стаў свабодны выбар — куды і як ісці, я ўпэўнены; — песенька буржуазіі была б спета!

— Еўропу, я таксама думаю — можна вярнуць на ранейшы шлях толькі гвалтам...

— Іменна — толькі гвалтам! Або ашуканствам... Але ж, гэта значыць, — павяртаючыся ўсім целам да Емяльянава, прамовіў Чарняхоўскі,— гэта значыць, што тыя «вызваліцелі» могуць у будучым засядзецца... уссесці, на карак вызваленых!

— Ну, я думаю, народы не прымірацца з гэтым...

— Добра, калі яны добраахвотна вернуцца туды, адкуль прышлі, — а калі не захочуць?

— Пажывем-пабачым!.. Абстаноўка, вядома, можа ўскладніцца...

— Не, усё-такі вайна не пройдзе дарма і там! — памаўчаўшы ў роздуме, узрушана сказаў камандуючы.— Многае-многае, відаць, пераменіцца ў Еўропе. Цікава, Васіль Макаравіч, паглядзець, як яна будзе выглядаць, Еўропа!

Ён змоўк, пазіраючы наперад, дзе тоўпіліся машыны, гарматы,— дарога была забіта. Шафёр увесь час сігналіў.

Яны пад'язджалі к Мінску.


Раздзел VIII


1...

Пасля таго як батальён Аляксея выбіў гітлераўцаў з Кальварыі, брыгада зрабіла прыпынак. Горад ляжаў ззаду. Стрэлы і выбухі заціхлі, але чорныя злавесныя хмары дыму віселі над кварталамі.

Вуліцы, нядаўна пустыя, цяпер віравалі, шумелі, спявалі.

Па Пушкінскай, па Савецкай, праз плошчу Леніна, па Маскоўскай безупынна рушылі войскі. У кузавах зялёных машын плылі па гораду загарэлыя пехацінцы з аўтаматамі і букетамі кветак. За машынамі, падскокваючы, каціліся прыземістыя доўгія працітанкавыя гарматы. Праходзілі крытыя брызентамі славутыя гвардзейскія мінамёты, якія, як заўсёды, выклікалі да сябе асаблівую ўвагу. Ішлі «зісы» з завялым галлём маскіроўкі, нагружаныя боепрыпасамі і мяшкамі з мукою. Важка несучы выносістыя ствалы з тоўстымі надульнікамі, грымелі самаходкі...

Мінчане, якія стракатымі радамі тоўпіліся ўсцяж тратуараў, з абодвух бакоў гэтай плыні, глядзелі на ўсё з гордасцю і захапленнем.

Дзяўчаты выбягалі да машын, працягвалі байцам кветкі. Калі падступіцца да машын не было як, кветкі кідалі ў кузавы ці на вежы, — салдаты на ляту лавілі іх... Кабінкі многіх грузавікоў і гарматы былі цяпер упрыгожаны вяргінямі і ружамі. Кветкі трымалі ў руках байцы, кветкі чырванелі на кішэнях гімнасцёрак, каля ордэнаў, кветкі віднеліся ўсюды. Нельга было не здзівіцца, як у гэтым знявечаным горадзе магла знайсціся такая безліч кветак, — напэўна, усе кветкі, што раслі на дворыках, на агародчыках, у той дзень былі сарваны і раздораны...

Усе, хто застаўся ў Мінску, хто дажыў да гэтага дня, былі цяпер у кіпучым, захмялелым ад шчасця людскім віры. Радыёруп ары з ваенных агітмашын разносілі перадачы з Масквы, — каля іх збіраліся цэлыя натоўпы, прагна ловячы кожнае слова, кожную мелодыю.

На адной з вуліц, абняўшыся, брылі трое падвыпілых смуглявых італьянцаў. Іх прывезлі сюды салдатамі. Пасля капітуляцыі Італіі большасць іх сяброў, з якімі яны папалі ў нямецкія душагубкі-лагеры, загінулі. А гэтым тром пашанцавала: сёння нашы пехацінцы іх вызвалілі.

Яны ішлі, трошкі хістаючыся з боку на бок, у абшарпанай адзежы, схуднелыя, змарнелыя, але таксама без меры шчаслівыя. Яны спявалі, — старанна вымаўляючы словы, заўзята, на ўвесь голас:

Смьело ми в бой пойдьём


За власть Совьетов


И как один умрём


В борьбе за это!

Дзе і калі яны перанялі гэту песню? Хто навучыў іх спяваць яе? Па тым, як яны спявалі, было відаць, што яна ім вельмі падабалася...

Танкі Бяссонава стаялі каля агародчыкаў і хатак ускраіны, прыціснуўшыся да платоў, выстаўляючы гарматы, выглядвалі з-пад цёмнага запыленага галля вішняку і клёнаў. Многія танкісты корпаліся каля «трыццацьчацвёрак» — чысцілі машыны, перацягвалі гусеніцы, запраўлялі бакі гаручым з бензацыстэрн. Бяссонаў загадзя наказаў камандзірам, што хутка будзе загад выступаць. Нямала каго з танкістаў можна было бачыць і дзе-небудзь каля веснічак з дзяўчатамі. Тут размова ішла вясёлая, з жартамі, звінеў малады смех. Некаторыя паважна гаманілі з пажылымі людзьмі, слухалі іх горкія апавяданні аб трох страшных гадах няволі, расказвалі самі — пра Маскву, пра свае ваенныя прыгоды.

Было ўжо каля поўдня. Сонца зіхацела, здавалася, проста над горадам. Высока ўздымалася яснае блакітнае неба, на якім толькі дзе-ні-дзе бялелі недасяжныя воблачкі.



2...

Аляксей увайшоў у светлы, з пафарбаванымі охраю аканіцамі дамок, у якім пасяліўся цяпер камандзір брыгады. Палкоўнік быў без кіцеля, у нябеснага колеру шаўковай сподняй сарочцы з кароткімі рукавамі, якая шчыльна абліпала поўныя моцныя плечы, круглыя, крутыя грудзі. У выразе над каўняром віднелася белая, тонкая, як у жанчыны, скура. Яна рэзка адрознівалася ад тоўстай, барвовай, загарэлай і абветранай скуры твару.

— Заходзь, заходзь, капітан,— сказаў Бяссонаў Аляксею, які, парыўна казырнуўшы, запыніўся на парозе. Палкоўнік крыкнуў у бок акна:

— Гатовы?

— Гатовы, таварыш гвардыі палкоўнік, — пачуўся са двара голас ардзінарца.

Бяссонаў зняў сарочку, узяў салдацкі вафельны ручнік, што ляжаў на стале, закінуў яго на плячо і вышаў. На двары ён доўга мыўся, расплёскваў ваду, са смакам пырхаючы. Калі палкоўнік вярнуўся, то выціраў ручніком грудзі. Скура на яго целе паружавела. Дужы, без гімнасцёркі, з ручніком, ён здаваўся ў тую хвіліну падобным да нейкага барца ці цяжкаатлета, які рыхтуецца да блізкага выступлення.

— Прыемна. Вада — што лёд. Як нованароджаны адчуваю сябе,— гурчаў яго голас.— Сядай. Чаго стаіш!

Усцягнуўшы на поўнае цела нябеснага колеру сарочку, запытаўся:

— Як рана? Дапякае?

— Трываць можна, таварыш гвардыі палкоўнік...

— А ваяваць — не воін ты цяпер, капітан... Не падабаецца мне — яшчэ аднаго камбата трачу. А ў мяне вас, камбатаў, сам ведаеш, лішніх няма. Няма — ніводнага... Глядзі, каб хутчэй паправіўся! Ваяваць трэба!— раптам сказаў ён так, нібы рабіў вымову капітану.

Лагуновіч выпрастаўся.

— Колькі будзеш лячыцца?

— Дзён шэсць, сем...

Ардінарац, жвавы, быстры хлопец з Чарнігаўшчыны, унёс на талерцы закуску, алюмініевы корчык і фляжку ў чахле.

— Сем дзён мала. Інваліды мне не патрэбны... У санбаце камісія колькі табе дала — тры тыдні? Ну, вот, так бы і казаў. Пакажы іх заключэнне, што яны там напісалі?.. М-да-а, менш як двума тыднямі гэта, ясна, не абыдзецца. Пападзешся ў рукі якому-небудзь фармалісту, дык ён цябе на два месяцы затрымае. Глядзі, каб не залежваўся вельмі, ну і не ехаў назад інвалідам! Ясна?.. Добра папраўляйся, уладзь справы. — Палкоўнік загадаў ардзінарцу, які пры словах камбрыга адразу ўстрапянуўся:

— Яшчэ шклянку прынясі. Давай сюды, капітан.

Ардзінарац адразу шмыгнуў у дзверы.

Бяссонаў чокнуўся з капітанам, які сеў побач з ім, прамовіў:

— За наш Мінск! І за тваю блізкую сустрэчу, Лагуновіч, таксама. — І, выпіўшы, дадаў: — Я тут пад Мінскам хрысціўся ў сорак першым. Толькі што з-пад Смаленска, з лагераў, прывёў батальён. Землякі, выходзіць.

Аляксей, заўсёды нецярплівы, быў цяпер думкаю далёка, — палкоўнік хутка адчуў, што Лагуновічу не сядзіцца.

— Ну, што-ж, капітан, не затрымліваю. Ідзі. Скажы ў штабе, няхай аформяць усё. Батальён перадасі Аліеву... Пачакай,— успомніў ён раптам. Вышаў з пакоя і неўзабаве вярнуўся з пакункам, загорнутым у газету. — Вот, жонцы ад мяне. Калі быў у Маскве, купіў на плацце — думаў Ірыне, дачцы, пашлю... Вазьмі. Нельга вяртацца дадому пасля такой разлукі без падарунка.

— Дзякую. Перадам... Хоць яна і так будзе рада, таварыш гвардыі палкоўнік.

— Рада, то рада, але ёй прыемна будзе падарунак атрымаць. Жанчыны любяць, каб ім на справе даводзілі пашану. Я ведаю іх.

Працягнуў шырокую шурпатую далонь. На вуліцы Аляксей спаткаў Гогабярыдзе, які чакаў капітана каля веснічак. Гогабярыдзе быў чыста паголены, у новай, недзе ўжо выпрасаванай чысценькай гімнасцёрцы.

— Значыцца, развітанне? Ах, Аляксей, як я рады, што ты будзеш дома! Дома, пасля такіх баёў, пасля такой вялікай дарогі!.. Помніш, як ты чакаў пісьмо ад Ніны, а яго ўсё не было. А цяпер яно і не патрэбна... Шкадую, што мне не прыдзецца ўбачыць гэтую сустрэчу...

— Я — каб ты не шкадаваў — пастараюся ўявіць тады, быццам ты стаіш поруч з намі. Добра?

— Ты, Аляксей, забудзеш пра гэта... Ты, як усе вельмі шчаслівыя людзі, станеш на той час эгаістам. Я толькі адно папрашу — не забудзь перадаць ад мяне прывітанне Ніне і малому. Не забудзеш? І наогул пра нас ўсіх не забывай!..

— Буду помніць, Сандро, — жартаўліва-ўрачыста пакляўся Аляксей.



3...

Дом, у якім некалі жыў Аляксей, быў недалёка ад таго месца, дзе спыніліся танкі. Здаўшы камандаванне, развітаўшыся хутка з афіцэрамі і байцамі, Лагуновіч накіраваўся дадому. Гогабярыдзе. праводзіў яго да канца вуліцы, штосьці гаварыў, але ўсё, што ён казаў, амаль не даходзіла да Аляксея. Ён і слухаў, і нешта адказваў, але не ведаў і не помніў што. Ён цяпер жыў адным — будучаю сустрэчаю, — пачуццём, у якім перамешваліся чаканне радасці і халодная трывога, няўрымслівая нецярплівасць і стрыманасць. Думкі блыталіся і былі нібы агорнуты туманам.

— Я разумею цябе, Аляксей. Табе не да таго, каб слухаць маю пустую балбатню, — схамянуўся Гогабярыдзе. — Калі ў сэрцы поўна, хочацца маўчаць... Не буду перашкаджаць табе, вярнуся назад. Мы будзем цябе, дружа, помніць і чакаць! Дамовіліся? Бывай, Аляксей!.. Жадаю, каб дома ўсё шчасліва было!..

Ён па-братэрску абняў капітана.

Аляксей кепска заўважаў тое, што акружала яго. Дамы, узрушаныя шумлівыя людзі, аўтамашыны, панурыя натоўпы палонных — усё гэта праходзіла перад ім, нібы ў сне...

Ён не заўважаў, што ўвесь час паскарае хаду. Павярнуўшы на «сваю» вуліцу, пайшоў амаль уподбег. «Цэлая»,— бліснула ў галаве заспакойлівая думка, калі перад вачыма ўзніклі два рады дамочкаў. Ён нецярпліва глядзеў наперад, дзе з-за павароту павінен вось-вось з'явіцца знаёмы абрыс яго дома.

Дом быў таксама цэлы! Аляксей убачыў гэта здалёк, яшчэ крыху не дайшоўшы да павароту. Праз некалькі крокаў ён заўважыў, што плот і веснічкі ляжаць на зямлі. Аляксей цяпер нічога не думаў. Ён толькі глядзеў нязводна, пільна і ляцеў, не заўважаючы перад сабою ні бруку, ні ям.

Пераступіў праз слупок ад веснічак, зірнуў на дзверы і раптам разгублена спыніўся. Замок! Як бы не верачы, Аляксей падышоў да дзвярэй і пакратаў яго. Замок быў замкнуты.

Падышоў да акна, скінуўшы фуражку, прыціснуўся тонкім, з гарбінкаю носам да шыбы, зірнуў у сярэдзіну — там было пуста; у адным пакоі стаяў толькі знаёмы голы стол, з меднай жоўтай клямкаю на скрынцы, і валяліся шматкі газет, у другім — ложак з нікелевымі папярэчынамі, таксама голы. У кутку каля акна стаяў высокі шыракалісты фікус. Аляксей успомніў, што Ніна любіла, каб у яе пакоі былі фікусы.

Пабелка на сценах пацямнела ад даўнасці. Пакоі мелі нежылы выгляд, нібы іх даўно-даўно пакінулі. Яны здаліся чужымі, — такімі незнаёмымі былі запусценне і бязладдзе ў гэтых рупліва прыбраных калісьці пакоях. Толькі ў кухні на століку ляжаў нейкі клуначак, і па ім Аляксей здагадаўся, што нехта ўсё ж тут быў. «І замок, напэўна, нядаўна павешаны, бо інакш дасюль ён не вісеў бы». Яму не цярпелася хутчэй даведацца, хто тут быў, — Ніна ці маці. Куды яны пайшлі, што з імі?

Ён вышаў на вуліцу. Мяў рукамі фуражку, якую забыўся надзець. Куды б пайсці, каго спытацца?

На вуліцы наводдалек стаяла тры ваенныя грузавікі, каля аднаго з якіх былі салдаты, — выгружалі нейкія скрынкі. Ішоў у гэты бок пажылы кульгавы чалавек з рыдлёўкаю — невядомы. Аляксей, аглядзеўшыся навокал, рашыў пайсці да суседзяў: хто-хто, а яны могуць ведаць, куды пайшлі Ніна ці Наталля Міхайлаўна, або хоць дзе яны былі ў гэты час.

Ён перш за ўсё ўспомніў старога, які да вайны працаваў вагонным майстрам у чыгуначным дэпо. Майстар быў дабрадушным, гаваркім старым і любіў выпіць. Ён калісьці часта заходзіў да Аляксея, расказваў пра сваё дэпо, пра маленькія спрэчкі на працы, доўга гаманіў са старою.

Вокны ў хаце старога былі выбіты, дзверы выламаны. Каля дзвярэй ляжала распораная падушка, вакол якой на ступеньках і на ўсім двары бялела пер'е. На навалачцы віднеўся брудны след бота.

Аляксей пастаяў некалькі хвілін моўчкі і павярнуў да другіх колішніх знаёмых Карповічаў — жонка бухгалтара Карповіча калісьці сябравала з Наталляй Міхайлаўнай. У доме Карповічаў цяпер жыла нейкая невядомая сям'я. На двары Аляксей спаткаў маладую жанчыну, якая сядзела на ганку і штосьці з дакорам гаварыла бяляваму хлопчыку гадоў чатырох. Заўважыўшы Аляксея, яна ўзрушана ўзнялася, і ў блакітных яе вачах мільганулі цікаўнасць і надзея. Але калі Аляксей спытаўся пра Карповіча, яна адразу змянілася, стала абыякавай...

Карповіч, аказалася, з пачатку вайны ў арміі, а жонка яго недзе ў эвакуацыі, — пасля іх тут жыла сястра Карповіча, але яе з паўгода таму арыштавалі гестапаўцы. Новыя жыхары перабраліся сюды ўжо некалькі месяцаў.

— У мяне да вас просьба. Скажыце... Ці не ведаеце вы што-небудзь пра сям'ю Лагуновічаў? — запытаўся Аляксей.

— Лагуновічы? А ў якім яны доме жывуць?

Аляксей паказаў.

— Там?.. Хто ж гэта там жыве? А-а! — бачыла я там, каб не зманіць, некалькі разоў нейкую старую жанчыну...

— А пра маладую нічога не чулі? У той старой ёсць дачка? — Аляксей кінуў на яе нецярплівы пільны позірк.

— Не, не чула... І не бачыла там маладой, ні разу не бачыла. Дзіця там — ведаю — яшчэ жыве. Гадоў трох, — паведаміла раптам жанчына.

— Дзіця? — перапытаў узрушана Аляксей.— Даўно вы бачылі?

— Ды не, колькі дзён таму...

— Дзяўчынка ці хлопчык?

— Дзяўчынка.

«Дзяўчынка, тры гады», — праплыла ў грудзях Аляксея цёплая, радасная хваля. На строгім, пахудзелым ад бяссоння твары заяснела ўсмешка. «Бацька, мусіць», — падумала жанчына і, зірнуўшы на свайго малога, які сачыў за кожным рухам вайсковага чалавека з перавязанай рукой, уздыхнула.

Але трывога ўсё ж замуціла Аляксею светлую хвалю радасці. Чаму ж іх цяпер няма дома? Развітаўшыся з жанчынай, Аляксей затрымаўся і запытаў:

— Дык вы сёння ці ўчора не бачылі іх?

— Не бачыла... Тут такі жах быў, што, здаецца, свету белага не бачыла. Думала, што і выжыць не давядзецца. І цяпер страшна падумаць...

Апошнія словы жанчыны ўзмацнілі трывогу Аляксея: ці шчасліва Наталля Міхайлаўна з дзіцём перабылі гэтыя дні?

Ён вярнуўся дахаты, сеў на ганку, палажыўшы поруч рэчавы мяшок, выняў з партабака сігарэтку, бо згортваць папяросу было нязручна. Прыкурыў ад запальнічкі. З-пад цёмных ламаных брывей акінуў адрэзак вуліцы, які віднеўся адсюль, — ці не ідзе хто-небудзь з іх?..

Ён паспрабаваў разабрацца ва ўсім тым, што давялося пачуць. Ніна, мусіць, яшчэ ў партызанах, — яна не магла вярнуцца так хутка, — але дзе Наталля Міхайлаўна і дачка? Ці былі яны дома ўчора і пазаўчора? Можа, гэты замок вісіць на дзвярах ужо двое сутак?

Дзе яны? Чаму іх няма дома?



4...

Ён ускінуў за плячо рэчавы мяшок, падаўся на вуліцу, аглядзеў яе ў адзін бок, у другі. Аляксей больш не мог сядзець ды цярпліва чакаць. «Пагляджу, што робіцца вакол... Ды і час хутчэй пойдзе...»

За рогам вуліцы Аляксей убачыў мужчыну з нямецкім аўтаматам за плячом, які вугалем пісаў раскідзістымі літарамі на дзвярах будынка, наўкось, як рэзалюцыю: «Занята пад магазін».

«Глядзі ты, які порсткі!» — не так здзівіўся, як пахваліў у думках Аляксей.

— Эй ты, кааператар! — крыкнуў весела рослы, распаўнелы, з тоўстымі шчакамі, пехацінец, што праходзіў міма. — Што ж ты, душа з цябе, пішаш — «занята», тавару ж няма. Чым ты будзеш займаць яе, гэтую сваю «магазею»?

«Кааператар» азірнуўся — у яго быў малады, гладка паголены твар — і аптымістычна супакоіў салдата:

— Тавар будзе! Было б толькі месца для яго...

— Ну, што вы скажаце ім, таварыш капітан? «Будзе, будзе»! Калі гэта будзе, праз месяц? Ці два?..— загаварыў ён раптам да Аляксея.— Яшчэ нідзе нічога не працуе, а ўжо, душа з яго, не менш як паўгорада занята! То «пад магазін», то «для міліцыі», то «аддзел кадраў завода», то «сталовая», — усё распісана!..

Аляксей, прайшоўшы некалькі кварталаў, яшчэ заўважыў два ці тры такія надпісы.

Яму карцела вярнуцца дахаты. Але, калі ён увайшоў на двор, там па-ранейшаму нікога не было. Каб чым-небудзь заняцца, ён, знайшоўшы цагліну, прысеў на ганку і пачаў прыбіваць да слупкоў адной ступенькі адарваную дошку. Праз некаторы час, ён заўважыў, што з вуліцы да яго павярнула чарнявая, з даўгаватым тварам жанчына.

— Аляксей!— ускрыкнула раптам яна, падбегла, абняла капітана і тройчы пацалавала. — А я думаю, хто гэта тут сагнуўся ды майструе, што за гаспадар такі знайшоўся. Аж і праўда, гаспадар. — Твар яе быў капітану знаёмы — гэту жанчыну ён да вайны бачыў не раз, але цяпер не мог прыпомніць, ні хто яна такая, ні як яе прозвішча.

Аляксей усё ж вельмі ўзрадаваўся спатканню з ёю: як-ні-як, гэта знаёмы чалавек, першы знаёмы.

— Ну, які я гаспадар?.. Дзе Наталля Міхайлаўна, — вы не ведаеце?..

— Яны тут... Толькі што былі тут... Вы, значыцца, размінуліся! Яны ж начавалі ў мяне, мы разам хаваліся — разам і страх перабыць лягчэй... Вельмі ўсё баяліся, што гэтыя ірады пачнуць усіх забіваць... І дачушка твая жывая!

— Жывая?!— Аляксей, быццам не верыў, запытаўся ў другі раз. Твар яго заззяў радасцю. — Ну, значыцца, дачакаліся... Як жа яе... зваць?

— Люда... Такі дачакаліся! Вось жа будзе радасць... Мы з Наталляй больш за ўсё і непакоіліся за яе, за Людачку. Сядзім надоечы з Наталляй у вішанніку, каля ямы, чуем, як грымяць выбухі — Наталля паправіла хустачку на дачушцы тваёй, каб, значыцца, не стыгла, і кажа: «Божа, колькі пакуты дзіцяці, ніводнага дня спакойнага не ведае за сваё жыццё!»

— Так, — Аляксей насунуў бровы на вочы. — Паспытала гора больш, як трэба...

Капітан запытаўся, ці не ведае яна, што з Нінаю.

— Ніна ў партызанах. Яна ўжо даўно пайшла... І Валька мая — ты, пэўна, яе помніш — там таксама... — жанчына раптам азірнулася. — Чаго ж мы стаім тут? Хадзем да мяне, пасядзім.

Праз некалькі хвілін Аляксей быў у яе хаце, што стаяла недалёка ад таго месца, дзе жыла Наталля Міхайлаўна, але на другой вуліцы. Капітан цяпер успомніў прозвішча жанчыны — Залеская; гэта была маці Валі Залескай. Аляксей прыгадаў і Валю, яе дачку, худую чарнявую дзяўчынку, якая калісьці паўз яго вокны хадзіла з партфелікам у школу.

Старая Залеская пачала было рыхтаваць яму абед, аднак, Аляксей папрасіў яе:

— Не турбуйцеся, калі ласка. Я паабедаў, а вячэраць нешта і не хочацца.

Надыходзіў вечар. Сонца, вялікае, вогненна-барвовае, паволі хавалася за дах бліжняга будынка, падпаліўшы яго край. Здавалася, што дах вось-вось зоймецца агнём. Водсвет сонца лёг чырвонымі квадратамі на сцяну, абклееную старымі квяцістымі шпалерамі. Залеская сказала, што старая пайшла пашукаць каго-небудзь з таварышаў Ніны, дапытацца, калі яна прыдзе. Ведама, матчына сэрца неспакойнае.

— Я і сама хадзіла на Маскоўскую — думала, можа, хто-небудзь з партызан раскажа пра маю Вальку... Як пабачу партызана, падыду ды — адно: «Ці не ведаеце Валю Залескую!» — «Не, не ведаю». Ніхто не бачыў яе. А так хочацца дачуцца хутчэй, што з ёй...

Аляксей шчыра спачуваў Залескай. Можа, яго так хвалявалі словы Валінай маці таму, што і ён адчуваў тое ж самае, бо яму хацелася хутчэй даведацца, што з Нінаю. Цяпер ён быў амаль спакойны за Люду і Наталлю Міхайлаўну, з якімі не цярпелася хутчэй убачыцца, і толькі думка пра Ніну прымушала біцца сэрца трывожней.

А можа, Наталля Міхайлаўна ўжо вярнулася ў хату? Нават, калі яна яшчэ і не прышла, то яму лепш за ўсё чакаць яе там, — як толькі яна вернецца, Аляксей убачыцца з ёю. Акрамя таго, седзячы тут, ён увесь час будзе думаць, што яны, мусіць, ужо дома...

Аляксей падняўся. Залеская, здагадаўшыся аб яго намеры, сказала:

— Ды вы не хвалюйцеся. Яна не абміне мяне. Вось у мяне ключык ад таго замка: яна прасіла, каб я назірала за хатай. Каб сустрэла як належыць, калі раптам зойдзе хто з вас... Асабліва спадзявалася, што Ніна сёння вернецца. А можа, і, праўда, прыдзе. Ды каб удваіх з Валяю! Вось было б добра!..

Ён мімаволі прыслухоўваўся да крокаў, да галасоў, якія чуліся звонку. За хатай, па вуліцы, увесь час праходзілі, размаўлялі людзі, і галасы за акном то набліжаліся і мацнелі, то пачыналі сціхаць, зноў набліжаліся і зноў адыходзілі. Аляксей не пераставаў прыслухоўвацца.

Калі ён пачуў, што ў сенцах бразнула клямка, то адразу ўвесь насцеражыўся і стаў нецярпліва пазіраць на дзверы. У пакоі было яшчэ светла. Ён убачыў, як расчыніліся дзверы і ўвайшла жанчына з дзіцём на руках. Аляксей адразу пазнаў — яна, Наталля Міхайлаўна! У першую хвіліну, мімаволі ўзняўшыся насустрач увайшоўшай, ён востра адчуў, як яна сумна змянілася, незвычайна пастарэла...

Позірк яго вачэй прыкаваўся да маленькай маўклівай дзяўчынкі, якую яна паставіла на падлогу. Дзіця, ледзь толькі кранулася ножкамі падлогі, ступіла некалькі крокаў да Залескай, але раптам спынілася і стала цікаўнымі, шырока раскрытымі вачыма нязводна глядзець на незнаёмага вайскоўца. Люда. Гэта Люда!..

— Божа мой! Хто гэта? — прамовіла Наталля Міхайлаўна нейкім здушаным голасам; было відаць, што яна ўжо здагадалася, пазнала, хто гэта. Сутаргавым рухам рукі яна дакранулася да шыі, расслабіла вузялок збітай з галавы хусткі, як бы ён ціснуў горла. Узрушана, нібы не верачы сабе, паглядзела на Залескую, потым на Аляксея, на яго раненую руку.

— Ты? Аляксей!

Ён пайшоў насустрач ёй, парыўна абняў левай рукой, прыціснуў яе пабялелую галаву да сваіх грудзей. Нічога, нічога не сказаў. Дачка сачыла за імі ўважлівым неразумеючым позіркам, ціхая і крыху напалоханая.

— Колькі мы чакалі, Аляксей... — прамовіла горка старая, узняўшы галаву. У гэтых простых словах было столькі пачуцця, столькі гаркаты, што Аляксея, як агнём, апаліла.

— Добра, што ўсё гэта скончылася! — уздыхнула яна з палёгкай, кінула ўстрывожаны позірк на нерухомую Аляксееву руку, на марлевую касыначку.

— Што з рукою?!

— Так сабе — дробязь.

Наталля Міхайлаўна раптам схамянулася, узняла дзіця і з гонарам, з любоўю, як найдаражэйшы ў свеце падарунак, паднесла да яго.

— Вось дачушка твая... Люда.

Яна падала Аляксею дзяўчынку. Бацька нязграбна ўзяў дзяўчынку да сябе на руку і стаў прагна, з цікаўнасцю ўзірацца ў яе тварык. Усё гэта было для яго незвычайнае — і словы «вось твая дачушка», і сама яна, дачушка, бялявая, маўклівая, насцярожаная. Люда трывожна і даверліва чакала далейшага.

А ў яго на змену першай простай цікаўнасці прышло ўжо новае пачуццё — пяшчоты і нейкага бацькаўскага жалю да гэтага роднага, кволага стварэння. Аляксей бачыў у ёй самага блізкага чалавека і ўсё ласкавей і гарачэй прыціскаў да сваіх грудзей.

Ён узняў Люду да твару і пацалаваў шчочкі. Яна паморшчылася, паварухнулася, даючы знак, што ёй хочацца на волю, і сказала:

— Колецца...

— Патрывай, дачушка, — засмяяўся капітан і пацалаваў у другі раз.

Грудзі яго поўніліся любоўю да гэтай незнаёмай істоты, якую ён упершыню ўбачыў, але якую любіў даўно. Колькі дзён ён марыў пра гэтую хвіліну!

Вось і спаткаліся!


ЧАСТКА СЁМАЯ

Раздзел І


1...

Выявілася, што дабрацца да Мінска — задача нялёгкая. Кіламетраў праз сем ад брыгады іх грузавік, — гэта была папутная машына з дывізіі Шчарбацюка — абстралялі з мінамётаў. Каб абмінуць небяспечнае месца, прышлося звярнуць з дарогі і прабірацца не малы час полем, па пратаптанай нядаўна грузавіком сцежцы, праз разоры і ямы.

Выбраўшыся зноў на торны шлях, яны пад'ехалі да рэгуліровачнага паста. Дзяўчына ў вайсковым адзенні, якая стаяла сярод дарогі з карабінам за плячыма, узняўшы руку, загадала спыніцца.

