VIII

Прасцейшая, але лепшая зброя. — Знаёмства з дзікам. — Журавіны. — Хоць змяю за здабычу. — Лясныя жыхары. — Царская жывёла. — Вожыкава булава. — Уперад на чарапаху! — Пешаход з Афрыкі.

— А што будзем сёння рабіць? — запытаўся на другі дзень Віктар.

— Я прапаную пайсці далей у лес на разведку, — адказаў Мірон. — Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.

— Трэба было б якую-небудзь зброю мець, — заўважыў Віктар.

— Толькі не твой лук, — усміхнуўся Мірон. — Лепш зробім сабе добрыя дубіны.

Знайшлі адпаведныя дрэўцы, зламалі іх, абпалілі на агні, нават булдавешкі пакінулі на канцы. Зброя выйшла хоць куды!

— З гэткай зброяй я і на ваўкоў згодзен ісці! — казаў Віктар, размахваючы сваёй дубінай.

— І сапраўды, з дзвюма такімі штукамі не боязна, — згадзіўся Мірон і трэснуў па кусту так, што ад яго паляцелі шматкі.

Узялі з сабой арэхаў, падклалі агню і пайшлі.

Чым глыбей уваходзілі ў лес, тым часцей сустракаліся сухія ўзгоркі. На вышэйшых пясчаных месцах рос хваёвы бор, на ніжэйшых — гушчар з ельніку, алешніку, бярозы, рознага хмызняку. Часам трапляліся прыгожыя лугавінкі з ліставымі дрэвамі: дуб, граб, ліпа.

— Ідзём да тых дубоў, — сказаў Мірон. — Можа, знойдзем леташніх жалудоў. Калі прыйдзе бяда, яны спатрэбяцца.

— Ды і без бяды кавы добра будзе папіць, — адказаў Віктар. — Трэба толькі мець начынне і цукар.

Калі падышлі да дубоў, то ўбачылі, што там нехта перад імі ўжо гаспадарыў. Зямля была перакапаная, віднелася шмат слядоў, а жолуда аніводнага. Але дзіўней за ўсё было тое, што сляды здаваліся свежымі.

— Хто б гэта мог быць? — задуменна сказаў Мірон.

— Дзікі! — упэўнена адказаў Віктар, разглядаючы сляды.

— Невядома, ці радавацца, ці шкадаваць, што знайшліся такія суседзі, — прамовіў Мірон.

Віктар чамусьці памахаў сваёй дубінай.

— Добра было б здабыць дзіка, але, кажуць, звер вельмі небяспечны. Калі раззлуецца, дык нават добрая зброя не паможа.

У гэты момант збоку нешта затрашчала. Хлопцы ўздрыгануліся і мацней сціснулі свае дубіны. З-за ламачча паказаўся дзік. Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай.

— Не рухайся! — прашаптаў Віктар.

Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад.

— Ну і страшыдла! — прамовіў Мірон. — Яго не толькі дубіна, але і гармата не возьме. Ліха з імі, з гэтымі суседзямі.

— Крыўдна ўсё ж! — пашкадаваў Віктар. — Гэткі выпадак, а ты стой ды глядзі, як дурань.

Пайшлі далей. У густым ельніку пачулі зусім блізка моцны лопат крылаў; здавалася, нейкая вялізная птушка заблыталася ў галінах і не можа адтуль выбіцца. Зірнулі ў той бок і сапраўды заўважылі вялікага чорнага птаха. Ляцеў ён так нізка і так нязграбна махаў крыламі, што, здавалася, яго было зусім лёгка злавіць рукамі.

— Хапай яго! — кінуўся наперад Мірон. Але Віктар не зварухнуўся.

— Дарэмна. Гэта табе так здаецца. Глушэц заўсёды так лятае ў ельніку, але ніхто яшчэ не лавіў яго рукамі.

— У такім разе хадзі сюды, — крыкнуў Мірон. — Я табе пакажу нешта другое.

Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі.

— Пакаштуй, якія яны смачныя, салодкія пасля зімы, — сказаў Мірон. — Шкада толькі, што гэтыя лясныя жыхары ўжо ласаваліся тут. І нам мала пакінулі.

З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку.

— Нічога, жыць можна, — з задавальненнем сказаў Віктар. — Але ўсё ж такі мушу сказаць, што ўвесь час адчуваю сябе галодным, і ў роце і ў жываце неяк нядобра. Хоць бы кавалак хлеба ці якога-небудзь варыва — зусім іншая была б справа.

— Спачатку сырому зайцу быў рады, а цяпер ужо сапраўднага абеду захацеў, — засмяяўся Мірон. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш: абы-чым, толькі б падтрымаць сябе. І галоўнае, каб разнастайная была страва. Вось чаму і журавіны вельмі карысныя. Гэта, брат, пладавіна, а ў ёй ёсць жалеза, вугляводы, вітаміны.

