III

Да заходу заставалася яшчэ гадзін пяць, але ён ужо чакаў Анастасію. Сёння была іх чарга рыць тунэль, і яны насуперак негалоснаму правілу збіраліся заняцца каханнем, перш чым узяцца за працу. Гэта было нават не столькі правілам, колькі лагічнай неабходнасцю: прадуктыўна займацца знясільваючай фізічнай працай пасля кахання было немагчыма. Немагчыма не толькі таму, што капаць тунэль справа не з лёгкіх, але перш за ўсё таму, што рабіць усё гэта даводзілася звычайнымі сталовымі прыборамі – відэльцамі і лыжкамі. Здабыць рыдлёўку ці іншы металічны прадмет, буйнейшы за лыжку, не было дзе.

За апошнія тры месяцы тунэль павялічыўся ў лепшым выпадку на некалькі метраў. Усё атрымалася б, магчыма, і раней, але ўмовы былі яшчэ тыя. Кожную ноч капалі хлопец у пары з дзяўчынай, каб сустрэчы не выклікалі падазрэнняў, а выглядалі як звычайныя наведванні з мэтай заняцца сэксам. Пачыналі пасля заходу, калі ўсе ўжо спалі.

Як правіла, хлопец капаў, накладваючы зямлю ў глыбокую талерку – самую глыбокую, якую толькі магчыма было здабыць, а дзяўчына выносіла яе на паверхню. Працавалі без святла, навобмацак. Усяго ў гэтым прадпрыемстве бралі ўдзел пяць чалавек.

Першапачаткова план уцёкаў з’явіўся у Аляксандра, ім ён у адну з начэй падзяліўся з Кацярынай. Удваіх маладыя людзі ўсё доўга абдумвалі, сумняваліся, абмяркоўвалі, але неўзабаве пачалі. Праз некаторы час да іх далучыўся Міхаіл, а праз яго і Анастасія. Дзмітрый жа апынуўся ў групе ўцекачоў зусім выпадкова, пасля таго, як аднойчы выявіў вынікі іх працы. У падобнай сітуацыі было два варыянты: або ўсё прападзе марна, а яны будуць жорстка пакараныя, або ім давядзецца прыняць пятага. Быў, вядома, і трэці варыянт, але яго адразу ж адкінулі. У любым выпадку, дадатковая працоўная сіла была не лішняй.

За апошнія гады Аляксандр не раз праклінаў дзень, калі пагадзіўся на ўдзел у гэтым эксперыменце. Умовы выглядалі досыць прывабнымі. Незадоўга да васямнаццатага дня нараджэння да яго ў інтэрнат завітаў чалавек у чорным гарнітуры, строгі, але досыць добразычлівы. Спачатку той распытваў, як жывецца без бацькоў, якія планы на будучыню, а затым паступова падышоў да сутнасці прапановы. Падрабязнасці пра эксперымент мужчына ў чорным не раскрываў. Аляксандру толькі было прапанавана адправіцца на дзесяць гадоў з групай такіх жа маладых людзей, як і ён, на самыя ўскраіны краіны, дзе для іх пабудаваны невялікі гарадок. Працаваць не патрабавалася, будуць карміць і даваць усё неабходнае. Еш, чытай, глядзі фільмы – адным словам, рай. У абмен за ўдзел у эксперыменце Аляксандру паабяцалі па вяртанні даць кватэру і пажыццёвую пенсію.

Шчаслівае, забяспечанае і бесклапотнае жыццё без абавязкаў – фантастычная прапанова не толькі для маладога чалавека без бацькоў і перспектыў, але, мабыць, для любога разумнага чалавека. Нядобра, вядома, савецкаму чалавеку гультаяваць, але чаму б і не, калі выпадак натрапіўся. Да таго ж, як сцвярджаў мужчына ў чорным гарнітуры, гэта выдатная магчымасць паслужыць для будучыні сваёй радзімы, а такое сярод людзей цэніцца. Таму Аляксандр практычна не раздумваючы даў згоду. Васямнаццаці гадам шэрага жыцця ў адным памяшканні наканавана было змяніцца дзесяццю гадамі ўражваючага вопыту. Пры любым раскладзе ён заставаўся ў выйгрышы.

Усё атрымалася не так проста, адной згоды было мала, трэба было яшчэ прайсці некаторыя выпрабаванні. Аляксандр не вельмі любіў рознага кшталту тэсты, заданні і выпрабаванні, але дзеля такой справы варта было пазмагацца. Праз год, пасля шэрагу скрупулёзных медыцынскіх абследаванняў, яго і яшчэ дзевяноста дзевяць маладых людзей з усіх канцоў краіны пераправілі на самалётах па ўсходнім напрамку, дзе размяшчаўся закрыты ваенны гарадок. Там Аляксандр зноў сустрэў мужчыну ў чорным касцюме, з якім ён сустракаўся перад сваім васямнаццацігоддзем.