Шафёр, рэзка націснуўшы на педаль, затармазіў. ён зірнуў на грузавікі, якія ўжо тоўпіліся нерухома тут, і незадаволена кіўнуў галавою. Туравец, што сядзеў поруч, не зразумеў, чаго іх затрымліваюць, — напэўна, будуць дакументы правяраць. Ён убачыў, як да машыны, ляніва перавальваючыся з боку на бок, ішоў ефрэйтар.

— Эй, начальнік, ты чаму гэта семафор закрыў? — запытаўся шафёр у байца, выскачыўшы з кабінкі і вымаючы з кішэні штаноў капшук.

— Таму, што трэба! Часовая затрымка! Наперадзе перарэзана дарога.

— Дарога перарэзана...— шафёр спакойна насыпаў махоркі на цыгарку. — Эх ты, семафоршчык!

Значыцца, гэтыя грузавікі чакаюць, калі будзе вольны шлях. Туравец падышоў да ефрэйтара:

— Ну, а можа, ёсць які другі, вольны шлях... Ну, скажам — у аб'езд?..

— Няма.

— Эх, каліна-маліна!.. А калі ж яна, гэта дарога, будзе свабодна?— пацікавіўся Шашура, які, вядома, не мог не ўмяшацца ў такую падзею. Цікаўны і здагадлівы падрыўнік яшчэ адразу, як толькі спынілі машыну, адчуў, што тут здарылася нядобрае.

— Калі адгоняць фрыцаў.

— А хутка іх адгоняць? — не адставаў Шашура.

— Пабачым...

Рэгуліроўшчык не стаў тлумачыць, абыякава адышоў убок, паказваючы сваім выглядам, што такое пытанне чуе не ўпершыню і што яму ўжо гэта надакучыла.

— Эй, браты-мсціўцы, прышоў загад — загараць!— крыкнуў Шашура таварышам, якія яшчэ сядзелі ў кузаве.— Можна прызямляцца!..

Ён расшпіліў пояс і лёг у прыдарожную канаву, у якой расла высокая, прыпыленая, сакавіта-зялёная трава; цяпер яго амаль не было відаць у траве. Туравец прысеў на жытнім узмежку, спусціўшы ногі ў баразну. Жыта ўсюды пры дарозе было змятае, збэрсанае. Поблізу прайшла, відаць, танкетка, — на зямлі віднеліся частыя вузкія раўкі ад гусеніц, у якіх ляжала ўціснутае калоссе і сцяблы. Сагнутыя ў прамежку між гусеніцамі сцябліны ўпарта напружваліся, імкнучыся выпрастацца. Каласы цягнуліся ўгару, да блакітнага неба.

Жыта даспявала. Яно жаўцела мноствам тонкіх сцяблоў, між якіх дзе-ні-дзе зелянелі павітуха і гарошак. Зямля была белай, прыбітай і абмытай дажджамі, высушанай сонцам.

Ад лёгкіх павеваў цёплага ветру жыта ледзь прыкметна шархацела. Шорхат гэты быў ясны, сухі, не такі зусім, як раней, калі жыта стаяла зеленаватае, — у ім цяпер адчувалася спёка і зморанасць...

Пад гэты знаёмы шорхат, вечны і спакойны, слухаць які было асалодай, Туравец нейкі час зноў думаў пра першыя справы ў вызваленым Мінску... Але думаць сёння пра гэта не хацелася. Чаго думаць? Цяпер ужо трэба пачынаць працу, усё даўно абдумана, а ён вымушан сядзець. Сядзець, — калі Мінск ужо зноў наш, калі ён, нарэшце, зноў вольны! Эх, бяда.

Што там цяпер робіцца ў Мінску? Толькі ён уявіў, як кіпяць па-святочнаму мінскія вуліцы, як ідуць па Савецкай войскі, уявіў тое, аб чым столькі марыў і якое мог бы ўжо сёння ўбачыць,— сэрца яго зашчымела ад крыўды. Тураўцу, калі ён раней думаў пра свой зварот, чамусьці заўсёды здавалася, што ён будзе ў гэты дзень у Мінску. А ён, нібы знарок, не ў горадзе, тырчыць тут, на нуднай, санлівай дарозе... Ён аж сціснуў зубы. І трэба ж, каб гэтак не пашанцавала.

Час цягнуўся марудна. Паліла моцна сонца. Туравец расшпіліў каўнер гімнасцёркі і лёг на спіну, накрыўшы твар, каб сонца не біла ў вочы, фуражкай. Спераду, куды бегла дарога, была чуваць нядружная страляніна.

Непадалёк у кювеце ляжаў Шашура. Каб не марнаваць час, ён скінуў пінжак і сарочку і падставіў палючаму сонцу сваю шырокую спіну. Лежачы поруч з шафёрам, ён апавядаў нейкую гісторыю з баявога ляснога жыцця. Шашура пры гэтым вельмі многа выдумляў, — але гаварыў ён так складна, што Туравец, які звычайна не любіў хлусні, падумаў з адабрэннем: «Як выдумляе, нягоднік!»

Туравец праляжаў з гадзіну. Потым не ўтрываў, зноў падышоў да рэгуліроўшчыка, што сядзеў на ўзбочыне, па другі бок дарогі, і нешта абыякава вырэзваў складаным ножыкам на дручку.

— Ну, што, таварыш ефрэйтар, новага? Няўжо ніякіх змен?.. Не ачысцілі яшчэ дарогу?

— Пакуль усё па-ранейшаму...

— Эх, якая чартаўшчына! Колькі ж яшчэ тут валяцца!.. Да ночы, ці што?.. — Туравец перайшоў на сяброўскі тон; — а можа, у аб'езд усё-ткі можна прабіцца? А?

— У аб'езд — рызыкоўна...

— А ўсё-ткі можна?

Рэгуліроўшчык з павагай зірнуў на гэтага рухавага нецярплівага чалавека. Хоць Туравец гаварыў лагодна, па яго паводзінах, па голасу, у якім гучалі ўладныя ноткі, адчувалася, што гэты чалавек прывык кіраваць людзьмі.

— Паспрабуйце. Гадзіны дзве таму праскочыла адна група... Як ім удалося, — не ведаю: немцы там, хоць і не пры самай дарозе, ды вельмі прыстраляліся. Адным словам, гэта рызыка, зараней кажу...

— Рызыка, але, значыць, усё-ткі ж можна? Адна група прабілася, кажаш? А чаму ж другая не можа? Чаму ж ёй хоць бы не паспрабаваць, а?



2...

Шафёр згадзіўся ехаць. Ён таксама спяшаўся дабрацца да Мінска, каб далучыцца да іншых машын дывізіі. Хлопец падружыўся з партызанамі, асабліва з жартаўлівым вясёлым Шашурам, які цішком ад Тураўца пачаставаў яго «партызанскім зверабоем». Гэты «зверабой» аказаўся звычайным самагонам, але дружба Шашуры з шафёрам была замацавана. Да Тураўца, якога яшчэ ўсе звалі па прывычцы то камісарам, то падпалкоўнікам, які ведаў добра генерала Шчарбацюка, шафёр адносіўся нібы да свайго камандзіра.

Туравец распытаўся дакладна пра дарогу, пра небяспечнае месца. Сядаючы ў машыну, ён загадаў усім быць напагатове.

Свой аўтамат ён палажыў на калені. Грузавік крануўся і павольна пабег па дарозе. Туравец спакойна прыслухоўваўся да гукаў, пазіраў вострымі чорнымі вачыма на дарогу, на поле.

Раптам грымнулі два блізкія выбухі. Снарады ці міны разарваліся на палосцы бульбянішча, за хмызняком, які бег поруч з дарогай, — там падняліся дзве хмаркі дыму. Мінула секунда — і снарад выбухнуў ужо на дарозе, зіхнуўшы агнём, што ўскінуўся зусім блізка наперадзе грузавіка. Машына, як бы наскочыўшы неспадзеўкі на сцяну, адразу стала. Людзі спрытна пасыпаліся з кузава на дарогу, на якой пачалі азірацца, чакаючы, што будзе далей. Туравец і шафёр выскачылі з кабінкі.

Камісар загадаў залегчы ўсім пры дарозе і падрыхтавацца да бою. У партызан, якія ехалі з ім, яшчэ была зброя.

Стралялі аднекуль зводдалек і, як цяпер было ўжо відаць, — мінамі. Яны са скрогатам лажыліся наперадзе, пры самай дарозе; адна міна ўпала метраў праз восем у кювет, — асколкі з фырканнем разляталіся ва ўсе бакі. Страляніну вялі, напэўна, з ляска, што віднеўся справа, кіламетры за два адсюль.

— Дарогі, здаецца, яму не відаць за кустамі. Пабачыў, мабыць, пыл ад машыны, — пачуў Туравец поруч з сабою разважлівы голас Шашуры. — Яна такую хмару тут падымае, што не толькі ў Мінску, а і ў Лепелі відаць. Сухмень які!

— Адным словам, павяртай аглоблі, — адгукнуўся скупы на словы шафёр, акідваючы вачыма поле пры дарозе, мусіць, глядзеў, дзе тут зручней развярнуцца.

«Няўжо і праўда, прыдаецца вярнуцца? — думаў Туравец. — Эх, шкада, тут сілы ў нас мала — не могуць вытурыць фрыцаў з ляска. Калі б сюды маю брыгаду ці хоць адзін атрад!»

А немцы, відаць, перарэзалі дарогу толькі тут, — далей шлях, напэўна, вольны. Такая бяда — аб'ехаць гэтае месца на машыне нельга, бо злева забалочаны лужок падыходзіць да самай дарогі... Шкада, машыну прыдзецца вярнуць...

— Будзем прабівацца пеша, — сказаў рашуча камісар.— Ён зірнуў на шафёра. — А табе, крыўдуй, не крыўдуй, прыдзецца, браток, паехаць назад...

— А можа, таварыш камісар, паспрабаваць яшчэ раз...— нечакана запярэчыў шафёр. — Няўжо так і нельга прарвацца? Быць не можа!

— Прарвёмся, таварыш камісар,— горача падтрымаў шафёра Шашура. — Вы толькі разведайце дарогу, а мы тады, каліна-маліна, — ірванем! Праскочым, клянуся! Дазвольце толькі мне, таварыш камісар, — з шафёрам, а?

Шашура быў хуткі ў рашэннях, як заўсёды, калі ішоў насустрач небяспецы.

— Добра, заставайся, Шашура... Усе іншыя — за мной! — падняўшыся, скамандаваў Туравец.

Яны прайшлі ў баку ад дарогі з кіламетр, калі ад сустрэчных байцоў даведаліся, што далей дарога вольная. Туравец пачаў размахваць рукою, даючы знак, што можна ехаць.

Шафёр ускочыў у машыну, націснуў нагой на старцёр:

— Ну, трымайся, Шашура!..

Немцы на гэты час спынілі абстрэл. Але як толькі машына ўзняла пыл, міны зноў пачалі выбухваць на дарозе. Аднак шафёр не зважаў ні на што, ведучы і ведучы машыну праз гэты грымотны заслон... Прыгнуўшыся да руля, ён упіўся вачыма ў дарогу, якая развіналася, ляцела насустрач,— узіраўся, ці няма варонкі, каб уберагчыся ад аварыі.

Вось і свае! Машына прабегла яшчэ метраў сто, віскнула тармазамі і стала, тады на яе паплыла, асядаючы, хмара пылу. Партызаны ўслед за Тураўцом адразу пабеглі да грузавіка і сталі забірацца ў кузаў.

Праехаўшы яшчэ кіламетраў сем, Туравец убачыў у бярозавых прысадах некалькі грузавікоў, каля якіх сядзелі байцы.

Наперадзе, вельмі блізка, за ўзгоркам, на якім цягнуліся палосы жыта, гухала і лескатала бойка. Шафёр спыніў машыну.

— Што, на Мінск? — запытаў Тураўца, які падышоў, каб даведацца пра абстаноўку, адзін з байцоў, што сядзелі пры машынах. — Эге, яшчэ адзін таварыш па няшчасці! Прыбывае нашых! Няможна на Мінск: дарога тут закрытая... Чуеце, як немцы чапляюцца за яе?

Ён кіўнуў у той бок, дзе чулася страляніна.

— Не шанцуе нам, сёння, Шашура, — сказаў Туравец, нявесела ўсміхаючыся падрыўніку.

Баец, пазіраючы на ўзброеных цывільных людзей, якія ішлі ад машын, запэўніў:

— Хутка ачысцяць... Да вечара будзе вольна...



3...

— Ты Аляксей, так? — запыталася нечакана Люда.

— Аляксей...

Яна ўвесь гэты час спярша крыху насцярожана, а потым з цікаўнасцю пазірала сінімі вочкамі на свайго не бачанага ніколі бацьку. Найбольш прыцягвала яе ўвагу белая марлевая касынка, на якой вісела перавязаная рука, ды бліскучыя зорачкі на палявых пагонах. Да гэтых зорак ёй вельмі хацелася дакрануцца рукой, але яна стрымлівалася.

— Не Аляксей, а бацька, Людачка,— паправіла бабуля. — Гэта яна чула, што я цябе называла Аляксеем... Татка твой, унучка.

— Татка... — прамовіла Люда ўслед.

Аляксей узяў яе на свае рукі, пяшчотна прыціснуў і асцярожна, каб не дакрануцца калючай шчакой, пацалаваў.

— Ух ты, маленькая мая, дачушка ты мая!

Заглядзеўся, якія светлячкі вясёлыя ў вачах дачушкі пабліскваюць, пераліваюцца. У гэты час яна засмяялася, моршчачы кірпаты носік, і ў яе ўсмешцы Аляксей улавіў характэрную рысу Ніны. У той таксама — казала Наталля Міхайлаўна — у малой моршчыўся носік, калі яна смяялася.

— Дачушка... — вымавіла Люда і засмяялася зноў.

Але хутка ўсмешка знянацку сышла з яе твару,

маршчынкі на пераноссі разгладзіліся, і яна, нецярпліва варухнуўшы рукамі і ножкамі, заявіла рашуча:

— Хачу да бабулі.

Люда зноў сядзела на каленях у бабулі, прыціскаючыся шчочкаю да старой або тручыся аб яе руку, як кацяня, і амаль нязводна сачыла за Аляксеем. Ён заўважыў, што ў гэтым позірку не было ні любові, ні пяшчотнасці, адно дзіцячая цікаўнасць і час-ад-часу насцярожанасць. Не такімі вачыма яна глядзела на Наталлю Міхайлаўну.

— Дзічыцца... Не прывыкла да цябе... І да таго ж яшчэ напалоханая. Чаго тут ёй толькі ні прышлося пабачыць апошнімі днямі! А так яна вясёленькая і гаваркая таксама. У Ніну, напэўна, удалася.

Старая прытуліла да сябе бялявую Людчыну галоўку.

Аляксей, паклаўшы партабак на стол, узяў з яго папяросу, потым пстрыкнуў запальнічкай, але не закурыў, — нельга, дым папяросы зашкодзіць Людзе.

Ён вышаў на ганак. У твар павеяла мяккай ласкавай цеплынёй пагоднай летняй ночы. Акінуўшы позіркам знаёмыя, паўзабытыя абрысы дамоў, дрэваў на вуліцы, зірнуўшы цяпер на слупы веснічак, каля якіх ён упершыню абняў Ніну, Аляксей падумаў радасна і нібы недаверліва:

«Няўжо я дома? У Мінску?» Ён прыгадаў сваіх таварышаў і здзівіўся, што яны сёння ідуць недзе без яго...



4...

Аляксей прачнуўся і па сваёй звычцы намерыўся адразу ўскочыць, але ўспомніў, што сёння спяшацца няма куды. Можна крыху паляжаць. Сонца было яшчэ невысока, аднак Наталля Міхайлаўна ўжо гаспадарыла ў кухні, адкуль чуўся трэск палаючых дроў. Аляксей не ведаў, калі яна легла і калі ўстала,— можа, яна і наогул не лажылася.

Аляксей бачыў, як Наталля Міхайлаўна, вышаўшы з кухні ў суседні пакойчык, дзе была некалі спальня, стала цішком пераглядаць Нініна плацце, якое дастала са сховішча з-пад падлогі. Гэтае светла-зялёнае плацце, на якім, нібы вясною ў садзе, весела цвілі бялюткія кветачкі і якое асабліва любіла Ніна, яна зберагла праз усю вайну, быццам самы дарагі скарб, марачы аб тым дні, калі Ніна зможа надзець яго зноў.

Маці пяшчотна разгладзіла тканіну маршчыністаю рукою, уздыхнула і павесіла плацце ў шафу.

Раптам Наталля Міхайлаўна ўбачыла, што паўз акно прайшла Залеская. Старая вярнулася на кухню, каб спаткаць яе. Ступіўшы ў хату, Залеская прывіталася з сяброўкаю і павяла, як бы кагосьці шукаючы, нецярплівым позіркам у расчыненыя дзверы пакоя, дзе цяпер спалі Аляксей і Люда.

— Ніны вашай яшчэ няма?..

Даведаўшыся, што Ніна не вярнулася, Залеская паспакайнела.

— І Валькі маёй таксама няма! Відаць, пакуль не адпускаюць. У іх цяпер там начальства, — як скажуць ім, так яны і робяць. Хоць і партызаны, а парадкі ўсё-ткі — ваенныя...

— Няхай бы жанчын ужо не затрымлівалі! Мужчыны — тыя яшчэ могуць застацца, а нашто жанчын трымаць?.. Асабліва тых, у каторых дзеці дома... Ды і дзяўчат таксама! — паправілася Наталля Міхайлаўна, падумаўшы пра Валю.

— Ох, мая Валька, напэўна, засумавала па мне! Яна ж яшчэ дзіця, не раўняць з тваёй...

Пагаманіўшы некалькі хвілін пра тое, пра сее, перш як развітацца, папрасіла:

— Калі, Наталля, прыдзе ваша, перадайце мне адразу...

— Добра. Перадам...

Наталля Міхайлаўна вышла разам з ёю на двор. Аляксей, адразу ўстаўшы, падцягнуў да ложка боты, каб абуцца, але аказалася, што анучы некуды зніклі,— ён надзеў боты на голыя ногі і падаўся ў кухню.

— Што ж ты так рана ўстаў?— запыталася, вярнуўшыся, Наталля Міхайлаўна. — Мусіць, я цябе разбудзіла?..

— Не, я ўжо выспаўся...

— А я табе вось анучкі памыла і высушыла. На, вазьмі, — яна зняла з вяровачкі пабялелыя, чыстыя анучы. — Я табе яшчэ сякую-такую бялізну сабрала,— на акне там ляжыць. Ты пераадзенься, а я тым часам тваю памыю.

Аляксей убачыў на акне старую, але чыстую бялізну. Ён успомніў, што Наталля Міхайлаўна, колькі ён ведаў, толькі тым і жыла, што клапацілася пра ўсіх, перш за ўсё пра Ніну і яго. Без гэтых клопатаў нельга было ўявіць яе жыцця.

Неўзабаве яна прынесла снеданне і запрасіла Аляксея за стол.

— От толькі Ніны не хапае... — прамовіла яна, пазіраючы на Аляксея.

Аляксей таксама чакаў Ніну. Ён, праўда, думаў, што Ніна, можа, і не прыдае сёння, на другі дзень пасля вызвалення горада: яна чалавек амаль ваенны, і яе могуць затрымаць у атрадзе.

Калі паснедалі, Аляксей заўважыў, што старая пакінула частку снедання ў печы, прыгарнуўшы каструльку жарай.

Наталля Міхайлаўна раз-по-раз пазірала ў акно, з якога быў відаць адрэзак вуліцы, яе позірк быццам магнітам прыцягвала да шыб. Калі на дашчаным тратуары пад акном чуўся стук крокаў, яна насцярожвалася.

Дзяўчынка рэзка павярнулася і скінула з сябе коўдру, палажыўшы на яе маленькую ножку. Аляксей яшчэ раней заўважыў, што спіць яна вельмі неспакойна. Ён схіліўся над яе ложкам і паправіў коўдру, баючыся якім-небудзь неасцярожным рухам разбудзіць.

Дачушка спала на баку, выставіўшы наперад круглы падбародачак і кірпаты носік; твар яе з паўадкрытымі пухлымі губкамі быў бесклапотна-спакойны. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі яе нездарова блеклыя, быццам яны не ведалі сонца ці паветра; рука, што ляжала каля шчакі, была худзенькай, локцік завостраны, пальчыкі тонкія.

«Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем.

Люда ў гэты час пачала прачынацца. Павярнуўшыся, яна паспрабавала адкрыць вочы, але ад яркага святла адразу прышлося заплюшчыцца. Відаць, яна ўсё ж заўважыла каля сябе Аляксея, бо даверліва, шчасліва ўсміхнулася; цёмныя доўгія вейкі ледзь прыкметна затрапяталі.

Бацька мякка дакрануўся да яе бялявых валасоў рукою, бязмерна ўсцешаны яе ўсмешкаю. А Люда павярнулася на другі бок, потым на спіну, адкінула рашуча нагою коўдру і, нарэшце, прачнулася. Яна пацерла кулачком павекі і стала пазіраць на Аляксея, але цяпер ужо незадаволена, хмурачы ледзь прыкметныя залацістыя броўкі. Яна паклікала ўстрывожана:

— Баб...

Наталля Міхайлаўна была яшчэ на двары. Аляксей нахіліўся да дачкі.

— Што табе, Люда?

— Баб! — паклікала дачка мацней, і тут бацька заўважыў, што яна пазірала на яго цяпер са спалохам, як на незнаёмага чалавека. «Забыла», — здагадаўся Аляксей.

— Што з табою, унучка?!— убегла ў пакой Наталля Міхайлаўна.

Ледзь толькі яна, схіліўшыся над ложкам, пяшчотна прыгарнула малую да сябе, Люда адразу супакоілася.

— Нічога, — адказала яна і строгімі няласкавымі вачыма зірнула скоса на бацьку.

— Не прывыкла яшчэ...

Старая сказала Аляксею такім голасам, нібы прасіла ў яго прабачэння.

А Аляксей і не думаў крыўдзіцца: як жа інакш яна павінна адносіцца да невядомага чалавека? А ён пакуль для яе невядомы...



5...

Неўзабаве пасля гэтага Аляксей вышаў з хаты,— хацелася паглядзець, якім стаў цяпер цэнтр Мінска. Учора ў баі яму быць у цэнтры не давялося.

Аляксею адразу кінулася ў вочы, што каля дамоў тут і там працавалі старанныя асцярожныя сапёры: выносілі з дамоў, з сутарэнняў бомбы, міны, скрынкі з толам.

Перад Домам Урада, што быў агароджаны калючым дротам, ляжаў цэлы штабель толу і гара бомб, выцягнутых з будынка. Каля іх Аляксей сустрэў групку ўзрушаных мінчан, — адзін з іх сказаў, што вынеслі ўжо сто восемдзесят бомб і шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў толу.

Тут жа капітан пачуў, што ў горадзе ўзарвалася за гэтыя суткі некалькі дамоў, замініраваных мінамі замаруджанага дзеяння. У немалых дамах — гаварылі — баяцца людзі сяліцца.

Амаль на кожным пакінутым фашыстамі будынку чарнелі перасцерагальныя надпісы сапёраў: «Увага! Мініраваны», «Мінны каранцін».

Тое, што Аляксей пабачыў за гэтым, яго ўзрушыла яшчэ больш. Яму прышлося прайсці нямала разбітых, знявечаных гарадоў, але Мінск усё ж усхваляваў асабліва, бо такіх разбурэнняў Аляксей не бачыў нідзе, акрамя хіба Смаленска. Уся Савецкая вуліца, калісьці самая шумлівая, прыбраная і жывая, на якой амаль бесперапынку зіхацелі з двух бакоў шырокія вітрыны і шыльды, цяпер ляжала ў жахлівых руінах. Яе абступалі пустыя, мёртвыя, абадраныя каробкі дамоў, кучы запляснелага камення, адзінокія каміны; на ўсім працягу яе ўцалеў, акрамя Дома Урада, яшчэ толькі адзін вялікі будынак — Дом Чырвонай Арміі.

У сярэдзіне цэнтральнага ўнівермага ў пустыя вялізныя праломы вокан віднеліся жалезабетонныя столі, якія прагнуліся і абвіслі важкімі глыбамі і былі гатовы вось-вось рынуць уніз.

У Аляксея, калі ён бачыў усё гэта, рос даўкі смутак, а разам з ім уздымаўся гнеў. Гады, нелюдзі, што яны зрабілі з Мінскам, як яны знявечылі, разбурылі цудоўныя кварталы!.. Але і гэтага ім было мала,— што ж яшчэ гэтае звяр'ё намервалася зрабіць?.. Гады, гады,— нібы кляўся ў думках Аляксей,— я вам не дарую гэтага. Я вам прыпомню кожную вуліцу скалечаную, кожны разбіты дом, кожны каменьчык руін. Усё прыпомню. Вось толькі вярнуся ў брыгаду.

Усюды яшчэ былі відаць чужыя надпісы і шыльды; Аляксею хацелася ўзяць якую-небудзь дошку ды пачаць сашкрабаць гэтыя ненавісныя надпісы, зрываць і кідаць шыльды.

Адзіным, што ажыўляла гэтую вуліцу, былі рухавыя, неспакойныя натоўпы людзей ды вайсковыя машыны, што каціліся па бруку, амаль усе на захад...

На вуліцах грымелі гучнагаварыцелі, — трансліравалася перадача з Масквы, у якой дыктар расказваў пра баі за Мінск.

Аляксей прыглядаўся да твараў сустрэчных, спадзеючыся ўбачыць каго-небудзь са знаёмых. Але яму пападаліся толькі невядомыя людзі. Раней у Мінску ў яго было многа знаёмых, адных ён добра ведаў, а другіх толькі дзесьці бачыў — ці на сходзе, ці проста на вуліцы. У такім горадзе, як Мінск, сустрэць знаёмага калісьці было лёгка. Цяпер жа ніхто з іх не сустракаўся!

Дзе яны цяпер? Адны, вядома, так, як і ён, на фронце, — на розных франтах, іншыя ў эвакуацыі, многія, як і Ніна, у лясах. Нямала хто з тых, што вымушаны былі застацца тут, мусіць, загінулі як падпольшчыкі...

Усё-ткі, хоць многае ў горадзе наводзіла на сумныя ўспаміны і горкія думкі, Аляксею было радасна: што ж, галоўнае — Мінск жыве! Яго ўжо ніхто больш не будзе раніць.

Ніколі, ніколі.


Раздзел ІІ


1...

Да бярозавых прысад пачалі раптам падыходзіць машыны. Яны ішлі не па адной, а адразу цэлым патокам, і Туравец, убачыўшы іх, здагадаўся, што дарога каля лесу цяпер вольная...

— Выгналі фрыцаў з лесу! — праз момант аб'явіў радасна Шашура, які ўжо ўправіўся пагаварыць з шафёрам аднаго грузавіка.— Надвор'е праясняецца, таварыш камісар...

— Напэўна, хутка і сюды падашлюць пяхоту, — прамовіў Туравец.

— Факт!— падтрымаў Шашура. — Хіба ж можа быць, каліна-маліна, каб дарога на Мінск была закрыта?!

Але мінула гадзіна, дзве, а пяхоты ўсё не было відаць. Прагрымела адно некалькі гармат вялікай магутнасці — на гусенічным хаду, з кароткімі тоўстымі стваламі. Толькі ўночы, пад самы золак, пад'ехала каля дзесятка грузавікоў з пехацінцамі і чатыры «кацюшы». Яны, не спяшаючыся, прайшлі наперад у напрамку размяшчэння немцаў.

Бой пачаўся ўранку. Туравец раптам убачыў, як у сіняватае неба гнеўна ўскінулася чарга падобных да камет вогненных стрэл, якія, рассякаючы сінечу, крэслілі высокую дугу, хутка набліжаючыся да нябачнага праціўніка. Здавалася, што каметы стараюцца перагнаць адна другую. «Што гэта?» — з захапленнем пазіраў у неба Туравец, — ён упершыню бачыў гэта, але адразу здагадаўся: «кацюшы»! Вось вы якія, казачныя «кацюшы»! Ён слухаў, як недзе наперадзе часта і глуха грукаталі выбухі...

— Вось дык галасочак, каліна-маліна! Ад такога жаночага голасу душа ў пяткі просіцца адразу... Скажы ты, аж тут зямля затрапятала.

— Жанчынка аўтарытэтная, — падтрымаў Шашуру Туравец. — Нічога не скажаш!

Сонца ўжо ўзнялося на вышыню бяроз, калі шафёры і вайсковыя, што стаялі каля машын і сядзелі на ўзбочынах, заварушыліся, забегалі, пачалі перадаваць каманды.

— Сядайце, мінчане! Едзем! — крыкнуў Туравец сваім.

Першыя грузавікі крануліся і пайшлі па дарозе, а следам за імі папаўзла і ўся плынь машын, мінаючы рады белатварых бяроз. Наперад праімчаліся, падскокваючы на каляінах, два легкавыя «газікі».

Хутка Туравец убачыў поле бою. Усюды былі відаць неглыбокія варонкі, акаймаваныя камякамі суглінку і супесі, і ўсюды ў перамятым жаўцеючым жыце, у кюветах, на сцежках за імі, а то і проста на дарозе валяліся трупы, у мундзірах і без мундзіраў, часам густа, адзін пры адным. Каля адной варонкі ў кювеце ляжала мінамётная пліта без ствала і адарваная нага з запыленым ботам. Было раскідана многа рознага ваеннага снаражэння — ранцы, кацялкі, шынялі, каскі. На павозках, кінутых каля купы алешніку, пры самай дарозе, ляжалі мяшкі з мукой ці з чым іншым, цынкавыя патронныя скрынкі; каля мяшкоў гаспадарылі некалькі пехацінцаў, якія зносілі іх на свой грузавік...

Мінуўшы гэтую мясціну, машына пайшла хутчэй. Цяпер ужо не было відаць ні трупаў, ні варонак, ні кінутых снарадаў,— насустрач бегла звычайная каляіністая дарога. Туравец узрушана ўзіраўся удалеч, чакаючы, калі з'явяцца знаёмыя абрысы горада, хоць і ведаў, што да Мінска яшчэ не менш як два дзесяткі кіламетраў.

Каля Трасцянца грузавік уз'ехаў на асфальт Магілёўскага шасэ, прыстроіўшыся між іншых грузавікоў, якія ішлі ў Мінск.