З поўнай шапкай журавін яны не хацелі ісці далей у лес, далі круг і накіраваліся назад. У адным месцы ўбачылі вялікую змяю. Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву яна вытыркала ўверх і млява варушылася.

Віктар мігам падскочыў і забіў яе дубінаю.

— Ну і гадзіна! — сказаў ён і пакратаў змяю нагою. — Мусіць, з метр будзе.

Яны пасунуліся былі далей, але хутка Мірон прыпыніўся.

— Слухай, — сказаў ён, — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Ці нельга будзе як-небудзь скарыстаць і гэту?

— Ды што ж ты з яе зробіш? — засмяяўся Віктар.

— Не ведаю яшчэ. Але ў нашай бядняцкай гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца. Здымем з яе скуру.

— Хіба зрабіць з яе чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар.

Агідная была справа, але праз некалькі хвілін скура была здзёртая. На зямлі застаўся голы, брыдкі скрутак, а Віктар закінуў сабе на плечы скуру-кішку.

Ціха ішлі яны па лесе, пільна прыглядаючыся навокал. За гэты невялікі час, як яны апынуліся на востраве, прырода значна змянілася. Лісце на дрэвах загусцелася, трава паднялася. Здавалася, і птушак больш стала, мацней разляталіся па лесе іх галасы. Вось пінькае лілавагрудая зябка, вось заліваецца чорны дрозд, свішча жоўтая івалга, стукаюць дзятлы. Заварушыліся розныя казюлькі, а ў цяньку пачуўся непрыемны звон камароў. Сям-там пераскакваюць з дрэва на дрэва вавёркі.

— Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! — прамовіў Мірон.

— Разласаваўся, — усміхнуўся Віктар. — Не на кожным кроку гэта здараецца, брат ты мой. Нават каб і знайшлі такое самае дупло, дык гэта зусім не значыць, што там абавязкова будуць арэхі: маглі і вавёркі з'есці за зіму.

Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры — руды з белымі плямамі.

Мірон няўважліва зірнуў на яе і прамовіў:

— А гэта не вавёрка?

— Тсс! — шапнуў Віктар і прытрымаў рукою Мірона. — Гэта гарнастай!

— Няўжо ж ён такі нікчэмны? — здзівіўся Мірон.

— Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака — канец хваста, які заўсёды бывае чорным.

Гарнастай тым часам знік з вачэй.

Мірон зняважліва паціснуў плячыма.

— А я думаў — гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.

— Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, — усміхнуўся Віктар.

Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.

— Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, — разважаў Віктар.

— А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, — напружана думаў Мірон. — Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.

— А ведаеш што? — схапіўся Віктар. — Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!

— Вось бачыш!

— Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! — уздыхнуў Віктар.

Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.

Было яшчэ рана, не пазней за поўдзень. Часу заставалася досыць для гаспадарскай працы. Паабедалі рыбай, арэхамі і журавінамі.

Скуру змяі павесілі сушыцца, а з вожыка пачалі рабіць булаву. Але ж і папакутавалі, пакуль знялі з яго скуру сваім «нажом»! Скрывавілі ўсе чатыры рукі. Затое булава выйшла на славу! Толькі Мірон усумніўся ў ёй.

— Супраць чалавека, — сказаў ён, — лепшай і не трэба. А што ты зробіш са зверам? Для яго гэтыя іглы — нішто.

— А ўсё ж такі лепш, як голая дубіна, — цешыўся Віктар.

Цяпер, калі непасрэдная пагроза голаду адсунулася, яны мацней адчулі недахват адной дробязі — пасудзіны ці якога чарапка для вады. Увесь час ім прыходзілася піць жменямі, а калі вада спала, то зусім дрэнна зрабілася: часам да чыстай вады нельга было даступіцца так, каб дастаць яе абедзвюма рукамі, і даводзілася піць брудную.

— Гэткае глупства ды так перашкаджае! — злаваў Віктар. — Пойдзем шукаць гліны, можа, злепім які чарапок.

— Хадзем на рыбу і па дарозе пашукаем, — згадзіўся Мірон. — Да захаду сонца застаецца яшчэ гадзін з пяць.

Але не так лёгка было знайсці гліну, як гэта здавалася. То пяскі, то балота — а гліны ні знаку. Усё далей і далей зварочвалі яны ўбок. Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца. Хлопцы прыпыніліся і пачалі ціхенька красціся. Але чым больш набліжаліся, тым болей дзівіліся: гэты «нехта» не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам.

— Чарапаха! — прашаптаў Віктар.