Сотню хлопцаў і дзяўчат сабралі ў мясцовым доме культуры, дзе мужчына ў чорным гарнітуры, які прадставіўся Віктарам Сямёнавічам, пасля цёплага прывітання правёў кароткі інструктаж.

– Я ганаруся сваёй краінай за тое, што ў ёй ёсць такія смелыя маладыя людзі, як вы. У хуткім часе выпадзе магчымасць паслужыць дзеля будучыні сваёй радзімы. Вам наканавана даказаць непрыяцелям Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і ўсяму свету, што камуністычны ўклад – самы лепшы і, у рэшце рэшт, з’яўляецца непазбежным на шляху пабудовы справядлівага, квітнеючага і шчаслівага чалавечага грамадства. Каб даказаць гэта, у вас ёсць цэлых дзесяць гадоў.

Ужо заўтра вы адправіцеся ў сацыялістычнае паселішча, дзе для вас падрыхтавана ўсё неабходнае: дамы, бібліятэка, кінатэатр, сталовая, спартыўная зала і многае іншае. Ежу, адзенне, сродкі асабістай гігіены і медыкаменты вам будуць кожны тыдзень дастаўляць на самалёце. Як і ў сапраўдным камуністычным грамадстве, у нашым селішчы няма нічога асабістага – усё з’яўляецца агульным: дамы, рэчы, абавязкі і нават палавыя партнёры. Вам трэба будзе размеркаваць паміж сабой некаторыя дробныя бытавыя абавязкі, ад якіх мы не здолеем вас зберагчы: прыгатаванне ежы, уборка тэрыторыі, абслугоўванне кінатэатра і некаторыя іншыя. У астатнім жа ад вас нічога не патрабуецца, ад вас нават не патрабуецца працаваць. Адзінае, што вам трэба будзе – гэта пабудаваць сапраўднае камуністычнае грамадства, самае справядлівае і шчаслівае. Якім чынам будуць дасягнуты дадзеная мэты, залежыць толькі ад вас. Усё неабходнае вам у гэтай няпростай, але пачэснай і цікавай справе будзе прадастаўлена.

У добры шлях! Ура, таварышы!

На наступны дзень сто маладых хлопцаў і дзяўчат павезлі з завязанымі вачыма – у сувязі з крайняй сакрэтнасцю месцазнаходжання – на некалькіх аўтобусах. Дарога заняла цэлы дзень, і позна ноччу група з сотні маладых чалавек была дастаўлена пад канвоем узброенага суправаджэння на месца паселішча. Стомленая і галодная моладзь адразу ж асвоіла ў сталовай загадзя прыгатаваную вячэру, пасля чаго суправаджаючыя пакінулі тэрыторыю паселішча, а маладыя людзі разбрыліся па хатках. Хто быў жвавей, адразу ж заняў бліжэйшыя баракі, іншым жа давялося ў цемры яшчэ каля гадзіны шукаць незанятыя пакоі.

На заўтрашні дзень, нягледзячы на доўгую дарогу, многія падняліся зранку ды адразу ж узяліся аглядаць тэрыторыю. Пяцьдзясят хлопцаў і пяцьдзясят дзяўчат хаатычна перамяшчаліся па селішчы, хто па адным, а хто невялікімі групамі па два-тры чалавекі. Ноччу гэтага было не відаць, але пры святле дня ў вочы адразу ж кідалася велізарная змрачнаватая сцяна з калючым дротам, якая па перыметры атачала сацыялістычнае паселішча. На тэрыторыі знаходзілася каля дзесяці баракаў, у кожным з якіх было па дзесяць асобных пакояў з агульнымі прыбіральняй і ваннай. У кожным пакоі меўся прасторны ложак, столік з крэслам і шафа. Акрамя дзесяці баракаў на тэрыторыі размяшчаўся цагляны двухпавярховы будынак, а таксама невялікі парк з помнікамі Марксу, Энгельсу, Леніну і Сталіну.

На першым паверсе двухпавярховіка знаходзілася сталовая з кухняй, спартыўная зала з басейнам і зала для танцаў з музычным абсталяваннем, на другім – кінатэатр ды велізарная бібліятэка. Акрамя гэтага, у будынку было яшчэ некалькі невялікіх памяшканняў: распранальня, склады з запасамі адзення, ежы, канцтавараў і медыкаментаў, прыбіральні, падсобныя памяшканні ды дзесяць пустых пакояў.