На ўскраіне горада, дзе пачынаўся брук, машына спынілася, таму што сталі пярэднія. Насустрач ішло некалькі грузавікоў, у кузавах якіх сядзелі салдаты. Туравец расчыніў дзверцы і, стоячы на падножцы сваёй машыны, стаў углядацца ў твары пехацінцаў, што хутка набліжаліся, міналі яго і аддаляліся. Групка за групкай, кузаў за кузавам...

Знянацку ў адным кузаве ён убачыў чалавека, які здаўся яму вельмі падобным да сына.

«Юрка?!»

Туравец ад неспадзяванасці не паверыў адразу, завагаўся, паімкнуўся гукнуць, але машына ўжо адышла ад яго.

«Няўжо Юрка?!» Бацька верыў і не верыў. Пехацінец вельмі нагадваў сына, але хіба гэта не мог быць хто-небудзь іншы, падобны да яго,— тым больш, што бачыць хлопца давялося толькі адзін міг ды яшчэ ўпершыню ў вайсковым адзенні...

Ад гэтых разваг Туравец і не заўважыў, як грузавік зноў затросся на бруку.



2...

Ледзь толькі Туравец увайшоў у гарком, ён убачыў, што гарком працуе. У памяшканні былі наведвальнікі. Першым, каго Туравец спаткаў са знаёмых, была пажылая жанчына, з шырокім тварам і маленькім кірпатым носам, з на дзіва прыгожымі залацістымі валасамі.

Яна да вайны працавала інструктарам аднаго з мінскіх райкомаў, і хоць калісьці яны ведалі адзін другога мала, Туравец цяпер узрадаваўся сустрэчы з ёй так, быццам спаткаў вельмі дарагога друга.

Туравец ад яе даведаўся, што гарком пачаў працаваць сёння, што Малінін ужо тут, што прыехаў ён з Навабеліцы і прывёз з сабою каля дваццаці работнікаў.

Яны ехалі з Навабеліцы на трох машынах, на чацвёртай везлі розныя рэчы і харчы. Ехалі разам з войскамі. Дабірацца да Мінска было цяжка: на пераправах амаль усюды даўжэзныя чэргі, на дарогах цэлае разводдзе машын, вайсковай тэхнікі.

— Малінін выручыў усіх, — казала жанчына, увесь час усміхаючыся шырока, неяк па-дзіцячы ясна. — Каб не ён, мы яшчэ і цяпер недзе ў дарозе плылі б. Ой, цяжка было б нам без яго... Ну, а з ім — нам усе дарогі былі адкрыты. Ён жа ехаў у генеральскай форме. Як паявіцца дзе-небудзь з нашымі машынамі — усюды ў першую чаргу прапускаюць. Ды яшчэ чэсць аддаюць!..

Яна сказала, як знайсці Малініна. Убачыўшы Тураўца, Малінін, мімаволі зашпільваючы верхнія кручкі генеральскага кіцеля, падышоў да яго і моцна, па-сяброўску абняў.

— Даўно мы не бачыліся, Нічыпар! — ён выпусціў Тураўца з абдымкаў, і ў шэрых вачах пад густымі чорнымі брывамі заблішчала радасць: — Вось добра, што прыехаў! Работа тут цябе чакае! З самай раніцы... Дарэчы — я цябе не мог папярэдзіць — бюро рашыла даручыць табе аддзел кадраў гаркома...

— Крыху нечакана, — задумаўся Туравец. — А... калі за справы брацца?

— Ну, калі ж? Хіба можна такія пытанні задаваць?.. Зараз жа, таварыш загадчык аддзела кадраў...

І Малінін папрасіў Тураўца расказаць, якія людзі прыехалі з ім, дзе хто з іх добра можа працаваць.

— Сядай тут поруч і давай спіс. Возьмемся за справу!..

Прысеўшы за стол, накрыты сіняй маскіровачнай паперай, яны папярэдне памеркавалі, каго з партызан куды трэба паслаць.

— Як будзем, па адным выклікаць, ці... усіх папросім?

— Кліч усіх, Нічыпар Паўлавіч... Гэта ж іх і твая апошняя партызанская сустрэча і першае мірнае развітанне!.. Да таго ж няхай пабачаць, колькі для нас, камуністаў, тут у горадзе працы. Хай паглядзяць на сваё месца, адсюль, з гэтага КП...

— Так, ім карысна будзе пабыць тут разам... Зараз паклічу.

Партызаны, якія набліжаліся да дзвярэй гаварлівым натоўпам, уваходзячы ў пакой, адразу прыціхалі, стараліся не грукаць ботамі. Вітаючыся з Малініным, часцей за ўсё — па пачыну Шашуры — спачатку паваеннаму казыралі і толькі пасля таго, як сакратар працягваў руку, паціскалі яе «па-цывільнаму».

— Прашу сядаць, таварышы. Ды пабліжэй! — Малінін пазіраў, як партызаны, стукаючы, шоргаючы стуламі і табурэтамі, уладжваліся перад яго сталом і крыху далей, каля сцяны.— Усім хапіла месца, здаецца?.. Тады, каб не марнаваць часу, пачнем...

Так, гэта была яшчэ як бы партызанская сустрэча, што збоку амаль нічым не адрознівалася ад якой-небудзь нарады перад баявой аперацыяй. Партызаны яшчэ нярэдка, калі іх пытаўся Малінін, станавіліся смірна, адказвалі потка, залішне галосна. Але самі людзі і нават Туравец гэтага не заўважалі, — іх хвалявала і радавала іншае, нязвычнае, якое прымушала ўсіх, хто сядзеў у гэтым кабінеце, адчуваць сябе неяк асабліва, па-святочнаму, нават урачыста. Малінін кожнага распытваў пра даўнія мірныя спецыяльнасці, пра тое, што звычайна было недзе толькі ў памяці, у мінулым або хіба ў марах... А самае хвалюючае падыходзіла тады, калі сакратар гаркома гаварыў:

— Гарком рашыў вас накіраваць на працу...

І тады людзі проста, нібы ў казцы, перайначваліся: хто станавіўся дырэктарам электрастанцыі, школы, хто — начальнікам пашпартнага стала, хто — загадчыкам аддзела камунальнай гаспадаркі. Уставалі, калі сакратар гаркома выклікаў іх, партызанамі, а сядалі зноў на сваё месца «мірнымі» начальнікамі...

«Загадчык аддзела!— здзіўляўся Шашура.— Быў разведчыкам, а цяпер загадчык аддзела камунальнай гаспадаркі. І трэба ж, каб такую пасаду далі разведчыку!.. Эх, дарэчы,— схамянуўся падрыўнік, — трэба заўтра забегчы да яго, папрасіць хоць пакой. Дасць ці не дасць? Ліха яго ведае, якім ён сябе пакажа на гэтай новай пасадзе... Павінен даць, душа з яго!» — падрыўнік прыгадаў Аксінню, уявіў сябе з ёю ў гэтым будучым пакоі, — ад чаго ў грудзях яго прыемна пацяплела.

Потым неспакойнага падрыўніка захапіла праблема: а куды ж яго пашлюць! Слесарам, сталяром? На начальніка пашпартнага стала, ён, напрыклад, не падыдзе — вельмі вёрткі. Там трэба сядзець многа... Шашура такім спосабам перабраў некалькі пасад, як паклікалі да стала яго.

— Табе, Шашура, прыдзецца заняцца арганізацыяй харчавання, — сказаў яму Туравец, які сядзеў збоку ад Малініна. — Будзеш дырэктарам вялікай сталоўкі. Што табе трэба? Даць харчаванне рабочым, служачым. Справа вельмі пачэсная!.. Памяшканне...

Туравец глянуў на сакратара. Той устаў з-за стала і загаварыў да Шашуры:

— Памяшканне ёсць. Праўда, таварыш Шашура, трэба будзе яго падрамантаваць... Падабраць кухараў, афіцыянтак. Знайсці мэблю, пасуду, — мэблю можна, дарэчы, узяць у рэстаранах, якія тут працавалі... Там яна, кажуць, засталася... Прадукты — будуць, але першымі днямі, пакуль не наладзім падвоз, вы атрымаеце вельмі мала. З тых складаў, што ўдалося захапіць... Адным словам, патрэбна добрая гаспадарлівасць, ініцыятыва. Ну, вядома, і знаходлівасць партызанская!.. Так, так — знаходлівасць! Не здымайце яе з узбраення... Ну, вось усё. Задача, па-мойму, ясная? Ясная. Тады — астаноўка за вамі.

— Калі можна што-небудзь зрабіць, таварыш сакратар, за мной астаноўкі не будзе...

— Пабачым...

Так былы падрыўнік атрымаў першае мірнае заданне.



3...

Калі партызаны разышліся, Малінін правёў Тураўца і паказаў загадчыку аддзела кадраў яго «кабінет». Гэта быў даўгаваты пакойчык з адным акном, каля якога стаяў стол і два табурэты, а каля сцяны — зеленаватая нямецкая шафа. Пакойчык быў ужо чыста вымецены і нават памыты. Застаўшыся адзін, Туравец вышаў і хутка вярнуўся з рэчавым мяшком і курткаю.

Павесіўшы куртку на цвічок, а мяшок паклаўшы каля дзвярэй, ён падышоў да акна, паглядзеў на асветленую сонцам вуліцу, на пустыры з абодвух бакоў яе. Расчыніў акно...

Трэба пачынаць. З чаго? Ён ведаў, з чаго: гораду патрэбны і дырэктары заводаў, і інжынеры па электрычнасці, і добрыя фінансісты, і старшыні арцеляў, і клубныя работнікі. Дзесяткі важных устаноў і прадпрыемстваў чакаюць людзей...

Чакаюць. Але людзей гэтых пакуль — на бяду — мала. Вельмі мала. Амаль няма... Туравец пачуў, што ззаду расчыніліся дзверы, і азірнуўся.

— Выбачайце,— сказаў, уваходзячы, хударлявы, прыгожы, немалады чалавек. — Думаў, што нікога няма. Не пастукаў... Голуб, урач...

— Помню вас, таварыш Голуб. Добры дзень! Вы ў мяне — першы, самы пачэсны, значыць, госць...

Цяжка давялося «самаму пачэснаму госцю». Успомніўшы тое-сёе з Голубам, парадаваўшыся сустрэчы, даведаўшыся, дзе ўрач быў,— аказалася, у партызанскім шпіталі,— Туравец запытаўся:

— Значыцца, думаеце заняцца практыкай: лячыць вушныя хваробы і пісаць дысертацыю?

— Так-так, дысертацыю. Абавязкова. Мне ўжо даўно трэба было напісаць яе, ды, ведаеце самі — вайна...

— Так, дысертацыя — добрая справа,— падтрымаў Голуба Туравец. — Матэрыял цікавы, праўда?

— Многа цікавага накапілася. Тры гады як-ніяк...

— Вопыт, напэўна, вельмі каштоўны?

— Каштоўны!

— Гэта добра, вельмі добра!

І такім жа лагодным, зачараваным тонам раптам запытаўся:

— А ці не ўзяліся б вы, таварыш Голуб, — часова, вядома, — за такую справу: загадваць аддзелам аховы здароўя, а? Часова, паўтараю, на некалькі месяцаў... Вельмі патрэбная справа! А?

— Патрэбная, — згадзіўся ўрач.

— Вельмі патрэбная, — падхапіў Туравец, пераходзячы на той асобы прыяцельскі тон, у якім было і давер'е, і надзея, і пры якім субяседніку, як ведаў Туравец, цяжка станавілася адмаўляцца. — Нават — неабходная!

Голуб спахмурнеў, задумаўся і адказаў, як бы просячы выбачэння, што не можа ўзяцца за гэтую справу.

— Чаму?

— Не магу. Не спраўлюся.

— Вы не справіцеся? Я, прызнаюся, не веру ў гэта.

— Як гэта не верыце?

— Не веру, што вы не справіцеся! Адзінае, што я адчуваю з вашага адказу, будзем гаварыць шчыра: вы не хочаце мяняць сваіх планаў... так? — Туравец узняўся.— Я, Ціхан Сяргеевіч, разумею ваш настрой. Пісаць дысертацыю, аб якой столькі год думалі... Больш таго, я лічу, што вы маеце на гэта поўнае права. Але,— загаварыў неяк асабліва ўзрушана Туравец,— нам патрэбны людзі на некаторых, найбольш важных участках. Вы разумееце? Вельмі патрэбны, дазарэзу! У тым ліку і там, куды мы хочам вас паслаць. Там павінен быць сёння-заўтра чалавек, інакш сарвецца вельмі важная справа... Наладзіць медабслугоўванне трэба як мага хутчэй. Чым раней, тым лепш!.. У Мінску цяпер тысячы хворых і скалечаных, вы разумееце?..

Туравец неспакойна прайшоўся. Голуб падумаў пра Тураўца: які ўчэплівы! — крыху няўпэўнена прамовіў:

— Вы так гаворыце, быццам я абавязаны пайсці.

— Так, вы не памыліліся. Я лічу, што вы, Ціхан Сяргеевіч, абавязаны пайсці, — пераканана сказаў Туравец. — Калі вы адчуваеце, у якім становішчы горад — а вы адчуваеце гэта — і калі вы ведаеце важнасць вашай працы, вы павінны пайсці...

Голуб, нарэшце, згадзіўся. Хіба можна ўтрымацца перад логікай гэтых довадаў? А Туравец, расказаўшы Голубу пра яго абавязкі і развітваючыся, загаварыў інакш:

— Прыдзе час — будзеце пісаць. Што ж зробіш,— давядзецца пакуль пачакаць. А падшукаем іншага чалавека — адпусцім... Толькі ўмова, Ціхан Сяргеевіч,— да той пары працаваць па-сапраўднаму. Ніякай скідкі на тое, што мала вопыту ў кіраванні, не будзе. Не дадзім спуску!

— Ну, ды ўжо, калі ўзяўся... то колькі здолею!

У гэты час у пакой ступіў чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў. Ён быў вельмі запылены,— відаць, чалавек прышоў сюды проста з дарогі. Падарожны адразу накіраваўся да Тураўца.

— Міхалап, — адрэкамендаваўся ён, сочачы за выразам твару Тураўца: — помніць ці не?

Туравец успомніў, узрадавана, ад душы паціснуў руку.

— Які вецер занёс сюды?! З партызан? Не, ты нешта больш нібыта на ваеннага падобны...

— Ваенны. Са шпіталя паслалі ў распараджэнне ЦК КП(б) Беларусі, а адтуль — сюды... За наступаючымі войскамі, можна сказаць, з другім эшалонам. А ты?

— А я? Ат, што я! У лесе ўсё быў...

— Ну-ну, па-ранейшаму ўсё любіш скромнічаць?.. Ага, — успомніў Міхалап,— дарэчы кіламетраў восемдзесят падвёз твой сын...

Туравец узрушана пачаў распытваць, дзе гэта было і што сын расказваў, і якім здаўся ён Міхалапу ў вайсковых абставінах. Туравец быў вельмі шчаслівы, чуючы, што сына таварышы паважаюць...

Потым ён запытаўся, дзе давялося быць Міхалапу за гады вайны. Ён слухаў расказ пра гэта з захапленнем: слаўны шлях прайшоў зямляк: абараняў Севастопаль і Сталінград, вызваляў многія гарады. Біяграфія яго, Тураўца, у гады вайны куды бяднейшая...

Вось каму даручыць кіраваць вялікім, амаль дашчэнту зруйнаваным станказаводам, дзе патрэбен асабліва моцны чалавек. Такі, можна спадзявацца, наладзіць справу!.. Ён зайшоў да Малініна, каб параіцца з ім пра гэта, але сакратар захацеў сам пазнаёміцца з Міхалапам.

Аб чым гаварыў Малінін з Міхалапам, Туравец не чуў, бо яго чакалі наведвальнікі, і ён адразу вярнуўся ў свой пакой. Жанчына год трыццаці,— яна да вайны была настаўніцай біялогіі, — камечачы ў руках даўно паблеклы капялюшык, гаварыла няўпэўнена:

— Я да вас, таварыш, за парадай: што рабіць? Хутка верасень, а ў нас у школе ніводнай парты, ніводнага падручніка ці кнігі.

Тураўцу было радасна, што настаўніца непакоіцца пра тое ж, што і ён. Відаць, насумавалася па любімай справе, зачакалася!

— Так, верасень ужо блізка... Праляціць паўтара месяца — і зноў малыя натоўпамі, з кніжкамі, са сшыткамі паплывуць, як ручайкі ў рэкі, да школ. Зазвіняць званкі... Даўно, даўно я не чуў гэтых званкоў. Прыду першага верасня да школы, спецыяльна прыду, стану і буду слухаць званок!..

— Дык, значыцца, першага верасня... пачнецца?

— Абавязкова. Гарком зробіць усё, каб пачаць у час. Перадайце гэта ўсім настаўнікам... Скажыце, што нам — і дзецям — патрэбна ваша дапамога, настаўнікаў. Якая? Зараз скажу... У школах будзе пакуль, відаць, цяжка з падручнікамі: каб надрукаваць іх, патрэбен час. Адразу не надрукаваць тысячы, праўда?

— Праўда, — кіўнула настаўніца.

— Таму трэба наведаць вучняў і сабраць, у каго ўцалелі, кнігі... У хуткім часе будзем рабіць улік дзяцей школьнага ўзросту. Тут мы таксама папросім настаўнікаў...

— Ды я... ды мы — хоць сёння! — не ўтрывала настаўніца.

Голас яе задрыжаў: — Я столькі чакала гэтага!.. Аж не верыцца... што зноў усё...

Ашчасліўленая, яна раптам устала і пачала хутка развітвацца, быццам некуды спяшаючыся.

Пасля яе ўвайшоў стары мужчына, які пытаўся, куды пісаць, каб даведацца пра лёс сваіх сыноў... З якімі толькі пытаннямі ні прыходзілі ў гэтыя дні ў гарком!



4...

Наведвальнікаў больш не было. Толькі што пайшоў да сябе на завод запылены Міхалап: Малінін адобрыў выбар загадчыка аддзела кадраў.

Туравец прайшоўся па пакойчыку, заўважыў раптам свой мяшок з рэчамі, які яшчэ ляжаў каля дзвярэй, і, адчыніўшы пустую нямецкую шафу, паклаў яго туды.

Акно каля стала было адчынена, і ў пакой плыў цёплы летні вецер, з якім час-ад-часу ўрываўся то стук капыт, то гурчанне вайсковага грузавіка.

Прышла золатавалосая знаёмая, якую ён спаткаў тут першай. Пасміхваючыся па-дзіцячаму шырока, яна напомніла Тураўцу:

— Нічыпар Паўлавіч, пра масы ты не забыўся? Не? Не трэба адрывацца ад мас. Масы чакаюць вашага слова...

— Гэта я з прыемнасцю. Хоць зараз,— адказаў Туравец,— Толькі скажы, куды? Вядома, не на фабрыку і не ва ўстанову?.. Здагадваюся: мусіць, проста — на вуліцы?

— Ты адгадаў — проста там, дзе трапіцца дзесятак — два мінчан...

— Як у першыя дні рэвалюцыі! Ажывае гісторыя...

Так, яму трэба выступіць проста на вуліцы, там, дзе на той час збяруцца групкай людзі...

Перад тым, як пачаць выступленне, Туравец захацеў прайсціся па гораду. Ён ішоў па мінскіх вуліцах у вялікім журботна-гнеўным узрушэнні. Гарбы ўзелянелай бітай цэглы, пустыя вокны, бы сляпыя вочы, высачэзныя дзікія каміны — з гэтым нельга было памірыцца душою.

На вуліцах ціха і амаль пуста. Ён нецярпліва пазіраў на сустрэчных. Ці няма знаёмых? Але знаёмых не было відаць.

Ён зайшоў на Ленінскую — тут, побач з будынкам Камунбанка, які адной сцяной выходзіў на вуліцу Карла Маркса, Туравец жыў да вайны. Уцалелая скалечаная сцяна і балкончык,— балкончык з вазонам,— якія неяк выстаялі дасюль, быццам страшны помнік жонцы, раптам так ярка нагадалі няшчасны, паўзабыты дзень і яе аблічча, што грудзі Тураўца апаліла пякучым нясцерпным болем. Эх, Зося, Зося! Кварталы тры ён ішоў прыгорблены, невідушчы, з пякучым гэтым болем і сумам, з бурай нахлынуўшых успамінаў. Адзінай уцехай было яму тады толькі тое, што зямля, дзе яна жыла і дзе пахавана, ужо вольная.

Намагаючыся адолець сваё гора, ён стараўся сачыць за тым, што праходзіла перад вачыма. Горад быў страшэнна запушчаны і брудны. Нейкія абрыўкі паперы, бітае шкло, бутэлькі, розная дыхляціна, дрот — чаго тут толькі няма на бруку! Ледзь не на кожным кроку выбоіны, ямы. А калі толькі варухнецца вецер,— хмары пяску і пылу... Да чаго давялі, гады!

Ён прайшоў па Савецкай, спусціўся па Камсамольскай на Нямігу, дзе было бруду яшчэ больш, падаўся па вуліцы Мяснікова. Тут ён убачыў каля помпы, што стаяла ў тым месцы, дзе пачынаецца вуліца Розы Люксембург, доўгую чаргу людзей. У горадзе не працаваў водаправод...

А чаму яму не пачаць «размову з масамі» якраз тут? Тут — салдацкія маткі, заўтрашнія работніцы, служачыя, прадаўцы магазінаў, чыгуначнікі. Ён падышоў да чаргі.

— Ці не можна тут у вас напіцца?

— Ды чаму ж! Калі ласка... — яму падалі карэц з вадою; у тыя дні абавязкова быў у каго-небудзь каля калонкі корчык: часта падыходзілі напіцца байцы.

— Папіў — нібы паздаравеў... — ён атрос з гімнасцёркі некалькі пацерак — кропель вады.— Цэлая праблема — вады напіцца! Хто б падумаў... Не ведаю ўжо, як таму, каму на сям'ю патрэбна некалькі Бёдраў у дзень?

Жанчына, якая стаяла праз два чалавекі ад Тураўца, махнула рукою.

— Як? Вось так і стаім... Цэлымі гадзінамі стаяць прыходзіцца...

Другая панура адгукнулася:

— Гэта што, тут хоць дастаішся. А хлеба дзе, дзе дастанеш? Чацвёрты месяц хлеба амаль не бачу...

— Нічога, цяпер нашы прышлі — будзе ўсё.

Сівы чалавек, у заношанай салдацкай гімнасцёрцы, з чырвоным вядром, сказаў, што ўсё адразу не адновіцца — вунь якія руіны. Амаль усё прыдзецца пачынаць спачатку.

— Хутка многае зменіцца! — цвёрда загучаў голас Тураўца. Нічыпар Паўлавіч сказаў, што ўжо сёння пачынае працаваць хлебазавод «Аўтамат».

— Хлебазавод? Дык яго ж, мусіць, узарвалі?

— Спаліць хацелі гітлераўцы. Ды не вышла ў іх... Іх факельную каманду каля завода сустрэлі такім агнём, што яны — хто куды... Падпольшчыкі выратавалі, Валодзя Нядзельцаў з сябрамі.

— Якія малайцы!.. Дык, значыцца, цэлы. І хлеб будзе?

— Будзе.

Гэтая вестка хутка пайшла па чарзе, якая адразу захвалявалася.

— Хто гэта гаворыць? Адкуль ён тое ведае?

— Значыць, ведае.

Людзі пачалі акружаць Тураўца. Некалькі з іх пазнала ў гэтым нізенькім шчуплым чалавеку з густым плецівам чорных валасоў, з гарачымі вачыма былога сакратара суседняга райкома.

Усе з затоеным дыханнем слухалі пра тое, што будзе зроблена ў горадзе бліжэйшымі днямі. Перабівалі нецярпліва:

— А ці хутка пачне працаваць пошта... Ці можа ўжо цяпер дайсці сюды, скажам, з фронта пісьмо?..

— А ці зусім ужо размініравалі Дом Урада? І што — не ведаеце — рабіць з мінамі, якія валяюцца на агародзе? Як бы дзеці не падарваліся!..

— А дзе цяпер немцы? Ці далёка ад Мінска?

— Ці будзе можна дзе-небудзь купіць абутак? Босыя ходзім, аж сорам...

— А ці не ведаеце, дзе знайсці дзіцячага доктара?..

— Няўжо не злавілі гэтага гада Готберга? От, каб злавілі ды прывезлі сюды!

Некалькі чалавек пыталіся пра становішча на фронце. Адказаўшы тым, хто цікавіўся зменамі ў Мінску, Туравец пачаў падрабязна гаварыць пра самае хвалюючае — фронт. Там, на фронце, сыны, бацькі, браты, якіх чакаюць ужо тры гады. Весткі адтуль слухалі са слязамі радасці, як весткі ад блізкіх, і нібы падтрымку надзеі, што пракляты фашыст больш не вернецца.

— Многа працы наперадзе ў нас,— раптам перамяніў кірунак гаворкі Туравец,— многа. І самае галоўнае, прыдзецца рабіць усім нам разам... Усё залежыць ад нас, ад усіх.

— Ясна, што за нас ніхто не зробіць...

— Ды ці ж мы не хочам працаваць? Рукі просяцца самі да працы...

І пачаліся тут роспыты — куды ісці, што рабіць? Што рабіць швейніцы, якая да вайны на фабрыцы працавала? А куды пайсці трамвайшчыку? Ці хутка будзе аднаўляцца трамвай? А ці ёсць ужо работы слесару-сантэхніку. А што таму, у каго няма спецыяльнасці? «Я да вайны вучылася у восьмым класе». Туравец, адказваючы ім, адчуваў, што ім сапраўды вельмі хочацца працаваць...

З ім развіталіся, як з добрым другам.

— Дзякуй вам вялікае. Не забывайце нас, зноў заходзьце сюды... Сцежка вядомая!

— Проста сюды, да помпы!

— Дзякуй, зайду...

Туравец правёў яшчэ адзін такі збор-мітынг каля лістоўкі з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пра вызваленне Мінска, дзе сабралася два дзесяткі чалавек.

Ён вяртаўся назад весялейшым. Цяпер, калі ён ішоў па Савецкай ці па вуліцы Энгельса, ішоў нейкі радасны і нібы дужэйшы, жахлівая спусцеласць вуліц і руіны здаваліся не такімі страшнымі. «Думаеш, не падымемся! — сам сабе, у думках, заспрачаўся Туравец з тым, хто разбурыў і спаліў усё. — Не падымемся? Эх ты, гадаўё фашысцкае!..»

Спускаючыся ўніз, каля Дома Чырвонай Арміі, ён падумаў, што вось ужо і ўвайшоў у той чаканы мірны свет. Адразу.


Раздзел ІІІ


1...

Лейтэнант Клямт яшчэ па той бок Бярэзіны прыстаў да адной невялікай адступаючай часці, якая хутчэй нагадвала натоўп.

Трэба сказаць, што такіх часцей у немцаў тады было ўжо нямала. Знявераныя, дэмаралізаваныя, салдаты часта адставалі ад сваіх падраздзяленняў, стыхійна далучаліся да першага вайсковага натоўпу або паходнай кухні. Такія групы ўвесь час абрасталі новымі спадарожнікамі і гублялі іх пры кожным баі. Склад гэтых натоўпаў увесь час змяняўся, і цяпер у дывізіях часта былі не толькі салдаты, а і афіцэры з самых розных часцей, розных родаў зброі.

Але ў гітлераўцаў былі яшчэ і вельмі моцныя групы, добра ўзброеныя і дысцыплінаваныя. Па дарогах рушылі часамі цэлыя дывізіі амаль у поўным складзе.

Пасля здарэння ў лесе, калі Трэйдэ здрадзіў лейтэнанту і хацеў выдаць яго рускім, Клямт стаў адносіцца да сваіх спадарожнікаў недаверліва і насцярожана. Хоць ён трымаўся разам з групай, яму цяпер нярэдка прыходзілася душыць у сабе спакусу кінуць усіх і прабівацца аднаму.

Клямту ў гэтыя дні пашанцавала. Тады, калі ён ужо не мог ісці далей — былі да крыві сцёрты ногі,— яму пашчасціла выпадкова на ўзлессі натрапіць на вандроўнага каня. Клямт, хаваючыся за дрэвамі, непрыкметна падабраўся да яго і ўчапіўся ў рудую грыву. Калі лейтэнант праехаў некалькі кіламетраў, пяцёра салдат неспадзеўкі напалі на яго, намерваючыся сцягнуць на зямлю і адабраць каня.

Лейтэнанту ледзь удалося адбіцца. Каб не застацца зусім без каня, Клямт, добра разважыўшы, уступіў яго аднаму обер-лейтэнанту. Ехалі па чарзе.

На ўскраіне адной вёскі калону спынілі. Тут стваралі новую часць. Лейтэнант, патупаўшы, пацёршыся сярод незнаёмых, каторых затрымалі тут раней, нечакана спаткаў свайго ефрэйтара Келера, пра якога ўжо даўно, мусіць, дзён пяць, нічога не чуў і не ведаў. Ён чамусьці вельмі ўзрадаваўся спатканню з Келерам, і калі Клямту далі ўзвод, папрасіў, каб ефрэйтара накіравалі да яго. Як-ні-як, Келер быў смелы ваяка, і што там ні кажы, хоць і з «грашкамі», але ўсё ж «свой». Акрамя яго, ва ўзводзе не было ні аднаго знаёмага салдата.

Камандаваў часцю аднавокі, магутнага росту маёр. Сабраўшы афіцэраў у садзе, ён люта гаварыў, што трэба зараз жа, не шкадуючы нікога, устанавіць парадак і дысцыпліну, ён здаўся Клямту вельмі моцным і настойлівым чалавекам.

Пад вечар маёр загадаў прывесці ў роту, у якой знаходзіўся ўзвод Клямта, дэзерціра і пастроіць салдат. Ён сам выступіў перад строем, называючы ўцекача здраднікам і баязліўцам.

Салдаты слухалі панура. Скончыўшы прамову, маёр навёў сваё адзінае вока на Клямта і, павольна змерыўшы яго з галавы да ног, спакойна загадаў расстраляць уцекача. Лейтэнант казырнуў, падышоў да салдата, на хаду вымаючы з кабуры пісталет, і, амаль не цэлячыся, стрэліў у патыліцу. Салдат, ірвануўшыся напаследак, упаў тварам у зямлю. Клямт наском бота грэбліва пакратаў яго, памацаў пульс: уцякач быў мёртвы. Другой кулі не спатрэбілася. Аднавокі павярнуў сваё вялізнае цела да салдат і сказаў:

— Так я распраўлюся з кожным, хто не будзе выконваць мае загады.