Хлопцы спыніліся і пачалі наглядаць за ёй. Чарапаха была велічынёю з шапку. Яна неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол. Хлопцы падпаўзлі зусім блізка.

— Што яна робіць? — прашаптаў Мірон.

— Ямку капае, каб пакласці туды яечкі, — шэптам адказаў Віктар.

— Ці не пачакаць, пакуль яна паложыць? Кажуць, яе яечкі вельмі смачныя.

— Можа, яны і сапраўды смачныя, — сказаў Віктар, — але і яна не дурная: яна ўмее зрабіць так, каб такія ласуны, як ты, іх не елі.

— Якім чынам?

— Вельмі проста: палажыўшы яйкі, яна мочыць іх нечым вельмі непрыемным.

— Не можа быць! Хто табе казаў?

— У кніжцы чытаў.

— Тады ўперад! На чарапаху! — крыкнуў Мірон.

Хлопцы выскачылі і схапілі бездапаможную жывёліну. Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр.

— Як жа да яе даступіцца? — казаў Віктар, варочаючы яе ў руках.

— Прыйдзецца праз дзірку закалоць.

З жалем выканалі яны гэты непрыемны абавязак.

— Я думаю, не трэба нам цяпер далей ісці, — сказаў Мірон. — Адразу маем і вячэру, і пасудзіну.

Вярнуліся дадому. Нялёгка было выцягнуць чарапаху з яе панцыра, але вячэру на гэты раз хлопцы мелі выключную. Пасудзіну таксама атрымалі добрую. Толькі крыху перашкаджаў ніжні, з чэрава, панцыр. Аднак Мірон лічыў, што гэта нават і лепш.

— Набіраць ваду і піць не перашкаджае, а разам з гэтым маем міску з накрыўкай.

— А ці нельга будзе ў ёй гатаваць ваду? — запытаўся Віктар. — Вельмі хочацца якога-небудзь чаю ці юшкі.

— Мусіць, нельга, бо яна рагавая і павінна смаліцца. Пачакай! — схамянуўся Мірон. — Мы ж можам мець чай, нават салодкі!

— Адкуль?

— Ды сок бярозавы!

— І як гэта нам раней у галаву не прыйшло! — пляснуў сябе па лбе Віктар. — Нават з бяросты можна было зрабіць пасудзіну для вады. Ах мы, дурныя!..

— Гэта ўжо такі закон чалавечага развіцця, — важна сказаў Мірон. — Спачатку ўся ўвага аддаецца на самыя галоўныя, першачарговыя патрэбы, а потым ужо чалавек можа падумаць пра іншае.

Сонца схілялася на захад.

— Пойдзем, паставім нанач нашу чарапаху, каб заўтра мець чай, — сказаў Мірон.

Пайшлі, выкалупалі ў бярозе дзірку. Але як падставіць сваю пасудзіну, калі яна з накрыўкай?

Мірон уціснуў у дзірку галінку, а другі канец прасунуў у чарапаху.

— Хоць і марудна пойдзе і прападзе частка соку, але да раніцы набярэцца, — сказаў ён.

Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу.

— Што гэта такое? — здзівіўся Мірон. — Ні птушка, ні кажан, ні вавёрка. Здаецца, поўсць нейкага шызага колеру. Ну, спец, растлумач.

Жывёла нязграбна поркалася ў вілаваціне бярозы. Віктар прыгледзеўся.

— Гэта ляцяга, або лятучая вавёрка, — сказаў ён нарэшце. — Хоць яна і значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень яна звычайна сядзіць у сваім гняздзе.

— Колькі тут рознага звяр'я, якога нават і не ведаеш, — паціснуў плячыма Мірон.

— Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець.

— Чаму так?

— Вельмі проста. Калі тут многа звяроў, значыць, рэдка бываюць людзі, значыць, дабрацца сюды цяжка… А таксама і выбрацца, — дадаў Віктар.

«Крэ-крэк», — пачуўся недзе голас драча.

— І ён тут! — здзівіўся Мірон. — Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.

— Гэта, мусіць, падарожны, — аўтарытэтна сказаў Віктар. — Відаць, толькі што прыйшоў з Афрыкі.

— Як гэта «прыйшоў»? — здзівіўся Мірон.

— Ды прыпёр пехатою і ўсё.

— З Афрыкі?

— Але.

Мірон зарагатаў.

— Ты не рагачы, я кажу сур'ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца, калі на дарозе вада ці іншая перашкода.

Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода.

— Усё было б нішто, — казаў Віктар, калі яны паляглі ў сваёй будцы, — але накрыцца няма чым. Уначы халаднавата бывае.

— Затое гэта прымушае вылазіць і падтрымліваць агонь, — адказаў Мірон. — А іначай ён калі-небудзь можа і загаснуць.

Загрузка...