Бліжэй да васьмі раніцы, калі ўсе ладна згаладалі, моладзь пачала сцягвацца да сталовай. У памяшканні нарастаў гул узбуджаных маладых галасоў, хлопцы і дзяўчаты актыўна дзяліліся ўражаннямі, знаёміліся, жартавалі, адны – седзячы на крэслах ці сталах, іншыя – стоячы. Калі гул усёй сотні галасоў крыху сціх, пачаў прабівацца пісклявы крык шчуплай невысокай дзяўчынкі, якая, стоячы на крэсле, спрабавала ўсіх угаманіць і дабіцца цішыні.

– Сябры, цішэй, калі ласка! Паслухайце! Цішэй-цішэй!

Яе падтрымала некалькі чалавек, што стаялі побач.

– Так, таварышы, супакойцеся, паслухайце! Ну хопіць жа ўжо шумець!

Маленькая група энтузіястаў доўга змагалася з ашалелым натоўпам. У рэшце рэшт моладзь пачала сціхаць, але давялося яшчэ абыходзіць групкі, што стаялі асобна, каб папрасіць іх асабіста. Хтосьці адразу ж змаўкаў з разумным, асэнсаваным выглядам, аднак сустракаліся і тыя, хто знарок гучна абураўся “новым камандзірам”.

– Сябры, – працягнула пісклявым голасам пацешная дзяўчына, – нам трэба падзяліць паміж сабой абавязкі. Перш за ўсё, вызначыць, хто будзе займацца прыгатаваннем ежы, інакш мы тут памром з голаду. Прапаную ўсё рабіць па чарзе, усталяваць графік дзяжурстваў.

Не паспела яна скончыць фразу, як зноў падняўся гул. Адзін спрабаваў перакрычаць другога. Натоўп падзяліўся на тры часткі. Першыя абураліся, спрачаліся або прапаноўвалі іншыя ідэі. Другія спрабавалі суцішыць першых, каб усе выказваліся па чарзе, а не адначасова. А трэція моўчкі, з лёгкай пагардай назіралі за першымі і другімі. Праблема была нават не ў тым, каб вызначыць саму чарговасць дзяжурстваў, а ў тым, каб дамовіцца, якая група будзе гатаваць першай.

Крыкі працягваліся яшчэ каля гадзіны. Многія сталі разыходзіцца, каб перачакаць, пакуль хто-небудзь пра штосьці здолее дамовіцца. Той, хто быў хітрэйшы, адразу ж накіраваўся на склад з правіянтам, каб самастойна спатоліць голад. Калі хітрасць раскрылася, рэштка галоднага натоўпу таксама кінулася на склад у надзеі сцягнуць хаця б запасы хлеба, тушонкі і гародніны. Падобны гармідар немінуча выклікаў крыкі, лаянку ды ў канчатковым выніку цісканіну і бойкі.

Сяброўскія зносіны яшчэ не паспелі ўсталявацца, як некаторыя ўжо нажылі сабе асабістых ворагаў. Рэшта дня прайшла ў атмасферы сораму і злосці кожнага на ўсіх астатніх за тое, што адбылося і за няздольнасць дамовіцца. Але ў большай ступені пра сябе казалі голад і сінякі. Адны бавілі час у адзіноце абстаноўкі свайго пакоя, іншыя маленькімі групкамі ліхасловілі, вінавацілі сваіх таварышаў па няшчасці і ўрэшце спрабавалі сваімі сіламі знайсці рашэнне сітуацыі, якая склалася.

Бліжэй да трох гадзін справа пачала прасоўвацца, калі адна з груп узяла ініцыятыву ў свае рукі. Дзесяць жыхароў аднаго з баракаў, папярэдне ўсё абмеркаваўшы і склаўшы прыкладны план дзеянняў, накіраваліся да групы з суседняй хаты з мэтай падзяліцца ўласнымі ідэямі і заручыцца падтрымкай суседзяў. Паступова ініцыятыўная група пачала абрастаць новымі членамі. У канчатковым выніку яна ўключыла ў сябе дваццаць восем чалавек.

Дваццаць восем хлопцаў і дзяўчат яшчэ некаторы час абмяркоўвалі дэталі, пасля чаго адправіліся склікаць жыхароў баракаў на агульны сход у сталовай, каб прадставіць распрацаваныя імі графікі дзяжурстваў. Каб пазбегнуць паўтарэння сітуацыі, калі ўсе пачалі крычаць і спрачацца, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы перад запрашэннем на сход знаёмілі моладзь са сваімі ідэямі паасобку, спрабуючы заручыцца асабістай падтрымкай кожнага. Былі, вядома, як заўсёды, і нязгодныя, але ў цэлым большасць ухваліла разумнасць прапанаванага.