Але падзея гэта, як заўважыў потым Клямт, не зрабіла таго ўражання, якога чакаў і на якое разлічваў маёр. Салдаты сталі толькі больш насцярожанымі і панурымі.

Увечары, кладучыся спаць у траве за агародамі, дзе яго ўзвод заняў пазіцыю, Клямт пачуў абрывак нечай гаворкі пра тое, што хлопца марна звялі.

— Усё-ткі ён, можа, і не вінаваты.

Клямт здзівіўся, як гэта можна шкадаваць здрадніка...

Келер, які сядзеў поруч, здымаючы нанач боты, буркнуў да Клямта:

— Які ён здраднік? Каму ён, лейтэнант, здрадзіў?.. Радзіме?.. А што Такое радзіма? — па тым, З якім прытоеным болем Келер гаварыў, адчувалася, што ён ужо многа думаў пра яе.

— Ты не ведаеш?

— Я, лейтэнант, пачынаю блытаць, што гэта такое...

— Глупства вярзеш...

— Глупства? Не, не глупства. Радзіма — гэта «фюрэр», так? Але я ў апошнія часы больш — прызнаюся — думаю пра маці і пра сястру. Маці любіць мяне і будзе шкадаваць, калі я тут выпручу ногі. А ён...— хоць Келер не назваў «яго», Клямт здагадаўся, аб кім размова.— Келер памаўчаў, стрымліваючы сябе, але не стрымаўся, рашуча скончыў:

— Здаецца, напляваць яму на мяне, калі ён кінуў мяне ў гэтую мясарубку і загадвае памерці... — зноў памаўчаў. — А маці хоча, каб я жыў. І я хачу жыць, разумееш, хачу жыць! Разам з ёю, з сястрою, спакойна...

— Але як ты, безгаловы, не цяміш: не будзе фюрэра — Германія загіне.

Келер адказаў раптам страшнае:

— Была яна і да фюрэра... — «Будзе і потым», як бы пачуў Клямт у далейшым маўчанні Келера.

«Вось дзе бяда!» — падумаў ён, гатовы накінуцца на Келера. Але ён не накінуўся, а, затаіўшы злосць, рашыў данесці. Сказаць, абавязкова сказаць маёру! Заўтра ж, як толькі выпадзе зручны выпадак, далажыць, — няхай гэты малавер, гэты здраднік, адкажа за ўсё! Заразу трэба вырываць з коранем.

Але выканаць гэта Клямту не ўдалося...

На другі дзень, ледзь толькі развіднелася, на роту, у якой быў Клямт з узводам і якая акурат ішла займаць новы рубеж абароны, наляцелі савецкія кавалерысты. Немцы, бязладна страляючы, бачачы, як хутка імчыць на іх, разрастаючыся, шырэючы, хваля коннікаў, пачалі разбягацца. Дарэмна Клямт спрабаваў камандаваць, яго ніхто не слухаў. Седзячы ў жыце, у якое ён управіўся ўбегчы і зашыцца, Клямт пасля бачыў, як некалькі кавалерыстаў, не злазячы з коней, вялі натоўп палонных. Яму ж удалося выратавацца.



4...

З гэтага дня ён пачаў прабівацца адзін. Клямту не вельмі хацелася ісці разам з кім-небудзь. У любы час — баяўся ён — спадарожнікі маглі яму здрадзіць.

Ён ішоў без дарог, проста цераз палі, па ўзлессях, цераз лугі, стараючыся, каб яго не прыкмецілі. Абыходзіў стараной вёскі, насцярожана аглядаючыся.

Ісці было цяжка. Даводзілася ўсяго аберагацца, быць гатовым да ўсяго. Ён не мог нідзе адчуваць сябе ў спакоі. Лясы здаваліся загадкавымі, чужымі, у іх прытоенай маўклівасці быццам хавалася штосьці пагрознае. За лясамі цягнуліся палі — таксама чужыя і варожыя. Але больш за ўсё Клямта непакоіў выгляд вёсак — асабліва небяспечных, ненавідзячых...

Ён пакутаваў ад тупога неадступнага болю ў жываце, бо амаль за двое сутак лейтэнант не з'еў і маленькага кавалачка хлеба. Прыходзілася спажываць толькі ягады, якія ён шукаў на ўзлесках і палянах, ды няспелыя зерні, адным словам, жыць «на падножным корме».

Надвячоркам ён пераплыў Бярэзіну і, пасядзеўшы гадзіны тры на беразе, пайшоў далей.

Ад цягучага адчування голаду, ад болю ў жываце, ён звярэў, напаўняўся шалёнай злосцю. Ён ад гэтага часам амаль забываўся пра тое, што трэба асцерагацца, і з дручком выбіраўся да дарогі. Прысеўшы дзе-небудзь у скрытным месцы, прагным позіркам сачыў за дарогаю, чакаў падарожных, спадзеючыся пажывіцца. Ён цяпер і сваім выглядам нагадваў разбойніка: твар яго аброс рудаватаю шчацінаю, вопратка і рукі былі брудныя. На адзенні віднеліся плямы закарэлай гліны, тарфяной гразі і рознага іншага бруду,— знакі бадзяжнага туляння.

На поплаве каля рэчкі ён убачыў хлопчыка, што пасвіў карову. «У яго ёсць, напэўна, хлеб». Клямт, хаваючыся за кустамі, непрыкметна падкраўся. Ён ужо намерыўся быў схапіць хлапчука за плячо, калі той, убачыўшы яго, спалохана ўскочыў і хацеў кінуцца наўцёк. У адзін скачок лейтэнант дагнаў яго і, ірвануўшы за плячо, кінуў на зямлю. Тады, абхапіўшы закарэлымі рукамі тонкую мяккую цёплую шыю, пачаў душыць, адчуваючы ціхую асалоду. Ён збоку быў падобны на драпежнага звера, які распраўляецца са слабай ахвярай. Сапраўды, гэта быў ужо не чалавек, а звер.

Калі хлапчук перастаў выпінацца і сціх, звер разняў цвёрдыя пальцы з доўгімі пазногцямі і пачаў прагна абшукваць кішэні. У іх не было ні крыхоткі!

Ён, стоячы на каленях, выпрастаўся і адчуў, як кружыцца галава. Азірнуўся, спадзеючыся ўбачыць поблізу торбу з харчамі, але ніякай торбы не было відаць.

Нечакана ён заўважыў, што да поплаву ідзе жанчына. У мутных вачах звера бліснула занепакоенасць,— ён адразу ўскочыў і адбег у кусты. Жанчына падышла да хлапчука і, убачыўшы мёртвага, закрычала:

— Сыночак! Сыночак!

Яна пачала будзіць яго, варушыць, не верачы сваім вачам, прыпала да яго, цалуючы і плачучы. Потым Клямт пачуў роспачнае галошанне:

— Зверы, нелюдзі! За што яны цябе, сыночак?! Сонейка ты маё яснае, зорачка ты мая адзінокая!..

На гэты лямант падышло яшчэ трое жанчын і адзін мужчына. Яны аб нечым пачалі раіцца, паказваючы ў той бок, дзе схаваўся Клямт. Потым адна жанчына пабегла некуды, напэўна, у вёску, можа, склікаць людзей. Мужчына і дзве іншыя жанчыны сталі абшукваць кусты.

Клямт адчуў, што справа становіцца небяспечнай, і, выскачыўшы з кустоў, пабег да лесу, але яго заўважылі і сталі крычаць услед пагрозы. Азіраючыся, Клямт бачыў, што мужчына, размахваючы дручком, кінуўся наўздагон за ім. Аднак, калі лейтэнант дабег да лесу, мужчына спыніўся. Ён, відаць, думаў, што Клямт не адзін.

Лейтэнант, не марнуючы часу, стараўся як мага хутчэй адыйсці ад гэтага месца.

Яму ўдалося выратавацца. Але становішча з цягам часу ўсё пагаршалася, — ён быў так знясілены ад голаду і стомы, што амаль страціў здольнасць ратавацца і баяцца. Ім апаноўвала абыякавасць да ўсяго.

Адзін раз, разумеючы, што няма іншага выхаду, як пайсці ў палон, ён наблізіўся да вёскі, намерваючыся аддацца на волю пераможцы, але яму насустрач папаліся жанчыны. Клямт у гэтыя дні больш за ўсё баяўся жанчын. Лейтэнанту здавалася, што ад іх яму няма чаго іншага чакаць, акрамя смерці.

На трэці дзень уранні ён натрапіў на поле бою. У бульбяніку, перакапаным выбухамі мін, між пасечанага і дзе-ні-дзе патаптанага бацвіння, валяліся трупы немцаў. Яго гэта спачатку прымусіла ўстрывожыцца, але трывогу адразу заглушыла радасць.

Можна пажывіцца! І праўда, аблазіўшы трупы, абшукаўшы кішэні, ён знайшоў некалькі яшчэ не чэрствых кавалкаў хлеба і дзве банкі кансерваў. Зняў па прывычцы з аднаго ефрэйтара залаты пярсцёнак. Калі ён трымаў у руцэ гэтую бліскучую рэч, у яго галаве праплыла цьмяная думка, што золата цяпер ужо не мае ніякай каштоўнасці. Якая карысць з яго?

Гэта напомніла аб багацці, да якога ён увесь час імкнуўся. Багацце?! Мары разбагацець у Расіі! Усё руйнуецца, ідзе к д'яблу!.. Ён, вылаяўшыся, размахнуўся, каб кінуць са злосцю пярсцёнак, але стрымаўся,— хоць і без якой-небудзь радасці паклаў яго ў кішэню.

Падсілкаваўшыся, ён стаў мацнейшым і пайшоў прутчэй.

Праз некалькі кіламетраў ён убачыў каля дарогі падрыхтаваныя да бою нямецкія кулямёты і гарматы з абслугай, а далей на ўзлеску — пад галлём — грузавікі, каля якіх хадзіла многа нямецкіх салдат. Спрактыкаваным вокам ён адзначыў, што тут сапраўдная дысцыплінаваная часць. Афіцэр даваў загад некалькім салдатам, і тыя стаялі, як свечкі, іншыя з кацялкамі спяшаліся да кухні...

«Фронт?! Няўжо я вышаў з акружэння?» — падумаў узрадавана Клямт і заспяшаўся да салдат, крычучы, каб яны не стралялі. Прышлося хутка расчаравацца: першы ж вартавы, затрымаўшы яго, сказаў, што гэта яшчэ не лінія фронта.

І ўсё ж выгляд такога войска падбадзёрыў яго. Ён даведаўся, што перад ім салдаты некалі грознай 78-й штурмавой дывізіі. Клямт многа чуў пра камандзіра дывізіі Траута, які лічыўся адным з самых баявых нямецкіх генералаў. Лейтэнант ажыў, — цяпер ён, напэўна, праб'ецца-такі да сваіх.



3...

4 ліпеня рэшткі цэлага рада гітлераўскіх дывізій — 78 штурмавой, 25 механізаванай, 260 пяхотнай, а таксама штаб 27 армейскага корпуса, сабраліся ў адным месцы, у двух дзесятках кіламетраў ад Мінска. У гэтай групе апынуўся і генерал Баумволь.

Часці гэтыя былі моцна пабіты ў нядаўніх баях. Нават у 78 штурмавой дывізіі засталося цяпер толькі каля чатырох тысяч чалавек разам з прыданым ёй разбітым палком з іншай часці. Ва ўсёй дывізіі мелася крыху больш за сто машын і чатыры гарматы. Амаль усю артылерыю, у тым ліку і самаходную, дывізія страціла.

Усё-ткі тры дывізіі, сабраныя разам, мелі немалую сілу — у іх было больш за пятнаццаць тысяч салдат і афіцэраў. Праўда, становішча групы пагоршвала тое, што ў яе бракавала гаручага і боепрыпасаў. Два дні назад нямецкія транспартныя самалёты скінулі ў раён размяшчэння корпуса некалькі бочак з гаручым, але яго не хапіла і для паловы тых машын, што яшчэ былі ў часцях.

Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Камандаванне групы войск абяцала прыслаць дапамогу, але гэта пакуль былі толькі абяцанкі. З кожным днём надзеі на дапамогу нават з паветра слабелі.

Трэба сказаць, што гэтая група была толькі часткай войск, якія цяпер сабраліся пад Мінскам. Акружаныя тут войскі займалі вялікі абшар, які працягваўся ад Волмы аж да Бярэзіны, — яго цяпер называлі «мінскім катлом». У «катле» апынуліся не толькі 4 армія, але і рэшткі яшчэ двух нямецкіх армій; колькасць іх дасягала амаль ста тысяч чалавек.

Гітлер перадаў па радыё сюды спецыяльны загад. ён загадваў акружаным навесці строгі парадак, устанавіць дысцыпліну і, не лічачыся з ахвярамі, прабівацца з акружэння на паўднёвы захад. Гэты загад і спрабаваў ажыццявіць Баумволь.

Пад Мінскам кіпелі ярасныя баі. Гітлераўцы не шкадавалі ні салдат, ні снарадаў, прагнучы, што б ні было, вырвацца з смяротнага «круга». Але ўсе іх спробы правальваліся, — атакі за атакамі, якія пачыналі немцы, толькі губілі мноства іх салдат...

4 ліпеня Баумволь распрацаваў падрабязны план вываду войск з акружэння. Дывізіі павінны былі абыйсці Мінск з паўднёвага ўсходу, за дваццаць — дваццаць пяць кіламетраў ад горада, і рушыць далей на Баранавічы, дзе, як гаварылася ў апошніх зводках, ішлі цяпер баі.

Аднак вырвацца Баумволю з усімі войскамі не ўдалося. Тады на наступны дзень, 5 ліпеня, Баумволь змяніў свой план, вырашыўшы прабірацца толькі з невялікай групай.

Ён прышоў да камандзіра корпуса і паведаміў пра сваё рашэнне. Генерал сказаў пры гэтым:

— Дывізіі павінны па-ранейшаму абараняць свае пазіцыі...

— Яволь. Я зраблю ўсё, што магу, каб мае дывізіі выканалі гэты апош... гм, гэты... пачэсны абавязак,— супакоіў яго камандзір корпуса.

У 11 гадзін ночы Баумволь сабраў генералаў, старшых афіцэраў і даў загад абараняцца да таго часу, пакуль толькі будзе магчыма.

— Памятайце, наша бацькаўшчына і фюрэр у гэты цяжкі час глядзяць на вас, мае салдаты, з надзеяй і верай. Яны заўсёды і ўсюды будуць з вамі...

Баумволь з групай, у якой было каля ста дваццаці афіцэраў і салдат, пачаў выпраўляцца ў дарогу. Даведаўшыся пра намер генерала, да яго хацелі далучыцца многія афіцэры і салдаты, але Баумволь ім не дазволіў:

— Я не магу ўзяць з сабою больш. Хто застанецца ў дывізіях, калі я ўсіх вазьму...

Перад выступленнем генерал прадбачліва зрэзаў з плеч пагоны, а са штаноў генеральскія лампасы.

Спачатку Баумволь вёў групу на поўдзень з тым, каб, прайшоўшы кіламетраў дванаццаць, павярнуць на захад.

Яны ішлі ціха, выбіраючы глухія дарогі. Пакінуўшы войскі, генерал адчуваў сябе крыху лягчэй,— не трэба было думаць, што рабіць з тымі многімі тысячамі. А думаць пра іх станавілася ўсё цяжэй. Хопіць клапаціцца аб усіх, надакучыла! Час падумаць пра сябе аднаго...

Ідзеш і не ведаеш, што з табою днём будзе, чаго — днём, невядома, што за гэтым полем. Эх, лёс генеральскі! Які гэта дурань выдумаў, што генералы паміраюць у пасцелі? Пабыў бы ён на маім месцы!

Генерал ішоў пеша. З тугою думаў пра зручны ўтульны «опель», які прышлося пакінуць у дывізіі. Колькі гэта генеральскім нагам прыйдзецца патупаць, пакуль яны атрымаюць права адпачыць?.. Час-адчасу Баумволь з непакоем пазіраў на неба, — чорт ведае, для чаго там выпаўз такі яркі месяц! Светла, быццам удзень...

Толькі на золаку месяц схаваўся. У гэты час, правяраючы маршрут на карце, генерал заўважыў, што група збілася з намечанага шляху. Заблудзіліся!

Прышлося ісці далей наўгад. Баумволь спадзяваўся, што ўраніцу ўдасца сарыептавацца і тады можна будзе выправіць памылку.

Але, як толькі развіднелася, гадзіне а пятай, з бліжняга пасёлка — гэта быў пасёлак Полеўцы — групу заўважылі. Па ёй адкрылі страляніну. Хавацца ці непрыкметна адыходзіць было позна...


Раздзел IV


1...

У Мінску жылі неспакойна. Хоць перадавыя часці, што вызвалілі горад, вялі наступленне ўжо далёка на захадзе, некаторым мінчанам становішча горада здавалася небяспечным. Іх трывожыла, што баі на ўсходзе, там, дзе кіпеў вялізны «мінскі кацёл», ішлі зусім блізка. Гітлераўцы, здавалася, імкнуліся вярнуцца ў горад. Трывога ў горадзе жыла яшчэ і таму, што войскі, якія трэцяга і чацвёртага ліпеня запаўнялі вуліцы, цяпер пакінулі іх. Яны пайшлі на захад, у горадзе застаўся толькі адзін полк.

Праз суткі пасля вызвалення на Мінск, які спакойна спаў пад сховай цёплай ночы, былі кінуты фашысцкія бамбардзіроўшчыкі. Самалёты ашалела бамбілі жылыя кварталы, разбуралі тое, што, дзякуючы хуткаму ўступленню нашых войск у Мінск, яшчэ ўцалела. Асабліва вялікія разбурэнні былі ў раёне Маскоўскай вуліцы, Заходняга моста і Таварнай станцыі.

Людзі, якія жылі каля чыгункі, перабіраліся ў цішэйшыя раёны. Многія на ноч зусім выходзілі за горад, дзе можна было б адчуваць сябе спакайней. Мацеры неслі на руках ці вялі дзяцей, амаль заўсёды людзі валаклі з сабой і каляскі з дамашнім набыткам, бо хто мог ведаць, што, вярнуўшыся, убачыць сваю хату цэлай.

Але за горадам таксама было трывожна. Там час-ад-часу паяўляліся групы немцаў, якія падыходзілі да ўскраін і нават пранікалі ў горад. Цішыню ночы яшчэ нярэдка будзілі чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак.

У адну ноч аўтаматная страляніна ўзнялася ў гарадскім парку. Па бліжніх да парку вуліцах паляцела трывожная вестка: «Немцы ў парку!» Хтосьці пусціў чуткі, што гітлераўцы наступаюць і занялі частку горада.

У парк сапраўды пранікла вандроўная групка варожых аўтаматчыкаў. Яна была неўзабаве акружана і разбіта.

У горадзе доўга не ўціхалі пажары. Да вогнішчаў, якія ўзнікалі пад фашысцкімі бамбардзіроўшчыкамі, далучаліся пажары ад выбухаў будынкаў, замініраваных гітлераўцамі пры ўцёку мінамі замаруджанага дзеяння. Адзін з такіх выбухаў разбурыў левае крыло Дома Чырвонай Арміі.

Дзе-ні-дзе яшчэ гарэлі будынкі, падпаленыя да 3 ліпеня, — іх не маглі тушыць: у горадзе было мала вады.

Дымы ўздымаліся ўгару то чорнымі кіпучымі, шалёнымі клубамі, то празрыстымі згасаючымі струменямі. На вуліцах тхнула горкім і едкім пахам гары.

Разбураныя будынкі ў многіх месцах завалілі вуліцы. Цэлыя горы сцэментаваных глыб, пакручаных, пакарэжаных вялізных бэлек і ўсялякага друзу перагароджвалі шлях машынам, якія вымушаны былі шукаць абходных дарог.

Таму першыя дні многім мінчанам давялося брацца не за які-небудзь іншы занятак, а расчышчаць вуліцы. З гэтага ў іх пачыналася новае жыццё...

4 ліпеня на адной з вуліц сярод жанчын і мужчын, якія расчышчалі завал, можна было бачыць Клаву Сняжко. Яна яшчэ не паправілася пасля ўсяго перажытага, пасля ранення, вельмі хутка стамлялася; даволі далёкая дарога ў Мінск, якую яна прайшла пазаўчора, таксама далася ёй у знакі.

Ляжаць бы ёй, ляжаць ціха, ды патроху правіцца дома, — але хіба магла Клава ў такія дні сядзець спакойна ў хаце! Да таго ж у хаце яе пякло горкае гора: тут усё напамінала пра нябожчыцу-маці.

Амаль палову мінулай ночы Клава не заплюшчвала вачэй, бо на горад прарываліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі; выгнаўшы з хаты, яна бачыла, як у небе бегаюць зялёныя нажы пражэктараў і рвуцца снарады зенітак...

А вось цяпер, паспаўшы гадзіны дзве і памыўшыся халоднай вадой, вышла на вуліцу. Яе пабудзілі Сяргей і Вася Крайко, які, зрабіўшы жартаўліва-важны выгляд, назваў сябе ўпаўнаважаным па расчыстцы вуліц.

— Ого, якая рэдкая прафесія! — мімаволі пакпіла з яго Клава.

— Цудоўная прафесія! Можаце не кпіць, ну, праўда — такой другой больш ніколі не будзе... Пры гэтым, улічыце, — мне дадзены асобыя правы... Я не проста ўпаўнаважаны, а спецыяльна ўпаўнаважаны, ясна?— І пачуўшы, што ўсё ясна, Вася папрасіў яе сабраць на працу людзей, якія жывуць па суседству.

Яна неўзабаве прывяла на завал шаснаццаць чалавек.

— Каманда прышла. Што загадаеце, таварыш упаўна... спецыяльна ўпаўнаважаны?..

— Узяцца за справу...

— Ёсць. Зараз пачнем...

Але працаваць ёй у гэты дзень амаль не давялося. Ледзь яна толькі падняла некалькі каменняў, як у яе закружылася галава.

Штохвіліны падымаць каменні станавілася ўсё цяжэй. І ўсё больш хіліла да зямлі — легчы, спачыць... «Не, не трэба пра гэта думаць. Не трэба паддавацца».

Але неўзабаве яна ўсё-ткі апусцілася на каменную глыбу. Калі б Клава не села, то, напэўна, упала б,— так было ёй млосна. Да яе падбеглі некалькі ўстрывожаных жанчын.

— Нічога. Нічога, усё пройдзе... — паспрабавала ўсміхнуцца яна. — Штосьці галава кружыцца. Мусіць, ад таго, што не выспалася.

Ёй прышлося вярнуцца дамоў. Легчы...



2...

Туравец зірнуў у твар капітана, які сядзеў за тым жа сталом, насупраць. У капітана рука была на бялюткай, яшчэ не запыленай, не заношанай марлевай касынцы: відаць, перавязку яму рабілі зусім нядаўна. Акрамя Тураўца і капітана, у пакоі нікога не было.

— Ёсць тут у мяне падпольшчыца, якая была разам з Нінаю ў адной камеры. Толькі яе вывезлі з турмы раней за Ніну... — сказаў Туравец.

— Хто гэта?

— Клава Сняжко... Яна вельмі добра ведае Ніну, гаворыць, што яны там — у камеры — нават пасябравалі. Але — я яе ўжо аб гэтым пытаўся — пра далейшы лёс Ніны, дружа мой, ёй нічога невядома. Гэта я табе адразу кажу. Не буду таіць... На адно ў мяне надзея, што яна можа знайсці людзей, якія сустракаліся з Нінай. Клава, здаецца мне, такая, што, калі толькі можна знайсці іх, то яна знойдзе...

— Ну, і што яна, — пакуль не знайшла?!— Аляксей прамовіў гэта зусім спакойна, але Туравец заўважыў, як складкі пры кончыках яго губ уздрыгнулі і напружыліся. «Хвалюецца».

— Пакуль не знайшла. Каб яна даведалася пра Ніну, то паведаміла б мне...

— Дзе яна жыве, ці працуе? — Туравец сказаў, што Клава жыве недалёка адсюль, на Лодачнай.

— У мяне на прыкмеце ёсць яшчэ некалькі чалавек, вызваленых з турмы. Можа, хто-небудзь з іх і знаёмы з Нінай... Як бы там ні было, пагавары з імі. Запішы, я табе скажу, дзе яны жывуць.

Аляксей запісаў прозвішчы і адрасы ў кніжачку, якая была ў яго планшэце, і адразу стаў развітвацца. Туравец, паціскаючы руку, запытаўся, дзе ён жыве, і паабяцаў, як толькі ўдасца што-небудзь даведацца пра Ніну, паведаміць яму пра гэта.

Аляксей, вышаўшы на ціхую ўзбярэжную Свіслачы, усцяж якой хіліліся над вадою сівыя ніклыя вербы, адразу накіраваўся на пошукі.

Ад Тураўца ён ужо ведаў аб тым, калі і для чаго пасылалі Ніну, што яна дабралася да гарадка, спаткалася з сувязнымі, пасля чаго пайшла назад у лес. Расказаў Туравец таксама, што Ніна выпадкова наскочыла на засаду і што яе адправілі ў турму ў Мінск...

Ён перш за ўсё рашыў пайсці да Клавы Сняжко. Але тут яго чакала няўдача. Калі ён падышоў да яе хаты, то ўбачыў на дзвярах замок, — жанчына з суседняга двара, вешаючы бялізну, сказала, што Клава пайшла, здаецца, уладжвацца на працу і невядома калі вернецца. Гэта было на другі дзень пасля таго здарэння з Клаваю.

Аляксею не хацелася сядзець і чакаць невядома колькі часу, і ён пайшоў амаль праз паўгорада па другому адрасу...

Доўгія пошукі Аляксея амаль нічога яму не далі,— толькі адна жанчына, якая папала ў турму ў часе аблавы, крыху ведала Ніну, — ляжалі неяк поруч, але Ніна пра сябе нічога не гаварыла, а неўзабаве іх разлучылі, — «і, што далей было з ёй, я не магу сказаць». Нягледзячы на няўдачы, Аляксей усё-ткі працягваў пошукі. Ён пабываў і на Камароўцы, і на Ляхаўцы, адхадзіўшы па пыльных вуліцах не менш за паўтара дзесятка кіламетраў.

Чым больш Аляксей хадзіў, тым больш яго апаноўвала трывога. Шукаючы знаёмых Ніны, пытаючыся пра яе, ён хутка зразумеў, што з тых, хто быў у турме ў апошнія дні, амаль ніхто не выратаваўся. Амаль пра ўсіх гэтых людзей, як і пра Ніну, ніхто не мог сказаць, дзе яны...

Ён можа спадзявацца толькі на тое, што Ніне пашанцавала больш за другіх, што ёй выпала нейкае асобае, для яе адной, шчасце. Тая шчаслівая выпадковасць, якая гэтак рэдка бывае ў жыцці...

Позні вечар, цемра, якая ахутала прыціхлыя, неасветленыя вуліцы, прымусілі яго прыпыніць пошукі. Аляксей, натомлены за дзень, намерыўся падацца дамоў, як прыгадаў — не ў першы раз — словы Тураўца пра Клаву Сняжко. Няўжо яе і цяпер няма дома? Як бы там ні было, трэба зайсці да яе, трэба абавязкова ўбачыць яе. Яна ж была разам з Нінаю, бачыла яе яшчэ зусім нядаўна; яшчэ можа сёння здолела ўведаць што-небудзь ад іншых...

Увайшоўшы на Клавін двор, Аляксей заўважыў у адным акне цьмяную палоску святла, якое сеялася праз не зусім шчыльна прыкрытую маскіроўкай шыбу. Ён пастукаў у дзверы і пачуў мужчынскі голас у адказ: «Заходзьце». У пакоі, які быў асветлены цьмяным святлом ад мігалкі, што стаяла на стале, Аляксей убачыў невысокую, круглатварую дзяўчыну. Яна ішла насустрач. За сталом стаяў хлопец з карабінам — можа, брат,— ён, відаць, збіраўся некуды ісці. Аляксей прывітаўся.

— Выбачайце, што так позна турбую... Мне сказалі, што тут жыве Клава Сняжко.

— Так. Гэта я... А па якой вы справе? — Клава здзіўлена зірнула на незнаёмага капітана. Хто ён? Яна, здаецца, яго раней не бачыла.

— Я — Лагуновіч.

— Аляксей?! — вырвалася ў яе.

Дужкі-бровы яе раптам узляцелі. Яна на нейкі міг разгубілася і як бы спалохалася яго, і гэта прымусіла Аляксея насцеражыцца. Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, ён адчуў нядобрае.

— Мне Нічыпар Паўлавіч сказаў, што вы былі разам з Нінаю...

— Так, была... Але чаго мы стаім тут, — схамянулася Клава. Яна падышла да сценкі, дзе стаялі два табурэты: — Сядайце...

Але ні ён, ні яна не селі.

Аляксей заўважыў, што дзяўчыну, хоць яна цяпер і стараецца хаваць гэта, штосьці вельмі непакоіць. Пальцы яе нервова прабеглі па гузіках жакеткі, паправілі за ражкі касынку.

Аляксей моўчкі чакаў. У адрозненне ад Клавы ён здаваўся спакойным.

— Няма яе,— пачуў неспадзявана ён амаль шэпт, амаль стогн. — Няма...

«Каго, Ніны?» — хацелася запытацца Аляксею, але ён маўчаў. У яго ў грудзях адразу ўсё пахаладзела.

— Загінула яна... Пад ранне забралі яе... павезлі за горад...

Тады толькі ён змог раскрыць рот. Але якім дзіўным, незнаёмым здаўся яму свой голас:

— Хто гэта сказаў?

— Красуцкая. Яна бачыла, як Ніну выводзілі... А аб іншым хваліўся пасля паліцай...

У тую хвіліну ў яго было толькі адно адчуванне — страшны холад у грудзях, які рабіў яго як бы нямым. У галаве застыла думка: «Ніну... расстралялі!», вялікая, дзіўная, нерухомая.

— Яе забралі ўночы, перад раннем... — стрымліваючы плач, але з рашучасцю чалавека, які наважыўся на ўсё, паўтарыла Клава.

«Каго, куды забралі... — няўцямна падумаў ён.— Ах, гэта пра Ніну... Ніну забралі... Яго Ніну, — не адразу ён дайшоў да сэнсу. — Ніну расстралялі, яго Ніну!!»

— Перад раннем?

— Красуцкая сказала, што было ўжо далёка за поўнач, як пачалі выклікаць іх. Узялі тады, акрамя Ніны, яшчэ пяць чалавек. З адной камеры... Потым яна чула, як на двары шумелі машыны.

