Эпілог


Пра тое ж марыць на парыжскім бруку

З вушамі поўнымі штодзённа стуку,

Пракляццяў і ілжы, папрокаў позніх,

Пустых намераў, спрэчак злосных, розных!


Бяда, уцекачы, што ў час суровы

Мы неслі ў край чужы свае галовы!

Бо, дзе ступілі, ўслед ішла трывога,

І ворагаў мы сустракалі многа.

А зараз нам тут, сцесненым, замкнутым,

Жадаюць хуткай смерці ў ланцугу тым.


Калі не верыць свет слязам, пакутам,

Калі магільным рэхам звону

Іх страшаць звесткі з Польшчы, з-за кардону,

Калі ахова ім жадае скону,

Магільшчык-вораг вабіць іх з палону,

Калі і ў небе бачаць толькі злыдні,

Не дзіва, што ўсё вокал ім абрыдне,

Што, розум страціўшы ў вялікім горы,

Грызуцца, ўгразшы ў спрэчкі й абгаворы!

* * *

Хацеў мінуць я, птах малых узлётаў,

Мінуць маланкі, буры і грымоты

І толькі ценю пашукаць, пагоды

У тым баку, дзе дом, дзяцінства годы.


Шчаслівы той, хто шэраю гадзінай

Прысесці мог з сябрамі ля каміна,

Замкнуцца ад Еўропы амбарасаў,

Пабегчы думкай да дзяцінства часаў

І марыць, думаць пра сваю краіну...


Але пра кроў, што ў тыя дні лілася,

Пра слёзы, што ракой плылі ў тым часе.

Пра славу, што яшчэ не разышлася,

Аб іх падумаць не хапала сілы!

Бо гэткі здзек цярпеў народ мой мілы,

Што, скіраваўшы зрок на тыя мукі,

Сама адвага заламала б рукі.


Бо пакаленне чорнае з жалобы,

Цяжарныя кляцьбой паветра ўтробы

Не кіравалі нашых дум дадому,

Туды, дзе нават страшна птушкам грому!


Маці Польшча! Ля тваёй магілы

Расказваць пра цябе не хопіць сілы!


Хто ж сёння ў нас настолькі лёгкакрылы,

Хто гэткае знайсці умее слова,

Што мармур роспачы прабіць гатова,

Што зніме з сэрца каменнае века,

Крыніцы воч развяжа ў чалавека

І зробіць, што сляза нанова пойдзе?

Пакуль такога знойдзем, век мо пройдзе.


Калісь, як сціхне помсты рык ільвіны,

І трубы роднай прагучаць краіны,

А вораг выдасць крык апошні болю,

Замоўкне і аб'явіць свету волю,

А нашыя арлы, як бліскавіцы,

Злятуць да Хробрага старой граніцы

І трупамі насыцяцца, крывёю

Ды зложаць крыллі зноў на час спакою,

Тады з дубовымі вянкамі славы,

Пакінуўшы мячы, абсядуць лавы

Героі нашы слухаць спеў цікавы!

Калі зайздросціць будзе свет іх долі,

Час будуць мець пачуць пра дні няволі

Бацькоў сваіх і лёсы іх уцяміць,

І твару іх тады сляза не спляміць.


Мы ў свеце, як няпрошаныя госці.

I ў будучым, і ў тым, што на пагосце

Адзіны край такі існуе ў Бога,

Дзе шчасця для паляка ёсць нямнога:

Дзяцінства край! Ён прад вачыма ўстане

Святы і чыст, як першае каханне,

Ўспамінамі памылак не разбіты,

Абманутай надзеяю не ўзрыты,

Не зменены нічым і не забыты,

Дзе рэдка плакаў я і не злаваўся.

З тым краем я ахвотна б прывітаўся,

З дзіцячым краем, дзе вясёлы гэткі

Я лугам бег і ведаў толькі кветкі

Прыгожыя. Мінаў благія бокам

І на карысныя не глянуў вокам.


Той край убогі, цесны, але шчасны,

Як Божы свет, быў гэткі наш уласны!

І як жа нашым там усё бывала,

Як помнім тое, што нас акружала,-

Ад ліпы, што ў свой цень глухі хавала

Усіх дзяцей сяла ад спёкі сонца,

Да ручайка, каменьчыка... бясконца

Нам дарагіх, знаёмых, мілых

Аж вунь да тых суседскіх хат пахілых!


І толькі тых ваколіц грамадзяне

Не здрадзілі ні дружбе, ні каханню,-

Сябры мне верныя дагэтуль недзе!

Бо хто ж там жыў? Браты, радня, суседзі

І маці. А каго з іх неставала,

Ах, колькі ж гутаркі аб ім бывала,

Як доўгае было там шкадаванне!

Там, дзе ў слугі да пана больш прызнання,

Чым тут у жонкі любасці да мужа,

Там, дзе салдат па зброі болей тужыць,

Чым тут па бацьку сын. Больш там парою

Па выжле плачуць, чым тут па герою.


Сябры мне памаглі тады размовай

І ў песню слова кідалі да слова,

Як жураўлі, што ў казцы той вясковай,

Калі над выспай з замкам раз ляцелі

І хлопцу даць ратунак захацелі,

Па пёрку скінулі - дар небагаты,

Той крыллі змайстраваў і ўцёк дахаты….


О, дачакацца б мне такой уцехі,

Каб кнігі гэтыя прыйшлі пад стрэхі

І каб, кудзелю прадучы, сялянкі,

Калі закончаць любыя спяванкі

Пра дзеўчыну, якая граць любіла

І цераз скрыпку гусак пагубіла,

Пра сірату прыгожую, як зоры,

Што гусак гнала ў спозненую пору,

Каб кнігі простыя мае, як гукі

Іх песняў, узялі сялянкі ў рукі!

Калісьці так на вёсцы ў час гуляння

Збіраліся пад ліпай для чытання

Пра Веслава, Юстыну, пра каханне.

А ля стала, спавіты злёгку ў дрому,

Сядзеў пан аканом, а то й пан дому

І слухаў, а калі запінку бачыў,

Цяжэйшае малодшым растлумачыў,

Хваліў прытожасць, што не так - прабачыў.


Зайздросцілі мы песнярам іх славы,

Што там яшчэ ў лясах гудзе і ў полі,

Якім мілей, чым лаўры Капітоля,

Вянок, сялянкі сплецены рукамі,

З лістоў зялёнай руты з васількамі.


Загрузка...