Каля дзесяці вечара пачаўся агульны сход у сталовай. Гэтым разам слова ўзяў дужы хлопец, якога атачалі дваццаць сем чалавек. Было прапанавана дзяжурыць у сталовай па дзесяць чалавек, займацца ўборкай агульнай тэрыторыі па пяць чалавек. Гэта значыць, што кожны жыхар селішча павінен быў прымаць удзел у прыгатаванні ежы кожны дзясяты дзень і кожны дваццаты дзень прымаць удзел ва ўборцы тэрыторыі. Акрамя таго, планавалася разбіцца на невялікія групы, якія будуць стала адказваць за той ці іншы адрэзак працы: адны будуць адказваць за працу кінатэатра, іншыя – за працу бібліятэкі, трэція – за працу спартзалы, чацвёртыя – за паркавую зону і гэтак далей. Першымі дзяжурнымі выступілі пятнаццаць чалавек з ініцыятыўнай групы.

Пасля тлумачэння сістэмы дзяжурстваў было прапанавана на працягу тыдня распрацаваць больш падрабязныя правілы адносна ўсіх сфер жыццядзейнасці ў сацыялістычным паселішчы. З гэтай мэтай паводле жэрабя павінен быў быць сфарміраваны спецыяльны савет, у які ўсе жадаючыя маглі накіроўваць свае прапановы. А ўвесь заўтрашні дзень планавалася адвесці знаёмству на чарговым агульным сходзе.

Агучыўшы ўсе прапановы, ініцыятыўная група абвясціла агульнае галасаванне, у падтрымку паднялі рукі толькі пяцьдзясят тры чалавекі, але і гэтага было дастаткова. Стомленыя хлопцы і дзяўчаты зноў разбрыліся па сваіх хатках да надыходу васьмі раніцы заўтрашняга дня, калі іх будзе чакаць сняданак, які ўжо загадзя так хвалілі энтузіясты ініцыятыўнай групы.

На наступны дзень дзяжурным на кухні давялося падняцца а палове пятай раніцы, бо ім яшчэ шмат у чым трэба было разабрацца: дзе якія прадукты знаходзяцца і якія стравы з іх магчыма прыдумаць, як дастаўляць сто талерак з прыгатаваным на кухні ў сталовую, хто возьме на сябе каардынацыю дзеянняў групы і многае іншае. У такі кароткі тэрмін толькі цудам удалося пазбегнуць новых дыскусій і спрэчак. Невысокая дзяўчына з пісклявым голасам, якая напярэдадні спрабавала заклікаць дзевяноста дзевяць чалавек да парадку, хутка, каб ніхто не паспеў яе перабіць, выпаліла варыянт схемы дзяжурства на бягучы дзень.

– Шмат што яшчэ варта будзе ўлічыць, але пакуль, сябры, давайце сёння менавіта так і паступім, – выказаў сваё меркаванне на прапанову пісклявай дзяўчыны дужы хлопец, які таксама ўчора браў слова на агульным сходзе, – інакш зноў увесь час страцім у пустых спрэчках. А пазней падумаем, што можна палепшыць ці змяніць.

Усе пагадзіліся. Так невысокая дзяўчына стала ў гэты дзень каардынатарам дзяжурачай на кухні групы. Тры чалавекі гатавалі кашу з тушонкай, тры чалавекі гатавалі суп, два чалавекі займаліся падрыхтоўкай сталовых прыбораў і талерак, а невысокая пацешная дзяўчына ўсё гэта каардынавала, час ад часу дапамагаючы той ці іншай купцы. Бліжэй да васьмі раніцы ў сталовую пачалі сцягвацца людзі. Яны станавіліся ў чэргі. Бралі падносы, талеркі з відэльцамі і лыжкамі. Падыходзілі да адной купкі дзяжурных, каб наліць у талерку суп. Затым ішлі да іншай групы, каб атрымаць кашы. Да трэцяй, каб наліць вады ці соку. Да чацвёртай, каб узяць хлеб. Галодным маладым людзям нават гэткі сціплы сняданак здаваўся верхам дасканаласці.

Там жа, у сталовай, было вырашана правесці і агульны сход. Пасля сняданку дзяжурныя ўзяліся за мыццё посуду і прыгатаванне абеду, а астатнія дзевяноста чалавек пачалі знаёмства. Сход доўжыўся досыць доўга, але апынуўся зусім марным. Усе былі з дзіцячых дамоў, таму расказаць асабліва не было чаго, імёны не запаміналіся, а бліжэй да дваццатага чалавека ўсе канчаткова стаміліся і пачалі балбатаць з суседзямі. У выніку ніхто нікога не слухаў. Адзінае, хтосьці звярнуў увагу, што праз дзіўны збег абставінаў сярод ста чалавек не знайшлося цёзак.

Загрузка...