Аляксей, ссутулены, нібы аглушаны, раптам зварухнуўся: «Самому бачыць гэтую жанчыну, самому распытацца пра ўсё!»

Ён кінуў на Клаву хуткі позірк:

— Вы можаце паказаць, дзе яна?

— Хто?

— Красуцкая.

Клава адказала, што можа. Сказаўшы «дабранач» хлопцу з вінтоўкай, якога Аляксей увесь гэты час быццам не бачыў, ён вышаў з хаты...

Красуцкая жыла на Грушаўскім пасёлку. Калі Клава падвяла Аляксея да кватэры Красуцкай, у вокнах была цішыня і цемра. Але ў хаце, відаць, не спалі, бо адразу, ледзь Клава пастукала ў шыбу, адтуль пачулася: «Хто там?»

Упусціўшы Клаву і Аляксея, у пакоі запалілі святло. Красуцкая ляжала на ложку, накрыўшыся да шыі коўдрай.

— Гэта — Аляксей, Нінін муж,— пазнаёміла Клава жанчыну з капітанам.

— Самі прышлі...— сказала жанчына, калі Аляксей і Клава прыселі на канапу каля ложка. — А я абяцала Нінцы, ды так яшчэ і не спраўдзіла слова. Адбілі гады ўсё ў сярэдзіне, устаць не магу... Адбілі, а тады ўжо выпусцілі, мусіць, спадзяваліся, што ўсё роўна нядоўга ўжо. Ох!.. Ледзь дахаты дацягнулася... А Нінка...

Яна заплюшчыла вочы і сціхла. Аляксею здалося, што яна стрымліваецца, шкадуючы яго, думае, ці пра ўсё казаць. Ён папрасіў:

— Гаварыце пра ўсё. Пра ўсё расказвайце... Я хачу ўсё ведаць.



3...

«Яе забілі... Пад раніцу забілі яе... Казалі — яна спрабавала ўцячы, выратавацца, але не ўдалося. Чарга з аўтамата насцігла...»

Цяпер, ідучы па маўклівых вуліцах адзін-адным, ён пачынаў усё глыбей адчуваць сэнс таго, што яму сказалі. Ён і да гэтага гараваў, але толькі цяпер, калі Аляксей успамінаў размову з Красуцкай, нібы абуджаючыся, ён адчуў усю нязменную трагічнасць пачутай весткі.

«Яе няма! Ніны няма!!» Той, каго больш за ўсё ён хацеў бачыць, няма. Няма і ніколі ўжо не будзе.

Ніколі ўжо не ўбачыць ён яе любых, нібы зацягнутых смугою, вачэй, не пачуе яе голасу, не адчуе поціску яе рук. Ніколі больш яна не скажа тых слоў, якія некалі гаварыла і аб якіх ён марыў, ірвучыся сюды. Ніколі, ніколі...

Яна заўсёды жыла ў ім, поўніла і яго душу, і яго свет думкамі, радасцямі, трывогамі. Цяпер яе няма. І думак тых і трывог няма.

Пуста, пуста... Усё, што было навокал, таксама здавалася на той час апусцелым.

З пачуццём незвычайнай адзіноты хадзіў ён па гораду, па цёмных, маўклівых вуліцах і завулках, якіх ён не пазнаваў. Былой стомы і слабасці цяпер як не было. Нешта вялікае, горкае і моцнае штурхала і штурхала яго нямаведама куды, невядома для чаго, не даючы прыпынку.

Праходзячы па вуліцы, ён у адным акне пачуў песню, якую выспеўвалі ні то патэфон, ні то радыё, і амаль адначасова да яго данёсся вясёлы смех. Гэты смех так уразіў яго, што Аляксей спыніўся.

Як яны могуць весяліцца! У гэты вечар, калі ўсё, здаецца, гатова крычаць аб горы, на вуліцах, дзе яшчэ быццам чуваць рэха крокаў забойцаў. Яшчэ не паспела астыць на каменні тут кроў, — а яны смяюцца!

Але Аляксей стрымаўся. Не сказаўшы нічога, пабрыў далей. «Адны радуюцца, адным пашанцавала, а Ніны — няма!..» — падумаў ён неспадзявана з крыўдай. Чаму ёй не пашанцавала дажыць? Чаму ім не выпала шчасце дачакацца сустрэчы?.. Услед за гэтай думкай узнікла другая, разважлівая: хіба толькі ў яго гэтакае гора? Хіба толькі з Нінаю адною такое здарылася? Аднак сэрца не хацела слухаць нічога. У ім было адно: Ніны няма...

«Яна прасіла, каб думалі пра яе без смутку». Хіба ж можна не смуткаваць? Любая, любая... «Прасіла, каб не плакалі па ёй...» Як жа не плакаць? Як жа трываць, калі сэрца не слухае, заходзіцца з болю! Сэрца плача!..

Эх, чаму ён цяпер не са сваімі таварышамі, чаму не ў дарозе, не перад атакай? Там было б лепш...

На Нямізе яго затрымаў вайсковы патруль. Старшы нарада, пасвяціўшы ліхтарыкам і назваўшы сябе, папрасіў дакументы.

— Што з вамі, таварыш капітан? — сказаў адзін з патрульных, — твар у вас — як зямля. Ад раны? Баліць?

— Ды не, нічога... Колькі часу? — запытаўся глуха капітан.

— Без дзесяці тры...

Ён здзівіўся: так многа! Трэба ісці дамоў, там, мусіць, чакаюць. Адышоўшы крыху ад патрульных, Аляксей зноў прыгадаў апошняе пытанне патрульнага: «ад раны?», — усміхнуўся горка і раптам падабраўся.

«Што ж я раскіс? Не, нельга так».

Ён павольна, стомленай хадою пайшоў у бок дому. Падумаў заклапочана: як і калі ён раскажа маці пра гора, каб яна лягчэй перажыла? «Трэба дапамагчы ёй, падтрымаць трэба старую...»

Разам з гэтым ён згадаў другое аблічча, самае любае і самае дарагое цяпер у яго жыцці. У грудзях Аляксея — упершыню за той вечар — зацяплела ціхая, вялікая пяшчота. Люда, маленькая яго дачушка... Яго і Ніны...

«Як жа я мог забыцца пра яе?»


Раздзел V


1...

Каля Мінска яшчэ ішлі баі з акружанымі варожымі групамі. Удзень і ўночы над палямі і лясамі чуліся выбухі снарадаў і аўтаматная страляніна.

Яны гучалі і каля Паплавоў, ад якіх вайна ўсё нібы не хацела адыходзіць.

Учора ў Паплавах быў бой. Немцаў выгналі з сяла, але яны трымаліся яшчэ недалёка.

У сяле было трывожна. Шабуніха, якая толькі пераначавала на родным месцы, вярнуўшыся з балотнай сваёй сховы, старалася глушыць неспакой, што наганялі блізкія, стрэлы. Ёй не хацелася верыць, што можа зноў перамяніцца ўсё на горшае. Колькі ж можна бадзяцца ды хавацца?..

Яна ад самага ранку корпалася на агародзе, палола грады. Сядзець без справы Аўдоцця не магла: усё сваё жыццё яна прывыкла быць у вечным клопаце. У гэтым клопаце яна цяпер шукала сваё супакаенне.

Поруч з ёю былі і яе дзеці. Волечка старалася памагчы маці, таксама палола грады, а Валодзька драмаў пад грушкаю. Шабуніха знарок трымала дзяцей пры сабе,— час неспакойны...

Недалёка ад Паплавоў, на адной з дарог, што ішла з «мінскага катла», у гэты дзень быў Юрый Туравец.

Тут зранку было на дзіва ціха. У неглыбокіх акопах, наспех выкапаных пры дарозе, дзяжурылі толькі назіральнікі, іншыя спакойна займаліся сабе рознымі справамі. Чарнавокі, звычайна рухавы Шарыфутдзінаў, седзячы ўскрай акопа, заклапочана вырэзваў вострым канцом нажа на кацялку крыху ніжэй таго месца, дзе ўжо значылася яго прозвішча, месяц і год нараджэння.

Юрый перабіраў рэчы ў мяшку, вытрасаючы адтуль розную труху.

— Слухай, ты тут пакуль пабудзь за мяне, — сказаў ён пазней Шарыфутдзінаву, завязваючы мяшок.— Я хачу адлучыцца...

— Да землякоў, канешне? — Вочы ефрэйтара хітравата смяяліся.

— Да іх... — Юрый устаў, пацягнуўся, санліва пазіраючы на маўклівыя, рэдкія кусты, дзе былі агнявыя пазіцыі артылерыйскай батарэі. Гарматы стаялі з апушчанымі стваламі, прыкрытыя павялымі галінкамі маскіроўкі. На адным з дрэваў сядзеў прытоены артылерыст-назіральнік.

«Як дзяцел», — падумаў Юрый і накіраваўся ў другі бок, дзе размясцілася рота «землякоў» — партызаны з той самай брыгады, у якой быў камісарам бацька. Юрыя сюды цягнула, як у родную сям'ю, — хоць тут зараз не было ні бацькі, ні нават Басі Крайко. Ён тут прападаў увесь вольны час.

Ляхора і яшчэ двое хлопцаў ляжалі на зялёным узмежку і гаманілі. Побач з імі некалькі партызан гулялі ў карты, стараючыся трымацца ў ценю ад маладзенькай бярозкі-адзіночкі.

Каля ігракоў, сочачы і нярэдка ёрзаючы ад нецярплівасці, калі стваралася вострая сітуацыя, сядзеў Андрэй Шабунёк.

— А, Юрка! — заўважыў першы Ляхора. — Давай, прызямляйся!..

Гаворка ў хлопцаў, відаць, ішла сур'ёзная,— хлопец з наіўным, па-дзявочы мяккім тварам турбаваўся:

— Вызвалім яе, а далей?..

Ляхора павярнуўся да хлопца.

— Што — далей?

— Зноў, глядзі, гэтыя вашы, як іх — буржуі ці што, вернуцца...

Юрый здагадаўся, што размова ідзе пра Чэхаславакію. Ён ужо аднойчы заўважыў, што Ляхору тут лічаць як бы адказным за ўсё, што датычыцца лёсу Чэхіі.

-— Па-першае, буржуеў можаш сабе забраць, — адказаў Ляхора з той грубаватай прастатой, якая перадалася ад хлопцаў. — Яны мае такія ж, як і твае... А па-другое, па-старому цяпер не будзе. Будзе інакш. Расчысцім паветра, ясна...

— Даўно пара!— заявіў Юрый.

Да сержанта падбег баец і перадаў, што яго выклікае Праворны.

— Я, напэўна, хутка вярнуся... — кінуў Юрый, устаючы і атрэсваючы са штаноў зямлю.

Але ён не вярнуўся. Калі сержант падышоў да Праворнага, той сказаў, што зараз званіў Паўлоўскі і паведаміў, што сюды набліжаецца калона гітлераўцаў.

— Так што скажы сваім, каб былі напагатове. Можа быць цёплая справа... — Малодшы лейтэнант чамусьці ніколі не гаварыў «гарачы бой» ці «гарачая справа».

Юрый, які адразу стаў хуткім, прыбегшы ў аддзяленне, крыкнуў сваім байцам падрыхтавацца да бою, праверыў, ці ўсе на месцах.

На батарэі артылерысты выгуквалі каманды; наводчыкі стаялі наўколенцах каля панарам, жорлы гармат цікавалі яшчэ нябачную цэль.

Юрый, звёўшы чорныя бровы, углядваўся ўдалеч, дзе дарога ўзыходзіла на пагорак. Адсюль да самага таго пагорка цягнулася поле, маўклівае, спякотнае, на якім ціха варушыліся жыты. Поблізу расла паласа даспелага ячменю. Недзе ў ячмені, быццам папярэджваючы пра надыход бою, трывожна затуркала перапёлка.

Колькі там іх? Юрый ведаў, што ў «катле» ёсць вялікія і вельмі моцныя групы; баючыся страшнага для іх акружэння, ірвучыся да сваіх, яны могуць біцца ашалела, з упартасцю смяротнікаў...

Раптам Юрый убачыў у полі непадалёк двух чалавек. Яны вышлі з-за ляска, дзе была вёска, і цяпер ні то гуляючы, ні то аглядваючы поле, брылі ў жыце. У адной постаці лёгка было пазнаць жанчыну, — яна ішла спакойна і, здаецца, слухала мужчыну, які, размахваючы рукамі, штосьці гаварыў і паказваў...

Хто гэта? Не падобна, каб гэта былі пераапранутыя немцы, бо людзі ішлі вельмі ж ужо бестрывожна ды і з боку Паплавоў, дзе былі нашы байцы. Але чаго гэтыя дзве постаці вышлі ў поле ў такі час?

Юрый загадаў Шарыфутдзінаву даставіць іх сюды.

— Чаго ходзіш тут, чалавек — галава, два вухі?!— накінуўся салдат на Жывіцу. Ён ці зрабіў выгляд, што не пазнае «старшыню», ці і сапраўды не пазнаў. — Страляць будзем тут!

Не даўшы Жывіцы слова сказаць, Шарыфутдзінаў загадаў ісці следам. Як толькі незнаёмыя, — цяпер было ясна, што гэта свае, мабыць, з Паплавоў, — былі прыведзены, сержант, не распытваючыся ні аб чым, паслаў іх з Шарыфутдзінавым да Праворнага.

Каля Праворнага, які праціраў вочка бінокля, быў якраз камандзір партызан Дрозд і яго сувязны, малы Шабунёк.

Тут адбылося незвычайнае. Не ўправіўся Шарыфутдзінаў нават пачаць дакладваць камандзіру пра затрыманых, калі сувязны, узрадавана крыкнуўшы: «мамка!», забыўшыся пра сваю дарослую паважнасць, кінуўся да жанчыны. Тая моўчкі, але пяшчотна прыгарнула малога да сябе.

Дрозд, здзіўлена маргаючы выцвілымі вейкамі, утаропіўся ў твар мужчыны:

— Ты — Жывіца? Адкуль ты зваліўся сюды?..

— Не зваліўся, сусед, а прыкаціўся... — узрадавана адказаў Жывіца.

— Хутка ж ты!.. І ўжо на поле? Ах ты, неспакойная твая душа. Ты ж мог у лапы да гітлераўцаў трапіць, ды яшчэ — чорт ты гэтакі!— Аўдоццю завесці.

— Я трапіў бы? Я іх, братачка, за пяць вёрст чую!..

— Бач, які самаўпэўнены, малодшы лейтэнант?

— Такі не трапіць!— заклапочана прамовіў Праворны, сочачы за полем. — Шарыфутдзінаў, можаш ісці назад...

— Ты ведаеш, жыта і ячмень выдаліся нядрэнныя,— адгукнуўся Жывіца.— Вельмі нядрэнныя, сказаць, выраслі. А бульба — гэтая падгуляла. Падгуляла, сусед... Зямля збяднела, карміць яе трэба...

— Трэба!..

Праворны азірнуўся на Дразда і прамовіў ціха:

— Паявіліся!..



2...

Юрый таксама ўбачыў гітлераўцаў — доўгая шэрая калона, узбіваючы хмару пылу, паволі выпаўзала на пагорак. Наперадзе, выставіўшы, нібы шчупальцы, ствалы гармат, асцярожліва сунуліся танк і дзве самаходкі.

Калі яны падышлі блізка, у кустах, зіхнуўшы языкамі-полымем, ударылі гарматы, — абедзве самаходкі некалькімі трапнымі стрэламі былі падбіты. Танк хутка збочыў і пачаў, манеўруючы, часта страляць з гарматы.

Тады калона на полі стала распаўзацца ўшыр, загаварылі нявідныя адсюль нямецкія гарматы і мінамёты. Яны найбольш абстрэльвалі батарэю, каля якой цяпер увесь час не сціхаў грукат.

Калона ішла проста па полі, мнучы і топчучы збажыну. З-за пагорка выпаўзлі яшчэ некалькі танкаў, за якімі варушыліся густыя рады і купкі пехацінцаў, ледзьве бачных у жыце. «Адкуль іх столькі сабралася!» — падумаў здзіўлена і ўстрывожана Юрый. Шарыфутдзінаў штосьці сказаў, але Юрый не разабраў тых слоў, і казах паўтарыў у другі раз:

— Як саранча, кажу... Яны — як саранча!.. Паўзуць. Многа.

Там, каля ўзгорка, было, напэўна, разы ў два больш, як нашых.

— Нічога, мы ўжо бачылі такіх, — Юрый сказаў з ноткай пагарды і знарок спакойна.

— Бачылі! С-саранча...

Юрыю ўжо не раз даводзілася біць гітлераўцаў і бачыць, як яны — няхай часам пасля вялікага бою — уздымаюць паслухмяна рукі. Спрактыкаваным вокам франтавіка Юрый заўважыў, што ў тых, хто хацеў прарвацца, цяпер было менш, як калі-небудзь раней, парадку і зладжанасці...

Аднак ён адчуў, што справіцца з такою сілай будзе нялёгка. Вельмі ж багата іх тут. Ды і, акрамя таго, лезуць яны вельмі настырна, быццам ашалелыя. Напралом пруць...

Юрый махнуў кулямётчыку:

— Давай!..

Ён мільгам зірнуў у бок бранябойшчыка. Цэлы, страляе. Стаў пазіраць туды, куды б'е кулямётчык: гітлераўцы беглі насустрач. Падалі — адны назаўсёды, другія, каб перадыхнуць: праз хвіліну яны зноў уздымаліся і беглі... Падалі і беглі.

На полі дымела ўжо некалькі машын, было там нямала параненых і забітых, але постаці ў зялёных мундзірах па-ранейшаму ірваліся наперад... Тры танкі, да паловы схаваныя жытам, віляючы, б'ючы з кулямётаў, беглі хутка на акопы ўзвода Праворнага.

— Гранаты!.. Адбіваць танкі!.. — крыкнуў Юрый, голас якога патануў у грукаце. Ён выцягнуў з гранаты вусікі чакі, сціснуў колькі сілы пальцамі ручку.

Але адзін з танкаў ужо замёр, прашыты навылёт у вежу артылерыйскімі снарадамі, а хутка нехта — ці артылерысты, ці, можа, хто-небудзь з бранябойшчыкаў — спаліў і другі. Куля ці снарад папалі, напэўна, у бак з гаручым, бо над танкам адразу высока выбухнуў клуб дыму... Трэці танк, які крыху адстаў, хаваючыся за дымам, адстрэльваючыся, не разварочваючыся, пачаў адступаць назад...

Потым з боку немцаў пачаўся шалёны абстрэл з гармат. Адзін снарад упаў на край суседняга з Юрыем акопа, пасекшы ўшчэнт байца-астраханца, які сядзеў там. «Вось бязглузда — калі загіну цяпер», — падумаў мімаволі сержант. Яму на нейкую хвіліну ўспомніўся Вася Крайко, размова з ім пра бацьку і тая надзея хутка ўбачыцца з бацькам, з якой Юрый жыў гэтыя два дні... Не, не, яны абавязкова пабачацца!..

Праз некаторы час сюды падышло некалькі «кацюш». Калі снарады «кацюш» пачалі з грукатам ірвацца ў радах гітлераўцаў, націск іх прыкметна паслабеў. Дзе-ні-дзе салдаты сталі разбягацца. Пасля трох — чатырох залпаў «кацюш» над жытам пачалі з'яўляцца першыя шматкі белых тканін.

— Спыніць агонь! Спыніць! — пачуў Юрый голас Праворнага, заўважыўшы, што «кацюшы» і гарматы ўжо сціхлі. Азірнуўшыся на ўзводнага, Юрый убачыў, што малодшы лейтэнант, устаўшы ў поўны рост, зграбны, стомлены, выцірае пілоткай спатнелы твар. Каля Праворнага быў сувязны ад камандзіра роты, які штосьці гаварыў.

— Другое і трэцяе аддзяленні — да мяне!.. Пойдзем браць фашыста ў палон!..

Юрый загадаў сваім байцам, каб перасталі страляць. Яго аддзяленне павінна было застацца пакуль тут. «На ўсякі выпадак», — як сказаў малодшы лейтэнант.

Гукнуўшы на дапамогу Шарыфутдзінава, Юрый разам з ім выцягнуў з акопа забітага байца. Трэба было пахаваць яго.

— Чаму яны стралялі? — ні то пытаўся, ні то разважаў сам з сабою Шарыфутдзінаў, робячы даўжэйшым акоп, у якім быў забіты баец. — Ім трэба было здавацца, а яны — стралялі! Навошта яны стралялі,— бескарысна стралялі?..

Так, біліся яны бескарысна. Азірнуўшыся на поле, Юрый бачыў, як гурты немцаў, узняўшы рукі, паспешліва выбіраюцца на дарогу, як пехацінцы і яго «землякі» прачосваюць жыта, абяззбройваючы тых, хто хацеў схавацца. На дарозе расла гара трафейнай зброі, якая цяпер не магла ўжо нікому пагражаць, а побач з ёй пакорліва ціснуўся натоўп палонных.

Ён хутка павялічваўся...



3...

Сустрэча Баумволя з рускімі каля пасёлка была трагічнай для генерала. Адразу, ледзь толькі група завязала бой, генерал з некалькімі афіцэрамі аддзяліўся ад яе, аднак уцячы непрыкметна не ўдалося: Баумволя і яго паплечнікаў неўзабаве акружылі, і генералу, хочаш не хочаш, прышлося падняць рукі.

Апоўдні Баумволя прывялі да камандзіра гвардзейскай дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка.

Шчарбацюк сядзеў за сталом. Ён дазволіў генералу сесці на сялянскі ўслон па другі бок стала, запытаўся:

— Як генерал адчувае сябе?

Баумволь хвіліну маўчаў, як бы ў роздуме, потым расшчапіў губы і панура прамармытаў, што вельмі стаміўся. Апошнімі начамі яму даводзілася мала спаць, — ён цяпер пакутуе ад моцнага галаўнога болю. Баумволь пакутліва наморшчыў лоб.

Генерал-маёр папрасіў, каб прынеслі пірамідону. Маёр-перакладчык працягнуў панураму генералу пакецік з парашком. Баумволь разгарнуў яго і, прыплюшчваючы вочы з пачырванелымі павекамі, стаў недаверліва прыглядацца да парашку. Крывячы губы, трывожна прамовіў:

— Дзіўны колер у пірамідона...

Шчарбацюк супакоіў яго. Генерал запіў парашок глытком вады.

Тады пачаліся іншыя скаргі. Баумволь пашкадаваў, што згубіў акуляры. Скардзіўся, што няма некаторых дарагіх яму асабістых рэчаў, што няма змены бялізны і абмундзіравання, якія ён, ідучы з групаю, пакінуў пры штабе войск. Ён хацеў бы, каб рускія, калі можна будзе, знайшлі гэтыя рэчы і перадалі яму.

Баумволь папрасіў пакінуць пры ім дзеншчыка, які быў узяты ў палон разам з ім.

— Добра. Я загадаю, каб дзяншчык быў пры вас, — адказаў уступчывы Шчарбацюк. — Больш няма просьб?

О, не, — у генерала ёсць яшчэ адна просьба. Можна сказаць, самая жаданая.

— Я даўно збіраўся наведаць сям'ю і адпачыць. Мой дом у Мюнхене бамбардзіроўшчыкі разбілі,— мая сям'я пераехала ў Кётцынген. Амаль цэлы год яна ўжо ў Кётцынгене... Я хацеў бы, каб рускае камандаванне дазволіла мне паехаць на некаторы час... у Германію. Мне трэба наведаць сям'ю і адпачыць...

Генерал-маёр, пачуўшы гэта, паглядзеў на свайго палоннага з падазронасцю: ці не адбілі ў яго апошнія баі рэшткі розуму? У Германію захацеў, адпачыць!

Што адказаць яму, гэтаму нахабе? Шчарбацюк на хвіліну задумаўся.

— Наша камандаванне, я спадзяюся, магло б даць згоду на гэта. Мы хацелі б, каб у Германіі ведалі аб становішчы ў рускім палоне. Але... відаць, нямецкае камандаванне не дазволіць...

Генерал-маёр, якому хацелася хутчэй перайсці да справы, каб не траціць марна часу, рэзка змяніў кірунак размовы:

— Як вы ацэньваеце становішча германскіх войск у Беларусі?

— Нашы войскі перажываюць вялізны ўдар. Я павінен сказаць, — становішча іх вельмі цяжкае... Аднак не безнадзейнае,— дадаў пасля паузы Баумволь.

— Што ж, вы лічыце, неабходна вашым войскам?

Твар Баумволя стаў жорсткім і цвёрдым.

— Біцца да канца!

Генерал-маёр, стрымліваючы іранічную ўсмешку, пацікавіўся, чаму ў такім разе Баумволь кінуў войскі.

— Ці не думалі вы, кінуўшы дывізіі ў смяротнай небяспецы, аб тым, каб выратаваць сваё жыццё?

— Не, я хацеў прабрацца да сваіх, каб... стварыць новую дывізію.

— Але ж вы кінулі на смерць ранейшыя... Тысячы салдат!..

— Гэта не мае значэння. Вайна не абыходзіцца без ахвяр...

— Без гэтых, я думаю, яна абышлася б. Іх ахвяры не патрэбны ні вайне, ні Германіі... — Шчарбацюк памаўчаў. — Вы можаце жыццё многіх з іх выратаваць. Перад імі стаіць небяспека — бязглузда загінуць. Бязглузда, паўтараю, таму што становішча іх — і ўсіх вашых войск — безнадзейнае. Мы не выпусцім адсюль ніводнага салдата ці афіцэра. Ніводзін з іх не вырвецца з акружэння. Або ў палон — або смерць. Палон цяпер — самае разумнае. Вы добра ведаеце гэта... — камандарм адразу сурова скончыў: — Камандаванне арміі даручыла мне прапанаваць, каб вы звярнуліся да акружаных войск з заклікам спыніць супраціўленне.

— Я не падпішу звароту, каб спыніць супраціўленне.

— Гэта канчаткова?

— Так.

Баумволь прамовіў такім тонам, што гаварыць больш аб гэтым не было патрэбы. Генерал-маёр устаў, прамовіў холадна:

— Ну што ж! Мы іх прымусім капітуліраваць... і без вашага звароту.


Раздзел VI


1...

Ермакову неспадзеўкі давялося дзень паездзіць сярод англічан. Яму па просьбе гасцей, якім чамусьці захацелася, каб з імі быў хто-небудзь з вядомых партызан, са згоды партызанскага камандавання давялося суправаджаць іх.

Афіцэры англійскай місіі ўвесь дзень аглядалі Мінск. Мінск быў самым значным горадам з тых, якія ім давялося бачыць за сваё падарожжа. Яны аб'ездзілі розныя кварталы горада, палазілі ў нямецкіх дотах, дзотах, пахадзілі каля штабялёў бомб ля Дома Урада, знялі адзін другога многа разоў, выбіраючы арыгінальныя мінскія мясціны і будынкі, з дымам, з дротавымі агарожамі, дотамі, і цяпер, едучы адсюль, напэўна, лічылі, што горад ведаюць. Нічога цікавага: руіны, запусценне. Усё гэта ўжо не раз даводзілася бачыць.

Яны спяшаліся. Гітлераўцы маглі ўночы бамбіць Мінск, і падарожнікі не хацелі рызыкаваць. Пачынаўся вечар,— непрыкметна гусцеў цёплы санлівы прыцемак; у ім руіны здаваліся асабліва панурымі.

Ермакоў, які быў у першай машыне поруч з шафёрам, пачуў абрывак размовы:

— Вы кажаце, што мы — жорсткія, не гуманныя...— горача гаварыў наш маёр, што сядзеў ззаду з капітанам-англічанінам. — А хіба гэта гуманна, — вось гэта, бачыце, пустэча з абодвух бакоў? Тут былі раней вуліцы, сады, бегалі дзеці.

Ермакоў, быццам словы адносіліся да яго, мімаволі паглядзеў на вялізны пустыр, што раскінуўся па абодва бакі рэчкі. Можна было падумаць, што гэта поле ўжо, але далей на шэрані неба акрэсліваліся цёмныя абрысы вялікіх будынкаў.

— Яны паступілі кепска, не спрачаюся... — спакойна, роўным голасам адказаў капітан, прозвішча якога было Харпер. — Гэта не па-джэнтльменску. Я наогул заўважыў, што ў бошаў кепскія манеры і многа грубага нахабства. У іх, акрамя іншага, вельмі не хапае культуры... Я маю на ўвазе культуру паводзін... Тут яны поруч з англічанамі здаюцца проста нейкімі недарэкамі, невукамі, якія не ведаюць, што такое цывілізацыя і проста — прыстойнасць. Вы не згодны са мной? Не?

— Вы вельмі здагадлівы чалавек, капітан...

— Дзякую... А пра Мінск я вось што скажу. Мне здаецца, дарагі калега, вы залішне вінаваціце іх, яны не гэтак вінаваты... Мінск мог бы мець і менш разбурэнняў, — але ён больш як напалову драўляны горад... Каб паўгорада згарэла, не трэба не толькі дзесятка бомб, а нават некалькіх запальных куль... Мне здаецца, дарагі мой, што ў горадзе многа лішніх руін... выпадковых...

— Лішніх?.. Цікава. Проста-такі — вельмі цікава: лішніх. Вы бачылі хаціны на ўскраінах? Яны ўцалелі — выпадкова... А лепшая частка горада знішчана. Не запальнаю куляю, вядома. Мінску давялося прыняць столькі бомб, колькі, мусіць, не бачыў і Ковентры... Дарэчы, вось запомніце — гэта дыміцца Акадэмія навук... Гітлераўцы падпалілі яе перад самым уцёкам адсюль...

Ермакоў зацікаўлена прыслухаўся, што скажа англічанін. Той маўчаў некалькі хвілін, а калі машына выбегла на магістраль і насустрач паплыў вецер поля, прамовіў нечакана:

— Я люблю пачатак вечара... Душу абдымае незвычайная цішыня, вялікая, як неба, як свет, а ў сэрца льецца незразумелы смутак містычны і захапленне... Вы, маёр, любіце вечар?

— Не... Я не зусім разумею вас... — сказаў маёр, і Ермакоў адчуў, што ён думае зусім не пра хараство вечара.

— Як гэта не разумееце, калега?

— Я ўсё яшчэ, прызнаюся, думаю пра нашу размову.

— Яна вас здзіўляе?

— Здзіўляе. І калі вас цікавіць чым, то вашай, калі можна сказаць, мяккасцю да гітлераўцаў...

— Не забывайце, маёр, што мы — хрысціяне... Дабрата — першае хрысціянскае пачуццё...

— «Дабрата — да бліжняга?» Да каго, да забойцаў?..

Капітан Харпер сказаў, што маёр разважае крыху просталінейна і празмеру рэзка. «Вось нягоднік!» — падумаў Ермакоў пра англічаніна. — «Хрысціянская дабрата!..» «Мог згарэць ад запальнай кулі». Ён адчуваў непрыхільнасць да гэтага дыпламата і шпіёна ў ваенным фрэнчы.

— Глупства!— сказаў раптам рэзка шафёр, кінуўшы позірк на Ермакова.

Сержант звычайна быў спакойны, і яго хваляванне Ермакоў заўважыў упершыню.

— Чаго сапраўды валаводзяцца з фашыстамі?.. Праклятыя бошы!.. У мяне таксама — у Грэйт-Грымзбі — разбурылі дом: уцэліла бомба... Маці і дачку — адразу, разумееце?.. Ія — што ж пасля гэтага: павінен быць міласэрным да фашыстаў?

Ён сам адказаў сабе:

— Глупства! Усе мае хлопцы пацвердзілі б гэта...

Сержант раней казаў, што прыехаў у Расію з Кірэнаікі, дзе ваяваў у танкавым палку, у якім у яго было нямала добрых сяброў. Адшпіліўшы кішэню кароценькага «кіта», ён выняў адтуль некалькі крыху скамечаных картак, на якіх быў ён з сябрамі. Ермакову тады спадабалася яго шчырае няхітрае апавяданне аб таварышах, якія і тут быццам былі поруч з сержантам. Чарлі Бейтс — так звалі яго, — відаць, вельмі любіў сваіх «хлопцаў», сумаваў па іх.

— Многа ці мала, а павалтузіцца з бошамі давялося, — камечачы ў руках берэт, сказаў тады ў роздуме Бейтс. — Але там не такая вайна. Толькі тут я, прызнаюся, убачыў, што такое сапраўдная вайна... І наогул вы — рускія — сапраўдныя хлопцы. Вы ўмееце за сябе пастаяць! Мне гэта падабаецца!..

Цяпер ён прамармытаў незадаволена:

— Дабрата... Якая тут можа быць дабрата да гэтых нягодных бошаў?

Ён, прывычна водзячы туды-сюды баранкай, але ўжо не пазіраючы на дарогу, прыслухаўся і, пачуўшы, што за спіною па-ранейшаму размаўляюць, сказаў насмешліва:

— Ёсць у нас яшчэ — клянуся — такія, што пабойваюцца вас!..

— А чаго нас, сержант, баяцца? — запытаў Ермакоў.— Таму, хто нам не пагражае, баяцца няма чаго. Мы не збіраемся палохаць нікога сваёй сілай.

Сержант Бейтс маўчаў. Абапал паплылі абрысы сосен, між якіх цямнелі дзе-ні-дзе вялікія маўклівыя будынкі. З сасняку выходзілі некалькі грузавікоў; скупое святло іх фараў, што бегла па зямлі, выхоплівала з цемры ад дрэваў толькі ніз камлёў, якія здаваліся пнямі. Сосны хутка засталіся ззаду.

— Я, не таюся, не чырвоны, — загаварыў зноў Бейтс, падкрэсліўшы як бы з гонарам «не чырвоны».— Мне падабаюцца нашы астравы і парадкі на іх. Так, падабаюцца. Добра ў нас! Вы ведаеце, цягне мяне дамоў, сумую часта па Грэйт. Ды ўсё ніяк не ўдаецца пабыць там, — служба!.. Ну, але я не пра тое хачу сказаць. Я не ашуканец які-небудзь, — вось пра што, каб вы ведалі. Я, прызнаюся, люблю, калі людзі чэсна робяць справы, як прыстойныя людзі, і гавораць тое, што думаюць. І калі дружыць, па-мойму, дык дружыць,— правільна?.. Мне, па праўдзе, няёмка перад вамі за тое, што было раней у нас з Расіяй... Мюнхен — таксама ганьба, што б ні казалі. Я так-сяк разбіраюся ў рэчах, галава на плячах ёсць.

— Што было, сержант Бейтс, таго не выкінеш... Добра, што цяпер між нас дружба. Мы, рускія, хочам, каб яна была доўгай.

— Я, паверце, — таксама! — ён прыслухаўся: ззаду маўчалі. -— Чорт, ці доўга яшчэ нам трэсціся? Мне, прызнацца, ужо хочацца напоўніць страўнік...

— Хутка прыедзем. Гэта недалёка...

— Хэлло, Ермакоў! — крыкнуў ззаду капітан. — А мы правільна едзем? Не пападзем мы ў «госці» к фрыцам?

— Спадзяюся, што не...

Ермакоў задумліва пазіраў, як наперадзе па асфальце бягуць ад фараў дзве варухлівыя жоўтыя плямы.



2...

Уранку англічане даведаліся, што нашы часці ўзялі ў палон некалькі нямецкіх генералаў. Афіцэры ваеннай місіі папрасілі наладзіць сустрэчу з палоннымі.

Сустрэча адбылася ў вёсцы Красты. У прасторным і светлым пакоі, што займаў амаль палову таго дома, дзе англічане начавалі, сабралася трое нашых афіцэраў і некалькі англічан. Побач з гэтым пакоем быў другі, у якім стаяў ложак і вісеў каля дзвярэй, нібы знарок кідаючыся ў вочы, дарагі персідскі халат кагосьці з англічан. Праз гэты пакой па адным прыводзілі палонных. Калі немцы паяўляліся перад «гасцямі», наш афіцэр коратка дакладваў пра іх: прозвішча, чын, пасада, калі ўзят у палон.

Ермакову давялося быць тут пры размове англічан з некалькімі генераламі.

— Баумволь, генерал-лейтэнант, — далажыў афіцэр, калі ўвялі чарговага палоннага.

Баумволь увайшоў у пакой, агледзеў з-за акуляраў цікаўных «гасцей» халоднымі вачыма, у якіх востра паблісквалі агеньчыкі насцярожанасці. Твар генерала быў нерухомы, як маска, — на ім больш за ўсё кідаўся ў вочы выраз непрыхільнасці да «гасцей», якую палонны і не стараўся хаваць. Ён, здавалася Ермакову, быў цяпер чымсьці падобны да непрыручанага звера, якога прывялі паказаць людзям.

— Баумволь?.. Мы чулі пра вас. Чулі, як пра аднаго з найбольш разумных генералаў праціўніка, — прамовіў паважна і ветліва англічанін-генерал, як бы стараючыся падбадзёрыць палоннага. Англічане бесцырымонна разглядвалі былога ўпаўнаважанага, чакалі, што ён скажа.

Баумволь не адказаў, — ён ганарліва прапусціў пахвалу без увагі. «Самалюбівы!» — падумаў Ермакоў.

— Як ваша, генерал, здароўе?.. Хоць — вы, напэўна, як салдат, не прывыклі скардзіцца на здароўе, ці не праўда?

— Не, — буркнуў Баумволь.

Палонны быццам не заўважаў апечнай ветлівасці англійскага дыпламата. Англічанін, відаць, імкнуўся прыдаць афіцыйнай размове, якая павінна непрыемна казытаць хваравітае самалюбства гітлераўца, тон паўсвецкай гутаркі. Ермакоў заўважыў, што Баумволь знарок не прыняў гэтага тону, стараючыся трымацца з вайсковай рэзкасцю.

— Вы не хочаце закусіць, генерал?— дыпламат кіўнуў голенаю галавою на столік, што быў побач з тым, за якім сядзелі афіцэры. На століку завабліва ляжала розная закуска, над якой узвышаліся серабрыстыя галоўкі пляшак з віном.

Баумволь адвёў вочы ад століка, мармытнуў, што ён не хоча есці.

— Ну, што ж, значыцца, нашы рускія саюзнікі паклапаціліся пра гэта... — англічанін ветліва ўсміхнуўся нашым афіцэрам, потым зноў зірнуў на Баумволя. — Тады раскажыце, калі ласка, пра сябе...

— Гаварыце больш дакладна.

— Нас цікавіць ваша жыццё, натуральна, ваеннае жыццё. Якімі вы, напрыклад, часцямі камандавалі?

Баумволь, панура пазіраючы проста перад сабой, неахвотна і коратка адрапартаваў.

Таксама ж коратка ён адказваў на пытанне пра ўзнагароды.

— Немцаў напаткала тут вялікае паражэнне, — загаварыў англічанін раптам пра іншае. — Чым, па-вашаму, тлумачыцца такі поспех, выдатны, бліскучы поспех нашых саюзнікаў — рускіх?

Гэта, відаць, вельмі займала генерала-дыпламата, бо такое пытанне ён задаваў кожнаму палоннаму. У чым сакрэт перамогі савецкага войска, на думку немцаў? — генерал шукаў адказ на гэта, як ключ да разгадкі таямніцы, якую так неабходна было ведаць. «Як гэта назваць — легальная разведка, ці што?» — мімаволі падумаў Ермакоў, адчуваючы, што роспыты былі ўжо не з простай цікаўнасці...

«Ключ» аказаўся над меру складаным. Палонныя гаварылі ўразнабой: адны тлумачылі ўсё тэхнічнай сілай Савецкай Арміі, другія тым, што ў рускіх больш войска, адзін ва ўсім вінаваціў нямецкія флангі, якія быццам бы кепска былі прыкрыты. Некаторыя панура прызнаваліся, што рускія камандзіры аказаліся мацней за немцаў у стратэгіі і тактыцы кіравання аперацыяй — яны ўмела ўзялі ўсё, што дае хуткасць, націск, манеўр...

— Нас разбіла руская артылерыя, — выціснуў Баумволь.

Ён змоўк — было відаць, што ён пра гэта гаварыць больш не будзе і пытанняў не хоча.

— Што вы думаеце пра аперацыі англічан і амерыканцаў на захадзе?

Палонны, зірнуўшы рассеяна на таго, хто пытаўся пра гэта, заявіў рэзка, з ноткай пагарды:

— Нічога. Вы кепска ваюеце.

Ермакоў бачыў, як неспакойна павярнуўся на табурэце такі ветлівы і мяккі англійскі генерал, як ён падціснуў губу. Дыпламат, відаць, пачынаў злавацца на гэтага самаўпэўненага грубага «арыйца».

Размова зусім разладжвалася. Адзін з англічан наставіў на Баумволя фотаапарат, і палонны раптам раззлавана нахмурыўся, нецярпліва махнуў рукой, патрабуючы схаваць фотаапарат.

— Нам хацелася пакінуць памяць аб нашай сустрэчы...— прамовіў здзіўлена капітан Харпер.

Каб адагнаць нядобрую цішыню, генерал-англічанін запытаўся ў Баумволя пра яго сям'ю, і тут твар былога камандзіра, заўважыў Ермакоў, упершыню ажыў, абыякавасць знікла. Халодныя вочы за акулярамі ўстрывожана заміргалі.

— Яны жылі ў Мюнхене. У часе адной бамбёжкі мой дом разбурылі...

— І дзе ж яны, генерал, цяпер?

— Яны пераехалі ў Кётцынген. Там яны былі ўвесь гэты час... Але я ўжо амаль паўмесяца пра іх нічога не ведаю...

Англічанін, апусціўшы вочы, спачувальна кіўнуў галавою: шкада, шкада...

— Вы, вядома, хочаце перадаць вестку пра сябе?

— Яволь.[4]

— Нашы войскі хутка будуць у гэтым... Кётцынгене. Я з ахвотай напішу нашым генералам, каб яны вашай сям'і паведамілі, што з вамі...

— Яволь... Гм... Вы ўважлівы да мяне...

— Мы — міласэрныя...

«Эх, пан саюзнік! — падумаў з непрыязнасцю Ермакоў, пазіраючы на скрытны твар саюзнага генерала: — Відаць, не на розных палях раслі вы з гэтым бітым ваякам...» Ён раптам успомніў учарашнюю размову з сержантам Бейтсам: цікава, што б той сказаў?

Калі Баумволя вывелі і афіцэры пачалі разыходзіцца, Ермакоў, які выпадкова апынуўся ззаду двух англічан, неспадзявана пачуў здзіўлены шэпт аднаго з іх.

— ...генерал гаварыў з гэтым бошам не як з ворагам, а як з прыяцелем...

Такі ж ціхі, але з ухмылачкай, голас Харпера мнагазначна адказаў:

— Вайна канчаецца, Майкл... Гэтая...


Раздзел VII


1...

З кожным днём становішча тых, хто быў у «мінскім катле», пагоршвалася.

Амаль цэлымі суткамі над палямі і пералескамі ля Волмы віселі нашы бамбардзіроўшчыкі, вышукваючы буйнейшыя групы і сыплючы туды бомбы. Грымелі гар маты, выбіваючы акружаных з іх пазіцый,— секлі «Дзегцяровы» і, прыкрытыя імі, беглі насустрач ворагу пехацінцы, выганяючы яго з жытнёвых палёў, з разлеглых лясоў і ляскоў, са спякотных дарог.

Нямецкія часці неслі нечуваныя страты. Амаль усе дарогі, жаўцеючыя, перарытыя палі, сакавітыя патаптаныя лугі былі завалены трупамі, якія хутка пухлі ад ліпеньскай спёкі. Над трупамі хмарамі круціліся назойлівыя мухі; цудоўны гарачы водар летніх прасцягаў атручваўся густым смуродам гніення. Дорага заплацілі гітлераўцы за спробу супраціўляцца нашым войскам!

Пятля вакол акружаных з кожным днём сціскалася тужэй і тужэй. Бамбёжкі і абстрэлы ўсё мацнелі. Яны выбівалі з галоў немцаў надзеі на дапамогу з захаду, на які-небудзь ратунак. Усё больш салдаты то па адным, а то і вялікімі гуртамі самі ішлі ў палон.

Дысцыпліна ў часцях упала зусім. Канчаліся боепрыпасы, амаль не было харчоў...

8 ліпеня камандзір 12 нямецкага армейскага корпуса генерал-лейтэнант Мюлер, які выконваў абавязкі камандуючага 4 арміяй, падпісаў загад аб капітуляцыі:

8. 7. 1944 г.

Салдатам 4 арміі, якая знаходзіцца на ўсход ад ракі Пціч!

Пасля тыднёвых цяжкіх баёў і маршаў наша становішча стала безвыходным. Мы свой абавязак выканалі. Наша баяздольнасць упала да мінімуму, і няма ніякай надзеі на забеспячэнне. Рускія, згодна паведамлення Вярхоўнага камандавання, стаяць каля горада Баранавічы. Апошнія шляхі цераз бліжэйшы водны рубеж нам перарэзаны. Няма ніякай надзеі выбрацца адсюль нашымі сіламі і сродкамі. Нашы злучэнні бес парадкава рассеяны. Каласальная колькасць раненых кінута без усякай дапамогі.

Рускае камандаванне абяцала:

а) медыцынскую дапамогу раненым,

б) захаванне афіцэрам халоднай зброі, а салдатам — ордэнаў.

Нам п р а п а н а в а н а:

усю зброю і снаражэнне сабраць і здаць у непашкоджаным выглядзе,

пакончыць бяссэнсавае супраціўленне.

Я загадваю:

Неадкладна спыніць барацьбу. Мясцовым групам ад 100 да 500 чалавек збірацца пад кіраўніцтвам афіцэраў або старшых унтэр-афіцэраў. Раненых сабраць і ўзяць з сабою. Мы павінны паказаць дысцыпліну і вытрымку і як можна хутчэй пачаць праводзіць гэтыя мерапрыемствы.

Гэты загад пісьмова, вусна і ўсімі сродкамі перадаваць далей.

Мюлер, генерал-лейтэнант, камандзір 12 армейскага корпуса.



2...

Клямт не захацеў ісці ў палон. Трое эсэсаўцаў, з якімі ён пазнаёміўся два дні назад, вырашылі як бы там ні было прабівацца на захад, і Клямт далучыўся да іх.

Яшчэ да таго, як пачалася ўсеагульная капітуляцыя акружаных немцаў, усе ўчатырох пастараліся адасобіцца ад іншых. Яны моўчкі падаліся ў глыб лесу, які ўвесь кішэў салдатамі розных часцей.

У акружаных толькі і было цяпер размовы, што пра палон, пра загад Мюлера. Дзе-ні-дзе ўжо групкі салдат выпраўляліся на ўскраіну лесу. Многія з немцаў з падазронасцю пазіралі на эсэсаўцаў і Клямта, якія ішлі ў іншы бок.

Эсэсаўцы спыніліся далёка ад ускраіны ў цёмным ельніку. Зямля тут была амаль без травы, усюды валялася тоўстым пластам ігліца, а там, дзе зямля агалілася, яна нагадвала прысак. Непадалёк ад іх пірамідай уздымаўся вялікі руды муравейнік, па версе каторага поўзалі ў розных кірунках занятыя сваімі справамі мурашкі. Клямт, убачыўшы гэта, прыгадаў труп эсэсаўца, які ён гідліва абмінуў нядаўна ў лесе,— па тым трупе поўзалі мурашкі, раз'ядалі твар, рукі.

Тут было параўнаўча спакойна. Галасы з рупараў, устаноўленых рускімі, даносілі сюды загад аб капітуляцыі, але яго ледзь-ледзь можна было разабраць. Гэтыя гукі амаль не парушалі цішыні. Праўда, і тут поблізу часам хадзілі; перагаворваючыся, прашаргалі нагамі ў бок ускраіны паўдзесятка салдат.

— Ніхто не забароніць мне думаць, як я хачу... — гаварыў адзін з іх, цягнучы на сабе кулямёт без дыска, які ён абыякава трымаў за дула. — А мне даўно надакучыла гэтая бязглуздая бойня!

— Хопіць ужо! — плюнуўшы, падхапіў другі, які штосьці жаваў. — Няхай сам Адольф паваюе... калі яму так падабаецца.

У гушчары ўсе чацвёра маўчалі. Толькі рослы, бледнаваты, інтэлігентнага выгляду гауптштурмфюрэр пагрозна, брыдка вылаяўся. Яны змовіліся перачакаць тут да вечара, а ўвечар паспрабаваць выбрацца з лесу і рушыць на захад.

З кожнай гадзінай цішыня станавілася ўсё больш трывалай, і чатыры ўцекачы пакрысе спакайнелі. Ужо недалёка быў вечар, — вечар і ратунак.

І раптам непадалёк пачуліся галасы. Калі галасы памацнелі, Клямт разабраў, што гавораць па-руску.

— Прачэсваюць лес! — вырвалася ў яго.

У прагаліну Клямт убачыў наводдаль чалавека, апранутага у цеснаваты пінжачок, у армейскія штаны і боты; на пілотцы незнаёмага ярка гарэла чырвоная істужка. Ён нешта камандаваў камусьці нявіднаму. Значыцца, гэта партызаны. Больш за ўсё не хацеў Клямт сустракацца з партызанамі!



3...

Учатырох сталі адбягаць ад партызан. Яны паспрабавалі звярнуць управа, каб абмінуць партызанскі ланцуг, але там ледзь не наскочылі на другую такую ж групу. Добра яшчэ, што тыя не заўважылі іх.

Так Клямту прышлося адступаць датуль, пакуль не засвіцілася ўскраіна. Ён падумаў, што можа ўдасца схавацца ў жыце, але ледзь толькі ўсе ўчатырох выбраліся бліжэй да поля, то ўбачылі непадалёк групу савецкіх салдат, якія назіралі за полем і ўскраінай лесу. Адзін салдат вёў у жыце немца з паднятымі рукамі.

Адступаць не было куды. Клямт і адзін эсэсавец шмыгнулі ў бліжэйшыя кусты, але іх заўважылі.

— Эй, фашыст... здавайся! — крыкнуў адзін з партызан.

Клямт, не раздумваючы, пусціў у адказ чаргу з аўтамата. Эсэсавец таксама стрэліў. Ён вылаяўся і сказаў, што рускія могуць зараз пачаць акружаць іх, а таму трэба скрытна хутчэй адысці адсюль.

Даўшы яшчэ чаргу, лейтэнант, угнуўшы галаву ў плечы, кінуўся следам за эсэсаўцам. Аднак, прабегшы некалькі крокаў, ён зноў заўважыў рускіх, цяпер ужо збоку. Ён убачыў маладзенькага хлопчыка з вінтоўкай і чалавека ў пілотцы, на якой ярка гарэла чырвоная палоска, каторага ён прыкмеціў тады з прагаліны. Відаць, яны хацелі абыйсці лейтэнанта.

Клямт стрэліў, і партызан з пілоткай адразу, спатыкнуўся і выпусціў аўтамат з рук. У той жа міг другі, зусім маладзенькі хлопчык, яшчэ амаль дзіця, размахнуўшыся, штосьці кінуў. «Граната!» — мільганула ў Клямта, і ён праворна адскочыў за дрэва.

Раздаўся выбух. Некалькі асколкаў парвала кару, агаліўшы мясцінамі дрэва, па траве папоўз сіні дым.

— Ах ты, фашыст паганы! — крыкнуў пагрозна хлопчык, увесь аж затросшыся ад нянавісці. Гэта быў Шабунёк Андрэй.

Клямт, хаваючыся за дрэвы, час-ад-часу адстрэльваючыся, пачаў адбягаць ад партызан. Ён раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы.

Клямт на міг спыніўся, дзіка азіраючыся, як звер. І тут яго здагнала куля. Лейтэнант, ранены ў ногі, упаў. Павярнуўшыся назад, перамагаючы боль, ён хацеў яшчэ стрэліць у Андрэйку, але яго папярэдзіў адзін з салдат. Клямт ірвануўся ўсім сваім кароткім, быццам абсечаным, целам і застыў, ухапіўшыся за камялёчак чырваналістага дубка-парастка, нібы намагаўся яго вырваць.

Андрэй, насцярожана выставіўшы вінтоўку, падышоў да Клямта, потым, убачыўшы, што той не варушыцца, спрытна выдраў з правай рукі аўтамат. Схіліўшыся ўсё яшчэ з перасцярогай над лейтэнантам, ён убачыў, што той мёртвы. Да Андрэя падышлі два вайсковыя, адзін з якіх быў сержант Туравец.

— Да чаго паганае стварэнне: бачыць, што капут, а яшчэ шкодзіць! — прамовіў узрушана Юрый. Вусны Шабунька-малодшага скрывіліся ад нянавісці:

— Уу-у, фашыст!

У тым баку, дзе быў узвод Праворнага, пачулася новая перастрэлка — гэта, як потым выявілася, стралялі два эсэсаўцы, — і Юрый, скінуўшы з шыі рэмень аўтамата, адразу пабег да сваіх таварышаў.

Андрэй, закінуўшы вінтоўку за спіну, з аўтаматам у руках падаўся ў лес, дзе застаўся ранены.

— Моцна ён, таварыш камандзір, зачапіў?— спытаў ён у Ляхоры, які ляжаў на траве. Шабуньку кінулася ў вочы разрэзаная амаль даверху штаніна, кроў, што праступала праз бінт, якім абкручвала «сястрычка» Валя раненую, белую, як нежывую, нагу.

— Не, здаецца... У мякаць папаў, — працадзіў ранены, стрымліваючы боль. — Адно пагана, што, відаць, прышыецца ў шпіталь лажыцца. Не адсвяткую, Андрушка, з вамі перамогу.

— Ну, нічога, таварыш камандзір, вы хутка паправіцеся, вы жывучы!

Шабунёк, якому хацелася сказаць раненаму штосьці вельмі харошае і ўсцешлівае, папрасіў, проста молячы вачыма, каб ён са шпіталя прыехаў у Паплавы: маці так будзе рада, і ён, Андрэйка, таксама.

— Не, Андрушка, не абяцаю пакуль... Хачу пайсці ў Чэхаславацкі корпус. Ваяваць за новую Чэхаславакію... Вось калі вызвалю Прагу, тады прыеду, чакай...

— Прыязджайце, абавязкова! Мамка так будзе рада... — ён раптам схамянуўся, супакоіў: — Мы яму — будзьце пэўны — адпомсцілі за вас! Цяпер ён адправіўся к Адаму. Абясшкодзілі канчаткова!..

Потым, нібы падводзячы вынік, дадаў стала:

— Адным словам, яшчэ адзін паганец даваяваўся!



4...

І вось сціхлі стрэлы. Фронт быў далёка на захадзе, і тут магло здацца, быццам скончылася вайна.

Немцы натоўпамі здаваліся ў палон. Здаваліся абознікам, збіраліся каля рэгуліроўшчыц, складваючы горы зброі. І салдат і афіцэраў бралі ў палон дзесяткамі работнікі рэдакцый, вясковыя жанчыны.

Па сцежках і дарогах цягнуліся доўгія натоўпы палонных. Гэта быў разнастайны зброд. Прадстаўнікі ўсялякіх часцей, часам даўно ўжо разбітых, усялякіх узростаў, рангаў, поглядаў. Змарнелыя, зарослыя шчацінаю, абшарпаныя, у выпэцканым торфам і глінаю адзенні...

Над імі, быццам смеючыся з іх, сінела высокае яснае неба, у якім дзе-ні-дзе млелі спакойныя пухмяныя воблачкі, а абапал дарог лёгка пагойдвала каласамі даспяваючае жыта. З-за сцяблін цікаўна выглядвалі чыстыя вочкі васількоў.

Няшчадна паліла сонца. Палонныя, якія ішлі без шапак, прыкрывалі галовы далонямі ці хусцінкамі, сціралі з брудных твараў пот...

Байцы і партызаны ўпершыню начавалі бесклапотна, як пасля поўнасцю скончанай справы.

Прачнуўшыся ўранку на ўзлессі, за якім зусім блізка цягнуліся ў рад хаты, Юрый здзівіўся таму вялікаму спакою, што панаваў у прыродзе. Ён мімаволі чакаў, што вось-вось дзе-небудзь пачуецца выбух ці стрэл, але навокал было ціха. Толькі стукалі дразды ды гугнелі камары.

Непадалёк, ля партызана-пастушка, на доўгіх няўклюдных нагах стаяла круталобае цяля з пукатымі спакойнымі вачыма, шырокімі рудымі вушамі, выцягнуўшы наперад да спаленага танка мызу, нюхаючы, быццам бачыла перад сабою штосьці незнаёмае. Выгляд у яго быў даверлівы і прастадушна-цікаўны. Хутка яно абыякава адвярнулася і, памахваючы ляніва хвастом, павольна падалося ў лясок.

«Нават цяля не баіцца ўжо танкаў! — засмяяўся сам сабе Юрый... Прыкмета цішыні...»

Неўзабаве прышоў загад — выступаць у вёску, кіламетраў за пяць к захаду. Там збіралася, як даведаўся Юрый, уся часць, напэўна для таго, каб выпраўляцца адсюль. І гэта таксама было прыкметай цішыні — тут нам больш рабіць няма чаго. Салдаты сталі развітвацца з партызанамі, якія начавалі тут жа, на ўзлессі. Пяць дзён сумесных баёў усіх вельмі здружылі. Юрый па-сяброўску абняў малога Шабунька.

— Ну, бывай, Андрэй!.. Вяртайся цяпер дахаты, ды каб памагаў мамцы. Ёй цяпер адной цяжка...

Мінуўшы ўзлессе, узвод Праворнага дарожкаю пайшоў праз тое поле, дзе ўчора вялі баі. Бой — гэта таксама мінулае, цяпер толькі цішыня.

Жыта, на сцяблах якога дзе-ні-дзе яшчэ зіхацелі кроплі расы, было ў многіх мясцінах нашчэнт здрасавана. Колькі яго вытаптана, гэтага выспяваючага жыта! Што ж, гэта апошні бой. Тут больш не будуць таптаць.

Цішыня далася не лёгка. На дарогах, у жыце, усюды валяецца варожае снаражэнне. Зямля то там, то тут парыта снарадамі, сцяблы жыта, палеглыя ад выбуховых хваль наўкруг варонак, абпалены і прыціснуты камякамі падзолу ці суглінку... Як прывіды, цямнеюць між калосся разбітыя грузавікі, кухня з прастрэленым навылёт кулямётнай чаргой катлом, з ніжніх прабоін якой цягнуцца закарэлыя раўчакі нейкай стравы.

Калі яны зноў падышлі да ўзлесся, што клінам выдавалася ў поле, Юрый раптам убачыў таго лейтэнанта, каторы параніў партызана. Па твары мертвяка паўзла вялікая зялёная муха... Мяртвяк тут не адзін. Усюды на полі каля варонак — трупы ў брудных, зямлістых мундзірах, з зямлістымі пажоўклымі тварамі.

— І яны цяпер спакойны! — заўважыў хтосьці.

— Прыціхлі! А прыходзілі парушыць цішыню! — адгукнуўся Праворны.

Насустрач калоне з жыта вышаў немец-салдат, без зброі, без пілоткі, з расхрыстаным вываленым у зямлі мундзірам, аброслы, як лясун. У яго насцярожаным позірку, які з-пад рудых брывей баязліва сачыў за байцамі, было штосьці дзікае.

— Плен!.. — ён узняў дрыгатлівыя рукі.

— Няма тут калі з табою важдацца. — Праворны на адну хвіліну прыпыніўся: — Вір ніхт габе цайт. Фарштэй?

— Яволь, — прамармытаў немец.

— Дуй туды! — малодшы лейтэнант паказаў у бок збору палонных.— Адзін! Айн, айн!

Канваіра хочаш? Навошта? Нікуды ты ў другое месца не пойдзеш. Няма куды...


Раздзел VIII


1...

«Нелюдзі... звяры... людаеды...» — словы гэтыя многа разоў узнікалі ў галаве Аляксея. Тое, што ён цяпер бачыў, праходзячы па Трасцянцы-лагеры, было яшчэ страшнейшым за ўсё, спазнанае апошнімі днямі... Ямы, поўныя трупаў, вакол якіх рыдаюць, б'юцца ў горы, праклінаюць людзі. Іх многа, гэтых ям-магіл, што раскапала следчая камісія. Кажуць — каля сарака... А вось рэшткі спехам раскіданых печаў, дзе яшчэ некалькі дзён назад гітлераўцы рабілі сваю звярыную справу. Учарнелы, прыбіты дажджом попел, які панурымі пісягамі спаласаваў вытаўчаную ботамі зямлю. Абвугленыя недагарэлыя апошнія галузы...

Запомнілася, урэзалася на ўсё жыццё ў памяць: каля слупоў з абрыўкамі калючага дроту — россыпам і горкамі — банкі ад кансерваў, — яны былі за пасуду нявольнікам. Банак гэтых, і бліскучых, і раз'едзеных іржою, страшэннае мноства — цэлыя тысячы. У кожнай з іх быў не адзін гаспадар...

Па лагеры ходзяць групкамі людзі, сумныя, заплаканыя, гнеўныя. У кожнага з іх тут сваё гора, свой боль.

— У вас, таварыш камандзір... таксама каго-небудзь няма? — запытала раптам Аляксея ціхая, маленькая, уся нібы высахлая жанчына, калі ён ішоў ужо з лагера. Трымаючы ў руцэ раскрытую сумачку, яна выцірала скамечанай мокрай хусцінкай нерухомыя, нібы сляпыя, вочы.

— Жонка...

— А ў мяне — трох сыноў... Падпольшчыкі былі. Двух закатавалі ў гестапа яшчэ ў сорак першым. А малодшага — зусім нядаўна... Я і не ведала, што ён падпольшчык. Хаваўся ад мяне... — яна зноў прыклала хусцінку да вачэй. — Божа мой, хоць бы адзін застаўся!..

— Не плачце, мама. Не трэба!.. Вы павінны ганарыцца імі!..— мякка, спачувальна прамовіў Аляксей.

— Вельмі ж шкада іх...

Суцяшаючы яе, Аляксей здаваўся зусім спакойным. Старая, напэўна, і не думала, што гэты чалавек не менш за яе пакутуе ад гора і трывогі.

— Усім, мама, шкада. Усім балюча... Але па-рознаму людзі перажываюць. Адны ад вялікага няшчасця гнуцца і становяцца бязвольнымі... Такіх людзей саміх хочацца шкадаваць. А другія, — Аляксей з асаблівай павагай вымавіў апошняе слова,— другіх гора не толькі не гне, а робіць нават як бы мацнейшымі... Яны выклікаюць гордасць!

— Гэта праўда, — ціха сказала старая і перастала плакаць. Уважліва зірнула ў твар капітана.

Яны ішлі паволі па ціхай дарозе, якая вяла ў бок шасэ. Аляксей знарок ступаў вузка, каб спадарожніца не адставала.

— Калі мне стала балюча... вельмі балюча, — загаварыў зноў Аляксей усхвалявана, — я прыгадаў таго, хто забіў яе, маю Ніну, — быццам ён, гад, глядзіць на мяне і хоча ўбачыць, як я гарую... І я перамог сябе.

У голасе Аляксея пачулася пагроза:

— Яны мне расплоцяцца за ўсё!..

— А за маіх некаму адпомсціць...

— За ўсіх і за ўсё, мама, разлічымся. Вось толькі б хутчэй вярнуцца туды, да таварышаў...

...«Ніна, любая мая Ніна,— думаў ён, развітаўшыся са старою.— Я ніколі не ўяўляў ні шчасця, ні жыцця без цябе... А цяпер цябе няма... Я адзін павінен жыць, расціць дачку, ваяваць і — радавацца... Акрамя цябе, у мяне былі і ёсць — нашы людзі, якія так, як і мы, любілі і любяць, змагаюцца і спадзяюцца.

Я стаў быў на час у сваім горы эгаістам. Гора асляпіла мае вочы, напоўніла сэрца да краю горыччу і крыўдай, выціснуўшы ўсё іншае.

А я ж не толькі твой муж, твой друг...

Я, ты ведаеш, — салдат. Я не пра адну цябе думаў, калі ішоў сюды, — хоць пра цябе думаў больш, як пра іншых. Я нёс нешта большае, чым шчасце маё і тваё, наша шчасце, я нёс шчасце сотням, тысячам людзей. І прынёс, і не магу не радавацца за іх...

Многія яшчэ чакаюць мяне, як салдата. Я павінен — разам з маімі таварышамі — зрабіць іх шчаслівымі.

Я люблю цябе па-ранейшаму, ганаруся табою. Помню. Буду помніць заўсёды...»

Як ні цяжка было яму, ён заўсёды стараўся падтрымаць Наталлю Міхайлаўну, дапамагчы ёй мужна перанесці гора.

Наталля Міхайлаўна не плакала, перажывала няшчасце моўчкі. Аляксей заўважыў, што яна стала цішэйшай, чым заўсёды, і быццам згорбілася. Яна цяпер часта гаварыла пра сына Алега, які недзе на фронце,— было відаць, маці вельмі трывожылася, што з ім, ці жывы? Няхай бы хоць словам адгукнуўся! Хоць адным словам!

Рукі ў яе зрабіліся непаслухмяныя: рэчы часта валіліся з іх.

— Божа мой, што гэта я такая няўдалая? — спрабавала яна часам кпіць з сябе.

Наталля Міхайлаўна стала вельмі разгубленай. Гаворачы з Аляксеем, яна часта раптам траціла ніць размовы і не магла ўспомніць, пра што хацела сказаць.

— Вось памяць стала — дзіравая, як рэшата... Аб чым жа гэта я, Аляксей, гаварыла?

Але ў адзін з гэтых горкіх дзён да яе прышло шчасце. Яно прышло разам з лістаносцам, пажылою негаваркой жанчынаю, якая прынесла канверт-трохкутнік. Наталля Міхайлаўна хвіліну, нібы не верачы, глядзела на гэты трохкутнічак, на знаёмы сынаў почарк, потым дрыжучымі рукамі адкрыла ліст.

— «Дарагая мама!» — паварушыла яна нямымі губамі і раптам прашаптала, задыхаючыся ад шчасця: — Алег, сыночак, хлопчык ты мой! Шчасце ты маё...

...Ажыўляла і цешыла яе таксама ўнучка. Наталля Міхайлаўна амаль штодня ўранку і ўвечар сядзела каля ложка Людкі, не зводзячы з дзіцяці вачэй.

Днём яна пільна сачыла за ўнучкай, нікуды не адпускала ад сябе адну: толькі б не звалілася якое-небудзь няшчасце на малую!

Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Ён цэлымі гадзінамі, трымаючы асцярожна ў сваёй руцэ яе пальчыкі, хадзіў з малою па двары, па вуліцы. Гэтыя размовы і пагулянкі напаўнялі яго сэрца ціхай, цёплай радасцю.

— Хутка табе руку развяжуць? — запытала Люда бацьку ў першы дзень, калі яны ішлі па двары.

— Хутка, Людачка.

— Калі?

— От як трохі зажыве.

— А хутка яна трохі зажыве?

— Ды от пабачым, — калі. Як толькі зажыве, тады і будзе відаць...

— А цяпер не відаць?

— Не, дачушка...

— А ты б развязаў руку, тады б і было відаць.

— Няможна, дачушка, бо рука будзе балець...

Яна сціхла, увагу яе акурат прывабіла птушка, што

села непадалёк на слупок ад плота. З усяго, што Люда бачыла, больш за ўсё яе цікавілі цяпер птушкі, на якіх яна глядзела заўсёды з захапленнем.

— Верабейка... Глядзі — верабейка!..— паказала яна маленькім, амаль празрыстым пальчыкам на птушку. Людчыны вочкі засвяціліся ад шчасця. Аляксей пяшчотна паправіў яе:

— Не верабей, а шпак...

Люда запярэчыла:

— Не, гэта не шпак, а верабей...

Пагаварыўшы з ёю, Аляксей выявіў, што яна ўсіх

птушак падзяляе на курэй і вераб'ёў. Куры — гэта тыя, што ходзяць па зямлі, а вераб'і лятаюць.

— А гэта што? Шпак?..— Запыталася яна пазней, лёгка крануўшы бацьку за руку.

— А гэта верабей.

— Верабей. Які жвавы — верабей! Праўда?

Аляксей заўважыў, што яна вельмі цікаўная. На кожным кроку толькі і чулася ад яе: «Што гэта? А чаму?» Яна так часта пыталася, што Аляксей, чалавек не вельмі гаваркі, задумлівы, часамі не ўпраўляўся тлумачыць.



3...

Люда хутка звыкалася з Аляксеем. У адносінах Люды да яго дзень за днём усё мацнела шчырая дзіцячая даверлівасць і прыхільнасць, якія вельмі цешылі бацьку. Яна ахвотней стала хадзіць з ім на пагулянкі, а ў апошнія два дні чакала іх з нецярплівасцю і пыталася: ці хутка пойдзем?

— Ты хочаш, мы з табою будзем дружыць? — сказала яна аднойчы на пагулянцы.

Ясныя вочкі запытальна паглядалі на бацьку.

— Хочаш, Аляксей?

— Хачу, мая сінявокая... — засмяяўся ён.

— Ну, то мы цяпер і будзем дружыць, — прамовіла яна задаволена. Потым па-прыяцельску паведаміла: — Я яшчэ дружу з бабуляй. І з Сідарам таксама. Ён добры і зусім не паганы, як бабка кажа...

Сідар — дабрадушны і лянівы рудаваты кот суседзяў, які часта прыходзіў на іх двор.

Амаль штодня Люда непакоілася пра бацькаву руку.

— Табе кепска хадзіць з завязанай рукой, праўда? Нават размахваць няможна... Чаму так доўга не хочуць развязваць?

— Бо рука яшчэ не зажыла, Людачка.

— От, чаго яна так доўга не зажывае!

Аляксей заўважыў, што дачка магла цэлыя гадзіны гуляць адна, гаманіць сама з сабою, не сумуючы без малых сяброў. Яна была замкнутай, схільнай да самоты. Што гэта: характар ці толькі прывычка? — думаў бацька. Відаць, Люда стала такой ад таго, што амаль усе тры гады жыцця ёй даводзілася быць на адзіноце.

Аляксей стараўся ўладжваць так, каб яна часцей гуляла з суседскімі дзецьмі. На яго двары цяпер нярэдка кіпелі шумлівыя дзіцячыя гульні, чуліся крыкі і смех. Люда ахвотна ўдзельнічала ва ўсіх забавах, аддаючыся ім усёй душой. Яна лёгка здружылася з усімі.

Нярэдка здаралася так, што, захапіўшыся гульнёю, Люда прыбягала ў хату толькі для таго, каб папрасіць есці. Бабуля ці Аляксей рабілі ёй бутэрброд з кансервамі, і яна выбягала зноў да таварышаў, даядаючы ўжо на двары. Часам жа бабулі прыходзілася клікаць ці весці яе ў хату, каб яна падсілкавалася.

Усё лепшае, што Аляксей атрымліваў на паёк, ён аддаваў дачцэ. Хацелася, каб яна хутчэй паправілася, паздаравела. «Еш, еш, дачушка! — пажартаваў ён аднойчы, — ты ў нас цяпер працуеш больш за ўсіх!»

— Бабуля, ножкі баляць, — скардзілася яна ўвечары, кладучыся спаць.

— Набегалася, от і баляць. Дзіва — цэлы дзень на нагах!..

— Нагулялася, дачушка?

— Нагулялася,— прызнавалася яна, засынаючы.

Але дружба яе з дзецьмі была нямоцнай. Адзіным

чалавекам, без якога яна сумавала па-сапраўднаму, была бабуля. Бацьку ж, хоць Люда і «дружыла» з ім цяпер, яна ўсё яшчэ называла то татам, то Аляксеем. Аляксей думаў, што ў яе пакуль ёсць толькі звычайная прыхільнасць да яго, нічога большага, — і калі ім давядзецца расстацца, Люда, напэўна, яго хутка забудзе...

Зусім інакшае месца займаў гэты маленькі бялявы чалавечак у душы Аляксея. З кожным днём Люда станавілася даражэйшай яму.

Думаючы пра будучыню, ён турбаваўся перш за ўсё пра шчасце дачкі...


Раздзел ІХ


1...

Дзевятага ліпеня Клава праводзіла ў армію свайго брата.

Сяргей увесь гэты час быў у знішчальным батальёне, — ён камандаваў узводам, у якім было і некалькі знаёмых шафёраў. Увесь батальён складаўся з пажылых рабочых і маладых мінскіх хлопцаў.

З хлопцамі, якія ўвайшлі ў яго ўзвод, Сяргей трэцяга ліпеня абяззбройваў гітлераўцаў, што заселі ў цагляных чатырохпавярховых «казармах Белпалка». Гітлераўцы стралялі з дахаў, з вокан. Іх цяжка было вылоўліваць, бо прыходзілася лезці на дахі, абшукваць амаль усе калідоры і пакоі...

Усё ж хутка наступіла цішыня і тут.

На золаку другога дня Сяргей біўся з нямецкаю групкаю, якая прабралася ў горад і была акружана на месцы яўрэйскіх могілак. Немцы, большасць з якіх тут былі эсэсаўцы, ніяк не хацелі здавацца. Хаваючыся за намагільныя пліты, яны адстрэльваліся з аўтаматаў і пісталетаў.

Мінчане-знішчальнікі перабілі іх больш за палову,— толькі тады між пліт паявіліся белыя шматкі.

Цяпер, калі ў Мінску і пад Мінскам уціхла, Сяргей папрасіўся ў армію.

Клава правяла брата да месца збору. Збіраліся на прызыўным пункце, які ў тыя дні быў у парку Чэлюскінцаў. Між строгіх, парадзелых за вайну сосен зелянелі брызентавыя палаткі, — каля іх усюды стаялі гурткамі хлопцы, мужчыны, дзяўчаты, маткі, жонкі. Найбольш было тут хлопцаў, што выраслі за вайну.

У сасонніку плылі, плёскаліся песні, пераліваліся галасы вясёлага гармоніка.

— Дык ты ж глядзі, каб пісаў часта, — наказвала Клава. — Не лянуйся... Бо я цябе ведаю — пісьмо сабрацца напісаць табе цэлае гора...

— Буду пісаць... Толькі ты не сумуй тут адна...

— А чаго я буду сумаваць? Вось яшчэ — прыдзе час, вернешся. Нікуды не дзенешся!..

Хоць Клава гаварыла весела, Сяргей ведаў, што ў душы яе сумнавата: як-ні-як — ростань. Ды і родных у яе больш няма, адзін ён толькі...

— А куды ж дзенуся? Вярнуся — зноў за руль!.. А ты, Клаўка, каб тым часам школу закончыла. І ў інстытут паступіла, дамовіліся?

— З восені — абавязкова ў школу. Працаваць і вучыцца... Ух, як хочацца цяпер вучыцца!

Яна памаўчала крыху.

— Я табе мыла кавалачак паклала, яно ў мыльніцы... І ручнік ляжыць той, што з махрамі... Я іх зверху палажыла, каб лягчэй было дастаць...

— Знайду ўсё...

— Эх, глядзець за табой каму-небудзь трэба. Як ты там будзеш без мяне?

— Як-небудзь, Клаўка...— ён засмяяўся.

— Добра, каб ты пайшоў у арміі па сваёй спецыяльнасці, праўда?

— Я хацеў бы танкістам.

— Танкістам? З цябе і танкіст будзе добры.

— Пабачым...

Яна нечакана стала часта моргаць вачыма, якія дзіўна затуманіліся. — Дык я пайду,— сказала яна паспешліва, як бы схамянуўшыся. — Я і так ужо запазнілася... — Клава, прыкусіўшы губу, абняла ў апошні раз брата і, хутчэй адвярнуўшыся, амаль подбегам пайшла па алеі — на вуліцу, у горад.

Яна ўжо другі дзень працавала на станказаводзе.



2...

Сёння Клаву з другімі дзяўчатамі паставілі расчышчаць завал. Ён быў высокі, з магутнымі глыбамі-абломкамі, і дзяўчына падумала, што працаваць тут прыадзецца доўга. Дні на тры хопіць, не менш.

Але пра думку сваю не сказала. Нашто? Хіба яна прышла сюды ўздыхаць? Чым весялей людзі возьмуцца за справу, тым хутчэй зробяць.

— Гэй, давайце сюды насілкі! Цэглу няма куды лажыць! Хутчэй, хутчэй... А то хутка тут горы накідаю!.. Перарвецеся, а не ўправіцеся насіць...

— Глядзі ты, якая пагрозлівая, Клаўка?!

— Не палохай, Клаўка. Не баімся! Нікога цяпер не баімся...

Каля яе прыладзілася яшчэ некалькі жанчын, якія разбіралі і лажылі каменне на насілкі. След іх працы на завале быў амаль непрыкметны, але Клава і іншыя завіхаліся з ахвотаю.

Па вуліцы, крыху наводдаль, правялі групу ціхіх, паслухмяных палонных...

— На работу, мусіць? Вучыць працаваць...

— Навучыш ты іх! Яны толькі і ведаюць, што ламаць ды забіваць...

— Розныя і сярод іх ёсць... — Клава расказала пра ўчынак Паўля з Рура...

Спрэчка пра немцаў уціхла толькі тады, калі поблізу паявіліся каля двух дзесяткаў узброеных хлопцаў, відаць, партызан. Хлопцы прынеслі некалькі ламоў і насілкі. Паміж жанчынамі і хлопцамі адразу завязаліся вясёлыя жарты.

Хлопцы, жартуючы, называлі Клаву начальніцай. Яна спачатку адмахвалася і смяялася: «Якая я начальніца?»— але раптам Клава змяніла ролю, зрабіла строгі начальніцкі выгляд і загадала ім працаваць як след.

— Куды, куды? — крыкнула яна двум рослым партызанам. — З гэтым каменьчыкам і дзяўчына справіцца. Трэба разбіць вунь тую вялікую глыбу.

— Тую?

— А якую ж? Не бойцеся, не надарвецеся! Глядзіце, як разленаваліся!..

Хтосьці з хлопцаў паскардзіўся на нераўнапраўе, але голас яго патануў у дружных вясёлых воклічах жанчын:

— Правільна, Клаўка! Так і трэба!..



3...

Васю ў Мінску, як ён лічыў, не пашанцавала.

Ён ужо прышоў у гарадскі камітэт камсамола атрымаць прызначэнне на працу ў адзін мінскі райком, калі неспадзявана ўсё перайначылася.

— Паедзеце, таварыш Крайко, вучыцца, — сказаў яму сакратар гаркома камсамола. — Акурат атрымалі пісьмо з ЦК — павінны паслаць некалькі чалавек на вучобу. У Маскву паедзеце! На тры гады...

Калі Вася вышаў з кабінета сакратара, ён некалькі хвілін стаяў у калідоры, быццам на цяжкім раздарожжы.

Ехаць у Маскву ён, вядома, хацеў. Ён яшчэ ні разу не быў у сталіцы, аб паездцы ў якую нямала марыў у лесе. Убачыць Крэмль, маўзалей, Спаскую вежу, Акадэмію імя Фрунзе, дзе вучыўся яго брат, пахадзіць па вуліцах Масквы — ён пра гэта нават думаць спакойна не мог. Вучыцца ў Маскве ў іншы час было б за шчасце, але вучыцца цяпер, у такую гарачую пару вайны, ехаць з Мінска, які так пакалечаны, у якім столькі цяжкай працы...

«Не, — Васіль рашуча надзеў пілотку: — не паеду...» Ён быў перакананы, што гэта было б не што іншае, як уцёк з фронта.

Хвілін праз пяць ён быў ужо ў кабінеце Тураўца. Пакрыўджаны, рашучы.

— Што гэта ты такі пануры, Васіль? Няшчасце якое?

— Вучыцца пасылаюць... На тры гады...

— Я гэта ведаю. І радуюся за цябе. Але чаму ты пануры?! Ці ты, — у голасе Тураўца пачулася здзіўленне: — не хочаш вучыцца?

Вася расказаў, што непакоіла яго. Ён гаварыў горача, пазіраючы ў вочы Тураўца, як бы шукаў там падтрымкі. Туравец не глядзеў на яго.

— Усё гэта правільна, Васіль, — загаварыў былы камісар, калі хлопец змоўк. — Але... вучыцца трэба! Трэба абавязкова.

Ён падышоў да акна, усміхнуўся:

— Можна падумаць — ты баішся, што тады работы будзе табе мала. Хопіць, Вася, работы! Прыедзеш праз тры гады, — мы табе дадзім яе столькі, колькі вытрымаюць твае плечы! Будзе работы многа!.. І вельмі важнай, і цяжкай, і яшчэ больш складанай!..

— Але ж, цяпер...

— А цяпер мы і без цябе пакуль усё зробім. Ці ты нам не давяраеш? Давяраеш... Тады я лічу інцыдэнт скончаным. Наогул — ты прышоў са скаргай дарэмна. Я не чакаў ад цябе гэтага...

Вася збянтэжыўся.

— Што ж мне зараз рабіць? Цэлых дзесяць дзён...

— Што? Адпачываць.

— Адпачываць?!

— Сілу для вучобы берагчы...— Туравец строга зірнуў на Васю: — Глядзі каб там вучыўся як след. Каб не ганьбіў нас, мінчан... Я спецыяльна праверу!

...Адышоўшы ад гаркома даволі далёка, Вася спаткаў на вуліцы Шашуру. Твар былога падрыўніка засвяціўся радасцю.

— Вось дык сустрэча! Ну, пакажыся, як ты выглядаеш? Ого, змарнелы! Ты глядзі, гэтак хутка табе, каліна-маліна, прыдзецца ногі ў руках насіць, — цьфу-цьфу, каб не ўракнуць...

Ён узяў Васю пад руку.

— Ведаеш што, таварыш студэнт, ці як цябе там, хадзем да мяне. Падкармлю! Не магу спакойна бачыць, як на вачах маіх гінуць лепшыя людзі. — Ён па-змоўніцку шапнуў Васю на вуха, што ёсць у запасе дзве пляшкі піва з мінскага завода.

Шашура сілком пацягнуў хлопца да сябе. Слухаючы гарэзную гамонку таварыша, Васіль падумаў: «Усё такі ж. Вецер!» У яго ўжо быў гатовы прысуд.

Але, прышоўшы да Шашуры, хлопец глянуў на таварыша інакш.

Вася са здзіўленнем акінуў вачыма залу, у якой размяшчалася сталовая. Сцены былі нядаўна чыста выбелены, у зале ў чатыры рады стаялі акуратныя столікі, накрытыя лістамі паперы. Толькі што пачынаўся абед, за сталамі сядзелі першыя наведвальнікі. З кухні вышла маладая дзяўчына ў белай кофтачцы, трымаючы паднос з талеркамі. Добры парадак, утульнасць, якія адчуваліся тут, былі гэтак нечаканымі пасля руін і пяску на вуліцах, што нельга было не здзіўляцца.

— Т-ты ўсё-ткі здорава папрацаваў.

Але Шашура абыякава махнуў рукою. Ён правёў Васю ў склад і паказаў некалькі мяхоў мукі і дзве скрынкі маргарыну. Вось усё багацце. Мала. Але з якой цяжкасцю ўсё гэта дасталося! Шашура сваім абыякавым выглядам як бы паказваў, што справіцца з даручэннем у такіх умовах мог толькі ён.

— Гэта што, каліна-маліна! Вось зараз я табе пакажу скарб. Лепшы свой скарб!..

Ён гукнуў у дзверы. Адтуль неўзабаве вышаў нізенькі загарэлы чалавек у белым каўпаку. Шашура пазнаёміў Васю з ім: шэф-повар.

— Умее з гэтай самай простай мукі рабіць семдзесят чатыры стравы... Я не хлушу, Пятрусь?

Кухар усміхнуўся: праўда. Ён адносіўся да Шашуры, было відаць, з вялікай павагай. Падміргнуўшы лясному другу задаволена, з гонарам — «Чуў?!»,— Шашура папрасіў шэф-повара пакарміць «гэтага таварыша»,— ён кіўнуў на Васю.

— На гэты раз я цябе пакармлю так, а з заўтрашняга дня, калі захочаш паабедаць у мяне, каб прыносіў картку, ясна?

— Ясна, таварыш дырэктар! ... Але... т-ты стаў скупы?

— Не скупы, Вася, а гаспадарлівы! Улічы...

— Ды буду помніць.

Калі Шашура і Вася сядзелі за столікам у ма ленькім пакоі побач з залай, дырэктар, наблізіўшы да таварыша хітры твар, расказаў, як ён на працягу двух дзён угаварваў начальства адной брыгады, каб адпус цілі гэтага майстра.

— Аблогу проста наладзіў. З гаркома спецыяль ную адносіну прынёс... Усё сваё красамоўства ска рыстаў. Два дні і дзве ночы, каліна-маліна, прымяняў розныя тактычныя прыёмы, пакуль не дабіўся...

Шашура пахваліўся, што ўчора прыходзіў сюды Туравец: усё абгледзеў, пытаўся, чым трэба дапамагчы, — быў задаволены.

— Сказаў нават,— падміргнуў Шашура,— што з мяне сур'ёзны гаспадарнік можа выйсці. Вось якія, таварыш Вася, поспехі на маім харчовым участку!..

Нечакана падрыўнік загаварыў пра тое, што заўтра, мусіць, іх брыгада прыбудзе ў Мінск.

— Ты, глядзі, Валю мацней трымай пры сабе. Бо, каб хто-небудзь не перахапіў.

— Не перахопіць...

— Ты цвёрда ўпэўнены?

— Больш, як у сабе, — з запалам адказаў Вася.

— Э-э, брат, не хваліся. Ты паслухай вопытнага чалавека: жанчынам не надта давярай. Ёсць, праўда, адна жанчына, на якую можна спадзявацца нават больш, чым на сябе. Але ты яе не ведаеш, — у вачах Шашуры бліснулі вясёлыя агеньчыкі: — гэта мая ўдавіца...



4...

У той дзень Туравец пабачыўся з Марыяй Андрэеўнай. Туравец правёў яе на вуліцу Карла Маркса, туды, дзе паўз Дом Чырвонай Арміі спускаецца ўніз да Свіслачы і парку шырокая бетонная лесвіца. Тут у адным двухпавярховым доме была яго кватэра.

— Вось мае пенаты! Заходзь, знаёмся! — сказаў ён, адчыніўшы дзверы.

Марыя Андрэеўна азірнула пакой і засмяялася.

— Няма чаго сказаць — пенаты! Пуста, няўтульна — як у склепе. Нібы і не жыў ніхто.

— А ты, па праўдзе кажучы, не памылілася. Я тут быў усяго раз ці два... Жыву і сплю пакуль збольшага ў гаркоме, амаль па-паходнаму. Праўда, зусім не таму, што адвык ад аседлага жыцця, ты не думай, што я вечны вандроўнік, — проста не было калі прыбраць тут. А пакуль тут, як ты кажаш, — нібы ў склепе, не хачу тут жыць — не люблю няўтульнасць...

— Ну, тады што ж, прыдзецца, відаць, наводзіць утульнасць?

— Хоць зараз! З ахвотай, Маша...

Ён прынёс аднекуль вядро, схадзіў — ці, лепш сказаць, збегаў — па ваду. Кавалкам дроту прывязаў да стала адламаную ножку, праверыў, ці добра стаіць стол цяпер. Маша сачыла за ім і весела падсмейвалася: смешна бачыць яго за такім заняткам!..

Але неўзабаве Туравец схамянуўся і, зірнуўшы на гадзіннік, сказаў, што трэба ісці ў гарком.

— Пачынаецца! Я так і думала, што ўтульнасць рабіць буду збольшага я.

— Трэба абавязкова быць, Маша. Абавязкова, разумееш? Але як толькі вызвалюся, адразу вярнуся пад тваё начальства. І прытым — з ахвотай!.. А пакуль — усё аддаю тваім рукам і густу!..

Марыя Андрэеўна засталася адна. Як добра будзе жыць у пакоі, а не ў зямлянцы! У іх цяпер два пакоі, сапраўдныя пакоі, — пасля зямлянак яны здаюцца прасторнымі, а вокны вельмі шырокімі і светлымі. Тут будзе жыць разам з ёю яе Нічыпар. Як гэта яшчэ дзіўна — яе Нічыпар! Быў камісарам, Тураўцом, якога яна даўно любіла, а цяпер — яе Нічыпар! Яе шчасце. Думаючы ўвесь час пра свайго Нічыпара, яна з задавальненнем пачала гаспадарыць. Цяпер яна здавалася простаю гаспадыняю, якой яе мала хто ўяўляў.

Прыехаў партызан і прывёз на тачанцы пісьмовы стол, канапку, рэчавы мяшок, падушку, звязак розных кніг. Ён усё гэта паставіў і паклаў у калідоры і ў кутку аднаго пакоя...

Калі ён паехаў, Марыя Андрэеўна зноў стала мыць шыбы, вокны, аддзіраць палоскі паперы з нямецкімі літарамі, што засталіся з зімы. Стаміўшыся, яна, з плямкамі гразі на твары, на беленькай кофтачцы, паружавелая ад згінання, азірала пакойчык і ў соты раз меркавала, дзе што паставіць. Яна і сама не думала, што гэтымі дамашнімі клопатамі будзе займацца з такой прыемнасцю.

За што б яна ні бралася, ёй усё хацелася зрабіць так, каб гэта спадабалася Нічыпару. Рэчы для яе былі не мёртвымі, а нібы жывымі істотамі, што знаходзяцца ў нейкім сваяцтве з ім, — Нічыпаравы рэчы!

Стол Марыя Андрэеўна паставіла каля акна так, каб Нічыпар, калі ён тут будзе сядзець удзень, мог бачыць прастор за акном. На стол паклала некалькі недачытаных кніжак, і здалося, што ён працаваў ужо за сталом. У тоўстым сшытку ляжаў дзесятак здымкаў. Адзін з іх, — на якім быў зняты Юрый у вайсковай форме, яна паставіла каля кніжак.

Сын падобны з твару на яго, — такі, мусіць, і Нічыпар быў у маладосці. Пазіраючы на картку, яна надумала пра маці Юркі і адчула ў сабе як бы дакор сумлення. Але хіба яна ў чым вінавата перад яго маці? Яна любіць яго бацьку і хоча быць з ім шчаслівай...

Ці зразумее Юрка яе і Нічыпара? Ці ведае ён, што і ў трыццаць пяць і ў сорак год хочацца любіць і жыць у шчасці? Як ён будзе адносіцца да яе?

І тут Марыі Андрэеўне згадалася яе Светка, дачка, якая жыве на Віцебшчыне з бабуляю. Трэба хутчэй забраць яе сюды — Светка і так насумавалася па маці, а маці па ёй. Вось адразу пасля парада і трэба ехаць...

Яна захапілася працаю так, што не заўважала, як ідзе час. Не заўважыла, як і ўвайшоў Нічыпар. Ён раптам абняў яе і закрыў рукою вочы, быццам загадваючы загадку, хто гэта?

— Пусці. Выпэцкаешся!.. Рукі брудныя ў мяне,— папрасілася Марыя. — І валасы раскалмаціліся. Так ты мяне і разлюбіш, чаго добрага!

— Баюся, што наадварот! — Ён пацалаваў жонку ў скронь і адпусціў рукі.

Азірнуўся здзіўлена. Гэтае здзіўленне было ёй як узнагарода.

— Ну, ты, аказваецца, проста чараўніца!.. Я і не думаў, што строгая «доктарша» можа быць такой гаспадыняй. Каб я тут, «доктар», сваімі вачыма не бачыў цябе, я мог бы падумаць, што памыліўся адрасам...

Ён узяў яе рукі ў свае далоні і пяшчотна сціснуў.

— У такіх выпадках, Маша, здаецца, спраўляюць наваселле. А чым мы горш за людзей?

Ён выняў са скрутка, які прынёс з сабою, бутэльку гарэлкі, палажыў на стол закуску.

Калі яны селі за стол, Туравец паглядзеў на партрэт сына — вось яшчэ каму належала б быць тут!

— Вып'ем, Нічыпар, за Юрку! — сказала Марыя Андрэеўна, быццам адгадваючы яго думкі. — Каб ён дайшоў цяжкую, слаўную дарогу да канца і вярнуўся здаровы...

Туравец мімаволі спахмурнеў: «Эх, так і не давялося пабачыцца з Юркам! Як гэта крыўдна атрымалася...»

Марыю Андрэеўну напаўняла ціхая, спакойная радасць. Яна ўспомніла Анатоля, але гэты, звычайна прыкры ўспамін, не прынёс цяпер гаркаты. Тое скончана назаўсёды, і добра, што скончана. Але чаго яна, наперакор свайму пачуццю, трымалася за тое? Чаго яна стрымлівалася ісці насустрач сапраўднаму шчасцю, чаго сумнявалася? Дзівачка!

Туравец сказаў, смеючыся:

— Я, здаецца, сёння пазнаю прывабнасць адзіноты.

— Якая ж гэта, Нічыпар, адзінота? Мы — удваіх.

— Мы ж адно, адзінае!..


Раздзел Х


1...

16 ліпеня ў Мінску намячалася правесці парад партызан. Да гэтага свята ў сталіцу з розных раёнаў Беларусі яшчэ за тыдзень пачалі сыходзіцца шматлікія партызанскія брыгады, атрады, групы. Яны займалі не толькі ўсе вуліцы, але і пасёлкі на ўскраіне горада — Козырава, Грушаўскі і іншыя, навакольныя вёскі, табарамі размяшчаліся ў пералесках, а то і проста ў полі.

Хаты не маглі іх умясціць, і таму ўсюды вырасталі буданы з зялёнага галля і брызенту. Многія з прыезджых уладжваліся проста пад павозкамі на траве...

Там і тут завіхаліся кухары каля вялікіх партызанскіх катлоў, размешвалі крупнік, падкладвалі дровы ў агонь...

Ніколі яшчэ за ўсю вайну не было ў Мінску такога ажыўлення. Па вуліцах усюды гарцавалі — красаваліся на конях хвацкія камбрыгі і начштабы са сваімі «світамі», разведчыкі, сувязныя.

Хадзілі ў паасобку і абняўшыся дзяўчаты і жанчыны з вінтоўкамі і аўтаматамі, загарэлыя, чубатыя хлопцы ў кепках, пілотках, чырванаверхіх казацкіх кубанках, насунутых па-маладзецку на вуха. Чуўся смех, жарты, а часам і заліхвацкія пераборы гармоніка... Вось ён, сапраўдны выгляд таго Мінска, які гітлераўцы так намагаліся задушыць. Ён жыве, ён кіпіць сілаю і радасцю перамогі.

Вось яны, сціплыя дзеці вернай, няскоранай Беларусі, слава аб якіх у вайну пайшла па ўсяму свету.

Падрыўнікі, разведчыкі, дыверсанты... Ходзяць захмялелыя ад шчасця, ад цішыні, ад спакою, ад таго, што запаветную мару спраўдзілі.

Ермакоў у першы дзень прыезду спаткаўся з былым камісарам. Увайшоў у кабінет Тураўца, далажыў весела, што баявыя аперацыі брыгада скончыла.

— Чуў тое-сёе, Коля, — Туравец ад душы абняў друга.

Ермакоў расказаў, што адбылося ў брыгадзе гэтымі днямі. Яму здавалася, што яны даўно-даўно не бачыліся з камісарам...

— Малайцы. А вось нам дык і пахваліцца быццам бы няма чым, — прызнаўся Туравец. — Шчыраваць шчыруем, — а вынікі, дарагі мой, мала прыкметныя. Толькі пачынаем развінацца, Коля.

— Ну, працы тут, Нічыпар Паўлавіч, — рабі, не пераробіш. На многія гады хопіць. Усім на поўную выкладку сілы. Усім. Скажы, як жа тут паводзяць сябе нашы?

І калі Туравец стаў гаварыць, Ермакоў насцеражыўся: ці не падводзяць брыгаду, не ганьбяць? Не, Туравец задаволен імі, хваліць...

— Ну, хопіць размоў!— Туравец адразу стаў збірацца: ён запрасіў Ермакова да сябе, «на чарку» з поваду сустрэчы...

... І вось надышло 16 ліпеня. Незвычайны, непаўторны дзень.

З самага рання з усіх куткоў Мінска — з Камароўкі, са Старажоўкі, ад Чэрвеньскага тракта, з вуліц, раскінутых за чыгуначнымі лініямі, з навакольных пасёлкаў і вёсак ішлі да іпадрома калоны партызан і натоўпы гарадскіх жыхароў.

Туравец зайшоў да Аляксея, і яны ўдвух таксама накіраваліся да месца парада. Іх яшчэ напярэдадні запрасілі быць на ўрадавай трыбуне. Тураўца ад гаркома, а Аляксея ад афіцэраў і байцоў танкавай брыгады, якая вызваляла Мінск. Марыя Андрэеўна ўранку пайшла да сваіх памочніц, каб удзельнічаць у апошняй, як яна жартавала, брыгаднай «аперацыі»...

На вялізным зялёным лузе, што разлёгся ў шырокай лагчыне на беразе ціхай Свіслачы, якая паўкругам ахінае гэтую прыгожую мясціну, з краю ў край пераліваецца, хвалюецца неабсяжнае мора людзей. У гэтым моры, як вогненныя ветразі, ярка і весела палымнеюць сцягі, транспаранты, плакаты...

Такой безлічы народу ў адным месцы, на віду, Аляксей не бачыў, напэўна, ні разу за ўсю вайну. Яму адразу прыгадаліся дэманстрацыі на Першае мая ці на Кастрычнік, якія былі ў Мінску перад вайною. Дзесяткі тысяч людзей на плошчы Леніна ў часе мітынгаў... І вось зноў усё вяртаецца.

Усё? Не, не ўсё,— кальнула згадка пра Ніну. Цяпер на людным свяце, якое кіпела радасцю і песнямі, успамінаць яе было асабліва балюча. Не зажывае рана...

Тут, відаць, недзе яе сяброўкі, многія яе таварышы. Ім пашчасціла дажыць да гэтага дня. Чаму ж Ніны тут няма? Туравец з Аляксеем не адразу пайшлі да трыбуны, а нейкі час тупалі між натоўпаў людзей, шукаючы знаёмых, здароўкаючыся з імі, размаўляючы. Да пачатку мітынгу заставалася яшчэ нямала часу. Аляксей пазіраў навакол і слухаў,— там і тут былі чуваць песні і музыка...

Калі пачало набліжацца да дванаццаці, капітан з Тураўцом падаліся да трыбуны, над якой высіліся два вялізныя разгорнутыя сцягі. Яны падышлі сюды акурат тады, калі на трыбуну па драўлянай лесвіцы ўжо ўздымаліся члены ўрада, сакратары ЦК партыі, прадстаўнікі ад мінчан, дэлегаты ад арміі.

Стоячы на трыбуне, Аляксей бачыў непадалёк ад сябе знаёмую постаць сакратара ЦК партыі, поруч з ім стройнага маладжавага Чарняхоўскага.

Мора, неабсяжнае людское мора наўкруг. Амаль сотня тысяч людзей глядзіць на трыбуну, з якой пачынае гаварыць сакратар ЦК партыі.



2...

Ён вітае мінчан і партызан з вызваленнем беларускага народа. Вялікая плошча адказвае на прывітанне радаснымі воклічамі, воплескамі, партызанскім «ура».

— Дазвольце ад вашага імя перадаць словы любові і падзякі таму, хто вядзе нас ад перамогі да перамогі, — нашай слаўнай Камуністычнай партыі...

Зноў усплёсквае ўсхваляванае «ўра» дзесяткаў тысяч людзей. Па плошчы з краю ў край, як прыбой, праходзіць, звініць:

— Ура роднай Камуністычнай партыі!

— Няхай жыве наша вялікая Радзіма!

Разам з сакратаром ЦК людзі дзякуюць войскам трох Беларускіх і Першага Прыбалтыйскага франтоў, якія прынеслі волю мільёнам беларусаў...

У Аляксея ад прыліву ўсёабдымнага шчасця зашчымела-ажыла скруха па Ніне: чаму яна не дачакалася гэтага дня!..

Нібы адгадваючы думкі Аляксея, сакратар ЦК пачаў гаварыць аб тым, што прышлося перажыць людзям у фашысцкай няволі. Аляксея ўразіла лічба загінуўшых, якую сказаў сакратар ЦК: «сотні тысяч людзей».

Сотні тысяч! Сотні тысяч людзей знішчылі людаеды, чалавеканенавіснікі-фашысты. Колькі матак страцілі сваіх сыноў і дачок, колькі дзяцей засталося сіротамі! Сам таго не заўважаючы, Аляксей у гэтую хвіліну зірнуў на сваё гора інакш, чым раней. Ён нібы адчуў не толькі сваё гора, а гора ўсяго народа.

Якое яно вялікае, гэта гора! Гора народа!..

Плошча замерла ў напружаным грозным маўчанні. Гэтае маўчанне страшнае, яно напоўнена гневам вялізнага людскога мора.

Але неўзабаве голас сакратара мяняецца,— ён гаворыць пра гераізм народа, пра баявыя справы партызан.

«Яна загінула не дарэмна!» — думае ў каторы раз пра Ніну Аляксей, і ўпершыню гэтая думка суцішае боль.

Кожнае слова сакратара Цэнтральнага Камітэта кампартыі Беларусі людзі ловяць, стаіўшы дыханне,— усё шумлівае мора сціхла, услухоўваецца, як адзін чалавек.

Прамоўца ўспамінае, нагадвае пра той цяжкі шлях, які прывёў народ у вызвалены горад праз тры вялікія гады барацьбы. Важкія, мужныя, яго словы даходзяць да кожнага чалавека, хвалююць, будзяць думкі і ўспаміны. Тысячы людзей услед за ім, відаць, азіраюцца на мінулае, перабіраюць у памяці падзеі апошніх год.

Большасць успамінала, напэўна, партызанскія паходы, баі з гітлераўцамі, блакады або дні ў зняволеным Мінску, а Аляксей сваё — снежныя дарогі пад Сталінградам, сустрэчу з маці, апошні бой перад Мінскам, калі ледзь не загінуў.

— Таварышы мінчане! Партызаны і партызанкі! — Голас сакратара памацнеў, стаў урачыстым: — Вы паказалі сябе доблеснымі патрыётамі ў гэтыя страшныя тры гады, вы не скарыліся ворагу. Цяпер перад вамі стаіць задача — не пакладаючы рук працаваць над аднаўленнем роднага Мінска, роднай Беларусі... Нам аказваюць вялікую дапамогу партыя і ўрад, нам дапамагае ўся краіна. Ужо ідуць першыя эшалоны з падарункамі з Горкага, Пермі і іншых гарадоў. Мы залечым раны нашай цудоўнай сталіцы!

— Залечым!.. — паклялося людское мора.



3...

Калі скончыўся мітынг, пачалася падрыхтоўка да парада партызан.

Аляксей бачыў, як брыгады і атрады выраўноўвалі рады. У калонах там і тут чуліся воклічы каманд, прабягалі, заклапочана аглядваючы свае падраздзяленні, камандзіры... Паступова стала ўсталёўвацца цішыня.

— Парад, смірна!— прагучала ўладна над плошчаю,— раўненне направа!.. Па атра-а-дах, шагам марш!..

Першай перад трыбунай праходзіць брыгада імя Варанянскага, якая нарадзілася ў пачатку вайны тут жа, у Мінску. Яе камандзіру, Васілю Трафімавічу Варанянскаму, — расказваў Аляксею Туравец, сочачы за строгімі радамі партызан, — не давялося дажыць да гэтага дня, ён трагічна загінуў, пералятаючы лінію фронта.

Услед за ёй — ідуць «шчорсаўцы», «чапаеўцы», «чкалаўцы», «кіраўцы»... Гарцуюць на ўквечаных конях партызанскія кавалерысты, нячутна коцяцца, выціскаючы след у траве, трафейныя працітанкавыя «трыццацісямёркі»... Вось, рушачы паўз трыбуну, старанна раўняюць рады адважныя салдаты «Штурмавой брыгады», што пусціла пад адкос дзвесце варожых эшалонаў... Адна за адной перад мінчанамі праходзяць першая, другая, трэцяя мінскія брыгады, у якіх ваявала многа жыхароў сталіцы.

— Мае, мае ідуць!— усхвалявана шэпча Аляксею Туравец, ківаючы на калону брыгады, на чале якой ступае страявым крокам урачысты Ермакоў... Туравец з захапленнем паказвае капітану Габдуліна, Васю Крайко, Дразда...

На нейкі час строгую атмасферу парада раптам змяніла вяселле, смешкі. Перад атрадам на плошчу вышаў казёл, перакрыжаваны рамянямі, абвешаны нямецкімі «жалезнымі крыжамі» і медалямі. Казёл, як бы разумеючы сумную сваю ролю — бітага гітлераўскага ваякі, — нявесела трасе барадою, пакорліва дыбаючы следам за пярэднім атрадам...

Зноў ідуць рады партызан, коцяцца гарматы. Праходзяць славутыя брыгады «Буравеснік», імя Панамарэнка брыгада імя Варашылава, якая да прыходу Чырвонай Арміі адваявала ў немцаў Капыль, брыгада «Беларусь», што выбіла гітлераўцаў з Рудзенска...

— Падумаць толькі, Нічыпар Паўлавіч, — такіх людзей — сотні тысяч! Народныя арміі!..

— За кожным з іх, Аляксей, былі яшчэ дзесяткі «мірных» людзей, якія дапамагалі ім, — рэзерв...

Войскам гэтым, здаецца, не будзе капца. Людзі розных узростаў, з рознай зброяй, апранутыя ў самую разнастайную вопратку... Вось яна, сіла, душа народная!

Ці было яшчэ калі ў Мінску такое незвычайнае, багатае відовішча? Зачараваны гэтым парадам, Аляксей, ідучы з Тураўцом дамоў, загаварыў гнеўна:

— Раней, памятаю, модна было пісаць пра нас: беларусы — ціхі, амаль бязвольны народ, «добрыя землякопы»... Байкі расказвалі пра нашу пакорлівасць і цярплівасць. Ах, якія няшчасненькія, якія пакрыўджаныя! Прачытаеш, бывала, і нічога не застаецца, як пашкадаваць гэтых бедных людзей..

— Абразлівыя пісанні былі! — прамовіў Туравец.

— Ведаеш, што я падумаў, Нічыпар Паўлавіч, на парадзе? Вось няхай бы, падумаў, цяпер гэтыя чуллівыя плакальшчыкі ўсталі з магілы ды паглядзелі, хоць бы сёння, на нас — няшчасненькіх ды пакорлівых! Памыліліся паны. Выдумалі самі і паверылі, што так і сапраўды. Цэлымі гадамі і пісалі, і гаварылі, і плакалі — «бедненькія»! А тут вось які ён, народ-воін. Можна было б падумаць, што гэты народ быццам створан для бітвы... Ну, нічога, — у вачах Аляксея заблішчалі вясёлыя агеньчыкі, — цяпер увесь свет пабачыў, які наш народ горды і моцны і, калі трэба, — ваяўнічы! Ён з аўтаматам і гранатай умее ўпраўляцца не горш, чым з плугам. Не горш! Хто-хто, а ваяўнічыя арыйцы ў гэтым добра пераканаліся.

— Добра — на ўласнай шкуры!

— Цяпер, можа, паразумнеюць крыху і тыя, у каго яшчэ не балела шкура, але чэшуцца рукі...

— Дай бог! — пажартаваў ні то недаверліва, ні то жартаўліва Туравец.— Пара ўжо ім паразумнець!..


Раздзел ХІ


1...

Андрэй Шабунёк ішоў па вуліцы, не чуючы пад сабою ног. Ён толькі што вылез з кузава вайсковага грузавіка, які падвёз яго з Мінска ў родныя Паплавы.

Як было Шабуньку малому не спяшацца! Ён жа так даўно не бачыўся з мамаю, так ссумаваўся па ёй. Праўда, акрамя таго, для радаснага настрою былі і іншыя прычыны: учора, перад парадам, яму ўручылі сярэбраны партызанскі медаль. Хлопец усё не мог нарадавацца, штохвіліны пазіраючы на кружочак, што, як сонца, ззяе на яго даўгаватым пінжачку.

Падумаць толькі, у яго такі медаль, як у Тураўца і ў Васі!

У Андрэя ў руках была нямецкая вінтоўка, праўда, без патронаў, а на шапцы ярка чырванела істужка. Па ўсяму было відаць, што чалавек вяртаецца з вайны, і не абы-як, а са славай!

Ён увайшоў на родны двор, які здаўся яму вельмі ціхім і цесным. На месцы папялішча былі цяпер складзеныя партызанамі падмурак і некалькі вянцоў зруба, ляжала абчышчанае смалістае бярвенне. У траве дзе-ні-дзе валяліся непадабраныя дробныя трэскі і жаўцела, як высеўкі, пілавінне.

Маці дома не было. Жывіца, які праходзіў поблізу, сказаў, што яна ў полі — адразу за агародамі: там яе брыгада акопвае бульбу.

— Брыгадзірам яна ў нас цяпер, сынок...

Андрэй адразу пайшоў туды. Ён пазнаў яе яшчэ здалёк. Маці, якая рабіла разам з жанчынамі, не заўважыла Андрэя, але малы Валодзька, што аціраўся каля маці, адразу навастрыў вочкі на яго. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч.

— Длей! — крыкнуў Валодзька.

Чапляючыся за бацвінне, спатыкаючыся, ён стаў прабірацца да брата. Тады маці разагнулася, кінула жмуток травы, што трымала ў руках, і таксама падалася да Андрэя, як заўсёды, непаспешліва. Яна выцірала рукі аб спадніцу.

Падышла, зірнула на сур'ёзны суровы твар сына, які ледзь утрымліваў усмешку шырокага шчасця, і глыбокім грубаватым голасам прамовіла, нібы не верачы, што перад ёй сапраўды стаіць сын:

— Андрэй? Прышоў, дзяціначка мая?

— Прыехаў — з самога Мінска! Усяго дзве гадзіны ехалі — аж вецер вочы рэжа... Шафёр, ведаеш, баявы такі хлопец: у яго машына ляціць, як усё роўна самалёт!.. Зух-шафёр...

— Надоўга, сынок?

— Цяпер назусім... — і дадаў: — Ну, праўда — адваяваўся. Кончылі, мама... Цяпер будзем пачынаць новае жыццё...

Усё такая ж суровая з выгляду, абняла яго мякка, і, пакораны матчынай пяшчотай, ён адразу забыўся, што хацеў быць паважным і стрыманым, як дарослыя. Ён, па-дзіцячы ціхі і паслухмяны, увесь аддаючыся парыву душы, прыціснуўся галавой да яе грудзей, — як добра, калі абдымае маці!

— Цяпель будзем нёвае... — паўтарыў Валодзька словы брата.

А маці шурпатаю цвёрдаю далонню лашчыла непакорны чубок і прыгаворвала шчасліва:

— Жывы, дужы! Вярнуўся!.. Радасць мая ты, надзея...



2...

Аднекуль з-за саду вырваўся жвавы свежы ветрык. Дзяўчына захінула пінжак, накінуты на яе плечы, прамовіла заклапочана:

— Трэба, мусіць, ісці дамоў... Халаднавата становіцца...

— Вось выдумала, ну, праўда, у ліпені — холадна... Добра, што хоць духмень вячэрні прайшоў, дыхаць стала лягчэй!..

Яна не пярэчыла. Некалькі хвілін абое стаялі моўчкі, трымаючыся за рукі.

— Ты помніш, — загаварыла зноў дзяўчына, — як ты застаў у лесе гэтага Ермакова са мной... Ён жа проста выцягнуў мяне з зямлянкі. Балбатаў нешта, усё хацеў мяне рассмяшыць. Я і сама не ведаю, як я засмяялася, а тут — раптам ты!.. Эх, як мне горка было тады... Я яго пасля проста бачыць не магла...

Вася слухае гэта спакойна, — няма ў яго цяпер ні рэўнасці, ні крыўды. Ён нават пасміхваецца сам сабе над тымі трывогамі: дзівак быў, ну, праўда!

— А ты быццам не бачыў нічога. Дурны ты мой!..

Вася асцярожна прыхінае яе да сябе.

— Ты не злуйся, Валя... Думаеш, чаму я раўнаваў? Я хацеў, каб усё ў нас было чыстым і ясным. Калі любіць, дык любіць — каб усё тваё, уся душа належала любімаму, дарэшты, аднаму! Вось як я думаю...

Яны стаялі каля плота. Даўно мінуўся цёплы і цёмны вечар і месячная поўнач, і світанне пачыналася, а яны ўсё не разыходзіліся. Як жа ім было разысціся, калі яны расстаюцца на доўгі час: Вася едзе ў Маскву вучыцца. Яны то хадзілі паволі па вуліцы, то стаялі каля платоў. Закаханым, шчаслівым, ім увесь свет здаваўся напоўненым шчасцем. Яны бачылі поблізу руіны, яны ведалі, што ёсць многа нешчаслівых, але ўласная іх радасць была такой прыгожай, што перад ёй усё адыходзіла. Там, дзе жылі іх думкі і жаданні, было шчасліва і светла. Толькі ўспамін пра мінулае прымусіў Валю спахмурнець:

— Колькі я за цябе ператрывожылася! Асабліва, калі ты быў у заслоне пад пасёлкам. Я проста думала, што не перажыву. Цяжка ўсё-ткі любіць у вайну! — уздыхнула дзяўчына. — Няхай бы яна хутчэй скончылася, каб усе маглі любіць радасна і без трывогі!

— Не трэба бедаваць, Валя, цераз тое. Ну, праўда — яно ж ужо мінулася! — Ён далонню пяшчотна падняў яе галаву, зірнуў у цёмныя вочы, якія добра бачны ў ранішнім змроку.

Дзяўчына схамянулася:

— Не, усё-ткі трэба ісці: глядзі, ужо зусім развіднела. Проста не ведаю, як я сёння маме ў вочы буду глядзець...

Яна зняла з сябе пінжак і накінула на Васевы плечы. — Дык ты часта будзеш пісаць?

— Кожны дзень!.. Валя, скажы, толькі шчыра,— ён парывіста сціснуў яе руку: — ты мяне вельмі любіш?

— Хіба пра гэта, Вася, пытаюцца? Самому трэба бачыць...

— Скажы, ну, праўда! — настойваў ён.

— Люблю. Так люблю, як нікога, — сур'ёзна, з нейкай урачыстасцю адказала яна. — Ведаеш, мне нават здаецца, што я... нават маці сваю... менш... Толькі ты не думай нічога, — я і яе вельмі...

— Я хачу, каб ты мяне заўсёды так любіла. Каб мы заўсёды былі шчаслівыя...

— Я таксама, Вася...

Ён ехаў у Маскву праз дзве гадзіны — стомлены ад бяссоннай ночы, але вясёлы.



3...

Аляксей Лагуновіч пакідаў Мінск у той жа дзень.

Перад ад'ездам ён зайшоў у апошні раз да Тураўца.

— Ужо назад? У цябе ж яшчэ і тэрмін водпуску не скончыўся, ды і рука твая яшчэ не зусім у форме.

Нічыпар Паўлавіч па-таварыску папракнуў Аляксея за тое, што не хоча спакойна лячыцца:

— Трэба было б дабыць тэрмін водпуску: ён жа невялікі. І ехаць туды зусім здаровым... А ўрэшце, ты правы: там хутчэй зажываюць раны... Ну, вяртайся жывым і бадзёрым, і абавязкова да нас, у Мінск!

На скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Валадарскай Аляксей выпадкова спаткаўся з Клаваю:

— Еду да сваіх, на фронт! — прамовіў ён задаволена.

— А як жа рука?

— А што з ёю, з рукою, — зажыве... Што вы пажадаеце мне — на дарогу?

— Што?.. Шчасця, удачы. Там, на вайне, і — усюды... Заўсёды!

— Шчасця? Самае вялікае маё шчасце цяпер — дачка... Заходзьце, Клава, да яе, калі будзе час, каб яна не сумавала вельмі...

Ён падаў руку, рэзка і моцна паціснуў і адразу пайшоў сваёй дарогаю. Клава не ўтрывала, каб не азірнуцца. Яна пазірала так, нібы хацела запомніць яго надоўга.

Калі ён знік за рогам вуліцы, у яе сэрцы штосьці нібы абарвалася.

Аб сваім рашэнні ехаць раней тэрміну Аляксей сказаў Наталлі Міхайлаўне ўчора, але думкі пра ад'езд турбавалі яго ўжо некалькі дзён. Капітана цягнула на фронт. Туды клікалі яго ўспаміны пра Ніну, прага помсты за яе смерць. Там быў яго родны батальён, яго таварышы, з якімі ён прайшоў нялёгкі шлях ад Смаленшчыны да Мінска. Ён сумаваў па таварышах, непакоіўся пра іх. Ці камандуе батальёнам новы камандзір як належыць? Ці цэніць і беражэ ён афіцэраў і экіпажы?

Праўда, пакідаў Аляксей Мінск не з лёгкім сэрцам. Трэба было пабыць яшчэ з дачкою, абагрэць бацькоўскай пяшчотай яе. Трэба было б дапамагчы старой, якая гаравала па Ніне. Ды і рана Аляксея не зусім загаілася. Але думкі пра батальён, пра справу, якая там яго чакае, былі мацней за ўсё.

Аляксей хутка быў дома. Наталля Міхайлаўна неспадзявана падала два лісты.

— Толькі што прынеслі.

Яшчэ не чытаючы, па почарку і маленькаму прыгожаму канверту Аляксей даведаўся: ад Гогабярыдзе. Нарэшце! Сандро пісаў:

«Дарагі дружа! Як ты жывеш? Якімі былі гэтыя дні ў цябе? Калі ты радуешся, то мы таксама падзяляем тваё шчасце. А — калі гора?.. Будзь мужны. І ведай, што мы заўсёды з табою, падтрымаем цябе.

Мы цяпер далёка ад цябе, дружа. Твая Беларусь ужо за намі. Цяпер мы ідзем па літоўскіх дарогах. Хутка-хутка настане час, і нашы «трыццацьчацвёркі» ўварвуцца ў бярлогу таго шакала, які асмеліўся пайсці на нас з мячом. Мы ўжо блізка ад Прусіі.

Як толькі паправішся, прыязджай!

Твой да канца жыцця Сандро».

Другое пісьмо было ад Быстрова і Сонцава. Камандзір гарматы пісаў, што яны падышлі да вялікай ракі, якую ён не называў. Гэта быў, здагадваўся Аляксей, мусіць, Нёман. Чытаючы пісьмо, Аляксей уяўляў добрую кплівую ўсмешку сержанта, калі Быстроў пісаў пра свайго таварыша: «А Сонцаў, калі вас цікавіць,— спіць па-ранейшаму ў кожную вольную хвіліну; ужо, як я падлічыў, на паўгода ўперад наспаў». Сонцаў тут жа прасіў, каб Аляксей не верыў Быстрову: «Усё, што ён напісаў пра мяне, — брахня. Я не сплю амаль зусім, бо ўвесь час у паходзе. А машына ў поўным парадку. Так што будзьце спакойны і — прыязджайце, адным словам!»

«Прыеду. Хутка прыеду!» — узрушана падумаў Аляксей, кладучы лісты ў кішэню.

Наталля Міхайлаўна і Люда праводзілі яго. Ён хацеў узяць дачку на рукі, але яна зажадала ісці сама, падаўшы адну руку бабулі, а другую бацьку.

Усе ўтраіх спыніліся каля рэгуліровачнага паста, дзе пасярод вуліцы стаяла русявая загарэлая дзяўчына са сцяжкамі. Аляксей рашыў ехаць на папутнай машыне. У той час праз Мінск такіх машын праходзіла да фронта вельмі многа.

— Тат, — Люда падняла на Аляксея заклапочаныя вочкі.— А... фашысты, калі ты паедзеш, сюды не прыдуць?

— Не, дачушка. Не пусцім іх.

— Не пускай, бо яны вельмі паганыя. Такія брыдкія!

— Таварыш капітан! — крыкнула рэгуліроўшчыца. — Папутная!

Аляксей абняў Наталлю Міхайлаўну, на вачах у якой выступілі слёзы. Дачушка раптам скрывіла губкі. Напэўна, сваёй дзіцячай душою яна адчула сапраўднае значэнне падзеі, якая павінна забраць у яе на доўгі час бацьку.

Аляксей узяў Люду на рукі і хвіліну з любоўю пазіраў на яе такія знаёмыя, Нініны вочы.

— Ты хутчэй вяртайся... бо я буду сумаваць... — прамовіла яна, нібы патрабавала.

Гэтыя словы кранулі самую глыбіню сэрца Аляксея.

— Вярнуся, дачушка мая... Абавязкова вярнуся...

— Глядзі ж, вярніся! Мы будзем з бабуляю цябе чакаць.

Бацька пацалаваў яе ў Лобік, у шчочкі, асцярожна паставіў на зямлю.

Ускінуў за плячо рэчавы мяшок, а шынель на руку і адразу пабег да машыны. Ускочыўшы ў кузаў, дзе сядзелі ўжо некалькі вайсковых, Аляксей азірнуўся. Дачка махала яму сваёй маленькай, кволай ручкай — сур'ёзная, задумлівая.

Бацька, стоячы ў грузавіку, памахаў у адказ фуражкаю. Машына рэзка кранулася, падкідваючы кузаў на няроўным бруку. Па абодва бакі пабеглі каменныя і драўляныя дамы, тэлеграфныя слупы.

Праз дзве хвіліны ні дачкі, ні старой не было відаць.

Але ў душы яго жыла цеплыня, што прынесла ў гэтыя дні дачка. «Хутчэй вяртайся, тата... Мы будзем чакаць».

... Так, жыццё яго мае сэнс. Ён едзе на фронт, за якім яшчэ жывуць тыя, хто адабраў у яго шчасце.

Загрузка...